Цемра зямлю ахінае [Ежы Анджаеўскі] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ежы Анджаеўскі Цемра зямлю ахінае

«Сонца запала», — крычаць астраномы ў неба,

А навошта запала, ніхто не адкажа, маўчанне;

Цемра зямлю ахінае, і людзі паснулі нема,

А навошта спяць людзі, ніхто з іх не вывучае.

Прачнуцца без адчування, як без чування спалі…

А. Міцкевіч. «Дзяды», ч. III.

Ад перакладчыка


Недзе, здаецца, у 1958 годзе, калі я быў студэнтам і куды разумнейшы, чым сёньня, мне пашчасьціла зь летнімі заробкамі “па лініі маладзёжнага турызму”. Я суправаджаў групу варшаўскіх студэнтаў і асьпірантаў у паездцы па маршруце Брэст — Масква — Лазараўскае (Чорнае мора). Дзесяць дзён незабыўных уражаньняў, гутарак, сустрэч, дыскусій, каўказскай прыроды, мора. Да мозгу касьцей я быў — савецкі, а маладыя равесьнікі з Польшчы — палякі, а таму вельмі незразумелыя.

Сярод студэнтаў была групка (чалавекі тры-чатыры), якая трымалася наадасобку, не спрачалася, а дыспутавалі яны толькі паміж сабою. “Гэта наша будучае кіно”, сказалі мне. Гэта — той, гэта — той, гэта — Кшыштаф Занусьсі. Цяпер сьмела магу паўтарыць — о, Гэта Кіно! А тады мы нават пагаварыць не пагаварылі як сьлед, толькі пазнаёміліся. І Кшыштаф папрасіў мяне згадзіцца прыняць у падарунак кнігу, якую ён дашле мне па прыезьдзе ў Варшаву. Мы абмяняліся некалькімі лістамі. Кніга прыйшла.

Гэта была аповесьць Ежы Анджаеўскага “Ciemności kryją ziemię”. Пра часы іспанскай інквізіцыі, пра Вялікага Інквізітара Тарквемаду. Я прачытаў яе. І гэта быў першы ўдар па маёй савецкасьці, пазьней былі ўдары іншыя, але гэта быў самы першы, самы адчувальны і, мабыць, зь яго і пачаўся сур’ёзна ўсьвядомлены аналіз нашага савецкага жыцьця, нашага родненькага сталінізму. У 1961 годзе я пераклаў кнігу на беларускую мову, даў пачытаць сябрам. “Ці ты малы, хто ж гэта надрукуе!?” — сказалі мне. Але надрукавалі, праўда, толькі ў 1994 годзе ў зборніку замежных аповесьцяў зь дзіўнай назвай “Гісторыя каханьня” (Мінск, Мастацкая Літаратура, 1994), дзе яна і была пахаваная ў агульнай труне, нікім не заўважаная, нікім не адпетая.

А ў прамежку паміж гэтымі датамі я сачыў за творчасьцю і грамадскай дзейнасьцю пісьменьніка. Было там усяго, але найбольш ганеньняў, пакуль, нарэшце, аўтара назусім ня выгналі з Польшчы, дзе ён і памёр, пакінуўшы па сабе ў Małej Encyklopedii Powszechnej PWN такі кароткі запіс: “Анджаеўскі, Ежы (нар. 1909), пісьменьнік; навелы “Неўнікнёныя дарогі”, аповесьць пра маральную праблематыку “Лад сэрца”, зборнік апавяданьняў пра часы акупацыі “Ноч”, раман “Попел і дыямант” пра лёсы моладзі з АК і фармаваньне новага грамадска-палітычнага ладу ў вызваленай Польшчы, метафарычныя раманы “Цемра зямлю ахінае”, “Брамы раю”, гратэсковы раман “Ідзе, скача па горах”.

Дазволю сабе дадаць “Карны тыдзень” — пра жахлівыя падзеі падчас паўстаньня ў Варшаўскім гета. Роля чалавека ў гісторыі яскрава асьвятляецца аўтарам у кнігах апавяданьняў “Залаты ліс” і “Нібыта гай”. Але лепей — прачытайце пераклад…

Васіль Сёмуха


Раздзел першы


Адна старая гішпанская кроніка натуе, што ў сярэдзіне верасня тысяча чатырыста восемдзесят пятага года, позна паполудні, у гарадок Віла-Рэал прыехаў вялебны айцец Вялікі інквізітар у атачэнні больш як дзвюх сотняў конных і пешых фамільянтаў, ці, кажучы інакш, дамоўнікаў, служак Святой інквізіцыі, якіх таксама яшчэ называлі Хрыстовай міліцыяй. Вуліцы Віла-Рэал, — дадае скрупулёзны летапісец, — апусцелі, зніклі з іх будкі жыдоўскіх гандляроў, ціха было і ў заезным доме, і ў шынку, а вокны большасці жылых дамоў былі пазачыняныя жалюзі. Гарачыня, дзённы сквар трохі ўжо апаў, але з Сіера Марэны ўсё яшчэ цягнула сухім і асмужлівым ветрам.

Толькі почат, вялікая кавалькада коннікаў з атрадам лучнікаў наперадзе, мінуў Пуэрта дэ Таледа і ўехаў за гарадскія муры — як у цішыні, што запанавала ў горадзе, цяжка загрукаў звон калегіяты Сан-Пэдра, а пасля азваліся званы кляштара Сан-Дамінга, касцёлаў Санта Круз, Санта Марыя ля Бланка і Сан-Томас. Праз хвіліну ў Віла-Рэал ужо грымелі званы ўсіх сабораў, кляштараў і бажніц.

Двое святых братоў, якія ішлі ўнутранай анфіладай кляштара дамініканцаў, спыніліся. Адзін быў ужо ў гадах, каржакаваты, па-мужыцку шырокі ў плячах; другі — зусім яшчэ малады, нізкі і дробны, з цёмным хлапечым тварам.

— Прыехаў, — сказаў брат Матэа.

— Матэа, Матэа! — азваўся брат Дыега. — Калі б я мог маліцца за гэтага чалавека, я прасіў бы ў Бога, каб ён забраў яго ад жывых.

Брат Матэа, схіліўшы галаву, перабіраў ружанец. З далечыні, не заглушаны блізкімі званамі, чуўся высокі і чысты розгук звона загараднай пустэльні сёстраў кармелітак.

— Дыега, — ціха сказаў Матэа, — ты нічога не казаў, а я нічога не чуў.

— Баішся? Ты? А ты думаеш не тое самае?

— Не заўсёды можна гаварыць, што думаеш.

— Ведаю.

— Ты малады і няўрымслівы.

— А ты б мо хацеў, каб я быў як камень?

— Не. Але нават каменне цяпер мае вушы