Госць прыходзіць на золкім світанні [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 14


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

праходам між муроў маглі падысці да яго цытадэлі тыя, за якімі пабег салдат. І гэты праход ляжаў перад ім як на сподку. Вось і яны з'явіліся. Паўрота салдат.

"На мяне аднаго, — радасна падумаў Антось, — значыцца, страшны я".

Ён пачакаў, пакуль яны ўціснуліся ў пастку, якую ён прыгатаваў ім, і, прыладзіўшы плячо да ручкі, націснуў гашэтку.

Кулямёт выплюнуў палову жалезнай стужкі. У вузкім калідоры курчыліся і стагналі раненыя, нерухома ляжалі забітыя. Калі град куль пачаў біць па сценах яго сховішча, Антось з пяшчотай пагладзіў кажух сваёй зброі.

"Яны змайстравалі добрую безадмоўную штуку, — не тое што чортаў "максім", які даводзілася вывучаць у грамадзянскую. І вады не патрабуе, і сальнік не цячэ, і непаладак не бывае. І стужка жалезная, а не брызентавая: перакосаў не будзе".

…Бой цягнуўся амаль чатыры гадзіны. Сухая трасканіна аўтаматаў, гучныя ад рэха стрэлы пісталетаў. Антось змяніў ужо адзін ствол, у спешцы забыўся, што за яго трэба брацца шапкай. Рукі былі папечаныя, але болю ў запале бойкі ён не адчуваў. Двойчы яны здолелі прарвацца проста ў каробку пад ім, і двойчы ляцела ўніз граната, глуха ахаючы, разбіваючыся на стогалосае рэха.

У горадзе, чуючы перастрэлку, гаманілі людзі:

— Чаго гэта стрэлы?

— Партызана ловяць. Кажуць, таго самага…

— Адзін?

— Адзін.

— Кажуць, мінамёт павезлі.

— Не, жывым узяць хочуць.

— Маці божая, дапамажы яму.

Антось не ведаў гэтага. Не ведаў нават, што яго хочуць узяць жывым. Ён наогул не думаў. Думкі яго былі простымі: трэба было як мага больш балюча ўкусіць. Нават калі яны пусцілі дзве міны і ўламкі цэглы забарабанілі па мурах — ён не спужаўся. Жыццё было страшнейшым.

Два разы яго зачапіла, і ён машынальна закруціў драпіны анучамі.

У самым запале бойкі кулямёт змоўк, неяк вінавата кашлянуўшы. А яны былі тут, у двары. Палезлі на ўсходы.

Трэці і апошні раз ахнула граната… Паўза… Зноў бягуць.

Гэта была дурасць, шалёны ажыятаж, народжаны баявой ярасцю. Антось ненавідзеў іх, але прызнаваў, што яны добрыя салдаты. 3 такімі прыемна мець справу.

І аўтамат хутка зрабіўся непатрэбным. Нават пісталетныя патроны знікалі непрыкметна, як жыццё. Рукі і калені Доўгага каталіся па гільзах, ён мятаўся ў розныя бакі і страляў, страляў, страляў.

Напэўна, некалькі хвілін знікла прытомнасць ад гучнага шчаўчка па галаве. Апрытомнеўшы, ён падумаў, што аслеп на адно вока, і толькі потым здагадаўся, што акравак скуры з ілба звісае на шчаку. Горш за ўсё было тое, што яны былі ўжо тут: на верхніх прыступках усходаў, нават на сценах суседніх будынкаў, нават насупраць, па той бок двара-калодзежа.

Чужыя, ненавісныя, хлуслівыя.

Антось біў па іх на выбар, пакуль "вальтэр" не адказаў замест стрэлу пустым халодным ляскам.

Гэта быў канец.

Тады Доўгі дацягнуўся на дрыжачых нагах да акенца і стаў на вузкае падаконне. Ён ледзь змяшчаўся ў акне, сагнуўшы калені і шыю, трымаючыся рукою за вушак, над самай галавою.

Іх было многа. Яны былі вакол.

І тады Доўгі крыкнуў адзічэлым, хрыплым голасам:

— Вы…, лавіце мяне.

— Камрад, выходзь, — заспяваў нехта нудным голасам.

Антось сказаў:

— Свіння табе камрад, так тваю.

I, абвёўшы вачыма нізкае шэрае неба над яго горадам будучага, над яго руінамі, уздыхнуў, як дзіцёнак.

— Глядзіце, вы.

Цела яго з недарэчна растапыранымі рукамі паляцела ўніз, змяншаючыся ў памерах, паляцела проста ў калодзеж двара. Там ён і застаўся ляжаць. І ў той самы момант, як ён зрабіў смяротны скок, пачалі біць аўтаматы.

Стралялі і пасля таго, як ён скончыў свой палёт. Хвілін дзесяць. Быццам мог застацца жывым чалавек, які ўпаў з пятага паверха на бліскучы ад вільгаці брук.

Аўтаматы гучна білі ў глыбіню двара.