Аліва і меч [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ворагам і смярдзела на ўвесь свет.

Вуліцамі было небяспечна хадзіць: анархісты з ідэйных меркаванняў распраналі людзей. Таму Арсень, увесь час чуючы за сабою цяжкія крокі Шлыка, уздыхнуў з палёгкаю, дабраўшыся да асабняка, дзе ім трэба было кватараваць.

Аднапавярховы дом у стылі правінцыяльнага барока з васьмю калонамі прыткнуўся ў глыбіні саду. Даўно нячышчаная дарожка вяла да ўвахода, і бэз, сплятаючыся над ёю, утвараў дрыжачы ад ветру, вільготны змрок.

Сэрцападобнае, мокрае ад расы лісце слаба паблісквала ў цемры… Без асаблівых перашкод яны прайшлі бакавым уваходам і апынуліся ў поўнай цемры. Арсень паткнуўся туды, паткнуўся сюды, пачуў, як гаспадарлівы Шлык чыркнуў запалкай і вылаяўся, апёкшы пальцы.

Арсень кінуўся ў ягоны бок, зваліў нешта і не вытрымаў, крыкнуў:

— Гэй, людзіі

Проста перад ім зарыпелі дзверы, і ў цемры заззяў жоўтым святлом цьмяны прамавугольнік, а ў ім чалавек, што, распасцёршы рукі, абапёрся імі на вушакі, як распяты. 3-за яго спіны пазірала на Арсеня нешта нама-ляванае — пачварнае, у імхах.

Воўкаў рушыў было да чалавека і адхіснуўся. Злева, з цемры, глядзелі на яго нечыя тужлівыя, — па яблыку, — вочы.

Чалавек засмяяўся і ўзяў свячу, углядаючыся ў тых, што ішлі да яго з цемры. Твар абліўся мядзяным сяйвам, у вачніцах заляглі глыбокія цені. Ён зірнуў на вочы, якія напужалі Арсеня, і сказаў:

— Ріeta!

Памаўчаў і растлумачыў:

— Плач. Маці Божая плача над сынам.

Тут і Арсень пабачыў цьмяна асветленую, вялікую, у рост чалавека, статую. Са скрухай, журботна глядзелі на яго жаночыя вочы, як быццам пытаючы: " Сыны, што ж вы зрабілі з сынам маім?"

Арсень скалануў галавою і падаў чалавеку ордэр. Шлык узяў з рук чалавека свечку, каб той мог разгарнуць паперу і прачытаць.

- Я Маеўскі, - сказаў чалавек, — заходзьце. Толькі ў мяне абодва пакоі загрувашчаны рэчамі. Я і сам сплю на стале, так што раскошы не будзе.

- Нічога, мы як-небудзь, — сказаў Воўкаў.

Шлык тым часам вадзіў свечкай у розных напрамках, асвятляючы "Ріeta", і раптам спытаў жорсткім голасам:

— Ты што ж гэта, грамадзянін, паставіў тут гэтую дрэнь?! Рэлігійную прапаганду разводзіш? Опівум для народа?

— Гэта не дрэнь, малады чалавек, — халодна сказаў Маеўскі, - гэта работа семнаццатага стагоддзя. Продкі яе для вас рабілі, калі нават дзеда вашага на свеце не было.

I працягнуў у пакой руку.

— Прашу.

— Просіш не просіш, а мы зойдзем, — сказаў Юстын, прыкметна раззлаваны абыякавым тонам Маеўскага.

Зайшлі. Вялікі пакой здаваўся вельмі цесным. Толькі пасярэдзіне заставалася вольнае месца, усё астатняе было застаўлена скульптурай, нейкімі вазамі, карцінамі ў рамах і без рам. Проста перад новымі кватарантамі ляжалі на падлозе павержаныя сталёвыя даспехі, за імі, у вітрыне, бачныя былі пішчалі, шаблі, мячы, бязладна нагрувашчаныя ў кучу.

Замшэлая пачвара глядзела са сцяны на гасцей глыбока пасаджанымі маленькімі вачыма.

— Гэта хто? — з пагардаю спытаў Шлык.

I зноў адказаў гаспадар роўным халодным голасам:

— Дамашэўская карціна. Называецца "Лясун".

— Ты што, і ў лесуноў верыш?

— Калі гляджу на гэта — на хвіліну веру.

— Э-эх, шэрасць, — сказаў Шлык.

— Заціхні ты, Юстын, — абарваў яго Воўкаў, - не твая справа.

— А чыя справа? Ён тут будзе дурман распушчаць, цемрашальства, а я "маўчы".

Гаспадар на хвіліну знік у суседні пакой, потым вынес адтуль янотавую шубу і кажух і кінуў іх якраз ля даспехаў.

— Цягніце жэрабя, каму на чым. Ложкаў, на жаль, няма — выкінуў, бо месца не хапала.

Шуба дасталася Шлыку, кажух — Арсеню. Пакуль раскладалі посцілку, гаспадар стаяў над кватарантамі са свечкай.

- Я вас толькі папрашу курыць вельмі асцярожна і яшчэ… не страляць у пакоі… Быў у мяне тут адзін такі, Балабан па прозвішчу. Напіўся, п'яны, і самай лепшай маёй статуі руку адстрэліў.

- Гэта парушэнне рэвалюцыйнай законнасці, - сурова сказаў Воўкаў.

— Балабана гэтага тры дні таму кітайцы забілі, за здраду, — сказаў Шлык. — Варта было б дашукацца, чаго гэта адзін вораг рэвалюцыі ў другога кватараваў.

— Так мне ўжо шанцуе, — сумна і спакойна сказаў Маеўскі, - заўсёды ў мяне на кватэры ворагі рэвалюцыі.

Воўкаў толькі тут разглядзеў яго твар і постаць. Быў гэта волат з грубаватым, мужыцкім абліччам, вельмі сінімі невялікімі вачыма пад чорнымі густымі бровамі. Але скроні ў волата былі сівыя, але ў вачах залягла сто-ма, не тая стома, якую прагоніш добрым сном, а зацяжная, непасільная, гадамі сабраная.

— Вы адзін? — спытаў Арсень, седзячы на кажусе.

— Жонка ў вёсцы. Тут — голад… Спіце.

I ён фукнуў на свечку.

Шлык бурчэў, загортваючыся ў шубу. Паклаўся. Раптам сказаў:

— Дажывем з вашай мяккацеласцю. Зробяць з нас каклету пад флоцкім совусам.

— Трэба казаць "падліўкаю", — суха сказаў Арсень.

- Мы гімназій не канчалі.

— Мяне ў гімназіі нашай мове таксама не вучылі. Спі.

…Раніцай Арсеня разбудзіў гаспадар. Шлыка ў пакоі не было, ён пырхаў у далоні недзе на ганку, за