Аліва і меч [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (10) »
Уладзімір Караткевіч Аліва і меч
І
Над горадам у клубах пылу адгучэла жудаснае "даеш!" і ў ляску капытоў пакацілася на захад. I стала цішыня. Палкі біліся недзе ўжо каля Баранавіч, хадзілі ў штыкавыя атакі, з боем бралі ў Белавежы паляўнічы царскі палац, а тут сядзеў на тумбе паважны пузаты хлапчук і засяроджана аддзіраў казырок ад рассечанай канфедэраткі: прымяраўся, што можна з яго зрабіць. Сляпіла сонца. На белыя муры сабораў і касцёлаў балюча было глядзець, і беспрычынна вясёлая каза абдзірала з мура тысячны ўказ. Абывацель і глядзець не хацеў, што там пісана, якая ўлада пагражала і заахвочвала. Немцы былі, палякі былі — халера на іх усіх. А храмы Божыя ўсе руйнавалі і спустошвалі. То пагром, то расстрэл, то кучы на цвінтары, ды яшчэ такія вялікія. Апошнія часы прыходзілі. Арсень Воўкаў скочыў з тачанкі, якая спынілася перад будынкам рэўкома, неасцярожна стаў на правую нагу і зморшчыўся. Кульгаючы, патэпаў да дзвярэй. У вестыбюлі на пашчапаным паркеце стаялі ў козлах вінтоўкі, сядзелі і ляжалі людзі. Матросік з яснымі вачыма сядзеў ля дзвярэй у калідор і метадычна, з зайздроснай трапнасцю пляваў на жалезны ліст пад печкай. Зусім ашалеў ад нудзьгі чалавек. — Гэй, браток, як мне тут да таварыша Кандратовіча? — сказаў Арсень. — Мандат? — напаўзапытальна працягнуў матросік. — Вось ён. Матросік пажвавеў. — Бач ты, з фронту, значыць? Ідзі вось калідорам. Там зала. У зале Арсеня аглушыў кулямётны трэск рэмінгтонаў, гоман людзей, мітусяніна. Урыўкі тэлеграфных стужак блыталіся пад нагамі. Нехта крычаў надарваным голасам: — Што вы мне паперкі пад нос торкаеце? Няма зброі і няма. I ў адказ такім самым голасам: — Ты маўчы. Ты мне контррэвалюцыю не разводзь, грамадзянін. Наша, 79-я, беларуская, голымі рукамі ваюе. Мы пад Свіслаччу штыкамі іх размалацілі, генерала ў палон узялі. Маеш ты рэвалюцыйнае сумленне?! Давай зброю! — Ты ў Даўгялы быў? — Пяты ў яго кароткія, у твайго Даўгялы, а надзімаецца, быццам ён самога Скірмунта байструк… Бюракрат паршывы! Арсень усміхнуўся. Зброі няма, але гэты даб'ецца. Зубастага паслалі. — Дзе тут Кандратовіч? — спытаў у нейкага салдата. — Унь за сталом сядзіць. Ты пачакай. Яго зараз нашы хлопцы абселі. Зброя патрэбна. Непадалёку ад стала вядомы ўсяму гораду маляр-жывапісец Піня Райхер, загрунтаваўшы напалову партрэт Кацярыны Другой, маляваў з нейкай паперкі Маркса. Імператрыца какетліва ўсміхнулася паўзверх Марксавай сівізны. Піня адарваўся ад працы і, павярнуўшыся да нейкага з гледачоў, вырашыў: — Два атрымаецца. — Угу. Баба была гладкая і матар'ялу на партрэт не шкадавала. Арсеню ледзь удалося перачакаць людзей, што абступілі Кандратовічаў стол. Нарэшце тыя адступілі, і Воўкаў пабачыў мажнага, вельмі сівога мужчыну з маладым шырокім тварам. Перад ім, на зярцале, вісела будзёнаўка. Чырвоныя павекі навісалі на вочы цяжка і стомлена. Пабачыўшы цень, які лёг на стол, чалавек з сілаю правёў далонню па твары, быццам умыўся, і спытаў перасеўшым голасам: — Адкуль, таварыш? — Памочнік камандзіра палка беларускай брыгады шаснаццатай арміі Арсень Воўкаў… Вось мандат. Кандратовіч падняўся. — Чакалі, таварыш, чакалі. Што новага? — Усё ў гэтым пакеце… Фарсіравалі Буг. Пяць дзён біліся. — Малайцы, — Кандратовіч раздзёр канверт. Толькі хвілін праз пяць Арсень пабачыў яго вочы, блякла-сінія ад стомы. — Страты вялікія, таварыш? Арсень уздыхнуў. — Трэцяя частка наяўнага складу. Тысяча штыкоў, трыста шабель. 3 харчамі цяжка. Але гэта нічога… Зброі, таварыш Кандратовіч, няма. У мёртвых бярэм. Не скардзімся пакуль што, але яны ў лясах засекі ро-бяць, танкі ў іх, аэрапланы… Грудзьмі на дрот ідуць людзі. Кандратовіч зноў "умыўся". Сказаў з сумнай іроніяй: — Бачыш, партрэтаў нават няма. Як быццам гэта было адно, чаго не ставала. — I зброі няма. Апошнюю толькі што забралі. Падумаў. — Ёсць гэтыя дрындушкі, кулямёты нямецкія. Ствол як палена і дзірка, каб ваду наліваць… Тры штукі… Болей нічога… Ты паранены? — Гэта ваяваць не перашкаджае, — суха сказаў Арсень. — На кані ваюю… I раптам Кандратовіч ажыў. - Слухай, гэта не цябе чэхі пад Пензаю расстралялі? — Мяне. — Дык я ж пра цябе шмат чуў, д'ябал ты чортаў. Ану, выкладай, чым займаўся за апошнія два гады. Арсень пачырванеў. — Кажы. Для справы патрэбна. — Ну… з гайдамакамі біўся, з чэхамі, - у складзе брыгады, — быў у коннай разведцы. — Палкоўніка Смажака з штаба не ты ўкраў? — Мая справа там была цялячая. — А залатую зброю за гэта табе далі. Ты глядзі, Воўкаў, бывае ціхмянасць пачэ гонару. Далей. — Далей у чэрвені — ліпені хадзіў з разведкаю па тылах, за Бярозай, перайшоў да сваіх трэцяга ліпеня, напярэдадні наступлення. Сувязь у мяне з нашымі была… Ну а потым справа ясная. — Т-так, — сказаў Кандратовіч, — справа ясная. А мы толькі што шукалі чалавека
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (10) »
Последние комментарии
14 часов 57 минут назад
20 часов 44 секунд назад
1 день 3 часов назад
1 день 6 часов назад
1 день 6 часов назад
2 дней 17 часов назад