Ідылія ў духу Вато [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Ідылія ў духу Вато

Прыгожы парк, які любіў Вато…

М. Багдановіч
Кіпяць жаданні. І няма жаданняў:

Як вогнішча пад восеньскім дажджом.

М. Заранка

Падала лісце.

Часам пад парывамі ветру лісты асыпаліся тысячамі, і тады нават у паветры чуўся іх шолах. А потым вецер сціхаў і лісты пачыналі падаць па адным.

А зямля паміж дрэвамі шапацела звонка і настойліва; раптам нехта нябачны пачынаў пятляць па апалай лістоце, уздымаючы ў паветра чырвоныя, жоўтыя, зялёныя з лімоннымі пражылкамі лісты.

У гэты празрысты кастрычніцкі дзень Архангельскае здавалася пакінутым, як дача з забітымі вокнамі.

Людзей не было. Была цішыня і закінутасць.

Маладая пара, якая сышла з аўтобуса, не спяшаючыся, увайшла ў парк.

— Што гэта ты з босай галавой? — быццам упершыню заўважыўшы, сказала дзяўчына.

Ён адмаўчаўся. Ішоў поруч з ёю вельмі прамы, глядзеў на свет халоднымі зеленаватымі вачыма. Светлыя бровы насуплены, вялікі рот сціснуты нават занадта характэрна.

Трохі пляскатым носам, жаўтавата-смуглай скурай, буйнай грывай каштанавых валасоў ён вельмі нагадваў льва. І не таго льва, абавязак якога гойсаць па пустыні, а таго, якога аблыталі цянётамі і вось-вось унясуць у клетку.

Таму што на гэтым разумным твары быў дзіўны выраз насцярожанасці, чакання і яшчэ чагосьці.

Добры сэрцазнаўца сказаў бы, што гэта выраз заўсёднай і закаранелай тугі. А яна была птушка-весялушка, маленькая, разумненькая. Скура малочна-белая, валасы занадта жорсткія і цяжкія. Затое вочы былі дзівосныя: вялізарныя, чорныя, з глыбокім бляскам.

Гэтыя двое трымаліся занадта цёпла для брата і сястры, занадта разважна для каханкаў, занадта ўважліва для мужа і жонкі.

Яны апынуліся на ўнутраным двары зачыненага музея, дзе мармуровы Ахіл з манерна-адчыйным тварам трымаў паміраючага Патрокла.

Яны не заўважылі гэтай манернасці і прынялі яе сур'ёзна. Як усім людзям, занадта перапоўненым сабою, ім здавалася, што іншыя таксама адчуваць глыбока і моцна. Нават самотная старая, што дрэмле ў шэзлонгу на тэрасе, нават гэты мармуровы Ахіл.

— Яго знявечылі. Ён зусім не Патрокл, а прыгонны, — сказала яна.

— Так, — згадзіўся ён, — гэты хлопец хацеў будаваць, а яго прымушалі аўсянку сабакам варыць.

— Што ты, ён музыка, — запярэчыла яна, — бычыш, якія пальцы. А наконт аўсянкі твая праўда.

Яны ішлі суцэльным тунелем, які спускаўся ўніз, да грота. І раптам яна з перарывістым уздыхам прыпала да яго.

— Любы, — сказала яна, — мы адны. Як добра!

І падалася да яго з закрытымі вачыма, уся пасур'ёзнеўшы тварам.

Ён цалаваў яе, спачатку стрымана, потым усё больш моцна, усё больш пяшчотна.

Прахожы з тоўстым партфелем у руках адарваў іх ад гэтага карыснага занятку. Прайшоў, пачырванеўшы патыліцай, пакруціў галавой.

— Ну і ну. Р-распусціўся народ.

Яна паглядзела яму ўслед і ціха сказала спадарожніку:

— У яго партфель з мамантавай скуры.

Спадарожнік засмяяўся. Абое пайшлі далей і хутка выйшлі на балюстраду. Безудзельна глядзелі на іх твары мармуровых багоў і герояў. Вільготна зелянеў пад нагамі партэр.

Вусны дзяўчыны раптам склаліся ў манерную ўсмешку:

— У мяне няма рэшпекту да такіх пагулянак. І супірант мой нешта маўклівы. Зусім, відаць, не кахае.

Ён, здавалася, не чуў. І яна зразумела: нешта не дазваляе яму жартаваць.

— Раскажы хаця, як твае справы. Шэсць… не, нават дзевяць год мы не бачыліся, — спытала яна.

— Так. З пяцьдзесят першага.

— І што ты робіш?

— Даганяю. Часу мала. Я і тады зрабіў памылку, што пайшоў ва універсітэт. Я ж любіў жывапіс больш за ўсё. А думаў, што будзе больш карысці.

— Чым займаўся гэтыя гады?

Ён усміхнуўся:

— Жыццё вывучаў. Усялякае было. Спачатку на шахтах працаваў, потым… Ды гэта цябе не павінна цікавіць.

Твар яго перасмыкнуўся, але дзяўчына, здавалася, не заўважыла.

— Мне дваццаць сем, а я амаль нічога не зрабіў. Зараз вось партрэт маці скончу, а потым ёсць у мяне задума. Гістарычная. Іван Вецер, здраджаны сябрам.

Яна ўважліва паглядзела на яго.

— Гэта ў паўстанні?

— Так. Разумееш, здорава павінна атрымацца. Пястрыцкі ў парчы і гэты, пасінелы на снягу. Ядловец такі, разумееш, дымчата-зялёны, неба цяжкае.

— Так, — сказала яна, — гэта было гістарычнае свінства: гарматы супраць бяззбройных… — правяла позіркам па голых мурмуровых фігурах і неяк нават паспешліва сказала: — Бр-р, як ім холадна.

Абое збеглі па прыступках уніз, і тут, у алеі, каля грота Кацярыны, яна зноў прытулілася да яго.

— Пацалуй мяне.

— Не магу, — сказаў ён, — надта ўжо гэтая баба зайздросна глядзіць. Сурочыць, бадай што…

— Не жартуй.

— Ды я і не жартую. Проста небяспечна мне быць з табою. І табе… таксама.

Яна апусціла вочы ўніз. Лімонныя, барвяныя, іржава-чырвоныя лісты клёнаў стракатай мазаікай ляжалі на зямлі. Дзяўчына