Кацёл з каменьчыкамі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Караткевіч Кацёл з каменьчыкамі
Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе. І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну. Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў. І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камяні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком - заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы. Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы. Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера - існае вочка зямлі - дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай. - Забыўся, што ў труны кішэняў няма, - горка пажартавала добрая Мар'я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае. Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут... Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб'еўся, а другі - бо галодны. А дзеці - дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае - не. ...Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар'і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся, свіння свіннёю. - Ну што? - Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной адраблю. - Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам. Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон. Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма. Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам - прыніжэннем. Калі зразумеюць - пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: «Сільна і слёзна», як у старых кнігах пісалі: - Матухна! - Зязюленька! - Пакармі нас! - Хлебца дай! - Акраец! Што рабіць беднай Мар'і. Вырашыла яна дзяцей падмануць. - Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць. Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма. Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка, - наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы. Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя. - Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца. - Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым. - А што ж у катле варыш? - Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла. - Гэт-та што такое? - Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці. - Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?! - Не даў. - Д-добра, - сказаў незнаёмы. - Бяры кацёл. Пайшлі. Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі? А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля. «Але тут, - думае, - здужаю». Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ. - Што ж ты, - паскардзілася Мар'я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш. - Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе. - Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна. А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе. Мар'я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі. - Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы. Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі. - Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы. - Пастаў варыць дзецям. У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі. - Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі. І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі. Пачакалі яны крыху - з'явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі. - Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы. Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся. - Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні. А кусцікі ўжо амаль кусты. І вось на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам. - Вось цяпер можаш іх памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы. - Гэта як дзеці галодныя. І выняў два камяні з-пад куста. Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё. - Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы. - І з суседзямі падзяліся. - Ясна, - сказала Мар'я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. - З суседзямі найперш. - Мне! Мне! - кінуўся Ігнат. - Мне перш за ўсё! Я іх кармлю-паю! - І на работу наймаеш? - спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. - І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі? - Мне! Мне! Наймаю, кармлю. - Добра, - сказаў незнаёмы. - Набяры кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй. Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў. - Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні. - Слёзы, - сказаў незнаёмы. - Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод. - Мне! Мне! У мяне і камні. - Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле. - Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям? - А што? Галадранцы. Самога з'ядуць, як мяккі будзеш. Незнаёмы махнуў рукой. Камні пачалі расці. Усе ўтрох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі - камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі. Ігнат аж падскочыў. - Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ. Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў. - Ну вось, маеш, - сказаў. - А чаму яны не зарываюцца? - А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці. І пайшоў з жанчынай да яе хаты. Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля - не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі. Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце «камяні» - усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат. А пасля незнаёмы ўстаў. - Пайду, - сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу. - Чым мне табе аддзячыць? - Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала. - Пайду пагляджу, як сусед. Звар'яцеў, пэўна. - Нічога. Я ж кажу... дабра ў нас хапала. Залішне. І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся - Мар'я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі. - Гэй! А імя ёй будзе - Бульба! - крыкнуў ім незнаёмы. І так з'явілася на Беларусі Бульба.
Последние комментарии
16 часов 1 минута назад
21 часов 4 минут назад
1 день 4 часов назад
1 день 7 часов назад
1 день 7 часов назад
2 дней 18 часов назад