Чалавек, які ўмеў рабіць цуды [Герберт Джордж Уэллс] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Гербэрт Уэлс Чалавек, які ўмеў рабіць цуды

Пантум у прозе

Даволі сумнеўна, што гэта была прыроджаная здольнасць. Я, са свайго боку, мяркую, што яна з’явілася ў яго раптоўна. Бо фактычна да трыццаці гадоў ён быў перакананым скептыкам і не верыў у цудадзейныя сілы. І тут будзе самы зручны момант расказаць, што гэта быў невысокі чалавек з карымі-карымі вачыма, вельмі натапыранымі рыжымі валасамі, вусамі, кончыкі якіх ён падкручваў, і рабаціннем. Звалі яго Джордж Макуіртэр Фатэрынгей – яго імя не прадвяшчае ніякіх цудаў – і працаваў ён клеркам у Гомшатаў. Ён быў адданым прыхільнікам пазітыўнай аргументацыі ў спрэчках. І самы першы намёк на ягоныя звышнатуральныя сілы пазітыўна праявіўся, калі ён даводзіў немагчымасць цудаў. Гэтая спрэчка адбывалася ў бары “Вялікі Дракон”, і Тодзі Біміш увесь час манатонна пярэчыў: “Гэта вы так кажаце”, – што даводзіла містэра Фатэрынгея да мяжы шаленства.

Акрамя гэтых двух, прысутнічалі таксама адзін раварыст, запылены з ног да галавы, землеўласнік Кокс і міс Мэйбрыдж, надзвычай самавітая і даволі тоўстая буфетчыца “Дракону”. Міс Мэйбрыдж стаяла спінай да м-ра Фатэрынгея, мыючы шклянкі. Астатнія назіралі за ім, у большай ці меншай ступені зацікаўленыя тым, як прабуксоўвае яго пазітыўны метад. Раздражнёны шматузроўневай абаронай м-ра Біміша, м-р Фатэрынгей наважыўся ўжыць незвычайны рытарычны прыём.

– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей, – давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта нешта такое, што супярэчыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі, нешта, што не магло б адбыцца, калі б не было адмыслова выклікана.

– Гэта вы так кажаце, – перарваў яго м-р Біміш.

М-р Фатэрынгей звярнуўся да раварыста, які дагэтуль быў толькі маўклівым слухачом, і атрымаў ад таго згоду, выражаную нерашучым пакашліваннем і пагляданнем на м-ра Біміша. Землеўласнік не выказаў ніякай думкі, а м-р Фатэрынгей вярнуўся да мра Біміша, які нечакана саступіў, стрымана пагадзіўшыся з прыведзеным азначэннем цуду.

– Прывядзем прыклад, – сказаў м-р Фатэрынгей, моцна падбадзёраны. – Дапусцім, тут адбыўся цуд. Гэная лямпа пры нармальных прыродных умовах не магла б гарэць так, як цяпер, каб перавярнулася дагары дном, праўда, Біміш?

Вы сцвярджаеце, што не магла б.

– А вы? Вы так не сцвярджаеце, га?

– Ладна, – сказаў Біміш неахвотна. – Не магла б.

– Выдатна. І вось падыходзіць нехта, хай гэта буду я, і становіцца... ну, няхай вось тут ды кажа да лямпы, вось як я цяпер, сабраўшы ўсю сваю волю: “Перакуліся дагары дном, ды так, каб агонь не збіўся, а працягваў роўна гарэць”, – і – авохці!

І толькі прагучала гэтае: “Авохці!” – як немагчымае, неверагоднае ўбачылі ўсе. Лямпа павісла дагары дном і ціха працягвала гарэць, паказваючы язычком агню долу. Гэта было настолькі аб’ектыўна і несумненна, наколькі аб’ектыўнай і несумненнай толькі можа быць лямпа, банальная, звычайная лямпа ў бары “Вялікі Дракон”.

М-р Фатэрынгей застыў з выстаўленым указальным пальцам, звёўшы бровы ў чаканні жудаснага бразгату. Раварыст, што сядзеў каля лямпы, адхінуўся і адскочыў у іншы кут бару. Усе адскочылі так ці інакш. Міс Мэйбрыдж павярнулася і ўскрыкнула. Амаль тры секунды лямпа вісела нерухома. Слабы крык пакуты вырваўся з глыбіні душы м-ра Фатэрынгея.

– Я не магу больш яе трымаць, – прастагнаў ён.

Ён адхіснуўся, а перакуленая лямпа раптам успыхнула, упала ў кут бару, адскочыла ўбок, разбілася аб падлогу і згасла.

На шчасце, яе рэзервуар быў металічны, бо іначай усё навокал было б у агні. Містэр Кокс загаварыў першы, і з яго выказвання без лішніх адступленняў вынікала, што Фатэрынгей – дурань. Фатэрынгей быў не ў стане запярэчыць нават такому катэгарычнаму меркаванню! Тое, што адбылося, бязмерна здзівіла яго. Далейшая размова абсалютна не праліла святла на тое, што яго агаломшыла. Усе не толькі ў поўнай меры, але і вельмі горача падтрымалі думку м-ра Кокса. Кожны быў рады абвінаваціць Фатэрынгея ў дурным фокусе і выставіць яго перад ім самім неразумным парушальнікам цішыні і спакою. Ён сам у віры разгубленых думак быў гатовы пагадзіцца з усімі і абсалютна марна спрабаваў адмовіцца, калі яму прапанавалі сысці.

Ён ішоў дадому расчырванелы і ўсхваляваны, каўнер паліто скамечыўся, вочы моцна балелі, а вушы гарэлі. Ён трывожна паглядаў на кожны з дзесяці ліхтароў, мінаючы іх. І толькі застаўшыся адзін у сваім маленькім пакойчыку на Чэрч-роў, ён здолеў засяродзіцца на ўспамінах пра здарэнне і запытаць сябе: “А што ўласна адбылося?”

Зняўшы паліто і чаравікі, ён сядзеў на ложку, трымаючы рукі ў кішэнях, і ў семнаццаты раз паўтараў сваё апраўданне: “Я не хацеў, каб гэтая поскудзь перакулілася”, – і тут яму прыйшло да галавы, што ў той самы момант, калі ён вымавіў словы загаду, то ненаўмысна пажадаў таго, што сказаў, і што калі ён убачыў лямпу ў паветры, то адчуў, што ад яго залежыць, ці трымаць яе гэтак, хоць ён і не ўяўляў, як гэта рабіць. Ён меў не