Грот афаліны [Павел Місько] (fb2) читать постранично, страница - 7


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Пантон сёння быў упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі — і чорнымі, і чырвонымі, і жоўтымі, і сінімі. Казаў неяк Радж, што калі вядуцца падводныя работы, то выстаўляюць такія сцяжкі.

— Па астраўках падбяромся бліжэй да пантона, разведаем, што яны робяць! — Янг кінуўся ўніз.

Пясок каля вады быў стаптаны — засталіся ўчарашнія сляды людзей. Сям-там валяліся факелы. А дзе ж бома Яп? Дзе старая Рата? Колькі ні ўглядаліся ў той бок, дзе завіхаліся каля скрынь салдаты, трупаў не заўважылі. А мо іх не забілі? Мо яны ўсталі ноччу і цішком вярнуліся дадому?

Імчаліся паласой прыбою, а сабака весела брахаў і стараўся то аднаго, то другога цапнуць за пятку. Дабеглі да мыса і адразу плюхнулі ў ваду — белапеністую, бурлівую ў вузкай пратоцы. Сабака павішчаў, патупаў на беразе і палез асцярожна ў ваду, задзіраючы галаву, паплыў за імі.

Каля апошняга астраўка хвалі былі большыя, усе пенілася і бурліла. Прытаіліся за скаламі, панаглядалі… І зразумелі, што тут людзі сапраўды штосьці робяць пад вадою. Ад той чатырохкутнай машыны на колах клубамі валіў смярдзючы чорны дым. Ад яе ішлі пад ваду чорныя гумавыя шлангі. Раз-пораз да пантона падплываў чалавек з балонамі за плячыма і ў масцы, і яму падавалі зверху то нейкія цяжкія пакеты, то правады.

— Хлопцы! Штосьці так грукоча пад вадою! Так б'е па вушах — аж баліць! — паспеў нырнуць і тут жа выскачыць Мансур.

Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!

— Не вытрываць! Галава расколваецца!

І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.

Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.

— Мо які клад схавалі, золата?! — у Мансура загарэліся вочы.

— Дурня такога, як ты! — сплюнуў Тун.

— Я падплыву туды пад вадою, пагляджу. Я ўмею глядзець пад вадою! — Мансур папоўз са скалы нагамі ўніз.

— Ціха, яны адплываюць! — паказаў Янг на карму пантона, дзе затарахцеў рухавік, узбурліла бурунам вада.

Пантон адплываў паціху, каля борта стаяў чалавек у шортах і прапускаў праз далоні драты, якія вялі пад ваду.

— Гууд! Стоп! — прагучала каманда на пантоне.

— Я ныраю! Потым не знойдзеш гэтага месца! Сабаку патрымайце! — Мансур адпіхнуў сабаку, што збіраўся лезці за ім, і нырнуў. Спыніць яго не паспелі.

У той жа момант на пантоне адзін з дзядзькоў узмахнуў рукою, і глухі гул-выбух страсянуў наваколле. На месцы рыфаў і атольчыкаў, што перагароджвалі ўваход у лагуну, паўсталі агромністыя белыя слупы вады і абломкаў каралаў. Апалі, заплёхалі цяжка ў ваду абломкі рыфаў.

— Мансур!!! — закрычалі спалохана Янг і Тун, ластаўкамі ўзвіліся ў паветра, боўтнуліся ў ваду. Скокнуў за імі і сабака.

Мансур усплыў сярод рознакаляровых рыб неяк ненатуральна, перакручваючыся на бок, потым паказаў жывот і перавярнуўся на другі бок, пачаў апускацца на дно. І тут яго падхапілі Янг і Тун, павалаклі да астраўка. Павярнуў за імі і сабака.

З Мансуравых вушэй і носа цякла кроў. Яго трохі патармасілі, паціскалі, і ён закашляўся, выплёўваючы ваду. Жывы!

— Мансур! Хоць слова скажы! Мансур! — упрошвалі хлопцы. Сабака паціху заскавытаў.

А Мансур толькі стагнаў і скрыгатаў зубамі, вачэй не расплюшчваў.

— Дык што ж гэта робіцца?! — закрычаў Тун. — Учора двух забілі, і сёння… Што нам бацька яго скажа?!

— Хутчэй у вёску, мо хто паможа яму… Павярні тварам уніз! Прыпадымі! — калі Тун падняў Мансура, Янг падлез пад яго так, каб галава і адна рука Мансура былі на адным плячы, а другая рука — на другім. Ступіў, сагнуўшыся, у ваду. — Збоку плыві, будзеш страхаваць.

Цяжкі быў Мансур. Пакуль дабраліся да трэцяга астраўка, а потым да другога, Янг сам наглытаўся вады. Далей ужо цягнулі Мансура ўдвух, пад руку, паклаўшы на ваду дагары. Янг гроб леваю, Тун — праваю рукою.

На мысе-паўвостраве адсапліся — не доўга, каб толькі крыху вярнулася сіла. Зноў пагнялі, паціснулі Мансура ў спіну, паклаўшы жыватом на калена Янгу, бо хлопец, пакуль валаклі, зноў захапіў вады.

Сяк-так пасадзілі Мансура на сплеценыя ў замок чатыры рукі, панеслі ў вёску.

Вішчаў, бегаў вакол іх кругамі сабака.

4

Было і плачу, і крыку.

І не толькі ў Мансуравай хаціне, а і па ўсей вёсцы. «Людзечкі, ды што ж гэта робіцца?!» — на розныя лады галасілі жанкі. Сціскалі