Сіндбад вяртаецца [Эрнест Ялугін] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

цікава? — здзівіўся Радзім.

— Калі мне было гадоў дзесяць, я таксама ёю захапляўся.

Радзім пачырванеў, пакрыўдзіўся. Юрый Сяргеевіч заўважыў гэта і дадаў міралюбна:

— Казкі трэба чытаць змалку, пакуль не паспытаеш сапраўдных прыгод… Жыццё іншы раз такое табе можа падкінуць — толькі трымайся. Так, толькі трымайся, — паўтарыў ён і прыклаў да правага вока невялічкую белую хусцінку. Як тады, калі размаўляў з кіраўніком турысцкай групы. Тут толькі Радзім звярнуў увагу, што вока ў яго новага знаёмага пачырванела і слязіцца. Можа, у поездзе скразняком прадзьмула ці заляцела якая мошка.

Юрый Сяргеевіч прыплюшчыў вочы. «Адпачываць, адпачываць да самага Алжыра», — загадаў ён сабе і паспрабаваў па сістэме йогаў расслабіцца, адключыцца ад асяроддзя, не слухаць, пра што там яшчэ пытае Радзім, гэты цыбаты хлапчына са смешнымі, быццам несапраўднымі вусікамі. Такія нярэдка заводзяць сабе ў маладым узросце для саліднасці. Рэзь у воку пабольшала. Відаць, ад перамены атмасфернага ціску — самалёт усё яшчэ набіраў вышыню. Юрый Сяргеевіч зірнуў у ілюмінатар — што там робіцца? Воблакі, якія зусім нядаўна шызымі і ружовымі гурбамі навальваліся на дрыготкія крылы самалёта, цяпер рассунуліся, расцягваючыся ў рэдкія пасмы, паступова знікаючы. І вось ужо засталіся далёка ўнізе і нагадвалі невядомую таямнічую горную краіну, над якой, шырока распластаўшы прывідныя крылы, імчаўся цень самалёта. Тады патухла табло з папераджальнымі словамі «Зашпіліць рамяні!». Значыць, авіялайнер набраў вышыню вызначанай яму міжнароднай паветранай трасы — дзесяць тысяч кіламетраў — і выраўняўся. Роўна, без нядаўняй натугі загулі турбіны. Здаецца, пачала сціхаць і рэзь у воку. Гэта добра. Там, куды цяпер нёс авіялайнер сваіх пасажыраў, яго чакалі зусім не турысцкія забавы, а напружаная работа. Канечне, агульны стан здароўя ў яго добры — сэрца, нервы. А вось аперацыя на воку… «Глядзіце, толькі не папсуйце там маё вока», — падпісваючы медыцынскае пасведчанне, сказала жартам Людміла Мікалаеўна, якая зрабіла яму складаную аперацыю — ужывіла штучны крышталік замест сапсаванага некалі ў выніку ранення. Што ж, сапраўды, гэта «яе», Людмілы Мікалаеўны, вока, бо каб не яе майстэрства… Якое гэта шчасце — зноў нармальна бачыць, нават мець магчымасць ехаць працаваць у складаных умовах афрыканскай пустыні. Калі разабрацца, людзі ўжо неаднойчы вось так адорвалі яго, зусім без усякай карысці для сябе. Нават наадварот бывала — дзеля яго яны рызыкавалі вельмі многім. А старому алжырцу Аіт-Хаммушу ён нават абавязаны тым, што застаўся жывы.

У салоне весела гучалі маладыя галасы, смех. На задніх крэслах са смехам успаміналі кур'ёзны выпадак на таможні з нейкім Ляснеўскім, з імі перагукваўся, пакепліваў з таварыша Радзім Савілін, не здагадваючыся, што ў хуткім часе здарыцца з ім самім. У цэнтры салона трэнькала гітара, спяваў малады ўпэўнены голас мастацкага кіраўніка аматарскага ансамбля народнай песні і танца з Гродна. Ансамбль гэты, паспеў паведаміць Юрыю Сяргеевічу Радзім, складаецца ў асноўным з навучэнцаў прафтэхвучылішчаў. І падобны ж ансамбль везлі новасібірцы. Цікава, дадаў Радзім, чые выступленні больш спадабаюцца алжырскай моладзі. Юрый Сяргеевіч зноў міжволі ўсміхнуўся, назіраючы, як хлопец абмацвае пальцамі свае вусы. «Быццам баіцца, што яны могуць у яго раптам адклеіцца», — усміхнуўся ён сам сабе.

Юрый Сяргеевіч не стаў бы расказваць яму аднаму пра сваё першае, студэнцкае падарожжа ў Алжыр, але Радзім паспеў ужо нашаптаць спадарожнікам пра свайго незвычайнага, «бывалага» земляка, і вось цэлая група хлопцаў і дзяўчат абсела яго крэсла, усе наперабой сыплюць пытанні. Асабліва пра Алжыр, куды Юрый Сяргеевіч трапіў якраз у першы год пасля таго, як там скончылася вайна супроць французскіх каланізатараў, але яшчэ дзейнічалі падпольныя банды імперыялістычных недабіткаў. Яны называлі сябе аасаўцамі, ці скарочана лацінскімі літарамі OAS, — хацелі, каб Алжыр заставаўся «французскім», быў каланіяльным прыдаткам Францыі, яе капіталістаў. І якога толькі зброду не было ў тых фашысцкіх бандах! Але найбольш былых салдат французскага так званага Замежнага легіёна — легіянераў, з людзей самых розных нацыянальнасцей.

— Юрый Сяргеевіч, — звяртаецца да расказчыка Радзім, — а ваш стары Аіт-Хаммуш падобны на Сіндбада-Марахода!

Юрый Сяргеевіч на хвіліну задумаўся.

— Мне і самому гэтак калісьці здавалася, а цяпер бачу — не. Успомніце, каго ратаваў Сіндбад-Мараход, рызыкуючы сабой? Пра сябе ў першую чаргу думаў. Вось быў у мяне яшчэ адзін знаёмы, дык на Сіндбада-Марахода…

— А памятаеце, як Сіндбад-Мараход пашкадаваў старога і пасадзіў сабе на карак, каб дапамагчы перабрацца цераз рэчку, а той…

Узнікла спрэчка. Нават не заўважылі, калі авіялайнер перамахнуў Апенінскі паўвостраў. Юрый Сяргеевіч адчуваў сябе стомленым, некалькі разоў прыкрываў далонню вочы, даючы зразумець, што хацеў бы хоць крыху падрамаць. Але дзіва што адпачнеш! Пытанні не пераставалі