Сіндбад вяртаецца [Эрнест Ялугін] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

сыпацца.

— Астатняе, родненькія, дагаворым на пляжы ў Алжыры, — сказаў ён, радуючыся, што працягу, канечне, не будзе. У турыстаў свой маршрут, у яго свой. Ён і так быў вельмі незадаволены сабою, што расказаў, паддаўшыся настрою, больш, чым гэта звычайна рабіў.

«Антс Кійк паможа, калі што раптам з вокам, — думае ён. — Тэлефон, адрас ёсць. Сорамна, даўнавата яму не пісаў… Усё неяк адкладвалася — то камандзіроўка, то яшчэ што… Хлопцы слухалі пра Кійка з захапленнем… А калі ён за гэты час вярнуўся дадому, у сваю Эстонію? Збіраўся ж яшчэ тады… Эх, як бяжыць час!..»

Хлоп! Хлоп! Самалёт уздрыгвае, раптам загараецца табло «Зашпіліць рамяні!». Няўжо падлятаем? Вушы закладвае, усе прыціхлі… Хлоп, хлоп! Ва ўсплёсках рубінавых бартавых агнёў бачна, як у цёмную бездань вялікімі боханамі павольна вывальваюцца шасі… Значыць, сапраўды хутка Алжыр…

Хутка Юрый Сяргеевіч пазнаў ужо ўспышкі марскога маяка на мысе Шэршэл, узрадаваўся яму, як старому добраму знаёмаму. «Глядзі!» — не ўтрымаўся, паказаў Савіліну. Потым зазіхацеў агнямі магутны каскад горада. Вось ён, Аль-Джазаір, па прыгажосці з ім можа супернічаць толькі адзін горад кантынента — Каір. Авіялайнер імчаўся ля самай зямлі. І нарэшце першы дотык шасі да бетону ўзлётнай паласы, лёгкі ўдар… Мільгацяць ярка-рубінавыя арыенцірныя агеньчыкі, страшэнна выюць рухавікі, набліжаецца ў пражэктарнай падсветцы белы гмах аэрапорта Дар-аль-Бейда, у гэты час зусім пустэльнага — авіялайнер дагнаў ноч.

І адразу ж, як толькі ступілі на трап, на пасажыраў дыхнула быццам з напаленай духоўкі. Пачуліся здзіўленыя галасы: «Тры гадзіны ночы ды гэткае пекла? А што ж тут будзе ўдзень?»

Толькі адны яны шоргалі ватнымі нагамі па мармуры транзітнай залы. Не спяшаючыся, сонна паморгваючы на турыстаў, займалі свае канторкі алжырскія пагранічнікі і таможнікі. Яны працавалі спакойна, Юрый Сяргеевіч перакінуўся з гэтымі дружалюбнымі хлопцамі некалькімі прывітальнымі фразамі па-французску, з дзіўным для сябе хваляваннем услухоўваючыся ў словы адказаў. Ён зноўку пазнаваў у вымаўленні калісьці прывычны для яго алжырскі акцэнт. Але тут узняў гвалт Савілін, землячок.

Каля яго чамусьці было ажно тры таможнікі, твары ва ўсіх напружаныя, нават варожыя. Перакладчыца нешта хутка гаворыць і, відаць, не зусім дасканала, бо яе перапытвае старшы таможнік, настаўляючы прыгожыя вочы, з якіх яшчэ не сышла санлівасць.

Юрый Сяргеевіч таропка падышоў. Спытаў па-французску: якія праблемы? Таможнікі павярнулі да яго галовы, ажывіліся. Урэшце ўсё вырашылася лёгка і проста. Савіліна паляпалі па плячы і, крыху ачмурэлага ад нядаўніх хваляванняў, прапусцілі да астатніх турыстаў, якія пазіралі на яго як на дзіва.

— Ну, дзякуй, Юрый Сяргеевіч, — гаварыў Савілін залішне гучна, бы глухому, на хаду пхаючы ў сумку няхітры скарб, які толькі што паказваў таможнікам. — А то прычапіліся… Кепска, калі ў чужой краіне і не ведаеш мовы. Чорт ведае што можа адбыцца!

— Не мог завучыць хоць бы тры фразы па-французску? Я ўжо не кажу пра арабскую мову.

— Ды ў тым жа і справа, што вучыў! — тонам закаранелага двоечніка адказаў Савілін. — Вось паслухайце, як я ім па-фрацузску… — І ён прамовіў некалькі фраз на невядомай мове: — Я з Савецкага Саюза. Мая нацыянальнасць — беларус. Вось мой пашпарт. Каштоўнасцей, валюты, зброі не вязу… Ну як?

— Ты гэтак і таможніку казаў? — Юрый Сяргеевіч нават прыпыніўся.

— Ну! Я ж кажу, што тое-сёе завучыў. Юрый Сяргеевіч засмяяўся і махнуў рукой.

— Яны абавязкова павінны былі цябе спыніць.

— Чорт ведае чаму, але да мяне заўсёды чапляецца і міліцыя. — Савілін з вялікай цікаўнасцю паглядаў ва ўсе бакі і нават прынюхваўся. — Ледзь што якое, нехта некага таўхануў, а ўжо чую: грамадзянін, вашы дакументы. Але ж дома пагаварылі і разабраліся. А тут таможнікі раптам… Разумееце, першы раз выправіўся за мяжу — і такое. У Будапешце ж таксама… Не заўважылі?

— Відаць, ты і венграм на іх мове сказаў, што зброі і каштоўнасцей не вязеш.

— Ну, вы скажаце! Уф, і но-оч! Чуеце, як пахнуць ружы? Афрыка адчуваецца, праўда? А венгерскага я наогул ні слова. Проста ішоў, накінуўшы куртку на плечы. А мне раптам…

— Таможнікі, выходзіць, умеюць чытаць нават думкі,— пасмяяўся Юрый Сяргеевіч і запхнуў свой чамадан у багажнік вялікага аўтобуса, які прыслала арганізацыя маладзёжнага турызму ў Алжыры «Неджма». Яе прадстаўнік, цемнавокі прыгожы хлопец, стаяў у салоне ля кабіны шафёра і гаварыў у мікрафон. Ён прамовіў спачатку па-руску, а потым тое ж самае па-арабску: «Мы гаворым вам, дарагія савецкія сябры, ас-салам алейкум! Мархабан! Добрага здароўя! Калі ласка!» — І заўважыўшы, што ўсе селі на свае месцы, звярнуўся да шафёра на французскай мове, але з такім наборам гартанных гукаў, якія прыдавалі словам алжырскую афарбоўку. Сэнс быў, прыкладна, такі: нашы госці спяць проста на хаду, так што не паддайся і ты спакусе драмануць. Ды не гані, як звычайна, а то спрасонку яшчэ не заўважыш паварот і наскочыш на які