Ваўчкі [Лідзія Арабей] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Ваўчкі 950 Кб, 86с. скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Лідзія Арабей

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Зайчыкі...»

Здаецца, ён прагнаў падазрэнне, але вочы яшчэ раз глянулі на імя па бацьку падсуднага, якое было запісана ў пратаколе. Паўлавіч... Чаму ж Паўлавіч і сорак пятага года нараджэння?..

— Павел Іванавіч,— паклікала яго суддзя.— Нам пара...

— Ага, ага,— скоранька адказаў Павел Іванавіч. Ён згарнуў папку, падаў яе суддзі, устаў, пайшоў следам за суддзёй і пажылым засядацелем. За ім ішла сакратарка, ён чуў, як стукалі яе абцасікі, чуў цокат гэтых абцасікаў і нічога не мог думаць, толькі здавалася, што за каўнер яму трапіла вільготная кропля і цяпер вісіць там.

У калідоры яны прыпыніліся, каб прапусціць двух міліцыянераў і падсуднага, якога прывезлі з турмы і вялі цяпер у залу пасяджэнняў. Гэта быў малады мужчына з нагола пастрыжанаю галавою, у кароткім сінім паліто, ужо добра паношаным. Паліто расшпіленае, і пад ім відаць зялёная лыжная куртка з замком-маланкаю, рудыя штаны вісяць торбамі на каленях. Рукі ў падсуднага былі закладзены за спіну, ён ішоў і ўхмыляўся, быццам паказваючы, што яму ўсё трын-трава.

Павел Іванавіч за той час, што хадзіў у суд, нагледзеўся тут на хуліганаў, на злодзеяў, яны былі нечым падобныя адзін на аднаго — можа, тым, што ўсе былі стрыжаныя, што ўсе трымалі рукі за спіною, што іх прыводзілі на суд міліцыянеры. Але падобныя яны здаваліся на першы погляд. У залі суда, пад час пасяджэнняў, кожны трымаў сябе па-свойму. Адны шчыра каяліся, некаторыя нават плакалі, другія заставаліся зацятыя — здавалася, выпусці такога, і ён зробіць яшчэ большае зло, трэція са скуры вылузваліся, стараліся абяліць сваю асобу і зваліць віну на іншых, чацвёртыя па-рыцарску бралі віну на сябе, прызнаваліся нават у злачынствах, якіх не рабілі.

Зайчык ішоў на суд з ухмылачкаю — што значыць гэта ўхмылачка? Нахабства? Мне ўсё трын-трава, напляваць я на вас хацеў? Ці, можа, ухмылачкаю прыкрывае сорам?

Міліцыянеры павялі падсуднага ў залю, суд таксама пайшоў туды, толькі праз іншыя дзверы, якія былі ў другім канцы залі, каля самага стала, што стаяў на ўзвышэнні.

Суддзя наперадзе, засядацелі за ёю, узышлі на высокі памост, пачалі ўсаджвацца на крэслы з высокімі спінкамі. Сакратарка прыладзілася збоку, за невялічкім столікам, паклала перад сабою чыстую паперу — падрыхтавалася весці пратакол.

У залі сядзела чалавек дзесяць, справа была вельмі звычайная і цікавасці не выклікала, прыйшлі, мусіць, сваякі дзяўчыны, у якой укралі сумачку, сведкі, можа, нехта і ад падсуднага.

Падсудны сядзеў цяпер за бар’ерам, схіліўшы набок круглую стрыжаную галаву, на якой адрасталі кароткія цёмныя валаскі, і раз-пораз зыркаў на суддзю, на засядацеляў. Па яго твары часам прабягала ўхмылачка, адкрываючы рэдкія жоўтыя зубы. Паўлу Іванавічу здалося, што падсудны адчувае сябе тут, як клоун на арэне, разумее, што ўсе на яго глядзяць, і хоча пакрыўляцца, пацешыць публіку.

Занялі свае месцы пракурор і адвакат, пракурор у сінім фрэнчы з пятліцамі, адвакат — невысокая жанчына з цёмнымі завітымі валасамі.

Пакуль суддзя абвяшчала склад суда, гаварыла падсуднаму пра яго правы і абавязкі, той сядзеў, быццам усё гэта яго зусім не датычылася, а Павел Іванавіч разглядаў яго, шукаючы і баючыся знайсці прыкметы, якія пацвердзілі б яго падазрэнне.

У падсуднага быў доўгі нос, а стрыжаная галава рабіла яго яшчэ даўжэйшым, вочы цёмныя, позірк калючы, нават, можна сказаць, нахабны, — спагады гэты чалавек не выклікаў. Павел Іванавіч не знаходзіў, што хлопец чым-небудзь падобны на Таню, хоць ён ужо і забыўся, не памятае Танінага твару, памятае белы фартушок, памятае паднос з талеркаю таго чырвонага баршчу, а твар... Якія ў Тані былі вочы? Блакітныя? Не помніць цяпер...

— Падсудны, вы давяраеце складу суда? — спыталася ў таго суддзя.

Падсудны ўстаў, азірнуўся на залю, ухмыльнуўся, адказаў:

— Давяраю...

Суддзя папрасіла сведкаў выйсці з залі, заявіўшы, што яны будуць выкліканыя па адным, калі спатрэбіцца, і малады хлопец у сіняй куртцы падаўся да выхаду, за ім выйшаў і міліцыянер — малады, чарнявы, у кароткім шынялі — гэтага міліцыянера таксама выклікалі як сведку.

Дзяўчына, у якой падсудны адабраў сумачку, сядзела ў залі на лаўцы з самага краю. На ёй была ружовая вязаная шапачка, шэрае паліто з белым футравым каўняром, яна выглядала крыху спалоханая, мусіць, першы раз была ў судзе і сама адчувала сябе быццам вінаватая. Калі суддзя папрасіла яе расказаць, як усё было, яна ўстала, пачырванела, заікаючыся і збіваючыся, падпіхаючы далоняй валасы пад шапачку, пачала расказваць:

— Ну, я ішла дадому... Ішла дадому, цераз парк... Насустрач мне двое... Я нічога не падумала, ідуць, няхай ідуць, а яны падышлі, і гэты во кажа,— дзяўчына спалохана глянула на падсуднага,— і кажа,— паўтарыла яна: «Дайце, калі ласка, вашу сумачку...» А ў мяне ў сумачцы былі грошы, дваццаць пяць рублёў... Дык я прыціснула сумачку да сябе і нічога не сказала,