Натуральная афарбоўка [Альгерд Бахарэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 77


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ляжыць, недаўменна пазіраючы на шафу, пражэктар спрабуе завязаць ёй вочы. Яна не павінна ведаць, што тут адбываецца. Але яна ўжо ня зможа заснуць. Жанчына прыпадымаецца, сонныя грудзі апынаюцца акурат насупраць паветраных шарыкаў, прымацаваных да сьцяны. Яна глядзіць на электронны будзільнік, не разумеючы — ён стаіць на сем, бо сёньня жанчыне трэба быць на працы аб адзінаццатай, — дык што ж тады яе разбудзіла? Яна аглядаецца вакол, пазяхаючы так салодка, нібы цалуе некага са сваіх сноў.

— Эй, — кажа яна пяшчотна. — Муж аб'еўся груш!

Сьвятло на кухні ўключанае, гэта яна бачыць. Але на голас жанчыны ніхто не адгукаецца. Яна кліча зноў — млява, настойліва, з грудным клакатаньнем. Безвынікова.

Яна ўстае з ложку. На ёй начная кашуля, белая як саван. Жанчына глядзіць на сябе ў люстра. На двары праяўляецца сьвітанак. Яна бачыць на начной кашулі чырвоную пляму. Але ня там, дзе тканіну ледзь бачна падымае рудая выспачка, а збоку. Аніякага болю яна не адчувае. Жанчына зьдзіўлена аглядае ложак і ў рэшце рэшт знаходзіць прычыну. На прасьціне побач з тым мейсцам, дзе жанчына спала, ляжыць вялізны кавалак мяса, хутчэй за ўсё, ялавічыны, а можа, сьвініны. Мяса сьвежае, добрае, з крывёй. Жанчына бярэ мяса ў рукі. На прасьціне застаецца барвовая лужына, зь яе ў бакі тырчаць цікаўныя цёмна-брунатыя вусікі. Ложак увесь набрыняў крывёй.

Пазяхаючы, жанчына йдзе на кухню. Там нікога няма, з адчыненай форткі сьмярдзіць вясной. Жанчына адчыняе маразільнік і, аглядзеўшы зьмесьціва, запіхвае мяса. Там яму якраз знаходзіцца месца між важкай курай і шматом сала. Жанчына зачыняе лядоўню й доўга мые рукі пад кранам.

Потым яна гатуе адразу сьняданак, абед і вячэру. Сядзіць на душы ў лазьніцы, паўгадзіны прычэсваецца, апранаецца, фарбуецца й выходзіць з дому. Доўга чакае аўтобуса, на прыпынку натоўп, яна ўвязваецца ў размову зь нейкай цёткай з жоўтым тварам. Аўтобусу ўсё няма. Прыпынак і людзі на ім нагадваюць хлопчыку, які сядзіць за сьпінай бацькі ў недарагой машыне, кадр з прыгодніцкага фільму: крыга на бурнай рацэ, і на крызе спрабуе ўратавацца адважная экспэдыцыя. Нарэшце аўтобус прыязджае. Кіроўца зь нянавісьцю сочыць за панічнымі рухамі пасажыраў. Жанчына ўваходзіць і становіцца ля вакна. На ўзроўні яе шыі схілілася над спартовай газэтай галава Мурла. У канцы салёну сядзіць, як на троне, Кірыла Антоныч. Ля самых сярэдніх дзьвярэй прыціснуты да поручню непахмелены Бурцэвіч. Танюха заўважыла жанчыну й хаваецца за сьпіну свайго новага кавалера, каб яе не пазналі. Кіроўца лаецца ў мікрафон, а можа, абвяшчае назву наступнага прыпынку. Дзьверы аўтобусу зачыняюцца, нібыта складная шахматная дошка, у якой звычайна захоўваюць фігуры. І цалкам верагодна, што якая-небудзь зь пешак, а можа быць, нават ферзь, выпала пры гэтым і закацілася, напрыклад, пад ложак. Ёй знойдуць замену ўтрапёныя гульцы, а яна так і будзе ляжаць ля пыльнага плінтусу ў цемры, па-філязофску назіраючы мітусню прусакоў,— не патрэбная, на сваё шчасьце, ужо анікому.

2002




Альгерд Бахарэвіч — беларускі пісьменьнік.

Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Аўтар некалькі кніг прозы, у тым ліку раманаў «Сарока на шыбеніцы», «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня», «Дзеці Аліндаркі», «Белая муха, забойца мужчын», а таксама зборнікаў эсэ («Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча», «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Ніякай літасьці Альгерду Б.», «Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры») і інш. Апошняя апублікаваная кніга — 900-старонкавы раман «Сабакі Эўропы», які выйшаў напрыканцы 2017 году ў выдавецтве «Логвінаў».

Эсэ і апавяданьні Альгерда Бахарэвіча перакладаліся на 10 моваў. Раман «Сарока на шыбеніцы» выйшаў у 2010 годзе ў нямецкім перакладзе, «Малая мэдычная энцыкляпэдыя» — у польскім (2017), «Белая муха, забойца мужчын» — у расейскім (2017). Зборнік апавяданьняў «Талент заіканьня» выйшаў па-польску ў 2008 годзе. Раман «Дзеці Аліндаркі» рыхтуецца да выданьня на францускай мове ў парыскім выдавецтве «Le ver de soie». Пераклад рамана «Сабакі Эўропы» на расейскую мову выйдзе ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Время».

Паводле рамана «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» на камэрнай сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пастаўлены спэктакль.

Двойчы атрымліваў прэмію «Кніга году» (2014, 2018). Ляўрэат прэмій «Гліняны Вялес», «Залатая літара». Чатыры разы быў ляўрэатам другой прэміі Ежы Гедройця (2012, 2013, 2016, 2018) і аднойчы — трэцяй прэміі (2014, за раман «Дзеці Аліндаркі»).

Вёў аўтарскія праекты на Радыё Свабода, сайтах budzma.by, 34mag.net, у чэскім часопісе Host, на сайце «Міністэрства контркультуры». З 2017 году калюмніст часопіса «Большой». Вёў курс «Майстэрства прозы» у Беларускім калегіюме. Выступае з публічнымі лекцыямі. У 2017–2018 у Менску працаваў Літаратурны клюб Альгерда Бахарэвіча.

Стыпэндыят нямецкага ПЭН-цэнтра (Гамбург), фонда Гайнрыха Бёля (Нямеччына,