Урок арыфметыкі [Вячаслаў Адамчык] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

патаемнаю асцярогаю ўглядаўся ў Чаславу Карлаўну. А яна стаяла ля дошкі, зрэдку адкідваючы з грудзей на шыю нячутна лёгкі шалік, спрытная, свабодная ў паставе. I мне думалася пра нязнаны празрысты свет, пра вялікі горад, куды я паеду, як вырасту, у той горад, дзе ўсе прыгожыя людзі, дзе ўсе хораша адзяюцца, смачна ядуць — булку з маслам, як Кіра Фахрушава, што прыехала ў нашую школу недзе з Масквы. Вярнуся сюды хораша адзеты і нават з залатым зубам, як дырэктар школы, і мне падасць руку Часлава Карлаўна, як падае яна дырэктару школы, і загадкава засмяецца, як смяецца з ім, злёгку закідваючы назад галаву.

— Слухай, што я тлумачу, — сказала аднойчы Часлава Карлаўна, — і глядзі на дошку.

Я адчуў, як у мяне загарэліся шчокі. Мне здалося, што пра мае думкі ведае Часлава Карлаўна і ўсе вучні.

Зазваніў званок. Гэта званіў наш маўклівы вартаўнік, што заўсёды хадзіў, адкапыліўшы ніжнюю цяжкую губу, і знянацку біў нас памялом. Мы ўцякалі і толькі тады нарэшце прыгадвалі, што гэта за ўчарашняе выбітае акно.

Часлава Карлаўна ўзяла пад паху журнал і пайшла з класа: яе цяжкія завушніцы павольна калыхаліся. За ёю наперабой пацягнуліся дзеці.

На вялікім перапынку мы бегалі на таўкучку: яна была праз дзве вуліцы ад нашае школы. Там смачна пахлі смажаныя семечкі, якія прадавалі па дзве шклянкі на рубель, і нехта вялікі ў дзіравым паліто, з якога лезлі касмылі бруднае ваты, іграў у тры тузы. Каля яго заўсёды стаялі людзі і цэлаю плоймаю таўкліся мы. Тут, на таўкучцы, можна было даведацца і пра свой «лёс». Кожны чалавечы «лёс» быў у папяровым канверціку. Канверцікі ляжалі ў фанернай скрыначцы, якую трымала на каленях жанчына з цвёрдым абветраным тварам і без аднае рукі. Пад фуфайкай у жанчыны ціха драмала, мякка закрываючы вочы, марская свінка.

— Хто хоча ведаць свой лёс — адзін рубель, адзін рубель, — нямоцна крычала абветраная жанчына і гладзіла рукою рахманага звярка.

Кабеты з пустымі кашамі, што трымалі на руках, з бітонамі, што віселі ўжо без накрывак за плячыма, падыходзілі да абветранае жанчыны і клалі ў адстаўлены кішэнь фуфайкі памяты рубель.

Жанчына з абветраным тварам даставала з-пад фуфайкі марскую свінку і тыцкала яе вусатаю пыскаю ў белыя канверцікі. Свінка доўга прынюхвалася, доўга шукала чалавечы «лёс» і нарэшце цягнула яго. Кабета брала канверцік, адыходзілася, разгортвала і, шавелячы губамі, чытала. Да яе падбягалі другія і заглядвалі ў паперку.

Мне таксама хацелася ведаць пра свой лёс. Назаўтра я папрасіў у мамы рубель — на сшыткі — і пасля ўрокаў пайшоў на таўкучку.

Абветраная кабета трымала на каленах фанерную скрыначку, але ў ёй, здаецца, яшчэ болей ляжала чалавечых «лёсаў». «Які тут мой?» — падумаў я і кінуў жанчыне ў пусты кішэнь свой мокры ад поту, — бо нёс, заціснуўшы ў руцэ, аж да школы, — рубель.

Свінка не прынюхваючыся выцягнула самую першую і блізкую ад яе паперку. Нікуды не адыходзячыся, я разгарнуў паперку, і перад маімі вачыма нейкай незразумелай радасцю замільгалі дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…»

I з памяці выплыў прыгожы твар Чаславы Карлаўны — я аж заплюшчыў вочы; твар хіснуўся, як у люстры вады, і згінуў. Нехта трымаў мяне за плячо. Я адкрыў вочы: перада мною стаяла Часлава Карлаўна; нехта ў вайсковай форме, немалады, хмуры, чырвоны ў твары, трымаў яе пад руку. У яго каля грудзей калыхаліся завушніцы Чаславы Карлаўны.

— Што ты тут робіш? Аддай мне гэтую паперку! — Часлава Карлаўна нахмурылася і прытупнула нагою. — І болей ніколі не хадзі сюды.

Я аддаў паперку, так і не дачытаўшы яе да канца.

Часлава Карлаўна згарнула паперку, зажмурылася і разарвала. Я пайшоў, думаючы, што там напісана болей. Услед за мною вецер нёс маленькія кавалачкі — яны круціліся і падалі людзям пад ногі. Я ўспомніў дзіўныя словы: «I спраўдзіцца воля твая, і прыйдзе шчасце тваё…» — і перад вачыма зноў стаяў прыгожы твар Чаславы Карлаўны, яе цяжкія завушніцы і хмуры муж.

Я ішоў у культмаг слухаць сіні патэфон, як ён спяваў пра цёмную ноч, пра свіст куль у гэтай ночы. Я любіў стаяць каля прылаўка і салодка сумаваць, уяўляючы недзе аднаго сябе ў гэтай страшэнна цёмнай ночы, а потым глядзець на доўгую чаргу, што хісталася, густа збіўшыся каля орсаўскага магазіна, — за хлебам. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей: пачыналіся таўканіна і крык каля дзвярэй. Я ішоў на чыгуначную станцыю: там спыняліся таварнякі, на платформах стаялі ўкрытыя брызентам «кацюшы», у доўгіх саставах везлі палонных немцаў, прыходзіў пасажырскі цягнік: у вокны глядзелі незнаёмыя людзі, да тамбураў беглі местачковыя кабеты, несучы ў талерках вараную бульбу. На перон выходзілі пасажыры, чыталі на будынку вакзала назву станцыі і куплялі цёплую бульбу. Я глядзеў на цягнікі: яны ішлі ў далёкі свет, ля перона яшчэ доўга ўздрыгвалі і ляскалі рэпкі. Я вяртаўся дадому, думаючы пра белыя гарады, куды некалі паеду і я. Над дарогаю калыхаўся, мроіўся ранні