Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне [Эдвард Д Хох] (fb2) читать постранично, страница - 8


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Л'Эспанэ і дзе ўсё яшчэ ляжалі абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робіцца, захоўвалася ў непарушнасці. Нічога новага ў параўнанні з тым, што пісала «Судовая газета», я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважліва агледзеў кожную дробязь, не абмінуў і трупаў. Потым мы зайшлі ў іншыя пакоі і спусціліся ў двор, — увесь гэты час нас суправаджаў паліцэйскі. Агляд працягваўся да самай цемры, толькі з яе надыходам мы нарэшце развіталіся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвіліну ў рэдакцыю адной ранішняй газеты.

Я ўжо гаварыў, што дзівацтвы майго сябра былі самыя нечаканыя, але Je les menegeais[14]: у ангельскай мове няма адпаведнага эквіваленту.

У той вечар у яго не было настрою весці гаворку пра забойства, і завёў ён яе толькі апоўдні наступнага дня. Менавіта тады ён спытаў мяне, ці заўважыў я што-небудзь асаблівае ў той сцэне жорсткасці. Ён вымавіў слова «асаблівае» з такім націскам і такім дзіўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.

— Не, нічога асаблівага, — адказаў я, — ва ўсялякім разе, у параўнанні з тым, што паведамлялася ў газеце.

— Баюся, што «Гэзэт», — запярэчыў Дзюпэн, — не спасцігла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкія разважанні прэсы. Здаецца, што загадку лічаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставіцца да яе, як да вельмі зразумелай — я маю на ўвазе outre[15] характар яе асаблівасцей.

Паліцыю, відаць, збіла з толку адсутнасць матывацыі не столькі забойства, колькі жорсткасці, з якой яно было здзейснена. Іх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкі чулі, як нехта сварыўся, але наверсе нікога, акрамя забітай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлі. Выйсці ж адтуль, каб не заўважылі людзі, што падымаліся па лесвіцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоі, заціснуты ў комін уніз галавой труп, жахліва знявечанае цела старой — гэтых абставін, а таксама тых, пра якія я толькі што гаварыў, і іншых, што не варта ўспамінаць, было дастаткова, каб спаралізаваць высілкі ўлад, якія, нягледзячы на сваю праніклівасць, якой яны так ганарацца, апынуліся ў тупіку. Яны сталі ахвярамі грубай, але вельмі распаўсюджанай памылкі, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавіта дзякуючы адхіленню ад звычайнага і адкрываецца прастор, калі гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках ісціны. У вышуках, накшталт гэтых, якімі мы цяпер займаемся, трэба ставіць не столькі пытанне «Што здарылася?», колькі «Што здарылася такое, чаго ніколі раней не здаралася?». І на самай справе існуе непасрэдная суадноснасць паміж лёгкасцю, з якой я прыйду ці ўжо прыйшоў да разгадкі гэтай таямніцы, і яе невырашальнасцю, якая існуе на думку паліцэйскіх.

Я глядзеў на Дзюпэна ў немым здзіўленні.

— Цяпер я чакаю, — працягваў той, пазіраючы на дзверы, — чалавека, які, відаць, не быў непасрэдным выканаўцам тых жорсткіх забойстваў, але ў нейкай ступені меў дачыненне да іх здзяйснення. Што датычыцца самай жудаснай часткі злачынства, дык тут ён, відаць, не вінаваты. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваім меркаванні, бо на ім будуецца раскрыццё ўсёй таямніцы. Я чакаю, што гэты чалавек прыйдзе сюды, у гэты пакой, з хвіліны на хвіліну. Праўда, ён можа і не з'явіцца, але больш верагодна, што ён усё-такі будзе тут. Калі ж ён прыйдзе, неабходна яго затрымаць. Вось пісталеты; мы абодва здолеем выкарыстаць іх належным чынам, калі ўзнікне патрэба.

Я ўзяў пісталеты, амаль не разумеючы, што раблю, не верачы пачутаму, а Дзюпэн працягваў свой маналог. Я ўжо гаварыў, што ў такія моманты яго паводзіны набывалі абстрактны характар. У сваіх разважаннях ён, здавалася, звяртаўся да мяне. Гаварыў ён ціха, але нешта ў яго інтанацыі гучала так, нібыта ён звяртаўся да кагосьці на вялікай адлегласці, не адводзячы ад сцяны пазбаўленых усялякага выразу вачэй.

— Тое, што галасы, якія пачулі людзі, што беглі па лесвіцы, не належалі нябожчыцам — дастаткова абгрунтавана доказамі. У выніку зніклі ўсялякія сумненні наконт таго, што старая кабета магла спачатку забіць дачку, а потым кончыць самагубствам. Я гавару пра гэта таму, каб растлумачыць ход сваіх меркаванняў, бо фізічнае сілы мадам Л'Эспанэ было зусім недастаткова, каб запіхнуць труп дачкі ў комін, дзе яго знайшлі, ды і выгляд яе цела выключае ўсялякую думку аб самазабойстве. Забойства, такім чынам, было здзейснена нейкім трэцім бокам, менавіта яму і належалі галасы людзей, што сварыліся паміж сабой. Давай звернемся цяпер не ўвогуле да сведчання пра тыя галасы, а да таго, што было «асаблівае» ў тых сведчаннях. Ты заўважыў у іх што-небудзь «асаблівае»?

Я заўважыў, што калі ўсе сведкі пагаджаліся ў сваіх меркаваннях наконт таго, што хрыплы голас належаў французу, то думкі наконт пранізлівага, альбо, як адзін сведка сказаў, рэзкага голасу значна разыходзіліся.

— Гэта было само сведчанне, — запярэчыў Дзюпэн, — але яго асаблівасць у іншым. Ты не заўважыў самае