Навелы [Гі дэ Мапасан] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

гаспадарамі. Часам гэта быў прыстойна выхаваны чалавек, і ён з ветлівасці шкадаваў Францыю, казаў, што яму моташна ўдзельнічаць у гэтай вайне. Яму былі ўдзячныя за такія пачуцці; дый у любы момант магло спатрэбіцца яго заступніцтва. Дагаджаючы яму, можа, удасца зменшыць пастой на некалькі чалавек. Дый навошта крыўдзіць таго, ад каго цалкам залежыш? Гэта была б ужо нават не адвага, а безразважнасць. — А руанцы цяпер і не блюзнераць безразважнасцю, як у часы гераічнага змагання, якою яны праславіліся, абараняючы свой горад. — І, нарэшце, кожны даваў неабвержаны доказ, падказаны французскай абыходлівасцю: у сябе дома цалкам дапушчальна быць ветлівым з іншаземным салдатам, абы толькі на людзях не выяўляць свайго панібрацтва з ім. На вуліцы яго пераставалі пазнаваць, але затое дома з ім ахвотна вялі размовы, і з кожным вечарам немец усё даўжэй грэўся каля сямейнага агнішча.

Дый сам горад спакваля набываў звычайны выгляд. Французы яшчэ не рызыкавалі выходзіць з дому, затое прускія салдаты кішма кішэлі на вуліцах. Зрэшты, афіцэры блакітных гусараў, якія з выклікам цягалі па бруку свае доўгія прылады смерці, бадай, пагарджалі простымі гараджанамі не нашмат болей, чым афіцэры французскіх егераў, што пілі ў тых самых кавярнях год таму назад.

І ўсё-такі ў горадзе адчувалася нешта няўлоўнае і непрывычнае, панавала нейкая чужая, задушлівая атмасфера, цяжкі нязносны пах — пах нашэсця. Ён стаяў у жыллі і ў грамадскіх мясцінах, надаваў своеасаблівы прысмак ежы, выклікаў такое ўражанне, быццам падарожнічаеш па нейкай вельмі адлеглай краіне, сярод дзікіх і небяспечных плямёнаў.

Пераможцы вымагалі грошай, процьму грошай. Жыхары плацілі і плацілі; зрэшты, яны былі багатыя. Але чым нармандскі гандляр заможнейшы, тым ён мацней пакутуе ад сама маленькай страты, ад пераходу найдробязнай крыхі свайго багацця ў чужыя рукі.

Між тым за дзве-тры мілі ад горада ўніз па цячэнні, паблізу Круасэ, Дзьепдаля ці Б'есара, воднікі і рыбакі неаднойчы выцягвалі з рачных глыбіняў разбухлыя трупы нямецкіх салдатаў, зарэзаных ці забітых ударам башмака, з раструшчанай каменем галавой ці проста сапхнутых у ваду з моста. Рачны глей хаваў гэтыя ахвяры таемнай помсты, жорсткай і справядлівай, гэтыя подзвігі невядомых герояў, маўклівыя начныя напады, куды небяспечнейшыя, чым бітвы сярод белага дня, і без рэха славы.

Нянавісць да Чужынца адвеку ўзбройвае жменьку Бясстрашных, гатовых памерці за Ідэю.

Але хоць заваёўнікі і падначалілі горад сваёй жалезнай дысцыпліне, усё ж не ўчынілі ніводнай з тых жахлівых жорсткасцей, якія, калі верыць чуткам, суправаджалі іхняе пераможнае шэсце, людзі ўрэшце асмялелі, і цяга да гандлёвых спраў зноў ажыла ў сэрцах мясцовых камерсантаў. Сёй-той з іх быў звязаны вялікімі грашовымі інтарэсамі з Гаўрам, які знаходзіўся ў руках французскай арміі, і яны надумаліся ехаць сушай да Дзьепа, там сесці на параход і гэтак дабрацца да жаданага порта.

У ход пайшоў уплыў знаёмых нямецкіх афіцэраў, і камендант горада даў дазвол на выезд.

І вось, наняўшы на гэтае падарожжа вялікі дыліжанс, у які было запрэжана чацвёра коней, дзесяць пасажыраў пасля адзнакі ў фурмана дамовіліся выехаць у аўторак раніцай, да світання, каб пазбегнуць зборышча цікаўных.

Яшчэ за некалькі дзён да гэтага мароз моцна скаваў зямлю, а ў панядзелак, гадзіне а трэцяй дня, з поўначы насунуліся вялікія цёмныя хмары і пайшоў снег, які не сунімаўся ўвесь вечар і ўсю ноч.

А палове пятай ранку падарожнікі сабраліся ў двары «Нармандскага гатэля», дзе яны меліся сесці ў карэту.

Яны яшчэ не зусім прачнуліся і, дрыжучы ад холаду, зябка хуталіся ў свае пледы і шалі. У цемры яны ледзьве бачылі адзін аднаго, а цяжкая зімняя вопратка рабіла ўсіх падобнымі на растаўсцелых кюрэ ў доўгіх сутанах. Але вось двое пасажыраў пазналі адзін аднаго, да іх падышоў трэці, і яны разгаварыліся.

— Я еду з жонкаю, — сказаў адзін.

— Я таксама.

— І я.

Першы дадаў:

— Мы ўжо не вернемся ў Руан, а калі прусакі падыдуць да Гаўра, выедзем у Англію.

Ва ўсіх меліся аднолькавыя намеры, бо гэта былі людзі аднаго асяродку.

А карэты між тым усё не запрагалі. Невялікі конюхаў ліхтар раз-пораз з'яўляўся ў адных цёмных дзвярах і адразу ж знікаў у другіх. З глыбіні стайні далятаў прыглушаны саламяным падсцілам стук капытоў і мужчынскі голас, які панукваў і лаяў коней. Па лёгкім пазвоньванні шамкоў можна было здагадацца, што прыладжваюць збрую; пазвоньванне перайшло неўзабаве ў выразны, працяжны звон, суладны мерным рухам каня; часам ён заміраў, потым рэзва ўзнаўляўся адначасна з глухім стукам падкоў.

Раптоўна дзверы зачыніліся. Усё сціхла. Азяблыя падарожнікі замоўклі; яны нават не варушыліся, скаваныя холадам.

Мігатлівая пялёнка белых камякоў усё слалася і слалася долу; яна сцірала абрысы, апушыла прадметы золкім мохам; у бязмежным бязмоўі аціхлага, пахаванага пад зімнім покрывам горада чуўся толькі няўлоўны, невыразны, невымоўны шолах снегу, лёгкае шапаценне белых пушынак, якія,