О ты, Эфір, пасланы богам; вы,
О хуткакрылыя вятры ды рэкі,
Ды хваляў смех нязлічаных марскіх,
Ды маці існага — Зямля, ды сонца кола
Відушчае, я ў сведкі клічу вас:
Зірніце, ад багоў што церпіць бог!
Паглядзіце, у якіх
Мушу я пакутах праводзіць жыццё
Безліч доўгіх гадоў!
Ганебныя мне начапіў кайданы
Новы цар шанаваных, слынных багоў.
Бяда! I я плачу аб гэтай бядзе
І аб будучых бедах — ды дзе, дзе ж мяжа
Пакут маіх гэтых бясконцых?
Ды што я тут кажу? Бо я ж і сам
Прадбачыў будучыню гэтую, й няма
Нічога нечаканага тут, зрэшты.
Я мушу лёгка гэта ўсё стрываць,
Бо неабходнасці не пераможаш.
Ды цяжка і маўчаць, і гаварыць
Пра долю пра сваю. Бо я ж, няшчасны,
Пакутую за тое, што смяротным
Зрабіў дабро, агонь украў ім боскі,
Схаваўшы ў чарацінцы, і людзям
Павадыром зрабіўся ён. Ва ўсіх
Мастацтвах — дапамогай неацэннай...
За гэтае злачынства кара мне,
I вось — вішу я ў кайданах пад небам...
О!.. О!.. О!
О што за гукі! Што за водар гэта
Дзівосны? Ці то бог, ці то герой,
Ці то смяротны да скалы далёкай
Прыйшоў, каб сведкам быць пакут маіх?
Вы на прыкутага зірніце бога,
На якога нянавісць Зевес скіраваў —
З усімі багамі, што ў доме яго —
За такую маю любоў да людзей.
Ах, што там за шум недзе зблізку чуцён
Ад тых птушак імклівых! Эфір загудзеў
Пад ударамі крыл, што лунаюць. Мяне
Палохае ўсё, што дзеецца тут...
Последние комментарии
9 часов 11 минут назад
17 часов 11 минут назад
1 день 7 часов назад
1 день 11 часов назад
1 день 12 часов назад
1 день 12 часов назад