Браты Львiнае Сэрца [Астрыд Ліндгрэн] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ўсе словы песнi, але вось некалькi радкоў з яе:

— Калi адыду я навекi ў мора,

То, ведай, настане дзень,

Пастукае галубок белакрылы,

Ведай, вярнуўся мой цень,

Прыляцеў стамлёны i сумны...

Мне гэта песня здаецца прыгожай i сумнай, але Джанатан, пачуўшы яе, засмяяўся i сказаў:

— Ведаеш, Сухарык, калi-небудзь ты прыляцiш да мяне. З Наджыялы. Дык, калi ласка, не забудзься сесцi тут, на падаконнiк, як беласнежны галубок, добра?

Я пачаў кашляць, ён прыўзняў мяне, паклаў маю галаву сабе на каленi i пачаў напяваць:

— Мой маленькi Сухарык, я ведаю, дарагi,

Што твая душа — тут, яна хоча

Адпачыць на маiх руках...

З таго часу я пачаў думаць — як я буду ў Наджыяле адзiн, без Джанатана? Навошта мне будуць усе легенды i казкi, калi побач не будзе яго.

— Я не хачу адыходзiць туды, — сказаў я i заплакаў. — Я хачу быць з табой, Джанатан.

— I я неўзабаве прыйду ў Наджыялу, разумееш? Толькi крыху пазней, — сказаў Джанатан.

— Ага, крыху пазней. А калi ты пражывеш да дзевяноста гадоў, тады як? I я ўвесь гэты час буду адзiн?

Але брат на гэта адказаў, што ў Наджыяле няма часу, што калi нават ён i пражыве да дзевяноста гадоў, то для мяне гэты час здасца лiтаральна нiбы два днi. Так бывае заўсёды, казаў ён, калi няма сапраўднага часу.

— Ну ўжо два днi ты i адзiн як-небудзь пабудзеш? Пакуль палазiш па дрэвах, пасядзiш каля сапраўднага вогнiшча ў лесе, паловiш рыбу ў рэчцы, карацей, пакуль будзеш рабiць усё тое, што так хацеў бы рабiць тут, на зямлi... I вось аднаго разу, калi ты будзеш сядзець з вудай, з'яўлюся я, i ты здзiвiшся: "Ого, Джанатан, ты ўжо тут?"

Я перастаў раўсцi, бо адчуў, што сапраўды як-небудзь змагу пражыць два днi адзiн.

— Хоць, ведаеш, было б усё-такi лепш, каб ты трапiў туды першы, каб гэта быў менавiта ты, хто сядзеў бы там i лавiў рыбу.

Джанатан пагадзiўся, доўга-доўга глядзеў на мяне ласкава, як звычайна, але я заўважыў, што ён сумны.

— Шкада, — сказаў ён жаласна, — што я павiнен буду жыць на зямлi без майго Сухарыка. I, можа быць, нават дзевяноста год!

2

Цяпер я падыходжу да цяжкай задачы... Гэта тое, ад чаго галава мая заўсёды балiць, калi думаеш пра гэта... але я не магу не думаць пра гэта...

Джанатан... Магло ж быць так, што ён увесь час са мной... вечарамi... Ён ходзiць у школу... Гуляе з дзецьмi ў двары... Грэе мне ваду з мёдам... Але ўсё гэта не так... Не так...

Джанатан у Наджыяле!!!

Я не магу... Мне цяжка расказваць, як гэта было... Але вось як пра гэта пiсала газета:

"Мiнулай ноччу вялiзны пажар ахапiў будынак на Факелрозэн Блок. Ён згарэў ушчэнт. Ёсць ахвяры. Дзесяцiгадовы хлопчык Карл Леў, прыкаваны хваробай да ложка, быў дома адзiн, калi разбушаваўся пажар. Неўзабаве пасля гэтага яго брат, трынаццацiгадовы Джанатан Леў, вярнуўся дадому, i перш чым хто-небудзь змог спынiць яго, кiнуўся ў палаючы будынак, каб выратаваць свайго брата. За некалькi секунд уся лесвiца была ахоплена морам полымя, i хлопчыкам нiчога iншага не заставалася рабiць, як выскачыць з акна. Напалоханы натоўп быў сведкам таго, як старэйшы з братоў узяў сабе на спiну малодшага i скочыў унiз. Але скачок быў няўдалы, хлопчык разбiўся i неўзабаве памёр. Малодшы брат, якi сядзеў на спiне старэйшага, не пацярпеў зусiм. Мацi хлопчыкаў была ў гэты час на вiзiце — яна краўчыха — i, вярнуўшыся дадому, знепрытомнела. Як пачаўся пажар, невядома".

На другой старонцы газеты пра Джанатана было крыху больш, пра яго напiсала яго школьная настаўнiца. Вось што там было:

"Дарагi Джанатан, тваiм iмем павiнна было быць Джанатан Львiнае Сэрца. Памятаеш, калi мы чыталi гiсторыю пра смелага караля Рычарда Львiнае Сэрца, ты сказаў: "Я мару пра тое, каб быць такiм жа смелым, як ён. Але я нiколi не змагу стаць такiм". Дарагi Джанатан, нават калi пра цябе не напiшуць у падручнiку гiсторыi, ведай, ты быў такiм смелым у крытычны момант, як i iншыя героi. Твая старая настаўнiца нiколi не забудзе цябе. Твае сябры таксама будуць помнiць цябе вельмi доўга. Наш клас будзе пусты без цябе, дарагi наш Джанатан. Але неба любiць тых, хто памiрае маладым. Спачывай у мiры, Джанатан Львiнае Сэрца.

Грэта Андарсан".

Яна дзiўная, гэта настаўнiца, але любiла Джанатана, як любiлi яго многiя, i добра, што менавiта яна так напiсала пра Львiнае Сэрца. Сапраўды добра.

Бадай, ва ўсiм горадзе не было чалавека, якi не насiў бы жалобы з прычыны смерцi Джанатана i хто не думаў, што няхай бы лепш загiнуў я. Прынамсi, я чуў гэта ад жанчын, якiя прыходзiлi да нас са сваiмi заказамi. Яны глядзелi на мяне, уздыхалi, праходзiлi праз кухню i гаварылi маме: "Бедная мiсiс Леў! Бедны Джанатан! Гэта быў выключны хлопчык!"

Цяпер мы жывем у будынку, якi стаiць непадалёк ад таго, дзе мы жылi раней. Ён амаль такi ж, як наш стары, праўда, цяпер мы жывем на першым паверсе. Царкоўны прыход даў нам старую мэблю, жанчыны дапамаглi нам тым-сiм з рэчаў. Я ляжу на сафе амаль такой самай, што была ў нас да пажару. Усё амаль тое ж, як было некалi. Але ўсё, выключна ўсё, не такое, як было тады. З намi няма больш Джанатана. Цяпер нiхто са мной увечары не сядзiць i нiчога не расказвае.