Прысуд [Франц Кафка] (fb2) читать постранично, страница - 87


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ўсё збольшага было ў парадку; можа, нават парадку таго было замнога; занадта шмат увагі аддавалася шыльдам, перакладчыкам, жыллёвым умовам будаўнікоў, пад'язным дарогам, быццам бы наперадзе былі яшчэ стагоддзі, калі будзе можна, ні пра што не думаючы, працаваць. Часамі пачынала панаваць нават думка, што вежу нельга будаваць вельмі марудна; не варта было перабольшваць аўтарытэту гэтае думкі; сей-той палохаўся ўвогуле самой ідэі класці падмуркі. Тлумачылі гэта так: сутнасць усяе задумы — гэта каб пабудаваць вежу да самага неба. Побач з гэтаю думкаю ніводная іншая не магла мець істотнага значэння. Гэтая ідэя, што колісь узнікла ўва ўсёй сваёй велічы, знікнуць ужо не можа; пакуль жыве на свеце чалавек, будзе існаваць імкненне і жаданне дабудаваць вежу да канца. З гэтага пункту гледжання не павінна быць аніякіх турбот; адносна будучыні — наадварот, чалавецтва набывае новыя веды, дойлідства мае вялікія поспехі і будзе прагрэсіраваць і надалей, работа, на якую цяпер патрабуецца год, праз сто гадоў будзе, магчыма, рабіцца за паўгода, прытым — лепш і больш надзейна. Таму — навошта сёння выпінацца з жылаў? У гэтым сэнсе быў бы сэнс, калі б можна было спадзявацца збудаваць вежу пры жыцці аднаго пакалення. Але разлічваць на гэта нельга было ні ў якім разе. Хутчэй можна было думаць, што наступнае пакаленне, маючы больш дасканалыя веды, палічыць працу мінулага пакалення за дрэнную і пабурыць збудаванае, каб распачаць усё нанова. Ад гэткіх думак сіл не большала, і пра будаўніцтва вежы думалася менш, чым пра будаўніцтва горада для рабочых. Кожнае зямляцтва жадала атрымаць лепшыя кватэры, праз гэта ўсчыналіся спрэчкі, якія выліваліся ў жорсткія бойкі.

Гэтыя бойкі ішлі бесперастанку; у правадыроў была яшчэ адна падстава казаць, што таксама з прычыны недастатковай канцэнтрацыі рабочай сілы вежу прыйдзецца рабіць вельмі марудна альбо ўвогуле — толькі пасля ўсеагульнага замірэння. Але час праходзіў не ў адных бойках, былі і пярэрвы, калі горад упрыгожвалі; з-за гэтага, аднак, вырастала новая зайздрасць, пачыналіся новыя бойкі. Гэтак мінуў час першага пакалення, але і пры іншых пакаленнях нічога не змянілася, толькі майстэрства дойлідаў павялічвалася, а разам з ім павялічвалася ваяўнічасць. Дайшло да таго, што ўжо другое ці трэцяе пакаленне ўсвядоміла, што будаўніцтва вежы да неба не мае ніякага сэнсу, але ўсе былі занадта моцна павязаныя паміж сабой, каб пакінуць гэты горад.

Усе песні і паданні, што нарадзіліся ў гэтым горадзе, перапоўненыя тугой па тым напраракаваным дні, калі агромністы кулак разаб'е горад ушчэнт пяццю магутнымі ўдарамі. Менавіта таму на гарадскім гербе мы бачым кулак.

1920

АБ ПРЫПАВЕСЦЯХ


Шмат хто скардзіцца, што словы мудрацоў — гэта адно толькі прыпавесці; ды ім немагчыма знайсці ўжытак у штодзённым жыцці; а толькі ж яно нам і дадзенае. Калі мудрэц кажа: «Ідзі на другі бок»,— дык ён зусім не мае на ўвазе тое, што трэба ісці на другі бок, на што можна, як бы там ні было, адважыцца, калі таго вартая мэта руху; але ж ён мае на ўвазе нейкі легендарны «другі бок», якога мы не ведаем і які ён і сам дакладней апісаць не можа; і гэта нам тут нізвання не можа дапамагчы. Усе гэтыя прыпавесці, уласна кажучы, хочуць сцвердзіць, што немагчыма спасцігнуць неспасцігальнае,— але ж пра гэта мы ведалі і так. А тое, чым мы займаемся штодня,— зусім іншая рэч.

Нехта прамовіў: «Чаму вы сябе абараняеце? Калі б вы падпарадкаваліся прыпавесцям, вы б самі зрабіліся прыпавесцю, а гэта б вызваліла вас ад штодзённай пакуты».

Іншы сказаў: «Б'юся аб заклад што і гэта — таксама прыпавесць».

Першы сказаў: «Ты выйграў».

Другі сказаў: «На жаль, аднак, толькі ў прыпавесці».

Першы сказаў: «Не, у сапраўднасці. У прыпавесці ты прайграў».

1920(?)

1

Cirquito aereo (італ.) — авіяцыйная пляцоўка.

(обратно)