Маленькі дзікун [Капітан Марыет] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чалавека, але нават мае пачуцьці былі блізкімі да нянавісьці. Добрага, ласкавага слова я ня чуў. Яго пачуцьці былі да мяне яўна нядображаданыя і трымаў ён мяне толькі таму, што я пазбаўляў яго ад многіх клапот і працы, а мо‘ і таму, што трэ‘ было мець каля сябе жывую істоту. Такім чынам, нашы пачуцьці, як аднаго, так і другога, былі узаемаварожыя. Ня ведаю, колькі мне было год, калі памерла мая маці, але ў мяне было маленькае прадстаўленьне аб некім, хто клапаціўся і быў ласкавы са мною. Гэтыя ўспаміны рабіліся неяк выразьнейшымі ў маіх снох. Я часта бачыў чалавека, які, нахіліўшыся нада мною, вёў мяне за руку; гэта была жанчына.

Калі я пачынаў адчуваць, што прачынаюся, дык заплюшчваў вочы і наважваў яшчэ заснуць. Я тады не разумеў, што гэтыя сны зьяўляліся ад цьмяных уражаньняў дзяцінства.

Але вось у маім жыцьці адбылася вялікая зьмена. Аднойчы, калі мы налавілі птушак і зрабілі гадавы запас, я пачаў рабіць сабе новае адзеньне. Я сшываў птушыныя шкуркі, рабіў мяшок з дзіркамі для галавы і рук. І вось неяк выпадкова глянуў я на акіян і ўбачыў на вадзе нешта вялікае і белае.

— Гляньце, гаспадар,—сказаў я і паказаў на гэты незнаёмы прадмет.

— Карабель, карабель!—закрычаў ён.

Я ўспомніў, як ён казаў мне, што яны прыехалі на караблі. Углядаючыся, я заўважыў, што гэты белы прадмет накіраваўся ў наш бок.

— Ці ён жывы?—запытаў я.

— Ты дурань,—адказаў мой таварыш.

— Ідзі сюды ды памажы вышэй накласьці дроў, каб даць ім сыгнал; ідзі па воду і вылей яе на дровы: трэба, каб як мага было болей дыму. Магчыма, мне ўдасца выбрацца з гэтае праклятае дзіркі.

Я нічога не разумеў, але прынёс яму вады.

— Мне патрэбны яшчэ дровы,—сказаў ён.

— Карабель плыве на нас і мусіць падплыве бліжэй.

— Значыць, ён жывы?—запытаў я.

— Пашоў вон, дурніца!—адказаў стары і штырхануў мяне. Потым ён пашоў у хату, каб там пры дапамозе кавалка жалеза, скалкі і сухога моху выкрасіць агню. І пакуль гаспадар займаўся гэтым, я ўвесь час пільна сачыў за невядомым прадметам; мне хацелася хутчэй разгадаць, што гэта такое. Пакуль я наглядаў, сонца зайшло і да змроку аставалася ня больш гадзіны. Вецер быў невялікі і часта мяняў свой кірунак. Гэтым і тлумачацца розныя зьмены ў кірунку карабля.

Мой таварыш вышаў з хаты з агнём, падлажыў яго пад дровы і пачаў распальваць. Дровы скора разгарэліся і дым падняўся даволі высока.

— Цяпер яны напэўна ўбачаць наш сыгнал, — сказаў стары.

— Значыцца, у яго ёсьць вочы, і ён жывы? А ветру ён не баіцца?—дапытваўся я, не атрымаўшы адказу на першае пытаньне.

— Гляньце, маленькія хмаркі хутка набліжаюцца,—паказаў я на небасхіл, дзе гуртаваліся хмаркі, якія азначалі, па маіх нагляданьнях, кароткі, але сільны шквал.

Такія шквалы наляталі адзін ці два разы ў гэты час году.

— Ах, праклятыя,—адказаў стары і заскрыгатаў зубамі,— гэты вецер адгоніць іх, такое ўжо маё шчасьце.

Тымчасам дым паднімаўся ўсё вышэй і вышэй, а карабель набліжаўся і спыніўся прыблізна за дзьве мілі ад нашага вострава.

Стары ізноў падліў вады ў агонь, каб павялічыць дым. Карабель зноў падняў парус і накіраваўся ў наш бок.

Цяпер я выразна бачыў людзей на палубе.

Мой таварыш радасна закрычаў:

— Яны бачаць нас. Цяпер ёсьць надзея. Ура!—Няхай жыве Англія!

Ён падскакаў, круціўся, як вар‘ят, а потым сказаў:

— Я пайду ў хату, а ты глядзі, мо‘ вышлюць яны чайку (лодку).

— А што такое чайка?—запытаў я.

— Ах ты дурань. Глядзі як сьлед і, калі што ўбачыш, кажы мне.

— Так, бачу нешта,—адказаў я.—Глядзеце на шквал, як ён хутка ідзе па вадзе. А хмары як густа зьбіраюцца. Будзе такі вялізны вецер і дождж, як у прадапошні раз у час прылёту птушак.

— Пракляцьце! — закрычаў ён. — Хоць-бы чайку хутчэй спусьцілі.—З гэтымі словамі ён пашоў у хату.

Я ня спускаў вачэй з надыходзячага шквалу; ён быццам ляцеў па вадзе.

Спачатку гэта была цёмная лінія на небасхіле, але яна набліжалася да карабля і рабілася белай. Паверхня вады аставалася пакуль што спакойнай. Хмары нізка навісьлі над небасхілам. На караблі, як я зразумеў пазьней, не прыкмячалі небясьпекі. Далей я заўважыў невялікі прадмет каля карабля і здагадаўся, што гэта была чайка, якую чакаў мой таварыш, але нічога не сказаў, а наглядаў, які ўплыў зробіць на яе вецер. Праз некаторы час я ўбачыў, што зьнікаюць белыя парусы, людзі па палубе замітусіліся і чайку прынялі назад. На караблі заўважылі набліжэньне шквалу, але было ўжо позна. Праз хвіліну я ўбачыў, як дужы віхор пахіліў яго, а пасьля ўсё заслалася густым туманам, і далей я нічога ня мог разгледзець.

— Ну, што, хлопчык, спусьцілі там чайку?—пытаў, выходзячы з хаты, мой таварыш.

— Я нічога ня бачу за ветрам,—адказаў я.

Толькі прагаварыў я гэтыя словы, як шквал дайшоў да месца, дзе я стаяў, зьбіў мяне з ног і адкінуў да дзьвярэй хаты. З ветрам хлынуў і дождж, які прамачыў нас да касьцей. Неба пакрылася хмарамі і зрабілася зусім цёмным. Бліскала маланка, грымеў гром. Я ўпоўз у хату, а вецер з дажджом і сюды ўрываўся. Гаварыш мой