Першая справа Мэгрэ [Жорж Сімэнон] (fb2) читать постранично, страница - 48


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

брат? Прыйшоў у ярасць?

«А вы ўвогуле заткніцеся! Дарэчы, зараз я раскажу вашай сястры, што за камбінацыю вы прыдумалі».

Ён меў час на гэта? Ці Рышар адразу кінуўся на яго?

Сотні тысяч людзей, якія пілі каву «Бальтазар» і, як мадам Мэгрэ, наклейвалі ў альбомы малюнкі разнастайных кветак, не маглі і ўявіць сабе, што іх ранішняя філіжанка кавы аказалася стаўкай у бойцы ў адным з пакояў асабняка на вуліцы Шапталь.

У подлай бойцы, якую, можа, падцікоўваў за дзвярыма лёкай.

Мужчыны, відаць, кінуліся адзін на аднаго з кулакамі. Магчыма, абодва пападалі.

Ці быў узброены Рышар Жандро? Ён, несумненна, здольны нанесці ўдар спатайка.

- Па-мойму, стрэліла шлюшка. Не са зла. Яна проста ашалела. Інакш бы яна не кінулася ў роспачы да акна і не стала б клікаць на помач. А можа, акно было расчынена і раней? Прызнацца, я не заўважыў... Ці бачыце, мне здаецца, яна ў рэшце рэшт па-сапраўднаму падлюбоньвалася да Боба. Па ўсім відаць, што так. Пачатак паклалі яе інтарэсы. Але ён быў гэткі непадобны да марожаных судакоў, якія звычайна акружалі яе... Мне здаецца, што, калі яна пабачыла, што Боб бярэ верх ці што брат зрабіў спробу нанесці ёй подлы ўдар у спіну, яна проста ашалела. І стрэліла. На няшчасце, яна не ўмела цэліцца. І патрапіла ў Боба, ды яшчэ ў самае сэрца... А што, калі нам заказаць яшчэ пляшачку? Яно ж зусім лёгкае, гэта вінцо. Вось так, прыяцель Жуль!

Калі я ўбачыў, як нейкі дзівак стаў ламацца ў дзверы, каб яго ўпусцілі, я змыўся, потым зноў вярнуўся, але ўсё было ўжо ціха. Я палічыў за лепшае даць драпака. Потым мы з Люсіль сталі раіцца, што рабіць. Мы ўвесь час спадзяваліся, што Боб вернецца, ці што хоць даведаемся, што ён у бальніцы. Урэшце я адправіўся да Жандро ў офіс. Вось адкуль я і ведаю, як выглядае стары. Хіба было б лепей, калі б з гэтага ніхто не пакарыстаўся?

Ён раскашэліўся амаль адразу ж, так што я нават пашкадваў, што не запатрабаваў сто тысяч замест паўсотні. Мярзотнікі! Вы зваліліся нам на галаву якраз у той момант, калі мы збіраліся змыцца. Пагадзіцеся, было б занадта па-дурному дапусціцца да таго, каб нас накрылі.

Ваша здароўе, старына!

Яны ўсё ўладкавалі як нельга лепей для сябе. Я пачынаю ўжо трошкі звыкаць з гэтай думкай. Але мяне проста верне, калі я сустракаю на вуліцы іх выязны экіпаж, дзе на конях такая шыкоўная збруя, а возны з такой пыхай красуецца на козлах!..

- Гаспадар! Кавы нам, толькі не «Бальтазар».

Прыйшлося, аднак, выпіць менавіта бальтазараўскую, таму што іншай у доме проста не знайшлося.

- Якое паскудства! - вылаяўся Дэдэ праз зубы. Адно шчасце, што можна зашыцца ў вёску.

- З Люсіль?

- Яна нібыта не супраць. У нас ёсць пяцьдзесят тысяч, ці каля гэтага. Я заўсёды марыў адкрыць «бістро» на беразе ракі, такое, да прыкладу, як гэта, і дзе кліенты будуць мае дружкі-таварышы. Але даволі цяжка знайсці такую мясціну, таму што трэба, каб яна была не дужа далёка ад іпадрома. Заўтра пашвэндаюся ў ваколіцах Мэзон-Лафіта. Якраз там я прыстроіў Люсіль.

Ён раптам збянтэжыўся і паспешліва дадаў:

- Не думайце, аднак, што мы адразу ж зажывём як нявінныя анёлачкі?!


* * *

Так прайшоў цэлы тыдзень. Кожнай раніцы Мэгрэ па званку заходзіў у кабінет камісара і падаваў яму дзённы рапарт. Кожнай раніцы Лё Брэ памыкаўся нешта сказаць, але так і не рашаўся, адварочваўся.

Яны не заводзілі ніякіх іншых размоў, апрача службовых. Мэгрэ пасур'ёзнеў, рухі яго сталі больш спакойныя, хоць ён яшчэ і не атлусцеў. Ён нават перастаў усміхацца і выдатна ўсведамляў, што быў жывым дакорам для Лё Брэ.

- Скажыце, даражэнькі...

Гэта было на пачатку мая.

- ...калі ў вас экзамены?

Экзамены па таму самаму прадмету, які ён вывучаў у тую ноч, калі флейтыст убег у паліцэйскі камісарыят, уварваўся ў жыццё Мэгрэ.

- На наступным тыдні.

- Мяркуеце здаць?

- Спадзяюся.

Адказваў Мэгрэ холадна, амаль суха.

- Гішар казаў мне, што вы марылі паступіць у Вышукную.

- Марыў некалі.

- А цяпер?

- Не ведаю.

- Думаю, ваша месца якраз там, і хоць я вельмі цаню вас тут, аднак пастараюся памагчы вам у гэтай справе.

Спазм перахапіў горла Мэгрэ, і ён не вымавіў ні слова. Ён усё яшчэ злаваў. Ён ніяк не мог дараваць ім, усім разам - і камісару, і Жандро, і службоўцам з Вышукной, і, можа, нават самому Гішару, якога ён у глыбіні душы паважаў амаль так, як паважаў свайго бацьку.

Калі Гішар, аднак...

Яны неабвержна мелі рацыю, Мэгрэ збянтэжана ўсведамляў гэта. Скандал нічога не даў бы. У любым выпадку Эліз Жандро была б апраўдана.

У такім разе?..

Ці не на само жыццё злаваў ён, і ці не памыляўся ён сам, не жадаючы ўразумець гэта?

Ён не чакаў, што будзе куплены. Ён не хацеў прымаць ад камісара Лё Брэ аніякай ласкі.

- Пачакаю сваёй чаргі, - буркнуў ён ціха.

Назаўтра ж яго выклікалі на Набярэжную.

- Усё яшчэ злуяце, мой хлопчык? - запытаўся шэф, кладучы руку яму на плячо.

Ён не змог утрымацца і амаль гнеўна, сапраўды як хлапчук, кінуў:

- Гэта Эліз Жандро забіла Боба.

- Можа.

- Вы ведалі гэта?

- Не сумняваўся. Калі б