Сёння і памяць [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пакуль я яе ад тых вошай, ад той каросты адмыла, адмазала!.. А такое ж, мой родны, дзіцятка было! «Папка» ды «мамка»... Усё паможа табе. Сама ніколі нічога не возьме. Маруся...

Цётка змаўкае, як не ўсё сказаўшы. То нібы ледзь не заплакала, то зноў вось усміхаецца. І я пытаюся:

— А дзе ж яна цяпер?

— Дзе, кажаце, цяпер? Дзе ўсе. Мая ж не горшая за ўсіх — у Мінску. Медсястрою! У той бальніцы робіць, што адразу, як з аўтобуса. Грэх, мой родны, сказаць што па яе. У каго дык і роднае не такое. Калі дома, са мною была, дык і ў хаце ўсё, і ў агародзе, і ў калхоз, калі трэба, хадзіла. Прыеду цяперака да іх, дык не ведае, дзе мяне пасадзіць, чым мяне частаваць. Целавізяр гляджу, дык яна мне талерку нясе або чай, каб я ўжо не адрывалася. І дзеткі да мяне, і Лёня, і Жаначка, і сам яе чалавек вельмі добры. Валодзя. Слесарам ён. Самастаяцельны такі, спакойны, і чарцы не жадзён, як гэта сённячы другія. Хораша жывуць.

— Вас да сябе не клічуць?

— Каб раз! Але сама я не хачу. Чаго мне там, у той скварэшні іхняй, пад саменькім небам? Ці ў вочарадзі той таўчыся? Не ведаю, можа, калі і паеду. А то ж, пакуль яшчэ трохі здаровіцца, я сама сабе пані.

— А да ўнукаў не хочацца?

— Яны ж да мяне прыязджаюць. Гэта во ўжо цяпер, як выраслі, дык Шапачка недзе ў той Крым. Студэнтка ўжо яна, дык разам з усімі, у нейкі там саўхоз. Вінаград, кажа, будзем ірваць, ды ў моры хоць накупаюся. А Лёнік па афіцэра ж вучыцца, курсант. Ён — калі пусцяць. Аж у Сібіры недзе. А як малыя былі, дык жа кожнае лецечка ў бабы. І поле тут, і лес, і па траўцы, і малако. Дый у вёску ж недалёка, і да Нёмана...

— А Маруся з Валодзем?

— Бываюць. Бываюць...

Памаўчала сумленніца. А тады:

— Маглі б і часцей прыязджаць. не толькі ўлетку або раз ці два зімой. Але ж яно, мой родны, кожнаму сваё, свой клопат... Ну, я такі пайшла. Не гоніце, дык я й сама. Напляла тут табе кашалёў. Бывайце здаровенькі!

1983

Сувенір


Слоніка з сандалавага дрэва падарыў мне ў паўднёвай Індыі Святаслаў Мікалаевіч Рэрых. Сказаўшы пры гэтым, што чым даражэйшы госць, тым меншы павінен быць слонік — звычай такі. Мой — маленькі, магчыма, бываюць і меншыя, але пра радасць знаёмства з абаяльным чалавекам, выдатным мастаком і сынам вялікага мастака мой слонік гаворыць мне многа.

Русалачку, што самотна, зажурана сядзіць на ўзбярэжным валуне, я купіў у адным з падарожжаў сам. І яна мне нагадвае не толькі пра збольшага ўбачаную Данію, яе раскошны Капенгаген, але і пра шчасце майго малечага захаплення казкамі Андэрсена.

Ярка-стракаты гліняны пеўнік прывезены з Партугаліі. За гэтым сімвалічным пеўнікам ва ўспамінах стаіць дарога берагам акіяна, пальмы з соснамі ўперамешку, а пад імі, у сонцы, зусім ужо нечакана, зусім па-нашаму расквітнелы верас. Да пеўніка часта і вельмі ахвотна цягнецца пацешна маленькая рука маёй няўрымсты-ўнучкі. Стаўшы на крэсла, яна яго дастае. Ён ужо двойчы падаў з гэтай ручкі на падлогу. Першы раз адляцела галава, за другім разам адбіўся фанабэрысты хвост. Мы яго, пеўня, склейвалі ўдваіх з малой, і ён стаіць у нас там, дзе стаяў. Дзе стаяць сувеніры з іншых маіх падарожжаў. Нават здаецца часамі, што ён калі-небудзь возьме ды, нарэшце, кукарэкне.

Вясной семдзесят трэцяга года наш цеплаход збіраўся адчаліць з Гамбурга ў далейшы шлях, і нас, удзельнікаў савецка-польска-гэдээраўска- га рэйса міру, прыйшлі праводзіць і тыя заходнія немцы, з кім мы сустракаліся, і яшчэ больш тых, што не маглі быць на сустрэчах, але таксама супраць вайны, за разумную дружбу паміж народамі. Нас было чатырыста з нечым чалавек, іх — разоў у тры больш. Бо якраз і выходны быў. Гучалі прамовы, потым цікавы, яркі самадзейны канцэрт. Былі проста гутаркі ў святочна-неспакойным міжнародным натоўпе. І — як заўсёды і ўсюды — абмен сувенірамі.

Адзін з іх спачатку збянтэжыў мяне.

Старая жанчына з рабочай сям'і дала мне... звычайную шчотку. Прыняў, падзякаваў, але ў душы, калі можна так сказаць, паціснуў плячыма...

І вось ён, такі будзённы, па-нямецку практычны, па-людску шчыры падарунак хутка ўжо дзесяць год ляжыць у нашай прыхожай на падлюстэрніку. Часамі нехта з сямейнікаў, выходзячы з дому, папросіць трохі пачысціць яго на лесвічнай пляцоўцы, а калі і сам пра гэта папросіш. А то і так сабе, мімаходзь, зірнеш на невялікую, зручную, вішнёвую колерам дрэва і чорную воласам «кляйдэбірстэ» — шчотку для адзення. Зірнеш — і зноў успомніцца весела, гаманліва шматмоўны натоўп на прасторным пірсе, на палубах белага цеплахода, натоўп людзей, у нейкай меры з'яднаных разуменнем галоўнага, успомніцца нейчая ціхая, працавітая і цярплівая маці з добрай усмешкай, за якою — загадка і мудрасць яшчэ аднаго, можа, нялёгкага ці нават шматпакутнага жыцця...

1983

Касатачка

Касатка — ластаўка, птушка Hirundo domestica.

І тое самае, што мілая, галубка, золатка.

З тлумачальных слоўнікаў.
Удовін дарослы сын паміраў пры памяці і доўга.

— От, мама,— ціха і цяжка сказаў ён неяк,