Вастрыё стралы [Алесь Разанаў] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

* * *
На маёй дарозе ўзгоркі i ўпадзіны.
Але гэта мая дарога: яна рухаецца, яна разважае, яна размаўляе, яна ўдакладняе маю хаду.
Побач, непадалёку,— асфальтаваныятрасы: на ix усё роўна, на іхусёпэўна, пра ix усё наперад вядома: адкуль яны i дакуль...
Па ix імчацца аўтобусы i аўтамабілі, абапал ix пешаходы ўпэўнена крочаць, але самі трасы стаяць.
Я апускаюся ў новую ўпадзіну — i мяне апаноўвае змрок, якога няма яшчэ на зямлі,
уздымаюся на новы ўзгорак — i сустракаю яшчэ раз сонца, што ўжо на зямлі зайшло.

ВАНДРОЎНЫ ГОРАД
Шумяць вяршаліны дрэў.
Неба зацягваецца смугою.
Усчынаецца дождж.
Я не хаваюся ад дажджу, не зважаю на дождж, я гляджу за Вялікае Поле, дзе бурштынава-жоўтаю светлынёю зорыцца небасхіл,— на адзіна празрысты шматок сярод хмурнай сінечы.
Там, быццам мачты дзівоснага карабля, акрэсліліся званіцы, спічастыя дахі, вежы, акрэсліўся горад —
які я шукаю па ўсёй зямлі,
горад, што выплыў з людской надзеі...
Хіба ўвесь шлях чалавека абмежаваўся зямлёй?!.
Хіба ўвесь сэнс чалавека замкнуўся наўколлем?!.
Хіба мае моц i вагу адно толькі тая думка, якая засціць?!.
Дождж прыбівае дарожны пыл, хвошча па дрэвах, траве, будынках, руччамі цурчыць па равах...
А за Вялікім Полем ззяе бурштынава-жоўтая светлыня і, быццам кагосыді чакае, узвышаецца горад —
горад, якога няма на зямлі,
горад, які вандруе.

ПАЛЁТ
Дакуль мне яшчэ трываць?
Птах, з якім я лячу праз імглістую бездань часу, з няволі — у вызваленне, са скрухі — у радасць, з цемры — у светлыню, паварочвае да мяне галаву i кажа:
датуль, пакуль хопіць часу,
датуль, пакуль хопіць цябе самога,
датуль, пакуль хопіць нас...
Я кармлю птаха сваім целам,
паю сваёю крывёю
i перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, а дзе я, а дзе час...
Усё загойваецца на мне мае цела,
усё аджывае ўва мне мая кроў,
усё патрабуе птах сабе новай ежы,
i ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт.

СЯРГЕЙ ЦЫГАН
Сябра майго маленства Сяргей Цыган стаіць на крутым пясчаным пагорку i з левай рукі шпурляе ўгору каменне.
Каменне, што мы кідаем заўзята, з падвойнаю моцай вяртаецца зноўку на дол, прымушаючы нас разбягацца, хавацца, ўхіляцца...
Але Сяргей Цыган не сыходзіць з месца: яму няма ад чаго ўхіляцца, яму няма чаго асцерагацца,— каменне, што ён зашпурнуў угору, i застаецца там.
— На тое ён i Цыган,— мы захапляемся i зайздросцім.— На тое ў яго такая рука...
Мы пакідаем потым пагоркі,
мы выпраўляемся потым дахаты,
кіруючыся на той двор, дзе жыве разам з маці i меншай сястрою Сяргей Цыган — сярэдзіна нашай сябрыны.
А ўвышыні, над зямлёю, плывуць кудысьці вялізныя хмары, i ў ix пагрозліва грукаюць камяні, якія пазакідаў на неба Сяргей Цыган ca сваёй левай — шчаслівай сваёй — рукі.

ЗОРКІ
Дачакаюся, калі прыйдзе ноч, калі ўзыдуць на небе зоркі...
Цямнее зямля, цямнее вада, цямнее трава, цямнеюць будынкі...—
яшчэ нядаўна ўсё мела свае абрысы, яшчэ нядаўна ўсё свае межы мела, спрыяла адно аднаму, пярэчыла адно аднаму i было толькі часткаю наваколля.
Калі я ўзыходзіў на вежу — в е ж а ю разважаў,
калі ішоў па дарозе — д а р о г a ю бачыў,
а тут, а цяпер сачу, як усе становіцца ўсім,
як у вышынях недасягальных уваскрасаюць зоркі.
Ёсць нешта ў белым дні наступнейшае, чым дзень,
ёсць нешта ў цёмнай начы наступнейшае, чым ноч,
i ёсць нешта ў вежы наступнейшае, чым вежа,
i нешта ёсць у дарозе наступнейшае, чым дарога,
ёсць нешта ў нас наступнейшае, чым мы...
Той, хто ішоў па дарозе, казаў: гэта — зоркі.
Той, хто ўзыходзіў на вежу, адказваў: гэта — мы...
Жывы на зямлі, нашу ў сабе сваю смерць i сваю неўміручасць, i адкрываю жыццём зямлю, i адкрываю смерцю нябёсы, a неўміручасцю — што найвышэй за ўсё,
a неўміручасцю — што найбліжэй за ўсё,
a неўміручасцю — зоркі.

СХОВЫ
Падамся самаю простаю сцежкай, але пярэймуць крывыя,
намацаю самую важкую думку, але староннія зоймуць увагу,
памкнуся спаткацца сам-насам са смерцю, але апынуся ў сховах...
З запаленымі ліхтарамі ў руках i з павязкамі-плеўкамі на