Дзічка-дзічка, чаму ты не груша?
Вось i піла ўжо зубіцца на цябе, i вострыцца ўжо сякера.
Але хіба ведае дзічка, чаму яна дзічка?
Але хіба ведае горкі палын, чаму ён горкі палын?
I хіба ведаюць людзі, чаму яны людзі?
Нешта пагасла ў свеце, нешта замоўкла, нешта асірацела.
Не ўсё, што расце, расце для яды, i ўсё, што расце, расце не адною ядою.
Прыходзіць з мінуўшчыны на апусцелае месца сівы дзядуля.
З будучыні выблісквае ў нашы вочы пажар.
— Яны не мелі таго, што мы сёння маем,— расказваюць сваякі пра людзей, што жылі калісьці,— але жылі яны лепш.
Ці ведае чалавек урэшце, што яму лепш, а што горш,
што — страта, а што — набытак,
што — немач, а што — здароўе,
што — мала, што — шмат?
Усё вырашае па-свойму розум, ды нешта ў жыцці не згаджаецца з ім.
Пад вечар запаліцца ў печы.
I загаворыць — апошні раз — з намі дзічка на самай відушчай мове — на мове агню.
Последние комментарии
9 часов 4 минут назад
17 часов 3 минут назад
1 день 7 часов назад
1 день 11 часов назад
1 день 11 часов назад
1 день 12 часов назад