Паляванне ў райскай даліне [Алесь Разанаў] (fb2) читать постранично, страница - 41


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

абвіваецца дзвюма вужакамі.


*

Вада і агонь, якія пярэчаць адно аднаму, мірацца на чалавеку: і вада ачышчае яго, і агонь таксама.


*

Вечнасць — не доўгі час, інакш яе насельнікамі былі б адно камяні і бронза, а новая якасць жыцця і часу, і творыцца яна жывымі людзьмі.


*

Калі палітыка — мастацтва магчымага, то само мастацтва — мастацтва немагчымага.


*

Як сляды на снезе не падобныя на таго, хто іх пакідае, так і той, хто іх пакідае, не падобны на таго, чыім следам ён з'яўляецца сам,- на сваю сутнасць.


*

Вобраз, як шыбіна ў акне: калі празрыстая – не заўважаецца, калі заўважаецца — не празрыстая. У мастацтве асноўнае не сам вобраз, а яго здольнасць быць празрыстым, прапускаць праз сябе тое, чым ён сам не з'яўляецца, быць «праз-вобразам».


*

Чалавек мысліць тою сваёй іпастассю, якая і сама яшчэ творыцца. Таму і магчыма, таму і мае сэнс творчасць, што разам з задуманым творам дзейсніцца яшчэ адзін твор — творца.