Муштук i папка [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 69


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, i шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.

У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць i развагі аднаго з тэарэтпыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як зламаўся, як ён мог не зламацца i як гэта, бачыце, добра было б, каб i тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.

Назаву два імені.

У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:

«...Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе i ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін i так. Да таго ж на следстве мяне не білі. A калі б білі (як з другой палавіны 1937 года i пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы i як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».

Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:

«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».

I далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці,— такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:

«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым i падпісаў лішняе...»

Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасціі

Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, i мне яго, роднага, вельмі шкада.

Аднаго з тых, каго было так многа, многа...

Праклён i ўсім катам, i кожнаму ладу, які на гэтым трымаецца!


СВАЁ
Я абавязаны яму жыццём.

Быў дзень, калі я, настолькі малы, што змог пралезці паміж радкаватымі металічнымі прутамі старога балкона, праціснуўся так i, з другога боку, упёршыся нагамі i ўчапіўшыся рукамі, пачаў пагойдвацца наперад ды назад. Пакуль не стала страшна i не закрычаў!.. Валодзя выбег на мой крык, паспеў схапіць за каўнер паліцечка. Старога, сіняга, якое я даношваў пасля двух старэйшых.

Я той чорны каракулевы каўнерык запомніў на ўсё жыццё. А на балкон той i на брук пад ім глядзеў у сорак дзевятым. I яшчэ раз, праз сорак гадоў, калі мне пазванілі пра муштук, успомніў таксама...

А мог жа я таксама i памерці разам з ім, нашым найстарэйшым. Калі б здзейснілася тое, што бацька вырашыў, калі з жонкай i меншымі ад'язджаў у вёску. Каб Ігнат, уладзіўшыся на прыходзе, забраў на выхаванне, на вучобу Мішу, а Валодзя, калі закончыць свой інстытут i стане працаваць, а я тым часам падрасту, забраў мяне. Коля застанецца пры бацьках, каб вырасці гаспадаром.

Бацька памёр праз два няпоўныя гады. Мяжа паміж Загорам i Адэсай варожа ўмацавалася. I з нашай замежнай вучобай нічога не выйшла.

У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.

Ёсць i такое яшчэ.

У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.

Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і... зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.

У пасляваенным, літаратарскім, варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.

Ну, a ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», a «нямецкі шпіён». Ды таму, хто i сам быў два гады ў Германіі...

Як тут не радавацца жыццю?!

Магло ж быць i трохі не так...

1990

1

Свінства (ням.)

(обратно)

2

Даслоўна — «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча» (ням.)

(обратно)

3

I ты таксама тут, мой дарагі? (ням.)

(обратно)

4

Гэта ўжо проста смешна!.. (ням.)

(обратно)