Добры анёл беларускасці [Штрыхі да партрэта Ніны Іванаўны Гілевіч] [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично, страница - 27


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

што Ніна Іванаўна ў інтымных адносінах была звышсарамлівая, ніколі ні разу яна не дазволіла сабе нічога такога, што магло б сказаць аб недастатковай сарамлівасці. Нават слова, якое штодзённа вымаўляюць мільёны мужчын і жанчын, яна не вымаўляла. Лічыла, мабыць: хай яно лепш застанецца не вымаўленым, яно будзе больш значыць, будзе мець непараўнана большую сілу. Выпушчанае з сэрца, яно можа страціць той чар таямнічасці, што робіць яго толькі тваім і неадольным, непераможным, несмяротным. Скажу тое, што, можа, было б і не след казаць, што было б лепш панесці з сабой у магілу як даверанае толькі мне, на што ніхто іншы не мае права. Але тады яе партрэту не будзе хапаць самай галоўнай вызначальнай крэскі. Дык вось: за ўсё жыццё Ніна Іванаўна напісала мне толькі адно любоўнае пісьмо. Толькі адно. За ўсё жыццё. Але затое якое пісьмо! Наўрад ці хоць адзін паэт у свеце атрымліваў такое. Сталася гэта яшчэ да жаніцьбы, калі Ніна Іванаўна працавала ў Кузьмінскай школе. Мы дамовіліся, што лісты да мяне яна будзе, дзеля пэўнасці, прысылаць не на інтэрнат, дзе я па-ранейшаму жыў, а на пошту «Да запатрабавання». Я пісаў ёй досыць часта (шматслоўна, узнёсла, эмацыйна аж да экзальтацыі), а адказу на мае любоўныя пасланні — няма і няма. Ні слыху, ні дыху. Але месяцы праз два, калі ўжо сабраўся ехаць туды высвятляць, што сталася, — атрымаў доўгачаканае. З нецярпеннемтам жа, ля ваконца, ускрыў куперту. I дастаў складзены напалам аркушык. I разгарнуў. I прачытаў. Знаёмым размашыстым почыркам было напісана... Зрэшты, падам змест яе пісьма цалкам, яно заслугоўвае гэтага. «ДАРАГІ МОЙ НІЛ!» I ўсё. I ўвесь тэкст. Тры слоўцы. Подпіс: «Ніна». I дата: «10.12.56». Спачатку нават падумаў, што ў куперце, відаць, застаўся яшчэ адзін аркушык. Не, нічога больш няма. Прызнаюся, не адразу расшалопіў, якое вялікае, якое змястоўнае любоўнае пасланне я атрымаў. Як шмат яна сказала ў гэтых трох словах — і пра сябе, і пра мяне, і пра многае-многае іншае. Ды і ў вялікай паэме, бадай, не скажаш столькі.

Праз усё жыццё самае галоўнае яна мне гаварыла адной геніяльнай рускай песняй, дакладней—рамансам. У апошнія гады, як правіла, у выкананні Ганны Герман. Калі б ні злавіла па радыё гэты твор — уключала прыёмнічак на ўсю катушку, каб пачуў у сваім пакоі і я. Ведала, што я абавязкова зараз жа прыйду. Ніколі не было, каб я не прыйшоў. I мы слухалі разам. I калі заціхаў дзівосны нябесны голас спявачкі — доўга маўчалі.

Цяпер я слухаю, калі пашанцуе, гэты найсветлы гімн вернасці адзін. I заплюшчваю вочы, і бачу яе — бачу, як яна, гледзячы кудысь далёка-высока, уся святлістая, мройная, шчаслівая, паўтарае моўчкі несмяротныя радкі.

Гори, гори, моя звезда,
Звезда любви приветная!
Ты уменя одна заветная,
Другой не будет никогда!
Твоих лучей небесной силою
Вся жизнь моя озарена;
Умру ли я, ты надмогилою
Гори, сияй, моя звезда!
2006-2007