Дзікае паляванне караля Стаха [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?

А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?

Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.

Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які — я зараз ведаю гэта — у мяне не было нічога на свеце.

Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.

Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!

Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады «яшчура». Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае «а-а-а» над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.

Гэта была візантыйская Беларусь!

Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.

У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.

І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.

Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны.

Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукаць толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў.

Палілі печкі, выкладзеныя галандскай кафляй, пашчапанымі ўломкамі бясцэннай беларускай мэблі семнаццатага стагоддзя, сядзелі, як павукі, у сваіх халодных пакоях, гледзячы ў бязмежную навакольную цемру праз акно, па шыбах якога сцякалі наўскос флатыліі кропель.

Такі быў той час, калі я ехаў на экспедыцыю ў глухі Н-скі павет губерні. Я выбраў дрэнны час для паездак. Летам, вядома, фалькларысту добра: цёпла, вакол прыгожыя краявіды. Але па сваіх выніках наша праца лепшая за ўсё ў глухія восеньскія або зімовыя дні.

Тады адбываюцца ігрышчы з іхнімі песнямі, пакудзелле з бясконцымі гісторыямі, а пазней — сялянскія вяселлі. Гэта наш залаты час.

Але мне выпала паехаць толькі ў пачатку жніўня месяца, калі не да казак, і толькі цягучае наша «жніво» гучыць над палеткамі. Я праездзіў жнівень, верасень, частку кастрычніка і павінен быў зачапіць толькі два тыдні, самы пачатак глухой восені, калі я мог спадзявацца на што-небудзь вартае. Пасля мяне чакалі ў губерні неадкладныя справы.

Улоў мой быў зусім мізэрны, і таму я быў злы, як поп, які прыйшоў на хаўтуры і раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль — асноўныя прыкметы ліхалецця, тое, што, па словах кагосьці з польскіх паэтаў, паходзіць ад настойлівай пагрозы, што нехта ў блакітным пабачыць цябе і міла скажа:

— Бжалце ў жандармерыю.

Асабліва мала было ў мяне старадаўніх легенд, а менавіта за імі я і паляваў. Вы, напэўна, ведаеце, што ўсе легенды можна падзяліць на дзве вялікія групы. Першыя жывуць паўсюль, распаўсюджаны сярод большай часткі народа.

У беларускім фальклоры гэта легенды пра вужыную каралеву, пра бурштынавы палац, большая частка рэлігійных легенд.

А другія, як ланцугамі, прыкулі да нейкай адной мясціны, павета, нават вёскі. Іх звязваюць з дзіўнай скалой на беразе возера, з назвай вёскі або ўрочышча, з толькі адной, вось гэтай, пячорай. Вядома, што такія легенды, звязаныя з нязначнай колькасцю людзей, выміраюць хутчэй, хоць яны часам значна больш паэтычныя, ніж агульнавядомыя, і, калі іх надрукуюць, карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Так, напрыклад, выйшла на людзі легенда пра Машэку. Я паляваў менавіта за другой групай легенд. Мне трэба было спяшацца: легенда і казка выміраюць.

Не ведаю, як другім фалькларыстам, але мне заўсёды было цяжка перадчасна ехаць з якой-небудзь мясцовасці. Мне ўсё здавалася, што за зіму, якую я прабуду ў горадзе, тут памрэ нейкая бабуля, якая адна, разумееце, адна ведае зараз чароўны стары сказ. І гэты сказ памрэ з ёю, і ніхто, ніхто яго не