Сотнікаў [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

дзве. Што-небудзь расстараемся, не можа быць…

2

У полі было куды халадней, чым у лесе. Насустрач дзьмуў пругкі, не моцны, але даволі марозлівы вецер, ад яго болем заходзіліся азызлыя без рукавіц рукі — як Сотнікаў ні хаваў іх то ў кішэні, то ў рукавах, то за пазухай — усё роўна мерзлі. Памарозіцца было надта проста, асабліва твар, ды і рукі; за ногі ён быў спакайнейшы — ногі на хадзе грэліся. Праўда, на правай адняліся, не чуваць сталі два пальцы, але яны адымаліся заўжды ад сцюжы і звычайна балелі ў цяпле. Тым не менш на холадзе ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць.

Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі — яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам — з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, тамсям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе — лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.

Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася — знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне — хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур'ёзную хваробу. І калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, а калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад'есці, да таго ж — вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.

Ды во, пагрэўся.

У лесе было лепш, а тут, на ветры, ён адчуў сябе зусім блага і аж спалохаўся, што можа ўпасці, так кружылася ў галаве; ад слабасці заносіла ў бакі. Рыбак наперадзе рупна шастаў ботамі ў снезе; увесь час ён нецярпліва імкнуўся наперад, і Сотнікаў адставаў. У грудзях яго рабілася горача, спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту, і ён думаў — хаця б абысціся без запалення лёгкіх.

— Ну, як ты?

Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай увагі і пытання, на якое неабавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што, калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.

— Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, — зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, — чакаў, каб пайсці поплеч.

Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.

— У арміі кім быў? Мабыць, не радавым, га?

— Не, не радавым. Камбатам.

— У пяхоце?

— У артылерыі.

— Мусіць, мала хадзіў? А я, брат, у пяхоце ўсю дарогу топаю.

— І далёка пратопаў? — запытаў Сотнікаў, успамінаючы сваё адступленне на ўсход.

Але Рыбак зразумеў гэта інакш.

— Ды во, як бачыш. Ад старшыны да радавога дайшоў. А ты, мабыць, кадравы?

— Не, не кадравы. Да трыццаць дзевятага настаўнікам рабіў.

— Інстытут скончыў?

— Настаўніцкі. Двухгадовы.

— А я вось пяць класаў. І то хоць бы…

Ён не дагаварыў — раптам праваліўся абедзвюма нагамі, нягучна вылаяўся, узяў трохі ўбок. Тут пачынаўся хмызнячок, лазняк, снег стаў рыхлы і амаль ужо не трымаў наверсе; пад нагамі, здаецца, было балота. Сотнікаў нерашуча спыніўся, не знаючы, куды ступіць.

— А ты за мной. Па маіх слядах трымай. Тут нямнога ўжо, — сказаў зводдаль Рыбак і, ямчэй паддаўшы на плячы вінтоўку, даволі рашуча зашыбаваў праз хмызняк, разграбаючы ботамі снег.

Сотнікаў пахіснуўся, не трапіўшы ў ягоны след, але таксама палез у кустоўе.

Некалькі хвілін яны прадзіраліся так у хмызняку; збоч са снегу тырчала сухое трысцё, якое ціха і нудна шархацела на ветры. Неўпрыкмет перайшлі замёрзлую, засыпаную снегам рачулку і зноў пайшлі поплавам, грузнучы нагамі ў рыхлым глыбокім снезе. Сотнікава апаноўвала санліва-знямоглая абыякавасць да ўсяго на свеце. Толькі намаганнем волі ён прымушаў сябе ісці, не спыніцца і не ўпасці — у вушах са звонам гудзела — ад ветру ці,