Я з вогненнай вёскі... [Янка Брыль] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

трава і рэшткі дрэў, якія калісьці раслі ў садах і на вуліцы, мы бачылі здалёк, з узгорка, на якім стаіць самотны абеліск са словамі і лічбамі.

Пасля зноў было возера Бабровіцкае. Невыказна ласкавая шэрасць цёплай, амаль зусім спакойнай вады. Навокал — пена пасля нядаўніх баранчыкаў, бела-стракатымі на цёплай шэрасці палоскамі. Мы вярталіся ў імклівай маторцы, над намі тарахцеў верталёт геолагаў, знаёмых старшыні калгаса, які вадзіў нас па гэтых мясцінах.

Там, дзе раней былі Бабровічы, цяпер растуць маладыя бярозы, буяе трава. З-за купіны выскачыў заяц. Пустэча.

У новых, адбудаваных на другім месцы, Бабровічах мы зноў, як і ў іншых паселішчах, як і ўчора і пазаўчора, запісвалі расказы ацалелых.

Высока зверху — над светлым пакоем калгаснай бібліятэкі, дзе мы слухалі людзей, над новай вялікай вёскай, над усім гэтым азёрна-лясным кутком заходняга Палесся — да самых касмічных арбіт жыве, бушуе ў сонцы наша перамога, у свеце наспяваюць новыя небяспекі, ідзе змаганне за тое, каб яны не прыйшлі.

А ўнізе, у глыбінях народнага жыцця, у жыццядайнай прастаце яго крынічаць раны памяці, якія нічым не загоіш…

Вось і яшчэ адна з гэтых народных ран.

Расказвае Барбарка, шасцідзесяцігадовая Барбара Адамаўна Слесарчук. Гаворыць з дзіўнай і сцішнаватай усмешкай — нібыта страшную казку, незвычайна далёкую, перажытую вельмі даўно. Гаворыць часамі амаль што зусім як казачніца — нараспеў, з паўторамі, што не здаюцца лішнімі, і па-мясцоваму — на трох ці на чатырох мовах адразу: беларуска-ўкраінска-руска-польскай.

«…Гэто як нас білі? Білі… Ажно цяжко расказваць…

Хазяіна ўпэрэд забілі. Зажглі ў клуні. Я так перабалела. Чацвёра дзяцей, пятым была бярэменна. Запалілі часоў у пяць, пад вечар. Немец прыйшоў, выгнаў. Адзін мой хлопец пасвіў скаціну, а трое са мною. Мая хата была туды далей, дзе цяпер калгасны двор. Немец прыйшоў, выгнаў. Сабраліся мы ў хату, баб пятнаццаць. Немцы ідуць, абгледзелі. Бабы сядзяць, як бы оўцы, у хаце. Думалі: можа, толькі мужыкоў пабылы, а жанчын не будуць біць. Адна, Астапава маці, кажа:

— Нас жывых запаляць. Не схацеў нас пабыты немец. Жывых папаліць.

А я выйшла з хаты:

— Уцякайма, жанчыны, уцякайма!..

А дзве дзевачкі ў мяне і мальчык. Оны, бабы, не схацелі ўцякаці, а я і пайшла.

Немцы стаялі, кругом сэло цэп'ю абнялі, тут цэп і там цэп, і па сяле хадзілі немцы. Так много. Я выйшла на кусты ў Багацце. Я не думала жыць. Але думала, куб ён не глядзеў, куб нам от так чэрапа паздымала, куб мы сваю смерць відалі.

— Бяжэдм туды, куб мы не бачылі смерці! Дзе куля ў галаву люб у плечы, — кажу, — нам пападзе, то легчэ нам, а то так трудна дажыдаць вот, каб нас білі. От, каб мы відалі сваю смерць…

Ніхто не схацеў, а я ўзяла і сама пабегла. Я пабегла, пачала бегчы з Астапавага двара, нашага суседа. Ад таго суседа пабегла, а ўжо людзей кулямётам сякуць — і з таго канца, і з таго, людзі падаюць, падаюць… Ужэ і ногі мае не пабяжаць, куды ўжэ мне бяжаць — узяла я пад сараем лягла.

Так сарай, і так сарай, і так, а я лягла за калодцэм. Дзяцей панакутвала лебядой, панакутвала, вот і ляжу я, і ляжу… Ажно немцы там ці паліцыянты, толькі вады нап'юцца ды: «А-а-ах!» — скажа. А я ляжу, ляжу, ляжу… Кулі свішчуць, ляцяць. Ну, мяне ўбіла! Слышу — не, ніц не больна. I ляжу, і ляжу…

I вот дзеці мае. Мальчык — два гады было Васілю. Не заплакаў! Маленькі — два гады, тыждзень было на трэці.

— Мамо, — кажа, — уцякаймо, уцякаймо! Нас, мамо, не заб'юць!

— Ох, — кажу я, — сынок, зараз бегчы пакінем, адкінем ногі ў тую старану і ў тую, пакінем белы свет, святая нядзелька. Зара паб'юць, зара.

— Не, мамо, нас не паб'юць!..


Гэта ж два гады!.. О, ён і сёння слесарам у мяне на ГРЭСе работае. Такі чалавек!..

А тая дзевачка, шэсць год, кажа:

— Вот відзіш, мамо, дажэ мальчык гаворыць, што нас не паб'юць. Убэгаймо!

От і пабеглі. Пад сараем ляглі…

От так, цямнець стало. Як огні, лямпы запальваюць. Ляжымо. Немец одного сарая падпаліў. Спічкамы. Опяць одного, бачу я, спічкамы. У сіняй адзежы два немцы стаяць. Ляжу, ляжу, ляжу, ляжу… З дзецьмі ляжу, ляжу, і — маўчаць! Это так от! — абы мне не пагібнуць, ці што? Малы хлопец і не заплакаў! О!..

I так от ляжу! Ажно там гарыць крыша. Згарэла. I немцы стаяць два. Бы стаўбы сінія. I сцены пачалі гарэці. I пачала ўжо зямля гарэці. Гэто каля самай зямлі тое зелле пачало гарэці. А я ўсярэдзіне ляжу. I студава мне пячэ, і студава мне пячэ. Гэто благадара, што, бывала, тчэм сукно з авэчак, зам'ятае. Такэ, было, пальто злажыла. А колі б я ў кофтачцы была — згарэла б. Толькі платка скінула, косы ўсе абсмаліліся. А тут от мне пальто шкварыцца, гарыць, а я яго то пяском, то так. Дзевочка, чатыры гады, вішчы-ыць! — спэклася. А я ўжэ то так, то так. От-от-от погыбаю! От я погыбаю. А воны стояць, немцы. Не хацела, каб забыло мяне ляжачую. От, мусово мйе на немца ўзайці, каб мяне ўжэ гэта ўбіў. Ужэ няма спасення — пэчэ. Хай, думаю, заб'е. Толькі ўстану на немца ісці — о, два стаяць, — дзеці завішчалі, а я — бух, упала. Так і ляжу.

I так от, памаленьку, так от