Завеі [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

на вар'ята глядзяць. Кум мой, Сцяпан, кажа:

— Здурэў, браце. Hixтo на тваю Андрэеўшчыну ўжо тры дні не ездзіў, якраз пошту тады прывезлі. Паштар i зараз тут начуе, назад дарогі не было. I да гэтага дні чатыры не ездзілі. Сцягвай шынель, кладзіся, cпi, можа, заўтра лепей будзе. Я такой завipyxi за пяцьдзесят год жыцця не бачыў.

— Эге, — кажу, — спецыяльна я ехаў сюды, каб з вамi тут начаваць, радасць якая! Дурны я, ці што?

— Відаць, што дурны.

Выцягнуў я тады з чамадана компас (выменяў яго за пайку махры — добры компас, фінскі, — а я паляўнічы, мне патрэбна), паклаў у Сцяпана ўсё непатрэбнае i пайшоў. Ён мяне паспрабаваў затрымаць, але я вырваўся, ён слабейшы за мяне.

Пакуль ішоў станцыяй, было даволі добра. У зацішку за хатамі дарога хоць трошкі прабітая. А пасля, адразу за мастом, ударыў мяне вецер, панёс. Лятуць з неба белыя пчолы, круцяцца, падаюць на зямлю. Добра хоць, што завіруха тpoxі сціхнула, і гэта ўжо проста вялікі снегапад з рэзкім ветрам, i можна што-небудзь заўважыць наперадзе.

Iду па тэлеграфных слупах, а часам, калі з гэтага месца снег задзьмухала, бачу апалены палын на мяжы, быльнёг i рэдкія лазіны. Горача мне стала хутка, бо снег добра, калі вышэй калена. Адмахаў вёрст пяць, калі пачало цямнець. Спачатку снег стаў фіялетавым, пасля сінім, потым проста белым, i амаль не адрозніш, дзе сумёт, а дзе яма… Плыву па гурбах, як карабель па хвалях. Цяжка стала. Сеў. Паглытаў трохі снегу, хоць ведаю — нельга.

І ўсё ж iдy. Прайшоў палову дарогі, да вёскі Шкароўшчына, i ў поўнай цемры ўваліўся ў хату да знаёмых, белы, як здань. Там нават спудзіліся, бо жанчыны адны былі, а гаспадар паехаў да брата, у маю вёску, i дагэтуль яго няма.

Я глытнуў вады, пасядзеў трохі i, хоць як ні трымалі, пайшоў далей. І дрэнна зрабіў, бо размарыўся ў цёплым i асавеў. Толькі мінуў старыя вербы ля весніц — як з вяроўкі падвей сарваўся: паляцелі ўжо не пчолы, а вераб'i снежныя. Нясе, мяце, а я толькі ад ветру трохі закрываюся. Хутка снег стаў мне амаль па пояс, шынель прадзьмула, рукі пачалі калець. I нават калені сагнуць нельга, так холадна.

Ciвep! Ciвep!

Расціраю шчокі, нос — амаль не дапамагае, хвілін на пяць толькі. Ах, які вецер, які жахлівы вецер! Хутка я нават паўзці пачаў, але зноў выдраўся на ўзлобак i пайшоў хутчэй. Чамадана не кідаю. А вецер, як назнарок, кідае мне за каўнер цэлымі жменямі снег, здзекуецца, мярзотнік. Смяецца нават, калі вые.

Хутка ногі мае пачалі правальвацца, i я зразумеў, што дарогі пад iмi ўжо няма. Іду па компасу i не ведаю, цi правільна іду. I, галоўнае, страшна, бо мясцовасць наша няроўная, яры адзін за адным па левы бок ад дарогі, а я не ведаю нават, на які бок я выбіўся, на левы цi на правы.

Але iдy, сцяўшы зубы. Часам да плячэй снег, i я паўзу, паўзу, паўзу. Ат, чорт! На ўсякі выпадак прыкмеціў, што вецер мне дзьме спераду і трохі ў правую шчаку — мала што бывае.

Налез на хмыз, а на гэтым хмызе дрыжаць пад ветрам пяток чырвоных ягад шыпшыны, як кроплі крыві, быццам нават голле крывавымі слязьмі плача пад такім ветрам. А я ж чалавек, мне цяжэй. Узяў я ягаду, салодкая, разлезлася у пальцах. Не высахла чамусьці.

Дарогу я грунтова згубіў. Iду толькі па компасу. Думкі ў мяне пайшлі ўсё такія, што вось добра б у цёплую хату, добра гарэлкі шклянку выпіць. Да добрага такія думкі не даводзяць.

Ледзь я другую шклянку паспеў да губ паднесці, як пачуў, што глеба ў мяне пад нагамi абарвалася i я кудысьці лячу. Доўга ляцеў i рэзнуўся ў такую гурбу, што зарыўся з галавою. Не ведаю, дзе верх, дзе ніз. Лезу кудысь i яшчэ глыбей правальваюся.

Яр.

Пачаў я патроху падмінаць пад сябе снег. Доўга падмінаў і нарэшце выбраўся на паверхню, нішто больш не лезе ў вочы. Чамадан у руцэ i ўверх, наколькі вока бачыць, гліністая цёмная сцяна. Што ж рабіць? Мацаю рукамі — так, трапіў у яр. Дзе ж яго пачатак, каб вылезці, бо калі пойдзеш у другі бок, то можаш пяць вёрст icцi i ўсё будзе яр. Пачаў думаць. Бачу, ля самых вачэй танюсенькія прамыіны, дзе вясной беглі струменьчыкі вады. І ўсе гэтыя прамыіны ідуць з правага верхняга боку ў левы ніжні. Думаў, думаў i вырашыў, што няйначай яны таму так ляжаць, што струмкі беглі ў тым напрамку, куды i яр ідзе, бо вада бегла ў повень менавіта туды. А ці так гэта — не ведаю.

І папоўз я ў супрацьлеглы бок. Гадзіну поўз, напэўна, правальваючыся, вылязаючы, як дзікі звер. І чалавечага ў постаці маёй, напэўна, нічога ўжо не было. А выйсця ўсё няма. Я поўз, паклаўшы грудзі на чамадан, i ён так-сяк трымаў мяне.

Але вось i сіл не стала. Я вырашыў адпачыць. Скурчыўся, сеў, і нечакана пачалі да мяне думкі розныя прыходзіць і мары. Вось я на санях пад'ехаў да брамы, развярнуў ix. Бацька выйшаў, каб распрэгчы, а я хутчэй у хату. Там з мяне ўсё сцягнулі, і я шклянку "акавітай" хапіў і на печку, а на прыпечку ўжо каўбаса на патэльні шыпець пачынае: "кр-х-л, кр-х-л-л". І жонка да мяне быццам на печ узлезла, глядзіць на мяне светлымі, добрымі вачыма i кажа:

— Вася, пацалуй мяне.

І тут як стукнула мне:

"Божа, гэта ж я замярзаю. Як замерзнуць тут, у пяці вёрстах ад жонкі?! Хто ж мне тады такое скажа?"