Вока тайфуна. Апавяданні і аповесці [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Журналісты таксама, бо лаяць няма за што, а й хваліць дужа -таксама. І, вось глядзіце, мы суседзі, я сам бранскі воўк, а ні Балтыка, ні Поўнач, ні тутэйшыя мясціны з яго ніколі не вышыблі і не вышыбуць магілёўскага мужыка... Палова слоў, палова фраз - адтуль. А ён і жыў там без года тыдзень, дзесяць год, ды ў водпуск часам наязджаў. Гэта як зразумець, га?

Памаўчаў.

- Акцэнт незнішчальны... І вось што цікава, капітан, я такіх дактароў навук нават ведаў. Гэта ўжо ад натуры. Бываюць такія, што й тры універсітэты ім не дапамогуць. Ні французскі, ні рускі, ні нямецкі. Непрабівальныя мужыкі. У мяне знаёмы быў, таксама сусед, з-пад Барысава, з-пад Студзёнкі. Ну, той, дзе на Бярозе Напалеон армію пагубіў. Доктар навук, адзін з лепшых матэматыкаў у Саюзе, галава, тры гады ў Індыі выкладаў. Некалькі моў, у прыватнасці англійскую, як бог ведае. А "The" ў яго ўсё адно як "дзе" гучыць, а думае ўсё роўна па-барысаўску. Ведаеце, што ён адчудзіў, калі яго ў Парыж паслалі? Гуляў, убачыў калону Напалеона і з гэткім першабытным гумарком спытаў: "Што, падла, помніш Бярэзіну?"

Адмірал з капітанам засмяяліся і адышлі. Ды ён і без таго даведаўся зашмат. І хаця параўнанне з доктарам, які выкладаў у Індыі, палесціла Дубаўцу, у душы нешта ўсё ж варухнулася. Не зусім прыемнае. Што зробіш, калі галовы ва ўсіх розныя: у адмірала, капітана, доктара і ў яго? А значыцца, розны лёс. Той жа капітан Кулінчанка - Дубавец ведаў гэта - сказаў аб ім аднойчы так:

- Усё ў яго будзе ў ажуры. І тэхніку зберажэ, і людзей... да пэўнай мяжы. Наколькі гэта прадугледжана. Бадай што і не вышэй. Толькі наколькі самога хопіць. А людзі гэта чуюць.

Мічман у глыбіні душы адчуваў справядлівасць гэтых слоў. Усе так лічылі. А ўсе заўсёды маюць рацыю перад адным. Гэта ён чуў з самых малых год.

Ён зноў закурыў і, моршчачыся, пацёр ключыцу.

"І ўсё ж ён так і дажыве свой век на караблях, бо куды ж яшчэ? Карабель узяў яго тады, у вайну, калі ён, Сцяпан, паміраў з голаду. Узяў "сурова", бо разумеў, што бэсціць дарэмна нельга. Абразіцца хлопец: вайна. Не дзіця ж. У свае дванаццаць бачыў, што й летняму хапіла б. Але й свавольства рознага, накшталт "прадзімання макаронаў на камбузе" або "прыносу вядра сухой пары з машыннага аддзялення", таксама не было. Нельга: "сынок".

І ён прывык лічыць карабель адзінай суцэльнай істотай. Ад бака да юта з усімі машынамі, людзьмі, тралам гэта быў нібыта суцэльны арганізм, у якім кожная частка "неўзаемазамяняльная".

Любоў да людзей ён пераносіў на ваенную службу ўвогуле, бо людзі былі часткай гэтай службы, магчыма, лепшай. Дый пра занадта гучнае слова "бацькаўшчына" ён таксама, як здавалася яму, ніколі не думаў. Праўдзівей, думаў, але толькі як пра "службу бацькаўшчыне", дзе слова "служба" заўсёды стаяла на першым месцы, а другое слова было нібыта прыдаткам да яго.

Ну, так, ён, вядома ж, помніў цёмныя ад часу дошкі столі і сучкі ў іх, якія можна разглядаць гадзінамі, лежачы на печцы, помніў, як цягнуцца ўздоўж цвёрдай сцежкі беларукія бярозы і замшавыя асіны, як залацее за імі мора лубіну. Часам яго цягнула туды ў водпуск. Але што з таго? Цяпер над ім была снежная столь каюты, а заместа залатога мора - свінцова-сіняе, колеру "прускага блакіту", як не зусім дасціпна сказаў аднойчы "карабельны мастак" мінёр Анатоль Каня. Зямляк, "зямеля", як тут казалі, толькі што не з Магілёўшчыны, а аднекуль ці то з-пад Слоніма, ці то з-пад Шчучына.

Ён не ведаў, што гэтая так званая "бацькаўшчына" сядзела ў ім, магчыма, мацней, чым ва ўсіх тут. Як дрэва не ведае, што яно з зямлёю - адно. Магчыма, многія яго й не разумелі менавіта таму, хаця ён ніколі не падвёў іншага ні перад суседам, ні перад начальствам. Адны ставіліся да яго абыякава, другія - з сухаватай насцярожанасцю, трэція - нават з лёгкай непрыязню.

- Службіст... Сухар... Гумару няма.

А гумар у яго быў. Змрачнаваты. Толькі гумар гэты мала хто разумеў, бо і ён, гумар, у яго быў спецыфічны, магілёўскі, амаль неперакладальны. І валодаў ён толькі ім.

Пра чалавека з невядомым мінулым і няпэўнымі паводзінамі ў сучасным, якому, аднак, даверылі важлівую справу, ён мог сказаць:

- Прыйшоў сюды з катніх рук, а ты яму вер.

І мог сказаць, убачыўшы матросаў, што ідуць у лазню:

- Патопалі хлопцы на голы банкет.

Толькі аднойчы ён быў здзіўлены. Гэта тады, калі, падарваўшыся на міне, ляжаў у шпіталі. Столькі яму, здаралася, нацягвалі падарункаў. Ён, дужа стрыманы, быў крыху падазроны да праяў чужых пачуццяў.

Але пасля ён і для гэтага знайшоў палічку. Так, не дужа любяць, але, мабыць, крыху паважаюць, бо ніколі не быў з пароды "сачкоў", ніколі не перакладаў сваёй работы на чужыя плечы. Наадварот, браў частку яе з нязвыклых, слабых плячэй на свае. Без работы ў жыцці што ж? З нудоты апруцянееш.

Ну, і потым "на службе ведь пострадал", як жа не зайсці. ...Агарошыў яго і выклікаў поўнае непаразуменне толькі адзін падарунак, бо ён не лез ні ў якія рамкі. Ён служыў тады на іншым тральшчыку, і вось ягоны мінёр Більдзюкевіч, таксама "зямеля", заўсёды расхрыстаны ва ўсім, акрамя работы, лабідуда і недалуга