Малады англічанін [Вільгельм Гауф] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тут ён і яго дзядзька. Але брамнік запэўніў, што мова была не французкая і не італьянская, па вымаўленні ж, здаецца, ангельская, і калі ён не памыляецца, малады пан прамовіў “God dam!” Вось такім чынам брамнік так-сяк выкруціўся сам і праславіў юнака, бо цяпер уся гаворка ў гарадку была толькі пра маладога англічаніна.

Але і малады англічанін не паказваўся на людзі – ні на кегельбане, ні ў шынку. Затое ён ствараў людзям праблемы іншым чынам... А вось як: часта здаралася так, што са звычайна ціхага дома прыезджага чуліся жудасныя крыкі і шум, так што народ тоўпіўся перад домам, гледзячы на вокны. Там можна было ўбачыць маладога англічаніна, апранутага ў чырвоны фрак і зялёныя штаны, з ускудлачанымі валасамі і жудаснай грымасай, які неверагодна хутка прабягаў каля вокнаў туды-сюды па ўсіх пакоях; стары пан ганяўся за ім у чырвоным халаце з бізуном у руцэ, махаў ім, часта прамахваўся, але часцяком, здавалася натоўпу, бізун усё-такі наганяў юнака; адтуль да людзей даляталі пужліва-жаласныя ўскрыкі і хвосткія ўдары бізуна. Гэтыя жорсткія адносіны да невядомага маладога чалавека так балюча закранулі жанчын гарадка, што яны нарэшце прымусілі бургамістра ўмяшацца ў гэтую справу. Ён напісаў прыезджаму пану запіску, у якой у даволі рэзкіх выразах вінаваціў яго ў недапушчальным абыходжанні са сваім пляменнікам і пагражаў яму, што калі такія сцэны паўторацца яшчэ, ён возьме маладога чалавека пад адмысловую апеку.

Але якім жа вялікім было здзіўленне бургамістра, калі да яго ўпершыню за дзесяць гадоў прыезджы заявіўся сам! Стары пан патлумачыў свае паводзіны асаблівым даручэннем бацькоў хлапца, якія аддалі яму яго на выхаванне. Паводле словаў пана, гэта ўвогуле разумны, прыстойны хлапец, але яму вельмі цяжка даецца мова; ён жа такім чынам хоча навучыць свайго пляменніка бегла размаўляць па-нямецку, каб той адчуваў сябе вольна і быў потым прыняты ў грамадстве, ды мова даецца таму з такой цяжкасцю, што часта без добрай лупцоўкі бізуном ніяк не абысціся.

Бургамістр такім тлумачэннем застаўся цалкам задаволены, параіў старому ведаць меру, а вечарам у шынку апавёў, што рэдка сустракаў такога дасведчанага, прыстойнага чалавека, як гэты прыезджы:

– Шкада толькі, – дадаў ён, – што ён так мала бывае на публіцы; але я думаю, што калі яго пляменнік крышку загаворыць па-нямецку, ён будзе ў мяне больш частым госцем.

І гэты адзіны выпадак цалкам змяніў погляды гарадка. Прыезджага пачалі лічыць прыстойным мужчынам, прагна жадалі больш блізкага знаёмства з ім і лічылі абсалютна нармальным, што тады-сяды ў гэтым пустэльным доме ўсчынаўся страшэнны крык. “Ён дае свайму пляменніку ўрок нямецкай мовы”, – гаварылі грунвізэльцы і больш не запыняліся каля дома.

Недзе праз тры месяцы ўрокі нямецкай мовы, мусіць, скончыліся, і стары прасунуўся наперад яшчэ на адзін крок. У гарадку жыў нямоглы стары француз, які вучыў тутэйшую моладзь танцам. Яго запрасіў да сябе прыезджы і сказаў, што хоча навучыць свайго пляменніка танцаваць. Ён сцвярджаў, што пляменнік хоць і вельмі здольны, але што да танцаў, то крыху наравісты; ён, праўда, ужо вучыўся танцам у іншага настаўніка і авалодаў такімі адмысловымі турамі, што выступать з імі на людзях нават неяк няёмка. Пляменнік жа лічыць сябе менавіта з гэтай прычыны выдатным танцорам, хаця яго танцы не маюць нічога агульнага з вальсам ці галопам і нават зусім не падобныя да экасэза ці франсэза. Ён, між іншым, паабяцаў плаціць адзін талер за гадзіну, і танцмайстар з задавальненнем згадзіўся вучыць наравістага выхаванца.

У час гэтых урокаў, як пад сакрэтам сцвярджаў француз, здараліся такія дзівосы, якіх свет не бачыў. Пляменнік, даволі высокі, гонкі, але з караткаватымі нагамі малады чалавек, выходзіў у чырвоным фраку, прыгожа паголены ды пастрыжаны, у шырокіх зялёных штанах і глянцавых пальчатках. Ён размаўляў мала і з іншаземным акцэнтам, спачатку быў даволі паслухмяны і прыстойны. Але затым ён пачаў скакаць з дзікімі грымасамі на твары, рабіў самыя смелыя антраша, ды так, што танцмайстар аж траціў мову і здольнасць бачыць. Калі ж ён спрабаваў ушчуваць вучня, дык той сцягваў з ног шыкоўныя балеткі, шпурляў імі, цэлячыся ў галаву французу, і гойсаў па пакоі на карачках. Пачуўшы такі шум, стары пан раптам выбягаў у чорным шлафроку і каўпаку з залацістай паперы на галаве са свайго пакоя і пачынаў бязлітасна лупцаваць пляменніка бізуном па спіне. Тады пляменнік жудасна ўзвываў, ускокваў на сталы і высокія камоды, нават на аконныя карнізы і штосьці гаварыў на невядомай дзіўнай мове. Але стары не даваў яму паслаблення, хапаў яго за нагу, сцягваў уніз, дубасіў як след, і з дапамогай спражкі заціскаў яму шчыльней хустку на шыі, пасля чаго той рабіўся зноў прыстойным і паслухмяным, а ўрок танцаў праходзіў далей без перашкод.

Калі ж танцмайстар давёў свайго навучэнца да таго ўзроўню, калі на ўроку можна было ўжо ўжываць музыку, пляменніка як падмянілі. Нанялі гарадскога музыку, які павінен быў сядзець на стале залы ў пустэльным доме.