Пачвара [Альфред Элтон Ван Вогт] (fb2) читать постранично, страница - 8


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Чатырыста мiльёнаў зорак ззялi, быццам у акуляры гiганцкага тэлескопа, здольнага ўлоўлiваць нават мiганне чырвоных карлiкаў, аддаленых на трыццаць тысяч светлавых гадоў. Вiдэаэкран быў дыяметрам дваццаць пяць ярдаў - такiх тэлескопаў проста не iснавала нiдзе, i да таго ж у iншых галактыках не было столькiх зорак.

I толькi адна з кожных двухсот тысяч зiхатлiвых зорак мела прыдатныя для засялення планеты.

Менавiта гэты факт каласальнага значэння прымусiў iх прыняць фатальнае рашэнне. Iнэш стомлена абвёў усiх вачыма. Калi ён загаварыў, голас яго быў спакойны:

- Пачвара разлiчыла цудоўна. Калi мы паляцiм далей, яна паляцiць разам з намi, завалодае ўваскрашальнiкам i вернецца даступным ёй спосабам на сваю планету. Калi мы пакарыстаемся накiраваным прамянём, яна рушыць уздоўж прамяня, захопiць уваскрашальнiк i таксама вернецца да сябе раней за нас. У любым разе, перш чым нашы караблi даляцяць да планеты, двухногi паспее ажывiць дастатковую колькасць сваiх супляменнiкаў, i тады мы будзем бяссiльныя.

Ён скалануўся ўсiм целам. Разважаў ён правiльна, i ўсё ж яму здавалася, што недзе ў яго думках ёсць прабел. Iнэш павольна гаварыў далей:

- Цяпер у нас толькi адна перавага. Якое б рашэнне мы нi прынялi, без машыны-перакладнiка ён пра яго не даведаецца. Мы можам выпрацаваць план, якi застанецца для яго тайнай. Ён ведае, што нi мы, нi ён не можам узарваць карабель. Нам застаецца адзiнае выйсце. Адзiнае.

Капiтан Горсiд парушыў цiшыню:

- Дык вось, я бачу, вы ведаеце ўсё. Мы ўключым рухавiкi, узарвём прыборы кiравання i загiнем разам з пачварай.

Яны абмянялiся паглядамi, i ў вачах ва ўсiх быў гонар за сваю расу. Iнэш па чарзе дакрануўся шчупальцамi да кожнага.

Праз гадзiну, калi тэмпература ў зоркалёце адчувальна паднялася, Iнэшу прыйшла ў галаву думка, якая прымусiла яго рушыць да мiкрафона i выклiкаць астранома Шуры.

- Шуры! - крыкнуў ён. - Успомнi, Шуры, калi пачвара абудзiлася i знiкла... Ты памятаеш? Капiтан Горсiд не мог адразу прымусiць тваiх памочнiкаў знiшчыць лакатары. Мы так i не папыталiся ў iх, чаму яны марудзiлi. Папытайся ў iх! Папытайся цяпер!..

Маўчанне, потым голас Шуры слаба данёсся праз грукат перашкод:

- Яны... не маглi... пронiкнуць... адсек... Дзверы... былi замкнёныя.

Iнэш мяшком асеў на падлогу. Вось яно! Значыць, яны ўпусцiлi не толькi адну дэталь! Чалавек ачуняў, усё зразумеў, стаў нябачны i адразу рушыў на зоркалёт. Ён адкрыў тайну лакатара i тайну ўваскрашальнiка, калi толькi не агледзеў яго ў першую чаргу. Калi ён з'явiўся зноў, ён ужо ўзяў у iх усё, што хацеў. А ўсё астатняе спатрэбiлася толькi для таго, каб штурхнуць iх на гэты акт адчаю, на самазабойства.

Цяпер, праз некалькi iмгненняў ён пакiне карабель у цвёрдай упэўненасцi, што хутка нi адна чужая iстота не будзе ведаць пра яго планету, i ў такой жа цвёрдай упэўненасцi, што яго раса адродзiцца, будзе жыць зноў i больш ужо нiколi не загiне.

Узрушаны Iнэш захiстаўся, чапляючыся за рыклiвы прыёмнiк, i пачаў выкрыкваць у мiкрафон апошняе, што ён зразумеў. Адказу не было. Усё заглушаў роў неверагоднай, ужо некiроўнай энергii. Гарачыня пачала размякчаць яго бранiраваны панцыр, калi Iнэш, запiнаючыся, паспрабаваў дабрысцi да сiлавога рэгулятара. Насустрач яму рванулася барвовае полымя. Крычучы i ўсхлiпваючы, ён кiнуўся назад да перадатчыка.

Некалькi хвiлiн пасля ён усё яшчэ нешта пiшчаў у мiкрафон, калi магутны зоркалёт нырнуў у жудасны горан бела-сiняга сонца.