Заклінаю ад кулі [Уладзімір Дамашэвіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Шчасце не месцілася ў грудзях у старое Хвядоры...

Толькі сцямнела, як нехта затупаў у сенцах, адразу знайшоў клямку і пераступіў парог.

— Добры вечар... Хто тут жывы? — спытаў мужчынскі голас.

Маці адразу пазнала гэты голас, хоць быў ён нейкі прастуджаны, хрыпаты, нават нясмелы. Яна кінулася да сына.

— Антоська, дзіцятка маё роднае... І ты прыйшоў! Слава госпаду! І нідзе нічога, цэлы, не паранены? — ужо з трывогаю ў голасе пыталася яна, не выпускаючы яго з абдымкаў і цалуючы ў калючы аброслы твар.

Усе ў хаце заварушыліся. Шарая гадзіна скончылася ў адзін момант. Увішны Васіль пачаў шукаць запалак на прыпечку, каб запаліць лямпу, але Кірэй, старэйшы і больш разважлівы, перабіў яго і сказаў матцы:

— Завесь вокны, маці. Люба, памажы.

Маці з дачкою пачалі збіраць дзяружкі. Пакуль яны вазіліся з вокнамі, Кірэй падышоў да брата, страсянуў яго руку, прытуліў да сябе і моцна пастукаў яго па плячах, нібы прабуючы на слых, які гук выдае яго цела — ці здаровае, ці не трупціць.

— Як маешся, братка? — радасным голасам, у якім чуваць былі слёзы, спытаў ён малодшага брата.

— Кірэй... Як ты вырваўся адтуль, з таго пекла? — Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата.— Адзін нос у цябе застаўся, ды і той яшчэ больш загнуўся і высах. Мусіць, соладка прыйшлося...

— Усяго хапіла.

Тым часам маці з дачкою завесілі вокны: тры акны — дзве дзяружкі і цёплая хустка. Васіль дрыжачымі рукамі запаліў лямпу.

— Знаёмцеся,— жартаўліва сказаў Кірэй і стукнуў Васіля па плячы.

Кірэй, высокі, тонкі, з кручкаватым носам, з-пад насупленых чорных броваў любаваўся сваімі малодшымі братамі, якія былі амаль аднаго росту, толькі Антось быў шырэйшы ў плячах і паясніцы, а Васіль яшчэ не паспеў акрыяць — яму ішоў дзевятнаццаты год.

Маці, спяшаючыся, збірала на стол.

— А гэтую паненку пазнаеш? — зноў жартам сказаў Кірэй, падводзячы да Антося Любу, якая стаяла ля парога і нібы баялася парушыць радасць сустрэчы.

Антось развёў рукі, абхапіў Любу і падняў чуць не да столі.

— Вяліка расці! — ён засмяяўся, лёгка паставіў яе на ногі і сказаў да Кірэя: — Я то што — бачыў іх якога паўгода назад, а ты? Гэта ж, здаецца, якраз чатыры гады. Ці пазнаў іх?

— А як жа. Адна парода...

— Ну, чаго вы пасталі сярод хаты, як слупы,— сярдзітым голасам, як некалі на малых, закрычала маці.— Хлопец, можа, не еў тры дні, а вы балабоніце абы-што. Садзецеся за стол, будзем вячэраць.

Антось скінуў стары пінжак, закасаў рукавы картовае рубашкі. Люба палівала яму на рукі, а ён нагінаўся да самага цабэрка са свіною бульбаю і пырхаў, цёр шыю і аж крактаў ад асалоды. Пасля доўга выціраўся перабіраным ручніком, які маці знарок для яго дастала з кубла, з самага дна.

— Барада ў цябе, як у партызана,— абазваўся першы раз Васіль і пачырванеў.— Можа, хочаш пагаліцца? Я зараз прыбяру ўсё,— сказаў ён Антосю.

Але зноў умяшалася маці.

— Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Я ось табе зараз пагалюся. Паспее, хай павячэрае.

«Як у партызана»,— паўтарыў сам сабе Антось і спытаў:

— А ці ты бачыў тых партызанаў, што кажаш пра бараду?

Васіль збіраўся нешта сказаць, але Кірэй апярэдзіў яго.

— Ён мне галаву прадзёўб сваімі партызанамі. За гэтыя два тыдні, што я тут, ён спакою не дае — хадзем і хадзем. Кажа, тут блізка, у Налібоках. У Подзішчах бываюць, але толькі праездам — малы лес, баяцца.

Маці адразу насцярожылася. Ёй заўсёды рабілася не па сабе, калі сыны заводзілі такую гутарку. Ці мала яны нагараваліся? А цяпер яшчэ самі шукаюць бяды на сваю галаву. Ах, сынкі, сынкі!.. Ці была яна хоць год спакойная за іх? Ні разу! Толькі стаў на ногі Кірэй — забралі паны ў турму за палітыку. Адсядзеў тры гадкі — пайшоў у салдаты. Тут вайна з немцамі — прапаў, як у ваду ўпаў. Праўда, пасля верасня трохі супачыла душою. Сыны Антось, Васіль, дачка Любка пайшлі вучыцца, хоць і цяжка было і гаспадарку весці і вучобу глядзець. Ды гэтыя паўтара гады прайшлі як адзін дзень. Зноў навала, яшчэ большая — немец вайною пайшоў. Серадольшага, Антося, узялі па прызыву яшчэ да вайны, а адступалі нашы — падаўся з імі самы малодшы, Васіль, яшчэ зусім дзіця, здаецца, нядаўна без портак бегаў. Як было мацеры пераносіць, што дзеці паразляталіся, быццам птушкі?

Але вярнуўся Васіль — адрэзалі іх, не далі прабіцца да сваіх. Ды ці доўга пасядзеў спакойна? Ачомаўся крыху — зноў за сваё: пайду ў партызаны...

Адно да аднаго. Тут праз які час вярнуўся Кірэй. Ці магла думаць старая маці, што ўгледзіць сына? Малая была надзея... Аднак сэрца яе як чула, што сын жывы, што, можа, і прыйдзе калі, але не верылася, што сама яна дажыве, дачакае тае пары. Гора падкошвае чалавека, як каса траву. Аж прыйшоў — адны косці ды скура, як труп, кульгавы, паранены. Кажа, адпусцілі... Ажно пасля прызнаўся, што ўцёк з нейкага канцлагера... Халера іх ведае. Усяго навыдумлялі на гэтага няшчаснага чалавека... Цяпер пачала думаць толькі пра Антося. Дзе ён, бедны, ці жывы? А Васіль колькі разоў падпорваў Кірэя: хадзем у партызаны. Тады маці пачынала плакаць, і Кірэй супакойваў яе, што нікуды пакуль што не пойдзе...

Ну вось, прычакала серадольшага, радавацца трэба... Але свет такі неспакойны. Ажні страшна. Усе тры сыны дома, хоць, праўда, першы раз за чатыры гады. І радасна і страшна. Людзі яшчэ пазайздросцяць, нагавораць, наклічуць бяду... Можа, і праўда, што свая хата — не абарона ад цяперашніх душагубаў...

Такі рой думак праплыў у галаве старой Хвядоры, пакуль сыны рассаджваліся за сталом, перакідваючыся жартамі.

Маці схамянулася. Яна падсунулася бліжэй да стала з маленькім услончыкам, і пасадзіла ля сябе Любку. Сыны сядзелі на лавах: Антось на покуце справа, Кірэй — злева, а ля яго — Васіль.

— Ну, Кірэй, налівай. Была ў мяне пляшка гарэлкі, на лякарства хавала,— нібы апраўдвалася маці, што ў яе ёсць такі скарб.

Кірэй, звесіўшы галаву, круціў у трубку край настольніка, відаць, аб нечым думаў, бо твар яго быў задуменны і нават суровы: бровы насуплены, над пераноссем папярочная маршчына. Ён не пачуў, што маці сказала яму, і прадаўжаў свой занятак.

Антось здзіўлена паглядзеў на брата: мо ён не рад, што патурбавалі? Антось сам быў рады, што пабачыў сваіх, але на сэрцы было неспакойна. Яму карцела адно: як паставіцца Кірэй да таго, што меўся яму сказаць Антось? Уласна кажучы, для гэтага ён і прабіраўся сюды, хоць яго і папярэджвалі таварышы. Нават сам камандзір сказаў: «Ты рыскуеш галавою. Ці прывядзеш сюды брата — гэта яшчэ невядома. А што мы можам страціць цябе — гэта больш верагодна. Праўда, я хацеў бы, каб было так, як ты кажаш...» А Антось тады крыху самаўпэўнена адказаў: «Як пашанцуе, то прыйдзем траіх». Гэта ён меў на ўвазе Васіля. Вось хутка будзе відаць. Маці... Шкада яе адну пакідаць...

Васіль таксама быў неспакойны. Ён ведаў, што слова Антося будзе рашаючае, і таму з нецярпеннем чакаў, пакуль той пачне гаварыць. Ён здагадваўся, што Антось прыйшоў не з нямецкага палону — выгляд у яго быў не той, што ў людзей, якія выпадкам вырываліся адтуль. Від у яго быў самы звычайны, як ва ўсякага вясковага хлопца. Хутчэй за ўсё гэта знарок, каб не кідацца ў вочы немцам. У яго нават валасы адгадаваны — грыўка на два пальцы, якую ён прыгладжвае набок.

Спакайней за ўсіх з твару выглядала Любка, хоць яна круцілася ўвесь час і не магла ўседзець на адным месцы. Яна то шукала яшчэ аднаго нажа, які недзе заваліўся, то дасыпала солі на сподак, то клала каля кожнага лусту чэрствага хлеба. Яна яшчэ не паспела падумаць: а што будзе далей, не адышла ад наплыву радаснага ўзбуджэння.

— А дзе гэта наш сабака? — ні з таго ні з сяго спытаў раптам Антось.— Я ішоў, і ён не азваўся.

— Гэта ж прапаў недзе, сынок мой,— пачала скардзіцца маці.— Неяк услед, як Кірэй прыйшоў. Усё выў па начах, і да гэтага выў, а цяпер зусім збег. Я ўсё баялася, што на бяду якую, ажно, хвала богу, яшчэ прыбытак у хату...

— Прыбытак гэты, мама, ненадоўга,— уставіў слова Антось.— Я вось зараз вам усё скажу, таіць няма чаго... Ну, пускайце чарку. Мама, вы налівайце, чаго там. Кірэй нешта задрамаў.

Маці наліла ў шклянку некалькі кропель, а пасля, падумаўшы, прыбавіла яшчэ.

Як памятаў Антось, маці ніколі не падымала чаркі, каб не блаславіць усіх, хто сабраўся за сталом. Гэта быў для яе нейкі ўрачысты момант, калі яна азіралася на пражыты час, рабіла свае вывады, падагульненні, планавала наперад. Можа, гэта тлумачылася тым, што яна даўно была гаспадаром і гаспадыняю ў гэтай, хоць беднай, але ўласнай, хаце і думала заўсёды, як лепш выкруціцца з бяды. А можа, яшчэ і таму, што рэдка даводзілася падымаць чарку — толькі ў самыя значныя часіны, калі без чаркі грэх сесці за стол.

Вось і цяпер яна трымала ў амаль што чорнай, спрацаванай руцэ да паловы налітую шклянку і гаварыла, абводзячы ўсіх вачыма:

— То дзякаваць богу, што я перад смерцю сваёю ўгледзела вас усіх.— Тут яна змахнула левай рукою слёзы з вачэй, супакоілася і працягвала: — Не думала я вас бачыць, сынкі мае, не думала. Зусім я аслабела ад рознага ліха. Як з мяне хто кроў выпусціў... Хацелася б мне яшчэ прычакаць дзетак вашых.— Яна зноў заплакала, выцерла рогам настольніка пачырванелыя вочы. Шклянка гойдалася ў яе руцэ.— Тады я ўжо спакойна памерла б... То будзьце здаровыя, дзеткі. Дай бог, каб скарэй згінула гэта праклятая навала, каб мы яшчэ зажылі па-людску. Будзь здаровы, Кірэй.

— На здароўе! — адказалі ўсе хорам.

— Дай бог,— дадаў Кірэй сур’ёзна.

Маці выпіла, а кроплю з дна падкінула пад столь над галавою. Чарка пайшла да Кірэя, пасля да Антося; Васіль аднекваўся, але яго прыціснулі, Любка таксама доўга крывілася, але і яна памачыла вусны.

Мала-памалу завязалася размова. Гаварылі пра гуркі, што зрадзілі ў гэтым годзе, што мала бульбы накапалі — не будзе чым карміць парасяці, пра паляндвіцу і сала, што пазычалі, калі прыйшоў дадому Кірэй, і што пазычанае ідзе, як гарыць.

Аднак за гэтым ціхім нязначным абменам думак таілася чаканне нечага больш важнага і непазбежнага, што павінен быў сказаць Антось. Той разумеў, што чакаюць яго слова, але не ведаў, з чаго пачынаць.

— Дык вы здагадваецеся, што я прыйшоў да вас з партызанаў? — спытаў ён, бо адчуў, што цягнуць далей няма сэнсу.

Маці і Любка былі ашаломлены навіною. Затое Кірэй і нават Васіль успрынялі яго словы, як мужчыны. На іх тварах, здавалася, так і было напісана: нас нічым не здзівіш. Толькі ў вачах у Васіля заскакалі вясёлыя агеньчыкі.

Пасля кароткай паўзы загаманілі ўсе разам.

— А чаму ж ты без стрэльбы? — першая выпаліла Любка.

— Дык гэта такі праўда, што яны па лясах хаваюцца? — спытала маці, апамятаўшыся.

— Як жа цябе пусцілі адтуль? — гэта ўжо голас мужчыны, Васіля.

— І чаго ты ішоў за блізкі свет? — таксама трывожна і насцярожана спытаўся Кірэй.

Антось думаў, каму першаму адказваць, і пачаў з Кірэя, з канца.

— Пацягнула дадому, сам павінен ведаць. Але не гэта галоўнае. Дачуўся я ад аднаго чалавека — ён з нашага боку, з-пад Лані,— што ты вярнуўся. Ён не сказаў дакладна, ці ты ўцёк, ці цябе адпусцілі. Я падумаў: калі адпусцілі, дык толькі паміраць, а калі ўцёк, то рана ці позна зноў трапіш у іх лапы. Вось і захацелася глянуць на цябе — гэтулькі не бачыліся.— Антось спыніў позірк на Кірэю.— Глядзі, які ты: галава белая, як у мельніка. Калі ты паспеў? — Яму ніхто не адказаў, і ён гаварыў далей: —Тут яшчэ...— Антось на момант замяўся: казаць ці не? — Сувязь трэба было наладзіць з нашым чалавекам, яго брат у паліцыі ў Клецку служыць... Ну, і вас усіх захацелася пабачыць. Проста не знаходзіў сабе месца, аж надакучыў камандзіру, пакуль дастукаўся.— Антось вінавата ўсміхнуўся і паглядзеў на матку.

Яна зноў выцірала настольнікам вочы, прыгнуўшыся да стала. Пасуравеў твар рухавае Любкі, а Васіль неяк увесь напружыўся.

— Як жа ты туды трапіў, да партызанаў? Проста з арміі? — у голасе Кірэя была несхаваная цікаўнасць.

— Каб жа проста, а то бо крыва — з палону...

— А сыночак, і ты там быў, дзе Кірэй? — маці ўспляснула рукамі і шырока адкрытымі вачамі пазірала на сына.— Еш ты, чаму ты не ясі? Цябе ж там голадам марылі. Людзі, як мухі, падалі. Мы чулі тут, і да нас заходзілі салдацікі, хто сумеў уцячы з-за дроту ці як...

Маці пачала падсоўваць сыну хлеб, сала, закамандавала Любе прынясці малака, яек.

— Малачка салодкага выпі, адразу ажывеш. Выпі, сынок, выпі.

— Не, мама, баюся салодкае піць. Даўно не ўжываў, адразу што рыцына.

— Ну то кіслага... Любка, чаго ты ўсё круцішся без толку, падай яму малака, чуеш?

— Ды не турбуйцеся, я не такі і галодны. Палуднаваў якраз у пару.

Яшчэ раз зрабілі па чарцы. Маці перастала есці, пазірала на Антося, падганяла яго, падкладвала хлеба і ўсё прасіла, каб еў.

А ён жаваў без ахвоты і расказваў:

— ...Нашу часць разбілі пад Лясною, за Баранавічамі. Хто змог — уцёк, а нас, чалавек пятнаццаць, што ад роты засталося, абкружылі. Адбіваліся, пакуль былі патроны і гранаты, спрабавалі нават прарвацца. Не выйшла... Зграблі нас... Сілаю вінтоўкі з рук вырывалі... Пасля — за дрот. Голад, смерць. Сёй-той спрабаваў уцякаць. Прыстрэльвалі. Месяц я прабыў за дротам, а пасля нас, вялікую групу, пераганялі на новае месца. Меліся недзе адвозіць. Я то думаў уцячы, і кожны думаў, але ўсё чакаў выпадку, каб не проста чорту ў зубы трапіць... А ўцёк, можна сказаць, зусім выпадкова. Мог і косці даўно парыць...

У хаце было ціха. Толькі на столі бзынкалі мухі, мастаколячыся нанач. Усе пазіралі на Антося, як зачараваныя. А ён паволі расказваў, водзячы тронкамі нажа па стале, нібы запісваў усё тое, аб чым гаварыў. І хоць ён здаваўся спакойны, усе бачылі, што ён хвалюецца, ажыўляючы нанава ўсё перажытае. •

— Вось ідзём мы ўдвух з адным маладым украінцам, чарнігаўцам. Я слабы, а ён яшчэ слабейшы — ледзьве ногі цягне. Абхапіў мяне левай рукою за шыю, а я яго ўполкі падтрымліваю. І трэба ж было яму спатыкнуцца — на роўным месцы... Мы абодва так і зарылі тварамі ў зямлю. А валакліся мы ззаду... Раптам — тук, тук, тук — немец на кані пад’ехаў, стаў, ляснуў аўтаматам. Мы, замест таго каб падымацца, так і ўраслі ў зямлю, не варушымся. Канец... Ну, даў ён чаргу... Я толькі памятаю, што мяне аглушыла... і пяском сыпанула з-пад конскіх капытоў... І яшчэ што... Страшна ўспомніць... Мой таварыш пацягнуўся ўсім целам — так, як пасля смачнага сну толькі пацягваюцца, а рукою, што ў мяне на шыі ляжала, як павядзе да сябе, аж у суставе луснула. І заціх... Абмяк... Чую — нешта цёплае ў мяне па шыі пабегла. Думаю — усё, гэта я толькі з гарачкі яшчэ помню, што робіцца. Ляжу... Ажно цішыня. Пайшлі, не пацікавіўшыся намі. Відаць, добры стралок быў немец — думаў, не прамазаў. Але памыліўся крыху. Шаргануў я тварам па зямлі, глянуў адным вокам: бачу, прысады ля дарогі, а там на захад нашы падыбалі, і канвой на конях гарцуе па баках... Цапнуў я сабе за шыю, глянуў на руку — кроў. А каб боль які адчуў — не. Тут я выплюнуў пясок з рота, перавярнуўся на бок, паварушыў хлопца. А пад ім лужына крыві. Так наўскасяк як павёў немец аўтаматам, дык яму нешта чатыры кулі ўгадзіла: з правага боку, на лапатку ўверх і ў левую руку, што на мне была. Гэтая, відаць, мне мецілася, ды ён, небарака, забраў усе...

Антось змоўк. Маці плакала, усхліпваючы. Любка ўцякла з-за стала і кінулася на палок ля печы. Васіль пазіраў у столь і стараўся не моргаць вачамі, у якіх круціліся слёзы і гатовы былі закапаць па твары. Кірэй сядзеў змрочны, абапёршыся на руку і прыкрыўшы далонню вусны.

Курэў кнот, бо агонь быў наверсе — эканомілі газу. Уздрыгвалі цені па сценах хаты, па дзяружках на вокнах. Стала душна. Антось выцер пот з ілба, прыгладзіў валасы набок, правёў далонямі па шчаціне на твары.

— Праўда, браце, што быў ты адною нагою на тым свеце,— парушыў цішыню Кірэй.— Што ж, на тое вайна, некага павінны забіваць,— зрабіў ён недарэчны вывад і, каб згладзіць гэта, дадаў: — Я скажу, што наша маці яшчэ шчаслівая. Няхай бацька рана памёр, цяжка нас было гадаваць, а ўсё ж вось сабраліся ўсе ў сваё гняздо. А здавалася, што ўжо адрэзана нам сюды дарожка. Эх-хэ-хэ...— закончыў ён сумна, нібы не радуючыся, што сядзіць дома, у роднай хаце, за сваім сталом.

— Яно так, але ці надоўга мы сабраліся — гэта іншая справа. Не мы кіруем сваім лёсам, а нехта другі,— паківаўшы галавою, нібы шкадуючы чаго, дадаў Антось.

Маці перастала плакаць, задумалася. Васіль з нецярпеннем чакаў таго «нечага», з-за чаго прыйшоў дадому Антось.

А той пастукаў пучкамі пальцаў па стале, нібы патрабуючы цішыні, якая і так панавала ў хаце, і выразна сказаў, гледзячы ў стол:

— Усё гэта былі яшчэ кветачкі, а ягадкі ўперадзе. Скажу вам, мама, адкрыта: нам з Кірэем трэба ісці, пакуль не позна. Праўда, я не чуў яго слова, але думаю, што другога ратунку і яму і мне няма,— рашуча скончыў Антось і глядзеў на маці, чакаючы. Яна маўчала, а пасля зноў заплакала.

Кірэй кашлянуў, зірнуў на матку, затым на Антося і, відаць пераканаўшыся, што слова за ім, сказаў, уздыхнуўшы на поўныя грудзі, нібы скінуў з сябе цяжкі груз:

— Што ж, я згодзен з табою, Антось. Другога выйсця няма. Нельга стаяць паміж молатам і кавадлам, я добра пераканаўся. З гэтым душагубам нам няма месца на адной зямлі. Адно мне няясна: калі ты думаеш ісці? — звярнуўся ён да Антося, бо матчын плач ён прыняў за маўклівую згоду.

— Цяпер,— глуха сказаў Антось,— не адкладваючы.

Хвядору нібы штурханулі ў плечы. Яна ўсхапілася з услончыка і з крыкам кінулася да Антося, ашчаперыла яго за шыю, хоць стол раздзяляў іх. Павалілася пляшка, пакацілася па стале і мякка стукнулася аб зямлю. Узняўся лямант: загаласіла Любка, устаў з-за стала Васіль. Адзін Кірэй сядзеў нерухома, чакаючы, пакуль усе супакояцца. Ён намацаў пляшку нагою, выкаціў яе з-пад лавы, перагнуўся і паставіў на стол.

А маці праз слёзы прыгаворвала:

— Сыночак, не пушчу, не пушчу, што хочаш рабі! Пабудзь хоць адну ночку, пераначуй, супачынь. Родненькі мой,— лямантавала яна,— пашкадуй мяне, старую, можа, мне заўтра паміраць, дай хоць паглядзець на вас адну часінку...

— Супакойцеся, мама, не трэба так...— усхваляваны плачам маці, гаварыў Антось, гладзячы рукою яе худыя плечы.— Што вам гэта дасць, калі мы пабудзем? Нічога. Толькі будзеце глядзець на нас і плакаць. Не трэба...— Антось не знаходзіў патрэбных слоў.

— А можа, і праўда пераначуем? — няўпэўнена спытаў Кірэй.— Няўжо ты думаеш, што мы вельмі каму так патрэбны? Каму мы вока запарушылі?

— І я ж кажу,— падхапіла маці,— пераначуйце, а заўтра вечарком пойдзеце, бог з вамі, я вас не ўтрымаю, цяпер дзеці сваім розумам жывуць.

— Хай будзе па-вашаму,— падумаўшы, сказаў Антось, хоць нейкі ўнутраны голас падказваў яму не згаджацца.— Пераначуем, а там пабачым.

Пачалі збірацца спаць. Маці надаставала з кубла ў сенцах усе чыстыя посцілкі, дзяружкі, пачала засцілаць на палку, для Кірэя з Васілём. Люба паслала сабе з маткаю на печы. Антосю, прымасціўшы ўслон, слалі ля покуця.

Кірэй з Антосем закурылі — у Антося было паўпачка тытуню, моцнага, яшчэ гродзенскага. Кірэй расказваў пра свае ваенныя прыгоды з часу вераснёўскай кампаніі з немцамі: пра знакамітую атаку польскіх уланаў на нямецкія танкі, у якой яму давялося браць удзел; як пад ім забіла каня, а яго самога параніла; як пасля трапіў у палон, спрабаваў уцякаць, трапіў у канцлагер. Агаліўшы левую руку да локця, ён паказаў Антосю неахайна выкалаты чатырохзначны нумар. Потым палез у кішэню і паказаў фальшывую даведку аб хваробе, якую «выдаў» яму добры паляк Харута, былы гравёр, з якім разам яны ўцякалі, калі лагер праз памылку бамбілі англійскія самалёты...

Васіль, які не раз усё гэта чуў, круціўся каля іх, нібы хацеў нешта сказаць. Але маці паклікала яго, каб напхаў саломаю сяннік. Хлопец неахвотна ўзяў паласаты вялізны мяшок і пайшоў да парога. Ужо трымаючыся за клямку, ён абярнуўся на хату і крыкнуў:

— І я з вамі пайду!..

Кірэй з Антосем зарагаталі ў адізн голас, а маці так і застыла на месцы з падушкаю ў руках.

— Глядзеце, людзі, што гэта робіцца? — са стогнам спыталася Хвядора.— Не паспела малако на губах абсохнуць, а ўжо і ён пра вайну думае. Ой, пасаджу я цябе, як міленькага. На цябе яшчэ знайду...

Можа, яшчэ і доўга так гразіла б маці, але на двары пачуліся галасы, і над імі ўзвысіўся нечы крык.

Пасля нешта грукнула, узняўся шум, бразнулі дзверы ў сенцах, і вось ужо нечая незнаёмая рука шарыць па сцяне, шукаючы клямку. Мужчыны ўсхапіліся на ногі, круцячыся на месцы. Антось трымаў напагатове чорны наган. Кірэй глянуў на яго і пахаладзеў.

— Кінь, кажу! Давай сюды! — і ён у момант вырваў наган у Антося і паклаў пад настольнік ля хлеба. Толькі ён паспеў зрабіць гэта і кінуўся да дзвярэй, як яны перад носам у яго рэзка адчыніліся і парог пераступіў увесь у чорным, толькі з шэрым каўняром і закірвашамі, высокі, пад столь, паліцай з вінтоўкаю ў руках. За ім паказался яшчэ некалькі чорных фігур.

— А-а-а,— зларадна зацягнуў першы,— усе ў зборы! Вы арыштаваны! — павысіў ён голас, звяртаючыся да Кірэя і Антося і тыцкаючы ім па чарзе руляю вінтоўкі ў грудзі.— Абшукаць хату,— загадаў ён сваім падначаленым.

Маці як стаяла, так і асунулася на палок. Але не прайшло і хвіліны, як яна ўсхапілася на ногі і дзіка закрычала:

— А дзе ж Васіль? Дзе ён падзеўся?

— Ціха, старая, нідзе твой Васіль не прапаў...

Жанчына з плачам кінулася да дзвярэй, але там стаяў як укопаны здаровы дзяцюк, і ён перагарадзіў дарогу вінтоўкаю. Маці ўхапілася за яе, нібы збіраючыся вырваць зброю з рук паліцая, але той злёгку штурхнуў жанчыну, і яна адляцела на хату. Любка падхапіла яе і пасадзіла на палок.

Усё рабілася, як у сне. Паліцаі ператрасалі ў хаце, пераварочвалі ўверх дном — глядзелі ў сенніках, падушках, шнырылі ў печы, пад печчу, у куфры, пад лавамі.

Пакуль абшуквалі Кірэя і Антося, старшы паліцай сеў за стол і нешта запісаў у кніжачку. Пасля скрывіўся, гледзячы на пустую бутэльку.

— Балявалі, разбойнічкі? Адзначалі перамогу? Добра, добра, мы вам адзначым,— з пагрозай сказаў ён, цярэбячы брэнзлі настольніка і пасоўваючыся бліжэй на покуць.— Зараз жа давайце зброю! Дзе яна ў вас схавана? Ну?!

Браты маўчалі, аглушаныя нечаканым налётам.

Паліцаі далажылі, што пры вобыску нічога не знойдзена. Начальнік махнуў рукою.

— Даю пяць хвілін на зборы. Жыва, а не то...— і ён паляпаў далонню па ложы рускай трохлінейкі.

— Паслухайце,— першы прыйшоў да памяці Кірэй.— За што вы нас арыштоўваеце? Што мы каму кепскае зрабілі?

— А-а-а,— зноў зларадна завыў паліцай.— Прыкідваецеся дурнямі? Чаму ж гэта мы ведаем, а вы самі не ведаеце? П’яныя былі, не памятаеце? Успомніце, нічога.

Кірэй падумаў, што з гэтым гарлапанам гаварыць няма чаго, і замоўк, стаў апранацца. «Якая перамога і чаму разбойнікі?» — тужыўся ён разгадаць намёк начальніка.

— Можа, вы пераблыталі,— сказаў Антось, ніяк не трапляючы ў правы рукаў пінжака.— Хто вам патрэбен, скажыце проста? Ёсць жа нейкія законы, па якіх чалавечая асоба мае права ведаць, за што яе арыштоўваюць.

Паліцай спадылба глянуў на Антося, відаць, хацеў, вылаяцца, але пашкадаваў свае нервы і рэзка, са здзекам, адчытаў, як па паперы:

— Ах, які ты разумны! Закону захацеў? Калі ласка, усё робіцца па закону. Вас, братоў Шаўчукоў, Кірылу, Антона, Васіля, арыштоўваем за забойства сям’і бургамістра Навінскага, якое вы зрабілі ўчора ноччу ў Саматканавічах. Цяпер дайшло?

— Вы што, ненармальныя? — вызверыўся Кірэй, падступаючы да яго.— Я на крыжы прысягну, што ўчора ноччу нідзе не быў. І браты мае не былі...

Але начальнік паліцыі нібы не чуў яго.

— Мала гэтага,— прадаўжаў ён.— З вамі яшчэ былі людзі. Вы павінны нам сказаць, хто яны, інакш вам будзе кепска.— Ён замоўк, а пасля крыкнуў, аж падскочыў агонь у лямпе:— Прывядзіце таго, з двара!

Адзін паліцай выскачыў у дзверы.

— А якія-небудзь доказы ў вас ёсць ці гэта проста грубая правакацыя? — спытаў Антось, таксама падступаючы да начальніка.

Той толькі раскрыў рот, але пачуўся тупат некалькіх пар ног. Першы ўвайшоў паліцай, што выконваў загад, за ім паказаўся бледны, з разбітымі вуснамі Васіль, якога трымалі за рукі яшчэ два паліцаі.

— Бач, хацеў уцячы, паганец,— мацаючы падбітае вока, сказаў адзін з тых, што трымалі хлопца.

— У цябе не пытаюць,— абарваў яго начальнік.— Апранайся, хутка! — звярнуўся ён да Васіля.— Мы і так тут валаводзіліся доўга...

Як знайсці словы, каб перадаць хоць дзесятую долю таго, што рабілася ў гэтай хаце?

— ...Сыночкі мае, дарагія! Хай бы я вас маленькіх пахавала, то была б шчаслівейшая. Што я буду рабіць без вас? Нашто мне жыць на гэтым свеце? Бярыце і мяне, ірады, бярыце, нашто вы мяне пакідаеце на муку, на пакуту? — жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны, сцёбаючы іх, як бізуном.

— Не трэба, мама! Ім загадалі,— спрабаваў супакоіць матку Кірэй.— Яны ж на службе...

— Маўчы! На службе! Добрая служба — людзей забіваць! Забойцы, ірады, што вы робіце! — крычала разгневаным голасам старая маці.

— Сціхні, вар’ятка старая! — грымнуў на ўсю хату начальнік.— Пайшлі! —І ён зрабіў жэст, нібы затыкае вушы.

І тут усіх здзівіла Любка. Яна раптам падляцела да дзвярэй, абмінаючы паліцаяў.

— Не пушчу, забіце на месцы, не пушчу! Усіх забірайце, усіх, і мяне, і маму! Бо яны не вінаваты, яны нідзе не былі! — голас яе падымаўся на самую высокую ноту і гразіўся скончыцца плачам.

Спачатку ўсе слухалі не варушачыся, як ашаломленыя, а пасля начальнік, выскаліўшы зубы і робячы на твары нейкае падабенства ўсмешкі, наблізіўся да Любкі і працягнуў руку, нібы збіраючыся ўзяць яе за горла. Любка нечакана стукнула яму па руцэ і крыкнула :

— Не лезь!

Паліцай адхапіў руку, як ад прыску.

— У-У-У, яшчарка! Шкада, што ты яшчэ жаўтаротая, а то б і цябе ўзялі, не пашкадавалі б! Падрасці трохі, не спяшайся, паспееш,— гаварыў ён пагражальным тонам, нібы ўядаючыся халоднымі вачыма ў пятнаццацігадовую дзяўчынку, якая з горда паднятай галавою стаяла перад паліцаямі.

Пасля на твары ў начальніка мільганула лютасць, ён схапіў Любку за руку і тузануў ад сябе. Дзяўчынка прабегла па хаце і апынулася ля супрацьлеглай сцяны. Браты мімаволі зрабілі крок да паліцая. Ён зразумеў, што можа адбыцца сутычка і, пагражальна падняўшы вінтоўку, крыкнуў:

— Ні з месца!

Браты апусцілі рукі.

Плач і дзікі лямант напоўнілі хату, калі сталі развітвацца. Нават паліцаі, якім, відаць, часта даводзілася разрываць па-жывому сям’ю, адварочваліся, з нецярпеннем чакалі канца.

Браты, панурыя, са слязьмі на вачах, выходзілі з хаты. Проста з матчынага парога ступалі яны адною нагой у дамавіну.

Калі пад плач і прычытанні ўсе выйшлі на вуліцу, браты адзін за адным азірнуліся, акінулі вачамі — хто ведае, можа, апошні раз — сваю старую маленькую хатку, схаваную ў паўзмроку ночы, у зелені дзікага хмелю, з двума высокімі яварамі, якія сумна шумелі на ветры, глянулі на старую згорбленую маці з заломленымі ў горы рукамі і на падлетка-сястру,— і ў кожнага зашчымела сэрца, а з вачэй пакаціліся слёзы.

Але тут цёмна, і можна не саромецца сваіх слёз...



А маці з дачкою яшчэ доўга стаяла на ганку, пазірала на тую дарогу, куды павялі яе сыноў, якія — яна верыла — былі невінаватыя. І матчыны вусны самі сабою шапталі, як малітву, развітальныя словы:

— Сыночкі... родныя... Заклінаю вас... ад вялікае напасці... ад цяжкае пакуты... ад ліхое кулі...


***

Прайшоў тыдзень, як браты Шаўчукі трапілі ў падвал клецкай камендатуры. За гэты час яны так змяніліся, што не пазнавалі самі сябе. Здзекі, пабоі, кроў, пасля пагрозы, спроба падкупіць, зноў пагрозы, здзекі. Браты зацята маўчалі. Ды што яны маглі сказаць? Што яны вінаватыя? Не, не грэх было б прыняць кулю за справу, якую ты зрабіў уласнымі рукамі і якую лічыш патрэбнай. Але гінуць за нішто, як ахвяра правакацыі,— цяжка, невыносна крыўдна.

Была глыбокая ноч. Кірэй, накрыўшыся пінжаком, прымасціўся на мятай саломе. Сырасць і холад не давалі заснуць. Побач ляжалі браты, можа, спалі, а мо проста стаіліся, думаюць. Тут многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад, каб не грызлі дакоры сумлення. А так усе думкі афарбаваны гэтай горыччу, нянавісцю, безвыходнасцю, бо няма нават павуцінкі, за якую можна было б ухапіцца. Адно толькі супакойвала — калі яны і памруць, то хоць з чыстым сумленнем.

Тыдзень допытаў не прайшоў дарам. Высветліліся многія акалічнасці, што пацягнулі за сабою арышт братоў.

Па-першае, паліцыя мела пісьмовую заяву дабрыніцкага солтыса аб тым, што польскі ваеннапалонны Кірыл Шаўчук уцёк з нямецкага канцлагера і нелегальна жыве дома; што Антон Шаўчук уцёк з нямецкага палону і калі не ў партызанах, то таксама недзе хаваецца; што Васіль Шаўчук, былы актывіст камсамолец, у час адступлення Саветаў быў за правадніка, удзельнічаў у баі на Лані. Вярнуўся дадому і агітуе супраць новага парадку.

Па невядомых прычынах гэтая заява не дайшла да рук каменданта Клецка обер-лейтэнанта Коха, які вырашаў такія справы хутка і часцей за ўсё ўласнаручна, нават без пальчатак.

Па-другое, высветліліся некаторыя падрабязнасці забойства сям’і бургамістра Навінскага. За дзень да арышту Шаўчукоў група ўзброеных людзей сярод ночы ўварвалася ў дом да бургамістравага бацькі, які жыў у вёсцы Саматканавічы, кіламетраў за сем ад Клецка. Ім, відаць, было вядома, што вечарам сюды прыедзе з горада бургамістр з жонкаю-імянніцаю. Хутчэй за ўсё іх цікавіў сам бургамістр, які падаваў ужо «добрыя» надзеі на службе ў немцаў: па яго даносах было расстраляна пятнаццаць актывістаў. Гэта быў толькі пачатак. Пасля бургамістр стаў вяршыць лёсам усяго раёна: каго прысуджваў да расстрэлу, каго адпраўляў у Нямеччыну, каго аддаваў у паліцыю.

У той вечар пасля добрай выпіўкі госці ўлягліся спаць. Сярод ночы іх разбудзіў стук у дзверы. Стары Мікодым Навінскі пайшоў адчыняць. У гэты час бургамістр, доўга не думаючы, кінуўся ў падпечак.

Перш чым стары паспеў адчыніць, дзверы вылецелі разам з завесамі ад удару прыклада. Гаспадара забілі тут жа, на парозе.

Затым прыкончылі жонку бургамістра — перакладчыцу і брата-паліцая. Бургамістру пашанцавала — яго не знайшлі.

Нарэшце, асноўнае, што стала самай большай улікай супраць братоў,— гэта тое, што нібыта бургамістр Навінскі, седзячы пад печчу, пазнаў голас Кірэя. Аказваецца, старыя грахі не забыты. Доўгая памяць у Навінскага і хворае самалюбства, калі не мог ён забыць, не мог дараваць таго прыніжэння, якое давялося яму перанесці па віне Кірэя.

Сем гадоў назад Кірэй, тады яшчэ малады хлопец, быў парабкам у багацея Мікодыма Навінскага. Служыла ў яго і сірата Гэля з Ліпкі, ціхая прыгожая дзяўчына,— першае нясмелае каханне Кірэя... Быў пачатак восені. Неяк надвячоркам Кірэй пачуў ля гумна жаночы крык. Кірэй кінуўся туды. Ля стога свежай саломы Гэля адбівалася ад гаспадаровага сына. Кірэй, доўга не думаючы, схапіў таго за каўнер, паставіў на ногі і з усёй сілы стукнуў у зубы. Пасля яны схапіліся загрудкі, куляліся па саломе. Каб не набег гаспадар, Кірэй, можа, і задушыў бы гэтага таўстазадага паганца, які па волі ці іроніі лёсу стаў бургамістрам Станіславам Навінскім з неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Тады Стась пакляўся адпомсціць, і Кірэй нават не падазраваў, што праз гэтулькі год яны яшчэ раз сыдуцца на вузкай дарожцы і што ў яго, Кірэя, будуць звязаны рукі.

Звязаны рукі... Вось у якім марным месцы прыйшлося пакаўзнуцца. Кірэй, Кірэй, ці даўно тое было, што ты глядзеў смерці ў вочы і смяяўся? А цяпер... Нарэшце злы лёс узяў цябе на мушку. Раней ты быў нечым неасязальным, няўлоўным — як ранішняя смуга, як летняе марыва. Ты быў у шырокім коле, з якога тым больш шанцаў вырвацца, чым большае кола. Цяпер яно звузілася — гэта ўжо не кола, а чорная кропка, і ў гэтую кропку нацэлена куля бязлітаснага забойцы. Ён натрэніраваны, ён б’е без промаху. Як ратавацца? Што рабіць? Што-о-о! Увесь розум Кірэя крычаў, бунтаваў супраць гэтай пачварнай несправядлівасці, але быў не ў сілах прыдумаць што-небудзь. Можа, пакланіцца ў ногі Станіславу Навінскаму, папрасіць прабачэння за некалешняе дурацтва? Не, той не адступіцца ад свайго з-за нейкіх там трох басякоў. Уласны гонар яму даражэй. Пралітая кроў яго родзічаў патрабуе адплаты, хоць іменна ён першы выклікаў на сябе помсту. Навінскі не адступіць, гэта ясна, як дзень. Ды і Кірэй не прывык да таго, каб ісці на ганебную згоду са сваім сумленнем.

Нарэшце, не ўдалося ўстанавіць сувязі з тым паліцаем, пра якога гаварыў Антось,— у твар яны яго не ведалі. Спачатку Кірэй нават падазраваў, што, можа, той «адзін чалавек» і выдаў іх немцам, але, як паказаў далейшы ход справы, яго імя не было замешана ні ў паказаннях так званых сведак, ні ў пісьмовых дакументах, ні ў пратаколах.

Прападала апошняя надзея, апошняя слабая надзея... Але... не ўсё яшчэ кінута на карту. Ёсць выйсце, якое, праўда, можа аказацца дарогай на той свет. Але гэта будзе куды больш па-чалавечы, чым пакорліва лажыцца ў магілу: трэба ўцякаць...

Прымаючы такое рашэнне, не пра сябе клапаціўся Кірэй. Ён думаў пра старую маці, пра неўпарадкаванае жыццё ўсёй іх сям’і. А гэтыя хлопцы... Што бачылі яны, акрамя гора, акрамя цяжкага парабкоўства? Яны яшчэ нічога не паспелі даць для жыцця, не паспелі і ўзяць ад яго нічога. Можа, яны застануцца жыць...

З-за кратаў паволі падкрадвалася раніца. Кірэй пачаў раскатурхваць братоў.


***

На досвітку лістападаўскага дня з падвала клецкай камендатуры вывелі трох чалавек. Канвой з немцаў і паліцаяў, грукаючы ботамі па заінелым бруку, павёў іх да грузавой крытай машыны, што стаяла на вуліцы перад вокнамі камендатуры. Арыштаваныя ледзь перастаўлялі ногі. На іх тварах віднеліся сляды пабояў і катаванняў. Усе былі худыя і аброслыя. Асабліва вылучаўся старэйшы па ўзросту, высокі і тонкі брунет з кручкаватым носам і сухім вузкім тварам, завостраным кнізу, як клін. У яго цёмных вачах свяціўся нейкі невыказны боль — яны блішчалі, як мокрыя слівы на сонцы. Вакол рота на запалых шчоках прарэзаліся авальныя маршчыны. Тонкая, з ледзь улоўным жаўтаватым адценнем скура не згладжвала выпукласцяў яго аскетычнага твару. Па ўсім было відаць, што гэтаму чалавеку на сваім вяку прыйшлося нямала перажыць усялякіх напасцяў.

Аднак знешне ён выглядаў спакойна і, злёгку накульгваючы, ішоў побач з таварышамі. Два яшчэ зусім маладыя хлопцы, што ішлі справа і злева ад яго, абодва былі сярэдняга росту, шырокія ў плячах і светлавалосыя. Кідалася ў вочы іх знешняе падабенства як у фігуры, так і з твару. Кожны, не задумваючыся, сказаў бы, што гэта родныя браты. Больш таго, уважлівы назіральнік мог бы прыкмеціць, што і старэйшы па гадах чалавек нечым нагадвае малодшых: было нешта агульнае ў форме рота, у выразе вачэй, хоць і розных па колеру, але з аднолькавым характэрным бляскам бялкоў і разрэзам павекаў.

Гэта былі браты Шаўчукі. Іх падвялі да машыны. Матор ужо вурчаў, а за рулём сядзеў белабрысы немец у акулярах, з паднятым каўняром; браты з цяжкасцю ўзабраліся на машыну, памагаючы адзін аднаму. У кузаў ускочыла чатыры паліцаі, а два немцы селі ў кабіну побач з шафёрам.

Братоў пасадзілі на жалезнае дно кузава ля кабіны, а самі паліцаі ўладкаваліся на лаўкі ля правага і левага борта.



Машына рэзка кранаецца з месца. Павярнуўшы направа, яна на поўнай хуткасці імчыцца за горад, у пясчаны кар’ер. Стужкай уецца за бортам Нясвіжская вуліца. Паабапал — драўляныя дамы. Нізкія вербы, шэрыя ад інею, стаяць, не зварухнуцца. Вось і той дубовы крыж, што цудам уцалеў ад пажару яшчэ перад вайною, калі гарэла вуліца... Колькі разоў даводзілася хадзіць па гэтых калдобістых тратуарах! Дамы... Людзі... Дымы з каміноў... Золкая раніца. Няўжо гэта апошняя раніца ў жыцці?

Браты сядзяць ціха і нерухома. Паліцаі кураць, рассеўшыся на лаўках і паставіўшы вінтоўкі між каленяў. Дым нямецкіх цыгарэт далятае да Кірэя, прыемна казыча ноздры.

— Эй, старшы! — звяртаецца раптам Кірэй да крайняга паліцая.— Дай закурыць, усё роўна ўжо...

Той паварочвае галаву, няўцямна глядзіць на сваю ахвяру, а пасля неахвотна лезе ў кішэню і дастае пачак танных цыгарэт, вымае тры штукі і падае Кірэю. Кірэй бярэ іх, дае адну Антосю, другую Васілю. Але той адмоўна круціць галавою. Тады Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака і кажа:

— Скурыш там...— што можна было зразумець так: «Скурыш на тым свеце», пасля зноў звяртаецца да паліцая і загадвае: — Дай прыкурыць!

Паліцай яшчэ раз лезе ў кішэню шыняля, дастае пачак запалак і, пабразгаўшы, дае Кірэю. На долю секунды позіркі іх скрыжаваліся, і ў вачах свайго будучага забойцы Кірэй прачытаў не то зацікаўленасць, не то спачуванне.

Кірэй з Антосем з прагнасцю зацягнуліся пахучым дымам. Здаецца, слабыя цыгарэткі, а даўно не курыў, зацягнуўся колькі разоў — і прыемна пачынае круціць у галаве, спакайнеюць нервы.

— Што, вы родныя браты? — пытаецца нечакана паліцай у Кірэя, як у знаёмага.

— Родныя,— коратка адказвае Кірэй.

І ўсё. Паліцай адвярнуўся. Размова скончана.

Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Яшчэ адзін паварот направа. Да апошняга прыпынку — паўвярсты. Пад’ём на горку. Пад калёсамі пясок. Матор стогне ад перагрузкі. Машына, прабуксоўваючы, паволі пасоўваецца наперад.

Вось апошнія метры дарогі. Справа — паплавы, якія спускаюцца аж да рэчкі, злева — вялізны пясчаны кар’ер. Недзе тут ім угатавана магіла.

Машына, зрабіўшы разварот, заскрыпела тармазамі і стала. Кірэй акідае позіркам Антося і Васіля. Яны бледныя, ледзь стрымліваюць дрыготку. У самога Кірэя дрыготка б’е цела — ці то ад ранішняй свежасці, ці ад нервовай напружанасці. У сэрца кальнула, як тонкаю шпількай. Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Галоўнае — яшчэ наперадзе...

Паліцаі адзін за другім саскочылі з машыны. У кабіне чуліся ажыўленыя галасы немцаў — аб нечым, відаць, заспрачаліся. «Гэта добра,— падумаў Кірэй.— Трэба скарыстаць момант».

Першы злез з машыны Васіль, за ім, апіраючыся на братаву руку, са стогнам споўз Кірэй. Васіль з трывогай зірнуў Кірэю ў вочы, але той не падаў ніякага знаку, толькі сціснуў зубы. Антось на нейкую хвілю затрымаўся ў кузаве. Перанёсшы адну нагу цераз борт, ён кашлянуў у кулак і з вышыні скочыў проста на паліцая, што стаяў справа ля машыны. Той адразу асеў.

Як па камандзе, браты кінуліся ў розныя бакі. Прайшоў пэўны час, пакуль паліцаі, нарэшце, апамяталіся. Першы стрэл прагучаў дысанансам да гэтай спакойнай ранішняй цішыні, трывожна адбіўшыся ў сэрцы.

«Свісту не чуваць, не ў мяне цэліў»,— мімаходам падумаў Кірэй. Ён кінуў позірк направа. Абодва браты беглі шпарка, не азіраючыся, робячы нечаканыя павароты ў бакі. Малайцы!.. Вось пырснуў пясок пад нагамі ў Кірэя, на рыкашэце заныла куля. Вось другая, трэцяя... Стрэлы гучалі адзін за адным, як на стрэльбішчы, толькі мішэнямі служылі жывыя людзі.

Кірэй адчуваў, што доўга не прабяжыць... Баліць нага... Ад хвалявання і хуткага руху сэрца гатова выскачыць з грудзей, а лёгкія, здаецца, вось-вось разарвуцца на часткі, хрыпяць, як кавальскі мех. Пясок раз’язджаецца пад нагамі, бегчы цяжка... Але бегчы трэба, трэба, трэба! Ён падганяе сябе, як бізуном, гэтым словам. Кулі свішчуць — часцей, бліжэй, вось-вось апякуць вуха... Раптам моцны штуршок у правую нагу — і Кірэй ляціць тварам у пясок. З гарачкі ён яшчэ ўскочыў, зрабіў два крокі, але зноў паваліўся.

Схапіўся за нагу. Кроў! Ну, усё, ён зрабіў, што мог...

Кірэй садзіцца на пясок, азіраецца. Ужо не чуваць свісту куль над галавою, у яго перасталі страляць, але страляніна не гасне. Па гэтым ён пазнае, што браты жывы, што яны ўцякаюць. Кірэй затуманеным зрокам бачыць, як аддаляюцца і меншаюць іх фігуры, як яны выходзяць з небяспечнай зоны. Антось кіруе ў горад, на агароды, на тую вуліцу, па якой іх нядаўна вязлі. Васіль выбраўся на паплавы, шпарыць да рэчкі, за якою пачыналася балота з кустамі, а далей — лес. Васіль бяжыць лёгка, як заяц, толькі мільгаюць ногі і развяваюцца на ветры валасы і полы жакеткі. «Эх, не скіне, дурань,— з прыкрасцю думае Кірэй.— Але хай, тут дарагі кожны міг. Давай, давай, яшчэ яшчэ!» — гатоў быў крычаць Кірэй, каб толькі падахвоціць брата, каб толькі ён не запаволіў бег.

Уперадзе загарадзь з калючага дроту. Васіль прыпыніўся на момант, рукою націснуў на дрот і ўжо занёс нагу, каб пераступіць перашкоду, як раптам недалужна спатыкнуўся і асеў.

У Кірэя нібы спынілася сэрца. Ён зразумеў: гэта — смерць. Нейкі момант, насуперак сваёй свядомасці, Кірэй чакаў, што Васіль устрапянецца, падхопіцца і пабяжыць, але той не варушыўся. Ён толькі паволі споўз на зямлю, а правая нага, зачапіўшыся калошай за калючкі, пагойдвалася яшчэ ў такт ваганню аслабленага дроту.

Маці! Калі б ты бачыла, як канае твой сын! Няўжо ты магла б спакойна пазіраць на гэта? Ты на каленях дапаўзла б туды, каб спыніць яго кроў, каб перавязаць яго раны.

— А я? — спытаў сябе Кірэй не сваім голасам.

Ён перавёў заплыўшыя слязьмі вочы на Антося. Той дабіраўся да хат, за якімі яго чакала збавенне. Паліцаі і немцы стралялі толькі ў яго. Ён быў для іх апошняй ахвярай, для Кірэя — апошняй надзеяй...

І тут нечалавечая сіла падняла Кірэя на ногі. Дзіка крыкнуўшы, ён пагразіў кулаком у бок ворагаў і, прыпадаючы на нагу, нейкім невераемным пачварным галопамкінуўся бегчы, не выбіраючы дарогі.

Хвіліну панавала цішыня, а пасля Кірэй пачуў, як зноў над яго галавою засвісталі кулі. «Так, так сюды, сюды»,— не то думаў, не то гаварыў ён сабе і бег усё далей, не чуючы больш ні болю, ні стуку сэрца, толькі ўслухоўваўся ў страшную мелодыю і хацеў толькі аднаго — каб яна не сціхала. Гэтае жаданне надавала яму сілы, штурхала наперад, вяло, як за руку. «Яны не павінны яго забіць,— думаў Кірэй ужо неяк адцягнена, не прымаючы блізка да сэрца.— Ён партызан. Яму трэба вярнуцца ў штаб. Там ён раскажа пра ўсё...»

— Ох...— Кірэю нібы прабіла бок нечым тупым і ржавым, ён паваліўся на зямлю.— Страляйце, страляйце, страляйце,— шаптаў ён пабялелымі вуснамі.— Я жывы... Мне толькі цяжка...

...У галаве нешта шуміць, нібы там перасыпаюцца якія камяні. Дзе ён? Нешта знаёмае: вецер свішча ў вушах, чуваць пах конскага поту. Як тонкі піск, гучыць голас: «Шаблі вон! Уланы, уланы, вы гордасць Польшчы! Наперад!» Атака... Немцы... Змяць, растаптаць, пасекчы! Танкі? Глупства! Шаблямі, шаблямі! Дзэ-н-н-н! Шабля вылятае з рукі. Зямля загойдалася... Ой, нага, як баліць нага — гэта конь прыціснуў. Буланы, устань, ты не чуеш, што мне баліць? Кроў... Нейкі дрот... Той, што хацеў перайсці Васіль... Не, гэты густы, калючы. То ж лагер... Ну яго к чорту! Жывіце адны... У мяне дом... свой... Пан Харута? Як вы тут апынуліся? І вы не захацелі там быць? Добра! Ваша даведка, гэты «аўсвайс» — проста цуд! Зялёнай вуліцай — дадому. Усё як мае быць... Дзякую, будзьце як дома... Навінскі? Ганіце яго! Я не хачу бачыць гэтага сабаку! Дам у морду! Вось толькі ўстану... Рагоча, зараза? Я табе...

— Ха-ха-ха! Глядзіце! Ён звар’яцеў ад страху. Глядзіце! — Нехта крычаў у Кірэя над вухам.— Устае, глядзіце, устае!

— Сціхні, смелы! — крыкнуў другі голас.

Кірэй расплюшчыў вочы. Проста перад носам ён убачыў пясок — не то чырвоны, не то жоўты. Сам ён стаяў ракам і намагаўся падняцца. Яго акружылі немцы і паліцаі. Адны рагаталі, другія былі сур’ёзныя. На іх тварах яшчэ не астыў азарт нядаўняй расправы.

Кірэй стараўся зразумець, што адбылося. Ён зноў паспрабаваў устаць, але рукі падагнуліся, і ён чуць не ўпаў. Два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Ён ледзь стаяў, бо правая нага нібы аднялася — ён яе не адчуваў.

Было ціха. Ад машыны беглі разагрэтыя боем паліцаі і немец.

— Уцёк! — крыкнуў яшчэ здалёк адзін з паліцаяў.

— Разявы! — плюнуў обер-яфрэйтар, начальнік групы, падыходзячы да астатніх, што сабраліся ля Кірэя.— Не маглі аднаго зайца пасадзіць на мушку...

Нарэшце да памутнелай свядомасці Кірэя дайшло: Антось уцёк! «Цяпер я памру спакойна»,— падумаў Кірэй. Яго апанавала слабасць, а цела пачало раптам пакрывацца халодным потам. Кірэй захістаўся, паліцаі памкнуліся падтрымаць яго, але ён адпіхнуў іх рукі, сабраў апошнія сілы і астояўся.

Нізкі, прысадзісты обер-яфрэйтар і два паліцаі наблізіліся да Кірэя. Немец на хаду вымаў пісталет.

— Жывучы, як гадзіна,— сказаў ён сам сабе, знізу ўверх пазіраючы на Кірэя.— Скажы, хто з табою разам расстрэльваў сям’ю бургамістра, і ты застанешся жыць,— звярнуўся ён да Кірэя, падкідаючы ў руцэ невялікі пісталет.

Кірэй спадылба глянуў на гітлераўца і нічога не адказаў. Ён стаяў, як бусел з перабітым крылом, якому ўжо не суджана ляцець у вырай. Пагардлівая ўсмешка асвятліла яго пануры твар, а ў цёмных вачах зайграла незразумелая радасць.

Невядома, чаго чакаў немец ад гэтага чалавека, толькі, відаць, не такой вытрымкі, не знішчальнай усмешкі. І каб не даць разрасціся міжвольнаму пачуццю павагі да гэтага селяніна, гітлеравец размахнуўся рукою з пісталетам і ўдарыў сваю ахвяру пад бараду. Суха ляснулі зубы, галава матнулася назад, за ёю падалося і ўсё доўгае цела Кірэя, завальваючыся на спіну. Немец на ляту стрэліў Кірэю ў грудзі.

Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух.


Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Яго халодныя промні павіслі над выемкай, дзе людзі ў чорным канчалі сваю чорную справу. Яно нібы ўсміхалася таму, хто, чвэрць гадзіны назад, прарваўшы смяртэльнае кола няўмольнага лёсу, шпаркім крокам ішоў насустрач новаму дню.



1959 г.