КулЛиб электронная библиотека 

Ферма [Джордж Оруэлл] (fb2) читать онлайн


Настройки текста:



Джордж Оруэл ФЕРМА

Пераклаў Сяргей Шупа
Вершаваныя тэксты пераклаў Алег Мiнкiн

I

Мiстэр Джоўнз, гаспадар фермы Мэнар, зачынiў на ноч курнiкi, але ён быў такi п'яны, што забыўся пра куранячыя пралазы. Iдучы за кругам святла ад лiхтара, якое скокала з боку ў бок, ён прайшоў, хiстаючыся, праз двор, скiнуў боты каля тыльнага ўвахода, нацадзiў сабе апошнюю шклянку з бочкi ў каморы i падняўся ў спальню, дзе ўжо храпла мiсiс Джоўнз.

Як толькi святло ў спальнi згасла, ва ўсiх пабудовах на ферме пачалося варушэнне i розрух. Яшчэ ўдзень паўсюль разышлася чутка, што стары Маёр, дыпламаваны кныр сярэдняй белай пароды, прыснiў папярэдняе ночы дзiўны сон i хацеў бы пераказаць яго iншым жывёлам. Было дамоўлена, што яны ўсе збяруцца ў вялiкiм гумне, як толькi ўпэўняцца, што мiстэр Джоўнз заснуў i не здолее iм перашкодзiць. Старога Маёра (так яго заўсёды называлi, хоць на сельскагаспадарчай выставе ён выступаў пад iмем Уiлiнгдонскi Прыгажун) усе на ферме так глыбока паважалi, што кожны быў гатовы ахвяраваць гадзiнаю сну, каб пачуць, што ён меўся сказаць.

У адным канцы вялiкага гумна, дзе было нешта накшталт прыўзнятай пляцоўкi, пад лiхтаром, што звiсаў з бэлькi, ужо ляжаў Маёр, зручна ўладкаваўшыся на саламяным подсцiле. Яму было дванаццаць гадоў, i за апошнi час ён моцна растлусцеў, але гэта ўсё яшчэ быў самавiты вяпрук з мудрым i дабразычным аблiччам, нягледзячы на тое, што яму нiколi не падрэзвалi iклаў. Ужо даўно пачалi прыходзiць i iншыя жывёлiны, уладкоўваючыся, як каму зручней. Спачатку прыйшлi тры сабакi, Званочак, Джэсi i Пiнчар, пасля свiннi — яны разлеглiся на саломе перад самай пляцоўкай. Куры паселi на падаконнi, галубы заляцелi на кроквы, авечкi i каровы леглi за свiннямi i пачалi жваць жуйку. Двое цяглавых коней, Баксёр i Канюшынка, увайшлi разам, ступаючы вельмi павольна i асцярожна апускаючы свае вялiкiя кашлатыя капыты, каб не раздушыць якую малую жывёлiну, што схавалася ў саломе. Канюшынка была мажная кабыла-жарабятнiца сярэдняга веку, да якой пасля чацвёртага жарабення так ужо i не вярнулася яе колiшняя зграбнасць. Баксёр быў вялiзнаю жывёлiнаю, амаль васемнаццаць далоняў вышынёю, i дужы, як два звычайныя канi разам. Белая паласа ў яго на носе надавала яму крыху дурнаваты выгляд, дый сапраўды, вялiкiм розумам ён не вылучаўся, але ўсе навокал паважалi яго за цвёрды характар i неверагодную цягавiтасць. Пасля коней прыйшлi белая каза Мюрыэль i асёл Бэнджамiн. Бэнджамiн быў сама старою i сама сярдзiтаю жывёлiнай на ферме. Гаварыў ён рэдка, а калi i раскрываў рот, дык звычайна каб зрабiць якую цынiчную заўвагу — напрыклад, ён казаў, што Бог даў яму хвост, каб адганяць мух, але хай бы лепш не было нi хваста, нi мух. Сярод усiх жывёлаў на ферме ён быў адзiны, хто нiколi не смяяўся. Калi ў яго пыталiся чаму, ён адказваў, што не бачыць, з чаго смяяцца. Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмi прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавiлi нядзелi разам на маленькiм выгане за садам, там пасвiлiся побач i нiколi не размаўлялi.

Абое коней ужо былi леглi, калi вывадак качанят, у якiх памерла мацi, увайшоў шнурочкам у гумно, ледзь чутна пiскаючы i азiраючыся на бакi, яны выглядалi сабе месца, дзе б на iх не наступiлi. Канюшынка паклала перад iмi пярэднюю нагу, абгарадзiўшы iх, нiбы сцяною, качаняты схавалiся за ёю, як у гняздзечку, i адразу заснулi. У апошнюю хвiлiну ўвайшла, строячы манерлiвыя мiны i жуючы кавалак цукру, дурненькая Молi, прыгожая белая кабылка, што вазiла рысорную двухколку мiстэра Джоўнза. Яна стала блiжэй да пераду i пачала трэсцi сваёй белай грывай, каб усе пабачылi чырвоныя стужачкi, што былi ў яе заплеценыя. Сама апошнi прыйшоў кот, агледзеўся, шукаючы, як звычайна, цяплейшага месца, i нарэшце ўцiснуўся памiж Баксёрам i Канюшынкай; там ён задаволена муркаў пад час усёй Маёравай прамовы, не чуючы нi слова з таго, што той казаў.

Цяпер ужо сабралiся ўсе жывёлы, апроч свойскага крумкача Масея, якi спаў на жэрдцы за тыльнымi дзвярмi. Пабачыўшы, што ўсе ўтульна размясцiлiся i ўважлiва чакаюць, Маёр пракашляўся i пачаў:

— Таварышы, вы ўжо чулi пра дзiўны сон, што я саснiў мiнулае ночы. Але пра сон я раскажу пазней. Спачатку я хацеў бы пагаварыць пра iншае. Я не думаю, таварышы, што буду яшчэ доўгiя месяцы заставацца з вамi, але пакуль я не памёр, я лiчу сваiм абавязкам перадаць вам усю мудрасць, якую я набыў за маё жыццё. А жыццё я пражыў доўгае i меў багата часу на роздум, пакуль ляжаў адзiн у сваiм хляве, а таму, думаю, я магу сказаць, што зразумеў сутнасць жыцця на гэтай зямлi, як нiякая iншая жывёлiна. Вось пра гэта я i хацеў бы з вамi пагаварыць.

Дык вось, таварышы, у чым жа сутнасць нашага жыцця? Давайце паглядзiм на яго: жыццё нашае ўбогае, цяжкае i кароткае. Мы нараджаемся, нам даюць есцi столькi, каб мы хоць крыху дыхалi, а тых з нас, хто на тое здольны, прымушаюць працаваць, выцiскаючы з нас усё да апошняе кроплi; а як толькi мы робiмся больш непатрэбныя, нас забiваюць з агiднай жорсткасцю. Нiводная жывёлiна ў Англii пасля таго, як ёй споўнiцца год, не ведае, што такое шчасце або вольны час. Нiводная жывёлiна ў Англii не з'яўляецца свабоднай. Жыццё жывёлы убогасць i рабства, гэта чыстая праўда.

Але, можа, гэткi ўжо прыродны парадак? Можа, таму, што зямля наша гэткая бедная, яна не можа даць магчымасцi жыць прыстойным жыццём тым, хто яе насяляе? Не, таварышы, тысячу разоў не! Глебы ў Англii ўрадлiвыя, клiмат добры, яна можа накармiць дасыта незраўнана большую колькасць жывёлаў, чым цяпер яе насяляе. Адна толькi гэтая наша ферма магла б забяспечыць тузiн коней, два дзесяткi кароў, сотнi авечак — i ўсе яны маглi б жыць з такiмi выгодамi i годнасцю, якiя сёння мы i ўявiць сабе не можам. Дык чаму ж мы i надалей гiбеем у гэткiх убогiх умовах? Таму што амаль увесь плён нашае працы крадуць у нас чалавечыя iстоты. I ў гэтым, таварышы, адказ на ўсе нашыя пытаннi. Яго можна абагульнiць у адным слове — Чалавек. Чалавек — наш адзiны сапраўдны вораг. Злiквiдаваць Чалавека — i карэнная прычына голаду i рабскае працы будзе знiшчана назаўсёды.

Чалавек — адзiная iстота, якая спажывае, нiчога не вырабляючы. Ён не дае малака, ён не нясе яек, ён занадта слабы, каб цягаць плуг, ён не ўмее бегаць так хутка, каб лавiць зайцоў, i, аднак, ён — гаспадар над усiмi жывёламi. Ён прымушае iх працаваць, а ўзамен дае iм убогi мiнiмум, каб толькi не даць iм памерцi з голаду, астатняе ж забiрае сабе. Нашай працаю ўрабляецца зямля, нашым гноем яна ўгнойваецца, i, аднак, нiводзiн з нас не валодае нiчым, апрача свае няшчаснае шкуры. Вось вы, каровы, што стаiце цяпер перада мною, колькi тысяч галонаў малака далi вы за апошнi год? А што сталася з гэтым малаком, якiм можна было выкармiць столькi здаровых цялят? Усё да апошняе кроплi знiкла ў глотках нашых ворагаў. А вы, куры, колькi яек знеслi вы за апошнi год i колькi з гэтых яек выседзелi куранят? Астатняе звезлi на рынак, каб зарабiць грошы для Джоўнза i яго людзей. Цi вось ты, Канюшынка, дзе тыя чацвёра жарабятаў, што ты нарадзiла, якiя маглi стацца табе радасцю i падмогай у старасцi? Усiх папрадавалi, як толькi iм спаўняўся год — нiводнага з iх ты болей нiколi не ўбачыш. За пакуты пад час родаў i за ўсю тваю працу ў полi што ты атрымала, апроч убогiх харчоў i бруднага стойла?

I нават такому нашаму няшчаснаму жыццю не даюць развiвацца натуральным чынам. Што да мяне, я не скарджуся, бо я адзiн з тых, каму пашанцавала. Мне дванаццаць гадоў, i я меў больш за чатырыста дзяцей. Гэта нармальнае жыццё для свiннi. Але нiводная жывёлiна ўрэшце не пазбягае бязлiтаснага нажа. Вы, маладыя парасяты, што седзiце перада мною, усе вы са страшнымi крыкамi сустрэнеце смерць на калодзе праз нейкi год. I гэты жах чакае нас усiх кароў, свiнняў, курэй, авечак — усiх. Не лепшая доля ў коней i сабак. А цябе, Баксёр, у той самы дзень, калi твае магутныя цяглiцы страцяць сваю сiлу, Джоўнз прадасць скуралупу, якi перарэжа табе глотку i зварыць з цябе полiўку сваiм ганчакам. Што да сабакаў, дык калi яны зробяцца старыя i бяззубыя, Джоўнз прывяжа iм на шыю цаглiну i патопiць iх у найблiжэйшым ставе.

Цi ж вам, таварышы, цяпер не ясна, што ўсё лiхое ў нашым жыццi спароджана тыранiяй людскога роду? Трэба толькi пазбавiцца ад Чалавека, i плён нашай працы будзе належаць нам самiм. Амаль адразу мы станемся багатыя i вольныя. Дык што ж нам рабiць? А вось што: працаваць уночы i ўдзень, целам i душою, каб скiнуць уладу чалавечага роду! Вось мой заклiк да вас, таварышы: Паўстанне! Я не ведаю, калi пачнецца Паўстанне, гэта можа здарыцца праз тыдзень або праз сотнi гадоў, але я ведаю, гэтаксама пэўна, як бачу гэтую салому ў мяне пад нагамi, што раней цi пазней справядлiвасць пераможа. Няспынна памятайце пра гэта, таварышы, усю кароткую рэшту вашага жыцця! А галоўнае — перакажыце гэты мой заклiк тым, хто прыйдзе пасля вас, каб будучыя пакаленнi маглi працягнуць змаганне да пераможнага канца.

I памятайце, таварышы, ваша рашучасць павiнна быць непахiсная. Нiякiя доказы не павiнны збiць вас з тропу. Нiколi не слухайце, калi вам будуць казаць, што Чалавек i жывёлы маюць агульныя iнтарэсы, што дабрабыт Чалавека будзе азначаць i дабрабыт жывёлаў. Усё гэта мана. Чалавек не служыць iнтарэсам нiводнай жывой iстоты, апроч самога сябе. Дык хай жа сярод нас, жывёлаў, пануе поўная еднасць i братэрства ў змаганнi. Усе людзi — ворагi. Усе жывёлы таварышы.

У гэтую хвiлiну ўзняўся страшны гармiдар. Пакуль Маёр прамаўляў, чатыры вялiкiя пацукi выпаўзлi з сваiх нораў i цяпер сядзелi на заднiх лапах i слухалi яго. Раптам iх заўважылi сабакi, i толькi спрытна шмыгнуўшы ў свае норы, пацукi ўратавалi сабе жыццё. Маёр падняў нагу, заклiкаючы да цiшынi.

— Таварышы, — сказаў ён, — нам трэба вырашыць адну праблему. Дзiкiя звяры, такiя як пацукi або зайцы, — сябры яны нам або ворагi? Давайце паставiм гэта на галасаванне. Прапаную сходу пытанне: цi можна лiчыць пацукоў таварышамi?

Адразу прагаласавалi, i пераважнай большасцю было вырашана, што пацукi таварышы. Было толькi чацвёра нязгодных: усе тры сабакi i кот, якi, як высветлiлася пасля, галасаваў на два бакi. Маёр працягваў:

— Я яшчэ дадам наступнае. Паўтараю: заўсёды памятайце пра ваш абавязак варожасцi да Чалавека i ўсiх ягоных звычаяў. Той, хто ходзiць на дзвюх нагах, — вораг. Той, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, — сябар. Памятайце таксама, што, змагаючыся супраць Чалавека, мы не павiнны да яго прыпадабняцца. Нават калi вы пераможаце яго, не пераймайце ягоных заганаў. Нiводная жывёлiна нiколi не павiнна жыць у доме, спаць у ложку, насiць адзенне, пiць гарэлку, курыць тытунь, дакранацца да грошай або займацца гандлем. Усе звычкi Чалавека — лiха. I перад усiм, нiводная жывёлiна нiколi не павiнна панаваць над сваiмi блiзкiмi. Слабыя цi дужыя, разумныя цi дурныя, усе мы браты. Нiводная жывёлiна нiколi не павiнна забiваць iншай жывёлiны. Усе жывёлы роўныя.

А цяпер, таварышы, я раскажу вам пра сон, што я саснiў мiнулае ночы. Я не магу вам яго апiсаць. Гэта быў сон пра жыццё на зямлi, якое яно будзе, калi знiкне Чалавек. Але ён нагадаў мне штосьцi, пра што я даўно ўжо забыўся. Шмат гадоў таму, калi я быў маленькiм парасяткам, мая мацi i iншыя мацёры часта спявалi старую песню, з якой яны памяталi толькi мелодыю i тры першыя словы. Я памятаў гэтую мелодыю, калi быў малы, але даўно ўжо забыўся. Мiнулае ночы, аднак, яна вярнулася да мяне ў сне. I нават болей — вярнулiся i словы песнi, якую, я ў гэтым упэўнены, некалi даўно спявалi жывёлы, але пасля тыя словы сцерлiся з памяцi цэлых пакаленняў. Я праспяваю вам зараз гэтую песню, таварышы. Я ўжо стары, i голас у мяне грубы, але калi я навучу вас мелодыi, вы самi заспяваеце лепей за мяне. Яна называецца «Звяры Брытанii».

Стары Маёр пракашляўся i пачаў спяваць. Як ён сказаў, голас у яго быў грубы, але спяваў ён даволi добра, мелодыя была ўзрушальная, нешта сярэдняе памiж «Клементынай» i «Кукарачай». Словы былi такiя:

Шатландскi звер i звер ангельскi,
Звяры ўсiх земляў i плямён,
Пачуйце радасную вестку
Пра наблiжэнне светлых дзён.
Чакайце: прыйдзе час шчаслiвы
I згiнуць людзi-ўладары.
I па палетках урадлiвых
Будуць ступаць адны звяры.
Не будуць люта ляскаць пугi,
Мы скiнем з шыяў хамуты,
I саржавеюць шпоры й цуглi
У час той прышлы залаты.
Усе багаццi: бульба, жыта,
Пшанiца, сена i ячмень,
Нам застануцца, i дасыта
Мы будзем есць i пiць штодзень.
Падуць платы i загародкi,
Зазелянее кожны кут,
Паветра зробiцца салодкiм
У дзень збавення ад пакут.
Няхай памрэм ад цяжкай працы
Але наблiзiм светлы час;
Павiнен рогам упiрацца
Дзеля свабоды кожны з нас.
Шатландскi звер i звер ангельскi,
Звяры ўсiх земляў i плямён,
Пачуйце радасную вестку
Пра наблiжэнне светлых дзён.
Песня выклiкала ў жывёлаў дзiкае захапленне. Не паспеў яшчэ Маёр даспяваць да канца, як яны пачалi ўжо яму ўтараваць. Нават найдурнейшыя з iх ужо падхапiлi мелодыю i запомнiлi некалькi словаў, а што да разумнейшых, як, напрыклад, свiнняў i сабакаў, дык яны за колькi хвiлiн вывучылi ўсю песню на памяць. I тады, пасля некалькiх папярэднiх спробаў, уся ферма грымнула ў страхатлiвым аднагалоссi «Звяры Брытанii». Каровы мыкалi, сабакi скуголiлi, авечкi бэкалi, конi ржалi, качкi кракалi. Песня так iх зачаравала, што яны праспявалi яе цалкам пяць разоў запар i спявалi б яе ўсю ноч, каб iх не перапынiлi.

На бяду, гэты гармiдар абудзiў мiстэра Джоўнза, i ён падскочыў з ложка, падумаўшы, што ў двор залезла лiса. Ён схапiў стрэльбу, што заўсёды стаяла ў куце ў спальнi, i стрэлiў набоем шроту № 6 у цемру. Шрацiнкi ўпiлiся ў сцяну гумна, i сход паспешлiва закрыўся. Кожны паляцеў на сваё месца. Птушкi скочылi на седала, жывёла ўлеглася на салому, i праз хвiлiну ўся ферма ўжо спала.

II

Праз тры ночы стары Маёр спакойна памёр у сне. Ягонае цела пахавалi ў канцы саду.

Было гэта на пачатку сакавiка. На працягу наступных трох месяцаў разгарнулася шырокая патаемная дзейнасць. Маёрава прамова нарадзiла ў сама разумных жывёлiнаў на ферме зусiм новы погляд на жыццё. Яны не ведалi, калi адбудзецца прадказанае Маёрам Паўстанне, у iх не было падстаў думаць, што гэта станецца яшчэ за iх жыццём, але яны ясна бачылi, што iхнi абавязак падрыхтаваць гэтае Паўстанне. Клопат навучыць i арганiзаваць iншых выпаў, натуральна ж, на долю свiнняў, бо ўсе лiчылi, што свiннi — найразумнейшыя з усiх жывёлаў. Найвыдатнейшымi сярод свiнняў былi два маладыя кныры — Сняжок i Напалеон, якiх мiстэр Джоўнз гадаваў на продаж. Напалеон быў вялiкi, люты на погляд кныр бэркшырскае пароды, адзiны з гэтай пароды на ўсёй ферме, не надта гаваркi, але вядомы сваёй упартасцю i ўменнем дамагацца свайго. Сняжок быў жвавейшы за Напалеона, спрытнейшы на язык i больш кемлiвы, але лiчылася, што характар у яго недастаткова цвёрды. Усе астатнiя вепрукi на ферме гадавалiся на зарэз. Найбольш вядомы сярод iх быў маленькi тоўсты падсвiнак Вiскун з круглымi шчокамi, мiрглiвымi вочкамi, жвавымi рухамi i пранiзлiвым голасам. Ён быў цудоўным прамоўцам i, калi спрачаўся на нейкую складаную тэму, меў звычку скакаць сюды-туды i вiляць хвастом, што ўздзейнiчала на слухачоў вельмi пераканаўча. Пра Вiскуна казалi, што ён умее з чорнага зрабiць белае.

Гэтыя трое распрацавалi вучэнне старога Маёра ў завершаную сiстэму, якой яны далi назву Жывялiзм. Некалькi разоў на тыдзень, уночы, калi мiстэр Джоўнз засынаў, яны збiралi таемныя сходы ў гумне i тлумачылi iншым прынцыпы Жывялiзму. Спачатку яны сутыкнулiся з неразуменнем i абыякавасцю. Некаторыя жывёлы гаварылi пра абавязак вернасцi мiстэру Джоўнзу, якога яны называлi «Гаспадар», або выказвалi прымiтыўныя заўвагi, накшталт: «Мiстэр Джоўнз кормiць нас. Калi ён пойдзе, мы памрэм ад голаду». Iншыя ж пыталiся гэтак: «Чаго нам клапацiцца пра тое, што будзе, калi мы ўжо памрэм?» або «Калi гэтае Паўстанне так цi так адбудзецца, дык якая рознiца, будзем мы нешта рабiць дзеля гэтага або не?», i свiнням з вялiкай цяжкасцю даводзiлася пераконваць iх, што гэта пярэчыць духу Жывялiзму. Найдурнейшыя ж пытаннi задавала Молi, белая кабылка. Цi не першае, пра што яна спыталася ў Сняжка, было: «А цi будзе цукар пасля Паўстання?»

«Не, — цвёрда адказаў Сняжок. — У нас на ферме няма сродкаў, каб вырабляць цукар. Да таго ж, табе не спатрэбiцца цукар. Ты будзеш мець аўса i сена, колькi захочаш». «А цi можна будзе мне насiць стужкi ў грыве?» — спыталася Молi. «Таварыш, — сказаў Сняжок, — стужкi, якiя ты гэтак любiш, ёсць знак рабства. Цi ж ты не разумееш, што свабода даражэйшая за стужкi?»

Молi згадзiлася, але згода яе прагучала не вельмi пераканаўча.

Яшчэ болей давялося змагацца свiнням супраць хлуснi, якую разводзiў свойскi крумкач Масей. Масей, якога асаблiва песцiў мiстэр Джоўнз, быў шпiёнам i даносчыкам, але ён быў яшчэ i разумным прамоўцам. Ён сцвярджаў, што ведае пра iснаванне таямнiчае краiны, якая называецца Ледзянцовыя Горы, куды пасля смерцi адыходзяць усе жывёлы. Ляжыць яна ў небе, адразу за аблокамi, казаў Масей. У Ледзянцовых Гарах нядзеля бывае сем разоў на тыдзень, канюшына цвiце ўвесь год, а кавалкi цукру i льняная макуха растуць на платах. Жывёлы ненавiдзелi Масея, бо ён баяў байкi i не працаваў, але некаторыя верылi ў Ледзянцовыя Горы, i свiнням даводзiлася зацята спрачацца, каб пераканаць iх, што такой краiны не iснуе.

Сама вернымi iх вучнямi былi цяглавыя конi Баксёр i Канюшынка. I м было вельмi цяжка прыдумаць што-небудзь сваёй галавой, але, пагадзiўшыся аднойчы з тым, што свiннi iх настаўнiкi, яны паглыналi ўсё, што iм казалi, i перадавалi сказанае жывёлам у форме простых доказаў. Яны неадменна прысутнiчалi на таемных сходах у гумне i найгучней спявалi «Звяры Брытанii», якiмi канчаўся кожны сход.

Вось жа выйшла так, што Паўстанне адбылося значна раней i значна прасцей, чым усе спадзявалiся. Некалi раней мiстэр Джоўнз, хоць i жорсткi гаспадар, быў здольным фермерам, але апошнiм часам яму давялося зазнаць гора. Пасля таго як ён прайграў грошы ў судовым працэсе, ён моцна зажурыўся i прыахвоцiўся да чаркi, ды так, што гэта пачало ўжо iсцi яму на шкоду. Здаралася, што ён цэлымi днямi сядзеў у сваiм разьбяным драўляным крэсле на кухнi, чытаў газеты, пiў i раз-пораз кармiў Масея хлебнымi скарынкамi, змочанымi ў пiве. Слугi ягоныя былi лянiвыя i несумленныя, палi пазарасталi пустазеллем, стрэхi папрацякалi, занядбаныя платы пахiлiлiся, а жывёла была недакормленая.

Настаў чэрвень, трава была ўжо амаль гатовая да сенакосу. Напярэдаднi Янавай ночы, а было гэта якраз у суботу, мiстэр Джоўнз выправiўся ў Уiлiнгдан i так напiўся ў «Чырвоным iльве», што вярнуўся дадому толькi апоўднi ў нядзелю. Слугi ўраннi падаiлi кароў i пайшлi ставiць пасткi на зайцоў, не даўшы сабе клопату накармiць жывёлу. Прыйшоўшы дадому, мiстэр Джоўнз адразу ж заснуў на канапе ў гасцёўнi, накрыўшы твар газетай «Навiны свету», так што калi надышоў вечар, жывёлы ўсё яшчэ былi някормленыя. Нарэшце iх цярпенню настаў канец. Адна карова праламала рогам дзверы ў свiрне, i ўсе жывёлы пачалi частавацца з засекаў. Якраз у гэты момант мiстэр Джоўнз прачнуўся. Праз хвiлiну ён i чатыры слугi былi ў свiрне з бiзунамi ў руках i сцябалi на ўсе бакi. I ўжо гэтага галодныя жывёлы сцярпець не маглi. Нiбы згаварыўшыся, хоць нiчога гэткага загадзя не планавалася, яны кiнулiся на сваiх тыранаў. На Джоўнза i яго людзей раптам пасыпалiся з усiх бакоў удары рагоў i капытоў. Яны зусiм разгубiлiся. Нiколi раней яны не бачылi, каб жывёлы сябе гэтак паводзiлi, i гэты нечаканы бунт iстотаў, якiх яны прызвычаiлiся без дай прычыны бiць i зневажаць, да смерцi iх напалохаў. Неўзабаве яны кiнулi спробы абаранiцца i пусцiлiся наўцёкi. Не прайшло i хвiлiны, як яны ўжо ляцелi, што мелi духу, дарогаю, якая вяла да гасцiнца, а за iмi ў пераможным iмпэце беглi жывёлы.

Мiсiс Джоўнз выглянула з акна ў спальнi i, убачыўшы, што адбываецца на двары, паспешлiва кiнула ў дарожную торбу ўсё, што трапiла пад руку, уцякла з фермы iншаю дарогай. Масей саскочыў з жэрдкi i паляцеў за ёю, крумкаючы на ўсю глотку. Тым часам жывёлы выгналi Джоўнза i яго людзей на гасцiнец i з бразгатам зачынiлi за iмi цяжэзную браму. I так, не паспеўшы яшчэ як след сцямiць, што адбываецца, жывёлы паспяхова завяршылi Паўстанне: Джоўнз быў прагнаны i ферма Мэнар стала iхняя.

Напачатку жывёлы не маглi паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабiлi — усiм гуртам абабеглi наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нiбы хацелi ўпэўнiцца, што нiводная чалавечая iстота не схавалася там; пасля яны кiнулiся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерцi апошнiя сляды ненавiснага панавання Джоўнза. Яны выламалi дзверы ў рымарнi ў канцы стайнi; цуглi, наздравыя колцы, сабачыя ланцугi, страшныя нажы, якiмi мiстэр Джоўнз пакладаў кныроў i бараноў, - усё гэта было патоплена ў студнi. Лейцы, аброцi, шоры, ганебныя аброчныя торбы былi ўкiнуты ў вогнiшча, што гарэла ў двары. Туды паляцелi i пугi. Усе жывёлы заскакалi ад радасцi, убачыўшы, як пугi занялiся полымем. Сняжок кiнуў у вогнiшча i стужкi, якiмi ў кiрмашовыя днi звычайна ўпрыгожвалi конскiя грывы i хвасты.

— Стужкi, — сказаў ён, — павiнны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае iстоты. Усе жывёлы павiнны хадзiць голыя.

Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькi саламяны капялюш, якi надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, i кiнуў яго да кучы ў вогнiшча.

За кароткi час жывёлы знiшчылi ўсё, што нагадвала iм пра мiстэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца «Звяры Брытанii» i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.

Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган. Трохi далей на выгане ўзвышаўся невялiкi пагорак, з якога было вiдаць амаль усю ферму. Жывёлы забралiся на вяршыню пагорка i азiрнулiся навокал у ясным ранiшнiм ззяннi. Так, гэта належала iм — усё, што яны бачылi навокал, належала iм! У захапленнi ад гэтай думкi яны радасна кружылiся на месцы i падскоквалi ўгару ад шчасця. Яны качалiся ў расе, набiралi поўныя раты салодкай летняй травы, выварочвалi нагамi камякi чорнай зямлi i нюхалi яе шчодры пах. Тады яны абышлi ўсю ферму i агледзелi ў цiхiм захапленнi раллю, сенажаць, сад, стаў, гаёк. Яны нiбыта i не бачылi ўсяго гэтага раней, i нават цяпер iм было цяжка паверыць, што гэта ўсё iхняе.

Пасля яны вярнулiся да будынкаў i моўчкi спынiлiся перад уваходам у сядзiбу. Яна таксама належала iм, але яны баялiся ўвайсцi. Праз хвiлiну, аднак, Сняжок i Напалеон, налёгшы заплеччам, расчынiлi дзверы, i жывёлы ўвайшлi нясмелаю чарадою, ступаючы з вялiкаю асцярогай ад боязi што-небудзь парушыць. Яны пераходзiлi на дыбачках з пакоя ў пакой, баючыся гаварыць гучней, чым шэптам, i з багавейным страхам разглядалi неверагодную раскошу, ложкi з пярынамi, люстэркi, канапу, набiтую конскiм воласам, аксамiтны дыван, лiтаграфiю каралевы Вiкторыi над камiнам у гасцёўнi. Яны якраз спускалiся па сходах, калi заўважылi, што згубiлася Молi. Вярнуўшыся, яе знайшлi ў найлепшай спальнi. Яна выцягнула з туалетнага столiка мiсiс Джоўнз блакiтную стужку i цяпер, прыклаўшы яе да пляча, выдурвалася перад люстэркам. Усе сурова яе паўшчувалi, i яны выйшлi на двор. Некалькi кумпякоў, што вiселi на кухнi, былi вынесеныя для ўрачыстага пахавання, а барылку з пiвам у каморы Баксёр прабiў капытом, больш яны ў доме нi да чога не дакранулiся. Адразу аднадушна пастанавiлi, што сядзiба будзе захаваная ў якасцi музея. Было вырашана, што нiхто з жывёлаў нiколi не будзе там жыць.

Жывёлы паснедалi, i тады Сняжок i Напалеон зноў склiкалi iх разам.

— Таварышы, — сказаў Сняжок, — цяпер палова сёмай гадзiны, i наперадзе яшчэ доўгi дзень. Сёння мы пачынаем сенакос. Але ёсць у нас i яшчэ адна справа, якой мы найперш мусiм аддаць увагу.

I свiннi расказалi, што за апошнiя тры месяцы яны навучылiся чытаць i пiсаць з старога лемантара, якi належаў дзецям мiстэра Джоўнза i якi выкiнулi на сметнiк. Напалеон загадаў прынесцi белай i чорнай фарбы i прывёў усiх да брамы, што выходзiла на гасцiнец. Тады Сняжок (бо якраз Сняжку лепей удавалася пiсанне) зацiснуў пэндзаль памiж косткамi капыта, замазаў на верхняй бэльцы брамы назву «Ферма Мэнар» i напiсаў замест яе «Ферма Жывёлаў». Гэтак мелася з гэтага часу называцца ферма. Пасля гэтага яны вярнулiся да будынкаў, дзе Сняжок i Напалеон паслалi па драбiны, якiя яны загадалi прыставiць да сцяны вялiкага гумна. Яны растлумачылi, што ў вынiку роздуму за апошнiя тры месяцы свiннi здолелi звесцi прынцыпы Жывялiзму да Сямi Запаведзяў. Гэтыя Сем Запаведзяў цяпер будуць запiсаныя на сцяне, яны стануцца непарушным законам, паводле якога ўсе насельнiкi Фермы Жывёлаў мусяць жыць ад гэтага дня i назаўсёды. З пэўнай цяжкасцю (бо свiннi не надта зручна лазiць па драбiнах) Сняжок залез угору i ўзяўся за працу, а колькi прыступак нiжэй стаяў Вiскун i трымаў фарбу. Запаведзi былi напiсаныя на прасмоленай сцяне вялiкiмi белымi лiтарамi, якiя чыталiся з адлегласцi трыццаць ярдаў. Гучалi Запаведзi так:

Сем Запаведзяў
1. Усе, хто ходзiць на дзвюх нагах, — ворагi

2. Усе, хто ходзiць на чатырох нагах або мае крылы, — сябры

3. Нiводная жывёла не павiнна насiць адзенне

4. Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку

5. Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку

6. Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў

7. Усе жывёлы роўныя

Напiсана было вельмi чыста, i калi не лiчыць, што замест «ложку» было напiсана «лошку» i адно «я» было павернута ў другi бок, усё было слушна i без памылак. Сняжок прачытаў напiсанае ўголас, каб зразумелi астатнiя. Усе жывёлы ўхвальна качалi галовамi, а разумнейшыя адразу пачалi завучваць Запаведзi на памяць.

— А цяпер, сябры, — закрычаў Сняжок, адкiнуўшы пэндзаль, — усе на сенажаць! Справай гонару будзе для нас сабраць сена хутчэй, чым гэта рабiлi Джоўнз i яго людзi.

Але ў гэты момант тры каровы, якiя ўжо нейкi час выглядалi неспакойнымi, пачалi ўтрапёна рыкаць. Iх ужо цэлыя суткi не даiлi, i вымя ў iх разрывалася ад малака. Крыху падумаўшы, свiннi загадалi прынесцi вёдры i даволi ўдала падаiлi кароў, бо капыты ў iх былi добра прыстасаваныя да гэтага. Неўзабаве пяць вёдраў напоўнiлiся тлустым шумлiвым сырадоем, на якi шмат хто з жывёлаў паглядаў з паважным зацiкаўленнем.

— Што будзе далей з гэтым малаком? — спытаўся нехта.

— Джоўнз часам падлiваў нам крыху малака ў корм, — сказала адна курыца.

— Не хвалюйцеся за малако, таварышы! — закрычаў Напалеон, стаўшы перад вёдрамi. — Мы разгледзiм гэтае пытанне. Нам важней цяпер бiтва за ўраджай. Зараз вы пойдзеце за таварышам Сняжком. Я прыйду праз некалькi хвiлiн. Наперад, таварышы! Сенажаць чакае.

I ўсе пацягнулiся гуртам на сенажаць пачынаць касьбу, а калi ўвечары яны вярнулiся, нехта заўважыў, што малако знiкла.

III

Колькi яны намучылiся i папацелi на сенакосе! Але высiлкi iхнiя не былi марныя, бо сена накасiлi нават больш, чым спадзявалiся.

Часам праца давалася цяжка; прылады былi разлiчаны на людзей, а не на жывёлу, i вялiзнаю перашкодай было тое, што нiводная жывёлiна не магла карыстацца прыладамi, якiя вымагалi стаяння на заднiх нагах. Але свiннi былi такiя разумныя, што маглi знайсцi выйсце з любога цяжкага становiшча. Што да коней, яны ведалi на полi кожны каменьчык i на самай справе разбiралiся ў тым, як касiць i грэбцi сена, значна лепей за Джоўнза i яго людзей. Свiннi фактычна не працавалi, але кiравалi i наглядалi за iншымi. Пры iх вышэйшым розуме было натуральна, што яны возьмуць на сябе кiраўнiцтва. Баксёру i Канюшынцы самiм даводзiлася ўпрагацца ў касiлку або конныя граблi (нi цуглi, нi лейцы цяпер, вядома ж, былi не патрэбныя) i заўзята хадзiць сюды i туды па полi, а за iмi хадзiлi свiннi i гукалi: «Но, пайшоў, таварыш!» або «Тпру, назад, таварыш!», у залежнасцi ад патрэбы. I ўсе жывёлы, нават сама маленькiя, пераварочвалi сена i збiралi яго. Нават качкi i куры сноўдалi цэлы дзень сюды-туды на сонцы, носячы ў дзюбах маленькiя жмуточкi сена. Урэшце яны скончылi сенакос, затрацiўшы на яго на два днi меней, чым на гэта iшло часу ў Джоўнза i ягоных людзей. Да таго ж, гэта быў найлепшы ўраджай сена за ўсю гiсторыю фермы. Стратаў не было зусiм; куры i качкi з iх пiльнымi вочкамi падабралi ўсё да апошняй былiнкi. I нiводная жывёлiна на ферме не ўкрала нi калiва сена.

Усё лета праца на ферме iшла як добра наладжаны механiзм. Жывёлы нiколi сабе не ўяўлялi, што яны могуць быць такiя шчаслiвыя. Кожны кавалак ежы выклiкаў у iх незвычайную радасць, бо цяпер гэта была сапраўды iх ежа, здабытая iмi самiмi i дзеля iх самiх, а не мiзэрныя порцыi, выдзеленыя скупым гаспадаром. Цяпер, калi не было болей гэтых нiкому не патрэбных паразiтаў людзей, кожнаму прыпадала болей ежы. Болей было цяпер i вольнага часу, хоць жывёлы i не мелi нiякага досведу ў тым, як яго бавiць. Яны сутыкалiся з рознымi цяжкасцямi — напрыклад, праз нейкi час, калi яны збiралi збожжа, iм прыйшлося малацiць яго на стары лад i выдзiмаць з яго мякiну, бо на ферме не было малатарнi — але свiннi з сваiм розумам i Баксёр з сваёй неверагоднаю сiлай заўсёды iх ратавалi. Баксёрам захаплялiся ўсе. Ён быў добры работнiк яшчэ за часамi Джоўнза, але цяпер ён быў нiбы тры канi, а не адзiн; былi днi, калi здавалася, што ўся праца на ферме клалася на яго магутныя плечы. З ранiцы да ночы ён штурхаў i цягнуў, i заўсёды быў там, дзе найцяжэй. Ён дамовiўся з адным пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай на паўгадзiны раней ад усiх астатнiх, i сам браўся за якую-небудзь працу — такую, якая здавалася яму найбольш неабходнай, — перш чым пачынаўся звычайны працоўны дзень. Ягоным адказам на кожную перашкоду, на кожную няўдачу было: «Я буду працаваць яшчэ старанней!» — ён узяў гэтыя словы сабе за дэвiз.

Але кожны працаваў адпаведна сваiм магчымасцям. Куры i качкi, напрыклад, уратавалi пяць бушаляў збожжа пад час жнiва, старанна падбiраючы зярняткi. Нiхто не краў, нiхто не скардзiўся за порцыi. Сваркi, бойкi i зайздрасць, такiя звычайныя штодзённыя з'явы колiшнiх часоў, цяпер амаль зусiм знiклi. Нiхто не ўхiляўся ад працы — цi амаль нiхто. Молi, што праўда, не надта ахвотна паднiмалася ранiцаю i мела звычку iсцi з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забiўся камень. Дзiўныя былi i паводзiны ката. Неўзабаве ўсе заўважылi: як толькi трэба нешта рабiць, ката нiколi нельга знайсцi. Ён знiкаў на цэлыя гадзiны, тады раптам з'яўляўся, калi трэба было есцi, або ўвечары, калi праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так i трэба. Але ён заўсёды знаходзiў такiя цудоўныя прабачэннi i муркаў так прыязна, што было проста немагчыма не паверыць у яго добрыя намеры. Стары асёл Бэнджамiн, як здавалася, пасля Паўстання зусiм не змянiўся. Ён працаваў з той самай маруднай упартасцю, як i за часы Джоўнза, нiколi не ўхiляючыся, але i не беручы нiколi добраахвотна дадатковае працы. Пра Паўстанне i яго вынiкi ён звычайна не выказваў нiякiх думак. Калi ў яго пыталiся, цi шчаслiвейшы ён цяпер, пасля выгнання Джоўнза, ён звычайна адказваў: «Аслы жывуць доўга. Нiхто з вас яшчэ нiколi не бачыў мёртвага асла», i ўсе мусiлi задавольвацца гэтым загадкавым адказам.

Нядзелi былi вольныя ад працы. Снедалi на гадзiну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонiя, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднiмалi сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарнi стары зялёны абрус мiсiс Джоўнз i намаляваў на iм белай фарбай падкову i рог. Сцяг паднiмаўся на флагштоку перад сядзiбай кожную нядзелю ранiцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палi Англii, тым часам як падкова i рог азначалi будучую Рэспублiку Жывёлаў, якая паўстане, калi чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы iшлi гуртам у гумно на агульны збор, якi называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўвалiся i абмяркоўвалiся розныя пастановы. Высоўвалi пастановы заўсёды свiннi. Iншыя жывёлы навучылiся галасаваць, але самi нiякiх прапаноў прыдумаць не маглi. Найбольш актыўнымi ў спрэчках былi Сняжок i Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое нiколi не пагаджалiся мiж сабою: калi адзiн з iх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другi будзе яе абвяргаць. Нават калi было пастаноўлена — па сутнасцi, нiхто не меў нiчога супраць выдзелiць маленькi выган за садам у якасцi месца адпачынку для жывёлаў, якiя састарылiся i не маглi болей працаваць, дык усчалiся зацятыя спрэчкi наконт дакладнага веку выхаду на пенсiю для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем «Звяроў Брытанii», i ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.

Рымарню свiннi выбралi сабе за штаб. Вечарамi яны вывучалi тут кавальства, цяслярства i iншыя неабходныя рамёствы з кнiжак, якiя яны вынеслi з сядзiбы. Сняжок сам займаўся яшчэ i арганiзаваннем iншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камiтэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камiтэт па Вытворчасцi Яек, для кароў — Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак — Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камiтэт Перавыхавання Дзiкiх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў i зайцоў) i шмат iншых, а таксама курсы па лiквiдацыi непiсьменнасцi. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдалiся. Спроба ўхатнiць дзiкiх жывёлаў, напрыклад, правалiлася амаль адразу. Тыя працягвалi паводзiць сябе па-ранейшаму, а калi да iх ставiлiся з шчодрасцю i спагадай, яны проста з гэтага карысталi. Кот далучыўся да працы Камiтэта Перавыхавання i колькi дзён быў вельмi актыўны. Адзiн раз бачылi, як ён сядзеў на даху i гутарыў з вераб'ямi, якiя абачлiва трымалiся ад яго на адлегласцi. Ён расказваў iм, што цяпер усе жывёлы таварышы i што любы верабей мог бы падысцi i сесцi яму на лапу; аднак вераб'i не наважвалiся падысцi блiжэй.

Гурткi ж па лiквiдацыi непiсьменнасцi якраз удалiся. Да восенi амаль кожная жывёлiна на ферме была ў пэўнай ступенi пiсьменная.

Што да свiнняў, дык яны ўжо выдатна ўмелi чытаць i пiсаць. Сабакi навучылiся чытаць даволi добра, але не выяўлялi асаблiвае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямi Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў i часам вечарамi чытала iншым з газетных шматкоў, якiя яна знаходзiла на сметнiку. Бэнджамiн умеў чытаць не горш за свiнняў, але нiколi не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькi яму вядома, няма нiчога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе лiтары, але не магла злучыць iх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэслiць на пяску сваiм вялiзным капытом А, В, С, а тады, падцiснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на лiтары, часам патрэсваючы чубам, i што было моцы спрабаваў прыгадаць, што ж iдзе далей, але так нiколi i не прыгадваў. Часам, што праўда, яму ўдавалася вывучыць Е, F, G, Н, але да таго часу, як ён iх запомнiць, заўсёды выяўлялася, што ён ужо забыўся на А, В, С, D. Нарэшце ён пастанавiў, што яму хопiць i чатырох першых лiтар, i штодня раз цi два практыкаваўся пiсаць iх, каб асвяжыць памяць. Молi адмовiлася вучыць больш за чатыры лiтары, з якiх складалася яе iмя. Яна любiла акуратна выкладаць iх з галiнак i ўпрыгожваць параю кветачак, а пасля хадзiла навокал i захаплялася сваiм мастацтвам.

Нiводная iншая жывёлiна на ферме не пасунулася далей за лiтару А. Выявiлася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкi, куры i качкi, былi няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясцiў, што Сем Запаведзяў, па сутнасцi, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавiта: «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна». У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялiзму. Той, хто глыбока iм прасякнецца, зможа нiколi не баяцца нiякiх чалавечых уплываў. Птушкi спачатку запярэчылi, бо iм здавалася, што яны таксама маюць дзве нагi, але Сняжок давёў iм, што гэта не так.

— Птушынае крыло, таварышы, — сказаў ён, — гэта орган руху, а не дотыку, i, такiм чынам, павiнна быць прыраўнянае да нагi. Адметны знак чалавека рука, прылада, якою ён чынiць усе свае зладзействы.

Птушкi не зразумелi доўгай прамовы Сняжка, але пагадзiлiся з ягоным тлумачэннем, i ўсе нiжэйшыя жывёлы ўзялiся вучыць новы лозунг на памяць. «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна» было напiсана вялiкiмi лiтарамi на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямi. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкi пранялiся да яго вялiкiм упадабаннем i часта, лежачы ў полi, яны ўсе разам пачыналi бляяць: «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна! Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна!» i бляялi гэтак, не стамляючыся, цэлымi гадзiнамi.

Напалеон Сняжковымi камiтэтамi не цiкавiўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзi — значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабiць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсi i Званочак абедзве ашчанiлiся, спарадзiўшы на свет разам дзевяць здаровенькiх шчанятак. Як толькi яны адвучылiся ад матчынага малака, Напалеон забраў iх ад матак i сказаў, што сам паклапоцiцца аб iхнiм выхаваннi. Ён занёс iх на гарышча, куды можна было трапiць толькi па драбiне з рымарнi, i там трымаў iх у такiм адасобненнi, што ўсе на ферме неўзабаве пра iх забылiся.

У хуткiм часе раскрылася таямнiца таго, куды знiкала малако. Яго дамешвалi штодня ў ежу свiнням. Пачалi ўжо выспяваць раннiя яблыкi, i трава ў садзе была ўсыпаная ападкамi. Усе жывёлы меркавалi як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкi будуць дзялiць на ўсiх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкi мусiлi сабраць i занесцi ў рымарню на спажытак свiнням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нiчога не дапамагло. Усе свiннi былi аднадушныя ў гэтым пытаннi, нават Сняжок i Напалеон. Даць усiм iншым неабходныя тлумачэннi выслалi Вiскуна.

— Таварышы! — закрычаў ён. — Спадзяюся, вы не лiчыце, што мы, свiннi, робiм гэта дзеля эгаiзму або прывiлеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любiць малака i яблыкаў. Я i сам iх не люблю. Адзiнае, дзеля чаго мы iх ямо, — каб захаваць сваё здароўе. Малако i яблыкi (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свiнняў. Мы, свiннi, — працаўнiкi разумовае працы. Усё кiраванне фермаю i парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень i ўночы мы клапоцiмся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако i ямо гэтыя яблыкi. Цi ведаеце вы, што б здарылася, калi б мы, свiннi, не справiлiся з сваiмi абавязкамi? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, — крычаў Вiскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды i матляючы хвастом, — напэўна, сярод вас няма нiкога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?

I праўда, калi i было нешта, у чым жывёлы былi цалкам упэўненыя, дык гэта тое, што яны не хацелi, каб Джоўнз вярнуўся. I калi ўсё было выстаўлена ў такiм святле, iм не было чаго сказаць. Важнасць таго, каб свiннi заставалiся пры добрым здароўi, была аж занадта вiдавочная. I таму без далейшых спрэчак было дамоўлена, што ўсё малако i ападкi яблыкаў (а таксама i ўвесь ураджай, калi яны даспеюць) будуць належаць адным свiнням.

IV

Да канца лета вестка пра тое, што адбылося на Ферме Жывёлаў, разышлася па ўсiм наваколлi. Сняжок i Напалеон штодня высылалi па колькi галубоў, якiя мелiся ўвайсцi ў зносiны з жывёлаю на суседнiх фермах, расказаць ёй гiсторыю Паўстання i навучыць мелодыi «Звяроў Брытанii».

Мiстэр Джоўнз цяпер найчасцей бавiў час у бары ўiлiнгданскай карчмы «Чырвоны леў», скардзячыся кожнаму, хто б нi трапiўся, на ўчыненую яму нялюдскую несправядлiвасць — як яго выгнала з ягонага маёнтка нейкая купка нiчога не вартых жывёлiн. Iншыя гаспадары спачувалi яму дзеля прылiку, але не надта спяшалiся яму нечым дапамагчы. У душы кожны з iх патаемна разважаў, цi нельга было б Джоўнзава няшчасце павярнуць неяк на сваю карысць. На шчасце, уладальнiкi гаспадарак, прылеглых да Фермы Жывёлаў, увесь час не ладзiлi мiж сабою. Адна з iх, што звалася Фоксвуд, была вялiкай занядбанай старасвецкай гаспадаркаю, збольшага зарослай лесам, са змарнаванымi пашамi i несамавiтымi агароджамi. Гаспадар, мiстэр Пiлкiнгтан, быў нядбайны, ленаваты панок, якi большасць свайго часу прысвячаў, залежна ад пары, рыбалцы або паляванню. Другая гаспадарка, Пiнчфiлд, была меншая i лепш дагледжаная. Яе ўладальнiк, мiстэр Фрэдэрык, упарты i спрытны дзялок, увесь час з некiм судзiўся i меў славу няўступлiвага ў здзелках чалавека. Гэтыя двое так не любiлi адзiн аднаго, што iм цяжка было прыйсцi да нейкага пагаднення, нават калi справа тычылася абароны iх iнтарэсаў.

Тым не меней iх не на жарт спалохала паўстанне на Ферме Жывёлаў, i яны пастаралiся зрабiць, што маглi, каб iх уласныя жывёлы як мага меней пра гэта ведалi. Спачатку яны спрабавалi высмеяць саму iдэю таго, што жывёлы самi могуць весцi гаспадарку. Тыднi праз два ўсё гэта развалiцца само па сабе, казалi яны. Яны пускалi чуткi, што жывёлы на Ферме Мэнар (яны i далей упарта называлi яе «Ферма Мэнар», не церпячы назвы «Ферма Жывёлаў») увесь час ваююць памiж сабою i таму хутка памруць з голаду. Калi прайшоў нейкi час, а жывёлы зусiм не памерлi з голаду, Фрэдэрык i Пiлкiнгтан завялi iншую песню i пачалi гаварыць пра страшны шал злачыннасцi i распусты, якi нiбыта лютаваў цяпер на Ферме Жывёлаў. Казалi, што жывёлы там ядуць адна адну, катуюць адна адну распаленымi да чырванi падковамi, а самак ужываюць супольна. Вось што выйшла з гэтага паўстання супраць законаў Прыроды, казалi Фрэдэрык i Пiлкiнгтан.

Аднак нiхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя i перакручаныя чуткi пра дзiвосную ферму, дзе жывёлы, выгнаўшы людзей, сталiся гаспадарамi свайго жыцця, разыходзiлiся ўсё далей, i ўвесь гэты год у наваколлi не спадала хваля бунтарных настрояў. Заўсёды паслухмяныя быкi раптам зрабiлiся дзiкiмi, авечкi зносiлi агароджы i пляжылi канюшыну, каровы перакульвалi даёнкi, конi адмаўлялiся скакаць цераз перашкоды i перакiдалi праз iх коннiкаў. Але, што найгорш, мелодыя i нават словы «Звяроў Брытанii» былi вядомыя паўсюль. Яны з дзiўнай хуткасцю разышлiся сярод жывёлаў наваколля. Чуючы гэтую песню, людзi не маглi стрымаць сваёй лютасцi, хоць i рабiлi выгляд, што лiчаць яе проста смешнаю. Яны не маглi зразумець, казалi яны, як самi жывёлы могуць дайсцi да таго, каб спяваць такую дзiкую лухту. Кожная жывёлiна, заспетая за тым, што спявае гэтую песню, каралася дубцом на месцы. I, аднак, песню гэтую нельга было задушыць. Яе высвiствалi ў жываплотах дразды, буркаталi ў вязах галубы, яна чулася ў грукаце кузняў i ў гудзе царкоўных званоў. I калi чалавечыя стварэннi слухалi яе, яны патаемна баялiся, чуючы ў ёй прароцтва сваёй будучай загубы.

На пачатку кастрычнiка, калi збажына была зжатая i стаяла ў сцiртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў i села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэннi. Джоўнз i ўсе яго людзi, ды яшчэ паўтузiна iншых з Фоксвуда i Пiнчфiлда, увайшлi праз браму i рухалiся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслi кii, апрача Джоўнза, якi ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны вiдавочна збiралiся адваяваць ферму.

Гэтага чакалi ўжо даўно, i таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, якi ўважлiва вывучыў старую кнiгу пра выправы Юлiя Цэзара, знойдзеную ў сядзiбе, узяў на сябе кiраванне абароннымi аперацыямi. Ён хутка раздаў загады, i праз пару хвiлiн кожная жывёлiна была ўжо на сваiм баявым пасту.

Калi чалавечыя стварэннi наблiзiлiся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталi сюды-туды над галовамi людзей i брудзiлi на iх з паветра; i пакуль людзi абцiралiся, гусi, што хавалiся за жываплотам, кiнулiся на iх i пачалi бязлiтасна шчыпаць iх за лыткi. I, аднак, гэта была толькi лёгкая папярэдняя сутычка, скiраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супрацiўнiка, i людзi лёгка адагналi гусей кiямi. Тады Сняжок кiнуў у бой другую лiнiю атакi. Мюрыэль, Бэнджамiн i ўсе авечкi, на чале з Сняжком, рынулiся наперад i пачалi таўчы i басцi людзей з усiх бакоў, тым часам як Бэнджамiн, павярнуўшыся, бiў iх сваiмi маленькiмi капытамi. Але i тут людзi з сваiмi кiямi i падкутымi цвiкамi ботамi былi мацнейшыя за iх; раптам, пачуўшы Сняжкоў вiск, што было сiгналам да адступлення, усе жывёлы павярнулiся i ўцяклi на ўнутраны двор.

Людзi азвалiся пераможным воклiчам. Яны ўбачылi, як iм здавалася, што iх ворагi ўцякаюць, i бязладна кiнулiся за iмi. Гэта было якраз тое, чаго спадзяваўся Сняжок. Як толькi яны забеглi ў двор, тры канi, тры каровы i ўсе астатнiя свiннi, што хавалiся ў засадзе ў хляве, нечакана выйшлi на iх з тылу, адрэзаўшы шляхi да адступлення. I тады Сняжок даў сiгнал да атакi. Сам ён абрынуўся на Джоўнза. Джоўнз убачыў яго, узняў стрэльбу i стрэлiў. Шрацiны прадзёрлi крывавыя палосы на Сняжковай спiне, i адна авечка ўпала мёртвая. Не спыняючыся нi на хвiлiну, Сняжок увалiў усе свае шэсць пудоў у ногi Джоўнзу. Джоўнз павалiўся ў кучу гною, i стрэльба выпала ў яго з рук. Але найстрашнейшае вiдовiшча ўяўляў сабою Баксёр, якi стаў дыбкi i выбрыкваў сваiмi падкутымi жалезам капытамi, як стаенны жарабок. Яго першы ўдар лучыў у галаву памочнiку конюха з Фоксвуда, i той нежывы распластаўся ў гразi. Убачыўшы гэта, некалькi чалавек пакiдалi свае кii i паспрабавалi ўцячы. Iх ахапiла панiка, i ў наступную хвiлiну ўсе жывёлы, сабраўшыся разам, ганялi iх па ўсiм двары. Iх бiлi рагамi i нагамi, кусалi i тапталi. Не было нiводнай жывёлiны на ферме, якая б па-свойму на iх не папомсцiлася. Нават кот, раптоўна саскочыўшы з даху на плечы пастуху, запусцiў кiпцюры яму ў шыю, i той пачаў крычаць немым голасам. У той момант, калi брама расчынiлася, людзi з радасцю кiнулiся з двара i пабеглi да гасцiнца. I так, праз пяць хвiлiн пасля ўварвання, яны ганебна адступiлi той самай дарогай, якой былi прыйшлi, а за iмi, сыкаючы, беглi чарадою гусi i шчыпалi iх за лыткi.

Усе людзi ўцяклi, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочнiка конюха, якi ляжаў нiцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец не варушыўся.

— Ён памёр, — з сумам вымавiў Баксёр. — Я не хацеў яго забiваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабiў гэта не наўмысна?

— Без сантыментаў, таварыш! — закрычаў Сняжок, з чыiх ранаў усё яшчэ цякла кроў. — Вайна ёсць вайна. Добры чалавек — мёртвы чалавек.

— Я не хачу забiваць, нават людзей, — паўтарыў Баксёр, i вочы яго напоўнiлiся слязьмi.

— А дзе Молi? — усклiкнуў нехта.

Молi i сапраўды не было вiдаць. На хвiлiну ўзняўся вялiкi пярэпалах; баяяiся, што людзi маглi неяк ёй нашкодзiць або нават звесцi яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлi — яна хавалася ў сваiм стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькi пачула стрэл. Аднак, калi ўсе вярнулiся з пошукаў, выявiлася, што памочнiк конюха, якi быў толькi аглушаны, паспеў ачомацца i ўцячы.

Жывёлы зноў сабралiся ўсе разам у вялiкiм узрушэннi i, перакрыкваючы адна адну, распавядалi пра свае подзвiгi ў бiтве. Тут жа адбылося iмправiзаванае святкаванне перамогi. Быў узняты сцяг, i колькi разоў запар былi праспяваныя «Звяры Брытанii», пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баi авечкi, i на яе магiле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступiў над магiлаю з кароткай прамовай, падкрэслiўшы, што кожная жывёлiна мусiць быць гатовая загiнуць за Ферму Жывёлаў, калi гэта спатрэбiцца.

Жывёлы аднадушна пастанавiлi заснаваць ваенную ўзнагароду — медаль «Жывёла-Герой» першага класа, якi быў адразу ўручаны Сняжку i Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасцi ж гэта былi масянжовыя бляхi, знойдзеныя ў рымарнi) належала насiць у нядзелi i святы. Заснавалi таксама медаль «Жывёла-Герой» другога класа, якiм пасмяротна ўзнагародзiлi забiтую авечку.

Шмат спрачалiся аб тым, як назваць гэтую слаўную бiтву. Нарэшце яе назвалi Бiтва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу мiстэра Джоўнза знайшлi ў гразi, а было вядома, што ў сядзiбе ёсць патроны. Вырашылi ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасцi гарматы i страляць з яе двойчы на год — дванаццатага кастрычнiка, у гадавiну Бiтвы пры Хляве, i ў дзень напярэдаднi Янавай ночы, у гадавiну Паўстання.

V

З наблiжэннем зiмы паводзiны Молi пачалi ўсё больш i больш непакоiць. Яна спазнялася на працу кожнай ранiцы, просячы прабачэння, што праспала, i скардзiлася на нейкi загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы i iшла на вадапой, дзе падоўгу стаяла i ачмурэла ўзiралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзiлi чуткi i пра нешта больш сур'ёзнае. Аднойчы, калi Молi бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваiм даўгiм хвастом i жуючы былiнку, Канюшынка адвяла яе ўбок.

— Молi, — сказала яна, — мне трэба вельмi сур'ёзна з табой пагаварыць. Сёння ранiцай я бачыла, як ты глядзела праз агароджу, што аддзяляе Ферму Жывёлаў ад Фоксвуда. Адзiн з людзей мiстэра Пiлкiнгтана стаяў з таго боку агароджы. Я была вельмi далёка, але я амаль перакананая, што бачыла, як ён гаварыў з табой i ты дазваляла яму гладзiць свой нос. Што гэта значыць, Молi?

— Я там не была! Я гэтага не рабiла! Гэта няпраўда! — закрычала Молi i пачала вытапырвацца i бiць капытамi зямлю.

— Молi! Паглядзi мне ў вочы. Цi даеш ты мне слова гонару, што той чалавек не гладзiў табе нос?

— Гэта няпраўда! — паўтарыла Молi, але яна не магла паглядзець Канюшынцы ў вочы i кiнулася наўцёкi, паскакаўшы наўзгалоп у поле.

Тады Канюшынцы прыйшла ў галаву адна думка. Нiкому нiчога не кажучы, яна пайшла ў стойла Молi i адгарнула капытом салому. Пад саломаю была схаваная кучка кавалкаў цукру i некалькi скруткаў рознакаляровых стужак.

Праз тры днi Молi знiкла. Некалькi тыдняў нiхто не ведаў, куды яна падзелася, пакуль галубы не паведамiлi, што бачылi яе на другiм канцы Ўiлiнгдана. Яна стаяла запрэжаная ў прыгожую калымажку, пафарбаваную ў чырвонае i чорнае, што чакала каля карчмы. Тоўсты чырванатвары чалавек у клятчастых брыджах i гетрах, якi выглядаў на карчмара, гладзiў ёй нос i кармiў яе цукрам. Яна была нанова падстрыжаная, i ў грыве была ўплеценая пунсовая стужка. Вiдаць, яна вельмi добра бавiла час, як сказалi галубы. Нiхто з жывёлаў больш нiколi не згадваў пра Молi.

У студзенi настала суровае надвор'е. Зямля была Цвёрдая, як жалеза, i на полi не было чаго рабiць. У вялiкiм гумне адбывалася шмат сходаў, свiннi займалiся планаваннем працы на наступны сезон. Неяк само сабою склалася, што свiннi, якiя былi вiдавочна разумнейшыя за iншую жывёлу, вырашалi ўсе пытаннi, што датычылi фермы, хоць рашэннi i мелiся быць ухваленыя большасцю галасоў. I гэткi парадак дзеiў бы даволi добра, калi б не спрэчкi памiж Сняжком i Напалеонам. Гэтыя двое разыходзiлiся ў поглядах паўсюль, дзе толькi было магчымае разыходжанне. Калi адзiн з iх прапанаваў засеяць большую плошчу ячменем, дык можна было быць пэўным, што другi запатрабуе большае плошчы пад авёс, i калi адзiн казаў, што тое i тое поле якраз прыдатнае пад капусту, дык другi абвяшчаў, што яно нi на што iншае не надаецца, як на караняплоды. Кожны меў сваiх прыхiльнiкаў, i часам адбывалiся зацятыя спрэчкi. На сходах Сняжок часта перамагаў дзякуючы сваiм блiскучым прамовам, але Напалеону больш удавалася назбiраць сабе аднадумцаў у часе памiж сходамi. Асаблiвы поспех ён меў сярод авечак. Апошнiм часам авечкi ўзялiся бляяць лозунг «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна» калi трэба i калi не трэба, часам перапыняючы сваiм бляяннем Сход. Можна было заўважыць, што яны мелi асаблiвую схiльнасць бляяць свой лозунг у сама важныя моманты Сняжковых прамоў. Сняжок якраз дэталёва вывучыў некалькi старых нумароў знойдзенага ў сядзiбе часопiса «Фермер i жывёлавод» i быў поўны шырокiх планаў розных навiнак i ўдасканаленняў. Ён з веданнем справы гаварыў пра дрэнажныя сiстэмы, сiлас i кампост, выпрацаваў складаны праект, паводле якога ўсе жывёлы мусiлi класцi свой гной непасрэдна ў полi, кожны дзень на новым месцы, каб скарацiць працу на перавозку. Напалеон нiякiх сваiх праектаў не прапаноўваў, а толькi спакойна казаў, што Сняжковы нiкуды не вартыя, i, здавалася, чакаў свайго часу. Але з усiх iхнiх спрэчак найбольш зацятая разгарэлася вакол пытання аб ветраку.

На доўгiм выгане, недалёка ад гаспадарчых пабудоў, быў маленькi ўзгорак найвышэйшая мясцiна на ферме. Агледзеўшы мясцовасць, Сняжок абвясцiў, што гэта сама прыдатнае месца для ветрака, якi б прыводзiў у рух генератар i забяспечваў ферму электрычнасцю. Гэта дазволiла б асвятлiць i ацяплiць узiмку стайнi, пусцiць у ход цыркулярную пiлу, сячкарню, буракарэзку i электрычную даiльную машыну. Жывёлы нiколi не чулi пра нешта падобнае (бо ферма была старая i мела толькi сама прымiтыўныя механiзмы) i здзiўлена слухалi, як Сняжок маляваў ва ўяўленнi дзiвосныя карцiны, як машыны будуць працаваць за iх, а самi яны тым часам будуць пасвiцца ўдосталь на полi або ўдасканальваць розум чытаннем i размовамi.

Праз некалькi тыдняў Сняжковы праекты ветрака былi цалкам гатовыя. Механiчныя падрабязнасцi паходзiлi галоўным чынам з трох кнiг, што належалi мiстэру Джоўнзу, — «Тысяча карысных парадаў па гаспадарцы», «Кожны сам сабе муляр» i «Электрычнасць для пачаткоўцаў». Сняжок выбраў сабе за кабiнет павець, якая некалi выкарыстоўвалася як iнкубатар i дзе была гладкая драўляная падлога, на якой добра маляваць. Ён зачыняўся там на цэлыя гадзiны. Заклаўшы патрэбную старонку каменем i зацiснуўшы кавалак крэйды памiж косткамi капыта, ён хуценька вадзiў iм сюды-туды, крэслячы лiнiю за лiнiяй i павiскваючы ад захаплення. Паступова чарцяжы ператварылiся ў складаную блытанiну шкiваў i шасцерняў, якая займала больш за палову падлогi i, хоць здавалася астатнiм жывёлам цалкам незразумелай, рабiла на iх вялiкае ўражанне. Усе яны прыходзiлi паглядзець на Сняжковы малюнкi, прынамсi, раз на дзень. Прыходзiлi нават куры i качкi, усяляк стараючыся не наступiць на крэйдавыя рыскi. Толькi Напалеон трымаўся наводдаль. Ён адразу выказаўся супраць ветрака. Але аднойчы ён нечакана прыйшоў прагледзець чарцяжы. Ён, цяжка ступаючы, абышоў паветку, прыгледзеўся да кожнай драбнiцы ў чарцяжах i нават раз цi два панюхаў iх, пасля пастаяў хвiлiнку, пазiраючы на iх краем вока; тады раптам падняў нагу, пабруiў на чарцяжы i выйшаў, не сказаўшы нi слова.

Памiж насельнiкамi фермы зазначыўся глыбокi падзел у пытаннi аб ветраку. Сняжок не адмаўляў, што пабудаваць яго — справа няпростая. Трэба будзе нанесцi камення i змураваць сцены, тады зрабiць крылы, а пасля гэтага спатрэбiцца генератар i правады. (Як усё гэта дастаць, Сняжок не казаў.) Але ён сцвярджаў, што ўсё гэта можна зрабiць за год. Затое пасля, абяцаў ён, будзе заашчаджана столькi працы, што жывёлам трэба будзе працаваць толькi тры днi на тыдзень. Напалеон, са свайго боку, падкрэслiваў, што вялiкай неабходнасцю бягучага моманту з'яўляецца павышэнне вытворчасцi харчоў i што калi яны будуць марнаваць час на пабудову ветрака, то яны ўсе памруць з голаду. Жывёлы падзялiлiся на дзве фракцыi: адна пад лозунгам «За Сняжка i трохдзённы тыдзень», а другая — «За Напалеона i поўнае карыта». Бэнджамiн быў адзiны, хто не далучыўся да нiводнай фракцыi. Ён не верыў нi ў тое, што пабольшае ежы ў карыце, нi ў тое, што вятрак заашчадзiць працу. Будзе вятрак або не будзе, казаў ён, жыццё ўсё адно будзе такое, якое было дагэтуль — гэта значыць кепскае.

Побач са спрэчкамi вакол ветрака гарачым было i пытанне абароны фермы. Было цалкам верагодна, што, хоць чалавечыя стварэннi i былi разбiтыя ў Бiтве пры Хляве, яны маглi зрабiць яшчэ адну, больш рашучую спробу адваяваць ферму i аднавiць панаванне мiстэра Джоўнза. Яны тым болей мелi на гэта падставы, што навiна пра iх паражэнне разышлася па наваколлi i жывёлы на суседнiх фермах зрабiлiся натурлiвыя, як нiколi раней. Як звычайна, Сняжок i Напалеон не пагаджалiся мiж сабою. Паводле Напалеона, што жывёлы мусiлi зрабiць, дык гэта здабыць пальную зброю i практыкавацца ў яе ўжываннi. Паводле Сняжка, яны мусiлi высылаць штораз болей галубоў, каб раздзьмуць паўстанне сярод жывёлаў на iншых фермах. Адзiн сцвярджаў, што калi яны не навучацца баранiцца, дык непазбежна будуць заваяваныя, другi сцвярджаў, што калi паўстаннi адбудуцца паўсюль, iм не будзе патрэбы баранiцца. Жывёлы слухалi спачатку Напалеона, пасля Сняжка i не маглi зразумець, хто з iх мае рацыю; i сапраўды, яны заўсёды пагаджалiся з тым, хто якраз у гэты момант прамаўляў.

Нарэшце настаў дзень, калi Сняжковы чарцяжы былi гатовыя. На Сходзе, што меўся адбыцца наступнай нядзеляй, пытанне пра пабудову ветрака выносiлася на галасаванне. Калi жывёлы сабралiся ў вялiкiм гумне, Сняжок устаў i, хоць яго часам перапыняла бляянне авечак, выклаў свае аргументы за пабудову ветрака. Тады Напалеон падняўся для адказу. Ён вельмi спакойна сказаў, што вятрак гэта бязглуздзiца i што ён нiкому не раiць галасаваць за яго, i тут жа зноў сеў; гаварыў ён усяго нейкiх трыццаць секунд i, здавалася, не зважаў, цi зрабiлi яго словы хоць найменшае ўражанне на прысутных. У адказ на гэта Сняжок ускочыў на ногi i, прыкрыкнуўшы на авечак, якiя зноў пачалi бляяць, выступiў з палымяным заклiкам на карысць ветрака. Дагэтуль жывёлы былi амаль пароўну падзелены ў сваiх прыхiльнасцях, але праз хвiлiну Сняжок захапiў iх сваiм красамоўствам. Красамоўнымi фразамi ён распiсаў карцiну жыцця на Ферме Жывёлаў, якiм яно магло б быць, калi б цяжар непасiльнай працы быў зняты з iх спiн. Цяпер яго ўяўленне лунала значна вышэй за сячкарнi i электрадаiлкi. Электрычнасць, казаў ён, зможа прывесцi ў рух малатарнi, плугi, бароны, касiлкi, жнейкi, снопавязалкi i, апроч таго, забяспечыць кожнае стойла электрычным святлом, халоднай i гарачай вадою i электрычным ацяпленнем. Калi ён скончыў прамову, нiхто ўжо не сумняваўся ў тым, у якi бок пойдзе галасаванне. Але якраз у гэты момант Напалеон устаў i, неяк дзiўна паглядзеўшы скоса на Сняжка, пранiзлiва завiшчаў, так, як нiхто яшчэ нiколi не чуў.

У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, i дзевяць вялiзных сабакаў з абабiтымi бляхай ашыйнiкамi ўварвалiся ў гумно. Яны кiнулiся проста на Сняжка, якi адно што паспеў адскочыць убок i ўхiлiцца ад iх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, i сабакi беглi за iм. Знямеўшы ад страху i здзiўлення, усе жывёлы выйшлi паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгi выган у бок гасцiнца. Ён бег, як толькi можа бегчы свiння, але сабакi былi ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслiзнуўся, i здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапiўся i пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакi зноў амаль яго дагналi. Адзiн з iх ужо блiзка не схапiў зубамi Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту i, пад самым носам у сабакi, шуснуў праз дзiрку ў жываплоце, i больш яго нiхто ўжо не бачыў.

Маўклiвыя i напалоханыя, жывёлы забралiся назад у гумно. Праз хвiлiну вярнулiся сабакi. Спачатку нiхто не мог даўмецца, адкуль узялiся гэтыя стварэннi, але хутка знайшлася разгадка: гэта былi тыя самыя шчаняты, якiх Напалеон забраў ад матак i гадаваў асобна. Хоць яшчэ i маладыя, гэта былi ўжо вялiзныя сабакi, якiя злавесным выглядам нагадвалi ваўкоў. Яны трымалiся каля Напалеона. Было заўважана, што яны вiлялi хвастамi яму гэтаксама, як некалi iншыя сабакi вiлялi мiстэру Джоўнзу.

Напалеон, за якiм iшлi сабакi, узышоў на прыўзнятую пляцоўку, дзе некалi стаяў Маёр, каб выступiць з прамовай. Ён абвясцiў, што ад гэтага часу нядзельныя ранiшнiя Сходы адмяняюцца. Яны непатрэбныя, сказаў ён, i толькi забiраюць час. У далейшым усе пытаннi жыццядзейнасцi фермы будуць вырашацца адмысловым свiным камiтэтам з iм самiм на чале. Яны будуць збiрацца за зачыненымi дзвярыма i пасля будуць паведамляць iншым пра свае пастановы. Жывёлы будуць па-ранейшаму збiрацца кожную нядзелю ранiцай, каб прывiтаць сцяг, праспяваць «Звяры Брытанii» i атрымаць загады на тыдзень; але нiякiх спрэчак i абмеркаванняў больш не будзе.

Нягледзячы на ўзрушэнне, выклiканае выгнаннем Сняжка, жывёлы былi збянтэжаныя гэтым паведамленнем. Некаторыя з iх нават i запярэчылi б, калi б знайшлi неабходныя аргументы. Нават Баксёр быў нямала ўсхваляваны. Ён падцiснуў вушы, колькi разоў трасянуў грывай i паспрабаваў спарадкаваць свае думкi; але ўрэшце ён так i не знайшоў што сказаць. Некаторыя свiннi, аднак, выразней выявiлi сваю пазiцыю. Чатыры маладыя парсюкi, што сядзелi наперадзе, незадаволена завiшчалi i ўсе чацвёра ўскочылi на ногi i пачалi гаварыць усе разам. Але раптам сабакi, што сядзелi вакол Напалеона, пагрозлiва загыркалi, i свiннi змоўклi i селi на свае месцы. Тады авечкi забляялi сваё жахлiвае «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна», бляянне цягнулася амаль чвэрць гадзiны i паклала канец усяму абмеркаванню.

Пасля гэтага Вiскун быў упаўнаважаны прайсцiся па ўсёй ферме i растлумачыць усiм астатнiм новы парадак.

— Таварышы, — казаў ён, — я спадзяюся, што кожны з вас цэнiць ахвярнасць таварыша Напалеона, якi ўзяў на сябе гэты дадатковы цяжар. Не думайце, таварышы, што быць правадыром — гэта нешта прыемнае! Наадварот, гэта вялiкая i цяжкая адказнасць. Нiхто не верыць так глыбока, як таварыш Напалеон, што ўсе жывёлы роўныя. Ён быў бы толькi шчаслiвы даць вам магчымасць вырашаць самiм за сябе. Але ж часам вы маглi б прымаць няправiльныя рашэннi, таварышы, i што б тады было? Уявiце, што вы маглi б вырашыць падтрымаць Сняжка з ягонымi бязглуздымi ветракамi — Сняжка, якi, як мы цяпер ведаем, быў проста крымiнальнiкам.

— Ён мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве, — сказаў нехта.

— Адной мужнасцi мала, — сказаў Вiскун. — Адданасць i паслухмянасць значна важнейшыя. А што да Бiтвы пры Хляве, дык я думаю, прыйдзе час, калi выявiцца, што роля Сняжка ў ёй была значна перабольшаная. Дысцыплiна, таварышы, жалезная дысцыплiна! Вось лозунг сённяшняга дня. Адзiн памылковы крок, i вораг будзе тут. Бо праўда, таварышы, вы ж не хочаце, каб вярнуўся Джоўнз?

Зноў жа гэты аргумент быў неаспрэчны. Вядома ж, жывёлы не хацелi, каб вярнуўся Джоўнз; калi правядзенне спрэчак нядзельнымi ранiцамi магло б спрычынiцца да яго вяртання, гэтыя спрэчкi варта было спынiць. Баксёр, якi цяпер паспеў ужо сёе-тое абдумаць, выказаў агульны настрой, сказаўшы: «Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, гэта праўда». I з таго часу ён узяў сабе за прымаўку «Напалеон заўсёды кажа праўду» ў дадатак да свайго асабiстага дэвiзу «Я буду працаваць яшчэ старанней».

Тым часам надвор'е перамянiлася i пачалося вясновае ворыва. Паветка, у якой Сняжок маляваў свае чарцяжы, была замкнёная, i лiчылася, што гэтыя чарцяжы былi сцертыя з падлогi. Кожную нядзелю ранiцай а дзесятай гадзiне жывёлы збiралiся ў вялiкiм гумне, каб атрымаць загады на тыдзень. Чэрап старога Маёра, цяпер ужо зусiм голы, выкапалi з магiлы ў садзе i прычапiлi на калку каля флагштока, побач са стрэльбай. Пасля ўзняцця сцяга жывёлы мусiлi ўрачыстым шыхтам прайсцiся мiма чэрапа, перш чым увайсцi ў гумно. Цяпер яны ўжо не сядзелi ўсе разам, як некалi раней. Напалеон з Вiскуном i яшчэ адным парсюком, якога звалi Малятка i якi меў незвычайны талент складаць песнi i паэмы, сядзелi наперадзе на прыўзнятай пляцоўцы, вакол iх паўколам сядзела дзевяць маладых сабак, а iншыя свiннi сядзелi ззаду. Астатнiя жывёлы сядзелi насупраць iх у сярэдзiне гумна. Напалеон чытаў загады на тыдзень, складзеныя ў грубым вайсковым стылi, i пасля аднаразовага адспявання «Звяроў Брытанii» ўсе жывёлы разыходзiлiся.

Трэцяе нядзелi пасля выгнання Сняжка жывёлы з немалым здзiўленнем пачулi паведамленне Напалеона, што вятрак усё ж будзе пабудаваны. Ён не падаў нiякiх прычынаў гэткай змены сваiх намераў, а проста папярэдзiў жывёлаў, што гэтае дадатковае заданне будзе вымагаць вельмi цяжкае працы; магчыма нават, што давядзецца скарацiць харчовыя нормы. Усе праекты былi ўжо падрыхтаваныя да апошняй драбнiцы. Адмысловы свiны камiтэт працаваў над iмi на працягу трох тыдняў. Прадугледжвалася, што пабудова ветрака, разам з iншымi перадавымi пераменамi, зойме два гады.

Гэтым вечарам Вiскун тлумачыў прыватна iншым жывёлам, што Напалеон у сапраўднасцi нiколi не быў супраць ветрака. Наадварот, якраз ён баранiў гэтую iдэю з самага пачатку, а чарцёж, якi Сняжок намаляваў на падлозе ў iнкубатары, быў выкрадзены з Напалеонавых папер. Такiм чынам, вятрак быў вынаходкай самога Напалеона. Чаму ж тады, спытаўся нехта, ён так зацята выступаў супраць яго? На гэта Вiскун з аблуднай усмешкай адказаў, што гэта была наўмысная хiтрасць таварыша Напалеона. Ён рабiў выгляд, што выступае супраць ветрака, хочучы проста пазбавiцца ад Сняжка, якi быў небяспечны элемент i дрэнна ўплываў на астатнiх. Цяпер, калi Сняжок прыбраны з дарогi, гэты праект можна было смела ажыццяўляць, не баючыся ягоных падкопаў. Гэта, сказаў Вiскун, называецца тактыкай. Ён паўтарыў некалькi разоў: «Тактыка, таварышы, тактыка!», скачучы навокал, круцячы хвастом i весела смеючыся. Жывёлы не ведалi дакладна, што значыць гэтае слова, але Вiскун гаварыў так пераканаўча, а тры сабакi, што выпадкова апынулiся пры iм, вурчэлi так пагрозлiва, што яны пагадзiлiся з яго тлумачэннямi без лiшнiх пытанняў.

VI

Увесь гэты год жывёлы працавалi, як рабы. Але яны былi шчаслiвыя; яны не шкадавалi сiлы i ахвотна iшлi на ахвяры, бо добра ведалi, што ўсё, што яны рабiлi, было для iх самiх i для тых пакаленняў, якiя прыйдуць пасля iх, а не для жменькi лайдакоў i зладзеяў, што ходзяць на дзвюх нагах.

Усю вясну i лета яны працавалi шэсцьдзесят гадзiн на тыдзень, а ў жнiўнi Напалеон паведамiў, што яны будуць працаваць таксама i ў нядзелi пасля абеду. Праца гэтая была строга добраахвотная, але любая жывёлiна, што самачынна адхiлялася ад працы, пазбаўлялася паловы сваёй харчовай нормы. I нават пры гэткiх умовах ад некаторых работ давялося адмовiцца. Ураджай быў крыху горшы, чым летась, i два палеткi, якiя планавалi засеяць караняплодамi на пачатку лета, засталiся незасеяныя, бо iх спазнiлiся ўзараць. Можна было прадбачыць, што ферму чакала цяжкая зiма.

Вятрак дадаваў штораз новых нечаканых цяжкасцяў. На ферме былi добрыя паклады вапняку, а ў адной баковачцы знайшлося шмат пяску i цэменту, так што ўсе будаўнiчыя матэрыялы былi пад рукою. Але праблемаю, якую спачатку жывёлы нiяк не маглi вырашыць, было, як разбiць камянi на кавалкi патрэбных памераў. Здавалася, што гэта нельга было зрабiць iнакш, як з дапамогаю кiркi i лома, якiмi нiводная жывёла не магла карыстацца, бо нiводная жывёла не магла стаяць на заднiх нагах. Толькi пасля некалькiх тыдняў марных намаганняў некаму прыйшла ў галаву разумная думка — выкарыстаць сiлу прыцягнення. Вялiзныя валуны, занадта вялiкiя, каб iх можна было ўжыць, параскладалi на дне кар'ера. Жывёлы абвязвалi iх вяроўкамi, i тады ўсе разам, каровы, конi, авечкi — усе, хто мог учапiцца за вяроўку, у крытычныя моманты да iх далучалiся нават свiннi — цягнулi ўгору з безнадзейнай павольнасцю да самага краю кар'ера, адтуль iх спiхалi, i яны разбiвалiся ўнiзе на кавалкi. Перавозiць бiтае каменне было параўнаўча лёгка. Конi цягнулi яго на вазах, авечкi валаклi асобныя кавалкi, нават Мюрыэль i Бэнджамiн упрэглiся ў лёгкую двухколку i везлi сваю долю. Пад канец лета сабралася дастатковая колькасць камення, i тады пад наглядам свiнняў пачалося будаўнiцтва.

Гэта была марудная i цяжкая праца. Часта бывала, што цэлы дзень iшоў на тое, каб нязмернымi намаганнямi зацягнуць адзiны валун на край кар'ера, i часам, калi яго спiхвалi ўнiз, ён не разбiваўся. Нiчога нельга было б зрабiць, калi б не Баксёр, чыя сiла, здавалася, была роўная сiле ўсiх астатнiх жывёлаў разам узятых. Калi валун слiзгаў унiз i жывёлы, якiх цягнула за iм з гары, пачыналi крычаць ад роспачы, Баксёр заўсёды напружваўся i спыняў валун. Нельга было глядзець без захаплення, як ён, з цяжкасцю адольваючы кожную цалю, узыходзiў на гару, як дыханне яго пачашчалася, як ён чапляўся за зямлю вострымi краямi падкоў, як ягоныя бакi макрэлi ад поту. Канюшынка часам папярэджвала яго, каб ён бярогся i не перясiльваўся, але Баксёр нiколi яе не слухаў. Два ягоныя дэвiзы «Я буду працаваць яшчэ старанней» i «Напалеон заўсёды кажа праўду» здавалiся яму вычарпальным адказам на ўсе пытаннi. Ён дамовiўся з пеўнiкам, каб той будзiў яго ранiцай не на паўгадзiны, а на тры чвэрцi гадзiны раней. А ў свае вольныя хвiлiны, якiх цяпер ужо выпадала небагата, ён звычайна iшоў адзiн да кар'ера, набiраў бiтага камення i без чужой дапамогi цягнуў яго да месца, дзе меўся стаяць вятрак.

Усё гэтае лета жывёлы былi няблага забяспечаныя, нягледзячы на цяжкую працу. Калi ў iх было i не болей ежы, чым у часы Джоўнза, дык, прынамсi, i не меней. Перавага ў тым, што яны кармiлi цяпер толькi самiх сябе, а не мусiлi ўтрымлiваць яшчэ пяць марнатраўных чалавечых iстотаў, была такая вялiкая, што кампенсавала шматлiкiя нягоды. Да таго ж, шмат у чым метады працы жывёлаў былi больш эканомныя i эфектыўныя. Такая праца, як, напрыклад, праполка, магла быць зроблена з стараннасцю, недасяжнай для чалавека. Зноў жа, як нiхто з жывёлаў цяпер не краў, дык не было патрэбы аддзяляць выган ад ворнай зямлi, што ашчаджала шмат працы на ўтрыманне агароджаў i веснiчак. Тым не меней з наблiжэннем восенi пачала адчувацца непрадбачаная нястача розных неабходных рэчаў. Былi вельмi патрэбныя газа, цвiкi, вяроўкi, сухары сабакам i жалеза на падковы — i ўсё гэта не выраблялася на ферме. Пазней павiнны былi спатрэбiцца таксама насенне i штучныя ўгнаеннi, розныя iнструменты i, нарэшце, абсталяванне для ветрака. Дзе гэта ўсё ўзяць, нiхто не мог сабе ўявiць.

Аднойчы ў нядзелю ранiцай, калi жывёлы сабралiся, каб атрымаць загады, Напалеон паведамiў, што ён вырашыў перайсцi да новай палiтыкi. З гэтага часу Ферма Жывёлаў мелася наладзiць гандаль з суседнiмi фермамi: вядома ж, не дзеля камерцыйных мэтаў, а проста каб набыць некаторыя матэрыялы, якiя былi пiльна неабходныя. Патрэбы ветрака маюць стаяць вышэй за ўсё, сказаў ён. I таму ён вёў перамовы аб продажы стога сена i часткi сёлетняга ўраджаю збожжа, а пасля, калi спатрэбiцца больш грошай, iх можна будзе зарабiць, прадаючы яйкi, на якiя ў Уiлiнгдоне заўсёды быў попыт. Куры, сказаў Напалеон, мусяць з радасцю пайсцi на гэтую ахвяру, бо гэта будзе iх адмысловы ўклад у пабудову ветрака.

I зноў жывёлы былi збянтэжаныя. Нiколi не мець нiякiх зносiн з чалавечымi стварэннямi, нiколi не займацца гандлем, нiколi не ўжываць грошы — цi не былi гэта адныя з першых пастановаў, прынятых на першым урачыстым Сходзе пасля выгнання Джоўнза? Усе жывёлы памяталi, як прымалiся гэтыя пастановы, цi, прынамсi, iм здавалася, што яны памятаюць. Чатыры маладыя парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў Сходы, нясмела запярэчылi, але, пачуўшы пагрозлiвае гырканне сабакаў, адразу змоўклi. Тады, як звычайна, авечкi завялi сваё «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна», i хвiлiнная збянтэжанасць была загладжана. Нарэшце Напалеон падняў нагу, запатрабаваўшы цiшынi, i паведамiў, што ён ужо пра ўсё дамовiўся. Жывёлам не трэба будзе самiм уваходзiць у кантакт з чалавечымi iстотамi, што было б вельмi непажадана. Ён вырашыў узяць увесь гэты цяжар на свае плечы. Нехта мiстэр Уiмпэр, юрыст з Уiлiнгдона, згадзiўся быць пасярэднiкам памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам i будзе заходзiць на ферму кожны панядзелак ранiцай, каб атрымаць iнструкцыi. Напалеон скончыў сваю прамову сваiм звычайным воклiчам: «Хай жыве Ферма Жывёлаў!», i, пасля праспявання «Звяроў Брытанii», жывёлы былi распушчаныя.

Пасля гэтага Вiскун абышоў ферму i супакоiў яе жыхароў. Ён запэўнiў iх, што пастанова супраць вядзення гандлю i ўжывання грошай нiколi не была прынятая i нават не прапаноўвалася. Гэта ўсё была чыстая фантазiя, каранi якой трэба шукаць у хлуснi, што iшла ад Сняжка. Некаторыя жывёлы ўсё ж крыху сумнявалiся, але Вiскун дасцiпна спытаўся ў iх: «Цi вы пэўныя, што не прыснiлi ўсё гэта, таварышы? Можа, У вас тыя пастановы запiсаныя на паперы? Цi яны ўвогуле калi-небудзь запiсвалiся?» I як сапраўды было чыстаю праўдай, што нiчога падобнага ў пiсьмовай форме не iснавала, дык жывёлы пагадзiлiся, што гэта была памылка.

Кожнага панядзелка мiстэр Уiмпэр наведваў ферму, як было дамоўлена. Гэта быў хiтраваты чалавечак з бакенбардамi, не надта вялiкi дзялок, але дастаткова кемлiвы, каб зразумець раней за iншых, што Ферме Жывёлаў спатрэбiцца пасярэднiк i што камiсiйныя працэнты будуць вартыя клопату. Жывёлы глядзелi са страхам, як ён прыходзiць i адыходзiць, i як мага пазбягалi яго. Разам з тым, бачачы, як Напалеон, стоячы на чатырох нагах, аддае загады Ўiмпэру, што стаяў на дзвюх, яны напаўнялiся гонарам i часткова пагаджалiся з новым парадкам. Iх дачыненнi з чалавечым родам цяпер не былi ўжо тыя самыя, што раней. Цяпер, калi Ферма Жывёлаў квiтнела, чалавечыя iстоты не пераставалi яе ненавiдзець, яны ненавiдзелi яе яшчэ больш чым калi. Кожны з людзей свята верыў у тое, што ферма раней цi пазней збанкрутуе i што, перадусiм, пабудова ветрака скончыцца поўным крахам. Яны зазвычай сустракалiся ў корчмах i бралiся даводзiць адзiн аднаму з дапамогай схемаў i чарцяжоў, што вятрак абавязкова мусiць завалiцца або што калi ён i будзе стаяць, дык нiколi не будзе працаваць. I ўсё ж, мiжволi, яны прасяклiся павагай да ўмельства, з якiм жывёлы вялi свае справы. Адным з паказчыкаў гэтага было тое, што яны пачалi называць Ферму Жывёлаў яе сапраўдным iмем i болей ужо не настойвалi на тым, што яна завецца Ферма Мэнар. Яны таксама кiнулi баранiць Джоўнза, якi ўжо не спадзяваўся вярнуць сабе ферму i пераехаў жыць у другi канец краiны. Калi не лiчыць Уiмпэра, нiякiх кантактаў памiж Фермай Жывёлаў i знешнiм светам пакуль што не было, але ўвесь час хадзiлi чуткi, што Напалеон збiраецца заключыць дзелавое пагадненне або з мiстэрам Пiлкiнгтанам з Фоксвуда, або з мiстэрам Фрэдэрыкам з Пiнчфiлда — але нi ў якiм разе, як было заўважана, з абодвума адначасова.

Якраз прыблiзна гэтым часам свiннi нечакана перабралiся ў сядзiбу i сталi жыць там. Зноў жывёлам падалося, нiбы яны памятаюць пастанову, што была прынятая ў сама першыя днi, i зноў Вiскун здолеў пераканаць iх, што яны памыляюцца. Было абсалютна неабходна, казаў ён, каб свiннi, якiя былi розумам фермы, мелi спакойнае памяшканне для працы. Дый годнасцi Правадыра (нядаўна ён пачаў ужываць тытул «Правадыр», гаворачы пра Напалеона) больш пасуе жыць у доме, чым у простым свiнушнiку. Тым не меней некаторыя жывёлы збянтэжылiся, пачуўшы, што свiннi не толькi ядуць на кухнi i адпачываюць у гасцёўнi, але i спяць у ложках. Баксёр не звярнуў на гэта нiякай увагi, сказаўшы, як звычайна: «Напалеон заўсёды кажа праўду!», але Канюшынка, якой здавалася, што яна дакладна памятае пастанову наконт ложкаў, пайшла да гумна i паспрабавала разабраць Сем Запаведзяў, што былi напiсаныя на сцяне. Не здолеўшы прачытаць нiчога, апроч паасобных лiтар, яна схадзiла па Мюрыэль.

— Мюрыэль, — сказала яна, — прачытай мне Чацвёртую Запаведзь. Цi няма ў ёй пра тое, каб нiколi не спаць у ложку?

Мюрыэль з цяжкасцю праслiбiзавала.

— Тут напiсана: «Нiводная жывёла не павiнна спаць у ложку на прасцiне», урэшце паведамiла яна.

Дзiўна, але Канюшынка не памятала, каб Чацвёртая Запаведзь згадвала пра прасцiну; але калi гэта было напiсана на сцяне, значыць, гэтак яно i мусiла быць. I Вiскун, якi якраз у гэты момант праходзiў мiма ў суправаджэннi двух сабакаў, здолеў выкласцi гэтую справу ў патрэбным святле.

— Дык вы, таварышы, чулi, — сказаў ён, — што мы, свiннi, спiм цяпер у ложках у сядзiбе? А чаму не? Вы ж, пэўна, не думаеце, што некалi была пастанова супраць ложкаў? Ложак проста значыць месца, на якiм спяць. Куча саломы ў стойле, калi разглядаць гэта адпаведным чынам, таксама ложак. Закон быў супраць прасцiнаў, бо гэта ўжо чалавечая выдумка. Мы падаставалi прасцiны з ложкаў у сядзiбе i спiм, закруцiўшыся ў коўдры. I гэта вельмi ўтульныя ложкi! Але не больш утульныя, чым нам патрэбна пры той разумовай працы, якую мы мусiм рабiць сёння, вось што я вам скажу, таварышы. Вы не пазбавiце нас права на адпачынак, праўда ж, таварышы? Вы ж не зробiце так, каб нам было зусiм цяжка выконваць свае абавязкi? Нiхто ж з вас не хоча, каб вярнуўся Джоўнз?

У гэтым жывёлы запэўнiлi яго без лiшнiх развагаў, i больш ужо нiхто не гаварыў, што свiннi спяць у ложках у сядзiбе. А калi праз некалькi дзён было абвешчана, што ад таго часу свiннi будуць уставаць ранiцай на гадзiну пазней за астатнiх жывёлаў, нiхто ўжо i не падумаў паскардзiцца.

Калi надышла восень, жывёлы былi змораныя, але шчаслiвыя. У iх быў цяжкi год, а пасля продажу часткi сена i збожжа запасы ежы на зiму былi не такiя ўжо i багатыя, аднак вятрак быў аддзякаю за ўсе нягоды. Цяпер ён быў ужо амаль напалову збудаваны. Пасля жнiва выдалася яшчэ колькi пагодлiвых сухiх дзянькоў, i жывёлы працавалi з большым напружаннем, лiчачы, што варта пацягаць цэлы дзень сюды-туды вялiзныя камянi, калi гэта магло ўзняць сцяну хоць яшчэ на адзiн фут. Баксёр часам нават выходзiў начамi i працаваў гадзiну цi дзве пад месячным святлом. У свае вольныя хвiлiны жывёлы хадзiлi вакол недабудаванага ветрака, захапляючыся трываласцю i перпендыкулярнасцю сцен i дзiвячыся, што яны самi здолелi зрабiць нешта гэткае незвычайнае. I толькi стары Бэнджамiн не выяўляў нiякага энтузiязму што да ветрака, хоць, як звычайна, не казаў нiчога, апрача загадкавай заўвагi, што аслы жывуць доўга.

Настаў лiстапад з лютымi паўднёва-заходнiмi вятрамi. Будаўнiцтва давялося спынiць, бо было занадта мокра, каб разводзiць цэмент. Нарэшце надарылася ноч, калi вецер быў такi моцны, што будынкi фермы хiсталiся на сваiх падмурках i некалькi плiтак дахоўкi зляцела з гуменнага даху. Куры прачнулiся, квохкаючы ад жаху, бо ўсе прыснiлi адначасова, што чулi, як недзе непадалёку стрэлiла гармата. Калi ранiцаю жывёлы павыходзiлi са стойлаў, яны ўбачылi, што флагшток павалены, а вяз, што рос на краi саду, вырваны з коранем, як моркаўка. Не паспелi яны агледзець гэта, як з усiх жывёльных глотак вырваўся крык роспачы. Перад iмi адкрылася страшнае вiдовiшча. Вятрак ляжаў у руiнах.

Не згаворваючыся, яны кiнулiся да яго. Напалеон, якi нiколi не паскараў хады, бег наперадзе ўсiх. Так, увесь плён iх змагання ляжаў зраўнаваны з зямлёю, камянi, якiя яны з такiмi намаганнямi разбiвалi i зацягвалi на ўзгорак, рассыпалiся на ўсе бакi. Не могучы спачатку вымавiць нi слова, яны стаялi, жалобна пазiраючы на крушню разваленага камення. Напалеон моўчкi хадзiў сюды-туды, раз-пораз нюхаючы зямлю. Хвост ягоны разагнуўся i нервова торгаўся з боку ў бок, што сведчыла пра напружаную разумовую дзейнасць. Раптам ён спынiўся, быццам нешта вырашыўшы.

— Таварышы, — сказаў ён спакойна, — цi ведаеце вы, хто нясе адказнасць за гэта? Цi ведаеце вы, хто той вораг, якi прыйшоў уночы i разбурыў наш вятрак? Сняжок! — I раптам ён закрычаў грымотным голасам: — Гэта ўчынiў Сняжок! З сваёй зламыснасцi, iмкнучыся сарваць нашыя планы i адпомсцiць за сваё ганебнае выгнанне, гэты здраднiк пракраўся сюды пад покрывам ночы i знiшчыў вынiкi нашай амаль гадавой працы. Таварышы, тут i цяпер я абвяшчаю Сняжку смяротны прысуд. Медаль «Жывёла-Герой» другога класа i пуд яблыкаў таму, хто выканае прысуд. Два пуды яблыкаў таму, хто зловiць яго жывога!

Жывёлы былi незвычайна ўражаныя, даведаўшыся, што Сняжок здатны на такое злачынства. Пачулiся крыкi абурэння, i кожны пачаў абдумваць, як злавiць Сняжка, калi той надумае вярнуцца. Амаль адразу ж на траве недалёка ад узгорка з ветраком былi заўважаныя свiныя сляды. Яны былi бачныя толькi на працягу некалькiх ярдаў, але было вiдаць, што яны вядуць да дзiркi ў агароджы. Напалеон прынюхаўся да iх i абвясцiў, што яны належаць Сняжку. Ён выказаў меркаванне, што Сняжок, вiдаць, прыйшоў з боку фермы Фоксвуд.

— Не будзем адкладваць на пасля, таварышы! — закрычаў Напалеон, вывучыўшы сляды. — Нас чакае шмат працы. Сёння ранiцай мы пачнём адбудоўваць вятрак i будзем будаваць яго ўсю зiму, i ў дождж, i ў сцюжу. Хай гэты няшчасны здраднiк ведае, што яму не ўдасца так проста закрэслiць нашую працу. Памятайце, таварышы, у нашых планах не павiнна быць нiякiх змен, усё мусiць быць выканана дзень у дзень. Наперад, таварышы! Няхай жыве вятрак! Няхай жыве Ферма Жывёлаў!

VII

Зiма была суровая. За шалёнымi вятрамi прыйшлi дажджы i снегапады, а пасля насталi жорсткiя маразы, якiя пачалi слабнуць толькi ў лютым. Жывёлы што ставала сiлы працягвалi адбудоўваць вятрак, добра ведаючы, што знешнi свет уважлiва сочыць за iмi i што зайздросныя чалавечыя iстоты будуць радавацца i святкаваць перамогу, калi вятрак не будзе пабудаваны ў пару.

На бяду жывёлам, чалавечыя iстоты ўдавалi, быццам не вераць, што вятрак разбурыў Сняжок: яны казалi, што ён развалiўся таму, што сцены былi занадта тонкiя. Жывёлы ведалi, што гэта няпраўда. I ўсё ж было вырашана рабiць сцены ўдвая таўсцейшыя, чым дагэтуль, што патрабавала значна большае колькасцi камення. Доўгi час кар'ер быў занесены снегам, i нiчога нельга было рабiць. Праца крыху прасунулася наперад у сухiя марозныя днi, але гэта было цяжкае выпрабаванне, i энтузiязму ў жывёлаў прыкметна паменшала. I м увесь час было халодна, а часам i галодна. Толькi Баксёр i Канюшынка нiколi не падалi духам. Вiскун выступаў з блiскучымi прамовамi аб радасцi служэння ферме i высокай годнасцi працы, але астатнiя жывёлы значна болей натхнялiся з Баксёравай сiлы i яго нястомнага воклiчу «Я буду працаваць яшчэ старанней!».

У студзенi пачало не ставаць ежы. Норма збожжа была рэзка зменшана, i было паведамлена, што ўзамен будзе выдзяляцца дадатковая норма бульбы. Тады выявiлася, што большая частка ўраджаю бульбы памерзла ў капцах, якiя не былi як след накрытыя. Бульба зрабiлася мяккая i бясколерная, i толькi нязначная яе частка была прыдатная да ежы. Часам цэлымi днямi жывёлы нiчога не елi, апроч мякiны i буракоў. Галодная смерць, здавалася, ужо заглядала iм у твары.

Было жыццёва неабходна схаваць гэты факт ад знешняга свету. Падахвочаныя разбурэннем ветрака, чалавечыя iстоты выдумлялi новую хлусню пра Ферму Жывёлаў. Зноў пайшлi чуткi, што ўсе на ферме памiраюць з голаду i хваробаў, што яны няспынна варагуюць памiж сабою i дайшлi нават да канiбалiзму i дзетазабойства. Напалеон добра ўсведамляў, якiя былi б вынiкi, калi б за агароджаю фермы даведалiся пра сапраўднае становiшча з ежай, i ён вырашыў скарыстаць мiстэра Ўiмпэра, каб пашырыць звесткi адваротнага зместу. З гэтага часу жывёлы не павiнны былi мець нiякiх кантактаў з Уiмпэрам пад час ягоных штотыднёвых вiзiтаў, тым часам некалькi адмыслова вылучаных жывёлiн, у большасцi авечак, падвучылi казаць, нiбы мiмаходзь, у ягонай прысутнасцi, што нормы былi павышаныя. Да таго ж Напалеон загадаў напоўнiць амаль пустыя засекi ў свiрне да краёў пяском, а зверху прысыпаць рэшткамi збожжа i мукi. Прыдумаўшы нейкую патрэбу, Уiмпэра завялi ў свiран i дазволiлi яму зазiрнуць у засекi. Гэтак яго ўвялi ў зман, i ён надалей паведамляў знешняму свету, што Ферма Жывёлаў не мае нястачы ў харчах.

I, аднак, пад канец студзеня сталася вiдавочным, што трэба будзе аднекуль браць збожжа. Гэтымi днямi Напалеон рэдка паказваўся публiчна i ўвесь час праводзiў у сядзiбе, усе дзверы ў якой ахоўвалiся страхотнымi сабакамi. Калi ж ён i выходзiў на свет, дык вельмi ўрачыста, у атачэннi шасцi сабакаў, якiя шчыльна абступалi яго i вурчалi, калi нехта падыходзiў. Часта ён не паказваўся нават нядзельнымi ранiцамi, а пераказваў свае загады праз iншых свiнняў, звычайна праз Вiскуна.

Аднойчы нядзельнай ранiцай Вiскун абвясцiў, што куры, знёсшыся, адразу мусяць здаваць свае яйкi. Напалеон заключыў праз Уiмпэра кантракт на чатырыста яек у тыдзень. За атрыманыя грошы можна было б набыць дастаткова збожжа i мукi, каб пражыць да лета, калi жыццёвыя ўмовы будуць лягчэйшыя.

Калi куры пачулi гэта, яны ўзнялi страшны лямант. Iх i раней папярэджвалi, што iм, магчыма, давядзецца пайсцi на такую ахвяру, але яны не верылi, што гэтак сапраўды будзе. Яны якраз падрыхтавалiся да вясновага выседжвання i скардзiлiся, што забраць цяпер яйкi было б забойствам. Упершыню з часоў выгнання Джоўнза наспявала нешта падобнае на бунт. Узначаленыя трыма маладымi чорнымi мiноркамi, куры зрабiлi рашучую спробу сарваць Напалеонавы планы. Яны вырашылi заляцець на кроквы i несцi яйкi там, адкуль яны падалi i разбiвалiся аб падлогу. Напалеон дзейнiчаў хутка i бязлiтасна. Ён загадаў не выдаваць курам харчу i папярэдзiў, што любая жывёлiна, якая дасць курам хоць адно зернейка, будзе пакарана смерцю. Сабакi пiльна сачылi за выкананнем гэтага загаду. Куры трывалi пяць дзён, пасля здалiся i вярнулiся ў свае гнёзды. Тым часам дзевяць курэй памерла. Iх целы пахавалi ў садку, i было абвешчана, што яны памерлi ад какцыдыёзу. Уiмпэр пра гэтую справу нiчога не чуў, i яйкi дастаўлялiся бесперапынна, раз на тыдзень да фермы пад'язджаў фургон бакалейшчыка i завозiў iх у мястэчка.

Увесь гэты час Сняжка так нiхто i не бачыў. Хадзiлi чуткi, што ён хаваўся на адной з суседнiх фермаў, у Фоксвудзе або ў Пiнчфiлдзе. Да гэтага часу дачыненнi Напалеона з iншымi фермерамi крыху палепшалi. Неяк на панадворку знайшлi цэлы штабель драўнiны, складзенае там яшчэ дзесяць гадоў таму, калi вычышчалi букавы гай. Дрэва было сухое, i Ўiмпэр параiў Напалеону прадаць яго; мiстэр Пiлкiнгтан i мiстэр Фрэдэрык былi гатовыя яго купiць. Напалеон вагаўся перад выбарам пакупнiка, не могучы прыняць канчатковае рашэнне. Цiкава адзначыць, што, калi ён схiляўся да пагаднення з Фрэдэрыкам, абвяшчалася, што Сняжок хаваецца ў Фоксвудзе, калi ж ён думаў спынiць выбар на Пiлкiнгтане, казалi, што Сняжок сядзiць у Пiнчфiлдзе.

Аднойчы ранняй вясною нечакана выявiўся трывожны факт. Сняжок начамi патаемна прыходзiў на ферму. Жывёлы былi так усхваляваныя, што не маглi спаць у сваiх стойлах. Казалi, што кожнае ночы ён прабiраецца на ферму пад покрывам цемры i чынiць розную шкоду. Ён краў збожжа, перакульваў даёнкi, бiў яйкi, таптаў грады, абгрызаў кару на садовых дрэвах. Як толькi на ферме што-небудзь не ладзiлася, сталася звычаем прыпiсваць вiну Сняжку. Калi разбiвалася шыбiна або забiвалiся вадасцёкi, нехта абавязкова казаў, што ўначы прыйшоў Сняжок i зрабiў гэта, а калi згубiлiся ключы ад свiрна, уся ферма была ўпэўненая, што Сняжок закiнуў iх у калодзеж. Дзiўна, што яны верылi ў гэта нават тады, калi ключы знайшлiся пад мехам з мукою. Каровы ў адзiн голас заяўлялi, што Сняжок пракраўся ў iх стойлы i даiў iх, пакуль яны спалi. Казалi таксама, што пацукi, якiя прыносiлi нямала клопату гэтай зiмою, былi ў хаўрусе з Сняжком.

Напалеон заявiў, што неабходна правесцi поўнае расследаванне Сняжковае дзейнасцi. Выйшаўшы ў суправаджэннi сабакаў, ён уважлiва агледзеў усе гаспадарчыя будынкi, а ўсе астатнiя жывёлы сачылi за iмi на паважнай адлегласцi. Праз кожныя некалькi крокаў Напалеон спыняўся i нюхаў зямлю, шукаючы Сняжковых слядоў, якiя, як ён казаў, ён мог вызначыць па паху. Ён прынюхваўся ў кожным кутку, у гумне, у хляве, у курнiках, у гародзе, i знаходзiў Сняжковы сляды амаль усюды. Ён прыкладаў лыч да зямлi, колькi разоў глыбока ўдыхаў паветра i крычаў страшным голасам: «Сняжок! Ён быў тут! Я добра яго чую!», i, пачуўшы слова «Сняжок», сабакi гыркалi так, што кроў застывала ў жылах, i шчэрылi iклы.

Жывёлы былi не на жарт напалоханыя. I м здавалася, што Сняжок напоўнiў паветра вакол iх сваiмi нябачнымi ўплывамi i пагражаў iм рознымi няшчасцямi. Увечары Вiскун склiкаў усiх разам i з трывогаю на твары сказаў, што мае паведамiць важную навiну.

— Таварышы! — закрычаў Вiскун, нервова падскокваючы. — Выявiлася найстрашнейшая рэч. Сняжок запрадаўся Фрэдэрыку з фермы Пiнчфiлд, якi збiраецца напасцi на нас i забраць у нас нашу ферму! Сняжок мае быць яму за праваднiка, калi пачнецца наступ. Але ёсць i страшнейшая навiна. Мы думалi, што Сняжок узняўся на бунт толькi праз сваю фанабэрыю i ганарлiвасць. Але мы памылялiся, таварышы. Ведаеце, якая была сапраўдная прычына яго бунту? Сняжок быў у хаўрусе з Джоўнзам ад самага пачатку! Увесь гэты час ён быў сакрэтным агентам Джоўнза. Усё гэта выявiлася з дакументаў, якiя засталiся пасля яго i якiя мы знайшлi толькi цяпер. На маю думку, гэтым шмат што тлумачыцца, таварышы. Цi ж мы самi не бачылi, як ён спрабаваў — на шчасце, без поспеху разбiць i знiшчыць нас у Бiтве пры Хляве?

Жывёлы былi агаломшаныя. Гэта было злачынства, якое зламыснасцю сваёй шмат перавышала разбурэнне ветрака! Але прайшло колькi хвiлiн, перш чым яны здолелi цалкам асэнсаваць гэта. Усе яны памяталi або думалi, што памятаюць, як яны бачылi Сняжка на чале жывёлаў у Бiтве пры Хляве, як ён iх падтрымлiваў i падбадаёрваў, як ён не даваў сабе перадыху нi на хвiлiну, нават калi шрацiны з Джоўнзавай стрэльбы паранiлi яму спiну. Спачатку было няпроста зразумець, як усё гэта стасавалася да паведамлення, што ён змагаўся на баку Джоўнза. Нават Баксёр, якi рэдка задаваў пытаннi, быў збiты з панталыку. Ён лёг, падклаў пад сябе пярэднiя ногi, заплюшчыў вочы i цяжкiм намаганнем паспрабаваў спарадкаваць свае думкi.

— Я не веру гэтаму, — сказаў ён. — Сняжок мужна змагаўся ў Бiтве пры Хляве. Я сам яго бачыў. Цi ж не ўзнагародзiлi мы яго адразу пасля бiтвы медалём «Жывёла-Герой» першага класа?

— Гэта была наша памылка, таварышы. Бо цяпер мы ведаем — усё гэта напiсана ў сакрэтных дакументах, якiя мы знайшлi, — што ў сапраўднасцi ён хацеў завабiць нас на загубу.

— Але ён быў паранены, — сказаў Баксёр. — Мы ўсе бачылi, як цякла кроў.

— Пра гэта было загадзя дамоўлена! — закрычаў Вiскун. — Джоўнзаў стрэл толькi трошкi яго зачапiў. Я мог бы паказаць табе адпаведную мясцiну ягоных запiсаў, калi б ты ўмеў чытаць. Задума была ў тым, што Сняжок у сама крытычны момант дасць сiгнал да ўцёкаў i адступiць перад ворагам. I яму гэта амаль удалося — я скажу нават, таварышы, што яму гэта ўдалося б, калi б не наш бясстрашны Правадыр, таварыш Напалеон. Памятаеце, як у той самы момант, калi Джоўнз i яго людзi ўбеглi на наш двор, Сняжок раптам павярнуўся i пачаў уцякаць, i большасць жывёлаў кiнулася за iм? А памятаеце, што якраз у той самы момант, калi ўсiх ахапiла панiка i ўсё здавалася загубленым, таварыш Напалеон выскачыў наперад з воклiчам «Смерць чалавецтву!» i ўкусiў Джоўнза за нагу? Вы ж памятаеце гэта, таварышы? — закрычаў Вiскун, падскокваючы на месцы.

Цяпер, калi Вiскун апiсаў тыя падзеi гэтак вiдавочна, жывёлам здалося, што яны сапраўды памятаюць гэта. Ва ўсялякiм разе, яны памяталi, што ў сама крытычны момант бiтвы Сняжок павярнуўся i пабег. Але Баксёр усё яшчэ быў крыху збянтэжаны.

— Я не веру, што Сняжок быў здраднiкам на самым пачатку, — нарэшце сказаў ён. — Што ён рабiў пасля — гэта ўжо iншая справа. Але я веру, што пад час Бiтвы пры Хляве ён быў добрым таварышам.

— Наш Правадыр таварыш Напалеон, — заявiў Вiскун, гаворачы вельмi павольна i выразна, — катэгарычна сцвярджае — катэгарычна, таварыш, — што Сняжок быў агентам Джоўнза ад самага пачатку — так, i нават задоўга да таго, як было задумана само Паўстанне.

— А, ну гэта iншая справа! — сказаў Баксёр. — Калi гэтак кажа таварыш Напалеон, значыць, так яно i ёсць.

— Вось гэта правiльныя словы, таварыш, — закрычаў Вiскун, але ўсе заўважылi, што ён неяк вельмi нядобра паглядзеў на Баксёра сваiмi мiрглiвымi вочкамi. Ён павярнуўся, каб пайсцi, пасля спынiўся i дадаў шматзначна: Папярэджваю ўсiх жывёлаў на гэтай ферме: будзьце пiльныя. Бо ў нас ёсць усе прычыны меркаваць, што хтосьцi з сакрэтных агентаў Сняжка хаваецца ў гэты момант сярод нас!

Праз чатыры днi, надвячоркам, Напалеон загадаў усiм жывёлам сабрацца ў двары. Калi яны ўсе сышлiся разам, Напалеон выйшаў з сядзiбы, аздоблены абодвума сваiмi медалямi (бо незадоўга перад тым ён узнагародзiў сябе медалямi «Жывёла-Герой» першага класа i «Жывёла-Герой» другога класа), з сваiмi вялiзнымi сабакамi, што круцiлiся вакол яго i гыркалi так, што ў жывёлаў дрыжыкi беглi па спiнах. Яны маўклiва скурчылiся на сваiх месцах, нiбы загадзя адчуваючы, што зараз адбудзецца нешта страшнае.

Напалеон стаяў i сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранiзлiва завiшчаў. Сабакi зараз жа кiнулiся наперад, схапiлi чатырох свiнняў за вушы i пацягнулi iх да ног Напалеона, не зважаючы на iх страшны вiск ад болю i страху. З свiных вушэй цякла кроў, сабакi адчулi яе смак i на нейкi момант зусiм ашалелi. Раптам, усiм на здзiўленне, трое сабак накiнулiся на Баксёра. Убачыўшы iх, Баксёр выставiў наперад свой вялiзны капыт, збiў аднаго сабаку з лёту i прыцiснуў яго да зямлi. Сабака заенчыў аб лiтасцi, i два другiя ўцяклi, падцiснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабiць: раздушыць сабаку насмерць цi адпусцiць. Напалеон, як здалося, змянiўся з твару i рэзка загадаў Баксёру адпусцiць сабаку, на што той падняў капыт, i сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.

У хуткiм часе сумятня сцiхла. Чатыры свiннi чакалi, дрыжучы, усiм сваiм выглядам прызнаючы сваю вiну. Напалеон запрапанаваў iм павiнiцца ў сваiх злачынствах. Гэта былi тыя самыя чатыры парсюкi, якiя пратэставалi, калi Напалеон адмянiў нядзельныя Сходы. Без лiшняй прынукi яны прызналiся, што трымалi сакрэтную сувязь з Сняжком ад самага часу яго выгнання, што супрацоўнiчалi з iм у справе разбурэння ветрака i што ўвайшлi ў пагадненне з iм з мэтаю перадаць Ферму Жывёлаў мiстэру Фрэдэрыку. Яны дадалi, што Сняжок патаемна прызнаўся iм, што ён доўгiя гады быў сакрэтным агентам Джоўнза. Калi яны скончылi сваю споведзь, сабакi тут жа на месцы разарвалi iм глоткi, i Напалеон страшным голасам запытаўся, цi хто яшчэ не хоча ў чым-небудзь прызнацца.

Тры курыцы, што верхаводзiлi няўдалым яечным бунтам, выйшлi наперад i засведчылi, што Сняжок з'явiўся iм у сне i намовiў iх не слухацца Напалеонавых загадаў. Яны таксама былi забiтыя на месцы. Тады выйшла гуска i прызналася, што схавала шэсць пшанiчных каласкоў пад час леташняга жнiва i з'ела iх уначы. Тады адна авечка прызналася, што набруiла ў ставок з пiтной вадою — яна сказала, што яе на гэта падбiў Сняжок, — а яшчэ дзве авечкi павiнiлiся ў тым, што загубiлi старога барана, вельмi адданага прыхiльнiка Напалеона, тым, што ганялi яго, хворага на кашаль, вакол вогнiшча, пакуль ён не памёр. Усе яны былi забiтыя на месцы. I так чарада прызнанняў i пакаранняў працягвалася, пакуль каля ног Напалеона не ляжала ўжо цэлая гара мёртвых целаў i паветра не напоўнiлася смуродам крывi, невядомым на ферме з часоў выгнання Джоўнза.

Калi ўсё было скончана, ацалелыя жывёлы, апроч свiнняў i сабакаў, бязладным гуртом пацягнулiся прэч. Яны былi ўзрушаныя i няшчасныя. Яны не ведалi, што болей уразiла iх — здрада жывёлаў, якiя ўступiлi ў хаўрус з Сняжком, або крывавая адплата, сведкамi якое яны толькi што былi. Даўнейшымi часамi бывалi на ферме i не менш жахлiвыя сцэны крывавае бойнi, але ўсiм iм здавалася, што ўсё было значна страшней цяпер, калi гэта адбывалася памiж iмi. З таго часу, як Джоўнз пакiнуў ферму, i да гэтага дня нiводная жывёла нiколi не забiла iншае жывёлы. Не быў забiты нават нiводзiн пацук. Яны пакiравалiся да ўзгорка, на якiм стаяў недабудаваны вятрак, i, не згаворваючыся, леглi на зямлю, скупiўшыся, каб сагрэцца, — Канюшынка, Мюрыэль, Бэнджамiн, каровы, авечкi i цэлая чарада гусей i курэй — усе, апроч ката, якi раптоўна знiк якраз перад тым, як Напалеон загадаў жывёлам сабрацца. Нейкi час усе маўчалi. Адзiн Баксёр застаўся стаяць. Ён нервова круцiўся, абмахваючы даўгiм хвастом бакi, i час ад часу здзiўлена iржаў. Нарэшце ён сказаў:

— Я нiчога не разумею. Я нiколi не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Вiдаць, мы самi ў нечым вiнаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць ранiцай на цэлую гадзiну раней.

I ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў iх да ветрака i толькi тады пайшоў спаць.

Жывёлы скупiлiся вакол Канюшынкi i маўчалi. З пагорка, на якiм яны ляжалi, адкрываўся шырокi спазор на ваколiцы. Яны маглi бачыць большую частку Фермы Жывёлаў — даўгi выган, што цягнуўся да гасцiнца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палi, дзе ўжо зазелянела рунь, i чырвоныя дахi гаспадарчых будынкаў з дымам, што вiўся з комiнаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава i жываплоты залацiлiся пад косымi промнямi сонца. Нiколi раней ферма — а яны са здзiўленнем успомнiлi, што гэта была iх ферма, кожны лапiк яе быў iхняю ўласнасцю — не здавалася такою ўтульнай i выгоднай. Канюшынка паглядзела на схiл пагорка, i вочы яе напоўнiлiся слязьмi. Калi б яна магла выказаць свае думкi, яна сказала б, што не да гэтага яны iмкнулiся, калi бралiся за справу вызвалення ад прыгнёту людзей. Гэты тэрор i забойствы былi зусiм не тым, пра што яны так марылi ў тую ноч, калi стары Маёр упершыню абудзiў iх на паўстанне. Калi яна раней мела нейкi вобраз будучынi, дык гэта было грамадства без голаду i бiзуна, дзе ўсе роўныя, кожны працуе паводле здольнасцяў, дужы баронiць слабога, як яна баранiла вывадак качанят, захiнуўшы iх пярэдняю нагой, у памятную ноч Маёравай прамовы. А замест усяго гэтага — i яна не ведала чаму — яны дажылi да часоў, калi нiхто не можа сказаць таго, што думае, калi паўсюль сноўдаюць лютыя рыклiвыя сабакi i калi ты мусiш глядзець, як тваiх таварышаў разрываюць на шматкi пасля таго, як яны прызналiся ў страшных злачынствах. У яе ў галаве не было i думкi пра бунт цi непаслушэнства. Яна ведала, што нават гэтак было лепей, чым за часы Джоўнза, i што найперш трэба было зрабiць усё, каб не вярнулiся чалавечыя iстоты. Што б нi здарылася, яна застанецца вернай, будзе цяжка працаваць, выконваць усе загады, што ёй будуць давацца, i пагаджацца з кiраўнiчаю роляю Напалеона. I ўсё ж гэта было не тое, на што яна i ўсе iншыя жывёлы спадзявалiся i дзеля чаго аддавалi ўсе свае сiлы. Не дзеля таго яны будавалi вятрак i падстаўлялiся пад Джоўнзавы кулi. Гэтак яна думала, хоць ёй не ставала словаў, каб выказаць свае думкi.

Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замянiць тыя словы, якiх яна нiяк не можа знайсцi, яна пачала спяваць «Звяры Брытанii». Iншыя жывёлы, што сядзелi вакол яе, падхапiлi спеў, i яны праспявалi яе тры разы — вельмi суладна, але павольна i жалобна, так, як нiколi раней не спявалi.

Не паспелi яны скончыць, як Вiскун, у атачэннi двух сабакаў, падышоў да iх з выглядам, нiбы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясцiў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытанii» адмененыя. З гэтага часу спяваць iх забаронена.

Жывёлы былi агаломшаныя.

— Чаму? — закрычала Мюрыэль.

— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Вiскун. — «Звяры Брытанii» былi песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднiкаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер i знешнiя i ўнутраныя ворагi разбiтыя. У «Звярах Брытанii» мы выказвалi свае мары аб лепшым грамадстве ў будучынi. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае нiякага сэнсу.

Хоць i спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглi б запратэставаць, але ў гэты момант авечкi завялi сваё звычайнае «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна», што цягнулася некалькi хвiлiн i паклала канец спрэчцы. Такiм чынам, «Звяры Брытанii» болей не спявалi. Замест iх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:

О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Нiколi табе не ўчыню я шкоды!
i цяпер яе спявалi кожную нядзелю ранiцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што нi мелодыя, нi словы яе нiяк не маглi зраўняцца з «Звярамi Брытанii».

VIII

Праз некалькi дзён, калi страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (цi яму гэта толькi падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў». I хоць нiкому i ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасцi свiнняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнiя забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзi. Канюшынка папрасiла Бэнджамiна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, i калi Бэнджамiн, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткiя справы, яна схадзiла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Нiводная жывёла не павiнна забiваць iншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнiя словы выпалi з памяцi жывёлаў. Але цяпер яны пабачылi, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмi важкая прычына, каб забiць здраднiкаў, якiя схаўрусавалiся з Сняжком.

Увесь гэты год жывёлы працавалi яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамi ўдвая таўсцейшымi i скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць i звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высiлкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелi ўранку Вiскун браў доўгi сувой паперы i чытаў iм спiсы лiчбаў, якiя сведчылi, што вытворчасць усiх вiдаў харчовай прадукцыi ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават i на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было нiякiх падставаў яму не верыць, асаблiва таму, што яны ўжо добра i не памяталi, у якiх умовах яны жылi да Паўстання. I ўсё ж былi днi, калi iм здавалася, што раней было менш лiчбаў i болей ежы.

Усе загады цяпер абвяшчалiся праз Вiскуна або яшчэ каго з свiнняў. Сам Напалеон паказваўся на свет не часцей чым раз на два тыднi. Калi ён з'яўляўся, пры iм быў не толькi сабачы почт, але i чорны певень, якi быў нiбы за трубача i крычаў гучнае «кукарэку!» кожны раз перад тым, як Напалеон збiраўся нешта сказаць. Казалi, што нават у сядзiбе Напалеон жыў у асобных ад усiх апартаментах. Харчаваўся ён асобна, над iм чуйнавалi два сабакi, i еў ён заўсёды з абеднага сервiзу «Краўн Дарбi», якi раней стаяў у шкляной шафе ў гасцёўнi. Было таксама абвешчана, што стрэльба будзе страляць штогод у дзень нараджэння Напалеона, гэтаксама як i ў дзве iншыя гадавiны.

Пра Напалеона цяпер нiколi не казалi проста «Напалеон». Афiцыйна яго цяпер заўсёды называлi толькi «наш Правадыр таварыш Напалеон», i свiннi любiлi прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсiх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнiк Авечага Статка, Сябра Качанятаў i падобнае. У сваiх прамовах Вiскун, залiваючыся слязьмi замiлавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца i пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсiм свеце, асаблiва ж да няшчасных жывёлаў, якiя жылi ў няведаннi i рабстве на iншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне i за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кiраўнiцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоi радасна ўсклiкалi: «Дзякуючы кiраўнiчай ролi таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуццi на ферме былi добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» i гучала так:

О сябар сiротам!
Крынiца цяпла i пяшчоты!
Памыйнi ўладар! Нi пакуты, нi голад, нi скон
Мне душу не азмрочаць,
Бо заўжды твае мудрыя вочы
Мне, як сонца з нябёсаў, зiхочуць,
Таварыш Напалеон!
Ты — дарыльшчык усёй той надобы,
Што падданым тваiм даспадобы:
Набiты трыбух i сухая падсцiлка на сон;
У хляве, як у раю,
Спiць спакойна худоба любая,
Бо нядрэмных вачэй не змыкае
Таварыш Напалеон!
Каб я меў парсючка-немаўляцi,
Гадаваў бы яго быццам мацi
I, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,
Я яго навучаў бы старанна
Табе ў вочы глядзець закахана
I страчаць цябе вiскам адданым:
«Таварыш Напалеон!»
Напалеон ухвалiў гэтую паэму i загадаў напiсаць яе на сцяне вялiкага гумна, супрацьлеглай той, дзе былi Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профiль, выкананы Вiскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўiмпэра, Напалеон уступiў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам i Пiлкiнгтанам. Штабель драўнiны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваiх Фрэдэрык болей iмкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлi чуткi, што Фрэдэрык з сваiмi людзьмi збiраецца напасцi на Ферму Жывёлаў i разбурыць вятрак, будаванне якога абудзiла ў iм лютую зайздрасць. Сняжок, як казалi, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пiнчфiлд. Неяк у сярэдзiне лета жывёлаў вельмi ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовiлiся забiць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралi смерцю, i былi прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакi вартавалi яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе iх есцi, каб праверыць, цi яны не атручаныя.

Прыблiзна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовiўся прадаць драўнiну мiстэру Пiлкiнгтану; ён таксама збiраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымi прадуктамi памiж Фермай Жывёлаў i Фоксвудам. Дачыненнi памiж Напалеонам i Пiлкiнгтанам, хоць яны i падтрымлiвалiся толькi праз Уiмпэра, былi цяпер амаль сяброўскiя. Жывёлы не давяралi Пiлкiнгтану як прадстаўнiку чалавечага роду, але аддавалi яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баялiся i ненавiдзелi. З наблiжэннем восенi, калi вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткi пра пагрозу здрадлiвага нападу зрабiлiся часцейшыя. Казалi, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць iх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамi, i ўжо падкупiў суд i палiцыю, дамовiўшыся, што яны не будуць умешвацца, калi ён захопiць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пiнчфiлда даходзiлi жахлiвыя весткi пра зверствы, якiя Фрэдэрык учыняў над сваiмi жывёламi. Ён засек да смерцi старога каня, марыў голадам кароў, забiў сабаку, кiнуўшы яго ў печку, а вечарамi забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў бiцца, прывязаўшы iм да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кiпела ад гневу, калi яны чулi, што iх таварышы церпяць такiя здзекi, i часам яны патрабавалi, каб iм дазволiлi выйсцi самiм i напасцi на ферму Пiнчфiлд, выгнаць адтуль людзей i вызвалiць жывёлаў. Але Вiскун параiў iм устрымацца ад неразважлiвых дзеянняў i даверыцца стратэгii таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавiсць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю ранiцай Напалеон выступiў у гумне i растлумачыў, што ён нiколi не меў намеру прадаць штабель драўнiны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такiм нягоднiкам было б абразаю ягонай годнасцi. Галубам, якiх усё яшчэ высылалi, каб разносiць весткi пра Паўстанне, было забаронена садзiцца ў Фоксвудзе, iм таксама было загадана адкiнуць iх ранейшы лозунг «Смерць чалавецтву» i замянiць яго на «Смерць Фрэдэрыку». Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, i высветлiлася, што пад час аднаго з сваiх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа i пустазелля. Гусак, якi быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Вiскуну ў сваiм злачынстве i тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькi смяротна атрутных ягад лiснiку. Жывёлы цяпер таксама даведалiся, што Сняжок нiколi — як шмат хто з iх дагэтуль думаў — не быў узнагароджаны медалём «Жывёла-Герой» першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкi час пасля Бiтвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькi не ўзнагародзiлi, але яшчэ i асудзiлi за баязлiўства ў бiтве. I зноў сяму-таму з жывёлаў было дзiўна гэта пачуць, але Вiскун хутка здолеў iх пераканаць, што памяць iх ашукала.

Увосень, цаною неверагодна цяжкiх намаганняў — бо амаль адначасова трэба было збiраць ураджай — будаўнiцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставiць абсталяванне, i Ўiмпэр вёў перамовы наконт яго закупкi, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усiм цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасцi i нягоды i на здраду Сняжка, працу скончылi дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзiлi вакол свайго шэдэўра, якi здаваўся iм яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалi першы раз. Тым болей што сцены цяпер былi ўдвая таўсцейшыя. Нiякi выбух iм цяпер не страшны! I калi яны падумалi, колькi паклалi працы i пакутаў, колькi сцярпелi нягодаў i якiя велiзарныя перамены настануць у iх жыццi, калi пачнуць круцiцца крылы i запрацуюць генератары, — калi яны падумалi пра ўсё гэта, стома пакiнула iх, i яны пачалi скакаць вакол ветрака i крычаць ад радасцi. Сам Напалеон, з неадлучнымi сабакамi i пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабiста павiншаваў жывёлаў з вялiкiм дасягненнем i абвясцiў, што вятрак будзе насiць назву Вятрак iмя Напалеона.

Праз два днi жывёлаў склiкалi ў гумно на адмысловы сход. I м аж мову заняло ад здзiўлення, калi Напалеон паведамiў, што прадаў штабель драўнiны Фрэдэрыку. На другi дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкi i пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пiлкiнгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненнi з Фрэдэрыкам.

Усе дачыненнi з Фоксвудам спынiлiся, Пiлкiнгтану былi пасланыя абразлiвыя лiсты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пiнчфiлд i змянiць свой лозунг «Смерць Фрэдэрыку» на «Смерць Пiлкiнгтану». У той самы час Напалеон запэўнiў жывёлаў, што чуткi аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былi цалкам фальшывыя i што апавяданнi пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваiх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкi паходзiлi, вiдаць, ад Сняжка i яго агентаў. Цяпер выявiлася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пiнчфiлд i што ён там нiколi ў жыццi не быў, а жыў ён — як казалi, у поўнай раскошы — у Фоксвудзе i ўжо некалькi гадоў быў наёмнiкам Пiлкiнгтана.

Свiннi былi ў захапленнi ад Напалеонавай хiтрасцi. Прыкiнуўшыся, што сябруе з Пiлкiнгтанам, ён змусiў Фрэдэрыка падвысiць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Вiскун, выявiлася ў тым, што ён не давяраў нiкому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплацiць за драўнiну нечым, што ён назваў чэкам, якi, кажуць, быў кавалкам паперкi з напiсаным абяцаннем заплацiць. Але Напалеон не такi дурны. Ён запатрабаваў заплацiць сапраўднымi пяцiфунтавымi банкнотамi, якiя павiнны быць перададзеныя, перш чым драўнiна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплацiў; i атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купiць абсталяванне да ветрака.

Тым часам драўнiна спешна перавозiлася. Калi ўсё было скончана, у гумне склiкалi яшчэ адзiн адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапiўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасмiхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсцiле, а побач з iм, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухнi, ляжалi грошы. Жывёла павольна праходзiла паўз iх, i кожны глядзеў, колькi хацеў. Баксёр нахiлiўся, каб панюхаць банкноты, i лёгкiя белыя паперкi задрыжалi i зашалахцелi пад яго ўздыхам.

Праз тры днi ўзняўся страшэнны гармiдар. Спалатнелы Ўiмпэр прыехаў на ровары, кiнуў яго ў двары i пабег што меў сiлы да сядзiбы. Праз хвiлiну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навiна. Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўнiну за нiшто!

Напалеон неадкладна склiкаў жывёлаў i страшным голасам абвясцiў смяротны прысуд Фрэдэрыку. Калi яго ўдасца злавiць, сказаў ён, Фрэдэрык будзе звараны жыўцом. У той самы час ён папярэдзiў, што пасля такой вялiкай здрады можна чакаць найгоршага. Фрэдэрык i яго людзi маглi распачаць свой даўно планаваны напад у любы момант. На ўсiх падыходах да фермы былi расстаўлены вартавыя. Да таго ж чатыры галубы былi пасланыя ў Фоксвуд з прымiрэнчым пасланнем, якое, як спадзявалiся, магло б аднавiць добрыя стасункi з Пiлкiнгтанам.

Напад адбыўся якраз наступнай ранiцай. Жывёлы снедалi, калi назiральнiкi прыбеглi з весткай, што Фрэдэрык i яго памагатыя ўжо прайшлi праз вялiкую ўваходную браму. Даволi адважна жывёлы выправiлiся iм насустрач, але гэтым разам iм не ўдалася лёгкая перамога, як у Бiтве пры Хляве. На iх iшло пятнаццаць чалавек з паўтузiнам стрэльбаў, i яны пачалi страляць, калi падышлi на пяцьдзесят ярдаў. Жывёлы не маглi выстаяць перад жахлiвымi выбухамi стрэлаў i пякучымi шрацiнамi i, нягледзячы на спробы Напалеона i Баксёра стрымаць iх, неўзабаве адступiлi. Некаторыя з iх былi ўжо параненыя. Яны схавалiся ў гаспадарчых будынках i асцярожна выглядалi праз дзiркi i шчылiны. Увесь выган, разам з ветраком, быў цяпер у руках ворага. На хвiлiну здалося, што нават Напалеон разгубiўся. Ён моўчкi хадзiў сюды-туды, торгаючы раскручаным хвастом. З надзеяй i спадзяваннем усе паглядалi ў бок Фоксвуда. Калi б Пiлкiнгтан з сваiмi людзьмi дапамог iм, яны б яшчэ маглi перамагчы. Але ў гэтую хвiлiну вярнулiся чатыры галубы, высланыя напярэдаднi, i адзiн з iх перадаў шматок паперы ад Пiлкiнгтана. На iм было напiсана алоўкам: «Так вам i трэба».

Тым часам Фрэдэрык i яго людзi спынiлiся каля ветрака. Жывёлы глядзелi на iх з трывогай. Двое людзей дасталi лом i кавальскi молат. Яны збiралiся разбурыць вятрак.

— Гэта немагчыма! — закрычаў Напалеон. — Сцены занадта тоўстыя. Яны не разаб'юць iх i за тыдзень. Не падайце духам, таварышы!

Але Бэнджамiн уважлiва прыглядаўся да кожнага руху людзей. Двое з молатам i ломам прабiвалi дзiрку каля падмурка ветрака. Бэнджамiн, амаль з задаволеным выглядам, павольна кiваў сваёй доўгай храпай.

— Я так i думаў, - сказаў ён. — Хiба вы не бачыце, што яны робяць? Праз хвiлiну яны закладуць у тую дзiрку порах.

Жывёлы напалохана чакалi. Яны не маглi рызыкнуць выйсцi з сваiх сховiшчаў. Праз некалькi хвiлiн яны ўбачылi, што людзi ўцякаюць ва ўсе бакi. Тады нешта аглушальна грымнула. Галубы рванулiся ў неба, а ўсе жывёлы, апроч Напалеона, пападалi на зямлю i схавалi галовы. Калi яны ўсталi, то ўбачылi вялiзны воблак чорнага дыму на тым месцы, дзе стаяў вятрак. Воблак паволi развеяўся ветрам. Ветрака болей не было!

Калi жывёлы ўбачылi гэта, да iх вярнулася адвага. Страх i роспач, якiя яны адчувалi хвiлiну раней, цяпер патанулi ў раз'юшаным гневе, абуджаным гэтым подлым, ганебным учынкам. Пачуўся магутны заклiк да помсты, i, не чакаючы далейшых загадаў, яны ўсiм гуртам рынулiся наперад i пабеглi проста на ворага. Цяпер яны не зважалi на лiхiя шрацiны, якiя градам праляталi над iмi. Гэта была жорсткая, зацятая бiтва. Людзi стралялi няспынна, а калi жывёлы падбеглi ўсутыч, пачалi адбiвацца кiямi i каванымi ботамi. Адна карова, тры авечкi i дзве гускi былi забiтыя, i амаль усе астатнiя былi параненыя. Нават Напалеону, якi кiраваў аперацыяй з тылу, адсекла шрацiнаю кончык хваста. Але i людзi не абышлiся без ахвяраў. Траiм Баксёр прабiў галаву капытамi; аднаму карова прапарола рогам жывот; яшчэ аднаму Джэсi i Званочак ледзь не здзерлi штаны. I калi дзевяць сабакаў з асабiстай аховы Напалеона, якiм ён даручыў абысцi за жываплотам з тылу, раптам выскачылi на людзей з флангу, раз'юшана брэшучы, iх ахапiла панiка. Яны ўбачылi, што iм пагражае акружэнне. Фрэдэрык крыкнуў сваiм людзям уцякаць, пакуль дарога адкрытая, i праз хвiлiну баязлiвы супрацiўнiк уцякаў, ратуючы жыццё. Жывёлы гналi iх да самага канца поля i яшчэ добра надавалi iм у спiну, калi тыя прабiвалiся праз калючы жываплот.

Яны перамаглi, але былi змучаныя i скрываўленыя. Павольна пакульгалi яны да фермы. Пабачыўшы сваiх палеглых таварышаў, распластаных у траве, некаторыя не маглi стрымаць слёз. I на хвiлiнку яны прыпынiлiся ў жалобным маўчаннi на месцы, дзе некалi стаяў вятрак. Так, яго болей не было; ад усёй iхняй працы не засталося амаль нiякага следу! Нават падмурак быў часткова разбураны. I цяпер, каб адбудаваць, ужо нельга выкарыстаць, як раней, разваленыя камянi. Камянi таксама знiклi. Сiла выбуху раскiдала iх навокал на сотнi ярдаў. Ветрака быццам зусiм i не было.

Калi яны падышлi да фермы, Вiскун, якi з невядомых прычын не ўдзельнiчаў у бiтве, падскочыў да iх, круцячы хвастом i радасна ўсмiхаючыся. I жывёлы пачулi, як недзе каля гаспадарчых пабудоў урачыста грымнуў стрэл.

— Чаму там страляюць? — спытаўся Баксёр.

— Каб адсвяткаваць перамогу! — закрычаў Вiскун.

— Якую перамогу? — здзiвiўся Баксёр. З яго каленяў цякла кроў, ён згубiў падкову i разбiў капыт, а ў задняй назе ў яго сядзела каля тузiна шрацiнак.

— Якую перамогу, таварыш? Хiба мы не прагналi ворага з нашай зямлi свяшчэннай зямлi Фермы Жывёлаў?

— Але яны разбурылi вятрак. А мы працавалi над iм два гады!

— Ну дык што? Мы пабудуем другi. Калi захочам, дык пабудуем хоць шэсць ветракоў. Вы, таварышы, яшчэ не ацанiлi таго, што мы зрабiлi. Вораг займаў гэтую вось зямлю, на якой мы стаiм. А цяпер — дзякуючы мудраму кiраўнiцтву таварыша Напалеона — мы адваявалi яе ўсю да апошняга кавалка!

— Мы адваявалi тое, што мелi раней, — сказаў Баксёр.

— У гэтым наша перамога, — сказаў Вiскун.

Яны паклыпалi на двор. Шрацiны пад скурай у Баксёравай назе прычынялi страшны боль. Ён бачыў перад сабой цяжкую працу на адбудове ветрака ад самага падмурка i ў думках ужо падрыхтаваўся да яе. Але ўпершыню яму прыйшло ў галаву, што яму ўжо адзiнаццаць гадоў i што сiла ў яго не тая, што была некалi.

Але калi жывёлы пабачылi,як лунае зялёны сцяг, i зноў пачулi стрэлы усяго стрэлiлi сем разоў — ды прамову Напалеона, у якой ён павiншаваў iх i падзякаваў за мужнасць, дык iм урэшце i сапраўды здалося, што яны выйгралi вялiкую бiтву. Жывёлам, палеглым у баi, было зладжана ўрачыстае пахаванне. Баксёр i Канюшынка цягнулi калёсы, што былi за катафалк, i сам Напалеон ступаў на чале шэсця. Цэлыя два днi былi дадзеныя на святкаванне. Было шмат песняў, прамоў, стрэльбаў са стрэльбы, i кожнай жывёлiне выдалi па яблыку ў якасцi падарунка, кожнай птушцы — па дзве унцыi збожжа i кожнаму сабаку па тры сухары. Было абвешчана, што гэтая бiтва будзе называцца Бiтвай пры Ветраку i што Напалеон заснаваў новую ўзнагароду — Ордэн Зялёнага Сцяга, якiм ён узнагародзiў самога сябе. У агульнай радасцi няўдалая справа з банкнотамi зусiм забылася.

Праз колькi дзён свiннi натрапiлi на скрынку з вiскi ў сядзiбным склепе. Раней, калi засялiлiся ў сядзiбу, яе проста не заўважылi. Уначы з сядзiбы даносiлiся гучныя спевы, у якiх сярод iншага, усiм на здзiўленне, можна было пазнаць «Звяры Брытанii». Каля паловы дзесятай можна было выразна ўбачыць, як Напалеон выйшаў праз заднiя дзверы ў старым капелюшы мiстэра Джоўнза, прабег наўзгалоп па двары i знiк у доме. А ранiцай над сядзiбай панавала глыбокая цiшыня. Не паказвалася нiводная свiння. Толькi каля дзевятай гадзiны з сядзiбы выйшаў Вiскун, ступаючы павольна i няўпэўнена, паглядаючы тупа перад сабою, млява звесiўшы хвост. З усяго выгляду было вiдаць, што ён сур'ёзна хворы. Ён склiкаў усiх жывёл i сказаў, што мусiць паведамiць iм страшную навiну. Таварыш Напалеон памiрае!

Узняўся несуцешны лямант. Пад дзвярыма ў сядзiбу была накладзена салома, i жывёлы хадзiлi на дыбачках. Са слязьмi ў вачах яны пыталiся адно ў аднаго, што яны будуць рабiць, калi iхнi Правадыр пакiне iх. Разышлася чутка, што Сняжок урэшце схiтрыўся падкласцi атруту ў ежу Напалеону. Каля адзiнаццатай гадзiны Вiскун выйшаў, каб зрабiць новае паведамленне. У якасцi свайго апошняга зямнога ўчынку таварыш Напалеон абвясцiў урачысты дэкрэт: ужыванне алкагольных напiткаў мусiць карацца смерцю.

Надвячоркам, аднак, Напалеону зрабiлася крыху лепей, а ранiцай Вiскун мог паведамiць iм, што Правадыр ужо пайшоў на папраўку. Увечары гэтага дня Напалеон ужо зноў узяўся за працу, а назаўтра стала вядома, што ён даручыў Уiмпэру купiць у Ўiлiнгдоне пару кнiжак аб пiваварэннi i перагонцы спiрту. Праз тыдзень Напалеон выдаў загад: маленькi выган за садам, якi раней было вырашана пакiнуць як месца адпачынку жывёлам, што састарэлi i не маглi болей працаваць, цяпер мусiць быць узараны. Спачатку гаварылася, што зямля на гэтым выгане збяднела i вымагала перасеву; але неўзабаве стала вядома, што Напалеон збiраецца засеяць яго ячменем.

Недзе тым самым часам адбылося дзiўнае здарэнне, якога нiхто як след не здолеў зразумець. Аднойчы каля паўночы ў двары нешта моцна грымнула i жывёлы выбеглi са стойлаў. Свяцiў месяц. Каля сцяны вялiкага гумна, дзе былi запiсаныя Сем Запаведзяў, ляжала разламаная напалам драбiна. Непрытомны Вiскун распластаўся побач, а недалёка ляжалi лiхтар, пэндзаль i перакуленае вядро з белай фарбай. Сабакi хуценька абабеглi вакол Вiскуна i завялi яго назад у сядзiбу, як толькi ён апрытомнеў i мог хадзiць. Нiхто з жывёлаў не мог даўмецца, што гэта ўсё магло значыць, апроч старога Бэнджамiна, якi пакiваў храпай з выглядам знаўцы i, здавалася, зразумеў, але нiчога не сказаў.

Але праз некалькi дзён Мюрыэль, перачытваючы сама сабе Сем Запаведзяў, заўважыла, што сярод iх была яшчэ адна, якую жывёлы запомнiлi памылкова. Яны думалi, што ў Пятай Запаведзi напiсана: «Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку», але там былi яшчэ два словы, пра якiя яны ўжо забылiся. У сапраўднасцi Запаведзь гучала: «Нiводная жывёла не павiнна пiць гарэлку звыш меры».

IX

Расшчэплены Баксёраў капыт загойваўся вельмi доўга. Адбудова ветрака пачалася праз дзень пасля таго, як скончылася святкаванне перамогi. Баксёр адмовiўся ўзяць нават адзiн выхадны дзень i лiчыў для сябе справай гонару не паказаць, што яму балiць. Вечарамi ён патаемна прызнаваўся Канюшынцы, што боль у капыце вельмi яго непакоiў. Канюшынка лячыла капыт прыпарамi з зёлак, якiя яна гатавала, папярэдне iх пражаваўшы, i разам з Бэнджамiнам прасiла Баксёра працаваць не так заўзята. «Лёгкiя ў каня трываюць не вечна», — казала яна яму. Але Баксёр не слухаў. У яго засталася, казаў ён, толькi адна сапраўдная мара пабачыць, як будзе працаваць вятрак, а тады ўжо можна i пайсцi на пенсiю.

Напачатку, калi ўпершыню былi сфармуляваныя законы Фермы Жывёлаў, пенсiйны ўзрост быў вызначаны для коней i свiнняў дванаццаць, для кароў чатырнаццаць, для сабакаў дзевяць, для авечак сем i для курэй ды гусей пяць гадоў. Дамовiлiся i наконт добрай пенсii па старасцi. Пакуль што нiводная жывёлiна не выйшла на пенсiю, але апошнiм часам тэма гэтая пачала абмяркоўвацца ўсё часцей i часцей. Цяпер, калi маленькае поле за садам было пакiнута пад ячмень, хадзiлi чуткi, што кавалак вялiкага выгану будзе абнесены агароджай i аддадзены састарэлым жывёлам. Для коней, казалi, пенсiя складзе пяць фунтаў збожжа на дзень, а ўзiмку пятнаццаць фунтаў сена, а таксама адну морквiну цi, магчыма, яблык на святы. У канцы наступнага лета Баксёру спаўнялася дванаццаць гадоў.

Тым часам жыццё было цяжкае. Зiма выдалася не цяплейшая за папярэднюю, а ежы было меней. Зноў зменшылi нормы харчоў усiм жывёлам, апроч свiнняў i сабакаў. Занадта строгая ўраўнiлаўка ў нормах, тлумачыў Вiскун, будзе пярэчыць прынцыпам Жывялiзму. У любым выпадку яму няцяжка было давесцi астатнiм жывёлам, што ў сапраўднасцi нiякай нястачы ежы няма, як бы гэта iм нi здавалася. А пакуль што палiчылi неабходным упарадкаваць нормы (Вiскун заўсёды гаварыў пра ўпарадкаванне, а не пра скарачэнне), але ў параўнаннi з часамi панавання Джоўнза паляпшэнне было вiдавочнае. Прачытаўшы iм вiсклiвым таропкiм голасам лiчбы, ён падрабязна растлумачыў i пераканаў iх, што цяпер яны мелi больш аўса, больш сена, больш рэпы, чым за часы Джоўнза, што працавалi яны цяпер меней, што пiтная вада цяпер лепшай якасцi, што яны жылi даўжэй, што смяротнасць сярод iх патомства паменшала, што цяпер у iх стойлах болей саломы i што iм цяпер меней назалялi мухi i аваднi. Жывёлы верылi кожнаму яго слову. Праўду кажучы, Джоўнз i ўсё, што з iм было звязана, ужо амаль сцерлася з iх памяцi. Яны ведалi, што жыццё сягоння было суровае i ўбогае, што яны часта цярпелi ад голаду i холаду i што звычайна яны ўвесь час працавалi, калi не лiчыць часу, прызначанага на сон. Але, бясспрэчна, за старым часам было значна горш. Яны былi радыя ў гэта верыць. Апроч таго, у тыя днi яны былi рабамi, а цяпер яны свабодныя, i ў гэтым уся рознiца, як не прамiнуў адзначыць Вiскун.

Едуноў цяпер значна пабольшала. Увосень чатыры мацёры апарасiлiся амаль адначасова, даўшы свету разам трыццаць адно парася. Парасяты былi рабенькiя, i як Напалеон быў адзiны кныр на ферме, было няцяжка здагадацца аб iхным паходжаняi. Было абвешчана, што пазней, калi набудуць цэглу i драўнiну, у садзе пры сядзiбе пабудуюць школу. Пакуль жа адукацыю парасятам даваў сам Напалеон у сядзiбнай кухнi. Яны практыкавалiся ў садзе, i iм не дазвалялася гуляць з iншымi маладымi жывёламi. Недзе ў тым самым часе было пастаноўлена, што калi свiння i якая iншая жывёлiна сустрэнуцца на дарозе, дык iншая жывёлiна мусiць саступiць; а таксама што ўсе свiннi, незалежна ад тытулу, будуць мець прывiлей насiць у нядзелю зялёную стужку на хвасце.

Той год выдаўся для фермы даволi ўдалы, але грошай усё яшчэ не хапала. Трэба было купiць на школу цэглы, пяску i вапны, трэба зноў было ашчаджаць на абсталяванне для ветрака. Былi таксама патрэбныя газа i свечкi для сядзiбы, цукар да Напалеонавага стала (iншым свiнням ён забаранiў яго ўжываць, каб не таўсцелi) i ўсе звычайныя прыпасы, якiя час ад часу неабходна было папаўняць: iнструменты, цвiкi, вяроўкi, вугаль, дрот, бляха i сабачыя сухары. Давялося прадаць стог сена i частку ўраджаю бульбы, а кантракт на яйкi быў павялiчаны да шасцiсот на тыдзень, так што куры ў гэтым годзе ледзьве маглi вывесцi дастатковую колькасць куранят, каб захоўваць свой род на тым самым узроўнi. Нормы, скарочаныя ў снежнi, яшчэ раз скарацiлi ў лютым, i дзеля эканомii газы лiхтары ў стойлах былi забароненыя. Але свiннi, як выглядала, пачувалiся даволi выгодна i нягледзячы нi на што набiралi вагу. Аднойчы ўвечары ў канцы лютага з маленькага бровара, што стаяў за кухняй i не працаваў ужо i пры Джоўнзе, разлiўся ў паветры па ўсiм двары цёплы, шчодры i смачны пах, якога жывёлы нiколi раней не чулi. Нехта сказаў, што гэтак пахне вараны ячмень. Галодныя жывёлы нюхалi паветра i пыталiся самi ў сябе, цi не iм на вячэру варыцца тая цёплая боўтанка. Але нiякай боўтанкi яны не ўбачылi, а ў наступную нядзелю было абвешчана, што з таго часу ўвесь ячмень будзе iсцi на патрэбы свiнняў. Палетак за садам ужо засеялi ячменем. А неўзабаве пранеслася чутка, што кожная свiння атрымлiвае цяпер пiнту пiва штодня, а сам Напалеон паўгалона, якiя яму заўсёды падавалi ў супнiцы з сервiзу «Краўн Дарбi».

Хоць жывёлам i даводзiлася цярпець нягоды, аднак яны часткова кампенсавалiся тым, што жыццё цяпер было больш велiчнае i ўрачыстае, чым раней. Цяпер было болей песень, болей прамоў, болей дэманстрацый. Напалеон загадаў, каб раз на тыдзень ладзiлася, як ён называў, Стыхiйная Дэманстрацыя, мэтаю якой было адзначыць змаганне i перамогi Фермы Жывёлаў. У прызначаны час жывёлы мусiлi спынiць працу i маршыраваць ваенным шыхтом вакол фермы — свiннi наперадзе, за iмi конi, пасля каровы, авечкi i ззаду птушкi. Сабакi iшлi з флангаў, а паперадзе ўсiх iшоў Напалеонаў чорны певень. Баксёр i Канюшынка цягнулi зялёны сцяг з капытом i рогам i з надпiсам «Няхай жыве таварыш Напалеон!». За шэсцем iшло чытанне паэмаў, складзеных у гонар Напалеона, i прамова Вiскуна, у якой адзначалася павышэнне вытворчасцi харчовай прадукцыi, а пасля прынародна палiлi з стрэльбы. Авечкi былi найгарачэйшыя прыхiльнiкi Стыхiйных Дэманстрацый, i калi нехта скардзiўся (як некаторыя жывёлы, калi побач не было свiнняў i сабакаў), што яны марнуюць час i дарма стаяць на холадзе, дык авечкi абавязкова затыкалi яму рот сваiм страшным бляяннем «Чатыры нагi добра, дзве нагi дрэнна!». Але ўвогуле жывёлам падабалiся гэтыя ўрачыстасцi. Iх суцяшаў напамiн пра тое, што, як бы там нi было, яны былi самi сабе гаспадары i працавалi на сябе. А так, з гэтымi песнямi, дэманстрацыямi, Вiскуновымi лiчбамi, грымотнымi стрэламi, пеўневым кукарэканнем i лапатаннем сцяга, яны паволi забывалiся, што трыбухi ў iх пустыя, прынамсi на нейкi час.

У красавiку Ферма Жывёлаў была абвешчаная Рэспублiкай, i ўзнiкла неабходнасць выбраць Прэзiдэнта. Кандыдат быў толькi адзiн — Напалеон, яго i абралi аднагалосна. У той самы дзень было паведамлена, што выявiлiся новыя дакументы, якiя выкрывалi дадатковыя падрабязнасцi Сняжковай змовы з Джоўнзам. Цяпер выглядала, што Сняжок не проста спрабаваў хiтрым манеўрам давесцi да паразы Бiтву пры Хляве, як дагэтуль уяўлялi жывёлы, але адкрыта змагаўся на баку Джоўнза. У сапраўднасцi менавiта ён кiраваў войскам людзей i кiнуўся ў бiтву са словамi «Няхай жыве чалавецтва!» на вуснах. Раны на Сняжковай спiне, пра якiя ўсё яшчэ памяталi некаторыя, нанёс сваiмi зубамi Напалеон.

У сярэдзiне лета на ферме нечакана з'явiўся крумкач Масей, якога не бачылi ўжо некалькi гадоў. Ён амаль не змянiўся, як i раней, нiчога не рабiў i ўсё гаварыў у тым самым духу пра Ледзянцовыя Горы. Ён сядзеў на пнi, лопаў чорнымi крыламi i гадзiнамi прамаўляў усiм, хто яго слухаў. «Там наверсе, таварышы, казаў ён урачыста, паказваючы ў неба сваёй вялiзнай глюгай, — там наверсе, на другiм баку вунь той цёмнай хмары ляжаць Ледзянцовыя Горы, тая шчаслiвая краiна, дзе мы, бедныя жывёлы, спачнём назаўсёды ад нашых цяжкiх клопатаў!» Ён нават цвердзiў, што пабыў там, калi аднойчы высока ўзляцеў, i пабачыў там бясконцыя палi канюшыны i платы, на якiх раслi кавалкi цукру i льняная макуха. Шмат хто з жывёлаў верыў яму. Iх жыццё цяпер, меркавалi яны, галоднае i пакутнае, дык цi ж гэта не слушна i не справядлiва, што недзе мусiць iснаваць нейкi лепшы свет? Аднак вельмi цяжка было вызначыць, як ставiлiся да Масея свiннi. Усе яны з пагардаю заяўлялi, што яго байкi пра Ледзянцовыя Горы былi хлуснёй, i разам з тым яны дазвалялi яму заставацца на ферме не працуючы i выдавалi яму чвэрць пiнты пiва штодня.

Калi капыт у Баксёра загаiўся, ён пачаў працаваць яшчэ старанней. Праўду кажучы, усе жывёлы працавалi гэты год, як рабы. Апроч звычайнай працы на ферме i на адбудове ветрака, яны мусiлi цяпер будаваць школу парасятам, закладзеную ў сакавiку. Часам было цяжка трываць доўгiя гадзiны на галоднай норме, але Баксёр нiколi не вагаўся. Ва ўсiм, што б ён нi казаў або нi рабiў, не было i знаку, што сiла ў яго была ўжо не тая, што раней. Толькi з выгляду ён крыху змянiўся: скура ў яго ўжо не блiшчала, як раней, а яго магутныя заднiя ногi нiбы ссохлiся. Iншыя казалi: «Баксёр ачуняе, калi ўвесну ўзыдзе трава», але настала вясна, а Баксёр так i не пагладчэў. Часам, калi ён напружваў цяглiцы, выкочваючы з кар'ера вялiзны валун, здавалася, што толькi нязломнае жаданне трымала яго на нагах. У гэткiя хвiлiны можна было пабачыць, як у вуснах ягоных складаюцца словы: «Я буду працаваць яшчэ старанней»; голасу ў яго ўжо не засталося. Канюшынка i Бэнджамiн зноў папярэдзiлi яго, каб ён дбаў пра здароўе, але Баксёр на iх не зважаў. Наблiжаўся дзень, калi яму споўнiцца дванаццаць гадоў. Яго гэта не хвалявала, бо да таго, як яму iсцi на пенсiю, была ўжо назбiраная ладная крушня камення.

Адным познiм летнiм вечарам па ферме пранеслася раптоўная чутка, нiбыта нешта здарылася з Баксёрам. Перад тым ён пайшоў адзiн сцягваць каменне да ветрака. I, вiдаць, чутка была праўдаю. Праз некалькi хвiлiн прыляцелi два галубы з навiною: «Баксёр упаў! Ён ляжыць на баку i не можа ўстаць!»

Каля паловы ўсiх жывёлаў кiнулiся да пагорка, на якiм стаяў вятрак. Баксёр ляжаў мiж аглобляў, выцягнуўшы шыю, i не мог нават падняць галавы. Вочы ў яго зацьмелiся, бакi набрынялi потам. З рота лiўся тонкi струменьчык крывi. Канюшынка прысела каля яго на каленi.

— Баксёр! — закрычала яна. — Што з табою?

— Нешта з лёгкiмi, — адказаў Баксёр слабым голасам. — Нiчога страшнага. Я думаю, вы здолееце скончыць вятрак i без мяне. Назбiралася ўжо ладная куча камення. А мне застаўся ўжо хiба якi месяц. Сказаць праўду, я даўно ўжо марыў пра адпачынак. А можа, як Бэнджамiн ужо таксама стары, яны дазволяць яму пайсцi на пенсiю разам са мною, i тады мне не будзе сумна.

— Яму трэба хутчэй дапамагчы, — сказала Канюшынка. — Хай хто збегае да Вiскуна i скажа, што здарылася.

I ўсе астатнiя жывёлы кiнулiся да сядзiбы, каб пераказаць навiну Вiскуну. Засталiся толькi Канюшынка i Бэнджамiн, якi лёг побач з Баксёрам i адганяў ад яго мух сваiм даўгiм хвастом. Недзе праз чвэрць гадзiны з'явiўся Вiскун, поўны спачування i спагады. Ён сказаў, што таварыш Напалеон з вялiкiм засмучэннем успрыняў вестку пра няшчасце, якое здарылася з адным з сама верных працаўнiкоў на ферме, i ўжо робiць захады, каб паслаць Баксёра на лячэнне ў Уiлiнгдонскi шпiталь. Ад гэтай навiны жывёлам зрабiлася крыху няёмка. Апроч Молi i Сняжка, нiводная жывёлiна яшчэ нi разу не пакiдала фермы, i iм непрыемна было думаць, што iх хворы таварыш трапiць у рукi чалавечым iстотам. Аднак Вiскун лёгка пераканаў iх, што ветэрынарны лекар у Ўiлiнгдоне здолее дагледзець Ваксёра значна лепш, чым гэта можна было зрабiць на ферме. I праз якiх паўгадзiны, калi Баксёр крышку ачуняў, ён з цяжкасцю ўстаў на ногi i памалу пакульгаў да свайго стойла, дзе Канюшынка i Бэнджамiн падрыхтавалi яму добры саламяны подсцiл.

Два наступныя днi Баксёр заставаўся ў стойле. Свiннi прыслалi вялiкую бутлю з нейкiм ружовым зеллем, якую яны знайшлi ў медыцынскай скрынi ў ванным пакоi, i Канюшынка давала яго Баксёру двойчы на дзень пасля ежы. Вечарамi яна ляжала побач з iм у стойле i гаварыла з iм, а Бэнджамiн тым часам адганяў ад яго мух. Баксёр прызнаваўся, што ён не шкадуе аб тым, што здарылася. Калi ён паздаравее, дык зможа пражыць яшчэ гады тры, i ён марыў пра спакойныя днi, калi будзе адпачываць у зацiшным кутку вялiкага выгану. Упершыню ён будзе мець досыць вольнага часу, каб вучыцца i практыкаваць свой розум. Ён збiраўся, як сам казаў, прысвяцiць усё сваё астатняе жыццё вывучэнню астатнiх дваццацi дзвюх лiтар алфавiта.

Аднак Бэнджамiн i Канюшынка маглi быць разам з Баксёрам толькi пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзiне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалi на праполцы рэпы пад наглядам свiннi, калi яны раптам са здзiўленнем убачылi, як Бэнджамiн ляцiць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылi Бэнджамiна ўзрушанага i ўпершыню бачылi, як ён бяжыць. «Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Сюды! Баксёра забiраюць!» Не чакаючы загаду ад свiннi, жывёлы спынiлi працу i кiнулiся бегчы да будынкаў. I праўда, на двары стаяў вялiкi закрыты фургон, у якi была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напiсана, а за фурмана сядзеў хiтраваты чалавек у насунутым на вочы капелюшы. I Баксёрава стойла было пустое.

Жывёлы скупiлiся вакол фургона. «Бывай, Баксёр, — крычалi яны хорам, бывай!»

— Дурнi! Дурнi! — закрычаў Бэнджамiн, скачучы вакол iх i б'ючы аб зямлю сваiмi маленькiмi капытамi. — Дурнi! Вы што, не бачыце, што напiсана на фургоне?

Жывёлы на хвiлiну задумалiся, i стала цiха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамiн адштурхнуў яе i прачытаў сярод мёртвай цiшынi:

— «Элфрэд Сiмандс, канарэз i клеявар, Уiлiнгдон. Лупленне скур i выраб касцяной мукi. Дастаўка сабачых будак». Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!

Ва ўсiх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвiлiну чалавек сцебануў коней, i тыя хуткай рыссю павезлi фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглi за iм, крычучы што мелi сiлы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набiраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсцi на галоп, перабiраючы сваiмi тоўстымi нагамi. «Баксёр! — крычала яна. — Баксёр! Баксёр! Баксёр!» I якраз у гэты момант, нiбы пачуўшы шум i крыкi звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.

— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка. — Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забiць!

Усе жывёлы падхапiлi крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй i хутчэй аддаляўся ад iх. Невядома, цi зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвiлiну галава яго знiкла з акенца i пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былi часы, калi пары ўдараў Баксёравых капытоў хапiла б, каб разбiць гэты фургон на трэскi. Але, на жаль, колiшняя сiла пакiнула яго; i праз некалькi хвiлiн стукат капытоў зрабiўся слабейшы, а пасля зусiм сцiх. У роспачы жывёлы пачалi заклiкаць двух коней, што везлi фургон, каб яны спынiлiся. «Таварышы, таварышы! — крычалi яны. — Не вязiце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэннi, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робiцца, апусцiлi вушы i пабеглi яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад i зачынiць цяжкую браму, але было позна: праз хвiлiну фургон мiнуў браму i неўзабаве знiк за паваротам. Больш Баксёра нiколi не бачылi.

Праз тры днi было абвешчана, што ён памёр у Ўiлiнгдонскiм шпiталi, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Вiскун пераказаў гэтую навiну астатнiм. Ён прысутнiчаў, як ён сказаў, пры апошнiх гадзiнах Баксёравага жыцця.

— Гэта было сама кранальнае вiдовiшча, якое я толькi бачыў, - сказаў Вiскун, падняўшы нагу i змахнуўшы слязу. — Я быў каля ложка да апошняй хвiлiны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасцi, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькi тое, што ён адыходзiць, калi вятрак яшчэ недабудаваны. «Наперад, таварышы, — прашаптаў ён. — Наперад у iмя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду». Такiя былi яго апошнiя словы, таварышы.

Раптам у паводзiнах Вiскуна наступiла змена. На хвiлiну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зiркнуў у бакi сваiмi маленькiмi вочкамi.

Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкi Баксёра распускалiся благiя i злосныя чуткi. Некаторыя жывёлы заўважылi, што на фургоне, якi адвозiў Баксёра, было напiсана «канарэз», i таму iм прыйшло ў галаву, што Баксёра вязуць на скуралупню. Проста неверагодна, казаў Вiскун, што нехта з жывёлаў можа быць такi дурны. Вядома ж, крычаў ён з абурэннем, круцячы хвастом i скачучы сюды-туды, яны ведаюць iх любiмага Правадыра таварыша Напалеона i давяраюць яму. Тлумачэнне ж было вельмi простае. Фургон раней належаў скуралупу i быў прададзены ветэрынарнаму лекару, якi яшчэ не зафарбаваў старога надпiсу. Вось адкуль узялася памылка.

Жывёлы выслухалi гэта з вялiкай палёгкай. I калi Вiскун расказаў пра iншыя падрабязнасцi апошнiх хвiлiн Баксёра, пра выдатны медыцынскi дагляд, пра дарагiя лекi, за якiя Напалеон заплацiў не думаючы, iх апошнiя сумненнi знiклi, i смутак па памерлым таварышу быў палегчаны думкаю, што, прынамсi, ён памёр шчаслiвы.

Сам Напалеон паказаўся на сходзе ў наступную нядзелю ранiцай i выступiў з кароткай прамовай у гонар Баксёра. Было немагчыма, сказаў ён, перанесцi астанкi памерлага таварыша для пахавання на ферме, але ён загадаў сплесцi вялiкi лаўровы вянок i паслаў, каб яго ўсклалi на магiле Баксёра. А праз некалькi дзён свiннi мелi намер наладзiць жалобны банкет у памяць Баксёра. Напалеон скончыў сваю прамову, нагадаўшы два ўлюбёныя Баксёравы лозунгi — «Я буду працаваць яшчэ старанней» i «Таварыш Напалеон заўсёды кажа праўду» лозунгi, сказаў ён, якiмi мусiць узброiцца цяпер кожная жывёлiна.

У прызначаны для банкету дзень з Уiлiнгдона прыехаў фургон бакалейшчыка i выгрўзiў каля сядзiбы вялiкую драўляную скрынку. Вечарам з сядзiбы даносiлiся шумныя спевы, пасля якiх чулася нiбы бурлiвая спрэчка, i ўсё скончылася каля адзiнаццатай гадзiны жахлiвым грукатам бiтага шкла. Назаўтра да паўдня ў сядзiбе нiхто не варушыўся, i па ферме пайшла пагалоска, што свiннi здабылi аднекуль грошай i купiлi сабе яшчэ адну скрынку вiскi.

Х

Мiналi гады. Адна пара змяняла другую, мiнаўся кароткi жывёлiн век. Настаў час, калi нiхто ўжо не памятаў старых дзён да Паўстання, апроч Канюшынкi, Бэнджамiна, крумкача Масея i некалькiх свiнняў.

Мюрыэль памерла; Званочак, Джэсi i Пiнчар памерлi. Памёр i Джоўнз — у доме для алкаголiкаў, у другiм канцы краiны. Пра Сняжка забылiся. Пра Баксёра забылiся, апроч тых нешматлiкiх, хто ведаў яго. Канюшынка была цяпер тоўстай кабылай з нягнуткiмi суставамi i слязлiвымi вачамi. Ужо два гады, як мiнуў яе пенсiйны ўзрост, але яшчэ нiводная жывёлiна не была адпушчаная на пенсiю. Даўно ўжо забылiся пра гаворкi аб выдзяленнi кутка на выгане для старых жывёлаў. Напалеон быў цяпер мажным кныром на дзесяць пудоў вагою. Вiскун так растлусцеў, што амаль не мог расплюшчыць вачэй. I толькi стары Бэнджамiн заставаўся такi, як i раней, хiба што больш ссiвеў ды пасля Баксёравай смерцi зрабiўся больш змрочны i маўклiвы.

На ферме цяпер было значна болей жывёлаў, хоць прырост быў i не такi вялiкi, як спадзявалiся ранейшымi гадамi. Нарадзiлася шмат жывёлаў, для якiх Паўстанне было ўсяго толькi нейкай невыразнай легендай, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, iншыя ж, купленыя па-за фермай, нiколi i не чулi пра гэта раней. Цяпер, апроч Канюшынкi, на ферме было яшчэ трое коней. Гэта былi прыгожыя стварэннi, сумленныя працаўнiкi i добрыя таварышы, але надта дурныя. Нiхто з iх не здолеў вывучыць алфавiт далей за лiтару «Б». Яны паслухмяна прымалi ўсё, што iм казалi пра Паўстанне i пра прынцыпы Жывялiзму, асаблiва калi гаварыла Канюшынка, якую яны паважалi, як мацi; але наўрад цi яны шмат з таго разумелi.

Ферма цяпер была багацейшая i лепей арганiзаваная: яна нават пашырылася за кошт двух палёў, купленых у мiстэра Пiлкiнгтана. Вятрак нарэшце быў паспяхова дабудаваны, ферма мела цяпер сваю малатарню i сянажную вежу, з'явiлася шмат розных новых пабудоў. Уiмпэр купiў сабе калымажку. Вятрак, аднак, так i не выкарыстоўваўся для выпрацоўкi электрычнага току. Ён працаваў як млын i прыносiў немалы грашовы прыбытак. Жывёлы заўзята працавалi цяпер на пабудове другога ветрака, i калi ён будзе збудаваны, як казалi, на iм усталююць генератары. Але пра тыя выгоды, што некалi выхваляў перад жывёламi Сняжок стойлы з электрычным святлом, з гарачай i халоднай вадою, трохдзённы працоўны тыдзень, — пра гэта ўжо нiхто не гаварыў. Напалеон асудзiў гэтыя iдэi як супярэчныя духу Жывялiзму. Сапраўднае шчасце, казаў ён, палягае ў тым, каб старанна працаваць i сцiпла жыць.

Аднак жа неяк здавалася, што хоць ферма i пабагацела, самi жывёлы багацейшымi не зрабiлiся — апроч, вядома, свiнняў i сабакаў. Можа, часткова гэта тлумачылася тым, што цяпер было вельмi шмат свiнняў i вельмi шмат сабакаў. I не сказаць, каб гэтыя стварэннi на свой манер не працавалi. Вiскун нiколi не стамляўся тлумачыць, што ў iх было незвычайна шмат працы ў даглядзе за фермай i яе арганiзацыi. Але збольшага гэта была такая праца, што астатнiя жывёлы былi занадта дурныя, каб зразумець яе сэнс. Напрыклад, Вiскун казаў, што свiнням даводзiлася трацiць штодня шмат часу i сiлы на нейкiя загадкавыя рэчы, што звалiся «даклады», «справаздачы», «пратаколы» i «дакладныя запiскi». Гэта былi вялiкiя аркушы паперы, якiя трэба было густа запоўнiць лiтарамi, i як толькi яны былi запоўненыя, iх палiлi ў печы. Усё гэта надзвычай важнае для павышэння дабрабыту фермы, казаў Вiскун. Аднак усё ж нi свiннi, нi сабакi не выраблялi сваёй працай ежы; а iх было вельмi шмат, i апетыт яны заўсёды мелi добры.

Што да астатнiх, дык iх жыццё, наколькi яны ведалi, было такое самае, як i заўсёды. Звычайна яны былi галодныя, спалi на саломе, пiлi з лужыны i цяжка працавалi на полi; узiмку iх даймаў холад, улетку аваднi i мухi. Часам старэйшыя з iх напружвалi сваю слабую памяць i спрабавалi вызначыць, цi ў даўнiя днi Паўстання, калi яшчэ быў свежы ўспамiн пра выгнанне Джоўнза, усё было лепшае цi горшае, чым цяпер. Яны не маглi прыгадаць. Не было нiчога, з чым яны маглi б параўнаць сваё цяперашняе жыццё: iм не было на што абаперцiся, калi толькi не на Вiскуновы лiчбы, якiя нязменна паказвалi, што ўсё навокал няспынна паляпшалася. Гэтая задача здалася жывёлам невырашальнай; ва ўсялякiм разе, цяпер у iх не было часу паразважаць над гэтым. I толькi стары Бэнджамiн заяўляў, што памятае да драбнiц усё сваё доўгае жыццё i ведае, што нiчога не было, дый не магло быць нi лепшым, нi горшым — голад, цяжкая праца i нягоды былi, як ён казаў, нязменным законам жыцця.

I ўсё ж жывёлы нiколi не трацiлi надзеi. Больш таго, iх нiколi, нi на хвiлiну, не пакiдала пачуццё гонару за тое, што яны — жыхары Фермы Жывёлаў. Яны па-ранейшаму заставалiся адзiнай фермай ва ўсiм графстве — ва ўсёй Англii! — якою валодалi i кiравалi жывёлы. Нiводзiн з iх, нават маладзейшыя, нават новапрыбылыя, выхаваныя на iншых фермах за дзесяць i за дваццаць мiляў адсюль, не пераставалi захапляцца гэтым. I калi яны чулi стральбу i бачылi, як зялёны сцяг лунае ў паветры, сэрцы iх напаўнялiся бязмежнай гордасцю, а гаворкi вярталiся заўсёды да былых гераiчных часоў, да выгнання Джоўнза, да напiсання Сямi Запаведзяў, да вялiкiх бiтваў, у якiх былi разбiтыя чалавечыя захопнiкi. Рэспублiка Жывёлаў, якую прадказваў Маёр, калi зялёныя палi Англii не будуць болей таптацца чалавечаю нагою, усё яшчэ заставалася iх светлаю марай. Аднойчы яна здзейснiцца: можа, яшчэ не хутка, можа, нават нiкому, хто жыве цяпер, не ўдасца яе пабачыць, але гэтая мара станецца явай. Нават мелодыя «Звяроў Брытанii» часам патаемна сям-там напявалася: ва ўсялякiм разе, кожная жывёлiна на ферме яе ведала, хоць нiхто б не наважыўся спяваць яе ўголас. Можа быць, жыццё ў iх было цяжкае i не ўсе iх спадзяваннi спраўдзiлiся, але яны ўсведамлялi, што яны былi не такiя, як iншыя жывёлы. Калi яны галадалi, дык не таму, што iм даводзiлася кармiць бязлiтасных ненажэрных людзей; калi яны цяжка працавалi, дык, прынамсi, працавалi на сябе. Нiхто сярод iх не хадзiў на дзвюх нагах. Нiхто з iх не называў адзiн аднаго «Гаспадар». Усе жывёлы былi роўныя.

Аднойчы на пачатку лета Вiскун загадаў авечкам iсцi за iм i вывеў iх на вялiкую пустку на другiм канцы фермы, парослую маладымi бярозкамi. Авечкi прабылi там увесь дзень, скубучы лiсце пад пiльным наглядам Вiскуна. Увечары ён вярнуўся ў сядзiбу сам, а авечкам сказаў заставацца на месцы, бо надвор'е было цёплае. I гэтак яны прабылi там цэлы тыдзень, так што нiхто з астатнiх жывёлаў iх не бачыў. Вiскун быў з iмi большую частку кожнага дня i вучыў iх, як ён казаў, спяваць новую песню, якая патрабавала шмат стараннасцi i цярплiвасцi.

I вось адным пагодным вечарам, якраз пасля вяртання авечак, калi жывёлы скончылi працу ды iшлi да гаспадарчых будынкаў, з двара данеслася спалоханае ржанне. Жывёлы з перапуду спынiлiся. Яны пазналi голас Канюшынкi. Яна зноў заржала, i ўсе жывёлы наўзгалоп пабеглi ў двор. I яны ўбачылi тое, што пабачыла Канюшынка.

Яны ўбачылi свiнню, якая iшла на заднiх нагах.

Так, гэта быў Вiскун. Трохi нязграбна, быццам не зусiм прызвычаены трымаць сваё важкае цела ў такой паставе, але з выдатным адчуваннем раўнавагi, ён iшоў праз двор. А праз хвiлiну з дзвярэй сядзiбы выйшла даўгая чарада свiнняў, i ўсе на заднiх нагах. У некаторых гэта выходзiла лепей, некаторыя iшлi няўпэўнена, здавалася, што iм хочацца абаперцiся на кiй, але ўсе яны адна за адной абышлi двор. Нарэшце пачуўся страшны сабачы брэх i пранiзлiвы крык чорнага пеўня, i з сядзiбы выйшаў сам Напалеон i ўрачыста выпрастаўся, абводзячы двор пагардлiвым позiркам. Вакол яго гайсалi сабакi.

У пярэдняй назе ён трымаў бiзун.

Запанавала мёртвая цiша. Уражаныя i напалоханыя, жывёлы збiлiся ў кучу i пазiралi на доўгую чараду свiнняў, што паволi маршыравалi вакол двара. Здавалася, што свет перакулiўся дагары нагамi. Тады настаў момант, калi першы шок суняўся i калi, нягледзячы нi на што — на боязь сабакаў, на звычку, што развiлася за доўгiя гады, нiколi не скардзiцца, нiколi не пярэчыць, што б нi здарылася, — у iх ужо гатовыя былi вырвацца словы пратэсту. Але якраз у гэты момант, нiбы па сiгнале, авечкi выбухнулi жахлiвым бляяннем:

— Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей! Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей! Чатыры нагi добра, дзве нагi лепей!

Яны бляялi, не спыняючыся, хвiлiн пяць. I калi авечкi сцiхлi, выказваць свой пратэст не было сэнсу, бо свiннi ўжо зайшлi назад у сядзiбу.

Бэнджамiн адчуў, як нехта тыцнуў носам яму ў плячо. Ён азiрнуўся. Гэта была Канюшынка. Яе старыя вочы ўжо амаль нiчога не бачылi. Не кажучы нi слова, яна цiхенька пацягнула яго за грыву i павяла да вялiкага гумна, дзе былi запiсаныя Сем Запаведзяў. Хвiлiну цi дзве яны стаялi, узiраючыся ў прасмоленую сцяну з белымi лiтарамi.

— Я кепска бачу, — урэшце сказала яна. — Нават калi я была маладая, я не магла прачытаць, што там напiсана. Але мне здаецца, што цяпер сцяна выглядае iначай. Цi Сем Запаведзяў усё яшчэ такiя самыя, што i раней, Бэнджамiн?

Адзiны раз у жыццi Бэнджамiн згадзiўся парушыць сваё правiла i прачытаў ёй, што было напiсана на сцяне. Цяпер там была толькi адна Запаведзь:

Усе жывёлы роўныя

Але некаторыя жывёлы раўнейшыя за iншых

Пасля гэтага ўжо не здавалася дзiўным, што назаўтра свiннi, якiя наглядалi за працай на ферме, усе насiлi бiзун у пярэдняй назе. Не здавалася дзiўным, што свiннi купiлi сабе радыёпрыёмнiк, збiралiся паставiць тэлефон i падпiсалiся на «Джона Була», «Тыт Бiтс» i «Дэйлi Мiрар». Не здавалася дзiўным убачыць Напалеона, якi гуляе ў прысядзiбным садзе з люлькай у зубах. Не было ўжо дзiвам, што свiннi дасталi адзенне мiстэра Джоўнза з шафы i панадзявалi яго, што сам Напалеон надзеў чорны сурдут, шырачэзныя брыджы i скураныя гетры, а яго фаварызаваная мацёра нацягнула на сябе муаравую сукенку, якую мiсiс Джоўнз звычайна надзявала ў нядзелю.

Аднойчы ўвечары, недзе праз тыдзень, да фермы пад'ехала некалькi калымажак. Група навакольных фермераў была запрошаная агледзець ферму. Iх правялi паўсюль, i яны выказалi вялiкае захапленне ўсiм, што пабачылi, асаблiва ветраком. Тым часам жывёлы былi на праполцы рэпы. Яны працавалi старанна, не падымаючы галоваў, i не ведалi, каго больш баяцца — свiнняў цi людзей.

Вечарам з сядзiбы даносiлiся спевы i гулкi смех. I раптам, пачуўшы гэты бязладны гоман, жывёлы пранялiся цiкаўнасцю. Што ж там можа адбывацца цяпер, калi жывёлы i людзi ўпершыню сустрэлiся як роўныя? I, не згаворваючыся, яны як мага цiшэй падкралiся да сядзiбы.

Каля брамы яны спынiлiся, баючыся iсцi далей, але Канюшынка павяла iх наперад. На дыбачках падабралiся да дома, i тыя, хто быў вышэйшы, зазiрнулi ў акно гасцёўнi. Там, вакол даўгога стала, сядзела паўтузiна фермераў i паўтузiна выдатнейшых свiнняў. Сам Напалеон займаў ганаровае месца ў канцы стала. Здавалася, што свiннi вельмi ўтульна пачуваюцца ў крэслах. Кампанiя забаўлялася гульнёю ў карты, але ўсе прыпынiлiся на нейкi момант, вiдаць, каб падняць кубкi. Па стале хадзiў наўкруга вялiкi збан, i кубкi напаўнялiся пiвам. Нiхто не заўважыў здзiўленых твараў жывёлаў, што пазiралi на iх праз акно.

Мiстэр Пiлкiнгтан з Фоксвуда ўстаў, падняўшы кубак. Ён сказаў, што праз хвiлiну папросiць шаноўную грамаду выпiць. Але перад тым ён палiчыў сваiм абавязкам сказаць колькi слоў.

Для яго, як i для iншых прысутных, было вялiкiм задавальненнем адчуць, што доўгi перыяд недаверу i непаразуменняў цяпер скончыўся. Быў час — хоць нi ён, нi хто iншы з прысутных нiколi не падзяляў такiх пачуццяў, - але быў час, калi да паважаных уладальнiкаў Фермы Жывёлаў iх суседзi ставiлiся не тое каб з варожасцю, але, можа быць, з пэўным недаверам. Здаралiся непрыемныя выпадкi, бытавалi памылковыя ўяўленнi. Былi меркаваннi, што iснаванне фермы, якою валодалi i кiравалi свiннi, было ў нейкiм сэнсе ненармальным i магло мець дэстабiлiзуючы ўплыў на суседнiя фермы. Шмат хто з фермераў лiчыў, без належнае дасведчанасцi, што на такой ферме мусiць панаваць дух усёдазволенасцi i недысцыплiнаванасцi. Iх непакоiў магчымы негатыўны ўплыў на iх уласных жывёлаў цi нават на слугаў. Але ўсе гэтыя сумненнi цяпер рассеялiся. Сёння ён i яго сябры наведалi Ферму Жывёлаў i агледзелi кожны куток сваiмi вачамi, i што ж яны пабачылi? Не толькi сама сучасныя метады гаспадарання, але дысцыплiну i парадак, якiя маглi б быць узорам для ўсiх навакольных фермаў. Ён лiчыць, што не памылiцца, сказаўшы, што нiжэйшыя жывёлы на Ферме Жывёлаў працуюць болей i атрымлiваюць ежы меней за любую жывёлiну ва ўсiм графстве. Сапраўды, ён i яго калегi сёння пабачылi шмат такога, што яны б хацелi неадкладна прымянiць у сябе.

Ён скончыць свае заўвагi, сказаў ён, падкрэслiўшы яшчэ раз, што добрасуседскiя сувязi iснуюць i будуць iснаваць памiж Фермай Жывёлаў i навакольнымi фермамi. Памiж свiннямi i людзьмi не было i не павiнна быць нiякага сутыкнення iнтарэсаў. Iх аб'ядноўваюць агульнае змаганне i агульныя цяжкасцi. Цi ж не была праблема рабочай сiлы аднолькава важная i для адных i для другiх? I тут было вiдаць, што мiстэр Пiлкiнгтан збiраецца сказаць нейкi старанна падрыхтаваны досцiп, але яго разабрала весялосць i ён не мог вымавiць нi слова. Пасля доўгага змагання са смехам, якi душыў яго, i ад якога ягонае тлустае падбароддзе зрабiлася чырвонае, ён здолеў выцiснуць з сябе: «Вам даводзiцца змагацца з вашымi нiжэйшымi жывёламi, а нам — з нашымi нiжэйшымi класамi!» Увесь стол грымнуў рогатам, а мiстэр Пiлкiнгтан зноў павiншаваў свiнняў з нiзкiмi харчовымi нормамi, даўгiмi працоўнымi днямi i з абсалютнай адсутнасцю разбэшчанасцi, што ён заўважыў на Ферме Жывёлаў.

А цяпер, сказаў ён нарэшце, ён хацеў бы папрасiць усiх устаць i паглядзець, цi ва ўсiх поўныя кубкi.

— Джэнтльмены, — закончыў мiстэр Пiлкiнгтан, — джэнтльмены, я прапаную тост: «За росквiт Фермы Жывёлаў!»

Пачулiся воплескi i тупат ног. Напалеон быў такi задаволены, што абышоў вакол стала, каб бомкнуцца кубкам з мiстэрам Пiлкiнгтанам. Калi воплескi сцiхлi, Напалеон, застаўшыся стаяць, абвясцiў, што таксама хоча сказаць пару слоў.

Як i ўсе Напалеонавы прамовы, гэтая была кароткая i канструктыўная. Ён таксама быў шчаслiвы, што перыяд непаразуменняў скончыўся. Доўгi час хадзiлi чуткi — пушчаныя, як ён меў падставы меркаваць, нейкiм падступным ворагам, нiбыта ў ягоных поглядах i ў поглядах яго калег было нешта шкоднае i нават рэвалюцыйнае. Лiчылася, што яны збiраюцца ўзняць паўстанне сярод жывёлаў на суседнiх фермах. Усё гэта няпраўда! Iх адзiным жаданнем, цяпер i раней, было жыць у мiры i ў нармальных дзелавых зносiнах са сваiмi суседзямi. Гэтая ферма, якую ён мае гонар кантраляваць, дадаў ён, была кааператыўным прадпрыемствам. Правы на валоданне, якiя былi ў ягоных руках, належалi супольна ўсiм свiнням.

Ён не думае, сказаў ён, што яшчэ застаюцца нейкiя падазрэннi, але некаторыя змены ў штодзённым жыццi фермы былi праведзеныя з мэтай выклiкаць яшчэ больш даверу. Дагэтуль жывёлы на ферме мелi дурную звычку звяртацца адно да аднаго «Таварыш». Цяпер гэта будзе забаронена. Была таксама вельмi дзiўная звычка, паходжанне якой невядомае, праходзiць кожную нядзелю ранiцай мiма кныравага чэрапа, прыбiтага да слупа ў садзе. Гэта таксама будзе забаронена, а чэрап ужо спалены. Госцi маглi таксама бачыць зялёны сцяг на флагштоку. Тады яны, мабыць, заўважылi, што на iм ужо болей няма белага капыта i белага рога. Ад гэтага часу гэта будзе проста аднакаляровы зялёны сцяг.

У яго ёсць толькi адна заўвага, сказаў ён, да блiскучай i добрасуседскай прамовы мiстэра Пiлкiнгтана. Мiстэр Пiлкiнгтан увесь час згадваў назву «Ферма Жывёлаў». Вядома ж, ён не мог ведаць — бо ён, Напалеон, толькi цяпер першы раз пра гэта абвяшчае — што назва «Ферма Жывёлаў» ужо адмененая. Цяпер ферма мае называцца «Ферма Мэнар» — гэта была, на яго думку, дакладная i спрадвечная назва.

— Джэнтльмены, — сказаў на заканчэнне Напалеон, — я паўтару той самы тост, толькi ў крыху iншай форме. Напоўнiце да краёў вашыя кубкi. Джэнтльмены, вось мой тост: За росквiт Фермы Мэнар!

Зноў загучалi сардэчныя воплескi, i кубкi выпiлi да дна. Але жывёлам, што глядзелi на ўсё гэга з вулiцы, здалося, што адбылася нейкая дзiўная рэч. Нешта ў свiных тварах змянiлася. Канюшынка пераводзiла цьмяны позiрк з аднаго твару на другi. У некаторых было пяць падбароддзяў, у некаторых чатыры, у iншых тры. Але што ж такое змянiлася? Тады воплескi сцiхлi, застольнiкi зноў узялi ў рукi карты i працягвалi перапыненую гульню. Жывёлы моўчкi пайшлi прэч.

Але, не адышоўшы яшчэ на дваццаць ярдаў, яны раптам спынiлiся. У сядзiбе ўсчаўся крык. Яны кiнулiся назад i зноў зазiрнулi ў вокны. Там, там распачалася зацятая спрэчка — крыкi, удары кулаком аб стол, варожыя позiркi, гнеўныя апраўданнi. Прычынай спрэчкi, як вiдаць, было тое, што Напалеон i мiстэр Пiлкiнгтан адначасова згулялi вiновым тузом.

Дванаццаць галасоў абурана крычалi, i ўсе яны былi падобныя адзiн на аднаго. Цяпер ужо не было пытання, што здарылася са свiнымi тварамi. Жывёлы знадворку пераводзiлi позiрк з свiннi на чалавека, з чалавека на свiнню i зноў з свiннi на чалавека, але было ўжо немагчыма вызначыць, хто быў кiм.

Лiстапад 1943 — Люты 1944

Оглавление

  • I
  • II
  • III
  • IV
  • V
  • VI
  • VII
  • VIII
  • IX
  • Х