Тры гады пад нямецкай акупацыяй у Беларусі [П. Ільінскі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

П. Ільінскі ТРЫ ГАДЫ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ (жыцьцё полацкай акругі 1941–1944 гг.)

.

«Парашутысты» невядомага цэнтру

Дзіўнае ўзьнікае пачуцьцё пасьля прачытаньня мэмуараў П. Ільінскага. Прынята лічыць, што асаблівасьцю дакумэнтальнага твору ёсьць дэталёвы аповед пра мінулыя дні, каб зафіксаваць адценьні, драбніцы падзеяў, сьведкам якіх быў асабіста. Прачытаўшы ж гэты твор, спыняешся на думцы, што пытаньняў пра тагачасныя падзеі ня толькі не паменела, але наадварот — паболела, і карціна сталася размытай да невыразнасьці.

Мэмуары Ільінскага даволі спэцыфічныя, у іх амаль не сустракаюцца прозьвішчы дзейных асобаў (акрамя камандзіра самааховы Міхаіла Зуева ды старога сьвятара Сакольскага), назваў аб’ектаў гарадзкога краявіду (апрача Сафійскага і Мікалаеўскага сабораў ды Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра). Тэкст зьмяшчае мноства геаграфічных недакладнасьцяў: адлегласьць да Расонаў удвая зьменшаная, Дзісна чамусьці завецца Луначарскам і г. д. Падобна, аўтара не займае дакладная прывязка да месца, чагу, асобаў. Полацак Ільінскага нейкі гратэскавы, дзе пануюць над усім адно гаруправа ды фэльдкамэндатура. З гэтае прычыны заканамерна паўстае пытаньне: якая ж ідэя падштурхнула аўтара да напісаньня на эміграцыі гэтага твору? Мяркую, аўтар імкнуўся паказаць актыўнасьць, уплывовасьць і значнасьць групоўкі, у склад якой уваходзіў.

Пасьля першага пытаньня ўзьнікае другое: а ці зьяўляўся Ільінскі або той, хто схаваўся за гэтым прозьвішчам, сапраўды той асобай, якой малюе сябе ў творы? Можа падацца, што пасьля ідэоляга айца Сакольскага ён найбольш важная асоба ў групе, але чамусьці ў часе фармаваньня новае гаруправы не прасоўваецца ўгару па службовай лесьвіцы. Аўтар адзначае, што займаецца ўладкаваньнем царкоўнага жыцьця, але ня мае трывалых ведаў з царкоўнай гісторыі (Эўфрасіньня ў яго ўнучка Сьвятога Уладзімера). Паводле сваіх абавязкаў мусіць кантраляваць рамонт і адкрыцьцё цэркваў, але назваў іх не падае. Сьцісла піша пра пастырскія курсы і перанясеньне мошчаў Сьвятой Эўфрасіньні, падзею для праваслаўнага верніка выключную, якую падрабязна апісваюць і беларус-незалежнік Юрка Віцьбіч, і савецкі полацкі краязнаўца Іван Дэйніс. Цягам сваіх успамінаў Ільінскі падрабязна выкладае і пра здабыцьцё падручнікаў для школаў (цікава, што расейскамоўныя падручнікі знайшліся ў Рызе), і пра набыцьцё зброі для зуеўскай самааховы, і пра ваенныя апэрацыі гендзікаўскіх старавераў, так што закрадаецца падозраньне: ці сапраўды аўтар гэтага тэксту займаў пасаду менавіта загадчыка царкоўнага аддзелу Гаруправы? Адно несумненна: сфэрай зацікаўленьняў аўтара была патаемная гульня ў калідорах акупацыйных установаў. Сваю энэргію ён скіроўваў на тое, каб забясьпечыць сваім саўдзельнікам перавагу над іншымі калябарацыянісцкімі групоўкамі, таму грамадзкія працэсы ў Полацку заставаліся па-за ягоным кругаглядам. Адсюль і розныя супярэчнасьці ў тэксьце. З аднаго боку, немцы не займаюцца горадам, а ўсім кіруе Управа, у якой заселі адны НКВДоўцы, а з другога, лічы, тыя ж НКВДоўцы засылаюць да немцаў амаральных дзяўчын-камсамолак, каб здабываць інфармацыю. Аўтару паўсюдна бачацца хітрыкі НКВД, і нават у полацкіх канцэнтрацыйных лягерох, паводле ягоных словаў, пануе чырвоны тэрор. А што ж нямецкая акупацыйная адміністрацыя? Яе, згодна з Ільінскім, можна абвінаваціць хіба ў нядбайнасьці, але ж на Нюрнбэрскім працэсе нацыстоўскіх правадыроў судзілі па іншым артыкуле.

З тэксту ўспамінаў вынікае, што групоўка фактычна кантралявала сытуацыю ў Полацку. (Падобным чынам за савецкім часам пісалі былыя партызанскія камісары, каб умацоўваць сваю партыйную кар’еру.) Павярхоўны аналіз мэмуараў Ільінскага дае падставу сумнявацца ўва ўсёмагутнасьці «праваслаўнага брацтва». Да прыкладу, групоўка кантактуе напачатку з смаленскім праваслаўным япіскапам і спрабуе наладзіць кантакты з бэрлінскім, але чамусьці не зь япіскапам Апанасам Мартасам, які з сакавіка 1942 году ачольвае полацка-віцебскую епархію. Нешта (ці нехта) тут не задавальняе сяброў групоўкі, ці яны адмыслова ігнаруюць (сабатуюць) беларускую праваслаўную аўтакефалію. Далей Ільінскі піша пра наладжаннне пры канцы 1943 году кантактаў з прадстаўнікамі РВА, але тутака ў Полацку ў 1942–1943 гадох кватаруюць і лечацца ў сваім шпіталі жаўнеры Расейскай нацыянальнай народнай арміі, на чале якіх стаяў Гіль-Радыёнаў. Аднак зь імі групоўка кантактаў не наладжвае. І тут ім нешта не да густу — мо няма даверу? Спробы навязваньня кантактаў па-за межамі рэгіёну сьведчаць хутчэй пра слабую апору ў самім горадзе або пра вонкавую каардынацыю дзейнасьці групы (тады група выглядае на адмысловых парашутыстаў-дывэрсантаў). Зьвесткі ж пра тысячныя мітынгі і сходы, наладжаныя Нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыяй Расеі ў разбураных вайной мястэчках Полацкае акругі ў красавіку 1944 году, калі савецкія войскі стаялі ўжо пад Расонамі, проста выклікаюць усьмешку.

Наўрад ці адпавядаюць праўдзе зьвесткі пра беларускія нацыянальныя справы, якія дзеяліся ў акупацыйным Полацку. Нават полацкі краязнаўца, выкладчык ляснога тэхнікуму Іван Дэйніс ведаў, што прадстаўніком Беларускай Цэнтральнай Рады ў Полацку зьяўляўся Цяста, былы дырэктар чыгуначнае школы пры станцыі Полацак-1. Аб гэтым краязнавец піша ў сваёй кнізе «Полацкая даўніна».

З азначаных вышэй прычынаў успаміны Ільінскага падаюцца надзвычай тэндэнцыйнымі і патрабуюць грунтоўнага супастаўленьня зь іншымі крыніцамі дзеля рэканструкцыі сапраўднае карціны жыцьця Полацку пад нямецкай акупацыяй.

Міхась Баўтовіч

1 Першае знаёмства з акупацыйнай зонай

Уцякаючы зь лініі фронту, адкуль немцы падчас зімовага адыходу ад Масквы высялялі цывільнае насельніцтва, я патрапіў нарэшце ў г. Полацак 25.12.41 г.

Стаяла лютая зіма, і нашую вялікую сям’ю забраў да сябе ў хату першы, каго мы сустрэлі. Гэта быў былы мясцовы чыгуначнік. Пасьля таго як мы трошкі адпачылі ды пад’елі, мы пачалі распытваць нашага гаспадара пра жыцьцё-быцьцё пад новай нямецкай уладаю. Полацак быў захоплены немцамі ледзь ня ў першыя дні вайны; такім чынам, у сьнежні 1941 году за плячыма ён ужо меў амаль паўгоду акупацыі. Шмат што павінна было ўжо высьветліцца ды вызначыцца цягам гэтага адносна немалога тэрміну: нездарма ж у ваенны час месяц лічыцца за год. Было ня толькі надзвычай цікава, але й надзвычай важна дазнацца, якім чынам зарганізаванае новае жыцьцё без НКВД, без калгасаў ды камуністаў, без гарсаветаў ды сельсаветаў — адным словам, без усяго таго, ад чаго немцы ў сваіх прапагандысцкіх праклямацыях абяцалі вызваліць шматпакутную Расею.

«Адкажыце ж нам, калі ласка, што творыцца тут, у глыбокім тыле?»

На нашае вялікае зьдзіўленьне, пытаньне гэтае, такое звыклае для кожнага, хто толькі што сюды прыбыў, не выклікае выразнага энтузіязму ў нашых суразмоўцаў. У іхных вачах страх, зусім такі, як гэта было ў СССР, калі размова выпадкова выходзіла за вузкія межы бясьпечнага ды дазволенага. Але так адбывалася нядоўга. Гаспадар — дасьведчаны падсавецкі чалавек, ён бачыць нашае нярадаснае становішча і тое, што мы сапраўды нічога ня ведаем. Ён выразна разумее, з кім мае справу, у яго няма аніякіх падставаў баяцца нас. І ён пачынае напаўголасу жудасны аповед, які мы, як і кожны іншы на нашым месцы, менш за ўсё чакалі пачуць менавіта ў гэтым месцы і ў гэты час.

«НКВД сапраўды больш няма, — кажа ён, — але супрацоўнікі НКВД засталіся і працуюць у паліцыі і Гестапа, гэтаксама як і раней. Гарсавету таксама няма, але ў гарадзкой управе працуюць тыя самыя супрацоўнікі гарсавету ды іншыя былыя камуністы. Людзі, якіх перасьледавалі пры бальшавіках, перасьледуюцца і цяпер. Той, хто быў адміністрацыйна сасланы раней, вымушаны хавацца дагэтуль, бо гарадзкія камуністы, якія займаюць найвышэйшыя пасады ўва ўстановах, баяцца быць выкрытымі перад немцамі; няшчасны той чалавек, у якім яны западозраць пагрозу для сябе. Людзі, якіх вызвалілі немцы з савецкіх турмаў, баяцца прапісвацца ў горадзе; той, хто быў сасланы і цяпер вярнуўся, ня йдзе атрымліваць харчовыя карткі» і г. д. і г. д.

«Зазірніце на рынкавую плошчу, — параіў напрыканцы наш суразмоўца, — убачыце там павешанага. Вось ужо цягам некалькіх тыдняў матляецца ён на вяроўцы з дошкай на шыі. На дошцы надпіс: “Савецкі шпіён і бандыт”. А яго ведае ўвесь горад: перакананы праціўнік савецкай улады, шмат гадоў перасьледаваўся НКВД, ня меў нават права жыць у родным горадзе. Ужо пры немцах вярнуўся ён дамоў і задумаў пратэставаць супраць камуністычнага засільля. У выніку — арышт, зьверскае зьбіцьцё ў гэтак званай расейскай паліцыі гумовымі палкамі ды бессэнсоўнае абвінавачаньне ў шпіянажы».

Шмат чаго давялося пачуць нам ад гэтага добрага чалавека, які хацеў пазнаёміць нас з рэчаіснасьцю мясцовага жыцьця ды засьцерагчы нас, каб не патрапілі на рынкавую плошчу, у гаруправу, у расейскую паліцыю ці ў Гестапа. Дай Бог яму здароўя!

У стане глыбокай дэпрэсіі пачалі мы «афармляцца» ў горадзе. Больш за ўсё мы марылі пра тое, каб уцячы адсюль куды вочы глядзяць. А вочы глядзелі на Рэваль ды Рыгу, дзе мы мелі блізкіх сяброў. Ортскамэндатура катэгарычна адмовілася нам выдаць пропускі ў Прыбалтыку. Полацак быў «ваенным гебітам», нешта накшталт прыфрантавой паласы (хоць фронт і знаходзіўся далёка на ўсходзе, за Смаленскам), непераадольная сьцяна разьдзяляла тады чамусьці зону ваеннага кіраваньня ад іншых «мірных гебітаў». Тут быў мілітэрфэрвальтунг, там — цывільфэрвальтунг. Немцам з ортскамэндатуры падавалася, што гэтым яны цалкам усё патлумачылі. Яны разводзілі рукамі і рабілі такі выгляд, нібыта ім самім няёмка ад сваіх «неабгрунтаваных» прэтэнзіяў на Прыбалтыку.

Такім чынам, уцячы адсюль не ўдалося. Трэба было заставацца ў Полацку, трэба было наведаць гаруправу ды паліцыю, гэта азначае пачаць той самы шлях, які мог прывесьці занадта далёка, шлях, ад якога, пасьля расповедаў чыгуначніка, найбольш хацелася пазбавіцца. Памочнік камэнданта паведаміў, што ў гаруправе вельмі патрэбныя культурныя сілы; а перакладчык камэнданта — халодны вымуштраваны чалавек яшчэ даволі маладога веку, які, нягледзячы на нашае валоданьне нямецкай мовай, аніяк не хацеў дапусьціць нас да беспасярэдняй гутаркі зь немцамі, — даў ад сябе самога цыдулку да кіраўніка мясцовага банку. Гэты апошні нібыта меў добрыя вакансіі.

Страшэнны шлях пачаўся з наведаньня гарадзкога галавы, або бургамістра. Ен прыняў нас у сваім кабінэце ў прысутнасьці дзьвюх жанчынаў: кіраўніцы справамі і перакладчыцы. Са словаў нашага чыгуначніка мы ўжо ведалі, што першая — сужыцелька бургамістра ды былая жонка буйнога энкавэдыста, які перад самай вайною зьехаў у адпачынак на поўдзень, а другая — вядомая ў горадзе асьведамляльніца НКВД, якая зьнішчыла шмат настаўнікаў. Нас прыязна ды падрабязна распытвалі пра ўсё; мы рабілі намаганьне быць асьцярожнымі пры адказах, як гэта адбывалася і пры Савецкім Саюзе. Ніякай працы для нас не знайшлося, але нам абяцалі, што нас «будуць мець на ўвазе». На разьвітаньне бургамістар, які трошкі страціў сваю прыязнасьць, параіў зьвярнуцца да кіраўніка банку, «які, магчыма, нечым вам дапаможа».

Давялося ісьці ў банк, мы ня мелі ўжо чаго есьці, а бясконца сядзець на шыі ў чыгуначніка таксама не было выйсьцем.

Першае, што кінулася мне ў вочы на ўваходзе ў гэтую ўстанову, была постаць энкавэдыста высокага росту, які стаяў, апрануты ў поўную форму, пасярэдзіне вялікага пакою. Найвышэйшыя кіраўнікі НКВД у СССР выразна адрозьніваліся сваім адзеньнем ад усіх іншых грамадзянаў: яны насілі гэтак званую «бэкешу», асаблівага крою паліто-шынэль з рэменем і футравым каўняром.

Бэкеша была сымбалем працы ў НКВД: яе нельга было купіць ці апрануць звычайным сьмяротным. Такім чынам, чалавек у бэкешы быў кіраўніком банку. Ён ня меў часу на размову са мною зараз жа, але, прачытаўшы цыдулку ад перакладчыка, паведаміў, што будзе ўвечары таго ж дня чакаць мяне дома, і даў адрас. Калі пазьней я ішоў, хістаючыся ад голаду, па зусім цёмных вуліцах незнаёмага гораду ў пошуках кватэры кіраўніка банку, мне ўвесь час падавалася, што зь цемры на мяне пазіраюць ягоныя злыя, маленькія, блізка пасаджаныя вочы. Яны падаваліся мне яшчэ горшымі за бэкешу і надзвычай удала яе дапаўнялі. Такія вочы знаёмыя кожнаму грамадзяніну СССР, якога хоць некалі дапытвалі ў Маскве на Лубянцы.

Вечаровая сустрэча ды гутарка з кіраўніком банку засталася ў маёй памяці назаўсёды. Калі я прыйшоў, гаспадар быў ужо моцна п’яны. Ад гарэлкі ды гумору вочы ягоныя страцілі цьвёрдую мэтанакіраванасьць сьледчага; тым ня менш, ён пачаў гаворку са мною з самага звычайнага допыту: хто я, адкуль і куды, навошта, як і чаму.

У зыркім коле моцнай электрычнай лямпачкі я сядзеў перад п’яным кіраўніком банку, распавядаў яму звыклую гісторыю ўцекача, а ягоная жонка збоку, зь цемры, моўчкі назірала за намі. Мая балбатня, наўрад ці ўвогуле прымальная, яму, аднак, спадабалася; ён падбадзёрваў мяне, хваліў чамусьці за асьцярожнасьць і ўвесь час п’янай думкай вяртаўся да нейкіх «інструкцыяў», якімі ён сёньня ня ў стане займацца. Я гэтак і не зразумеў, хто каму мусіць даваць інструкцыі — я яму ці ён мне.

Напрыканцы, нягледзячы на пратэсты жонкі, ён запатрабаваў, каб я разам зь ім выпіў бутэльку гарэлкі. Як я ні баяўся піць — галодны ды змардаваны, — было зразумела, што вырвацца без скандалу з уладных абдымкаў майго новага знаёмага зусім немагчыма. Таму я ня стаў асабліва спрачацца, тым больш што вызначыцца ў гэты момант, што больш небясьпечна — застацца або пайсьці — было надзвычай цяжка. Я застаўся, а ягоная зусім цьвярозая жонка, якая безнадзейна пратэставала, была хутка з бойкаю выгнаная мужам з пакою.

Мы пачалі есьці ды піць, і я, ці то ад прагнасьці ежы, ці то ад страху, п’янеў надзвычай павольна. Але чаго толькі не давялося мне тады пачуць! Ён казаў больш намёкамі, ня ўсё наўпрост, шмат што ўвогуле толькі згадвалася. Але што такое «намёк» з вуснаў п’янага чалавека! Часьцяком ён больш красамоўны, чым самая бессаромная адкрытасьць. Адным словам, калі б і не было ў свой час зроблена папярэджаньне з боку чыгуначніка, я б усё роўна з адной гэтай размовы мог упэўніцца, што, нягледзячы на нямецкую акупацыю, гарадзкія справы ў значнай частцы па-ранейшаму знаходзяцца ў руках бальшавікоў, якія, як і даўней, тэрарызуюць насельніцтва да крайняй ступені.

Толькі цяпер я зразумеў увесь жах нашага становішча: ужо даводзілася думаць ня проста пра небясьпеку, а хутчэй пра мізэрныя шанцы на выратаваньне. Субутэльнік мой канчаткова ап’янеў. Я пакутаваў ад пытаньня: ці памятае ён на наступны дзень тое, што кажа ці робіць, калі бывае п’яным? У пакоі зноў зьявілася ягоная жонка, спрытная, ладная, вытрыманая жанчына. Зь яе зьяўленьнем узьнікла іншае пытаньне: ці чула яна нашую п’яную размову?

Але ў тую хвіліну я спадзяваўся, што ня ўсё яшчэ страчана і ёсьць яшчэ адзін сродак, як уратавацца. Шматгадовы досьвед падсавецкага жыцьця падказваў, што ў дадзеных умовах трэба прыкінуцца дурнем і няздатным з практычнага пункту гледжаньня чалавекам. Спосаб вядомы ды выпрабаваны, стары і ў той жа час вечна новы. Хто топіцца, той за брытву хопіцца — і я прысьвяціў гэтаму рэшту вечара, маючы на ўвазе ня столькі п’янага кіраўніка банку, колькі ягоную зусім цьвярозую жонку. Калі ўся гарэлка была выпітая, мы разьвіталіся з гаспадаром, пагадзіўшыся на тым, што я заўтра раніцой прыходжу да яго на працу, каб быць залічаным у штат, а з гаспадыняй, якая пайшла мяне правесьці, — на тым, што п’яны муж яе «ўсё хлусіць»: штатнага месца ў яго для мяне няма і каб я ўвогуле забыўся пра магчымасьць працы ў банку. Апошняе можна было акрэсьліць хутчэй як нядрэнны паказьнік: містыфікацыя ўдалася, я гэтаму моцна парадаваўся.

Сур’ёзная жанчына мела рацыю. Мяне ня толькі не прынялі ў банк, але вельмі хутка высьветлілася і тое, што мяне ўвогуле нікуды ня прымуць. Але й на шыбеніцу на базарнай плошчы я таксама ня трапіў. Дзесьці, відаць, вырашылі, што сьпяшацца са мною пакуль што няма патрэбы. Лютая зіма, адсутнасьць добрага жытла, голад, вошы ды інфэкцыйныя хваробы павінны былі памалу, але дакладна выканаць ролю забойцы. Калі б не дапамога добрых людзей, а пасьля й Праваслаўнай Царквы, ніхто з нашай сям’і да вясны не дажыў бы. Насамрэч выйшла трошкі інакш: з шасьці чалавек мы страцілі (дый тое трошкі пазьней) толькі дваіх, самых старых, слабых і непадрыхтаваных да такога, зусім новага стылю жыцьця.

2 Агульнае становішча ў горадзе ў першы год вайны і акупацыі

Арыентавацца ў жыцьці малога правінцыйнага гораду было нескладана. Хутка я сабраў усе зьвесткі, якія мяне цікавілі. У першыя дні вайны Полацак патрапіў у зону калясальнага нямецкага акружэньня — у выніку немцы, якіх бальшавікі чакалі з захаду, прыйшлі ў горад з усходу, з боку Віцебску. Гэтыя акалічнасьці зьнемагчымілі эвакуацыю, і горад з прылеглымі раёнамі быў захоплены амаль з усім сваім насельніцтвам, якое было тут і ў мірныя часы. Выконваючы загад Сталіна, у Полацку, як і ў іншых месцах, чырвоныя войскі і адмысловыя камсамольскія брыгады падпальвалі жылыя будынкі, крамы ды склады. Пад жудасны плач ды енк мясцовага насельніцтва яны хадзілі па вуліцах і кідалі бутэлькі з бэнзынам. Людзі ледзь пасьпявалі выскачыць на вуліцу, баронячы з маёмасьці толькі тое, што мелі на сабе. Ніякія пратэсты не дапамагалі: у тых, хто спрабаваў супраціўляцца або тушыць пажар, стралялі.

Жах гэтай першай і для шматлікіх людзей, магчыма, самай галоўнай бяды Другой сусьветнай вайны, якая надарылася яшчэ да таго, як немцы занялі горад, не паддаецца ніякаму апісаньню. Горад быў амаль цалкам драўляны; ён згарэў на тры чвэрці, тысячы людзей засталіся бяз даху над галавой, без маёмасьці і безь якіх-кольвек сродкаў на існаваньне. Значная частка гарадзкога насельніцтва разышлася па бліжэйшых вёсках. Немцы ўваходзілі ў горад руінаў: на многіх вуліцах не засталося ніводнага жылога будынку. Немцы спрабавалі разам з насельніцтвам тушыць пажар, але было ўжо запозна. Велізарныя вайскова-прадуктовыя склады з хлебам, мясам і маслам, якія былі загадзя створаныя Сталіным каля Полацку на выпадак наступальнай вайны, гарэлі цягам некалькіх месяцаў ужо пры немцах; да іх немагчыма было падступіцца.

Насельніцтва, у тым ліку й габрэі, якія памяталі нямецкую акупацыю яшчэ часоў Першай сусьветнай вайны, не баяліся немцаў і нават віталі іх прыход. Нянавісьць да савецкай улады перасіліла ў савецкіх грамадзянах усе іншыя пачуцьці ды думкі.

У цэнтры эканамічнай зацікаўленасьці народу была зямля і вольны гандаль; зямля, безумоўна, найперш. Калі мясцовыя сяляне, мабілізаваныя бальшавікамі перад самым прыходам немцаў, праходзілі ўжо ў якасьці ваеннапалонных па вуліцах гораду ды сустракалі вачыма знаёмых ды сваякоў, яны, зусім забыўшыся пра свой уласны цяжкі стан, на ўвесь голас крычалі: «Што вы тут стаіцё бяз справы? Хутчэй бяжыце дамоў, дзяліце зямлю! А мы пакуль што будзем разам зь немцамі дабіваць Сталіна!»

Упэўненасьць у тым, што калгасы будуць ліквідаваныя зараз жа, а ваеннапалонным дадуць магчымасьць узяць удзел у вызваленьні Расеі ад бальшавікоў, была на першых часах усеагульнай і бязьмежнай. Інакш найбліжэйшай будучыні ніхто й не ўяўляў. Усе чакалі мабілізацыі мужчынскага насельніцтва ў войска (бальшавікі не пасьпелі мабілізаваць усіх); сотні заяваў аб прыёме добраахвотнікаў пасылаліся ў ортскамэндатуру, якая яшчэ не пасьпела агледзецца на месцы.

Франтавыя часткі немцаў былі добра забясьпечаныя ўсім неабходным; яны, як зазвычай, не рабавалі і ня крыўдзілі мясцовага насельніцтва. Гэта спрыяла самаму добраму ўражаньню. Давер да немцаў падвышаўся і тымі акалічнасьцямі, што спачатку яны ахвотна выпускалі на волю ваеннапалонных: мясцовых — дахаты, а прыбышоў — калі нейкая мясцовая сям’я ці самотная жанчына згаджалася ўзяць палоннага «ў прымы».

На немцаў у той час яшчэ амаль ніхто не пазіраў як на ворагаў: відавочным ворагам быў толькі Сталін, партыйцы ды камсамольцы, якія спалілі горад.

Аднак добры настрой трымаўся нядоўга. Адборныя вайсковыя нямецкія часткі пайшлі далей, пачалося «спакойнае» новае жыцьцё, настрой у людзей больш ня лепшаў, а, наадварот, пачаў горшаць. Немцы ня спраўдзілі ніводнай мары, ніводнага законнага спадзяваньня мясцовага насельніцтва: яны ўвесь час займаліся такімі рэчамі, якіх аніяк немагчыма было зразумець нармальнаму чалавеку. І ўжо адно тое, што зразумець іх было немагчыма, прымусіла людзей насьцярожыцца ды западозрыць нешта нядобрае.

Пачалося ўсё з «пакліканьня бальшавікоў на царства», як казаў адзін зь мясцовых сьвятароў. Затым, пры дапамозе тых самых бальшавікоў, што занялі ўсе кіраўнічыя пасады ў гарадзкой паліцыі, пачаліся страшэнныя рэпрэсіі ў дачыненьні да габрэйскага насельніцтва. Затым немцы не дазволілі сялянам падзяліць зямлю й фактычна захавалі калгасную сыстэму. Затым немцы адмовіліся дапусьціць народ хоць у нейкай ступені да вызваленьня сваёй уласнай краіны ад бальшавікоў. Затым яны чамусьці перасталі вызваляць палонных, а замест гэтага пачалі зьнішчаць іх гэтаксама, як і габрэяў. Затым у акупацыйнай зоне, як паказьнік найвышэйшага палітычнага глупства, былі ўведзены публічныя сьмяротныя пакараньні. Пералічваць астатняе, відаць, ня варта, бо ўсё іншае, нават надзвычай важкае, губляе сваю значнасьць побач з адзначаным вышэй. Да пералічанага трэба дадаць некаторыя тлумачэньні. Камуністы завалодалі адміністрацыйнымі ўстановамі без асаблівых цяжкасьцяў. Зусім згодна з прымаўкай: «Безь мяне мяне ажанілі». Як толькі немцы прыйшлі да ўлады, яны адразу выдалі распараджэньне, згодна зь якім усе былыя савецкія службоўцы ды рабочыя мусілі вярнуцца на працу. Такім простым чынам уся партыйная эліта аўтаматычна апынулася пры ўладзе. Пры гэтым ортскамэндант нават афіцыйна заявіў, што згодна зь нямецкім пунктам гледжаньня палітычныя меркаваньні — асабістая справа кожнага і ніякія заявы пра былую прыналежнасьць да палітычнай партыі немцамі разглядацца ня будуць. У прыватнай размове ён, аднак, выказваў трошкі іншае меркаваньне. Ён казаў: «Нам патрэбныя людзі, якія маюць досьвед кіраваньня народнымі масамі. У Расеі такімі людзьмі зьяўляюцца толькі камуністы. Мы ведаем, што гэта беспрынцыповы элемэнт: для іх ня мае значэньня, каму служыць, — служылі Сталіну, будуць служыць і нам». Сутнасьці справы гэта не мяняла.

Але калі прыход да ўлады камуністаў быў фактам пасіўным зь іх боку, гэта зусім не азначала, што, апынуўшыся наверсе, яны не захочуць ці ня змогуць арганізоўвацца далей згодна са сваімі прынцыпамі, а будуць аддана і добрасумленна служыць немцам. Насамрэч выходзіла якраз наадварот. Мы ўбачым далей, якія наступствы гэта мела для немцаў, для саміх партыйцаў і для шматпакутнага цывільнага насельніцтва.

Іншае, што было надзвычай цяжка зразумець з боку немцаў, была незразумелая ў сваёй жорсткасьці і бессэнсоўнасьці масавая расправа з габрэямі. Франтавыя часткі ня выказалі да габрэяў ні асаблівай цікаўнасьці, ні асаблівай варожасьці. Яны нават кармілі іх разам зь іншымі «цывілістамі» са сваіх паходных кухняў у першыя дні пасьля заняцьця гораду. І раптам, праз тры ці чатыры тыдні пасьля гэтага, як пярун зь яснага неба, зьявіўся загад аб стварэньні гета! І гэты загад, і ўсё тое, што адбылося пазьней, выклікала цэлую хвалю глыбокага непаразуменьня і нават адкрытага пратэсту з боку ўсіх колаў насельніцтва.

У Беларусі, дзе гэтак шмат габрэйскай бядноты, жыцьцё якой фактычна нічым не адрозьнівалася ад астатняй часткі прыгнечанага савецкай уладай насельніцтва, антысэмітызму няма, і маштаб надзвычайнага нямецкага злачынства зусім ня ўкладваўся ў галовах мясцовага жыхарства. Прынцыповы бок справы быў, безумоўна, на першым месцы. Але, акрамя гэтага, кожны меркаваў, што калі немцы здольныя на такія справы з габрэямі, значыць, нішто не перашкодзіць падобным чынам абысьціся і зь іншымі.

Гэтае апошняе цалкам разумнае меркаваньне хутка спраўдзілася, калі пачаліся масавыя расправы над ваеннапалоннымі ў лягерох.

Як вядома, што да зямлі, то з роспускам калгасаў ды пераходам на аднаасобныя гаспадаркі пры немцах таксама справа не заладзілася. Немцы намагаліся зрабіць усё, што маглі, каб як надалей адцягнуць роспуск калгасаў. Кожнаму селяніну было абсалютна зразумела, што немцы, гэтаксама як і бальшавікі, лічаць супольную сыстэму землекарыстаньня найлепшай сыстэмай дзеля выпампоўваньня з насельніцтва як мага большай колькасьці прадуктаў. Такім чынам, сумеснае зь немцамі змаганьне супраць бальшавікоў для селяніна ў значнай ступені страчвала свой сэнс.

Наразаць зямлю сялянам у Полацкім раёне пачалі толькі ў канцы 1943 году. З палітычнага пункту гледжаньня гэта было больш чым позна.

І ў той самы час, гэта значыць пры канцы 1941 і ў пачатку 1942 году, у Беларусі раптам зьявілася шмат украінцаў. Цікава, ці мелі такую папулярнасьць у гэты самы час беларусы ў акупаванай Украіне? У Полацку слова «ўкраінец» хутка зрабілася надзвычай папулярным ды азначала чалавека, які карыстаўся незаслужанымі прывілеямі. Украінцам — давер, украінцам — асобны паёк, толькі ўкраінцаў прымаюць на самыя розныя дапаможныя пасады пры нямецкіх вайсковых ды цывільных установах: украінцы — дзясятнікі, наглядчыкі ды паганятыя. Попыт, як вядома, нараджае прапанову, а людзі савецкай школы жыцьця ня любяць хадзіць разявіўшы рот. Але ж і напладзілася тады ў Беларусі «ўкраінцаў»! Я думаю, што ў самой Украіне іх столькі не было. Дзякуючы сваёй «мудрай палітыцы» што да гэтак званых «украінцаў» немцы й самі хутка зразумелі, што загнаныя ў кут: стала ясна, што неўзабаве ў Беларусі не застанецца ніводнага беларуса — усе зробяцца ўкраінцамі. Немцам давялося спыніць сваю акцыю, але ў насельніцтва доўгі час заставаўся непрыемны ўспамін. Усе разумелі, адкуль вецер вее, і да 1944 году ў Полацку казалі: «Пайсьці ўва ўкраінцы».

Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць на тое ўражаньне, якое засталося ад увядзеньня публічных пакараньняў. Гэтым немцы займаліся да вясны 1942 году, але нашкодзілі гэтым яны сабе ня менш, чым астатнім. Сваёй памылкі немцы не змаглі зразумець нават пасьля таго, як самі адмовіліся ад пакараньняў. Усім вядома, што немцы могуць выглядаць надзвычай прыемнымі людзьмі ў прыватных адносінах. Але ніводны іншы народ у сьвеце не валодае такой выключнай здольнасьцю ў арганізаваным парадку настройваць супраць сябе іншыя народы.

3 Прыватныя ўзаемаадносіны паміж немцамі і мясцовым насельніцтвам

Я бяру на сябе сьмеласьць выказаць наступнае: наколькі дрэнная была палітыка немцаў у захопленых абласьцях, настолькі добра сябе паводзілі нямецкія вайскоўцы ў дачыненьні да мясцовага насельніцтва. Кажуць, што там, дзе было гэтак званае «цывільнае кіраваньне», было нашмат горш, чым у нас. Гэтаму не даводзіцца зьдзіўляцца, бо цывільнае кіраваньне было цалкам партыйным. Гаспадарнікі, супрацоўнікі гэтак званых ЦРО і ВІКО ды іншых установаў былі значна горшыя за вайскоўцаў. Дарэчы, і гэта таксама характэрна, што паміж тымі ды іншымі ўвесь час працягвалася барацьба па прынцыповых пытаньнях. Немцы-вайскоўцы нібыта былі зусім іншага гатунку, чым цывільныя, партыйныя. Зусім нярэдкімі былі выпадкі, калі вайскоўцы ў размове з намі, расейцамі, падкрэсьлівалі сваю беспартыйнасьць, адмяжоўваліся ад брыдкіх, жорсткіх акцыяў улады ды ад усёй душы намагаліся іх зьмякчыць ці нават увогуле не праводзіць.

У першыя гады акупацыі немцы звычайна разьмяшчаліся ў прыватных дамох, падзяляючы ў пэўным сэнсе ня толькі памяшканьне, але і жыцьцё сваіх гаспадароў. Пры гэтым збольшага паміж тымі ды іншымі ўсталёўваліся добрыя адносіны і нават сапраўднае сяброўства. Ад’яжджаючы ў іншы горад ці на фронт, немцы калі-нікалі працяглы час ліставаліся са сваімі былымі гаспадарамі. Вядомыя выпадкі, калі такое ліставаньне працягваецца нават цяпер, на эміграцыі.

Актыўны гандаль, заснаваны на абмене, таксама спрыяў усталяваньню сяброўскіх узаемадачыненьняў паміж заваёўнікамі й заваяванымі. Хуліганства на вуліцах з боку немцаў не назіралася зусім. Гэтаму спрыяла ня толькі прыродная дысцыплінаванасьць немцаў, але й шматлікія патрулі нямецкай жандармэрыі, якія дзень і ноч курсавалі на вуліцах гораду. Можна здагадацца, што афіцыйныя правілы паводзінаў, якія былі ўсталяваныя статутам, былі надзвычай жорсткімі: і салдаты, і афіцэры баяліся сваёй жандармэрыі як агню.

Але ці трэба казаць, што прыватнае жыцьцё пры немцах было суцэльным раем, а самі немцы — анёламі? Безумоўна, не. Назіраліся і непрыемныя выпадкі, і грубасьць з боку асобных немцаў. Але маштаб усяго гэтага ўва ўмовах ваеннага часу быў нязначны. Рабаўніцтва, канфіскацыі, крадзеж маёмасьці, фуражу ды жывёлы, безумоўна, таксама мелі месца. Але ў той самы час тысячы жыхароў у горадзе, ня кажучы ўжо пра вёску, мелі ўласных коней, кароў, коз ды авечак. Вельмі шмат хто атрымаў кароў і нават коней ужо пры немцах, зь ліку гэтак званых «трафэйных» — у арганізаваным парадку за невялікую плату. Напэўна, былі выпадкі крадзяжу нямецкімі салдатамі ў мясцовых жыхароў курэй, сьвіней, кароў, хоць мне амаль не даводзілася пра гэта чуць (за тры гады чуў усяго толькі пра адзін такі выпадак). Але зусім відавочна, што гэта ня мела масавага характару. Пры вялікай колькасьці немцаў у горадзе амаль усе сем’і мелі курэй, якія спакойна разіульвалі ўсюды, дзе ім хацелася. Сьвіньні рохкалі амаль у кожным двары, а парася, хоць і не без турботаў, можна было прыдбаць у племянной жывёлагадоўчай нямецкай гаспадарцы недалёка ад гораду. Пародных сьвіней ды кароў немцы сыстэматычна прывозілі зь Нямеччыны.

Адмысловага разгляду патрабуе пытаньне пра ўзаемадачыненьні полаў. Ведаючы значна большую, у параўнаньні з Заходняй Эўропаю, цнатлівасьць расейскай жанчыны, савецкая прапаганда, маючы намер ня толькі загадзя напалохаць насельніцтва, але й зусім настроіць яго супраць немцаў, прыпісвала апошнім ледзь не пагалоўныя гвалтаваньні. Гэта была самая бесцырымонная лухта. Выпадкі гвалтаваньня былі; але гэта было зусім ня правіла, а хутчэй выключэньне. Пра зусім малую іх колькасьць можна меркаваць з наступнага. Я прабыў у зоне нямецкай акупацыі тры гады — за ўвесь гэты час мне давялося пачуць толькі пра тры такія здарэньні. У першым выпадку ўшчэнт п’яны нямецкі салдат на чыгуначнай станцыі Вязьма ўначы валок за рукаў ужо немаладую жанчыну-ўцякачку да пустога вагона, які стаяў на запасной калейцы. Валок млява, спрабаваў ёй нешта патлумачыць, пры гэтым яны фактычна заставаліся стаяць на адным месцы. Іншыя нямецкія салдаты, што праходзілі ў гэты час міма вагонаў, стукнулі няўдатнага немца чыгунком па галаве і такім чынам вызвалілі жанчыну. Гэта я бачыў сам, седзячы ў іншым вагоне, у сьнежні 1941 году. Іншы выпадак здарыўся ў тым самым 1941 годзе, толькі трошкі раней, у самім горадзе Полацку, яшчэ да майго прыбыцьця туды. Мне пра яго распавядалі мясцовыя жыхары. Пры акалічнасьцях, якія дакладна мне невядомыя, нямецкі салдат уварваўся ў нечы чужы дом і, пагражаючы зброяй, згвалтаваў дзяўчыну. Злачынства было выяўлена і даказана. Згодна з пастановай вайсковага суду, салдата расстралялі. Пра гэта ведаў увесь горад.

Зусім іншая справа — добраахвотнае сужэнства: яно мела месца ў вялікай колькасьці. Тым ня менш, немцы са свайго боку ўвесь час скардзіліся на цяжкасьці пры ўсталяваньні сэксуальных сувязяў у Расеі ў параўнаньні зь іншымі краінамі, дзе ім даводзілася быць раней. Сувязі ўзьнікалі найчасьцей на месцы працы, дзе расейскія жанчыны служылі ў расейскіх установах ці на прадпрыемствах. Значна радзей — па месцы жыхарства немцаў, што лёгка патлумачыць. Вясковыя сэксуальныя сувязі ўзьнікалі надзвычай рэдка.

Зь ліку сэксуальных сувязяў (а яны ў глухой правінцыі былі вядомыя ўсе) да 1944 году большасьць прыпадала на жанчын, зьвязаных з партызанамі ці савецкай выведкай. Гэта былі жанчыны прышлыя ці мясцовыя камсамолкі. У гэтым дачыненьні немцы былі надзвычай наіўныя. Яны прынцыпова ня верылі, што жанчына, да таго ж маладзенькая ды прыгожая, здольная на такую працу. Шмат хто зь іх за свой давер пасьля вымушаны быў жорстка заплаціць. Бальшавікі, ведаючы слабасьць немцаў да прыгожых дзяўчат, знарок засылалі іх да немцаў. Дзяўчаты гэтыя праходзілі адмысловую падрыхтоўку ў школах выведкі НКВД. Узьдзейнічалі яны на немцаў заўсёды надзвычай пасьпяхова. У лепшым выпадку такая дзяўчына нечакана зьнікала з гораду, захапіўшы мапы, дакумэнты ды пячаткі. Для мясцовага насельніцтва было значна горш, калі такая выведніца-каханка заставалася ў горадзе і за сьпінаю свайго сябра-немца самым энэргічным чынам займалася правакацыяй. Злосная, дасканала падрыхтаваная ўлада такіх жанчын была надзвычай цяжка пераадольная, цяжэй, чым нават нямецкі эгацэнтрызм і нацыянал-сацыялістычныя правілы ды загады. Колькі добрых людзей зьнішчылі такія жанчыны, колькі антыбальшавіцкіх вёсак было спалена дзякуючы іх высілкам!

Кажуць, што ў іншых месцах, напрыклад у Віцебску, былі арганізаваныя адмысловыя публічныя дамы для салдатаў, куды без разбору зьмяшчалі маладых расейскіх жанчын, нават бязь іхнае згоды. Ведаючы нацыянал-сацыялістычныя погляды на іншыя народы, гэта не выклікае вялікага зьдзіўленьня. Але ў Полацку нічога такога не было.

Вэнэрычных захворваньняў сярод нямецкіх салдат назіралася вельмі няшмат. Жанчынаў, якія перадавалі заразу немцам, пасьля пільнай праверкі ў бактэрыялягічнай лябараторыі мясцовага вайсковага шпіталю расстрэльвалі. Мне давялося пачуць пра адзін такі выпадак.

4 Адміністрацыйная структура кіраваньня. Установы і прадпрыемствы

Найвышэйшым адміністрацыйным органам у горадзе Полацку, як і ўва ўсякім іншым больш-менш буйным населеным пункце акупаванай тэрыторыі з вайсковым кіраваньнем, была ортскамэндатура. Галоўным прызначэньнем гэтай установы было ўсебаковае забесьпячэньне вайсковых частак, як тых, што толькі праходзілі праз Полацак, гэтак і тых, што знаходзіліся тут стала. Аднак пад кантролем ортскамэндатуры былі ня толькі вайсковыя часткі, але ў некаторай ступені і ўсе гаспадарчыя нямецкія ўстановы, а таксама цывільнае насельніцтва і мясцовая прамысловасьць. Ортскамэндатура мусіла быць добрым гаспадаром для немцаў і мець фактычна неабмежаваную ўладу што да ўсяго мясцовага.

Расейскімі ўстановамі, празь якія ортскамэндатура ды некаторыя іншыя ўстановы ажыцьцяўлялі кіраваньне цывільным насельніцтвам, а таксама часткова й мясцовай прамысловасьцю, зьяўляліся: гарадзкая ўправа (магістрат), раённая ўправа і банк. Гэта былі адносна немалыя ўстановы. У гарадзкой і раённай управах налічваліся дзясяткі службоўцаў. Шмат хто лічыць, што расейскія ўстановы пры немцах ня мелі нейкай самастойнасьці і павінны былі выконваць зусім нязначную ролю. Магчыма, пагардлівыя заваёўнікі жадалі, каб так было. Але на самай справе ўсё было зусім інакш.

На самай справе немцы толькі дыктавалі самыя асноўныя мерапрыемствы, дый тое, галоўным чынам, у іх прынцыповай частцы; займацца тэхнічнымі дэталямі яны ня мелі часу дый ахвоты. Між тым, з боку інтарэсаў мясцовага насельніцтва менавіта гэтыя самыя тэхнічныя дэталі і былі найбольш важкімі і патрэбнымі. Я ўжо не кажу пра тое, што горад і раён мелі шмат дробных, сваіх уласных турботаў, якімі немцы ўвогуле ніколі не займаліся і ня думалі імі займацца. Штат ортскамэндатуры звычайна быў невялікі — усяго 3–4 чалавекі. Сам камэндант, ягоны ад’ютант ды перакладчык былі гэтак перагружаныя вайсковымі абавязкамі, што для цывільных справаў яны выдзялялі ня больш за трыццаць — сорак хвілінаў у дзень. Хіба ж магчыма ў такіх умовах яшчэ й дэталямі цікавіцца!

Большая ці меншая залежнасьць расейскіх установаў ад нямецкіх вайсковых частак магла надзвычай шырока вагацца і ў залежнасьці ад асабістых дачыненьняў паміж расейскай ды нямецкай адміністрацыяй. А асабістыя дачыненьні часьцяком залежалі ад хабару ды падарункаў. Сутнасьць гэтага можна выказаць наступным выразам: чым больш падарункаў дае расейскі кіраўнік нямецкаму кіраўніку, тым менш нямецкі кіраўнік цікавіцца справамі расейскага кіраўніка. Альбо: чым больш атрымлівае асабіста для сябе нямецкі кіраўнік ад падначаленага яму расейскага кіраўніка, тым менш атрымлівае ад іх абодвух Нямеччына ды нямецкае войска. Калі пры гэтым узяць пад увагу, што немцы былі амаль усе хабарнікамі, то можна лёгка ўявіць, якія вялікія наступствы ўсё гэта мела на практыцы.

Дзеля таго каб абмаляваць гарадзкую карціну цалкам, неабходна яшчэ адмыслова спыніцца на такіх важных з грамадзкага гледзішча абсягах, як прамысловасьць, харчаваньне, народная адукацыя, мэдычна-санітарная частка ды царкоўная справа. Разгледзім іх па парадку.

а) Нягледзячы на велізарныя страты, нанесеныя пажарам, у горадзе налічваўся цэлы шэраг прадпрыемстваў. Гэта былі: пякарня, маслабойня, бровар, разьніцы, млын, мылаварня, ганчарня ды бандарня, грамадзкая сталоўка, цырульня, лазьні, швейныя майстэрні ды майстэрні рамонту абутку, электрастанцыя, вадапомпавая станцыя, тэатар, прыгарадная гаспадарка (былы саўгас) са станцыяй племянных кароў, сьвінафэрмай ды садова-гароднінная гаспадарка. Усё гэта было, так бы мовіць, «дзяржаўнае» і працавала галоўным чынам на немцаў, але ўсё ж такі не на адных немцаў. Вырабы мясцовай прамысловасьці адпускаліся і мясцоваму насельніцтву, пераважна рабочым і службоўцам, па вельмі нізкіх і цьвёрдых цэнах у строга рэглямэнтаванай колькасьці. Але пры дапамозе хабару ці падарункаў — курэй, масла ці яек — кожны мог атрымаць усё што хацеў, і ў дастатковай колькасьці. Асобы, якія працавалі на прадпрыемствах мясцовай прамысловасьці — а такіх у горадзе налічвалася большасьць, — мелі магчымасьць нелегальна ці напаўлегальна атрымаць нешта зь іншага прадпрыемства, у парадку гэтак званага «абмену». Любое кіраўніцтва пазірала на гэта скрозь пальцы. Немцы, у сваю чаргу, валаклі ды прадавалі (асабліва ахвотна — за золата) усё, што падпадала пад іхнае ведама. Нават бэнзын, за продаж якога, калі верыць абвесткам, расклееным па ўсім горадзе, падлягалі расстрэлу абодва бакі: і пакупнік, і прадавец. Такім чынам, да канца акупацыі ў немцаў, а калі казаць больш дакладна, у тых замежнікаў, што служылі ў нямецкім войску, можна было купіць нават такія рэчы, як ручныя гранаты, кулямёты ды лёгкія супрацьтанкавыя гарматы. Менавіта такім шляхам атрымлівалі зброю некаторыя партызанскія атрады, разьмешчаныя каля Полацку, Дзісны (Луначарску) ды Дрысы, а магчыма, і ў іншых месцах. Вінтовак ды аўтаматаў партызаны купляць не хацелі, бо мелі іх у дастатковай колькасьці.

Прыватных крамаў у Полацку не было; затое рынак ды розныя спэкулянты, якія гандлявалі дома, працьвіталі. Людзі, што нахапалі ў час пажару перад здачай гораду немцам шмат якога тавару з палаючых крамаў ды складоў, гандлявалі гэтымі рэчамі ажно да 1944 году. Паліцыянты прадавалі маёмасьць габрэяў. Шматлікія саматужныя прадпрыемствы, арганізаваныя па хатах, лічыліся нелегальнымі, але былі надзвычай папулярныя. Саматужная вытворчасьць была строга забаронена, бо падрывала мясцовую «дзяржаўную» прамысловасьць. Але на практыцы перасьледавалася яна нязначна. Напрыканцы акупацыі ў горадзе зьявіліся два прыватныя прадпрыемствы: фатаграфія ды «рэстаран» — па сутнасьці, маленькая брудная карчма, дзе прадавалі самагонку ды піва.

Па картках насельніцтва атрымлівала фактычна толькі адзін хлеб, дый той у невялікай колькасьці ды дрэннай якасьці. Гэта магло стацца прычынай вялікага голаду, што й адбылося ў вялікіх гарадох — Кіеве, Харкаве ды іншых, якія патрапілі ў зону нямецкай акупацыі. Але жыхары маленькага гораду знаходзіліся ў больш прыдатных умовах. Яны сваімі каранямі ніколі не пакідалі вёску ды і ў горадзе будавалі сваю эканоміку на сельскай гаспадарцы ды агародніцтве. Гэта ратавала мясцовых жыхароў ад голаду, пазьбегнуць якога пры іншых акалічнасьцях было немагчыма. Сяляне таксама не былі галодныя. Галадалі, часьцяком вельмі моцна, уцекачы-прыбышы ды самотныя старыя пагарэльцы. У першы год акупацыі галадаў гарадзкі Інвалідны дом ды велізарны Дзіцячы дом для сірот. Пасьля яны атрымалі вялікія дзялкі зямлі і маглі пракарміць сябе самі.

Пры немцах былі ў абарачэньні адначасова і савецкія грошы, і нямецкія акупацыйныя маркі. Адна марка каштавала 10 савецкіх рублёў. Велізарную каштоўнасьць мела золата ў царскіх манэтах і ў рэчах. Золата было нашмат больш, чым можна было чакаць пасьля дваццаці пяці гадоў савецкай улады зь яе Торгсінамі ды «парыльнямі для буржуяў» у НКВД. Папяровыя грошы царскіх часоў, хоць шмат у каго яшчэ былі схаваныя, ніякага кошту ня мелі.

б) 3 народнай адукацыяй пры немцах справа была надзвычай дрэнная. Усё, што пры саветах адносілася да ўзроўню вышэйшай школы альбо да прафэсійнай адукацыі, немцы зачынілі. Сярод сярэдніх школ, дый тое без старэйшых клясаў, функцыянавалі толькі тры з агульнай колькасьцю вучняў у 150–200 чалавек. У першыя гады вайны настаўнікі былі цалкам з былых камуністаў ці камсамольцаў, а савецкія падручнікі, якія ўжываліся праз адсутнасьць іншых, амаль на кожнай старонцы дэманстравалі партрэты савецкіх лідэраў. Немцы не зьвярталі ўвагі ні на адно, ні на другое. Затое яны афіцыйна забаранілі выкладаць Закон Божы, гісторыю і ўсялякую геаграфію, акрамя фізычнай.

Да школаў і да адукацыі маюць значнае дачыненьне бібліятэкі. З кнігамі ў горадзе было таксама ня надта добра. Велізарная колькасьць кніг згарэла падчас камсамольскіх пажараў напярэдадні прыходу немцаў. Рэшткамі немцы на першым часе палілі печы ды свае паходныя кухні. Тым ня менш, да канца 1942 году ўдалося сабраць гарадзкую бібліятэку ў некалькі дзясяткаў тысяч кніг. Вясною 1943 году гэтая бібліятэка згарэла дарэшты падчас бамбаваньня савецкай авіяцыяй. Пасьля гэтага коштам надзвычайных высілкаў удалося сабраць яшчэ дзьве з паловай — тры тысячы кніг, якія і складалі тады галоўнае багацьце гораду.

в) Горад меў два шпіталі, адзін зь якіх быў даволі вялікі. На чале іх стаялі не мясцовыя лекары, мабілізаваныя яшчэ на пачатку вайны ў Чырвонае войска, а нейкія выпадковыя, прышлыя людзі зь ліку ўцекачоў ды ваеннапалонных. У горадзе казалі, што прышлы элемэнт супрацоўнічае з камуністамі й паліцыяй, зьнішчаючы пад шумок непажаданых мясцовых жыхароў. У сувязі з гэтым шмат хто пры патрэбе нават баяўся класьціся ў шпіталь. Магчыма, гэтыя чуткі мелі падставу, бо частка лекараў гарадзкога шпіталю пазьней пайшла да партызанаў, а некаторыя яго супрацоўнікі былі злоўленыя пры спробе перадаць «у лес» мэдыкамэнты ды хірургічны інструмэнт. Затое частка малодшага мэдычнага пэрсаналу, а гэта якраз былі мясцовыя жыхары, лічыліся найлепшымі лекарамі.

Шпіталі надзвычай дрэнна абаграваліся. З прадуктамі справы былі б лепшыя,калі б значная частка харчаваньня не раскрадалася супрацоўнікамі. З мэдыкамэнтамі ўвогуле было надзвычай дрэнна: фактычна іх амаль не было. Нават калі казаць пра дыфтэрыйную вакцыну, якая ў вялікай колькасьці была ў суседнім нямецкім шпіталі, для расейскіх хворых яна цалкам адсутнічала. Ні бактэрыялягічнай лябараторыі, ні рэнтгенкабінэту пры расейскіх шпіталях таксама не існавала. Але ўсё ж калі-нікалі такую працу для расейскіх хворых выконвалі лекары зь нямецкага шпіталю. Інфэкцыйныя аддзяленьні заўсёды былі перапоўненыя. Тыф і дыфтэрыт, звыклыя хваробы ваеннага часу, касілі ня толькі нямецкіх салдат, але й мясцовае насельніцтва. Двойчы цягам трох гадоў акупацыі назіралася моцная эпідэмія шкарлятыны.

Зубоў цывільнаму насельніцтву лячыць не было дзе. Праз адсутнасьць мэдычных сродкаў іх не лячылі зусім, а толькі рвалі. І, безумоўна, без какаіну.

г) Да рэвалюцыі ў Полацку налічвалася 12 ці 14 розных храмаў. Да пачатку вайны ўсе храмы былі зачыненыя бальшавікамі. Старажытныя будынкі, часьцяком пабудаваныя ў надзвычай высокамастацкай архітэктуры, выкарыстоўваліся ў якасьці складоў ці былі напаўразбураныя. У велізарным саборы за Дзьвіною месьцілася турма НКВД.

Стаўленьне нямецкіх акупацыйных уладаў да рэлігіі прасьцей за ўсё вызначыць як «прыязны нэўтралітэт». Толькі юдаізм ды каталіцызм знаходзіліся ў іншым, значна горшым стане. Першы — з расавых прычынаў, другі — з антынацыянальных польскіх. Да ўсіх іншых канфэсіяў стаўленьне было больш-менш добразычлівым. Як ні дрэнна разумеў нямецкі нацыянал-сацыялізм ня толькі духоўную сутнасьць рэлігіі, але і яе палітычнае значэньне, ён усё ж такі спрабаваў выкарыстаць дзеля сваіх уласных інтарэсаў усе папярэднія «несправядлівасьці» ды цкаваньні бальшавікоў у дачыненьні Царквы. Заваяваны Усход мусіў адчуць розьніцу паміж бальшавікамі і немцамі хоць у нечым. І ён яе адчуў: немцы далі свабоду рэлігіі. І спачатку гэта было ня гэтак ужо і дрэнна. Вольнае ды незалежнае становішча — гэта было якраз тое, пра што марылі вернікі, і гэта быў якраз той момант, калі бальшавікі неяк не зьвярталі ўвагі на рэлігійнае жыцьцё ў акупаванай немцамі зоне. Такім чынам, магчыма, упершыню за ўвесь час існаваньня ўсёй расейскай гісторыі рэлігійныя пачуцьці народу не былі пад кантролем. Гэта быў надзвычай цікавы досьвед.

Неўзабаве пасьля прыходу немцаў у горадзе адчыніліся два праваслаўныя храмы, адна каталіцкая, адна стараабрадная і адна баптысцкая парафія. Народ пайшоў у праваслаўныя цэрквы хмарай. Каталікоў у горадзе налічвалася каля 1000, баптыстаў — меней за 100 чалавек. Вёска была цалкам праваслаўная. Дзяцей рознага веку хрысьцілі тысячамі. Царкоўныя шлюбы, часьцяком запозьненыя, налічваліся сотнямі. Сьвятароў не хапала, і яны працавалі звыш сваіх магчымасьцяў. Пакуль не было партызанаў, гэта значыць амаль да лета 1942 году, сьвятары, якія ў сьвяты служылі ў горадзе, увесь тыдзень наведвалі вёскі. У нядзелю паблізу гарадзкіх храмаў стаялі сотні вясковых вазоў.

Рэлігійны ўздым быў надзвычайны. Цэрквы багацелі, бо немцы не абкладалі іх падаткамі. Такім чынам, зьявілася магчымасьць рамантаваць царкоўныя будынкі, як тыя, што ўжо працавалі, гэтак і астатнія. Да 1944 году ў горадзе адчынілася ўжо 8 храмаў, без уліку баптысцкай малельні. Таксама ўзнавіў сваю дзейнасьць і жаночы Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. На хросны ход з асаблівых нагодаў, як, напрыклад, перанясеньне мошчаў, ці ў вялікія сьвяты зьбіраліся тысячы людзей з гораду і зь вёсак. Яны цалкам запаўнялі вуліцы і спынялі рух вайсковых аўтамабіляў. Немцы, хоць і без асаблівай ахвоты, але вымушаныя былі мірыцца з гэтым. Царкоўны перазвон, цалкам забаронены бальшавікамі яшчэ ў 1925 ці 1926 годзе, ізноў загучаў над горадам. Праўда, добрых званоў узяць не было дзе.

У студзені 1942 году немцы арыштавалі каталіцкага сьвятара, і ні ён, ні які-небудзь іншы каталіцкі сьвятар ня быў больш дапушчаны ў горад на сталае жыхарства. У касьцёле час ад часу служыў ксёндз-паляк, які прыяжджаў з Заходняй Беларусі. Зрэдку, калі меў вольны час, ладзіў службу нямецкі вайсковы патэр.

5 Расейская нацыянальная грамадзкасьць

На самым ускрайку Полацку, у слабадзе, некалі даўно пабудаванай вакол знакамітага Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра, у занядбанай хацінцы жыў маленькі, кволы сямідзесяцігадовы сьвятар — айцец Іаан. Гісторыя ягоная простая і можа быць распаведзена ў некалькіх словах. Селянін паходжаньнем, вельмі разумны ды адораны ад прыроды, але безь вялікай адукацыі, ён, адпрацаваўшы больш за 50 год у якасьці вясковага фэльчара, у 1937-м жудасным годзе, у самы разгар яжоўшчыны, прыняў сьвятарства. Непасрэдным штуршком да ягонага высьвячэньня стаўся арышт апошняга ў Полацку сьвятара, якому, як спадзяваліся ўлады, ня знойдзецца больш наступніка. Івана Канстанцінавіча Сакольскага ведала ды паважала ўсё навакольле. Вёска — асабліва. Ен быў чальцом таемнай «катакомбнай» царквы і, магчыма, пайшоў на геройства не дзеля сваёй асабістай ахвоты, а праз паслушэнства. Працягласьць службы ў царкве айца Іаана падчас савецкай улады налічвала толькі некалькі тыдняў. Яго, гэтаксама як і ягонага папярэдніка, разам з жонкаю неўзабаве забралі ў НКВД ды пратрымалі там ажно да прыходу немцаў. Немаладыя муж ды жонка сядзелі ў турме ў Полацку ды вымушаныя былі вытрываць на сабе ўсе віды «маральнага» ўзьдзеяньня. Бальшавікі намагаліся дабіцца, каб вядомы ў горадзе сьвятар адмовіўся ад сану. У «яжовых рукавіцах» матушка хутка памерла, а бацюшку мучылі голадам ды працягвалі час ад часу моцна зьбіваць. Так працягвалася некалькі гадоў. Паводле сьведчаньняў тых, хто сядзеў разам зь ім — айцец Іаан ніколі сам пра сябе не апавядаў, — ён меў звычку пасьля кожнага ўдару казаць «Барані Божа!», што прыводзіла ягоных катаў у неймаверную лютасьць. Калі прыйшлі немцы, старога сьвятара, напаўмёртвага, зь пераламанымі рэбрамі, выбітымі зубамі ды з рэштай вырваных вусоў ды барады, вынесьлі на руках іншыя вызваленыя зьняволеныя.

Калі я пазнаёміўся зь ім, ён ужо ня толькі служыў у маленькай старой царкве, але паціху чыкільгаў па вуліцах, абапіраючыся на кіёчак.

У пакойчыку гэтага зусім хворага і нямоглага, але надзвычай моцнага духам чалавека паступова сталі зьбірацца ды аб’ядноўвацца найлепшыя прадстаўнікі расейскіх людзей, якія, з аднаго боку, ненавідзелі бальшавікоў ды савецкую ўладу, а з другога — не хацелі быць усяго толькі паслухмянай зброяй у руках заваёўнікаў. Сярод іх быў і Міхаіл Яўсеевіч Зуеў — ён стане пасьля вядомым кіраўніком сялянскай самааховы, — які, нягледзячы на сваю стараабраднасьць, вельмі любіў ды паважаў праваслаўнага сьвятара айца Іаана. Група, што зьбіралася ў сьвятара, спачатку налічвала 8–10 чалавек самага рознага сацыяльнага паходжаньня.

Група мела магчымасьць зьбіраць самую розную інфармацыю пра падзеі ў горадзе. На той час, калі я да яе далучыўся, яна вызначала ды ацэньвала стан у горадзе наступным чынам:

а) найлепшы варыянт заканчэньня вайны палягае ў тым, каб немцы пасьпелі канчаткова разграміць Сталіна раней, чым саюзьнікі перамогуць Нямеччыну. З гэтага пункту гледжаньня пажадана было, каб падзеі на Захадзе адбываліся павольна, а на Усходзе — хутка;

б) адзінае надзейнае месца прыстанку для расейскага народу — Праваслаўная Царква. Царкоўныя асобы не былі заражаныя камунізмам. Немцы ставяцца да Царквы нядрэнна і без падазрэньняў. Мясцовыя бальшавікі пакуль што не зьвяртаюць на Царкву ніякай увагі. Таму вакол Царквы можна арганізаваць нацыянальную працу, знайсьці патрэбных людзей, падтрымліваць адзін аднаго ў выпадку неабходнасьці, супольнымі высілкамі змагацца супраць супольнага ворага.

Усё гэта, а таксама шмат што іншае было ўважліва абмеркавана ў Групе. Патрэбна было скласьці нейкі плян дзеяньняў: сядзець склаўшы рукі ды чакаць нечага невядомага больш не хацелася.

Пры разьмеркаваньні абавязкаў мне, у прыватнасьці, было даручана кіраваць будучай царкоўнай установай, а таксама наладзіць ды падтрымліваць сувязі зь немцамі. М. Зуеву ды яшчэ дзьвюм асобам — арганізаваць сялянскую самаахову, трое сяброў Групы займаліся зборам грошай на рамонт цэркваў, айцец Іаан, які аб’ядноўваў ды накіроўваў дзейнасьць усёй Групы, павінен быў таксама пайсьці ў лягер да ваеннапалонных.

6 Трэцяя сіла

Немцы разам з бальшавікамі падчас барацьбы між сабой не на жыцьцё, а на сьмерць руйнавалі гарады, нацыі і ледзь ня цэлыя часткі сьвету. У параўнаньні зь імі тая маленечкая група бяспраўных расейскіх людзей пад кіраўніцтвам старога, нядужага сьвятара падавалася сьмешнай і ні да чога ня здатнай. Якой непераадольнай падавалася тая мэта, да якой імкнуліся сябры Групы!

Аднак Група была арганізаваная не дзеля яе самой. За тым, што цікавіла Групу і што яна намагалася ажыцьцявіць, стаялі мільёны аднадумцаў ды сяброў, якія ўсе разам складалі адну незалежную, нацыянальна сьвядомую гэтак званую «трэцюю сілу». Гэты назоў узяты з папулярнай на той час формулы «Ня немцы, не бальшавікі, а трэцяя сіла». Ідэя трэцяй сілы лунала ў паветры. Яна была сынонімам дзеяньня ды барацьбы. Пасьля паседжаньня Групы айцец Іаан адслужыў малебен «Перад пачаткам усялякай справы»…

Ні немцы, ні тыя бальшавікі, што хаваліся за іхнымі сьпінамі, пакуль што не былі супраць стварэньня царкоўнага аддзелу пры гаруправе. Грашовых сродкаў на гэтую справу ў горадзе, натуральна, не знайшлося, але парафіі ахвотна ўзялі на сябе ўсе выдаткі, тым больш што такім чынам аддзел трапляў у больш-менш самастойны стан і ня гэтак залежаў ад расейскай цывільнай адміністрацыі.

Амаль адразу пасьля стварэньня царкоўнага аддзелу пачаўся збор сродкаў на рамонт цэркваў. У сувязі з гэтым трое сяброў нашай Групы атрымалі пропускі, якія дазвалялі ім бесьперашкодна езьдзіць па ўсёй тэрыторыі Полацкага раёну, што на той час было вялікай рэдкасьцю.

Пачалося таксама й складаньне лістоў да немцаў на ўсе вышэй азначаныя тэмы. Хутка некалькі лістоў былі падрыхтаваныя. Іх прачыталі сябрам Групы, і тыя цалкам ухвалілі напісанае. Але пытаньне, куды іх дасылаць, заставалася пакуль што адкрытым.

Яшчэ цяжэй было з наладжваньнем высокіх сувязяў. Спачатку пазнаёміліся з тымі афіцэрамі, што жылі паблізу. Але гэта былі ня надта высокія кіраўнікі ў нямецкім войску. Карысьці ад іх было няшмат. Але, як заўсёды, нам дапамог выпадак. Аднойчы мы разам з айцом Іаанам выправіліся ў ортскамэндатуру хадайнічаць за аднаго арыштаванага мясцовага жыхара. Расейская паліцыя мела да гэтага чалавека асаблівыя рахункі. Адразу пасьля прыходу немцаў гэты чалавек сам пайшоў на працу ў паліцыю, але, убачыўшы, што там дзеецца, хутка звольніўся. Відавочна, ягоныя паводзіны не засталіся незаўважанымі ды выклікалі з боку былых камуністаў выразны недавер. Дык вось, як высьветлілася, у доме гэтага чалавека нядаўна быў праведзены ператрус, у час якога паліцыя падкінула яму стос савецкіх улётак. Пасьля налётаў савецкай авіяцыі паліцыя зьбірала такія ўлёткі ды мела іх у сваім распараджэньні вельмі шмат. Улёткі сталіся той падставай, якая дазволіла арыштаваць гэтага чалавека ды абвінаваціць яго ў шпіянажы на карысьць Саветаў. Нявіннаму чалавеку пагражала сьмяротнае пакараньне. Мы сабралі некалькі дзясяткаў подпісаў ды выправіліся ў ортскамэндатуру, каб высьветліць, якім чынам можна дапамагчы няшчаснаму. Нашая місія непасрэднага посьпеху ня мела. Да самога камэнданта нас не дапусьцілі. Усёмагутны перакладчык прагнаў нас прэч ды папярэдзіў, каб мы больш ніколі ня сунулі свой нос у справы, якія нас не датычаць. Аднак падчас сваркі зь перакладчыкам, якая прымала ўсё больш рэзкі характар, той нечакана прамовіў словы, якія нас надзвычай зацікавілі. Ён сказаў: «Калі вам не падабаюцца нашыя дзеяньні, зьвяртайцеся ў фэльдскамэндатуру, да арміі ці хоць да самога Гітлера». Вечарам таго самага дня я падрабязна даведаўся пра тое, што такое фэльдкамэндатура. Армія — гэта значыць штаб арміі фронту. Пра Гітлера мы ўжо мелі сякое-такое ўяўленьне. Самае галоўнае, што мне ўдалося дазнацца, дык гэта тое, што фэльдкамэндатура нашай ваеннай акругі разьмяшчалася зусім недалёка, гэта значыць у самім горадзе Полацку. Гэтая фэльдкамэндатура была цалкам вайсковай установай штабнога тыпу, налічвала некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў і ў той самы час ня мела ніякай непасрэднай сувязі ні зь мясцовым насельніцтвам, ні з расейскім цывільным кіраўніцтвам. Фэльдкамэндатура займала вялікае памяшканьне былой школы на супрацьлеглым ад манастыра ўскрайку гораду. Жыла сваім, даволі ізаляваным жыцьцём, таму пра яе мала хто зь мясцовых жыхароў ведаў. Сапраўды, хто мог ведаць, што там дзеецца ў немцаў за зачыненымі дзьвярыма фэльдкамэндатуры! Гэта магло прынесьці нам посьпех. Мы выправіліся ў фэльдкамэндатуру на наступны дзень, захапіўшы з сабою, на ўсялякі выпадак, і адзін з падрыхтаваных намі лістоў пра тое, што калгасы трэба зараз жа распусьціць.

Нашае зьяўленьне там выклікала зьдзіўленьне, але нас прынялі ветліва, выслухалі ўважліва. Узялі тыя подпісы, што мы зьбіралі наконт нашага арыштаванага знаёмага ды паабяцалі высьветліць пра яго ў Гестапа. Пасьля мы паказалі наш ліст пра калгасы. Гэты ліст выклікаў яшчэ большае зьдзіўленьне, але ліст пакінулі, каб паказаць яго камэнданту. Празь некалькі дзён да нас зьявіўся нямецкі салдат-пасланец. Ен прынёс тэрміновы выклік, каб я і айцец Іаан наведалі камэнданта. Камэндант, палкоўнік ды барон, пра што нас папярэдзіў дзяжурны афіцэр, жадае пазнаёміцца з намі асабіста.

Першая гутарка з камэндантам мела вырашальнае значэньне для тых падзеяў, што адбудуцца пасьля. Гутарка працягвалася некалькі гадзінаў запар. Камэндантам быў стары, сухенькі ды надзвычай арыстакратычны чалавек. Зь ім было вельмі прыемна размаўляць. Усё паказвала на тое, што ён — вайсковец старой школы, які жыў паняцьцямі дысцыпліны, гонару ды вайсковага абавязку. Калі ён размаўляў з намі, не адчувалася нават ценю пагарды, хоць мы абодва выглядалі ня надта арыстакратычна. Ён не зьвярнуў увагі ні на мой стары кажух з чужога пляча, ні на падраную расу айца Іаана, якую яму нехта пашыў з чужых спадніцаў. Спачатку камэндант пацікавіўся ў нас, хто мы такія, пасьля трохі распавёў пра сябе самога. Мы даведаліся, што ён ваяваў падчас Першай сусьветнай вайны ў гэтых мясьцінах і што цяпер ён не пазнае Расеі — гэтак зьмяніўся да горшага яе выгляд, людзі і ўсё жыцьцё. Мы міжволі зірнулі адзін на аднаго і ўсьміхнуліся. Камэндант заўважыў гэта і працягнуў: «Так-так, і гэта таксама. Я ніколі раней ня мог нават падумаць, што расейскага інтэлігента ці сьвятара можна сустрэць у такім выглядзе. Але, тым ня менш, мне вельмі прыемна пазнаёміцца з вамі. Апавядзіце мне, калі ласка, пра вашыя справы»…

7 Вясна і лета 1942 году

Зь першымі прыкметамі вясны, якія пакуль што азначалі толькі яркае сонца ды прыгожыя сінія цені на глыбокім сьнезе, пачалася падрыхтоўка немцаў да новага наступу. Дзень і ноч паўз горад ішлі ды ехалі войскі. Людзі ў горадзе забыліся на цішыню. Рыпеньне саней, вуркатаньне матораў, лаянка людзей на чужой, непрыемнай на слых мове не змаўкалі на працяіу доўгага часу. На цягніках, на аўтамабілях, коньмі везьлі немцы на фронт зброю, вайсковае адзеньне ды харчаваньне. Пасьля бясконцага шэрагу вельмі вялікіх, добра дагледжаных нямецкіх коней, запрэжаных у новыя драўляныя сані вайсковага кшталту, ледзь пасьпявалі калёсы беларускіх сялянаў. Гэтыя вазы гатовыя былі кожную хвіліну літаральна разваліцца ад старасьці ды недагледжанасьці. Падводы нагадвалі дзіцячую цацку, запрэжаную мышанём. Пад шум ды грукат горад маўчаў, затаіўшы дыханьне, — з заміраньнем у сэрцы сачыла Беларусь за тым, хто, у рэшце рэшт, наробіць больш глупстваў: «геніяльны» Гітлер ці «наймудрэйшы з мудрых» Сталін, бо ад гэтага цяпер залежаў яе лёс.

А час ішоў сваім чарадом. Паступова пачалі вызваляцца з-пад сьнегу палі, набліжаўся час сельскагаспадарчых працаў. Нямецкія гаспадарчыя ўстановы разам з вайскоўцамі прыгналі ў горад цягнікі з высакаякасным насеньнем ды племянной жывёлай. Побач зь зямельнай управай увесь час стаялі дзясяткі сялянскіх вазоў у чаканьні выдачы насеньня. Немцы відавочна спадзяваліся на росквіт калгаснай сыстэмы землекарыстаньня пад мэтанакіраваным верхаводзтвам прускіх, саксонскіх, баварскіх ды іншых сялянаў, што самазадаволена апранулі форму гаспадарчых унтэр-афіцэраў ды бачылі свой галоўны абавязак у тым, каб удаваць зь сябе вялікіх начальнікаў.

У сур’ёзную небясьпеку з боку партызанаў на той час ня верыў ніводны немец, ня верыў нават наш, адносна разумны, фэльдкамэндант, які ў іншых выпадках быў схільны больш уважліва прыслухоўвацца да чужога меркаваньня.

Між тым, горад працягваў жыць сваім дзіўным, ненармальным жыцьцём ваеннага часу ўва ўмовах замежнай акупацыі.

Каб даць хоць нейкую магчымасьць кожнаму «недасьведчанаму» скласьці сваё ўласнае, больш ці менш адпаведнае ўяўленьне пра тое, што адбывалася ў Полацкім мікракосьме вясною ды летам 1942 году, я паспрабую пералічыць самыя галоўныя падзеі таго часу, што асабліва хвалявалі розумы ды сэрцы. Аналіз ды ацэнку іх прапаную зрабіць чытачу. Але, каб пазьбегнуць грубых памылак, апошні павінен спачатку адмовіцца ад вельмі шматлікіх, агульнапрынятых у гэтак званым культурным грамадзтве поглядаў ды ўяўленьняў.

1. Аднойчы, яшчэ раньняй вясною, нямецкі вайсковы кіраўнік памыліўся ды зайшоў у час перапынку на абед у памяшканьне банку. Убачыўшы яго, дзяўчына, што друкавала на машынцы, вышмаргнула аркушы з машынкі ды неяк занадта напалохана схавала іх у шуфляду. Яму гэта падалося падазроным. Ён выйшаў на вуліцу, а праз колькі хвілінаў вярнуўся разам з вулічным патрулём. Высьветлілася, што машыністка памнажала савецкую інструкцыю аб гвалтоўнай мабілізацыі сялянаў у партызанскія атрады. Машыністка ды кіраўнік банку былі арыштаваныя. Перакладчык банку, які ў гэты час адсутнічаў, у той самы дзень здолеў уцячы з гораду.

2. Супрацоўнік гарадзкой паліцыі, пераапрануты ў партызана, прыйшоў уначы да аднаго з прыгарадных сялянаў ды, пагражаючы зброяй, запатрабаваў пісьмовай згоды працаваць на карысьць Саветаў. Селянін супраць волі падпісаў загадзя падрыхтаваную паперку, а раніцою пабег да айца Іаана па дапамогу ды параду. Мы накіравалі яго ў фэльдкамэндатуру. Там яго дапыталі й часова пакінулі ў рабочай камандзе. На наступны дзень Гестапа прыйшло ў вёску па мужыка. Не знайшоўшы яго дома, улады ледзь не расстралялі жонку ды дзяцей. Зьлітаваўшыся, усё ж падпалілі хату, а жонку зьбеглага селяніна, ягонага суседа ды старасту арыштавалі. Скандал атрымаўся страшэнны. Непрыемнасьці паміж Гестапа ды фэльдкамэндатурай цягнуліся некалькі месяцаў. Скончылася справа нічым, калі не лічыць спаленай хаты. Зь людзей ня быў пакараны ніхто: ані сам «партызан», ані ягоная сям’я, ані паліцыянт-правакатар.

3. У самую гразюку ў гарадзкі шпіталь зь мястэчка Расоны, якое знаходзіцца за 25–30 кілямэтраў ад Полацку, прывезьлі на «лячэньне» трох жанчынаў: маці і дзьвюх дачок. У маці былі адрэзаныя грудзі ды выкалатыя вочы, у дзяўчат адсечаныя ногі вышэй каленяў. Усе трое, безумоўна, хутка памерлі, бо ў іх, акрамя таго, было адбітае ўсё нутро.

Гэта была сям’я селяніна, якога перад гэтым партызаны намагаліся гвалтам забраць да сябе ў атрад. Селяніну ўдалося падмануць кіраўніка атраду ды ўцячы да сваякоў у горад. У якасьці пакараньня за ўцёкі, а галоўнае, «каб іншых ня надзіла», партызаны жорстка расправіліся зь ягонай сям’ёй.

4. У сакавіку на Полацак быў зьдзейсьнены вялікі налёт савецкай авіяцыі. Горад, цалкам засыпаны сьнегам, зьліваўся ў цемры з навакольнай раўнінай, а на небе былі разьвешаныя зласьлівыя «лямпады» асьвятляльных ракетаў, якія паволі спускаліся на парашутах. У разгар бамбаваньня, калі моцныя фугасныя бомбы бязладна падалі на велізарныя пусткі ды на тыя нешматлікія жылыя дамы, што засталіся пасьля пажару, у вокнах вялікае камяніцы ортскамэндатуры, які стаяў на высокім беразе Заходняй Дзьвіны, запалілася яркае электрычнае сьвятло. Нехта, відаць, павярнуў выключальнік у пакоі з вокнамі безь фіранак, і верхні паверх будынку зьзяў, нібы ліхтар. Нямецкія вартаўнікі, якія ў час бамбаваньня лічаць за патрэбнае сядзець у сховішчы, не адразу заўважылі зь зямлі гэтае сьвятло. Затое самалёты рынуліся на агонь з усіх бакоў. Сьвятло, праўда, было даволі хутка патушанае. Але затое бомбы яшчэ цягам цэлай гадзіны клаліся каля ортскамэндатуры. Апошнюю, відавочна, выратавала тое, што побач высіўся будынак былога Езуіцкага калегіюму, занятага пад нямецкі лязарэт, а таксама гмах Мікалаеўскага катэдральнага сабору, які разьмясьціўся на той самай плошчы. Камэндатуры побач зь імі зусім не было бачна. І бомбы траплялі то ў шпіталь, то ў сабор, то ў раку, то на плошчу, але толькі не ў будынак камэндатуры. Прычына нясвоечасовай ілюмінацыі гэтак і не была высьветлена, але з таго часу пачалі ў час паветранай трывогі выключаць сьвятло па ўсім горадзе проста з электрастанцыі.

5. У сувязі з пачасьцелымі візытамі парашутыстаў ды партызанаў у аддаленыя вёскі ды ў сувязі з тым, што немцы не рабілі ніякіх высілкаў дзеля аховы ды абароны ад іх мясцовага насельніцтва, пачаліся масавыя ўцёкі сялянаў у горад. Вясною яны разам зь сем’ямі запаўнялі вуліцы Полацку, не знаходзячы ні жытла, ні працы. Ад безвыходнасьці яны часьцяком добраахвотна запісваліся на працу ў Нямеччыну. Каля Біржы працы, дзе адбываўся запіс, ды на чыіуначным вакзале, дзе адбывалася пагрузка ў вагоны, цягам цэлых тыдняў стаялі чэргі ў дзясяткі ды сотні чалавек. Дзіўныя людзі немцы: здавалася, што яны гэтым былі задаволеныя.

6. Раньнім чэрвеньскім ранкам да дому, дзе жыў адзін з малодшых лекараў гарадзкога шпіталю, хірург паводле спэцыяльнасьці, пад’ехаў воз. Лекара папрасілі дапамагчы цяжка хвораму селяніну з блізкай вёскі. Лекар сабраў інструмэнты ды выправіўся ў дарогу. Увечары ён не вярнуўся. Яго гэтак больш ніхто і ня бачыў. Нованароджаны партызанскі рух паступова набываў мэдычны пэрсанал. Але на немцаў такія выпадкі рабілі надзіва слабое ўражаньне.

7. З надыходам цемры ў горадзе начамі час ад часу былі чуваць аддаленыя выбухі. Гэта партызаны падрывалі чыгунку. Немцам давялося пасылаць на яе ахову патрулі, акрамя гэтага, яны дзеля перасьцярогі пачалі прычэпліваць перад паравозам па дзьве парожнія плятформы. Буйная катастрофа ад выбуху цягніка цягам лета 1942 году мне вядомая толькі адна. Тады ўсю ноч ды наступны дзень вазілі параненых у Полацкі вайсковы шпіталь, адзіны паміж Віцебскам і Дзьвінскам. Што тычыцца падрываў чыгуначнага палатна, якія ня несьлі сур'ёзнай шкоды, то яны да канца лета адбываліся амаль штоночы.

8. Вярнуўшыся ў сярэдзіне лета 1942 году на радзіму, адзін мясцовы жыхар, які ў свой час быў высланы бальшавікамі з Полацку за палітычную нядобранадзейнасьць, сустрэўся на вуліцы нос у нос з былым сьледчым НКВД, які некалькі гадоў таму вёў ягоную справу і на допыце ўласнаручна выбіў яму ўсе пярэднія зубы. Бязьмежна зьдзіўлены і ўсхваляваны чалавек рушыў сьледам за сваім былым сьледчым, тым больш што той яго не заўважыў. Такім чынам яны дайшлі да дзьвярэй гарадзкой управы: былы энкавэдыст займаў там пасаду загадчыка фінансавага аддзелу. Тут пацярпелы ўрэшце выказаў сваё незадавальненьне ды падняў такі лямант, што зьбегліся ўсе супрацоўнікі. З дапамогай дзяжурнага паліцыянта яго доўга спрабавалі супакоіць і ўрэшце выгналі сілком. Вечарам гэтага ж дня ён быў арыштаваны. Ізноў фэльдкамэндант мусіў заняцца выратаваньнем чалавека. Яго выратавалі, але былы сьледчы НКВД так і застаўся на сваёй фінансавай пасадзе ў гаруправе. Ён, як высьветлілася, прадугледзеў усё і акрамя ўправы ўладкаваўся яшчэ і ў Гестапа. Фэльдкамэндатура ня мела рэальнай улады над гэтай асаблівай установай.

9. Дзякуючы сабранай шляхам добраахвотных ахвяраваньняў даволі вялікай суме грошай ужо вясной пачалі энэргічна рамантаваць старыя царкоўныя будынкі. Айцец Іаан сам жыў больш чым сьціпла, на хлебе ды на вадзе — у простым, а не пераносным сэнсе гэтага слова. Усе свае ўласныя, вельмі вялікія сродкі ён аддаваў на адраджэньне манастыра, дзе за лета сабралася больш за 35 манашак.

Для новых цэркваў патрэбныя былі сьвятары. Вернікі пачалі вылучаць кандыдатаў з свайго асяродку. Іх можна было тады ўжо пасылаць ці ў Смаленск да япіскапа Стафана, ці ў Менск да япіскапа Філафея на высьвячэньне. Але вось аднойчы, на вялікае зьдзіўленьне, дзеючы праз галовы царкоўнай грамады, прапанаваў сваю кандыдатуру адзін стары гарадзкі пэдагог, паводле спэцыяльнасьці настаўнік прыродных навук, якога мясцовая моладзь добра ведала як добраахвотнага антырэлігійнага прапагандыста пры бальшавіках. Ён ніколі ня быў у партыі, але ў сваім шчыраваньні заўсёды намагаўся быць лепшым нават за партыйных таварышаў. Калі царкоўны аддзел катэгарычна адмовіў яму, загадчыку аддзелу быў прапанаваны буйны хабар. Даводзілася толькі зьдзіўляцца, адкуль у сьціплага чалавека моіуць узяцца такія вялікія грошы. Але й гэта яму не дапамагло: рашэньнем Рады парафіяў кандыдату было канчаткова адмоўлена.

Якім жа вялікім было агульнае зьдзіўленьне, калі празь некаторы час мы даведаліся, што вышэйназваная асоба, атрымаўшы цудоўную рэкамэндацыю ад бургамістра гораду ды праязныя дакумэнты ад ортскамэндатуры, выправілася праз галаву царкоўнага аддзелу ў Менск на высьвячэньне. Давялося тэрмінова прымаць неабходныя захады. Цяпер выканаць гэта было ўжо няцяжка. За адзін дзень пад заяваю пратэсту былі сабраныя сотні подпісаў. Папера была дасланая япіскапу, і ў апошні момант высьвячэньня не адбылося. Дзеля гэтай гісторыі я меў вялікія непрыемнасьці з ортскамэндантам. Яму гэтую справу паказалі ў няправільным выглядзе, і ён надзвычай злаваў і на мяне, і на раду.

Выпадак гэты паказаў нам, што актыўная царкоўная праца нарэшце зьвярнула на сябе чыюсьці зусім ня добразычлівую ўвагу. Даводзілася быць асьцярожным. Да слова, самазванец — кандыдат у сьвятары значна пазьней быў злоўлены ў дачыннасьці да актыўнай камуністычнай арганізацыі гораду.

10. У казармах расейскай паліцыі з дазволу гестапаўскага кіраўніцтва быў зьдзейсьнены самасуд. Паліцэйскія цэлую ноч запар зьдзекаваліся з свайго таварыша «за здраду». Дзікія, нечалавечыя воклічы былі чуваць позна пасьля поўначы, наводзячы жах ды зьдзіўленьне на ўсіх суседзяў. Пакутніка ніхто ня ведаў зь сяброў нашай Групы, гэтаксама як ніхто яго ня ведаў з старых парафіянаў нашых цэркваў. Што сталася сапраўднай прычынай ягонага жудаснага лёсу, гэтак і засталося нявысьветленым. Але ўсім было зразумела, што пад тонкай плеўкай уяўнага спакою ў горадзе нешта віруе ды булькоча. Падземныя штуршкі былі чуваць адзін за адным.

11. Якасьць хлеба, які выдавалі ў горадзе па картках ды выпісвалі ў гарадзкой пякарні, бесьперапынна пагаршалася цягам вясны, а ўлетку «казённы» хлеб не маглі ўжо есьці ня толькі людзі, але й свойская жывёла. Мы паказалі кавалак карткавага хлеба фэльдкамэнданту — ён доўга, зь вялікім зьдзіўленьнем яго разглядаў, пасьля пажаваў, выплюнуў і ўрэшце загадаў даслаць яго ў Бэрлін, каб зь ім пазнаёміліся ўладары гэтага сьвету. Самым цікавым было тое, што зімою, вясною і летам на выпечку хлеба адпускалася адна і тая ж мука, больш ці менш здавальняльнай якасьці; а якасьць хлеба ўсё горшала. Ніякія скаргі ды дазнаньні не дапамагалі. Агульная незадаволенасьць дайшла да крайніх межаў. Самыя цярплівыя — і тыя пачыналі вар’яцець ад злосьці. Для ўцекачоў гэта было проста немагчыма. У гаруправе паціскалі плячыма, разводзілі рукамі ды зусім недвухсэнсоўна намякалі, што калі немцы адпускаюць цывільнаму насельніцтву мякіну напалову з саломаю заместа мукі, то не існуе такога пекара, які б здолеў зрабіць з такой мукі добры хлеб. Гэта быў выразна несправядлівы намёк, хоць асобныя немцы маглі браць удзел у гэтай акцыі.

12. Партызаны шмат у якіх месцах спрабавалі замінаць веснавой сяўбе. Савецкія ўлёткі, якія раскідваліся з самалётаў, забаранялі сялянам пад страхам сьмерці апрацоўваць зямлю «для немцаў». У Беларусі шмат лясоў — палі звычайна аточаныя дрэвамі. Па тых, хто працаваў у полі, калі-нікалі пастрэльвалі зь вінтовак. Былі забітыя ды параненыя. Складаліся зусім неспрыяльныя ўмовы дзеля працы. Месцамі праз гэта амаль немагчыма было выходзіць у поле. Сяляне, якія ўскладалі ўсю сваю надзею на ўраджай, упадалі ў роспач і ў большасьці выпадкаў безнадзейна прасілі немцаў дапамагчы. Нарэшце прыбылі нямецкія аддзелы для аховы палёў. Найчасьцей гэта былі маленькія групы, якія складаліся зь немаладых, няздатных да вайсковай службы людзей. Пасьля зьявіліся нейкія расейскія казацкія аддзелы. Цяжка было зразумець, чаму чужым казакам можна было даваць зброю ў рукі, а сялянам, якія палымяна жадалі самі абараніць сваё дабро, нельга. Тым ня менш, прысланыя аддзелы ўсё ж умагчымілі хоць неяк засеяць амаль усе палеткі: сілы партызанаў былі на той час мізэрныя.

13. Гвалтоўная вэрбоўка сялянаў у партызанскія атрады цягам лета 1942 году сталася звыклаю зьявай. Посьпеху гэтага мерапрыемстваў значнай ступені спрыялі самі немцы сваім кансэрватызмам, прымітыўным фармалізмам ды строгасьцю, якую яны ўжывалі без усялякага сэнсу ды разбору. Згодна зь нямецкімі правіламі, сялянам забаранялася без асаблівага на гэта дазволу выходзіць за межы сваіх земляў. Усялякае зьнікненьне чалавека зь вёскі на адзін дзень лічылася ўжо вялікім злачынствам, амаль доказам сувязі з партызанамі. Сваяцкія сувязі зь іншымі вёскамі пад увагу не прымаліся. Адсутнасьць дакумэнта зь нямецкай пячаткай, які сьведчыў асобу, таксама ўважалася за прыналежнасьць да партызанаў, парашутыстаў ці шпіёнаў, не зважаючы на тое, што чалавека даўно ды добра ведалі ўсе ў ваколіцы. «Бэфэль ёсьць бэфэль»: ня ўзяў у час дакумэнтаў ці страціў іх — вінаваць сам сябе. Усё гэта спрашчала задачу саветчыкаў да крайняй ступені. Яны забіралі селяніна зь вёскі сілком (няхай сабе і пры сьведках: сьведкам немцы ня верылі, дый не было каму іх дапытваць), зараз жа нішчылі ўсе ягоныя дакумэнты, пераганялі пад канвоем у іншы раён. Пасьля гэтага з чалавекам усё было скончана; ён ня мог больш вярнуцца на легальнае становішча і вымушаны быў — хацеў гэтага ці не — заставацца назаўсёды разам з партызанамі. Горшую трагедыю цяжка сабе ўявіць.

Немцам страшэнна падабалася паліць вёскі. Пасьля гэтага спакутаванаму чалавеку ўвоіуле не было чаго губляць. Хіба гэта ня самы надзейны сродак заганяць сялянаў у партызанскія атрады? А тут яшчэ двухбаковая правакацыя з боку паліцыі ды іншых «расейскіх» уладаў, немагчымасьць сваімі сіламі супраціўляцца бандытам ды надзвычай сумнеўная дапамога з боку ахоўных аддзелаў, якія самі часьцяком былі ня лепшымі за партызанаў. Камэнтары не патрэбныя.

14. Тры раёны, дзе была ўсталяваная сялянская самаахова, былі адзінымі, якія не зьвярталіся да немцаў па дапамогу ў час сельскагаспадарчых працаў. Яны сеялі ды вырошчвалі ўва ўмовах адноснага спакою, уводзячы гэтым у зман шматлікае нямецкае кіраўніцтва ды выклікаючы нездаровую цікаўнасьць з боку расейскай адміністрацыі. Толькі сябры Групы ведалі, якія маленькія крывавыя трагедыі хаваюцца за гэтым сумнеўным спакоем. Калі-нікалі гэта былі ня толькі трагедыі, але й жудасныя таямніцы. Гэтак, напрыклад, яшчэ ў часе веснавой сяўбы па мужыку з адной зуеўскай вёскі, які працаваў у полі, зь лесу было зроблена некалькі стрэлаў. Пакуль зьдзіўлены мужык удаваў, што кінуў працу ды сыходзіць з поля, дзяжурны патруль самааховы, які таксама хаваўся ў лесе, выйшаў у тыл таму, хто страляў, і хутка ўсё скончылася. На вялікае зьдзіўленьне, лясным стралком выявіўся паліцыянт, што праходзіў, відаць, у сваіх справах па гэтых месцах. Паліцыянта закапалі разам са зброяй пад тым самым кустом, з-за якога ён страляў. Ці ведаў хто ў горадзе, дзе і якім чынам скончыў ён сваё жыцьцё?

Адзіным чалавекам сярод немцаў, хто калі не зьдзіўляўся, дык захапляўся вонкавым спакоем, што панаваў у раёнах зь сялянскай самааховай, быў наш сымпатычны фэльдскамэндант. Усе вёскі з «Рэспублікі Зуева», як іх тады пачалі называць, незалежна ад раёну, былі ў фэльдкамэнданта ўважліва занесеныя на ягоную асабістую карту мясцовасьці. Камэндант быў асабіста знаёмы і з Зуевым, і з двума іншымі сябрамі Групы, датычнымі да справы сялянскай самааховы. Ці здагадваўся ён пра тое, што мы мелі зброю? Ня ведаю, да часу мы больш не ўспаміналі пра гэта. Але ж камэндант быў перадусім вайсковым чалавекам…

8 Восеньскі крызыс 1942 году

Нельга адмаўляць, што нашай Групе адразу ж моцна пашанцавала: цягам некалькіх месяцаў яна здолела дасягнуць шмат чаго, пра што раней не магла і марыць.

Тым ня менш, нягледзячы на посьпехі, а магчыма, і дзякуючы ім, Група патрапіла нібы ў нейкі тупіковы стан: і дагэтуль нявызначанае становішча яе рабілася з кожным днём усё больш цяжкім.

Асабліва сур’ёзны быў клопат пра далейшы лёс сялянскай самааховы, якую мы самі кінулі на такі рызыкоўны шлях. У гэтай справе крызыс адчуваўся асабліва моцна. Націск партызанаў узмацняўся. Партызаны падкідвалі Зуеву лісты, у якіх спачатку ўгаворвалі яго, а пасьля пачалі пагражаць. Выглядала, што партызаны рыхтуюць сур’ёзны напад на гнёзды сялянскага супраціву, каб за адным разам скончыць зь ім. Нашае ўлюбёнае дзіця — сялянская самаахова — апынулася ў безвыходным становішчы паміж молатам і кавадлам. Больш чакаць было нельга. Мы вырашылі не спыняцца ні перад чым і — чаго б нам гэта ні каштавала — дастаць ад немцаў афіцыйны дазвол хоць на адну вінтоўку на вёску. Толькі гэта й магло выратаваць становішча. Калі б хто ведаў, якіх высілкаў нам гэта каштавала! Пакутліва цяжкім стаўся гэты пэрыяд; ён ледзь не давёў нас да сваркі з нашым сябрам-палкоўнікам з фэльдкамэндатуры. Зуеўская вёска Гендзікі, як і некаторыя іншыя «нашыя» вёскі, разьмясьцілася на беразе вялікага возера. Фэльдкамэндатура аб’ядалася ў нас сьвежай рыбай. Самагонку для фэльдкамэндатуры ды штабу арміі прывозілі бочкамі. Але і цяпер вельмі цяжка сказаць, што мела для палкоўніка найбольш важнае значэньне: ці бясконцыя турбаваньні, ці жывая рыба, дасланая ім у штаб, ці тое, што набліжаўся збор ураджаю, ці апошняя выдумка нашага барона-фэльдскамэнданта, які паведаміў у штабе арміі, што бяззбройныя сяляне адабралі ў партызанаў вінтоўкі ды просяць пакінуць іх для аховы сваіх вёсак. Але ўрэшце дазвол на восем вінтовак быў-такі атрыманы. Закладнікаў, якіх мы ўвесь час прапаноўвалі з свайго асяродку ўзамен за стрэльбы, немцы пры гэтым не ўзялі, але тры чалавекі з Групы ўсё ж такі мусілі адказваць сваёй галавой за зброю. Немцам падабаюцца штучкі такога кшталту. Што азначае ў дадзеным выпадку «адказваць», было зусім незразумела; але мы, радыя, не хацелі нават нічога ўдакладняць.

Радасьці ў Групе ды ў вёсках не было межаў. Але час марнаваць было нельга. Наш «генэралісімус» М. Зуеў аддаў загад зараз жа падняць з дна возера дзьве скрыні вінтовак і прывесьці іх у баявую гатоўнасьць. У мясцовай сялянскай кузьні фабрычныя нумары на зброі зьнікалі нібы пасьля чараўніцтва, а на іх месца набіваліся новыя. І — вось дык цуд — што ні вінтоўка, усё адзін і той жа нумар, да таго ж той самы, які быў пазначаны ў дазволе фэльдкамэндатуры. І гэтак на кожны камплект зь пяці вінтовак. На вясковым участку полацкага фронту «жыцьцё стала лягчэйшае, жыцьцё стала весялейшае», як казаў таварыш Сталін. Але да Сталіна, пасьля атрыманьня дазволу на вінтоўкі, мы пачалі ставіцца неяк звысоку: цяпер мы сапраўды мелі ўласнага генэралісімуса, бо сорак вінтовак — гэта ня жарт!

Амаль у гэты самы час на іншым участку фронту, у самім горадзе Полацку, высьпяваў надзвычай сур’ёзны крызыс, які, аднак, неўзабаве атрымаў наколькі нечаканае, нагэтулькі ж і спрыяльнае вырашэньне. Адным ясным жнівеньскім днём да будынку фэльдкамэндатуры пад’ехалі на сваім аўто ортскамэндант зь перакладчыкам, бургамістар гораду ды кіраўнік паліцыі. Выгляд ува ўсіх чатырох быў змрочны ды заклапочаны. Ортскамэндант прыехаў дзеля таго, каб дамовіцца пра пасылку карнай экспэдыцыі супраць некалькіх неспакойных вёсак. Абставіны былі наступныя. Напярэдадні расейская паліцыя выпадкова знайшла каля адной з гэтых вёсак замардаваны труп нямецкага салдата. Усё паказвала на тое, што гэта справа мясцовых сялянаў. Паліцыя ўжо даўно назірала за імі, іх абвінавачвалі ў наступных цяжкіх злачынствах: перахове савецкіх парашутыстаў, незаконным утрыманьні зброі ды неаднаразовых спробах падрыву блізкай чыгункі. Ня менш пераканаўчым доказам вінаватасьці няшчасных вёсак, чым труп салдата, ужо перавезены ў горад, служылі некалькі захопленых лістоў ад нейкага кіраўніка партызанскага атраду да аднаго зь сялянаў вышэйазначаных вёсак.

Справа была зразумелая і простая. Усе ўчатырох прадстаўнікі ўлады на чале з ортскамэндантам патрабавалі самых неадкладных захадаў, жорсткага пакараньня дзеля навукі іншых. Яны лічылі патрэбным паслаць на расправу добрую вайсковую частку. Калі пры ператрусе яна знойдзе ў вёсках, якія згадваліся ў лісьце партызанскага кіраўніка, зброю — вёскі павінны быць зьмеценыя з твару зямлі. Калі зброі ня знойдуць, паліцыя арыштуе найбольш падазроных ды сама зоймецца далейшым вышукам. Усё было правільна, проста і зразумела, за выключэньнем аднаго: вёскі, якія зьбіраліся аддаць пад агонь ды меч, былі зуеўскія!

Палкоўнік забраў усе матэрыяльныя доказы для дакладу ў штаб арміі. Затым ён разьвітаўся з сваімі гасьцямі, выклікаў да сябе старэйшага лекара з гарнізону ды паехаў паглядзець на труп. Калі ўвечары таго ж дня я, айцец Іаан ды М. Зуеў пасьля тэрміновага выкліку ўваходзілі ў кабінэт да фэльдкамэнданта, ён — было відавочна — ужо прыняў нейкае рашэньне. Ён паведаміў нам сутнасьць справы, якую ведаў ад ортскамэнданта, ды задаў нам колькі кароткіх пытаньняў. Адчувалася, што ён разьюшаны бязьмежна. Нашыя ўрокі, відавочна, не прайшлі дарэмна: палкоўнік разумеў, што гэта — грубая фальшыўка, разьлічаная на ня вельмі выкшталцоны нямецкі густ. Агляд цела толькі пацьвердзіў гэтую імавернасьць: труп быў нясьвежы, а нямецкі вайсковы мундзір, завялікі ды зашырокі, быў апрануты на яго значна пазьней пасьля сьмерці. Шмат што паказвала на тое, што нябожчык увогуле ня немец. Палкоўнік цягам гэтага нашага візыту быў незвычайна стрыманы. Ён нічога не казаў нам пра свае пляны і, здаецца, упершыню за ўвесь час нашага знаёмства разьвітаўся з намі неяк няўважліва. Мы ня ведалі, калі сыходзілі, чаго цяпер трэба чакаць.

Дом, у якім я тады жыў у Полацку, знаходзіўся якраз насупраць двара, у глыбіні якога была кватэра кіраўніка расейскай паліцыі. На наступны дзень раніцою, калі я завязваў гальштук перад адыходам на працу, я ўбачыў у акне невялікую групу нямецкіх салдат з зброяй, якія на чале з унтэр-афіцэрам хутка накіраваліся праз браму ў двор. Яны мелі нейкі незвычайны, надта ўсклапочаны выгляд. За кубкам гарбаты я ўсё паглядаў ды паглядаў у акно, але група не вярталася. Гэтак і не дачакаўшыся яе, я пайшоў на працу. Чым далей я ішоў, тым больш на маім шляху траплялася ўзброеных салдат. У цэнтры гораду яны стаялі ўжо правільнымі, хоць і ня надта шчыльнымі шэрагамі з абодвух бакоў вуліцы, куды толькі сягала вока. Было цалкам зразумела, што ў горадзе знаходзіцца нейкае новае вялікае вайсковае злучэньне. Людзі былі ў пыле, яны прыйшлі здалёк. Мінакі стаялі групкамі, няўцямна пазіралі адзін на аднаго ды перашэптваліся між сабою. Якраз у той самы момант, калі я пераступіў парог гарадзкой управы, увесь пешы рух быў спынены: кожны павінен быў спыніцца там, дзе яго захапіла гэтая апэрацыя. Пачалася пагалоўная праверка дакумэнтаў. Тыя, што правяралі, мелі велізарныя сьпісы, у якія яны ўвесь час зазіралі. Некалькі чалавек зь ліку супрацоўнікаў магістрату былі арыштаваныя на працы. Затым да дзьвярэй будынку прыставілі ахову ды пайшлі. Час у чаканьні ды невядомасьці цягнуўся паволі. Нехта сеў за працу. Але раптам, гадзіны празь дзьве, каля акна паведамілі, што салдаты сыходзяць. Яны зьніклі з гораду гэтак жа хутка, як і зьявіліся. Варта каля дзьвярэй таксама была зьнятая. Большасьць службоўцаў зараз жа пайшлі дахаты.

Без усялякай папярэдняй дамоўленасьці ўся Група ўвечары таго самага дня сабралася ў кельлі айца Іаана. Толькі цяпер зьявілася нейкая магчымасьць прааналізаваць усё тое, што здарылася. Вось дык палкоўнік! Усім было зразумела, што гэта справа ягоных рук. Пра колькасьць арыштаваных яшчэ не было вядома ў горадзе, але яна вымяралася сотнямі. Перакладчык ортскамэндатуры, бургамістар гораду, кіраўнік паліцыі, усе загадчыкі аддзелаў гаруправы ды шматлікія перакладчыкі пры нямецкіх установах апынуліся пад арыштам. Ператрусы ў іх працягваліся амаль усю ноч: уздымалі падлоіу, раскідвалі печы, ламалі столі, пераварочвалі гарышчы ды хлявы. Тады ж ці трохі пазьней мы даведаліся пра вынікі некаторых ператрусаў. Напрыклад, пры ператрусе ў перакладчыка ортскамэндатуры знайшлі пад падлогаю сьпісы ўсіх камуністычных арганізацыяў гораду, плян дыспазыцыі нямецкіх войскаў, пералік вайсковых злучэньняў ды частак, а таксама вайсковых грузаў, якія праходзілі праз горад цягам апошняга месяца. Акрамя таго, у яго, гэтаксама як і ў бургамістра гораду, былі знойдзеныя сьвежыя савецкія інструкцыі ды прадпісаньні, партызанскія яўкі, шыфры, усялякія дакумэнты, нямецкія блянкі, штампы ды пячаткі. Сярод іншых цікавых рэчаў у перакладчыка знайшлі ягонае ўласнае савецкае пасьведчаньне асобы, якое было выдадзена Ленінградзкім акруговым аддзяленьнем НКВД. Пры першых арыштах немцы кіраваліся, галоўным чынам, сьпісамі гарадзкой арганізацыі УКП(б) часоў 1941 году, якія, дзякуючы акружэньню, цалкам трапілі ў іхныя рукі. З тых часоў шмат што зьмянілася. Цэлы шэраг галоўных мясцовых камуністаў да восені 1942 году ўжо патрапілі ў партызаны; і наадварот, многія новыя, невядомыя да таго часу асобы ў горадзе, як, напрыклад, кіраўнік банку ці сам перакладчык ортскамэндатуры, прыбылі невядома адкуль. Таму сьпісы, знойдзеныя ў перакладчыка, уяўлялі асаблівую важнасьць і пры наступных арыштах, і асабліва цягам сьледзтва.

Пасьля атрыманьня сьпісаў агульны малюнак ды ўсе дэталі сталі больш зразумелыя для немцаў, чым для нас. Большасьць арыштаваных былі службоўцы. Рабочых налічвалася надзвычай мала, слабадзкіх сялянаў не было зусім. Сярод царкоўных асобаў усіх веравызнаньняў ня быў арыштаваны ніхто.

Сьледзтва па справе цягнулася ня менш за месяц, а магчыма, і значна больш: мы гэтак і не даведаліся дакладна, калі яно скончылася. Яго вынікі, на жаль, таксама засталіся амаль невядомымі. У горад зьвесткі не праточваліся зусім; а наш фэльдкамэндант нават найбольш добра знаёмым сябрам Групы не паведаміў нічога, акрамя колькіх агульных выразаў накшталт «Вы мелі рацыю ўва ўсім» ці «Вы ня можаце сабе ўявіць, што яны тут нарабілі!». І гэта была ўся інфармацыя. Кіраваў арганізацыяй пасьля арышту ды расстрэлукіраўніка банку, відавочна, перакладчык ортскамэндатуры.

Празь некалькі дзён многіх арыштаваных пачалі выпускаць за невінаватасьцю; аднак, адначасна з гэтым, настала хваля новых арыштаў. У выніку, паводле нашых падлікаў, якія мы выканалі ўжо ў 1943 годзе, з турмы не вярнулася ад 125 да 130 чалавек.

Ёсьць падставы думаць, што асобы, якія былі прызнаныя вінаватымі, патрапілі ў тры розныя асноўныя катэгорыі: адны былі расстраляныя тут, у Полацку, другіх выправілі ў Нямеччыну, а трэція адбывалі прымусовую працу недзе пад Смаленскам. Апошнія час ад часу ліставаліся з сваякамі ў Полацку, хоць цывільная пошта тады не працавала. Частка зь ліку гэтых апошніх да вясны 1944 году нават вярнулася дамоў, у Полацак, на сталае жыхарства. Яны атрымалі звычайны на той час для ўсіх астатніх расейска-нямецкі дазвол на жыхарства і пераважна былі прапісаныя ў сваіх старых кватэрах.

9 Новая эра

Немцы, якія прыйшлі ў Расею нібы з завязанымі вачыма, за год акупацыі шмат чаму навучыліся. Вырашальным фактарам акупацыйнай эвалюцыі да лепшага былі ваенныя няўдачы немцаў. Але й досьвед арганізацыі цывільнага жыцьця на занятай тэрыторыі ды непасрэднае сутыкненьне з расейскімі людзьмі павінны былі абавязкова мець нейкую сваю, значную ролю. Зрэшты, пра горад Полацак ды навакольныя раёны можна было сьмела казаць, што пасьля арышту камуністаў там настала нібы новая эра акупацыі.

Расейскае цывільнае кіраваньне было цалкам абезгалоўлена пасьля арыштаў. Фэльдскамэндант запрасіў да сябе некалькі чалавек з нашай Групы, у тым ліку й мяне, каб параіцца пра тое, якім чынам лепш за ўсё замяніць вызваленыя пасады. Мы былі да гэтага гатовыя: у нас быў сьпіс галоўных кандыдатаў; але мы мелі намер надаць зьмене ўлады ў вачох немцаў як мага больш грамадзкі характар. Мы настойвалі на тым, што толькі кругавая парука можа гарантаваць сталы спакой у горадзе, падтрымку новых расейскіх уладаў, а значыць, і немцаў з боку цывільнага насельніцтва ды прадухіліць магчымасьць усялякіх небясьпечных нечаканасьцяў. Вельмі баяўся фэльдкамэндант нават прывіду «адказнага міністэрства», але пасьля дзьвюх з паловай гадзінаў ажыўленай размовы саступіў. Паміж намі была заключаная канфідэнцыйная дамова «аб дружбе ды ўзаемнай падтрымцы ў меру магчымасьці», якую, дарэчы, стары нямецкі джэнтэльмэн ніводнага разу пасьля не парушыў.

Згодна з гэтай дамоўленасьцю мы, хоць і «неафіцыйна», сабралі ў памяшканьні фэльдкамэндатуры ня толькі ўсю Групу цалкам, але й некаторых прыхаджанаў, старых жыхароў гораду. Паседжаньне доўжылася не адну гадзіну. Вылучаныя на ім людзі, якіх усе ведалі ды паважалі, перакананыя ворагі савецкай улады, былі зацьверджаныя фэльдкамэндатурай без усялякіх выняткаў і зараз жа ўзяліся за працу. Да 75 % незанятых да гэтага часу сяброў Групы былі прызначаныя на адказныя пасады ў гарадзкой ды раённай управах. Айцец Іаан дзеля свайго сану й фізычнай слабасьці не атрымаў ніякага новага прызначэньня, хоць на гэтым настойвалі як немцы, гэтак і сябры імправізаванай рады; я па-ранейшаму застаўся на чале царкоўнага аддзелу.

Адзінай галіной, дзе ні нам, ні справядліваму фэльдкамэнданту не ўдалося дасягнуць ніякіх паляпшэньняў, была паліцыя. Пагадзіцца на тое, каб замяніць сваімі людзьмі арыштаванае чынавенства з паліцыі, азначала пасадзіць добрасумленных людзей у асінае гняздо. Патрэбная была не частковая, а поўная зьмена ўсяго асабістага складу паліцыі; але Гестапа не жадала пра гэта нават слухаць. Улада фэльдкамэндатуры не пашыралася на Гестапа. Таму мы вырашылі, што гэтым разам, магчыма, будзе лепш, калі мы адмовімся пасылаць сваіх людзей у паліцыю. Пры тых акалічнасьцях, што склаліся, нам было зручней ды бясьпечней, замест таго каб праслойваць добрымі людзьмі дрэнную ўстанову, стварыць у супрацьвагу гестапаўскай паліцыі сваю ўласную ўзброеную сілу. Пачаткам такой сілы ўжо зьяўляліся нашыя аддзелы сялянскай самааховы.

Паседжаньні Групы пры новым раскладзе рэчаў праходзілі штотыдня. Насельніцтва пра іх па-ранейшаму нічога ня ведала, бо яны, як і раней, ладзіліся неафіцыйна ў розных месцах, а часьцей за ўсё — у памяшканьні пашыранага цяпер царкоўнага аддзелу, які атрымаў у сваё распараджэньне невялікі дамок. За ўсе свае дзеяньні гарадзкія службоўцы — сябры Групы, у тым ліку абодва бургамістры, гарадзкі ды раённы, несьлі адказнасьць найперш перад Групай. Усе найважнейшыя мерапрыемствы абмяркоўваліся ды вырашаліся толькі супольна.

У Групе быў старанна распрацаваны плян дзеяньняў на даволі працяглы кавалак часу. Пра яго можна скласьці некаторае ўяўленьне, калі пералічыць асноўныя акцыі, зьдзейсьненыя цягам зімы 1942/43 году.

A. Зьмена палітычнага ды агульнага курсу ў працы расейскіх установаў.

Б. Барацьба з хабарніцтвам складала адзін з найпершых нашых клопатаў.

B. Разьмеркаваньне зямлі пад агароды. Зямля, як ужо было неаднаразова паказана, зьяўлялася ці не галоўным сродкам дабрабыту падчас акупацыі. Вельмі шмат увагі надавалася справядліваму разьмеркаваньню зямлі яшчэ пачынаючы зь зімы. Назіраць за разьмеркаваньнем павінен быў кіраўнік кватэрнага аддзелу, а само разьмеркаваньне было даручана камісіі ў складзе трох вольных ад службовых абавязкаў сяброў Групы, у тым ліку М. Зуеву, што жыў па-за межамі гораду. На Зуева ў гэтай справе мы ўскладалі асаблівую адказнасьць.

Здаецца, мы задаволілі зямлёю ўсіх, тым больш што пуставала яе ў горадзе шмат. Зрэшты, цягам двух гадоў непаразуменьняў ды скаргаў на дрэннае разьмеркаваньне амаль не было, калі не лічыць некалькіх сур’ёзных сутычак з паліцыянтамі, якія прызвычаіліся ўжо хапаць усё, што ім падабалася. Але, маючы за сабой чыстае сумленьне, спрыяньне з боку фэльдкамэндатуры і, галоўнае, вінтоўкі Зуева, камісія магла зусім не лічыцца зь незаконнымі патрабаваньнямі паліцыянтаў.

Г. Рэарганізацыя школы была адной з самых цяжкіх ды тэрміновых справаў. Наверсе — немцы, якія маюць намер скарачаць праграмы, выкідаць асобныя прадметы ды ўводзіць беларускую мову. Зьнізу — настаўнікі-камсамольцы, малаадукаваныя ды поўныя савецкага імпэту.

Пасьля нялёгкай барацьбы зь немцамі да вясны 1943 году ўдалося дабіцца таго, каб былі залічаныя ў школьную праграму Закон Божы ды геаграфія Расеі. Што тычыцца гісторыі, у тым ліку расейскай, то сыстэматычныя лекцыі па гэтым прадмеце для моладзі, і тое па-за сьценамі школы, удалося распачаць толькі ўвосень 1943 году.

З пэдагагічным пэрсаналам было яшчэ цяжэй. Частка найбольш актыўных настаўнікаў-бальшавікоў апынулася пад арыштамі; другія пасьля крызысу пайшлі ў партызаны; трэціх давялося перавесьці на іншую, менш адказную працу. Зь вялікай цяжкасьцю ўдалося вярнуць да пэдагагічнай дзейнасьці частку былых выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў ды тэхнікумаў, якія пры немцах у большасьці працавалі ў нямецкіх гаспадарчых установах. Зь ліку апошніх былі прызначаныя й дырэктары школ. Нейкі аддалены добры ўплыў на іншыя школы зрабіла новая, створаная ўлетку 1943 году, навучальная ўстанова — пастырскія курсы. Апошнія падпарадкоўваліся нават не царкоўнаму аддзелу (г. зн. не гаруправе), а адноўленай Епархіяльнай управе і ня мусілі трымацца ніякіх нямецкіх інструкцыяў у сэнсе праграмы. Рэктарам курсаў быў сьвятар, сябра Нацыянальна-працоўнага саюзу, настаяцель Сафійскага сабору. Выкладчыкамі — розныя асобы, пераважна непрафэсіяналы зь ліку гарадзкой каляцаркоўнай інтэлігенцыі. Слухачамі — моладзь зь мясцовых школ і з раёнаў. Без аніякага староньняга ўмяшальніцтва мы зьбіралі ды разьвівалі на пастырскіх курсах сваіх маладых сяброў. Зусім ня кожны зь іх зьбіраўся прысьвяціць сябе духоўнай працы. Мы нікому не адмаўлялі. Праз гэтую моладзь мы ўсталёўвалі свой дадатковы ідэйны ўплыў на астатнія школы.

Новыя падручнікі для школ, замест савецкіх, нам удалося нарэшце выпісаць з Рыгі праз фэльдкамэндатуру. Гэта былі падручнікі на расейскай мове, што чыста мэханічным шляхам вырашыла пытаньне пра беларусізацыю школ. Пасьля атрыманьня падручнікаў немцы перасталі настойваць на абавязковым выкладаньні ўсіх прадметаў па-беларуску.

Д. Умацаваньне рэлігійнага жыцьця ў выніку бесьперапыннай карпатлівай працы працягвалася сваім чарадом. Рамонт храмаў ішоў поўнай хадой; ужо да пачатку лета 1943 году мы пасьпелі адчыніць два новыя храмы. Да гэтага часу канчаткова аформіўся арганізацыйна ды быў прызнаны юрыдычна жаночы манастыр, у якім налічвалася 35–40 манашак. Да восені ў манастыр удалося зь вялікімі ўшанаваньнямі перавесьці зь Віцебску парэшткі заснавальніцы гэтага самага манастыра Сьвятой Эўфрасіньні, князёўны Полацкай, якія раней перахоўваліся ў бальшавікоў у антырэлігійным музэі.

Е. Пашырэньне і павелічэньне колькасьці зброі ў сялянскай самаахове было і заставалася нашай галоўнай турботай. Пасьля столькіх, амаль безвыніковых, намаганьняў нас нарэшце напаткаў нечаканы посьпех.

Хутка пасьля гарадзкога крызысу на зуеўскую цытадэль напалі партызаны. Цяжка давялося б сялянам, калі б яны мелі ў сваім распараджэньні толькі тыя восем вінтовак, на якія яны мелі дазвол ад фэльдкамэндатуры. Партызаны, відаць, не чакалі сур’ёзнага супраціву. Кінуўшы на гэтую апэрацыю некалькі дзясяткаў добра ўзброеных людзей, яны былі ўпэўненыя ў лёгкай перамозе. За найбліжэйшым лесам яны пакінулі свае вазы, на якіх прыехалі і на якіх зьбіраліся везьці назад палонных ды нарабаваную маёмасьць.

Дзякуючы лістам з пагрозамі ды некаторым іншым прыкметам, Зуеў чакаў нападу і добра падрыхтаваўся да яго. Толькі нязначная частка ягоных «узброеных сілаў», нейкія 7–8 чалавек заставаліся на ноч у вёсцы ды трымалі ахову ў акопах на яе ўскрайку. Астатнія складалі сілу галоўнага рухомага ўдарнага аддзелу пад камандаваньнем самога Зуева, гэтыя апошнія пасьля таго, як цямнела, адыходзілі куды-небудзь у лес, у яр ці ў прыдарожны хмызьняк. Сакрэты былі пастаўленыя з усіх бакоў і ў дастатковай колькасьці. Дзеля сувязі трымалі хлапчукоў у веку 12–15 гадоў.

Калі атрад падпітых партызанаў, неасьцярожна прасоўваючыся ў цемры, наблізіўся да вёскі Гендзікі, Зуеў з сваім ударным аддзелам пайшоў за ім сьледам. На ўскрайку партызаны апынуліся паміж акопам «першай лініі аховы» сьпераду ды ўдарным аддзелам — ззаду. Гэта быў самы ўдалы момант дзеля таго, каб распачаць ваенныя дзеяньні. Раней чым партызаны пасьпелі пра нешта здагадацца, некалькі дружных стрэлаў выкасілі іх шэрагі амаль цалкам. Тыя, што засталіся жывыя, кінуліся хто куды. Палонных ня бралі, усё было скончана літаральна за некалькі хвілінаў. Вінтоўкі, аўтаматы, ручныя гранаты, пісталеты і адзін ручны кулямёт сталі лёгкай здабычай пераможцаў. Зуеў стратаў ня меў. Гэтая апэрацыя паказала немцам як сур’ёзную небясьпеку з боку партызанаў, гэтак і эфэктыўнасьць сялянскай самааховы. Яна дала нам новую нечаканую магчымасьць вырваць у немцаў дазвол яшчэ на 50 вінтовак, на некалькі аўтаматаў і пісталетаў, а таксама на ручны кулямёт. Такім чынам, можна было далей разгортваць сялянскую самаахову.

Ж. Спроба зьменшыць пакуты ваеннапалонных была спраектавана ў Групе ўжо даўно. Але справа была нялёгкая, ды й іншыя падзеі гарадзкога жыцьця моцна яе затрымлівалі. У лягеры панаваў жудасны чырвоны тэрор. У лягерох улада цалкам належала лягернай паліцыі, якая ўся складалася з былых палітрукоў. Гэтыя людзі дзейнічалі ў кантакце зь лягерным нямецкім кіраўніцтвам ды дапамагалі яму красьці і так небагатыя пайкі вязьняў. Больш за ўсё яны баяліся зычлівых стасункаў паміж ваеннапалоннымі ды немцамі.

У лягеры адбывалася амаль тое самае, што і ў горадзе, толькі ў яшчэ больш жудаснай форме. Гэта было сапраўднае пекла. Адбіралі ежу ў галодных людзей, страшэнна зьбівалі гумовымі палкамі, выкарыстоўвалі надзвычай жорсткія сродкі пакараньня, часьцяком зусім непатрэбныя, — часьцей за ўсё гэтым займаліся «свае», ня немцы. Крытычнае стаўленьне да савецкай улады зараз жа каралася «ціхай» сьмерцю. Толькі пасьля таго як камуністы былі адрынутыя ад улады ў горадзе, Група здолела зрабіць рашучыя крокі ў дачыненьні да лягеру ваеннапалонных.

Спачатку ў лягеры адбылася зьмена нямецкага кіраўніцтва; затым адтуль адразу ж была выдалена расейская паліцыя. З астатнімі здраднікамі (а іх налічвалася нямала) ваеннапалонныя расправіліся ў першую ж ноч сваімі сіламі. Немцы гэтаму не заміналі.

Трошкі пазьней агульнымі высілкамі ўдалося дастаць ад немцаў дазвол зьбіраць у горадзе харчаваньне для ваеннапалонных (галоўным чынам бульбу ды іншую гародніну). Але гэтага не хапала; таму бульбу час ад часу вазілі наўпрост з гарадзкіх складоў, што было незаконна. Крадзеж бульбы на карысьць ваеннапалонных хаваўся супольнымі намаганьнямі супрацоўнікаў прадуктовага аддзелу.

Да гэтага самага часу адносяцца яшчэ два грамадзка-палітычныя мерапрыемствы, пра якія я лічу неабходным паведаміць некалькі словаў. Гаворка ідзе пра раскопкі парэшткаў «архітэктурнага ансамблю» НКВД у горадзе Полацку і пра раскопкі брацкіх магілаў прыбалтыйскіх народнасьцяў каля гораду Улы.

Пра раскопкі парэшткаў камбінату НКВД, які быў зруйнаваны падчас бамбаваньня й пажару яшчэ ў 1941 годзе, неаднаразова хадайнічаў перад гаруправай шмат хто з жыхароў гораду. Дазвол на гэтыя раскопкі нарэшце быў атрыманы. Гэта была магчымасьць паказаць шматлікія «цуды» камуністычнага правасудзьдзя, а менавіта: басэйн з халоднай вадой, пры дапамозе якога на зацяжных допытах няшчасных вязьняў то тапілі, то зноў адкачвалі; камэры, у якіх «падсмажвалі» ці, наадварот, падмарожвалі людзей, жадаючы прымусіць іх аддаць схаванае золата; «апэрацыйную залю», дзе над людзьмі з мэтай катаваньня праводзіліся розныя «хірургічныя» апэрацыі; і шмат чаго іншага. Асобы, якім удалося выжыць пасьля допытаў і хто яшчэ жыў пры немцах у Полацку, апавядалі, што ўсе гэтыя «апэрацыі» праводзіліся пад наглядам і кіраўніцтвам маладзенькай жанчыны-лекаркі, якая зьнікла з гораду ў першыя ж дні вайны пасьля прыходу немцаў.

З засыпаных сутарэньняў будынку былі адкапаныя склады адзеньня расстраляных. Адзеньне гэтае паклалі на велізарным двары былога НКВД дзеля таго, каб на яго маглі паглядзець усе жыхары гораду. Якія немагчымыя сцэны адбываліся тут! У першы дзень на месца раскопак зьбегліся ўсе жыхары гораду: жонкі пазнавалі адзеньне мужоў, дзеці — бацькоў, бацькі — дзяцей. Самым жудасным момантам было, калі немаладая жанчына, якая пэўны час пазірала на ўсё амаль безь цікавасьці, раптам убачыла скрываўленую сукенку сваёй дачкі, яіую яна спадзявалася знайсьці жывою. Ейную дачку арыштавалі перад самай вайною і, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, нібыта пераправілі ў Маскву ў якасьці сьведкі па нейкай моладзевай справе. Маці падумаць нават не магла, што яе дачку насамрэч расстралялі тут, у Полацку.

Брацкія магілы каля Улы паказалі немцам мясцовыя сяляне. Гісторыя гэтых магілаў наступная. Улетку 1941 году бальшавікі гналі этапам з Прыбалтыкі калёну арыштаваных прыблізна ў 3000 чалавек. Гэта былі найлепшыя прадстаўнікі інтэлігенцыі з Эстоніі, Латвіі, Літвы: лекары, адвакаты, прафэсары, журналісты і г. д. У большасьці людзі старэйшага веку і нават зусім старыя. Вестка пра пачатак вайны спаткала калёну на этапе. На загад зьверху ўсе тры тысячы былі зараз жа перабітыя канвоем проста на дарозе: у іх стралялі, іх закідвалі ручнымі гранатамі, калолі штыкамі. Некалькі чалавек зь мясцовага насельніцтва, якія выказалі занадта вялікую цікаўнасьць да падзеяў, таксама былі забітыя канвоем ды пахаваныя разам з балтыйскай інтэлігенцыяй.

Час трагедыі, сродкі, якімі былі зьдзейсьненыя забойствы, сацыяльная ды нацыянальная прыналежнасьць пагіблых не выклікалі ніякага сумневу. Раскопкі цалкам пацьвердзілі аповеды мясцовых сялянаў. Разам з усімі забітымі былі знойдзеныя дакумэнты, якія захаваліся ў нядрэнным стане.

10 Партызаны

Чаму ж адны сяляне зрабіліся прасавецкімі партызанамі, а іншыя — антысавецкімі? І ці магло ўсё скласьціся інакш пры нейкіх іншых умовах? На ўсе гэтыя пытаньні цяпер, больш чым калі ў іншы час, трэба даць правільны й вычарпальны адказ. Апошні бой з камунізмам — трэцяя сусьветная вайна — набліжаецца, і завяршэньне яго будзе залежаць ня толькі ад таго, на чыім баку апынецца больш атамных бомбаў, але таксама ад таго, ці будуць падчас вайны чырвоныя партызаны гуляць у «дэмакратычным» тыле, ці, наадварот, «дэмакратычныя» партызаны — у тыле савецкім.

Некалькі прыкладаў, якія будуць паказаныя ніжэй у гэтым расповедзе, яшчэ дапамогуць разабрацца ў чалавечых адносінах пасярэдзіне непазьбежнага трохкутніка, які складаўся зь немцаў, расейцаў і бальшавікоў.

У той час, калі на занятай немцамі тэрыторыі расейскія ваеннапалонныя ды мясцовыя сяляне яшчэ спадзяваліся, што немцы дазволяць ім змагацца супраць Сталіна, а пра партызанскі рух яшчэ ніхто і ня згадваў, у Маскве ды іншых вялікіх гарадох Савецкага Саюзу ўжо пачыналася фармаваньне вучэльных партызанскіх камандаў. Яны камплектаваліся з добраахвотнікаў і партыйнай моладзі — як цывільнай, так і вайсковай. Зімою 1941/42 году курсантаў вучэльных партызанскіх камандаў пачалі скідаць на парашутах (групамі па 5–8 чалавек ці паасобку) у глыбокі нямецкі тыл. Выконваючы заданьне савецкага кіраўніцтва, яны мусілі заснаваць першыя партызанскія атрады з шэрагаў мясцовага насельніцтва і стаць іх першымі камандзірамі.

Глеба была выразна неспрыяльная, а зіма — сьнежная ды халодная. Усю зіму скінутыя парашутысты мужчынскага ды жаночага полу добраахвотна заяўляліся да немцаў і здаваліся ў палон. Гэта было настолькі звычайнаю зьявай, што немцы зусім перасталі імі цікавіцца. Акрамя таго, у немцаў адразу ж склалася няправільнае меркаваньне пра партызанскі рух увогуле: яны вырашылі, што гэта безнадзейная і несур’ёзная справа. Зіма скончылася, настала цёплае надвор’е, хавацца ў лесе зрабілася шмат лягчэй. Насельніцтва, між тым, ужо пасьпела ў значнай ступені расчаравацца ў немцах і знаходзілася цяпер у стане, так бы мовіць, няўстойлівай палітычнай раўнавагі. Палонныя, даведзеныя да адчаю ўмовамі ўтрыманьня ў лягеры, не лічыліся ні зь якаю рызыкай: яны зьдзяйсьнялі ўцёкі й хаваліся ў лясох ды вёсках. Ім не было куды падзецца. Кожную ноч прыляталі савецкія самалёты, скідаючы ўсё новых і новых парашутыстаў. Апошнія перасталі добраахвотна здавацца немцам. Пры іх дапамозе зь ліку зьбеглых ваеннапалонных пачалі засноўвацца першыя мясцовыя партызанскія атрады.

Да восені партызаны нагэтулькі актывізаваліся, што больш ці менш асталяваліся ў некаторых аддаленых раёнах, выбіраючы для гэтага галоўным чынам лясныя ды моцна забалочаныя мясцовасьці. Праезд па астатніх дарогах хоць і быў не зусім бясьпечным, але ўсё ж у большасьці кірункаў мог быць прызнаны вольным да глыбокай восені 1942 году. І немцы на аўтамабілях, а гарадзкія ды раённыя службоўцы на конях увесь час езьдзілі з Полацку ў Віцебск, у Дрысу, у Улу ды іншыя месцы. Толькі некаторыя кірункі, як, напрыклад, на Расоны ці на Дрэтунь, лічыліся надзвычай небясьпечнымі. Паблізу былой чыгуначнай станцыі «Палата» адбываліся нават сутычкі з партызанамі.

Вялікі, відаць, зборны партызанскі атрад, гэтак удала зьнішчаны Зуевым увосень 1942 году пры нападзе на вёску Гендзікі, мяркуючы з забраных у забітых дакумэнтаў, на тры чвэрці складаўся не зь беларускіх сялянаў, а з парашутыстаў ды былых ваеннапалонных. Гэта было па-свойму паказальна, але ўжо не характэрна для таго часу, бо тады ў склад большасьці атрадаў уваходзіла ня менш, а больш за 50 % гвалтоўна мабілізаваных сялянаў. Да восені 1942 году ўва ўсіх атрадах стаў адзначацца рэзкі «клясавы» падзел на «паноў» і «рабоў». Парашутысты, мясцовыя буйныя камуністы, а калі-нікалі і хтосьці з былых ваеннапалонных былі «панамі», мясцовыя жыхары — «рабамі». Мірнае цывільнае насельніцтва адзначала велізарную розьніцу паміж тымі ды іншымі.

Зімою 1942/43 году ў адным з аддаленых раёнаў, недзе за Расонамі, адбыўся партызанскі бунт: занадта шматлікія ў адсоткавым судачыненьні гвалтоўна мабілізаваныя сяляне пастралялі ўсіх парашутыстаў ды камуністаў і абвясьцілі сябе вольнымі і незалежнымі — «бязь немцаў і без бальшавікоў». Дыскі з адпаведнымі абвесткамі былі прыбітыя на многіх скрыжаваньнях дарог. Немцы даведаліся пра гэта зь вялікім спазьненьнем, ужо тады, калі бальшавікі пасьпелі высадзіць там нейкую групу з самалёта, якая спачатку паспрабавала ўгаварыць людзей, а пасьля, скарыстаўшы зь іх неарганізаванасьці, перастраляла ледзь не палову і такім чынам ліквідавала паўстаньне.

Росту партызанскага руху надзвычайна спрыялі дзеяньні спэцыяльных карных аддзелаў, якія знаходзіліся на службе ў немцаў. Хто, дзе, калі і паводле якога прынцыпу фармаваў гэтыя аддзелы, я, па праўдзе, ня ведаю, як ня ведаю, адкуль яны зьяўляліся і куды зьнікалі, выканаўшы сваю брудную справу. Гэтыя людзі, калі іх увогуле можна назваць людзьмі, не маглі дый не хацелі разьбірацца ў праўдзівай сытуацыі. Між тым, яны дзейнічалі даволі самастойна, часьцяком толькі згодна з сваімі меркаваньнямі, ад якіх шмат што залежала, дзейнічалі без разбору, хутка і з жахлівай жорсткасьцю. Калі яны часам і забівалі сапраўдных партызанаў, то сваімі жудаснымі паводзінамі на месца кожнага забітага зараз жа заганялі ў партызанскія атрады дзясяткі ды сотні новых. У большасьці выпадкаў яны каралі ні ў чым не вінаватае перад немцамі мясцовае насельніцтва, рабуючы, забіваючы, зьдзекуючыся ды палячы людзей жыўцом. Рабаўніцтва было іх галоўным стымулам, забойства ды зьдзекі — неад’емнай неабходнасьцю. Мы ведалі пра іх больш з чутак: у Полацкім раёне яны ніколі не зьяўляліся. Пра «геройствы» двух такіх аддзелаў на мяжы з Заходняй Беларусьсю — адзін нібыта латыскі, а другі нібыта эстонскі — я чуў ува ўсіх падрабязнасьцях ад людзей, якім пашчасьціла выпадкова выратавацца, у тым ліку ад праваслаўнага сьвятара. У апошняга партызаны забралі сына і згвалтавалі дачку. А на другі дзень прыйшоў карны аддзел, які спаліў ягоны дом, забіў тую самую няшчасную дачку ды моцна параніў самога сьвятара. Толькі выпадкова сьвятар здолеў застацца жывым.

Параза немцаў пад Сталінградам і наступны пасьля гэтага адыход па ўсёй лініі фронту спрыялі цягам лета 1943 году надзвычай шырокаму разьвіцьцю партызанскага руху. Цяпер ужо многія сяляне без прымусу, цалкам добраахвотна ішлі ў атрады. Яны адчулі, што хутка давядзецца трымаць адказ перад органамі НКВД за свае дзеяньні падчас акупацыі, і дзеля таго каб выратаваць сябе і свае сем’і, сьпяшаліся рэабілітаваць сябе — хай сабе й позьнім — уступленьнем у партызанскія атрады. Мне аднойчы давялося сустрэцца з групай сялянаў, што кіраваліся да партызан; шмат хто зь іх, дарослыя і яшчэ не старыя людзі, плакалі пры гэтым. Відаць, нават добраахвотнае ўступленьне ў партызаны не было для іх мёдам.

Зімою 1943/44 году немцы кантралявалі ўжо толькі галоўныя шляхі зносінаў паміж гарадамі ды іншымі больш-менш буйнымі населенымі пунктамі. Незвычайнымі выключэньнямі былі толькі акругі сялянскай самааховы. Яны, нягледзячы на выразнае набліжэньне паразы Нямеччыны, ня толькі не схіляліся перад напорам партызанскага мора, што іх атачала з усіх бакоў, але наадварот, увесь час працягвалі пашырацца, хоць і памалу.

Некалькі прыведзеных ніжэй прыкладаў яскрава паказваюць складаны малюнак жыцьця на занятай тэрыторыі.

Зімою 1942/43 году М. Зуеў у суправаджэньні кагосьці з аднавяскоўцаў і разам з дачкою-падлеткам паехаў у лес па дровы. Гэта было ня вельмі далёка ад дому, але ўсе ўтраёх былі добра ўзброеныя. Не пасьпелі яны асталявацца каля клады, як з-за дрэваў выйшаў чалавек з савецкім аўтаматам на шыі. Пасьля кароткага пярэпалаху высьветлілася, што ён адзін і ніякіх сутычак паміж бакамі не прадбачыцца. Чалавек, як выявілася, быў хоць і ня блізкім, але знаёмым: стараабрадцы ў Беларусі амаль усе паміж сабою знаёмыя ці нават сваякі. Селі, пагаманілі. Гэта быў тыповы прадстаўнік партызанскіх «рабоў». Ён шчыра апавёў, што яго прыслалі, каб выведаць пра сыстэму сялянскай самааховы, чым ён зусім ня мае намеру займацца; ён кляў, аж трава вяла, сваіх «камісараў». Зуеў прапанаваў яму кінуць атрад, але жонка ды дзеці партызана былі прадбачліва пакінутыя «камісарамі» ў якасьці закладнікаў. Становішча было безвыходнае. Партызан параіўся з Зуевым, што менавіта ён павінен данесьці ў свой штаб (без аніякіх зьвестак нельга было вяртацца), дапамог нагрузіць дровы, і «ворагі», па-сяброўску матлянуўшы шырокімі бародамі, разышліся кожны ў свой бок.

Але, як знарок, як на зьдзек лёсу, каб падкрэсьліць розьніцу ў дачыненьнях паміж людзьмі, празь месяц ці паўтара пасьля вышэйапісанай сустрэчы на гэтым самым месцы адбылася зусім іншая падзея.

Трое гендзікаўскіх сялянаў на двух конях ехалі ў лес па дровы. На павароце дарогі з гушчару гулка затараторыў аўтамат, і кулі пасыпаліся на пярэдні воз. Сяляне, што сядзелі на возе, былі адразу забітыя; конь зваліўся і біўся ў аглоблях, паліваючы сьнег чорнай крывёй. Трэці селянін, яшчэ дзяцюк, хутка сасьлізнуў з саняў і нырнуў у лес. Трое аўтаматчыкаў занадта позна заўважылі ягоныя ўцёкі, спачатку паспрабавалі дагнаць, але, згубіўшы аднаго з сваіх падчас перастрэлкі, адмовіліся ад перасьледу. Як толькі гэты селянін, якому ўдалося выратавацца, вярнуўшыся ў вёску, апавёў пра напад, Зуеў адразу паслаў на месца здарэньня свой аддзел. Партызанаў там ужо не было, але затое на сьвежым сьнезе добра былі відаць іхныя сьляды, і моладзь кінулася наўздагон. Двое партызанаў несьлі на сабе трэцяга, забітага ці цяжка параненага, і таму прасоўваліся вельмі павольна. Калі яны заўважылі перасьлед, кінулі ношу, але было ўжо запозна.

Пачалася перастрэлка, надзвычай нявыгадная для партызанаў: кулі іхных аўтаматаў не маглі прабіць тоўстых, прамерзлых дрэваў, прыкрываючыся якімі наступалі зуеўскія сяляне. Усіх трох партызанаў — двух забітых і аднаго цяжка параненага — прынесьлі ў вёску на руках, бо каня, запрэжанага ў другі воз, партызаны пасьля ўцёкаў гаспадара таксама застрэлілі. Згодна з дакумэнтамі, усе трое былі прафэсійнымі вайскоўцамі і партыйцамі, якіх нядаўна закінулі з СССР.

Пачынаючы ад восені 1943 году, калі партызаны ўжо вельмі памножыліся, яны ўвесь час падкладвалі міны ня толькі на дарогі, што вялі ў горад, але й на пешаходныя сьцежкі, а таксама на палі прыгарадных сялянаў, таму трэба было быць надзвычай асьцярожнымі падчас сельскагаспадарчых працаў. Нямецкія мінныя патрулі штодня правяралі галоўныя магістралі.

Падкладвалі партызаны міны і на тэрыторыі «Рэспублікі Зуева», як на дарогах, гэтак і на палёх. У раёнах сялянскай самааховы ролю мінных патрулёў паўсюль выконвалі хлопцы-падлеткі ўва ўзросьце ад 10 да 14 гадоў, і выконвалі яе выдатна. Кожную раніцу, як гарох, высыпалі яны на дарогі ды шукалі па ўсёй ваколіцы. Вочы ў іх былі проста выключныя. Асабліва пасьпяховымі ў пошуку замаскаваных мінаў былі заўзятыя вясковыя грыбнікі. Праверка адбывалася ня толькі зранку, але й цягам дня і выклікала ў моладзі надзвычайную цікаўнасьць. Хлопцы-мінашукальнікі былі паўсюль, і гэта падкінула ідэю мясцоваму «камандаваньню» даручыць ім адначасова і агульнае адсочваньне стану на мясцовасьці. Ім выдалі на кожную групу зь некалькіх чалавек аўтамат — і дзіцячаму гонару не было межаў. Яны былі надзвычай здольнымі і карыснымі выведнікамі. Ідзеш, напрыклад, ці едзеш па лесе ў кірунку вёскі Гендзікі — імгненна, нібы з-пад зямлі, вырастае сьпераду ці, яшчэ часьцей, ззаду гэтакі чупрыністы Том Соер. «Добры дзень, дзядзечка! А я ведаю: ты ідзеш да дзядзі Зуева». І зноў зьнік, нібы скрозь зямлю праваліўся, быццам яго ніколі і не было.

Ці іншая зьява. Сядзяць, як вераб’і, на дарозе хлопцы пад адзін струп — хто едзе па дарозе, заварочваюць: «Вы, дзядзечка, сюды ня едзьце, тут дзьве міны пакладзеныя». Альбо яшчэ адзін характэрны малюнак з натуры — цалкам ваенны эпізод. Хлопчыкі-пастушкі пасьвяць на ўскрайку лесу чародку авечак. Горача й сумна; непераадольнае пачуцьцё мірнай ляноты авалодала дзецьмі і хатняй жывёлай. Уздоўж лесу да дзяцей паволі набліжаюцца двое дарослых, сядаюць, прапаноўваюць закурыць; пачынаюцца пытаньні: якая вёска, колькі душаў, ці часта наведваюцца немцы, ці ёсьць ахова і гэтак далей. Пакуль адны хлопцы размаўляюць зь незнаёмцамі, іншыя ўжо пасталі на некаторай адлегласьці ззаду ад іх каля куста, з двума аўтаматамі. Незнаёмцы разьвітваюцца, дзеці настойваюць, каб яны абавязкова наведалі ў вёсцы старасту. Незнаёмцы пратэстуюць, лямантуюць, лаюцца, але ўжо праз колькі хвілінаў назіраецца дзіўная працэсія: наперадзе — двое здаравезных мужчынаў з паднятымі ўгору рукамі ды перакрыўленымі ад злосьці тварамі, а ззаду, крокаў за дзесяць ад іх — натоўп басаногіх лахматых «Ванькаў» ды «Грышкаў» з аўтаматамі. «Вы, дзядзечка, толькі не апускайце рук, — пішчыць нехта тоненькім галаском з натоўпу, — а не — дык застрэлім, далібог застрэлім!» Такім менавіта чынам быў прадухілены адзін зь вялікіх нападаў на нашыя вёскі вясною 1944 году.

Крывавая ўзаемная расправа не замінала, аднак, некаторым правільным дыпляматычным дачыненьням паміж варагуючымі бакамі. Партызаны пісалі Зуеву ды дасылалі прапагандысцкую літаратуру. Ён адказваў на іхныя лісты і з свайго боку дасылаў усё, што мелася ў распараджэньні групы: газэту «Новое слово», вытрымкі з кнігі былога нямецкага камуніста Альбрэхта «Адданы сацыялізму», нашыя ўласныя ўлёткі ды розныя выданьні Нацыянальна-працоўнага саюзу (салідарыстаў).

Ня маючы посьпеху ў палітычнай палеміцы, партызаны заўсёды палохалі расправай, якую зьдзейсьніць НКВД у дачыненьні няскораных, калі немцы будуць канчаткова пераможаныя. Гэты апошні аргумэнт надзвычай моцна ўзьдзейнічаў на некаторыя няўпэўненыя галовы. Зуеў упарта адказваў, што чакаць НКВД ён ня будзе, а адыдзе «ўсім народам» разам зь немцамі да ангельцаў ды амэрыканцаў. Рэч у тым, што тады ў Расеі было надзвычай распаўсюджанае меркаваньне, што ўсьлед за падзеньнем Нямеччыны зараз жа пачнецца новая вайна, якую Амэрыка ды Англія сумесна зь пераможанай Нямеччынай распачнуць супраць Саветаў. Таму адказы Зуева, у сваю чаргу, рабілі на многіх суразмоўцаў вялікі ўплыў. Тыдні праз два ці тры пасьля адной з такіх размоваў да Зуева адразу перайшла група, якая складалася з трынаццаці партызанаў, — іх прывёў шараговы партызан, селянін зь Віцебскага раёну, які прысутнічаў на дыспуце ў якасьці «сьвіты» камісара. Гэтых трынаццаць партызанаў, а таксама некалькі іншых, што прыйшлі пазьней, Зуеў затым зьвёў у асобны ўдарны аддзел, які вельмі добра зарэкамэндаваў сябе і ў баёх, і пры канчатковым адступленьні.

11 Вясна, лета, восень 1943 году

Вясна і лета 1943 году пачаліся для нас надзвычай неспрыяльна. Паразы ўвогуле сталіся нібы сымбалем таго часу. Спачатку «пасьля непрацяглай, але цяжкой хваробы» памёр айцец Іаан, які меў 77 гадоў. Ён быў кіраўніком і натхняльнікам нашай Групы. Ён захварэў на клясычную сьмяротную хваробу старых людзей — крупознае запаленьне лёгкіх, але, жадаючы памерці пры выкананьні свайго абавязку, працягваў служыць у царкве, нягледзячы на тэмпэратуру ў 40°.

Другі паводле значнасьці цяжкі ўдар пасьпяшаўся сьледам за першым: нашага сябра палкоўніка-фэльдскамэнданта адклікалі ў Бэрлін. Відаць, настаў час разьлічвацца за ягонае лібэральнае стаўленьне да «ўсходніх народаў». Ортскамэндант быў заменены яшчэ раней, але гэта для нас не было такой стратай. У горад прызначылі новае кіраўніцтва, магчыма, толькі дзеля таго і прысланае, каб спыніць «патураньне» старых, занадта адсталых з нацыянал-сацыялістычнага гледзішча, уладаў. Гэта нас ня толькі засмучала, але й моцна трывожыла. Фронт набліжаўся, і нашае жыцьцё мянялася да горшага. Тонкія шыбы ў вокнах, дзьверцы буфэтаў ды посуд на стале дзень і ноч пазвоньвалі ад далёкай страляніны артылерыі. Паветраныя бамбаваньні паўтараліся ўсё часьцей ды часьцей і ўрэшце зрабіліся амаль штодзённымі. У ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня 1943 году горад чамусьці асабліва моцна, проста жудасна бамбавала савецкая авіяцыя. Усяго гэтага даўно чакалі, бо зьвесткі пра жорсткія паветраныя бамбаваньні Смаленсіу, Віцебску й Менску ўжо даходзілі й да Полацку. Было зразумела, што настае нашая чарга. Гэтак і здарылася. На маленькі, ужо і так моцна разбураны пажарамі гарадок за адну ноч было скінута больш за 1200 бомбаў буйнога і самага буйнога калібру. Лепш за іншых захаваная да гэтага часу задзьвінская частка Полацку гарэла, нібы сухое лісьце. Шмат ні ў чым не вінаватых расейскіх людзей ізноў засталіся без страхі і маёмасьці. Нават многія агароды пасьля бамбаваньня давялося перакопваць ды саджаць наноў. Аднак, як гэта ні дзіўна падаецца на першы погляд, чалавечых ахвяраў было адносна няшмат: 73 асобы сярод цывільнага насельніцтва ды 5 ці 6 немцаў. Да гэтага часу людзі былі ўжо дастаткова добра напрактыкаваныя, каб умець хутка стаіцца ў сховішчы ці пакінуць горад пры першых гуках паветранай трывогі.

Дэмаралізацыя па Сталінградзкай паразе, набліжэньне фронту і бамбаваньне з паветра выразна ўплывалі ня толькі на расейцаў, але і на немцаў. Ганарыстыя ды самаўлюбёныя заваёўнікі пачалі выяўляць ноткі зьбянтэжанасьці ды трывогі. Насельніцтва імкнулася як мага хутчэй пакінуць горад. Асабліва моцна цягнула ў Заходнюю Беларусь і прыбалтыйскія краіны.

Якраз у гэты момант звалілася вялікая бяда — прымусовая мабілізацыя на працу ў Нямеччыну. У параўнаньні зь іншымі абласьцямі акупаванай тэрыторыі да Полацку гэтае мерапрыемства дакацілася чамусьці надзвычай позна. І праходзіла яно хаатычна, млява і, я б сказаў, зь нямецкага пункту гледжаньня — надзвычай непасьпяхова. Ніякай выразнай звыродлівасьці ў самой тэхналёгіі гэтай нядобрай справы не было: людзей не хапалі на вуліцы ці ў грамадзкіх месцах, не забіралі «ў чым ёсьць», як гэта, кажуць, мела месца ў Кіеве ды іншых гарадох, дзе панавала нямецкае цывільнае кіраўніцтва. Наадварот, звонку ўсё адбывалася даволі прыстойна, нібы згодна з законам: папярэдне разьвешаныя абвесткі, расьпісаныя месцы збору, мітынг перад ад’ездам і гэтак далей. Але па сутнасьці былі дапушчаныя шматлікія несправядлівасьці, калі ў такой справе ўвогуле можна гаварыць пра «справядлівасьць»; гэтак, напрыклад, сваякоў тых, хто служыў у паліцыі ды «сакрэтных» асьведамляльнікаў Гестапа (у правінцыйным гарадку гэта зусім не сакрэт) ня бралі, нямецкіх каханак ды добраахвотных прастытутак — таксама. За негалосна таксаваны хабар памерам у 20 рублёў золатам нямецкі вайсковы лекар высокага рангу вызваляў «праз хваробу» каго заўгодна. Гэтым зараз жа многія скарысталіся. Моладзь з аддаленых вёсак на шляху ў горад на вэрбавальны пункт пераймалася партызанамі. Зуеў, у чыім раёне партызаны ня мелі сілы, сам катэгарычна адмовіўся аддаваць на працу ў Нямеччыну хоць каго з моладзі. Па-першае, таму што ня будзе каму змагацца з партызанамі, а па-другое, таму што ягоныя вёскі «зусім ня горшыя за паліцыю». Немцам цяжка было з гэтым усім змагацца. Мала працоўнай сілы атрымалі яны ад Полацку ды Полацкага раёну летам 1943 году падчас мабілізацыі — нашмат менш, чым зьехала добраахвотна летам 1942 году.

На гэты самы няшчасны пэрыяд лета 1943 году прыпадае новая, зусім незразумелая нямецкая спроба «беларусізацыі» гораду Полацку. Пасьля «артылерыйскай падрыхтоўкі», якая палягала ў неаднаразовым выкліку шэрагу грамадзкіх дзеячоў гораду ў Гестапа на прадмет прышчэпленым ім ідэй беларускага (чытай — антырасейскага) нацыяналізму, у Полацак прыбылі зь Менску агітатары, прадстаўнікі нібыта арганізаванага Беларускага Ураду (Рады). Гэтыя апошнія трымаліся ўкрай неразумна і бестактоўна. Большасьць насельніцтва не разумела іхнай знарочыста ненатуральнай, псэўдабеларускай мовы, на якой ніхто й ніколі не размаўляў у Полацку. А самі яны рабілі выгляд, што не разумеюць па-расейску. Выйшла немаведама што. Ніводная размова, па сутнасьці, ніводная запраектаваная немцамі сустрэча пры такіх умовах не магла фактычна адбыцца. На «беларускі» мітынг, які неаднаразова абвяшчаўся праз рупар з машыны нямецкай прапаганды, што езьдзіла па вуліцах, ніхто не прыйшоў.

У час афіцыйнага візыту ў гаруправу менскіх гасьцей зь іх правінцыйным шавінізмам службоўцы выставілі на сьмех і злавілі на поўным няведаньні гісторыі краю. На гэтым беларусізацыя ў нас і скончылася. Людзі зьехалі назад у Менск, калі яны сапраўды прыяжджалі зь Менску, а не з Бэрліна.

Такім чынам, вясною, летам і восеньню 1943 году справы ды турботы Групы ўвесь час перамешваліся з паразамі ды горам. Нейкім чынам Гестапа даведалася пра нашыя сувязі з партызанамі; цалкам верагодна, што пра гэта ім паведамілі саветчыкі, праз агентуру, якая працавала на абодва бакі. Адразу ж завязалася страшэнная калатнеча. Мы ня ведалі дакладна, што менавіта вядома Гестапа. Я зрабіў намаганьне проста і шчыра патлумачыць у фэльдскамэндатуры сутнасьць справы і ў падтрымку сваіх словаў паказаў ужо гатовы да гэтага часу ў пісьмовым выглядзе праект лягеру для партызанаў, якія адумаліся. На жаль, нашага барона-фэльдскамэнданта ўжо не было тады ў Полацку. Гестапа настойвала на арышце ўсёй Групы. Вайсковыя ўлады, аднак, разумелі, што для гэтага трэба спачатку раззброіць сялянскую самаахову. Таму фэльдкамэндант катэгарычна супраціўляўся арыштам. У выніку ўся справа была перададзеная на разгляд зьмяшанай вайсковай камісіі, складзенай з прадстаўнікоў штабу арміі і фэльдскамэндатуры. На нашае шчасьце, туды патрапілі культурныя ды добразычлівыя людзі; яны вынесьлі нам толькі папярэджаньне за залішне самастойныя дзеяньні і спынілі справу. Але праект пры гэтым быў канчаткова загублены.

Толькі пасьпела скончыцца гісторыя з нашай сувязьзю з партызанамі, як прыйшоў загад пра эвакуацыю. Ен зваліўся нібы сьнег на галаву. Відаць, наступ бальшавікоў на Віцебск ці які-небудзь прарыў савецкіх частак выклікалі ў немцаў самы сур’ёзны страх. Уся акруга заварушылася. Пра крывавую лазьню, якую бальшавікі ўчынялі мясцоваму насельніцтву пасьля «вызваленьня», ведалі ўжо ўсе. Калі партызаны ці іх сваякі яшчэ неяк разьлічвалі на свае заслугі перад «бацькам Сталіным», дык астатняя частка грамадзянаў не магла спадзявацца ні на што. Немцы давалі ў распараджэньне жыхароў, якія хацелі эвакуявацца, чыгуначныя саставы. Людзей накіроўвалі ў Рыгу. Ахвочых ехаць было вельмі шмат. Супрацоўнікі ўсіх галоўных расейскіх установаў працавалі над складаньнем сьпісаў дзень і ноч і проста валіліся з ног ад стомы. Цягнікі адзін за другім ад’яжджалі ў кірунку Дзьвінску, адвозячы тысячы й тысячы людзей. На той час ніхто нікога не прымушаў. Усім было дазволена браць з сабою даволі значную колькасьць маёмасьці. Сяляне, якія эвакуяваліся, штодня пакідалі каля чыгуначнай станцыі запрэжаных коней: жывёлу везьці з сабою не дазвалялася.

Плян эвакуацыі быў разьлічаны прыкладна на два тыдні. За першы няпоўны тыдзень з самога гораду Полацку пасьпела зьехаць каля 4000 жыхароў. Пра колькасьць сялянаў цяжка меркаваць.

І раптам… і раптам эвакуацыя скончылася гэтаксама нечакана й хутка, як і пачалася. Відаць, добрыя зьвесткі з фронту прынесьлі ў горад загад пра яе спыненьне. Тыя, хто пасьпеў зьехаць, больш ужо не вярнуліся, і горад пасьля атрымліваў ад іх праз фэльдскамэндатуру шматлікія лісты з Латвіі. Усе людзі знайшлі працу па вольным найме і жылі больш ці менш здавальняюча. Тыя ж, хто не пасьпеў зьехаць, засталіся, і засталіся надоўга — амаль на цэлы год, да чэрвеня 1944-га, калі адбылася другая і апошняя эвакуацыя перад канчатковым захопам Полацку савецкімі войскамі.

12 Апошні пэрыяд акупацыі. НПС, РВА і Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расеі

Гэты апошні пэрыяд акупацыі, гэта значыць другая палова зімы і вясна 1944 году, шмат у чым ня быў падобны да ўсяго папярэдняга часу. Пасьля восеньскай частковай эвакуацыі 1943 году, што так нечакана распачалася і гэтак нечакана скончылася, усім стала неяк адразу зразумела, што настае канец немцам і што яны вельмі хутка сыдуць з Расеі.

Пра гэта сьведчыла ўсё. І няспыннае набліжэньне фронту, і бесьперашкодны рост партызанскага руху, зь якім немцы зусім перасталі змагацца, і шчырыя выказваньні саміх немцаў у прыватных канфідэнцыйных размовах. Але самай пэўнай прыкметай блізкага канца было тое, што немцы адпусьцілі лейцы кіраваньня на акупаванай тэрыторыі. Ці даўно яны так гарліва ахоўвалі ўсе прэрагатывы сваёй гаспадарчай улады, лічылі за абавязак сунуць свой нос усюды і ўвоіуле трымаліся так, нібы атабарыліся ў Беларусі назаўсёды.

Пасьля восеньскай эвакуацыі ўсё адразу зьмянілася. Немцы яшчэ працягвалі займацца справамі, але толькі па інэрцыі, млява і неахвотна. Да спэцыфічных расейскіх справаў яны амаль страцілі ўсялякую цікавасьць. Цывільнае насельніцтва, якога пасьля першай эвакуацыі заставалася ў горадзе тысячаў 14–15, паціху разьбягалася. Хто хацеў пайсьці да партызанаў, рабіў гэта амаль адкрыта: грузіў на вазы найбольш каштоўную маёмасьць, забіраў у поўным складзе сям’ю ды ад’яжджаў раніцой на сьвітанку ў «невядомым кірунку».

Вельмі характэрна, аднак, што ў гэты трывожны час з гораду да партызанаў пайшло вельмі няшмат народу, усяго колькі дзясяткаў чалавек. У суадносінах з усім насельніцтвам гораду гэта складала мізэрны адсотак (прыблізна 0,5 %).

Значна больш народу сплывала паступова ў Заходнюю Беларусь. Людзі накіроўваліся туды нібыта часова, пад выглядам наведаньня сваякоў, закупкі тавараў і да т. п., ды заставаліся назаўсёды. Гэта зьдзяйсьнялася як законным шляхам — з пропускам па чыгунцы, гэтак і незаконна — бяз пропуску пешкі. У Заходнюю Беларусь, ці проста «Заходнюю», як кажуць у Полацку, пайшлі многія дзясяткі, калі ня сотні сем’яў. У пераліку на адсоткі гэта павінна было складаць ня менш за 5–6 %.

Новыя акалічнасьці — хуткі прыход «чырвоных» і значнае аслабленьне акупацыйнага рэжыму — ставілі перад намі, гэта значыць Групай і ўсім тым, што да яе належала, зусім іншыя задачы. Што трэба пасьпець зрабіць да прыходу бальшавікоў? Як найлепшым чынам выкарыстаць нямецкую слабасьць?

Аднак вырашэньнем гэтых пытаньняў Група занялася ня толькі аднымі сваімі сіламі, а сумесна з прадстаўнікамі Нацыянальна-працоўнага саюзу (салідарыстамі) і Расейскай вызваленчай арміі (уласаўцамі). Таму, перш чым працягваць далей аповед, тут давядзецца спачатку даволі падрабязна спыніцца на нашым знаёмстве і супрацоўніцтве з абедзьвюма вышэйзгаданымі арганізацыямі.

Пра Нацыянальна-працоўны саюз новага пакаленьня, як яго тады называлі, упершыню мы даведаліся раньняй вясною 1943 году. Прызначаная тады ў горад царкоўная асоба прывезла нам з Польшчы розную літаратуру, выдадзеную гэтай арганізацыяй. Мы зараз жа заняліся яе пільным вывучэньнем і ў цэлым ухвалілі. Больш блізкае асабістае знаёмства зь іншымі прадстаўнікамі Нацыянальна-працоўнага саюзу (НПС) адбылося трошкі пазьней, ужо ў сярэдзіне таго ж году. Гэты цікавыдля нас ува ўсіх дачыненьнях расейскі чалавек з тыпова нямецкім прозьвішчам быў прысланы з Бэрліна ў Беларусь нейкай дзяржаўнай установай і павінен быў уваходзіць у афіцыйныя зносіны з найвышэйшымі мясцовымі нямецкімі ўладамі. Падчас афіцыйнай размовы ў нашай фэльдкамэндатуры адзін з старых афіцэраў, які прыняў прышлага за сапраўднага немца, паведаміў яму між іншым: «Ёсьць тут мясцовая расейская нацыянальная арганізацыя; безь яе цяжка было б цяпер абысьціся; але з часам гэтыя людзі стануць нашымі надзвычай небясьпечнымі ворагамі». Незнаёмец насьцярожыўся і выказаў пажаданьне пазнаёміцца з кіраўніцтвам Групы. Пасьля абеду афіцэр прывёз яго да нас, а сам паехаў.

Пачалася ўзаемная праверка. «Немец», на наша вялікае зьдзіўленьне, гаварыў па-расейску, як можа гаварыць толькі прыроджаны масквіч. Неасьцярожна кінуты ў фэльдкамэндатуры выраз пра нас надзвычай спрашчаў усю справу. Ня больш як праз гадзіну мы сталі сябрамі. Наш новы знаёмец, які яшчэ й сёньня жыве ў эміграцыі, быў адным з найстарэйшых кіраўнікоў НПС.

З таго часу «саюзьнікі» ўсіх рангаў сталі ўчашчаць у Полацак і заўсёды спыняліся ўжо непасрэдна ў нас. Жадаючы каардынаваць свае сьціплыя мясцовыя высілкі з старэйшай баявой арганізацыяй, што шырока раскінула сваю сетку, мы, гэта значыць я і яшчэ некалькі галоўных сяброў Групы, увосень 1943 году ўступілі ў НПС.

Саюз і пазнаёміў нас з прадстаўнікамі гэтак званай Расейскай вызваленчай арміі, альбо РВА. Мы намагаліся ў межах нашых магчымасьцяў дапамагчы яе прадстаўнікам у выкананьні службовых даручэньняў; яны, з свайго боку, не заставаліся віннымі. Яны наведвалі вёскі сялянскай самааховы, вырашалі тактычныя задачы па барацьбе з партызанамі, аб’яжджалі разам з намі аддзяленьні Групы ды «націскалі» ў той ці іншай справе на нямецкія ўстановы, калі гэта было патрэбна. Я ўжо не кажу пра такія рэчы, як перадача лістоў ды матэрыялаў, закупка для нас кніг у Нямеччыне і гэтак далей.

Праз прыежджых вайскоўцаў нашы сялянскія атрады хутка і лёгка дамовіліся з камандаваньнем РВА пра аўтаматычнае ўлучэньне іх у склад расейскіх вайсковых частак падчас адыходу немцаў з Расеі. Гэтая напалову афіцыйная дамоўленасьць хутка сталася больш рэальнай, чым можна было сабе думаць: шмат хто з удзельнікаў полацкіх аддзелаў самааховы здолеў перабрацца ў 1944–1945 гадох на паўднёвы захад Нямеччыны, дзе пад канец вайны адбывалася фармаваньне частак ды злучэньняў РВА.

х х х
Зімою 1943/44 году сябры Групы сумесна з прыежджымі прадстаўнікамі НПС вырашалі, што рабіць далей. Усім было зразумела, што да прыходу бальшавікоў трэба як мага больш прапагандаваць сярод насельніцтва нацыянальны антыкамуністычны дух, ці, дакладней, проста падвесьці больш важкі тэарэтычны грунт пад здаровыя сацыяльныя інстынкты ды стыхійную нянавісьць да савецкай улады, якую ўжо мелі амаль усе расейскія людзі.

Каб зьвяртацца да насельніцтва, трэба было выступаць ад імя нейкай незалежнай расейскай грамадзка-палітычнай арганізацыі. НПС для гэтага ніяк не падыходзіў — ён ужо зазнаў жорсткі перасьлед з боку нямецкага нацыянал-сацыялістычнага ўраду: 75 ягоных старэйшых сяброў — у тым ліку амаль усё кіраўніцтва — сядзелі ў Бэрліне ў турмах, а Гестапа цішком забівала асобных найбольш актыўных чальцоў арганізацыі проста на вуліцах гарадоў.

Таму кіраўніцтва НПС даручыла нам, новым і яшчэ не дэкансьпіраваным сваім сябрам, стварыць дзеля адкрытай барацьбы якую-небудзь адмысловую, часовую, абавязкова легальную што да немцаў расейскую палітычную партыю на грунце Групы і яе адгалінаваньняў. Мы ўжо мелі дастатковы для гэтага тэхнічны апарат, не ставала толькі дазволу ўладаў ды адпаведна ярлыка, ці назвы. Ярлык патрэбна было наляпіць ня толькі самой арганізацыі, але й саюзным (НПС) выданьням, якія ляжалі на сакрэтных складах мёртвым грузам, бо распаўсюджваць іх ад імя самога Саюзу ўжо было немагчыма. Група зьвярнулася да фэльдкамэндатуры, падаўшы кароткую спрошчаную праграму, складзеную на грунце смаленскага закліку генэрала Уласава і «Схемы» НПС.

Ідэя партыі была сустрэтая ў фэльдкамэндатуры вельмі спачувальна, але пасьля месяца ліставаньня па гэтай справе мы ўсё ж атрымалі адмову. Аднак пры адмове мы атрымалі неафіцыйную каштоўную сяброўскую параду «прымазацца», хоць бы й фіктыўна, да якой-небудзь дзейнай і раней прызнанай немцамі арганізацыі. Дзеля адкрыцьця філіі дазволу не патрабавалася, дастаткова было зарэгістравацца ў мясцовых уладаў аднабаковай заявай. Гэта была бліскучая ідэя.

Двое прыежджых сяброў Саюзу зараз жа кінуліся на пошукі адпаведных «прыёмных бацькоў» будучай партыі, а мы на месцы заняліся падрыхтоўкай да яе адкрыцьця. Праца завіравала. Былі складзеныя праекты заклікаў да мясцовага насельніцтва, пляны арганізацыйных сходаў і канспэкты дакладаў для публічных выступаў.

Не забыліся мы й на трыкалёрныя нацыянальныя расейскія сьцягі, якія зь вялікай цяжкасьцю і амаль дзіцячым захапленьнем былі нарэшце пашытыя са старых пафарбаваных прасьцінаў. Для інструктажу мясцовых групаў, на выпадак хуткага разгортваньня партыйнай працы, з Полацку былі пасланыя па акрузе найбольш здольныя ды энэргічныя людзі.

Такім чынам, пад няспынны аддалены гул артылерыі з боку Віцебску, да сакавіка 1944 году ў нас ужо ўсё было гатовае. Між тым, ад сяброў, што зьехалі шукаць «назву партыі», не было ані гуку. Мы пачалі нудзіцца ад бязьдзеяньня і невядомасьці; час, які заставаўся на магчымы рывок у далейшай працы, скарачаўся з катастрафічнай хуткасьцю: «чырвоныя» ўжо занялі Вяліж, Невель і Гарадок; усім было зразумела, што Віцебск доўга не пратрымаецца. А Полацак знаходзіўся на чарзе пасьля Віцебску.

Мы самі спрабавалі перабраць у памяці ўсе існыя ў «эўропах» расейскія антыбальшавіцкія арганізацыі й партыі: эсэраў, сацыял-дэмакратаў, манархістаў, фашыстаў, нейкі Штабс-капітанскі рух, Агульнавайсковы саюз і гэтак далей. Адны зь іх былі забароненыя, як і НПС, немцамі, іншыя не падыходзілі, бо ўжо мелі сваю вызначаную аіульнавядомую палітычную праграму, і пад іх фірмай распаўсюджваць саюзныя выданьні было нязручна.

На занятай тэрыторыі розныя неспакойныя палітычныя дзеячы таксама спрабавалі рухацца па сваіх кутох, хто як мог. У Барысаве ці Воршы існавала нейкая арганізацыя ці партыя Октана; у Менску, вакол Рады, была свая беларасейская партыя; недзе за Лепелем немцы аддалі ці мелі намер аддаць цэлую акруіу пад кіраўніцтва камандзіру асобнай дывізіі расейскіх галаварэзаў Камінскаму — там таксама магла быць нейкая расейская нацыянальная палітычная арганізацыя.

Няўжо сярод усяго вялікага асартымэнту немагчыма было абраць нейкую адпаведную фікцыю, якая б падышла для нашай мэты, на два — тры месяцы?

І раптам, здаецца, ужо ў красавіку 1944 году да нас прыехала нарэшце цэлая група кіраўнічых працаўнікоў НПС: нашае пытаньне было вырашана, можна было пачынаць працу. Як высьветлілася зь іхных словаў, у акрузе, якой кіраваў у той час Камінскі, была толькі што арганізаваная новая палітычная расейская партыя пад вельмі адыёзнаю назвай «Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расеі». Яна не была дазволеная немцамі, але яе й не забаранялі. Легалізацыя партыі адбылася неяк сама сабою, ці, дакладней, у явачным парадку.

Такім чынам, нам было загадана ўзяць псэўданім НСППР. У найбліжэйшы час у нашую фэльдкамэндатуру разам зь іншай прэсай зь нямецкага Вайсковага аддзелу прапаганды павінныя дайсьці газэты з дакладамі пра арганізацыю і працу НСППР. Нам прывезьлі гэтых газэт цэлы стос разам з фармальнымі паўнамоцтвамі ад партыйнага цэнтру на адкрыцьцё філіі ў Полацку.

Фэльдкамэндатура пайшла нам насустрач нават больш, чым мы гэтага чакалі. А загадзя падрыхтаваная чалавечая машына, што нецярпліва чакала першага сыгналу, прыйшла ў самае інтэнсіўнае дзеяньне. За адзін тыдзень уся акруга зьверху да нізу была абклееная нашымі заклікамі; па ўсіх буйных населеных пунктах адбыліся арганізацыйныя сходы; а грандыёзныя адкрытыя мітынгі зьбіралі сотні і нават тысячы людзей зь ліку мясцовага насельніцтва. Немцы, якія не чакалі нічога падобнага, толькі рукамі разводзілі ад зьдзіўленьня: расавая тэорыя трашчала па ўсіх швох.

Тыдні праз два пасьля першых мітынгаў мы мелі ў акрузе больш за 600 сяброў партыі, якія дзеля таго, каб запісацца, мусілі прыходзіць асабіста ў мясцовы камітэт. Выклікае зьдзіўленьне, як людзі наважыліся прыйсьці ў партыю напярэдадні жудаснай разьвязкі, калі фронт знаходзіўся кілямэтраў за 40–60, прычым нягледзячы на запалохваньне з боку савецкай агентуры. Відавочна, гэта ўсё былі людзі, якія вырашылі не чакаць савецкага войска, а сыходзіць на Захад. Дарэчы, мы вельмі спадзяваліся, што на нашых мітынгах будзе дастатковая колькасьць партызанаў; і мы не памыліліся: «зараза» пайшла такім чынам у лес і нарабіла там шмат шуму.

Аб’ехаўшы ўсю акругу з моцнай групай прапагандыстаў і наладзіўшы ўсюды працу, мы прысьвяцілі рэшту часу, які нам яшчэ заставаўся, усталяваньню асабістых сувязяў з расейскімі нацыянальнымі коламі ў Дзьвінску, Вільні, Рэжыцы й Рызе. Адначасова мы склалі агульны плян вываду сваіх людзей на Захад у выпадку адыходу немцаў. Уся астатняя нашая ўвага была прысьвечаная падрыхтоўцы адмысловай прапагандысцкай літаратуры, якую мы мелі намер пакінуць для савецкага войска. Пэўная колькасьць палітычнай літаратуры сыстэматычна выдзялялася таксама партызанам у лес — мы з посьпехам выкарыстоўвалі дзеля гэтай мэты сувязі, якія засталіся яшчэ з 1943 году. Тыя ж сувязі спатрэбіліся нам, калі НПС пачаў накіроўваць праз нас асобных людзей і нават узброеныя групы ў тыл «чырвоным». Адсутнасьць суцэльнай лініі фронту, якая тлумачылася недастатковай колькасьцю людзей як у немцаў, гэтак і ў бальшавікоў, як найлепш спрыяла тады нелегальным перакідам.

Дзякуючы пляну арганізаванага адыходу мы падчас уцёкаў праз партызанскія раёны згубілі параўнальна няшмат людзей і, акрамя таго, мелі магчымасьць дапамагчы мясцоваму насельніцтву, якое таксама эвакуявалася ў вялікай колькасьці, сваёй узброенай аховай. Цяпер на немцаў ужо нельга было разьлічваць: ім самім было дрэнна. З чатырох груповак сялянскай самааховы тры пасьпяхова ўцяклі ад бальшавікоў.

І ўжо ў кожным разе можна з упэўненасьцю сказаць, што бальшавікі атрымалі Полацкую акругу назад у свае рукі з добрай палітычнай накрыпкай.


Оглавление

  • П. Ільінскі ТРЫ ГАДЫ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ У БЕЛАРУСІ (жыцьцё полацкай акругі 1941–1944 гг.)
  •   «Парашутысты» невядомага цэнтру
  •   1 Першае знаёмства з акупацыйнай зонай
  •   2 Агульнае становішча ў горадзе ў першы год вайны і акупацыі
  •   3 Прыватныя ўзаемаадносіны паміж немцамі і мясцовым насельніцтвам
  •   4 Адміністрацыйная структура кіраваньня. Установы і прадпрыемствы
  •   5 Расейская нацыянальная грамадзкасьць
  •   6 Трэцяя сіла
  •   7 Вясна і лета 1942 году
  •   8 Восеньскі крызыс 1942 году
  •   9 Новая эра
  •   10 Партызаны
  •   11 Вясна, лета, восень 1943 году
  •   12 Апошні пэрыяд акупацыі. НПС, РВА і Нацыянал-сацыялістычная працоўная партыя Расеі