Калядныя апавяданні [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Леанід Дранько-Майсюк Калядныя апавяданні

…трэба ведаць меру і ў міласціне…


Здарэнне з Каморыным

Напярэдадні Калядаў другі намеснік генеральнага дырэктара акцыянернага таварыства «Моц» Зміцер Аляксандравіч Каморын прайграўся ў карты, прагуляў усе свае перадсвяточныя грошы.

Не падымаючыся з-за стала, у прайдзісвета Кучкіна, забыўшыся, што той прайдзісвет, Зміцер Аляксандравіч пазычыў, каб адыграцца, трыста даляраў.

Супакойваючы сваю нярвовую раздражнёнасць каньяком і півам, у адзін момант прафукаў і гэтыя грошы…

Каморын быў зацяты гулец, гуляў рызыкоўна, можна сказаць, рамантычна і, вядома ж, з гэтае прычыны амаль заўсёды няўдала прайграваў шмат.

Яму б, чалавеку залішне гарачаму, супакоіцца, але ж не…

Немалыя сумы цяклі на тое, каб у час аддаваць пазычкі.

Пазычка ж наскоквала на пазычку, таму давялося прадаць нават машыну і сёе-тое з дарагой кватэрнай драбязы.

Жонка Каморына, жанчына пакорлівая, ня раз і ня два прасіла яго:

— Змітрык, ня йграй, калі ласка! Табе не шанцуе! Ты ж вельмі даверлівы!

Ёй падтаквала Кацярынка, дачка-васьмікласніца:

— Татачка, кінь карты…

I на працы няўдачліваму карцёжніку было ўжо аднойчы сказана: работнік вы неблагі, але больш выручаць ня будзем!

Каморын заўсёды шчыра абяцаў, што кіне карцёжніцтва, што гуляць ня будзе, што вернецца да розуму.

I ня проста абяцаў.

Аднаго разу на вачах у жонкі і дачкі ўрачыста спаліў калоду карт, нават бухнуўся на калені і слязлівым голасам запэўніў сваю маленькую любую радзіну, што назаўсёды забудзе дарогу ў казіно…

Аднак учора ён пайшоў якраз па гэтай дарозе і ўбачыў знаёмы будынак, і тут жа адчуў сябе Напалеонам перад Аўстэрліцкай бітвай!

А зараз вось у душы круглае Ватэрлоо…

Напраўду…

Каморын качаўся ў ложку і ня ведаў, што рабіць.

Жонка прынесла яму каву.

— Змітрык, ты прыйшоў вельмі позна і ня ведаеш, што ўчора нам зрабілі калядны падарунак, правялі кабельнае тэлебачанне. Уяўляеш, дваццаць пяць каналаў! Гэта такое шчасце! Вельмі шкада, што раней наш дом ня быў падключаны да гэтых каналаў. Але нічога… Як кажуць, лепей пазней… Вазьмі пульт… Не, я сама… Вось паглядзі…

Успыхнуў экран тэлевізара, і жонка, можна сказаць, ня помнячы сябе ад радасці, паказала Каморыну ўсе дваццаць пяць каналаў.

У гэты момант дачка прынесла гарачую гарбату.

Звычайна раніцамі Каморын піў цёплую каву і запіваў яе гарачай гарбатай, але зараз яго адварочвала і ад кавы, і ад гарбаты…

— Калі свідравалі сцяну, то наткнуліся на нейкую жалязяку. Але разбірацца, што там такое, ня сталі і зрабілі дзірку ніжэй. I вось бачыш, дзе правялі кабель? Ля самае шафы… А гэтую верхнюю дзірку трэба замазаць… Глядзі любую праграму, а мы пойдзем з Кацярынкаю ў краму…

Жонка цмокнула Каморына ў адну шчаку, Кацярынка ў другую, што вельмі расчуліла яго, і яму захацелася заплакаць.

«Якія яны добрыя! Вядома ж, і падарунак мне падрыхтавалі… А я?.. Збіраўся Кацярынцы купіць амерыканскую куртачку, а жонцы італьянскую парфуму… Тую самую, за 250 тысячаў, з лейкай і ў скураным чахле… Колькі ж у мяне засталося?..»

Каморын вывернуў усе свае кішэні і насілу назбіраў трыццаць тысячаў зайцоў.

«Э-э, прыпірае ўжо! Трэба па-мёртваму кідаць гуляць!»

Напраўду…

Пасля гэтага маўклівага «напраўду…» і заявіўся Кучкін.

— Здароў, Зміцер Аляксандравіч! Са святам цябе, дарагі! Добра мы ўчора пасядзелі, га? А ты проста арол! Скажу табе, ты зрабіў ого які від! Радзівілам сядзеў за сталом! Нічога не шкадаваў! А кажуць, што беларусы ня ўмеюць зрабіць вялікую гульню! Умеюць, яшчэ як умеюць, а, прайграўшы, ня плачуць!

Кучкін памаўчаў, выпіў каморынскую каву, а ўслед за каваю і гарбату.

— Зміцер Аляксандравіч. Я на адну хвіліну… Я, так сказаць, па капейчыну сваю… Забег напомніць…

— Як гэта! — вырачыўся Каморын. — Мы ж дамовіліся, што я аддам праз тыдзень!

— Такога ўгавору не было! Ты проста забыў! Ты ж заўсёды забываеш! Быў іншы ўгавор: я табе пазычаю да сённяшняга абеду! — Кучкін паглядзеў на гадзіннік. — О, дык у цябе яшчэ гурба часу! Зайду пасля чацвёртай… Падрыхтуй гэтыя няшчасныя чатырыста даляраў…

— Чатырыста?! — ажно здрыгануўся Каморын. — Я ж у цябе браў толькі трыста!

— Бачу, галаву ў цябе зусім адбіла! Ня варта было піва з каньяком жлукціць! Карацей… Прыйду са сведкамі! Я ж баксы даваў пры Мусе, Пятрове і Калодзе!

«Э-э, праўду шукаць у Кучкіна, што галаву ў агонь засоўваць!..»

— Знаю я тваіх сведкаў, — млява адказаў Каморын, — чорт з табою, няхай будзе чатырыста…

— Ну, ня думай толькі, што я нячысты на руку! — з прыемнай для сябе крыўдай у голасе вымавіў Кучкін. — I не табе ж быць скнарным, Зміцер Аляксандравіч! Ты ж вялікае карыта маеш, а ў мяне так… вераб’іная кармушка. У класнай фірмусе працуеш! Пазвані свайму шэфу, ён добры, ён цябе ня раз выручаў… Я ж ведаю, у цябе ўсё падмазана! А ў доме якім жывеш! Гэта ж трэба, яго немцы будавалі! А я немцаў паважаю! Я добрыя грошы даў бы, каб жыць у цэнтры Менску і ў такім білдзінгу! Аднак жа пакуль у кішэні ня надта… Ну, добра, пасля чацвёртай гадзінкі я ў цябе… Мне капейчына сёння, хоць вешайся, патрэбна!..

Кучкін пайшоў, і Каморын, як у ліпучы сон, паглыбіўся ў свае думкі.

«Зноў уляцеў! I зноў адно і тое ж: дзе ўзяць пенёндзы? Быў бы ў мяне рахунак у банку… Летась яшчэ быў! Можа, і сапраўды патэлефанаваць шэфу?!. Не, нельга. Я яму й без таго вінаваты… Ды ўжо й папярэдзіў ён мяне, што больш памагаць у такіх маіх штуках ня будзе… А, можа, стрэльбу прадаць?! Але каму? За гэтыя паўдня ці знойдзеш купца на стрэльбу?! А, можа, застрэліцца?! Добрая думка, але не разумная…»

Напраўду…

У шалапутным Каморыну часта гучала гэтае малазмястоўнае «напраўду…»

Што яно значыла, Бог яго ведае?

Гучала і ўсё.

I вось пасля чарговага такога «напраўду…», каб хоць як заняць сябе, каб хоць на хвіліну адступілася гаркота, ён прыдумаў сабе імгненны занятак: уважліва агледзеў дзірку ў сцяне, якую трэба было пасля свята замазаць.

Калупнуў адвёрткай раз, другі…

Пастукаў.

«I праўда ж, нейкая жалязяка…»

I тут нешта з сярэдзіны падштурхнула Каморына, усмешка асвятліла ягонае аблічча.

Арудуючы ўжо долатам і малатком і амаль што калоцячыся ад нецярплівасці, з цяжкасцю выняў з кладкі цагліну, за якой знайшоў металічную пушку з надпісам на вечку «Eiserne Kreuze».

Напружваючы свае школьныя веды ў нямецкай мове, уражаны Каморын прачытаў уголас:

— Айзэрнэ Кройцэ…

I нават пераклаў:

— Жалезныя крыжы…

Акрамя ваенных узнагародаў, у пушцы яшчэ ляжаў драўляны пенал, у якім былі схаваныя рэйхсмаркі і дзесяць царскіх залатых манетаў, кожная вартасцю ў 10 рублёў.

«Божа, гэта ратунак! — ад неверагоднай радасці Каморын ажно памаладзеў. — Што праўда, то праўда: маю камяніцу немцы будавалі! Мусіць жа, нейкі палонны штабфельдфебель прыхаваў пушачку! Надзейна прыхаваў, аднак жа пажывіцца ёю ня здолеў… Так, я ўратаваны!.. Дык вось, гэту манетку падарую сваёй цудоўнай жонцы! Гэту — сваёй дзівоснай дачцы! А гэту кіну ў морду казлу Кучкіну! Астатняе ж усё маё…»

Поўны запалу, Каморын пастанавіў, што яму рана складваць лапкі, што ён яшчэ растрыбушыць не адну калоду карт і першае, што з гэтага зробіць — адразу ж пасля Калядаў заскочыць на вечарок у казіно.

Напраўду…


20 снежня 2003

На Каляды, на Каляды…

У сераду 7 студзеня 2004 году Пісьменнік пасварыўся са сваімі сямейнікамі.

Сталася ж такое.

Жонка думала атрымаць ад яго на свята французскую парфумную ваду і дачка-студэнтка таксама чакала парфумную ваду, толькі італьянскую.

Даччына вада каштавала 211 510 зайцоў, а жончына ажно 270 000!

«А мыла простага, гомельскага вам ня хочацца!» — вылаяўся ў думках Пісьменнік.

А тут і сын-васьмікласнік падступіў, заікнуўся пра новы далкажык — ручны тэлефонік.

Свой жа ранейшы далькажык сынок выкінуў (ён, бачыце, маральна састарэў!), і выкінуў ня проста ў сметніцу, а з форсам.

На беразе Свіслачы такія ж, як і ён, распуснікі наладзілі кіданне мабільнікамі хто шпурляне далей!

Забаўку знайшлі, паразіты сытыя!..

Словам, і сынок настроіўся тысячаў гэтак на дзвесце!

— Ды вы што, мае дарагія, ашалелі?!. — ня вытрымаў Пісьменнік. — Дзе ж мне на такія падарункі грошай набрацца?! Хіба ня ведаеце, якія цяпер ганарары?! Гэта раней былі, а цяпер усё! Канец!..

Галаву сям’і не зразумелі, у кватэры ўтварылася цяжкое маўчанне.

Прадчуваючы буру, Пісьменнік прымірэнча праказаў:

— Давайце лепей сядзем за стол, свята ўсё ж… Вып’ем шампанскага… Я ж вам кветкі купіў… Два букеты… I кампакт-дыск з песнямі Вайцюшкевіча… Дзякуй і за ваш падарунак… Шкарпэткі мне вельмі спадабаліся… Ну, ня стойце…

Аднак сямейнікі за стол ня селі, а дружна кінуліся ў сварку маўляў, што нам твае кветкі, шампанскае і кампакт-дыск; мы цярпліва чакалі сваіх падарункаў; думалі, калі не на каталіцкія Каляды, то на Новы год, калі не на Новы год, то спадзяваліся на праваслаўныя Каляды, а тут выходзіць, што й на стары Новы год не дачакаемся?!

А далей нагаварылі такога, чаго ён ніколі і пачуць ня думаў.

Выходзіла, што ён і дрэнны муж, і паганы бацька, і кепскі гаспадар, і нават благі празаік!

Так, так благі празаік, бо кніжкі ягоныя ніхто не купляе, таму й ганарараў няма і наогул, каб што зарабіць, то пісаць яму трэба па-расейску…

Апошняе абурыла зусім, такой здраднай парады ад сваёй сямейкі Пісьменнік не чакаў.

Заставалася адно — ляснуць дзвярыма і сысці!

Што ён і зрабіў…

Не адчуваючы вечаровага марозу, ішоў па Нямізе і далей па вуліцы Багдановіча…

Менск быў надзіва бязлюдны і па-святочнаму насцярожаны, і гэта насцярожанасць добра стасавалася да развярэджанай душы Пісьменніка…

«Пісаць трэба па-расейску! Дзякуй, родныя!.. Зрэшты, сам вінаваты, што яны такія. Прывучыў іх да свайго карку, разбасячыў, выпусціў з рук! Што ні прасілі, усё рабіў, грошай ніколі не шкадаваў… Да апошняга часу, можна сказаць, падарункамі дарагімі абсыпаў… Лішняя дабрата — дурата!»

Апанаваны гнятлівым настроем, завярнуў у скверык да опернага тэатру, і тут яго й запыніў закіданага выгляду мужчынка…

— Не падумайце, што я п’яніца. Мяне абакралі. Я ня буду прасіць у вас грошы, але, калі ласка, купіце мне кавалак хлеба. Вельмі ж есці хачу…

Пісьменнік ня быў слязлівы, аднак пачутае ўкалола ў самае сэрца: «Мусіць жа, ня хлусіць! I напраўду есці хоча! Во як бывае… А мае тым часам у цяпле, у дабрэ, як той казаў, з раскошы дурэюць!»

— Як вас абакралі? — спытаў дзеля цікавасці.

— Я шабашнічаў каля Смаргоні, аднаму грузіну катэдж з сярэдзіны абрабляў… А зрабіўшы работу, ехаў праз Менск у свой Слонім… У вагоне да мяне падселі двое… То да сё, пятае, дзесятае… Разгаварыліся… Бачу, хлопцы быццам бы свае, простыя… Пачалі піва разам піць… У мяне была пляшка з сабою, а ў іх паўтарачка… Потым з адным схадзіў у тамбур пакурыць… Ну, пасля перакуру дапіў сваё піва і недзе хвілінаў праз дваццаць адчуў, што засынаю… Калі ж прачнуўся, іх ужо не было… Забралі ў мяне ўсе нашыя грошы, 350 даляраў і чамаданчык з прычындаламі… У чамаданчыку ляжаў і нямецкі бошаўскі дрыль… Такога ўжо не куплю…

— Выходзіць, што вам нешта ў піва падсыпалі! — заключыў Пісьменнік. — Спачуваю… Што ж, пайшлі ў краму…

Пачуўшы пра краму, Абакрадзены павесялеў і з гатоўнасцю ўдакладніў:

— Той, другі, падсыпаў, які курыць не хадзіў…

— Ну, а хто ж яшчэ! — ні на грам не ўсумніўся Пісьменнік.

— Добра, што зусім не атруцілі! — уздыхнуў з палёгкай Абакрадзены.

— Вядома…

Гэтак гамонячы, пакінулі скверык і перайшлі вуліцу Багдановіча. Пісьменнік увайшоў у Траецкі гастраном, Абакрадзены ж застаўся чакаць знадворку.

«Мусіць, ужо патыкаўся сюды і другі раз паказвацца саромеецца!» — падумаў Пісьменнік.

У гастраноме таўклося тры-чатыры пакупнікі, а ў дальнім кутку цёрся натапыраны «бомж».

Азначэнне «бомж» — міліцыянцкая прыдумка.

Пісьменніку не падабалася гэтае агіднае слова, таму такіх людзей ён называў па-свойму — вулічнікі.

Дык вось, у дальнім кутку гастранома цёрся Вулічнік.

На 155 зайцоў Пісьменнік узяў хлеба «Водар», а на 1070 — дзвесце грамаў «Сямёнаўскай» каўбасы; папрасіў яшчэ прадаўшчыцу, каб хлеб пакроіла на лустачкі, а каўбасу парэзала на скрылікі.

Як толькі адышоў ад прылаўку і пакіраваў у дзверы, да яго тут жа прыліп Вулічнік.

«Божа, які смярдзючы!» — Пісьменніка ажно скаланула.

— Дай грошай! — заканькаў Вулічнік.

— Грошай няма…

— Тады дай укусіць!

— На…

Пісьменнік разгарнуў сціплыя пакуначкі і адшкадаваў дзве лусты хлеба і каўбасны скрылік.

Не падзякаваўшы, Вулічнік прагна схапіў ежу і праглынуў яе па-воўчы, не жуючы, за адзін коўць.

— А рэшта каму?! — спытаў вельмі злосна.

— Адчапіся! — Пісьменніка пачынала разбіраць злосць.

Вулічнік не застаўся ў краме, выграбся таксама на мароз.

— А-а, гэта ўсё табе! — моцна штурхнуў Абакрадзенага ў грудзі, як толькі ўбачыў, што Пісьменнік аддаў яму ежу.

— Што гэта вы піхаецеся?! Я вас знаць не знаю! — Абакрадзены ледзь устояў на нагах.

«Ого, як чалавек звярэе, калі ня ўвесь хлеб і ня ўся каўбаса дастаюцца яму!» — падумаў Пісьменнік з холадам у душы і, уражаны той бяздоннай лютасцю, з якой Вулічнік глядзеў на Абакрадзенага, крыкнуў:

— Ты, краса Менску! Пшоў адсюль, а то здам у міліцыю!

Абкінуўшы іх мацюкамі, Вулічнік паволі пашкандыбаў у жаўтлявы змрок Траецкага прадмесця.

Яны ж, разгарачаныя гэтай кароткай і непрадбачнай сутычкай, машынальна вярнуліся да опернага тэатру, якраз на тое месца, дзе й сустрэліся.

Абакрадзены ўсхвалявана ўсклікаў:

— Свалата! Біць мяне, рабочага чалавека, у грудзі! Я жыву за сваё, я сам на сябе зарабляю! Я ніколі ня краў і красці ня буду! Я ніколі не старцаваў… Вось толькі сёння, першы раз…

Ён разгарнуў скамечаныя пакуначкі і па-дзіцячы ўсхліпнуў:

— Я прасіў толькі трошкі хлеба, а вы яшчэ й каўбасы купілі! Дзякуй вам… Я адраблю! Калі вам трэба пабудаваць лазню ці, скажам, адрыну, то дайце мне знаць… Я любы зруб разам з кроквамі і латамі ўмомант выштукую, і тут жа любым дахам накрыю, і столь пакладу, і вокны ўстаўлю, і дзверы навешу!.. Не адзін, з брыгадаю, канешне! Брыгаду падбяру… Сёння вы мне далі ратунак і таму для вас…

Абакрадзены змоўк на хвіліну, нібыта згубіў патрэбнае слова, а пасля прамовіў цішэйшым голасам:

— Мне тут яшчэ трэба 3 600… На білет у Слонім…

«Э не, досыць, — паныла падумаў Пісьменнік, — трэба ведаць меру і ў міласціне…»

— Вы не падумайце, што я за так! — адчуўшы перамену на горшае ў настроі свайго дабрадзея, хуценька заапраўдваўся Абакрадзены. — Гэтыя 3 600 я зарабіць хачу! Можа, вы ведаеце, дзе зараз можна работу якую спаймаць? Разгрузіць што-небудзь, ці снег адгрэбці?

На Кафедральным заўзята зазванілі званы, і гэтае званенне навяло Пісьменніка на такую параду:

— Схадзіце ў царкву. Можа, там памогуць…

На тым і развіталіся…

Па купалаўскім мосце, а пасля міма «Журавінкі» Пісьменнік у поўным бязлюддзі вяртаўся дамоў.

Злосць на сямейнікаў крыху ўцішылася, ён увогуле доўга злавацца ня ўмеў.

Праўда, калі што якое, то нервы запальваліся імгненна, у такі момант мог нават і кулаком па стале ўваліць…

Кулаком па стале гэта, зрэшты, дапушчальна, а вось кулаком у нахабную морду?

«Мусіць, таксама дапушчальна!» — сказаў самому сабе, калі, праходзячы паўз ратушу, раптам пачуў за спінай голас усё таго ж Вулічніка:

— Дай грошай!

Паспрабаваў быў прыспешыць хаду, аднак Вулічнік ухапіў яго за локаць.

— Я ўжо табе казаў, што грошай няма! — крутануўшыся, вырваў локаць.

— Тады дай што ўкусіць! — гундосіў сваё Вулічнік.

— Я цябе ўжо сёння карміў!

— Ты мяне яшчэ ні разу не карміў!

— А толькі што ў Траецкім гастраноме!!!

— Я цябе першы раз бачу, кулан!

«Я кулан?! Ах, ты, няўдзячнае рыла!» — яшчэ большая злосць разабрала Пісьменніка.

А тут да ўсяго яшчэ Вулічнік зноў ухапіў яго за руку.

— Ну, што за серада-сірата! — зусім узвінціўся Пісьменнік і кулаком хвацка шмагдануў Вулічніка ў пераноссе.

Той адляцеў, як трэска, і паваліўся (гэта ж трэба!) якраз на двух міліцыянтаў, што раптам выступілі з-за ратушы.

Яны моўчкі, як нешта непатрэбнае, адкінулі ад сябе Вулічніка і шчыра ўзяліся за Пісьменніка.

Нішто яму не памагло — ні тлумачэнні, ні ўгаворы, ні членскі білет…

Міліцыянты абыякава прачыталі прозвішча Пісьменніка і павялі яго ў міліцэйню.

Там аддалі дакумент дзяжурнаму Афіцэру, штосьці пашапталі яму на вуха, глынулі з тэрмасу гарачай гарбаты і зноў пайшлі на марозную вуліцу спраўляць службу…

Афіцэр сядзеў за сталом, які быў казённа аздоблены графінам і шклянкаю.

На сцяне, за спінай Афіцэра, ярчэла незвычайная карціна — Дзяржынскі на кані!

Сапраўды, дзіва дзіўнае!

Каб гэта Варашылаў на кані ці Булак-Балаховіч, а то Дзяржынскі…

Афіцэр нечакана з захапленнем прамовіў:

— Вы пісьменнік?!

— Але…

— Як я рады! Сядайце, калі ласка! Вы што, бамжу ў морду заехалі?

— Я не хацеў…

— Э, кіньце! Правільна зрабілі… Давайце пагаворым… Ну, проста так, па-чалавечы… Во! Паразмаўляйце са мной па-беларуску! Я люблю родную мову, але забываю яе, бо на службе няма з кім па-беларуску гаварыць! Часам балакаю тады, калі каго з пікету ці бэнээфаўскага мітынгу прывязуць… Хлопцы тыя, шчыра скажу, мне падабаюцца… Калі я адзін, без начальства, то іх заўсёды адпускаю дамоў!

— Добры вы, — квола ўсміхнуўся Пісьменнік.

— Вы праўду сказалі, я добры! Я радзіўся такім, скрозь хацеў быць добрым і хачу быць добрым! I вось што цікава, мая першая настаўніца яшчэ ў трэцім класе сказала мне: калі хочаш на ўсё жыццё застацца добрым, то вучы на памяць вершы!

— Што вы кажаце! — вельмі здзівіўся Пісьменнік.

— Вось тое і кажу… I я вучыў, вучыў, вучыў… Словам, вучыў шмат. Праўда, усе вершы пазабываў. Служба ж, як у той песні, дні і ночы… Ха-ха-ха!.. Хай на яе пляга! Адзін толькі вершык памятаю і то, здаецца, ня ўвесь. Ён пачынаецца так: Ноч… Ноч… Не, «ноч» трэба адзін раз… Дык вось, ноч… Хм, а як жа далей?

— Халодная зямлянка, — падказаў Пісьменнік.

— Сапраўды! — дужа ўзрадаваўся Афіцэр. — I як гэта вы так адразу ўгадалі?! Залатая ў вас галава!.. Ноч. Халодная зямлянка… Ну, дык вось, ноч, халодная зямлянка…

Узбіваючыся на другі радок, Афіцэр напружыўся — ажно бліснуў на ягоным лбе пот.

Пісьменнік гэтым разам вырашыў пачакаць з падказкаю, і тут адбылося проста нечаканае.

Афіцэр устаў з-за стала, пачухаў патыліцу, пашкроб падбароддзе і, апантана ўспамінаючы патрэбнае слова, машынальна пачаў абмацваць сябе — спачатку нагрудныя кішэні, нібы хацеў знайсці запалкі, пасля правёў далонямі па чорным рэмені.

Натыкнуўшыся на кабуру, з такой прафесійнай хуткасцю выхапіў з яе пісталет, што ад нечаканасці Пісьменнік засцярожліва выставіў перад сабой рукі.

— Перастрэлка! — ускінуўшы ўгару зброю, радасна крыкнуў Афіцэр. — Знаёмае слова «перастрэлка»… Ну, вось, а далей зноў забыў…

— Цішыня, — хуценька вымавіў Пісьменнік.

— Правільна! Цішыня!.. — пацвердзіў Афіцэр і схаваў пісталет у кабуру. — Неба, чыстае, як… Бля!.. Ну, што гэта сёння з маёй памяццю?!

Пісьменнік, з палёгкай апусціўшы рукі, паказаў на стол, на шклянку.

— Шклянка! — задаволена пляснуў у ладкі Афіцэр. — Неба, чыстае як шклянка!.. I… I…

— Паглядзіце на карціну! — параіў Пісьменнік.

Зірнуўшы на коннага Дзяржынскага, Афіцэр шчасліва выдыхнуў:

— Тупат быстрага каня!

Яшчэ недзе з паўгадзіны доўжылася гэтая слаўная сустрэча.

Афіцэр дзякаваў Пісьменніку за свойскасць ягонай натуры і асабліва за тое, што размаўляе ён па-беларуску; а яшчэ частаваў з тэрмасу гарачай гарбатай і нават прызнаўся, што пакінуў бы міліцыю, але пакуль няма куды яму дзявацца…

Нарэшце, аддаючы членскі білет, прамовіў:

— Ну, добра, ідзіце сабе, святкуйце. А калі што якое, то заходзьце… Пасядзімо, школьныя вершы разам паўспамінаем…

— А чаму ў вас Дзяржынскі на кані? — ужо стоячы ў парозе, пацікавіўся Пісьменнік.

— Каб не забываць паэзію, — хітра ўхмыльнуўся Афіцэр…

Калі Пісьменнік адчыніў дзверы ў свой пад’езд, то пачуў песню (якраз у двары заспявалі):

На Каляды, на Каляды
Чарку з верхам выпіць рады
Хлопец з дзеўкай, з братам брат,
З бабай дзед, са сватам сват,
А з суседкаю сусед
Ну, а з намі цэлы свет!..
«I песня добрая, і жыць яшчэ можна, і ў міліцыі неблагія людзі ёсьцека, і зрэшты ўсё добра… Трэба толькі памірыцца з жонкай, дачкой і сынам… Якія ні ёсць, а ўсё ж такі родныя… Трэба як-небудзь намагнуцца і на стары Новы год купіць ім іхнія падарункі…» — думаючы так, Пісьменнік паволі падымаўся на свой паверх, усміхаўся самому сабе, крыху саромеўся, што стукнуў Вулічніка, і крыху шкадаваў, што ня даў Абакрадзенаму грошай на білет да Слоніму.


1 красавіка 2004


Оглавление

  • Здарэнне з Каморыным
  • На Каляды, на Каляды…