Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать онлайн

Книга 427004 устарела и заменена на исправленную


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ


АВАНТУРЫ ВЫРВІЧА З БАНДЫ ЧОРНАГА ДОКТАРА


Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны


Пралог


Алрымліваць у лоб агрызкам яблыка крыўдна.

Асабліва калі яго шпурнула ў цябе не гуллівая дзявочая ручка, а выпацканая атрамантам рука аднакурсніка.

Зрэшты, вакол самага ўпартага студыёзуса Віленскай акадэміі Аляксандра Лёдніка па мянушцы «Ланцэлот», што застыў слупам пасярод галерэі ўніверсітэцкага дворыка, валялася смецця, як пасля шляхецкай пагулянкі. Арэхавае шкарлупінне, папяровыя камякі, ды што там яшчэ студыёзусы намацалі ў сваіх бяздонных, як Тураў калодзеж, кішэнях. Сёй-той, спяшаючыся ў аўдыторыю, яшчэ і штурхаў даўгалыгага юнака з дзюбатым носам і цёмнымі вачыма. Але той, упарта падціскаючы вусны, вяртаўся на месца, нібы навяза­ны на нябачны ланцуг.

Урэшце штурханіну ў галерэі заўважыў пахмуры выкладчык граматыкі пан Садоўскі па мянушцы Бабрышча. Ён злосна ашчэрыў жаўтаватыя, як у бабра, зубы:

— Аляксандр Лёднік, зноў вылучыўся? Чаму не ідзеш на лекцыю?

— А ён не можа! — здзекліва адказаў хтось. — Ён дэкляраваў, што з месца не скранецца!

— Пакуль чароўная панна... сястра Петрака Бадонаса, яго не прабачыць за нягжэчныя паводзіны! — са смехам удакладніў яшчэ адзін падшыванец.

— Якая панна? Што за штукарствы? — бледны твар Бабрышчы набыў колер кармазіну. Паколькі віноўнік тлуму захоўваў ганарыстае маўчанне, гісторыю агучылі добраахвотнікі. Было так... Да Петрака Бадонаса, які ў святых акадэмічных мурах другі год біўся шырокім ілбом аб сцяну навук юрыдычных, прыехала радзіна. Бацька, пан Бадонас, падстолій Крэцінгенскі, з сужонкай і дачкой, абедзве масластыя ды кашчавыя. Радавітыя госці пасля месы ва ўніверсітэцкім саборы Святых Янаў былі ўрачыста праведзеныя ў кабінет да рэктара. А пан Алесь Лёднік той жа галерэяй нёс слоік з нейкай паддоследнай жыўнасцю.

Высакародныя дамы не павінны сузіраць усялякую гідкасць. Вунь аднойчы блазан расейскай імператрыцы Лізаветы Пятроўны па прозвішчы Аксакаў прыпёр ёй ва ўласнай шапцы вожыка: пацешыць, падлабуніцца. Ды венцаносная асоба так пералякалася, што блазна зараз жа адправілі ў катавальню: замах на імператрыцу!

А ў Лёдніка ў слоіку плёхалася рапуха.

Тлустая, як нябожчык кароль Аўгуст Сас, брунатна-зялёная, як згнілая конская скура, пухірчатая, нібы глеба пякельная.

Небарака не падазравала, што цыбаты даследчык збіраўся правяраць на ёй тэорыю швейцарца фон Г алера пра адсутнасць сувязі між раздражнёнасцю цягліцаў і нервовай сістэмай.

Хтось са студыёзусаў адчувальна штурхануў натураліста, і рапуха адправілася ў палёт, абвяргаючы прыродныя законы. Да паненчынай аксамітнай спадніцы якраз даляцела.

Юны Лёднік, абдымаючы апусцелы слоік, як і належыць шляхетнаму пану, выбачэнні шчырыя прынёс, сцярпеў кручэнне вуха ад прарэктара...

— Гэта сын вядомага доктара Лёдніка, нашага былога выкладчыка, — ліслівіў прарэктар. — Вось... Працягвае доследы бацькі ў навуках прыродазнаўчых.

Твар ягамосці суддзі Бадонаса яшчэ болей прыпадобніўся недапечанай булцы.

— Чаго яшчэ чакаць ад гэтых «новых шляхціцаў»! Скуль ім ведаць, як перад высакароднымі дамамі паводзіцца!

А вось гэтага пану суддзі гаварыць зусім не варта было... Гэта як у прысутнасці караля Станіслава Панятоўскага згадаць цяля. Былога каханка ра­сейскай імператрыцы дражнілі Цялком за не самае высокае паходжанне — ад дробнага шляхцюка па прозвішчы Цёлак. Для пана Аляксандра Лёдніка радавод таксама быў тэмай балючай. Усіх раздражняла, што Алесь выяўляў з сябе нейкага Ланцэлота, а сам — сынок клісцірніка, доктара-чараўніка, у якога, кажуць, уся спіна бізунамі злупленая!

Што праўда, таварышаў Лёднік-малодшы ніколі не здаваў, хутчэй за чужую правіну ў карцары адседзіць. Але як не штурхануць нібыта неўзнарок гэтага шляхцюка па патэнце! Тым болей прафесары не надта заступаюцца, нягледзячы на тое, што старэйшы Лёднік па мянушцы Чорны Доктар у гэтых мурах сам выкладаў. Кажуць, яшчэ больш за сына фанабэрысты, ды яшчэ суровы і баявіты. Алхімік, маг і майстар фехтавання.

Таму і вырвалася ў Алеся ланцэлотаўскае: «З месца не скрануся, пакуль яемосць панна судовая літасціва не прабачыць за сапсаваную сукенку». Хоць паненка яму спадабалася не больш, чым ягонай рапусе — бот трокскага суддзі. Да таго ж зберагаўся ў сэрцы юнага Лёдніка таемна і пачціва вобраз сапраўднай прыўкраснай дамы, з чорнымі броўкамі ды шэрымі вачыма, з маленькімі строгімі вуснамі, з імем гаркавым, як палын, і сухім, як стрэл мушкета: Праксэда.

Дарэмна пан Баўтрамей Лёднік вучыў сына не ўлазіць у гульню «хто радавіцей», не саромецца дзеда — полацкага гарбара...

І вось застыў слупам пасярод універсітэцкай галерэі студыёзус. Хоць ясна, толку ад гэтага стаяння не болей, чым ад прывіднага зайца на месяцы альбо клізмы з табачнага дыму, якой у Еўропе ўзяліся лячыць усё, ад істэрыі да ганарэі. Сысці, слова парушыць — ганебна, трываць — балаган бясплатны.

Начальства ўніверсітэцкае, аднак, балаган той доўжыць не збіралася. Да рыцара-стоўпніка наблізіўся невялічкі атрад... За рукі, за ногі, за каршэнь Ланцэлота — і ў карцар.

Па вільготнай каменнай падлозе карцара паўзла рудая мурашка, худая і драбнюткая. Можа, асуджаная на баніцыю з роднага мурашніка?

У Акадэміі юны Лёднік часам і сам адчуваў сябе казюркай, заціснутай дзеля доследу між шкельцаў. Тыя, хто памятаў прафесара Лёдніка, параўноўвалі з ім сына. А Чорны Доктар персонай быў цяпер не самай папулярнай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскага, які на крэс дзяржавы маладушна пагадзіўся, лічылі здраднікам, ягонага паплечніка Антонія Тызенгаўза ненавідзелі яшчэ больш. А пан Баўтрамей Лёднік па загадзе Тызенгаўза разам з жабаедам-рэспубліканцам Жыліберам ствараў медычную школу ў Гародні і ўваходзіў у Адукацыйную камісію, якая адбірала калегіюмы ў манаскіх ордэнаў. Ды яшчэ гэтыя чуткі пра асаблівую міласць да Чорнага Доктара расейскай імператрыцы Кацярыны...

Алесь з уздыхам дастаў з валасоў пажаваны папяровы шарык, апошнюю зямную рэінкарнацыю нечага трактата. Sic transit gloria mundi... Вада ў жвір, пацалунак на вецер... Пра Лёднікавы подзвігі — а ён выратаваў на полі бойкі вялікага гетмана Радзівіла, чым здабыў шляхецтва, абараніў ад арышту студыёзусаў Віленскай акадэміі, вытрываўшы катаванні — забыліся. Даводзілі ўласны патрыятызм, ганьбячы здраднікаў. А зусім нядаўна, на Варшаўскім сойме, дзе дэпутатаў было, як маку ў велікоднай булцы, адзін Тадэвуш Рэйтан запярэчыў супраць падзелу дзяржавы ды лёг у дзвярах крыжам... І нічога. Панове дэпутаты праз пана Тадэвуша спакойненька пераступілі і папраставалі палітычнымі гасцінцамі.

Алесь і захапляўся бацькам, і злаваўся на яго: шляхту высмейвае, ад ганаровых пасадаў адмаўляецца... На апошніх вакацыях проста карцела яму пярэчыць, бачыць разгубленасць у цёмных вачах. Малодшы Лёднік і не супраць вучыцца спадчыннаму рамяству... Але ж вайсковыя подзвігі вабяць! Бо ўсё жыццё чуць у свой бок «клісцірнік»...

Пан Пранціш Вырвіч Алесевы перайманні разумеў куды лепей. Яму, шарачковаму шляхцюку, таксама даводзілася кулакамі і зброяй гонар абараняць. Пранціш неяк і намякнуў Алесю, каб заахвоціць да рыцарскіх цнотаў, пра высокае паходжанне. Пані Саламея Лёднік, як бы Алеся ні любіла, якой гожай ды разумнай ні была, насамрэч — маці прыёмная. Хто ж сапраўдная ягоная маці, юнак не ведаў. Натуральна, часам у рамантычных мроях уяўляў сябе згубленым прынцам.

Гэтак жа, як панну Праксэду — згубленай прынцэсай.

Таямнічая і недасяжная. Хаця падумаеш — старэйшая ўсяго гады на чатыры. І яшчэ трэба прызнацца: высакаватая, як для дзеўкі. За Чорнага Доктара, можа, на пару вяршкоў усяго ніжэй, а Алесь знізу ўверх глядзіць на сваю Прыўкрасную Даму.

Ну і што? Па ўсім відаць — шляхцянка. На тонкіх пальчыках сыгнеты мусілі ззяць, русявыя валасы — пышным напудраным воблакам уздымацца. А пайшла ў павітухі, нізкае рамяство, засвойваць якое ёй дапамагалі Алесевы бацькі. Дзяўчына аднойчы трапіла ў іхні шпіталь проста з вуліцы непрытомнай, з запаленнем лёгкіх і выснажэннем. Потым высветлілася, што паненцы няма куды пайсці, а веды ў навуцы медычнай у яе адкульсьці меліся.

Вось каб хоць адзін разочак зірнула на гаспадарскага сына, не як на хлапчыску, хоць і разумненькага... А то яна з ім, як з ягонай малодшай сястрычкай Сафійкай.

А як паказацца строгай панне Праксэдзе, аматарцы навук, на вочы, калі з Акадэміі з ганьбай вытураць? Для яе тут быць — мара недасяжная, а Алесь сам усё прамантачыў.

Была яшчэ адна падстава разладу з бацькам. Успамін, як агідны слімак у самай глыбокай трэшчыне валуна. Выпадкова падгледзеная скрозь прыадчыненыя дзверы бацькавай лабараторыі сцэна... Алесь краўся на дыбачках па цёмным калідоры іхняга гарадзенскага дома, куды пераехалі з Полацка дзеля медычнага інстытута (у слоіку, прыхаваным у сенцах, якраз мусіла ачуняць яшчэ адно гідкае стварэнне). З лабараторыі даносіўся часты металічны стукат — штосьці драбнілася ў ступцы. Дрыготкае святло свечак рабіла бацькаў твар, схілены над сталом з рэактывамі, яшчэ больш суворым, нос яшчэ больш драпежным, чорна-сівыя пасмы звесіліся... Згадвалася старая бацькава мянушка «Фаўст», якую ўспамінала пані Саламея, калі гневалася на мужа. Доктар засяроджана вывучаў аркуш з формуламі... І не зварухнуўся, калі стукат у куце лабараторыі сціх, і да ягонай шчакі, пазначанай глыбокім ценем, нясмела, як да агню, пацягнулася тонкая дзявочая рука. Пакутліва марудна, нібыта праз страшны боль, нібыта нейкая неадольная сіла змушала... Асцярожна, ледзьледзь, дакрануліся дрыготкія пальцы да твару... Баўтрамей, не азіраючыся, цвёрда адвёў чужую даланю ад свайго змрочнага аблічча.

— Не трэба. Вы самі ўсё разумееце, Праксэда. Вы ж кемная. Давайце памолімся святому Кіпрыяну і святой Юстыне...

Голас гучаў мякка-спачувальна.

У Алеся глуха стукала ўвушшу кроў, калі ён ірвануў у свой пакой... І пастараўся выкінуць убачанае з галавы.

Але слімак нікуды не падзеўся. Ён жыў, варочаўся пад сэрцам, змушаў пільна прыглядацца да жэстаў і поглядаў, услухоўвацца ў інтанацыі...

Падазронага больш не было. Цёмныя вочы бацькі заўсёды цяплелі, калі ён глядзеў на жонку. З паннай Праксэдай, як з усімі — строгі і ветлівы. Панна абвязвала шчыльна галаву белай хусткай, як паслушніца, гаварыла мала, шчыравала ў шпіталі, як апантаная, пані Саламею шанавала... А тая часам паглядала на памочніцу з сумным жалем, як на цяжка хворага, што хавае сваю хваробу.

Але — слімак пад сэрцам Алеся жыў. І час ад часу ўзбураў цёмную пену недарэчнага гневу.

Бразнулі дзверы. На парозе карцара стаяў пан суддзя менскага замкавага суда пан Вырвіч. Ладны, русачубы, блакітнавокі... Вось толькі штось не так было з вачыма пана, звычайна такімі ўсмешлівымі.

— Я забіраю цябе з Акадэміі, Аляксандр. Ідзі па клункі, адпраўляешся дадому.

Сярод семестра?

За што Алесь яшчэ больш паважаў дзядзьку Пранціша — той ніколі не хаваў ад яго праўды.

— Бацька твой зняволены. У акрутным забойстве вінавацяць.

Юнак змусіў вусны не дрыжэць. Ясна ж — абвінавачванне лжывае. Двубой — так, Алесь не раз бачыў, як доктар шабляй свой гонар абараняе. Але — акрутнае забойства? Бутрым Лёднік, выбітны фехтавальшчык, і ў вірах ваенных не хацеў нікога пазбаўляць жыцця, гадамі адпрацоўваў адмысловыя ўменні, як перамагаць, не беручы смяротны грэх на душу.

— А хто забіты?

Пан Вырвіч трохі прамарудзіў з адказам.

— Панна Праксэда, што ў вашым шпіталі працавала.

Вільготныя камяні вязніцы скалануліся. І мімаволі ўспомнілася... Тонкая рука дрыжыць ад невымоўнай пакуты і цягнецца да худой шчакі змрочнага высокага мужчыны... Нашто? Ён жа стары... Худы... Непрыгожы...

Бацька невінаваты... Невінаваты... Невінаваты...


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Апошняя справа суддзі Вырвіча


У той год сабралася да прабацькі Абрама на піва самая старая жыхарка Менска, мяшчанка Ружа Твароўская.

Прабацька ўжо, мусіць, дзірку ў аблоках працёр, кабету выглядаючы.

Сто трынаццаць год, шэсць каралёў перажыта.

І абодва Сасы, за якімі еліся лыжкай кілбасы. І Ян Сабескі, што круціўся пад абцасікам каралевы Марысенькі. І Ян Ваза, езуіт суровы, кароль кісялёвы. І недалужны Вішнявецкі, які ад перайманняў за паразы вайсковыя маладым памёр. І кароль Стась Ляшчынскі, што двойчы трон губляў...

А папраўдзе, дык за кожнай каралеўскай мосцю крывавай поліўкі ліцвіны ды іншыя народы Рэчы Паспалітай насёрбаліся, а цяперашні Цялок яшчэ горшага наварыў. Добра, Менску пакінулі Магдэбургскае права, а шмат якія гарады ліцвінскія страцілі яго: у Расейскай імперыі вольнасцям местачковым не існаваць. Цяпер там не ваяводствы, а губерні. У Менску ваявода застаўся, але прызначылі на гэтую пасаду гарбатага Юзэфа Мікалая Радзівіла, крэатуру Чартарыйскіх, які з задавальненнем кіраваў секвестраванымі маёнткамі сваяка-выгнанніка Пане Каханку.

Новая рыдлёўка — новыя грады. Альбо прыстасоўвайся да новых парадкаў, або... Таму без прыхільнасці асаблівай прыняў пан суддзя менскі замкавы, ягамосць Пранціш Вырвіч з рук ліслівага вознага позву на пазачарговае паседжанне суда. Учора толькі з палявання ў Капанічы вярнуліся, бязлітасна абрэзаўшы ніткі лёсу дзіку ікластаму ды ласю губастаму. Сынок малы Янук ля ног шыецца — «Тата, дай пастлаляць!» І касавурыцца на пісталет італьянскай работы, што нядаўна ўпрыгожыў насценную калекцыю. Жонка-разумніца, пані Дамініка з Гараўскіх, дакорліва паглядае: абяцаў жа яе новую карціну ацаніць, а сам, змораны, заснуў. Цесць, пан Гараўскі, які на хаўтурах па дзіку ды ласю анісаўкі сабе не шкадаваў, вось-вось прачнецца... І вырашыць неадменна, што мала выпіта ў памяць замардаваных лясных істотаў. А пану Вырвічу трэба было б яшчэ мазгі добра праветрыць ад тае анісаўкі, на пару з панам Гараўскім учора выпітай, ды добра абдумаць нядаўні візіт пана Баўтрамея Лёдніка.

Пан Баўтрамей прыехаў у Капанічы з Гародні ўсяго на дзень. Собіла ж нерадавітаму і неільсціваму доктару патрапіць у сэрца палітычных інтрыг. Стваральнікі медычнай школы і даўнія сябры, Жылібер і Лёднік, былі прадстаўленыя Панятоўскаму. Кароль француза ўпадабаў, прыслухоўваўся да ягоных парадаў. З Лёднікам паводзіўся насцярожана, быццам не ведаў, як ставіцца да таго, хто разам з ім падзяляў прыхільнасць вялікай імператрыцы. Вядома, кароль суперніка ў доктары не бачыў — той увогуле патрапіў у Царскае Сяло, як арыштаваны за дзяржаўную здраду, і ўсяго на адну ноч там затрымаўся, пераканаўшы царыцу ў праўдзівасці сваёй версіі падзей у Віленскай акадэміі... Дзеля чаго была зладжаная паказальная дуэль з парай дзясяткаў гвардзейцаў.

Відовішчная дуэль атрымалася. Кацярына ацаніла.

Інтарэс імператрыцы да «чарнявага палячышкі», як злосна называў яго царыцын фаварыт Арлоў, прыдворныя на скрыжалі сваёй памяці занеслі. І цяпер, як чалавек з бліжняга кола Тызенгаўза і Панятоўскага, былы прафесар Віленскай акадэміі зноў патрапіў на шахматную дошку палітычнага жыцця, хаця б і ў якасці чорнай пешкі. Уладу мае не той, у каго грошы, а той, у чыім распараджэнні каралеўскае вуха...

А доктар у палітычныя гульні ўлазіць не хацеў. Таму праігнараваў запрашэнні ў папулярныя гарадзенскія салоны. Адно — ад княгіні Аляксандры Багінскай, у дзявоцтве — Чартарыйскай, жонкі вялікага гетмана Міхала Казіміра Багінскага. Пан Міхал жыў ад жонкі асобна, у набытым з яе пасагам Слоніме, ды высільваўся, каб у ягоным тэатры на сцэне караблі плавалі ды жывыя сланы тупалі. А пані Аляксандра, патомная інтрыганка, вірамі палітычнымі кіравала, як бог Няптун. З німфай параўнанне гучала недарэчы: пані Аляксандра была багатырка, за свецкім абедам магла няўзнак скруціць трубкай срэбнае блюда, пальцамі змяць манету, на абед з’ядала шэсцьдзясят вараных яек і двух каплуноў, птушак страляла на ляту ў вока... Падчас гарадзенскіх рэдутаў на ейных балях дамы танчылі згодна завезенай палюбоўніцай Панятоўскага маркізай дэ Люлі модай: у паўпразрыстых сукенках з аголенымі грудзямі, у сандалях, з пярсцёнкамі на пальцах ног... Цьху, распуста, адным словам!

Другое запрашэнне было не менш ганаровым: ад яемосці Тэрэзы Караліны Радзівіл са Ржавускіх, жонкі пана Караля Радзівіла. Чарнявенькая жвавая пані Тэрэза, дачка гетмана Вацлава Ржавускага, сасланага ў Калугу, з каралём Панятоўскім была ў адносінах самых мілых. Мужа высмейвала, лісты ад яго ў Варшаўскім палацы ўслых зачытвала, каб прыдворныя пасмяяліся. Нораву ж акрутнага: пра тое, як з ворагамі распраўлялася, страшныя казкі хадзілі. З’явілася на гарадзенскія рэдуты з палюбоўнікам, Ігнацыем Богушам, былым кумпанам Пане Каханку, і ладзіла балі, супернічаючы ў раскошы з княгіняй Аляксандрай.

Абедзве валькірыі, Багінская і Радзівіліха, атрымалі ад нікчэмнага клісцірніка Лёдніка гарбуза пад прыстойнай падлівай. Якраз у шпіталь завезлі некалькі хворых з тыфусам, і доктар запэўніваў, што баіцца прынесці ў пала­цы заразу.

Але ж Бутрым, аказваецца, і ў масонскую ложу, якую стварыў у Гародні Жылібер і куды ўступіў сам кароль, адмовіўся ўвайсці. Алергія ў яго, маўляў, на ўсялякія таемныя таварыствы.

А на днях даслаў з Італіі ліст пан Рысь, стары знаёмца, адзін з альбанчыкаў, банды Пане Каханку. Князю надакучыла туляцца па чужыне, у той час, як на радзіме ўладанні нішчацца. Себежскае ды Невельскае ваяводствы ўжо расейцы захапалі! Усе ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі памілаваныя, вярнуліся, нават князь Багінскі... А Караль Радзівіл сядзіць у Венецыі, як котка на распаленай блясе. У мінулыя гады яго два разы расейская царыца і Станіслаў Панятоўскі за рокаш прабачалі, дазвалялі вярнуцца, вярталі секвестраваныя маёнткі...

І цяпер бы дазволілі — але ж не за ўдзячную ўсмешку. Апошняе вяртанне каштавала князю надта дорага: давялося браць удзел у Радомскай канфедэрацыі, хуценька створанай з падначкі расейскага пасла. Потым заклікаць да таго, супраць чаго яшчэ нядаўна выступаў... Шляхта ледзь даравала свайму ўлюбёнаму правадыру такі куншцюк. І яшчэ адной падобнай ганьбы — прасіцца, прыпаўзці на каленях — рэпутацыя пана Караля не вытрымае, як шмат разоў перагнутая падкова. Так што наўпрост звяртацца да Цялка, Кацярыны ці іх чыноўнікаў Радзівіл не хоча. Надзейней за ўсё дамовіцца праз трэціх асобаў. Нязначных, але прыбліжаных да ўладаў. Увесці тым уладам у вушы, што Пане Каханку не супраць вярнуцца, але каб яго самога публічна запрасілі, угаварылі, і найменш каб урону гонару было...

Вось пан Рысь, канфідэнт Радзівіла, і прапанаваў такі гандаль павесці праз свайго прыяцеля, доктара Лёдніка, які з Тызенгаўзам кожны дзень бачыцца і каралю пра медычныя адкрыцці лекцыі чытае. А суддзя менскі замкавы пан Вырвіч дапаможа прыняць доктару патрыятычнае рашэнне.

Пранціш захапленне пана Рыся нясвіжскім ардынатам не падзяляў. Што гераічнага ў тым, што князь хоча і ў ваду не залезці, і рыбку з’есці? Вырвіч цалкам пагадзіўся з устрывожаным Лёднікам: лезці паміж молатам і кавадлам, або Радзівіламі і каралём, не варта. Скарыстаюць і забудуцца, як на дзіравы чаравік.

Дарэмна раскормленыя пахолкі Капаніч, на ўсходні манер у шальварах і шаўковых халатах, з-пад турбаноў вытыркаецца салома ліцвінскага валосся, — чакалі, пакуль паны добранька шкляному богу паклоняцца. Тады і слугам перападзе глыточак-кавалачак. Бутрым і збана медавухі не выпіў. Чым мог бы абразіць гаспадара, пана Гараўскага, каб той і так не ўважаў Чорнага Доктара за фармазона. Сумленны госць не мусіць на сваіх нагах з-за стала ўставаць. Нат за парог выйшаўшы, павінен выпіць з гаспадаром на штэмпель, каб сяброўства запячатаць, потым расхадуху, потым чарку аглаблёвую, а чарку страмянную — ужо на кані седзячы...

А доктар на развітанне хуценька надаваў усім медычных парадаў ды пусціў каня лужыны восеньскія расплюхваць. Шлях няблізкі, а мусіў яшчэ ў Менск заскочыць. Былы езуіцкі калегіюм, адкуль Пранціш калісьці лататы даваў, ператварылі ў свецкую школку, і там праглі кансультацыі знакамітага прафесара Лёдніка, важнага чальца ўсемагутнай Адукацыйнай камісіі. Гэтыя запросіны Лёднік і скарыстаў, каб па дарозе завярнуць у Капанічы.

Вырвіч глядзеў услед вершніку, хударляваму, але дужаму ды жылістаму, небяспечнаму, як загартаваная шабля, усё яшчэ чарнавалосаму, толькі з нітамі сівізны, і не мог даць веры, што калі яны першы раз сустрэліся, Лёднік меў гадоў амаль столькі ж, колькі Пранцішу зараз... А было гэта на скрыжаванні за Менскам, па дарозе на Валожын, калі бегламу шкаляру праезджы пан прадаў за шэлег свайго непакорлівага раба-зоркаведа, выкінуўшы таго з карэты проста ў гразь... Тады выпадкова набыты полацкі алхімік, які страціў волю, бо нарабіў даўгоў, здабываючы філасофскі камень, здаваўся Пранцішу зусім сталым, можна сказаць, старым... Вырвіч слугу паблажліва шкадаваў: жыццё спляжыў. А колькі пасля шчэ адмерылася таго жыцця абодвум, ды з такімі выкрутасамі Фартуны — то цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне...

...Подзвігі, здрады, каханні і страты... Меле каменне млынар каля хаты... Стогнуць магутныя жорны, як душы. Пылам каменным твой шлях зацярушаць. Вочы сляпыя млынар не падыме... Пылам — імёны, і справы за імі, пылам — твой гонар, і слава, і цноты... Дзеці твой чэрап качаюць за плотам...

Так, ён усё яшчэ пісаў вершы, пан Вырвіч, былы шкаляр, студыёзус, дра­гун, канфедэрат, суддзя, ліцвін, беларус.

І мусіў выпраўляцца ў Менск, бо шляхціц не павінен пагарджаць сваім доўгам перад Айчынай. І калі можна дадаць у гэты жорсткі свет хоць каліўца справядлівасці, трэба гэта зрабіць.

У Менску чамусьці ля кожнага старога пажарышча, абгарэлага, сляпога дома трэслі залатым лісцем маладыя бярозкі, як цыганачкі маністамі. Гэта й урэзалася ў памяць: аблічча горада — вугаль і золата.

Пана Вырвіча завялі ў судовую залу ледзь не пад рукі: а радасць якая, быццам каранаваць збіраліся. Пане-дабрадзею, сонейка наша яснае пан суд­дзя... Хутка з’ясавалася прычына паспешлівасці і некаторай таямнічасці. У Менск нечакана заявіўся сам вялікі канюшы і падскарбій літоўскі пан Міхал Брастоўскі. Вось ён, у зале судовай. Першую лаўку заняў, наперад падаўся, на шаблю-карабэлу абапершыся, гатовы ўвобмірг сарвацца з месца ды судовых на капусту пасячы. Твар гожы. Але нервовы і трохі азызлы, бледны, як цеста. Вочы, абкружаныя ценямі ці ад гаравання, ці ад балявання, змрочна блішчаць з-пад сабалінай шапкі з дыямантавым гузам велічынёй ледзь не з кулак... Людзі магнацкія паўсюль, гайдукі, венгрыкі. Злосна шчэрацца. І таксама зброю не пакінулі за дзвярыма судовай залы, як належала, і рукі ад дзяржальнаў не адліпаюць...

Пранціш адчуў, як шыла пад рабром: змова! Патрапіў абцас у смалу... І світа з трох гайдукоў капаніцкіх не выратуе. Ніводнага добрага знаёмца, а хто ёсць са знаёмых, альбо вочы хаваюць, альбо глядзяць нахабна, чакаючы, калі з суддзі звараць булён.

Пачалося агучванне справы. І Вырвіч вушам не верыў. Малодшую дачку канюшага, паненку Праксэду Брастоўскую, знайшлі забітай на Плябанскіх Млынах у Менску. Ахвяра была страшэнна здратаваная і кінутая ў Свіслач.

Вырвіч пачаў прыпамінаць усё, што ведаў пра падскарбія літоўскага: здаецца, жанаты з Багінскай, ваевадзянкай Трокскай, і дачка ёсць, Барбара... Адкуль узялася яшчэ адна дачка?

Далей яшчэ дзіўней.

Аказваецца, паненка з дому ўцякла два гады таму, і сляды зацярушыліся. Паколькі вызначалася дзяўчына сціпласцю і пабожнасцю (на гэтым дакладчык асабліва настойваў, лісліва паглядаючы на насупленага пана), падазравалі чарадзейства альбо прымус.

І не памыліліся.

Падскарбічанку падманам звезлі і зрабілі прыслугай. Ганьба якая! Змусілі даглядаць хворых у шпіталі, шалупонь усялякую, ды рыхтаваць лекі, да такога рамяства іначай як пад ачмурэннем высакародная паненка не сышла б... А калі дзяўчына паспрабавала ўцячы, чарнакніжнік, на якога няшчасная працавала, яе дагнаў і акрутна забіў.

А вось і злачынец...

Цяжкія дубовыя дзверы расчыніліся з несамавітым грукатам. Пранцішу здалося, што ён патрапіў ці ў начны блёкат, ці ў кепскі тэатр. Да месца падсуднага валаклі Лёдніка.

Калі б Вырвіч не ведаў таго так добра, дык убачыў бы змрочнага фанабэрыстага тыпуса, з якога нат штуршкі вартавых не могуць гонар збіць. Але Пранціш ясна заўважаў, што доктар разгублены.

Страшэнна, як ніколі, разгублены, хоць і захоўвае ганарыстую міну.

Здаецца, Бутрыма пакуль не збівалі. Толькі на бялюткім манжэце, што выглядаў з-пад рукава чорнага сурдута, нейкі цёмны пісяг.

Застаецца спадзявацца, што не кроў.

Кепска, што Бутрым у нямецкім строі. Цяпер гэта расцэняць як пагарду да шляхецкіх звычаяў. Сёння нат тыя, хто нядаўна заказваў з Парыжа пудраныя парыкі, паўздзявалі бацькавы кунтушы ды жупаны. І чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты...

Праўда, Брастоўскі — прыхільнік Фаміліі, барскіх канфедэратаў знішчаў з усёй жорсткасцю... Юнацтва правёў у каралеўскім нямецкім палку, і сармацкія традыцыі парушаў лёгка, бо, відаць, уважаў за дзікунства. Тое, што ён сёння ў сармацкім строі, таксама дэманстрацыя: нобіль прыехаў спаганяць з бязроднага крыўдзіцеля!

Лёднік сустрэўся поглядам з суддзёй і нават не вельмі здзівіўся, што судзіць яго пакліканы былы вучань. Толькі губу прыкусіў.

Далейшае нагадвала добра разыграны спектакль. Сведкі адзін за адным, хто баязліва, хто лісліва паглядаючы на змрочнага вялікага канюшага, распавядалі, як злачынны доктар віхрам уварваўся на кані ў Менск, вядома, даганяючы ахвяру. Як ля месца забойства бачылі падазроную постаць: высокі, у цёмным... Самае галоўнае — у валізцы Чорнага Доктара знайшлі скрываўлены срэбны медальён, які належаў паненцы Брастоўскай.

Зачыталі і ліст з Гародні ад нейкага пісарчука, які сведчыў пра ганебную прымусовую працу паненкі на карысць злачынцы і яе няздольнасць уцячы, бо знаходзілася пад чарамі.

Для чаго доктару спатрэбілася скрадаць настолькі высакародную асобу, каб змусіць прымаць роды ў мяшчанак, нікога не цікавіла.

Не атрымаў уцямнага адказу і Пранціш. Ён выдатна памятаў панну Праксэду, якая і праўда дапамагала пані Саламеі і Лёдніку ў справах медычных і нат жыла ў іх гарадзенскім доме, з ласкі каралеўскае вылучаным, і не як прыслуга, а хутчэй як прыёмная дачка. Дырба такая, вышэй за Пранціша да крыўднага, хаця тварык нічога. Вырвіч яе пабойваўся: гаворыць мала, але позірк шэрых вачэй пранізлівы, не раўнуючы як у Лёдніка. Той усё бедаваў, што разумніца Праксэда жаночага полу, ва ўніверсітэты не пашлеш. А такі дыстынгнаваны навуковец атрымаўся б! Не, ніяк не падобная была панна да спешчанай магнацкай дачкі, і тым болей да нявольніцы.

Найбольш палохалі не крыкі ахвочых прытаптаць Чорнага Доктара ў зямельку, а маўчанне Брастоўскага. Той не варушыўся і не адводзіў вачэй ад забойцы. Нат на расповед таго пра акалічнасці з’яўлення панны Праксэды ў доме Лёднікаў — хворай, зняможанай, без граша ў кішэні — ніяк не адгукнуўся.

Баўтрамей прысягаў, што нічога не ведаў пра паходжанне паненкі. Што гвалтам яе не трымалі. Жыццё адратавалі. Што не мае дачынення да яе смерці... Ды хто яго слухаў? Дый пана суддзю таксама. Гарлалі, як на элекцыйным сойме. Падкінуты ў валізу доктара медальён забітай дэманстравалі на вялікім блюдзе з такім задавальненнем, як, прабач, Госпадзе, запэцканую прасціну пасля першай шлюбнай ночы. Дзякуй богу, што пра пані Саламею не згадвалі!

— Смерць! Асудзіць на горла!

Пан суддзя, як мог, перакрыкваў натоўп, нагадваючы пра нестыкоўкі ў справе і нат відавочныя дурноты, пра тое, што падсудны віны не прызнаў.

Як супраць ветру плявацца.

— Дык пан суддзя адмаўляецца выносіць справядлівы прысуд акрутнаму забойцу і чарадзею?

Маладзенькі шляхціц з вусікамі, што нагадвалі дзве вышчыпаныя з кудзелі шматочкі, верашчаў, ажно Брастоўскі паморшчыўся. Пранцішу самому давялося напружыць голас:

— Я шмат гадоў ведаю пана Баўтрамея Лёдніка. Магу прысягнуць, што ён не здольны на такое злачынства. Нагадаю, панове, што тры гады таму ён выйграў тут жа, на пляцы ля ратушы, ардалію, Божы суд! Магу засведчыць, што панна Праксэда Брастоўская рабіла ўсё па добрай волі і авалодвала справай медычнай з хрысціянскіх пабуджэнняў... У мінулы аўторак пан Лёднік гасцяваў у мяне, у Капанічах, і ніякай паненкі не пераследваў...

— Саўдзельнік! Схізматык! Ганьба!

Пранціш разумеў, што менавіта на ягоную адмову асудзіць сябра і разлічвалі. Тут жа ў падсудка знайшоўся ліст ад пана войта Юзэфа Радзівіла. За неадпаведныя дзеянні пан суддзя менскі Пранціш Вырвіч пазбаўляецца сваёй пасады, і на ягонае месца прызначаецца...

Вырвіч нат не расчуў, хто менавіта пасуне яго з судзейскага крэсла, за ўхвальным ровам натоўпу. Новы суддзя тут жа аб’явіўся, варушачы, як жук, чорнымі вусамі, і няправедны суд прадоўжыўся... Але зараз жа і скончыўся, калі загаварыў нарэшце ягамосць падскарбій вялікі літоўскі Брастоўскі. Вырвіч, якога, дзякуючы ягоным гайдукам з Капаніч, з залы не вытурылі, толькі да сцяны адсунулі, зноў вушам уласным не верыў. Падскарбій уладна запатрабаваў, каб забойцу дачкі аддалі пад ягоную юрысдыкцыю, як старосты ашмянскага, ён якраз збіраецца ў Ашмяны, вось і збярэ гродскі суд.

І каб быў Лёднік радавітым, успомніў бы хтось пра недатыкальнасць шляхціца, роўнасць усіх паноў-братоў і святасць Статуту — бо дапусці прэцэдэнт, гэтак любога вораг зможа забраць у сваю вотчыну на расправу... Але Баўтрамей Лёднік быў бязродным, што ўмудрыўся ўкруціцца ў давер да каранаваных асобаў, і вось ужо яго выводзяць воі Брастоўскага... І паблісквае абыякава вечаровае сонца, што здолела прабіцца праз пыльнае ваконнае шкло, на залатых галунах ды аголеных шаблях...

Дарэмна Вырвіч крычаў пра каралеўскі Трыбунал, які толькі і мае права асудзіць шляхціца... Дарэмна, успомніўшы, што пан Брастоўскі жанаты з сястрой князя Міхала Багінскага, нагадваў пра сваяцтва: жонка Пранціша, Дамініка з Гараўскіх, была дачкой зводнай сястры князя. Брастоўскі толькі злосна ашчэрыўся...

Традыцыі для пана заканчваліся дыяментавым гузам на шапцы.

Чорны Доктар паспеў прагаварыць да Вырвіча, калі той прабіўся да яго бліжэй:

— Прыглядзі за маёй сям’ёй... Алеся забяры...

Вось так Вырвіч і паехаў у Вільню.

...Да першай прыдарожнай карчмы, дзе яны з Аляксандрам Лёднікам збіраліся ночыць, яшчэ заставалася вёрст дзесяць. Хмары ляцелі ў бок Менска, падабраўшы шэрыя фальбоны, быццам спазняліся да пачатку нябеснай асамблеі...

Алесь выцер з твару восеньскі дождж.

— Хтосьці дапаможа?

З сядзельнай сумкі малодшага Лёдніка несамавіта высоўваў бліскучы нос мікраскоп.

Вырвіч і без павелічальнага шкла бачыў бяду.

— Кароль рады Бутрыма з жыцця вытрасці, як каменьчык з бота. Тызенгаўз супраць не папрэ, Жылібер сведчыць — адразу пачаў пра Бутрыма рэзка адзывацца. Сам Жылібер спачувае, але што ён зробіць...

На прыдарожным крыжы вісеў абраз, пасечаны нечай шабляй. Засталося адно цёмнае сумнае вока...

— А бацька... жывы яшчэ?

Вырвіч і сам хацеў бы пэўнасці — ці мала няшчасных павісала ў петлях ды палівала крывёй шыбеніцы ў дварах магнацкіх палацаў...

— Суд яшчэ мусіць быць.

Самому б у гэта верыць.

— А што, калі... Да расейскай царыцы звярнуцца?

Вырвіч скасавурыўся на Алеся: наколькі шмат ён ведае пра стасункі бацькі і імператрыцы? Паколькі хлопец адвярнуўся і пачырванеў — ведае досыць.

І ў такім бядотным становішчы можна было і да царыцы... Калі б мудры ганарысты Бутрым, які паставіў за мэту быць незалежным ад ласкі вяльможнай, якраз напярэдадні не спаліў сабе і гэты масток — пра што Вырвіч з расчараваннем даведаўся толькі пасля суда. Імператрыца пажадала пачуць, як дзейнічае Адукацыйная камісія, як працуе ў Гародні медычная школка... У дэлегацыю, што мусіла пра гэта дакласці, згодна негалоснаму манаршаму распараджэнню, належала ўключыць прафесара Баўтрамея Лёдніка. А той упёрся... Не варты, этыкету не навучаны, радаводам не выйшаў... Ясна, што дзеля спакою каханай Саламеі ў вязніцу пойдзе за аслушэнства — але не дасць новай падставы брудным чуткам. Ніякіх больш палацаў і імператрыцаў...

Панятоўскі дык толькі ўсцешыўся. Але ў Санкт-Пецярбургу ганарыстага доктара кляйном адпаведным пазначылі.

— Я не паеду дадому.

Алесь Лёднік упарта падціскаў вусны. У глыбокай калюжыне ад сялянскіх калёс люстравалася неба падзеленай краіны.

— Я з панам Вырвічам — у Ашмяны.

...Вох, які водар у старой прыдарожнай карчме, каб вы, дабрадзеі, ведалі! Ніводзін парыжскі парфумер не накалбоціць такой раскошы. Часнок, згорклае сала, кіслая капуста, тлушч, у якім смажылася не адно пакаленне каўбасак, можа, яшчэ з часоў Саса, гнілое сена. Плысці можна ў такім водары! У сціплую пабудову пад назвай «Эльдарада», чые шэрыя драўляныя скабы аж раздзімаліся ад напругі, шляхты набілася, як тых канкістадораў у карабель, што нясе да залатога горада. І шарачкі, што ганарыста выстаўлялі на пагляд захаваныя каштоўнасці — у каго сыгнет, у каго зыркі, як вясёлка, дзядоўскі паяс ці дыяментавы гуз на пабітай моллю шапцы... Кулялі чаркі і некалькі асобаў у дыхтоўных саетах.

П’юць піва мястэчкі,

П’юць піва і вёскі,

І паньства статэчна,

І люд вельмі просты,

П’е піва і худы,

П’е піва і тлусты,

І дзед сіваброды,

І хлопак бязвусы.

Музыкі былі не зусім сабе карчомныя — у аднаго, вышэйшага, чарнавусага, у чырвонай світцы і сінім сукмане, мандаліна, у другога, маладзейшага і шчуплага, у блазенскім зялёным каптане з жоўтымі клінамі — скрыпка, а на шапцы цэлы пук паўлінавых пёраў. Гралі-спявалі шалапуты «з каленцамі», мудрагеліста, відавочна звыкшы ўпрыгожваць слых уладальнікаў маёнткаў. Той, што з мандалінай, яшчэ ўмудраўся нагой кіраваць механічным барабанам з талеркамі, каб шляхетны слухач, нат адужаны Бахусам, не заснуў канчаткова і пад вясёлы грукат хоць шэлег ламаны адшкадаваў менестрэлям.

Зусім не падобна, што панства тутэйшае збіраецца на паховіны.

Цяпер паважаны пан Вырвіч не мусіў глытаць галодную сліну, калі заходзіў у карчму, як калісьці давялося ім з Лёднікам, калі той яшчэ быў бяспраўным слугою збеглага шкаляра. Дыяментавы гуз на сабалінай шапцы найлепшы про­пуск. Карчмар хуценька вызваліў месца, сагнаўшы нейкіх чумакоў, і чаканне замоўленых клёцак з душамі прыкрашала кампанія двух келіхаў піва.

Келіхі былі масянжовыя і гнутыя. Справа шляхецкая — з чаго п’ецца, тым і б’ецца.

Непадалёк мажны шляхцюк у багатай серабрыста-чырвонай чузе, якая, мяркуючы па працёртых рукавах, ведала лепшыя часы, бубнеў пры пачцівай увазе слухачоў пра ўласнае Эльдарада, калі давялося пажыць у Нясвіжы яшчэ пры ягамосці вялікім гетмане Радзівіле Рыбаньку:

— А от у дзень імянінаў карусель у гонар яснавяльможнага князя была. Усе ў сукнях машкарных, у строі ружовым градэтуравым, з галунамі срэбнымі, а плашчыкі гарнастаямі падшытыя, а на галовах каскеты высокія з пер’ем белым. Падзяліліся ягамосці на чатыры банды кавалераў, адну вёў сын ягамосці Януш, што ў хуткім часе памёр, другую — іншы сын, яснавяльможны Караль, а трэцюю пан Карніцкі, паручнік пяцігорскі, а чацвёртую — пан Нарніцкі, харунжы гусарскі... І ў кожнай бандзе было на калясках столькі ж німфаў, i кавалеры ix везлі.

Расповед нагадваў гранне катрынкі альбо зачытванне дыярыюша.

— І пастаўлена было статуй з дрэва, падобна да арлекінаў паўбіраных. Першая трымала ў адной руцэ кружок, а ў другой кій скураны, саломай напха­ны. Сама на шрубе, дык трэба было, ударыўшы дзідай у гэты кружок, праскочыць. Калі хто ўдарыць добра, дык нічога, калі ж нядобра, дык павернецца тая статуя i кіем у лоб дасць. Другая статуя на грудзёх мела круг жалезны, куды куляй глінянай трэба было ўдарыць. Калі трапіў у сярэдзінку, дык ракета ўгору вылятала, калі ж хібіў, дык рыцара драбязой абсыпала. Трэцяя статуя мела на раменні скрынку, у якую, калі трапіў, дык з яе птаства вылятала.

Расчулены ўспамінамі, апавядальнік не заўважаў, што яго настальгічнае мармытанне даўно страціла апошніх слухачоў, акрым келіха, які ўсё гэтак жа захоплена адкрываў круглы рот.

Нарэшце духмяныя клёцкі, над якімі танчыла пяшчотная пара, дабраліся да свайго наканавання, і былы суддзя з недавучаным студыёзусам запрацавалі лыжкамі.

Між тым песенька сціхла, а музыкі, парассоваўшы па кішэнях атрыманыя манеты, уладзіліся за сталом. Хто болей плётак-чутак ведае, чым вандроўны музыка? Пранціш скасавурыўся: той, што з чорнымі вусамі, прыціснуўшы мандаліну каленам да ножкі стала, абгрызаў свіную галёнку.

Вырвіч адправіў па заплямленай сталешніцы да талеркі музыкі срэбны шастак. Тлусты профіль Жыгімонта Аўгуста Трэцяга круціўся разам з манетай. Музыка спрытна цопнуў шчодры панскі падарунак, вусны расплыліся ва ўсмешцы з належнай, але не занадтай порцыяй ліслівасці. Пранціш кіўнуў, каб мандаліншчык прысунуўся бліжэй.

— Добра граеце з таварышам. А ці не ў Вільню кіруецеся?

Музыка ахвотна засакатаў (куточак правага вока яго быў трохі апушчаны з-за шнару, падобна, ад бізуна):

— Што вы, літасцівы пане, якая Вільня! Мы, як і ўвесь люд паспаліты, у Ашмяны, на заручыны!

Вось табе маеш...

— Ну як жа, сын расейскага пасла Штакельберга заручаецца з пляменніцай ягамосці вялікага гетмана Багінскага!

Паплечнік вусатага пачціва ўлез у размову:

— У касцёле францысканцаў цырымонія будзе, вашамосць.

Ліфляндзец Штакельберг, якога ненавідзяць усе мясцовыя патрыёты, цьху, нат на прозвішчы язык спатыкаецца, і гетман Багінскі, былы барскі канфедэрат? Вось гэта палітычны куншцюк...

— І чаму ў Ашмянах?

— А таму, што ягамосць староста Ашмянскі пан Брастоўскі — швагер ягамосці Багінскага.

Музыка панізіў голас, паказваючы, што адкрывае таямніцу:

— Гэта ж ягамосць пан Брастоўскі і зладзіў заручыны... Пляменніца — падапечная гетмана, непаўналетняя. Штакелю таму з нашымі магнатамі парадніцца даўно хочацца, а то яго за чужынца трымаюць. Адзін пан гаварыў: Багінскаму паабяцалі аддаць маёнткі, што пасля сяквестру не вярнуліся, калі пляменніцу ўдачарыць і са Штакелем-малодшым ажэніць. Брастоўскі на гетмана праз жонку сваю, сястру ягоную, ціснуў... Бо за спрыянне шлюбу атрымае крэдыт ад расейскага пасла, які даўно прасіў. Тры мільёны злотых, мой пане!

Голас музыкі ажно затрымцеў — бо і ўявіць такую суму было непадсільна.

— Ён жа ў даўгах увесь, наш пан падскарбій, — гучным шэптам удакладніў шчуплы скрыпач. — Гулец, якіх свет не бачыў. У Вільні, кажуць, на такога мазурыка ў гульнёвым доме напароўся, што й карэту з коньмі прайграў, і частку маёнткаў. Цяпер староства Ашмянскае прадае пану Коцелу. Пані падскарбіева гадоў пяць асобна жыве.

Шляхцюк у серабрыстай чузе гучна захроп, аж паўлінавыя пёры на шапцы скрыпача, што ляжала між талерак, затрапяталі, бы ад ветру.

— А як маюцца дзеткі самога пана падскарбія Брастоўскага?

Вырвіч пастараўся задаць пытанне абыякава, кінуўшы пагрозлівы пагляд на Алеся, які адразу страпянуўся.

Мандаліншчык запэўніў, што яемосць Барбара падскарбічанка ў добрым здароўі.

А хіба няма другой дачкі?

Мандаліншчык зноў панізіў голас:

— Была, чуў, яшчэ дачка... Яе пан Міхал з Германіі прывёз, сказаў — ажаніўся там. Толькі ніхто не ведае, з кім шлюб пан Брастоўскі браў, а мо пад плотам яго справілі. Шалапут пан Міхал заўсёды быў неверагодны, бацькоў засмучаў. Не чуваць нічога пра тую дзяўчыну, а яна, мусіць, вялікая ўжо. Ці памерла, ці замуж выдалі.

— Не, ніхто з нашых не казаў, што на ейным вяселлі граў, — задумліва засведчыў скрыпач. — Мусіць, у кляштар аддалі нябогу.

І спачувальна перахрысціўся.

Пранціш сустрэўся позіркам з Алесем: той ледзь стрымліваў хваляванне. Значыць, не дайшлі сюды чуткі пра забойства на Плябанскіх Млынах...

Музыкі хуценька дапілі сваё піва, пахапалі інструменты і адправіліся граць далей: карчмар ужо злосна махаў ім, відаць, багаты кліент запатрабаваў песень.

Ну што ж, значыць, заўтра — у Ашмяны!

І лепш не думаць, што зараз адбываецца з Баўтрамеем Лёднікам... І ці жывы ён яшчэ.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Ашмянскія нявеста, аптэкар і кат


У «Кнізе пра звяроў ды пачвараў», напісанай сярэднявечным мніхам, згадваецца пра племя з вострава ў Чырвоным моры, што гаворыць на ўсіх мовах свету. Калі трапляе на востраў госць, тубыльцы пачынаюць пералічваць яму ўсю ягоную радню да дванаццатага калена. А як глузды ў небаракі пад цяжарам генеалогіі паедуць, тут яго на кавалачкі раздзяруць і сырым з’ядуць. Без солі. Затое з радаводам.

Шляхта, што з’ехалася ў Ашмяны, гатовая была адзін аднаго, не падсмажваючы, з’есці, бо радаводамі мерыліся ўсе. Хто паперадзе каго мусіць на імшы стаяць, у дзверы прайсці, да княжацкіх мосцяў бліжэй пасунуцца...

Людцы ля францысканскага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на які яшчэ Аляксандр Ягелончык фундуш запісваў, выцягвалі шыі то ў адзін бок, то ў другі, не раўнуючы гусіны статак у чаканні кармёжкі.

— Едуць, едуць!

Твары павярнуліся ў адзін бок. Зашаргаталі аксамітныя дылеі з сабаліным футрам і простыя сукманы, ускалыхнуліся фальбоны і пёры на шапках, затупалі ўсхвалявана па бруку чырвоныя боты з бліскучымі падкоўкамі і стаптаныя кабці... Задудзеў, забразгаў прывітальна аркестр, быццам лісліва загаўкалі, падвываючы, мядзяныя сабачкі...

— Непрыехаў вялікі гетман... Прадстаўніка прыслаў... Вунь, у кармазінавым жупане... І пасла, пасла няма...

Шэпат быў расчараваны. Чым болей нобіляў — тым болей выкаціцца бочак віна дзеля свята.

— Жаніха і нявесту вязуць! Віват!

Да касцёла набліжаўся дзіўны экіпаж, нібыта з’ехаў са старонак кнігі пра фею Мелюзіну. Шэсць белых коней з лазуркавымі плюмажамі ступалі нага ў нагу, дзвюма правымі, дзвюма левымі адначасова, як мядзведзі толькі са звяроў ходзяць ды спецыяльна навучаныя коні. Велізарная пазалочаная карэта з дахам-купалам, аздобленая бела-ружова-лазуркавымі эмалевымі накладкамі ў выглядзе дзівосных раслін, адкрытая з абодвух бакоў. Тыя, хто ехаў на высокіх, абцягнутых белым аксамітам лаўках, былі відочныя натоўпу, як каштоўныя камяні, выкладзеныя для прынады пакупнікоў у вітрыне злотнікаўскай крамы. Двое з натоўпу, ладны светлачубы шляхцюк з блакітнымі вачыма і даўгалыгі сур’ёзны юнак з бледным тварам і цёмным паглядам аказаліся прыціснутымі да Святога Баўтрамея, што нёс варту злева ад касцельнай брамы. Драўляныя вочы святога задуменна і трохі збянтэжана паглядалі ў беларускае неба, ледзь прыкрытае парванымі карункамі аблокаў.

— Дык яны ж зусім малыя, вашамосць! — вырвалася ў цёмнавокага юнака.

Сапраўды, нявеста ў пышнай бела-ружовай сукенцы, падобнай да пірожнага, у напудраным парычку з кветкамі мела не больш гадоў за дзесяць. Хаця спіну, зацягнутую гарсэтам, трымала раўнюсенька, а набелены мілы тварык з троху прыўзнятым носікам і вялізнымі блакітнымі вачыма быў адсланёнаважны. Жаніх, што сядзеў насупраць, тварам да нявесты, выглядаў яшчэ маладзейшым, гадкоў шасці. Хутка Пранцішаў Яначка такім самым будзе. Шчуплы хлапчыска ў блакітным аксамітным касцюмчыку, расшытым срэбрам. Таксама парычок і важна-адсланёны выраз твару, як у парцалянавага балванчыка. Абое дзіцёнкі сядзелі нерухома, быццам лялькі ў музычным куфэрку, спружыну якога яшчэ не завялі. Карэта спынілася перад самым уваходам у касцёл. Забегалі лёкаі, рассцілаючы дываны, грувасцячы лесвічкі і падушкі да ног важных персон... А Вырвіч не мог адвесці вачэй ад тварыку, які ён ужо не спадзяваўся ніколі ўбачыць. Такія самыя блакітныя вочы, толькі з дарослага аблічча, пазіралі на яго калісьці то пагардліва, то гарэзна, капрызлівыя вусны ўсміхаліся, і абрыньвалася сэрца ў бездані, дзе віхурыліся надзея і адчай, і было гэта першае каханне... Князёўна Паланэя Багінская, якую звёз у далёкую Амерыку руды прайдзісвет, пан Гервасій Агалінскі...

Між тым выйсце важных персонаў адкладалася, бо перад імі з’явіліся два Амурчыкі і Псіхея з драцянымі крылцамі, абцягнутымі бялюткім вэлюмам, і дрыжачымі ад хвалявання галасочкамі заспявалі штось пастаральнае... Пранціш, не вельмі кемячы, што робіць, пачаў праштурхоўвацца бліжэй да карэты, не зважаючы на незадаволеныя пагляды і ўскрыкі...

— Пан Вырвіч!

Нечая рука кранула за плячо. Пранціш скінуў ачмурэнне і азірнуўся.

— Давыд!

Полацкі аптэкар, спадчыннік Бутрымава настаўніка, дзядзькі Лейбы, паказваў бялюткія зубы, вочы весела паблісквалі з-пад моднага чорнага капе­люша. А што ж, Давыд Ляйбовіч падчас свайго французскага студэнцтва, а павучыцца паспрыяў Лёднік, засвоіў не толькі веды ў фармацыі, але й у фацэтным апрананні. Полацкія дзеўкі ў аптэку Ляйбовіча да абурэння старэйшых гужом бегалі, на вышываныя камізэлькі ды каптанчыкі з карункамі-блондамі падзівіцца.

— Што ты тут робіш?

Пранціш змусіў сябе адагнаць прывіды мінулага. Ляйбовіч паправіў паласатую жоўта-сінюю хустку, што ўпрыгожвала ягоную худую шыю.

— Я ж асабісты лекар Брастоўскіх! Дакладней, пані падскарбіевай...

Нішто сабе... Давыд паціснуў плячыма.

— Усё ў свеце вырашаецца выпадковымі імгненнямі. Чалавек спатыкнуўся аб камень, не на тым скрыжаванні павярнуў, сустрэўся позіркам з незнаёмай дзяўчынай... У маім выпадку быў укус блыхі. Яемосць Казіміра Брастоўская з Багінскіх праязджала праз Полацк ды заўважыла, што нос распух, як сліва — а вечарам на балі трэба красавацца... Мая аптэка падвярнулася. За гадзіну нос княскі пабялеў, пухліна спала, адмысловыя пудры давершылі пераўтварэнне... Так што вось як год пакінуў аптэку на памочніка, цягаюся за пані з перасоўнай лабараторыяй. Часам для падскарбія пудры ды персідскі парашок рыхтую... Хутка яшчэ адзін дом у Полацку прыкуплю. О, пан Алесь, і вы тут? А што васпанства сюды прывяло?

Нат з кароткіх фразаў старых знаёмцаў Давыд з’ясаваў, наколькі ўсё кепска з ягоным дабрадзеем і настаўнікам Бутрымам.

— Каб вас густа сеяла ды рэдка ўсходзілі... — разгублена вылаяўся Давыд невядома на каго. — Да іх мосцяў Брастоўскіх сёння не падбярэшся, хіба ўвечары. Заручыны гэтыя недарэчныя, каб бойка яшчэ не ўчынілася...

І праўда, за карэтай прыехала ладная дэлегацыя расейцаў у белых мундзірах. Мусіць, пасол прыслаў за сынам прыгледзець... Але думкі ўсё адно саслізгвалі ў мінулае.

— А нявеста, чыя ж яна дачка?

— Малодшай сястры гетмана, Паланэі.

Давыд, не дужа пасвечаны ў бурлівае куртуазнае мінулае Вырвіча, гаварыў няўважна.

— Там у яе нейкі шлюб незразумелы, выйшла не за роўню, з’ехала кудысь, дзе Абрам і цялят не пасе. У Багінскага самога дзяцей нямашака, выпісаў бед­ную пляменніцу з-за мора, каб свае справы ўладзіць.

Старое каханне, лёд і кіпень ты...

Значыць, у Паланэйкі, Агалінскай з Багінскіх, акрамя сына, пра якога Пранціш ведаў з адзінага атрыманага з-за акіяна ліста, нарадзілася яшчэ дачка... Але як жа магла неўтаймоўная князёўна, якая выбрала волю замест багацця, аддаць малую дачку ў палітычныя гульні?

— У магнатаў свае законы, — недаравальна паблажліва глядзеў на пыхлівую раскошу аптэкар Давыд.— Трэба — немаўля прызначаць старостам. Альбо ажаніць. Нарадзіўся на паўгадзіны пазней за брата-блізнюка — і ў цябе няма нічога, а ў яго ўсё. Ведаеце, што ў Пане Каханку брат быў, Януш Тадэвуш, на паўгадзіны старэйшы? Памёр рана... А то б ён ардынатам Нясвіжскім ды Слуцкім быў. І ў нашага пана Міхала Брастоўскага малодшы блізнюк ёсць, князь Адам. Ледзь ад рукі пана Міхала не загінуў, калі той з расейцамі барскіх канфедэратаў знішчаў.

Між тым натоўп заварушыўся. Амурчыкі з Псіхеяй скончылі прадстаўленне, і жаніх з нявестай пад дажджом з кветак урачыста рушылі ў касцёл. Давыд схапіў Пранціша і Алеся за рукі.

— Хадзем хутчэй! Ёсць адзін патрэбны нам чалавек... Гэта проста шанцаванне, што я з ім някепска знаёмы, і што ён, здаецца, тут...

Нядаўна да Ашмянскага касцёла ласкай фундатараў былі прыбудаваныя каменныя калоны, быццам старасвецкай пані дзеці падарылі модны казакін, накідваць паўзверх салопа. З’явіліся і дзве доўгія прыбудовы дзеля патрэб калегіюма, што дзейнічаў пры кляштары. Увішнага полацкага аптэкара і ягоных гасцей пачціва прапусцілі туды гайдукі, апранутыя ў колеры Брастоўскіх, сіні з зялёным. Давыд відавочна лічыўся сваім у княскім атачэнні.

Пакой быў доўгі і цёмны, як лекцыя па граматыцы, на паліцах шыхты кніг у скураных мундзірах. За цяжкім дубовым сталом, у кампаніі самотнага металёвага кубка і мядзянага блюда з лустамі белага хлеба, схіліўшыся над малітоўнікам, свяціў лысінай чалавек у суконным чорным каптане. Хто такі, чаму не на імшы? Таксама іншаверац?

Пытанні зніклі, калі чалавек павярнуў твар да прыхадняў. Пранціш дык і не такое бачыў, а Алесь аж трохі назад падаўся, хоць і разводзіў рапух ды слімакоў. На лысую галаву чалавека ўспаўзала ружовая луска, з брудна-жоўтымі плямамі засохлага гною. Такая ж луска ад шыі паднімалася да левага вока. Вочы ж былі светлымі, з адценнем балота, і надзвычай цёмныя зрэнкі, здавалася, пульсавалі ў гэтай светлай дрыгве.

— Вітаю спадара Давыда! Я так і думаў, што васпан завітае ў нашы Палясціны з іх княскімі мосцямі.

Страхалюд гаварыў прыгожым, густым голасам, як гавораць людзі адукаваныя, што наведвалі лекцыі па рыторыцы.

Давыд пачціва схіліўся.

— Вітанне! Як пачуваецца шаноўны пан Ігнарус?

Чалавек асцярожна правёў пальцам па сваёй звыродлівай шчацэ.

— Deus avertat. Дзякуючы табе, Давыдзе, някепска. Прынамсі, сверб не такі нясцерпны. Ты сапраўдны майстра.

Ляйбовіч яшчэ раз пакланіўся.

— Мне далёка да майго настаўніка, доктара Баўтрамея Лёдніка.

Грубаватыя рысы твару нібыта закамянелі.

— Не ведаў, што ў цябе былі такія настаўнікі, Давыдзе.

Ляйбовіч трохі разгублена азірнуўся на спадарожнікаў.

— Дарэчы, вось і сын доктара Лёдніка, пан Аляксандр... Студэнт Віленскай акадэміі. А гэта пан Франтасій Вырвіч, даўні сябар доктара...

— Вось як...

Дужыя рукі Давыдавага знаёмца былі спрацаваныя, як у каваля. Апёкі, драпіны...

— А яны ведаюць, Давыдзе, да каго ты іх прывёў пагаварыць пра доктара Баўтрамея Лёдніка?

Было ў ціхім голасе штось такое, што непадалёк у ціхай рачулцы Ашмянцы, магчыма, паўсплывалі ўсе печкуры жыватамі да восеньскага неба.

Светла-зялёныя вочы ўтаропіліся ў Ляйбовіча.

— Я цаню, Давыдзе, што ты не цураешся мяне. І нашы гутаркі ad amicitiam за келіхам віна цаню. І ўдзячны за лячэнне. Але ты павінен усведамляць, што схіляць мяне да здрады бескарысна.

І з нейкай прыхаванай злой весялосцю перавёў позірк на Пранціша і Алеся:

— Я кат. Ашмянскі кат.

Цяпер сляды апёкаў на руках пана Ігнаруса нагадвалі зусім не наконт працы каваля. Пранціш моцна сціснуў локаць Алеся: не адхінацца, не жахацца, не крывіцца.

— Вітаю шаноўнага пана Ігнаруса. Можа, васпан мае звесткі пра майго пана бацьку? Ён... жывы?

Ашмянскі кат з ухвальным здзіўленнем прыўзняў светлыя, бровы:

— Мяжа між жыццём і смерцю такая тонкая... Танейшая за чалавечы волас, васпане. Кожны з нас носіць у сабе сваю смерць... Нешта, што парве той волас. У кагось гэта — слабы ад прыроды альбо пашкоджаны ўнутраны орган, які з цягам часу разладзіцца настолькі, што зламаецца, як шасцярэнька ў складаным механізме, і тым спыніць дзеянне ўсяго механізму... У кагось — загана характару, альбо небяспечныя веды... Маленькі вусень, які селіцца ў яблыку і выядае яго да зморшчанай скуркі. Пакуль побач спрабуюць гвалтам змусіць кветкі распускацца, давайце пагаворым пра згнілыя плады. Прысаджвайцеся, вашымосці. Ёсць квас і булка... Збан вунь там, на куфры, і кубкі.

Алесь разам з Вырвічам і аптэкарам пакорліва сеў за стол насупраць чалавека, які напэўна катаваў яго бацьку. Можа быць, нават сёння раніцай. Ці ўчора вечарам. Што рабілі з Баўтрамеем Лёднікам гэтыя спрацаваныя дужыя рукі, якія зараз так беражліва адкладаюць малітоўнік у чорнай скураной вокладцы?

Кавалак у горле перасядаў... І да кубка не хацелася вуснамі дакранацца — бо з яго, магчыма, піў кат.

Пранціш успомніў урокі лаціны: Ігнарус — гэта ж значыць, адрынуты, пакінуты.

Што змусіла чалавека, відавочна адукаванага, разумнага, абраць такую прафесію, каб сесці з ім побач маглі альбо людзі, пазбаўленыя ўсялякіх забабонаў, альбо тыя, хто ў адчаі?

— І я вучыўся ў Віленскай акадэміі, — мякка сказаў кат, гледзячы на сына вязня. — І стаяў на імшы ў саборы двух Янаў, і лазіў на званіцу, па ўдачу для іспытаў, і з цяперашнім рэктарам збягаў ноччу з канвенту праз акно... Мяне прызначалі цэнзарам, і я старанна драў лянівых аднакурснікаў розгамі. Чым гэта адрозніваецца ад таго, што я раблю цяпер? Ніхто не ведае, куды яго закіне лёс.

Пранціш стрымаў гнеўную рэпліку пра тое, што без жадання чалавека лёс можа яго закінуць у рабскі ашыйнік, як калісь Баўтрамея Лёдніка, ці ў катавальню ў якасці ахвяры, але ніяк не на пасаду ката.

Проста пад акном завялі размову скрыпка і мандаліна. Высокі мужчынскі голас зацягнуў песеньку пра маленькую венгерскую каралеўну, якую прывезлі ў Польшчу, аддаваць замуж за старога караля. Гэта ж тая парачка з карчмы... Ну, памажы ім, святая Цэцылія, зарабіць адно дукатаў, а не бізуноў.

— Мы не пашкадуем нічога, — цвёрда прамовіў Пранціш. — І мы не змусім вас парушыць закон. Нам толькі б даведацца, што з доктарам.

Давыд паклаў на стол цяжкі мяшэчак, прыціснуў даланёй, як злоўленую мыш:

— Сорак дукатаў... За спатканне з панам Баўтрамеем заплацім яшчэ, колькі скажаце. І той канвалют, з трактатам Сільвія па анатоміі, які вы так хацелі, будзе ваш.

Па краёх сталешніцы цямнелі дзіркі, нагадваючы пра звычай некаторых ліцвінскіх гаспадароў прыбіваць абрусы цвікамі, каб слаўныя госцейкі не знеслі. Кат задумліва паднёс да вуснаў кубак.

— Трактат варты паслугі. І тое, што вы хлеб са мной раздзялілі, таксама. Ну і каб мне такія грошы хтось падарыў дваццаць год таму, я б расплаціўся з картачным доўгам, і скончыў акадэмію, і не нарабіў тых глупстваў, што нарабіў... Ваш Чорны Доктар таксама досыць нарабіў за жыццё глупстваў. Іначай не апынуўся б там, дзе апынуўся.

Слухачы напружана маўчалі.

— Не, я не працаваў над доктарам. Пакуль што.

Ашмянскі кат лічыў сябе добрым рамеснікам, майстрам у сваім цэху.

— Ягамосці князю Брастоўскаму было не да вязня. Яму ж за заручынамі трэба абавязкова прасачыць, а тут — замінішча. Едзь па лісце нейкага дабрадзея ў Менск... Так што вашага доктара проста пасадзілі ў тое месца, адкуль ён не збяжыць.

Кат адсёрбнуў квасу і задумліва заўважыў:

— Праўда, паміж прабываннем у тым месцы і маёй майстэрняй я б не ведаю, што на месцы пана Лёдніка выбраў.

Давыд і Вырвіч трывожна перазірнуліся.

— Можа, пан Ігнарус будзе ласкавы ўдакладніць пра месцазнаходжанне майго пана бацькі?

Аляксандр Лёднік па-ранейшаму не даваў сабе праявіць скруху альбо страх.

— Вы цікавы малады чалавек... — прамовіў кат. Бліскучая восеньская муха паспрабавала сесці на ягоную лысіну, пакрытую засохлым гноем. — Ваш бацька ў Ашмянах, у замку... Нябожчыцу таксама там трымаюць, у лядоўні. Ужылі mellification... Мёдам залілі. Хоць гэта не вельмі надзейны спосаб. Лепей солевае расчынне in nomine натрон. Цела чалавека — тое ж мяса. А доктар патрапіў у студню.

Ад няспешнасці і жахлівасці расповеду зубы скрыгаталі не толькі ў Пранціша.

— Што значыць — у студню, ратуй нас, Святы Юры?

— Для асабліва небяспечных злачынцаў. На маёй памяці туды толькі тры чалавекі трапіла. Адзін выжыў.

Кат спрытна прыбіў муху на сваёй галаве. Слізкая кроў і чорная плоць агіднай жамяры змяшаліся з яго плоццю.

— Каменны калодзеж у сутарэннях. Калі стаць на дне, вады — па грудзі. Вада кепская, застаялая, так што не сцюдзёная...

— Колькі там ужо Бутрым? — перабіў Пранціш, адчуваючы ў горле горкі ком.

— Пяць дзён будзе. Князь не загадваў даставаць.

Пранціш палез па кішэнях і высыпаў на стол усе манеты...

— Адвядзіце нас да Баўтрамея як хутчэй!

Як кажуць, не нукай, не запрэгшы...

Допытных спраў майстар дужа крыва пасміхнуўся.

— Я трохі чуў пра Чорнага Доктара... На якія штукарствы ён ды ягоная банда здатныя... Здаецца, са Слуцкага замка калісьці збягалі, дык ледзь па каменьчыках усё не рассыпалі?

Давялося даць шляхецкае слова — толькі спатканне... Толькі размова. Пакуль хаця б гэта...

Запэўніванні ў невіноўнасці Бутрыма ашмянскаму кату былі абыякавыя. Мяжу між вінаватымі і бязвіннымі ён таксама лічыў плыткай.

Паляванне на ведзьмаў — вясёлы занятак.

Мерзлы бруд б’е фантанамі з-пад капытоў.

Нарадзіўся на свет — дык ужо вінаваты.

Вінаваты стакроць, што ў загон не пайшоў.

Між тым на вуліцы пачынаўся нейкі гармідар. Крыкі, жаночы віскат... А вось і зброя, здаецца, заляскала...

— Куд-ды панства нясе!

Давыд ледзь утрымаў Вырвіча і Алеся, якія вокамгненна ўскочылі — мова зброі ўцямная і любая шляхецкаму сэрцу.

— Гэта не наша бойка! Жаўнеры Штакельберга ды ашмянская шляхта счапіліся. Хай ягамосці Брастоўскаму гузакі чэшуцца.

Пранціш ледзь змусіў сябе выпусціць дзяржальна Гіпацэнтаўра і вярнуцца да размовы.

— Пан Ігнарус казаў пра ліст, які даслалі падскарбію...

Кат нават брывом не зварухнуў — так не заўважае хваляў тапелец.

— Даслалі... Што знайшлася мёртвай збеглая дачка князя. Яе спакусіў і звёз палюбоўнік, чорны маг Лёднік. І яны жылі ўвесь гэты час у граху. Пакуль чорны маг яе не забіў. І калі князь не хоча ганьбы па ўвесь свет, мусіць неадкладна забраць труп і пакараць злачынцу.

У дактаровіча запалалі шчокі, быццам ад поўхі... Але штось загрукатала ў канцы калідора. На хвілю ў памяшканне ўварваліся гукі бойкі, потым сціхлі. Пачуліся крокі і злы голас, які адчытваў кагосьці, быццам бервяно пілаваў. Крокі набліжаліся. Першым паказаўся грувасткі афіцэр у мундзіры войска Багінскіх, з аголенай шабляй і збітай на бок шапкай, дужа злосны. За вайскоўцам, цвёрда пастукваючы абцасамі, рушыла кашчавая, бы штыкеціна, дама ў напудраным парыку — гэта яна бесперапынна лаялася... Прыхадні на пана Ігнаруса і ягоных суразмоўцаў увагі не звярнулі — можа, проста не заўважылі, бо кампанія сядзела ў прыцемку.

— Яснавяльможная паненка не мусіць паводзіць сябе гэтак непачціва! Паненкам нельга здымаць пальчаткі! Разразаць стылетам шнуроўку гарсэту! Штурхаць яснавяльможных панічаў! І запомніце, што вы цяпер не Агалінская, а Багінская, і ваш бацька — ягамосць Міхал Казімір Багінскі!

А вось і тая, на каго гэтае буркатанне накіраванае. За злоснай штыкецінай важна тупала маленькая нявеста. Троху кірпаты носік ганарыста задраны, вусны намаляваныя сардэчкам, ясныя блакітныя вочы не выказваюць ні крыўды, ні гневу.

Раптам паненка хуценька падабрала падол сукенкі, падскочыла і трапна дала выспятка сваёй выхавацельцы. З усяе моцы. І зноў ідзе, як лялька, ручкі склаўшы.

Штыкеціна ледзь не павалілася, праляцела колькі крокаў наперад, выставіўшы рукі, быццам хацела абняць прывід.

— Што... што гэта было?

Княжна толькі броўку прыўзняла ў адказ:

— Не разумею, пра што кажа вашамосць.

І ўчапілася б кашчавая рука кабеціны ў худзенькае плечыка нявесты, і невядома, якой экзекуцыяй скончылася б... Каб не Ланцэлот, ён жа Аляксандр Лёднік. Яшчэ б ён дазволіў прыўкрасную панну ў сваёй прысутнасці крыўдзіць!

— Што тут за заступнік аб’явіўся ў нашай князёўны Рэгінкі?

Бамбіза з аголенай шабляй, што суправаджаў нявесту і яе апякунку, пагрозна навіс над недавучаным студыёзусам.

Спатрэбілася ўся дыпламатыя Давыда і напорыстасць Вырвіча, каб разысціся мірна. Праўда, і сам бамбіза з выхавацелькай спяшаліся: за дзвярыма яшчэ чулася бойка.

А вось нявеста нікуды не спяшалася. Цяпер, прыгледзеўшыся, можна было прыкмеціць і след ад слязы на пудры, і занадта моцна сціснутыя пальчыкі, абцягнутыя шоўкам, а той агонь, што ўспыхваў у блакітных вачах... Ого, як Пранціш Вырвіч калісьці запаліўся ад такога агню! Рэгіна Агалінская-Багінская ўспадчынніла ад сваёй маці характар амазонкі.

— Перадайце тату, пану Гервасію Агалінскаму, каб мяне забраў!

Дзяўчо прашаптала гэта так ціха і хутка, што акрамя Пранціша і Алеся, ніхто не пачуў.

Нявеста і яе світа сышлі. Былы суддзя менскі цвёрда сціснуў плячо напружанага юнака, што глядзеў услед князёўне:

— Ахалонь. Не яна сядзіць пяць дзён у студні.

Алесь вінавата панурыўся... Вырвіч мякка дадаў:

— Усіх адразу не выратуеш... Абяцаю, калі выцягнем твайго бацьку, не забудзем пра гэтую паненку. Штосьці тут нячыста. Дый сваячка яна мне, па жонцы маёй...

А кат... А кат шчыра смяяўся. Мухі кружылі над ягонай лысай галавой, але не наважваліся садзіцца.

...Калісьці ў Ашмянах, на левым беразе ракі Ашмянкі, быў сапраўдны замак, які яшчэ Гэдымін будаваў. Але хто толькі яго не бурыў! Крыжакі, татары, шведы, маскоўцы, свае ж ліцвіны... Цяпер на ягоных руінах стаяў так званы двор старосты. Плот быў высокі, дубовы, жалезам умацаваны. На левым баку двара — «палац», дом на два паверхі. Побач — будынак для судо­вых паседжанняў, з драўлянымі калонамі на ганку. З другога боку — месца для соймікаў, падобнае да тэатральнай залы пад навесам: лавы ў тры шэрагі, даўжэзны стол... Цэлы горад. Флігелі, адрына, піўніца, бровар, валоўня, саладоўня, пякарня, паграбы... І турма. Каменная. Унізе выпіналіся цёмныя валу­ны забудовы часоў Гэдыміна.

Расейцы з’ехалі, звезлі малога заручонага Штакеля. Таму тыя, што праглі высакароднай рыцарскай забавы, чапляліся адно да аднаго. Але пакуль што Святы Юры асцярог ад крывавай сечы. Дый варты, што адразу кідалася да разгарачаных гасцей, было поўна. Вырвіч ніжэй апусціў капюшон сукмана — вядома, да гіцаля, пагарджанага катава памочніка, з прапановай шляхецкага двубою ніхто не прычэпіцца, але могуць штурхануць, абразіць. Як тады сцярпець? Малодшы Лёднік вунь як сцяўся, унурыўся, старанна абыходзячы высакародных паноў: яму перапала похвамі шаблі паміж лапатак.

Кляты Ігнарус, які нацягнуў на галаву лямцавы каўпак, сярдзіта прыкрыкнуў на венгерцаў, што ахоўвалі цяжкія дубовыя дзверы, і тыя выпрасталіся, насцярожыліся...

Вязняў было не так шмат, як у сутарэннях Слуцкага замка пры Гераніме Радзівіле, аркестр з іх выцця, што той акрутны князь любіў, не складзеш... Але за кратамі на саломе варушылася некалькі постацяў. Кабета з распушчанымі сівымі валасамі захіналася рукой ад святла і разявала бязгучна чорны прагал роту... Зарослы валасамі мужык у цёмнай кашулі, падобна, цыган, глядзеў, праз краты, як чорным агнём паліў... Маўчанне. Не прасіліся, не стагналі, не клялі... Ад гэтага гасцям яшчэ больш не па сабе. Адзін толькі раз пачуўся працяглы стогн, чалавек быццам захлынаўся...

— Сціхнуць, лайдак! Ведаеш, што будзе!

Ігнарус выскаліўся ў бок нябачнага ў цемры вязня. Стогн абарваўся.

А вось і студня... Круглы каменны круг, як жорны волата Мянеска, ды яшчэ накрыты плітой... У накрыўцы — невялікая адтуліна, куды запаўзала вяроўка.

— Стаяць... — злосна прасіпеў кат спадарожнікам, якія ірвануліся да калодзежа. — Усё будзе, як я скажу. Вось праз гэтую дзірку перамовіцеся, і досыць.

Ціха, як жа злавесна ціха... Алесь, здаецца, так і загарлаў бы: «Тата!»

Ігнарус няспешна падышоў да каменнага кола, узяўся за вяроўку... Але адразу адскочыў: па калідоры нехта шыбаваў. Цені ў жаху ляцелі перад ліхтаром.

Двое прыхадняў у зялёна-сініх мундзірах і трохкутовых капелюшах маглі падацца калі не нашчадкамі дзівачнага млынара Мянеска, які малоў камяні, дык спажыўцамі хлеба, выпечанага з тае мукі. Грубыя твары са слядамі пацалункаў ляза, шырокія плечы пад плашчамі з дыхтоўнага сукна, а з-пад плашчоў выпіраюць шабелькі... Не шляхта, але й не прыслуга. Асабістая гвардыя князя. Той, што ніжэй, загаварыў хрыпла і ўладна, хаця з прымешкам насцярогі, як да прыкормленага, але ж драпежніка:

— Вітаю, Ігнарус! Як той Лёднік, жывы яшчэ?

Ашмянскі кат у паклоне не схіліўся, хаця адказаў пачціва:

— Раніцай дакладна быў жывы, пан дзясяцкі. Маліўся ды маліўся... А зараз ціха нешта.

Гвардзеец расчаравана крэкнуў.

— Вось недарэчнасць будзе... Давайце, даставайце яго, можа, яшчэ дыхае.

— А што здарылася, шаноўны Самуль? Загадана дапытаць?

Пан Ігнарус няспешна абышоў студню, выцягваючы з адтуліны ў накрыўцы вяроўку, на канцы якой аказаўся невялікі, якраз па памеры адтуліны, драцяны кошык з размоклым хлебам.

— Тут такая справа... — дзясяцкі панізіў голас, нібыта ў ашмянскім пекле было каму падслухаць. — Панну, што ў лядоўні, трэба да пахавання рыхтаваць. Заўтра ў кляштар марыянак павязуць, адпяюць ды пахаваюць. Лекар ягамосці Алёйза не пры памяці... Нажлукціўся. А тут толькі давераная персо­на патрэбная.

Спадарожнік дзясяцкага, ад якога распаўсюджваўся рэзкі пах часнака ў спалучэнні з перагарам, насмешна хмыкнуў:

— Та-ак, да цела панны абы-каго не дапусціш... Пабачаць, чаго не трэба. А ягамосць князь Міхал жадае, каб дачка ягоная ў труне прыгожанькая ляжала, цнатлівая... Худзенькая. Каб мнішкі плакалі ад замілавання, ды плёткі спыніліся. А паколькі гэты ж доктар і зрабіў ёй бруха...

Пранціш заўважыў, як Алеся скаланула.

Дзясяцкі Самуль цыкнуў скрозь прарэджаныя ў бойках зубы:

— Заторкніся, Гаўрук. Сам вось не пляткар, а то загоняць словы разам з зубамі ў глотку. Хто каго абрухаціў, не нашая справа. Наша справа — выканаць загад князя: хай забойца, раз ужо ён доктар, і падрыхтуе цела да пахавання. Яму людзей патрашыць, як рэпу сеяць. Галоўнае, каб не здохлым выявіўся...

Каменную накрыўку хуценька адсунулі ў некалькі рук. Пранціш ледзь пазногці не зламаў — штурхаў, не адчуваючы болю... Смурод цвілай вады яшчэ больш нагадаў пра смерць. Кат перагнуўся, пасвяціў уніз ліхтаром. Чырванаваты агеньчык трымцеў, як душа грэшніка. Толькі водбліскі танцавалі на сценах ды дзесь унізе на чорнай, як смала, вадзе...

— Гэй, ты... Доктар... Чуеш?

Маўчанне...

— Зараз вяроўку спусцім, чапляйся!

Здаецца, штось унізе ціха-ціха плесканула? Ці падалося?

Апушчаная ўніз вяроўка з раменнай пятлёй на канцы бяссіла павісла. Калі Пранціш гатовы быў даць нырца, сапраўды пачуўся ціхі плёскат. Вяроўка слаба зварухнулася, яшчэ, яшчэ... Кат кіўнуў фальшывым гіцалям:

— Ну, цягніце!...

А тыя ўжо і без загаду спрабавалі вырваць з бездані жыццё.

Доктар бяссіла ляжаў у лужыне на камянях тварам уніз, як злоўлены вадзянік, і яго дробна трэсла. Валасы — зблытанымі чорнымі водарасцямі, шчокі запалі...

— У яго пераахалоджанне, вашамосці! — адрывіста прамовіў Вырвіч, спрабуючы павярнуць Бутрыма на бок ды спаіць умацавальную настойку жывакораня. Зубы доктара не расціскаліся, адбіваючы джыгу. — І выснажэнне. Яго трэба сагрэць... Накарміць... Даць выспацца.

— Можа, яшчэ марцыпанаў мярзотніку паднесці? — раўнуў дзясяцкі.

Гэх, зараз бы ўсіх пасячы, Бутрыма на плячо — і лататы... Аляксандр вунь тое самае мысліць, па баках гнеўна зыркае... Каб толькі шаблі пры сабе, ды пан Ігнарус з намёкам не ўзважваў у руцэ зараджаны пісталет. Ды каб Бутрым мог хоць як перасоўвацца... Між тым кат задумліва тыцнуў у вязня нагой.

— Праўду кажа мой памочнік, шанове... Толку з доктара зараз ніякага. Самлее ды выпруціцца, калі не палячыць.

Дзясяцкі расчаравана хэкнуў. Са знаўцам межаў чалавечае трываласці спрачацца не наважыўся.

— Ну, добра хоць, жывы... Даложым ягамосці князю — злачынца раніцай справу зробіць.

У цемры нехта завыў — амаль па-ваўчынаму. Можа, той цыган?

Дыханне доктара Лёдніка, частае і слабае, нагадвала павуцінку, што трымціць на ветры і, здаецца, вось-вось абарвецца.

Пан Ігнарус, не выпускаючы з правай рукі пісталет, прысеў на кукішкі і левай рукой спрактыкавана памацаў вязню шыю, пацягнуў за валасы, каб зазірнуць у збялелы твар з заплюшчанымі, запалымі ад выснажэння вачыма. Нос Лёдніка яшчэ больш, чым звычайна, нагадваў пра ўлюбёных птахаў змрочнага скандынаўскага бога Одына — той цягаў крумкачоў на абодвух плячах. Дзюбаты Хугін увасабляў думку, такі ж дзюбаты Мугін — памяць...

Дзюбаносы доктар Лёднік на гэты момант увасабляў сваё ўменне ўвязвацца ў непрыемнасці.

Кат выпрастаўся, выціраючы мокрыя пальцы аб каптан.

— Да вечара гамон быў бы, — з такім задавальненнем пра добры ўмалот гавораць. — Трэба ж, такі fatalitas — пашанцавала вашаму доктару, панове. Нясіце тапельца ў маю майстэрню, там ложак ёсць. Я не такіх з іншасвету вяртаў.

Пан Ігнарус высока падняў ліхтар, і пякельныя цені сутарэнняў зруйнаванага ліцвінскага замка пачціва расступіліся і схіліліся перад сваім уладаром.

— Я, панове, Харон па-ашмянску, — кат у мігатлівым прыцемку, з чалавекам, што бяссіла тросся на каменнай падлозе пад яго нагамі, і праўда здаваўся пракаветным божышчам смерці. — Я з усім майстэрствам сваім даводжу чалавека да другога берага быцця, але магу вярнуць яго назад, нават калі ягоныя вочы ўжо назіраюць пагойдванне райскіх пальмаў альбо алейныя бурбалкі на пякельнай пательні. Я буду даводзіць вязня — і вяртаць назад столькі, колькі спатрэбіцца маім гаспадарам. Пакуль сэрца ягонае не зробіцца мяккім, як воск. Вярну і доктара Лёдніка. Толькі з майго чоўна яму не сысці, панове.

Алесь і Пранціш неслі Бутрыма на плашчы, за імі заставалася дарожка з кропель, быццам пазначаўся непазбежны зваротны шлях.

А зверху ўсё яшчэ раўло, дыхала перагарам і дурной зухаватасцю мястэчка, святкуючы зламанне лёсу двух дзяцей:

— За здароўе жаніха і нявесты! Віват!


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

Спадчына біблейскага цара, пустэльнік і цялок


У страшным блюзнерскім трактаце «Picatrix» гаворыцца, што для таго, каб усе сустрэчныя любілі цябе і выконвалі, што просіш, трэба насіць з сабою вочы чалавека, загорнутыя ў скуру змяі.

Па праўдзе, дык неяк не хочацца любіць чалавека, які носіць з сабой такую «рэліквію». Хутчэй — абысці тыпуса за літоўскую вярсту.

Пан Міхал Брастоўскі вырашыў проста: да лесуна любоў, слухаюцца тых, каго баяцца. Яснавяльможны, захутаўшыся ў аксамітны плашч з тонкай срэбнай вышыўкай, змрочна сядзеў у куце і пазіраў на падабенства накрытага радном ложа пасярод пакоя.

Пад радном угадваліся нерухомыя абрысы цела.

— Давай, мярзотнік, пачынай!

Да накрытага цела двое ахоўнікаў падштурхнулі высокую худую постаць.

Чалавек у простым чорным камзоле нервова адкінуў рукой цёмныя пасмы — здавалася, што ён не вельмі ўпэўнена трымаецца на нагах.

— Відовішча будзе не вельмі... эстэтычнае, ваша княская мосць. Можа, вам лепей не прысутнічаць?

Глыбокі нізкі голас гучаў цвёрда, але хрыплавата.

— Пра мае пачуцці заперажываў, гнюс? — князь цадзіў словы скрозь зубы, прыгожы нервовы твар крывіўся ад нянавісці. — Я не такія маніпуляцыі і з мёртвымі, і з жывымі бачыў, а часам і сам учыняў. Калі цябе, доктар, будуць на кавалачкі рэзаць, ні імгнення не прапушчу.

Чалавек у чорным не праявіў боязі:

— І зноў паўтару, вашамосць: я не забіваў вашу дачку... І не падзяляў з ёй ложа! Дзецьмі сваймі клянуся!

У цьмяным святле свечак рысы таго, каго абвінавачвалі ў забойстве, здаваліся злавеснымі — худое аблічча, драпежны нос, ганарыстыя тонкія вусны...

— А гэта што?

У рукі доктара паляцела нешта маленькае — пярсцёнак, танны, срэбны...

— Пазнаеш? На ім надпіс: «Ад Лёдніка — mea pulchra domina». «Маёй прыўкраснай даме». У Праксэды з пальца знялі. Золата давялося адсыпаць, каб на судзе не паказвалі.

— Вашамосць, гэта падробка. Пярсцёнак памятаю, з лета мая асістэнтка яго насіла. Але я ёй яго не дарыў, надпісу такога не замаўляў. Я не.

— Заторкніся і рабі, што трэба, лайно! Мне дастаткова, што ты трымаў яе ў сваім доме, з-за цябе ганьбы не выхлебтаць, важныя гешэфты зрываюцца...

Панскі крык суправаджаўся кухталямі драбанта, шырокага, як рыдван. Пярсцёнак вярнуўся князю, той грэбліва схаваў яго глыбей у кішэнь. Чалавек з лысай галавой, на якую ўспаўзаў агідны лішай, адным рухам сцягнуў тканіну з цела. Хударлявы юнак у вопратцы гіцаля паспешліва адвярнуўся.

Доктар схіліўся над целам, ад якога сыходзіў амаль невыносны салодкагнілы пах.

— Паднясіце ліхтар бліжэй!

Гіцаль паслухмяна наблізіўся з ліхтаром, у якім нібыта ў нервовым прыпадку біўся, выгінаўся агеньчык. Здавалася, нават стыхійны дух не мог вытрымаць відовішча — у нябожчыцы, апранутай у сціплую брунатную сукенку, замест аблічча цямнеў кавалак мяса. Цела разам з адзежай вымачанае ў ліпкай субстанцыі, якая агідна паблісквала.

Алесь перарывіста ўздыхнуў: ён выдатна памятаў гэтую сукенку... Праўда, цяпер яна была цеснаватай, шчыльна абцягваючы пакруглелы жывот мярцвячкі.

Чорны Доктар скінуў камзол і акуратна закасаў рукавы кашулі. Дзякуй богу, хоць яго рукі больш не дрыжаць... Ашмянскі кат пан Ігнарус сапраўды быў выдатным знаўцам магчымасцяў чалавечага цела. Ягоныя метады лячэння нават у прыдзірлівага Лёдніка, калі ачуняў і змог гаварыць, не выклікалі асаблівых заўваг... Затое тое-сёе прафесійна зацікавіла. З катам гарачы кансіліум учынілі на фоне дыбы і ланцугоў, той аж запаважаў вязня. Нат на парозе пекла Чорны Доктар чапляўся за новыя веды. Вось і цяпер — адсунуў на край свядомасці думкі пра тое, каму належыць цела, дзе ўсё адбываецца, чым яму пагражае. Працуе, як старанны рамеснік. Мацае, паварочвае... Алесь стаяў, адвярнуўшыся, толькі намагаўся, каб ліхтар трымаць роўна. Хоць у анатамічны тэатр Ліёнскай медычнай школы, дзе выкладаў бацька, упершыню патрапіў год у дзесяць — сам прабраўся. Дый у лабараторыі бацькавай часцяком назіраў за патрашэннем трупаў дзеля навуковых даследаванняў... Дрыжаць руку, што трымала ліхтар, змушаў не страх, а туга.

Князь, падобна, не ілгаў, калі казаў, што вывернутымі вантробамі яго не збянтэжыш. А гэта ж ягоная дачка зараз апынецца пад скальпелем, між іншым... Брастоўскі гора не выяўляў, наадварот: углядаўся ў твар Лёдніка так зласліва, што можна было зразумець — гэта вытанчанае пакаранне. Здзек з забойцы, ад якога была цяжарнай нябожчыца, і якому належала дастаць сваё ж ненароджанае дзіця...

Раптам Лёднік рэзка выпрастаўся, так і не ўзяўшыся за скальпель.

— Гэта не панна Праксэда!

— Што ты вярзеш?

Падскарбій ірвануўся да трупа.

— Глядзіце, вашамосць!

Лёднік узяў ліхтар у фальшывага гіцаля.

— Вы не верыце мне, калі я клянуся, што панна Праксэда не была... actu praegnane (у стане цяжарнасці). Але вось іншыя прыкметы. Форма пальцаў сведчыць, што гэтая жанчына шмат прала ўсё жыццё. Вось глыбокія сляды ад ніткі... Гэтая жанчына старэйшая за Праксэду. Ёсць мноства дробных адрозненняў, магу пасля пералічыць... А галоўнае... Пан Брастоўскі памятае, якога росту была ягоная дачка?

Падскарбій нахмурыўся.

— Адметнага. Не ніжэй за мяне.

Лёднік упэўнена асвятліў ступакі трупа.

— Звярніце ўвагу, што сукенка гэтай жанчыне задоўгая. Вопратка і праўда належала панне Праксэдзе... Але тут падол зямлю падмятаў бы. А паспрабуйце хто-небудзь зняць з нябожчыцы чаравікі...

Ігнарус па кіўку Брастоўскага ўзяўся за чаравік, просты, на нізкім абцасе... Ледзь нагу не адарваў — бо чаравік калісьці з вялізнымі намаганнямі ўсцягнулі на занадта вялікі ступак.

Алесь ледзь утрымаўся на нагах ад узрушэння... Не яна! Далібог, не яна! Як ён сам адразу не пазнаў?

Брастоўскі раптам схіліўся над трупам, рэзка рассунуў тое, што засталося ад вуснаў нябожчыцы, зірнуў на аголеныя зубы, і, відаць, атрымаў пацверджанне сваім здагадкам. Ну так, у Праксэды, у рэдкія імгненні, калі яна ўсміхалася, можна было заўважыць мілую няроўнасць верхніх зубак...

Пан Міхал разлютавана сцягнуў і кінуў пад ногі запэцканую пальчатку.

— Сучыя дзеці! Падабралі ж, каб валасы падобныя, аблічча спецыяльна знявечылі... Медальён падкінулі... Ну, даведаюся, хто за гэтым стаіць, разма­жу, бы камяк гразі.

Падскарбій, грэбліва падціснуўшы вусны, хуткім крокам пакінуў скляпенне, нат не азірнуўся.

— Што ж, доктар, пойдзем у святліцу... Пакуль ягамосць твой лёс не вырашыць, — выскаліўся Ігнарус. І дадаў са злосцю: — І собіла ж мне звязацца з вамі!

Для майстра навук медычных вылучылі адну з пустых камер, дзе пасушэй, павышэй. Мелася нават акно — пад самай столлю, густа закратаванае. Але ўсё-ткі — гэта святло, свежае паветра і смех людзей, якія і не задумваліся, што вось за гэтым мурам хтосьці зараз курчыцца ад болю і безнадзейнасці...

Камера аддзялялася ад калідора тоўстымі кратамі. Лёднік сядзеў па той бок, ссунуўшы шэрую салому ў невялікі стажок. Для надзейнасці пан Ігнарус са здзеклівымі прабачэннямі замкнуў на назе доктара бранзалет доўгага ланцуга, прымацаванага да сцяны. Па другі бок кратаў радком уселіся на пазычаную ў мясцовага Харона лаўку Давыд, Пранціш і Алесь.

Напачатку размова не вельмі клеілася — баяліся, падслухоўваюць. Калі пачалі гадаць, дзе ж панна Праксэда, доктар панурыўся.

— Апошні раз яе бачыў не ў вельмі добрых абставінах. Мы... пасварыліся.

Алесь гнеўна зыркнуў на бацьку. Бутрым уздыхнуў.

— Я прапанаваў ён паехаць у Вільню, загадваць у шпіталі новым аддзяленнем для жанчын... Там былі б ёй добрыя грошы — з фундацыі яемосці, яснавяльможнай пані Пузыні. У перспектыве — сувязь з універсітэтам, з медычнай кафедрай... Праксэдзе лепей было з’ехаць... Саламея так лічыла.

У апошніх словах пачуўся водгук недагаворанага.

— А яна ўпёрлася... — Лёднік раздражнёна пакрывіўся. — Як ні ўгаворваў. Пачала некуды знікаць... Казала — наведвае радню. Хоць да гэтага сцвярджала, што не мае да каго ісці... Баюся, я... быў трохі рэзкі з ёй. Калі выправіўся да цябе, Вырвіч, ужо тыдзень як сляды яе выстылі, ніхто не ведаў, дзе падзелася.

Вырвіч хмыкнуў:

— Памятаю, як быў тваім студэнтам, і што значыць «трохі рэзкі» прафесар Лёднік. Накрычаў на дзеўку, і яна ўцякла?

Лёднік прыняў самы фанабэрысты выгляд, значыць, адчуваў сябе вінаватым. От чалавек, вечна ў яго пячонка пячэцца.

Далейшыя разважанні перарваў шум-крык за акном. Адзін сярдзіты голас належаў князю Брастоўскаму. Лёднік прыслухаўся, устаў і раптам учыніў несамавіта для прафесара, доктара і бацькі сямейства: пагрукваючы ланцугом, разбегся, адштурхнуўся нагамі ад сцяны, ухапіўся за краты, падцягнуўся, вызіраючы вонкі. Усё-ткі ні ўзрост, ні занятасць не адвярнулі полацкага Фаўста ад гімнастычных ды фехтавальных практыкаванняў, трохі зайздросліва зазначыў Пранціш, мімаволі пагладжваючы сябе па жываце: ці не пачаў ужо звісаць над пасам, як у цесця?

— Ну, што там?

— Князь Міхал Брастоўскі з братам Адамам лаецца. Быццам сам з сабою. Блізнюкі...

Чорны Доктар вісеў на кратах, як вялізны кажан. У калідор турмы даляталі асобныя фразы на польскай мове:

...Вашамосць учыніў ганебна... Загадайце адвесці войскі... Вашага Цялка ніколі не прызнаюць роўным... Вашамосць заўсёды зайздросціў, што я старэйшы... Вы на паўгадзіны ўсяго старэйшы, васпан. Ваш Пане Каханку — невук і ілгун. Затое я не выхоўваўся ў немцаў, забыўшыся на нашыя звычаі... Панятоўскаму ніколі не здабыць... Самага знаўцу забілі...

Крыкі аддаліліся і змоўклі. Шум засведчыў, што з аршанскага замка выехала карэта.

Лёднік саскочыў на падлогу, але не паспеў распавесці, што ўдалося расчуць — дзверы ў сутарэнні грукнулі так, нібыта іх выбілі таранам. Замест акаванага жалезам бервяна ў калідор заляцеў пан Міхал Брастоўскі. Ігнарус імчаў за ім з перакрыўленай фізіяноміяй.

— Дзе той латруга доктар? — гарлаў Брастоўскі, як бараначніца на Слуцкім рынку.

Падскарбій слізнуў вокам па кумпанах Лёдніка, што замёрлі, як саляныя слупы, насупіўся, зачапіўшыся вокам за свайго аптэкара, а пабачыўшы Вырвіча, выскаліўся:

— І пан суддзя тут, як навязаны! Яшчэ лепей! Зараз і зладзім судовае паседжанне, каб вам зямля калом!

Суд, дакладней, таемны сход, зладзілі ў катавальні — пан Міхал звыкла ўсеўся ў выгоднае крэсла з высокай разной спінкай у выглядзе пальмавых галінак (а Вырвіч быў гадаў, чаго гэта ў катавальні такая раскоша?) З крэсла зручны агляд складаных прыстасаванняў, што мусілі спрыяць шчырасці вязня.

Доктар стаяў перад падскарбіем, пачціва нахіліўшы галаву, быццам пакліканы на чарговую кансультацыю. Над яго галавой у чаканні застылі ланцугі, гатовыя схапіць за рукі жалезнымі абдоймамі бранзалетаў. За спінай пачціва чакалі панскага слова Пранціш, Лёднік-малодшы і Давыд Ляйбовіч, пачуваючыся прыблізна як печкуры ў дзіравым вядры, з якога вось-вось выцячэ апошняя магчымасць жыць.

— Хто яшчэ ведае, што нябожчыца — не мая дачка?

Брастоўскі раздражнёна зняў капялюш і паклаў на столік, побач з жалезнымі абцугамі і малітоўнікам. Панскі давераны слуга, падобны да спалоханага белага пацука, схіліўся ў нізкім паклоне.

— Больш ніхто, вашамосць.

— Значыць, так... — Брастоўскі кусаў вусны, раздумваючы. — Пра гэта пакуль больш ніхто не мусіць ведаць! Пахаванне адкладу, маю права. Вунь Марцін Радзівіл свайго бацьку год непахаваным трымаў. Ты, доктар, маеш шанец выратаваць сваё вартае жалю жыццё. Гэта ж цябе мой швагер, цяперашні гетман, пасылаў па нейкую таемную зброю ў Ангельшчыну?

— Гэта не было надта ўдалае падарожжа, ваша княская мосць, — суха зазначыў доктар.

— Значыць, пастарайся, каб наступнае было ўдалым, — парык Брастоўскага здаваўся абсыпаным не пудрай, а атрутай. — Калі справішся — атрымаеш апраўданне і ўзнагароду ад караля. Не — навечна застанешся забойцам, і сям’я твая будзе зганьбаваная, а маёмасць сканфіскаваная. Праксэдаў пярсцёначак з надпісам ад закаханага Лёдніка я табе ўсё адно не забуду, доктар, што б ты ні казаў пра падробку.

Пранціш з непаразуменнем зірнууў на Бутрыма, а Алесь, кусаючы вусны, апусціў гававу.

— Табе спатрэбіцца некалькі чалавек, — пагардліва працягваў ашмянскі ўладар. — Больш не варта, увагу прыцягваць... Каб умелі біцца і мовы ведалі. Ты, суддзя, паедзеш?

Пранціш зрабіў крок наперад і ўрачыста пакланіўся.

— Я таксама паеду, вашамосць! — Алесь намагаўся не зважаць на сярдзіты позірк бацькі. — Я — Аляксандр Лёднік, і бацьку не пакіну.

Брастоўскі перавёў позірк з дзёрзкага аблічча сына на раззлаванае бацькава:

— То ж я гляджу, дзюбы ў вас падобныя.

— Ён яшчэ занадта юны, ваша княская мосць! — полацкі Фаўст намагаўся гаварыць спакойна, але рукі сціснуліся.

— Прапануеш сына не ў саўдзельнікі, а ў закладнікі? Я не супраць.

Сыгнеты на спешчаных пальцах Брастоўскага ззялі, быццам кроплі розна-

каляровай крыві казачных істотаў. Блакітная —адзінарог, жоўтая — іхнеўмон, ружовая — галадрыель... Магнат, ён каго хоча са свету зжыве. Лёднік выціснуў як мага пакорлівей:

— Мне ўсё-ткі зручней, каб сын быў пры мне.

— Калі будзе дазволена на нейкі час пакінуць яснавяльможнае сямейства без маіх лекарскіх паслуг, і я б далучыўся! — белазуба ўсміхнуўся Давыд. Вырвіч даўно ўпэўніўся, што нібыта ціхмяны ды ўнураны ў навуку фармацэўт — вялікі аматар авантур.

— Значыць, так, справа далікатная, — Брастоўскі нервова змінаў бялюткія карункі манжэта. — І без мяне ведаеце, што ў яго каралеўскай мосці шмат ворагаў. Плявузгаюць, быццам яны радавіцей за яго. Асабліва гэтыя, князі Рымскай імперыі, Радзівілы...

Князь Міхал скрывіўся, быццам толькі што выцягнуў замест туза жалудовую шасцёрку.

— Спадзяюся, не трэба вас пераконваць, што Панятоўскія вядуць род ад італьянскіх князёў Тарэлі, уладароў Ферары.

Падскабій пільна ўглядаўся ў абліччы мізэрных істотаў, што стаялі перад ім. Прысутныя разумна прамаўчалі. Паходжанне Цялка было сумніўным, як манеты барацінкі, наштампаваныя ўвішным фінансістам Бараціні, каб кароль расплаціўся за вайну.

— Яго каралеўская мосць мае вялікую патрэбу пераканаўча пацвердзіць сваё высокае паходжанне. Каб ніводзін Радзівіл ці Чартарыйскі не брахаў, што вышэй. Знайшоўся след адпаведнай рэліквіі. Вось вы яе і прывезяце. З Італіі.

Пранціш перазірнуўся з Лёднікам. Хіба ў караля няма іншых магчымасцяў, як задзейнічаць ледзь не пакаранага злачынцу і выпадковых наймітаў?

— Пан Антоні Тызенгаўз ужо са згоды яго каралеўскай вялікасці паслаў людзей па той прадмет, — неахвотна ўдакладніў Брастоўскі. — Каб не гісторыя з забойствам — і цябе б, доктар, далучылі. Але мне трэба адправіць сваю каманду.

Ясна, пан хоча сам здабыць каралю кляйнод. Тады дакладна з усімі даўгамі расплаціцца — Панятоўскі на ўзнагароды шчодры.

Пацук-канфідэнт па знаку князя не паленаваўся да дзвярэй збегаць — ці не падслухае хто шчырасці гаспадара.

— Дык вось, рымскі папа Іяан Дзевятнаццаты менавіта продку яго каралеўскае мосці, пустэльніку Тарэла, адпісаў адметную рэліквію.

— Вы кажаце пра папу Іяана па мянушцы Педра Іспанец? — зацікаўлена ўскінуўся Лёднік. — Пра якога Дантэ ў «Боскай камедыі» пісаў, што яго мудрасць праменіцца скрозь дванаццаць кніг?

Брастоўскі хмыкнуў:

— Пра Дантэ твайго мудронага ведаю, але не чытаў. Але чуеш сваю паро­ду... Ну так, твой калега Педра Жуліян, лекар ды алхімік, ён жа Іяан.

А Брастоўскі не быў невукам.

— Педра ляснуўся разам са сваёй вядзьмарскай лабараторыяй. Кажуць, яе дах абрушыўся, бо папа вывучаў дзеянне магутнай святой рэчы, прывезенай крыжаносцамі. Занадта цікаўны быў. Вось Гасподзь яго і пакараў, — у голасе падскарбія багавейлівасці было не больш, чым у посных галёпах тлушчу. — Караль Радзівіл зараз ашываецца ў Італіі, інтрыгуе ды вычэквае. А ў ягонай свіце блытаецца адзін увішны вучоны жмудзін. Ён і натрапіў на трактат вучня Педра Іспанца, дзе згадваецца, што калі папу-алхіміка дасталі з-пад руінаў, той паспеў загадаць давераным людзям адвезці згубную рэліквію пустэльніку Тарэла. Каб збярог для вялікага вайскаводцы, якому наканавана выратаваць свой народ ад варожай навалы.

— Ваша княская мосць, пяцьсот гадоў прамінула! — не вытрымаў Лёднік. — Калі за гэты час ніхто рэліквію не знайшоў...

— А яе ніхто і не шукаў! — пачаў злавацца Брастоўскі. — Усе дасюль упэўненыя — загінула штуковіна падчас выбуху ў лабараторыі. Калі трактат быў напісаны, папа Іяан праменіў сваю мудрасць праз дванаццаць кніг за райскай брамай, а на суседняй аблачынцы гэтак жа праменіўся святы Тарэла. Аўтар, жамяра кніжная, нікому не быў цікавы. Рукапіс пыліўся ў бібліятэчных сховішчах. Ды каб пра датычнасць Тарэла да рэліквіі ведалі — яго пячору па каменьчыках бы разабралі. Хто б адмовіўся аднойчы абрынуць сцены на ворагаў?

— Абрынуць сцены? — зачапіўся за словы князя дзёрзкі Лёднік. — Маем справу з пракаветнай зброяй, якая можа абрыньваць сцены? Зруйнаваць лабараторыю? Прывезеная з Палясціны... Няўжо...

Князь пакрывіў ганарысты рот.

— Я, здаецца, не памыліўся, захаваўшы табе жыццё. Кемны.

— Няўжо шафар? Трубы Іерыхонскія... — уражана выдыхнуў і Давыд Ляйбовіч. — Не можа быць!

— А чаму не? — хмыкнуў Лёднік. — Чаго толькі не прыпёрлі тыя тампліеры з краёў пустэльных. Каб маглі, неба палясцінскае на дзіды б навязалі ды ў Еўропу прыцягнулі. Шафар — звычайны прадмет культа ў габрэяў. Ну, знайшоў нейкі рыцар старую трубу з рога, яму сказалі, менавіта тая, ад якой разваліліся сцены Іерыхона.

Князю Міхалу быў абыякавы скепсіс доктара.

— Тая, не тая. Мае вучоныя за мантыі адзін аднаго цягалі, высвятляючы. Што яны там кажуць, пан Машанскі?

Канфідэнт прыгладзіў рэдкія светлыя вусы.

— Пан Даміян Гужэлка лічыць, што гэта рог Ісуса Навіна, брат Вацлаў — баявы рог святога Георгія, які камандаваў целаахоўнікамі імператара Дыяклеціяна. А айцец Петрас — што гэта быў адзін і той жа прадмет, бо засведчана, што Святы Георгій зруйнаваў у імгненне ўсе стоды ў паганскім храме Апалона, як Ісус Навін — сцены Іерыхона.

— Надта розныя версіі, вашамосць, — прамовіў Лёднік, ажывіўшыся ад «навуковага прэцэдэнту». — Габрэйскі шафар і баявая труба рымскага воіна. Яны ж з розных матэрыялаў, інакшага выгляду!

Брастоўскі нецярпліва тузануў плячом.

— Галоўнае, каб спадчына святога Тарэла апынулася ў руках караля, як пацверджанне, што наш уладар — роду самага старажытнага, і абраны Госпадам быць выратаваўцам свайго народа.

Пранціш хмыкнуў сам сабе, уявіўшы спешчаную гладкую фізіяномію Цялка ў ролі біблейскага вайскаводцы. Але і Пане Каханку з амбіцыямі праблем не мае.

— Радзівіл, як яму даклалі пра знаходку, адразу ж узбурыўся ды паслаў людзей на пошукі, — пацвердзіў высновы Пранціша Брастоўскі. — Не ведаю, як яны з вернікамі дамовяцца, але пячору святога ды ягоную ўсыпальніцу, мусіць, як жвір, прасейваюць зараз. А ў свіце князя ў нас свае людзі. Зрэшты, гэта сімвалічна: на гербе Панятоўскіх — рагатая істота, і тут — рог.

Задумлівыя разважанні падскарбія перабіў Давыд Ляйбовіч:

— Шафары забаронена рабіць з бычыных рагоў, вашамосць! Каб не было сувязі з залатым цяльцом, стодам, якому маліліся паганцы. Толькі з баранніх рогаў, альбо з рогаў антылопаў. І карыстацца імі можа толькі веруючы габрэй!

Падскарбій нецярпліва махнуў, паказваючы, што на такія тонкасці яму пляваць.

— Ды хоць з цмокава рога ён будзе. Пакуль у Італію давезлі, хто ведае, хто ў тую трубу дзьмухаў. Крыжак, як там яго, які Ерусалім узяў.

— Готфрыд Бульёнскі, вашамосць! — паспешліва нагадаў канфідэнт. — Яго з-за рога і атруцілі, адзін зайздрослівы біскуп. Брат Вацлаў думае, што рог быў знойдзены крыжаносцамі ў палясцінскім горадзе Лод, дзе пахаваны вялікамучанік Георгій.

Няўжо да кожнай святой рэчы вядзе сцежка з крыві?

— Ну а вось чаму я ўпэўнены, што ніхто пакуль рэліквію не знайшоў.

Брастоўскі шпурнуў Лёдніку скрутак. Пергамент, спісаны дробнымі літа-

рамі. Лёднік і Ляйбовіч адразу ўторкнуліся туды насамі.

— Ліст з трактата Абдамінатуса, вучня Іяана, выдраны маім чалавекам, — задаволена патлумачыў князь. — Запавет папы, як той святы рог, баранні ён, бычыны ці ад антылопы, перахоўваць. Мае вучоныя тхары па-ўсялякаму штудзіравалі. І выходзіць, месца сховішча не там, дзе ўсе думаюць, а ў Венецыі. Здабудзеш святыню, Лёднік — не толькі вернеш міласць караля, але пасаду добрую займееш пры двары. І сын твой якім падчашым стане. А калі не.

Брастоўскі ўстаў, пацягнуўся, пазяхаючы, быццам знаходзіўся сам-насам у спачывальні. А што яму прысутнасць слугаў — пры ніжэйшых істотах вялікія паны і патрэбу спраўляць не саромяцца. Калі перап’е на тлумным застоллі, Караль Радзівіл пры ўсіх дагала распранаецца і загадвае сябе вадой абліваць.

— Вашамосць, але ж трэба адшукаць вашую дачку! — вырвалася ў Алеся. Падскарбій хмыкнуў:

— А хто табе сказаў, шчанюк, што яе не шукаюць? Па маім загадзе ўсё ўжо абшукалі. Дамы вашы ў Полацку, у Гародні ды ў нейкай вёсачцы вытраслі, як кішэні.

Баўтрамей уздрыгнуў, відаць, уявіўшы, што давялося перажыць Саламеі і Сафійцы.

Князь ляпнуў дзвярыма, ажно ланцугі загайдаліся.

— Падобна, наша Фартуна перапілася на ашмянскіх заручынах — так яе з боку ў бок водзіць. — Давыд выцер спацелы лоб. — Каб ім саламіну ў вока і трэску ў вуха, і не ведалі, што раней вымаць.

Жытло княскім пасланцам саступіў Ігнарус. Пакой, адведзены для пражывання мясцовых катаў, быў зусім не страшны, відаць, ім карысталіся, як гасцявым. На лаўкі кінутыя старыя кажухі — самыя выгодныя ложкі для вояў. Пранціш у дзяцінстве на такіх жа спаў. Грубка аблямаваная жаўтлявай плінфай з выявамі вінаградных гронак. Абраз Маці Божай Вастрабрамскай упрыгожаны бялюткім рушніком з мярэжай. Пахне цвілым хлебам і палыном, сівыя шорсткія скруткі якіх шчодра рассаваныя паўсюль ад блохаў.

— А вось дзеля чаго я вісеў кажаном на кратах. — змрочна паведаміў Бутрым, калі пасля абеду, на які адшчыкнулася ад нагатаванага для заручынаў, людзі вучоныя ўзяліся вывучаць трактат Абдамінатуса. — Князь Міхал не ўсё нам распавёў. Ягоны братка ўжо адлавіў аднаго пасланца ў Італію. І ўсіх наступных дэкляруе пераняць ды прыкончыць. Тут цэлыя сабачыя гонкі. Ад Тызенгаўза банда пасланая, ды яшчэ, аказваецца, ад Радзвілавай жонкі пані Тэрэзы. Чуў, яна з каралём раман круціць, і ці не ў каралевы меціць. Так што мы — удалы выбар. На нас ніхто не падумае. А калі што — нас і не шкада. І пра мяне пан Адам падказаў. Падскарбій пачаў здзекавацца, што брат у адрозненне ад яго адукацыі добрай не атрымаў і нічога не разумее ні ў рэліквіях, ні ў іхніх знаўцах, а пан Адам: «Лепшага знаўцу старажытных рэліквій ты ж горлам пакараў, доктара Баўтрамея Лёдніка». Не ведаў, што ў мяне такая слава, дарэчы.

Што ж рабіць, калі ты — трэсачка і трапіў у плынь? Плысці. Уверсе запаветнага аркуша было заканчэнне фразы на лаціне пра Божае блаславенне, а далей старагабрэйская. І Бутрым, і Давыд яе ведалі добра, і ўсё адно рады не далі. Прачыталі толькі «Не належыць захоўваць крыніцу голасу Божага ані ў зямлі, ані ў вадзе, ні пад каменем, ні пад жалезам, і нідзе, куды можа зайсці чалавек, але ў горадзе Святога Марка на самым высокім паветры дому ільва». Што вучоныя княскія расшыфравалі, як гаворку пра венецыянскі сабор Святога Марка, чыім сімвалам быў леў.

Далейшыя ўказанні хаваліся ў знаках, падобных да алхімічных. Бутрым не ўзрадаваўся.

— Нібыта зноў янохская мова, барані нас, святы Кіпрыян. А я спадзяваўся, з гэтым скончана.

Лёднік, які цяпер пазбягаў, як дрыгвы, усялякіх таемных ведаў, час ад часу хрысціўся, засяроджана вадзіў доўгім пальцам па намаляваным дрэве са значкамі замест лісця і хмурнеў. Каб меўся час, дык са сваёй упартасцю ды ведамі расчытаў бы. Змог жа і трактат араба Альбукасіса зразумець, і напісаную янохскай мовай карту ангельскага доктара Дзі.

Давыд запэўніў, што ведае аднаго хлапца з-пад Нясвіжа, маладзюсенькі зусім, але ўжо рабін. Калі той не прачытае — дык ніхто.

А доктар зайшоўся кашлем, які займеў, седзячы ў студні, потым ляпнуў па пергаменце даланёй:

— Які блёкат! Высільваемся. А для чаго? Каб прыцягнуць святую рэч у рукі бяздарнага ўладара, дзеля пыхі ягонай, ды галінасцейшага arborem porphirianam (радаводнага дрэва)?

— Каб выжыць, дзядзька Бутрым! — ціха прамовіў Давыд. — Што толку, калі зараз вашумосць згнояць у студні? Жывы чалавек усё можа змяніць з Божай дапамогай.

Ашмяны ўсё яшчэ святкавалі заручыны. Гарматаў і феерверкаў не прадугледжвалася, але час ад часу пастрэльвалі ў паветра са стрэльбаў, пісталетаў, мушкетаў, фузеяў ды што яшчэ ў мясцовай шляхты мелася.

Лёдніку лепш было на людзях не паказвацца. Да таго ж саслабеў пасля сядзення ў студні. Застуду лячыў адварамі ды дыхальнай гімнастыкай. Таму Давыд і Пранціш адны пайшлі на пляц ля ратушы, дзівіцца на прадстаўленне з музыкамі ды блазнамі. Змрочны Алесь застаўся з бацькам.

Калі Вырвіч, уцякаючы ад навязлівай увагі адной шляхецкай кампаніі — страціў смак да п’яных двубояў, вярнуўся ў старостаў дом, Бутрым сядзеў на лаўцы, захінуўшы аблічча рукамі, быццам увасабленне Меланхоліі.

— А дзе Алесь?

Доктар не варухнуўся. Вось яно што...

— Пасварыліся?

Спавядацца нядаўні чалец Адукацыйнай камісіі не надта ўмеў, але нядаўні менскі суддзя так-сяк усвядоміў трагікамедыю. Размова Лёднікаў атрымалася такой, што хоць на сцэну, хоць у дамскі раман.

.. .Алесь адразу выказаўся:

— Панна Праксэда цябе кахае.

Бутрым, які знясілена прылёг на лаўку, прыўзняў галаву:

— Што табе прымсцілася?.

— Я сам бачыў! — усхадзіўся малодшы Лёднік. — Выпадкова падгледзеў, як яна цябе па шчацэ гладзіла. Ты яе. таксама кахаеш?

Бутрым з цяжкасцю сеў.

— Нават з галавы выкінь! Я кахаю Саламею. А тое, што ты падгледзеў. Ты ведаеш, што белага колеру ў свеце не існуе? Ён проста ўтрымлівае ў сабе ўсе існуючыя фарбы. Пачуцці чалавечыя гэткія ж. намяшаныя. Праксэда не вінаватая. І я таго не хацеў. Гэта. як хвароба. Паталогія. Панна сама ўсведамляла. Урэшце, ну які з мяне Адоніс? — Бутрым збянтэжана запусціў руку ў чорна-сівыя лохмы. — Глупства. Я праўда доўга не заўважаў. Потым думаў, у яе пройдзе, як морак.

— А пані-маці ведала?

Алесь быў удзячны бацьку за шчырасць, але гнеў на яго цвяліў, як агеньчык у кноце.

Бутрым апусціў тужлівыя вочы, здушыў прыступ кашлю.

— Твая маці — мудры чалавек. Мудрэйшы за мяне. Яна даўно гаварыла — Праксэда павінна паспрабаваць жыць сваім жыццём, не пры нас. Можа сама працаваць акушэркай.

— А ты што?

Дзесьці за акном насмешна задудзелі дуды.

— Праксэда вельмі добрая асістэнтка. Мне. не хацелася нічога мяняць. Крыўдзіць яе. Сам бачыш — як пачула пра пераезд у Вільню, ажно з дому ўцякла.

— Ты хацеў трымаць яе пры сабе! Яна табе падабалася! Толькі сляпы мог не закахацца ў яе! Бачыў, як пераймаецца, дражніў. А сам цешыўся — вось, маладая, а па мне сохне. А можа, і штось большае між вамі было?

Голас юнака ганебна зрываўся, так, што Баўтрамей аж захлынуўся ад жахлівай здагадкі:

— Сыне. Алесю. Панна цябе за сэрца зачапіла?

— Ну давай, скажы цяпер мне, што гэта паталогія, хвароба, морак. Што пройдзе.

Лёднік устаў — напэўна, хацеў абняць, прытуліць узрушанага сына, але той выбег з пакоя, як пяты падсмажылі.

Вось і пагаварылі.

Пранціш, уявіўшы сцэну, толькі ў кудзеры свае русявыя ўчапіўся.

— Помню, вучылі мы яшчэ ў калегіюме гісторыю пра грэка Фалеса, які ішоў, назіраючы зоры, ды ўваліўся ў яміну. Як ёсць пра цябе. Мне не Праксэды шкада, а Саламеі.

Лёднік сярдзіта бліснуў цёмнымі вачыма:

— Мне што, і табе паўтарыць, што між мною і дзяўчынай нічога не было?

— Сэрца парваць можна і не дакранаючыся, — змрочна прагаварыў Пранціш, прысаджваючыся на суседнюю лаўку. — Столькі часу трымаў дзвюх жанчын, як на распаленай блясе. Адна адну шкадуюць, абедзве цябе кахаюць. І лаяцца ім нібыта падстаў няма, і спакою таксама няма.

Дзве познія восеньскія мухі ўсё яшчэ спадзяваліся знайсці сэнс жыцця ў бясконцым кружлянні між сценаў.

— А што я мусіў рабіць? — агрызнуўся Бутрым. — Я ж бедную дзяўчыну таксама шчыра шкадаваў. Як успомню, якой яна ў наш дом трапіла. Запаленне лёгкіх. Рукі — як сцябліначкі, голас, як націнка. Чаравікі з голаду прадала, босай ішла. Ды як? — Лёднік панізіў голас. — Яна вельмі прасіла, каб ніхто не даведаўся. Яна ж была ў мужчынскім касцюме. Валасы абстрыгла. Спадзявалася патрапіць ва ўніверсітэт, мо ў Кракаве, мо ў Вене. Яна ж панямецку гаворыць вольна. Па дарозе абрабавалі. Застудзілася, упала на вуліцы ў гарачцы. Добра, у наш шпіталь прынеслі. Думаю, у Праксэды ўдзячнасць да мяне неяк. вычварылася.

— Вычварылася, — перадражніў Вырвіч, скептычна акінуўшы поглядам худую постаць на лаўцы катава пакоя. Пранціш ніколі не мог зразумець, што прываблівае да дзюбаносага змрочнага сына полацкага гарбара самых прыгожых і разумных жанчын. Калісьці гэта вельмі злавала маладога шляхціца. Цяпер, праз гады, Вырвіч дапускаў, што выпускнік двух універсітэтаў Лёднік мог выклікаць захапленне, калі займаўся справай, у якой яму не было роўных. Напрыклад, фехтаваннем, хімічнымі доследамі, складанымі аперацыямі. У ягоным абліччы тады выяўлялася каралеўская ўладнасць, той унутраны агонь, якому Пранціш таксама зайздросціў. Хоць той агонь часцяком заводзіў Бутрыма далей, чым належала добраму хрысціяніну і пачціваму грамадзяніну.

— Я веру, што ты кахаеш Саламею. Але прызнайся, няўжо столькі часу побач з маладой дзяўчынай, якая да цябе хінецца — і ты зусім абыякавы? Той пярсцёначак, пра які Брастоўскі казаў — дарыў, відаць?

Бутрым пацёр лоб, прыкрашаны шнарам, атрыманым калісьці за тое, што не даў казаць абразлівыя словы пра Саламею.

— Я ўсяго толькі грэшнік, пан Вырвіч. Я не магу прысягнуць, што нават выпадкова не заўважаў прывабнасці сваёй памочніцы. Не захапляўся яе розумам. Што хоць на нейкае імгненне мне не была прыемнай яе прыхільнасць. Алесь мае права мяне дакараць. Я ніколі не пераступіў бы мяжы. Але.

Пранціш цяжка ўздыхнуў.

— Не буду я цябе дакараць. Усе мы. Грэшныя. Вось, дома ў мяне жонка цудоўная, сын малы. А я пабачыў адну дзяўчыначку — і сэрца кроіцца ўспамінам.

І распавёў пра заручыны, маленькую нявесту і яе просьбу.

— Эх, няўчасна гэта. Не зможам мы яшчэ і гэту магнацкую справу на сябе ўзваліць, — стамлёна прызнаў Бутрым. — Распытацца б, дзе зараз пан Гервасій і Паланэя, няўжо без іх згоды дачку прасваталі? Але, пагадзіся, не да паненкі нам. Шлюб гадоў праз дзесяць толькі здзейсняць, калі па Статуце, бо жаніх і нявеста etate minnorenuitale (у стане непаўналецця). А да гэтага панен­ку будуць берагчы. Гусей пасвіць не пагоняць. Вернемся жывымі — тады.

І Вырвіч ведаў, што гэта слушна, але ніяк не мог забыцца на блакітныя вочы, што глядзелі на яго калісьці то з фанабэрыяй, то з какецтвам. Не, не яму дакараць Лёдніка.

...Ой, Божа ж ты, мой Божа, дзеўчыну люблю.

Сам я добра знаю: яе не вазьму.

Дай ты жа мне, Божа, вечара даждаць,

Пайду да дзяўчыны я ў апошні раз.

За акном надрываўся тонкі голас спевака і плакала скрыпка. І каціліся па чорнай шчацэ неба буйныя восеньскія зоры. І хтосьці радаваўся, пабачыўшы такую вогненную слязу, і думаў, што яму ж гэта — на ўдачу.

Кожная чужая сляза — камусьці на ўдачу, так ужо створаны свет.

А потым жанчына з прыўкрасным, змучаным ад гора і доўгай дарогі тварам, стаяла пасярод пакоя, калісьці адведзенага для катаў, а зараз — для ахвяраў. І вучоны доктар абдымаў яе калені. А маленькая дзяўчынка з цёмнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку гладзіла яго па галаве і казала:

— Тата, ну не трэба плакаць. Ты ж вялікі.

І на гэта ўсё глядзеў з кута пакоя чалавек са звыродлівым лішаём на твары, глядзеў з прыхаванай, пякучай зайздрасцю, і ціха прамаўляў:

— Гаўдэамус. Гаўдэамус, казюркі. Памятай, доктар, ты памечаны мной. Падранак катавальні ты ёсцека. Такія, як ты, заўсёды вяртаюцца на крукі свае і ланцугі свае ў сутарэнні і студні. Мы дачакаемся цябе, доктар, з царствам маім.


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

Як Пранціш мудрасці біблейскай сербануў


Кажуць, калі герцаг Курляндскі мусіў сустрэцца ў Вільні з каралём Уладзіславам Вазам, каб улагодзіць сюзерэна, запрасіў нямецкіх артыстаў разыграць на пляцы Шэкспіра. Але кароль прыехаў такі злосны, што загадаў узведзеную сцэну парушыць на трэсачкі, а Гамлетаў ды Афелій гнаць, як мышэй.

Пры ўсіх уладарах глумцы, блазны, паэты, музыкі — рэдкія стравы да стала. Іх можна з’есці, можна выплюнуць, можна разам з талеркай запусціць у твар кухару.

Затое небяспекі ў іх бачаць не болей, чым у клёцках ці пірожным.

Баўтрамей Лёднік, вучоны доктар і трошкі маг, аніяк не быў падобны да пірожнага. Хіба да пярцовай настойкі на добрым спірытусе. Вырвіч ледзь стрымаў усмешку, каб яшчэ больш не злаваць былога настаўніка, якому, трэба прызнацца, вельмі пасаваў турбан з залацістай кітайкі велічынёй з добрую балею і стракаты атласны халат у жоўта-чырвона-юлёвыя палосы. Худая фізіяномія Лёдніка была шчодра вымазаная брунатнай фарбай, пад носам абвіслі вусы з чорнага шаўковага шнура. Вось цесць Пранціша, пан Гараўскі, вялікі аматар таямнічага Ўсходу, ацаніў бы.

Але вылузвацца з блазенскай абалонкі пакуль аніяк нельга было. Некалькі разоў натрапілі на раз’езды. Праўда, калі жаўнеры зазіралі ў экіпаж, толькі пачырванелыя ад гарэліцы насы пагардліва крывілі на блазнаў. Вялізная павоз­ка, чыя драўляная сцяна магла ператварацца ў заднік сцэны, гайдала ў сабе не менш дзіўныя істоты і рэчы, чым алхімік у турбане з падробным дыяментам з кулак велічынёй. Запыленыя анёльскія крылы суседнічалі па кутах з драўлянымі мячамі. Намаляваны на фанеры ружовы куст — з кардонным цмокам. Пыса цмока крывілася, нібы ў агоніі, і была ўся ў дзірках ад дзіды якога-небудзь Святога Юрыя альбо паганскага Персея. Найболей жа пасажырам замінаў парык, ушчымлены паміж лаўкамі. Драцяная канструкцыя ў тры локці, абматаная шорсткімі валасамі і выцвілымі стужкамі, усаджаная пыльнымі папяровымі ружамі, нагадвала гняздо вялізнага павука, і страшна было ўявіць, як гэта можна ўзбурыць на галаву. Для такіх парыкоў куафёры спецыяльныя мапы складалі.

Так што Аляксандру Лёдніку пашанцавала. Парык на ягонай галаве быў у дзесяць разоў меншы і навейшы. Праўда, усё-ткі дамскі. Бо да абурэння нядаўняга студыёзуса, яго змусілі прыняць аблічча куртуазнай пастушкі Галатэі. У вандроўным тэатры мужчыны звыклі да жаночых роляў. А банда Чор­нага Доктара якраз і выехала з Ашмянаў у вазку вандроўнага тэатрыка, які вяртаўся ў Варшаву. Сапраўдныя лёкаі і пакаёўкі Мельпамены ехалі наперадзе, у асобнай павозцы, а гэтую вылучылі падстаўным.

Абражаны Алесь, зацягнуты ў белую сукенку ў ружовыя кветачкі, час ад часу раздражнёна дзьмуў на завітую пасму рудога парыка, што лезла да вуснаў, і хутаўся ў сіні плашч, які быў бы зусім прыстойны, каб не нашытыя залацістыя буйныя зоры. А насупраць аптэкар-парфумер Давыд усміхаўся, нібы ўсё жыццё марыў красавацца ў зялёным балахоне са штучнымі галінкамі ды лістотай. Здаецца, малады Ляйбовіч мусіў увасабляць антычнага бога Вяртумна, які адказваў за змены пораў года.

Вось Пранцішу пашанцавала. Нават здзеклівыя падлючыя блазны з кракаўскай трупы, што падбіралі апранахі нечаканым спадарожнікам, разгледзелі ў ім сапраўднага воя. Так што Вырвіч самазадаволена аглядаў свае рыцарскія латы, зробленыя, праўда, не з металу, а з кардону.

— І якую ж п’есу мы маглі б цяпер разыграць, панове? — агучыў думку Вырвіч — усё-ткі ён быў недавершаны паэт, недапечаны драматург, і дзесьці беларускі Плутарх.

— «Шмат шуму з нічога» і тое не выйдзе, — прабуркатаў раздражнёна султан. — Вылучылі для нас касцюмы падзіўней з розных пастановак, каб шпегаў з тропу збіць, дый усё.

— Фантазіі табе не хапае, Бутрым, — весяліўся Вырвіч. — Усю ў студні вымыла.

Алесь няўхвальна скасавурыўся — ён ніяк не мог звыкнуць, калі дзядзька Пранціш ды пан-бацька змрочна жартавалі над рэчамі зусім нясмешнымі. Вось жа — панна Праксэда знікла, пані-маці ў слязах адправілася з сястрычкай дадому, а тут жарцікі.

— Не пакутуй, Ланцэлот, адшукаем тваю вучоную панну. Мы паннаў і з замкавай вежы, і з-за муроў кляштара, і з-пад варты цэлага палка даставалі! — Пранціш правільна адгадаў перайманні «Галатэі». Лёднік з няёмкасцю перхануў і прамовіў, не гледзячы на надзьмутага сына:

— Саламея абяцала разведаць, з кім Праксэда сустракалася, можа, хто што чуў.

І ледзь стрымаў цяжкі ўздых. Размова з жонкай атрымалася нялёгкай. Пранціш, мусіць, упершыню бачыў, што дачка полацкага кнігара не ўсміхаецца радасна пры сустрэчы з каханым мужам. «Я занадта стамілася, Бутрым».

І Пранціш пачынаў патроху ненавідзець зніклую Праксэду — гэта ж трэба было прымудрыцца перасварыць дружнае сямейства Лёднікаў! Таму што Алесь адмоўчваўся і адварочваўся ад бацькі. А Саламея, калі апынуліся з Пранцішам сам-насам ля ашмянскага палаца, пад вечаровым беларускім небам, і горка пах палын, і лісты не хацелі паміраць і злятаць, выдыхнула:

— Ну вось скажы, пан Вырвіч, калі ніхто не вінаваты, чаму ўсім нам так кепска?

І махнула тонкай рукой, не патрабуючы адказу.

— Ты ведаеш, што Бутрым вадзіў яе на лекцыі? І ў калегіюм у Гародні. І з сабой браў у Віленскую акадэмію і ў Кракаўскі ўніверсітэт. У мужчынскім адзенні. Тое, што ніколі не дазваляў мне. Хоць у юнацтве я сама пару разоў на падобнае ў Полацку наважылася, так ведаў хацелася. І сам жа Бутрым паўтарае — Гасподзь дае мазгі не па спадніцах ці нагавіцах, не па кармазіну ці радну, а па чалавеку. А за мяне ён, бачыш, баіцца. Абараняе.

— Што ж, у яго ёсць прычыны, — мякка прагаварыў Вырвіч, са скрухай заўважаючы ля гожых сініх вачэй колішняй Сільфіды дробныя зморшчынкі і застарэлы цень. — Апошні раз, калі цябе абвінавацілі ў вядзьмарстве, Бутрыму ледзь удалося выратаваць. І свае адкрыцці пра шлем Альбукасіса тады аддаў за сведчанне прадажнага калегі, і з пудовым мячом, які ледзь падымаў, супраць волата Ватмана выйшаў.

Саламея правяла рукой па абліччы, усё яшчэ гожым, велічным, удыхнула водар восеньскага палыну:

— Я ведаю, што ён і цяпер за мяне гатовы на ўсё. Абараняе. Так. А вось асістэнтку сваю не бярог. Разам такія эксперыменты ўчынялі, да якіх мяне і блізка не дапушчаў. Два разы даводзілася абаіх з лабараторыі выцягваць пасля выбухаў, калі ад дыму смярдзючага ледзь не патруціліся. Абое толькі смяяліся.

Голас палачанкі дрыжэў.

— Яна ж настолькі маладзей за мяне, Пранціш. І высакародная кроў. Гэта не выдумкі — гэта выхаванне з пялюшак. Пастава, манера кланяцца, ды нават брацца за кубак. То пазірае вінавата, а часам як блісне вачыма. Цішэй, не перабівай, гэта я ад крыўды ды зайздрасці. І яшчэ.

Саламея прыкусіла вусны з дасканалым абрысам — колькі мужчын калісьці гатовыя былі біцца хоць бы і з цмокам, каб не крывіліся горка гэтыя вусны!

— Яны вельмі падобныя.— голас гучаў глуха. — Бутрым з Праксэдай. Не, не знешне. Але каб Лёднік нарадзіўся жанчынай — якраз такой. Ганарыстыя, зацятыя, апантаныя... Толькі яна больш стрыманая. Бутрым, калі да жывога дастала, выбухае, як салетра пры перагрэве. А Праксэда толькі маўчыць ды пагарджае. Думаю, ёй давялося шмат цярпець у жыцці. І. так, мне яе шкада. Але як жа мне часам хацелася, каб яна. знікла. Асабліва калі на яе пальцы ўлетку з’явіўся срэбны пярсцёнак. Як ніхто не бачыць, яна да яго вуснамі дакранаецца, і на Бутрыма паглядае. Відаць, падарунак. Як я яе ў тыя моманты ненавідзела. І вось. збылося. Праўду кажуць — нядобрыя думкі, як забытая дома свечка. Вярнуўся — адны вугалі.

Пранціш адмахнуўся ад камара, худога і нахабнага, як мытар:

— Ты ж яе з дому ў каршэнь не гнала.

— Але менавіта я намовіла Бутрыма, каб сказаў Праксэдзе ў Вільню пераязджаць, — Саламея апусціла галаву, прыкрытую маленькім ваўняным капелюшом з вітым срэбным шнурам, які пабліскваў у прыцемку. — Апошнім часам мы з паннай амаль не размаўлялі. Яна з Сафійкай куды болей шчырая была, чым са мной. Ды яшчэ хадзіла да нейкай сяброўкі ці сваячкі. Вярталася ўзнёслая і заплаканая. Думаю, знайшла каму перайманні свае выказаць — жанчынам гэта часам проста неабходна.

— Можа, тая сваячка і дапамагла ён знікнуць! — усхвалявана зазначыў Вырвіч. — Гэх, каб нам не за нейкай рэліквіяй перціся...

Саламея шчыльней захінулася ў плашч.

— «Рэліквія». І зноў Бутрым дазваляе сябе выкарыстаць. Абрыдзелі ўсе гэтыя палітычныя гульні. Наш маёнтак Караблі праезджыя расейскія стральцы разрабавалі. Святара ў сажалку кінулі, добра, там вады па пояс. Бацюшка крычыць — праваслаўны я, брацці, а яны — «Какой ты православный, поляк ты!» А новыя канфедэраты, патрыёты Рэчы Паспалітай, калі перамогуць, зноў за дысідэнтаў возьмуцца. І бацюшку нашага зноў пагоняць. І так былі прынялі закон, каб за пераход з каталіцкай веры смерцю караць. Дзе мы ўсе тады апынемся?

Пранціш толькі ўздыхнуў. Вечна беларус паміж чужых жорнаў.

— Выкруцімся, выслізнем. Баўтрамей мяжы не пяройдзе.

Тонкая рука Саламеі, што прытрымлівала край плашча, ледзь заўважна дрыжэла.

— А дзе тая мяжа, пан Вырвіч? Я ведаю, Бутрыму здаралася за гэтыя гады быць з іншымі жанчынамі.

Пранціш з няёмкасцю хэкнуў, але жанчына працягвала «слізкую» размову.

— Можаш нічога не прыдумваць, Бутрым мне ўсё распавёў сам. Тыя выпадкі былі — як на вайне. Там жа кагось параніць, кагось закіне ў варожае войска ці ў палон... Цяпер жа — здрады цялеснай няма, а так балюча.

Напрыканцы размовы з Саламеяй збоку шаргатнулі кусты, здаецца, чыясь худая постаць слізнула ў прыцемку. Пранціш нават падумаў — ці не Алесь падслухоўвае? Але малодшы Лёднік нічога не сказаў ні пасля, ні цяпер.

А Пранціш толькі і мог, што парваць чарговую паперку з незакончаным вершам.

І зноў забівае сонца сведкаў свайго гарэння.

Крылаў яно не любіць і Вавілонскіх вежаў.

Толькі ў напрамку сонца нашы лятуць марэнні,

Толькі ў напрамку неба зноў вырастаюць вершы.

Сыпецца попел шэры на зямныя галовы.

Апёкі гараць на душах, і чырвань перад вачыма.

І зноў у напрамку сонца ўзлятаюць сляпыя строфы,

Хоць там яны непатрэбны, а тут яны немагчымы.

За вокнамі тэатральнай карэты пачаў невыразна дэкламаваць свае рэплікі дождж, нат не дождж, а дажджыска. Дробны, як малодшы пісар магістрата. Пранціш выцягнуў ногі ў высокіх бліскучых ботах, дзякуй святому Франтасію, не бутафорскіх. Бот упёрся пад лаўкай у нешта мяккае.

— Ай!

З-пад лаўкі пачуўся тоненькі піск. Нехта чхнуў. Зашаргатала.

А затым з пыльных нетраў карэты, міла ўсміхаючыся, вылезла княжна Багінская, панна Агалінская, нявеста малодшага фон Штакельберга, у накручанай паўзверх змятай і перапэцканай ніжняй кашулькі зялёнай посцілцы.

Кардонны цмок трохі падумаў і зваліўся на спіну Давыда.

— А каб цябе распрындзіла. — разгублена прамовіў аптэкар, спіхваючы з сябе пашарпанае страшыдла.

— Гэта вы мне? — з удаваным здзіўленнем прамовіла паненка звонкім галасочкам, і ў яе блакітных вачах так і скакалі вельмі знаёмыя Пранцішу Вырвічу гарэзныя жарынкі. А на носіку стракацелі рабацінкі, якія зусім не пасуе мець высакароднай панне.

— Бедлам.— разгублена прамармытаў Лёднік. Алесь, пачырванеўшы, спрабаваў садраць з сябе ганебны жаночы парык.

— А я не снедала. Sorry.

І жаласны позірк.

Уменне кіраваць людзьмі, напэўна, перадаецца ў спадчыну, як колер валасоў. Таму кудзеркі юнага стварэння адлівалі меддзю, а заміж таго, каб лаяцца ды распытваць, нейкі час чацвёра мужчын у блазенскіх уборах былі занятыя падрыхтоўкай сняданку для маленькай галоднай князёўны.

— А вы — той самы доктар? — панна Рэгіна вымавіла гэта не зусім выразна, бо жавала булку з сырам.

Лёднік хмыкнуў:

— Не ведаю, ці той самы, але доктар.

Нечаканая госця заківала:

— Пані маці мне пра вас гаварыла. Magician. А зрабіце, каб мне зараз жа стала васямнаццаць, я жаніху такога гарбуза пашлю!

Падобна, Паланэя Багінская распісала дачцэ магічныя здольнасці Чор­нага Доктара ў фарбах і блішчынках. Якраз адпаведна касцюму казачнага султана.

Расповед радавітай бягляначкі перасыпалі ангельскія слоўцы. Увішная Рэгінка расла на амерыканскіх прасторах. Ад сонца не хавалася. Умела, як і маці, скакаць на кані, страляць са стрэльбы і індыянскага лука, залазіць на вялізныя дрэвы, падслухоўваць размовы і ўцякаць з-пад любога нагляду. Ну такая звычайная ліцвінская князёўна. Усё парушыў ліст з-за акіяна. У Паланэі з Багінскіх аж рукі трэсліся, калі разгортвала аркуш. Калі Паланэйка збегла ў Амерыку разам з мужам, рудым панам Гервасіем Агалінскім па мянушцы Амерыканец, ейны брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, страшэнна ўгневаўся. Звязалася з радзівілаўскім прыпечкам, шляхцюком сярэдняй рукі! І выкрасліў яе са сваёй памяці, ні шэлега ў пасаг не вылучыўшы. Праўда, пан Агалінскі сам дакляраваў, што адмаўляецца ад таго пасагу і ўсялякіх зносінаў з фанабэрыстай жончынай сямейкай. Агалінскі ў сваю чаргу шлюбам з Багінскай выклікаў няміласць сюзерэна, Радзівіла Пане Каханку. А пан Гервасій жа быў альбанчыкам — чальцом банды альбанцаў, сяброў юнацтва Пане Каханку, што разам з ім гадаваліся і пракуднічалі ў нясвіжскім прадмесці Альба. Там здрады не даравалі. Так што маладым сужонцам ледзь удалося ўцячы за акіян ад раз’ятраных іхнім самавольствам магнатаў, не без дапамогі Вырвіча і Лёдніка. І вось на табе — ліст. Ды яшчэ з якой спакуснай прапановай! Князь Багінскі паведамляў сястрыцы, што гатовы забяспечыць для яе сына самае бліскучае становішча пры двары. Усё сямейства можа вярнуцца, і атрымаць належную частку ўладанняў Багінскіх. Як толькі Рэгіна Агалінская, удачароная дзядзькам, стане Багінскай і заручыцца з радавітым жаніхом.

Нездарма беларусы на вёсках раілі не браць дворку, гэта значыць, панскую прыслугу, за жонку. Хто пакаштаваў палацавага жыцця — будзе заўсёды яго хацець. Паланэя пачувалася страшэнна вінаватай перад дзецьмі, якіх пазбавіла прыдворнай кар’еры і належнай іх званню раскошы. Так што, нягледзячы на тое, што пан Гервасій толькі раз’юшыўся ад паслання швагра, Паланэя цішком пачала намаўляць дачку. Ах, якія цуды яе чакаюць у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, якія ўборы ў яе будуць, як цікава адбываюцца каруселі рыцарскія і тэатральныя спектаклі! Такога ў іхнім форце сярод дзікіх лясоў ніколі не пабачыць! Ну і, скарыстаўшыся тым, што пан Гервасій з’ехаў да чырванаскурых дзікуноў, каб запісаць новыя легенды, Паланэйка адправіла дачку з братавым пасланцом на радзіму.

Вось толькі Рэгінка дужа расчаравалася ў абяцаным ёй сапраўдным княскім жыцці. Узяліся вучыць яе галантным паводзінам, нават розгаў упершыню ў жыцці пакаштавала. Гарсэт скабы перацягвае, туфлікі завузкія, пальчаткі завузкія, не бегай, не смейся, не плач. І жаніх выявіўся зусім не чароўным прынцам, а мелюзгой смаркатай. Рэгінка падслухала, як абмяркоўвалі прыстаўленыя да яе людцы, што ейны бацька, пан Гервасій, кінуўся следам за дачкою і нат пераплыў акіян. І што яго збіраюцца затрымаць, каб не перашкодзіў заручынам. А пасля радаваліся — трапіў руды Амерыканец у італійскую турму, ды самую страшную, каменныя калодзежы ў Венецыі. А нядаўна Амерыканачка падслухала развагі пана Брастоўскага і ягонага канфідэнта, якім чынам выправіць банду на чале з Чорным Доктарам у тую ж Венецыю. Як пасля такога не збегчы?

— Не халера, дык адзёр, — прамармытаў Чорны Доктар. — Не хапала нам яшчэ скрасці гетманаву прыёмную дачку!

— А паненку шукаюць, мусіць. Знойдуць — ніякія італьянскія місіі нас не ўратуюць, — меланхалічна зазначыў Давыд. — Вярнуць трэба яе княскую мосць апекуну.

— Я ўсё адно збягу!

Вусны Рэгінкі кранальна дрыжэлі, блакітныя вочы напоўніліся слязьмі. Ну як тут Ланцэлоту змаўчаць?

— Мы павінны абараніць панну!

Алесь ваяўніча аглядаў спадарожных. Уражанне псавала сукенка ў кветачкі, бялілы на худым абліччы і пёры са сцягнутага парыка, якія заселі ў валасах.

— Ад каго і ад чаго абараніць, шаноўны пан Аляксандр? — уздыхнуў былы менскі суддзя. — Каб мне прадставілі на разгледжанне гэтую справу, я змушаны быў бы асудзіць выкрадальнікаў, бо апякун панны Багінскай ніякай шкоды ёй не ўчыняў, а, наадварот, уладкоўваў яе будучыню.

— Я не вярнуся! — звонкі крык малой нявесты мог пачуць фурман, але на шыканне спадарожнікаў панна Агалінская не зважала. — Гетман мне не бацька! У мяне свой бацька ёсць! А калі вы мяне аддасцё, скажу, што звезлі гвалтам! Зачаравалі! Катавалі! Пачну крычаць «Ратуйце!»

Уліплі. Так ці інакш — не пазбегнуць гневу вялікага гетмана, падскарбія і расейскага пасла, усяго кубла разам.

Рэгінка між тым набрала паветра ў лёгкія, збіраючыся ўсчаць благанне.

— Адзіны, хто можа аспрэчыць права гетмана на апякунства — пан Агалінскі, — змрочна вымавіў Лёднік, і Рэгінка перадумала крычаць, яе блакітныя вочы загарэліся надзеяй. — І ён — адзіны, каму мы паводле закона можам перадаць панну.

— Ну так, — неахвотна пагадзіўся Вырвіч. — Калі бацька сам ад дачкі не адмовіўся, дазволу на апякунства не даў — яно незаконнае.

— Панове, я, вядома, усяго толькі аптэкар і ў рыцарскіх справах не кемлю, але мы што, збіраемся валачы гэтую дзеўчынёху ажно ў Італію? — у голасе Давыда быў сапраўдны жах.

— А за мной вось гэты высакародны рыцар у сукенцы прыгледзіць! — хітруля Рэгінка нечакана зірнула на разгубленага Алеся, і Ланцэлот адразу ўспомніў кодэкс куртуазны і прыняў пагрозны выгляд, рыхтуючыся абараняць даму. Яшчэ б ад клятай спадніцы пазбавіцца.

Гэта ўдалося ў заціснутым між двух балотаў маёнтку аднаго з кліентаў пана Міхала Брастоўскага. Маёнтак меў жывапісную назву Гнілая Гаць, а ўладальнік не менш жывапіснае прозвішча Жаба-Равуновіч. Там шпегам вылучылі дарожную карэту з двума коньмі. Гэткі прадзедаўскі рыдван, падобны да буфета на колах. І да яго фурмана, дробнага і палахлівага, як мыш, якога звалі Фульчык.

Фульчыку было абыякава, куды кіраваць коней. На Наваградак? Як пан­ству заўгодна. Абы ў каршэнь не таўклі.

Ля карчмы, не самай багатай на выгляд, людцаў вілося, як жамяры вакол сподачка з саладухай. У збітыя кулакамі ды ботамі наведнікаў дзверы ўрачыста зайшла чарговая кампанія. Ладны русачубы шляхцюк у шапцы набакір, з дзёрзкімі блакітнымі вачыма, высокі змрочны тыпус у чорным дарожным кам­золе, троху сабе злавесны, і чарнявы фацэт з усмешлівымі пульхнымі вуснамі, у модным французскім каптанчыку з зялёнымі стужкамі.

Усмешлівы фацэт агледзеўся, не зважаючы на тлум і непрыветныя позіркі, і махнуў рукой:

— Вунь там, за печкай, у дальнім куце, ён звычайна і сядзіць... Рушылі!

Фацэт рашуча адсунуў заседжаную мухамі сінюю баваўняную занавеску,

з-за якой даносілася манатоннае бубненне, нібыта нехта пераціраў ды пераціраў у ступе зерне мудрасці. Ля печкі на пыльных падушках сядзеў шчуплы габрэйскі хлопец. Ягоны твар з тонкімі нервовымі рысамі быў засяроджананатхнёны, а чорны халат чамусь выпацканы, быццам ім выціралі пыл. Хлопец пагойдваўся і чытаў кнігу, чые старонкі па краях былі ўжо колеру мінулагодняга лісця. Перад хлопцам некалькі худых мурзатых дзетак у лахманах час ад часу паўтаралі пачутае, гэтак жа пагойдваючыся...

— Гэта твой рэбе? — абурана шапнуў русачубы шляхцюк на вуха фацэту. — Той, хто лепей за Бутрыма тайнапісы расчытвае?

— Не мяркуйце па знешнасці, пан Вырвіч, — шэптам адказаў фацэт. — Саламон з адзінаццаці гадоў уважаецца за рабіна. І жанілі яго тады ж. Ледзь не біліся, чыю дачку прыстроіць за такога вучонага маладога чалавека, нават выкрадаць яго спрабавалі. Мадам Рыся перамагла, уладальніца гэтага пастаялага двара, са сваёй дачкой ажаніла. Ён у чатырнаццаць гадоў бацькам стаў.

З адзінаццаці — у сямейнае ярмо! Пранціш амаль з жахам зірнуў на выснажанага юнака, які, заплюшчыўшы вочы, з натхнёным тварам пагойдваўся і прамаўляў словы, што нібыта плавіліся на ягоных вуснах.

Трэба ж, пасярод бруднага ліцвінскага мястэчка людзі ў лахманах разгадваюць, што за божая мудрасць схаваная ў якім слоўцы і ў якой літары.

Малады рэбе змоўк і прыадплюшчыў вочы. Вочы глядзелі ў незямныя эфіры.

Давыд скарыстаўся гэтым момантам, каб прывітацца.

З незямных эфіраў вучоны Саламон вынырнуў не адразу, але калі засяродзіўся на госцю і пазнаў, узрадаваўся.

А як пачуў пра тлумачэнне таемных тэкстаў, аж вочы загарэліся, заківаў, залапатаў ухвальна. Пранціш габрэйскай не надта валодаў, але зразумеў, што да новых ведаў Саламон ласы не менш, чым Лёднік.

Перш чым паглыбіцца ў вывучэнне прывезенага гасцямі пергаменту, рэбе трывожна кінуў сюды-туды пагляд, як бы ў чаканні нападу. Ягоныя вучні паўтарылі тое за ім, круцячы тонкімі шыямі і нязграбна пацепваючы плячыма.

Вучняў, зрэшты, Саламон зараз жа і адпусціў. Бо працэс тлумачання скрадзенага пергаменту быў няпросты. У Пранціша, які прыстроіўся на зэдліку ля печкі, ажно ногі сцерхлі. Нат пазайздросціў Алесю, які застаўся ў карэце разам з пераапранутай у хлапчыску князёўнай Багінскай-Агалінскай.

Па той бок баваўнянай занавескі шумела і дыхала часнаком карчма. Нехта патрабаваў яшчэ піва. Шчасліўчык! Даносіліся перлы п’яной мудрасці: «Вінаградам у сэрца, цукрам у душу, браце, мяды мядам, нікому не дам! Гэтае зелле ўзімку не мерзне, улетку не кісне», «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Перш чарку, а потым і па карку», «Пі, браце! Душа меру знае!», «Гэй-го! Першая чарка калом, другая сакалом, трэцяя дробнай пташачкаю!», «Пі, не порах, не разарве!» Праўда, такія-сякія слоўцы і пергаментнага дыспуту Вырвіч усё-ткі ўлоўліваў у дзіравы нерат сваёй моўнай абазнанасці.

Рэбе адразу заявіў, што пісаў дакумент знаўца Кабалы. Далей яны з Лёднікам давай счапляцца, Давыд нат рукой махнуў і не палез у занадта вучоныя жарсці. Пайшоў фіглі карчомнай прыслузе строіць: мясцовыя дзеўкі ўжо зачапіліся вокам за модны французскі каптанчык ды капялюш.

А Бутрым і рэбе смакавалі горкі мёд вучонасці. Саламон сцвярджаў, што перакладчыкі няправільна зразумелі сімвалы, і гаворка не пра будынак ці вежу, а пра слуп. Лёднік не згаджаўся, але ягоны атрутны тон іпагардлівы позірк, якія змушалі ў Вільні бедных студыёзусаў сцінацца, не мелі аніякага ўплыву на натхнёнага рэбе. У таго сваіх аргументаў і дэфініцый было — цабэрак ды гарнец зверху. Так што Лёднік урэшце здаўся. Абодва ў працэсе, падобна, пранікліся адзін да аднаго шчырай павагай.

Жыццё пафасу не любіць, і была ў гэтым вар’яцкая іронія: запавет рымскага папы-іспанца разгадваецца габрэйскім хлапчуком за печкай беларускай карчмы.

Бутрым скасавурыўся на Вырвіча, уздыхнуў і пераклаў свайму былому студыёзусу высновы Саламона. Святы прадмет, паводле маладога знаўцы Талмуда, знаходзіўся зусім не ў храме святога Марка.

А ёсць тры слупы ў месцы, прысвечаным таму, чые парэшткі выкрадзеныя з дапамогай нячыстых жывёлаў. Адзін слуп — у вадзе. Другі — для таго, хто носіць дзіду вастрыём уверх. Трэці слуп — клетка звера, які належыць уладару горада. У пашчы звера і патрабуецца схаваць інструмент, які ў час небяспекі абрыне сваім гучаннем ворагаў у ваду і на камні. І хай уздымецца абраннік з малітвай да пашчы звера, і суне туды руку, і паверне язык тры разы супраць сонца, і дасца яму па веры ягонай.

Аўтар велягурыстай лухты што, не мог па-чалавечы вытлумачыцца?

Раптам сіняя заслона рэзка адторгнулася, забег Давыд:

— Саламоне, цешча твая ідзе!

Адразу ж зазірнулі і спалоханыя вучні рэбе з тым жа папярэджаннем, і хуценька, як мышы, зніклі.

А рэбе вокамгненна адсунуў падушкі і нырнуў у схаваную за імі чорную дзірку падпечка, толькі белыя панчохі мільганулі. Вырвіч не паспеў вачыма лыпнуць. Давыд між тым, ніколькі не здзівіўшыся, паклаў падушкі на месца, на што з падпечка данеслася ўхвальнае мармытанне.

Тут жа занавеска ўзвілася ветразем. Бойкая кабета, яшчэ не старая, са зграбнай постаццю, зацягнутай у гарсэцік, у белым фартуху і карункавай накідцы, накручанай на галаву, крычала штосьці, час ад часу згадваючы імя «Саламон». Давыд са скрушнай фізіяноміяй развёў рукамі: маўляў, няма Саламона, не бачылі, не ведаем. Тады кабета спыніла суровы позірк брунатных пукатых вачэй на Лёдніку, як на самым старэйшым з кампаніі, і засакатала па-беларуску:

— Не, ну вы чулі, вельмішаноўнае панства! Няшчасная мая Сора! Што ёй за муж патрапіўся! Наравісты, свавольны! Бедная мая галава! Уявіце сабе, ноччу прачнулася ад страшнага выцця: стаіць нехта ў белым, са свечкай, і дакарае мяне, што я кепска абыходжуся з гэтым свавольнікам, зяцем, якога голага і босага ў сям’ю прыняла. Да сумлення майго заклікае! Я ледзь не самлела. Бо і праўда вырашыла, што гэта мой нябожчык-муж альбо светлай памяці бацька з’явіўся. А тады прывід як заперхае, ды як плітане. А на падлозе сляды крэйды! Ну, я яму пакажу!..

Кабета патрэсла ў паветры кулаком, і Пранціш мімаволі ўспомніў уласныя пракуды і ў звязку з імі кухталі і розгі.

Калі Саламонава цешча сышла, не перастаючы лаяцца, падушкі заварушыліся, і засмучоны рэбе паказаўся з падпечка. Абтрос халат, прамармытаў, як шкада, што так і не навучыўся рабіцца нябачным. З тужлівай зайздрасцю паглядзеў на Давыда ў французскім каптанчыку, пра нешта запытаўся, пачуў адказ і прамовіў на ламанай беларускай:

— Я паеду з вамі. Задушна мне тут. Таксама вучыцца хачу. Свет глядзець хачу. Буду з вамі шукаць. слупы тыя.

Бутрым незадаволена пакруціў галавой, але згадзіўся далучыць да іх банды яшчэ аднаго чальца. Што ж, Лёднік больш за ўсё паважаў у людзях прагу да ведаў. Сам калісьці вырваўся з гарбарні свайго бацькі з дапамогай кнігара Рэніча ды аптэкара Лейбы, адправіўся ва ўніверсітэты. I лічыў абавязкам дапамагаць такім жа гаротным хлапцам.

Саламон не збіраўся пакаваць куфры, закруціў кнігі свае, скарб адзіны, у клуначак і рушыў, хаваючыся за спіны новых знаёмцаў, з такой надзеяй на твары, што Пранцішу сумлення не хапала пярэчыць.

Але варта было маладому рэбе паставіць нагу на падножку дарожнай карэты, у ягоны халат учапіліся моцныя жаночыя рукі:

— Вось ты дзе! Што ўдумаў?

Шынкарка Рыся пільнавала дабрабыт сям’і лепей за каршука.

Пранціш глядзеў, як яна праганяе штуршкамі няшчаснага Саламона ў бок карчмы, перад імі разбягаюцца нядошлыя белыя куры, і было і смешна, і сумна.

— Я ўсё роўна з’еду! — крычаў юны рэбе, і шапачка на ягонай галаве была чарней адчаю. — Увесь свет яшчэ дазнаецца пра Саламона Маймона!

Мадам Рыся ўзнагародзіла мудраца яшчэ адным штуршком у худыя плечы.

Фурман Фульчык, які ледзь не пад экіпажам ад раз’юшанай кабеты хаваўся, борздзенька ўскочыў на сваё месца і тузануў лейцы. Пранціш адвярнуўся ад акна і няўпэўнена прамовіў:

— Можа, варта было адбіць небараку?

— I мадам Рысю на двубой выклікаць? — хмыкнуў Лёднік. — Нічога. Светлая галава ў хлапца. Думаю, ён не прападзе. Выберацца да навукі.

Давыд пасумнеў, відаць, згадваючы ўласныя сутычкі з тымі аднапляменнікамі, якія ўважалі яго за блюзнера. За модныя каптанчыкі, за навучанне ва ўніверсітэтах, за падазронае сяброўства. Пільнавальнікі традыцый усіх народаў знойдуць, да чаго дачапіцца.

Акно іхняга экіпажа хтось упрыгожыў барвовай тасьмой з кутасамі. Кута­сы былі такія брудныя, што здаваліся здохлымі шэрымі чмялямі. Да аднаго прычапіўся лёгкі залаты бярозавы лісток, і дарэмна трапятаў, спрабуючы вырвацца на волю. Пранціш з цяжкасцю адчыніў шыбу з памутнелым шклом і выпусціў лісток на вецер, нібыта жывую істоту. А толку? Ён усё роўна ўжо мёртвы. I лёс яму адзін: згнісці, стаць беларускай зямлёй.

Змрочныя думкі былога суддзі адагнала сакатанне князёўны, якая, мяшаючы беларускія, польскія і ангельскія слоўцы, распавядала пра цудоўнае амерыканскае жыццё. Тата здабыў фісгармонію і крышталёвую люстру, праўда, адбіў кулямі на ёй тры падвескі. Пані маці лаялася. Мядзведзі ў Амерыцы ўтрая большыя за тутэйшых, з вялізнымі ікламі і кіпцямі. Тыя звяркі, якіх беларускія цыганы на ланцугу водзяць, не мядзведзі, а так, медзведзяняткі. Дзядзька Джон мае замест левай рукі металёвы крук. Ён марак. Навучыў Рэгінку свістаць. I проста вуснамі, і закладаючы ў рот чатыры пальцы. Вось так. I так. Чаму не трэба? Панам вушы баляць? А гэта я яшчэ ціхенька свістала! Магу гучней, вось так! Англічане кепскія, яны падаткамі вольных амерыканскіх пасяленцаў душаць. Тата кажа, англічашак гнаць трэба. I гарбату забараніў у доме піць. Бо англічане такім падаткам гарбату абклалі, што амерыканцы паскідалі прывезеныя імі цюкі ў акіян. Тата з сябрамі ўжо ваявалі супроць войск караля Георга. I перамаглі! I зараз армію збіраюць, тата фермераў на жаўнераў муштруе.

Пранціш слухаў і думаў, што вось жа, і на тых дзікіх прасторах за сваю волю біцца трэба. Відаць, пакуль не напоіш яе крывёй, як гругана Рагнарока, не прыманіш да сябе.

А чаго гэта Алесь сядзіць злосна-разгублены? Аказваецца, пакуль пан­ства ў карчомцы таемныя знакі разгадвала, паненка Агалінская абыгрывала малодшага Лёдніка. I ў пяць каменьчыкаў, і ў саломінкі, і ў «што пакладзеш у кошык», і ў плішкі — бярозавыя пруткі, разрэзаныя ўздоўж. А ў якасці ўзнагароды патрабавала, каб Алесь, прыкладам, даў ёй са свайго пісталета пастраляць. Вунь па тых птушачках на прыдарожных дрэвах. А яшчэ жадала есці, піць, адчыніць акно, зачыніць. Парывалася прагуляцца.

Падобна, у Ланцэлота трохі пахіснулася вера ў высокае прызначэнне — служыць Даме, і дактаровіч з пяшчотай успамінаў малодшую сястрычку Сафійку, якая здавалася часам такой шкодніцай. Пакуль ён з князёўнай Рэгінай не пазнаёміўся.

— А яшчэ мяне дзядзька Джон песні навучыў. Сапраўднай пірацкай.

Fifteen men on a dead man’s chest

Yo ho ho and a bottle of rum

Drink and the devil had done for the rest

Yo ho ho and a bottle of rum.

Князёўна, ссоўваючы на патыліцу завялікую для яе шляхецкую шапку з собалем, старанна выводзіла пранізлівым галасочкам суровую мелодыю. Лёднік адвярнуўся і спрабаваў стрымаць рогат, толькі плечы трэсліся. Пранціш не надта разбіраў ангельскую, але пра бутэльку рому таксама ўлавіў. Самая дзявоцкая песенька.

А між тым належала разгадваць загадкі старога пергамента. Будзе чароўная труба ў руках — можна і пагандлявацца за свае жыцці. Лёднік, спрабуючы не зважаць на пірацкае спяванне анёлачка побач, неахвотна прызнаўся, што пра Венецыю ведае мала.

— У Мілане быў, у Турыне. У горадзе святога Марка — не. Дарэчы, менавіта парэшткі гэтага святога ўратавалі з дапамогай нячыстых жывёлаў. Крыжаносцы вывезлі ягоныя мошчы з Александрыі, схаваўшы на калёсах пад свінымі тушамі. Мусульмане не захацелі кранаць такое плюгаўства.

Пранціш скасавурыўся на Рэгінку. Паненка, якой дужа пасаваў убор хлапчыскі, занялася адзінай сваёй лялькай у пышнай сукеначцы з карункаў. Ляльку і кошык з васковым вінаградам прыхапілі з балаганнай карэты дзеля забавы князёўны, зразумела, старанна хаваючы ад артыстаў наяўнасць тае князёўны. Ляльчына сукенка паціху ператваралася пад спрытнымі пальчыкамі ў лахманы, у якіх бегаюць па лясах індыяне. Трэба малому Яначку з паддарожжа якіх цацак прывезці. Жаўнерчыкаў, напрыклад. А Дамініцы сукенку. Карункавую.

Давыд уздыхнуў:

— Распытаць бы якога італійца пра венецыянскія помнікі...

Вырвіч ажывіўся:

— А помніш, Бутрыме, калі мы былі ў канфедэрацкім войску, тут непадалёк спыняліся ў карчме, уладальнік якой італіец. I да таго ж сапраўдны венецыянец! Якраз пасля бойкі, калі пан Мартыновіч загінуў.

— Не залаты дзянёк, не для ўрачыстых летапісаў.— нахмурыўся Лёднік. — Мяне тады і самога секанулі па плячы. А галоўнае, цяжка параненых шмат. З ног збіваўся. Раны зашываў, косткі складваў. Аднаму капітану давялося нагу адпілаваць — на яго конь паваліўся. Замест сустава — крывавая каша. А абязбольваючага ніякага, акрамя гарэлкі. Так што, выбачай, у мяне чырвоны туман у вачох плыў ад стомы ды болю, ні карчмы, ні карчмара ў памяці не аднаўлю.

Пранціш збянтэжана хмыкнуў — ён жа тады і вінца добрага сербануў у кампаніі таго ж карчмара Эрнэста, і ў карты перакінуўся з ацалелымі панамі-братамі. I песні гарлаў «аморэ, аморэ», прадаставіўшы Лёдніку дзесь займацца ягоным рамяством. Той сабе і шляхецтва здабыў, і званне афіцэрскае, а лічыў сваім доўгам працягваць лекаваць. З полацкіх мешчукоў доктар, што з яго ўзяць. Вырвіч жа — нашчадак рымскага князя Палямона, з радаводам даўжынёй з Дняпро. Мала што ў юнацтве зямлю з бацькам араў. Рабілі ж тое высакародна, пры шаблях і ў ботах! Справа шляхціца — вайна і палітыка. Гэтага пераканання ніхто з Пранціша не выб’е.

Але цяпер было чамусь сорамна. За тое, што шляхетна піў ды высакарод­на ў карты гуляў, пакуль паранены Бутрым ратаваў таварышаў.

— «Залаты Леў» называлася карчма, — адвёў вочы Вырвіч. — За Старцавічамі адразу, на скрыжаванні.

Што ж, усё адно па дарозе. Бутрым высунуўся ў акенца да фурмана, паведаміў змену маршруту. Не забыўся сунуць Фульчыку лусту хлеба з салам з іхніх прыпасаў і папытацца наконт хворага горла. Ці не даць мікстуры? Па разгубленым вісклівым галаску Фульчыка было зразумела, што фурман не звык да такіх панскіх клопатаў і нат пабойваецца.

Калісьці Пранціш пагардліва хмыкнуў бы: плябей пра плябея турбуецца. Сёння толькі ўздыхнуў: халоп, біты столькі разоў, што нат не задумваецца, ці балюча, ці крыўдна, дабрыню ўспрыме як слабасць. Або сведчанне, што дабрадзей — не пан, а такі самы халоп, толькі ў пана адзеты, значыць, плюгавец і шалбер.

Праўда, Вырвіч ведаў, што Лёднік абурыўся б: у самым заняпалым, забітым чалавеку можа адкрыцца нечуваная душэўная прыгажосць.

Ага, а пакуль адкрыецца, гэты заняпалы цябе з вантробамі прадасць.

А між тым да рыдвана, які калыхаўся на выбітай дарозе, як сапраўдны карабель, набліжаўся чарговы атрад. Няшмат, чалавек сем. Каралеўскія войскі. Цёмна-сінія, гранатавыя, мундзіры, чорныя плюмажы на каскетках. Але ў забранай краіне лясун ведае, каму хто застаўся служыць. Калі жаўнеры параўняліся з рыдванам, можна было заўважыць — не ў гуморы ваякі, твары злыя, галодныя, адзенне бруднае. Вырвіч успомніў нараканні знаёмага дра­гуна — кароль зусім перастаў выплачваць сваім жаўнерам грошы, і тыя пачалі разбягацца, хто да магнатаў, а хто і проста ў грабежнікі.

Фульчык спалохана войкнуў, коні спыніліся. Ротмістр з чорнымі, быццам вугалем хтось правёў пад носам, вусамі, у памятым гаржэце — металёвым нагрудніку, і заляпанай бурцы, зазірнуў у карэту:

— Маскалі?

— Не, васпане, сумленныя ліцвіны. Падданыя ягонай каралеўскай мосці Станіслава Панятоўскага.

Вырвіч гаварыў на польскай, але не дапамагло: жаўнер слізнуў вачыма па пасажырах, зачапіўся позіркам за абразок Святога Юрыя ў руках блакітнавокага хлапчыскі: Рэгінка выцягнула ў Аляксандра з кішэні, спакусіўшыся срэбным бляскам аклада.

— Дакладна схізматыкі! З-за такіх, як вы, Айчына згінела!

Перавёў позірк, наліты крывёй, на Давыда:

— I юдэй тутака! Радуецеся, што Польшчу маскалям прадалі?

У ваяроў у сініх каралеўскіх мундзірах не было вайсковай задачы, уласна кажучы, кароль жа з Расіяй не ваяваў. Але была моцная крыўда за ганебнае становішча — здалі палову краіны без бою. Ну і мелася з галадухі не менш моцнае жаданне разжыцца чымсьці. Толькі нязручна прызнаць сябе за рабаўнікоў, патрэбна апраўданне: вось ворагі, значыць, не рабаўніцтва. Але чацвёра ўзброеных мужчын у карэце занадта небяспечная дзічына, і ротмістр махнуў рукой сваім, аблаяўшы на развітанне клятых здрайцаў.

I ўсё абышлося б. Але Рэгінка адчыніла акенца і запусціла васковай вінаградзінай у белы свет. А не, не ў свет. А роўненька ў чырвоную фізіяномію афіцэра-крыўдзіцеля. А ў адказ на ягоную лаянку заклала чатыры пальцы ў рот, як яе навучыў заакіянскі пірат Джон, каб яму ромам захлынуцца, і як свісне. Конь ротмістра як стане на дыбкі. Ротмістр як грымнецца кулём. I закруцілася крывавая каруселя.

...Лёднік, сціскаючы ў руцэ шаблю, схіліўся над жаўнерам у сінім мундзіры, памацаў ягоную шыю:

— Жыць будзе.

Алесь з палёгкай выдыхнуў, намагаючыся, каб ніхто не заўважыў гэтай ягонай палёгкі: гэта ж ён уклаў ваяра выпадкова сустрэтага атрада на жухлую траву. Астатніх пан бацька і дзядзька Вырвіч проста пагналі. Вунь дзесь за валатоўкай, за лясочкам зніклі. Цяпер Алесь мог зразумець памкненне бацькі не забіваць нат у бойцы: бо так пагана было на душы, пакуль думаў — забіў. Каралеўскага жаўнера, не ворага ніякага. З-за васковай вінаградзінкі і шалёнага характару адной ліцвінскай князёўны.

А тая, як нічога не было, гэткі панок-з-кулачок, стаіць на купіне, завялікую шапку шляхецкую папраўляе, каб на вочы не спаўзала.

— Wonderful! Мой пан-бацька таксама так умее біцца! А вы, пан маг, чаму не ператварылі гэтых нягоднікаў у прусакоў ці пацукоў?

Вось жа, мужчыны з-за выбрыка паненкі адзін аднаго ледзь не пазабівалі, сама з карэты на хаду выскачыла, каб не прапусціць цікавае відовішча, і ўсё ёй гулі.

Дарэчы, пра карэту.

Як павыхоплівалі паны шаблі, Фульчык толькі віскнуў ды тузануў лейцы. I дзе той здабыты ў Гнілой Гаці рыдван з барвовай тасьмой на акенцы, цяпер ведаюць толькі сарокі ды вароны на прыдарожных дрэвах.

Вось табе і прыкормліваў Бутрым салам-хлебам фурмана.

Добра хоць, пергамент пры сабе. Лёднік абвёў вачыма сваё гаротнае вой­ска. А яно яшчэ гаротней: Давыд трымаўся за бок, на французскім каптанчыку распаўзалася цёмная пляма.

— Праўду гавораць, хто пад лаўку хаваецца, таму ўсе гузакі наастачу... Добра, Саламона з сабой не звезлі: не дараваў бы сабе, каб з ім што здарылася.

Давыд на сябе нагаворваў: пад лаўку ён не хаваўся, хаця шабляй не махаў. А вось пісталетам нападнікаў адпалохваў.

Пакуль Лёднік перавязваў аптэкара, Алесь прывёў каня непрытомнага жаўнера. Дактаровічу чамусьці заўсёды лепш, чым нават Пранцішу, які вучыў яго верхавой яздзе, удавалася ўпраўляцца з коньмі, прыманьваць нат чужых і напалоханых. I ўсе адправіліся ў карчму «Залаты леў» пад восеньскім ліцвінскім небам жывапіснай бандай: паранены Давыд і Рэгінка на кані, Лёднік з сынам і Пранціш — пешкі.

Вось яна, Фартуна. Як сказаў Публій Сір, рымлянін старажытны і мудры, дае яна шмат чаго ў часовае карыстанне, і нічога — навечна.

А для ўдасканалення сцэны над беларускімі хмызнякамі і калюжынамі разносілася звонкае:

— Fifteen men on a dead man’s chest,

Yo ho ho and a bottle of rum.

Drink and the devil had done for the rest.

Yo ho ho and a bottle of rum.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

У пашчы залатога льва


Ведаў бы леў, што ў алхіміі ён сімвалізуе серу. Рэчыва, як вядома, смярдзючае і атрутнае.

А зялёнага ільва бачылі?

Алхімікі, відаць, бачылі. Надыхаўшыся выпарэнняў тае ж серы. Бо зялёнага льва яны лічаць увасабленнем моцнага расчыняльніка.

А вось калі афрыканскі драпежнік раптам пачырванее — усё, радуйцеся. Гэта філасофскі камень.

Леў жа, які быў намаляваны на шыльдзе ліцвінскай прыдарожнай карчмы ля вёскі Старцавічы, здавалася, так і гатовы быў загаварыць. Дакладней, заблагаць. Што ж са мной такое ўтварыў злыдзень-мазідла? Чаму ў мяне фізіяномія, як у жоўтай рапухі, грыва — бы каптур з карункамі, ногі як у мядзведзя, а ўсмешка такая, што сёй-той з наведнікаў, занадта цвярозы, хрысціцца ў жаху?

Праўда, ніхто з кампаніі, што падыходзіла зараз да карчмы, на няшчаснага звыродца аніякай увагі не звярнуў.

— Лухцень нейкая, Бутрым, — русачубы шляхцюк раздражнёна азіраўся. — Карчма была як карчма, а цяпер гульнявы дом. Разбудаваліся.

Сапраўды, на сціплую хату з гонтавым дахам звысаку пазірала двухпавярховая будыніна з калонамі на ганку і белымі разнымі аканіцамі. Пад таполямі, што паспелі прайграць восеньскаму ветру амаль усё сваё золата і нават медзь, стаялі шэрагам карэты, брычкі, дармезы. Лысы, але з доўгім саламяным чубам пан без шапкі і шаблі, у расхрыстаным жупане, з упартасцю барана ламіўся ў моцныя дзверы:

— Мазурыкі! Латругі! Дайце адыграцца!

Паголеная галава няшчаснага чырванела, як райскі яблычак.

Дзверы на імгненне расчыніліся, выпусціўшы на вуліцу гуд шумнай бяседы і грамідлу ў сіняй венгерцы. Грамідла лёгка, як драўлянага жаўнерчыка, развярнуў надакучлівага госця і дапамог праляцець тры аршыны ў накірунку лужыны.

Пранціша перасмыкнула. Занадта добра ведаў, як гэта — прайграцца да кашулі, калі ніхто не пазычыць. Але спачуваць невядомаму няўдаліцы не выпадала, паранены Давыд і так доўга пратрымаўся. Яго належала завесці ў цяпло, заняцца ранай.

Гэта і ўдалося зрабіць у старым будынку карчмы. Звычнай такой ліцвінскай. Што падлога тут была драўляная, можна было толькі здагадвацца з-за слоя прынесенай на падэшвах зямлі і нацярушанага сена. Тут, праўда, таксама гулялі — але не на вялікія грошы. Кідалі на стол плішкі. Там-сям стукалі аб стальніцы косткі. Карты ж калі ў каго і былі, дык старыя, пацёртыя, хутчэй за ўсё, кінутыя багатымі панамі пасля гульні па звычаі пад стол і падабраныя лёкаямі. Тут імі перакідваліся ў руса ці трышака, што меней стратна, чым фараон. Стаўкай, мяркуючы па ўсім, часцей за ўсё была чарка гарэліцы ці куфаль піва. Багацейшая публіка ішла ў суседні новы дом, для чаго не абавязкова было выходзіць на вуліцу — разумныя гаспадары з’ядналі абодва будынкі пераходам. У тыя дзверы ўвесь час бегалі служкі з поўнымі збанамі і талеркамі.

Памяшканне пакуль знялі, якое было: аддзелены паркалёвай занавескай куток з сеннікамі, кінутымі дзе на нізкія лаўкі, дзе проста на падлогу.

Малая князёўна так і лезла падзівіцца, як з дзядзькі Давыда дастаюць кулю, і Лёднік сярдзіта загадаў Алесю адысціся з амерыканачкай куды падалей.

А дужа занятага венецыянца Эрнэста знайшлі толькі ўвечары, у новазбудаваным гульнявым доме, куды Пранціша і Лёдніка гардыяны прапусцілі за срэбны талер і з умовай пакінуць зброю ў спецыяльным куфры пры ўваходзе.

Затое Эрнэста, белазубы ды чарнявы, быццам абсмалены, з выспай лысіны ў кароткіх курчавых валасах, пабачыўшы Пранціша, не закапыліў губу — маўляў, колькі тых жаўнераў праз карчму прайшло, усіх не прыпомню. Шчыра ўзрадваўся, абняў.

— Benvenuto! Сіньёр Франтасіё! Ніколі не забудуся, як пан выратаваў мяне ад шалёнага кліента, які ледзь шабляй сваёю не нарабіў бяды ў «Залатым ільве». Рады бачыць, што ваенныя віхуры пакінулі вас не толькі жывым, але ўзмужнелым! Можа, сіньёр Франтасіё стаўся сямейным чалавекам?

Вырвіч падзяліўся навінамі асабістага жыцця. Ого, дык ці не выпіць за жонку і сынка шаноўнага сіньёра? Бо і ў Эрнэста нядаўна прыбаўленне ў сям’і, трэцяя дачушка нарадзілася. Шкада, Бог сыноў не дае, але дзяўчыначкі-анёльчыкі чарнавокія — уцеха сэрца бацькоўскага...

За збанам віна — дарагога, празрыстага, як кроў Сільфаў, расповеды венецыянца ліліся, бы з дзіравага вядра. Мару — пабудаваць гульнёвы дом, падобны славутаму рыдота ў квартале Сен-Марка, Эрнэста, які прыжаніўся на дачцэ ліцвінскага карчмара, здзейсніў дзякуючы выпадку і, вядома, свято­му Арману, апекуну рэстаратараў ды півавараў. Неяк спыніўся ў карчме граф Лудус, чалавек яшчэ досыць малады, але неверагодна разумны. I абыграў усіх. Патрапіліся двое ў пазалочаных карэтах — без карэтаў з’ехалі. Граф пераначаваў, папіў з Эрнэста к’янці. Выслухаў расповеды пра кавярні і казіно залатой Венецыі. I ўклаў грошы ў гэты вось будынак, не шкадуючы.

Вырвіч агледзеўся. Не параўнаць з «чорнай карчмой». На сценах шпа­леры ў кветачкі. Падлога нашараваная воскам. Буфеты з херувімчыкамі. Што ж, таямнічы граф Лудус не памыліўся, разлічваючы, што сюды пацягнецца багатая публіка. Якраз у глушмені, далей ад спраў, ад цікавання сваякоў і знаёмцаў, і зручна мантачыць маёмасць. Граф пасля адкрыцця пайграў колькі дзён, каб надаць установе рэпутацыю саліднага прытона, з’ехаў у Кракаў і атрымлівае працэнт ад даходаў «Залатога льва». Абавязкова, як будзеце ў Кракаве, знайдзіце графа ў доме з сінімі рыбкамі. Перадайце прывітанне ад Эрнэста Манчыні, і Кракаў ля вашых ног.

Венецыянец шчоўкнуў пальцамі, і служка ў бялюткім фартуху бегма паставіў на стол штоф з бурштынавай вадкасцю. Калі бурштын забулькатаў у шклянкі, Вырвіч па густым ёлкім паху зразумеў: старка! Пры нараджэнні сына ў сумленных шляхецкіх сем’ях налівалі гарэлку ў новую дубовую бочку, і адкаркоўвалі толькі, калі хлапцу споўніцца дваццаць адзін год.

А да старкі шкалонда вэнджаная з кменам, гусіныя вантробы з чорнай падлівай ды брахоцкі сыр, жоўты, як поўня ў зорную кастрычніцкую ноч.

Пасля першай жа чаркі гаспадар, умела скіраваны агідна цвярозым Лёднікам, працягнуў сагі і быліны пра ўлюбёную далёкую Венецыю. Эрнэста, хоць больш дасягнуў у справе кухарскай, якая яго і прывяла на Беларусь — з барнаботаў, збяднелай венецынскай арыстакратыі, што жылі з картачнай гульні і сяліліся ля царквы Святога Барнаба. Згодна з законам, патрыцыям было забаронена займацца рамяством. А калі яны рабіліся такімі беднымі, што не маглі ні адукацыю атрымаць, ні апрануцца ў шоўк, каб прыйсці на паседжанне гарадской рады, улады вылучалі небаракам мізэрную дапамогу з умовай — не жаніцца і не мець нашчадкаў, каб не пладзіць жабракоў. Вось Эрнэста, які якраз пад той закон падпадаў, і ўцёк на Беларусь, прыляпіўшыся да світы аднаго ліцвінскага князя: ведаў некалькі рэцэптаў народных страў і не лічыў за ганьбу іх гатаваць. А да гульні здольнасцяў не меў — Фартуна ў ягонай прысутнасці слепла і глухла. А шкада. На кожным кроку ў горадзе Льва былі гульнявыя дамы. Нават на пляцы Святога Марка паміж калонамі стаялі гульнявыя столікі, куды кожны мог падысці. !х калісьці дазволілі ўладкаваць там у якасці ўзнагароды архітэктару Нікола Барацьеры, за тое, што паставіў на пляцы калоны, з Канстанцінопаля прывезеныя на караблях. Барацьеры падняў тыя калоны метадам мокрай вяроўкі — калі вяроўка высыхае, яна, як вядома, робіцца карацейшай. Праўда, няўдача спасцігла: адна калона ўпала ў мора. I дасюль не знайшлі. Гадаюць, якой была. На дзвюх жа ўсталяваных — святы Тэадор з дзідай і кракадзілам і Залаты Леў з Евангеллем, сімвал святога Марка. Так, каменны леў, вялізны, з разяўленай пашчай. Ці падымаўся хто на тыя калоны? Хіба што вароны, галубы ды чаіцы марскія. Каб вы бачылі тыя грамадзіны, сіньёры! З цэльнага граніту, гладкія, як шкло. Але венецыянцы — спрытнюкі. Штогод пад канец карнавалу хтосьці ўскараскваецца па вяроўцы на званіцу Сан-Марка. Мусіць, і на калоны падымаліся, толькі сам Эрнэста таго не бачыў.

Ну вось і з’ясавалася пра хованку святога рога.

Раптам звычны гуд карчомнага жыцця перакрыў дзявочы віскат. Амерыканачка!

Вырвіч і Лёднік кінуліся на крык.

Пакой на другім паверсе, з дываном і высокімі бронзавымі кандэлябрамі, быў як восеньскім лісцем засыпаны картамі. Віновыя дамы і жалудовыя каралі разгублена надзімалі яркія вусны. Адлічаны студыёзус Аляксандр Лёднік настаўляў аголеную шаблю на сваіх праціўнікаў, прыкрываючы княжну Багінскую, а тая, вызіраючы з-за свайго абаронцы, вішчэла пагрозна:

— Вы не мелі права заручаць мяне без згоды пана-бацькі! Вярніце мяне майму бацьку, пану Гервасію Агалінскаму!

А вось і той, на каго паненка крычыць. Пан Брастоўскі ўласнай персо-

най!

Лёднік, узброены кандэлябрам, умомант адкінуў гардыянаў Брастоўскага ад сына, вянгерац вагой зусім не з кураня адляцеў ад скіраванай на яго далані Чорнага Доктара, хаця той, здаецца, і не дакрануўся. Амерыканачка ажно падскоквала з віскам захаплення: «Так, так іх, пан магік!»

Вырвіч паўдзельнічаў у вікторыі з прыхопленай ля грубкі качаргой, змусіўшы апошняга гардыяна прысесці ў кут, трымаючыся за анямелае плячо.

— Мама мія! Маледэта! — лаяўся ў дзвярах няшчасны гаспадар «Залатога льва», запусціўшы рукі ў валасы — выспа лысіны мусіла пашырыцца.

— Уражвае! — князь Брастоўскі нат шаблю з похваў не дастаў, і спыніў жэстам сваіх людзей, што ірваліся да сатысфакцыі. — Вы, пан Лёднік, сапраўды. неардынарны чалавек. Хоць зблізу бачу вас упершыню.

Што ён вярзе? Пан з задавальненнем назіраў разгубленасць нечаканых нападнікаў:

— Паненка дарэмна вінаваціць мяне ў сваіх нешчаслівых заручынах. Я — пан Адам Брастоўскі. I дзеянні майго браткі-блізнюка Міхала зазвычай не ўхваляю, а часам і ўсяляк ім перашкаджаю.

Вось табе на. Патрапілі проста ў рукі таго, ад каго хаваліся, апранаючы балаганныя ўборы. I зноў усё з-за паненкі Багінскай-Агалінскай, вось жа паслаў лёс назолу!

Аказалася, паненка згледзела прыезд пана Брастоўскага і вырашыла прасачыць: што ягамосць тут робіць, калі мусіць быць зусім у іншым месцы? Ці не ўдасца даведацца пра лёс бацькі? Выслізнула спрытненька з-пад увагі малодшага Лёдніка, пралезла ў пакоі. Была заўважаная. Не дзіця — зброя небяспечная!

Брастоўскі між тым, не зважаючы на аголеныя шаблі, спакойна і трохі здзекліва разважаў:

— Значыць, вось каго братка паслаў здабываць пацверджанні радавітасці Цялка! Не разумею, як вы з Ашмянаў выбраліся праз маіх шпегаў. Ты ж, Лёднік, зараз ці гнісці ў турме мусіш, ці магільных рабакоў карміць за забойства маёй пляменніцы. А ты яшчэ і другую маю пляменніцу скраў. Вы ж, спадзяюся, ведаеце, што мая жонка — родная цётка гэтага мілага дзіцяці? Ну што, загадаць вас перастраляць, як курапатак, альбо пагутарым шчыра?

Выслухаўшы версію падзей, Брастоўскі злосна пакрывіў вусны.

— Мне паведамлялі, што да пана Караля ў Венецыю падаслалі забойцу. Здрадніка з альбанчыкаў, які перакінуўся да ворагаў з-за выгаднай жаніцьбы.

На шчасце, яго ўдалося схапіць, — пан Адам пастукаў даланёй па ломберным століку, за якім, відаць, паспеў прайграць не адну залатую карэту. — Значыць, пану-дабрадзею Каралю Радзівілу спецыяльна ў вушы ўвялі, каб бацьку гэтай паненкі прыбраць, і Міхал мог яе ўдачарыць і здзейсніць свой гешэфт са Штакельбергам. Ганьба якая. Бедны пан Караль, кругом яго адны здрайцы ды шпегі. I першая — жоначка, Тэрэза са Ржавускіх, змяюка.

Апошняе імя пан вымавіў ажно з прысвістам ад нянавісці.

— Падумаць толькі, што і з ёю мы ў сваяцтве апынуліся! Гэта ж мой брат­ка зрабіў яе хроснай маці маіх пляменніц.

— I панны Праксэды? — ускінуўся Лёднік. Падобна, лёс асістэнткі ўсур’ёз не даваў яму спакою.

— I яе, — скрывіўся пан Адам. — Думаеце, Міхал такі вось добры, з-за пакутаў сумлення паклапаціўся пра дзіця, прыжытае ў Нямеччыне і асірацелае? У іх дамова. З пані Тэрэзай і Юзэфам Радзівілам, старостай менскім, які зараз лапу наклаў на маёнткі нашага пана Караля. Ведаеце самі, што бацька Юзафа, вар’ят Марцін, дзяцей сваіх так збіваў, што ў Юзафа — горб. А брат ягоны малодшы Якуб дык зусім пачвара. Сам яго не бачыў, але дакладна ведаю — дурань, да жабы падобны, толькі бурбалкі ўмее пускаць. Але калі яго прызнаюць дзеяздольным, можа прэтэндаваць на кавалак бацькавай спадчыны, які быў у маёмасці пана Караля, а зараз у секвестры пад каронай. Тут адзіны сродак — жаніць. Але не на простай дзеўцы, а, паводле тастаменту Марціна, каб у далёкім сваяцтве з Радзівіламі была. Як Брастоўскія. Вось і дамовіліся: дачка Міхала, памылка юнацтва, як падрасце, выйдзе замуж за вар’ята. Яе мужу перадаюць належныя ўладанні, іх дзеляць мой брат і пан Юзаф. Ну і пані Тэрэзе, якая ўсё і прыдумала, за спрыянне штось перападае. Пан Караль, як з ёй развядзецца, ні перліны паскудніцы не пакіне.

Хтосьці загарлаў, патрабуючы прынесці новую калоду, бо карты мечаныя, яму адгукнуўся хор гэткіх жа абураных галасоў. Брастоўскі на імгненне ўслухаўся, хмыкнуў, ягоны абцас няўважна прыціснуў звановага валета.

— Паўсюль шалберства. Дык вось, Праксэду прывезлі, забраўшы ад бедных сваякоў у Прусіі. Тэрэза Ржавуская ўзялася яе выхоўваць, пахрысціла з лютаранства. Тады аддалі піярам, з тым, каб вучылася медыцыне, догляду за цяжка хворымі. Бо гарбаты староста жадае, каб няшчасны брат займеў ідэальную жонку. Дачакаліся спрыяльнага моманту, каб прэтэндаваць на ўладанні. Але перад шлюбам Праксэда ўцякла.

Вось цяпер зразумела, чаму панна апынулася на вуліцы, і адкуль веды ў медыцыне.

— Пані Тэрэза была ў Гародні перад тым, як Праксэда знікла, — вочы Лёдніка гарэлі цёмным гнеўным агнём. — Ці не яна стаіць за гэтым знікненнем?

— Але чаму тады Міхал нічога не ведае? — усумніўся пан Адам. — Яны ж заадно ў гэтай справе. I нашто разыгрываць смерць Праксэды? Яна ж патрэбная ім менавіта жывой!

Сапраўды, не сыходзіцца. Пранціш пераступіў з нагі на нагу: з магнатамі размаўляць — трэба добрае здароў’е мець.

— А вось прыбраць Лёдніка з жыцця і мяне з пасады суддзі якраз маглі абодва, змовіўшыся — і пан Юзаф Радзівіл, і пані Тэрэза. Каб не паспрыялі вяртанню пана Караля.

— Верагодна, — згадзіўся Брастоўскі. — Але князь наш вернецца не просьбітам, а пераможцам! Па дарозе, пракладзенай нашымі шаблямі!

Рука пана Адама на ломберным століку сціснулася ў кулак.

— Зараз трэба ўсім патрыётам забыцца на старыя звады і збіраць вой­ска, новую канфедэрацыю! Аднаўляць Рэч Паспалітую! Пан Міхал Багінскі якраз гэтым займаецца. Ягоная сястра, мая жонка, абуралася жахлівым лёсам абедзвюх сваіх пляменніц. — Брастоўскі шматзначна зірнуў на малую князёўну. Ясна, гуляе ў дабрадзея: такі ўжо ён абаронца няшчасных дзяўчат.

— Таму лічу, Бог вас паслаў у гэты прытон. Не толькі ж грошы мне тут губляць, — Брастоўскі незадаволена крэкнуў, памацаўшы чамусь сыкгнет з зыркім смарагдам. — Міхал, мяркуючы па ўсім, ейнае знікненне будзе трымаць у таямніцы. Так што паненку Рэгіну Агалінскую я схаваю ў сябе. Прысягаю — стане панначка жыць вольна.

— Значыць, пан дзядзечка, на паляванне можна хадзіць? — ажывілася Рэгінка, камечучы ў руках шляхецкую шапку.

Брастоўскі трохі папярхнуўся, але выходзіць з ролі выратаваўцы не выпа­дала.

— Д-добра, будзе вашаймосці паляванне. Дарэчы, мая жонка, Караліна з Багінскіх, паляванне любіць. Гарнастаю ў вока цэліць.

Рэгінка зірнула на сваіх спадарожнікаў.

— Але, вашамосць дзядзечка, я еду ў Венецыю, тату выручаць.

— I гэтыя паны яго выручаць. Атрымаюць ад мяне ліст да пана Караля Радзівіла, той загадае вызваліць вашага тату. А вас зараз шукаюць. Вы ж не хочаце, каб вас пазналі, вашых рыцараў схапілі, а пан Агалінскі назаўсёды застаўся ў вязніцы?

Адам Брастоўскі старанна змякчаў голас. Пранціш пакруціў галавою: не было асаблівай веры... Але нарэшце пазбавіцца ад Агалінскай. Вырвічу было трохі сорамна, але карцела зараз жа запакаваць шкадлівую панну ў залатую паперу і ўручыць князю.

Рэгінка падбегла да Лёдніка-старэйшага, тузанула за рукаў:

— Пан доктар-магік, вы прывезяце майго тату?

— Абяцаю, вашамосць, — Лёднік быў вельмі сур’ёзны.

— Але ўзамен паны мусяць дапамагчы ягонай княскае мосці Радзівілу здабыць самі ведаеце што.— памазаў дзёгцем іхнюю лусту Брастоўскі. — Пан Караль лепей управіцца са святыняй, чым Панятоўскі.

За сцяной загарлалі: «Туз! Віновы туз, вашыямосці! Мая партыя, васпане!»

— Але, вашамосць, мы дасюль не ведаем дакладна, дзе тая рэч, ці ацалела яна. — Пранціш намагаўся гаварыць пераканаўча. Лёднік агучыў сваю трывогу:

— Насмелюся нагадаць, брат вашае княжацкае мосці намякаў, што мае жонка і дачка, якія зараз знаходзяцца ў Полацку, зробяцца закладнікамі маёй паслухмянасці.

Адзін замежны пасол, якому давялося пабываць у Нясвіжы, доўга абураўся тым, што на ранішняй службе ў прыдворнай капліцы, калі жонка пана Міхала Казіміра Радзівіла спявала словы псалма з удакладненнямі «Я тое ўчыніла на небе, каб узыходзіла бясконцае святло», прыдворныя дружна ёй кланяліся і спявалі: «Пакорліва дзякуем вашай княжацкай мосці».

Брастоўскія абодва таксама лічылі, што могуць узняць ці пасадзіць само сонца.

— Не забывайце, вашыямосці, што я пакуль яшчэ кашталян Полацкі, і магу абараніць. ну, альбо пакараць, любога з гараджанаў. А святую рэч адшукаеце. Вы ж вучоныя, да таго ж людзі баявітыя. Вунь што тут вытваралі. Каб я Каліёстра ды Батысту ў Варшаве не бачыў, дык палічыў бы цябе, Лёднік, з тваімі ўдарамі на адлегласці нячысцікам. Усё, хай святы Георгій вам дапамагае. Ну і святы Тарэла, да якога Панятоўскі прымазваецца.

Пан нецярпліва махнуў рукой, паказваючы, што гэтая частка спектакля закончаная.

— Нясіце карты.

Тонкія ноздры князя Адама ажно раздзімаліся ад п’янкога прадчування іншай баталіі. Пафасныя словы пра лёс Айчыны патроху развейваліся над ломберным столікам, як дым ад свечак.

.На гэты раз да прыгодаў іх везла запрэжаная двума коньмі сціплая брычка са скураным навесам. Ад фурмана адмовіліся. Мець пры сабе шпега? Патэнцыйнага здрадніка, як Фульчык? Лепей па чарзе трымаць лейцы.

Зараз была чарга Пранціша.

Дарога нагадвала кепскі верш, з перабоямі ў рытме і рыфмах. Трапілася некалькі спаленых сядзібаў. Невялікі цагляны храм, які перахрышчвалі ў розныя канфесіі, сумна глядзеў услед чорнымі прагаламі выбітых вокнаў, а на ягоным вострым даху пабліскваў цудам захаваны крыж. Пранціш адсёрбнуў з філіжанкі ігуменскай медавухі, на рабіне настоенай. I ўсё ж быў у гэтым панылым краявідзе нейкі заварожваючы спакой і шчымлівая прыгажосць. Быццам ты вечна будзеш трэсціся па праданай зямлі ў чужой павозцы.

Але за спінай былі свае людзі. I гэтыя свае, вядома, сварыліся. Шкада, Давыда давялося пакінуць у карчме. Аптэкар умеў наладжваць адносіны нават з вулканам у момант вывяржэння.

— Я заўсёды марыў быць гэткім жа смелым, як ты, бацька. — у голасе Аляксандра чуўся ледзь прыхаваны гнеў. — А ты. Ты нават баішся расказаць, хто мая сапраўдная маці!

Юнак, падобна, сам спалохаўся сваіх слоў, бо на апошнім аж голас сарваўся.

— Яна была добрай і гожай.

Пранціш вушам не верыў: Бутрым наважыўся?

— Памерла праз тры гады пасля твайго нараджэння. У яе было. не вельмі шчаслівае жыццё.

Бутрым зноў закашляўся. У павозцы на нейкі час запанавала маўчанне, чулася толькі рэзкае дыханне Лёдніка, ды вецер трапаў скураныя бакі навесу, так што падавалася, быццам у павозку набіліся прывіды.

— Чаму ж ты не звёз яе, не забраў — разам са мною?

Бутрым загаварыў ціха і глуха.

— Я быў рабом. Бяспраўным слугою. Яна мяне выратавала, калі мой уладальнік ледзь не закатаваў мяне.

Аляксандр недарэмна ўспадчынніў бацькаву здольнасць да навуковых высноў.

— Я чуў, ты быў слугой пана Агалінскага. Значыць.

— Так, ты нарадзіўся ў сям’і Агалінскіх. Пра што дадзена слова гонару не распавядаць.

— Уандэфул! Дык пан Аляксандр мой брат?

Штосьці зноў зашаргатала, і гэта быў не вецер. З-за наваленых трантаў — Эрнэста дапамог на грошы абодвух Брастоўскіх разжыцца зімовай вопраткай, якая вось-вось спатрэбіцца — выпаўзала князёўна Багінская-Агалінская, і рабацінкі на ейным носіку ззялі, як алхімічнае золата.

Вырвіч ажно лейцы рэзка нацягнуў, і брычка тузанулася і спынілася пад абуранае фырканне коней.

— Толькі не зноў. — прастагнаў скрозь зубы Пранціш. У Бутрыма рука пацягнулася перахрысціцца.

Але паненка ўжо ўселася побач з заўважна збялелым Алесем, скардзячыся на падступных Брастоўскіх, якім карціць вучыць яе манерам і трымаць пад зам­ком. А яна лепш дапаможа сваім рыцарам! З ёй ім дакладна будзе весялей!

— Fifteen men on a dead man’s chest,

Yo ho ho and a bottle of rum!


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Як Пранціш Вырвіч у фараона гуляў


Вясёлае места Кракаў. Гэта нічога, што пачаўся ён з таго, што дачка князя Крака Ванда кінулася ў раку, абы не пашлюбавацца з нямецкім рыцарам. Нічога, што пасля пажару званне сталіцы адабрала ганарыстая Варшава, а апошні кароль не захацеў тут каранавацца. Вядома, ганьба — што цяпер горад апынуўся на памежжы падзеленай краіны, і на тым беразе Віслы аўстрыякі будуюць свой горад. Што Кракаў увайшоў у новаствораную аўстрыйскую правінцыю — Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, гонар быць сталіцай якой аддадзены Львову.

Але стаіць на Вавелі Злодзейская вежа, б’е звон па імені Сігізмунд на касцёле Святога Станіслава, цікуюць з трыснягу і прыбярэжных пячораў цмокі за прыхаднямі. Рана ці позна ўхопяць жалезнымі зубамі за бот.

I, вядома, ніхто не змусіць нат у самыя цяжкія часы кракавяніна забыцца на месцы, дзе можна пацягаць за валасы Фартуну. Мясцовыя гульнявыя дамы ўся Еўропа ведае. Вось перад адным з іх і стаяла кампанія. Так, гэта не карчма «Залаты леў» у беларускай глыбінцы. Каменны гмах на тры паверхі, з пазалочанай ляпнінай, крыху паадбіванай кулямі, і трыма сінімі рыбкамі са смальты на фасаде. З вокнаў чулася гранне віяланчэлі і флейты. Паны і пані, якія падымаліся па засланых дываном прыступках, былі ў паўмасках.

— Нашто нам усім перціся ў гэты прытон? — незадаволена бурчэў Лёднік. — Давайце я адзін схаджу.

— Ага, а потым зноў цябе выцягвай з якой-небудзь студні! — Вырвіч паправіў шапку на спацелых валасах — вечар быў нечакана цёплы. — I Алеся з паненкай ніяк пакідаць нельга, спрабавалі ўжо. Да таго ж, бачыш — у масках можна ісці.

Шустры хлапчыска ажно падскокваў ад цікаўнасці.

— Мяне пан-бацька браў у салуны! Там таксама музыка, і ў карты гуляюць! А потым страляюць!

Выхавацель з пана Гервасія Агалінскага быў слабы. Вось Алесь напэўна ніколі ў руках ігральныя карты не трымаў: Лёднік спасылаўся на меркаванне віленскага святара, што на картах выкарыстана хрысціянская сімволіка, каб яе зганьбіць. Крыж, дзіда, на якой Хрысту на Г алгофе падавалі губку з воцатам, кубак, у які сабралі ягоную кроў.

А Вырвіч перакідваецца ў рамса ды мар’яша з цесцем, ды яшчэ хваліцца, якім адметным гульцом у юнацтве быў.

Вось і цяпер — варта было апынуцца паміж сталамі, пакрытымі зялёным сукном, між паноў у камзолах, жупанах, вянгерках, пані ў дэкальтэ і крыналінах, і ўсе ў масках і з аднолькавым хворым бляскам у вачах — аж галава былога суддзі закруцілася. I крыўдна, што не далучышся да агульнага шчасця. А вунь за дзвярыма — більярд, нехта ў навамодных нагавіцах-кюлотах наваліўся на зялёны стол, цэлячы кіем. I звонкі стук шароў са слановай косткі!

Дзіўна, але там-сям чулася руская мова, і нат бачыліся расейскія мундзіры. Граф Лудус у добрых адносінах з уладамі і расейцамі.

Галоўнай завабай на сёння была модная навінка: Пранціш такога яшчэ не бачыў. Кола з ячэйкамі, у якое пускалі шарык. Кола круцілася, шарык трапляў у якуюсь ячэйку, пазначаную нумарам.

— Рулетка, — пагардліва шапнуў на вуха Пранцішу Лёднік, яшчэ больш надзьмуты і змрочны ў гэтым котлішчы граху. — Прыклад, як навуковае вынаходніцтва прыстасоўваюць для мізэрнага і нявартага. Прыдумаў вялікі Блез Паскаль, калі шукаў сакрэт вечнага рухавіка.

Паколькі таямнічага гаспадара прытона, графа Лудуса, падобна, давядзецца яшчэ доўга чакаць, Пранціш наблізіўся ўшчыльную да спакуснай забавы. Ля кола ўжо цікавала Рэгінка ў новенькім блакітным камзольчыку і парычку з сіняй стужкай, яе моцна трымаў за руку, але не мог адцягнуць, раздражнёны Алесь. На шустрае дзіцятка ніхто ўвагі не звяртаў, бо з дзясятак прагных вачэй, не адрываючыся, сачылі за рухам шарыка. Калі ён спыніўся на лічбе «зяро», тут жа пачалася мітусня, крыкі, ці радасныя, ці расчараваныя, замільгалі ў руках паперкі, зазвінелі манеты. Малады хлопец у пацёртым зялёным сурдуце і зялёнай паўмасцы, што спаўзала ўвесь час набок, нічога ў рукі не атрымаў. Ён апусціў галаву, рэдкія светлыя валасы зліпліся, рукі сутаргава ўхапіліся за край стала. Хоць малюй з яго карціну «Адчай».

Але вось зноў шарык мусіў пакаціцца па коле, і зноў гарэлі прагай вочы, як у ваўкалакаў. Толькі светлавалосы хлопец, не ў змозе сачыць, як вырашаецца ягоны лёс, стаяў, захінуўшы твар рукамі, якія заўважна дрыжэлі. Па ўсім відаць, толькі што выграб апошнія манеты са сваіх кішэняў, каб паставіць на лічбу сем. Ды ён жа маладзей за Алеся... Пранціш адчуў востры ўкол шкадобы.

Шарык паціху спыняўся. I ясна было,што ён не патрапіць на тую лічбу, на якую паставіў усе свае грошы хлопец. А ў таго ўжо плечы пачалі трэсціся. А гардыян паглядае падазрона, ці не час выштурхнуць немаёмаснага гульца, пакуль не ўчыніў плач !ерэміі?

Раптам з-за спіны быццам павеяў вецер. У роце з’явіўся слабы мядзяны прысмак... Шарык нібыта падштурхнула нечая нябачная рука, а потым рэзка прытрымала.

Светлавалосы гулец апусціў рукі і яшчэ ціха ўсхліпваў, але на твары яго праяўлялася недаверлівае шчасце.

Пранціш у неразуменні азірнуўся. За спінай стаяў Лёднік, які адразу ж адвёў вочы. Не можа быць! Ён жа забараняў сабе карыстацца сваімі адмысловымі здольнасцямі!

Тое, што Лёднік перахрысціўся, прамармытаў пакаянную малітву і знарочыста ўтаропіўся ў другі канец залы, пацвердзіла здагадку. Пашкадаваў хлапчыску. Які зараз, ашалеўшы ад шчасця, напэўна прайграе ўвесь свой выйгрыш, не ведаючы, што той падораны міласэрнасцю былога полацкага алхіміка.

Але да гасцей, мяркуючы па паважлівым шуме, набліжаўся той самы таямнічы граф Лудус. Ён быў з адкрытым тварам. Пранціш ажно вочы працёр.

— Міхаська! Міцкевіч! Ты?

Сцягнуў паўмаску.

— Вырвіч! А я ўжо думаў, не пабачымся!

Былыя сябры па Менскім езуіцкім калегіюме абняліся. Ну так, у Міхаські яшчэ там было прозвішча «Гулец», што, уласна кажучы, на лаціне і ёсць «Лудус».

Значыць, здзейсніў свой намер стацца каралём шулераў.

— Чаму ж не выбраць ролю ваўка, а не авечкі, якую стрыгуць, — выскаліўся граф Лудус, калі яны сядзелі ў шыкоўным гаспадарскім пакоі з непустымі келіхамі ў руках, і граф атрымаў пасылку — свой працэнт ад «Залатога льва», і настаў час успамінаў і прызнанняў старых сяброў. Лёднікі з Рэгінкай, якую прадставілі як Антонія, малодшага сына доктара, далікатна перайшлі ў іншую залу, любавацца бібліятэкай і калекцыяй зброі.

— Праз што прыйшлося прайсці — не пытайся. I абдзіралі як ліпку, і збівалі за занадта ўдалую гульню. Пальцы ў кроў сціраў, штукарствы засвойваючы.

Вырвіч адразу ўспомніў Лёдніка, які валодаў гэтай жа здольнасцю — не шкадаваць сябе, каб засвоіць нейкае ўменне.

— Ну, пабачыце Эрнэста — перадавайце вітанне. Удала я ўклаўся ў яго­ную карчму. Грошы лішнія меліся, якраз тады ў Вільні пана Міхала Брастоўскага добра аблупіў.

Вось хто вінаваты ў бядотным становішчы падскарбія літоўскага!

Вырвіч адпіў віна, ягоны келіх адразу напоўніў матэрыялізаваны нібыта з паветра лёкай. Паколькі Лёднік больш не сачыў дакорліва за кожным глытком, віно ў горле не перасядала. Г алава пачала ўжо трохі круціцца. Ды хіба ён не шляхціц, не можа даць сабе волі ў сяброўскай бяседзе? Ты не стрыяшка і не вуяшка, будзь здаравенька, пляшка!

Граф Лудус прыжмурыў хітрыя светлыя вочы — а ладны дзяцюк стаў, плячысты. Сапраўдны граф. Твар спешчаны, напудраны, парык модны з тупе­ем, кашуля галандская, камзол шэры парчовы.

— Дык і ў цябе, Пранціш, вялікія здольнасці да гульні. Няўжо занядбаў? Зброя і карты — тое, чым павінен дасканала валодаць шляхціц. А ты, мусіць, зусім развучыўся. Любы шчаўлік абыграе.

Пранціш весела падміргнуў:

— Не раіў бы тваім шчаўлікам са мной калоду перакідваць. Тое-сёе магу.

— Ну давай, пакажы! Успомнім шкалярскія гады!

Міхаська ўсміхаўся так ветла, віно было такім заборыстым, што Пранціш сам не заўважыў, як аказаўся за сталом з яшчэ двума гульцамі. Адзін, немалады і насаты, гаварыў з нямецкім акцэнтам, другі, малойца ў залацістым касцюме, меў на шчацэ шнар, які не магла цалкам прыкрыць маска.

Пачалі ў фараона, гульню самую модную, хоць у многім ад Фартуны залежную, а не ад майстэрства. I Вырвіч праявіў сябе сапраўдным улюбёнцам Фартуны. Стопкі талераў высыпаліся перад ім, цэлая залатая горка! Малойца ў залацістым касцюме і немец ажно за парыкі хапаліся. Лёкай не забываўся папаўняць Пранцішаў келіх, Міхаська глядзеў з сапраўдным захапленнем... Не заняпаў былы шкалярскі правадыр, не страціў спрыту!

Урэшце малойца паставіў на кон цэлую вёску. I прайграў! А перад гэтым на рахунку Пранціша аказалася карэта немца. Ашалелы Вырвіч не мог ачомацца. Цяпер яму не трэба будзе пераймацца, што жыве ў жончыным маёнтку, ажаніўся з багацейшай. Падобна, на выйгрыш ён зможа збудаваць цэлы палац!

А потым набытае багацце пачало неяк раставаць. Вырвіч разгублена глядзеў на апошнюю залатую манетку, якую, аднак, зараз жа спрытна падгрэбла чужая рука.

— Ну, яшчэ разок? — Міхаська ўсміхаўся так весела, што ўсё здавалася сном. — Давай, Пранціш, братка, у мяне прыкмета дакладная: Фартуна зноў усміхнецца!

Вырвічу і абмацваць кішэні не трэба, ведаў, што пуста. Зразумела, ён — чалавек самавіты, не тое, што тыя, хто да кашулі прайграецца. Ставіць на кон цесцеў маёнтак ды жончын пасаг не збіраецца. Ёсць спакуса ў Лёдніка, галоўнага скарбніка кампаніі, грошай пазычыць, але былы прафесар толькі лекцыю прачытае, як студыёзусу.

Графу Лудусу Вырвічавы парыванні былі ясныя, бы крайчаму — гатунак віна.

— Ну якія рахункі між старымі сябрамі? Хіба ж я не паверу свайму аднакласніку, з якім разам у вокны калегіюма лазілі? Давай штосьці ўмоўнае ў заклад. Ну, дапусцім мы ацэнім у сто тысяч злотых пацалунак тваёй жонкі. Ці што да кожнага з тых, хто выйграе, прыйдзеш пешкі з хамутом на шыі і ў ручку цмокнеш, ці што твой спадарожнік, надзьмуты такі, тут карты параздае.

Вырвіч зарагатаў: так смешна агучваў Міхаська неверагодныя прапановы! Адразу ўспомнілася, як яны разам прыдумлялі страшныя клятвы, якія мусіў даваць кожны чалец іхняй банды ў калегіюме. Уласныя зубы ў бот ссыпаць, пячонку змеям скарміць. Ну, Дамініку ў любым выпадку ўмешваць сюды нельга. I з хамутом на шыі нават жартам сябе ўявіць немажліва. Вось Лёднік з ягонай злавеснай поснай фізіяноміяй, які раздае карты — гэта смешна!

Пранціш адсёрбнуў віна. У вушах шумела. Ну, давай, Фартуна, дары сваю ўсмешку! Жалуды і кубкі на картах мітусіліся, як мурашкі.

— Ну што ж, пан Вырвіч, мы ўжо і так загуляліся занадта... Панам Факльштайну ды Пшадзецкаму час дамоў. Не сумняюся, што пан трымае слова і гонар шляхецкі шануе. Ці не так?

Вырвіч мыкнуў у пацверджанне.

А нараніцу і з’ясавалася наконт гонару і слова. Аказваецца, Вырвіч прайграў учора ў карты год працы Лёдніка ў гэтым гульнявым доме, у заклад ста тысяч злотых.

Не, усё не так жорстка, не ў якасці прыслугі і тым больш вязня. Пан Лёднік проста стане асабістым памочнікам графа Лудуса, паселіцца ў найлепшых пакоях і нават займее працэнт ад даходу. А тады, як рассмакуецца, сам не захоча гэтую справу кідаць. Мільянерам стане — з ягонымі здольнасцямі!

Пранціш глядзеў на вясёлага гаваркога Міхася Міцкевіча, які распісваў перспектывы доктара ў гульнявой справе, галава гула, як разгайданы звон, і хацелася праваліцца скрозь паркетную падлогу, а тады яшчэ ніжэй. Бо побач стаяў Баўтрамей Лёднік, і перавесці на яго вочы было страшна

— Вырвіч, вы што, мяне ў карты прайгралі?

Пранціш спрабаваў аднеквацца. Але тут жа з’явіліся ўчорашнія напарнікі па гульні і ўсчалі вэрхал пра святасць картачнага доўгу.

Вядома, Лёднік мог адмовіцца расплачвацца за сябра. Тады таму належа­ла здабыць сто тысяч злотых, што была сума проста фантастычная. Адмовіцца выплаціць такі доўг — ганьба, усё роўна, як пабаяцца пайсці на двубой. Уся шляхецкая грамада адвернецца, у дамы не пусцяць. Даўжніка маглі аддаць пад суд, забраць усю маёмасць.

Некаторыя ў такіх выпадках страляліся.

— Міхась, ды нашто табе Бутрым?

Граф Лудус таямніча ўсміхнуўся і перайшоў на шэпт:

— Я ніяк не магу ўпусціць чалавека, які адным поглядам здольны кіраваць шарыкам рулеткі.

Вось жа, адгукнулася недарэчная Лёднікава міласэрнасць!

— Думаю, доктар, вы і карты з лёгкасцю адгадваеце.

Лёднік сціснуў зубы, прасіпеў.

— Паверце, граф, вы б не хацелі пазнаёміцца з усімі маімі здольнасцямі.

Выгляд у Лёдніка быў злавесны, але граф Лудус не спалохаўся ні на

каліва.

— Што вы чалавек небяспечны, пан Лёднік, не сумняюся. Чуў я пра аднаго Чорнага Доктара, якога ў Менску асудзілі за забойства дзяўчыны.

А вось гэта ўжо кепска. I тут наперад выйшаў Алесь Лёднік.

— Вашыямосці, дазвольце ўдакладніць. Наколькі я разумею, фармулёўка была наступная: «Пан Лёднік мусіць год дапамагаць графу Лудусу ў гульнявым доме». Так ці не? Вы пацверджваеце кожнае слова?

Прысутныя заківалі.

— Выдатна! Я — пан Лёднік, і я застаюся на год у доме графа.

Вырвічаў аднакласнік разгубіўся. Сапраўды, не прычэпішся. Але нашто

яму гэты смаркач? Хіба што і ён. Алесь цвёрда зазначыў:

— Мушу расчараваць, я не ўспадчынніў здольнасць да магіі. I картаў у руках нават не трымаў. Так што не ведаю, як вы мяне скарыстаеце, граф.

— Пана Аляксандра нельга скарыстоўваць! Ён рыцар!

I Рэгінка выскачыла са сваёй абаронай, кулачкі сціснула.

— I, дарэчы, я таксама. пан Лёднік! Антоній Лёднік! Можа, вы мяне ў карты выйгралі?

Вырвіч глыбока ўздыхнуў. Што ж, за свае хібы трэба адказваць са­мому.

— Спыняем гэты фарс. Мой пройгрыш. Я афіцыйна аб’яўляю сябе банк­ротам, бо не ў змозе расплаціцца. I гатовы за гэта ісці ў турму. Давай, Міхась, выклікай варту.

Граф Лудус злосна ашчэрыўся. Цяпер Пранціш бачыў, як мала ў тым засталося ад колішняга пракудлівага Міхаські.

— Калі вы так настойваеце, пан Вырвіч.

Далібог, адправіць у вязніцу. Больш за тое — згноіць там. Пакуль не адсудзіць дзеля выплаты святога картачнага доўгу ўсю маёмасць, і Вырвіча, і ягоных сваякоў. Воўк, і законы ваўчыныя.

— Давайце сыграем з вамі, граф. Вы ставіце доўг пана Вырвіча, я — год свайго жыцця.

Лёднік не выказваў ні гневу, ні злосці. Ён быў спакойны і засяроджаны. Нават расслаблены. Як заўсёды перад двубоем.

Пан Міцкевіч ледзь стрымаў пераможную ўсмешку.

— Ну, за рулетку я з вамі не стану. Косткі? Баюся, вы з імі можаце тое ж, што з шарыкам рулеткі. Карты.

Доктар ганарыста ўскінуў галаву:

— У карты не гуляю — бо пакляўся.

Вырвіч, і праўда, не мог прыпомніць, каб Бутрым трымаў у руках карты ці косткі. У Лондане замест гульнявога дому доктар пайшоў у байцоўскі клуб, супраць бандзюганаў біўся, калі спатрэбіліся сродкі на выкуп лабараторыі доктара Дзі. А ў рулетцы сапраўды, кіруючы шарыкам, можна мільёны наварыць. Але калі змагацца без магіі. Граф Лудус, мяркуючы па ўсім, майстар найвышэйшы. Куды Бутрыму супраць яго?

— Застаецца більярд.— са знарочыстым сумнівам прагаварыў граф. — Гэта не грэх, гэта амаль што фехтаванне. Вы ўмееце гуляць у більярд, пан Лёднік?

Бутрым не змяніўся ні рысачкай.

— Калі вы нагадаеце мне правілы, думаю, прыпомню.

Вырвіч ажно ў валасы ўчапіўся.

— Глядзі ж, Лёднік, без твайго штукарства. Як пабачу, што шар коціцца не ў той бок, — а я пабачу гэта, не сумнявайся, атрымаеш пяро пад скабы.

Вочы Міхася Міцкевіча гарэлі нейкім жоўтым агнём: усё-ткі гульня была ягонай жарсцю, а тут чакалася адметная баталія.

У пакой з більярдным сталом адразу ж набілася народу. «Сам граф будзе іграць!», «Лудус за кій бярэцца!» Пра ягонага суперніка распытвалі з паблажлівай шкадобай. Яго прадставілі як пана Айсмана — гэта была старая мянушка Бутрыма. Пранціш, які і без таго адчуваў сябе вінаватым, быў у адчаі: ці ж выйграеш у логвішчы шалбера! Вунь Пане Каханку прыдумаў у Нясвіжы якое штукарства: у пакоі з більярдным сталом — рухомая падлога. Калі супернік Радзівіла прыцэльваўся, слугі пераходзілі на адзін бок пакоя, падлога нахілялася, і цэліцца трапна было немагчыма.

Між тым Чорны Доктар няўважна слухаў, як яму ахвотныя тлумачаць правілы гульні. Дзіўна, паненка Рэгінка звонка сакатала з веданнем справы: падобна, пан Гервасій Агалінскі дачушку і да більярда прывучыў. Бедны малы Штакельберг, ну і жонку ён атрымае праз гады, калі яму не пашанцуе адмяніць шлюб!

Бутрым скінуў каптан, застаўшыся ў адной кашулі, і нават рукавы падгарнуў. Той-сёй з цікаўнасцю ківаў на рукі доктара — далоні ўпрыгожвалі шнары, нібыта іх калісьці прабілі цвікамі. Пану Айсману дазволілі на спробу трохі паарудаваць кіем. Гледачы гучна каментавалі памылкі — не так трымае, не так цэліць. Праўда, няўклюдным прасцяком Бутрым не выглядаў: высокі, жылісты, гнуткі, нават з-пад маскі відаць — дзюбаносы, сапраўдны драпежнік. Граф Лудус толькі ўсміхаўся паблажліва.

Нарэшце доктар кіўнуў, што гатовы. Граф вытанчаным рухам нахіліўся над сталом. Шары пакаціліся па зялёным сукне.

— Ён можа так усе і загнаць у лузы адзін за адным, не даць суперніку нат ударыць. — з захапленнем прагаварылі за спінай Пранціша.

Але граф, відаць, вырашыў пакрасавацца, дазволіць Лёдніку праявіць няўмельства. I шырокім жэстам паказаў: ну, давай, даражэнькі. Бачыш, я табе нават ход саступаю!

Усмешкі, аднак, вельмі хутка з твараў пазнікалі. Доктар метадычна біў, нібыта перацякаючы з месца на месца, шары падалі дакладненька.

На некалькі імгненняў доктар застыў на месцы.

— К-курва!

Каржакаваты спадар, які прысунуўся да Лёдніка, раптам з лаянкай паваліўся на спіну. Вырвіч паспеў краем вока заўважыць, як перад гэтым Рэгінка падскочыла і з усяе моцы падбіла мацака пад калена. Ля правай рукі пана па паркеце зазвінеў доўгі стылет.

Граф злосна ашчэрыўся на паваленага хлапчыскай, і таго звалаклі:

— Кеп няшчасны!

Лёднік не зважаў на інцыдэнт, зноў працягваў рухацца хутка і метадычна. Стук! Стук! Стук! Ягоная кашуля, справа на паясніцы, была парэзаная.

Вырвіч зараз жа заняў пазіцыю за спінай доктара, перасоўваючыся разам з ім. Алесь прыпыніў слугу, які ўпарта соваў гульцу кавалак крэйды на срэбным падносе, схапіў тую крэйду, памацаў і схаваў у кішэню, шапнуў Вырвічу:

— Мылам намазана.

Стук! Стук!

Лёднік заканчваў партыю. Але апошнія шары раскаціліся неяк вельмі няўдала — і вельмі нечакана. Рэгінка тузанула Вырвіча за рукаў:

— Вунь той дзядзька сунуў руку пад стол, націснуў, і шары ўбок пайшлі.

Вось халера! Граф Лудус выскаліўся — ну дакладна воўк. Лёднік трохі падумаў, нешта павылічваў. Прыцэліўся.

Гэта сапраўды было падобна да магіі. Шар закруціўся ваўчком, пайшоў неяк па дузе.

Міхась Міцкевіч, былы шкаляр менскага езуіцкага калегіюма, моўчкі глядзеў на пусты зялёны стол, і вось цяпер Вырвіч яго пазнаваў. Гэтак жа сябрук выглядаў, калі настаўнік адабраў ягоныя ўлюбёныя астрагалы.

Публіка была ў захапленні. Пляскалі ў ладкі. Перагаворваліся, пераводзячы позірк з графа Лудуса на пана Айсмана. Людцам заўсёды ў радасць, калі хтось занадта ўмелы атрымлівае па носе, і графа ніхто не шкадаваў.

Пранціш паправіў змакрэлую аксамітную маску на твары і пакляўся сабе, што ніколі не возьме ў рукі карты.

Прынамсі, пасля таго, як вып’е.

Больш бутэлькі.

— А гаварыў, што гуляць не ўмееш.

— У мяне была бурлівая маладосць, — меланхалічна прагаварыў Лёднік, апранаючы каптан. — У Лондане я хадзіў у адзін клуб пры Медычным таварыстве. Там быў такі маркёр, Джон Дзью, ён яшчэ пасля трактат напісаў пра майстэрства гульні ў більярд. Яно сапраўды блізкае з фехтаваннем. Займаўся са мною. Але я праўду казаў — не гуляў даўно, сучасных правілаў мог не ведаць.

Пазёр.

Трэба было ўцякаць, пакуль раззлаваны ўшчэнт граф не прыдумаў якой помсты.

Ля ганка пахістваўся светлавалосы юнак у расшпіленым камзоле, ягоныя вочы былі чырвоныя і запухлыя ад недасыпу, слёз і віна. Камяк бруду паляцеў у спіну Лёдніка:

— Здраднікі! Знішчылі Польшу, цяпер балююць!

Прайграўся ўшчэнт і адразу стаў патрыётам.

Колы брычкі падскоквалі на брукаванцы. Вінаваты Пранціш маўкліва сядзеў за фурмана. Дзесьці раставалі прывіды палаца, карэты і вёскі.

— Дзякую, сын.

За спінай Вырвіча Лёднік абняў Алеся.

— Ты ж тое самае для мяне рабіў. Але ў нас ёсць сапраўдны герой. Гераіня!

Чорны Доктар павярнуўся ў другі бок і пачціва пацалаваў руку паненкі:

— Вы выратавалі мне жыццё, панна Рэгіна! Я вам абавязаны.

Яе вусны, вечна ўсмешлівыя, дрыжэлі.

— Ён мог забіць вас, пан магік. I мяне.

Лёднік абняў дзяўчынку, прытуліў: усё-ткі дзіця, усё-ткі спалохалася. Князёўна трохі пасапла ў плячо Чорнага Доктара, паўздыхала.

— А вы за гэта падорыце мне кінжальчык, пан доктар-магік? I марцыпаны. Многа.


РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Як Вырвіч з Лёднікам амерыканца з калодзежа даставалі


Бліскучыя ў вечаровым змроку градзінкі балюча ўдарылі па тварах...

У кожнай хавалася маленечкая цукерка, і каб Вырвіч быў вечна галодным менскім шкаляром, яму было б крыўдна, што столькі дабра падае ў чорныя воды канала.

Але кампанія ў дзіўных уборах і масках, стоячы на мосце, шчодра сыпала рогат і карнавальныя пачастункі на праплываючыя ў святле паходняў і зораў гандолы, падобныя да чорных стручкоў. Парцалянавыя абліччы дзівоснай і мёртвай прыгажосці... А вунь дзюбатая застрашлівая маска Чумнога Доктара. Лёднік калісьці ў такой сапраўднай хадзіў, без блішчынак...

— Ragazzo! Sei un bel ragazzo!

Дамы ў масках махалі юнаму зграбнаму шляхціцу, што стаяў у гандоле, дзівячыся на горад, нават зоры над якім — быццам канфеці, шпурнутыя сюды гіганцкай рукой тысячагоддзі таму.

— Сядзь, Алесь, а то зараз прыйдзецца з вады вылоўліваць... А ў гэтых прыўкрасных каналах гніль ды смяццё, — прабурчэў старэйшы пан, захутаны ў чорны плашч, у чорным капелюшы і простай паўмасцы з серабрыстай тканіны, якая не магла схаваць драпежнага носу і пагардлівых вуснаў.

— Ды хопіць, Бутрым, лекцый... Дай хлапцу вольным паветрам падыхаць!

Ладны пан у пунсовым уборы з залатымі галунамі і масцы Арлекіна з чырвона-сінімі пісягамі шырока ўсміхаўся. Ятттчэ адзін пасажыр гандолы, хлопчык гадоў дзесяці ў залацістым гарнітурчыку з белымі карункамі весела лавіў канфеці і тут жа спрабаваў іх на смак, пускаючы абгорткі, як матылькоў, у чароўную ноч.

Гандальер у паласатай куртцы завёў саладзенькую песню. Пан у чорным плашчы штосьці сярдзіта прамовіў спеваку, той на пару імгненняў змоўк, абварыўшы чужынца пагардлівым позіркам, і зноў заспяваў, яшчэ грамчэй.

— Да чаго бязглузды горад.

У Пранціша не было чым абвергнуць крыўднае для самага чароўнага горада свету вызначэнне. Сапраўды, тры дні як у Венецыі, а нічога не дабіліся. Да Пане Каханку не дабрацца — раз’язджае па балях дзень і ноч. Самы шал карнавалу! Ні дожа, ні судовага, ні дробнага пісарчука Найсветлай Рэспублікі Серэнісіма не адловіш для сур’ёзнай гаворкі. Толькі і патрапілі, што схадзіць на пляц ля сабора Святога Марка ды падзівіцца на калоны. Пранціш змушаны быў прызнацца, што нат у шкалярскім юнацтве не ўскараскаўся б... Затое паненка Агалінская заявіла, што ўзлазіла на куды вышэйшае дрэва сяквою, з вершаліны якога, як сцвярджаў ейны пан-бацька, беларуская зямля відаць. Размаўляла паненка зараз трохі прышэптваючы, бо за час падарожжа выпаў верхні зуб.

Леў — вунь стаіць, на вяршыні слупа. Лёднік заявіў, што драпежніка перарабілі з паганскай хімеры. Ды няхай хімера... А як дастаць? Тут жа, перад Палацам Дожаў, дзень і ноч варта. Нат карнавальныя хвалі аб гэтых малойцаў у мундзірах разбіваюцца. Бо дожы — гэта не ліцвінскія магнаты, якія хаця б на словах шануюць адносіны «пане-браце». Ніводзін з іх, як Пане Каханку, з п’янымі шляхцюкамі абдымацца не будзе. На іх простым смяротным толькі здалёк глядзець: ходзяць у сваіх высокіх дзіўных капелюшах, як жывыя помнікі, а вакол ахова.

І самае крыўднае, што пан Гервасій Агалінскі дзесь тут, у Палацы Дожаў з вытанчанымі каменнымі карункамі арак і калон. Не ў пакоі з пазалочанай ляпнінай, а ў адной з дзевятнаццаці жахлівых камер падземнай турмы Поццы, або Турмы калодзежаў. Пад самым дахам палаца — П’ёмбі, Свінцовая вязніца. Але туды садзяць толькі дзяржаўных злачынцаў высокага палёту. А пана Гервасія здалі Трыбуналу, як звычайнага забойцу.

І без асабістай просьбы Караля Радзівіла, на якога нібыта рыхтаваў замах Агалінскі, у мясцовы Трыбунал не сунешся.

І вось чарнавусы пан Рысь са світы Пане Каханку, той самы, з-за чыйго ліста заварылася каша, паведаміў: ёсць шанец! Князь прыедзе з Мурана, з загараднага вясёлага дома ў тэатр. Трэба лавіць яго ў ложы.

Вось і слізгалі яны цяпер у гандоле па чорных каналах, пад гарбатымі мастамі, адным з якіх праводзяць вязняў у страшную венецыянскую турму.

«Аморэ! Аморэ!»

І к’янці не трэба, каб ап’янець ад гэтых мігатлівых агнёў і звонкіх руладаў, ад рухавых таямнічых постацяў Каламбін і Смеральдзін — ці пацалунак атрымаеш, ці стылет пад скабы? Заваблівы жаночы смех растае ў вузкім, як сцежка да смерці, завулку, і так хочацца забыцца на ўсё — і бегчы, даганяць кароткае карнавальнае шчасце-ачмурэнне... Хай і вылавяць назаўтра тваё цела ў адным са смярдзючых каналаў незадаволеныя смеццяры — да тваіх мёртвых вуснаў прыліпла шчаслівая ўсмешка, што ператвараецца паступова ў жаласны выскал... Ніхто не зважыць на след ад каралавай памады, што не змыла марская вада з тваёй шчакі, як змыла з тваёй кашулі кроў. Ніхто не будзе шукаць, чый залацісты волас змяіцца між тваіх скурчаных пальцаў.

А ўладарка гэтага золата ўсё гэтак жа смяецца з-пад белай парцалянавай маскі на адным з гарбатых масткоў, і паказваецца з-пад чорнага аксаміту плашча вострая дзюбка серабрыстага туфліка...

Чароўная і згубная, як найлепшае віно, Венецыя!

Ад Пане Каханку сапраўды за тры сажні патыхала віном. Ён, апрануты ў сармацкі строй — серабрысты жупан, гранатавы кунтуш, мусіць, і гузікі на жупане з тым жа надпісам — «fiducia amicorum fortis», асунуўся ў выгодным фатэлі і драмаў, не зважаючы на позіркі.

А пазіралі на ягоную ложу ўвесь час: уладальнік шаснаццаці гарадоў з далёкай Сарматыі быў знакамітасцю. Хадзілі легенды, як на княскіх прыёмах жывыя вераб’і выляталі са шматпавярховых пірагоў, білі фантаны віна, замест напояў у кубках на сталах аказваліся залатыя манеты. Але стравы падаваліся такія тлустыя, цяжкія для страўніка, што толькі ў дзікай сармацкай краіне падобнае могуць есці.

Твар князя быў чырвоны, як і ягоная лысіна, а вочы не адплюшчваліся. Хаця на сцэне на ўсе засаўкі буялі жарсці, і чароўная Беатрычэ ніяк не магла з’яднацца з адважным Фларында. У глыбіні ложы стаілася пышная пані, лена абмахваючыся веерам — відаць, мясцовая княская метрэса, бо Пане Каханку любіў такіх кабетаў, каб адной рукой не абхапіць. Мо таму жвавенькая Тэрэза Ржавуская не выклікала ў яго сімпатыі?

Пан Рысь, таксама ў сармацкім уборы, таптаўся ўшчыльную ля княскага фатэля, не наважваючыся нат перхануць, каб прывабіць увагу ўладара. Так яны да сканчэння спектакля таптацца будуць... Вунь гледачы запляскалі, зараўлі, засвісталі, ухваляючы прыгажуньку, што скончыла руладу, а пан Караль сапе сабе.

А вось свіст проста над вухам. У чатыры пальцы. Тут хочаш не хочаш, вочы адплюшчыш. Князь неўразумела аглядаўся. Пранціш хуценька адсунуў за спіну задаволеную Рэгінку, якая абцірала абсліняўленыя пальцы аб камзольчык, і бухнуўся на калені:

— Пане-дабрадзею, сонца наша!

А чаго ўжо мёду шкадаваць... Краем вока заўважыў, як Бутрым трохі скрывіўся. Ну, давай жа на калені, не да рэспубліканства! Не, не стаў. Толькі галаву схіліў пачціва. Сын гарбара, а фанабэрыі... Зусім сапсаваўся падчас зносінаў з масонам Жыліберам.

Пакуль князь вагаўся, якой ступені гневу заслугоўваюць нікчымнікі, Вырвіч вываліў усё, што мог, перасыпаючы ліслівымі слоўцамі. І што яснавяльможнага князя падступна падманулі шпегі ды змоўшчыкі... І пра горкі лёс абгаворанага Агалінскага ды ягонай няшчаснай дачушкі... І пра доктара Лёдніка, які пацярпеў з-за таго, што збіраўся паслужыць ягонай вяльможнай мосці... І пан Вырвіч, суддзя менскі справядлівы, з-за таго ж пасады пазбавіўся.

— Заторкніся, балбатун, у мяне зараз галава выбухне ад тваёй малатні... Квасу!

Зараз жа, адштурхнуўшы Пранціша, да князя кінуўся слуга з гліняным чорнадымленым збаном, відавочна лепленым дзесь у Ганцавічах.

Князь шумна адпіў проста з гарлача, абліваючы парчовы жупан. Крактануў задаволена.

— Ліцвінскі квас — гэта вам не іхні «лі-ма-на-да», ад якога дупа зліпаецца. Ну, давайце вашы паперы.

Пан Рысь шумна выдыхнуў над вухам Вырвіча: здаецца, вяльможны не дужа ў гневе. Пранціш хуценька працягнуў ліст, напісаны Адамам Брастоўскім.

Радзівіл вывучаў пасланне, а Пранціш крадма вывучаў князя. Той павольна варушыў азызлымі вуснамі, трымаючы ліст амаль ля аб’ёмнага носа з чырвонымі прожылкамі, і Вырвіч успомніў погаласку, што Пане Каханку — невук, дурань прыродны. Літары ледзь у падлеткавым узросце вывучыў, калі адзін настаўнік дапяў выкарыстоўваць іх у якасці мішэняў для стральбы, да якой юны княжыч быў ахвочы. Але князь на імгненне адарваў светла-мутныя вочы ад паперы, укалоўшы позіркам Лёдніка, як пекар трэсачкай працінае пірог, ці ўпёкся... Не, князь быў кім заўгодна, але не дурнем. Цікава, як ён паводзіўся, калі жыў ягоны старэйшы брат-блізнюк? Зайздросціў, злаваўся, намагаўся пераўзысці? Ён ужо тады, у падлеткавым узросце, пачаў збіраць сваё войска, фундаваць банду адданых людзей — падарункамі, панібрацтвам, зваротам да шляхецкіх ідэалаў. Дурань такое не правярнуў бы.

А калі застаўся адзіным спадчыннікам?

Ніхто не можа прыпомніць, каб Пане Каханку ўвогуле згадваў брата Януша, чыё месца заняў, нібыта хацеў сцерці яго ў памяці людской. Застацца адзіным і непаўторным.

— Ты майго пана-бацьку лячыў?

Лёднік схіліўся ў паклоне.

— Так, меў гонар, ваша княская мосць.

— Паглядзім, які ты эскулап хвалёны. Прызначыш мне пасля штось ад пячонкі. Пячонка прыхоплівае.

Нездарма Бутрым першае, што зрабіў па прыездзе ў Венецыю — набыў сабе скураную доктарскую валізку з неабходным рыштункам, замест той, што звёз у рыдване баязлівы Фульчык.

Князь паварушыў адвіслымі вуснамі.

— Агалінскі здрайца. Прамяняў маю схільнасць на ўсмешкі падшыванкі Багінскай. Хіба што каб ейнаму братку нос падбіць, заступлюся. Няма чаго расейцам бязродным нашых князёўнаў аддаваць.

Махнуў нецярпліва рукой метрэсе, і тая нібыта выцекла з ложы, ледзь сваё крэсла не паваліла ды мушкі з набеленай круглай фізіяноміі не пагубляла. Радзівіл насупіўся, не зважаючы на тое, што на сцэне зноў загучалі рулады, і Смеральдзіна мела дастаткова пышны бюст.

— Адам піша, вы можаце здабыць рог святога Юрыя. А то мае пасланцы па яго нешта марудзяць. З пячоры святога Тарэла іх увогуле вытурылі жаўнеры, нібыта самім Папам прысланыя.

— У нас толькі здагадкі, ваша княская мосць, пра знаходжанне згаданай святой рэчы, — парушыў маўчанне Лёднік. — І насмелюся выказаць сваё нявартае меркаванне — гэта хутчэй за ўсё легенда.

— Раз Адам піша, што зможаце, значыць, не выяўляйце майго вернага сябра лгуном. Бо гэта абраза мне самому, пане каханку, — вочы Радзівіла пачалі налівацца чырванню. Ён наўрад лічыў сябе простым смяротным.

Пранціш паспяшаўся запэўніць, што прыкладуць усе намаганні... Але князь ужо гневаўся, упёршыся позіркам у наравістага Лёдніка.

— Я яшчэ не забыўся, як з-за вас мне вогненны меч не дастаўся!

І сапраўды, калісь Лёднік і Пранціш у кампаніі з панам Агалінскім і яго­най будучай сужонкай адправіліся здабываць таямнічую зброю доктара Дзі ў Ангельшчыну. На той артэфакт прэтэндавалі абодва магнаты: і Радзівіл, і Багінскі. Але ўся таямніца выявілася шалберствам... Што, вядома, зараз давесці было немагчыма.

— Насмелюся нагадаць, вашамосць, што менавіта доктар Лёднік выратаваў вашых прыхільнікаў, студэнтаў Віленскай акадэміі, ад арышту, гэта і ксёндз Марэк можа пацвердзіць! — пачаў лемантацыю Пранціш.

— Ведаем, як вызваліў. З расейскай царыцай у ложку, — вырачыў вочы Радзівіл. У злосці ягонай быў добры дамешак зайздрасці.

— Гэта плёткі, вашамосць. — спахмурнеў доктар, але яго словы расталі ў тэатральнай прасторы, як дымок ад адной з тысяч свечак.

— Або шукайце рог, або запхну вас, пане каханку, туды ж, куды Агалінскага. Ні ў якім разе нельга, каб рэліквія худапахолку Панятоўскаму дасталася! Да святога Тарэла ён мае адносінаў не болей, чым свіння да сухой ігрушы. Знойдзеце — вазьму цябе, Лёднік, у свае асабістыя лекары, а тваіх дзяцей прыстрою пры сваім двары.

Баўтрамей стрымаў скептычны каментар да такога гонару. Алесь тузануў за руку Рэгінку — уяўнага брата, каб не забылася пачціва пакланіцца і не запярэчыла князю наконт сапраўднага паходжання. Зарабіў выспятак у лытку: маўляў, не дурней за васпана, вось як кланяцца па-прыдворнаму ўмею.

Пранціш, якому не было дэкляравана ніводнага перніка, не спяшаўся падымацца з каленяў, якія ўжо балелі ад пачцівага стаяння:

— Ваша княская мосць, насмелюся нагадаць пра абяцанне вызваліць пана Гервасія Агалінскага.

Радзівіл адвярнуўся да сцэны:

— Хай падрыхтуюць ліст трыбунальным. І сто дукатаў вам на расходы. А заўтра. Не — лепш пазаўтраму прыйдзеце ў мой палац з дакладам.

Пан Рысь хуценька выпхнуў просьбітаў з ложы і выцер рукой спацелы

лоб.

— Колькі ведаю вас, пан Лёднік, столькі даводзіцца трапляць на падобныя цяжкія размовы. Лепш бы мы зноў з вамі на двубоі пабіліся. Віншую, аднак: пан дабрадзей наш у гуморы.

Калі гэта «ў гуморы», дык што тады кепскі настрой па-княску?

...За сценамі Палаца Дожаў узрываліся феерверкі, а перад вачыма візіцёраў мільгалі ў цемры калідора белыя панчохі турэмшчыка. Ліхтар акрэсліваў рухомую выспу святла, з якой не хацелася збочваць. Бо па-за ёй у густой, аж да скуры ліпла, цемры крапала вада, чуліся застрашлівыя шоргаты і стогны. Пранціш мацней сціскаў дзяржальна свайго Гіпацэнтаўра. Хоць з кім тут біцца? У іх з Бутрымам афіцыйная папера на вызваленне вязня, вунь турэмшчык які ветлівы: «Прэга, прэга, сіньёры». А калідор усё спускаецца, а лесвіцы ўсё вільготней ды пакручасцей.

Калодзежы турмы Поцы былі, вядома, больш выгодныя, чым студня ў ашмянскіх сутарэннях, але падабенства несумненнае. Так і чуўся голас ашмянскага Харона: «Ты ніколі не сыдзеш з майго чоўна». Нізкія дзверы, ажно чорныя ад вільгаці, з зачыненым на засаўку акенцам. Турэмшчык забразгаў ключамі. Шчоўкнуў замок. Дзверы расчыняліся марудна, па вяршку, бо разбухлая драўніна ледзь сунулася па камні з агідным шоргатам. Праз шчыліну можно было заўважыць, што падлога вязніцы ніжэй за парог дзесь на локаць, унізе люстравала святло ліхтара вада. Пахла морам і сметніцай адначасова.

Але разгледзець убранне камеры не ўдалося: дзверы штурханула знутры нейкая пагрозная сіла, турэмшчык паваліўся, і на яго галаву да таго ж абрынулася цяжкая дошка.

— Пакрышу італьяшак!

Узброены драўляным абломкам сіньёр, які выскачыў з залітага вадою каменнага пакоя, выглядаў застрашліва. Плячысты, па-дзікунску зарослы валасамі, што адлівалі ў святле ліхтара меддзю, адзежа падраная і збуцвелая.

— Свае, пан Гервасій!

Лёднік спакойна адхінуўся ўбок ад замаху дошкі.

— Святая Цэцылія, наш доктар тутака! І пан Вырвіч! Можа, я ўжо выпруціўся ў гэтых італійскіх сутарэннях, і не заўважыў?

Калмата-барадаты адкінуў убок сваю зброю і сціснуў у абдоймах гасцей.

— Яны ж, заразы, да мяне заходзіць баяліся, ежу, як сабаку, праз дзірку ў дзвярах кідалі. А пад рукой нічога, толькі дошка даўгая замест лаўкі ўздоўж сцяны. Бо як прыліў — падлогу ледзь не па калена залівае. Я, мусіць, месяц згнілы канец той дошкі адломваў, каб хоць якая зброя. Думаў — толькі з’явіцеся, гады, учыню Грунвальд! Выпіць ёсць што? Гарэліца? Ну хоць вінцо? Я б зараз бочку. Ды кумпяком закусваючы.

Пранціш сунуў раззлаванаму турэмшчыку, які паціраў выцятае плячо, пару сольда, а Лёднік тым часам частаваў Агалінскага з біклажкі. Расчараванне — не гарэлкай, а ўмацавальным настоем. Лусту хлеба з сырам Агалінскі заглынуў, амаль не жуючы.

— Ну, пайшлі ў бліжэйшую карчму!

Але падумаць толькі — апрануты ў мокрае рыззё Амерыканец яшчэ й незадаволены, што вызваліцелі для яго прыхапілі не праўдзівы сармацкі строй, з кунтушом ды слуцкім паясам, а модны камзол ды куртатыя нагавіцы! Як ён перад сваім дарагім панам Каралем у такім неадпаведным альбанчыку выглядзе пакажацца?

Думае, той пан Караль яго проста на вуліцы чакае.

А на вуліцы, дзе нават няяркае вечаровае святло змусіла нядаўняга вязня прыжмурыцца, ад прычалу, дзе гайдалася адзінокая гандола, кінуўся хлопчык у серабрыстым камзоле:

— Тата! Прабач мне!

Ашаломлены пан Гервасій падхапіў сваю радасць на рукі:

— Вавёрачка! Красачка мая!

Голас Агалінскага зрываўся ад узрушэння.

— Пан Вырвіч, пан Лёднік, абавязаны вам. Усё, што хочаце. О, а гэта няўжо Аляксандр Лёднік?

Словы, адрасаваныя юнаку, былі вымаўленыя з нейкім незразумелым пачуццём. Алесь паважна пакланіўся, насцярожана разглядаючы бацьку Рэгінкі: ці не сваяк? Але князёўна і сама жадала гэта высветліць:

— Татусю, а вось гэты пан Аляксандр, ён брат мой?

Пранціш адвесіў у думках сабе і Лёдніку ляпаса: калі пачалі таямніцы адкрываць, дык трэба было да канца пыл мінулага вытрасаць. А то вунь Агалінскі ледзь не паваліўся разам з дачкой на венецыянскую брукаванку:

— Не ведаю, што тут хто выдумаў, але ў гэтым маладым пане ні кроплі крыві Агалінскіх няма. І Багінскіх таксама.

І кінуў пагрозны позірк на Бутрыма, той збянтэжана апусціў вочы. А вось паненка, калі і расчаравалася, дык на нейкае імгненне. Хітры позірк, які яна паслала Алесю — больш не брату, змусіў хлапца здрыгануцца ад нядобрых прадчуванняў.

Праз смугу і вецер прайшла карнавальная кампанія: шаргатлівыя спадніцы, прыўкрасная парцалянавая абыякавасць масак, плашчы, што таямніча ляцяць за постаццю. Леная п’яная лаянка між сіньёрамі наконт зніклай срэбнай табакеркі, аднак, змяншала казачнасць карціны.

— Ну што, у карчму?

Усмешка пана Гервасія цяпер была дакладна падобная да ўсмешкі ягонай дачушкі, бо ў ёй таксама не хапала верхняга зуба.

Ну і лясун з тымі зубамі, іх Пан Бог дае нам цэлую жменю — каб не было падставы ўнікаць шляхецкай бойкі, хай і на кулаках. Усе за адзін раз не выб’юць!

У італьянскай карчме пад назвай «У каралевы амазонак» можна прыстойна пабіцца. Добра, што адзін баявіты ліцвін надта згаладаўся ды знясіліўся ў паганай калодзежнай турме. Кухару, пэўна, адна любасць глядзець, як паглынаюць ягоныя духмяныя творы наведнікі, падобныя да пана Гервасія Агалінскага. Схуднелы Амерыканец так наварочваў нейкую мясцовую страву — макароны з пакрышанай ялавічынай, што, здавалася, чарга дойдзе да глінянай талеркі. Праўда, каб вылаяцца на славалюбную жоначку ды падступных Брастоўскіх, Панятоўскіх, Багінскіх ды іншых здрайцаў, часу вылучаў.

Калі ж дайшло да дэсерту ў выглядзе гары маленькіх піражкоў з вішнёвым ды персікавым варэннем, злосна выгукнуў, стукнуўшы кулаком па стале:

— У Трыбунал пайду! Дзіця пры жывым бацьку адбіраць! З усялякімі прыхаднямі заручаць!

Малая Агалінская згодна і шчасліва ківала галавой і шчарбата ўсміхалася, ззяючы рабацінкамі.

— І ўсё-ткі кахаю яе, заразу. — тужліва прамовіў Агалінскі. — Паланэйку, валькірыю сваю. Яна ж такая. — голас пана загучаў зусім пяшчотна. — Робіць, як галавой з моста, не падумаўшы. Старэйшаму нашаму, Міхалу, усяго год быў, а мне давялося тэрмінова з’ехаць — рушэнне, напад на суседні форт. Дык яна праз дзень прыехала да мяне разам з немаўляцем, на кані, адна, праз лес, па дарозе ад ваўкоў адстрэльваючыся. Сказала — засумавала! Я ледзь не пасівеў тады. А яна рагоча! Але дзяцей сваіх Багінскім не аддам!

Пан Гервасій зноў стукнуў кулаком.

— І ўсё-ткі астыньце ды падумайце, вашамосць, — асцярожна прамовіў доктар. — Ці не пашкадуеце пасля? Штакельбергі — бароны, род уплывовы. Камергеры, дыпламаты. І ў вашага швагра, вялікага гетмана, сваіх дзяцей няма, таму панна Рэгіна будзе спадчынніцай неверагодных уладанняў.

— Закладніцай на ўсё жыццё яна будзе! — рыкнуў пан Гервасій. — Ведаце, сярод дзікіх лясоў і моцных простых людзей вельмі хутка разумееш сапраўдную вартасць славы. Шчасця можа адсыпацца куфар з верхам у будане і з парушынку ў палацы. А стаць нявесткай чалавека, які кіраваў знішчэннем тваёй радзімы — ганьба!

— Татусю, нізавошта мяне не аддавай назад! — заверашчала Рэгінка, учапіўшыся за рукаў бацькі. — Я там памру!

Пан Гервасій растрапаў яе рудыя валасы:

— Нізавошта, вавёрачка! Усіх злыдняў шаблямі пакрышым! Калі што, ягамосць князь Радзівіл нас выратуе!

І абое ўчапіліся зубамі ў венецыянскія піражкі.

Адно слова, рудая агалінская парода.

— Зялёная вішня З-пад кораня выйшла.

Аддала мяне маці,

Дзе я непрывычна.

Ты думаеш, маці,

Што я тут паную,

Прыйдзі, падзівіся,

Як я тут гарую,—

спяваў ціхенька Пранцысь і ўсміхаўся сумна, успамінаючы тую кручаную заакіянскую Рэгінкіну маці. І тое, як пан Гервасій, у чарговы раз трапіўшы з-за Паланэйкі ў турму, шчыра, не вагаючыся гаворыць «кахаю». Ці змог бы Вырвіч вось так?

Між тым Амерыканец ірваўся кінуцца ў ногі свайму дабрадзею Радзівілу. Не можа вялікага сэрца князь не адгукнуцца на шчырае парыванне вернага слугі.

Вось толькі за вызваленне гэтага слугі яшчэ трэба было расплаціцца.

Вестку пра тое, што мусяць здабываць рог святога Георгія, а можа, самую трубу Іерыхонскую, пан Агалінскі сустрэў з энтузіязмам.

За суседнімі сталамі радавітыя патрыцыі, звычайныя гараджане — чытадзіні, а мо і багатыя прасталюдцы-папалана, ураўняныя між сабою лічынамі і маскараднымі ўборамі, гулялі ў карты, пілі віно, дамаўляліся пра галантныя спатканні.

Банда Чорнага Доктара складала план апаганьвання святыні. Амерыканец завёў быў пра сваё ўменне караскацца на высозныя дрэвы, але нат ён усведамляў, што гладкі граніт — не кара. Драбіны велізарныя змайстрачыць? Надта высока. Рэгінка падумала і прапанавала ўчыніць маленькі такі сімпатычны ўзрыўчык. Раз нельга ўзняцца да льва, хай леў спусціцца на зямлю.

— У прапанове паненкі адна слушнасць ёсць, — прамовіў Лёднік. — Трэба шукаць неверагодны на першы погляд шлях. Ускараскацца нельга. Тады.

— Узляцець, ці што? — насмешна кінуў Агалінскі.

Пранціш, Бутрым і Алесь павольна сустрэліся позіркамі. Агалінскі папярхнуўся, гледзячы на іх задуменныя твары.

— Гэй, вы што, я пажартаваў!

— А зараз карнавал, пан бацька, — гэтак жа задуменна прамовіў малады Лёднік. — Можна хоць з гарматаў страляць, хоць ракеты запускаць.

— Ракета, бадай што, занадта. А вось спадар Чунь Лі распавядаў мне ў Вільні пра кітайскія паветраныя ліхтарыкі, якія ўздымаюцца з дапамогай нагрэтага паветра, — Лёднік мройна прыжмурыў вочы.

— А помніш, Бутрым, мы паветраных змеяў бачылі ў Дракошчыне? Там такія велізарныя былі, што на іх можна было ад зямлі адарвацца! — ажывіўся Пранціш.

— Тым болей нам не трэба да аблокаў, усяго на колькі сажняў падняцца, — заківаў Алесь у радасным прадчуванні эксперымента, адзін у адзін — малады варыянт бацькі. Нос дзюбаты, толькі яшчэ ні разу не ламаны, цёмныя вочы гараць.

— Вы вар’яты, панове! — Агалінскі нават жаваць перастаў. — Я думаў, толькі мае індыяне выдумляюць казкі пра ўсялякіх лётаючых цмокаў ды чоўны.

— Ды нават тут, у Венецыі, трыста год таму інжынер Джавані дзі Фантана прапаноўваў падымаць людзей з дапамогай нагрэтага паветра, — няўважна тлумачыў Лёднік. — Пасля Франчэска Лана-Тэрцы хацеў скарыстаць для таго ж сферы з вакуумам. Ну, гэта бескарысна. А вось цяперашнія доследы Жака Шарля з рознымі газамі.

— Віват! Мы зробім паветранага змея! — падскоквала на цвёрдай лаўцы італьянскай карчмы Рэгінка. А Лёднік дастаў свой нататнік і давай штось крэсліць, пад пільнай і трохі раўнівай увагай сына. Ясна, хлапец улучыцца ў вынаходніцтва. Пан Гервасій жа, сумленны беларускі шляхціц, руды, адважны і прамы, як прадзедаўскі меч, дзіваваўся і піў з празрыстага сіняга келіха венецыянскае хмяльное пітво, радуючыся ў сэрцы сваім віну, сяброўству і мілай дачушцы.

— Татуся, а мяне пан Пранціш замест ангельскай песні пра ром беларускай навучыў:

Ад панядзелка да панядзелка

Дробны дождж ідзе.

Сабрала-ася бедна басота,

Ды гарэлку п’е.

Князёўна выводзіла так старанна пранізлівым галасочкам, што госці па ўсёй карчме заазіраліся, ці не трэба каму сольда кінуць. Каб сціх.

— П’ем мы гарэ-элку,

П’ем мы вішнёву,

Будзем піць віно-о.

А хто пры-ыдзе, з нас пасмяецца,

Будзем біць таго-о-о.

І пан Агалінскі зноў заперхаўся, небарака.


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

Як Аляксандр Лёднік над Венецыяй лётаў


Ягамосць Караль Радзівіл біцца ў маладосці любіў. Тут галоўнае было майстэрства з боку прыдворных — паддацца так, каб княжыч застаўся ва ўпэўненасці, што атрымаў годную вікторыю. Толькі пан Рысь, сын арганістага, калісьці ўсыпаў юнаму Каралю, калі пасварыліся ў двары нясвіжскага палаца з-за птушкі па імені паўлін. Чым, аднак, выклікаў сяброўства на ўсё жыццё.

Вось пан Гервасій Агалінскі прыхільнасць княскую страціў. Пане Каханку намагаўся не глядзець на былога альбанчыка, які застыў у нізкім паклоне побач зпанамі Вырвічам і абодвума Лёднікамі.

Венецыянскі палац нясвіжскага ардыната быў раскошны, не горш, чым на радзіме. Карцін, статуй — месца пустога на сценах няма, аж уваччу стракаціць ад антычных багінь. Князь узяў з залатога падноса цэлую жменю падсмажаных арэхаў і закінуў у рот. Тут жа клапатлівая рука лёкая паднесла пану келіх. Ясная рэч, залаты.

— Ну, дзе рог святога Юрыя, пане каханку?

Фраза гучала трохі няўцямна з-за арэхаў у княскім роце.

Радзівіл з відочным задавальненнем выслухаў план неверагоднага паветранага прадстаўлення, пакруціў у руках чарцяжы:

— Даўно я гэтых лодачнікаў не цвеліў! Давайце праз тыдзень балаган зладзьце, якраз нос падцяру пракуратару Андрэа Трону. Хто пойдзе на яго блазнаў глядзець, калі ў нас такое! Хваліўся, што пяць тысяч дукатаў на свята ў гонар свайго абрання даў, восем тысяч лір на адныя бісквіты, і ніхто яго не пераўзыдзе. Лодачнік! У іх, бачыце, законы такія, што дожам ганебна размаўляць з замежнікамі. Грэбуюць! Як ад чумы, уцякаюць! Грошай не шкадуйце, людзей наймайце не менш за сотню. Радзівіл дукатаў не лічыць! А хто ж птушкай у вас будзе?

Вочы князя гарэлі так, што было зразумела: сам гатовы паляцець, каб не камплекцыя ды не званне. Пане Каханку якраз любіў пра сябе сачыняць падобныя гісторыі: як на палове каня з бойкі ўцёк, васьміногага зайца ўпаляваў, з русалкай любошчамі займаўся, ад чаго селядцы нарадзіліся. А тут — у паветра ўзняцца!

Пан Агалінскі выпнуўся наперад, аддана ўпаў на калені на пухнаты персідскі дыван:

— Я, вашамосць, гатовы!

На фізіяноміі пана можна было смажыць аладкі. Радзівіл толькі скоса зірнуў на нявернага альбанчыка, ад чаго той скіс, як забытае на сонцы малако.

— Я прыдумаў, я і выпрабую на сабе, — цвёрда заявіў Баўтрамей.

Вырвіч ведаў, што былы алхімік да гневу Саламеі ўсе свае вынаходніцтвы

на сабе выпрабоўваў. Нават самыя небяспечныя ды атрутныя. А каб жонка больш не сварылася, мусіць, апошнія гады з дапамогай Праксэды з уласнага арганізма здзекаваўся. Не дзіва, што гэтак здружыліся з асістэнткай.

— Літасціва прашу прабачыць маю дзёрзкасць, ваша княская мосць і пане-бацька, але я таксама браў удзел у прыдумцы, і я лягчэйшы, — не менш цвёрда, хоць і ветліва, заявіў Аляксандр.

Князь махнуў рукой:

— Самі вызначайцеся, каму на камяні гахнуцца. А што, пане каханку, ты ж алхімік? — светлыя вочы князя з пачырванелымі бялкамі ўтаропіліся ў доктара. — Можаш мяне ў тыглі перагнаць, а потым наноў адліць, каб я памаладзеў ды хваробаў пазбыўся?

Паспрабуй зразумей, сур’ёзна гаворыць, альбо блазнуе?

— Я пакінуў алхімічныя штудыі, як і ўсялякія магічныя заняткі, вашамосць.

Баўтрамей перахрысціўся і пачціва схіліўся, але відаць па ўсім, напяўся, гатовы зноў плаціць за свае перакананні. Старэйшы брат пана Гервасія, чыім рабом Бутрым быў, цэлы год з яго скуру лупіў, спрабуючы змусіць складаць гараскопы, да чаго ў маладосці доктар быў вялікі майстар. І дарэмна. Але Радзівіл толькі пасміхнуўся:

— Ну, тады давай лячы маю пячонку. Толькі калі, пане каханку, як іншыя мае эскулапы, запатрабуеш, каб я ні кроплі ў губу не браў, з лесвіцы паляціш без паветранага цмока.

І з крэхтам узняўся з фатэля, адпіхнуўшы рукі канфідэнтаў, што адразу пацягнуліся дапамагчы свайму сонейку.

Агляд і кансультацыя адбыліся ў княскай спальні, за зачыненымі дзвярыма. Вырвіч жа ў калідоры, пасярод дываноў і карцін з паўголымі німфамі радасна ўзважваў важкі мех з дукатамі, перададзены княскім прыдворным. Ды на такія грошы яны ўсю Венецыю ў паветра падымуць! Пан Гервасій Агалінскі, пакуль чакалі доктара, не сказаў ні слоўца. Па разгубленай фізіяноміі ясна: не можа паверыць, што князь-дабрадзей, з якім столькі келіхаў выпіта, такі з ім халодны. Алесь жа прыліп вачыма да адной з карцінаў: тры грацыі, ахутаныя празрыстымі вэлюмамі, круціліся ў манерным танцы вакол хударлявага дрэўца з рэдкімі лісцікамі. Грацыі ў параўнанні з насельніцамі іншых палотнаў былі худзенькімі, таму, мусіць, карціну, каб не абражаць густы гаспадара, сунулі між калонаў, у цень. Адна Грацыя, з мілым засяроджаным тварыкам і тонкімі рукамі, была так падобная да Праксэды.

Рэзкі боль у лытцы змусіў спыніць сузіранне. Князёўна Багінская-Агалінская ў вобразе наймалодшага Лёдніка сярдзіта лупілася, прыкусіўшы губу. А цяпер за што мілы анёлачак б’ецца?

Між тым вярнуўся старэйшы Лёднік з улюбёнай валізкай, спакойны такі, фанабэрысты. Галавой хітнуў: нармальна, маўляў, дагадзіў магнату. Але не паспела кампанія сысці, па паркетнай падлозе зацокалі абцасікі, нехта пыхкаў і сіпеў, даганяючы:

— Сіньёр датторэ!

Таўсманая метрэса, якую яны бачылі ў княскай ложы, увенчаная высокім парыком, у якім гняздзілася цэлая зграйка штучных птушак, у неверагодна аб’ёмнай белай сукенцы з карункаў і муару ўчапілася за Чорнага Доктара, быццам за самае дарагое ў жыцці. Залапатала, аддыхваючыся, ціха штось, ледзь пудра не сыпалася з пухлявых шчок. Пяшчотна пагладжвала пухленькай далікатнай ручкай доктарава плячо... Пранціш з цяжкасцю адвёў вочы ад дэкальтэ сіньёры, якое нагадвала кошык са свежаспечанымі булкамі. Урэшце пані зрабіла спробу ўпасці на калені, і Лёднік пакорліва ўздыхнуў, кінуўшы сваім:

— Пачакайце мяне, панове, на пляцы. Я мушу затрымацца.

Амерыканец праводзіў Баўтрамея не самым добрым позіркам. Пані вісла

на худым доктары, як прасцірадла на штыкеціне. Да таго ж чаканне на пранізлівым ветры, паміж двух каменных ільвоў, толькі не тых, што трэба, не самая прыемная штука. Добра, у Венецыі поўна ўсялякіх арачак, калон ды порцікаў, куды можна зашыцца. Месцічы ходзяць, нешта балбочуць. А што? Хоць Пранціш, жывучы ў Лангедоку, італьянскую трохі засвоіў, у венецыянцаў аказалася свая, разумееш, мова. Джульета ў іх «Дзульета». Ды што там!

У Венецыі нат каляндар свой! Новы год у сакавіку спраўляюць. Поўнач тут наступае, калі сонца сядае. Абы не так, як ва ўсіх.

Калі доктар нарэшце вярнуўся, Агалінскі працадзіў скрозь зубы:

— А цябе, Бутрым, усё гэтак жа цягне скакаць у ложкі радавітых чужых кабетаў.

Алесь ледзь не падскочыў ад абразлівых словаў, і ў ягоным позірку на бацьку адбілася не самае цёплае пачуццё. Бутрым не змяніўся ні рысачкай:

— Выбачайце, панства, цяжкі пацыент.

Схіліўся да Рэгінкі:

— Не змерзлі, паненка? Не аднеквайцеся, бачу — нос збялеў. У гатэлі зраблю вам адвар ад застуды, а то, як у Вене, будзеце тыдзень ляжаць у ложку з кашлем.

— Толькі салодка рабіце, пан доктар-магік! — павісла на руцэ Бутрыма Рэгінка, але Агалінскі сярдзіта адцягнуў дачку ад доктара, тая аж неўразумела заазіралася.

Ісці да гатэля трэба было праз тры крывыя мосцікі і чатыры засмечаныя пляцы. Пранціш дагнаў Бутрыма, які даўганогім чорным жоравам выдрыгваў паперадзе маўклівай кампаніі, насунуўшы на выбітны нос капялюш.

— Ты, Бутрым, або назнарок людзей цвеліш, альбо сапраўды не разумееш, як твае ўчынкі можна трактаваць, — Вырвіч раззлаваўся не на жарт. — Што за гешэфты пад княскім носам з красунькай, якая на цябе так глядзіць, быццам вырашае, ці зжэрці, ці маліцца? Ад цябе цяпер ейнай парфумай смярдзіць — і вецер не ратуе.

Лёднік рэзка павярнуўся і спыніўся, ажно пан Агалінскі, які вёў за руку дачку, ледзь у яго не ўрэзаўся, як у слуп.

— Я, спадарства, яшчэ ў юнацтве кіраваўся выслоўем, што аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных, і ніколі ні перад кім не апраўдваўся. Хочаце бачыць ува мне сусветнае зло — ваша права.

Голас гучаў халадней ветру, падобна, недавер блізкіх людзей закрануў Лёдніка больш, чым ён жадаў прызнаць.

— Вам не прыйшло ў галаву, што я найперш — доктар, і калі да мяне звяртаюцца па дапамогу, мне ўсё адно, жабрак гэта, князь альбо княская фаварытка? І ёсць такая рэч, як лекарская таямніца. Мы не распавядаем пра хваробы пацыентаў, каб пацешыць цікавасць сяброў.

— Ды якая ў такой хвароба? — выгукнуў недаверліва пан Гервасій. — Яе дупай цвікі можна забіваць.

Лёднік дакорліва перавёў позірк з пана на Рэгінку — маўляў, хіба пры малой такое рэкаць, хмыкнуў і зноў пакрочыў у напрамку гатэля, за ім пацягнулася ягоная банда.

— Калі прыгажосць патрабуе ахвяраваць здароўем — гэта ўжо не прыгажосць, — нарэшце парушыў маўчанне былы алхімік, разумеючы, што ўсе чакаюць тлумачэнняў. — Колькі я фурункулаў, што ўтварыліся ад велізарных парыкоў, залячыў! Звярталася і процьма дзяўчатак ды жанчынаў, у якіх ад тугіх гарсэтаў дэфармаваліся скабы. Былі выпадкі, калі рэбры ўпіваліся ва ўнутраныя органы. І ўжо, вядома, нармальныя цяжарнасць і роды часам былі проста немагчымыя.

— А мяне ў Багінскіх змушалі насіць гарсэт! — зараз жа абурана паскардзілася Рэгінка. — Зацягвалі так, што не ўздыхнуць!

— Дык вось, — неахвотна працягваў Лёднік, — у сіньёры Апалоніі — гэта яе сцэнічны псеўданім, праблема роўна адваротная. Але таго ж роду. Неяк яе пабачыў на сцэне пан Караль, упадабаў. Адзінае што, пабедаваў — трохі на ягоны густ худая. Іначай. Для сіньёры гэта быў бліскучы шанец. За тры тыдні паненка нагнала на сябе, можа, цэлы пуд тлушчу. Пане Каханку прыйшоў у захапленне. Асыпаў золатам, падарункамі, пасяліў у сябе. І вось два гады небарака імкнецца набраць паболей вагі і, не дай Гасподзь, не патанчэць. Не пытайцеся, якімі метадамі, і як адбілася на здароўі. Але — бяда. Княскім дактарам прызнацца баіцца ў хворасцях. Да каго звярталася таемна — рады не даюць. Пачала худнець. Вось і кінулася да мяне, начуўшыся ўсялякіх казак пра маё майстэрства. Хочаце — верце, хочаце — не.

— Я вам веру, пан доктар-магік! — заявіла Рэгінка. — І ніколі гарсэт насіць не буду! Мая пані маці не носіць, у куфры сукенкі з гарсэтамі трымае.

Вырвіч скасавурыўся: Алесь ішоў, апусціўшы галаву. Відаць было, што і сорамна за кепскія думкі пра бацьку, і прасіць прабачэння не хоча. Што ж, старэйшы Лёднік тая яшчэ паляндра. Як гэты прасталюдца ўмудраецца кіраваць ганарыстымі шляхцюкамі?

Вось, цягам тыдня, што рыхтаваліся да палёту за спадчынай Тарэла, неяк жа не пусціў пана Агалінскага ў тракцір «Грэцкі мост» — хіба не адзінае месца, дзе можна ў Венецыі выпіць добрай гарэліцы. Там працавала дванаццаць перагонных кубоў, за празрыстае шчасце з кожнага з якіх пан Рысь пану Агалінскаму паручыўся. А хіба праўдзівы шляхціц можа задаволіць душу салодзенькім кіпрскім віном, што нагадвае кампот, альбо лікёрам з пялёсткаў ружаў ды апельсінаў?

Затое нат аскетычны Лёднік не змог не прызнаць, што золата — вялікая сіла. Без княскіх дукатаў як за такі кароткі тэрмін зладзіць начны баль! П’яцэта, невялікая плошча ля Палаца Дожаў, што выходзіла на ўзбярэжную, нагадвала балота на Дзень усіх святых, калі, як вядома, запальваюцца балотныя агеньчыкі. Папяровыя ліхтарыкі, зробленыя па чарцяжах Баўтрамея сотнямі майстроў, свяціліся ў цемры прывіднымі сэрцайкамі, бо ў кожным гарэў маленечкі свяцільнік. Ліхтары былі розных памераў, адны з галуба, другія з фазана, а некалькі, з прамазанага клеем шоўку — проста гіганцкія, як карэта, да кожнага пачэпленыя смешныя лялькі ў карнавальных уборах, напханыя саломай. Адзін з такіх ліхтароў, у форме вялізнай гандолы, лунаў у некалькіх сажнях над плошчай, навязаны на канат. А на тым канаце гайдаўся Арлекін — наня­ты артыст. Ён дрыгаў рукамі і нагамі, выкрыкваў нешта смешнае, кідаўся ў публіку канфеці. А публікі! У карнавальную Венецыю з’ехалася ўся Еўропа. І паспрабуй адрозні, хто адкуль — адны Смеральдзіны, П’еро, Каламбіны, Скарамуча, Пульчынелы ў масках. Фантастычнасць дадавалі феерверкі, якія час ад часу выбухалі на плошчы, ледзь не падпальваючы паветраныя шары і людзей.

— Рыхтуйся, Алесь. — напружана прамовіў высокі Прывід, увесь захутаны ў чорнае. Маска Прывіда, альбо Баўты, была зладжаная такім чынам, што ніжняя частка адыходзіла ад твару, дазваляючы есці і піць, не здымаючы яе. А яшчэ пачварна скажала голас. Плашч Баўты развяваецца, чорны балахон захінае валасы. Самае то аблічча для Чорнага Доктара.

Алесь, таксама ў чорным, але апрануты, каб можна было зручна рухацца, трымаўся за канат яшчэ аднаго гіганцкага ліхтара ў выглядзе серабрыстай гандолы, які пагойдваўся на марскім ветры, напоўнены цёплым паветрам. Для надзейнасці на канаце была спецыяльная раменная пятля.

— Ну чаму не я палячу? Я ж самая лёгкая! — нудзела Рэгінка. Агалінскі жа час ад часу, як адвергнуты закаханы, касавурыўся на ярка асветленую ложу ў будынку Пракурацыі, насупраць Палаца Дожаў. Там красаваўся князь Радзівіл у суправаджэнні світы.

Выбухнуў чарговы феерверк, і паветраная гандола ля калоны Святога Марка пайшла наверх — рабочыя, як было дамоўлена, патроху адпускалі канат. Паколькі падымаліся адразу ўсе ліхтары на плошчы, ніхто асабліва не зважаў на цёмную фігуру пад адным з іх. Падумаеш! Вунь калі на кампанілу — званіцу сабора Святога Марка ўздымаецца на вяроўках падобная гандола з адважным венецыянцам, вось тады — відовішча! Канатаходца, што ў гэты час вытылінгвае смяротна небяспечны танец на вяроўцы паміж балконамі Палаца Дожаў і Пракурацыі, над стракатай балбатлівай безданню П’яцэты, непараўнальна больш прыцягвае позіркаў. Да таго ж ля калон тоўпілася куды менш народу: тут, бліжэй да мора, было цямней і халадней, а месца між калонамі лічылася праклятым. Там стагоддзямі каралі злачынцаў, таму праўдзівы венецыянец нізавошта не пройдзе паміж гранітнымі слупамі.

Паветраная гандола роўненька прыляпілася да спіны каменнага льва, пагойдваючыся, быццам ад здзіўлення. Вось, як дамоўлена, уніз паляцела светлая аксамітная хустачка з загорнутым у яе каменьчыкам. Цяпер канат належыць замацаваць на патрэбнай вышыні.

Старэйшы Лёднік прыўзняў маску і выцер рукавом лоб. Як жа Алесь высока. Ледзь удалося ўламаць суровага доктара, каб дазволіў рызыкнуць сыну. Вось яшчэ адна светлая плямка паляцела на брукаванку. Няўжо ўдалося дабрацца да спадчыны святога Тарэла? Падобна, так.

Цяпер хутчэй цягнуць уніз.

Выбухнула адразу некалькі феерверкаў, і раптам усе ліхтары на плошчы павольна паплылі ўверх, адпушчаныя ў чорнае венецыянскае неба. Ранавата. Мусіць, Радзівіл даў знак. Людзі загарлалі «Віват!» Нейкі чужы Арлекін, п’яна пагойдваючыся, прабягаў паўз калоны Святога Марка, заўважыў няправільнае: адзін вялізны ліхтар, замест каб узлунаць, апускаўся ўніз. Ці гэта была сапраўды п’яная недарэчнасць, ці вынік змовы — але Арлекін секануў палашом па канаце і пабег, губляючыся ў маскарадным моры. Чорны Доктар неверагодным скачком падкінуў сябе ўверх, але кончыкі пальцаў саслізнулі з абрэзанай вяроўкі.

Паветраная гандола не тое, каб адразу рынулася да зор, але ляцела дастаткова высока, каб не даць саскочыць. Вецер нёс яе ў бок пляца Сан-Марка. Баўтрамей і Пранціш кінуліся следам, расштурхваючы бязлітасна публіку. Агалінскі з Рэгінкай на плячах пёрся следам, як дрыгкант. Вырвіч краем вока заўважыў: некалькі чалавек таксама пераследавалі ліхтар. Які раптам згас, тузануўшыся. Ясна — скеміў Алесь, усё ж спрытны хлопец, у татку, дабраўся да палаючай гарэлкі, загасіў. Цяпер паветра будзе патроху астываць, шар апусціцца. Вось камусьці прываліць шчасце — цэлая гара добрага кітайскага шоўку! На ўсё жыццё хопіць насоўкі рабіць!

Між тым шчасце прывальвала за нейкі каменны плот, упрыгожаны ссохлым плюшчом. Менавіта туды, у дворык, апускаўся згаслы ліхтар з давескам у выглядзе дактаровіча. Дружны дзявочы віскат, які пачуўся з-за агароджы, змусіў Пранціша прыспешыцца. Чорны Доктар караскаўся на шурпатую сцяну ў белых плямах пабелкі, а Вырвіч штурхаў жалезную браму... Вось табе на — патрапіў Аляксандр Лёднік у адзін з дабрачынных прытулкаў для паненак пад назвай аспітале. Пра гэтыя ўстановы з захапленнем распавядаў Пранцішу пан Рысь. Тут пад прыглядам пачцівых мнішак венецыянскія паненкі вучыліся прыгожым навукам, і асабліва спяванню. Хоры выхаванак аспітале лічыліся найлепшым далікатэсам да любой урачыстасці. А для багатых сіньёраў, кшталту Радзівіла — аранжарэя юных кветачак на любы густ.

Не паспеў Алесь прызямліцца сярод паненак у цёмных манаскіх сукенках з белымі каўнерчыкамі.

— Гэта да мяне! Ай, брава, якая смеласць!

— Чаму гэта да цябе, лахудра? Гэта той малады сіньёр, які падміргваў мне ў касцёле!

— Не табе, а мне!

Алеся схапілі дзясяткі пяшчотных тонкіх ручак:

— Сіньёр, туды, туды, хавайцеся.

Гучны голас пані, якая тут, відаць, была за галоўную, дапытваўся, што за гармідар, што за смяццё валяецца пасярод двара, але юны ліцвін аказаўся засунуты ў драўляную нішу з краткамі, на шчацэ падсыхалі пацалункі.

— Гэта нейкая карнавальная штука звалілася!

— Відаць, паветраны змей, мадам!

Зноў крыкі, на гэты раз з мужчынскай лаянкай. Чорны Прывід злавесна выгукнуў:

— Алесь, ты дзе?

Дактаровіч ледзь выламіўся са скрыні, куды яго засунулі міласэрныя венецыяначкі, што не стрымалі зараз расчараваных стогнаў.

— Пан бацька, я тут!

Карціна вымалявалася, як на сцэне італьянскага тэатра. Невядома толькі, у духу Гоццы ці Гальдоні, вечных супернікаў. Відаць усё-ткі, Гоццы, прыхільніка казкі і маскі. Праз сцены лезлі іншыя персоны, хто ў касцюме Арлекіна, хто Панталонэ, на чыім хто баку, незразумела, але мэта ўсіх ясная: металёвы цыліндр, які Аляксандр Лёднік пяшчотна прыціскаў да грудзей. Іншай зброі ў пана не было.

Затое ў астатніх была.

Заліхвацкі свіст у чатыры пальцы засведчыў, што падбегла цяжкая кавалерыя ў асобе пана Агалінскага, і паненка Рэгіна заняла стратэгічна выгадную пазіцыю на версе сцяны. Ейны татухна натхнёна гарлаў:

— Пасяку, сучыя дзеці! За Літву, за Беларусь!

Але гэта была не Беларусь, а шалёная ноч венецыянскага карнавалу. Бліскалі шпагі, рапіры і шаблі, бліскалі зоры, паходні і феерверкі, бліскалі ўпрыгожванні ўбораў і масак, вішчэлі выхаванкі аспідале, то ад жаху, то ад захаплення.

— Дай сюды, сыне!

Лёднік выхапіў у Алеся здабытае ў пашчы льва Святога Марка і, як запраўскі акрабат, ускараскаўся на чарапічны навес пад абразам Маці Божай над уваходам у адзін з будынкаў аспідале. Не зважаючы на варожы вір унізе, раскруціў цыліндр, дапамагаючы нажом. Дастаў адтуль нешта светлае. Пасунуўся бліжэй да лампады, якая асвятляла абраз. Старыя паперы. Знайшоў час чытаць! Вунь сын ягоны здабыў шпагу ды б’ецца адразу з двума.

Раптам глыбокі голас звона змусіў замерці сцэну. Гэта Чорны Доктар тузануў вяроўку маленькай званіцы, зладжанай над абразом.

— Айёіге vocem Dei! Legatum Santa Torello!

У Бутрыма голас таксама быў, калі трэба, пераканаўчы ды гучны. Лёднік зняў маску Прывіда і разгарнуў папяровы світак:

— Перакладаю на лаціну. Verba Ecclesiastes filii David regis Hierusalem. Vanitas vanitatum dixit Ecclesiastes vanitas vanitatum omnia vanitas. Quid habet amplius homo de universo labore suo quod laborat sub sole, generatio praeterit et generatio advenit terra vero in aeternum stat.

Што такое? Гэта ж Эклезіяст. Біблія. «Марная марнасць, сказаў Эклезіяст, марная марнасць, — усё марнасць! Якая карысць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? Пакаленне прыходзіць, і пакаленне сыходзіць, а зямля векавечна стаіць».

— Шаноўныя прэтэндэнты на рог Ісуса Навіна, Святога Георгія, альбо што вы там сабе ўяўляеце! — гукнуў Лёднік на чысцюткай лаціне, якую Пранціш усё-ткі засвоіў, як належала пііту. — Вось гэта ён і ёсць, здабыты намі ў пашчы каменнага льва на калоне Святога Марка. Самая бясхібная, святая зброя, якая належыць усім — і нікому з зямных уладароў. Світак, няма сумніву, рарытэт. Напісаны на старагабрэйскай, магчыма, у часы, калі Госпад наш хадзіў па зямлі. Менавіта яго і атрымаў святы Тарэла ад рымскага папы Іяана Дваццаць Трэцяга.

— Што ты вярзеш? Гэта ж не труба! — выгукнуў хтось на польскай мове.

— У сімвалічным сэнсе — менавіта шафар, святы рог. Сапраўдны вернік не можа не прызнаць, што Слова Божае здольнае рушыць сцены. Амін.

Лёднік перахрысціўся, пачціва паклаў паперу і футарал ад яе перад абразом і спрытна саскочыў на зямлю. Зараз жа з дзясятак малойцаў кінуліся караскацца па святыню. Бутрым падбег да сваіх:

— Рушылі!

— Чакай, і ўсё пакінем, дзеля чаго рызыкавалі? Можа, ты, Бутрым, добра не разгледзеў, і там якісь тайнапіс? — сярдзіта азваўся расчараваны Пранціш. І Алесь падціснуў вусны. Дзеля чаго над горадам на вяроўцы боўтаўся, як балванчык?

— Што мы тут стаім ды назіраем? — раззлаваўся пан Агалінскі. — Панятоўскаму і світак ад міфічнага продка прыдаўся б!

Бутрым з горкай насмешкай паглядаў на бойку ў двары.

— Прыдаўся б. Але ведаеце што, панове. Вам ёсць справа да таго, каму зараз спадчына пустэльніка дастанецца?

Абвёў вачыма абураных спадарожнікаў.

— А мне неяк абыякава! Адзін аднога вартыя. Хай Гасподзь управіць, аб чым я і памалюся. О, вось ужо і ўправіў. Амін.

З купкі, што біліся за валоданне світкам, раздаўся расчараваны дзікі крык.

— Я ж казаў, папірусу не менш як тысяча гадоў, — меланхалічна прамовіў Лёднік. — Як ён яшчэ ў мяне ў пальцах увесь не рассыпаўся. А вось тузанулі добра — і рассыпаўся, спадарства. Пыл на вецер. І што з таго? Словы ж засталіся!

— А вось цяпер уцякаем. — змрочна прамовіў Пранціш, калі брама расчынілася, каб прапусціць гарадскую варту.

На маленькім пляцы, абкружаным шэрымі сляпымі дамамі, ліцвіны нарэшце прыпынілі бег. За імі ляцеў, на хаду здымаючы маску, шыракаплечы вусач, з тых, што біліся за шафар у двары аспідале.

— Ну, і ўчынілі вы, панове-брацці! — Пан Рысь не мог аддыхацца. — Ледзь за вамі паспяваў — то па небе леціце, то святынямі раскідваецеся.

Схіліўся, каб адперхацца.

— Праклятыя венецыянцы, кругом мора, а вады пітной няма! Толькі цэбры жалезныя, каб дажджавую ваду збіраць. Ніводнага нармальнага калодзежа ці фантана.

Адпіў са сваёй біклажкі, абцёр чорныя вусы.

— Нат не ведаю, што параіць. Я, вядома, пастараюся пана Караля суцешыць, распісаць, як Панятоўскі з трухой застаўся. І пані Апалонія дапаможа — вось жа з’явілася ў цябе прыхільніца, доктар.

Лёднік уздыхнуў:

— Усё ў волі Божай. І вам, пан Гервасій, з паннай Рэгінай — на першы ж карабель, ды ў Амерыку. У Трыбунал лепей проста ліст дашліце пра незаконнае ўдачарэнне. А мы.

Урачыста ўздзеў маску Прывіда і выгукнуў злавесна змененым голасам:

— А мы вернемся і будзем шукаць панну Праксэду!

У Алеся ажно вочы падазрона заблішчэлі. Але сентыментальнічаць яму не далі. За рукаў настойліва тузалі:

— Пан Аляксандр, а раскажыце, як вы ляцелі? Анёлаў бачылі? А можна яшчэ раз паўтарыць, каб і я з вамі паляцела?

А вакол шчэрыліся каменныя ды жалезныя львы. Ды не тыя, што верна захоўваюць святое слова, а зусім наадварот. У пашчы гэтых пачвар, што разіналіся ў сценах ля ўваходаў у важныя дзяржаўныя ўстановы ці храмы, добрасумленныя месцічы стагоддзямі кідалі даносы на сваіх суграмадзян ці падазроных прыхадняў.

Неадменна не адзін такі леў у бліжэйшы ж час праглынуў цыдулкі пільнікаў наконт блюзнерскіх дзікуноў, якія лётаюць у небе, падобна нячысцікам, б’юцца раз’юшана, лаюцца непамысна і замыслілі штось супраць вялікай марской рэспублікі і ейных уладароў.

Так што прыхадням дужа пашанцавала. Першы ж карабель у Амерыку адыходзіў усяго праз тыдзень. На гэты тыдзень перабраліся на ўсялякі выпадак у іншы гатэль, зладжаны ў былым кляштары. Мяркуючы па ўсім, тут быў ордэн флагелянтаў — дасюль на відным месцы з глыбокай пашанай дэманстраваліся прылады, з дапамогай якіх мніхі дагаджалі Госпаду: бізуны, розгі, тоўстыя вяроўкі з завязанымі вузламі, чорна-брунатныя ад бруду і, напэўна, засохлай крыві. Вырвічу так і мсціліся крыкі болю, калі клаўся ў даволі мяккі ложак, перасыпаны персідскім парашком вытворчасці Баўтрамея. Хаця вунь у Пане Каханку звычай ёсць: як прыязджае ў які кляштар, наймае самага тоўстага мніха, каб лупіў сябе ў выкупленне грахоў спачылага кумпана, пана Міхала Валадковіча. А іначай прывід Валадковіча ноччу ля ложка Пане Каханку стаіць.

Дарэчы, з Радзівілам. Прынамсі, не паслаў запраторыць у тую ж Поцы. Дужа задаволены застаўся ліхтарнай ноччу, палётам малодшага Лёдніка, ну і тым, што Цялок без рэліквіі. Яшчэ і шпегаў удалося вылічыць сярод прыдворных, якія кінуліся даганяць лётаючага ліцвіна і адбіраць у яго трубу.

Але за пару дзён перад адплыццём Агалінскіх Лёдніка ўсё-ткі выклікалі ў палац князя. Доктар прыхапіў сваю валізку і пайшоў адзін. Пранціш і Алесь змэнчыліся, чакаючы. Амерыканец змрочна дэкляраваў адкласці ад’езд, калі зноў доктара трэба будзе выцягваць са студні. І гідліва касавурыўся на маленькага кажана, якога Алесь Лёднік трымаў у далонях і няўважна дазваляў пагладжваць захопленай князёўне. Кажанчыка дактаровіч падабраў у двары аспітале (калі толькі ўмудрыўся?), і адпойваў малаком. Нельга ж гінуць жывой істоце.

Баўтрамей вярнуўся пад раніцу. У суправаджэнні двух радзівілаўскіх слуг, якія цягнулі і яго, і ягоную валізку. П’яны. Час ад часу падымаў доўгі палец угару і прамаўляў на лаціне: «Марная марнасць, і ўсё марна ў гэтым свеце». Белая маска Прывіда надавала словам значнасць і гудкасць.

Праспаўшыся, Лёднік збянтэжана буркатнуў пра магнатаў, якім немагчыма адмовіць. Значыць, усё-ткі пасядзеў з Пане Каханку за сталом. Наконт медычнай кансультацыі ўспаміны былі цьмяныя. Палез па кішэнях камзола, шукаць сваіх запісаў, і застыў са жменяй заціснутых у руцэ каштоўнасцяў, якімі былі напханыя кішэні. Залатыя ланцугі, маністы, сыкгнеты, дукаты.

Мяркуючы па ашаломленай фізіяноміі, Лёднік круціў у галаве думку: ці не зрабіўся па п’яной справе злодзеем?

З’ясавала дастаўленая цыдулка ад сіньёры Апалоніі, якую доктар учора таксама кансультаваў. Аказваецца, Пане Каханку, пабачыўшы, што нязвыклы да моцных напояў Чорны Доктар прыкладаецца галавой да стала, пашкадаваў эскулапа, якому дастаўся такі слабы арганізм, загадаў насыпаць яму ў кішэні вартую ўзнагароду і даставіць да жытла. У самалюбнага Лёдніка ажно чырвоныя плямы на бледных шчоках загарэліся, калі ўявіў, як спаборнічалі ў жартах над ім радзівілавы нахлебнікі.

Зрабіць Лёдніка прыдворным доктарам Радзівіл, аднак, не наважыўся. Сказаў, пабойваецца занадта вучонага слугі. Дый калі той піць не ўмее, яшчэ і пацыента адвучыць!

А вось яшчэ што паведамляла пышная Апалонія. Для Пане Каханку ўжо тры іерыхонскія трубы даставілі! А чаму не, калі князь хоча? Адну, якую здабылі нібыта проста з рук нябожчыка Тарэла, Пане Каханку выпрабаваў тут жа, за балявальным сталом. Праўда, паколькі доктар гэтага не чуў скрозь гарэлачны туман, іерыхонская труба аказалася слабаватая.

На прычале доўга абдымаліся. Рэгінка цмокнула ў шчаку і пана доктара магіка, і Пранціша. Пан Агалінскі пачырванелыя вочы выціраў. Хаця незразумела было, наколькі тыя слёзы выклікала расстанне са старымі сябрамі, а наколькі — венецыянская гарэліца, да якой альбанчык усё-ткі дабраўся.

Пан Гервасій быў душою ўжо не тут. Ён ірваўся да бяспутнай, але каханай жоначкі, а па-другое — ваяваць з «англічашкамі» за вольнасць Амерыкі.

Рэгінка, у якой у кішэні сядзеў выпрашаны напярэдадні ў дактаровіча кажанчык, нарэшце звярнула ўвагу на Алеся:

— Пан Аляксандр, чакаю вас праз шэсць гадоў.

Паненка цырымонна прысела ў рэверансе, што трохі недарэчна выглядала ў нагавіцах. Алесь разгубіўся:

— З якой нагоды, вашамосць?

— Ну як жа, мне будзе шаснаццаць... Мае заручыны са Штакельбергам нядзейсныя, паколькі адбыліся без згоды майго пана-бацькі. Я буду вас чакаць, каб з вамі заручыцца.

Паненка глядзела ясным блакітным позіркам — яна ж распавядала абсалютова зразумелыя і неабвержныя рэчы.

Першым адмёр пан Гервасій. Тузануў дачушку за руку:

— Мы з табой пра гэта пазней пагаворым, вавёрачка.

І ледзь не бегма рушыў па хісткіх сходнях на карабель пад назвай «Каламбета», цягнучы за сабой усмешлівую вавёрачку з кажаном у кішэні і злосна зыркаючы цераз плячо на старэйшага Лёдніка.

І ўсе іерыхонскія трубы не маглі зруйнаваць той нябачнай сцяны, што зараз раздзеліць герояў.


РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ

У горадзе Пацучынага караля


Па шэрай брукаванцы гулка цокалі капыты трох коней, рудога, гнядога ды варанога.

Каб яшчэ чацвёртага дадаць, дык гасцей мястэчка маглі прыняць за вершнікаў Апакаліпсіса.

Не таму, што выглядалі надта страшна — не, звычайныя стамлёныя вандроўнікі. Блакітнавокі ладны дзяцюк, задумлівы чарнавокі юнак, такі ж чарнавокі сталы мужчына, хударлявы і ўладны, хіба што троху злавесны.

Проста мястэчка само нібыта чакала канца свету. Яшчэ не зусім звечарэла, а вузкія вуліцы пустыя, як дзіравы цэбар.

Вершаліны гор, што аточваюць горад, у тумане. Голыя дрэвы не могуць схаваць за шатамі панылыя краявіды, а снегу яшчэ няма. Дакладней, ёсць, але напалам з дажджом, адна макрыня ад яго. Цяжкія цёмныя аканіцы на вокнах зачыненыя. Не крычаць тачыльшчыкі і вугальшчыкі, не пяюць аматары карчомкі, не сакочуць дробныя падшыванцы. Ды што там, нават сабакі не брэшуць! Там-сям ляпае малаток, грукочуць самотныя калёсы. Быццам вялізны механізм гэтага нямецкага гарадка заржавеў, але асобныя шасцярэнькі ўсё яшчэ трохі, па звычцы, круцяцца. Вось на вострай званіцы — нібы дзіда ўпіваецца ў нізкія аблокі — ударыў звон. Раз, другі, трэці, чацвёрты.

Раптам штосьці шэрае імкліва і бязгучна праслізнула ўпоперак вуліцы, быццам якісь лядашцік ці гуменнік. І знікла ці ў чорнай адтуліне вадасцёку, ці ў акенцы падвала.

— Пацукі. — грэбліва прамовіў блакітнавокі. — Ужо трэці раз дарогу перабягаюць. Страшна ўявіць, што ў іхнім пастаялым двары робіцца. Можа, ну яго, гэты гарадок, паспеем даехаць да больш прыветнага?

Старэйшы вершнік, захутаны ледзь не да носа ў прыкупленую ў нейкім мястэчку шэрую бурку, незадаволена хмыкнуў.

— Ну, гэта ж ты ў ранішняй карчомцы за півам з маракамі засядзеўся, вось і парушылі планы.

— Маракі цікава распавядалі, пан-бацька, — заступіўся чарнавокі юнак. — Пра Новую Зеландыю. Яны туды з капітанам Кукам плавалі, там сапраўдныя цмокі жывуць, толькі маленькія. Лішнія паўгадзіны нічога б не змянілі.

— Тады і наяўнасць пацукоў хай вас не бянтэжыць, — прабуркатаў старэйшы. — Усё роўна гарадскую браму ўжо замкнулі — і чаго так рана? Г алоўнае — каб эпідэміі тут якой не назіралася. Дзе паганыя гэтыя пацукі — там і пошасць, і гразюка.

— Пацукі не паганыя, — тут жа азваўся юнак, быццам яго самога пакрыўдзілі. — Яны дужа разумныя, вельмі цікавыя істоты.

Ну каму ж ведаць, як не малодшаму Лёдніку, хмыкнуў пра сябе Пранціш. Помніцца, калі жылі ў Ліёне, шкаляр Аляксандр у шкляной скрынцы цэлае пацучынае сямейства год трымаў. Пакуль прыслуга нібыта выпадкова гэтую клятую скрыню не пабіла.

Але ў гатэлі з трыма залатымі жалудамі на шыльдзе, калі і былі пацукі, гразюкі не відаць. Зусім наадварот: усё такое чысценькае, нашараванае, адпрасаванае, як на вяселле. Ці паховіны. Парцалянавыя кубачкі з пастушкамі, фіранкі з коцікамі (а жывых катоў нідзе тут не бачылі, як і сабак!). На сценах талеркі з прыгожа намаляванымі казачнымі домікамі. І твары гаспадара і гаспадыні нібыта вымытыя і адпрасаваныя: круглыя, белыя і ўсмешлівыя. Праўда, усмешкі здаваліся прыклеенымі, бо вадзяніста-блакітныя вочы гаспадароў, вядома, іх звалі Ганс і Грэтхен, нагадвалі здохлую рыбу. Кожнаму госцю прапанавалі асобны пакой, з печкай, аблямаванай вясёлай белай кафляй з сінімі караблікамі, ложак з пуховай пярынай і балдахінам, з якога прыдзірлівы Баўтрамей Лёднік так і не вытрас ніводнага клапа. Гасціннасць была зразумелая: трое ліцвінаў апынуліся адзінымі пастаяльцамі ў «Трох жалудах».

— ...Тры жалуды на цабэрак —

Будзе смак не бядак.

Доўгі цэбараў шэраг

Я абыходжу вось так.

Горкім будзе пітво, будзе пітво... —

напяваў Пранціш, сумуючы па шляхецкай вясёлай кампаніі, сардэчнай беларускай музыцы і мілай радзіме, чаго тут не мелася. Замест піва ім прапанавалі гарачае чырвонае віно з цынамонам. І каўбаскі. Аж сквірчэлі тыя каўбаскі на парцалянавых бялюткіх талерках, прыспешваючы: «З’еш мяне, галодны падарожны!» І залацістыя, яшчэ цёплыя крэндзелі, пасыпаныя дробнымі зернейкамі чароўнай расліны «сезам».

А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба беларускія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць.

Не, каб проста радаваўся віну і каўбаскам, і што ўдасца пераначаваць у цяпле і спакоі.

Але спакойна выспацца не ўдалося.

Пасярод ночы гасцей пабудзіў адчайны дзіцячы плач. Дзіця крычала, задыхалася. А вось і ўстрывожана-роспачныя галасы дарослых на першым паверсе.

Пранціш вызірнуў у калідор: Лёднік са сваёй валізкай збягаў па драўлянай лесвіцы, засцеленай доўгім вязаным дыванком.

Калі Пранціш і Алесь далучыліся да Бутрыма, той стаяў перад Гансам. Нямчук у памятай кашулі і скураной камізэльцы загароджваў дзверы. Цяпер круглы твар гаспадара быў не проста абыякавы, а безнадзейны. Але пускаць гасцей туды, дзе чуўся дзіцячы крык і жаночы плач, гатэльшчык адмаўляўся вельмі рашуча. Нават злосна.

Дарэмна Лёднік на добрай нямецкай мове тлумачыў, што ён — доктар, дэманстраваў лекарскія інструменты з валізкі. Дэкляраваў, што не возьме грошай за лячэнне хворага.

Пры поглядзе на ланцэты і трубкі на абліччы немца з’явілася праўдзівая нянавісць з дамешкам жаху. Плач дзіцяці ўсё слабеў, перарываўся. Твар гаспадара рабіўся ўсё больш адчайны, а адносіны да гасцей — усё больш зласлівымі. Калі Лёднік, страціўшы цярпенне, паспрабаваў прабіцца да хворага гвалтам, Г анс наставіў на доктара доўгі нож, а ў дзвярах за ягонай спінай адразу ж паказалася двое, што скіравалі на гасцей даўжэзныя старасвецкія стрэльбы з пашыранымі на канцах рулямі.

Што ж, лекараў часцяком прымаюць за нячыстую сілу. Пранціш, які засвоіў нямецкую мову яшчэ ў Слуцкім замку, дзе яны з Бутрымам выдавалі сябе за замежнікаў, пачаў: яны добрыя хрысціяне, вось крыж на грудзях.

Але нічога не дапамагала. Плач дзіцяці ўсё цішэў, пасля пачаў аддаляцца, грукнулі дзверы. Падобна, хворага некуды панеслі. Твары ў тубыльцаў зрабіліся зусім ужо адчайныя, у Ганса нават слёзы паліліся. Але ён настойліва прапанаваў гасцям жэстам рукі, у якой усё сціскаў востры мясніцкі нож, падняцца ў свае пакоі.

— Гэта не ваша справа, панове. Не ўмешвайцеся. Усё ў волі Божай.

Вядома, пра тое, каб улегчыся ў ложкі, гаворка не йшла. Пранціш і Алесь занадта добра ведалі Чорнага Доктара. Бутрым нервова хадзіў ад сцяны да сцяны, стрымліваючы лаянку. Не першы раз яго не пускалі лекаваць з-за дур­ных забабонаў, альбо чужой хцівасці. А ўсведамленне, што мог бы выратаваць нечае жыццё, ды не даюць, даводзіла Бутрыма да шаленства.

— Кляты горад. Клятыя бюргеры.

— Пан-бацька, вам лепш гэта пабачыць.

Голас Алеся, які застыў перад акном, упрыгожаным фіранкамі з коцікамі, быў такі напружаны, што Пранціш і Баўтрамей зараз жа наблізіліся.

Ледзяныя мурашы прабеглі ў Вырвіча па спіне.

Па бліскучай мокрай брукаванцы, між цёмнымі пачварамі дамоў, у цьмяным святле ліхтароў і паходняў ішлі дзеці. З дзясятак, рознага ўзросту. Самаму малому, можа, годзікі чатыры. Ішлі ціха, няўклюдныя ў зімовых каптанчыках і задоўгіх футрачках, панурыўшы галовы. Перад сумнай кавалькадай ехаў вершнік на чорным кані, захутаны ў плашч з вастраверхім каптуром, і высока ўздымаў зыркую паходню. Такія ж вершнікі ехалі за дзецьмі. Пранцішу падалося, што ў цёмных прагалах вокнаў, не зачыненых шыбамі, мільгаюць белыя плямы спалоханых твараў.

Працэсія рушыла некуды ўверх, у цэнтр горада, дзе ўразаўся чорнай крыгай у неба гмах галоўнага храма і свяціліся чырванню і смарагдам вузкія вітражныя вокны высокага палаца з вежамі.

— Што гэта? — непаслухмянымі вуснамі прамовіў Алесь. — Таемны рытуал? Злачынства? Гандаль дзецьмі?

Пранціш не мог адарваць вачэй ад жудасных агнёў, што паўзлі па вуліцы.

— Вы ўпэўненыя, што гэты горад называецца не Гамельн?

Бутрым недаўменна зірнуў на сябра.

— Не, Гамельн — у Саксоніі, а мы ў Баварыі. У Норнбергу. А гэта ты да чаго?

Вырвіч нервова фыркнуў, не адрываючы вачэй ад маленькіх фігурак, што знікалі ў начы.

— Адразу відаць, што акрамя сваіх колбаў нічым не цікавішся. Літаратуру трэба чытаць, доктар. Легенда такая ёсць — у горадзе Гамельне развялося пацукоў. У магістрат з’явіўся падазроны малойца, падобны з выгляду да цябе, Бутрым. Дэкляраваў знішчыць пацукоў за добрую аплату. І знішчыў. Зайграў на дудачцы, і ўсе пацукі рушылі за ім. Завёў жывёлак у мора. А людзі яму не заплацілі. Пацукалоў пагразіўся адпомсціцца. І з дапамогай сваёй дудачкі звёў з горада ўсіх дзяцей. Іх ніколі больш не бачылі.

— Глупства. — прамармытаў доктар, учапіўшыся рукой за падаконне.

Добра, што з імі няма малой гарэзніцы Рэгінкі. А то яшчэ ў якуюсь страшную гісторыю ўлезла б, не ўсачылі б.

— Пан-бацька, мы пойдзем ратаваць гэтых дзяцей? — з надзеяй спытаў Алесь. Бутрым, прыкусіўшы губу, пакруціў галавою.

— Месцічы ясна заявілі, гэта не наша справа. Мы ж не ведаем, што насамрэч адбываецца. Няхай яно мне вельмі не падабаецца. Па няведанні можна нарабіць большай бяды.

Уздыхнуў цяжка.

— Ну вось што ты, Алесь, будзеш рабіць, калі пабачыш, што хтосьці ўганяе ў горла мне ці пану Пранцішу шыла?

— Заб’ю нягодніка! — рашуча адказаў Аляксандр.

— Вось і мяне аднойчы так... Ледзь не забілі.

Баўтрамей тужліва глядзеў услед жудкай працэсіі.

— Рабіў трахеатамію дзіцяці, якое задыхалася — належала ўставіць металёвую трубачку ў гартань. Бацька хворага вырашыў, што я таго забіваю. Не даў правесці аперацыю. Гэта было ў альпійскай вёсцы. Мясцовага дыялекту я не ведаў, мяне таксама не разумелі. Я ацалеў. Дзіця памерла. Што назаўсёды пазбавіла мяне ад звычкі судзіць па першым поглядзе. Самі бачыце — на дапамогу ніхто не кліча. Ну, і дудачкі чароўнай не чуваць.

Рэшту ночы ўсё-ткі падрамалі. Вырвічу сніліся вялізныя пацукі. Шчэрылі пашчы з вострымі металёвымі зубамі. Зубы шчоўкалі.

А не, гэта не зубы. Разбуджаны святлом бляклай раніцы, што прабілася скрозь фіранкі і намаляваных коцікаў, Пранціш усвядоміў: пастуквае на варыўні песцік у ступцы альбо малаток, якім адбіваюць мяса. У Баварыі добра ўмеюць смажыць мяса. Нават пах далятае спакусны. І тое, што ўбачылася ў цемры, здаецца блёкатам.

І гаспадары «Трох жалудоў» усё гэтак жа прыклеена ўсміхаюцца. Каб не пачырванелыя вочы ў абаіх сужэнцаў, можна паверыць у сон. Ды фраў не ў бялюткім каптуры, як учора, а ў юлёвым.

Сняданак падалі сытны, а на пытанні адказваць адмаўляліся. І самі гаспадары, і прыслуга — дзябёлая дзявіца з косамі-абаранкамі, і змрочны руды мужык з вадзяністымі запалымі вачыма. Гэта ж ён ноччу настаўляў на гасцей стрэльбу, паскуднік!

Затрымлівацца ў непрыветным месцы не хацелася ні на хвілю. Коней, на шчасце, дагледзелі добра, хоць Пранціш чакаў якой падлянкі, кшталту сырога сена і падрэзанай вупражы. І вось тры вершнікі ад’ехаліся ад «Трох жалудоў» у тым самым напрамку, у якім ноччу рушыла прывідная кавалькада. На вуліцах там-сям паказваліся людзі, насустрач праехаў воз, гружаны вуглем. Але зноў — ні дзяцей, ні сабак, ні котак. Толькі шэрыя цені мільгаюць у падваротнях, ды белыя плямы абліччаў у вокнах.

Вароты аднаго з дамоў, падобнага да іншых, як пернік да астатніх пернікаў на каляднай ёлцы, з жаласным рыпам расчыніліся. Двое мужчын моўчкі вынеслі скрыню з накінутай на яе прасціной, узвалілі на калёсы.

— Ды калі ж гэта скончыцца! Божа, пакарай герцага Рутгера!

Жаночы крык з расчыненай брамы, і адтуль жа — задыхлівы плач дзіцяці. Лёднік не вытрымаў, саскочыў з каня:

— Панове, я — доктар. Мяне завуць Баўтрамей Лёднік. Я неаднойчы дапамагаў падчас пошасці. Дазвольце дапамагчы і цяпер.

Пранціш не паспеў затрымаць Баўтрамея, што вечна ўлазіў у непрыемнасці, і зараз мог толькі насцярожана паглядаць па баках, не выпускаючы дзяржальна шаблі. Старэйшы мужчына ў скураной шапцы, насунутай на лоб, са змрочным, зарослым шчэццем тварам, моўчкі зіркнуў на няпрошанага памагатага. Але выбегла кабета, з-пад каптура выбіваліся неахайна светлыя пасмы.

— Міхель, гэта трэба спыніць! Калі гер доктар хоча дапамагчы.

— Магда, замаўчы! Ты ведаеш, што зробіць герцаг Рутгер... — з пакутай прамовіў мужык, відаць, ейны сужэнец, прымацоўваючы вяроўкамі скрыню да калёс.

— Ды хай хоць заб’е! Лепш, чым цярпець! Пацукі гэтыя, начныя набегі па дзяцей. — вызверылася жанчына. — Вы тут, у гэтым гарадку паміж гор, будзеце сядзець у рондалі, пакуль вада не згатуецца, і з-пад накрыўкі нос не высунеце. А я — са Славакіі, са Святога Юра, мае землякі могуць у нос любо­му герцагу даць.

У гаворцы кабеты і праўда адчуваўся нетутэйшы акцэнт.

— А што толку, калі мы ўсё адно праклятыя. — тужліва прамармытаў маладзейшы месціч, відаць, брат старэйшага: аднолькавыя квадратныя лбы, густыя насупленыя бровы, скошанае падбароддзе. — Усе мы рукі пацукам падстаўлялі.

Лёднік, скарыстаўшыся тым, што мужчыны ля калёс завагаліся, рашуча ссунуў прасціну са скрыні:

— Дазвольце мне зірнуць. Я вызначу хваробу.

Жанчына кіўнула. Яе худы бледны твар быў такі ўладны, што старэйшы мужчына прыўзняў накрыўкускрыні. Пранціш здагадваўся, што там убачыць, таму адвярнуўся. Алесь толькі коратка глянуў. Лёднік праз нейкую хвілю вынес вердыкт:

— Воспа. Але нейкая нетыповая. Можна мне агледзець таго, хто хворы? У вас жа нехта яшчэ захварэў у доме, так?

Браты перазірнуліся, замармыталі неўразумелае:

— Нам забаронена. Герцаг Рутгер кажа, гэта цяпер не хвароба. Гэта выпрабаванне. Ён выратаваў нас ад пошасці з дапамогай жалезнага пацука. Гасподзь забірае тых, хто не вытрымаў... Гэта неабходныя ахвяры. Калі не ўмешвацца, Анхель можа ачуняць... Пачні лекаваць, памрэ...

Фраў Магда нецярпліва прыкрыкнула:

— Сціхніце. Толькі здольныя паўтараць чужыя словы, — перавяла запалыя вочы на Лёдніка. — Тут, у труне, падмайстрык, Гюнтэр. Небарака-сіротка, хай анёлы яго праводзяць у самае лепшае месца... І наш сын, Анхель, захварэў. Не ўбераглі. Казала — трэба адправіць дзетак з горада. А іх абодвух да жалезнага пацука павялі. Знак ставіць.

Што да чаго?

Жанчына павагалася і адцягнула рукаў на левай руцэ. На перадплеччы вылучаліся чырвоныя прыпухлыя шнары, сапраўды, як ад двух зубоў.

— У нас ва ўсіх у горадзе такі знак. Хто не хацеў прымаць — тых войскі герцага з горада выганялі. А выгнанцы амаль усе паміралі ад заразы.

Вось чаму тут так пуста.

Лёднік нахіліўся, уважліва пакратаў шнар. Прыкусіў губу... Павярнуўся да Пранціша і Алеся:

— Вось што, не варта вам са мной у дом заходзіць. З пошасцю не жартуюць. Заставайцеся тут, на вуліцы.

І рушыў у дзверы са сваёй валізай і сужэнцамі-гаспадарамі. Алесь хацеў быў з упартасці адправіцца за бацькам, але Пранціш, пералавіўшы ўмольны позірк Бутрыма, утрымаў юнака. І на вуліцы вусцішна. Маленькая труна на калёсах, змрочны ціхі гарадок, згублены паміж гор, страшная хвароба, злавесны герцаг, пацукі.

А вось, дарэчы, і яны. Бягуць па вуліцы шэрай гайнёй, быццам цячэ штосьці агіднае, атрутнае. Коні зафыркалі, шарахнуліся. Добра, Алесь спрытна перахапіў цуглі, супакоіў. Маладзейшы месціч, які застаўся ля калёсаў, ажно збялеў і пачаў нешта мармытаць, прыціснуўшы рукі да грудзей. Вырвіч прыслухаўся:

— Гер Рутгер, мы не хацелі... Гер Рутгер, прабачце.. Гэта ўсё яны. Чужынцы.

Падобна, небарака верыў, што пацукі ўсё дакладуць гаспадару горада.

Паскудная зграя ўладна праімчала пасярэдзіне вуліцы. Раптам Алесь, выпусціўшы коней, зрабіў імклівы рух, кінуўся на брукаванку. І ўстаў, падымаючы за загрывак пацука памерам з котку. Пачвара агідна верашчала і выкручвалася. Але малодшы Лёднік неяк дужа спрытна трымаў яе, не даючы ні ўкусіць, ні вырвацца. І яшчэ ласкава прыгаворваў, зазіраючы ў чырвоныя жудасныя вочы:

— Ціха, ціха, маленькі. Я цябе не пакрыўджу. Толькі пагляджу і адпушчу. Добра, маленькі?

Вырвіч словы пагубляў. Хаця не першы раз бачыў, як Аляксандр з дзяцінства ўпраўляецца з усялякай жывой гідкасцю. Толькі хто ж на ўсякую блазноту дзіцячую ўвагу звяртае? Паляваць хлапец не любіў, проста не мог стрэліць ні ў дзіка, ні ў лася, ні ў курапатку. Пранціш заўважыў — адмыслова хібіў. У чалавека вось — здаралася, раніў на полі бойкі. Ваяр жа расце! Каня самага наравістага Алесь мог супакоіць. Ну і што? Вырвіч сам яго такому вучыў. Вунь адзін з князёў Загорскіх неяк у карчме пад Нясвіжам хваліўся, што ў іх родзе ўменне перадаецца ў спадчыну — утаймоўваць поглядам нават ашалелых коней і сабак. Праўда, князь быў добра глыкнуўшы. А малодшы Лёднік, бывала, з крумкачом ці голубам на руцэ стаіць... Нібы размаўляе. Тады адпусціць. Блазнота... Але цяпер Вырвіч упершыню падумаў — ці не такім чынам праяўляецца ў хлапцы спадчынная магія? Вось і зараз — пацук неяк абмяк у руках захопніка, склаўшы лапкі, дазваляе сябе гладзіць, пакорліва расціскае сківіцы.

А вось яшчэ страшней — уся зграя за сваім чальцом вярнулася. Гатовыя кінуцца, павіскваюць, але стаяць ля ног Алеся нерухома, лупяцца. А велізарныя ж якія. Хвасты доўгія, голыя, з тры пальцы таўшчынёй. Вырвіч ледзь стрымліваў коней і ваніты, і мімаволі пачаў мармытаць:

— Хай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго, і няхай бягуць ад аблічча Яго тыя, хто ненавідзіць Яго...

А вось месціч зусім ашалеў. Вочы вырачыў, укленчыў, ледзь не лбом у брукаванку б’е. І ўвесь трасецца:

— Я не ведаў. Я не ведаў, што пан таксама Пацучыны Кароль. Не забірайце майго пляменніка. Хопіць з вас Гюнтэра.

Невядома, што прыйшло б яшчэ ў галаву пераляканаму баварцу, але малодшы Лёднік ласкава паказытаў ружовы жывот пачваркі і асцярожна апусціў на брукаванку. Статак адразу развярнуўся і плітануў прэч. Быццам смецце ветрам садзьмула.

— Незвычайныя пацукі, — задумліва прамовіў Алесь, акуратна выціраючы рукі хусткай, якая пахла ядлоўцам — Бутрым сам такія рыхтаваў, у настоі вымачваючы, і змушаў сямейных мець з сабою, каб заразу адганяць. — Я гэткіх разумных яшчэ не сустракаў. І будова сківіцаў адметная. Не зусім да грызуноў падобна. Хутчэй — драпежнікі. Быццам нешта сярэдняе паміж пацуком і сабакам.

Алесь схаваў хустку, падышоў да ўстрывожаных коней, пагладзіў па пысах. Тыя адразу супакоіліся. Вырвіч пракаўтнуў сліну і ўважліва ўгледзеўся ў хлапца, якога дагэтуль успрымаў такім вось... дадаткам да ўсемагутнага старэйшага Лёдніка.

— Ты што, размаўляеш з імі? З... пацукамі ды астатнімі?

Алесь неўразумела прыўзняў бровы.

— Ну якія размовы, дзядзька Пранціш. Я проста адчуваю жывёлаў. Не ведаю, як гэта апісаць. Часам мне здаецца, што я магу іх змусіць рабіць, што захачу. Але бацька заўсёды забараняў мне такія эксперыменты. Кажа — грэх. Таму — проста адчуваю. Звычайна — усё проста. Боязь, голад, злосць... А ў тутэйшых пацукоў — амаль як у чалавека. Мноства розных пачуццяў, якія мяняюцца, быццам вада цячэ.

Між тым Чорны Доктар выйшаў на вуліцу, выціраючы рукі ядлоўцавай хусткай. За ім паказалася кабета са Святога Юра. Яна нават спрабавала ўсміхнуцца і дзякавала, дзякавала. Дзіцячага плачу не чулася.

Калі ліцвіны ўселіся на коней і трохі ад’ехаліся ад дома, і грукат колаў за іх спінамі засведчыў, што маленькую труну павезлі ў апошні шлях, Бутрым змрочна паведаміў:

— Я адразу здагадаўся, што гэта за пацучыныя ўкусы. А ўсе таямніцы, рытуалы — вынік гульні не вельмі здаровага на галаву і вельмі жорсткага чалавека. Які, можа, кіруецца лепшымі пабуджэннямі. Я не супраць быў бы паглядзець на гэтага герцага Рутгера. І задаць яму пару пытанняў.

— Дык што за знакі ў іх на руках? — нецярпліва прыспешыў Пранціш. Але адказу не атрымаў: жаданне Лёдніка пазнаёміцца з клятым герцагам, падобна, спраўджвалася на вачах. Таму што па вуліцы ім насустрач скакалі вершнікі. Блішчэлі нагруднікі, кальчужныя панцыры і металёвыя шапкі з вузкімі брылямі, падобныя да місак, напагатове былі арбалеты, пістолі і рапіры.

Тое, што герцаг запрашае гасцей горада ў госці, прагучала так, што незразумела: адразу іх у сутарэнні запратораць, альбо яшчэ дазволяць штось сказаць у апраўданне.

Калі працэсія рушыла, Бутрым устрывожана заазіраўся цераз плячо, прасіпеў скрозь зубы:

— Хоць бы нашых знаёмцаў не зачапілі.

Трывога была не дарэмнай: двое жаўнераў адарваліся ад атрада і адправіліся ўслед за сумнымі калёсамі, якія везлі маленькую труну.

Між тым паказалася ратушная плошча. Круглая, нібыта вялізны цыркуль папрацаваў. Брукаванка чысценькая, здаецца, ніколі на ёй ніхто не паміраў. На фоне далёкіх сівых гор — вялізны цёмны гмах храма, не касцёл, кірха. Ніякіх табе статуй і абразоў, цагляныя сцены з вастраверхімі вокнамі. Калі стаць побач і паглядзець на дах — галава закруціцца, нібыта бязлітасны карабель зараз на цябе наплыве. Дамкі, што абкружалі плошчу, здаваліся ў параўнанні з храмам цацачнымі. Акрамя аднаго, які стаяў яшчэ вышэй, на ўзгорку. Палац за высокімі жалезнымі карункамі агароджы. Чырвоная цэгла, вузкія вітражныя вокны, якія ноччу так злавесна свяціліся, чарапічны дах з вострымі схіламі, некалькі вежаў, увенчаных вострымі шпілямі. На браме герб — на чорным фоне срэбная рука з узнятым кароткім мячом.

Ледзь не пад капытамі коней прабеглі пацукі — яны кіраваліся туды ж, у будынак з вежамі. Як там мармытаў мужык — Пацучыны Кароль?

Праехалі па прысадзе між каржакаватых дрэў, падобных да троляў, чые доўгія валасы сталі дыбара. Перад акаванымі жалезам дзвярмі палаца ўсе спешыліся. І дзверы расчыніліся нібыта самі па сабе. Ні лёкаяў, ні варты. Адзін з герцагскіх жаўнераў, з пабітым воспай грубым тварам — быццам калода, на якой сякуць дровы, жэстам паказаў вязням: заходзьце, маўляў. Дзіўна, і зброю не аднялі. І праводзіць не пайшлі, з нейкім багавейлівым пострахам пазіраючы на ўваход у логвішча Пацучынага Караля.

Бутрым паправіў шаблю, задраў нос і рашуча ўзняўся па высокіх мармуровых прыступках, якія за стагоддзі нібыта выгнуліся ўніз, расталі ад шматлікіх крокаў. За Чорным Доктарам насцярожана падняліся Пранціш і Алесь.


РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

Як Вырвіч даведаўся, што мае варыяляцыю


У палацы было цёмна, так што спатрэбіўся час, каб вочы прывыклі да паўзмроку. Між тым дзверы зачыніліся з лязгатам, і зноў — ні лёкаяў, ні варты. Толькі знутры дома чуўся гук, быццам заводзілі вялізны гадзіннік.

І раптам — голас. Не па-чалавечы гучны і нейкі нежыццёвы, быццам сыходзіў з нутра жалезнага волата.

— Рады вітаць вас, шаноўныя госці! Праходзьце ў маё сціплае жытло. Зараз вас праводзіць мой слуга.

Самі па сабе загарэліся лямпы, асвяціўшы вялізную залу з белымі калонамі і падлогай з шэрых маруровых плітаў. Ні мэблі, ні карцін. Затое шмат жалезных палосаў, прымацаваных на столі, на падлозе, паміж калонаў на ўзроўні паловы чалавечага росту. Палосы з барознамі ў іх выгіналіся, перапляталіся. Нібыта нейкаму дзіцяці далі срэбны аловак і лінейку, і ён бязладна пакрэсліў малюнак інтэр’ера.

Праўда, Вырвіч засумняваўся ў сваёй здольнасці рабіць лагічныя высновы. З паўзмроку да іх ехаў Жалезны Чалавек. Ён нагадваў пустыя рыцарскія латы — бо з проразяў на месцы вачэй глядзела пустэча. Пранціш ажно адступіў на крок назад і скасавурыўся на Лёднікаў. А тыя абодва прагна скіравалі на пачвару насы, цёмныя вочы гарэлі цікавасцю і захапленнем.

Пачвара спынілася якраз перад гасцямі, нібыта дакладна ведала, што робіць. Рукі, палязгваючы ў суставах, варухнуліся ў запрашальным жэсце. Затым страшыдла спрытна развярнулася на адным месцы і плаўна рушыла назад. Госці пакорліва адправіліся следам. Нічога сабе праважатыя тут!

Пранціш нарэшце зразумеў, пра што шэпчуцца Лёднікі, тыцкаючы пальцамі ў падлогу: Жалезны Чалавек ехаў па адной з жалезных палосаў, устаўленых у мармуровыя пліты.

Вырвіч з палёгкай выдыхнуў: чыстая механіка, ніякай магіі! І нават раззлаваўся на сябе за баязлівасць. Знайшоў чаго палохацца! Хіба колькі год таму ён не бачыў лялькі-аўтамата па імені Пандора, якую пакінуў Лёдніку ў спадчыну вялікі гетман Міхал Казімір Рыбанька? Хіба Пранціш не дапамагаў уласнаручна наладжваць тую Пандору, якая ўмела маляваць, круціць галавой і вачыма, нават нібыта дыхала! А ўнутры — адны шасцярэнькі ды падважнікі.

У пакоі за наступнымі дзвярыма з’явілася мэбля — шафы з кнігамі, вялізныя, да столі. А яшчэ — дзясяткі гэткіх жа Жалезных Людзей, якія выстраіліся нерухомымі шэрагамі ўздоўж металёвых палосаў. У аднаго на выцягнутых руках быў паднос са шклянкамі і графінам, і у другога — стос кніг. А вунь тыя, здаецца, узброеныя... Так, трымаюць штосьці падобнае да палашоў. Востра заточаныя з абодвух бакоў палосы. З такім ахоўнікам біцца, напэўна, як з ветраком.

Між тым жалезны лёкай правёў яшчэ за адны дзверы, якія бязгучна адчыніліся пры набліжэнні гасцей. І тыя нарэшце ўбачылі звычайнага чалавека.

Ну як звычайнага.

У прынцыпе, у яго было два вокі, два вухі, нос, рот, рукі. Толькі галава неяк дзіўна сплюснутая з бакоў, так што твар здаецца занадта вузкім і доўгім, а светлыя вочы занадта блізка пастаўленыя. Акуратны напудраны парык, цёмны сурдут, кашуля без мора карункаў, строгі белы каўнер. Так мог быць апрануты прафесар на лекцыі. Стол, за якім ён сядзеў, на першы погляд нагадваў звычайны. Але металёвая стальніца была ўся ўторканая маленькімі стрыжнямі, нібыта цацачныя жаўнерчыкі чакалі рашучай баталіі.

Тонкія вусны чалавека расцягнуліся ў ветлай усмешцы:

— Доктар Лёднік! Даўно марыў з вамі пазнаёміцца! Не прапускаю вашы артыкулы ні ў Лейпцыгскім навуковым часопісе, ні ў Сарбонскім альманаху. Асабліва на медыцынскія тэмы. Ах, якая была ваша выдатная манаграфія пра функцыі мозгу! Праўда, за пару год да вас гэтую тэму першым падняў ваш зямляк. Як яго. Завойскі, Заройскі? Але ў яго столькі грубых памылак.

А пасля ён яшчэ і сам спалохаўся ўласных адкрыццяў. Так непрыгожа — вас звінаваціў, што вы яго падманулі ілжывымі тэорыямі. Прагрэсіўная грамадскасць тады вельмі ўзрушылася. А вы — усё абгрунтавалі, ідэю абаранілі.

Вырвіч ведаў, пра што гаворка: некалькі год таму, каб выратаваць Саламею ад паклёпу, Лёднік аддаў свае напрацоўкі аднаму прадажнаму менскаму доктару, які жадаў праславіцца. А той скарыстацца толкам не змог.

— Але дазвольце прадставіцца.

Чалавек, не ўстаючы, пакланіўся, зусім не цырымонна, так, па-сяброўску:

— Фрыдрых фон Рутгер, герцаг. Уладар гэтага горада. Як вам спадабаліся мае слугі?

Сплюснуты герцаг з гонарам абвёў рукой пакой, потым тузануў некалькі стрыжняў на стале. За спінамі гасцей пачуўся ляскат. Ліцвіны паспешліва расступіліся, і па жалезнай паласе да гаспадара пад’ехаў слуга-аўтамат. На руках у яго жаўцеў стос часопісаў. Іх дапамог перакласці на стол, аднак, не яшчэ адзін аўтамат, а чалавек. Праўда, страхалюдны, здаровы, як вол, з чорнай барадой і перабітым носам. Адна рука ў спадара была па локаць жалезнай, але пальцы паслухмяна згіналіся і выпростваліся.

— Дзякуй, Гуга. Гэта мой паплечнік і памагаты, Гуга Рыфэншталь. Ён выдатны інжынер!

Мяркуючы па знешнасці, той Рыфэншталь быў хутчэй наймітам-забойцам.

— Але што ж я такі няветлы. Нават сесці не прапанаваў гасцям, — хітравата прамовіў герцаг, хуценька пакруціў стрыжань на стале, і да наведнікаў па тых жа металёвых палосах пад’ехалі крэслы без абіўкі, з чорнага простага дрэва. Пазёр! А яшчэ Вырвіча крыўдзіла, што з іх траіх гаспадар заўважае толькі Бутрыма.

— Дзякую за гасціннасць, ваша светласць, — у голасе Лёдніка, які ўсеўся ў крэсла, як на трон, удзячнасці было не болей, чым у каменнай голай багіні — сораму. — Дазвольце прадставіць маіх спадарожнікаў. Гэта мой сябар, шляхціц старажытнага роду, ягамосць Пранціш Вырвіч герба Гіпацэнтаўр.

Пранціш моўчкі пакланіўся, пастараўшыся зрабіць гэта як мага больш фанабэрыста — не звык нашчадак Палямона быць дадаткам да сына полацкага гарбара!

— Гэта мой сын Аляксандр Лёднік, студэнт Віленскай акадэміі.

Алесь таксама пакланіўся, але герцаг на яго нават не зірнуў.

— Мы ў вашых уладаннях з’явіліся выпадкова, праездам на радзіму. Таму просім прабачэння, калі мімаволі парушылі якіясь мясцовыя традыцыі. Тым не менш, — у голас Чорнага Доктара дадалося металу, — хацелася б тое-сёе з’ясаваць. Напрыклад, чаму вашы падданыя нічога не ведаюць пра аперацыю, якая над імі праведзеная, і чаму вы не дазваляеце лячыць іх ад наступстваў той аперацыі. Без усякага сумніву, прагрэсіўнай.

Фон Рутгер нат не паморшчыўся ад такога нахабства, наадварот — расплыўся ва ўсмешцы:

— Так я і ведаў, што вы ацэніце, гер Лёднік! Мне дужа не хапае ў гэтай глухмені адукаваных людзей! Не паверыце, даводзіцца да самых змрочных забабонаў звяртацца, каб прыўнесці прагрэс гэтаму быдлу.

Як Бутрым не любіў падобнага стаўлення да простага люду. Вось загаварыў, як быццам змусілі лекцыю чытаць п’яным студэнтам:

— Варыяляцыя — добрае пачынанне. У Францыі яе шырока практыкуюць, у Рыме, у Даніі. Французскі кароль апрабаваў на сабе, і расейская імператрыца над сабой загадала тое ўчыніць, дзеля прыкладу падданым. Але вы ж павінны разумець: метад пакуль недасканалы.

І патлумачыў, павярнуўшыся да спадарожнікаў:

— Гэта сродак абараніцца ад воспы, вы ж чулі неаднойчы, я сам яго прапагандаваў. У драпіны прыўносяць змесціва воспенных пухіркоў ад кароў, чалавек захворвае, але лёгка. А потым ужо ніколі не заразіцца. Праблема — пасля штучнага заражэння ён можа захварэць наўсур’ёз.

— Абсалютна так, гер Лёднік! — заківаў сплюснутай галавой герцаг Рутгер. — На жаль, гэта неабходныя ахвяры ў барацьбе з пошасцю. І вы не можаце ўявіць, як я намучыўся, пераадольваючы супраціў сваіх неадукаваных падданых!

Пацучыны Кароль пяшчотна пагладзіў стос часопісаў, якія ляжалі на краі стальніцы.

— Я ўсю маладосць патраціў на тое, каб набыць адукацыю. Вучыўся ў лепшых універсітэтах Еўропы, зразумела, пад чужым імем, бо герцаг Рут­гер — згадзіцеся, занадта грувастка для студыёзуса. Авалодаў самымі найноўшымі методыкамі. І вось вярнуўся сюды пасля смерці бацькі. І хто я тут? Ніхто.

Герцаг кіўнуў Рыфэншталю, і той акуратна вывез з-за стала крэсла, на якім сядзеў гаспадар. Ногі, што бяссіла звісалі, былі непрапарцыянальна малыя і тонкія, мыскі чорных бліскучых чаравікаў глядзелі адзін на аднаго. Ясна было, што хадзіць Пацучыны Кароль не мог ніколі.

— Мяне не прымалі ўсур’ёз. Але, панове, у мяне мелася мэта, — светлыя вочы запалалі фанатычным агнём. — У мяне было дастаткова грошай і розуму, каб стаць сапраўдным уладаром. І я гэтага дасягнуў.

— На сённяшні дзень яго светласць самы багаты і ўплывовы чалавек у Баварыі, — важка прамовіў нечакана тонкім голасам Рыфэншталь. — Ніхто не наважваецца аспрэчыць ягоныя загады і нанесці яму шкоду.

— Я ўсяго толькі хацеў прынесці на сваю радзіму прагрэс, — сціпла ўдакладніў герцаг. Але відаць было, як яго распірае ад гонару. — І калі я даведаўся, што ўсё наваколле Норнберга ахоплена пошасцю, і вось-вось воспа прабярэцца за гарадскія муры, вырашыў — час дзейнічаць. Вядома, без маіх бравых ландскнехтаў я б рады не даў.

Герцаг правёў тонкім пальцам па бледных вуснах.

— Давялося прыдумаць прыгожую і страшную легенду. Людзі ішлі, каб прыняць укус жалезнага пацука. Я з дапамогай Рыфэншталя сканструяваў адмысловы аўтамат, каб уводзіць патрэбнае рэчыва пад скуру. Вядома, быў супраціў.

Вынаходнік насупіўся, успамінаючы, відаць, не вельмі прыемныя рэчы.

— Дурныя людзі ўцякалі, хавалі дзяцей, высылалі іх з горада.

— І вы дасюль забіраеце дзяцей для варыяляцыі гвалтам? — саркастычна прамовіў Лёднік.

— Дзеля іх жа карысці, — не зважыў на сарказм герцаг.

— Чаму ж не дазваляеце лячыць тых, хто захварэў? Гараваць па памерлых? Чаму людзі ладзяць пахаванні ледзь не таемна?

Баўтрамей чамусь не спяшаўся захапляцца сваім паплечнікам у прагрэсіўнай медыцыне.

— Мае падданыя павінны ўсвядоміць, як ім пашчасціла жыць у маіх уладаннях! — ганарыста ўскінуў галаву фон Рутгер. — Яны мусяць радавацца падоранаму мною жыццю, старанна працаваць, дзякаваць свайму мудраму пану і не траціць сілы на бескарысны смутак. Прырода сама ачышчаецца ад няўдалых асобін. Я ўпэўнены, што тыя, хто не пераносіць варыяляцыю, слабыя, і дадуць слабых нашчадкаў, і лепш гэтую нітку абрэзаць, каб у агульнай тканіне не атрымалася вузялкоў і дзірак.

Рыфэншталь усёй сваёй злавеснай фізіяноміяй выказваў падтрымку гаспадару. Нібыта не заўважаў, наколькі словы асуджэння цялеснай недасканаласці двухсэнсоўна гучаць з вуснаў калекі. Лёднік, аднак, не змаўчаў:

— Выбачайце, ваша светласць, але я ведаю шмат выпадкаў, калі цялесныя недахопы аніяк не адбіваліся на бліскучым розуме і высокай маральнасці. Хіба вы самі — не прыклад таго, што магутны інтэлект можа пераадолець любую фізічную слабасць? Наадварот — той, хто ідзе да мэты праз супраціў сваіх слабасцяў, робіцца больш моцным, больш вартым і мудрым. І дазвольце нагадаць, што ў вачах Госпада мы ўсе — роўныя, нас розняць толькі грахі і духоўныя подзвігі.

Пацучыны Кароль нахмурыўся:

— Пра магутны інтэлект і мудрасць вы, гер Лёднік, адгадалі. Наконт роўнага права на жыццё... Выбачайце, нават сяляне праполваюць свае грады.

Баўтрамей аж вочы заплюшчыў, каб супакоіцца і не палезці ў небяспечную і бескарысную спрэчку пра каштоўнасць кожнага жыцця.

— Ваша светласць, вы, як навуковец, мусілі фіксаваць вынікі доследаў. Як шмат памірала з сотні прышчэпленых?

Лёднік гаварыў скрозь зубы, твар ягоны збялеў.

— Не больш за трыццаць чалавек з сотні. Добры вынік!

Герцаг відавочна не бачыў нічога кепскага ў тым, што тварыў.

— Пры звычайным захворванні воспай я магу дабіцца такога ж адсотку выздараўлення, — холадна заўважыў Бутрым. — Вы мусіце ўдасканаліць вакцыну!

— Я правяраў яе на сабе, і вынік атрымаўся добры, — герцаг, відаць, пачаў раздражняцца адсутнасцю энтузіязму з боку вучонага калегі. — Я зусім нядоўга знаходзіўся ў гарачцы, і ўтварылася ўсяго дзве язвачкі. Маёй малодшай сястры пашанцавала менш. Яна выявілася слабой, няздатнай да працягу роду. Мне было горка, але я паставіўся да яе смерці, як да неабходнасці. Але, вядома, я не спрачаюся, што ўсё падлягае прагрэсу і ўдасканаленню.

— Ваша светласць, а як вы ўдасканалілі пацукоў?

Гэта азваўся Алесь. Вельмі ў час, дарэчы — лепш было перавесці на іншае размову, якая пачала распальвацца, як сунутая ў агонь качарга. Герцаг нарэшце засяродзіў позірк на малодшым госці, нібыта вырашаючы, ці варты ён размовы. Аляксандр зараз жа з усёй цырымоннай ветлівасцю, якую апошнім часам пачаў забываць, на чысцюткай нямецкай мове распавёў пра сваю цікавасць да натуральных навукаў і эксперыменты над жывёламі, і што менавіта адметнага ён пабачыў у пацуках Норнберга. Пачынаючы з будовы сківіцаў. Так вучона гаварыў, што Вырвіч ледзь не пазяхнуў. А вось фон Рутгеру спадабалася.

— Ну што ж, не магу не задаволіць запыт такога таленавітага маладога чалавека!

Крэсла герцага, як высветлілася, магло ехаць і само, у ім з шоргатам круціліся хітрыя механізмы, фон Рутгер толькі падважнікі на падлакотніках тузаў. У госці да пацукоў, ад чаго Пранціш з задавальненнем адмовіўся б, ішлі ў левае крыло палаца, у прыбудову, падобную да вялізнага куратніка. Мноства драўляных загончыкаў, у якіх за драцяной сеткай сядзелі пачваркі. Былы менскі суддзя намагаўся на іх не глядзець. Яны агідна вішчэлі, аж увушшу закладала, і кідаліся на загародкі, і вочы іх гарэлі чырвонай нянавісцю і пагрозай. Загрызуць, дай волю, і костак не пакінуць.

Старэйшы Лёднік, хоць і слухаў тлумачэнні ўважліва, не выказваў палкага захаплення. У адрозненне ад сына. Падобна, два аматары жывой гідкасці знайшлі адзін аднаго. Герцаг адным сваім словам супакоіў гадаванцаў і давай распавядаць удзячнаму слухачу. Як прыйшоў да высновы: менавіта пацукі, мышы ды іншыя жывёлы, што аціраюцца побач з чалавекам, разносяць заразу. А лепшы спосаб перамагчы любую навалу — зрабіцца яе ўладаром. Пацука, стварэнне хітрае і жывучае, лепш за ўсё можа знішчыць пацук, толькі яшчэ больш хітры і жывучы. Грошай у фон Рутгера было нямерана, пацукоў яму налавілі, хоць у бочках засольвай. Так што перш чым змагацца з воспай, герцаг прыводзіў падданых у жах і по страх, ствараючы ў палацы свае аўтаматы, а паралельна — выводзячы новую пароду пацукоў. Паслухмяных яму, як сабакі. Якія заўсёды вярталіся ў сваю родную, скажам так, стайню. Дзе іх чакала смачная ежа і адмысловы напой, ад якога яны весяліліся і засыналі. Ну зусім як мужыкоў прывабліваюць карчомкай. Г адаванцы герцага сапраўды знішчылі ўсіх сваіх дзікіх суродзічаў. А заадно мышэй, катоў, сабак і любую іншую жыўнасць.

Застрашыць удалося. Горад лічыў герцага Пацучыным Каралём, а пацукоў — ягонымі шпегамі. Хаця нашто былі шпегаўскія паслугі жывёлак, калі ўсе месцічы адзін на аднаго даносілі? Тыя, хто выжыў пасля прышчэпкі ад воспы, пардон, прыняцця рытуальнага ўкусу Жалезнага Пацука, лічылі сябе звязанымі з гаспадаром містычным чынам і былі адданыя яму тым болей, што ім даставалася маёмасць суседзяў, выгнаных за непаслушэнства, памерлых ад хваробы альбо збеглых.

Скардзіцца не было каму. Курфюсту Баварскаму фон Рутгеры не падпарадкоўваліся — іх маленечкае герцагства лічылася асобнай дзяржавай, якое не з’ядалі таму ж, чаму выплёўваюць атрутную ягаду. Галоўны пастар Норнберга быў пасвечаны ў таемства прышчэпак і цалкам іх ухваляў. А калі чаго не ўхваляў, напрыклад, пацучыных жахалак, дык мудра маўчаў.

Пранціш і Бутрым сустракаліся позіркамі і змрачнелі. Не дай Гасподзь жыць у такім прагрэсе.

— Дазвольце мне, ваша светласць, бліжэй пазнаёміцца з вашымі цудоўнымі жывёлкамі! Ніколі не бачыў настолькі разумных.

Герцаг паблажліва ўсміхнуўся на просьбу юнака.

— Яны слухаюцца толькі мяне. Ну і некалькіх давераных слуг, якія за імі даглядаюць. Укусяць.

Аляксандр пасміхнуўся, прысеў перад клеткай, працягнуў даланю ўшчыльную да драцянай сеткі. Адразу некалькі тлустых пацукоў падбегла. Але не сталі кідацца, абнюхвалі пяшчотна працягнутую руку, варушачы сівымі вусамі. Герцаг відавочна здзівіўся, кіўнуў галавой.

Адзін са слуг, у чорнай ліўрэі са срэбнымі галунамі, што нагадвалі пацучыныя хвасты, прыадчыніў дзверцу. Алесь тут жа падхапіў двух страшыдлак на рукі, пачаў размаўляць з гэтымі. галахвостымі, сівавусымі, чырванавокімі. Цьху! Падобна, герцаг ажно прыраўнаваў, бо свіснуў, і адзін пацук адразу ж ускараскаўся яму на калені, і замілавана жмурыўся, калі яго пагладжвала гаспадарская рука. А вось другі пацук гэтак жа песціўся на руках у Аляксандра Лёдніка.

— Я думаў, толькі я валодаю такім уменнем. — павольна, нібыта не жадаючы прызнавацца, прамовіў фон Рутгер. — Ваш сын, гер Лёднік, незвычайны малады чалавек. Я ведаю, што вы — магутны маг і слынны алхімік. Цяпер бачу, што сын успадчынніў вашы здольнасці, толькі чамусьці не ўмее імі карыстацца.

— Не! — Баўтрамей ажно кулакі сціснуў ад гневу. — Вы памыляецеся. У маім сыне няма нічога ад той грахоўнай сілы. І не тлуміце яму галаву. Ён проста любіць жывёл. Калі што і пераняў ад мяне — дык прагу да навукі.

Герцаг прыўзняў бровы, і ягоны сплюснуты твар страшэнна прыпадобніўся пацучынай мордзе.

— Вось як. Цікавая сітуацыя. Што ж, дарагія госці, давайце працягнем размову ў больш зручным месцы, за абедзенным сталом. Можаце ўзяць вашага маленькага сябра з сабой, гер Аляксандр!

Малодшы Лёднік радасна прыціснуў да сябе агідную жывёлку.

Абедзенны стол быў доўгі, як Рэйн. Па правую руку ад герцага частка стальніцы блішчэла металам і тапырылася стрыжнямі. Крышталёвыя грані келіхаў ззялі, быццам горны лёд. Жалезныя лёкаі стаялі ўздоўж сцен, зусім як калекцыя рыцарскіх лат. Продкі-Рутгеры фанабэрыста пазіралі з партрэтаў светлымі запалымі вачыма. Ва ўсіх былі выцягнутыя твары, хоць і не такія сплюснутыя, як у іх нашчадка.

— У мяне цікавая прапанова да вас, гер Аляксандр і гер Баўтрамеюс, — ветліва прагаварыў герцаг, падымаючы келіх з залацістым напоем. — Ваш сын, гер Лёднік, мусіць застацца са мной. У мяне няма нашчадкаў, а Аляксандр — той рэдкі выпадак, калі я магу перадаць камусьці справу жыцця, і яна прадоўжыцца.

Рыфэншталь, які сядзеў справа ад герцага, ажно перакрывіўся ад гэтых слоў, і ягоная жалезная рука нібыта сама па сабе пачала сціскацца-расціскацца. Пацучыны кароль натхнёна ўсміхаўся:

— Малады чалавек атрымае найлепшую адукацыю. Для ягоных навуковых эксперыментаў зладзяцца ўсе ўмовы. Ён навучыцца выкарыстоўваць на карысць прагрэсу тыя здольнасці, якія вы, доктар, у сыне чамусьці адмаўляеце.

— Нізавошта! — Баўтрамей кінуў на стол двухзубы срэбны відэлец, якім беспаспяхова калупаў запечаную ў белай падліве рыбу. Павярнуўся да Алеся і перайшоў на беларускую мову:

— Дакукарэкаўся! Я табе колькі разоў казаў — не шукай таннай славы, не здзіўляй усялякімі штукарствамі!

— Ну так, толькі табе гэта дазваляецца! — пацук, які прыгрэўся на каленях Алеся, высунуў над сталом агідную пысу і засычэў у бок таго, хто крыўдзіў ягонага ўладара. Малодшы Лёднік не на жарт усхадзіўся. — Ты нам усё забараняеш! Мне нельга размаўляць з жывёламі, пані-маці нельга лекарскай практыкай займацца, панне Праксэдзе. Панне Праксэдзе ты таксама свет засціў.

— Сабе я забараняю куды больш, сыне, — старэйшы Лёднік намагаўся трымацца спакойна. — Таму маю права патрабаваць таго ж.

— Не маеш права! Я ўвогуле народжаны ў іншай сям’і, і меў іншае прозвішча!

Алесь выкрыкнуў і сам спалохаўся. Тым больш бацька тузануўся, як ад удару. Вырвіч толькі галавой пакруціў.

— А ну, сціхніце! Што адзін, што другі! Адно слова, Лёднікі, толькі і ўмеюць, што ў ямы ўлазіць! Знайшлі калі адносіны высвятляць. Ты, смаркач. — павярнуўся да Алеся, які напяўся ад суровага тону дзядзькі Пранціша. — То Ланцэлота з сябе строіш, то парушаеш усе шляхецкія звычаі, на роднага бацьку, які цябе гадаваў і песціў, голас павышаеш! Мой пан-бацька цябе б ужо на дыванку расклаў ды бізуноў усыпаў. Ды Баўтрамей за тое, каб цябе добры пан Гервасій Агалінскі не саслаў, як бастарда, у якую вёску, сваё жыццё заклаў, пакляўся, што дасць сябе да смерці засцябаць. Шчасце, Гервасій перадумаў. Хаця можаш зірнуць як-небудзь на бацькаву спіну.

— Вырвіч, хопіць! — паспрабаваў спыніць спавядальню за стал ом Пацучынага Караля Бутрым, але Вырвіча да пячонак дастала гэтае дурное сямейнае варагаванне. Далібог, бадаюцца бацька і сын, як два падлеткі.

— Хочаш ведаць, як ты жыццё атрымаў? У вязніцы, дзе сустрэліся здратаваны раб і няшчасная жонка ўладара. Яе, тваю маці, за гэта забіў ейны ж муж. Каб не Бутрым, ты рос бы ў ганьбе. Задаволены? Цяпер усё ведаеш?

Алесь сядзеў, апусціўшы вочы, і прыгнечана маўчаў. Пацук лашчыўся да яго, нібыта ўсё разумеў і хацеў суцешыць. Старэйшы Лёднік страціў увесь запал і моўчкі панурыўся. Герцаг нават з некаторай весялосцю назіраў за спрэчкай паміж гасцямі, падрабязнасцей якой не разбіраў, бо не валодаў беларускай мовай, але асноўны сэнс, відаць, цяміў.

— Ну што, малады чалавек, наважвайцеся! Прымайце маё апякунства. Тут вас зразумеюць.

Пранціш зноў павярнуўся да хлапца.

— Вось, Аляксандр, шанец. Можаш змяніць паходжанне, паселішся ў герцагскім палацы, навучышся нацкоўваць пацукоў на месцічаў.

Бутрым не зрабіў спробу запярэчыць. Не перавёў позірк на сына. Толькі вусны сціснуў, быццам рыхтаваўся сцярпець вялікі боль.

— Бачыш, у цябе воля выбару.

Пранціш, праўда, не ведаў, што зараз прыйдзе ў галаву раззлаванаму і пакрыўджанаму недарасцю.

Алесь прыціснуў да сябе пацука, рашуча ўзняўся.

— Ваша светласць, я ўдзячны вам за такую ганаровую прапанову. Але я яе няварты. Я. не такога высокага паходжання, каб увайсці ў дом слаўных герцагаў Рутгераў. Акрамя таго. — голас юнака набраў сілу. — Я люблю сваю радзіму і сваю сям’ю і нізавошта ад іх не адракуся. І ў мяне ёсць нявыкананы шляхецкі абавязак.

Трошкі пафасу — улюбёная сармацкая прыправа. Герцаг перастаў усміхацца.

— Я разумею, малады чалавек, што на вас уплывае прысутнасць бацькі. Але ён нічога не зможа зрабіць насуперак, паверце. Тут адзіны закон — маё слова.

Герцаг тузануў нейкі падважнічак, у сценах расчынілася мноства дзвярэй, і паміж жалезнымі слугамі паўсталі цалкам жывыя, але такія ж пагрозныя і закаваныя ў латы, з арбалетамі і палашамі.

— Я магу адорваць і караць, дарыць жыццё і забіраць. Апошні раз прашу: падумай! Пад маім кіраўніцтвам ты зробішся вялікім, увойдзеш у гісторыю!

— У маёй краіны свая гісторыя, — упэўнена ўсміхнуўся Алесь, які, відаць, канчаткова адолеў спакусу. — Краіна зараз у бядзе, мы ёй патрэбныя.

Ну, гэта заўсёды было і будзе, з краінай у бядзе, няўважна падумаў на апошняе выказванне Алеся Вырвіч і з палёгкай узняўся таксама:

— Ваша светласць, у такім разе, дазвольце нам адправіцца дадому! Было вельмі цікава.

— Я не магу вас так проста адпусціць, — герцаг зноў усміхаўся, але злавесна. — Не-не, ніякіх шыбеніц, акрутных сутарэнняў і катаванняў. Мой дом — фарпост прагрэсу. Я кладу ўсе сілы, каб спыніць распаўсюджванне цяжкай хваробы. Таму з гэтага палаца ніхто не сыдзе, не прайшоўшы выратавальнай працэдуры.

— Жалезны пацук гатовы да паслугаў шаноўных гасцей! — тут жа азваўся Гуга Рыфэншаль, які, падобна, быў вельмі ўзрадаваны, што ў гаспадара не з’явіцца падапечны, патэнцыйны спадчыннік.

— Але, ваша светласць, вакцына яшчэ недасканалая. — паспрабаваў запярэчыць Лёднік, герцаг толькі нахмурыўся:

— Яна выконвае тое, што павінна. І вы таксама выканаеце тое, што павінны. Ну, гер Лёднік, вы ж самі прагрэсіст.

Пад прыцэлам арбалетаў не спрачаюцца. Бутрым моўчкі закасаў рукаў камзола, прадэманстраваў левае перадплечча:

— Я ўжо зрабіў сабе такую аперацыю. Дзесяць год таму. Калі працаваў у Віленскай акадэміі.

На бледнай скуры перадплечча, прыкрашанай некалькімі тонкімі шнарамі, красаваўся белы круглы след ад паджыўшай язвачкі.

— Як вы прыўносілі рэчыва? — зацікаўлена ўдакладніў Пацучыны Кароль.

— Голка і вымачаная ў вакцыне нітка, — будзённа адказаў Бутрым, адкасваючы рукаў. — І пан Пранціш Вырвіч прайшоў варыяляцыю.

Маніць, відаць, каб герцага падмануць. Фон Рутгер пачаў быў выказваць сумніў, але Чорны Доктар загадаў Пранцішу:

— Пакажы левае плячо. Вось тут.

Пранціш нервова сарваў з сябе камзол, закасаў рукаў кашулі. На левай руцэ, вышэй локця, у яго праўда меўся невялікі шнар. Але хіба шляхціц баявыя адмеціны лічыць?

Між тым герцаг загадаў Пранцішу падысці, ледзь не ткнуўся вострым носам у руку.

— Сапраўды, след ад воспеннай язвы. Варыяляцыю пацвярджаю.

Вырвіч азірнуўся на доктара, які неяк падазрона адвёў позірк.

— Бутрым, адкуль у мяне гэтая штука на руцэ? А? Хто мне яе зрабіў?

Лёднік трохі з няёмкацю хмыкнуў.

— Я зрабіў.

Пранцішу на імгненне мову адняло.

— Чакай, ты што, заразіў мяне воспай? Калі? Нашто?

Бутрым ваяўніча натапырыўся:

— Не воспай заразіў, а ад воспы абараніў! Памятаеш, мы ў войску Касакоўскага пад Івацэвічамі затрымаліся? Ты ад нуды ды зухаватасці выклікаўся ехаць у маёнтак Жухавічы, дзе канфедэраты схавалі зброю. У маёнтку ўсе пахварэлі, таму схаванае ніхто не забіраў. Я прасіў генерала нікога не пасылаць. Альбо я сам, як доктар, паеду. Але Касакоўскі ўпёрся. Доктар, маўляў, патрэбны ў войску. А патрыёты воспы не баяцца! Я ўпрасіў толькі даць два тыдні, сказаў — хвароба стане менш заразнай. Злётаў у пару вёсак, знайшоў рэчыва для варыяляцыі, цябе з тваймі будучымі спадарожнікамі напаіў добранька. ну і. вам усім.

Вырвіч прыпомніў, што і праўда. Прыхварэў ён быў трохі разам з двума таварышамі перад паездкай у той кляты маёнтак. Лёднік адварамі адпойваў. Насіўся вакол, як квактуха, аж залішне з нагоды звычайнай застуды. Як Пранціш лічыў.

— Ах ты... — Вырвіч ажно за шаблю хацеў схапіцца, на шчасце, яна з іншай зброяй вісела на спецыяльнай падстаўцы ля ўвахода ў залу. — І згоды не спытаў! Мы ж маглі памерці!

— Яшчэ хутчэй вы, дурні зухаватыя, памерлі б, каб пацягліся ў тыя Жухавічы. І адтуль на ўсё войска заразу прынеслі б. А тлумачыць вам ды ўгаворваць. Вы ж не цверазелі і на хвілю.

Пранціш сярдзіта адвярнуўся. А Пацучыны Кароль зноў быў у гуморы.

— Вось бачыце, доктар, у нас адны і тыя ж метады. Я вельмі рады такому падабенству. А сына свайго вы таксама абаранілі ад воспы?

Лёднік кінуў на Алеся кароткі позірк:

— Зразумела.

Герцаг паківаў сплюснутай галавой.

— У такім выпадку, хацелася б пабачыць доказ.

Голас Бутрыма гучаў вельмі роўна:

— Я зрабіў гэта, калі мой сын быў малы, след ад варыяляцыі добра зажыў, яго практычна немагчыма разгледзець.

Герцаг выскаліўся, як прадчуваючы здабычу.

— Дазвольце не паверыць, гер Лёднік. Па-першае, не думаю што вы правялі працэдуру над сынам, не выпрабаваўшы на сабе. Значыць, быў ён не такі ўжо малы. Па-другое, я бачыў скуру тысяч людзей, якія перанеслі варыяляцыю, і магу разгледзець нават самы дробны след ад воспеннай болькі, і ніколі яго ні з чым не зблытаю. Геру Аляксандру проста няма чаго прад’явіць мне.

Па скамянелым твары Бутрыма Вырвіч зразумеў — так і ёсць.

— Калі я згаджуся прыняць укус Жалезнага Пацука, вы адпусціце нас з горада? — рашуча папытаўся Алесь.

— Як толькі высветліцца, што вы добра перанеслі аперацыю.

— Ад заражэння да ўтварэння пустул можа прайсці тры тыдні, — напружана прамовіў доктар.

— Вось вы і правядзеце гэты час у спецыяльна ўтворанай тут лякарні.

Фон Рутгер усміхаўся са змрачнаватай весялосцю, і мяркуючы па ўсім,

лякарня будзе моцна нагадваць турму. І ці выпусцяць іх з яе — невядома. Калі Пацучыны Кароль зажадаў пакінуць у сябе Алеся. Эх, собіла ж таму пахваліцца агульнай мовай з пацукамі.

Дарэмна Бутрым крычаў, што сам падрыхтуе расчынне для аперацыі і правядзе яе. Пацучыны Кароль толькі раззлаваўся: гер Лёднік не давярае ягонаму майстэрству? Ландскнехты трымалі арбалеты напагатове, і нават раз’ятраны Чорны Доктар разум еў, што атрымаць стралу ў грудзі — не лепшае выйсце. А каб наравісты медыкус гэта лацвей усвядоміў, яго ветліва атачылі жаўнеры.

Працэдуру варыяляцыі герцаг ператварыў у таямнічы рытуал. Можна ўявіць, як уражваліся простыя месцічы. Зацягнутае чорным аксамітам памяшканне, свечы ў высокіх кандэлябрах, срэбныя загадкавыя знакі на сценах. На пастаменце — велізарны металёвы пацук, у пашчу якога належала сунуць аголеную па локаць руку.

Што Алесь, не вагаючыся, і зрабіў.

Збялелы Бутрым вырваўся нарэшце з кола жаўнераў, падбег, схіліўся над рукой сына. На перадплеччы чырванелі дзве кроплі крыві. Як ад укусу.

— Ды не перажывай, тата, ты ж сам падобнае перанёс. І дзядзька Вырвіч. І многія ў горадзе.

У Бутрыма трэсліся рукі. Ён выпрастаўся і зірнуў у вочы герцагу.

— Калі мой сын памрэ, я вас разам з вашымі пацукамі ў пекла выпраўлю.

Герцаг і Рыфэншталь шчыра весяліліся. Інжынер нават дазволіў сабе выказацца:

— Вось і высветлілася ваша сапраўдная адданасць навуцы, гер доктар. Вы, аказваецца, забабонны і баязлівы тыпус.

А на Алеся фон Рутгер цяпер паглядаў бадай што замілавана:

— Віншую, хлопчык, ты цяпер далучыўся да нас. Упэўнены, што табе ўдасца годна перанесці выпрабаванне.

Аляксандр, на рукі якога зноў ускараскаўся пацук, пакланіўся:

— Дзякую за давер, ваша светласць. Адзіная просьба: ці нельга па дарозе да нашай лякарні зноў пабачыць вашых цудоўных звяркоў? Мяне гэта вельмі падтрымала б.

Пацучыны Кароль нават узрадваўся:

— Вось бачыш, хлопчык, цябе ўжо цягне да тваіх будучых падданых!

Ім нават зброю вярнулі. Быццам былі ўжо сваімі, і ніколі не выберуцца з клятага гарадка.

Пранціш без асаблівага задавальнення зноў апынуўся ў пацучарні. Смурод, віскат, чырвоныя вочы. Алесь, на чыім плячы паважна сядзеў пацук, як у якогась вандроўнага факіра — папугай, вельмі ўпэўнена ішоў між бясконцымі шэрагамі клетак і пра нешта ціха перагаворваўся з паскуднымі стварэннямі. Пацукі вілялі голымі, як абваранымі, хвастамі, не раўнуючы сабакі перад гаспадаром, і гэтак жа аддана спрабавалі бегчы за хлопцам, наколькі дазвалялі клеткі. А тыя клеткі рабіліся ўсё даўжэйшымі, у іх унутры з’яўляліся нейкія збудаванні, быццам ад сціплых хацін сялянаў перайшлі да дамоў мешчукоў, а тады да шляхецкіх сядзібаў.

— Тата, дзядзька Пранціш, не дайце ім мне перашкодзіць. — раптам ціха прагаварыў Алесь і рэзка выбіў клямку на апошняй з клетак, самай вялікай, у якой былі нагрувашчаныя драўляныя загародкі. Лёднік і Вырвіч, як спрактыкаваныя воі, не пачалі задаваць пытанняў і вагацца, а проста агалілі шаблі. Герцаг, які са свайго крэсла здалёк сачыў за перасоўваннямі магчымага вучня, крычаў нешта запытальна-сярдзітае.

І тут Аляксандр вылез з клеткі. З некаторай цяжкасцю.

Таму што на руках у яго сядзела...

Пранціш не мог падабраць вызначэнняў для гэтай пачвары.

Велічынёй з парсюка.

Кароткая сівая поўсць, з-пад якой прасвечваецца ружовая скура.

Цела ўсё ў складках тлушчу.

Пыса. Больш пляскатая, чым пацучыная, нібыта хтось даў у доўгі нос, і ён задраўся, сабраўся складкамі.

Вочы. Таксама большыя, чым у пацука, і не чырвоныя, а нейкія малочна-блакітныя, мутныя.

— Прыгажуня мая. Ты проста цуд. Ніколі такога хараства не бачыў.

Алесь прыгаворваў гэта на вушка пачвары, якая выглядала цалкам задаво-

ленай, і кончык яе носу час ад часу варушыўся, бы ў састарэлай паненкі, што нюхае падораную кавалерам нібыта парыжскую парфуму.

Калі княскія прыслугачы пабачылі на руках госця пачвару, знямелі, збялелі і пачалі чамусь адступаць. І пацукі замёрлі.

— Што... што гэта? — не вытрымаў Вырвіч.

— Гэта пацучыная каралева, — спакойна, але трохі задыхліва патлумачыў малодшы Лёднік, трохі расстаўляючы ногі, каб не ляснуцца са сваёй прыгажуняй. — У пацукоў, як у пчолаў, ёсць каралева. Я так і думаў, што яе трымаюць дзесь тут. А цяпер. адчыняйце ўсе клеткі. Хутчэй!

Клямкі адна за адной зляталі. Пацукі выбягалі і затаплялі калідор. І ландскнехты, і прыслуга адступалі перад гэтай арміяй, бо нават непасвечанаму было ясна: у яе новы кароль. Той, хто трымае на руках каралеву. Хоць бы яе ў начных жахах не бачыць, барані, Госпадзе.

Герцаг нешта заверашчаў, падобна, падзываючы сваіх здрадлівых гадаванцаў. І тыя закруціліся, замітусіліся, разгублена пазіраючыто на новага гаспадара, то на старога. Алесь перарывіста прамовіў:

— Герцаг перашкаджае. Я не ведаю, як імі ўсімі кіраваць. Я ніколі такога не рабіў.

Цяжка апусцілася на ягонае плячо рука бацькі, і цяжка прамаўляліся словы:

— Засяродзься, сын. Уяві, што паміж тваіх броваў распаленая кропка.

Пранціш зразумеў: Бутрым перадае тыя, таемныя, веды. Ад якіх адрокся. Якія ненавідзеў. Але не было калі за гэтым назіраць. Вырвіч перахрысціўся і адгарадзіўся шабляй ад Рыфэншталя. У адрозненне ад іншай прыслугі, пацукі таго пужалі не болей, чым хатнія куры. А вось палаш у жалезнай руцэ інжынера — гэта было трывожна. Удар. Скачок. Яшчэ ўдар. Шчасце, ніхто не страляў — відаць, герцаг баяўся забіць сваіх хвастатых гадаванцаў. Але жалезная рука адбівае лязо лепей за шчыт. Палаш зрэзаў русявыя пасмы былога менскага суддзі ля самага твару. Яшчэ трохі — і без носу мог слаўны ліцвінскі шляхціц застацца. А вось такі прыёмчык, пераняты ў Чорнага Доктара, ведаеш? Пранціш праехаўся каленьмі па засмечанай падлозе. Паранены ў бок Рыфэншталь зваліўся на пустую клетку. Па ім тут жа прабеглі пацукі, якія цяпер чулі голас толькі аднаго караля.

Алесь пёр раскормленую пацучыху-парсючыху, за ім насцярожана рушылі старэйшы Лёднік і Вырвіч, іх ахоўвала пацучынае войска. Шэрыя хвалі віравалі вакол і гатовыя былі змесці, згрысці ўсё, што перашкодзіць шляху іхняй каралевы. Людзей герцага бы пацучыным хвастом змяло. Фон Рутгер, які, відаць, усвядоміў, што ягоныя гадаванцы яго больш не слухаюцца, ад’ехаў у крэсле да дзвярэй.

— Я не памыліўся ў вас, гер Аляксандр. Яна нават мне не дазваляла ўзяць сябе на рукі. Шкада, што давядзецца вас пакараць.

Герцаг пацягнуўся да металёвага шчыта збоку ад дзвярэй, утырканага маленькімі падважнікамі. Пранціш і Бутрым не паспелі падбегчы — уладар Норнберга тузануў адзін з іх:

— Шкада, такі чалавечы матэрыял знікне!

Нешта заскрыгатала, шэрыя воі замітусіліся, але чамусь не наважваліся кінуцца наперад. Паміж герцагам і стайняй пацукоў проста з падлогі выраслі вострыя дзіды густой рашоткі, а падлога пад нагамі падазрона задрыжэла. Па задаволеным сплюснутым абліччы фон Рутгера было зразумела: бунтаўнікоў зараз чакае смерць. Пакутлівая і непрадказальная.

Але да рашоткі, расштурхаўшы нагамі пацукоў, кінуўся Лёднік. Бутрым нічога не рабіў. Ён проста стаяў і глядзеў на герцага праз краты, трохі схіліўшы галаву і напружыўшы плечы. Раптам сплюснуты твар герцага перакрывіўся, нібыта ад страшэннай напругі. Фон Рутгер неяк дзіўна тузаўся, нібыта не ў змозе адарваць руку ад падважніка. З тонкіх бледных вуснаў вырывалася падобнае да пацучынага віскату:

— Не! Не! Не! Вы не зможаце! Я мацней за вас!

Лёднік стаяў і глядзеў, па ягонай скроні кацілася кропля поту. А рука герцага, нібыта супраць волі гаспадара, павярнула бліскучы стрыжань. Вострыя дзіды схаваліся, падлога перастала дрыжэць.

— Рушылі! — прахрыпеў Бутрым.

Фон Рутгер штосьці верашчаў услед, разгойдваючыся ў адчаі ў сваім крэ­сле. Вырвічу нават шкада беднага калеку зрабілася. Пацукі здрадзілі. Прыслуга разбеглася. А металёвыя балваны — што з іх толку? Толькі здзіўляць ды палохаць.

З Норнберга выехалі, як вершнікі Апакаліпсісу. Усё жывое пахавалася. Брукаванку ўсцілаў тонкі бялюткі покрыў першага сняжку, кволага і даверлівага. А калі азірнуцца назад — толькі чорныя мокрыя камяні. Шэрае войска не пакідала за сабой і лапіку белі.

Толькі калі з вачэй зніклі вострыя дахі і муры праклятага горада, Алесь спешыўся, акуратна апусціў на зямлю сваю спадарожніцу. Пранціш адвярнуўся, каб не бачыць агіднай сцэны развітання: былы менскі суддзя нат за тысячу дукатаў не згадзіўся б гладзіць і абдымаць такую каралеву. Тая, здаецца, нават слязу пусціла з мутна-блакітнага вока.

Калі Вырвіч азірнуўся, мімаволі сплюнуў. І да канца жыцця будзе намагацца забыцца на відовішча: пацукі ўзвалілі на спіны сваю каралеву і паімчалі...

— Куды яны?

Алесь выцер рукавом лоб.

— Не ведаю дакладна. Гэта ж як пошасць. Хацеў кудысь адправіць — не прыдумаў. Відаць, вернуцца да герцага. Там ежа, там іхнія хаткі. Вось толькі слухацца яго, як раней, яны наўрад ці будуць.

Так, у зграі законы жорсткія: правадыр, якога перамаглі, назаўжды страчвае ўладу.

Між тым Бутрым кінуўся да Алеся, памацаў даланёй лоб:

— Як сябе адчуваеш? Ліхаманка ёсць? Прасвятая Барагодзіца, заступіся. Пакажы руку.

Доктар мазаў нечым смярдзючым і жоўтым руку сына і ціха шаптаў малітву святому Панцеляймону — дзякуй богу, і валізку, і іншыя рэчы знайшлі там жа, дзе і сваіх коней, рудога, гнядога ды варанога, а менавіта ў стайні герцагскага палаца. Ніхто, зразумела, не перашкаджаў, на чале пацучынага войска можна было хоць увесь палац вынесці.

Пранціш асабліва радаваўся, што ацалелі падарункі ў кайстры пры сядле: венецыянская сукенка для Дамінікі і Арлекін з парцалянавай галавой для Яначкі. Арлекін быў трохі падобны да старэйшага Лёдніка. Прынамсі, носам.

Алесь цярпліва зносіў маніпуляцыі, нясмела ўсміхнуўся:

— І ты не будзеш мяне лаяць за тое, што я ўжыў. асаблівыя ўменні?

Чорны Доктар прытуліў да сябе сына:

— Мы — тыя, хто мы ёсць, што ж за гэта лаяць. Ты нас усіх выратаваў. — Бутрым цяжка ўздыхнуў. — Проста і табе давядзецца ўсё жыццё змагацца з цёмным бокам сваёй існасці. Будзем маліцца Госпаду і старацца выбіраць шляхі не тыя, што лягчэй, а тыя, што вядуць да ратунку душы.

Падумаў і дадаў удавана весела:

— Вось ужо не ведаў, што мой сын зробіцца Пацучыным Каралём.

Алесь незадаволена скрывіўся. А доктар павярнуўся да Пранціша і хутка

прагаварыў:

— Трэба будзе адшукаць якое адасобленае жытло.

Сапраўды, воспа. Невядома чым абернецца ўкус Жалезнага Пацука. Нездарма Чорны Доктар ледзь хавае жах.

Вырвіч удыхнуў марознае паветра, у якім адкульсьці з’явіўся ледзь заўважны горкі прысмак дыму. Зусім як на роднай Беларусі. Да якой яшчэ ехаць і ехаць.


РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

Як Вырвіч з Лёднікамі ў Татрах гасцявалі


На гары Брокен часам можна пабачыць вялізную цёмную постаць з вясёлкай вакол галавы. Гару лічаць прытулкам ведзьмакоў.

Праўда, насамрэч падарожнікі бачылі той д’ябльскі прывід толькі з пэўнага месца ў гарах, і было гэта ўсяго толькі іх уласным ценем, адкінутым на аблокі.

Прынамсі, так Баўтрамей Лёднік тлумачыў, калі яны пачулі расповед спалоханага аўстрыяка ў нейкай прыдарожнай карчомцы. Вусы апавядальніка колеру саломы, з расінкамі піва варушыліся амаль як пацучыныя, і падслепаватыя вочы былі чырвоныя.

Добра, што сюды, па засыпанай снегам горнай сцяжынцы, заціснутай між соснаў, быццам белую нітку вецер заблытаў у сухім быльнягу, пацукі дакладна не дабяруцца. Хіба што ўпарты чалавек можа дапяць у гэтую хатку, за якую ледзь аблокі не чапляюцца. Не дарэмна Бутрым прыспешваў — ад’ехацца ад Норнберга як мага далей, пакуль Алеся не зваліла хвароба. Пранціш дык ужо думаў — абышлося, не захварэе. За два тыдні, што хлапец пратрымаўся, дабраліся ажно ў Каралеўства Венгерскае, да Славакіі, у Татры. Мянялі коней, наймалі экіпажы за радзівілаўскае золата. Дзякуй богу, снег лёг — а на санях самая лепшая дарога. У Чэхію совацца нельга, кажуць, там яшчэ сяляне не скончылі бунтавацца, вайна суцэльная, не адны, дык другія прыб’юць. А ў славакаў — амаль як дома, нават мова да беларускай падобная, і твары — як у Дзярэчыне альбо Валожыне. І кумпякі ў карчомцы гэткія ж на смак.

Праўда, адукаваныя людцы, зусім як у Беларусі, каб паказаць, што не з мужыкоў, намагаюцца на іншай мове гаварыць — па-чэшску ці нямецку. А мужыкі гэтак жа гаруюць, як беларускія, і кумпякі бачаць на сваім стале рэдка.

Застацца ў карчомцы ці здымным доме, калі малодшаму Лёдніку ўсё-ткі зблажэла, пабаяліся — даведаюцца, што ў аднаго з чужынцаў воспа, мірам не скончыцца. Добра, калі проста выганяць разам з хворым. А могуць і забіць як-небудзь акрутна, з рытуалам, каб пошасць не пачалася.

Вось Пранціш і парупіўся, знайшоў хацінку ў гарах, дзе ўлетку, мабыць, пастухі жывуць, а ў халады якія кантрабандысты. Бярвенні ў сценах здаровыя, печка спраўная. Дроваў — да анёльскіх сурмаў хопіць, і на двары, і ў сенцах складзеныя.

Вырвіч так высока, у гарах дык не жыў ні разу. Хоць куды бліжэй да падножжа, чым да вяршынь — вунь яны, далёка-далёка ўверсе, беллю слепяць. Але ўсё роўна напачатку аж трохі вусцішна было. Здавалася, цябе абступілі пракаветныя волаты, і вось-вось скінуць, як парушынку, наліплую на рукаў. Прыпасы сюды адмысловыя людзі дастаўляюць, носічы называюцца. Вось адзін з іх, Юрай, цягнецца зараз па белай сцежцы, падобны здалёк да мураша. Узімку, калі пастухі спускаюцца з гор, носічам працы мала. Таму і наняўся той мужык ахвотна да падазроных пастаяльцаў валакацца, нават па снезе і ветры. Застаецца спадзявацца, што не шпег.

Бутрым стаяў побач, ля акна, і праз слюдзяное цьмянае шкельца пільна ўглядаўся ў чорную кропку, якая ўпарта рухалася ўверх, у іхні прытулак. Вырвіч скасавурыўся на былога слугу. А той змяніўся да крыўднага мала за ўсе гэтыя гады. Драпежны нос, чорныя патлы звісаюць, хіба пад вачыма цёмныя кругі. Ну так, гэтыя дні, як Алесь зваліўся, Пранціш бачыў доктара ці за прыгатаваннем лекаў, ці ля ложка сына, за малітвай. Ці спаў ён калі ўвогуле?

Дый не спрыяў настрою той халодны ветрык, што прабег між старымі сябрамі. Пранціш дасюль не мог вырашыць, як ставіцца да ўчынку Бутрыма. Здаецца, і з лепшых меркаванняў той былому гаспадару саслабленую заразу ў кроў кінуў. Ад пакутлівай смерці засцярог. Але — вось так, не спытаўшы, не прызнаўшыся. Чаму ж сына свайго гэтак жа не прышчапіў ад воспы?

— Я збіраўся і Алесю зрабіць варыяляцыю. Калі-небудзь... — ціха прагаварыў Бутрым, нібы пачуў думкі Пранціша. — Не мог наважыцца. З табою вось. Змог.

Чорны Доктар пазбягаў глядзець на Вырвіча.

— Я разумею тваё абурэнне.

Трэба ж, амаль што просьба аб прабачэнні ад Лёдніка.

— Тады, у войску, я не вагаўся. Як не вагаюся падчас любых аперацый. Трэба — адпілоўваеш нагу. Трэба — трахеатамію робіш. Гэта ж неабходнасць, а не эксперыменты дзеля цікавасці. Памятаеш, у Францыі я адмовіўся рабіць аперацыі на мозгу?

Пранціш хмыкнуў. Яшчэ б не памятаць. Тады доктара завабіла Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, дзе ў сутарэннях прабівалі галовы жывым людзям, каб у мазгах пакорпацца.

— Але дзе мяжа паміж калечаннем — і прымусовым лячэннем? — Лёднік правёў доўгімі пальцамі па шурпатай шэрай сцяне. — Ведаеш, пасля таго, як пабываў у горадзе Пацучынага Караля. Я задумаўся. Ён жа, фон Рутгер гэты няшчасны, меў рацыю. Мы з ім сапраўды робім адну справу. Я марыў, каб усіх людзей прышчапляць ад страшных хваробаў. Хочуць не хочуць. Яшчэ б мыцца ўсіх прымушаць рэгулярна, насуперак забабонам. Пакоі праветрываць. Здаралася, я ў Вільні са злосці ў дамах пацыентаў шыбы разбіваў — такую задуху ўтваралі, абы холаду не напусціць, дровы зберагчы, што аж млелі з дзецьмі разам. А каб лягчэй дыхалася — пахучыя зёлкі паляць. І штось тлумачыць бескарысна. Так, у фон Рутгера рэчыва для варыяляцыі недасканалае, згубнае. А калі б удасканаліць? Каб памірала не палова пацыентаў, а адзін са ста, ці тысячы? Той адзін, што памрэ, будзе на сумленні доктара, таму што той прышчапіў яму хваробу гвалтам?

— Зразумела. — амаль злосна буркатнуў Пранціш. Бутрым уздыхнуў.

— А калі ўсё рабіць паводле згоды пацыентаў, і палова з іх ці болей пачне адмаўляцца ад прышчэпак. І гэтыя, непрышчэпленыя, памруць. Яны — на чыім сумленні, пан суддзя менскі? Зноў — таго ж доктара? Які не прымусіў, не настаяў на сваім?

Ну зноў філасофію развёў. Вырвіч раздражнёна шукаў разумных слоў. Але Лёднік сам з’ясаваў:

— Няма адзіна правільнага адказу, Вырвіч. Гэта табе наш сябар Саламон Маймон добра патлумачыў бы. Пра непаўнату свядомасці і мяжы спазнання, да якой можна набліжацца вечна, і ніколі не наблізіцца.

За спінай пачуўся стогн, і Лёднік кінуўся да ложка, накрытага аўчынамі.

— Ты як, сынок?

Алесь, аднак, не адказаў, а знайшоў вачыма Пранціша:

— Пан Вырвіч, тут ёсць люстэрка?

Пранціш не стаў сыпаць жарцікамі. Ён разумеў, чаму Аляксандр, пераадольваючы няёмкасць, звярнуўся да яго з такой, здавалася б, дзіўнай і «нямужнай» просьбай. Колькі разоў даводзілася бачыць, што воспа можа зрабіць з абліччам чалавека. Не твар, бывае — а ўзаранае поле. А хлапцу яшчэ жыць. За каханне змагацца.

Люстэрка ў дамку мелася — нейкім дзівам. У жоўтай масянжовай аправе, з доўгай ручкай, упрыгожанай выгравіраванымі кветкамі ўюнка. Можа, пакінула дзяўчына, што прыбягала на рамантычнае спатканне з пастухом — ці кантрабандыстам. За востры край аправы зачапіўся доўгі белы волас, які Вырвіч паспешліва вышмаргнуў.

Алесь паварочваў шкельца то так, то гэтак, нарэшце выдыхнуў з палёгкай. Можа, дзякуючы майстэрству старэйшага Лёдніка, можа, таму, што ўсё-ткі гэта была саслабленая зараза — воспіны ўтварыліся толькі ля левай скроні. Ужо і корачкі прысохлі. Адваляцца — не прыкмеціш.

— Можна смела ехаць за акіян да нявесты, — падбадзёрыў Вырвіч.

Абодва Лёднікі нахмурыліся. Матрыманіяльныя планы малой Агалінскай

Алесь успрымаў ледзь не з жахам, а ягоны бацька — з прыкрасцю. Досыць Агалінскія ды Багінскія з іхняй сям’і паздзекаваліся.

Хаця рудую князёўну, няхай услых і не прызнаваліся, успаміналі з сумам. Як сонейка. Шкадлівае такое, пякучае сонейка, але ж святлей ад яго было! У цяжкую хвілю свісне над вухам, ды ўсміхнецца шчарбата.

Між тым у дзверы пастукалі. Дабраўся носіч Юрай.

Хударлявы славак у аб’ёмістым кажуху, са светлымі шляхецкімі вусамі і чыстымі блакітнымі вачыма ў сетцы дробных зморшчынак на загарэлым абветраным твары няспешна выкладаў на стол у сенцах прыпасы. Носіча раней яны ў хату не пушчалі: і каб не заразіўся, і каб не пабачыў, што на ложку — хворы. Але мог і здагадацца: вось і зараз дастае з вялізнай заплечнай скураной сумкі на драўляных распорках замоўленыя Бутрымам сухія зёлкі ды аптэкарскія рэчывы.

— Як там у вас унізе, спадар Юрай? — весела ўсміхнуўся Вырвіч. — Ці ўсё ціха, ці не замяло паселішча?

Пранціш размаўляў з носічам на беларускай мове — той амаль усё разумеў, як і Вырвіч лаканічныя славацкія фразы.

Вельмі лаканічныя.

Каб Юрай жыў у антычнасці, неадменна быў бы са спартанцаў.

— Глядалі дэзерціра.

Ага, значыць, шукаюць дэзерціраў.

— Хто?

— Ваяцы.

Юрай беражліва разгортваў анучу, у якой бялеў сыр — «ашцепкі», з авечага малака. Смакоцце.

— Ваяцы? Жаўнеры, значыць. Чые? Што робяць? Схапілі каго?

Блакітныя вочы носіча гляделі ўсё гэтак жа адсланёна. У тых вачах былі

неба, горы, лес, смерць на кожнай крутой сцежцы, снег, камяні. Што ім — да людскіх звадаў?

— Кралёўскія. Задржаніе. Два завесілі.

Каб яму за словы і па цэхіну плацілі, не разбагацеў бы. Карціна вымалёўвалася страшная. Каралеўскія жаўнеры арыштоўваюць усіх, а двух небарак павесілі.

Пранціш трывожна зыркнуў на збялелага Бутрыма. Трэба было яшчэ далей ад’ехацца. Гэтыя землі зусім нядаўна належалі Польшчы — Венгрыя за нявыплату крэдытаў на вайну яшчэ тры стагоддзі таму аддала іх палякам. Але як Польшу падзялілі, дык і Татры славацкія адышлі Венгрыі, то бок — сталіся часткай Аўстра-Венгерскай імперыі. А там зараз самая вайна, навабранцаў трэба, гарматнае мяса. А вярбоўшчыкі ніколі не саромяцца. Вунь колькі год таму ў Вялікім Княстве Літоўскім быў працэс супраць полацкага шляхцюка Жабы, які расейскіх уцекачоў прадаваў у прускае войска.

— Сюды дабяруцца?

Носіч няспешна закінуў апусцелую сумку за плечы, надзеў вастраверхую лямцавую шапку. З-пад вората кажуха паказваўся вышыты яркімі кветкамі каўнер кашулі. Значыць, ёсць каму вышываць і чакаць гэтага дзівака з-пад аблокаў.

— Могуць.

Перахрысціўся, прыслухаўся.

— Не пайдзе ваяцы. Лавіна.

— Што яшчэ за лавіна?

Носіч шматзначна тыцнуў пальцам уверх, дзе над хацінкай навісалі вершаліны гор, кінуў сваё «З Богам!» і пайшоў роўнай упэўненай хадой туды, дзе, як на далані, маленькія акуратныя дамкі. Аж хочацца паперастаўляць іх, далікатна беручы пальцамі за чырвоныя чарапічныя дахі. Хіба можна паверыць, што там зараз кагосьці забіваюць, а хтось крычыць-заходзіцца плачам?

— Што значыць «лавіна», Бутрым? — трывожна перапытаў Пранціш.

— Лепш бы нам ніколі таго не даведацца, Вырвіч.

Лёднік акуратна раскладаў па збаночках зёлкі, але тонкія фанабэрыстыя вусны ягоныя былі трывожна падціснуты.

Потым абодва выйшлі на двор. Доўга ўглядаліся ў неба, такое сіняе, быццам хтось валошкамі яго забрукаваў. Белыя вершаліны гор зіхацелі над хвоямі, як дзівосныя палацы. Ціха. Ад цішыні здаецца, што марознае паветра пазвоньвае. Пахне дымам, што выцягнуўся над дахам іхняга прытулку — быццам вялізная белая лісіца спрабавала залезці праз трубу, ды засе­ла, толькі доўгі хвост угары матляецца.

— Дом вытрывае, калі што, — прасіпеў сабе пад нос Лёднік. — Не першы раз, думаю. Дый не сталі б будаваць у небяспечным месцы.

Пранціш яшчэ раз агледзеў такое спакойнае наваколле. Гэтак непрыемна шчыміла пад лыжачкай перад тым, як іх атрад пад Слонімам нечакана атакаваў раз’езд казакаў. Лёднік перахрысціўся:

— Пайшлі. Маліцца будзем.

Вырвіч пастараўся выкінуць невядомую небяспеку з галавы. Тым больш Алесь ачуньваў, можна было за кубкам гарачай яблычна-хваёвай гарбаты абмеркаваць планы.

Бутрым штосьці падлічваў, крэмзаючы ў кішэнным каляндарыку.

— Мы едзем праз Кракаў. У Ягелонскім універсітэце мяне павінна чакаць пасланне. А калі пашанцуе, і выберамся адсюль хаця б праз тыдзень — дык і з Жанам перастрэнемся.

Вырвіч нахмурыўся: што за навіны? Аказваецца, у Чорнага Доктара была дамоўленасць з сябрам і паплечнікам па гарадзенскай медычнай акадэміі Жанам Жыліберам — паспеў з ім спісацца да ад’езду ў Італію — каб падтрымліваць сувязь з Саламеяй. Француз збіраўся з канца кастрычніка да Калядаў быць у Кракаўскім універсітэце — там медычная кафедра, толькі зусім нядошлая, з адным прафесарам. Яго вялікасць Станіслаў Панятоўскі выказаў жаданне, каб і ў знакамітым Ягелонскім універсітэце медычнае навучанне падняць, так што Жыліберу загадана адправіцца на кансультацыю.

— Трэба пастарацца сустрэцца. Жан — чалавек суровы, але сумленны, справядлівасць любіць, — разважаў Баўтрамей, нервова ходзячы па пакоі.

— Яна жывая, праўда? — голас Алеся гучаў ціха і хрыпла.

— Гасподзь абароніць яе, сынок.

Абодвум не трэба было называць імя той, пра каго перажывалі. Лёднік паціснуў плячо сына і здушыў уздых. Вось жа далася вучоная панна ў знакі ім усім. Пранціш аніяк не мог даўмецца, чаму абодва да той штыкеціны прысохлі? Ну, Лёдніка, застаецца спадзявацца, адметныя разумовыя здольнасці панны цікавяць. А Алесю — нашто старэйшая ды вышэйшая?

Хаця вунь, паненка Ізабэла Флемінг з Чартарыйскіх, дык увогуле воспай у пятнаццаць гадоў перахварэла. Твар у ямінах, адно вока выцекла. На шкляное замянілі, ды яшчэ і кульгавая. А шустрая, як матавіла! І першай прыгажуняй пры каралеўскім двары лічыцца. Мужу маладому з Панятоўскім здраджвае, да былога расейскага пасла Рапніна ў ложак залезла і тым усіх Чартарыйскіх ад няміласці, а то і высылкі ў Сібір уратавала. Аднавокая Афрадыта!

Раптам увушшу пачало закладаць. Нібыта паветра згусцілася. І падлога пад нагамі — не загайдалася, затрымцела, бы нацягнутая струна.

Увогуле, здаецца, усё затрымцела.

Пранціш пракаўтнуў сліну, каб адклала вушы, і запытальна глянуў на Чорнага Доктара: ці ён што заўважыў?

Заўважыў. Хуценька збегаў да дзвярэй, праверыў, ці добра зачыненыя, вярнуўся, укленчыў ля ложка сына, вусны заварушылся ў словах малітвы. Алесь прыўзняўся:

— Тата, што адбываецца?

І тут трымценне перарасло ў шум. Цяпер Вырвіч мог уявіць пакуты цеста, якое раскатваюць на тонкі блінец. Гэтак жа накрыла нечым цяжкім і бязлітасным людзей у дамку на схіле чужой гары. Пранціш мог параўнаць тое, што адбывалася, хіба са штормам, у які яны трапілі шмат гадоў таму на шхуне «Святая Брыгіта» па дарозе ў Ангельшчыну. Казюркі ў віры.

Напачатку асобныя цяжкія ўдары па даху, быццам волаты забаўляліся, шпурляючы каменне. Затым — трэск за акном. Потым увогуле нельга было нічога разабраць, бо стала цёмна, а ўвесь іхні прытулак скалануўся.

Шум паступова сціхаў, вось і зусім знік. І ад цішы зазвінела ўвушшу.

— Гэта і была лавіна? — аблізнуў перасохлыя вусны Вырвіч, які сам не заўважыў, як апынуўся на падлозе.

— Яна. — хрыпла адказаў доктар. — Цяпер трэба праверыць, наколькі ўсё кепска.

Таму што ў хаце па-ранейшаму і ўласны палец не разгледзіш. Акно нібыта знікла. Толькі тонкі чырвоны пасак — шчыліна ў дзверцы печкі, не дае ўявіць сябе ў пекле. А можа, якраз наадварот.

Снег. Іх пахавала пад снегам! Пранціш ледзь здушыў паніку. Урэшце, ён у падземным возеры пад Туравам пабываў у жалезным зміі, падводным караблі. Толькі адна здрадлівая думка — не ўдасца пабачыць Дамініку ў венецыянскай карункавай сукенцы, што ляжыць непадалёк у куфры.

— Мы памром. Гэта ўсё з-за мяне. — здушана прамовіў Алесь.

— Не кажы глупства, сын, ты ў сваёй хваробе не вінаваты.

Бутрым, мяркуючы па гуках, мацаў шыбу.

— Пан-бацька, ты мусіш уведаць, перад тым, як мы загінем. Той пярсцёнак з надпісам «Ад Лёдніка». Гэта не падробка. Гэта я падарыў панне Брастоўскай.

Голас малодшага Лёдніка ў цемры гучаў зусім глуха.

— Цішком падкінуў у дзень яе анёла, як быў на вакацыях. А яна падумала, гэта ад цябе. Таму берагла ды на цябе паглядала. Я не прызнаваўся. І Брастоўскаму не прызнаўся. Я ўзненавідзеў цябе. Хацеў, каб цябе пакаралі. А цяпер мы памром — і на мне гэтая віна.

Вось табе на! А Вырвіч, шчыра кажучы, увесь час меркаваў, што доктар зрабіў прэзент улюбёнай асістэнтцы. Падумаеш — срэбнае ўпрыгожванне, «mea pulchra domina». Ва ўсіх свае слабасці.

— Ціха, ціха, сыне. — голас доктар трохі дрыжэў. — Я даўно здагадаўся. Але на краі, у цемры можна шмат нагаварыць, пра што будзеш пасля шкадаваць, калі выберамся.

Няўжо выберуцца? Хаця цемра за акном, здаецца, не была беспрасветнай. Так, абрысы прадметаў можна распазнаць. Пранціш схамянуўся, адагнаў нявартую шляхціца разгубленасць, і далучыўся да Бутрыма, які абследаваў дом. Дзверы не адчыняліся, як ні пхалі ўдвох.

— Заваліла. — прабуркатаў Чорны Доктар.

Найбольш цешыла, што агонь у печцы не згас, і дым не пайшоў у хату.

Парадавала іншае акенца, у сенцах, якое знаходзілася на процілеглым баку дома. Праз снег прабівалася святло, асабліва ўверсе, нібыта пад канец лавіны нацярушылася залатых сняжынак. Пакуль Лёднік думаў ды вылічваў, Пранціш з усяе шляхецкай моцы тузануў раму. У дом насыпаўся сумёт, але паказалася неба! Няхай шызаватае, у аблоках, быццам у брудных павязках — Вырвіч нічога больш прыўкраснага ў жыцці не бачыў!

Бутрым з палёгкай патлумачыў, што лавіна відавочна прайшла бокам. Праз акенца паўзверх снегу можна было разгледзець цёмныя камлі соснаў, суровых вояў, якія ў чарговы раз выстаялі, вытрывалі сцюдзёнае нашэсце.

Але вылезці аніяк не выпадала: акенца было не больш, чым у дзве далані, дый засыпанае амаль даверху. Застаецца чакаць. І далечваць Алеся. Які так і пнуўся ўстаць на ногі. І нават, гледзячы ў падлогу, папрасіў бацьку навучыць адмысловай гімнастыцы, якая спрыяе аздараўленню. У вочы Бутрыму ён цяпер намагаўся не глядзець.

Але аднойчы — давялося.

— З днём народзінаў, сыне...

Доктар працягваў Алесю нейкую кніжку.

І праўда — хлапцу ўжо сямнаццаць гадоў! Вырвіч мімаволі пачуўся такім. старым.

Алесь разгарнуў падарунак.

— «Малая падарожная кніжыца». З друкарні Францішка Скарыны. Пан-бацька, гэта ж і ёсць таксама. шафар?

— Так, Алесь, голас Божы. Знайшоў у Венецыі, у кніжнай крамцы. Нашага палачаніна друк. Хай хоць гэта табе — на памяць. Вельмі прашу — хай гэтая кніга заўсёды з табой будзе. Абяцаеш? Там радзівілаўскія бразготкі ў куфры, выберы сабе пярсцёнак які ці ланцуг, я ў гэтым не кемлю. Аграніць камень магу, змусіць змяніць колер — магу, насалоды ад знізаных пярсцёнкамі пальцаў — зразумець не магу.

— Дзякуй, пан-бацька.

Алесь пагладзіў патрэсканую скуру томіка ін-кварта, старонкі якога пакарабаціліся так, быццам іх гвалтам спынілі ў час уцёкаў з-пад вокладкі. Твар хлапца ў водсвеце агню, які сярдзіта варушыўся ў печцы, здаваўся старэйшым, і таму быў надзвычай падобны да бацькавага. Ну хіба нос трохі менш дзюбаты, а вочы не такія суворыя.

— Ты дастаткова падарыў мне.

Алесь уздыхнуў перарывіста, быццам страшэнна хваляваўся.

— Кажуць, малое дзіця нічога не памятае. А я вось. Памятаю, як нехта носіць мяне на плячах, вакол — бліскучыя трубы. У самую вялікую мне даюць паглядзець. У чарнаце ззяюць кропкі. Нехта кажа — гэта зоры. А я пытаюся, ці нельга іх дастаць. Потым памятаю, як — тану. Халодная вада, смярдзючая, цяжкая, заліваецца ў рот, у вушы. І страшна крычыць нехта побач — не чалавек. Коні. І мне так шкада — не сябе, а гэтых коней...

Потым памятаю — мяне нясе на руках жанчына ў белым каптуры, адпускае, і я бягу да высокага чорнага чалавека, аголенага па пояс. Ён хапае мяне на рукі, прыціскае да сябе. Мне так добра. Спакойна. У мужчыны на плячах кроў. А ён гаворыць — «Называй мяне тата».

Трэба ж... Так і было. Лёднік, прафесар Віленскай акадэміі, таемна бачыўся з малым сынам, насіў яго на астранамічную вежу. Потым Алесь ледзь не патануў у карэце, якая трапіла ў дрыгву, яго выратаваў дзядзька, пан Агалінскі. І вырашыў разам з жонкай — абвесціць, што дзіця загінула, і аддаць сапраўднаму бацьку. Праўда, перад гэтым Лёднік за свой грэх атрымаў ад пана Агалінскага пугай па спіне. Што ж, па законе яго маглі і смерцю пакараць.

— Ты многа мне даў... — паўтарыў Алесь. Чорны Доктар уздыхнуў.

— Толькі шчаслівага кахання я падарыць табе не магу, сыне. Прабач. За яго кожны плаціць сам. Часам занадта дорага. А часам і дарэмна.

Вырвіч адчуў, што трэба ўмяшацца ў сентыментальную размову.

— Аднойчы я рыхтаваўся аддаць жыццё за тое, каб мая каханая была шчаслівая. Не са мною. З іншым, каго выбрала. Горкі мёд гэта, Алесь. Але бедны той, хто яго не прыгубіў.

Малодшы Лёднік, зразумеўшы намёк, панурыўся.

А Вырвіч з сумнай усмешкай успамінаў пачутую ў карчме мясцовую казку. Пра ведзьму, якую адважны славацкі каваль перакаваў на жалезную свінню, а тады абляцеў на ёй цэлы свет. У Пранціша пад бокам, на погляд аўтараў такіх казак, дакладна меліся ажно два ведзьмакі, стары і малады, якія маглі на адлегласці жалезныя прадметы рухаць і пацукамі кіраваць. Вось толькі перанесці ні сябе, ні паплечніка нікуды з замеценай снегам хаты не маглі.

Шорг. Шорг. Стук.

За дзвярыма нехта важдаўся. Мядзедзь? Вупыр? Каралеўскія жаўнеры?

На крыкі адказам было маўчанне і размеранае шорганне.

Калі ў дзверы нарэшце выразна пагрукалі, Пранціш па знаку Бутрыма вызваліў клямку.

Адчыняецца! У госця ўтаропіліся чорныя зрэнкі трох пісталетаў.

Праўда, адразу ж рулі апусціліся. Носіч Юрай, узброены рыдлёўкай, паглядаў з парога ўсё гэтак жа празрыста-адсланёна, толькі расчырванеўся больш, чым звычайна, ды снежныя камякі павіслі на светлых вусах і поўсці кажуха.

— Добры дэн! Агой!

За спінай Юрая бачыліся іншыя постаці ў кажухах і шапках, з фізіяноміямі не самымі прыветнымі. Ну так, адзін носіч за якую гадзіну не раскідаў бы такую гурбу.

А хутка высветлілася і падстава дабрачыннасці. Унізе лютавалі аўстрыйска-венгерскія войскі. Некалькім месцічам спатрэбілася тэрмінова схавацца — а дзе лепей, чым у гарах? Гэтак жа праўдзівы беларус як што, бяжыць у пушчу ці шукае выспу на балоце.

Што ж, хоць Алесь яшчэ слабы — трэба выпраўляцца ў Кракаў, вызваляць хованку для законных уладальнікаў.

На развітанне носіч Юрай пакруціў пальцам перад носам малодшага Лёдніка:

— Бацьку свайго слухай! Дзевак шмат, а бацька — адзін!

Алесь насупіўся. З чаго б такія павучанні?

Шчасце, што гасцям прадалі павозку пад скураным навесам, на палазах, і вярнулі іх коней, удала прыхаваных месцічамі ад вайскоўцаў. Вайна — як саранча, забірае не толькі людзей.

А яшчэ ў кішэнях Пранціша прыемна булькатала біклажка, напоўненая самай лепшай баравічкай, настойкай ядлоўцавай.

У Кракаве тая біклажка была ўжо абуральна пустой. А напоўніць не выпа­дала: Лёднік гнаў сваю банду, мінаючы ўсе карчомкі, да камяніцы ля самых Лазенак, дзе кватараваў вучоны прафесар Жан Жылібер. Надта баяўся размінуцца. Дый дзень зрабіўся кароткі, як заечы хвост.

Вырвіч пакорліва цярпеў Бутрымавы загады, бо цудоўна памятаў сваё няслаўе, спазнанае ў Кракаве, калі прайграў сябра ў карты. Таму намагаўся не прыліпаць тужлівым поглядам да карчомак, якіх тут было ледзь не ў кожным доме. Не хапала яшчэ нарвацца на Міхаську Міцкевіча, ён жа кляты граф Лудус. З паскудніка станецца забойцаў падаслаць ці яшчэ якую гадасць утварыць.

У небе разліваўся атрамант. Сняжынкі, машката забыцця, драпежна кружлялі, прымерваючыся, чый след сцерці, зацярушыць. Быццам бы не ўсе сляды і без іх старанняў сцяруцца і зацярушацца рана ці позна. Да двухпавярховай камяніцы, што тулілася падазрона наводдаль людных вуліц і пляцаў, і кволай сцяжынкі па снезе не праклалі. Толькі таполі па-жабрацку цягнулі да вокнаў худое голле. Але ці там жыве прафесар Жылібер, можна было не пытацца. Яшчэ здаля падарожныя пабачылі слуп чорнага дыму, які не бывае ад звычайных дроваў, і пачулі жаласны звон пабітага шкла.

Дзіва, але ніхто ў наваколлі не праяўляў цікавасці да шуму-дыму, толькі самотны сабака нервова і тонка брахаў, нібыта не злуючыся, а жалячыся: «Ну колькі можна, панове?» Нейкі мужык у шапцы-аблавушцы як ішоў сабе замеценай вулкай, так і ішоў, нат не азірнуўся на злавесны будынак, у якім амаль не заставалася цэлых вокнаў. Пабітыя былі застаўленыя знутры дошкамі, ад чаго дом нагадваў шляхцюка, што прайграў у карты сваю багатую вопратку, прадмет за прадметам, тут жа няўважна замяняючы іх чужымі лахманамі.

Дым струменіў з акна на першым паверсе, нібы зняволены стыхійны дух імкнуўся вызваліцца.

Высокі хударлявы прыслужнік з абліччам ваяра моўчкі правёў гасцей. У зале бязладзіца: абадраныя тканыя залацістыя шпалеры, рэшткі дыхтоўнай мэблі і адзенне, развешанае проста на цвіках, убітых у сцяну. І кнігі, што грувасціліся папяровымі гарамі.

— Вечар добры, Жан. Доследамі з салетрай забаўляешся?

Лёднік прывітаўся без асаблівых цырымоній, якія рэспубліканец Жылібер не любіў.

Француз, усё такі ж рухавы і ўпарты, ніжэй за Лёдніка на галаву, спакойна кіўнуў, нібы доктар толькі ўчора вечарам з ім каву піў. Рукавы кашулі, калісьці белай, а цяпер у пісягах сажы, падкасаныя, і самі рукі ў сажы.

— Мінераламі заняўся. У зямлі тут багаццяў незлічона, а як іх выкарыстоўваць — ніхто не падазрае.

Алесь выпадкова закрануў нагой адзін з кніжных стосаў і ўтварыў шаргатлівую лавіну. Томік у пацёртай вокладцы даверліва расхінуў жоўтыя старонкі, падобна вялізнаму матылю. Дзівосныя кветкі перапляталіся на паперы. Літары, вострыя, як дахі гатычных храмаў, утваралі незразумелыя кароткія словы: «гра», «гро», «тра», «тро». Нагадвала таемную замову, уцямную толькі пасвечаным.

Алесь зірнуў на вокладку: «Буквар».

— У Еўі, пад Вільняй, друкавана, праваслаўнымі нашымі братчыкамі, — ацаніў знаходку сына Баўтрамей Лёднік. — Да гэтай кніжыцы ў свеце нават слова «буквар» не існавала. Я па такой чытаць вучыўся. Адкуль яна ў цябе, Жан?

— Ад агню ўратаваў, разам з іншымі цікавосткамі, — Жылібер агледзеў парушаныя шэрагі сваёй бібліятэкі, як вайскаводца ацалелых жаўнераў. — Ледзь пераканаў пільных калегаў, што гэта не блюзнерскія выданні.

Што ж, у любую эпоху заўсёды знойдзецца той, хто друкуе кнігі, той, хто іх паліць, і той, хто іх ратуе.

Дзівосныя кветкі на старонках старога буквара квітнелі ад паважлівых позіркаў чытачоў.

— І як цябе яшчэ не выселілі пасля такой кананады? — Бутрым прыстроіў капялюх на адзін з цвікоў, убітых у сцяну з рэшткамі шпалераў.

— Удалося для доследаў выгодны дом зняць, — прабурчэў Жан, выціраючы спаласнутыя ў мядзянай місе рукі простым ільняным рушніком. — Былыя жыхары памерлі ад воспы, цяперашнія ўладальнікі рады, што хоць хтось пагадзіўся жыць. Якраз добра ты прыехаў, Барталам’ю. Трэба пракансультавацца.

Сябры-паплечнікі нарэшце абняліся, і Жылібер дазволіў сабе выказаць радасць з нагоды прыезду калегі, на што ўжо страціў надзею.

— Пра цябе, Бартлам’ю, чуткі ходзяць проста неверагодныя, — гэта ўжо гутарылі за сціплай вячэрай — сыр, хлеб, салёныя гуркі, гарбата ў кубках ад розных сервізаў. — Большасць лічыць, што цябе павесілі за акрутнае забойства. Той-сёй сцвярджае, што ты збег за акіян, атруціўшы ахову. Ад адной мадам пры двары асабіста чуў версію, што ты — бессмяротны чорны маг, які харчуецца крывёй самых лепшых прыгажунь. Таму паўстаў з магілы і цяпер цэлішся на чарговую ахвяру. Мадам з усяе моцы намякала, што гэтая ахвяра — яна.

Пранціш хмыкнуў, хаця было зусім не весела. Бутрым па-ранейшаму — асуджаны злачынца.

Жылібер трывожна пакруціў галавою.

— Умудраешся ж ты ворагаў нажываць. Мне мае браты па ложы паведамлялі: ажно трое ўплывовых асобаў гатовыя табе горла перарэзаць, толькі аб’явішся ў іхніх уладаннях.

— А што Панятоўскі? — улез з пытаннем Пранціш. Жылібер нахмурыўся:

— Кароль сказаў толькі — «Ад такіх, як доктар Лёднік, стамляешся, быццам ад хады па балоце». Прыдворныя ільсціва пасмяяліся досціпу манарха. А што ён хацеў сказаць — ніхто не дапяў. Разумей, як хочаш. А я ўвогуле не разумею гэтага чалавека. Ягоную дзяржаву распалавінілі, вось — вось трон адбяруць. А ён то ў меланхолію ўпадае, замкнецца і чытае Шэкспіра ды Шэрыдана, то ў гульбу кідаецца — фаварыткі, феерверкі, балет. Тэрэза Радзівіл з пані Сапегай з Любамірскіх ды аднавокай Ізабэлай Флемінг наперабой за ўвагу манарха змагаюцца, з ягонага ложка іх хоць вытрасай, як клапоў. Баляванне падчас чумы. І ніякай спробы супраціву!

Жан заправіў за вуха цёмную пасму, што выбілася з хваста — француз парыкоў і пудры не прызнаваў, ламаў сябе толькі дзеля з’яўлення пры двары.

— Ад мадам Саламеі Лёднік тры лісты — адзін яна мне асабіста перадала, два прыслала ўжо ў Кракаў. І твой ліст ёй пераслаў адсюль.

Бутрым ускінуўся, нават не хаваючы хвалявання.

— Зараз прынясу яе пасланні.

Батанік выйшаў у іншы пакой, там нешта загрукала. Вярнуўся з невялікім куфэркам з залацістай драўніны.

— Давай так, прачытай гэтыя цыдулкі, я распавяду, што ведаю, зладзім кансіліум. Сядайце на банкеткі, кнігі можаце прыбраць з іх на падлогу.

Чорны Доктар, перш чым распакаваць першы канверт, запячатаны зялёным воскам, прыклаў яго да твару. Лёгкая мройнасць слізнула па суворых рысах.

Пранціш змушаны быў прызнаць, што пачуцці да Саламеі, не гледзячы ні на што, у доктара не пажоўклі.

А навіны былі — сарока не настракоча. Адзінае, што супакойвала — пра знікненне нявесты малога Штакельберга ні шоргату, ні віску. Падобна, Штакельбергі і не ведаюць пра гарбуз ад амерыканачкі.

Саламея высветліла, куды хадзіла Праксэда апошнія свае дні. На Бернардынскую, дзе новы палац Радзівілаў. Якраз тады там спынялася пані Тэрэза Радзівіл са Ржавускіх, ейная хросная маці.

Смурод патроху саступаў месца сцюдзёнаму вятрыску, які прасочваўся скрозь пабітыя шыбы.

— Пра ўдзел жонкі нясвіжскага ардыната ў знікненні маёй асістэнткі можна было б меркаваць, калі б Праксэду не аб’явілі мёртвай, — адарваўшыся ад ліста, прамовіў Бутрым.

— Ну так, Ржавускай жа трэба выдаць яе за брата старосты менскага, Якуба, каб таго прызналі дзеяздольным, — пагадзіўся Пранціш.

— Камарады, — нахмурыўся Жылібер, — малодшы брат Юзафа Радзівіла нядаўна абвянчаўся. Нявеста — са Ржавускіх, зусім юная, наколькі я ведаю. Нейкая пабочная лінія роду. Я чуў, як пан Антоній з каралём сердавалі, што кароне цяпер давядзецца вярнуць маладажону частку спадчынных земляў, дзе пан Антоній развярнуў нарыхтоўку лесу.

Па ўсім відаць, пані Тэрэза адшукала замену наравістай хросніцы.

— Хацеў бы я зірнуць на тое вяселле. — прабуркатаў былы суддзя менскі. — Той Якуб, кажуць, слоў не разумее, страшны, як рапуха.

— Вянчання не бачыў, яго ў Нясвіжы, у палацавай капліцы, зладзілі. Але ніякіх асаблівых чутак пра калецтва жаніха не было, — паціснуў плячыма Жылібер. — Людзі любяць перабольшваць чужыя недахопы.

Ну так, таго ж Юзафа Радзівіла, гарбатага старосту, ледзь не ў юрады запісвала менская шляхта. А потым пад цвёрдай рукой пана толькі пакрэхтвала: вочы не зацярусіш гарбуну, кемны. Мусіць, і брата ягонага абылгалі, лічачы неразумным вар’ятам.

Але ў другім лісце Саламеі прыводзіліся нечаканыя факты.

Да вышукаў далучыўся Давыд Ляйбовіч, які, падобна, ачуняў ад раны, а прыгодаў яму не хапіла. У абодвух вызнавальнікаў мелася дастаткова гаваркіх пацыентаў, каб сабраць звесткі. Па ўсім выходзіла, што панна Праксэда сваю апошнюю ноч у Гародні начавала ў доме хроснай. Нават праявіла сваё лекарскае майстэрства — ахмістрыні скулу на шчацэ лячыла. І з’ехала разам з Радзівіліхай. Чаму быў сведкам конюх, у жонкі якога Саламея неяк прымала роды. З’ехала паненка па сваёй волі. Можа, пані пашкадавала падапечную, якая не хацела выходзіць замуж за вар’ята, але не магла і заставацца ў чужой сям’і, дзе сэрца рвалася ад забароненага пачуцця? Вось і схавала дзеўку ў якім кляштары. А можа, проста не захацела дзяліцца з Міхалам Брастоўскім?

Бутрым нецярпліва разадраў трэці канверт.

І ледзь не выпусціў з рук, пачытаўшы.

Увішны Давыд такі напаў на след панны пасля Гародні. Тэрэза Радзівіл кіравалася адтуль у свой замак у Белым Камні, што каля Львова. У статусе сталіцы Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, новай Аўстрыйскай правінцыі, Львоў ператварыўся ў своеасаблівы Вавілон. І Ляйбовіч праехаўся разам са знаёмымі купцамі ў тыя краі. На шчасце, адна акалічнасць спрыяла вышукам — доўгі рост панны Брастоўскай. Дзеўку вышынёй з літоўскую вярсту прыкмячалі ў прыдарожных корчмах, хай бы яна была і захутаная ў радно.

Дабраўшыся да гарадка Белы Камень, Давыд падлабуніўся са сваймі адмысловымі сродкамі для прыгажосці — мазямі, прыціраннямі, бяліламі ды чырваніламі — да адной панечкі, прыслугі пані Тэрэзы. Лішняга нават тая балбатлівая панечка пра сваю ўладарыню не прамовіла. Пані Тэрэза магла загадаць язык адрэзаць ды соллю рот засыпаць любой пакаёўцы. Нат шляхцянцы перапала б пасядзець у яме альбо пакаштаваць бізуноў. Сцвярджаюць, што і забойствы здараліся ў сутарэннях Белакамскага замка. Так што пра высокую вучоную дзеўку, якую пані Радзівілава з Літвы прывезла, панечка гаварыць адмовілася. Але сваім спалохам як бы пацвердзіла.

А вось што змусіла Баўтрамея ледзь не ўпусціць ліст і вылаяцца паслядоўна на лаціне, грэцкай, нямецкай, а можа, і на янохскай мовах. Саламея паведамляла, што больш не можа проста сядзець і чакаць. Нацярпелася ўжо, начакалася, не без старанняў сужонца. Удаве акрутнага забойцы і пералюбніка зычлівыя суседзі зладзілі пекла. Вокны б’юць, браму дзёгцем мажуць. Чуткі самыя паскудныя ходзяць — пра тое, што пакуль муж з прыслугай спаў, ягоная жонка тую прыслугу са свету зжывала. У медычнай акадэміі, на аддзяленні павітух, дзе Саламея выкладала, пачаліся непрыемнасці. Рэнічаўна не распісвала, што менавіта ейная начальніца-францужанка і студэнткі пачалі ёй учыняць, але можна было здагадацца — і ў акадэміі жонка доктара-забойцы не самая паважаная персона. Вярнуцца ў Полацак — трапіць у закладніцы да старосты Адама Брастоўскага, які чакае Чорнага Доктара з рогам святога Георгія. Таму Саламея адправіла малую Сафійку разам са слугой Хвелькам у Капанічы, да Пранцішавай сям’і. А сама рушыла з Давыдам у Львоў, дзе ў Ляйбовіча сваяк-аптэкар. Спадзявалася на цуд — што муж і сын атрымаюць гэты ліст. І паведамляла адрас, дзе будзе іх чакаць. Зразумела, расшукваючы Праксэду. Бо толькі жывая паненка Брастоўская можа апраўдаць іх сям’ю перад светам.

— Я не дапускаў, каб у акадэміі крыўдзілі тваю жонку, павер, Барталам’ю. — пацёр лоб з раннімі зморшчынамі Жылібер. — Вярнуся — разбяруся.

— Позна. — Лёднік змяў ліст у кулаку і хадзіў туды-сюды, як драпежны звер, чорны і худы. — Цяпер неадкладна трэба ў Львоў. Спадзяюся, з Саламеяй за гэты час нічога не здарылася кепскага. Іначай.

Іначай ён не даруе сабе — правільна дадумаў за Лёдніка Пранціш.

— У Лемберку ў нас ёсць браты. Ложа «Трох багінь», адгалінаванне нашай варшаўскай. — Жылібер кінуў востры позірк на гасцей. — Падрабязна распавесці не магу. Паколькі ты, Барталам’ю, увайсці ў наша брацтва чамусь баішся. Але ведаю, ёсць чалавек, які дакладна вам дапаможа, бо служыць у замку пані Тэрэзы Радзівіл. Яе дэспатызм даўно непакоіць адукаваных людзей Галіччыны. Людзі яе ўжо ўспрымаюць як нячыстую сілу ці пакаранне нябёснае. Ходзяць упартыя чуткі, што апантаная.

— Барані божа, ад пані Тэркі, казачага кажуха, саламянага капелюха, вярбовых дроваў. — прамармытаў Пранціш любімае прыслоўе капаніцкага машталера, дзецюка родам з Падолля.

— Таму нашы браты пастараліся, каб і ў яеатачэнні з’явіліся тыя, хто паспрабуе скіроўваць княгіню да спраў дабра. Ці хаця б папярэджваць пра яе планы, — у голасе Жылібера не ставала аптымізму. — Я дам табе, Барталам’ю, ліст да месье Шэнацэра, радніка львоўскага, магістра ложы. Ён непасрэдна мне падпарадкоўваецца. Папрашу дапамагчы ва ўсім. Хай адновіцца справядлівасць.

Пад канец прамовы Жылібер падпусціў пафасу, але сутнасць была ясная: да жонкі самага ўплывовага чалавека княства і фаварыткі караля шпегаў не падаслаць не маглі.

Рэшта дня, а, магчыма, і частка ночы для вучоных паноў і месье ў гэтым доме прайшла ў лабараторыі. Вырвіч папрасіўся ў самую дальнюю спачывальню на другім паверсе, падалей ад смуроду, і з цэлымі шыбамі, і да самай раніцы бачыў у сне, як успаўзае на заснежаную гару. А бачыць у сне горы, як вядома, да жыццёвага поспеху.

А што ў тым сне менскаму суддзі трошкі прымроўся грукат лавіны — дык у той момант, мусіць, апантаныя Лёднікі з Жыліберам зноў штось у лабараторыі падарвалі, у імя навукі, натуральна.

І зусім прызнавацца нікому не выпадае, што ў сне тая лавіна неяк ператварылася ў кола рулеткі. Шарык пагрукваў, коцячыся, і трапляў увесь час менавіта на тую лічбу, якую выбраў Пранціш.

Шкада, ён так і не запомніў тую шчаслівую лічбу. А раптам сон прарочы быў?


РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Клетка Белакамскага замка


А хіба ёсць розніца, якога колеру быў камень, у цябе шпурнуты?

Вось які-небудзь старажытны афінянін, што марыў прайсці ў магістрат, кожны белы каменьчык з вазы для галасавання сустракаў шчырай радасцю, бо той азначаў чыюсь падтрымку кандыдату. У адрозненне ад каменьчыка чорнага.

Гэты белы камень, які разлёгся пасярод пляскатай, як стол, раўніны, быў самым важкім пацверджаннем чыёйсьці абранасці.

Магутныя сцены, чатыры кутнія вежы, высокія валы і возера, з якога выпаўзалі цёмныя змеі каналаў і абвівалі ўладанне князёў Ржавускіх. Замак Белы Камень.

— Можа, усё-ткі заедзем, як купцы? — нервова перапытаў Пранціш. — Якія з нас малявальшчыкі фрэсак? Раптам змусяць штось рабіць.

Вырвіч выдатна памятаў, як яны з Лёднікам патрапілі ў пастку, калі ў Капанічах выдалі сябе за вандроўных мастакоў, і сённяшні цесць Пранціша змушаў іх маляваць партрэт дачкі і ейнага тадышняга жанішка князя Гагарына.

— Запэўніваю, што вам нічога не пагражае. Я — капітан Белакамскага гарнізона, камандую аховай. Усім вядома, што пасля пажару трэба аднавіць роспісы ў левым крыле, вам не здзівяцца. Як яшчэ я змагу правесці чужых людзей у дальнія пакоі, дзе трымаюць панну?

Пранціш падазрона скасавурыўся на высокага чалавека з запалымі шэрымі вачыма і трохі пляскатым носам. Чырвоны, падбіты футрам кунтуш на плячах ляжаў, як антычная тога вайскаводцы. І аблічча яго, здавалася б, непрыкметнае, чамусь выклікала трывогу і жаданне абысці спадара за паўвярсты. Бо ўсадзіць нож у спіну і ў твары не зменіцца.

— Небяспека за гэтымі спадарамі ходзіць, як навязаная, пан Грос, — засмучана прамовіла жанчына, не юная, але такая гожая, што змушала ўспомніць антычных багінь. — Упэўненымі ні ў чым, вашамосць, быць нельга, калі тычыцца шаноўнага доктара.

Над мястэчкам, што цямнела непадалёк ад замка, ківалі задзёртымі хвастамі белыя лісы — дымы. Лёднік вінавата ўсміхнуўся і прытуліў да сябе жонку, захутаную ў бабровае футра, абшытае лазуркавай тафтой. У колер яе вачэй. Гэтае футра Бутрым набыў каханай у Львове на падораныя Радзівілам «цацкі» ў першы ж дзень спаткання. Парываўся яшчэ закупіць падарункаў — але як жа... Навошта траціцца, даражэнькі? Пані Саламея ўважала спакой, любасць і розум адзіна важнымі ў свеце, а рэчы. Сёння ёсць, заўтра збуцвелі, на той свет не забярэш. А спакою сужонец ёй якраз падарыць і не мог.

А Пранціш між тым гадаў: што былы езуіт робіць у масонаў? Калі львоўскі пан радца Шэнацэр скіраваў іх да надзейнага чалавека, яны з Лёднікам ніяк не чакалі сустрэчы са старым знаёмцам. Пан Зыгмунд Грос быў колькі год таму прыстаўлены да іх езуітамі, калі Бутрыму і Пранцішу даручылі вывезці за мяжу скарб, здабыты ў менскіх сутарэннях. І апошні раз бачылі суровага Гроса, калі таго арыштоўвалі жаўнеры. Пан Зыгмунд тады не выдаў сваіх спадарожнікаў. І калі праз нейкі час Лёдніка таксама арыштавалі, на спатканні ў вязніцы абодва адзін аднаго не здалі. З другога боку, Зыгмунд спакойна, хоць і з належнай скрухай ледзь не забіў свайго настаўніка, старога Шрэдэра, калі палічыў, што так трэба для найлепшага выканання іх місіі. Грос здаваўся Вырвічу дасканалай зброяй, пазбаўленай літасці і спачування, да канца адданай сваёй справе.

Але што гэта сёння была за справа? Ордэн езуітаў вось ужо тры гады як забаранілі па ўсёй Еўропе, сам Папа Рымскі гэта абвесціў. Так што «воіны Ісуса», як яны сябе называлі, прыстасоўваліся, як маглі.

Падобна, Грос прыстроіўся да масонаў.

Хаця масонаў езуіты не зносілі.

Здаецца.

А можа, увогуле гэта адна кантора?

Ат, з гэтымі таемнымі таварыствамі нічаму верыць не варта. Асабліва таму, што выстаўляюць напаказ. Сёння Зыгмунд Грос — брат ложы Трох багіняў і шпегуе ў замку Тэрэзы Радзівіл, дзе займае пасаду капітана аховы. А можа, ён у масонаў для езуітаў шпегуе? А можа, і для тых, і для другіх стараецца?

— Што, калі пана Лёдніка ў замку пазнаюць? — засумняваўся Давыд. Грос скасавурыўся на аптэкара з ледзь прыхаванай непрыяззю.

— Мы пойдзем, калі ўжо сцямнее. Дый не стануць разглядаць тых, каго я прывёў. Хіба што пан Богуш, але яго ў замку быць не павінна.

Невыразны твар Гроса скрывіўся. Былы езуіт даклаў змоўшчыкам, прычым некалькі разоў, і з рознай ступенню пераканаўчасці, што амарат пані Тэрэзы, былы канфідэнт ейнага мужа пан Ігнацый Богуш ёсць галоўным зладзеем Белага Каменя. Зладзіў выгадную справу з новымі, аўстрыйскімі, уладамі: перапраўляе праз уладанні пані Тэрэзы Радзівіл сотнямі маладых украінскіх сялян для папаўнення аўстрыйскай арміі. Гэтак жа прадаў ладную партыю казакаў, што патрапілі ў палон, калі ўзбунтаваліся супраць зруйнавання Новай Запарожскай Сечы — Кацярына Другая перадала іх землі сербскім пасяленцам. Той-сёй з простых ды бунтоўных сербаў, дарэчы, таксама патрапіў у якасці жывога тавару ў лапы Богуша. І ўцекачы з Расіі былі добрай здабычай. Ды кожны, хто не змог заплаціць падаткі пані, меў шанец патрапіць у жаўнерскія боты. А пані Тэрэзе абы даход.

Наколькі Вырвіч зразумеў, зладзюга Богуш спрабуе зрабіць замкавым капітанам свайго чалавека. Вось Грос і ятрыцца.

— З вашымі ўменнямі з аховай вы справіцеся. Панну пераапранем у мужчынскае, і я выведу вас усіх з замка.

Трэба ж, як лёгка. Голас Гроса гучаў упэўнена, нават будзённа.

А як ён сам, пасля ўцёкаў падапечнай пані Тэрэзы, спадзяецца пазбегнуць падазрэнняў?

— Усё ў волі Божай.

Капітан Белакамскага замка няўважна перахрысціўся, быццам перад сняданкам.

Пранціш Вырвіч зноў утаропіўся ў злавесную цытадэлю. Шчыра кажучы, сярод снягоў яна здавалася хутчэй шэрай і бруднай, чым белай. Па-добраму, для эпічнасці трэба было б сузіраць яе з узвышша.

Але ўзвышша не мелася, эпічнасці не ставала, і чумакі, што везлі на санях прыпасы да княскага стала, ледзь не сагналі нахабных разявакаў з дарогі проста ў сумёты. Але, згледзеўшы зблізу чырвоны кунтуш Гроса, ды шаблі за паясамі ў мужчын, нервова затузалі лейцы, каб аб’ехаць паноў як далей, хоць з рызыкай перакуліцца.

— Яна жывая! — мармытаў Алесь, тужліва і мройна гледзячы на замак. — Астатняе не мае значэння!

— Жывая... — ціха пагадзіўся Бутрым. — У адрозненне ад той няшчаснай цяжарнай жанчыны, чыё цела выдавалі за цела Праксэды. Што? — пералавіў недаўменны позірк сына. — Ты ж ні разу не ўпомніў пра тую кабету. А я не забываю і на хвілю. Дзве бязвінныя душы згінулі. І гэта ўжо не выправіць. І нічым не выкупіць. Ну што ж, пайшлі рыхтавацца да авантуры.

Саламея прыкусіла губу. Але разумела — Бутрыма не адгаворыць. Палачане ішлі моўчкі, плячо да пляча, пальцы рук пераплеценыя, і сняжынкі асцярожліва сядалі на чорныя валасы мужчыны, нібыта каб дадаць ім сівізны.

Пачуцці Пранціша проста крычалі аб небяспецы, і нават трохі біліся ў істэрыцы. Страшэнна не хацелася ісці ў замак, хай бы ён быў складзены і з белых гаючых гаручых Алатыр-камянёў, пупоў зямлі.

Але ён быў складзены з простага светлага ўкраінскага пясчаніка, на якім так добра будзе бачна пралітую кроў.

Надпіс над брамай сведчыў, што замак калісьці пабудаваны князем Георгіем Вішнявецкім і ягонай пачцівай жонкай Тэадорай Чапліцоўнай.

Напэўна, іх вяльможныя мосці Вішнявецкі ды Чапліцоўна не падазравалі, што ў гэтых мурах, акрамя літараў на камянях, ніхто іх не ўспомніць.

Абодва Лёднікі і Пранціш, захутаныя ў ваўняныя грубыя плашчы з капюшонамі і нагружаныя клункамі з інструментамі, ішлі за Гросам. Замак пры маладой гаспадыні зачаста скаланалі шумныя балі, калі госці таўкліся, як камары над лужынай, брыньгала музыка, і за кожнай калонай можна было натрапіць на галантную парачку. Але якраз гэты тыдзень пані Тэрэза з нагоды посту ахвяравала самоце. Як вярнулася ад львоўскага біскупа, так і дэкляравала — відаць, атрымаўшы ад духоўнага айца прачуханца. Таму ў шэрых сценах было нязвыкла ціха. Цёмны калідор асвятляўся толькі кволым агеньчыкам у ліхтары, што трымаў давераны слуга капітана, жаўнер, такі каржакаваты і няўклюдны, нібыта ім калісьці выбівалі дзверы варожага замка. Там-сям стаялі рыцарскія даспехі, і Пранцішу мімаволі здавалася, што яны зараз ажывуць, як аўтаматы Норнбергскага замка.

— Сюды, — адрывіста скамандаваў Грос, і кампанія паслухмяна звярнула за ім на бакавую лесвіцу, засланую дываном. Падобна, яны пераходзілі з памяшканняў для прыслугі ў панскія пакоі... Між тым Саламея згадвала, што Праксэду трымаюць у не самых выгодных пакоях.

— Прашу, вашыямосці!

Святло апякло вочы. У вялікім пакоі з разной драўлянай столлю і такімі ж разьблёнымі калонамі ўздоўж сцен, з галовамі дзікоў, ваўкоў ды мядзведзяў, што лупіліся бліскучымі шклянымі позіркамі з усіх кутоў, і сотнямі свечак у пазалочаных кандэлябрах панны Праксэды не назіралася.

Затое гайдукоў, як штыкецін у добрым плоце. А за доўгім сталом, у крэсле з высокай спінкай, на якой быў выразаны герб Ржавускіх «Крыўда» — падкова і крыж, сядзела нябрыдкая пані. Хіба павекі цёмных пукатых вачэй трохі цяжкія, быццам набрынялыя, ніжняя губа трохі выдаецца наперад, і падбароддзе цяжкаватае.

— Ну вось, доктар, вам усё-ткі давядзецца прыняць маё запрашэнне на абед.

Пані Тэрэза, дачка вялікага гетмана кароннага Вацлава Ржавускага, у смарагдавай пералівістай сукенцы з неверагодным дэкальтэ, у высокім напудраным парыку, упрыгожаным зялёнымі стужкамі, паглядала на гасцей з пераможнай усмешкай. Пранцішу падалося, што на верхняй губе пані прабіваецца цёмны пушок.

Ах ты, здраднік езуіцкі. Грос з усмешкай на бледных вуснах адвесіў паклон.

— Усё паводле жадання вашай княскае мосці.

Так па-дурному патрапіцца! Самі прыбеглі проста ў пастку! Як баранчыкі-балванчыкі! Бутрым заазіраўся, шукаючы шлях да ратунку.

— Бескарысна, доктар, — шапнуў Грос. — Дазвольце ўсяму ісці, як ідзе.

— Вось бачыш, Ігнацы, пан Зыгмунд заўсёды выконвае, што гаворыць, і ахоўнік найлепшы.

Пані звярталася да багата апранутага шляхцюка, які сядзеў па левую руку ад яе за сталом. Тонкія чорныя вусікі, пранізлівы погляд вузкіх зялёных вачэй. Пан Ігнацы Дамінік Богуш, які калісьці ўламіўся ў Лёднікаў дом у Вільні, спрабуючы адабраць ляльку-аўтамат па імені Пандора з усімі ейнымі таямніцамі. Яшчэ адзін інтрыган і здрайца.

— Але навошта пан Зыгмунд прывёў гэтых злачынцаў проста сюды, дзе яны могуць пагражаць жыццю княгіні? — скрозь зубы прагаварыў Богуш. — Я б не давяраў яму на вашым месцы, мая пані.

— Ты не на маім месцы, васпан, — пукатыя цёмныя вочы Радзівіліхі бліснулі, як паверхня самай глыбокай багны. Пранціш адчуў, як людзей у зале перасмыкнула ад незадаволенасці ўладаркі, нават сталыя воі трохі, здаецца, затрымцелі. — Грос застанецца маім капітанам. А ты, даражэнькі Ігнацы, лепей прасачы за сваім машталерам, якога мне рэкамендаваў. Такі ўжо ён знаўца, а мой аргамак пачаў кульгаць. Той самы, белы, у пару да твайго. Я загадала пасадзіць няўмеху ў рагатку, карміць селядцом і не паіць. Не ведаю, ці жывы.

Белы аргамак, вядома, рэдкасць нечуваная. Але вось так акрутна замучыць з-за яго чалавека? Праўда, пан Богуш не абурыўся. Наадварот — стрымаў сярдзітыя словы, што ірваліся з вуснаў. Твар расплыўся ва ўсмешцы, няхай яна была такой жа няшчырай, як срэбныя манеты вялікага гетмана Людвіка Пацея, якія называлі «людскім плачам». Пацалаваў ручку пані, нешта пяшчотнае прашаптаў, не зважаючы на хмурасць уладаркі.

Погляд, які ён кінуў перад адыходам на Зыгмунда Гроса, можна было выкарыстоўваць заміж цвіка.

— Ну што ж, сядайце за стол, госцейкі, — пані Тэрэза кіўнула, і Пранціш сам не заўважыў, як з дапамогай дзясятка моцных рук апынуўся ў крэсле, прысунутым да цяжкога дубовага стала. Насупраць гэта жа апынуліся Лёднік і Алесь.

— Не пагрэбуйце хоць цяпер сціплым пачастункам, як ужо грэбавалі.

Няўжо Радзівіліха так пакрыўдзілася, што Лёднік у Г ародні праігнараваў

яе запрашэнне?

Адзінае добра — Саламея і Давыд у бяспецы, яны павінны чакаць з коньмі, пра што Гросу невядома.

Быццам чарадзейным чынам, на стале разаслаліся шаўковыя бялюткія сурвэткі, вышыхтаваліся срэбныя супніцы і вазы, збліснулі талеркі з месенскай парцаляны і крышталёвыя кубкі са срэбнымі вензелямі. Калі не ведаць, што зараз пост, дык не здагадаешся. Хіба смажаніны ды каўбасаў няма, заміж іх вараныя ракі, запечаныя шчупакі ды белыя грыбочкі ў поснай падліве. Дворныя імкліва луналі, як ветрыкі. Каб прыслуга гэтак баялася пана, Пранціш бачыў хіба ў Слуцкім замку пры Гераніме Радзівіле па мянушцы Жорсткі.

— Не буду пытацца, што вам трэба ў маім замку, пра ўсё мне дакладалі мае людзі. Яшчэ калі твая жонка, Лёднік, з сябруком-юдэем тут нешта вынюхвалі.

Вусны Бутрыма на імгненне сціснуліся, але голас застаўся роўнаветлівы.

— Ваша княская мосць, мы нічога кепскага датычна вас не задумвалі.

— Гэта ўжо не мае значэння, — лена прамовіла пані Тэрэза. — Ты, доктар, умудрыўся столькі раз перашкодзіць мне, што цябе мала дзесяць разоў запар павесіць. Я амаль паверыла чуткам пра тваю магічную моц. Ну вось як табе ўдалося дамовіцца з панам Міхалам Брастоўскім? Міхал — чалавек гарачы, павінен быў даўно тваю скуру на барабан нацягнуць. А потым — у Венецыі ты раптам перашкаджаеш маім людзям! — твар пані пачаў набываць чырвонае адценне, цёмныя вочы вырачыліся, быццам у якогась слізкага гадаванца малодшага Лёдніка. — З маім мужаньком клятым балюеш! Дамаўляешся, як яго назад вярнуць! Сюды прывалокся, людзей бунтуеш!

Пані Тэрэза ў раздражненні кульнула келіх віна ледзь не ў кварту. Аддыхалася. Супакоілася.

— Ну, цяпер адкажаш за ўсё. І за маю хросніцу таксама.

— Дазвольце нам з ёй пабачыцца, — раптам ускінуўся Бутрым, падаўшыся наперад і ўтаропіўшыся пранізлівым позіркам у княгіню. На яго плечы зараз жа абрынуліся кулакі прыслугі:

— Не чараваць тут! На яе вяльможную мосць не лупіцца!

Папярэджаныя пра здольнасці Чорнага Доктара. Але пані Тэрэза толькі зарагатала:

— На мяне чарадзейства не дзейнічае. Нават махляр Каліёстра так і не змусіў мяне паверыць, што я хачу аддаць яму дзеля павелічэння камянёў мае каралі. Так што не старайся, доктар.

Баўтрамей тым не менш меў дзёрзкасць працягнуць размову, толькі вочы не паднімаў:

— Вашамосць, ну нашто вам мучыць няшчасную дзяўчыну? Адпусціце яе з намі. Напярэдадні светлага Раства Хрыстова — праявіце літасць. Запэўніваю, Праксэда ніколі не патурбуе вас. Не назавецца сваім імем. Будзе працаваць у шпіталі, займацца справамі міласэрнасці.

— Мая хросніца памерла, — пані Тэрэза адправіла ў рот наколаты на срэбны відэлец грыбочак. Пранціш шчыра пажадаў, каб гэта аказаўся мухамор. — Кожны сам выбірае свой лёс. Выбрала і яна — цябе, доктар. Так пераймалася з-за свайго нешчаслівага пачуцця. Плакалася мне штодзень, дзесяць сукенак маіх слязьмі вымачыла.

Алесь гнеўна зыркнуў на бацьку. Той пачаў, што ў яго з асістэнткай нічога не было, але атрымаў загад маўчаць і есці. Бо так смачна яны, госці някліканыя, але чаканыя, ніколі больш не паядуць.

Вырвіч моўчкі тыцнуў пальцам у талерку з грыбнымі вушкамі, прыслужнік зараз жа наваліў яму цэлы духмяны сумёт. Чым бліжэй небяспека, тым лепей трэба падсілкаваца. Галодны ваяр — слабы ваяр.

Між тым размова за сталом цурчэла, як празрысты ручай над каменным саркафагам, што хавае страшныя таямніцы. Апошнія навіны навукі, мастацтва, свецкага жыцця. Сеансы Месмера, на якіх вылечваюцца з дапамогай жывёльнага магнетызму. Вайна ў амерыканскіх калоніях. У Лондане, кажуць, прыдумалі павозку, якая коціцца па жалезных палосах, ад чаго рухаецца нашмат хутчэй і лягчэй. Доктар быў галантны і ўраўнаважаны, як належыць свецкаму чалавеку. Пранціш падтрымліваў размову згодна этыкету — у яго язык заўсёды падвешаны быў добра. Толькі Алесь, менш спрактыкаваны ў фальшы прыдворнага жыцця, маўчаў, відаць, успамінаючы, як гэтак жа сядзеў за сталом з ашмянскім катам і Пацучыным Каралём. Была і там, і там у спакойнай ветлівай бяседзе невымоўная жудасць.

— Вы, напэўна, чулі пра мяне шмат усялякай лухты, — мімаходзь паведаміла пані, падносячы да вуснаў келіх чырвонага віна. — Быццам бы я камусь галаву адсекла ў сваіх сутарэннях.

— Ну хто ж слухае такую лухту, вашамосць, — ахвотна падхапіў Вырвіч.

— Альбо вось яшчэ чутка... Быццам бы я сваіх ворагаў саджаю ў клетку і трымаю ў сваёй спачывальні, — пані адпіла віна, на яркіх вуснах засталася бліскучая кропля.

Пранціш пачаў быў працягваць галантнае абурэнне ілжывымі плёткамі.

— А між тым гэта чысцюткая праўда, панове! — мройна ўсміхнулася пані Тэрэза. — Пра клетку. Вы наступны, хто там апынецца, пан доктар. Проста гэтай ноччу.

Пранціш заперхаўся, бо кавалак у горле перасеў. Алесь упусціў відэлец. Доктар спакойна пражаваў кавалак шчупака, запіў ліманадам.

— Гэта не самая лепшая ідэя, ваша княская мосць. Немалады мужчына. З усёй непрывабнай фізіялогіяй. У спачывальні высакароднай дамы. Не камільфо.

— Шаноўны пан Лёднік, мне такое задавальненне прыносіць увесьчаснае сузіранне маёй маленькай помсты, што я гатовая сцярпець некаторыя нязручнасці. Я разумею, што раз вы пагрэбавалі маёй кампаніяй у бальнай залі, у больш сціплых умовах вам яна яшчэ больш брыдка... — твар пані на апошніх словах зноў пачаў налівацца чырванню, і задышка з’явілася, нібыта толькі што ўзбегла па лесвіцы. — Але цяпер вы будзеце шчаслівіць мяне сваёй прысутнасцю столькі, колькі я захачу.

У голасе дачкі гетмана чуўся прысвіст, як у раззлаванай змяюкі, а зрэнкі, здавалася, мігцелі, то звужаліся, то пашыраліся. Чорны Доктар пакорліва нахіліў галаву.

— Я зразумеў сваю памылку, вашамосць — неабачліва не адгукнуўся на ваша запрашэнне ў Гародні, не ацаніў высокі гонар, які мне быў аказаны. Але мае спадарожнікі. Яны нічым не абразілі вашумосць. Магчыма, вы міласэрна дазволіце ім з’ехаць? Іх з’яўленне тут — цалкам мая віна і прымус.

Алесь ускінуў галаву відавочна ў жаданні запярэчыць. Але пані нядобра ўсміхнулася:

— У маім замку хопіць пакояў для ўсіх гасцей. А ў бліжэйшыя дні. Магчыма, месяцы. А можа, і гады — хто ведае, наколькі вы акажацеся забаўным хатнім звярком, пан чорны маг? — вы павінны клапаціцца толькі пра свой лёс. А ён будзе залежаць выключна ад майго настрою.

І ўся гэтая брыда гаварылася так спакойненька, пад смакаванне бляманжу — мігдалавага студня, пастукванне срэбных лыжачак, пад няшчырыя, але цалкам свецкія ўсмешкі.

Пані кінула на стол сурвэтку і ўзнялася. Птушачкі на яе парыку, здавалася, заклапочана шчабятнулі. Цяпер было відно, што гетманаўна даволі куртатая, доктару Лёдніку, мусіць, па грудзі. На што паквапіўся Панятоўскі? На шалёны тэмперамент, відаць — млявы Цялок усё жыццё вёўся на гарачых уладных кабетаў.

— Пан Зыгмунд, даражэнькі, вы зразумелі маю волю.

Кляты здраднік ускочыў з-за стала, за якім так і прасядзеў маўклівым слупам, раскланяўся.

— Усё будзе зроблена, вашамосць.

Лёдніка зараз жа павялі ўслед за пані. Пранціша і Алеся ўзяўся суправаджаць сам Грос. Яны пад аховай трох гайдукоў ішлі па доўгіх цёмных калідорах, і Пранціш пакутліва вычэкваў момант, калі можна будзе расправіцца са зладзеем і збегчы. Гэх, зброі ніякай. А можа, Алесь як-небудзь пакліча пацукоў гэтага замка, ды зладзіць яшчэ адно паганае чырванавокае войска? Мусяць жа тут быць пацукі.

Але Грос зноў штурхнуў гасцей на бакавую лесвіцу, што хавалася за кало-

най.

— Хочаце выбрацца? Маўчыце і ідзіце за мной.

Гайдукі абмяняліся з капітанам знакамі і засталіся ў калідоры. Здаецца, Грос не збіраецца весці палоннікаў у казематы? Тыцнуў Алесю запалены алейны ліхтар з жалезнымі дзверкамі, якія маглі закрываць агонь з любога боку, што зручна падчас вайны альбо шпегавання.

— Гэта што, здзяйсняецца нейкі перамудраны план, у які нас не пасвяцілі? — гнеўным шэптам азваўся Вырвіч, калі яны пачалі ўздымацца па закручанай ракавінай лесвіцы, якая вяла невядома куды.

— План быў. Але з вашым шаноўным доктарам ніякія планы не спрацоўваюць, — гэткім жа гнеўным шэптам адказаў пан Зыгмунд, прыпыніўшыся. — Я ніяк не мог прадугледзець, што ён настолькі зачапіў княгіню, што тая захоча пасадзіць яго ў клетку. Апошні раз пані скарыстала яе год таму, на пасланцы ад мужа, які ўздумаў абвінавачваць яе ў распусце. Небараку дасталі праз месяц. Калі ўжо і гаварыць не мог. Вось жа. Гэтай ноччу вас павінны былі ўсіх разам з паннай Праксэдай вызваліць, так, што ўсе сведчанні паказвалі б на ўдзел пана Богуша.

Езуіт-масон ад злосці сплюнуў, нібыта атрутай, і рушыў наперад, не перастаючы ціха буркатаць:

— Мы столькі рыхтаваліся! Ад тае пары, калі шпегі даклалі: жанчына пасялілася ў доме габрэйскага аптэкара ў Львове і распытвае пра замак Белы Камень. Я пераканаў пані Тэрэзу, што тая жанчына з ейным памагатым юдэем — бясшкодныя выведнікі. Трэба дачакацца, пакуль да іх з’явіцца нехта сапраўды небяспечны, і тады я схаплю ўсіх. Амаль змог давесці, што пан Ігнацы па-ранейшаму слугуе Пане Каханку, вядзе падвойную гульню. Сёння кляты Богуш быў бы канчаткова выкрыты як здрайца, і гетманаўна апынулася б зусім пад нашым уплывам. Падпісала б нарэшце пэўныя прывілеі. Каб не ваш доктар.

Між тым лесвіца скончылася невялікай пляцоўкай — падобна, яны знаходзіліся ў адной з кутніх вежаў, калісьці суровай, як стары вой, а зараз прыкрашанай пад гламурныя патрэбы часу. Пан Зыгмунт не адчыніў вузкія дзверы, а абмацаў раму карціны з выявай дзічыны, што ўпрыгожвала левую сцяну. Карціна паслухмяна ссунулася ўбок разам з намаляванымі забітымі зайцам і качкамі. За ёй пачынаўся калідор. Цёмны, як будучыня гасцей Белага Камня, і зусім вузкі, два чалавекі ледзь разыдуцца.

— Цяпер — ні слова. Што б ні пабачылі, не пачулі. Без майго загаду не рабіць нічога. Іначай — усім канец хуткі і бясслаўны. Паны прысягаюць?

Пранціш і Алесь кіўнулі. Што ж заставалася?

Праз колькі хвіль пракрадання на дыбачках па шляхах для дамавікоў ды пацукоў пабачылі святло. Грос жэстам загадаў Алесю прычыніць накрыўкі ліхтара.

Святло ішло з вузенькай гарызантальнай шчыліны даўжынёй у локаць, якраз на вышыні вачэй. Грос асцярожненька дастаў з пазоў жалязяку, якой была прыкрытая шчыліна, і яна зрабілася шырынёй у палец. З таго боку навісалі нейкія зубчыкі, відаць, частка архітэктурнага дэкору. Пранціш хуценька прыстроіўся вокам да дзіркі. Гарыць агонь у каміне з зялёнага рэдкага мармуру, бялее цюлевы балдахін над ложкам, мітусіцца пакаёўка са срэбным збанам у руках. Гэта ж спачывальня пані Тэрэзы са Ржавускіх! Нічогенькі сакрэт! Значыць, усё, што адбывалася ў пакоях уладароў Белага Каменя, стагоддзямі нехта назіраў проста са сцяны. Пранціш падумаў, што цяпер ён ужо не так зайздросціць магнатам ды каралям. Бо напэўна ж сцены ўсіх палацаў свету нагадваюць сыры з дзіркамі альбо паточаныя шашалем бярвенні. Вырвіч ведаў, што першая шлюбная ноч ва ўладароў павінна па звычаі адбывацца пры сведках — каб пацвердзілі кансумацыю. Але гэтак — усё жыццё?

Побач ля шчыліны прыстроіўся Грос, далей, так-сяк, адным вокам, Алесь.

Пакаёўкі, іх было ў памяшканні некалькі, нізка прыселі ў рэверансе. З’явілася пані Тэрэза. Вакол яе адразу ўтварыўся вэрхал. Пад рукі ўсадзілі на казетку, нехта дапамагаў зняць парык, хтосьці расшнуроўваў гарсэт, хтось здымаў чаравікі. На стаўбурку выстраілася цэлая рота бутэлечак і слоічкаў з разнастайнай парфумай, Пранціш пазнаў некалькі ўзораў вытворчасці Давыда Ляйбовіча. Час ад часу гетманаўна пакрыквала і раздавала поўхі. Пранціш з няёмкасцю адвярнуўся, Алесь зрабіў тое самае — непрыстойна ж падглядаць за такім, пакрыёмым.

Не мець ім з дактаровічам кар’еры ў палацах. Там грэблівым і сарамлівым, што згідзяцца трымаць начную вазу манарха і свечку над ложам ягоных любошчаў, не месца.

Грос, натуральна, не зварухнуўся. Але зараз жа і Вырвічу з Алесем давялося вярнуцца да пільнага сузірання: грукат, тупат, лязгат. У спачывальню завалаклі Лёдніка. Ён быў ужо ў адной кашулі і нагавіцах, са звязанымі рукамі. Пані Тэрэза не звярнула ніякай увагі на ягонае з’яўленне ў суправаджэнні гайдукоў, усё роўна што прывялі якога дранага мопса.

А вось і клетку прысунулі.

Па-праўдзе, Пранціш да апошняга верыў, што гэта страхотлівая гісторыйка, пужаць легкаверных.

Але клетка была цалкам рэальная, з тоўстых жалезных палос, у рост чалавека, але вузкая — не сядзеш у ёй. Наверсе важкае кальцо з прапушчаным ланцугом, відаць, каб падымаць вязніцу ў паветра.

Дзверы клеткі адчынілі, увапхнулі туды Чорнага Доктара, папярэдне разадраўшы на грудзях і на спіне кашулю, не хацелася думаць, для чаго. Трывожна збліснулі нагрудны срэбны праваслаўны крыж і медальён, у якім Чорны Доктар захоўваў тры цёмныя пасмачкі валасоў — жонкі, дачкі і сына. Бутрым ледзь макаўкай не ўпіраўся ў верх вязніцы. Вырвіч пачаў прыкідваць, што доктар замкі адчыняе лёгка, выберацца. Але на папярочыне клеткі аказаліся адмысловыя бранзалеты, куды і прыкавалі рукі Лёдніка. Ягоныя «Вашамосць, адумайцеся. Я не лепшая прыкраса пакою пекнай дамы» прывабілі ўвагу не болей, чым шоргат снегу за акном.

Пранціш асцярожна выцер халодны пот з ілба. Вось гэтак пратрымаць вязня хоць суткі — не прысесці таму, рукі не падняць — пакута якая. А пані Тэрэза гаварыла пра дні і месяцы. А каб справіць патрэбу, паесці-папіць — павінны ж выпусціць хоць на хвілю. Ці не?

Ды лепш згінуць у няроўнай бойцы, чым пакінуць Бутрыма вось так!

Між тым гайдукі зніклі. Тое не значыла, быццам яны не з’явяцца па першым загадзе. Увогуле, княгіні дастаткова было працягнуць руку, каб хтосьці выскачыў з цёмнага кута і падаў ёй кубак. Зірне ў бок каміна — хтось ужо бяжыць з другога цёмнага кута падкінуць дровы.

Клетка з Лёднікам стаяла так, каб вязня добра асвятляла полымя каміна, і пані, не ўстаючы з ложка, магла бачыць усе падрабязнасці сваёй помсты.

Пакуль што няверная жонка Пане Каханку на новую забаўку па-ранейшаму не зважала. Дзве пакаёўкі расчэсвалі яе цёмныя бліскучыя валасы, каб схаваць пад начны каптур, які пачціва трымала трэцяя дзеўка, падлетак — яе тонкія рукі ў шнарах ад розгі дробна дрыжэлі. Таўсманная карліца гучна чытала з малітоўніка вечаровыя малітвы.

Вось як падобныя Тэрэзе Радзівіл могуць спалучаць цвёрдую ўпэўненасць у тым, што яны ў Бога сярод першых праведнікаў, і звярыную жорсткасць у дачыненні да «звычайных» людцаў?

Між тым малітвы былі дачытаныя, пані перахрысцілася і апусцілася ў пышныя сумёты падушак так, што амаль сядзела — відаць, верыла, як і многія, што спаць лежачы — рызыка адпусціць душу. Прыслуга знікла, стаілася. Вырвіч заўважыў, што княгіня павярнулася, каб зручней сузіраць клетку, у якой, апусціўшы галаву, нерухома стаяў вязень. У прыадплюшчаных вачах фаварыткі караля люстраваўся цёмны агонь. Праз нейкі час дыханне пані зрабілася частым і сіплым, нібыта яна бегла, вочы адкрыліся шырэй.

— Ваша княская мосць, вы самі сябе губіце такімі ўчынкамі, — раптам змрочна прагаварыў Лёднік. — Я адчуваю праявы хваробы ў арганізме вашай мосці. Тая прыемнасць, якую прыносіць вам чужы боль, насамрэч парушае баланс вашай энергіі і выклікана паталогіяй. Гэта я вам як спрактыкаваны доктар кажу. Я сустракаў падобныя выпадкі. Вы адчуваеце, як зараз гарыць ваш твар? Ёсць цяжкасці з дыханнем? Лёгкія сутаргі?

Пані Тэрэза моўчкі прыўзнялася і выцягнула руку. Зараз жа немаведама адкуль выскачыла карліца, выхапіла з каміна доўгую жалезную прыладу і падала пані. Не, не качаргу — нейкі ражон, на адным канцы драўляная ручка, другі канец, нагрэты агнём, свеціцца чырвоным. Княгіня пасунулася да клеткі і тыцнула распаленым прутом у грудзі Лёдніка.

— Ты, быдла, гаварыць можаш, толькі калі я дазволю!

Грос ухапіў Пранціша і Алеся за плечы, сціснуў, папярэджваючы без слоў: не выдаваць сваёй прысутнасці!

Лёднік маўчаў, толькі галаву закінуў, з сілай прыціснуўся патыліцай да жалезных прутоў клеткі, ды ягонае дыханне пачасцілася. У паветры агідна запахла палёным.

Пачуўся страшны хрып. Пранціш адразу вырашыў, што гэта Лёднік ад болю. Аж не — пані Тэрэза. Прэнт з грукатам упаў на падлогу з італійскай тэракотавай плінфы, яго адразу прыбрала прыслуга. Пані пастаяла, трохі пагойдваючыся і неяк прагна ўглядаючыся ў свежы апёк на грудзях доктара. Нават падалося, зараз памацае. Прахрыпела:

— Не будзеш слухацца — буду караць.

І вярнулася ў ложак. Чамусьці асабліва агідным выглядала, што пані часта аблізвала вусны.

Бутрым страсянуў адрослымі за час вандроўкі валасамі.

— Вашамосць, я вас папярэджваў. Вы толькі пагаршаеце свой стан. Дойдзеце да таго ж, што іх мосці Геранім і Марцін Радзівілы. Да жывёльнага стану, фактычна. Я мог бы прызначыць вам адпаведнае лячэнне. Травы, водныя працэдуры, адмысловы масаж. Фізічныя практыкаванні. Хутчэй за ўсё ваш стан адмоўна ўплывае на здольнасць мець дзяцей.

Пані як на спружыне падкінула з пярын. Доктар што, звар’яцеў сам, што цвеліць гэтую вар’ятку?

Пані Тэрэзу заўважна калаціла.

— Лайно! Робак! Адкуль ты ведаеш пра дзяцей! Як смееш!

У яе руках зноў апынуўся прэнт з распаленым канцом.

А Лёднік усё працягваў гаварыць сваім глыбокім нізкім голасам. Мякка і пераканаўча. Пранціш гатовы быў ламаць сцяну, але распаленае жалеза не паспела дакрануцца да доктара. Княгіня ўпусціла прэнт і павалілася на пад­логу, яе цела выгіналася, як лук, з вуснаў вырываліся хрып і пена.

Зараз жа падбеглі слугі, падхапілі гаспадыню замка, каб укласці на ложак. Але яна выпіналася, мяркуючы па ўсім, з нечалавечай моцай, і нават замы­кала. Слугі з пераляканымі фізіяноміямі хрысціліся і відавочна лічылі пані апантанай. Падушкі разляцеліся сумётамі па пакоі.

— Выпусціце мяне неадкладна! Я — доктар, я дапамагу! Вы што, хочаце, каб яемосць памерла? — надрываўся Лёднік.

— Прайдзісвет. — прасіпеў над вухам Пранціша Грос, зразумела, на адрас Баўтрамея, і ірвануў з іхняга сховішча, даўшы знак паплечнікам заставацца на месцы. Хутка езуіт ужо распараджаўся ў спачывальні.

— Пусціце доктара да княгіні!

Вызвалены Лёднік выбег з клеткі і схіліўся над хворай, якая курчылася, быццам вусень на патэльні, прыціснуў яе рукі да ложка.

— Святла дайце больш! Халоднай вады. Драўляную лыжку нясіце. Яе трэба змясціць між зубоў. Як часта такія прыступы бываюць?

— З вясны не было, вашамосць... — прамармытаў лёкай са збанам у руках, намагаючыся не глядзець на апантаную. Вада ў збане ажно плёхалася.

Чорны Доктар дзейнічаў рашуча і ўладна, так, што ўсе забыліся — ён толькі бяспраўны вязень, асуджаны на пакуты, і не насмельваліся ўмешвацца ў працэс лячэння. Урэшце сутаргі прыпыніліся. Лёднік навісаў над пані, моцна трымаючы яе рукі.

— Глядзіце мне ў вочы, вашамосць. Не бойцеся. Усё будзе добра.

Жанчыну перастала курчыць. Яна заціхла і не адрываючыся глядзела ў

вочы сваёй нядаўняй ахвяры. Бутрым працягваў нешта гаварыць, ужо ціха, як з пераляканым дзіцем. Урэшце з яе твару сышла густая чырвань, дыханне выраўнялася. Яна ўсхліпнула па-дзіцячы.

— Вады! — працягнуў руку Лёднік, і зараз жа яму падалі шклянку. Бут­рым падхапіў сваю турэмшчыцу пад спіну, дапамог прыўзняцца і адпіць.

— Усе пайшлі прэч! Яемосці трэба спакой!

Цікава, але палонніка ў парванай на лахманы кашулі паслухаліся і плітанулі ў дзверы. Можа, проста ад жудасці заставацца побач з нячысцікамі, што мучылі акрутную кабету? Нават Грос задумліва азірнуўся і выйшаў. Ці, хутчэй, стаіўся ў яшчэ адным таемніку.

— Адкуль... вы ведаеце пра дзяцей? — перарывіста прашаптала пані.

— Я доктар. Магу ставіць гіпатэтычны дыягназ.

— Гэта. у мяне. можна вылечыць? — пані Тэрэза ўчапілася ў паўаголенага вязня, быццам танула. — Каб я магла нарадзіць ад яго каралеўскай мосці.

— Усё ў волі Божай. Я магу толькі паспрабаваць, — супакойваюча прагаварыў доктар, і жорсткая кручаная баба ўткнулася ў ягоныя грудзі, побач з утвораным ёй жа апёкам, і разраўлася.

— Вы помніце, калі ўпершыню з вамі такое сталася, вашамосць?

— Пасля першай шлюбнай ночы. — прамармытала пані Тэрэза, не адхінаючыся ад сына полацкага гарбара. — Мне было шаснаццаць. Гэты. бугай быў п’яны і вясёлы. Ад яго смярдзела. Я хачу забыцца на тое, што ён утварыў тады. І як усе сведкі смяяліся. Смяяліся. Калі мне было балюча.

Сужонку Пане Каханку зноў пачало калаціць, але Чорны Доктар акуратна памасіраваў ёй скроні, патыліцу, плечы, націскаючы на нейкія кропкі. Пранціш пазнаў адмысловы метад масажу, які Лёднік пераняў у знаёмага кітайца. Знайшоў на каго траціць сілы і ўменне.

Княгіня абмякла, супакоілася. Доктар асцярожна ўклаў яе на падушкі.

— Загадаеце мне вярнуцца ў клетку, вашамосць? Папярэджваю, могуць быць яшчэ рэцыдывы прыступу.

Гетманаўна працягнула руку, кранула апёк на грудзях доктара, змусіўшы Бутрыма тузануцца ад болю.

— Ты маеш рацыю. Я грэшная. Усё ад грахоў маіх. Таму Гасподзь і дзяцей не дае. Я зараз у пекле была. Мяне акуналі ў гарачую смалу, пакуль ты мяне не выцягнуў. Калі я аддам табе дзеўку, гэта будзе табе платай за выратаванне майго жыцця і выкупленнем маіх грахоў? А?

У голасе княгіні ўсё больш чуліся нервовыя ноткі.. Падобна, прага мучыць змянілася прагай пакаяння, але гэткай жа хваравітай.

— Калі вы адпусціце вашу хросніцу, вам залічыцца добрая справа. Якая многае выкупіць. — асцярожна, нібы баючыся спужаць пакаянны настрой уладаркі, прагаварыў доктар.

— Грос! Прывядзі паненку!

Езуіт зараз жа аб’явіўся, паслухмяна схіліўся.

— І спадарожнікаў маіх, сына і сябра, хай прывядуць, — хуценька прагаварыў Бутрым. — Мы будзем вечна маліцца за вас, ваша княская міласць. Гасподзь бачыць вашы цвёрдыя намеры перамагчы згубны гнеў. Спадзяюся, яны не саслабеюць і не згаснуць.

— Прысягаю перад Госпадам, душой сваёй бессмяротнай клянуся — адпушчу ўсіх! Прасвятая Багародзіца мне сведка!

Княгіня перахрысцілася. Падобна, яна цяпер знаходзілася ў такім расчуленым настроі, што магла пагадзіцца і ўвесь замак з прыслугай аддаць. Шаптала малітвы, слёзы беглі на пульхных шчоках. Усе разумелі, пытанне толькі ў тым, як доўга працягнецца гэты настрой.

Таму Пранціш і Алесь усяго праз якія хвілі, што спатрэбіліся, каб выбрацца з іх сховішча па знаёмай лесвіцы і ўдаць з’яўленне з вязніцы, былі каля Бутрыма.

Алесь кусаў вусны, каб стрымаць хваляванне. Зараз жа пабачыць сваю Чароўную Даму. Доктар спакойна, нібыта стаяў не паўголы з апечанымі грудзямі, а ў строгім камзоле і капелюшы, даваў рэкамендацыі па далейшым лячэнні княгіні, якія тут жа пачціва занатоўвалі. Прысеўшы на край ложка, мацаў пульс на руках пані, якія яна занадта ахвотна працягвала эскулапу...

На калідоры зноў пачуліся крокі. Алесь увесь падаўся наперад, доктар узняўся.

У пакой, трохі пахістваючыся, увайшла высокая худая паненка ў беднай шэрай сукенцы, якая вісела на ёй, як на калаціне. Валасы схаваныя пад белы просты каптур, твар збялелы, змучаны, вакол вачэй цёмныя цені, і вочы тыя пазіраюць у нікуды, у нейкую кропку сусвету, дзе няма хцівых людзей, жорсткасці і болю.

Але вось гэтыя вочы, няўважна прамінаючы ўсіх прысутных, спыніліся на доктары. Недавер. нясмелая надзея. шчасце. Ого, якое шчасце! І ўсё — за пару секундаў.

Танклявая шэравокая дзяўчына з усяе моцы абшчаперыла мужчыну ў падранай кашулі і плакала, уткнуўшыся яму ў шыю.

Лёдніка за адну ноч ажно дзве жанкі слязьмі вымачылі.

Але хто мог асудзіць Чорнага Доктара, які абдымаў сваю гаротную асістэнтку, нешта супакойваючае шаптаў і лёгка-лёгка кранаў вуснамі лоб? Хто мог асудзіць асістэнтку ў гэты момант? Не Пранціш, дакладна. І нават не Аляксандр. Бо радасці ад таго, што паненка жывая, было куды больш, чым нявартага рыцара болю, што паненка на яго не зважыла.

Нарэшце Лёднік адхінуў ад сябе дзяўчыну і павярнуўся да пані Тэрэзы, якая сузірала кранальную сцэну спаткання і пачынала змрачнець. Вой, каб зноў уладарка Белага Каменя не ўсхадзілася.

— Вам трэба адпачыць, ваша княская мосць, — пакланіўся Чорны Док­тар. А гаворыць жа, як кот Варгун, не хочаш — паверыш. — Выспіцеся, як след. Вам мусілі прыгатаваць супакойваючы напой па маім рэцэпце. Мы не наважваемся далей назаляць сваёй дабрадзейцы. А я заўсёды гатовы даць кансультацыі пані.

Гэх, цяпер бы на калені па звычаі бухнуцца, ручкі-ножкі той дабрадзейцы расцалаваць. Як зрабіў бы кожны нармальны шляхцюк.

Пранціш скасавурыўся на ганарыстае змрочнае аблічча Лёдніка, засяроджаны твар дактаровіча, заплаканую Праксэду, якая, аднак, трымала спіну надзвычай роўна...

Не, сармацкія звычаі не для гэтых.

На вялікае шчасце, пані Тэрэза яшчэ не дарэшты ачомалася ад прыступу. Таму толькі вяла махнула рукой і ўпала на падушкі.

Грос уласнаручна выштурхаў гасцей са спачывальні.

Цяпер паспець бы пакінуць замак з белага, шэрага і крывавага камення.


РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Як панну Праксэду асляпіць хацелі, а тады заручылі


У паўзмроку дзесь крапала вада.

А можа, цікаў гадзіннік.

Або драпаў кіпцем камяні дамавік у чаканні сваёй яешні.

Лампада ды свечка... Вось і ўсе светачы гэтага пакоя.

Не, не вязніцы. Наадварот, збройні — вунь пабліскваюць цьмяна шабелькі ў падстаўках... А тры шабелькі, няхай не самыя дарагія, так, аўгустоўкі, без аздоб на вузкіх сталёвых абліччах, знайшлі новых гаспадароў. Дакладней, чатыры шабелькі... Бо панна Праксэда таксама выхапіла сабе звонкую рэпліку вайны. Вунь, сядзіць на лаўцы ў белым каптуры, худая, бледная, шэрыя вочы рашуча пабліскваюць, а да калена прыхінуты клінок. Што ж, са зброяй у руках, нават калі не асабліва ўмееш карыстацца, надзейней.

Сюды гасцей з няпэўным статусам завёў Грос. Загадаў чакаць. Замак — не карчма, не ўвойдзеш і не выйдзеш папросту. А тым больш — ноччу. Нехта мусіць адамкнуць цяжкую жалезную браму, адну, другую. Апусціць пад’ёмны мост.

— Разумна, доктар. Недаацаніў я цябе, — скрозь зубы прасіпеў на развітанне езуіт. — Расцвеліць вар’ятку. Справакаваць прыступ падучкі. Прафесійна зроблена.

— Не мяркуйце па сабе, пан Зыгмунд, я хацеў толькі дапамагчы хво­рай, — угневана ўскінуўся Лёднік. Але езуіт, ясная рэч, застаўся пры сваім меркаванні.

Пранціш напружана прыслухоўваўся да крокаў на калідоры... Могуць да раніцы пратрымаць. А тады — ці выпусцяць? На ўсялякі выпадак аббег пакой, пільна прыглядаючыся да ўсіх шчылінаў. Ці не збліснуць дзе за сцяной цікаўныя вочы?

— Я так вінаватая. Пані Тэрэза была са мной у Гародні дужа ласкавая. Абяцала, што ні да чаго не змусіць. Возьме ў Вену.

Праксэда захлыналася віной, гледзячы на доктара, які хутаўся ў Пранцішаву світку, рукавы былі яму ледзь не па локаць.

— Дарэчы... — Вырвіч так і не змусіў сябе прысесці, а ўсё выдыгваў па пакоі, углядаючыся ва ўсе падазроныя вышчарбіны і цені. — Чаму хросная абвесціла вас мёртвай? Вы ведаеце, што Бутрыма абвінавацілі ў вашым забойстве? Што мы яго са студні ў вязніцы ледзь паспелі дастаць?

Пранціш нават з нейкай злараднасцю чакаў, што дзеўка, з-за якой яны столькі нацярпеліся — няхай і не па ейнай віне — усходзіцца ад жаху. Але ейная рахманасць адрасавалася, відаць, аднаму Бутрыму. Паненка толькі прыкусіла губу, і голас трохі сеў:

— На ўсе пытанні адказ адзін, вашамосць — не ведаю. І нешта мне падказвае, што, калі мы даведаемся разгадку сваіх няшчасцяў, нашы жыцці будуць каштаваць яшчэ меней.

Так спакойна і трохі з горкім сарказмам мог бы адказаць сам Баўтрамей. Які, учуўшы пытанне і адказ, азірнуўся на асістэнтку і ледзь заўважна кіўнуў. Падобна, вучоная паненка прачытала ў кіўку тое, што было ёй важна, — не злуецца, дараваў, — і ўздыхнула з палёгкай. Бач, якое ўзаемаразуменне. А як Алесь збоку паглядае, не заўважаюць абое. Бедны хлопец.

— Вам трэба апрацаваць апёк, пан Лёднік.

Панна Праксэда ледзь не бегма скіравалася да лампады, што асвятляла сумны твар Богамаці, перахрысцілася:

— Думаю, тут можна здабыць драўлянага алею. Так, наліта дастаткова. І якасці някепскай.

Лёднік шчыльнейзахутаўся ў Пранцішаву світку, намагаючыся прыкрыць сляды княскага ўтаймавання. Сустрэўся позіркам з асістэнткай, якая ўжо стая­ла перад ім, беражліва трымаючы ў далані здабыты алей. Зірнуў на сына.

— Праксэда, не варта мітусіцца. Гэта дробязь...

Вучоная панна вінавата апусціла вочы. Тонкая рука пачала дробна дрыжэць. Лёднік з няёмкасцю працягнуў сваю даланю:

— Добра, пералі сюды, я апрацую...

Пакуль Чорны Доктар мазаў апёк, асістэнтка адвярнулася, раз-раз, з дапамогай шаблі адкрамсала шматок ніжняй спадніцы:

— Вось, пан доктар, для кампрэсу. Вымачыце ў алеі і прыкладзіце.

Нерашуча дадала:

— Памагчы?

Бутрым незадаволена сціснуў вусны, кінуў яшчэ раз позірк на сына, які застыў дзюбатым птахам у куце.

— Дзякую, спраўлюся сам. А як з тваім здароўем? Выглядаеш зняможанай. Галадала?

— Не так, каб зваліцца, пан Баўтрамей.

— На свежае паветра цябе, відавочна, не выпускалі. Ёсць траўмы? Унутраныя, паверхневыя?

Гэта так па-вучонаму гучыць пытанне «ці не білі?»

— Не хвалюйцеся. Вы перажылі па маёй віне непараўнальна больш. Па волі Божай, са мной усё добра.

І зноў села на лаўку, сціснула рукі, апусціла вочы. Каб час ад часу, стараючыся рабіць гэта непрыкметна, кідаць позіркі на свайго прафесара.

— Гэта не я падарыў табе пярсцёнак на дзень народзінаў, Праксэда, — рашуча выціснуў Бутрым. Відаць, вырашыў з’ясаваць сітуацыю ды абарваць рамантычныя марэнні панны, якая, дай волю, травой слалася б, расой пад ногі сыпалася свайму вызваліцелю. Паненка толькі больш унурылася.

Алесь ганарыста расправіў плечы, як перад смяротнай бойкай.

— Мне шкада, вашамосць, што мой недарэчны падарунак спарадзіў непаразуменне.

Праксэда неўразумела перавяла позірк на дактаровіча, асэнсавала пачутае.

— Пярсцёнак быў ад вас?

І вось дзіва — Алесь не пачаў велягурыць альбо бянтэжыцца. Горкая, вельмі дарослая і вельмі лёднікаўская, усмешка скрывіла вусны. Юнак спрытна ўзняўся і адвесіў блазенскі паклон.

— Перапрашаю за ваша расчараванне, чароўная панна, mea pulchra domina. Здараюцца ў маладосці такія вось памутненні розуму, выкліканыя парушэннем балансу цялесных вадкасцяў. Гіпакрат раіў лячыцца ад іх чамярыцай ды вадзянымі фіялкамі, але я, відаць, не далячыўся, вось і патрапіў са сваймі кукарэцыямі, як у проланку.

Пранціш ухвальна хмыкнуў. Падрос хлопец. Разумее — лепей першым з сябе пасмяяцца. І Праксэда, падобна, здзівілася. Так з панечкамі часам і трэба — а не плесці ўвесь час вензелі паводле рыцарскіх раманаў.

Але ж знайшлі час высвятляць найтонкія нюансы сваіх куртуазных дачыненняў...

— Ведаеце, шанове, слухаючы вашыя гжэчныя лірычныя канверсацыі, я б спадобіўся напісаць цэлы раман. Вам нагадаць, што мы на нітачках у кашчавай боўтаемся?

Менскі суддзя абвёў позіркам спадарожных, якія прысаромлена прыціхлі.

— Панна Праксэда, што ведаеце пра нядаўні шлюб Якуба Радзівіла, брата старосты менскага?

Паненка нахмурылася:

— Першы раз пра тое чую. Хросная, калі сюды везла, запэўнівала, што мае заручыны з ягамосцю Якубам больш нядзейсныя. — Уздыхнула скрушліва. — Але я цяпер думаю, што яна сказала б усё, што заўгодна, каб я з ёй паехала. Толькі апынулася тут — пані Тэрэзу як падмянілі. Яна на мяне, як на смяццё... Пасадзілі пад замок, на строгае пакаянне. Ніхто не наведваў, акрым турэмшчыцы. Добра, далі справу — рыхтавала мазі ды адвары. Можа, я проста перашкаджала шлюбу пана Якуба з іншай? Хаця яму, далібог, усё роўна.

Не, не падалося... Калі панна хвалявалася, чуваць быў лёгкі акцэнт. Значыць, і праўда гадавалася не тут. Пранціш хмыкнуў:

— А я вось нядаўна чуў, што не такі ўжо той Радзівіл нябога. Вяселле адбылося ў Нясвіжы, усё як мае быць.

Шэрыя вочы вучонай паненкі задумліва прымружыліся:

— Улада зацярушвае вочы нат пляткарам, вашамосць, за дыяментамі звыродства не бачаць. Мяне вучылі даглядаць за ягамосцю Якубам цягам двух гадоў. У яго столькі адхіленняў, да таго ж molestus, што медычная практыка проста выдатная атрымалася. З-за траўмы чэрапа ў раннім дзяцінстве пашкоджаны мозг. Фактычна, застаўся на ўзроўні немаўляці. Парушаная каардынацыя рухаў, дэфармаваныя суставы.

— Spina est laedi? — праявіў прафесійную цікавасць Бутрым, адразу забыўшыся на ўласныя мітрэнгі і дыстанцыю з паненкай.

— На шчасце, reliquit totum. Можа хадзіць, але толькі пры падтрымцы двух чалавек. Натуральна, куды ісці і навошта, не ўсведамляе. Часта праяўляе агрэсію, здараецца captio.

— Кансумацыя шлюбу была магчымая?

Ну, Бутрым. Пранціш нарэшце з задавальненнем пабачыў, як вучоная панна трошкі страціла раўнавагу і пачырванела.

— Мale munus est aure.

Ясна, дзяцей з тым калекам не зробіш.

— Моўная функцыя?

Ну ўсё, кансіліум. Лёднік жа адмыслова займаўся пашкоджаннямі мозгу, схемы старажытнага араба Альбукасіса вывучаў, манаграфіі пісаў.

— Non diam. Характэрная дэфармацыя рысаў аблічча палягае ў.

— Хопіць, хопіць... — замахаў рукамі Вырвіч, якому з навуковымі штудыямі Бутрым у свой час апрыкраў. — Зараз наша задача — адсюль вырвацца. Тое, што Грос даў узброіцца — абнадзейвае. Калі што, будзем прабівацца.

Сумніўна зірнуў на паненку, якая ў адказ ганарыста задрала падбароддзе... Прынамсі, не спалохаецца, як што... Скальпелем валодае, трэба лепш які кінжальчык ёй падабраць, куды ёй шаблю.

— Калі зараз не выберамся, гамон. Пані Тэрэза ачомаецца і ўсвядоміць, што ўваскрашэнне ейнай хросніцы адразу пасварыць яе з панам Міхалам Брастоўскім. Ваш бацька, панна, не быў пасвечаны ў спектакль з вашым забойствам.

Праксэда толькі трохі прыўзняла тонкія бровы.

— Пакуль я не засведчу ў судзе, што жывая, пан Лёднік застаецца злачынцам. Я зразумела.

Нечакана загарлаў певень, перакінуў крыклівы фант другому, той паспяшаўся далучыць трэцяга. Хутчэй за ўсё, пеўні гэтыя існавалі пры княскай кухні, і лёс іх быў акрэслены заканчэннем посту.

— Калі цябе з усіх бакоў пхаюць саф’янавыя боты, звычайна выбіраюць, да чыіх ног прыпасці. Праўду кажучы, мне ні да чыіх не хочацца, — стамлёна пацёр лоб Лёднік. — Магнаты сутыкаюць чужыя жыцці, як шары на більярдным стале, а між сабою заўсёды паразумеюцца. Вось, у той жа пані Тэрэзы — бацька, вялікі гетман Вацлаў Ржавускі, і брат Севярын сасланыя. І што бачым? Гетман сядзіць у высылцы, піша пакаянныя псалмы і лісты да расейскай імператрыцы. А ягоная дачка з тымі, хто яго саслаў, балюе. Князь Багінскі ў сваім маёнтку збірае новую канфедэрацыю супраць Панятоўскага і расейцаў. Што не перашкаджае яму радніцца з расейскім паслом Штакельбергам у спадзеве вярнуць маёнткі.

Бутрым сярдзіта адкінуў чорныя пасмы з вачэй.

— Пане Каханку гарлае за келіхам пра сваю вернасць шляхецкім ідэалам і непадкупнасць, а сам шукае, як выгадней дамовіцца з Панятоўскім і вярнуцца. А колькі людзей, якія біліся між сабою пад сцягамі названых асобаў, загінулі. Ну, і каму з іх нам належыць прадацца, га?

— Кожны шляхціц прысягае якому-небудзь уладару. Нельга іначай, — зазлаваў Пранціш, які якраз знайшоў ладунку, напалову напоўненую порахам. — Іначай будзе крышанка, а не дзяржава.

— А што, так не крышанка? — у прарэсе кашулі прамоўцы чырванеў апёк і пабліскваў крыж. Усхадзіўся, філосаф у падранай кашулі. Не раўнуючы, старагрэцкі кінік Кратэт Афінскі, які хадзіў у лахманах, спаў на зямлі і нават гліняны кубак выкінуў, калі пабачыў, што хлопчык п’е з ручая, чэрпаючы даланёй.

— Перад Госпадам усе роўныя! А Божы запавет і інтарэсы радзімы вышэй за загад любога ўладара!

Блюзнерскую лемантацыю сына полацкага гарбара перарваў грукат у калідоры. Дзверы збройні спалохана расчыніліся.

— Збірайцеся...

Грос кіўнуў свайму жаўнеру, і той абрушыў на падлогу прынесены сумёт рэчаў: футры, шапкі, дылеі... Усё, між іншым, дыхтоўнае, з княскага гардэробу, няйначай.

— А для вас, паненка, хросная маці падрыхтавала асобны падарунак у дарогу. Яна смуткуе, што абышлася з вамі залішне жорстка, і хоча, каб вы выправіліся з яе замка ў годным радавітай паненкі выглядзе. Таму зараз прайдзіце з прыслугай, вас апрануць, зробяць фрызуру.

У дзверы зазірнула чарнявая пакаёўка вагой пудоў у дзесяць, прысела з цяжкасцю ў рэверансе.

— Прашу, вашамосць.

Праксэда бліснула шэрымі вачыма, узнялася (Пранціш адразу адчуў сябе непамысна: халера, ну не павінны панны быць вышэй за яго, харобрага шляхціца!)

— Мне дастаткова было б футра і ботаў.

— Яе княская мосць настойвае, — не зварухнуўся Грос. — Гэта літаральна ў суседні пакой зайсці.

— Мы правядзём паненку, — заявіў Бутрым.

— А ў мяне неадкладная сур’ёзная размова да вас і да вашага сябра.

Зброя ў падстаўках і куфрах стаілася ў чаканні новага крывавага ўраджаю.

— У такім выпадку паненку праводжу я, — рука Алеся Лёдніка ляжала на дзяржальне шаблі. — Калі што — пад дзвярыма пастаю. Я ж, разумееце, рыцар, Ланцэлот. Ланцэлоту адпаведна пад дзвярыма дамы чакаць.

Ого, як хлапца пераламала — то па-кніжнаму толькі гаварыў, а тут хвацка засвоіў чорныя жарцікі на тле ўласнай горычы... Праксэда зноў зірнула на яго, нібы не пазнавала.

Грос нічым не выявіў незадавальнення, калі Алесь, які паспеў ускінуць на сябе абшытае зялёным сукном футра і насунуць шляхецкую шапку, рушыў за сваёй дамай — а ён зраўняўся ўжо з ёю ростам, трэба ж.

Езуіт шчыльна прычыніў дзверы, панізіў голас да шэпту.

— Пані Тэрэза прысягнула ратункам сваёй душы, што вас выпусціць з замка жывымі, і клятвы парушыць не можа. Так што зараз дачакаецеся панначку, і — да брамы. Вам нават карэта падрыхтаваная. Пераедзеце праз мост. Ну а далей.

— А далей — пастка, так? — горка прамовіў Бутрым.

— Абавязкова пастка! Як жа іх княскім мосцям без пасткі! — бледныя вусны Гроса нават трохі расцягнуліся ва ўсмешцы. — Вас загадана не выпускаць з карэты і везці ў Падгарэцкі замак. Гэта таксама ўладанне Ржавускіх, і зусім непадалёк.

— І. што нам параіце рабіць, вашамосць? — падазрона папытаўся менскі суддзя.

— А нічога! — усміхнуўся езуіт. — Калі мы ўсё правільна пралічылі, вас вызваляць.

— Хто? — Пранціш не збіраўся гуляць у сляпога ката.

— Сам ягамосць Ігнацы Богуш. Які пераканаўся, што ягонае месца ля княгіні зараз зоймеце вы, шаноўны Лёднік, — выскаліўся Грос. Бутрым ледзь не заперхаўся.

— Што-о?

— Ну а чаму не? — светлыя запалыя вочы езуіта-масона былі нязвыкла вясёлымі. — Пану Богушу ўсё даклалі пра падзеі гэтай ночы. Як вы, пан Лёднік, княгіню вылечылі, як разам з ёю на ложку валяліся, як яна вас абдымала, цалавала, слязьмі вымочвала і вы ўсіх сведкаў з пакоя выгналі. Хто ведае, чым вы там у ложку сам-насам займаліся?

Бутрым, здаецца, ледзь зубы не скрышыў ад абурэння. А Грос працягваў здзекавацца, распавядаючы квяцістую версію падзей, прыдуманую для Богуша:

— Зразумела, што вы, доктар, ужылі сваю магію, каб пані Тэрэзу счараваць, і вам удалося. Усе ведаюць, што вам гэта, як ад табакі чхнуць. Пані адправіла вас у Падгарэцкі замак, каб заўтра ж туды прыляцець і звіць такое вось таемнае шчаслівае гняздзечка. І адзіны выхад для беднага пана Ігнацыя — не даць вам даехаць.

— Забіць, значыць, — злосна зазначыў Пранціш, засоўваючы за пояс пісталет. — Усе вашыя хітрамудрыя планы заканчваюцца для нас кепска.

— Мог бы і забіць, — пагадзіўся Грос. — Але пан Богуш ведае, што Лёдніка чакае прыгожая жоначка, што доктар прыйшоў у Белакамскі замак па сваю каханку-асістэнтку. Што пан Лёднік гатовы ўцячы і ніколі тут не з’яўляцца. Пан Ігнацы разлічыў: яму выгадней дакласці сваёй уладарцы, што ейны новы фаварыт ёй здрадзіў і ўцёк з іншай кабетай, чым калі пані немаведама як раз’юшыцца пры звестцы пра гібель таго фаварыта. Усё роўна што ў сабакі адабраць костку, якую ён паспеў толькі разок грызнуць.

Давялося прызнаць, што ў пляценні інтрыг лепшага павука, чым былы езуіт, няма. Усё-ткі вымудрыўся, каб падставіць таго Богуша. Зразумела, Тэрэзе Ржавускай з неабвержнымі доказамі дакладуць пра ягоную здраду.

Палашы, рапіры, шаблі, стрэльбы цьмяна люстравалі святло лампадкі. Выглядала крыважэрна, хаця насамрэч гэтая зброя — простая, жаўнерская, даўно стамілася ад сваёй працы, тут жа не захоўвалі парадныя карабелы ці дамаскую сталь. Толькі старая зброя і здратаваны раб могуць быць шчаслівыя проста ад таго, што на іх забыліся. Бутрым, як і Пранціш, апрануўся, падперазаўся, сунуў за пояс пісталет і шаблю.

— Спадзяюся, гэтая лухта да Саламеі не дойдзе. — прасіпеў Лёднік.

— Ну чаму ж лухта.

Грос нахіліўся да Чорнага Доктара і загаварыў таямніча-даверліва:

— Між намі кажучы, у вас ёсць добры шанец. Пані Тэрэза вамі ўсур’ёз зацікавілася. Як яна думае трымаць вас ля сябе, не ведаю, але фантазія ў яе — любы патомны гарадскі кат пазайздросціць. Да таго ж, вы былі амаратам самой расейскай імператрыцы, што не можа не інтрыгаваць.

— Плёткі!

Лёднік пыхкаў агнём, як праўдзівы цмок. Задаволены Грос пакланіўся:

— Ну, рушніком дарога!

Але гладкай дарогі не атрымалася, бо на калідоры пачуўся жаночы крык, абураная лаянка і лязгат сталі.

Бутрым і Вырвіч з аголенымі шаблямі выскачылі на калідор. Алесь біўся з двума гайдукамі, захінаючы сабой збялелую Праксэду. Тую было не пазнаць — дарагая сукенка з сіняга аксаміту, брабанцкія карункі, перліны, танклявы стан, зацягнуты ў гарсэт, высокая набеленая фрызура, упрыгожаная таксама перлінамі. З дзвярэй пакоя, адкуль спрабаваў вывесці даму Алесь, высоўваліся злосныя кабеты, што намагаліся ўхапіцца за Праксэду, а тая, закусіўшы вусны, адбівалася нечым бліскучым. Пазалочанай падстаўкай для парыка, здаецца.

Раззлаваны Чорны Доктар — гэта вам не дамскі веер, адлятаюць ад яго далёка. Дый былы каралеўскі драгун — не трэсачка. Калідор увобмірг расчысцілі.

— Што здарылася?

Алесь выцер лоб. На шчацэ ў яго цямнеў свежы шнар нейкай дзіўнай формы.

— Добра, я за дзвярыма стаяў. Прымушалі панну вымыць твар адмысловай парфумай. А гэта была кіслата. Воцатная, высокай канцэнтрацыі.

— Я адразу характэрны пах учула, — задыхаючыся, прагаварыла Праксэда. — Пан Алесь на мой крык уварваўся, абараніў, дык пакаёўка мне ў твар лінула. Ён захінуў.

Вось адкуль на шчацэ дактаровіча свежы шнар, дакладней, апёк!

Грос, выслухаўшы гісторыю, не стрымаў ціхай лаянкі на лаціне. Прасіпеў паненцы:

— Зараз жа схавайце вочы.

Алесь прытуліў да сябе скурчаную дзяўчыну, накрыў з галавой сваім футрам, трымаючы ў другой руцэ шаблю напагатове.

Грос гучна абвесціў жаўнерам, што запаланілі калідор на пачцівай адлегласці, і прыслузе:

— Адбыўся няшчасны выпадак. Паненцы парфума трапіла ў вочы, яемосць аслепла. Расступіцеся, яе трэба адвезці туды, дзе яе палечаць.

Пры гэтай абвестцы злыдні-пакаёўкі, здавалася, з палёгкай уздыхнулі.

Грос жэстам намякнуў бандзе Чорнага Доктара: час сыходзіць.

Усаджваючы гасцей у карэту з гербам Ржавускіх, прамармытаў:

— Выбачайце, гэта ад пані Тэрэзы. імправізацыя. Спадзяюся, больш ніколі не пабачымся.

Коні ірванулі, бы ад ваўкоў. Неба пачало шарэць, хаця толку ад тае зімовай хмурнай раніцы. Па абодва бакі карэты — узброеныя вершнікі. Праксэ­да, захутаная ў дарагое бабровае футра, усхвалявана дыхала, але не плакала. Яна глядзела на дактаровіча, чый профіль у прыцемку здаваўся рыхтык бацькавым. Асцярожна пакратала яго шчаку:

— Трэба неадкладна нейтралізаваць кіслату. Утворыцца глыбокая рана.

Алесь пачціва адвёў яе руку:

— Усё роўна няма чым. Вадой нельга. Карбанату натрыя пад рукой не маецца.

Праксэда ірванула з сябе жамчужныя каралі.

— Пан Вырвіч, пазычце ваш пісталет.

Ну вось хто б мог дадумацца, што незараджаны пісталет можна выкарыстоўваць як ступку, дакладней, гэткую расціскалку для перлін? Та-ак, Пранціш сто разоў падумаў бы, перш чым падкаціцца да такой паненкі. Усе рухі вывераныя, упэўненыя, моцныя. Раз-раз — і цягнецца з утвораным парашком да параненай шчакі свайго рыцара.

— Тут якраз утрымліваецца падобнае да соды рэчыва.

А Лёднік жа спецыяльна затаіўся, не ўмешваецца. Паблісквае ў прыцемку вачыма ўхвальна, удае, што дрэмле. Ну і Пранціш далікатна стрымаў жартачкі.

Вучоная паненка ўздыхнула:

— Усё роўна шнар застанецца.

— Лухта.

А дзе ж абавязковыя для куртуазнай размовы пляценні пра тое, што шнары сведчаць пра вернае служэнне рыцара даме? Яшчэ некалькі месяцаў таму Алесь абавязкова б штось такое выдаў. Цяпер — не. Вось і паненка маўчыць ды зіркае на хлапца час ад часу. Пераводзіць позірк на старэйшага Лёдніка. Зноў на ягонага сына, які скрыжаваў на грудзях рукі ды глядзіць перад сабой. Параўноўвае?

— Вы. нядаўна перахварэлі воспай, пан Алесь? У вас пустулы. Ля скроні.

— Было. — хмыкнуў хлапец. — У горадзе Пацучынага Караля.

Пранцысь не стаў мяшацца ў размову і аздабляць яе сваім літаратарскім

талентам. Вось вернецца ў Капанічы, дастане няскончаны рукапіс пра авантуры бравага рыцара Плексігласа (наконт імені аўтар яшчэ вагаўся), і страшная гісторыя пра горад пацукоў і іхняга ўладара прыкрасіць сюжэт. А пакуль хай Аляксандр распавядае...

— Нас суправаджаюць чацвёра, — адрывіста перарваў рамантычныя гісторыі ў экіпажы доктар, уважліва ўглядаючыся ў прыцемак за акном. — Фурман — пяты. Паколькі аніяк нельга, каб нас завезлі ў Падгарэцкі замак, чакаць абяцанага вызвалення будзем не да апошняга. Зброя, дзякуй Гросу, ёсць.

Пранціш згодна кіўнуў.

— Лепш за ўсё ўсчаць інкурсію, калі ў лес заедзем.

І прывычна пачаў рыхтаваць адабраны ў паненкі пісталет да магчымай сутычкі ды насвістваць страшнаватую песню пра лёс мазуровай кабылы.

.З зубоў будуць пацеркі,

З зубоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі,

Ой ды з мазурамі пацеркі.

З капытоў будуць кубачкі.

З капытоў будуць, ой лігі-цігі-лігі-рулі,

Ой, ды з мазурамі кубачкі.

— Праксэда, знайдзі якую хустку. Перавяжы вочы і нікому з чужых іначай не паказвайся, — загадаў старэйшы Лёднік, не выпускаючы дзяржальна шаблі. — Хай усе думаюць, што пасланцам пані Тэрэзы ўсё ўдалося, і ты аслепла. Грос сказаў — пані загадала відушчую цябе ў жывых не пакідаць.

Асістэнтка паслухмяна кіўнула і закруцілася, шукаючы прыдатную тканіну.

— Што ж твае вочы такога бачылі, што пані Тэрэза захацела цябе ці са свету прыбраць, ці хоць асляпіць? — задумліва прамовіў Бутрым.

— Каб я ведала, пан доктар.

Паненка засмучана круціла ў руках сінюю шаўковую стужку, непачціва адарваную ад дарагой спадніцы.

— Мне трэба было западозрыць нядобрае ўжо тады, калі пані яшчэ ў Гародні параіла мне ўсё з сябе зняць, пераапрануцца ў новае. Каб не пакінуць нават дробязі, якая стане нагадваць пра. мае мінулыя грахі.

Вось як паненка развіталася з рэчамі, што засведчылі асобу забітай у Менску няшчаснай...

— Паслухайце, панна Брастоўская, — раптам асяніла былога менскага суддзю. — Ці не было ў доме пані Тэрэзы, сярод яе прыслугі, знаёмых ці про­ста выпадковых гасцей якой-небудзь цяжарнай кабеты? З валасамі такога ж колеру, як вашы. Каб хударлявая, высокая. Не прыпамінаеце?

Асістэнтка прыкусіла губу — вось ужо дарэмна намагаліся пакаёўкі Белакамскага замка бяліць, румяніць яе ды фарбаваць вусны самай моднай памадай, паненка відавочна была абыякавай да моды, вунь ужо і тафцяную мушку, акуратна прыклееную на левую шчаку, пазногцем няўважна здзерла. Зрэшты, пані Дамініка Вырвічава гэткая ж. Перапэцкаецца ў фарбах, аблічча натхнёнае. Муж у вушка цалуе, а яна пэндзлем адмахваецца.

Салодкія ўспаміны перарваў напружаны голас Праксэды.

— А ведаеце, і праўда, прыпамінаю. Калі я некалькі дзён хавалася ў гродзенскім доме хроснай, бачыла — бегала па двары прыслуга. — Праксэда прыкрыла вочы, каб дакладней апісаць. — Ніжэй за мяне на чатыры вяршкі, астэнічнага целаскладу. Валасы падобныя да маіх. Цяжарнасць ужо заўважная, пяты месяц, хоць прыкрывала фартушком. Нейкая. засмучоная. І цягала ўвесь час цяжкое. Я нават казала хроснай, каб не нагружала так небараку. Пані Тэрэза пахваліла мяне за. як яна казала. «залатое сэрцайка». Бо шкадую нават нявартых грэшніц. Я зразумела, што кабета не замужам.

— І што з той прыслугай далей было? — напяўся Пранціш.

— Апошні дзень я яе не бачыла. Падумала, пані Тэрэза адаслала на лягчэйшую працу.

Вырвіч сустрэўся вачыма са старэйшым Лёднікам. Што ж, вось і з’ясавалася, чый труп знайшлі на Плябанскіх млынах. Хутчэй за ўсё, менавіта заўважанае падабенства прыслугі з пляменніцай і навяло кручаную пані на страшны план.

За акном замільгалі дрэвы. Чорныя лапы ялін у белых шматках снегу. Карэта павярнула ўлева і раптам спынілася. Заіржалі коні, пачуліся злыя крыкі людзей. Калі Пранціш высунуўся, то пабачыў, што якраз за паваротам дарогу перагароджвае перакулены воз. Людзі ў адзежы, па якой не пазнаць, каму служаць — але ясна, што не мужыкі, а жаўнеры — лаяліся з тымі, хто суправаджаў карэту. А вось і да бойкі дайшло. Захутаны да вачэй пан на белым аргамаку ўважліва назіраў за падзеямі здалёк.

Калі перад нядаўнімі гасцямі Белакамскага замка апынуліся асядланыя коні, марудзіць ніхто не стаў. Нават панна Праксэда з завязанымі сіняй стужкай вачыма з дапамогай Алеся ўскараскалася на чорнага гладкага жарэбчыка з выглядам самым рашучым. Хтосьці з варты паспрабаваў кінуцца наўздагон, але ўдар шабляй па галаве — пераканаўчы доказ перагледзець свае намеры.

Пан Ігнацы, аднак, дадумаўся ж засвяціцца на сваім адметным белым коніку. Цяпер з’есць яго езуіт — са сланечнікавым алеем з нагоды посту.

Стаптаны ўчора снег за ноч прыцерушыла, цені ў шматлікіх выёмінах нагадвалі воспіны, што пабілі белы твар. На ўскрайку мястэчка, ля спаленай царквы, у шэрай хатцы, крытай трыснягом, Баўтрамей Лёднік абдымаў сваю Пенелопу. Ля дзвярэй высокая худая дзяўчына, што быццам не ведала, заставацца ці ўцякаць, з завязанымі вачыма, панурыўшы галаву, шаптала малітву. Цемнавокі юнак з сумным і ўжо трохі суровым абліччам стрымана ўсміхаўся.

— А цяпер кажыце, што з вамі ўтварылі!

Саламея прыкмеціла і апёк на абліччы сына, і тое, што муж паранены — хоць і стараўся не моршчыцца падчас абдоймаў. І што Праксэду не на марцыпанах гэтыя месяцы трымалі. Больш за ўсё спалохалася, што ў панны вочы завязаныя.

У тым і ёсць веліч добрых душаў — не было й цені фальшу ў тым, як Саламея абдымала асістэнтку свайго мужа, радуючыся, што жывая, што выратаваная. І нават прабачэння прасіла. Зусім увагнаўшы ў слёзы бедную дзеўку.

Пранціш нават адчуў сябе няёмка — усе пабітыя-параненыя, адзін ён мацак. Затое ён пяшчотна абдымаў свайго Гіпацэнтаўра, верную прадзедаўскую шаблю. Нават у клінок яе пры спатканні пацалаваў. Вядома, адвярнуўшыся ад хамуйлы Лёдніка, які не цэніць шляхецкіх рэліквій.

— Усё гатова да ад’езду, шанове! Гэх, як жа рады вас усіх бачыць! Вой, а што такое з паннай? Вочы баляць?

Пранціш павярнуўся да дзвярэй. І ледзь не ўшчыкнуў сябе, каб упэўніцца, што не сон. А можа, Давыд зноў у нейкі балаган запісаўся? Жоўтыя штаны з ласінай скуры абцягвалі цыбатыя ногі. Боты былі чорныя, бліскучыя, высокія, таксама шчыльна па назе, збоку дзясятак залатых гузікаў. Кароткае бабровае футра, падпярэзанае літым пасам, падвітыя пудраныя валасы а-ля катаген і вялізны двухкутовы капялюш, што нагадваў перавернуты човен.

Аптэкар задаволена хмыкнуў, заўважыўшы погляды на сябе, гожага, пакруціўся з боку ў бок.

— Найноўшая ангельская мода. Ягамосць палкоўнік фон Штоле толькі ў Львоў з Лондана вярнуўся, а я якраз удала вылечыў ягоныя фурункулы, што ад парыка ўтварыліся. Вось і разлічыўся са мной сваймі абноўкамі. Ну што, рушылі, пакуль зноў якая паляндра не ўчамярылася?

Давыд і Саламея на карэту не замахваліся, але два вазкі на палазах выкупілі зграбныя. За фурманаў узяліся з радасцю быць два дзецюкі, плячыстыя ды вусатыя парубкі-браты Сцяцко ды Грыцько, якім пагражаў продаж у аўстрыйскія рэкруты. Шлях да Капаніч, куды неабходна дабрацца, даволі доўгі. Якраз паспеюцца распавесціся ўсе прыгоды і няшчасці, настаіцца віно прабачэння, выпечацца хлеб надзеі.

І прагучыць аднойчы, пад вострымі каляднымі зорамі, выпадкова падслуханая размова:

— Мне проста не пашанцавала, пан Аляксандр. Я ведаю аблічча свайго кахання. Але ў дачыненні да аднаго ягонага ўвасаблення я незваротна спазнілася, а для. магчымага другога ўвасаблення — з’явілася занадта рана.

— У такім выпадку — проста пачакайце мяне трохі, панна Праксэда. Я пастараюся хутчэй старэць.

Да Калядаў усё-ткі паспелі прыехаць у Капанічы. Пару разоў па дарозе перакуліўшыся разам са Сцяцком ды Грыцьком і шчасцем сваім дарожным.

Давыд ад кампаніі аддзяліўся. На калядныя кірмашы ў Менск ягоныя памочнікі мусілі прывезці замоўленыя тавары, парфуму на вялізныя грошы. Якраз прасочыць, як ідзе гандаль, новыя знаёмствы завяжа, тое-сёе разведае.

Пранцішу пры поглядзе на знаёмы дом з анфіладай хапіла сораму пачырванець: успомніў картачны доўг у Кракаве. Далібог, адсудзіў бы кляты Лудус уладанні цесця даўжніка. Каб не Лёднік з яго більярднымі ўменнямі.

Апранула Дамініка Вырвічава з Гараўскіх венецыянскую сукенку карункавую, мужам праз усе цяжкасці вандроўкі прывезеную. А ў падоле, усеяным бліскучымі кветачкамі — дзірка прагрызена. Як ёсць пацук пастараўся. Мусіць, з жаўнераў Пацучынага Караля, якіх Алесь шыхтаваў.

Пасмяялася разумная жоначка, дэкляравала выправіць убор такім чынам, што яшчэ прыгажэй зробіцца.

Пані Вырвічава Лёдніку пры аперацыях асістэнткай была, ці ж ёй пацучынага следу баяцца?

Сафійка Лёднічанка чарнавокая вывела за ручку Яначку Вырвічавага блакітнавокага. Важная такая, гожая, у белай сукеначцы, з цёмнымі коскамі, каронай укладзенымі. Малы кавалер вачэй не адрывае, раток адкрыўшы, загады слухае.

І таўсманы слуга Лёднікаў Хвэлька тут жа быў, прыехаў сюды з Полацка з панначкай. Бутрым строга зыркнуў: зноў у Хвэлькі нос чырвоны, а піць жа яму нельга, пасадзіў быў пячонку ў колішняга гаспадара-п’янтоса. Але ў Капанічах налівак-настоек, рабінаўкі-калінаўкі-анісаўкі цэлае возера Свіцязь.

І хоць ніколі не даглядаў пан Гараўскі грады, але гэтак жа, як ягоныя падданыя сяляне, паклікаў мароз куццю есці. Каб не памарозіў свавольнік гароды. І сена выпіралася пад ільняным абрусам — як у продкаў вялося. Мала што ты пан, які любіць турэцкую зброю і шаўковыя халаты, найперш ты — нашчадак сармацкага племя, беларус і ліцвін, які мусіць шанаваць Дзедавіцу.

Самая доўгая сцяблінка выцягнулася ў Аляксандра Лёдніка. Але хлопец толькі нахмурыўся: няўжо і тут пабачыў намёк, што прайшоў па жыццёвай дарозе менш, чым ягоная пульхра даміна? Якая, дарэчы, нават тут, за сталом, цярпліва сядзела ў павязцы на вачах — зразумела, там былі дзіркі. Але ў тое, што панна не аслепла, мусілі быць пасвечаныя толькі надзейныя людзі. Таму Сафійка ўвесь час спачувальна гладзіла панну Праксэду па руцэ і раіла ўжыць адвар чабору, якім добра прамываць вочы.

А Яначка, пакуль не адправілі спаць, трохі псаваў урачысты настрой тым, што ўзяў за святочны стол ляльку, прывезеную бацькам з тае ж Венецыі, насатага злючага Арлекіна, і ўвесь час кратаў яго за нос, хітра паглядваў на доктара Баўтрамея Лёдніка і пахіхікваў.

...У персідскім кабінеце Гараўскага, завешаным дыванамі, паўсюль стаялі металічныя вазы з доўгімі горламі — быццам бліскучыя чаплі паселі. Невялікая вайсковая рада патанала ў вохкім дыме — гаспадар урачыста курыў кальян, толькі чалмы на палыселай макаўцы не хапала.

— Вядома, трэба падавацца ў Трыбунал! — пан Гараўскі нечакана падтрымаў Праксэду.

А як яшчэ шляхціцу гонар вярнуць, калі суд вынес ганебны вырак?

Толькі праз Трыбунал, які ў Залатым веку Вялікага Княства прыдумалі, каб кожны мог абскардзіць несправядлівасць.

Тым больш такая вось удача — праз месяц апірышча справядлівасці з Гародні, якую пан падскарбій Антоній Тызенгаўз упарта ператвараў у каралеўскую сталіцу, прыедзе ў Менск. Можа, апошні раз — кажуць, пазбавяць горад на Свіслачы прывілеі прымаць Трыбунальскі суд. І маршалкам там пан Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, стражнік вялікі літоўскі, суровы законнік. З Чартарыйскімі, да партыі якіх належаў гарбаты Юзаф, маршалак цяпер у варажнечы, страшэнна не любіць усе пасяганні на Статут, спрадвечны закон Вялікага Княства. Плюгаўствам лічыць увядзенне новых мундзіраў, новых падаткаў, новых пасадаў, пазбаўленне вольнасцяў...

Так, самае годнае, хоць і самае цяжкое — менавіта там, дзе быў вынесены прысуд, на вачах таго ж люду, апраўдацца. І Гараўскіх справа тычыцца наўпрост — бо і пан Пранціш Вырвіч несправядліва быў пазбаўлены судовага звання.

Адзіная, але амаль непераадольная перашкода — Праксэду павінны аддаць ейнаму бацьку, пану Міхалу Брастоўскаму.

З аднаго боку, той угневаецца на пані Тэрэзу Ржавускую і пана Юзафа, былых хаўруснікаў, якія яго падманулі ды ажанілі свайго калеку з іншай дзеўкай, а яго змусілі разбірацца з фальшывым забойствам дачкі. І гэта на руку.

З другога боку, ён страшэнна ўгневаны на дачку, якая сваімі ўцёкамі пазбавіла татку-банкрута добрага ўзнагароджання за гэты доўгачаканы шлюб.

Так што Праксэду чакаў сумны лёс — ці аддацца пад бацькаву цяжкую руку, ці хавацца ўсё жыццё. Якія там універсітэты.

— Права бацькі на дзяўчыну можа аспрэчыць толькі законны сужэнец. Так, калі яна выйшла замуж без згоды бацькі, той можа звярнуцца ў суд, каб пакаралі таго, хто звёз дачку. Але і ў такім выпадку шлюб не разарвуць. Толькі пасагу пазбавяць, — задумліва прамовіў Пранціш, перабіраючы ў памяці судзейскую сваю практыку. — Пазалетась разбіралі справу шляхціца Намыслоўскага, які скардзіўся, што дачка ўцякла і пайшла пад вянец з адным латругам. Але дзеўка заявіла ў судзе, што збегла, бо бацька хацеў выдаць яе замуж супраць ейнай волі за нейкага старога. А гэта парушэнне Статуту. Ды яшчэ яе цётухна засведчыла, што была на вянчанні, маладажонаў блаславіла. І тых цалкам апраўдалі. Нават абавязалі бацьку выплаціць даччын пасаг.

— І да чаго ты гэта гаворыш? — сярдзіта нахмурыўся Лёднік. — У панны Праксэды мужа няма, і мы яго з-пад стала зараз не дастанем.

— Навошта з-пад стала. Можна і за сталом пашукаць, — вельмі сур’ёзна прамовіў Алесь. Пранціш аж заперхаўся.

— Ты ж гэта не напраўду, хлопец? — агучыў агульнае пытанне пан Гараўскі.

Здавалася, пальмы на ўсходніх карцінах пакоя ўзмахнулі ў гэткім жа здзіўленні разлапістымі лістамі, падобнымі да папараці.

— Вядома, я не прашу панну разглядаць мяне як мужа, — не збянтэжыўся й на валасіну Алесь. — Але нейкі час in nomine лічыцца ім я магу, каб прадстаўляць інтарэсы панны.

— Нешта мне гэта нагадвае, — прамармытала Дамініка, кінуўшы скоса погляд на мужанька. Пранціш толькі хмыкнуў: ну так, калісьці ён гэтаксама абвесціў сябе жаніхом панны Дамінікі Г араўскай, каб выратаваць яе з палону. Думаў — фіктыўны шлюб, паненка пры першай жа нагодзе запатрабуе раз­воду. А вось што выйшла.

— Усё адно — пан Аляксандр не дасягнуў шлюбнага ўзросту, з боку панны Праксэды ніхто дамову не засведчыць. За самавольны шлюб таксама адказнасць ёсць, — уздыхнуў Пранціш.

— Мне амаль васямнаццаць, — упарціўся дактаровіч. — Калі мой бацька паручыцца — абвянчаюць. У нас у акадэміі адзін студэнт ажаніўся яшчэ ў чатырнаццаць гадоў — каб маёнтак не страціць. Бацька быў як бы ягоным прадстаўніком. Не ў. інтымным сэнсе, вядома. — збянтэжыўся юнак, заўважыўшы, як перасмыкнуліся Бутрым і Саламея.

— Гэта. гэта перасягае ўсе межы! Выбачайце, але я дастаткова нашкодзіла вашай сям’і. Давайце прыпынім гэты. трагіфарс.

Праксэда ўскочыла, забыўшыся, што сядзела без павязкі, і шырокім крокам — да дзвярэй...

А дактаровіч — наперарэз.

— Калі вы назавецеся маёй жонкай, усе брудныя плёткі пра нашу сям’ю і прыпыняцца. Пры дапамозе сведкаў дакажам, што з боку пана Міхала Брастоўскага адбыўся гвалт над вашай воляй. Можна спаслацца на блаславенне вашай хроснай маці, пані Тэрэзы Радзівіл, якая дапамагла вам пазбегнуць шлюбу з хворым і адпусціла з намі. Калі што — і да пана Адама Брастоўскага, вашага дзядзькі, звернемся. Ну, наважвайцеся! Для мяне гэта ні разу не ахвяра. Хутчэй — для вас.

Вырвіч пацёр лоб.

— А што, можа выгарэць. Пані Тэрэза не адмовіцца пад прысягай, што абяцала скасаваць заручыны з Якубам Радзівілам і звезла Праксэду, і пры сведках блаславіла ехаць з намі з Белакамскага замка. І пан Адам падцерці нос брату заўсёды рады. Заступіцца за пляменніцу.

Гараўскі задумліва пыхнуў кальянам.

— І статус паненкі ў вашай бандзе акрэсліцца. А то хто яна вам? Чаму за яе заступаецеся? Любы спытае. Кепска, што розніца ва ўзросце. Праўда, у наш сапсаваны час не здзівяцца, хіба трохі пасмяюцца — ажаніўся са старой. Але ёсць рознасць у паходжанні. Вы, панства Лёднікі, выбачайце, шляхціцы па патэнце. А Брастоўскія — род старажытны, магнаты. За неадпаведнасць жаніха нявесце яго могуць і пасадзіць.

— Я ніколі не лічыла сябе вышэйшай па паходжанні, — ваяўніча запярэчыла Праксэда. — Кроў ва ўсіх аднолькава чырвоная, блакітнай нават у рыб няма. Мая маці была простай дзяўчынай з Кёнігсберга. Дачкой школьнага настаўніка. Прыгажосці, казалі, неверагоднай, таму прыезджы арыстакрат і ашалеў ад кахання. На жаль, яна рана памерла. А пан Міхал пра маё існаванне і не ўспамінаў. Хлапчукі на нашай вуліцы мяне дражнілі бастардкай.

— Але з вашай маці пан Міхал вянчаўся? — удакладніў Вырвіч, бо далікатнічаць не выпадала.

— Так. У кірсе. Абрад праводзіў мой дзед, пастар. Паколькі пан Міхал каталік, не ведаю, наколькі мае вагу той шлюб. Я і з сястрой сваёй Барбарай нават ні разу не бачылася. І з бацькам. нячаста. Я ж так, вяхотка, якую дасталі для бруднай працы.

— Яшчэ перашкода — Лёднікі праваслаўныя, а паненка — каталічка.

— Уніятка. Такая была ўмова майго дзеда.

Пан Гараўскі выпусціў яшчэ адно колца вохкага кальяннага дыму.

— А ў святую праваслаўную веру не адмовілася б перайсці?

— Бог адзін, вашамосць.

Што ж, прынамсі, цяпер за такі пераход смяротнае пакаранне адмянілі. Да таго ж, не агледзешся — паны ў далучанай да імперыі дзяржаве адзін перад адным веру памяняюць, як калісьці папераходзілі ў касцёл, абы пры ўладзе застацца.

Саламея падышла да разгубленага старэйшага Лёдніка, сустрэлася з ім вачыма. Нейкі час сужонцы нібыта вялі маўклівую размову.

— Хай станецца, — важка прамовіў Бутрым. — Бласлаўляю.

Праксэду нібыта выцялі па спіне. Яна рэзка павярнулася і зірнула на док­тара, нібыта сапраўды раптоўна аслепла. Яе вусны дрыжэлі.

— Вашамосць, я і пакрыўдзіцца магу, — з горкім гумарам, які нядаўна засвоіў, прамовіў Алесь патэнцыйнай нявесце ў спіну. — Вы так трасецеся ад адной думкі назвацца, хай умоўна, маёй жонкай, быццам я пацук альбо рапуха.

Праксэда сутаргава ўцягнула паветра, сціснула тонкія рукі і ганарыста задрала падбароддзе.

— Пацукі і рапухі — істоты мілыя і вельмі разумныя, ці ж вам не ведаць, вашамосць. А псаваць вам жыццё.

— Ну, гэта што лічыць за псоту, — усміхнуўся Аляксандр-дактаровіч. — Дурны хлапчыска Ланцэлот, я ўсё разумею. Але давайце як-небудзь пераадолейце сябе. Даю слова, нат не дакрануся да вас... Па ўніверсітэтах можам разам паехаць, не трэба будзе пераапранацца ў мужчынскае. А як толькі стане магчыма, шлюб скасуем.

Праксэда бездапаможна азірнулася на старэйшага Лёдніка, той ледзь заўважна кіўнуў галавою. Вучоная паненка моўчкі насунула на вочы павязку, на гэты раз — з шаўковай стракатай хусткі, якіх у доме Гараўскіх было, як сушанай плоткі ў зацятага рыбара. Нібыта лягчэй гаварыць, не бачачы.

— Я не ведаю людзей, лепшых за вас, панства Лёднікі. Я шкадую, што вы падабралі мяне аднойчы на вуліцах Гародні, і тым займелі столькі няшчасцяў. Адзінае, чым магу аддзячыць, — даверыць вам свой лёс. Мой дзедпастар вучыў: супраць усяго можна выстаяць, акрамя дабрыні.

— Тое ж кажа Жан Жак Русо, вашамосць, — ціха прамовіў Алесь. — Не трэба так пераймацца. Мы пройдзем праз усе выпрабаванні разам. Вы акажаце мне гонар назвацца маёй нявестай?

Праксэда сцягнула павязку, угледзелася ў аблічча юнака — зноў нібыта пазнавала штосьці знаёмае.

— Ну, пярсцёнак вы мне ўжо дарылі.

І прыжмурылася хітравата:

— А вось каб канспекты лекцый з акадэміі. Можаце нявесце такі прэзент зрабіць?

— Хіба за першы курс. За другі ў канвенце пакінуў, — трохі збянтэжыўся дактаровіч. — Але пераказаць магу! Асабліва па прыродазнаўчых навуках. У нас чытаў пан Пачобут-Адляніцкі, у яго надзвычай цікавая тэорыя.

Вось, здаецца, і ўся рамантычная частка заручын.

А што, бачылі мы пышнейшыя, ды куды дурнейшыя.

А калядныя зоркі ззялі над разарваным краем гэтак жа зырка, як будуць свяціць, калі гэты край з’яднаецца. І будзе зноў прададзены і забраны, і зноў вызваліцца і паўстане.


РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Апошні трыбунал у Менску


Стапталі снег ля Свіслачы аж да чорнай зямлі. Не цмокі. Паны-браты, жупаны-кунтушы. Цямнеюць абгрызеныя часам сцены менскага замка, пазяхае, прыкрываючыся суконным рукавом аблокаў, прывід князя Глеба, у ранішнім паветры водар гарэліцы, табакі і прадчуванне добрай бойкі. Як жа не пабіцца падчас Трыбуналу!

Дый для злосці падстава ёсць. Расейскіх жаўнераў нагналі — сінія мундзіры паўсюль, як чарніцы ягадным летам. Ганьба якая. Але й прывычная ганьба: колькі ўжо важных соймаў прайшло пад прыглядам імператарскай арміі. Каб нязгодным языкі падкараціць.

Вось і зараз — пагаворваюць, сам староста менскі, пан Юзаф Радзівіл, гарбунок няшчасны, папрасіў даслаць войскі. Справа гучная чакаецца: мільённыя ўладанні на кон пастаўленыя.

— Чакаюць прыезду прэтэндэнта, пана Якуба Радзівіла, старостава брата, — ціха прагаварыў Давыд, які час ад часу адбягаўся ад карэты з гербам паноў Гараўскіх, каб паслухаць плёткі. Высокі тыпус ля карэты, у нямецкім строі і насунутым нізка на лоб капелюшы, ды яшчэ ў чорнай шаўковай паўмасцы, пакрывіў фанабэрыстыя вусны.

— Не падабаецца мне гэтая ідэя, спадарства. Пакуль нас не пазналі, давайце сыдзем з гэтага віварыя.

Пранціш, які не бачыў патрэбы хаваць аблічча, ганарыста ўпёр руку ў бок — дылея, кунтуш, жупан парчовы, паяс персіянскі літы, шапка сабаліная з вялікім гузам, Гіпацэнтаўр у залачаных похвах — усё як на парадных сармацкіх парсунах.

— Яшчэ чаго! Нядаўна я прыходзіў сюды, у судовы дом, і займаў найважнейшае крэсла, і ўсе гэтыя паны-браты ручкі-ножкі мне імкнуліся цалаваць, абы на прысуд паўплываць. А зараз вунь, лыбяцца, адварочваюцца. Нізавошта не адмоўлюся ад магчымасці ім усім насы ўцерці! Усё адно ні пані Тэрэза, ні пан Міхал не наважацца штосьці беззаконнае проста тут учыніць.

— І я не баюся, я ўсё адно павінна апраўдаць пана Лёдніка!

У высокай дзяўчыны ў серабрыстым футры, якая сядзела ў карэце, твар таксама быў закрыты маскай. Чарнавокі хлопец, які не адводзіў ад яе вачэй, нахмурыўся:

— І праўда, пачакаць бы. Кадэнцыя трыбунальская яшчэ толькі пачалася.

— Кажуць, пан Міхал Брастоўскі вельмі халодна прывітаўся з пані Тэрэзай Радзівіл! — насмешна паведаміў Давыд. — Іхнія людзі ўжо прыглядаюцца, каб пабіцца між сабою. Каб не расейскія жаўнеры — счапіліся б.

Лёдніка перасмыкнула пры адным імені ягонай колішняй пацыенткі. Давыд азірнуўся на пляц:

— А вунь бачыце каралеўскіх гвардзейцаў?

Ля судовага дома, двухпавярховай камяніцы, пра нядаўні пажар у якой нагадвалі толькі навюткія дзверы і рамы вокнаў, чырванелі мундзіры малойцаў у прыкрашаных пер’ямі шлемах.

— Пан падскарбій Антоні Тызенгаўз асабіста заявіўся. Маёнткі, на якія Якуб Радзівіл прэтэндуе, зараз жа у сяквестры, імі карона карыстаецца. Таму зараз кавалак з пашчы льва. дакладней, шмат сена з пысы Цялка будуць вырываць.

Побач, на Верхнім і Ніжнім Рынку, надрываліся гандляры, прапаноўваючы свежыя булкі, гарачы мёд і пражаныя гарэхі. Цэлая армія жабракоў асцярожна сноўдгала вакол разгарачанай шляхты, бы вакол дзікай сабачай зграі, заводзячы вечныя свае лемантацыі пра міласэрнасць. Верагоднасць атрымаць срэбны шастак і выспятак саф’янавым ботам была аднолькавая. Лірнікі гарлалі адразу ў некалькіх месцах пляца, таму спевы пра сіротку Дароту, малойца Байду, беднага Лазара і абарону Крычава зліваліся ў адну вісклівую літанію, ад якой вараннё над замчышчам віхурыла, нібыта гуляла ў нябёснага яшчара.

Вырвіч падумаў, што стаяць яны на самым дзяцінцы. Месцы, з якога пачынаўся горад. Якія ахвяры тут былі прынесеныя, калі дзікія продкі менчукоў убівалі першыя калы ў гэтую зямлю? І колькі тых ахвяраў яшчэ будзе? Вунь і лобнае месца відаць, накрытае саванам лютаўскага снегу. Тры ганебныя слупы з абвіслымі ланцугамі. Плаха, счарнелая ад крыві — вось жа лёс выпаў нейкаму дубу. Барані нас, святы Франтасій, на той пракляты лапік гарадзішча патрапіць.

Давыд подбегам вярнуўся з чарговага шпацыру.

— Едзе старостаў брат!

Сапраўды, паказалася цэлая кавалькада. Наперадзе герольды ў кароткіх плашчах у жоўтыя і чорныяквадраты — колеры радзівілаўскага герба «Трубы». За імі — гайдукі ў высокіх шапках і пунсовых жупанах, венгрыкі ў мундзірах з залатымі галунамі. Перад дзверцамі карэты паставілі адмысловую лесвічку, абцягнутую чырвонай тканінай. Дапамаглі яснавяльможнаму госцю паставіць на першую прыступку нагу. Падхапілі з усіх бакоў — пад рукі, пад бакі. Нязграбны даўгалыгі князь Якуб урэшце апынуўся на зямлі, нервова, як спалоханая птушка, агледзеўся. І праўда, звыродны, нат здалёк відаць. Запалыя вочы, востры нос, танкагубы доўгі рот, так і бачыцца нітка сліны. Князя ўзяла пад руку нізенькая пані — мусіць, жонка са Ржавускіх, і ён пайшоў няроўнай, нейкай падскокваючай хадой, увесь час вінавата азіраючыся. Небарака.

— Гэта не ён!

Усхваляваная Праксэда прыклала тонкую даланю да вуснаў, нібыта баялася ўласных слоў.

— Гэта не пан Якуб. Я не магу памыляцца. Зусім іншы чалавек.

Пранціш агаломшана глядзеў услед важным гасцям, што ўваходзілі ў судовы дом. Пабітыя шкельцы збіраліся ў цікавы і злавесны вітраж.

Дык вось чаго не павінны былі пабачыць Праксэдавы вочы! Добра, што выдавалі Праксэду за сляпую.

— Ну, зараз мы згуляем у іхнія гульні па-свойму! — злосна выскаліўся Пранціш.

Нібыта ў адказ на ягоныя словы ўспырхнула ў неба зграйка галубоў, што мітусіліся пад нагамі Аляксандра Лёдніка, хоць той і не думаў кідаць ім зерне.

У вялікай зале, якая памятала апошнюю справу суддзі Вырвіча, з дапамогай капаніцкіх гайдукоў удалося адбіць сабе куток. Іх кампанія ўвагі не прываблівала — былі тут і ў нямецкіх строях, як Лёднік і Давыд, і кабеты, не толькі Праксэда. Былі і ў масках, і пад вэлюмамі, і ў каптурах, што захіналі твар. Вунь як у таго мужыка, напрыклад. У лямцавай шапцы, нацягнутай да падбароддзя, толькі дзіркі для вачэй. Дык гэта ж ашмянскі кат! Сядзіць непадалёк ад пана Міхала Брастоўскага. Не занадта блізка, вядома. Увогуле каля спадара Ігнаруса, нягледзячы на цісканіну, утварылася пустое кола. Што вучонага ката, напэўна, забаўляла. Яшчэ якую ахвяру для ашмянскіх сутарэнняў накмячаюць?

Справа радзівілаўскіх маёнткаў разглядалася першай. Падстаўны Якуб нават змог некалькі разоў трапна адказаць «так» і «не». Тызенгаўзаў прадстаўнік усяляк закідваў сумнівы ў законнасці прэтэнзій старостава брата. Так, калісь спрэчныя землі належалі Марціну Радзівілу, і той адпісаў іх другому сыну ў выпадку, калі ажэніцца з паненкай, абавязкова ў сваяцтве з іх родам. Але Марцін прызнаны нядзеяздольным. І смачны кавалак уладанняў законна адышоў апекуну Марціна, Міхалу Казіміру Рыбаньку, тады — ягонаму сыну, потым — казне.

Прадстаўнікі старосты Юзафа гарлалі пра святыя шляхецкія правы. Сам староста маўчаў, толькі нізка хіліў галаву, ад чаго ягоны горб выпіраў нават праз футра. Пан Антоні Тызенгаўз не прымаў асабіста ўдзелу ў гармідары, сядзеў, скрыўлены, як пусты бот. Пані Тэрэза, дзеля якой уладкавалі ў правым куце мяккі фатэль, абцягнуты залатой парчой, абмахвалася веерам, быццам на бале. Што праўда, у зале надыхалі, як у карчме.

Да засмучэння старосты і Радзівіліхі, вынік па справе наследавання — а сярод маёнткаў значыліся багатыя Цімкавічы, між іншым — усё-ткі адклалі на тыдзень.

Пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі прыняў з рук пісара новую спра­ву. Вырвіч пазнаў тэчку і ўвесь падаўся наперад: удалося ўсё-ткі задзейнічаць былыя сувязі! Не ўсе тут скурвіліся!

— Заява шляхціца Франтасія, сына Антоніева Вырвіча, герба «Гіпацэнтаўр», аб пераглядзе справы забойства панны Праксэды Браставічанкі. Ягамосць пан Вырвіч разглядаў гэтую справу ў якасці менскага гродскага суддзі і сцвярджае, што яго несправядліва абвінавацілі ў неадпаведным судзействе. І ён гатовы тое давесці.

Сказаць, што пасля гэтых слоў пачалася бура — дык і не скажаш. Хутчэй, маленькі Апакаліпсіс. Добра, што на кадэнцыі Трыбунала забаранілі прыходзіць са зброяй. Таму люд паспаліты проста штурхаўся ды гарлаў. Пранціш рашуча працерабіў сабе дарогу да паспалітых суддзяў, зразумела, зноў з дапамогай капаніцкіх гайдукоў — нездарма адбіраў самых дужых. Прывезеныя з Белага Камня парубкі Сцяцко ды Грыцько якраз адпавядалі, таму зараз волат Грыцько з казацкай зухаватасцю расчышчаў свайму пану і выратаваўцу шлях, кідаючы ненавісныя позіркі на расфуфыраную «пані Тэрку», а чарначубы Сцяцко ішоў у ар’ергардзе.

— Гэта тычыцца толькі маёй сям’і! — гарлаў пан Міхал Брастоўскі. — Забараняю!

— Пазбавіць слова! — напіналіся людзі старосты. А з боку пані Тэрэзы нехта рашуча прабіваўся да нахабы ці не з кінжалам у рукаве.

Пан Лапацінскі запатрабаваў цішыні.

Пранціш, гледзячы ў трохі запалыя светлыя вочы законніка, не раўнуючы два ледзяшы, гучна нагадаў абставіны справы. І што выклікала ў яго, як суддзі, сумненні ў вінаватасці доктара Лёдніка.

— А вось і галоўны аргумент.

Да Пранціша ягоныя гайдукі падвялі захутаную ў плашч жанчыну. Тая скінула з галавы каптур, абвяла смелым шэрым позіркам публіку — пані Тэрэза ажно прыўстала з месца, а пан Міхал проста падскочыў, як пячкур на распаленай патэльні.

— Я — Праксэда з Брастоўскіх, вашыя мосці. Сведчу, што доктар Лёднік не забіваў мяне, і ніколі ні ён, ні ягоная жонка, мае дабрадзеі, не спрабавалі гэтага зрабіць і ўчыніць мне прыкрасць.

Ведаеце, што ў гэты момант падумала большасць прысутных?

Не пра тое, што ж насамрэч здарылася з дзяўчынай.

Не пра тое, што несправядліва асудзілі пана Лёдніка і выгналі суддзю Вырвіча.

А пра тое, як здорава будзе распавядаць пра гэтае здарэнне сёння ж увечары, і заўтра, і да канца жыцця — у сямейным коле, за сяброўскім келіхам, у свецкім салоне. Як можна тым расповедам, прыкрашаным фантазійнымі дэталькамі, прыцягнуць да сябе падчас гасцявання ўвагу ўплывовага суседа.

Таму ў зале запанавала адносная ціша — ніхто не хацеў упусціць ні слова, толькі вочы цікаўнікаў ажно свяціліся.

— І дзе ж у такім разе вы знаходзіліся, вашамосць, увесь гэты час?

Праксэда не збянтэжылася ні на імгненне.

— Перапрашаю панства, але пан бацька змушаў мяне супраць маёй волі выйсці замуж за прысутнага тут яснавяльможнага пана Якуба Радзівіла. Не ў змозе знайсці належных для пачцівай жонкі пачуццяў, я наважылася збегчы і прысвяціла сябе догляду за хворымі ў шпіталі ў Гародні. Мая хросная маці, яемосць пані Тэрэза Радзівіл, даведалася пра мае няшчасці і забрала да сябе, — Праксэда павярнулася да хроснай, якая пачырванела так, што відаць нават скрозь бялілы. — А потым яемосць дапамагла мне з’яднацца з пачцівым чалавекам, да якога я маю сардэчную схільнасць. Спадзяюся, яемосць пані Тэрэза пацвердзіць мае словы, бо мае вочы добра бачаць ману і праўду.

Праксэда зірнула на падстаўнога староставага брата і на самога пана ста­росту — вузкі доўгі твар гарбунка пайшоў чырвонымі плямамі. Утаропілася ў вырачаныя вочы хроснай. Пранціш падумаў — ці не надарыцца з той прыпадак, як у Белакамскім замку?

Але пані Тэрэза недарэмна была спрактыкаванай у палацавых інтрыгах. Гэта ў сваёй спачывальні яна магла не стрымлівацца. А тут на кану — мільёны... Варта праклятай дзеўцы рэкнуць пра падмену.

— Як жа было не пашкадаваць бедную сіротку, з якой пан Міхал абыходзіўся вельмі сурова!

Хоць на блін словы маж.

І тут ускочыў князь Міхал.

Словы «лярва» і «курва» ў ягонай прамове пераважалі.

Закончыў патрабаваннем неадкладна вярнуць яму блудную дачку і пакараць усіх, хто меў дачыненне да ейных свавольстваў.

— Гэта немагчыма, вашамосць. Цяпер за яе адказваю я, яе законны муж, Аляксандр Баўтрамееў Ледніковіч.

— Што?!! Курва!

І лярва.

Абурэнню пана Брастоўскага можа і былі межы, але не ў гэтай зале. Судо­вым ледзь удалося змусіць пана сціхнуць і не зрываць паседжанне.

— Хто дазволіў жаніцца такому смаркачу?

— Я дазволіў. І адразу кажу — ад усялякага пасагу мы адмаўляемся.

Гучны суровы голас спрактыкаванага прафесара і раскаянага мага ўтаймаваў гармідар. Чорны Доктар прабіваўся да галоўнай сцэны трагікамедыі імкліва, як загартаваны клінок.

— Я — доктар Баўтрамей Лёднік. Я блаславіў шлюб майго сына Аляксандра з дзяўчынай, якую ён кахае.

Пан Антоній Тызенгаўз ажно выкрыкнуў з захапленнем:

— Ну я ж казаў калісьці, доктар, што ты жывучы, як прусак!

Пані Тэрка тузанулася, нібыта хацела яшчэ раз прыпаліць праклятага чараўніка. А ашмянскі кат усміхнуўся шырока, як перад місай найлепшых каўбасак.

Цяпер перад панамі-суддзямі паўсталі два прэцэдэнты: зняць з Баўтрамея Лёдніка абвінавачванне ў забойстве і вырашыць, ці законны шлюб панны Браставічанкі.

— А чыё ж цела знойдзена тады на Плябанскіх млынах, і чаму няшчасная была апранутая ў вопратку панны Брастоўскай?

Суддзя Лапацінскі задаў менавіта тое пытанне, на якім маглі паслізнуцца ўсе ўдзельнікі гульні. Але пані Тэрэза Радзівіл падаць не збіралася. А збіралася стаць каралевай. А можа ўладарыняй марскою. Але не менш.

— Калі я забрала сваю хросніцу, каб падарыць ёй новае, шчаснае жыццё, я прапанавала ёй новую вопратку, а ўсё старое, нават упрыгожванні, загадала аддаць жабракам. Вось на бяду сваю і скарысталася нейкая кабета.

І вось ці паверыш, што гэтая ўсмешлівая пані ў саетах яшчэ нядаўна пасадзіла Чорнага Доктара ў клетку і тыцкала ў яго распаленым прутом?

А позіркам свідруе, свідруе свайго нядаўняга вязня.

Між тым вырашылася самае відавочнае — з Лёдніка знялі абвінавачванне ў забойстве. А як не зняць, калі ахвяра жывая? І сведкі зніклі, якія сцвярджалі, што бачылі доктара на Плябанскіх Млынах.

І па справядлівасці — трэба было б змусіць адказаць сапраўдную забойцу, акрутную пані Тэрку. Але супраць ветру не плюнеш. Як і што дакажаш? Дзе наймітаў шукаць, якія няшчасную прыслугу задушылі?

Мелі рацыю антычныя мудрацы, калі казалі, што закон — павуціна, у якой заблытваецца муха і якую разрывае пчала.

Пан староста менскі сумна ківаў галавою і паўтараў: «Нешчасліва зоркі сышліся».

І касавурыўся на несапраўднага брата, які ахвотна прадаваў лыбы і відавочна не мог нарадавацца свайму княскаму становішчу. Дзівіўся на сыкгнеты, асцярожна пагладжваў тонкімі бледнымі пальцамі каштоўнае сабалінае футра... Можа, у якой глухой вёсцы мурзатага дурнячка падабралі.

Пан Міхал Брастоўскі падмены заўважыць не мог — сапраўднага калеку Якуба некалькі чалавек толькі і бачылі. Затое пан выдатна зразумеў, што хаўрусніца нахабна яго падманула.

Галоўнае — Праксэду абараніць.

— Вашыя мосці, дазвольце нам з панам Міхалам Брастоўскім абгаварыць сам-насам складаную сітуацыю, якая тычыцца нашых дзяцей. Магчыма, мы знойдзем палюбоўнае рашэнне.

Брастоўскі вылупіўся на Чорнага Доктара, як гандлярка Ніжняга Рынку на дзіўнага гарбатага звера вяльблуда, прыведзенага цыганамі на пляц.

Для сакрэтных перагавораў і куртуазных спатканняў заўсёднымі месцамі былі карэты. Світу пана Брастоўскага складаў ягоны канфідэнт, падобны да пацука, і, як ні дзіўна, ашмянскі кат, які хоць у карэту не палез, стаяў пачціва пад акном, але, здавалася, ягоны цень навісаў над перагаворшчыкамі.

— Не супакоюся, пакуль ты, доктар, не вернешся ва ўладанні майго Ігнаруса.

Брастоўскага калаціла ад гневу.

— Ну навошта вы так, вашамосць? — усміхнуўся як мага шчырэй Вырвіч. — Столькі несправядлівых абвінавачванняў. Вы б яшчэ прыдумалі нам удзел у выкраданні вашай пляменніцы панны Рэгіны!

Пранціш ступіў на вельмі тонкі лядок. Застаецца спадзявацца, што разлічыў крокі. Бо Брастоўскі збляднеў.

— Недарэчная выдумка. Мая пляменніца шчасліва гадуецца пад прыглядам сваёй цёткі ў маёнтку ў Ліфлянтах, яе старанна выхоўваюць, каб стала годнай жонкай графа Штакельберга.

Як па напісаным. Зразумела, калі Штакельбергі пранюхаюць, што нявесты няма — не відаць Брастоўскаму мільённага крэдыту! Хутчэй за ўсё, і ад Багінскага прапажу прыёмнай дачкі схаваў, іначай войскі гетмана пад кожны куст зазіралі б. Бедны пан Міхал. Мала таго, што дачка такую свінню медычную падклала, і пляменніца туды ж.

— Не абражаем словы вашамосці недаверам, — блакітныя вочы Вырвіча былі сумленныя, як у палескага злодзея. — Але, магчыма, больш дакладнае месцазнаходжанне панны павінен ведаць яе родны бацька, пан Гервасій Агалінскі.

Брастоўскі ажно пачаў намацваць шаблю, ледзь стрымаўся.

— Ах вы, прайдзісветы. Былі ў мяне падазрэнні. Відаць, і без браткі Адама ўсё-ткі не абышлося, хоць мае людзі запэўнівалі, што панны ў яго ўладаннях няма. Добра, узамен за маўчанне пра ўцёкі паскудніцы Рэгіны я не буду прыцягваць да суда вас, Лёднікі. А мог бы. Не забыліся, што грошы ўзялі, а даручэнне ў Венецыі не выканалі? Самавольная жаніцьба — як ні глядзі, злачынства. Да таго ж Праксэду, як я разумею, у схізму абярнулі. Хоць яна і так схізматычка была. «З’яднанне закаханых». Я тут за вярсту адчуваю круцельства.

— Вашамосць, той срэбны пярсцёнак, з надпісам «ад Лёдніка» — гэта я панне падарыў!

Цёмныя вочы Алеся ўсё-ткі былі на праменьчык святлей ад бацькавых.

— Даруйце, што адразу не прызнаўся. Грэх на мне.

Брастоўскі пагардліва акінуў паглядам худую постаць юнака.

— «Зяцёк», лярва падкалодная. Смаркач. Зарана кукарэцыямі заняўся. У суд, як абяцаў, не пацягну — але шлюбу гэтаму не быць. Згоды не дам ніколі. Каб маё імя згадвалі побач з вашым быдлячым імем.

І дадаў штось такое брыдкае пра Праксэду, што Алесь ускочыў — ледзь удвух доктар з Пранцішам назад яго на лаву ўсадзілі.

— Шаноўнае панства, гнеў — не самы лепшы маршалак нават на самым маленькім сойме, — прымірэнча завёў Пранціш.

— Я магу выкупіць у вас Праксэду, — раптам рэзка заявіў доктар.

Пан Міхал скептычна варухнуў бровамі.

— Хіба што абмяняеш яе на сябе. Мой Ігнарус у сутарэннях з тваім удзелам такія спектаклі для мяне разыгрываў бы... А ў антрактах ты мае каштоўныя камяні павялічыш. І золата каб наварыць з жалеза. Шкада, раней ад злосці не падумаў цябе для гэтага скарыстаць.

На твары князя нават нейкі мройны выраз з’явіўся.

— Дык што ты можаш мне прапанаваць за камплянацыю?

— Тое, дзеля чаго вы нас пасылалі ў Венецыю.

Вырвіч і Алесь, якія сядзелі абапал Чорнага Доктара, агаломшана скрыжавалі на ім позіркі.

Гэта яшчэ што за. імправізацыя?

— Але ж мне даклалі, што трубу святога Георгія ніхто не знайшоў. Так? — зірнуў князь на канфідэнта.

— Так, вашамосць! Быў папяровы скрутак, які рассыпаўся.— ахвотна нагадаў пацукападобны. — Людзі пана Антонія і пані Тэрэзы аднолькава распавядалі, значыць, праўда. Тое, што малады чалавек, — канфідэнт кіўнуў у бок Алеся, — неверагодным чынам здабыў з таемніка на вяршыні калоны, пан доктар паклаў перад абразом Маткі Божай у нейкім венецыянскім дворыку.

Міхал Брастоўскі запытальна ўтаропіўся ў Лёдніка.

— Мы ўсе памыляліся, калі лічылі, што шафар — гэта нейкае матэрыяльнае ўвасабленне, — цярпліва паўтарыў свае тэорыі Чорны Доктар. — Труба, рог, музычны інструмент, зброя. Насамрэч гэта слова. Божае слова. Вечнае і ўсемагутнае. На тым скрутку быў тэкст кнігі Эклезіяста. Марная марнасць, і ўсё мітусня пад сонцам. Алесь, дай томік скарынаўскі, які я табе падарыў.

Дактаровіч здзівіўся, але моўчкі палез у кішэню і дастаў кніжыцу, якую сапраўды звык паўсюль цягаць з сабою, як прасіў калісьці бацька. Баўтрамей з багавейлівасцю пагладзіў пашарпаную вокладку, разгарнуў.

— Ты што, доктар, уздумаў мяне зараз біблейскай мудрасцю гадаваць? — Брастоўскі сціснуў дзяржальна шаблі-карабэлы.

— І ў мудрасці ёсць матэрыяльныя знакі.

Баўтрамей раптам вельмі непачціва тузануў святую кнігу, так, што ледзь не напалам разадралася. І са шчыліны паміж скураным карэньчыкам і паперай выкалупаў нешта невялікае, круглае, падобнае да манеты.

— Пячатка святога Тарэла. На папірусе вісела. Не рог, але сапраўдная рэч продка яго каралеўскай мосці. І як на замову — з выявай цялка. Трэба?

Вось жук Бутрым. Хто б падумаў, што такі козыр у рукаве Скарыны прыхавае?

Брастоўскі напяўся, прагна ўглядаючыся ў свінцовы круглячок, які Бутрым прадбачліва трымаў падалей. Вядома, не такая эфектная здабыча, як уяўлялася. Але ж лепей, чым нічога. Пячатка міфічнага продка з радавым гербам. Калі пакласці ў шыкоўны рэлікварый. Пан Міхал, падобна, узважыў усё як след, і.

— Мяняемся.

І з’едліва пасміхнуўся:

— Але пасагу не чакайце. Ні шэлега. Вам і так скарб прываліў — Праксэда вучоная. Адзінае, што скажу, — не шкадуеш ты свайго сына, доктар.

Абвестку пра тое, што бакі дасягнулі згоды, адны віталі, другія сустрэлі расчараваным гудам. А пабіцца? А кагось да ганебнага слупа ці ў вежу паслаць?

І калі ўсё было нібыта вырашана наконт узгаднення неадпаведнага шлюбу, упёрся пан маршалак трыбунальскі Лапацінскі.

Законнік доўга разважаў пра заняпад нораваў і пра святасць Статутаў. Згадваў плюгаўствы, якія даводзіцца ў гэты жалезны век назіраць: то жонка ад мужа ўцякае, то дачка ад бацькі, то жэняцца неадпаведна ўзросту. Вось раней, у залаты век, пакуль малады чалавек не давядзе сваю годнасць у слаўных бітвах, не заслужыць добрай пасады, і не падумае жаніцца. Тым больш з асобай старэйшай за сябе, без пасагу і заганных для шляхетнай дзяўчыны паводзін. Дзеўка-лекарка! Куды свет коціцца!

Праксэда стаяла, ганарыста выпрастаўшыся і не гледзячы па баках — а гэта не так лёгка, калі ўсе на цябе зіркаюць ды абмяркоўваюць. Алесь рашуча ўзяў яе за руку, што выклікала яшчэ адзін няўхвальны позірк маршалка.

Пранціш разумеў — трэба ўжыць увесь судзейскі досвед. Ягоная гарачая прамова, падмацаваная цытатамі ды спасылкамі, нібыта пачала кранаць сэрцы. Але не ўсе.

— Вы, вашамосць пан Вырвіч, нават як былі суддзёй гродскім, не навучыліся ставіць закон вышэй пачуццяў, — вёў сваё Лапацінскі. — Расказвалі мне, як ваш кумпан, прысутны тут доктар, егіпецкіх змей суддзям паказваў ды мячом князя Глеба махаў. Артыкул Статута — не аракул і не гараскоп, у ім мудрасць пачцівых продкаў...

— Хіба ягамосць Лапацінскі не прызнае Божага прадвызначэння? Неба — суддзя найвышэйшы ад чалавечых законаў! — ятрыўся Пранціш. — Здараецца, для справядлівага прысуду трэба ўлічыць надзвычайныя абставіны!

Маршалак пакрывіў бледныя вусны:

— Я добры хрысціянін, васпан. Вядома, веру ў знакі, што спасылаюцца зверху. Вось толькі ў дадзеным выпадку нешта я не бачу такога знаку.

І тут у шыбу нешта ўдарылася так гучна, што людзі мімаволі азірнуліся. Са звонам пасыпалася шкло, за акном мітусіліся чорныя цені варання... А ў залу заляцеў белы галуб. Ляцеў ён вельмі мэтанакіравана і сеў на плячо панны Праксэды. Не зусім рахмана, а нават абурана палопаў крыламі. Добра, не абгадзіўся са страху, але супакоіўся і пачаў чысціць і ўкладваць пёркі.

Праксэда, хоць не завішчэла і не адхінулася, выглядала такой жа агаломшанай, як большасць прысутных. Значыць, не распавёў ёй мужанёк ліпавы пра свае магічныя здольнасці. А яны вось, наяве. Пранціш выдатна пазнаў гэты пільны цёмны позірк, якім Алесь глядзеў на чарговую паддоследную істоту. Бутрыму не трэба было тлумачыць, адкуль цуд — але ён толькі злёгку нахмурыўся.

— Ну вось вам і знак, пан Лапацінскі! — развёў рукамі Пранціш.

Ого, колькі цікавага распавядуць пра гэтую кадэнцыю Трыбунала, апошнюю ў Менску!

Цяпер Аляксандр Лёднік лічыўся законным сужонцам Праксэды. І найлепшае, што можна было зрабіць, — уцякаць адсюль як падалей, разам з таямніцамі, за якія забіваюць.

Вунь і пан староста Юзаф хуценька звёў свайго падменнага братку. І пані Тэрэза Радзівіл за імі кіруецца.

— Пан Лёднік, вас хоча неадкладна бачыць ягамосць падскарбі Антоні Тызенгаўз!

Каралеўскія гвардзейцы — людзі пачцівыя, асабліва калі пры шабельках, адмаўляць ім не хочацца.

— Я твайго бацьку пачакаю, а ты зводзь хутчэй сваю пані! — скамандаваў Вырвіч Алесю.

Але тут заўпарцілася Праксэда: разам сюды прыйшлі, разам сыдзем. Вядома, як яна свайго куміра кіне? Алесь сумна ўсміхнуўся.

Цікава, ці атрымаецца што ў гэтай пары?

І яшчэ Пранціш зразумеў, што так раздражняла яго ў панне Праксэдзе. Яна вельмі нагадвала ягоную былую нявесту, Раіну Міхалішыўну, прыгонную акцёрку. Разумная, высокая, гнуткая, іранічная. І ёй была адведзеная роля ахвяры. Але не будзе Праксэда прамяніста ўсміхацца, калі яе дратуюць. Увогуле не стане кагосьці счароўваць. Ці зіркне пагардліва, ці сцінецца і будзе маўчаць. Шмат іншых дробных неадпаведнасцяў — занадта высокая, занадта шэравокая — пакідалі адчуванне, быццам пабачыў згубленую дарагую табе рэч, а тады ўгледзеўся — зусім не яна.

Між тым шляхта расцякалася з судовага дома стракатымі ручаінамі — належала выпіць за ўдала вырашаныя справы і пабіцца за няўдала вырашаныя. Званы на Святадухавым саборы дадалі срэбра ў гэты лютаўскі дзень.

Лёднік вярнуўся змрочны, але калі гэта ён сеяў усмешкі?

— Даручэнне. Ганаровае і слізкае. Мяне чакаюць у доме на Францысканскай.

Зразумела, ніхто Чорнага Доктара са слізкім даручэннем аднаго не адпусціў. І Праксэда адмовілася вяртацца дадому.

— Няма чаго хавацца! Наадварот — няхай усе нас пабачаць, што мы — жывыя, апраўданыя і нікога не баімося!

У словах вучонай дзеўкі была свая праўда.

Праксэда рашуча ўзяла Алеся пад руку. І банда Чорнага Доктара адправілася ў свет далейшых прыгодаў па стаптаным менскім снезе, і глядзелі ім услед п’яныя шляхцюкі і цікаўныя мешчукі, а галубы кружлялі ў небе, і, напэўна, адзін сярод іх абураўся ды абураўся гвалтоўным сваім гасцяваннем у судовым доме.

Калі адышліся далей да Свіслачы і ўпэўніліся, што шпегаў побач няма, Лёднік распавёў. Усё-ткі зрабілі яго пасярэднікам паміж магнатамі. Яму належала сустрэцца з таемным пасланцом ад Пане Каханку і перадаць прапановы ад караля. Хаця — тс-с! — які кароль? Які Радзівіл? Вядома, яны ні пры чым, ведаць не ведаюць пра перамовы, свой гонар берагуць.

Патрэбны дом на Францысканскай, аднапавярховая камяніца з зялёным дахам, ахоўвалася не горш, чым каралеўская скарбніца. Прычым шляхта, што мітусілася ў двары, насіла колеры Радзівілаў, а некалькі белых з чырвоным жупаноў сведчыла, што тут прысутнічаюць альбанчыкі. Ого, відаць, і сапраўды Радзівілаўскія сілы гуртуюцца да вяртання правадыра.

Зрэшты, варта было Бутрыму махнуць канвертам, атрыманым ад Тызенгаўза, гасцей ледзь не бегма праводзілі ў дом.

— Пан доктар-магік! Пан Аляксандр! Пан Вырвіч! Хэй-хо! А я страляць з арбалета навучылася!

Пранціш вылупіўся і ледзь не ўшчыкнуў сябе, каб праверыць, ці не спіць. Паненка Рэгіна Агалінская ў блакітнай сукенцы ў дробныя гарохі, без крыналінаў і шлейфаў, ззяла рудымі валасамі, рабацінкамі і ўсё яшчэ шчарбатай усмешкай.

А вось і татухна руды.

— Вітаю вашамосцяў! Ну што, доктар, ніяк не разбягуцца нашыя сцяжынкі?

Пан Гервасій Агалінскі ў неахайна падпяразаным жупане трымаў куфаль, як антычны Вакх.

— А што за прыўкрасная паненка з вамі?

Аляксандр урачыста пакланіўся.

— Дазвольце прадставіць, вашамосць: мая жонка, пані Праксэда з Брастоўскіх.

— Што? Як вы маглі, вашамосць! — ад віску Рэгінкі ажно шкельцы ў шыбах задрыжэлі. — Вы павінны былі чакаць майго паўналецця! Здраднік!

На тое, каб калі не супакоіць панну, дык хаця б змусіць не верашчаць, давялося страціць два рэшаты часу. Калі абражаная паненка нарэшце сышла, Праксэда выпадкова заўважыла на сваёй смарагдавай спадніцы пляму сажы, падобную па форме да велізарнага кажана.

Калі толькі паспела амерыканачка!

Нарэшце дайшло да справы.

І інтрыга тут закручвалася наступная. Ягамосць Караль Радзівіл, паколькі ягоныя іерыхонскія трубы выявіліся слабаватымі, намацаў у перамовах з каралеўскім дваром яшчэ адну магчымасць для гандлю. Зараз Тызенгаўза больш за ўсё непакоіў князь Багінскі. Шпегі дакладвалі, што ён змоўшчык, і збірае новую канфедэрацыю. Але цяпер дзейнічае яшчэ больш нахабна, бо амаль парадніўся з расейскім паслом Штакельбергам. З якім у Панятоўскага зараз былі адносіны нацягнутыя, як струны арфы. І не выключана, што пасол вырашыць гуляць у палітычныя гульні на пару са сваім новым сваяком, вялікім гетманам. Панятоўскі, кароль батлеечны, пасядзіць пакуль на цацачным троне, а вось падскарбія надворнага Тызенгаўза дакладна папхнуць. Таму тэрмінова трэба разбурыць гэты небяспечны саюз, пасварыць Багінскага і Штакельберга. А Пане Каханку выдатна ведаў такі спосаб. Паколькі ягоны здрадлівы альбанчык Агалінскі распавёў яму пра лёс сваёй дачкі.

Так што не паспелі амерыканцы далёка адплысці, у порце Бары іх перахапілі.

І заўтра чакаецца яшчэ адна сенсацыйная справа ў Трыбунале. І хтосьці з банды Чорнага Доктара мусіў выступіць сведкам. Распісаць, як жорстка абыходзіліся Багінскія і Брастоўскія з малой Рэгінкай, як яна ўцякла ў бядотным выглядзе ад апекуна, як адмаўлялася стаць нявестай Штакельберга.

Калі ўсё ўдасца, Пане Каханку атрымае ганаровае запрашэнне да вяртання на добрых умовах і літасціва яго прыме. Князю Багінскаму, каб выкараскацца з сітуацыі і вярнуць секвестраваныя маёнткі без дапамогі расейцаў, давядзецца раскашэліцца і шмат у чым прыцішыць амбіцыі.

Так што кароль атрымае абодвух самых небяспечных магнатаў утаймаванымі.

А бандзе Чорнага Доктара за спрыянне — падтрымка ўсемагутнага падскарбія. Які, дарэчы, даволі рэзка нагадаў доктару Лёдніку, што той па-ранейшаму з’яўляецца чальцом Адукацыйнай камісіі і Неўсыпальнай каралеўскай рады, і цяпер, калі непаразуменні з законам вырашаныя, можа пакінуць свой пост толькі ў выпадку дзяржаўнай здрады. З адпаведнымі наступствамі. Яга­мосць падканцлер Іяхім Храптовіч, старшыня камісіі, ужо чакае нядбайнага падначаленага з дакладам.

Дзе ж раней гэтыя камандзіры былі, пакінуўшы каштоўнага чальца рады на з’ядзенне магнатам?

Паміж ражном і агнём застаецца толькі засмажыцца.

— Вось што, сведчыць у судзе буду я, — заявіў Пранціш. — Я ні ад Брастоўскага, ні ад Багінскага не залежу.

— Дарэчы, заўтра пад’едзе брат пана Міхала, пан Адам, — весела ўсміхнуўся Агалінскі. — Мы з ім знаёмыя добра, ён дапаможа, калі што, свайго братку ўтаймаваць. Сумленны патрыёт! Даведаўся, што Полацак расейцы пазбаўляюць магдэбургскага права, і адмовіўся ад пасады старосты. Невялікі гонар зганьбаваным горадам кіраваць ад імя ганебных уладаў! Нічога, яга­мосць Караль вернецца — у шляхты тутэйшай надзея з’явіцца!

— Дык што, пан Гервасій, вырашыў застацца? — зацікавіўся Пранціш. Амерыканец дапіў келіх і са шкадобай зазірнуў у ягоную шкляную пустэчу.

— Ды я б застаўся, але ж Паланэйка і сын там, за акіянам... Каб сужонка яшчэ чаго без мяне не ўтварыла... — з няёмкасцю перхануў Агалінскі. — Увесь гэты час баяўся, каб яна сюды не ірванула. Тады не разблыталіся б. Зноў жа, з ангельцамі вайна. Трэба армію збіраць. Я ў Італіі сустрэў аднаго добрага хлапца, Тадзіка Касцюшку. Ён якраз не пры справах — уявіце сабе, закахаўся ў дачку свайго працадаўцы Сасноўскага так, што паспрабаваў яе звезці. Але закаханых выкрылі — між іншым, не без дапамогі Станіслава Панятоўскага,

Цялка няшчаснага, якому па старым сяброўстве Тадэвуш сардэчныя справы адкрываў. Збілі небараку слугі ды кінулі, як смяццё. А ён у вайсковай спра­ве — геній! Угаварыў яго, паедзе ў Амерыку. Дык яго звабіў — а сам што, у гарохі?

Страшэнны грукат, звон пабітага шкла, спалоханыя выкрыкі прыслугі і адчайны вэрхал курэй, гусей, сабак ды дамавікоў змусілі ўсіх кінуцца на двор. Паненка Рэгінка, захутаная ў белае заечае футрачка, трымала ў руках арбалет, з якога толькі што трапна пацэліла. Г аспадары гэтага дома паддаліся агульнай модзе і прыбудавалі невялічкае крыло для вырошчвання ўсялякай экзотыкі. І зараз дзякучы арандатарам гэтая экзотыка махала зялёным голлем на беларускім марозе і развітвалася з аранжарэйным кароткім шчасцем.

У вачах амерыканачкі блішчэлі непралітыя слёзы, а вусны былі злосна падціснутыя.

— Ого, які паляўнічы расце! — грымнуў пан Агалінскі, падцягваючы пас. — На мядзведзяў са мной хутка пойдзеш, вавёрачка!

— Алесь, знікаў бы ты адсюль з сужонкай, — ціха шапнуў Пранцысь на вуха хлапцу. — А то яшчэ атрымаеш стралой паміж вачэй ад няздзейсненай нявесты.

— Ты толькі руку прамей трымай, калі мецішся, вавёрачка, вось так. — чуўся за спінай аптымістычны голас Амерыканца, і зараз жа зноў пачуўся гук пабітага шкла.

Не лёс расці ў Менску лімонам, панове.

І зноў кружлялі над пляцам Волі белыя і чорныя, вароны і галубы. І зноў гарлала п’яная шляхта, і незразумела было, хто на чыім баку, таму што тыя, каму не паспелі заплаціць, жадалі падтрымаць пераможцу, а для гэтага трэба было загадзя вылічыць сыход справы. Два блізнюкі, Адам і Міхал, мераліся ненавіснымі позіркамі, а прыдворныя аднаго і другога задзіраліся і прызначалі двубоі.

Князь Багінскі, вядома ж, не прыехаў — як ён мог пакінуць свой цудоўны тэатр і арфу з удасканаленай педаллю! Яго інтарэсы прадстаўляў пан Міхал. І даволі няўдала. Бо законнік Лапацінскі нават слухаць не захацеў, як гэта пры жывым бацьку можна супраць ягонай волі прызначыць дзіцяці іншага бацьку. Здрада сармацкім ідэалам!

Расейскія афіцэры перашэптваліся, і, несумненна, вельмі хутка пасол Штакельберг даведаецца пра фіяска з заручынамі.

Пан Агалінскі ззяў. Рэгінка кранула паноў суддзяў расповедамі пра свае няшчасці. Пан Антоній Тызенгаўз сядзеў з фізіяноміяй задаволенай, як кот, што задраў тлустую птушку.

Толькі Баўтрамей Лёднік быў сумны. Дый Пранціш, нягледзячы на красамоўны выступ у якасці сведкі, не адчуваў аніякай радасці.

Да таго ж на выхадзе з судовага дома падбег Давыд і прашаптаў, што меў размову з катам Ігнарусам. Нейкую дзіўную ды плыткую, усю на філасофскіх алюзіях. Усё пра той жа Харонаў човен, з якога па сваёй волі не сыходзяць.

На пляцы, дзе стаялі ганебныя слупы, груганнём збіраўся народ. Кагосьці зараз будуць лупцаваць.

Тэрмінова ў Капанічы!

Праксэда спакавала рэчы і сядзела на куфры, сціснуўшы тонкія рукі. Алесь нервова хадзіў па здымным пакоі, паглядаючы на сваю чароўную даму пяшчотна і сумна.

А тая так і не змагла схаваць непатрэбнага позірку, якім сустрэла доктара.

Гэтак калісьці і на Вырвіча глядзелі. Светла-зялёныя вочы ягонай нявесты Раіны Міхалішыўны. З бязмежнай адданасцю і гэткай жа бязмежнай безнадзейнасцю.

Неба над Траецкім прадмесцем зрабілася шэрым, як брудная ануча. Відаць, вечарам паваліць снег. Прыслуга загружала куфры ў карэту.

Стралялі крокаў за дзвесце, з руінаў замка на тым беразе ракі. Стралкі ўмелыя, і зброя ў іх была самая лепшая, дарагая, прыстрэленая. Падобна, наразныя карабіны, замежная навінка.

А банда Чорнага Доктара на заснежаным двары — як чарніцы ў парцалянавай місе.

Пранціш, быццам у страшным сне, бачыў, як павольна Бутрым падае, як адпаўзае за карэту, і за ім цягнецца крывавы след. Кулі ўспорвалі белыя апранахі зямлі. Аднаго каня паранілі, ён пачаў уздымацца на дыбкі, разам з напарнікам туды-сюды са страшным іржаннем валакаў карэту. Пранціш кінуўся да доктара, каб адцягнуць у бяспечнае месца. Апякло плячо. Навалачы! Вырвіч кінуўся за дрывотню і бездапаможна агледзеў наваколле. Адзін гайдук ляжаў ніцма, галавой на ганку, і ягоныя вочы ўжо ашклянелі. Гэта ж Грыцько, якога пані Тэрка ледзь не прадала ў рэкруты! Нядоўгай была ягоная воля.

Двое другіх гайдукоў прыхаваліся за рагом дома і пулялі ў белы свет, непрыцэльна, так, ад злосці і безнадзейнасці. Чарнявы Сцяцко дык увогуле выў, як дзікі звер, і каб бачыў перад сабой забойцу свайго брата — мусіць, зубамі парваў бы.

Бутрым, здаецца, спрабуе адпаўзці. Пранціш кінуўся да яго і ўсё-ткі адцягнуў за дровы. Чорны Доктар заціскаў рукою рану ў левым баку.

— Алесю. дапамажы. Праксэда.

Пранціш агледзеўся: яму здавалася, што маладыя ў больш бяспечным месцы, чым Бутрым.

Дактаровіч моўчкі стаяў на каленях і прыціскаў да сябе захутаную ў серабрыстае футра жонку, кранаючыся вуснамі русявых валасоў. Яна ляжала ў яго абдоймах вельмі ціха, схаваўшы твар на грудзях. Адна яе рука звесілася. І Вырвіч з жахам усвядоміў, што вельмі неяк нязручна павернутая гэтая тонкая даланя.

Стрэлы між тым сціхлі. Цёмныя руіны замка здзекліва паглядалі чорнымі прагаламі на месцах вокнаў.

І больш не засталося нічога светлага пад гэтым шэрым небам, акрамя мёртвага снегу.


РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Залатыя паўліны ваяводы


Паміж падстрыжаных у форме шароў і сэрцаў кустоў праносілася сюдытуды нешта бліскучае. Быццам звар’яцелая камета не магла зразумець, дзе тут неба.

— Прабацька Абрам, ніяк не прывыкну. — сплюнуў чарнявы фацэт у наймодным французскім строі — смешны каптан з кароткімі крысамі спераду і даўжэзнымі ззаду, белыя штаны, чырвоныя вузкія боты — амаль сабе беларускі бусел. — То малпа на капялюш абрынецца, то мядзведзь дзверы ў флігель адчыніць. Вось — паўлінаў пазалацілі!

— Добра, што не прыслугу, — меланхалічна азваўся дзюбаносы высокі змрочны тыпус у чорным простым каптане. — Нядаўна ледзь адратаваў такога. херувімчыка. У Гарадзенскім тэатры ўздумалі ў спектаклі жывых дзетак пазалочанымі на сцэну пускаць. У выніку — гіпатэрмія, атручванне арганізму. Добра, паспелі мне прывезці няшчаснае дзіця. А другое дзіця, дзяўчынка, памерла — ніхто ўвагі не звяртаў за кулісамі, як яна мучылася.

— Спадзяюся, нашаму князю такое не прыйдзе ў галаву, — перасмыкнуў плячыма фацэт. — Пакуль што ў нас усяго толькі Гібралтар.

Спадарожнікі фацэта, згаданы змрочны тыпус і ладны блакітнавокі шляхцюк, — утаропіліся ў яго з непаразуменнем.

— Ну, баталія марская рыхтуецца на Нясвіжскіх каналах, — цярпліва патлумачыў фацэт. — Ягамосць за мэту ўзяў — давесці кожнаму, асабліва каралю, што ён тут самы багаты і магутны, вось і выдумляе розныя фінфы.

— А ты, Давыдзе, як у Нясвіж трапіў? — русачубы блакітнавокі шляхцюк упэўнена крочыў па сцежцы, пасыпанай белым, як цукар, пяском.

— Ну, з Брастоўскімі давялося развітацца, добра, не прыбілі, — уздыхнуў Давыд. — А мая парфума — адметная на ўсё княства і каралеўства! Я магу намяшаць для пана ваяводы хоць пах эдэмскай слівы, хоць слязу русалкі. Яга­мосць дужа мае сродкі любіць. Было каму рэкамендаваць, дзякуй пану Рысю.

Між тым параўняліся з афіцэрамі залатой харугвы, ваяводскай гвардыі. Дужыя шляхцюкі ў белых жупанах з залатымі гузікамі праводзілі гасцей падазронымі позіркамі.

— Ты не ведаеш, Давыд, што ад нас ягамосці трэба? — парушыў маўчанне малады шляхціц.

— Ніхто таго ведаць не можа, шаноўны пан Вырвіч, — запэўніў Давыд. — Бо з раніцы ў галаву нясвіжскаму ардынату прыходзіць адно, у абед — іншае, а вечарам ён ужо гарлае: «Трубы і літаўры!» і патрабуе трэцяга.

Між тым дайшлі да ўвахода ў палац, і герб на фасадзе на ўсе бакі свету трубіў пра веліч уладара.

— Ягамосці пан Баўтрамей Лёднік, чалец Адукацыйнай камісіі, і пан Пранціш Вырвіч з Капаніч, да ягонай яснавяльможнай мосці!

Пранціш сумна ўсміхнуўся: вось і дажыў, што імя ягонага былога слугі абвяшчаюць перад ягоным імем, нашчадка Палямона!

— Галоўнае, не спрачайцеся з ваяводай і не смейцеся, калі пачне казкі баяць. — ціха шапнуў Давыд і з пачцівай усмешкай паспяшаўся да купкі расфуфыраных панечак, як ёсць — аматарак выбітной парфумы. Гаспадыні ў палацы не было — ваявода развёўся з пані Тэрэзай са Ржавускіх, і даволі гучна. Але дамы фраўцымеру прысутнічалі, як жа без кабетаў пры двары. Дый шаноўная сястра ваяводы, пані Тэафіля Мараўская, нярэдка тут гасцявала. Кажуць, магла і братку свайго перамагчы ў Бахусавым спаборніцтве.

— А, вось і мой доктар.

Пане Каханку, самы багаты чалавек у краіне, што амаль памерла, раскінуўся ў фатэлі ў самым заквэцаным белым жупане, які каля жывата нагадваў расфарбаваны глобус. Ля ног пана ляжаў сетэр, ягоны ўлюбёнец, па левую руку пагойдваўся незразумелы тыпус, лысы, бязвусы, худы, як пуга. Як толькі зрэнкі тыпуса, што мітусіліся, быццам шарык рулеткі, спыніліся на доктары, тыпус перамяніўся. Ягоны твар яшчэ больш выцягнуўся, вусны набылі пагардлівую складку, нос нібыта загнуўся ўніз. Двое палацавых лізунчыкаў, што шыліся ля ардыната, выбухнулі ліслівым рогатам. Ваявода перавёў позірк на лысага дзівака, на доктара, і таксама зарагатаў: крыўляка вельмі дакладна пераняў знешнасць Лёдніка.

— Не крыўдуйце на майго блазна, вашымосці, ён нямы, але на штукарствы ўсялякія здатны. Цішэй, цішэй, Пшчольчык, а то гэты пагрозны доктар табе клісцір паставіць. Ён ведаеш, як спрытна ставіць клісціры?

Баўтрамей пачціва перачакаў, пакуль уладар і ягоная світа адсмяюцца, а блазан прымаў ганарыстыя паставы і кідаў перабольшана пагрозныя позіркі.

— Рады служыць вашай княскай мосці.

Вырвіч прамовіў нешта гэткае ж пачцівае.

— Гэта праўда, доктар, што ты маю былую жонку, гадзюку, лекаваў?

Лёднік зноў пакланіўся:

— Я — лекар, вашамосць, я мушу дапамагаць кожнаму, хто мае ў тым патрэбу.

— Ну-ну. — князь пагрозна выкаціў на доктара пукатыя мутна-блакітныя вочы. — Хіба не твой сын абвінавачваў Тэрэзу ў судзе, што яна забіла ягоную маладую жонку? А потым нейкую лухту нёс пра падмену майго стрыечнага брата?

Лёднік не змяніўся ні рысачкай.

— Мой сын — малады, гарачы юнак. Гора адняло ў яго асцярогу. У нас былі падставы меркаваць, што да нападу на нашу сям’ю былі датычныя альбо яемосць пані Тэрэза, альбо пан Міхал Брастоўскі, цесць майго сына, альбо пан Юзаф, староста Менскі. Але доказаў аказалася недастаткова.

— Яшчэ б! — фыркнуў князь. — Уздумалі, шарачкі бязродныя, з князямі вадзіцца. Навука вам наперад. Радуйцеся, што за паклёп да ганебнага слупа не выставілі.

— Выставілі, вашамосць, — меланхалічна абвесціў Лёднік. — Мяне.

— Ты ж нібыта маеш патэнт на шляхецтва? — троху здзівіўся пан Караль.

— Гэта было не па суду. Бутрым узяў на сябе ўсю віну за словы сына, — паспяшаўся патлумачыць Пранціш. — Паколькі абраза была адразу некалькіх уплывовых асоб — старосты менскага з ягоным братам, падскарбія літоўскага, пані Тэрэзы са Ржавускіх, тыя настойвалі на пазбаўленні маёмасці і гонару. А тады каб Баўтрамей адказаў не па артыкуле дваццаць сем трэцяга раздзела Статута, а па артыкуле дваццаць два, як бы не шляхціц абразіў шляхціца — пакаранне ля ганебнага слупа. Але ўрэшце пагадзіліся вырашыць справу прыватным чынам. Маёмасць і шляхецтва застаюцца ў сям’і, доктар Лёднік аддаецца на волю пана Міхала Брастоўскага. Абражаныя асобы засталіся задаволеныя сатысфакцыяй і прынесенымі выбачэннямі.

На Пане Каханку пачутае не зрабіла асаблівага ўражання, ён толькі абыякава пацікавіўся:

— І многа табе ўсыпаў Брастоўскі ля слупа, пане каханку?

— Мне даводзілася цярпець горшае, ваша княская мосць, — спакойна адказаў Лёднік. — Усё прамінае, і гэта прамінула. Сын вучыцца ў Венскім універсітэце, ён таленавіты медык і натураліст. Дзякуй богу.

Пранціша перасмыкнула. Хацелася выкрасліць з памяці тыя жудасныя падзеі. Як хавалі бедную Праксэду на Кальварыйскіх могілках Менска. Як Алесь крычаў на іх з Бутрымам — навошта былі ўсе гэтыя хітрыкі, дамовы з магнатамі? Урэшце самавольна падаўся ў суд. І што з ім было, калі даведаўся, што не толькі ніхто не будзе заводзіць справу, але й ягонаму бацьку давядзецца зведаць публічную ганьбу за паклёп. І як Пранцішу давялося ўласнаручна скруціць недарасця, каб не нарабіў гвалту. І як Бутрым, які яшчэ не ачуняў ад раны, пагадзіўся дзеля сям’і на неадпаведнае шляхціцу пакаранне ў якасці сатысфакцыі і на цікаўных вачах натоўпу ў ашмянскім уладанні пана

Брастаўскага падстаўляў спіну пад бізуны. Як трэслася ад плачу Саламея. Як выскаляўся ашмянскі кат Ігнарус, якому даверылі важную справу пакарання таго, хто абразіў ягонага пана. Дачакаўся местачковы Харон сваю ахвяру. А што ж — пан Панінскі, няздзейснены маршалак здраднага Варшаўскага сойму, патрабаваў, каб Тадэвуша Рэйтана за тое, што самавольна адабраў у яго маршалкоўства і перашкаджаў падзелу краіны, таксама білі ля ганебнага слупа. Добра, не здзейснілася. А магло. Гнеў і бяссілле. Не дай Гасподзь каму зведаць гэты напой і дапамажы застацца пасля яго на светлым баку быцця.

— Адной з умоў, што пані Тэрэза даруе паклёп, і было, каб Баўтрамей Лёднік адпрацоўваў нанесеную ёй шкоду лекарскім сваім майстэрствам, — змрочна дадаў Пранціш. — Вось Бутрым і наведваў пацыентку, пакуль яна не з’ехала.

Так, прыдумала пані Тэрэза, як вярнуць сабе забаўку. Праўда, Бутрым умеў яе ўтаймоўваць, можа, адзіны з усіх. Ды яшчэ і — неверагодна! — шкадаваў. Маўляў, ніхто не нарадзіўся пачварай. У пані сваё пекла было, з якога яна калекай выйшла.

Блазан смешна перакрывіўся і раптам зрабіўся падобны да акрутнай пані Тэркі, захістаў сцёгнамі, пачаў папраўляць неіснуючую фрызуру.

— А шкада, што гэтую сучку Ржавускую не ўдалося засудзіць ні разу, — злосна выгукнуў пан Караль, скасавурыўшыся на свайго Пшчольчыка. — Як гарох ад жалеза — усё ад яе адлятае. З тваёй нявесткай, доктар, не ведаю, што за цёмная гісторыя была. А вось у мінулым годзе, калі я разводзіўся, паслаў у Белакамскі замак свайго вернага шляхціца Чашэйку, каб забраў мой падарунак, каштоўныя перліны, якія маёй маці належалі. Дык гэтаянягодніца напачатку паспрабавала майго пасланца спакусіць. А калі не ўдалося — аддала яму перліны, забраўшы мой ліст на тое. Чашэйка толькі выехаў з замка — абвесціла, што ён яе абакраў. Небараку схапілі, тлумачэнняў слухаць не сталі. Тут жа асудзілі і адсеклі галаву!

Вочы Пане Каханку наліліся крывёю.

— Мярзотніца! Забіла сумленнага шляхціца! І ўсё адно працэс скончыўся нічым. З’ехала ў Вену. Мне пісалі, зараз пасябравала са старой імператрыцай. За багамолку сябе выдала, несправядліва асуджаную!

Князь так раззлаваўся, што ягоны ўлюбёны сэтэр падняў вузкую доўгую галаву і ўтаропіўся цёмнымі вільготнымі вачыма ў гаспадара.

Тут жа слуга паднёс ваяводу келіх, і белы жупан прыкрасіўся цёмнымі пацёкамі распырсканага напою. Ваявода супакоіўся, выцер вусы рукавом.

— Адзінае што цешыць — само неба заразу карае. Кажуць, неяк яна малілася, і на яе мышы напалі. Ці пацукі. Проста ў капліцы. Усю сукенку згрызлі.

Пранціш разумна прамаўчаў пра сваю раптоўна ўзніклую гіпотэзу наконт містычнага здарэння.

— А памятаеш маю венецыяначку Апалонію, доктар, якую ты ўсё лячыў? — Пане Каханку ажно прыцмокнуў языком ад салодкіх успамінаў. — Калі даведалася, што я яе з сабой не вазьму, аж схуднела, небарака, ад гора. Я ўжо добра ёй дыяментаў сыпануў — бо з красой сваёю з-за мяне рассталася, небарака...

Пранціш падумаў, што Апалоніі пашанцавала, цяпер не трэба наганяць на сябе тлушч. А з грашыма нясвіжскага ардыната і схуднеўшы лёс свой уладкуе.

— Ваша княская мосць, у мяне да вас просьба... — паспешліва загаварыў Лёднік. Князь скрывіўся, прамармытаўшы, што каб да яго без просьбаў хтось прыйшоў, не бывае, як не бывае пірага без мукі.

— У мяне ёсць слуга. Сцяпан Налівайка. Г айдук, адважны і бясстрашны. Калісьці я вывез яго з ягоным братам Рыгорам са Львоўшчыны. Там пані Тэрэ­за разам са сваім амаратам панам Богушам учынілі бязбожны гандаль — прадавалі сваіх падданых у аўстрыйскую армію. Сцяпана з братам таксама мусілі прадаць. Рыгор загінуў, калі на нашу сям’ю напалі, абодва нас абаранялі. І цяпер пані Тэрэзе данеслі, што ў нас хаваецца ейны прыгонны.

— І што я мушу зрабіць, пане каханку? — незадаволена перабіў ваявода. — Збеглых сялянаў належыць вяртаць гаспадарам. Што мне загадаеце рабіць, калі маіх пейзан пазвозяць розныя дабрадзеі? Ручкай услед махаць?

Лёднік на імгненне апусціў вочы, каб не выказаць гнеў. Слова ўзяў Пранціш:

— Ваша княская мосць, Сцяпан родам менавіта з таго сяла, якое паводле шлюбнай дамовы засталося ва ўладаннях вашамосці, узамен за іншае, саступленае пані Тэрэзе. Гэта была б міласэрная справа, каб вы прызналі Сцяпана Налівайку вашым падданым і тым не далі пані Тэрэзе з ім расправіцца.

Ваявода не выглядаў надта задаволеным — з-за нейкага мужыка дураць галаву.

— Добра, пакідай сабе свайго гайдука, Лёднік. Скажу, каб ліст у суд адпаведны зрабілі. Узамен жа паслужы мне.

— Усім, чым магу, вашамосць.

А планы ў Пане Каханку на Чорнага Доктара выявіліся грандыёзныя. Ваявода не мог забыцца на тую чароўную венецыянскую ноч, калі ў цёмнае неба ўзляталі палаючыя ліхтары, і паветраная гандола падняла Аляксандра Лёдніка да каменнага льва.

Князь хацеў паўтарыць відовішча.

Хай усе ведаюць, у каго патэнт на ўсё цудоўнае ў гэтым краі! А то вунь худапахолак Панятоўскі зганьбаваўся: вырашыў давесці ў чарговы раз сваё высокае паходжанне. Сабраў людзей у палацы, каб падзівіліся на пячатку святога Тарэла, ягонага міфічнага продка, якая яму нібыта ў спадчыну дасталася. Людцы прыйшлі, аб’елі манарха, абпілі, натанчыліся, напляткарыліся і ўсё пабачанае высмеялі. Ніхто не паверыў у каштоўнасць някідкага круглячка з выявай цялка. Так што давялося Стасю перадаць сваю рэліквію ў касцёл святога Станіслава.

Блазан зараз жа расправіў плечы, надзьмуўся — і стаў нечым падобны да караля. Пане Каханку не зарагатаў, але і не спыніў гэткую абразу манаршае персоны.

Так, Караль Радзівіл ведаў, хто сапраўдны кароль у гэтым краі.

І калі ў Нясвіжы людзі палятуць, як птушкі — ніхто не скажа, што гэта не цуд!

Вядома, ваявода тут жа распавёў, як уласнай персонай на паветраным караблі лётаў над Венецыяй і лавіў галубоў для адмысловага пірага. І выпадкова патрапіўся яму ў нерат паветраны цмок. Худы, бо прыляцеў проста з Кітая, за доўгую дарогу агаладаў. Аднымі жукамі ды вераб’ямі харчаваўся. Пан Караль прывёз злоўленага цмока ў свой венецыянскі палац, і той пачаў несці яйкі. А тыя яйкі — цалкам з самага цудоўнага малахіту. Вунь тыя чарачкі з яго зробленыя, на століку з чырвонага дрэва.

У гэтым месцы красамоўнага расповеду Пранціш ледзь не забыўся на тое, што трэба працягваць ківаць галавой з сур’ёзным і захопленым выглядам.

Лёдніку не зарагатаць удалося прасцей — не да смеху доктару. Дасюль смерць асістэнткі і гора сына лічыў ледзь не сваёй віной. А тут зноў нагадалі.

— Часам пакутуеш не ад таго, што сказаў, але і ад таго, што не паспеў сказаць, — мармытаў доктар сабе пад нос, калі яны ўжо выходзілі з палаца разам з Давыдам, што іх дачакаўся. На шчасце, ваявода, надаваўшы даручэнняў пра паветраную містэрыю, адпусціў Чорнага Доктара і ягонага сябрука з рэплікай «з табой усё адно піць нецікава, не ўмееш, пане каханку».

— Ты гэта да чаго, Бутрым?

Полацкі Фаўст горка ўздыхнуў:

— Гэта я наконт Праксэды. Я ж стараўся з ёй нават не размаўляць апошнія дні, позіркам не сустракацца. Не хацеў Алеся і Саламею раніць, дый ёй, думаў, будзе лягчэй з непатрэбным пачуццём справіцца.

— А сам справіўся? — рэзка папытаўся Пранціш. Бутрым схіліў чорнасівую галаву.

— Цяпер і не ведаю, што адказаць. Кавалак душы ў мяне дакладна вырва­ны, з крывёй. Прамільгнула яркай знічкай дзяўчына наша.

Між кустоў зноў замільгалі залатымі пер’ямі паўліны. Адзін з іх выпусціў у белы свет абураную агідную руладу.

— Дык Аляксандр зараз у Вене? — перапытаў Давыд. — Што ў яго чуваць?

Чорны Доктар уздыхнуў:

— Атрымаў учора ліст ад яго. Збівае хлапца з тропу пан Агалінскі. Заманьвае ў Амерыку, ваяваць на баку калоніі супраць англічан. Пан Гервасій, уявіце сабе, зараз генерал! І Тадэвуш Касцюшка ў камандзіры цэліць. Баюся, з’едзе Алесь. Добра хоць, выкінуў з галавы, што сваім з’яўленнем на свет прынёс мне адны няшчасці.

— А вы самі, дзядзька Бутрым? — пацікавіўся Давыд. — Не было спакусы кінуць гэтую зямлю з новымі парадкамі? Адсюль жа зараз усе з’язджаюць. Памятаеце Саламона Маймона?

— Вядома. Хлопец са светлай галавой. — кіўнуў Баўтрамей.

— Уцёк усё-ткі! З’ехаў у Еўропу. Дабраўся да Берліна, але там яго палічылі за блюзнера і вытурылі. Жабраваў, пешкі блукаў. Цяпер у Познані. Там добры асяродак вучоных людзей, не зашораных. Саламон імі ўважаецца за вялікага мудраца.

Пранціш успомніў нязграбнага юнака, якога ганяла суровая цешча.

— Што ж, хай яму шчасціць. А мне куды з роднай зямлі з’язджаць? — сумна адказаў Лёднік. — Працы шмат. Колькі школак за апошнія гады змаглі адкрыць, колькі таленавітых дзетак на шлях навукі направілі. У медычнай акадэміі зноў жа справа наладжваецца. Саламея хваліцца — падрыхтавала ўжо дзясятак добрых павітух, якія не будуць цукрам дзіця выманьваць падчас цяжкіх родаў, а возьмуць у рукі абцугі, як умела. Праксэда.

Цень прабегла па худым твары доктара.

— Жылібер батанічны сад ладзіць — не горш, чым у Ліёне будзе. Пастанавіў сабе задачу — апісаць у адным трактаце ўсю флору нашых мясцін. Гербарыі збірае — вучні не паспяваюць зёлкі ірваць. Зуброў узяўся вывучаць. Хоча зрабіць, каб яны ў няволі размнажаліся. Адна зубрыха ходзіць за ім проста па вулках Гародні, а ён корміць яе сенам з уласнага капелюша. Добра хоць, з’явіліся ў Жана і сардэчныя справы. Прыгледзела яго адна панечка. Ветраная, праўда.

Вырвіч уявіў закаханага суровага масона Жылібера. Ой, не вытрымае з ім звычайная шалахвостка.

— А ты, Давыдзе, чаму не жэнішся? Твае парфумы ды касцюмчыкі парыжскія любое дзявочае сэрца скараць!

Давыд закінуў галаву, падставіў твар нясвіжскаму сонейку, памаўчаў:

— Ёсць адна дзяўчынка, але яе за мяне не аддадуць.

І выскаліўся весела.

— Я ж таксама блюзнер, адступнік ад святых традыцый! А другой мне не трэба.

У аддаленні, на гарбатым мосціку, пачціва гутарылі дама з кавалерам — зусім як на парцалянавым куфэрку. Ён трохі схіляецца да яе, яна ва ўдаваным спалоху адхінаецца. А непадалёк стаяць лёкай і пакаёўка, гатовыя падаць гаспадарам любую патрэбную ім рэч — келіх віна, разынкі, араматычную соль, патрымаць парасон, адагнаць мух.

А можа, між тым лёкаем і пакаёўкай ёсць сімпатыя, і мараць яны пабыць сам-насам? Але каханне паноў — для высокай трагедыі, каханне прыслугі — для камедыі.

— А вы, пан Вырвіч, я чуў, зноў палітыкай заняліся? — зацікавіўся Давыд. Пранціш кіўнуў чубатай галавой.

— Выбралі паслом ад павета на соймік. Трэба ж абараняць законы гэтай дзяржавы, пакуль яны існуюць.

Залаты паўлін паспрабаваў узляцець, але дзе там — перакормленае цела, цяжэнны шыкоўны хвост, дый, можа, яшчэ і крылы падрэзаныя.

— Вось сымбаль твой, забіты краю родны. — скрозь зубы прамармытаў Лёднік пры паглядзе на няўдалы ўзлёт. І дадаў з горыччу:

— Хаджу часам на лекарскія візіты, гляджу на гэтыя жупаны ды кунтушы. І здаецца, што я ў паноптыкуме. Сузіраю васковыя фігуркі за шклом. Сыходзіць эпоха. Незваротна сыходзіць. Разам з чырвонымі абцасамі, мушкамі, крыналінамі. З усімі гэтымі бойкамі бясконцымі — магнат на магната, брат на брата. Разам з гэтай хцівасцю — калі за маёнтак ці пасаду прадаюць роднае дзіця, сумленне і радзіму.

— Зусім мізантропіяй заняўся, Бутрым! — усміхнуўся Пранціш. — Ёсць у нас дастаткова патрыётаў. І дзеці ў нас добрыя растуць. Мой Яначка, дарэчы, пры адной згадцы пра вашу Сафійку чырванее, як Ланцэлот пры згадцы пра Джынеўру. Красунька гадуецца, сэрцы паразбівае.

Твар Лёдніка пасвятлеў.

— Красунька. Але пра замужжа думаць нават не хоча. Навука даражэй. На лекцыі бегае. З Алесем лістуюцца — дык спрэс навуковыя тэорыі разбіраюць.

— А што вы хацелі, дзядзька Бутрым, на вярбе грушы не вырастуць! — не змаўчаў Давыд. Чорны Доктар нічога не адказаў. Бо што тут было абмяркоўваць? Лёгкай жыццёвай дарогі яны сваім дзецям не назапасілі — бо самі такой не знайшлі.

Галоўная брама. Гвардзейцы ў сініх мундзірах грозна тапырылі вусы. А ў браму імкнуўся люд самы разнастайны, бліжэй да шчодрага князя: шляхцюкі з фанабэрыстымі фізіяноміямі і галоднымі вачыма, вандроўныя музыкі, цыганы, пісарчукі, шкаляры, карабейнікі. Пранціш Вырвіч азірнуўся: колькі яшчэ зможа праіснаваць гэты свет са штучнымі Гібралтарамі?

— Каму Бог даў душу ваяка,

Пекна ёсць кола рыцэрска!

Хто здатны вершнік і рубака,

Гонар і слава крулеўска,

Хто завшэ рушыць у атаку,

Рвецца да вайны ўсялякай —

Мае той душу ваяка,

Пекна ёсць кола рыцэрска!

Лірнік спяваў на мяшанай беларуска-польскай мове, голас быў трохі надтрэснуты, як шкляны келіх, які пабываў у руках слаўнага рыцарства. Шапка перад спеваком была зусім пустая — нікому не было справы да рыцарскіх цнотаў.

— Ну што, пан Вырвіч, усё чакаю, калі ж ты сыдзеш з Парнаса, каб нарэшце падараваць мне свой зборнік вершаў.

Бутрым нарэшце ўсміхаўся — ягоны худы твар, на якім троху паглыбіліся за апошнія пару гадоў зморшчыны, усё яшчэ быў тварам моцнага разумнага чалавека, беларуса, які будзе ўставаць, як трыпутнік у каляіне, і рабіць сваю справу на гэтай зямлі.

— Ого, вашамосць пан Вырвіч, я і не ведаў, што ў вас такая падзея! — ажывіўся Давыд.

Пранціш зачырванеўся. Водгукі на ягоны опус пакуль былі. розныя. Адны казалі — занадта змрочна, другія — занадта сентыментальна. Асобны раздзел, у якім Пранціш змясціў вершы на народнай гаворцы, увогуле выклікаў у некаторых шаленства. Тым не менш паэт палез у кішэню і дастаў зялёную кніжыцу.

— Трымай, Бутрым. Толькі не здзекуйся.

Доктар беражліва, як найвялікшую каштоўнасць, пагартаў.

— «Згукі пекныя з Падняводдзя». Ого, нават паэма ёсць — «Прыгоды ліцвінскага Адысея».

Лёс для таго, хто вярнуўся з прайгранай вайны —

Толькі забыцца, як сталі з муроў — валуны.

Воя старога баяцца, бы смерць за плячмі

Носіць, як горб. Цені смерці ў яго пад вачмі.

Кажуць, ён доўга занадта па костках хадзіў,

Піў з чарапоў і на споведзі неяк схлусіў.

Воя старога не любяць пускаць у дамы.

Ён не ўсміхаецца, вечна маўчыць, як нямы.

Колькі ні просяць расповедаў з дзён баявых —

Вечна ў адказ толькі сумны, як могілкі, ўздых.

Гэткі сусед нам дастаўся. Маёнтак ачах.

Лётаюць чорныя цмокі туды па начах.

Белыя вершнікі носяць туды туманы.

Кажуць суседзі: няхай не прыйшоў бы з вайны.

А па начах над стамлёным схіляецца Бог:

«Ты перамог. Ты вярнуўся, і ты перамог».

Гэта ты пра мяне ці пра сябе?

Вырвіч адвёў вочы.

— Ды так, сімвалічна.

Полацкі Фаўст паклаў кніжыцу ў кішэню.

— Дзякую, Вырвіч. Гэта — тое, што не забудзецца. Гэта, магчыма, больш важна, чым усе навуковыя артыкулы.

Беларускае сонца залаціла чарапічныя дахі і саламяныя стрэхі, лахманы і жупаны аднолькавай пазалотай.

— Дык што, дзядзька Бутрым, зладзіш паветраную містэрыю?

У цёмных вачах Лёдніка бліснуў такі знаёмы агонь:

— Зладжу. Якраз нагода праверыць некалькі цікавых навуковых ідэек.

І ўсім трэба было жыць далей. Як жыла Беларусь.