Між роспаччу і надзеяй [Ніл Гілевіч] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

НІЛ ГІЛЕВІЧ


МІЖ РОСПАЧЧУ І НАДЗЕЯЙ


ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ


Між роспаччу і надзеяй пражыў усё сваё сьвядомае жыцьцё — ад маладосьці да старасьці.

Між роспаччу і надзеяй жыву-дажываю і сёньня. І роспачы, на вялікі жаль, усё больш і больш.

Але надзея застаецца...


Ніл Гілевіч

2003, ліпень


ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1931—1959


Мая «малая радзіма» — гэта заходне-паўночны куток Лагойшчыны, самы, бадай, прыгожы на тэрыторыі ўсяго раёну. Самы «гарысты», з рэзкімі перападамі паверхні, парэзанай равамі і лагчынамі, атулены лясамі і пералескамі. У краязнаўчай кніжачцы «Лагойскі раён», выдадзенай у 1928 годзе, напісана, што гэта «наша беларуская Швейцарыя». Хто ехаў з Лагойску на Гайну, а затым на Янушкавічы і Калачы, той пераканаўся: на кожнай вярсьце трэба і падняцца на пагорак, і апусьціцца ў лагчыну, і наўкола, куды ні глянь — тыя ж самыя «швейцарскія» краявіды. Кут гэты, як сьведчаць гістарычныя дакументы, належыць да яшчэ ад старажытнасьці цывілізаваных. Яшчэ ў XIX стагоддзі, па спадчыне з даўнасьці, ваколіцы Лагойску славіліся радовішчамі вапны, розных гатункаў гліны, каменю, жалезнай руды, а таксама жалезнымі і сернымі крыніцамі, якія мелі лячэбныя ўласьцівасьці ад паралюшу, рэўматызму і нервовых хваробаў.

Сам Лагойск (Логожеск, Логойско) у летапіснай гісторыі ўпершыню ўпамінаецца за 1078 год і належаў аднаму з сыноў Усяслава. Ён узьнік як адно з абарончых крывіцкіх паселішчаў Полацкай дзяржавы, натуральна — з магутным, змураваным на беразе Гайны, замкам, і часта станавіўся ахвярай войнаў між кіеўскімі і полацкімі князямі. У XII—XV стагоддзях існавала, у межах Полацкай зямлі, Лагожскае княства (сьведчыць Іпацьеўскі летапіс). Лагойскімі князямі былі Усяслаў Мікуліч (1180) і Васілька Валадаравіч. У сярэдзіне XIV ст. Лагойскае княства належала Войшвілу (ёсьць меркаваньне — сын Кейстута). У 1387-м вялікі князь Ягайла аддаў Лагойскае княства свайму брату Скіргайлу, які быў яго намесьнікам у Вялікім Княстве Літоўскім. З 1392 году ўлада ў ВКЛ, як вядома, належала Вітаўту, які параздаваў маёнткі Лагойскага княства. У сярэдзіне XV ст. ад Лагойскага княства засталася невялікая частка з Лагойскам і Гайнай і належала Кіеўскаму князю Алельку Уладзіміравічу, потым яго брату Андрэю; пасьля Гайна дасталася яго нашчадкам, а Лагойск быў вернуты вялікаму князю. У наступных стагоддзях, неаднойчы спалены і зруйнаваны заваёўнікамі (татарамі, шведамі), горад прыйшоў нарэшце ў заняпад і памалу-патроху ператварыўся ў звычайнае, хоць і вельмі маляўнічае, каларытнае мястэчка, перасечанае зьвілістай стужкай крынічна-чыстай Гайны. Між іншым, гэты прыток Беразіны быў у даўнія часы ладнай ракой: як сьведчаць гісторыкі, па ёй сплаўлялі мачтавы, паўмачтавы і будаўнічы лес.

Другім пасьля Лагойска найбольш старажытным і вядомым паселішчам гэтага кутка было невялічкае, на чатыры вуліцы, мястэчка Гайна (раней — Айно, «г», відаць, прыдыхнулася, бо суседняя вёска і маёнтак Мураваны Двор — Айнаравічы). Упершыню Гайну ўпамінае гісторык Я. Длугаш (ХІV ст.) У Гайне, на месцы язычніцкіх ахвярнікаў, вялікім князем Вітаўтам быў пабудаваны (пасьля 1397 г.) касьцёл — адзін з сямі першых касьцёлаў на тэрыторыі Беларусі, да таго спрэс праваслаўнай. Дарэчы, сама каралева Ядвіга надарыла гаенскі касьцёл рэчамі. Храм праіснаваў чатыры стагоддзі, а ў 1788-м быў пабудаваны новы — вельмі высозны і прыгожы; ён прастаяў да вясны 1944-га, калі яго, як і дзясяткі іншых на Беларусі, напаткаў трагічны лёс: у нейкіх ваенных мэтах узарвалі партызаны.

Трэба думаць, што дзейнасьць касьцёлу, заснаванага самім вялікім князем, г. зн. вельмі аўтарытэтнага і багатага, нямала паспрыяла ў далейшым культурна-духоўнай цывілізацыі ўсяе Лагойшчыны і яе Гаенскай «акругі» ў прыватнасьці. Менавіта ў Гаенскім касьцёле ў верасьні 1514 году па заказе караля і вялікага князя Жыгімонта I Старога, які ў тыя дні знаходзіўся на Лагойшчыне, была спраўлена ўрачыс­тая імша ў гонар перамогі ліцьвіноў над войскамі маскоўскага князя Васіля III.

У Гайне або ў яе ваколіцах нарадзіўся вядомы зьбіральнік вуснапаэтычнай народнай творчасьці, піянер усходне-славянскай фалькларыстыкі, этнаграфіі і археалогіі Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (сапр. Адам Чарноцкі). Гайна — радзіма вядомага літаратара, выдаўца і навукоўца Ігната Шыдлоўскага, які ў 1818 годзе апублікаваў у Вільні ў часопісе «Тыгоднік Віленскі» беларускія вясельныя песьні Гаенскай парафіі, сабраныя (відочна, ягоным бацькам) яшчэ ў 1800-1801 гадах. У трох вёрс­тах ад Гайны знаходзіўся адзін з буйнейшых на Лагойшчыне маёнткаў Мураваны Двор; у першай палове ХVІІ ст. ён належаў памешчыку Эйнаровічу, у якога тады ж служыў Ян Цадроўскі — памочнік і пісар князя Радзівіла ў падарожжах апошняга па Заходняй Еўропе. Запіскі Я. Цадроўскага апублікаваныя і ўтрымліваюць у сабе вельмі цікавыя факты з часоў паходу Маскоўскага цара