Шырокім спэктрам вычуваньня
Цябе я, слова, пазнаю.
I смак, і пах, і гукаў граньне,
I радасьць творчую маю,
I розных хварбаў пералівы,
I маладосьці эліксір,
I залатыя нашы нівы,
I жар, і неспакойны вір —
Я ўсё тут бачу, адчуваю,
Ствараю словам навіну.
Я чую голас майго краю,
Жывых эмоцыяў вайну.
Узяць на смак, напрыклад, слова
Такое горкае — «палын».
Здаецца, вуліцай вясковай
Настой травы паўзе паўз тын.
А нехта цэдзіць слоў рыцыну.
Ды ёсьць салодкія, як мёд...
Цябе я, слова, не пакіну, —
Люблю я твой крылаты ўзьлёт:
Ты падымаеш чалавека
I ў сьвет загадваеш ісьці.
Ты лечыш хворага спрадвеку,
Б'еш злога ворага ў жыцьці.
I зьзяеш яснай бліскавіцай,
I вееш цёплаю вясной...
Вянком па сьмерці будзеш віцца,
Гарэць агнём, жыцьцём і мной.
Роднай мовай я зноў, па прывычцы старой,
Прывітаю жывую прыроду.
Словы з гукамі створаць рытмічны настрой —
У мастацтве чароўную згоду.
Пабягуць ручаямі радкі з-пад рукі,
Засьпяваюць аб сініх валошках,
Аб Радзiме маёй, дзе зьвіняць жаўрукі,
I аб мілых малых босых ножках.
Памяць лепіць мне вобразы: летні начлег,
I вячоркі, і мэндлікі ў полі.
Там заўсёды бывалі забавы і сьмех,
Забываліся клопаты, болі.
Маладосьці мінулай маланка ўваччу.
Смутак — хмарай. I шлях канчатковы.
А пакуль я жыву — неспакойна хачу,
У хаценьні цьвітуць мае словы.
Мне здаецца, плыве ціхамройны туман,
Белых прывідаў лёгкае цела.
I я грэшныя вершы пушчаю ў той стан,
Дзе каханьне яшчэ не сатлела,
Дзе гараць пачуцьцём гэтым нават дзяды,
Дзе гарачыя іскры і ў дыме...
Я праходжу праз дым і агонь — праз гады.
I душа мая там, на Радзіме.
Праз пакорныя цярпеньні
I спякотныя пакуты
На высокія ступені
Вобраз выбраўся раскуты:
Беларусь зусім ня тая,
Як паэты апявалі;
I прастора ня пустая,
I сама яна ў крышталі.
Ня сухенькія таполі,
Не панурыя бярозы.
Бэз у садзе, грэчка ў полі,
Панад рэчкай — вербалозы.
Клён клянецца каля хаты,
Што на ім анёлаў крыльле,
I яму каштан кашлаты
Паліць сьвечкі ў пахкім пыле.
А пад восень арабіна
Прыбіраецца ў каралі.
Пладаносная краіна
У праменістым крышталі.
Сонцам пешчаныя сьлівы,
Вішні, яблыкі, ігрушы.
Край гаротны, а шчасьлівы,
Бо людзкія цешыць душы.
Бяз хэмічнай апрацоўкі,
Бяз мічурынскай апекі
Нашы бэры і хунтоўкі
Хай праславяцца навекі.
Я пяю праўдзівы выснаў.
Сввет прайдзі — нідзе, здаецца,
Садавіны тэй карыснай
Каштаваць не давядзецца.
Хай было часамі пуста —
Гадавалі сілы нашы
Міска квашанай капусты
I гаршчок бульбянай кашы.
.............................
Той цаніць свайго ня можа,
Хто сядзіць заўсёды ў хаце.
На чужыне дні трывожна
Нам прыгадваюць аб страце.
Мы згубілі ўсё, што мелі.
Але дух яшчэ трывалы —
Звоняць струны ў нашым целе,
Слаўных прадзедаў цымбалы.
Прынясеце журавіны,
Горыч смагі я ўтаймую,
Абразок мае краіны
Ў лятуценьнях дамалюю.
Не кажэце мне, што ў пекле
Беларусь мая счарнела,
Што лясы і пушчы сьсеклі...
Як была, так будзе белай.
Я цяпер вандрую ўсюды
I мне кожны край гасьцінны.
Бачу дзівы, бачу цуды,
Маляўнічыя мясьціны.
Хараства багата звонку,
Ды мілейшыя, прызнацца,
Наша родная старонка,
Наша песьня, наша праца.
Душа распусьціцца ў пустэчы, —
Тады згушчаецца туман,
I ўсе зьвіняць навокал рэчы,
Як недарэчны вечны зман.
Тады над сьветам ілюзорным
Чужая думка сном плыве.
I верш карункам шматвузорным
Зіхціць у цьмяным харастве.
Хвіліна роздуму ў зацішшы.
Я ў творчых муках трапяткі.
Мая душа паэму піша,
А я бяру ня ўсе радкі.
I ліст паперы я камечу...
Ня бачу радасьці ў радкох.
Малюся шчыра, каб пустэчу
Ператварыў у сад мой Бог.
Той сад прыгожых лятуценьняў!
Там сьпеюць песьнямі плады,
Там дух імкненьняў і хаценьняў
Непераможны, малады.
У парку казачная быль:
Трава адзвоньвае трамваем,
Матляе крылцамі матыль
I краску ласкай спавівае.
А дрэва шэпча... Так мой дзед
Шаптаў набожна час малітваў.
Ізноў, пачуўшы мілы сьвет,
Я маладосьць маю распытваў:
— А ці ня ў лес пайшла ў грыбы?
Суніцаў сьпелых назьбірала?
А мо здушыў цябе грубы
Той культ эпохі цемрашала?..
Я перажыў з табой гады
Трывогі, голаду і гора.
Цяпер — паўторна малады —
Спаткаў я сонца каля мора.
Цябе, былая маладосьць,
Вітаюць памяць і ўспаміны.
Але і сёньня сілы ёсьць,
Я маю палкія хвіліны.
Я гляджу на мілую маю
I чульліва край мой пазнаю;
У цябе бялявая каса,
А я ў думках кужаль расчасаў.
Мне здаецца, у вачох тваіх —
Сіні цьвет валошак палявых.
Ты ўзбудзіла песьняй мой пакой.
Дзе-ж мая цьвярозасьць і спакой?
Я хмялею ўцешна бяз віна.
Ці ня ў гэтым ёсьць твая віна?
Я укленчыў... Я з табой пяю.
Бацькаўшчыну ў мілай пазнаю.
Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці,
Той сьмех яшчэ ў грудзёх
Ня сьціх.
Ты памятаеш?
Там — на мосьце...
Мы там на Случчыне, калі
Вясны зьвіваліся каралі,
Лакцямi поручні гнялі
I ў рэчцы нераст назіралі.
Цьвіла няўрымсьлівая сінь,
Яна здавалася густою.
Там зіхацелі карасі
Сваёю срэбнаю лускою.
I мітусіліся ў вадзе.
I тая хваляў таямнiца
Аж праз гады да нас ідзе
I Случ
З дзяцінствам нашым
Сьніцца.
I не забыцца як і мой
I твой
На мосьце сьмех гайдаўся.
Была ад рыбiны нямой
У рабаціньні скрозь
Вада ўся.
Мы мелі свой утульны кут,
Хаванку хітрую між паляў.
Ня зналі
Злыдняў і пакут,
Нырца давалі
Супраць хваляў.
Плылі, плылі
I даплылі...
А берагі цяпер ня тыя.
Дзе гоман роднае зямлі?
Дзе нашы звычаі сьвятыя?
I толькі сьмех яшчэ ня сьціх,
Ён на чужым,
На іншым мосьце...
Я пазнаю ў вачох тваіх
Мой сьмех далёкай маладосьці.
Крыўда болем выводзіць крывую,
Пакрываючы шчасьце журбою.
А я слова бяру і чарую,
Ходзіць сонцам яно над табою,
Каб скрозь сьлёзы сьмяялася ты,
Каб твой позірк быў чысты, сьвяты,
З цяплынёю жаночай, з мальбою.
Тое слова ў пакрыўджаным сэрцы
Можа выпрастаць, згладзіць крывую.
На канцэрце яно. I ў канвэрце.
Гэтым словам цябе я чарую.
Весяліцца прамень на сьцяне.
Твая ўсьмешка ў высокай цане,
Яна ў песьні. I я трыюмфую.
За сілу пачуцьцяў, за сонечны сьвет
Эротыку лае сухі пустацьвет.
Нікчэмная лірыка! Сьпеў дзікуна
Аб тым, што за цёмнай фіранкай вакна!
Паклёпы растуць і рыхтуюць турму.
I людзі маўчаць, не пярэчаць таму.
Здаецца паўстала сьляпая пара —
Яны пагарджаюць свайго песьняра.
А нехта ўздыхае ў галоднай цішы:
Ты — наш адгалосак. Ты — арфа душы.
Гэта ўсё, што ня мог і ня сьмеў я сказаць,
Накіпела ў маёй неспакойнай душы.
А ці варта імя дарагой выразаць
На бярэсьце чужой і бязьлюднай глушы?
Ці пакіну я мрояў няспынены рух?
Маё сёньня ці ляжа ў стагодзьдзі мастом?
Кажуць, стаў на вятры прыдарожны лапух,
Б'е цьвярдую зямлю аблавухім лістом.
Нехта сорам за грошы прадаў,
Заняпала павага жанчын:
Абвівае танцорку удаў...
П'юць шампанскае, віскі і джын.
Вар'етэ вар'яцее пад джаз,
Чадам кадзіцца бар-кабарэ.
Юрам — дрыжыкі! дражніцца час,
Позны час на свой пожаг бярэ.
Ачмурае дурным хараством
I мяне маладзіц чахарда.
Гвалт сумленьня, душэўны надлом...
У нудызьме сьмяецца нуда.
I ламаецца ціхі спачын...
Гэткай ганьбы у нас ня было.
Мы калісьці у шатах ляшчын
Мелі чыстай уцехі цяпло.
Мы хмялелі з крынічнай вады.
Бор зялёны, як ветлівы бар,
Абуджаў наш імпэт малады, —
Танцаваў з намі родны абшар.
Калі ў душы крычыць палітык, —
Паэтаў голас нікне, гiне.
I вершы вэрхалам агітак
Пяюць партыйнай верхавiне.
Баліць паэту... Доля злая
Яму прысватала цэнзуру.
Ён іншым полымем палае...
I толькі ў чарцы сьпеліць буру.
Ня тонкай віткай белых нітак, —
Ён смольнай дратвай боль свой цягне...
Крычыць і крочыць пан палітык,
А сэрца ўпотай красак прагне.
З далёкай поўначы сівымі
Вярнуліся мае сябры.
Пакуты вязьня разам з імі
I сэнс раскрытай кабуры...
Іх сустракалі на вакзале.
Букеты кветак. Поціск рук.
Тых рук, што сець на іх вязалі,
Даносы ціскаючы ў друк.
I крыўда скардзіцца нямая,
Няма спагадных, дарагіх...
Адных улада абыймае,
Зямля чужацкая — другіх.
I набліжаецца паволі
Ізноў цяжкі, халодны змрок.
Ізноў сябры мае ў няволі,
I слова ўзята на замок.
I не раскажуць аб нягодах,
Аб тым, што тоіцца ў душы.
Як ганьбавалі іх на сходах,
На палітычным кірмашы.
Як уначы аўтамабілі
Іх везьлі ў роспачы, тузе,
Як маладосьць і цьвет згубілі
Ў глухой, бязьлітаснай тайзе.
Маіх сяброў я разумею,
Я чую іх... А злосны час
У сьцюжу гоніць і ў завею
Мільёны — непакорных — нас.
Хай ня будзе бязладзьдзя на добрай зямлі:
Пладаноснай — спакой у падзяку,
Каб на ёй, дзе руіны травой парасьлі,
Ня было-б аніякага знаку.
А злыбедай —
выбух...
Ізноў
быльнёг
выбег.
Страх, якое прадоньне на люднай зямлі!
Так, фатальнае тое прадоньне!
Людзі космас — здаецца ім — перамаглі,
А разьюшаны атам — на троне.
I злыбедай —
выбух...
Ізноў
быльнёг
выбег.
Гляджу я на тыя палотны,
Дзе ў плямах уяўны абраз,
Дзе талент аерам балотным
Чакае, як Сёмуху, нас.
Ён песьціў ідэю і трызьніў,
На вуліцу вынес, на суд.
У новым сьвятле — дальтанізьме
Мастацтва паказвае цуд.
Дзіўлюся. Ружовыя сьвіньні,
Падпасак, як чорны цыбук,
I выган засмужаны, сіні,
I сонца — зялёны павук.
Ёсьць мілае ў гэтым матыве
I згадка дзіцячай пары.
А вунь на запененай грыве
Грамадкай сядзяць камары...
Бялілы пусьцілі завею
Ў рудую іржу-каламуць.
I я мастака разумею:
Ў балоце лілеі цьвітуць.
Пяшчотных пачуцьцяў сасьпела маліна,
Ужо разгараецца сьветлае пекла.
I песьні зрываюцца з пругкіх трамплінаў,
Каб слова дубовыя душы пасекла.
Звычайныя душы ёсьць нават і ў мушак.
Заростаюць душы густою травою...
Мы сушым прысыпкай паэзіі смушак,
А дзе тая вільгаць, што поіць жывое?
Дзе тая крыніца з празрыстым струменем?
Мы хочам напіцца, умытымі выйсьці,
Каб кроў маладзела і сьлёзы натхненьня
Зігценьнем казалі аб радасным прыйсьці,
Аб прыйсьці таго, што жыве ў лятуценьні...
Уяўнае станецца хай асалодай,
I ўцешна, як дзецям кітайскія цені,
Прадставіцца
літаратурнаю модай.
Наш дух не ў палоне, і розум ня скуты.
I музыка з рызыкай сэнсу і гукаў.
Там космас — дзе гінуць зямныя пакуты.
Пратэст у замкнёную браму застукаў.
I тыя, што маюць звычайныя душы
Ня ўсё разумеюць, ня чуюць так чыста.
Тут нехта спакой вольнай думкай парушыў:
Сьмяецца, сьпявае, крычыць урачыста.
Абстракцыя ў практыцы. Значыцца, будзе
Яна задавольваць мастацкія густы.
Стаіць хараство і ў утончаным блудзе
Далёка ад розных рэклямаў распусты.
Гітара бездакорная
I пад рукой пакорная, —
Гавайская, гавайская.
Душа на струнах райская.
Гавайская гітара гудзе вясёлым енкам.
Трымценьне струнаў, траваў, рук, постацяў, вянкоў.
Іграе сонца ў танцы. I зыбленым каленкам
У такт вуркочуць хвалі, далоні маракоў.
I гукі ў заціханьні... Падобна — на жалейцы
Мой край сьцінае смуткам збуцьвелы злы бур'ян.
...Гавайская гітара галосіць і сьмяецца;
Здаецца, наша гора сплывае ў акіян.
Ласкава і гульліва гітара сны рысуе,
I трызьніць і сьпявае ў трывожнай цішыні.
Танцуюць і трапечуць, як матылі, красуні.
I тонуць ліхалецьці ў завеях цяплыні.
Убоства пахавалі палёсткі архідэяў,
Дзявочыя усьмешкі і косаў чорны вір.
I скача захапленьне на вогнiшчы ідэяў —
Дзівоснае, жывое вядзе ў спакой і мір.
Намі ўсё ўспрымаецца па рознаму...
На абрусе — з цукрам сухары.
А яна мне гнеўна і бяз розуму:
— Што за пачастунак, чорт бяры!
Гэта ці ня музаў тваіх выбрыкі?
А раскоша прыйдзе ў дом, ці не?
Пiшаш вершы. Верыш... Маеш вынікі?
Ці-ж твая прадукцыя ў цане?
Анічога — ні жыцьця шыкоўнага,
Ані зерня шчасьця не здабыў.
Ты ў гучаньні вобразу чароўнага,
А мой сказ наўсуперак грубы:
Мы жывем, як тая пацярушына,
Што ў праменьні сонца з-пад гразі.
Горкаю гаворкаю уэрушаны,
Я прашу:
— Сухарык пагрызі.
Ім далі бязьмежныя правы,
Ім — заканадаўцам новых модаў.
А яны праводзяць шлях крывы
Ў звычкі і традыцыі народаў.
Пачалі наш белы сьвет чарніць...
I чаго цяпер не нарабілі!
Прыдушылі душы чараўніц,
I мужчыны ў муках і ў бясьсільлі.
На мадэлях новых дзікі зьвiх,
I — фасон сарочкі! Мо з Гвінэі?
Ці з прычыны клопатаў якіх?
Ці як вынік выклятай ідэі:
Распрануць і вырваць у кабет
Сарамлівасьць і самапашану?
Сёньня мілым паказалі сьвет —
Сьвет распусты, грубасьці і зману.
Так няўзнак пакрыўдзілі мы іх.
Галізна, як той тавар на рынку,
На паказ, на меркаваньне ўсіх...
Гэта сьмех ідзе на вечарынку.
I скупы натоўп прынадных ног.
Уваччу — і шулы, і крывулі.
I няма ні палу, ні трывог,
I пачуцьці ў холад патанулі.
I паэт ня бачыць хараства.
У яго аголенае слова.
I яно, як жорсткая жарства,
Шаргаціць бяздушна і сурова.
Дзе жывая лірыка твая?
Дзе паклон твой нізкі ў прывітаньні?
Хто і ў чым састарыўся ўдвая
I ня мае шчырасьці ў спатканьні?
Дзе твой палкі шэпт, гарачы дых?
Дзе пяшчоты поступ дабрачынны?
...Не тапчэце шчасьця маладых,
Не крадзеце радасьці ў мужчыны!
Палатном укрыйце маладзіц,
Аксамітам, шоўкам ці паркалем.
Мы ня хочам цела верадзіць,
Мы агню апошняга ня спалім.
У японак бачым кімано,
У індусак доўгія спадніцы.
Прычыняюць сьветлае акно
Ад чужых паглядаў аканіцы.
I расьце цікавасьць. I ў той час
Захапленьні, прагнае жаданьне.
I хвалюе нас, і цешыць нас
Годнае, народнае убраньне.
А яно нязьменнае было,
Чыстае і сьцiплае, да пятак.
I каханьне ціхае цякло,
Аднаўляўся радасны пачатак.
Так спрадвечным стаўся той уклад.
Хай мінецца час шматка-сукенкі,
З-пад якой, бадай, на добры лад
Выглядаць ня мусілі-б каленкі.
Хараству жанчын — закрыты сход,
У пакровах цнота нас вітае.
Гэту мудрасьць выпесьціў Усход.
Там жанчына ходэіць, як сьвятая.
Я ў музэі, а там фарызэі —
Гіды — жывяцца словам завучаным,
Экскурсантам шрубкі закручваюць.
I старанна каравай анучынай
Біты быт прыкрываюць і раны.
Мне балюча. Іду пакараны —
Вечны вучань — пакорны, рахманы.
Гіды згодныя з гідкім зманам,
I сумленьне хіба ня грызе іх.
Сьвет звужаецца нудна ў музэі
I здаецца малым, паламаным.
...Я ня слухаю вас, фарызэі!
Шчодрасьць — сіла. I з гэтай прычыны
Чэрпай радасьць ня з іншых, з сябе.
Сьпее добрае зерне ў сяўбе.
Сьмех дзіцяці і позірк жанчыны,
I расчулены голас бабулі,
I гаротніка поціск рукі...
Значыць, босае шчасьце абулі.
Значыць, радасьць бяжыць напрасткі.
Змагаўся Давід з Галіяфам і злом,
А Я гатоў ісьці за Давідам.
Я — сіла
З розумам і хараством,
Арыгінальны Я індывідум.
Я ўціснуты ў слова, хварбу і гук,
У зьлепак, разьбу, нават абрубак.
Я — гэта сотні і тысячы рук,
Розумы,
Зьлітыя ў адзін кубак.
Ад семя, ад зерня, ад плоці — Я...
Сям'я! I ўсім — Я,
Я ганаровы.
I ўсё тут маё, і зямля мая,
I словы мае — шчыт і пакровы.
Бароніцца Я ад шэрага Мы
I выстаўляе свой талент масам.
Я — гучнагалосы, Я і нямы,
I ўзьняты,
I зганьбаваны часам.
I ў космасе Я,
I на морскім дне,
I ў дыханьні жывым, нясуцішным.
Душа-бунтарка пярэчыць мане
I хвалюецца даўнім і прышлым.
I кідае ўладна яна: Я на!
На сьвеце Я
Хай будзе ў пашане.
У кожнай прачулай душы вайна,
Пратэст і крык, і енк, і маўчаньне.
Я — выбраны твор. Я — выразны твар.
Даецца дар і шмат і патроху.
Азъ есмь Господь. Я Гаспадар.
Я з братнім Я
Ствараюць эпоху.
Сасьпела слова
сакавітае, як сьліва.
I слава — слову, сіла у якім.
Няхай гучыць яно
прыгожа
і шчасьліва,
Бо шчыры Бог
у роздуме маім.
Бог хараства, дабра!
Бог мрояў і каханьня!
Натура не захутана ў халат.
Прыймаю прымхі,
радасьць сьветаадчуваньня
I чары слова,
і напеўны лад.
Нясу я слова ў сьвет.
I сам я ў слове новым
Знаходжу захапленьне, сэнс жыцьця.
Жыву — пяю.
Я — ў коле каляровым
Маіх пачуцьцяў,
думак,
адкрыцьця.
Як-жа я верш напішу,
Калі пачуцьці нямыя?
Слова — сьвятлом у душу
Хлыне і цьмянае змые.
Шэрыя плямы зьвядзе,
Шчырасьць ушыркі разгорне.
Не падвядзе і ў бядзе,
I запяе на валторне.
Слова галосіць, і гук
Просіцца ў літары-знакі.
Слова працуе бяз рук,
Сьвету прыносіць прысмакі.
Горка. Салодка. Растуць
I хваляваньні, і мукі.
Чыстае ці каламуць?
Простае ці ад навукі?
Часам ад сэрца ідзе
Слова з любоўю, настроем.
Але-ж чуваць дзе-ні-дзе
Брыдкае, з бросьняй, пустое.
Слоў расьцярушаны хлуд:
Добрыя, мілыя, злыя...
Словы! Лаўлю гэты цуд
Нератам думкі з імглы я.
Вечны нязьведаны рух
Творыць істота жывая.
Слова — матэрыя? Дух?
Цела ці здань гукавая?
Як мне яго зразумець?
Як з ім прыгожа зрадніцца?
Слова патрапіла ў сець.
Звоніць жыцьця таямніца.
Як мне яго зразумець,
Зьведаць у межах закону?..
Слова патрапіла ў сець
Радыё і тэлефону.
Слова бяз крыл і бяз ног
Сьвет абыймае, праходзіць
Безьліч нябачных дарог,
З гукам чужым карагодзіць.
Музыка, сьпевы і звон,
Розныя лёзунгі ў масу
Ўзятыя сёньня ў палон
Тэхнікай бурнага часу.
Гукі мы ў рукі ўзялі
I павялі закілзаных.
Плешчацца песьня зямлі —
Блізкіх, далёкіх, нязнаных.
Чуем і голас таго,
Хто ўжо даўно ў дамавіне —
Гэта уцеха з тугой.
Песьня жыве і ня гіне,
Выйшла з навеяных сноў, —
Б'е, працінае прасторы.
Круціцца шпулька... Ізноў
Гукі старыя ў паўторы.
Гукі лятуць у эфір.
I ўжо ня вусны ў размове —
Бурны, народжаны вір
З ціхім прышэптам на слове.
Слова ў пакоі маім
Зьнекуль глушылі наўмысна,
А падалося важкім.
Пільна паслухаць — карысна.
У цішыні кагадзе
Ўспыхнула думка-маланка:
Космас сьпявае, гудзе —
Гукаў і слоў саматканка.
Тысячагодзьдзі прайшлі
Грукатам, сьмехам і плачам...
Сёньня на нашай зямлі
Слова ня ў зрэб'і жабрачым —
Моцнае і ў харастве,
I на высокім узьлёце.
Слова ў ракеце жыве,
I прабягае па дроце.
I ў падзямельлі яно,
I паміж зорак зьнямела.
Я пазнаю ўжо даўно:
Слова — спрадвечнае цела.
Добрых і гідасных слоў
Процьма ў сусьветным змаганьні.
Гул на мільёны вузлоў,
Гукі ў чароўным ваганьні.
Зданямі, мроіцца мне,
Кружацца ў вечным блуканьні.
Добрае слова кране —
Будзеш здаровым, у зьзяньні.
Ды апануюць калі
Брыдкія словы кагосьці, —
Цяжка таму на зямлі,
Лезе хвароба у косьці.
Гукі — і лекі, і труць.
Гукі эпохаў і эраў
Дзесьці лунаюць, лятуць.
Я гэтай казцы паверыў.
Прыйдзе ў наш век гукахват,
Дзіва пакажа вучоным.
Зробіць, складзе апарат
I назаве архафонам.
I апарат-чарадзей
Мовай старой загаворыць.
Словы вялікіх людзей
Зловіць і ўголас паўторыць.
Последние комментарии
7 часов 47 минут назад
7 часов 50 минут назад
2 дней 14 часов назад
2 дней 18 часов назад
2 дней 20 часов назад
2 дней 21 часов назад