З табой [Поль Элюар] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

ПОЛЬ ЭЛЮАР З ТАБОЙ: ВЫБРАНАЕ


Элюар П.

З табой: Выбранае. /Пер. з франц. Э. Агняцвет. [Прадм. Б. Міцкевіча].— Мн., Маст. літ.,

1980.— 128 с., 4 л. іл. (Паэзія народаў свету).


Рэдактар Хв. Д. Жычка.

Пераплёт А. В. Судэйкі.

Мастацкі рэдактар Л. Я. Прагін.

Тэхнічны рэдактар Л. М.Шлапо.

Карэктар Я. Ф. Харко.


Пераклады зроблены з выданняў:

Paul Eluard. Choix de poèmes,

Paris, NRF, Gallimard, 1951


Poèmes pour tous par Paul Eluard.

Choix de poèmes 1917—1952.

Paris, Les Editeurs Français Réunis, 1952


Paul Eluard. Choix de poémes.

Editions en langues etrangeres.

Moscou 1958



ПЯСНЯР МУЖНАСЦІ I ДАБРАТЫ


Поль Элюар — адзін з найвялікшых паэтаў XX стагоддзя. Пяшчотны лірык, удумлівы даследавальнік жыцця, тэмпераментны прапагандыст, палымяны змагар — такі быў гэты добры, мудры, чалавечны паэт. У сваёй творчасці ён адлюстраваў барацьбу паміж сіламі змроку і сіламі святла. «Закон дабраты» — сэнс жыцця, шуканняў, мастацтва Элюара.

Поль Элюар (сапраўднае імя — Эжэн Эміль Поль Грэндэль) нарадзіўся 14 снежня 1895 года ў парыжскім прадмесці Сан-Дэні ў сям’і служачага.

Раннія паэтычныя вопыты Элюара — «Першыя вершы» (1913—1918) і «Дыялогі бескарысных» (1914) — належалі да жанру інтымнай лырыкі, у іх раскрываўся багаты ўнутраны свет юнака.

У снежні 1914 года Элюар быў мабілізаваны ў французскую армію, дзе служыў спачатку ў якасці санітара, а потым — салдата-пехацінца. Амаль чатыры гады правёў ён у акопах і прыфрантавых шпіталях, у 1917 годзе быў атручаны ўдушлівымі газамі.

У вершах ваеннага часу Элюар адлюстраваў горкі вопыт сваіх равеснікаў — «чыстых душой» салдат з «чужой стрэльбай». Кароткія і выразныя замалёўкі ваеннага жыцця, насычаныя цёплым спачуваннем да чалавека, абурэннем вайной і агідай да яе, склалі зборнікі «Абавязак» (1916), «Абавязак і трывога» (1917) і «Вершы для мірнага часу» (1918). Жорсткасці і крывадушнасці вайны супрацьстаўляліся прыгажосць і высакародства чалавечых пачуццяў, надзея на шчасце, што прыйдзе калі-небудзь назаўсёды. У «свет аслеплены, свет аглушаны» паэт кідаў сваімі «Вершамі для мірнага часу» заклік «Працуй», бачачы ў ім выражэнне асноў чалавечага існавання, гарантыю надзеі, любві, хлеба.

Ідэя сацыяльнай ролі працы і брацтва з новай сілай гучыць у цыкле «Прыклады. Плён сноў. Патрэбы жыцця»:

...упрыгожваць прыроду
Хараством чалавечым —
                Працаваць.
Пасля першай сусветнай вайны творчасць Элюара набывае складаны характар. Незадаволенасць буржуазнай рэчаіснасцю прыводзіць яго ў лагер дадаісцкай і сюррэалістычнай літаратуры. Аднак гэта быў памылковы, небяспечны шлях. Анархічны бунт дадаістаў і сюррэалістаў супраць старога буржуазнага грамадства і яго духоўных каштоўнасцей быў павярхоўны, неарганізаваны, а іх эстэтычныя ўстаноўкі («аўтаматычнае пісьмо») супярэчылі ўнутраным тэндэнцыям рэалістычнай паэзіі, адмаўлялі ідэйнасць і вобразнасць мастацтва.

Эстэтычная праграма сюррэалістэў аказала ўплыў на шэраг паэтычных зборнікаў Элюара 20—30-х гадоў. Яго вершы страчваюць якасці, якія былі ўласцівыя яго першым творам,— прастату і яснасць.

Аднак эстэтыка сюррэалізму перашкаджала свабоднаму развіццю паэтычнага таленту Элюара, паэта-мысліцеля цягнула да канкрэтнасці і жывасці пачуццяў, да шчырасці і непасрэднасці. Ён менш за ўсё быў захоплены індывідуалізмам і эгаізмам. Адзіноцтва, раз’яднанасць людзей уяўляліся яму страшнейшымі за пякельныя пакуты.

Ужо ў лепшых вершах зборніка «Горад тугі» (1926) шчырая лірычная ўсхваляванасць перамагае сюррэалістычную ўмоўнасць, выразна выяўляюцца характэрныя для позняга Элюара лаканізм, афарыстычнасць, строгасць у адборы выяўленчых сродкаў.

У зборніку «Каханне. Паэзія» (1929) каханне зноў адцясняе элюараўскую сюррэальнасць, жывыя чалавечыя пачуцці пераадольваюць абстрактнасць і мудрагелістасць мыслення паэта. Вершы насычаюцца філасафічнасцю.

Тэма кахання займала цэнтральнае месца ў паэзіі Элюара канца 20-х — пачатку 30-х гадоў. Свет пачуццяў быў для паэта своеасаблівай абаронай ад буржуазнай рэчаіснасці. Натхнёная любоўная лірыка мела на ўвазе аптытэзу паміж каханнем, дасканаласцю каханай і недасканаласцю буржуазнага ладу.

Але ўжо ў зборніку «Само жыццё» (1932) Элюар гаворыць аб немагчымасці абмежаваць жыццё толькі начуццём. Разбураецца ілюзія, быццам каханне, якое стала паэзіяй, здольна ўзнесці паэта над «горадам тугі». Паняцце «самога жыцця» аказваецца намнога шырэйшым, чым палкае і натхнёнае пачуццё. Сувязі Элюара з сюррэалізмам яшчэ больш паслабляюцца.

У перадваенныя гады паэт пакутліва блукаў па пуцявінах узрушанага і неўладкаванага свету, аб чым сведчаць яго зборнікі «Ружа для ўсіх» (1934), «Пладаносныя вочы» (1936), «Натуральная плынь» (1938), «Поўная песня» (1939). Адзінай надзейнай ніццю, якая правяла Элюара праз лабірынт разарванай свядомасці да праўды гісторыі, было імкненне да пяшчоты і чысціні, мара аб шчасці і свабодзе.

У рэшце рэшт — цераз анархічнае бунтарства маладосці, цераз «бясформную масу формаў бязглуздых» Элюар прабіўся да ваяўнічага рэалізму і гуманізму. Гэты шлях паэта знайшоў вобразнае выражэнне ў яго крылатай фразе: «Ад далягляду аднаго — да далягляду ўсіх людзей».

У абстаноўцы паступлення фашызму, стварэння Народнага фронту, нацыянальна-рэвалюцыйнай вайны ў Іспаніі Элюар уцягваецца ў барацьбу як паэт і грамадскі дзеяч, знаходзіць сваё месца ў радах пісьменнікаў-антыфашыстаў. У гэтым пераконвалі ўжо яго цудоўныя вершы аб рэспубліканскай Іспаніі — «Герніка» і асабліва «Лістапад 1936».

У канцы 30-х гадоў Элюар усё цясней звязвае свой лёс з французскімі рабочымі. Ён упэўпены, што будучае ўзначаляць новыя людзі, людзі нізоў («Мы існуем»). У цыкле «Адкрытая кніга» (1940) сузіральна-раздумлівыя інтанацыі ўступаюць месца загаднаму тону. «Жыць», «Крычаць» — такія характэрныя назвы маюць паасобныя вершы цыкла.

Мой крык аголены ўзнімаецца высока Па неагляднай лесвіцы надзеі,— заяўляе паэт.

Другая сусветная вайна, акупацыя Францыі, удзел у Руху Супраціўлення ператварылі Элюара ў сапраўды вялікага нацыянальнага паэта.

Элюар мужнеў як грамадзянін, як чалавек і паэт у барацьбе за вызваленне французскага народа. Ён быў адным з арганізатараў і актыўным дзеячам падпольнага літаратурнага фронту. Паэт супрацоўнічаў у нелегальным руху, складаў і распаўсюджваў лістоўкі, збіраў інфармацыю, наладжваў сувязі. Падрыхтаваны Элюарам калектыўны зборнік «Гонар паэтаў» прагучаў як маніфест паэзіі Супраціўлення. У 1942 годзе паэт уступіў у Французскую камуністычную партыю.

Лепшыя вершы Элюара 1942—1945 гадоў, аб'яднаныя ў шэраг цыклаў («Паэзія і праўда 42 года», «Сем паэм аб любові на вайне» і інш.), склалі пасля вызвалення Францыі зборнік «Твар у твар з немцамі». Паэзія Элюара ва ўмовах Супраціўлення набывае сацыяльна-гістарычную канкрэтную мэту. Выразна гучыць тэма сучаснасці. На змену ахопленаму разгубленасцю «Я» прыходзіць гордае «Мы». Пашыраецца дыяпазон пачуццяў лірычнага героя — чалавека дзеяння, мацнее адчуванне калектыву, пачуццё адказнасці за лёс людзей, вера ў іх сілу і будучыню. Менавіта цяпер Элюар, па словах Арагона, вырастае ў паэта, «у вуснах якога песня рабілася паветрам Францыі».

Лірыка Элюара ваенных гадоў надзвычай разнастайная. Яна ўвабрала ў сябе роздум паэта пра свой лёс і лёс радзімы, адлюстравала трагічную паўсядзённасць акупіраванай Францыі, уславіла герояў Супраціўлення. Верш Элюара «Апавяшчэнне» быў напісаны для падпольнага друку, але ён расклейваўся на сценах дамоў Парыжа побач са спісамі байцоў Супраціўлення, якія былі прыгавораны нацыстамі да расстрэлу.

«Нянавісць наша — у імя любові!» — сцвярджаў Элюар у глыбока чалавечным выкрывальным вершы «Зброя гора». Як натхнёны гімн змагарам Супраціўлення гучаў верш «Мужнасць». Рысы новага чалавека з яго ўлюбёнасцю ў жыццё, з яго прынцыповасцю і гераічнай самаадданасцю, з гатоўнасцю ахвяраваць сабой дзеля вызвалення народа, уласцівыя вершу «Габрыель Перы» — аднаму з шэдэўраў лірычнай паэзіі XX стагоддзя.

У Элюара ёсць і ўласна сатырычныя, выкрывальныя вершы аб ворагах-фашыстах, здрадніках і іх хаўрусніках — «Гімн нацыстаў», «Тупыя і злосныя», «Прадаўцы індульгенцый». У цяжкі, змрочны час акупацыі паэт гаворыць аб слабасці катаў («Апошняя ноч»). Сіла заўсёды на баку жыцця, а не смерці.

Хрэстаматыйным стаў славуты праграмны верш

Элюара «Свабода». На першы погляд ён уяўляе сабой пералік самых звычайных вобразаў, паняццяў і прадметаў, якія думка аўтара асацыіруе са святым імем «свабода». Аднак усё тут больш складана. У вершы выразна гучыць думка аб тым, што чалавек народжаны, каб пазнаць свабоду. У злавесных умовах фашысцкай акупацыі, турмаў і канцлагераў верш «Свабода» гучаў як гімн, як заклік да барацьбы за вызваленне Францыі. Ён быў на вуснах мільёнаў суайчыннікаў паэта — ад школьнікаў да партызан макі.

Канкрэтнаму і суроваму зместу патрыятычнай лірыкі Элюара поўнасцю адпавядала простая, даходлівая структура верша, строгі рытмічны лад.

Патрыятычныя баявыя вершы Элюара былі грознай зброяй у руках партызан і байцоў Супраціўлення. Гітлераўцы ўбачылі ў цыкле «Паэзія і праўда 42 года» «небяспечную лістоўку» — вершы Элюара выклікалі ў захопнікаў нянавісць і страх.

У пасляваенныя гады Элюар стаў трыбунам народных мас, адным з вестуноў барацьбы за мір і дружбу паміж народамі. Яго важнейшыя паэтычныя кнігі апошняга дзесяцігоддзя жыцця — «Белакрылыя швачкі» (1945), «Безупынная паэзія» (1946), «Гарачая прага жыць» (1946), «Лішні час» (1947), «Палітычныя вершы» (1948), «Урок маралі» (1949), «Прысвячэнні» (1950), зборнік выбранага «Вершы для ўсіх» (1952) — садзейнічалі згуртаванню людзей добрай волі, разрадцы міжнароднай напружанасці, стварэнню мірнага клімату ва ўсіх кутках нашай планеты.

З усёй выразнасцю вызначылася творчая эстэтычная пазіцыя Элюара. У вершы «Мэтай паэзіі павінна быць практычая ісціна», іранічна прысвечаным яго «патрабавальным сябрам» — прыхільнікам сюррэалізму і «чыстай паэзіі», Элюар бачыць грамадзянскае прызначэнне паэзіі і сапраўднае прызванне паэта ў тым, каб «свет растлумачыць і перайначыць». Паэт хоча знайсці такія словы, якія ўмацоўвалі б веру людзей у перамогу радасці жыцця, у сілу паэзіі, дапамагалі б ім ў пераўтварэнні свету («Усё сказаць»).

У пасляваенную творчасць Элюара ўладна і нястрымна ўваходзіць гістарычны аптымізм, яго натхняе вера ў перамогу светлых сіл над змрокам, смерцю і злом. Героі яго вершаў — друкары, шахцёры — забастоўшчыкі, вязні фашысцкіх турмаў, непахісныя грэчаскія партызаны і іспанскія падпольшчыкі, камуністы Луіс Карлас Прэстэс, Марсель Кашэн, Жак Дзюкло.

Элюар двойчы — у 1950 і 1952 гадах — наведаў Савецкі Саюз. Французскі паэт быў вялікім сябра.м савецкіх людзей. Свае пачуцці да нашай краіны ён выказаў у вершы «СССР — надзея наша».

Элюар быў актыўным удзельнікам руху прыхільнікаў міру, дэлегатам многіх міжнародных кангрэсаў. У паэме «Аблічча міру» (1951), якая была створана як паэтычная рэпліка да малюнкаў Пабла Пікасо, ён адлюстраваў веліч барацьбы народаў за мір. «Аблічча міру» — узор эпічнай паэзіі сацыялістычнага рэалізму.

Жыццёвы шлях Элюара завяршыўся 18 лістапада 1952 года.

У 1953 годзе яму пасмяротна была прысуджана Міжнародная прэмія міру.

Лепшыя вершы Элюара трывала ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай паэзіі.

Элюар — не лёгкі для чытання паэт. Як ні парадаксальна, адна з прычын гэтага — прастата, надзвычайны лаканізм элюараўскага верша. Імкнучыся пазбегнуць лішніх слоў, паэт нярэдка даводзіў свае вершы да такой сцісласці, што паасобныя радкі ўяўляюцца нам загадкавымі.

Як і большасць яго сучаснікаў у Францыі, Элюар па пракладу Г. Апалінэра адмовіўся ад знакаў прыпынку, лічачы, што яны разбіваюць рытм верша і звужаюць яго лагічна. Але падобная практыка не характэрная для беларускай і ўвогуле славянскай паэзіі.

На беларускую мову дагэтуль былі перакладзены толькі паасобныя вершы Поля Элюара. Кніга «З табой» — першае найбольш поўнае выданне твораў гэтага выдатнага мастака слова.

Б. Міцкевіч

ПЕРШЫЯ ВЕРШЫ 1913-1918


НАПАЎГОЛАСУ
Як пацяплела сёння ўвечары!
        Як зоры зіхацяць!
              I ранак заўтра будзе ясны
Над вуліцай Версаль.
             Пагодна будзе...
       (А спеў ляціць-губляецца, як шар).
Калі пагодна, як прыгожа!
        Выходзіць з дому ў гэты ранак
I ведаць — поўдзень прынясе
        Канец рабоце доўгай...
      (А спеў ляціць-губляецца, як шар).
Калі іду я гэтай вуліцай,
Здаецца — я на вёсцы дзесьці.
       Якія светлыя тут вілы,
Мне сапраўды ўсё гэта міла!
       (А спеў памёр, згубіўся спеў.)
1914

***
Дзяўчынка ў Парыжы. Прыехала з дому:
Парыж — гэта грукат. Парыж — гэта гоман.
Па вуліцы крочыць дзяўчынка-птушынка.
А грукат, як лівень —
                               няма яму ўпыпку.
Дзяўчынка-птушынка стаіць ля сцяны,
Ідуць элегантныя, ў глянцы, паны.
I стук яе сэрца нячутны нікому.
1915

МОЙ АПОШНІ ВЕРШ
Напісаў я зямлю ў маркоце,
Дзе людзі ўзнімалі палацы.
За радасцю гнацца і гнацца.
Напісаў я зямлю ў маркоце,
Дзе людзі ўзнімалі палацы.
Напісаў аднатоннае неба,
       Караблі на бясконцым моры,
I снег, і вецер, і ліўні...
Напісаў аднатоннае неба,
       Дзе людзі ўзнімалі палацы.
       Змарнаваў я і дні, і ночы
       Работы сваёй і спачынку —
I нікога не ўзбунтаваў я.
       Ні аб чым не прасіце, шчасліўцы!
       Буду стукаць я ў дзверы агню.
1917

АБАВЯЗАК I ТРЫВОГА 1917


ВЕРНЫ
                   З нашай спаконнай вёскі,
         Дарогай крутой і цяжкой,
         Ідзём да крыві і да плачу,
                   Чыстыя самі душой.
         Ціхія, цёплыя ночы.
                   А мы для каханых сваіх
Захоўваем вернасць святую,
          Надзею: застацца ў жывых.

***
                         На досвітку — зноў у дарогу.
                У гэтым — наша слодыч і нядоля наша.
                Мы рады, што і ў дождж, і ў вецер
                       Знайшоўся цёплы кут,
                                   дзе можна адпачыць і выпіць.
Мае сябры гарластыя вытрэсваюць у хаце шынялі.
                 I ў прадчуванні шчасця,
Што прыйдзе калі-небудзь назаўсёды,—
                              Яны крычаць, рагочуць.
         I зухаватасцю сваёй палохаюць
                              марозны холад ночы.

***
                    Турбуе мяне апусцелае неба
         I дождж, што ўсіх нас да ніткі прамочыць.
         Я крочу і думаю: шчасце вялікае
Нас ахапіла б, калі б захацелі мы!
         Абавязак, трывога. Яны раздзіраюць
                    Жыццё маё напалам.
I цяжка мне, цяжка ў гэтым
                    Шчыра прызнацца вам!
         Лісце ўдыхаю на поўныя грудзі.
На небе адкрытым ластаўкі лёгкія
         Радуюць нас, летуценні прыносячы...
                    Мроіцца мне надзея спакойная.

ВЕРШЫ ДЛЯ МІРНАГА ЧАСУ Ліпень 1918

Свет аслеплены,

свет аглушаны


I
Цяпер жанкі шчаслівыя ізноў!
Муж вяртаецца з сонцам,
Ён пранізаны ўвесь цеплынёй.
«Добры дзень!» — і ён дзіва сваё абнімае,
        I смяецца — ён у хаце сваёй.

II
Нарэшце! Грудзі дыхаюць свабодна,
Мая святая жонка, час мінуў нягодны,
Калі ішоў я з ім, ды з ім, спіны не разгінаў,
Вінтоўку, сумку — наша ўсё жыццё — цягаў.

ІІІ
Больш за ўсіх таварышаў на свеце —
       О, сябры!
Наймілейшыя цяпер для сэрца — жонка, дзеці,
       За сталом сям’я і ціша на двары.
       О, сябры!

IV
Ты ў атаку хадзіў у натоўпе,
Ты спаць валіўся ў натоўпе.
А цяпер на шлюбным ложку, сярод ночы,
Мацней, чым храпенне тысячы глотак,
Цябе ўзбударажыць подых жаночы.

V
Маё дзіця капрызнае. Ну, што ж —
Я ўсё зраблю, чаго малое хоча.
Маё дзіця харошае, прыгожае,
Смяюся і гляджу яму у вочы.

VI
                    Працуй.
Праца маёй галавы і маіх натруджаных рук,
Праца прыроды, рабочай скаціны праца,—
Гэта жыццё і надзея усіх дзён,
Наша любоў,
                     хлеб надзённы.
                    Працуй.

VII
Каханая, хай расцвітае
Белая ружа твайго малака.
Каханая, хутчэй ператварыся ў Маці,
Ствары дзіця з маім абліччам...

VIII
Доўгі час мне быў непатрэбен твар.
            А цяпер
Ёсць твар у мяне, каб быць каханым,
Ёсць твар у мяне, каб быць шчаслівым,
                                                      жаданым.

IX
Шукаю закаханую,
Дзяўчыну закаханую,
Дзяўчыну ў сукенцы блакітнай.

X
Мне сняцца ўсе красуні,
Што гуляюць улетку, начамі,
       Пад наглядам
       Маруднага месяца.

XI
Зіхаценне пладоў асвяціла мой сад,
Гэта дрэвы красы, пладаносныя дрэвы.
Я працую, я ў садзе адзін,
I няяркае сонца гарыць на руках, на маіх.


ПРЫКЛАДЫ 1921


РАБОЧЫ
Угадваць у дрэвах дошкі,
Дарогі ў гарах прадбачыць,
У лепшым узросце — узросце сілы —
Гліну мясіць, жалеза ткаць
I ўпрыгожваць прыроду
Хараством чалавечым —
                                     Працаваць.

МАСТАЦТВА ТАНЦА
Кволы дождж трымае чарапіцу
Раўнаважана. А танцорка
Не навучыцца ніколі
Ліцца і скакаць,
Як дождж.

ПРЫГОЖАЕ
Дзівоснае ў шчасці,
Пачварнае ў горы,
Бачнае для сляпых.


Патрэбы жыцця


ЛЯНОТА
     Я лямпу закінуў у сад, каб стала святлей у садзе, і лёг. Грукат усё ўзбунтаваў навакол. Спяць мае вушы. Грукае ў дзверы мае святло.


СІЛА
Рукі, рукі яго — галіны без лісця, яны, як карэнне цяжарнага неба і кветак заморскіх, рукі чыстыя, нібы ўзоры марозу.


Плён сноў


КУПАЛЬШЧЫЦА Ў ГАМЕ АД СВЕТЛАГА ДА ЦЁМНАГА
Той жа дзень у перадвячэрнім змроку. Лёгкая, ты ледзь прыкметна варухнулася, і гэтак жа лёгка варушацца і мора, і пясок.

Здзіўляе нас лад рэчаў, і каменняў, і празрыстых адценняў, і хвілін. Ды цень знікае, і з ім знікае пакутлівы прысмак чагосьці няяснага.

Вечар, высакародна афарбованае неба. Усё на свеце задрамала ў агні. Агонь згасае.

Вечар. На моры больш няма святла, і як у старажытныя часы, магла б ты ўлегчыся на хвалі і заснуць.


ГОРАД ТУГІ 1926


Маленькія праведнікі
І
Над домам смеху
Птушка ўсміхаецца ў крылле.
I гэтакі лёгкі свет,
Што на месцы яму не сядзіцца,
Такі ён вясёлы,
Што ўсяго яму хапае.

VII
У сіло жыцця твайго трапіла прырода.
Дрэва — цень твой — адкрывае цела: неба.
У дрэва — голас глебы, жэсты ветру.
I ўсё, што вымаўляеш,— у цябе за плячыма дыхае.

VIII
Яна не хоча нікога ні разумець, ні слухаць,
Яна смяецца, хаваючы жахлівасць сваю ад сябе
                                                                   самой,
Яна маршыруе заўсёды пад аркамі ночы,
I ўсюды, дзе толькі бывае,—
Яна пакідае
Рэчаў разбітых сляды.

Х
Незнаёмка, мела яна найбольш пажаданую форму
I ў мяне нараджала турботу — быць чалавекам.
Я глядзеў на яе, я губляў яе, доўга цярпеў,
I туга мая — кропелька сонца ў сцюдзёнай вадзе.

ВОЧЫ IX ЗАЎСЁДЫ ЯСНЫЯ
Дні марудлівасці, дні дажджу,
Дні разбітых люстраў, згубленых іголак,
Дні павекаў цяжкіх — у агарожы небасхілу,
Гадзін самотна нудных — палону дні.
Дух мой зіхацеў надоечы ў лістоце,
Але ён сёння голы, як каханне —
Забыў зару і, галавой паніклы,
Ён сузірае цела паслухмянае і марнае.
Аднак, я бачыў вочы самыя прыгожыя
Сярэбраных багоў, з сапфірам у руках,
Багоў сапраўдных — птушак над зямлёй
I над вадой, я іх убачыў!
I крылы іхпія — мае! Нішто не існуе,
А толькі іх палёт: ён гоніць прэч маю тугу.
То зор палёт, святла палёт,
Палёт зямлі, камення, вод.
На хвалях крылаў — на жыцці і смерці —
Трымаецца мая жывая думка.

КАХАННЕ. ПАЭЗІЯ 1929

Маёй Галá — гэта кніга,

якая не мае канца

На пачатку пачаткаў


***
Я сказаў табе гэта для хмарак,
Я сказаў табе гэта для дрэва на беразе мора,
Для кожнай хвалі, для птушак у лісці,
Для перастуквання каменьчыкаў,
Для блізкіх рук,
Для вока, якое становіцца тварам і краявідам,
Бо сон яму вяртае неба яго колеру.
Я сказаў табе гэта для выпітай ночы,
Для агарожы прыдарожнай,
Для расчыненых вокнаў, для ілба адкрытага,
Я сказаў табе гэта для думак тваіх
                                                і для слоў тваіх,
Бо давер і пяшчота застаюцца заўсёды ў жывых.

***
Каханая, каб зразумець мае жаданні,
На небе слоў ты вусны запалі свае, як зорку.
Твае начныя пацалункі,
Барозны рук тваіх вакол мяне,
Як полымя ў прыкметах перамогі.
I прывіды мае
Няспынныя і светлыя.
Калі ж цябе няма са мной,—
Мне сніцца сон, што гэта усё я сню.


***
Ад маёй адной-адзінай ласкі
Ты ва ўсім сваім заззяла бляску.

***
Зямля ўся сіняя, як апельсін,
Памылкі ніякай няма — словы не маняць,
Яны не дазваляюць больш спяваць —
А толькі ў пацалунках слухаць адно другога.
Шаленства закаханых!
Яна, як вусны, злітыя з маімі,
Усе сакрэты, усе усмешкі.
Спагадліва адзенне прыкрывае
Яе аголенае цела.

Забушавалі восы зелена,
Зара на шыю надзявае
Каралі вокнаў.
Пад крыламі схавана лісце,
Ўсе сонечныя радасці ты маеш,
Ўсё сонца на зямлі —
На ўсіх шляхах тваёй красы.

***
Яна нада мною схіляецца.
Неспакушанае сэрца!
Хоча ўбачыць, ці кахаю я,
I даверліва сціхае.
Пад хмурынкамі павекаў
Яе галава засыпае ў маіх далонях.
Дзе ж мы цяпер?
Адно непадзельнае:
Жывыя, жывыя,
Жывая, жывы!
I мая галава ў яе сны пакацілася...

САМО ЖЫЦЦЁ 1932


ЛЕДЗЬ ЗМЕНЕНАЯ
Бывай, туга!
Туга, дзень добры!
Ты знаходзішся ў лініях столі,
Ты знаходзішся ў вачах, якія я кахаю.
Ты не самае горкае гора,
Бо самыя бедныя вусны
Ўпрыгожыла ўсмешкай.
Туга, дзень добры!
Каханне целаў мілых,
Кахання сіла,
Ласкавасць твая ўзнікае
Страшыдлам без цела,
Галавой падманутай,
Туга з прыгожым абліччам!


НОЧЧУ НОВАЙ
Жанчына, з якой я жыў,
Жанчына, з якой я жыву,
Жанчына, з якой жыць буду,
З’явіся ў чырвоным манто,
У чырвоных пальчатках і ў масцы чырвонай,
I ў чорных панчохах,
Як доказ таго, што бачу я цела тваё...
Чысціня непадробная, о, першароднае ўбранне,
                                                  ўбранне,
Грудзі. О, сэрца маё!


УСЕ ПРАВЫ
Прыкінься
Ценем свежым красак веснавых,
Самым кароткім днём і самай доўгай ноччу,
Перадсмяротнаю пакутаю таго, хто ўбачыў прывід восені,
Водарам ружы і мудрым апёкам крапівы!
Рассцялі празрыстыя палотны
На паляне тваіх вачэй,
Пакажы злачынствы агню, плён яго натхнення,
Вырай попелу яго!
Пакажы, як з’ява няясная
Змагаецца са стрэлкамі гадзінніка,
Пакажы тыя раны, што праўда нанесла,
Непахіснасць клятвы —
Сябе пакажы!
Не бойся, з’явіся ў крыштальным адзенні,
Тваё ж хараство безупыннае.
У вачах тваіх слёзы пяшчот і усмешак,
У вачах тваіх няма нічога ўтоенага,
Няма граніц.

НЕАБХОДНАСЦЬ
Без асаблівых цырымоній на гэтай зямлі,—
Побач з людзьмі, якія захоўваюць
Лагоднасць і абыякавасць
I ў гушчары утульных няшчасцяў,
I зусім недалёка ад сапраўднай дарогі,
I пад пылам самых сур’ёзных спраў,—
Я высвятляю адносіны:
Паміж мужчынам і жанчынай,
Паміж расплаўленым сонцам і гудзеннем вулля,
Паміж зачараванымі пячорамі і белай завірухай,
Паміж рогатам да слёз і сінімі кругамі пад вачыма,
Паміж геральдычнай птушкай і маладзічком часнаку,
Паміж свінцовым дротам і скавытаннем ветру,
Паміж мурашкамі ля калодзежа і доглядам кустоў маліны,
Паміж падковай і кончыкам пальца,
Паміж кавалкам халцэдона і шыкоўнай зімой,
Паміж цярноўнікам і наяўнасцю мімікрыі,
Паміж соннай артэрыяй і спектральным аналізам солі,
Паміж вечна-зялёнай хвояй і галавой пігмея,
Паміж рэйкамі і рыжым голубам.
Паміж мужчынам і жанчынай,
Паміж маёй адзінотай і табой...

ДА СПАТКАННЯ
Перада мной рука, што разганяе навальніцу
I расплятае вяночкі плюшчу,
                                і прымушае іх квітнець.
Ці ж гэта не твая рука, ці ж гэта не сігнал.
Калі трапеча цішыня ў струменях —
У глыбіні калодзежаў, у глыбіні світання?
Не сумнявацца, не здзіўляцца! Ці ж гэта не твая рука
Прысягае на кожным лісточку, падстаўляе да сонца далонь!
Ці ж не твая рука бярэ у сведкі сонца
I клянецца: прымаць спакойна кожны лівень і патоп
Без ценю ўсіх маланак праляцеўшых!
Ці ж гэта не твая рука ў маланкавым ўспаміне сонца?
Ты сцеражыся! Шлях да скарбу згублены.
Начныя птушкі нерухомыя ў сваім убранні —
I гэта знак бяссонніцы з аголенымі нервамі...
Ці ж не твая рука — у змроку абыякавая —
Губляе краявіды?
Кожная рэчка ў маленстве знаходзіць чароўнасць.
Кожная рэчка з кунання вяртаецца.
Аўтамабілі ашалелыя сваімі коламі змятаюць грудзі плошчаў.
Ці ж не твая рука выгіпаецца колам
На плошчах, якія ўжо болей не верцяцца?
Твая рука ад сябе адхіляе хвалі пяшчотаў,
Твая рука ад сябе адхіляе мой давер, бесклапотнасць маю.
Твая рука! Яна ніколі
                             не зможа мяне адхіліць ад цябе.

САМА ЛЁГКАСЦЬ
Ласкавасць твая, няўдачы твае і мяккая гордасць,
Казачная геаграфія позіркаў і няшчот,
Арганнае чараўніцтва,
Змяшанне рук і вачэй,
Траў і снягоў,
Траў і вясны,
I нябачнага трымцення мора над імжой.
Змяшанне цішыні і тваёй магнетычнай яскравасці,
I ветру, які прыносіць да вуснаў прысмак маладосці
I далёкага пацалунка,—
Ветру, які знянацку зрывае з цябе адзенне.

КРЫТЫКА ПАЭЗІІ
Вядома, я ненавіджу царства буржуяў,
Царства шпікоў і папоў!
Але ў сто разоў мацней я ненавіджу людзей,
                                     якія не ненавідзяць яго
Гэтаксама, як я,
Ўсёй душою.
Я ў твар плюю нікчэмнаму пігмею,
Які не палічыць вышэйшай за ўсе мае вершы
                              гэту Крытыку паэзіі.

ПЛАДАНОСНЫЯ ВОЧЫ 1936


***
Прысвячаецца Нуш

Не, немагчыма
Ведаць мяне лепей, чым ты.
Мы апускаемся ў вочы твае, як у сон.
З табой, удваіх.
Мне вочы твае падарылі агонь,
На зайздрасць усім начам.
Я вочы твае знайшоў, нібыта дарогу,
Яны чалавеку ў дарозе даюць
Свабоду ад зямнога прыцягнення.
Мяняецца ў тваіх вачах аблічча
Усіх тых, хто адкрывае перад намі
Нязмернасць адзіноты.
Не, немагчыма
Ведаць цябе лепш, чым я!

СВАБОДНЫЯ РУКІ 1937


ГЭТА ЯНА
На зялёнай зорцы газона — яна,
У гэтым пакінутым доме — яна.
На вуліцы гэтай змрочнай — яна.
Гэта яна сярод дзікуноў,
Гэта яна ў гэтым сэрцы, што літасці просіць.
Гэта яна — стаіць там па снезе:
Заўсёды за мураванай сцяной,
Нібы на дне глыбокага яру.

РУЖА-ДРЭВА
Год урадлівы. Зямля набракла.
Вылілася неба на палі.
На траве, як жывот акруглай,
Запалала ружамі раса.

АДЗІНОКІ
Я мог бы ў самоце жыць
Без цябе...
Хто сказаў гэта?
Хто гэта можа жыць без цябе
Ў самоце,
Хто?!
Жыць насуперак жыццю,
Насуперак сабе?
Ноч надыходзіць.
Як празрыстая глыба,
Я зліваюся з ноччу.

НАДВОР’Е, ЯКІМ ЯНО БЫЛО 14 САКАВІКА
Заклінальнік птушак, любімец дзяцей,
Я чакаю вясны.
I сонца іголкі
Шыюць вэлюм шаўковы світання.
Ізноў гляджу на сваю маладосць
Між колераў лёгкіх
Першых красаванняў —
На ўзбярэжжы першых траў,
Дзе вада ў святло пераходзіць.

НАТУРАЛЬНАЯ ПЛЫНЬ 1938


ЛІСТАПАД 1936
Зірніце, як працуюць будаўнікі руін —
Учэпістыя, тлустыя, бязглуздыя і змрочныя.
Для дабрабыту ўласнага ўсё б знішчылі на свеце:
Ім растаптаць бы чалавечую душу
I ўсё высокае спаліць датла!
*
Прывычным можа стаць усё.
Апроч тых птушак алавяных,
Апроч нянавісці іх да святла,
Апроч таго, каб уступіць ім месца.
*
Гаварыце пра неба! Неба ўжо чыстае,
Нас не хвалюе, што восень прыйшла.
Гаспадары аж ботамі тут грукаюць.
Забылі мы пра восень,
Забудзем і сваіх гаспадароў.
*
Горад убывае, акіян паўстае
з кроплі выратаванай вады,
З аднаго дыяменту, адшліфаванага зарой.
Мадрыд — горад прывычны для тых, хто пакутаваў
Ад жахлівага дастатку, ненавіснага для нас:
Мы пакутавалі ад галечы, без якой няма дастатку.
*
Хай рот да праўды вернецца сваёй!
Усмешка і дыханне — звенні звязаныя.
Адкідвай, чалавек, бязглуздзіцу свайго мінулага!
I чалавеку чалавек хай будзе братам,
I розуму дасць крылы вольныя!

ЗБОРШЧЫЦА ЯЗМІНУ
I
Светлыя грудзі яе ў кусты апускаліся,
Быццам нарогі раніцы яснай,
Быццам крыніца,
Быццам нос карабля.
II
Рукі яе амаль непрыкметна
Да гнуткіх галін дакраналіся.
Яна працавала ў спякоту,
Напаўголая,
Са спрытнасцю звонкіх ільдзінак.
ІІІ
За межамі яе сілуэта Зямля і неба старэлі.
IV
Яна збірала зоры
Там, дзе іх не бывае.
Нястомна яна збірала
Ўвогнішчы пырскі вады.

ДАКЛАДНАСЦЬ ЧАЛАВЕЧАГА СЭРЦА
О, дакладнасць чалавечага сэрца!
Усе адценні хараства,
Адточаныя формы і выкрутасы іншыя,—
                                     ўсё толькі для таго,
Каб простаю дарогаю ісці да мэты.
Дакладнасць
Няўмольнага прасоўвання праз гушчы
Размоў і пацалункаў выпадковых,
Устойлівасць асноў
У розумах мужчын,
                            жанчын,
I дзіўнасць контураў аблокаў,
Якой няма за межамі аблокаў.

СЛОВЫ-МАЛЮНКІ
Прысвячаецца Пікасо

Каб усё зразумець:
Нават дрэва — будучы човен,
Дрэва — ўцеху яшчарак і ліянаў,
Зразумець агонь для сляпога,
Каб зліць у адно крыло і расу,
Сэрца і хмару, дзень і ноч,
Акно і зямлю неабсяжную.
Каб сцерці
Грымасу нікчэмнасці,
Што заўтра будзе купацца ў золаце;
Каб адсячы
Крыўлянне
Гігантаў, задаволеных сабою;
У імя вачэй усіх на свеце,
Адлюстраваных ва ўсіх вачах,
Убачыць, што ўсе жывыя вочы —
Прыгожыя,
Як свет вялікі, увабраны імі.
Каб людзі ўсе смяяліся шчасліва
Ад спякоты і холаду,
Ад смагі і голаду;
Каб словы
Былі шчодрыя,
Быццам абдымкі;
Каб спалучыць
Купальшчыцу і раку,
Крышталь і танцорку маланкавую,
Світанне і набраканне грудзей,
Жаданне і дзіцячую слухмянасць;
Каб жанчыне
Самотнай, задуменнай
Даць абрысы пяшчотаў,
Якія ёй сняцца;
Каб даць пустыням цень —
Замест пустыні,
У якой
Жыве мой цень...
Даброты
Ўласныя
Аддаць,
Любоў
Маю
Аддаць.

Правы і абавязкі бедняка

ЗМРОК МЕСЯЦА СТУДЗЕНЯ
Змрок месяца студзеня. Ледзь тлее надзея аб волі
У глыбіні вачэй. Там зара, як пустая бутэлька...

ВЫНІК
Сам ён дзіву даецца, што дагэтуль жыве.
Ён пакідае ў лапах галечы
Сутнасць свайго існавання.
Яго матылёчкі пагаслі,
Летнія дні змізарнелі,
Зоры яго патанулі.
Яго жанчыны, дзеці і мужчыны — мёртвыя
Таму, што больш яго не бачаць.
У яго за спіною — туман,
З гэтае хвіліны ён — нічый,
Ён загінуў.

ПАГАНАЕ СЛОВА
Грашам наяўным варта давяраць,
Як сонцу, што схавана:
Грашам наяўным, як зямлі бязвокай,
Як холаду, дзе грэюцца адны плюгаўцы-чарвякі!
Грашам наяўным... Нават і давер
Паўзе да іх на пузе па паркеце.
Кроў! Нават і яна саткана з грошай.
I на зямлі не знойдзеш чалавека,
Які ні разу,
Ні разу грошай не трымаў у пальцах!

ПОЎНАЯ ПЕСНЯ 1939


МЫ ІСНУЕМ
Ты бачыш вечар: ён выйшаў са шкарлупіны сваёй,
Ты бачыш лес, захутаны ў прахалоду.
Ты бачыш дол у воблаках марудлівага неба,
Высокі снег, як мора,
I мора — вышынёю да нябёс.
I дасканаласць каменя, ласкавасць дрэў,
I гарады ты бачыш у пазалоце смутку,
Дзе тратуары просяць прабачэння.
Глядзіш на плошчу — там у адзіноты статуя свая,
Яна ўсміхаецца. Ёсць у кахання свой адзіны дом.
I бачыш ты звяроў —
Двайнятак-хітруноў: адзін з'яўляецца ахвяраю другому —
Браты нявінныя — змяшаліся іх цені
З пустэчаю крыві.
Ты бачыш мілае дзіця, калі яно гуляе і смяецца,
Яно зусім маленькае
                               і нават менш
Ад птушаняці на галінцы дрэва.
Ты бачыш краявід, ён мае прысмак масла,
Няма там для камення месца.
                                            Зямля
ўсю зеляніну лету аддае, а лета ўсю зямлю пладамі засцілае.
Жанчыны выйшлі з люстра старажытнага,
Табе прыносяць маладосць сваю
                             і веру ў маладосць тваю,
Адна ахутала цябе празрыстым вэлюмам —
Ты ўпотай бачыш свет,
                                 свет без цябе.
*
Ды з намі будзе жыць усё!
Звяры лясныя — мае штандары,
Даліны, добрыя мае прыгоды,
Лісцё — карысная заслона гарадоў,
Вас павядуць наперад людзі.
Так, людзі! Знізу — пот, і кроў, і слёзы,
Але ў душы — вялікія надзеі.
I бачу: людзі, чулыя, патрэбныя,
Скідаюць з плеч ярмо нікчэмнае, як смерць.
Адпачываюць радасна пад шолах сонца.

БЕЗУПЫННАСЦЬ ПАЭЗІІ
Вачыма і пальцамі я вывучаю: усмешкі,
На досвітку травы дрымотныя —
Яны ўстаюць, калі набліжаецца статак:
Грудзі, якія забыліся на голад
I сорам;
Жанчыну — супольніцу чулую
Кахання млявага і кахання небывалага,
Жанчыну, якая прыслухоўваецца
Да жыцця, да плачу,
Да зялёнай выспы цішыні.
Вачыма і пальцамі я вывучаю ўсмешкі,
Я адлюстроўваю іх.
Хто яны, пяшчотныя істоты,
Якія расе ўсміхаюцца
I мой спакой сцерагуць?
Сонца мякчэй за кратовую шкуру,
Віхор закруціўся, упаў на лоб.
Нерухомая ноч зламана,
Скінута гордая маска,
Разваліўся ланцуг.
Разгортваецца ліст.
Працяг маёй усмешкі —
Вочы мае і пальцы.
Маладосць наша з ласкай
Нараджае зару над зямлёй.

АДКРЫТАЯ КНІГА 1940


ЖЫЦЬ
Мы рукі маем — вы і я, каб іх з даверам аддаваць.
Наце вам руку маю, я вас далёка павяду.
Я жыў па свеце шмат разоў,
                                 змяняўся нанава мой твар
З парогам кожным, з кожнай новаю рукой.
I адраджалася вясна, па звычцы,
Яна захоўвала і для сябе, і для мяне часовы снег,
Смерць і нявесту будучую —
Са сціснутымі і расслабленымі пальцамі пяццю.
Мае гады заўсёды мне дарылі
Жаданне новае для іншых жыць
I кроў у сэрцы мець — для іншых сэрцаў.
Ах, я празорлівы хлапчук! Быў і застаўся ім,
Калі гляджу на белату дзяўчат слабых, сляпых:
Яны, паверце, прыгажэй за месяц бледны, тонкі,
Бо ён стаміўся адлюстроўваць шляхі жыцця.
Шляхі жыцця! Дарогі дрэў, імхоў,
Туману і расы,
I цела юнага, якое не ўзыходзіць адзінока
На прыступкі сваёй зямлі;
Яго люляюць вецер, холад, дождж,
Стварае лета з хлопчыка мужчыну.
Доблесць мая — жыць у кожнай руцэ.
Ёсць адна толькі смерць — адзіноцтва.
Ад пяшчоты да ярасці, ад ярасці — да яснасці
Я ствараю самога сябе і жыву ў істотах усіх,
Я — ва ўсіх порах года, у сонцы, ў аблоках.
Мінаюць сезоны, а я — малады,
I дужасць мая ад таго, што жыву.
Я — заўжды малады! Над маімі руінамі кроў палае мая.
Нашы рукі патрэбны для іншых рук.
Самай большай спакусай будзе наша любоў:
Гэтак пушча вяртае радасць пушчы другой,
I зямлю сваю — небу, неба — ночы такой,
Дзе рыхтуецца дзень несканчоны.

КРЫЧАЦЬ


I стала ўсё прасцей:
Хлусні незразумелыя пейзажы я перакуліў,
I жэсты цьмяныя, і дні пустыя я перакуліў.
Закінуў я за край зямлі дурныя чуткі байкі —
Пачаў крычаць!
Раней тут гаварылі вельмі ціха: ўсе гаварылі і пісалі
Занадта ціха.
Рассунуў я граніцы крыку,
I стала ўсё прасцей.
Я ў смерці адабраў той погляд на жыццё,
З якім яна свет засланяла ад мяне.
Адзін адзіны крык —
Падманаў столькі знікла,
Што ўжо ніколі больш не знікне
Ўсё, вартае жыцця!
Цяпер я добра разумею:
                                    Лета
Пяе пад брамаю марозу,
Пад броняю варожасці гараць
Чатыры поры года ў маім сэрцы.
Чатыры поры года, людзі, зоры —
Адчулі, трапяткія, сваю роднасць,
Мой крык аголены ўзнімаецца высока
Па неагляднай лесвіцы надзеі.
I полымя аголенага сіла
Пяшчотную і жорсткую дае мне дужасць.
Вось яблык спее, яркі ад халоднага світання,
Пакрыты інеем гарачым поту.
Вось на прасторы шчодрым
Спяць летуценнікі адны.
Дзівосны час! Усё мацнеюць крыкі,
I летуценнікі спакойна могуць спаць,
Закалыханыя, загорнутыя ў словы,
Якія мне святло прыносяць.
Я ўпэўнены:
                   у кожны момант Шчасце,
Як продак і дзіця маёй любові,
Маёй надзеі,—
Крынічыць у маім гарачым крыку,
Імкнецца да вышынь
                               у пошуках другога клічу
Ягоным рэхам будзь ты, покліч мой!

ПАЭЗІЯ I ПРАЎДА 42 ГОДА 1942


СВАБОДА
На сшытках маіх вучнёўскіх,
На парце маёй, і на дрэвах,
I на пяску, і па снезе —
Пішу тваё імя.
На ўсіх друкаваных аркушах
I на старонках белых,
На камні, крыві і на попеле —
Пішу тваё імя.
На пазалочаных зданях,
На зброі байцоў адважных,
На каралеўскіх каронах —
Пішу тваё імя.
На джунглях і на пустэльнях,
На гнёздах, на ракіце,
На водгуллі маленства —
Пішу тваё імя.
I на дзівосах ночы,
I на скарынцы хлеба,
I на заручынах весніх —
Пішу тваё імя.
На ўсіх пералівах блакіту,
На сонцы, застылым у сажалцы,
На возеры ў месяцы ясным —
Пішу тваё імя.
I на палях і на небе,
На крылах залстных птушак,
На ценях млыноў крылатых —
Пішу тваё імя.
На кожным парыве світання,
На моры, на караблях,
На горнай шалёнай кручы —
Пішу тваё імя.
На белай пене аблокаў,
На цяжкасцях навальніцы
I на дажджы беспрасветным —
Пішу тваё імя.
На формах іскрыстых, звонкіх
I на пераклічцы фарбаў,
На запаветнай праўдзе —
Пішу тваё імя.
На сцежках, якія прачнуліся,
I на шляхах разгорнутых,
I на разводдзі плошчаў —
Пішу тваё імя.
На лямпе, палаючай ярка,
На лямпе, якая гасне,
На хатах, дзе жыў я калісьці,—
Пішу тваё імя.
На разрэзаным надвое яблыку
Люстэрка майго і пакою,
На ложку — пустой маёй ракавіне —
Пішу тваё імя.
На маім ласунку — сабачку —
На яго вушах натапыраных,
На лапцы яго нязграбнай —
Пішу тваё імя.
На трампліне майго парога,
На рэчах зусім звычайных
I на агні жыватворным —
Пішу тваё імя.
На кожным сугучным целе,
На тварах маіх таварышаў,
На кожнай руцэ працягнутай —
Пішу тваё імя.
На шкле чалавечых здзіўленняў,
На вуснах уважлівых, чулых,
На вышыні маўчання —
Пішу тваё імя.
На маіх прыстанках разбураных,
На маіх ліхтарах перакуленых,
На сценах маёй маркоты —
Пішу тваё імя.
На незваротным жаданні,
На голай маёй самоце,
На чорных прыступках смерці —
Пішу тваё імя.
На вернутым добрым здароўі,
На небяспецы мінулай,
На новай маёй надзеі —
Пішу тваё імя.
Мне сілу дае гэта слова —
Я зноў жыццё пачынаю.
Народжаны я, каб спазнаць цябе,
Каб назваць цябе,
СВАБОДА.

ЗАЦЯМНЕННЕ
Чаго вы хочаце? Пад варту ўзялі дом.
Чаго вы хочаце? Жылі мы пад замком.
Чаго вы хочаце? Былі мы ў акружэнні.
Чаго вы хочаце? Быў горад у зняменні.
Чаго вы хочаце? Нас голадам душылі.
Чаго вы хочаце? Нас многія забылі.
Чаго вы хочаце? Мы і тады любілі.

ГОЛАДАМ НАВУЧАНА ДЗІЦЯ


Голадам навучана дзіця.
Яно на ўсё адказнае адно: я ем.
Ты ідзеш? Я ем.
Ты спіш? Я ем.

ЗНАДВОРКУ


Ноч. Адзінота. Холад.
Муры турэмныя надзейныя.
Але адшукалі галінкі ў цемры турмы
                                   Дарогу сваю,
Знайшла сваё неба трава!
Неба мае замкнулі,
Але турма развалілася,
I холад жывучы, пякучы
         Абняў мяне па сяброўску.

АПОШНЯЯ НОЧ


I
Гэты ўбогі забойца свет
Над бязвіннымі чыніць здзек:
Выдзірае хлеб з зубоў,
Ён падпальвае мірны дом,
Ён зрывае адзенне з людзей,
Аднімае ў іх час і дзяцей.
Гэты ўбогі забойца свет,
Ён жывых і мёртвых б’е,
Ён адбельвае бруд брыдой,
Словы робіць пустой траскатнёй.
Дзякуй, поўнач! Дванаццаць вінтовак
Бязвіннаму вернуць мір.
Пахаваюць людзі ў зямлі
Скрываўлены прах з яго чорным небам —
I тады зразумеюць людзі
Слабасць забойцаў яго.
II
Адбудзецца цуд:
       Лёгкі штуршок паваліць сцяну,
       I стане магчымым скінуць той пыл,
       I стане магчымым з’яднанне.
V
Жабракі падбіралі скарынкі у канавах,
I нібы пасвятлела ў вачах,
Болей ноч не палохала іх.
Аслабелыя, толькі ўсміхаліся слабасці гэтай,
Неслі лёгкае цела ў глыбіні свайго ценю,
Углядаліся самі ў сябе праз заслону бяды,
Памагалі адзін аднаму словам шчырым.
Я адчуў у гамонцы насцярожанай, ціхай
Надзею магутную, быццам рука.
Я адчуў, як расце,
Памнажаецца лісце асенняе,
Прачынаецца вал
                        у нетрах спакойнага мора,
Я адчуў, як расце,
Памнажаецца колькасць будучых сіл.
VI
Я нарадзіўся за фасадам жахлівым:
Я еў, смяяўся, верыў, сорам меў.
Я жыў, нібыта цень.
I ўсё ж я ведаў, як спявае сонца,
Так, сонца поўнае! Яно жыве
У кожным сэрцы, яно ва ўсіх вачах —
То кропля шчырасці, якая ззяе пасля слёз.
VII
Мы кідаем цемры бярэма ў агонь,
Мы ўзламваем замкі няпраўды ржавай.
I прыйдуць людзі, што не будуць больш баяцца
                                                       саміх сябе,
Яны павераць у людзей —
Бо вораг з чалавечым тварам
                                           знікне!

ТВАР У ТВАР З НЕМЦАМІ 1942-1945


АПАВЯШЧЭННЕ
Ноч была перад смяротнай карай
Самай карацейшай у жыцці.
Ён думаў, жыў яшчэ, і думка тая
Ў крыві палала і сціскала кулакі.
Ён пад цяжарам цела ўласнага
Стагнаў, ён сілу ўласную адводзіў.
I вось на дне яго пакуты чорнай
Пачаў ён раптам усміхацца:
Ёсць у яго таварыш не АДЗІН —
Мільёны і мільёны!
Яны адпомсцяць за яго — ён верыў,
I для яго запунсавеў усход.

МУЖНАСЦЬ
Парыж прамерзлы, Парыж галодны,
Ён больш не есць на вуліцы каштанаў,
Парыж у рызманах жабрацкіх,
I спіць ён, стоячы у духаце ў метро.
Ды ёсць у беднякоў не толькі гора:
Ёсць мудрасць і шаленства
Горкага Парыжа,
Паветра, полымя,
I хараство, і дабрата
Яго рабочых згаладалых.
Ты не прасі, Парыж, ратунку!
Тваё жыццё непараўнанае, Парыж.
У беднасці тваёй,
У бледнасці тваёй
Затосна глыбока чалавечнасць;
Яна у вачах тваіх,
Прыгожы горад мой!
Як шпага, моцны,
                          тонкі, як іголка,
Няхітры і навучаны,
Несправядлівасці не церпіш.
Ты вызвалішся, мой Парыж!
Парыж, як зорка, трапятлівы —
Жывое наша спадзяванне,
Ты вызвалішся ад тугі і бруду.
Браты, мужнейце!
У нас няма ні касак і ні ботаў,
Не маем ні пальчатак, ні мундзіраў,
Але прамень палае ў нашых жылах —
Святло ўзнімае нас.
Хто лепшы быў між нас — загінуў дзеля нас,
I вось іх кроў знаходзіць нашы сэрцы,
I зноў світае над Парыжам.
Час надыходзіць вызвалення,
I на прасторы нараджаецца вясна.
Так, сіла ідыёцкая — на самым сподзе:
Рабы і ворагі —
Калі яны дайшлі да разумення,
Калі яны ўжо здольны зразумець —
Паўстануць самі!

БАЛАНС ВОРАГА
Крыкі «хайль» чыняць суд і расправу над годнасцю
нашай,
Боты чыняць суд і расправу над плошчамі
нашых прагулак,
Дурні чыняць суд і расправу над нашымі марамі,
Злыдні чыняць суд і расправу над нашай свабодай.
Голад чыніць суд і расправу над дзецьмі малымі.
О, мой брат!
Чыняць суд і расправу над братам тваім,
Кулі чыняць суд і расправу
                            над самым прыгожым абліччам,
        Чыпіць суд і расправу нянавісць
                                                над нашай пакутай.
        I вяртаюцца сілы да нас —
        Суд-расправу над злом учыніць!

Сем паэм аб любові на вайне
Я пісаў у краіне, дзе людзей

                                             заганялі

У смецце і ў смагу,

                         ў маўчанне і ў голад...

Арагон («Панотцікум»)

I
Карабель у тваіх вачах
Быў гаспадаром вятроў.
Твае вочы былі краінай,
Дзе спыняліся мы на хвіліну.
Тваіх вачэй цярплівасць нас чакала —
Пад ялінамі ў лясах,
На вяршынях снегавых,
У грымоты, у лівень разгульны,
Між вачэй, між дзіцячых гульняў,
Тваіх вачэй цярплівасць нас чакала.
I далінай вочы былі,
I ласкавай сцяблінкай былі,
Сонца іхняе сілу давала
Нівам людскім занядбалым.
Чакалі нас, каб бачыць нас
Заўсёды.
Бо мы прыносілі любоў:
I юнацтва любові,
I розум любові,
I мудрасць любові,
I яе несмяротнасць.

II
Дзень нашых вачэй заселены лепш
Ад самых вялікіх баталій.
Гарады і ваколіцы нашых вачэй —
Пераможцы часу.
У роснай даліне палае і ззяе
Магутнае, зыркае сонца.
I на траве ганарыцца сабой
Ружовае цела вясны.
*
Вечар крылы самкнуў
Над роспачным Парыжам...
Наша лямпа абнадзейвае імглу,
Як нявольніца — свабоду.

III
Крыніца струменіць салодкая, чыстая.
Ноч усюды пануе,
Ноч, дзе мы ў адзін голас зліліся
Ў змаганні няроўным, шалёным.
*
I ноч, якая нас зневажае,
Ноч, дзе ламаецца ложак
Пусты і самотны:
Будучыня нечае агоніі...

IV
Гэта трава, яна стукае
Ў дзверы зямлі.
Гэта — дзіця, яно стукае
Ў дзверы сваёй матулі.
Гэта — дождж і сонца,
Яны нараджаюцца з дзецьмі,
Растуць з травой,
Квітнеюць разам з дзецьмі.
Я чую, як яны
Смяюцца і разважаюць.
*
Падлічылі, колькі болю
Можна прычыніць дзіцяці:
Колькі слёз яму праліць,
Колькі крыўдаў затаіць!
Грукат ботаў пад скляпеннем
Чорных і набожных жахаў!
Вытапчуць траву жывую,
А дзіця яны зняважаць
I жабрацтвам, і нудою.

V
«Куточак сэрца,— казалі яны пяшчотна.—
Куточак любові, нянавісці, славы».
Ім адказвалі мы, і ў вачах адбівалася ісціна.
Ісціна — наш запаветны прытулак.
Мы пачатку ніколі не ведалі,
Мы заўсёды адно другога любілі.
I таму, што мы любім,—
Мы жадаем вызваліць людзей
Ад сцюдзёнай адзіноты.
Мы жадаем — гэта я жадаю.
Ты жадаеш — гэты мы жадаем,
Каб святло знітавала
Ўсе закаханыя пары ў цвіценні,
Браніраваныя пары ў гарэнні,
Бо іхнія вочы — гэта наша аблічча.
Бачым мэту сваю ў шчасці іншых людзей.

VI
Спяваем не для вас, балбатуны,
Каб лепей вам разгледзець свет бядот.
Бо той, хто завялікі, той дурны —
I ён дурнейшы ад усіх істот.
Мы не баімся нават смерці,
Нас толькі абмяжоўвас зямля.
Ды сёння гэта — ганьба, сорам наш,
Якія замуроўваюць жывых.
Ёсць сорам за няскончанае зло
I ганьба, што па свеце каты ёсць —
Бязглуздыя заўжды, ва ўсе часы,
Аднолькавыя ў кожны дзень і міг.
Закатаваныя ў вагонах — ганьба нам!
I попел спаленых палеткаў — ганьба нам!
Ды нам не сорамна, што ёсць пакуты ў нас,
I не саромеемся сораму свайго.
А ззаду засталіся ўцекачы,
Ніводнай птушкі нават не відаць.
Ад плачу горкага прастор пусты,
Ад нашае невінаватасці пусты —
Ад помсты і нянавісці гудзе!

VII
У імя дасканалага твару,
У імя вачэй, убачаных мною,
У імя вуснаў, якія цалую —
Для сённяшніх дзён і для вечнасці,
У імя пахаванай надзеі,
У імя слёз у чорнай рамцы,
У імя слёз, што смех нараджаюць,
У імя ўсмешак, якія пужаюць;
У імя ўсмешак на вуліцы
Ад шчасця, што нашы злучае рукі,
У імя пладоў, створаных кветкамі
На добрай зямлі, прыгожай зямлі;
У імя мужчын у турмах,
У імя жанчын на чужыну пагнаных,
У імя ўсіх нашых таварышаў
Знявечаных, закатаваных,
Нязгодных ператварыцца ў цень,—
Нам трэба гнеў наш астудзіць,
Жалеза ўзняць і абудзіць —
Засцерагчы імклівае ўяўленне
Прыгнечаных і зацкаваных,
Якія ўсюды перазмогуць!

ЗБРОЯ ГОРА
Бацьку:
Бацька з дымных Руін
У капелюшы прастраляным,
Чалавек з вачыма запалымі,
Чалавек у чорным агні,
Чалавек пад небам пустым,
Птах, народжаны для даўгалецця,
Ты марыў аб шчасці сваім!
Бацька з дымных Руін,
Сын твой загінуў,
Забіты...
Бацька, ты ўвесь — Нянавісць,
О, ахвяра страшэнная,
Мой таварыш па войнах дзвюх,
Наша жыццё скалечанае,
Скрываўленае, знявечанае.
Але паклянемся:
Заўтра возьмемся за нажы!
Бацька — Надзея мая,
Надзея ўсіх, хто з намі,
Ты ўсюды.

А гэта гаворыць Маці:
У свеце нашых клятваў я збудавала тры палацы:
Адзін — для радасці жыцця, другі — для смерці,
                                           трэці — для кахання.
              Я хавала, нібыта скарб,
              Турботы, нягоды няхітрыя
              Шчаслівых хвілінак жыцця.
У свеце пяшчот я саткала тры плашчы:
Адзін — для нас з табой, а два — для хлапчука.
              Нашы рукі былі падобныя,
              I адно аб другім мы думалі,
              Упрыгожвалі мы зямлю.
Я ноччу падлічыла тры агеньчыкі.
Калі прыходзіў сон,— усё там блыталася.
Наш сын: надзея, кветка, люстра,
                                                  вока, маладзік.
Без бляску муж, ды з ясным, мудрым словам,
Без глянцу жонка, але з пальцамі пяшчотнымі.
              I раптам пустэча ўзнікла,
              Я згубілася ў змроку адна,
              Вораг выплыў, як пошасць.
              I адна я ў самоце сваёй,
              I адна я з каханнем сваім.

*
Іхні сын, гэтае дзіця...
Дзіця магло б схлусіць
I ўратавацца.
У гразкім балоце, у твані —
Дзіця не магло схлусіць!
Хлопчык крычаў аб праўдзе сваёй,
Ён бараніў сваю праўду.
I Праўдай, як шпагай,
Катаў працяў.
Як шпагай найвышэйшага закону.
Адпомсцілі каты яму —
Прымусілі прайсці праз смерць,
Яны паказалі надзею і смерць,
Надзею і смерць...
Памілавалі і затым
                             забілі!
Яго спачатку жорстка катавалі,
Зламалі рукі, ногі —
Так стораж могілак сказаў.
*
Адна толькі думка, адно пачуццё —
Зброя гора.
*
Байцы у агні, байцы ў крыві.
Ствараюць Мір на ўсёй зямлі
Рабочыя, сяляне.
Байцы змяшаліся з натоўпам:
З якою кемнасцю і спрытам
Вядуць яны атаку!
Байцы, нібы крыніцы,
Бягуць па высахлых палях.
Ударам ярасным крыла
Па небе забалочаным —
Яны змятаюць
Закон канца людскога свету —
Мараль заклятых катаў.
Нянавісць наша — у імя любові!
Мы — змагары дзеля надзеі,
Дзеля жыцця самога,
Інаш пароль — раўня, радня
Вялікай прагі перамогі.
Адпомсцім ворагу за ліха,
Якое учыніў ён!
Байцы маёй душы і сэрца:
Адзін задумаўся аб смерці,
Другі не думае аб ёй.
Адзін заснуў, другі — не дрэмле.
Але ва ўсіх адно жаданне —
Здабыць Свабоду!
I кожны ценем стаў усіх.
*
Адзін — пануры, іншы — голы:
Пяюць аб добрым, ныюць аб ліхім,
Адзін аб цяжкасцях гаворыць,
Другі — ляціць на крылах песні.
I тысячамі мар людскіх,
I тысячамі сцежак розных
Праходзяць па краіне.
Краіна ў сэрцы іхнія ўваходзіць
З паветрам свежым!
Краіна тая можа стаць
Сапраўдным краем цудаў,
Краінаю нявінных, чыстых.
*
Быць стойкім — чалавекам быць
Пад небам для ўсіх людзей
На шчодрай зямлі адзінай.
У спелым асяродку плода
Палае сонца, быццам сэрца,
I гэта сонца — для людзей.
Жывіце, людзі, дзеля людзей!
Уся зямля, прастор і час
Прыносяць шчасце жывой істоце.
*
Кажу аб тым, што бачу я,
Аб тым, што ведаю,
Аб тым, што — Праўда.

ТУПЫЯ I ЗЛОСНЫЯ


Ідуць, ідуць,
Знутры паўзуць
I лезуць знадворку —
Гэта ворагі нашы:
Сыходзяць з гары,
Выпаўзаюць з нары,
Справа і злева
Крочаць і крочаць,
Зблізку, здалёк
Крочаць і крочаць:
У шэрым адзенні,
Ў зялёным адзенні.
Мундзір закароткі,
Задоўгі шынель,
З крыжамі касымі
Ідуць, ідуць:
Доўгія — на ўзроўні сваіх штыкоў,
Кароткія — на ўзроўні сваіх нажоў.
Гордыя справамі катаў і шпікоў,
Тлустыя ад жалобы па саміх сабе,
Ідуць
I, анямелыя,
Чэсць аддаюць
Паганятым статкаў.
Смярдзяць яны півам,
Трызненнем, вар'яцтвам,
Ідуць, ідуць,
З сабою вядуць
Праклятую песню
Ботаў салдацкіх.
Забыліся аб радасці
Любімым быць.
I хай яны толькі
Выгукнуць: «Так!»
Адказам адразу
Ім будзе: «Не!»
Скажуць аб золаце
Слова адно —
Ім адкажа свінец
Золатам чыстым.
I стане ўсё залатым,
Калі мы выкінем
Ворагаў прэч!
Хай уцякаюць,
Хай паміраюць —
Нічога нам болей
Ад іх не трэба!
Мы любім людзей.
Ворагі згінуць —
I гэта будзе
Клопатам нашым
Раніцай слаўнай
У свеце новым,
У свеце сапраўдным, добрым.

ГАБРЫЭЛЬ ПЕРЫ
Загінуў чалавек. Не меў ён абароны,
Апроч абедзвюх рук, адкрытых для жыцця.
Загінуў чалавек. Шляхоў не меў ён іншых,
Апроч шляхоў, дзе праклялі вайну.
Загінуў чалавек. Ён не спыніў змагання
Ні супроць смерці і ні супроць забыцця.
Усё, чаго ён сам жадаў,
Мы ўсе жадалі.
Мы гэтага і сёння хочам,
Каб шчасце заструменіла святлом
У глыбіні вачэй і сэрцаў —
Жадаем праўды па зямлі.
Ёсць словы, што прыносяць нам жыццё,
І гэта словы шчырыя, няхітрыя:
Ёсць слова Цеплыня, і слова ёсць Давер,
Любоў, і Справядлівасць, і Свабода,
Слова Дзіця, і слова Пяшчота,
I назвы некаторых кветак і пладоў,
Слова Адвага, і слова Адкрыццё,
I слова Брат, і слова Таварыш,
I некаторыя імёны краін і гарадоў,
I некаторыя імёны жанчын і сяброў.
Да іх далучым імя Перы:
Перы памёр, каб нам не паміраць!
На «ты» мы будзем з ім, з яго прабітым сэрцам.
Адзін аднаго лепш мы зразумелі, удзячныя яму.
На «ты» мы будем з ім! Жыве яго надзея.
1942

ПЕСНЯ АГНЮ — ПЕРАМОЖЦУ АГНЮ
Агонь у целе палымнеў,
Зара ўставала побач з ім,
Агонь успыхваў у руках,
Палаў у голасе, ў вачах.
Мяне наперад ён павёў,
I я пустэльню запаліў,
Я песціў, пільнаваў агонь.
Агонь зямлі, агонь прымусу —
Паўстаў супроць прымусаў ночы,
Супроць прымусаў попелу паўстаў.
Агонь, як лінія прамая,
Агонь, наканаваны змроку,
Як след гарачы на пяску,
Агонь галоўны, самы кроўны
Крычаў над дахамі дамоў:
— Смерць — у агонь!
Агонь у целе палымнеў,
Агонь падняўся супроць ланцугоў.
Так! Супроць ланцугоў, затычак і завалаў,
I супроць слепаты і слёз,
I супроць страшнага калецтва,
I супроць смерці той, якую
Я ў злосці нарадзіў на свет.
Агонь паўстаў супроць пагаслых зор,
Паніклых крылаў і завялых кветак.
Агонь атакаваў руіны,
Ён ратаваў зямлю ад чорнага агню.
Ён адраджаў зямлю — без ценяў, без афяр,
Дзе будуць травы і паветра,
Жніво натхнёных поклічаў,
Жніво праменняў,
Узнятых гімнам.
Агонь без творцы.
Услед за ім — раса,
Услед за ім — вясна,
Услед за ім — малыя дзеці:
Цяпер павераць людзі у людзей,
У непадзельнае іх сэрца,
У чыстае іх сэрца.
Агонь той ясны дойдзе да глыбіняў,
Ён знойдзе ўсе аголеныя формы.
Агонь той ясны, як струмень,
Як фарбаў ззянне, як світанне,
Агонь далягляду і слова.
Ён — ласка несканчоная,
Любоў, надзея ўсёй прыроды.
А дзе надзея — там пазнанне,
Мара — нічога надуманага
Мара, ты — доблесць агню!
1944


У КРАСАВІКУ 1944: ПАРЫЖ ЯШЧЭ ДЫХАЎ!
Мы ішлі да надзейнай ракі: ні хвалі яе,

Ні вочы нашы не пакідалі Парыжа.

Не горад маленькі, але дзяцінства, мацярынства горад.

Горад праходзіў праз нас, як летняя сцежка,

Поўная кветак і птушак, як пацалунак глыбокі,

Поўны вясёлых дзяцей і кволасці матчынай.

Горад не зруйнаваны, але складаны, адзначаны непрыкрытасцю.

Горад між запясцяў нашых, як зламаныя ланцугі.

Ён перад вачыма нашымі, як вочы маці...

Горад: яго паўтараем, як вершы.

Горад падобны толькі на сябе самога.


Горад стары... Паміж горадам і чалавекам

Не было больш ніякай сцяны.

Горад празрыстасці, горад няхітрасці.

Паміж самотным чалавекам і пустэльным горадам

Было толькі люстра адно.

Быў толькі горад у колерах чалавека,

Крыві і цела, зямлі і яе сокаў.


Дзень гуляе ў струменях ракі, ноч знікае на зямлі.

Рытмы паветра — чысцей і мацней, чым вайна.

Горад руку сяброўскую працягвае,

                           гэта свет смеху,

Свет радасці; горад — наша гордасць.


Ніхто не здолеў разбурыць масты,

Якія нас вялі ад сну да мары,

Ад нашых мараў —

                             да бясконцага жыцця.


Вечны горад, дзе я дажыў

                             да нашай перамогі над смерцю.


ВАРТЫЯ ЖЫЦЬ 1944


У НАШ ЧАС
Калі наша неба самкнецца
Сёння ўвечары,
Калі наша неба растане
Сёння ўвечары,
Калі вышыні нашага неба
З’яднаюцца разам,—
Вырасце дах над домам маім
Сёння ўвечары,
I светлаю стане хата мая!
Ды што мне назваць сваім домам?
Сёння дом мой усюды,
Дом мой усюды, дзе людзі.
А самым жаданым для мяне
Сёння ўвечары
Будзе прытулак маіх сяброў.

ЛОЖАК. СТОЛ 1944



З ТАБОЙ
Я трымаю вуліцу, як шклянку,
Напоўненую ззяннем чараўнічым,
Напоўненую словамі іскрыстымі
I смехам бесклапотным —
Найпрыгажэйшым ад усіх пладоў зямлі.
Пешаходы быццам зроблены з саломкі,
Птушкі — у блакітнай пустаце,
Дзяўчына вузкагрудая і бледная,
Заўсёды заклапочаная нечым,
Узнікне немінуча ў цішыні.
Яна — дзяўчынка з даўняга падання,
Увасабленне першых летуценняў,
З маіх жаданняў узыходзіць:
Далёкі водбліск мілага маленства
На хвалях залатых шчаслівай вуліцы.

БЕЗ ЦЯБЕ


Сонца палёў гніе,
Сонца лясоў засынае,
Неба жывое знікла.
Вечар. Імгла. імгла.
У птушак адна дарога,
Пануе адна нерухомасць
Паміж галін аголеных.
Там, за сканчэннем ночы,
З'явіцца ноч сканчэння,
Нялюдская ноч начэй.
Холад зямлю застудзіць —
Аж да самога дна,
Прыйдзе ноч без бяссонніцы,
Без успаміну дзённага —
Ноч, як варожасць страшная,
Гатовая несці смерць
I аднаму, і ўсім!
Прыходзіць фінал гэтай ночы.
Калі ўжо няма спадзявання —
Не рызыкую нічым!

Фрэска
І
Я той, які, задраўшы нос,
Прагульваўся вясной,
А побач — носам рыў зямлю
Сабака верны мой.
Я той, які фіялкі рваў,
Які вастрыў касу
Для росных, сакавітых траў.
Крычаў я, жартаваў,
Дзяўчат атакаваў.
Для рук маіх быў лёгкім свет,
Не зналі рукі ў чым сакрэт?
Я праганяў і смерць, і зло,
Тугу ад сэрца праганяў.
Выдатнае жыццё ішло!

ІІ
Зараснік: там натуральныя звяры.
Бойка: там фальшывыя звяры.
Вёска: там зямля дзівосная.
Яма: там зямля пачварная.
Край: там шчасце перамагае.
Пустыня: там смерць законы складае.
Ноч, дзе закаваны чалавек,
Ноч, дзе вызваляе сябе чалавек.
Ноч, дзе чалавек стварае
                                        Дзень.

Жыццё. Ноч


СОН 21 ВЕРАСНЯ 1943 ГОДА
Прыснілася: крокам шпаркім
Іду я шляхамі Ціроля.
Парою, каб выгадаць час,
Штурхаю сябе на карачках —
Грубеюць мае далоні.
А маладыя сялянкі,
Па звычаю родных вёсак,
Са мною вітаюцца шчыра,
Паважна і ласкава.
I я дабягаю да турмаў:
У вокнах бліскаюць стужкі,
Насцеж адчынены брамы,
Турмы зусім пустыя!
Ты можаш у іх пасяліцца,
Заходзь і выходзь, калі ласка!
Хочаш — працуй на здароўе,
Будзь сабе самы шчаслівы!
А ўнізе, у стайні раскошнай,
Коні стаяць асядланыя,
Чакаюць, калі ты свіснеш.
Быццам вада ў праменнях,
Ззялі турэмныя сцены.
А на прыволлі, на плошчы,
Смяяліся звонка сялянкі:
Снег разгуляўся нібыта
Ў разгары гарачага лета!
Свежага ветру глынуў я,
Назад я пайшоў
                        і зноў жа
Вярнуўся сабе да турмаў —
Пустых, непрывычна вясёлых...
Прачнуўся я ад здзіўлення,
Што там не сустрэў нікога.

СОН 12 ЛІСТАПАДА 1943 ГОДА
Глыба каменняў белых
Праплывае справа налева,
Як бяспрытульны човен
Па хвалях нябачнай ракі.
Ранак раскінуў навокал
Пялёсткі шэрых кветак:
Япы плывуць ля каменняў,
Злева направа плывуць.
А зверху спакойна, плаўна
Ляціць да мяне дзяўчына,
Спявае разам з ветрам,
Крылаў яе не відаць.
Прынадзіць хачу, як жаўранка,
Кавалкамі белай бляхі,
Яна ж ад мяне адлятае
Ў белым адзенні сваім.
Ёй вельмі халодна,
                              наглуха
Зашпілены белы плашч.
Белая шапачка, быццам
Снег на марозным сонцы.
Русым — гэта да твару,
Нарэшце лаўлю яе!
Яна мяне кліча ў алею,
Паволі мы з ёй лунаем.
Якая яна прыгожая,
Які халодны вечар!
Ведаю прахалодную
                              таямніцу яе грудзей.

КРЫТЫКА ПАЭЗІІ
Агонь абудзіў пушчу —
Галіны, сэрцы, далоні, лісце.
Шчасце ў адным букеце —
Лёгкім, духмяным і сакавітым.
Гэта — пушча сяброў,
Што прыйшлі да зялёных крыніц,
Да сонца добрага, да яркіх дрэў.
Гарсія Лорка забіты.
Дом аднаго адзінага слова,
Вуснаў, створаных для жыцця.
Дзіця, што не ведае слёз:
У зрэнках яго, як у возеры,
Будучы дзень адбіваецца,
Кропля па кроплі святло запаўняе
Чалавека да самых павекаў.
Сен-Поль-Ру забіты,
Дачку яго закатавалі.
Голад зледзянелы, прамавугольны:
Тут сняцца мне дрэвы ў цвеце,
Неба суцэльнае і зямля,
Быццам дзяўчаты цнатлівыя
Ў вечнай, бясконцай гульні.
Сцены пабляклыя, сцены без водгулля,
Я вас усмешкай адной адмятаю.
Дэкур забіты!

БЕЛАКРЫЛЫЯ ШВАЧКІ 1945


АГОЛЕНЫ КРАЯВІД
Незаслонены свет,
Дзе мне хораша быць,
Дзе пяшчотны луг цеплыні тваёй,
Дзе ў крыніцах грудзей
Адбіваецца дзень,
Дзе па сцежцы вуснаў
Разбягаецца смех,
Дзе ўзнімаюцца ўвысь
Птушкі вейкаў тваіх,
Дзе ні хмаркі няма
На высокім ілбе.
Гэты любы мой свет,
Дзе з прыродай у лад,
Непакрытае цела спявае тваё.

ДАБРО
Ты заўсёды трошкі іншая,
Кожны раз асалода новая,
Наша шчасце заўсёды ў палёце —
Мае крылы, не мае гнязда.
Ці блакіт я прысніў, ці хмару?
Не ўяўляеш ты дня наступнага.
Ты сама ўвасабленне яго,
I жыццё тваё межаў не мае.

ГАРАЧАЯ ПРАГА ЖЫЦЬ 1946


НАВАТ КАЛІ МЫ ДРЭМЛЕМ...
I нават калі мы дрэмлем,— адно аднаго ахоўваем.
Ахоўваем наша каханне — цяжэйшае за плады.
Нават без слёз і смеху — яно праз стагоддзі працягнецца —
Дзень пры дні, халоднай ноччу,
Калі ўжо не будзе нас.

ЛІШНІ ЧАС 1947


НАША ЖЫЦЦЁ
Не адзіночкай да мэты іду,
А разам з каханай.
Зразумеем каханую мы
I навучымся ўсіх разумець.
Мы палюбім адзін аднаго:
Нашы дзеці будуць смяяцца
З падання чорнага аб чалавеку,
Што адзінокім быў.

ПАЛІТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ 1948


АФІНА
Народ Элады, народ-кароль, народ пакутнік!
Ты ўсё згубіў, апроч свабоды,
Апроч любові да свабоды і да праўды,
Апроч павагі да сябе самога!
Ты не памрэш, народ.
                                 Няма такой пагрозы,
Бо ты падобны да сваёй любові шчырай,
Ты прагнеш вечнасці і целам, і душою,
Народ кароль, ты верыш —
                                          хлеб табе належыць.
Ты думаеш: табе дадуць пачціва зброю,
Каб выратаваць гонар твой, зацвердзіць твой закон...
Народ пакутнік, сам ты маеш зброю;
Ў тваіх руках — ратунак твой, твая надзея.
Насуперак сцюдзёнай цемрадзі — Надзея,
Адступіць смерць раптоўна ад цябе.
Ты зведаў роспач, але ты — народ герояў,
Ад голаду канаючых, а сытых роднаю айчынай.
Маленькі ці вялікі — час аб гэтым скажа,
Ты, Грэцыі народ — сваіх жаданняў гаспадар;
Тут цела ў спалучэнні з ідэалам цела,
Зямная прага хлеба і свабоды.
Свабода — быццам мора ў сонцы яркім,
А хлеб нагадвае багоў, хлеб, што людзей з’яднаў,—
Сапраўдны, як жыццё, ён стаў мацнейшы ў свеце,
Мацней ад гора нашага,
                                     ад ворагаў мацней.
9 снежня 1944

У ІСПАНІІ


Калі ў Іспанні ёсць дрэва колеру крыві —
Гэта дрэва свабоды.
Калі ў Іспаніі ёсць незамкнёны язык —
Ён гаворыць аб свабодзе.
Калі ў Іспаніі ёсць светлая шклянка віна —
Вып’е за шчасце народ.

ІСПАНІЯ


Самыя яркія вочы на свеце
Спяваюць маўклівую песню.
Ім хочацца ўбачыць прасторы,
Але замінаюць турэмныя сцены,
Яшчэ замінаюць
Набраклыя з гора павекі.
Краты, жалезныя краты
Спяваюць аб волі.
Песня расце і мужнее,
Ідзе па дарогах людскіх.
Ляціць да шалёнага сонца,
Да узбунтаванага сонца.
Хто загінуў — той зноў ажывае.
Дні, ночы, дні, ночы мінаюць.
Вы, нявольнікі, вязні-выгнаннікі,
Полымя ў цемры ствараеце,
I полымя тое прыносіць
Прахалоду світання ў росах,
Перамогу
I радасць жыцця.

ПАМЯЦІ ПОЛЯ ВАЯН-КУЦЮР’Е


Я жыву ў квартале Шапель,
Выдаю ў каморцы газету
«Сябры маёй вуліцы» —
Яе не прадаюць, а раздаюць,
Яна не каштуе грошай. Яна патрабуе працы.
Сэрца маё з сябрамі:
Яны спачуваюць мне.
Я стаў чалавекам Вуліцы,
Я жыву для людзей.
Стаў я дужым, я — поплеч, я — поруч.
У прахожых на вуліцы — тая ж турбота,
У прахожых на вуліцы — тая ж любоў
I надзея, што знікнуць пакуты.
Я адкрыў сваё сэрца для сэрцаў людскіх,
Да сяброў я звяртаюся сёння.
Мне гавораць яны ўсё, што я ім кажу.
I зліваецца Вуліца наша з людзьмі
Іншых вуліц парыжскіх.



«МЭТАЙ ПАЭЗІІ ПАВІННА БЫЦЬ ПРАКТЫЧНАЯ ІСЦІНА»
Маім патрабавальным сябрам
Калі я сказаў вам: вячэрняе сонца ў лесе
Нагадвае жанчыну, якая аддаецца на ложку,—
Вы паверылі мне, вы зразумелі мае парывы.
Калі я сказаў вам: струмені дажджлівага дня
Паціху звіняць у знямозе кахання,—
Вы паверылі мне: прадоўжылі час закаханасці.
Калі я сказаў вам: на голлях ложку майго
Ўе гняздо птушка, якая не гаворыць «так»,—
Вы паверылі мне — падзялілі разам са мною трывогу.
Калі я сказаў вам: крыніца — пачатак ракі —
Ключом адмыкае лістоту і травы,—
Вы мне верыце, болей таго,— вы мяне разумееце.
Але, калі я спяваю аб вуліцы роднай
I аб сваёй краіне — гэтай бяскрайняй вуліцы,—
Вы мне болей не верыце, вы хаваецеся ўпустыні.
Без мэты блукаеце вы, забываеце,
Што людзі жадаюць змагання, надзей, згуртавання,
Каб свет растлумачыць і перайначыць.
Я ўсім сэрцам хачу вас прывабіць,
Сіл пакуль не хапае ў мяне, ды яшчэ я жыву
I здзіўляюся сам, што вас зачароўваць спрабую.
Я хацеў бы свабоду вам даць і жыццё,
Дзе не толькі над сажалкай ніцыя лозы:
Далучыць да братоў, што ствараюць святло.

НЕМАГЧЫМАЕ ЖАДАННЕ
Я непазбежна бачыў: гэты свет нялюдскі,
Вянец і рабскае ярмо.
Я драму ведаю і з аўтарам знаёмы.
Наперадзе мяне ноч-змоўшчыца ішла,
А па зямлі паўзлі пыхлівасць і убоства,
Мяне праводзіла злачынства да сваіх вытокаў.
I на пяшчотных тварах бачыў я сляды —
Барозны ад чырвонага жалеза,
I бачыў: гіры кулакоў дзяцей збівалі.
I на жывёлах — кроў, на людзях — кроў —
Збор вінаграду і агідны, і смярдзючы,
А кат, аднак, у рукавіцах чыстых!
Я змучыўся і выбраў я нуду
I адзіноту траў пажоўклых,
Я не змаўчу, я — не з ахвяр бязмоўных!
Як ненавіджу я забавы катаў!
Адзін, як палец, знішчу ланцугі,
Ані жыццё маё, ні смерць не зганьбяць чалавека!
*
Ілгу! Я вінаваты. Ёсць па зямлі ў мяне браты,
Я не магу адзін — без родных, без братоў.
Таварышы, вазьміце мае рукі, я — ваш!

СЁСТРЫ НАДЗЕІ
Сёстры надзеі, жанчыны адважныя,
Згуртаваліся вы супраць смерці,
Побач з доблесцю вашай — любоў.
Сёстры мае, вы жывыя, ўцалелыя!
Рызыкуючы ўласным жыццём,—
Перамогу прынеслі Жыццю.
Сёстры велічы, дзень набліжаецца:
Пасмяемся мы з слоў тых
                                 «вайна» і «няшчасце»,
I сатруцца сляды ад мінулай бяды.
Кожны будзе мець права на ласку.

УРОК МАРАЛІ 1949

МОВА КОЛЕРАЎ


Ёсць колеры мужчынскага і жаночага,
Свежых кветак і рыначных фруктаў нясвежых,
Музычных сугуччаў і ночы сыноў — туманоў.
Колеры — я вочы расплюшчыў, і ўсё ажыло,
Колеры — і стала ўсё шэрым, і хочацца плакаць.
Колеры сілы, жадання і страху,
Колеры кахання і заўтрашніх дзён.
Колеры злачынства, шаленства, паўстання, адвагі.
Там чуецца смех, дзе аголены колеры шчасця.
Ёсць розуму колеры, што нас атупляюць.
I ўсюды ёсць розум, што нас узвышае.
Пульсуе жыццё на дарогах планеты.
Колеры роспачы ноч раздзіраюць,
I слепяць нас колеры бяссонніцы,
Але нараджаецца дзень прыгажосці, дабра.
Сэрца маё напалову марнее ў бядзе,
Сэрца другая палова — ў святле, ў спадзяванні.
Я адлюстроўваю прагу здаровага цела,
Ў бітвах жыццёвых п’янею ў змаганні за шчасце.
Бачу у людзях святло і знаходжу сваю перамогу.

Грэцыя, моя ружа розуму


ІІІ
МАЛІТВА ЎДОЎ I МАТАК
Мы свае рукі склалі ў малітве,
I вочы ўсміхаліся нашы...
Крывёю і зброяй, пазбаўце,
Пазбаўце, ратуйце вы нас ад фашызму!
Сонейка мы люлялі ў калысцы,
Ад малака набраклі грудзі.
Дайце нам, дайце ў рукі стрэльбы,
Мы будзем страляць у фашыстаў.
Былі мы крыніцаю і ракою,
Марылі быць акіянам.
Дайце нам, дайце ў рукі зброю —
Не пашкадуем фашыстаў!
Іх меней на свеце, чым нашых мёртвых,
Нашы мёртвыя не забівалі нікога.
Мы родных любілі, мы любілі,
Мы думалі толькі аб жыцці.
Дайце нам, дайце ў рукі зброю,
Ў баях супраць смерці, памром!

VI
СТАРАЖЫТНАЯ МАЛАДОСЦЬ
Каля крыніцы ён пацалупак ёй падарыў,
Пад небам чыстым ён аддаў ёй свае рукі і вочы,
Праз нейкі час ён даў ёй сваё жыццё і дзяцей.
Вернае рэха паўтарае безупынна гэту песню.
Светлае люстра чалавечага цела сабрала ў адзін
                                                              букет —
Узор жыцця, узор істоты і ўнікальны розум,
Каб засланіць, абараніць сваю вечнасць.

VII
КАБ НЕ БЫЦЬ АДЗІНОКІМІ БОЛЕЙ
Як хваля птушак чорных, скакалі яны ўначы,
Былі чыстыя іх сэрцы, і нельга было разгадаць,
Дзе там хлопцы, а дзе там дзяўчаты:
Кожны меў за спіною вінтоўку.
Пабраўшыся за рукі, яны скакалі і спявалі
Даўнюю песню,
                        новую песню Свабоды —
I цемра ўспыхвала і палымнела.
Вораг заснуў.
I рэха паўтарала спеў жыцця,
I маладосць была, як бераг неабсяжны,
Якому мора адкрывала ўсе пацалункі свету.
Не ўсе яны бачылі мора.
Але па-добраму жыць — гэта і ёсць падарожжа
                                               ў свет без граніц.
Яны жылі па-добраму і між сабой, і для братоў —
Братоў яны знаходзілі усюды, бо марылі высока.
I вось пайшла гара да мора і даліны.
I рэха паўтарае мару аб шалёнай перамозе.
I рукі цягнуцца да рук, нібы крыніцы ўсе —
                                                       да мора.

ПРЫСВЯЧЭННІ 1950


ЛЕГІЁН
Памяці дваццаці трох партызан-іншаземцаў,

закатаваных і расстраляных у Парыжы немцамі


Калі я маю права сёння сказаць па-французску
Аб маіх турботах і маёй надзеі,
                                       аб ярасці маёй і радасці,
Калі нішто не згасла канчаткова
Ад нашай вялікай мары і ад нашай разважнасці,—
Гэта таму, што іншаземцы (яны яшчэ насілі такое імя)
Верылі ў справядлівасць, менавіта тут
I гарэла ў іхняй крыві кроў братоў і сяброў.
Іншаземцы ведалі — гэта іх радзіма.
Свабода аднаго народа — свабода ўсіх народаў;
Адзін нявінны ў ланцугах прыкоўвае людзей усіх.
I той, хто сэрцам не адмовіўся ад гэтага закона,—
Той пераможа бездань, і нечысць ён асіліць.
Так! Іншаземцы гэтыя шукалі тут агонь,
Партрэты іх па сценах — жывыя назаўсёды,
I асвятляе сонца памяці
                                    іх прыгажосць.
Яны загінулі, каб жыць,
                                    яны тварылі перамогу.
Яны свайго жыцця застылым люстрам
                                      смерць расстралялі ў сэрца.
Адзіная дарога праўды мае права голасу ў жыцці.
Калі пачуюць толькі гэты голас на зямлі
I болей не заб’юць нікога —
                                яны адпомшчанымі будуць —
I гэта будзе Справядлівасць.

У ІМЯ ДРУЖБЫ
Марселю Кашэну
Марсель мой родны! Ты на свеце ёсць —
                                                     яшчэ я малады,
I час не пагасіў агнёў тваіх ранейшых,
Ты дапамог мне жыць, змагацца,
                                                 верыць.
У самых верных на зямлі братоў.
Ніхто не ведае лепш за цябе,
Што ўдары і знявага аддаляюць чалавека.
Ніхто не ведае лепш за цябе,
Што чалавечая павага — зброя ўсёй любові.
Ты ведаеш:
                  у справядлівасці — дабро,
Дабро ў адданасці бязмежнай людзям без дакору,
Сказаў ты людзям: «Так!»
                                       Нечалавеку: «Не!»
Люстэрка шчасця пабольшала ў тваіх руках.
Марсель мой родны!
                                Маладосць мая
Жадала б столькі людзям абяцаць,
Як ты — сваім на свеце існаваннем,
Сваёй упэўненасцю ў перамогу.

ПЕРАМОЖЦЫ
Калі губляю — я губляю самога сябе,

Калі здабываю — здабываю ўвесь парод.

Васіль Леўскі
Світанне ў хмарках прыбывае
Ў сад паэта.
У пазалоце вокны
                         добрых
Абуджаных людзей.
Тут ведаюць, што чалавекам быць —
Жыць бездакорна,
Тут ведаюць, што юным быць
I спадзявацца — гэта дужым быць.
Каля заводаў зранку дзеці
Спяваюць у здароўі,
Не ўбачыш болей жабрака;
Народ жыве і верыць.
I сэрца кожнае гатова біцца
За справу чалавецтва.
Карлава-Сафія, красавік 1950


РАХУНАК ДА АПЛАТЫ
Ілью Эрэнбургу
Дзесяць сяброў загінула на вайне,
Дзесяць жанчын загінула на вайне,
Дзесяць дзяцей загінула на вайне,
Сто сяброў загінула на вайне,
Сто жанчын загінула па вайне,
Сто дзяцей загіпула на вайне
I тысяча сяброў, і тысяча жанчын,
                                     і тысяча дзяцей!
Мы ўмеем лічыць мёртвых
На тысячы і на мільёны.
Умеем лічыць, але час ляціць,
Ад вайны да вайны ўсё сціраецца.
Калі ж хоць адзін з забітых
Раптам паўстане ў памяці нашай,—
Значыць, мы жывем —
                                   паўстаем супраць смерці,
Мы змагаемся супраць вайны.
Мы змагаемся за жыццё.
Вроцлаў, 26 жніўня 1948

ГАВОРАЦЬ ПРАДЗІЛЬШЧЫЦЫ
Ці ёсць справядлівасць, ці не?
Не, справядлівасці няма.
Але можа яна з’явіцца,
Калі мы самі створым яе.
У несправядлівасці рукі з золата,
З золата пазногці-кіпцюры,
I поўныя, поўныя прыгаршчы золата,
Золата і атрутнага змроку.
А ў нас — чалавечыя рукі,
Мы стукаем кулакамі ў сцены,
Мы прагнем справядлівасці —
I падаюць сцены!
I нашы рукі перамогуць.

СССР - НАДЗЕЯ НАША
Браты, глядзіце ў люстра чалавечае:
Яго не засланіць і не разбіць!
Браты, глядзіце ў люстра ўсёй зямлі:
Вялікі Край Саветаў свеціць свету,
I кожны край мужнее, узвышаецца,
Расце, мужнее чалавек.
За намі ззаду — смерць, нянавісць, страх.
А перад намі — дзень на Ўсходзе,
Ён з гордасцю ў руках трымае
Пачатак новага жыцця —
Без гора і кардонаў.
СССР сабе і нам жадае міру,
Адолеў ён вайну і раны гоіць.
За працай дружнай, пераможнай
Ужо адолеў адзіноту,
З’яднаны сам, людзей вакол збліжае.
Браты! Да шчасця кліча нас Саюз Савецкі.
Наперадзе — сусветны мір,
Імкненнем светлым — жыць і жыць!
I ноч кароткая ўжо стала.
Без даўніх плямаў будзе свет: над намі сонца.

ЗДОЛЕЦЬ УСЁ СКАЗАЦЬ 1951


УСЁ СКАЗАЦЬ
Усё — гэта ўсё сказаць. Ды мне не хапае слоў,
I не хапае часу і не стае адвагі.
Я летуценні-думкі перабіраю наўдачу,
Бядак я, не навучыўся ясна гаварыць!
Усё я павінен сказаць аб скалах, шляхах дарогах,
Аб вуліцах і прахожых, палях і пастухах;
Сказаць аб вясновым пуху, аб зімовай іржы,
Аб холадзе і спякоце — іх супольнай працы.
Хачу паказаць натоўп і кожнага чалавека —
Усё, што яго натхняе і ўсё, што яго засмучае;
I кожны ўзрост чалавечы, азораны чалавекам,
Надзею яго і кроў, гісторыю і турботы.
Хачу паказаць натоўп — вялізны і раз’яднаны,
Падзелены ўвесь, як могільнік...
Хачу паказаць натоўп, мацнейшы за цень уласны,
Які разбурыў турмы і скінуў сваіх паноў;
Сям’ю згуртаваную лісця,
                                       сям’ю згуртаваную рук,
I невядомага звера, што дзесьці ў пушчы блукае,
I шчодрую, пладаносную вільгаць рэк і рос,
I справядлівасць на варце, і шчасце ў красаванні.
Шчасце дзіцяці — ці здолею я перадаць
Праз ляльку і мячык, праз сонейка над галавой?
А ці змагу аб шчасці мужчыны сказаць
Словамі жонкі яго і дзяцей?
Хіба ўсё аб каханні сказаць я змагу —
Драмах яго свінцовых і саламяных фарсах?
Справах будзённых яго, жэстах звычайных яго
I ласках, якія вяртаюць яму несмяротнасць?
Хіба змагу угнаенне з’яднаць са жнівом,
Хіба змагу я звязаць дабро з прыгажосцю?
Здолею я неабходнасць з жаданнем злучыць
I голую схему парадка — з жыццём у парадку?
Словы пад крыламі гневу змагу я знайсці?
Зброяй нянавісці знішчыць нянавісць!
I паказаць, як ахвяра ўстае супраць катаў,—
Як рэвалюцыі слова палае?
Золата золку — у ясных, адважных вачах,
Новае ўсё нараджаецца, блізкае сэрцу.
Простыя словы становяцца прыказкай,
Мудрасць знайшла прастату праз пакуты.
Як я скажу, што хачу я падняцца
Супроць усіх недарэчных дзівацтваў самоты?
Ледзь не загінуў ад іхняга наступу я,
Быццам баец у палоне з горлам заткнутым.
Ледзь не загінулі розум і сэрца мае
Ў гэтай бясформеннай масе формаў бязглуздых:
Імі прыхоўваюць і заняпад, і гніццё,
I раўнадушнасць, і ганьбу,
                                        вайну і забойства.
Некалькі крокаў яшчэ — і выгналі б людзі мяне,
Не разумеў я нічога ў іхнім змаганні:
Болей чым трэба, узяць ад жыцця я жадаў,
Будучы свет уявіць не ўмеў я.
Людзям змагання жыццём абавязаны я —
Гэта яны сэнс у жыцці зразумелі.
Выверыць зброю паўстанец мяне навучыў,
Выверыць сэрца і рукі паціснуць сабрату.
Людзі! Нястомна душа чалавецтва пяе
Новую песню, адвечную песню —
Будучы дзень супроць смерці ўстае,
Супроць падзямелляў і ценяў нікчэмных.
*
Зрэшты, ці здолею я сказаць
Мовай звычайнага вінароба:
У сутарэнні, пракіслым ад бочак,
Дзверы адчынены насцеж — да сонца,
                                           схаванага ў гронках!
Жанчыны — з натурай вады або каменя —
Строгія, мілыя, простыя ці недасяжныя.
Птушкі ляцяць напярэймы прасторам,
Цягнецца хатні сабака да косткі.
Рэхам адказвае поўнач старэнькаму,
Што раскідаў свой талент на песенькі.
Але ж і гэтая ноч не страчана —
Я ўжо засну, як прачнуцца іншыя.
Як жа мне ўславіць юнацтва адзінае
I не ўтаіць маршчыны на твары?
Вечна прыгожае ў водблісках радасці —
Там, дзе зярнятак і кветак імкненні.
Шчырае слова і справы рэальныя
Прыйдуць з даверам, назад не павернуцца.
Без запытанняў прыходзьце, адказы,
Кожная мова хай роднай нам будзе!
Хай жа нікому ў жыцці не захочацца
Паліць гарады, мерцвякоў нагрувашчваць!
Кожнае слова хай служыць будоўлі,
Паверым, што час — крыніца жывая.
Трэба смяяцца, але ад здароўя!
Сілай братэрства будзеш ты дужы.
Будзеш ты добры з людзьмі, як з сабою
Ў час, калі ведаеш сам: ты — любімы.
Затрапяталі хвалі на моры:
Радасць жыцця свяжэй, чымся хвалі.
Не сумнявайцеся ў гэтай паэме:
Сёння пішу — учарашняе крэслю.
Верасень 1950

МАГУТНАСЦЬ НАДЗЕІ
Вось так скажу я, свой прызнаўшы лёс:
Нічога я не меў — ні рэчаў, ні дамоў.
Дарогі, дзе канец маіх нябёс,
Нібыта раб сагнуты, я прайшоў:
Адзіную маёмасць я знайшоў:
Уся яна — са стогнаў, поту, слёз.
Як і раней, я жалю варты зноў.
Асуджаны на ганьбу — вось мой лёс.
Я мог бы есці, п’янстваваць, гуляць,
Як іншыя, згубіўшы галаву:
I мог бы я ў цяпле бясконца спаць —
Жывёлінай, скамечыўшы траву.
Аднак, не мне гультаяваць і святкаваць,
Жанчыны пекнай я сваёю не заву;
Ды стук майго пустога сэрца ўсё ж чуваць,
Нягледзячы на гора, я жыву!
Так, п'яны прыхмацю маёй, я мог бы рагатаць,
I звіць гняздо ва мне магла б зара.
Яна магла б аховай пільнай ззяць
Над блізкімі, якім цвісці пара.
Не трэба шкадаваць мяне й шукаць
Паміж істот, дзе праўды не відаць!
Мой прыйдзе дзень, жаданы дзень дабра:
З людзьмі будынак буду я ўзнімаць
Для чалавека — друга, змагара.

Гэты верш, апублікаваны 28 лістапада 1946 года ў газеце «Летр Франсэз», быў падпісаны псеўданімам Дзідзье Дэрош. Аўтар хацеў унікнуць формаў почырку, уласцівых яму асабіста.


ПАЭТЫ, ЯКІХ Я ВЕДАЎ
Жану Фрэвілю, які добра ведае,

што розум пракладае рэчышча для любові

Паэты, якіх я ведаў...
Памяць аб іх, як восень —
У ценю памнажае промні.
Паэты, якіх я ведаў —
Жывыя яны ці мёртвыя,
Слабыя яны ці дужыя,
Шчаслівыя, гаротныя —
Ўсе, якіх я любіў, разумеў,—
З іх недахопамі, з іх дабрачыннасцю —
Адны рыхтавалі караблекрушэнне,
Іншыя верылі ў выратаванне.
Клеткі сэрцаў іхніх змяняліся
Часам ад попелу, часам ад золата,
А слова ўсё роўна чутна было.
Слова вышэй і вышэй узнімалася
Уздоўж чырвоных вуснаў зары,
Па ўзгорках шчырасці
                                  нават тады,
Калі шэрае неба было.
Ды купал нябесны разбіваўся над іх галавой,
Ды крыніца прывабнасці павысыхала ў траве,
I паэты бунтоўныя ўсё заклікалі да зброі,
Да справядлівасці і да братэрства.
I спрабавалі паэты, імкнуліся
Быць да саміх сябе падобнымі.
I прыйшоў я да Арагона,
Слухаў я — гаварыў Арагон,
Ён са мной гаварыў,
Мне адкрыў сваё сэрца,
Наша сэрца:
«Ёсць на зямлі нашай столькі людзей
Больш адчувальных, чым мы, паэты,
Столькі цёмных і светлых вачэй,
Здольных адкрыць усе сакрэты,
Столькі людзей з разуменнем ясным —
Палепшыць жыццё сваё жадае,
Як ранак наступны ў сонцы нязгасным
Сваю энергію адчувае».
З другам маім Арагонам людзі
Могуць выказваць поўна сябе —
На сваіх рубяжах
I звыш сваіх рубяжоў,
У межах умоўных
I звыш межаў сваіх.
Слова мяжа — аднавокае слова,
Чалавек мае вочы, каб бачыць свет.
З усіх паэтаў, якіх я ведаў, Арагон той, што мае найбольшы розум, розум супраць страшыдлаў — і розум супраць мяне.

Ён паказаў мне правільны шлях, і паказаў яго тым, хто яшчэ сёння не зразумеў, што змаганне супраць несправядлівасці — гэта змаганне за яснае жыццё, за весняе жыццё надзеі, за ўсю любоў на свеце.


Лістапад, 1949


ДОБРАЯ СПРАВЯДЛІВАСЦЬ
Гэта гарачы закон людскі:
З вінаграду рабіць віно,
З вуголля рабіць агонь,
З пацалункаў — людзей.
Гэта суровы закон людскі:
Годнасць сваю трымаць,
Не зважаючы на вайну,
На нядолю і нават на смерць.
Гэта добры закон людскі:
Электрычнасць рабіць з вады,
З летуценняў — прыгожы свет,
З лютых ворагаў — шчырых сяброў.
Гэты адвечны і новы закон
Дасканаласць знаходзіць сваю
У дзіцячай чыстай душы
I ў розуме найвышэйшым.

АБЛІЧЧА МІРУ 1951


I
Я ўсе мясціны ведаю, дзе голуб гнёзды ўе,
I лепшая з іх — розум чалавека.
II
Любоў да справядлівасці і да свабоды Узгадавала самы лепшы плод:
Ён не гніе, ён не псуецца,
Бо мае шчасця смак.
III
Хай працуе зямля, хай красуе зямля,
Хай гарачыя цела і кроў
Аніколі не будуць ахвярай!
IV
Няхай спазнае чалавечы твар
Карысць святла ад хараства — Пад крыламі развагі.
V
I хлеб — усім, і ружы ўсім!
Мы разам даём прысягу,
Мы крокам гіганцкім ідзём —
Не такі ўжо доўгі шлях!
VI
Мы праганяем сон, мы праганяем стому,
Штурмам бярэм зару і вясну,
Мы набліжасм дні, і месяцы, й гады,
Дастойныя імкненняў нашых.
VII
Азарэнне, зіхаценне!
Вера: самае лепшае здзейсніцца.
VIII
Чалавек, што прагне міру, увянчаў сябе надзеяй.
IX
Чалавек, што прагне міру, усміхаецца нязменна
Пры ўспамінах аб нядаўніх бітвах.
X
Агонь пладаносны зярнят далоняў і слоў.
Полымя радасці ўспыхнула, і горача кожнаму сэрцу.
XI
Перамога — апора братэрства.
XII
У велічы няма граніц.
XIII
Кожны будзе пераможцам.
XIV
Мудрасць, як лямпа з крышталю,
пад столлю гарыць,
I падае яе святло на твар.
XV
Святло ідзе навольна на зямлю,
Усмешкай твар старога азарае
I вызваляе ўсіх дзяцей ад страху ланцугоў.
XVI
Падумайце, як доўга чалавек палохаў чалавека
I палохаў птушак, што ляталі над яго галавой!
XVII
Чалавек, умыты сонцам,
Набывае прагу да жыцця:
Гэта прага ствараць жыццё,
Гэта прага любові і будучыні.
XVIII
Шчасце маё — гэта наша шчасце,
Сонца маё — гэта наша сонца,
Мы падзелім жыццё,
Прастор і час — на ўсіх людзей!
XIX
Любоў за работай не ведае стомы.
ХХ
Гэта было ў дзевяцьсот семнаццатым,
I мы захоўваем разуменне
Нашага вызвалення.
XXI
Вынаходзім мы родных сваіх,
Як яны вынаходзяць нас.
Мы неабходны адзін аднаму.
XXII
Як птушка ў палёце давяраецца крылам сваім, Гэтак мы давяраем рукам,
Працягнутым да брата.
XXIII
Мы напоўнім нянавісць сілай,
Якой так доўга
Не хапала нам!
Ніколі мы не будзем ведаць адзіноты!
XXIV
Нашы песні выклікаюць мір. Наш дэвіз — змаганне дзеля міру.
XXV
Не пагібель, а наша жаданне наканавапа, Наперадзе — мір непазбежны.
XXVI
Будынак міру
Абапіраецца на цэлы свет.
XXVII
Адкрый свае крылы, аблічча прыгожае, Свету загадай — быць мудрым,
Бо мы становімся рэальнымі.
XXVIII
Сталі мы рэальнай сілай,
I, па добрай нашай волі,
Знікнуць цені ў зіхаценні
Новага святла.
XXIX
Усё болей, усё болей набірае сіла крылаў, I лягчэй мы будзем дыхаць, і спяваць усё
лягчэй.

З НЯВЫДАДЗЕНАГА


ЖАКУ ДЗЮКЛО
Паны схаваліся ў звярынай пашчы.
         Псуюць атрутай людскую кроў.
Вайна з жабрацтвам сярод дня гуляюць —
         Паны спраўляюць баль вясны.
Баль Двухтыднёвых Ружаў Ночы,
         Грымасы масак і тугі,
Калі вясна плады стварае
I спеюць нашы спадзяванні.
А для паноў вясна — самазабойца,
         Але яны сябе не забіваюць!
Сезон крыўдзіцеляў, гвалтаўнікоў,
         Пачварны час заразы чумнай.
Каб чалавека адарваць ад разумення праўды,—
         Вясну зрабілі сезонам турмаў
Для вынішчэння невіноўных,
         Для беззаконнага выгнання.
Паны да войнаў так імкнуцца
I так ад страху вар'яцеюць,
Што чалавек для іх — пустое,
Ён жменька попелу ці пылу!..
*
Аднак, нягоды ў пошуку, ў адвазе
Сыноў-змаганцаў нараджаюць,
Яны такі прыгожы час прадбачаць,
Што страх перад панамі адпадае.
Падобных да сябе знаходзяць,
В’етнам, Туніс, Карэя — з імі разам:
Яны ўстаюць для шчасця, для свабоды,
Яны ўсміхаюцца, як Белаяніс.
Ці можна жыць на свеце без надзеі —
Не разумець, не верыць
                                     і не бачыць,
Што іх зацягвалі ў брыдоты, у балота,
Што рукі ім забруджвалі і вочы!..
Праз пазалоту цьмянае заслоны
Цяпер адкрыліся жыцця прасторы,
Няма сумнення ў іх, няма сумнення ў нас
У тым, што ўзыдзе ранак перамогі.
Вясна змагання! I адна палова свету
         Усю планету асвятляе.
У думах бачым вечнасць нашай праўды,
         Мы аднаго чакаем — лета, лета!
I прыйдзе лета ў яснасці глыбокай.
Чэрвень, 1952

ФЕНІКС 1951


Фенікс — гэта пара — Адам і Ева,

якія не былі першымі...


УПЭЎНЕНАСЦЬ
Калі я табе штосьці кажу —
            Гэта толькі каб чуць цябе лепей.
Калі я цябе чую,—
            Я ўпэўнен — цябе разумею.
Калі ты мне ўсміхнулася —
            Мной заўладала мацней,
Калі ты мне ўсміхнулася —
            Цэлы сусвет я пабачыў.
Калі я абдыму цябе —
Значыць, не скончацца вершы мае!
I калі мы жывыя з табой —
            Будзе шчасце на свеце!
А калі расстаемся з табой —
            Помніш ты, помню я і ў разлуцы.
Расстаемся — і знойдзем ізноў
            Шлях — адно да другога.

МЫ ЎДВАІХ
Мы ўдваіх. Трымаемся за рукі.
Нам здаецца, што мы ўсюды — дома:
Ці пад дрэвам, ці пад небам чорным,
Ці пад дахам, дзе агеньчык ёсць,
На вуліцы пустой, бязлюднай,
Ў збянтэжаных вачах натоўпу,
Сярод мудрацоў, сярод вар’ятаў,
Сярод дзяцей, сярод дарослых...
Каханне таямніц не мае:
Мы ўдваіх, і кожны бачыць нас.
I ўсім закаханым здаецца —
Яны з намі разам.

НА ДОСВІТКУ
Прысніў я пустую дарогу:
Ты крочыла ціха адна.
Пачула твой крок берасцянка —
Прачнулася ў кроплях расы.
У пушчы вільготнай, зялёнай
Пацягвалася зара
I дрэвы пачырванелі —
Ты адкрывала дзень.
Здавалася ўсё звычайным —
Звычайны пачатак дня.
Я спаў, як дзіця малое,
А ты на досвітку ўстала,
I мне падарыла ты
Бяскрайняе маленства.

СМЕРЦЬ. КАХАННЕ. ЖЫЦЦЁ
Я верыў, што змагу прабіць глыбокія прасторы
Маёй тугой адной, без дапамогі рэха.
Быў распасцёрты я ў маёй турме, за брамаю глухою,
Нібы мярцвяк разважны, я паміраць умеў,
Марцвяк, каранаваны забыццём, нябытам,
Быў распасцёрты я на хвалях недарэчных,
Атручаны прыхільнасцю да тлену.
Здавалася мне: адзіноцтва гарачэй за кроў.
Хацеў я раз’яднаць жыццё,
Хацеў я смерць са смерцю падзяліць
I сэрца пустаце аддаць, а пустату — жыццю,
На шыбе ўсё закрэсліць, не пакінуць ані кроплі
                                                                  пары.
Нічога па за мною, і ўперадзе — нічога...
Я скінуў лёд з рук сплеценых маіх!
Я выкінуў шкілет свайго жадання —
Зжываць сябе самога — не мая дарога!
*
I ты з’явілася, агонь успалыхнуў,
I цемра знікла! Зоркамі мароз іскрыцца.
I ўжо зямля пакрылася
Тваім праменным целам. Лёгка мне.
Ты ўвайшла — і адзінота знікла,
З’явіўся спадарожнік на зямлі:
Я ведаў, як ісці, куды ісці,
Ішоў наперад і перамагаў прастор і час.
Ішоў я да цябе, ішоў упарта да святла,
Жыццё ўвасоблена ў табе, знайшла надзея ветразь,
I ў марах закрынічыла жыццё, і ноч
Даверліва зірнула на зару.
Праменні рук тваіх адсунулі туман.
Твой рот вільготный быў ад першых рос.
Ад стомы ні сляда не засталося —
I я паверыў у каханне, як у дні майго юнацтва.
*
Палі ўзараныя. Заводы — у святле.
Зярняты ўюць гняздо ў зямным магутным лоне.
Жніво і вінаградны збор без сведак не бываюць:
Нішто не адасоблена, не адзінока,
Ў вачах начнога неба мора зіхаціць,
А лес прыносіць дрэвам абарону,
I сцены ўсіх дамоў адной пакрыты скурай,
Заўжды скрыжоўваюцца ўсе шляхі.
А людзі створаны, каб чуць адзін другога,
I зразумець, і палюбіць адзін другога.
Іх дзеці зробяцца бацькамі,
Не маюць ні кала і ні двара іх дзеці,
Але яны зноў вынайдуць агонь,
Зноў вынайдуць яны людзей,
Прыроду і сваю радзіму —
Адну на ўсіх людзей,
Адну на ўсе часы.

І ЎСМЕШКА
Няма на свеце непрагляднай цемры.
Паверце мне, калі я вам кажу,
Калі сцвярджаю,
Што нават у пякельнай той журбоце
Ёсць светлае акно, адчыненае насцеж,
Напагатове мара ёсць на свеце,
Жаданне ёсць, якое здзейсніць трэба.
На свеце сэрца ёсць праўдзівае,
I поціск рук надзейных,
I ўважлівыя вочы,
I ёсць жыццё, якое хоча
Святлом дзяліцца з іншымі людзьмі.

ЗАЎВАГІ


АБАВЯЗАК I ТРЫВОГА
Вершы напісаны ў 1916 г., калі паэт быў пісарам-санітарам у эвакуацыйным шпіталі. На вокладцы ўпершыню стаіць псеўданім Поль Элюар (Элюар — дзявочае прозвішча яго бабкі па лініі маці).


ВЕРШЫ ДЛЯ МІРНАГА ЧАСУ
Адзінаццаць вершаў для гэтага зборніка былі напісаны за некалькі месяцаў да перамір’я і надрукаваны без дазволу цэнзуры за кошт аўтара на блакітнай паперы ў выглядзе ліста, складзенага ў чатыры столкі. Паэт пасылаў сваю «кніжачку» па пошце тым дзеячам, якія ўцягнуты ў барацьбу за працяг вайны, і тым, хто выступае супраць вайны. У ліку змагароў супраць імперыялістычнай вайны быў Анры Барбюс, які стварыў кнігу «Агонь». Ён атрымаў ад Элюара вершы з аўтографам: «Анры Барбюсу, які напісаў самую карысную кнігу ў свеце».


ПАТРЭБЫ ЖЫЦЦЯ I ПЛЁН СНОЎ — СЛЕДАМ ЗА ПРЫКЛАДАМІ
Гэты зборнік з’явіўся на аснове лінгвістычна-стылістычных эксперыментаў, якімі Элюар займаўся на старонках невялічкага, створанага ім часопіса «Прыказкі».


ГОРАД ТУГІ
У рукапісе гэты зборнік называўся «Мастацтва быць нешчаслівым». Пры чытанні карэктуры Элюар змяніў назву на «Горад тугі». Зборнік стаў вельмі папулярным сярод аматараў паэзіі ў Францыі.


КАХАННЕ. ПАЭЗІЯ
Кніга прысвечана Гала — першай жонцы Элюара. Гала (як назваў яе Элюар) — Алена Дзмітраўна Дзяканава была дачкой маскоўскага адваката. Паэт пазнаёміўся з ёй у горным санаторыі Клавадэль (Швейцарыя), дзе лячыўся з канца 1912 г. да лютага 1914 г. Пасля звароту нявесты ў Расію яны доўга перапісваліся. У лютым 1917 г., нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу, Гала прыехала з Пецярбурга ў Францыю, каб павянчацца з Элюарам. Ён служыў тады ў 22-м пяхотным палку, і яго адпусцілі на некалькі дзён на пабыўку дамоў для жаніцьбы.

Сваім раннім знаёмствам з рускай паэзіяй Элюар абавязаны Алене Дзмітраўне. У 1918 г. яны нават спрабавалі разам перакласці на французскую мову «Балаганчык» А. Блока (на жаль, рукапіс перакладу згубіўся).

11 мая 1918 г. у іх нарадзілася дачка Сесіль. Ёй прысвечаны верш «Маё дзіця капрызнае» (гл. зборнік «Вершы для мірнага часу»).

У дзесяцігадовым узросце Сесіль падказала Элюару назву зборніка «Каханне. Паэзія». «Я прасіў яе аб гэтым і спачатку сціпла прачытаў ёй некалькі вершаў». Гэтыя словы надпісаны рукой Элюара на адным з экземпляраў зборніка.


НАТУРАЛЬНАЯ ПЛЫНЬ
Лістапад 1936.— Упершыню падрукаваны ў газеце французскіх камуністаў «Юманітэ» 17 снежня 1936 г. Гэта быў гнеўны водгук на фашысцкія бясчынствы ў Іспаніі ў дні грамадзянскай вайны. У красавіку 1938 г. верш быў выдадзены асобнай кніжачкай пад назвай «Салідарнасць» — на французскай і англійскай мовах. Верш выклікаў раздражненне з боку кіраўніка сюррэалістаў Брэтона.

На творчым шляху Элюара кніга «Натуральная плынь» была важнай паваротнай вяхой і з’явілася прадвесніцай паэзіі Элюара эпохі Французскага Супраціўлення.


ПАЭЗІЯ I ПРАЎДА 42 ГОДА
Назву кнігі Элюар спецыяльна пераняў у Гёте (аўтабіяграфічная кніга «Паэзія і праўда»), каб падкрэсліць, што праўдзівае слова не мае межаў і не залежыць ад шавіністычнай дзікай палітыкі фашыстаў.

Свабода.— У рукапісе гэты верш меў назву «Адзіная думка» і прысвячаўся Нуш Элюар (другой жонцы паэта). Затым Элюар змяніў загаловак верша, і «Свабода», падрукаваная ў 1942 г. на лістоўцы, атрымала самы шырокі рэзананс. Верш скідвалі ў тысячах экземпляраў пад акупіраванай Францыяй. Яго перадавалі з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ён стаў гімнам барацьбітоў Супраціўлення.


ТВАР У ТВАР З НЕМЦАМІ
Апавяшчэнне.— Верш з’явіўся водгукам на гібель ад рук фашыстаў у 1942 г. Жоржа Дзюдака, рэдактара часопіса маладых камуністаў «Кайе дэ ля Жэнес».

Мужнасць.— Упершыню без подпісу надрукаваны ў газеце «Летр Франсэз» (студзень — люты 1943 г.).

Сем вершаў аб любові на вайне.— Выдадзены ў канцы 1943 г. у падпольным камуністычным друку пад псеўданімам Жан дзю О.

Тупыя і злосныя.— Упершыню надрукаваны ў падпольнай «Летр Франсэз», май 1944 г., затым у «Песнях макі» пад псеўданімам Марыс Эрван. Макі — так называліся французскія партызаны — змагары супраць гітлераўскіх захопнікаў.

Габрыэль Перы. — Упершыню надрукаваны ў газеце «Юманітэ» 13.ХІІ.1944 г. у знак памяці Габрыэля Перы (1902—1941) — нацыянальнага героя Францыі, камуніста, аднаго з рэдактараў газеты «Юманітэ», расстралянага гітлераўцамі 15 снежня 1941 г.


ЛОЖАК. СТОЛ
Кніга ўпершыню надрукавана ў Швейцарыі ў выдавецтве «Труа Коллін» у пачатку 1944 г. Большасць вершаў напісана ў горнай псіхіятрычнай бальніцы Сента-Алабан у Севеннах (Швейцарыя), дзе Поль і Нуш Элюар вымушаны былі хавацца ад праследаванняў паліцыі з лістапада 1943 г. Туды з’яўляліся партызанскія сувязныя з Францыі, якім паэт перадаваў свае вершы.

Крытыка паэзіі.— Гэта другая элюараўская «Крытыка паэзіі» (першай заканчваўся зборнік «Само жыццё», 1932 г.).

Федэрыка Гарсія Лорка (1899—1936), выдатны іспанскі паэт і драматург. Быў адным з арганізатараў Мадрыдскага саюза антыфашысцкай інтэлігенцыі. Расстраляны франкістамі 19 жніўня 1936 г.

Сен-Поль-Ру (1861—1940) — вядомы французскі паэт і драматург, які ў маладосці быў паэтам-сімвалістам. Сен-Поль-Ру не вытрымаў здзекаў, якія ўчынілі гітлераўцы: яны ўварваліся ў яго дом у Брэтані, цяжка паранілі яго дачку і знішчылі ўсе яго рукапісы. Неўзабаве паэт памёр у Брэсце (паўночна-заходняя Францыя).

Жак Дэкур (сапраўднае імя Даніэль Дэкур дэ Манш, 1910—1942) — французскі пісьменнік, камуніст, актыўны ўдзельнік Руху Супраціўлення, арганізатар Нацыянальнага камітэта пісьменнікаў і першы рэдактар яго друкаванага органа — газеты «Летр Франсэз». Быў арыштаваны паліцыяй, перададзены ў рукі гестапа і забіты 30 мая 1942 г. у форце Мон-Валер’ен каля Парыжа.


ГАРАЧАЯ ПРАГА ЖЫЦЬ
Эпіграфам да кнігі з’яўляюцца словы Элюара: «Калі я пісаў гэтыя вершы, я ведаў, што яны будуць ілюстраваны малюнкамі Марка Шагала».

У кнізе было дадзена дваццаць пяць малюнкаў і каляровы франтыспіс работы Марка Шагала. Там жа быў змешчаны верш Элюара, прысвечаны мастаку.


ПАЛІТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ
Зборнік выйшаў у выдавецтве Галімара з прадмовай Луі Арагона. Адкрыўся словамі «Ад далягляду адзіночкі да далягляду ўсіх людзей».

У Iспаніі.— Элюар, звязаны даўняй дружбай з многімі дзеячамі іспанскай культуры, увайшоў у 1945 годзе ў Камітэт дапамогі іспанскім дэмакратам.

Поль Ваян-Куцюр’е — французскі пісьменнік і мастак (1892—1937) з’яўляўся адным з заснавальнікаў Французскай камуністычнай партыі, членам яе ЦК, галоўным рэдактарам газеты «Юманітэ».

«Мэтай паэзіі павінна быць практычная ісціна» — адно з любімых выслоўяў Элюара, якое належала мяцежнаму і памершаму ў невядомасці паэту Дзюкасу. Ён друкаваўся пад імем графа Лотрэамона. Пазней яго «Песні Мальдарора» сталі настольнай кнігай французскіх пісьменнікаў-авангардыстаў. «Патрабавальныя сябры», да якіх звяртаецца Элюар,— гэта ўсе тыя, хто не прымаў яго грамадзянскай лірыкі.


УРОК МАРАЛІ
Грэцыя, мая ружа розуму — адзін з асноўных паэтычных цыклаў гэтай кнігі.

У маі-чэрвені 1949 г. Элюар разам з вядомым французскім барацьбітом за мір, мастаком і публіцыстам Іван Фаржам (1899—1953) наведаў партызанскія раёны Грэцыі ля гары Грамос. Адтуль ён пісаў дачцэ Сесіль: «Я зрабіў цудоўнае падарожжа ў свабодную Грэцыю. Там я сапраўды пражыў цэлую эпоху майго жыцця. Партызаны і партызанкі праяўляюць цуды мужнасці, надзеі, прыгажосці... У апошнюю ноч чатыры тысячы сялян і салдат, усе з аўтаматамі, наладзілі нам трыумф. Чыталі мой верш «Афіна». Гэта быў мітынг у абарону сусветнага міру, і ўсе спявалі, танцавалі».


ПРЫСВЯЧЭННІ
У імя дружбы.— Марсель Кашэн (1869 — 1958) — выдатны дзеяч французскага і міжнароднага рабочага руху, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Французскай камуністычнай партыі.

Пераможцы.— Васіль Леўскі (1837—1873) — выдатны дзеяч рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Балгарыі.

Рахунак да аплаты.— Ілья Эрэнбург (1891— 1967) — быў асабістым сябрам Элюара. Яны разам вялі падрыхтоўку да Сусветнага кангрэса дзеячаў культуры ў абарону міру. Кангрэс адбыўся ў жніўні 1948 г. у польскім горадзе Вроцлаве.

Прадмовай Эрэнбурга аб творчасці Элюара адкрываюцца дзве кнігі паэта, выдадзеныя ў Маскве ў 1958 г.: на французскай мове «Выбраныя вершы» (выдавецтва замежнай літаратуры) і на рускай мове (Дзяржлітвыдавецтва).

СССР — надзея наша.— Элюар двойчы наведаў Савецкі Саюз: у 1950 г.— па запрашэнню Саюза пісьменнікаў СССР і ў 1952 г. з выпадку юбілеяў Гюго і Гогаля. Элюар бачыў у нашай краіне ўвасабленне надзеі лепшых людзей свету.


ЗДОЛЕЦЬ УСЁ СКАЗАЦЬ
Паэты, якіх я ведаў.— Луі Арагон (1897) — выдатны французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з лепшых сяброў і паплечнікаў Элюара, лаўрэат Міжнароднай Ленінскай прэміі «За ўмацаванне міру паміж народамі». У 1977 г. узнагароджаны Савецкім урадам ордэнам «Дружбы Народаў».

Жан Фрэвіль (1898) — французскі пісьменнік і крытык. Пераклаў па французскую мову многія творы класікаў марксізма-ленінізма.


АБЛІЧЧА МІРУ
Кніга выйшла ў выдавецтве «Серкль д’ар», як альбом з паэтычнымі подпісамі Элюара пад малюнкамі Пікасо.


З НЯВЫДАДЗЕНАГА
Жаку Дзюкло.— Адзін з вершаў гэтай паэтычнай нізкі.

Жак Дзюкло (1896—1975) — дзеяч французскага і міжнароднага камуністычнага і рабочага руху. Адзін з арганізатараў Руху Супраціўлення ў гады фашысцкай акупацыі Францыі. З кастрычніка І950 г. на сакавік 1953 г., у час хваробы Марыса Тарэза, выконваў абавязкі генеральнага сакратара Французскай камуністычнай партыі.

25 красавіка 1953 г. Жак Дзюкло выступіў з прамовай каля дома, дзе нарадзіўся Элюар, у Сэн-Дэні, паблізу Парыжа. Гэта прамова пад назвай «Перад родным домам» была надрукавана ў часопісе «Еўропа» (орган прагрэсіўных французскіх пісьменнікаў), поўнасцю прысвечаным Элюару.

У другі раз часопіс «Еўропа», прысвечаны Полю Элюару, выйшаў у лістападзе — снежні 1962 г.



Оглавление

  • ПОЛЬ ЭЛЮАР З ТАБОЙ: ВЫБРАНАЕ
  • ПЯСНЯР МУЖНАСЦІ I ДАБРАТЫ
  • ПЕРШЫЯ ВЕРШЫ 1913-1918
  • АБАВЯЗАК I ТРЫВОГА 1917
  • ВЕРШЫ ДЛЯ МІРНАГА ЧАСУ Ліпень 1918
  • ПРЫКЛАДЫ 1921
  •   Патрэбы жыцця
  •   Плён сноў
  • ГОРАД ТУГІ 1926
  • КАХАННЕ. ПАЭЗІЯ 1929
  •   На пачатку пачаткаў
  • САМО ЖЫЦЦЁ 1932
  • ПЛАДАНОСНЫЯ ВОЧЫ 1936
  • СВАБОДНЫЯ РУКІ 1937
  • НАТУРАЛЬНАЯ ПЛЫНЬ 1938
  •   Правы і абавязкі бедняка
  • ПОЎНАЯ ПЕСНЯ 1939
  • АДКРЫТАЯ КНІГА 1940
  • КРЫЧАЦЬ
  • ПАЭЗІЯ I ПРАЎДА 42 ГОДА 1942
  • ГОЛАДАМ НАВУЧАНА ДЗІЦЯ
  • ЗНАДВОРКУ
  • АПОШНЯЯ НОЧ
  • ТВАР У ТВАР З НЕМЦАМІ 1942-1945
  • ТУПЫЯ I ЗЛОСНЫЯ
  • ВАРТЫЯ ЖЫЦЬ 1944
  • ЛОЖАК. СТОЛ 1944
  • БЕЗ ЦЯБЕ
  • Жыццё. Ноч
  • БЕЛАКРЫЛЫЯ ШВАЧКІ 1945
  • ГАРАЧАЯ ПРАГА ЖЫЦЬ 1946
  • ЛІШНІ ЧАС 1947
  • ПАЛІТЫЧНЫЯ ВЕРШЫ 1948
  • У ІСПАНІІ
  • ІСПАНІЯ
  • ПАМЯЦІ ПОЛЯ ВАЯН-КУЦЮР’Е
  • УРОК МАРАЛІ 1949
  •   МОВА КОЛЕРАЎ
  •   Грэцыя, моя ружа розуму
  • ПРЫСВЯЧЭННІ 1950
  • ЗДОЛЕЦЬ УСЁ СКАЗАЦЬ 1951
  • АБЛІЧЧА МІРУ 1951
  • З НЯВЫДАДЗЕНАГА
  • ФЕНІКС 1951
  • ЗАЎВАГІ