Зборнік сцэнічных твораў [Аляксандр Чужынін] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Зборнік сцэнічных твораў Беларускі тэатр

Беласток 1957 г.

Выдавецтва галоўнага праўлення беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы


АД ВЫДАЎЦЫ


Галоўнае Праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, з сядзібай у Беластоку ідучы на сустрэчу ініцыятыве беларускай моладзі ў пашырэнні мастацкай самадзейнасці ў межах Народнай Польшчы выдае першае сваё выданне «Зборнік сцэнічных твораў» для гурткоў мастацкай самадзейнасці. Складаецца ён з трох п’ес аднаактовых і адной п'есы двухактовай «Пярэстая красуля» А. Чужыніна, «Боты» (пераклад з украінскага М. Крапіўніцкага), «Міхалка» (з польскага пераапрацавана Далецкімі) і «Мікітаў Лапаць» М. Кудзелькі.

Думаем, што гэты зборнік п’ес дапаможа нашай моладзі ў арганізіванні драматычных гурткоў.

Выдавецтва падабрала п’есы, якія ў нашых абставінах не цяжка падрыхтаваць да пастаноўкі. Зборнік гэты дапаможа ў працы моладзі ў пашырэнні беларускай культуры.

Выдавецтва просіць прысылаць свае заўвагі і пажаданні адносна зборніка пад адрасам: Галоўнае Праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, вул. Маніфеста Ліпнёвага 25.

Галоўнае праўленне беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.


ПЯРЭСТАЯ КРАСУЛЯ А. ЧУЖЫНІН


Жарт у 1 акце

Асобы:

БОБКІН, стары мешчанін.

БАРБАБА, яго дачка.

ТОБI, яе жаніх.

МАРГАНЧЫК, гандляр.


(На сцэне Бобкін, адзін сядзіць каля стала і піша).


БОБКІН (піша і чытае). «Прадаецца пярэстая карова за невялікую цану. Бачыць можна штодня ад пяці гадзін раніцы да адзінаццаці гадзін увечары ў памяшканні Бобкіна». (Ставіць на стол абвестку, выходзіць і чытае). Прадаецца... Так... Кажды дурань зразумее, што прадаецца карова, а не шафа ці сабака. Барбара! Барбарачка! (Бярэ шапку ды йдзе. У гэты момант уваходзіць Барбара).

БАРБАРА. Куды ты, гэта татка, збіраешся?

БОБКІН. Па справе йду. Мне трэба вывесіць абвестку на браме, што прадаецца карова. (Зірнуўшы на яе). Але слухай, Барбарачка, што гэта ў цябе такі сумны выраз твару?

БАРБАРА. Сягоння, татачка, ў мяне вельмі важны дзень: ён рашае долю ўсяго майго жыцця.

БОБКІН. Адказвай, як на споведзі: каханне, раман, захопленне?

БАРБАРА. I каханне, й раман, і захопленне. А да таго-ж... і да таго... закахана...

БОБКІН. Заках... цьфу... Закахана! Хто-ж той паганец? га? Хто? (Ходзіць знэрваваны па хаце).

БАРБАРА. Ось ён табе прэдставіцца.

БОБКІН. Не, ён не прэдставіцца, а выставіцца адсюль, от што я табе скажу.

БАРБАРА. Тата! я не маленькая, і маю свае ўласныя жаданні, а да гэтага-ж, я закахана.

БОБКІН. Закахана? Цьфу! Дзе мая палка? Дзе рэбры твайго жаніха? Няхай ён толькі з’явіцца, то я яму дваццаць галоў скручу! Дачка, адна толькі ціхоня ды нявіннасць і... закахана... Цьфу! Слухай, Барбара, каб на другую гадзіну быў гатовы самавар.

БАРБАРА. Татачка, вы выходзіце?.. Вы яго не прымеце? Тады от-жа на злосць вам я залічуся ў старыя дзеўкі.

БОБКІН. Калі прыйдзе купец у справе гэтай каровы, то прыймі і забаў яго. Заках... Цьфу! (Пайшоў).

БАРБАРА. А я ўсіх вашых купцоў... (Плача і глядзіць у акно). Пайшоў! Ці надоўга? На другую гадзіну наказаў наставіць самавар. Прыходзь! У хаце апроч мяне няма нікога. Прыйдзеш? Чакаціму! (Званок). Гэта ён, мой Тобі! (Становіцца каля дзвярэй ды ў той момант ўваходзіць Марганчык, яна кідаецца яму на шыю і цалуе).

МАРГАНЧЫК. Выбачайце, паненачка. Ха-ха-ха!

БАРБАРА. Выбачайце, я думала, што гэта бацька!

МАРГАНЧЫК. Але я яшчэ не бацька. Чароўная паненачка!

БАРБАРА. Што вам трэба?

МАРГАНЧЫК. Бачыце, паненачка, я меў гонар пабачыць! на браме... прыгожанькая кветка... на браме абвестку пра продаж пярэстай каровы, ды прыйшоў, каб яе купіць.. (Убок) Цудоўны экземпляр.

БАРБАРА. Бацькі няма ў дома. Ён вернецца толькі ў дзве гадзіны.

МАРГАНЧЫК. Добра. Я зайду пазней. А пакуль што скажэце бацьку, што прыходзіў пан Марганчык: Марганчык, а не Марданчык, морга, а не морда.

БАРБАРА. Добра, я скажу.

МАРГ'АНЧЫК. Да пабачання, мая зоранька. Так не забудзь сказаць, што маё прозвішча Марганчык, а не Марданчык, ад слова морга, а не морда.

БАРБАРА. Добра, добра!

МАРГАНЧЫК. Бывайце здаровы. (Убок). Чароўная дзяўчына! (Кланяецца, пасылае пацалункі, і выходзіць).

БАРБАРА. (адна). От ускочыла! Чужому чалавеку на шыю кінулася... (Чутны званок). Слава табе Божа, гэта напэўна Тобі. Ідзі, йдзі, мой каханы! Я цябе гэтак чакаю! (Уваходзіць Марганчык, якога яна йзноў цалуе). Ах! Выбачайце! Я йзноў думала што гэта бацька!

МАРГАНЧЫК. Бацька! Хэ-хэ-хэ! А гэта я йзноў!

БАРБАРА. Чаго яшчэ вам трэба?

МАРГАНЧЫК. Бачыце, я прыйшоў напомніць вам, што маё прозвішча Марганчык, а не Марданчык.

БАРБАРА. Добра, добра! Чула ўжо, чула!

МАРГАНЧЫК. Так і сказаць. Марганчык. Толькі, калі ласка, не забудзце, што маё прозвішча ўтвараецца ад слова морга, а не морда, Марганчык, а не Марданчык.

БАРБАРА. Ну, добра, добра, скажу!

МАРГАНЧЫК. Да пабачання, маё сонейка, мая зоранька ясная. (Шмат разоў кланяецца і выходзіць).

БАРБАРА. Ага, вось бачу, я старэнькаму ўпадабалася, што яго памылкова пацалавала. Калі ён яшчэ раз падвернецца, то я яго так пацалую гэтым кіем, што ён не забудзе да новае стрэчы. (Званок). О, ізноў яго чэрці нясуць. (Бярэ кій ды становіцца каля дзвярэй. Уваходзіць Тобі. Яна яго б’е кіем). Ах!

ТОБІ. Барбарачка! Што ты ашалела, ці што?

БАРБАРА. Тобі, гэта ты? Выбач, каханы!

ТОБІ. Гэта пэўна што я, а не свіння. Ну, й пачаставала! Ну што, ты казала бацьку, што я прыйду сягоння з ім пазнаёміцца?

БАРБАРА. Сказала, ды ён абяцаў паламаць табе дзвесці рэбраў.

ТОБІ. Але-ж у мяне іх столькі й няма. Ды-к няўжо-ж ён не разумее, што я цябе, Барбара, кахаю ды яшчэ й як кахаю! Усім запалам першага кахання». (Званок).

БАРБАРА. Гэта, мусіць, тата! (Падыходзіць да вакна). Так і ёсць. Тобі, ўцякай адгэтуль, дзеля Бога!

ТОБІ. Але-ж куды?

БАРБАРА. Уцякай праз вакно. Па трубах дажджавых.

ТОБІ. Дык я-ж увесь запэцкаюся.

БАРБАРА. Куды хочаш, туды й уцякай! Але, дзеля Бога як мага хутчэй уцякай! (Выбягае).

ТОБІ. Куды-ж мне ад яго падзецца? (Кідаецца да вакна). Высока і боязна. А, чорт яго бяры! Чаго там! Вазьму ды сяду. (Сеў. Уваходзіць Бобкін).

БОБКІН. Ага! Толькі што павесіў абвестку, а купец ужо й ёсць. Як маешся, дзяцюк (Убок). Які-ж ён нясмелы! Чаго вы хочаце?

ТОБІ. Я, уласна, дзякую... Бачыце, толькі што парна было, а тут ужо й дождж.

БОБКІН. Нешта не прыкмеціў, каб быў дождж. Мне Барбарачка сказала, што мяне чакае якійсь дзяцюк. Дужа, дужа прыемна пазнаёміцца. Не жанаты?

ТОБІ. Не зусім не жанаты.

БОБКІН. Вы каровы яшчэ не гадавалі?

ТОБІ. Каровы? Як гэта, не, не, не гадаваў!

БОБКІН. Так. А ведаеце. усё-ж гакі прыемна абзавясціся скацінкаю.

ТОБІ. Так, так, ведаеце... у мяне... ў жылах цячэ... такая кроў, дзеля чаго я хацеў... (Убок). Э, ды чаго тут пужацца волю проста з мосту! (Падае на калені). Аддайце мне яе, прашу вас, аддайце!

БОБКІН. Ну, ну, ладна, ладна! нічога не парадзіш! Прыдзецца аддаць, калі вы ўжо так просіце. Ну, а як-жа будзе адносна грошаў?

ТОБІ. Гэта ўсё я прыймаю на свой кошт. Ды калі што яшчэ там будзе патрэбна больш, ну, ведаеце, усё, што трэба ў гэтакім выпадку, так сказаць, пасаг, то не клапацецеся, калі ласка.

БОБКІН. Не, чаго-ж... Я яе аддам з усім яе прыданым. Там у мяне засталося мякіны са два мяшкі, тры дайніцы, два цэбры...

ТОБІ. Дзякую, я люблю і цэбры, і даёнкі, усё гэта, ведаеце, ў гаспадарцы прыдасцца.

БОБКІН. Ого! Яшчэ й як прыдасцца! А ведаеце, шкада мне яе вам аддаваць.

ТОБІ. Я вас зусім разумею, яшчэ і як, бацькаўскія пачуцці...

БОБКІН. Ну, ну! выбачайце, якія гэта ў мяне могуць быць да яе бацькаўскія пачуцці?

ТОБІ. Уласна, не пачуцці, а так сказаць, адна душа, адна прырода, ды потым...

БОБКІН. Дазвольце, дазвольце, якая там у чорта душа, якая прырода!

ТОБІ. Уласна, не душа... а... але-ж вы яе любіце?

БОБКІН. Ага, ці люблю я яе? Пэўна, што люблю, пэўна! Ой, як мне шкада вам яе аддаваць, нават слёзы на вачох навярнуліся. Ось я зараз пайду да яе, абніму і скажу: бывай, мая пярэстая красуля!

ТОБІ. Пярэстая?

БОБКІН. А яна нібы зразумее мяне, гляне ды яшчэ хвосцікам увабодвы бакі кіў-кіў, мах-мах!

ТОБІ. Якім хвосцікам?

БОБКІН. А як-жа, там у яе хвост аршынаў з паўтара. Ось толькі дрэнна, што апошнім часам стала малака менш даваць.

ТОБІ. А гэта й добра! Я малака зусім не п’ю.

БОБКІН. Ну што тут добрага? Малако трэба піць.

ТОБІ. А так, так мне доктар казаў...

БОБКІН. Я таксама да яе са два разы заклікаў вэтэрынара (доктар, які лечыць жывёл), дык нічога, кажа, паправіцца.

ТОБІ. А як-жа, а як-жа — разумею! Вэтэрынар паправіцца — разумею! (Убок). Ні чарта не разумею!

БОБКІН. Ну і марудзіць часам, гэта таксама бывае.

ТОБІ. Ну, бяз гэтага не можна. Жаноцкая ўдача.

БОБКІН. Ось аднаго разу, ведаеце, здарылася так, што я ўваходжу да яе, а яна мяне не пазнала, ды як брыкне...

ТОБІ. Яна й брыкаецца?

БОБКІН. Ого! яшчэ й як! На мілу душу!

ТОБІ. Як гэта яна таго... брыкаецца, дык мы можа пачакаем год, другі, пакуль я скончу навуку...

БОБКІН. Што вы, што вы? Сапсуецца, зусім сапсуецца! Пэўна, што яна спачатку вас баяцімецца, але потым, як гаворыцца, сцерпіцца — злюбіцца.

ТОБІ. Ой! Як я вам удзячны!

БОБКІН. Ну, добра, добра! Толькі-ж не забывайце, што раніцай і вечарам даваць ёй пойла. А пасля трэба, каб хлеў, дзе яе будзеце трымаць узімку, заўсёды быў цёплы. Калі яшчэ гэтага не маеце, дык збудуйце.

ТОБІ. А я думаў для яе знайсці кватэру на першым паверсе (этажы).

БОБКІН. Што вы, што вы? Не ўлезе, ды хто-ж іх там трымае? Пачакайце, ось я вас зараз пачастую яе творамі (малаком і маслам), пальчыкі абліжаце! (Выходзіць).

БАРБАРА (уваходзячы). Ну, што? У цябе яшчэ ўсе рэбры на мейсцы?

ТОБІ. Усе, усе! Ён згадзіўся!

БАРБАРА. Нашто згадзіўся? Ці ты з глузду з’ехаў?

ТОБІ. Ані трошкі! Я яму адразу ўсё выклаў, што й люблю, й жыць без цябе не магу. А ён адразу маўчаў, маўчаў, а потым і кажа: шкада мне яе вам аддаваць. Толькі ось што пагана, што я даведаўея, што ты любіш марудзіць.

БАРБАРА. Што, табе бацька казаў?

ТОБІ. Так! Ужо і пра пасаг гутарылі: там вёдры, там дайнічкі...

БАРБАРА. Не паверу! Ай, бацька йдзе! (Уцякае).

БОБКІН (уваходзіць з малаком). Ось пакаштуйце. Не, вы выпійце да рэшты. Ну што, праўда смачнае?

ТОБІ. Паршыв... ці то пах... дзіўна, дзіўна!

БОБКІН. От бачыце, якое малачко! Барбара, Барбарачка! (Уваходзіць Барбара). Ты ведаеш, чаго прыйшоў гэты сымпатычны (прыемны) дабрадзей?

БАРБАРА. Ведаю датачка!

БОБКІН. Без тваёй згоды я не магу. Ну, як ты думаеш, аддаваць ці не?

БАРБАРА. Татачка! (Кідаецца яму на шыю).

ТОБІ. Татачка!

БОБКІН. Ну добра, добра! Толькі не забывайце-ж, што рана і вечарам даваць пойла. Акром таго, купіць сабе разлучнік (Сэпаратар).

ТОБІ. А на што-ж разлучнік?

БОБКІН. Як нашто? У гаспадарцы прыдасца. Ну, Барбарачка, правядзі яго да яе, няхай ён бліжэй з ёю пазнаёміцца. (Званок). А я пайду, а то там яшчэ хтось прыйшоў. (Пайшоў).

ТОБІ. Дык гэта табе даваць пойла?

БАРБАРА (плача). Не, карове.

ТОБІ. Дык, значыць, гэта карова брыкаецца, а не ты?

БАРБАРА. Т-т-а-к (Паўза). Калі ласка, хадзеце, я вас бліжэй пазнаёмлю з вашаю маючаю быць нявестаю. (Ідзе ў дзверы).

ТОБІ. Барба...! Барбарачка! Ты-ж зразумей, што тут непаразуменне. (Ідзе за ёю, выходзяць. Паўза).


Уваходзяць: БОБКІН і МАРГАНЧЫК.


МАРГАНЧЫК. Дазволю сабе адрэкамендавацца: Марганчык. Звяртаю вашу сардэчную ўвагу на тое, што маё прозвішча Марганчык, а не Марданчык, морга, а не морда.

БОБКІН. Дужа прыемна. (Убок). Прэпаршывая морда! Чым магу служыць?

МАРГАНЧЫК. От-жа, прашу, бачыце, я з’явіўся ў справе, так сказаць... тут ваша дачка... прыгожая дачка ..

БОБКІН (сам сабе). Ага, так і ёсць, гэта той самы падлюка, пра якога яна мне казала. Ну і што-ж там мая дачка?

МАРГАНЧЫК. Цудоўнае стварэнне! Яна мяне тут, як вас не было, аж два разы пацалавала.

БОБКІН. Што такое? пацалавала? Дзе мой кій? Ой, трымайце мяне, бо я яго акалечу! Ну, што-ж далей?

МАРГАНЧЫК. Бачыце, а ось з’явіўся да вас, каб наладзіць афіцыйную справу... ўмову...

БОБКІН. Так? Умову, законны шлюб?

МАРГ'АНЧЫК. О, не! Я прынцыпова вораг шлюбаў. У мяне ёсць эканомка (служанка), што выконвае гаспадарчыя абавязкі ды ўсялякія іншыя рэчы?

БОБКІН. Ды пасля гэтага вы наважыліся бацьку прапанаваць гэткія рэчы?

МАРГАНЧЫК. Выбачайце, не ведаў, што вы яе бацька!

БОБКІН. А хто-ж яе бацька? Га? Проч ад мяне.

МАРГАНЧЫК. Але-ж дазвольце, я першы, які запрапанаваў вам адносна...

БОБКІН. Проч адгэтуль!... бо я за сябе не ручаюся! Барбара! (Уваходзіць Барбара).

БАРБАРА. Што такое, татачка?

БОБКІН. Ось гэты дабрадзей, якому ты чаплялася на шыю...

БАРБАРА. Памылкова, татачка!

БОБКІН. Ось гэта морда прапануе табе пайсці да яго! Але ён вораг шлюбу ды жыве са сваею служанкаю! Проч! Проч!

МАРГАНЧЫК. Што? Што такое? Мяне проч! Мяне проч! Дык я пляваць хачу на вашу карову! Я такіх тысячу знайду!

БОБКІН. Што такое? мая дачка карова? Дык мо’ яшчэ цяля?! Проч ад мяне! Проч ад мяне, паршывая морда!

МАРГАНЧЫК. Каровін бацька!

БОБКІН. Проч! А то я з цябе зраблю кашу. (Марганчык выходзіць). О, Барбара, Барбара! Каму ты сябе хацела аддаць? Гэтаму агіднаму галышу! Дзе-ж былі твае вочы?

МАРГАНЧЫК (высоўвае галаву ў дзверы): Цялячы галыш.

БОБКІН. Проч, проч ад мяне, паршывая морда! Ну, я яшчэ разумею, калі-б ты застанавіла свой выбар на гэтым дзяцюку, што купляе ў нас карову...

БАРБАРА. Татачка!

БОБКІН. Маўчы! ну, тады іншая справа, а то агідны, распусны галыш. (Уваходзіць Тобі). Ну, падзівіся. Ці-ж можна параўняць? Ну, ну, як ён табе падабаецца?

БАРБАРА. Нічога сабе, толькі дужа тонкі.

БОБКІН. Ён тонкі! А на што-ж табе грубы? Дабрадзей! хочаце ў прыдачу да каровы атрымаць яшчэ й маю дачку? Хочаце?

ТОБІ. Не ведаю, дальбог, як вам і сказаць...

БОБКІН. Ну, дзеці мае, пабярэцеся. Ну, зрабеце гэта для мяне. Ось падзівецеся: яна гэткая прыгожанькая, а вы таксама нічога сабе. Я вам ужо і карову так дам... і разлучнік куплю. Зрабеце гэта для мяне старога. Ну, дзеля Бога, зрабеце. Няўжо-ж гэта вам так трудна зрабіць?

ТОБІ. Дык я не дзеля таго... калі вы ўжо так просіце...

БАРБАРА. Я таксама не адмаўляюся.

БОБКІН. Ну, й добра! Жанецеся, любецеся, ды дай вам Божа, каб у вас праз год было цялятка, цфу, дзіцятка! (Вяртаецца Марганчык).

МАРГАНЧЫК (хапаючы капялюш, што задыў на дзверах). Бачачы галыш!

БОБКІН. Ты ізноў? Проч, проч ад мяне, паршывая морда!


(Заслона).

КАНЕЦ.


БОТЫ М. КРАПІЎНІЦКІ


Водэвіль з песнямі і танцамі
Пераклад з украінскага.


Асобы:

1. МАКСІМ ДРАТВА.

2. ГАННА — яго жонка.

3. МАРКА ТРАЯК — сляпы на адно вока.

4. СВІСТУН — Маскаль (жаўнер у адстаўцы).


З’ЯВА І.
(Сялянская хата, шавецкі столік, за ім Дратва пяе)


ДРАТВА.

Ой не спіцца не ляжыцца
I сон мяне не бярэ,
Пайшоў-бы я да дзяўчыны
Сам не знаю дзе жыве.
Паслаў-бы я таварыша,
Бо ён знае дзе жыве,
Дык таварыш лепш за мяне
Ён дзяўчынку адаб’е.
(кідае працу). Не мела баба клопату, дык купіла парася! Вось так і я здурэў на старасць, узяў і ажаніўся! Ды ў дадатак жонку ўзяў не па свойму розуму. Бо я, што сказана, просты мужык, шавец. А яна змалку пры двары ў паноў служыла, дык навучылася ўсякіх панскіх выкруталаў. А цяпер хоць гвалт крычы, не магу з ёй даць ніякай рады. Я кажу белае, а яна кажа чорнае, я кажу стрыжана, а яна кажа голена. Хоць ты яе зарэж, а яна такі на сваім паставіць. А да хлапцоў такая падкая, як муха да мёду. А якая хітрая, паляруш яе здрэнчыў-бы. Вось, здаецца, злавіў яе і нічога больш не астаецца, як толькі лупцуй колькі ўлезе — дык не! Яна і сама выкруціцца і свайго каханка выкруціць. Вось нядаўна прынадзіўся да яе салдацюга, але ніяк не магу-ж яго выкурыць. Я з хаты, а ён у хату; хоць-бы што з яго было добрае, то жалю не было-б. А то бацька яго быў вясковым пастухом і звалі яго проста Свістун. Ён кажа ўжо не Свістун, а Свістуноў, цьфу, крушч бярозавы. I што тут выдумаць, каб гэтага Свістуна пазбавіцца? Не, мусіць калі не поп, дык і не ўбірайся ў рызу. Трэба папрасіць кума Траяка. Ужо калі ён мне не паможа, то хоць сучы дратву ды вешайся на галінцы! Вось здаецца і кум Траяк ідзе.


З’ЯВА II.
Дратва і Траяк.


ТРАЯК. (П’яны пяе).

Ой ты мая гарэліца,
Ой ты весялушка,
Цераз усю мяне ночку
Мучыла сукрушка.
Няўжо-ж, то мне было лёгка
Цераз усю ночку,
Калі бачыў усё ўва сне
Парожнюю бочку
Судзь Божа даждаць свята,
Тады павітаю
Загайкаю гаю, гаю...
Ды запаклікаю,
Дзякуй Богу, што даждаўся,
Вось і папіваю.
Загайкаю гаю, гаю...
Ды запаклікаю.
(б'е рукой па плячы Дратвы) Здароў кум Максім!


ДРАТВА. Здароў кум Марка!

ТРАЯК. Чаго ты так скрывіўся, як серада на п'ятніцу. Кажы праўду быў сягодня ў Рэйзы?

ДРАТВА. Дзе мне да Рэйзы! Мне цяпер свет немілы.

ТРАЯК. Свет немілы, бо не быў у Рэйзы... А як-бы ты выпіў адну, другую, дзесятую, то табе адразу зрабілася-б міла. Вось так, як я. Мне цяпер свет вельмі мілы. Пойдзем да Рэйзы (цягне за рукаў).

ДРАТВА. Дзе там кумок. Каб ты ведаў, які ў мяне хлопат.

ТРАЯК. Які там у цябе хлопат? Можа Рэйза гарэлкі ў павер не дае?

ДРАТВА. Папаў пальцам у неба. — Праз жонку! Найбольш у свеце бывае хлопату праз жонак. У цябе жонка, як жонка, а ў мяне не жонка, а скула (пяе).

У суседа хата бела,
У суседа жонка міла
Жонка міла, невялічка,
Носіць жоўты чаравічкі.
Устае яна ранюсенька,
Прыбярэцца прыгожанька;
Жонка ў мяне пышна вельмі
Да работы не ідзе шэльма.
Толькі сядзіць, ды ляжыць;
Ды не хоча рабіць,
Кажу снедаць — за лоб смыча
Дай абедаць — хвігі тыча,
На вячэру кулакі
Усё тыча пад бакі,
А як ляжа яна спаці
Выганяе мяне з хаты.
— А што, добрая мая жонка?

ТРАЯК. Што твая! Твая яшчэ нічога. Яна хоць і недалэнга, але за тое маладая ды прыгожая. А вось паслухай якая ў мяне жонка: (пяе).

Мая жонка знакаміта:
Задрыпана з задзі світа
I на ножку налягае,
I на спіне горбік мае.
Гадка, брыдка, рудаброва,
А твар, як кара дубова,
I згорбіцца, бо старая
Ды сядзіць, як жаба тая.
— А што, чыя лепшая жонка?

ДРАТВА. За тое ты не маеш ніякага клопату. А я дык звар'яцею.

ТРАЯК. Якія-ж твае клопаты?

ДРАТВА. А вось сядайце кум, ды паслухайце. Вы ведаеце гэтага салдацюгу, цьфу! Свістуна?

ТРАЯК. Гэтага дурня?

ДРАТВА. Дзе там дурня? Ён разумней за нас дваіх.

ТРАЯК. Хіба так трудна выкурыць? Узяць яго за чуб, кулакамі пад бок, а каленам пад спіну дый выкінуць за дзверы.

ДРАТВА. Калі ніяк не магу іх ні ў чым злавіць.

ТРАЯК. Калі так, дык ты дурань, у цябе двое вачэй, але нічога не бачаць, а ў мяне хоць адно, але я нешта бачыў.

ДРАТВА. Што ты бачыў? Што? — кажы!

ТРАЯК. Ужэ што бачыў, тое бачыў. А гэта што шыеш?

ДРАТВА. Божа — кажы, што ты бачыў?

ТРАЯК. А ці цэлыя, ці прышвы?

ДРАТВА. Ды цэлыя! Што ты бачыў? Кажы!

ТРАЯК. Не будзь такі вельмі цікавы, бо хутка састарэеш.

ДРАТВА. Дык, ці ты мне скажаш, што бачыў?

ТРАЯК. А якія яны зграбненькія! Вузенькія халявы і высокія абцасы. Цацачкі! Вось каб мне гэтыя боты: зараз-бы я пайшоў у іх лявоніху (бярэ пад бокі і прытупвае).

ДРАТВА. Ну, што скажаш — ці не?

ТРАЯК. А ты што мне за гэта дасі?

ДРАТВА. Скажу табе за гэтае шчырае дзякуй.

ТРАЯК. Ну, цяпер за дзякуй не робяць! Як дасі мне гэтыя боты, дык ўсё табе скажу. Прыпільную табе гэтага салдацюгу, злаўлю яго, звяжу, а тады рабі што хочаш.

ДРАТВА. Калі так, дык гэтыя боты твае.

ТРАЯК. Мае?!

ДРАТВА. Твае! (падаюць рукі) хоць я іх шыў для дзяка, але цяпер твае. Ну кажы, што ты бачыў.

ТРАЯК. Я бачыў, як твая жонка з Свістуном цалавалася.

ДРАТВА. Дзе-ж яны цалаваліся?

ТРАЯК. Вось тут! Сядзелі за сталом на лаве і цалаваліся, а я стаяў на дварэ і праз акно ўсё бачыў.

ДРАТВА. Калі так, дык нічога не паможа; ты мне мусіш прыпільнаваць і злавіць.

ТРАЯК. Злаўлю! Ужо калі я каму што злаўлю, дык злаўлю. (бярэ за боты).

ДРАТВА. Пачакай, іх трэба яшчэ выглянсаваць. А ты праз поўгадзіны прыходзь і калі мяне не будзе, дык бяры. Я іх во тут пастаўлю.

ТРАЯК. Тут, каля лаўкі?

ДРАТВА. Тут, каля лаўкі стаяць будуць.

ТРАЯК. Дык кажаш праз поўгадзіны і каля лаўкі? Добра! Ну, бывай здароў!

ДРАТВА. Бывай!

ТРАЯК. (выходзе прытупваючы).

Кучаравы Марка па кірмашу ходзіць,
Не купляе, не таргуе — сварку толькі водзіць,
Ах ты шэльма Марка, сватай маю Дарку,
Куплю табе каўбасы і гарэлкі чарку.

З’ЯВА III.
Дратва (адзін)


ДРАТВА. Ну цяпер гэты салдацюга не вырвецца з маіх рук. Я яго скумячу, як скуру. Я яму шылам вочы выкалю. Капытам галаву расшчаплю. Але дзе-ж гэта мая шэльма? Цьфу! Кінула працу і пашла. Трэба ўдаваць перад ёю быццам я нічога не ведаю. Жонка, Го-о-о! Няма! Трэба пашукаць яе, бо есці так хочацца, што аж кішкі цягне (выходзіць).


З’ЯВА IV.
ГАННА (адна)


ГАННА. (уваходзіць).

Чым я мужу не жана.
Чым не гаспадыня;
Сем дзён хаты не мяла,
Смецця не насіла.
За што мяне мужык б’еш?
За якія ўчынкі?
Ці-ж я табе не напрала
За год тры пачынкі.
Адзін прала да Каляд,
Другі да Міколы;
А як трэці пачала,
Хоць і да Пакровы.
Вось як я служыла ў двары ў пані Пшэпюркоўскай, дык ніколі гэтай работы не рабіла. Маё дзела было толькі ў пакоях прыбраць ды каля пані круціцца. А цяпер я з’ехала на такую працу і хоць-бы было дзеля каго працаваць. А то стары, гадкі — ды да таго шавец яшчэ. Але-ж ці-ж я каля старога, ды не змагу любіць і маладога? Не здарма я ў паноў служыла, ды наглядзелася розных дзіваў панскіх. Хоць-бы пані Пшэпюркоўская, і чалавека мела і сама была паганая, як тая ведзьма, а кахала маладзенькага вучыцеля, што каля дзяцей быў. Бывала памажа твар мукой і чырвоным бураком, а бровы сажай, і паляцела да вучыцеля зубы скаліць. Дык хіба-ж і мне не можна другога любіць? Хіба мне свет не мілы ці што? Але-ж і пакахала я! Маладзенькі, прыгожанькі, ды да таго яшчэ жаўнер.


З’ЯВА V.
Дратва — Ганна — Свістун.


ДРАТВА. (за дзвярыма) ЖонкаІ Го-го!

ГАННА. Ужо мой злопудзень мяне шукае. Пэўна пракляты Траяк яму расказаў, што я з ім цалавалася.

ДРАТВА. Жонка!

ГАННА. Чаго так крычыш, як звар’яцеўшы.

ДРАТВА. А дзе ты?

ГАННА. Хіба не чуеш, што ў хаце.

ДРАТВА. А, дзе-ж ты была. Забавілася?

ГАННА. На дзіравым мосце правалілася!

ДРАТВА. Які чорт цябе нёс на дзіравы мост. Трэба было ўхапіцца за сабачы хвост! Хаджу, хаджу, крычу, крычу...

ГАННА. Не разарвуся-ж я на дзве (бярэцца за рукі).

ДРАТВА. Давай вячэраць!

ГАННА. Ты толькі і робіш тое, што ясі.

ДРАТВА. А што гэта ты маеш?

ГАННА. Спадніцу.

ДРАТВА. Якая-ж гэта спадніца, калі гэта ручнік.

ГАННА. Калі бачыш, што ручнік, дык на вошта пытаеш?

ДРАТВА. Якая ты вельмі разумная. Дзе ты гэтага розуму набралася?

ГАННА. Ужо дзе набралася, дык набралася, але не ў цябе, бо яго ў цябе зусім няма.

ДРАТВА. Пачакай, яшчэ пабачым, хто з нас разумны, а хто дурны.

ГАННА. (у бок) Ой ліха-ж маё! Пэўна пракляты Траяк яму ўсё чыста расказаў.

ДРАТВА. А што сёння варыла?

ГАННА. Што дам, тое і будзеш есці.

ДРАТВА. (есць) Капуста і каша! Што-дня, дык усё капуста і каша! А калі аладкі будуць?!

ГАННА. Тады, як наша ялавіца каровай стане.

ДРАТВА. Адна вада, дзе гушча?

ГАННА. Ой прычэпа за тры грошы. То кажа адна гушча, а цяпер — адна вада. Ніяк яму не дагодзіш.

ДРАТВА. Ты такі і праўда мне яшчэ не дагадзіла.

СВІСТУН. (пяе пад акном) «Тры дзерэвні, два села, восем дзевок одзін я».

Мае вам здраствуйце!

ГАННА. Пятрусь. Няшчасце маё. Чаго ён цяпер прыйшоў?

ДРАТВА. Цьфу! Свістун. Чорт ужо прынёс яго.

СВІСТУН (за акном) Что вы дзелаеце?

ДРАТВА. А хіба-ж ты не бачыш, шю вячэраем.

СВІСТУН. Ды дзе-ж вы вячэраеце, калі ты з жонкай цалуешся.

ДРАТВА. На-а табе, цалуешся — я ем капусту, а ён кажа цалуешся.

СВІСТУН. Ды што ты мые говорыш, ем капусту, калі я сам бачу, што ты цалуешся. Разве я аслёп, что-лі?

ДРАТВА. А каб яны табе павылазілі.

СВІСТУН. «А вот опять поцеловаўся»!

ДРАТВА. Ды ён здурэў, ці якога ліха. Дзе-ж я пацалаваўся?

СВІСТУН. Да еслі не веріш так ступай сам посмотрі. Может быть это стекло такое, что мне кажеться.

ГАННА. Гэта пэўна шкло такое. А ну — ідзі паглядзі.


З’ЯВА VI.
Ганна — Свістун і Дратва.


ДРАТВА. А сапраўды трэба паглядзець, што гэта за шкло такое. (выходзіць, а следам за ім уваходзіць Свістун).

СВІСТУН. Трояк ему всё рассказал (сядае за стол, бярэ лыжку і цалуе Ганну). А што не мая праўда? Едім боршч.

ДРАТВА. (за акном) Што ты робіш?

СВІСТУН. Ем боршч (зноў цалуе).

ДРАТВА. Брэшаш! Пусці! Не цалуй мае жонкі!

СВІСТУН. Да разве я целую (Да Ганны) Праўда, што мы ямо боршч? (зноў цалуе).

ГАННА. А ўжо-ж, ямо капусту.

ДРАТВА. Калі я сам бачу.

СВІСТУН. Это тебе толькі так кажеться. Ступай сюды так і увідіш. А правда, голубка, какой смачны боршч? (цалуе зноў).

ГАННА. Праўда, але такі смачны, што хочацца і яшчэ — трэба трохі падліць. (Уваходзіць Дратва).


З’ЯВА VII.
Ганна — Свістун і Дратва.


ДРАТВА. (каля парогу) Ядуць капусту! Далібог ядуць капусту. А я-б прысягнуў-бы, што яны цалаваліся (заглядае у міску). Поўную міску з’елі. Цьфу, згінь ты прападзі! Што гэта за мара такая?

СВІСТУН. Да я табе сказал, что это шкло такое.

ДРАТВА. Яны плямкаюць губамі, а мне здаецца, што яны цалуюцца. Цяпер мне аж на душы лягчэй стала. Мусіць яны і тады елі капусту, як Траяк праз акно глядзеў. I за што я паабяцаў яму боты? Не, ляпей я іх прап’ю, а маху не дам (да Свістуна). Скажы мне праўду, ці ты часам да маёй жонкі не таго...

СВІСТУН. Чего «таго»? Да как же я тваёй жене таго, когда другой чувствует к ней попеченіе.

ГАННА. Што такое?

СВІСТУН. Молчі!

ДРАТВА. Хто такі? Хто такі?

СВІСТУН. Да этот как его біж — слепой, Трояк что-лі?

ГАННА. Што?

СВІСТУН. Молчы!

ДРАТВА. Траяк кажаш?

СВІСТУН. Да, Траяк! По всему відно, что он около твоей жонкі тень наводіт і всякую антіменію подпуская?

ГАННА. I што гэта ён задумаў?

СВІСТУН. Молчы! Вот непрімерно третьего дня мы с ней сіделі, да как-бы тепер елі боршч, а он стоял за акном да всё к ней моргал.

ДРАТВА. Маргаў кажаш?

СВІСТУН. Однім глазом, да так моргал, что я і двумя не сумею. Вот спросі жену, та тебе скажет.

ДРАТВА. (да Ганны) Чаго-ж ты маўчыш?

ГАННА. Ну, моргаў, ужо-ж.

ДРАТВА. А болей што?

ГАННА. Казаў, што ты стары і дурны, а я маладая і прыгожая.

СВІСТУН. А вот, вот...

ГАННА. А пасля зайшоў у хату, абняў мяне і вось так пацалаваў (цалуе Свістуна).

ДРАТВА. Што робіш... Ну і што ты яму на гэта?

ГАННА. Узяла памяло і выгнала вось так, вось так з хаты. (Б’е Дратву).

СВІСТУН. Да пры том і я ему несколько ошейніков заклал. Вот поэтому он тепер к ней і ко мне злобу імеет і всякую клевету наводіт.

ДРАТВА. А такі і праўда клевета.

СВІСТУН. А ты може хорош гусь. Поверыл дураку да понапрасну солдатскую честь задел.

ДРАТВА. (кланяецца). Пане служывы, выбачай мне — як сказана, мужык цёмны, дурны.

СВІСТУН. То, то. А теперыча просі прошченія у своей жены. Ну, двігайся, полуоборот направо!

ДРАТВА. (кланяецца) Жонка, выбач мне.

ГАННА. Дурному і Бог прыказаў выбачыць.

ДРАТВА. Пан служывы, памажыце мне цяпер гэтага Траяка злавіць.

СВІСТУН. А ды мне за гэта што?

ДРАТВА. Дам вам, што захочаце.

СВІСТУН. (прыглядаючыся да ботаў). Как даш мне эті сапогі — так я подстерегу его, поймаю і отдам тебе в рукі, а тогда делай с нім, что угодно.

ДРАТВА. Добра — боты вашы.

СВІСТУН. Моі?

ДРАТВА. Вашы! (б'юць па руках).

СВІСТУН. Вот мы сейчас іх і абуем. (абувае боты).

ДРАТВА. Ну, цяпер гэты сляпы чорт не выкруціцца з маіх рук! Я яшчэ другое вока вылуплю. Я яму пакажу, як да чужых жонак хадзіць!

СВІСТУН. Вот сапагі, так сапагі. (бярэцца пад бокі і тупае нагамі).

ДРАТВА. Ну, цяпер пойдзем у карчму. Я пастаўлю вам боршч. Хоць грошай і няма, прап’ю. пояс, прап’ю світку, а з добрым чалавекам п’ю.

СВІСТУН. Хорошо ідём!

ДРАТВА. Пойдзем. А ты жонка глядзі!...

СВІСТУН. Ну да, ідём (выпіхае Дратву за дзверы). Вот как! (да Ганны) а ты прыготов мне покушать (бярэ старыя боты пад паху і выходзіць).


З’ЯВА VIII.
Ганна (адна)


ГАННА. Ха-ха-ха!... Босы, дурны мой стары. Але такі дурны, што другога такога трэба са свечкай пашукаць. Ён сапраўды паверыў, што гэта шкло такое! Ха, ха, ха!... А салдат хітры, о, о, о, хітры! Накпіў з яго і ўсю віну зваліў на Траяка! Але так яму і трэба! Няхай знае тое, дзе двое б’юцца, альбо кахаюцца, няхай трэці не мяшаецца. Ну, няхай Траяк не пападаецца майму старому ў рукі! (Уваходзіць Свістун).


З’ЯВА IX.
Ганна і Свістун.


СВІСТУН. А что, правда, я скоро вернулся?

ГАННА. А стары мой?

СВІСТУН. Эгэ! За него оставь попеченіе, он не скоро вернется — пропіл шапку, пропіл пояс, пропіл світку і под стол паваліўся!

ГАННА. Няхай там сабе ляжыць на безгалоўе, ды на кароткі бок. А мы з табой цяпер цэлы вечар будзем вольнымі, як птушкі. Цяпер нам ніхто не перашкодзіць у нашым каханні.

СВІСТУН. Всё это хорошо, толькі песнямі соловья не кормят. Ты прежде провіантом снобжы, а после уже будем баляндрасы точыць.

ГАННА. А што-ж мы будзем есці? У мяне ёсць капуста.

СВІСТУН. Да я уже наелся капусты, бліны есть?

ГАННА. Есць і бліны. (Ставіць на стол міску з блінамі).

СВІСТУН. А я прынёс водкі. (ставіць на стол водку).

ГАННА. Ну еш, — тут як раз для цябе цэлая капа.

СВІСТУН. По-военному артыкулу сперва надо выпіть. (налівае). Я за твоё здоровье! (п'е).

ГАННА. А я за тваё (п’е).

СВІСТУН. А я опять за твоё. (п'е).

ГАННА. Я ізноў за тваё (п'е).

СВІСТУН. А я ешчё за твое (п’е). Ну что-же ты прізадумалась? Пей!

ГЛННА. А ці не многа гэта будзе?

СВІСТУН. Нет! Нет! (Ганна п'е). Вот так. Ну, молодец, молодіца, черноброва, белоліца!

ГАННА. А праўда, што такі маладзец!

СВІСТУН. Верно, точно так! Ах ты мая душенька! (налівае). Ну, вып’ем ешче по одной.

ГАННА. А як буду п’яная?

СВІСТУН. Нічего, будет веселее, спаёш мне что-нібудь (Ганна п'е). Ах! ты моя черноброва (абымае яе). Ну спой мне что-нібудь.

ГАННА. Добра! (бярэцца пад бокі, прытопывае нагамі падыходзіць да Свістуна, каторы есць аладкі).

Захацела стара баба
Быці маладою.
Наўтыкала за навітку
Руты зеляное.
Рута мая, рута
Рута зеляненька!
А думала, што я стара
А я маладзенька.
Пасадзіла стара баба
На трох яйцах гусака,
Сама вышла на вуліцу
I танцуе драпака
Сядзі, сядзі гусаку
I высядзі гусі,
А я пайду падзіўлюся
На чорныя вусы!
Ну, цяпер ты мне заспявай.

СВІСТУН. Чего-ж можна! (Адкашліваецца, бярэцца пад бакі і скача каля Ганны).

Із вначаль, да в первый раз
Ізучал «букі аз».
Барыня, барыня!
Графіня, сударыня!
Не хочу я денег, меді,
Не хочу учіть я «веді».
Барыня, барыня!
Графіня, сударыня!
Оттянулі кнігі рукі:
Не хочу учітся «букі»
Барыня, барыня!
Графіня, сударыня!
Пономарчык мой сакольчык,
Не хочу учіть «глагольчык»
Барыня, барыня!
Графіня, сударыня!
ДРАТВА. (за дзвярыма) Адчыні! Жонка!

ГАННА. Ліха-ж маё.

ДРАТВА. (за дзвярыма) Ці чуеш! Гэй! Адчыні!

СВІСТУН. Вот как попался!

ГАННА. Бедная мая-ж галоўка! Што-ж я цяпер буду рабіць.

ДРАТВА. (за дзвярыма) Ці чуеш? Я зара дзверы буду ламаць!

ГАННА. Чую, ўжо, чую! Зараз (да Свістуна) Хутчэй хавайся!

СВІСТУН. Куды?

ГАННА. Сюды — пад лаву!

СВІСТУН. А еслі он меня найдёт?

ДРАТВА. (за дзвярыма) Пусці, бо зара дзверы выламлю! (б’е кулаком у дзверы).

ГАННА. Зараз-жа (да Свістуна) Лезь хутчэй! (Свістун лезе пад лаву. Ганна адчыняе дзверы, уваходзіць п’яны Дратва без шапкі, пояса і світкі).


З’ЯВА X.
Тыя-ж і Дратва.


ГАННА. (Да Дратвы) А дзе шапка? Дзе пояс? Дзе світка?

ДРАТВА. А дзе ён?

ГАННА. Я цябе пытаю, дзе шапка, дзе пояс, дзе світка?

ДРАТВА. А я цябе пытаю, дзе ён?

ГАННА. Няма тут нікога! Ах ты п’яніца. У хаце няма хлеба, няма солі, а ты ў карчму ходзіш п'янстваваць. Я табе кудлы абарву! (бярэ яго за чупрыну і б'е кулаком).

ДРАТВА. Ці ты бі, ці не бі, я яго ўсё роўна знайду (шукае па хаце).

ГАННА. Куды ты лезеш?! Там нікога няма.

ДРАТВА. (нагінаецца і глядзіць пад лаўку). А гэта што?! Дзе кій, дзе качалка?! (лётае па хаце і шукае). Няма, пачакай, трасца тваёй мацеры. Я зараз пайду і выламлю з плоту ламаку. (Ідзе да дзвярэй).

СВІСТУН. (з пад лаўкі). Дело табак!

ДРАТВА. (Варочаецца ад дзвярэй). Уцячэ чортава насенне! Трэба яго прывязаць да лавы (бярэ аборыну і прывязвае за ногі да лавы Свістуна). Цяпер ужо не вырвецца з маіх рук! Пачакай я зараз прынясу табе гасцінца. (выходзіць).


З’ЯВА XI.
Ганна і Свістун.


СВІСТУН. (з пад лаўкі) Ну, брат Свістун тепер ляфа!

ГАННА. Уцякай хутчэй!

СВІСТУН. (з пад лаўкі) Да как же я утеку, когда я прывязан?

ГАННА. Скідай боты і ўцякай! Жыва! Бо ён зараз прыдзе з кіем. (Свістун скідае боты, так, што яны астаюцца прывязанымі да лавы, а сам бяжыць да дзвярэй).

ГАННА. Куды ты?! Уцякай праз акно. (Свістун уцякае праз акно. Уваходзіць п'яны Траяк).


З’ЯВА XII.
Траяк.


ТРАЯК. Сказаў, што боты будуць і боты ёсць якраз каля лавы. Люблю кума, што слова трымае. (скідае свае ботоі і здзіўляецца, што прывязаны).

ГАННА. Пачакай, будуць табе боты. (выкідае яго боты за акно).

ТРАЯК. О! Гэты боты, дык боты, зараз пайду ў іх скакаць (пяе):

Ой, пайду я да ў свіран па муку.
Там віселі ботачкі на калку.
Ой-жа боты, ды боты вы мае.
Шмат хлопатаў нарабілі вы мне.
Гэта-ж тыя боты зяцю даў.
Нн за гэты боты дочку ўзяў.
Ой-жа боты, ды боты вы мае,
Шмат хлопатаў нарабілі вы мне!
ГАННА. Будуць ўжо табе боты!

ТРАЯК. Як здарова, мая галубка? А дзе твой стары?

ГАННА. Пайшоў гасцінца табе прынесці.

ТРАЯК. Ох, якая-ж ты прыгожая, ды чорнабровая! Я цябе вельмі люблю.

А хто любіць грыбы, грыбы,
А я печарыцы,
А хта любіць дзеўкі, дзеўкі,
А я маладзіцы (абымае яе).
А хто любіць гарбуз, гарбуз,
А я люблю дыню,
А хто любіць гаспадара,
А я гаспадыню!

З’ЯВА XIII.
Ты-яж і Дратва.


ДРАТВА. (каля дзвярэй) Ужо вылез!

ТРАЯК. Як жывеш кум Максім? Дзякую за боты!

ДРАТВА. Я табе дам боты! (Замахіваецца на яго кіям, зчапляюцца біцца, валяюцца на зямлі, валтузяцца. Уваходзіць Свістун).


З’ЯВА XIV.
Тыя-ж і Свістун.


СВІСТУН. Что за крік? Что за шум? Так его! Лучше! Пускай-же не в своё дело не мешается! (Да Ганны). Правда, моя красавіца?

ГАННА. А ўжо праўда!


ЗАСЛОНА

Канец

МІХАЛКА


Камедыя ў 1 акце
З польскага пераапрацавалі Далецкія.


Асобы:

ЯЗЭП КАРЫТА, шляхціц.

АДЭЛЯ, яго дачка.

ЮЛЬКА, пакаёўка.

МІХАЛКА БАГДАЛЕУЧЫК.

ЗМІТРУК, хурман Карытаў.


(Усё дзеецца на вёсцы ў Карыты

На сцэне, — шляхоцкая святліца.)


З’ЯВА 1-ая.
ЯЗЭП, пазней АДЭЛЯ.


ЯЗЭП (праз вакно). Адэля, Адэлічка, кінь паліваць кветкі.

АДЭЛЯ (за сцэнаю). Трэба-ж папаліваць кветкі, бо звянуць, пасохнуць.

ЯЗЭП. Гэтак-та гэтак: маладосць — блазнота, а усё кветкі, вецер па галаве лётае; хадзі, Адэля да мяне, калі кажуць.

АДЭЛЯ (за сцэнаю). Зараз, татачка, зараз!

ЯЗЭП. Хадзі-ж, бо маю да цябе пільны інтэрас.

АДЭЛЯ (за сцэнаю). А ўжо йду, татачка, йду.

ЯЗЭП. (адзін). Прычакаў! З гэнымі паненкамі раданькі сабе не дам. Адну дачку маю, а столькі клопатаў, што лепш мець капу сыноў. Пакуль не трэ' было замуж — то яшчэ сяк так было. А цяпер прыйшла пара аддаваць, і вось, дзякуючы ласцы Боскай, аддаю яе замуж ужо дваццаць гадоў! Усё неяк так выходзіць: ці той малец ёй па сэрцу не будзе, ці ён яе не ўпадабае. Ужо думаў, што маё дзіцятка Адэлічка й састарыцца ў дзеўках, ажно падкруціўся дзяцюк і не абы які!... Каб хаця ўпадабала яго мая Адэлічка!...


З’ЯВА 2-ая
ЯЗЭП і АДЭЛЯ.


АДЭЛЯ (прыбягае з палівачкай у руках, у саламяным капялюшы). Прыйшла, татачка, да вас! Што вам трэба?

ЯЗЭП. Сядай, Адэлічка! Ці згадаеш, галубачка, аб чым буду з табой гаварыць?

АДЭЛЯ. Не згадаю, татачка!

ЯЗЭП. Няўжо-ж не згадаеш?

АДЭЛЯ. Дальбог не!

ЯЗЭП. Праўда, то-ж я табе нічога й не казаў. Як бы гэта табе вытлумачыць? Бо-ж яно паненцы трудна сказаць, не зразумее.

АДЭЛЯ. Татанька, гэта нешта дужа цікавае?

ЯЗЭП (цалуе яе). Толькі-ж не пужайся, мая ты зязюлька!

АДЭЛЯ. Надта-ж ужо зацікавілася я!

ЯЗЭП. Бачыш, мая дачушка, табе ўжо 38 гадоў...

АДЭЛЯ. Толькі што пайшоў трыццаць дзевяты.

ЯЗЭП (перапыняе яе й гаворыць далей). Гэта самая пара выйсці замуж. Ці не так?

АДЭЛЯ. Выбачайце, татанька...

ЯЗЭП. Знаю я вас: быццам і не хочуць, а за вачыма аж пішчаць да хлопцаў. Шэльмы!

АДЭЛЯ (круціць фартушок). Татанька, кіньце...

ЯЗЭП. Не перапыняю! Пара ўжо выйсці з дзевак!

АДЭЛЯ. Нікога я яшчэ не палюбіла.

ЯЗЭП. Праўда! Бо й перабіраеш ты, Адэлічка! Но, гэта цяпер ўсё роўна; што было, то было, а цяпер мая рада: не задзірай носа, бо малец — шчырае золата!

АДЭЛЯ (з радасцю). Ці прысылаў хто ў спаты?

ЯЗЭП. А, жэўжык, такі трапечацца тваё сэрца, дрыжыць...

АДЭЛЯ. Кінь, татанька, смяяцца з мяне. Але хто сватаецца?

ЯЗЭП. Сын майго добрага прыяцеля. Даўно я яго не бачыў.

АДЭЛЯ. (плешча у далоні). А які-ж ён?

ЯЗЭП. Цікавасць!?

АДЭЛЯ. Татанька, так які-ж ён?

ЯЗЭП. Не ведаю сам, бо сына ніколі ў вочы не бачыў. Калі ў бацьку ўдаўся, будзе зух, добры, удалы малец. З гэтага лісту даведаешся ўсю драбязу. Пачытай яго ў голас, то і я прыпомню сабе ўсё, аб чым ён пісаў.

АДЭЛЯ (бярэ пісьмо). Так гэта значыць ліст ад таго, хто сватаецца да мяне! (Прыціскае да сэрца ліст).

ЯЗЭП. Гэта-ж пісьмо не ад яго, а ад ягонага бацькі... Чытай-жа.

АДЭЛЯ (чытае). «Браток мой даражэнькі і дабрадзей! Не бачыў я цябе гадоў з дваццаць»...

ЯЗЭП. Пачакай... (Лічыць на пальцах). Але, праўда, як гэтыя гады праляцелі! Як сягоння помню, калі ты радзілася...

АДЭЛЯ (чытае ў голас). «Часам даводзілася чуць мне, што табе ўсё добра ручыць, і мне, дзякую Богу, не найгорш ідзе. Назбіраў трохі грошай і ўсё было-б доора, каб не сын: хачу яго ажаніць, а ён малец-гультай, з печы не злазіць»...

ЯЗЭП. Но, но, чытай далей.

АДЭЛЯ. — «Аж тут даведаўся, што ў цябе дачка падрастае, ды нават адзін мой сваяк дужа яе хваліць. Кажуць, ёй ужо мінула 18 гадоў»... (Задзівілася).

ЯЗЭП. Но, чаго-ж аадзівілася? То-ж даўно табе мінула 18 гадоў.

АДЭЛЯ. А няўжо-ж — мінула!

ЯЗЭП. Ну, дык чаго-ж вочы лупіш? Чытай далей!

АДЭЛЯ (чытае). «Спадзяюся, што твая дачка ўпадабае яго, бо малец, як шкло, як ядроная рэпа. А цяпер цалую з усяго сэрца й цябе, й маю спадзяваную нявестку». Як шкло! Чамуж, татанька, раней не паказаў мне гэнага ліста?

ЯЗЭП. Бо хацеў уцешыць цябе неспадзеўкі, а даўжэй хаваць сакрэту не мог. Восека — прышла тэлеграма, што сягоння прыедзе той Міхалка.

АДЭЛЯ. Зараз прыедзе?! Трэба-ж прыбрацца! Юлька! Юлька!

ЯЗЭП. Во гарачая. Адэлічка, пачакай, паспееш!

АДЭЛЯ. Але, татулька, зрабіце мне адну ласку!

ЯЗЭП. Якую, мая зязюлька?

АДЭЛЯ (круціць фартух). Не кажэце, татачка, колькі мне гадоў.

ЯЗЭП. Чаму-ж гэта?

АДЭЛЯ. Бо паненкі ніколі не кажуць, колькі ім гадоў.

ЯЗЭП. Ужо гэтага не зраблю. Каб ты была старая, то другая справа. Але 38 гадоў... што гэта значыць!... Майму бацьку было як жаніўся 55 гадоў, а матцы 45, і жылі яны з сабою ў добрым шчасці.

АДЭЛЯ. Але бачыш, татачка, ён крышку малодшы за мяне.

ЯЗЭП. Э!... два — тры гады, што гэта значыць, а лгаць я не лгаў і не буду.

АДЭЛЯ. (да сябе). Што тут зрабіць? Ага! ведаю! Калі ён запытае, колькі мне гадоў, скажэце, што мне мінула 25 — гэта-ж шчырая праўда.

ЯЗЭП. А не абыдзецца без гэтага?

АДЭЛЯ. Не абыдзецца!

ЯЗЭП. Мо, то ўжо для цябе зраблю гэтак.

АДЭЛЯ: Гэта праўда? Пабажэцеся!

ЯЗЭП. Да душы! Каб мне так сонца не ўбачыць!


З’ЯВА 3-ая.
ТЫЯ САМЫЯ, уваходзіць ЮЛЬКА.


ЮЛЬКА. Паны, нейкі незнаёмы чалавек прыехаў.

АДЭЛЯ. Да каго ён падобны?

ЮЛЬКА. З вялікім носам, з лупатымі губамі...

АДЭЛЯ. Ужо сэрца маё чуе, што гэта ён — трэба хуценька пераапрануцца. (Бяжыць вон).

ЯЗЭП. Гэта пэўна ён, а я не абуўся, не памыўся. Грышка, Іванка — каб вашы ногі вецер калыхаў — сурдут, боты, жыва, блазны! (Ідзе ў свой пакой).


З’ЯВА 4-ая.
ЮЛЬКА адна.


ЮЛЬКА. Гэта ён! Што за ён, які ён? Нейкі малец з вялікім носам... І смешны... Дзякуй Богу, што хоць такі прыехаў. Усё-ж такі навіна, а то можна памерці з нуды. Жыць такому маладому дзяўчаці, як я, між гэтых трухлявых грыбоў, не бачыць нікога, апроч пахтара й мужыкоў, то ўжо лепш памерці. Я ўжо пабажылася: калі выраблюся адгэтуль, то ні за якія грошы не пайду на службу ў вёску. Толькі Бог адзін ведае, калі гэта будзе. (Падходзіць да люстра). Трэба прычасацца. Няхай гэты гарадскі паніч пазнае, што і я гарадская, не якаясь вясковая.


З’ЯВА 5-ая.
ЮЛЬКА і МІХАСЬ.


МІХАЛКА (уваходзіць, азіраецца па святліцы). З сярэдзіны нічога сабе паказвае, зато з надворку адно сабачая буда. Хлявы — яшчэ нічога, а бровар зусім пакрывіўся. Але як пападзе гэта ўсё ў мае рукі ўсё наладзім. (Азіраецца па хаце). Прыбрана хата нічога, нічога сабе, толькі ніхто мяне не сустрэў. Пагляджу я ў люстра, бо з дарогі чалавек да сябе не падобны. (Падходзіць да лавы, дзе сядзіць Юлька. Юлька толькі тады ўбачыла яго).

ЮЛЬКА. Ах, Божанька!

МІХАЛКА. Ой, што гэта? (Зачапіў зэдлік і перавярнуўся).

ЮЛЬКА (засароміўшыся). Ой, спалохалася!

МІХАЛКА. I я сам спудзіўся.

ЮЛЬКА. Вы мусіць да панаКарыты?

МІХАЛКА (да сябе). Не йначай — дачка. (Смяецца). Не гэтулькі да пана Карыты, колькі да яго дачкі. (Да сябе). Удалося мне. Мусіць спадабала мяне, бо нічога не гаворыць.

ЮЛЬКА. Зараз і яны прыдуць!

МІХАЛКА (да сябе) Неяк і язык не варушыцца.

ЮЛЬКА. Зрабеце ласку, сядайце!

МІХАЛКА. Дзякую! Насядзеўся я на каламашцы. (Да сябе). Гарная дзяўчына! (У голас). Вы, паненка, мусіць не ведаеце, хто я такі?

ЮЛЬКА. А праўда не ведаю. (Да сябе). Далікатны чалавек і кажа да мяне «паненка».

МІХАЛКА. То-ж я Міхась Багдалеўчык.

ЮЛЬКА (скланіўшыся). Дужа рада пазнаць вас.

МІХАЛКА. А ведаеце, чаго я сюды прыехаў?

ЮЛЬКА. Не, не ведаю. (Да сябе). Чаго ён хоча?

МІХАЛКА. То вы не чыталі пісьма майго бацькі?

ЮЛЬКА (вырабляючыся). Не, тутака на вёсцы няма чаго чытаць...

МІХАЛКА. Але-ж вы можаце чытаць?

ЮЛЬКА. Ведама! — толькі тут на вёсцы...

МІХАЛКА. То мусіць паненка і не ведае, што я прыехаў сюды ў сваты?

ЮЛЬКА. I не чула аб тым.

МІХАЛКА. (да сябе). Я думаў прыехаць сюды на гатовае, аж туг яшчэ трэба круціцца каля яе. (Памаўчаўшы). Паненцы даводзілася бываць у горадзе?

ЮЛЬКА. Я жыла цэлы год у Беластоку.

МІХАЛКА. А гэта вялікі горад? Большы за наш Бельск?

ЮЛЬКА. А вы ніколі не былі ў Беластоку?

МІХАЛКА. Ехаў раз у Беласток з коньмі на кірмаш. Коні ў мяне на дарозе ўкралі ды вярнуўся дамоў, не пабачыўшы Веластока.

ЮЛЬКА. Шкада!

МІХАЛКА. I ўсё мне хочацца паехаць у Беласток.

ЮЛЬКА. І мне хочацца туды! (Уздыхаючы).

МІХАЛКА. (да сябе). Уздыхнула! Упадабала мяне (У голас). Як ажанюся, паедзем у Беласток.

ЮЛЬКА. Што! Возмеце і мяне з сабою?!

МІХАЛКА. Ведама!... як мне там жыць без вас? То-ж я не ведаў-бы, куды павярнуцца.

ЮЛЬКА. Э!... маніцё!...

МІХАЛКА. Дальбог, праўда! Не маню!

ЮЛЬКА. А што панскі бацька скажа на гэта?

МІХАЛКА. Цяпер тата не пускае мяне ў Беласток, але як ажанюся, буду жыць па-свойму.

ЮЛЬКА. Я вам шчыра падзякую!

МІХАЛКА. Пабачыце, паненка... там будзе ў нас жыццё...

ЮЛЬКА (засароміўшыся). Што вы кажаце?

МІХАЛКА. Я не смяюся! Тата сыпне нам грошы. (Цмок яе ў руку).

ЮЛЬКА. Што вы робіце?

МІХАЛКА (да сябе). Агонь, не дзяўчына! Дальбог!

ЮЛЬКА. Пусцеце мяне, мне трэба ісці!

МІХАЛКА. Дайце яшчэ ручку!

ЮЛЬКА. Бывайце здаровы! (Бяжыць).


З’ЯВА 6-ая.
МІХАЛКА (адзін).


МІХАЛКА. Вось так дзяўчына!... з ёю пагаварыць можна. Дасюль, бывала, кожная паненка так саб’е мяне з панталыку, што й раззяўлюся, і слова не вымаўлю. Мусіць толькі добра яна мяне ўпадабала, калі мы так з ёю спазналіся. Эх, тут скоранька спраўлюся, аж тата задзівіцца! А гаварыў ён мне, калі я ехаў (азіраецца): «Помні, барання галава, каб бяз жонкі не варочаўся, бо калі шосты гарбуз да хаты прывязеш (пяць ужо прывёз), то ўсыплю табе (азіраецца) пяцьдзесят бізуноў, ды памрэш старым мальцам»; і яшчэ гаварыў: «Глядзі, каб не была лішне маладая і старой пе бяры, бо захоча нас вадзіць за нос». Ажно тут папалася паненка ў самую меру, толькі суседзі будуць глядзець і аблізвацца гледзячы!


З’ЯВА 7-ая.
МІХАСЬ і ЯЗЭП.


ЯЗЭП. Ха! Ха! адразу згадаў, хто ты: такі твар, такі нос — чысты бацькаўскі нос.

МІХАЛКА. Не йначай Язэп Карыта!

ЯЗЭП. Так, дзетачка, так! Але як-жа-ж ты сюды прыехаў, Міхаська?

МІХАЛКА. Дык як? на каламашцы, паночку!

ЯЗЭП. Ды я не аб тое кажу. Ты з’явіўся да нас ўсёроўна як з дажджом, і ніхто цябе не бачыў уваходзячы.

МІХАЛКА. Чаму ніхто? То-ж я й гаварыў з васпанавай дачкою.

ЯЗЭП. Гаварыў ужо? Зух, удалы малец! Толькі парог пераступіў, ужо дзяўчатам галаву дурыць.

МІХАЛКА (зухуючысь). Го, паночку! да мяне бабы, як мухі да мёду... Я, паночку, раз у Бельску...

ЯЗЭП. Э, што было ў Бельску, то было. Ты кажы, як упадабаў Адэльку.

МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў!

ЯЗЭП. Пацешыў мяне! Удалая дзяўчына, даліпан?

МІХАЛКА. Удалая! Даліпан! Упадабаў яе за тое, што не такая язычлівая, як другія дзяўчаты, што зараз з чалавека кпіны строяць.

ЯЗЭП. А ты-ж не ўмееш сам каля дзяўчат хадзіць?

МІХАЛКА. Не дужа добра, бо дасюль найбольш каля быдла хадзіў.

ЯЗЭП. Вось і ўспомніў, як твой бацька дваццаць гадоў таму прыслужыўся мне...

МІХАЛКА. А ведаю, ведаю; бацька аб гэтым расказвае, калі толькі пару знайдзе.

ЯЗЭП. Падумай сябе — гнаў я валы на кірмаш у Гайнаўку, аж тут як ухопіць мяне хвароба ў Леўкове — ні рукою ні нагою! З валамі некуды дзецца, не стаяць-жа з імі у Леўкове, а паслаць з імі няма чалавека. Аж но, скуль ні вазміся — твой бацька. Я яго яшчэ і не знаў. Ён пагнаў валы ў Гайнаўку. Як пагляджу я на цябе, то ўсё гэтыя валы прыпамінаю. (Абнімаюцца). Рад я дужа, што табе сталыя жанчыны да ўпадобы.

МІХАЛКА. Отож-то, не люблю я такіх паненак, што вечна рагочуць, зубы выскальваюць.

ЯЗЭП. I я таксама. Я люблю бабу, калі ёй паўкапы стукне. Тады яна не блазніца, розум мае!...

МІХАЛКА. А колькі-ж панавай дачцэ гадоў?

ЯЗЭП. (папярхнуўшыся). Ей гадоў... мінула 23...

МІХАЛКА. Вось так штука!... Ніколі не падумаў-бы!

ЯЗЭП. А мінула, мінула ўжо!

МІХАЛКА. А я думаў, што ёй не больш як 18 гадоў.

ЯЗЭП. Отож-то. З вока не дасі ёй больш. Што-ж дзівіцца — маладая, рухавая. О, будзе твая жонка як гарэх! А што пачцівая, за гэта я галаву аддам.

МІХАЛКА. Дам веры!

ЯЗЭП (ідзе да дзвярэй Адэльчынай станцыі). Адэлька, хадзі жыва! Пан Міхал чакае цябе, не дажджэцца. (Да Міхалка). Яна зараз прыдзе. А ты мусіць і не снедаўшы... а?... кажы праўду?

МІХАЛКА. Праўда, не снедаўшы.

ЯЗЭП. I чалавек з цябе, Міхась, сядзіш і нічога не кажаш, што галодны. Зараз дамо паснедаць (Ідзе у правыя дзверы).

МІХАЛКА (адзін). Аж у вушах бурчыць, столькі нагаварыў. Ага, нехта йдзе... Нейкая старая кабета, не йначай цётка пана Язэпавай дачкі.


З’ЯВА 8-ая.
Уваходзіць АДЭЛЯ. МІХАЛКА прэцца да яе, цалуе у руку.


АДЭЛЯ (да сябе). Які шпаркі! (У голас). Вы мусіць прысталі з дарогі?

МІХАЛКА. Не, дзякую вам, спаў усю дарогу.

АДЭЛЯ. Як-жаж вы ўпадабалі нашу старонку?

МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў. Асабліва бульба важная.

АДЭЛЯ. А то-ж вы тутака казалі, што спалі ўсю дарогу?

МІХАЛКА (засароміўшыся). Гэта бачыце, праўда, але хвурман разбудзіў мяне бульбу паглядзець.

АДЭЛЯ. То з вас, мусіць, заядлы гаспадар! Сядайце, будзце ласкавы!

МІХАЛКА. Дзякую вам, пані дабрадзейка. (Сеў здалёк)

АДЭЛЯ (Строючы міну). Сядайце бліжэй!

МІХАЛКА. Дзякую, мне і тут добра!

АДЭЛЯ. Я-ж вас прашу!

МІХАЛКА. Дзякую! (Сядае пры ёй на лаве).

АДЭЛЯ. Ці добра здароў ваш бацька?

МІХАЛКА. Дзякую, пані дабрадзейка. (Цмок у руку). Добра, толькі дужа многа есць.

АДЭЛЯ. (да сябе). Маладзенькі! Нічога не разумее. (У голас). Але-ж гэта не шкодзіць!

МІХАЛКА. Не, не шкодзіць, бо-ж і мае за што добра есці.


З’ЯВА 9-ая.
ТЫЯ САМЫЯ, ЯЗЭП (Хлапец нясе снеданне).


ЯЗЭП. Ага! папаліся! Варкуеце, сеўшы адзін пры адным на лаве. (Да Міхася). Ах ты баламут!

АДЭЛЯ. Да душы, брыдка!

ЯЗЭП. Міхалка!.. адразу на лаву і рамансуе!.. ці не так?

МІХАЛКА (задзівіўся). Што вы, паночку, я ж нічога...

ЯЗЗП. Сядзі ціха! Я-ж гэта люблю, я-ж люблю, калі кавалер умее дурыць галаву дзяўчатам.

МІХАЛКА. Што вы, паночку! я-ж, дальбог, нічога!..

ЯЗЭП. Не вырабішся!.. Сядай снедаць. У нас гавораць: Выспіся, наясіся, а тады гавары.

АДЭЛЯ. Просім сядаць. (Міхалка хоча сесці з канца. Язэп садзіць яго пры Адэлі).

ЯЗЭП. Сядайце разам, адзін пры адным!

МІХАЛКА. Калі тутка скразнік, я сяду гэтак, напроціў. (Сядае проціў Адэлі).

ЯЗЭП (паціху). Ага!.. жэўжык, хочаш сядзець напроціў, каб ляпей было тэлеграмы пасылаць.

МІХАЛКА. Я ніколі тэлеграмы не пасылаю снедаючы.

ЯЗЭП. А калі-ж?

МІХАЛКА. Найчасцей увечар, дабрадзею!

ЯЗЭП. Ну й жэўжык ты, скажу яшчэ раз, Міхалка! Увечары, кажаш, змеркам?

МІХАЛКА. Не, паночку, не папоцемку, пры агні.

ЯЗЭП. Пры агні, пры агні! Хай цябе качалка, а то-ж зух малец, што скажа, то смех — чысты бацька!

АДЭЛЯ (да сябе). Штукар малец. (Да Міхася). Ешце-ж больш на здароўе!

МІХАЛКА. Дзякую вам! (Да сябе). Што яны лапочуць?

ЯЗЭП. Еш, Міхаська! Што гэта? няўжо-ж з кахання і есці не хочаш?

АДЭЛЯ (скромна). То пан Міхал закахаўшыся.

ЯЗЭП. Што?! Увяз у каханні па самыя вушы?

МІХАЛКА (засароміўшыся). Што вы?!.. Што вы?!..

ЯЗЭП. Ага!.. пачырванеў! Не вырабішся цяпер! Ну й штукар ты!

АДЭЛЯ. Яшчэ, будзце ласкавы, для мяне зрабеце гэта.

МІХАЛКА. Дзякую! не здолею больш.

ЯЗЭП. Ці бачыш? глядзіць у тваю талерку. Знаю я гэтыя жарты ды гулі - кахання. Ведаеш што, Адэлічка? падсунь яму кусок з свае талеркі.

АДЭЛЯ. Калі не важуся, татанька!

ЯЗЭП. Калі любіш мяне, зрабі гэтак. Глянь у яго вочы, аж гараць.

АДЭЛЯ (засароміўшыся, падае сваю талерку). Вазьміце!

МІХАЛКА. Дальбог, не магу!

ЯЗЭП. Ага, ён хоча, каб ты сваею рукою дала яму кавалак проста ў зубы. Зрабі гэтак, зязюлька!

АДЭЛЯ. Калі ўстыдаюся!

ЯЗЭП. Не ўстыдайся! Вось гэтак! (Адэля бярэ на вілцы кавалак мяса: Міхась нічога не разумеючы, лупіць вочы на яе).

АДЭЛЯ. Вазьміце!

МІХАЛКА. Дзякую!

ЯЗЭП. Раззяўляйся барджэй. (Міхась раззявіўся). Зацьмякай-жа цяпер! Так, мае галубочкі, кахайцеся! Я стары пайду адсюль, бо дзе двое — там рада, дзе трое — там здрада. Вы маладыя, лепш уладзіцеся самі. Зух малец, няхай яго маланка! (Выходзіць са смехам).


З’ЯВА 10-ая.
АДЭЛЯ (ўстае ад стала). МІХАЛКА (сядзіць стале як калода).


МІХАЛКА (да сябе). Што гэтаму старому сталася? Чаго гэта ён так выляцеў. Чаго нас адных пакінуў? Няўжо-ж нам удваіх скончыць гэту пячонку?

АДЭЛЯ (да сябе). Сядзіць пры стале, то дурны. (Кашляе).

МІХАЛКА (да сябе). Сухоты яе душаць, ці што.

АДЭЛЯ (да сябе). Трэба пачаць гутарку. (У голас). Вось і асталіся адны...

МІХАЛКА (ўстае). Пані дабрадзейка, я пайду адсюль, калі вам патрэба.

АДЭЛЯ. Чаго-ж вы? — заставайцеся. Адно толькі паненцы няпрыгожа заставацца адной самой з кавалерам...

МІХАЛКА. А якая-ж тут паненка ў пакоі?

АДЭЛЯ (да сябе). Што ён гаворыць? (Да Міхалка). Што вы гэта мяне не бачыце?

МІХАЛКА. Бачу, бачу вас, пані дабрадзейка, я-ж, дзякуй Богу, не сляпы.

АДЭЛЯ. Чаму гэта вы да мяне гаворыце: «пані дабрадзейка».

МІХАЛКА. Як-то?!.. Як-то чаму? З пашаны.


З’ЯВА 11-ая.
ЮЛЬКА (уваходзіць, стаіць здалёк).


АДЭЛЯ. Няўжо-ж вы не маеце для мяне больш нічога, апроч пашаны?!

МІХАЛКА (да сябе). Гасцінца хоча. (У голас). Я-ж не з кірмашу еду.

АДЭЛЯ. Ой, гэта кепскія жарты!

МІХАЛКА. Кепскія жарты?

АДЭЛЯ. Каб мой тата быў тут, даў-бы вам за гэта.

МІХАЛКА. Ваш тата? То ваш тата яшчэ жыў?

АДЭЛЯ (зазлаваўшы). Ну, гэта ўжо лішнія жарты!

ЮЛЬКА (да сябе). Ён не ведае, што гэта пана Язэпава дачка.

МІХАЛКА. Выбачайце, пані дабрадзейка, але я не ведаю, чаго вы сварыцеся?

АДЭЛЯ. Не ведаеце?

МІХАЛКА. Ваш бацька мусіць дужа стары чалавек?

ЮЛЬКА (ціха да Міхалка). Перастанце, гэта-ж дачка пана Язэпа.

МІХАЛКА. Ці-ж праўда?

АДЭЛЯ (са злосцю). Дось ужо гэтых жартаў, што вы строілі снедаючы, але гэтыя ўжо цераз меру кепскія! (Выходзіць).


З’ЯВА 12-ая.
МІХАЛКА і ЮЛЬКА.


МІХАЛКА. Так гэта дачка пана Язэпа?! А я думаў, штэ гэта ваша цётка.

ЮЛЬКА. У самую пару перасцярагла я вас.

МІХАЛКА. Дзякую вам сардэчна! Толькі цяпер сцяміў я: то-ж пан Язэп гвалтам сватаў мне яе за снеданнем.

ЮЛЬКА. То-ж вы й дзеля гэтага прыехалі сюды.

МІХАЛКА. Ведама, але-ж не дзеля старой дачкі, калі ёсць меншая і харашэйшая. (Кланяецца Юльцы).

ЮЛЬКА. А то-ж у пана Язэпа адна дачка.

МІХАЛКА (задзівіўся). Адна. А хто-ж вы будзеце?

ЮЛЬКА. Я Юлька, тутэйшая пакаёўка.

МІХАЛКА. Па-ка-ёў-ка?...

ЮЛЬКА. Але, пакаёўка.

МІХАЛКА. Чаму-ж вы мне гэтага раней не сказалі?

ЮЛЬКА. Я не думала, што вы палічыце мяне за панскую дачку.

МІХАЛКА (ў перапузе). Ой-ой! то-ж цяпер мне трэба жаніцца з гэтаю старою кабылаю.

ЮЛЬКА. А ўжо так выходзіць.

МІХАЛКА. А колькі-ж ёй гадоў?

ЮЛЬКА. Не ведаю.

МІХАЛКА. От так жонку прывязу да-хаты!

ЮЛЬКА. Чаго-ж зажурыўся? То-ж вам няма ніякай прынукі з ею жаніцца.

МІХАЛКА. Як не? То-ж калі бацька не дасць веры, што яна была старшая за мяне, то мне будзе так... (Паказвае ў паветры, як сцёбаюць).

ЮЛЬКА. Не выдайце мяне, то я вам дам раду.

МІХАЛКА. Праўда?! За гэта я завязу цябе ў Беласток, што ты так упадабала.

ЮЛЬКА. Добра! Будзце так добрай мыслі, а тымчасам бывайце здароў, нехта йдзе. (Бяжыць).


З’ЯВА 13-ая.
МІХАЛКА, ЯЗЭП і АДЭЛЯ.


ЯЗЭП (пачынае за сцэнаю). Супакойся, Адэлічка, гэта былі толькі жарты!...

МІХАЛКА. Ой, аж з душы прэць (Стаіць збоку).

ЯЗЭП. Хто любіцца, той чубіцца, — гэта ўжо старая прыказка. (Цягне яе гвалтам).

АДЭЛЯ. Я гэтага ніколі не забудуся!

ЯЗЭП. От, знайшла аб чым думаць. (Угледзіўшы Міхася). Глянь, стаіць як авечка, чуе, што лішне сабе пазволіў, але як ажэніцца з табою, паправіцца. Ці-ж не так, Міхалка.

МІХАЛКА. Праўда, пане! (Да сябе). А Юльці няма!

ЯЗЭП. Не гневайцеся-ж ужо, загаварыце адзін да аднаго.

АДЭЛЯ (апусціўшы вочы). Я ўжо выбачаю.

ЯЗЭП. А ты, Міхась, прасі выбачыць, скажы-ж, што нічога дрэннага не зрабіў, от жарты як у маладых, прасі-ж выбачыць.

МІХАЛКА. Прашу выбачыць, панна Адэля!

ЯЗЭП. Цяпер ладна! Пацалуйцеся добра. (Цягне Міхалку). Хадзі, не спрачайся: жарты строіць умее, а цалавацца ўстыдаецца.

МІХАЛКА. Дальбог не!

АДЭЛЯ. Што вы, тата, робіце?!

ЯЗЭП. Ужо не сцярплю чакаць. (Міхалка і Адэля цалуюцца).

МІХАЛКА. (Убок). Цьфу! (Адэля ўцякае ў дзверы).

ЯЗЭП. Гэтак то люблю. Цяпер можаце усё роўна, як пазапоінах сабе казаць: «ты», проста. (Убачыўшы, што няма Адэлі). Ага! уцякла, засаромілася зязюлька.

МІХАЛКА. Няхай яе немач, такую зязюльку!

ЯЗЭП. А што, Міхалка, салодка было цалаваць?

МІХАЛКА. Здаецца, крышку трухою пахне.

ЯЗЭП. Што? Мая дачка трухою пахне?!

МІХАЛКА. Да не дачка, пячэнне.

ЯЗЭП. Так ты і зразу гавары, а то я хацеў ужо злаваць.

МІХАЛКА. (да сябе!). Паспытаем яшчэ апошнюю раду. (У голас). Які пан пасаг дасі за дачкою?

ЯЗЭП. Ага! хоча канчаць, упадабаў маю Адэльку.

МІХАЛКА. I гэта праўда. Ды й бацька наказваў мне, каб не жаніўся без пасагу пяць тысячаў.

ЯЗЭП. Не бойся, Адэльцы дам пад падушку дзесяць тысячаў.

МІХАЛКА. (да сябе). Няма ўжо ратунку!

ЯЗЭП. Уцешыўся, а я табе яшчэ скажу: з унукамі гультаваць не будзеце, то яшчэ накіну.

МІХАЛКА (з апошніх сіл). Што воліце: дачку, ці дзесяць тысячаў?

ЯЗЭП. Не згадаю, нашто табе гэта патрэбна ведаць, але калі прыдзецца выбіраць, то-ж ляпей дачка, чым дзесяць тысячаў.

МІХАЛКА. А маркотна вам будзе без дачкі?

ЯЗЭП. Што-ж рабіць, прывык я да гэтай шчэбятухі, але ўжо нічога не зробіш.

МІХАЛКА. Чаму нічога! Дайце мне дзесяць тысячаў, а я вам пакіну дачку!

ЯЗЭП. Ха! ха! ха! Табе ўсё жарты ў галаве, а каб я цяпер прыстаў да цябе... аддай Адэльцю, то ты бы яе і за мільён не аддаў. Раскажу я ёй усё, вось будзе смеху, ха, ха, ха!! (выходзіць).

МІХАЛКА. (адзін). Якія-ж тут смешкі, якія-ж тут жарты? Я ўсё гэта зрабіў-бы за дарма, каб не баяўся бацькі; няхай тата даведаецца, што вырабілася ад мяне паненка на дзесяць тысячаў пасагу, то жыцця мне ў хаце не будзе... А гэта Юлька дурыла галаву, што паможа мне не яе гэта сіла, смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Ось Юльцю ўзяў-бы за жонку, каб не баяўся бацькі... Чаму-ж гэта не яна дачка пана Язэпа...


З’ЯВА 14-ая.
МІХАЛКА I ЮЛЬКА


ЮЛЬКА (уваходзіць; ціханька да сябе). Сташь зязюлёк маркотны і не ведае, што я для яго раду маю.

МІХАЛКА (ўбачыўшы Юльку). Прышла-ж такі? Ты-ж гаварыла, што мне паможаш, ажно я блізка, што пасля запоін.

ЮЛЬКА. Ужо? якім парадкам?

МІХАЛКА. Прыпёр мяне пацалаваць яе, цьфу!

ЮЛЬКА. Ну і што?

МІХАЛКА. Ну й пацалаваў.

ЮЛЬКА. Смачна было?

МІХАЛКА. Ей то смачна было, аж аблізалася.

ЮЛЬКА. Куды-ж вы яе пацалавалі?

МІХАЛКА. Ну куды-ж — у лупы.

ЮЛЬКА. А што-ж яна?

МІХАЛКА. От, быццам засаромілася ды ўцякла.

ЮЛЬКА. А калі-ж вяселле?

МІХАЛКА. (ў перапузе). О, ёй! Няўжо-ж мне трэба жаніцца, няўжо-ж няма ўжо ратунку!

ЮЛЬКА. А што-ж, калі пацалавалі, то па закону, значыць, па праву, ўсё прапала.

МІХАЛКА. I што-ж мне было рабіць. Сама яна выставілася, а бацька стаяў нада мною, як чорт над грэшнаю душою.

ЮЛЬКА. Ну і чаго-ж замаркоціліся? будзе ў вас жонка. гаспадарка...

МІХАЛКА. Няхай яно прападзе, з гэтакай гаспадаркаю. (Соладка). А ты Юлька, будзеш у нас служыць за пакаёўку?

ЮЛЬКА (шчырыць зубы). Абы паны мяне захацелі...

МІХАЛКА (падсоўваючыся да Юлькі). Мусіш служыць у нас, нам будзе весялей.

ЮЛЬКА. А мне здаецца, што з гэтага нічога не будзе.

МІХАЛКА. Чаму так?

ЮЛЬКА. Бо вы не ажэніцеся з маею паненкаю.

МІХАЛКА. Ага, не ажанюся!

ЮЛЬКА. Я-ж вас выратую.

МІХАЛКА. Як? як?

ЮЛЬКА. То-ж вы казалі: вашаму баццы трэба даведацца, што панна Адэля старэйшая за вас.

МІХАЛКА. Гэт праўда, але што далей?

ЮЛЬКА. А калі вы яго пераканаеце?!

МІХАЛКА. Чым-жа яго пераканаць?

ЮЛЬКА. Мэтрыкаю!

МІХАЛКА. Але мэтрыку трэба мець у руках, а лягчэй вырваць з зямлі дуб-сталетак, чым мэтрыку ў старой панны.

ЮЛЬКА. А што будзе, калі я дастану?

МІХАЛКА (ў радасці). Што ты! толькі без жартаў, бо я чуць не плачу ад радасці!

ЮЛЬКА (паказвае паперу). Праўда, мэтрыка. (Чытае)

МІХАЛКА. Ёй 38 гадоў! Хадзі, Юлька, пацалую, адплачуся я табе, завязу цябе ў Беласток.

ЮЛЬКА. Толькі-ж не кажэце, што мэтрыку я дастала!

МІХАЛКА. Добра, добра!.. 38 гадоў... Добрая рэч гэтыя мэтрыкі!


З’ЯВА 15-ая.
ТЫЯ САМЫЯ. ЯЗЭП. (уваходзіць і чуе апошнія словы).


ЯЗЭП. Якія мэтрыкі? аб якіх мэтрыках тут гутарка?

ЮЛЬКА (тузае Міхася за рукаў). Маўчыце-ж!

МІХАЛКА. Э, гэта конскія мэтрыкі; Юльця не дае веры, што коням пішуць мэтрыкі.

ЯЗЭП. Вядома, кожны заводны конь мае мэтрыку. То ў цябе конская мэтрыка ў руцэ?

МІХАЛКА. Але, гэта маёй кабылы мэтрыка.

ЯЗЭП. Каштанкі?

МІХАЛКА. Гэтай самай, каштанкі.

ЯЗЭП. А што-ж, кабыла нічога, спадабалася мне.

МІХАЛКА. Дапраўды? (Да сябе). Старая падла й сляпая.

ЯЗЭП. Ведаеш, што я скажу табе: ёсцека ў мяне такая самая кабыла і ніяк пары не знайду, можа памяняем.

МІХАЛКА. Чаму-ж не, мяняцца коньмі я люблю; скажэце прывясці яе.

ЯЗЭП. Чаму не! (Праз вакно). Змітрук, хадзі сюды!

ЗМІТРУК. (за вакном). Што пану трэба?

ЯЗЭП. Вывядзі каштанку пана Міхала пад вакно, ведаеш каторую?

ЗМІТРУК. Каб не ведаць...

ЯЗЭП. Упадабаў кабылу: мусіць добрая і рослая.

МІХАЛКА (да сябе). Ну і пазнаўся. (У голас). Так, па ночку, гэта зграбная, шпаркая, чыстая канінка, добрая вам будзе пара.

ЯЗЭП. (глядзіць у вакно). Вось і вядуць тваю кабылку.

МІХАЛКА (да сябе). Ужо буду хваліць яе так, як ты сваю дачку.

ЯЗЭП. Упадабаў! і рысь добрая.

МІХАЛКА. А прыгожая, як абразочак?

ЯЗЭП. Но, ўжо як абразочак, ці не залішне, Міхалка. А колькі ёй гадоў?

МІХАЛКА. Чатыры гады мінула. (Да сябе). Старая падла.

ЯЗЭП. Чатыры гады мінула гм... А колькі хочаш за яе?

МІХАЛКА. Дайце мне 200 злотых і пару да мае шпачкі. (Да сябе). Падкаваў ужо я яго.

ЯЗЭП. Зяцю дам ужо 150 злотых і добрага коніка да тваёй шпачкі, добра? З палы на палу!?

МІХАЛКА. З палы на палу. (Да сябе). Сам ашукаўся.

ЯЗЭП. На грошы, каб зразу скончыць.


З’ЯВА 16-ая.
ТЫЯ САМЫЯ. Уваходзіць ЗМІТРУК.


ЗМІТРУК. Паночку!

ЯЗЭП. А што?

ЗМІТРУК. Кабыла гэтага пана разбіла сабе галаву.

ЯЗЭП. Калі-ж гэта?

ЗМІТРУК- А вось цяпер. Мы яе пусцілі, а яна, йдучы да стайні, выцелася галавою аб слуп і скалечылася.

ЯЗЭП. Якім парадкам?

ЗМІТРУК. Ды такім парадкам, што гэта кабыла сляпая.

ЯЗЭП. Як гэта, чатыры гады ды сляпая.

МІХАЛКА (да сябе). Вось уцешыцца тата, як скажу яму ўсё гэта.

ЗМІТРУК. Ды ёй ужо з 20 гадоў; ні воднага зуба.

ЯЗЭП (Да Міхалка) 20 гадоў, а што ты казаў, мінула чатыры.

МІХАЛКА. Мінула чатыры гады, як вашай дачцэ 23.

ЯЗЭП. Ты з кім маю дачку раўнуеш?!

МІХАЛКА. Я так таргую коньмі, як вы дачкою.


З’ЯВА 17-ая.
ТЫЯ-Ж САМЫЯ. Уваходзіць АДЭЛЯ і стаіць пры дзверах.


АДЭЛЯ. Што тут за крыкі?

ЯЗЭП. Я-ж вам не сватаю сляпой дачкі.

МІХАЛКА. Хоць яшчэ не сляпую, але старую.

ЯЗЭП. Што? як вы смеяце?

МІХАЛКА. Але! смею, бо маю мэтрыку панны Адэлі ў руках.

АДЭЛЯ. (йдзе уперад).Татачка, грубіян!

ЯЗЭП. Цяпер хоць на каленах прасі, дачкі не дам!

АДЭЛЯ. I я не пайду за такога.

ЯЗЭП. Падам цябе ў газеты. Усё жыццё будзеш старым мальцам!

МІХАЛКА (у дзверах). Вось напалохаў, што-ж вы мне зробіце, калі я газэт у рукі не бяру. Юлька! едзем!


ЗАСЛОНА.


МІКІТАЎ ЛАПАЦЬ М. КУДЗЕЛЬКА

Камедыя ў ІІ-х актах

Асобы:

ЯУМЕНЬ — селянін

ГРЫПІНА — яго жонка.

ЗОСЬКА — іх дачка 19 год.

ДАР’Я — іх суседка.

САУКА — яе сын, 22 г.

МІКІТА.


АКТ I.


(Двор — абапал хаты. За вуліцай садок).


З’ява I.
ДАР’Я (адна).


ДАР’Я. (З аўсом у прыполе кліча курэй). Ціп! ціп! ціп! Ціп! Дзе-ж яны падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі нясціся ў суседаву крапіву. Вось бяда з курамі! Бадай іх каршун! Ціп! ціп! ціп! ціп! Кур! кур! кур! Не дарма, мусіць, людзі кажуць, што суседзі нешта ведаюць, што ў іх не свае куры нясуцца ў хаце, але чужыя прыходзяць нясціся.


З’ЯВА II.
ДАР’Я — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Праз акно). Каб ты не ведала ні святых каляд, ні асенніх дзядоў, калі ў мяне чужыя куры нясуцца. Вось ты так праўда, то кожную раніну аўсом, ды ячменём прынаджваеш да сябе чужых курэй! Выдра ты. Пляткарка! Шкада святой серады, а то аблаяла-б як суку.

ДАР’Я. Суседачка! Я-ж на вас нічога дрэннага не кажу. Што ў вашай крапіве мае куры нясліся — гэта праўда, твой мужык Яўмень не дасць маніць... Але-ж я не кажу, што вы іх бралі!... Няхай мяне пярун заб’е, калі я дарэмна каго выдзіраю. А калі яйцы мае прападалі, мо' іх ела ваша сучка.

ГРЫПІНА. Сама ты сучка! Гадаўка! Цьфу! Гаварыць з табой не хачу! (Зачыняе акно).


З’ЯВА III.
ДАР’Я. (адна)


ДАР’Я. Не разумею чаго яна да мяне чэпіцца кожны дзень.


З’ЯВА IV.
ДАР’Я — САУКА.


САУКА. (Выходзіць з хаты). Мама! Навошта вам сварыцца з суседзямі?

ДАР’Я. Мой сынок! Ці-ж гэта я? Гэта-ж яна першая пачала.

САУКА. Яна пачынае, а вы ўзялі ды пайшлі-бы ў хату: што людзі скажуць, чуюць што-дзень сварку на нашым двары.

ДАР’Я. Гэтак, то гэтак... Але чаго-ж яна да мяне лезе заўсёды?

САУКА. Няўжо-ж не разумееце за што, ўсё за тое.

ДАР’Я. Што дачкі не хоча за цябе аддаць? Мы-ж сілком не бярэм... Чаго сварыцца... Захочаш жаніцца, дык такое дабро знойдзеш.

САУКА. Не кажыце гэтак, бо Зоська мяне ўсёй душою любіць і бацька згаджаецца; вось толькі маці ніяк...

ДАР'Я. I ліханька яе бяры... Але не дажджэ яна! Я ёй такую штуку падстрою, іакога вараб'я падпушчу, што яна сама прыдзе маёй ласкі прасіць. Вось пабачыш. Здохну я, калі ёй не аддзякую за яе сварку!... Лахта гэта! Як пачнецца раніца — і пачынае лахтаць языком, як траплом! Сутрымаеш язык, пачакай толькі! (Ідзе ў хату).


З’ЯВА V.
САУКА (адзін)


САУКА. (Знімаючы касу са сцяны). Эх, бяда з гэтымі старымі... Не тое, дык тое. Не за курыцу, дык за яйцы, а ўсё сварацца. Ніяк іх пагадзіць не можна. Не ведаю, што даў-бы, каб толькі яны жылі ў згодзе... Мо’ хутчэй Зоська была-б маёю. Гэтак я яе страшэнна кахаю... Дзе не йду, а усё аб ёй думаю. (Уздыхае).


З’ЯВА VI.
САУКА — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Уваходзіць). Аб кім гэта, пане дабрадзею, думаеш?

САУКА. Ды вось думаю, як-бы сенажаці хутчэй касіць скончыць. А цяпер пайду ў садок цялятам травы выкашу.

ГРЫПІНА. Аб сенажаці думай сколькі сабе хочаш, а вось аб Зосьцы кінь думаць. Не раз казала і цяпер кажу, што яна табе не пара... За такога, як ты, я, яе не выдам; няхай лепш у дзеўках сядзіць... Што ў цябе ёсць? Зямлі кавалак, ды хата небам крытая!...

САУКА. Мне здаецца, цётачка, што лепш выйсці за беднага, калі яго кахаеш, чым за багатага, ды не любага...

ГРЫПІНА. Што з твайго кахання: спадніцу пашыеш, ці хлеб есці будзеш? Лепш Бога не грашы і людзей не смяшы, хлапец! Шукай сабе такую, які сам ды жаніся, а на Зоську не спадзявайся, бо нічога не будзе... Знайшоў каго пакахаць?! (Ідзе ў хату).


З’ЯВА VII.
САУКА. Ці я вінават, што яе кахаю... Мо'-б я і не хацеў кахаць, але сэрца. А што я беднейшы за яе... і тут не вінен... Няўжо ў свой час ім не прыходзілася кахацца і гэтак хварэць, як хварэю я, не... мусіць не..., бо каб ведалі яны, як гэта цяжка... Эх! Убогасць усяму віна. Але Зоська?! Яна шчыра кахае, не гледзячы, што я бедны... Бацька дакляруе нават дапамагчы чым колечы, а маці і гаварыць не хоча...


З’ЯВА VIII.
САУКА — ЗОСЬКА.


ЗОСЬКА. (Бягуны з вуліцы). Ой, вой! вой! вой! Савачка барані мяне... (Мікіта паказваецца з-за вугла і хаваецца).

САУКА. Што? Што такое?

ЗОСЬКА. Вой утамілася. Гэта-ж той дурань гнаўся за мною.

САУКА. Хто? Які дурань?

ЗОСЬКА. Які дурань! Адзін-жа ў нас дурань — Мікіта.

САУКА. (Смяецца). А бадай цябе! I ты яго спалохалася?

ЗОСЬКА. Заўсёды за мной гоніцца, кажа — кахаю цябе, жыць без цябе не магу.

САУКА. Ну, значыцца кахае...

ЗОСЬКА. (Злосна). Ідзі ты вон разам з ім!... Як да нас прыходзіць, я да хаты ўцякаю, альбо яго качаргою ганю вон... Ты заступіся за мяне!

САУКА. Ну добра, заступлюся.

ЗОСЬКА. А ці сёння мацеркі нашы не сварыліся?

САУКА. Як-жа... яшчэ як.

ЗОСЬКА. За вошта?

САУКІ. За курэй... Эх Зоська! Нешчаслівыя мы з табою. Не быць, мусіць, таму, аб чым мы так часта гутарым.

ЗОСЬКА. Не сумуй Савачка! Прыдзе шчаслівая хвіліна мацеркі нашы пагодзяцца і мы злучымся на заўсёды... А пакуль што кахаймася і не трацьма надзеі, што і наша зорка засвеціць ясней на небе і ўзвядзе нас на адну сцежку, якой і будзем ісці з табою ўсё жыццё. (У гэты час Мікіта праходзіць іш вуліцы, хаваецца за вугал і слухае) Мо' хто-небудзь пагодзіць нашых мацерак.

САУКА. Зоська! Я не счакаю той гадзіны...

ЗОСЬКА. Э-э! Счакаеш! Не памрэш! (Мікіта праходзіць за 2-гі вугал, бліжэй). А куды ты касіць пойдзеш?

САУКА. Пайду ў садок, выкашу трохі, пакуль сонца нэ пячэ, бо тады за вашымі пшчоламі не можна падайсці.

ЗОСЬКА. Ну добра! Ты ідзі касіць, а я пайду табе бліноў прынясу.

САУКА. Што ты, Зоська!

ЗОСЬКА. Гэта не тваё дзела: Калі я кажу, так і трэба. Я хутка. (Пашла ў хату).

САУКА. (Паглядзеўшы ў след). Ну і Зоська! Без яе мне жыцця не будзе! Эх, доля, доля! (Спеў). Чаму я такім радзіўся! (Пайшоў у садок).


З’ЯВА IX.
МІКІТА (адзін)


МІКІТА. (Падбягаючы пад дзверы). Ага! Не злавіў! А то, пацалаваў-бы! Вось толькі лапаць развязаўся, ганяючыся за ёю (сядае на лаўку і абувае лапаць). А спрытная дзяўчына, як наша цялушка; толькі хвастом не махае, а бяжыць таксама, што дагнаць не можна. I чаму яна мяне не любіць? Перш казала: люблю. Нават і яблыкі ёй даваў, ды не хацела браць кажа: лепш сам еш, я цябе шкадую... А цяпер ні прыступу, як малады конь да аглобляў. Вось дык Зоська. Зоська! (Чухае патыліцу). Трэба пачакаць мо’ хутка будзе бліны нясці Саўку. Хоць пабачу — і то лягчэй будзе. (Кладовіцца на лаўку), каб толькі яна Саўку не пакахала. Але-ж кажуць людзі, што мяне — значыць мяне (пяе) значыць мяне... (Пяе). «А ў полі жыта расце з каласамі.

Пакахала Мікіту яна з кутасамі».

Здаецца ідзе (маўчыць). (Зося з блінамі ідзе ў садок. Мікіта ўстаўшы). Пайду за кусты схавацца, як пачне Саўка бліны есці, я зненацку — як крыкну! Ён спужаецца і блінамі ўдавіцца, а мне Зоська застанецца (пяе) застанецца (пайшоў у садок).


З’ЯВА X.
ДАР’Я. (адна)


ДАР’Я. (вышла). Што гэтак сёння доўга. Яўменя няма з поля... Зарабіўся... Трэба яму нагаварыць хоць няпраўды, каб яе трохі аддубасіў, няхай ведае, як добра слухаць непраўду... каб хутчэй ён толькі ехаў. Пабачым, хто перад кім паклоніцца... Паскуда гэтакая. Брахуха. (пайшла ў хату).


З’ЯВА XI.
ЗОСЬКА. (адна)


ЗОСЬКА. (бяжыць баранючыся пчол, і разкідае бліны). А няхай вас ліха! Вой! Вой! У валасы ці што забіліся... Мёд смачны, але моцна кусаюцца і бліноў не данясла Саўку, а ён будзе чакаць. (бяжыць у хату).


З’ЯВА XII.
МІКІТА (адзін)


МІКІТА. (ідзе з-заду, падымае бліны, есць папяваючы). Смачныя бліны. Смачныя бліны! Вось яшчэ адзін. Якія смачныя пячэ бліны Зоська! А я яшчэ не снедаў сёненька. Вось падвязло. (пяе). Смачныя бліны. Смачныя бліны! Смачныя бліны! (углядаецца). Здаецца бацька йдзе з поля! Трэ ўцякаць, (пяе) смачныя бліны (уцякае).


З’ЯВА XIII.
ЯУМЕНЬ — ДАР’Я.


ЯУМЕНЬ. (З пугаю). Во пячэ! Як у чалесніках! Трасца яму ў бок!

ДАР’Я. (выйшла). Дзень добры, суседзе!

ЯУМЕНЬ. Добры дзень!

ДАР’Я. Я-ж кажу, што з ранку пачало так пячы, каб дождж часамі, не пайшоў. І замарыліся відаць?

ЯУМЕНЬ. А ужо-ж! Замарыўся, трасца яму ў бок! Хлапца не наняў, самаму прыходзіцца і за сахой, і за бараной, і за канём, і за ўсякаю паветраю цягацца, трасца яму ў бок! Ніколі ў хаце не бываеш.

ДАР'Я А гэта і дрэнна, што ў хаце не бываеце.

ЯУМЕНЬ. А хто-ж кажа, што добра! Ведама дрэнна. трасца яму ў бок!

ДАР’Я. Я-ж кажу, што чалавек за працаю ніколі ў хаце не бывае, а людзі чорт ведае, што гавораць.

ЯУМЕНЬ. Што-ж яны гавораць, трасца ім у бок? Што я гультай?

ДАР’Я. Ды не, але лепш аб гэтым не казаць.

ЯУМЕНЬ. Зацікавіла, трасца яму ў бок, і казаць не хочаш, кажы, я злавацца не буду.

ДАР’Я. Баюся казаць, каб дрэннага чаго не вышла... Мо’ гэта яшчэ непраўда.

ЯУМЕНЬ. Ну, дык кажы, трасца табе ў бок!

ДАР’Я. Ну, калі так прыстаеш, то не гневайся і слухай. Кажуць людзі — мо’ яшчэ гэта непраўда — што як сам бываеш ў полі, працуеш, то да жонкі госці ходзяць... частуюцца.

ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок, ад каго ты чула?

ДАР’Я. Гэта я табе не скажу, але яшчэ раз кажу, што можа ўсе маняць. Пакуль сам не пераканаешся, маўчы лепш, мало што людзі кажуць!

ЯУМЕНЬ. Я буду маўчаць, трасца ёй ў бок! Яна тут п’янствуе, ды яшчэ, што вырабляе! Я бачу, што апошнія дні асою у вочы пачала кідацца! Вось гэтым траўпачом пацягну разоў колькі, дык не захоча мяне больш ашуківаць, трасца ёй у бок! Бачыў ты яе?! (Пайшоў за дзверы).


З’ЯВА XIV.
ДАР’Я (адна)


ДАР’Я. Вось і ўдалося! Няхай-жа ведае, як не праўду казаць. Мо’ трохі памякчэе, а то не прыступіцца. Ён ёй накажа: Яўменя я добра ведаю. (Слухае).

ЯУМЕНЬ. (чуваць за дзвярыма). Што? трасца табе ў бок!

ДАР’Я. Дастанецца ёй за курэй! Пугаўё добрае мае!

Будзе ведаць, як з суседзямі трэба жыць. (Пайшоў у хату).


З’ЯВА XV.
МІКІТА (адзін).


МІКІТА. Няма нікога, (аглядваецца) жадаў, каб Саўка блінам падавіўся, ажно сам чуць не ўдавіўся ўцякаючы! Але бліны смачныя! Трэба яшчэ паляжаць мо’ вынясе болей. (Лажыцца на лаўку і пяе). «Вынясі Зоська, бліноў яшчэ болей, у садку цябе Саўка чакае». (Смяецца).

ЯУМЕНЬ. (Чуваць у хаце крык). Гэта падзяка за маю шчырую праўду? Вон з хаты!

МІКІТА. Вой, дзе мне дзявацца? А мо’ не ўбачыць! (Выцягнуўся на ўсю лаўку).

ЯУМЕНЬ. Каб і нага тут твая не была, вон! Трасца табе ў бок!

МІКІТА. (кідаецца на лаўцы і лезе пад лаўку). Вось тут! Можа не знойдуць. Чаго гэта Яўмень расхадзіўся? (Пяе). «Вынясі Зоська бліноў, яшчэ болей, у садку Саўка чакае». (Далей хаваецца).


З’ЯВА XVI.
ЯУМЕНЬ — ГРЫПІНА — ЗОСЬКА — МІКІТА.


ГРЫПІНА. (Бяжыць, за ёю Яўмень з пугаю, за ім Зоська).

ЯУМЕНЬ. Сорам на свет паказацца будзе!

ГРЫПІНА. Яўменька! Даражэнькі, паслухай!

ЗОСЬКА. Татачка, гэта непраўда. (Дар'я пазірае у акно і смяецца).

ЯУМЕНЬ. Я табе пакажу, як здзекі з мяне строіць, трасца табе ў бок! Вон з двара, каб і вочы мае не бачылі калі ты гэткая!

ГРЫПІНА. Слухай-жа дурны!

ЯУМЕНЬ. Слухаці не хачу! Я вось табе вывяду твой розум, трасца табе ў бок!

ГРЫПІНА. Не баюся я цябе, дурань! (Бяжыць пад лаўку)

ЗОСЬКА. Ай, татачка!

ЯУМЕНЬ. Дык ты вось як, трасца табе ў бок! (сцёгае раз пугай па лаўцы).

МІКІТА. Вой! Вой! Вой! Злавіў па пальцы (ліжа палец).

ГРЫПІНА. Ну, бі болей, бі болей!

ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок! (Хвошча па лаўцы).

ЗОСЬКА. (Крычыць). Ой, татачка! Не біце!

ГРЫПІНА. Ай, яй, яй!

МІКІТА. (Крычыць пад лаўкай). Вой! Вой! Вой! Ратуйце! (Кідаецца Яўменю пад ногі, збівае з ног і ўцякае).

ЯУМЕНЬ. (Валючыся крычыць). Трасца табе ў бок! (Мікіта паўзе).


ЗАСЛОНА.

АКТ II.


З’ЯВА I.
ГРЫПІНА — ДАР’Я.

(Тая самая дэкарацыя, на лаўцы сядзяць і гутараць Грыпіна і Дар'я).


ГРЫПІНА. Не хачу клясціся святою нядзелькаю! Самі бачыце, што дарэмна на мяне наваліўся... і гэтак (паволі плачуча) збіў, што яшчэ не магу да плячэй дакрануцца... каб я калі, каму што якое, — а то я ніколі, нікому нічога! Ды ці-ж-бы вы, суседачка, не бачылі па суседству жывучы, каб хто да мяне хадзіў. Алё ўсё благія языкі.

ДАР’Я. Я-ж кажу — языкі... але... але... Сёння спаткалася з Яўменям, і ўчора нават, казала яму, што не слухай людзей, бо людзі-чэрці, так і мяркуюць, каб звясці каго небудзь.

ГРЫПІНА. Дзякую, дзякую табе... я бачу, што ён памякчэў крыху, мусіць ад таго, што вы яму гаварылі аба мне.

ДАР’Я. Я-ж кажу... гаварыла, не верыць усякай брыдзе.

ГРЫПІНА. Ён увесь час цяпер зходзіць з дому, а потым раптам з’яўляецца, каб каго застаць... Бачыце вы самі, ці-ж я даслужыла гэтага каб мяне пільнаваці і цяпер кудысь выйшаў з дому. Ох, доля мая доля.

ДАР’Я. Я-ж кажу, што зрабіць. Папільнуе, папільнуе, нікога не ўбачыць, дасць веры, што мана ўсё, яшчэ перапросіць. Я яму ўжо казала, каб хутчэй перапрасіў Вас, бо ўсё, што ён чуў — выдзірка людская.

ГРЫПІНА. Ён то перапросіць, але сінякі, што парабіў пугаю, ад гэтага не згояцца.

ДАР’Я. Я-ж кажу, трэба цярпець.

ГРЫПІНА. Ды ўжо-ж буду цярпець... Няхай таго трасца, трасе, праз каго ён біў мяне.

ДАР’Я. Я-ж кажу, і клясці не трэба... пагояцца...

ГРЫПІНА. (устае). Эх, эх! А дзе-ж ваш Саўка?

ДАР’Я. У хаце сядзіць.

ГРЫПІНА. I Зоська адна ў хаце. Чаму-ж ён не прыдзе да яе пабавіцца. Які-ж з яго хлапец? Ідзіце, кажэце, няхай ідзе да яе. А вам дзякуй, што хоць вы майго дурня ўгаварваеце... Ён вам дае веры... Ды пайду і я ў хату (пайшла).


З’ЯВА II.
ДАР’Я (адна)


ДАР’Я. (ідучы ў хату). Ну вось і ўдалося! Бач, якая мягкая стала, хоць к хвораму месцу кладзі. А то нос вышэй коміна насіла! Ага! Як у бяду ўпадзеш, Кузьму бацькам назавеш. Толькі хутчэй іх зусім пагадзіць, мо'-б тагды і Зоська з Саўкам пабраліся. А то ўсё хванабэрыю нейкую строіла, але вось за гэту хванабэрыю, чухай цяпер плечы (пашла).


З’ЯВА III.
МІКІТА (адзін).


МІКІТА. (Праходзячы па вуліцы пяе і пазірае ў двор).

«На вуліцы туманец, дзеўка не цягайся. Хлопец зловіць, пацалуе, нікому не жалься». (Пайшоў).


З’ЯВА IV.
ЗОСЬКА (адна).


ЗОСЬКА. (праз акно) Эх, як хораша на дварэ! Хлопцы і дзяўчаты на сяле гуляюць, а мне так сумна, што гэта нядзелька здаецца буднім днём. I Саўка таксама сумненькі! I хто нам дапаможа ў нашым каханні, хто паможа злучыцца на заўсёды.


З’ЯВА V.
САУКА — ЗОСЬКА.


САУКА. (выходзіць з хаты). I святам яшчэ горш на сэрцы робіцца. У будні дзень працуеш, дык аб усім забываешся.

ЗОСЬКА. Саўка!

САУКА. Чаго? Ага? Я-й не бачу!

ЗОСЬКА. Куды ты сабраўся?

САУКА. Пайду разнясу жуду. Пагляджу, як гуляюць хлопцы ды дзяўчаты! Мо’ пойдзем разам! Ах, я і забыўся, што твая маці ў хаці. Я буду там, дзе гуляюць.

ЗОСЬКА. Не, даражэнькі, я не пайду, бо тата вернецна. Баюся, зноў каб не біліся з мамаю.

САУКА. Паб’юцца і пагодзяцца... Ну, а я пайшоў, а ў вечары...

ЗОСЬКА. У вечары, я буду. Я толькі чакаю вечара. Толькі не пазніся, памятай!

САУКА. Не. Ніколі не спазнюся! Бо дзе шчасце чалавека чакае, і ведаючы аб гэтым, хто стане марудзіць... Ну бывай. (Пайшоў).


З’ЯВА VI.
ЗОСЬКА (адна).


ЗОСЬКА. Бывай, бывай!... Мой саколік! Гуляй і за мяне, а я... я застануся ў хаце і буду чакаць вечара! Ох, хутчэй-бы сонейка хавалася і зоркі на небе ўбачыць... Не... Не так хутка! Яшчэ рана. Эх! эх! (хаваецца).


З’ЯВА VII.
МІКІТА (Адзін).


МІКІТА. (Ідучы) «Хлапец зловіць, пацалуе — нікому не жалься». Ну пайшоў Саўка, значыць смела можна ісці гуляць да Зоські. Ды трэба занясці ёй яблыкаў. (Вымае з запазухі). А-ж папацелі, увесь дзень за пазухай лежачы. Толькі каб не даць кіслага, а то, як учора шпурне мне ў галаву (кусае). Вой, кіслы. Пэўна дзічка папалася (плюе). Як палын пячэ! (кусае) гэта лепшае: (Кусае). А вось гэта, як цукер. Ну гэта я дам ёй (яшчэ разы 2 кусае, кладзе за пазуху і ідзе ў хату).


З’ЯВА VIII.
ДАР’Я.


ДАР’Я. (выйшла) Саўка! А, Саўка! Дзе-ж гэта ён дзеўся, няўжо да Яўменявых пашоў? Палуднаваць забыўся хлапец! А бадай цябе! (Пайшла ў хату).


З’ЯВА IX.
ЗОСЬКА — МІКІТА.


ЗОСЬКА. (ў хаце). А то, як скажу Саўку! Што? Вось гэтак чапялою.

МІКІТА. Вой! Вой! Вой! (выбягае, абора чапляецца ў дзверы і ён падае). Стой! Стой! абора ўчапілася (зрывае лапаць і ўцякае. З далёку). Пайду Саўку скажу, што не хоча цалавацца — Ай, яй, яй! Бацька ідзе! Уцякаю!


З’ЯВА X.
ЯУМЕНЬ (адзін).


ЯУМЕНЬ. Ага! Трасца яму ў бок! Не ўгледзіў толькі хто паляцеў з двара! Значыцца не абмыліўся! Значыцца мая жонка, трасца ей ў бок... А гэта што? І лапця забыўся, як спужаўся! (Падымае). Аборку ўшчаміў, каб ён сабе галаву ўшчаміў у плот, трасца табе ў бок! Я ёй пакажу гэты лапаць. (пайшоў у хату).


З’ЯВА XI.
МІКІТА (адзін).


МІКІТА (выбягае на двор). Куды-ж гэта ён дзеўся? Так напалохала, што згубіў лапаць і не ведаю дзе... Вось бяда! Што дзень, то новыя лапці; гэтак хутка рву, а тут яшчэ губіць пачаў. Не відаць. (пайшоў па вуліцы).


З’ЯВА XII.
ЯУМЕНЬ (адзін).


ЯУМЕНЬ. (выйшаў з хаты). А трасца табе ў бок! Цяпер не вывернешся!... (Пад акно). Суседка! А, суседка: Калі ласка, на хвілінку выйдзі на двор, трасца табе ў бок!


З’ЯВА XIII.
ДАР’Я — ЯУМЕНЬ.


ДАР’Я. А што маеце казаць, суседзе?

ЯУМЕНЬ. Скажы мне, трасца табе ў бок, чый гэта лапаць? А?

ДАР’Я. Скуль я магу ведаць, пане суседзе.

ЯУМЕНЬ. Не, ты ведаеш, але казаць не хочаш? Вы ўсе ў адну дудку йграеце, трасца вам ў бок.

ДАР’Я. А дзе вы яго ўзялі, суседзе?

ЯУМЕНЬ. Дзе ўзяў? Вось тут, на дварэ!

ДАР’Я. Мо’ дзеці чые прынеслі, я-ж кажу...

ЯУМЕНЬ. Дзеці! Дзеці! Вось я ёй пакажу — дзеці! Значыцца і ты за ею, як; чорт за чорта! А яшчэ хацела, каб дачку аддаў за сына, трасца табе ў бок. А праўды казаць не хочаш?

ДАР’Я. Ды кіньце вы, суседзе! Людзі нагарылі, а вы і веры далі. (пашла ў хату).


З’ЯВА XIV.
ЯУМЕНЬ (адзін)


ЯУМЕНЬ. Я не кіну пакуль не буду ведаць чый гэта лапаць. А тады... трасца яму ў бок! (на вуліцы бегае Мікіта, шукае лапця, размахвае рукамі).


З’ЯВА XV.
ЯУМЕНЬ — МІКІТА.


ЯУМЕНЬ. Мікіта!

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Ты не бачыў?

МІКІТА. Каго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго (плюе).

ЯУМЕНЬ. Цьфу! Дурніца, траеца табе ў бок, я пытаю...

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Ты не бачыў?

МІКІТА. Каго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Цьфу! (Мікіта плюе). Трасца табе ў бок (пашоў).


З’ЯВА XVI.
МІКІТА (адзін)


МІКІТА. I крычыць і плюе. Ці не адурнеў ён? Нічога не разумею! I што гэта будзе? Што я бацьку скажу, дзе ён дзеўся? А, мо' яго у дома забыўся? Не, здаецца быў; трэба шукаць. (Пашоў).


З’ЯВА XVII.
ЯУМЕНЬ — ЗОСЬКА — ГРЫПІНА.


ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок! Я-ж пытаю, хто ў цябе быў? Я пытаю чый гэта лапаць?

ЗОСЬКА. Скуль-жа мама ведае, чый гэта лапаць, можа свіння прыцягнула на двор!

ЯУМЕНЬ. Мо' скажаш — вароны прынеслі! Не, я ўсё разумею! Далей гэтак не будзе! Я хутка за цябе вазьмуся. (Суне лапцям жонцы пад нос). Кажы хутчэй, чый гэта лапаць?

ГРЫПІНА. Адчапіся, здзецянеў, ці што? Знайшоў недзе атопак, ды каб я ведала, чый ён. Скуль-жа мне ведаць?

ЯУМЕНЬ. Вось, як вазьму аборамі сцягаць, дык будзеце ведаць, трасца вам ў бок.

ЗОСЬКА. Ізноў тата пачынаеце? Святы дзень, — усе людзі на вуліцы смяяцца будуць!

ЯУМЕНЬ. Смяюцца! Няхай ведаюць, няхай ведаюць, якую Яўмень жонку мае, той Яўмень, які на ўсёй вёсцы лепшым гаспадаром лічыцца.


З’ЯВА XVIII.
ЯУМЕНЬ — ЗОСЬКА — ГРЫПІНА — ДАР’Я.


ДАР’Я. (ўвайшоўшы). Няўжо-ж аб тым? Суседзе даражэнькі.

ГРЫПІНА. Вось бачыш, мая міленькая, знайшоў на вуліцы лапаць, і хоча каб я згадала, чый ён. Звар'яцеў ці што, чалавек?

ЯУМЕНЬ. Не на вуліцы, а на дварэ, трасца табе ў бок.

ЗОСЬКА. Кіньце вы яго, тата, няхай ён згарыць!

ЯУМЕНЬ. Я не кіну, пакуль не даведаюся, чый ён!...

ДАР’Я. Кажу, што дзеці пясок у ім вазілі, сама бачыла.

ГРЫПІНА. Ну, вось, пясок вазілі... (усхліпваючы).

ЯУМЕНЬ. Каб цябе на могілкі павязлі. Ты яшчэ будзеш зубы загаварываць. Я цябе зараз пытаю, чый гэта лапаць?


З’ЯВА. XIX.
Тыя-ж і МІКІТА.


МІКІТА. (бягучы). А дзядзячка, аддайце лапаць мой, а то тата сварыцца будзе на мяне!

ЯУМЕНЬ. Які лапаць, трасца табе ў бок?

МІКІТА. Ды мой! Я ўцякаў ад вас і ўшчапіў абору ў дзверы, ды лапаць адарваўся.

ЯУМЕНЬ. (Кідае лапаць). Цьфу, трасца табе ў бок! Што-ж ты раней не казаў, як я ў цябе пытаў?

МІКІТА. (падымаючы лапаць). А дзякуй вам, а я думаў, што згінуў.

ГРЫПІНА. Ага! Ці я не казала! Каб табе толькі дзён хварэць, колькі ты мне сінякоў дарэмна пасадзіў на плячох пугаю. Бачылі, якая праўда?

ДАР’Я. Я-ж кажу, суседзе, людзей не слухай.

ГРЫПІНА. Вось як вазьму гэты лапаць, ды-й ўсю морду вытаўку (бярэ лапаць).

МІКІТА. (не дае). Ой, ёй! Я не дам, я не дам, паскудзіць лапаць.

ГРЫПІНА. (да Яўменя). Прасі прабачэння!

ДАР’Я. Але, суседзе, трэба перапрасіць жонку! Мала што прыдзецца. Лепш згодна жыць.

ЯУМЕНЬ. Ну, прабачай, трасца табе ў бок! Я абмыліўся — людзей паслухаў... Болей гэтага не будзе, і вы, суседка, выбачайце: здаецца цябе з гарачкі сёння аблаяў — мне здавалася...

ГРЫПІНА. Здавалася! Няхай табе не здаецца дурной авечцы... здавалася.

ДАР’Я. Ды нічога... я-ж кажу. Я прабачаю.

ЗОСЬКА. Вось, дзякуй табе Мікіта, што ты прызнаўся да лапця, а то невядома што было-б.

МІКІТА. Прызнаўся! Каб да свайго лапця ды не прызнацца. Хто мне спляце, акром бацькі?

ДАР'Я. А лепш за ўсё гэта з суседзямі жыць у згодзе. Яны заўсёды праўду скажуць! Ці-ж не бачаць суседзі, што робіцца на адным дварэ. (Чуваць спеўхлопцаў і дзяўчат).

ЗОСЬКА. Пэўна Саўка вяртаецца. А мо'-б у гэту шчаслівую гадзіну на ўсё мама згадзілася? (ідзе на вуліцу, за ёй Мікіта).

ГРЫПІНА. Ды мы, здаецца, ніколі не сварымся, хіба вось ён...

ЯУМЕНЬ. Што ён?, трасца табе ў бок!

ДАР’Я. I дзеткі нашы жывуць у згодзе паміж сабой... Мой Саўка колькі разоў хацеў, але не адважыўся у вас запытацца.

ЯУМЕНЬ. Ды што там пытацца, калі Зоська згодна...

ГРЫПІНА. Ці-ж у нас аб гэтым пытаць? Самі няхай згаворацца.

ЗОСЬКА. Мамачка! Даражэнькая! Даўно аб гэтым хацела ў вас запытацца.

ГРЫПІНА. Дачушка! Або я перашкаджаю. Жадаю вам ўсяго найлепшага.

ДАР’Я. (убок). Вось і памагло тое зелле. Мікіта, ідзі пазаві Саўку.

МІКІТА. Вось ён тут ужо ідзе з хлопцамі.

ЗОСЬКА. (з радасцю)!... Хутчэй! Хутчэй!


З’ЯВА XX.
Тыя-ж і САУКА.

(Убягае Саўка, за ім хлопцы і дзяўнаты).


САУКА. (да Зоські). Чаго табе?

ЗОСЬКА. Не пытай чаго, а вось цалуй руку тату і маме.

САУКА. На вошта?

ЗОСЬКА. Не пытай, а цалуй калі кажу. Ды Мікіту дзякуй скажы, скажы, хутчэй яго лапцю; ён пагадзіў бацькоў, а яны згадзіліся, каб мы жаніліся.

САУКА Няўжо? (Цалуе руку). Дзякую! Большага шчасця я мець не хачу. Дзякую!

ЯУМЕНЬ. Жаніся з Зоськай! А як мы старыя, памрэм прыары зямлю сваю да нашай, ды жывіце. Трасца вам ў бок!

ГРЫПІНА. Згодненька жывіце. (Мікіта з лапцям стаіць і робіць міну).

САУКА. Але, цікава, як Мікітаў лапаць дапамог мне ажаніцца з Зоськай?

ДЗЯУЧЫНА. Мікіта! Абувай лапаць, зараз скакаць будзем. Зоська замуж ідзе за Саўку.

МІКІТА. Замуж? За Саўку? Вой! Вой! Вой!

ЗОСЬКА. Ну, Мікіта, і ты паскачаш на вяселлі. Бо каб не твой лапаць, мо'-б яшчэ не хутка яно было.

МІКІТА. А мо' не мой лапаць. (углядаецца).

ДЗЯУЧЫНА. Ну, хутчэй абувай, чуеш! Скакаць пойдзем!

МІКІТА. З табой?

ДЗЯУЧЫНА. Ну, а што-ж! Са мною? Ох ты дурніла! Яшчэ падзякуй, што бяру!

МІКІТА. Бярэш?! Буду абувацца. (сядае і абувае лапця)

ЯУМЕНЬ. Трасца вам ў бок! Праспявайце што небудзь ды паскачыце!

ДАР’Я. Але дзяўчаткі. (пяюць вясельную).

УСЕ. А цяпер паскачам!

ДЗЯУЧЫНА. Хутчэй, Мікіта!

МІКІТА. Абору завяжу!

ЯУМЕНЬ. Мо' і мы сванько, тупнем, трасца ім ў бок?

ДАР’Я. А чаму-ж не!

ХЛАПЕЦ. А я з вамі цётачка, каб не зайздросна было, што ўсе скачуць.

ГРЫПІНА. Дый даўно я ўжо не скакала.

МІКІТА. А цяпер і я тупну! Вось гэтым лапцям, што Зоську ажаніў! Пойдземь Аўгіня, ды тупнем, каб чорту моташна стала! (Пачынаюць скакаць).


ЗАСЛОНА.



Оглавление

  • Зборнік сцэнічных твораў Беларускі тэатр
  • АД ВЫДАЎЦЫ
  • ПЯРЭСТАЯ КРАСУЛЯ А. ЧУЖЫНІН
  • БОТЫ М. КРАПІЎНІЦКІ
  • МІХАЛКА
  • МІКІТАЎ ЛАПАЦЬ М. КУДЗЕЛЬКА
  •   АКТ I.
  •   АКТ II.