Адзін сярод дзікуноў (fb2)


Настройки текста:



МІКАЛАЙ МІКЛУХА-МАКЛАЙ АДЗІН СЯРОД ДЗІКУНОЎ


З ДЗЕНЬНІКА М. М. МІКЛУХІ-МАКЛАЯ


СЭРЫЯ "ВАКОЛ СЬВЕТУ"

БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА

МЕНСК — 1929


Друкарня Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва.

Падарожжа расійскага дасьледчыка Міклухі-Маклая на Новую Гвінэю адбылося каля 50 гадоў назад. Але толькі пры савецкай уладзе, у 1923 годзе, дзякуючы клопатам профэсара Д. Анучына, былі надрукаваны рукапісы падарожніка. (Памёр Міклуха-Маклай у 1888 годзе). Ужо гэта адно сьведчыць, што матэрыялы і да гэтага часу ня страцілі сваёй вартасьці.

І сапраўды, у такіх куткох, як Новая Гвінэя, дзе і дагэтуль ёсьць вялікія абшары, куды ня ступала нага эўропэйца,— там, пэўна, жыцьцё ідзе таксама, як і ў часы Міклухі-Маклая.

Галоўная каштоўнасьць апісаньня Міклухі-Маклая ў тым, што тут мы бачым дзікуноў у іх звычайным штодзенным жыцьці, бяз усякіх прыгод і «аздоб». І, ня гледзячы на гэта, чытаецца кніжка з захапленьнем.

Цікавы і падыход Міклухі-Маклая да дзікуноў. Падыход шчыры, братэрскі, зусім не такі, як у іншых «цывілізатараў». Страшныя людаеды зусім не такія, як іх звычайна малююць. Міклуха-Маклай сябраваў нават з імі лепш, як з іншымі белымі.

Цікава адзначыць, што калі ў 1884 г. Нямеччына забрала гэты бераг Новай Гвінэі, Міклуха-Маклай ад імя сваіх папуасаў паслаў протэст нямецкаму ўраду.

Цяпер Новая Гвінэя падзелена паміж Англіяй (усходняя палова) і Голяндыяй (заходняя). Новая Гвінэя займае плошчу ў 774 тысячы кв. міль. Пасьля Грэнляндыі гэта самая вялікая выспа на зямлі [1].

Паверхня выспы пераважна гарыстая, некаторыя горы дасягаюць нават 5 клм. вышыні. Там ёсьць золата і, бадай, іншыя багацьці, але пра іх пакуль што мала ведаюць.

Клімат гарачы, вільготны і вельмі нездаровы. Таму эўропэйцаў там мала. Жывуць яны толькі на берагох і маюць гумовыя, какосавыя, баваўняныя плянтацыі. Тубыльцы-папуасы («папуа» значыць «кучаравы»), якіх да 600 тысяч чалавек, жывуць далей і ад эўропэйцаў ухіляюцца. Нават рабочыя на плянтацыі прывозяцца з Кітаю і Японіі.

Міклуха-Маклай апісвае нязначную частку паўночнага берагу, дзе ён жыў. Але нельга думаць, што на ўсёй вялізнай высьпе ўмовы такія самыя. За ўвесь час мы вельмі мала мелі іншых апісаньняў Новай Гвінэі.

Толькі нядаўна зьявілася кніжка амэрыканскага журналістага Тэйлёра, ды толькі-што вярнулася адтуль амэрыканская навуковая экспэдыцыя [2].

Рэдакцыя.

ПЕРШАЕ ЗНАЁМСТВА З ДЗІКУНАМІ


19 верасьня 1871 году а 10-й гадзіне раніцы з-за хмар паказаўся, нарэшце, высокі бераг Новае Гвінэі.

Берагавая паласа цягнулася правільнымі тэрасамі, ці ўступамі, прыблізна да 300 мэтраў вышыні. Шматлікія цясьніны і яры з густым зелянівам перасякалі іх і злучалі верхні лес з узьбярэжным вузкім пасам расьліннасьці. У двух месцах на беразе быў відзён дым, які сьведчыў, што там жыве чалавек. А шостай гадзіне вечарам мы ўбачылі ля берагу маленькую лясістую выспачку. З сьветлага зеляніва какосавых пальмаў на выспачцы відны былі стрэхі халуп, а на беразе можна было бачыць і людзей. Ля выспачкі ў мора цякла палянкаю рэчка.

Каб убачыць верхавіны гор з-за воблакаў, на другі дзень я ўстаў рана і вышаў на палубу яшчэ да ўсходу сонца. Я не памыліўся,— горы відаць было вельмі добра. Пераважна гэта была высокая сьцяна, амаль усюды аднакай вышыні. Чым далей мы пасоўваліся, тым расьліннасьць была багацейшая. Потым паказаліся два мысы [3], з іх паўночны, якога Дзюмон д’Юрвіль назваў мысам Дзюпрэ, далёка ўкліньваўся ў мора. Пры дасьледваньні было выяўлена, аднак, што гэта ня мыс сухазем’я Новае Гвінэі, а адна з выспачак архіпэлягу [4], які я пасьля назваў Архіпэлягам здаволеных людзей.

На запытаньне камандзіра корвэта [5], дзе я хачу высадзіцца, я паказаў на больш высокі левы бераг, баючыся, што правы, нізкі, можа быць нездаровы. Мы доўга ўглядаліся ў бераг затокі, каб убачыць халупы тубыльцаў, але, апрача слупоў дыму, нічога не заўважылі. Аднак, калі мы падышлі бліжэй да берагу, старэйшы афіцэр крыкнуў нам, што бачыць дзікуноў. Сапраўды, у адным месцы пескавога берагу відаць было некалькі цёмных фігур, якія спачатку беглі, потым спыняліся.

Ля гэтага месца відзён быў невялічкі мысок, за якім, здавалася, была невялікая букта [6]. Мы накіраваліся туды. Вялізныя дрэвы, якія расьлі на самым краі скалістага берагу, спушчалі свае галіны да самай паверхні даволі глыбокае вады. Ліяны і іншыя расьліны-чужаеды ўтваралі сваімі гірляндамі сапраўдную заслону між дрэвамі. Толькі на пауночным пясчаным мыску гэтай буктачкі ня было расьліннасьці.

Хутка на гэтым мыску зьявілася група дзікуноў. Яны, як відаць, баяліся нас. Пасьля доўгае нарады адзін з іх вылучыўся з групы. Ён нёс какосавы арэх, палажыў яго на беразе і рукою паказаў, што гэты какос прызначаецца для нас. Потым дзікун хутка зьнік у гушчары лесу.

Я папрасіў у камандзіра шлюпку, каб паехаць на бераг, але не хацеў, каб са мною ехалі матросы. Я ўзяў толькі сваіх абудвых слугаў, Ульсона і Боя, захапіў крыху падарункаў і паехаў знаёміцца з маімі будучымі суседзямі.

Мы пад’ехалі да берагу, дзе я ўбачыў на пяску некалькі тутэйшых пірогаў [7]. Але тут я высадзіцца ня мог з прычыны прыбою. У гэты момант з кустоў вышаў узброены дзідай тубылец. Ён падняў над галавою дзіду і ўсё хацеў даць мне зразумець, каб я адплыў далей. Калі-ж я паказаў яму з шлюпкі некалькі кавалкаў чырвонае тканіны, дык з лесу выскачыла яшчэ з тузін узброеных дзікуноў. Убачыўшы, што тубыльцы не адважваюцца падыйсьці да шлюпкі, я кінуў мае падарункі ў ваду, бо спадзяваўся, што хваля прыб’е іх да берагу. Аднак, тубыльцы, пабачыўшы гэта, энэргічна замахалі рукамі, паказваючы, каб я адплыў. Я зразумеў, што мы перашкаджаем ім увайсьці ў ваду і загадаў маім людзям веславаць далей. Як толькі мы адплылі ад берагу, тубыльцы зараз-жа кінуліся ў ваду, і кавалкі чырвонае тканіны ў момант апынуліся ў іх у руках. Істужкі ім, здаецца, вельмі спадабаліся. Дзікуны вельмі ўважліва разглядалі іх і шмат гутарылі між сабою, але ніхто не адважваўся падыйсьці да мае шлюпкі.

Мая спроба завязаць з дзікунамі знаёмства не ўдалася, і я вярнуўся на карабель, дзе мне сказалі, што бачылі іх у другім месцы на беразе. Я зараз-жа паплыў туды, але дзікуноў там ужо ня было. Толькі далей, у маленькай буктачцы, відны былі з-за сьцяны зеляніва канцы выцягненых на бераг пірогаў. Нарэшце я заўважыў між дрэвамі белы пясок. Я хутка накіраваўся да гэтага месца. Гэта быў вельмі прыгожы куточак. Я ўбачыў вузенькую сьцежачку, якая вяла ў лес. Я з вялікай нецярплівасьцю выскачыў з шлюпкі і пашоў па сьцежцы ў лес, нават не аддаў ніякіх загадаў сваім людзям, якія прывязвалі шлюпкі да бліжэйшых дрэваў.

Прашоўшы па сьцежцы крокаў трыццаць, я заўважыў між дрэвамі некалькі дахаў. Па сьцежцы я прышоў да пляцоўкі, навакол якое стаялі халупы з вялізнымі, амаль да зямлі, стрэхамі. Вёска дзікуноў мела вельмі чысты і ветлівы выгляд. Сярэдзіна пляцоўкі была добра ўтаптана. Навакол расьлі пярэсталістыя хмызьнякі і пальмы. Пабялеўшыя ад часу дахі з пальмавага лісьця прыгожа вызначаліся на цёмна-зялёным фоне вакольнага зеляніва. Ярка-пунсовыя кветкікітайскае ружы, жоўта-зялёнае і жоўта-чырвонае лісьце розных расьлін ажыўлялі агульны малюнак лесу з бананаў, панданусаў, хлебных дрэваў, арэхавых і какосавых пальмаў. Высокі лес агароджваў навакол пляцоўку ад ветру. Хоць у вёсцы ня было ніводнай жывой душы, але ўсюды былі відны сьляды яе жыхароў, якія толькі нядаўна пакінулі яе. На пляцоўцы зрэдку блішчэла вогнішча, а ў другім месцы ляжаў какосавы арэх з недапітым малаком. Тут-жа ляжала кінутае насьпех вясло. Дзьверы некаторых халуп былі старанна заложаны нейкай карою і забіты накрыж пласткамі расколатага бамбусу. У дзьвёх халупах, аднак, дзьверы асталіся адчыненыя, мабыць, гаспадары іх кудысьці сьпяшаліся і не пасьпелі іх зачыніць. Дзьверы былі вышынёю крыху болей за паўмэтра і здаваліся хутчэй вокнамі. Праз гэтыя дзьверы можна было пралезьці ў халупу.

Я падышоў да адных такіх дзьвярэй і паглядзеў у сярэдзіну. У халупе было цёмна і ледзь можна было разглядзець, што там ёсьць. Там былі высокія нары з бамбусу. На доле ляжала некалькі камянёў. Між імі гарэў агонь. На каменьнях стаяў пабіты гліняны гаршчок. На сьценах віселі пучкі чарапашын і пер’яў, а пад дахам — пачарнелы чалавечы чэрап. Заходзіла сонца, і яго праменьні асьвятлялі цёплым сьветам прыгожае лісьце пальмаў, а ў лесе чуліся незнаёмыя крыкі нейкіх птушак. Было так добра, ціха і разам з тым усё было тут такое чужое і незнаёмае, што здавалася хутчэй сном, чым рачаіснасьцю.

У той час, калі я падыходзіў да другое халупы, пачуўся шолах. Азірнуўшыся ў той бок, я ўбачыў у некалькіх кроках ад сябе чалавека, які паглядзеў момант у мой бок і пабег у кусты. Я кінуўся за ім па сьцежцы, махаючы кавалкам чырвонае тканіны. Тубылец азірнуўся. Убачыўшы, што я адзін, бяз жаднае зброі і на мігі прашу яго падыйсьці, ён спыніўся. Я павольна падышоў да яго і моўчкі падаў яму кавалак чырвонае тканіны, якую ён узяў ад мяне з здавальненьнем і тут-жа абвязаў ёю сваю галаву. Дзікун гэты быў сярэдняга росту, цёмна-цынамонавага колеру, з цьмяна-чорнымі кучаравымі, як у нэгра, кароткімі валасамі, шырокім пляскатым носам, над вачыма навісьлі вялікія бровы, а вялікі рот амаль закрыты быў жорсткімі вусамі і барадою. Увесь гарнітур яго складаўся з нейкай шэрай тканіны, шырынёю сантымэтраў з восем. Яна была павязана спачатку нібы пояс, далей спускалася між ног і прымацоўвалася ззаду да пояса. На кожнай руцэ ў яго, вышэй локця, было падобнае да бранзалету вязьмо з сухое пляцёнае травы. За адзін з гэтых бранзалетаў быў заткнёны зялёны ліст бэтэлю[8]. за другі, на левай руцэ, нешта накшталт нажа з гладка абточанага кавалка косткі казуара[9]. Дзікун быў добра складзены і даволі сымпатычны. Я падумаў чамусьці, што ён будзе мяне слухаць. Я ўзяў яго за руку і прывёў назад у вёску. На пляцоўцы я знайшоў маіх слуг, Ульсона і Боя, якія ня ведалі дзе я падзеўся і шукалі мяне.

Ульсон падараваў майму першаму знаёмаму дзікуну крыху тутуну, з якім той ня ведаў што рабіць і, моўчкі ўзяўшы падарунак, заткнуў яго за бранзалет на правай руцэ, побач з лістам бэтэлю. Пакуль мы так стаялі сярод пляцоўкі, з-за дрэваў і кустоў сталі выходзіць дзікуны, якія не адважваліся, аднак, падыйсьці і кожную хвіліну гатовыя былі ўцякаць. Яны моўчкі і нярухома стаялі далекавата і пільна сачылі за нашымі рухамі. Я прымушаны быў кожнага з іх паасобку ўзяць за руку і сілком прыцягнуць да нашага гуртка. Нарэшце, сабраўшы ўсіх у адно месца, змораны, я сеў на камень і пачаў надзяляць іх рознымі дробязамі: пацеркамі, цьвікамі, зазубнямі для вудак, істужкамі чырвонае тканіны. Што рабіць з цьвікамі і зазубнямі, яны, мабыць, ня ведалі, але ўсё-ж ніводзін не адмовіўся іх узяць.

Да мяне падышло чалавек восем папуасаў. Яны былі рознага росту. і крыху адрозьніваліся на выгляд. Але адзін з іх выразна адрозьніваўся ад усіх іншых. Гэта быў чалавек высокага росту, сухарлявы, з крукаватым носам. Барада і вусы былі ў яго выгалены, а на галаве сядзела цэлая шапка чырвона-рудых валасоў, якія ззаду зьвісалі на шыю закручанымі пасмамі. Гэтыя пасмы віселі за вушамі і зьвісалі да плеч. У валасох тырчэлі два бамбусавыя грабяні і на адным з іх, уваткнёным на патыліцы, красавалася некалькі чорных і белых пер’яў казуара і какаду [10]). Вушы былі праколаты вялікімі чарапахавымі завушніцамі, а насавая перагародка бамбусавай палачкай, таўшчынёю з вялікі аловак, з выразаным на ёй узорам. На шыі, апрача маністы з зубоў сабак і іншых жывёлін, чарапашын і г. д., вісеў невялікі мяшэчак з рознымі рэчамі, а на левым плячы вісеў да самага пояса другі такі мяшэчак. У гэтага дзікуна, як і ва ўсіх іншых, верхняя частка рук была туга перавязана плеценымі бранзалетамі, за якія былі заткнуты косьці, лісьце або кветкі. У многіх на плячы вісела каменная сякера, а некаторыя трымалі ў руках вялікі лук, амаль што ў рост чалавека, і стралу, даўжынёю больш мэтра. Як валасы — або зусім чорныя, або пафарбаваныя чырвонай глінай,— гэтак і зачоскі былі ў іх усялякія. У адных валасы стаялі на галаве цэлай шапкай, у другіх яны былі коратка абстрыжаны. У некаторых на патыліцы віселі пасмы, але ва ўсіх чыста валасы былі кучаравыя, як у нэграў. Валасы на барадзе таксама дробненька завіты. Колер скуры зноў-жа быў розных адценьняў, у маладых тубыльцаў скура была больш сьветлая, чым у старых.

Сонца ўжо заходзіла, і я пашоў на корвэт. Увесь натоўп дзікуноў праводзіў мяне да берагу, нясучы для мяне падарункі: какосы, бананы і двое вельмі дзікіх парасят. Ногі ў парасят былі моцна зьвязаны, і яны бязупынна скавыталі. Усе падарункі былі пакладзены ў шлюпку. Каб яшчэ больш палепшыць добрыя адносіны з тубыльцамі і разам з тым паказаць афіцэрам корвэту маіх новых знаёмых, я прапанаваў абкружыўшым мяне папуасам праводзіць мяне на сваіх пірогах. Пасьля доўгіх разважаньняў чалавек пяць зьмясьцілася ў дзьвёх пірогах. Рэшта-ж асталіся на беразе і нават, як мне здалося, настойліва адгаворвалі больш адважных дзікуноў ад такіх сьмелых і рызыкоўных праводзін. Адну з пірогаў я ўзяў на буксір, і мы накіраваліся да корвэта. Але на поўдарозе нават гэтыя сьмелыя дзікуны раздумаліся і пачалі паказваць, што ня хочуць ехаць далей. Яны стараліся аддаць буксір, другая-ж вольная пірога хутка вярнулася назад.

Адзін з сядзеўшых на пірозе, якую мы цягнулі за сабой, спрабаваў нават сваёй каменнай сякерай перасячы канец буксіра. Нам ледзь удалося ўсьцягнуць дзікуноў на палубу. Ульсон і Бой амаль сілком паднялі іх на трап [11]).

На палубе я ўзяў нашых палонных пад рукі і павёў іх. Яны дрыжэлі ад страху і без маёй дапамогі не маглі стаяць на нагах, думаючы, што іх заб’юць.

Ужо зусім сьцямнела, прынесьлі ліхтар і дзікуны крыху супакоіліся. Яны нават павесялелі, калі афіцэры корвэта падаравалі ім розныя рэчы і пачаставалі гарбатай, якую яны адразу выпілі. Ня гледзячы на такі ласкавы прыём, яны ўсё-ж са здавальненьнем і сьпяшаючыся спусьціліся трапам у сваю пірогу і хутка паплылі назад да свае вёскі.

На корвэце мпе сказалі, што, калі мяне ня было, тубыльцы зноў зьявіліся на беразе, прывезьлі з сабою дзьвёх сабак, тут-жа забілі іх і пакінулі на беразе, як падарунак для нас.

Бераг затокі Астролябія ў тым месцы, дзе корвэт кінуў якар, абкружаны гарамі, з якіх самая высокая дасягае паўтары тысячы мэтраў. Горы да самага верху пакрыты густою расьліннасьцю і ў шмат якіх мясцох перасякаюцца далінамі. Сям-там горы спушчаюцца да самага берагу, а лес мясьцінамі падыходзіць да самага мора так блізка, што ніжэйшыя галіны вялікіх дрэваў схаваны ў вадзе. Галоўныя ўзьбярэжныя паселішчы дзікуноў разьмешчаны там, дзе бераг аблямованы каралевымі рыфамі [12]) і ня так заліваецца ў часы морскіх прыліваў. Там самая зручная прыстань для тутэйшых пірогаў.

Я ўсё гэта бачыў раніцай з мосьціку корвэта і астаўся зусім здаволены агульным выглядам краіны, якую выбраў сабе для дасьледзін і дзе мо’ давядзецца пражыць мне даволі доўга. Пасьля сьнеданьня я зноў пашоў у вёску, дзе быў учора вечарам. Мой першы знаёмы папуас Туй і некалькі другіх вышлі мне насустрэч. Я наважыў затрымацца ў вёсцы, бо на корвэце ў гэты дзень з выпадку царскага сьвята павінны былі, згодна звычаю, страляць з гармат. Апроч таго, я спадзяваўся крыху зьменшыць той сполах, які маглі выклікаць у дзікуноў гэтыя гарматныя стрэлы.

Было яшчэ рана і таму я наважыў спачатку знайсьці месца для мае будучае халупы. Я не хацеў будавацца ў самай вёсцы ні хоць-бы блізка ад яе, папершае, таму, што ня ведаў ні характару ні нораву маіх будучых суседзяў, а, падругое,— я зусім ня ведаў іх мовы і ня мог дабіцца іх згоды на гэта. Сілком-жа набівацца жыць сярод іх я не хацеў. Да таго-ж я любіў цішыню і баяўся, што блізка ад вёскі мяне будуць непакоіць і злаваць крыкі дарослых, плач дзяцей і выцьцё сабак.

Я пашоў з вёскі па сьцежцы і хвілін праз 10 падышоў да маленькага мыска, ля якога працякаў невялічкі ручай і расла купа вялікіх дрэў. Месца гэта здалося мне вельмі зручным, бо было на адзіноце і блізка ад ручая, а таксама і таму, што яно ляжала амаль на сьцежцы, якая, магчыма, злучала суседнія вёскі. Выбраўшы месца для сваёй будучай хаты, я зараз-жа пашоў назад у вёску. Я прышоў туды, калі ўжо пачалі страляць з гармат, але, як відаць, гэтая страляніна больш дзівіла тубыльцаў, чым палохала іх. Пры кожным новым стрэле тубыльцы або спрабавалі бегчы, або прысядалі, або клаліся на зямлю, затыкалі сабе вушы і дрыжэлі. Я адчуваў сябе вельмі кепска. Я хацеў супакоіць іх ды быць сур’ёзным, але ня мог стрымацца ад сьмеху. Мой сьмех быў самым лепшым сродкам ад страху. Я хутка заўважыў, што і папуасы, гледзячы на мяне, пачалі таксама ўсьміхацца, пазіраючы адзін на аднаго. Здаволены, што ўсё абышлося добра, я вярнуўся на корвэт, а потым капітан, старшы афіцэр, доктар і я, учацьвярых, пашлі канчаткова выбіраць месца для халупы. Хоць я месца ўжо і выбраў, але ўсё-ж ня лішне было паглядзець і другія месцы, якія маглі быць і лепшымі. З трох агледжаных намі месц адно нам вельмі спадабалася. Там упадаў у мора даволі вялікі ручай. Але я па некаторых прыметах здагадаўся, што тубыльцы часта прыходзяць туды і пакідаюць там свае пірогі. Апрача таго, недалёка ад гэтага месца былі плянтацыі. Таму я наважыў пасяліцца на раней выбраным мною месцы.

З корвэту прыслалі людзей, якія зараз-жа пачалі ачышчаць месца ад кустоў і невялікіх дрэў, а цесьляры пачалі будаваць халупу, убіваючы палі ў ценю ад двух вялізных дрэў.

Цэлых чатыры дні мы будавалі халупу. Я прыяжджаў на бераг разам з цесьлярамі гадзіне а 6-й раніцы і аставаўся там да вечара. Мая халупа была разгароджана напал фарбаванай парусінай. Адну палову я заняў сам, а другую прызначыў для маіх слуг Ульсона і Боя. Тых дошчак, якія мы ўзялі з выспы Таіці [13], не хапіла, з дрэва была зроблена толькі ніжняя палова сьцен, верхнюю-ж і дзьверы зрабілі з бразэнту. Для страхі былі зроблены маты, неяк хітра сплеценыя з лісьцяў какосавае пальмы. Гэту работу я даручыў Бою. Падлога, палова сьцен і падпоркі па куткох былі зроблены з лесу, купленага на Таіці, але палі, верхнія скрэпы і кроквы прышлося высечы ўжо на месцы. Рабочых было шмат, і работа ішла добра.

Тубыльцы, відаць, былі напалоханы стралянінай з судна ў часе салюту, а таксама баяліся белых людзей. Яны паказваліся толькі зрэдку, ня больш як па тры чалавекі. Афіцэры-ж корвэту здымалі на фотографічныя здымкі букту і хадзілі ў тутэйшыя ўзьбярэжныя вескі, дзе за розныя дробязі (пацеркі, гузікі, цьвікі, простыя бутэлькі і г. д.) набралі шмат розных рэчаў хатняга ўжытку, зброі і выменялі таксама больш за дзесятак чарапоў. Мы далі назвы розным мясцовасьцям. Выспачку ля мыса Дзюпэрэ назвалі выспай Рыцара, але я даведаўся пасьля, што тубыльцы называлі яе «Білі-Білі».

Надышоў дзень, калі корвэту трэба было плысьці назад. Тымчасам прышоў тубылец Туй, які ўвесь час спрыяў мне. Ён стараўся растлумачыць, што калі корвэт адплыве (ён паказаў на корвэт і кудысьці далёка ўперад) і мы астанёмся ўтраіх (ён паказаў на мяне, Ульсона і Боя і на зямлю), дык прыдуць з суседніх вёсак тубыльцы (ён паказаў на лес і нібы называў вёскі), разбураць халупу (ён падышоў да мяне і зрабіў выгляд, быццам сячэ палі) і заколюць нас дзідамі (тут ён выпрастаўся, адставіў адну нагу назад і, падняўшы правую руку над галавою, меў выгляд чалавека, які кідае дзіду). Потым ён падышоў да мяне, штурхануў у грудзі пальцам, разявіў крыху рот, высунуў кончык языка і паказаў нібы падае на зямлю. Тое-ж самае ён зрабіў, паказваючы па чарзе на Ульсона і Боя. Я добра зразумеў яго перасьцярогі, але зрабіў выгляд, што шчога ня цямлю. Тады ён зноў пачаў называць вёскі:

Вонгу, Гарэнду, Гумбу і г. д. і паказваць, што сячэ палі. На ўсё гэта я толькі махнуў рукою і падараваў яму цьвік. Вярнуўшыся на корвэт я расказаў пра гэта ў кают-кампаніі. Тады адзін з афіцэраў, загадчык артылерыі на корвэце, прапанаваў схаваць вакол маёй халупы некалькі мін. Я не адмовіўся ад такога спосабу абароны, які мог-бы ўжыць у выпадку крайняе патрэбы, калі-б тубыльцы сапраўды надумаліся зьявіцца з тымі варожымі намерамі, якія так стараўся растлумачыць мне Туй.

Я прыехаў у Новую Гвінэю не на кароткі час, а меў на ўвазе пражыць там некалькі год. Таму мне трэ было падумаць пра тое, як тут на месцы даставаць харчы. Я ведаў, што ў папуасаў плянтацыі нядрэнныя, сьвіней яны таксама маюць, але, галоўным чынам, паляўніцтва заўсёды магло пракарміць іх. Кансэрвы мне ўжо вельмі прыеліся і я зусім не паклапаціўся назапасіць харчоў у апошнім порце. Я ўзяў там сёе-тое, але так мала, што капітан зьдзівіўся і прапанаваў мне шмат чаго з сваіх харчоў. Я згадзіўся з удзячнасьцю, бо гэтыя харчы маглі-б мне быць вельмі патрэбны на выпадак хваробы. Капітан даў мне, апрача таго, самую маленькую шлюпку корвэта, з якою, у крайнім выпадку, мог справіцца і адзін чалавек. Я быў вельмі здаволены гэтым, бо мець шлюпку было для мяне вельмі зручна. Пры яе дапамозе я мог азнаёміцца з другімі ўзьбярэжнымі вёскамі, а на выпадак поўнай няўдачы ўвайсьці ў ласку ў тубыльцаў, я мог на гэтай шлюпцы пераехаць у другую якую мясцовасьць.

Я пачаў перавозіць свае рэчы на бераг. Маё невялічкае памяшканьне хутка так было завалена ўсім-усякім, што прышлося шмат скрынак паставіць пад халупай, каб схаваць іх ад дажджу, сонца ды крадзяжу.

Ля хаткі я паўкругам разьмясьціў міны, каб забясьпечыць сябе ад нападу дзікуноў з боку лесу. Тут-жа была расчышчана пляцоўка ў 70 мэтраў даўжынёю і 70 шырынёю, абкружаная з аднаго боку морам, а з трох бакоў густым лесам. Я паказаў камандзіру ды афіцэрам месца, дзе я думаў, на выпадак патрэбы (цяжкае хваробы, небясьпекі ад тубыльцаў і г. д.), закапаць свой дзеньнік, нататкі і г. д. Гэтае месца было пад вялікім дрэвам, недалёка ад халупы. Каб лягчэй было яго знайсьці, на адпаведным баку дрэва была зьдзёрта кара, прыблізна на паўмэтра і выразна накіраваная ўніз страла.

Маленькую буктачку ля маёй халупы я назваў «Порт Константын». Праца навакол яе кіпела: капалі ямы для мін, высякалі кусты, рабілі больш зручны спуск ад пляцоўкі да пескавога берагу мора і г. д. Мая халупа была так завалена рэчамі, што ледзь знайшлося месца, дзе прылегчы. Ня гледзячы на тое, што я надта зьнябыўся, я спаць ня мог.

Ля 4-е гадзіны раніцы я вярнуўся на корвэт, каб там напісаць лісты, бо ў маім памяшканьні ня было месца.

Падзякаваўшы за ўсё камандзіра ды афіцэраў корвэта і разьвітаўшыся з усімі, я сеў у сваю шлюпку і зусім пераехаў на бераг. Калі якар корвэта паказаўся з вады, я загадаў Ульсону спусьціць сьцяг, які вісеў над дрэвам ля самага мысу. Заўважыўшы, што сьцяг ня спушчаецца, я падышоў да Ульсона паглядзець у чым справа і вельмі зьдзівіўся і абурыўся, калі ўбачыў, што ў майго слугі, які звычайна быў адважны на словах, дрыжаць рукі, вочы поўныя сьлёз і ён дзіка ўсхліпвае. Я сказаў яму тады, што пакуль корвэт яшчэ не адплыў, ён можа вярнуцца туды на шлюпцы, але зараз-жа, бо будзе позна. Ульсон усё-ж астаўся. Першая думка, якая прышла мне ў галаву, калі корвэт пачаў аддаляцца ад выспы, была тая, што тубыльцы, убачыўшы, што вялізнага страшыдла ўжо няма, кожную хвіліну могуць напасьці на маё селішча, разбурыць маю халупу і зваленыя абы-як рэчы. Я разумеў, што з гэтай хвіліны я адзін і ўсё далейшае будзе залежаць ад мае ўласнае энэргіі, волі і працы.

Сапраўды, як толькі корвэт зьнік з вачэй, на суседнім мыску паказаўся натоўп папуасаў. Яны скакалі і беглі ў кругі. Рухі іх былі падобны да нейкіх скокаў — прынамсі ўсе яны рабілі адны і тыя-ж рухі. Раптам усе спыніліся ды пачалі глядзець у мой бок. Магчыма, што адзін хто з іх заўважыў расійскі сьцяг ля маёй халупы. Яны зьбегліся ў кучку, пагутарылі, потым зноў нешта пракрычалі ў мой бок ды схаваліся.

Трэ’ было зараз-жа пачаць разьбіраць рэчы. Ад зморанасьці, хваляваньня і дзьвёх амаль бяссонных ночай я адчуваў сябе вельмі кепска. Хутка прышоў Туй даведацца, астаўся я ці не? Ён ужо ня так прыхільна, як раней, пазіраў на мяне і падазронна аглядаў маю хатку. Ён хацеў увайсьці ў яе, але я мігамі і словам «табу» [14] спыніў яго. Ня ведаю, што на яго зрабіла ўплыў, ці мае мігі, ці слова, але ён вярнуўся на сваё месца. Туй на мігі пытаўся ў мяне, ці вернецца корвэт. Я адказаў, што вернецца. Каб адчапіцца ад гасьця, які перашкаджаў мне разьбіраць рэчы, я прасіў яго (я ўжо ведаў пару дзесяткаў слоў) прынесьці мне какосавых арэхаў і падараваў яму кавалак чырвонай тканіны.

Ён зараз-жа пашоў, але праз гадзіну вярнуўся з двума хлопчыкамі і адным дарослым папуасам. Усе яны амаль нічога не гаварылі і твары іх былі сур’ёзныя. Нават маленькі хлопчык, гадоў сямі, вельмі задумённа глядзеў на нас. Туй лёг і паспрабаваў заснуць, ці прынамсі рабіў такі выгляд, і пільна сачыў за ўсімі маімі рухамі, тымчасам як я, не зьвяртаючы ўвагі на гасьцей, наводзіў парадак у сваім новым памяшканьні.

Туй зноў абышоў усе міны і падазронна паглядзеў на падважнікі з прычэпленымі каменьнямі ды вяроўкамі. Яны, відаць, надта цікавілі яго, але ён ня адважваўся блізка падыйсьці да іх. Нарэшце, ён разьвітаўся з намі, пры гэтым неяк дзіўна кіўнуў назад і сказаў нешта, чаго я, аднак, не разабраў і не пасьпеў запісаць. Я з першага-ж дня знаёмства з папуасамі заўсёды меў у кішэні запісную кніжку, куды запісваў у кожным зручным выпадку словы тутэйшае мовы.

Туй хутка пашоў, але праз некаторы час нехта моцна і працяжна засьвістаў. З-за кустоў вышаў цэлы натоўп папуасаў з дзідамі, стрэламі ды іншай зброяй.

Я вышаў ім насустрэч і запрашаў падыйсьці бліжэй. Яны падзяліліся на дзьве групы. Адна група, большая, склаўшы сваю зброю ля дрэў, падышла да мяне. Другая-ж, з шасьці чалавек асталася ля зброі. Гэта былі жыхары з вёскі, што за мыском, якія сёньня раніцою скакалі ды бегалі. Вёска іх называлася Гумбу. Я падараваў ім розную дробязь і справодзіў, паказаўшы, што хачу спаць. Месячны вечар быў вельмі прыгожы. Падзяліўшы ноч на тры вахты [15], я ўзяў на сябе самую цяжкую вячэрнюю вахту, ад 9 да 12 гадзіны ночы. Калі-ж а 12-й гадзіне мяне заступіў Ульсон я ўсё-ж доўга ня мог заснуць, бо вельмі зьнябыўся. Ноч здалася мне вельмі доўгай, ня гледзячы на ўсё сваё хараство.

Я цэлы дзень распакоўваў ды раскладаў свае рэчы, што было зусім ня так проста: рэчаў было шмат, а месца мала. Нарэшце, мне ўдалося разьмясьціць іх у некалькі паверхаў, сёе-тое я павесіў, іншае палажыў на вышках, якія мы з Ульсонам ухітраваліся зрабіць пад дахам. Ля аднэй сьцяны майго пакою, у 2 мэтры даўжыні і 2 шырыні, стаяў стол шырынёю крыху больш за паўмэтра, ля другой два кашы, якія зьяўляліся маім ложкам, таксама з паўмэтра шырынёю. У праходзе, шырынёю з мэтр, стаяла добрае складанае крэсла.

Наш кухар Бой сёньня тры разы варыў нам есьці і ў чацьверты раз запытаўся, ці зварыць нам яшчэ крыху рысу. Я нікуды не хадзіў і адпачываў увесь дзень. Ноч я праспаў, як забіты, не прачынаючыся ані разу. Надвор’е было добрае і ўвесь дзень ня было папуасаў. Я прапанаваў Ульсону і Бою ўзяць прыклад з мяне і больш не вартаваць ночы, а спаць, але яны адказалі, што баяцца дзікуноў. На руках і на лобе ў мяне зьявіліся цэлыя падушкі ад укусаў камароў, мурашак ды іншай машкары. Дзіўная рэч, я значна меней пакутую ад гэтых няпрыемнасьцяй. Ульсон і Бой кожную раніцу жаляцца, што праклятая машкара не дае ім ноччу спакою.

Мне здаецца, што жыцьцё тут пачынае ўваходзіць у звычайную каляіну, якую на час быў парушыў прыход корвэта. Я ўжо бачыў удзень некалькі тубыльцаў, але быў вельмі асьцярожны з імі. Ва ўсіх апісаньнях я заўсёды чытаў аб вялікіх хітрасьцях і здрадніцтве дзікуноў.

Па вечарох з вялікім здавальненьнем я сачыў за асьвятленьнем гор. Я адчуваў асалоду ў цішыні, якая пануе тут пасьля адыходу корвэта. Ня чутна людзкое гаворкі, ні спрэчак, ні лаянкі і толькі часамі якая-небудзь птушка парушае агульны спакой. Гэтая перамена добра ўплывае на мяне, і я адпачываю. Роўнасьць тэмпэратуры, пышнасьць расьліннасьці, хараство мясцовасьці прымушаюць мяне зусім забываць мінулае, ня думаць аб будучым і толькі цешыцца сучасным. Мая мэта ад гэтага часу — думаць і зразумець вакольнае. Чаго мне болей трэба? З аднаго боку — мора з каралевымі рыфамі, з другога — лес з зваротнікавай (тропічнай) расьліннасьцю. Усё гэта поўна жыцьця і рознастайнасьці. Я бачу здалёк горы з іх дзівоснымі абрысамі, а над імі фантастычнымі формамі клубяцца воблакі. Я ляжаў на тоўстым камлі абваленага дрэва, думаючы пра ўсё гэта, і быў здаволены, што дасяг мэты, ці хутчэй першае ступені доўгіх сходаў, ідучы па якіх я магу яе дасягнуць.

ЗНОСІНЫ З ТУБЫЛЬЦАМІ


Я ўзяў лекцыю папуаскае мовы ў Туя і дадаў некалькі новых слоў да майго лексікону. Я быў здаволены сваім настаўнікам і падараваў яму скрынку ад цыгараў, а Ульсон даў яму стары капялюш. Туй быў у захапленьні і хутка зьнік, нібы баючыся, што мы раздумаемся і возьмем назад гэтыя рэчы. Магчыма, ён проста хутчэй хацеў паказаць новыя падарункі сваім супляменьнікам.

Пачакаўшы з гадзіну, мы ўбачылі працэсію тубыльцаў чалавек у 25. Двое ішлі сьпераду і несьлі на плячах прывешанае да бамбусавага кія парася. На галовах у іх былі нейкія пасудзіны. Усе іншыя несьлі какосавыя арэхі. У натоўпе я ўбачыў Туя і іншых знаёмых тубыльцаў. Усе гэтыя падарункі тубыльцы паклалі на зямлю, а пасьля кожны з іх перадаў мне ў рукі свой падарунак. Частка тубыльцаў разьмясьцілася ля мяне, а іншым Туй стаў тлумачыць ужываньне рэчаў, якія ўжо былі вядомы яму. Тубыльцы вельмі ўважліва ўсё разглядалі, хутка пераходзячы ад аднаго прадмета да другога, але гаварылі мала і наогул ня шумелі. Яны не падыходзілі да дзьвярэй мае хаты, але ці гэта яны рабілі з далікацтва ці ад страху — я ня ведаю. Яны ўсе ведалі маё імя і, калі зварочваліся да мяне, называлі мяне па імені.

Ля Боя стаяў цэлы гурток тубыльцаў, каб паслухаць граньне на губным гармоніку, на якім Бой граў з вялікім мастацтвам. Музыка зрабіла надзвычайны эфэкт. Папуасы абступілі Боя і ўважліва прыслухоўваліся да гэтае дзяцінае музыкі. Яны вельмі ўзрадваліся, калі я ім падараваў некалькі такіх гармонікаў, і зараз-жа пачалі практыкавацца на гэтым інструманце. Прасядзеўшы з гадзіну, папуасы пашлі і пры разьвітаньні працягвалі мне левую руку.

Мне вельмі хацелася пазнаёміцца бліжэй з тубыльцамі, і я пашоў у адну з вёсак. Я спыніўся над пытаньнем — браць ці ня браць рэвольвэр? Я ня ведаў, што чакае мяне ў вёсцы, але палічыў, што рэвольвэр ня можа прынесьці мне вялікае карысьці. Бо калі-б я забіў чалавек шэсьць на месцы, дык на першы час гэта абараніла-б мяне ад тубыльцаў, але ці надоўга? Прага помсты і вялікі лік тубыльцаў нарэшце перамаглі-б страх перад рэвольвэрам. Я наважыў ісьці ў вёску бяззбройным. Было ясна, што ўся мая сіла — у спакоі і цярплівасьці. Таму я пакінуў рэвольвэр дома і захапіў з сабою толькі запісную кніжку і аловак.

Я хацеў ісьці ў бліжэйшую вёску Гарэнду, але ў лесе трапіў на іншую сьцежку. Я заўважыў сваю памылку, але ўсё-ж пашоў далей, мяркуючы, што і гэтай сьцежкаю я дайду да якога-небудзь тутэйшага селішча. Я думаў пра тубыльцаў, якіх я ўсё-ж амаль ня ведаў, пра будучую сустрэчу з імі і зусім няпрыкметна для сябе апынуўся ля вёскі. Якая гэта была вёска — я ня ведаў. Было чутна некалькі галасоў — мужчынскіх і жаночых. Я спыніўся, каб зразумець, дзе я і што павінна цяпер здарыцца.

У некалькіх кроках ад мяне зьявіўся хлопчык гадоў 14—15. Мы моўчкі момант зьдзіўлена глядзелі адзін на аднаго. Гаварыць я ня ўмеў, але падыйсьці да яго— значыла напалохаць яго яшчэ больш. Я стаяў на месцы. Хлопчык кулём пабег назад у вёску. Зноў чутна некалькі гучных узгалосаў, жаночы віск і потым надышла поўная цішыня.

Я ўзышоў на пляцоўку і ўбачыў, што група людзей, узброеных каламі, стаяла пасярэдзіне і жвава гутарыла ў паўголаса. Іншыя, ня ўзброеныя, стаялі воддаль. Ні жанчын, ні дзяцей ня было,—яны, мажліва, пахаваліся. Убачыўшы мяне, некалькі дзідаў былі падняты і некаторыя тубыльцы прынялі ваяўнічую постаць, нібы рыхтуючыся пусьціць у мяне дзіды. Аднак, некалькіх воклікаў і кароткіх сказаў, якія пачуліся з розных канцоў пляцоўкі, было даволі, каб дзіды апусьціліся. Зьнябыўшыся і крыху няпрыемна зьдзіўлены гэтай сустрэчай, я павольна падыходзіў, гледзячы навакол і спадзяючыся ўбачыць які-небудзь знаёмы твар. І акога не знайшлося. Я спыніўся, і да мяне падышло некалькі тубыльцаў. Раптам праляцелі зусім блізка ад мяне,— але я ня ведаю, ці было гэта наўмысьля, ці бяз жаднага намеру,— адна за другою дзьве стралы. Тубыльцы, якія стаялі ля мяне, гучна загаварылі, зварочваючыся, мажліва, да тых, хто пусьціў стрэлы, а затым, зьвярнуўшыся да мяне, паказалі нібы стрэлы былі пушчаны з мэтаю забіць птушку на дрэве. Але птушкі там ня было, і мне здалося, што тубыльцам хочацца ведаць, што я буду рабіць ад неспадзяванасьці, якою зьявіліся для мяне гэтыя стрэлы. Я мог заўважыць, што як толькі праляцела першая страла, шмат вачэй зьвярнуліся ў мой бок, нібы вывучаючы выраз майго твару. Але яны, мажліва, нічога не заўважылі на ім, апрача выразу зьнябыцьця і, быць можа, некаторае цікавасьці. Я-ж, у сваю чаргу, пачаў глядзець навакол. Я бачыў панурыя, устрывожаныя, нездаволеныя твары і погляды, якія быццам пыталіся ў мяне, навошта я прышоў парушыць іх спакойнае жыцьцё. I мне самому стала нязручна. Дапраўды, навошта я прышоў непакоіць гэтых людзей? Ніхто з іх не пакідаў зброі, апрача двух ці трох старых.

Лік тубыльцаў усё павялічваўся. Мабыць, другая вёска была недалёка і трывога, якую я выклікаў сваім прыходам, перадалася і туды. Невялікі натоўп абкружыў мяне. Двое ці трое гаварылі вельмі гучна і неяк варожа пазіралі на мяне. Пры гэтым, нібы ў падмацаваньне сваіх слоў, яны махалі дзідамі. Адзін з іх быў такі нахабны, што дзідай пры нейкім сказе, якога я, бязумоўна, не зразумеў, раптам размахнуўся і ледзь-ледзь не папаў мне ў вока ці ў нос. Яго рух быў надзвычайна хуткі і, зразумела, ня сам я ўхіліўся ад параненьня, таму што я не пасьпеў нават зрушыцца з месца. Аднак, спрыт і вернасьць рукі тубыльца былі такія, што ён пасьпеў спыніць сваю дзіду ў некалькіх сантымэтрах ад майго твару. Я адышоў крокаў на два ў бок і мог пачуць некалькі галасоў, якія,— як мне можа здалося,— не ўхвалялі такога ўчынку тубыльца.

У гэтую хвіліну я пахваліў сябе за тое, што пакінуў рэвольвэр дома, бо я ня мог быць упэўненым, што буду спакойны, калі мой супраціўнік уздумае зрабіць так яшчэ раз. Маё становішча было кепскае, я ня ўмеў гаварыць з тубыльцамі, таму мне лепш было-б пайсьці. Але мне страшна захацелася спаць, а дамоў было далёка. Чаму-ж ня легчы спаць тут? Усё роўна, бо я ня мог гутарыць з тубыльцамі і яны не маглі мяне зразумець!..

Ня доўга думаючы, я аблюбаваў месца ў цяньку, прыцягнуў туды новую мату і з вялікім здавальненьнем расьцягнуўся на ёй. Было вельмі прыемна заплюшчыць стомленыя сонечным сьветам вочы. Аднак, мне прышлося зноў расплюшчыць іх, бо трэба было пашукаць чаго-небудзь падкласьці пад галаву, потым разьвязаць шнуркі чаравікаў і расьперазаць пояс. Я бачыў, што тубыльцы спыніліся паўкругам наводдаль ад мяне, пэўна ў зьдзіўленьні ад майго ўчынку і чакаючы, што будзе далей.

Перад тым, як зноў заплюшчыць вочы, я бачыў таго самага тубыльца, які ледзь не параніў мяне. Ён стаяў недалёка і разглядаў мае чаравікі.

Я прыпомніў усё, што адбылося, і падумаў, што ўсё гэта магло-б скончыцца вельмі сур’ёзна. У мяне мільганула думка, што, быць можа, гэта толькі пачатак, а канец яшчэ наперадзе. Але калі ўжо суджана мне быць забітым, то ці ня ўсё роўна, ці будзе гэта стоячы, седзячы, лежачы на маце ці ў сьне! Потым мне прышло ў галаву, што было-б толькі невялікім здавальненьнем, калі-б за гэта страцілі жыцьцё некалькі тубыльцаў. І я быў здаволены, што ня ўзяў з сабою рэвольвэра...

Засынаючы, я прыслухоўваўся да галасоў птушак. Голькі праразьлівы крык лётаючых лары [16] некалькі разоў прымушаў мяне прачнуцца. Трэск цыкад [17] зусім не перашкаджаў мне і нават баюкаў. Мабыць я хутка заснуў, бо ўстаў вельмі рана і гадзіны дзьве ішоў ў бок сонца. З няпрывычкі я адчуваў вялікую зморанасьць і асабліва стомленыя былі ў мяне вочы ад яскравага дзеннага сьвету.

Я прачнуўся, праспаўшы больш за дзьве гадзіны. Расчыніўшы вочы, я ўбачыў некалькі тубыльцаў, якія сядзелі вакол маты ў двух кроках ад мяне. Яны жавалі бэтэль і гутарылі ў паўголаса. Яны былі бяз зброі і глядзелі на мяне ўжо ня так панура. Я вельмі пашкадаваў, што яшчэ ня ўмею гутарыць з імі. Я наважыў ісьці дамоў і таму пачаў прыводзіць у парадак свой гарнітур. Гэта зацікавіла тубыльцаў. Урэшце я ўстаў, кіўнуў галавою ў розныя бакі і пашоў дахаты.

Пасьля шостае гадзіны вечарам узьняўся вецер з шкваламі [18] і дажджом. Тэмпэратура хутка зьнізілася. Тут робіцца ўжо цёмна а 7-й гадзіне, і калі ня сьвеціць месяц, бывае такая цемра, што хату нельга пазнаць нават у чатырох кроках ад яе.

Мурашкі тут выводзяць мяне з цярплівасьці. Яны поўзаюць па галаве, залазяць у бараду і балюча кусаюцца. Бой быў да таго скусаны і так паразьдзіраў пакусаныя месцы, што ў яго распухлі ногі і адна рука была ўся ў ранах. Я абмыў раны разьведзеным нашатырным сьпіртам і больш глыбокія перавязаў з карболкай. Вечарам прышоў да мяне Туй і выпрасіў у мяне сякеру, бо яму трэба было нешта пасячы. Ён абяцаў хутка вярнуць сякеру, і я пасьпяшыў выканаць яго просьбу, бо цікава было даведацца, што выйдзе з гэтае мае даверлівасьці. Але цікавей за ўсё тое, што мы ўжо разумелі адзін другога, хоць я яшчэ і ня ведаў тубыльскае мовы.

Туй хутка прынёс мне бамбус, але пра сякеру нічога не сказаў. Я падумаў, што кнігі і малюнкі павінны здавацца тубыльцам нечым асабліва страшэнным. Многія ўсталі і хацелі ісьці, калі я паказаў ім малюнак з нейкай ілюстрацыі. Яны прасілі мяне хутчэй занесьці гэты малюнак ў хату і супакоіліся толькі тады, калі я гэта зрабіў.

Аднак, я дарэмна ня верыў у сумленнасьць Туя. Ён прынёс мне сякеру ў той-жа дзень да шостае гадзіны. Гэта ўзрадавала мяне і я падараваў яму люстэрка, з якім ён зараз-жа пабег у вёску, пэўна, каб пахваліцца новым падарункам. Гэты падарунак, мабыць, зрабіў тое, што і іншыя тубыльцы наведаліся да мяне. Яны мне прынесьлі какосу і цукровага чароту, а я ім даў пустую скрынку і цьвікі. Крыху пачакаўшы, прышло яшчэ некалькі чалавек, таксама з падарункамі і я даў кожнаму з іх па два цьвікі. Гэта ня была купля і продаж, а проста абмен падарункамі. Яны даруюць таму, што ў іх гэтага шмат, і зусім не чакаюць узнагароды. Я ўжо некалькі разоў спрабаваў тубыльцаў, г. зн. нічога не даваў ім за прынесеныя імі какосы, цукровы чарот і інш. Яны нічога за іх не дамагаліся і адыходзілі, ня ўзяўшы сваіх падарункаў назад.

Я зрабіў яшчэ адно назіраньне: і мая халупа і я сам рабілі на тубыльцаў нейкае асаблівае ўражаньне. Ім не сядзіцца ў мяне: яны азіраюцца, нібы кожную хвіліну чакаюць чаго-небудзь асаблівага. Некаторыя глядзяць на маю халупу і на рэчы ў ёй нейкім, мне здаецца, зайздросным поглядам. Былі і такія, што глядзелі на мяне вельмі злоснымі і варожымі вачыма.

Навакол майго мыса цяжка прайсьці па лесе. Усюды валяюцца сьсечаныя дрэвы, сукі на зблытаных ліянах загароджваюць дарогу і старыя сьцежкі ў многіх месцах завалены. Усё гэта зьдзіўляе папуасаў. Сваімі каменнымі сякерамі яны не маглі і за цэлы год насячы столькі дрэва, колькі матросы насеклі за некалькі дзён. Усю ноч у суседняй вёсцы Гарэнду была чутна музыка, дудка і бубен. Дудкі ў іх робяцца з лушпаек невялічкага какосавага арэха, з прасьвідраванымі зьверху і з боку дзіркамі. Але робяць іх таксама і з бамбусу. Бубен-жа робіцца з вялікага выдзяўбанага бервяна ад 2 да 3 мэтраў даўжыні і да трох чвэртак мэтра шырыні. Ён падобны да карыта і падтрымліваецца двума брусамі. Калі б’юць па бакох гэтага карыта вялікімі кіямі, дык удары чутны на некалькі міль.

Вельмі мажліва, што ў дзікуноў сёньня сьвята. У тых, што прыходзілі да мяне, твары былі пафарбаваны чырвонаю вохраю і на сьпіне намаляваны розныя ўзоры. Амаль ва ўсіх у валасох усаджаны грабяні з пер’ямі.

Туй прыслаў мне праз аднаго з сваіх сыноў сьвініны, пладоў хлебнага дрэва і бананы. Усё было добра зварана і акуратна загорнута ў вялікія пальмавыя лісьця.

Жыхары Гарэнду прыходзілі да мяне з гасьцьмі, жыхарамі выспы Білі-Білі. Яны мелі сьвяточны выгляд і шмат розных аздобаў з чарапашын, сабачых зубоў і сьвіных іклаў. Твары і сьпіны ў іх былі размаляваныя, а валасы нафарбаваныя і ўзлахмачаныя. Калі не па твары,— бо тып у іх ва ўсіх быў аднакі,— дык па аздобах можна было адрозьніць жыхароў Білі-Білі ад жыхароў Гарэнду і розных бліжэйшых вёсак. Убачыўшы невядомы ім прадмет, яны шырока расчынялі вочы, крыху разяўлялі рот і клалі між зубоў палец. Гэта было характэрным выразам зьдзіўленьня ў тубыльцаў.

На змроку, я наважыў прайсьціся крыху па сьцежцы, бо мне хацелася пераканацца, ці можна ісьці да вёскі ноччу. Але раптам зрабілася так цёмна, што я пасьпяшыў вярнуцца дамоў. Агульны напрамак сьцежкі можна было бачыць, але ўсё-ж я вярнуўся дамоў з разьбітым лобам і хворым каленам, бо натрапіў сьпярша на нейкі сук, а потым на пень. Такім чынам, па лесе ноччу ня прыдзецца хадзіць!..

Раніцою на другі дзень я пашоў у лес. Я выбіраў сьцежкі, якія, па маіх меркаваньнях, павінны былі прывесьці мяне да вёскі. Я ішоў густым лесам і захапляўся ад рознастайнасьці і пышнасьці роўнікавае расьліннасьці. З лесу я вышаў да мора. Ідучы морскім берагам, ня цяжка было дабрацца да вёскі. З тае прычыны, што я нікога не напаткаў па дарозе, ня было як паведаміць пра сябе жыхароў Гумбу. Зышоўшы з морскага берагу на добра ўтаптаную сьцежку і зрабіўшы некалькі крокаў, я пачуў галасы мужчын і жанчын. Хутка з-за зеляніва паказаліся стрэхі халуп. Я прайшоўся паўз адну з іх і апынуўся на першай пляцоўцы вёскі, дзе ўбачыў даволі многалюдную і ажыўленую сцэну. Двое мужчын старанна працавалі над выпраўленьнем страхі аднае халупы. Некалькі маладых дзяўчат і хлопчыкаў, седзячы на зямлі, плялі маты з лісьцяў какосавае пальмы і падавалі іх мужчынам. Дзьве ці тры жанчыны даглядалі дзяцей, а дзьве вялізныя сьвіньні з парасятамі даядалі астачу сьнеданьня.

Сонца стаяла ўжо высока, але на пляцоўцы было шмат ценю і сьпякота зусім не адчувалася. Гутарка была агульнай і здавалася вельмі жвавай. Я з вялікай цікавасьцю глядзеў на гэты малюнак. Але раптам пачуўся праразьлівы крык і ўзьнялася страшэнная мятусьня. Жанчыны і дзяўчаты з крыкам кінулі свае заняткі і пачалі хапаць грудных дзяцей. Дзеці голасна заплакалі, бо іх раптоўна разбудзілі. Падлеткі таксама загаласілі і пабеглі, цягнучы за сабою маленькіх дзяцей. Пабеглі нават сабакі з выцьцём і сьвіньні з сярдзітым рохканьнем.

Мужчыны, устрывожаныя крыкам жанчын, зьбегліся з усяе вёскі. Яны былі ўзброены, як папала і абступілі мяне з усіх бакоў. Я стаяў спакойна пасярэдзіне пляцоўкі, дзівячыся гэтай трывозе і не разумеючы, чаму мой прыход выклікаў такую мятусьню.

Мне вельмі хацелася супакоіць тубыльцаў словамі, але я такіх слоў ня ведаў, і таму прышлося задаволіцца толькі тэстамі. Тубыльцы стаялі навакол мяне нахмураныя і перакідваліся словамі.

Я зьнябыўся ад ранішняе пагулянкі і таму ўзьлез на адну з высокіх пляцовак. Даволі выгодна разьмясьціўшыся на ёй, я запрасіў кіўком тубыльцаў таксама ўзьлезьці на пляцоўку. Некаторыя з іх, відаць, зразумелі, што я ня буду шкодзіць ім. Яны загаварылі спакойна і нават адклалі ў бок сваю зброю, але іншыя ўсё яшчэ падазронна глядзелі на мяне і не выпускалі з рук сваіх дзідаў. Я бачыў ясна, што прыход мой зусім няпрыемны для іх і што яны чакаюць з нецярплівасьцю, каб я пашоў. Ім не спадабаўся мой уважлівы агляд і тое, што я, выняўшы свой альбом, пачаў нешта маляваць. Шмат хто, каб пазбавіцца ад майго пільнага погляду, усталі, нешта замармыталі і пашлі.

Мне хацелася піць, вакол мяне ляжалі на зямлі какосавыя арэхі, але ніхто з дзікуноў не прапанаваў мне задаволіць смагу сьвежым какосавым малаком. Ніхто з іх не падышоў бліжэй і не загаварыў са мною, а ўсе глядзелі варожа і панура.

Я бачыў, што, астаючыся тут надалей, я не дасягну нічога і знаёмства маё з дзікунамі не пасунецца наперад ні на крок. Таму я наважыў ісьці дамоў. Я ўстаў і пры агульным маўчаньні прайшоў праз пляцоўку на сьцежку, якая прывяла мяне да мора. Было ясна, што перамагчы недаверра тубыльцаў нялёгка. Трэба будзе шмат цярплівасьці і такту з майго боку, каб дасягнуць гэтага.

Дамоў я прышоў толькі на захадзе сонца. Мае слугі пачалі ўжо непакоіцца, што мяне так доўга няма. Яны сказалі мне, што ў маю адсутнасьць прыходзілі два тубыльцы з Гарэнду і прынесьлі тры скруткі: для мяне, для Ульсона і Боя. Я загадаў разгарнуць гэтыя скруткі. Там былі вараныя бананы, плады хлебнага дрэва і кавалкі нейкага мяса, падобнага да сьвініны. Мяса мне не спадабалася, але Ульсон і Бой з вялікім здавальненьнем зьелі яго. Аднак, я іх устрывожыў, сказаўшы, што гэта, быць можа, чалавечае мяса. Яны сталі горача даводзіць, што гэта оыла сьвініна, але мяне ўсё-ж не пераканалі.

Мы скончылі рабіць дах над вэрандаю, але прышлося яшчэ шмат папрацаваць, каб упарадкаваць сваё гняздо. Маё памяшканьне мае плошчы ўсяго чатыры квадратовых мэтры, а рэчаў у мяне вельмі шмат. Аднак, мая хата робіцца больш утульнай з кожным днём і ўсё больш і больш падабаецца мне.

Бедны Бой захварэў. Ён лёг, закутаўся з галавою ў коўдру, і ледзь мог адказваць на мае запытаньні. У яго была даволі высокая тэмпэратура. З-за мыса, праз два дні пасьля гэтага, раптам паказаўся парус. Гэта была вялікая пірога з накрытым памяшканьнем наверсе, у якім сядзелі людзі. Адзін з іх сядзеў ля руля і кіраваў парусам. Падплыўшы бліжэй да мыска, рулявы абярнуўся ў наш бок і пачаў нешта крычаць і махаць рукамі.

Я яшчэ ні разу ня бачыў такое вялікае пірогі. Яна паплыла ў Гарэнду, а праз 5 хвілін паказалася другая яшчэ большая за першую. На ёй была цэлая хатка, падобная да вялікай каморы, у якой пад дахам сядзела чалавек 6 ці 7 тубыльцаў. На абедзьвух пірогах было па дзьве мачты, з якіх адна была нахілена наперад, другая назад.

Я здагадаўся, што мае суседзі хочуць паказаць свайму госьцю такую для іх дзіўнасьць, як белы чалавек, і таму падрыхтаваўся да сустрэчы. Сапраўды, праз 15 хвілін з двух бакоў, з вёсак Гарэнду і Гумбу, зьявіліся тубыльцы. Я даведаўся, што госьці прыплылі з выспы Білі-Білі. З імі прышло некалькі маіх суседзяў тубыльцаў, якія хацелі паказаць сваім гасьцям усялякія дзівосныя рэчы, што былі ля халупы белага чалавека. Людзі з Білі-Білі з вялікаю цікавасьцю і зьдзіўленьнем разглядалі ўсё: рондаль і імбрычак на кухні, маё складанае крэсла і столік на пляцоўцы, мае чаравікі і паласатыя шкарпэткі, якія выклікалі ў іх вялікае захапленьне. Яны ўвесь час разяўлялі рот, прыгаворваючы зацяжна «а-а-а», «э-э-э», цмокалі губамі, а часамі ўкладалі палец у рот. Цьвікі ім таксама спадабаліся. Я даў ім, апрача цьвікоў, некалькі пацерак і па кавалку чырвонае тканіны. Гэты мой учынак быў прыкры для Ульсона, які быў нездаволены, што я раздаю рэчы дарэмна, бо госьці прышлі бяз жадных падарункаў.

У тубыльцаў з Білі-Білі частка валасоў была старанна афарбавана чырвонай вохрай. Лоб і нос былі размаляваны тэй-жа фарбай, а ў некаторых былі размаляваны нават і сьпіны. У многіх на шыі да самых грудзей вісела маніста з двух іклаў папуаскае сьвіньні, зьвязаных такім чынам, што на грудзях яны складалі ляжачую цыфру 3. Гэтую аздобу жыхары Гарэнду называюць «буль-ра» і вельмі яе цэняць. Я прапанаваў ім за буль-ра нож, але яны не згадзіліся на такі абмен, хоць ножык вельмі спакушаў іх. Усё-ж маімі падарункамі яны былі вельмі здаволены і пайшлі ў найлепшым настроі.

Аднак, праз паўгадзіны я зноў убачыў іх і гэта мяне моцна зьдзівіла. Яны вярнуліся з какосамі і бананамі. Выявілася, што яны хадзілі да сваіх пірогаў за падарункамі для мяне. Тут існуе асобная цырымонія паднясеньня падарункаў. Кожны прыносіць свае падарункі асобна ад другіх і перадае іх у рукі тэй асобе, для якой яны прызначаны. Так было і сёньня: кожны тубылец перадаў свой падарунак сьпярша мне, потым Ульсону, які атрымаў меней, чым я, потым Бою, якому далі яшчэй меней. Тубыльцы Білі-Білі доўга былі ля мае халупы. На змроку яны сталі паказваць на мяне і на маю шлюпку, а потым на сваю выспачку, якая была відна здалёк. Яны паказвалі мне, што не заб’юць і не зьядуць мяне і што ў іх ёсьць шмат какосаў і бананаў. Пры разьвітаньні яны паціскалі мне руку вышэй локця. Два з іх, якія мелі ад мяне чамусьці болей падарункаў, абнімалі мяне левай рукой, прыціскалі да сваіх грудзей і прыгаварвалі: «О, Маклай! О, Маклай!» Калі яны адышлі на некалькі крокаў, дык напалову абвярнуліся яшчэ раз, згіналі руку ля локця, спачатку сьціскалі яе ў кулак, а пасьля разгіналі зноў. Гэта было іх апошняе прывітаньне мне, пасьля якога яны схаваліся.

На другі дзень у мяне зрабіўся першы прыпадак трасцы. Як я ні мацаваўся, але ўсё-ж павінен быў легчы і праляжаў увесь дзень. Адчуваў я сябе кепска. На другі дзень захварэў Ульсон. Калі я ўстаў, ногі ў мяне дрыжэлі і падгіналіся. Бой таксама захварэў. Мая халупа стала цяпер сапраўдным шпіталем, і я даглядаў за двума хворымі, якія стагналі і вохкалі, хоць і сам я ледзь валачыў ногі. На наступны дзень у мяне зноў быў прыступ трасцы. Усе мы ляжалі хворыя і нам было вельмі кепска, а калі пачнецца дажджлівы час году, дык, напэўна, будзе яшчэ горай.

Прыходзіў Туй, і я ад яго даведаўся, як завуцца вёскі, што відны былі з майго мыса. Я зьдзівіўся ліку тутэйшых назваў. Кожны маленькі мысок ці ручаінка маюць асобную назву. Я зьдзівіўся таксама кемкасьці Туя. Я запісваў назвы, якія ён мне гаварыў, і на тэй-жа паперы рабіў накід усёй букты, адзначаючы адноснае палажэньне вёсак. Туй гэта зразумеў. Я па некалькі разоў павяраў вымаўленьні назваў, голасна прачытваючы іх. Туй паправіў ня толькі дзьве назвы, але нават самы накід карты. Але мне ўсё-ж здавалася дзіўным, што маё запісваньне назваў і чырчэньне на паперы ніяк ня цікавіла яго. Ён нібы і не заўважаў гэтага.

Я даў сваім хворым хіны, зварыў на сьнеданьне па дзьве порцыі рысу на чалавека і пашоў у лес. Птушак тут было шмат і я наважыў хадзіць на паляваньне, як толькі тубыльцы прывыкнуць да мяне. Кансэрвы мне абрыдлі і мне хацелася здабыць дзічыны. Калі я прышоў з лесу, дык убачыў, што Ульсон яшчэ вохкаў на сваім ложку, але Бой ужо ўстаў і варыў на абед боб.

Туй прышоў з трыма тубыльцамі з Гумбу. Прывезены мною амэрыканскі тутун пачынае падабацца тубыльцам, але яны мяшаюць яго са сваім. Кураць яны так: бяруць крыху падсушаны на сонцы, яшчэ мяккі, ліст тутэйшага тутуну, разгладжваюць яго рукамі і высока трымаюць над агнём, каб высушыць, затым разрываюць яго на дробныя кавалачкі, згортваюць у скрутачкі накшталт цыгары і загортваюць у высушаны над агнём ліст. Тубыльцы адшукваюць такое лісьце ў лесе. Згорнутая такім чынам цыгара гатова, і яны па чарзе кураць яе кожны. Зацягнуўшыся дымам, адзін або два разы, кожны павольна глытае яго і перадае цыгару суседу.

Адзін з маіх гасьцей тубыльцаў вельмі памастацку рабіў з ствала нейкай гібкай расьліны тонкія, вузкія палоскі, з якіх плялі бранзалеты. Гэтыя бранзалеты — «Caro» — тубыльцы насілі на руках ля плячэй і на нагах ля каленяў. Тубылец вельмі спрытна працаваў адломкамі чарапашыны, якія яму замянялі нож і якія ён мяняў або абломваў, каб зрабіць гостры край.

Я даведаўся ад Туя, што горы навакол затокі Астролябія густа заселены. Ён назваў мне некалькі вёсак і да кожнай назвы дадаваў слова «Мана», г. зн. гара.

Ульсон і Бой ні куды ня варты. Бой ледзьве ходзіць з прычыны моцнае пухліны пад похваю, а Ульсон ледзь варочае языком, увесь дзень валяецца на сваім ложку, уздыхае і вохкае. Я не магу нікуды адлучыцца надаўга, бо тубыльцы ня слухаюць ні Ульсона ні Боя, у той час, як я прымушаю іх адным поглядам пакарацца мне. Цікава, што яны вельмі ня любяць, калі я на іх гляджу. Калі я нахмуруся і пільна гляну на іх, яны зараз-жа ўцякаюць.

Прысмакам для мяне служыць тут какосавае малако. Апрача яго і гарбаты, я нічога ня п’ю. Звычайна я выпіваю па два какосавых арэхі за дзень.

Мы пачалі разводзіць гарод і зрабілі грады. Гэта была цяжкая праца, бо пласты зямлі зусім нязначныя. Крыху пакапаушы, мы натраплялі на каралі. Пасеялі мы боб, насеньне гарбузоў з Таіці і кукурузу.

Да мяне прышло 13 чалавек з Ямбомбы — выспачкі ля Білі-Білі. Напэўна, яны шмат чулі пра мяне ад іншых тубыльцаў. З маіх падарункаў ім больш за ўсё спадабаліся цьвікі.

ЖЫЦЬЦЁ Ў НОВАЙ ГВІНЭІ


Я хачу расказаць, як я жыў да гэтага часу на беразе Новай Гвінэі. Уставаў я звычайна раней за маіх слуг, гадзіне а пятай, калі было яшчэ цемнавата, і зараз-жа ішоў глядзець навакол дому, ці ня здарылася якая-небудзь навіна за ноч. Потым я ішоў да ручая, каб памыцца, і часта забываў узяць з сабою мыла. Спусьцішся ўніз і толькі тады ўспомніш, што мыла забыў, а пайсьці за ім лянуешся. Але я даведаўся, што найлепшае мыла — гэта дробны пясок на дне ручая. Захопіш крыху гэтага пяску, патрэш ім рукі, і яны робяцца зусім чыстыя, хоць крыху чырванеюць. Потым моцна прыплюшчыш вочы і выціраеш гэтым пяском твар. Адно толькі кепска, што шмат пяску застаецца на барадзе. Дадому вяртаюся ля 6-е гадзіны, калі ўжо зусім відно. Бой тады раскладае агонь і грэе ваду для гарбаты, а я іду на вэранду і саджуся там чакаць гарбаты, якую п’ю з сухарамі і печанымі смачнымі бананамі.

Ля 7-е гадзіны раніцы я запісваю тэмпэратуру павегра, вады ў ручаі і ў моры, вышыню прыліву, вышыню баромэтра, напрамак і сілу ветру і г. д. Я вымаю з зямлі закапаны на адзін мэтр глыбіні тэрмомэтр і запісваю яго паказаньні. Скончыўшы мэтэоролёгічныя назіраньні, я іду на каралевы рыф па морскіх жывёлін ці ў лес па мошак. Звычайна я займаюся якой-небудзь працай да 11-е гадзіны. А 11-й я сьнедаю. Сьнеданьне заўсёды бывае з рысу, зваранага з кёры [19]. Пасьля сьнеданьня я кладуся ў гамак [20], які вісіць на вэрандзе, качаюся так з гадзіну і часта ў ім засынаю. Але а першай гадзіне я зноў раблю мэтэоролёгічныя назіраньні. Потым я бяруся за якую-небудзь працу, напрыклад, за ўпарадкаваньне запісаных мною назіраньняў, а часам чытаю што-небудзь. Але прыход папуасаў часта перапыняе мае заняткі. Я здаволены гэтым, бо карыстаюся кожным выпадкам, каб дадаць некалькі слоў да майго папуаскага слоўніка. Пасьля пятае гадзіны я звычайна іду ў лес, каб пагуляць да абеду, які рыхтуе Бой на шостую гадзіну. Абед складаецца заўсёды з талеркі адваранага чылійскага бобу з невялікім кавалкам «чаркі» — гэтак звалася чылійская сушаная ялавічына якую я прывёз з Чылі. Потым я выпіваю адзін ці два кубкі гарбаты. Талерку рысу раніцою, талерку бобу вечарам, некалькі кубкаў гарбаты ўдзень — вось была мая штодзенная яда. Я аддаў маім слугам прывезеныя мною некалькі каробак мясных і рыбных кансэрваў, бо яны мне зусім абрыдлі. Час пасьля абеду ідзе ў мяне на розныя хатнія работы, на чыстку стрэльбаў і на прыбіраньне майго пакою. Потым. зьмяніушы свой баваўняны гарнітур, на фланэлевы, я саджуся на змроку на пень ля берагу, сачу за прылівам і адлівам, разглядаю далёкі небасхіл, воблакі і г. д. Часам-жа я зноў кладуся ў гамак і прыслухоўваюся да крыкаў птушак у лесе і да лёскату дзесяткаў рознагалосных цыкад. А восьмай гадзіне я іду ў пакой, запальваю сваю невялікую лямпу, больш падобную да газоўкі, і пішу свой дзеньнік. Між 8 і 9 гадзінамі зноў раблю мэтэоролёгічныя назіраньні, потым ачышчаю какосавы арэх і выпіваю яго ахаладжальнае малако. Пасьля гэтага іду ў пакой, аглядаю свае набітыя стрэльбы і кладуся на свой жорсткі ложак з аднэй коўдры замест сяньніка і прасьцірадла. Засынаю я звычайна хутка.

Жыцьцё на выгляд вельмі аднастайнае, але я лічу яго вельмі цікавым. Хвароба Ульсона і Боя, а таксама частыя наведваньні тубыльцаў парушаюць яго звычайны ход.

Туй прышоў да мяне з двума тубыльцамі, якія былі ўзброены дзідамі, лукамі і стрэламі. Апрача таго, у кожнага на плячы была сякера. Я папрасіў, каб яны паказалі мне, як ужываць лук і стрэлы. Яны гэта зараз-жа зрабілі. Страла праляцела крокаў 65, але я заўважыў, што нават лёгкі вецер робіць уплыў на яе палёт. На такой адлегласьці яна наўрад ці можа параніць сур’ёзна. Іншая рэч—на 20—30 крокаў. Туй можа не памыляўся, калі казаў, што страла можа пракалоць руку наскрозь.

Туй паказаў мне цэлы манэўр бою. I рымаючы лук і стрэлы на левым плячы, а дзіду ў правай руцэ, ён адбегся крокаў дзесяць, кідаючыся ў розныя бакі і пры кожным руху праразьліва выкрыкваючы. Ён ці нацягваў цяціву лука і пускаў стралу, ці наступаў і дзідай нібы стараўся параніць ворага. Ён хаваўся за дрэвамі, нагінаўся, або хутка адскакваў у бок, нібы сам ухіляючыся ад стралы. Другі тубылец далучыўся да яго і нібы стаў яго ворагам. Гэта быў вельмі цікавы і характэрны турнір.

Раніцою 24-га кастрычніка я быў зьдзіўлены раптоўным зьяўленьнем грыбоў рознае формы. Яны вырасьлі ўсюды: на ствалох дрэваў, на зямлі, на каменьнях і нават на балясах мае вэранды. Учора вечарам іх ня было і яны, відаць, вырасьлі за адну ноч. Месячная ноч была вельмі пекная і ў лесе было фантастычна прыгожа. Я ляжаў у гамаку і прыслухоўваўся да начное музыкі... Але гэта не прайшло мне дарма. Ноччу я адчуў дрыжыкі і прачнуўся зусім слабы. Усю раніцу мною ўладала такое гультайства, што я амаль нічога не рабіў. Калі я ляжаў у гамаку, мне нават не хацелася чытаць і трымаць кнігу, бо здавалася, што чытаньне яшчэ больш стамляе.

На другі дзень пайшоў дождж, які прымусіў мяне пераносіць рэчы з аднаго месца на другое. Страха цякла, і на галаву мне пачалі капаць буйныя кроплі халоднага дажджу. Увесь наступны дзень я працаваў у лесе і ў халупе разам з Ульсонам, каб паправіць страху. Бой ня можа нічога рабіць. Ён пакутуе ад свае пухліны і ўвесь час вохкае. Ён стагнау усю ноч і яго стогны часта абуджалі мяне, з гэтае прычыны я на другі дзень прачнуўся позна, калі ўжо зусім разьвіднелася. Ульсон прынёс маё сьнеданьне на ганак і сказаў мне, што Туй ужо даўно сядзіць у кухні. Напіўшыся гарбаты, я пашоў на кухню, якая была ў салашы. Убачыўшы там зусім незнаёмага папуаса, я доўга ўглядаўся на яго, але ніяк ня мог прыпомніць, дзе і калі я яго бачыў. Я падумаў, што гэты незнаёмы папуас прышоў разам з Туем і што Туй ужо пашоў. Я моцна зьдзівіўся, калі Ульсон раптоўна запытаў мяне, няўжо я не пазнаю Туя? Я зноў глянуў на тубыльца і той, усьміхаючыся, паказаў мне абломкі шкла і на сваю верхнюю губу. Тады толькі я заўважыў, што ён агаліў свае вусы і частку барады. Гэта так зьмяніла яго твар, што я зусім ня мог яго пазнаць. Губы і падбародак былі дасканала выгалены. Ён так добра зрабіў гэтую опэрацыю галеньня, што нідзе не зрабіў ні аднэй скрабіны. Туй зусім самастойна зрабіў вынаходку, што шклом вельмі добра галіцца. Я зараз-жа пераканаўся, што гэта павялічыла ў яго вачох каштоўнасьць разьбітых бутэлек, бо ўбачыў, з якім здавальненьнем Туй узяў ад Ульсона ў падарунак некалькі абломкаў шкла. Гэта лёгка растлумачыць тым, што між абломкамі шкла і абломкамі крэменю ці кавалкамі разьбітых чарапоў ёсьць падабенства, але ўсё-ж гэта сьведчыць аб назіральнасьці і кемлівасьці тубыльцаў, якія на практыцы знаёмяцца з новымі прадметамі.

На вэрандзе я заўважыў новую няпрыемнасьць: дах, над якім я працаваў гадзін пяць, накладаючы на яго сплеценае какосавае лісьце, усё-ж цячэ. Я зразумеў, што вінаваты тут не матарыялы і насьцілка лісьцяў, а вельмі малы нахіл даху. На ўсіх выспах Ціхага акіяну будуюць вельмі высокія дахі і гэтая вышыня і стромкасьць і робяць іх непрамакальнымі. Туй прыходзіў зноў. І зноў я яго спачатку не пазнаў — да таго зьмяніўся выраз яго твару. Раней ён вызначаўся ад іншых сваёй сымпатычнасьцю, а цяпер рабіў на мяне няпрыемнае ўражаньне. Мне не падабаўся выраз яго твару. Я пераканаўся, што вусы і барада былі добраю маскаю.

Ноч прашла неспакойна. Бой моцна стагнаў, а потым пачаў стагнаць і Ульсон, з якім зрабіўся прыпадак трасцы. Я, урэшце заснуў, але мяне разбудзіла нейкае дзіўнае выцьцё, якое або набліжалася, або аддалялася. С прасонку я ня мог уявіць сабе, што гэта такое. Я вышаў на вэранду і пераканаўшыся, што дождж перастаў, апрануўся і вышаў да ручая. Было ня вельмі цёмна, і ў мяне раптам зьявілася жаданьне пайсьці сьцежкаю ў Гарэнду і паслухаць бліжэй выцьцё папуасаў, бо выцьцё, якое я чуў, было ні што іншае, а сьпевы тубыльцаў.

Я сказаў Ульсону, што іду, але мая рызыка яму не спадабалася. Ён пачаў пераконваць мяне, што калі тубыльцы зьявяцца, дык абавязкова заб’юць яго і Боя, бо яны абодвы хворыя і абараняцца ня могуць. Каб супакоіць яго, я паставіў ля яго ложка сваю дубальтоўку і сказаў яму, што пры першым-жа стрэле я неадкладна вярнуся.

Хоць дождж перастаў, але было хмурна. Дзякуючы месяцу, хоць і закрытаму воблакамі, я ўсё-ж мог асьцярожна ісьці сьцежкаю. Чым бліжэй я падыходзіў да Гарэнды, тым гучней і гучней былі чутны сьпевы. Далей я не пашоў, бо вельмі змарыўся ад гэтай пагулянкі ў цемры. Я сеў на пень і пачаў прыслухоўвацца. Сьпевы ці выцьцё, якія даляталі да мяне, былі вельмі аднастайныя. Часамі сьпеў пачынаўся павольна, ціха, зацяжна, потым паступова ўзрастаў, рабіўся ўсё больш гучны, а тэмп паступова рабіўся ўсё хутчэйшы. Нарэшце сьпевы перарабляліся ў нейкі амаль нечалавечы крык, які заміраў у далячыні, раптоўна абрываючыся.

Я задрамаў на пні. Мне здалося, што я бачу нейкі страшэнны сон. Прачнуўшыся, я вельмі хацеў спаць і наважыў вярнуцца дадому. Не памятаю як я дабраўся да сваёй халупы, дзе зараз-жа лёг, нават не распранаючыся. Спрасонку я некалькі разоў чуў урыўкамі концэрт папуасаў.

На другі дзень раніцаю, седзячы на пні, я бачыў, як лавілі рыбу. Быў адліў. Дробная рыба, уцякаючы ад акул, якіх тут шмат, кідаліся ва ўсе бакі і нават выскаквала часамі з вады. Неспадзявана з-за дрэў вышаў Туй і стаў сачыць за рухамі рыбаў. Рыбы, якіх, мабыць, дужа ганяў вораг, раптам рынуліся да берагу, і Туй у момант апынуўся ў вадзе. Вада тут была ніжэй каленяў і дно было зусім відно. Туй скочыў, і адна рыбка была злоўлена. Туй лавіў іх нагою. Прыдушыць рыбу нагою, схопіць яе вялікім і другім пальцамі нагі, потым узьнімэе наверх і кладзе ў мяшок. Затым ён хутка нагнуўся, схапіў камень і моцна кінуў яго ў ваду. Падышоўшы да таго месца, дзе ўпаў камень, ён на аднэй назе стаў, а другою нагою падняў забітую каменем рыбку. Усё гэта было прароблена ім ня толькі з вялікім спрытам, але нават вельмі стройна. Тымчасам, Туй далёка ўжо не малады чалавек. Я думаю, што яму гадоў 45, а можа і болей.

Убачыўшы мяне, ён зараз-жа пайшоў у мой бок. Я кінуў на зямлю кавалак паперы і паказаў кіўком, каб ён падняў яе нагою. Мне хацелася даведацца, ці можа ён так шчыльна прыціснуць вялікі палец да другога, каб утрымаць ліст паперы. Ён гэта ў момант зрабіў, за сьпіной перадаў нагою паперу ў сваю руку і падаў мне. Ён прарабіў тое-ж самае і з вялікім каменем, які падняў з зямлі, ня спыняючыся ні на момант.

Я кожны дзень бачу новых матылькоў, але-ж чамусьці ня ўмею лавіць іх. Вольнага месца ля майго дому мала: з двух бакоў мора, а з другіх бакоў — лес.

Я не адчуваю сябе здаровым. Галава ў мяне цяжкая, сьпіна баліць і ногі аслаблі. Бою стала значна лепш, бо я прарэзаў яму вялікі нарыў, што трэба было зрабіць неадкладна. Я зрабіў гэтую опэрацыю сілком, загадаўшы Ульсону трымаць Боя. У момант усё было скончана. А ноччу я зноў чую стогны. У Ульсона зрабіўся прыпадак трасцы. Раніцою ён хадзіў хістаючыся, з шклянымі вачыма і з асунутым тварам. Але мяне ўсё-ж больш непакоіць стан Боя. У яго, відаць, ужо няма трасцы, аднак, тэмпэратура значна вышэй за звычайную. Кашаль, які, па яго словах, у яго ўжо некалькі год, нібы пачаў яго непакоіць цяпер болей. Ён ляжыць ужо два тыдні і амаль нічога ня есьць.

Зноў прыходзіла некалькі тубыльцаў, якія жывуць у гарах. Я заўважыў, што яны носяць на сабе аздобаў меней за ўзьбярэжных папуасаў. Жыхары вёскі Бонгу таксама адрозьніваюцца ад узьбярэжных папуасаў больш нядбайнымі зачоскамі валасоў і, як мне здаецца, колер скуры ў іх сьвятлейшы. У іх няма звычаю вітацца ці разьвітвацца з блізкімі суседзямі, таму Туй, які часьцей за другіх бываў у іх, прыходзіць і адыхозіць, ня кажучы ні слова і ня робячы ніякага кіўка.

Прышлі да мяне дзьве партыі тубыльцаў, чалавек з 20, якія прыехалі на дзьвёх пірогах з вёскі Багацім. Мне хацелася адчапіцца ад іх хутчэй, таму я ўвесь час маўчаў і толькі сачыў за імі. Яны разьмясьціліся вакол майго крэсла. Папуасы не маглі сядзець спакойна. Яны або сядзелі на кукішках, або апушчаліся на калені, або прысядалі. Часамі яны лажыліся на зямлю і ляжалі, падпіраючы падбародак рукою.

Ульсон прынёс свой гармонік і пачаў граць. Пры першых-жа гуках папуасы ўскочылі ўсе разам і крыху адбегліся. Але скора некаторыя з іх сталі нерашуча падыходзіць бліжэй. Наогул, музыка Ульсона, якая рэзала мне мушы (ён граў нейкую матроскую песьню), вельмі спадабалася нашым гасьцям. Яны выказвалі сваё зьдзіўленьне і ўхвалу лёгкім сьвістам і пагойдваньнем з боку ў бок. Я даў кожнаму з іх па паску чырвонае тканіны, якою яны зараз-жа павязалі сабе галовы. Наогул, маладыя людзі падкія да ўсялякіх аздобаў. Для поўнага ўбраньня папуаскага фарсуна патрабуецца мабыць ня мала часу.

Ноччу я наважыў, што паеду раніцою адзін у шлюпцы паглядзець абрысы бліжэйшых узгоркаў. Я ўстаў яшчэ досьвета. Мне не хацелася чакаць сьнеданьня, і я адразу паплыў па шлюпцы ўсьцяж берагу. За ўзьбярэжным лесам уздымаліся ўзгоркі, вышынёю прыблізна да 100 мэтраў. Схілы іх у некалькіх мясцох былі пакрыты ня лесам, а высокаю травою. Я заўважыў у гарах над узгоркамі струмені дыму ад вогнішчаў. Там, мабыць, былі вёскі тубыльцаў. Пасьля сваіх дзенных падарожжаў і працы, я ляжаў вечарам у гамаку на вэрандзе і адпачываў. Хоць яшчэ ня было 7-е гадзіны, але было ўжо цёмна. Чорныя хмары ўсё болей і болей насоўваліся і надыходзіла навальніца. Маланка некалькі разоў асьвятляла воблакі. Раптам я адчуў, што мой гамак моцна загойдаўся. Ад другога штыршка загойдаўся ня толькі гамак, але разам з ім затрасьліся і дах, і сьцены, і слупы мае хаты. Прыбег Ульсон і пачаў у мяне настойліва пытацца, ці будзе яшчэ зямлятрасеньне і ці будзе яно мацнейшае ці не.

Гадзіны праз дзьве я сядзеў у халупе і толькі што узяўся вылічаць дзяленьні анэроіду, я зноў адчуў, што зямля задрыжэла, але значна мацней і даўжэй, як у першы раз. Я запісаў свае назіраньні ў мэтэоролёгічную часопісь і лёг спаць, папрасіўшы Ульсона разбудзіць мяне, калі ён пачуе ноччу зямлятрасеньне. Сам я баяўся праспаць зямлятрасеньне, як гэта ўжо здарылася са мною ў Мэксыцы ў 1869 годзе, калі я праспаў вельмі добра ўсю ноч і даведаўся толькі раніцою, што большасьць жыхароў не магла сплюшчыць вачэй усю ноч. Але гэтай ноччу я прачнуўся сам, кал». мой ложак і падлога зноў загойдаліся. Усё ўжо супакоілася, калі я пачуў голас Ульсона, які клікаў мяне. Трэба было пайсьці ў лес і высечы там некалькі жэрдак. Калі я скончыў гэтую работу і вярнуўся дамоў, дык Ульсон прышоў да мяне з весткаю, што зямля яшчэ дрыжыць.

— Як? — запытаў я.

Ульсон моцна зьдзівіўся, што я нічога не заўважыў і сьцьвярджаў, што шмат разоў адчуваў нязначныя штыршкі.

— Гэта не зямля дрыжыць, а вашы калені,— сказаў я. — Напэўна, гадзіны праз паўтары ў вас зноў будзе прыпадак трасцы.

Ульсон быў вельмі нездаволены маімі словамі і сапраўды ён не памыляўся. На працягу наступнае гадзіны я сам адчуваў разоў два ці тры, хоць і нязначныя, але зусім выразныя ваганьні зямлі.

Хутка будзе шэсьць месяцаў, як я пазнаёміўся з папуасамі, але яны яшчэ ня бачылі ў мяне ніякае зброі. Дома ў мяне, бязумоўна, ёсьць зброя, але нават ідучы ў лес я рэдка бяру з сабою рэвольвэр, а калі іду ў тутэйшыя вёскі, дык не бяру яго ніколі.

Тубыльцы вельмі дзівяцца, што я хаджу бяз зброі. Яны стараліся выведаць, ці ня маю я ў хаце дзіды, лука або стралы. Прапанавалі нават мне сваю зброю, але я адказаў толькі сьмехам на іх прапановы і з пагардаю адсунуў ад сябе іх зброю, паказаўшы гэтым, што я ў ёй зусім ня маю патрэбы. Тубыльцаў было чалавек 20 і ўсе яны былі ўзброены. Зразумела, яны былі зьдзіўлены маімі паводзінамі, паглядзелі на сваю зброю, на хату, на мяне і доўга аб нечым разважалі між сабою. Аб тым, што ў мяне ёсьць зброя, я ня лічыў патрэбным казаць пакуль што.

Камары і мурашкі не давалі мне супакою ў гэтую ноч. Я спаў кепска. Гадзіне а 2-й раніцы зноў хата загойдалася. Зямлятрасеньне цягнулася ня болей за паўхвіліны, але яно было мацнейшае за тое, што адбывалася два дні таму назад. Ноччу была навальніца. Цяжка ўявіць сабе тыя аглушаючыя грукаты грому і амаль бязупынную бліскавіцу, якія ня спыняліся на працягу 4-х гадзін. Дождж падаў ня кроплямі, а ліў тонкімі струменямі.

Ульсона зноў ахапіла трасца. Прыпадак адбываўся з ванітаваньнем і брэдам. Цяжка займацца працай, калі Ульсон і Бой хворыя і мне трэба самому варыць страву, быць доктарам і сядзелкай, прымаць часамі дакучлівых даведнікаў — тубыльцаў, а галоўнае — адчуваць сябе зьвязаным і вымушаным сядзець дома. У такія дні я нават тады павінен быць на нагах, калі адчуваю сябе нядобра і хацеў-бы прылегчы.

На другі дзень, 8 лістапада, зноў узьнялася навальніца і ў халупе ў нас было ўсюды холадна і вільготна. Ноччу прышлося ўставаць, каб даваць лякарства хворым, якія ўвесь час вохкалі і стагналі. А поўдні было зноў лёгкае зямлятрасеньне, адчувалася, што горы, лес, хата і рыфы дрыжаць пад уплывам нейкай магутнай сілы.

Наступная раніца была вільготная і сьвежая. Усяго 22 градусы па Цэльсію. Я апрануўся цёпла і піў гарбату на вэрандзе, калі зьявіўся Туй. Ён таксама адчуваў сьвежасьць тэмпэратуры, але, ня маючы адпаведнае вопраткі, прынёс з сабою сваю пераносную печку з тлеючага палена. Ён сеў ля вэранды. Сьмешна было глядзець, як ён грэўся ад гэтага палена. Ён пераносіў яго ад аднаго боку цела да другога і або трымаў ля грудзей, або клаў сьпярша ля аднаго, пасьля ля другога боку, або клаў яго між ног, гледзячы на тое, якая частка цела больш замерзла.

Хутка прышло яшчэ некалькі жыхароў з вёскі Бонгу. Сярод іх быў адзін чалавек нізенькага росту, з дзікім і разам палахлівым выразам твару. Ён не адважваўся падыйсьці да мяне, а таму я сам падышоў да яго. Ён хацеў уцякаць, але яго спынілі іншыя. Паглядзеўшы на мяне, ён доўга сьмяяўся, а потым пачаў падскакваць на адным месцы. Мабыць, выгляд першага белага чалавека прывёў яго да такога зьдзіўленьня. Жыхары Бонгу стараліся растлумачыць мне, што гэты чалавек прышоў з вельмі далёкае вёскі, якая называецца Марагум і якая была ў гарах. Сюды ён зьявіўся паглядзець на мяне і на маю хату. Усе прышоўшыя мелі пры сабе, з выпадку халоднае раніцы, свае «сагравальнікі». У некаторых замест палена быў акуратна зьвязаны пук чароту. Прысеўшы перад маім крэслам, яны склалі свае галавешкі ў вогнішча і пачалі грэцца ля агню.

Я ўжо раней заўважыў, што тубыльцы носяць з сабою галавешкі, каб у часе пераходу з аднаго месца на другое запальваць свае цыгары.

Крыху пазьней зьявілася яшчэ партыя тубыльцаў з Гумбу. Яны таксама прывялі з сабою гасьцей з Марагум-Мана, якія зацікавілі мяне, як жыхары гор. Тып у іх быў такі-ж, як і ў морскіх жыхароў, але колер скуры быў сьвятлейшы. Жыхары Марагум-Мана былі прысадзістыя, але добра складзеныя, з разьвітымі лыткамі. Я ім раздаў падарункі, і яны пашлі вельмі здаволеныя, не пакідаючы дзівіцца на маю хату, рэчы і на маё адзеньне.

А пятай гадзіне зноў узьнялася навальніца, пашоў дождж, і я прымушан быў сядзець дома і ахутвацца. Дажджлівыя дні вельмі няпрыемныя для мяне. Мой пакой надта малы, служыць мне і спальняй і складам. Калі няма дажджу, дык я бываю цэлыя дні на дварэ, і, уласна кажучы, маім жыльлёвым памяшканьнем былі розныя куточкі на пляцоўцы навакол мае хаты. Тут мая прыёмная з некалькімі бярвеньнямі і пнямі, на якіх могуць сесьці мае даведнікі. Там, у цяньку, з далёкім відам на мора, мой габінэт з выгодным крэслам і складаным сталом. Тут было таксама спэцыяльнае месца, прызначанае мною для сталовай.

Я лічу, што тубыльцы народ практычны. Яны аддаюць перавагу карысным рэчам, а не якім-небудзь дробязям. Нажы, сякеры, цьвікі, бутэлькі і г. д., яны цэняць значана вышэй за пацеркі, люстэркі і кавалкі тканін, якія яны, вядома-ж, бяруць з здавальненьнем, але ніколі іх ня выпрошваюць у мяне, як гэта яны робяць адносна іншых карысных рэчаў.

Аднак, да гэтае пары мне цяжка перамагчы іх недаверлівасьць. Яны з вялікай цікавасьцю разглядалі мой нож. Я паказаў ім яшчэ два вялікія нажы ў паўмэтра даўжынёю і, жартуючы і сьмяючыся, даў ім зразумець, што я аддам ім гэтыя два вялікія нажы, калі яны пакінуць у мяне жыць маленькага папуаса, які прышоў з імі. Яны пераглянуліся ўстрывожаныя, пагутарылі між сабою і нешта сказалі хлопчыку, пасьля чаго ён адразу пабег у лес. Тубыльцаў было больш за дзесяць чалавек і ўсе яны былі ўзброены, але здаецца, яны ўсё-ж вельмі баяліся, што я захаплю дзіця. А між тым гэта былі людзі, якія даволі часта даведваліся да мяне і нібы ўжо асвойталіся са мною. Вось другі прыклад: прыходзяць да мяне 3-4 тубыльцы бяз зброі. Аднак, я ўжо наперад ведаў, што недалёка, у кустох, яны пакінулі яшчэ аднаго або двух чалавек са зброяй, якія павінны пасьпець да іх на дапамогу, калі гэта будзе патрэбна. Звычайна тубыльцы стараюцца захаваць ад мяне, што яны прыходзяць узброеныя. Пра тутэйшых жанчын я нічога не магу сказаць. Пражыўшы тут паўгода, я яшчэ ніводнай ня бачыў зблізку. Яны заўсёды ўцякалі ад мяне, нібы ад дзікага зьвера.

Начамі тут больш шумна, як удзень. З паўдня, да 3-е ці да 4-е гадзіны нічога ня чутна, апрача цвыркуноў і нямногіх птушак. З заходам-жа сонца пачынаецца самы рознагалосны концэрт: крычаць жабы, цыкады, начныя птушкі, да іх далучаюцца галасы розных жывёлін, якіх мне яшчэ не ўдалося бачыць. Амаль кожны вечар акомпанімэнтам гэтага концэрту зьяўляюцца грукаты грому, які ўдзень бывае рэдка. Ноччу і прыбой на рыфах чуцён выразьней. Да ўсяго гэтага далучаецца яшчэ і назольнае гудзеньне камароў, а часам здалёк далятае выцьцё папуасаў, якое замяняе ў іх сьпевы. Аднак, ня гледзячы на ўсю гэту музыку, мне сьпіцца добра.

Тутэйшыя тубыльцы яшчэ не дайшлі да вынаходкі пісьма. У іх існуе толькі адно слова, якое азначае «пісаць», ці «маляваць». Калі я што-небудзь запісваю, яны кажуць: «Маклай негрэнгва». Калі я маляваў каго-небудзь з іх, яны таксама казалі: «негрэнгва». Паказваю ім друкаваную паперу,— гэта таксама «негрэнгва». Тлумачачы адзін другому пра ўжываньне маленькага цьвіка для вымалёўваньня ўзору на бамбусавым футарале для вапны, яны таксама казалі «негрэнгва».

Тубыльцы моцна прыставалі да мяне, каб я пажаваў з імі бэтэль, але я не згаджаўся, успомніўшы, што ўжо раз прабаваў гэта, але апёк сабе язык нятушанай вапнай, якое прымяшаў быў да бэтэлю залішне.

Дні ідуць пастарому. Раніцою я прыродазнаўца, зьбіраю мошак і запісваю свае назіраньні. Потым, калі мае людзі хворыя, я раблюся кухарам, доктарам, аптэкарам, мулярам, краўцом і нават прачкаю. Наогул, я на ўсе рукі майстар, але і ўсім рукам працы шмат. Я цярпліва вывучаю тутэйшую мову, але ўсё яшчэ мала разумею і больш дагадваюся, што тубыльцы хочуць сказаць. Гавару-ж яшчэ на іх мове мала.

Жыхары суседніх вёсак, відаць, пачынаюць меней цурацца мяне. Справа ідзе на лад і мая політыка цярплівасьці і ненавязваньня зусім правільная. Ня я хаджу да тубыльцаў, а яны самі прыходзяць да мяне. Ня я прашу іх аб чым-колечы, а яны просяць мяне і нават пачынаюць даглядаць мяне. Наогул, яны робяцца ўсё болей і болей ручнымі, прыходзяць, сядзяць доўга, не стараюцца чым раней выпрасіць у мяне што-небудзь і потым хутчэй уцячы з сваёй здабычай.

Аднак, мне прыкра, што я яшчэ так мала ведаю іх мову. Я пераконаны, што толькі праз веданьне мовы можна канчаткова перамагчы іх недаверра, а таксама азнаёміцца з тутэйшымі звычаямі, якія, можа, вельмі цікавыя. Мне зручней вучыцца ўдому тутэйшай мове, як хадзіць для гэтага ў вёскі папуасаў. Звычайна, калі прыдзеш да іх, яны бываюць такія ўзрушаныя і неспакойныя, што іх цяжка прымусіць сядзець на месцы. Але калі яны прыходзяць да мяне, дык у іх зьнікаюць жадныя адзнакі нахабнасьці. Яны цярпліва адказваюць на ўсе мае запытаньні і дазваляюць разглядаць, мераць і маляваць іх.

Я хацеў сабраць узоры валасоў тубыльцаў, але гэта цяжка было зрабіць. Вельмі сьмешна было глядзець, з якім страхам адскочыў Туй, калі я паднёс ножны да яго галавы. Ён гатоў быў уцякаць і не падыходзіў да мяне ўвесь час, пакуль я трымаў ножны. Я задумаўся над тым, як перамагчы мне страх Туя, які быў самым ручным з усіх маіх знаёмых тубыльцаў. Калі ўжо ён баіцца, дык, што-ж будуць рабіць другія, больш дзікія? І вось мне прышло ў галаву прапанаваць яму, у замену на яго валасы, пучок маіх валасоў. Ён паслухаў, і мы памяняліся валасамі. Пакуль я загортваў яго валасы ў паперу і рабіў на ёй надпіс, Туй таксама старанна загарнуў мае валасы ў ліст, які ён сарваў недалёка ў лесе. Праз такі абмен валасоў я павялічыў сваю колекцыю. Але аднойчы Ульсон заўважыў мне, што я выстрыг сабе ўсю левую палову галавы. Гэта было пацешна. Адбылося гэта таму, што правай рукою зручней было зрэзваць валасы на левым баку галавы.

Раз, гуляючы ў лесе, я зайшоў так далёка, што ледзь не заблудзіўся. Аднак, я ўсё-ж натрапіў на сьцежку, якая вывела мяне да мора. Там мне ўжо лёгка было адшукаць дарогу дадому. Здарылася гэта ля вёскі Малэ, але я туды не пашоў, а пашоў у вёску Бонгу, хоць мне і не ўдалося дайсьці да гэтае вёскі. Было амаль зусім цёмна, калі я прышоў у вёску Гарэнду і наважыў там пераначаваць. Гэтым я, вядома, моцна зьдзівіў тубыльцаў. Я адразу накіраваўся ў «буамрамру» — так называюцца ў тутэйшых вёсках вялікія халупы, якія прызначаны выключна для мужчын. Я зрабіў гэта, каб як можна меней непакоіць тубыльцаў, бо ведаў, што мой прыход устурбуе ўсіх жыхароў вёскі. I сапраўды, пачуліся крыкі жанчын і плач дзяцей. Тую я растлумачыў, што хачу спаць у яго. Ён нечага шмат казаў мне. Здаецца, ён сказаў мне, што правядзе мяне пры сьвеце паходні і казаў нешта пра жанчын і дзяцей. Але я амаль не разумеў яго і, каб адчапіцца ад яго, лёг на «барлу» — прылада, падобная да доўгага палка, з вялікімі бамбусамі замест падушак. Я заплюшчыў вочы і некалькі разоў сказаў «нявар, нявар», што значыць на тутэйшай мове «спаць, спаць». Яшчэ ня былО позна, але я так змардаваўся ад свае шматгадзіннае пагулянкі, што хутка задрамаў, а потым моцна заснуў. Прачнуўся я, мабыць, ад холаду, бо спаў зусім не накрыты. Начны вецер прадзімаў мяне наскрозь, бо ў буамрамру няма дзьвярэй ні сьпераду ні ззаду. Я ня еў нічога з 11 гадзін раніцы і быў галодны. У цёмным буамрамру апрача мяне ня было нікога. Я ўстаў і вышаў на пляцоўку да агню, навакол якога сядзела некалькі чалавек тубыльцаў. Сярод іх быў і Туй. Я зьвярнуўся да яго, паказаў яму на свой рот і некалькі разоў сказаў слова «уяр» (есьці). Туй зразумеў мяне і зараз-жа прынёс невялікую драўляную паўкруглую пасудзіну «табір» з кавалкамі халоднага «таро» і вараных бананаў. Таро робіцца з расьліны бау, якая зьяўляецца галоўнай ядой тубыльцаў У час ад сакавіка да жніўня. Бау саджаюць у кастрычніку і ядуць яго і вараны і печаны. Абвараны корань б’юць невялікай драўлянай даўбешкай і мяшаюць з наскрэбеным какосавым арэхам. Робіцца нешта накшталт цеста, якое падзяляюць на кавалкі нібы пірагі. На банкетах гэта лічыцца прысмакам. Лісьце гэтае расьліны таксама ўжываецца для яды.

Я зьеў са здавальненьнем некалькі кавалкаў таро, ня гледзячы на адсутнасьць солі, але бананы мне не спадабаліся. Сон асьвяжыў мяне, а яда падмацавала. Я наважыў вярнуцца дадому, таму прапанаваў двум маладым тубыльцам праводзіць мяне з паходнямі. У цемры ночы без агню нельга знайсьці дарогу.

Тубыльцы зразумелі маё жаданьне і мне здаецца, яны нават былі здаволены, што я не астаюся начаваць. У момант зрабілі некалькі паходняў з сухіх пальмавых лісьцяў, кожны ўзяў дзіду, і мы пашлі. Лес асьветлены сьветам запаленых лісьцяў, быў яшчэ больш фантастычны і прыгожы, як удзень. Я мімаволі любаваўся на хуткія і спрытныя рухі маіх спадарожнікаў. Яны трымалі паходні над галавамі, а дзідамі адхлялі лісты, якія навісалі і загароджвалі нам дарогу. Адзін тубылец ішоў за мною. Азірнуўшыся на яго, я падумаў: як лёгка было-б гэтаму тубыльцу пракалоць мяне ззаду дзідай! Я быў, як і заўсёды, бязбройны, і тубыльцы гэта добра ведалі. Аднак, са мною нічога ня здарылася і я добра дайшоў да свайго дому. Дома я быў спатканы вельмі ўстрывожаным Ульсонам, які ўжо амаль страціў надзею ўбачыць мяне жывога.

Неяк вечарам прышоў Туй. Ён захацеў выказаць мне сваю даверлівасьць і папрасіў дазволу пераначаваць у мяне. Я згадзіўся. Адыходзячы, ён сказаў, што прыдзе пазьней. Аднак, час ішоў і я думаў, што ён ужо ня вернецца. Я лёг на свой ложак. Раптам нейчы голас паклікаў мяне. Я вышаў і ўбачыў Туя. Асьветлены месячным сьвятлом, ён меў вельмі эфэктны выгляд. Яго цёмнае, але добра складзенае цела прыгожа вызначалася на больш цёмным фоне зеляніва. Аднэй рукою ён абапіраўся на дзіду, а ў другой, спушчанай, трымаў палена з агнём, якое асьвятляла яго з аднаго боку чырвоным водбліскам. Накідка з грубае «тапы» — тканіны, якая зроблена з кары дрэва,— спушчалася ў яго з плячэй да самае зямлі. Ён стаў перада мною і запытаў дзе яму легчы. Я паказаў на вэранду і даў яму мату і коўдру. Ён быў вельмі здаволены.

Туй лёг гадзіне а 10-й. А палове 12-й я ўстаў, каб паглядзець на тэрмомэтр. Ноч была месячная. Я зірнуў на вэранду, але Туя ўжо там ня было. На яго месцы ляжалі толькі згорнутыя мата і коўдра. Відаць, голы палок яго халупы быў яму больш да густу за маю вэранду з матаю і коўдраю.

Я застрэліў адну з тых птушак, якія тут гучна крычалі на высокіх дрэвах ля хаты. Тубыльцы называюць іх «коко», бо яны крычаць: «коко-ніў-кай» і гук «ко-ко» ў крыку гэтых птушак чуцён зусім выразна.

Дні праходзяць, а маё навучаньне тутэйшай мове вельмі туга пасоўваецца наперад. Нават словы, якія болей за ўсё ўжываюцца, мне невядомыя, і я не магу прыдумаць, як пра іх даведацца. Я нават ня ведаю, як на тутэйшай мове такія простыя словы: але, не, млосна, хачу, холадна, бацька, маці... Гэта сьмешна, але гэта так. Пачнеш дапытвацца, тлумачыць — не разумеюць ці ня хочуць разумець. Усё, чаго я не магу паказаць на пальцах, мне невядома, і я толькі выпадкова даведваюся пра тое ці іншае слова.

Сёньня, 27-га лістапада, поўня і двое маладых людзей з суседніх вёсак заходзілі сюды, размалёваныя чырвонаю і белаю фарбаю, прыбраныя зелянівам і кветкамі. Ім было па дарозе, бо яны ішлі ў Гумбу, дзе павінны правесьці ноч. У тубыльцаў, як я заўважыў, у поўню бываюць нейкія асаблівыя сходы. Яны робяць у гэты час адведзіны адзін да аднаго, г. зн. жыхары аднэй вёскі ходзяць да жыхароў другое. У такія ночы сьпевы іх чутны нам, як вельмі праразьлівае і зацяжнае выцьцё. Так было і ў мінулую ноч. Ульсон разбудзіў мяне і запытаўся, ці чуў я крыкі і ці ўсе стрэльбы ў мяне набіты? Я не пасьпеў яму адказаць, як з лесу, з боку вёскі Гарэнду пачуўся гучны, і праразьлівы крык. Аднак можна было распазнаць, што гэта чалавечы голас. Крык быў вельмі дзіўны і належаў, напэўна, многім галасом. Ульсон сказаў мне, што за апошнія пяць хвілін ён чуў некалькі такіх гукаў. Першы з іх быў такі праразьлівы і гучны і быў да таго дзіўны, што ён наважыў разбудзіць мяне. Ён падумаў, што гэты крык можа сыгнал да нападу на нас. Я ўстаў і вышаў на пляцоўку. З многіх вёсак чутны былі аднастайныя ўдары «бруму» (прылада накшталт бубна). Поўны месяц толькі што выплыў з-за дрэваў, і я зараз-жа падумаў, што гэтыя крыкі азначалі прывітаньне ўсходу месяца. Я ўспомніў, што пры зьяўленьні месяца тубыльцы выкрыквалі неяк асабліва, і таму я супакойваў Ульсона, параіўшы яму не чакаць нападу на нас, а проста легчы спаць. Я сам зрабіў гэта і зараз-жа заснуў.

3-га сьнежня я хадзіў у веску Гарэнду па какосы. Як і заўсёды, я паведаміў пра мой прыход гучным сьвістам, каб жанчыны мелі час пахавацца. На мяне гэтая вёска рабіла заўсёды прыемнае ўражаньне. Усё ў ёй так чыста, зелена, утульна. Людзей там мала. Яны ня крычаць і ня робяць ніякіх шумных дэмонстрацый пры маім зьяўленьні, як гэта было раней. Спакой і цішыня парушаюцца толькі птушкамі, якія пералятаюць з дрэва на дрэва. На высокіх барлах важна сядзяць на кукішках два ці тры тубыльцы, якія рэдка перакідваюцца словамі і моўчкі разжоўваюць какосавы арэх або ачышчаюць «дэгарголь» (салодкую бульбу). Некаторыя працуюць ў сваіх халупах, а іншыя грэюцца на сонейку ці рашчыпваюць свае валасы.

Прышоўшы ў Гарэнду, я таксама сеў на «барлу» і пачаў есьці толькі што сьпечаны «дэгарголь». Чалавек 8 падышло да барлы, на якой я сядзеў, і кожны па чарзе пачаў выказваць свае пажаданьні. Аднаму хацелася мець вялікі цьвік, другому — кавалак чырвонае тканіны. У аднаго тубыльца балела нага, ён прасіў даць яму пляйстар і чаравік. Я моўчкі выслухаў іх усіх. Калі яны скончылі, я сказаў, што хачу мець некалькі зялёных какосаў. Зараз-жа два хлапчукі ўзьлезьлі на какосавую пальму і сталі кідаць какосы ўніз. Я паказаў на пальцах, колькі какосаў мне трэба, і прапанаваў занесьці іх у «Таль-Маклай», г. зн. у дом Маклая, што і было зараз-жа зроблена.

Калі я вярнуўся дадому вечарам, узьнялася навальніца. Вецер шмат разоў затушваў лямпу. Тут часамі нехаця трэба класьціся спаць, бо ўсякія заняткі заўсёды перапыняюцца запальваньнем стухаючае ад ветру лямпы. Розных дзірак і шчылін у маім памяшканьні столькі, што абараніцца ад скразьняку ніяк нельга. Цяпер з 8-е ці 9-е гадзіны вечара ідзе дождж, які будзе ісьці можа да раніцы. У кастрычніку было добрае надвор’е, у лістападзе-ж дажджы пачалі ісьці часьцей, а ў сьнежні дождж, відаць, мае намер ісьці кожны дзень. Дождж бубніць па страсе, якая цячэ ў многіх месцах. Але я ляжу на накрытым зьверху коўдрай і непрамакальнай накідкай ложку і ноччу не зьвяртаю ўвагі на дождж.

Бой ляжыць хворы другі месяц. Але і Ульсон хварэе шмат часьцей за мяне. Сёньня вечарам мне прышлося, ня гледзячы на дождж, прыгатаваць гарбату для нас траіх. У цёмныя дажджлівыя ночы гэта ня так проста. Трэба пад вялікім дажджом прайсьці ў салаш, выбраць там сухіх галін, насячы іх, запаліць на дажджы агонь, доўга разьдзьмухваць яго, а пасьля ў цемры пад дажджом спусьціцца да ручая і набраць у імбрычак вады. На дварэ так цёмна, што нават добра ведаючы дарогу, я зьбіўся з яе і два разы ледзь не паваліуся. Трэба было кожны раз чакаць маланкі, каб пры яе бляску зноў трапляць на знаёмыя сьцежкі. Ня было карысьці браць з сабою сьвятло пры такім дажджы і ветры. Калі я, урэшце, вярнуўся, прамоклы да касьцей, дык мая маленькая хатка здалася мне вельмі ўтульная. Я хутка перапрануўся і з вялікім здавальненьнем піў гарбату, якая здалася мне ў гэты дзень вельмі смачная. Трэба сказаць, што вось ужо другі месяц, як у нас няма цукру і тыдняў пяць гаму мы выкінулі апошнія сухары,— іх зьелі замест нас чарвякі. Мы доўга змагаліся з чарвякамі, стараліся высушыць сухары сьпярша на сонцы, пасьля на агні. але нічога не памагло, і чарвякі перамаглі. Замест сухароў я еў печаныя бананы, а калі бананаў ня было, дык лустачкі печанага тара. Я не пакутую ад гэтае зьмены, але Ульсон, і нават Бой, абудва бурчэлі, калі вышаў увесь цукар. У іншай ядзе няма рознастайнасьці, яна заўсёды аднолькавая: вараны рыс з кёры і боб з сольлю. Але мне нават падабалася гэтая аднастайнасьць. Апрача таго, усе гэтыя нявыгоды і дробязі зьмяншаюцца ад таго, што можна рабіць сякія-такія навуковыя назіраньні. А прырода тут такая пекная!..

Аднак, ужо 9-я гадзіна! Лямпа дагарае. Гарбата выпіта і ад вады, якая адусюль капае, робіцца ў маім пакоі зусім мокра. Трэба захутацца хутчэй у коўдру і заснуць...

Бой моцна пакутуе. Я думаю, што ён пражыве нядоўга. Ён такі слабы, што амаль ня трымаецца на нагах. Небарака зваліўся са сходаў. Ульсон у гэты час ляжаў і вохкаў. Я сяк-так уцягнуў Боя ў пакой. Але нават ён быў у нейкай няпрытомнасьці і не пазнаваў мяне.

Прыходзіў Туй. Седзячы ў мяне на вэрандзе, ён паведаміў з самым сур’ёзным выглядам, што Бой хутка памрэ, а Віль (тубыльцы называюць Ульсона Вілем) хворы і што Маклай астанецца адзін. Ён падняў адзін палец і, паказваючы на абодвы бакі, сказаў: «Прыдуць людзі з Бонгу і Гумбу (ён паказаў на ўсе пальцы рук і ног), шмат, шмат людзей, прыдуць і заб’юць Маклая. Ён нават паказаў, як мне праколюць дзідай шыю, грудзі, жывот і нарасьпеў сумна прыгаварваў: «О, Маклай! О, Маклай!..» Я зрабіў выгляд, што лічу гэтыя словы за жарт, хоць сам я і лічыў гэта зусім магчымым. Я сказаў яму, што ні Бой, ні Віль, ні Маклай не памруць, але Туй, паглядаючы на мяне неяк недаверліва, і далей прыгаварваў жаласьлівым голасам: «О, Маклай! О, Маклай!..»

Мяне гэтая гутарка зацікавіла, па-першае, таму, што гэта можа сапраўды здарыцца а па-другое, таму, што, мабыць, мае суседзі зноў гутарылі пра гэта, бо Туй ня ўзьняў-бы старога пытаньня пра забойства мяне.

Нудна, што мне трэба быць заўсёды на варце. Але гэта мне не перашкаджае спаць. Прышло яшчэ чаланек 8 тубыльцаў з Гарэнду і Малэ. Я быў у добрым гуморы і таму даў кожнаму госьцю падарунак, хоць яны самі ня прынесьлі мне нічога. Туй і Лалі запыталі мяне, ці прыдзе калі корвэт? Зразумела, я ня мог даць ім пэўнага адказу і ня ведаў, як паказаць вялікую лічбу на тутэйшай мове. Каб убачыць, як мае суседзі лічаць, я ўзяў некалькі палосак паперы і пачаў рэзаць іх упоперак. Я нарэзаў шмат паперы і перадаў цэлыя прыгаршчы гэтых палосак аднаму тубыльцу з Малэ. Я сказаў яму, што кожная паперка азначае два дні. Яго ўсе абступілі. Мой папуас стаў лічыць на пальцах, але, мабыць, ня добра, бо іншыя папуасы адабралі ад яго абрэзкі паперы і перадалі іх другому. Гэты пачаў з павагаю лічыць, паклікаў на дапамогу сабе сябра і яны пачалі лічыць разам. Першы папуас браў кожны абрэзак і казаў: «нарэ, нарэ», што азначае «адзін, адзін». Другі тубылец таксама казаў гэтае слова і загінаў пры гэтым палец спачатку на аднэй, пасьля на другой руцэ. Налічыўшы да дзесяці і сагнуўшы пальцы абедзьвюх рук, ён апусьціў абудвы кулакі на калені і сказаў «дзьве рукі», а трэці папуас загнуў адзін палец рукі. З другім дзесяткам было зроблена тое-ж самае і трэці папуас загнуў другі палец рукі. Тое-ж здарылася і з трэцім дзесяткам. Паперкі, якія ня склалі чацьвертага дзесятка, былі адкладзены ў бок.

Мне, здаецца, што ўсе былі здаволены вынікам. Але я зноў зьбянтэжыў іх. Узяўшы адзін з абрэзкаў, я паказаў два пальцы, дадаўшы: «бум-бум» (дзень, дзень). Зноў яны пачалі разважаць між сабою, але скончылі на тым, што загарнулі абрэзкі ў ліст хлебнага дрэва і странна перавязалі яго, напэўна, для таго, каб пасьля пералічыць іх у вёсцы. Я з вялікай цікавасьцю сачыў за ўсім гэтым. Але мне было няпрыемна тое недаверра папуасаў, нейкі сграх, якія яны маюць да мяне. Пакуль яны ня будуць всрыць мне, я нічога не дамагуся ад іх. Бой наўрад ці пражыве шмат, а Ульсон такі баязьлівы, што пры ім тубыльцы могуць усё разрабаваць і спаліць хату. Як толькі я навучуся лепей тутэйшай мове, дык ня буду сядзець у хаце. Але перш я закапаю сякія-такія інструманты і пісьмовыя прылады, бо ў зямлі яны будуць лепш захазаны, як у хаце пад абаронаю аднаго толькі Ульсона.

Учора вечарам, 8-га сьнежня, ля майго мыска праяжджалі дзьве пірогі з агнём. Ноч была ціхая і цёмная. Мне раптам захацелася запаліць бэнгальскі агонь. Эфэкт быў нязвычайны. На папуасаў гэта зрабіла вельмі моцнае ўражаньне. Усе паходні былі кінуты ў ваду, а калі бэнгальскі агонь патух, усе пірогі зьніклі.

Бой зусім слабы. Ульсон пачынае пагаварваць, што добра было-б выбрацца адсюль. Але я яму адказаў, што не прасіў яго ехаць са мною ў Новую Гвінэю і нават у дзень адыходу корвэта прапанаваў яму вярнуцца на судно. Ульсон кожную ноч чакае, што прыдуць тубыльцы і пазабіваюць нас. Туя ён ненавідзіць, бо лічыць яго шпэгам.

Нядаўна, у пачатку ночы, гадзіне а 12-й, мяне разбудзіў ад моцнага сну шум галасоў, а потым яскравы сьвет ля самага спуску ад пляцоўкі да мора.

Магчыма, што да нас падплывалі і набліжаліся некалькі пірогаў. Ульсон загаласіў: «ідуць, ідуць». Я вышаў на вэранду і быў спатканы сьветам паходняў і шасьцю тубыльцамі, якія былі ўзброены стрэламі і дзідамі і бязупынна клікалі мяне па імені. Я ня рушыўся з месца, не разумеючы, чаго ім ад мяне трэба. Ульсон-жа, узброены стрэльбай, падышоў да мяне ззаду і соваў мне ў рукі дубальтоўку, прыгаварваючы: «не дазваляйце ім падыходзіць бліжэй». Я ведаў, што адзін стрэл з набітае шротам стрэльбы прымусіць уцякаць вялікі натоўп тубыльцаў, якія былі яшчэ незнаёмы з агнястрэльнай зброяй, і быў зусім спакойны. Апрача таго, мне здавалася, што я пазнаю знаёмыя галасы. Сапраўды, калі я сказаў ім «гена» (ідзі сюды), дык яны высыпалі на пляцоўку перад вэрандай. Кожны з іх, прытрымліваючы левай рукою сваю зброю і паходню і гукаючы: «нікі! нікі!», працягваў мне правую руку з некалькімі рыбкамі. Я сказаў тады засаромленаму Ульсону, каб ён сабраў рыбу, якую яму даўно хацелася мець. Купа-ж узброеных дзікуноў, якія былі асьветлены сьветам паходняў, прымусіла мяне пашкадаваць, што я не мастак,— да таго яна была прыгожая. Спушчаючыся да сваіх пірогаў, яны доўга крычалі мне на разьвітаньне: «эмэ-мэ, эмэ-мэ», а потым хутка зьніклі за мыском. Рыба была вельмі смачная.

Устаўшы раніцою, 13-га сьнежня, я наважыў, на ўсякі выпадак, падрыхтаваць усё, што трэба для таго, каб у любы момант, калі гэта будзе патрэбна, закапаць у зямлю мой дзеньнік, мэтэоролёгічную часопісь, нататкі і малюнкі, а таксама чыстую паперу. Туй здаваўся мне сёньня сапраўды падазроным і паводзіны яго нагадвалі шпэгоўства. Ён абыходзіў навакол, аглядаючы ўважліва нашу халупу і зазіраў з вялікай цікавасьцю ў пакой Ульсона. Тут ён некалькі разоў казаў: «О, Бой! О, Бой!» Потым ён падышоў да мяне і пачаў прасіць, каб я дазволіў Бою пайсьці ў Гумбу. Ён мне так надакучыў, што я пашоў у пакой і гэтым прымусіў пайсьці і яго. Апаўдні я адчуў лёгкі прыпадак — зьявілася моцна зморваючая зявачка, зрабілася холадна, дрыжэла ўсё цела. Я трымаўся на нагах усю раніцу, разьлічваючы, што пры такіх умовах лепш легчы толькі ў выпадках самай крайняй неабходнасьці.

Прыехала трох тубыльцаў з Гарэнду. Адзін з іх зірнуў у пакой Ульсона і, ня чуючы стогнаў Боя, запытаў, ці жывы ён? Я адказаў, што жывы. Тубыльцы зноў прапанавалі мне адпусьціць Боя з імі. Не разумею, на што ён ім патрэбен. Ня могуць-жа яны баяцца яго, як супраціўніка. А можа яны хочуць мець яго за хаўрусьніка? Але цяпер ужо позна...

СЬМЕРЦЬ БОЯ


Пасьля абеду Ульсон пашоў на бераг, каб прыняць нашу шлюпку, якой пагражала прыбітае прылівам вялізнае бервяно, а я вярнуўся дадому і сеў пісаць. Але стогны Боя прымусілі мяне кінуць працу і зірнуць у яго пакой. Няшчасны качаўся на падлозе, скурчыўшыся ад болю. Я ўзяў яго на рукі нібы дзіця,— ён так моцна схудаў за апошні тыдзень,— і палажыў на ложак. Яго халодныя, потныя, кастлявыя рукі, якія абхаплялі маю шыю, зьбялеўшыя губы, нос і запаўшыя вочы ясна паказвалі, што ён ня доўга будзе стагнаць. Яго халодныя рукі трымаліся за мае. Ён нібы хацеў мне нешта сказаць, але ня мог. Пульс быў слабы, часта перапыняўся, а рукі і ногі хутка халадзелі. Палажыўшы яго, я спусьціўся на бераг, дзе Ульсон завіхаўся каля нашае шлюпкі, і сказаў яму, што Бой памрэ гадзіны праз паўтары або дзьве. Вестка гэта зусім узрушыла Ульсона, хоць мы ўжо абудва чакалі гэтай сьмерці тыдняў два і ня раз нават гутарылі аб гэтым. Мы разам увайшлі ў пакой. Бой кідаўся па падлозе і ламаў сабе рукі, цяжка было глядзець на яго,— так ён пакутаваў. Я дастаў з аптэчкі хлёраформ і паднёс некалькі капель яго на ваце да носу паміраючага. Хвілін праз пяць ён стаў супакойвацца і нават прамармытаў нешта. Яму, відаць, стала лепш. Я зьняў вату. Ульсон стаяў зусім зьбянтэжаны і пытаў, што цяпер рабіць? Я коратка растлумачыў яму, што цела Боя мы кінем сёньня ноччу ў мора, а цяпер ён павінен узяць некалькі камянёў і палажыць іх у шлюпку, каб потым прывязаць да цела, каб яно зараз-жа пашло на дно. Я сам пашоў да шлюпкі, каб паглядзець, ці ўсё будзе добра зроблена. Потым вярнуўся да Боя, але ён ужо быў няжывы. Ён памёр пакуль мы хадзілі да ручая за каменьнямі, і памёр таксама моўчкі, як ляжаў увесь час сваёй хваробы. Бой ляжаў у тым-жа стане, у якім ён звычайна спаў ці сядзеў, падкурчыўшы ногі і скрыжаваўшы рукі. Ульсон быў моцна ўсхваляваны, ня гледзячы на тое, што пры жыцьці Боя заўсёды лаяў яго і неспагадна пра яго думаў. Мы абудва неяк мімаволі гутарылі зусім ціха, нібы баяліся разбудзіць памёршага. Мне вельмі хацелася расьпілаваць чарап Боя і захаваць яго мазгі для дасьледзін, але Ульсон спалохаўся і стаў прасіць мяне гэтага не рабіць. Чакаючы, што тубыльцы сапраўды могуць кожную часіну зьявіцца з сур’ёзнымі намерамі, я адмовіўся ад думкі здабыць мазгі палінэзійца, але ўсё-ж выразаў у яго гартань з языком і ўсёй мускулатураў, успомніўшы, што я абяцаў прыслаць прэпарат гартані чорнага чалавека майму ранейшаму настаўніку, профэсару Г., які жыве ў Страсбурзе. Ульсон дрыжэў ад страху, трымаючы сьвсчку і галаву памёршага, пакуль я рабіў гэтую опэрацыю. Калі-ж рука мерцьвяка зрабіла невялікі рух у той час, як я пераразаў мускулы, Ульсон уявіў, нібы я рэжу жывога чалавека, і так спалохаўся, што выпусьціў сьвечку і мы асталіся ў цемнаце. Урэшце, усё было скончана і цяпер трэба было аднесьці труп Боя ў яго сырую магілу. Зрабіць гэта трэба было так асьцярожна, каб суседзі нашы нічога ня ведалі пра тое, што здарылася.

Мы палажылі цела памёршага ў мяшок і панясьлі яго ўніз да шлюпкі ў цемнаце. Ульсон спатыкнуўся і паваліўся. Няжывое цела ўпала на яго. За Ульсонам паваліўся і я. Мы не маглі адразу знайсьці нашу ношу, бо яна скацілася лепш за нас, проста на пясок. Мы ўрэшце знайшлі труп, апусьцілі яго ў шлюпку і палажылі ў мяшок пудоў два камянёў. Усё гэта было цяжка зрабіць у цемнаце. Як на злосьць, якраз быў адліў. Мы ледзьве сьцягнулі цяжкую шлюпку ў ваду па каменьнях. Не пасьпелі мы ўзяцца за вёслы, як перад намі, на чвэрць мілі, мільгануў з-за мысу адзін, потым другі, трэці і дзесяты агеньчык. Адзінаццаць пірогаў плылі ў наш бок. Тубыльцы абавязкова заедуць да нас, а калі ўбачаць шлюпку, дык пад’едуць блізка да яе. Паходні іх асьвецяць доўгі вяшок, мяшок іх зацікавіць. Тое, чаго я сьцярогся, здавалася зараз надыдзе,— тубыльцы даведаюцца пра сьмерць Боя.

— Ці нельга Боя схаваць у лес? — прапанаваў Ульсон.

Мяшок з каменьнямі і целам цяжкі, наўрад ці мы працягнем яго між дрэвамі, да таго-ж тубыльцы вось-вось павінны пад’ехаць сюды.

— Будзем веславаць мацней,— сказаў я,— можа мы і пасьпеем яшчэ.

Але шлюпка ня рушылася, ня гледзячы на ўсе нашы патугі. Мабыць мы папалі на рыф або на мель. Папуасы набліжаліся. Мы з усіх сіл узяліся адпіхацца вёсламі, але дарэмна. Я гатоў быў саскочыць у ваду, каб зручней было сьпіхнуць шлюпку з мелі, ня гледзячы нават на тое, што ў вадзе было шмат акул. Але тут мне прышла ў галаву шчасьлівая думка абгледзець борт нашае шлюпкі, і мая рука зараз-жа натрапіла на перашкоду. Выявілася, што вяроўка, якою шлюпка прымацоўвалася да берагу, заблыталася між каменьнямі і сукамі, а мы, сьпяшаючыся, не заўважылі гэтага. Гэтая вяроўка і ня пускала нас цяпер. Я хутка схапіў нож, перарэзаў вяроўку і вызваліў шлюпку. Мы ўзяліся за вёслы і пачалі з усёй сілы веславаць.

Тубыльцы, як і ўчора, выехалі лавіць рыбу і агні іх мігацелі ўсё бліжэй і бліжэй. Можна было нават чуць галасы. Але мы стараліся як мага ціжэй апушчаць вёслы ў ваду, каб нас не пачулі тубыльцы. Калі яны ўбачаць Боя з перарэзаным горлам, дык скажуць, што мы забілі яго і могуць забіць нас, заўважыў Ульсон. Я таксама ня вельмі хацеў спаткацца ў гэтую хвіліну з тубыльцамі. Усіх тубыльцаў на пірогах было 33 чалавекі і ўсе яны былі ўзброены дзідамі і стрэламі. Маючы перавагу ў сілах, яны маглі вельмі добра скарыстаць гэты выпадак. Але і ў нас былі шансы на ратунак: два нашых рэвольвэры маглі спалохаць і разагнаць увесь гэты натоўп. Мы веславалі моўчкі і адсутнасьць агню на шлюпцы была, мабыць, прычынай, што нас не заўважылі, бо паходні на пірогах асьвятлялі толькі бліжэйшыя прадметы навакол іх. Тубыльцы-ж былі старанна заняты лоўляй рыбы.

Ноч была ціхая і цёмная і ад агнёў з пірогаў доўгія слупы водбліску ляжалі на спакойнай паверхі мора. Ад кожнага маху вёслаў сыпаліся тысячы іскраў. На такім спакойным моры яго верхнія пласты поўныя багатага рознастайнага жыцьця. Я захапіўся гэтым малюнкам і зусім забыў пра нябожчыка ў шлюпцы і пра тое, што трэба хутчэй пахаваць яго. Ульсон спыніў мае думкі, з радасьцю заўважыўшы, што пірогі адплываюць ад нас і што нас тубыльцы ня бачылі. Мы цяпер спакойна плылі і, адплыўшы прыблізна на мілю ад мыска, апусьцілі труп Бся за борт. Ён хутка пашоў на дно, але я пераконаны, што дзесяткі акул зьнішчаць яго, напэўна, у гэтую-ж ноч.

На другі дзень я сказаў Ульсону, што калі прыдуць тубыльцы, каб ён не заікаўся пра сьмерць Боя. Неўзабаве зьявіўся Туй з двума незнаёмымі мне тубыльцамі. Адзін з іх ужо хацеў узьняцца на ступеньку сходаў, але калі я паказаў яму, што яго месца на пляцоўцы перад хатай, а не на сходах, ён хутка саскочыў з іх і сеў на пляцоўцы. Туй зноў загаварыў пра Боя і з запалам запэўняў, што калі я пушчу Боя ў Гумбу, дык тубылец, якога ён прывёз з сабою, абавязкова вылечыць яго. Я ня даў згоды на гэта. Каб адцягнуць іх думкі ад Боя, я прыдумаў наступнае. Я ўзяў сподачак, наліў туды крыху сьпірту і паставіў яго на вэранду. Паклікаўшы тубыльцаў, я ўзяў шклянку вады, сам крышку выпіў з яе і даў паспрабаваць аднаму тубыльцу, які таксама пераканаўся, што гэта была вада. Усе яны з вялікай цікавасьцю сачылі за маімі рухамі. Даліўшы з шклянкі некалькі капель вады да сьпірту на сподачку, я запаліў сьпірт. Уражаньне было моцнае. Тубыльцы разявілі раты, з сьвістам пацягнулі паветра, узьнялі бровы і адступілі крокаў на два. Я пырснуў тады гэтым сьпіртам са сподачка на сходы і на зямлю, сьпірт і там яшчэ гарэў. Тубыльцы адскочылі, баючыся, што я і на іх пырсну агнём. Яны былі так зьдзіўлены, што зараз-жа ўцяклі, нібы баючыся ўбачыць яшчэ што-небудзь больш страшнае. Але хвілін праз 10 яны зноў зьявіліся і на гэты раз іх быў цэлы натоўп. Тут былі жыхары Бонгу, Білі-Білі, выспы Кар-Кара. Гэты натоўп быў вельмі цікавы. Тут былі людзі ўсіх узростаў, на ўсіх было сьвяточнае ўбраньне і ўсякія аздобы адпаведна месцу іх жыхарства. Мае суседзі, якія мала займаліся лоўляю рыбы, насілі аздобы пераважна з кветак, лісьцяў і насеньня, тымчасам, як на жыхарох выспаў Білі-Білі і Кар-Кара, якія жылі ля адкрытага мора і займаліся лоўляй морскіх жывёлін, аздобы былі з чарапашын, рыбіных касьцей, чарапах і г. д.

Жыхары Кар-Кара вызначаліся тым, што ўсё цела іх, а галоЎным чынам галава, было вымазана чорнаю зямлёю. З першага погляду на іх можна было падумаць, што колер іх скуры сапраўды зусім чорны. У некаторых з іх была афарбавана толькі галава. Жыхары-ж Бонгу былі вымазаны чырвонай вохрай, а ў валасох у іх, а таксама за перавязямі на руках і пад каленямі, былі ўваткнуты чырвоныя кветкі. Усіх тубыльцаў было ня менш за 40 чалавек. Сярод іх было тры ці чатыры чалавекі з зусім прыгожымі тварамі і зачоска ў кожнага з іх мела якую-небудзь адзнаку ад іншых. Валасы ў іх былі афарбаваны ўсялякай фарбай, або чорнаю, або чырвонаю, у валасы былі ўваткнуты грабяні з пер’ямі розных папугаяў, казуараў, галубоў, белых пеўняў. У многіх тубыльцаў Кар-Кары валасьніца вуха была адцягнута і мела выгляд вялікае пятлі.

Тубыльцы былі больш за дзьве гадзіны. Яны ўсе ўжо ад Туя чулі пра тое, што гарэла вада і ўсім ім хацелася бачыць гэта. Туй упрошваў паказаць усім, «як гарыць вада».

Я выканаў гэтую просьбу. Эфэкт быў нязвычайны: большасьць тубыльцаў кінулася ўцякаць, просячы мяне «не запаліць мора». Многія засталіся. Відаць, яны не маглі крануцца з месца ад зьдзіўленьня і ад перапалоху. Яны стаялі, нібы ўкопаныя, азіраючыся вакол з вялікім зьдзіўленьнем. Адыходзячы, яны ўсе наперабой запрашалі мяне да сябе ў госьці. I мы разьвіталіся пасяброўску. Асталося толькі некалькі тубыльцаў з Білі-Білі і Кар-Кара, у якіх былі гнойныя раны на нагах. Цэлыя зграі мух ляталі за імі і аблеплівалі раны. Гэта вельмі мучыла іх. Яны прасілі мяне даць «гарэ» (скуру), каб закрыць раны. Я ня мог гэтага зрабіць, але ўсё-ж зрабіў ім палегку. Абмыўшы раны растворам карболкі, я перавязаў іх і вызваліў ад мух. З аднае раны я выняў сотні чарвячкоў і, бязумоўна, гэты тубылец меў за што дзякаваць мне. Я асабліва старанна абмыў і перавязаў раны ў аднаго дзіцяці гадоў пяці, якога прынёс сюды яго бацька. Ён так расчуліўся пры гэтым, што ў падзяку зьняў з шыі свае маністы з чарапашын і вельмі хапеў надзець іх на мяне.

На другі дзень зноў прышлі хворыя з Білі-Білі. Адзін з іх хварэў на трасцу. Я хацеў даць яму хіны, зразумела, ня ў час прыпадку. Я растлумачыў яму, што прыду да яго пасьля і дам яму выпіць «онім», г. зн. лякарства. Але ён заматаў галавою, кажучы, што памрэ ад майго лякарства. Тубыльцы баяцца прымаць што-колечы ў сярэдзіну, але дужа цэняць знадворныя сродкі. Пасьля Боя асталася бутэлька з какосавым маслам, якое было настоена на нейкіх пахучых травах. Я даў гэтую бутэльку аднаму тубыльцу, які жаліўся на боль у плячах і ў сьпіне. Я растлумачыў яму, што трэба гэтым націрацца. Ён зараз-жа са здавальненьнем стаў націрацца, але потым раптам спыніў націраньне. Напэўна, яму прышло ў галаву, што ён можа памерці ад гэтага невядомага «онім». Ён моцна ўсхваляваўся, потым кінуўся да свайго суседа і пачаў старанна цёрці яму сьпіну. Ён, нібы звар’яцелы, стаў перабягаць ад аднаго да другога і стараўся мазнуць іх маслам. Відаць, ён думаў пры гэтым, што калі з ім здарыцца што-небудзь кепскае, дык тое-ж самае павінна здарыцца і з іншымі. Яго сябры былі зьдзіўлены гэтым учынкам і ня ведалі, што рабіць — злавацца ці сьмяяцца?

Сёньня тубыльцы запыталі ў мяне, дзе Бой? Я адказаў ім: «Бой орэн» (Боя няма). «Дзе-ж ён?» — запыталі яны зноў. Я не хацеў казаць няпраўды, не хацеў паказаць ім ні на зямлю ні на мора, а проста матнуў рукою і адышоў. Яны, мабыць, зразумелі, што я паказаў на небасхіл, дзе далёка-далёка ёсьць Расія і сталі між сабою разважаць. Здаецца, яны прышлі да вынікаў, што Бой «паляцеў» у Расію. Прыходзілі таксама тубыльцы з Бонгу і распытвалі пра Боя. Відаць, яны сур’ёзна падумалі, што Бой быў адасланы мною ў Расію і што я дапамог яму пераляцець туды. Мне думаецца, што тубыльцы лічаць мяне, і крыху Ульсона, за нейкіх надзвычайных істот.

ЗБЛІЖЭНЬНЕ З ТУБЫЛЬЦАМІ


Дзіўна, як адзіноцтва ўсяляк уплывае на людзей! Я зусім адпачываю і бываю здаволены толькі тады, калі астаюся адзін. Сярод гэтае чароўнае прыроды я адчуваю сябе зусім добра, зразумела, за выключэньнем тых дзсн, калі ў мяне бывае трасца. Затое небарака Ульсон нудзіць і вохкае заўсёды, бурчыць, што тут няма людзей і што тут нічога не дастанеш. Раней ён быў вясёлы і ўважлівы, а цяпер стаў дражлівы і працуе неахвотна.

Аднак, я моцна пачынаю адчуваць недахоп мясной яды. Мы ўжо тры месяцы кормімся выключна расьліннаю ядою, і я заўважыў, што сілы мае слабеюць. Я не магу есьці кансэрвы. Мне нават прыкра думаць пра іх. Я наважыў абавязкова хадзіць на паляваньне, як толькі ў мяне ўсталююцца лепшыя адносіны з тубыльцамі. Тады можна будзе хоць крыху зрабіць рознастайнасьць у стравах. Я мог-бы заўсёды мець тут сьвініну, але я яе зусім ня люблю. Туй прынёс мне і Ульсону па вялікім кавалку сьвініны. Я, зразумела, аддаў свой кавалак Ульсону, які зараз-жа і зьеў усё. Ён ня толькі абгладаў усе косьці, але зьеў таксама і тоўстую скуру (сьвініна была старая).

Пры маім сучасным жыцьці, калі мне трэба быць часта і дрывасекам, і кухарам, і цесьляром, а часамі прачкаю і матросам, а ня толькі панам, які займаецца прыродазнаўчымі навукамі, рукам маім даводзіцца цяжка. Рукі мае і раней не вызначаліся асабліваю далікатнасьцю, а цяпер яны ў мазалёх, парэзах і апёках.

Я разглядаў пазногці ў сваіх суседзяў — папуасаў. Яны амаль у тры разы таўсьцей за мае. Асабліва тоўстыя ў іх пазногці на вялікіх пальцах. Сярэдняя частка пазногця грубей, як па бакох. Таму яны лягчэй абломваюцца па бакох, як па сярэдзіне, і таму ў тубыльцаў часта сустракаюцца пазногці зусім падобныя да кіпцюроў.

Пакуль тубыльцы разглядалі свае твары ў люстэрках, што выпрасілі ў мяне, я аглядзеў усё, што было ў аднэй торбе «гун». Яны носяць гэтыя торбы праз левае плячо. У гэтай торбе я знайшоў шмат цікавых рэчаў. Апрача двух вялікіх «данганаў» з загостранае ці роўна абточанае косткі формы долата ці кінжалу, тут былі абточаныя з аднаго канца косткі, што служылі падважнікам або нажом. У невялікім бамбусавым футарале былі чатыры загостраныя косткі, як відаць, прылады, якія могуць замяніць ланцэт, голку або шыла. Там-жа быў «ярур» — чарапашына, якая мела зубкаваты край і была прыладай для выскрэбваньня какосаў. Быў тут таксама прадоўжны кавалак лушпайкі з маладога какосавага арэху, яна замяняла лыжку. Нарэшце, тут-жа быў і падараваны мною вялікі цьвік. Ён быў старанна абточаны на камені і акуратна абгорнуты сплясканаю карою. Цьвік гэты мог служыць зручным шылам. Усе гэтыя прылады былі добра прыставаны да сваіх мэтаў. Тубыльцы дасканала плятуць з розных расьлін усялякія аздобы, напрыклад, «сагю» — бранзалеты, і «дзю» — павязкі для валасоў. Але дзіўна тое, што яны не плятуць матаў, хоць у іх ёсьць багата лісьця пандануса, якое можа быць матарыялам для гэтага.

Тубыльцы вельмі шануюць сплеценыя з какосавага лісьця кашы. Праўда, з такімі прымітыўнымі прыладамі з камянёў і костак працаваць цяжка. Усе аздобы яны робяць абточаным нібы сякера каменем, або косткамі, а таксама абточанымі абломкамі чарапашын, або крэменем. Проста дзівішся, як яны ўхітроўваюцца пры дапамозе такіх першабытных інструмантаў будаваць ня кепскія халупы і пірогі, у якіх часам нават ёсьць прыгожыя орнамэнты.

Я заходзіў у Гарэнду напамянуць тубыльцам, што яны даўно ўжо ня прыносілі мне сьвежых какосаў.

— Ня прыносілі таму,— разам адказалі папуасы,— што «тамо-рус» (расійскія матросы) сьсеклі шмат какосавых дрэў і цяпер мала асталося арэхаў.

Гэта было вялікім пераўвялічэньнем і таму я прапанаваў тубыльцам паказаць мне, дзе сьсечаны дрэвы. Некалькі тубыльцаў ускочылі і пабеглі, каб паказаць мне сьсечаныя ствалы какосавых пальмаў ля самае вёскі. Яны прыгаварвалі пры гэтым: «какосы есьці можна, а сячы ствалы нядобра». Яны казалі праўду і таму я павінен быў змоўкнуць.


1 студзеня 1872 г. — Лоўля рыбы.

Ноччу была вялікая навальніца. Вецер быў таксама вельмі вялікі. Адна ліяна даўжынёю ў 7 мэтраў і таўшчынёю ў 3—4 сантымэтры з вялікім шумам звалілася, прабіла дах і разьбіла адзін тэрмомэтр. Усе наступныя дні таксама дзьмулі даволі сьвежыя вятры. Ульсон угаварыў мяне паехаць з ім вудзіць рыбу, але, як я і чакаў, мы нічога не злавілі. Жыхары Гарэнду і Бонгу таксама лавілі рыбу, і я накіраваў шлюпку да трох бліжэйшых агеньчыкаў, каб паглядзець хоць, як яны гэта робяць. Пад’ехаўшы да іх даволі блізка, я гукнуў іх. На пірогах замятусіліся. Агні зараз-жа патухлі і пірогі схаваліся ў цемры ў напрамку да берагу. Прычынай уцёку тубыльцаў была прысутнасьць жанчын на пірогах. Я даведаўся аб гэтым па жаночых галасох. Пірогі, аднак, вярнуліся і хвіліны праз дзьве наша шлюпка была абкружана імі. Амаль кожны тубылец падаў мне па аднэй ці па дзьве рыбкі, а потым яны ад’ехалі зноў лавіць рыбу.

На пляцформе кожнай пірогі ляжаў цэлы мяшок з пучкамі доўгае сухое травы. Тубылец. што стаяў сьпераду, запальваў адзін за другім гэтыя пучкі і асьвятляў паверхню вады. Другі тубылец трымаў «юр» (восьці) даўжынёю каля 21/2 мэтраў, які ён кідаў у ваду і амаль кожны раз скідаў з яго нагою 2 ці 3 рыбкі. Ён ня раз выпушчаў «юр» з рук, але яго лёгка было дастаць з пірогі, бо ён апушчаўся ў ваду толькі на чвэрць і плаваў стойма. «Юр» так зроблены, што апушчаецца ў ваду, захапляе здабычу (рыбкі астаюцца ў яго між зубамі), потым падымаецца сам з вады і плавае стойма. Трэці папуас кіраваў пірогаю.

Цэлых пяць дзён я хварэў на трасцу, і нічога ня мог рабіць. 11-га студзеня мне стала лепш. У гэты дзень прышло некалькі чалавек з Бонгу і запрашалі мяне прыйсьці да іх. Адзін сказаў мне, што ён вельмі хоча есьці. Я аддаў яму той самы какос, які ён прынёс мне ў падарунак. Ён надкалоў сякераю і данганам лушпайку зялёнага арэху і папрасіў у меня «табір» (драўляны паўмісак). У мяне ня было табіру і я прынёс яму глыбокую талерку. Трымаючы какос у левай руцэ, ён выцяў па ім каменем, ад чаго арэх трэснуў якраз па сярэдзіне. Трымаючы арэх над талеркаю, ён разламаў яго на дзьве амаль роўныя часткі і малако вылілася ў талерку. Да яго падсёў яго сябра. Яны дасталі з сваіх торбаў «яруры» (роўныя чарапашыны з вышчэрбленымі краямі) і сталі выскрабаць імі сьвежае зерня арэху. Выскрабеную доўгімі палоскамі масу яны апусьцілі ў какосавае малако. Талерка напоўнілася белаю кашаю, з чыста выскрабеных паловак лушпайкі зрабіліся два кубачкі, яруры-ж былі за лыжкі. Гэтая страва была прыгатавана так хутка і чыста, прылады-ж былі такія простыя і мэтазгодныя, што і я потым заўсёды еў арэх такім-жа спосабам. Тубыльцы называюць гэтую страву «моккаля» і яна адыгрывае вялікую ролю ў часе частаваньня.

У ГАСЬЦЯХ У ТУБЫЛЬЦАЎ. — ЗДАБЫВАНЬНЕ АГНЮ. — ДОКТАРСКАЯ ДАПАМОГА. — ТРЫВОГА.


Ня гледзячы на дождж, я прыняў запросіны тубыльцаў Бонгу пайсьні да іх. Мне хацелася добра аглядзець вёску. Мае веды ў мове былі ўжо даволі значныя. Мы паехалі ў Бонгу на шлюпцы.

Некалькі тубыльцаў па пояс у вадзе чакалі мяне, каб перанесьці на бераг, а адзін хлопчык, пабег у вёску паведаміць аб маім набліжэньні. За мною ішло чалавек 25 тубыльцаў. Ад пескавога берагу ішла добра ўтаптаная сьцежка да вёскі, якая з мора ня была відна. Крокаў за пяць да першых халупаў ня было відно і чутно адзнакаў жылога месца і толькі на стромкім павароце я ўбачыў першы дах ля самае сьцежкі. Прайшоўшы паўз яе, я вышаў на пляцоўку, абкружаную дзесяткамі халуп.

Халупы папуасаў амаль цалкам складаюцца з даху, маюць нізкія сьцены і невялікія дзьверы. Яны без вакон, цёмныя ў сярэдзіне, уся мэбля іх — гэта нары. Над уваходам часта выступае паветкаю паўкруглая страха. Амаль ля кожнае халупы ёсьць мосьцік на чатырох ножках, накшталт стала ці высокае лаўкі, гэтак званыя «барлы». Яны бываюць вышынёю крыху болей за мэтр і сустракаюцца ва ўсіх селішчах як на ўзьбярэжжы, так і ў гарах. Барлы месца адпачынку і банкетаў для мужчын. Калі абед гатовы, на барлу ставяць драўляныя паўміскі, а гаспадар і госьці таксама садзяцца на яе. Так можна спакойна есьці, менш прыстаюць дакучлівыя сьвіньні і сабакі, якіх шмат ва ўсіх вёсках. Наеўшыся і прыбраўшы пасуду, папуасы расьцягваюцца на барле, якая робіцца тады канапай ці ложкам для іх. Але барламі карыстаюцца толькі мужчыны, жанчыны-ж сядзяць на зямлі на кукішках.

Вёска складаецца з некалькіх купаў гэтакіх халуп, якія разьмешчаны навакол пляцоўкі і злучаны ад пляцоўкі да пляцоўкі вузкімі сьцежкамі. Усе паселішчы абкружаны густым непачатым лесам і кожная група халуп мае асобную назву.

Халупы бываюць такія: адзіночныя, сямейныя і вялікія. Апошнія падобны да хлявоў і значна вышэй за ўсе астатнія. Называюцца яны «буамрамра» і прызначаюцца для грамадзкіх мэт. Гэтымі халупамі карыстаюцца толькі мужчыны. Яны служаць спальняю для маладых людзей і для гасьцей з іншых весак. Звычайна буамрамра ня мае ні пярэдняе ні задняе сьцяны, а часамі няма і бакавых сьцен, бо халупа гэта складаецца толькі з аднаго высокага даху, які ляжыць на слупох і даходзіць амаль да зямлі. Пад гэтым дахам з аднаго боку зроблен палок для сядзеньня або для спаньня, тут-жа захоўваецца пасуда, якая прызначана для грамадзкіх сьвят. Такіх грамадзкіх халуп, накшталг клюбаў, было 5 ці 6 у вёсцы Бонгу, па аднэй на кожнай пляцоўцы. У кожнай буамрамра кідаюцца ў вочы даўгія, таўстыя, выдзяўбаныя драўляныя ствалы, якія адыгрываюць у жыцьці папуасаў вялікую ролю. Гэтыя ствалы называюцца «барум» і падобны да нязграбных, з таўстымі сьценамі, чоўнікаў. Яны ставяцца на дзьвёх папярочных бэльках і на сваім надворным баку, прыблізна пасярэдзіне, маюць больш гладкае, сьцёртае месца, аб якое і стукаюць вялізнай палкай. Удары гэтыя робяць гучны, глухі гук, які чуцен на беразе за 5 альбо 6 морскіх міль. Гукамі барума паведамляюць суседнія вёскі пра ўсе важныя здарэньні: напад ворага, сьмерць мужчыны, або наладжваньне сьвята,— усё гэта паведамляецца праз пасьлядоўныя ўдары, больш моцныя ці слабыя і з больш ці менш прадоўжнымі перапынкамі. У кожнай вёсцы ёсьць спрытныя майстры біць у барун.

Дзіўна тое, што амаль усе жыхары ўзьбярэжжа ня ўмеюць здабываць агонь. Таму яны заўсёды носяць з сабою галавешкі з агнём. Ідучы раніцою на плянтацыі, яны нясуць з сабою напалову згарэўшае палена са свайго вогнішча, каб распаліць агонь у кутку дзе-небудзь па плянтацыі. Накіроўваючыся ў далёкую дарогу, напрыклад, у горы, яны таксама бяруць з сабою агонь для курэньня, бо іх цыгары, загорнутыя ў зялёнае лісьце, часта тухнуць. На моры яны трымаюць звычайна распаленыя вугалі ў напалову разьбітым гаршчку. Тубыльцы, якія астаюцца ў вёсцы, ніколі не забываюць падтрымліваць агонь. Нават ноччу яны распальваюць вялікі агонь у халупах пад ложкамі. Пры адсутнасьці вопраткі гэта крыху абараняе іх ад холаду. Цеплата разам з дымам праходзіць праз шчыліны бамбусавага ложку і сагравае, нават прыпякае, адну палову цела, другая-ж палова мерзьне. Ноччу ім трэба ўставаць некалькі разоў, каб паглядзець, ці гарыць агонь. Горныя жыхары ўмеюць здабываць агонь. Яны бяруць сухое палена, якое яны называюць «ілоль», і расколваюць яго каменнымі сякерамі так, каб дзьве паловы яго ня зусім рашчапіліся. Ва ўтвораную ш.чыліну яны ўцягаюць моцны шнурок з ліяны і, прытрымліваючы на зямлі гэтае палена нагою, хутка шморгаюць шнурком, пакуль загарацца падкладзеныя зьнізу сухія валокны з лушпайкі какосавага арэха. Але нельга сказаць, каб гэты спосаб здабываньня агню быў зручны. Я бачыў, як прайшло цэлых паўгадзіны, пакуль папуасам удалося зрабіць такім спосабам агонь. Таму тубыльцы, нават у гарах, па магчымасьці падтрымліваюць агонь на вогнішчы. Жыхары ўзьбярэжных вёсак казалі мне ня раз, што ім трэба хадзіць у іншыя вёскі па агонь, калі выпадкова ў іх згасае ён ва ўсіх халупах.

Калі я прышоў у Бонгу, дык мяне па чарзе вадзілі па ўсіх буамрамра. У кожпым з іх мяне чакала шмат папуасаў, якім я даваў тутун, цьвікі для мужчын і паскі чырвонай тканіны для жанчын. Але жанчын тубыльцы зноў схавалі.

Вёска Бонгу была прыблізна разоў у 3 большая за вёску Гарэнду. Як у Гарэнду, так і тут халупы стаялі пад вялікімі какосавымі пальмамі і бананамі навакол невялікіх пляцовак. Абышоўшы, нарэшце, усю вёску і раздаўшы ўсе падарункі, і сеў на вялікай барле, а вакол мяне было чалавек 40 тубыльцаў. Халупа буамрамры, дзе я быў, была шырынёю 7 мэтраў, даўжынёю — 12 мэтраў і 6 мэтраў вышынёю. Страха не даходзіла да зямлі толькі на 1/4 мэтра і трымалася на 3 моцных слупох пасярэдзіне. Яна была так пабудавана, што павінна вытрымаць усялякія навальніцы і пратрымацца гадоў з дзесяць. Над нарамі вісела розная зброя, а драўляная і гліняная пасуда стаяла на паліцах. Усё ў гэтай будыніне здавалася мне паважным і зручным.

Крыху адпачыўшы і аглядзеўшы ўсё навакол, я пашоў далей, пакінуўшы Ульсона і аднаго папуаса прымаць за мяне падарункі ад тубыльцаў. У адказ на мае падарункі, яны паступова прыносілі з сваіх халуп наступныя: салодкую бульбу, бананы, какосы, печаную і вэнджаную рыбу, цукравы чарот і да г. п. Мы пашлі дадому, калі сонца ўжо стаяла нізка. Са мною разьвітваліся пацісканьнем рук і ўзгалосамі «эмэ-мэ». Калі мы дайшлі дадому і пачалі вымаць падарункі з шлюпкі, дык Ульсон сказаў, што ён расчараваны паездкаю,

— Даюць мала,— сказаў ён,— какосы старыя, рыба жорсткая, як дзерава, а бананы зялёныя. Да таго-ж, мы ніводнай жанчыны ня бачылі ў вёсцы... — Ён бурчзў, адыходзячы ў кухню, бо трэба было даварваць боб для нашага абеду.

У мяне быў такі моцны прыпадак трасцы, што Ульсон спалохаўся. Ён думаў, што я паміраю і загаласіў, бядуючы аб сваім лёсе. Мяне так трасло, што я ня мог вымавіць ні слова, а калі пачалася гарачка, дык зьявілася нейкае дзіўнае адчуваньне. Мне здалося, што маё цела расьце, галава павялічваецца ўсё болей і болей, дастае амаль да столі, рукі робяцца вялізарныя, а пальцы становяцца такія вялікія і таўстыя, як былі рукі. Але гэта ня быў брэд, а было толькі дзіўнае адчуваньне, якое цягнулася з гадзіну і моцна змарыла мяне. Двума вялікімі прыёмамі хіны мне ўдалося не дапусьціць больш прыпадку. Я быў рад, што ніхто больш ня прыходзіў і не перашкаджаў мне. Я здаволены сваім адзіноцтвам. Ад спатканьня з людзьмі мне ня робіцца цяжка, але ўсе яны для мяне амаль што лішнія. Мне нават таварыства Ульсона (калі гэта можна назваць таварыствам), часта дакучае, і таму я адмяніў сумесную яду. Кожны з нас ёсьць цяпер на сваёй палове. Мне здаецца, калі-б не хвароба, я мог-бы астацца тут назаўсёды і ніколі не варочацца ў Эўропу!

Я займаўся вымерваньнем і змалёўваньнем чарапоў, калі да мяне зьявіліся госьці з далёкай горнай вёскі. Трэба было бачыць іх зьдзіўленыя і зьбітыя з панталыку твары, калі я паказаў ім люстэрка. Некаторыя адварочваліся, а пасьля зноу асьцярожна пазіралі ў люстэрка, але, урэшце, гэта ім так спадабалася, што яны чуць не вырывалі люстэрка адзін ад аднаго з рук. Калі госьці пашлі, Ульсон заўважыў, што ў нас з кухні прапаў нож і сказаў мне, што ён падазрае ў кражы аднаго жыхара Гарэнду. Гэта была першая пакража і пакінуць яе бяз увагі нельга было. Аднак, я ня мог у той-жа момант ісьці ў вёску шукаць злодзея, бо быў заняты ля шлюпкі. У той-жа час прыбег адзін тубылец з Гарэнду і сказаў мне, што яго паслаў па мяне Туй, на якога ўпала дрэва. Ён сек дрэва, падаючы яно моцна параніла Тую галаву і цяпер ён памірае.

Я зараз-жа пашоў у вёску, захапіўшы ўсё патрэбнае для перавязкі.

Ранены ляжаў на маце і вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы мяне. Ён зараз-жа зьняў з сваёй галавы павязку з травы і лісьця, даў мне аглядзець рану і зрабіць новую павязку. Я расказаў Тую і старому Буа, які прышоў паглядзець на перавязку раны, аб тым, што здарылася ў мяне пакража і што я падазраю ў гэтым аднаго жыхара з Гарэнду. Туй і Буа з запалам загаварылі, што гэта кепска, але пераконвалі мяне, што падазронны нож аддасьць сам.

Калі я стаў абмываць рану і зрэзваць валасы, якія зьліпліся навакол яе, да нас падышло шмат народу. Сярод натоўпу я ўбачыў папуаса, якога мы палічылі злодзеем. Скончыўшы перавязку, я проста

Падышло яшчэ шмат суседзяй, а таксама жыхароў Бонгу і Гумбу. Туй заўважыў, што пры маім «кін-кан-кан» (назву гэту ён выдумаў для майго сьвістка і вымаўляў яе ў нос) усе «нангелі» (жанчыны) уцяклі. Гэта вельмі кепска, дадаў ён, бо Маклай «тамо білен» (добры чалавек). Тут я пачуў за сабою жаночы голас і ўбачыў старую жанчыну, якая ласкава ўсьміхалася. Гэта было жонка Туя, вельмі няпрыгожая старая кабета, якая была адзета ў спадніцу з нейкіх брудных жоўташэрых валакон, што закрывала яе ад пояса да каленяў. Яна так ласкава ўсьміхалася, што я падышоў да яе і паціснуў ёй руку. Гэта спадабалася ёй і ўсім прысутным. Пасьля гэтага з-за халупы і кустоў сталі зьяўляцца жанчыны ўсіх узростаў і невялікія дзяўчаткі. Кожны мужчына знаёміў мяне са сваёю жонкаю і яна працягвала мне сваю руку. Толькі маладыя дзяўчаты ў зусім кароценькіх вопратках хіхікалі, штурхаліся і хаваліся адна за другую. Кожная жанчына прынесла цукровага чароту і па пучку «ауся». Усе, здаецца, былі здаволены знаёмствам са мною, а, можа і тым, што жанчынам больш ня трэба хавацца ад мяне, а мужчынам ня трэба будзе хаваць ад мяне сваіх жонак.

Мужчыны згрупаваліся навакол ляжачага Туя, курылі і гутарылі ўвесь час са мною. Я ўжо шмат чаго разумеў, хоць яшчэ ня мог добра гаварыць. Жанчыны-ж разьмясьціліся на некаторай адлегласьці ля жонкі Туя, якая займалася прыгатаваньнем тара. ІІІмат маладых жанчын, напрыклад, жонка Банэма, старэйшага сына Туя, былі зусім ня брыдкія. Дзяўчаты, замест доўгіх спадніц з махры, насілі фартушкі сьпераду і ззаду, але з бакоў ногі ў іх да самага пояса былі голыя. У дзяўчатак маладзей 12 гадоў замест фартушкоў былі кутасы, задні кутас быў даўжэй за пярэдні і быў падобны да хвосьціка. Жанчыны прынесьлі столькі падарункаў, што двум тубыльцам прышлося занесьці іх да мяне дадому.

Я растлумачыў Тую, што ён павінен ляжаць, не хадзіць па сонцы і ня здымаць перавязкі. Калі я адыходзіў, Туй паказаў мне на вялікі скрутак расьліны «ауся» і цукровага чароту. Здаецца, гэта была заплата за лячэньне. Туй не хацеў узяць ад мяне тутуну за гэта, але я ўсё-ж пакінуў яму тутун, бо не хацеў, каб ён падумаў, што я дапамог яму дзеля заплаты.

Вечарам да мяне прышлі жыхары Гарэнду. Паказваючы на дрэвы, якія стаялі ля хаты і маглі паваліцца, яны казалі, што дах маёй хаты кепскі, што ён цячэ і прапанавалі, каб я перасяліўся да іх у Гарэнду, дзе людзі хутка пабудуюць мне дом.

Я заходзіў на другі дзень у Гарэнду, хацеў перавязаць рану Туя, але ва ўсёй вёсцы не знайшоў нікога. Усе жыхары былі на працы ў лесе. Туй таксама пашоў, бо адчуваў сябе крыху лепш. Але на наступны дзень я знайшоў яго рану ў горшым стане і палаяў яго за ўчарайшую пагулянку. Я перавязаў рану, сказаў яму, што ён памрэ, калі будзе хадзіць па сонцы, і дадаў, што яшчэ раз прыду вечарам.

Я толькі што сеў абедаць, як прыбег Лялай, малодшы сын Туя, з даручэньнем ад бацькі прасіць мяне на абед у Гарэнду. Ён сказаў, што для мяне прыгатавана рыба, тара, аусь, какосы і цукровы чарот. Я паабедаў, аднак, дома, а потым пашоў з Лялаем і Лялу ў вёску. Прайшоўшы ручай, я раптам пачуў вокліч Лялу. Гэта Лялу наступіў на гадзюку «борле» (кепскую), ад пакусу якое чалавек памірае. Я зараз-жа вярнуўся да таго месца. Лялу паказаў мне гадзюку, якая спакойна ляжала ўпоперак сьцежкі. Убачыўшы, што я падыходжу да гадзюкі, абодвы тубыльцы ўзьнялі крык: «борле, борле, ака, Маклай моен» (нядобра, нядобра, Маклай памрэ). Але я забіў гадзюку і хутчэй пашоў у вёску, бо сонца ўжо заходзіла. Як і заўсёды, я сьвістком папярэдзіў жыхароў Гарэнду аб маім прыходзе, каб жанчыны мелі час схавацца. Я шмат разоў заўважаў, што тубыльцам падабаюцца такія адносіны да іх. Яны бачылі, што я ўсё раблю з імі адкрыта і не хачу парушаць іх звычаяў і бачыць тое, чаго яны ня хочуць паказваць мне. Усе жанчыны, як малыя, так і вялікія, зараз-жа пахаваліся ў кусты або ў халупы.

Калі я на наступны дзень зноў прышоў да Туя, то зноў знашоў яго рану ў кепскім стане. Прычынай было тое, што ён ня можа ўсядзець і шмат ходзіць па сонцы. Ён захацеў пачаставаць мяне тара, але агонь у яго халупе згас. Лялай пабег па агонь, але вярнуўся хвілін праз 10 і сказаў бацьку, што агню нідзе няма. У вёсцы ў гэты час нікога ня было, апрача нас траіх. Усе халупы былі шчыльна закладзены бамбусам. Туй загадаў свайму сыну аглядзець усе халупы, каб знайсьш дзе-небудзь у іх агонь. Сюды прыбеглі яшчэ некалькі дзяўчат і разам з Лялаем сталі аглядаць халупы, але агню нідзе ня было.

Туй быў у кепскім настроі. Яму хацелася зварыць тара і хацелася пакурыць. Ён пацяшаў сябе, кажучы, што людзі павінны хутка прыйсьці з поля і якы прынясуць агонь. Ясна было, што ў маіх суседзяў яшчэ ня было сродкаў здабываць агонь. Жанчыны, якія прышлі сюды, разьмясьціліся ля нас і з вялікай цікавасьцю разглядалі мяне і мой гарнітур. Цікавасьць іх была зусім зразумелай, бо да гэтага часу яны яшчэ ня бачылі мяне зблізку... Я і сам уважліва іх аглядаў. У некаторых дзяўчат валасы былі зусім абстрыжаны, у многіх намазаны попелам або вапнаю. Першае рабілася дзеля таго, каб зьнішчаць паразітаў, а другое, каб зрабіць валасы больш сьветлымі. У старых жанчын валасы былі даўгія. Яны былі намазаны чорнаю зямлёю і віселі навакол усяе галавы пасмамі.

І ў мужчын і ў жанчын насавая перапонка была праколата. У вушах, апрача звычайнае дзюры для завушніц, была яшчэ другая ў верхняй частцы вушное чарапашыны. Праз гэтыя дзюры праходзіць шнурок, сярэдняя частка якога ахоплівае галаву якраз ад аднаго вуха да другога. А на абудвых вольных канцох шнурка. якія вісяць да плячэй, нанізаны папарна іклы сабак.

Пад страхою над уваходам у адну халупу я ўбачыў вялікага жука, які стараўся вызваліцца з пятлі, што сьціскала яго ўпоперак. Лялай, 7-гадовы сын Туя, сказаў мне. што гэта яго жук, якога ён прынёс, каб зьесьці, але калі я хачу, магу ўзяць яго сабе. Жук быў новага віду і зусім цэлы, таму я і скарыстаў прапанову хлопчыка. Пакуль я адвязваў жука, Туй паказаў мне вялікага павука і сказаў, што жыхары Гарэнды, Бонгу і Гумбы ядуць таксама і «кобум» (павукоў). Значыцца, да мясной яды папуасаў трэба залічыць яшчэ вусеняў, матылёў, жукоў, павукоў і г. д.

Калі я прышоў раніцою 20-га лютага да халупы Туя, дык яшчэ здалёку ўбачыў цэлую сходку мужчын і жанчын. Мяне зьдзівіла прысутнасьць жанчын, бо звычайна ў гэты час усе жанчыны ўжо працавалі на плянтацыях. Я даведаўся у чым справа, калі падышоў да Туя. У яго запух увесь твар і ён ледзьве мог гаварыць. Тубыльцы мятусілігя ля яго, бо думалі, што ён памірае. Я агледзеў хворага і наважыў пайсьці дамоў, каб прынесьці ўсё неабходнае для прыпаркі хвораму. Захапіўшы з сабою ланцэт, я вярнуўся ў Гарэнду, дзе мяне сустрэлі з вялікай радасьцю. Я стаў старанна прыкладаць да раны прыпаркі з ільнянага семя. Хутка з раны выцякла шмат рэдкае матэрыі. Я рабіў прыпаркі некалькі гадзін.

На даволі значнай адлегласьці ад нас было шмат народу. Усе расьселіся і разьлягліся ў самых рознастайных позах. Галоўны занятак жанчын і дзяўчат быў у тым, каб шукаць у адзеньні мужчыкы вошай, якіх яны перакусвалі і, здаецца, глыталі. Я раздаў жанчынам па некалькі палосак чырвонай тканіны і па дзьве чайныя лыжкі бісэру на пацеркі. Раздача падарункаў жанчынам адбывалася спакайней, як раздача падарункаў мужчын ім. Кожная жанчына, атрымаўшы сваё, адыходзіла, ня просячы дадатку, і толькі ўсьмешкай і хіхіканьнем выказвала сваё здавальненьне. Тутун, здаецца, асабліва спадабаўся ім. З прычыны хваробы Туя, жонкі яго разам з жонкаю сына варылі вячэру для сям’і і для мяне.

Я ўважліва сачыў за гатаваньнем і разьмеркаваньнем яды і дзівіўся, як многа зьядалі папуасы. Не прагавітасьць, а выключная неабходнасьць прымушае есьці так многа ў краінах, дзе існуе недахоп у жывёліннай ядзе. Тубыльцы, асабліва дзеці, так наядаюцца, што ім зусім цяжка бывае рухацца.

Я зрабіў адну цікавую вынаходку. Праходзячы паўз халупу аднаго тубыльца, я зьвярнуў увагу на яго занятак. Перад ім стаяў кубак з вялікага какосавага арэха. Дно другога такога-ж кубка, з дзюркай пасярэдзіне, было накрыта пластком зялёнае травы. Паставіўшы другі кубак на першы, ён з трэцяга кубка наліў на траву нейкую цёмна-зялёную жыжу, якая прафільтроўвалася праз чго ў ніжэйшы кубак. Калі я яго запытаў, што гэта такое, ён паказаў мне корань расьліны «кеў», і растлумачыў, што, выпіўшы гэтую жыжу, ён засьне.

Гэтае пітво вельмі моцна ап’яняе. Вырабляецца яно так. Лісьце, сьцябло і асабліва карэньні «кеў» жуюць і, калі яны добра разьмякнуць, іх выплёўваюць у какосавую лушпайку, пры гэтым стараюцца як мага болей выплюнуць сьліны. Да гэтае разжованае масы даліваюць крыху вады, прафільтроўваюць гэтую брудна-зялёную гушчу праз пучок травы, адкуль выходзіць горкі і пахучы фільтрат. Ён ня вельмі смачны і папуасы робяць розныя грымасы, калі п’юць яго. Але яны ўжываюць яго, бо ён ап’яняе. П’юць яго толькі дарослыя мужчыны. Жанчынам і хлопчыкам ён зусім забаронены. На банкетах усе хлопчыкі і маладыя людзі жуюць «кеу» для прыгатаваньня пітва.

Папуасы ня ведаюць солі. Таму яны дадаюць да дзьвёх частак прэснае вады, у якой вараць яду, адну частку морскае вады. Горныя-ж жыхары носяць морскую ваду на горы у бамбусавых ствалох, хоць і цяжка іх несьці цэлыя дні па стромкіх сьцежках. Узьбярэжныя жыхары маюць яшчэ сурагат солі на ствалох і карэньнях тых дрэў, што прыбіваюцца да берагу прылівамі. Гэтыя дрэвы і карэньні, плаваючы некалькі месяцаў у моры, моцна насычаны сольлю. Папуасы сушаць іх на сонцы і потым падпальваюць. Ствалы і карэньні гараць невялікім полымем і пакідаюць шмат белага попелу. Гэты яшчэ цёплы попел папуасы з прагавітасьцю ядуць. Ён сапраўды даволі салёны, але толькі яго нельга захаваць. Узьбярэжныя жыхары расколваюць на кавалкі гэтыя ствалы і карэньні і часта, як падарунак, носяць у горныя паселішчы, дзе жыхары вельмі экономна карыстаюцца імі.

Туй пачаў папраўляцца і сгаў ужо хадзіць на плянтацыі. Ён там сядзеў ля сяброў сям’і, якія працавалі, ня гледзячы на гарачае сонца. Знайшоўшы яго тгм, я зараз-жа выправіў яго ў вёску, а сам астаўся яшчэ на некаторы час, каб паглядзець, як апрацоўваюць зямлю папуасы. Плянтацыі іх вельмі добра выраблены і зямля бывае старанна раздроблена. Гэта патрабуе вялікае працы, бо яны працуюць з дапамогаю дзьвёх самых прымітыўных прыладаў: простага загостранага кія даўжынёю больш за 2 мэтры, які тубыльцы называюць «удзя», і вузкае рыдлёўкі, даўжынёю ў адзін мэтр. Некалькі мужчын становіцца ў рад і ўсе разам убіваюць свае калы як мага глыбей у зямлю, пасьля таксама разам падымаюць даўгаватую камлыгу зямлі, потым ідуць далей і выварочваюць такім-жа спосабам шмат такіх камлыгаў. Іншыя, таксама пры дапамозе кіёў, разьбіваюць гэтыя камлыгі ма больш дробныя, за імі ідуць жанчыны, якія ўзброены «удзя-сабамі» — вузкімі рыдлёўкамі. Яны разьбіваюць вялікія камякі зямлі, робяць грады і нават расьціраюць зямлю рукамі.

Я хацеў пайсьці ў горную вёску Коліку-Мана, некалькі жыхароў якое я бачыў у Гумбу, і яны запрашалі мяне прыйсьці да іх. Зрабіўшы запас харчоў на цэлы дзень з варанага бобу і тара, я пашоў у

Гарэнду, дзе па згавору Бонэм і Дзігу павінны былі чакаць мяне, каб ісьці са мною. Перавязаўшы рану ў Туя, я запытаў, дзе-ж Бонэм? Мне адказалі: Ён пашоў. — А Дзігу? — Пашоў з Бонэмам. Гэта ня добра, сказаў я. Мне было тым болей дакучна, што я ня ведаў дарогі ў Коліку-Мана. Мне быў вядомы напрамак па компасу, але сьцежкі тут такія, што хочаш папасьці на поўдзень, а часта ідзеш. замест гэтага, на поўнач, потым, ідучы або на захад, або на ўсход, дабіраешся, урэшце, і да патрэбнага чапрамку. Бываюць таксама і такія здарэньні. Сьцежка раптам канчаецца і перад табою вузкі глыбокі яр. Унізу ручай, а на другім баку сьцяна зеляніва. Куды-ж ісьці, каб выйсьці на дарогу? Сьцежка добра вытаптана і, як відаць, шмат людзей прайшло ёю, але тут ёй канец. Што-ж выяўляецца? Трэба пры дапамозе дрэва, якое зьвесілася над ярам, спусьціцца да ручая, там знайсьці другое дрэва, узьлезьці на адзін сук, які амаль што захаваны ў зеляніве, пералезьці на іншае дрэва і потым прайсьці да павароту і саскочыць на пень ужо на другім баку яру, дзе зноў цягнецца сьцежка. Здараецца таксама, што трэба ўзьняцца ці спусьціцца ручаём, ідучы ў вадзе крокаў сто ці дзьвесьце, каб выйсьці на працяг сьцежкі.

Не паказваючы выгляду, што мяне можна валаводзіць, я сказаў, што сам знайду дарогу і выняў компас. Тубыльцы адышлі крокаў на два, але ўсё-ж яны маглі заўважыць стрэлку компаса. Я паглядзеў на яго (болей для эфэкту), самаўпэўнена выбраў дарогу і пашоў. Я наважыў ісьці ў Бонгу і там знайсьці сабе спадарожніка. Прайшоўшы ўжо паўдарогі, я пачуў, што знаёмыя галасы клікалі мяне. Жыхары Гарэнду абдумаліся і, каб не раззлаваць мяне, прыслалі двух чалавек. Аднак, гэтыя людзі прышлі хутчэй каб адгаварыць мяне ня ісьці ў Коліку-Мана, а ня дзеля таго, каб паказаць мне дарогу туды. Пасьля доўгіх гутарак яны вярнуліся ў Гарэнду, а я пашоў далей. Я зноў пачуў крокі. Гэта быў Лако, які быў узброены сякерай і дзідай. Ён сказаў мне, што пойдзе са мною ў Коліку-Мана.

Я быў здаволены і весела пашоў сьцежкаю. Я часта зварочваў у бок Лако, які ішоў за мною,— папуасы такія недаверлівыя, што ня пушчаюць мяне ісьці за імі,— і заўсёды паказваў мне патрэбную сьцежку. Адзін я ўжо шмат разоў зьбіўся-б з дарогі.

Мы, урэшце, вышлі з лесу на стромкі морскі бераг. Перад намі была прагожанькая буктачка, але трэба было спусьціцца мэтраў на 12 уніз. Сьцежка ля кручы зварочвала на поўдзень, у глыб лесу, а мне трэба было ісьці на паўднёвы захад. Лако падышоў да дрэва і матнуў мне рукою, каб я ішоў за ім. Калі я падышоў, ён паказаў мне напрамак і сам хутка, але асьцярожна, стаў спусчацца па карэньнях дрэва ў бок мора. Я таксама пашоў па гэтых паветраных драбінах. Здавалася, што на іх можна зламаць галаву, але пералазіць усё-ж былэ ня так цяжка. Трэба было трымацца на руках, а нагамі шукаць апоры. Калі-б я абарваўся, дык зразумела, разьбіў-бы сабе чэрап.

Потым, прайшоўшы хвілін пяць берагам, мы зноў увайшлі ў лес. Зноў быў чуцен у далечыні крык. Гэта былі тыя-ж людзі з Бонгу. Мы пачакалі крыху. Яны далучыліся да нас і сказалі, што пойдуць са мною ў Коліку-Мана. Спачатку мы ішлі лесам, потым прайшлі бродам два ручаі, пасьля яшчэ прайшлі невялікую рэчку Ценьгум, па якой спусьціліся на морскі бераг. Пасьля гэтага мы перайшлі яшчэ дзьве рэчкі. У параўнаньні з гарачым берагавым пяском вада здалася мне вельмі халоднаю. Пясок распаліўся сонцам амаль да 30 градусаў Ц., хоць была ўсяго 8-я гадзіна раніцы.

Мы спыніліся ля двох вялікіх дрэваў, адкуль сьцежка вяла ў лес. Гэта месца, відаць, было заўсёды прывалам для падарожнікаў па дарозе ў Коліку-Мана. Потым пачалася палянка. Яна была пакрыта высокаю травою ў рост чалавека. Гэтая трава пагрывае ўсе роўныя і спадзістыя месцы ў ваколіцах і называецца тубыльцамі «унан». Яна такая густая і такая жорсткая, што бяз сьцежкі праз яе немагчыма пралезьці. Мінуўшы яе, мы пашлі зноў на гару і цераз лес. Ля апошняга дрэва Лако паказаў мне першыя халупы Коліку-Мана.

Мы прайшлі паўз плот вялізарнае плянтацыі, што на спадзе ўзгорку. Нас зьдзівіла прадпрыімнасьць і працавітасьць тубыльцаў і старанная апрацоўка імі зямлі. Ля плоту рос цукровы чарот і маім спадарожнікам захацелася пазабаўляцца. Мы спыніліся, і мае спадарожнікі нешта пракрычалі. Ім адказаў жаночы голас, які хутка наблізіўся. Гады мае спадарожнікі сталі на ўзвышаным беразе сьцежкі і зусім закрылі мяне. Я ўбачыў з-за чароту маладую жанчыну. Яна падышла да плоту, тубыльцы, якія з ёю гутарылі, хутка расступіліся і я апынуўся перад ёю. На твары яе зьявіўся страшэнны жах, бо яна ніколі ня бачыла белага! Вочы яе шырока расчыніліся і рукі сударажна ўчапіліся за чарот. Відаць, ногі адмаўляліся ёй служыць. Мае спадарожнікі, здаволеныя сваім жартам, сталі тлумачыць ёй, хто я, а я, кінуўшы ёй кавалак чырвонай тканіны, пашоў далей.

Сьцежка рабілася больш стромкая. Урэшце, паказалася першая какосавая пальма, а потым страха тутэйшае халупы. Хвіліны праз дзьве я быў на пляцоўцы, якая была абкружана 6 ці 7 халупамі. Мяне сустрэлі два мужчыны і хлопчык, да іх далучылася старая, вельмі няпрыгожая, жанчына. Я заўважыў, што мае спадарожнікі вельмі хацелі, каб жыхары Коліку-Мана ўпадабалі мяне. Наколькі я мог разумець, яны расхвальвалі мяне, казалі аб тым, што я вылячыў Туя, аб розных дзіўных рэчах, якія былі ў маёй «таль» (хаце) і г. д.

Пакуль для мяне варылі абед, я пачаў змалёўваць «цэлум», які ўбачыў у буамрамры. Цэлумы — гэта зробленыя з дрэва, а часам з гліны, абразы чалавечых фігур, мужчын і жанчын. Яны заслугоўваюць асаблівае ўвагі, як мастацкія творы людзей каменнага веку. Нам падалі два «табіры», адзін для мяне, другі для маіх спадарожнікаў. Пасьля такое пагулянкі ўсё здалося мне звараным вельмі добра. Мне далі стравы столькі, што я ня мог зьесьці і чвэрці яе, але, ня гледзячы на мае пярэчаньні, усё, што асталося, было старанна загорнута ў бананавае лісьцё, каб я мог узяць гэта і зьесьці пасьля.

На другі дзень я яшчэ адчуваў зморанасьць ад пагулянкі, якую я зрабіў напярэдадні. Таму па дарозе ў Гумбу я прысеў адпачыць на беразе і палюбавацца на мора. Маё раздум’е было перарвана тубыльцам, які моцна бег па беразе. Ён трымаў у левай руцэ над галавою лук і стрэлы, а на плячы ў яго вісела каменная сякера. Часам ён рабіў нейкія знакі правай рукою. Тубыльцы, якія вышлі да мяне на спатканьне, убачыўшы бягуна, жвава загэварылі паміж сабою і яшчэ больш ажывіліся,— за першым бягуном зьявілася яшчэ некалькі іншых. Усе беглі скора, роўна і, як відаць, з нейкай важнай весткай. Я сядзеў на сваім месцы. Першы тубылец, ня спыняючыся, прабег проста ў вёску. Ён усё-ж пасьпеў выразнымі мігамі перадаць нам сваю навіну. Прабягаючы, ён стукнуў сябе ў грудзі праваю рукою, закінуў на бок галаву і высунуў язык, што азначае ў папуасаў сьмерць, забойства, або што-небудзь падобнае. Пры гэтым ён крыкнуў: «Марагум Гарэнду». Усе іншыя тубыльцы прабеглі таксама ў вёску, а за імі пашоў і я. Яшчэ не даходзячы да першых халуп, мы пачулі паскораныя ўдары баруму. З халуп было вынесена шмат усялякае зброі. Не разумеючы ў чым справа, я амаль сілком спыніў аднаго тубыльца і даведаўся ў яго пра навіну.

Людзі Марагум напалі на Гарэнду, забілі некалькіх чалавек, у тым ліку і Банэма, потым накіраваліся ў Бонгу і можа прыдуць у Гумбу і ў «таль» Маклай...

Марагум-Мана — вялікая вёска, з жыхарамі якое мае суседзі ўжо даўно былі ў варожых адносінах. Я ўспомніў, што ў Гарэнду ўжо некалькі тыдняў ляжала напагатове куча стрэлаў і дзідаў, бо ўсе жыхары чакалі нападу з боку горцаў. У Гумбу панаьала агульная мітусяніна, якая крыху кранула і мяне. Мужчыны гучна і з вялікім запалам гутарылі, іншыя рыхтавалі зброю, жанчыны і дзеці крычалі, а сабакі аглушалі сваім выцьцём.

Я пашоў дадому хуткім крокам, лаючы ў думках гэтую трывогу і дурных людзей, якія перашкаджаюць мне спакойна жыць. Калі я расказаў пра гэта Ульсону, ён моцна ўсхваляваўся і папрасіў на ўсякі выпадак нарыхтаваць шлюпку. Калі нам ня ўдасца абараніць халупу, дык мы можам перабрацца ў Білі-Білі,— казаў ён. Каб супакоіць яго, згадзіўся з ім, але сказаў толькі, што пераносіць рэчы на шлюпку яшчэ рана, і што першы стрэл павінен так зьбянтэжыць тубыльцаў, што яны пабаяцца ісьці далей. Аднак, я ўсё-ж набіў мае стрэльбы і наважыў пачакаць, спакойна разьлёгшыся на сваім ложку. Я хутка заснуў, бо ведаў, што ўстрывожаны Ульсон не прасьпіць. Спаў я вельмі моцна і спакойна, але мяне разбудзілі крыкі і шум у лесе. Я пачуў голас Ульсона, які казаў на сваёй ломанай швэдзка-нямецкай мове: «Вось яны! Няхай пан цяпер загадвае, я ўсё буду рабіць, што ён скажа, а то я ня буду ведаць, што рабіць!..»

Я загадау яму загарадзіць скрынкамі дзьверы і быць у хаце. Калі будзе трэба, ён будзе набіваць стрэльбы і рэвольвэры, якія я буду перадаваць яму. Я дадаў яшчэ, што ён павінен пастарацца, каб рукі ў яго ня так моцна дрыжэлі. Крыкі і шум набліжаліся і я вышаў на вэранду, палажыўшы перад сабою два рэвольвэры і стрэльбу-рэвольвэр.

У руках я трымаў дубальтоўку, якая была набіта дробным шротам.

Хутка між дрэвамі за ручаём паказаліся галовы людзей. Але што гэта? Заместа дзідаў і стрэлаў, я бачыў у іх руках какосы і бананы. Выявілася, што гэта былі жыхары Бонгу, якія прышлі мне сказаць, каб я не турбаваўся і расказалі мне прычыну трывогі. Сёньня раніцою жанчыны Бонгу, вышаўшы на працу далёка ў поле, заўважылі на ўзгорках некалькі незнаёмых узброеных людзей. Ім здалося, што гэтыя людзі хочуць абкружыць іх, а некаторым яшчэ здалося, нібы ўзброеныя людзі накіроўваюцца ў іх бок. Яны з крыкам кінуліся бегчы. Тыя, што былі сьпераду, пачуўшы беганіну за сабою, падумалі, што за імі гоняцца, і сталі крычаць яшчэ мацней, накіроўваючыся да плянтацыі, дзе працавала некалькі мужчын. Мужчыны-ж хутка ўпэўніліся, што гэта была непраўдзівая трывога і сталі біць сваіх жонак, каб прымусіць іх змоўкнуць. Але тыя ўзьнялі такі крык, што людзі Гумбу, якія праходзілі здалёку, былі ўпэўнены, што людзі Марагум-Мана сапраўды б’юць жыхароў Гарэнду. Таму яны кінуліся бегчы ў Гумбу дзе і расказалі навіну пра напад на Гарэнду, пра сьмерць Банэма і г. д. Тубыльцы думалі, што невядомыя людзі, якіх бачылі жанчыны Бонгу, маглі быць усё-ж жыхарамі Марагум-Мана і лічылі напад магчымым.

Маім суседзям тубыльцам вельмі спадабалася тое, што я прыгатаваўся сустрэць як сьлед ворага. Яны прасілі дазволіць ім прыслаць сваіх жанчын пад маю абарону, калі будуць чакаць нападу горцаў. Я наважыў скарыстаць гэты выпадак і пазнаёміць тубыльцаў з агнястрэльнай зброяй. Да гэтага часу я гэтага не рабіў, бо не хацеў павялічваць іх падазронасьць. Але цяпер я мог паказаць, што сапраўды магу абараніць сябе і тых, каго вазьму пад сваю абарону. Я загадаў Ульсону прынесьці стрэльбу і стрэліў. Аглушаныя тубыльцы схапіліся за вушы. і нават кінуліся ўцякаць, але спыніліся, просячы схаваць стрэльбу і страляць тады, калі прыдуць «Марагум-Тамо». Стрэльбу тубыльцы назвалі «табу», напэўна таму, што з першага-ж дня майго пражываньня тут усё недаззоленае,— усё, да чаго я не хацеў дазволіць тубыльцам датыкацца,— я сам называў «табу».

НАЧНОЕ СЬВЯТА


Жыхары Гумбу прышлі на другі дзень прасіць мяне ісьці з імі і з жыхарамі Гарэнду і Бонгу ў Марагум. Яны казалі пры гэтым, што будуць рабіць усё, што я загадаю і што жыхары Марагум, пачуўшы, што прышоў Маклай, зараз-жа ўцякуць у горы. Прышлі таксама жыхары Коліку-Мана, а з імі Туй і Лялу. Усе гаварылі пра Марагум і гуртам дадавалі, што цяпер, калі Маклай будзе з імі, Марагум-Тамо будзе кепска.

Ноччу я пачуў скрозь сон гукі баруму, папуаскіх музычных інструмантаў, і выцьцё тубыльцаў. А палове пятае раніцою я пачуў скрозь сон, што нехта кліча мяне. Я вышаў на вэранду і ўгледзеў у паўцьме Бангума з Гарэчду, які прышоў паклікаць мяне, ад імя ўсіх тубыльцаў, жыхароў Гарэнду, Бонгу і Гумбу, на іх начное сьвята. Я, зразумела, згадзіўся, апрануўся, і мы пашлі.

На першай пляцоўцы ў Гарэнду мяне сустрэў Туй. Ён быў вельмі бляды, бо ня спаў усю ноч. Ён папрасіў мяне перавязаць яму рану, якая ўсё яшчэ моцна турбавала яго. Калі я зрабіў перавязку, ён паказаў на сьцежку, якая вяла між дрэвамі да мора, і дадаў: «выпі кеу і паеш аяну і буам»

Я пашоў сьцежкаю да пляцоўкі, якая была абкружана векавымі дрэвамі. На ёй разьмясьцілася чалавек 50 тубыльцаў. Пачынала сьвітаць, але ў лесе была густая цемра. На першым пляне, зблізку ад агнёў, на матах і на голай зямлі стаялі, сядзелі і ляжалі тубыльцы ў самых рознастайных позах. Некаторыя, закінуўшы галаву назад, дапівалі астатнія кроплі кеу з невялікіх келіхаў. Іншыя сядзелі і ляжалі з нярухомымі мутнымі вачыма і глыталі зялёнае ап’яняючае пітво. Былі і такія, што ўжо спалі ва ўсялякіх позах. Некаторыя яшчэ пільнавалі гаршчкоў, у якіх варылася страва. Самыя лепшыя аматары папуаскае музыкі зацяжна гралі, нібы зылі, узьняўшы высока над галавою, ці прыхіліўшы да дрэваў свае бамбусавыя трубы больш як у два мэтры даўжынёю. Іншыя дзьмулі ў даўгаваты, прасьвідраваны зьверху і з боку, какосавы арэх, з якога выляталі гукі з праразьлівым сьвістам. Навакол да ствалоў дрэваў былі прыстаўлены дзіды, а лукі і стрэлы тырчэлі з-за кустоў. Малюнак быў надзвычайна цікавы. Гэта сапраўднае жыцьцё дзікуноў ва ўсёй яго першабытнасьці — адзін з тых малюнкаў, якія ўзнагароджваюць падарожніка за цяжкую працу і ўсе страты.

Хутка сабралася шмат жыхароў Бонгу, Гарэнду і Гумбу. Яны накінуліся на стравы, што былі прынесены на вялікіх табірах. З аднаго табіра мне палажылі ў толькі што адшчэпленую палову какосавае лушпайкі крыху жаўтавата-белай масы, пры гэтым мяне запэўнялі, што гэта страва вельмі смачная. Гэта быў «буам» — саго з сагавае пальмы з наскрэбеным какосавым арэхам. Гэтая папуаская страва сапраўды была смачная. За абрус было паслана бананавае лісьце, талеркі і кубкі замяняліся лушпайкамі какосавых арэхаў, відэльцамі былі абточаныя бамбусавыя кіёчкі і загостраныя косткі, а лыжкамі былі яруры. Цікава было бачыць такую рознастайнасьць прыладаў, якія ўжываліся тут пры ядзе.

Ужо зусім разьвіднела. Разглядаючы прысутных, я ўсюды сустракаў знаёмых людзей з суседніх вёсак. Калі я ўзьняўся, каб пайсьці, мне далі цэлы скрутак варанага аяну і сталі запрашаць прыйсьці абедаць. Адыходзячы, мне прышлося адхіліцца ў бок, каб даць прайсьці працэсіі, якая несла запасы для працягу сьвята. Туй з Банэмам прынесьлі на кіі вялікі скрутак буаму, які быў старанна загорнуты ў лісьце. За імі некалькі тубыльцэў несьлі какосы, іншыя, падвое, прынесьлі на кіі праз плечы вялікі кош аяну, потым другі і трэці. Шэсьць тубыльцаў, таксама на кіёх праз плечы, несьлі тры сьвіньні. Гэтая працэсія ішла з нейкай урачыстасьцю. Запасы раскладаліся ў парадку на вызначаных месцах пляцоўкі. Госьці іншых вёсак аглядалі, лічылі прынесенае і рабілі свае заўвагі. Усё гэта будзе зьедзена ў абед, якім канчалася частаваньне, што пачалося напярэдадні вечарам.

Тубыльцы ня ведалі добра, ці прыду я на абед, а таму некалькі чалавек прышлі да мяне, каб зноў пазваць мяне ў Гарэнду. Прышлося ізноў ісьці ў вёску. Я ўзяў з сабою абяцаны тутун, але па дарозе павінен быў частку яго даць жанчынам трох вёсак, якія спынілі мяне і прасілі тутуну. Жанчыны ня прымаюць непасрэднага ўдзелу ў гэтых банкетах. Яны ядуць асобна і толькі займаюцца прыгатаваньнем харчоў. Для іх, як і для дзяцей, быць на пляцоўцы забаронена. Так было і ў Гарэнду. Мужчыны балявалі ў лесе, а жанчыны і дзеці былі ў вёсцы і чысьцілі аян.

На пляцоўцы быў вялжі рух. З аднаго боку пляцоўкі, на матах, ляжалі кавалкі забітых сьвіней, а з другога два рады бярвеньняў. На іх былі пастаўлены вялікія гаршчкі. Я налічыў такіх гаршчкоў 39. У іх варыўся буам. Пасярод пляцоўкі ачышчалі буам ад лісьцяў і іншага бруду і скраблі какосы. Жыхары Гарэнду, як гаспадары, разносілі ваду ў вялікіх бамбусах і складалі дровы ля гаршчкоў. Я прышоў якраз у той час, калі адбываўся падзел мяса. Яно ляжала порцыямі, нарэзанае, або адарванае рукамі ад костак. Туй гучна выклікаў па імені кожнага госьця і дадаваў: «Тамо» (чалавек) з такое і такое вёскі. Названы падыходзіў, браў сваю порцыю ды ішоў да свайго гаршчка, бо для кожнага з гасьцей яда варылася ў паасобным гаршчку. Не пасьпеў я сесьці, як пачуў голас Туя: «Маклай, тамо рус!» Я падышоў да яго і атрымаў некалькі кавалкаў мяса.

Адзін знаёмы тубылец з Бонгу паказаў мне прызначаны для мяне гаршчок. Убачаўшы, што я спыніўся перад ім у раздум’і, ня вельмі здаволены, што мне трэба самому варыць, як рабілі гэта ўсе госьці, ён узяўся зварыць за мяне. Ён сарваў з суседняга дрэва два вялікія лісты і палажыў іх крыж на крыж на дно гаршчка. Потым ён выняў з вялікага каша некалькі кавалкаў ачышчанага аяну, палажыў іх уніз, а зьверху палажыў кавалкі сьвініны. Яго заступілі два другія тубыльцы, якія напаўнялі па чарзе ўсе гаршчкі аянам. Калі ўсе гаршчкі былі такім чынам напоўнены, жыхары Гарэнду, якія выконвалі, як гаспадары, ролю слугаў, узялі вялікія бамбусы з морскаю і прэснаю вадою і сталі разьліваць ваду ў кожны гаршчок. Морскае вады яны лілі прыблізна адну траціну і далівалі дзьве траціны прэснае. Кожны гаршчок быў накрыты лістам хлебнага дрэва. Потым адзін малады чалавек з Бонгу стаў распальваць агонь пар гаршчкамі. Усё рабілася па ўстаноўленаму правілу і ў поўным парадку. Тое-ж самае адбывалася і пры запальваньні вялікага агню, на якім павінна была варыцца страва. Вогнішча было ня меней за 18 мэтраў у даўжыню і адзін мэтр у вышыню. Паліва было так добра разьмешчана пад бярвеньнямі, на якіх стаялі гаршчкі, што яно хутка загарэлася.

Я пашоў паглядзець, што робіцца ў іншых групах. У аднэй групе некалькі тубыльцаў старанна скраблі какосавы арэх для буаму. Ля другое групы ляжалі розныя музычныя інструманты, якія ўсе аднакава называліся тубыльцамі «ай». Галоўны інструмант складаўся з бамбусу даўжынёю ў 2 мэтры ці болей. Бамбус добра ачышчаны і перагародкі ў асяродку яго зьнішчаны. Адзін канец гэтых доўгіх трубаў папуасы бяруць у рот, расьцягваюць губы і дзьмуць, ці лепш ня дзьмуць, а крычаць у іх, выпускаючы праразьлівыя зацяжныя гукі. Гук гэтых труб можна чуць за паўмілі. Другі інструмант, які зваўся «арлан-ай», складаўся з ручкі, да якое прымацавана шмат шнуркоў з нанізанымі на іх лушпайкамі арляну. (Асобны від арэха. Мякіш яго хутка закісае, пачынае кепска пахнуць і перарабляецца ка квасную жыжку. Гэтая жыжка вельмі цэніцца папуасамі, як прыправа). Трымаючы ручку і патрасаючы інструмантам, тубыльцы ствараюць такі гук, нібы яны трасуць вялікімі драўлянымі кубкамі. Потым — «монкі-ай», пустая лушпайка какосавага арэха з дзюркай наверсе і з боку, якія ў перамешку закрываюцца пальцамі. Прыклаўшы арэх да губ, тубылец дзьме ў верхнюю дзюрку і ўтварае праразьлівы гук, які зьмяняецца пад уплывам адкрываньня і закрываньня дзюркі і таксама ў залежнасьці ад велічыні какосавага арэха. Было і яшчэ некалькі інструмантаў, але гэтыя тры інструманты былі ўсё-ж самыя галоўныя. Усе ўдзельнкі гэтага папуаскага баляваньня, пакідаючы на часіну працу, браліся за які-небудзь з гэтых інструмантаў і стараліся паказаць сваё мастацтва як мага гучней, каб перавысіць, калі можна, усе іншыя гукі, якія аж разьдзіраюць вушы.

Я пашоў у вёску паглядзець, што там робіцца. Жанчыны ўсё яшчэ чысьцілі аян. Замест нажа яны ўжывалі бамбусавыя пласткі. Ад работы край пластка тупіўся і трэба было часта адшчыпваць яго нутраныя слаі, каб пласток зноў рабіўся больш гостры. Гэтыя тубыльскія нажы рэжуць вельмі добра. Я ўпэўніўся ў гэтым, бо нечакана выразаў сабе раз з пальца кавалак мяса. У вёсцы было горача, бо было значна меней ценю, чым у лесе. Змардаваныя працай жанчыны прысталі да мяне з просьбаю даць ім тутуну. Мужчын нідзе ня было відаць і таму яны былі сьмялейшыя, як звычайна, калі тут ёсьць іх мужы, бацькі і браты.

Некалькі разоў у працягу дня тубыльцы, зварачаючыся да мяне, называлі мяне Туй, а Туя Маклаем. На маю заўвагу, што я Маклай, а ня Туй, адзін з тубыльцаў растлумачыў мне, што я клапаціўся пра Туя ў час хваробы і вылечыў яго. Таму Туй гатоў усё зрабіць для мяне і цяпер мы такія сябры, што Туй называецца Маклаем, а Маклай Туем.

Пасьля гэтага сьвята мне ўдалося, нарэшце, зьезьдзіць у Білі-Білі, куды я даўно зьбіраўся. Мяне сустрэлі там вельмі ветліва і амаль усе мужчыны хадзілі са мною. Жанчын я ня бачыў, але хацеў таксама пазнаёміцца і з імі, а галоўнае — дабіцца, каб яны ад мяне не хаваліся. Я патрабаваў, каб яны самі вышлі ўзяць прывезеныя для іх падарункі. Тубылец Каін, які быў самы ўплывовы ў Білі-Білі і які ня раз бываў у мяне і Бонгу, даведаўшыся, што жанчыны Гумбу, Гарэнду, Бонгу і інш. вёсак болей не хаваюцца ад мяне, угаварыў згадзіцца на гэта і жыхароў Білі-Білі. Тады на покліч мужчын некалькі старых жанчын вылезьлі з халупаў. Гэта былі няпрыгожыя і амаль голыя істоты. Мне растлумачылі, што большасьць жанчын працуе на плянтацыях на сухазем'і, але што яны хутка вернуцца. Сапрауды жанчыны і дзяўчаты хутка вярнуліся і абступілі мяне. Яны голасна выпрошвалі даць ім пацеркі і кавалкі чырвонае тканіны, такія, што яны бачылі ў іншых жанчын. Жанчыны на высьпе Білі-Білі вельмі працавітыя. На іх ляжыць абавязак вырабляць і аздабляць гаршчкі, якія выменьваюцца на ўсё іншае іх бацькамі і мужамі ва ўзьбярэжных вёсках. Наогул выспа Білі-Білі славіцца на ўвесь бераг Новай Гвінэі на некалькі дзесяткаў міль сваім вырабам гаршчкоў. Амаль кожная сям’я займаецца гэтым і ў кожнай халупе пад страхою стаіць шмат гатовых і напалову гатовых гаршчкоў.

Я жартуючы сказаў ім, што можа пераеду жыць у Білі-Білі. Жыхары гэтаму вельмі ўзрадаваліся і па некалькі разоў казалі адзін аднаму, што «Маклай будзе жыць у Білі-Білі, што людзі Білі-Білі лепшыя за людзей Бонгу» і г. д., і г. д. Калі я сабраўся ад’яжджаць, раптам пашоў вялікі дождж, і я астаўся начаваць у Білі-Білі, што было таксама прыемна для жыхароў вёскі. Я папрасіў паказаць мне месца, дзе я мог-бы правесьці ноч. Мне прапанавалі каюту на аднэй выцягнутай на бераг вялікай пірозе. Гэтыя пірогі цікавыя сваёй пабудовай, але ад малых пірогаў адрозьніваюцца толькі сваёю велічынёю.

Даўжыня некаторых з іх прыблізна 10 або 12 мэтраў. Яны таксама выдзяўбаны з аднаго таўстога ствала. На вялікай пірозе пабудавана цэлая халупа, даўжынёю ў два мэтры, а шырынёю ў чатыры або пяць. Сьцены яе робяцца з расколатага бамбусу, а страха з сплеценага лісьця сагавай пальмы. Мачта дзяліла халупу на дзьве часткі. У кожнай частцы было па два доўгіх сядзеньні, на якіх можна ляжаць дваім. На падлозе таксама маглі ляжаць двое. Верхняя палова халупы мела разборныя сьцены, нават страха магла быць разабрана зусім лёгка. Наогул, усё ў пірозе было прыладжана добра і нідзе ня было дарэмнай траты месца. Ля самае мачты, на вышыні сядзеньня, была ўмацавана роўная скрыня, якая была напоўнена зямлёю, дзе можна было раскласьці агонь. Мне спадабалася такое памяшканьне. У ім было сьвятлей і чысьцей, як у звычайнай халупе. У мяне зьявілася думка скарыстаць падобную вялікую пірогу для аб’езду вёсак усьцяж берагу.

Каін, гаспадар пірогі і мой добры прыяцель, хутка прынёс мне вялікі, яшчэ гарачы, табір з саго і наскрэбеным какосавым арэхам.

Вярнуўшыся на другі дзень раніцою на свой бераг, я з трывогаю падышоў да свае халупы, якую ў першы раз пакінуў на такі доўгі час бяз жаднага дагляду. Усё, аднак, было цэлае. Не пасьпеў я разблытаць вяроўкі ля дзьвярэй, як адзін за другім прышлі чалавек 20 тубыльцаў і запыталіся, дзе я быў? Яны думалі, што я паехаў у Расію. Пасьля абеду мы разлажылі падарункі, якія я прывёз з Білі-Білі. Там было блізка 50 какосаў, 4 галіны добрых бананаў і фунтаў 20 саго. Тутун і цьвікі, што я раздаў, акупіліся.

Я патроху раблюся папуасам. Сеньня раніцою, напрыклад, я адчуваў голад у часе пагулянкі. Убачыўшы вялікага краба, я злавіў яго і зьеў сырога, г. зн. зьеў тое, што можна было ў ім зьесьці.

Мае суседзі расказвалі мне, што людзі Ануг і Тамо-Ануг (дзе яны жывуць, я ня ведаю) хочуць напасьці на маю халупу. Яны чулі, што ў мяне шмат нажоў, сякераў і чырвоных «маль», а нас усяго двое — я і Ульсон. Я лічыў, што калі гэта і можа здарыцца, дык адбудзецца па згодзе з маімі знаёмымі з Бонгу або Гумбу, якія ахвотна падзялілі-б з імі здабычу. Але я зьвярнуў усё гэта ў жарт і спакойна дадаў, што ня мне будзе кепска, а тым, хто прыдзе да мяне з такім намерам. А шмат жыхароў ваколічных вёсак прыходзілі ўпрашваць мяне назаўсёды астацца жыць з імі. Яны прасілі, каб я ўзяў адну, дзьве, тры або колькі пажадаю жонак і каб ня думаў выяжджаць зноў у Расію або куды-небудзь у іншае месца. Яны гаварылі так сур’ёзна адзін пасьля аднаго, што, відаць, прышлі з гэтымі прапановамі да мяне пасьля доўгіх агульных нарад. Я ім адказаў, што калі я і паеду (у чым, аднак, я ня быў упэўнены), дык хутка вярнуся зноў, а жонак мне ня трэба, бо «жанчыны вельмі многа гутараць і наогул шумлівыя і Маклай гэтага ня любіць». Гэта іх ня вельмі задаволіла, але ім вельмі спадабаўся тутун, які я раздаў сябром гэтае цікавае дэпутацыі.

Сёньня, 20 верасьня, роўна год, як я ступіў на бераг Новае Гвінэі. За гэты год я падрыхтаваў сабе грунт для многіх гадоў дасьледзін гэтае цікавае выспы. Я дабіўся поўнага даверра тубыльцаў і, калі будзе трэба, магу разьлічваць на іх дапамогу. Я гатоў і рад быў-бы астацца некалькі гадоў на гэтым беразе. Але ёсьць тры акалічнасьці, якія не дазваляюць мне сказаць, што гэта магчыма. Папершае, у мяне выходзіць запас хіны, падругое, я нашу апошнюю пару чаравік, а патрэцяе, у мяне асталося ня больш за дзьве сотні патронаў.

У харчох у нас таксама адчуваецца недахоп. Вось ужо 6 месяцаў, як Ульсон і я кожны вечар кладзём на агонь вялікае бервяно, каб падтрымаць агонь да наступнае раніцы. Трэба берагчы запалкі, каб ня бегаць у Гарэнду па агонь. Часамі мы падкідаем на агонь, замест звычайнага дрэва. абсечаны кавалак прамокшага ў салёнай вадзе дрэва і, зусім нібы папуасы, ужываем замест солі белы попел. Я, між іншым, лёгка і скора адвык ад солі і ня бачу ніякае шкоды ад яе недахопу. Астаткі харчоў, боб і рыс, я захаваў выключна на тыя дні, калі мне нельга будзе ісьці на паляваньне, а Ульсон ня здолее ісьці па харчы ў вёску. Замест бобу і рысу мы ямо карэньні ямсу, салодкую бульбу і бананы. Часамі, калі няма дзічыны, прыходзіцца галадаць. Ужо ня раз я бачыў у сьне, пад уплывам голаду, што надзвычайна смачна вячэраю...

У кастрычніку і лістападзе справы яшчэ пагоршыліся. Ідуць дажджы. Цячэ на пасьцель, на стол і кнігі... Харчы вышлі, хіна выходзіць, патронаў астаецца з сотню, так што хадзіць на паляваньне кожны дзень нельга. Я бяру па 2 патроны кожны раз, але не заўсёды прыношу дзьве птушкі. Сьпірту ў мяне таксама ўжо няма. Даношваю апошнюю пару чаравік. Трасца моцна змучвае, а апрача ўсяго гэтага, халупа пачынае разбурацца. Бакавая вэранда ўжо разбурылася, і я думаў, што ўся халупа разбурыцца. Дождж ішоў увесь дзень і паправіць вэранду было нельга.

Я ўжо ня кепска ўладаю мовай Бонгу, але ўсё-ж мне яшчэ трэба будзе пражыць тут цэлыя гады, каб сапраўды азнаёміцца ўсебакова з думкамі і жыцьцём гэтых людзей.

МЕНАВЫ ГАНДАЛЬ. — СЯМЕЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ


У тубыльцаў берагу Маклая няма ні гандлю, ні правільнага абмену. Калі некалькі жыхароў узьбярэжнае вёскі выпраўляюцца ў іншыя ўзьбярэжныя вёскі на выспы або да жыхароў гор, дык для падарункаў яны забіраюць з сабою звычайна ўсё, што ў іх ёсьць лішняе. У адказ ім таксама даюць падарункі з продуктаў, якімі багата гэтая вёска. Жыхары горных вёсак багаты арэхавымі пальмамі і тутуном. Яны прыносяць гэтыя продукты ва ўзьбярэжныя вёскі і абменьваюць на ганчарныя вырабы, рыбу і кавалкі салёнага дрэва. Жыхары-ж выспаў вырабляюць пераважна гаршчкі і малі (тканіны), якія яны ахвотна абменьваюць на продукты плянтацый. Жыхары гэтых выспаў зьяўляюцца таксама пасярэднікамі ў абмене продуктаў між далёкімі адна ад аднэй узьбярэжнымі вёскамі... Звычай абменьвацца падарункамі так умацаваўся, што нават жыхары суседніх вёсак амаль кожны раз прыносяць што-небудзь сваім сябром і атрымліваюць ад іх таксама падарункі.

Папуас з берагу Маклая жэніцца рана, мае звычайна толькі адну жонку і вядзе вельмі строгае жыцьцё. Процэс жаніцьбы зусім просты. Малады прыносіць, са згоды сваёй сям’і і сям’і маладое, падарункі: 5—10 табіраў, рэдка калі болей, некалькі малей і да г. п. рэчаў. Праз некалькі дзён рэжуць сьвіньню або сабаку, наладжваюць сьвяточны абед, і малады пераводзіць маладую ў сваю халупу. Але яшчэ лягчэй робіцца развод. Калі жонка робіцца няздольнай да працы, напрыклад, з прычыны хваробы нагі, якая перашкаджае хадзіць, тады муж адсылае яе і бярэ сабе другую. Але наогул папаусы добра абыходзяцца са сваімі жонкамі і толькі зрэдку б’юць іх. Жонка павінна штодня прыносіць з поля плады і зьбіраць дровы нанач для агню. Яна-ж носіць ваду з морскага берагу або з ручая. Часта па вечарах можна бачыць, як жанчыны ідучы з поля, нясуць на сабе розны цяжар. На сьпіне ў іх вісяць два мяшкі: ніжэйшы з пладамі, а верхні з дзіцем. Галава жанчын заўсёды нахілена наперад ад вяровак, што абхопліваюць лоб і трымаюць мяшкі. На галовах-жа яны нясуць яшчэ вельмі вялікія вязанкі сухіх дроў. У правай руцэ часта, апрача ўсяго, яны трымаюць пучок цукровага чароту, а на левай руцэ падвешана часамі яшчэ другое дзіця. Такі цяжар у сьпёку, па кепскіх сьцежках, моцна зморвае жанчын. Сьвежасьць і здароўе маладое жанчыны хутка зьнікае. Дзеці звычайна вясёлыя, рэдка плачуць або крычаць. Бацька абыходзіцца з імі вельмі добра, а матка часьцей ня так песьціць іх, як бацька. Наогул-жа папуасы вельмі любяць сваіх дзяцей. Я бачыў у іх нават цацкі для дзяцен, што ў дзікуноў сустракаецца рэдка. Лле хлопчык ужо рана ходзіць з бацькам на плянтацыі, на паляваньне, лавіць рыбу. Хлопчык ужо ў дзяцінстве навучаецца практычна сваім будучым заняткам і яшчэ з маленства робіцца сур’ёзным і асьцярожным у абыходжаньні.

Мне часта даводзілася бачыць, як маленькі хлапчук, гадоў чатырох, зусім сур’ёзна распальваў агонь, насіў дровы, мыў насеньне, памагаў бацьку чысьціць плады, а пасьля раптам усхапляўся, бег да маткі, якая сядзела на кукішках за якой-небудзь працай, хапаў яе за грудзі і, ня гледзячы на яе недазвол, браўся ссаць. Папуаскі кормяць дзяцей грудзямі даволі доўга.

Тубыльцы пачынаюць свой дзень на золку. Яны любяць крык пеўня, які абвяшчае пачатак дня, і таму трымаюць пеўняў у вёсках. Калі папуасу ня трэба ісьці далёка ў лес або ў горы, дык ён яшчэ ў цямноце ідзе, захінуўшыся ў свой маль, на бераг мора і чакае там усходу сонца, хоць курчыцца і дрыжыць ад холаду. Там на беразе зьбіраецца звычайна цэлая грамада тубыльцаў. Яны толькі зрэдку перакінуцца словам, звычайна-ж усе маўчаць і таксама моўчкі разыходзяцца. У вёсцы яны загадваюць сваім жонкам або дзецям прынесьці астачу ўчарайшай вячэры ці вараць сабе крыху сьвежай стравы. Жанчыны зьбіраюцца ісьці працаваць на плянтацыі. Яны замыкаюць бамбусавымі кіямі або матамі дзьверы сваіх халуп, забіраюць свае мяшкі, прылады, саджаюць сваіх дзяцей у дзяціныя мяшкі і не забываюць захапіць пры гэтым з сабою галавешку з агнём. Потым, па некалькі разам, з дзецьмі і сабакамі, жанчыны пакідаюць вёску. Мужчыны астаюцца дома, спакойна зьядаюць сваё сьнеданьне, пасьля чаго жуюць бэтэль і кураць свае зялёныя цыгары. У вёсцы ў гэты час бывае зусім ціха, хоць у ёй яшчэ асталося шмат мужчын. А дзесятай гадзіне раніцы і мужчыны пачынаюць разыходзіцца. Адны ідуць на плянтацыі, другія лавіць рыбу, трэція—у суседнія вёскі. Усе яны ўзброены лукамі і стрэламі, а часам і дзідамі, хоць пры гэтым яны нагружаюць на сябе і ўсялякія іншыя прылады — рыбалоўныя сеткі, вёслы і да г. п. Яны таксама замыкаюць свае халупы.

Калі прыйсьці ў вёску а паўдні, дык часта не знайсьці бывае ў ёй ніводнага чалавека. Толькі некалькі сьвіней і сабак паглядзяць на прышоўшага і зараз-жа зьнікаюць у кустох. Усе халупы зачынены і толькі «Буамрамра» вабіць сваёй прахалодай, нібы запрашаючы разьлегчыся на шырокай барле і адпачыць. Гадзіне а 4-й або а 5-й прыходзяць з працы або з сваіх пагулянак мужчыны. З іх яшчэ сьцякае вада, бо перад прыходам у вёску яны пакупаліся ў суседнім ручаі і нават нацерліся замест мыла пяском і травою. Мужчыны разьлягаюцца на сваіх барлах і чакаюць, калі пара ўжо варыць страву... Папуасаў нельга назваць неахайнымі. Яны купаюцца штодня, нават па некалькі разоў у дзень і часта націраюцца пяском і травою. Крыклівыя галасы ў лесе абвяшчаюць прыход жанчын, якія, з цяжкімі ношамі, стомленыя, падыходзяць да халуп, скідаюць вязанкі дроў і асьцярожна здымаюць мяшкі з дзецьмі і пладамі. Хутка запальваюцца агні. Старэйшыя дзеці памагаюць бацьком несьці гаршчкі і табіры, даглядаюць за агнём, чысьцяць плады і раскладваюць іх у гаршчкі Часамі сходзяцца некалькі суседзяў, кожны прыносіць некалькі пладоў і крыху гародніны і, замест некалькіх малых гаршчкоў, усе вараць у адным вялікім гаршчку. За гэты час дзяўчаты прыносяць прэсную і салёную ваду ў бамбусавых ствалох. Перш чым палажыць, або наліць чаго-небудзь у гаршчок, кладуць у яго тонкі або сухі ліст, каб страва не прыгарэла на дне гаршчка. і аксама кладуць у гаршчок усё, што есьць у бамбусавых слоіках, якія мужчыны носяць заўсёды з сабою. У гэтых слоіках бывае усе: там можна знайсьці жукоў, сьлімакоў, ракаў, крабау, вусеняў, маленькіх яшчарак і да г. п. Усё гэта кідаецца ў гаршчок разам з зямлею і сухім лісьцем, якія папалі туды выпадкова. Яшчэ жывыя жывёліны спрабуюць вылезьці, але ў гаршчок усыпаюць аян, бау або дэгарголь, наліваюць дзьве траціны прэснае вады і адну траціну морскае, накрываюць гаршчок зялёным лісьцем і лушпайкаю какосавага арэха і ставяць на агонь. Гледзячы што ў гаршчку варыцца, гаршчок стаіць на агні гадзіну або болей. Мужчыны ломяць сухія тонкія палены на калене або на вялікім камяні, а жанчыны на галаве.

Калі страва гатова, ставяць гаршчок з круглым дном на саламяны кружок. Гаспадар разьмяркоўвае яду ў табіры, якія стаяць навакол. Лепшыя кавалкі зьядаюць госьці і ён, горшыя — дзеці і жонкі. Нават калі сьцямнее, агню не павялічваюць, а сядзяць у цемры і павольна ядуць. Жанчыны ідуць у свае халупы, часамі чуцен крык дзяцей і ціхая гутарка мужчын, якія жуюць бэтэль і кураць цыгары. Але гэтыя гукі хутка змаўкаюць. Мужчыны раскладваюць у халупах невялікія агні пад сваімі барламі і засынаюць. Аднак, ім трэба часта ўставаць, бо агонь пад імі часта згасае і холад будзіць іх.

Так праходзяць дні за днямі ў жыхароў берагу Маклая. Зьмены ўносяць толькі войны, наведваньні ў суседнія вёскі і сьвяты, якія наладжваюцца або ва ўласных вёсках, або ў суседзяў.

Тубыльцы размалёўваюць сабе твар чырвонай і чорнай фарбай. Чырвоную ўжываюць маладыя, чорную старэйшыя людзі. Маладыя людзі (маласьсі) ад 15 да 20 гадоў прыдумваюць розныя малюнкі і мешаніну фарбаў, якімі яны намазваюць твар і сьпіну. У звычайныя дні яны ходзяць не размалёваныя або толькі абводзяць вакол вачэй кружкі, або праводзяць уздоўж носу рысу, якая злучаецца з другой рысай, што праведзена ад аднае скроні да другое на месцы зголеных броваў, пры аснове лобу. Але ў час сьвята ўвесь твар намазваецца чырвонай фарбай і па ім праводзіцца яшчэ некалькі белых і чорных рысачак. Часьцей за ўсё праводзіцца рыса ў нізе лобу так, каб яна злучалася накрыж з рысаю ўздоўж сьпінкі носу. Часам адна палова твару бывае афарбавана ў чорны колер, а другая ў чырвоны, што робіць нейкае дзіўнае ўражаньне. Потым ад патыліцы праводзяць некалькі роўналежных ліній усьцяж сьпіны да стану. На лапатках часта бываюць намалёваны асобныя малюнкі, але грудзі размалёўваюцца рэдка калі, і яшчэ радзей праводзіцца некалькі каляровых ліній на нагах. Больш старыя тубыльцы, звыш 30 гадоў (гамо), амаль ня ўжываюць чырвонае фарбы і заменьваюць яе чорнаю. Яны фарбуюць ёю валасы, лоб і праводзяць палоску ўздоўж носа, да яго кончыка. У асаблівых-жа выпадках яны фарбуюць твар або ўсю галаву. Аднак, ёсьць вёскі, дзе пераважвае чорная фарба. Там тубыльцы намазваюць ёю ўсё цела і робяць гэта так старанна, што чорны колер можна палічыць за натуральны колер іх скуры.

Жанчыны рэдка бываюць нафарбаваны. У іх не заўважваецца такое моды на афарбоўку, як у мужчын. Татуіроўкі ў іх няма, але яны выпальваюць у сябе на целе рубцы. Мужчыны робяць гэта на сьпінах і на ляшках, а жанчыны лініямі па абудвых бакох грудзей і на руках. Каб мець такія рубцы, тубылец кладзецца на сьпіну або на жывот, а опэратар кладзе яму на скуру распалены кавалачак кары і трымае так, пакуль кара не ператлее на попел. Так спальваюць некалькі кавалачкаў кары адзін за адным. Гэта процэдура патрабуе шмат цярплівасьці і значнай сілы волі.

Мужчыны прыбіраюцца значна лепш за жанчын. Гарнітур у жанчын бывае часамі зьведзены да мінімуму і абмяжоўваецца маленькім кутасікам або нават чарапашынай, якая вісіць сьпераду. Мужчыны-ж трацяць 5—6 гадзін на расчосваньне сваіх валасоў, на змазваньне іх і на афарбоўку, на аздабленьне пер’ямі і кветкамі, на размалёўваньне твару і сьпіны. Яны стараюцца абвіваць свае малі як мага тужэй і затыкаць за свае ручныя і нажныя бранзалеты галінкі стракаталістых расьлін.

У часы ўрачыстасьцяй жанчынам даецца крыху фарбы, якою яны намазваюць сабе валасы, лоб і шчокі. Але за тое яны носяць у такіх выпадках шмат маністаў з вялікіх і малых чарапашын, з сабачых зубоў і з рознакаляровых костачак пладоў.

АД'ЕЗД З НОВАЕ ГВІНЭІ


У час сьвята ў Бонгу 18-га сьнежня я таксама быў там, запазьніўся і астаўся начаваць у буамрамры. Ноччу мяне шмат разоў будзіла музыка і крыкі. Але раніцою я пачуў крыкі: «Біа! Біа!» (агонь! агонь!). Некалькі тубыльцаў увайшлі ў буамрамру моцна ўстрывожаныя і сказалі мне, што ля Кар-Кара відзён агонь або дым ад агню.

— Ну, дык што-ж? — сказаў я пацягваючыся і ўсё яшчэ не ўстаючы. — Гэта людзі Кар-Кара паляць «унан» (траву).

— Не, гэты дым не ў Кар-Кара,— запярэчылі мне. — Ён выходзіць з мора. Скажы, Маклай, што гэта такое?

— Я пагляджу і пасьля скажу,—адказаў я.

Прыбегла яшчэ некалькі чалавек, якія крычалі: — Маклай, о, Маклай! Корвэта — рус гена, біарамборо (Маклай, о, Маклай, корвэт расійскі ідзе, дым вялікі). Аднак, я ўсё яшчэ ня верыў. Апрануўшыся, я пашоў да мора і тут убачыў, што гэта дыміўся вялікі параход, напэўна вайсковы. Можна было бачыць, што судно набліжаецца. Ва ўсякім выпадку мне трэба было сьпяшацца дадому, каб узьняць сьцяг ля халупы, перапрануцца і ехаць насустрач. Якой-бы дзяржаве ні належала гэта судно, усё-ж я быў упэўнены, што камандзір яго не адмовіцца ўзяць мае лісты, даць мне крыху харчоў і завезьці хворага Ульсона да бліжэйшага порту. Усё гэта я абдумаў ужо седзячы на пірозе, якая адвозіла мяне з Бонгу дадому.

Ульсон яшчэ ляжаў на сваім ложку і, як і заўсёды, вохкаў. Калі я яму сказаў, што мне патрэбен сьцяг, што набліжаецца вайсковае судно, дык ён прышоў у такі стан, што я падумаў, ці не звар’яцеў ён ужо. Ён нешта лапатаў, ні то плакаў, ні то сьмяяўся, і я не на жарт спалохаўся, што з ім здарыцца які-небудзь прыпадак. Я хутка ўзьняў расійскі сьцяг. Як толькі сьцяг быў на месцы, я ўбачыў, што судно накіравала проста да берагу, дзе стаяла мая халупа. Я вярнуўся ў свой пакой, хацеў перапрануцца, але палічыў гэта зусім лішнім. Вопратка, якую я мог-бы апрануць, была ніяк ня лепшая за тую, якая была на мне. Я зышоў уніз на пескавы бераг. Шмат энэргіі каштавала мне, каб пераканаць трох тубыльцаў паехаць са мною насустрэч судну.

Я ўжо мог адрозьніць расійскі сьцяг. Мае тубыльцы Сагам і Дзігу граблі вельмі марудна. Яны сачылі за рухам судна і бязупынна ўпрашалі мяне вярнуцца на бераг. Я мог ужо бачыць афіцэраў на мосьціку, якія глядзелі на мяне ў бінокаль. Нарэшце, мы так блізка падплылі да судна, што я ўжо мог разглядзець некалькі знаёмых афіцэраў. Яны таксама пазналі мяне. Але мая ўвага была адцягнута станам маіх спадарожнікаў — тубыльцаў. Такая вялікая колькасьць людзей на судне прывяла іх у вялікае хваляваньне. Калі-ж камандзір судна даў адпаведную каманду, а матросы пракрычалі тры разы «ура», дык мае папуасы ня вытрымалі, выскачылі з пірогі ў мора, вынырнулі далёка ад яе і пасьпешна паплылі да берагу. Вёслы яны або захапілі, або кінулі ў мора. Я астаўся на пірозе адзін і павінен быў грабці рукамі, каб падплыць да судна і злавіць кінуты мне канец вяроўкі.

Калі я, нарэшце, узьлез на палубу, дык агульная мятусяніна і мноства людзей вельмі ўзрушылі мяне. Усе былі вельмі ласкавыя са мною, але гоман навакол моцна стомліваў мяне. Я даведаўся, што па Эўропе разышліся чуткі, нібы я забіты або памёр. Некаторыя афіцэры прызналіся мне, што нават цяпер, убачыўшы чалавека ў эўропэйскімі адзеньні, яны думалі, што гэта Ульсон, бо былі ўпэўнены, што мяне няма жывога.

Судно прышло так неспадзявана, што я яшчэ ня склаў сабе пляну аб тым, што мне трэба зрабіць. Маёй першай думкай было папрасіць даць мне двух матросаў, каб з іх дапамогай наладзіць маю халупу, дастаць новы запас харчоў у камандзіра судна і астацца рабіць далей свае назіраньні, адаслаўшы да наступнага порту нікуды ня вартага Ульсона.

Я вярнуўся на кліпэр [21] «Изумруд» на абед і калі камандзір яго сказаў мне, што сн хацеў-бы, каб я ўжо з сёнешняга дня пасяліўся на кліпэры, бо маё здароўе патрабуе добрага дагляду, дык я крыху зьдзівіўся такой прапанове.

— А хто вам сказаў, што я паеду з вамі? — запытаў я. — Гэта зусім яшчэ ня вырашана. Я думаю, што вы можаце даць мне крыху харчоў, а таксама можаце ўзяць з сабою Ульсона і мае лісты да бліжэйшага порту. А мне лепш за ўсё будзе яшчэ астацца тут надалей рабіць свае назіраньні. Папрашу вас дазволіць мне адказаць вам заўтра, ці паеду я з вамі, ці яшчэ астануся тут.

Камандзір згадзіўся, але я заўважыў, што мае словы зрабілі на многіх дзіўнае ўражаньне. Некаторыя падумалі,— як прызналіся мне самі пасьля,— што я ў ненормальным стане, пад уплывам розных страт і цяжкога жыцьця. Я даведаўся ад камандзіра, што голяндзкі ўрад пасылае вайсковае судно з навуковымі мэтамі вакол выспы Новае Гвінэі. Гэта моцна зацікавіла мяне. Я мог-бы, такім чынам, падмацаваўшы сваё здароўе, вярнуцца з новымі сіламі і новымі запасамі на бераг Маклая.

Я рана вярнуўся дадому ў гэты дзень і заснуў нібы забіты, бо быў вельмі змораны. Вырашыць пытаньне — аставацца мне ці ехаць — я адклаў да раніцы. Ва ўсякім выпадку, адно мне здавалася бязумоўна неабходным: я павінен быў вярнуцца сюды яшчэ, бо з прычыны майго знаёмства з тутэйшай мовай і заслужанага мною ў тубыльцаў даверра, мне цяпер будзе значна лягчэй рабіць мае далейшыя назіраньні.

На наступны дзень я абвясьціў камандзіру маё рашэньне ехаць, але папрасіў даць мне яшчэ два дні на зборы, на складаньне рэчаў і на разьвітаньне з тубыльцамі. Увечары прышло да мяне з паходнямі шмат людзей з Бонгу, Гарэмбы і Гумбу. Між імі былі таксама жыхары Малэ і Колікум-Мана. Прышлі ўсе тыя, хто часьцей бываў у мяне. Яны шкадавалі, што я паеду, і парашылі прасіць мяне астацца з імі, ня ехаць. Яны сказалі мне, што ў кожнай вёсцы для мяне будзе пабудавана халупа і ў кожнай вёсцы я магу выбраць сабе з дзяўчат па аднэй жонцы, або нават па дзьве, каб яны працавалі на маю халупу і на мяне.

Я адхіліў гэту прапанову, але абяцаў ім, што з часам вярнуўся і зноў буду жыць з імі.

Людзі Гумбу сталі ўпрашаць мяне пайсьці да іх у вёску, дзе, апрача мясцовых жыхароў, сабраліся і жыхары іншых вёсак. Яны сказалі, што ўсе хочуць мяне бачыць. Каб не адмовіць ім, быць можа ў астатні раз, я пашоў, абкружаны вялікім натоўпам тубыльцаў з паходнямі ў руках.

Усе прасілі мяне астацца. Спаць прышлося мне мала ў гэту ноч. Калі пад раніцу я хацеў падняцца, дык адчуў вялікі боль у нагах. Апошнія два дні я шмат хадзіў і не зьвяртаў увагі на раны на нагах. Ногі ў мяне спухлі і мне цяжка было хадзіць. Аднак, я ўсё-ж пашоў па беразе, каб раней вярнуцца дадому. Крыху прайшоушы, я адчуў такі моцны боль у нагах, што прымушаны быў спыніцца. Тубыльцы, якія праводзілі мяне, зрабілі з некалькіх перакладзін нешта накшталт насілак і перанесьлі мяне на іх да мыска, а адтуль я быў перавезены на кліпэр. Там я, нарэшце, адпачыў і мае раны былі абмыты і перавязаны. Па загаду камандзіра на адным дрэве ля мае халупы была прыбіта таўстая дошка з чырвонага дрэва і на ёй умацавана медная дошчачка з наступным надпісам: «Yіtіаz»: Sер. 1871. Mikloucha-Maclaj «Izoumrud» Dec. 1872.

З гэтага надпісу было відно, што я прыехаў на корвэце «Витязь» у верасьні 1871 году і ад’ехаў на кліпэры «Изумруд» у сьнежні 1872 году.

Я падгаварыў тубыльцаў прыехаць абгледзець кліпэр. Многія зьявіліся да мяне, але мала хто з іх сапраўды паехаў са мною на кліпэр. Яшчэ менш адважылася ўзьлезьці на палубу. Ад мноства людзей і розных апаратаў на судне папуасы так спалохаліся, што з усіх бакоў ухапіліся за мяне, думаючы такім спосабам выратавацца. Я папрасіў аднаго матроса прынесьці мне вяроўку. Сярэдзінай вяроўкі я абвязаў сябе вакол стану, а абудва канцы вяроўкі даў маім папуасам. Такім спосабам я мог ісьці наперад, а мае папуасы ўяўлялі сабе, што трымаюцца за мяне. З такім хвастом, часта спыняючыся, каб даваць тубыльцам адказы і тлумачэньні на іх занытачьні, мы абышлі ўсю палубу. Гарматы палохалі тубыльцаў. Яны вельмі баяліся гармат, ад іх адварочваліся і пераходзілі да іншых прадметаў. Іх асабліва зьдзівілі і зацікавілі два невялікіх бычкі, якія былі на караблі ў якасьці жывых харчоў для каманды. Яны не маглі наглядзецца на іх і прасілі падараваць ім аднаго бычка. Яны стараліся запамятаць назву жывёліны і ўсё казалі «бік-бік-бік». У кают-кампаніі ім надзвычайна спадабаліся вялікія люстры, у якіх яны маглі ўбачыць адразу некалькі чалавек. Фортэп’яна, якое я назваў ім «айборорус», таксама вельмі іх зацікавіла, і адзін папуас нават захацеў пайграць на ім. Я, аднак, хутчэй выправадзіў іх наверх. На палубе аднаму тубыльцу захацелася зноў паглядзець на быкоў. Ён зьвярнуўся да мяне, але забыў назву «бык» і стаў пытацца ў мяне пра «вялікую расійскую сьвіньню». Я не зразумеў яго і адказаў, што ніякае сьвіньні на караблі няма. Каб паясьніць мне, ён дадаў, што хоча бачыць «вялікую расійскую сьвіньню з зубамі на галаве». Адзін з яго таварышоў падказаў яму слова «бік», і тады ўсе гуртам зацягнулі «бік, бік». Яны ўжо асвойталіся з караблём, і я вызваліўся ад вяроўкі.

Мае рэчы былі перавезены на карабель, і я, як хворы, быў зьмешчаны ў шпіталь. Перад ад’ездам Туй прасіў сказаць яму, праз колькі месяцаў я вярнуся. Я ня мог даць яму пэўнага адказу, да таго-ж я ня ведаў, як сказаць нэ тутэйшай мове «шмат», Я адказаў яму «навалобе», што азначае прыблізна «з часам».

У дзень ад’езду ўжо з самага раньня некалькі пірогаў абкружылі карабель і мне ўвесь час дакладалі, што «чорныя» хочуць бачыць мяне, або клічуць мяне. Калі я выходзіў на палубу, тубыльцы пачыналі крычаць, але шум якару і некалькі зваротаў вінта разагналі хутка ўсе пірогі. Іх крыкі ўжо сталі даносіцца да мяне ня так ясна. Калі мы агіналі мысок, дык пачуліся ўдары баруму ў Гарэнду і Бонгу, хутка да іх далучыўся і барум Гумбу. Аддаляючыся, мы яшчэ доўга чулі гукі баруму, а калі праплывалі Білі-Білі, дык я мог яшчэ разглядзець у бінокль тубыльцаў, якія сядзелі, стаялі і хадзілі ўсьцяж скалістага берагу...

ПАЎТОРНАЕ ПАДАРОЖЖА Ў НОВУЮ ГВІНЭЮ Ў 1874 ГОДЗЕ


Прайшло болей году пасьля звароту Міклухі-Маклая з Новай Гвінэі, калі ён зноў ужо сабраўся ў сваё другое падарожжа туды-ж. На гэты раз яго мэтай быў паўднёва-заходні бераг выспы. Гэты бераг носіць усялякія назвы і заселены незалежнымі пляменьнямі. Папуасы на беразе Папуа-Онім жывуць асела. Да іх часта наведваюцца гандляры. Папуасы-ж на беразе Папуа-Ковнай вядуць жыцьцё вандроўнае і карыстаюцца кепскай рэпутацыяй, бо вядуць частыя войны, учыняюць забойствы і робяць напады на гандлёвыя экспэдыцыі. Таму да берагоў Папуа-Ковнай рэдка падплываюць нават малайскія гандлёвыя судны, якія называюцца «прау». Але якраз гэтая акалічнасьць — больш рэдкае наведваньне, меншы наплыў гандляроў і, значыць, ўплыў чужацкага элемэнту,— прымусілі Міклуху-Маклая выбраць гэты бераг для новых дасьледзін, хоць гэта было даволі рызыкоўна. Аднак, папуасы гэтага берагу, хоць і былі зьдзіўлены намерам Міклухі-

Маклая жыць сярод іх, усё-ж абыходзіліся з ім па-сяброўску і нават пачціва.

Папуасы Ковнай, як мы ўжо заўважылі, вядуць жыцьцё вандроўнае. Яны пераяжджаюць на сваіх пірогах ад аднаго берагу да другога, з аднае затокі ў другую. Халупа Міклухі хутка зрабілася асяродкам, ля якога заўсёды былі пірогі з жыхарамі суседніх выспаў Наматотэ, Айдумы і Мавары, якія прыяжджалі сюды з сваімі старшынямі.

Пазнаёміўшыся з ваколіцамі, Міклуха-Маклай наважыў зрабіць больш далёкую экскурсію на ўрумбаі. Так называюцца мясцовыя судны, з невялікаю каютаю пасярэдзіне, на якіх часта жыхары выспы Сэрам езьдзяць у свае гандлёвыя паездкі. Міклуха пакінуў аднаго свайго прыслужніка вартаваць сваю маемасьць у халупе разам з 5 сэрамцамі і паплыў усьцяж берагу на ўрумбаі. Спыніўшыся ў аднэй букце, ён, як і заўсёды, пашоў у горы адзін і няўзброены. Ён вярнуўся цэлым з сваёй экскурсіі, але яго людзі на ўрумбаі сталі шчыра прасіць яго не аставацца нанач ля берагу, а хутчэй выйсьці ў адкрытае мора. Па дарозе назад ён даведаўся, што горныя жыхары напалі на жыхароў выспы Айдумы, забілі жонку і дачку старшыні Айдумы і паранілі некалькі чалавек жанчын і мужчын.

У Наматотэ яму паведамілі, што яго суседзі, жыхары Маўры і Наматотэ, скарысталі напад горных жыхароў і разрабавалі яго рэчы. Пры гэтым загінулі розныя інструманты, аптэка, запас хіннага віна, вопратка і кансэрвы.

Міклуха-Маклай наважыў перасяліцца на выспу Айдуму, бо аставацца на ранейшым месцы было нельга. Ён пасяліўся ў маленькай халупе і жыў у ёй адзін, бо яго людзі баяліся праводзіць ночы на беразе і спалі на ўрумбаі, які стаяў на якары блізка ля берагу. Аднак, яму ня прышлося пажыць тут спакойна. Абставіны ўскладняліся з кожным днём. Горныя і ўзьбярэжныя папуасы сапраўды яшчэ раз зьявіліся на месца яго ранейшага жыцьця, а пасьля ён даведаўся, што жыхары Наматотэ хочуць зрабіць на яго напад у Айдуме. Кожны дзень яго людзі бачылі нейкіх падазроных прау, а таксама заўважалі сьвежыя сьляды невядомых людзей, якія валачыліся ля яго халупы, і нават начавалі блізка ад яе, у лесе. Трэба было заўсёды быць на варце і насіць зброю, што для Міклухі-Маклая было вельмі нудна і цяжка. Ён усё-ж хацеў астацца тут нават адзін, бо ніхто з людзей не згаджаўся так рызыкаваць. Адна акалічнасьць прымусіла яго зьмяніць свой намер. Ён даведаўся, што галоўным вінавайцам рабунку быў «капітан Мавары» (старшыня), які хаваўся на аднэй прау (мясцовыя лодкі). Зараз-жа ў Міклухі-Маклая зьявілася сьмелая думка, якую ён неадкладна выканаў. Узяўшы з сабою аднаго прыслужніка, ён паехаў да прау. Знайшоўшы там «капітана» і прыставіўшы яму рэвольвэр да роту, ён загадаў прыслужніку зьвязаць яму рукі. Разбойнік быў так ашаломлены і так спалохаўся, што зусім не бараніўся. Таксама былі ашаломлены і папуасы, якія стаялі на беразе і бачылі ўсё, што адбылося. Пасьля гэтага, зразумела, нельга было марудзіць. Зьвязанага разбойніка пасадзілі на ўрумбай і праз паўтары гадзіны судна вышла ў адкрытае мора.

Праз пяць дзён урумбай прыплыў на выспу Кільвару. Міклуха перадаў свайго палоньніка мясцоваму начальніку і загадаў трымаць яго ў зьняволеньні да прыезду голяндзкага чыноўніка. Але і самому Міклусе-Маклаю прышлося астацца там амаль на месяц і чакаць прыезду голяндзкага ваеннага судна. Гэтае судно даставіла яго на Амбойну, дзе ён захварэў і пражыў яшчэ месяц. Там яго знайшоў капітан Морэсьбі, які прыехаў на ангельскім ваенным судне. Міклуха-Маклай быў у такім стане, што, па словах капітана Морэсьбі, ніхто ня верыў ужо, што ён можа ачуняць. Аднак, ён паздаравеў і, пражыўшы пасьля некаторы час у Батавіі, задумаў яшчэ новае падарожжа на Малакскую паўвыспу.

Сваіх прыяцеляў папуасаў Міклуха-Маклай наведаў толькі ў 1876 годзе. Ён прыехаў туды на маленькай гандлёвай шкуне «Морская Птица», якая плавала пад ангельскім сьцягам. З капітанам гэтае шкуны ён зрабіў умову, згодна якое капітан павінен быў заехаць за ім туды праз 6 месяцаў.

Тубыльцы былі вельмі рады,— піша Міклуха-Маклай у сваім дзеньніку,— але яны ніяк ня былі зьдзіулены, калі ўбачылі мяне, бо былі ўпэўнены, што я стрымаю сваё слова. Калі я зьлез на бераг у Гарэнду, дык у хуткім часе ўсе тубыльцы з суседніх вёсак, не выключаючы жанчын і дзяцей, зьбегліся вітаць мяне. Усё насельніцтва было вельмі ўсхвалёвана маім зваротам, з многія плакалі. Некалькі старых памёрла за гэты час. Затое шмат хлопчыкаў сталі ўжо дарослымі людзьмі, а сярод маладых жанчын я пазнаў такіх, якіх пакінуў зусім маленькімі дзяўчаткамі.

Жыхары бліжэйшых вёсак упрашалі мяне астацца жыць з імі. Але я, як і ў 1871 годзе, наважыў збудаваць сабе хату на некаторай адлегласьці ад вёскі Бонгу. На гэты раз я прывёз з Сінгапуру [22] ў разабраным выглядзе невялікую драўляную хатку. Толькі палі, на якіх яна павінна была стаяць, касьцяк і страха былі зроблены на месцы.

Я адразу заўважыў вялікую зьмену напрамкаў вады горных вяршынь. Тубыльцы паведамілі, што за час маёй адсутнасьці некалькі раз адбыліся зямлятрасеньні на беразе і ў гарах. Шмат жыхароў было забіта какосавымі дрэвамі. Апрача таго, узьбярэжныя вёскі моцна пакутавалі ад надзвычайна вялікіх хваляў з якімі адбываліся зямлятрасеньні. Гэтыя хвалі вырывалі дрэвы і зносілі халупы. Такая катастрофа была гадоў 20 таму. Адна вялізная хваля змыла цэлую вёску разам з усімі жыхарамі. Гэта здарылася ноччу, і таму ўсе жыхары загінулі, за выключэньнем некалькіх мужчын, якіх выпадкова ня было ў гэты час у вёсцы. Яны не хацелі вярнуцца жыць на старое месца і перасяліліся ў вёску Гумбу, якая ўцалела, бо ляжыць далей ад берагу.

Міклуха-Маклай пабудаваў сваю халупу недалёка ад месца свайго ранейшага пражываньня і пасяліўся ў ёй з сваімі трыма малайскімі прыслужнікамі. Адтуль ён наладжЕаў з сваімі сябрамі-папуасамі экскурсіі на ўзьбярэжжы, у бліжэйшыя горы і на суседнія выспы. Жыхары Білі-Білі нават пабудавалі для яго асобны домік, адтуль ён мог рабіць больш далёкія паездкі, чым у час свайго першага пражываньня ў Новай Гвінэі. Ён езьдзіў на іх пірогах на поўнач ад букты Астролябія аж да таго месца, дзе па некаторых меркаваньнях жылі людаеды. У вёсцы Гарыму, куды ён раз пашоў, ня гледзячы на перасьцярогі сваіх прыяцеляў тубыльцаў, ён шчасьліва пазбавіўся небясьпекі толькі дзякуючы сваёй мужнасьці і прысутнасьці духу.

— О, Маклай, не хадзі ў Гарыму,— казалі яму людзі ў вёсцы Богаці, якая ляжала на беразе ў 4-х мілях ад Гарыму. Адзін з іх, па іменьні Ур, сказаў яму, што спаткаў двух тубыльцаў з Гарыму, якія казалі, што ў Маклая шмат рэчаў у хаце, і што калі-б людзі Бонгу забілі яго, дык маглі-б усім заўладаць. Два жыхары Гарыму хочуць прыехаць забіць яго і забраць сабе яго рэчы.

Выслухаўшы ўсё гэта і добра абдумаўшы, Міклуха-Маклай пашоў сам насустрач небясьпецы. Пераначаваўшы ў Багаці, ён берагам пашоў у Гарыму. Дарога была цяжкая. Два разы яму давялося пераходзіць у брод рэчку ў вадзе да пояса. Ён амаль заблудзіў у лесе, але нарэшце выбраўся на бераг і там убачыў выцягнутую на бераг пірогу. Некалькі галасоў было чутно з лесу, і Міклуха-Маклай пачакаў тубыльцаў. Яны былі зьдзіўлены, калі ўбачылі яго, і Міклусе здалося, што яны былі гатовы ўцячы. Ён падышоў да самага старэйшага і запытаў на дыялекце Бонгу: — «Вы людзі Гарыму?»

Стары ўзьняў галаву, што Міклуха палічыў за станоўчы адказ. Назваўшы сябе, Міклуха сказаў, што ідзе ў Гарыму і хоча паехаць з імі.

Тубыльцы былі зьбянтэжаны. Міклуха даў кожнаму з іх па порцыі тутуну, і яны паехалі. Адлегласьць была, аднак, значна большая, як меркаваў падарожнік. Калі пірога пад’ехала да вёскі, сонца стаяла ўжо зусім нізка. Даўшы яшчэ тутуну і па адным цьвіку сваім спадарожнікам, Міклуха пашоў у вёску. З ім ішло некалькі тубыльцаў, якія падышлі да яго пірогі. Але ніводзін з іх, аднак, не гаварыў на дыялекце Бонгу і яму давялося гаварыць з імі на мігі. Міклуха-Маклай палажыў руку на галодны жывот, потым паказаў на рот і тубыльцы зразумелі, што ён хоча есьці. Потым ён паказаў ім, што хоча спаць і яго зараз-жа завялі ў буамрамра. Урэшце, прышоў чалавек, які ведаў мову Бонгу, і

Маклай мог скарыстаць яго, як перакладчыка. Ён папрасіў яго склікаць усіх галоўных людзей Гарыму. Калі сабраўся вялікі натоўп, Маклай загадаў падкінуць у агонь сухіх трэсак для лепшага асьвятленьня буамрамры. Калі гэта было зроблена, ён сеў на барум ля агню, які асьвятляў прысутных, і запытаў праз перакладчыка, ці тут ёсьць Абуі і Малу.

Гэта былі імёны тых тубыльцаў, якія, як яму перадавалі ў Багаці, хацелі забіць яго. Калі ён назваў іх, то тубыльцы сталі між сабою пераглядацца і толькі праз некалькі хвілін Абуі і Малу былі пакліканы. Міклуха-Маклай паказаў ім два месцы ля самага агню, якраз насупроць яго, і яны нехаця выканалі яго запатрабаваньне. Потым ён пачаў гаварыць і перакладчык перакладаў яго прамову амаль слова ў слова. Ён сказаў, што пачуў ад людзей Багаці, нібы двое людзей Гарыму, па іменьні Абуі і Малу, хочуць яго забіць. Вось таму ён і прышоў у Гарыму, каб паглядзець на гэтых людзей. Ён стаў па чарзе глядзець на абудвых, і яны кожны раз адварочваліся, калі сустракалі яго погляд.

— Гэта вельмі кепска,— дадаў ён,— бо я нічога благога не зрабіў ні Абуі ні Малу і нікому з людзей Гарыму. Цяпер, прайшоўшы пехатою ад Багаці да Гарыму, я зьнябыўся і хачу спаць. Я зараз лягу і калі Абуі і Малу хочуць забіць мяне, няхай гэта зробяць зараз, калі я буду спаць, бо заўтра я пайду з Гарыму. Сказаўшы гэта, Маклай пашоў да барлы, лёг і захутаўся ў коўдру. Яго словы, відаць, зрабілі вялікае ўражаньне на тубыльцаў. Засынаючы, ён чуў узгалосы і гутаркі, у якіх яго імя называлася некалькі разоў.

«На другі дзень я, зразумела, быў цэлы,— піша Маклай у сваім дзеньніку. — Перад маім адыходам з Гарыму Абуі прынёс мне ў падарунак вялікую сьвіньню і разам з Малу ўзяўся абавязкова праводзіць мяне ня толькі да Багаці, але і да мае хаты»...

Вялікую экскурсыю Міклуха-Маклай зрабіў на «вангу» з Білі-Білі. Ванг — гэта вялікая пірога, якая мае даволі вялікую халупу на пляцформе. У гэтай халупе Міклуха-Маклай мог зьмясьціць ня толькі ўсе свае рэчы разам нават з вісячаю газаваю лямпаю, але знайшоў месца для свайго стала і для невялікага крэсла. Кожным такім вангам кіруюць двое людзей, адзін кіруе парусам, другі — рулём. Жыхары Білі-Білі робяць на вангах вялікія паездкі ўсьцяж паўночна-ўсходняга берагу. Стары сябра Маклая Каін, якому належаў ванг, аддаў яго ў распараджэньне Маклая і сам паехаў з ім. Міклуха-Маклай наведаў шмат узьбярэжных вёсак і ўсюды папуасы сустракалі яго па-сяброўску і ва ўсім яму верылі. Яго запрашалі на грамадзкія сьвяты, ён прысутнічаў на вясельлях і на пахаваньнях, тубыльцы раіліся з ім у важных выпадках. Аднойчы да яго зьявілася дэпутацыя з Бонгу, каб прасіць яго быць іх спадарожнікам на выпадак вайны. Вайна здавалася няўхільнай, бо ў Гарэнду ў аднэй сям’і былі два сьмяротных выпадкі і ў гэтым вінавацілі жыхароў аднае горнае вёскі. Калі не зрабіць гэтаму канец неадкладным паходам у горы, усе жыхары Гарэнду паўміраюць,— сказалі яму. Але Міклуха-Маклай заўсёды быў супроць вайны і ўтрымліваў ад яе тубыльцаў. Цяпер яму трэба было ўжыць увесь свой уплыў і свой аўторытэт, каб утрымаць ад гэтага сваіх прыяцеляў-папуасаў. Ён ня мог быць бязудзельным да становішча спраў у вёсцы Бонгу, якая была ўсяго ў 5-ці хвілінах хады ад яго хаты. Жыхары яе вельмі хваляваліся. Старыя даводзілі яму, што вайна неабходна, а да буамрамры, дзе быў Маклай, сабраўся вялікі ўзброены натоўп, які напружана чакаў вырашэньня. Пераконваць іх ня было карысьці і Маклай не рабіў гэтага. Калі яны скончылі гутарыць, Маклай устаў і зусім спакойна зьвярнуўся да іх з наступнымі словамі:

— Маклай кажа, што вайны ня будзе. А калі вы пойдзеце ў паход у горы, з вамі ўсімі здарыцца няшчасьце.

Надышло ўрачыстае маўчаньне, а пасьля пасыпаліся пытаньні: «Што здарыцца?», «Што будзе?», «Што Маклай зробіць?»...

— Самі ўбачыце, калі пойдзеце ў паход, адказаў ён ім і павольна пашоў дадому.

Не пасьпеў ён дайсьці да свае халупы, як яго дагнаў адзін стары.

— Маклай,— запытаў ён, задыхаючыся,— калі людзі Бонгу пойдуць у горы, ці ня здарыцца «тангрын» (зямлятрасеньне)? Людзі Бонгу, Гумбу, Гарэнду, Багаці, усе, усе баяцца «тангрыну». Скажы, ці здарыцца «тангрын»?

— Магчыма,— адказаў Маклай і хуткімі крокамі накіраваўся да халупы.

Тыдні праз два да яго прышоў яго стары прыяцель Туй. Ён сказаў яму, што жыхары Гарэнду хочуць выселіцца. Маклай зьдзівіўся і Туй растлумачыў яму.

— Мы ўсе баімося жыць там. Калі астанемся ў Гарэнду — мы ўсе памром. Два ўжо памерлі ад «оніму» (чараўніцтва) людзей горнае вёскі, так і іншыя памруць. Ня толькі людзі паміраюць, але хворыя і какосавыя пальмы. Лісьце на ўсіх пальмах чырвонае і яны ўсе памруць. Мана-Таму, горныя людзі, закапалі «онім» у Гарэнду, вось і какосавыя пальмы паміраюць. Хацелі мы пазабіваць гэтых людзей, ды нельга, Маклай ня хоча, кажа «здарыцца бяда». Людзі Бонгу баяцца «тангрыну». Здарыцца «тангрын» — усе вёскі навакол скажуць: людзі Бонгу вінаваты. Маклай казаў: «Будзе бяда, калі Бонгу пойдзе ў горы»... Усе вёскі пойдуць на Бонгу, вось людзі Бонгу і баяцца. А ў Гарэнду людзей вельмі мала, каб ісьці ваяваць адным. Таму мы і хочам разыйсьціся ў розныя бакі,— скончыў Туй сваім панурым голасам.

Маклай заўсёды гадзіне а шостай увечары хадзіў да сваіх суседзяў у вёску Бонгу. У гэты дзень ён таксама пашоў туды, мяркуючы ўбачыць там таксама і жыхароў іншых вёсак. Прышоўшы ў вёску, ён пашоў у буамрамру, адкуль чутна была гучная і жвавая гутарка, якая спынілася пры яго зьяўленьні. Ён падумаў, што тубыльцы гаварылі пра яго або пра што-небудзь такое, што хацелі затаіць ад яго. У буамрамры быў цэлы сход. Усе маўчалі, калі прышоў Маклай і сеўсярод іх. Ён зразумеў, што перашкодзіў іх нарадзе. Урэшце, адзін з яго старых прыяцеляў, па. іменьні Савул, якому ён верыў болей, як усім, падышоў да яго, палажыў яму руку на плячо, глянуў у вочы і запытаў яго просячым голасам:

— Маклай, скажы, ці можаш ты памерці? Быць няжывым, як людзі Бонгу, Багаці, Білі-Білі?..

Пытаньне гэта было вымаўлена нейкім урачыстым тонам і зьдзівіла Маклая сваёй неспадзяванасьцю. Але ён убачыў па выразах твараў, што ўсе з напружнасьцю чакаюць яго адказу.

«Я падумаў, што можа тубыльцы аб гэтым гутарылі перад маім прыходам і таму зразумеў, чаму маё зьяўленьне спыніла іх гутарку,— піша Маклай. — Мне трэба было добра абдумаць свой адказ. Тубыльцы былі перакананы, што Маклай ня скажа ім няпраўды. Сказаць «не» было нельга, бо ва ўсякі час якая-небудзь выпадковасьць магла-б ім паказаць, што я сказаў няпраўду. Адказаць «але» — гэта значыць самому зьменшыць сваю рэпутацыю, якая асабліва важна якраз цяпер, праз некалькі дзён пасьля забароны вайны...

Я ўстаў, прайшоў па буамрамры, глянуў на колекцыю рознае зброі і зьняў са сьцяны цяжкую і гострую дзіду. Калі яе трапна кінуць, яна-б учыніла нямінучую сьмерць. Я падышоў да Савула, які стаяў пасярод буамрамры і сачыў за маімі рухамі, падаў яму дзіду, адышоў на некалькі крокаў і спыніўся супроць яго. Я зьняў капялюш, шырокія краі якога закрывалі мне твар. Я хацеў, каб тубыльцы ясна ўбачылі па маім твару, што «Маклай» не жартуе і ня міргне вокам, што-б ні здарылася... Я сказаў тады: «Паглядзі, ці можа Маклай памерці?» Зьбянтэжаны Савул хоць і зразумеў мае прапановы, але нават ня ўзьняў дзіды і першы загаварыў: «Арэн, арэн» (не, не). Некаторыя з тубыльцаў кінуліся да мяне, нібы каб засланіць мяне сваім целам ад дзіды Савула. Яшчэ праз некалькі момантаў я жартуючы назваў Савула «бабаю» і сеў сярод тубыльцаў. Пасьля гэтага ніхто ўжо болей ня пытаў мяне: «Ці магу я памерці?».

Судна, якое павінна было прыйсьці за Маклаем не пазьней сьнежня 1876 году, не зьявілася. Маклай апынуўся ў цяжкім стане. У яго вышлі ўсе запасы. У сэнсе харчаваньня ён папаў у поўную залежнасьць ад тубыльцаў і еў выключна стравы з расьлін. Урэшце, у лістападзе 1877 году, да яго на выручку прышла ангельская шхуна. Ад’яжджаючы, Міклуха-Маклай пакінуў шмат сваёй маёмасьці пад ахову тубыльцаў, якія адносіліся з вялікаю павагаю да яго ўласнасьці.

Трэці і апошні раз Міклуха-Маклай наведаў Новую Гвінэю ў 1883 годзе на расійскім вайсковым судне, якое ён сустрэў у Батавіі на шляху ў Аўстралію. Камандзір судна сказаў яму, што ён мае намер наведаць некаторыя выспы Меланэзіі і можа заедзе на бераг Маклая. Падарожнік узрадаваўся, што зноў пабачыць Новую Гвінэю і даведаецца, што стала з яго сябрамі папуасамі.

Калі Міклуха-Маклай зышоў на бераг у Новай Гвінэі, зараз-жа ўбачыў там некалькіх старых знаёмых з Гумбу і сказаў ім, што заўтра раніцою будзе ў Бонгу. Тубыльцы абступілі яго. Перабіваючы адзін другога, яны зварочваліся да яго з запытаньнямі, дзе ён будзе жыць і калі трэба пачаць будаваць халупу для яго. Вёска Бонгу здалася яму на гэты раз нібы крыху меншай і запушчанай. Сапраўды, прыпомніўшы разьмеркаваньне вёскі, ён хутка заўважыў, што цэлых дзьве пляцоўкі з пабудаванымі на іх халупамі ператварыліся ў пустку. На пляцоўках парасла трава, а на руінах халупаў рос хмызьняк. На яго запытаньні яны растлумачылі, што тубыльцы, якія жылі ў гэтых халупах, адны паўміралі, а другія выселіліся. Ён запытаў пра Туя і даведаўся, што ён памёр.

Міклуха-Маклай вельмі шкадаваў свайго старога прыяцеля. Ён ледзьве пазнаў мясцовасьць, дзе пяць-шэсьць год таму стаяла яго хата. Пад вялікімі дрэвамі, якія абкружалі тады яго халупу, цяпер рос густы хмызьняк. Толькі месцамі рэдка выглядалі між зелянівам пасаджаныя ім какосавыя пальмы, бананы і інш. расьліны. Замест шырокіх сьцежак, якія добра даглядаліся і былі чыстыя, ля месца яго былой халупы, цяпер былі толькі дзьве-тры сьцежкі, па якіх льдзьве можна было пралезьці. Калі ён успомніў, з якімі турботамі будаваў сабе хату, з якою цярплівасьцю разводзіў сваю плянтацыю, ён ледзьве мог паверыць, што такога кароткага часу было даволі, каб ператварыць усё ў глухі куточак густога лесу... Але і добра знаёмай яму сьцежкі ў вёску Гарэнду таксама нельга было распазнаць. Нявысокі тады хмызьняк вырас у вялікія дрэвы. Вельмі-ж зьдзівіў яго выгляд вёскі Гарэнду. Тады гэта была вялікая вёска. А цяпер асталіся толькі дзьве-тры халупы і ўсё зарасло да таго, што нельга яе пазнаць.

«Мне стала так сумна,— піша Міклуха-Маклай,— што я пасьпяшыў вярнуцца на бераг і зноў пашоў у Бонгу. Там я адчуваю сябе, як дома. Мне здаецца, што ні да воднага куточка зямное кулі, дзе мне прыходзілася жыць у час маіх вандраваньняў, я не адчуваю такое прыхільнасьці, як да гэтага берагу Новае Гвінэі. Кожнае дрэва здавалася мне тут старым знаёмым. Калі я прышоў у вёску, навакол мяне сабраўся натоўп. Але многіх знаёмых я ня мог далічыцца, многія былі мне зусім незнаёмыя. У мой апошні прыезд яны былі яшчэ юнакамі, а цяпер у іх саміх былі дзеці. Толькі некаторыя з старых былі маімі старымі прыяцелямі. Былі і такія пасярод іх, якія прыхіліліся да майго пляча, плакалі і, усхліпваючы, сталі пералічваць памёршых у час мае адсутнасьці. Усім хацелася, каб я пастарому жыў сярод іх, на гэты раз ужо ў самой вёсцы, і ўсе хацелі ведаць, калі я зноў вярнуся»...

Міклуха-Маклай наведаў і Білі-Білі, дзе яго спаткаў натоўп тубыльцаў. Сярод іх ён убачыў свайго старога прыяцеля Каіна. Разам з ім ён паехаў на пірозе ў вёску Бомасі, пра якую шмат чуў у 1876 годзе, і жыхары якой лічыліся людаедамі. Але самому яму не ўдалося праверыць ці гэта праўда. Каін упэўнена казаў, што тубыльцы Бомасі вараць чалавечыя мазгі ў самым чэрапе і калі ўсё зьядаюць, косткі выкідаюць у мора. Міклуха-Маклай быў здаволены, што тубыльцы не частавалі яго мясам у гэты дзень.

Расійскі корвэт павінен быў адплыць на другі дзень, але адваротны вецер перашкодзіў гэтаму. Маклай скарыстаў гэтую затрымку і наведаў маленькую выспачку, якая звалася Мегасьнэна. Праз пасярэдніцтва Каіна ён запытаў тубыльцаў, якія лічаць гэту выспу сваёй, ці згодны яны даць яму гэту выспу для таго, каб ён мог пабудаваць там для сябе дом у выпадку, калі ён зноў вернецца. Усе ня толькі далі сваю згоду, але былі нават вельмі здаволены, калі пачулі, што Маклай зноў хоча пасяліцца сярод іх...

Але Міклусе-Маклаю ня суджана было ажыцьцявіць гэты замер. Гэта было яго апошняе падарожжа ў Новую Гвінэю. Больш ён туды не вярнуўся...

1

Часта яшчэ можна сустрэць назву — Гвінэя. Трэба памятаць. што гэта будзе ўжо зусім іншая краіна: заходні бераг Афрыкі, ля Гвінэйскае затокі.

(обратно)

2

Можам параіць прачытаць яшчэ кніжку Я Маўра: "У краіне райскае птушкі". Разам з цікавым бэлетрыстычным зьместам чытач знойдзе там дадатковыя веды аб Новай Гвінэі.

(обратно)

3

Мыс — маленькі выступ зямлі ў мора.

(обратно)

4

Архіпэляг — згрупаваньне выспаў.

(обратно)

5

Корвэт — лёгкі ваенны карабель.

(обратно)

6

Букта — маленькая зацішная затока, у якой звычайна хаваюцца ў часы вятроў морскія судны.

(обратно)

7

Пірога — доўгі вузкі (часьцей выдзяўбаны) човен.

(обратно)

8

Бэтэль — расьліна, накшталт тутуну, якую жуюць з дадаткам вапны.

(обратно)

9

Казуар — аўстралійскі страус.

(обратно)

10

Какаду — папуга.

(обратно)

11

Трап — сходкі.

(обратно)

12

Каралевыя рыфы — вапняныя падводныя пабудовы маленькіх жывёлінак (каралевых поліпаў).

(обратно)

13

Група выспаў на Ціхім акіяне.

(обратно)

14

Табу — забарона. Распаўсюджаны звычай, заведзены жрацамі, каб надаць таямнічасьці ды сьвятасьці розным рэчам.

(обратно)

15

Вахта — морскі тэрмін, азначае час дзяжурста варты.

(обратно)

16

Асобны від папугаў.

(обратно)

17

Казюлькі накшталт нашых конікаў.

(обратно)

18

Бура, віхор.

(обратно)

19

Прыправа з перцу і іншых пернасьцяй.

(обратно)

20

Гамак — сетка, якую падвешваюць да дрэў або слупоў.

(обратно)

21

Кліпэр — скараходнае ваеннае судно. Слова "кліпэр", як і корвэт,— цяпер ня ўжываецца.

(обратно)

22

Сінгапур — важнейшы ангельскі пункт (горад, порт) на паўднёвым канцы Інда-Кітаю.

(обратно)

Оглавление

  • МІКАЛАЙ МІКЛУХА-МАКЛАЙ АДЗІН СЯРОД ДЗІКУНОЎ
  • ПЕРШАЕ ЗНАЁМСТВА З ДЗІКУНАМІ
  • ЗНОСІНЫ З ТУБЫЛЬЦАМІ
  • ЖЫЦЬЦЁ Ў НОВАЙ ГВІНЭІ
  • СЬМЕРЦЬ БОЯ
  • ЗБЛІЖЭНЬНЕ З ТУБЫЛЬЦАМІ
  • У ГАСЬЦЯХ У ТУБЫЛЬЦАЎ. — ЗДАБЫВАНЬНЕ АГНЮ. — ДОКТАРСКАЯ ДАПАМОГА. — ТРЫВОГА.
  • НАЧНОЕ СЬВЯТА
  • МЕНАВЫ ГАНДАЛЬ. — СЯМЕЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
  • АД'ЕЗД З НОВАЕ ГВІНЭІ
  • ПАЎТОРНАЕ ПАДАРОЖЖА Ў НОВУЮ ГВІНЭЮ Ў 1874 ГОДЗЕ
  • *** Примечания ***