Высокі страх [Васіль Ткачоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Васіль Ткачоў ВЫСОКІ СТРАХ


Апавяданні для малодшага школьнага ўзросту


ЦЁПЛЫЯ АБНОЎКІ


За ноч увесь двор замяло снегам. Алёнка, калі толькі прачнулася, адразу падбегла да акна, абрадавалася:

– Бабуля, паглядзі, якая бялюткая коўдра!

– Зараз паглядзім, зараз, што там за коўдра такая, – паспяшалася да ўнучкі бубуля.– Ну, дзе там яна, коўдра тая?

– Вунь! Бачыш?

– Бачу, бачу, Алёнка. Гэта зіма нам падаравала нарэшце такую коўдру. Доўга не было снегу, а за гэтую ноч яго насыпала столькі, што і на лыжах дзецям можна катацца. Малайчына, зіма!

Паглядзець на бялюткую коўдру захацелася і маленькаму кудлатаму сабачку Джэсі. Ён узабраўся на падваконнік і таксама з захапленнем глядзеў на двор.

– Вось паснедаеш, і можаш пахадзіць па сняжку, – сказала бабуля.

І раптам Алёнка засумавала, куды і падзеўся яе добры настрой.

– Што з табой, унучачка мая залатая? – захвалявалася бабуля.

– Джэсі таксама хоча на вуліцы пагуляць, – сказала дзяўчынка.

– Дык возьмеш яго з сабой, бяды тае!

– Ага, возьмеш: калі я маю валёнкі, то ў Джэсі іх няма. А ён жа можа лапкі адмарозіць

Джэсі двойчы пацвердзіў, што яго гаспадынька праўду кажа:

– Гаў-гаў!..

Бабуля задумался. А потым сказала:

– Ну, што ж: трэба і для Джэсі валёнкі зрабіць.

– Ты, бабулька, малайчына!– пахваліла яе дзяўчынка.– Ты самая здагадлівая бабулька. Давай, давай рабіць валёнкі для Джэсі! А як зробім, тады мы і пойдзем з ім на вуліцу.

– А, можа б, ты адна пакуль пабегала? Глядзі, як прыгожа на дварэ? А то можа і так у нас атрымацца: пакуль будзем валёнкі рабіць сабачку, снег раптам растане. Зіма сёлета на сюрпрызы ахвотніца вялікая.

– Адна – не, не пайду. Як гэта адна? Ты што гаворыш, бабуля? А што мне Джэсі скажа? Ты пра гэта падумала?

– Не, Алеська, не падумала, – шчыра прызналася бабуля.– Тады давай рабіць валёнкі для твайго сябра. Так і быць.

Бабуля ў Алёнкі – майстрыца добрая, пра гэта дзяўчынка ведае. Яна ўсё жыццё працавала швачкай на фабрыцы. Але што ж скажа пра тыя валёнкі Джэсі, калі іх будзе рабіць толькі яна адна? Сабачка ж ходзіць за дзяўчынкай, нібы іголка за ніткай. Канешне ж, ён ведае, што зараз будуць шыць яму зімовы абутак. Стараецца не перашкаджаць. А дзяўчынка тым часам зняла чаравічкі са сваёй лялькі, падала іх бабулі.

– І ў Джэсі такая ножка, як у лялькі Машы, – сказала яна.

– Добра, няхай гэты чаравічак будзе нам узорам, – пагадзілася бабуля.– А якога ж калеру ты хочаш пашыць валёнкі?

Дзяўчынка не разгубілася:

– Цёплага!

І залілася смехам. Бабуля прытуліла Алёнку да сябе: разумніца ты мая! А потым яны падабралі тканіну, якраз у бабулі застаўся кавалак фланелі ад безрукаўкі, у якой яна і ходзіць цяпер па пакоі, з таго кавалачка і выкраілі валёнкі.

Валёнкі атрымаліся такія прыгожыя, што іх адразу ацаніў і Джэсі: як апранулі яму на ножкі, дык ён і не даў зняць.

– Бабуля, у нас жа засталася яшчэ тканіна, – Алёнка паказала на кавалачак фланелі.– Не прападаць жа ёй.

– Здагадваюся, пра што ты, здагадваюся, унучка.

– Ты правільна здагадваешся, бабуля, – усміхнулася дзяўчынка.

– Бяры аловак і сама намалюй паліто, у якое б ты хацела апрануць свайго любімчыка.

У валёнках і паліто Джэсі стаў сапраўдным франтам. Але нос не задраў. Ён моўчкі бегаў побач з Алёнкай па сняжку, а калі хто ішоў ім насустрач, Джэсі прыціскаўся да нагі дзяўчынкі і ўсім сваім выглядам паказваў, што гэта яна, Алёнка, падаравала яму такі цудоўны зімовы дзень.


ВЫСОКІ СТРАХ


У гарадскім парку дзеці зрабілі коўзанку. Шумна на горцы. Стасік трымаецца за руку дзядулі, з зайдрасцю глядзіць, як хлопчыкі і дзяўчынкі – хто на чым – спускаюцца ўніз. Ён зайдросціў дзецям: мне б так! І яшчэ Стасік раз-пораз паглядае на атракцыён «Чортава кола», ён побач, і на ім шмат снегу: спіць, мусіць. Як мядзведзь у бярлозе, так і ён – да самай вясны. Канешне, хто цяпер, у такі холад, адважыцца забірацца вышэй дрэў, што растуць у парку? Дзівакоў няма. Стасік глядзеў і глядзеў на атракцыён, а тады ўзяў ды і паказаў яму язык: во, бачыш?

– З кім гэта, унук, ты так размаўляеш? –пацікавіўся дзядуля.

– З высокім страхам, – адказаў хлопчык.

– А дзе ж ён, страх той? – пакруціў галавой па баках дзядуля.

Стасік паказаў на чортава кола:

–Ды вунь, вунь!... А ты хіба не ведаеш, дзе жыве высокі страх?

– Не.

– На чортавым коле.

– Няўжо?

– Ага.

– А я гляджу на атракцыён, і ніякога страху там не бачу, – здзівіўся дзядуля.

– І не ўбачыш. Бо ты дарослы, а я маленькі. А страх бачаць толькі дзеці.

– Хто табе так сказаў?

– Я сам ведаю...

– Бач ты! І як жа ты, Стасік, думаеш перамагчы той высокі страх?

– Мне здаецца, дзядуля, каб я таксама з’ехаў з горкі, як усе хлопчыкі, я б спярша перамог маленькі страх, а тады б не баяўся катацца і на чортавым коле...

Дзядуля ўсміхнуўся і дазволіў Стасіку пайсці на коўзанку. А сам сустрэў унука ўнізе.

– Ну, і як, перамог маленькі страх? – пацікавіўся дзядуля.

– Перамог, дзядуля, – сур’ёзна адказаў хлопчык. – Пачакаю, калі “прачнецца” чортава кола, тады перамагу і высокі страх.

І Стасік зноў пачаў карабкацца на горку.


ЛЮБКА-ГАЛУБКА


Ну, бачылі яе, Любку? Накрашыла ў талерку хлебных крошак, насыпала семак, паставіла побач кубачак з вадою. І чакае, калі прыляціць яе голуб Цішка. Нічога не скажаш – прывабная і сур’ёзная афіцыянтка. Хоць і з-за стала яе не відаць. Таму Любка з талеркай стаіць на табурэце перад акном. Чакае. За ўсім гэтым назірае бабуля Валя. Яна жыве ў суседнім доме, таму нярэдка заходзіць, каб праведаць унучку: Любка яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, і адну яе на вуліцу не выпускаюць. Нават да бабулі. Тата забараніў: «Падрасцеш, тады і пойдзеш сама. А пакуль – рана».

Голуба нешта доўга няма. Мо здарылася што? Ці наогул забыўся, дзе тое акно, каля якога чакае яго Любка?

–А як жа ты, унучачка, пазнаеш: твой гэта голуб ці іншы? Яны ж усе быццам на адзін твар.

Любка не пагаджаецца:

–Нічога ты, бабуля, не разумееш. У майго ж Цішкі лапка адмарожана. Таму ён кульгае. І ён самы прыгожы голуб – не такі, як усе. Цяпер зразумела?

–Тады добра,-- пагаджаецца бабуля і таксама глядзіць на акно: ці не прыляцеў яшчэ Любкін голуб?

Нарэшце ён з’яўляецца. Вочы дзяўчынкі свецяцца радасцю. Яна глядзіць на бабулю: а ты не верыла! І адчыняе акно, вітаецца з птушкай і ставіць талерку з ежай на падваконнік.Цішка не баіцца дзяўчынкі, хоць і надта блізка не падыходзіць: толькі калі дзяўчынка прыбрала рукі ад талеркі, ён пачаў кляваць.

–Калі з’ясі ўсё, я табе яшчэ падкладу, – кажа Любка і прычыняе акенца. – Прыемнага апетыту!

Што яшчэ зацікавіла і здзівіла бабулю: падсілкаваўшыся, голуб не паляцеў з падваконніка, а доўга стаяў на ім і глядзеў на дзяўчынку праз шыбу і ўважліва слухаў, пра што яна яму расказвала. А пра што? Яна пахвалілася птушцы, што сёння ў яе ў гасцях бабуля Валя і папрасіла яе, каб тая ўзнялася з табурэціка і пакланілася Цішку, як артыстка на сцэне гледачам. Бабуля паслухалася: унучка ж просіць! А потым дзяўчынка прыгадала дзіцячы садзік, куды ходзіць, сказала, што ёй там вельмі падабаецца. І паківала на голуба пальчыкам – за тое, што ён баязлівец, мог бы зайсці ў пакой і пагрэцца. Ці нават жыць у пакоі. Цёпла і ўтульна.

Голуб Цішка ўважліва выслухаў дзяўчынку, пачысціў дзюбай пяр’ё і паляцеў. Дзяўчынка памахала яму і пачала думаць, што прыгатаваць Цішку на вячэру. Прыдумала. Але нават бабулі Валі не прызнаецца, чым будзе частаваць Цімку.Тайна.

– А мая ты Любка-галубка! – прыгарнула бабуля ўнучку да сябе і пацалавала. – І не гавары, не трэба… Галоўнае не ў гэтым, чым накорміш ты свайго самага прыгожага голуба. Мне радасна, што ты расцеш добрай дзяўчынкай.


МАЛЫ І СТАРЫ


Малы – гэта хлопчык Міколка, а стары – ягоны дзядуля Міколка: як клікалі таго ў дзяцінстве, калі быў такім, як цяпер унук, так і клічуць сёння. Прывыклі. Два Міколы, адным словам. Бабуля звяртаецца да кожнага з іх вельмі проста: малы і стары. Калі спатрэбіўся ёй нечага ўнук, то кліча:

– Ты дзе там, малы?

А дзядулю так:

– Ты дзе там, стары?

Яшчэ, бывае, калі два Міколкі набедакураць – ну, гэта калі з яе боку глядзець, бабульчынага, вядома ж, -- то яна абыякава махне рукой, буркліва скажа:

– Што малы, што стары!.. Ай, што з вамі паробоіш?.. Ідзіце ешце, пакуль каша не астыла.

Не тое, бач ты яе, зрабілі. Але ты, бабуля, пачакай, пачакай трошкі... Зробім для цябе і іншае нешта. Усяму свой час. Што тады скажаш, а?

Так думае ўнук і дапамагае дзядулю: яны рыхтуюць бабулі падарунак да 8 сакавіка. Падарунак робяць ужо колькі дзён сваімі рукамі, зачыніліся ў пакойчыку, і майструюць. Бабуля зазірне, бывае, моўчкі паглядзіць на малога і старога, ціхенечка прычыніць дзверы, а сама сядзе на канапу, шчасліва ўсміхнецца : калі яе Міколкі заняты карыснай справай, то яна не нарадуецца. Так захапіліся, бач ты, ажно не заўважаюць, што яна не-не ды і выгляне з дзвярэй, моўчкі дзівіцца на іх. Хіба ж, думаеце, і бабулі не сумна без сваіх Міколкаў? Яшчэ як.

У дзень свята ўнук прачнуўся раней, чым дзядуля. Адразу раскатурхаў таго, паказаў позіркам на дзверы: пара на кухню, сняданак рыхтаваць трэба. Дамаўляліся ж, ці забыўся? Дзядуля плюснуў вачыма: зразумеў, ага, і выслізнуў з-пад коўдры. Сняданак рыхтавалі потайкам, асцярожна, каб не грымець посудам, а размаўлялі паўшэптам: сёння бабулін дзень, то няхай адпачне. Толькі ж бабуля пра ўсё здагадалася, яна ўжо і сама хацела ўстаць з ложка, але рашыла не перашкаджаць сваім Міколкам.

Аднак усё ж яна потым не вытрымала: «Нешта яны там доўга корпаюцца? Ды, ніяк, і на патэльні падгарэла штосьці ў іх?.. Ай!.. Што малы, што стары!..» І ўсхапілася.

Калі бабуля нарэшце падфранцілася і паказалася на кухні, стол быў застаўлены ежай. А дзядуля кіўнуў унуку: давай, Міколка, падарунак.

Што за падарунак зрабілі два Міколкі сваёй любімай бабулі – не гэта самае важнае. Больш за ўсё смяялася бабуля, калі прачытала на прыгожай шкатулцы, якую падаў ёй унук: «Ад малога і старога».

А калі ўсміхаецца бабуля, ды яшчэ чмокае па чарзе ў шчаку сваіх Міколкаў, значыць, падарунак ёй вельмі спадабаўся.


ХТО ВЫПІЎ ВАДУ


Як толькі прыгрэла на дварэ сонейка, кот Антон аблюбаваў сабе месца на падаконніку: зусім абляніўся, толькі грэецца і грэецца, ад задавальнення ажно вусамі шавеліць. Марыйка пагладзіла Антона, ён падзякаваў:

–Мяў!

І падставіў сонейку зноў сваю пыску. А дзяўчынка палівае з гарлачыка вазоны з кветкамі – іх на кожным падаконніку цяпер багата з’явілася, паставілі сюды нават і тыя, што ўзімку на стале былі, падалей ад халодных шыбак: няхай таксама пялёсткі лашчацца на сонейку, як і кот Антон.

Антону ўсё ж надакучыла ляжаць, пачаў прасіцца, каб дзяўчынка выпусціла яго на двор. Калі ласка. Марыйка зрабіла гэта хуценька, і працягвала далей паліваць кветкі. І тут толькі яна заўважыла, што перастаралася: пацякла з аднаго вазона вада, ажно лужына ўтварылася. І якраз на тым падаконніку, дзе толькі што ляжаў кот. Дзяўчына падумала, што трэба ўзяць анучу і выцерці ваду, а потым загулялася і забылася. Калі ўспомніла, вады ўжо не было. Хто б яе мог выпіць? Кот Антон? Дык ён недзе яшчэ на дварэ ходзіць.

Спярша Марыйка разгубілася, бо не ведала, на каго і падумаць. А потым яна пра ўсё здагадалася. Паглядзела на сонейка, усміхнулася яму і паківала пальчыкам:

– Я ведаю, што гэта ты выпіла вадзічку. На здароўе, сонейка!


МАБІЛЬНАЯ ВЫДАТНІЦА


Ірынка вярталася са школы. Як толькі дзяўчынка зайшла ў салон аўтобуса, адразу ж дастала з прыгожага футлярчыка мабільны тэлефон, прабегла вачыма па адрасах: каму б, каму б патэлефанаваць на гэты раз?.. І не проста патэлефанаваць - пахваліцца, якая яна сёння разумніца, якая яна сёння выдатніца!.. Маці, вядома ж, не падыходзіць: яна і так даведаецца, калі разгорне дзённік... А вось Святланцы, суседцы, можна: няхай пазайдросціць. А заадно няхай даведаюцца і пасажыры, з кім яны едуць.

- Прывітанне, Святланка! - пачынае Ірынка гаманіць і паважна водзіць галавой па баках, нібы ўпэўніваецца, ці ўсе пасажыры падрыхтаваліся яе слухаць .- Ну, як ты там? А я вось са школы еду... Сёння, як і заўсёды, дарэчы, быў мой дзень... Ты здагадлівая, Святланка! Хвалю. Дзве дзесяткі. Па мове і геаметрыі. Паслухай, Святланка... - На гэтым месцы дзяўчынка замоўкла і пачала хаваць тэлефон у футлярчык: на яе - твар у твар - глядзела настаўніца Аксана Пятроўна. Ірынка ўся запунсавелася, разгублена кіўнула - прывіталася: сёння яе, толькі цяпер успомніла дзяўчынка, не было ў школе на ўроку геаметрыі, кажуць - хварэе. І вось такая нечаканая сустрэча ў аўтобусе. Ды яшчэ ў самы непатрэбны час - калі яна, вяртаючыся са школы, любіць пахваліцца, якая яна выдатніца. Якая ж яна выдатніца на самой справе, з усіх пасажыраў ведала толькі Аксана Пятроўна.

Добра, што прыпынак.

Чырвоная ад сораму, Ірынка вышмыгнула на брукаванку.


МУРАШКА


Петрыку роўна столькі год, колькі і павінна быць, каб пайсці сёлета ў першы клас. Шэсць. Нават ў лесе, збіраючы з сястрычкай грыбы, ён думае пра школу. Сястрычку завуць Алай, яна жыве ў горадзе і вучыцца ў каледжы, а на канікулы прыехала да бацькоў у вёску. Вядома ж, і да Петрыка.

Хораша ў лесе. Вусціша. Толькі, калі прыслухацца, чуваць, як спяваюць птушкі ды шапочуць дрэвы. Кошык з грыбамі носіць Ала, а Петрык толькі паспявае аглядаць грыбныя мясцінкі. Ён добра запомніў іх: учора яны таксама былі тут, і хлопчыку асабліва цікава, ці выраслі баравічкі з тых карэньчыкаў, якія пакідалі, акуратна зразаючы грыбы сцізорыкам. І засмучаўся, калі нічога не знаходзіў. Затое радаваўся, убачыўшы крамяны баравічок недзе крыху ўзбоч.

Калі грыбоў насабіралі брат з сястрычкай поўны кошык, спыніліся каля мурашніку. Петрык зацікавіўся: вунь яны якія працавіценькія, мурашкі! Сапраўды, імкліва так снуюць узад-уперад, кожная спяшаецца некуды. А сястрычка сказала Петрыку:

– Годзе, нам пара дахаты. Дождж будзе.

– А ты адкуль ведаеш, што ён будзе? – стала цікава хлопчыку.

– Мурашкі зачыняюць свае вокны і дзверы, – патлумачыла яму Ала.– Бачыш, усё меней і меней дзірачак у мурашніку робіцца... А калі пачнецца дождж, усе яны пахаваюцца ў сваіх пакойчыках, і дождж будзе ім ні па чым.

Ала ўзяла кошык, і яны пайшлі дамоў.

Дождж забарабаніў па даху, калі Петрык з Алай перабіралі грыбы. І раптам Петрык заўважыў вялікую мурашку, якая бегла па ножцы баравічка – уцякала ад яго.

– Глядзі, Ала! – гукнуў хлопчык.

– Што там у цябе? – падняла на Петрыка вочы сястрычка.

– Мурашка…

– Ну, бачу, што мурашка.

– Ды нічога ты не разумееш,– Петрык надзьмуў шчокі, а твар ягоны зрабіўся надзвычай сур’ёзным.– Гэта ж мурашка з таго мурашніку, каля якога мы былі. Там усе такія вялікія. Пакуль стаяў кошык з грыбамі, яна, канешне, і залезла ў яго. Хіба ты не разумееш? Таму што непаслухмяная… А мо і лянівая? Калі ўсе вокны і дзверы зачынялі, яна гуляла недзе… А мо мурашка проста рашыла пацікавіцца, колькі ў нас грыбоў у кошыку?

– Відаць, так і было, – пагадзілася сястрычка.

– А ўсё роўна мне яе шкада, – пасядзеўшы крыху моўчкі, прамовіў хлопчык.– Яе ж, відаць, там ужо шукаюць мама з татам. А яна ў нас… А?

Ала паглядзела на брата, усміхнулася:

– Дык што ж ты прапаноўваеш?

Петрык уздыхнуў, паціснуў плячыма і пацікавіўся:

– А заўтра зноў пойдзем мы ў лес?

– Абавязкова. Грыбоў жа багата, чаму ж не пайсці?

– Тады добра! – засвяціўся твар у хлопчыка.– Сёння я і сам крыху стаміўся… А заўтра я аднясу гэтую непаслухмяную мурашку ў мурашнік. Уяўляю, як дастанецца ёй ад мамы з татам!..

Петрык узяў у куфры маленькі слоік і асцярожна апусціў туды мурашку. Ён не ведаў, чым яны, мурашкі, сілкуюцца, але цвёрда верыў, што да раніцы наступнага дня з ёй нічога не здарыцца.


ЦІХАЯ МЯСЦІНКА


Дзеці пайшлі ў лес на экскурсію. Здаецца, і блізка лес, але пакуль дайшлі – стаміліся.

– Зараз адпачнём, – сказала выхавальніца.– Вось толькі ціхую мясцінку знойдзем.

На зялёнай палянцы прыселі адпачыць. Сядзелі моўчкі, любаваліся прыгажосцю летняга лесу. І раптам Ігарок загаварыў:

– Надзея Канстанцінаўна, а мясцінка наша не ціхая.

– Чаму ты так рашыў, Ігарок? –паглядзела на хлопчыка выхавальніца.

– Я чую, як птушкі спяваюць, як лісточкі на дрэвах перашэптваюцца… Прыслухайцеся!

Надзея Канстанцінаўна прыслухалася. І ўсе дзеці таксама.

Спявалі птушкі.

Перашэптваліся лісточкі.

Звінеў камарык.

Шапацеў у траве жучок.

Стракаталі конікі…

Па дарозе ў дзіцячы сад выхавальніца сказала:

– Бачыце, дзеці, цяжка знайсці ў лесе ціхую мясцінку. Як і на ўсёй нашай зямлі, вялікай і прыгожай. А ты, Ігарок, малайчына, што першы заўважыў гэта…


ПАСТКА


На летніку Максімка жыў з дзядулем Сцяпанам. І неяк той сказаў:

– Збірайся, унучак, будзем вяртацца ў горад.

А што тут збірацца? Далі наказ кату Антону, каб далёка не адыходзіў, а то яшчэ, чаго добрага, зусім ад свайго жытла адаб’ецца. Паабяцалі неўзабаве зноў прыехаць і прывезці яму ласунак – свежую рыбіну. Напакавалі сумкі садавіной і гароднінай, прыселі перад дарогай на лаву. І тут Максімка ўбачыў птушачку, якая неяк ушчамілася паміж рамамі падвойнага акна і там спалохана трапяталася, білася то ў адну шыбіну, то ў другую: прасіла , каб вызвалілі з палону. Разумела, недарэка, што самой з пасткі не выбрацца— цесна, аніяк крыльцы не распраміць.

Дзядуля пакруціў галавой, сказаў:

– Бачыш, ражок у шыбе адламіўся, на зямлю ўпаў. І трэба ж было верабейку патрапіць у гэтую шчылінку? Чуеш, просіць у нас паратунку.

Дзядуля асцярожна засунуў руку паміж рамамі, злавіў верабейку, падаў Максімку:

– На, падкінь яго, цікаўнага, у неба, няхай парадуецца, што вызвалілі.

– Трэба, дзядуля, шкло памяняць на цэлае,– выпусціўшы верабейку, сказаў Максімка. – А то зноў заляціць у гэту пастку якая-небудзь птушка. Хто тады выратуе? Нас жа тут ужо не будзе.

Дзядуля прынёс новае шкло, паставіў яго на месца пабітага, сказаў унуку:

– А ты, Максім, здагадлівы хлопчык. Малайчына. Верабейка якраз і прасіў нас гэта зрабіць.


НЕ ХАЦЕЛАСЯ Ў САДЗІК


–Уставай, сынку, у садзік пара ісці, – кранула мама за плячо Юраську. Хлопчык пацягнуўся, пазяхнуў, а калі мама схавалася за дзвярыма, схаваўся пад коўдрай.

Неўзабаве мама зноў заглянула ў спальню, сказала больш строга:

– Юраська, спознішся!

Трэба ўставаць. Хлопчык споўз на падлогу.

– Рабі, рабі фіззарадку! – паспяшае мама.

Раз, два – і ўсё, зроблена.

– Мыцца будзеш, ці, можа, не? – з іроніяй глядзіць на малога мама.

– Буду...

Юраська патупаў да мыцельніка.

Не пазнаць сёння Юраську. Сам на сябе не падобны.

– Ці не захварэў ты, сынку? – насцярожылася мама.

– Захварэў, – схлусіў хлопчык.

А яму проста не хацелася ў садзік. І сам не ведаў – чаму.

Тут паказаўся тата.

– Сёння ў садзік салдаты прыедуць, – прамовіў тата.

– Праўда? – засвяціліся вочы ў Юраські.

І ён хуценька пачаў апранацца.

– Я ўжо сабраўся…

– Ты хоць мяне пачакай, – кажа тата і ўсміхаецца разам з мамай.


ДЖЭНТЛЬМЕН


Міхаськаў дзядуля, калі быў яшчэ зусім не дзядулем, а маладым хлопцам, пасля заканчэння інстытута ў Мінску жыў і працаваў пэўны час у далёкай і сонечнай Туркменіі, дзе можна сустрэць нават у горадзе вярблюда і круглы год ласавацца вельмі смачнымі дынямі і кавунамі.

Вярнуўся адтуль дзядуля з бабуляй, якая, вядома, на той час таксама не была бабуляй. І – з нардамі. Гэта гульня такая. І хоць прайшло ўжо шмат часу, а нарды захаваліся. Больш таго, гульня стала сямейнай.

Міхаська таксама хоча навучыцца гуляць у нарды, але ён пакуль умее лічыць толькі да дзесяці. Затое ён хораша падкідвае над дошкай кубікі. Учора хлопчык дапамагаў гуляць бабулі, а сёння сеў каля дзядулі. Падкіне два кубікі за яго, а ў самога вочкі хітравата свецяцца.

– Выйграй, бабуля, у дзядулі, выйграй! – просіць унук і ажно пляскае ў аладкі .

На гэта бабуля, лагодна ўсміхнуўшыся, заўважае:

– Ты ж з дзядулем гуляеш, а хочаш, каб я выйграла.

Хлопчык маўчыць, не ведае, што адказаць. Яно ж і сапраўды так.

Выручае, як заўсёды, дзядуля:

– Мужчына расце! – кажа ён не без гонару і гладзіць малога па галоўцы.– Джэнтльмен!..


СЛЁЗЫ


Маша сядзела побач з татам на канапе. Тата глядзеў тэлевізар, яна таксама. Хоць перадача і для дарослых  пра паляўнічых. Дзяўчынка зусім і не думала глядзець тэлевізар, яна гуляла са сваімі лялькамі, аднак як толькі пачула стрэл і ўбачыла сусліка, які стаяў на задніх лапках і трывожна зыркаў вачыма па баках, не разумеючы, відаць, што адбылося, падсела да таты: зацікавілася.

Дзяўчынка бачыла на экране тэлевізара дзядзьку паляўнічага, ён другі раз пачаў цэліцца ў звярка з вінтоўкі, калі той зноў паказаўся з травы і стаяў, як і перад гэтым, на задніх лапках і разглядваў, што робіцца навакол. Звярок зусім не здагадваўся, якая бяда можа здарыцца з ім. І тады дзяўчынка не вытрымала, гукнула:

 Хавайся, суслік, хавайся!..

Суслік, аднак, не пачуў дзяўчынку. Не схаваўся. Маша сядзела побач з татам і хлімкала: ёй надта шкада было прыгожага і бездапаможнага звярка.

Тата выключыў тэлевізар і моўчкі выцер слёзы на твары дзяўчынкі .


ВЫРАТАВАЛЬНІЦЫ


Сяброўкі Насця і Верка вярталіся са школы. Стаяў цёплы, сонечны восеньскі дзень. Якраз пара такая – бабіна лета, таму ў паветры плавалі-калываліся тонкія павуцінкі. Настрой у дзяўчынак быў добры. Яны ўяўлялі, як хуценька зробяць урокі і адразу ж выбегуць на двор – хапае тут розных гульняў-забаў. Але што гэта такое? Ці пачулася? Дзяўчынкі спыніліся, пераглянуліся, а затым прыслухаліся: быццам недзе побач жаласліва мяўкаюць кацяняткі? Так, так: гэта яны. Толькі не адразу адшукалі іх Насця і Верка. Ага, вунь дзе тыя – паміж металічнымі гаражамі дзяўчынкі нарэшце ўбачылі жывых камячкоў. Тыя, пэўна ж, зусім нядаўна з’явіліся на свет, былі яшчэ голыя і сляпыя. Аднак надта ж пацешныя!

– Маму шукаюць, – сказала Насця.

– А дзе ж яна можа быць? – здзівілася Вера, а потым сама ж і адказала: – Відаць, пайшла ежу шукаць. Каб потым накарміць малачком сваіх дзетак.

— Ты здагадлівая, Верка, – пахваліла сяброўку Насця. – А, ведаеш, давай што зробім? Прянясем ежу кошцы. І абавязкова вады. Бо гаражы – паспрабуй дакраніся – нагрэліся на сонцы, і кацяняткам паміж імі няма, мусіць, чым дыхаць. Толькі як жа мы яе туды пададзім, ежу і ваду?

Насця і Верка па чарзе нават паспрабавалі падабрацца да кацянятак – дзе там! Зусім вузкая прарэха паміж гаражамі. Аднак, рашылі, пакуль не гэта галоўнае: спярша трэба збегаць дадому, прынесці ежу, а потым што-небудзь прыдумаецца. Не бывае безвыходных сітуацый. Так і зрабілі. І яшчэ яны зрабілі вось што: Насця забегла ў дзіцячы садок, ён якраз побач, і прывяла за руку сваю маленькую сястрычку Ірынку. Той нават не трэба было праціскацца паміж гаражамі – яна прайшла да кацянятак, нібы па тратуары. Паставіла слоік з вадой, а побач паклала кавалачак каўбаскі і хвосцік рыбы.

— Дзякуй табе, Ірынка – сказала Насця.

Ірынка ўсміхнулася: ёй было радасна ад таго, што зрабіла. А яшчэ больш радасна стала ёй тады, калі яна ўбачыла, як з’явілася мама кацянятак і пачала сілкавацца, раз-пораз з удзячнасцю паглядаючы на дзяўчынак.

Дома, за вячэрай, Насця расказала маці і тату, як накармілі яны сёння кацянятак. Дарослыя пахвалілі дзяўчынак. А тата нават папытаў, хітравата паглядзеўшы на дачушак:

— Дык хто вы цяпер у нас будзеце?

Сёстры задумаліся. Выручыў іх ён сам:

— Вы – выратавальніцы. Малайцы!

Пасля кароткага маўчання Насця сказала:

— І Верка таксама выратавальніца. Праўда ж?

— І Верка таксама ,– ледзь не ў адзін голас адказалі мама і тата.

Дзяўчынкі ніколькі не пашкадавалі, што ў іх не засталося ў той дзень часу пагуляць на двары.


ДАРОГА


Максімка разам з татам сабраліся ў суседнюю вёску – праведаць бабулю з дзядулем. Папярэдне яны купілі ў мясцовай краме гасцінцаў для старых і, паснедаўшы, накіраваліся на аўтобусны прыпынак. Ён недалёка ад хаты. Селі там пад картузікам на лаву, чакаюць. Пазней тата нервова пачаў раз-пораз паглядаць на гадзіннік: аўтобус ніяк затрымліваецца, павінен ужо быць, а яго – няма. Можа, зламаўся? І тады тата, пачакаўшы яшчэ трохі, прапанаваў сыну:

– А давай, Максім, пехам пойдзем, а? Што нам той аўтобус! Ці ж у нас ног няма?

Хлопчык насупіўся:

– Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?

– Бачыш жа: няма яго, аўтобуса, – роспачна развёў рукамі тата.

– Лепш пасядзім, пачакаем, – Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. – А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна…

Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць аўтобус. Маўчаць. І размаўляць быццам ім няма аб чым. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:

– Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Тады давай зробім так: паколькі ты лянуешся ісці ў госці да дзялулі з бабуляй, то даставайся дома, а я пайду адзін. Добра?

– Не, пайшлі, тата, разам, – пагадзіўся хлопчык і хуценька скочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.

Перад імі легла дарога. Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па ёй, а яна заасфальтаванай стужкай бегла і бегла наперад. Свяціла сонейка, твары абдуваў свежы ветрык, а ў небе вісеў жаваранак і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.

– Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, – заўважыў тата.

Максімка памахаў жаўранку рукой, гучна сказаў:

– Дзякуй табе, птушачка!

Прайшлі яшчэ трохі полем і дарога нырнула ў лес, тата запаволіў хату, паглядзеў на сына:

– Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! А чаму ён так тукае, ты ведаеш?

Максімка паціснуў плячыма:

– Забаўляецца, мусіць?

– Не, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Няма калі яму гуляць. Пад карой у старых дрэвах шмат розных кузюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел, нічога не скажаш. Ён не толькі корм здабывае – і лес ратуе ад розных караедаў.

Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі. І пайшлі далей.

– А вунь, бачыш, ямы, – паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем.– Іх нашы салдаты ў вайну капалі, яны займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.

– І не пусцілі? – зацікавіўся Максімка.

– І не пусцілі, – упэўнена сказаў тата.– Бачыш жа, наша вёска жыве… А маглі б і спаліць яе немцы, з зямлёю зруйнаваць. Тады б і мы не жылі тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.

Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:

– Дзякуй… – І падаў тату руку: з ім не так страшна.

А потым закувала зязюля: “Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!” Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў… і збіўся.

– Ну, і колькі ж? – пацікавіўся тата.

Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:

– Багата разоў!

Тата ўсміхнуўся:

– Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё, сынок. Калі зязюля накувала нам шмат год.

Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было так багата, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем сабралі.

Перад самай вёскай іх дагнаў аўтобус. Шафёр прытармазіў, выглянуў з акенца і кіўнуў галавой: залазьце, пешаходы!

– Дзякуй, мы ўжо прыйшлі, – адказаў яму тата.

– Матор закапрызіў, – быццам апраўдваўся шафёр перад хлопчыкам і ягоным татам.– Давялося падлячыць яго. Цяпер спазняцца больш не будзем.

І ён націснуў на газ.

Аднак Максімка ніколькі не пашкадаваў, што ён пешшу прыйшоў сёння ў госці да бабулі з дзядулем. Якая, аказваецца, цікавая гэтая дарога!


ДЗЯДУЛЕЎ АКВАРЫУМ


На зімовыя канікулы Уладзік прыехаў у вёску. Тут жывуць яго дзядуля Якаў і бабуля Пелагея. Старыя пацікавілся ў малога, што новага ў горадзе, як там яго мама і тата, а тады дзядуля адразу ж прапанаваў унуку:

– Калі ёсць жаданне, то пайшлі са мной…

– А куды? – зацікавіўся хлопчык.

– На рэчку. На нашу Гутлянку. Пакажу табе нешта такое, чаго ты ніколі, ведаю, раней не бачыў. Дык што, збіраешся? – дзядуля яшчэ больш заінтрыгаваў унука.

– Я хутка! – і Уладзік пачаў збірацца.

–Пачакай толькі мяне на двары: я нешта вазьму ў кладоўцы… – дзядуля загадкава паглядзеў на ўнука і выйшаў.

Рэчка недалёка ад хаты, і неўзабаве яны, стары і малы, крочылі ўжо па лёдзе, якім была скута Гутлянка. Лёд быў надзіва чысты і празрысты, таму хлопчык адразу ўбачыў пад ім шмат рыбак. І зусім маленькіх, і крышачку большых.

– Дзядуля, глядзі, акварыум пад лёдам! – гукнуў Уладзік і працёр рукавічкай лёд, каб яшчэ лепш можна было дзівіцца на рыбак.

Дзядуля хехекнуў ў вусы:

–А ты правільна заўважыў, унук: акварыум. Так, так: і сапраўды, гэта жывы акварум пад лёдам. А ці ведаеш ты, якія рыбкі ў ім жывуць?

Хлопчык паціснуў плячыма: пытанне спярша для яго падалося надта складаным, аднак потым ён, калі больш уважліва прыгледзеўся да рыбак, змог пазнаць там плотачак і акунькоў…

Дзядуля падказаў унуку:

– А яшчэ ў гэтым незвычайным экварыуме ёсць – прыгледзься толькі! – маленькія карпы, ратаны, яршы, налімы… А вунь, вунь, і язь прыплыў…

– Вось дык здорава! – не мог нарадавацца хлопчык. – Я ўсім сваім сябрам раскажу, якіх прыгожых рыбак бачыў пад лёдам.

– Расскажы, раскажы, – пахваліў дзядуля. – Толькі ж твой расказ будзе няпоўным без адной важнай акалічнасці… – хітра паглядзеў на малога стары. – Што за акалічнасць такая, пытаеш? Скажу, скажу… – Дзядуля дастаў з кішэні торбачку, паважыў яе на далоні, а тады працягнуў унуку: – Трымай, Уладзя. А я тым часам палонку зраблю ў лёдзе. За ноч яна земерзла.

– А для чаго, дзядуля, палонку? – спытаў хлопчык, але ж адразу і сам здагадаўся – для чаго.

– Зараз, зараз убачыш, – дзядуля дзёўб ломікам, які прынёс таксама з сабой, лёд, і неўзабаве вада хлынула на паверхню, растварылася ў ледзяной кашы. Калі дзядуля пачаў рабіць палонку, рыбкі шмыгнулі ў розныя бакі: ён, вядома ж, напалохаў іх. Уладзіку нават стала крыху крыўдна ад гэтага, таму што быў акварыум – і раптам не стала яго. Шкада. Суцешыў зноў жа дзядуля:

– Рыбкі вернуцца, ты за гэта не хавалюйся, унук. Зараз мы насыпем ім зярнятак і хлебных крошак, і тады пабачыш, адкуль яны толькі возьмуцца. Паколькі корм у цябе, то ты першы і кармі рыбак. Сып, сып зярняткі ў палонку. Ды смялей, смялей. Рыбкі табе толькі дзякуй скажуць.

Уладзік так і зрабіў. Зярняткі адразу ж пайшлі на дно, і каля іх неўзабаве з’явіліся першыя рыбкі. А потым падплылі яшчэ, яшчэ… Пабачылі б, як яны шчыравалі!

Дзядуля моўкі прыклаў палец да вуснаў і паглядзеў на ўнука – даў яму знак, каб адышоў крыху падалей ад акварыума. У рыбак абед, і ім нельга перашкаджаць сілкавацца.

– Дзядуля, мы і заўтра будзем рыбак карміць? – нецярпелася ведаць Уладзіку.

– Канешне, будзем, – паабяцаў той. – Ну, а калі паедзеш ты ў горад, таксама не бядуй: я буду падтрымліваць жыццё ў гэтым акварыуме. За сябе і за цябе. Даю слова.

Калі вярталіся з рэчкі, шчаслівы Уладзік уяўляў, як раскажа ён сваім гарадскім сябрам пра зімовы акварыум. І абавязкова – пра свайго добрага дзядулю, які дапамог яму ўбачыць гэты цуд.


ЁЛКА


Міша любіць падарожнічаць. Яго тата працуе шафёрам і, бывае, бярэ хлопчыка з сабой. А калі яны вяртаюцца з чарговага рэйса, мама абавязкова пытае:

— Ну, як з’ездзілі, мае любыя? Што бачылі?

У апошні раз тата неяк таямніча ўсміхнуўся і паказаў на сына:

— А вось няхай Міша распавядзе. У яго памяць лепшая. Ды і больш чаго прыкмеціў, што наўкола робіцца. Мне ж на дарогу трэба было пільна глядзець, а не галавой па баках круціць.

Міша прыплюснуў адно вока, зморшчыўся, а потым глыбока ўздыхнуў, нібы набраў паболей паветра ў лёгкія:

— А ты смяяцца не будзеш?

— Які ж тут можа быць смех, сынку? – пагладзіў малога па галаве тата.– Я і сам падумаў, што навагодняя ёлка бяжыць насустрач узбоч дарогі. Пакуль не дацяміў…

Пачуўшы такое прызнанне ад таты, хлопчык павесялеў.

— Вечарам, мама, калі мы ехалі каля Рэчыцы, – мовіў Міша, – мне падалося, што я ўбачыў навагоднюю ёлку. Высокая, уся аж ззяе ў агнях. Такая прыгожая!

Гэта потым я зразумеў, што прыняў за ёлку буравую вышку. Яна сапраўды ўся свяцілася, як ёлка на плошчы ў нашым горадзе. Так, тата?

— Твая праўда, – пацвердзіў тата. – І такіх “ёлак” у нашай Беларусі вырастае і ўпрыгожваецца гірляндамі агнёў з кожным годам усё больш і больш, таму што людзі нястомна шукаюць і здабываюць нафту.

Міша слухаў тату і гадаў, што яшчэ цікавае ўбачыць ён, калі паедуць у чарговы рэйс.


КРЫЎДА


Не так даўно, але і не так блізка ад нашых дзён жыў у адной вёсцы хлопчык Васілёк. Хадзіў ў школу, бегаў у лес з кошыкам па грыбы, а калі мама альбо тата прасілі яго дапамагчы на хатняй гаспадарцы, ахвотна пагаджаўся. Мог прынесці бярэмя дроў, каб напаліць ў печы і грубе, скінуць з вышак сена для рагулі, пакарміць трусоў і курэй. Ды ў вёсцы клопату хапае. Хто там жыў, той ведае.

Аднойчы тата сказаў Васільку:

– Добры сад у нас, багата яблынь, а вось груша ўсяго адна – гнілка. А што, калі мы з’ездзім з табой, сынку, у горад і купім там на базары яшчэ некалькі чаранкоў розных гатункаў груш? Падабаецца табе такая прапанова?

– Канешне, тата! – усклікнуў ад радасці хлопчык.

На гарадскім базары тата і Васілёк выбралі ў аднаго добрага дзядулі тры чаранкі, а калі вярнуліся ў вёску, адзін з іх тата падаў хлопчыку і сказаў:

– Бяры, Васілёк, рыдлёўку, пойдзем грушы саджаць. Ты сваё дрэўца сам пасадзіш і будзеш даглядаць яго. Гэта будзе твая груша. Запомні: яна бэра называецца. Плады, калі паспеюць, вельмі сакавітыя, смачныя і па кулаку растуць. Ды ты ж і сам чуў, як дзядуля казаў…

Васілёк, калі пасадзіў дрэўца, адразу ж паліў яго вадою з вядзерца, а потым паглядзеў на тату і маму – без мамы сур’ёзныя справы ніколі не вырашаліся ў іхняй сям’і, таму і яна прысутнічала, вядома ж, тут – і шчыра ўсміхнуўся, сказаў:

– Расці, груша, вялікая!

Груша, як і прасіў хлопчык, вырасла. Вырас і Васілёк. Скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт, стаў настаўнікам – як яго мама з татам. Жыў цяпер ён ужо ў іншай вёсцы, нават у іншай вобласці. У вёску свайго дзяцінства прыязджаў толькі на радуніцу, каб пакласці кветкі на могілках маці і тату. Не забываў ён і пра сваю грушу, кожны раз прыходзіў да яе, гладзіў дрэва, пяшчотна і цёпла, нібы жывое, і казаў ёй добрыя словы.

Сумаваў па свайму дрэву настаўнік. У хаце, дзе некалі прайшло яго маленства і дзяцінства, даўно ўжо ніхто не жыве. За садам прыглядае суседка, там пасвіцца яе карова і ласуецца яблыкамі і грушамі, якія ападаюць на дол.

І вось сёлета збылася даўняя мара дарослага Васілька – пабываць у садзе, калі паспеюць на ягонай грушы плады. Дужа хацелася іх пачаставаць. Суседка, як і дамаўляліся, патэлефанавала: грушы паспелі, прыязджай, Васіль Сцяпанавіч. Ён адразу ж выбраўся ў дарогу. Як толькі падышоў да сваёй грушы, прывітаўся і прыхінуўся да яе шчакой, абняў ствол, ціха прашаптаў:

– Вось мы і сустрэліся, груша.

На вачах настаўніка суседка ўбачыла слёзы.

Але груша моцна пакрыўдзілася, мусіць, на Васілька за тое, што пакінуў яе адну: яна высока ад зямлі трымала свае плады, і цяпер дарослы ўжо Васілёк не мог дастаць іх. Што рабіць, ён не ведаў, крыху неяк разгублена глядзеў на суседку, якая нарэшце здагадалася, што трэба прынесці лесвіцу. Пакуль яна хадзіла за ёй, Васіль Сцяпанавіч – Васілёк – увесь час прасіў прабачэння ў дрэва…


Оглавление

  • Васіль Ткачоў ВЫСОКІ СТРАХ
  • ЦЁПЛЫЯ АБНОЎКІ
  • ВЫСОКІ СТРАХ
  • ЛЮБКА-ГАЛУБКА
  • МАЛЫ І СТАРЫ
  • ХТО ВЫПІЎ ВАДУ
  • МАБІЛЬНАЯ ВЫДАТНІЦА
  • МУРАШКА
  • ЦІХАЯ МЯСЦІНКА
  • ПАСТКА
  • НЕ ХАЦЕЛАСЯ Ў САДЗІК
  • ДЖЭНТЛЬМЕН
  • СЛЁЗЫ
  • ВЫРАТАВАЛЬНІЦЫ
  • ДАРОГА
  • ДЗЯДУЛЕЎ АКВАРЫУМ
  • ЁЛКА
  • КРЫЎДА