Страла Расамахі [Міхась Чарняўскі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Міхась Чарняўскі СТРАЛА РАСАМАХІ


Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Страла Расамахі, — Мінск: Народная асвета, 1985. — 55 с., iл., Для сярэдняга школьнага ўзросту


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


АД АЎТАРА


У дзяцінстве хадзіць у школу мне трэба было кіламетры два — з наша га хутара ў суседнюю вёску. Абсаджаны старасвецкімі бярозамі гасцінец спачатку вёў з узгорка на узгорак, а затым спускаўся ў балоцістую лагчыну.

З правага боку адкрываўся далягляд з дубамі ля балот, з ельнікамі i хутарамі ў ліпавых прысадах. Злева ад гасцінца слаўся шырачэзны разлог бура-зялёнага тарфяніку, на якім святлела шкельца невялікага возера.

У лагчыне вілася, пабліскваючы на сонцы, рачулка. Праз яе быў пакладзены драўляны мост з дзіўнай назвай — Курыны. Можна было бясконца, абапёршыся на парэнчы, любавацца гульнёю святла ў струменях, заслухоўвацца пералівістым булькатаннем вады, узірацца ў разнаколернасць каменьчыкаў на дне. На Курыным мосце я не затрымоўваўся толькі раніцою, баючыся спазніцца ў школу. Ідучы ж дахаты, прыпыняўся заўсёды.

Затрымаўся i ў той далёкі вераснёўскі дзень... Пачаў кідаць у ваду каменьчыкі, але хутка заўважыў, што з узгорка з'язджае нейкая фурманка. Стала няёмка, што мяне ўбачаць за такім пустым заняткам: маўляў, замест таго, каб вучыць урокі, забаўляецца. Я закінуў на плячо торбачку з кніжкамі i пайшоў краем гасцінца, узбіваючы босымі нагамі пыл.

Фурманка хутка мяне дагнала. Яна аказалася брычкай, запрэжанай каштанавым жарэбчыкам. На брычцы сядзелі мужчына i жанчына. Яны былі маладыя, прыгожыя i апранутыя не як усе мы — па-сялянску, а па-гарадскому. Пэўна былі настаўнікамі.

— Тпр-ру! — затрымаў жарэбчыка мужчына.— Сядай, хлопчык, падвязём.

Мяне лішні раз упрошваць не трэба было. Хуценька ўзабраўся на брычку i ўмасціўся ў перадку. Ногі ж свае, запыленыя i даўнавата мытыя, падкурчыў пад сябе, бо было няёмка перад гэтымі ахайнымі i чыстымі людзьмі.

— Куды далёка ідзеш? — пачалі распытваць незнаёмыя.

— У Гінеўку.

— У якім класе вучышся?

— У чацвёртым.

— A поспехі якія?

— Ды як калі,— ухіліўся я ад канкрэтнага адказу.

— Мусіць, з арыфметыкай цяжкавата,— засмяялася жанчына.

— Угу,— апусціў я галаву.

— A які ўрок табе найбольш падабаецца?

— Гісторыя! — пажвавеў я.— Слухаў бы настаўніцу цэлы дзень — так цікава!

Мужчына паклаў мне на плячо руку i сур'ёзна сказаў:

— Вырасцеш — станеш гісторыкам.

Я i не заўважыў, як пад ехалі да хутара. Падзякаваў добрым людзям, саскочыў з брычкі i пабег сцяжынкаю ў бок бярэзніку, каля якога стаяла наша хата.

З таго часу прайшло шмат гадоў. Скончыў я школу. Затым — інстытут. I тое прароцтва на гасцінцы спраўдзілася — я стаў гісторыкам. I не проста гісторыкам, а археолагам, гэта значыць тым, хто вывучае дапісьмовае мінулае нашага народа шляхам раскопак.

Я быў шмат у якіх археалагічных экспедыцыях. Раскопваў пад Бранскам жыллё першабытнага чалавека, збудаванае з вялізных мамантавых костак, расчышчаў старажытныя шахты каля Ваўкавыска, вывучаў тарфянікавыя стаянкі ў Падзвінні i рэшткі паселішчаў каменнага веку на Немане i Віліі.

Часта хацелася ўявіць жывымі нашых даўно зніклых з зямлі далёкіх продкаў: каля агнішчаў, на паляванні, на рыбнай лоўлі, у шахце па здабычы крэменю, за вырабам каменных прылад. Якія песні яны спявалі, аб чым марылі?..

Так з'явілася гэта кніжка, у якой прыдуманы розныя падзеі i здарэнні з жыцця людзей каменнага веку. Але прыдумаў я не «з галавы», а на падставе вывучэння адкапаных рэшткаў паселішчаў, прылад працы, рэчаў побыту, знойдзеных на ix, жылля i пахаванняў; на падставе ўяўленняў першабытнага чалавека, сляды якіх захаваліся ў некаторых нашых песнях i казках.

Рашыў напісаць кніжку для вас, юныя чытачы. Напісаць, памятаючы i пра таго хлопчыка, што ў далёкія пасляваенныя гады так любіў спыняцца i марыць на Курыным мосце...


ШТО ТАКОЕ КАМЕННЫ ВЕК


Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. Да таго ж ён i самы працяглы, бо пачаўся больш як мільён гадоў таму назад, a скончыўся толькі ў канцы трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.

Чаму век — «каменны»? А таму, што тагачасны чалавек ні медзі, ні жалеза яшчэ не ўмеў выплаўляць i амаль усе прылады працы вырабляў з крэменю або іншых парод каменю, з якіх пры разбіванні можна было атрымаць вострыя рэжучыя краі. Крамянёвымі былі ручныя секачы, нажы, скрабкі, скоблі, разцы, шылы, наканечнікі дзідаў i стрэлаў, сякеры, цяслы. У канцы каменнага веку паявіліся крамянёвыя сярпы. Некаторыя рэчы вырабляліся з косці i рога.

Вучоныя, якія даследуюць каменны век, падзяляюць яго на старажытны каменны век — палеаліт, сярэдні — мезаліт i новы — неаліт.

Выдзеліўшыся з жывёльнага свету як істоты, што жылі i працавалі калектыўна, размаўлялі i абстрактна мыслілі, людзі ў палеаліце авалодалі агнём, пачалі будаваць жыллё, апранацца ў звярыныя шкуры, вырабляць каменныя прылады працы.

Асноўным заняткам тады было паляванне на маманта, шарсцістага насарога, паўночнага аленя, дзікага каня i іншых жывёлін, а таксама збіральніцтва ядомых раслін, птушыных яек, малюскаў. У канцы палеаліту распаўсюджваецца i рыбалоўства.

Першыя людзі на зямлі жылі гуртамі. Так было лягчэй здабываць сабе ежу i абараняцца ад драпежнікаў. Пазней людзі пачалі аб ядноўвацца ў родавыя абшчыны, якія складаліся з родзічаў. Жанчыны адыгрывалі вялікую ролю ў першабытным грамадстве, i вучоныя называюць такія калектывы мацярынскімі родавымі абшчынамі.

Члены родаў супольна палявалі i працавалі, a ўсё здабытае дзялілі пароўну. У каменным веку не было падзелу на бедных i багатых, не было прыгнёту аднаго чалавека другім.

У познім палеаліце зарадзілася i пачало развівацца першабытнае мастацтва, узнікла вера ў надпрыродныя сілы. Людзі не маглі правільна растлумачыць прыродныя з явы; яны лічылі, пгго змены пораў года, pyx i нябесных свяціл, існаванне жывой i нежывой прыроды залежаць ад вол i розных духаў i багоў. Гэтыя духі i багі ва ўяўленні першабытнага чалавека былі добрыя i благія, маглі шкодзіць або дапамагаць. Ix трэба было залагоджваць падарункамі, малітвамі. Свяшчэннымі лічыліся i розныя жывёлы, дрэвы, камяні, горы, нябесныя свяцілы. Магічная сіла прыпісвалася розным прадметам — зубам звяроў, бурштынавым вырабам, скульптурам людзей i жывёл. Існавала вера ў замагільнае жыццё.

Палеаліт прыпаў на суровы для старажытнага чалавека час — ледавіковую эпоху, калі значную частку Паўночнага паўшар'я, у тым ліку i Беларусі, неаднаразова пакрывалі вялізныя ледавікі. У такіх цяжкіх умовах, змагаючыся з холадам i голадам, першабытныя людзі не толькі выжылі, але i развівалі сваю культуру.

Каля адзінаццаці тысяч гадоў назад з канцом ледавіковай эпохі пачаўся мезаліт. Паступова цяплеў клімат. Раслінны i жывёльны свет станавіўся падобным да сучаснага. Тэрыторыі, якія вызваляліся з-пад лядовага палону, засяляліся чалавекам. Для новага часу найбольш характэрным стала распаўсюджанне лука ca стрэламі, дробных крамянёвых вырабаў — мікралітаў, з якіх майстраваліся нажы, гарпуны, стрэлы. У мезаліце родавыя абшчыны пачынаюць аб ядноўвацца ў плямёны.

Неаліт на Беларусі пачаўся ў пятым тысячагоддзі да нашай эры i вызначыўся перш за ўсё вынаходніцтвам глінянага посуду, зараджэннем жывёлагадоўлі i земляробства. Аднак i ранейшыя заняткі — паляванне, рыбалоўства i збіральніцтва давалі чалавеку шмат харчавання.

Жывёлагадоўля i земляробства выклікалі паяўленне i адпаведных прылад — крамянёвых сярпоў для жніва i разакоў для нарыхтоўкі корму, зерняцёрак, матык. Высякаліся лясы i хмызнякі пад палі, а для гэтага трэба было шмат добрых сякер. Таму людзям стала недастаткова крэменю, які сустракаўся на паверхні. Яго пачалі здабываць шахтавым спосабам з крэйдавых радовішчаў.

Развідцё земляробства i жывёлагадоўлі павялічвала колькасць харчу. Адпаведна гэтаму вырасла i насельніцтва. Лкь дзі ішлі на яшчэ не занятыя землі, будавалі там новыя паселішчы.

Ну а зараз, калі вы даведаліся, што такое каменны век, калі ласка, на наступныя старонкі кніжкі — на сустрэчу з людзьмі той эпохі...

СТАРАЖЫТНЫ КАМЕННЫ ВЕК

ПРЫРУЧЭННЕ АГНЮ


Каля трох мільёнаў гадоў назад. Усходняя Афрыка

Пасля ціхай задушлівай спякоты накацілася цемная хмара i пачалася навальніца — з ветрам, дажджом, маланкай. Калі ж хмару праганяла i дождж капаў рэдка, з аглушальным грукатам, быццам расшчапілася зямля i неба, ляснуў пярун.

З пячоры выглянулі напалоханыя малпалюдзі i ўбачылі, як насупраць гарыць старое дрэва, ахопленае полымем ад сухой верхавіны ажно да таўшчэзнага камля.

Малпалюдзі ўжо былі знаёмыя з агнём у час лясных пажараў або калі вывяргаліся вулканы. I баяліся яго, бо не раз бачылі, як вогненная навала з ровам імчала па зямлі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

Дрэва гарэла моцна i роўна. Малпалюдзі асцярожна наблізіліся да палаючага дрэва i абкружылі яго. На валасатых тварах яны адчувалі гарачае дыханнё агню. Ен ix сляпіў, заварожваў.1/

Юнак, які колісь зблізку бачыў лясны пажар, падняў галіну i кінуў пад дрэва. Яна задымела i ўспыхнула. Нехта кінуў яшчэ галіну. I тая загарэлася. Тады пачаў збіраць голле i кідаць у агонь увесь гурт. Агню пабольшала. Малпалюдзі ўзбуджана ўскрыквалі, прытанцоўвалі — агонь «еў» голле, яго можна было «карміць» дрэвам, ад гэтага ён рос.

I так, падкладаючы дровы, падтрымлівалі агонь шмат дзён. А затым зноў прайшоў дождж, i агонь патух.

Каля трыццаці тысяч гадоў назад. Непадалёку ад сучаснага Гомеля

У будане, накрытым мамантавымі шкурамі, гарыць вогнішча. Сіняватае полымя танцуе на расшчэпленых костках. Косткі гараць добра. A сапраўдных «драўляных» дроў няма, бо навокал тундра.

Зараз зіма. Лютуе завіруха, ажно ўздрыгваюць падпоры ў будане. Але ў ім цёпла. А дым? Што ж, яго можна перацярпець. Каля вогнішча заўсёды сядзяць старыя жанчыны — адна або дзве. Ix абавязак — шчапаць i падкідаць у агонь косткі. Нельга, каб агонь пагас. Зімою — гэта смерць для ўсяго статна першабытных людзей.

Вогнішча гарыць ужо шмат дзесяцігоддзяў. Не згасаючы. Пад ім набраўся таўшчэзны пласт шэра-сіняватага касцянога вугалю. Калі агонь пагасне, яго трэба пазычаць або здабываць сілай у суседзяў, якія далёка-далёка адсюль. Агнём у той час людзі карысталіся пастаянна, хоць самі здабываць яго яшчэ не ўмелі. Але гэты агонь у будане не пагаснеБо старыя даглядчыцы адказваюць за яго ўласным жыццём...

Каля трынаццаці тысяч гадоў назад. На Прыпяці

Гарпун, выразаны з лапаткі паўночнага аленя, амаль гатовы. Бакі яго гладка абструганы, а зубцы завостраны. Засталося толькі зрабіць у насадзе дзірку, з дапамогай якой прылада прымацоўваецца да дрэўка.

Стары паляўнічы прыціснуў каленам гарпун да плашчака, прыставіў да насады палачку з крамянёвым свердлам i пачаў раскручваць яе далонямі то ў адзін, то ў другі бок, Пасыпалася касцяное шэрае пілавінне.

Але сёння нешта не працавалася старому. Хутка стамляліся рукі. Саслізгваў свердзел.

— Сынку! — гукнуў стары шыракаплечаму юнаку, які каля хаціны выстругваў для гарпуна дрэўка.— Дасвідруй, а я крыху адпачну.

Юнак, як i толькі што яго бацька, сагнуўся над гарпуном. Ен быў дужы i раскручваў свердзел так хутка, што толькі мільгацелі рукі. Захапіўшыся, ён нават перастараўся, i свердзел урэзаўся ў драўляны плашчак. Сутыкненне хуткарухомага крэменю з дрэвам выклікала моцнае награванне, i з плашчака пайшоў дым.

— Стой, што ты робіш? — спалохана закрычаў стары. Але сын i сам ужо спыніў працу i здзіўлена аглядаў абвугленую ямку ў дрэве. Потым памацаў яе пальцам i ўскрыкнуў — пячэ.

Што пры трэнні рэчы награваюцца, чалавек ведаў даўно. Напрыклад, награваўся скрабок, якім здзіралі мяздру, каб зрабіць шкуру забітай жывёлы мяккай. Але калі вельмі моцна пацерці крэменем аб дрэва, то пойдзе дым — з такім яшчэ не сустракаліся.

Юнак не раз потым паказваў сваім аднагодкам гэты цуд са свердлам i сухім драўляным плашчаком. I кожны раз ішоў дым.

Можа аднойчы гэты юнак ці яго таварыш паспрабаваў так крутануць адной палачкай без крэменю. Дыму адразу пабольшала, i дрэва загарэлася!

Каля дванаццаці тысяч гадоў назад. Можа дзесьці пад Мінскам

На ўскрайку паселішча на валуне сядзіць чалавек i аббівае кавалак крэменю — робіць нуклеус (археалагічны тэрмін для абазначэння крамянёвага абабітага жаўлака). З яго потым можна будзе сколваць розныя адшчэпы i пласцінкі для таго, каб майстраваць наканечнікі стрэлаў, праколкі, разцы, скрабкі, нажы i шмат чаго іншага.

Удар, яшчэ ўдар. Адскокваюць ад крэменю розныя непатрэбныя выступы. Прыжмурваецца майстар, каб востры асколак не трапіў у вока. Ды, ай, якая няўдача! — такі зручны, як буслінае яйка, адбойнік з пясчанікавай галькі трэснуў i разваліўся.

Мужчына пачаў шукаць, што б прыстасаваць пад новы адбойнік. I тут успомніў, што яшчэ ўчора, збіраючы крэмень у рачной даліне, знайшоў камень, буры i цяжкі. Хацеў спачатку шпурнуць знаходку ў ваду, але ж вельмі камень быў нязвыклы. Падумаў i пакінуў сабе.

Чалавек пайшоў у хаціну i вярнуўся з учарашняй знаходкай. Зноў прысеў на валун, прымеркаваўся, стукнуў новым адбойнікам па крэменю... i анямеў, уражаны. Нярэдка бывала пры апрацоўцы камянёў, што з-пад адбойніка выляталі іскры. Але зараз пры ўдары бурым каменем аб крэмень вылецеў цэлы сноп іскраў. Доўгіх, сляпучых. Мужчына ўжо не думаў пра свой асноўны занятак, а разпораз біў адбойнікам па крэменю. I тут заўважыў, што сухая трава каля валуна, куды якраз траплялі іскры, задымілася, а потым успыхнуў i агеньчык. Чалавек зачаравана глядзеў на гэту незвычайную з'яву.

Вось агеньчык ператварыўся ў сапраўднае полымя, якое пачало падбірацца да хаціны. Як быццам прачнуўшыся, мужчына ўсхапіўся i затаптаў агонь. Затым чалавек адышоў далей ад паселішча, наскуб сухой травы i ўдарамі таго ж бурага каменю аб крэмень зноў запаліў агонь.

Што гэта быў за камень — метэарыт, жалезны калчадан або кавалак якога іншага жалезістага рэчыва? У вогуле гэта i не так важна. Галоўнае тое, што чалавек адкрыў яшчэ адзін спосаб здабывання агню.

ПЕРШЫ ЧАЛАВЕЧЫ СЛЕД


Сто тысяч гадоў назад. Ці можа дзевяноста? Недзе прыблізна ў гэты час...

Там, дзе зараз Сож, таксама цячэ нейкая рака, але шырэйшая. Шматлікія астравы. Поплаў з лазовымі кустамі. А дзе бераг вышэйшы — пачынаецца вялізны, дзікі, непраходны лес. Але гэта толькі так здаецца на першы погляд. Калі прыгледзецца лепш, то можна заўважыць там-сям шырокія i зусім вузенькія сцежкі i сцяжынкі. Па вузкіх сцяжынках палахліва прабіраюцца дробныя звяры, па сцежках ходзяць звяры большыя i зусім вялікія. Там, дзе быццам віхура праламала прагаліну, сцяжына мамантаў. Гэта ўжо нават не сцяжына, a сапраўдная да рога!

А дзе ж тая сцежка, па якой ходзіць чалавек? Яна яшчэ не пракладзена. Таму што чалавека ў наваколлі няма. I не было тут ніколі! Праўда, чалавек на зямлі ўжо ёсць. На поўдзень, там, дзе зараз Украіна, па берагах рэк можна сустрэць нешматлікія гурты першабытных людзей.

Паміж высокім берагам i вадой шырокая стужка белага пяску. Толькі спала навальнічная паводка, i пясок ляжыць роўна, як прыгладжаны. Але, хоць яшчэ раніца, тут ужо наслядзілі. Ланцужкамі звіваюцца сляды птушак, накапычана каля мелкаводдзя аленямі, а воддаль пралягла глыбокая разора ад в ял ізных капытоў — прыходзіў напіцца шарсцісты насарог. Якіх тут толькі слядоў няма! Калі прайсці крокаў дзвесце паўз бераг, можна было б знайсці такія «аўтографы» ўсяго ляснога жыхарства.

Нядаўняя навальніца вывернула каля берага старую хвою. Але дрэвы навокал раслі так густа, што хвоя не ўпала на зямлю, a павісла, нахіленая, зачапіўшыся голлем за суседак. I стала, як брама, над звярынай сцежкай да вадапою.

Маладая рысь, паляўнічы ўчастак якой быў якраз тут, нагледзела гэты выварацень — цудоўная мясціна для засады! Спачатку проста прайшлася да ракі пахлябтаць халоднай з ночы вады і, вяртаючыся, хутчэй па звычцы, узбегла на выварацень. Затаілася, сочачы за сцежкай i рачным берагам: можа i трапідца які ласунак.

Але на вадапой ужо ніхто не ішоў. Сонца прыўзнялося з-за лесу i свяціла якраз на выварацень. Прыгравала, i рысь расслабілася ад задавальнення, зажмурылася.

Ды вось у лесе пачаўся нейкі pyx — рысь насцеражылася.

Па сцежцы ішло некалькі звяроў. Дзіўных. Рысь такіх бачыла ўпершыню i захвалявалася. Ішлі на задніх лапах. Так часам могуць мядзведзі. Але гэта былі не мядзведзі. I ростам меншыя. Хто б гэта мог быць?

...Група людзей — пяць мужчын, столькі ж жанчын i некалькі дзяцей выйшлі на бераг ракі. Скінулі з плячэй скураныя клункі i пачалі прагна піць ваду, набіраючы прыгаршчамі. Затым паселі на пясок. Былі відавочна стомленыя. Маўчалі нават дзеці. Дабіраліся сюды шмат дзён. Праз лес, якому, здавалася, не будзе канца. Прыйшлі з мясцін, дзе нарадзіліся, дзе застаўся ix гурт.

Пайсці трэба было, бо ў гурце стала зашмат народу, a дзічыны ў наваколлі паменшала. Тады старэйшыя сказалі: «Няхай частка маладых ідзе на поўнач. Там, дзе сонца хаваецца за край зямлі, дзе яно нараджаецца на раніду зноў, i там, дзе яно на небе падымаецца найвышэй,— у тых кірунках жывуць другія гурты, там ix паляўнічыя ўладанні, i туды закрыты шлях. Толькі на поўнач, як бы далека ні заходзілі паляўнічыя, не траплялася людзей. Там нічыйная зямля, a дзічыны шмат! Хай туды ідуць маладыя i засяляюць паўночную зямлю».

I маладыя пайшлі. Пяць сем'яў. I недзе ў пушчы ўпершыню перасеклі будучую праз шмат-шмат тысячагоддзяў мяжу Беларусь

Першыя людзі. Каржакаватыя, моцныя постаці. Яшчэ даволі валасатыя. Загрубелая скура. Пальцы, як карані дуба, з пазногцямі-кіпцюрамі. Шырокі твар. Нізкі, пакаты лоб. Магутныя, скошаныя назад сківіцы з моцнымі зубамі, якімі можна зжаваць корань, раструшчыць костку, перагрызці праціўніку або зверу горла. A самі гэтыя істоты хіба не падобныя да звяроў? Вельмі! Але пад выступаючымі цяжкімі надброўямі вочы ўжо не звярыныя — у ix свеціцца думка. Вочы маркотныя, калі ўспамінаецца родны гурт; вясёлыя, калі глядзяць на дураслівых малых; прыязныя пры сустрэчы з родзічамі; цікаўныя, калі сочаць за палётам птушкі над рачной плынню; цёмныя ад гневу, калі бачаць драпежніка або ворага.

У чалавека на плячах накінуты шкуры — тагачаснае адзенне; у руках цяжкія палкі — дубіны, крамянёвыя вострыя секачы, якімі можна забіць жывёліну, адсячы кавалак мяса, выкапаць ядомы корань. Чалавек ужо валодае агнём — з дупла калоды, якую па чарзе неслі мужчыны, ідзе дымок, там тлеюць вугалі, узятыя з агнішча ў родным гурце. I акрамя ўсяго, чалавек можа членападзельна размаўляць. Не, далека ўжо зверу да чалавека!

А вось i звер. З лесу выйшаў мядзведзь. Напярэдадні ён задраў лася, наеўся мяса, а зараз яго мучыла смага. Мядзведзь убачыў на беразе людзей. Як i рысь, упершыню. I здаліся яны яму дробнымі i слабымі. Мядзведзь саступаў толькі маманту i насарогу. З бізонам часам мог схапіцца на роўных, а тут на шляху да вады нейкая драбяза... Звер узняўся на заднія лапы i пагрозліва зароў: «Прэч з дарогі, ідзе гаспадар!»

Людзі збіліся ў гурт, але не ўцякалі. Гэта разюшыла мядзведзя, i ён кінуўся на ix.

Мужчына, які стаяў бліжэй да звера, шырока размахнуўся дубінай i выцяў яго па шырокай лабаціне. Загуло ў звярынай галаве, ды ён усё ж кіпцюрыстай лапай збіў чалавека з ног. Але іншыя мужчыны i жанчыны ўсе разам накінуліся на мядзведзя i ўдарамі дубін забілі яго.

Рысь глядзела, як людзі секачамі распаролі мядзведзю жывот, злупілі з яго шкуру, як рассякалі здабычу на часткі i перацягвалі на вышэйшую мясціну на беразе. Там жанчыны ўжо ладзілі з галля i кары павець i раскладалі вогнішча.

Па ўсім было бачна, што людзі тут рашылі спыніцца надоўга. Рысь, незадаволена завуркатаўшы, саскочыла на зямлю i пайшла далей у гушчар. Трэба было шукаць іншы выварацень для засады.


ЦАР ЗВЯРОЎ ЛЕДАВІКОВАЙ ЭПОХІ


Каля дваццаці шасці тысяч гадоў назад. Ля сучаснай вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна на Прыпяці

Мамант. Жывёліна вагою больш пяці тон i вышынёю каля трох з паловай метраў, з тоўстай скураю i густой бурай поўсцю, Падобны да слана. Але большы i на спіне мае горб, у які назапашвае тлушч на зімовую бяскорміцу. А вушы меншыя за слановыя, каб не мерзлі халадамі.

Мамант — цар звяроў. Дужэйшага за яго няма. Але чалавек хітрэйшы i таму перамагае маманта. Выкопвае лоўчыя ямы на мамантавых сцежках, падсцерагае каля правалаў у вечнай мерзлаце, забівае дзідамі i камянямі маманцят i старых саслабелых асобін.

Сапраўднае свята пачынаецца, калі ўпаляваны мамант. Гэта — на шмат месяцаў смачнай ежы, косткі для паліва i будаўніцтва жылля, шкуры для стрэх на хацінах, тлушч для асвятлення памяшканняў. A біўні! З гэтага белага, як снег, цвёрдага i адначасова падатлівага крамянёваму інструменту матэрыялу можна вырабляць столькі неабходнага першабытнаму чалавеку: наканечнікі дзідаў, баявыя дубіны, кінжалы, іголкі, шылы, пацеркі, бранзалеты і, нарэшце, можна выразаць фігуркі звяроў i людзей.

На большасці палеалітычных стаянак археолагі знаходзяць косткі мамантаў, часам ад соцень асобін. Можа дзякуючы паляванню на ix наш продак i выжыў у незвычайна суровым клімаце ледавіковай эпохі? А можа ён гэтым паляваннем у рэшце рэшт мамантаў i вынішчыў?

...Наступіла восень. Густымі касякамі пацягнуліся ў цёплыя краі ryci i качкі. Усё часцей з ледавіка павяваў халодны вецер. Ранкам іншы раз скрыпела пад нагамі падмарожаная бураятрава або з хмары пачынаў церушыць дробны снег. Днём іней i снег раставаліЦяплела. Але старыя, паглядаючы на нізкае сонца, казалі, што хутка зіма.

Аднойчы паляўнічыя-разведчыкі заўважылі, што ў даліне ракі з'явіліся маманты. Яны ад'еліся за лета, таму былі ўкормленыя i павольныя.

Група мужчын, пабраўшы моцныя завостраныя калы i палкі-капалкі, пайшла на мамантаву сцежку каля рачнога берага. Адны пачалі падрываць каламі пясок i гліну пад краем абрыву, другія адграбалі накапанае.

Тры дні пайшло на тое, каб зрабіць ладную пячору. I калі калы глуха застукалі па вечнай мерзлаце, землякопы спынілі працу.

У старога маманта былі хворыя зубы. Адчуваючы пастаянны боль, які часам мацнеў i рабіўся невыносным, ён стаў злосны, пачаў задзірацца. Таму статак выгнаў свайго няўжыўчывага сародзіча. Днямі мамант-адзінец блукаў па схілах гліністых узгоркаў, еў лісце лазы i вярбы, ласаваўся грыбамі, a калі ж мучыла смага, спускаўся па звярынай сцежцы да ракі.

Сёння маманта нешта ўстрывожыла на сцежцы. Перад паваротам на поплаў ён спыніўся i пачаў хобатам абнюхваць зямлю. Хоць ледзь улоўна, але пахла чалавекам! Не, лепш гэту мясціну абысці. Але тады трэба вяртацца назад, бо справа ўздымаўся стромкі бок рачной тэрасы, а злева свяціла пусткаю вялікая прамывіна. Пакуль звер нерашуча тупаў на месцы, на сцежку выбеглі людзі. Яны крычалі што было моцы, размахвалі паходнямі i кідалі ix у маманта. Мамант лёгка б раздушыў кожную з гэтых двухногіх істот, але страх перад пякучым агнём быў мацнейшы, чым злосць. Звер цяжкім трушком пабег па сцежцы... да ракі. I тут пад яго нагамі пачала правальвацца зямля. Мамант ірвануўся ўбок, але было позна, i ён усёй сваёй шматтоннай аграмадзінай абсунуўся ў яму — пастку.

Далека па наваколлі прагучаў пераможны крык людзей. Жанчыны i дзеці, старыя i хворыя — хто толькі мог рухацца — пайшлі i пабеглі з паселішча да мамантавай сцежкі, дзе паляўнічыя ўжо кідалі на звера цяжкія камяні, калолі яго дзідамі.

Мамант яшчэ ўздымаў хобат i раз'юшана трубіў, яшчэ тузаўся ў пастцы, абрушваючы са сценак ямы зямлю. Але ўжо быў асуджаны...


МАЛАДЫ МАСТАК


Каля дваццаці шасці тысяч гадоў назад. На бе разе ракі Судасць каля сучаснай вескі Елісеевічы, што на Браншчыне

Цёплы сонечны час перад паўднём. Пад пясчаным абрывам на беразе невялікага ручая сядзіць старая жанчына. Побач корпаецца ў пяску напаўголы хлопчык гадоў шасці — яе ўнук.

Уніз па цячэнню ручая праз хмызняк паблісквае на сонцы шырокая вада. Там рака. Калі зірнуць уверх на край абрыву, бачна голле ялін i вяршыні невялікіх бярозак. Далей нічога не відаць, але там крыху воддаль ад абрыву месціцца паселішча першабытных людзей. Старая жанчына i яе ўнук адтуль.

Бабуля спачатку не хацела браць з сабою малога. Але ж той вельмі прасіўся: пакажы ды пакажы, як выразаеш чалавечкаў.

З маленькай пячоркі пад каменем старая дастала загорнутыя ў бяросту кавалкі мамантарага біўня, крамянёвыя разцы, нож. Скоса зірнула на ўнука i завагалася — ці пачынаць. Тое, чым яна зараз зоймецца, трэба рабідь без сведкаў. Так патрабуе звычай. Ну, але ж можа духі i не будуць злавацца, бо ў малога вока чыстае, без уроку. Уздыхнула па-старэчаму i дастала з меншага скрутачка няскончаную статуэтку, у якой ужо ўгадвалася постаць жанчыны, маладой i дужай. Бабуля пачала зразаць з кавалка біўня лішнія выступы, затым саскрэбвала ix скрабком, рабіла выемкi крамянёвым разцом. Шчыравала жанчына над статуэткаю i краем вока бачыла, як усхвалявана сочыць за яе працай унук, ловячы кожны рух, стараючыся ўсё запомніць.

A калі дробным пясочкам i шкуркай пачала паліраваць гатовую статуэтку, малы не вытрымаў:

— Як прыгожа!

Старая ледзь прыкметна ўсміхнулася — усё ж прыемна, калі хто пахваліць. Хоць бы i дзіця. А што б ён сказаў, убачыўшы, якія фігуркі яна выразала, калі была маладзейшая, калі не дрыжэлі пальцы i было вастрэйшае вока?!

— А зараз, унучак, шаман скажа над статуэткай чароўныя словы, абкурыць дымам з замоўленых траў i ўвойдзе ў яе дух Вялікай жанчыны, ахоўніцы агнішча, прадаўжальніцы чалавечага роду...

— Бабуля, а табе не трэба гэты кавалачак? — нясмела запытаў унук, паказваючы на невялікі абломак косткі.

— Вазьмі, унучак, пазабаўляйся,— пагладзіла яна малога па га лаве.

Задумалася старая, грэючыся на сонцы. Нават крыху задрамала. Ці то мроіла, ці то ўспамінала яна сябе дзяўчынкай у мяккім кажуху з пясцовых шкурак i ў такіх жа сшыванках на нагах. Але ўсё адно часам мерзла. Асабліва зімою, калі ішлі бясконцыя снягі, калі пранізлівыя вятры, здавалася, адарвуць ад зямлі i панясуць на край свету ўсё, што не трымалася за перамёрзлую зямлю ўчэпістымі каранямі. Дрыжэў пад напорам ветру ix будан, трымцелі звярыныя шкуры на страсе. A калі ў шчыліны ўрываўся вецер, закручвала дымам з агнішча, пякло ў вачах i рваў грудзі кашаль. A ўсё роўна дзяцінства ўспаміналася, як добры i далёкі сон. Хоць было часамі i холадна, i голадна, i колькі разоў хвароба ледзь не забрала яе ў Краіну продкаў...

Затым малюнкі дзяцінства пабляклі. Нешта зялёнае, быццам бярозавыя галінкі, загайдалася перад вачамі, i старая зусім заснула. Прахапілася ад таго, што ўнук тузаў за плячо i гукаў у вуха:

— Бабуля, бабуля, зірні, што я зрабіў!

Жанчына шурпатай далонню правяла па твары, праганяючы сон, азірнулася па баках. Сонца стаяла так жа высока, значыць, заснула на хвілінку, а здалося — надоўга.

Унук працягваў кавалак косткі:

— Паглядзі, бабуля.

Яна ўзяла кавалак у рукі i пачала ўглядацца, жмурачы яшчэ сонныя вочы. Большую частку косткі пакрывалі свежыя драпіны i нарэзкі, якія спляталіся ў складаны і, як здавалася, бязладны ўзор.

— Гэта ж наша паселішча, бабуля. А вось рака,— не выцерпеў малы.

I сапраўды, зараз жанчына разабрала, што здвоеныя дугі — ix буданы, хвалістая, рысачка ўверсе — далягляд, a ўнізе набягаюць рачныя хвалі.

— Ах жа, ты мой памочнік,— усцешылася жанчына.— Вазьмі большы кавалак біўня, выраж яшчэ што-небудзь. Бачу, што зможаш мяне, старую, некалі замяніць.

Радасна малому. Яму хочацца выразаць так, як яго бабуля. Ен ужо i спрабуе з кары або дрэва. Часам i атрымоўваецца — гарбаты тоўсты мамант, насарог з вострай галінкай за мест рога... Вось толькі фігуркі людзей пакуль што не выходзяць! Але нічога, атрымаюцца. Ен будзе вельмі старацца. Ен кожны раз будзе прыходзіць сюды з бабуляй, вучыцца ў яе.


У СТАРАЖЫТНЫМ БУДАНЕ


Каля дваццаці пяці тысяч гадоў назад. На поудзень ад сучаснай вёскі Бердыж Чачэрскага раёна

На шырачэзным поплаве пятляе, раздвойваецца i растройваецца рака. Яна яшчэ не вымыла глыбокага рэчышча. Ей прасторна. На астравах, на берагах затокаў i старыц парос хмызняк. Месцамі ў нізінах бачны звілістыя стужкі свежанамытага пяску i жвіру — растаюць далёкія ледавікі, i тады рака разліваецца.

Ва ўсе бакі ад рачной даліны цягнецца бясконцая хвалістая раўніна, пакрытая расліннасцю халодных стэпаў, якая на паўночных схілах узвышэнняў больш падобна да тундравай. На паўднёвых схілах i ў ярах туляцца ляскі з нізкарослых асін, бярозак, ялін.

На мысе паміж берагам ракі i неглыбокім ярам прымасціліся два буданы. Буданы авальныя. Асновы ix сцен выкладзены чарапамі i іншымі буйнымі косткамі мамантаў. Жэрдкі i звязаныя паміж сабой мамантавыя рэбры ўтвараюць каркас страхі, накрытай пйсурамі вялікіх жывёлін. Шкуры ўнізе замацаваны каменнем, каб не знесла бурамі.

Брудна i няўтульна навокал. Шмат смецця, патрушчаных i абгрызеных костак.

З прырэчнага боку буданоў чарнеюць уваходы — як пралезці сагнутаму чалавеку. Давайце ж зазірнём туды... Якраз насупраць уваходу размешчана амаль патухлае агнішча, толькі тлее некалькі вугалёў. За агнішчам з даху звісаюць шкуры паўночных аленяў i бізонаў, якія дзеляць будан на два памяшканні. У прыцемку можна разгледзець лежакі на касцяных вымастках, пакрытыя мяккімі шкурамі. На адным лежаку стары. Ен разпораз кашляе: хворы. Каля ўваходу прыстаўлена некалькі дзідаў, збоку ляжаць скураныя торбы, пад жэрдкамі даху — пукі сушаных сцяблін, карані ядомых раслін.

Каля буданоў у вечнай мерзлаце выкапаны ямы — мясныя кладоўкі. Яны прыкрыты мамантавымі чарапамі, лапаткамі, цяжкімі камянямі, каб да харчовых запасаў не змаглі дабрацца лісіцы i ваўкі. Але зараз у кладоўках пуста, толькі патыхае з ix холадам.

Такой цёплай летняй парой, як цяпер, жыхары паселішча большасць свайго часу праводзяць на свежым паветры. На летнім агнішчы смажацца кавалкі аленіны. Тлушч капае на вугалі i ўспыхвае куродымным полымем. Смурод ад гнілаватага мяса разыходзіцца навокал. Але нават i такога мяса засталося мала.

Каля агнішча на кукішках — зямля ж халодная — сядзяць дзве жанчыны. У сваёй груба пашытай з калматых шкур вопратцы яны падобны на нейкіх дзіўных маўклівых птушак. Жанчыны сочаць, каб смажаніна не падгарэла.

Бліжэй да будана маладая жанчына расцягнула на зямлі свежую лісіную шкуру, прымацаваўшы яе па краях калочкамі, i крамянёвым скрабком здзірае мяздру, каб шкурка стала тонкай i гнуткай. Тут жа старэйшая жанчына сядзіць на мамантавым чэрапе i з дапамогай касцяной праколкі i сухажылляў сшывае са шкур цёплую зімовую вопратку.

Каля буданоў бегаюць дзеці: то смяюцца, то плачуць, пачаўшы бойку. Але вось дзеці згрудзіліся над ярам i закрычалі:

— Нашы вяртаюцца з палявання!

Мужчыны неслі ўпаляванага сайгака, падвязанага да доўгай жардзіны. Яго выгнутыя рогі цягнуліся па зямлі, прадзіраючы дзве цёмныя баразны. Узбуджана падняліся i жанчыны, пачалі падкідваць у агнішча ламачча, раздзьмухваць полымя. Сёння ўсе лягуць спаць пад'еўшы.

Як толькі зайшло сонца, людзі забраліся ў буданы. Нейкі час адтуль яшчэ далятаюць прыглушаныя галасы, але хутка ўсё навокал заціхае. Толькі шуміць рачная вада ў прыбярэжнай лазе ды недзе зрэдку спрасоння ўскрыквае птушка. Не спіць воін каля агнішча. Абапёрся на дзіду і, як зачараваны, глядзіць на агонь. Яму нельга спаць — чарга пільнаваць.

СЯРЭДНІ КАМЕННЫ ВЕК

CTPAЛA РАСАМАХІ


Адзінаццаць тысяч гадоў назад. На Беларускім Паазері

Расамаха быў яшчэ юнак, але на паляванні з ім мала хто мог параўнацца. Ен дзідаю трапляў пад самую лапатку бягучаму аленю, збіваў каменем вавёрку з высокага дрэва. Мог доўгі час ляжаць на краі балота ў траве i цярпліва чакаць, пакуль бліжэй падплывуць качкі, каб дакладнейшым быў кідок цяжкай палкі.

А яшчэ любіў Расамаха блукаць па навакольных лясах ды балотах. Бывае, адаб'ецца ад паляўнічых i паверне берагам невядомай рэчкі. I ўсё яму цікава — куды вада бяжыць, якія дрэвы растуць у іншых мясцінах, якія там звяры водзяцца.

Але хадзіць па нязведаных сцежках, ды яшчэ аднаму, трэба было асцярожна, каб не напаткаць людзей з іншага племені, якія не пацерпяць чужака ў сваіх паляўнічых уладаннях.

За гэты спрыт на паляванні i за ахвоту да вандраванняў, мусіць, i далі юнаку імя Расамаха.

Вось i зараз з высокага ўзгорка прыкмеціў Расамаха на затуманеным даляглядзе незнаёмае возера.

— Не хадзі,— пачалі адгаворваць старэйшыя паляўнічыя.— Там жывуць ваяўнічыя людзі. У ix дзіды маленькія, але куслівыя, як змейкі. I ляцяць яны вельмі далёка, бо кідаюць ix духі — памочнікі тых людзей.

Але гэтыя словы толькі падахвоцілі юнака — вельмі захацелася пабачыць самому, як лётаюць тыя маленькія дзіды-змейкі. Расамаха мацней завязаў раменьчыкі на скураным абутку, паправіў за пасам нож, перахапіў у правую руку дзіду i знік у нізкім ельніку на схіле ўзгорка. Ішоў, трымаючыся лагчын з кустамі i пералескамі. На прагаліны, дзе быў адкрыты чужому воку, стараўся не выходзіць.

Недзе на паўдарозе да возера трапілася асабліва вялікая прагаліна. Расамаха асцярожна вызірнуў з хмызняку, прыкідваючы — ці бяспечна будзе яе перайсці, а можа лепш абмінуць краем. I тут амаль перад сабою ўбачыў старога лася. Звер скуб траву паміж валунамі i раз-пораз пудка ўскідваў галаву, прыслухоўваўся i азіраў наваколле.

Вецер быў якраз з боку лася, i жывёліна не ўчула чалавека. Расамаха з захапленнем i шкадаваннем глядзеў на лася, да якога б дакінуў дзідай. Але навошта яму зараз такая здабыча? Да таго возера дабірацца яшчэ паўдня, i невядома — калі назад. За гэты час ваўкі ды лісіцы ад лася пакінулі б адны косткі.

I толькі хацеў Расамаха зноў пусціцца ў дарогу, як вострым зрокам прыкмеціў, што за вялікім каменем непадалёку ад лася нешта варухнулася. Там затаіўся мядзведзь. Звер таксама цікаваў за ласём i падбіраў момант, каб кінуцца на здабычу. Але на краі прагаліны быў хтосьці i чацвёрты! За кустом, зусім блізка, Расамаха ўбачыў чалавека. Той так захапіўся ласём, што не заўважаў нічога навокал сябе. У руках незнаёмага была доўгая выгнутая палка i тонкі пруток, на канцы якога пабліскваў крамянёвы наканечнік. Расамаха адчуў, як ад страху ў яго на галаве заварушыліся вал асы, i скасіў вочы за спіну суседа: дзе ж той дух, як i пасылае гэтыя дзіды-змейкі? Што ў руках чалавека была тая зброя, пра якую расказвалі паляўнічыя, Расамаха здагадаўся адразу. Але ніякіх духаў не ўбачыў i з палёгкай перавёў дыханне.

I тут незнаёмец узняў выгнутую палку, нацягнуў сплеценую з сухажылляў вяровачку, якой былі звязаны канцы палкі, i пусціў пруток з наканечнікам.

Расамаха нават не паспеў прыкмеціць, куды паляцеў гэты пруток. Толькі ўбачыў, як уздыбіўся лось, ірвануўся наўцёкі, але пярэднія ногі яго падагнуліся i жывёліна завалілася на бок, зарываючыся рагамі ў зямлю.

Незнаёмец нешта ўскрыкнуў i пабег да лася. Калі ён быў побач, на чалавека кінуўся мядзведзь — звер лічыў лася сваёй здабычай. Расамаха аслупянеў, гледзячы, як падмяў мядзведзь паляўнічага пад сябе, разрываючы кіпцюрамі вопратку, i як той учапіўся драпежніку ў горла, ратуючыся ад іклаў. I тут быццам нейкая сіла штурханула юнака ў плечы. Праз некалькі імгненняў ён апынуўся на прагаліне i ўвагнаў у бок зверу сваю дзіду. Мядзведзь зароў, тузануўся, але ўдар быў трапны — у сэрца.

Юнак дрыжэў ад узбуджэння, азіраючы месца сутычкі. Лось, мядзведзь i чалавек ляжалі побач. Незнаёмец не рухаўся. Разарваная скураная вопратка ў яго на грудзях паволі набрыньвала крывёю — кіпцюры дасталі i да цела. Расамаха нагнуўся над параненым, крануў за плячо. Той застагнаў i расплюшчыў вочы. Потым, з цяжкасцю прыўзняўшы галаву, паглядзеў на лася, мядзведзя, перавёў позірк на Расамаху i нешта прагаварыў на незразумелай мове, паказваючы на мядзведзя.

Расамаха заківаў галавой і, размахваючы дзідаю, паказаў, як ён закалоў звера.

Зараз ужо i незнаёмец заківаў галавою, заўсміхаўся i ўсё нешта лапатаў па-свойму. Мусіць, дзякаваў.

А вопратка на грудзях у яго ўсё больш чырванела. Тады юнак выразаў з ласінага бока доўгі пасак скуры i моцна сцягнуў ім грудзі параненага. Кроў перастала сачыцца, i даволі хутка незнаёмцу палегчала. Ен нават змог, хоць i хістаючыся, узняцца на ногі. Затым паказаў у бок возера i жэстамі запрасіў ісці за сабой.

Расамаха выразаў моцны кій i падаў параненаму, каб той мог абапірацца на яго. Нават правёў да краю прагаліны. Але далей ісці адмовіўся. Ен не ведаў, як яго прымуць чужыя людзі. А раптам не • захочуць адпусціць у родныя мясціны?

Незнаёмец са шкадаваннем развёў рукамі. Потым зняў з пляча тую выгнутую палку з нацягнутай вяровачкай, з паса — берасцяную трубачку, з якой тырчэла многа пруткоў з наканечнікамі, i працягнуў усё гэта Расамаху.

У юнака ад радасці ледзь не выскачыла сэрца.

— Лук,— паказаў незнаёмец на выгнутую палку.— Страла,— паказаў ён затым на пруток.

— С-стр-рала,— з цяжкасцю паўтарыў Расамаха новае слова i моцна прыціснуў падарункі да грудзей.

Вяртаўся Расамаха, нібы ляцеў на крылах. Але як ні спяшаўся, зноў завярнуў на тую мясціну, дзе выратаваў жыццё чалавеку. Лася не чапаў — гэта была чужая здабыча, а з мядзведзя злупіў шкуру. Потым пайшоў павольней, бо на плячах адчувалася вага набытку.

У пачатку наступнага дня Расамаха быў дома. Юнак зняў з плячэй мядзведжую шкуру i разгарнуў каля вогнішча. Затым паклаў на яе лук i стрэлы. Ен стаяў побач, i твар яго пунсавеў ад гонару. Родзічы абступілі навокал, зазіраючы цераз плячо адзін другому: што гэта за незразумелыя рэчы прынёс Расамаха?

Тады Расамаха ўзяў лук, паклаў на цеціву стралу i выстраліў уверх. Страла ўзвілася вышэй самых высокіх дрэў i, апісаўшы стромкую дугу, уваткнулася ў зямлю за буданамі.

Людзі ў жаху пабеглі ад вогнішча, а некаторыя пападалі ніц з крыкам: «Дзіда — змейка духаў!» Юнак засмяяўся: «Гэта страла! Яе пускаюць не духі, a людзі вось з такога лука».

Родзічы Расамахі хутка i самі навучыліся страляць з лука, а затым i майстраваць яго з моцнага дрэва. З лукам стала лягчэй паляваць. Зараз з вялікай адлегласці можна было забіць любую жывёліну, нават падстрэліць птушку ў палёце. Паляўнічыя пачалі больш прыносіць здабычы, i ў людзей заўсёды было мяса.

Неўзабаве ў тых краях усе навучыліся паляваць з дапамогай лука. I доўга яшчэ там называлі гэту цудоўную зброю «стралой Расамахі».


АСЕННЯЕ ПАЛЯВАННЕ


Адзінаццаць тысяч гадоў назад. Левы бераг Віліі пад сучаснай Смаргонню

Наступіла восень. Паблякла тундра, што разаслалася на поўнач ад ракі. Пажаўцелі бярозавыя пералескі, якія пачыналіся ад паўднёвага берага Віліі i цягнуліся да Немана, каб за ім зліцца ў суцэльны лес, дзе бяроза змешваецца з ялінай, хвояй, вольхай.

I як толькі вецер прынёс першае дыханне халадоў, племя, якое жыло каля крутой рачной лукі, пачало рыхтавацца да вялікага палявання на паўночных аленяў.

Ладзілі чоўны, мацней прывязвалі крамянёвыя наканечнікі да доўгіх дрэўкаў, мянялі апярэнне стрэлаў, спрабавалі пругкасць лукаў. Групы мужчын пайшлі ў паўднёвыя лясы дзерці смалякі, ламаць яловыя лапкі. На паўночны бераг Віліі пераправіліся разведчыкі пільнаваць з'яўленне аленяў, якія пойдуць з халодных краёў праз Вілію да Немана, дзе на краі лясоў будуць хавацца ад зімовых вятроў.

I вось аднойчы на пясчаны мыс, які жаўцеў стромкімі абрывамі, прыйшоў шаман з бубнам i касцяной сякерай. Бубен быў плоскі з тугой скураной мембранай на берасцяным вобадзе. Прывязаныя да вобада, шамацелі нізкі ракавін. На чорнай ад тлушчу i сажы паверхні сякеры выдзяляўся адмысловы наразны арнамент, запоўнены белай глінай.

Шаман быў голы, толькі шкура пакрывала яго плечы, ды над галавою пагойдваліся аленевыя рогі.

З белых вапняковых каменьчыкаў шаман выклаў на траве сілуэт аленя, побач распаліў вогнішча. Калі агонь разгарэўся i дым пацягнуўся ўгору, шаман ударыў у бубен. I адразу з буданоў паселішча з явіліся мужчыны з дзідамі i лукамі i пайшлі на рачны мыс, куды ix клікаў бубен.

Шаман кружыў вакол вогнішча i сілуэта аленя на траве, рытмічна біў у бубен i раз-пораз выкрыкваў закляцці. Мужчыны, якія паселі ў кола, пагойдваліся ў такт бубну i хорам паўтаралі за шаманам. Далека па рацэ разносілася гэта ні то песня, ні то лямант.

Увесь дзень заклінаў духаў шаман. I ноч. Прасіў ix дапамагчы ў паляванні, скіраваць аленяў да гэтай рачной лукі. Усё хутчэйшым рабіўся бубнавы рытм, усё мацней ускрыквалі паляўнічыя, і, здавалася, не будзе канца гэтаму кружэнню шамана вакол вогнішча — адкуль толькі моц у гэтым старым целе! Але шаману, пэўна, давалі тую моц добрыя духі племені.

Калі скончылася ноч i развіднела, прыбег задыханы разведчык, прарваўся да вогнішча праз кола мужчын i закрычаў, уздымаючы дзіду: «Ідуць алені!»

Тады шаман выхапіў у разведчыка дзіду i, як рэха, ускрыкнуўшы: «Ідуць алені!», увагнаў яе вастрыём у белы сілуэт жывёліны на траве i ўпаў без прытомнасці.

Мужчыны-паляўнічыя рушылі да берага i занялі ўжо раней падрыхтаваныя месцы: хто ў чоўне, замаскіраваным галлём, хто з лукам у прыбярэжных кустах.

З'явіўся яшчэ адзін разведчык i сказаў, што алені ідуць якраз на пераправу каля ix лукі. Усе з палёгкаю ўздыхнулі. Здаралася, што алені, нечым устрывожаныя, раптам паварочвалі ўбок i пераплывалі Вілію ў іншым месцы. Тады племя заставалася на зіму без мяса, i галодная смерць прыходзіла да людзей.

I вось у напружанай цішыні пачуўся нейкі шум, затым лес рагоў вырас над звілістай лініяй прыбярэжных узгоркаў — гэта паказаліся перадавыя статкі аленяў. Сівавата-бурая хваля жывёлін падкацілася да вады i замерла. Аленіхі-важатыя пачалі нюхаць паветра i пільна аглядаць супрацьлеглы бераг.

Затаілі дыханне паляўнічыя. Але вось аленіхі ўвайшлі ў ваду i паплылі. Калыхнуліся тысячы рагоў, i ўслед за важатымі рушылі іншыя алені.

Як толькі першыя жывёліны выйшлі на супрацьлеглы бераг, ca схованак выплылі чоўны — паляванне пачалося. Паляўнічыя, плывучы сярод аленяў, калолі ix дзідамі. Аднаго за другім. Пакуль хапала моцы ў руках або пакуль не ламалася дрэўка. А з другога берага ўсё наплывалі новыя статкі.

Забітых жывёлін плынь зносіла ўніз. Там ix перахоплівалі i цягнулі да берага. Маладзейшыя або не такія спрытныя паляўнічыя білі аленяў на беразе з лукаў.

Але i ў людзей без ахвяр не абышлося. Перапалоханая аленіха перакуліла човен. Паляўнічы пайшоў на дно. Быў паранены i адзін юнак на беразе, які неасцярожна сунуўся з дзідаю да раз'юшанагасамца.

Апошнія алені, успеньваючы ваду, выскачылі на бераг i памчалі па раскапычанай тундры. Навокал стала ціха.

Зараз наступіла спакайнейшая, але не менш важная работа. Трэба было зняць шкуру са здабычы, прыпарадкаваць мяса. I хутка задымілі ўздоўж берага вяндлярні, зробленыя з жэрдак i бяросты. Густа запахла паленым смалістым дрэвам. I так было кожную восень.


ЗА ДАРАМI ПРЫРОДЫ


Гэта магло быць у любое тысячагоддзе каменнага веку, асабліва ў яго пазнейшы час, дзе-небудзь на Беларускім Паазер'i

Першабытны чалавек карміўся з палявання, рыбалоўства i збіральніцтва. Зразумела, апошняе не прыносіла столькі спажывы, як, напрыклад, удалае паляванне на зубра або маманта. Але ўсё ж i збіральніцтва значна разнастаіла харчаванне нашых продкаў.

Вясною, калі ўсё навокал зелянела, выпраўляліся за першым шчаўем. Ішлі ў харч маладая крапіва, дзікая цыбуля, карані вадзяной лілеі, мноства іншых раслін. Вясною быў самы час i для збору птушыных яек. Затым прыходзіла лета i выспявалі ягады. Спачатку суніцы, потым чарніцы, маліны, брусніцы, восенню — журавіны. Ягады можна было не толькі есці свежымі, але i сушыць на зіму.

Пасля цёплых дажджоў пачыналіся грыбы. Раслі яны ажно да позняй восені, i ўвесь гэты час не заціхалі чалавечыя галасы ў лесе.

У канцы лета наступаў збор арэхаў. Людзі ішлі i ў дубнякі, разганяючы дзікоў,— паспелі жалуды. Вывараныя жалуды гублялі гаркоту. Ix можна было затым перацерці на муку, змяшаць з арэхамі ці яшчэ з чым i спячы праснакі.

...У дупле вялізнай старой ліпы пасяліўся пчаліны рой. Можа таму, што дупло было высока над зямлёю, а дрэва нахілена над рэчкаю, мядзведзям ніяк не ўдавалася выдраць гранкі-соты. А паласавацца мядком яны спрабавалі — камель быў добра паабдзіраны кіпцюрамі.

Людзі прыкмецілі рой яшчэ вясною, але не чапалі: чакалі, пакуль пчолы наносяць пабольш набытку. I вось неяк у самы разгар лета, калі з дупла ажно выступіў мёд, да ліпы прыйшло некалькі мужчын. Спыніліся пад дрэвам, глядзелі i слухалі, як гудуць пчолы ў ліпавай кроне. Затым адны з мужчын ссеклі ў прыбалаці гонкую яліну i ацерабілі на ёй галіны, пакінуўшы ля камля старчакі. Другія нацягалі сухога ламачча. Як толькі яліну прыставілі да ліпы — вяршыняй да дупла, падпалілі ламачча i пачалі кідаць на агонь сырое галлё. Цёмна-шызы дым узняўся ўгору, ухутаўшы дрэва густым воблакам. I адразу загуло ў кроне, быццам у віхуру,— гэта вылятаў з дупла растрывожаны рой.

Крыху пачакаўшы, па яліне, чапляючыся за старчакі, палез маладзейшы i рызыкоўнейшы з мужчын. Ен быў захутаны ажно да вачэй закуродымленай вопраткай i трымаў пад пахай скураны мех. Задыхаючыся ад дыму, мужчына выцягнуў з дупла гранкі i склаў у мех. Затым хуценька пачаў спускацца, бо, калі дым радзеў, пчолы смялелі i раз'юшана накідваліся на чалавека. Даставалася i тым, хто стаяў пад дрэвам.

Радасна ўзбуджаныя — гэта была вясёлая забава — вярталіся мужчыны са здабычай у паселішча. Час ад часу пазіралі адзін на другога, бачылі апухлыя ад укусаў насы i вочы-шчылінкі i рагаталі.

...У плыткай азёрнай затоцы, зарослай рознымі вадзянымі раслінамі, ходзяць амаль па пояс у вадзе жанчыны i падлеткі. Раз-пораз нагінаюцца, нешта выцягваюць з глею i кладуць у торбы. Малюскі? Не, хоць ix таксама збіралі i елі першабытныя людзі. Жанчыны i падлеткі выкопваюць плады вадзяных арэхаў, рагатыя, як галоўкі чорцікаў. Плады потым абсмажаць на вогнішчы i дастануць з ix смачныя зярняты.

А як настане глыбокая восень i сцішыцца пачарнелая зямля ў чаканні першага снегу, гаспадыні са спакойным задавальненнем будуць аглядаць у схованках доўгія нізкі сушаных грыбоў, кошыкі i вялізныя гліняныя гаршкі з ягадамі, жалудамі, ляснымі i вадзянымі арэхамі. Будуць перакладаць у сушэйшыя мясціны пукі каранёў i сцяблін ядомых раслін i радавацца, што зімовымі завірухамі, калі не прабіцца праз лёд да свежай рыбы, не трапіць у заснежаны лес за дзічынай, сям'я хоць які час зможа пратрымацца на гэтых запасах, сабраных у лесе, на балоце, у возеры.

Збіральніцтвам займаліся i самыя першыя людзі, якія яшчэ мала чым розніліся ад сваіх продкаў — чалавекападобных малпаў, i людзі пазнейшага часу, кал i ўжо існавалі земляробства i жывёлагадоўля.


У МАЙСТЭРНІ


Сем тысяч гадоў назад. На рацэ Сож каля сучаснай вёскі Залессе ў Чачэрскім раёне

Нa краі паселішча, пад самым лесам, размясцілася крэмнеапрацоўчая майстэрня. Гэта — лёгкая трысняговая павець на слупках, якая дае схованку i ад сонца, i ад непагадзі.

Пад павеццю яшчэ моцны, але ўжо сівы мужчына. Апрануты ён у доўгія штаны, пашытыя з крапіўнага палатна, i скураную безрукаўку. Босы.

Вось мужчына ідзе ў кут павеці i выкопвае са схованкі крамянёвы кавалак — камень памерам у два кулакі. Затым бярэ з торбы на слупку адбойнік — гранітную гальку з моцна падзёўбанымі краямі, прысаджваецца на драўляны кругляк i спрытным ударам збівае вяршыню кавалка. Атрымалася амаль роўная пляцоўка. Паклаўшы камень на чэсаную дошку, якая ляжыць на зямлі, i заціснуўшы яго ступнямі, майстар пачынае адколваць з пляцоўкі пласцінкі з правільнымі гранямі. Робіць ён гэта спецыяльным прыстасаваннем — зробленым з pora i дрэва доўгім стрыжнем-адціскальнікам.

Побач з сівым сядзіць мужчына маладзейшы. Ен падбірае з зямлі адколатыя пласцінкі i апрацоўвае ix па краях невялікім рэтушорам — абломкам крэменю. Пласцінкі-нарыхтоўкі набываюць форму доўгіх лістападобных наканечнікаў стрэлаў з рэтушаванымі краямі i адмысловым тонкім насадам.

Мужчыны стараюцца. Набліжаецца восень — час палявання на адлятаючых у вырай растлусцелых за лета качак i гусей. А для такога палявання трэба многа стрэлаў.

Пад павеццю i навокал яе валяецца мноства розных кавалкаў крэменю, пласцінак, адшчэпаў, а таксама крамянёвых камянёў, з якіх адкалолі колькі можна нарыхтовак i кінулі як непатрэбныя. Гэта так званыя нуклеусы. Яны выглядаюць як гранёныя пірамідкі.

Каля павеці былі разасланы кавалкі бяросты. На ix ляжалі змайстраваныя яшчэ раніцою крамянёвыя скрабкі — адшчэпы або абломкі ножападобных пласткоў, у якіх край закругляўся i апрацоўваўся стромкім рэтушам. Такая прылада з'яўлялася універсальнай, ёй можна было чысціць рыбу, здзіраць мяздру са скуры, рэзаць скуру жывёл i кару дрэў. Тут жа былі i некаторыя іншыя прылады: праколкі, якімі рабіліся невялікія адтуліны ў скуры або кары; разцы, якія пераважна прымяняліся для апрацоўкі костак; доўгія, завостраныя з краёў нажы.

Працавалі моўчкі. Толькі, калі перапыняліся, перакідваліся якім словам.

Ужо перад самым паўднём, калі збіраліся пайсці абедаць, маладзейшы мужчына адклаў убок рэтушор i пачаў узірацца паміж хацін:

— А да нас нехта ідзе.

Паглядзеў туды i старэйшы.

— Ды гэта мой су сед Барона з сынам.

Варона падышоў да павеці i павітаўся з майстрамі, пажадаўшы ім дапамогі добрых духаў. Затым дастаў з-за паса сякеру i працягнуў старэйшаму:

— Бачыш, Скол, як лязо вышчарбілася? I аб што — аб ліпу. Пачаў ссякаць каля затокі, каб потым выдзяўбці з яе човен. Але раптам трапіў сякерай на нешта цвёрдае — ажно зазвінела. Гляджу, a ў дрэве ўрослы крамянёвы наканечнік стралы. Тады ўспомніў, што як былі яшчэ хлапцамі, то на гэтай ліпе ў цэль з лукаў практыкаваліся.

— Ты глядзі, які выпадак,— здзіўлена паківаў галавой Скол.— Я i сам па ёй не адну стралу калісьці выпусціў. Але мы табе зараз зробім новую сякеру, бо гэту шчарбіну ўжо не зараўняеш.

Майстар выбраў прадаўгаваты крэмень i збіў з яго верхнюю i ніжнюю часткі. Атрымаліся дзве пляцоўкі. Затым ударамі адбойніка адкалоў з краёў пляцоўкі тоўстыя адшчэпы — нарыхтоўка пачала нагадваць сякеру. Асцярожнымі бакавымі ўдарамі Скол зрабіў лязо i плоскі абушок. Лязо падправіў рэтушорам, ім жа зняў i выступы на краях сякеры. Хутка i лоўка выходзіла ў майстра, стараўся асабліва, бо рабіў на вачах супляменніка.

Затым Скол выбіў з адтуліны ў касцяным тапарышчы папсаваную сякеру, абмазаў адтуліну густым клеем з драўніннай смалы i замацаваў у ёй новую сякеру.

— На, сусед, трымай i няхай табе легка сячэцца. Толькі сёння не працуй — няхай смала засохне.

Пакуль дарослыя былі занятыя сякераю, сын Вароны, яшчэ падлетак, забаўляўся побач. Ен падымаў з зямлі непатрэбныя майстрам адшчэпы, стукаў адзін аб другі, высякаючы іскры, або для цікаўнасці, наследуючы дарослым, браўся рэтушаваць які крамянёвы асколак. Пазабаўляецца так i кіне крэмень у пясок.

А праз нейкіх сем тысячагоддзяў археолагі знойдуць на беразе Сожа гэтыя крамянёвыя недаробкі i будуць ламаць галаву, думаючы: «I што б гэта маглі быць за такія дзіўныя вырабы, для чаго яны служылі нашым продкам?» А гэта ўсяго толькі дзіцячыя забаўкі.

Крэмень апрацоўвалі на кожным паселішчы каменнага веку, але непадалёку ад багатых крэменем радовішчаў існавалі i спецыяльныя майстэрні па вырабу каменных прылад працы. Некаторыя ж раёны Беларусі бедныя крамянёвай сыравінай, таму мясцовыя жыхары замянялі яе іншымі матэрыяламі. Так, на старажытных паселішчах Падзвіння мы сустракаем касцяныя i рагавыя наканечнікі стрэлаў i дзідаў, кінжалы i гарпуны. Нават некаторыя сякеры там былі касцяныя. Праўда, такою сякерай дрэва не ссячэш, але ёю можна было адсекчы, напрыклад, кавалак мяса ад упаляванай жывёліны.

У самым канцы новага каменнага веку сякеры з крэменю i іншых камянёў пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт i мокрага пяску.


НОВЫ КАМЕННЫ ВЕК

ПЕРШЫЯ ГАРШКІ


Каля шасці з паловай тысячагоддзяў назад. Недзе на Прыпяці

Хаціна з жэрдак i галля загарэлася глыбокай ноччу, калі ўсе моцна спалі, натомленыя клопатамі мінулага дня. Успыхнула раптоўна, i свежы вецер з ракі хутка раздзьмухаў агонь — людзі ледзь паспелі выскачыць на дварышча, прыхапіўшы толькі вопратку. Усё згарэла дашчэнту, i на раніцу толькі дыміўся шэры прамавугольнік папялішча — усё, што засталося ад хаціны.

Прапалі запасы сушанай рыбы, крамянёвыя i касцяныя прылады, i, чаго найбольш было шкада, згарэлі рыбацкія сеткі, сплесці якія з лубяных валокнаў было не так проста.

Гаспадару ўжо не было чаго рабідь на пажарышчы, i ён, узяўшы сякеру, разам з суседзямі пайшоў у лес рыхтаваць жэрдкі на новую хаціну. Гаспадыня ж корпалася ў вугалях, выграбаючы кійком то перапалены наканечнік дзіды, то гліняныя грузілы ад сетак. Знойдзенае складвала побач у кучку.

Пад абвутленымі рэшткамі сцяны жанчына дакапалася да начыння — абгарэлых кошыкаў i лубянак, якія рассыпаліся ад першага дотыку, пакручаных i счарнелых берасцяных пасудзін.

Гаспадыня падняла яшчэ цёплую ад агню невялікую пасудзіну, па форме як лейка, сплеценую з тонкіх хваёвых каранёў. Найбольш шкадавала гэту рэч, бо яе рабіў яшчэ бацька. Таму берагла як памятку. Пасудзіна была старая, даводзілася замазваць на ёй дзіркі i шчыліны глінаю. I гліны той месцамі так набралася, што самога пляцення не было бачна. Зараз карані згарэлі, але гліна трымалася, захаваўшы былую форму вырабу.

Жанчына пакруціла начынне ў руках, пастукала па брыжы — гліна ажно звінела, затым уздыхнула i кінула яе на зямлю. Пасудзіна чмякнулася на вугалі, узняўшы воблачка попелу, але не разбілася. Гліна абпалілася ў агні i стала, як камень. Гэта ўсцешыла гаспадыню — пасудзіну, аказваецца, можна будзе ўжываць i надалей...

Пэўна, гэта адзін з многіх магчымых выпадкаў, калі старажытныя людзі заўважылі, што гліна, трапіўшы ў агонь, абпальваецца i робіцца надзвычай моцнай. Зразумеўшы гэта, а таксама здаўна ведаючы пластычнасць сырой гліны, нашы продкі ў самым пачатку новага каменнага веку пачалі вырабляць гліняны посуд.

На кожнай неалітычнай стаянцы пры раскопках сустракаецца мноства гліняных чарапкоў — абломкаў посуду. Ганчарнае кола тады яшчэ не было вынайдзена, таму гаршкі ляпіліся ўручную. Выкапаную з зямлі гліну добра вымешвалі. Затым, каб будучы выраб не трэскаўся пры абпале, дабаўлялі ў яе траву, пясок, тоўчаныя ракавіны або кару дрэў. З такога падрыхтаванага глінянага цеста ляпілі стужкі, якія змацоўваліся краямі паміж сабой. Так фармавалася пасудзіна.

Бугаркі i ўпадзінкі, якія на сценках заставаліся ад пальцаў, загладжваліся касцяной або каменнай пласцінкай. Затым паверхні посуду аздабляліся штампамі — арнаменцірамі. Узоры атрымоўваліся розныя — пасачкі адбіткаў грэбня або насечак, ялінкі, лукаткі, ромбы. I амаль заўсёды пад самым брыжам наносіўся шэраг глыбокіх круглых ямачак. Некаторыя гаршкі арнаментаваліся так багата, што нагадваюць адмысловую вышыўку. Кожнае племя мела на гліняным посудзе свае характэрныя арнаменты, як, напрыклад, сучасныя народы на вопратцы або ручніках.

Пасля арнаментавання гаршкі абпальваліся на вогнішчах. Калі ж яны трэскаліся, то шнуркамі, прасунутымі праз свідраваныя адтуліны, звязваліся, браліся «на шво».

Пасудзіны ў неаліце ляпіліся разнастайныя — вялізныя, як цэбры, у ix захоўвалі прадукты, i меншыя для гатавання стравы. Рабілі міскі для яды i кубкі для пітва. Былі пасудзіны i з пукатымі бакамі, i з вузкімі шыйкамі, i як разрэзаны гарбуз. Але ўсе яны без выключэння мелі вострыя дны, зрэдку — закругленыя. Чаму? А таму, каб не куляліся на агнішчы, калі падгаралі дровы, каб лепш трымаліся ў зямлі, устаўленыя ў якое паглыбленне. Печак жа i дашчатых сталоў, для якіх патрэбен пласкадонны посуд, тады яшчэ не было.


I ПАПЛЫВЕ ЁН ПА ХВАЛЯХ


Больш як шэсць тысяч гадоў назад. На возеры Мястра, што на Мядзельшчыне

Познім ранкам, калі сонца ўжо паднялося даволі высока i добра прыгравала, берагам возера ішлі дзед i яго ўнук. Загарэлы амаль да чарнаты малы то кідаўся бегчы, то прыпыняўся, прыглядаючыся між каранёў дрэў, то спускаўся з невысокага абрыву да вады, каб падабраць там прыгожы каменьчык.

Дзед сунуўся ззаду, перастаўляючы босыя ступні па зляжалай ігліцы. Ен меў доўгія паношаныя штаны, белую сарочку, паверх якой была камізэлька з ласінай скуры — цёплая i новая, пашытая старэйшай унучкай, бо старому часам было халаднавата i летам.

За спіною ў старога вісела скураная торба. У левай руцэ ён нёс падвязаны на лубяной вяровачцы дзірчасты гліняны гаршчок з тлеючымі вугалямі, у правай — кароткую дзіду.

Глядзеў дзед, як перад ім, нібыта спелы дзьмухавец, мільгае белая галава ўнука i час ад часу бурчэў:

— Не адбягай, кажу, далека, бо на мядзведзя ці рысь напорашся.

Напамінак пра небяспеку суцішаў хлопчыка, i ён тады ціснуўся бліжэй да дзеда. Але не надоўга. Маладая кроў бурліла i неадольна клікала да руху, да дзеяння.

Бераг паніжэў, сцежка збягала ў лагчыну. Векавечныя гіганты хвоі пачалі расступацца, даючы мясціну то ліпе, то таполі. A ў самай лагчыне засерабрыліся таўшчэзнымі камлямі асіны, дружна зацямнелі вольхi.

— Ну, унучак, выбірай асіну.

Малы пачаў кружыць паміж дрэвамі, задзіраючы галаву, каб ацаніць ix гонкасць, ахапляў рукамі ствалы, мераючы таўшчыню.

— Вось гэту, дзядуля,— нарэшце стукнуў ён кулачком па самым тоўстым дрэве.

— Охо, хо,— пачухаў патыліцу стары.— З гэтай асінай мы ці ўправімся? Ды i човен з яе выйдзе вялізны. На ім толькі па Нары плаваць, а на нашым возеры човен трэба лягчэйшы.

— Тады можа гэту...— менш упэўнена паказаў малы на суседняе дрэва.

— Ну што ж,— акінуў позіркам дзед асіну.— Гэта, пэўна, падыдзе — роўная i ў меру таўшчынёй.

Унук пачаў збіраць навокал сухое ламачча i сцягваць да дрэва. Дзед жа высыпаў пад камель з гаршка гарачыя вугалі, падкінуў сухой травы, галінак i пачаў раздзьмухваць агонь. Хутка ўжо гарэла вогнішча. Зараз дровы збіралі i падкладвалі на агонь абое: унук — тонкія, а дзед — таўсцейшыя. Абкладалі камель навокал: трэба было каб падгарэў з усіх бакоў. Кара на асіне пацямнела, пачала апальвацца, задымела. А праз нейкі час падсохла i загарэлася сама драўніна.

Дзед скруціў з кавалка бяросты лейкаваты кубак, змацаваўшы яго клінкамі з галінак, i ўнук час ад часу бегаў з ім да возера, прыносіў вады.Дзед браў кубак і, прымерваючыся праз дым, паціху ліў ваду на камель вышэй агню, не даючы, каб дрэва падгарэла ўверх.

Сонца прыгрэла мацней. У смузе парнасці, што пачала ўздымацца ад вады, затанцаваў далягляд за возерам. У асляпляльнай нябеснай сіні нараджаліся ледзь улоўныя кволыя воблачкі i тут жа распускаліся, раставалі пад сонечнымі прамянямі.

— Можна мне пакупацца? — папрасіўся малы. ?

— Ідзі, ідзі, купайся. Дроў мы нанасілі столькі, што я пакуль i адзін упраўлюся...

Сцішана сядзеў дзед перад вогнішчам, падкідаючы дровы. Ветру не адчувалася. Не шумелі верхавіны дрэў, але цішыні не было. Лес гуў ад птушынай рознагалосіцы.

Стары сядзеў i думаў, што гэты вось човен будзе ў яго жыцці пяты. I мабыць, апошні. Бо ўжо гады... Найлепш памятаўся першы, яшчэ ў маладосці. Як абчэсваў яго, выдзёўбваў. Як выразаў на носе адмысловы ўзор. I які імпэтны атрымаўся човен! Ляцеў па хвалях, як чайка. А як добра тады веславалася. Якое лёгкае было вясло i моцныя рукі! На тым чоўне ён прывёз сабе з далёкага паселішча маладую жонку... Човен той разбіла аб камяні, калі ён неасцярожна выплыў пратокай на Нару. Такі быў тады шалёны вецер!

Другі човен сагналі з сабой загорцы, калі напалі на іхняе племя. Трэці служыць яшчэ i зараз, хоць пачарнеў, патрэскаўся i з кармы працякае. Чацвёрты рабіў свайму сябру — рыбаку. А вось гэты, пяты, ён будзе рабіць для мужа старэйшай унучкі. Той, што пашыла такую цёплую камізэльку...

Паабедалі дзед з унукам праснакамі i сушанай рыбай са скураной торбы. Запілі вадой з бліжэйшай крынічкі. Калі ж сонца схілілася да самага лесу i возера, высвечанае косымі прамянямі, засерабрылася, нашы працаўнікі той жа сцежкай падаліся назад у сваё паселішча.

I так прыходзілі дзед з унукам у гэту прыбярэжную лагчыну шэсць дзён. Старанна абпальвалі камель асіны, пакуль дрэва не стала, як падгрызенае бабрамі. I нарэшце настаў дзень, калі застаўся толькі стрыжань дрэва. Дзьмуў даволі моцны ўсходні вецер, кожнае імгненне асіна магла абваліцца на зямлю.

Дзед загадаў унуку трымацца зводдаль i не падыходзіць да небяспечнай мясціны. Сам жа варажыў каля вогнішча, падкладаў, дзе трэба, дровы, падгортваў вугалі.

I нарэшце, перад паўднём, дзед гукнуў:

— Сцеражыся!

Малы бачыў з суседняга ўзгорка, як верхавіна асіны спачатку хіснулася, затым стала паволі хіліцца. Набіраючы разгон i ламаючы галлё суседніх дрэў, асіна грымнула на азёрны бераг, ажно ўздрыгнула пад нагамі зямля i пасыпалася ігліца. На хвіліну ў лесе заціх птушыны спеў, толькі недзе далёка адгукалася зязюля.

Унук пабег у лагчыну — каб не прыціснула там дзеда. Стары заклапочана тупаў каля дрэва, аглядаючы, ці не дало дзе трэшчыну.

— А зараз, унучак,— задаволена прамовіў дзед,— адмерым даўжыню будучага чоўна i зноў перапалім ствол. Затым сякерамі абчэшам, зробім гладкім — атрымаецца цела чоўна. Але застанецца самае цяжкае: выбраць сярэдзіну.

Дзён праз сем, калі скончылі перапальваць асіну i з другога канца, прыйшлі на дапамогу іншыя мужчыны. Насеклі галля i шчыльна заклалі камель, схавалі ад сонца, каб дрэва ў цяні на азёрным ветрыку высахла не патрэскаўшыся.

У канцы лета прыйшлі зноў, усе з навостранымі каменнымі сякерамі. Кіраваў працаўнікамі ўсё той жа стары. Дружна застукалі сякеры. Праз некалькі дзён на азёрным беразе ляжала цела чоўна, гладкае i белае. Дзед навыразаў роўных аднолькавай даўжыні калочкаў, затым крамянёвым свердлам пачаў выкручваць на баках нарыхтоўкі чоўна дзіркі.

— Што ты робіш, дзядуля? — жахнуўся ўнук.— Праз гэтыя ж дзіркі пацячэ вада!

Дарослыя засмяяліся:

— Пацячэ, пацячэ! I пойдзе твой дзед на дно, да вадзяных духаў

у госці.

— Не хачу, каб мой дзядуля тапіўся! — ашчаперыў дзеда малы.

— Яны жартуюць,— расчулена пагладзіў унука па галаве стары.— Калочкі шчыльна загонім у дзіркі i па ix будзем вызначаць таўшчыню бартоў чоўна. Пакажацца пад цяслой канец — хопіць вычэсваць.

Зараз засмяяўся i хлопчык ca сваёй някемлівасці i стаў падаваць дзеду калочкі.

На роўна абчасанай верхняй плашчыні будучага чоўна дзед уздоўж краю правёў вугалем чорную рысу — вызначыў таўшчыню бартоў. Затым з бакоў пасталі маладзейшыя мужчыны, паплявалі на далоні, мацней абхапілі ручкі крамянёвых цяслаў i пачалі вычэсваць — выдзёўбваць сярэдзіну чоўна.

Наступіла восень. Зажаўцелі бярозы на азёрным беразе, зачырванелася лісце на асінах. Нізка над зямлёю пераляталі шпакі. Дзед маленькай вострай цяслой апошні раз прайшоўся па краях чоўна, выгладжваючы шурпатасці. Затым галавешкай намаляваў на носе даўбёнкі кола з крыжам усярэдзіне — знак сонца, i мужчыны дружна пасунулі човен да вады. Напінаўся побач з імі i хлопчык.

Нарэшце белы човен слізгануў па камянях i крануўся вады. Яшчэ намаганне — i ён загайдаўся на хвалях. Радасна закрычалі мужчыны.

I мусіць, больш за ўсіх радаваўся хлопчык — ён жа таксама дапамагаў рабіць човен!

Дзед пасадзіў у човен унука, сам сеў на карме i адштурхнуўся вяслом ад берага. Нос даўбёнкі легка рэзаў невысокія хвалі, кіраваўся на глыбіню. Хлопчык апусціў руку за борт i адчуў, як пераліваецца паміж пальцамі халаднаватая азёрная вада.

Насупраць вялікага каменя на касе, дзе возера мела найбольшую глыбіню, якую нельга было змераць нават самай доўгай жардзінай, дзед перастаў веславаць. Ен дастаў з торбы нізку сушанай рыбы, прывязаў да яе камень i апусціў за борт. Нізка пачала хутка знікаць у глыбіні. I хлопчыку здалося, як быццам да рыбы кінуўся нейкі вялізны цень i ўсё прапала, толькі забурліла вада.

— Дзякуй табе, Вадзяны дух,— прашаптаў дзед, які таксама пільна ўзіраўся ў ваду.— Доўга паслужыць гэты човен,— разгінаючыся, уголас дадаў ён i зноў узяўся за вясло.


З ЧАГО ВЫРАСТАЕ ПШАНІЦА


Каля шасці тысяч гадоў назaд. Гэта магло быць у Закаўказзі — там, дзе сустракаюцца дзікарослыя расліны, прыдатныя для акультурвання

Так здарылася, што ў гліняны гаршчок, дзе захоўвалася зерне дзікарослай пшаніцы, панадзіліся мышы. У гаршку збоку была выбіта дзірка, вось туды яны i пачалі лазіць. Праўда, пшаніцы там заставалася на дне, але ж была яшчэ вясна, новая пшаніца вырасце i паспее ў Каменным яры толькі ўлетку. А гэта зерне можна было перавеяць, выкінуць смецце, якое нацяглі мышы, i перацерці на муку. На тыдзень які хапіла б на праснакі або зацірку. Але гаспадыня вельмі гідзілася мышамі. Можа таму, што яшчэ маленькую яе ўкусіў пацук. З таго часу яна не магла бачыць гэтых дробных звяркоў, што шнарылі ў хаце i вакол яе.

Жанчына пабедавала i загадала дачцэ — дзяўчынцы гадоў дванаццаці, высыпаць папсаванае зерне. Дзяўчынка вынесла гаршчок, перавярнула ўверх дном ды яшчэ пастукала па баках. Пыл i шалупінне вецер панёс убок, а цэлыя зярняты высыпаліся на зямлю. I трэба было такому стацца, што зерне ўпала якраз на тое месца, дзе бацька палкай перакапаў дзірван, шукаючы ядомых каранёў.

A назаўтра прайшоў цёплы вясновы дождж. Потым наступілі сонечныя дні. Зямля ўгрэлася, i буйна ўзнялася зеляніна.

Міналі тыдні, i аднойчы бацька запытаў:

— Ці бачылі, што за нашай хацінай нейкая дзіўная трава вырасла?

Зірнуць пайшлі маці, бабуля, дзяўчынка i іншыя дзеці.

— Гэта ж пшаніца расце! — здзівілася бабуля.

— Адкуль ёй тут брацца? — не паверыў бацька.

— А я ведаю, а я ведаю! — запляскала ў далоні дзяўчынка.— Я сюды зерне з гаршка высыпала, якое мышы папсавалі.

— Але ж усе расліны вырастаюць з пяску.

— Чаму ж тады пшаніца не расце абы-дзе, a толькі ў Каменным яры? Пясок жа на кожным крону,— уступіла ў спрэчку маці.

— А можа i праўда з зярнят? — засумняваўся бацька.

Якім бы чынам ні вырасла тая пшаніца, але яе абгарадзілі жэрдачкамі, каб дзеці, гуляючы, не вытапталі. Праз які час на сцяблінах з'явіліся каласкі, а затым выспелі i зярняты.

Наступіў час збору пшаніцы ў Каменным яры, дзе яна расла самасевам з даўніх часоў. Людзям толькі i заставалася, што прыходзіць туды ўлетку i крамянёвымі выгнутымі нажамі зразаць каласкі, з якіх, калі перацерці ў далонях, высыпалася зерне. Але іншы раз людзей апярэджвалі мядзведзі, якія таксама любілі паласавацца спелымі зярнятамі. Не праміналі гэту мясціну i дзікі, ды i іншыя лясныя жыхары былі ахвочыя да пшаніцы. Так што часам людзям заставаліся толькі абскубеныя сцябліны.

Дзяўчынка не пайшла ў Каменны яр. Сказала, што будзе жаць сваю пшаніцу за хацінаю. Зрэзала каласкі, перацерла ў далонях. Пасыпалася ў гліняную пасудзіну жаўтаватае зерне. Набралася яго з добрую жменю.

Вечарам дзяўчынка сказала бацькам:

— Няхай гэта будуць мае зярняты. Вясной я ix зноў высыплю ў зямлю. Можа яшчэ вырасце пшаніца.

Налета вырасла i паспела цэлая градка пшаніцы. Суседзі прыходзілі i дзівіліся на гэты цуд. I хутка ва ўсім наваколлі сталі казаць, што дзяўчынка пасябравала з добрымі духамі i тыя далі ёй уладу над раслінамі. Бо дзе ж гэта бачна, каб пшаніца прыжылася побач з хацінай, ды яшчэ вырастала з саміх зярнят!

У наступную вясну такія градкі з пшаніцаю зазелянелі ўжо каля многіх хацін. Затым з'явіліся невялікія палі.

Прыкмецілі, што збажына лепей вырастав, калі глебу ўзрыхліць, а зерне крыху прыкрыць зямлёю. Калі ж зямлю ў дадатак пасыпаць попелам, зерне буйнела. А чаму б не паспрабаваць сеяць на лясных выгарах? Паспрабавалі — i сапраўды ўраджаі пабольшалі. Тады пачалі наўмысна выпальваць участкі лесу пад палі. Але на ўсе гэтыя адкрыцці пайшло не адно стагоддзе...


ЗІМОВЫМ ДНЁМ КАЛЯ АГНІШЧА


Больш як пяць тысячагоддзяў назад. На Гродзеншчыне

Разгулялася, закруціла завіруха, засыпала снегам пушчу, азёрны бераг ды i само даўно скаванае лёдам возера. Вялізныя гурбы намяло i каля хацін прыбярэжнай вёскі. Але сёння вецер пацішэў i не так натужна гудуць верхавіны хвой. Ды ўсё ж жыхары не спяшаюцца выбірацца ca свайго жылля. Чакаюць, пакуль снег улежыцца i пацвярдзее.

Над хацінамі падымаецца дымок. Гэта людзі паляць у агнішчах, каб сагрэцца ці згатаваць сабе ежу.

У крайняй хаціне, што на самым беразе, хоць i дымна, але цёпла. На агнішчы, складзеным з невялікіх палявых камянёў, палаюць сухія дровы i грэецца ў гліняным гаршку вада. Закураны i гаршчок, i нават плеценыя з лазовых дубцоў сцены, уцепленыя на зіму трыснягом i мохам. Дым, што падымаецца ад агнішча, выходзіць праз круглую адтуліну ў страсе. Але трапляе туды не ўвесь. Частка яго закручваецца пад страхою i скочваецца ўздоўж сцен уніз да земляной падлогі, густа высланай сушаным аерам.

Каля агнішча, прыхінуўшыся спіною да слупа, на якім трымаецца страха, сядзіць яшчэ моцны дзед з цёмным i маршчыністым, як сушаны грыб, тварам. У руках дзеда невялікі бубен, зроблены з тонкай скуры i берасцянага абруча. Навокал старога ўнукі i ўнучкі — ад зусім малечы, што толькі навучыліся перастаўляць ногі, да ладных падлеткаў. Блішчаць на мурзатых, не мытых ад восені тварах вочы. Дзеці з захапленнем слухаюць дзеда.

А дзед любіць апавядаць i гісторый розных ведае шмат: i пра звяроў, i пра птушак, i пра людзей, што жывуць за возерам, i пра тое, куды сонца нанач спаць кладзецца, i чаму пасля зімы прыходзіць вясна. А яшчэ дзед умее расказваць старадаўнія паданні пра стварэнне свету i паяўленне першых жывых істот, пра багоў i духаў, пра войны, што калісьці вяло ix племя з чужакамі.

Ён расказваў i падыгрываў сабе на бубне, злёгку дакранаючыся пальцамі да скуры — мембраны. I тады ад бубна ішоў таямнічы шоргат, быццам улетку набягалі на прыбярэжны пясок азёрныя хвалі.

Вось i зараз дзед прымасціўся зручней на цурбане i пачаў:

Было гэта ў даўнія-даўнія часы,
Яшчэ да таго, як узнікла тут нашае возера i вырасла пушча;
Было гэта нават яшчэ да Халоднага часу,
Калі зямлю пакрывалі ільды i блукалі між імі калматыя маманты.
Усюды, як вокам акінуць, была напачатку вада без канца i краю.
Калі б сесці ў човен i плыць у адным кірунку,
Жыцця б не хапіла дабрацца дзе-небудзь да берага.
Над вадой жа — адна толькі цемра, ноч непраглядная без зорак i месяца.
Цясней грудзяцца каля агню дзеці, так ім не па сабе робіцца ад гэтага бяскрайняга і, відаць, халоднага начнога возера. Нават маці малых, якая ўжо шмат разоў чула гэта паданне, спыняе свае хатнія клопаты i ўслухоўваецца ў голас дзеда.

I па вадзе той у цемры плавала качка.
Шмат год яна плавала. Нарэшце прыйшла ёй пара знесці яйка.
Тады стала скардзіцца качка Багіні воднай стыхіі,
Што няма дзе гняздо ёй сплесці, каб выседзець птушанятка.
I злітавалася Багіня — рукі з вады ўзняла,
I ў цёплыя рук далоні качка паклала яйка.
Аднойчы ўзляцела качка, каб рыбай якой пажывіцца,
I тут жа каршун драпежны з гнязда тое выхапіў яйка
I ў цемры растаў, як прывід.
У роспачы качка крычала, калі да гнязда вярнулася!..
Разгневалася Багіня, паклікала сына-ветра,
Лук уручыла яму, а з лукам стралу-маланку.
«Застрэль каршуна,— сказала.— Застрэль! Ен пакрыўдзіў качку».
Напяў цеціву сын-вецер, пусціў ён стралу-маланку,
I тая страла навылет прабіла драпежніку грудзі.
I выпусціў з лап кіпцюрыстых каршун той качынае яйка.
Упала яно з вышыні на пеністы грэбень хвалі,
Упала яно i разбілася на роўныя дзве палавіны.
I з верхняй яго палавіны стварылася неба, a ў небе:
I месяц, i зоркі, i хмары, i ў хмарах вясёлка.
З другой палавіны, з ніжняй стварылася цвердзь зямная,
A ў цвердзі: лясы на ўзгорках, у нізінах азёры i рэкі,
I розная жыўнасць лясная, балотная i вадзяная.
З жаўтка ж утварылася сонца, святло i цяпло людзям даўшы...
Скончыў дзед свой спеў-паданне, i ціха стала ў хаціне. Толькі чуваць было, як скрабецца ў сцяне мыш.

Закіпела ў гаршку вада. Маці ўсыпала ў кіпень некалькі жменяў пшанічнай мукі, укінула з дзесятак сушаных рыбін. Паабедалі, сёрбаючы варыва касцянымі лыжкамі. Пасля абеду дзед прылёг на ляжанку адпачыць, a дзеці заняліся сваімі няхітрымі гульнямі.

— Быццам завіруха скончылася,— сказаў бацька, прыслухоўваючыся. Ен падышоў да сцяны, выцягнуў анучыну з адтуліны-акна i зірнуў на вуліцу.

Хоць неба было па-ранейшаму нізкае i захмаранае, але снег ужо не падаў. Вецер сціх. Паміж хацінамі праляглі першыя ланцужкі чалавечых слядоў. На возеры каля берага некалькі постацей разграбалі снег, збіраючыся прабіваць цяжкім каменем у лёдзе дзірку, каб лавіць рыбу.

Бацька зняў з аленевых рагоў на сцяне, якія былі за вешалку, берасцяны калчан са стрэламі i лук, выцягнуў з кута авальныя кароткія дошчачкі з раменьчыкамі — лыжы.

— Прайдуся краем лесу,— сказаў ён жонцы, падаючыся да дзвярэй.— Пэўна ўжо i зайцы вылезлі з-пад ялінак кары пагрызці.


НА ВОЗЕРЫ


Каля пяці тысячагоддзяў назад. На мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў на Віцебшчыне

Прасторнае возера з нізкімі, там-сям забалочанымі берагамі. Лясы навокал, у нізіне — альховыя, бярозавыя ды яловыя, а на паўднёвым высокім беразе сінее непраходны бор. На выспах пасярод возера, на сушэйшых грудках каля берага размясцілася некалькі вёсачак новакаменнага веку. Хаткі па дзве-чатыры ў кожнай.

У навакольных лясах ды на балотах шмат рознай дзічыны, i туды нярэдка кіруюцца паляўнічыя, але ўсё ж большасць свайго часу 'жыхары праводзяць на возеры. Не толькі мужчыны, але дзеці i нават жанчыны. I ўсё таму, што азёрныя затокі багатыя рыбай, шмат яе i ў рэчцы, што выцякае з возера.

З берага каля лазовых кустоў вудзяць рыбу малыя. Вуды ў ix тонкія, з арэхавых прутоў, i касцяныя кручкі несамавітыя, маленькія. Але ўсё ж кручкі як мае быць — з вушкам, за якое прывязваецца валасяная лёска, i з зазубнем, на якім звіваецца чарвяк.

Дарослыя вудзяць з чоўна на глыбіні, за трыснягом. Вуды ў ix моцныя i касцяныя кручкі — не кручкі, a сапраўдныя гакі з насаджанымі на ix жыўцамі. А на жыўца вудзіцца не якая там малеча, а пудовыя шчупакі i вусатыя, учарнелыя на бездані самы. Паміж зубамі такой здабычы свабодна кладзецца чалавечы палец. Калі шчупак, заглынуўшы жыўца, знянацку рване ўбок, то вузкі човен-даўбёнка можа i кульнуцца.

А вось рыбакі перагарадзілі затоку сплеценай з лубяных суканых нітак сеткай з берасцянымі трубачкамі-паплаўкамі i глінянымі грузіламі. Рыбакі пахапаліся за вяроўкі i дружна цягнуць сетку на мелкаводдзе. На беразе ўжо чакаюць з кошыкамі i торбамі жанчыны, дзеці, i па таму, як натужваюцца рыбакі, як віруе вада каля сеткі, ужо здагадваюцца, што ўлову хопіць на доўгі час.

Вясною, калі рыба ідзе на нераст у залітыя вадою прыбярэжныя балоты ці ў возера па рэчцы з недалёкае Дзвіны, яе б юць касцянымі гарпунамі, прымацаванымі да доўгіх дрэўкаў. У каго ўпэўненая рука i меткае вока, страляюць рыбу з лука, калі тая адпачывае блізка ля паверхні вады. Але раненая рыбіна можа ўцячы ў глыбіню разам ca стралою. А гэта шкада, бо прападуць i страла, i крамянёвы наканечнік — майструй тады новыя.

Нашы продкі, канешне ж, лавілі ракаў i ў вялікай колькасці. Бо ў тым каменным веку ў крыштальна чыстай вадзе азёр i рэчак ракаў была безліч. Паспрабуйце ўявіць сабе, як ix выцягваюць з сеткі i засоўваюць у мех. А той ужо амаль поўны. I калі прыслухацца, чуваць шоргат у мяшку — гэта труцца хіцінавыя панцыры ракаў. Хлопчыкам падабаецца такі занятак. Яны скачуць па краі берага, выганяючы ракаў з нор, хапаюць вусачоў за спінкі i выкідваюць на траву. Потым збіраюць ix i нясуць да вогнішча. Спечаныя на вуголлі, пачырванелыя, духмяныя — якая гэта смаката!


ПЕРАМОЖАЦ АКУНЯ


Чатыры з лішнім тысячы гадоў назад. На адным з мядзельскіх азёр

Лепшага рыбака, чым Другак, сярод хлопцаў прыазёрнага паселішча не было. Возера i рака тыя ж самыя i вуды ва ўсіх аднолькавыя, а вось у Другака i клюе часцей, i рыба за кручок хапаецца большая.

А яшчэ ён налаўчыўся лавіць рыбу i рукамі, ныраючы пад карчы, пад абрывісты бераг або абмацваючы густыя водарасці. I часам цягаў такім спосабам плотак ці язёў больш, чым іншы няўдаліца вудай. Праўда, можна было па памылцы засунуць руку ў нару да вадзянога пацука...

Зайздросцяць Другаку суседскія хлопцы, а некаторыя навыдумлялі, што гэта дзядуля шапнуў яму чароўнае слова, якім можна прывабіць рыбу.

Толькі ніякага такога слова Другак не ведае. Проста ён вельмі любіць быць каля вады i вывучыў усе звычкі рыбы: i калі жыруе, i якую казюрку ці чарвяка больш падабае, i якія ёй прынаднейшыя мясціны. Таму вось i не вяртаецца з рыбалкі з пустымі рукамі.

Але сёння... Гэта ж трэба, каб так не пашанцавала! Насадзіў на касцяны кручок самага тлустага чарвяка, расправіў, каб не заблыталася, моцную лёску, ссуканую з валасоў хваста ляснога каня, i закінуў вуду ў рэчку пад чаромхавы куст, дзе крыху закручвала ваду i паміж водарасцямі была нейкая прагаліна.

Доўга i не чакаў. Рыбіна глынула спажыву амаль адразу ж i дала нырца ў глыбіню — паплавок толькі боўтнуў i знік пад вадою. Другак мацней ухапіўся за вудзільна, яно ажно выгнулася пад цяжарам здабычы, але... на бераг выцягнулася адна лёска, без рыбіны i нават без кручка. Стрыжань кручка, праўда, застаўся, зазубень жа быў адламаны.

Другак асцярожна зірнуў у ваду i прыкмеціў, як паміж водарасцей плавае вялізны акунь — чарвяк яму спадабаўся. Бачна, чакаў другога. Хлопчык прывязаў да лёскі запасны кручок, начапіў яшчэ тлусцейшага чарвяка. I ўсё паўтарылася спачатку — рыбіна зноў адламала зазубень i глынула разам з чарвяком...

У сапсаваным настроі Другак паглядзеў у бакі. На беразе рэчкі сцішана сядзелі з вудамі іншыя хлопчыкі. Бліжэйшыя краем вока цікавалі за ім. Некаторыя, здавалася, нават пасміхаліся.

Хлопчык скруціў вуду i падаўся да возера. Пачынала прыпякаць.

Рыба i так зараз не будзе брацца, да таго ж не было запасных кручкоў. Другак паплаваў каля трыснягу, а потым лёг на прыбярэжны цёплы пясок. Чакаў, пакуль сонца падымецца ў самую вышыню. Тады рыба пачне хавацца пад карчы9 у траву.

Не цярпелася, бо прыкрае здарэнне з кручкамі не давала супакоіцца. Нарэшце рыбакі з вудамі на плячах i з нізкамі рыбы на лазовых дубцах перайшлі мелкаводдзе каля вытоку рэчкі з возера i падаліся ў паселішча.

Другак перачакаў, калі апошнія хлапчукі зніклі за прыбярэжнымі вербамі, i вярнуўся на рэчку да таго ж чаромхавага куста. У прагаліне паміж водарасцямі было пуста. Акунь адпачываў недзе ў схованцы, ператраўляючы спажыву i другаковы кручкі.

Хлопчык скінуў рубашку, зайшоў вышэй па цячэнню ад куста некалькі крокаў i даў нырца. Цячэнне паволі зносіла ўніз, i ён уважліва аглядаў пад вадою кожны корч i вымоіну ў беразе. Пад каранямі чаромхі прыкмеціў пячорку, a ў ёй тоўсты акунёвы нос, Рыбіна драмала.

Ніжэй куста Другак, як паплавок, выскачыў на паверхню — не хапала паветра. Вылез на бераг, аддыхаўся. Затым нырнуў яшчэ раз. Зараз плыў проста да вымоіны пад чаромхай. Асцярожна прасунуў у яе руку i ўхапіўся за слізкае цела акуня. Рыбіна магутным рыўком тузанулася са сваёй схованкі i кінулася ў глыбіню, цягнучы за сабою хлопчыка, які не адпускаў рук. Другак боўтаў нагамі, стараючыся зачапіцца за які корч. У лёгкіх не хапала паветра, i, як толькі рыбак адпусціў адну руку i пачаў выграбаць на паверхню, акунь крутануўся яшчэ мацней i вырваўся.

Змучаны, абколаты вострымі плаўнікамі акуня, Другак доўга сядзеў на беразе, адпачываючы. Рукамі хлопчык мог лавіць рыбу не горш чым вудаю, але зараз вельмі ж буйная трапілася. Адпачыўшы, хлопчык накіраваўся ў паселішча.

— А дзе ж рыба? — здзівіўся бацька.

— Сарвалася...— неахвотна адказаў хлопчык.— Дай, тата, кавалак старой сеткі. Хачу зрабіць сачок на акуня.

Вярнуўшыся на рэчку, хлопчык асцярожна, каб не плёскаць, апусціўся ў ваду. Учапіўшыся адной рукой за чаромхавы корань, другой падвёў сачок да пячоркі з акунём. Затым засунуў у акунёвую схованку палку, i адтуль, прама ў сачок, кінулася рыбіна. Хлопчык перахапіў сетку каля кольца, i здабыча апынулася ў пастцы. Яна ўжо не магла даць волі дужым плаўнікам i пацягнуць рыбака ўглыб. Другаку даволі легка ўдалося вынырнуць на паверхню і, чапляючыся за галіны куста, выбрацца на бераг. Да грудзей ён моцна прыціскаў сачок з рыбінай.

Хлопчык паважна ішоў праз паселішча, несучы за спіною сачок, у якім яшчэ зрэдку біў хвастом акунь.

Падыходзілі суседзі, мацалі рыбіну i прыгаворвалі:

— Вось малайчына, такога акуня злавіў!

A хлопчыкі беглі следам i прасілі:

— Дай пранесці!

Але Другак не звяртаў на ix увагі.


ЗБІРАЛЬНІЦА ЗЁЛАК


Чатыры тысячы гадоў назад. Каля Спораўскага возера, што на Брэстчыне

Цёплая i светлая чэрвеньская ноч. Ружавее паўночны небасхіл, за якім у вогненным чоўне праплывае нябачнае зараз сонца, што дае жыццё ўсяму існаму на зямлі. Паступова гэта ружовасць перасунецца на ўсход, там яшчэ больш пасвятлее неба. I так будзе святлець, ажно пакуль сонца не выгляне з-за калматых ялін. I тады настане дзень — самы доўгі ва ўсім годзе, пасля самай кароткай ночы.

Ноч гэта асаблівая, напоўненая цудамі, калі Духі даюць людзям таемную ўладу над раслінамі, звярамі i птушкамі. Праўда, не ўсім, a толькі выбраным, «пасвечаным». Такою «пасвечанаю* i была старэнькая бабулька, якая гэтай ноччу хадзіла па лясных прагалінах непадалёку ад паселішча i збірала лекавыя расліны.

Прыглядаецца старая, разгортвае зараснікі травы, ірве расліны i засоўвае ix у палатняную торбу, павешаную праз плячо. Нізка нагінаецца да зямлі, бо падслепаватыя старэчыя вочы бачаць слаба, i ўсё нешта мармыча сабе пад нос. Калі б падысці бліжэй, то можна было б пачуць, што гэта бабулька кажа замовы. Але падыходзіць нельга, бо ад чужога вока зёлкі страцяць сваю чароўную моц.

Ноч перайшла ў раніцу, i вось-вось павінна выкаціцца сонца. Тады старая разгінаецца i ідзе ў паселішча — зёлкі можна збіраць толькі ноччу.

У паселішчы старая заходзіць у свой будан, што стаіць наводшыбе. Кладзе ў кут торбу, папраўляе посцілку, якой прыкрыта ўнучка. Затым i сама кладзецца на ляжанку, засланую шкурамі, i стомлена засынае.

Старэчы сон кароткі, таму не паспела сонца яшчэ ўгрэць зямлю, а жанчына прачнулася. На агнішчы перад хацінаю ў вастрадонным гліняным гаршку пыхкала развараная ячная каша. Каля агнішча сядзела ўнучка i драўляным апалонікам з доўгай ручкай памешвала варыва.

— Добра, што прачнулася,— прыўзнялася з каменя дзяўчынка.— Якраз i каша згатавалася.

— Адкуль жа ў нас ячмень? — здзівілася старая.

— Сусед прынёс. Скруціў яго боль у паясніцы, таму просіць якіх зёлак.

— Смачная каша,— радавалася бабуля.— Выберу яму найлепшых лекаў.

Калі драўлянымі лыжкамі даскрэблі на дне гаршка кашу, унучка прынесла з будана казінага малака.

Паеўшы i чыста аблізаўшы лыжкі, узяліся за працу. Старая беражліва выцягнула з торбы расліны i паклала ix на густы дзяцельнік перад хацінаю. Унучка ёй дапамагала. Яна складала траву пучкамі i звязвала ix: рамонкі з рамонкамі, валяр'ян з валяр янам.

Дзяўчынка ўжо не першы раз дапамагала бабулі. Ведала i моц некаторых траў. Вось, напрыклад, святаяннік. Ен i ад прастуды, i ад болю жывата, i калі хворыя ныркі, i шмат яшчэ ад якіх хвароб. А адварам рамонак трэба прамываць раны, каб не гнаіліся, ці паласкаць у роде, калі баляць зубы.

Але бабуля зёлак розных назбірала шмат, i дзяўчынка часам пытае:

— А што гэта такое з ярка-жоўтымі кветачкамі?

— Сокам гэтай травы, бач, выступіў аранжавы, лечацца скулы i розныя іншыя хваробы скуры. Таму яна i завецца чыстацелам. Але ёю можна i атруціцца.

Нарэшце ўсе травы ўпарадкаваны, пучкі ix падторкнуты пад жэрдкі, на якіх трымалася чаротавая страха.

Потым бабуля пакорпалася ў адной з вялізных гліняных пасудзін, што стаялі ў куце хаціны, i дастала адтуль малюсенькі гаршчок з нейкаю цёмнаю маззю.

— Гэта жывіца, змешаная са змяінай атрутай. Занясі суседу i скажы, каб кожны дзень нанач націраў хворую паясніцу... А потым можаш пайсці i пагуляць са сваімі сяброўкамі.


ТУРЫХА


Амаль чатыры тысячы гадоў назад. Дзесьці ў нізоўях Пцічы

Дзень для паляўнічых выпаў надзвычай удалы. У хмызняках на старых выгарках трапнаю стралою паклалі вялікага лася. I сонца яшчэ не паспела прайсці палову свайго нябеснага шляху, як паляўнічыя, нагружаныя шкураю i мясам, ужо вярталіся ў паселішча. Непадалёку ад ракі маладзейшыя завярнулі да берага, дзе былі лоўчыя ямы — можа што трапілася, i хутка прыбеглі з крыкам, што там маладая турыха.

Турыха была знясілена спробамі вырвацца зземляной пасткі, куды яна ўвалілася, ідучы раніцою на вадапой. Убачыўшы людзей, яна затузалася зноў, абсыпаючы пясок, але хутка заціхла, скарыўшыся лесу.

Малады паляўнічы замахнуўся дзідаю, але яго перапыніў каржакаваты мужчына — старэйшы.

— Не спяшайся, Крак. Ласіны хопіць надоўга, a калі зараз заб'ём турыху, мяса можа сапсавацца. Вельмі ж цёплыя стаяць дні.

— Дык што, выпусціць яе? — загарачыўся малады.

— Навошта выпускаць,— спакойна працягваў старэйшы.— Трэба патрымаць жывою. Памятаеш, як летась мы так зайчанят падгадавалі?

Астатнія паляўнічыя падтрымалі старэйшага. Закруцілі турысе на рогі лыкавыя вяроўкі, паднатужыліся i выцягнулі яе з ямы. Жывёліна хацела вырвацца з учэпістых рук, але была вельмі саслабелая. Мужчыны з дружнымі воклічамі перакулілі яе на бок i аблыталі ногі вяроўкамі. Затым усклалі здабычу на жэрдкі i панеслі ў паселішча, да якога было ўжо падаць рукою.

У паселішчы турыху зацягнулі ў пусты будан i развязалі. Дзеці нарвалі свежай травы i сталі кідаць праз шчыліну ў сцяне. Але паланянка толькі цяжка дыхала, не звяртаючы ўвагі на ежу.

— А вы ёй спачатку піць дайце,— параілі старэйшыя.

Дзеці прынеслі ў драўляным карыце вады. Але турыха не зачапіла i яе.

A калі раніцою зазірнулі ў будан, убачылі, што i трава ўся з'едзена, i вада выпіта.

Так вось i сталі карміць i паіць дзеці турыху. Праз два месяцы жывёліна пачала браць траву з рук, а адной дзяўчынцы дазваляла нават пачухаць сябе па шыі. Прызвычаілася турыха да дзяцей, акрыяла, паправілася. Дзеці таксама прывыклі да паланянкі, асабліва дзяўчынкі.

Восенню турыха ацялілася — была, аказваецца, цельная. I прывяла яна лабасценькага бычка на тонкіх ножках, якія дрыжэлі i раз'язджаліся ў бакі. Бычок падгадаваўся i стаў зусім свойскім — бегаў, падбрыкваючы, па паселішчы, забаўляўся з малымі.

З часам у паселішчы ўжо быў цэлы ста та к свойскіх тураў. Суседзі ўбачылі, як гэта зручна — мець пад рукою такія вось жывыя запасы мяса, i самі перайшлі да гадоўлі жывёлы. Да таго ж ужо чулі, што за ракою, якая зараз называецца Прыпяццю, здаўна ведаюць гэты занятак.

Вось такім чынам, мабыць, нашы продкі i прыручылі, зрабілі свойскімі дзікіх дагэтуль жывёлін. Пачалі жыць i размнажацца ў загонах, а потым i хлявах каровы, авечкі, козы, свінні, коні.

Але самай першай свойскай жывёлінай стаў сабака. Яго прыручылі яшчэ ў сярэднім каменным веку — у мезаліце. Сабака быў вартаўніком, дапамагаў на паляванні.

Земляробства зарадзілася на поўдні, дзе меліся дзікарослыя продкі культурных раслін, i адтуль распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі. Жывёлагадоўля ж магла ўзнікнуць самастойна i на тэрыторыі Беларусі, бо ў лясах над Дняпром, Прыпяццю, Нёманам, Дзвіною вадзіліся некаторыя продкі свойскіх жывёлін — тур, дзікая свіння, лясны конь.


ШАХЦЁРЫ КАМЕННАГА ВЕКУ


Больш як чатыры тысячы гадоў назад. Каля сучаснага пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне

Стараецца рака Рось, падмывае на паваротах пясчаныя берагі, хоча хутчэй, напрасткі трапіць да недалёкага адсюль Нёмана. У левабярэжжы высокія ўзгоркі падступілі да самай ракі, а з правага боку яны ўзвышаюцца зводдаль, кіламетраў за пяць. Рачны поплаў зарос хмызняком i вербамі, a ўзгоркі шчаціняцца хвоямі, кучаравяцца ліпамі, грабамі i дубамі.

У рэдкалессі паміж дубоў цягнецца да святла гонкі арэшнік, на якім ужо пачалі цвярдзець арэхі. У зацені гушчару сцелецца па доле зяленым дываном заечая капуста. Даспяваюць на схілах узгоркаў маліны, добра ўжо прарэджаныя мядзведзямі i птушкамі. На прагалінах наліваецца трава-зуброўка таемнымі сокамі зямлі. I над усім гэтым у ясным небе шчыруе жыццядайнае сонца.

Паміж узгоркаў таксама лес, нізка рослы i рэдкі, бо тут амаль на самай паверхні залягае крэйда, Нізіны ў многіх мясцінах перакапаны, завалены грудамі крэйды, навокал — мноства бітага крэменю. Такое ўражанне, што тут папрацавалі лычамі нейкія казачныя дзікі-веліканы. I лес моцна высечаны, а там-сям i выпалены.

У нізінах шмат шахтаўкапальняў па здабычы крэменю, які цэлымі пластамі залягае ў крэйдавай тоўшчы. Шахты капаюць даўно, можа ўжо з паўтысячы гадоў, але залежы крэменю ў тутэйшай зямлі не бяднеюць. Яго хапае ўсім.

Які-небудзь прышэлец з далёкага Падзвіння, дзе нават маленькі крэмень — рэдкая знаходка, вельмі здзівіўся б:

«Навошта капаць шахты, калі навокал пад нагамі (за жыццё не пазбіраеш!) валяюцца вялікія i малыя кавалкі белага ад крэйды крэменю».

Канешне, розныя дробныя прылады — скрабкі, нажы, праколкі можна было рабіць i з гэтага «падножнага» матэрыялу. Але для якой буйной рэчы — цясла або сякеры — такі крэмень не падыходзіў, ён быў высахлы i крохкі. Для такіх мэт першабытны чалавек шукаў крэмень, які залягаў у зямной тоўшчы i быў «мокры».

Калі свежаадкапаны крамянёвы камень разбіць i памаца ць расколіны, пальцы адчуваюць вільготную паверхню. А як цудоўна такі крэмень расколваецца! Нават ад слабага удару. Са звонам, як шкло. На вялікія пласціны або кавалкі з роўнымі плашчынямі i вострымі краямі.

На схіле бліжэйшага да вады ўзгорка ў зацені дрэў бачна некалькі буданоў. Гэта часовы пасёлак старажытных шахцёраў, якія прыйшлі сюды з блізкіх i далёкіх мясцін здабываць крэмень. Сцены буданоў аплецены галлём, стрэхі накрыты трыснягом, кавалкамі кары, старымі шкурамі.

Перад буданамі гарыць вялікае вогнішча, над якім смажацца нанізаныя на дрэўка дзіды кавалкі мяса. Пасля снедання некалькі маладзейшых мужчын з лукамі i дзідамі падаліся ў пушчу на паляванне. Ім трэба здабыць свежай дзічыны на заўтрашні дзень. Астатнія мужчыны, закінуўшы на плечы скруткі раменных вяровак, скураныя мяшкі з шахцёрскімі інструментамі, пайшлі да выпрацовак у суседняй даліне.

Яшчэ дні тры назад у крэйдзе выкапалі вертыкальны калодзеж — шахтны ствол у два чалавечыя росты. Калі дасягнулі крэмняноснага пласта, пачалі яго выбіраць, пашыраючыся ў бакі — выкопвалі падбоі, як норы. A паміж падбоямі пакінулі выступы — цалікі. Гэта, каб не абвальвалася скляпенне. У адным месцы такою доўгаю нарою дасягнулі суседняй глыбокай шахты. Атрымаўся праход — штрэк.

...Вось адзін шахцёр ударамі кайла з рога высакароднага аленя адбівае крэйду, яна з ціхім шоргатам сыплецца на дно шахты. Другі зграбае друз i сыпле яго ў скураны мяшок. Мяшок нарэшце напоўнены. Гукнулі памагатым наверх. Напялася вяроўка. Пачаў падымацца цяжкі груз, закрываючы блакітны кружок неба ў вусці шахтавага калодзежа. Наверсе друз высыплюць, a парожні мяшок зноў апусцяць у выпрацоўку — толькі паспявай напаўняць.

Чалавек з кайлом ужо прытаміўся, але мяняцца з суседам не хоча, бо са сценкі капальні паказаўся цёмна-шэры бок крэменю. Зараз шахцёр адклаў кайло, узяўся за завостраны адростак рога — капач — i пачаў ім адкалупваць крэйду вакол каменя. Потым, крэкнуўшы ад натугі, вылузнуў крэмень са сценкі.

— Ого,— падступіўся бліжэй другі шахцёр.— З такога «кавалачка» з дзесятак сякер выйдзе...

Даследаваць крэмнездабыўныя шахты археолагу адна асалода. Крэйдавы друз легка выграбаецца з засыпаных выпрацовак, i тады агаляюцца сценкі з мноствам глыбокіх баразёнак i драпін, якія засталіся ад удараў гарняцкім інструментам. Вузкія ўваходы ў падбоі i штрэкі зашмальцаваны вопраткаю, дно шахты шчыльна ўтаптана нагамі. А на скляпеннях бачны закураныя пісягі — ачышчалі ад вуголля лучыны, якімі асвятлялі цямнейшыя куткі выпрацовак.

Улезеш у такую расчышчаную шахту, глядзіш i дзівуешся на плён працы далёкага продка — усё быццам учора зроблена.

На Беларусі старажытныя шахты па здабычы крэменю знойдзены ў Ваўкавыскім раёне на Гродзеншчыне кадя населеных пунктаў Краснасельскі, Рось, Карпаўцы. Пэўна, існавалі яны i ў іншых багатых крэйдаю i крэменем мясцінах — у ваколіцах Гродна, каля Песак на рацэ Зальвянцы, у нізоўях Дзітвы. Тут сустракаецца мноства крэмнеапрацоўчых майстэрань, якія амаль заўсёды спадарожнічалі шахтам.


СМЕРЦЬ СТРОНГА


Чатыры тысячы гадоў назад. На беразе Нарачы

Паміраў Стронг. Ляжаў на нізкім лежаку, прыкрыты кажухом. Быў без памяці. Трызніў. Дыхаў хрыпла, быццам нехта нябачны яго душыў.

У хаціне сабралася ўся шматлікая сям'я Стронга. Прыйшлі i родзічы, якія жылі ў суседніх сем'ях. Усе з надзеяй глядзелі, як мясцовы шаптун i лекар, ён жа чараўнік-вядзьмар, мармыча над хворым закляцці ад благой сілы.

Душна ў хаціне. Дурманіць пах паленых зёлак, якія вядзьмар час ад часу кідае на вугалі агнішча.

Стронгу не лепшае. Наадварот, усё натужлівей ён дыхае, з перарывамі.

— Гэта Чорны дух увайшоў у кроў Стронга i душыць яго,— затрос сівымі пасмамі валасоў вядзьмар.— Трэба пусціць кроў, i Чорны дух пакіне хворага ў спакоі.

Вядзьмар дастаў са скураных ножнаў на пасе вузкі крамянёвы нож i надрэзаў вену на руцэ Стронга. Паказалася цёмная кроў i вяла пацякла па сіняватай скуры. Хворы перастаў кідацца на лежаку i як быццам супакоіўся. Надзея засвяцілася ў вачах прысутных.

Вядзьмар прыклаў руку да грудзей Стронга i не адчуў біцця ягонага сэрца. Мужчына быў мёртвы. Вядзьмар на імгненне разгубіўся: «Можа кроў i не варта было пускаць? Лепш было б напаіць адварам лекавых замоўленых траў... Але як было напаіць, калі хворы страціў прытомнасць?» Вядзьмар адагнаў сумненні: «Калі чалавек памёр, значыць, так трэба духам»,— i абвясціў прысутным, узняўшы худыя рукі над галавою:

— Духі захаду ўзялі Стронга з сабою!

Пасля гэтых слоў вядзьмар кінуў на вугалі нейкія высушаныя карэньчыкі, з якіх пайшоў жаўтаваты дым. Вядзьмар пачаў удыхаць гэты дым; хутка яго вочы сталі як лёд, нерухома ўтаропленыя ўдалечыню, i ён пачаў выкрыкваць, кружачыся вакол памёрлага:

— Бачу! Душа Стронга выходзіць... праз сцены... да берага... лёгкая... духі захаду... у чоўне... за сонцам... у Краіну продкаў... плывуць... туман!

A ў гэты час сын Стронга скурчыўся за спінамі дарослых у куце хаціны i горка плакаў, прыціскаючы кулачкі да мокрага ад слёз твару. Навошта духі забралі яго тату? Хто ж зараз павядзе яго на рыбу, хто зробіць яму вясной з лазовага сука свісцёлку, хто пакажа ў лесе вавёрчына гняздо? Горка плакаў хлопчык, бо са свайго, хоць яшчэ i невялікага, вопыту ведаў, што з Краіны продкаў назад ніхто не вяртаецца i што ніколі у яго больш не будзе таты...

Стронга хавалі назаўтра. Мужчыны знайшлі ў лесе таўшчэзную бярэзіну з роўным камлём i знялі з яе кару на рост чалавека, надрэзаўшы зверху i знізу i рассекшы ўздоўж. Атрымалася гладкая труба, у якую i ўклалі памёрлага. Адтуліны на канцах трубы закрылі таксама карой, прымацаваўшы драўлянымі клінкамі.

Вядзьмар расцёр на каменнай плітцы кавалак чырвонай охры, змяшаў яе з тлушчам i пачаў размалёўваць гэту труну з кары. Ен набіраў охру на палец i выводзіў на белай бяросце выгнутыя чоўны, а над чоўнамі прамяністыя сонечныя кругі.

Затым мужчыны на дрэўках дзідаў паднялі труну i панеслі Стронга ў апошні шлях, да высокага азёрнага берага, дзе былі могілкі. Там загадзя была выкапана доўгая i глыбокая яма, на памеры труны. Дно ямы пасыпалі распаленымі вугалямі, каб агонь ачысціў мясціну спачынку Стронга. Апусцілі берасцяную труну, пасыпалі яе охрай — сімвалам крыві i ўваскрашэння, побач паставілі гаршкі з ежай, паклалі зброю i засыпалі магілу. А зверху яе на пясчаным грудку ўкапалі высокі слуп, на якім быў высечаны духахоўнік.

...Адзінока i пуста стала на зямлі для малога стронгавага сына. Увесь дзень пасля пахавання i наступныя дні ён блукаў па наваколлі, вяртаючыся дахаты толькі позна вечарам. Кружыў па лесе, каля балот, па азёрным беразе. Падыходзіў да аброслых мохам валуноў, да свяшчэннага дуба на ўзгорку, да віроў у рэчцы. Прасіў у ix дапамогі. Працягваў рукі да гарачага сонца, маліў яго.

Маўчала ўсё навокал: лес, вада, сонца i месяц, белыя воблакі на небе. А старэйшыя казалі, вядзьмар таксама, што ва ўсім: у камянях, дрэвах, азёрнай вадзе, рачных вірах — жывуць духі, якія кіруюць чалавечым лесам, дапамагаюць або шкодзяць яму. I над усім існым пануе сваёй моцаю нябеснае свяціла.

Дык чаму ж тады духі i сонца не дапамогуць сыну Стронга, ён жа ix так горача, так слёзна просіць вярнуць яму тату?


ПРЫВЕЗЛІ БУРШТЫН


Чатыры тысячы гадоў на зад. На берагах Дзвіны непадалёку ад сучаснага горада Дзісны

Вялікая вайна, што доўгі час вялася з паўночнымі пляменамі, неяк супынілася сама сабою. Бачна, абодва бакі нарэшце стаміліся рабаваць, паліць i нішчыць, падпільноўваць адзін другога на паляўнічых сцежках, сыходзіцца грудзьмі на лясных прагалінах i забіваць.

Скончылася, а можа лепш сказаць пачалося, тым, што аднойчы на глухім беразе Дзвіны сустрэліся дзве групы паляўнічых з ваюючых плямён. Сустрэліся i ўпершыню за многія гады не схапіліся за зброю, a моўчкі разышліся, кожны ў свой бок. Так i пайшло — калі даводзілася сустракацца, разміналіся. I ніхто не ўспамінаў пра святыя законы кроўнай пометы, бо ўжо даўно не маглі далічыцца, у каго болей забітых i хто каму застаўся вінен гэтай помсты...

I вось аднаго разу ў канцы вясны, калі спала паводка i Дзвіна паспакайнела, знізу ракі паказаўся човен з двума веслярамі. Ен паволі сунуўся супраць плыні паўз бераг, а затым скіраваўся да камяністага вострава пасярод ракі. Да яго i прыстаў.

Насцярожана цікавалі мясцовыя жыхары з прыбярэжных схованак за прышэльцамі з поўначы, якія ўпершыню былі без зброі i толькі ўдваіх... I што ім трэба на гэтым дзікім востраве?

— Ды гэта ж прывезлі бурштын,— нарэшце здагадаліся старэйшыя,— сонечны камень з берагоў салёнага возера, якому няма канца-краю!

У мірны час, такі далёкі зараз, што нават не верылася, ці быў ён, па рацэ на чоўнах i проста пяшком па беразе кіраваліся ў розныя напрамкі людзі з торбамі цераз плячо. Да суседзяў на мену. Везлі i неслі, што хто меў,— бурштын, крэмень, охру, зерне, сабаліныя шкуркі.

I яшчэ ўспомнілі старэйшыя, як ім апавядалі дзяды, што калісьці так i абменьваліся на гэтым востраве, завочна, пакідаючы тавар на выбар i беручы сабе ў абмен, што прыгледзелася.

Праз нейкі час човен з веслярамі пакінуў востраў i паплыў уніз па рацэ. Затым знік за паваротам. Прыбеглі разведчыкі i паведамілі, што паўночныя людзі спыніліся за вусцем Ручая ў трыснягу. На бераг не выходзяць, сядзяць у чоўне. Іншых жа чужакоў у наваколлі не бачна. Значыць, тыя ў чоўне будуць вяртацца, каб зірнуць, што паклалі ў абмен на бурштын.

Пераканаўшыся, што людзі з паўночнага племені ўсур'ёз хочуць пачаць мену i што гэта ніякія не ваенныя хітрыкі, паплылі на востраў. Там на вялікім плоскім камені ляжала разасланая шкурка, а на ёй выкладзены розныя бурштынавыя вырабы: масіўныя пацеркі-падвескі з прасвідраванымі адтулінамі, доўгія трубачкі, плоскія кольцы, круглыя i квадратныя гузікі. Цэлае багацце было пакінута на шкурцы!

Рашылі не скупіцца i мясцовыя жыхары. Разаслалі побач таксама шкуру забітага звера i выклалі на яе адмыслова падабраныя кавалкі крэменю, нарыхтоўкі крамянёвых сякер, гурбачкі доўгіх вастрарэберных пласцінак. Усё гэта было неабходна для вырабу прылад працы, a ўласнага крэменю ў зямлі паўночных плямён не было.

Прышэльцы крэмень забралі ўвесь i ў дадатак да пакладзенага раней тавару пакінулі цудоўныя бурштынавыя каралі — нанізаныя на сухажылле адпаліраваныя падвескі. Мусіць гэтыя каралі былі падарункам людзей поўначы ў знак таго, што яны хацелі б i надалей прыплываць сюды, абменьваць бурштын на крэмень, што яны хацелі б жыць мірна на берагах гэтай вялікай ракі Дзвіны.

Параіліся i рашылі — няхай каралі будуць дачцэ Першага старэйшыны прыгажуні Куніцы. Усе сыны старога ca славаю загінулі ў баях, засталася ў яго адзіная ўцеха — дачка. Куніца была не толькі прыгожай, але i разумнай дзяўчынай.

— Можна,— папрасіла яна,— я ахвярую гэтыя каралі рацэ?

I бацька дазволіў, a ўсе старэйшыны родаў таксама згодна заківалі галовамі.

Дзяўчына паднесла да вады каралі, якія пераліваліся пад сонцам празрыстым мядовым колерам.

— Вазьмі, Дзвіна, наша маці-карміцелька, гэту аздобу з сонечных каменьчыкаў. А за гэта давай нам рыбу i трымай моцна на сваіх хвалях нашы чоўны. I яшчэ пашлі нам, Дзвіна, доўгі мір.

Расціснула кулачкі дзяўчына — саслізгнулі каралі ў хуткі рачны струмень. Прыняла ахвяру рака. I сталася так, як прасіла Куніца.


* * *
Дагарэлі першабытныя вогнішчы. Тыя, хто грэўся каля ix, адплылі ў нябыт па Рацэ часу. Але жылі яны не марна i зніклі не бясследна. Чаго б мы былі вартыя сёння, каб людзі яшчэ на світанку сваёй гісторыі не навучыліся здабываць агонь, вырабляць прылады працы, прыручаць жывёл, вырошчваць расліны? Наступныя эпохі — бронзавы, жалезны вякі — прынеслі новыя адкрыцці i здабыткі, але яны былі б немагчымыя без дасягненняў каменнага веку.

Нашы далёкія продкі: мужныя паляўнічыя i воіны, руплівыя збіральнікі i рыбакі, працавітыя земляробы i жывёлаводы — перадалі паходню жыцця сваім нашчадкам. На працягу доўгіх тысячагоддзяў пераходзіла яна ад пакалення да пакалення. Ажно пакуль не трапіла да нас з вамі. Каб мы трымалі яе высока i не давалі пагаснуць. Каб памяталі пра мінулае i клапаціліся пра будучае.


Оглавление

  • Міхась Чарняўскі СТРАЛА РАСАМАХІ
  • АД АЎТАРА
  • ШТО ТАКОЕ КАМЕННЫ ВЕК
  • СТАРАЖЫТНЫ КАМЕННЫ ВЕК
  •   ПРЫРУЧЭННЕ АГНЮ
  •   ПЕРШЫ ЧАЛАВЕЧЫ СЛЕД
  •   ЦАР ЗВЯРОЎ ЛЕДАВІКОВАЙ ЭПОХІ
  •   МАЛАДЫ МАСТАК
  •   У СТАРАЖЫТНЫМ БУДАНЕ
  • СЯРЭДНІ КАМЕННЫ ВЕК
  •   CTPAЛA РАСАМАХІ
  •   АСЕННЯЕ ПАЛЯВАННЕ
  •   ЗА ДАРАМI ПРЫРОДЫ
  •   У МАЙСТЭРНІ
  • НОВЫ КАМЕННЫ ВЕК
  •   ПЕРШЫЯ ГАРШКІ
  •   I ПАПЛЫВЕ ЁН ПА ХВАЛЯХ
  •   З ЧАГО ВЫРАСТАЕ ПШАНІЦА
  •   ЗІМОВЫМ ДНЁМ КАЛЯ АГНІШЧА
  •   НА ВОЗЕРЫ
  •   ПЕРАМОЖАЦ АКУНЯ
  •   ЗБІРАЛЬНІЦА ЗЁЛАК
  •   ТУРЫХА
  •   ШАХЦЁРЫ КАМЕННАГА ВЕКУ
  •   СМЕРЦЬ СТРОНГА
  •   ПРЫВЕЗЛІ БУРШТЫН