Самасей [Сакрат Яновіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Сакрат Яновіч САМАСЕЙ


Падрыхтаванае на падставе: Сакрат Яновіч, Самасей. Аповесць. Апавяданні, — Мінск: Выдавецтва, 1992. — 382 с.

ISBN 5-340-00445-7


Рэдактар: А. Дз. Куліш

Copyright © 2013 by Kamunikat.org


ПАСЕЯНАЕ ТАЛЕНТАМ


Гэтае слова сваё да кнігі Сакрата Яновіча я пішу невыпадкова, не па выдавецкім абавязку. Я пераканаўся, калі наасфера (паводле Вярнадскага) зафіксавала тваю з некім сувязь, у далейшым лёс абавязкова, часам пры неверагодных варунках, зноў звядзе цябе з ім. У 1977 годзе пад час працы ў старадарожскай раённай газеце я атрымаў блакітны канверт. Ніякага б дзіва ў гэтым не было, калі б не сведчыў адрас, што пісьмо з Польшчы. Ні знаёмых, ні сваякоў у мяне там не мелася, і я са зразумелай хапатлівасцю ўскрыў канверт. Амаль бясцямна прабег вачыма па радках: «Паважаны Уладзіслаў Рубанаў, з радасцю прачытаў Ваша як жа добрае апавяданне «Зерне — у зямлю». Рэч пра дабрату; Вы расчулілі мяне — і тэмай, і багаццем мовы. Дзякую вам за добры кавалак жыцця!

Вы, напэўна, удумлівы і сардэчны чалавек. I таму захацелася напісаць да Вас колькі слоў. Ад шчырага сэрца зычу Вам спору ў працы і — цудоўнага захаплення людзьмі!

З паклонам — С. Яновіч. Беласток, 5.VІІ. 1977»


Гэта быў першы — ды яшчэ такі незвычайны! — водгук на маё першае сталае апавяданне, якое надрукаваў «ЛіМ», таму няхай даруецца нясціпласць, што я прывёў яго. Натуральна, я напісаў адказ свайму карэспандэнту, зусім не ведаючы, хто ён такі і чаму сочыць за беларускаю літаратураю. З далейшай перапіскі ўсё праяснілася: Сакрат Яновіч — член Саюза польскіх пісьменнікаў, бела-рускі праэаік, які жыве ў Беластоку. Са шчырай цікавасцю я разгарнуў прысланую ягоную кнігу «Загоны», што ўжо нязвыкласцю вокладкі (рознакалёрныя палосы замест якогасьці малюнка) уводзіла мяне ў новы таямнічы свет. Я памятаю тое незабыўнае ўражанне салодкай і светлай супраціўляльнасці, якое аказвала на мяне чытанне прозы Сакрата Яновіча. А потым ад яе няможна было адарвацца, бо дзейнічала тая магія, якая непазбежна прысутнічае ў слове таленавітага мастака.

Думаю, што чытачу і гэтай кнігі (зрэшты, другой у нас на Беларусі, першая «Сярэбраны яздок» выйшла ў 1978 годзе) напачатку трэба будзе прызвычаіцца да пісьма Сакрата Яновіча; яно — для таго, хто шануе сапраўдную літаратуру, каго не раздражняе, а вабіць бляск і водар свежага, незашарпанага слова, хто ўмее гэтым бляскам і водарам лагодзіць ды цешыць сваю душу безадносна да займальнасці твора. Не павінны бянтэжыць чытача і адчувальны ўплыў польскай мовы на сінтаксіс, марфалогію і граматычны лад пісьма Сакрата Яновіча, бо ён, гэты ўплыў, арганічны сваёй непазбежнасцю.

Каб крыху спрасціць утаймаванне гэтай паўнакроўнай празаічнай І стыхіі, але не замяняючы неабходных для кваліфікаванага чытання высілкаў, падзялюся сваімі кароткімі назіраннямі.

Талент Сакрата Яновіча — паэтычны. Ягоная метафарычнасць ад замілавання тым, што акружае, што лучае на вочы, — гэта: і бляск расінкі на жытнёвай сцяблінцы, і блакіт валошак-васількоў, і паінелыя дрэвы, што бялеюць першабытным хараством, і шпак, які пагушкваецца на вейках бярозы... Непасрэднасць паэтызавання асабліва гожа выяўляецца тады, калі адпавядае ўнутранаму стану героя. Цудоўнае апавяданне «Таня» — пра першае, заўсёды рамантычнае і светлае, каханне, якое абуджае ў чалавеку свядомае жаданне тварыць дабро, і вось як малюецца закаханаму падлетку наваколле: «Рушыўся Юрка ўвечары, калі на каляіны церусілася святло ночы. Малая Мядзведзіца, у бестурботнасці задраўшы хвост, гайсала па нябёсах, скідваючы на зямлю дурненькія зоркі, ажно перапыніў ейную гульню месяц, які спакойна ўзышоў на дах леснічоўскай вартоўні і рассмяяўся смехам бацькі свайго дзіцяці, што з забаўнай бессаромнасцю вычаўпляе пры чужых».

Вобразнасць дасягаецца багаццем мовы, лексічны запас якой проста ўражвае; пісьменнік чэрпае з плыні, што цячэ, жыве пад афіцыйна-слоўнікавым пластом; ягонае пяро мачаецца ў гэтую плынь і не сушэе. Адсюль аж ці не шурпатасць, якая робіць прозу рэчыўнай, грунтоўнай, а не празрыста-сцёртай і худасочнай ад прыгладжвання. Усё ў пісьменніка свядомае, прадуманае, і — адчуванне — што калі паправіць якоясьці слова ў рукапісе, то пры чытанні карэктуры аўтар абавязкова адновіць яго па памяці, бо ведае іменна такім. Здаецца, любая «няправільнасць», кожнае наватарства тут на карысць, у залік майстэрству. I інверсійны перанос прыметніка ў канец сказа, чым акцэнтуецца ўвага чытача на прыкмеце назоўніка: «Ступіў у ямінку, прыкрытую леташняй травою, парудзелай», «выйшаў на вуліцу, белую ды ціхую»; і пропускі «таго, каб» («Замест скіравацца на Ліпавую, павярнуў назад».); і ўтвораныя ад колеру дзеясловы (матавела, буракавела); і таўталогія («вечарэў вечар», «вясельнасць развясельваецца»; і канчатак -цы ў назоўнікаў мужчынскага роду ў месным склоне (аб Грышцы, аб сабацы); і пераход «е» ў «э», якое надае цвёрдасць зычным, тым самым падбеларусваючы слова (хэўра, швэйная, элемэнт, сувэнір); і экспрэсіўнае «у» ў пачатку слова (уздзівілася, упераканана, устрашныя); і нават перанесены націск (сóмавымі, змрóчнелі, павядóмім); і шырокае ўжыванне ў словаўтварэннях суфіксаў -ут, -ют (свяжуткі, нічагуткі, самюткі, ранютка, чысцюткі, старуткі), -ыс, -іск (мужчыніска, язычыска, вятрыска, грашыскі, жываціска, барадзіска, папяросіска); і падвойныя зычныя ў зборных назоўніках (воссі, паленні, снягоцце, калоссі, плоцце); і нязвыклыя нам дапасаванні: «Дырэктар глядзіць грошай», «шчасліва Андрэю разышліся», «Свістуну лішняй падтрымка з боку загадчыка»... Але, здаецца, найшчырэйшы клопат празаіка — дзеяслоў, на мой погляд, край важны для ягонай творчай манеры: музыка шампанілася, сцежка ніцела (ад: нітка), госці крухмалелі, лоб украплеў (потам), кладавіцца (класціся), па-хацела (пахла).

Згадзіцеся, лепка такой моўна-лінгвістычнай мазаікі патрабуе пісьменніцкай вопытнасці, майстэрства. Яны ў Сакрата Яновіча ёсць, бачацца не толькі ў мастацкіх дэталях і падрабязнасцях (скажам, малюнак восені: «За амбразураю акна жаўцелі грушы, і сядалі на іх сонныя восы» ці — гарачыня, цяжкая праца ў полі: «Бацька выціраў шапкаю пот і вытрасаў з кішэні размоклы ад таго пачак папяросаў»), але і ў сталым, вынашаным поглядзе на рэчы, на істотнае ў чалавечай душы. Прачытайце псіхалагічную аповесць «Самасей» — колькі ў ёй інтымнага, патаемнага, таго, над чым кожны чалавек задумваецца, але не кожны мусіць прызнацца. Часам здаецца, што ў нас адны праблемы, а дзесьці ўжо за рысаю граніцы — іншыя. Не, яны агульныя, бо створаная Богам прырода чалавека — адна, у ёй надзіва сумясцілася высокае і нізкае. Тып раздвоенай асобы, увасоблены пісьменнікам у вобразе Андрэя Антошкі, жыве сярод нас, у ім кожны можа знайсці нейкую сваю часцінку, бо як бы ні імкнуўся чалавечы розум, ён ніколі не паставіць сябе па-за сутнасцю такіх паняццяў, як зямля, праца, грошы, каханне, начальства, маці, здрада, смерць, подласць, прырода... Мне імпануе, што Андрэй Антошка да многіх заган у сабе ставіцца з самаіроніяй і сарказмам (рыса даволі рэдкая!), а значыць, усведамляючы іх, будзе ачышчацца. Пры ўсёй неўтаймаванасці і неўладкаванасці ягонай натуры, былога вяскоўца, а цяпер гараджаніна, цяжка ўявіць, што ён змірыцца з жыццёвым прынцыпам, які дазваляе і бюракратычныя выхадкі («Затанцуеце так, як вам зайграю...»), і ананімкі, і паклёпы, і шантаж... За гэта гавораць шматлікія высновы-афарызмы героя, у якіх адчуваецца народная кемлівасць і глыбіня: «Тое, што здарыцца публічна, немагчыма выкрасліць з людской памяці», «Нешчаслівасць павінна быць усяго каўдобінай, у якой, магчыма, зламаеш калена, але не скруціш шыю!», «Быць сваяком — гэта ўсё роўна, што мець долю ў чужым капітале». Камусьці такое можа здацца маралізатарствам, рэзанёрствам. Я асабіста так не лічу. Маралізатарства — гэта наўмыснае скіроўванне, а тут вылушчаная з заблытанай рэчаіснасці і ўпакаваная ў думку філасофія. У літаратурным асяродку часам можна пачуць меркаванне, што дыхтоўная проза не церпіць усякіх адступаў, абагуль-ненняў, уставак, у Сакрата Яновіча — яны скрозь! I пераскокі ў дзеянні ён смела робіць, не баючыся парушыць цягучую традыцыйную пластыку. Наогул у мяне склалася ўражанне, што для празаіка праблемы формы не існуе (хоць у вялікім жанры яна, здаецца, непазбежная для кожнага), тут і дзённікі, і сны, і пісьмы, і публіцыстычна-лірычныя развагі, і будова дыялогаў па прынцыпе п'есы (па ролях)... Карацей кажучы, цвёрда вымураванага сюжэтнага каркаса няма. У сувязі з гэтым думаецца: жыццё таксама няможна пераказаць; пераказаць можна эпізод з жыцця.

Перад табою, чытач, — разліў нашай, чалавечай, душы, у якім удзячна купацца і зроку, і слыху, і розуму, і пачуццям і пасля якога нават з самасеяных зярнят вырастае дабраякаснае насенне.

Уладзіслаў Рубанаў,

лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа


САМАСЕЙ

аповесць


Былі яны з трэцяга камісарыята.

Андрэй Антошка ўбачыў іх яшчэ да таго, як прыйшлі яны да дзвярэй ды пазванілі. Званок быў чужы, доўгі, па-службоваму беспардонны.

Калі ён глядзеў на іх праз акно, дык падумаў, што гэта валакуцца да хворага санітары. Хто ж захварэў?

Выйшлі яны з машыны зусім такой жа, як і ў «хуткай дапамозе». I толькі калі падыходзілі да пад'езда, ён зразумеў, што гэта ўсё ж не санітары. Адзін з іх падняў галаву і, здалося, зірнуў проста на Андрэя. Быў падобны да суседа — прыгорблены, хутканогі. Яго раскірачаны цень, відаць, ад лямпачкі над дзвярыма, вялізным павуком сігануў у кусты, што на панадворку. У цемру.

Яны зніклі — і Андрэй адышоў ад акна.

Толькі што яму снілася смерць, могілкі, зямля, плач, я потым — цішыня, якой не перанёс. Усхапіўся з пасцелі, хадзіў. з пакоя ў пакой. Выбіты са сну марудзіў. Успомніў, што ўжо даўно сніцца яму адзін і той жа самы сон: паляна ў цёмным хвойным лесе, пасярод яе — хацінка, драўляная і пахучая смалою, жывіцаю, пакінутая і ціхая, а за яе сцяною журботна цурчыць ручаіна, чыста і крынічна. I засынанне ў такіх сценах — нібы блакітны адпачьшак, блакітна бяздонны, без хмурынкі. Хата, якой — нідзе! Адкуль сон? З вандраванняў па Крынскай пушчы, па ўрочышчах Каралёвага Стойла, па лясной глушы ля пранізліва сіняга возера Зэльва?.. Такую хаціну шукаў у памяці. Не знаходзіў.

А ўчора Андрэй прачнуўся ад удару перуна, які выбліснуў з пагоднага неба. Слухаў вачыма: на сходах па-бляшанаму грукацела нешта пустое, вялікае і лёгкае. Дзіця суседкі зноўку спатыкнулася з вядрыскам смецця! Хутка ўстаў з пасцелі і адразу адчуў боль галавы, нямоцны, але ныючы... Трэба памыць твар, пачысціць зубы, абмыцца пад пахамі, выцерціся, пагаліцца, апрануцца, прыдумаць снеданне, прыпарадкаваць пасцель і, выходзячы на работу, праверыць, ці добра замкнута кватэра, ці выключаны газ... Шторанак — тое ж самае, і ад таго баліць галава.

Андрэй паставіў чайнік, каб запарыць сабе ліпавага цвету; з адлігай прыйшла эпідэмія грыпу.

У перадранішняй цішы было чуваць, як хтосьці ходзіць па сходах, блудзіць.

I тут зазваніла ў дзвярах. Званок выдаўся нейкім не заўважаным дагэтуль сном... У дзвярах — з тэатральнай падкрэсленасцю — пазванілі яшчэ раз.

Гэта былі яны!

Ён адчыніў ім дзверы з такім размахам, з якім, у маладосці, хапаўся за колаварат, калі бацька ўязджаў возам на прыгуменне, са снапамі, а за Доўгім выганам грымела і шпіліла зямлю дажджом.

З іх абсыпалася ноч. Яны імкліва пераступілі парог, спыталі прозвішча. Адказаў ім. Вышэйшы, не просячы дазволу, прайшоў у пакой, быццам абражаны кватарант. Там раскірачыўся перад шафай з адзеннем.

— Будзем сведку клікаць поначы ці па-добраму пашукаем? — спытаў у Андрэя меншы.

— Згодзен без сведкі, — невядома чаму адказаў спалоханы Андрэй.

— Слушна, нашто тая сенсацыя! — той засунуў руку ў слой бялізны. А меншы кудысьці знік.

Аказалася, што ён у туалеце. Стаяў там і звычна мыў рукі, бы пасля работы. Заклапочана мыліў далоні, сціпла, як госць. Няпаспешліва абмываў іх; вада плюскацела вясёла. Старанна выціраў аб ручнік пальцы, націраў іх, каб разжвавіць.

Неяк сарамліва, вачыма рыбіны, зірнуў на Андрэя і сказаў:

— Папэцкаліся, халера. Трэба часта мыць...

I крокам, які не ведае ваганняў, таксама прайшоў у пакой, дзе той, высокі, корпаўся ў бялізне. Сказаў яму:

— Ідзі памый рукі... — і ўзяўся з вялікай заўзятасцю капацца.

Шукалі.

У Андрэі яны бачылі злодзея. Аднак жа па іх тварах таго не было відаць. Занятыя сваім, яны выглядалі амаль сімпатычна.

Андрэю захацелася засмяяцца ад раптоўнай думкі, што ў грамадстве ёсць частка людзей, якія натхнёна крадуць, а іншая, гэтаксама невялікая частка грамадства, безупынна шукае панакраданага, знаходзіць — і судзіць. Звонку абедзве гэтыя часткі розняцца толькі рацыямі. Хітрасць тая ж.

Пакапаліся з паўгадзіны: перагледзелі кніжкі, альбомы, скруткі паперы, лісты. Рабілі ўсё гэта штораз павальней. Затым сказалі Андрэю, каб апранаўся ды рыхтаваўся ісці з імі.

Апрануўся.

— Скажыце, калі ласка, чаго вам трэба ад мяне? — спытаў у іх. Месца страху, такога неразумнага і кароткага, заняла халоднакроўная збянтэжанасць. — Я нічога не разумею?! Здагадваюся, што падазраеце мяне ў крадзяжы...

— Ну, пайшлі, — сказаў замест адказу вышэйшы. Меншы маўчаў.

Яны выйшлі першымі. Андрэй замкнуў кватэру, ціха, без лёскату.

Упоцемку сыходзілі да пад'езда. Вуліцай праехала запозненая машына, з кплівым грукатам пашыпела кудысьці ў цэнтр...

I тут Андрэю стала смешна, што гэта па яго прыйшлі. «Неабавязкова трэба што-небудзь украсці, каб прыйшлі па цябе і арыштавалі. Зусім неабавязкова, — думаў ён. — Даволі таго, што ты патрэбны для нейкай іх лагічнай версіі або, сам, не ўсведамляючы таго, ступіў на тое нябачнае поле шахматнай дошкі, на якой яны зараз з некім гуляюць. Трэба будзе пагуляць: канец жа карнавалу!» — Андрэй павесялеў. I тут жа спатыкнуўся на сходцах: высокі, што ішоў спераду, насцярожана паглядзеў яму ў твар. «Не бойся, уцякаць не буду: мне ж цікава пагуляць з вамі...»

Выйшлі.

Селі ў машыну з сінім сігналам. Хутка пераехалі Парадную алею. А калі павярнулі ў цёмную бакавую вулачку, прыгадалася Андрэю тая зіма, тое падарожжа на Заходняе паазер'е, падарожжа ў перапоўненым цягніку з Варшавы ў Кашалін, і мілы афіцэрык, з якім зачыніўся ў купэ ды прагаварыў да золаку на сустрэчных віядуках. На вузлавым раз'ездзе цягнік спыніўся, доўга свістаў паравоз, урэшце зноў крануліся ў дарогу. Але таго Андрэй ужо не чуў. У полі палілі быльнёг. Добра бралася на вечар, калі ўзяліся паліць быльнёг. Якраз тады пачуў журавоў. Зразу не мог убачыць іх, але яны ляцелі невысока. Седзячы на мяшках з бульбаю, ён сачыў за іх лётам, маўклівым, не такім, як апоўдні (урачыста павольны, святочны да слёз). Журавы скоўзваліся па небе гадзючым зігзагам, і было прыкра думаць аб тым. Зоркі спачатку бліскалі па краях, і цэлая жменя іх — чамусьці над Рахавіцкім хутарам. Там холад! I страшная вада там, сярод дрыгвы, цёмная, напэўна, глыбокая, ажно боязна ўявіць сабе тое, і вядома, з рыбамі, са шчупакамі або і сомамі! Ніхто не дайшоў да яе. Кажуць, што ў ёй утапіўся бык і праз тры дні выплыў ён у Нёмане. Пад зямлёю плыў, падземнаю рэчкаю (азяркі ў лугах — гэта яе вочы!). Купаюцца ў ёй нячыстыя сілы, чэрці! Прытуліўшыся да зямлі ды пільна ўслухаўшыся ў яе, часам можна пачуць жахлівы рогат, далёкі, бы з таго свету. Такі рогат пачуў Стась-Ліхарадка, нічога нікому не сказаў. Толькі дзень і ноч маліўся ў касцёле, пакуль не прыйшла па яго маці ды не пагнала вазіць гной пад бульбу...

...Недзе перад Гданьскам Андрэя разбудзіў кандуктар. Афіцэрык ужо не спаў. За шыбамі ўсё гусцей паблісквалі агні. Узнікла ўражанне, быццам ён з афіцэрыкам выплываў на паверхню. З жахлівых глыбіняў!

На гданьскім вакзале развіталіся. Паціснулі рукі ў буфеце, дзе пілі піва. Потым Андрэй заказаў сабе яшчэ куфаль. I порцыю швейцарскага сыру. Плацячы за ўсё разам, згледзеў, што ў яго ўкралі грошы! Заплаціў дробнымі, што пазнаходзіў у кішэнях, і пабег за афіцэрыкам... Але па ім і след прастыў.

Усенька тое запамяталася яму да драбінак. I цяпер, едучы ў міліцэйскай машыне, раптам аднавіў у сваёй памяці істотны факт: тады, у купэ, з тым афіцэрыкам, спаў без пінжака, які павесіў на кручку. «А ён ужо не спаў, калі прыйшоў кандуктар», — разважаў Андрэй.

У машыне з сігналам маўчалі.

Матор роўна гудзеў, дагледжаны. Было нават утульна. Калі заехалі пад камісарыят, нейкі міліцыянер выйшаў з расчыненых дзвярэй ды кудысьці павалокся.

Андрэя завялі.

Ён доўга чакаў таго, каго ў думках назваў следчым.

Яму ўсё яшчэ было досыць забаўна.

Следчы ўвайшоў ціха, і, каб не глыбокая ноч, можна было б падумаць, што гэта прыйшоў на работу бухгалтар, салідна апрануты ды з ёмістым партфелем пад пахаю. А там бутэрброды, пара яблыкаў ды тэрмас з чаем.

Андрэй устаў з крэсла.

— Сядзіце, сядзіце, — следчы зірнуў на яго ласкава. Ледзь не па-сяброўску.

I Андрэю здалося, што трапіў ён у нейкі маскарад: жартам арыштавалі яго, будуць нібы дапытваць, а затым пойдуць усе разам у рэстаран, каб рагатаць і піць пры свяце... З ім, Андрэем.

За пісьмовым сталом, на сцяне, адзінокія дрэвы Шышкіна ў полі.

— Ваша прозвішча і імя? Адрас? — следчы, усеўшыся, даставаў з партфеля паперу за паперай.

Пачалося...

Каб не парушыць правілаў гульні, Андрэй даваў скрупулёзныя адказы. Папярэджанне, без усмешкі, аб тым, што ўсё сказанае тут можа быць выкарыстана супраць яго, таксама бавіла: хто ж гэта будзе гаварыць так, каб пашкодзіць самому сабе?!

— Вы ўкралі... — следчы агульна намякнуў: калі, дзе і як?

— Не, я не краў, — рот Андрэя пашырэў ад весялосці. А ў ягоных вачах: «Прыдумайце, пане следчы, нешта болей смешнае, болей нечаканае, ну і небанальнае!»

— Значыць, не прызнаецеся, — лагодна сцвердзіў следчы. Ён штосьці запісаў, хуценька і няўважліва. — Так, гэта зразумела...

— Не-а, — пацвердзіў Андрэй з залішняй кпінай.

— Ну добра, — следчы паглядзеў убок. — Тады скажыце мне, калі ласка, што рабілі вы ў сераду паміж дваццаць першай і дваццаць другой гадзінамі? Паміж дваццаць першай і дваццаць другой, — паўтарыў.

— Настолькі дакладна, ведаеце, не памятаю... Каб я ведаў тую бяду — запісаў бы! Бачу, трэба будзе завесці дзённік, як на караблі.

— Ну, прашу, не мудрагеліць, — перапынілі яго.

— Я сапраўды памятаю: у тую гадзіну я, фактычна, знаходзіўся паблізу якраз таго будынка! — сказаў. «I што з таго майго знаходжання там?» — Мушу, аднак, дадаць, што ў тым месцы круцілася яшчэ з сотня людзей. А мо і болей...

— Вашы намёкі мяне не цікавяць, — уставіў сваё следчы. — Прашу, калі ласка, дакладна адказваць на пастаўленыя вам пытанні.

— Дамовіліся! — кіўнуў яму галавою.

— Вы былі там — чаго? — учэпіста глянулі.

— Хачу вас запэўніць, пане следчы, што маё знаходжанне на тым тратуары не мела якой-колечы сувязі з крадзяжом, аб якім вы так ветліва паведамілі мне, — ён дастройваўся да яго танацыі. — З увагі, аднак, на тое, што я даў вам слова адказваць на пытанні, на вашы пытанні, ведайце, што пайшоў туды на сустрэчу з адной дамай. І мы доўга размаўлялі... Дабаўлю, што была халадэча і я прамёрз, але не прастудзіўся.

Следчы не паспяваў запісваць.

— Яе імя і прозвішча? Адрас? — аловак чакаў.

— Чыё? — не зразумеў ён. Але толькі на імгненне.

— Асобы, што знаходзілася з вамі.

— О! Гэта мая салодкая тайніца... Дарэчы будзе падкрэсліць, што прыгожых дам не называюць па прозвішчу, нават, як мне здаецца, і ў следстве. Яны, быццам боская з'ява, знаходзяцца па-за спіскамі, устаноўленымі нам, звычайным смяротнікам і да таго мужчынам. Цудоўную жанчыну не пытаюць пра імя ды і ўвогуле пра нішто. Дазволена толькі прасіць і захапляцца...

Следчы бялеў.

Андрэй цягнуў сваё, усё роўна як п'яны.

— Так, пане следчы, у прыгожай жанчыны можна папрасіць дазволу пацалаваць яе руку або выказаць сваё ашаламленне пекнатою...

— Сціхі-і-іце! — заікліва вывіснуў следчы. ён усхапіўся на ногі і грымнуў кулаком па стале. — Сці-і-і-це!!! Вам што здаецца: на дурня напалі?! На ідыёта? Кпіць вам захацелася! Насмешак-пасмешак... — хацеў крычаць далей, але астыў. Яму ж нельга крычаць.

Пахадзіў па кутах.

Андрэя ўзяла злосць. З'явілася яна ад нейкага скрыжавання здзіўлення са страхам.

Са злосці і страху бярэцца нянавісць.

Следчаму нібы не выпадала зноў выпытваць пра знаёмую Андрэя, ды і ён сам выбавіў яго ад гэтага клопату.

— Я не скажу вам ні яе імя, ні прозвішча! Дамовіліся?

— Не скажаце? — следчы ажывіўся.

— Не-а.

— Пашкадуеце таго.

— Магчыма.

— Ваша справа.

— Так, гэта сапраўды мая.

— I без вас даведаемся, — следчы закурыў. Андрэй запрыкмеціў, што ўся размова адбылася надта хутка, машынальна — быццам пачатак шашачнай гульні. У ёй, папраўдзе, не было пытанняў і адказаў. Былі толькі сцверджанні.

Усхвалявана зазваніў тэлефон.

Следчы, незадаволена, падняў трубку:

— Ну, я. Слухаю, — паслухаў. — Буду. Ужо іду.

Згроб паперы са стала. Пакінуў Андрэя аднаго, у нялоўкасці. Абразіўся на яго, ці што? Зайшоў міліцыянер і сказаў Андрэю:

— Пачакайце, грамадзянін, во тут, у калідоры, — і вывеў яго за сабою.

У калідоры Андрэй сеў у старое крэсла, што стаяла пад сцяною. Падумаў: «Сказаў, аднак, каб мяне вывелі». Мацней атуліўся палітом. Аднекуль увалаклі п'янага і, трымаючы пад пахі, увапхнулі ў дзяжурную, дзе накрычалі на яго і штосьці запісалі. Неўзабаве вывелі яго зноў, а дзяжурны, ідучы за сваімі памагатымі, наказваў: «У выцверазільню яго, сабаку паганага!»

Стала ціха.

Андрэй адчуваў сябе, нібы вучань, якому не хочацца ў школу.

Урэшце падумаў: ім чагосьці трэба ад яго.

Патрэбна нешта няважнае, да таго няважнае, што аж дзіўна, чаму ён яшчэ задумваецца над гэтым! Адрас жанчыны, якая адвяла б ад яго, Андрэя, усе тыя падазрэнні, што прыбіліся, чорт адзін ведае адкуль. Прадыктаваныя следчаму яе імя, прозвішча, нумар дома, у якім жыве, назва вуліцы, ля якой стаіць гэты дом, закончыла б камэдыю арышту і следства. Пасля вочнай стаўкі супольна выйшлі б яны на вуліцу, заселі б у «Асторыі». Заказаў бы абед і да абеду... Потым... «Што было б потым: назаўтра, праз тыдзень, праз месяц і год?» — Андрэй няясна прадчуваў, што ў іх узаемных адносінах, аднак, адбыўся б нейкі паварот, нейкі зусім мала відавочны, хіба што ў выпадковым жарце або змаўчанні, такі падводны паваротак, бачны ў выглядзе малюпасенькай вірынкі, усяго толькі. Але адно другому ўжо не маглі б верыць да канца, у чымсьці самым галоўным, як шанаванне чалавека чалавекам.

«Што яны мне зробяць? Я ж нічога не ўкраў!» — Андрэй усведамляў сваё становішча. Яно пачало яму падабацца: будзе дадатковы вопыт жыцця. Тым болей, што дасца ён нібы бясплатна яму: арыштавалі яго з суботы на нядзелю, без падстаў, на законныя сорак восем гадзін, да ночы з панядзелка на аўторак (на рабоце — выкруціцца махлярствам аб хваробе, прастудзе...). Абыдзецца без сенсацыі.

«З камісарыята могуць пазваніць дырэктару!» — асмаліла Андрэя нечаканае меркаванне. Могуць! Што ім гэта значыць? Падыме такі трубку тэлефона, набярэ нумар... Лепш не думаць!

Гэта так.

Час ад часу добра чалавеку пажыць без думак, без пачуццяў. Без сэнсу, бо нават адчуванне радасці абавязвае да чагосьці, падсоўвае мэту. От, сядзець бы сабе ў складзе, калі нідзе нікога, адны нямыя прадметы навокал, уладжаныя, у радах... Або ляжаць у гумне, высока на саломе, на сене, на канюшыне. Або — над рэчкаю: штосьці плыве па ёй, жывое, не мёртвае. Жывое, ах, усё роўна! На другім беразе — ходзіць, не ходзіць, на высокіх нагах, чырвоных, не чырвоных, з дзюбаю, хіба з дзюбаю, мабыць, так... Няважна. Аж няважна тое, што няважна.

Пыл на сцяне. Колькі таго пылу... Следчы вярнуўся.

Андрэй памкнуўся ісці за ім, але ён прыпыніў яго:

— Я паклічу вас.

— Добра, — ветліва адступіў.

Дзверы.

Ноч.

— Прашу, — пачуў над сабою. Андрэй падняў галаву, выпрастаўся і ўстаў з крэсла. Ногі здранцвелі.

На гэты раз яны сустрэліся ўжо іншымі, паіншэлымі.

— Вы.знаходзіліся на тратуары...

— Так, я быў тады на тратуары, са знаёмай... — адказаў Андрэй.

— Нічога падазронага не прыкмецілі, будучы са знаёмай? У наваколлі, значыць... — Следчы меў на ўвазе толькі наваколле. Ён не патрабаваў звестак пра знаёмую, усё роўна ведаючы, чым гэта закончылася б.

— Не, нічога, — Андрэй злёгку пачырванеў. Яму зажадалася, хрць у чым-небудзь дапамагчы гэтаму чалавеку, які ў рэшце рэшт бароніць жа не свайго! — Я, ўсё-такі не вельмі разумею, што вы маеце на ўвазе пытаючы, ці не кінулася мне ў вочы нешта падазронае... Зрэшты — між намі, мужчынамі, кажучы, — не вельмі што і ўгледзіш, калі поруч з табою знаходзіцца прыгожая жанчына...

— Вы нічагусенькі, значыць, не прыкмецілі? — не даў яму дакончыць следчы. У ім, як здалося Андрэю, ізноў заімглілася злосць, калі не гнеў!

— Так, нічога.

— Тады вось што я вам скажу, каханенькі-родненькі, — насупіўся. — У мяне няма часу бавіцца тут у коціка ды мышку: пасядзіцё ў нас, пагасцюеце, памаленьку даспееце да сур'ёзнай размовы. Ясна!

— Я ж... — Андрэй спатыкнуўся. — Я ж аб нічым не ведаю! Нават у чым справа!

— Так, так, не ведаеце... — следчы ўжо не слухаў, ішоў да дзвярэй, каб выклікаць дзяжурнага, які выведзе Андрэя ў арыштанцкую.

— Мне — на работу, у панядзелак! — выкрыкнуў. — Як доўга будзеце трымаць?..

— Гэта залежыць толькі ад вас. Вывелі яго.

Адабралі дзягу, шнуркі, ножык. «Каб вы не павесіліся або не падрэзалі сабе жылы», — вытлумачыў сяржант. Ён падкепліваў.

Ну і ці ж не смешна? Прыехалі, забралі, падпрагаюць да нейкай зладзейскай справы. Здзіўляюцца тым, што гэта яго здзіўляе... Занадта!

У Андрэя з'явіўся яшчэ і сорам. Ад той далёкай каляднай выпіўкі, калі ён смяяўся са сваёй суседкі, якую судзілі за зладзейства. Яе муж, бабнік, выкарыстаў зручны выпадак і пачаў дабівацца разводу з ёю, як з асобай ненармальнай, што крала маёмасць з дзіцячага садзіка. У мужа былі сувязі ў бальніцы для псіхічнахворых. Усе гідзіліся ёю, а мужу ніхто і дрэннага слоўца не сказаў: зладзейцы, што абкрадвала дзяцей, так і трэба!

Суседку выпусцілі з турмы штосьці праз год, няцэлы год. Выявілася, што гэта не яна крала, але бухгалтар. У такіх выпадках — кажуць — асобы, несправядліва асуджаныя, атрымоўваюць вялікія грошы, кампенсацыю... І яна, магчыма, атрымала прыстойную суму...

Андрэй заўзята думаў пра суседку, убачыў у ёй такое, чаго раней не прыкмячаў. Чаго і ў здагадках ягоных не бывала. Ён вырашыў зайсці да яе неадкладна, як толькі выпусцяць яго з гэтай халернай нары, дазволяць ісці дамоў. Зойдзе да суседкі з букетам кветак і шампанскім. Не, так нельга. Так усё будзе выглядаць глуп-ствам. Трэба звычайна, без нічога, з добрым сэрцам і ціхім словам. Да чалавека, які адпакутаваў, не прыходзяць з шырокай усмешкай. Так. Праўдападобна, увогуле не прыходзяць.

Ён убачыў у ёй жанчыну з сапраўдным пачуццём годнасці, самым чыстым, якое дае расчараванне людзьмі. Вырашыў, што, калі адчуе з яе боку хоць крышачку сімпатыі да яго, да Андрэя, будзе на каленях прасіць яе, каб стала яго жонкаю!

З гэтакай пераконанасцю і заснуў, хоць было цвёрда.

...Пазванілі зверху, каб быў на нарадзе ў кабінеце дырэктара.

— Добра, — адказаў, усё роўна быццам хто пытаў Андрэя, ці згодны ён.

Прыйшоў крыху са спазненнем, не больш чым на дзве-тры хвіліны. Так трэба. «Расселіся, бы сытыя гусі ля карыта з цестам», — падумаў аб усіх без зласлівасці, задаволены, што не памыляецца.

Расхіліў губы.

Сказаў:

— Добры дзень, — паўза. — Прашу прабачэння, — гэта наконт спазнення. — Вінаваты, — паказаў, што ўсіх шануе. — Мне прышчаміў хвост начэплівы наведвальнік, — гэта дзеля гумару: «Во, не пануры я, хаця і сур'ёзны».

Усеўся.

На Андрэя па-быдлячаму паглядзеў адзін такі працавіты, але наіўны, які, здаецца, так і галарыў, так і гаварыў сваімі вачамі: «Што гэта? Бачце, што гэта такое! Спазніўся, а яшчэ ўсміхаецца, нават вітаецца, гаворыць, жартуе. Ідзе крокам, не дрыжыць у яго лытка, падыходзіць, падыходзіць да крэсла, да крэсла, што наперадзе, наперадзе ўсіх, дзе не квапяцца красавацца перад начальствам, і таму там незанятыя крэслы, адно ля другога, тры ці чатыры, чатыры! Спыняецца, во, ля крайняга з іх, сядае, усё роўна як перад пачаткам кінасеанса, выгладжвае валасы на патыліцы, апіраецца аб спінку, слухае важных слоў, слухае іх так, што можна падумаць: гэта яго словы! Або можна падумаць: не яго яны датычаць! Сабака, якім важным зрабіўся!»

На нарадзе гаварылі слушна і непаспешліва, маючы рацыю; і з першых месц. Словы, што будуць выказаны з задніх месц, калі яны акажуцца непадобнымі да тых, з першых, застануцца без рацыі.

Нягледзячы на ўсё гэта, хтосьці пачаў размножваць словы, бадай, ці не з апошняга месца. I якраз мала падобныя... Дурань!

Словы:

— Мы чулі тут, што ў нашай рабоце выявіліся, так сказаць, пэўныя недахопы... Некаторыя! Некаторыя? Хачу сказаць — безнадзейныя! Так, сябры. Час ужо глянуць праўдзе ў вочы...

Словы тыя перапынілі:

— Выступленне калегі сведчыць, што справы, узнятыя на сённяшняй нашай сустрэчы, даспелі да вырашэння. Яны, вядома, не выглядаюць аж так дрэнна, як ахарактарызаваў іх нам шаноўны калега, — гучаў цёплы, бацькоўскі голас. — Градусы ягоных перажыванняў павінны нам, аднак, даць уяўленне аб тэмпературы, у якой давядзецца дзейнічаць, — з вобразнай, памяркоўна вобразнай ды сяброўскай кпінай. — Шчырасць у выказваннях, гэта наша багацце, наш капітал, сябры! Дзякуючы ёй мы грунтоўна выявім усе мелі, што затаіліся на нашым нялёгкім шляху, — сур'ёзны, добры, а вочы: «Скруціш шыю, халера!» :— Дружна возьмемся за работу, бо справа тут не толькі ў перамаганні перашкод, з якімі заўжды даем сабе раду. Справа перш за ўсё ў дружнасці нас усіх, — акторскі ўзмах рукі.

Бурныя воплескі. Пад воплескі:

— Цяжкасці — гэта натуральныя знакі нашага росту ды развіцця. Без хады наперад нямг. цяжкасцяў. Легкавая машына псуецца тады, калі ездзяць ёю...

Смех ад яснасці.

— Мы — тыя механікі, што даглядаюць машыну. I мы ўсе можам сцвердзіць: даглядаем нядрэнна, сябры! Спрачаемся, як лепей рабіць гэта. Так зразумеў я выступленне калегі...

«Таксама, і ў словах сваіх чалавек такі, які ёсць», — Андрэй горача пляскаў у далоні.

Рацыя настолькі пагусцела, што цасля нарады ўсе адклейваліся ад крэслаў з відавочнай натугай. Кожны рух — нібы абмазаны мёдам. Вывалакліся. ў калідор. Разыходзіліся абсыхаць; прыпарадкавацца; дыхнуць...

Андрэй прачнуўся ад духаты, вільготнай, халаднавай. За акенцам днела.

Мацней расплюшчыў вочы.

Улёгся больш выгодна.

Па калідоры нехта прайшоўся. Потым зноў і зноў.

Пакой, у якім зрабілі арыштанцкую, можна было б пераабсталяваць у нядрэнную кватэру. Падлога зусім добрая, і атынкоўка. Патрэбны толькі ложак, чатыры крэслы, адзін англійскі фатэль, стол, плітка, і — Тася з Цюйміч. Яе пакаціў бы ў мяккія падушкі. Яна гарэзліва баранілася б ад яго, ад пацалункаў у шыю і вушка. А ён тым часам расшпіліў бы на ёй блузку з карункамі і, трымаючы адной рукою яе абедзве ручкі, сцягнуў бы карацюленькую спаднічку, сарваў бы кашульку... Распрог бы Тасю з усяго іншага, сам выпрагся б і, ціхенька ржучы, глядзеў бы на яе сарамлівасць, на тое, як спрабуе яна па-курынаму закопвацца ў пасцель, уся ў агні. Выграбаў бы яе назад, на паверхню, паварочваў бы на плечы, каб зазірнуць ёй у вочы, па-дзіцячаму паспешліва дакрануўся б да яе грудзей. Хапаў бы Тасю на рукі і круціўся б з ёю, пакуль, прытуліўшыся, не папрасіла б спыніцца, з боязі, каб не ўпаў... Доўга цалаваў бы яе ў вусны, у вушка, у шчочкі, бародку, шыю, цалаваў бы па руках, грудзях. Тася патанала б у пацалунках. I тады адбылося б самае важнае, ад чаго свет валіцца ў прорву.

Яна заплакала б ад болю, а ён, Андрэй, супакойваў бы яе, ашаломлены тым, што здарылася. I першы раз спалохаўся б жанчыны!

«Трэба падрамаць», — хруснуў ён пальцамі. Перад вачыма паўставалі твары дзяўчат, імёны якіх ён даўно забыў. Вытрашчыўся, каб высушыць сны, прывіды і мары.

Не клікалі.

...Калі бабулька Параска памірала, дзед Максім запальваў грамнічную свечку. Яна часта памірала і дзеду няшмат засталося той грамніцы. Ён знецярплівіўся: «Ты, Параска, або туды, або сюды...»

Была ўжо бадай дзесятая гадзіна, калі Андрэю зажадалася ўстаць. Пахадзіў па кутах. Абдумваў становішча, у якім так нечакана апынуўся. Папраўдзе, не вельмі было аб чым думаць: неабходна атакаваць і прарваць усю гэту бязглуздзіцу! «Нашто мне танец на дрыгве?» — злаваўся ён. Трэба ўчыніць наступнае: цвёрда запатрабаваць у следчага, каб той адказаў яму, у чым ён, Андрэй Антошка, западозраны! «Іначай я перастану рэагаваць на вашы пытанні!» — ён ведаў, што гэтым нікога не спалохае, але затое сам адчуе сябе лепш, больш ганарова.

Па меры таго як праходзіў час, а яго ўсё не клікалі, ён неяк набіраўся ўпэўненасці ў сабе. Усё галасней пасвістваў, а нават і падспеўваў. Андрэю ўяўлялася, што там, за дзвярыма арыштанцкага пакоя, бегаюць міліцыянеры, бегае следчы, і нічым іншым не займаюцца яны, як толькі думаннем аб тым, якім гэта чынам выпусціць адсюль яго, Андрэя! Ды маша таго — як выпу-сціць? Яшчэ — як, якімі ісловамі, з якой інтанацыяй голасу папрасіць у яго прабачэння... Ого, ён дасць ім зразумець, што думае аб іх. Не будзе бавіцца ў далікатнасць: пальне праўдай па слепняках!

У дзвярах скрыгатнуў ключ — і яны расчыніліся, адсланяючы сяржанта.

Андрэй выйшаў той нецярплівай хадою, якая характэрна для пакрыўджаных або тых, што пачуваюцца справядлівымі.

Чакаў яго іншы следчы — сухарлявы, у акулярах.

— Расказвайце ўсё, як было, — сказаў ён прыкрым голасам.

— Што менавіта?

— Перастаньце клеіць з сябе дурня! — сурова, суха. — Калі ласка, слухаю вас.

Андрэй сеў, хаця сесці яго не прасілі. Паглядзеў у нікеляваныя вочы новага і падумаў, міжвольна падумаў, трапна, дзіўна трапна: «Нервуецца, бо застаецца ім штораз меней часу, на працягу якога могуць мяне трымаць тут».

— Скажыце, у чым справа? Іначай я перастану рэагаваць на вашы пытанні!

— Вы не будзеце ставіць мне пытанняў!

— Вы, пане следчы... — Андрэя пранізала раптоўнае абурэнне.

Той зірнуў з-пад броваў на Андрэя і ўтаропіўся ў паперы. Соп і маўчаў. Адпачывалі.

— Будзеце адказваць ці не? — спакойна да Андрэя.

— Не.

— Злодзея ўтойваеце! — знянацку грымнуў кулаком аб стол. — Круціце!

— Прашу канкрэтна! — Андрэй: «Якая свіння!»

— Канкрэтна? Добра! Калі ласка, імя, прозвішча і адрас жанчыны, з якой вы былі паміж дваццаць першай і дваццаць другой гадзінамі...

— Досыць! — крыкнуў Андрэй.

— Што?! Ды ці разумееце вы сваё становішча? Ці ведаеце вы, што абавязак кожнага — гаварыць усё, што трэба міліцыі для выяўлення праўды?!

— Ведаю — і не скажу.

— Вы адкажаце за гэтыя словы!

— Не адкажу, бо пратакола з гэтымі словамі я не падпішу.

— Такі звас цваны госць!

— Такі.

— Далейшы допыт буду праводзіць у прысутнасці сведкі...

— Тады я з вамі ўвогуле не буду шчыры.

— А гэта яшчэ пабачым.

— Вядома.

Следчы падняў трубку тэлефона і сказаў у яе:

— Гэта я. Увядзіце.

«У іх ёсць штатныя сведкі, ці што?» — не здагадаўся Андрэй.

З'явіўся старэйшы мужчына, паголены, чысты і святочны.

— Прыгледзьцеся, калі ласка, ці гэты? — следчы паказаў на Андрэя.

Ветлівы, засаромлены твар незнаёмца. I чамусьці запацелы лоб.

Мужчына нічым асаблівым не вылучаўся, і Андрэй, пэўна, ніколі не пазнае яго ў натоўпе вуліцы.

— Той меў, здаецца, іншы выгляд, інакшы, — сказалі пра Андрэя ўважлівыя вочы і памяць незнаёмца. — Было тады, праўда, цёмна... Галава не такая, большая... Куды большая! Ды і наогул...

— Вы не спяшайцеся, — упарціўся следчы. — Прыгледзьцеся дакладна, каб не памыліцца.

— Здаецца, не той...

— Здаецца вам, ці напэўна не той, якога шукаем? — знецярплівіўся следчы.

— Напэўна! — уважлівыя вочы адступіліся. — Так, гэта не той.

— Дзякую. Вы свабрдны, — следчы падаў яму руку. — Мы будзем вас, аднак, яшчэ турбаваць.

— Калі трэба... — нерашуча сказаў незнаёмец. Ён пайшоў

Следчы прысеў на край стала. Насупраць Андрэя.

— Курыце? — прапанаваў яму «Спорты».

— Дзякую. Вы — нашто мяне ўзялі?

— Былі, відаць, падставы...

— Хто наплявузгаў на мяне?

— Гэта наша справа.

— Як доўга вы працуеце ў міліцыі?

— Ого, нашто вам гэта? — следчы ўсміхнуўся. — Хочаце пісаць скаргу? Калі ласка. Камендант прымае ў кожны панядзелак ад дзесятай да дванаццатай. Усіх жадаючых. Зайдзіце.

Андрэй наважыўся пазласлівіць, дапячы. Не, агрызнуцца!

— Вы не ўмееце арганізоўваць вочную стаўку.

— Адкуль вы гэта ведаеце? — загаварыў следчы, як да малога дзіцяці.

— Нават у кінафільмах паказваюць, як трэба.

— У кінафільмах, відаць, маюць час на тое. А ў нас яго няма. Няма, разумееце? — следчы зайшоў за стол, сеў. — Ну — пагаварылі. Хопіць, — памаўчаў. — Адрас тае жанчыны вам давядзецца ўсё-такі падаць, шаноўны пане Антошка.

— Вы не пераканалі мяне ў неабходнасці таго. Не магу ўявіць яе на маім месцы.

— Гэта не аргумент.

— Мне — так.

Следчы больш не слухаў, пазваніў дзяжурнаму. Сказаў, каб прапусцілі Андрэя.

— Выпускаеце мяне? Не баіцеся, што я папярэджу тую жанчыну, якая так цікавіць вас?

— Гэта ўжо не будзе мець значэння. Мы яшчэ сустрэнемся... Напрашуся да вас у госці. Да пабачэння.

— Да пабачэння, пан капітан! — адкуль узялося гэтае «пан капітан». Праўда, следчы не пярэчыў. — Заходзьце, буду рады бачыць вас, — жартаўліва.

Выпусцілі!

На зімовых тратуарах Ліповай — пуста. Дзесьці гралі на цымбалах. Андрэй накіраваўся ў бок Сасновай. Яму смактала ў грудзях ад голаду: ён ішоў на гару Магдаліны, на якой — старажытная цэркаўка ў высозных дрэвах, голых. Там каталіся на санках дзеці, яны гналіся са страмізны і даязджалі да Адэскай. Некаторыя — ажно да Цыганскай. Снегу не было многа. З зямлі тырчэлі сцяблінкі леташняй травы. Прымарожвала.

Парк. Гара. Цэркаўка.

Нечакана для самога сябе ён усведаміў, што круціцца тут дзеля супакаення. I каб з вялікай развагай пагартаць падзеі свайго жыцця. Перагортваючы справу аб арышце, ён сам псаваўся, быццам будзільнік. Але ад усяго таго ўмацоўваліся ў памяці адны падрабязнасці. «Новерагоднае: ад мяне дамагаліся, па сутнасці, слоў і нічоіл больш, апрача слоў. Дамагаліся адрасу, у якім сем... не, дзевяць слоў! Усяго дзевяць! — Хацелі — іх? Не, гэта, мабыць, не так. Напэўна, не так! Падумаць страшна: калі слова важнейшае ад пачуццяў, якія яно ўсяго толькі называе, тады дзе ж сам чалавек?..»

Андрэй падняў з зямлі кароткую, але надта пакручастую галінку. Тонкая і гнуткая, паддавалася яна ціску пальцаў. Выраўняць гэту крывульку, аднак, не ўдавалася.

«А ці пе здаецца табе, Апдрушка, што той адрас ты выбалбатаў бы, пе выказваючы прытым найменшага сумнення ў неабходнасці такога ўчынку, калі б не той факт, што ў нейкім месцы допыту было абражана тваё пачуццё годнасці? — падумаў ён. — Сталася гэта хіба тады, калі следчы, падобны на бухгалтара, вывіскваў: Сці-і-іцс-е-э!!! Ды я ж яго таксама абразіў! Ці бывае так, што толькі адзін абражае, а другі абражаецца? Ці магчыма такая чыстая сітуацыя, без узаемных прымешак? Без узаемнасці? Наўрад».

Сінела неба. Прыемна рыпеў пад нагамі снег. Добра было адчуваць цёплую шкарпэтку ў прасторным чаравіку. Хацелася ісці пругкім, але павольным крокам, без справы, і глядзець, як гэта іншыя забіваюцца пагоняй за чымсьці. — Людзі ў горадзе паміраюць сарамліва, на заслонкаю, каб іншым не перашкаджаць бегаць, размнажаць справы, — падумаў Андрэй. — Не тое, што ў вёсцы: паміранне — як свята смерці, як абрад, напамінанне ўсім, што яна ёсць, справядлівая і няўмольная, урачыстая... Бацька памёр у Беластоку, але па-вясковаму велічна!

Памёр ён два гады таму назад.

Забубніла далёкая яго гутарка:

— Абыходзь ураднікаў, не лезь ім у вочы, каб не пакрыўдзілі цябе, сынок!..

Памёр на тлумным рагу Юравецкай і Сянкевіча. У паміранні яго ўдзельнічалі сотні людзей. Сігнал карэткі «хуткай дапамогі» прагучаў як салют у гонар такой чалавечай смерці! I натоўп доўга не разыходзіўся.

Бацьку Андрэй шкадуе не таму, што ён мог яшчэ пажыць. Паміж імі ніколі не дайшло да размовы аб узаемных пачуццях. Андрэй чакаў, пакуль яе пачне бацька. А бацька... Не пакідала думка, што бацька меў да яго шмат жалю. I з гэтым ён адышоў. I няма ў свеце такой сілы, якую мог бы Андрэй прасіць, каб падаравала яна тую хвілю, якая пакінула б у бацькі шчаслівасць і гонар за роднага сына! Хвіліну так жаданай размовы. Толькі хвіліну. Толькі, каб сказаць: «Люблю цябе, бацька мой!» Так мала і, адначасова, так многа! Чаму гэта гады прамінаюць на няважным?

Няма вяртанняў.

Андрэй заплакаў: не стрымліваўся, зарыдаў цяжкім мужчынскім плачам.

Назбягалася дзяцей з санкамі, якія гаварылі да сябе:

— П'яніца, бач, прыйшоў!

— Зноў п'яніца?

— Во п'яніца.

— Глядзі, прапіў грошы, а цяпер плача!.. Хлопчык, найменшы, галасліва цягаў носам. Акдрэй, скрозь слёзы, бачыў ягоны забаўны сапляк пад носам, смешны сапляк, ах, які смешны, смяшнюткі! I, здаецца, усміхнуўся так, як здаралася яму гэта ў дзяцінстве, калі яго, заплаканага, перадражнівала маці, каб разве-сяліць...

Дзеці ўважлівелі.

— Ён, мусіць, не п'яніца... — усумнілася старэйшае з дзяцей. — Ен, мабыць, акцёр з цырка, што ўчора прыехаў у Беласток. Не бачылі? Не бачылі, хлопцы? На Сасновай, кажуць, стаіць, — цвярдзіў той, старэйшы. — Гэта, напэўна, акцёр; пабачыце, што ён — акцёр! Клоун! Які смешны: будзе плакаць, і смяяцца, і ашукоўваць, — пераконваў. — Пазыч мне, Віця, дваццаць злоты. Ну пазыч...

— Цябе ,не пусцяць у цырк. Ты — малы!

— Гэта цябе не пусцяць! Дзеці!

Яны ўжо не глядзелі на Андрэя, заспяшаліся ўніз, у завулак ля Адэскай. Пакінулі катацца і рушылі дамоў, з радаснай навінаю.

Андрэй сышоў з гары Магдаліны.

Жмурыў вочы ад сонечнага бляску. У той панядзелак, калі прыехаў бацька, Беласток давіўся велікодным натоўпам. Аднекуль, здалёку, навейвала пахі вясны. Бацька выйшаў з аўтобуса, і Андрэю адразу кінуўся ў вочы яго нядобры выгляд. Маці не раз наракала, што ён пачаў запіваць, згубіў усмешку мужчыны, які шмат зрабіў у жыцці. Старасць ужо стаяла за ім, але, пакуль што, не моршчыла яму твар, не засланяла жалобаю вачэй, не горбіла.

Андрэй смяяўся да бацькі і гаварыў:

— Добра, што прыехаў! Даўно цябе не бачыў... — і абяцаў дапамагчы купіць будаўляныя матэрыялы, патрэбныя для рамонту хаты. Ён задумаў папрасіць яго, каб застаўся нанач, пагаварыць. Многа пагаварыць. Важка, грунтоўна.

Веснавеў тратуар, і людзі здаваліся ўзнёслымі, ачышчанымі. I раптам у бацькі пачалася смерць! Сядаў, быццам падкошаны куляй, вуснамі хапаў паветра, сінеў, не ў стане нічога вымавіць; вочы яго шклянелі. Ён памёр, пакуль Андрэй паспеў што-кольвек прыдумаць.

Хавалі бацьку ў дзевятым квартале беластоцкіх могілак (маці папрасіла выкупіць і ёй месца побач). Фатаграфавалі, спачувалі, дапамагалі. Смерць неяк яднае ўсіх, хоць на коратка, да ранішніх гадзін; калі трэба зноў ісці на работу, прабівацца праз натоўп.

Гэта была першая смерць, якую Андрэй убачыў сваімі вачыма...

Сыходзячы з гары, прадчуваў няяснае.

Трэба ў Крынкі! Трэба ехаць да маці!

...Яна часад часу атрымоўвае нейкую паперку з нейкай установы, кладзе яе ў шуфляду старога стала, што ў кухні, і чакае прыезду сына. Калі ж Андрэй не з'яўляецца, тады піша яму, у вялікі Беласток, ліст. Ён чытае яе словы, выведзеныя на рускі лад, без кропак і косак ды вялікіх літар, і збіраецца ў дарогу. У маці ёсць справа!

Апошнім часам яна дабіваецца куплі шыфару, якім хоча перакрыць хату.

І дапытваецца, як жывецца яму, сыну яе.

«...Мамка мая, аб чым жа табе напісаць? Напішу ізноў пра глупствы: пазаўчора купіў халадзільнік. Ад. першага, наступнага месяца, буду зарабляць на дзвесце злотых больш. Адрамантаваў кватэру, набыў у крэдыт прыгожы касцюм. Маю ўжо рахунак для закупкі легкавой машыны... I яшчэ напішу пра бульбу, якую з ака-зіяй прывезлі ад цябе: надта ж смачная! Лісты не дзеля таго, каб гаварыць аб жыцці. Яны хутчэй за ўсё нагадваюць тыя жарты, якімі хочам нешта выйграць... Могуць быць яны і праявай дурноты. А найбольш частая іх роля — гэта роля адзення, якое хавае голую шчырасць. Або роля ўпакоўкі чагосьці... Я правёў эксперымент: траім знаёмым напісаў шчырыя лісты. Двое з іх не адпісалі мне і па сённяшні дзень, трэці — палохаў судом! Але з гэтым было б яшчэ паўбяды, калі б не той факт, што ў выніку таго халернага эксперымента я, маці, страціў папярэднюю пасаду! Не гаварыў табе, бо нашто хваляваць цябе. Зрэшты, падумала б ты, што ў цябе неразумны сын. Суседзі, памятаю, пасмейваліся з майго бацькі, калі яму нешта не ўдавалася. Абзывалі яго дурнем! Разумнаму — на іх думку, разумны быў той, у каго былі здольнасці праныры — не можа не ўдацца задуманае.

Іду сабе, маці, па вуліцы і бачу блізкае сваяцтва паміж лістом і размоваю. Больш таго: размова — гэта спектакль, пад час якога кожны намагаецца выканаць сваю ролю лепш, чым яна вартая таго. Гэта нядрэнны спектакль. Ёсць, вядома, ролі першапланавыя, як бацькоў у сям'і, і другапланавыя. Ёсць размовы сардэчныя, ёсць сяброўскія, ёсць і сякія-такія ды, урэшце, службовыя. Клінічным станам хвараблівых адносін паміж людзьмі, маці, з'яўляюцца службовыя размовы. У іх, папраўдзе, усё роўна, хто і што скажа: пытаючаму наогул усё ясна, адказваючаму — няма выбару (гэта. дурны думае, што ён гаворыць згодна са сваёй воляй). Ты, маманька, наўрад ці разумееш, аб чым я табе пляту. Каб неяк закончыць, скажу, што такія размовы, службовыя, можна прыраўнаць да гнілога зуба: як ні хітры — ды вырваць яго трэба! Службовыя размовы з'явіліся на свеце адначасова з уладай. Мы пачынаем клапаціцца, пасля тысячагоддзяў, пра тое, маці, як гэта ачалавечыць іх».

Падаў снег, хуткі і белавокі. У такую пагоду паміраюць старыя.

У Крынкі выехаў пад вечар,.

Андрэя здзівіла, як мала змяніўся лес!

Дарогу да Супраслі ніколі не памятаў. Але далей, пад Сакалду, у пушчы пазнаваў тыя самыя сасніны, закуткі, вішні ў платах. Ад самоты гэта пазнаваў ён так. I таксама таму, што ехаў да маці. Да яе ехаў заўсёды з адчуваннем канца.

Часам жадалася яму паехаць да маці без аніякай патрэбы. Ну, хоць раз! Купіць білет, не баючыся, што аўтобус ад'едзе, не возьме, пакіне. Ехаць, не думаючы, крыху быццам шчаслівы, крыху быццам дурны...

Аўтобус імчаў, бы парсюк па выгане. Ззаду падкідвала.

Прыпынак у Крынках знаходзіцца ля даўняй паштовай станцыі, прадаўгаватата будынка з хлеўчыкамі. Тут для ўсялякіх прыпынкаў адпаведнае, ціхае, месца: сюдою не ездзяць ні ў гарбарні, ні ў збожжавыя склады, ні ў блізкія вёскі. На гэтым баку рынка зрэдку ўзнікае рух ад вяселляў, якія абозамі кіруюцца пад царкву (смешныя гэта абозы: гронкі п'япых кавалераў, павіслых ля разбукераных дзяўчат). Святочнае перамешана з камічным, Сур'ёзнае, якім і ёсць вясслле, ператвараецца ў дурасць. Я разумею, што радасць не павінна і, мабыць, не можа спраўджацца на вачах ва ўсіх. Але часам узнікае ўражанне, што вяселлі адбываюцца дзеля таго, каб высмеяць, прынізіць нешта надзвычай важнае... Гэта бярэцца, відаць, з сарамлівасці?

Такімі і павінны быць прыпынкі — пустыннымі, забытымі.

Андрэй Антошка думаў якраз так, калі выходзіў з аўтобуса, што накіроўваўся далей, у Крушыняны. Вечарэла, і на тратуары – адны пацямнелыя постаці. Водбліск ад машыны асвятляў роўны, але не густы снегапад. Роўны і хуткі, адліжны.

Наставіў каўнер.

У чорным небе, над купалам царквы с прасоння зашплпслівілі галкі. Там старыя дрэвы. Снег гусцеў, яго пананосіў вецер, які з'яўляўся з-за будынкаў і дзьмуў наўпрасткі, цераз зарослыя пажарышчы. Вуліца ў тым месцы, выпаленым вайною, падобная на гасцінец у полі, з каляіеамі для саней ды з белымі гурбамі паабапал.

Брахаў сабака.

Маці напаліла печку.

Ёй прыслалі ідыятычную паперку, у якой указваліся гадавыя падаткавыя разлікі. Учытаўшыся ў рубрыкі, клеткі, лічбы, знакі, Андрэй зразумеў, што яна не заплаціла ў касу гміны невялікую суму грошай. Маці ўспомніла: праўда, не заплаціла, гэта так, зусім забылася. Ей казалі, але забылася, халеры няма на іх, начальнікаў, галовы.

Павячэраўшы, яны вялі далей гамонку, за якой абое засмуткавалі.

— Печка, як агонь! Чым ты, маці, яе напаліла? Ну, не дакрануцца!

— Бярозавымі паленамі, сынок. Засталіся ад мінулай зімы, сухія, вельмі ж палкія!

— Трэба паліць печкі, бо ў хаце з'явіцца вільгаць, гніль. Чаму ў цябе дровы яшчэ ад той зімы?

— Мне, адной, многа не трэба, Андрэй. А у хаце і так дах працякае, прагніў.

— Хату перакрыем, увесну.

— Спілуеш, Андрэй, яблыню, на якой Стась вешаўся. Яна засланяе вокны, не дапускае сонца, і таму можа грыб завесціся.

— Добра, мамка. Спілую яе, заўтра.

— На тым тыдні гарэла Новая вуліца. Ведаеш: вецер быў у наш бок, іскры, галавешкі ляцелі... Булаўчыха з іконаю хадзіла навокал сваёй хаты...

— Ад чаго — пажар?

— Хто яго ведае, сынок. Людзі ўсякае гавораць... Ну, а што ў цябе? Як жывеш у тым Беластоку?

— Жыву, хлеб жую...

На гарышчы дзерлася мыш. Андрэй не мог заснуць, варочаўся. Было на душы пранізліва. Чуў, як храпла маці, неяк цішэй і цішэй.

...У кватэры — ліст ад знаёмага, бялее ў паштовай скрынцы, чакае. Андрэй бачыць чорныя літары, зграбна напісаныя. Але чамусьці яны незразумелыя: за імі хаваюпца словы, быццам якія дзеці ў лапухах, што гуляюць — не нагуляюцца! Падумалася, што дзяўчынкі, якія гуляюць у схованкі да шаснаццаці гадоў, трацяць пашану да сябе.

Гэты ліст ад знаёмай. Выразна бачны жаночы почырк. А таму немагчыма прачытаць яго, бо напісана ў ім пра нешта без значэння. Гэтакія лісты, усё роўна як аплявуха, пакідаюць адчуванне крыўды. Адчуванне, што хтосьці незаслужана пасмяяўся з цябе. За што?

«Што я табе дрэннага зрабіў?!» — хацеў закрычаць Андрэй.

Прачпуўся ад нешчаслівасці.

Яшчэ не спявалі пеўні. Маці то мармытала да сябе, то храпла. Устаў, памацаў кажух, цяжкі і смярдзячы. Накінуў яго на сябе, на бялізну. Абуў валёнкі і, чуйна ступаючы, выйшаў на ганак.

Яскрава свяцілі зоркі, віселі паміж голлем яблыні. Натужліва дыхалі конскія храпы за суседскімі платамі – там кудысьці выязджалі санямі.

...Зажадалася ісці пыльнаю дарогаю якраз пасля дажджу. Дарогаю ў даліне спеючага жыта, ад якога, пасля нямоцнага дажджу, навейвае пахі свяжуткага хлеба. Паветра маладое, лёгкае. Смяяцца, спяваць, плакаць хочацца! У гэтакі час добра пайсці пад дзікую яблыньку, што на блізкай мяжы, і там памарыць пра Кіру. Увосень Андрэй выкапаў гэту дзічку і прывёз яе ў свой сад, пасадзіў насупраць акна. Вырасла прыгажуняй!..

Па мосце, па тым, што над ровам, забубніла ад конскага тупату – хіба тыя самыя сані. Скрыпелі яны, шаравалі палоззем па дрэве; конь грукатаў капытамі— як далёкія грымоты. I Андрэю ўявілася крапіўка паміж каменнямі, якімі завалены каўдобіны на Піражкоўскім гасцінцы. На крапіўцы, яе лісточку, на самюткім кончыку яго – кропелька (не відаць, калі ісці памалу або ехаць возам пры ўзыходзе сонца). За жытамі, за палеткамі, цячэ неба, падзіраўленае бліскавіцамі. Вельмі ж цікава, што будзе, калі з яго ўсё выцеча. Тым часам хочацца на ўзмежак, каб прыпыніцца ў гурбах весялосці — сіняй, жоўтай, барвовай; сесці ды схіліць галаву да зямлі, каб прыгледзецца да колераў радасці. Ад хмары да хмары паўзе стварэнне, мурашка. Калі прыплюшчыць адно вока, левае, дык кветка рэдзькі хістаецца ветраком у заполлі. А калі легчы на плечы, пасярэдзіне, — неба настолькі глыбачэзнае, што ажно ў галаве круціцца!

Андрэй, будучы аднойчы ў глыбі Польшчы, бачыў валошку ў жыце.

Сакратар міністра тлумачыў тады ім пра будаўніцтва чагосці, але Андрэй усё пазіраў на яе: «Валошачка, ты аж тут?! Чаму ж гэта ты ўцякла з Піражкоўскіх палеткаў? Дрэнна адчуваеш сябе на чужыне: і неба тут не такое, і дажджы не пахучыя, і самота твая нікім не прыкмечана. Адна ты, зусім адна...» А валошка Андрэю: “Скажы, голубе, якія кроплі расы ў Піражкоўскім заполлі? Ці ўсё яшчэ такія самыя? Сняцца яны мне. А ці вятры гэтак жа гойсаюць па гонях? Я, ведаеш, кахала вецер ад Зялёнага луга. Моцна кахала яго! Калі будзеш, голубе, там, дык не забудзь прывітаць яго ад мяне. Прывітаеш? Скажы яму, калі б пытаў, што я памятацьму яго... Або не, нічога не кажы яму! Нашто сум прывозіць? Не трэба. Бывай, голубе. Бывай...”

Сакратар міністра:

— Прашу, панове, у машыны... Наведаем мы...

Наведвалі гігантычна абыякавае.

Вярнуўшыся ў Беласток, Андрэй, каб перадаць тое, што абавязаны быў там убачыць, чытаў газеты. Ад працяглага падарожжа выглядаў атупелым.

Паўставалі твары з дзяцінства: хто ва Уроцлаве, хто ў Шчэціне, хто ў Чыкага, у Варшаве, Мінску. У Аўстраліі. Няма выпадковасці ў тым, хто і кім стаў, бо лёс кожнага з іх можна было прадчуць ужо на парозе юнацкасці. З далечыні трыццаці пяці гадоў памяці гэта асабліва відаць. А таксама і будучыню, якую прадвызначаюць пераважна здабыткі, дасягнутыя ў саракагадо-вым узросце.

У трыццаць гадоў можна быць нікім. Але не ў сорак!

Дзеля будучыні сваёй, у якую верылася, аднак, на слова, трэба было ўставаць досвіткам, кулакамі выціскаючы з вачэй клейкі сон чатырнаццацігодка, і возам ехаць з бацькам да аўтобусавага прыпынку, што знаходзіўся ля шашы, у ветраным полі. I даволі было ўвайсці ў той аўтобус, каб апынуцца нібы ў святыні. Яркае асвятленне, мітусня па-нядзельнаму апранутых дзяўчат і хлопцаў, іх паказная ветлівасць, незямны арамат ад матора (так, арамат!), шэпты, спадзяванне нечага незвычайнага — усё гэта прыводзіла на ўспамін калядную ноч у перапоўненай царкве, куды хадзілі, каб перажыць нештодзённае, абтрэсці з сябе попел нецікавасці да свсту.

Было гэта ўпачатку.

Потым пра тую ўрачыстознасць аўтобусаў да таго ж забылі, што праціскаліся да ўвахода з гоманам ад беспардоння, абвешаныя бакатымі пакункамі бацькоўскіх харчоў. Прадаўгаваты сіні кузаў пахістваўся, бы выратавальны кацер, што вывозіць — рэшту ўцалелых у нечуванай катастрофе — на хлебны кантынент, у белакаменную выгоду ды сытасць. Аўтобусы Андрэевай мала-досці былі аўтобусамі ўцёкаў.

Лягчэй — у цягніку, што ад'язджае ад саколкаўскай станцыі. Пра яе ніхто і не ўпамінаў у тыя вераб'іныя вечары, калі шайкаю падшыванцаў валэндаліся яны па загуменнях, свяцілі электрыч-нымі ліхтарыкамі ў падстрэшшы, лавілі птушак, заначаваўшых там, укідвалі іх цераз акно ў майстэрню шаўца Глянцпаперчыка, дзе рэзаліся ў карты мясцовыя гулякі, і разбягаліся з салодкім страхам ды з дуралобнай уцехаю... У вокнах цягніка — чужыя краявіды: азерцы не тыя, чароты не аерыстыя, пагоркі засмучаныя, нямыя, хаты непрылюдныя. У цягніку едзеш у адчужанасць, у безназоўны смутак. На сустрэчных станцыях тлумы, перад варотамі горада ў вагоне няма дзе нагою ступіць! На беластоцкім вакзале дзверы адскокваюць прэч, нібы ратуючыся ад здратавання, прапускаючы ў збавенне адурэлы галоп.

На тратуары, у тым месцы, дзе вуліца танчэе да самога посвісту, дзяўчына. Зрок Андрэя, пакінуты, схаваўся пад яе бровы белыя, выбеленыя сонцам, што над стрэхамі жытнёвымі. Душа Андрэя вярнулася з пыльнага бяскраю, прыпынілася над вачамі дзяўчыны, над валошкамі ў ніве, гэтымі асколкамі блакіту, калі жніво ўселася ўжо па першых пагорках. Валасы яе серабрыліся хвалямі спелых гоняў. А губы, набрынялыя дабром, былі са спакою. Словы — з цішыні ранкаў росных, садоў квітнеючых, крыніц чыстых-чысцюткіх, некранутых...

У гушчы гадоў Андрэй не раз кладавіў памяць сваю пад яблыняй або ў полі на Івана. ён паіў яе ў халадку, пад Гаспоравым лесам... Часамі, пакачаўшыся ў свінствах, вандраваў туды, у палеткі ля лугоў, і там абмываў усяго сябе, пасля чаго ішоў пеша ў Беласток. Аўтобус даганяў яго ў палове дарогі, на трыццатым кіла-метры. Шафёр здагадна сцішаў хуткасць, але Андрэй злосна махаў яму рукою ды крычаў:

— Хто цябе прасіў спыняцца, хамут? Клаў я на твой аўтобус, дурыла!

Пра Андрэя гаварылі ў Крынках, што ён час ад часу дурэе.

Лісты ад маці пахлі полем.

Іншы раз ён насіў іх на работу, бы кветку на пінжаку.

Капітан памятаў сказанае. Ён наведаў Андрэя, прыйшоў з нікеляваным зрокам, акулярнік. Пастукаў у дзверы яго кватэры коратка. Пачуўшы гэтакі стукат, Андрэй чамусьці адразу падумаў пра яго. I не памыліўся.

Гэта быў сапраўды ён. Зняў блішчачыя акуляры і шкельцы іх павыціраў насавою хустачкай. Сказаў звычнае, будзённае: «Мароз, хвароба, бярэцца». Распрануўся і, паслухаўшы запрашэнне, рассеўся. Завялі нязначную гаворку: пра надвор'е, пра лячэбныя ўласцівасці чаю і ліпавага цвету; пагадзіліся наконт шкоднасці для арганізму, асабліва для сэрца, натуральнай кавы...

Курылі.

— Так, — сказаў капітан Андрэю (як каню, які задоўга хадзіў без вуздзечкі). — Я прыйшоў да вас. Я сказаў тады, што пры нагодзе зайду. Вось і зайшоў.

— Вельмі мне прыемна, пан капітан. Я рады дапамагчы вам.

— Пане Антошка, ваша справа высветліцца. Прашу не непакоіцца, усё закончыцца добра. Тут крыху наблытаў адзін наш супрацоўнік. Наогул — верым вам... — гаварыў ён Андрэю.

— Мне прыемна гэта пачуць, — адказаў яму. «За што, за якія гэта грахі я павінен быць удзячны за аказаны мне давер?»

Андрэй, аднак жа, не абураўся: сапраўды было яму прыемна ад праяўленай да яго ўвагі. Падабалася яму быць заўважаным кімсьці, тым болей — капітанам, які з грознага службоўца пераўтварыўся ў сябра. Нібы напрашаўся з дружбай.

— Пан Андрэй, міла пагаварыць з вамі, але час, на жаль, не чакае. Такая ў яго натура, — капітан дастаў з партфеля дробненька запісаны фармуляр. — Гэта пратакол па вашай справе, апошні, — вытлумачыў. — Прачытайце яго, калі ласка, і падпішыце — на кожнай старонцы — унізе.

— Пратакол? — перапытаў Андрэй.

— Для фармальнасці, ведаеце, трэба было скласці такі заключны дакумент. На гэтым усяму канец.

— Гм, пратакол... — падпісваў разборліва, выводзіў літары адну ля другой.

Картка, другая, наступная картка, чацвёртая, пятая...

Падпісаўшы, Андрэй праводзіў капітана.

Апавядаў яму пра лета ля возера Зэльва, аб цішыні і грыбах, стрункасці соснаў і рознасці пошумаў у пушчы, звычаях птушак, якіх, шчыра кажучы, амаль не бачыў. I — пра смакавітасць рыб, асабліва акунёў таксама наапавядаў. А калі дакладней гаварыць аб цішыні, дык падзяляецца яна на тры галоўныя — поля, лесу і неба. Той, хто любіць цішыню неба, ушануе глыбіню думкі. Цішыня ж поля выклікае апетыт, жаданне разламаць круг хлеба, свежага, з печы. Цішыня лесу дае ўяўленне аб страху, боязі...

— Да пабачэння, пане Антошка, — гаварыў капітан. Яму не было калі слухаць. — Выбачайце, што заняў я вам гэтулькі часу.

— Не, гэта вы прабачце мяне. Гэта я... Трэба было пазваніць мне, і я зайшоў бы да вас, у камісарыят, падпісаць пратакол.

— Нічога, дробязь. Мне, прызнацца, іншы раз вельмі хочацца нармальна пагутарыць. Зразумейце мяне і — не турбуйцеся.

Цёпла развіталіся.

Калі б яны пагаманілі так даўжэй, тады на развітанне, магчыма, кінуліся б сабе ў абдымкі... Застаўшыся адзін у кватэры, у гэтай чацвёртай цішыні, аб існаванні якой даведаецца пазней, Андрэй ледзь не закрычаў ад чагосьці, што ўдарыла яго знянацку, ззаду, невядомаю сілаю. Што гэта? Нешта хіхікала побач, у адлегласці выцягнутай рукі, нябачным смехам, усёвідушчым. Быц-цам чорт на таполі ля спаленай у вайну сялібы, у купіне дзічак у жыце, за каменем-валуном.

Разглядаўся зіркачамі страху.

Капітан жа прыходзіў не так сабе.

«Чаго ён спадзяецца ад мяне?» — Андрэй падпісаў гэты пратакол, не чытаючы яго. Уверагодніў напісанае яму загадзя.

Думкі згуртаваліся ў дружную сям'ю. Запрыкмеціў: некаторыя з іх настолькі ўвайшлі ў яго, што сталіся яны ягоным рэагаваннем. «Вось табе, хэ-хэ, пераход з нематэрыяльнасці ў матэрыяльнасць», — паджартунак датычыў таго адчування страху, які, непрыстойны чалавеку, робіць яго сабачкам у нагавічках, выдрэсіраваным. Такі страх яшчэ можна выгнаць, схапіць яго за мызу.

Тым часам пачаў наведваць Андрэя страх, якога ўжо нельга было выперці за дзверы або высмеяць, ці пабіць, быццам хулігана, што адважны пакуль баяцца яго. Гэты страх не скакаў да горла, не тузаў за рукавы, не хіхікаў усёведаючым хіхіканнем. Ён стаяў. Не круціўся баязліва, не ішоў і не адыходзіў, нават не насупліваўся. Мудры! У ім, можна падумаць, нешта і з добразычлівасці...

Спадабалася Андрэю выходзіць на шпацыр у непагадзь. Забіваўся ён у той закутак якогасьці панадворка, куды не заглядвалі вокны. Там яму надта спорна думалася, у дождж з бязмоўем, якога ніхто не бачыць.

Каторагасьці дня Андрэй прастудзіўся, меў высокую тэмпературу. Прымусіў сябе з'есці кавалак хлеба з вяндлінай, пасля чаго заснуў на цэлы дзень і вечар. Яму снілася непрыгожае дзяўчо, якое жыве ў будынку, што насупраць; яно шторанак фізкультурнічае на балконе сваёй паненскай кватэры. Навошта такому целу здароўе?

Бадай, на чацвёрты дзень грыпу Андрэй адчуў сябе пармальна. Уставаў світанак, па-асенняму нерухавы і спахмурнелы. Па шыбах часам дзынкалі кроплі, неяк спрабоўючы звярнуць на сябе ўвагу, але без той нецярплівасці, да якой здольны красавіцкі дажджапад, вяшчунскі.

У гэтакую рань, калі вядома, што ты здаровы, але пакуль непатрэбны, ёсць жаданне настойліва прызадумацца пра знаёмых ды сяброў. У такі перапынак жыцця прыдатнасць роздуму над гэтымі людзьмі, аднак жа, не надта відавочная, бо — у адпачытай памяці — важнае і няважнае з'яўляецца на роўных правах. I, мабыць, значнае трэба лічыць вынікам ператомленасці.

Беручыся за важнае, менавіта за важнае, імкнемся дабіцца нечага значнага. Андрэя засмучала прадчуванне таго, што ён усё-такі круціцца, не мяркуючы як той шоцік ля лесвіцы, па якой увысь лазяць іншыя. Яны ўпэўнена ступаюць боцішчамі на прыступкі, абтрасаючы яму на галаву смецце або і кавалкі гною, што прыляпіліся да абцасаў, быццам у бацькі... (Бацька ўзыходзіў па лесвіцы на вышкі, што звычайна над хлявом, і, раскрочыўшы ногі, гудзеў на Андрэя, каб ён падаваў яму важкія вязкі саломы. Закідвалася іх туды доўгімі віламі, двухзубымі. Бацька хапаў такую вязку, паварочваўся з ёю і заносіў яе ў закутак, пад шчытавую сцяну; саломме сыпалася Андрэю на галаву. Ён быў замалы, каб прымаць тыя вязкі там, угары: не ўтрымаў бы іх.)

Баязлівец або слабак пастаіць на першай ці другой прыступцы ды сыдзе на зямлю. Яго хуценька адштурхнуць, каб не перашкаджаў, тыя, у каго вяма дрыжыкаў ад таго, што лесвіца пагрозліва скрыпаціць і — магчыма заломіцца... Баязлівы або нямоцны часам возьмецца, здалёку, выкрыкваць, што яму нічога не даюць, што адагналі яго — такога прагоняць яшчэ далей, так далёка, адкуль не чуваць яго звяху. ён, у адвячорак, набраўшыся адвагі палахліўца, падбяжыць пад тую лесвіцу, ля якой зрабілася пуста ды цёмна, і паглядзіць на яе, цэлую, зусім цэлую. Нават дакранецца нагою да яе нізкай прыступкі і па-сабачаму сігане без стрымгалоўя, у пахі свінушніка, бо яму здасца, што нехта, хтосьці над ім выгукнуў: куды, разлеза!

Андрэй меў калісьці, у маладосці, сабачку Пудліка, вернае стварэнне. Вельмі баяўся сабак, і таму было яму надта даспадобы мець якраз валахатага сабаку. Разумны быў, падаваў Андрэю лапу, лізаў яму шчокі. Пудлік памкнуўся лезці за Андрэем на тыя вышкі. Паскавытаў ад таго жадання, чапляўся за колькі прыступак, але паварочваў назад, дзесьці з палавіны вышыні лесвіцы. Забаўна растапырваўся, і здавалася, вось-вось грымнецца ён вобземлю...

Пагаліўшыся, Андрэй прыпарадкаўся і рушыўся на прагулку. Ён любіў даходзіць ад скрыжавання вуліц, да гушчэчы даўняга парку, дзе ў прадвесне — нікагусенькі! Па ўцямнелым дрэве, на панурай яго вяршаліне, пракаркае варона або паміж кустамі запанікуе заяц. У адлігу з ялінавага вецця абвальваецца каваліскамі снег. Сонца залоціць кару, адаграе яе, і тады ўзнікае ўражанне, што дрэвы прачынаюцца, пазяхаюць. Стаіш сабе ля галінкі і назіраеш, як яна, разагрэтая, памалу астывае пад захад, кладавіцца спаць, каб назаўтра ізноў пражыць, ціхусенька, у заценьку. Выламаць такую галіначку, прапахнёную шышкамі, гэта ж тое, што дапусціцца непрабачальнага.

Збоч дарожкі тырчыць стары чалавек, з кульбаю. З блізарукай настойлівасцю ён прыглядаўся да Андрэя.

— Добры дзень. Вясна ідзе, — старому трэба пагаварыць.

— Адліга якая! Сонца, ай-ай-яй...

— Так. Бясхмарны дзень, утульны, — Андрэй пазбываўся бязмэтнай нецярплівасці.

Пахацела сухім, леташнім крапіўнікам і мятай — ад рэдкалесся з альшыны і елачак, што рухава чарнелі на падабенства вывадка дзікіх качак. I была ахвота ўяўляць сабе празрыстую азёрную затоку, у якой жаўцее дно, цвітуць водарасці, варушацца рыбы, моршчыцца ветрык, а калі глядзіш у глыбіні, не бачыш смерці. У раніцу — добра пакупацца, паплысці на чорныя воды, туды, дзе працякае падводная рэчка ля паўвострава Высмалы. Плысці ў халоднае, ад якога паварочваешся, успомніўшы, што ляжаць тут, у бяздоннях, збітыя пад час вайны самалёты. I старажытныя лодкі, і шкілеціны людзей, і тысячагадовыя бярвенні. Колькі гэта радасці паплёскацца менавіта ў пясчанай плыцізне, выгібаючыся па-гусінаму!

— Снег хутка сыдзе, гаспадары пойдуць араць і сеяць. Жаўрукі, пэўна, ужо прыляцелі? — Андрэй згадзіўся пагутарыць са старым.

— У мае маладыя гады, пане, у гэту пару дзеці босымі бегалі па калюжынах і караблікі з газет пускалі на ваду...

А трэцяй гадзіне Андрэй запісаўся ў чаргу да лекара.

Дачытваў свежы нумар «Маладосці».

— Тут вам не чытальня! — упікнула Андрэя медсястра. Яе ўгнявіла, бо ён не дачуў, як яна выклікала яго ў лекарскі кабінет; стаяла ў дзвярах, бы тая чарговы раз замужняя жанчына, і глядзела на яго з той пагардаю, ад якой робіцца чамусьці сорамна, што ты — мужчына. — Расселіся сабе і аб божым свеце забылі. Чытаць трэба дома. А тут — чакаць!

«Каб ты... Каб ты!..» — Андрэй увайшоў за ёю. Лекар паглядзеў на яго якімсьці тлустым позіркам.

— Ну, — сказаў, — сядайце, калі ласка. Як самаадчуванне?

Андрэй зашмат хварэў, каб паверыць у сур'ёзнасць гэтага пытання. Вылечыўся некалі з сухот. З эпілепсіі. Адштурхнуў ад сябе сэрцавую хваробу. Залечыў зубы (пяць вырвалі!). За карак і сярэдзіну кусае яго рэўматызм, які застаўся ад крынічных сажалак пад дваром, дзе крадком купаўся ў акупацыю. Два гады вытручваў паміж пальцаў ног даедлівы грыбок: ляпісам сушыў на-дакучлівыя ранкі.

— Шмат прыдбаў я сабе хваробаў. Што ж — стараюся, як для роднага, — пасмяяўся лекару. — Хваробы, бы тыя камары: аднаго заб'еш, чуеш, другі звоніць, грае каля вуха...

— Распраніцеся, калі ласка. Пабачым, які гэта камар не дае вам спакою, — сказаў у тон лекар, рыхтуючыся да абследавання. — Як у вас з апетытам?

Андрэй не скардзіўся на апетыт.

— Ці вы рэгулярна прымалі антыбіётыкі?

— Не заўсёды, пан доктар. У першы дзень, прыняў тры ампулкі, заснуў малавеле не на суткі. Меў жахлівыя сны!

— Гэта добра. Сон — усім лякарствам лякарства.

— Мяне і зараз бяруць дрымоты, пан доктар. Ад пазяхання рот не зачыняецца. Баюся, каб кар'еру не прадрамаць...

— Баіцеся — значыць, не прадрэмлеце, — у лекара ўсё-такі позірк сытага, задаволенага сабою чалавека. — Перадумовай удачы з'яўляецца боязь і перамаганне яе. Вы не заўважылі таго?

— Прыкмячаю што іншае, пан доктар: баязліўцы, нават досыць лёгка, узвышаюцца на дырэктарскія пасады, але яны гэтым не дабіваюцца сапраўднай кар'еры, бо таленавітым супрацоўнікам больш перашкаджаюць чымсьці дапамагаюць. I пакідаюць па сабе след, гэтаксама непатрэбны, як, скажам, Мікалай II...

— Вы не зразумелі мяне. Справа тут у валоданні сваім страхам і выкарыстанні яго дзеля ўласнага самаўдасканалення. Я не меў на ўвазе тых, хто прайграе паядынак з ім і робіцца слабечаю, — лекар закурыў. Частаваў папяросамі і Андрэя. — Няма, бадай, залішняга перабольшання ў дапушчэнні, што арганізм, перамагаючы захворванне, гартуецца, прыдае сабе мацаты. Зламаная костка, ведаеце, трывалейшай будзе менавіта ў тым: месцы, у якім яна зрасцецца...

— Каб мець несакрушальны шкілет, нядрэнна было б перш паламаць яго на кавалачкі...

Лекар не ўсміхнуўся.

— Ну, ведаеце... — пакуль бачыў ён у Андрэі прастадушную наіўноту. — Калі б арганізм чалавека быў з аднаго шкілету, тады, магчыма, вы мелі б некаторую рацыю. Але рацыі медыцыны не заўсёды зыходзяцца з рацыямі чалавечнасці, — зацягнуўся папяросным дымам. — Гэту галаслоўнасць я павінен абгрунтаваць. Зробім гэта калі-небудзь іншым разам, — ён узяў бланк рэцэпта і ўвесь сабраўся ў сабе.

Андрэй памарудзіў і ляпнуў:

— Як часта, доктар, вы — далікатна кажучы — не даводзіце да ведама пацыента праўду аб яго стане здароўя? — Андрэя нішто не ўпаўнаважвала на такое запытанне.

— Вось вам рэцэпт, — канчаў той выпісваць. - Махлюе, дарагі мой, той, хто ўпэўнены ў так званай праўдзе, — ён не зазлаваў. — У нашай прафесіі — праўда, асабліва тая жахлівая, не такі часты выпадак, як гэта магло б камусьці здавацца... — лекар хацеў дагаварыць пачатае, але перашкодзіла гэтаму медсястра, якая, увайшоўшы, сказала, што яго клічуць да кароткахвалевага апарата.

— Анатолік, чуеш мяне? — нехта голасна крычаў у эфіры. I да Андрэя далятала гэта праз незачыненыя дзверы.

— Так, я чую цябе, — адказаў доктар.

— Ёець у цябе пад рукою легкавая машына?

— А чаму пытаешся?

— Трэба!

— Што здарылася?

— Мая, чорт, папсавалася... Разумееш?

— Твая?

— Але.

— Чаму?

— А халера яе ведае!

— У цябе ж «фіят»! -Ну.

— Добрая машына ў цябе. З моцным маторам.

— Так, але Хамутовічу даў праехацца, ну і...

— Пастарайся гаварыць без прозвішчаў, — перабіў тамтому лекар.

— Добра. Штосьці ў ёй папсаваў гэты лапух... Званіў, што стаіць з ёю на рагу Падлеснай і Гаспадарскай. Прыедзеш па яе сваёю?

— Прыеду.

— Калі? Хутка?

— Не ведаю. У мяне пацыенты...

— Ці хто з іх памірае?

— Не.

— Дык чаго марудзіць?

— Яшчэ не прыняў усіх.

— Прымеш потым, пачакаюць... Мне трэба адвезці яе ў рамонтную, разумееш?

— Мо крыху потым... — лекар азірнуўся на Андрэя. Андрэй выходзіў. Для яго цяпер самым галоўным было рушыцца ў аптэку. Думаў ён і аб тым, ці будзе там чарга.

Яму прапісана масць, пра якую мілая фармацэўтка паведаміла, што яе трэба рабіць і Андрэй павінен зайсці зноў! — увечары, каля паловы дзевятай. Не пазней.

— Мне абрыдла стаяць у чэргах, — знерваваўся ён. — Гэта масць мо і не завельмі патрэбная?

— Атрымаеце па-за чаргою, - ветліва вытлумачыла фармацэўтка. — Масць, відаць, патрэбна, калі лекар прапісаў яе вам. Зайдзіце вы, калі ласка, да паловы дзевятай.

— Усё хадзі і хадзі... — ён пасаромеўся паглядзець у яе тварык.

Дома Андрэй захутаўся ў тоўсты плед, разлёгся на канапе, набраў кіпу ўсякіх часопісаў, вышукваў у іх больш цікавыя артыкулы. ён чытаў: «Кожны разумее кар'еру, вядома, па-свойму. Гаспадару з Выганаў кар'ерай у старыя гады будзе старажаванне складаў з каменным вугалем, бо, на яго думку, дастануцца яму грошы за гультаяванне вакол драцяной агароджы, за адпачыван-не. Настаўнік пачатковай школы ўсцешыцца магчымасцю атрымаць пасаду ў тэхнікуме. Загадчык жа аптэкі не супраць таго, каб яго прызначылі дырэктарам управы аптэк. Што гэта такое, кар'ера? Праўдападобна з'яўляецца ёю адзінства ўласных памкненняў з ростам грамадскай значнасці асобы. Неабходна тут менавіта гармонія паміж удумлівымі памкненнямі і здольнасцю ўзяць на сябе тую грамадскую адказнасць... Але гэта настолькі яшчэ агульнае, што патрэбны ўдакладненні...»

Андрэй кінуў чытаць. Выдалася яму гэта знарочна аддаленым ад чалавечых турбот і надуманым, бы анекдот пра дысертацыю аб залежнасці слыху ў блыхі ад спраўнасці яе ног. У жыцці ўсё, што мы робім, абумоўлена тысячамі тысяч прычын, пра існаванне якіх не здагадваюцца нават і вучоныя, — думаў ён, не вельмі спра-чаючыся з прачытаным.

Набліжалася восьмая. Неахвотна абуўся. Калі, завязаўшы шнуркі чаравікаў, адагнуўся — плечы яго змакрэлі ад поту. Дрэнная прыкмета! У ваннай дакладна выцерся ручніком. Пашукаў скураныя рукавіцы, падшытыя аўчынкай.

Масць выдала ўжо іншая, не столькі мілая, колькі прыгожая кабетка. Дапытваючыся пра карыстанне масцю, Андрэй услухоўваўся ў яе металічны голас.

«Усё-такі самыя красныя жанчыны — гэта тыя, у якіх усё памяркоўнае, душа і цела». Выходзячы на вуліцу, Андрэй паставіў каўнер. Дзьмуў сцюдзёны ветрагон.

Ля рэстарана «Крышталь» гарлапанілі. Хтосьці адкаціўся ад зграі і замахаў рукамі да Андрэя:

— Гэй, стань! Андрэй!

Угледзеў брата, стрыечнага. Ён супыніўся перад Андрэем, у рабочай куртцы. «Адкуль ён узяўся?» — мільганула ў галаве. — Стань... Не пазнаеш мяне? Ты ўжо так распанеў, што і з братам не жадаеш павітацца?

Калісьці яны пасварыліся. Адзін другому штосьці растлумач-валі і, звычайна, па-мужыцку, з парабкоўскай зацятасцю, пазлавалі на сябе. Гады з тры або і чатыры таму назад.

— Колькі цяпер часу? — усё гаварыў брат.

— Без дваццаці дзевяць, — і тут Андрэй падумаў: «Столькі гадоў ён працуе і не купіў сабе гадзіннік!»

— Ты куды?

— Масць купляў.

— А табе што? Якая хвароба?

— Дробязь: высыпка пасля антыбіётыкаў.

— Мо ад кавалерскай хваробы, гэ-гэ-гэ... Выбачай, я занадта выпіў, — дыхнуў гарам. — Давялося, ведаеш, прымачыць адну справу... Ну, прытапіць, такую смярдзючую афёру... — ікнуў. — Я не п'яніца, не. А ты, Андрэй, што — і зусім на губу не бярэш? Ні кропелькі? Хадзі, абсцябаем паўлітэрку. Хадзі!

— Адчапіся, мне нельга. Я хворы! — знячэйна папрыкрала ўнутры. «Чаго я падыходзіў да яго? Трэба было мне пайсці, як ні ў чым не бывала. А цяпер, во, валтузіся з гэтым недарэкаю!» — Не магу і не хачу ліць!

— Так і сказаў бы адразу: не хачу з такім, як я, дурным чорнарабочліўцам. Тут ты праўду сказаў, — ён крыху працверазеў.

— Пры чым тут твая чорнарабочасць? Ты звычайна п'яны да непазнакі. А чорнарабочым быць ніхто цябе не прасіў. Наадварот: наколькі я ведаю, бацькі ажно плакалі, калі ты кінуў вучыцца ў тэхнікуме. Не хацеў — не трэба! Мазайся цяпер чорнарабочліўцам, як ты кажаш, — Андрэй: «Павінен, чорт вазьмі, ён абразіцца і адпаўзці ад мяне. Не буду ж уцякаць, бы гадзіннік украўшы!»

Прыкаціла таксі, павярнула пад гатэль і там апіхла. З машыны выходзілі сонныя людзі.

— Гэта, Андрэй, мая справа! Я кінуў вучыцца, бо так захацеў.

— Вядома, што твая...

— А ты стаўся вялікім інжынерам — ды што з таго: думаеш, больш зарабляеш ад мяне? Хвігу з макам, а не больш! Я бяру сем у месяц! А ты?

— Ну, твая праўда, я менш... — так яно і было.

— Вось бачыш! — павярнуўся ён на пяце. — Хадзем, зробім чарку.

— Ты не павінен піць, — сказаў Андрэй крыху лагадней. Ад брата, замест мазутам, пахла слівамі, што патрэскаліся ад спеласці — іх ірвалі ў аўсянае жніво за хутарам Стоцкага. Згадваліся і гнілкі ў пухкім сене, што пад самымі кроквамі гумна. Каб не куртка на браце, можна было б падумаць, што вяртаецца ён з дажынак у Антыфона, весялістых, са свежанінаю, якую смажаць на вялізнай патэльні (салодкая бараніна; калі яе елі, цякло па барадзе). Пілі тады пяршак і смачна закусвалі.

У брата мізэрны выгляд.

I гулякаватая — Андрэй ведаў аб тым — жонка.

— Я не напіваюся, не! — цвердзіў ён перад Андрэем. — Думаеш, я так моцна п'ю-гуляю? Няпраўда! Табе хтосьці набрахаў.

— Ніхто і нічога мне не казаў пра цябе. Сам бачу!

— Ты не будзь такім прадбачлівым! — брата брала заедзь. — Ведаю, што ты думаеш пра мяне... Я крыху выпіў, але ўсё добра заўважаю і разумею. Можам пагаварыць вельмі доўга, і я ўсенька памятацьму! Не такі я п'яны, на якога выглядаю. Прыкідваюся нецвярозым, бо тыя валакуць мяне на новага паўлітра, у якуюсьці патаемку, — кіўнуў у бок бандткі. Там галаслівілі, чагосьці спрачаліся.

— Хадзі са мной, уцякай ад іх, — запрапанаваў яму Андрэй.

— Не магу так. Не магу — і ўсё! Я павінен вярнуцца да іх. Так трэба. Калі ўцяку, нічога не даб'юся ад іх, разумееш...

— Не зусім разумею: якую гэта справу ты ўладжваеш з імі?

— Не будзь такім цікаўным, — брат замоўк. У яго з'явіліся напалоханыя зрэнкі. Андрэй прыкмеціў гэта адразу. — Ды і наогул...

«Як гэта адчапіцца ад яго? Вось стаю на разаспанай вуліцы ды слухаю п'янага, нуднага людзіна. Болей бязглуздую прыгоду цяжка і прыдумаць. Але не адважуся ж я пакінуць яго, адысціся без аглядак. Буду стаяць з ім, вось так, да канца таму, што аніяк не адважуся. Колькі тут тае адвагі патрэбна, але яе столькі, відаць, у мяне няма. А сам перад сабою апраўдваюся хаця б тым, што нельга было абразіць брата, хаця я ўсё зрабіў, каб ён пагневаўся...» — Андрэй дастаў насавую хустачку.

— Ну, а як твая жонка, дзеці? — калі б Андрэй нават і здолеў бы адвесці брата з гэтага месца, дык пастараўся б пазбыцца ж яго на першым скрыжаваяні.— Здаровыя?

— Чорт іх не браў, — прамовіў брат, павярнуўшыся ў бок галаслівых сабутэльнікаў. I таму невядома было, ці гэта адказваў ён на роспыт.

Стаялі сабе, Андрэй з братам, неяк абціхлыя. Кожны з іх здаўна ішоў па сваёй дарозе і адзін друтога пазнаваў здалечыні. У голасе братавай гаворкі дачуваўся Андрэй маладога рэха ад паўзабытых вяселляў над Свіслаччу, вызелененых, развясёлых, з музыкантамі на ганку і нафтавымі лямпамі ў вокнах для віднаты на падворышчы, дзе танцавалі з дружкамі. У свіронку папісквалі ахмялелыя маладзіцы, якіх мацалі дзядзькі і якім рабілася цікава пабыць упоцемку з дубаватымі мужчыніскамі. Адтуль насілі на сталы мяса, гарэлку, хлеб, ласункі... У вяселлях над Свіслаччу было шмат цудоўнай языцкасці, таго, што ў Беластоку адбываецца ў распуснай таямніцы. Што расколвае чалавека на вулічнага і кватэрнага, паказнога і сапраўднага. Пачаткам таго раздваення з'яўляецца імкненне да выгоды.

Гутарка з братам загасла.

Развітаўшыся, Андрэй павалок за сабою адчуванне непатрэбшчыны. Час ад часу ён прыпыняўся, гэтак насцярожана, быццам той, хто пакаўзнуўся на галалёдзіцы і баіцца, каб зноўку не здарылася з ім такое.

Лёг спаць цалкам разбітым, паабіваным.

Ныў кутні зуб, некалі вылечаны. Але каўкнуўшы таблетку верамону, Андрэй даволі спакойна заснуў.

У тую ноч прысніўся яму сон, які потым усё памятаўся.

Андрэй не мог адляпіцца ад вачэй вельмі важнага чалавека. Маленечкае крэселца, на якім ён сядзеў перад гэтым важнюком, хісталася ды паскрыпвала. Знаходзіліся яны абодва паміж голымі сценамі, пабеленымі, у якіх, пад столлю, чамусьці гнездавалі галубы. Штораз лапаталі крыламі.

Сцішна, як у тысячагадовай Каложы.

— Скажы, аб чым ты думаеш? — пытае вельмі важны.

— Я?!

— Ты... ты... ты...

— Аб добрым думаю, — адказаў яму з круцельствам аж у пятках!

— Што гэта значыць? — Што значыць?

— Ага... ага... ага...

— Ну, значыць гэта, што думаю аб вельмі добрым! Што я вельмі добрай думкі...

— Вельмі добрай — пра каго? — ажывіўся важны.

— Аб вас, вядома!

— Ну... ну... ну...

— Ніколі не быў іншай...

— Ніколі? Як гэта разумець?

— Ад часу, калі я знаёмы з вамі.

— А я думаў, што ўжо ў жываце маці быў ты добрай думкі пра мяне, хэ-хэ-хэ... — язык у яго даўжэзны, бы ручнічаня: чырвона-ружовы, тоўсты і па-каровінаму шурпаты. Ёсць такія.

Андрэй: «Ах, як жа гэта я не здагадаўся ў тым, што вельмі важнаму ў галаве пакража ручнікоў?! Пакралі! Я бачыў хто: загадчык гаспадарчага аддзела разам з чарнабрывай прыбіральшчыцай, якая, як сама казала, без мужчыны і дня не выжыла б. Скажу!»

— Чакай... чакай... — перапыніў той Андрэя, усё роўна нібы ведаючы яго думкі.

— Я слухаю вас.

— Во калі ты хораша сказаў! Слухай мяне, тады не пашкадуеш.

— Я вельмі слухаю вас.

— Добра, — важны соладка пазяхнуў ды прыхаваў свой язычыска, на які моцна хацелася плюнуць!

У Андрэя пакруглелі вочы: вельмі важны, напэўна, ведае аб тым, што было такое жаданне — плюнуць!

— Чаго?! — вызверыўся ён на Андрэя, яго вочы.

— Прабачце! — зніякавеў перад ім і давай плакаць, плакаць...

— Ну-уу-ууу-ууууу...

— Выбачайце, прабачайце!

— Хвілінку, — важны, падабрадушнелы, выпусціў язычыска на ўсю яго даўжыню, пасля чаго сказаў: — Перастаньце, бо не магу глядзець і слухаць.

— Ужо не плачу. Ужо не.

— Вось добра.

— Ага.

— Што — ага?

«Божа, няўжо я зноў штось падумаў?! Халеры няма на галаву маю: калі аб чымсьці дрэнным, дык возьме і падумае! I калі гэта надыдзе тая блаславёная часіна, у якую пажыву, не думаючы. Зусім не думаючы!» — затужыў Андрэй. У яго ёсць знаёмая, лялечная бландзіначка, прэтэнцыёзная гультайка, кафейная курачка, якая, калі даводзіцца ёй трохі падумаць, сапе і цалкам шчыра, хаця толькі жартам, кажа яна, што куды лягчэй было б ёй праспацца няхай і з двума мужчынамі адразу, чымсьці напісаць службовую справаздачу. (Яна, як гэта ні дзіўна, займае досыць адказную пасаду; іначай кажучы, есць белы хлеб з падтаквання начальству.)

— Нічога. Дальбог!

— Верыш у Бога?

— Я? У Бога? — Андрэя пытала аб тое ж і курачка-дурачка, але так сабе.

— Ты... ты... ты...

— Паночку, у мяне жонка, двое дарастаючых дзяцей! — махляваў ён вельмі важнаму.

— Двое?

— Ага.

— Напэўна?

— Каб я так здароў быў! Менавіта — двое! I спагадлівая жонка.

— У Бога, значыць, не верыш?

— Не веру!

— Та-а-аа-ак... Ты, Андрэй Антошка, можаш быць здольным чалавекам.

— У чым, калі дазволіце ведаць?..

— Ну, перш за ўсё, у паслухмянасці. Вы ж, пэўна, чулі прымаўку, што ціхмянае цяля дзве маткі ссе? — «вы» і «ты» ў яго ішлі ўперамежку.

— Так, вядома. Я пастараюся апраўдаць ваш давер, пане вельмі важны. Я з глыбокай радасцю ўсведамляю сабе, што прыйшоў сюды з надта ж добрай думкай пра вас!

— Дазваляеш сабе празмеру лішняе, Андрэй Антошка! Як гэта павінен я разумець тваю радасць, якую ўсведамляеш, ды яшчэ і глыбока? Ці раней у цябе не было яе?

— Пакарай мяне, Божа, калі я тут сказаў што падвойнае! Пакарай мяне таксама і тады, калі радасць гэта пачне высыхаць!

— Досыць гэтых перамовак з Богам! Я — важнейшы!!!

— Слухаю вас.

— Так яно... ну, гэта самае, так яно павінна... ну! — вельмі важны забыў апошняе слова.

— ...быць! — падказаў Андрэй.

— Ты, аднак, думаеш!

— Не буду! Больш не буду! — Андрэй упаў на калені і плакнуў.

— Пабачым.

— Не буду...

— Кажу: пабачым!

«Прападу!» — зразумеў Андрэй і з кабінета вельмі важнага шчасна выйшаў на мяжу жытнёвую.

Бабулька, што жала на суседняй палосцы недзе ў 1950 годзе, адагнулася і спытала:

— Андрэйка, мо пап'еш вады крынічнай са скарынкаю? Папі, лягчэй табе стане.

Андрэй глытнуў з гладыша, абхапіўшы яго аберуч.

— Ага, сынок, на здароўечка. Вада дае жыццё, а зямля чалавека не здрадзіць.

Піў, ажно захліснуўся. Тады паставіў збан пад снапок, выпрастаўся, уцягнуў у грудзі паветра з-над угрэтай пожні ды пакрочыў паміж палеткі каласістыя, да лапікаў бульбы, дзе Тадзік абворваў скараспелку. Дарожкаю палявою сучыў і дрыжэў ад жадання спяваць, але ніяк не змог разявіць рот. Словы дзесьці прачытаныя выбягалі да пераду, вабілі і вабілі:

Абярнуся я


галубіцай,


у акно тваё


буду біцца.


Прабягу каля ног дарогай —


у цябе іх наперадзе


многа.


Белым досвіткам,


сінім вечарам


Упаду


каля вербаў


рэчанькай.


Ціхай зоранькай


буду маліцца.


Не ікона я—


маладзіца.

Сяргей, што возам якраз над'ехаў ад Доўгага выгана, выручыў Андрэя і заспяваў анёльскім пяяннем: «По-о-оле-э-э ты-ы на-а-аша-ае-е-е-е, по-оле-э ты-ы ро-о-одна-ае-е-е! Ні-івы-ы за-а-ала-аці-істы-ыя-яа, збо-ожы-ы ка-ла-асі-і-істы-ы-ыя-а! В-о-оля-а шы-ыро-окая, ду-уша-а з сэ-эрца-ам глы-ыбо-окі-ія-а! Пе-есня-я ра-а-азлі-іў-у-уна-аяая, жы-ыццё-оо з усме-ешка-ай шча-аслі-іў-уны-я! Ма-а-аррры-ыыы-ы бязме-е-э-эжны-ы-ыя-я-яя-ааа, ду-умкі-і су-уце-ээ-эшны-ыя-я-а, гэ-э-э-эй, гэ-эй!! Лю-у-дзі-і сва-а-або-о-о-одны-я-я-а-аа, я-ак рэ-э-экі-і па-аў-уна-аво-одны-ыя-а-аа, гэ-эй, гэй-гэй-гэй, г-э-э-э-эй!!! Андрэй-э-эй на-аш вя-а-арнуў-уу-у-ўся-а, да-аро-ага-ай ста-а-амі-і-іў-у-у-уся-я-а-аа, гэ-э-э-ой, эй!..»

I ён, паганяючы каня, паехаў на палетак Кішкялёў; знік за крушняй каменняў.

Андрэй сыходзіў у нізок, калі яго дагнала зіма, задзьмула завірухаю, запякла марозам, пагнала. Трэба было прайсці цераз замёрзлую паверхню вады, што разлілася паміж альшыннікам і бліскучаю шафай ля парадных дзвярэй.

Голас перасцярогі з дзвярэй:

— Глядзі, не праваліся! Ніхто не ведае, як тут глыбока. Бачыш, які лёд: сіні-сіні! Не цёмны, не пачарнелы ад балота, але — сіні! Зважай. Кажуць, бяздонніца ў тым месцы... Вока на свет жах-рэчкі, што пад зямлёю...

Узыходзіў ён на лядовую гладзіну, што паміж альшыннікам і шафай. Даходзіў да яе сярэдзіны ды вяртаўся, перапоўнены панікай!

— Глядзі!!! — грымеў той жа голас. I рагатаў: — Га-га-гага-га-гага, га-а-а-ак-ак-ака... Гаў-гаў-гаў.—Забрахаў, пераўтварыўшыся ў сабаку, які накінуўся на Андрэя, кусануў яго за руку, наваліўся на грудзі. Расставіўшы свае лапы, дабіраўся яму да вушэй.

Андрэй, з шалёнай злосці, узяўся раздзерці яму зяпу і пакінуць, як падла якое, на дарозе. Ад гэтай злосці не было ў ім страху. Але сабака нечакана зірнуў на Андрэя загадчыкам аддзела і засмяяўся чалавечым смехам.

— Малайчына, Андрэй, не спужаўся! Віншую вас, пан Андрэй!

Адскочылі ад сябе...

Андрэй устаў з пасцелі ўвесь мокры ад поту.

Ноччу нападаў снег. Дзень выдаўся белы і самотны.

Людзі на тратуарах спяшаліся на работу, каб хутчэй дачакацца вечара, калі ў іх жыцці адбываецца самае прыемнае: чай у суседзяў, гутарка аб усім і аб нічым (а найцікавіей — аб чужых заробках). Ад такіх вечароў застаецца ўпэўненасць ва ўласнай вартасці. А яшчэ і ў тым, што Ты не атрымоўваеш па заслугах.

Насталі пабялелыя дні.

Андрэю ісці на работу выпала ў пятніцу, у перадапошні дзень тыдня. I таму ён не быў супраць таго, каб пахварэць да нядзелі. ён жа не дадумаў усяго, што далі яму дні самоты ў час хваробы.

На рагу Электрычнай і Варшаўскай, як зазвычай, ён натыкнуўся на таго самага знаёмага.

— Пачакай, — сказаў яму, на супрацьлеглым тратуары, не клапоцячыся пра тое, ці ён пачуе. — Пачакай, паспееш спазніцца.

— Здароў, — адказаў той. У яго гучала гэта неяк па-гультайску: «Здаарооўуу...»

— Паспееш, кажу. Бачыў кінафільм Азнавура?

— Каго?

— Азнавура.

— Азнавура? А што гэта? Андрэй скрывіўся:

— Лепей скажы, якое ў цябе самаадчуванне, га?

У знаёмага было яно добрае, настолькі добрае, што на яго паглядзела сустрэчная дзяўчына. У яе — позірк важністай сакратаркі богведама як важнага дырэктара.

«Яна падобная да ўнучкі той бабулі, што жала на палосцы», — Андрэю ўбівалася ў галаву, што гэта дзяўчына нясе бабульцы абед. Паставіць яна белы клуначак у цянёчку, пад дзевяткай аўса і загалёкае:«Бабуля, бабуленька! Я прыйшла да цябе, бабуся. Я прынесла табе есці!..»

— Не ведаеш, чыя яна? — знаёмы паказаў на яе зрокам.

— Ходзіць у напрамку праектнага бюро...

— Што з тваім павышэннем?

— Пакуль нічога. А дакладней — маўчэча, лічы: пяты месяц.

— Ты, можа, хваліўся перад кім? Не? Пахваліцца ўдачай найбольш бяспечна пасля ўдачы.

— Так, столькі і я разумею... Не, нікому не гаварыў.

— Глядзі, каб трымаў язык за зубамі!

— Ці ж я дзіця якое, каб мяне павучаць у гэтакім,— жартаўліва насупоніўся Андрэй. Стала прастарней.

З-за каўнера вытуманьвалася санлівасць з млеўкасцю. Шчыпаў мароз.

— У Італіі, чытаў, страшэнная маразнеча. Нам да яе не прызвычайвацца.

Было Андрэю да жудасці абыякава — забрысці на работу, усесціся за аблезлым пісьмовым сталом з горбай службоўніцкіх папераў, нагрэцца ў бясплатнай цеплыні казённага пакоя, пачытаць свежую газету, выпісаную за прафсаюзныя грошы. У ёй сапраўды ўжо колькі дзён друкуюць пра маразы на Апенінскім паўвостраве, а спрытным курсівам паведамляюць аб забойствах у Злучаных Штатах Амерыкі.

Адзін раз увосень і адзін раз зімой беластоцкая «Сучасная газета» скупа піша аб злоўжываннях на тым ці іншым прадпрыемстве. Кожны чытае пра гэта ды перачытвае да найменшай косачкі. Пад канец працоўнага дня хтосьці, з кім акурат знаходзіцца Андрэй, агледзіцца, што газеткі няма. Чамусь заўсёды падазраваюць, ціто забраў яе ашчадны, чыста паголены бухгалтар. «Што, сябры: ізноў зачыталі газетачку, як татары — бабачку, хэ-хэ-хэ», — адказваў ён на роспытню ніколі іначай.

Установа, у якой выявілі апісаную афёру, выклікала ўсеагульнае зацікаўленне. Туды званілі да паўзабытых знаёмых, кавалеры заходзілі да тамтэйшых паненак, а кіраўніцтва той установы, нечакана, знаходзіла сродкі на куплю работнікам білетаў у чэшскі цырк; арганізоўваўся гурток мастацкай самадзейнасці.

— Не, не чытаў пра маразы ў Італіі... — Андрэй: «Здаровае паветра, празрыстае, здаецца, усё яно як вымытае шкло».

Тратуар падымаўся да вачэй, канец вуліцы ўздымаўся да ронда капелюша, націснутага на лоб (быццам абруч). Даходзілі да Варшаўскай, да таго яе месца, у якім узгорак ападаў. Адсюль разыходзіліся на сваю работу.

— Вазьмі мяне, дзіця свабодалюбівае, да сябе на працу, у тваю гміну Лібералішчы, — прасіпеў паўжартам Андрэй. Знянацку: — Ты важнееш, халера! — выкрыкнуў, сцяміўшы, што той не слухае.

Знаёмец пабег. Словы Андрэя не дакаціліся да яго, адліжныя.

Як дадумаць візіт капітана?

Адкладваў гэта на пазней — на заўтра, на паслязаўтра або на вечар.

«Тут штосьці не так, — скапыціўся Андрэй. — Капітан, хаця і запэўніў мяне ў сваёй даверанасці, аднак жа выразна даў зразумець, што гэта даверанасць будзе пакуль на правах як бы праверкі. Даў толькі зразумець. А што. калі я памыляюся? У соты раз пытаю сябе: у чым, уласна кажучы, справа? Нехта данёс на мяне? Несумненна, так!» — думкі Андрэя блыталіся. I аднова пачынаў: — «Нашто мне твая даверанасць, пан капітан! Я ж не прасіў вас аб ёй! Яна ж непатрэбная мне, гэта ваша даверанасць. Магу жыць, як самі бачыце, і без яе! Гаворыце аб даверанасці, быццам я ў нечым вінаваты? Гаворачы пра яе, хочаце прызвычаіць мяне да пачуцця вінаватасці, той асаблівай вінаватасці, у якой нічога дакладна невядома. Вінаватасці на ўсякі выпадак! О, не! Таго вы не даб'ецеся ад мяне», — Андрэю ўсё ж было ніякавата ад гэтай метафізікі вялікіх здагадак па маленькіх прычынах.

Было неяк такое: на імянінах загадчыка аддзела напіліся, і тады зрабілася страшэнна сур'ёзна.

Быдлячыя вочы заплакалі, а за імі, у кутку, — бажыліся ва ўзаемнай адданасці. Адзін пакаціўся нават на падлогу, паказваючы, як ён гатоў бараніць...

Позірк у сакратарачкі якраз ужо такі, які і павінен быць.

А загадчык аслупянеў ды гаворыць тое, што думае. Крычыць:

— Ці-іха-ааа, паны-гаўнякі! Ціха, кажу... Во, цаніце прыроду, без якой не было б нічога! Вас не было б, каб вас халера выкаціла! — з п'янай рагатлівасцю ляснуў ён сакратарачку па заднічцы. Яна піснула, але і пабялела: мужчынская рука!

Дзесьці знаёмы голас да знаёмага голасу: — Рыюць пада мною, ведаеш, ой, як рыюць!

— Не кажы так, маўчы! Не тут... Лепей сакратарку пагладзь і памычы.

— Э-э-э-эээ, пляцеш... Пайшоў ты к чорту, асцерагун!

Іншы знаёмы голас да іншага знаёмага голасу:

— Думаеш, я не ведаю, хто мяне хоча падкусіць? Эгэ, хай думае — дурань падлез яму пад руку! Ці ты. ведаеш, як кажуць, га? Кажуць: добраму жывату камень і кій не зашкодзіць, ага! Я яго, сукіна сына, так ператраўлю, так перавару, што і надворак мне не будзе патрэбны. Ого!

— Быццам шчулак жалезную рыбку, хі-хі-хі...

— О, калі ты разумна сказаў! Малайчына! Пацалаваліся.

— Я, ведаеш, яго, як ты кажаш, бы рыбку тую..„ Згнаю!

Іншаму голасу перабілі:

— Слухай ты, не паддзыгай так. Кажу табе гэта я! Не скачы завельмі, бо вывіхнеш... — іншы голас вывіхнуў бы штосьці надта непрыстойнае. — Кажу табе без жартаў, бо я з капітанам гутарыў, ыгы. А ты думаў, хто я? Не скачы, бо так угрэюць табе па вушах, што адразу накрушнюеш пад сябе, на месцы, па камандзе на раз-два-тры! З хуткасцю аорыста. Я забыў, што ты без універсітэта — тлумачу табе аорыстам, хі-хі-хі... Ведаеш, які гэта — капітан? Не? I ведаць не будзеш. Капітаны, брацец, цяпер ліквідуюць фашызм на Пірэнейскім паўвостраве! Ды што я табе пляту?.. Карацей кажучы, ён пытаўся пра цябе. Пытаў. Та-ак, брацец, у мяне... пра цябе! Эй, каму гэта кажу...

Сакратарачку хтосьці павёў у пустыя і цёмныя пакоі, у секцыю рахункаводства.

— Гэй, робім скідку: па дваццатцы! Чуеце?!.

Завыла бальнічная карэтка, але ніхто не чуў таго.

Іншаму голасу зусім добра:

— Чаго гэта ён наракае? — вывучанае здзіўленне.

Хтосьці наракаў.

— А халера яго ведае? Нічога ён не робіць, толькі цэлымі днямі бегае з паперкамі ад дырэктара да загадчыка і ад загадчыка да дырэктара, ліжа , ім азадкі і кажа, што яму цяжка!

— Галавач! Ен яшчэ калісьці самога сябе абхітруе, дальбог! Тады крыкне-вісне: ашукалі! А хто? Ён! Сябе! Пабачыш, так яно будзе, і пачуеш гэтакі лямант, бы цёткі Мальвіны, якой залезла за пазуху мыш, ха-ха-га-гы-гыгы... — смех ад плоту да плоту.

— А-а-аа, каб ён тое з'еў, што думае пра мяне!..

У мітусні знаходзіўся мужчына, якому смела можна было даць імя Аляксандр. Ён устаў да дэвярэй. Быдлячыя вочы вытузнулі з-пад сябе капыты і, загарадзіўшы імі пераход, замыкалі:

— Гы-гы-гы... Куды?

Аляксандр на тое:

— Дзюбу тваю наставіць варта б. Яна — вывіхнута.

— Гы-гы-гы, прабач... Мне ногі падранцвелі, таму і вывалак... ужо прымаю іх назад, князь мой.

Каныты, аднак, ляжалі. Аляксандр адкінуў іх і прайшоў.

За патыліцу схапілі рукі, якія прасілі ў Аляксандра прабачэння, а язык цалаваў у пачаткі ягонай лысіны.

— Каханенькі, разумнік наш Аляксандр! Я нічога не скажу капітану. Не і не! Пытаў ён — а я яму на тое: «Талковы чалавек ён, непатрэбна чапляецеся да яго: такіх, як ён, нам чым пабольш!» О, як казаў я капітану.

— Зыдзі мне з вачэй, быдляціна!

Але той ізноў...

— Адчапіся! — а ў думках Аляксандр: «Няхай ліжа, няхай не спадзяецца, што буду адганяць яго, абтрасацца, прыкідвацца ашаломленым, гаварыць сімпатычныя словы, даваць і даваць яму ганаровае выйсце. Не, не дам! Няхай наліжацца, каб хапіла яму таго надоўга. I каб не палізаў каго трэба, і каб праваліўся!» — капыты тапталіся па задніках туфляў, і Аляксандр стараўся нахіліцца ўзад.

— Каханенькі... — мармытаў той, і гэта абазначала, што ён з'явіцца адпераду.

Аляксандр націснуў клямку, піхнуў дзверы і з усяе сілы ляснуў імі — за сабою.

У канцы калідора — бачыў — сядзела ў крэсле баба ў адзенні парт'ера. Яна ўважліва вязала на шпіцах. Аляксандр прыгледзеўся да яе: была гэта некалі прыгожая жанчына. Прыгажосць сваю выкарыстала, відаць, з развагай, без разбэшчанасці. Сведчыць пра гэта яе ўсё яшчэ малады выгляд. Ёй важней было, чым каханцы, шыкоўна апранацца і бавіцца прагнымі позіркамі мужчын. Поўнілася шчасцем квітнеючай яблыні, яблыні ў смакавітых яблыках. Адцвіўшая і счырванелая, яна цішэла ў садзе жыцця, і Аляксандр, пэўна, выдаўся ёй тым не вартым увагі хлопчыкам, якому, бадай, рана зразумець, што перш чым яблыкі рваць — спачатку яблыньку вырасціць трэба.

— Вам нездаровіцца? — спужалася жанчына.

— Не, — і тут падумалася: «Пайшлі вы к чорту! Расчаравалі мяне. Не хачу бачыць вас. Я думаў, што не шануеце мяне? Мелі б рацыю. Рацыю мелі б! Чакаў убачыць вас з рацыяй, а не з шанаваннем, якога я не варты. Я!»

Паклыпаў у канец калідора. Там расчыніў акно, у якім змясцілася паўвуліцы. Па тратуары снавалі людзі, шчаслівыя, што Аляксандр спазірае на іх. Вось крокі дамачкі спяшаюцца запытаць: «Вам нездаровіцца?» Чым далікатнейшыя крокі, тым прыгажэйшая жанчына. Тым паспешлівейшыя яе пытанні: «Вам, бедненькі наш, нездаровіцца?» Або: «Табе, нябога, нездаровіцца?..»

Адчуў, што стаіць у акне ды рагоча.

На рыштаваннях будоўлі, насупраць, рабочы ў гумовых ботах патрос на Аляксандра кулаком. Зноў патрос.

Вярнуўся — да быдлячых вачэй з намерам забіць іх. Але імяніны ўжо заканчваліся, загадчыка праводзілі да прыпынку таксі, і трэба было заняць каля яго месца ды абавязкова заплаціць за праезд. (Заходзіла сонца, і вуліца пачырванела за Аляксандра. Дрэвы ганарыліся моцна чыстаю зелянінаю. На душы гусцела жаданне яснасці.)

Знаёмы таксіст засмейваўся да слёз з абурэння загадчыка, які згледзеў, што пакінулі сакратарачку. На рагу вуліц Ажэшка і Міцкевіча заспявалі «Люблю наш край, старонку гэту...».

Пайшоў дождж, палошчучы асфальт.

— Дождж! — стагнаў загадчык, паказваючы на мокрую шыбіну.

— Ага! — па-мацярынску неяк адгукаўся таксіст. Яго смех перайшоў у гагатанне, распароўся.

— Дожджык, дожджык, крапані! Дзяцей у хату прагані!.. — Загадчык павярнуўся да Аляксандра, каб выкрыкнуць: — Аляксандр, ты далёка зойдзеш!..

Аляксандр прыемнеў. Нічога не адказаў загадчыку, бліснуў адданасцю. А загадчык:

— Алякеандр, не такі ты дурны, як прыкідваешся!.. «Падла, сапраўды здагадваецца!» — здаецца, падумаў Аляксандр.

Пеірасталі спяваць.

— Аляксандр! Хлопцы-дуралобцы, хадзем да мяне!.. Жонка, дачка, чакаюць... гуд лэйдзі... шарма-а-ааан...

Дождж ішоў хвалямі.

Загадчыка ўкладавілі пад дзвярыма кватэры. Аляксандр (так, гэта ён), націенуў кнопку званка. Хтосьці не ўтрываў і кінуўся ўцякаць уніз. Але Аляксандр пабег толькі тады, калі пачуў за дзвярыма:

— Я сама, дочанька, адчыню дзверы, бо гэта хіба наш імяніннік валачэцца, бы жывіна якая з пашы...

На павароце сходаў дагнаў Аляксандра крык:

— Халера ты, а не муж і бацька!

Аляксандр вяртаўся дамоў пеша, з натугаю несучы слова «халера». Адпачываў, кідаў гэтае слова пад ногі, потым падымаў яго і зноў нёс. Зноў ішоў.

I Андрэй у той час даходзіў да сваёй кватэры.

А іншага знаёмага, якога месяц таму назад звольнілі з работы з-за гультайства (а дакладней: пляткарства), угледзеў Андрэй учора, у аўтобусе з Выгоды. Выдаўся,.. ён нейкім пасабачаным. Паглядзелі на сябе і слоўцам не азваліся. Падумаў аб ім: «Пайшоў ты чэрцям на спажыву!»

На прыпынку, ля забягалаўкі «Сонейка», той сквапна вышмыгнуў, застаўся на тратуары. Яму, напэўна, трэба было яшчэ ехаць — да прыпынку ля ваяводскага суда...

Па праўдзе кажучы, дык ён нічога дрэннага не зрабіў Андрэю. Наадварот, гэта Андрэй пахіснуў яго калісьці так, што малавеле з карэннямі не вываліў ягоную гадаваную кар'еру. З тупою зацятасцю! Ды ён — Андрэй ведаў аб тым — нават не здагадваецца пра тое. Досыць даўно гэта было, не памятае ўжо калі. Цэлымі гадамі перажоўваў Андрэй тое, пераважна, кладавячыся спаць і ўстаючы. Пераўтварылася яно, успамінанне ўчыненага яму, у рысу характара Андрэя.

Андрэй глядзеў на яго з гэтакай крыўдай, ад якой сціскаецца кулак: «Свіння ты!» Чаму ён — свіння? Адчуваў наступнае: «Мала сказаць, што я, з незразумелай мне нястрымнасцю, дапусціў свінства ў адносінах да цябе, — ты прымусіў мяне да таго! Калі гэта так, дык...»

Той выйшаў з аўтобуса, быццам бобік з сенцаў. Дастаткова было паглядзець на яго з дакорам, і ён адразу павярнуўся ў дзверы. З прытуленым хвастом.

Андрэй нажіліўся да акна, не могучы ўзірацца на гэту жывую поскудзь. Яна памаячыла ў цэнтр горада, усё роўна што турыст, які пабачыў нешта ашаламляючае і цяпер ідзе ў пошуках ціхагалосай кафэйкі, каб у ёй сесці за столікам, адпачыць, супакоіцца, сабрацца з духам. За паваротам вуліцы ён знік з відавоку, але Андрэй усё ўтаропліваўся ў міготкі натоўп. Здавалася яму, вось-вось вынырне ён пасярод шматтвар'я. Ад такога чакання прахожыя сталі перад Андрэем пакульгваць, нібы паварочвацца абы-куды, нібы гарбаціцца ад нечага пацяжэлага; якісьці таўстач з аб'ёмістым партфелем пад пахаю нібы зарохкаў, прыпадабняючы-ся да кормніка, што ўжо перастаў адчуваць патрэбу рыцца...

Андрэя кінула на падлогу. Але ён не ўпаў, ухапіўся за чыёсьці плячо. Хтосьці ўскіпеў:

— Вы п'іяны! — слова «п'яны» амаль выкрыкнулі.

— Выбачайце, — збедніўся Андрэй, як чорт перад крыжам. — Прашу ў вас прабачэння. Вельмі прашу!

Аўтобус гамаваў, увесь у дрыжыках, і ўрэшце зарыўся на тым прыпынку, што ля ваяводскага суда.

— Прашу прабачэння! — паўтарыў Андрэй. Асоба, да якой было сказана гэта, не слухала, накіравалася да выхаду, пахіленая.

Андрэй захліснуўся: гвалтоўна ступіў следам, пад вецер, што задуваў у вочы.

Бяздумна пастаяў ён пад прывулічным бязлістым дрэўцам. I тады рушыўся пераходзіць артэрыю, на сярэдзіне якой спужаўся глыбіні Нарвы: перад носам яго мільганула легкавая машына, прадаўгаватая, з блішчастым жыватом.

Дайшоў да берага, а на ім старавербіліся боты міліцыянера. Андрэй умомант пазнаў іх: злосна прытупвалі!

— Што вы сабе думаеце?! — пытанне з-над ботаў.

Андрэй заўзіраўся.

— Вашы дакументы!

Паказаў.

— Ага, — міліцыянерыска чытаў у пашпарце. — Значыць, вы з'яўляецеся настаўнікам, значыцца, з вёскі.

Андрэй не адказаў: «Чаму гэта настаўнік можа быць толькі вяскоўцам?»

— Заплаціце штраф, — ён выпісаў Андрэю квіток на пяцьдзесят злотых.

Вярталася Андрэю дамоў неяк па-новаму, усё роўна як пасля сустрэчы з цудоўным сябрам, які сказаў: «Здымаю з цябе адно свінства і выкідаю яго вон! Во, глядзі!» - і свінства, у выглядзе агіднай анучы, дапраўды паляцела ў смуродную лужу, што распаўзаецца за піўной будкай, куды заходзяць па патрэбе...

То Андрэю хацелаоя зарагатаць чортведама чаго, зноў павярнуць да таго міліцыянера ды наплясці яму па-дзіцячаму глыбакадумнага: «Вы даверлівы чалавек, пане міліцыянце! Ах, лішне вы такі даверлівы. Пакаралі мяне за парушэнне правілаў вулічнага руху, бо я перайшоў скрыжаванне пры чырвоных, небяспечных сігналах, гы-гы-гы... Ой, як безнадзейна вы даверлівы! Вам і не ў галаве тое, колькі правілаў я па-зладзейску не ўшанаваў, напрыклад, сяброўства, га? Не хапіла б блакнота квіткоў на аштрафаванне...»

Купляючы антонаўкі ў гароднінным кіёску, што побач з рэдакцыяй «Нівы», Андрэй падзякаваў словамі сухімі, быццам вылежалыя дошкі, нарыхтаваныя на шаляванне хаты.

Смак антонаўкі наводзіць згадку аб вясне. У вышынях спявае жаваранак. Бацька падпёр ілбом неба і сказаў: «Развяснілася, Андрушка».

Андрэй ляжаў пад мяжою. ён падпільноўваў мыш, што схавалася ў норку. Пакажацца — не пакажацца?

Далёка гэта было. Наблізіць тагачасныя пачуцці можа толькі сардэчны плач, які звычайна пераходзіць у працяглае галашэнне. Іншай сілы або спосабу на тое няма.

Сёння паздаравелага Андрэя паклікалі да губішчаў, якія бачыў ён дагэтуль не больш двух разоў. Надзьмутыя.

Калі Андрэй зайшоў, яны сказалі:

— Ты — свіння!

Ажно прысеў:

— Я?

Пацвердзілі:

— Ага, ты!

Запытаў:

— Чаму? — пакуль без цікаўнасці: «Нырнула мышка...»

Адказалі:

— Шчыруеш, падла! Бровы, бы ластаўкі:

— Жартуеце... — з пакеплінкай: «Учора жаўрук выспеваў аб пані вясне...»

Рохкнулі:

— Гэ, жартуеце... Бач ты яго, які ён вясёлы! Тут, браток, не жартанькі. Прашу выслухаць мяне з належнай павагай!

Губішчы перш запрапанавалі Андрэю шклянку мінеральнай вады, якую выпіў ён як з ласкі. Затым прад'явілі яму доказы ягонай менавіта шчырасці, акуратна аформленыя. У машынапісным выглядзе.

— Ну, а зараз — як? Надалей вясёленька? Літасціва ўсміхнуўся да тых губішчаў:

— Лічыце,. што шчырасць з'яўляецца нечым злачынным? — дзіка: «Бацька ўпёрся ў самюткі блакіт цеба...»

Прыкрыкнулі на Андрэя: . —Дурнямі нас ліцыце, га? Кажы!

Бацька, трымаючы цеба адным вокам паглядзеў на Андрэя, як бы кажучы яму: «Здужаю, не бойся... Паслухай іх да канца. Устою, не зваліцца...»

Андрэй:

— Вам трэба, каб я сказаў - што?

Яны:

— Вось табе, бабулька, хвартушок! Ен не ведае...

«Не зваліцца...»

— Вы надумалі лаяць мяце за шчырасць, ці не так? Дык зараз чаго вам яшчэ трэба ад мяне? Мо ізноў шчырасці?

— Не круці! — выбухнулі губішчы. Яны папілі мінералкі, такой, якая спрыяе страўніку: «Крыніцкай».

— Адкажыце на маё пытанне, калі вы можаце, — Андрэю засыхала ў горле. — Вы чакалі ад мяне: пацвярджэння шчырасці ці запярэчання яе? — і паправіў: — ёй.

Па грудзях распаўзалася казытка, якая прымушала няўцямна пасмейвацца... Гэтаксама прарэагаваў Андрэй на звестку, што дзяўчына, якая згадзілася стаць яго жонкай, пастаянна спіць са знаёмым бабнікам! Тады неба ўтрымалі над ім тыя, у чымсьці надта ж падобныч да гэтых губішчаў, што сёння дапытваюць і дапытваюць яго.

Спакойна і пуста. Менавіта такой запамяталася Андрэю восень каторагасьці года, заўчасная восень, калі вераб'і падурэлі ад абжорства. Шпакі раніцай высоўвалі са шпакоўні блішчастыя галоўкі і разглядаліся не па-шпачынаму: то зладзеявата, то пужліва. Аднойчы сеў на сохлую грушу чужы шпакі запяяў. Зляцеліся да яго ўсе гуртам і моўчкі пазіралі. Той, што спяваў, выдаваўся звар'яцелым шпачанём альбо якімсьці птушыным усёнаплявачам... Дзіўны шпак у дзіўны час дзіўнай восені застаўся ў памяці Андрэя наймацней. Не год, у якім наглядалі такую восень, не важкія старанні, што якраз уладжвалі, але гэты шпак. Андрэй успомніў, што ў тую ж восень ён пакахаў Кіру. Пакахаў яе, як паднябесную недасягальнасць. Воблік каханай знаходзіў у абліччы Божай маці, на іконе, што сціпла вісела ў Пакроўскай царкве. Боскасць — гэта захапленне чалавекам!

Дарослае жыццё Андрэя пачалося так жа нешчасліва.

Ён даверыўся чалавеку, якому галаўней прыязні было кульнуць дармовую чарку, нагуляцца ў карты, звалачыць жонку сябра, якога паслалі якраз у доўгатэрміновую камандзіроўку, напазычаць ад каго ўдасца грошай, счаўпці непрыстойнае суседзям, праявіцца ў нечым дарэшты подлым. Гэтаму людзіку, якому ён у той час не мог не даверыцца, каханне з'яўлялася ўсяго толькі прыгожай выдумкай, пякнотнай язвай чагосьці наогул брыдкага ды — нічога не зробіш — смакавітага, раскошлівага, да шуму ў мазгах прыемністага, ненаеднага...

Старэчы праўду кажуць, калі гавораць, што надзвычай цяжка ёсць пакіраваць уласным жыццём.

Губішчы, што здалося Андрэю нечаканым, ветліва развіталіся з ім. Зноў уражанне прысутнасці на дзівотным маскарадзе, карнавальнай пагулянцы...

Час ад часу Андрэй расказваў супрацоўнікам анекдоты пра бракан'ераў ля возера Зэльва, над якім адпачываў штолета. Распытвалі яго аб некатррых падрабязнасцях лоўлі рыбы невадам. Зараз ніхто з іх не прадчуваў, які сапраўдны настрой Андрэя.

А ён, няспешна запхнуўшы службовыя паперы ў шуфляды стала, выйшаў сабе ці то на вуліцу, ці то дамоў.

— Хопіць на сёння, напрацаваўся, — сказаў ён ім з абыякавай элегантнасцю. — Усё добра і штораз лепш,— дадаў сваю новую пагаворку, якую яны ўспрынялі як намёк на нешта пакуль няяснае.

Да канца работы заставалася каля дзвюх гадзін.

Зайшоў ён аж на ўскрай горада, у ваколіцу звалкі маўчання. Узбоч ад здохлага лесу капціў старуткі завод.

Мінаючы заалагічны парк, Андрэй прыкмеціў: «Чаго той ліс у клетцы ўсё ходзіць і ходэіць?»

Губішчы, праводзячы Андрэя да дзвярэй, аднак, сказалі тое, чаго ён адразу не ўцяміў:

— Вось так, пане Антошка: не раю вам хваліцца сваркай са мною. Вам гэта ні ў чым не дапаможа... Калі вы гэта зразумелі, дык ужо шмат зразумелі.

— Вядома, — адказаў ён губішчам. Не іначай адказаў ім, і цяпер заядала яго тое слова. «ён глядзеў на мяне, быццам на слізня!»

Ішоў.

Ступіў у ямінку, прыкрытую леташняй травою, парудзелай. Затрашчала ў калене, бліснула ўваччу болем. Паляцеў носам на касабочыну рова.

Дакаціўся да дна.

Выцерся насоўкаю. Паслініў ранкі. Пачысціў нагавіцы. Абмацаў рэпку: павярхоўны боль. Пашэнціла!

Палоска расуючага жыта заходзілася ад смеху.

Дубкі на ўзлеску спачувальна не варушыліся.

У Андрэя не было ўжо нічога, апрача задаволенасці тым, што застаўся цэлы.

Вылазячы, прыгледзеўся да маленькай ямінкі. Цалкам невялікай. «Я загледзеўся ўгору», — дайшло да яго.

Прыклыгаў сяк-так на кватэру.

Думкі, якія нанава зараіліся ля яго, і ён адегняў іх ад сябе, павісквалі за ім, бы шчанюкі. Рана ўлёгся спаць.

Разбудзіла яго сірэна, што зараўла расцягла і трывожна. Блізка.

Пунктуальна шостая гадзіна: «Трубіць! Чаму гэта трубяць? Дзе? Камусьці ўздумалася патрубацець. Патрэбна яно, як лысаму грэбень».

«Што» — спытаў чыйсьці голас, Нібы жаночы, цёплы.

«Ай, нічога».

«Хочаш малака?»

«Мне лёку жадаецца!»

«Чаго?»

«Кажу, лёку!»

«А што гэта?»

«Маці ў вялікі пост рыхтавала лёк -з галовак селядцоў. Не кеміш?»

Голас больш не азваўся.

На стале валялася ўчарашняя газета. Свет маячыў у ёй агнямі метраполій, аэрапортаў, віядукаў, аўтастрад, панеоненых артэрый. А за спіною чухаўся сон, гэтае няўдалае стварэнне, якое, цераз плячо, заглядвала ў папяровую Еўропу. (Андрэй вандраваў праз дрымучы лес, ветрыска шугаў па-над верхавінамі, а ззаду выла воўчае ган'ё. Чалавечымі галасамі выла. У лютаўскую зімечу!)

На снеданне ён еў хлеб з вэнджанай саланінай, з цыбуляй упрыкуску, закусваў квашаным агурком і запіў гарачай гарбатай. Калі б Андрэю спатрэбілася арганізоўваць падарожжа вакол зямлі, дык першае, аб чым паклапаціўся б, гэта — тона сухароў з чорнага хлеба і вялізная халадзільня, запоўненая вэнджанай саланінай, прарослай мясам...

«Куплю нагавіцы! Нашто? Ёсць грошы, трэба купіць... Не заўжды купляецца тое, што неабходна. Часам купляем дзеля прыемнасці купляць. Бачыш, Андрэй, як ты багата зажыў! Купляеш дзеля прыемнасці! Бацька, пачуўшы такое, нават перапытаў бы, або ўвогулене зразумеў бы мяне», — далікатна дапіў ён з кубка. Не аб гэтым думалася яму. Колькі ўжо часу робіць усю тую самую прымерку самога сябе да праблемкі: чаго я варты? у чым каштоўнасць майго існавання?

Памыўшы рукі, перачытаў так сабе сяброўскі ліст, дробязны, пісаны недзе ў прадвесне. Спісак глупстваў. Затым пашукаў аўтаручку з намерам адпісаць урэшце на гэты непатрэбны ліст: усур'ёз і разумна. Чыркнуў: «Дарагі Сябра, дзякую Табе за ліст. Прабач, што так доўга не адпісваў табе. Усё, ведаеш, справы, справы, справы...Так, мабыць, будзе да скону маіх дзён. Што ў мянё? Лепей і не пытай: Шэрасць і драбнота. Іншы раз падумаецца мне, што нават на хутарах людзі жывуць куды цікавей, чымсьці гэтыя натоўпы атрымальнікаў штомесячных акладаў, г. зн. усе тыя, прафесіяй якіх з'яўляецца стваранне мілага настро'ю сваймў начальству. Кожны кімсьці значалены, камусьці падначаленьі. Наш дырэктар з'яўляецца дырэктарам адно нам. Камусьці ў вярхах — батрак ён!.. Не здаецца мне, каб я тут завельмі памыляўся.

У дарослым жыцці найбольш перашкаджае пачуццё добрасумленнасці. Прашу не ўспрымаць гэтага ў крымінальным значэнні... Ці не здаецца Табе (мне — так!), што добрасумленнае дзіця карыстаецца ўсімі або амаль усімі шанцамі, якія даюць яму магчымасць расці просценька, не крывіцца. А Ты паглядзі, прыглядзіся да першага з боку бывалага ў жыцці цваніка! Ці не нагадвае ён Табе дзічку на мяжы ў полі?

Дазволь, дарагі, задаць Табе адно пытанне: чаму гэта нядобрасумленнасць дзіцяці ўсяго заклапочвае нас, а нядобрасумленнасць дарослага — абурае?! (Усё, што пішу — крый мяне Божа! — не ў Твой адрас! Мне, звычайна, зажадалася паразважаць, разам.з Табою, пры Тваім удзеле... Не болей.)

Падаю табе сваю версію адказу.

Махлярства малька, ягоныя махінацыі, нярэдка рассмяша-юць нас, бо маюць яны дачыненне да спраў, на наш погляд, малюпасенькіх. Для прыкладу — сыночак затаіў капейкі. Няхай наступны прыклад: сынок незнарокам папсаваў нам тэлевізар. Ух, зараза! Як у першым, так і ў другім выпадку малы нешта сапсаваў. Так! Ты сам удумайся — і пагодзішся са мною.

Чаму ён напсаваў?

Таму псаваў, што не патрапіў здзейсніць свайго жадання або не разумеў яго; хацець — а разумець тое ж, гэта ж рознае! Думаю, што ў тым адна з кардынальных прычын ашуканства, зладэейства, разбою — фізічнага і маральнага.

Амаральнасць у чалавеку з'яўляецца рэзультатам адсутнасці сугучча паміж яго жаданнямі і магчымасцямі здзейсніць іх.

Кожны, або амаль кожны, здольны да неверагодна ўпартых намаганняў, калі жаданае ім запоўніць ягонае быццё і мары. Збольшага менавіта гэта дае пачатак і да самых нізоў нядобрасумленным учынкам.

Ці Ты, шаноўны, заўважыў, што няхай сабе найдзікае зло бывае ўчынена ў імя дабра? Не хачу сцвярджаць, што зло з'яўляецца вынікам дылетанцкага падыходу ў людзей да жыцця. Але хачу сцвярджаць, што добрасумленнасці трэба навучыцца, каб здолець захаваць яе...»

Затрубілі дзесьці, бы на пажар?

«...Навучанне добрасумленнасці жа ж неабходна, як матэматыкі, гісторыі, мовы», — пісакаваў Андрэй. Яму дранцвелі пальцы.

«Не вывучаем тое, аб чым найболыш у нас гаворкі.

Не напісаны падручнік дабрасумленнасці — такі, як па этыцы, умельству спрэчак, лічбах, граматыцы і пісанню...» Зазвінела пачутае:

— Наш Ваня добра працуе. Ён сумленны! — голас з пахам пшанічных праснакоў.

— Бо ваш Ваня дурны як бот!

— Як гэта вы можаце так гаварыць?!

I Андрэй пісаў:

«На прасторы шматлікіх гадоў, праз чвэрць існавання чалавечай адзінкі вучым яе, як павінна яна правідлова размаўляць, паслугоўвацца моваю, адрозніваць Афрыку ад Паўднёвай Амерыкі і гэтак далей. Але самага існага кахання жыцця і прыгажосці яго, высокасумленнасці не навучаем. I нас — бо і нас? — не навучылі. Глядзім на гэта крыхў, як на фальклор; пакідаем самадзейнасці. Аднак жа гаварыць аб гэтым, дык мы маймацней гаворым. I плачам! Несур'ёзна?..» У Андрэя віселі яшчэ словы: «Навучанне добрасумленнасці немагчыма без азнаямлення з нядобрасумленнасцю, бо гэта два канцы аднаго кія...»

— К чорту! — вылаяўся.

Пісьмо не адаслаў. Яно так і звалялася. Або, мабыць, украў яго нехта са знаёмцаў, каб паціху парагатаць над Андрэем...

Пісанне ліста з'яўляецца трохі святам, а найпраўдзівей — падлікам ужо перажытага дасюль, думанага, не дадуманага... Маецца тут на ўвазе такі ліст, атрыманне якога стаецца здарэннем, падзеяй, што ўзбагачае сэрца і розум. У гэту раніцу Андрэй адчуў сябе, як у другі тыдзень сонечнага водпуску над глухой Зэльвай, у палатцы на яе стромані, над Зялёнай бухтай, адкуль прасціраецца даліна, парослая маладняком.

Да Андрэя прыбіваецца дух начэпліўца. Анямелая гутарка з ім бубніць рэхам сэнсу.

Начэплівец: Забіваеш сябе працаю дзеля грошай. Я зарабляю іх столькі, каб выжыць. Павер, гэта гідка прысвячаць свае дні здабыванню банкнотаў. Не кажу, што гэта абсалютна, так сказаць, беспатрэбна. Але, як ужо падкрэсліваў Дэмакрыт, ва ўсім неабходна быць памяркоўным. Дрыжыш перад начальствам. Дрыжыш перад ім не таму, што б'е ў морду. Баішся, любенькі, страціць пасаду, якая ў тваім выпадку адназначная з зарабляннем грашыскаў. Божа мой, калі, гэта людзі перастануць працаваць дзеля хлеба.

Андрэй: Ты крыўдзіш мяне гэткімі словамі. Няпраўда, што я бегаю на работу ў дырэкцыю дзеля адных грошай! Можа, і ёсць такія, але — не я! Калі хочаш ведаць шчырую праўду, працую я дзеля таго, каб быць лепшым за іншых! Зрэшты, не думаю, каб нехта хадзіў на працу толькі, каб забяспечыць сабе быт.

Начэплівец: Не будзь такі хуткі з высновамі. Лепш падумай, чым хацеў бы ты займацца, калі б не было патрэбы здабываць сродкі на, так званы, кавалак хлеба? Я, напрыклад, чытаў бы Талстога, Хемінгуэя, Дастаеўскага, Бальзака, Бабеля, Брыля, Коласа, Жаромскага...

Андрэй: Чытаў бы? Цэлымі днямі, тыднямі, гадамі, усё сваё жыццё? Наўрад. Ты нні-іі хрэна не сцяміў бы з таго ў іх! Літаратура ж вырастае з жыццёвасці, і, каб яе ўспрымаць, трэба знаходзіцца сярод жыцця. У безупыннай канфрантацыі самога сябе з грамадскасцю! За вокнамі кватэры няшмат відаць, васпане... Для дзяцей пішацца іначай, чымсьці для дарослых, бо аб іншым коле дасведчанасці гэтае пісанне. Ды і ўвогуле гаворыш ты глупства, што і слухаць няма ахвоты...

Начаплівец: А ты не хвалюйся і паслухай мяне. Перш чым навесці лад, ведай, уводзіцца балаган і гэта можна панаглядаць не толькі ў сем'ях перад вялікімі святамі. У гісторыі — таксама.

Андрэй: Уся твая гутарка — адзін уздырдыган! Наколькі цябе я зразумеў, узняў ты гаворку аб з'яве прымусу, якую выклікаюць грошавыя...

Начэіплівец: Трапна ўлавіў. Ёсць тут, аднак, пэўнае «але»: грошы таксама ж створаны і лічы іх, бадай, выключна інструментам таго вымусу, які, на жаль, з'яўляецца адным з элементаў сутнасці адносін паміж людзьмі, іх узаемнай залежнасці. Задумваюся, ці магчыма будзе калі-колечы выключыць гвалт з міжчалавечых суадносін. Звярні ўвагу на тое, як жывуць былыя дырэктары, што цяпер знаходзяцца на пенсіі. Хто наведвае іх? Ніхто! Каму ж яны зараз патрэбны?!

Андрэй: Адкажу табе адразу. Прывёўшы прыклад былых дырэктараў — ясна, што гэта ўсяго ілюстрацыя твайго меркавання, — ты не зусім маеш рацыю. Калі яны дажываюць свой век у адзіноце, значыць, благімі былі і дырэктарамі і людзьмі. Іх патрэбнасць у жыцці з'яўлялася штучнай. Не дабіліся яны натуральнай. Неапраўдана пражылі. Кожны павінен быць, прынамсі, карысным. I хоць гэту карыснасць, калі не неабходнасць, варта ачышчаць з прымешак прымусовасці. Патрэбнасць твая іншым — вось сэнс твайго з'яўлення.

Начэплівец: А ты, Андрэй Антошка, каму патрэбны?

Андрэй: Я? Я... яшчэ не раздумваў...

Начэіплівец: Ха-ха-ха-ха-ха-ха.,.

Андрэй гатоў быў пабіць начэпліўца, але не ўяўляў сабе нават яго булавы. Будзе, зараза, прыходзіць, каб панадакучаць. Хіба што які пярун спляжыць яго або ўпадзе яму на галаву цэгла з размытай спяны вышыннага будынка...

Пакінуў ён Андрэя разбітым. А ў дадатак і нарагатаў яму на ўсю палатку, што на высочыне, Ажно перастала кукаваць зязюля.

Тады падбег да палаткі капітан.

— Вы, пан Андрэй, памыляецеся, гаворачы, што даверлівасць з'яўляецца супраціўнасцю недаверу.

— Калі так, пан капітан, дык скажыце мне, калі ласка, чым менавіта з'яўляецца даверлівасць?

— О, пан Антошка, пару словамі таго не выказаць, але запэўніваю, што мы верым вам.

— Гэта, пан капітан, я чуў.

— Так, ну...

— Ну і як?

— Мы вернемся да гэтай тэмы.

— Я з ахвотаю.

— Не. Не цяпер.

— Як хочаце.

I пачэплівец зноўку завалодаў уяўленнем Андрэя, але неяк ціха, як сава. Вярнуўся ён тым разам самотным успамінам пра згорбленага сябра, з якім нядаўна быў павітаўся ў бары. Зрэшты, не столькі сябар ён, колькі даўні знаёмы.

— Ты, Андрэй, зусім не ведаеш, які з мяне дурань! — гудзеў той на падпітку. — Не падумай, што за тое я крыўдую на цябе.

— Я, слухай, не вельмі, дарагі, разумею? — Андрэю апошнім часам прышлося даспадобы слоўца «дарагі».

— То і добра, Андрэй: менш нагрузкі мазгам, болей мацаты ў іх на тое, што для цябе важна. Разваж ты сам: наколькі больш усяго рабілася б людзямі, калі б не патрацілі яны сваёй энергіі на так званае ўзаемапаразуменне... ...

— Думаю, дарагі, што тут ты пляцеш...

— Гэта табе так здаецца, толькі табе так, — знаёмы папіваў піва.

Яму нічога не ўдавалася. Андрэй нешта чуваў аб яго гратэскавай жаніцьбе ці залётах...

— Што будзеш есці? — запытаў яго, хутчэй дзеля таго, каб перапыніць прыкрую гутарку.

— Я не хачу! — уэбунтаваўся пагорблены. — Мяне накармілі, го-го, па самае горла — да скону не каўтну!

Андрэй прынёс дзве талеркі з баршчом: «Гэтага бядулю, казалі, на рабоце падкусіў якісьці паганец».

— Ты прымі ад мяне гэта паскудства! — абурыўся знаёмы на яго клапатлівасць. — Я глядзець не магу.

— Чорт з табою!

Андрэй стаяў каля яго, паблізу гэтага клёніка, з якога асыпаецца лістота, пажаўцелая першай жаўцізнаю, што з'яўляецца пасля ранніх прымаразкаў. Такое лісце зводдаль здаецца веснавым, пакуль не пазелянелым. Маладое яшчэ, якому сама буйнець, але ўжо бездапаможнае дрэва, агалелае... Выклікае яно да сябе пачуцці літасці, ад якіх заўсёды адна марнасць.

Згорблены, усё-такі, падсеўся есці; з сірочасцю. Хіба цверазеў ён...

— Я не ў сілах забыць... родную вёску, — у яго, аказалася, наконадні памерла маці. — Аніяк не магу, гэту сваю вёску... — гаварыў з той сентыментальнасцю слабавольнага.

— Ведаеш, Андрэй, тут нешта звышнатуральнае? На халодную галаву беручы, яе няма за што любіць: хлеба яна нам не дала! Горад — так. Вёска — не! Адзінае, за што трэ падзякаваць ёй, — гэта за бацькоў, ну, і за чарадзейнае дзяцінства...

— I табе гэтага мала? — перабіў яму Андрэй.

— Я не сказаў так.

— Не, дарагі, ты ўжо сказаў так!

— Няхай будзе твой дыябал старшы: сказаў ці не сказаў...

Андрэй падумаў, што без дай рацыі наскочыў на яго. «Зласліўю я!» — ён спакайнеў, выходзіў на нейкую сваю, простую дарожку.

— А зараз прахліснем па кухлю півашы, — сказаў Андрэй пад гарэзлівы тон, выціраючы вусны. Боршч быў гідкі.

— Піва? Чаму не.

Пілі. З марудаю, быццам тост на згоду. Скончыўшы, Андрэй пайшоў. Чагосьці заспяшалася яму.

Вуліца ветрылася.

Андрэй, як ні кажы, панёс перад сабою бярэмя злосці, з якога сыпаліся пад ногі трэскі гневу. Хтосьці з прахожых зазяваўся і сутыкнуўся з ім, і ён брыдка замацюгаўся.

Замест скіравацца на Ліпавую, павярнуў назад, пад той жа бар, пад шырокі шкляны франтон, каб пасмакаваць, як згорбленік напіваецца: устае, падыходзіць, заказвае, нясе — чарку — да месца, перакульвае, зысмоктвае рэштку, ізноў устае... «Добра яму так!»

У Андрэі праявіўся і той тып задаволенасці, якою людзі звычайна не хваляцца. Саромеюцца яе ды паціху баяцца.

У задуменні ўваходзіў ён у Суражскую вуліцу, калі настойліва аклікнулі яго. Каля газетнага кіёска ўсміхаўся да Андрэя маладзік, у якім не адразу пазнаў далёкага сваяка. Пазнаў пад канец пустой гутаркі і, як толькі разышліся, забыў аб ім. Ён, праўда, сказаў Андрэю досыць важкія словы:

— Нейкі дзіўны ты сёння?.. Мо хворы?

У бок рэстараніка «Падляшскі» білася двух дзяцюкоў. Адзін другому падралі адзенне, паразбівалі насы, урэшце пападалі на тратуар ды там тузаліся. Іх абкружылі прахожыя — маўчалі або нацкоўвалі... Прыехаў міліцэйскі патруль.

Іх забралі ў камісарыят.

Таўсцейшага, таго менш паваротлівага, Андрэй ведаў. Ён быў з Цюйміч. Запамятаўся яму, рэдкімі ў маладым узросце, іранічнымі адносінамі да дзяўчат: «Нашто дзяўчатам кветкі? Яны адно вачамі бегаюць і зіркаюць, хто іх тут добранька пакачае!» Трошачкі рацыі меў...

Ты, Андрэй, нарэшце жывеш, бы пан які, гаварыў таўсцейшы. У Беластоку зусім іншы свет. У Цюймічах, брацец, хоць вазьмі ды сабак ганяй, ад самоты...

Тады расказаў Андрэю навіну.

Утраіх — казаў — выпілі мы тры літроўкі цукровай самагонкі. Хлопцы, кажу ім, трэба яшчэ літровачку. Наскрэблі грошыкаў, нават на паўтары. Віцька, гавару большаму з іх, якога ты, Андрэй, не ведаеш: у цябе, Віцюль, ёсць матацыкл, сядай і дуй да Манькі-Удавы. Яе цяпер называюць Баба-з-Яйцамі. Сеў гэты Віцька на свайго. «Юнака»» і як, пусціў тармазы, дык мы яго болей і не пабачылі. На ростанях угрэў ён ілбом у тэлеграфны слуп! Пакаціўся ў равіско, там і сканаў. А я, паміж хлеўчыкамі, даў цягу дахаты. Думаю сабе: дурному — дурны канец...

«Чаго ён біўся ля «Падляшскага?» — Андрэй кіраваўся дамоў. На вуліцы Складоўскай аперадзілі яго дзве вучаніцы са знакамі сярэдняй школы. Угадаваныя дзяўчыны.

Пайшлі і пайшлі, абразліва абыякавыя да Андрэя Антошкі. Вы із якой школы, востра затрымаў бы іх. Мы ж не паненкі, каб нас перапыняць і глядзець нам у вочы, адказалі б са смехам упэўненых у сваёй прыгажосці. Вашы легітымацыі, запатрабаваў бы ад іх. Даты нарадзін — гэта нашы салодкія тайніцы, захіхікалі б. Хутка, крыкнуў бы да іх. Пан Антошка, пекнымі жанчынамі можна толькі захапляцца і прасіць дазволу цалаваць рукі іх, глядзелі б вачыма козачак. Я завяду вас да дырэктара школы, сказаў бы не ў жарты. Ці вы можаце ўявіць нас заплаканымі ў службовым кабінеце, залыталі б. Чаму вы не на ўроках, — мякчэй. Таму, што нам ужо надакучыла слухаць паэму «Адрэзанае вуха» Калістрата Калістратавіча Калістратовіча! — усхвалявана. Гэта на ўроках па літаратуры, а на ўроках, напрыклад, гісторыі? — дапытваючыся. Яшчэ горай! — абурыліся б на гайнаўскі лад. Чаму? — не паверыў бы гэтым смаркаткам. Бо ў гісторыі мае рацыю толькі той, хто піша яе... Бо яна такая несправядлівая... Таму не любім яе!..

Дзяўчыны весела гаманілі да сябе і крочылі ў нагу, па-салдацку. У доўгіх спадніцах і высокіх ботах парыжскай моды.

Праз пяць або і больш гадоў пасля, у замужжа, пабачыўшыся на вуліцы, яны загавораць да сябе, прыблізна, так (Андрэй упэўнены):

— Як жывеш?

— Не наракаю. А ты?

— Таксама. Ваюеш з кім на рабоце?

— Нашто мне гэта? Няхай лепей маё прападае! Ці не так?

— Згодна з табою. На белае кажуць, што гэта чорнае, і я пагаджаюся. Мне ўсё роўна. Колькі зарабляеш?

— На сукенкі хапае, а футравае паліто няхай каханак кўліць, не? Як думаеш?

— Муж не здагадаецца? Мой каб даведаўся, што маю сабе другога, дык хіба забіў бы мяне!

— Няхай здагадваецца — не трэба прызнавацца! Тады мацней кахаць будзе I грошай больш даваць.

— А я, на тваім месцы, баялася б заводзіць сабе каханкаў...

— Баяцца трэба дырэктара, дарагая, бо ён заўсёды небяспечны: можа пазбавіць кавалка хлеба! А мужа — чаго?!

— Дырэктар, праўда, страшнейшы! Нашага ўсе баяцца. Ён і мяне, ужо два разы, узяў на стале, калі ўсе разыдуцца дамоў... Нібы нічога не здарылася, але мужу свайму так ужо і не магу ад таго часу глядзець у вочы, доўга...

— Трэба, дарагая, паддавацца не са страху, тады і глядзець будзеш, як у першы ранак пасля шлюбнай ночы, ха-ха-ха... Паддацца са страху, гэта тое самае, што перастаць шанаваць сябе...

— Ты кім мяне лічыш?

— Абразілася?

— Не хачу больш гаварыць з табою!

— Ты, дарагая, першая пачала...

— Пра каханкаў — ты першая!

— Я! I скажу табе больш: мець каханка, гэта не ганьба жаночаму гонару. Але не супраціўляцца дырэктару толькі са страху, каб не выгнаў з работы, дурнога страху, гэта ўжо, выбачай, сама ведаеш...

— Зрабіла я гэта для сям'і, але не ашукоўваю свайго мужа. I не пусцілася ў сабачую шкуру дзеля якогасьці футра!..

— З захаплення мужчынам, дарагая. Футра справа другарадная тут...

— Знайшла чым захапляцца — мужчынамі?!

— Захапляюся тым, што мне падабаецца! А ты?

— Адчапіся ад мяне!

— Гэта ты адчая'іся ад мяне!

Андрэй быў упэўнены: яны пасварацца да першых прыступаў белай гарачкі. Адбудзецца сутыкненне зайздрасці з удачай — зайздрасці з боку ўдачы і ўдачы з боку зайздрасці. Фактычна — двух зайздрасцей, зайздрасці з эайздрасцю.

Кожная з іх; панясе ў сабе гэтага нямала.

Назаўтра, неспадзеўна для Андрэя, з'ехала маці. Уся яна растрывожаная і пахарашэлая ад суму. Недзе каля шостай гадзіны раніцы пазваніла ды пастукала ў кватэру сына.

Ён схапіўся з пасцелі і ад нявыспанасці рыхтаваўся накрычаць на нахабніка!

Маці паўстала перад ім — з парасонам, з аздобнай торбкай, з карзінаю... У чорным адзенні.

— Гэта я, сынок.

— Уваходзь, маманька, — ён узяў з яе рук карзіну, якую адразу занёс на кухню. Там і павіталіся. — Мо пакупаешся ў ванне? — сказаўшы гэта, падумаў, што тут абразіў яе. — Распраніся, мамка, адпачні з дарогі. Я мігам снеданне...

— Дзякую, Андрушка, не буду я купацца: слаба чуюся. Трохі пасяджу ў крэсле, — яна села, усё роўна нібы вярнуўшыся з поля, ад жыта, якое жалі сярпамі. Наймацней баляць ад таго рукі!

Андрэй пачысціў зубы, памыўся. Нацёршы цела ручніком, намочаным у халоднай вадзе, пажвавеў і нарэшце ўцешыўся прыездам старой. Гаварылі да сябе дзеля самой радасці сардэчна паразмаўляць. Клопаты адкладвалі на пасля.

— Ці раз я збіралася прыехаць да цябе, Андрушка. Усё часу таго не хапала. I вось учора, надумала сабе, сяджу адна я ў хаце, як калок у плоце...

— Малайчына, маманька, што наведала мяне. Пабудзеш да нядзелі?

— Не ведаю, сынок: мо і пабуду.

— А ты мне, мамка, снілася, — схлусіў Андрэй. Хацелася яму, каб маці была задаволеная.

— Выбралася да цябе ранютка, каб застаць дома, — тлумачылася яна, нібы здагадаўшыся, што той сон, не болей як мілая для яе выдумка. — Вазьмі прыедзь пад вечар, а кватэра акажацца замкнёнай, і невядома, дзе шукаць цябе....

— Ну, я павінен ужо выйсці на службу. Табе, мамка, пакіну ключы. Чаму ж ты не напісала мне ліст? Калі б я ведаў аб тваім прыездзе, папрасіў бы на сёння водпуск. Пабылі б...

— Не турбуйся, сынок. Я табе абед згатую...

«У маці здарылася сур'ёзнае!» — знепакоіўся Андрэй. Ён спазніўся на работу. Дзень прамінуў яму на неістотнай тупаніце. Мо таму, што намагаўся поўнасцю выканаць бягучае?

Ходзячы ўзгадняць, удакладняць, дамаўляцца, пачуў ён паўсонную гаману супрацоўніцы: «Пачынаю я ненавідзець сябе, работу, мужа, дзіця, прычоскі, адзенне, дом, цешчу ды ўсё такое. Дзеля чаго гэта?» Слухачка адказала ёй: «Кінь мужа, пашукай працавіцейшага...» Зазлавала на яе: «Аб чым жа з табою можна гутарыць? У цябе на думцы мужчыны і тое ў іх, з чым яны носяцца напагатове! Пачакай, дурніца, накаштуешся таго, ажно агоркне табе...» Яны пахіліліся над пісьмовымі сталамі, абедзве, пахучыя і раздалікатненькія.

Попахі матчынага абеду Андрэй пачуў яшчэ на ўсходах да кватэры. Яму ўявілася, што на такі абед няблага было б збірацца пасля малацьбы або сяўбы на полі, што пад Піражкамі. Белы хлеб, апельсіны, шакалад, яблыкі, жоўты сыр, купленыя ў магазіне, выдаліся Андрэю дзіцячымі ласункамі, з якіх маці пасмяецца.

Яна і праўда адсунула іх на ўскраёк стала. Дастала дзве глыбокія талеркі і ёмістую міску.

Капуста з баранінай і рассыпчатая бульба са скваркамі. Ад гэткай ежы Андрэю круцілася ў галаве і была ахвота спаважна гаварыць аб драбноцці. Маці пачала пра сваё.

Маці перабіла Андрэя:

— Хоць раз ты зрабіў бы што карыснае! Прашу цябе, прашу, а ты ўсё сваё: водпуску няма! — вочы, як у раззлаванай вераб'іхі. — Прыязджаеш да мяне тады, калі ў гаспадарцы ўжо ўсенька пароблена. Не тады, калі трэба... Прыедзеш і толькі ведаеш валачыцца па загуменнях, як які дурань...

Перачакаў матчыную злосць. Загаварыў глухім голасам:

— Выходзіць на тое, маму, што я нічога не раблю?

— А што ж ты робіш у гэтым Беластоку?! Хлеб людзяім даеш ці якую іншую карысць?

— Я працую.

— Вялікая мне тут работа: пасхопліваюцца з пасцеляў ды бягуць да тых пісьмоівых сталоў, быццам дзеці ў школу. Пазбягаюцца, чаю таго нахлебчуцца, у паперах папішуць, паскаляць зубы адзін да другога і — назад. У кватэрах смачна панаядаюць сабе азадкі, што аж на плечы ім лезуць, на голых варшаўскіх дзяўчат панаглядаюцца ў целевізары, усякай распусты надумаюцца! Завялікую волю дае вам Варшава, дазваляе гуль-таваць і лёгкім хлебамжыць. Чым жа ўсё гэта закончыцца, калі не бядою? У народзе, бачу, нейкая дзіцячасць паявілася! Дарослыя, чула сёння ў краме, на хлеб гавораць ужо хлябочак, на масла кажуць маслечка, на сыр — сырок... Дальбог, дзеці! Горад на дзі-цячасці і безрабоцці стаіць!

— Гэтыя, як ты, мама, кажаш: дзеці — часта паміраюць ад удару сэрца, — уставіў Андрэй, разжалены. «Самае далікатнае мяса, гэта кураціна», — без ладу і складу.

— Во, во, ад удару! Нагуляюцца, наскачуцца, панапіваюцца і таму паміраюць, — маці мацней падвязала хустку на галаве. — Сядзяць за сталамі здаравезныя мужчыніскі, хоць ты іх араць поле выпраўляй. Сядзяць, бздзяць у нагавіцы і таўсцеюць, бы тыя кормнікі. Пішуць і пішуць. А чаго тут пісаць? Рабіць трэба! Пагля-дзі, колькі зямлі добрай аблогамі марнуецца! Вёскі гібеюць, на старых гаспадарах ды бабах трымаюцца яны. I ці доўга гэтак набудзе ўсё? Дзе тая Варшава вочы мае?

— Мамка, ты толькі ў вёсцы цяжкую работу бачыш...

Перабіла яму:

— Калі ў вёсцы так лёганька жыць, дык чаму гэта ўся моладзь у гарады прэ, уцякае, га? Не паспее хлапчук ці дзяўчо ад зямлі адрасці, а ўжо і разглядаецца, як тут уцячы з гаспадаркі на фабрыку ці шафёрам якім стаць.

— Мне, мама, не было чаго трымацца зямлі. Гаспадаркі на двух з паловай гектарах...

— Гэта так, Андрушка, — паспакайнела. — Але калі я прашу цябе дапамагчы, дык ты не вельмі ахвотны...

«Што гэта яе ўкусіла? — думаў Андрэй. — Ніколі ў нас не здараліся гэтакія нервовыя гутаркі наконт гаспадаркі, зямлі. Маці сама не вельмі мілуе вёску. Чаму ж яна наскочыла на мяне?»

— Я дапамагу табе, маманька. Дай мне падумаць.

— Бяры, Андрэйка, водпуск і прыязджай: Буду чакаць. Хату перакрыем, яшчэ і табе яна прыдатнай будзе. Калі памру, дык хоць цану неблагую за яе возьмеш.

— Што ты, мама, гаворыш?! Падумаў бы хто, што я тваёй смерці выглядаю.

— Ніхто не вечны, сынок.

— Налуплю апельсінаў, — Андрэй працягнуў руку за папяровай торбачкай. — Апельсіны надта здаровыя на зубы і на жывот.

— Пакінь гэтыя апельсіны. Лепей вазьмі мяса паеш. Апельсіны твае сілы не дадуць.

— Чаму? У іх жа шмат вітамінаў.

— Вітамінаў? Выдумка! Цікава, як доўга ты пахадзіў бы за плугам, ядучы гэтыя апельсіны? Трэба есці тое, што чалавека мацуе.

Андрэй усміхнуўся крыва.

«Рот трэба паласкаць рамонкам, рамонкавым адварам. Тады зубы не гніюць. Бабуля раіла так», — успомнілася колішняе.

— Я дапамагу табе, мамка, — азваўся. — Прыеду, мо нават ў гэту суботу... Выкіну гной з-пад свіней, пашукаю майстроў.

— Буду чакаць цябе, сынок. Памаўчалі.

— Вось і ўсё добра будзе, а ты на мяне крычала, — Андрэй усміхнуўся да маці.

Палягчэла. У закутку весела забзычэла ўцалелая муха.

— Бо з табою, Андрушка, заўсёды так: што ўб'еш, тое і ўедзаш, — маці паласкавела. Яна нібы сама шукала нагоды, каб падабрэць. Як маці.

— Чаго варта малая гаспадарка? Таго толькі, што самога сябе пракорміш, — укусіў сябе за язык.

— Добра і тое, — зварухнулася маці. — Ёзік заарэ нам поле пад бульбу. Будзе і мне і табе, Андрэй.

— Якое поле пад бульбу?

— Каля могілак.

— Там пясок. Туды трэба даць многа гною.

— На той кавалак, лічу, вазоў пяць хопіць...

— Калі не болей?

— Будзе больш. З-пад свіней.

— Можна і дакупіць. Я, мама, дам табе грошай.

— Цяпер не прадаюць гной. Кожны сабе трымае, але калі хто і прадае яго, дык хутчэй урадніку гміны, чымсьці мне, нікому не патрэбнай бабе.

— Нашто ўрадніку гной?

— Ого, агароды маюць. Жывуць яны багата, чорт іх не пабраў! Пасуцца на хабарах.

— Не трэба даваць хабараў.

— Які ты разумны — не даваць! Вазьмі і не дай. Ты не дасі, але іншы — дасць.

— За што?

— Як гэта, за што?! У іх законы, яны іх ведаюць.

А ты, чалавеча, зусім дурны ў процьме параграфаў! Скажуць, што таго-та-таго нельга рабіць і мусіш верыць ім. Ураднік, калі яму не дагодзіш, то гэтулькі правоў на і тваю галавёшку назнаходзіць, што з торбамі ў свет пойдзеш. Лепш даць яму тую сотню ў лапу, чымсьці тысячы траціць...

— Такім чынам, маманька, хабарніцтва век будзе!

— Каб ты ведаў, сынок, што вечнае яно. Хабары былі, як свет светам ёсць. Бацька мой даваў іх пану войту, дзед даваў іх валасному старшыні... Так, відаць, яно i павінна быць.

— Бачыш, мамка, ураднікі, гэта тыя паліцыянты, I абавязкам якіх з'яўляецца дапільноўванне ўстаноўленай справядлівасці. Яны не робяць нікому ласку, што ўладзяць тую або іншую справу.

— Ты, сынок, гаворыш, як у кніжках напісана. А я ведаю, што нават лекар іначай будзе каля цябе хадзіць, калі яго крыху памазаць мёдам. Нікому дадатковы грош не смярдзіць. Бываюць людзі справядлівыя, але іх цяпер мала. Адкуль яны могуць брацца, калі ўсе толькі і і ведаюць, толькі і ўмеюць галовы сабе сушыць, каб легкавую машыну мець, мураваны дом, тэхніку ўсякую, забавы, пагулянкі... Нічога з неба не падае. За ўсё трэба плаціць. За ўсё.

— Найбольш бяруць малыя ўраднікі, — заўважыў Андрэй, калі маці змоўкла. Ямў, прызнацца, было дзіўна гутарыць аб хабарніцтве. Ва ўстанове, у якой працаваў ён, ніхто і нікому не прапанаваў хабараў. Магчыма, таму гэта так было, што ўстанова тая не займалася падзелам багаццяў сярод канкрэтных людзей. — Дырэктары рэдка бяруць, а мо і зусім не бяруць у лапу, бо і нашто рызыкаваць.

— З разумным дырэктарам, як з разважлівым гаспадаром: хораша жывецца і працуецца. Ого, каб быць дырэктарам, трэба мець розум і чыстае сэрца. Трэба нарадзіцца дырэктарам. Хто родзіцца дырэктарам, а хто злыднем.

— Эй, мама, не ўсе дырэктары ёсць такімі, на якіх яны выглядаюць, — Андрэя на заканчэнне ахапіла прыкрасць ад таго, што ён, адукаваны і толкам дасведчаны, аказваецца менш значны, чым першы з ускраю гаспадар. — Ну, мы загаварыліся, — Прыкінуўся ён абыякавым. — Ты перадыхні...

Маці ўсё ж замітусілася каля газавай пліткі.

«Чаму яна, уласна кажучы, не папракае мяне за тое, што я не жанюся? I чаму гэта мне і не падумалася, што маці калісьці загаворыць аб тым?» — Яму пабольвала ў жываце ад тлустага. Звычайна ён харчаваўся ў сталовай. Сціпла і дорага.

Уночы карпеў ад бяссоння. Па кутах, падсветленых вулічнымі неонамі, па-блашынаму лазілі і чарнацелі падумкі аб тым, чаму б яму, Андрэю Антошку, не наважыцца стаць дырэктарам? Чаму гэта ён так пагадзіўся са сваім лёсам? Трэба нарадзіцца дырэктарам, як пісьменнікам ці мастаком? Столь цямнела, бы дошкі труны Уздрыгваў, падаў у пропасць... «Дырэктарам не бывае той, хто імкнецца рабіць адзінае дабро, многа дабра! Губляецца яго мера. Ператвараецца яно ў зло, як казачныя дукаты ў — балота!» — сукатаў.

Маці ад'ехала.

У дырэкцыі настала перадсправаздачная кампанія. На транспартнай рампе загадчыца складаў з вадкімі таварамі хвалілася Андрэю:

— Шэф такі ўступіў маёй просьбе, каб купляць пончыкі з чаем для новапрынятых рабочых.

— Было вам чаго дабівацца!

— Лепш пончыкі, чымсьці нічога.

— Мо яно і так, але вы, калі ласка, перастаньце мне з гэтым азіяцтвам.

Пакрыўдзілася.

Андрэя дагнаў тэлефон ад сакратаркі, якая шукала яго па будынку.

— Пане Антошка, на дзевятую да дырэктара! — панікавала яна.

Далоні яму адразу ўспацелі.

Сыходзіліся і іншыя.

Не было аднаго — загадчыка!

«Няма яго. Мяне жа паклікалі непасрэдна. Як гэта зразумець?» — таптаўся на месцы Андрэй.

— Не скажаце, чаго трэба ад нас пану дырэктару? — дапытваўся ён у беленькай сакратарачкі.

— Увойдзеце — даведаецеся.

— Так, але, між намі кажучы, добра загадзя ведаць, да чаго лепей рыхтавацца: да смеху ці да слёз? — сіпеў у яе вочкі.

Хтосьці новапрыняты ў аддзел транспарту соп ля вуха Андрэя, нібы паўстрымоўваючыся: «Чаго гэта ён прычапіўся да яе? Ён згубіць усіх нас!» ...

Сёй-той пакрыёму выціраўся. Ад дырэктара выйшлі чужыя.

— Уваходзьце, калі ласка, — наказана чакаючым. Праціскаліся ў кабінет, як тыя авечкі ў вароты, калі падганяе іх сабачук. Бітком.

— Прашу вас, панове, сядайце, — дырэктар устаў з-за падаўгаватага стала і запрашаў.

Усе пацішэлі, як парасяты, лежачы ў нагрэтым пяску, радочкам.

Сярод нас, панове, ужо здаўна наглядаецца культ бездапаможнасці. Кажучы вобразна, мы выглядваем манны з нябёсаў. Нашы дзеянні родам з добрых намераў, але мы не даводзім іх да фінальнага канца, спасылаючыся на дрэнныя ўмовы.

Далей так працаваць і жыць нельга!

Трэба нам разбураць алтары бяссілля! Трэба катэгарычна заахвоціць да актыўнасці тых супрацоўнікаў, якія моляцца перад імі. Выгадней — рэч ясная — чалом біць, чымсьці змагацца. Манахам гэтай новааб'яўленай рэлігіі жываты да падбароддзяў дастаюць ад гультайства. Дарэчы будзе, аднак, тут заўважыць, што ў сваіх прыватных захадах яны выяўляюцца атэістамі і, пасля службовага часу, сквапна абмінаюць узведзеныя самімі ж святыні немагчымасці...

Вельмі слухалі дырэктара.

...Вось у справах, якія датычаць уласнай кішэні, у нашай установе знаходзяцца майстры арганізацыі ўсяго, чаго душа зажадае! Калі ж спатрэбіцца дабіцца нечага на карысць прадпрыемства, дык выходзіць, што ні ў кога няма таленту, каб эфектыўна задзейнічаць. Умеюць адно швэндацца да мяне са скаргамі...

Андрэя працінаў энтузіязм.

— ....Мяне не цікавяць жалі. Мяне цікавяць вынікі, праца! Калі ласка, менш наракаць, а больш рабіць...

Дырэктар, на дзіва, даволі бяздарна навязаў да таго ж будзённага і малаважнага. Андрэю запамяталіся ўваходжанне ў рассветлены кабінет і тая тырада, пра якую пад канец нарады яму падумалася, ці часам гэта не быў жарт.

«Шэф займаецца дробязнымі непаладкамі. Цікава, ён вымушаны займацца імі ці імкнецца гэтым звычайна некага абезаўтарытэціць? Скажам, эагадчыка аддзела? гэту здагадку Андрэй такжа насіў у сваёй памяці. А вось пра галоўнае, дзеля чаго быў і ён пакліканы,.— аніяк!

Андрэя начэкваў супрацоўнік, ардынарны цікаўлівец, асобень з меданоснай ветлівасцю.

Ён нават не даслухаў расказанага Андрэем.

— Я, ведаеш, здзіўляюся пранікнёнасцю дырэктара, —гэтак той мёд. — З яго удумлівы, маштабны знаўца...

Андрэй не важыўся бесцікавець.

— ...З ім адно горы варочаць! Ён, ведаеш, выслухае, падыскутуе і не забаіцца прызнаць табе рацыю...

Слухаў амаль з фізічным болем.

— ...Нам усім надта пашанцавала мець такога кіраўніка фірмы. Я, ведаеш, не ўяўляю сябе без дырэктара! I, між намі кажучы, гэта чыстая ісціна... Але, ведаеш, не кожнаму, вядома, ён прыйшоўся даспадобы... не кожнаму...

— Так. Гэта так, — Андрэй; «Трэба паслаць яго правесці інвентарызацыю ў складзе вадкіх тавараў». — Я, забыўся сказаць табе, што трэба тую інвентарызацыю...

— Іду, — адказаў мёд, Мёд Медуновіч.

Ён завастрыў алоўкі і ўкамплектаваў фармуляры. Прыхапіў з сабою бутэрброд, з маслам і жоўтым сырам.

Андрэй жа панурыўся ў газету. У таго Медуновіча знаходзіў нешта з раба, якога не сперша і з размаху білі і якраз — перасталі. I яшчэ чарку далі.

На зыходзе дня Медуновіч прытэпаў з інвентарызацыйнага перапісу, каб сабрацца да выхаду.

— Чым больш, ведаеш, думаю я пра дырэктара, тым мацней пераконваюся, што без яго, ведаеш, прапалі б мы, як мышы ў пажар...

Абарваў яму:

— Ну, дарагі, набалбаталіся, — сказаў, прыкідваючыся заспяшаўшым. Зіркнуў на гадзіннік: «Куплю сабе пасачак яснага колеру, як манжэты кашулі». Развітаўся: — Сёння зарабілі мы на хлеб.

З гэтага часу пабойваўся Мёда Медуновіча. Мо і зненавідзеў? Не, усяго трусаваў!

— Мілага вечара! — пажадаў Медуновіч.

— Узаемна, — адказаў, намагаючыся данесці ўсмешку прыветнасці да дзвярэй, каб вытрасці яе ажно ў калідоры.

Бушавала без апамятунку завея, у якую, у цёплым адзенні, незвычайна прытульна: хоць вазьмі ты ды ляж на грумак і засні сярод ашалелай беласці. Вецер утвараў снягурныя постаці. Папіхаў у плечы, са скавытаннем: нуу-у-у-ууу-у-у-уууу-у-ууу-у!!!

Андрэй зайшоў у магазін мужчынскай моды.

Яму падалі гарнітур зеленаватага адцення. На яго фігуры, выцесанай з нечага грубага і мажнога, сядзеў ён амаль элегантна.

Снавалі пакупнікі, пераважна прыцэньваючыся. За зашклёным уваходам размаўлялі жанчыны. Яны адступілі ўзбоч, калі Андрэй выходзіў.

Чарнявейшая ўглядалася ў яго, яшчэ прыгожая і ў густоўным плашчы. Трымала яна пакунак. Яе цёплыя валасы, укладзеныя ў гаспадыньскую прычоску, ледзь прыкметна парадзелі. Пад вачыма — прыкрыя мяшэчкі, на мяжы нестарога аблічча. Позірк усё-такі не прыгас, мо толькі крыху — стаміўся? Гарачэла гарэзлівасцю, ды не легкадумнасцю. Усмешка — з зубоў, бы пахіснутых штыхецін у здаровым плоце. Белыя, ды ўжо без той асляпляльнай белізны, пры якой несур'іёзна было б гаварыць аб зубных лекарах. Можа, вусны і барада падказвалі, што маладосць ужо выцвіла. Але яны без таго грубіянства, якое — звычайна — як непазбежнасць у старэючых знаёмых.

Андрэй паглядзеў на яе шыю — жыліліся гады. «Мела яна шумністае вяселле і пакутнае замужжа», — зрабіў выснову.

Гэта яна?

Ён, са зрокам з досвітку, прачынаўся на ледзянеючым тратуары.

А чарняватка сустракала яго вішанькамі вочак. Набліжаўся да яе, і раптам пагарачэла яму. Кроплі поту выступілі на гузах ілба. Макрэлі плечы ды карак. Ляпілася пад пахамі. «Не пацець, не пацець! Я — пацею. Але, мне нельга пацець. Успацелы, я застуджуся. Запэрхаюся, — ён дастаў насавую хустачку і аціраў ёю далоні, пакуль не сцяміў, што гэта непрыстойна. — Вытру лоб. Выціраецца яго, менавіта, хустачкай! Ахвотна б рукавом...»

Павіталіся.

Яе знаёміца пайшла.

— Гэта ж не бачыліся мы ад заканчэння школы, — гаварыў Андрэй. — Ты любіла насіць на галаве сінюю стужку. Дарэчы бу-дзе прыпомніць, што стужка надта ж падыходзіла табе...

— Божанькі, Андрэй, ты не змяніўся!

— Калі гэта так, дык чаго ж тады столькі ты прыглядалася да мяне? — пот і пот. .— Гожая ты, як і калісьці.

— Не кажы. Бач, мяшэчкі пад вачыма...

— Яксьці на бачу гэтых мяшэчкаў. — Андрэй ніколі не прабачыць ёй даўняй, дзявочай пакпіны з яго, тадышняга заікі. — Ты маладая, і таму табе трохі не церпіцца пабыць старэйшай. Перастанеш хваліцца тымі мяшэчкамі, калі напраўду пастарэеш.

Рассмяялася па ўсіх швах.

— Вясёлы з цябе хлопец.

— Бо нямала жа з мяне рагаталі.

— Ты, аднак, падабаўся дзяўчатам.

— Але яны не запрашалі мяне да сябе, не прадстаўлялі сваім бацькам...

— Андрэй: «Я залішне дазваляю сабе!»

— Весялістыя — гэта рызыкоўны матэрыял на мужа, — ад-казала яна з немагчымаю раней шчырасцю.

— І таму яны, панадныя прыгожаму полу, часта старакавалеруюць?

—Так. Гэта напэўна так.

— Божачкі, колькі рагачу на гэтым свеце, а ўпершыню даведваюся, што мой смех папраўдзе кампрамітоўвае мяне самога...

Яна здагадалася, што Андрэй не зусім вылузаўся з мінулага. Хуценька запярэчыла яму, няскладна. Ізноў загаварыла аб чымсьці, і ён, слухаючы яе, думаў аб тым, што трэба развітацца з ёю і пайсці дамоў. Размова яксьці ставалася прыкрай. (У тэхнікуме яна, чарнабрывая, надта падабалася Андрэю — была падобнай да каханай у блакітна-іконных Крынках.)

— Ну, хваліся! Як муж, дзеці?. Колькі?

— Муж — адзін, дзяцей — двое, — какетлівіла. Гэта не быў жаноцкі намёк.

На ёй усё тая ж абалонка абаяльнасці з вожыкамі пужлівасці. Той жа голас, але ўжо з расколінкай. Андрэй услухоўваўся ў яе гамонку і хацеў, каб яна гаварыла доўга, як найдаўжэй. Змагаўся са спакусай абняць яе, яшчэ панадную, прадчуваючы, што супра-ціўлялася б яна не занадта. Хутчэй дзеля не болей як прыстойнасці.

Усяго паспытаўшыя кабеты пераважна досыць абыякава ставяцца да сваіх мужоў. Ужо цалкам свядомыя ўласнага лёсу, яны нічога аеаблівага не спадзяюцца ад іх. (У чацвёртым класе тэхнікума яна насіла валасы, часаныя ў кок і перавязаныя свежай васільковай стужкай. Гэта прыдавала ёй дзявочую чысціню. Валошкавую.)

Яна не разводзілася аб заробках. I гэта засведчвала пра яе невясковае паходжанне.

— Я шмат хварэла, — сказала, як у апраўданне. — Рабілі мне аперацыю. Ведаеш, гэта нешта страшэннае — ляжаць у бальніцы, пакінуўшы дзетак...

— Уяўляю сабе.

— Ты — таксама ляжаў?

— Я? Не, дзякаваць Богу.

— Нічога ты, Андрэй, не ўяўляеш...

— Але спрабую...

—У бальніцы мінае дзень за днём, і не вельмі пэўны ты, ці жывы, ці ўжо не. Пякуць цябе кашмарныя здагадкі: існуеш мозгам, рэшта мёртвая — ногі загніваюць, пахаладзелі рукі, грудзі, жывот, злятаюцца зялёныя мухі... Вось, у такую хвілю, — параўнанне яе з адзіноцтвам было б яшчэ падобна на надзею, — па кавалачку перацярэбіш усенька пяройдзенае. Перамацаеш, як тую тканіну, што надоўга кладзеш у куфар. Пальцамі памяці, нітку па нітцы свайго быцця, кожнае месца яго, ад зарубленага да зарубленага. Калі ж пачнуць цябе выпісваць з бальніцы дамоў, дык тады стаіш перад сталом, за якім накрухмалены лекар, і здаецца табе, што ажно цяпер ты вылупіўся на свет, у гіганцкім інкубатары, дзе ад чысціні няма чым дыхаць, і таму цябе выпраўляюць: у дарогу, якая зноў дасць жыццё, не пустое...,— яна аблізала губы. Выказалася нібы за яго, Андрэя.

— Та-ак, — да гэтага яе апавядання Андрэй потым вяртаўся. Ішла яна побач з ім, пазіраючы сабе пад ногі, бы лічачы крокі.

— Мо і несур’ёзна аб гэтым казаць, я плакала ад радасці, калі апынулася дома, хаця там не было чаго есці, бо мой муж, паспрачаўшыся з дырэктарам, заставаўся без работы і грошай...

— Грошы не найважнейшыя, — засяроджваўся Андрэй. — Грошы адно дапамагаюць у абраным табою; — зыходзілі яны вуліцай Іцхока да алеі Першамая. — Самым важным у чалавечым побыце з'яўляецца пачуццё шчаслівасці. Нешчаслівасць павінна быць усяго каўдобінай, у якой, магчыма, зламаем калена, але не скруцім шыю! Часам так лічу сабе, што варта і трэба пабыць менавіта нешчаслівым, каб потым глыбей адчуць шчасце, Вылезці з багнішчаў роспачы на сухі груд задаволенасці, абсохнуць на ім і па-птушынаму пацешыцца, памахаць рукамі, бы крыламі... Ураўнаважана жывуць тыя, хто не спазнаў смаку існавання або ўжо страціў яго, — гаварыў ён да яе. Так можна бясконца і не-абавязкова зразумела: кожны тут знойдзе сваё.

Пры ёй Андрэй гаіў ісвае душэўныя раны. «Падумаць толькі — дваццаць гадоў» не бачыліся мы! За намі палова дарослага жыцця і чаго мы, аказваецца, дамагліся? Столькі, колькі варта адзенне на нас, мэбля ў нашай кватэры. Дапусцім, што нам пашанцавала: ёсць асабняк у Зялёным урочышчы, легкавая машына, грашавітая пасада, багатыя апраткі і ўсё такое, скажам, на два мільёны. Нам безупынна прыбывае, і мы купляем тое ж дзецям, у рэшце рэшт каханкам... Ну, накупілі! А грошай тых больш і больш, бо мы ўсё жывём. Што далей? Будаваць вілы і дарыць машыны сваякам, сябрам, знаёмым, або і чужым, першым лепшым, што сустракаюцца на вуліцы? Чаму? Каб чыніць дабро? Або — каб абцішыць сумленне, што ў нашым багацці ёсць і іх праца? Яны ж могуць і не ведаць, што багацце — гэта праца іншых, якую ты бярэш сабе паводле правілаў грамадскага сужыцця...» Ішла побач.

— Так, грошы — гэта яшчэ не ўсё... Як бы ў адказ, яна зірнула на яго з сяброўскай пакеплінкай.

— ...У нашай вёсцы, апавядалі, да вайны адзін прыехаў з Амерыкі. Ён навёз грошай — спадчыну па заможнай жонцы, якая там і памерла. Тут яго долары былі немалым капіталам, і ён зайздросна разбудаваўся. Думаў нанава ажаніцца, але ўзяў ды распіўся, разгуляўся. У нядзелі, бывала, выкупляў ён запас гарэлкі, якая была ў краме, і паіў усю ваколіцу. Пасля наймаў,— улетку! — сані, на якіх ездзіў па гасцінцы. Прапусціў усё праз горла, прапіў будынкі, хату і пачаў парабкаваць у суседнім двары. Яго бацька быў парабкам, і ён стаў парабкам...

— Дурань: мог бы выцацкаць сабе рай!

— Хто яго ведае... Знамянальнае тое, што калі ён пайшоў у найміты, то перастаў запіваць, узяўся жыць найзвычайна. У гэтым нешта загадкавае, тайніца чалавека ў чалавеку.

Яна змоўчала.

Андрэю свярбела сказаць: «Калі наконт чагосьці ўсе аднолькава думаюць, дык гэта павінна насцярожваць, выклікаць недавер».

Гэта было б залішнім. Яна і без таго незаслужана саромелася. Ён, яксьці павесялелы, разглядаўся сюды-туды, як бы шукаючы, з кім змястоўна дадумаць, мазгавіта, учэпіста... (У тэхнікуме не было ваганняў у тым, што перад усімі светлыя гады. Пабеленыя сцены класа, як экран у кінатэатры, усмоктвалі ў сябе падараслелую маладзеччыну. Песімістычна чарнела толькі сметнічка ў куце.)

А яе доля красавалася асабліва цудоўна — з апельсінавым пахам. I няхай бы хоць раз дадзена Андрэю магчымасць наведаць яе ў той дзень, калі муж выбудзе ў шакаладную камандзіроўку... Адзінюткі раз пацалаваць яе — з хлапечай зачараванасцю.

«Як жа нямнога яна дабілася ад лёсу! А ці ж мала? А я — ці даў бы ёй тое годнае яе? Ого, вяду падлікі! Зарана, брацец, зарана... Дакучае мне стрэмінка жалю — не жалю... Не выракаюся мараў? Заключаю здзелкі з неабходнасцю, з затоенай гатоўнасцю выхапіць ад яе самім выпеставанае. Ці гэта не так? Я чымсьці глыбока незадаволены... I мая незадаволенасць, быццам зубны боль, то гасне, то ўспыхвае...»

— О, тут і развітаемся, — сказала яна. Спыніліся ля скрыжаваяня артэрый. — Табе — куды?

— Туды, — махнуў рукою. «Зайду дамоў і знармальнею, разыдземся і наўрад ці калі зноўку сустрэнемся? — Але я пастаю ды пагляджу, як ты пераходзіш цераз вуліцу», — засмяяўся ён з палёгкай. — Ты ж маці, жывеш не для адной сябе.

Перайшла — і Андрэй рушыў у сваім напрамку. Азірнуўся, і яна азірнулася ў тую ж хвіліну. Памахала яму па-старасвецку, нечым сінім. Адказаў ёй.

I тут перад Андрэем мільганула постаць, быццам выліты капітан. Досыць самавіты мужчына з партфелем дабег: да ступенек аўтобуса гарадской камунікацыі і паспеў увайсці ў яго. (Калі б цяпер забралі Андрэя ў камісарыят, дык ён там вёў бы сябе куды ганаровей!)

...Гаспадар кватэры, на якую стаў Андрэй, калі хадзіў у сярэднюю школу, неяк насварыўся на яго (маці прасіла наглядаць над сынам).

— Кажаш, што ў цябе ўсё ў лад? Дык чаму гэта двойкі завяліся?! Кажаш — не ацэнкі важныя, але інтэлект. Не кеміш, што без добрых адзнак ніхто не паве рыць у твае веды! Патрэбны — дыплом.

Андрэй слухаў, бы гультаяваты рэферэнт.

— Ты павінен адказаць сабе на пытанне, нашто, дзеля чаго вучышся?. Чаго спадзяешся ад вучобы? Ці адных ведаў? Не, даражэнькі, не толькі. Заканчэнне школы з'яўляецца ўмовай намеранага табою выйсця ў людзі. Скажу табе больш таго: ісці ў школу — гэта ўсё роўна, што паступіць на раббту, значыць, прыняць устаноўленыя грамадствам правілы жыццёвай гульні. А гуляць, паслухай, можна дрэнна і добра, безнадзейна і выдатна. Што самае важнае ў ёй? Вынікі! Рэзультаты! Аднак, не такія, як ты думаеш, не ўласныя. Такія, што будуць табе прызнаны іншымі. Табе! Прызнаны! Галава твая варыць? Ну, час ужо... Гібель той школе, у якой вучні ставяць сабе пяцёркі, як гібель той фірме, дзе дырэктар самому сабе прызнае ўзнагароды, медалі... Прамова яго гучэла, як байка.

Знайшоўшыся ў пакоі кватэры, Андрэй усеўся ў крэсла курыць.

На дварэ сыпаў снег з дажджом. Пагода загнівала. (У непагадзь блага малоціцца авёс. Павільгатнелы, ён не паддаецца цэпу. — Нашто марнуеш яго?! — павучае бацька. — Якая гэта табе халера, што ўзяўся ты малаціць у гэткую зліжнечу?! Булава ты! Лепей во нарэж сечкі жывіне, з канюшынаю — на тыдзень карове і авечкам, чуеш?..)

Ад балкона падпаўзаў холад.

Сняжынкі, быццам пух малачайніка, сцякалі з ручаінкамі. «Павер: век нічога не даб'ешся, калі не палічышся з тымі правіламі», — не сціхала гаспадарава павучэнне.

Андрэй ходзіць на шпацыр, на паўгадзіны і перад сном. Запатрабаваў таго лекар. «Нядобра з сэрцам».

«Вось яно як, — занепакоіўся ён і зараз. — Пажыву год, два, пяць, ці мо ўсяго гадзіну!» — Андрэй перайшоў вулачку, ля якой смярдзюкавала бензінавая станцыя, запраўлялі машынў з прычэпаю, гружаную. Ад яе адкалоўся нехта.

— Андрэй! Здароў. Андрэй! «Хто гэта?»

— Але і пастарэў ты! — Андрэй вытрэшчваўся: «Адкуль ён ведае мяне?»

— Як маешся? Дзе працуеш? Ды наогул скажы, што ў цябе?

— Старыя беды, — адказваў. — Без зменаў, як на рэнтгенаўскім клішэ. Дзякаваць Богу, няма рака...

— Пісалі ў газеце, што рак — гэта вірусная хвароба, магчыма заразіцца ёю...

«Чаму гэта я не магу ўспомніць яго? Мы недзе стыкаліся... Так, я рабіў з ім! Гэта ж той тэхнік, які кіраваў рамонтамі будынкаў», — атрымаў Андрэй у яго брыгадзе пасаду рэферэнта па будаўнічых матэрыялах. Вытрымаў з ім каля чатырох месяцаў.

— Бачу, ты кінуў тэхнікаваць і шафёрыш. Жываціска тваё як — п'е?

— Ой, і не кажы! А небяспечна, бо швэндаюся я па міжнародных маршрутах: Італія, Балканы. Тэхнікам быў — гады марнаваў! — пыхлівеў той. — Мо хто з нашых сяброў збіраецца ў Гродна? Га?

— Не.

— Там прадаюць бальзам Шастакоўскага, — прысмутнеў шафёр.

— Зашмат хлепчаш піва.

— Цягне да яго, халера! Ну, горай, чымсьці да бабы, гы-гы-гы...

— У броварных кадушках, кажуць, плаваюць утопленыя пацукі...

— Выдумляеш, — і змяніў тэму. — Я ўжо не п'ю.

— Калі так, дык, во, чаго цябе нясе да піўной будкі?

— Паслепацець прыемна, як насцёбваюцца, балванеюць, спатыкаюцца, а я ганаруся тым, што і ў губы не бяру...

Ён наапавядаў Андрэю пра нейкія брыдоты, пра якіхсьці разбэшчаных, ад вайны прылюдных жанок у мястэчках ля аўстрыйскіх магістраляў:..

...Тады ж, кіруючы рамонтамі, ён краў цэмент, а Андрэй выпісваў фальшывыя квіткі.

Цэмент перлі за Беласток, у хляўчук каля Дайлідаў, і там адступалі яго пузатаму ўласніку фермы, у якой гадаваліся лісы. Ён даваў паўцаны і пахвальваўся, што хутка пабудуе сабе аднапавярховы дом. «Бывайце, дэмакраты, някепскі з вамі гешэфт», — пад'юджваў пузач. А гэты тэхнік хіхікаў. Ён нас не любіць, утлумачваў яму Андрэй. Няхай ён пацалуе мяне ў азадак, адмахваўся тэхнік. I дадаў аднойчы, што таўстач у акупацыю і пасля яе нажыўся на рабунках пад выглядам удзелу ў якойсьці палітычнай арганізацыі, контры. Мы крадзём у яго карысць, крывіўся Андрэй. Што ты вярзеш, пасмейваўся тэхнік. Хіба ты, Андрэй, не бачыш, колькі яму гадоў, а колькі ягонай, боскай, жоначцы? Гэта ж ёй багацтва застанецца. Гожым кабеткам трэба дапамагаць, ха-ха-ха... Зрэшты, мы не памяншаем нацыянальнай маёмасці: не валачэм за межы дзяржавы, хі-хі-хі...

Неяк завезлі мяшкоў з пяцьдзесят. Тоўстага якрз кудысьці панесла, і прывітала іх жанчына рэдкай прыгажосці. Аднак жа і ў яе позірках учувалася нешта лісінае. Прыкра было глядзець у цудоўны твар, знявечаны хітрасцю. Прывезлі мне шакаладак, запытала ў тэхніка. Мы жывімся толькі клопатамі аб шаноўнай пані, выдурніваўся той перад ёю. Ну і як — смачныя яны? Гаспадара няма? — пацікавіўся тэхнік, як бы не дачуўшы яе. То і добра, што няма: патаргуемся з гаспадынькай. Андрэй, — загадаў, — пільнуй тавару, і міргнуў, бы на вясковай забаве, калі выводзяць дэяўчат у ноч. Нікога не падпускай, Андрэй. Не падпушчу, патрапляў яму ўслова і пасочваў, як той, крок у крок, церабіў за ёю.

Неўзабаве ён клікнуў Андрэя і шафёра. Хадзем, хлопцы, прахліснем па стопцы. У кухні засцілалі стол, і служанка смажыла яечню. Матавела бутэлька самагонкі.

Паднялі тост.

Ой, я п'яная, я п'яная, млела пані, і яе лебядзіная шыя па-прасцяцкў буракавела. Я таксама хмялею, вяльможная, уторыў тэхнік. Панове, пастаўлю вам музыку, песні Вярцінскага, — і не зрушылася з месца: Я настаўлю, мілая пані, тэхнік зіркнуў на Андрэя. (Андрэй устаў і запусціў радыёлу, у якой заскрыгатала мелодыяй.) Спаілі вы мяне, бессаромнікі, і цяпер зробіце са мною што захочаце, — яна паправіла прычоску, вялым жэстам. О, пані, са мною тое ж самае, падсядаў да яе тэхнік. Ну-у-ууу, — адсядалася ад яго. Грэх, гэта грэх, гэта вялікі грэх, мілая мая, так скупіцца і ўсенька хаваць свайму мужу, — тэхнік абняў яе, прыціснуў правай рукой. Ой, — віснула, — не будзьце таквеле лакомымі на чужы тавар. А гэта наша спецыяльнасць. Мала вам мяшкоў з цэментам? Мала, мілая, а прытым — тавар патрэбна ветрыць і крапіць, каб не засох і не сцукраваўся, — ён мацнуў яе. — Не сцукруецца, не дазволіце, — не баранілася яна, памутнелая. — Ясна, што не. Мы — спецы...

Андрэй і шафёр падаліся на ганак. Служанка — ля хлеўчука — карміла свіней.

Недарэчнага мае яна мужа, калі пры мужчынах так загарэлася, хоць ты яе палівай, — заўважаў шафёр.

Ён дубасіць яе ў белы дзень, сцвердзіў пра тэхніка Андрэй.

А калі ты хочаш, каб ён гэта з ёю? Уночы, за плячыма таго сапуна? Цверазелі.

Адчуўшы сябе няёмка, і як бы на тое самае тэхніку, звалілі груз пад сцяною. I буркліва ад'ехалі.

Але ён не дакараў іх. Наведваўся ў Дайліды адзін, пакуль не з'явіўся адтуль з падбітымі вачыскамі. Трохі пакепілі з яго і адчапіліся.

— Уяві сабе, што ўжо нікуды яне кратаюся. Прызвычаіўся, — пагаворваў яму Андрэй. — I да мяне таксама. Чалавек — не жывіна, усюды прыжываецца...

— Ты, брат, парахнееш. Абрастаеш мохам, бы той ляжачы камень. У цябе філасофія «жвачкі», каровы, якая праходзіць на тым жа выгане.

— Чаго!

— Трэба паганяць свой час. — Адышліся яны ад машыны. — Нокаць! Ну, бывай, заўтра мне быць у Будапешце. Калісьці ізноў пагутарым... Да пабачэння, Андрэй, — пабег, у расхлістанай куртцы.

«На якога чорта я наткнуўся на яго!» — Андрэй нацягнуў рукавіцы. — Нагаварыў, нагаварыў і памчаў сабе ў Будапешт! Усё роўна як бы цуд... Шахар-махар — і ўжо няма яго. Як гэта ён дастаўся на тыя міжнародныя маршруты?»

Брудныя будні.

Ад рання да вечара крапаціць дождж са снегам, з манатоннай надакучлівасцю. У адзін з гэтакіх вечароў наведаў Андрэя сябра з работы. Ён звычайна прыносіў дробязныя звесткі.

Дзесьці трубілі на пажар.

Удвух яны вялі неістотную размову. От, каб не маўчаць...

Некалі Андрэй пагневаўся на яго за інтэлектуальную пагулянку на тэму бяссэнсіцы жыцця і свету. Назваў яго тады хатнім філосафам. Гэта спрэчка паміж імі, фактычна сварка, да якой дайшло, была тым болей непрыемная Андрэю, бо ён яшчэ не адчуваў гаркаты ад перажытага, не разумеў, што кожны чалавек бывае не тым, кім хацеў бы ў жыцці сваім быць. Бывае тым, кім дазволена яму быць.

Да хатняга філосафа:

— Ты не ў гуморы?

— Так. Выбачай, але так...

— Здарылася што?

— Не, нічога.

Хмары выныралі з па-за ваяводскага суда, надляталі і знікалі ў куце акна. Кроплі дажджу марудзілі на прасторных шыбах. За імі, уздоўж тратуара, ехаў безнадзейны вазак, чырванеў ад цярплівасці. Сноўдалі людзі. За сцяною, у суседа, ігралі на рускай сяміструннай гітары, і ад гэтага іграння было невыносна на душы.

— Усё-такі нешта здарылася? Сябра расказаў Андрэю сон.

— Не магу апамятацца! — прызнаваўся. — Сон гэты растварыўся ў маіх жылах, у крыві. Ператварыўся ён у дрыжыкі нерваў, — апусціў галаву, нялюдска засаромеўшыся.

— Табе прысніліся пачуцці, — наступны сказ Андрэй толькі меўся сказаць: «Да мяне таксама прыходзіць мая Кіра». — Так, пачуцці. Гэта яны! Мабыць, дакладней будзе сказаць, што сніўся табе сум па гэтых пачуццях...

— Андрэй, я не бачыў яе дваццаць гадоў! Я ўжо не памятаю — ні твару яе, ні вуснаў, ні вачэй, ні шчок — нічога! Нават не ўяўляю яе шыі, рук, грудзей... Калі я кахаў яе, яна была яшчэ вучаніцай сёмага класа пачатковай школы. Дзіцём! Здавалася тады — не дачакаюся, загіну ад смутку, пакуль яна закончыць сярэднюю школу! Думаў, украду яе — з дзевятага класа, па-бандыцку схаплю на вуліцы і, звязаўшы, завязу ў нейкую глухую леснічоўку і там, днямі ды начамі, буду стаяць перад ёю на каленях, плакаць і маліць аб прабачэнні. I прасіць, каб пакахала мяне... Я быў гатоў на самы геройскі або разбойны ўчынак, калі б быў упэўнены, што за гэта яна хоць прыхіліцца да мяне — калі не з каханнем, дык, прынамсі, са спачуваннем... Так. Нядаўна, у фае тэатра, я ўгледзеў жанчыну, якая аказалася надта падобнай да яе. Яна не была ёю, не. Я потым пацікавіўся цераз знаёмага... А падобная, ведаеш, чым? Голасам! Я памятаю голас яе. Ну, і агульнай прыгожаецю была падобная... Аб чым гэта я хацеў табе сказаць? Ага, я ўцёк! У туалет. Баяўся, каб не самлець. Не, не таго я забаяўся... Аб чым мы маглі б гаварыць — я з ёю? Як ты, Андрэй, мяркуеш? — філосаф перавеў дух.

— Сапраўды, — здзівіўся Андрэй — Ты, відаць, кахаў ідэю яе прыгожасці... Самой жа яе не ведаў...

На дварэ вечарэў вечар.

Пагода валацужылася па задворках, шмыгала паміж дрэвамі, калюжылася.

— Час дамоў, — схамянуўся філосаф.- Засядзеўся я ў цябе, Андрэй, — ён дастаў пузаты кішэнны гадзіннік, каб не паглядзець у вочы Андрэю. - Ого, набліжаецца шостая! Дзе мой плашч? Дзесьці тут я клаў яго...

— Правяду цябе.

— Не трэба, застудзішся.

— Не думай, што зраблю гэта бескарысліва. Лекар раіць мне многа хадзіць. Сэрца, браток, задумала пахварэць.

— Мне трэба хутка...

— Во, во, лекар казаў мне хадзіць многа і хутка! Выйшлі, як выходзіць двух, каб пасварыцца без сведкаў.

На тратуары знаёмыя кланяюцца знаемым, камічна ветлівыя або камічна годныя сябе, занятыя сабою або бесклапотныя.

Філосаф пачаў гаварыць пра блізкае, пра тое важнае, з чым, мабыць, і зайшоў да Андрэя.

— Пойдзем сюдою, — Андрэй звярнуўу завулак, у якім — непарамантаваныя камяніцы, вывіхнуты брук і пакалочаныя каштаны. На бетонных сходах сядзеў, паўлежачы, п'яны мужчына, падпіраючыся акалелымі рукамі. Мармытаў і пасміхаўся да самога сябе.

— Калісьці ты, Андрэй, пытаўся мяне, чаму гэта я, інжынер, не пашукаў сабе болей адпаведнай работы? — філосаф разгаварыўся зноў. Ён лічыў, што ягонае жыццё з'яўляецца павучальным прыкладам. Тады сказаў ты мне, што з маімі кваліфікацыямі, дасведчанасцю і так далей, не ржавеў бы на гэтакай пасадзе, не сядзеў бы на ёй нават аднае гадзіны! Даволі, казаў ты, пачытаць аб'явы ў газеце, каб выбраць сабе адпаведнае...

— Ну так, — згадзіўся Андрэй: «Выкладвай, гэта цікавіць мяне!»

— Разумею цябе, але ты не разумееш мяне. Гэта так. ..Мне ясна, што здольнасць разумець што-кольвек залежыць ад канкрэтнага вопыту чалавека.

— Трапна ты гэта прыкмеціў, — пахваліў Андрэй. Побач з імі прайшлі студэнты, шпарка і спрачаючыся.

— Дзякую.

— Гавары далей, бо я цябе пакуль не надта разумею...

— Дай сабрацца, падыхаць свежым паветрам... Чамусьці зрабілася неспакойна наўкола.

— Я не казаў табе, Андрэй, што давялося мне, — так, давялося!.. — займаць высокую пасаду, мо і вышэйшую, чымсьці наш дырэктар. Мілы чалавечак, праўда?

Пасмяяліся — сухімі лісцямі.

Філосаф акрыяў.

— Бывае з чалавекам, што іншыя возьмуць ды саштурхнуць яго ў прорву. Па мне ўдарыў адзін, так з выглядам справядлівага ды з бліскамі адданасці ў вачах. Іншыя дабеглі да мяне пасля, больш дзеля цырку, чымсьці адпомсты за ўяўныя крыўды, якіх заўжды хапае. Узяліся коўзацца па маёй душы падэшвамі ды ра-гатаць, з мужыцкай раздаволенасцю: «Яму авёс у азадак закалоў! Яму вельмі ж ужо добра жылося!» Перапужаўся я не адразу, бо ўсё здарылася нечакана, неспадзявана. Перш чым перапужацца, я пашкадаваў таго паршыўца, якога, на маю наіўную думку, чакалі вялікія маральныя пакуты за ўчыненае ім... Памучаюся, думаў я, дзесьці ў нізінах, і зноўку выберуся на ўласную дарогу, спачатку на сцежку... Міналі гадзіны, упачатку толькі гадзіны. Потым — дні, тыдні, месяцы, кварталы. Урэшце — зімы, вёсны, гады. Шукаў і шукаў я зваротнай дарогі ды ўсё глыбей брыў па нейкай дрыгве па калена! I гэта тады наляцеў на мяне той страх, і пачала мне сніцца мая магіла. Пазбаўлены работы, я спрабаваў прыпыніцца абы-дзе, каб хоць мець за што купіць хлеб на снеданне і макаронаў на абед. Прытым не пераносіў той асаблівай бяздзейнасці, якая нагадвае маё ўяўленне аб турме. Цягнула мяне да людзей, і адначасова пачынаў я моцна баяцца іх. Гэтага табе, на шчасце, не зразумець. I таго, што схаванае за маімі словамі...

Няёмка. Гаварыць з ім — усё роўна што сядзець ля пасцелі невылечна хворага.

— Трэба ўсяго паспытаць... — гэтак Андрэй.

А ён:

— Ты не абдумаў сказанае, — яны выходзілі ў стары парк, што ля медыцынскага інстытута. — Не кожная дасведчанасць развівае чалавека. Часам — знішчае яго, затоптвае!

«Божа мой, як ён ные! — пазяхаў Андрэй. — Гэта ж трэба быць разлезаю або вераб'іным гультаём, каб трапіць у такую паняверку. Або хварабліва выгодным! Трэба быць падшытым баязлівасцю, няздольным да цвёрдай пастаноўкі справы... Яксьці не верыцца ягоным словам. Яго, звычайна, перамагае жыццё. Гэта так!»

— Слухай, — адказаў яму Андрэй. — Будучы на тваім месцы, я пайшоў бы ў пасрэдніцтва, працы і там выбраў бы сабе адпаведную работу. На халеру ты змагаўся з тымі, што кусалі цябе? Нашто ўмацоўваў іх зацятасць?

— Андрэй... Андрушка! — бяссільнеў хатні філосаф. — У пасрэдніцтве працы я атрымоўваў накіраванні на работу. Але яны аказваліся бязвартаснымі! Кожная ўстанова мае права падбіраць сабе асабовы склад работнікаў... Я пачаў сам пісаць просьбы ва ўстановы, якія змяшчалі ў газеце аб'явы аб запатрабаванні на слецыялістаў. Узяўся шукаць сувязі. Я зрабіў класіфікацыю сваіх размоў наконт работы. Вось табе адмова прыняць на работу, утрыманая ў высокай танацыі, якую я назваў бы АДМОВАЙ ВЫШЭЙШАГА ГАТУНКУ. Цытую: «Шаноўны пане, сорамна нам прымаць вас на такую работу! У вас жа высокія кваліфікацыі, вялікі капітал ведаў, надзвычайная культура. Вы ў нас безнадзейна патраціліся б... Хвілінку, спрабуем вам дапамагчы». Начальнік, з якім вяду гутарку, звоніць да знаёмай яму высокапастаўленай асобы, пра якую вядома, што яе няма на месцы, што яна знаходзіцца недзе над возерам, у водпуску. Не дазваніўшыся, кажа мне, што пазвоніць яшчэ заўтра і што я павінен быць добрай думкі, не падаць духам, чакаць... А цяпер паслухай АДМОВУ СЯ-РЭДНЯГА ГАТУНКУ: «Пане каханы, прыкра нам гаварыць аб гэтым, але — пасрэдніцтва працы дрэнна накіравала вас: мы ж прасілі спецыяліста...» Начальнік, з якім вяду гутарку, называе сумежную спецыяльнасць. А вось АДМОВА НІЗКАГА ГАТУНКУ, НІЗКАПРОБНАЯ: «Ну так, пане, але чаму вы пакінулі папярэднюю пасаду? У нас жа такая самая! Больш таго — у нас дрэнныя ўмовы работы, значна горшыя за тыя, што вы мелі на сваім папярэднім месцы работы...» Начальнік, з якім вяду гутарку, хітра жмурыць заплыўшыя вочкі. Здараліся звычайныя АДМОВЫ: «Пакажыце, калі ласка, вашу характарыстыку, выпісаную вам у папярэднім месцы работы. (Начальнік чытае характарыстыку.) Ага, значыць так! Не прымем вас! Дайце накіраванне...» Начальнік, з якім вяду гутарку, піша на бланку пакіравання: «Кандыдатура нам не адпавядае». Пад папісаным ставіць імянную пячатку і выкручаста падпісваецца, прыгожа. Яшчэ прыклад АДМОВЫ МАХЛЯРСКАЙ: «Вы хочаце ў нас працаваць, так? Вельмі добра! Зайдзіце, калі ласка, заўтра». Назаўтра іду да гэтага начальніка, каб пачуць: «Ведаеце, шаноўны пане, тут здарылася нейкае непаразумленне... Мы, аказваецца, ужо прынялі чалавека на гэты штат: Пасрэдніцтва працы павінна было ведаць аб гэтым...»

Пасля кожнай такой або падобнай адмовы ў пасрэдніцтве працы абураліся і пісалі чарговае накіраванне, кажучы: «У гэтай установе, куды накіроўваем вас, напэўна будзеце прыняты на работу. Адтуль ужо колькі разоў званілі з просьбай накіраваць ім кандыдатуру...»

Я заходзіў у сваю галаву аж да самых пятак, чаму гэта не хочуць мяне? Чаму гэта пошукі работы пасля таго, як цябе пазбыліся з папярэдняй, з'яўляюцца пракляццем?.

Андрэй адчуваў, як халадзее яму нутро. Заклаўшы рукі на спіну, ён ліхаманкава сціскаў пальцы, каб разагрэць іх. Дажджавыя хмары гналіся экскадрыллямі, вецер зрываў галаву.

Перабіў філосафа, запярэчыў:

— Ты перабольшваеш... Пляцеш нешта неверагоднае, — гэта было сказана мо болей самому сабе, чымсьці яму. У пачуццях Андрэя прасвечваліся пачаткі ўпэўненасці ў тым, што ўсё, аб чым гаворыць яму гэты пааббіваны чалавек, з'яўляецца праўдай. I выказвае ён яе таму. што перастаў баяцца, а нават ужо зрабіўся абыякавым да свайго лёсу. Гэтакая абыякавасць нараджаецца ў сэрцах тых людзей, якіх пазбавілі надзеі. Быццам у пенсіянераў.

Ён крыху як бы не пачуўшы Андрэя, зноў загаварыў, каб закончыць:

— Каторагасьці дня я зразумеў: мяне баяцца! Ці толькі? Тая процьма начальнікаў, з якімі даводзілася гутарыць, магчыма, бачаць за мною нейкі хвост з нечага страшэннага. Ён валачэцца, і няма адважных адсеч яго? Відаць, думалі: «На халеру мне гэтакі супрацоўнік?!.» Разумны, на іх думку, не будзе хадзіць над прорвай, каб дурні сапхнулі туды. ёсць сэнс падаць руку такому, які ідзе пад гару, угору! З такім і самому лягчэй. А гэтакаму, які скочваецца ўніз, не падавай рук, бо яшчэ пацягне цябе за сабою. Ты, чую, не верыш мне? Ну, не вер. Тваё на гэта права.

— Чаму ж? — шчыра ўсхваляваўся Андрэй. — Веру табе.

I сапраўды, паверыў філосафу. Махлярства, наогул, адчуваецца скураю.

— У цябе ёсць час?

— Калі б яго ў мяне не было, не праводзіў бы цябе.

— Хадзі да мяне, дам пачытаць дзённік. Я вёў дзённік — дзеля цікавасці, дзеля магчымасці параўнаць... Ну, хадзем да мяне. Хадзі!

«Патрэбны мне твой дзённік, як бязногаму абутак», — курчыўся Андрэй.

— Мне няма калі заходзіць да цябе, — раптам пачаў круціць. — Я пачакаю на вуліцы, а ты прынясі мне гэты дзённік. Так будзе хутчэй. Заўтра аддам табе яго...

— Як хочаш, — філосаф знік у цемені пад'езда, засмечанага, з кашэчымі піскамі.

Атрымаўшы ў рукі дзённік інжынера, Андрэй гартаў яго ўжо ў пасцелі, паўсонны. Чытаў да позняй ночы.

«8 верасня.

4 верасня пачаўся мне 35-ты год. Быў мілы абед...

Удзень я быў абавязаны заявіцца на дзесятую гадзіну ў Камісію па кантролю кадраў. Допыт і спісванне пратакола зацягнуліся да паловы другой гадзіны. Данёс на мяне А., былы сябра. Чаму гэта даносы пішуць пераважна былыя сябры?»

Андрэй з жахам падумаў пра свой нядаўні арышт! Быццам атрымаўшы ананімку, ён ліхаманкава аглядваў у памяці людзей, якіх паспеў палюбіць. Не, на думку Андрэя, гэты інжынер нешта блытае... ён, відаць, ніколі не меў сяброў. Яму, як і капітану, сяброўства здаецца ўсяго істотным правілам гульні ў штосьці. У жыццё?

Усё, зрэшты, магчыма, сумняваўся Андрэй. Магчыма нават і тое, што мы наўмысна жалімся на сяброў, бы маці на дзяцей, без якіх жылося б ёй усё-такі беспатрэбна.

«14 верасня.

Маё самаадчуванне наогул дрэннае. Па маёй дурной галаве ўсё яшчэ гойсае здзіўленне тым, што шчырасць з'яўляецца надта небяспечнай чалавеку!

15 верасня.

Расказаў я Шурку пра данос на мяне і даў яму прачытаць напісанае мною ў адрас Камісіі тлумачэнне п. з. «Сімптомы абвастрэння становішча ў прадпрыемстве ў сувязі з пагаршэннем умоў бяспечнай працы». Шурык схіляецца да таго, што я прайграю гэту сваю бітву з паезуіцелым бюракратызмам.

Увечары — дыспут з Казікам; чыталі, уголас, Леніна — «Апошнія пісьмы і артыкулы».

Якую ж прыняць тактыку ў зносінах з дырэктарам? Трэба маўчаць. Калі не ўмееш гаварыць з карысцю, дык маўчы, быццам уквэцаўшыся!

27 верасня.

22 верасня напісаў я «Інспірацыі...» — як дапаўненне да «Сімптомаў»...», паставіўшы заднюю дату ІЗ.ІХ., каб выглядала на тое, што чакаў я зручнага моманту — асабіста ўручыць гэта старшыні Камісіі... Адтуль пазванілі мне ў панядзелак, каб з'явіцца да іх у сераду, але я выкруціўся важным выездам, адмовіўшыся такім чынам ад яшчэ адной прыкрай гутаркі. Залежала мне на тым, каб перш прачыталі там мае «Інспірацыі...».

Чамусьці не магу пазбыцца ўражання, што мае тлумачэнні нікому не патрэбныя, што ніхто імі нават не пацікавіцца...»

Тлумачэнпі... Уласна кажучы, што гэта? Андрэю зрабілася да болю ясна тое, што тлумачэнне і апраўданне, як тыя дзве непаралельныя лініі, скрыжоўваюцца на міг з сабою, даючы супольную вартасць, каб ізноў разысціся і ўжо не наблізіцца да сябе. Той, хто дае тлумачэнні, бярэ на сябе віну, сваю або чужую. Як гэта незмог зразумець таго інжынер?!

«28 верасня.

Дапытвалі мяне ад дзесятай да дванаццатай гадзіны з мінутамі. На працягу дзесяці хвілін — на такі час выправадзілі мяне ў хол — сфармулявалі супраць мяме дзівоснае абвінавачанне: я беспадстаўна аплёўваю дырэкцыю! Дзе? У прыватным пісьме, якое перастала быць прыватным ад моманту, калі К. даў яго пачытаць А.

Чатырнаццатая гадзіна трыццаць хвілін. Выклікае мяне галоўны дырэктар і, у прысутнасці загадчыка аддзела кадраў, уручае мне звальненне з работы.

Першым чалавекам, якому паведаміў я аб усім, быў Піліп, мой колішні настаўнік.

2 кастрычніка.

Сёння спрабаваў я перанакіраваць цэлую гэту справу так, каб фармальна выглядала, нібы гэта я, па ўласнай просьбе, пакідаю работу.

Думаю ўладзіцца так, каб мець шмат часу на доследныя заняткі, аб якіх здаўна мару!

Немагчыма многа зарабляць і, адначасова, рабіць нешта карыснае грамадству.

4 кастрычніка.

Гутарьіў з Р., ад дзесятай дня да паловы дзевятай вечара.

Калі я вяртаўся дамоў, падумалася мне, што не так цяжка пагадзіцца з чужымі рацыямі, калі яны не пярэчаць твайму жыццёваму становішчу. Не б'юць па нагах!

8 кастрычніка.

Паслаў пратэст у Цэнтральную. Дзеля формы.

Дапаможа мне гэта, праўдападобна, так, як дзяўчыне, аб якой зайздросны кавалер гарлапаніў на музыках, што яна курва! Тое, што здарыцца публічна, немагчыма выкрасліць з людскай памяці».

Андрэй пайшоў у кухню напіцца гарачага чаю. Мыючы шклянку, ён засмуц'іўся тым, чаму (чым?) гэты дзённік наводзіць на яго гняўлівасць? Нават не гняўлівасць, а нейкі неспакой — такі настаўніцкі, калі вучань дрэнна адказвае зададзены ўрок. Вучань, вядома, потым вызубрыць правільны адказ, але гэта ўжо рэдка пераконвае яго ў выказваемай ім праўдзе. Лічыцца — першая, няхай сабе і фальшывая. Андрэю ў школе здаралася такое даволі часта. I хаця атрымоўваў ён канцавыя адзнакі добрыя, заставаўся, аднак жа, ненадзейным; яго не клікалі да дошкі ў час інспектарскіх візітацый урокаў.

«22 кастрычніка.

Сакратарка перадала мне працоўную характарыстыку, падпісаную галоўным дырэктарам.

Гэту характарыстыку ўвечары адаслаў поштаю назад. Дырэктару! Напісаў на ёй: «Вы кпіце з мяне! Дзе ж я знайду работу сабе з такой папераю? Падумалі?»

Сёння ўпершыню зайшоў у пасрэдніцтва працы.

26 кастрычніка.

Захацелася падлічыць установы і асобы, у якіх прасіў я работу. Шмат!.. Ажно трыццаць. I ўсюды, бадзягі, цікавяцца прычынамі майго адыходу з папярэдняга месца работы. Не маімі, высокімі, кваліфікацыямі, але — п р ы ч ы н а м і. Што тут важнейшае?»

Андрэй — як часта ў яго бывала — не адразу зразумеў гэту злосць інжынера. Спачатку яна выдавалася яму дзіцячай, але не зусім наіўнай. Гэткае адчуванне цягнулася ў ім добрую хвілю, пакуль усвядоміў сабе, чаму ён, Андрэй Антошка, усё-такі непакоіцца?..

Прычына ягонага неспакою была ў тым, што на месцы інжынера ўявіў ён сябе! ён не знаходзіў тлумачэння сваёй ранейшай здагадцы, нібы інжынер махлюе: усё тое сапраўды здарылася.

Не ў жарт падумалася, што менавіта Андрэй змог бы зрабіць, учыніць, апынуўшыся ў становішчы інжынера? Ліквідаваць прычыны свайго адыходу з месца папярэдняй работы? Ці можна ліквідаваць нешта такое, што сталася фактам.

Прамаўчаць, дадумваўся Андрэй. Адначасова ўжо ведаў ён, што гэта не так. Па-дурному, бесперспектыўна, — маўчаць. Будучы ў падобнай бядзе, бадай, разлічваў бы ён на фактар хуткасці... Значыць, на махлярства? На той гатунак махлярства, які называецца: утаіць праўду. А паслядоўнасць таго — якая? Паспадзявацца потым на ласку? Не, не на ласку, але на... агідлівасць! Тую агідлівасць, дзякуючы якой, скажам, вужака часам шчасліва ўцякае з-пад бота ўражлівага чалавека.

Бывае, надакучыць быць чалавекам.

Інжынер, хутчэй за ўсё інтуітыўна, пазбягаў самазнішчэння.

«6 лістапада. Застаюся без работы.

Ніколі ў дагэтуляшнім маім жыцці не было так, каб нікому я не быў патрэбен.

7 лістапада.

Валя сказала, што на маё месца думаюць запрасіць М. К. або М. Г.

18 лістапада.

Снілася, што глумяцца нада мною!»

Андрэй працёр вочы: верылася ў глум. Яму — ці мала чаго хочацца! — зажадалася гутаркі з капітанам. Звычайнага дыспуту з ім аб сутнасці глуму і яго формах. Чаму з капітанам? Абразілі Андрэя допытам у тую ноч? Наадварот, той ночы амаль усё закончылася, можна сказаць, у дружбе.

Запрапанаваў бы ён капітану ўтварыць Аддзел па барацьбе з глумам, які павінен быў бы супрацоўнічаць з Аддзелам па справах забойстваў.

Якая ж была б структура Аддзела па барацьбе з глумам?

На гэтакі Аддзел склалася б тры пададдзелы:

пададдзел па справах уяўнай дапамогі — першы і самы важны,

пададдзел па справах уяўнага спачування — як другі,

і — пададдзел па справах разгляду насмешак, (работнікам якога дастаткова было б крыміналагічных кваліфікацый).

Міліцыя, падумалася Андрэю, пераважна спазняецца, кіруючыся правамі, якія зараз мае яна...

«19 лістапада.

Відаць сяброў... На працягу месяца, ад часу майго адыходу з работы, а практычна звальнення мяне з яе, наведаліся: П. па даручэнні галоўнага дырэктара, Г-ш зайшоў дзеля цікавасці, Ц. быў падасланы персанальнікам (сам прызнаўся ў тым), М. у пошуках спадарожніка да невядомай мэты. А сяброў не відаць! Паўсябры, гэта П. і М. Тактыкі!

Сяброў не было.

7 снежня.

Я павінен:

1. Пашукаць сабе незайздросную работу.

2. Не крытыкаваць сваіх высокапастаўленых антаганістаў.

3. Прадумаць магчымасці доследнай дзейнасці.

4. Нічога і нікому не растлумачваць; прыняць позу несур'ёзнага жартаўліўца.

Пужае такая іерархія маіх мэт!

9 снежня.

Учора і сёння адчуваў сябе надзіва добра і спакойна.

Чатыры гадзіны прасядзеў я ў клубе «Сямёрка». Гуляў у шахматы з С, які паабяцаў мне дапамагчы ў пошуках работы.

13 снежня.

Пазаўчора зайшоў я ў Ваяводскі цэнтр гаспадаркі кадрамі, але яго кіраўнік Д. быў заняты. Я дамовіўся з сакратаркай, што пайду да тэлефоннага аўтамата і пазваню ёй, а яна злучыць мяне з Д. Так і было. Д. надта ветліва прапанаваў мне сустрэчу. Я сказаў яму, што шкада на тое часу — прашу звычайнае — дапамогу ў шуканні работы.

Я тут, здаецца, даў маху: калі прапануюць табе сустрэчу, значыць, вельмі хочуць бачыцца з табою!

16 снежня.

Зайшоў да З., сакратара праўлення прафеаюзных арганізацый... Чорт яго ведае, ці можна даверыцца ўрадніку?!»

Хто ідзе з бядою да ўрадніка, той шукае супакаення, разважаў Андрэй. I, пераважна, знаходзіць яго, часовы спакой. Гэта можна прыраўнаць да візіта ў знахара.

У чым жа сутнасць урадніцтва? У бяздумнасці? Так, гэта так, але... У абыякавасці! Так дакладней. Таму: больш ураднікаў — больш гора! Формула закона. Векавечнага!

«31 снежня.

У Варшаву прыехаў у панядзелак, раніцай 28.XII. Да абеду аформіў я дзве скаргі на галоўнага дырэктара за тое. што не хоча ён выдаць мне працоўную характарыстыку згодна з законнымі правіламі».

Андрэй дрыготка павярнуўся на бок.

Адкуль урадніцтва? Якія з'явы спараджаюць уладу ўраднікаў? — вяртаўся да аднаго і таго ж.

Андрэй, ухапіўшыся за гэтыя пытанні, адчуваў сябе так, як некалі ў дзяцінстве, праваліўшыся ў дрыгву (трымаўся за корч, аберуч, і гэта выратавала яго).

Урадніцтва, відаць, пачынаецца ад той шчыліны, што ўзнікае паміж жаданым і магчымым, марай і рэчаіснасцю. Ураднікі з'яўляюцца графаманамі жыцця, людзьмі настолькі глыбока нешчаслівымі, што гэткае пачуццё ў іх пераўтвараецца ў сваё запярэчанне. У тую шчаслівасць, у такі яе выгляд, які лёгка назваць: эгаізм; абыякавасць з'яўляецца тут абалонкаю.

Чым жа — урадніцтва?

...Тыдзень або і паўтара тыдня таму назад скардзіўся Андрэю той жа знаёмец. Паволі набліжаліея да скрыжавання вуліц Электрычнай і Варшаўскай, і тады той, як гэта бывае ў яго, паджартаваў з Андрэя, што ён занадта рана ўстаў — усё роўна, бы імглу з падворка выганяць. Яшчэ нешта сказаў і нечакана разжаліўся. Яму трэба было нечага дабіцца ў свайго начальства, і яго прынялі цэлым кансіліумам, усёй бандай, як сказаў ён Андрэю.

Начальства слухала таго знаёмца і перабівала яго, усё не дазваляла закончыць сказанае. I знаёмец тлумачыў сваё падрабязней і падрабязней. Гэта цягнулася, відаць, настолькі доўга, што знаёмец пачаў апраўдвацца перад начальствам. Ён і сам не заўважыў таго, як гэта пачаў апраўдвацца. З тлумачэнняў саслізнуўся ў апраўданні! З яго ўжо падсмейваліся, яго пераставалі слухаць і паклікалі сакратарку, каб нарыхтавала кофе, гарачае, па паўшклянкі кожнаму. Гэта збянтэжыла знаёмца Андрэя, ён паглядзеў на ўсіх вачыма нянавісці, ад якой хутка пасыпаліся б з іх слёзы плачу, непрыстойнага для мужчыны. Што было рабіць? Які смех выклікаць у сабе, каб выйсці, не шкадуючы адвагі, малой адвагі, такой маленечкай, што аж чалавечнай? I ўявіў, што начальнікі яго сядзяць на начных гаршчочках, нават дзіцячых. Сядзяць ды забаўна стогнуць.

Начальства кпіла. I раптам, на іх вялікае здзіўленне, ён зарагатаў, не прыраўноўваючы, як дурны Ванька з-пад Рахавіка або Бронісь. Схапіўся за жывот, дастаў з кішэні насавую хустачку, цёр далонню карак, дрыгаў...

Выплакаўся ў туалетнай.

Так яму і трэба, гэтаму знаёмцу!

Андрэй перастаў хадзіць па пакоі і зноў усеўся чытаць дзённік інжынера.

«5 студзеня.

Іду ў пасрэдніцтва працы».

Яму — ірытаваўся Андрэй — у пасрэдніцтва працы? На гэты рынак бяздарнасцей?! Інжынеру няма чаго шукаць там, калі ён сапраўдны інжынер. Магчыма, не ўмеў даказаць сваю патрэбнасць, зрабіць сябе неабходным грамадству? У ім сядзіць шмат ад урадніка, таго чалавечыка, які і сам ведае аб сваёй беспатрэбнасці, і ў крытычную для сябе хвіліну гатоў крычаць перад людзьмі: «Прабачце мне, што я жыву!»

То зноў, успомніўшы пра характарыстыку, Андрэй думаў аб тым, што перастае хоць што-колечы разумець. I ахопліваў яго жах! Яму часам уяўляўся Беласток вялізным зборам гультаёў, які ў невядомай, але блізкай будучыні будзе разагнаны моцнымі ды справядлівымі. Ды не ў гэтым самае страшнае было для Андрэя; не ўмеў ён, праўда, араць і сеяць, але касіць збожжа і малаціць цэпам... Беласток, як горад, быў вельмі лішні!

«11 студзеня.

Падышоў да мяне Лёнік М. Тлумачыў — у кулямётным тэмпе! — неабходнасць дабіцца мною адпаведнай работы. Урэшце паабяцаў ён, што пагаворыць з К. наконт маёй сітуацыі, а К. звернецца ў гэтай справе да Вельмі Важнай Персоны, з якой сябруе...

Пакінуў Лёніку нумар свайго хатняга тэлефона. А 22 гадз. 15 хв. Лёнік пазваніў мне і даволі, загадкава сказаў, што ўсё на добрай дарозе... Я падзякаваў яму за добрае сэрца. I ўсё яшчэ не верыцца мне, што ёсць на свеце такі Лёнік!

12 студзеня.

Чытаючы біяграфію Дастаеўскага, напісаную Мацкевічам, я зразумеў, што пакаранне існуе дзеля пакорлівасці. Трэба праявіць пакорлівасць?!

Хадзіў у пасрэдніцтва; сказалі — за тыдзень мо што і будзе.

13 студзеня.

Зарэгістраваўся ў стаматалагічным кабінеце, а таксама — у неўролага.

Ля магазіна «Далікатэсы» напаткаў Лёніка М. Аказваецца, пан К. круціць, не надта квапіцца ісці да Вельмі Важнай Персоны. Чорт з ім!

У 18.15 пазваніў Лёнік: я павінен сазваніцца з панам К. і асабіста прадставіць яму сваю бяду. Гэта з'явіцца падставай для гутаркі з Персонай. Пазваніў. Дамовіліся сустрэцца ў «Сямёрцы», сёння а сёмай.

Прыхапіў з сабою копію «Інспірацыі...» і пратэстацыі.

Пан К. прачытаў гэтыя дакументы і заявіў, што не з усімі сцверджаннямі ў іх ён згодны.

Што гэта значыць, час пакажа.

14 студзеня.

Я раблюся штораз больш нецярплівым.

15 студзеня.

Паміж 14-й і 14.30 гадз. ваяводскі інспектар працы ўручыў мне афіцыйны адказ, у якім сцвярджаецца, што мая нязгода прыняць першую версію працоўнай характарыстыкі з'яўляецца зусім беспадстаўнай. Глядзеў на мяне, бы на якога злыдня! Жаласліва камічны буфон: памятаю да апошняга ягонага слоўца, як ён быў абураны той характарыстыкай, пакуль, відаць, хтосьці з мацнейшых не прыпыніў яго, не сказаў, каб абсеў... Які гэта з яго інспектар працы?

Ад яго выйшаў я з адчуваннем чалавека, на якога кінулі пажыццёвую анафему.

19 студзеня.

У пасрэдніцтве працы два разы накіроўвалі мяне на работу. Першы раз — на пасаду інспектара самаабароны ў жыллёвай арцелі, дзе аказалася, што гэта павінна быць узгоднена з вайсковым штабам. Другое накіраванне далі мне на пасаду асістэнта ў паштовым аддзяленні № 11 (ля вакзала). Там сустрэў я Марысю X., з якой вучыўся ў пачатковай школе. Зараз яна з'яўляецца загадчыкам аддзела кадраў гэтага аддзялення. Пагу-тарыў з ёю, робячы выгляд бестурботнага аж да ненармальнасці...

Глядзела на мяне, як на нейкага прэзідэнта, які прыйшоў наймацца грузчыкам на складзе дошак!..

20 студзеня.

Пляменнік Лёва К. сказаў маёй жонцы:

— Ты не дазваляй яму займацца палітыкай...

У ягоным уяўленні палітыканам з'яўляецца кожны, хто не паддаецна, каб яму коўзаліся па спіне розныя начальнікі.

Ад гэтых слоў Лёвы сённяшні дзень выдаўся мне засмечаным. I з дэбільнай надзеяй думаю аб тым, што заўтра — таксама дзень, які, мабыць, ніхто не засмеціць мне яго...

21 студзеня.

Быў я ў Сяргея П.: прапанаваў мне працу выкладчыка на нейкіх курсах. Я даў яму пачытаць дакументы ўчыненай мне афёры... Прачытаўшы іх, мы гаварылі ўжо аб перспектывах работы ў якасці стоража.

22 студзеня.

Пайшоў я ў Ваяводскі аддзел пасрэдніцтва працы, дзе прыняў мяне Ж., загадчык (пакой 119). Сімпатычная гутарка. Пан Ж. (пазваніў пану Ц., загадчыку гарадскога аддзела пасрэдніцтва працы, і сказаў яму, каб ён з увагай аднёсся да маіх пошукаў работы.) Ж. гаварыў з Ц. так, быццам ён выпадкова пачуў аб маіх бадзяннях без работы. На развітанне пан Ж. падаў мне руку і сказаў, каб я не быў такі шчыры, людзі з'яўляюцца эгаістамі!

Мая лаяльная інфармацыя аб усім, што здарылася са мною, магчыма, робіць тое ўражанне, што я — безнадзейная прастата, ідыёт!

28 студзеня.

Зноў я ў пасрэдніцтве працы: далі накіраванне на работу ў мясакамбінат. Не прынялі. Дзве гадзіны валакіты!

Увечары дачытаў «Маскарад» Лермантава.

У 22.30 пазваніў Лёніку М. I так, пан К. толькі сёння хадзіў да Вельмі Важнай Персоны, але не ўспамінаў ён пра маю справу. Абмеркаваў яе з рэферэнтам Персоны, нейкім Ш., які сказаў: «Калі дзе ёсць вакансія — званіце нам! Дапаможам, каб не было перашкод...»

Здаецца, дурнем будзе той, хто паверыць гэтым словам...

31 студзеня.

Сёння апошні дзень трэцяга месяца, калі я ўжо без работы.

Чытаю «Малаверных» Путраманта. Нікуды не буду званіць, хадзіць, прасіць, дамагацца, сварыцца...

1 лютага.

Вечар. Дождж, веснавая пагода. Залез у ванну, выкупаўся.

2 лютага.

Пераглядаў чарнавікі сваіх даўніх праектаў добраўпарадка-вання паслуг у горадзе. Неяк па-кніжнаму яны слушныя, неабвержныя.

Чытаў Тургенева «Отцы и дети». Плакаў. Нервы здаюць!

4 лютага.

Юрка В. чуў, як старшыня Камісіі, размаўляючы з кімсьці па тэлефоне, раптам сказаў пра мяне:

— А гэты вар'ят не абціх!

16 сакавіка.

Амаль цэлы дзень прамінуў у пошуках работы. З накіраваннямі ад пасрэдніцтва працы быў на утылізацыйным заводзе, у музеі і ў ППС (спажывецкай арцелі). Пачытаюць маю працоўную характарыстыку і — выдумляюць рознае, каб адчапіцца ад мяне.

17 сакавіка.

Сёння — далейшыя пошукі работы: «Аргед», Электрычны тэхнікум, Кураторыя, школьны сябра Войтах...

19 сакавіка.

I гэты дзень прамінуў на звар'яцелых пошуках работы; перажываю прылівы шаленства!

У пасрэдніцтве працы далі мне накіраванне ў гандаль, на пасаду пастаўшчыка. Не прынялі!

Паплёўся я ў кабінет дырэктара бібліятэкі. Пагутарылі: нічога няма і ў яго. Нараіў мне схадзіць у гарадскі дом культуры... Там пані К. Ш. сказала:

— Не падайце духам, больш годнасці!

Добра табе, баба, так гаварыць, раз ты не зведала той асаблівай гармоніі паміж інтарэсамі справядлівасці і подласці, калі гэта даносчык пачынае цябе вучыць этыцы і маралі...

20 сакавіка.

У 7 гадзін быў я ў Аляксандра К. Выглядае, што ён дасць мне работу: стануся ўпакоўшчыкам у складах, за тысячу злотых у месяц.

Я ўжо згодны і на гэта.

23 сакавіка.

Пайду на работу, зменіцца рытм дня, адчую сябе лепей, знікнуць нервоныя рэакцыі, прападуць комплексы, якімі патыхае ад блізкіх. Не будзе часу, таго часу, які можа забіць!

25 сакавіка.

Сёння працаваў упакоўшчыкам. Заўтра, здаецца, буду рамантаваць старыя скрыні, збіваць іх...

29 сакавіка.

Паеля работы — вельмі добрае самаадчуванне. Нарэшце я ачалавечыўся!

Два разы тэлефанаваў дамоў Сцяпан З. Даведваўся, ці я ўжо маю работу. Першы яго званок, удзень, прыняла хворая жонка; другі, каля 20-й гадз. — я. Ні жонка, ні я не сказалі яму, дзе менавіта працую. Сцяпан З. згадаў, што быў у дырэкцыі, гаварыў з К. і П. (...) Жонка кажа, што пад час першага званка чуўся ў трубцы проста бычыны рогат... У дырэкцыі, відаць, даведаліся аб тым, якую гэта работу я сабе знайшоў... Што ж: той смяецца, хто смяецца апошні!

4 красавіка.

Каля 17-й гадз. першыя веснавыя грымоты, дождж.

Ужо вясна! Лёгка на сэрцы, спакойна на душы, хочацца думаць і думаць, перадумаць усё, ад маладосці.

16 мая.

Работа, якую выконваю, занадта цяжкая для адначасовай разумовай працы: вечарамі засынаю над кніжкамі, не гаворачы ўжо аб пісанні. У нядзелю сплю да паўдня, усё баліць. Выглядаю хворым або тупаком.

Учора — малавеле не забіў скрыняю чалавека! Баюся думаць, як гэта адбылося. Дзіўна: у тую страшную хвілю я не ўстрывожыўся. Горш таго — рассмяяўся!

18 мая.

Загадчыца склада А-1, дзе я працую ўпакоўшчыкам, прымусіла мяне пайсці да дырэктара і папрасіць лепшую работу. Не пытаючы згоды, заказала мой візіт у дырэктара!

Давялося ісці.

Цяжка ісці з просьбаю да таго, каго ты, па праўдзе кажучы, ашукаў.

29 мая.

Каля 10-й гадз. зайшоў да мяне, у склад, сам дырэктар і папрасіў, каб я, пад канец работы, прыйшоў да яго ў кабінет, каб памеркаваць пра маю будучую пасаду інспектара службы бяспекі і гігіены працы. Не хочацца верыць, што вось знайшоўся чалавек, які табе дапаможа. Я, зрэшты, адчуваў сябе ўжо ўратаваным. I раптам гэта нечаканая гутарка з незнаёмым мне дырэктарам давяла да маёй свядомасці ўсе памеры майго ўпадку. Так чалавек ідзе наперад: ад свядомасці да свядомасці.

Ад верасня пачну самастойна працаваць на пасадзе інспектара службы бяспекі і гігіены працы. Зараз вывучаю законы.

Няўжо такім чынам прападзе мой мазоль?

8 жніўня.

Уночы — грымоты і густы дождж: закончылася гарачае ды засушлівае лета.

4 верасня.

Пачаўся мне 36-ты год. Мілыя віншаванні.

Роўна год назад пайшла ў ход афёра.

Афёра гэта памерла недзе пасярэдзіне лета. Усё далейшае ў маім жыцці адбудзецца з натуральным улікам перажытага. Р. сказаў, што ўся гэта гісторыя знішчання мяне ўжо прысохла. Як зялёнае лісце, укладзенае ў кніжку, — дадаў я.

Нарэшце!!!

КАНЕЦ.

Зацемка п. з. «Што здарылася за восень». (?)

Не ўсе даты памятаю. Упачатку снежня давялося пахварэць грыпам (вірус С-2 Ганконг). Напісаў Р. карацюсенькі ліст, разлічваючы, што ён дапаможа мне навязаць сувязі з доследным цэнтрам у Варшаве... Р. зайшоў да мяне назаўтра ж. З тоенай трывогай паведаміў, што цікавяцца ім «людзі» галоўнага дырэктара і што мае прапанову перайсці на работу ў сталіцу (у Варшаве, кажа, пераконваюць яго ў тым, што тут, у Беластоку, ён згніе і сатлее, у гэтай правінцыяльнай глушмані!).

Мне не можа дапамагчы.

Была гэта, здаецца, наша апошняя размова.

Не люблю цяперашняй работы, але застаюся без выбару. У Р. — наадварот! У яго ўсё наадварот, чым у мяне. I чуецца моцна. I ўвесь час ён у палёце, не перажыў нават дзесятай долі таго, што я! Не зведаў ні ізаляцыі, ні матэрыяльнай беднасці, асабліва балючай таму, што датычыць яна маёй сям'і. Наогул сям'і, якой Р., на сваё шчасце, не мае.

Дарэчы будзе тут зазначыць, што ён страціў, дзіўна лёгка страціў здольнасць да бескарыслівай дапамогі блізкім сабе асобам.

Другім чалавекам, з якім адчуваў я патрэбу пагутарыць, быў В. Недзе пасярэдзіне восені, першага або другога кастрычніка я наведаў яго. Неяк праз некалькі дзён пасля сустрэчы з Р.

Ад В. вынес я ўражанне, што яму найбольш залежыць на перамозе ягоных рацый, і то незалежна ад коштаў гэтакай перамогі. В. таксама «мыюць плечы» і таму ён нацэліўся пераехаць на Шлёнск.

Другі раз з В. сустрэўся ў канцы лістапада, калі добра прымарозіла і засняжыла. На тратуары, ля Звярынецкай, прагаварылі мы штосьці звыш гадзіны, пасля чаго застаўся я з пачуццём бязвыхаднасці. Ён гаварыў аб цудоўных перепектывах работы на Шлёнску, і ад гэтакай яго гаворкі. рабілася холадна на сэрцы, душна ў галаве. У ім было нешта з банкрута або аферыста, які ўцякае туды, дзе яго яшчэ ніхто не ведае... Тыповы мужык, які, з кулацкай душою, гатоў заскакаць ад радасці, даведаўшыся, што ў суседа прапаў конь!

Сустрэча з панам Аляксандрам М. Быў Р. і Г. Яны гэта пазнаёмілі мяне з Аляксандрам М., які выклаў нам сваю прыватную тэорыю — за выпіўкай — аб тым, што кожнага чалавека можа спляшчыць каток няўдачы. I чым раней гэта здарыцца, тым лепей, бо яшчэ застанецца шмат часу на тое, каб «набрыняць», зварухнуцца, падперціся рукамі, падняцца на калені, затым на ногі, і, урэшце, ва ўвесь рост... Уваскрэснуць з новым капіталам умельства жыць!

Трэцім чалавекам, з якім жадаў я пабачыцца, з'яўляўся Шурык Б. Запрасіў яго да сябе. Але ён, сам не лепшы ад маіх антаганістаў, пазбягае гутаркі на сур'ёзную тэму, зводзіць усё да эратычных жартаў ды гульні ў... шашкі. У ім нешта з зацятай пагарды да субяседніка!

Чацвёртай асобай, з якой я сустрэўся ўвосень, быў Ч. Нават цяжка сказаць мне тут, чаму гэта я імкнуўся да сустрэчы з ім. Калі задумацца над гэтым маім жаданнем, дык даходжу да вываду, што паколькі я падазраваў яго ў лізунстве да галоўнага дырэктара, то мне цікава было пачуць яго пытанні. У Ч. ірытуючая тактыка: як мага найбольш выпытаць, а самому гаварыць найменш! Ягоны склад думак у нечым нагадвае чалавека, які вырашыў хутка дабіцца бліскучай кар'еры. Цяжка сказаць болей дакладна, у чым гэта заключаецца. Не заўсёды ўдаецца назваць уражанне.

Мой агульны вывад з гэтых сустрэч паступны: нельга гаварыць аб сваіх цяжкасцях, бо чым больш іх у цябе, тым менш ты патрэбны іншым. Характэрна, што ні Р., ні В., ні Ч., ні разу не прапаноўвалі мне сустрэцца з імі. Заўсёды я — ім! Ласкава згаджаліся. Трэба перастаць быць у іх вачах петэнтам. Калі я непатрэбны ім, дык яны не павінны быць патрэбны мне!»

Андрэй адклаў дзённік. Устаў, узяў папяросу і закурыў. Фактычна, дык ён пабаяўся кладавіцца спаць. Ведаў: прысніцца страшнае. I тады ён вельмі моцна ўспацее. Пачатак хваробы сэрца?

...Андрэй вырашыў, што яшчэ раз пойдзе на шпацыр. Апрануўся цяплей. Сышоў у пад'езд.

У паштовай скрынцы бялеў канверт. Пісьманосец дзесьці піў і ажно поначы паспеў разнесці лісты!

Ліст прачытаў пры святле ад вітрыны на бязлюдным тратуары. Ад маці. Яна пісала:

«Андрэй перасылаю пасвядчэнне што нічого не маю за землю ніякіх грошай землю адала у арэнду за падатак Андрэй ты вытлумач ім слоўна ураднікам што землю маю робяць за падатак ты ім занесі гэта пасвядчэнне і падай у рукі і як яны не зразумеюць то ты ім вытлумач бо я у гміні больш нічога не дастану гэта ласка Толіка ён мне гэта пасведчанне пастараўся каб не ён то я нідасталаб як я прыеду то табе вытлумачу чаму я не магу дастаць пакуль што здаровая хаджу па цэлай ваколіцы шукаю майстроў хату пакрыць і перакрыць і немагу знайсці ніхто нехоча у мяне вельмі ганак цячэ і незнаю што рабіць ужо буду чакаць як буду хату крыць тады можа што зробяць майстры такі зацэлае лето знайду кагокольвек неможа быць каб ніхто не знайшоўся перакрыць хату а шыферу таго этэрніту каб пакрыць хату трэба каб ты Андрэй купіў бо як не купіш, то я самая некуплю бо хто купляе той з імі павінен піць гарэлку а я немагу піць і гарэлкі добрай ім не трэба, абы смярдзела смярдзюхою то і добрая будзе і прыедзь пагавары з кладаушчыкамі яны цябе яшчэ памятаюць разам вучыліся ў школе хай іх халера прыедзь да пабачання твая мама».

Найгорш дапамагчы самому сабе.

Як жа мне перамовіцца з тымі кладаўшчыкамі?

Андрэй пакруціўся каля пакалечанага саду, які высякаюць пад забудову. Устаноўлена там табліцу з малюнкам вышынных будынкаў, васьміпавярховых, з клетачкамі вокан. Так збудзецца тут.

На ўзроўні партэраў заззяюць неоны: «Універсальны», «Бар-экспрэс», «Мяса», «Перапёлачка»...

Крынскае поле.

Яно ўявілася Андрэю тым блаславёным месцам, дзе можна смела паглядзець у вочы самому сабе. Дзе не трэба ні азірацца, ні хітраваць, ні прыкідвацца. I пажыць бачачы тое, што наперадзе.

Уцячы з Беластока?

Папрасіў тыдзень водпуску. Загадчык чуйна выпытваў аб прычынах.

— Вы змарыліся, — так зразумеў ён. — Задачы нашай установы, ясная справа, ускладняюцца. Надыходзяць новыя часы...

— Не, я не змарыўся! — запярэчыў яму Андрэй, за-калаціўшыся: «Няўжо ён намерваецца звольніць мяне з пасады? Ад такога — усякага спадзявайся!» — Бачыце, маці мая — сама. А ў яе яшчэ і гаспадарка...

— Ясная справа, калега, ясная справа... — на гэтым загадчык закончыў размову.

Андрэй усцешыўся. Тым не менш засеўшая ў ім устрывожанасць падказвала і іншае: «ён нё дапускае тлумачэнняў!»

Выйшаў ад яго с посмакам гаркаты.

Купіў білет у Крынкі.

Здоўжылася Андрэю чаканне на аўтобўсавым вакзале. Пасажыры грамадзіліся авечымі чародамі ды аб чымсьці бэкалі да сябе. Некаторыя з іх скубалі пальцамі пакункі. Па-пастушынаму енчылі кандуктары. Ад пякарні поблізу пахацела пірагамі, быццам у перадвелікодны ранак. Дзяжурны руху пазяхнуў на цэлую далоню.

Зашчымліваў голад.

Збоч сівеў Беласток. За-рачулкаю ўзвышаліся тупагордыя будыніны з разлезлай архітэктурай. У панурасці рассаджаныя ўздоўж вуліц, названых, пераважна, прэтэнцыёзна, на вялікагарадскі ўзор, таму і надта правінцыяльна.

Аўтобус у Крынкі праязджае паўз Супраслі, за якою лясы. Залацяцца страмізны бароў; паміж імі трымцяць далячыні. Дарога, расплюхнуўшы багоннік, прытўліла да сябе бярозу. Бесклапотную — белавысокую, хісткую, з часам патаўсцелую.

У Падсакалдзе, дзе ў платах разрастаюцца вішні, увабралася ў аўтобус бабуля. Шафёр — гадаваны, відаць, пад Саколкаю — абкпіў яе: яна няправільна вьімавіла формулу просьбы аб продажу білёта.

Схапіўшы на сабе весялістыя зіркачы таго шафёра, Андрэй адрубаў яму:

— Нішто вы і хам! — заступіўся ён за бабулю. — Без чуцця гонару і годнасці! Вам публічна абсмяяць.чалавека — усё роўна што плюнуць за сябе. Хто даручыў вам вазіць пасажыраў? У вас няма на тое кваліфікацый. Няма і прафесіянальнай гордасці. Вы павінны газаваць на грузавіку з платформай для гатовых сцен дамоў, якія вырабляе трэст «Абы-як», што ўбудаваўся за Антанюкоўскімі могілкамі...

У крэслах зашапталіся.

Андрэю па-дурному дрыгала кульша, і гэта цалкам уз'ятрыла яго. Стракацеў вымоўем, бы ягня бубкамі на дошку.

Шафёрыска павярнуў да Андрэя расчырванелы кулак сваёй фізіяноміі:

— Толькі не хам! — заедліва. Сам вы гаўняк! — звякнуў, ажно вакол пацішэла. — А дзе гонар — ваш, калі вы так языкачыце?! — ён рыхтаваўся мацней адбівацца.

Андрэй перапыніў:

— Вам хапае нахабства згадваць пра гонар? Ці хоць ведаеце вы, што гэта такое? — перавёў дух і, каб неяк пазбыцца наляцеўшага шаленства, прамармытаў з агідаю: — Дурыла!

Ззаду прабляяла якаясьці пасвежаная паненачка, безасабова і піскліва:

— Вадзіцелі — гэта таксама людзі...

А шафёр выключыў матор. Па-маладзецку прыкурыў сабе папяросіску, і калі б не факт, што Андрэй быў у гладкім гарнітуры, паголеным, у скураных пальчатках, у шыкоўным капелюшы, — агледзеў бы яго з іроніяй.

Злавесна заплюшчыўся.

— Паслухай, пан, што я пану скажу: вы мяне хлебам не корміце! А свае ўказанні, калі ласка, трымайце пры сабе. Калі вам што не ў смак, можаце пісануць скаргу ў маю дырэкцыю. Вы ж, пэўна, умееце...

«На халеру ўзняў я гэты вэрхал?» — кальнула Андрэю. ён астываў.

— Я вас, усё-такі, кармлю, мы, пасажыры. Іначай — наліха вы каму? Уцямна? Запамятайце — мы! Так, паночку... — здаецца, задушыў бы паганца!

— Гы-гы-гы... Вы? Мяне? Не жадаеце, не давайце! Дуйце пехатою, без ласкі!

— Што за звычаі павяліся: з кім ні гавары, да каго ні звярніся, дык усё ласку робяць табе, што хоць выслухаць схоча. Давайце выконваць абавязкі, грамадзяне...— "гэта ўжо не толькі да аднаго.

Андрэя слухалі, развесіўшы вушы.

«Не лічуся я са словамі, грубіяню!»

— Пане шаноўны, не вы прымалі мяне на працу і не вам вырашаць пра маю кваліфікацыю, — і ён выстраляўся.

— Паехалі, пан шафёр. Набрахаліся! — падтрымаў яго нехта.

Грукнуў дружны рогат, наспелы, гамаваны. Андрэй прыкмеціў, што бабуля ўсё ўгнезджвалася. На ёй не відаць абразы. «Крыўду — як і шчасце, трэба ўчуваць яе».

Андрэй збіваў непрыхільныя позіркі, бы молі, спадцішка: ціхлі ў яздзе.

Аўтобус толькі разагнаўся, як з бакавой дарожыны падляцела на шашу фурманка. Конь бег, фанабэрыста адкінуўшы грыву. Вазак сядзеў да таго ж нерухома, што быццам — труп! Акалелы, які яшчэ не пакаціўся.

Дэраш крутнуў у адхон, воз перакуліўся, аглоблямі перакасіўшы дугу.

З машыны выбеглі глядзець.

Шафёр, раскірачыўшыся ля развалы, лаяўся на мужыка. Мажны пасажыр падвалакаў яго, ачмурэлага, і падымаў на яхіднае пасмешышча. Той ірвануўся, адбегся, пашукаў шапку і пугу. Яму паставілі воз.

Счаўплося замяшанне.

Да самых Крынак пралапаталі аб выпадку. Андрэй з душэўнай нуднотаю пакідаў кагал аўтобуса.

Убогай Беластоцкай вуліцай спяшаў да маці. На клёне пракаркала варона...

На панадворку матчынай хаты, за падпітым плотам, мутнелі шыбіны пад бровамі страхі. Хлеў, дрывотня, гумно, ясень, шпакоўня, сцяганая сякера. Дыміў недакураны комін.

Маці застаў утрапёнай.

— Гэта ты, Андрэй?!

— Як тваё здароўе, мамачка? — дапытваўся ён. — Прывёз я табе электрычную падушку, — даставаў скрутак. — Кажуць, на раматус яна...

— Ай, сынок, мяне ўжо магіла вылечыць.

— Нельга так, маці.

— Не ведаю, як паслугоўвацца гэтай тваёй падушкаю...

— Я пакажу табе, мама.

— Потым. А зараз павячэраем.

— Прынясу дроў, — Андрэй аблізаўся на бульбяную кашу, запраўленую крупамі ды кавалкамі свінога мяса з цыбуляю!

— Вазьмі бярозавых, — удакладніла яна.

У дрывотні павук снаваў сваю пастку, падбягаючы да мухі, якая роспачна бзычэла. Урэшце распалавініў яе. Фокусна кульгала абуджаная курка. За сцяною прабляяла авечка.

Павячэралі амаль па-каляднаму; у крэдэнсе знайшлося надпітае віно са сліў. З вянгерак. Папіваў ён яго маленечкімі глыткамі — аж старая ўсміхнулася. У ім былі сокі саду, пякучасць сонейка ў бясхмурную восень, чырвань яблыкаў, клейкасць патрэскаўшых ад пераспеласці груш, уцехі дзяўчат, іх матыльковае хіхіканне, пачуўшы якое, не мог устрымацца, каб не сесці на веласіпед ды не акунуцца на ім у поле, паспяваць там і пакачацца ў лузе, што ля Шражкоў, у якіх чарнасліўная Ала, па-іконнаму арыстакратычная, з вачамі, бы з дзвюма азярынкамі, з вейкамі чарацінак. З незабыўным!

Андрэю падумалася, што чалавек жыве трохі як наркаман: усё яму мала таго жыцця. Смуткуе ў ім той, хто сяк-так асэнсіў яго. Але гэтакіх няшмат.

Ен абавязкова закурыў. Яму неабходна быдо, ўчыніць нешта бруднае, і ён — менавіта. закурыў. Засмярдзела анучамі.

— Я прайдуся, мама, — сказаў. — Хіба аб'еўся...

— Пахадзі сабе, Андрушка. Будзеш мець лягчэйшы сон,— гаманіла да яго.

— Дзякую, маці, за вячэру.

—. Ці хоць пасмакавала?

— I не пытай: надта ж!

Абышоў сядзібу, забыты сад, узмужнелую асіну, пасаджаную як гранічнае дрэва. За ёю, у нізавіне вёскі,— утульнасць, у якой гультаяваў сабачы брэх. Андрэй — адзін перад краявідам, які маўчыць і маўчаць будзе — вытрывае тут два, мо чатыры дні... Уцячэ? Прыхаваецца? Выдасца стомленым да паўсмерці? Кінецца ў п'янства і забавы? Кожны з'яўляецца ўцекачом ад чагосьці свайго — думак, учынкаў, намераў.

«Капітан можа зайсці, калі толькі спатрэбіцца яму», — прашаптала да Андрэя дурная прыгода.

З Лапіцкіх пагоркаў сцякала першая хваля змроку. Цішыня, бы туман, затыкала вушы. «Людзі п'юць і ад цішыні», — выскачылі аднекуль словы і лёталі, бы раззлаваныя чмялі.

Пастаяў каля ліпы. Гусцела яна на цэлае неба, у чымсьці падобная да ёлкі, з шарыкамі зорак у галіноўі. Кусалі камары. Зайшоў у хлеў, дзе ўзбурыліся, заенчылі куры. Адсунуў засаўку, прачыніў дзвярыны ў пах гною, каб пабачыць, ці часам свіння не матлашыць курыцу, што спрасонпя ўпала ў свінушнік... Баран углядаўся ў Андрэя з рэферэнцкай гатоўнасцю. Карова мела дырэктарскую паважлівасць, да таго сур'ёзную, што аж абыякавую. Падсвінкі па-шафёрску разлягліся ў саломе, выпусціўшы ўгору лапухі вушэй. Ім важней падрамаць. Андрэй выбраўся пахадзіць далей, на шлях. Дзесьці, досыць наперадзе, калясілася з бокў на бок фурманка. Хтосьці валокся на ёй дамоў.

Старанліва сышоў на мяжу, што ніцела тонкай грэбляй сярод узаранага. Каб не быць заўважаным, рушыў да дзічкі. што пасвілася ўпоцемку. Ажно за валун забрыў. Прасцілаўся водар скошанай канюшыны. Андрэй паспадзяваўся, што, апынуўшыся сам, зусім сам, у пустэчы, ён у рэшце рэшт дойдзе да канцавіны напоўніўшых яго, разважанняў.

Ён цямнеў у Разбойніцкім палетку, каб. Перачакаць тупат конскіх капытоў, ноканне мужчынекага голасу, паскрыпванне.

Ля Паповай крушні спатыкнуўся, нямоцна. Раптам пачуўся яму мяккі бег, якраз насупраць. Андрэя працяў жах. Наставіў вочы! Урос у раллю! Падымаліся валасы, волас пры воласе, адзін ля другога. Пот склейваў бялізну з целам. З натугаю зламаў ён у сабе нешта зімняе ды стромкае, адступаў з галавою, перакручанай назад.

Балюча кульнуў на траншэю ля гасцінца.

Дагопаў да мігцеючых вокан. Да парканаў. Аддыхаўся, ухапіўшыся за штыкеціну; гналіся, але пе дагналі!

Штоночы поле асаджвае вёску. Удома Андрэй падумаў з прысмехам, што там, за тым валуном, пэўна, заяц гэта...

Маці не спала.

Спытала:

— Гэта ты, Андрэй?

— Я. — ён запаліў святло ў кухні.

— Куды хадзіў? — чуваць, як павярнулася яна ў пасцелі.

— Куды? — смешна гаварыць праўду. — Хадзіў, мамка, падыхаць чыстым паветрам, — распранаўся. Шнуроўкі ў чаравіках засмаргнуліся.

— Доўга не было цябе,—сказала і аціхла.

Лёг на старой канапе, што стаяла ля супрацьлеглай сцяны спальні. Падлазіла яна са звонам спружынаў, мазоліла папсаванымі часткамі, папярэчніцамі. Ненатуральна падатлівая, бы жывот жанчыны, што ўжо нарадзіла, гэта канапа наўрад ці была прыдатнай для рамонту. Спаннё ў ёй — як у логаве.

Узыходзіў месяц. Ад ягонага бляску пакой стыў.

— Т'абе невыгодна, Андрэй. Трэба будзе купіць ложак, а канапу выкінуць на гарышча... — маці, так адчувалася, думала аб чымсьці бязмерна сумным. Хварэючы на рэўматызм, яна з цяжкасцю засынала.

— Нічога, мама: сплю на гэтай канапішчы, быццам маленечкі.

— Спакойны ты быў, — яна надоўга замаўчала.

«Я ж не сказаў ёй: чаго прыехаў? — успомніў Андрэй. — Сапраўды, хаця яна і здагадваецца. Далікатная ў мяне маці. Неяк не выпадае гаварыць ёй, што я ў сувязі з пісьмом, якое яна прыслала. Іначай не з'явіўся бы? Брыдка! Таму не гавару... — павярнуўея. — З яе цудоўная маці! — У шанаванні, праўда, бывае шмат холаду альбо і варожасці, але не ў маёй мацеркі! Глядзіць на мяне з гэтакім недаверам, што пераходзіць у збянтэжанасць выраслым сынам...»

— Маму, — загаварыў Андрэй. Яна ўздрыгнула. — Як жывецца табе?

— Або ты не ведаеш? — адчула, што ён запытаў так сабе. — Рукі баляць, сынок. Ногі круціць. Зямлю аддам у арэнду.

— Аддай, — не раз гаварылі пра гэта. — Я ж не вярнуся на гаспадарку.

Прамаўчала.

— Пакуль сілы былі, сынок, дык рабіла я гэту зямлю. Цяперака — ледзь агароды здолею дагледзець, — лягла на плечы. — На сябе пакуль зараблю, сынок; фасолі маю, бульбы, буракоў, пару гусей, курачкі (сівую зарэжу табе на каляду), свінчо закалю (кумпякі павэнджу табе), цыбулі прадала... Малака толькі няма дзе заказваць...

Андрэю няўлежліва: «ёй жа так мала трэба: пакоік у маёй кватэры і тысячу злоты на месячнае ўтрыманне. I я не ў магчымасцях! — уз'еўся ён на сябе. — Каб аблягчыць матцы, давялося б прадаць яе сялібу, агароды, зямлю! Усё. Тады ці можна такое назваць сыноўскай дапамогай? — ведаў, што продаж матчынага ўзбагаціла б таксама і яго. Атрымаўшы ў рукі значны капіталік — дзвесце тысяч! — не стрымаўся б, каб не павялічыць гэту суму ўдвая. У банку ашчадных кас, праўдамі і няпраўдамі, выстараўся б пазыку на дзвесце, пакідаючы ў заклад грошы старой. Скупляў бы пляцы ў Беластоку, якія, праз некаторы час, прадаваў бы за патройную цану. Праз падстаўных асоб. Найбольшая нявыкрутка ў гэтакіх камбінацыях была б з выпрацоў-ваннем формулы неабходнасці так высокай пазыкі. Але дэклараваў бы будаўніцтва мураванага дома. Сапраўды, ставіў бы яго за адпушчаныя сродкі. Меў бы, вілу! У камунальнай кватэры цесна... Патанаў у пухкаеці засынання.

I пайшоў Андрэй вярстовымі крокамі. Ступіў ён у бок Гаркавіч і пахіліўся над хатаю Райкі, дзяўчыны з млечна-белымі грудзямі. Падхапіў яе ды панёс, тулячы да сябе дрыготкае цела. З чароўнай лёгкасцю супыніўся ля берагоў Свіслачы, над якою гуляла вяселле і збіраліся выходзіць замуж першыя дзяўчаты, што падабаліся яму. Аднак жа адзінае, што яны дазвалялі Андрэю, гэта пратанцаваць з імі два-тры разы, не за гулліва, накрухмалена. З пашацункам!

Райка да таго ж разрагаталася, чорт адзін ведае чаго, што ажно панесла яе ўгору. Андрэй, як ні скакаў, не здолеў дастаць да яе цэпаватымі ручыскамі. Спацеў да млоснасці. Аддыхаўшыся, ізноў ступіў ён вярстовымі крокамі, гэтым разам да Піражкоў, і адтуль прынёс над зялёнасардэчную Свіслач дзяўчо, надта падобнае да Алы. Як яно называлася?.. Нібы ўжо прыхільнае яму, таксама і яно пачало смяяцца да бяспамяці! Андрэй тым разам не стрываў — з сілаю заікі бразнуў вобземлю гэту дзяўчыну, ажно балота з-пад яе распырснулася, а сама яна, нядобрая, правалілася скрозь зямлю ды знікла.

Адышоўся бліжэй гарадскаватай Саколкі.

Падаўся на лясы. Ішоў па іх, бы па руні. Растоптваў вёскі. Пад падэшвамі хрумсцелі хаты і хлявы, быццам слімачынае шалупінне. Людзі, па-мурашынаму баязлівыя, разбягаліся ў норкі сцежак I дарожак, закусцелых, закопваліся ў наіўных ямках, безнадзейна малых. Малюпасенькіх! Выратаваліся тыя, што пасучылі ў напрамку Саколкі або Беластока. Андрэю не хацелаея ступаць на гэтыя крушні гарадоў, каб не пакаўзнуцца і каб не ўкусіла высакавольтная лінія, па-гадзючаму не ўджаліла ў нагу. Гарады ён мінуў. Дарэчы, ад іх несла!..

Андрэй прачнуўся: у нос убівалася пахота смажаніны. Маці стаяла ля пліты, перастаўляла гаршкі, падкідала ў агонь паленняў.

Апусціў ногі на застуджаную падлогу.

— Уставай, — сказала маці.

Андрэю дужа прыемна было пасядзець, гэтак па-бацькоўску, і памарудзіць.

За снеданнем выслухаў ён ад яе, як перакрыць дах, які працякае... З нервовай апетычнасцю ўплятаў бульбяныя пляцкі.

Паеўшы, адказаў маці:

— Добра, так і зраблю я, маці. Пастараюся... — залазіў у нерэальнае? Падахвочваў сябе: хіба гэта дрэнна, дабранца да самога коміна, адкуль далёка відаць? «Ныраць у вецер!»

Пляцкі, што засталіся, маці паклала ў эмаліраваную міску, прыкрыла іх талеркай, нейкай пашчэрбленай, і засунула ў гарачую пячурку; будуць і на абед.

Падзякаваўшы, ён устаў ад стала. З тупасцю ў мазгаўні.

За шыбамі — веснавела.

Дзікавата.

Сонечна.

«Я, бадай, не адступлюся ад гэтага... —як бы рашыў. — Хопіць, праўда, валтузні!»

— Я, мама, у склады — папытаць... — сказаў, што збіраецца даведацца наконт шыферу. Найлепшы — белісты, дробненька моршчаны. Андрэю заманулася наведаць выган, сажалкі. I там, прысеўшы на грэбельцы, пацішэць, сабе. Пагладзіць зрокам сенажаць, выстрыжаную аж па самыя вербы, што ля колішняга парку. Блізка курганоў, разаспаных у Рахавіцкім заполлі, дзе пасля фронту ў сорак чацвёртым размясцілі івайсковы аэрадром.

«Маці падумацьме благое», — адхіліў ад сябе гэты намер, кіруючыся ў бок складаў. (У суседзяў узнікла б неспакойнае пытанне: чаго Андрэй шукае на пустцы, прыбыўшы з вялікага Беластока?!)

Яго аклікнулі загадзя.

— Андрэй!

— А-а-а, здароў! — Андрэй адгадваў: «Віцюль? Не, Жоржык! Жоржык? Хіба што Вадзім...»

— Да нас? Заходзь! Гэта ж Андрэйка.

— Кудою тут? — Андрэй: «I не Вадзім ён!» — А дзе ж брамка?

— Сюдою, во, давай, — той паказаў. Целяпалася драцяная весніца. — Што добрага? Як маешея?

Загугнявіў і другі:

— Я цябе, Андрэй, здалёку апазнаў...

Трава, вытаптаная да жывой, раны. Калюгі. Глыбочныя сляды ад ботаў п'янелі за вароты. Андрэй выбіраў пераходы, вымашчаныя пабітай цэглаю.

— Але ж і макрэча тут у вас! — пралазіў Андрэй. Ён і не надта ведаў, аб чым гаварыць з імі?

— Да маці ты? — выпытваў той жа першы. — На колькі?

— На дзень, два, — Андрэй: «Няўжо яму гэта важна?»

— Заграбаеш, мусіць, тысячыскі? — заскемліва пацікавіліся яны ягонымі заробкамі.

— Ну не, ну не? — сыходзілася іх.

— Пяць? Каб хоць тры, — адказаў ім, трохі наводліў. — Там багата, дзе нас няма, — пажартаваў, але ім было не да гэтага.

На іх вобліках так і жыліліся запытанні: «Грошы — ёсць? Шмат? З тымі трыма, то ты, а-як жа, для гумару, не? А легкавушка, пэўна, нямецкая? I каханка, мусіць, ужо ж не абы-якая? За граніцу — часта? У лапу табе нябось даюць! Га?»

Ад гэтакай роспыткі Андрэю зліпаліся вочы.

— Грошы, бы тая вада!

— Гэ-гэ-гэ-гэ... Ты, Андрэй, калі скажаш што, дык ёсць над чым задумацца. Галавач з цябе, ой! — гаварылі для сябе і яшчэ для кагосьці.

Пагагаталі, з шаўкавеючай далікатнасцю..

Што далей? Выняць з кішэні пачак папяросаў, па-курцоўску разарваць у ім рог і частаваць, бы патронамі... «Калі ласка... калі ласка... калі ласка...»-

Кланяліся б: «Дзякую... дзякую... дзякуй...»

Уяўляецца тое.

Паступіўся. ... «I як? I што? I як?» — чмялілася між імі.

— Курнем, хлопцы. «Спорты» саладкавым дымам занылі ў вантробах.

— Ну, і як, Андрэй?

— Ладнеча: не ажаніўся, дзякуй Богу! — яны зарагаталі.

— Мой сівеючы лоб — без рагоў...

— Чаму ты без барады? Ай-яй-яй, мода! Стась з Польнай вунь адпусціў яе сабе да каленаў, як святы які...

— Як казёл, — не збіваўся Андрэй.

— Гэ-гэ-гэ-гэ... Як скажаш што... Гэга-гэ-гэгэ-гэ, кажаш. як... га-га-га!

— Адпушчу, — гэта пра бараду: «Стась з Польнай? Рыжы? Не, хіба Піндаль? ён Стась? Можа...» Дадаў:

— Калі пастарэю і ўнукаў пагадую, тады барадзіску сабе во загадую!

— Га-га-га-га-га... Ха-ха-ха-ха... Гы-ы- гыгы-гы... Пацяшаліся абы-чым.

— Здаровы ты! — Сцвярджалі гэтым, што ў Андрэя расце жываціска, што на ім дарагое адзенне і ёсць у яго за што выпіць, хапае на бабы, і, напэўна, змяняе легкавыя машыны, а так жа будуецца ў прыгарадзе; дзеці канчаюць — калі ён мае іх — адпаведныя ім школы, а жонкі яго ходзяць у золаце. Сам дыхае ў бесклапоцці. — Ой, здаровы! — і сляпіліся на яго, быццам на дваццаціпудовага кормніка з заплыўшымі вочкамі і затлушчанай мазгавінаю...

Аб сумленні яны наўрад ці думалі. Былі б здзіўлены, калі б загаварыў да іх, якраз аб ім. Адказвалі б: «Сумленне мучыць дурных! Худых, тых, што не ўмеюць ухапіць... Нашто нам яно? Хіба карысць якая ад яго?»

Андрэю заныла ад незаслужанага пачуцця вінаватасці ў тым, што ёсць без няўдачы. Стаіць перад імі, як экспанат фарту.

Не вырачыўся б, калі б яны клялі: «А каб тваімі касцямі дзеці грушы аббівалі!»

Настройпрыкрасці гусцеў, як туманец на старынцы. Ні з таго ні з сяго перапужаўся Андрэй тым страхам, ад якога аблічча хмурыцца на плач альбо споведзь. Даволі няясным, як ні кажы...

I разам з тым зажадалася заваліцца з усімі ў якуюсьці камеру, сцябаць там гарэліцу ды валюхацца па былым, памачыць ступені ў крыніцах пачатку свайго, пашукаць сокаў цаліны... (У ціхадобрай затоцы, за якою вар'яцее акіян, за парогамі...) У наступны мільг абтросся ад такога жадання: яны зарэзалі б яго ў той каморцы, утапталі б! Местачкоўцы найпрагныя.

Развітаўся з імі, прабіваючыся праз зарослы агарод усякай пачуццёвасці, гушчавіны зменлівых гумораў. Збег бы, з аглядкамі, ці не рынуліся наўздагон яму! Ці не гоняць за ім? Ці засталіся яны, пазвешваўшы морды?.. Каб не сорамаць — драпацеў бы. Цешыўся б, ад вуха да вуха: жывы, жывы, жывы!!! Бяепечна адбегшыся.

Прадалі яму таго шыферу.

— Чаму ж не! —ён ужо лекацеў. — Табе, а братка ты наш, так ваду замуцім, што ты дастанеш, не бядуй, — слінілі пячаткі, ляскалі імі па бланках, падпісваліся.

Андрэй ішоў ад іх, валакучы за сабою сверб нямоцна пабітага. Мо дакладней было б адчуванні яго называць такімі, якія звычайна з'яўляюцца ў таго, з каго завочна пасміхаюцца; за спіною, але дастаткова, каб іншыя пачулі, кожны, хто цікуе.

Поўніўся, можа, нянавісцю.

Адначасова і перапудам.

Памяталася апавяданне стрыечнай сястры. Яе словы зляталіся, бы вароны на вячэрняе дрэва, што ля затоенай сцежкі ў даліне перад пазалотаю захаду. У сумоце каштоўнага бляску. Ці мажлівае ёсць штосьці болей беспачуццёвае за золата?

Сястра ў тым узросце, калі пагаджаюцца з лёсам. З такімі згодліва гутарыцца. У іх няма ні ўпэўненасці, ні залішніх спадзяванняў. Размаўляюць яны без крыўдавання — выраслі з яго.

На подум аб смерці кідала яе ў дрыжыкі. Гэта была траўма ў чырванашчокай дзеўкі, на душы якой зарудзелі ржавінкі. (У засынанне будзіў яе стукат камкоў аб века труны.)

Боязь сястры ўсё-такі ж натуральная. У ёй — усё людскае.

Андрэй жа тросся ад нечага беспараўнальна страхотнейшага, перад чым нямаш уцёкаў у стыксаў змрок.

Спачатку гэту сваю баязнечу ён успрымаў як супакойваючае адранцвенне, што атуляе тых, якіх здраджана або ашукана самым свінскім чынам! Аб гэтакіх пляткараць, што яны жывыя нябожчыкі, няздольныя верыць, смуткаваць і радавацца.

Ураднікі білі яго па руках. Лез да іх, солтысаў вёсак магчымай волі, у якіх досыць быць паслухмяным ды даваць даніну абавязковасці. Мелі пячаці!

Білі, адчаплялі пальцы ад падмуркаў, ад высокай агароджы, за якою смужыўся арамат жыцця. Цкавалі тупазубымі параграфамі; рабілі гэта дзеля капралскай уцехі, заскокваючай у скавытанне. Выдыхаўшыся тлумачылі яму, па-конску сур'ёзна, што абыякавасць з'яўляецца распаўсюджанай формай пахавання сябе жывым у магілу; бюракратам даручана несці надмагільную стражу, а бухгалтэрыі пераўтвораны ў прыкладныя дамы жалобы. Службовая карэспандэнцыя пахне паніхідаю... А шэф, узор усім шэфам, ні з кім не знаецца, не п'е брудэршафтаў, на нікога не сварыцца, выседжвае месячную плату ў камфартабельным кают-кабінеце, не пекліцца; ён загадзя муміфікуе сябе,та-га-га-га...

Андрэй уздрыгваўся перад тою вуліцай, якой была яна ў тры хвіліны пасля заканчэння работы ва ўстановах. Засмечаная пакумячанымі фізіяноміямі, апырсканая граззю з-пад колаў жалезнай хуткасці, здратаваная. Ад яе можна ўцячы — у дом або, завулкамі, у лес; што за Звярынецкім кварталам. Апынуцца ў шматпаху, каб палагаднеў боль галавы, выветрылася трывога. Пад-дацца спакойнасці ды чароўнасці пробліскаў на небасхіле дня, калі ёсць ахвота спяваць!

Дапамагае Андрэю ўспамін аб капітане.

Няёмка яму за тое, што гадаваў у сабе гнеў на гэтага чалавека, які ў тую раніцу, у камісарыяце, паламаў-пакрамсаў нешта ружовае, пахучае... Без тае загадкавай прыгоды Андрэй заставаўся б па-ранейшаму дурным. I зусім не таму, што адкрылася перад ім нейкая праўда, якой і далей не разумее (шэрхне скура). Прыгода з'явілася тым кулаком па мордзе, ад якога мамантальна і многа перадумаў, каб не зваліцца. «Мы абураемся, што нас пабілі — на вуліцы, на забаве, на вяселлі, хрэсьбінах. Балела, падралі адзенне. Нас асмяшылі. Мы перапужаліся! Бывае, выб'юць зуб, вока, зламаюць руку... Абураемся перш за ўсё таму, што страцілі першакласнае адзенне, беззаганнае імя, чырванашчо-кае здароўе. Падымаем лямант, калі б'юць нас і подласцю. Аднак жа мы не злуем на подласць, гэтаксама, як не злуем і на кулак. Абураюць нас не сродкі, але вынікі. Трэба думаць, што наймацней баліць удар па кішэні».

Гнеў на капітана не мог быць доўгім: Андрэй нічога не страціў — ні імя, ні работы. Гнеў гэты пераўтварыўся нават у непрыстойную ўдзячнасць, праўдападобна, ад неабходнасці выратаваць уласную годнасць, забяспечыць яе. Гэта з'явілася халодным дажджом, што канчае веснавую буру.

Андрэй падазраваў, што ў тым пачуцці ўдзячнасці, дзіўным, схавана абыякавасць, паглыбленая яснасцю становішча. Асаблівая абыякавасць, якая робіць з чалавека пралоенае існаванне кантрактаванай жывёліны. З графікам побыту, перад мызай. Графікам, кімсьці ўстаноўленым, зацверджаным, у якім — даты і тэрміны шчасцяў ды няшчасцяў, хвароб ды выздараўленняў.

Ці можа існаваць чалавек, каму вядомы год і дзень сваёй смерці? Ды і наогул, ці магчыма жыць, павядомленым аб усенькім прадчасна?

Андрэя неспакоіла тая боязь сястры. Мо таму, што яўна беспадстаўная?

Яму трэба было знайсці майстра.

Застаў у яго хаце толькі старога.

Ён, яго бацька, быў як ясная восень. Запоўнены перажытым, ледзь кратаўся.

— Няма іх, — сказаў стары. — Стась паехаў у лес, па дровы, а яна пайшла купіць цукру ў краме.

— Я яшчэ зайду, — выходзіў Андрэй. — Выбачайце. Трымаўся за клямку, але стары не пусціў яго.

— Чаго табе трэба ад іх? — хацеў ведаць. — Ты, мусіць, Андрэй будзеш?

— Так.

За акном абсыпалася лісцё.

— Та, як там табе, Андрэй? — ён аж падсунуўся. — Жанаты, а ці не?

— Ніштавага жывецца мне, — высыпваў яму. — А як на самай справе, дык хто яго там ведае.

— Чаго хацець? Выглядаеш здаровым і адпачытым, значыць, І няблага табе, Андрэй.

Прыйшла задаволенасць і здароўем. Дзякуючы ей глыбей дыхалася. За амбразураю акна жаўцелі грушы. і сядалі на іх сонныя восы.

«Гэта ж ужо восень...»

— Упасвены, бы пан... — стары Андрэю.

— Не, што вы! Гэта не так... — пярэчыў дзеду.

— Барвавела рабіна, на прагуменні. «Усё тая ж», — канстатаваў.

Стары грэўся гутаркай.

— Свет ідзе да лепшага, — гаварыў Андрэю. — Усё да лепшага...

— Хто яго ведае...

— Не кажы так! — уздымаўся ён. — Праз сто гадоў ніхто не будзе працаваць, усенька паробяць машыны.

— Мо і так, а мо і не... Аб гэтым было гаворкі ўжо сто гадоў назад.

—Але, я сам бачу, што і як. За сто нашых гадоў, ого, як зажывуць людзі. Усе!

— За сто? — смяшыў Андрэя. Успомнілася яму, што празывалі яго: Кніжнік.

— Ты, Андрэй, вучаны, а не падумаеш, што за сто... «У вяскоўцаў дзве гадоўныня меры часу: год і сто гадоў, — падумаў Андрэй. — Год стасуецца ў гаспадарцы, а сто прыкладваецца да гісторыі, цароў, каралёў...»

— Ніколі не было вядома, што і каму розум падкажа... — раздражняўся ён.

— Як гэта — ніколі? У школах не кажуць?

— Не-а.

— Дык чаму ж вучаць вас?

— Сумнявацца.

— Сумнявацца?.. Кажаш: сумнявацца?!

— Ва ўсім! — Андрэй: «Калі б школа чула гэта, дык, мабыць, трэснула б ад пахвалы! Ну, канчай...»

Ён ужо трымаў на кончыку языка: чым больш ведаеш, тым больш не ведаеш. Але яно не скаўзнулася ў гутарку, і таму заканчвалася яна згодліва. «Я скажу яму, што навука — гэта вывучэнне геаграфіі вострава Магчымасці, які ледзь відаць на акіяне Немагчымасці...»

— Ну так, за сто гадоў...

— Я не дажыву, — раптоўна засумаваў стары.

Сум яго выдаўся Андрэю безразумным: свет прабяжыць сто гадоў, толькі сто, і тады зацвіце ўсюды адна радасць, будні стануцца нядзелямі, і надыдзе бясконцасць ляжання жыватом дагары.

— Мне восемдзесят дзевяць...

— Ёсць і такія, што жывуць па сто пяцьдзесят! («Які я прымітыўны!»)

Андрэй пайшоў.

Вуліца чамусьці пасінела, як ад раготкі.

З-за слясарні — вываліла пахавальнае шэсце.

Андрэй прыціснуўся да паркана.

«Нагадвае яно ў чымсьці вандроўку цыганоў. Чым? Паспешлівай непаспешлівасцю? Пылам? Пылам і... Ага, вачмі яшчэ, тварамі — бясслоўнымі, загледжанымі, сваедумнымі. I нейкай свабоднасцю, усялякасцю. Ідуць або дысцыплінавана, або звычайна, або стомлена. Прымушана і непрымушана, нават абы-як, ускраем», — Андрэя муціла, яксьці зыначвала.

Нехта запытаў у яго, каго гэта хаваюць, і Андрэй паціснуў плячыма. Засвідравала яму ў патыліцы: «Няма такога часу, каб не насядала на мяне сумотнае!»

Услухоўваўся ён у спевы жальбы; пылілі перад ягоным паглядам бабскія азадкі, мужчынскія боты, дзявочыя лыткі, дзеці...

У левай грудзіне працягла закалола.

Прысеў для спачыну.

На хату, прытульную, вырастала дзікае вінаграддзе. Буйное, са шчокамі спеласці, запаўзала яно да шчытоўкі. У ім — вокны, бы люстры сажалак. Андрэй прысланіўся ля гэтага пчалінага закутка. Калі б хто адтуль згледзеў яго, дык з пуду, мабыць, ускрыкнуў бы і пабег за парог па кубак вады. Андрэй чагосьці ўставаў з пабялелым абліччам, узмакрэлым ілбом, разяўленым ротам. Увесь пастрашнелы.

Шэсце адыходзіла і адыходзіла. Гэтае святкаванне чыйгосьці канца.

Андрэй мацаваўся: «Плачам, разжаленыя, што і нас тое не міне. I нашае цела панясуць, засыплюць. Шкадуем нябожчыка, маючы на ўвазе перш за ўсё сябе, прапушчаныя нагоды, шанцы, збегі акалічнасцяў. Таго, якому восемдзесят дзевяць было, праводзім з зайздрасцю. I калі аплакваем яго, дык таму, што нам не верыцца, каб мы самі столькі выжылі... Пахаванне — гэта да касцей хвалюючы спектакль, найсапраўднейшы! Удзельнічаем у ім мы ўсім уласным дагэтуляшнім жыццём. I самае ўзвышанае мастацтва здаецца нам у такую хвіліну нейкім марным адбіткам...»

Андрэй папраставаў на аселле.

У яблыневае дзяцінства ён гуляў тут, у нізку, што між дарогаю, агародамі і садкамі. Хаваў крадзежныя папяроўкі, слівы, цвердазубыя грушы; клаў іх у гняздзечка курапаткі, пад лапухоўем конскага шчаўя. «Не цяперашняй хвілінаю жывём, але мінулым або будучым. Гэта мне, Андрэю, узбрылося пацешыцца імгненнем, адрэзаўшы былое і адчапіўшы жаласлівую павозку стрэчнага...»

Пад паветкаю румянілася ржэласцю непатрэбшчына: воссі ад воза, плуг, барана, крукі. Грузнулі, зарасталі.

Як жа непрадумана наказаў Андрэй высекчы на помніку па бацьку: УВАСКРАСАЕМ У ДЗЕЦЯХ СВАІХ. Выпіралі з таго запытанні: «А як трагедыю пераўтварыць у дабрадзейнасць?», «А як пазбегнуць выпадковасці свайго існавання?», «А як прайсці праз адзін раз дадзеныя гады не па-звярынаму?..».

Сам ён не сцяміў, як і калі знайшоўся ў натоўпе бэзу.

І чаму плакаў гэта тым агідным мужыцкім плачам, як мармытанне карцёжніка або скавытанне паляўнічай сабакі: перакрыўлены, уздыблены, падзічэлы... Не змог вольна заплакаць, прарвацца.

Галіны дзерлі, шапацелі, выпуджваючы хмурынкі камароў. Патыхала гніллю.

Прабіваўся ўглыб.

«Ты — куды?!» — яго перапыняў якісьці голас.

Андрэй маўчаў.

«Куды — цябе?!»

Абражана маўчаў.

«Ну, хто там цябе не бачыў?»

Упарта не адзываўся.

«Сопца асядае, заедзь...»

Андрэй паазіраўся і, каб не блукаць, адступіўся. Вужакаватая сцяжынка выправадзіла яго на ўзбочыну. Пры памяці.

Аднекуль прыкульгала да Андрэя пагалоска аб тым, што ён прыдурэў! Разносіла: «Прыду-урэў-урэў-у, пррры-ыыы-ду-у-у-у-урэ-э-э-эў-у-у-ууу...» Адмахнуўся: «Не, не-э-э-эээ-ээээ!,.»

Выбіўшыся на дарогу, якая аказалася алеяй на могільніку, па падобнай да неглыбокага яра, плоскай і без згібаў, Андрэй памкнуўся ісці да брамы, але там, за ёю, імглілася звычайнота, (адкульсці ехацеў воз). І паскрыпвала тая звычайнасць, так бяздушна, зусім (воз цяжка ўгружаны). I дыхцела ад пазяханняў.

Пайшоў ён ля гары, на якой гібела драўляная капліца, абрабаваная з даўніх іконаў. (З маленства памятаўся Андрэю Хрыстос, не Хрыстос, а старэйшы брат сябра: малы — не ведаў, што старыя моляцца да маладых.) У прагаліне перасыпалася гарачым калоссем піва. У плечы дыхала прахалоддзю. Андрэй дакрануўся да каменнай агароджы і, апёршыся далонямі, сігануў цераз яе. Ля падмурка буяла зелле. На ўзмежку жыта дзяўчыніліся васількі, быццам параскіданыя згусткі блакіту.

Прываблены, ён рваў валошкі-васількі, кветкі — белыя, жоўтыя, карычняватыя. Выпадалі яны з бярэмя, у зельішча. Абцёрся, угрэўся. За ўзвышынкай — дзічка гуляла ў схованкі, увачавідкі высадзіўшы чуб, выдаючыся за дурненькую. Недарослая.

Квецце занёс на магілу Юркі.

Юрка ўтапіўся ў Балтыйскім моры. Прах яго, дасланы з Усткі, хавалі з прычытаннямі, якіх яшчэ не чулі тут... Пра яго пагібель апавядалі Андрэю пасля з сялянскай дзелавітасцю.

На надмагільнай фатаграфіі местачковай работы воблік Юркі па-велікасвецку падрэтушаваны; хаця ён не заслужыў на такую банальнасць. Пачуваў гэта Андрэй з той выразнасцю, якая бывае пры заціханні болю. Адчуванне тое гнездавала — так, гнездавала яно — у нечым вялізным. Велізарным, што аж не ўстаяць ад таго!

Ад хутара Стоцкага падзьмула выспелай збажынаю. «Авёс! Я лаўлю шолах ягоны, попахі, сушыню і лёгкасць. I колер мацаты!»

— Бывай, Юрка, ну, бывай, — прамовіў Андрэй па-дзівацку. А ва ўспамінах: «У іх садзе раслі грушы, у якіх павуцінілася баб'е лета ды бурштынелі плады накшталт школьнага званка. Юрка прыносіў іх у клас, цямкаў тыя грушыскі на перапынку, зазвычай паміж арыфметыкай і гісторыяй Польшчы. Штодзень аднолькава гожыя, як блізнюкі... Хваліў — і даваў пакаштаваць мне. Аднаму мне, мёдасмачныя ды меднатрывалыя. Я ўжо не ў сілах быў не марыць аб сваім садку, з ігрушамі і яблынямі. З ігрушамі!.. Ад другога чалавека застаецца тое, што ўзялі ад яго, каб скарыстаць...» — Андрэй крануўся.

Напрасткі.

...Саступіў у пыльнасць. Запякло ў назе, і ён схамянуўся: учапіў за шыпшыну. Да лесу, што рукою падаць, валокся мо з гадзіну, з бярозавым кіём (хоць — дзеля чаго?).

Камічны — з ім.

Час ад часу падпіраўся кіём.

Выламаў яго з бярозкі, доўгавалосай харашуні, да якой ён прытуляўся некалі, шукаючы паглядам хату дзяўчыны, у як жа далёкія ўжо гады... Паломіць гэты кій, на кавалачкі патрушыць яго ды складзе з іх такую жа хату, з прасторнымі сенямі (маляваў яе ў юнацкім дзённіку). Падпаліць! Спаліць каля Супраслі ўжо... А каб гарэла яна, назбірае сухоцця, моху і ўкіне ў яе полымя ад цэлага карабка запалак. Попел — растопча, утопча, разграбе, распыліць ды затанцуе!.. Не, не польку, якой не ўмеў, і не вальс, які любіў, уяўляючы сябе афіцэрам з залатымі пагонамі, што абымаў стан Наташы Растовай. Заскача Андрэй першабытнымі скокамі, ўсцехі, не ўсцехі — забыцця! (Не зрабіў, аднак, таго, да знямогі шэпчучы: «Ні душы вакол, ні брэху сабак. Ох ты, страшэнная ціш! Ці гэта нуда? Ці гэта праклён, што даводзіць да шаленства мазгі?.. Ці дойдзе да цябе калі-небудзь даўняя роспач мая... Роспач мая... Роспач» —-ізноў псаваўся ён. Выскоквалі прачытаныя карткі дзён-ніка: «Я з лёгкай усмешкай сказаў ім, выняўшы адну руку з кішэні і пакланіўшыся: «Добры вечар». Яны мне,. яна і яе сяброўка, разам адказалі: «Добры вечар». I прайшлі. Я ўпершыню звярнуў на сябе ўвагу Кіры! Гэта найважнае: яна ўжо ведае, даведалася, што існуе гэтакі — я!!! Здарылася гэта ў 20 гадзін 10 хвілін 2 жніўня 1952 года». I іншая картка: «Дня 24-га жніўня, у свята дажынкаў, пратанцаваў з Кіраю. Тры разы. Крыху не надта выходзіла, бо яна не ўмее круціцца з правага ў левы бок, як усе, але — з левага ў правы... Вялікая падзея!» I картка: «Добры дзень Вам! Пішу да Вас ужо другі ліст і ўсё думаю, чаму не атрымаў я адказу на першы? Мабыць, абразіў я Вас чым-небудзь, а калі так, дык прашу ласкавага прабачэння. Калі ж не, дык не бачу я перашкод у нашай узаемнай перапісцы. Моцна прашу, дайце мне адказ! На гэтым канчаю. Да пабачэння, Андрэй». Картка: «Толік прачытаў той адказ з ліста ад сваёй нарачонай, што вучыцца супольна з ёю, дзе напісала: «К. просіць, каб гэты Андрэй не пісаў да яе». Запісана 3 лютага 1953 года: «Аб нічым ужо не думаецца».)

Гасцінцам ішоў Андрэй.

За Кашэчай горкай ён запаволіў хаду; прытомнеў (па-крапацеў дожджык, засмужыўшы небакрай). Параўняўшыся з Туркавым крыжам, стаў; мясціна нагадвала бярэжжа вострава, за якім хвалюецца збожжам прастора, абрамленая чаротамі ўзлессяў Крынскай пушчы.

Ля высахлай лугавіны прыселі Азерскія. Андрэй бываў у іх па вішні, спелістыя, як кроплі крыві. Па іх прыстаўлялі драбіны, узыходзячы аж да крыку. Пырскалі яны юшкаю на кашулю. Воддаль — клёны заляцаліся да ліпаў, пакінуўшы ў шляхетнай пакуце яблыні, мнагадзетныя. На саламяных чубах лагодных стрэх адпачывала супакаенне. З'яўляліся і дзяўчаткі, але яны не падыходзілі да Андрэя. I Азерскія засталіся ў ім айчынай вішняў. Колькі б ні чуў пасля слова «вішня», бачыў — Азерскія.

Насупраць, далінаю ў жытах, маяклівеў на веласіпедзе дзяцюк. Пад гальштукам, што было відаць адсюль. Ён мог азвацца, запытаць пра нешта ў Андрэя, урэшце, пазнаць яго! (Праехаў цераз масток на Вэйсаўшчыне.)

Не, Андрэй не здолеў бы адказаць яму, чаго ідзе і куды? I чаму з кіем? Ісці, ісці абы-куды, абы найдалей! Гэта жаданне не вельмі было зразумелае нават яму самому, і ён аніяк не растлумачыў бы яго. Людзі пераважна больш ведаюць, чымсьці патрапяць растлумачыць тое. Андрэй пачынаў пабойвацца, пакуль з нясмеласці... (Той, на веласіпедзе, педаліў пад гару, да Туркавага крыжа.)

Андрэй засеў за ядлоўцам. Пасвіствала яму дабрадушная пасмешка: ага, схаваўся, бы разбойны воўк, слепнякамі ўставіўся ў шчылінкі далягляду. Па-драпежніцку збаяўся, прытаіўся, затаіўся... За Андрэя заступілася галінка, зеляністая, з чорнымі ягадкамі, якая, ціхусенька пахістваючыся, засланяла яго: зусім не збаяўся ён! Нельга так думаць пра яго, гэта ж крыўдзіць! Ён не ўцёк, не, толькі выбраў такі, а не іншы ўчынак, дзеянне — мог стаяць, мог ісці, павярнуць назад...

«Мілая галінка! Хоць ты вазьмі ды прыгарні яе да сэрца і думай з ёю думы раздумныя, пацешся пацешнасцю распацешнаю!..» (Веласіпеднік пасунуўся гэткай яздою, ад якой адразу вядома, што вакол нікога — і нідзе!) «...Уласна кажучы, чаго вывандраваў я і куды? Не развітаўся ж з маці. Як гэта здарылася, што я — тут? Кагосьці хавалі...» — Андрэю калола ў той жа левай грудзіне, і, разам з тым, церпянела шыя, стыла па-мярцвецку.

Сцежанё ў верасоўніку. Яно вынырае там-сям, даволі знарочна. «Зараз, зараз, што ж гэта адбылося на могіліцах? Што?! I чаму? Чаму, чаму, чаму???» — матылілася ўваччу чырвань з чарнатою.

«Значыць, я ў Беласток, хоць і не ўзяў рэчаў. Нядобра, нічога не маю з сабою», — даведаўся ад сябе Андрэй. У горад, што калісь знаходзіўся за лясамі ды рэкамі, цяпер — блізка, і мо таму не адвярнуў назад сваіх аглобляў! Прадчуваў яснае, амаль бачыў гэта прадчуванне, хаця цяжка яму было назваць, што менавіта?

Вышаматаўся з рэдкалесся.

Жаваў ягадкі... Наступіў на грыб. Сасонка, бы рукавом, ударыла Андрэя па пераноссі... Ялінка! Перад ім пагойсаў заяц, малы, як сімвал. У закутку з хмызняку драмацела птушка, дзюбастая, уцямнелая ад самоты. Гарлапаніла цішэча.

Ён не зразу ўевядоміў сабе, што гэтак ідзецца яму праз збожжа. Плыве паўз затоку заполля, сярод стромкіх берагавішчаў лясунскай ускраіны. Не працінае далечыню хуткасць шашы з нікеляванай прычоскай. Не наткнуўся тут яшчэ ні на што такое, чаго трэба б спадзявацца: смех, сум, потым спеў. «Пахаджу сабе... Во, каб зараз дырэктар мой гэта аб'явіўся! Або — капітан».

Пад борам, узбоч ад арэшнікаў, беляхцела кужалем Барсуковіна. Дала яна Андрэю смак хлеба з маслам, якое цярпліва прамываюць ля калодзежа, абгортваюць у лапух хрэну і кладуць у гладыш, у цемень склепа (а прамываюць — самаробнай лыжкай).

У Барсуковіне былі ў Андрэя раніцы, пчаліныя, мёдаліпнёвыя. Раніцы з цішы. Здаралася з ім такое, што калі крычалі на сходзе ў дырэкцыі: «Ціха!» — уяўлялася яму прачынанне на пасцелі, ля акна цветаліпнёвага, у Барсуковіне, у айчыне цішыні, дзе ад густазялё-насці смерць здавалася забаўкаю.

Барсуковіна лявей і лявей.

Гоні, услуханыя ў жаўрукоў, не прыкмячалі Андрэя. Здзіўленыя раптам, адхістваліся ад яго, не пазнавалі, уколвалі, дзе папала, у мужчынеючае бароддзе.

На пасьбішчы, што паміж Новым Востравам і Старым Востравам, Андрэй саўгануў нагою ў балаціну. «А мо варочацца? — усумняваўся. Адступіўся на сухое. — Вярнуцца дахаты, абціхнуць, абмыцца ў ручаіне на аселіцы, прыпарадкавацца ды паладзіць з сабою. У Беласток жа — з'ехаць аўтобусам, ранішнім або вечаровым (суткі водпуску ў запасе!). Нашто дрыпаць, столькі кіламетраў?.. Камедыя: я — на выгане чужавясковым, забалочаны, падзівачэлы... I чаго?!»

На высахлым.

Дальнепуцце пятляла па-дарожнаму.

«Смешны я са сваім асмешваннем уласнай смешнасці! Хто смешны да канца, той перастае ім быць. Гэтаксама і з сур'ёзнасцю», — нялёгка яму таму, што запыніўся ён у айчынных краях, з якіх не дарэшты вырас.

Андрэй сарамнеў, пакудлачаны і выпаўзлы, павернуты да Старога Вострава. Як жа абысці Востраў, не наглядзеўшыся там пагарды маладых да старых! Не звычайная яна, не такая, як адвечная. Уся цяпер — з удачы, што расквітае дабрабытам на крывавых разорах бацькоў. З іх барацьбы супраць несправядлівасці, з якой выраслі чорныя ружы смехаты над імі ж! З іх стомленасці, абяздолення. Пагарднеча тая разлапушваецца, заглушаючы парасткі душэўнасці.

Андрэй Антошка пакіраваў у Беласток. А за ім — годы і цені, песні, забавы, вяселлі, дзяўчаты, замаладыя і застарыя, чарнабрывыя або толькі добрыя, гатовыя для жыцця; хлопцы ля музыкантаў і на вуліцы, равеснікі, сябры, элеганты ў ботах з высокімі халявамі, люстранымі; настаўнікі, якіх любілі ды плакалі па іх, і тыя, якіх ненавідзелі, з якіх скону цешыліся; ветрыкі з-над ставаў, што з землепадобнаю вадою, якую чэрпалі кашом ад бульбы, каб плёскаліся ў ім карасі, гэтыя рэшткі пасляваенных рабункаў мужыкоў, моцных на кулак, але слабых на розум. Казыталі благія згадкі пра начныя вобыскі маладой польскай рэвалюцыі, якой — ад закаханасці ў яе — прабачалася ў шмат чым. Яна снілася маладзеччыне!

Змрачнела ваколіца.

Аслеплены зніжаным сонцам, Андрэй ішоў у бляску, пакуль не пацягнула па спіне адвячоркавым халаданнем. У капіцах сялібаў дзерліся куры, кудахталі, галасілі авечкі і прычытала карова. Ганялі іх, паілі, задавалі корм; як бы цяплей адтуль, ад, напэўна, расчыненых гумнаў, хлявоў, сеняў.

З узгоркаў, голых, як скура дапатопнай жывёліны, сачылі за Андрэем кусты і колькі прастуджаных дрэваў, нявыраслых і брыдкіх. Кустоўе выбягала з далінаў, станавілася на дыбачкі. Валуны абыякава зарасталі, нагадваючы лысіны падземных дырэктараў. У змроку не відаць, як гэтыя лысіны паварочваюцца, кланяюцца, размаўляюць... Быў сход, на якім таўстапузы праныра, усяму вінаваты, адбрэхваўся: — Чаго чапляецеся да мяне? Абліваеце памыямі, каб на вас ліха напала! Пытаецеся, чаму я гэтак учыніў? Не ведаеце? Сапраўды? Дзівакі вы, ды толькі! (—Не круці, кажы! — пакрыквалі на яго.) — Скажу! Таму рабіў так, бо іначай не мог, хочучы вярхам спадабацца! Маё пустазвонне? Няхай, браткі, будзе і так...» (— Не засланяйся самакрытыкай, — перапынялі яго.) — Супраць вярхоў не пасвішчаш. Будзь кожны з вас на маім месцы, рассмакуецца ў пасадзе і зробіць тое ж. Дакладнюсенька! (— Брэшаш!) — Калі кажу няпраўду, дык няхай яно так і застанецца: пажывеце, пагодзіцеся... (— Ты паглядзі на сябе, які ты?! — злаваліся.) — А пагляджу, з цікавасцю пагляджу на сябе, каб пераканацца, што са мною зрабілі? Каб пабачыць... (— Пабач!) — Будзе так, як хочаце: мне ўжо ўсё роўна... (— Як дастанеш па азадку, дык перастане табе быць тэта ўсё роўна!..) — Дастану ці не дастану, гэта таксама пабачым...

Пузатніку задавалі папіць. Дзядзька з вусамі, які рассеўся ля падваконніка, размахаўся. Яму прыйшоўся даспадобы цэлы балаган. Ягоныя вочы-тварагі зіркалі ў публіку па-галчынаму, з птушынай чуйнасцю, каб не закрычацца і, у выпадку патрэбы, мець зручнасць адляцець... Галасам сваім прызнавалі ў нечым рацыю пранырліўцу.

Нязгода з чымсьці з'яўляецца вынікам папярэдняга прызнанпя таго ж.

Ноч абступіла Андрэя ў лесе. Пачуўся трэск, раз — зусім блізкі.

У яго адзеравянела галава. Сунуўся ў цемені, чакаючы, што раптоўна задрыжыць усё ад дзікага галопу чагосьці магутністага, чорнага і безназоўна жахотнага. Яно накінецца па Андрэя: сцісне за шыю, разарве жывот, высмакча кроў! Добра хоць, што ззаду, знячэйку... Азірнуўся. I зараз жа зноў азірнуўся: гасцінец затлеў ад канца ў месячным узыходзе. Нялюдская ўсмешка крывілася на ўчынак Андрэя, быццам наказваючы: «Вярніся, хлопчык, дамоў. Цябе чакае маці. Неспакоіцца ёй! А ты, булава, выбраўся ў пуцце, поначы і з кіём. Не смяшы мяне і людкоў, Андрэй. Кінь гэта, чуеш? Перастань!» — нема віскнуў на Андрэя. Аж ён не сцярпеў месяцу: «Не смейся, гладкатвары! Не будзь вечным кпліўцам! Пасмяяцца лягчэй, чым шчыра праслязіцца. Лепей узыдзі ты вышэй над шляхам, дай мне святла, каб я не боязніўся. Не шпікуй мяне з-за дрэў, выбежы!»

За Перакалам заіржаў конь.

Ад Навінкі нешта гакнула. Перш як бы нехта сякераю па пні, сасновым. Але неўзабаве падбегла рэха, і стала вядома, што там здарылася нядобрае.

У Талькоўшчыне набрахалі на Андрэя сабакі, стварэнні з ідэальнай дурноты ды лізунства. Аддаляўся ад крывалапага плявузгання — за масток на Слоі, за Трысцяное. За Клін.

Паглыбіўся ў пушчу, шырокакалодную ад гэтага месца. У ёй бубнела маўчанне, пяяла вышыня, пазвоньвалі зоркі, зачароўвалі туманцы, а ля зялёных вогнішчаў грэліся продкі, карэннеплячыс-тыя.

Ён пераходзіў цераз айчыну прадчуванняў.

Хатнім крокам адмерваў вёрсты.

I было так, як у ноч, пасля якой анынуўся адзін ён на забочанай Смольнай, дзе не ўцалела хаця б елачка. У тую ноч паскрыпваў гружаны воз, а ўсе трое ішлі побач з ім. Бацька сябра трымаў лейцы. Увечары, яшчэ ў адвячорак, калі зрушыліся ў дарогу, у Беласток — укладвалі клункі, пасцель. Андрэя і яго сябра выпраўлялі іх бацькі на навуку ў занебакраі. Праводзілі да ростаняў — колы ўрэзваліся ў дзярніну, пакідаючы за сабою шраміны, чарназёмныя. Захад палыхаў пажарам за саламяным краем зямлі, пасляжніўнай. Шпак, пагушкваючыся на вейках бярозы, сакатаў па-немаўляцку над абсеўшым гумном. Хваліўся ён жывоцікам, і спраўджалася ў сэрцы радаснеча: самому б запяяць! Заспяваць аб тым, што ўжо не трэба пасвіць свіней, чаргою ганяць кароў у луг, аж у Вялікі луг! Сеч дровы не трэба, сечку рэзаць, авёс малаціць, цэпам! I шмат чаго не трэба будзе. Няхай сабе спяванне тое і было б падобнае да гультайскага, цыганскага. Няхай! Развітваўся, зіхатлівы... Стаялі суседзі, бы чаплі ў плыткаводдзі. Пазнавалася іх з неспадзеўнай цяжкасцю, парадна. Усміхаліся, гаварылі штосьці і зноўку ўсміхаліся. Іх абліччы, бы прамяністыя сланечнікі, круціліся. Воз той варты быў, каб назваць яго залатою карэтаю; радаснасці была прызначана роля аздобы. Рабіна ля равіска таксама прыхарашылася, як на фэст у Грыбоўшчыну. I клён маладзенькі! А і каменьчык, што ў прыдарожнай ручаіне, і цяжарная кветка, якой не каштаваў... Іярданіўся шлях, вышэлі нябёсы, мацярыніліся жанчыны, дзяўчыніліся равесніцы, мужчынелі хлопцы. Качаліся платы каля хатаў, пунсавелі агароды за гумнамі, трапяталася лісце на дрэвах, жаўручэлі палеткі, наваколле развакольвалася!

З тадышняга падарожжа праявіліся ва ўяўленні Андрэя серабрыстыя паляны.

...Паскрыпвае воз, ляскочуць колы. Андрэй заспяшаў расцягнутым крокам, надта доўгім, і жалязняк паскрыпацеў за ім, заклекатаў па-буслінаму...

Уздыбленыя валасы ўзнялі Апдрэя — ён нестрываў і пабег! I вазіска — з гары! I цэлых дваццаць гадоў — чарадою!

...Паскрыпвае воз... За Копнай гарою зарохкаў у калдобінах з рэдкімі каменнямі, разагнаўся, што аж зямля захадзіла, затрывожылася, залекацела паветра! Без каня, без ягонага стукату капытоў, фыркання храпаў, дзынгання вуздэчкі, павеваў ад піўнага поту... Андрэй закрычаў:

— Пррр-ры-ы-ы-ы-ыыыы... — закрычаў.

— А-а-аааа-ааа!!!... — крычаў.

— Ста-а-а-аань... а-а-аай! Упаў.

Якраз у сярэдзіну лёскату.

Перад Андрэем, перад самюткім яго носам, прамчала ган'ё дзікаў. Перш чым забаяцца, падумаў ён, што вецер ад іх, не ад яго, і гэта — выратуе! Прамчалі з гулякаватай бесцырымоннасцю. Разбрыканыя.

Ляжаў.

Пясок — нагрэты. Балелі ступні.

Загледзеўся ў лясную ціш, у месячнае бязлюддзе. Баязліва зіркнуў на гадзіннік: дзесятая.

Дайшоў да рэчкі, пашукаў абрывісты бераг, дзе распрануўся дагала, цалкам, і скочыў у зорныя глыбізны. Плынь заносіла Андрэя над яму, вірыстую і без дна. Не паддаўся; малаціў рукамі, пырскаў, плыў. Чароты папрачыналіся з першага сну і непрыхільна хісталіся. (Упоцемку нялёгка вылезці з рэчкі, якой не ведаеш. Гэта была Сакалда.)

Калі ён праходзіў праз вёску з дварнякамі, падлічыў, што ў Беластоку будзе на досвітку.

«Не пашкодзіла б і ў Супраслі пакупацца. Не, аднак, выстыне яна да ранку! Хаця раніцай, у промнях росных, у празрыстасці, паміж песнямі птушынымі, акунуцца з галавою...»

Ішоў ён каля чатырох гадзін.

У мястэчку над Супраслю шампанілася музыка, датанцоўва-ючы кавалак ночы з суботы на нядзелю. Ігралі ў рэстараніку. Андрэй прайшоў у залю.

Ён заўважыў сябра з дзяцінства, даўнавата злыселага, казалі, магістра, які тужыў тут з лялечнай бландзінкай. Адразу было відаць, — старэйшая за яго і, несумненна, з багатае сям'і. Змаячаная гарэлкай, гладзіла яго па яшчэ буйнай патыліцы.

— Жанаты? — Андрэй да сябра. У бландзінкі шырэлі зрэнкі.

— Я? — утапырыў ён вочы на Андрэя. — Уласна кажучы, хто вы такія будзеце? — з п'янай павагаю. — Чакайце, чакайце... Гэта ж Андрэй! Андрэй, каб ты, хочаш, шыю скруціў, падла! Гэта ж ты! — і да яе: — Гэта наш слынны набабнік, хочаш, якога дзеўкі насілі на руках, а ён плакаў з перапалоху, каб не пакрыўдзілі, гы-гы-гы, — страсянуў бландзінку, каб радавалася разам з ім. — Ну і перапужаў ты мяне, хочаш, трасца табе ў бок! Жанаты, пытаецца. Каб ты ачмурэў, хочаш, зараза! — наліў чаркі. Андрэю — у шкляначку ад напітку.

— Не спіш з ёю? — завялі мужчынскую, хамаватую гутарку, знарочную, і яна, надзьмуўшы губкі, адвярнулася. «Чаму гэта ўздумалася мне абражаць каго? I як ён так лоўка прадчувае, падхоплівае гэта маё жаданне?»

— Я? Хочаш, прывёў яе сюды дзеля таго, каб захапляцца, як умее яна сцябаць гарэліцу, гы-гы-гы,— ён не лічыўся з ёю. — Гэта, так сказаць, хочаш, перадпасцельная уверцюра, гы-гы-гы...

Выпілі паўлітра, дарагой і марожанай.

— Хопіць, даражэня, прышчамі язык, — Андрэй: «Бландзіначка, відаць, ужо не першай маладосціды салідна запыленая. Ёй вельмі патрэбен не муж, але замуж. I за гэта яна табе, сябра, гатова ахвяраваць у пасагу легкавую машыну зарубежнай маркі. I ўдосталь грошай... Бог адзін ведае, на што ёй тое?!»

— Хадзем! — падагнаў ён Андрэя.

— Мы ж не разлічыліся...

— За што?

— За стол, — Андрэю здалося, што сябар страчвае памяць.

— Яна заплаціць, — паказаў на яе, як мужыччо на бабу. — Багатырная! У яе грошыкаў, хочаш, што валосікаў на... — яна тузанула яго. — Бачыш, шлюбу не было, хочаш, а яна... — ён узяўся ўставаць. — Лічыць, што пасцель важнейшая...

— Свіння ты! — падала голас. З робленай гідлівасцю.

— Не кажы на мяне гэтак, — паставіў палец, — Не кажы, хочаш, бо я скажу на цябе горшае! I болей адэкватнае... Маўчы ты, калі хочаш, каб я быў добры. Ведаеш, чаму я так, хочаш, гавару. Не? Прыпомніць табе? — ён паказаў на Андрэя. — Вось, глядзі і вітай майго цудоўнага калегу, хочаш, з якім не бачыўся я, цьфу, чвэрць стагоддзя! Цэлую эпоху, ба, дзве! Зараз мы выходзім: нам трэба пагутарыць, а ты, хочаш, пасядзі сабе, падчапі каго — любіш гэткі занятак. I не забудзь з платаю. ...Ідзём, хочаш, Андрушка, — мусіць, яму не ўдаецца наогул жыццё. Так, напэўна.

Завёў Андрэя на сваю кавалерскую кватэру, задрыпаную. Някепска было б выспацца, але сябар не даваў: гаварыў пра свае дваццаць пяць, раскаркоўваў бутэлькі з віном, якога Андрэй не пераносіў. Плёў такое, што сумна было выслухваць яго. I Андрэй раздумваў аб недалёкай айчыне сваёй гордасці, перабіраў усё да драбінак. Заставалася яна ў ім і пад вобразам пяцідзесяцігадовай бабы, за якою стырчэў муж, а перад абоіма імі — зграбнаватая дачка.

З'явіліся яны пад вечар каторагасьці Новага года. Фурманкаю да аўтобуснага прыпынку: праводзілі менавіта дачушку.

— Неўзабаўку будзе аўтобус, і я паеду, — яна да пяцідзесяцігадовай маці. — Вяртайцеся, пакуль не пацямнела.

Яны — з суседняй вёскі.

— Пачакаем, — расцягла адказвала мацерка. — Мо дзе папсаваўся той аўтобус, і што тады станеш рабіць?

— Як гэта што? Мы аддалі б яе замуж за Андрэя, і нікуды не трэба было б ёй ехаць, — пажартавала маці Андрэя. А нябожчык бацька: — ёй чарульку добрую не пашкодзіла б кульнуць! — Выходзілі з-за стала і запрашалі.

Дачцэ іх увачавідкі хацелася таго, але не далі ёй.

— Цяперашнія маладыя, ой, папіваюць! — сказала маці Андрэя.

Пяцідзесяцігадовая ўспрыняла гэта, як намёк на нешта. Таму палічыла неабходным адказаць: — Наша і ў губы не бярэ гарэлкі. Нават і віна.

— Андрэй, бачу, не адмахваецца, — маці як бы і не чула хваллівай бабы. — Нальюць яму поўную, а ён і не здзівіцца...

Тэлевізар адважнеў, загольваў танцоркі да кульшаў, падтрасаў іх грудзьмі, паказваў амаль непрыстойнае.

— Эх, заднічкі кругленькія! — жартаўліва падкрыкваў бацька.

— Спрытныя якія, хваробы на іх няма! — зайздросціла пяцідзесяцігадовая.

— Як гэта не пакруціць іх? Не застудзяцца яны?..— іначай маці.

— То ж але, — муж бабы. — На капанне бўльбы іх!

Андрэй ганаровеў, усё роўна што ў покуце.

— А ты, Андрэй, калі збярэшся на работу? — папытала баба. — Колькі зарабляеш? Дзе працуеш? — памякчэлая, яна да чагосьці прымервалася.

Адказаўшы, Андрэй узняў чарку:

— На здароўе!

— Ах, Андрэй, каб Бог сцярог маё здароўе: старая я, — і да мужа: — Пайдзі з ёю на прыпынак, а я адпачну, змарылася...

Яе бацька панёс за ёю цяжэзны ўпакунак, якім баба пахвалілася, як толькі пераступіла парог: мяса, каўбасы, сушаны сыр, смятана, яйкі, мука, саланіна, шмалец з цыбуляй, фасоля, гарох, скрутак бялізны, чыстай...

Зручней расселася.

— Давайце пажэнім нашых дзяцей, — зірнула яна на маці, на бацьку і на Андрэя. — Красная з іх пара была б...

Дзе яму тамака, гэтаму паддрыганцу, — аджартоўвалася маці з адчувальнай трывогай. — Дарэчы, адправіла ты дачку на гулянне ў Беласток, а сама пра жаніцьбу хлопцу гаворыш, хітрая, — усё тым жа пожартам.

А нябожчык бацька ганарыўся:

— Ты ведаеш, хто мой сын? А ці ведаеш? Ён — інжынер! З сынам міністра вучыўся, во! — паглядзеў на Андрэя, як на фатаграфію дзеда, што пры царскай свіце служыў, значыць, у ахове яе. Беларусы верныя!

— А мая — магістр! — гакнула баба. Адбілася. Узнялася цверазоўшчына.

— Мой сын, Андрэй, го-го-го, які здольны! Разумееш, ён з самым мініструком, тэго, от! Табе і не ведаць, якія гэта дзеці ў міністраў. Нічога ты не разумеціш!

— Пачакай, паслухай, што табе я скажу: магістр — гэта як доктар, або і важней! — утлумачвала бацьку Андрэя, — Заязджаю гэта я неяк да яе на пасаду, а там бы ў палацы якім! У хвартухах белых усе ходзяць, з прычоскамі, з памаляванымі пазногцямі, з вейкамі штучнымі, як у той, што ў тэлевізары. А кожны да маёй дачкі: пані магістр, пані магістр! Стаю я, мужычка, і плакаць ахвота ад саладосці, гледзячы на дачку родную, ну, як лялечку! Яна падбягае да мяне, бы пані шчасненькая, аж пабялелая, і, заікаючыся ад радасці, кажа: «Мама, гэта ты? А чаго ж ты сюды? Трэба было ў кватэры...» А я, ледзь могучы што-небудзь вымавіць, так разрадавалася, кажу ёй: «Нічога, родненькая ты мая, ногі мае пакуль чыкіляюць, дык я і зайшла забачыць, як табе працуецца». Ай-яй-яй-яй, хто гэта калісьці пры панах падумаць мог, што дзіця наша такое слаўнае стацьмець!..

Бацька перабіў:

— Ды што там бабы: якая ім плата? Колькі яны яе маюць? Грашы! Столькі, што на тыя прычоскі. Ці многа можна мець, працавацьмеўшы ў белым? Сын наш, во, Андрэй, во грабе, заграбае! Сем, дзесяць тысяч за месяц! ІІяцьсот чалавек пад сабою трымае, камандуе імі. Пяцьсот!

— Татка жартуе, — умяшаўся Андрэй. «Каб Я хоць пяцёх меў... Я, бачна, некалі намахляваў старому»,

Старому павяроўчылася шыя...

— Сам ты, тэго, жартоўваеш, во! — нязграбна абсадзіў Андрэя. Баба нічагусьці не кеміла. — У цябе на адным адно участку — пяцьдзесят! А ўчасткаў, гэтых, ого, колькі іх, — відэлец у яго руцэ выстраміўся. — Грошы мяшкамі давозяць на выплаткі...

— Дачка мая футра бярэ за дваццаць тысяч! Кажу ёй, мо таннейшае ёсць? А яна як не зазлуе: «Сама ты, маці, хадзі ў таннейшым!»

Маці Апдрэя ажно скрывілася:

— Маладыя не шануюць грошай... То ж і Андрэй... — але баба не дала ёй дакончыць.

Задаволеная:

— А не шануюць. Каб ты тое ведала, што не! Эт, няхай шануюць тыя, хто нічога не мае. Дачка мая не скача хваліцца, гаварыць аб сабе. Але, бачу, тысяч так пяць дастае, калі не шэсць...

— А сын мой з сынам міністра, галава твая, сябры! Во-во — сябры! Прыкаціў да іх «Волгаю» той жа міністр — ну, забыў, чаго ён міністрам, фабрык, ці чаго? Заязджае, значыць, у дырэкцыю і, а як жа, абходзіць фірму, Андрэю падае руку ды кажа: «Як жывеш? Бываеш у Варшаве, чаму не заходзіш да нас?» Во, як кажа да майго сына сам міністр!

— Падаў?

— Але. I запытаў: «Як жывеш?» А іншыя і дырэктары вырачыліся ды дрыжаць, каб Андрэй не сказаў хоць пра іх дрэннае!..

Андрэй панура калупаў у носе.

— ...Міністр ад'ехаў, а сын мой кажа сваім дырэктарам: «Усё добра!» А яны дзякуюць Андрэю, а самы галоўны сярод іх пацалаваў Андрэя і сказаў яму: «Просім вас, пане Андрэй, да нас, на кватэру — жонка і дачка наша будуць рады бачыць пана, пане Андрэй Антошка»! — бацька прыкусіў баравічком. Пацямкаўшы, апавядаў далей, пакуль гэта баба не страціла імпэт. — Міністр паехаў, а сын мой кажа тым дырэктарам...

Андрэю зажадалася ўпіцца.

— Зашкодзіць табе, — маці, ціхмана, але настойліва. — Мо прыляж, паспі...

— Даруй, мама: хочацца!

Баба абняла сваё жываціска і гарбела, бы валун. Гасла.

— Дачка твая паперла на баль у Беласток... Баль-шмаль, танцы-шманцы, — распеўніўся бацька. — З іх хлеба есці не будзеш. Чуеш?.. Андрэй, ого, здольнік... інжынеры, дырэктары... Вып'ем, ну давай! — селядзец упаў яму пад стол.

— Вып'ем, ага, — ачуняла пяцідзесяцігадовая. — Махнём, дарагі суседзе! Што гэта старым больш трэба: прахліснуць моцнай гарэлкі! Ну, суседзе, на здароўе! А дзе ваша гаспадыня?

— Яна не п'е... Ведаеш, калі паш Андрэй будзе жаніцца, зробім яму вяселле ма цэлую хату. Павыкідаем з яе перагародкі, наставім сталоў... А калі акажацца мала, дык рэшту гасцей у новым хляве змесцім, рассадзім, а танцы на таку ў гумне хай адбываюцца, а потым — у саломе, хэ-хэ-хэ...

— Здурэў стары! — абурылася маці. — Хто ж гэта бачыў прасіць у хлеў ды яшчэ вясельнікаў?

— Кепска ім было б? Новенькі! А гарэлка ўсюды аднолькава смачная... Зрэшты, гной павыкідаем, сцены пабелім, парфумаў напырскаем... Дырэктарам прывядзем дзявок, закажам...

Маці:

— Не грашы!

Бацька:

— Абы кашалёк ім паказаць: прыбягуць, задраўшы спадніцы! Хэ-хэ-хэ-хэ...

Маці:

— Андрэй, упыні, ну, свайго бацьку, а то я ўжо не маю цярплівасці слухацець яго!

Андрэй разгубіўся: ніколі так не здаралася, каб бацька аж гэтак плявузгаў! Баба сваёй гутаркай раз'ятрыла яго, ці што?

Пяцідзесяцігадовая закруцілася.

— Час дахаты, людзі добрыя, — загаварыла, дзякуючы за пачастунак. — Ідзі глянь, ці конь не замёрз?— штурхнула свайго мужа, ап'янелага целяпня, які быў задрамаў. Рабіў ён уражанне людца, якому вечна спалася б.

Бацька таксама заснуў, як толькі перасеў на канапу.

Маці мыла пасуду. Яна заўзята аддзірала прыгарак у рондліку і па гэтай зацятасці, такой кухоннай, у нечым да яе быў якраз падобны лысеючы сябра дзяцінства. Ён не сунімаўся ў сваім пляванні на бландзіначку, да якой Андрэй пачынаў, наадварот, адчуваць ужо нешта накшталт сімпатыі.

Сябру, відаць, упадабалася быць ахвярай лёсу.

— Будзеш жаніцца з ёю? — запытаў яго Андрэй.

— Ці, хочаш, буду? — пахістаўся лысы з бутэліцай у далоні. — А што мне рабіць, што чыніць, ці сабаку зарэзаць? Вазьму гэту, хочаш, к...! Я — нішто; магістр фізікі ды столькі ўсяго мяне. А за ёю — хочаш — сотні тысяч, буйны камбінатар у выглядзе бацькі, грошы дзвярыма і вокнамі лезуць, віла, «Рэно» ў пасагу!.. Разумееш, адзін подпіс у акце аб шлюбе — і я, хочаш, захапачу ўсё гэта! Як бачыш, хочаш, б... у цане, — ён разявіўся на келіх з рыслінгам і ўліваў у сябе конскімі глыткамі. Як не сваё!

Заліваў ён слепнякі, хлябтаў розныя віны ўперамешку, ажно дзіўна было, што яшчэ — стаіць! Піў як бы баючыся, што яму нехта адбярэ, і ў гэтым быў падобны да Язэпкі-Парабка, якога Андрэй, вядома, не памятаў, але аб якім бабуля расказвала, як сканаў ён, дапаўшы да панскага стала ў двары, калі панства паехалі на паляванне ў Клябанаўскі бор... Даўным-даўно, пры паншчыне.

Андрэй, цераз акенца ў туалеце, выслізнуўся ад яго і беластоцкай шашою адбегся ладны кавалак.

У Беласток уваходзіў ён, калі на Выгодзе адчынялі крамы і сучасныя ратаі ў гумовых ботах джгалі сваё ранішняе піва. «Напушчу ў ванну вады, гарачай. Вылежуся ў ёй, абмыюся першакласным мылам, французскім», — пастанавіў.

Ішоў да свайго жытла. Каля рэстарана «Гродна», аўтобуснага вакзала, прыватнай будкі гандлярскай з гароднінаю, будынка Лігі абароны краіны, магазіна «1001 дробязь», дэвізнага гандлёвага прадпрыемства «Пэвэкс», кнігарні з безгустоўнай вітрынай, краўцоўскай майстэрні. Паўз сядзібу спажывецкай арцелі «Разам», забягалаўку «Сонейка», клуб міжнароднай кніжкі і друку, школьную кураторыю і акруговы музей, універмаг і фотаатэлье. Праходзіў Андрэй каля аптэкі і рэдакцыі беларускага тыднёвіка «Ніва», павятовай пракуратуры і ваяводскага суда, Дома тэхніка і крамы «Сувэніры», бістра «Экспрэс» і выкінутага кімсьці на квятнік здохлага ката.

Паміж людзьмі.

Да свайго ішоў.

Паволі, але і помкліва.

I разлегчыся — спаць, спаць... Забыцца!

Яго разбудзіў смех у суседа. Па-вар'яцку весялісты. Так, мабыць, гагаталі першабытныя: без паўстрымання. Зараз і малыя не гэтак рагочуць. — Усё нядзеля.

Сусед у настроі. У яго нешта добрае здарылася. I ён, напэўна, дапамагае жонцы мыць пасуду, выціраць яе да сухасці ды ўстаўляць у крэдэнс. Не, яны гэта ладзяць застолле. Вось расскрыпеўся рассоўны стол і прабубніў суседаў голасіска:

— Дай настольнік, бу-бу-бу-бу-бу... Выбачай, сам вазьму... бу-бу-бу... Скажы, дзе яго шукаць, бу-бу-бу-бу-бу... Ага, ведаю... Ведаю, ве-еда-аю-ю-у-у, ха-ха-ха-ха-го-го-го-га-га-га-га-а-а-а-а

Галасуюць. хлопчыкі, б'юцца.

— Ціха! Ці-а-ааа! — да іх. — Га-га-га-га, — неяк так цешыўся дзед Андрэя, калі меў багаты ўмалот.

— Ужо нясу, — сказаў ля самюткай сцяны.

— Дзеці! — агаласіла жонка. Яе ж голас поўніўся навіной. — Дзеці, прашу вас: будзьце цішэй... Крэслаў даставіць?..

— Пяць, не, шэсць! — адказаў ёй. — Ха-ха-ха-ха... А малыя як бы мацней затупацелі.

I сусед пачаў біць іх, аплявушыць.

— Вам сказана: ціха, дык будзьце ціха, кузакі няшчасныя! — крычаў ён крыкам нявыкрычаным, з якога, здавалася, з жалем асыпалася задаволенасць. — Халеры вы, а не нашы дзеці! — пераходзіў на енк электрычнай пілы, прарэзлівы. Яго глушыў усё болей шчыры плач хлопчыкаў, які — праз малую хвілю — вышыбаваў у віск, роўны і працяглы. — Я навучу вас, як прыстойна весці сябе! — ягоны выкрык расцяўгэты віск, ссек. — Сораму ў вас і на грош няма! Марш за ўрокі!

Гусцела пацішэласцю.

Там рыхтаваліся прымаць гасцей,

— Ха-ха-ха-ха-га-га-га!..

— Просім, проша... — маўляла суседка, смакавіта, бы псычэнне каўбасы ў накрытай патэльні. Яе цалуюць у руку.

— Віншуем! Віншуем! Ві-іншу-уе-ем! — крухмалелі госці, — Віншуем, пане дырэктар!

— Ха-ха-ха... Га-га-га... Дзя-нку-ую, ха-ха-ха...

— Як гэта міла ў вас, — загаварыў якісьці госць, ужо нецвярозы,

Загула гамонка, але нядоўгая. Пасядалі.

— Просемы... проша...

— Першую чару прапаную падняць за нашага новага, дарагога дырэктара! — пачуўся крыштальны вокліч.

— I яго пекную паню гаспадыню! — гэта нецвярозы. Да яго, мабыць, пакуль не даходзіла, што пакліканы ён не толькі замачыць чужое павышэнне, але і перагледзець суадносіны, сітуацыю. На здзелку!

— Хо-хо-хо-хо... — гасцінна. — Агурочка?

— Дзянкую, дзякую... -— Надзвычайны!

— Э-э-эээ! — як узбрэх бобіка, які пазнаў гаспадара. — Мо-о-о-ооцна-а-ая!

— З зуброўкай, ах-ха-ах...

— Калі ласка, фаршыраванага мянтузіка.

— Люблю шынку, вэнджаную ў цёмным лесе. Абавя'зкова ў яловым!

— Як гэта, хвароба, пазнаць?

— Букет пахаў, васпане, іншы... Лес ёсць лес!

— Вы, хі-хі, відаць, хі-хі-хі-хі-хі, наогул шынкі, хі-хі-хі, лю-ю-юбіце, га-гага!!! I то бачу, хі-хі-хі, не абы-дзе, хі-хі, але ў ле-е-есе-е-э!!! Га-га-га!..

— Рга-а-га-га-гаг-га-аа-а-а-ааа...

— Брава! Печанае парася! Ад дзяцінства не еў...

— Сапраўды, парася! Румяненькае, ах!

— Другую чару — за паню дома! Устаць, панове!

— I яшчэ раз!

— За жанчын я гатоў піць цэлае сваё жыццё.;

— То ж але, то ж але...

Апрача накрухмаленага і нецвярозага - усе незнаёмыя галасы (яны, праўда, не вельмі каб чым вылучаліся).

Не маючы чым заняцца, Андрэй стаўбунеў у кутку свайго пакоіка і ўслухоўваўся ў водгулле гэтай п'янкі. Ён трохі пачытваў «Ніву», тыднёвік са старасвецкай він'еткай. На разгорнутай старонцы, угары: «Куток практычных ведаў. Як зварыш, так і з'ясі». Ніжэй: «Фаршыраваныя пячурыцы з яечкамі», «Пячурыцы фаршыраваныя з каўбасой», «Салат з пячурыц»...

Андрэя зацікавіў загаловак: «Вер — не вер».

Чытаў: .

«Сніўся мне сон, быццам была я на весцы. Пайшла з бацькам сушыць сена, — піша Марыся з Беластока, — Перавярнулі мы сена тое, каб лепей яно сохла. Побач пасвіліся нашы каровы на ланцугах. Я падышла да адной і перачапіла яе ў другое месца, дзе бўйнейшая трава.. Селі мы з бацькам над ровам, чакаем, пакуль сена падсохне, ды бачым, што ад захаду, з-за вёскі, высоўваецца хмара... Далей яна не пасунулася, затрымалася. Пацямнела. Але як бы ад таго, што вечарэла. Людзі замітусіліся. Сена, кладуць на фуры. Я ўстрывожылася і кажу бацьку, што наша сена змокне! А бацька адказвае мне, што нашаму сену дождж не пашкодзіць. І мы пайшлі. Ідзём дарогаю, хату мінулі і павярнулі на дарогу за вёску. Але ўжо побач мяне з правага боку ідзе не бацька, а высокая дзяўчына, гэта тая, што разам са мною працуе ў Беластоку. Як бы сімпатыя мая. I я пры ёй, якраз, што яна такая высокая, пачулася бяспечная і падумала, што ў будучыні таксама пры ёй бяспечна будзе.

АДКАЗ: Рэдка бываюць такія прыемныя сны. Амаль усе яго часткі аб'ядналіся ў адно цэлае, што прадвяшчае вам нешта добрае.

Ёсць у вас нейкія клопаты (бацька, здаровы ён), якія, аднак, павінны закончыцца поспехам або нават нейкім прыбыткам (сена). Гэта ж самае пацвярджае і пасьба кароў (дабрабыт, поспех). Вы вельмі непакоіцеся за добрае завяршэнне нейкіх для вас спраў, але ўсё адбудзецца добра (перачапілі карову ў тое месца, дзе буйнейшая трава, што абазначае ўдачу, поспех у справах). Хмара (нейкія цяжкасці ў жыцці) затрымалася і не павісла над вамі, бо для вас гэта была нявыгадная здзелка (вечарэла). Людзі, што акружаюць вас, хочуць уцягнуць вас і ваш поспех (сена) у нейкую хісткую, няпэўнўю справу (кладуць сена на фуры), але вы не паддаецеся ды не баіцеся дажджу (бо ён таксама поспех у справах).

У пэўным моманце вы заўважылі, што бацька, які ішоў побач з вамі, пераўтварыўся ў дзяўчыну, з якой вы адчувалі сябе бяспечна. Бачыце цяпер самі: вашы клопаты (бацька) пераўтварыліся ў радасць і поспех у каханні (маладая, сімпатычная дзяўчына). I так будзе ў будучыні. Астрон».

«Як гэта ім не абрыдне піць?» — Андрэй устаў з фатэля. пацягнуўся і ўспомніў, што трэба ж заварыць рамонку і яго адварам прапаласкаць зубы: пабольвалі дзясны.

Пеканула Андрэя дагэтуль нязведанае.

«Прыкідваецца, сабака, што мяне не бачыць!» — адкрыў у суседа.

Там, за сцяною, заспявалі «Многае лета». Нядружна.

«Ад адвару з рамонку перастаюць балець дзясны. Накуплю яго», — ныла ў скронях, і, магчыма, было б нядрэнна таксама прыкласці да іх рамонку... У паху гэтай кветкі адчуваецца столькі поля ды драўлянага загумення, прастадушнай даверлівасці цішыні, што аж пачынае круціцца ўваччу... «Многае лета» гудзіць вяселлем у паркую ноч. Нехта выспеўвае да самага крыку, быццам інжынер Сцёпка, вяртаючыся досвіткам з вяселлейка ў кафейцы «Дануся», што ў Антанюкоўскім квартале мешчанеючага сялянства; з той пародыі вяселля, якое адбылося нібы дзеля таго, каб пахваліцца гарнітурам, жонкаю або мужам, вялікапанскімі манерамі камердынераў, дабрабытам, пасадаю і, чорт ведае, яшчэ чым?! Гісторыя шырыцца коламі. Бо інакш інжынер Сцёпка з Задрыпанкі цаніў бы ў сабе спецыяліста, імкнуўся б стаць выдатным, а не прамарноўваў бы псіхіку ў пакутванні, у патаемным праклінанні мужыцкай радаслоўнай. Не траціўся б на буржуйскі выгляд самога, запознены на стагоддзе.

Яму ніяк не ўдаецца з гэтай шыкоўнасцю: бачыць тое, абкружаны неашляхетчынай, і, злуючы на сябе, калі ўп'ецца, як у камфартабельнай «Данусі», раве на ўсю разаспалую вуліцу «Равела бура, дождж ішоў...». Сцёпка! Ён, такім чынам, выказвае пагарду не столькі да асяроддзя, якое, у эпоху сацыяльных рэвалюцый, надалей пагарджае якраз такімі, ім, хоць усё-такі з непрыкметнай вытанчанасцю (ведае ён аб тым!) — колькі нянавісць, нават нянавісць менавіта да самога сябе. (Ягоны сябар, Валодзька, лічыць, што Сцёпка тут заблытаўся. І што павінен ён сканцэнтравацца на тым, каб дамагацца вялікіх грошай. Таксама — праз суд — змяніць прозвішча Дурыла на Дурылоўскі або Дурыловіч. Прыдбаўшы капіталік і тонкае прозвішча — набыць кватэру, хаця б у Гданьску, ды выехаць туды... «А там, у старажытным, памятай, нельга плявацца на вёску і сялянскасць, бо па гэтым адразу цябе пазнаюць, як мужыцкага сына...»)

Андрэй дапіў адвар.

А капітана не відаць, здумалася яму. Не раскусіць яго: размаўляе, як кавалер з дзяўчынаю, ад якой невядома чаго спадзявацца...

«Застанецца плямка, халера!» — Андрэй намачыў чыстую анучку і нахіліўся чысціць нагавіцы святочнага касцюма.

Назаўтра выйшаў у ім на работу.

На пяць хвілін да яе канца, як зазвычай, — супрацоўнікі гатовы да выйсця: пісьмовыя сталы прыпарадкаваны, прыборы роўненька складзены, рукі памыты, абутак падчышчаны газетай, позіркі з карнавальным побляскам. Падцягнуты гальштукі, прыхарошаны прычоскі. Дамоў — пунктуальна, мужчыны — за жанчынамі. Выходзячы, Андрэй рэгуляваў свой няшчасны гадзіннік, які за суткі спазняўся дакладна на пяць мінут.

На сходах ля выхаду — мяккі штуршок у плячо.

— Здароў, Андрэй! — па-кампанейску знаёма.

— А, гэта ты. Здароў.

Поціск далоні. Недзе бачаны твар. Андрэю здаралася так гутарыць і не пазнаваць з кім. У людзях не знаходзіў ён таго, чаго чакаў, таму забываў стрэчы з імі.

Запамяталіся вусікі, вусікі хулігана, што ўдарыў Андрэя ў летні прысвятак ля кінатэатра «Тон». Прыгледзеўся да размоўцы.

— Не апазнаеш? — так, і ён у чымсьці знаёмы. — Ну, скажы, Андрэй, як пажываеш?

— Эт, жыццё, як сон, колькі ні спі, усё мала... — а ў думках: «Хто гэта?»

Запаволілі хаду. Той — ад асфальту вуліцы. Яго, ад гуку, дрэнна чуваць: зграі машын, машына за машынаю.

— А ты — як? — з начэкваннем: «Пагавары, і я ўспомню цябе...» — Ну, а ты? Выконьваеш? — намёк на стому нібы каня.

— Галоўнае, начальнік у нас — недурны! Гэта небасяжны плюс!..

Андрэй не даў дакончыць незнаёмцу, раптам:

— Ого, іншае трыванне пры людскім шэфе! Некаторыя перад тым як паступіць па працу, дацытваюцца, які там дырэктар.

— I я так! — ускочыў Андрэю ў тон. Ён меў да яго нейкую справу.

Андрэй: «Нашто мне гэта? Каб ты скіс са сваёй гаворкай! Адчапіся! Вон!, Вон, падла ты! Дай спакойна пайсці... Ідзі, во, пі сабе піва пад будкаю...» (Ля кіёска з піваім чырванелі півашнікі, індычыліся, зазіралі ў вядзерцавыя кухлі. Тырчэлі, вырачыўшыся адзін на аднаго, як пасля бойкі, з тымі кухлямі).

Ён клеіўся да Андрэя.

— Андрэй, ты шмат што можаш, — фактычна ён з просьбай. — Круцішся ў вярхах, я ведаю...

— Ну! — Андрэй прыкінуўся, збянтэжаным. — Хто табе гэта казаў?

Урэшце пазнаваў яго.

Адказаў Андрэю:

— То ж мая жонка ў вас! Бачыць цябе. Праўда, я не знаёміў... Яна такая тоўстая, чарнявая. Калісь была шчуплай, гэ-гэ-гэ...

— Жонка?

— Але, — тэпаў ён за Андрэем. — Прыбіральшчыцай яна. З'яўляецца прыбіральшчыцай, — паправіў сказанае, каб пасур'ёзнець. — Абяцалі ёй нешта лепшае... Паабяцалі, і як камень у воду!

— Ага...

— У лабараторыю ёй паабяцалі.

— Яна хіба тэхнік?

— Ды не: там патрэбна пастаянная баба з анучаю. Значыць, тут пыл змахнуць, там шкло працерці, во. У лабараторыі — лепш, чысцей.

— А ці даўно робіць у нас жонка?

— Гадоў тры будзе... Аднаго разу нараіліся мы, каб я да цябе схадзіў, пагаварыў наконт таго, ды акурат цесць мой завітаў!

— У чым жа мая змога падтрымаць тваю жонку? Мне нязручна... — Увогуле Андрэй не ўяўляў, як аказаць успамогу гэтай кабеціне. — Яна закончыла, можа, якую-небудзь сярэднюю школу? Прафесіянальную? Тады я б...

Адчуванне прыкрасці.

— Не, адкуль жа, — змікіціўся той. — Дзетка, ведаеш, з'явілася, яшчэ кавалерскае, гэ-гэ-гэ... Не, ніякую сярэднюю.

— Нядобра, — Андрэй уставіўся ў яго: «Няўжо ён браў яе ў шаснаццаць гадоў?»

— Можа цяпер вучыцца, — хапаўся той. — Мая жонка, каб ты толькі бачыў тое, прыгожа піша, літарку да літаркі, ну, люба глядзець!

Андрэй маўклівеў.

— Та-ак, ясна... Яна, праўда, пабрыдчэла...

Разышліся.

«Вось табе, бабулька, і хвартушок! Ясна, ясна, ды аказваецца, ты, брат, ні храна не разумееш! Па-твойму, у дырэкцыі займаюцца адно гожным пісаннем, сабе ды музам, і ў дадатак куртызанствам?» — злосць на вышукоўваючых падмогі вынікае з таго, што з іх нічога не возьмеш, ані зараз, ані ў перспектыве. Хтосьці кажа: я дапамог свайму начальніку! Не верце такому, ён быў вымушаны дапамагчы. Скажа: я ўсё сынам. Не верце і яму, бо ён неспакойны аб старасць. Кажа хто-небудзь: я дапамагаю таму і гэтаму, і тамтому. Ён не гаворыць, што дзеля разліку паслужыцца імі, калі яны памацнеюць. Дапамаганне з'яўляецца вышэйшай формай карысці, зазіркам у далёкае. (Кажўць каля Крынак: «Я дапамагу табе, а ты, калі спатрэбіцца, дапаможаш і мне».)

Андрэй даходзіў да Алеі Першамая, да скрыжавання з зялёна-чырвонымі слепнякамі вулічнай сігналізацыі. Легкавыя машыны старога тыпу, вялізныя жукі, спраўна ўвіхаліся паміж шыракаморднымі разлезамі — аўтобусамі гарадской камунікацыі. Аднак жа адступаліся яны перад дэбільнымі грузавікамі, задыханымі, тупа плюскаючымі бельмамі галавастых шафёрак. У балагане руху час ад часу мігацеў веласіпедыст, на гэтай павучынай прыладзе з нікеляваным розбляскам. Відаць, хто лепшы, а хто толькі прыдатнейшы.

Ён пераходзіў з аднаго свайго свету ў другі.

З таго свету, што складаўся з пісьмовага стала, крэсла — за, крэсла —- перад; з акна і шафы на дакументацыю; з дзвярэй, ад якіх сцелецца дыванок. Паміж сценамі — бзыкаюць думкі. Часам спалохае іх справа, якая празвініць у тэлефоне і якую неўзабаве выпра ў куты ішная, што высыплецца словамі з вуснаў наведвальніка, раздзьмутага рацыяй, бы вярблюд ля вадапою, у халадку аазіса, з храпамі ў асвяжаючай празрыстасці. Свет — са сценаў?

А свет у кватэры: кухня, мэбля, тэлевізар, халадзільнік, званок у дзвярах... Малекула ў структуры звычнасці, з прыцягальнымі палямі. Андрэй спрабаваў поўніцца жыццём, пачуццём месца ў ім. Запасы канчаліся, і час было выбрацца па закупкі.

Пераабуўся ў горшае, узяў сетку на прадукты. Голад падказваў яму, што трэба набраць усяго ды без выбару: хлеба, вэнджанай рыбы, сыру, каўбасы, цукеркаў, гародніны, садавіны, не забыцца па цыбулю і квашаныя агуркі... Паліто дашпіліў ужо ў пад'ездзе.

Пахаладнела.

Не заўважаў прахожых; гнаўся, і яны мільгалі яму побач, быццам бястварыя лялькі на бясконцай сцэне.

Сёй-той казаў Андрэю «добры дзень». Адказваў ім з аглядкаю, няўцямна, называючы гэта «запозненым сумленнем», сваім. Здаралася, што некага пазнаваў здалёку, спераду, глядзеў у яго проста і не вітаўся чамусьці, не скідаў шапку, хаця нецярплівіўся, каб учыніць тое. Сардэчна! Гэта быў ягоны «параліч сумлення».

Андрэю пераступілі дарогу даўно вельмі знаёмыя вочы. Можна пават сказаць, шчыра сяброўскія.

Пабойваўся іх, гэтых памасленых вочак паўселяніна, які зараз лічыць, што лёгка і тлуста зажыў.

— Вітаю цябе, Андрэй.

— Здароў.

Цёплыя далоні, празмерна дагледжаныя.

— Андрэй, ведаеш...

Выслухаў яго з ненатуральнай увагай, пазбягаючы якога-колечы пратэсту. У таго зрок інтэлігента ў першым пакаленні, што якраз сядлае кар'еру, такі здольны, ого, на што толькі хочаш!

— Буду спажываць цыбулю з квашаным агурком. Ты маеш рацыю: гародніна дае арганізму ўстойлівасць ад заразных вірусаў. У Францыі сокам цыбулі вылечваюць эпілепсію, — падтакваў яму Андрэй.

— Ну, кажы, што яшчэ добранькага?

Андрэй, бы той конь, які знаравіўся, усё зварочваў на тэму грыпозу...

Шчасліва Андрэю разышліся.

Страх, гэта вочы? Андрэй, здаецца, не столькі баяўся іх у яго, колькі гідзіўся імі. Або звычайна блага. Было яму, знайшоўшыся перад імі, быццам перад вужакай ці перад дзіўна падумлівай быдляцінай, пра якую вядома, што яна, аднак, не думае, не можа думаць, гэта немагчыма!

Сёння пачуваўся пустым.

Гэта будзе мучыць Андрэя, наводзіць на яго дрымоту, бы тыя перамовы з загадчыкам.

А загадчык да Андрэя:

— Не люблю гультаёў. Ведаеце, пане Андрэй, я асабіста лічу, што грамадскасць можна падзяліць на два наступныя класы: працалюбівых і гультаёў. Мы не ўяўляем сабе, як многа гультаёў. Я сказаў бы, што яны з'яўляюцца пераважнай большасцю, абсалютнай. Гэта ж страшна падумаць: з-за іх існуе вялізная адміністрацыя, устаноўлены законы, правілы, нормы — лабірынты, у якіх чалавек вымушапы сноўдацца наперад ды ўзад, узад ды наперад, а ўсё са страху. Толькі са страху! У лабірынты тыя трапляюць і працавітыя, што асабліва крыўдна... Мы, пан Андрэй, як працаўнікі адміністрацыі з'яўляемся, хэ-хэ-хэ, адным з завулкаў таго лабірынта, значыць, наша дырэкцыя. Не хачу я гэтым нічога дрэннага сказаць: мы выконваем працу, якая была б абсурднай у выпадку адсутнасці класа гультаёў, бо мы — іх страж! Мы ім — паліцыя! — рассмяяўся. — Я з'яўляюся нібы паручнікам у гэтай службе ладу, а вы, хэ-хэ-хэ, выбачайце за такое прыраўнанне, з'яўляецеся маім сяржантам, хэ-хэ-хэ-хэ-хэ...

Андрэй таксама падсмяяўся.

— Кажаце, народ на два класы, хі-хі-хі...

Загадчык разбаўлены:

— Пан Андрэй, ці-іха-а-а, ша-а! Нікому ні слоўца, разумееце: класавая барацьба — узмацняецца! — дастаў насавую хустачку і выцер ёю заплаканыя ад кплівасці вочы. — Хачу вам нешта даць пачытаць...

Паказаў Андрэю напісаны ў чарнавым варыянце праект загаду аб узмацненні працоўнай дысцыпліны ва ўстанове, складзены паводле юрыдычных правілаў, ледзь чытабельны ў шматслоўі, у гэтай махавіне, дзе сяк-так прабіваюцца парасткі яшчэ зялёнай думкі.

— Ну, і як? — пацікавіўся, калі Андрэй скончыў і падпёр бараду. — Моцная рэч, не? Насядзеўся я над гэтым праектам... — ажыўлены. —- Занясу дырэктару. Трэба толькі дадумаць некаторыя фармуліроўкі, напрыклад, наконт паняцця дысцыпліны, дысцыплінаванасці і недысцыплінаванасці. Востра размежаваць іх... — загадчык пстрыкаў пальцамі. — Ёсць дылема: арыентавацца паводле ўзораў вайсковай дысцыпліны ці... Карацей кажучы: узнагароджваць за паслухмянасць ці за адвагу? I яшчэ карацей, ці выканаўца павінен думаць? Сўсветныя прыклады, як мне здаецца, не пацвярджаюць маіх сумненняў...

Андрэй, з міла стуленымі губамі, безнадзееў ад таго, што не ўдавалася яму з выглядам захаплення, якое тут было б надта ж дарэчы. «Скажу, звычайна, што мне падабаецца ўсё тое і што патрэба ў тым — даўняя».

Загадчык загледзеўся ў пазяхаючы рот Лпдрэя, па-кашэчаму бязвольна пазяхаючы.

— Позна, пан Андрэй. Мы загаварыліся, выбачайце.

— Распрацаваны вамі праект загаду — вельмі ж патрэбны. Лічу, што вы памыляецеся, кажучы пра яго несвоечаеовасць. Ён павінен быў з'явіцца, прынамсі, некалькі гадоў раней! — Андрэй: «Як гэта пераканаць яго, што я пазяхнуў менавіта ад захаплення? Здараецца гэтак, чорт вазьмі, што чалавек у захапленні пазяхне! Эмацыянальны кікс». — Дырэктар, а як жа іначай, згодзіцца, пан загадчык. Так! Зрэшты, з чым тут не пагаджацца? Не ад сёння ж вядома, што чым чалавек больш думае, тым цяжэй падагнаць яго пад дысцыпліну. Хіба што зрабіць стаўку на самадысцыпліну? Але тады нашто нам дырэктар? Гэта ж, калі падумаць...

— Я гэтага не сказаў, — перабіў яго загадчык. Ён меў на ўвазе ўзаемазалежнасць, якая наглядаецца паміж інтэлектуальным узроўнем адзінкі і яе здольнасцю да грамадска карыснай дзейнасці, галоўнай умовай эфектыўнасці якой з'яўляецца дысцыплінаванасць. Адной з галоўных.

— Так, так, вядома, што не, — траскатаў над ім, седзячым Андрэй. Ён іначай успрыняў гэтыя словы загадчыка і з перапалоху пасабачэў. — Я, асабіста, лічу, што пан дырэктар патрэбны толькі тады... — ублытваўся. У яго быў добры разлік, але ён дрэнна ўсё гэта рэалізаваў. А разлічваў — наступнае: нагаварыць настолькі дзікага і небяспечнага, каб усё здалося несур'ёзнай балбатнёю!

Загадчык бубніў пальцамі аб стол. Андрэй усё выпраўляў сапсаванае:

— Я вельмі за тое, пан загадчык, каб гэтакі распарадак...

Загадчык:

— Гэта ўсяго толькі праект распарадка. Прытым вельмі недасканалы, — яго настрой папраўляўся.

— Якіх-колечы істотных недахопаў я, прызнацца, не прыкмеціў, — прагучэла, бадай, някепска. Дарэчы ўставіў слоўца «прызнацца».

— Пабачым, — сказаў звычайнае Андрэю. Паглядзеў яму ў вочы, і не без сімпатыі, замаўчаў.

Андрэй зноў заскарагаворыў. Ён перажываў нешта дзіцячае, радасна вісклівае: «Я нічога не баюся, у мяне няма страху, у мяне ёсць чарадзейны спосаб, свая цудадзейная таямніца, простая, як свет белы. Нікому не скажу. ага, не скажу! Чаму гэта з цяжкасцю людзі дадумліваюцца да таго, што не было б і паловы ведаў, калі б яны выключна хвалілі адзін аднаго. Хваленне — гэта самы надзейны і нескладаны інструмент, якім можна паслугоўвацца ўдосталь. Прасцейшы ён ад малатка! Каб хваліць, нічым не трэба сушыць галаву. Пахвале розум, наадварот, перашкаджае, шкодзіць, як хвораму гарэлка. Чым дурнейшая пахвала, тым болей нават сардэчная яна, а значыць — мілая, бо не выклікас сумненняў. Мудрая ж пакідае неспакой, хоць крышынку нездаволенасці чымсьці нязробленым, прапушчаным...»

Ён ужо сам не верыў у тое, што зяхаў ад бесцікавасці. Гутарка з загадчыкам, у сваіх пачатках малаважная, указвала зараз іншыя значэнні яе.

Загадчык — смяхотна і дзіўна! — паслаў у вярхі скаргу на шафёра, у якой абвінаваціў яго ў выкарыстанні службовай машыны для перавозкі цесцю бульбы... Андрэй, калі даведаўся аб гэтым, узяўся рагатаць, але яго ўсвядомілі:

— Ці вядома табе, Андрэй, што шафёр — пляменнік дырэктара?

— Не слухай яго, Андрэй. Ён памыляецца: шафёр — швагер дырэктара!

— Ты, мабыць, не ведаеш, што загадчык моцна падкапаў шафёра: дабіўся таго, што далі яму вострае папярэджанне ды ўстрымаліся з павышэннем заработнай платы. У кожнага з нас найбольш нянавісці менавіта да пакрыўджаных намі!

— У выпадку, калі дырэктару дадуць па шапцьі, яго месца зойме загадчык! Такая структура...

Пакінулі Андрэя і пайшлі да сябе, пасвістваючы, усё роўна бы банда малагодкаў, якім удалося ўхапідь сліваў з галля, павіслага над сцежкаю, што выгібаецца ля хутара Стоцкага... «Мой ты Бог! — усхапіўся Андрэй. — Гэтыя свістуны могуць мець рацыю, бо яны ведаюць такое, чаго я не ведаю!»

Пісаў, з павагай дурня, даручаны яму пратакол пасяджэння Дарадчага гурту дырэкцыі.

«Старшыня, адкрыўшы пасяджэнне, звярнуўся да дырэктара з запытаннем наконт значэння наступнага тэрміналагічнага словаўтварэння: працэсавае распаўсюджанне тэрхіммехтэхналогіі.

Намеснік старшыні Дарадчага гурту запытаў, чаму гэта новая версія праграмы дзейнасці дырэкцыі з'яўляецца горшай і надта блытанай у параўнанні з папярэдняй?

Другі намеснік старшыні запытаў, чаму ў праграме не прадбачаны нават заданні для дырэкцыі ў сувязі з запланаванай спецыялізацыяй філіялаў.

У выніку тлумачальных адказаў дырэктара высветлілася, што працэсавае распаўсюджванне тэрхіммехтэхналогіі, гэта: пастаяннае прапагандаванне тэхналогіі высокіх тэмператур, хімічных рэакцый і механічных дзеянняў. Далей — новая версія праграмы якраз лепшая, у багатым моўным убранні і з далікатным словам, што трэба лічыць вялікай рэдкасцю ва ўрадніцкай дакументацыі. Гэткае багацце, праўда, можа пакінуць уражанне блытаніны, але — толькі ўражанне. Адносна ж улічвання ў дзейнасці дырэкцыі намеранай спецыялізацыі філіялаў, дык — выбачайце за пытанне да пытання — з кім гэта праводзіць? Усім прысутным дасканала вядома, што спецыялістычны ды, наогул, інтэлектуальны ўзровень у большасці кіраўнікоў філіялаў з'яўляецца болей чым нізкі, — м. ін. сказаў дырэктар».

Андрэй супыніўся над пратэстацыйнай рэплікай другога намесніка старшыні, якая нарабіла смеху:

«У якасці першага дыскутанта выступіў другі намеснік старшыні Гурту, які заявіў, што ён не пагаджаецца са сваім нядаўнім меркаваннем наконт праграмы дзейнасці дырэкцыі, якое з'явілася ў ім пад час выступлення першага намесніка старшыні Гурту, з яго прыкрым залытам у адрас усімі шанаванага дырэктара. А перш за ўсё ён бярэ назад сваё запытанне. Прапануе, каб Гурт выказаў падзяку дырэктару за ўзорную падрыхтоўку праграмы.

Як другі ў дыскусіі выступіў член Гурту, які заявіў, што здзіўляюць яго заўвагі старшыні ды ягонага першага намесніка пра так добра распрацаваны дакумент і запрапанаваў аднагалосна прыняць гэты праект праграмы.

Трэцім у дыскусіі быў другі член Гурту. Даў ён высокую ацэнку работы дырэктара, дзякуючы якому дырэкцыя ідзе ад перамогі да перамогі. Ён падтрымаў прапанову другога намесніка старшыні Гурту, каб выказаць дырэктару спецыяльную падзяку за вялікі ўклад працы, таленту ў падрыхтоўку дакументаў для сённяшняга пасяджэння. (Першы член рэплікаваў, што ён, зразумела, таксама падтрымоўвае гэту прапанову і толькі забыў тое выказаць.)

Прадстаўнік генеральнай дырэкцыі ў сваім выступленні высока ацаніў праект праграмы, а таксама падкрэсліў той вялікі ўклад асабіста дырэктара ў развіццё фірмы і яе філіялаў. Пытанне спецыялізацыі філіялаў з'яўляецца надзвычай складаным, а нават спрэчным, і таму нельга спяшацца з вывадамі.

Старшыня і першы намеснік старшыні, выступаючы пад канец пасяджэння, падкрэслілі, што прысутныя дрэнна зразумелі іх: яны не супраць праекта праграмы дзейнасці і спецыялізацыі філіялаў, распрацаванага дырэктарам, але супраць марнавання каштоўнага часу дырэктара на канчатковае рэдагаванне такога дакумента. Лічаць, што ён павінен праявіць больш цвёрдасці ў сваіх зносінах з падуладнымі, не ўступаць іх дробязным просьбам. Абавязаліся распрацаваць праект распараджэння аб ахове часу дырэктара.

На гэтым пратакол закончылі і падпісалі».

Падпісаўся і Андрэй.

Яму шкада першага намесніка старшыні Дарадчага гурту, які пасля пасяджэння, устаўшы з-за стала, папрасіў у яго папяроску, зацягнуўся ёю, закашляўся дымам, вяла заўсміхаўся. Ніхто не падышоў да намесніка: абступілі дырэктара і прадстаўніка генеральнай дырэкцыі.

Старшыня мякка гаварыў дырэктару:

— О не, я не дазволю вам, пане дырэктар, сядзець над гэтым тэкстам праекта праграмы, пардон, праграмы развіцця і дзейнасці дырэкцыі. Гэта зробяць за вас іншыя. Шкада вашага часу на такое. Шанаванне дырэктара дае непасрэдныя рэзультаты ў выглядзе штораз лепшай работы ўсёй фірмы.

Выраіліся ў калідор.

Клубавалі.

Першы намеснік старшыні канчаў курыць, апранаўся. У апусцелай канферэнцыйнай зале.

Склаўшы пратакол, Андрэй думаў, што не ашаламіла б яго, калі б хто з тых свістуноў падышоў упрытык і завёў такую канфідэнцыяльную шаптаніну.

Хітруеш на мссца загадчыка, гэтак свістун да Андрэя.

І не збіраюся нават, але калі папросяць заняць, дык чаму ж не?

Трэба так пакіраваць сваімі захадамі, каб упрасілі.

Дзякую за параду, а то я не ведаў.

Не прыкідвайся больш спрытным, чым у сапраўднасці.

Гэта каштоўная заўвага.

Рабі так, каб не выглядала на тое, што табе моцна залежыць на гэтым.

Зраблю дакладпа так, як раіш.

Ты, Андрэй, павінен мець на ўвазе таксама і тое, што загадчык падкусвае дырэктара. А тое, што яны гавораць да сябе па імю, яшчэ аб нічым не сведчыць. Разумееш?

Разумею.

Загадчык у нечым разлічвае на цябе, Андрэй. А ягоная ўдача з'явіцца і тваёй. Прасунуцца ўперад зможаш голькі за ім. Памятай!

Запамятаю.

Загадчыку скруціш шыю тады, калі ён стане дырэктарам. Не раней!

Пляцеш пасталы ліповыя, абурыўся б Андрэй, але паціху падумаў бы: «ён паставіў пытанне, і яно ўжо нікуды не дзенецца».

Такая гутарка магла б адбыцца толькі пры ўмове: свістуну лішняй падтрымка з боку загадчыка, і вытоптвае ён сваю каляіну, якую Андрэю, вядома, не пакажа. (Маем сабе свае грыбныя мясціны, у якіх растуць баравікі. Не маючы іх, ты пойдзеш у кімсьці падказаныя. Мо нават паблізу надыдзеш на нікому не вядомую месцавіну? На сваю ўжо. Калі ж табе не шанцуе, не заседжвайся на чужым месцы, бо яно здраджанае дзеля таго, каб цябе выгналі адтуль, аблаялі або і пабілі! Загавораць, што ты —- дурань!)

Сёй-той будзе маўчаць, але і не пярэчыць. Не чакай ад такіх спачування. Не прасі яго, бо ім будзе на душы вельмі ж весела ад таго.

Андрэя, як на тое, ізноў запрасіў загадчык — у свой чысты кабінет з кветкамі на стале ды шафе.

— Сядайце, калі ласка. Закіпае чайнік, нап’емся па шклянцы...

— Дапамагу вам, — памкнуўся Андрэй: асцярожненька выключыў расшыпелы электрычны чайнік, надзеў спецыяльную рукавіцу і, узяўшы яго ў руку, падышоў да стала, дзе загадчык сыпаў у шклянкі чай. Бянтэжыўся: «Уздумалася яму з тым чаем! Дарэчы, яму ўсё трэба чагосьці ад мяне? Кажуць, загадчык вядзе т. зв. чорны сшытак, у якім запісвае розную дрэнь, сабраную аб кожным... Хто ж гаварыў мне пра гэта? Ах, ведаю! У аддзеле кадраў. Чаму там? Нашто трэба кадравіку распаўсюджваць такія чуткі? Чаго яны не падзялілі?»

— Вам нездаровіцца, пан Андрэй? У мяне ёсць таблеткі ад застуды. Вы, пэўна, застудзіліся? Спірт з чаем вылечвае.

— Не, пап загадчык, я здаровы.

— Значыць, вы звычайна сумуеце. Ці ў вас што не ладзіцца? — прыгледзеўся ён. Ад ягоных сіняватых зрэнак вейнула нечым паўночным і пранікнёнасцю капітана.

— Мне здаецца, што я не дапусціўся якіх-небудзь непаладак...

— Не тое я меў на ўвазе, пан Андрэй. Калі б у вас яны былі, я першы ведаў бы пра іх, — апетычна сербануў са шклянкі. — Як маецца ваша маці?

— Дзякую. Добра.

— Вы, здаецца, нядаўна былі ў яе...

— Так, — Андрэй пачаў піць чай.

...У закутку, за шафаю, тужліва скрыпапулі колы нагружанага драўлянага воза, які асядае ў пяску гасцінца. I пачуўся голас бацькі сябра з дзіцячых год: «Но-о-ооо, буланы!»

— Ну, і як вам працуецца? Задаволены работай?

— Так, пан загадчык, — Андрэй: «Я мушу весялей. Зноў хтосьці набрахаў на мяне?» — Лепшай пасады для мяне і быць не можа! —Андрэй: «Мо залішне! Лепш памяркоўней». — На рабоце нармальна, усялякае выскачыць: то радасць, то сум. Але, так наогул, дык я цалкам задаволены.

Загадчык павярнуў галаву да акна.

— Бачыце, пан Андрэй, у нас яшчэ мала дбайнасці аб эканоміі.

— Ёсць, вядома, недахопы, — умомант падтрымаў яго Андрэй. Тым болей, што слушна. — Але як жа іначай? Без іх мы не ведалі б, што гэта такое — недахопы?! — спрабаваў.

Пажартунак Андрэя не выклікаў у ім грымасы належнага рэагавання.

«Выходзіць, нельга пажыць у спакоі, — даймала Андрэя. — Чалавек пераважна, аднак, баіцца. Каму гэта я зноўку завальваю дарожку? Няхай вось прыйшоў бы такі да мяне ды сказаў бы: слухай, адсунься згэтуль, сыдзі; дай руку і не злуй».

— Так... недахопы... Вы, пан Андрэй, мабыць, заўважылі, колькі ў нас марнуецца макулатуры, каштоўнай утыльсыравіны?

— Яно праўда, пан загадчык.

— Я, чуеце, пан Апдрэй, абдумаў праект распараджэння аб правілах збору і вывазу макулатуры на базу утыльсыравіны, — акуратненька адчыніў шуфляду пісьмовага стала і адтуль выняў скрутак. — Я шмат думаў пад гэтым, — дыскрэцыёзна пахіліўся да Андрэя. — Нічога не зробіш, пан Андрэй: дырэктар не мазгуе, дык я вымушаны ўсё трымаць, — гаворачы гэткае, ён працягнуў руку да радыёпрыёмніка і ўключыў музыку, каб сакратарка не падслухала размову. — Так, наш дырэктар, самі разумееце, які ён, — у чатыры вочы можна дазволіць сабе на надта многае! — Дык вось: прадбачваю матэрыяльную зацікаўленасць ад збору макулатуры — па пяць грошаў за кілаграм. Я запрасіў вас, каб параіцца, між іншым, і наконт гэтай жа зацікаўленасці, бо вы лепей арыентуецеся ў настроях калектыву, так сказаць, знаходзіцеся бліжэй да мас, хэ-хэ-хэ...

— Баюся, што не апраўдаю вашых спадзяванняў, — адказаў Андрэй высокім тонам, як бы даючы яму адчуць наступнае: «Не пытанне аб зборы макулатуры тут істотнае. Прыглядаецеся да мяне, учуваецеся, ці магу стаць вашым саюзнікам. Магу! Ды якімі словамі паведаміць вам аб гэтым?» — Мне падабаецца ваш праект, як і праект распараджэння аб узмацненні дысцыпліны.

— На жаль, не ўсе такой думкі, пан Андрэй, — загадчык дапіў чай. — Людзі хочуць лёгкага хлеба. Клопат нямалы кіраваць гультаіскамі, ды няма выбару, — ён устаў і прайшоўся. — Існуе дзіўная правідловасць у паводзінах гэтых людзіскаў: яны не гультаяцца ў перашкаджанні! Спрабуеш прасунуць дапераду нешта важнае — і адразу — супраціўленне!..

— Гэта натуральна, пан загадчык. Скажу банал: крылам для палёту неабходнае яно. Найстрамчэй узлятаецца менавіта пад вецер, — Андрэй: «Як гэта ўдалося мне так сказаць? Ён не настолькі вульгарны, каб недацаніць гэткага параўнання!»

— Гэта цэльнае суцяшэнне, Андрэй, — ён стаяў перад ім, быццам паўнамоцны.

— Не, не толькі, — сумленна пярэчыў Андрэй.

— Работа ў адміністрацыі дае ўпэўненасць у тым, што ты ўдзельнічаеш у лагічнай частцы свету. Такое пачуццё — правільней будзе гаварыць тут менавіта аб пачуцці — з'яўляецца як вынік тваёй падпарадкаванасці, веры ў арганізацыю, якая, так здаецца, надае лёсу прывабнасць гармоніі, стройнасці. З кавалачкаў утварае цэласнь, на падабенства саліднай будыніны, узведзенай з непатрэбных каменняў, што ля дарог і ў гуляйполлі... Не думаецца аб тым, што каменні застаюцца імі назаўсёды, чаго нельга сказаць пра — нават самае дасканалае, самае трывалае — збудаванне...

Людзі, збудоўваючы адміністрацыю, з выгляду ўпарадкоўва-юць жыццё. Кідаюць краты на воды імклівай рэчкі, і таму яна здаецца з нейкіх частак...

Ці гэта так?

Жыццё Андрэя Антошкі — з кавалкаў яно. Пасечанае.

«Нашто мне ягонае — ты?! Мне б спакою пабольш!» — ірытаваўся ён загадчыкам.

Націснуў капялюш па самыя бровы.

Адліжны ветрык пырскаў пляўкамі дажджу, забеленага сняжынкамі. Сустрэчныя людзі гнуліся да тратуару, быццам палохаючыся, што зямля ўцячэ ім з-пад ног і яны паразбіваюць насы.

На Фабрычнай ён пляснуўся ў балота. Паслізнуўся.

Настаў тэрмін падліковай справаздачы, і Андрэй у гэту урадніцкую касавіцу забыў пра ўсё.

Пасля Новага года ў будынку дырэкцыі свяцілася дапазна. Андрэй працаваў — няспешліва, але заўзята. Браў ён з сабою бутэрброды і тэрмас з чаем (каб не выходзіць на абед). Нехта падказаў наладзіць складчыну, каб купіць электрычную плітку. Дакупілі і гаршчочак, у якім рыхтавалі стравы з канцэнтратаў. Часам забягалі, на хвілінку, у клуб, што знаходзіўся ў суседстве, — там стаяў каляровы тэлевізар. Глядзелі навіны. Аднаго супрацоўніка высачылі, як ён цалаваўся з чарнабрывай прыбіральшчыцай: прыпалохвалі яго дырэктарам.

Больш працавітыя закончылі свае справаздачкі праз няцэлы тыдзень. Загадчык падганяў адстаючых. Ён наведваўся вечарамі, звычайна на паўтары-дзве гадзінкі. Выходзіў дамоў пераважна перад пачаткам паказу тэлевізійнага дэтэктыў-фільма. Падпільнавалі і яго: папіваў гарэлку, і, каб перабіць пах з рота, смактаў мятныя цукеркі. Піў адзін, што некаторыя лічылі праявай крайняга адзіноцтва...

— Зайдзіце да мяне, калі ласка, — аднойчы асабліва настойліва папрасіў Андрэя,

Андрэй працёр сваё памутпелае аблічча.

— Не забудзь прынесці ад яго мятных, — укалоў Андрэя рэферэнт з аддзела кадраў. — Ён, мабыць, высмажыў чарговы праект чарговага распарадку...

Андрэй малавеле не адказаў яму: «У цябе ёсць свой шэф, а ў мяне — свой».

— Хачу, пан Андрэй, даведацца, як у вас са справаздачай? — прамовіў загадчык, калі Андрэй апынуўся перад ягоным акуратным сталом. (Ні следу выпіўкі!)

— Заўтра закончу, пан загадчык! — Андрэю чамусьці прыкра: «Зноў я яму — пан Андрэй. Усё-такі не можа быць, каб ніхто не ўсадзіў языка на мяне!»

— Гэта добра, — хруснуў пальцамі. Падняў твар, скрыўлены не то ўсмешкай, не то кпінай. — Справаздача, як самі ведаеце, гэта не пратакол. Дакладнасць у ёй патрэбна не ў запісе, але ў фактах. Хаця словы таксама з'яўляюцца фактамі, ды не будзем зараз забаўляцца ў філасофію, — ён дастаў аднекуль пачак дарагіх папяросаў. — Вы, пан Андрэй, здаецца, курыце? Частуйцеся, калі ласка. Гэта ад імянінаў заваляліся яны ў мяне, англійскія. Я не дымаю; часам, калі не забуду, прапаную тыя папяросы сваім гасцям...

Андрэй выцягнуў, доўгую, пахучую:

— Дзякую, пане загадчык. З прыемнасцю. Я пакідаў курыць ды дарма: воля ў мяне слабая.

— Мяркуючы па тым, як вы дзейнічаеце, нельга сказаць, што ў вас слабаволле... Так. Я, ведаеце, буду прасіць у вас, пан Андрэй, падмогі ў апрацоўцы справаздачы ўсяго нашага аддзела. Вырашыў, што вы самы лепшы кандыдат на майго супрацоўніка, блізкага, хачу тут дадаць... Так. Салідна падыходзіце да абавязкаў і заданняў, якія ставяцца перад вамі, і выконваеце нават звыш таго, што ад вас чакаецца... Так. Люблю я такіх працаўнікоў. Дык вось: ведаеце, падрыхтуйце поўную версію справаздачы аддзела, гадавой. Вы арыентуецеся ў рабоце менавіта ўсяго аддзела, у яго спецыфічнасці... Так. Я тым часам дакончу праекты распараджэн-няў... Ну, як? Згодны вы? — загадчык нібы не прыкмячаў узрадаванасці Андрэя. — Умовы для напісання такой працы ў вас, пан Андрэй, будуць. Скажу, каб вам далі асобны пакой, побач з сакратарыятам. Сакратарка паслужыць вам ва ўсім неабходным... Так... Я гэта ўзгодню з самім дырэктарам.

— Згодзен, — Андрэй, яшчэ трохі а сказаў бы: «Мне дастаткова вашага слова, пан загадчык». — Дазвольце, пачну заўтра.

— Можаце і паслязаўтра. Паспееце.

Ад нечаканасці Андрэй не знайшоў больш тэмы, імпэту для гутаркі і намерыўся выйсці, каб хуценька прыняцца за вось даверанае яму.

— Я ўпэўнены ў тым, што вы, пане Андрэй, зробіце ўсё тое лепш, чым вашы папярэднікі!..

«Во ў чым корань: не ён піша справаздачы!»

— ...Я не ведаў, што з вас гэтакі Гогаль! — загадчык выпусціў іскрачкі дасціпнасці. — Вы дасканала працытавалі тлумачэнні дырэктара, — меў ён на ўвазе пратакол.

Андрэй здзівіўся мацней: «Ён чытаў той пратакол?! Хто ж яму гэта даў?»

— Ну, а так, наогул, што чуваць у НАС?

Пытанне, якое можа прагучэць як звычаёвае, Андрэй успрыняў яго канкрэтна. Ён хацеў, аднак, каб звярнуліся да яго з ім не цяпер, але праз які-небудзь тыдзень, месяц або і паўгода. Хоць яно было і непазбежнае.

— Нічога істотнага, пан загадчык, — Андрэю — якая няўдача! — трэба было раптоўна абдумаць становішча. Маланкава! — Дырэктар мо і злуецца на мяне за тую цытату. — Загадчык змоўчаў, нібы адгадаўшы жаданне Андрэя адхіліць размову пра весці, ім абодвум вядомыя. — Што ж, факт нікуды не ўхаваеш: можаш прыкрыць яго, але не знішчыць, Факт ёсць з'ява, так сказаць, векавечная. Незнішчальная! — загадчык і тут маўчаў. — Між намі кажучы, я не шкадую таго.... Шкада мне першага намесніка старшыні Дарадчага гурту, — загадчык чакаў, і Андрэй не вельмі каб мог далей манеўраваць: — Кадравік разносіць, што вы, пан загадчык, нібы якіясьці, ну, чорныя спіскі... завялі ў сябе... чорны сшытак, во! — Андрэй ажно ўпрэў.

— От, зараза! — гыркнуў ён. — Гэты збалвень усё яшчэ бушуе! Паганец! Так, — загадчык сеў за стол і зноў устаў. — А што яшчэ — ён?

— Каб што больш такога... Ну, значыць, вы супраць. дырэктара... Так, агульна, што — супраць!..

— Ага. Так.

— I гэта, фактычна, усё... Ну, рэферэнт кадравіка за ім цягне... Дробязь.

— А гэты абадранец — чаго?

— Эт, дурань, ды годзе! — Андрэй: «На пачатак. бадай, хопіць». — А кадравік...

— А рэфсрэнт — ён што: нюхае? Так?

— Так. Пакуль па нюхаўцы не дастане, гэ-гэ-гэ...

— Хэ-хэ-хэ-хэ...

Не адпускаў Андрэя, пакуль ён не пераказаў яму ўсё.. (Пра почут, што ён, сам загадчык, п'е, расказаў пад канец.)

Пасядзелі сабе, не шкадуючы часу.

— Што вы так думаеце пра... — загадчык сказаў, пра каго.

Андрэю прысох язык.

— Нічога такога...

— Я няясна выказаўся: мяне не цікавяць падрабязнасці, так. — Але як жа Андрэю абысціся без іх?! — Між намі так кажучы, пан Андрэй, ён мне не падабаецца...

Сцены, як заўсёды ў такіх выпадках, слухалі музыку з радыёпрыёмніка. Усё роўна, як бы радыёстанцыі пабудавалі толькі дзеля таго, каб кіруючыя работнікі ва ўстановах змаглі праводзіць у сваіх кабінетах гэтакія размоўкі.

— Ён, магчыма, ужо запівае... — напраўду нічагуткі не ведаў пра яго.

— Каб толькі тое! — загадчык учыніў жэст рукою, якая з грацыяй выгнулася. — Каб адно гэта, дык было б, так, яшчэ паўбяды...

I Андрэй усё ж усномніў, што, аднак жа, нешта даходзіла да яго пра гэтага чалавека, пра кадравіка, бо менавіта пра яго зайшла зараз гаворка.

— Кажуць, так я чуў, што ён пасля работы зачыняецца ў кабінеце з прыбіральшчыцаю, той жонкаю майго знаёмага, гэткай шырознай у клубах і па-кашэчаму ціхенькай...

— А-а-ааа, бач ты яго! Хэ-хэ-хэ-гы-гы-гы... — у разяўленым роце паблісквалі зубы з залатымі карункамі. Рагацеў, як Яўхім у Каляду, ля абледзянелага калодзежа, з якога маладзіцы насілі ваду, каб нагрэць яе ў высокіх гаршках ад свіной бульбы ды перад куццёю выкупацца ў балеі — быць у царкве свежанькімі, напахнё-нымі...

— Я ўжо пайду, — сказаў Андрэй нясмела.

— Сядайце, чаго вы стаіцё? Калі ласка. — I адказаў: — Паспеецца, трэба ж крыху пакінуць работы дзецям нашым...

Яго перапыніла, увайшоўшы, сакратарка.

— Выбачайце, пан загадчык. Ёсць неадкладнае: сакратарыят дырэктара пытае, ці змаглі б вы прыняць удзел...

У чымсьці лішнім.

— Безумоўна! — адказаў той не задумаўшыся, адразу! Прызвычаены жыць напагатове ў час, калі хвіліна вагання магла каштаваць дадатковых гадоў намагнечы дзеля таго, што добра знайшлося блізка. I гэта не страх, гэта вышкаленасць!

— Дзякую, пан загадчык, за размову, — Андрэй: «Як адвязацца ад яго?!» — Я заняў шмат вашай увагі...

Загадчык тут жа:

— Гэта я дзякую вам. Так будзе справядлівей. Так, я заўсёды рады пагутарыць з вамі, — ён нагадваў сабою кавалера, якога ўжо позна знеахвочваць да дзяўчыны, якой ён напэўна не варты. — Заходзьце, так, калі з'явіцца ў вас вальнейшая часіна...

Андрэй вышмыгнуў да сябе.

Аднойчы, пасля, ідучы дамоў, увесь пахаладзеў ён, убачыўшы, як загадчык ідзе з работы разам з кадравіком. I зубаскаляць яны адзін да другога, і апавядаюць сабе аб чымсьці — на скрыжаванні цёпла развіталіся. Андрэй адбегся да свайго колішняга васьмігадовага ўзросту: вось валачэцца возам у Барсуковіну і кліча сабаку ў полі, ды нехта чужы, што якраз араў палоску, заенчыў да Андрушкі: «Варочай каня, хлопчык! Уцякай! Гэта воўк! Воўк!»

Лоб украплеў потам.

«Ён з гэтым Мёдам Мёдавічам Мядуновічам?!» — Андрэя муціла.

Стала вядома, што дырэктар спрашае нараду. Прыблізна праз тыдзень.

Якогасьці ранку Андрэй набраў нумар унутранага тэлефона дырэктара. На языку ў яго не было ні слоўца, у галаве аж пыліла ад пустоты, адны пачуцці зарасталі кустамі страху, не страху... Таварышы па рабоце як быццам перашэптваюцца, пляткары, па калідоры: «Чулі, хлопцы, Андрэя Антошку цягала міліцыя! Чаму? Кажуць — штосьці ўкраў, ці гэта яго хтосьці абакраў? Словам, замешаны ён у пакражу, ай-ай-ай...»

Дырэктар згадзіўся:

— Калі ласка, пан Антошка. Прашу, я чакаю вас. Толькі на нядоўга, калі можна: вельмі ж я заняты якраз.

— Дзякую, пан дырэктар. Я — на пяць хвілін, — Андрэй: «Чаго мне ад яго? Што са мною?!»

Старанна зачыніў свой пакой. Паўтараў сабе заедліва: ісці, ісці, ісці! Перастаўляць ногі, зграбніста іх, і яны завядуць, куды табс трэба. Зайшоўшы — нагаварыць, многа нагаварыць. Аб чым? А гэта будзе відаць на месцы. Там заўжды відней. Галоўнае — зайсці. Быць прынятым!

Ісці.

Калідорам, паўз лабірынт паклонаў, з вясельнай радасцю, сватаўскай, з крыламі гордасці, анельскай скромнасцю, без не кожнаму мілай сівізны шаноўнасці, маладым вось, са шчочкамі прылюднасці, з перспектыўным позіркам у — добра што пужлівых — вачанятах, ветлым, каханенькім, у лакіраваных туфліках з модна высакаватымі абцасамі. А як жа, і з вугалькамі — стры-манай — гарэзлівасці.

«Але што я скажу яму, дырэктару? Не скажу ж, што прыйшоў пабачыцца з ім, ці ён жывы ды здаровы?!»

Націскаючы клямку дзвярэй у той пакой, што запоўнены выключна павагай, угледзеў ён новую сакратарачку з бессаромна сур'ёзным выглядам. Яна загаварыла да яго, але ён, пакуль яе зразумеў, машынальна адкапаў з пакладаў забытасці доўгую справу, якая павінна своеасабліва ўпрыгожыць гутарку з начальствам. Належала яна да ліку тых пастаянна актуальных, пра якія ўсе даўно ведаюць, што іх вырашэнне немагчыма, і якія, у меру патрэбы, выкарыстоўваюцца ў якаеці то дадатных, то адмоўных прыкладаў, становішча, ўчынкаў, дзейнасці, адносін, перспектываў, недахопаў, дасягненняў... На канцы левага туфля бялела смяцінка, і навідавоку Андрэй не асмеліўся яе страсаць. Сакратарка паведаміла:

— Дырэктар просіць у пана прабачэння. Яго толькі што выклікалі. Вернецца паміж другой і трэцяй. Пазвоніце — і ён вас тады прыме.

— Сталася што?

— Быў тэлекс з генеральнай дырэкцыі.

— Ага.

— Калі ласка, каля паловы трэцяй, добра?

— Так, — Андрэй: «У мяне, відавочна, болей шчасця, чымсьці розуму!» Ён нарэшце ўцяміў, што ягонай свядомасці зажадалася пабыць побач дырэктара, каб спрабаваць адчуць, ці адбыліся змены ва ўзаемных адносінах?.. Называюць гэта псіхічным кантактам, абнюхваннем.

Уданы званок, добразычлівая згода дырэктара супакоіла яго. І ён паклапаціўся, каб на ўсякі выпадак ужо перад другой — аддаліцца ў горад, па прыдуманай ім прычыне, і не паказацца ў той дзень назад.

Выходзіў, падпільнаваўшы момант, калі сакратарыят, звычайна расчынены, засланіў нейкі наведнік...

Каб пазбыцца дрыжыкаў, колькі хвілін прастаяў ля калідорнага акна, адхіліўшы заслону на ім. На дзядзінцы звягала сабачанё стоража. Пазавулку прашумеў грузавік на падвойных колах. Крапацеў дожджык: у шчылінцы рамы пасвістваў легкадумны ветрык.

Андрэй пабойваўся, каб не напаткаць дырэктара, — гэтыя губішчы! — недзе або на Рынку Касцюшкі.

Паглыбіўся ў парк, па якім шпацыраваў дацямна. Прымерваў канцэпцыі справаздачы, пра якую папрасіў загадчык. Перш за ўсё неабходна будзе падабраць такія факты, якія дадуць уяўленне аб аддзеле і выніках ягонай дзейнасці на працягу некалькіх гадоў. Пачаць з кадраў...

У цэнтры затрубілі на пажар.

Андрэй збочыў у алею, што ўздулася гарбкамі калдобінаў. У цемначы нагадвала яна пакінуты гасцінец... Наводшыбе ночы скрыпнуў воз, гружаны.

Ступаў па гразі. Трубенне не запала ў памяць Андрэю. Яму б і ў галаве не змясцілася тая падумка, што гэта можа гарэць дырэкцыя.

Усё тое ўспомнілася Андрэю ўжо потым, раніцай, калі служачых дырэкцыі, спяшаючыхся на работу, накіроўвалі ў канферэнцыйную залу. Не прапускаў міліцэйскі.

У тлуміку перадавалі адзін аднаму, пошэптам, што згарэў кабінет загадчыка.

Дырэктар, узышоўшы на ўзвышэнне, заваленае партфелямі і дамскімі торбкамі, і счакаўшы аціхласці, прамовіў:

— Прашу цярпліва пачакаць тут. Лічу, што не больш як гадзіну. Папярэджваю: не выходзіць у горад, пакуль не закончыцца ўступнае следства адносна пажару, які меў месца ў будынку, ноччу, — ён прыгладзіў валасы і, быццам кінаакцёр, паімклівеў да сябе.

Вартаваў зборышча кадравік. Ён выпрацаваў сабе нерухомы воблік, набыў нядбайную позу, стаянне.

Нікога не выклікалі.

Досыць хутка менавіта кадравік аб'явіў:

—- Увага, грамадзяне! Можна заходзіць на свае рабочыя месцы. Калі ласка, — не адразу знайшліся такія, што першымі прайшлі.

Ля парога загадчыкавага пакоя расплывалася калюжына. Дзверы, пааббіваныя, нямелі пад папяровымі пячаткамі (на замку, клямцы і ўгары).

Не было ні ў той, ні ў наступныя дні работы.

Збіраліся па закутках, падхопліваючы самае неверагоднае.

На допыт пеўзабаве клікнулі Андрэя.

— У кабінет дырэктара. Ужо, калі можна, — нехта чужы. Тэлефонная трубка счарнела.

— Цябе? Цябе? —- упэўніваліся адусюль.

За тым жа прадаўгаватым пісьмовым сталом сядзеў... капітан!

— Гара з гарою не сыдзецца, але чалавек з чалавекам... — капітан перасеў у фатэль, жэстам запрашаючы Андрэя сесці ў другі, насупраць. — Пераглядаючы спіскі работнікаў дырэкцыі, я ўспомніў, што ў мяне ёсць тут знаёмы. Гэта вы, пане Антошка. Як жа сябе вы тут адчуваеце?

— Не наракаю, — Андрэй: «Стварае настроік».

— Спадзяваўся, што хоць раз спакойна пасплю дома. Ды дзе там! Людкове дбаюць пра тое, каб мы не мелі спачыну. Я спачатку лічыў, што гэта пейкая маланаважная гісторыя, але, аказалася, што не вельмі, не вельмі...

«Пастарэў, ой, пастарэў ты!» — Андрэй рассядаўся, каб прыстасавацца да сур'ёзнага. Капітан закончыў па-цывільнаму:

— ...I так, я — ваш кліент, пане Антошка.

— Што вы, капітан! Хутчэй за ўсё, гэта я — ваш.

— Вы? — яго позірк праколваў.

— Так, капітан, — Андрэй: «Бяздарны я. Па-мужыцку бяздарны!»

— Слухаю вас.

— Калі ласка, пытайце...

— Вы, здаецца, хацелі мне нешта сказаць?

Андрэй выблытваўся:

— Не ведаю, што вас цікавіць, капітан.

— Усё цікавіць, пане Антошка, — вочы як бы з прадузятасці.

На Андрэя падзьмула сполахам: «ён пераконаны, што я таргуюся з ім наконт важнай звесткі, звязанай з пажарам. Яму ж не да жартаў. А я, бы смургель які, пляту яму намёклівыя словы, за якімі няма нічога».

— Здагадваюся, што вас, капітан, цікавіць пажар. Ці не так? — ляпнуў.

— Гэта залежыць, як разумець пажар, — ён не пакарыстаўся Андрэевай нязручнасцю. — Тэхніка падпалу цікавіць нас менш, чымсьці тое, хто яе рэалізаваў ды з якой мэтай? — прыкурыў папяросу. — За высвятленне, так сказаць, прычын тэхнічных дастаюць грошы пажарнікі. Нам жа плацяць за што іншае, — зіркнуў у душу Андрэя.

За сцяною нехта краўся, але гэта быў прывід; скрыпела фортачка.

— Што менавіта згарэла? — запытаў у яго Андрэй. — Якія дакументы?

Капітан ветліва прамаўчаў на такую наіўнасць.

Пагасіў папяросу.

— Скажыце, калі ласка, ці вы, пане Антошка, не заўважылі чаго нештадзённа асаблівага ў паводзінах некаторых асоб у вашым асяроддзі? — ён адхіліў маленечкую картачку пад далонню. — Скажам, у апошні тыдзень, га?

— Але чыіх?

— Я — агульна, пане Антошка...

— Ага...

— Ніхто не звярнуў вашай увагі?

— Яксьці не, ніхто, — лоб у Андрэя моршчыўся, бы ў дзіцяці, якое хварэе на запор.

— Падумайце, памалу...

— Праўда, пляткавалі пра загадчыка, што нібы папівае ў сваім, і то вечарамі, але хто ж цяпер не п'е?..

— Не ўсе, пане Антоішка, не ўсе, — ён спаважна, замест таго, каб рассмяяцца і гэтым разграшыць субяседніка.

— Яно гэта так: не ўсе.

— А хто менавіта гаварыў вам пра загадчыка? I калі?

— Ну, усе гаварылі, — успацеў Андрэй, — Цяжка сказаць канкрэтна, хто гаварыў? Усе...

Капітан надта не націскаў.

— А што вы можаце сказаць пра дырэктарчыка?

— Я? — Андрэя нейк непрыемна ўразіла гэтае слоўца «дырэктарчык». — Нічога такога, што вам спатрэбілася б.

— Дазвольце, пане Аптошка, што гэта я буду вырашаць, ці патрэбна сказанае вамі, — ён знецярплівіўся. Відаць, быў стомлены.

— Няхай.

— Слухаю вас, — трымаўся той свайго.

— Што ж наш дырэктар — добры, энергічны, часам марудлівы, але гэта ўжо загана ягонага характару.

— Вы, аднак, чагосьці пабойваецеся, пане Антошка?

— Праўду кажу вам, пан капітан. Тое кажу вам, што ведаю.

— Ну, — той прыкурыў чарговую папяросу. — Як на першы раз, даволі. Дзякую. Можаце ісці да сваіх спраў, — і калі Андрэй зрушыўся, дадаў: — Ні слова пра нашу гутарку, разумееце. Нікому! Загадчычку таксама.

Не адказаў яму.

Казытлівымі клапамі залазілі на Андрэя слоўцы «дырэктарчык» і «загадчычак». Не выдушваў іх.

— Дзе наш дырэктарчык? — ні з таго ні з сяго, гэтак Андрэй да супрацоўнікаў. А яны пачалі адступаць ад яго — кожны за свае дзверы.

Сам жа Мёд Мёдавіч Мядуновіч, пачакаўшы, калі застанецца сам-насам з Андрэем, прамовіў:

— Гэты пажар будзе камусьці каштаваць! Не такая гэта дробязь, як сім-тым здаецца...

— Чаго ж вам трэба ад мяне?

— Мне?! Я так сабе, па-сяброўску... Мы ж ні ў чым не вінаватыя.

— Выбачайце, але я заняты, — тузанула Андрэем.

Не слухаючы дапушчэняяў Мядуновіча, ён пакіраваў у секцыю транспарту, пакідаючы яго за сабою.

У кантору секцыі трэба было пераходзіць цераз дзядзінец, на якім шафёры звычайна гультаяць, выпучыўшы грудзі на сонца. Адзін з іх перапыніў Андрэя і, азірнуўшыся, паведаміў:

— Капітан выпытвае пра вас.

— I што ж ён даведаўся?

— Не кажа, — не ўлавіў, мусіць, кпінкі ён.

— Дзякую вам, — Андрэю стала не па сабе. — Забаўная гэта следчая міліцыя, Той жа капітан выпытваў мяне — не адгадаеце! — пра вас! А яшчэ і пра тое, чаму намеснік галоўнага бухгалтара заварвае чай галоўнаму, падперазаўшыся хвартушком, бы педэраст! Так і назваў: падперазаўшыся, быццам чысценькая к... хах-ха-ха-ха... Га-га-га-га...

— Пра мяне! — шафёр увесь зніякавеў.

— Ага, — змахляваў яму Андрэй. — Па-мойму, гэта досыць нармальнае.

— А пра што?

— Выпытваў?

— Але.

— Ці выпіваеце, ці да дзяўчат, гэ-гэ-гэ-га-га-га-га... А пра мяне дык — што?

— Як часта бывалі ў загадчыка аддзела; у якіх адносінах з ім? Значыць: у сяброўскіх ці толькі ў службовых... Ну, і ці не пасварыліся вы з ім?

— Глупствы, — Андрэй выслухаў пільна, хоць і прыкідваўся абыякавым да казанага. — Не турбуйцеся ні пра што, грамадства наймае міліцыю, каб яна лавіла паскуднікаў, а мы ёй дапамагаем. Вы жанаты?

— Не-а, — у шафёра пакасіўся зрок.

— Ну, дык зычу вам прыгожай ды гарачай дзяўчыны, такой, што добранька вывучана ахвярыстымі набабнікамі. Бо што з тае прыгажосці без юрлівасці, ха-хэ-га-га-га...

— Дзякую вам, пан начальнік, за пажаданні.

— Няма за што. Бывайце.

У секцыі транспарту Андрэй выпісваў звесткі аб перавозе тавараў за чвэрць года. Перапісваючы слупкі лічбаў, падумаў, што, мабыць, так выглядаюць шыфраваныя дэпешы...

Высоўвалася яму няяснае.

Увечары, нягледзячы па адліжную пагоду, Андрэй надзеў пальчаткі і ў газетных кіёсках, ля скрыжаванняў, купляў паштовыя маркі, канверты, часопісы, газеты. Вярнуўшыся ў будынак дырэкцыі, дзе карпеў над той справаздачай, зачыніўся на ключ і, не скідаючы тых пальчатак, пашукаў клею, пачак нераспячатанай машынапіснай паперы, ножніцы. Зацягнуў акно.

З загалоўкаў у газетах выразаў літары і цэлыя словы.

Клеіў ён ананімку.

«У дырэкцыі — безнадзейна. Дырэктар глядзіць грошай. Пазбыўся тых, хто думае катэгорыямі інтарэсаў фірмы і грамадства...»

Далей Андрэй выклейваў тэкст у тэлеграфным варыянце. Каб менш працаёмка.

ЗАГАДЧЫК НЯВЫГАДНЫ ДЫРЭКТАРУ ЗАГАДЧЫКА ПАДПАЛІЎ КАДРАВІК АД КАДРАВІКА НІТКІ ДА ДЫРЭКТАРА ЗАГАДЧЫКА АКАМПРАМЕТАВАНА ПАГАВАРЫЦЕ З ШАФЁРАМ ДЫРЭКТАРА ПАВІНЕН ВЕДАЦЬ З ПРЫБІРАЛЬШЧЫЦАЙ КАХАНКУЕ ІМ

Колькі з гэтым сумятні! Андрэю разбалелася галава. Канверт з ананімкай ён апусціў у паштовую скрынку, што на рагу Пекнай. Уночы...

Загадчык не з'яўляўся.

— Хварэе, — тлумачыла сакратарка, калі Андрэй заявіўся ў яе з завершанай справаздачай. — Заўтра павінен быць.

— Я пакіну ў вас.

— Добра. Я перадам.

За фіранкай панікавала муха. Білася аб шыбу, каб вылецець — на снег, дзе загінула б.

— Пакіньце мне, калі ласка, справаздачу, а я перадам яе пану загадчыку, як толькі ён з'явіцца на работу, — паўтарыла яму сакратарка.

I ўважліва паглядзела ў непрысутныя вочы Андрэя. Ажыў тэлефон.

— Прабачце, — сакратарка, павярнуўшыся бокам да Андрэя, падняла трубкуі — Так, пан Антошка ёсць тут.

Яго зноў прасілі ў дырэктараў кабінет.

«Хіба ж не ў сувязі з ананімкай, чорт вазьмі? Наўрад ці дайшла яна ад учора...» — Андрэй сумняваўся.

Выпеставаная ім паперка, аднак жа, ляжала на стале перад капітанам.

— Што гэта? — скрывіўея Андрэй, калі капітан усунуў яму ў далонь паперчыну. — Ананімка, ці што?

Той пыхкаў дымам, злічваў хмурынкі.

Авдрэю ад грудзей разлівалася па целе гарачыня.

— Захацелася задаць сабе столькі гаротнай працы, — парушыў сваё бязмоўе капітан. У безасабовасці сказанага Андрэй усё-такі знайшоў прагалінку сабе.

— Ну, — шчыроўна адгукнуўся. — Нямала: выразаць, наклеіць, дапасоўваць, падбіраць, страхацець... Амаль мастацтва! — яшчэ слова і — ён не стрывае, узляціць з крэсла, пабяжыць, а з калідора...

— Так, — значна пацвердзіў капітан, як бы з нуднасцю, і забраў тое назад.

На падваконнік сеў верабей і зазірнуў усярэдзіну. Звочыўшы Андрэя, фыркнуў кудысьці чорцікам.

— Змест яе сведчыць аб тым, што напісана яна асобаю, якая арыентуецца ў адносінах сярод вашых вярхоў,— выказаўся капітан, з якойсьці затоенай надзеяй. Дадаў: — Пры тым, не дурною. Хто, паводле вашага меркавання, можа быць аўтарам ананімкі? — капітан назваў два прозвішчы; Андрэевага сярод іх не было. Дзеля далікатнасці? — Бачыце, да грудкі клею на паперцы прыліп волас, шатэна...

«Маё шчасце дылетанта, што я не ўбачыў яго! — разгаралася ўнутры Андрэя. — Капітан, магчыма, падчэкваў маёй рэакцыі, але я, шчаслівая ўдалотная разява, нічога не прыкмеціў».

— Падкамбінаваць па валаску ды параўнаць... — заскарагаворыўся Андрэй.

— Вось і хачу прасіць вас пра тое.

— Чаму ж не.

— Дзякую вам. Няма асобеняў з аднолькавым валоссем, як і з ідэнтычнымі папілярнымі лініямі...

— Вы лепей разбіраецеся, — Андрэй: «Няма з аднолькавым? Нешта не чуваў я; мо хлусіць ён, а я, прастата, хвалююся?»

Па праўдзе кажучы, просьба капітана здалася Андрэю смяхотнай; нейкай дзіцячай. У рэшце рэшт спачатку размаўлялі яны пра сур'ёзнае, ажно ён, капітан, нечакана, бач ты яго, аб... валаску! (Пацяшаліся ў Новым Востраве з таго, як аса задушыла Якіма, гэтую лаханду! Яна ўляцела яму ў горла, калі ён пазяхаў, разлёгшыся на загацці...)

Як жа вырваць іх у кожнага і не зарагатаць, бы падшыванец? «Я хацеў пажартаваць, а капітан з мяне проста закпіў!» I Андрэй не дурыў сабе гэтым болей галаву.

Чуючы рознае, Апдрэю думадася, што дырэктары дапускаюць кардынальную памылку: яны не пазбягаюць свінстваў! Ён яшчэ не дайшоў да таго, што кіраванне людзьмі з'яўляецца штодзённым выбарам паміж меншым і большым злом. Што прызнаць рацыю адпаму чалавеку абазначае не прызнаць яе —. другому. Адчуранне крыўды гусцее духотным палыннем на ўзмежках дзейнасці.

Верыў у добрую волю вышэйстаячага начальства.

Заслаў стол паперамі, на якія наносіў розныя пазнакі. Афармляў ён заказ на куплю вылічальнай машыны «Сінекура». Машыністка перайначыла адрас фірмы, і таму паўстала дылема: паправіць гэта шарыкавай ручкай ці перапісаць нанава.

Выпісалася ручка.

Пашукаў да яе запасны стрыжань.

«Дзе ж той стрыжань? ...З гэтай капустай, што нагатавала жонка сябра, так здарылася тады, калі абое вярнуліся з маладажонскага водпуску, які правялі на Мазурскім паазер'і. Капуста пачала прыгараць якраз у тую хвілю, калі я пазваніў да іх кватэры. Вы былі на азёрах, запытаў ад парога. Цудоўна! Як жа зайздрошчу вам! Я не быў. Абавязкова буду каторага лета, гаварыў ім. Жонка сябра засцілала пакаёвы столік узорыстай сурвэтай. Спрытна падраўнаўшы фалды, яна запрапанавала выпіць чаю. Папрыносіла гарачыя шклянкі, на падносе з імітацыяй залатога посуду. Усміхалася па-хатняму. Можа, хочаш чорнай кавы, запытаў мяне сябра. Не, адказаў яму. Нават затрос галавою. Размаўлялі аб куплі легкавых машын, усё роўна як бы маючы за што купіць іх. Жонка падтаквала, бы курыца на гняздзе: так, так, так, так... У ёй заўважалася падабенства да прадажнай жанчыны. (Пакажыце мне жанчыну, у якой няма такога падабенства!) Паспрачаліся аб лоўлі рыб, хаця ні я, ні ён не займаліся гэтым. Быў каля нас адзін з Варшавы, які злавіў шчупака, доўгага, на цэлы рост чалавека! — гаварыў сябра. Не можа быць, я запярэчыў яму. Як жа есці такую, жахлівую, рыбіну? Жонка падтакнула, невядома каму? Гутарылі і аб возеры, аб тайніцах глыбіняў. Памятаеш таго актара з рыжай барадою, які любіў вывіскваць на пясчанай касе, звярнулася жонка да мужа. Ён, той актар, пераплываў цераз усё возёра. Не баяўся старых шчупакоў, не баяўся сомаў. На возеры знаходзіліся мялізны, пясчаныя мялізны, далёка ад берагоў...»

Знайшоў запасовы зарад.

Хтосьці з супрацоўнікаў прыадчыніў дзверы:

— Вітаю, Андрэй! — быццам папытаў: «Ну, што сталася з загадчыкам і дырэктарам?»

— Здароў! Трэба табе што?

— Не, дзякаваць Богу.

«...Жонка сябра апавядала пра ягады. Вялікія, бы фасолі. У прыазёрных урочышчах. Іх там столькі, што хоць ты качайся!..»

— Каратай, але не зявай, — непатрэбна пажартаваў Андрэй.

— А гэта ўжо не мая спецыяльнасць, — агрызнуўся той. Без прычыны.

«Няўжо я дарогу яму пераступіў? — мільганула Андрэю ...Я так наеўся гэтых ягад, што, здавалася, пуза лопне — гаварыў сябра. Бо іх трэба — з малаком, павучала жонка. На другі год, Бог дасць дачакаемся, паедзем над возера з вядром на ягады, дадумалася яна».

Змяркалася. Неба мела колер рыжэючага верасу. З чацвёртага паверху глядзелі яны з Андрэем на вуліцу, па якой людзі каціліся ягадкамі, а аўтобусы гарадской камунікацыі хіліліся мухаморамі, чырвона-белымі. Змрочнелі дамы, іншы раз нагадваючы купіны старых соснаў, што за прасекаю, над Высмалавым паўвостравам. У вокнах загараўся бляск, як на высахлым моху, калі ў лесе цямнее, а за бухтаю енчаць крачкі...

Да Андрэя наведаўся супрацоўнік, якога ён аніяк не мог назваць. Ні Мядуновічам, ні Губішчамі, ні Абыякавічам, ні Філосафам... Ну, аніяк!

Ходзяць чуткі, што знялі нашага дырэктара, паведаміў супрацоўнік. Не можа таго быць, дзівіўся Андрэй, каб ззахвоціць яго да навінавання. I загадчыка таксама, працягваў супрацоўнік. Улада, так сказаць, лягла на вуліцу, як знямоглы п'яніца, і ты, Андрэй, кінь слепацець над паперкамі, над цэлым гэтым дакументаваннем ідыятызму, ды паразглядайся, што наўкола чаўпецца...

Паспяшаў да тэлефона, які зазваніў у ягоным пакоі. Некалі ён, той, хто званіў, наганяў на Андрэя белую гарачку, ашалеласць тым, што рабіў з сябе скромнага пана. Ад гэткай яго скромнасці не было чым дыхаць. Андрэй не мог спакойна гутарыць з ім, пакуль знянацку не адкрыў, што ён вельмі палахлівы. Аднак самае істот-нае, што зразумеў Андрэй, можна было б ахарактарызавадь так: у баязліўцаў шчыльная логіка і надзвычай выразныя доказы. Яны безупынна адчуваюпь небяспеку, і таму ў іх усё прадумана да драбінак.

Сціпласць супрацоўпіка, якога Андрэй ніяк не змог назваць — ні Падмядуновічам, ні Падтакавічонкам, ні Абыякавічам, — усенькія туманныя яе адценні няўмольна выклікалі ў памяці вобраз заплываючага дрыгвою возера, у якім можна ўтапіць цэлую гару з акамянелага зазнайства, патрачаных памкненняў, сыпучай зайздрасці ды валуноў зласлівасці. Такую жудасную гару праглыне тое ціхаводдзе, зааеранае блішчастымі і вострымі прэтэнзіямі на таленавітасць. Няхай багі ўсяго свету сцерагуць таго, хто даверліва ступіць туды!

Ці не з'яўляецца сціпласць жа найвышэйшай формай зазнайства?!

Не выстыў след пасля супрацоўніка, як прыйшла сакратарка. Сказала:

— Пан Антошка, вас клічуць. Зноў!

Але цяпер сакратарка не званіла. Яна прыйшла. Калі не смех гэтак сказаць — асабіста прыйшла!

Пасучыў за ёю, за жанчынаю, якую не раз уяўна агольваў і з лакомлівасцю кавалера абдымаў яе ў сваіх марах... Гатоў быў ён ажаніцца з ёю ў любы момант, адабраць ад мужа ды звольніцца з працы — і жыць, не выпускаючы яе нікуды, не дазваляючы ёй нават апранацца, бо адзенне, няхай сабе і шаўковае, толькі, псавала яе невымоўна прывабнае хараство, апаганьвала яе па-нябеснаму раскошнае цела!.. .

У кабінеце насустрач Андрэю паднялося з крэслаў двое. З генеральнай дырэкцыі.

— Пан Андрэй? — амаль фамільярна. Пасядалі. — Пан Андрэй, — гэта чарнявейшы. — Мы прыйшлі ўпрасіць вас, пане Андрэй, каб вы, пакуль часова, выконвалі абавязкі загадчыка аддзела. Дырэктар, як вам папэўна вядома, нешта захварэў... — у недаказанасці выкалошвалася кпіначка.

— А што з загадчыкам? — Андрэю падалося. што вымавіў ён гэта з належнай цвёрдасцю. «Вось, я яшчэ і лаяльны!»

Адказвалі:

— Пажар пачаўся ад яго кабінета, і, на шчасце, там яго і пагасілі. Аднак жа ёсць пэўныя дапушчэнні, для нас надта ж непрыемныя, праверка якіх зацягнецца... — яны аказаліся непадрыхтаванымі да такога, і Андрэй быў бы рады, калі б яно ўвогуле засталося невыказаным. — Загадчык, па аб'ектыўных прычынах, праз некаторы час — цяжка тут вызначыць які — не зможа вярнуцца да сваіх абавязкаў... — круціў чарнявейшы. — Ну, вам самім ясна, — ён не меў права тлумачыць.

Андрэю выйсцем са зблытанага ім становішча было прыкінуцца незацікаўленым. Разгублена паглядзеў ён на ўзорысты дыван ды наўмысна нуднеў: глядзіце, во, мяне гэта наводзіць на сумоту. Але пазяхнуў ён ад хвалявання. «Загадчыку капец, — лікаваў ціхмяна. — Яму ўжо не бываць ім! Ён падпаліў? Які бачыў у гэтым сэнс? А мо гэта самы бязвінны з бязвінных выпадак, выпадковасць...»

— Пане Андрэй, — гаварылі яны, адказваючы на яго чарговае, больш на месцы пытанне. — Справа ў тым, каб пакіраваць бягучымі... — не дадалі: справамі. Атрымалася б нязграбна, а ў іх было адчуванне мовы. — Менавіта бягучымі. Тымі, якія налятаюць з дня ў дзень. Вы здолееце. Мы не сумняваемся, — зазірнулі яму пад вейкі, быццам запітай нарачонай. — Толькі такімі. Згодны?

— Згодзен, — адказаў, слабеючы ад задаволенасці.

— Дасканала! Жадаем вам удачы, — яны ўсталі, каб паціснуць яму руку. — Калі ў чым спатрэбіцца наша дапамога, смела звяртайцеся да нас. Усё будзе добра.

Чарнявейшы:

— Падпісвайцеся: па даверанасці. Загад на вашу новую функцыю прышлём, павядомім кіраўнікоў секцый...

«Вось табе, Андрэй, і ўлада: лёганькая, гожая, даўганогая каза. Гон яе адбыўся прасцютка да мяне, адно не зявай схапіць яе ды надзейна заціснуць. Прыгналі двое, з вярхоў... Гэта яны па ўласнай ініцыятыве?»

— Нічога страшнага: гадавыя справаздачы закончаны... — знаходзілі яны суцяшэнне.

Прапацеў ён да сухой ніткі. Ведаў, што не пакінуў у іх добрае ўражанне. Занадта неспадзеўна яму адбылася гэта перадача кіраўніцтва, няхай сабе і часовага.

Галаўны боль.

Апрануў паліто. У кішэні намацаў з трыццаць злотых.

У «Мядовай» надавалі неблагое віно.

Андрэй заказаў чаю з ромам і з асалодаю закурыў.

У покуце цалаваліся маладыя. У белдзень, у будзень, кахаюцца, не дураць галовы службай, звалкамі слоў, паржавелым ламаччам думкі...

Панадзіўся і на чарку каньяку.

...Скрыпануў воз на пыльнай ростані...

Што і казаць: убачыў сябе ён чагосьці вартым. Значыць, ён пакуль загадчык, а нават пакуль дырэктар! Адно з гэтых двух пакуль ператворыцна ж, чорт вазьмі, у напэўна. Застанецца загадчыкам! Іронія лёсу? О не! Аднак жа лёс трэба падштурхнуць: нельга абмежавацца выкананнем прынятай ролі загадчыка, дублёрскай!

«Будуць глядзець мне, халеры, на рукі!» — ён, каб разлічыцца за каньяк, дастаў банкноты з — капшука, Як пакепліваў.

Вяртаўся на работу, ох як паіншэлым.

Парцье зняў перад Андрэем шапку:

— Добры дзень вам, пан загадчык.

Калі распранаўся ў кабінеце дырэктара ды сядаў за ягоным блішчучым сталом, заявілася тая.

— Пан загадчык, мне трэба на тры дні ў Варшаву,—-сакратарка. Ад яе цяплела пярынаю і падушкаю. А тое, што хоча яна адлучыцца, якраз у Варшаву, прыдавала ўсяму нейкі размах, важнасць, як і тое, што была адной з першых асоб, якая звярнулася да Андрэя: пан загадчык! — У панядзелак я ўжо буду ізноў на месцы, пан загадчык, — ах, яе позірк, яе фігура! Яна як быццам і прывяла сябе менавіта да Андрэя.

Да жанчын мы прыглядаемся тады, калі можна працягнуць па іх рукі або нам здаецца, што такія шанцы існуюць. Жанчына, калі яна не патрывожаная, уладкаваная трохі дрэмле. Трэба яе разбудзіць — дадумваў Андрэй, стараючыся акуратна зразумець, з чым зайшла да яго сакратарка. Прыемна, што вось стаіць перад ім, Андрэем Антошкам, яна, ужо залежная ад яго, чалавек і адначасна красуня. I яшчэ па-людску сорамна ад таго, што хтосьці раптам зусім падпарадкаваны табе, з чаго сам жа цудам вылузаўся! I злосць на гэткі сорам.

— Вам — дазвольце, чаго ў Варшаву? — выдыхнуў з сябе, нібы прачнуўшыся.

— Я ж вучуся там, — адказала яна з мілай крыўдаю, што вось ён толькі дазнаецца аб тым.

— Завочна?

— Так, пане загадчык. На трэцім курсе.

— Вельмі добра! — пахваліў: «Ці ёсць там, дзе яна студэнткай, ці ёсць маладыя выкладчыкі? А можа, яна спала з каторым? Мо з такім, як той, які — памятаў са свайго — у час экзаменаў прапаноўваў кумпястым гультайкам... Глупства!» —Так трымаць: не век жа векаваць на малой пасадачцы. З вашымі здольнасцямі вы даб'ецеся значна большага, — а ў сабе: «Нічога яна не зробіць уласнага ў жыцці, бо несусветна павабная!»

— Дзякую пану загадчыку.

— Шчасліва вам, ды, як зычаць сабе студэнты, плламіце рукі-ногі на экзамене.

— Сардэчна дзякую!

— Бегайце, — Андрэй: «Папярэджу яе, каб не называла мяне панам загадчыкам. Але — гэта так, гэта нерэальнае». — Узгодніце з машыністкай, каб яна замяніла вас, — нагадаў ёй. «Цікава, які ў яе муж? Спагадлівы, дрэнны, мудры, дурань?»

— Заўтра я паспею забегчы на хвілінку і прыняць пошту, — пакарнела яна.

Яе муж? Андрэй падазраваў, што жывуць яны не столькі цікава, колькі з быстрынёю. Не задумваючыся. Вунь лекарка з вуліцы Бэма лічыць, што чалавек нараджаецца дзеля захавання гатунку. Усё іншае, што ён чыніць, неабавязковае: культура, цывілізацыя. З'яўляецца дзеля рэпрадукцыі, паўтарыла лекарка Андрэю. Яго, аднак, тады займала пытанне, як пазбыцца ўстрашных сноў. Як не пацець? Шаноўны пане, спіце пад ваўняным пледам. Мой пане, трэба нармальна працаваць, зама-гаць, спяшацца дамоў, увіхацца, мітусіцца за пакупкамі, адным словам, быць звычайным, і зласонні адляцяць ад вас, ад свядомасці, за сінія лясы. Здаровы не бачыць далей свайго носа. Страшнавата быць ім, злаваў Андрэй. Гэта вам, бо вы хворы, адсекла яму. Да пабачэння, і выклічце да мяне... I прачытала прозвішча з бюлетэня пацыента. Ёй не было калі. «Відаць, упераконана, што ўсе дурныя, апрача яе!»

— Яшчэ раз удачы вам, — кінуў ён услед сакратарцы, пад яе точаныя ногі.

Недзе дзерлася дзіця.

Нізка праляцеў санітарны самалёт, двухматорны. Андрэй прасачыў за ім — паміж заслонкамі на акне.

Пазваніў кіраўніку адміністрацыйна-гаспадарчай секцыі, каб той, не адцягваючы, з'явіўся перад ім: ёсць спраўка. Адміністрацыйны марудзіў, і Андрэю падумалася, што дапусціў памылку: трэба было перадаць гэта праз сакратарку.

Урэшце стаў ён на парозе.

— Добры дзень, — сказаў Андрэю, як сусед у шматкватэрным корпусе. Апусціўся ў крэсла без запрашэння, расчыніў папяросніцу. — Дыманём?

— Не, — Андрэй падпусціў да языка фразу, слініў яе ў камяк.

Адміністрацыйны раскурыўся, бесклапотна пазіраючы ў бакі, як хтосьці, каго зараз пахваляць. У яго прыкметны жывот, палоснае дыхценне; раскірачаны ён.

— Ну, дык што?

— Вы не склалі заяўку па запасныя часткі да грузавых машын! — грымнуў яму. — Не для вас жа даводзіць, што без іх наш транспарт не зрушыцца з месца і пачне ламавець. Да якога часу вы будзеце так бяздзейнікаваць?!

— Напішу, — нібы гікнуў. За гэтым яго словіскам забляяла нямалая бандка іх: камандуеш, ужо камандуеш, не прыся камандаваць, ты коратка пакамандуеш, далі табе пацешыцца ўладаю, бы дзіцяці цацкаю, і адбярупь яе; я перажыву тваё панаванпе, і, дарэчы, не толькі тваё, так-так... Паглядзеў, як дарослы, якога зачапіў хлапчук.

— Будзь аварыя — і вы мне за яе адкажаце! — не адступаўся Андрэй.

— Перад кім?

— Вы аглухлі?

— Ага...

— Што?!

— Нічога-нічога, я так сабе, — у яго поглядзе зарунела насмешка, якую лепш было вытлумачыць так. «Андрэй Антошка — гэта той, каго часова паставілі пастухом, каб папасвіў статак, які, несумнейна, разбёгся б у шкоду. Той, каго баяцца, але ў меру, без перабольшвання. Іначай тыя, хто паставіў яго, могуць прыйсці да вываду аб ягонай адпаведнасці...» — Ніякай аварыі не здарыцца, — пыхкаў дымам. — Аварыя за аварыяй, гэта рэдкасць. Не памятаю такога, каб адна за адною, пажар за пажарам, — з чорцікамі, падлыгач!

— Няўжо не даходзіць да вас, што без запасных... — Андрэй: «Не любіць ён начальства, але гэта таму, што сам не можа ім стаць».

— Не панікуйма: часткі выпішам! Дастанем іх.

— Як гэта — дастанем?!

— Легальна: пісанём, пашлём тое куды і належыць, ды праз пару дзён атрымаем...

— Пісанём... пашлём... — перадражніў яго. — Пан адміні-страцыйны кіраўнік, няўжо вам узбрыла, што вы размаўляеце з дурнем?

Андрэй расхадзіўся. Той не варушыўся.

— Каб я так здароў быў! — бязглуздна забажыўся ён перад Андрэем. — А дашлюць нам іх адмысловыя, во! — выставіў свой першакласны палец. — Праўду кажу, пан загадчык, — абмяк раптам і далей не мог мякнуць.

Як ні дзіўна, але сварка супакоіла Андрэя, пастудзіла. Яму захацелася дастаць з бібліятэчнай шафы кніжку і, захутаўшыся ў плед, пачытаць у ёй нешта разумнае,

— Дык што з заяўкай? — сказаў ён да патыліцы адміністра-цыйна-гаспадарчага: «На такога не зробіш уражання асабовасцю. Яго можна паганяць толькі загадамі».

— Як гэта што? — той устаў нарэшце і павярнуўся да яго.

— Ну — як бацька да перарослага пасынка.

— Напішу, ну!

— Калі?

— Пажар, ці што?

— Будзе пажар, якога яшчэ вы не бачылі! — Андрэй аж закруціўся ад гвалтоўнай ашалеласці. — Як вам не брыдка?! Вы не выконваеце самых простых заданняў!

— Вы, пан загадчык, палохаеце мяне? — годніўся.

— Ідзіце прэч і — пішыце! Хачу мець заяўку тут жа, на маім стале, — стукацеў сагнутымі пальцамі — быццам морзеўскі алфавіт гневу. Неўгамоннасць была вынікам ператомленасці.

— Чаго вы на мяне так? Не вы мяне паставілі і не вы здымеце!

— Каб вы і дамагаліся таго, дык, ведайце, не дазволіў бы: мусіце працаваць! Я вас навучу, як любіць работу! — панёс Андрэй. — Затанцуеце так, як вам зайграю...

— Не будзьце такім важным...

Адміністрацыйны выкаціўся ад Андрэя. За дзвярыма, забыўшыся па ўсё, паправіў на сабе пінжак і падцягнуў нагавіцы. I, хам, высмаркаўся.

Заяўку склаў ён мігам і перадаў яе праз сакратарыят.

«Ён, балванец, не ўлічвае тую акалічнасць, што мне, як выконваючаму ўсё-такі высокія абавязкі, спачатку многае дазволена! — зацяўся Андрэй супраць кіраўніка адміністрацыйнай секцыі. — Спачатку, бо ўсё няправільнае залічаць на рахунак нявопытнасці, вучобы».

I тут Андрэю стала вельмі ясна, чаго ад яго чакаюць. Дрэнны той загадчык, які патурае сваім падначаленым. Першай праўдай усялякага кіруючага работніка з'яўляецца дбайнасць пра інтарэсы вышэйстаячых. I не абавязкова таіцца з тым. Можна нават уголас прызнавацца да баязлівасці перад імі — гэта не пахісне трываласць займаемай пасады.

Мадэль паважанага ўсімі кіраўніка — я добранькі, але няшмат магу — з'яўляецца самай небяспечнай. Усё, што амбітнае, адначасова і небяспечнае. Андрэй з сумам паўчуваў, што такое яму не пад змогу... Дэманстрацыя менавіта баязлівасці — найбольш пэўны сродак.

З другога боку, Андрэю не давала спакою дакучлівае разважанне аб тым, што яму, мабыць, пашанцуе працерці сцяжыну да большых вышыняў. Адсутнасць дырэктара і фактычнае кіраўніцтва ў руках Андрэя ўсёй дырэкцыяй, няхай сабе і часовае, з'яўляецца той нагодаю, якая, відавочна, не паўторыцца. Есць таксама ва ўзнікшай сітуацыі і мінусы Андрэю: не будзе яму перад кім паказваць сваю адданасць! Улічваюцца голыя эфекты — без той інтрыгуючай абалонкі псіхічных суадносін штодзень: начальства — падначалены. Адгэтуль, відаць, і бярэцца адзіноцтва ў дырэктараў і іх шматгадовая непахіснасць... Генеральная дырэкцыя далёка і высока! Яна пераважна жыруе на ўражваючых лічбах, хай сабе і ўзятых са столі. На тваю, дырэктарчык, рызыку. Уласнаручна раздзьмутых.

Нябачнымі лейчынамі прытрымоўваў Андрэя голас маці, такі, які спорна перадумаў, што сказаць, і цяпер зноўку сварыцца: «Я дык хоць сябе пракармлю — і ўжо лягчэй дзяржаве. А ты?» Андрэй: «Ды зразумей, мама. Ну, хопіць!» Маці: «Дурная тая дзяржава: школу дае, апранае, корміць, плаціць за кватэру, падсоўвае пасаду. Дзеля чаго? Дзеля таго, каб ты, Андрэй, пісацеў непатрэбнымі паперкамі? Няхай лепш прынялі б Вольку з сямі класамі — крэмзала б не горай...» Андрэй: «Маці, ты не любіш мяне!» Маці, перад плачам: «Андрушка! Як гэта ты можаш так гаварыць са сваёй маткай? Крыўдуеш за мае словы, якімі кажу табе праўду, бо я — твая маці! Хто ж гэта табе скажа яе, калі не я? Гэта мне крыўдна, што ты столькі напрацаваўся, папавучыўся, столькі каштаваў нам, тваім бацькам, і дзяржаўнаму скарбу, а так марна карыстаешся здабытым, дадзеным...» Андрэй: «Маці, ты не ўяўляеш маіх магчымасцей, таго, што дала мне навука. Я, ведай, гатоў не такое рабіць!» Маці: «Гатоў, ты ўсё гатоў! Жыццё пражываеш у адной гатоўнасці...» Андрэй: «Хто гэта навучыў цябе так дапякаць?» Маці: «А ці ж я сама ўжо нічога не бачу?» Андрэй: «Не смейся, маці, з таго, што скажу зараз табе: я стану дырэктарам! У мяне ёсць усё патрэбнае, каб ім быць. Павер! Я на добрай дарозе. Пераканаешся! Трохі часу і...» Маці: «Каб Бог даў табе, Андрэй. Дай Бог... Але ці дазволяць табе? Ці тыя дазволяць, што чыняць людзей дырэктарамі?» Андрэй: «Я зраблю ўсё, што трэба, каб яны дазволілі. Думаеш, мне не абрыдлі глупствы, якімі я мушу займацца, дзень у дзень? Думаеш, так мне смачна крывіць душою перад сваім загадчыкам і дырэктарам? Ды няма іншага спосабу на тое, каб у пачатку хады ўвысь не падставілі мне нагу і не перакулілі, не пляснулі ў калюгу!» Маці: «А ці ж гэта трэба ажно махляваць ды крыўляцца, каб выбіцца на таго начальніка?» Андрэй: «Трэба!» Маці: «Ну і што людзям будзе ад таго, што ты нарэшце зробішся гэтым дырэктарам?» Андрэй: «Ужо Леў Талстой, якога ты, маці, так паслаўляеш, пісаў, што калі людзі злыя, аб'яднаўшыся, утвараюць сілу, дык людзям добрым застаецца зрабіць тое ж. Ведаеш, маці, калі я стану там дырэктарам, дык першае, што зраблю, гэта павыкідваю з дырэкцыі ўсялякую звалату!..» Маці: «Не ведаю, сынок, што гэты Талстой акурат пісаў: пра яго, памятаеш, усё згадваў паш сусед Лявон. I той Лявон, ты ўжо не ведаеш таго, змовіўся з талковымі гаспадарамі, і яны скінулі солтыса, сабаку, Якіма Ліса. На яго месца выбралі, ну, Лявона. Але ён, што ні кажы, аказаўся не лепшы за Ліса. Дык так і думаю сабе, Андрэй, што дабро лішяе змагаецца са злом, як сухотнік не павінен хадзіць да здаравуткіх...» Андрэй: «Абяцаю, маці, не заразіцца...» Маці: «Можа, удасца табе, сынок, застацца такім, якім хочаш...»

Андрэй папярэдне, калі не меў права вырашаць, глядзеў цалкам цьмяна. Па-каровінаму перажоўваў загадчыку справу за справай ды спазіраў на гадзіннік, ці не пара ўжо дамоў... Купля зубной пасты хвалявала яго мацней, чым афармленне шматтысячнага заказу для фірмы, ад якога залежала і частка яго ўласнага лёсу. Але гэта быў лёс прададзены, і Андрэй з яго ратаваў сабе хоць эмоцыі — тое, што абмінута ў рабочым дагаворы.

Ён назваў гэта парабкоўскім раздваеннем асабовасці.

Цяпер, наадварот, стаў Андрэй пакупніком таго ж.

З акружэння ён не бярогся нікога (дырэктара ўсё не было). Працаваў у пышным дырэктарскім кабінеце (пакой загадчыка стаяў апячатаны). Вырашыў у максімальна кароткі тэрмін дабіцца ад калектыву пашаны!

Пошту падавалі Андрэю каля дзевятай.

Службовая пісаніна — як хатнія сачыненні вучняў, стэрэатыпная і неахайная. Прытым нельга ўдумвацца ў яе, бо тады нічога не зразумееш. Яна быццам прасцірадла, пра якое даволі ведаць, што на ім трэба спаць.

Думкі Андрэя выгнуліся на дзіўны матыў: «Дапусцім, што ў мяне ўжо ёсць сын і што яму шаснаццаць гадоў. Ён прыносіць дахаты двойкі. На лаянку адказвае запытам, што бацьку важней: заканчэнне сынам школы ці ягонае пачуццё шчаслівасці. Я — шчаслівы, кажа ён, і гэта самае што ні ёсць галоўнае. А двойкі — дробязь. Ці ты, сынок, кеміш, што гэта такое шчасце? Шчасце за-ключаецца ў няведанні, адказаў ён начытаным. Той, хто глыбока ведае, перастае быць шчаслівым. А мо такое безупыннае пераставанне быць ім якраз і з'яўляецца шчасцем? Гэтак спытаў у сына, і той прыбянтэжыўся...»

Андрэй на картцы машынальна пісаў:

мгр інж. Андрэй Антошка


ДЫРЭКТАР


Дырэкцыя мясцовай


прамысловасці Беласток-Выгода


вул. Кароткая 13

Пацелі далоні, спіна, патыліца. Ён сапатліва ўдыхваў паветра ў тручаныя тытунём лёгкія. Смярдзела ад забензіненай вуліцы. Андрэй дапісаў на той картцы хатні адрас і абрысаваў напісанае роўненькай рамкай.

Добрую хвіліну спазіраў на яе, быццам п'яніца на гарэлку вышэйшага гатунку, і парваў драбнюсенька, потым усыпаў сабе ў кішэню пінжака.

Прысеў, каб разгледзець карэспандэнцыю.

Андрэя — бацьку пачаў зверху павучаць голас настаўніка: «За двойкі — лаяць, біць? Біць? Біць, каб прасіўся і прысягаўся, што болей... Гэта ж без сэнсу, пан Антошка. Такое спародзіць у вашага сынка страх, які расчэпіцца на нянавісць, боязь, подласць... Баязлівасць, я сказаў бы, з'яўляецца формай нянавісці. Гэта так! Нянавісць і баязлівасць — родныя сёстры. А раскаянне, калі яно шчырае, не фармальнае, заўсёды ідзе ўслед за зразуменнем...»

У Андрэя ніхто не дабіваўся прыёму. Ён не ў гуморы. Прайшоўся па кабінеце. Па-сышчыцку прыадхіліў фіранку: па дзядзінцы клопатна снавалі служачыя з секцыяў, скарачаючы сабе пераходы, паміж грузавікамі, што пад'язджалі да рампы складаў. Шафёры вылазілі, саступалі на зямлю: прыкурвалі (пад вецер) і плявалі, а іх пляўкі выскоквалі, быццам жабкі з берага.

Андрэй сышоў уніз.

Наважыўся на нешта трапнае!

Неабходна, менавіта яму, паставіць некага ў непасрэдную залежнасць ад сябе і навідавоку ўсіх. Такім чынам ён намацае тую першую штыкеціну ў плоце, уздоўж якога пойдзе па-свойму. У гэту заўсёдную цемень далейшай актыўнасці.

Пракантраляваў грузавікі, як левай нагою ўстаўшы.

У задрыпанага шафярнякі знайшоў чвэртку гарэлкі —таннай, празыванай байстручком.

— А пану дырэктару чаго трэба ад мяне?! — не даў той забраць бутэльку. Андрэй, быццам пахваленая дзяўчына («пан дырэктар!»), занадта не ўпарціўся.

Чарнамазы засунуў бутэльку назад, пад кажух, і гідліва адвярнуўся. Гэтага было дастаткова; Андрэй ускіпеў:

— Вам здаецца, што вы на вяселлі?! — ён хапіў за «байстручка».

— Пусці-і-і!! — вывіснуў на яго шафёр.

— Я вам дам піць! Я вам пакажу піць! Мала нешчаслівых выпадкаў, ну, мала табе! — ды рвануў. — Аддай.

— А гэта ты бачыў?! — шафёр ушчаперыўся за шыйку і вытузнуў тую чвэртку з рукі Андрэя ды бразнуў ёю вобземлю — распырснулася, шкло забліскацела, бы ранні лёд на аселіцы, калі, прыйшоўшы са школы, яны гулялі там або — звычайна — галаслівілі.

— Ты так?! — Андрэй асіп. Засвярбеў яму кулак, але ўсё ж гамаваўся ад няўпэўненасці, падвойнай: дастаў бы па скабах ад здаравілы, акампраметаваўся б бойкай ды пазбыўся бы пасады. I страх быў. — Памятацьмеш мяне, п'яніца! — уз'ятрыўся па-вясковаму.

— Ідзі, ідзі, дарэктар!

Пачуўшы «дарэктар», Андрэй вярнуўся да яго. А той працягваў:

— Ідзі сабе, гэта не тваё. Бач ты — ухапіўся! Вынюхаў. Адкуль табе, дарэктар, вядома, што не на мяніны я купіў?..

Збіраўся натоўп.

— А вы чаго тут не бачылі? — Андрэй — быццам даўні войт да малазямельных. У вушах гудзеў паўзабыты голас бацькі, з якім калісь малаціў авёс і спрачаўся.

Адыходзіліся. I чым далей, тым гучней гаварылі, паціскалі плячыма. Некаторыя адкрыта смяяліся — хоць ты вазьмі ды разгані ўсё гэта зборышча. Біў бы: удар у дыхавіну, потым — у карак! У дыхавіну, у карак...

Шафёр абапёрся аб кабіну машыны і, з рукамі ў кішэнях, капціў папяросіну, якая зажаўцела ў куце рота.

«Гэты лыч асмяшае мяне! Хам! Сынок крамніка, якому вёска існуе толькі для таго, каб ён меў з каго напацяшацца, падонак!» — Андрэй з цыркавай бадзёрасцю пераступіў разбітае шкло і папраставаў да сябе.

Услед яму хтосьці шпурнуў жалезінай.

— Звяжыце мяне з камендатурай міліцыі, — загадаў Андрэй машыністцы, якая замяняла сакратарку. Тая няўцямна страпянулася. — Хутка!

— Міліцыі?

— Міліцыі!

У кабінеце паслабаніў гальштук.

— З капітанам прашу! — запатрабаваў, калі неўзабаве затраскатаў тэлефон, дырэктарскі. — Зараз жа!

— Капітан заняты...

— Ведаю: пераключайце!

Не выпытвалі.

Азваўся капітан. Андрэй мамантальна пазнаў яго. Назваў яму сваё прозвішча.

— Слухаю вас, — неяк драўляна адказаў капітан.— Сцябаюць гарэлку? А дзе ж не хлебчуць яе, гэтую гару... I кідаюць за вамі жалезам? Ну, гэта ўжо залішне, але што ж мы можам? Не паважаюць, — ён яўна абражаў Андрэя. — Допыт? Дапытаць можна, ды што з таго: выбухне сенсацыя, і вы шмат згубіце на ўсёй цырымоніі... — ізноў абразіў. — Не, вы дрэнна зразумелі мяне, пане Антошка. Так. Мне чамусьці захацелася пажартаваць у такой сумнай абстаноўцы, пра якую вы... Не, я не чакаю, пакуль вас заб'юць... Я толькі думаю, што гэта ваша ўнутраная справа... Што? За спробу забойства? Ну, вы тут перабольшваеце... Калі хочаце, я прышлю. Добра, сяржанта. Так... Да пабачэння.

Пра тыя валасы ён нібы і забыўся... Сяржант прыйшоў праз дзве гадзіны. Адразу да рабочых.

Ацдрэй чакаў у кабінеце, але ён да яго не заявіўся. Тады выклікаў кадравіка. Загадаў яму звольніць з пасады таго з «байструком».

— Няма падстаў!.. — запярэчыў кадравік, не дадаўшы далікатна, што на такое ўпаўнаважаны адзін дырэктар.

— Звольніць! — разбушаваўся Андрэй. — Яму авёс у с... коле. Ён п'е, буяніць, кідае жалезам, чым папала, у чалавека. Ім міліцыя цікавіцца, разбойнікам!

— Але ж...

— I слухаць не жадаю! Якія ў вас сумненні? Ну, выкладвайце іх, — кадравік, збіты з панталыку, бедніўся. — Я ж сам, асабіста, знайшоў у яго гарэлку, чуеце? — змарыўся. Трохі суняўся: — Сяржант да вас не заглядваў? — і павіс зрокам на ім.

— Не, не было яго ў мяне, — кадравік усё-такі асекся.

— Зойдзе, — сказаў пра сяржанта. — Зрэшты, падшукаць падставу для звальнення — гэта ваш занятак. Я сцвярджаю, што яго трэба гнаць з работы — п'яніцу і хулігана. Забойцу!

— Кажаце — кагосьці забіў?

— Калі не, дык учыніць тое! Мы павінны распыліць гарэлачнае брацтва...

— Не піў, не буяніў, не цікавілася ім міліцыя...

— Вы зусім не ведаеце, якая сітуацыя сярод нізавых кадраў, не ведаеце нават таго галоўнага, за што і атрымоўваеце грошы жа...

— Дазвольце, пан загадчык, заўважыць, што я рэгулярна аналізую нашы кадры, аб чым вядома.

— I што з гэтых вашых аналізаў...

Яны скаўзнуліся з прыбярэжжа на сярэдзіну плыні, дзе тонкі лёд.

— Мне крыўдна чуць такое, пан загадчык. Я ж...

Абарваў яго:

— Ну, якая карысць? Самі добрасумленна падумайце! Даволі было мне выпадкова пракантраляваць, напрыклад, шафёраў, і бачыце, якое шыла з мяшка выйшла! Ліпавыя яны ў вас — аналізы! Во як: ліпавыя!!!

Кадравік папялеў.

— Калі я непрыдатны да гэтай пасады, пан загадчык, дык — калі ласка — перамясціце мяне на іншую.

— «Перамясціце, перамяеціце...» — перадражніваў неяк без зласнечы. — Лёгка вам сказаць: перамясціце. Куды? Дарэчы, трэба ж некаму вучыцца дзейнасці, а не ўцякаць ад работы, — Андрэю падумалася: «Ого, які ганарлівы! Улэўнены, круцель, у сваіх сувязях. Якіх? Разлічвае ён на дырэктара? Аж на ягоную падтрымку? Я яго мушу, аднак, прыручыць!» — Гэта, калі хочаце ведаць, неганарова так заяўляць: перамясціце! Трэба перамагаць цяжкасці...

Зрэзаліся абодва.

Андрэй быў ужо схільны махнуць рукою на звальненне шафёра, калі кадравік моўчкі пакланіўся і крутнуў вон.

«А ты гэта куды зноў?» — Андрэй хацеў спыніць яго, тузануць за каўнер, бы шчанюка, назад, намахаць указальным пальцам перад носам, давесці яму да ведама, што без згоды яго, Андрэя, ён і ніхто не можа выйсці от так сабе, не папрасіўшы дазволу, сваевольна. Калі я адразу не закілзаю ім морды, потым будзе позна, панясуць мяне, быццам коні з каляінаў ды ў роў адхону».

Наказаў склікаць нараду кіруючага персаналу. На дванаццатую.

— Напарыць чорнай кавы? — запыталі ў сакратарыяце.

— Аднаму мне, — адказаў.

«Нейкага смецця панапрыносіла!» — бурчэў ён, гартаючы карэспандэнцыю і падпісваючы загады.

Дыван засцілаў паўпадлогі. Пад канферэнцыйным сталом выглядаў як новы: там не топчуцца. Някепска было б, замкнуўшыся, пакачацца на гэтай фабрычнай зеляністасці, быццам увесну на лузе, калі выганяюць на пашу кароў. Разлягчыся — і глядзець у сінечу нябёсаў, каб ажно ў галаве закруцілася! Альбо — запаўзці пад гэты стол і ўявіць сабе, што ты знаходзішся ў гушчавіне крапівы, у якой пякучае лісце ўжо высока, і можна сядзець, пад імі, не папарыўшыся. У гэтакай старой крапіве можна схавацца і чакаць зручнага моманту, каб дабрацца да салодкай яблыні, што на ўскраіне загонаў. Гаспадыні, якая вось праполвала буракі, няма чаго боязніцца... Але нашто яе вэрхал? Лепей прыпачакаць, калі яна з поўным кашом зелля павалачэцца ў хлявы.

Закапаўшыся ў паперах, Андрэй пераставаў выразна бачыць. Патрэбны акуляры. (Ісціны, якія выказвае хто ў акулярах, гучаць пераканаўча. Успрымаюць іх як дакладнейшыя.)

Наклаўшы рэзалюцыі на карэспандэнцыю, ён роўненька ўнёс яе ў папку і, прыадчыніўшы дзверы ў сакратарыят, перадаў для ўручэння кіруючым супрацоўнікам. Яны ўжо збіраліся.

Нарада пачалася пунктуальна.

— Прапаную наступны парадак: маё выступленне — і ніякіх пытанняў і адказаў, ніякай дыскусіі!

Твары прысутных зліваліся ўгусты іканастас. Андрэй удана разрэгуляваў так зрок, на акцёрскі спосаб.

— Ясней кажучы, заяўляю, што не дапушчу ў дырэкцыі найменшай разлезласці, самаздавальнення дасягнутым, патурання гультаям і пранырам. Мы занадта бедныя, каб дапускаць хібы ў рабоце. Кадравік тлумачыў мне, што ён аналізуе кадры. Магчыма, іншы на маім месцы паверыў бы яму, але не я! Які ж гэта аналіз, калі, напрыклад, шафёры п'юць гарэлку, возяць яе з сабою? Гаспадарнік пераконвае мяне, што запасныя часткі для машын будуць. Відаць, ён лічыць, што кожны, хто не ён, гэта — дурань! Як могуць быць запасныя часткі, калі гаспадарнік не падаў заяўку, без якой, як гэта добра вядома і яму, няма падставы для афармлення заказу... — Андрэй папіў, цырымонна, кавы. Адзін. — I так, па чарзе, прыгледзімся да дзялянак нашай працы...

Пасля нарады ўсе пакідалі кабінет тлумна, як тыя авечкі, што, напалоханыя сабакам, выбягаюць з загарадкі.

Кабінет нібы завяршаўся гэтым пісьмовым сталом дарагога вырабу. Сцены былі, праўда, старамодныя. На вокнах — заслоны тонкай работы. Столік для кавы, крэслы, пальма, бібліятэчка; воддаль — той канферэнцыйны стол, зноў крэслы. Усюды дываніста, утульна.

Ад дзвярэй да стала — шмат прасторы.

Андрэй разумеў значэнне гэтай прасторы: яна бянтэжыць таго, каго выклікаюць сюды.

«Доўгая сцежка да трона, усланая, не толькі аздабляла. Вопыт вякоў!» — Апдрэй надумаў пазбыцца кіраўніка гаспадарчай секцыі. Пакуль яшчэ дзейнічаў закон пачатку, які апраўдвае амаль кожную нечаканасць, трэба паспрабаваць зварухнуць з месца гэтага тыпа. Потым ужо не знойдзецца такой моцы! Несумненна, што ён зробіць усё, каб яму, Андрэю, нашкодзіць! Таму супраць яго, мабыць, нядрэнна было б выкарыстаць схему ўзрастаючай незадаволенасці, якая зводзіцца да таго, каб часцей і часцей надакучаць аб'екту заўвагамі і вымовамі. Гэта выкліча ў гаспадарніка рухлівасць у сваю абарону, і ён завозьмецца слаць скаргі на Андрэя. Узнікне несумяшчальнасць іх абодвух у адной установе: Андрэя і гаспадарчага кіраўніка. Паўстане фінальнае пытанне: хто тут важнейшы, больш патрэбны фірме? I кіраўніка гаспадарчай секцыі прымусяць пашукаць сабе новае месцайка... Андрэй нават дапаможа яму вынайсці, але так, каб... няхутка.

«Я мо і занадта паскандаліў я з тым шафёрам?» — заключыў Андрэй.

Званок унутранага тэлефона.

— Гаспадарнік — да пана загадчыка, — гэта з сакратарыята.

— Прасіць. «Чаго гэта ён?»

— Пан загадчык, — амаль лісліва гаспадарнік. — Купляем у ваш габінэт тэлевізар. Венгерскі.

— Вы жартуеце, пан кіраўнік! — I мякчэй: — Замест таго каб работу рабіць, я пачну біць лынды перад тэлевізарам.

— Эт, варта мець пад рукою гэты тэлебач... Дзеля гігіены разумовай працы, ці што...

— Не, пане!

— Як гэта, пан загадчык? Грошы на яго былі запланаваны. Адно падчэквалі з'яўлення ў продажы венгерскіх. Пан дырэктар казаў, што яны найлепшыя...

— Ах, вось яно як!.. — вылецела ў Андрэя. — Дык што: я не супраць.

—Дзякую, пан загадчык.

Тэлевізар унеслі з немалой калатнечаю.

А назаўтра дыван быў затаптаны да непазнакі: начныя старажы глядзелі праграму. Патыхала махоркаю. Андрэю сталася нясцерпна, і ён учыніў дзікую авантуру; з кватэры прывезлі прыбіральшчыцу, якая забегала па кабінеце з анучаю ў руцэ ды з вядром вады; пачціва наводзіла чысціню.

У дзверы ўставілі аўтаматычны замок.

У тую ж раніцу здарылася яшчэ калібернейшая непрыем-насць. Намуціў тут кадравік. Гэта ён настойлівеў на тым, каб прыняць на работу адну жанчыну лёгкіх паводзін. Улады просяць, казаў Андрэю. Калі так, дык трэба, пагаджаўся з ім. У нас ёсць месца на «Ныску», удакладніў кадравік. Няхай ездзіць баба, Андрэй успомніў, што чытаў у газеце, нібы для такіх жанчын арганізуюць шафёрскія курсы, каб прыстасаваць іх да новага жыцця. Няцяжка ёй павінна быць на «Нысцы», запэўніваў кадравік. Глядзіце, каб яна нам маладэчу не бунтавала, пажартаваў Андрэй у заканчэнне. Нялёгка будзе ўпільнаваць мужчын: яна надта прыгожая, паіржаў беспрычынна кадравік. Ну, — гікнуў Андрэй, і яны ўзяліся абмяркоўваць нешта. (Было гэта на дзень да нарады.)

Але напрацавала яна ўсяго адзін ці два дні — і знікла. Казалі, што пэўна загуляла ў патаемцы. Нехта паведаміў, што з «Ныскі» зняты прыборы, няма запасных колаў... Кадравік паехаў да гэтай жанчыны, але ў яе кватэры застаў толькі старую маці, якая не прадчувала нават таго, чым дагэтуль займалася дачка.

Вярнуўся ён увесь перапужаны.

— Уцякла, пакінуўшы нам дулю! Прапаную даць знаць у міліцыю, — гаварыў ён. У яго ўжо не было той звычнай упэўненасці, і гэта Андрэю спадабалася. — Абакрала, сука!.. Зрабі каму дабро, то табе стане кепска.

— Хвілінку, без панікі, — супыпяў яго Андрэй. — Давайце сядзем ды падумаем, — Андрэй: «Зноў высмеюць там. Капітан скажа: у вас, пане Андрэй... як не тое, дык сёе, хі-хі-хі...»

— Няма над чым тут думаць? — кадравік закурыў зверабойны «Партагас». Кашляў і гаварыў, не дагаворваў, лапатаў языком, бы сячкарня, сечку рэжучы. — Пазваніць, хай схопяць, завалакуць у арышт, дадуць па с... Заскавыча, прызнаецца, у зубах прывалачэ. Ногі цалавацьме... Прыняў, а яна, хвастом махнула ды ў поле, каб яе сабакі там заганялі ў дошку, загрызлі, заелі ненаеднікі.

Ён бярогся, а мабыць, і баяўся Андрэя, і гэта быў добры знак.

— Абціхніце, ну, абціхіхайце, — сказаў, пераскокваючы ў жартаўлівасць, Андрэй. Не яго гэта была бяда, і ён мог тут нават штосьці скарыстаць. Зараз вось ён зразумеў гэта, — калі абмовіўся: абціхіхайце. Праз секунду пазней.

Кадравіку неспадзявана, аднак, пашанцавала. Праўда, не вельмі каб моцна, але настолькі, каб ужо трымацца яму перад Андрэем крыху прасцей. Якраз з'явіўся вуглаваты рабатай з абнадзейваючай звесткай. Ён скапыціўся перад той прастораю і прапусціў наперад сакратарку.

— Гэты пан ведае, дзе яна, — перадала яна.

— Добры дзень, пан дырэктару! — здалёку ён. На кадравіка ж пакасабочыўся. — Так, пан дырэктару, я бачыў яе сёння, паскуду. Па-суседску, але, — назваў ён перыферыйны адрас. — Там жыве такі цваны госць, то крадзяжом, то спекуляцыяй... Яна гэта з ім бушуе... Значыць, не пры бабе кажучы... — ён кумячыў у сабе брыдкае. Укусіўся.

— Пазнала вас? — спытаў Андрэй у вутлаватага.

— Не, адкуль? Я ж ёй не сват і не дзядзька...

— Дзякую вам.

— Да пабачэння, пан дырэктару, — марудзіў той, бы чагосьці чакаючы.

«Грошай? Платы?» — скручвала Андрэем. Ён, мабыць, і даў бы яму дробную суму, калі б не тое «пан дырэктару», быццам назнарок. На румынскі лад, ці што?

Кадравік курыў да тупасці. Балбатлівеў:

— Ну і вось. Так. Хі, чорт...

— Колькі колаў няма?

— Устаноўлена, двух!

— А з прыбораў — чаго?

— Ну, лічыльніка няма, бензамера, радыёпрыёмніка — таксама.

— Дзе ж былі старажы?! — Андрэй як бы дапытваўся, дзе ж тыя вочы ў кадравіка. Прыкра да болю ў касцях! — Але ў міліцыю — нельга.

— Як жа ж так?

— Я бяру на сябе ўсю гэту гісторыю.

— Вы? — кадравік, здавалася, зараз папросіць распіску на гэтыя словы. (Асабліва пасля той нарады.)

— Так, — Андрэй гнуў пад сабою порсткі страшок. — Скажыце, каб нашы людзі не давалі волю языкам. Рабочаму тамтому. Важна!

— Што ж вы збіраецеся зрабіць?

— Падумаю!

Устаў неяк рыўком. І кадравік схапіўся. З сінякамі на душы.

«Я не разважыў, лішне заганарыўся з цэлай гэтай сваёй відовішчнай адказнасцю», — апамятаўся Андрэй. «Чорт нашаптаў мне! Адшукаю жанчыну, але ці гэта што вырашыць? Тыя прыборы, колы, яна, напэўна, прапіла з бадзяжнікам, прапусціла. Прыйдзе дырэктарчык, і кадравік разнясе, што я быў у змове з к... Гэта ў яго стылі...»

Пазваніў таму знаёмаму інжынеру. Калі гэта мы бачыліся, гаварыў яму. Як ты сябе адчуваеш? А той у адказ: Чуў, што ты ўжо дырэктар? Віншую, калі гэта так. Не ўсё гаворыцца па тэлефоне, угамоньваў яго Андрэй. Я не дырэктар...

Хутка абарваў гэтую перамоўку.

Памкнуўся быў трохі перадыхнуць, але інжынер, гэтае няўдайла, нагнаў яму суму, даўкага, як восеньская імгла, Паволі прасвечвалася думка паслаць лісток, такое пісямко зладзейцы. Усплывалі першыя фразы: «Шаноўная пані! Дасылаем Вам тыднёвы заробак...» Чаму тыднёвы? «Шкада, што не зможаце працаваць у нас...» Глупства! А можа, якраз гэта зробіць на яе спадзяванае ўражанне, як ананімка... Пра найважнае: «Гэта зале-жыць толькі ад Вас. Чакаем да пятніцы, да 10.00» Незразумела? Нічога. Тут сутнасць не ў напісаным, але — у зломленай яе пераконанасці ў тым, што няхутка знойдуць. Пазбаўленне пачуцця бяспечнасці!

Ліст і грошы паслаў сам: грошы — свае.

А мо прозвішча ў яе фальшывае? Не, чаго кідацца, то ў боб то ў гарох.

Пачытаў «Забытую мову» Фрома.

Інжынер, той хатні філосаф, казаў Андрэю пра тое нясцерпнае, ад чаго ён псаваўся, быццам дамскі гадзіннік у мужчынскіх руках.

— Час жаніцца табе, Андрэй.

— Мне?

— Чаго ж тут здзіўляцца? Не маладзік жа ты...

— Ну і што з таго?

— Не ўяўляю сабе, як гэта можна аднаму ісці праз жыццё? Гэта пагражае непрадбачнымі скрыўленнямі яго...

— Напрыклад, якімі?

— Напрыклад, эгаізмам. Чалавеканенавісніцтвам.

— Ты жанаты і — без скрыўленняў? Прарастаеш прасцютка?

— Ты, Андрэй, не павінен так гаварыць: сям'я з'яўляецца часткай майго «я» і таму ўсё, што тут скажаш ты пра яе, перш за ўсё датычыцца мяне...

— Сям'я з'яўляецца роскашшу, — перабіў яго. — I толькі людзі несвядомыя таго, наважваюцца мець яе. Мабыць, некалі мае словы перастануць быць актуальныя. Закласці сям'ю ажаніцца — гэта тое ж, што прытупіць свой бег цераз раз дадзеныя табе гады. А кажучы мовай штодзёншчыны — стацца палахліўцам, лізуном, нічым! Падмятайлам... Я не магу сабе дазволіць мець сям'ю.

— Ты гэтак гаворыш ад злосці...

— Якой зноў злосці? Я ж да цябе нічога не маю. Ты ж мне не пераступіў дарогу.

— Не ведаю...

Інжынер перастаў спрачацца.

Здаецца, што гэтакай гутаркі ўвогуле не было паміж імі...

У пятніцу Андрэй не паверыў свайму зроку: каля пісьмовага стала сакратаркі, якой яшчэ не было, — сядзела тая зладзейка. Нібы рэдкая птушка, што зляцела з нябёсаў, стомленая і занепакоеная невядомай мясцінай.

— Прашу, — паказаў ёй на кабінет.

Заплакала.

— Не трэба, — сказаў, бы да маладой удавы, якой яшчэ жыць а жыць. Ён не чуў такога плачу, ціхага і накоцістага. — Супакойцеся, — падаў ёй шклянку газіроўкі. — Калі ласка, — яна абхапіла яе дрыжачымі пальцамі. — Хачу пагутарыць з вамі...

— Я ўсенька вам аддам.

— I заўтра ж прыходзьце на працу, — Андрэю, ад палёгкі, кожны волас закончыўся кропелькай поту. Выняў хустачку, згладжаную ў квадрацік, белую, з палоскамі па беражочках. — Хо-о, духотна... — адчыніў фортачку,

— Я? Пан дырэктар!..

— Вы. .

— Я ж... — прыгубіла шклянку. — Гэта я ўсё... Гэта ён намовіў, каб я...

— Вы — не ў міліцыі. Мяне не цікавяць даныя. Спрабую вам паверыць... Няўжо вы не разумееце? Можаце вярнуцца да нас. Прапаную: забудзьма тое, што здарылася. Сёння ж прынясіце прыборы і колы. I канцы ў воду. Згодны?

— Не ведаю, як вам і дзякаваць...

— А вы не дзякуйце. Сваё імкненне вярнуцца пацвярджайце добрасумленнасцю. Гэта і будзё самай вялікай падзякай нам з вашага боку, — гаварыў, бы куратар.

— Які вы добры!

— Гэта мая справа, — востра ўжо да яе. — Не падумайце, што раблю вам ласку або літуюся. Не, даю вам шанц. Не выкарыетаеце яго — наракайце тады на самую сябе. Папярэджваю вас, — не, усё-такі ён не куратар. Вось так.

— Пан дырэктар, я для вас цяпер усё! — дэкларавала яна.

— Трэба хацець будучыні, шаноўная пані! — вымавіў суха. — Чалавек, які не можа вызваліцца ад мінулага, затрачвае сілу волі. Мінулае — як кавалак гнілога мяса ў жываце... — Андрэй: «Што гэта я вяржу ёй? Яна ж нічога не цяміць з таго ўсяго!»

— Не баіцеся мяне... Украла... Уцякла...

— Не, — працягла паглядзеў ёй у твар, недурны, невульгарны.: «Яна. магла б закончыць сярэднюю школу, потым — вышэйшую. I стацца прывабнай паняй іяжынер, мець зайздросныя заробкі, кватэру, самастойнасць. Затым — выбраць сабе мужчыну на мужа, такога, які не перавышаў бы яе ні прыгажосцю, ні інтэлігенцыяй. Ён шанаваў бы лепшую ад сябе жонку, бо ў ёй бачыў бы свой жаданы лёс. Пры гэтакім мужу, які шмат зразумее і прабачыць, яна, як у прыстані, адпачывала б пасля далёкага плавання і знаходзіла б забеспячэнне таго мінімуму ўласных псіхічных ды фізічных патрэб. Нераўнапраўны страх, гэты папулярны сродак, што гарантуе шлюбную вернасць аднаго з партнёраў, з'яўляўся б бяссільным у дачыненні да яе: з пагардай адкідала б ад сябе мужчыніскаў, разам з іх высокапастаўленымі ўплывамі дзеля найгалоўнага — паглыбляння задаволенасці існаваннем. Эгаістычна? Калі прыняць, што жывём дзеля шчасця... Не, не, я нешта ідэалізую. Шкада яе».

— Я прывязу, — удакладніла, маючы на думцы колы. Стрымала слова.

Потым працавала з нейкай добраахвотнай рабскасцю, да якой здольна толькі жанчына, што страціла надзею дабіцца якіх-колечы пераваг. I менавіта гэта не давала гарантыі, што яна не паўторыць ужо раз зробленае.

«Другі раз яна пачысціць нас не так, хітрэй!» — чарнахмурылася перад Андрэем боязь, клубавала, як летнія буры.

Кадравік, з'авечаны ад захаплення і таксама ўдзячнасці, бегацьмеў за Андрэем.

«Нечувана, пан загадчык! Нечувана!» Ягоная галава была ўжо задурана куды больш важнейшым: дырэктар выздараўліваў.

З'явіўся ён праз тыдзень.

— Пан дырэктар вас просіць, — сказала аднойчы сакратарка і годна выпрасталася — з гордасцю вызваленай каханкі.

Андрэй адчыніў дзверы — ужо не ў сваё.

— Вітаю калегу! — прамовіў дырэктар, як дабрадушны дзядзька, што нарэшце сустрэўся з хросным сынам. — Чаму гэта вы не наведалі мяне: я ляжаў. Так, — яны далікатна паціснулі сабе рўкі. — Віншую з удачамі, пан Андрэй, — хіба шчыра. — Віншую, віншую. Чуў пра вашы пачынанні, а як жа. Добра чуў. Гэта так. Прытым — выявілі сябе дэтэктывам ды псіхалогам, пан Андрэй! — з сімпатыяй. — Цікава, цікаба... Тая кабетка — робіць?

— Ага, працуе, — Андрэй аблізаў губы, на якіх чамусьці з'явілася клейкасць. — Так, пан дырэктар, і то — акуратна...

Зрабіць вусную справаздачу яго папрасілі не адразу. I за кавай Андрэй так і не даведаўся, што з загадчыкам.

— Вы, пан Андрэй, малайчына! Вы здзівілі мяне сардэчна: сваёй знаходлівасцю, тонкай кемлівасцю, калі не пагневаецеся на мяне, за такую форму майго вам прызнання...

Прынесена мінеральнай вады.

— Пакаштуем кавы па-грэчаску, запіваючы мінеральнай, — дырэктар наліў і па лямпцы армянскага.

— З вяртаннем да здароўя, пан дырэктар!

— Дзякую.

Пасмакавалі — і таго, і таго.

— Патрэбна нам, дарагі калега, уладзіць пэўную далікатную справу, — загаварыў дырэктар. — Як вам вядома, час ад часу нашу ўстанову крытыкуюць у мясцовым друку, м-мм, так, — надпіў чарку. — Даўно прыходзіць мне ў галаву, каб запрасіць да нас аўтара гэтых артыкулікаў. Зараз я бачу, дарагі калега, што вы дапаможаце мне тут, напэўна вельмі ўдала! Неабходна, так сказаць, гнуткасць у гутарцы, якой, на жаль, прырода не абдарыла мяне, пан Андрэй. Вы пагутарыце з тым плеткаром, з газетнікам.

— Што вы, пан дырэктар, — памілеў ад не паспытанага раней, якогасьці салодкага страху Андрэй. — Куды мне да вас! Я ж мог бы быць вашым сынам...

— Шаноўны калега, калі б я вас не любіў — абразіўся б! Няўжо я настолькі стары, каб вы прыраўноўвалі мяне да бацькі? Го-го-го, здорава штурханулі! — цяплеў і цяплеў.

— Не тое я меў на думцы... — Андрэй: «Яму здаецца, што я падстаўлю сябе за яго, каб пасля было каго вінаваціць».

Яны абмеркавалі варыянты той гутаркі.

У выпадку фіяска, Андрэй падказаў дырэктару самы безадбойны спосаб: свінню спляжыць свінствам! Аперацыю ён возьме на сябе. А менавіта: спрабуе пазычыць журналісту падборку інфармацыйных матэрыялаў аб дзейнасці дырэкцыі і адначасова папросіць падпісацца на квітанцыі, пад якую непрыкметна падкладзецца капіралаўку. Дастанецца ім подпіс таго пісакі — на чыстай картцы, дзе пад выглядам, скажам, дубліката лёгка надрукаваць, напрыклад, яго ўяўную прапанову апублікаваць цыкл распахвальных артыкулаў за... салідную суму грошыкаў! «I згубіцца гэту паперу паблізу аднаго высокапастаўленага кабінета ў горадзе... Нічога, што дакумент здасца абсурдным або і падробленым. Журналіст жа, несумненна, перастане карыстацца даверам, а нават — калі ягоны шэф удаўся баязліўцам — страціць пасаду. Мы, дырэкцыя, вядома, адрачэмся ад усяго гэтага, яшчэ і абурымся, разбушуемся...»

Дырэктар працверазеў — аж да пачаткаў жаху.

— Гм, я проста не ведаю, што вам і адказаць, пан Андрэй, — у яго пакруглелі зрэнкі.

— Вы, пан дырэктар, аб нічым не ведаеце, — суцішаў яго: «Які ён далікатны! Калі я не дакажу яму сваю адданасць, загадчыкам мне не быць!» — Гэта, як крайнасць... Спадзяюся, не дойдзе да яе...

Дырэктар змаўчаў. Потым замітусіўся, як той, хто забыўся нешта ўладзіць; пазваніў сакратарцы, панурыўся ў папку з службовай карэспандэнцыяй. Андрэй зняў з вешалкі сваё паліто, шапку, сказаў: «Да пабачэння».

Апынуўшыся ў сябе, набраў нумар камутатара рэдакцыі.

Аўтар паабяцаў яму зайсці.

У адзінаццаць гадзін, паўстаў перад ім нізкі, мажны ягомасць з рыжаватай барадою ды колкім зрокам. Ён у нечым нагадваў капітана..:

— Ахвотна пацікаўлюся дасягненнямі вашай установы, — гаварыў, і цяжка было адгадаць, спалоханы ён ці злосны.

— Я не ўпэўніўся, ці ёсць у вас час? Сядайце, калі ласка, — у Андрэя ветлівы жэст.

— Ёсць, — адказаў той. — Бачу — у вас дасканалыя, здаро-выя крэслы, — журналіст гультаявата дастаў з пінжака шарыка-вую ручку.

— Папяросы? — Андрэй: «Сцяўся ў сабе, іграч!»

— Няшмат куру, — са свабодай. — Не болей дзесяці. Кажуць — такая колькасць практычна не шкодзіць.

— Вы здолееце стрымацца на гэтых дзесяці?

— Трэба.

— Зайздрошчу вам, — і Андрэй перайшоў да справы. — Чыталі мы вашы публікацыі. Што ж: віншую з багаццем мовы, — ён разгарнуў паасобныя нумары. — Шкада, пан рэдактар, што, перш чым змясціць матэрыял, вы не наведаліся да нас...

— Я ж...

Андрэй не даў яму адказаць Улавіў, што можа. пайсці на такі крок.

— Гутарка ваша з намі ўнесла б дакладнасць, — цягнуў сваё, загадзя перагаворанае. — Такім чынам вы пазбеглі б шматлікіх непаразуменняў. Вашы артыкулы мелі б вышэйшую каштоўнасць, значыць, былі б яны больш цікавымі таксама і чытачу. Вы, спадзяюся, згодзіцеся са мною, што крытычнае павінна рыхтавацца з улікам меркаванняў усіх. Гэта дае шырэйшы кругагляд, — слоўца «кругагляд» надта тут дарэчы! — У супраціўпым выпадку артыкул атрымоўваецца аднабокі, неаб'ектыўны, тэндэнцыйны. Карацей — несправядлівы! лагічнеў Андрэй, спазіраючы ца аўтара як на адурэлага Ігната з вёскі Ніва, які босы ўзыходзіў на лёд ля студні, а яго даганяў ваўкаваты дварняк Булавы, уласніка распуснай жонкі.

— Не думаю, каб у маім артыкуле была няпраўда, — не здаваўся журналіст. Але, без адчаю.

— Вы бралі інфармацыю ад каго?

— Гэта тут ні пры чым, — ухіліўся ад прамога адказу аўтар. — Я апісаў факты, агульнавядомыя ў вас. Не болей, — скупы на словы.

— Агульна? — Андрэй разагнуўся. — Давайце, склічам сход работнікаў і запытаем у іх наконт праўдзівасці прыведзеных вамі якраз фактаў...

— Сход? — аўтар прыціснуўся. — Сход?.. «Хопіць! — заўважыў самому сабе Андрэй. — Не дапусці Бог перасаліць! Заесца на нас! Яго даволі пугануць ад нас або ўкапаць!»

— Не станеце пярэчыць мне, што няма сэнсу паглыбляцца ў тое, чаго і так мы не павернем назад, бо яно ўжо адбылося. Таму перш за ўсё трэба мець на ўвазе прышласць, — Андрэй не тое гаварыў. — У асобах журналістаў мы прымаем сваіх верных памочнікаў. Апублікавалі вы артыкул, дапусцім, слушны... Аднак жа насоўваецца сумненне: што лепш — абнародаваць такое ў друку ці зайсці да нас, у дырэкцыю, і сказаць, выкласці: вось, таварышы, тое-та тое ў вас блага?! Кажу вам — многае, пра што вы пішаце, уладзілася б без цяганіны. А так — нарабілі вы шуму, сенсацыі. Гэта нікому не паспрыяла ў працы, Нат звычайнаму рабатаю, які замест таго, каб зладжана выконваць сваё, ушчынае пошукі якойсьці ісціны... — Андрэй пагразаў, цраклінаючы брыгадзіра, якога менавіта раскрытыкавалі ў газеце. «Ну і дуралоб: зажадалася яму паўладарнічаць над рабочымі. Бот! Не кеміць, на чым свінка хвосцік носіць».

— Цяжка мне пагадзіцца з вашымі меркаваннямі, пан загадчык, — даверліва азваўся рыжабароды.

«Цяпер я дам яму пагаварыць, няхай ён выстраляецца», — падумаў Андрэй.

...Учора перапыніў Андрэя стрыечны брат. Жах слепацець на тваю пысу, Андрэй. А чаму ты такі пакірачаны, адказаў яму не вельмі каб удала. Пасешся, пазайздросціў Андрэю. На сваё няшчасце, рэплікаваў яму. Мардэча твая — быццам вэнджаная шынка, шыя — бы сальцэсон, а жываціска — адна гідасць, заўважаў ён (хіба пад мухаю). Што параіш? Да чужых бабаў хадзі! Гэта не паможа, крыва аджартоўваўся брату. Тады ўчыні так: наймі гародчык у прыгарадзе і гаспадар там сабе да сёмага поту. Спадзе кіндзюк? Павінен, адказаў Андрэю. А што ў цябе, брат, напраўду чуваць? Што? Сплю, ем, працую, зноў ем, потым зноўку сплю, часам з жонкай... Хто цябе гэтак пакрэмзаў, што аблічыска тваё — быццам геаграфічная карта новаадкрытага кантынента, — Андрэй дакрануўся да яго шчакі і носа. Лёс пакрэмзаў: адчыняў дзверы ў склеп пад падлогаю, а яны, каб іх агонь спаліў, як гакнулі па маім цэбры, клямкаю па пашчэнцы, што аж тры зубы мае не ўседзелі? За іх ты, не, нямала грашовых знакаў закасіў, як за крывавы выпадак на працы, — зласлівіў яму Андрэй. Што ты, браток: каб яшчэ мяне з работы выгналі? Майму шэфу прэмію далі, за безвыпадковую арганізацыю вытворчага працэсу, галава твая варыць? Ён у нас узорны: калі патрэбны якія выпадкі, дык адразу знаходзіць іх у адпаведнай колькасці ды асартыменце. Калі ж не, дык няма іх, і годзе! Галоўнае, брат, гэта дысцыпліна лініі!..

Ягамосць з колкім зрокам тыцкаў у Андрэя пытаннем, якога ён недачуў.

Усміхнуўся — і гэты аўтар адказаў яму тым жа. Молада-зелена ў яго.

— Паводле майго скромнага меркавання, пан рэдактар, трэба шырока паказваць тое, што людзей якраз радуе, — Андрэй не выплёўваў яловую ўсмешку. — У гэтым бачу я ролю друку як выказніка грамадства. Хіба ж я не маю рацыі? Чытачы перастануць купляць вашу газету, калі будзеце агалошваць у ёй толькі пра тое, што засмучае... Каму гэта ахвота чытаць, што недзе счаўплося панурае?.. Не так я хацеў сказаць, пан рэдактар. Лепш паслужуся тут прыкладам: ваш артыкул пра нашу ўстанову пакідае ўражанне, быццам яе кіраўніцтва — гэта людзі нядобрыя, благія, цёмныя, няздольныя змагацца за вышэйшае, гэта значыць за інтарэсы грамадства ды дзяржавы, і гэтак далей, і так далей. Тым часам, як я ўжо згадваў, даволі было прыйсці да нас са сваім грамадскім болем, і мы, кіраўніцтва, рэагавалі б неадкладна. Ці дапусцілі вы такую думку, што кіраўніцтва менавіта нічога не ведае? Не, узялі ды апублікавалі матэрыял, які, на добры лад, правідловей было б назваць пасквілем альбо нават даносам! — рыжабародзіч заварушыўся, бы чухаючыся. — Ідэалам для нас усіх з'яўляецца барацьба за чалавека, за тое, каб кожны, у меру сваіх магчымасцей, поўніўся задаволенасцю ўласным жыццём, якога не так шмат... Падлічана, што мы ў сярэднім свядома пражываем штосьці каля дзевятнаццаці тысяч дзён. Як жа крыўдна мала! Дык нашто гэтыя нешматлікія дні паліваць граззю, га? Пішам жа пра бесклапотнае дзяцінства маладога пакалення. Так? Так! Вось таму я лічу, што мы, як кіраўнікі грамадскага жыцця, абавязаны чыніць уеё, каб адсоўваць турботы не толькі ад дзяцей. Не толькі ад іх. А вы, журналісты, замест таго каб успамагаць нас у тым, дык што вырабляеце? — Андрэй: «Добра, што не сказаў яму: няўжо вы, журналіст, уяўляеце сабе крытыку настаўнікаў у газетцы для вучняў? Божа мой, да чаго даплёўся я?! Ах!»

Барадач відавочна нецярплівіўся.

— Наколькі я правільна зразумеў вас, дык сэнс нашай прафесіі павінен заключацца ў маўчанні?

— Ну пры чым тут яно? Я ж кажу вам: заходзьце да нас з кажнюткай справай, і мы без ніякага шумка, разгледзім... Я ж гаварыў. Чаму гэта вы так заўпарціліся? Няма супярэчнасці паміж інтарэсамі нашымі, арганізатараў вытворчасці, а вашымі, арганізатараў грамадскай думкі. Наша задача заключаецца ў безупынным павелічэнні матэрыяльнага багацця, уздыме паўсюднага дабрабыту, а ваша — у мабілізацыі духоўных сіл люду ў ягоным паходзе да новых рубяжоў усебаковага развіцця, у фарміраванні вышэйшых перажыванняў, лейтматывам якіх з'яўляецца творчая незадаволенасць дасягнутым, імкненне да лепшага і лепшага... А вы, журналісты, што размалёўваеце? Крытыкуеце дасягнутае, галаслоўна пазбаўляеце сваіх чытачоў веры ў надзейнасць якраз таго, што з'яўляецца фундаментам для будучых, высокіх гмахаў нашага быту. Адбіраеце грамадзянам сэнс іх існавання... Адбіраеце людзям людзей!

— У мяне пяма часу, — гыркнуў журналіст да Андрэя. — Вы-бачайце, — залапацеў. — Да пабачэння, — выйшаў, не раскланяў-шыся. Як блёкату напіўшыся!

— Я не скончыў, — Апдрэй спрабаваў упыніць яго. — Не вы фарміруеце рэчаіспасць! Мы не дазволім на такое!.. — крыкнуў услед, каб у ім выклікаць нешта, хоць крыху накшталт страху.

Цяжка, аднак, было б Андрэю хваліцца такім зыходам дзеі.

Пасядзеў у зацішшы і для раўнавагі настрою вырашыў прайсціся.

— Што вы, пан загадчык, прышпілілі гэтаму пісаку? Папёр, быццам хто насыпаў яму шыпшыны за каўнер! — пасля пакражы, якую зрабіла тая жанчына, супрацоўнікі былі гатовы прыняць ад яго чарговую сенсацыю. — Да дзвярэй, з калідора ў хол, ішоў ён ажно подбегам, ха-ха-ха...

— Нічога асаблівага яму я не рабіў, — Андрэй, як вулічнік, засунуў рукі ў кішэні. — Звычайна, растлумачыў гэтаму барадачу, што не газета павінна служыць людзям, але... людзі — газеце! Хэ-хэ-хэ-хэ-гэ-гэ...

— Паверыў? Ха-ха-ха-ха-хэ-хэ-хэ... гэ-гэ-гэ...

— Ён сам адзін аб гэтым ведае! Але напалохацца напалохаўся: я прапанаваў яму сустрэчу з усім нашым калектывам. Адразу затросся ды запацеў, бы ўпасвены пац! Бываў, відаць, на такіх... Яму таксама хлеб мілы, і то штораз большы кавалак яго. А ў чыіх ён, бохан, руках? У нашых, хлопцы! — стомлена смяяўся.

— Пан Андрэй, быць вам дырэктарам! — сказаў нейкі стары.

Дырэктар жа быў не менш цікавы рэляцыі. Цяпер Андрэй мог заглядваць да яго, не пытаючыся ў сакратаркі.

— Пайшоў як намылены! — сказаў дырэктару пра журналіста. — Я і паловы ўсяго не выклаў яму...

— Што ён казаў?

— Амаль нічога. Гавораць калегі, што ён чутанькі лобам люстра ў холе не разбіў, ачмурэлы!

— Ось так і ёсць з гэтымі журналістамі: пішуць, пішуць, а калі даходзіць да канфрантацыі — нагавіцамі трасуць, — як быццам паверыў дырэктар. — Таленавітыя ў нас звяліся, — дадаў у задуменні. — Што ж, пан Андрэй, дзякую вам, — ён пахіліўся над якімсьці распараджэннем.

Андрэй чамусьці не здолеў сабрацца з духам да канца работы.

...У куце, за пісьмовым сталом яго пакоя, паскрыпваў воз. З натугай, у пясчаных каляінах...

Дома ён навёў лад і чысціню. Памыў талеркі. Цераз балкон высыпаў торбу жытнёвай мукі, прывезенай улетку: у ёй завяліся чарвякі-даўганосікі. Поскудзь!

Уночы быў у яго сон: Андрэй, абкружаны ваўкамі, узлазіў на дрэва, чапляўся за галіны, злятаў уніз і, пакуль упаў, пакудлачаны ваўчыска заціснуў зубялі на яго горле, а блішчачымі вачмі прастраміў душу...

Не ў стане дыхнуць, Андрэй прачнуўся — зайшоў у ванную, апырскаўся вадой. Запаліў настольную лямпу, вышукаў Беларускую Савецкую Энцыклапедыю, а ў ёй — артыкул пра ваўка: «...драпежнае млекакормячае з сям'і сабачых. Даўжыня цела 105-160 см, хваста 35-52 см. Маса 25-54 кг. Ногі доўгія, кіпцюры тупыя і не ўцягваюцца. Поўсць на спіне і баках буравата-карычневая або цёмна-шэрая з чарнаватым адценнем уздоўж спіны. Бруха светла-шэрае. Вядома больш за 10 падвідаў ваўкоў, пашыраных у Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы. Жыве 15-20 гадоў. Корміцца капытнымі, грызунамі, птушкамі. Полавая спеласць настае ў 2-3 гады. Прыплод да 12 ваўчанят. Знішчае свойскую жывёлу, асабліва авечак, нападае на людзей. Воўк — носьбіт вірусу шаленства, трыхінелаў, эхінакокаў і інш.».

Па-начному вуркліва праязджалі за акном грузавыя машыны.

Галаслівіла моладзь. З пагулянкі?

У Андрэя разбалеліся дзёсны.

На газавай пліце ўскіпяціў рамонкавага адвару.

«З'яўленне дырэктара адбылося ў цалкам новай сітуацыі, — падагульняў Андрэй. — Вяртанне, хоць бы і з водпуску, не з'яўляецца вяртаннем да таго самога, — удыхваў пах адвару, — Я залішне самаўпэўнены, не прыкмячаю, мабыць, важнага: дырэктар жа і слоўцам не азваўся наконт пажару ды лёсу загадчыка! Гаспадарнік дабег да яго першым? Сакратарка ўздзейнічала не ў маю карысць? Аб чым жа шапталася яна з гаспадарнікам перад купляй тэлевізара? Аб куплі? Не будзь дзіцём, Андрэй!..» — ён адчуў нездаровы апетыт: ласаваўся вяндлінай, маслам, сырам. Запіваў чаем, пасалоджаным аж да гаркаты — з малінавым сокам. Дзёсны перасталі балець. А мо гэта яны так ад голаду? Каб пазбегнуць цяжкастраўнасці, выпіў бутэльку мінераль-най вады. Марыў аб падарожжы ў Афрыку або ў Паўднёвую Амерыку. Ахвотна папартызаніў бы ў джунглях Інданезіі, пабуяніў бы ў Сінгапуры, парыбачыў бы на астравах Палінезіі, дзе — напэўна! — стварыў бы малюпасенькую, ціхапальмавую, сваю дзяржаву. Існавала б яна ўдалечыні ад свету, далёка ад хаосу...

Улёгся спаць на досвітку.

Варочаўся з бока на бок.

Захроп, бы з ворыва прыехаўшы.

Тры дні Андрэй даводзіў дырэктару, што ў дырэкцыі ўсё залежыць ад кадраў, ад іх кваліфікацый ды асабовасці. Даваў свае высновы, настойваў на пераглядзе дзе-якіх фармальных установак.

Дырэктар папрасіў яго скласці пастулаты.

— Інтрыгуе мяне ваш план. Каго ж вы прапануеце на месца кіраўніка гаспадарчай секцыі?

— Нікога, — адказаў Андрэй і тут жа пахваліў сябе: «Вось так трэба трымацца: памяркоўна!» — Трэба падумаць... Дарэчы, я прадставіў вам усяго толькі канцэпцыю, згодна з якой асоба, што займае кіруючую пасаду, павінна мець, прынамсі, няпоўную вышэйшую адукацыю, — Андрэй: «А хіба дырэктар мае такую? Не выведаў я. Але, відаць, мае, бо не зачырванеўся...» — у Японіі, вось, нат у войска не бяруць без сярэдняй. У салдаты! Праўда, мы — не войска... — нязручна выходзіў ён з занадта ўжо сказанага. Не туды ступіў?

— Дапусцім, што знайшлася цалкам адпаведная кандыда-тура на месца цяперашняга кіраўніка гаспадарчай секцыі...

Дырэктар прыжмурыў вочы.

-— Тады я гэтага нашага кіраўніка бачыў бы на пасадзе рэферэнта па справах рамонту скрынак і драўлянай упакоўкі, — адказаў Андрэй: «Чаго ён прычапіўся да гаспадарніка? Адразу прыліп да яго. Гэта мае сувязь?»

Андрэй памыляўся. Дакладней кажучы, дрэнна здагадваўся: гэта была апошняя прыглядка дырэктара да яго.

Дырэктар:

— Мм-м, та-ак... — зірнуў на гадзіннік з гэтакай адкрытасцю, што ад Андрэя чакалася аднаго: «Гэта ўсё, з чым я прыйшоў да вас, пан дырэктар».

У пазмрачнелым калідоры цьмяна свяціліся пад столлю лямпачкі. Сцены п'яна падпіралі сонныя шафы з неверагоднай колькасцю ў сабе рэферэнцкіх і бухгалтарскіх дакументаў. З дзвярэй аднаго пакоя ў дзверы другога пераскочыла даўганогая памочніца намесніка галоўнага бухгалтара, дачка лесніка з-пад Ліпавага Моста, разаспаная прыгажуня, якая будуе сваю будучыню на цудоўнасці дзявочага цела. З электрычным чайнікам, быццам з дзівосным рэвальверам, яна мільганула на падабенства каралевы дзіказаходняй банды, недзе на мяжы штата Н'ю-Мехіка. У далёкім жа кутку, як заўсёды, кадравік адшэптваў інтрыганцкую абедню: гэтым разам з брыгадзірам транспартнікаў. Андрэю ўспомнілася, што таго шафёра не звольнілі...

У туалеце ён прыгладзіў валасы, напіўся сырой вады. глыбока ўдыхнуў у лёгкія скразняковае паветра. «Дрэнь мае справы! — стукнула яму. Недзе скрыпацела папсаванымі завесамі. — I не вельмі адгадваю чаму? Дзесьці даў я маху! Але на якім этапе?» — перад люстэркам пацёр лоб: на ім вырысоўваліся ўжо маршчыны.

I тут прыгадалася Андрэю размова сакратаркі, пачутая па тэлефоне. Гаварыла яна з сяброўкай пра Міжнародны жаночы дзень: у мясцовым клубе будзе ў суботу баль, у якім прыме ўдзел дырэктар з жонкай. Андрэй аднойчы бачыў яе, жонку дырэктара, іншую, чым рэшта жанчын, з вачыма, якія — разумеюць, адчуваюць, прыкмячаюць, Гэткім вачам можна сказаць самую непасільную для іх праўду, і яны ад таго не стануць вульгарнымі. Але для такіх вачэй учыняецца ўсенька магчымае і немагчымае, каб яны не засмучаліся! (Ёсць дзяўчаты, якія могуць быць жонкамі толькі дырэктараў.)

— Што ж я апрану на сябе? — клапацілася сакратарка. — У чорным адзенні я надта ж маленечкая! Як думаеш: добра мне ў спадніцы з ламы? Што? — чагосьці яна недачула. — Ці гэта падарунак? Не, не падарунак, ха-ха-ха... — засмяялася, неяк непрыстойна, нахабна. — Хахаль ты!

Падарунак! У добры час гэтае слова, шчасліва падслуханае. Андрэй зробіць ход: арганізуе дырэктару падарунак з выпадку ягонага выздараўлення! I ў гэтым не будзе нічога дзіўнага: падарункамі адзначаюць Каляду, Вялікдзень, Юр'еў дзень, Сёмуху, вяселлі, хрэсьбіны, нават, здаецца, пахаванні...

Будзе гэта напэўна прыемна яму!

Купіў шкатулку з каванага жалеза, упрыгожанага дымаваты-мі адценнямі — рэч на драбязу, на добрыя цыгаркі. З нябрыдкім штучным брыліянтам.

— Пан дырэктар, гэта ад нас — на памятку і з пажаданнямі моцнага здароўя, — выступіў Андрэй у суботу, калі настала ўрачыстая хвіліна пасля таго, як жанчынам паднесена ружы.

Дырэктар няўцямна стаяў побач з жонкай. Андрэй падышоў да яго, уручыў яму шкатулку. Пакланіўся жонцы.

У клубе запляскалі.

«Тут я стрэльнуў у дзесятку!» — паспакайнеў Андрэй. Да спіны ляпілася мокрая ад поту кашуля. Чакаў, што дырэктар пачне сімпатычна цудакаваць, здзіўляцца, заглядваць у пакунак, дапытвацца, жартаваць, што ён жа не жанчына, каб яго сёння абдорвалі, клікаць Андрэя ў кола блізкіх і калег, наліваць кан'яку або і прапанаваць брудэршафт...

Андрэй нарыхтаваў вязку адказаў — дасціпных, лёгкіх, бліскучых на фоне непадробленай шчырамоднасці. Апынуўшыся ў прыдырэктарскім коле, ён паклапаціўся б пра тое, каб выклікаць да сябе прыхільнечу вытрэніраванымі дома позіркамі. Для жонкі дырэктара ў Андрэя было падрыхтавана асобнае сказанне: «Чуў, адпачывалі вы ў Балгарыі? Там гарачыя, маляваныя вятры, ці ж не? — і пасля паўзы: — Кажуць, у Чорным моры няма акулаў? Можна смела плаваць!» — яна зразумее, што ён не быў у Балгарыі, і ёй зробіцца яшчэ болей прыемна. Затым ён запросіць яе на танец.

— Дзякую вам, — урэшце адказаў дырэктар. Ен зіркнуў у бок Андрэя, як бы гаворачы яму: «Ці ты, чалавеча, дарэшты здурэў?! Ці мо хочаш мяне ўтапіць?! Маё шчасце, што сёння не папрыходзілі прадстаўнікі ўлад!»

Дырэктар малавеле не ўпусціў пакунак, аж хтосьці ціха засмяяўся. А мо гэтак здалося?

Дырэктар і яго жонка селі ва столік наперадзе там жа змесціўся гаспадарнік са сваёй. Абедзве яны заўсміхаліся да сябе, і было яснае, што яны не ад учора знаёмыя. Пасмейваліся ў бок Андрэя, быццам да культурнага афіцыянта, якому дзякуюць за абслугу, а ён усё напрошваецца, а яму гавораць, што ўжо не трэба...

Не запрасілі яго ў застолле.

Баль зацягнуўся.

Андрэй ужо па-іншаму ўзнаўляў пазаўчарашнюю размову з кадравіком:

Пан загадчык, ці магу я быць шчыры з вамі?

А гэта толькі вы можаце ведаць, — заіскрыўся Андрэй.

Пан загадчык, хачу сказаць вам нешта прыкрае. («Ці прыкрае можна хацець сказаць? Вядома, што можна!») Мне не прызвычайвацца да таго.

Прашу не зразумець мяне дрэнна. («Высоўвае язык ды баіцца, каб не прышчаміць яго!»)

А чаму вы думаеце, што я так зразумею вас? («На такое пытанне адказваюць толькі дурні або хворыя».)

Як вам гэта сказаць? Непрыемна мне слухаць, як гаспадарнік аплёўвае вас! Не магу я сцярпець таго! Адна няпраўда... («Такое гаворыцца толькі таму, каго не любіш!»)

Ізноў яму ўздумалася?

Ведаеце, гаспадарнік распускае пагалоску, быццам бы вы нацэліліся стаць дырэктарам і пісалі, ну, даносы... А гэту лялечку, што абабрала «Ныску», ён намаўляе, каб яна заявіла куды трэба, што вы нібы шмыгалі да яе начаваць, і то за тую пакражу... («На месцы гаспадарніка я, праўдападобна, спрабаваў бы тое ж самае... Веру кадравіку!»)

Як кожны сапраўдны салдат марыць стаць маршалам, так кожны сапраўдны работнік установы марыць быць яе дырэктарам. Гэта натуральнае. Толькі старажытныя нявольнікі не марылі заняць месца сваіх паноў, але і ім здаралася, час ад часу, адчуць сябе роўнымі, напрыклад, Спартак... («Ах, як непатрэбна сказаў яму гэта!») А вы, пан кіраўнік секцыі кадраў, не хацелі б стаць дырэктарам?

Я? Што вы, пан загадчык! («А вочы яго так і касіліся, так і касіліся!..»)

Смела кажыце, мы ж мужчыны! («Не было чаго губляць. Зрэшты — гэта славутае чатырохвочча».) У мяне няма на тое даных...

З данымі ніхто не нараджаецца. Іх выпрацоўваецца з цягам часу. («Я прайграю: цяпер няхай ён лезе на гэту горку! Дарэчы, заўжды хапала ахвотных на яе...»)

Заўважце, пан загадчык, што плётка асабліва страшная, бо немагчыма праверыць яе...

I праўдападобнасцю, пан кіраўнік секцыі кадраў! («Сапраўды ён імкнуўся давесці мяне да белай гарачкі! Вядома, у чыіх інтарэсах...»)

Пляткуе ён, што вы малавеле не забілі шафёра, тады, калі... («Кадравік дзейнічае не на карысць гаспадарніка, але — дырэктара! Ужо ясна».)

Глупства!

Калі б гэта было глупства, я не дурыў бы вам галаву: почут рэдка бывае глупствам. Паверце! («Праўда, але што тут рабіць?»)

Што рабіць? («Непатрэбна запытаў. Размову трэба было на гэтым пагасіць».)

Перш-наперш — не рэагаваць! Гэта не парадокс: тлумачэнні, як вядома, паглыбляюць у асяроддзі пачуццё падазронасці, упэўніваюць у ім. Затым трэба пусціць контрплётку («Дырэктар усё-такі палітык, я павінен, на яго думку, грызціся з гаспадарнікам, каб ён мог спакойна панаваць».)

Напрыклад?

Трэба падумаць... («Мая ўлада часовая, і табе бесперспектыў-на дапамагаць мне ў нялёгкай сітуацыі. Нельга верыць тваім словам, трэба знаходзіць у іх падвойнае дно!»)

Чорт з гаспадарнікам! («Я яшчэ не разынтыграваўся!») Як вы глядзіце на прапанову наладжваць спатканні кіраўніцтва дырэкцыі з новапрынятымі? З уласнага вопыту ведаю, што менавіта першыя тыдні і месяцы на новай рабоце псіхалагічна надта цяжкія — набіраецца многа прадузятасці да розных асоб, і гэта застаецца ўжо. Першыя — надзвычай важныя — як уражанні з дзяцінства...

Я думаў...

Іх свежы погляд на нашу ўстанову мог бы аказацца каштоўным смеласцю і трапнасцю заўваг... («Калі хто мае рацыю, дык гэта яшчэ не абазначае, што трэба пагаджацца з ім».)

Кадравік не падтрымаў гэту тэму. Служака, ён ухіляўся ад нагрузак. Ягоная праўда з'яўлялася надта ж маленечкай.

«А мая — якая? — думаў Андрэй. — Чаго варты я? Праўда, да якой я імкнуся, нічым не горшая ад праўды дырэктара. Наадварот, можна гаварыць аб лепшасці маёй! Ён, дырэктар, намагаецца застацца тым, кім ёсць. А я? Я прабіваюся дапераду! Думаю пра новае! А ён? Ён сіліцца падтрымліваць тое, што мацуе яго кіраўнічае становішча. Абгароджвае сваё крэсла», — Андрэй адкрыў закон уяўнага дырэктаравання. Мяжою, ад якой пачынае дзейнічаць гэты закон, з'яўляецца адсутнасць цікавасці інтрыгуючых мэт.

Дырэктар не выклікаў Андрэя. Праз сакратарыят накіроўваў яму пошту, усё меней і меней важную.

Тады Андрэй вырашыў парушыць раўнавагу суадносін, якую, як яму здавалася, ствараў дырэктар. А менавіта: план кадравай палітыкі, які выклаў яму вусна, і які сустрэўся з ягонай прыхільнасцю, цяпер нядрэнна было б аформіць у пісьмовым выглядзе, каб такім чынам дабіцца рэагавання.

«Чаго мне крыўдаваць на кадравіка? Ён, мабыць, ні разу не падумаў, каб хоць час ад часу адчуць сябе панам над панамі», — пашкадаваў Андрэй гэтага ціхмана. Шкадаванне выцякала з яго чыстай крыніцай. Няхутка заўважыў, што ў сапраўднасці шкадуе ён самога сябе. З прычыны нейкага прадчування злога ва ўласным лёсе. «У ім ёсць нешта з нявольніка, і таму шкадаваць яго небяспечна: прадасць цябе за панюх табакі!»

Быў такі дзень, калі Андрэй занёс дырэктару напісанае.

— Прапаную, пан дырэктар, некаторыя змены ў параўнанні з першым варыянтам прадстаўленага вам плана... — гаварыў нібы ў кадушку, раскоціста.

— Што гэта? Ах, так, я пачытаю. Потым. У мяне цяпер занятак...

— Гэта не тэрмінова, — Андрэй: «Не папрасіў мяне нават сесці!»

— Ага, добра, што вы зайшлі: думаў званіць вам, — напісанае паклаў у папку, у сінюю, малаважную. — ёсць справа: трэба пракантраляваць тэхнічную секцыю. Там балаган. Некалі я гаварыў загадчыку, але той, самі ведаеце, чым ён займаўся... — жэст, які запрашае да шчырасці.

— У тэхнічнай секцыі трэба прасушыць немалое багенца, — Андрэй прыкінуўся, што гэты жэст застаўся па-за ягонай увагай: «Такую мне ролю прызначаеш, дырэктар? Ролю тваіх вушэй! Гэта сапраўды знамянальнае. Зробіш з мяне даносчыка, і я ўжо нікуды не падымуся. А мне трэба быць тваім партнёрам!»

Аднак Андрэй не дабіўся задуманага. Я, пан дырэктар, загадаў купіць блакітныя шторы на вокны, гаварыў яму. Колер падыходзіць, хваліў дырэктар. Думаю, пан дырэктар, што нельга дапускаць, каб машыністкі пісалі нашы пісьмы на нізкаякаснай паперы. Павінны ж быць бланкі з фірменным знакам, цёпла адказаў Андрэю, быццам камусьці, з кім ужо дайшоў да бясслоўнага разумення. Я не ведаў аб тым, пан дырэктар...

У бары «Падляшша» прадавалі чэшскае піва.

— Два, — заказаў сабе Андрэй: «Пасвяткую!»

У застуджаную вуліцу свяціла сонца. Сваім з'яўленнем яно многіх здзівіла. Нехта, прысеўшы да століка Андрэя, усклікнуў:

— Ля, якая яснота! — як дзіця. Або як ціха памешаны.

— Будзе мароз, — адказаў яму.

— У такую пагоду грэх сядзець у будынку. Трэба хадзіць, дыхаць, глядзець на свет... — гаварыў той, нібы аб хатняй худобе, якую ў ясныя дні гаспадары выпускаюць у загарадкі ля хлявоў: задуменныя каровы, тупыя свінні, бяздумныя авечкі, ганарыстыя коні, што абкідаюцца снегам з-пад капытоў...

— Вы — на пенсіі? — запытаў яго.

— А чаму вы, спыталі?

— Неяк падумалася...

Ледзьве той пайшоў, як Андрэю зашчымела ў галаве: дырэктар клапоціцца пра тое, каб у яго, Андрэя, павялічвалася колькасць ворагаў! Пасля строгага кантролю тэхнічнай секцыі, яе кіраўнік прыбяжыць з гнеўнай прэтэнзіяй, чаму вы, пан дырэктар, аб'явілі мне вымову? А ён на тое: як гэта, чаму? Пан Андрэй Антошка, які часова выконвае абавязкі загадчыка аддзела, праверыў вашу секцыю і, на жаль, сцвердзіў недапушчальныя недацяжкі. Запрапанаваў накласці на вас служборае пакаранне, даючы для таго падставы, з якімі нельга не пагадзіцца...

Не ісці на кантроль? Няўжо існуюць бязвыйсці? «Зробім так, як калісьці зрабілі мне», — успомнілася Андрэю. «Пры складанні акта праверкі буду задаваць кіраўніку секцыі пытанні і прасіць яго, каб дыктаваў мне адказы на іх. Пан кіраўнік, мне прыкра, што гэта менавіта я атрымаў загад пракантраляваць вашу секцыю. Разумею ўсе цяжкасці, з якімі вы змагаецеся, але гэта не звальняе мяне ад складання акта. Самі ведаеце, як гэта... Прапаную, каб вы самі прадыктавалі мне тое, што, па-вашаму, я павінен напісаць. Дакладней — прадыктуйце мне адказы на пытанні. Згодны? Дзякую! Скажыце, калі ласка, чаму брыгады па некалькі разоў перарабляюць даручаныя ім работы? Або: чаму цэмент экстра якасці прызначаеце на будоўлю сметніка? Чаму аздобную тынкоўку зрабілі так, што яна ўжо абсыпаецца? Калі ласка, прадыктуйце мне адказы на гэтыя пытанні, я ўпішу іх у акт... Або: навоштабыло выдаткаваць сто тысяч на закупку новага катла, які ўжо трэці год. Стаіць на дзядзінцы, пад. дажджом? Чаму плата за дадатковыя работы, выкананыя вамі асабіста, удвая, а нават і ўтрая вышэй, чым тая, якую выплацілі іншым работнікам падначаленай вам секцыі? Я гатовы пісаць, калі ласка... А кіраўнік на тое: пан загадчык, яшчэ нё пішыце, прашу вас пакінуць гэта на пасля. Спачатку... А Андрэй: пан кіраўнік, я задаю вам толькі тыя пытанні, якія вынікаюць з захаванай у секцыі дакументацыі. Больш нічым не магу вам дапамагчы, паверце!..»

I Андрэй застанецца добразычліўцам!

Пайшоў на кантроль тэхнічнай секцыі.

Яе кіраўнік прыняў Андрэя з падкрэсленай афіцыйнасцю. Раз-пораз прасіў у яго прабачэння, што мала мае часу на гутарку, прапанаваў размову то з тым, то з другім супрацоўнікам. У вушах ажно гудзела ад безгалосага: «Чаго прылез?! Панюхаць?!»

На істотныя пытанні Андрэй атрымоўваў адказы канкрэтныя, але з агаворкамі: «Я дакладваў аб гэтым дырэктару ў пісьмовай форме. Без згоды дырэктара мы не кампетэнтны давесці гэту справу да канца. Вы ж разумееце, што якраз гэта справа і знаходзіцца па-за межамі дзейнасці нашай секцыі...»

Кіраўнік дастаў з шуфляды копіі данясенняў, на якіх чырванелі пячаткі сакратарыята.

Андрэй спыніў кантроль, паабяцаў прыйсці заўтра.

Што ж далей?

Андрэй прыгас. Ён нібы паменшаў, выглядаў чалавекам, якому не ўдалося выканаць чыюсьці просьбу.

Потым крыху палягчэла.

«Не вер тым, хто стараецца размаўляць з табою вельмі міла. Вельмі міленька. Памятай, што гэта — падлюгі!!!»

Вярнуўшыся з работы, ён паспеў толькі распрануцца і падысці да ўмывальніка, калі ў дзвярах пачуўся працяглы званок — як на трывогу.

«Мо гэта прыбіральшчыца прыйшла палохаць мяне судом?»

— Ледзь знайшоў тваю кватэру, — раздаўся голас сваяка з паўзабытай вёскі, успацелага, з пасінелай скурай ад рэдкага галення. — Нахадзіўся я! Будынкі на тваёй вуліцы, хвароба на іх, аднолькавыя. Пытаю, дзе жые Андрэй Антошка. Ніхто не ведае, — ён скінуў шапку-вушанку. — Мо з гадзіну так хадзіў я, ад будынка да будынка, пакуль не зайшоў у гэты дом, дзе адна баба, тоўстая, сказала, што ведае цябе... — чалавек з прасторы звычайна гаворыць голасна.

— Заходзь, сядай... — Андрэй не памятаў нават яго імя.

— Шматок часу не бачыліся мы, мусіць, ад Стэфчынага вяселля... Калі гэта было яно; у яе ўжо дзеці вялікія. Ты — ажаніўся? Бачу, пасыцеў ад таго часу, угадаваўся. — гаварыў, нібы даваў вымову. — Чаго табе, добра маешся: мэбля блішчачая, дываны, хоць качайся на іх, сцены чысцюткія, бы ў шпіталі. У Беласток, вядома, прывозяць усяго, усякай усячыны. Горад, яно сюды і трэба! Нам, у вёску, не прысылаюць мэблю: ездзім па яе фурамі...

— Выбачай, — да сваяка. — Я памыю рукі.

— Нашто? Чыстыя! На тваёй рабоце гною з хлявоў выкідаць не трэба...

Андрэй мыліў гладкія далоні, змываў з іх штосьці, чаго не ўдасца змыць... «Трэба чвэртку гарэлкі. Вып'ем з ім».

Быць сваяком — гэта ўсё роўна, што мець долю ў чужым капітале.

Андрэй сяк-так падрыхтаваў выпіўку.

— Кажы, што баліць?

— Дзякаваць Богу, здароў я, — не зразумеў Андрэя.

— Здароўе — гэта самае важнае для чалавека, — нудзіўся з ім. — Без здароўя свет траціць сэнс. Уеё перастае існаваць з нашай смерцю. Чароўныя жанчыны, браток, пасля саракоўкі, гэта ўжо абвешаныя мясам шкілеты. Глядзіш такой у твар, а бачыш чэрап!..

— Хай Бог крые і ратуе! — сваяк, здаецца, аглянуўся на дзверы. Адным вокам, па-хітрэцку.

— Вып'ем.

— Вып'ем, — сваяк каўтнуў. — Багата зарабляеш, Андрэй.Ты, мусіць, на высокай пасадзе?

— Эт, што значыць пасада! Нічога! На Выгодаўскіх могілках стаіць аздобны помнік служачаму Беластоцкай скарбовай канторы. Начальніку! Што засталося ад яго. Помнік. які праз трыццаць гадоў разваліцца, рассыплецца... — наліў зноў. — Яго скабы абмераюць археолагі і нават не будуць ведаць, чые яны былі: напішуць— славянскі тып... — Андрэй адпіў з чарачкі, ён усяе не выпіваў. — Еш, бяры еш, — заахвочваў сваяка, падсоўваючы яму кавалак свінога лыча, зваранага ў капусце.

— Калі не хочацца есці...

— Ты ж з дарогі!

— Мо потым...

— Вып'ем.

— Ну.

Сусед зноў біў дзяцей. Павісквалі.

— А я да цябе, Андрэй, справу маю, — пасля трэцяй чаркі, не закусваючы; сваяк упіваўся. — Чалавек я дурны, нідзе не вучыўся: пачатковай і той не закончыў. Гарую на гаспадарцы. Праўда, някепска мне: накупіў машынаў, працуецца з імі лягчэй. Аднак жа ніякі з мяне вучаны чалавек, прасцяк я, — пакалупаў у лычавіне. — Сын мой, ведаеш, надта ж шпаркі да навукі, школу канчае на пяцёрках. Хачу, каб вырас на талковага чалавека, не такога, як я... — памаўчаў. — Я падумаў сабе, седзячы вечарам дома, што паеду да Андрэя — жыве ў Беластоку, начальнікам: з настаўнікамі, пэўна, знаецца, дапаможа майму хлопцу дастацца ў добры тэхнікум, найлепш у механічны, дзе і розуму дадуць яму, і адпаведную прафесію, на ўсё жыццё, — сваяк не сумняваўся. У ягоных зубах захрумсцеў агурок, квашаны.

— Калі твой сын выдатнік, дык у любую школу прымуць яго. З вялікай ахвотай, — гаварыў сваяку.

— Ён-то малайчына, мой сын. Але сам ведаеш, як гэта прымаюць у школы: перш за ўсё дзяцей знаёмых. Таму я і выбраўся да цябе, Андрэй.

— Здараецца, — Андрэй так і не здолеў успомніць яго імя — Знаёмствы патрэбны тады, калі няма шанцаў афіцыйна ўладзіць справу, — у Андрэя не было знаёмстваў: ні ў механічным, ні ў іншым тэхнікумах. Але не выпадала прызнавацца ў гэтым.

Сваяк:

— А я так сабе думаю, што калі ты зойдзеш у школу і папросіш, каго трэба, каб прынялі майго хлопца, дык яго напэўна прымуць. Я ж не пайду, бо што я для іх значу? Дурны мужык, ды столькі! — ён падумаў. — За фатыгу, вядома, я дам...

— Не трэба нічога даваць! — адказаў.

— Ну, гэта будзе відаць, — сваяк павесядеў. — Шчупачкоў прывязу, шынку маем, бутэльку мёду.

— Нічога не трэба... Прымуць і без тваіх шчупачкоў. Хай сын высылае свас паперы, і ўсё, — Андрэй: «Няроўнасць, па сутнасці, з'яўляецца чымсьці натуральным. Але хто яму, гэтаму чалавеку самай незайздроснай. працы прышчапіў бацылу лізунства? Амаль самапагарды! Шляхта? I — мне? Я ж не ліжу! Няпраўда? Так мне толькі здаецца?..»

Сваяк цверазеў і даволі лакомліва смакаваў свініну.

Засядзеліся.

— Няхай сын не марудзіць з высылкай дакументаў у механічны тэхнікум, — Андрэй не меў намеру хадзіць у тэхнікум, прасіць. Чаго ісці?

Зрэшты, у яго цяпер была свая бяда. Неяк два месяцы назад, пасля нарады ў дырэктара, Андрэй зласлівіў, што чарнабрывая прыбіральшчыца можа накрыць спадніцаю ўсю дырэкцыю... Андрэю тады ўторыў кіраўнік гаспадарчай секцыі, падсыпаючы яму факцікі.

А днямі прыбіральшчыца падала на Андрэя Антошку заяву ў суд. За абіняслаўленне.

«Цікава, хто ў яе будзе сведкам? Гаспадарнік? Хто яшчэ?.. Гаспадарніку не павінна пайсці на карысць тое сведкаванне. Калі яго тут рука, дык ён падшукаў ёй кандыдатаў у сведкі сярод нізавых работнікаў. Нешта паабяцаў ім, далучыў да таямніцы.»

Прыбіральшчыца прыходзіла да Андрэя.

Можна не дапусціць да суда, гаварыла Андрэю, але гэта будзе каштаваць. Гэта будзе каштаваць пяць тысяч. Не, распіску я не напішу вам. Пану, мусіць, здаецца, што я дурная баба? Нічога, што я з вёскі, тлумачыла. Ніхто не скажа, што я мужычка. Вы і самі не ведалі б, што я вясковая, калі б вам не сказала. Хіба не так? Ну бачыце, прызнаяцёся. Дык што? Будуць грошыкі ці не? Рызыка, вядома: магу ўзяць грошы і не стрымаць слова. У вас няма іншага выйсця — толькі даверыцца майму гонару. Што? Не верыце ў мой гонар? Як сабе хочаце...

Андрэй страшэнна расхваляваўся.

Папрасіў яе за дзверы.

Яна з намеранай непаспешлівасцю зачыніла за сабой дзверы. Задаволеная зробленым.

«Камусьці не цярпіцца вывінціць мяне з машыны. I па меры магчымасці, з грукатлівым шумам! Прыбіральшчыца ўсяго толькі адвёртка. Чыя?» — не знаходзіў ён цвёрдага адказу.

Работа валілася з рук.

Гаспадарнік трапіўся Андрэю на вочы зусім выпадкова.

— Як справы ў вашай секцыі? — як бы мімаходам.

— Каб так і далей, — адказаў гаспадарнік, не гледзячы ў вочы. — Не наракаю, — набрыняў насцярожанасцю.

— Так яно і павінна быць, — адыходзіў. Гаспадарнік адвярнуўся. — Хвілінку, пан кіраўнік: будзеце сведкам у прыбіральшчыцы? — злаяў сябе: «Пра што гэта пытаю яго?! Выдаю сябе, як хлапчук на вяселлі ў адукаванага брата.»

— Буду, — адрэзаў той. Гарачыня апарыла мазгі!

Андрэй паглядзеў па гаспадарніка і аж скалануўся ад нечаканасці (нічога, што спадзяванай): той спазіраў на Андрэя, быццам воўк каля дарогі — тым страшным позіркам, у якім няма эмоцый.

Падняў галаву.

— Ваша справа, — сказаў гаспадарніку. — Аднак жа памятайце, што я ў сваіх судовых паказаннях буду цалкам шчыры. Таксама і наконт вашай асобы. Вось так.

Гаспадарнік без слова пасунуўся ў хмызнякі свайго штата.

На суд прыйшоў Андрэй напоўнены злосцю.

Але на пытанні суддзі адказваў коратка. Патрабавалі ад яго дакладных тлумачэнняў, але толькі такіх, якія мелі непасрэднае дачыненне да справы. — Мяне гэта не цікавіць! — выкрыкнуў суддзя, калі Андрэй паспрабаваў паказаць двурушнасць кіраўніка гаспадарчай секцыі. — Прашу прытрымлівацца зместу пытанняў!

«Добра мне раіў інжынер: вазьмі адваката. А я, зазнайлівец, не паслухаў яго. Праўда верх возьме, адказаў яму, як састарэлы дурань!» — цяміў цяпер Андрэй. Яго пакаралі.

— Тое самае абразлівае слова ў вуснах простага рабочага і ў вуснах кіруючага работніка гучыць зусім па-рознаму, і мае яно, вядомая справа, іншае значэнне, — грымеў суддзя, абгрунтоўваю-чы прысуд. Турмы не было, але Андрэй ужо мог на ўсім ставіць крыжык. I надоўга.

Гэты суд запамятаецца яму на цэлае жыццё. I будзе ён саромецца памяці аб ім.

Страх Андрэя Антошкі меў, так сказаць, сярэднюю велічыню і цалкам змяшчаўся ў рамках маралі: выкінуць мяне з работы і дадуць воўчы білет на дарогу.

Служацкі гэта страх, з ачмурэлым пытаннем: няўжо так мала патрэбна, каб чалавека пераўтварыць у нуль?

Межы немагчымасці, якія ўсведаміў сабе Андрэй, аказаліся надта ж вузкімі, і ён адчуў сябе малазямельным гаспадаром, якога быт залежыць ад багацейшых суседзяў, што маюць коней, парабкаў, машыны.

Дырэктар не ўстаў, не падаў Андрэю руку.

— Мне няма калі і таму я — кораценька: будзе новы загад-чык аддзела, — гэтак дырэктар. — Таму прашу вас падрыхтаваць да перадачы справы, каб у максімальна кароткі час пазнаёміць з імі новага загадчыка.

— Падрыхтую на паслязаўтра, — Андрэй неяк здрамнуў ад напружанасці. — Паведамлю кіраўнікоў секцый...

— Пан Андрэй! — ужо без «дарагі калега». — Справы прашу вывесці, як гаворыцца, начыста, каб загадчыку не спатрэбілася займацца імі ад пачатку, У сэнсе іх афармлення, разумееце? — ён адначасова кудысьці званіў і ў кагосьці прасіў прабачэння за нейкае спазненне... Ужо выходзіць!

— Разумею, — пот пацёк па скронях. Асеў у крэсла, зняможаны.

— Вады?

— Не, — насоўкаю выцер лоб, скроні, шчокі. — Вось і канец, — зводдаль ад канферэнцыйнага стала скрыпануў цяжка гружаны воз, па восі ў пясчанай каляіне...

— Пан Андрэй, — насупіўся дырэктар. — Мы не можам салідарызавацца з вамі... — гаварыў настаўніцкім голасам, быццам дырэктар школы.

— Мы? — Андрэй, папяровымі губамі. — Хто гэта, мы?

— Не чапляйцеся да слова, пан Андрэй! — з дэбільнай сур'ёзнасцю. — Вы дасканала ведаеце, у чым справа, — прыадчыніў акно. — Ніхто не мае намеру весці вас на эшафот! Будзеце працаваць. Прамінуць гады, ваша віна адыдзе ў забыццё, і тады вы зможаце зноў паслужыць грамадству... — палавецкі твар, непадатлівы на старасць. I на шчырасць. Стэпавы па паходжанні, лясунскі па выхаванні. Скрыжаванне, якое дае высокія парасткі.

— Я — вінаваты?

— Ніхто не зняў з вас віну. Не думайце, што мы вас будзем бараніць, — усё роўна, бы: «Нарэшце, заразу, утапталі!»

— Пра што ж гаворка: быў суд, засудзілі — і канец.

— Я гавару аб вашым унутраным настроі.

— Дазвольце, калі так, запытаць: мая віна толькі ў тым, што к... я назваў к...? Так?

— Вядзіце сябе прыстойна! Як вы сябе паводзіце!

— Я задаў вам пытанне. Мне таго хопіць, — падумаў аб дырэктары: «Чым больш двурушны чалавек, тым чуллівейшы ён на брыдкаслоўе. Як тая балячка на дотык!»

— Якое? — не маргнуў вокам, убіў кінжал у спіну князя Алега, якога яшчэ ўчора называў сябрам. Плач Яраслаўны выслухаў, як самыя высокія словы прызнання за свой учынак!

— Паўтарыць?

— Мне няма калі спрачацца з вамі. Выбачайце. — дырэктар апранаўся, даставаў з шафы паліто з футравай падбіўкай. — Мяне чакаюць, — ён надзеў шапку.— Зайдзіце іншым разам...

— Шкадую, што на судзе я маўчаў. Дурань!

— А хто вас трымаў за язык? — элегантны, добра выхаваны, стрыманы.

— Не, і ў с... нават не казыталі.

Дырэктар выйшаў, пакінуўшы Андрэя пасярод кабінетнай прасторы. Сакратарка забрала пустую шклянку і памарудзіла над папкамі з карэспандэнцыяй. Выпучыўшы азадак, апетытнае яб-лычка, кпліва, здавалася, дакучала: «Не апраўдаў ты спадзяванняў. Розум, мілы, гэта яшчэ не ўсё: патрэбна культура. Яе не вывучыш. У ёй вырастаюць! Як расліна, ну, бы збожжа, каб табе было гэта болей зразумела...»

Бразнуў дзвярыма.

Андрэй паўдня прахадзіў па Беластоку. Яго перапынялі знаёмыя, распытвалі пра розную драбноту. Пілі разам піва.

У той вечар загуляў у горадзе. Гэта ўжо не быў адпачынак паміж папярэднім і паступным бегам.

Справы афармляў на працягу трох наступных дзён. Назбіралася!

«Я — пакінуты каханак кар'еры, гэтай вечна цудоўнай багіні, якая не лічыцца з мужчынамі і не будзе лічыцца!» — Андрэй зняў корпус тэлефона і падрэгуляваў званок, падклаўшы пад малаточак званка тонкую, папяросную паперку. Цяпер бзычэў, бы муха, што знадворку дабіваецца ў пакой. Не ўзнімаў трубку. Некаторыя званілі нервова, як чмель у канюшыне ля Кашэчай горкі.

Новы загадчык, сімпатычны трыццацігодак, плюшаным голасам назваў Андрэю сваё імя і прозвішча, падаў руку, жаўтаватую, у белым манжэце.

Прывёў яго дырэктар.

Калі яны засталіся адны, новы загадчык сказаў Андрэю:

— Не люблю такіх пісьмовых сталоў, — па-сяброўску. — Дзе і толькі знайшлі такі вялізны, нязручны ў працы, — быццам хацеў гэтым сказаць: «Трымайцеся, Андрэй Антошка! Бяда прыйшла і адыдзе, а вы застанецеся. Усё яшчэ ўперадзе!»

— Вось я прынёс вопіс спраў, — падаў папку.

— Дзякую. Будзе час — тады і паглядзім. Паперы — гэта самае апошняе ў рабоце...

«Не накрухмалены, чорт вазьмі! — ажыў пры ім Андрэй. — Я і самому сабе не адважыўся б так сказаць.»

— Мяне папярэдзілі, пан Андрэй, што ў вашай асобе я буду мець кваліфікаванага супрацоўніка, — адпаведна пастаўлены голас, адмераны. Прычасаны ён з цырульніцкім бляскам. — У вас вялікі вопыт...

«Ім залежыць на мне!» — не без радасці канстатаваў Андрэй.

— Пан загадчык, я распрацаваў план паляпшэння работы нашай установы, — Андрэй: «Куй жалеза, пакуль гарачае! Пакуль іншыя не выперадзілі мяне ў гаворцы з загадчыкам, які, не ведаючы спецыфікі, яшчэ доўга будзе падстаўляць вуха пад чужыя шэпты». — Як зыходную ўстаноўку я прымаю тое, што ў кожнага работніка нашай дырэкцыі неабходна фарміраваць пачуццё высокай адказнасці, без якога найбольш дасканалыя загады застануцца мёртвай літарай на паперы... жоўтай якасці, — жартануў. — Перастрахоўніцтва трэба выкараняць.

Гаварыў і гаварыў, не ў стане ўпэўніцца, ці падабаецца план новаму загадчыку...

— Курыце? — той працягнуў Андрэю пачак дарагіх папяро-саў, з пазалотаю.

«Ён не слухае мяне, — Андрэй з прыемнасцю зацягнуўся пахкім дымам. — Усё гэта мала цікавіць яго. Дзе ж ён працаваў раней?»

Загадчык паглядзеў на Андрэя, быццам кравец, які прымае заказ на касцюм. Запытаў:

— Якія, на вашу думку, галоўныя недахопы ў дзейнасці нашага аддзела? Прабачце мне за грубаватую шчырасць, але я не меў на ўвазе вас, — натрэніраваным жэстам страсянуў попел з папяросіны. — Скажам, па арганізацыйным фоне...

— Якія? — замаруджанасць з адказам часам прадрашае многае. — Як вам сказаць... — дымок хмурынкай. — У сваіх прапановах я ўспамінаў аб тым, што ўсё залежыць ад людзей, — пацягнуў носам: «Трэба падкусіць гаспадарніка, сабаку!» — Дык вось: самым слабым звяном у аддзеле з'яўляецца гаспадарчая секцыя, — у загадчыка не ўздрыгнула нават скулінка. — Не раз гаварылі аб гэтым дырэктару, але ў яго, вядома, больш важнае ў галаве... — змоўк. — Тэхнічная секцыя, па-мойму, працуе добра. Там няма, выбачайце за слова, перастрахоўніцтва. Яе кіраўнік, па меры магчымага, дае сабе раду сам. Ён досыць самастойны ў дзейнасці. Затое дрэнна з транспартнікамі, асабліва шафёрамі. Тыя, што працуюць у нас, гэта пераважна бадзягі. Што рабіць? Ламаў я тут галаву, сушыў: павысіць ім плату? — змарыўся, нібы той конь, што доўга ішоў, пакуль не наткнуўся на купіну, і тады стаў, звесіўшы галаву.

— Ішоў я сюды, верачы людскім словам, — сказаў загадчык, як бы намерваючыся дадаць: «Ашукалі мяне! Казалі, што тут усё ўладжана. Ды вось як абстаяць справы!» Пагасіў папяросу: — А дырэктар дапамагаў вам?

Дырэктар? Ну як вам сказаць... — далей ён мог і не гаварыць. — Дырэктар добры чалавек, але ў яго пяць перамен за адзін дзень: хто вобразней пераконвае яго, таму і верыць. Кожны свой загад ён мяняе па некалькі разоў...

Андрэю спатрэбілася яшчэ каля года часу, каб цалкам зразумець, што ягоны ўпадак пачаўся якраз ад гэтай гутаркі.

Працягнулася яна дапазна.

Не запальвалі святла. Адзін другога бачылі ў бляску ад вуліцы.

— ...Як можа быць дабро ў нашай дырэкцыі, калі рашаючы голас у некаторых кадравых справах належыць, пардон, прыбіральшчыцы! Праўда, прыгожай, як няшчасце! — Андрэй: «Бессаромны я: гэта ж падобнае на дробязную помслівасць!»

— Ого!

— Або, для прыкладу, метады работы, з якімі я сустракаўся. Пасылае мяне дырэктар, каб я праверыў тэхнічную секцыю, адразу даючы зразумець, а нават падказваючы, што там — балаган! Што трэба проста хапаць за карак. Іду ў тую секцыю. Пачынаю капацца. Бачу, яе кіраўнік смяецца мне. ў вочы: даведваюся ад яго, што ва ўсіх справах гэтай секцыі апошняе слова належыць дырэктару, а не мне, выконваючаму абавязкі загадчыка аддзела... Словам, загадчык — фігура фармальная, для паслуг! — Андрэй. «Тут я, дурань, залішне сабе дазволіў! Не трэба было так... Не выправіўся я: бяру разгон і губляю меру». — Думаю сабе: чаго ты, дырэктар, пасылаеш мяне правяраць, калі сам добра ведаеш, што там, гэта значыць у той тэхнічнай секцыі, практычна беручы, няма балагану, пра які ты мне наспяваў... Пасылаеш мяне — думаю — дзеля таго, каб асмяшыць, ці што? Бо як жа іначай усё тое зразумець? Толькі так: паслаў на пасмешку, на сварку. Бо тэхнік, трэба вам, пан загадчык, гэта ведаць, нібы жывая га-рачка: як закіпіць, як забегае, закрычыць, рукамі замахае... Ах, — раптоўна закруцілася ў галаве: «Нервы, каб іх гарачка!» — Зусім другая полька з гаспадарнікам: гэты быццам гальбою голіць. Добранькі, калі баіцца. Тады ой які добранькі. Ну а калі не баіцца, тады...

— Тады без кія не пяройдзеш міма яго, — ашчэрыўся загадчык. — Прабачце, што перабіваю вае, але... кіраўнік тэхнічнай секцыі ўсё-такі абавязакы быў перш за ўсё кансультавацца са сваёй непасрэднай уладай, гэта значыць з вамі.

— Гэтак і я лічу, — Андрэй: «Наводзіць мяне на размову пра дырэктара. Зразумела!»

— Як жа іначай?

Новы загадчык, відаць, няшмат ведае пра дырэктара, разважаў Андрэй, штораз глыбей маўклівеючы. Ён, пэўна, рэкамендаваны генеральнай дырэкцыяй. У яго ёсць уплывовы знаёмы, і таму ён смела правацыруе. Калі б было інакш, дык пабаяўся б; яго ўвогуле не было б тут!

Пра папярэдняга загадчыка аддзела загінуў усякі слых. Аж дзіўна: быў чалавек — і няма чалавека! Можна падумаць, што яго ніколі не было; што гэта толькі сон хворага ўяўлення, прывід з доўгім сюжэтам...

Так знікаюць людзі.

Так займаюць іх месцы — новыя, якія некалі таксама знікнуць.

Прасядзелі каля шасці гадзін.

Андрэй расказаў новаму пра ўсе справы, з падрабязнасцю дэтэктыва. Слухаючы яго, той пазяхаў, але ягоны твар бялеў у цемры ўважлівасцю. Пазяханні былі кароткія, як неабходнасць.

Разышліся па-змоўніцку.

Андрэй ліхаманкава апранаўся ў сваім пакоі і, зашпільваючы паліто ўжо ў калідоры, стараўся, каб выйсці з будынка дырэкцыі разам з новым. Такое выходжанне, прытым у позні час, несумненна было б заўважана і мела б значэнне. Прыгадаліся новыя падрабязнасці канфлікту з гаспадарнікам, якія можна было б яму расказаць пад час выхаду...

Але загадчык так хутка сабраўся дамоў, што знік, быццам дым у паветры. Шукаў яго, бегаў па сходах, уніз ды ўгору, цераз акно выглянуў на вуліцу, зайшоў у туалет, нібы памыць рукі... Нідзе не было яго.

Потым пачаў здагадвацца, што ён, гэты новы, магчыма, схаваўся ад яго, прытаіўся за шафамі або ў туалеце, што на ніжнім паверсе, прасторным, шматкабінным...

Раззлаваны на яго, болей не шчыраваў.

Ды ён болей і не пытаў Андрэя. А ў месяцы маі давялося Андрэю згадзіцца на горшую пасаду, рэферэнцкую.

Цяпер у Андрэя з'явілася ўлюбёная прымаўка:

— Усё добра і штораз лепш! — першы раз сказаў яе, падпісваючыся пад новымі ўмовамі працы. — Штораз лепей!

Неўзабаве пачуў празыўку на сябе: Усёдобравіч. Пасміхаўся брыгадзір транспартнікаў:

— Чулі, хлопцы: Антошка змяніў прозвішча!

— Ну? — вырачаліся шафёры.

— Цяпер называецца ён: Андрэй Усёдобравіч, гэ-тэ-гэ...

Хапаліся за жываты. Андрэй прайшоў міма іх. А яны нат не адвярнуліся.

Смяюцца, падумаў Андрэй. Ваша права. Ужо не баіцесія, бо страх, якім абдарылі мяне тыя двое, ужо адабраны. Трэба стаць дзеравянным. Не пераймацца лёсам, бо ён і так пакіне цябе ў дурнях, як той капітан, які чагосьці хацеў, хацеў і не сказаў менавіта чаго? Бог з ім, ці мала хто ад мяне ўсяго рознага хацеў, і ці мала я — ад іх! Цяпер хачу аднаго: пачысціць дыван у кватэры, разлегчыся на ім, паставіць начную лямпу з абажурам і многа чытаць. У мяне няма прычын для нараканняў: жывецца добра. Чаго больш хацець?

— З чым выйшаў я на сённяшні дзень? Адказаць адразу, і то самому сабе, вельмі цяжка!

— Жыву з няясным адчуваннем недахопу нечага самага важнага. Вырастае прыкрасць ад супакоенаеці гэткай цішыні, якая запыльвае пачуцці, затуманьвае бачанае. Дзіўна — знікае гонар за сябе!

Вось як!

— Узнікла ўражанне, што ўжо магу распрацаваць графік свайго далейшага жыцця— з крывымі здабыткаў, перш за ўсё тых, універмагавых. Ад яснасці наконт уласнага становішча — тупею. Болей драмлю, чымсьці жыву.

Выпіць?

Пайшоў бы да Віцюля, каб бахнуць сотку ў «Шляхецкім» бары, але ён пачне важнічаць: дарагі Андрэй, мо іншым разам, бо ў мяне халерна многа работы накапічылася, начамі не сплю, праектую квартал, Новабаярскі, будзе гэта ў Беластоку усім кварталам квартал. З невысокімі дамамі, у тры ці чатыры паверхі, з агародчыкамі, дзе кожная сям'я атрымае свой загонік — градку на памідоры, градку на цыбулю, градку на моркаўку і градку на бурачкі — і гэта ідэя надта ж прыйшлася даспадобы намесніку прэзідэнта горада: іду да яго, на нараду...

Можа, да Грышы? Але ці варта? Ен, паабедаўшы, валочыцца з кватэры ў кватэру ды рамантуе замкі ў дзвярах, газавыя пліты, нават тэлевізары.

Да Міхася не пайду: ён жа дырэктар фабрыкі, не важна, што малой.

Андрэй накіраваўся ў парк.

Нехта штурхануў яго ў плячо, і ён аглянуўся. Гэта Віктар, высокі, як справядлівасць. Ты, мусіць, хварэеш, што такі пабяле-лы, сказаў яму Андрэй. Не, не хварэю, адказваў. Я бялею, калі ўгледжу прыгожую жанчыну. Колькі прывабных жанчын, думаю, столькі і няверных жонак.

Яны селі з Віктарам на лаўку пад ліпаю. Насупраць іх гарэзілі дзяўчаты з хлопцамі, гэтак наадварот. Па-сучаснаму. Гляджу на гэты наш, доўгавалосы ды занагавічаны век і думаю, сказаў Віктару, што мода з'яўляецца рэакцыяй на манатоннасць, але і сама яна ўводзіць манатоннасць, з той розніцай, што іншую. Я кахаю моду, перабіў Віктар, бо кожная новая мода прызначана свежавыраслым дзяўчатам. Спражэшся, Віктар, жонка палічыць табе зубы... Парагаталі адзін з другога. Што, Віктар, задўмаўся над гадамі, пажартаваў Андрэй, каб той расплюшчыўся.

Слова за слова, і Віктар падзяліўся сваім найбольшым болем: легкавыя «фіяты» падаражэюць! А з мяне ўжо сілы выцякаюць, ледзь дыхаю... Учора выпіў чарульку ў знаёмага інжынера, які вёў у нас будаўнічы нагляд. Дачка ягоная, памятаеш, тая чарнавокая, што ад салдатаў хавалася ў яме пасля бульбы, на лекарку вывучылася, вялікавокая, раззалётненая. Галава мне баліць ад гэтай чарачкі, кажу ёй, і начамі пацею. А яна, губагарачая, адказвае, што замнога намагаюся, дадатковымі заробкамі капаю сабе шырокую магілу — з тандэнтным помнікам. Забываю, што другі раз не буду жыць. Кажа, трэба спаць мінімум сем гадзін, есці шмат зеляніны, а мяса — толькі лёгкастраўнае, цялячае. Добра вам гаварыць так, пані Эля, кажу ёй, калі вы шмат грошай маеце... Ага, слухай Андрэй, можа, ёсць у цябе знаёмы ў Гарадской управе? Пляц хачу купіць, у Засценкаўскім квартале, бо Новабаярскі прызначаны на высокаснае будаўніцтва, вышыннае... Кажаш, няма? Шкада! Дом варта паставіць: цешча гаспадарку прадае, капіталік неблагі дастане ў рукі. А легкавую машыну мо ад інжынера адкуплю, езджаную. Учора я ўсяго чарулечку выпіў у яго, а ў галаве так і закруцілася. Так і закруцілася! Слабеем, сказаў ён Віктару. Ну, не бядуй: разгульваючы на легкавой машыне і красуючыся ва ўласнай мураванцы, зможаш пакінуць знедужэлую жонку ды яшчэ раз ажаніцца, напрыклад, з лекаркай, вялікавокай і лягавітай. Не грэх у старыя гады жонку выменяць на лекарку, бо не ты ёй будзеш патрэбны, але яна — табе...

Так яны сабе падурэлі, падурэлі і развіталіся.

Славік раіць: цяпер ты, Андрэй, забудзь, што калі-кольвек будзеш начальнікам. Я на тваім месцы пасеку заснаваў бы, каб пчолкі залатовачкі ў вулей насілі... Патрэбна мне гэта пасека, як сляпому люстра, адказаў Славіку. З пчоламі, браток, як з гульнёю ў покера: раз многа да сябе, то зноў — ад сябе! Лепей цыбулю кан-трактаваць або трускалкі. Многа ці мала, але нейкі прыбытак будзе...

Андрэй паехаў да маці. Узяў водпуск ды паехаў.

Хату перакрыў — Стась яму дапамагаў. Па праўдзе кажучы, дык было гэта наадварот: ён дапамагаў Стасю.

Крылі хату ды пагаворвалі. Захацелася табе, Андрэй, самому рукі пэцкаць гэтым перакрываннем, шкадаваў Стась. Што яму адказаць? Не пачынаць жа прызнавацца ў слабых заробках! Не паверыць, палічыць скнараю і, чаго добрага, рассмяе па цэлай вёсцы: Андрэй Антошка сядзіць у Беластоку і ледзь з духам жыве! Штосьці ён нагаварыў Стасю, але — калі папраўдзе — найбольш маўчаў. А каб Стась забыўся пра згаворанае, спытаў у яго, чаму гэта Федзька, званы Курносым, са Шчэціна вярнуўся на гаспадарку. Вярнуўся, пацвердзіў з кпінкаю Стась. Добранька, відаць, у тым Шчэціне прышпілілі яго, што папёр назад, на бацькаўшчыну. Кажуць, камбінатарам быў... I Валік вярнуўся, пад-кусіў ён Стася, бо той, здавалася, зноў наважваўся загаварыць, што Андрэй непатрэбна сам калупаецца з гэтым дахам... Дзе ён жыў? За Элкам? З дзяцьмі, чуў, вярнуўся. Трактарыстам працуе на нашай базе? Спытаў у Стася. Ну, працуе, адказаў Стась, трымаючы ў зубах цвікі і заканчваючы прыбіваць ліст шыферу. Пакуль не пабіў машыну, дык працуе. Ён, ведаеш, Андрэй, там, за Элкам, біў машыны, і яму сказалі: або вы, пан Валік, ідзіце рыбаком на возера, або вон адгэтуль! Сам расказвае ўсё, калі насцябаецца гарэлкі... А калі б я вярнуўся ў вёску і пачаў жыць у гэтай хаце, якую цяпер перакрываем, дык што ты тады, Стась, сказаў бы на тое? Праўда, ён не сказаў яму так. Толькі падумаў. Стась, вядома, здзівіўся б: табе, Андрэй, лёгкі хлеб абрыд? А мо, прызнайся, набуяніў дзе ў свеце ды хочаш уцячы да маці?

Згодна цягалі яны той этэрніт, замацоўвалі яго на латах, дапасоўвалі, пацелі, як коні ў полі. Здавалася, яны аднолькавыя людзі: яблыкі чырванелі ім абодвум, дрэвы шумелі ім абодвум... Аднак жа яны — розныя! Чаму? Чым?

Маму, сказаў бы Андрэй. Вяртаюся да цябе з Беластока. Разам будзем жыць. У ліпені ці жніўні, не зразумела б маці. Назаўсёды, выпаліў бы ёй. Чаму гэта, Андрэй? Хіба выганяюць з Беластока тых, хто з вёскі? Хлеба замала ўсім? Не, маці. не выганяюць і ніколі не будуць выганяць, бо фабрыкам патрэбны рукі. Але ты, Андрушка, не на фабрыцы ж працуеш, зноў занепакоілася б яна. Чаго табе ехаць на нашу гаспадарачку? Я, маці, у гміннай управе пачаў бы працаваць. То дырэктарам не хочаш быць? Нашто мне, маманька, чужымі бедамі галаву сушыць? А дырэктарам можа быць кожны, хто захоча? — распытвала б маці. Не, дарагая, гэта не гак, адказаў бы ёй знецярплівелым голасам, і яна адчула б, што лепей не распытваць. Ты не маленькі, Андрэйка, і сам добра ведаеш, што робіш. Вяртайся. Глядзі адно, каб не прамяняў лепшае на горшае: у вёсцы засталіся старыя і недарэкі. Смяяцца будуць з цябе і з мяне, маткі тваёй. Дурному ўсё смешнае, маці. Няхай смяюцца. Я думала іначай, Андрэй. Думала, ажэнішся, і так, як Марыся з мужам, прыедзеце да мяне летам уласнай машынай, дапаможаце мне снапы вязаць на Александроўскім палетку, а машыну сваю легкавую паставіце ў цянёчку, пад дзічкаю. каб суседзям вочы ад зайздрасці павылазілі, пабялелі. Знайшлі чым цешыцца, гэта Марыся і яе муж, абурыўся б Андрэй. Чым яны цешацца — жалезам! Іх права, запярэчыла б маці, яны зарабілі, яны і цешацца. I дом мураваны будуюць у Беластоку, значыць, на Ярашоўскім хутары. Маюць машыну, пабудуюць дом, дачакаюцца дзяцей, абкупяцца мэбляй і ўсякай выгодняй. I што далей будуць яны ра-біць, маці? Паміраць, склаўшы набожліва рукі на грудзях? Не кажы так, сынок: пакуль яны ўсё тое панажываюць, дык ім наўрад ці жыцця хопіць. Ім не хопіць, дык дзеці даробяць за іх. Ну, даробяць. А што будуць рабіць унукі? Піць і буяніць? Не толькі хлебам жыве чалавек, маці. Не ведаю, чаго ты, Андрэй, хочаш яшчэ? Без хлеба чалавек — гэта не чалавек. Табе не зразумець таго, бо ты быў накормлены і прыапрануты. Мая маці, Андрэй, хлеб у камору замыкала і выносіла яго адтуль толькі на абед, мужчынам удвая больш. Цяпер не ведаю я, маці, чаго ты хочаш? Сама казала, памятаеш, што ў Беластоку жывуць адны гультаі ды абібокі! Бо злосць мяне брала, сынок, таму і казала гэтак. Адной мне цяжка, але ты павінен жыць лепей. Дзеці заўжды павінны жыць багацей бацькоў. Што ты будзеш тут ушчынаць, на гэтай вёсцы? Думала: у старасці возьмеш мяне да сябе, дасі куточак, каб хоць перад смерцю пажыла, як цяперашнія людзі жывуць, а за грошы, што ўзяла б, прадаўшы гаспадарку, купіў бы ты сабе легкавую машыну, паставіў бы мураванку, калі не цэлую, дык, прынамсі, сцены! Жонку багатую ўзяў бы, яна дапамагла б табе грашыма. Я вам дзяцей няньчыла б, калыхала б, каб быў час працаваць. Не вяртайся ў вёску, чаго ў ёй шукаць? Прыедзеш сюды, дык адразу скажуць: валачыўся па свеце, валачыўся — ні з чым прывалокся на тое, што бацька гароўнай працай здабыў. Каб я так здаровая была, скажуць!

Падумалася Андрэю: калі вёска — гэта наша глеба, дык чаму так рэдка сыплецца ў яе тое зерне, якое яна ж вырасціла? А можа, не яна вырасціла яго? Шчодрай рукою, можа, адступіла яго гораду? Нас, мяне з табою, тысячы іпшых... I вецер падзеяў здувае ёй, час ад чаеу, адну салому ды мякіну!

Закончылі яны са Стасем перакрываць хату. Маці распаліла печ, напякла і насмажыла ім усякай усячыны. Дастала з шафы бутэльку «Белавежскай». Пасядалі за стол. Зрабілі па чарцы. Яшчэ па адной. I яшчэ. Ласаваліся па-велікоднаму: на талерцы румянілася печаная курка, смяялася ім парасячая лычавінка, красаваўся вянок каўбасы, хатняй! То агурочкі ў пахкім расоле, хрумсткія, то радыска, салат, зялёная цыбулька маладзенькая, то яечня выпучылася вачыскамі, свяжуткая. Бульба, сыпістая, у роце раставала. Здорава папілі яны. Быў на тое настрой і ахвота. Стась прынёс кан'якаватай жытнёўкі. I як пачалі спяваць, усе песні праспявалі... І пра дзявочую галованьку, і пра Янку з Алёнай, і пра Яськаву канюшыну, пра непаслухмяныя гусі, і нешчаслівае каханне спявалі, і добрую маці, і жытка недажатае, долю праклятую, гора заўзятае, пра вярбу ў полі і пра воды крынічныя. I пра мары, ой, пра мары яны ўсё спявалі і спявалі...

А маці яго, вось яна села насупраць іх, і слёзы ў яе так і пасыпаліся, так і пасыпаліся з вачэй, бы гарох. Разжалілася яна. I Андрэй, здаецца, зразумеў яе пытанне, калісьці выказанае яму: якая карысць людзям будзе ад таго, што ты, Андрэй, станеш дырэктарам?

Спяваючы са Стасем і спазіраючы на заплаканую маці, старую, Андрэй дакрануўся да сапраўднага сэнсу існавання чалавека — да пачуццяў шчаслівасці! Таго пачуцця, якое дагэтуль востра не вырысоўвалася. Ад шчаслівасці не брала яго гарэлка. Гэта шчаслівасць не мела дакладнай назвы, але яна ўжо была.

Андрэй вярнуўся ў Беласток. Першы раз паглядзеў на гэты горад, як на штосьці сваё. Выйшаўшы з сіняга аўтобуса, няспешнай хадою прайшоўся ў цэнтр — Алеяй Першамая, Сянкевіча, Дзяржынскага, Складоўскай-Кюры, Кастуся Каліноўскага. Ён не быў яшчэ падрыхтаваны да таго, каб думаць аб новай айчыне, у якой пражыў дваццаць пяць гадоў.

Нягледзячы на гады, не быў яшчэ падрыхтаваны.

Перад вачмі паўставалі аўтобусы маладосці, у якіх вельмі істотным было тое, хто, дзе і як стаіць, сядзіць, і — асабліва — як гаворыць. За шыбамі цямнота брынялі стрэхі вёсачак. А ў аўтобусе — як у маленькім тэатры. Наперадзе — святло. I ў ягоным бляску стаялі кавалеры ў футравых шапках, расшпіленыя, у ненатуральна белых кашулях, засупоненыя вузенькімі гальштукамі (такая была мода). У перадсвяточны вечар многа іх ехала да бацькоў. Балаганілася размова. Не, гэта не былі размовы, але праверкі: хто стаўся лепшым у жыцці на працягу апошніх тыдняў або месяцаў?! За нейкім там разам, ён прыкмеціў, што тыя супастаўленні неяк закончваліся тады, калі аўтобус сунуўся праз пушчу, за якой пачыналіся першыя прыпынкі, першыя развітанні... Кавалерам трэба было тут жа пераканацца ва ўражанні, якое яны зрабілі на дзяўчат, што дагэтуль маўчалі.

У аўтобусах яго маладосці паяўляліся першыя маладыя бацькі, якія займалі месцы пасярэдзіне, з дзецьмі і пакункамі на каленях. Здавалася, што на гэтых чырванашчокіх матак і татак ніхто не глядзіць: нудныя яны, занятыя турботамі, адышлі ў іншы свет... Дык не, да іх спадцішка прыглядаліся дзяўчаты, і гэта балела кавалерам. У прыступах маўклівасці яны так і пранізвалі позіркам дзяўчат: калі я стану інжынерам, дык не так зажыву, як той, лысы і аблезлы; няхай дастану кватэру, пабачыш, якую мэблю куплю, а жонцы не пашкадую футравае паліто з натуральнай скуры, хутка стану майстрам, тады не ў такім касцюме буду хадзіць, як той, надзьмуты, з Вярхлесся. Пойдзеш за мяне замуж — не пашкадуеш, на кожным пальцы пярсцёнак мець будзеш; яшчэ з пяць гадкоў — і мушу дабіцца пасады загадчыка аддзела, бо няма ў нашай установе такіх, якія могуць працаваць рук не пакладаючы і столькі ўзяць на сябе, што я. Глядзі на іх, глядзі, дурніца ты малая, адварочвайся ад мяне, не буду плакаць па табе, знайду іншую, лепшую, беластоцкую, гэтаксама чарнабрывую. Бачыш гатовае і не заўважаеш таго, што цяпер мала прыкметнае, як я, але — з перспектывай!

Пачыналіся паміж кавалерамі жарты, як рэакцыя на горшасць. Іржаў аўтобус, скавытаў шафёр (ён трубіў на кагосьці), крывілася дарога, гайдаліся цені соснаў. Прыходзіць пан да пані, а ў пані ўжо другі пан... Пані прасіла паню, каб пані пазычыла пані, га-га-га-а-а-га-ааа... Рагаталі са значнасцю. I тыя, што пасярэдзіне аўтобуса, паводзілі сябе з абражанай абыякавасцю. Лічылі, што гэтыя кпіны датычаць іх, паноў над панамі! I, як бы ў пацвярджэнне таму, непрыстойна рагаталі з гэтых жартаў яшчэ і тыя, што сядзелі на задніх месцах: ад іх патыхала сапрэлай бялізнаю, валёнкамі ды кажухамі. Ім не было чым хваліцца. Хтосьці з іх тайком курыў, хтосьці з кімсьці вёў напаўтаемную гутарку на дыялекце, балбатліва, не так, як наперадзе аўтобуса, дзе кожнае слова вымаўлялася з падкрэсленай паказнасцю, з той паказнасцю, якою хваляцца дарагім дадаткам да новага касцюма. Зад аўтобуса рэдка чуваць; хіба калі хто п'яна спявае, а потым смачна храпе, выклікаючы гэтым усеагульную весялосць.

Заднія ў аўтобусе таксама глядзяць на сярэднія месцы, але так, як глядзіцца з галёркі на шаноўную публіку ў тэатры. А наперадзе адбывалася «прадстаўленне», часцей — незразумелае. Так было. Андрэеў прыпынак знаходзіўся за вуглом Тодаравага гумна. Ведаў ён навылет, аб чым будуць гаварыць у хаце: бацька стане цвярдзіць, што ўраднікі дастаюць грошы за чалавечую крыўду, якую яны безупынна ўчыняюць, і што гарады так патрэбны людзям, як балячкі — целу; а маці — збіваць яго з панталыку, гаворачы, што Андрэй не першы год жыве ў Беластоку, але, як вядома, не пусціўся ў сабачую скуру. Потым пойдуць яны рэзаць сечку. Калі макрэла на ім кашуля, бацька сам браўся кру-ціць кола сячкарні, азіраючыся на яго вачыма., надта падобнымі да тых, што ў людзей на задніх месцах аўтобуса, неасветлены.

Аўтобусы маладосці былі аўтобусамі ўцёкаў. Аднак жа спатрэбілася шмат вяртанняў у вёску, каб болей не вяртацца да яе. Ён, пакаленне яго, яны былі аддадзены бацькамі ў горад, як бы на пашу, якой на месцы не хапала... I, мабыць, гэтым адрозніваліся ад сучасных дзяўчат і хлопцаў з вёсак, якія выязджаюць у гарады не ў пошуках надзейнага хлеба, але легкахлебнага побыту. Лягчэйшага — якога ніколі не будзе на гаспадарцы. А яшчэ, пэўна, адрозніваліся і тым, што падобныя жаданні сярод іх нараджаліся стыхійна, без нацэленасці, і яны, пераважна, палохаліся таго, што лёс высока выштурхоўвае іх! Няхутка паадважнелі. Наглядалася гэта ў меру таго, як штораз меней і меней адчувалася вяско-вапаходжанская пупавіна, якая з гадамі сохла. Некаторыя з іх употай спрабавалі адкусіць яе, прадаючы або, звычайна, пакідаючы гаспадаркі без ніякай апекі і забіраючы бацькоў у свае, сухія ды цёплыя кватэры. Усё-такі немагчыма нарадзіцца другі раз! Таму нашы пупавіны такія доўгія і жылістыя. Трэба сказаць, што большай паловай нашых амбіцый надалей тайна загадвае вёска. Здабыткі мераем каўдобістымі вёрстамі, якімі праехалі мы з немагчымасці ў магчымасць.

Палявымі вятрыскамі абступалі Андрэя сумненні ў тым, ці з'яўляецца яго пакаленне добрым будаўніком горада. Адпаведным. У яго не было доказаў супраць. I разумеў, што патрабуе таго развіццё вытворчых сіл... Але ў яго былі прадчуванні, што карысць, якую яны давалі, не такая ўжо і вялікая, бо не перастаюць яны шчаслівець ад таго факта, што жывуць і красуюцца ў Вялікім Беластоку. У сямідзесятыя гады, галёкаючы за імянінавымі сталамі, усё болей ганарыліся маткамі, што служылі ў купецкіх, даваенных дамах. Вышуквалі асеўшыя камянічкі з расхістанымі, драўлянымі сходамі, па якіх маці ўвіхаліся служанкамі. Заходзілі ў завулкі мізэрнага перадлёсу, перадматчынасці і выкалупвалі сабе легенду аб нестопрацэнтнай сялянскасці. I сакрэтна цікавіліся датамі шлюбаў бацькоў, і ўчытваліся, на пыльных гарышчах хат, у лебядзіныя паштоўкі з залётнымі словамі прывітання, замазанымі паштовымі штэмплямі вядомых гарадоў... Падстаўлялі вушы пад лаянкі бацькі, які, падзівачэлы ад старасці ды знямогі, выкрыкваў на маці рознае... А ўсё гэта рабілі таму, што, самі не ведаючы аб тым, іхнія бацькі не далі ім таго, чаго не мелі, бо не маглі мець: пачуцця гонару за сябе, за свой род. Яны — без гісторыі! Ці яны яе створаць, сваю, ці, звычайна, прысвояць чужую — час пакажа. Праўда, прысвойванне не свайго дазволіць ім мець толькі тлусты дабрабыт.

Ну, загаварыўся я, працягваў Апдрэй, выбачай. Холадна сёння, халера. Вецер. Даўно не было сапраўднай вясны. Ведаеш, прапанавалі мне нядрэнную работу, у праўленні рамесніцкай арцелі, ну, у той, якую кпліва завуць «Дзяры-бяры». Пагутарыў быў са старшынёй праўлення, дамовіліся. Меўся пазваніць мне і паведаміць, калі гэта магу перайсці па работу да іх. Але не пазваніў. Чорт з ім!

Не буду жабраваць! Не пайду ў той калідор, каб стукацца ў дзверы з шыльдачкай «Старшыня», адстойвацца пад імі колькі хвілін, бо якраз знаходзіцца ў старшыні напахнёная сакратарачка або шумлівы кліент, які толькі і ведае той бяды, што нямодна пашылі яму нагавіцы. Не хачу ўваходзіць за тыя дзверы, за якімі надзіва прыгожа і ўтульна, быццам у кватэры ля засмечанай вулічкі, ды вітацца з тыпам, што ласкава вылезе з-за стала, з-за пісьмовага стала, і працямкае нязначную гутарку з табою аб тым, як гэта вельмі добра зрабіў я, заходзячы даведацца наконт новай работы, бо — на жаль — будзе яна не ад паўгоддзя, але ад чацвёртага квартала, калі ўсталюецца план штатаў. Трэба быць дурнем з птушынай наіўнасцю, каб паверыць ягоным абяцанням! Цябе не хочуць тут, і ніколі табе не зразумець таго, чаму гэта так зводзяць, не кажуць праўды, ды яшчэ цягнуць за язык: як вам працуецца, пан Антошка, і ці можаце яшчэ крыху пабыць на гэтай, цяперашняй, рабоце?! Не адкажаш, што добра адчуваеш сябе. Вымушаны трохі панаракаць на дырэктара і на міжчалавечыя адносіны, а гэты, самаўпэўнены ў сабе тып, рассеўшыся за шырокім сталом на па-дзявочаму зграбненькіх ножках, будзе глядзець табе ў вочы, быццам намерваючыся сказаць: а ў нас, думаеш, іначай! Разлічваеш на лепшае? Уцякаеш? Уцячэш і ад нас, пабяжыш у іншае месца і, каб дастацца туды, будзеш там гэтаксама плявузгаць і на мяне, як цяпер — на дырэктара. Зрэшты — будуць гаварыць табе вочы старшыні, — патрэбны нам свае людзі. Разумееце — свае! Гэта важней, чымсьці вашы высокія кваліфікацыі... Не, пайсці да старшыні ды дапытвацца, як з новай работай, гэта ўжо жабраніна! Мо калісьці гэта і зраблю, але не цяпер. Замнога ў мяне злосці накіпела! Таму застаюся я ў дырэкцыі, прыняўшы тое, што далі — горшае, але без ласкі.

Гэта вялікая справа — не заставацца нікому ўдзячным.

Як першая ўмова годнаснага жыцця!

Ведаеш — іначай сталі адносіцца да мяне. Так, быццам гэта ты ўжо робіш камусьці ласку, працуючы на мізэрнай пасадзе... Кажаш — трачу матэрыяльна. Не, не трачу: маю час на халтуру. Зарабляю, як бы не хочучы...

Аб чым я думаю? Як далей жыць? Уяві сабе, што я думаю пра тое, каб накупіць у кватэру першакласнай мэблі, вянгерскі тэлевізар, дыван, бы ў кабінеце дырэктара, крэслы, хіба нямецкія, у дзверы ўманціраваць назіральнае шкло (жабракі валочацца), выменяць аўтаматычны замок, абсталяваць новы тып газавай пліты, югаслаўскі, з тэрмарэгулятарамі, халадзільную шафу французскага вырабу, міксеры і ўсенькас такое, выгоднае смяццё... Ага, яшчэ і бібліятэчку! Маці казала: была я неяк у Марысі, што жыве ля Наваградской вуліцы, а ў яе, бачу, шклёная бібліятэчка з кніжкамі — карычневымі, блакітнымі, ружовымі, жаўцюткімі, пурпуровымі, малінавымі. I крыштальныя чаркі на высокіх ножках, на залочаным падносе, ха-хах-ха-ха... Маючы такую бібліятэку, можна жаніцца, ну, не? Жонцы не будзе сорамна за мяне... Я не жартую: такія ў Беластоку правілы гульні ў саліднае жыццё.

Цікава, што пасля абеду я забываю аб планах. I наогул вельмі не люблю таго, хто гаворыць пра іх! Яны, відаць, досыць чужыя маёй прыродзе. А яшчэ, магчыма, не люблю іх і таму, што ўпершыню сутыкнуўся з імі далёка, аж у Беластоку... Не, я хіба памыляюся... Планавалі бацькі. Але іх планаванне было не падобнае да нашага. Яны не столькі планавалі, колькі мусілі намагацца, каб пабудаваць гумно, купіць карову, перакрьшь дах, набыць кавалак зямлі... Мы, іх дзеці, плануем не дзеля таго, каб жыць, але дзеля — хочацца сказаць — раскошы. У нас няма праблемы кавалка хлеба.

Ці не здаецца табе, што злосць маці на мяне пачынаецца ад вялікапанскіх або купецкіх пакояў? Цінельга ёй, гэтай злосці, стварыць наступны дэсігнат: мой сын, Андрэй Антошка, можа быць, як вялікі пан Дзерма-Дзермакавецкі, у раскошных пакоях, але, дурань, чамусьці не хоча таго? Пан Дзерма-Дзермакавецкі быў, несумненна, разумным чалавекам, бо смачна еў і мякка спаў. Толькі дурань жыве, як бедныя людзі!

Калі ажанюся, у нас будзе дачка, і ахрысцім яе Ёля. Па-панску! У адказ на твае зласлівыя заўвагі наконт гэтага імя, мая жонка вытлумачыць, растлумачыць: вясковыя імёны цяжка вымаўляць у Беластоку, не будзем жа дзіця марнаваць імем, з якога ўсе смяяліся б. Звярні ўвагу — усе, з вёскі — таксама. Потым наша Ёля, будучы ў шостым класе, прыгожа намалюе ружу. Зробіць гэта на нас ашаламляючае ўражанне. Расхваляваная жонка прыбяжыць да мяне і пачне гаварыць: паглядзі, Андрэюню, як наша дачка цудоўна малюе — зрабі захады, каб падрыхтаваць ёй месца ў Мастацкім ліцэі, у Супраслі. Факт, у яе ўзросце я нават каровы не мог намаляваць. Не ведаю, як жонка... Словам, ружа — гэта табе не карова! А ў дзень майго нараджэння Ёля прытэпае да мяне ранютка. I з гваздзікай, купленай увечары папярэдняга дня жонкай, ды скажа: шчашча табе і здароўя, міленькі папанька! Не татанька — папанька! Так называюць сваіх бацькоў дочкі і сыны ў кінафільмах пра даўняе жыццё ў дварах і салонах... Так міла: пан бацька, пані маці, вельмі прашу цябе, матуленька, прабачыць мне... Праўда, што слёзы коцяцца з вачэй.

Ёля на трэцім годзіку жыцця будзе ўжо ведаць, што бацьку трэба віншаваць з днём нараджэння, што трэба быць удзячным, што... Ды паогул, разумееш, я так сабе падумаў у гэту хвілю, што вялікае пачынаецца ад малога. Я б сказаў, ад начнога гаршчка. Не жартую! Разумееш? Усё-такі мы самасеі...


АПАВЯДАННІ


ТАНЯ
І.

Вясна, як толькі памятаў Юрка, прыходзіла з-за Лапіцкіх пагоркаў. Так і тады — ужо колькі дзён дзьмуў у даліну цёплы вецер і нізка кудлаціліся хмары. Час-часом высвечвала сонца, і ад таго ралля мацней чарнела і бліскала ў вочы беллю снегу ў разорах. А на Глінішчы снег быў як бы некрануты; ён ляжыць там заўсёды доўга, нарэшце ўтвараючы маленечкае блакітнае паазер'е з незасыпаных старых ямаў на бульбу, якое высыхала недзе ў першае сенаванне, пакідаючы пасля густую махавіну макрыцы. Далей, за могілкамі і пад Разбойнікам, глеба не вызвалялася — ці мо здавалася гэтак ад далечыні, — вясна заходзіла туды, відаць, потым.

На Доўгім выгане снег, бы развэдзганая смятана, плямамі, усярэдзіне якіх цямнела западзінамі вада, яшчэ добра трымаўся на дарозе, паміж уледзянелымі каляінамі. Там нехта ехаў санямі; конь, быццам разумнае стварэнне, марудна цягнуў, апусціўшы галаву. Чалавек ішоў побач, растапырваючыся на коўзкім.

Вёска не тое што ўперлася ў Лапіцкія пагоркі, але як бы і выходзіла на іх, усё роўна бы баючыся таго глыбокага рову, гуллівага ў веснаходдзе, над якім трываў масток, асабліва самотны ўвечары, у сакавіцкае беспрасвецце.

Юрка, засынаючы, чуў праз вячорную мітусню бацькоў вадаспадзісты шум, які ўдзень, калі стаяць на тым мастку з ненадзейнымі парэнчамі, слухаеш як песню вясны, што ўяўляецца квяцістым анёлам па-над палямі. У другім класе, памятае, намаляваў гэтую паню — ва ўквечанай сукні, з жаўрукамі... Сніліся карабельчыкі. Яны плылі выганскай муццю ў Свіслач, далей — глыбачэзным Нёманам у мора, да сонечнае Францыі, на берагах якой сумны Напалеон нецярпліва чагосьці чакае. Некаторыя з іх гінулі ў бурах ля горскае Грузіі з арліным замкам царыцы Тамары, па-нябеснаму прыгожай, не бабы і, нават, не дзяўчыны, і якую назваць цудоўна прываблівай было б усё яшчэ зневажэннем яе.

Упоранкі спяваў шпак на бярозе, заінелай, у самюткім закутку падворышча, за калодамі з грубай карою, з якое ніяк не ўдаваліся Юрку падводныя лодкі. Тут, у шчыліну, зарослую крапівою, упаў яму добры шаўцоўскі нож, якога адразу не мог, ведама, дастаць назад і з часам забыўся аб ім. У гэтае прадвесне Юрка, шныпарачы па гарышчы, угледзеў у матчыным куфры кніжку са скурападобнымі вокладкамі, якая выдалася яму кавалкам нечага смачнога. З малюнкамі непраўдападобных гораў, высокіх руінаў у жывых туманах, жанчынаў у іконным адзенні і са святымі тварамі. Напісаў яе Лермантаў, панская фатаграфія якога была напачатку, — вусаты, у мундзіры, прапахлым бабулінымі яблыкамі-папяроўкамі, спасаўкамі; вершьі, не вельмі зразумелыя, запамяталіся Юрку сваім незямным настроем. Страшнавата было чытаць іх.

...Перш зелянелася рунь у полі, жыты. Гусценька здалёку. За які-небудзь тыдзень зямля выпўскала першыя парасткі травы пад платамі, камянямі, у зацішных месцавінах каля гумнаў, дзе прыгравала сонца. Дзеці рвалі буйнейшыя сцяблінкі, жавалі іх, і хтосьці ўспамінаў пра бярозавы сок: як і калі спускаць яго, халадзісты ды салодкі. Спрачаліся, даводзілі адзін аднаму сваё, аж зладзеяваты Адоль раптам выкрыкваў: «Хлопцы, вароны робяць гнёзды!», і гурмою беглі да Антыфонавых дрэў, цераз грузкія агароды, правальваючыся на аселіцы, але так ніхто і не наважыўся ўзлезці на верхавіну вяза, на якім крычалі чорныя птушкі, ганебна крапаючы нам пякучым памётам на галовы. Юрка знаходзіў на-брынялую палку на загоне Гарбузіхі і кідаў ёю ў амялу гняздоўя, выклікаючы гэтым лапатанне крылаў, упартае, бы цётчыны свары.

На прызбе загачанай па ваконцы Антыфонавай хаты грэў свае косці Шурка. Глухі — з выбітым на вайне вокам і прыдурэлы, брусілаўскі салдат, артылерыст, абвешаны крыжамі герой, сярдзіты чалавек, якому любілі дакучаць дзеці, Ён, сапраўды глухаваты, не пачуў птушынага вэрхалу і не адразу згледзеў быў падшыванцаў, каб прагнаць іх, палохаючы пакручастай кульба-каю. Юрку, уцякаючы ад Глухога, першы раз зрабілася проста— сорамна.


* * *

У той год, у жніво, Глухога Шурку забіў аўтобус. Ён наглядаў за братавымі малымі, старэйшага хлопчыка вучыў ездзіць на веласіпедзе, паказваў яму, і з горкі ля склепа выехаў на вуліцу, трапіў якраз пад колы машыпы, насупраць Шыманчыкавай студні; шафёр казаў: выскачыў на мяне з-за куста бэзу, з варотаў...


II.

Юрка падышоў да акна. Бацька стаяў каля сяней і глядзеў, як сусед зачыняе хлеў.

На канцы вечаровай дарогі, абломленай мускулістым бугром, нешта гуло, быццам вялізны чмель... Выпаўзаў стары грузавік, прыстасаваны для перавозу пасажыраў. Дзівосная буда, па-хатняму ашаляваная ды з акенцамі! Гэта яе называлі аўтобусам.

На прыпынку пасыпаліся з таго аўтобуса людзі, валюхаючыся ў гразі. Шафёр, усё роўна што адкалоўшыся ад ягонага выгаблеванага боку, наблізіўся да задняга кола ды стукнуў у яго ботам. Трохі пастаяў, закурыў, цаазіраўся, клікнуў да сябе кандуктара і — Юрка выразна пачуў — накрычаў на гэтага чалавека:

— Слухай, пан, калі яшчэ раз мне набярэш гэтулькі людзей, дык, яй-богу, павязеш іх на сваім гарбе! Во, паглядзі, пан, як колы асядаюць.

Кандуктар адказаў шафёру чамусьці, як той Адоль: прыкідваючыся спалоханым. Так, прынамсі, здалося Юрку. Затым — Юрка сачыў іх — яны адышліся ўбок, зашапталі адзін аднаму, пачалі рагатаць, ажно енчыць, хапаючыся за жываты. Пайшлі, а як жа, да Абцасіка, чырвананосага шаўца і карцёжніка. Ім трэба было, відаць, не так паесці, як зрабіць па чарцы ды згуляць у ачко.

Пры вячэры бацька гаварыў да маці:

— Няма каму пасвіць кароў. Пастухі ў Беластоку панамі... Смяюцца з гаспадара. — Дадаў: — Што гэта будзе: кожны панам хоча быць!

Маці разявіла рот, каб сказаць, і папярхнулася, закашлялася да слёз.

Юрку было прыкра ад бацькавых слоў. Ад гэтага яго намёку на жаданне сына падацца ў рамесную школу, у беластоцкую.

Была ўжо вясна, але начамі яшчэ наскоквалі прымаразкі. Сёй-той выганяў кароў на пашу, спачатку на Доўгі выган. На ўсю вёску быў цяпер адзін пастух, Супрун, і таму іншы раз даводзілася пасвіць статак самім. Чаргою, як казаў Антыфон. Гэта ён паддабрыўся да Юркавага бацькі: «Тваю чаргу, Антошка, зробімо ў нядзелю, і ты пашлі з каровамі свайго вучня, няхай ён сам па-пасе».

...Перад узыходам сонца ў полі Юрку ўпершыню здалося, што, каб не далёкі спеў пеўняў, можна было б ашалець ад страху, ад уражання, быццам усенька навокал заснула вечным сном! Гэткі страх здзівіў яго. Ен ніколі дагэтуль не перажываў такога. Могілкі і тыя ўяўляліся яму нечым амаль забаўным... Чужы Беласток з хатамі, у якіх добрыя саламяныя стрэхі, дбайна ўкладзеныя, з пабеленымі камінамі; уздоўж шырокіх тратуараў з натоўпамі людзей, пастухоў-зладзеяў, парабкаў-гультаёў, краўцоў-гарбацікаў, шаўцоў-п'яніцаў, крамнікаў-ашуканцаў. Яны смяюцца з бацькі, які крочыць сярэдзінаю вуліцы адзін-адзінюткі ды неразумна трасе на ўсіх гірападобным кулаком. «Падлы вы!!!» — выкрыквае на іх бацька. А яны дражняцца з ім: «Гэй! Гэй-гэй!! Гэ-ээ-эйііі!!!»

Юрка расплюшчыў вочы.

Цераз іскрыстае ад расы канюшынішча ішоў нехта высокі, як Антыфон, і крычаў:

— Гэй, як ты пасеш?! Гэй, каровы ў канюшыне — паўздуваюцца! Прападзе жывіна, чуеш, зараза?!

Гэта быў чалавек з задрыпанага Гаспорскага хутара, і яму, па праўдзе кажучы, можна было напляваць на няшчасце з не ягонымі, вясковымі, каровамі. Ён, пабачыўшы, што Юрка заварушыўся, павярнуў назад, да каня, якога з плугам пакінуў ля лазнякоў у Жаўручыным лужку.

Бытта справядлівае пакаранне, здула неўзабаве Шашка, сваю кароўку: стаяла казачна жудаснай кошкаю, што ўгледзела тлустую асеннюю мыш. Юрка сцебануў Шашка пугаю, біў і біў непавараткую быдляціну, надрывіста плачучы. Бачылі гэта дзяўчаты ды хлопцы, што ішлі дарогаю ў царкву.


* * *

Пасля таго як Юрка ўпусціў кароў у канюшыну, яму вельмі зажадалася стаць слёсарам, механікам пры маторах, і ён, варочаючыся са школы, хуценька абедаў ды ішоў з кніжкамі ў гумно, дзе залягаў на гладкіх снапах, прыхаваных бацькам на паркі дзеля новай страхі, у апусцелым прыстаранку, і там вучыўся да сутоння, дагэтуль троечны вучань пані Яроцкай...


ІІІ.

Юрка, як і бальшыня хлопцаў, быў за тое, каб вучыцца ў механічным тэхнікуме.

— Добра, — сказала настаўніца. Яна пахваліла: — Добры выбар: мужчынская прафесія... — Расказала пра свайго брата, механіка ў горадзе.

У класе стала цудоўна. На перапынак выйшлі адны дзяўчаты, крыху як бы з крыўдай у вачах за тое, што аказаліся яны нецікавымі.

— I я ў тэхнікум, — азвалася дачка солтыса, але яе ніхто не сдухаў.

Сябры склаліся грашыма, за якія накупілі цукерак у крамцы Лукашэвіча. Затым зайшлі ў маянтковыя зараснікі, што за фундаментамі спаленага. палаца, там параскладалі ласунак на чысценька павырываныя лапухі, падзяліліся ім пароўну, расселіся ў здзічэлых травах, дзіўных, шляхотнага вырасту, відаць, паркавых, ды елі, непрыстойна смокчучы па-парасячаму. Расказвалі сабе аб тым, як гэта хораша быць механікам. Хтосьці згледзеў пад разбуранай абораю паржавелыя колы, аселыя ў зямлю зубачы, і дружна пабеглі туды.

На заканчэнне навучальнага года адбылася вечарына выпускнікоў, на якую запрасілі вучаніц ды вучняў, што перайшлі ў сёмы. Маці спякла пірог, пазычыла талерак, а бацька — дзіва над дзівамі! — прыдбаў бутэльку хвалёнага першаку. Загадчык школы, увесь святочны, сыпаў каляровымі словамі, даручаючы старанна павыпісваныя пасведчанні з арлінымі пячаткамі. Юрка адчуваў сябе як пасля споведзі — абмытым і галодным.

За багата застаўленым сталом — дзеці з бацькамі, па-вясельнаму, з немалым гонарам, а дзе хто і фанабэрліва. Настаўпікі спрабавалі жартаваць, хацелі таварыскай цеплыні, беспасярэднасці, настаўніцы загаворвалі да мацярок гадунцоў, але так нічога і не выходзіла. Мужчыны клялі ў душы гэты панскі баль, не могучы напіцца ды пабуяніць: саромеліся вучаных. Якая тут суполка — адных, што ўважаюць сябе цёмнымі, з тымі, што адукаваныя? Дзяўчаты з хлапцамі таксама не натанцаваліся, хоць сам Пекны Лёнік іграў, а пані Яроцкая заахвочвала да белага вальса: «Таня, Кіра, давайце бавіцца... Усе!»

Таніна маці расселася, бы Лапаціха з Новай Вёскі на вячорках. Здавалася, так і назаве нейкага хлопца матавілам, так і ахрысціць нечыю дачку вышчаркаю. Юрку нясцерпна хацелася выбегчы адсюль у Грабняк і там кідаць шышкамі ў вавёрак, з'язджаць на задку з пясчаністае стромы аж да самых віроў ля даўняга млынішча, распрануцца дагала ды нырнуць у крынічна халодную глыбіню пад палямі з зялёнымі бародамі водарасцяў або ўзбегчы на гару, на Шыбеніцу, і адтуль галёкаць — то ў бок Разбойніка, то на Гаспораў хутар, то па-над Глінішчам, то да аціхлае вёскі: «Гото-гоо-оо!»

— У панядзелак трэ будзе абкідаць бульбу ў Александроўцы, — сказаў бацька, калі завідна варочаліся дамоў Школьным завулкам.


* * *

Юрку да таго ж стала ненавіднай бацькоўская хата, што ён адразу спацеў ад аднае толькі думкі, што можа праваліцца на ўступным экзамене ды нікуды не пойдзе вучыцца далей. Яму беспрычынна ўспомнілася, што казаў п'яны Антыфон: вока Глухому Шурку выбіў ягоны сын, а не немец на фронце ў першую вайну...


ІV.

У дзень экзамену, у шарую рань, аўтобусная буда на прыпынку нагадвала сабою замалы вулей, ля якога раіліся чалавекападобныя стварэнні. Піскі, крыкі, лямант, бязладная сварлівая гутарка, мітусня. «Няхай Бог сцеражэ!..» — паўтарала маці, і Юрка, ужо ў дарозе, зразумеў, што яна страшэнна хвалявалася: кандуктар браў грошы і ад тых, якія не дабіліся да дзвярэй у калатнечы і ціску, што пагражаў ламаннем скабаў.

Апошнімі да запацелага грузу даляпіліся солтыс з дачкою. Юрка задыхаўся яшчэ і ад смуроду бензіну; прыціснуты да прагорклых махорыцаю грудзей некага, безнадзейнага, таропіўся то на вялікі гузік, то на зацыраваную дзірку над ім. Вышэй не бачыў.

Рука дранцвела ад пакунка, баялася кінуць яго пад ногі. Угары грымелі прастуджаныя галасы, салоныя жарты. Яму да млеўкасці займала дух ад гайданкі на калдобінах.

Ехалася Юрку, як таму сабацы ў скрыні.

Калі не меў чым дыхаць, цямнела ў вачах, і ўсё выдалася жахлівым сном, мужчыны загаварылі пра беластоцкія хаты. Было гэта як подых паветра, як намочаны ў сцюдзёнай вадзе ручнік у спякотнае лета... Божа, не прычакаць канца!

З ног прападалі рэшткі сілаў, кропелька па кропельцы...

Цэлаю вучнёўскай хеўраю, удзесяцёх, апынуліся ў Беластоку, неверагодна чужым, хоць і раней вядомым з апавяданняў спекулянтаў і тых, што варочаліся з ваенных вывазаў у Нямеччыну. У выпаленым цэнтры з мілымі воку асотамі на цагляных пустэчах паклыгалі шукаць той тэхнікум на Сасновай, слухаючы солтыса і нават ягонае дачкі. Быццам выгнаныя ў свет. З першымі ўколамі іншага, пакуль нязведанага неспакою.

...Іх завялі ў каменную залу з каланадаю, бы ў касцёл. Неўзабаве старых, што папрыязджалі разам з дзецьмі, папрасілі выйсці на двор, і нейкі настаўнік, такі пыхлівы і, адначасна, надта ж падобны да цырульніка з блішчастай прычоскаю, абвесціў — яго словы так і пахлі, так і пахлі адэкалонам, — аб блізкім пачатку экзамену. На чорнай дошцы — урачыста — выпісаў ён пісьмовыя пытанні. Калі тлум вучняў размеркаваўся па адной асобе за кожным столікам, памочнік экзаменатара, чалавек з тварам бывалага парабка, хутка раздаў усім карткі міністэрскае паперы з чырвонымі прадаўгаватымі штампамі. Юрка, учытваючыся ў сваё напісанае, не мог пазбыцца вачэй маці, — нібы яна глядзела на яго...

Перад ад'ездам у вёску, узбуджаныя, пад добраахвотным старшыняваннем солтыса, знайшлі ўтульную мясціну і супольна спажывалі харчы, выклаўшы ўсё на вышываную сурвэтку аднаго з хлопцаў. За калючым жываплоццем чортапалоху буяніў горад, але ягоны шум ужо не быў такім бяссэнсавым, як гэта адчувалася імі спярша.


* * *

Юркаў бацька меў рацыю, калі казаў, што ў горадзе кожны дзень — свята.

Юрка думаў пра Беласток без ранейшае яснасці.


V.

У корм свінням мяшалі конскі памёт.

Юрка збіраў тыя яблыкі, калі добра звечарэла на выгане. Цяпер ён адчуваў усю прыніжанасць гэткага занятку, з'едліва смяяўся сам сабе з таго, як нядаўна спаборнічаў з сябрамі — хто болей. Ціхнулі гумны. Слепнякі хатаў, у чымсьці пустэльныя агеньчыкі ў іх вокнах, свяцілі не далей як да кустоў бэзу ў заплоцці.

Юрка лічыў дні да свайго выезду ў Беласток, на навуку. Экзамен у тэхнікум ён здаў і быў гэтым не то ашаломлены, не то прыпалоханы.

Маці сказала:

— Юрачка, хлопчык мой, шануй ты адзенне. Шануй, хлопчык. — Ад ласкавых слоў яе, наагул суровае жанчыны, рабілася яму ніякавата.

Мераючы касцюмік з даматканага, шарупаватага, матэрыя-лу, Юрка са злосцю прыкмячаў, што нагавіцы пашылі яму навырост, і ён дамогся ў маці, каб іх трохі падкарацілі.

Пад ложкам, у пакоі, стаялі новенькія чаравікі. Ён начышчаў іх, ад нецярплівасці марнуючы ваксу, падпільнаваўшы, калі бацька сабраўся ў поле або на рынак; стары думаў, чым заплаціць Абцасіку за работу.

Усяго раз Юрку выдалася, што ў нечым пакрыўдзіў ён бацькоў і што маці сярдуе якраз на яго.

Прычакаў таго апошняга з апошніх дня і ночы ў бацькоўскай вясковай хаце.

Прыснілася яму, быццам ён ужо едзе ў Беласток — фурманкаю, забытымі гасцінцамі, нацянькі. Паганяе каня. Дарога... Юрка ніколі не быў у доўгай дарозе. Сабакі ў сустрэчных вёсках брэшуць: «Едзь! едзь! едзь? едзь!» Іх брэх — як злосць зайздрослівага сябра. Рушыўся Юрка ўвечары, калі на каляіны церусілася святло ночы. Малая Мядзведзіца, у бестурбоцці задраўшьі хвост, гайсала па нябёсах, скідаючы на зямлю дурнень-кія зоркі, ажно перапыніў ейную гульню месяц, які спакойна ўзышоў на дах леснічоўскай вартоўні і рассмяяўся смехам бацькі са свайго дзіцяці, што з забаўнай бессаромнасцю вычаўпляе пры чужых.

Месяц узяўся наводзіць парадкі. І ў лесе, і ў заполі, і на вярстовай далечы. Зазіраў пад стаўбунаватыя ядлоўцы, будзіў там зайца-сплюха, і пужаў яснотаю ваўка-забойцу, і супакойваў совы-брыдулі, знепакоеныя павіднеласцю. Ён як бы ішоў шляхам наперадзе, паказваючы ўхабіны, глыбокія лужыны, каменне, пагорбленае ад пабояў каранёўе... Дражніўся, гладкатвары, з рэчкай Сакалдою, прыгажуняю сярод лугоў, ад чаго раздражнена маўчалі сосны на Копнай гары. Воз натужліва намотваў далечыню, спіцамі перасякаючы пясок або нездаволена крэкчучы ў макрэдзінах; іншы раз, быццам пабрыкваў або ўздыхаў, і ўсё роўна што спрабоўваў пагаманіць з навіслым галлём, кідаючы ў глуш кароткае рэха, якое нагадвала соннае клекатанне бусла ў гняздзе з малымі... У верхавінах цікаваў вецер, гэты задзіра, які, ад няма чаго рабіць, абрываў шышкі ды абломваў сушняк. А вось і прасека, бы нейкая вуліца, бачаная са стоенымі будынінамі, што вытрашчыліся шклянымі бельмамі ганкаў, утульных ды з усходкамі да чыстых дзвярэй. «У-у-ця-ця-кае-е-еес... у-у-уця-цяка-ее-ееее-е... уця-кае...» — заікліва піпшэлі воссі. «Ш-шш-Што?!» — перапытала галінка, пяшчотна кальнуўшы Юрку ў вуха. «Так-так-так-так» — траскацелі колы. Лес кінуў свае справы, а той ветрык разявіўся ў анямеласці. «Чаму-уу?... чаму-ууу?» — гукала сава, птушыная наслядоўніца мудрасці. «Так-так трэ-эба!.. так-так трэ-эба!.. так-так.» — недзе дзерлася паганая птаха, задаволеная, што, нарэшце, трапілася ёй прыкрае. Прылезла звалацужаная хмара, звабленая гвалтам, і, таксама сваё, прагрымела: «Ка-а-а-аб я-аа тва-ай-го-ооо сле-ее-еду-ду-ду не-ээ ба-ба-бачы-ыыы-ла-ааа!!!» Юрка здзяжыў клячу. «Едзь!.. едзь!.. едзь!..» — усё чутно было ад вёсак у ваколлі. Знядужэлыя пад восень палі ўжо нічога не казалі. Даўно яны, і першымі, яшчэ ў жніво, пасварыліся былі з Юркам, а пот вочы яму заліваў, ой, і рукі пры снапах жытнёвых млелі ад знямогі. Ад усяго таго неба блакітнае расплакалася дажджамі, наклікаючы сумоту баб'яга лета.

Вось-ка елачкі назбягаліся да дарогі: «Юрачак... Юрачак... Юрачак...» Дзе-нідзе бярэзіны, абражаныя, бялелі, распусціўшы косы. Дуб, гняўлівы дзед, прабубніў: «Скру-у-уці-і-і шшы-ыю-юю!» Асіна ж пасмяялася з елачак-верачак. «Ла-ссс-с-скі прос-с-ссс-сі-ііі-іце?!» Гонкія сосны — тыя хісталіся, нібы маліліся. Іхныя сёстры, яліны, па-матчынаму цямлелі ў жаданні яму шчаслівага падарожжа, як дзіцяці роднаму, якому грэх зычыць зло.

Адны яны пагадзіліся з Юркам, атуляючы яго супакоем надзеі і хаваючы ад яго чорны смутак. Не прасілі аб памяці... Правялі хлопца да першых хат Беластока, доўга стаялі навідавоку. «Пайшлі вон!»"— вылаяўся на іх горад, па-зладзейску міргнуў да Юркі і папытаўся: «Маеш закурыць? Дасі, га? Хі-хі-хі...»

Юрка прачнуўся.

Са шчылінаў дзвярэй ад кухні цадзіўся бляск лямпы. Ноч ужо абцякала з вішань ля акна і раеплывалася ў запушчаным малінніку. Высыхала неба, і на ім белым кужалем харашэў дзень.

— Не спіш, Юрачак? — маці ціхмян наблізілася да ягоных вачэй і адвярнулася некуды.

Яна выязджала разам з ім.

Бацька курыў у задуменні.

У аўтобус не селі... Трэба было запрагаць каня.


* * *

Гэты сон успомніцца Юрку праз шмат гадоў пасля таго, як закончыць ён школу. Была, здаецца, нейкая п'янка, — не, адбывалася вяселле ў Багноўцы, якая далучана да Беластока. Якіясьці пустадомкі на ім, з інтэлігенцкімі бародамі, круцілі насамі на попахі ад свежаўгноенага прысядзібнага ўчастка за тым будынкам, у якім ладзілі гасцям музыкі, і яны дэкламавалі зласлі-вячы, згіджанае некім дурным нешта з пушкінскага вопісу вёскі, вядома, пад разбэшчаны рогат, такі чырванаморды, вазацкі...

Адзіным, хто абразіўся на іх, быў менавіта Юрка.


VI.

Першага верасня пяцідзесятага года па высокім чыгуначным палатне ад вуліцы Смольнай у кірунку цэнтральнага вакзала ішлі маці і сын. Яны з вёскі, гэта відаць па іхным адзенні і па тым, што хлопец загаварыў быў па-беларуску.

Быў гэта Юрка. Ён праводзіў маці да цягніка ды абяцаў ёй пісаць дамоў, прыехаць дапамагчы капаць бульбу, і на малацьбу ў глыбокую восень, калі ўдараць маразы... Абяцаўся акуратна вучыцца.

Старая плакала неяк нястрымна, развітальна, і ў Юркі таксама пасыпаліся слёзы, відаць, таму, што, не зважаючы на радасць, неспадзявана ўцяміў: адзін-адзінюсенькі застаюся! Аб адзіноце не думалася ў вёсцы, яно тады не заўважаецца, яго там, магчыма, і зусім няма... А горад вялікі, і Юрка ў ім — сіратою. Маці пакінула яму бохан хлеба і сушаную каўбасу, пакуль абжывецца ў чужой хаце, і абразок Маткі Боскай. I пасцель, ад якое пахла крынічнаю рэчанькай; уяўляліся крыштальная вада, каляровыя каменьчыкі на дне, жоўты ад пяску бераг, пырханне папутаных коней на лузе і залацістыя кветкі ля сіняга люстэрка Анюты, азярочка ў зарослай аерам дрыгве. Ва ўсім гэтым бачыў і сваю маці, як палошча яна хусце ды гукае да яго: «Юрачак, ручнікі паплылі!» А бацька ўязджае возам у глыбокае, каб намачыць колы. Ён неяк з'явіўся з наўсцяж расчыненага паднябесся, што па-над Глінішчам...

Са Смольнай відаць смугу забеластоцкіх лясоў, ад кустоўя нечага па-пад высокаю ў гэтым месцы ваўкавыскаю чыгункаю. Нейкі куст галеў, засцілаючы падножжа лісцямі, усё роўна што надумаўшыся мякка выспацца. Тут было ўтульна, і Юрка любіў заходзіць сюды, ціха паспяваць сабе... Быць у не сваёй кватэры цяжка. Яго дражніў пах, чужы пах, і прытым дзіўны, — мо і не чужы, і не тое што дзіўны... Пах, ад якога рабілася яму нядобра, блага. З часам прызвычаіўся ён да яго і забыў аб ім, калі вырас, ажаніўся ў Беластоку ды прыдбаў уласную кватэру, памаляваную, чысцюткую, шчыльную. Той пах, тыя запахі, як аказалася, былі ад фарбаў, ад безбалагання, ад далікатных кухонных прыправаў. Наймацней пахла, вось, прыправамі.

— Кавалер пасыцеў, — аднойчы сказала гаспадыня, прымаючы са стала пасуду. Яна паглядзела на яго, як на нешта тлустае і смачнае. I гэта Юрку забалела.

Ён гатоў быў пакінуць усё: школу, Беласток і пешшу пайсці адсюль, але цярпліва падлічыў, што да Усіх Святых заставалася дваццаць шэсць сутак, да гэтых перадзімніх канікулаў, гэтулькі, колькі патрэбна літараў, каб скласці імёны маці і бацькі і прозвішча.

Білет купіў напярэдадні.

— Ужо прыехаў? — бацька сек упоцемку дровы пад паветкаю.

— Вылюднеў наш хлопец! — цешылася маці.

А ён малавеле не зайшоўся ад невытлумачальнага жалю — да мужчынскай грубаватасці, да жаночае сардэчнасці.

Пасадзілі Юрку на найлепшай табурэтцы. Размаўлялі з ім, як з гасцём. Гэта, вядома, прыемна, але, мабыць, болей, аднак, прыкра. Неяк не цалкам ты ўжо свой...


* * *

Можна досыць дакладна здагадвацца наконт праўдападоб-нага пачатку сталасці ў чалавеку, ягонага, наагул хуткага, выспявання ў юначыя гады, якія ашаламляюць, бы цвет чаромхі ў майскую пару. I ў Юркі вязалася гэта з праявамі шанавання яго з боку бацькоў, прызнавання імі таго, што ў ім ёсць нешта такое, чаго не было і няма ў іх і ў каго іншага. Адбываецца тое, пераважна, нечакана ды ў настроі неназванага суму, нават адчужанасці.


VII.

Юрка, хутчэй з нудоты ў царкве, азірнуўся на хор, што выспеўваў незразумелае, і яго зрок спатыкнуўся на ўсмешцы, прамяністай, як бляск расінкі на жытнёвай сцяблінцы, калі спяваюць жаўрукі і ўрачысцее ў прасторах. Усміхалася дзяўчына, пра якую неяк ведаў, што яна завецца Таня і будзе ёй, пэўна, чатырнаццаць гадоў. Сваю ўвагу кіравала Таня некуды па-над ім; наўкола кленчылі ды ўставалі, хрысціліся і шапталіся, пасоўваліся ўзад або наперад, быццам нешта бралі, хавалі за пазухі, выносілі.

Па звароце з царквы, дома, маці распытвалася ў Юркі пра рознае аб ягоным побыце ў Беластоку. Ён адказваў ёй няўважліва, халадзеючы пры ўспаміне аб горадзе і сваім тэхнікуме, суме па доме і сябрах.

Ён уцёк з кухні на гарышча, дзе смяяўся невядома чаго. Выбраўся да гумна па сечку карове, забіўся ў застаронак з сенам і спяваў «Вочы чорныя». Песні неўмеў, памятаў адны пачатковыя словы, але яму хапала і гэтага. У варотах з'явіўся бандзюкаваты Адоль і папытаўся:

— Дзе ты напіўся?

Юрка нешта наплёў яму і папрасіў:

— Дай, Адолік, махоркі.

Адвячоркам вёску так укрыў туман, што здавалася, няма чым дыхаць. Будынкі ўзвышаліся накшталт гмахаў, і ад нязвычнае цішы было ўражанне, што ты аглох.

Страх вырастаў яшчэ і ад даўгога святла з вокнаў, якое нагадвала пражэктары падводнага чаўна капітана Нэма; рыбінаю, што затаілася, мігцеў на падворышчы, Антыфона не прыхаваны плуг, лямешыца... Ад Танінай хаты, яе франтоннага венецыянскага акна, струменіўся бляск у сад і на вуліцу, ад чаго іскаркамі пераліваліся слязінкі марусечы на голлях. Блізка захліснуўся дзявочы смех, у весніцах замаячылі постаці, тры ці чатыры. Астатняй выходзіла Таня, Юрка адразу пазнаў яе, ягоныя вочы зашалелі, усе дзяўчаты зліліся яму ў адну, нерэальную ды з іконным тварам. Трывога, як нечуваная радасць, пагнала Юрку ў нейкі завулак, завяла ў панурыя закуткі ля выгану. Ён убіўся ў нечыя палаты, агароды, без аніякага одуму расплакаўся —скавытліва, як бы прычытваючы: «Чаго я, дурань?, Ну чаго?!» За парканам насцярожана забрахаў сабака, і гэта памагло Юрку сяк-так апамятацца: ён засаромеўся свае слабасці, быццам асмешаная малеча.

Ён выбіўся ізноў да Танінага дому, каля якага ўжо ні жывой душы, і намагаўся аднавіць з памяці ўсё, што здарылася. Юрку гэта не ўдавалася — ён пачаў сумнявацца ў сапраўднасці таго, што так нядаўна бачыў і перажыў. Разумеў, што вось апякае яго першае каханне, пра якое начытаўся ў кніжках і наслухаўся, каханне да дзяўчыны, якая яшчэ і не стала дзяўчынаю, несвядомай свае прыгажосці, яшчэ расці ёй і расці, квітнець цудоўнаю ружаю як найдалей ад усякіх людскіх узбалоткаў. I толькі адно пачуццё павінна быць ёй суджана: захапленне, такое, без якога Юрка не зможа жыць, як дарослы, як той, якому трэба заваяваць свет цэлы дзеля аднаго-адзінюткага яе імя, і дзеля якога ён гатоў апусціцца ў неіснаванне, стацца тою кропелькай на вішнёвай галінцы пад акном, згінуць у неабдымнасці прыроды, з тым чароўным перакананнем, што ўсялякае шчасце, якое чакае Таню, ад яго яно будзе і ад нікога болей, аб чым таксама, апрача яе, ніхто і не даведаецца.

Юрку, як і кожнаму ў ягоным узросце, вядома, снілася аголеная распуста, але ні разу, хоць часамі ён жадаў таго, не здолеў уявіць сабе цела Тані.

* * *

Мы наглядаем, відаць, наступную заканамернасць: першае каханне, як самае бурлівае, ёсць супраціўнае шлюбнаму жыццю, сутнасць якога, гэта грамадска-гаспадарчае аб'яднанне пары людзей, што натуральным чынам пярэчыць усяму таму ўзвышанаму. Гэта праўда, што чалавек бярэцца з пачуццяў, але жыве ён, аднак, розумам, даказваючы тым самым усявечную бяссільнасць сваю ў дачыненні да самога сябе і перамогу над ім звычайнага існавання, якое нязменна пакідае ў нас саміх смак упаду. Ці не таму мы ствараем багоў?

У вылускным класе Юрка ездзіў на экскурсію. У Варшаўскім музеі ён глядзеў на скульптуру Венеры і, вачам веры не даючы, пазнаваў у ёй Таню.


VIII.

Вяртанне на Смольную было яму поўным пакуты, чакання нечага.

Ах, пакінуў бы тэхнікум, махнуў бы рукою на Беласток, які расчароўвае, ды лепш падаўся б у майстэрню слесара Жулкоўскага ў Крынках, дзе, прынамсі, напэўна выйшаў бы ў людзі! Ды не, нельга так. Чамусьці цалкам нельга. Каб не той вясковы смех, каб не тая злосць бацькоў, плач маці, каб, урэшце, і не сябры, якіх цяпер не пазнаць ад іхняй ганарыстасці... Каб — не Таня!

Настаўнікі ставілі Юрку неблагія адзнакі, якімі не было яму перад кім пахваліцца. Ён, праўда, трохі апусціўся пасля Калядаў.

У паездку дамоў Юрка наведаўся быў да Грышы, хоць з ім не надта і дружыў. А меў ён наўвеце вось што: з Грышкавай хаты добра бачылася Таніну.

Віхурыла мяцеліца, заносячы снягоццем платы і па-вар'яцку рагочучы, усё роўна што ўзлезшы на таполю; у кагосьці ляскала дзвярыма. У гэтай яе разбуяненасці нешта як у маладое ўдавы, якой пашанцавала хутка пайсці замуж... Імчала выючая весялосць, са стрымгалоўем і ў поле. Тады мяцеліцу ашукаў мароз і пасунуліся хмары, бы сумленне, і ўжо кожны зноўку мог зразумець тое, што на свеце няма нічога болей сумнага ад адлігі ўночы.

Юрка ўкладваўся спаць позна.

Ён вырашыў стаць усё-такі інжынерам і вынайсці штосьці нікім не адкрытае: каб Зямля не аддалялася ад Сонца, каб круглы год квітнелі сады і каласілася збожжа, каб спявалі жаваранкі і купаліся ў рэчцы дзеці. Каб усенька жывое дзякавала яму, а ён змог сказаць: «Гэта не мая заслуга, гэта — Тані!» А яна здзівілася б: «Мая?» А Юрка ёй: «Так, Танечка!» Яна: «Як гэта мая?» Ен: «Ты — як вясна! Ты — багавіца вясны!»

Юрка заходзіў у кнігарню па вуліцы Кілінскага, у хвасце колішняе Базарнай, і вышукваў кнігі з навукаю аб метэаралогіі, будаўніцтве паркаў, меліярацыі; грубыя тамы, у якіх рабаціла зрок ад матэматычных узораў, рысункаў геаметрычнага аналізу, тэхнічных дадзеных. Юрка зубрыў матэрыял, запамінаў цэлыя старонкі ды раздзелы, бы паэму аб Грузіі, зразумелую пакуль нязвычнай сонечнасцю ў ёй.

Ен, з маленства ненавідзячы лічбінаў, стаў лепшым матэматыкам у класе. Але высцерагаўся прагаварыцца наконт Тані.


* * *

У нашых адносінах да кахання натыкаемся на супярэчнасць: несумненная веліч перажыванняў і нешанаванне іх. Падобнае на тое, што кожны з нас не прызнае адсутнасці высокіх пачуццяў у самога сябе, прагнем іх, як хлеба, як жняя вады ў спякоту!..

Гэтак у нас ад зморанасці паслейшым жыццём?


IX.

На Вялікдзень паехаў Юрка на вяселле дваюраднага брата. Маці дала яму тады аж пятнаццаць злоты на цукеркі дружцы. За сталом дзяўчына касілася на той пакет прысмакаў у ягоных руках; хлопец крадком паглядваў на дружбантаў і рабіў так, як яны.

Пакет ён паклаў ёй у прыпол.

— Што гэта? — запытала яна. — Дзякую! Я люблю цукеркі.

— Гэ-эй! — крычаў сват. — Гэ-э-эй! Дакуль будзем сядзець?! Хадзем танцаваць вальс. Чапляйся!

Бухнуў кароткі рогат, і ўрэзалі музыкі. У Юркі мурашкі бегалі па спіне, саромеўся проста глядзець на сваю дружку. Але асмеліўся, сказаў ён:

— Станцуем?

— Ага, — згадзілася яна. Ды тут жа недзе прапала.

— Дай, Юрка, цукерак! — з'явіўся, бы з-пад зямлі, Грышка. — Дай, дай, не шкадуй, — смяяўся ён не на жарт. — Прыгожая яна? Пакажы, ну, якая, — і разглядаўся з ганка на вясельнікаў, што ішлі вытанцавацца ў нанятай дзеля таго хаце.

— Малы ты, ці што?

— Бач ты яго: вырас!

Юрка недалюбліваў Грышку. Балючай стрэмкаю засела ў ягонай памяці Грышкава зняважлівасць да ўласнае маці. Аб чым жа гаварыць з такім чалавекам, як ён?

Пыліла гулянка. Маладая танцавала са сватам, малады — са старшаю дружкай. Уражвалі вочы — гарачыя не ад уцехі, але ад паспешлівасці, ад таго, каб як мага больш павесяліцца, а не нудзіцца пад сцяною ды глядзець на нечыю радасць, быць усяго сведкай чужой удачы. Круціў польку і Грышка: з віхрастым чубам, з прыглядкаю да дарослых.

Юрка неяк не адразу даглядзеў тое, што ён вытанцоўваў сваё менавіта з Таняю. Так у яго сталася ад непраўдападобнасці здарэння, ад вялікае неспадзяванасці пабачыць яе на музыках. Таню, пакуль не дзяўчыну, не расцвілую кветку, не акрыленую яшчэ, усяго з першымі ледзь прыкметнымі побліскамі ў паглядзе, усё роўна што выпадковы такт музычнае фразы ў гарманіста, які акурат рассядаецца граць, пачырванелую, напэўна, ад гарачыні, ад духоцця, рассмяяную фактычна па-дзіцячаму...

У перапынках між танцамі яна стаяла з Грышкам, і таму Юрка не тое што збаяўся паказвацца перад імі. Яму было звычайна вельмі непрыемна ад таго, ад тае здагадкі, што Грышун, гэты Грышуніска, мог бы западозрыць яго ў пачуццях да яе і потым не сціхаць з насмешкамі.


* * *

Крыўда застаецца. Няма, бадай, болей трывалых пачуццяў за тыя, якія спараджаюць у душы горкае суцішша. У кожнага яно іншае, бы воблік, бы пальцы, бы ўсмешка і позірк, смех, праява ласкі, чуласці, дотык...

Крыўда стварае нам бязвыйсці. Яна настолькі ўладная над намі, што толькі нешматлікія сярод нас гэта заўважаюць ды разумеюць.

Ці каханне ёсць формаю крыўды?..

Юрка, будучы ўжо ў глыбокай сталасці, усё здзіўляўся тымі хвалямі жалю, што ахоплівалі яго на, ўспамін паўзабытае, нават паўлегендарнае яму тады Тані, так і не пабачанай ім пасля таго, калі яна выехала вучыцца ў сярэдняй, затым, пэўна, і ў вышэйшай школе (даходзіў да яго почут пра яе замужжа).


Х.

Самым надакучлівым Юрку прадметам стаўся тэхнічны рысунак. Гарбаты выкладчык выклікаў агульны перапалох.

Уваходзячы ў клас, ён не гаварыў вучням «добры дзень», сядаў у сваё крэсла заўсёды з нейкаю злосцю.

— Сёння мы будзем займацца простымі элемэнтамі. — сказаў аднойчы, устаўшы і пагойдваючыся на пальчыках.

Вучні зашасталі прыладамі для рысавання, пільна ўглядаючыся ў тое, што выкладчык пісаў на чорнай дошцы. Ён штораз адыходзіўся назад, спраўджаў, ці не зрабіў якое памылкі, і зноўку выводзіў крэйдаю лічбіны. Над ягонай сярдзітай і гэтак жа віхрастай галавою ўпарта лётала муха.

Часам быў ён у даволі неблагім настроі і тады любіў пажартаваць, як заўсёды, досыць груба. I гэты раз не абышлося без такога вось жарціку. Вучніскі ажно бляялі ад рогату, але ўсё-такі чуйна, каб у выпадку чаго ўмомант сцяць свае сківіцы.

Юрка ўявіў сабе ганарлівую грымасу Тані і — з надзвычайнай дакладнасцю — ейную хату, якую тут жа, са сканцэнтраванасцю вулічнага маляра пад беластоцкім касцёлам святога Роха, намаляваў. I яшчэ засяродзіўся над партрэтам самое Тані, увесь, у дрыготкім натхненні, калі аглушыў яго крык гэтага настаўніка:

— Зараз жа пакажы мне, што ты чаўпеш там! — ён забаўляўся тым, што захапіў Юрку знянацку. — Што гэта, пытаюся ў цябе?! — тыцнуў валасатым пальцам у намаляванае. — Хочаш быць тэхнікам ці цесляром? А мо жаніцца здумаў ды ўжо хату сабе плануеш? Ты, мабыць, ахвотнік смачна пажыць без навукі... Чаго плачаш? Лепш за задачу бярыся.

Юрка не плакаў, гэта не былі слёзы адчаю. Выкладчык, відаць, таксама сцяміў тое і пры ўсякай нагодзе ставіў хлопцу потым двойкі.

Аднаго лета Юрка з бацькамі жаў на сваім палетку. Смаліла. сонца, і маці папрасіла прынесці вады з крыніцы ў Жаўручыным лужку. Ад пожні дыхцела гарачынёю, быццам з хлебнае печы. Бацька выціраў шапкаю пот і вытрасаў з кішэні размоклы ад таго пачак Папяросаў. Стаяла спякота, якое старыя людзі не памяталі. Юрка перажыў тое жніво, бы сонечны ўдар, таму што Таня тады дала яму адчуць, як зусім не жадае яна сустрэцца з ім. Ля тае крыніцы, што ў выжатым полі, тоўпіліся жнеі і жнеяры, і для Тані Юрка мог сысці хаця б за звычайнага ёй хлопца, які ўсяго прыйшоў набраць вады. аднак яна, згледзеўшы яго, борзда павярнула назад амаль з канца сцежкі. Не, яе не клікалі. Да яе неўзабаўку падышоў Грышка, яны аб нечым пагаварылі, ён ўзяў конаўку, якую падала яму Таніна маці, прынёс вады ім, колькі хвілінаў пасядзеў там, — яго, здаецца, пачаставалі полуднем, падалі яму белы кубак, напэўна, кампоту з чырвоных парэчкаў, што ў іхным садку, і лучавінкаю — а як жа! — сушанае каўбасы.

Юрка прытаіўся за Адолевымі дзесяткамі, са снапоў перасохлага калосся якіх высыпалася зерне.


* * *

Юрку, як і сам ён лавіў сябе на тым, неяк дарэчы было з пачуццём крыўды. З ім як бы лепей бачыў ён людзей або, можа, так яму толькі здавалася?

Ён успрымаў як нешта дэбільнае нечыя тырады наконт мараў чалавецтва пра вечнае шчасце. «Ну добра, — разважаў, натыкаючыся на радасных дурняў, — а ці ж магчыма ўсё глыбей думаць, будучы бесперапынна шчаслівым?»


XI.

Тое лета было даўгое. У хаце Лапаціхі ізноў ладзілі кавалеры музыкі, начамі ўсё ярчэлі зоркі над Доўгім выганам і па-над дрэвамі за Антыфонавым падворышчам, а духата не прападала, хоць было бліжэй да восені. Усенька жывое змарылася чаканнем прохаладзі; куры і тыя перасталі купацца ў ямках на пясчанай вуліцы, залазілі ў лапухоўе, дзе, абяссіленыя, драмалі, паразяўляў-шы дзюбы.

Юрка, выбраўшы вольную часіну, пайшоў быў паглядзець школу, якую рамантавалі нейкія дзядзькі. Яны малявалі сцены, адзін з іх грэбаўся ў паўразваленай печцы. Гэтыя майстры, занятыя сваёй работаю, нават не глянулі на Юрку, і ён прайшоў у памяшканне класа, у якім вучылася Таня, пахадзіў па ім крокам прадпрыемцы, якога цікавіць нешта канкрэтнае: зняў з дошкі абвестак расклад урокаў, нікому непрыдатны, і акуратненька паклаў яго ў кішэню, пастаяў у акне, пакратаў клямку дзвярэй; зайшоў у бібліятэку, у якой чагосьці карпела старажыха, і ўкраў там чытацкую картку Тані, багата спісаную нумарамі кніжак, датамі; з пакінутае насценнай газеты выдзер нататку з подпісам Тані і групавы здымак, на якім пазнаў яе тварык, а магчыма, іншае дзяўчынкі, падобнай... На старым дрэве ля дарогі ён наскрэбаў ножыкам яе імя. З часам яно счарнела, расплылося.

Неяк у тую пару заехала ў вёску кінаперасоўка, спынілася якраз ля школы, было гэта ў суботу, ужо ў адвячорак, і адразу стала ад таго святочна. З кінакарцінаю «Пакаленне пераможцаў».

Юрка аніяк не важыўся звычайна падысці да натоўпу публікі, як усе да ўсіх. Мо і не тое, што ён не адважыўся, але, праўдзівей, збянтэжыўся, адчуўшы на сабе позірк Тані. Ён пачырванеў ад пят да галавы і чым больш думаў пра тое, што менавіта чырванее, тым болей апякала яго гэтай чырванню, аж задрыжэла пад нагамі зямля.

Яна прыйшла не адна, а з сяброўкаю. Прыйшоў і Грышка, які пытаўся ў Юркі пра нешта зусім дробнае. I ўсё гэта — сярод узбуджаных крыкаў і смеху, мітусні і сціску.

У самай прасторнай зале, сяк-так парамантаванай I пры заслоненых вокнах, — Таня зноў выдалася Юрку далёкай. Грышка, трымаючы бонду сланечніка, спакойна рваў яго на малыя кавалкі, і калі пагасла святло ды ажыло кінакадрамі прасцірадла экрана, цэльна кідаў імі ў яе патыліцу. Яны рыкашэцілі і, апісаўшы дугу, падалі недзе наперадзе, а Таня забаўна разглядалася па баках — і са злосцю, і з зацікаўленнем. Раптам парвалася кінаплёнка, паслаўшы на тую белень міготкія чорцікі, механік выключыў апарат, расстаўлены на ссунутых сталах, востра бліснулі электрычныя лямпачкі пад столлю, і ўсе натужліва глядзелі на тое, як майстар, выціраючы сагнутай у локці рукою, мокры лоб, калупаўся ў трыбіках, крыху нагадваючы сабою гэтым краўца, у якога папсавалася швэйная машына. Адсланілі яму адно акно, расчынілі яго насцеж, і хтосьці, пэўна, задыхаўшыся густым паветрам, прапацелым ды паркім, палез, бы п'яніца які, на двор, у гушчэчу бэзу, што буяў ўздоўж яблыневых садоў па-суседску.

Грышка праціснуўся да Тані. За ім — Юрка, пабялелы ад усхваляванасці, сам не свой, на здзеравянелых нагах.

— Добры фільм, — гаварыў да іх Грышка, да Тані і ейнае сяброўкі.

I Юрка браўся сказаць, але яму перасохла горла, не варочаўся язык, кідала ў дрыжыкі. Ён не быў дарыхтаваны да такой аказіі, а, наадварот, адносіў такую сустрэчу на адлеглае будучае. Яго перш за ўсё ўражала ды неяк падкошвала тая свабода і нават бесцырымоннасць, з якою пачаў гутарку Грышун з Таняю, за адно ласкавае слова якой Юрка расплакаўся б... Думаў, што ўпадзе перад ёю на калені ды папросіць прабачэння. Магчыма, ён учыніў бы так, не змогшы прамовіць і слова, наклікаўшы на сябе і ейную пагарду, цалкам несвядома, ды не знаходзіў хаця б малюсенькае прычыны...


* * *

Ад узвышанага да смешнага адзін крок. Смяёмся з першага кахання, шукаем камічных здарэнняў у ім, смяёмся са сваіх роздумаў аб дзяўчыне. Аднак жа ніколі не робім таго ў самоце, цішыні, разважліва азіраючыся на перажытае.

Смех ёсць нечым болей публічным, чымсьці плач.


XII.

Гэтае восені, калі ў Юркі пачынаўся час навукі ў Беластоку, ён палюбіў далёкія праходкі, якія здаліся яму зручным спосабам супакоення сваіх думак. У Навамесцкім квартале напаткаў ён гумны. На адзінокім сваёй прыгажосцю ўзгорку, лагоднейшы схіл якога зарастаў адзічэлым садком, узвышалася хата. Інтрыгавала яна Юрку нечым асаблівым ці больш падобным да чагосьці вядомага, блізкага... Ганкам, як у Танінай хаце Гэта шчасна табе, калі ў чужым месцы можаш вышукаць нешта аднолькавае, нагадваючае тбе, што ты любіў і любіш.

Юрка напісаў ліст да Тані. Высылаючы яго, ёй спадзяваўся аднавіць хоць тыя тоненькія ніткі сімпатыі да яго, якія, мабыць, існавалі яшчэ ў Тані. «Дзень добры, Таня, — пісаў Юрка, — у першых словах свайго пісьма да цябе хочацца расказаць аб школе. Як, напэўна, ведаеш ты, вучуся я ў чатырохгадовым Механічным тэхнікуме ў Беластоку. Курс другога класа закончыў з атульнай адзнакаю «выдатна». Цяпер я ў трэцім. У нас яшчэ не пыталі на першую чвэрць, бо і не было калі. Прамінула ўсяго некалькі тыдняў, як пачаўся новы навучальны год. Жыву звычайна. На тым заканчваю сваё пісьмо. Юрка».

Пакуль паслаў — перапісваў колькі разоў, незадаволены зграбнотаю літараў або гатункам паперы.

Неяк у лістападдзе, хоць і надзіва цёплае тады, аднак мокрае ды ветранае начамі, спатрэбіліся добраахвотнікі для перапісу насельніцтва і рэгуляцыі пашпартнае сістэмы. Юрка, як апошні дурань, амаль напрасіўся, каб прынялі і яго, бо дачуўся, што іх групе прызначаны менавіта Навамесцкі квартал. Ён убачыў сябе жаданым госцем у хаце з ганкам... Але здарылася зусім іначай, каб не сказаць — небяспечна.

Паблізу таго дома з восьмым нумарам нейкія хлапчукі забаўляліся непрыстойнымі жартамі, кпінамі, з дзяўчыны, у якой — гэта страшэнна Юрку ўразіла — голас нагадваў Танін. «Скажу тваёй маме!» — спрабавала яна суцішыць гарластага ды рыжага. «Хі-хі-хі, твой нарачоны стаяў на каленях у куце!» — дапякаў той.

Яна пабегла да веснічак. Хтосьці з іх падставіў ёй нагу, але ёй удалося спрытна пераскокнуць цераз яе.

— Адчапіцеся! — пабараніў яе Юрка.

— А гэта што за ён?! — набычыліся падшыванцы. — Не наш! Без мамы! — I сталі азірацца.

Рыжы падышоў да Юркі і даў яму кулаком па барадзе. Злёгку, дзеля постраху. Вочы ў Юркі забуксавалі. Ён ніколі так не раззлаваўся ні перад тым, ні пасля: ляснуў гарласціку па вуху, ажно рука знямела! Кінуў папку з паперамі, хапіўчортведама кім пастаўленую тут бочачку і шпурнуў яе ў зграю — яна рассыпалася на ляту, клёпкі паляцелі, як асколкі. Хлапчыскі далі драпака.

Юрка пабег таксама, хоць сам не ведаў чаго.

Па свае паперы ён вярнуўся потым, астыўшы. Насядаў вечар з палахлівым шахатаннем у аголецых садках, і ўпоцемку беляхцелі яны на падабенства тых лістовак, што ў акупацыю скідалі савецкія самалёты.


* * *

Бывае так, што нам трэба не самога кахання, але трлькі пачуцця нейкае закаханасці, Накшталт кахання свайго кахання!..

Юрку не падабаўся механічны тэхнікум, і, каб не боязь бацькоў і смеху сяброў, ён пакінуў бы вучэнне неадкладна, ужо ад наступнага ўрока, і наняўся б у памочнікі да нейкага слесара, каб займацца тым, што любіць, і чытаць цікавыя кніжкі. Вучыўся, аднак, угаворваючы самога сябе, што так жадае Таня, што толькі так ён можа яе сустрэць. Гэта была баязлівасць з боку Юркі, якую ён хаваў перад самім сабою. Ён яшчэ не ведаў, што будзе праклінаць тую нядзелю ў царкве, калі ўбачыў Таню, бо не зведае сапраўднага кахання, да якога не можа таго быць, каб не імкнуўся!

Як жа лёгка растлумачыць былое і як жа немагчыма прадбачыць будучае!


ХІІІ.

Да Юркі не вельмі даходзіла тое, што чыстае і вартаснае ў адным чалавеку бывае абыякавым другому, а часам калі не камічным, дык, прынамсі, неістотным. Яму ўяўлялася, што шчасце аднаго чалавека механічна ўзбагачае ўсіх, паляпшае людзей. Юрка задумваўся аб будучай гутарцы з Таняй, такой цудоўнай, што дні чакання гэтае гутаркі сталіся днямі, калі моцна свяціла сонца, квітнелі на небе валошкі —туста-густа, а восень разадзелася, бы паненка-вясна.

Ён перажываў такую шчаслівасць, якую лепш было б назваць шчасцем ад няпэўнасці. Нічога не засмучала яго. Хто спадзяецца шчасця, той усюды бачыць праявы яго — у весялосці і плачы, ва ўдачы і горы, усмешцы і трывозе.

— Юрка! — скажа Таня.

— Добры вечар, Таня!

— Прабач мне, Юрка! Я не магла адпісаць табе. — Танечка, гэта ты прабач мне! У цябе, пэўна, былі непрыемнасці дзеля майго ліста?

— Ой, аб чым мы гаворым, Юрачка!

— Ты была далёка, Танечка!

— Не кажы так, Юрка!

— Таня, я вельмі рады!..

— I я.

— Мне не верыцца, Танечка, што я з табою...

— Юрка, я ўсё перадумала.

— Калі мне было цяжка, Таня, я глядзеў на паўночнае неба, пад якім мы цяпер абое...

— Гэта праўда, Юрачак.

— Ах, Таня, Таня...

— Я чакала сустрэчы з табою, Юрачка!

— А я баяўся, што ты не пажадаеш болей бачыць мяне...

I Юрка правядзе Таню да ейнае хаты. Яна скажа, устрывожыўшыся, бы матылёчак:

— Юрка, не праводзь мяне далей, бо яшчэ хто пабачыць нас.

— Добра, Таня.

— Мне час дамоў, Юрка.

— Я пайду ўжо, Таня.

Яны змовяцца наконт заўтрашняга спаткання каля чарамшыны, што за каменнай абмуроўкай даўняе цэркаўкі са святымі іконамі, перад якімі, калі стануць дарослымі, возьмуць шлюб, і ён падорыць ёй блакітны букет валошак, і праспявае ім песню жаўрук, шэрая птушка ў векавечнай прасторы...

Юрка пайшоў у бляску неонаў. Над горадам наіўна-зялёнае: «Застрахуем цябе і тваю маёмасць».

Дайшоў да сабора святога Мікалая, прачытаў жалобную абвестку аб смерці некага, пастаяў пад мокрым снегам. На тратуары — мужчыны і жанчыны, хлопцы з дзяўчатамі, дзеці. Па вуліцы едуць легкавыя машыны, а ў іх, тыя, якім няма патрэбы выдурньвацца пешай хадою. Усё гэта выглядала крыху так, бы ў жніво пачарнела хмара над Доўгім выганам, і тады багатыя пасядалі на вазы, пачалі ўцякаць сярэдзінаю дарогі. А Юрка з маці схавалі серп у раскірачаную дванастку аўса ды пабеглі дадому ўскраем каляінаў, сцежкаю. З вазоў тых крычалі ім, каб яны хутчэй беглі, бо памокнуць... Гэта была насмешка.

Тыя, у легкавых машынах, былі нечым падобныя да тых, што сядзелі на вазах; на шыбіны расклейваюць яны сваю іронію, на ўсю шырыню іх гладкатварасці.

Макротны снег.

Юрка пакруціўся быў яшчэ з гадзіну і накіраваўся ў Парадную алею, пад гару, на якой бялее палац. Насупраць жа таго палаца перайшоў на другі бок вуліцы. Вецер заплёўваў вочы цяжкімі сняжынамі.

Нехта сказаў яму:

— Добры вечар.

Ён паглядзеў услед: спіна, закончаная настаўленым каўняром, аддалялася.


* * *

Аб Грышцы памятаў і ягоныя словы да Тані. I яшчэ нешта намёклівае, каб не сказаць — грубае.

Не спалася Юрку ў месячную ясноту. I бачыў ён у сваёй памяці, як моладзь выходзіць з вячоркаў, хлопцы лепяць снежкі на дзяўчат, а недзе ўедліва брэша сабачук, і нехта заўзіраўся ў зорнае неба, ціхнучы ад таго, ўсё роўна што над чыставоднаю безданню. Вялікая Мядзведзіца па-над Доўгім выганам, што за агародамі і садкамі Плянтанскае вуліцы. I здаецца яму, што вось стаіць ён так, як некалі па-пад вішняю, на падворышчы за калодзежам, перад поўначчу на Спаса, і за яго спіною цямнеча, з якое халадок навейвае густыя пахі кропу ды разбуялага зелля, таксама пераспелых папяровак.

Думаючы пра каханне, мы абавязкова маем на ўвазе вясну, калі ўсенька наўкола цвіце і бушуе жыццём, такім буйна-зялёным.


XIV.

Першы снег выпаў позна. Да Новага года дзьмуў марозны вецер. Бацька, занепакоены гэтым, гаварыў: «Вымерзнуць жыты...»

Вёску электрыфікавалі, і нават гарэлі ўжо лямпачкі на вулічных слупах, адна ля Юркавай хаты. Яркае святло прыдавала незвычайнасць добраму настрою.

Юрка лазіў быў на гарышча па цыбулю і ў куце на крокве ножыкам выразаў: «Таня».

Да Каляд заставалася трохі посту, таму ніхто не ладзіў танцаў, не было і збораў, спатканняў закаханых, вечарынак. Таня прыехала пазаўчора. Яе сустракалі на аўтобусным прыпынку маці з бацькам, прыстойна, без звыклай у такіх выпадках усцешанасці. Юрка затрывожыўся...

Увечары яна нікуды не выходзіла. Ні да студні, ні ў краму. Быццам баялася надысці на Юрку.

А мо сыходзілася Таня патаемна з Грышкам? I магла ж быць між імі гэткая размова:

— Таня, ты не бачыла Юркі?

— Не-а.

— Я заходзіў да яго, але ён, некуды знікае вечарамі...

— Навошта ён табе?

— От, хацеў пагаварыць з ім.

— З гэтым дзіваком?!

— Чаму так кажаш?

— Бо ён якісьці прыдурак!

— Прыдурак?

— Кінь ты ўсё пра Юрку... Лепш скажы, што цікавага ў цябе?..

Вядома, што Тані значыць сказаць такое пра Юрку, калі яна не адпісала яму лімта, хаця б колькі слоў, ну хоць паштоўку за дробны грош: «Найлепшыя пажаданні...» Ды дзе там! Па грудзях распаўзалася яму пякотка. Яшчэ і маці з бацькам заявіліся па яе на прыпынак, быццам тут у яе няма адбою ад хлопцаў! Крыўдна, як ні кажы. I нікуды ты не падзенешся, сам грызіся, зашыўшыся ў нейкае закуцце. Дзяўчына не хоча цябе — І кропка. Гэта так. Але каб яна хоць сказала: адчапіся.

«Я павінен дамагчыся ад яе адказу, інакш не вытрываю! Мне трэба сустрэцца з ёю — хоць на хвілю, але сам-насам...»

— Прынясі, Юрачка, вады, — папрасіла маці і як бы са здогадам паглядзела на сына. Бацька паехаў у млын, і ёй, відаць, хацелася, каб дзень прамінуў без панурае тупаніны па гаспадарцы. Стары сказаў бы: «Табе, маці, панскія думкі ў галаве, бачу я!»

Юрка ўзяў вядро, пачарнелае ад старасці, з занітаванай дзіркаю ў дне, і лёгкімі нагамі выйшаў на вуліцу, белую ды ціхую. Наўпрасткі цераз агароды, у кірунку Доўгага выгана, бегла, брыкаючыся, нечае жарабя. Каля студні з уледзянелым гарбом нікога не было; нехта заядла сек дровы, пэўна, тонкае галлё, але за наінелымі дрэвамі стук чуўся глухі і недакладны. Юрка зачэрпаў вады і ўзяўся быў цягнуць вядрыска наверх, усё часцей дыхаючы ад знячэйнага яму якогасьці страху, такога знясільваючага, бы вось загарэліся недзе гумны або нечы свіран, і, перад тым як закрычаць, трэба рынуцца гасіць... Раптам схапіўся ён рукою за ліпкі ад марозу зруб, усё роўна што заглядаючы, ці акуратна апусцілася туды вядро, адступіўся, назграбна і хістка, пачаў падаць і ўсё шырэй расстаўляць ногі. Ён крыху павярнуўся быў, намагаючыся выпрастацца, але паваліўся як падкошаны. Яго кідала вобземлю, невідочная сіла прыдушвала, знявольвала рукі, хапала за горла, з якога вылятаў жахлівы хрып...

Прыйшлі людзі і вельмі здзівіліся, што Юрка, не п'яны і не пакалечаны, ляжыць у снезе. Яны паднялі яго пад пахі, але ён не мог ісці, нешта мармытаў, выплёўваючы з рота сініою пену. Калі завалаклі Юрку дахаты, там узнялося замяшанне, якое бывае тады, калі прыходзіць у радзіну смерць. Маці галасіла, ламала рукі. Бацька, некім выкліканы з млына, моўчкі і нікому не гледзячы ў вочы, пайшоў у Верхні Лес па знахара.

Пасля Юрка не раз раздумваў аб сваёй хваробе. Яму рабілася сцішна ад усведамлення сабе таго, што тады, аказвалася, ён як быццам усё чуў!


* * *

Лекары не казалі яму, якая гэта хвароба. Ён пакінуў распытваць у іх пра яе, пазычыў у бібліятацы медыцынскі даведнік, уважліва вышукаў у ім адпаведны раздзел. Прачытаў і зразумеў, што з'явілася ў яго эпілепсія Джэксана. Узнікае яна, праўдапабодна, ад гвалтоўнага пярэпалаху або нястрымнага гневу, магчыма, і ад роспачы. Ад роспачы?

Юрка вылечыўся. Яго малады арганізм дапамог найбольш. Не лякарствы.


XV.

— Забярэм цябе, Юрачка наш, са школы, — гаварыла маці, не выплакаўшыся да канца.

Бацька не адзываўся.

— Мне трэба вучыцца, мама. Паеду ў Беласток...

— Які з цябе вучань, бедны ты мой. Ты ж хворы! Юрку гэта непрыемна ўразіла.

— Раз адзін нешта сталася, а вы ўжо: хворы, хворы!..

Неўзабаве пасля гэтае гутаркі ён зноўку меў прыпадак эпілепсіі. Потым прыступы яе адбываліся прыблізна пад канец кожнага месяца, пасля якіх ён заўсёды чуўся так, як бы выхапіў ад лёсу яшчэ трохі жыцця сабе, з неймавернаю натугай. Юрка пазнаваў набліжэнне іх, выбіраў зручнае месца, дома або на ўтравелым ускраі вуліцы, і там правальваўся ў тое пекла, боль, ад якога — словамі не выказаць яго! — цела ўяўлялася неверагоднай гранатаю, што выбухае, выбухае і не можа выбухнуць, разляцецца самавітымі аскепкамі! Невыпадкова, відаць, здаралася так, што тыя прыступы ў Юркі пачыналіся ў дні прыкрых заняткаў па тэхнічнаму рысунку; часамі адлягалі.

Гарбаты настаўнік, што крыўдаваў на ўвесь свет, невыносна кпіў з Юркі.

Аднойчы забрала Юрку карэтка «хуткай дапамогі».

У класе, наогул ужо неблагім, пайшла пагалоска: Юрка — ненармальны! ён — валянтоўшчык! Нічога з яго не будзе, хоць на выгляд хлопец непаганы.

У больніцы прабыў Юрка да вечара і вярнуўся на кватэру белы, як сцяна.

Маці ні аб чым не ведала.

Школьныя сябры размаўлялі з ім мала, але ветліва.

Больш трох месяцаў хадзіў ён на элсктрызацыю правае рукі. Прыпісвалі яму мікстуры ды ўзмацняльныя лекі.

...Скончыўшы школу, стаўшы тэхнікам, ён працаваў у будаўнічай фірме. Зарабляючы свае грошы, штораз большыя, адзін час Юрка думаў, каб ажаніцца з добрасардэчнаю, але непрыгожаю, дзяўчынаю, што займала незайздросную пасаду ў сектары рахункаводства. Называлі яе чамусьці Тэрэзаю, хоць яе сапраўднае імя было — Таня! Неяк запрасіў ён гэту Тацянку ў кіно, даволі няўдала, на нейкі крымінальны кінафільм (на экране забівалі інваліда і гвалцілі ягоную дачку, што прыехала з манастыра наведаць хворага свайго бацьку). Каб палагодзіць дрэннае ўражанне ад таго, ці што, — ён, праводзячы яе, узяўся наракаць на свой лёс і ўсё пяройдзенае. Яна прыгнечана маўчала, як бы згорбіўшыся, а ў Вялікдзень пайшла замуж за шафёра груза-вой машыны, развалочанага мужчыну не першае маладосці, лёгкага на язык.

Юрку ж стала патрэбным знаходзіць у кожнай жанчыне нешта вартае агіды. Ён звязаўся быў з жонкаю інжынера, якога выслалі ў доўгатэрміновую афрыканскую камандзіроўку, на будову экспартнага аб'екта недзе ў Нігерыі. Гэта жанчына, сярэдняга хараства і прыстойных паводзінаў, была яму ў цётчыным узросце. Яна, праўда, неяк сама прыхілілася да яго, ці бо па прычыне свае бяздзетнасці і няздзейсненага мацярынства, ці, звычайна, ад надакучлівае самоты і нейкіх сваіх затоеных камплексаў. Час ад часу Юрка начаваў у яе, спачатку амаль дзень у дзень, усё здзіўлены сваёй даступнасцю да яе, асобы культурнай і паважанай у асяроддзі. Усё тое, што адбывалася паміж імі і аб чым уголас га-вораць прастытуткі або хамы, яна ўспрымала з незразумелай яму натуральнасцю, такой бязгрэшнасцю і маральнай уладкаванасцю. Змарозіла яго недарэчным словам «сынок», якое прашаптала ў сваёй жаноцкай гарачасці, калі абое яны задыхаліся былі ад кахання. Здарылася гэта ў летняе світанне, калі за акном чуўся ўжо грукат бітонаў з малаком і з ляскатам адчынялі прадуктовы магазін у суседнім будынку, а ў блізкім адсюль заапарку рыкнуў леў... Юрка млява ўсміхнуўся.

На фабрычных музыках узяў і спаіў яе самым недапушчаль-ным чынам і завёў у бакавы пакой накшталт начальніцкага кабінета з канапаю, на якую пакаціў яе, не першую бабу, а потым... навёў мардатых салдатаў, трох, якім, як прыкмеціў раней, не выходзіла з кумпястаю дзеўкаю, вядомаю ў горадзе пад мянушкаю Недалюбка. Юнакі, калі паварочаліся на танцы, лезлі да Юркі са сваёй дружбаю і паўлітрам таннае гарэлкі, хацелі ў нечым дамаўляцца з ім, але ён выліў сваю чарку на падлогу і пайшоў адсюль прэч; на дварэ схапілі яго наваніты.


* * *

Ен не насіў у сабе крыўды да Тані, што здзіўляла і яго самога.

Юрка, дасягнуўшы сталасці, не памятаў усяго, аднак тады, яшчэ ў тыя жахотныя месяцы, калі самым мілым для яго былі суцешныя словы лекароў, меў ён і тую надзею, спадзяванне, што Таня дачуецца, Таню ўскалыхне Юркава бяда, Таня напіша, Таня — хто ведае — можа, і прыедзе!..

Як і належыць маладому ды здольнаму чалавеку, ён знайшоў свой уласны напрамак у пакручастых лабірынтах жыцця.


XVI.

Юрку смяшыла ў дарослых шмат што. Ён наглядаў у іх асаблівы страх, гэткі роблены, без відочнае прычыны, ад уяўнае пагрозы, бы ад соннай з'явы. Яны, чуў, гаварылі, калі баяліся нечага, з тым глыбеючым сполахам, які ахоплівае дзіця, якое дарэшты не верыць у сапраўднасць матчынага гневу, у тое, што дастане ад яе аплявуху.

Сумненні ў тым, што ёсць між людзьмі беззапаветнае сяброўства, ужо былі ў Юркі. I, як ні сумна тое, гэта якраз і дапамагала яму ўнікаць небяспечных ягонаму характару расчараванняў. Рэчаіснасць ёсць непадатлівая пажаданням адзінкі. Яна ўсё-такі нагадвае сабою тую рэчку, у якой магчыма плысці супраць яе плыні ды нават усплёскваць на ёй свае хвалі, ныраць ажно да вірыстых глыбіняў, урэшце, убудоўваць перашкоды, гаці і гэтак далей, але ўсё роўна мы лішнія ёй. Смерць чалавека, калі часамі і мае якое-колечы значэнне, дык толькі ў сферы людскага.

Найбольш прываблівым бессвядом'ем у маладосці ёсць адсутнасць разумення выпадковасці свайго ўласнага існавання.

Куды дакладней ды практычней думалася яму пра наступнае:

— людзі, пераважна, праклінаюць сваю работу;

— кіраўніцкія работнікі, пераважна, любяць свае пасады;

— грошы, пераважна, пашыраюць зацікаўленні кожнага з нас, прасоўваючы іх, няхай на маленечкі крок, дапераду.

Каханне мужчыны да жанчыны ёсць нечым знішчальным, раздумваў Юрка, трохі падобным да стыхіі, да нейкага цыклону, якому напляваць на гарады і дарогі, будынкі і вежы, самалёты і караблі... Гэта як бы Бермудскае трохкуцце, з якога няма вяртання. Тая з'ява, у сутыкненні з якою мудрае ёсць нясцерпнае!

Юрку досыць было прыклікаць да свае памяці вобраз Тані, каб адразу ўстаць з-за стала або перастаць есці і маячліва хадзіць па пакоі або вышмыгнуць з кватэры на праходку за прыгарады ў квецені агародаў у Дайлідах, да Дайноўскіх сажалак, некуды аж пад Кур'яны, у бок ад парослага ляшчынаю багонніку, чорт ведае куды, адкуль ішлося назад з апошніх сілаў, са стомаю ў нагах, з колкай зябкасцю недзе ў грудзях.

Для яго тое першае каханне засталося назаўсёды, як колеры цвету кветак, як блакіт валошак-васількоў. З'явілася яно ў ім існасцю ўсяго таго, што ўепрымаў як найлепшае ў самім сабе. Называюць яго першым, — думаў Юрка ў час прыступаў меланхоліі, — даволі непрыстойна, значыць, статыстычна, злічваючы быццам, бо ў кожным трывае гэтае каханне, як за кожным ідзе яго дзяцінства, як у кожнага ёсць паўзабытая радасць велікодным падарункам бабусі ці святлом асаблівага дня, саступленнем у сцюдзёную крыніцу, скарынкаю хлеба ці бо пажарам, гэтым боскім феерверкам. Думаючы аб Тані, ён думаў аб руні ў палях і ўрачыстым небе, святочных тварах, і веснавых бураломах, і лесе раззелянелым. Усё бачыў разам з ёю, дзякуючы ёй. I нават гэтае імкненне да таго, каб адцурацца вёскі, выдаваць сябе бывалым гараджанінам, вельмі працяглае ў ім, успрымаў ён, урэшце, як нешта ганебнае, але з той засмужанай цеплынёю бабінага лета, тужліва, са шкадаваннем (і яно ўжо прамінула!).

— Юрка, гэй, Юрка! — мог бы пачуць на тратуары. — Ты не пазнаеш мяне?

— Я? Прабачце... гм, прабач, але сапраўды...

— Гэта ж я, Таня!

— Ах, Таня! Добры дзень, Таня.

— Добры дзень, Юрка.

— Ты гэта адкуль, Таня?

— Я, Юрка, здалёку...

Яны стаялі б адно насупроць другога. Юрка, мабыць, ліхаманкава перабіраў бы ў думках варыянты гутаркі, якую можна весці ў такіх выпадках... Ён імгненна спацеў бы! А яна, Таня, зразумела б, што дарэмна затрымала яго, неразважліва паказваючы яму свой выразна завялы твар паспакайнелай жанчыны, разбабелай ужо шмат чаго перадумаўшай, радай пабачыць яго, і то з выпадку, нагоды, у кароткі міг якогасьці падарожжа, хто ведае, ці не ў астатні выезд у родную вёску, кабтам нешта выпрадаць па нябожчыках бацьках, нават не акінуўшы вокам пакінутага гнязда, а гэта пакарыстацца нечым дзеля сямейнага бюджэту...

Юрка то жадаў такое сустрэчы, то не дапускаў яе. Іншы раз ён заўважаў у вулічяым натоўпе падабнюткую да Тані жанчыну, уздрыгваў ад таго ўсім целам, машынальна прымаў выраз занятага справамі, прыспешваў сваю хаду, рабіў выгляд заклапочанасці нечым надта ж важным, часамі азіраўся на такую або паварочваў — неўпрыкмет! — назад, сачыў за ёю, ішоў ды ішоў, цікавы таго, куды яна пойдзе, якія ў яе туфлікі на нагах, матэрыял адзення, фантазійнасць прычоскі, манера вітацца са знаёмымі, як яна бянтэжыцца, скажам, на пераходзе цераз вуліцу, калі нейкі хам у камфартовай легкавушцы знячэйку затрубіць, задаволена выскаліўшыся на сполах прыгажуні... «Абавязкова ўпаткаю я яе ізноў, буду тады з букетам ружаў у руках, папрашу ў яе прабачэння за нахабства і скажу, што ў мяне няма жыцця без яе! Здзівіцца? Спалохаецца? Засмяецца тым панадным смехам жанчынкі, за якою водзяць вачыма культурныя мужчыны? Каб толькі тое. Ідыёт я!»

У Юркі была ўжо жонка, былі і дзеці, якія рабіліся ўсё болей дарослыя, а яму зусім не думалася пра тое, што ён жанаты вось, сямейны, сталы. Гэта, пэўна, не так і рэдкае самаадчуванне ў мужчын. Яны, што і казаць, стаюцца такімі карсарамі, якія ўсяго толькі завітваюць у сваю прыстань, што з ціхім домам на ўзбярэж-жы, і не вельмі каб дзеля адпачынку, чаецей на час нейкае хваробы або сакрушальнае няўдачы, паразы звычайна перыядычнай задуменнасці: хто я і дзе я?

Жонка — гэта не занадта абавязковы дадатак мужчыны?

Але не Таня?!

Яе няма!

Мо яе і не было?

Аднак жа адкуль узяўся ў Юркі той стан душы, калі яна застаецца глухою да таго, што галоўнае для чалавека, а вязне ў дробязях?

Каханне да Тані заламяталася Юрку, як свежае слова ў доўгай ды дрымотнай гаварыльні, як дотык да нечага боскага! Яшчэ далёкі ад стомленасці жыццём, ён ужо не шкадаваў таго аднабокага свайто сардэчнага няшчасця, застаючыся нават задаволены ім — трохі так, як той, хто тапіўся, хліснуў вады з прадоння, але яго не адно каб выратавалі надышоўшыя на тое людзі, але ён сам апынуўся на мелізне, неяк шчасліва, аддыхаўся там, вылез на бераг, абсох ды суцішыўся, потым паазіраўся, ці хто не бачыў прыкрага здарэння гэтта з ім... Адзін раз толькі, на пятнаццатым ці бо шаснаццатым годзе свайго шлюбнага сужыцця з гэтаю, даволі абыякавай яму жанчынаю, ён напісаў быў ліст колішняму сябру наконт Тані. Папрасіў у яго адрас яе, але сябра, гэты вол, гэты менавіта Грышка, не адпісаў Юрку, скіс у занебакрайным горадзе, у якім — Таня, як хваліўся ён аднойчы ў Беластоку, ягоная суседка праз тры комплексы вышынных дамоў, — ягоная добрая знаёмая, ветлая жанчына і прыкладная маці, талковая жонка нейкага інжынера, казаў, дамаседа... Юрка болей не пісаў.

Ён забываў пра Таню. Працаваў усё больш. Падрасталі дзеці, і трэба было думаць пра іх.


НАСТУСЯ-ПАНІ
Настуся Карабельнікаў выходзіла замуж, калі добра настала Польшч. Шаснастоўкаю выперла яе мачаха. Каб сваім дзецям хлеба болей мець. Пасватаўся да Настусі ўдавец, які пахаваў чатыры жонкі. Пра пасаг ён і не гаварыў; набраўся.

— Трымацьму цябе, як паню якую! — бляяў, расчырванелы ў запіванне. — У мяне поўная хата ўжо вялікіх дзяўчат, і яны ўсё паробяць. Сын у нас будзе — таксама выгадуюць.

— Дай Бог, — мармытаў бацька. За паслярэвалюцыйную галадуху першы раз наліў горла, ажно блага яму зрабілася.

— Чаму гэта Бог меў бы пашкадаваць такому мужчыне?! — рагатала мачаха, адганяючы ад стала смургеляў.

Настуся — памятае — мала не папрасіла ў так багатага дзядзькі цукерку... ёй захацелася, каб ён не пакідаў яе тут да вяселля. Маўчала, апусціўшы галаву, баючыся прыліпнуць вачыма да яечні са скваркамі і нарэзаных ад буханкі скібаў.

Усе вясельнікі плакалі, калі Настуся Карабельнікаў ехала шлюб браць.

— Пашчасціла сіраце, — гаварыла мачаха, абціраючыся ад слёзаў. I як бы ў апраўданне, што нічым вартым не здарыла, а яшчэ і напазабірала з куфра. Гулялі толькі адзін дзень, да вечара; начамі хадзілі тады банды.

Настусін чалавек доўга не пажыў; раптам памёр (у сенаванне). Падчарыцы паднялі рогі. Большая гразілася.

— Дурная ты, дзіця прывядзі ім, і нікуды яны не турнуць цябе з гаспадаркі! — крычала напалоханая мачаха. — Трэба, каб жывот табе хто прыстроіў, пакуль нябожчык стыне, — даўмелася. I выправіла Настусю кудзелю прасці ў гэтак жа бойкай цёткі. У той далёкай вёсцы падваліўся да яе ніштаваты набабнік.

Потым, перамогшыся мяшкамі ў капанне бульбы, нарадзіла яна на паўтара месяца раней. Як і нетрэба лепей. За сакрэт дала акушэрцы парася; у торг гэта працялі Настусю болі, і спекулянт паганяў яе каня пад местачковы шпіталік.

Хлопец хварэў, дзякаваць Богу, як і ў людзей, і зямлі прыйшлося ёй даволі, і хата. Другі муж быў непатрэбны. Сама моцная, бывала, за плугам хадзіла і касу цягала ды і ў лес за дровамі давала рады. — Ад'елаея да нерасту, — зайздросцілі ёй заморанікі.

Дапякалі Настусі нават у вайну, заўдаўшы, што яе Юрачка хаваецца ад вывазаў на работы ў Нямеччыну. З'явіліся жандары, але адступіліся: што пабярэш паеля на кантыгент ад самюткае бабы? I наківалі солтысу, чаму слаба думае!

Кожную наступную ўладу яна ўспрымала як нецярплівейшы гнеў нябёсаў на народ за грахі. Паны секлі бізунамі; свае заеліся вывалакаць у Сібір адзін аднаго; немец прыбіўся — кулю ў лоб ды ў пясок! Прычакалі і пекла: сусед суседа лупіў, са свету зводзіў брат брата (яе качалі і бралі пад сябе заполянскія кавалеры, што з вінтоўкамі рабавалі хутары).

Усякага зазнала, перацярпела. А Сталінка лішне мацюгаюць; з анёламі, пэўна, у раі спявае. Хто ж гэта, каб не ён, мужыка адагнаў бы ад поля і хлява ў горад?! I Настусін не скончыўся б, як дэраш у аглоблях, калі б датрываў... Юрачка стаў тэхнікам на фабрыцы, дык і яго, падлу старога, забраў бы ў сваю блокавую кватэру.

Быццам у пажар кінулі-рынулі ўсё тое, пра што цяперака і падумаць ім не здумаецца.

— Во калі я пані! — папракала Настуся Карабелынікаў паўзабытага за столькі гадоў і гора свайго нябожчыка, дрыпаючы па дыванах. — I ты панам паваляўся б, бы жыд у пярынах, але што ж: цераз работу ад рання да змяркання на той свет без пары пайшоў...


НА ЁЛЦЫ У ВЯСКОВАГА ІНТЭЛІГЕНТА
Я з некаторай прыкрасцю зразумеў, што мне ўсё-такі будзе патрэбная ятоная дапамога. Я ведаў пра тое, што ён, Зюнік, урэшце ажаніўся і, бадай, не час мне ісці да яго, маладажона, са справаю; не знойдзецца настрою, гэтае паловы ўдачы. Але, выпадкова, я наткнуўся на Зюніка ў гаражыку пажарнікаў, куды давялося мне зайсці, да тых шмаравозаў, каб пазычыць — у іх — машынавага алею; там выпівалі.

— А я і шукаў цябе, — адразу сказаў быў Зюніку. Ён застыў з чаркаю ў руцэ і, ад нечаканасці, не сцяміў маіх слоў. — Добры дзень, Зюнь. Ну, выпі і дай мне сваю лапку на прывітанне.

Нехта з расчырванелых налівайкаў засмяяўся на тое, непаспешліва і голасна, ад чаго ўсім палягчэла, быццам у нейкай бяспечнай шкодзе.

— А-а, гэта ты, — загаварыў ён. — Падзелімся чаркаю... Не адмаўляй, калі ласка.

— Не, чаму... Мне пагаварыць з табою трэба. Гарэлка смакавала. Яна — не агідная, калі яе піць мала ды ў холад.

Хлопцы пазіралі на мяне неяк з надзеяй. Яны не былі б супроць таго, каб я схадзіў да Ваўчыцы, — за новым паўлітрам. Зюнік падаў мне кавалачак пірага, святочнага, дзеля закусі.

— На, бяры,— сказаў ён.

I гэтым разам — чамусьці — сябрына дружна зарагатала. Коратка, густа.

— Дзякую, Зюнік, — пірожнае пахла цынамонам і ваніліяй. — Яшчэ засталіся, калядныя?..

Мы размаўлялі ўдвух і, усё роўна што на сцэне, выразна. Зюнік здагадваўся, што мая ажыўленасць з'яўляецца прымушонаю і ні ў чым мне не прыдатнаю, штучнай, як той смех з жарту, які, праўду кажучы, якраз абражае, ды нельга паказаць таго па сабе.

Я і Зюнік — пайшлі ад зборні (яны, тыя, таксама здагадныя, — не затрымлівалі нас).

На вуліцы ён сказаў да мяне:

— Хадзем да нас на ёлку.

— Не выпадае, Зюнь, ісці да цябе, — адказваў я. — Сёння ж нядзеля...

—- Кінь ты выкручвацца! — Зюнік злёгку штурхануў мяне. — Хадзем, ну, пайшлі-пайшлі.

— У мяне ж да цябе справа!

— Ну і што? Вельмі добра.

— Дык, можа, я раскажу табе яе — тут?

— Давай, кажы!

І я ўсенька расказаў яму.

Мы сыходзілі ўніз, да мастка. Паінелыя дрэвы бялелі першабытным хараством, ад якога хацелася спяваць. Нават падумалася мне: «Чалавек перш спяваў, а гаварыць навучыўся — потым».

Я, досыць няўважліва, выслухоўваў тлумачэнняў Зюніка аб тым, менавіта, што павінен зрабіць у сваіх захадах... У мяне з'явілася жаданне збегчы на бераг нашае рэчанькі і чыста напіцца вады з яе. Пазіраючы на спакойныя дымы з каміноў хат, я ўяўляў накрухмалены абрус, якім заслана стол, вячэру са смажанінаю...

Пачуў я ад яго:

— На ёлачцы ў нас гараць, ведаеш, даваенныя лямпачкі. У сямі колерах.

— У сямі? — гэта, невядома чаму, уздзівіла мяне.

— Ага, пабачыш. Калі глядзець з панадворка ў тое акно, за якім стаіць ёлка, дык... — Зюнік не знайшоў адпаведнага яму слова.

Удома, быццам не па ўласнай волі чакаючы нас, знаходзілася яго маладзіца; трохі як бы ўсё засаромленая грубіянаватасцю жанатых мужчынаў або палохаючыся гэткай абавязковае, шлюбнае, распусты... «Яна адчуе сябе нармальна тады, калі народзіць першае дзіця», — я пацалаваў яе халодную ды адначасна ўспацелую руку.

— Бэата, — назвала яна сваё імя, відавочна надуманае, быццам дзеля спадзяванага ў замужжа быту, велікасвецкага. Адышлася да атаманкі, апусціўшы рукі і голаў: — А цяпер, я ведаю, вы згвалціце мяне, абайстручыце, ад зайздрасці, што маю на ўвазе толькі ўсё лепшае ў чалавеку! — Бэата пастаяла так колькі хвілінаў. Зюнік аціх, як той, хто ў нечым завагаўся. Мяне ж апаноўвалі такія пачуцці, якія людзі акрэсліваюць — пляваць сабе ў бараду! I адкуль раптам гэткая чартовіна?

— Уключым ёлку, — замітусіўся ён, а мяне ад шчаслівае палёгкі, ці як (?), схапіў дурны смех.

Бэата, ці то пакарыстаўшыся такім, зручным ёй, выпадкам, — знікла; аказалася потым — за дзвярыма ў кухню. У перадвечаровае змярканне, у покуце пакоя заззяла тая ёлка, безгустоўна ўкрытая цацкамі (пабагацелая мяшчанка ў каштоўных бліскучках). Было відаць, збоч, хрыбты кніжак, якіх, напэўна, ніхто і ў руках не патрымаў; запыленыя. Урачысцела груба маляваная падлога, з узорыстым дываном на ёй, несумненна жахліва дарагім.

Мне сапраўды лепей было б пайсці адсюль, але я ардынарна спадзяваўся на пачастунак, зрэшты, безагаворачна апавешчаны Зюнікам. Недзе за сцяною заляскацелі талеркі, бы даўнія колы з жалезнымі абручамі ў цяжкагружаным возе, вось, на блізкіх ростанях. Гэта пачалося рыхтаванне застолля; прыйшла бабуся з невыносным мне позіркам зацкаванае старой, здавалася, гатовая прасіць у нас, у мяне і ў Зюніка, прабачэння за тое, што ўсё яшчэ жыве...

— Добры вечар пану, — сказала яна да мяне голасам, ад якога можна б падумаць: «Толькі-толькі што выплакалася, бедная, у каморы ці сенях, за кадушкаю з квашанай капустаю...»

Зюнь натужліва змоўчаў — і яксьці па тым гэта я адгадаў, што бачу перад сабою яго маці. Я здумаў напрасіцца да яе ў памочнікі пры сервіроўцы пасуды і, дурань з мяне, узяўся плясці ёй модны анекдот пра бабу з дзедам.

За стол мы пасядалі з немалой ганарыстасцю. Я, Зюнік, а паміж намі Бэата.

— Кніжак у мяне, каб ты тое бачыў, цэлая бібліятэка, — гаварыў ён, беручыся за бутэльку з каньяком.— Усё гарышча завалена імі!..

Бэата прапаноўвала мне шчупачка ў квашанінцы, баравічкі марынаваныя, печаную парасяцінку, ядлаўцовую каўбасу; у маю шклянку наліла яна апельсінавага соку. З грацыяй гарадское жонкі надлеснага ў Княжацкім Гоне.

— Я сам. Я... Дзякую вам, вельмі!— знясмелены яе ўвагаю, я цаднёс сваю талерачку ёй так, каб было здатней абслугоўваць мяне. — Пекна дзякую вам!

— Ну, за здароўе нашага госця, — Зюнік з пачуццём паглядзеў на мяне, затым, — так, уладна! — на Бэату.

— Я п'ю за гаспадароў... За маладых! — паправіўся я.

Мы ўзаемна шмаг кампліменцілі сабе. Да шаленства апетычныя галубцы, якія падала нам яго маці, ушчэнт абязволілі мяне. Ад раскошнае п'янкі я дзяцінеў і амаль плакаў.

— А я ўжо інжынер! — выкрычаў Зюнік у адказ на нешта маё, ажно я пахаладзеў ад імгненнае чуйнасці. — Зараз сам чорт лазаты не падкапаецца пад мяне! — і, сцішыўся, ён: — Бэата, ведаеш, наступіла завочніцаю ва універсітэт. Закончыць — тады мы, абое, во як зажывём! — паставіў угору тоўсты палец жэстам, які паказваюць у тэлевізійных праграмах пра першакласныя жыццёвыя дасягненні.

Яна ж, Бэата, ледзь чутна сказаўшы: «прабачце», паслухмяне-нька наблізілася да чагосьці нікеляванага, што паблісквала на аздобнай этажэрцы французскага фасону, і, чуваць было гэта, націснула там нейкую кнопку. Адтуль ударыла музыка з сіплым амерыканскім спевам.

— Нямецкі, — сказаў Зюнік. Ен меў наўвеце магнітафон.

— Ого, — вылезла з мяне захапленне майго нябожчыка дзядзькі, празванага Булавою, які меў звычку казаць: «Ого Англія: Англія, а братка ты мой, гэта Англія!» Ахоплівала мяне няясная злосць.

— Я хачу паведаміць табе пра адну рэч. — Зюнік, прыўра-чысцеўшы, дыхнуў на мяне сумессю гаршчэчных пахаў, а і перагарам. — Магу? Нікому не ляпнеш?

— Не, — я ўмомант запэўніў яго, прадчуўшы, што мяне пакіне одум і, чаго добрага, за такую знявагу наб'ю яму морду.

— Зюнік! — умяшалася Бэата, раз'юшваючы гэтым яго.

— Ты ціха будзь! — даволі добразычліва перапыніў ён яе. — Я, ведаеш... Мы — купляем кватэру ў сталіцы!

— Ого...

Зрабілася, — не тое што страшна, — непрыемна.

Калі я выходзіў ад іх, — Зюнік, працверазелы пад поўнач, заўпарціўся быў фатаграфаваць сябе з жонкаю і мяне з ім, і мы абодва, я з ім па-педэрасцку абымаліся ды крыўлялі тварамі дзеля ўсмешкі перад аб'ектывам, і бездапаможна валіліся на тую ёлку, топчучы пазбіватыя з яе шарыкі, таксама папяровага анёла, а Бэа-та, ад разгубленасці, з такой шчырай і непадробленай какетлівасцю п'янай ды раздасведчанай кабеткі, упусціла з рук фотаапарат, шчасліва, не пашкодзіўшы яго... Калі я, урэшце, выйшаў ад іх у маразечў, у свежасць, дык адзінае, што запамятаў з тае хвілі, гэта — невыказнае выццё сабакі ў месячнай пустэчы зімовых загуменняў.


У КАЛЯДНЫ АДПАЧЫНАК
Другі дзень ішоў снегапад. У вішняку ля адрыны галаслівілі на адлігу вераб'і. Дома было ўтульна і сыра. Я нанасіў дроў з-пад паветкі, да абедзвюх печак.

Мне ціха адпачывалася тут. Я мог гадзінамі наглядаць за прахожымі, адгадваць іх лёс ад самога дзяцінства, няўдачы (люблю раздумваць пра іх), каханне ў дзяўчат і маладзіц, ашуканствы ў імя дабра і ліхія радасці, прасцяцкія і культурныя. Думкі наконт грошай.

Пад вечар узнялася віхура, налятала ад Кабыліных гораў, накурганьваючы сумёты ў платах. Па-каляднаму запыліўшы наваколле, наклікаўшы настрой, мяцеліца набіралася імпэту, утвараючы гогалеўскі пейзаж з незвычайнасцю.

Я выйшаў на падворышча, у ягонае закуцце. На блізкіх складах, што ў Жабіным завулку, шапацелі брызентавыя пакрышкі на грамадзінах грузавікоў з булавастымі шафёркамі; машыны стаіліся пад абрывам высознае прызмы чагосьці, нагадваючы сабою цудам уцалелую пару дапатопных жывёлінаў. За местачковым рынкам, асветленым, бы забыты пляж, чарнацела праваліна, і магчыма было падумаць, што там прасціраецца возера, яшчэ не замёрзлае, пра якое лепей забыцца.

Мяне, аднак, цягнула туды, з гэтакай абязволенаю безнадзейнасцю, якая здараецца, мабыць, у адных самагубцаў... Ажно, досыць нечакана, я згледзеў, што —- як і калі? — знаходжуся ўжо на Новай, а перад тым пакруціўся быў па Царкоўнай, затым жа каля каменных руінаў бажніцы, не даходзячы да Гарбарнае, і слухаў плёскату артэзіянскіх калодзежаў у канцы Надрэчнай, на Пагулянцы, некалі фабрычнай, хмельна-буяністай, беспраходна люднай, а зараз анямелае, як маё ўспамінанне бабуліных апавяданняў пра басаногую маладосць яе.

Рабілася мне неяк сцішнавата ад тае застылай вясковасці Новай, ад відавоку на ёй яшчэ курных хацінаў, што дастаялі бліжэй касцёла (за дарогаю ў ярыску), і ад таго, што ў жытлах гэтых праменіста свяцілася, за фіранулькамі на ваконцах па-велікапанску гарэлі елкі ў незабыўным убранні, чарцянелі каля іх экранікі тэлевізараў, ды наогул ззяла дабрабытам, сытым спакоем, застоллем, і ўсім такім не на месцы тут...

Я не спадзяваўся ўпаткаць адначасна і столькі пустэльнага ў навічанскім старонні; за гаматным крыжам — каляіны ад саней (з паніклым канём), пасвістванне вятрыска спаміж кустоўя. Адтуль, — трызнілася мне, — выбягала воўчае ган'ё, выблісквала парнымі агеньчыкамі з жахліва-жаўтаватым адценнем, зараілася ад іх у канцавіне простыні, там, куды ўсяго пужліва скакане святло ад раскалыханае лямпачкі на электрычным слупе, што пад бярэзінаю насупроць агародаў Дзюбаграя. Я ледзянеў у сваім першабытным страху; як на тое, з гушчавінкі на Кухарцовай пустэчы накінуўся на мяне дварняк, звяхлівы, і мне прыдалася палка, якую падняў, во, на мастку, што перад бойняю.

Касцёл засланяў ад ветрагону. Да яго зацішнага падножжа зляталіся сняжынкі; у вышыні трохі бачнае вежы пракрычала галка (як заўсёды, сварліва).

Надумаўся я наведаць таксама стары маёнтак, па якім засталіся паркавыя дрэвы, дарэшты не вырубаныя мужыкамі, і сцены колішняе мануфактуры, і дзве хаткі, у адной з якіх, што па-над спустошанымі сажалкамі, нехта жыве. Але, можна сказаць, не хапіла мне адчаю, каб падацца ў тую цемрадзь; чуліся таемныя гукі, праўда, поклічы савы.

Затое па Касцельнай ішлося, як з крыламі, да млынішча з азярыскам. З ветрам. У вірыстай белені гібелі Лазневы завулак, Браварная, пажарышчы Каўказскае...

Спадабалася надвор'е. Я ні на кога не натыкаўся, не стрэбілася здумваць прычыну, дзеля якое рушыў у поначную валачобу. (Сказаць каму: для прыемнасці, — высмее перад чужымі!)

Я ўзмакрэў толькі бліз Качыных крыніцаў, над Шамруховым ровам, у пачатку аселіцы Смаркатага Ёзіка; уваліўся быў у ямку. Запрыкмеціў — у прыгуменні Манаха хаваўся прыгорблены, але высокі, чалавек. Не, мне не прывіднілася. Таму я пасунуўся далей, цераз выган, — з аглядкамі і сярэдзінаю таго гуляйполя, з чуйнымі вушыма, напружаны. Адчуванне пагрозы надакучлівае тады менавіта, калі не знаходзіш абгрунтавання яе. Паддаешся інстынкту. Сваю ж Сакольскую ўпазнаў я па гудзьбе тэлеграфных дратоў, наперадзе. Яны выігрывалі манатонную, быццам вечнасць, музыку, ад якое паўставала перада мною маё маленства, прывабнае цяпер бессвядомасцю ва ўсім, здольнае дарыць табе і здаля асаблівую сваю радасць, не галоўную і не спелую, барані Божа, але — да кажнюткага нервіка ўсёахопліваючую, ад чаго сам ты ўвесь ператвараешся ў яе.

На Сакольскай узялася прыглядацца да мяне якаясьці людзіна, і гэта было прыблізна так, быццам аб'явілася страшыдла з вылупленымі бельмакамі, напарасячаным носам, зубамі ад адзінца, на цялячых капытцах, з бычыным хвастом, цэлае ў шэрсці (прыкрытае — прытомна ўбачыў я — кажухом турэцкага вырабу). I я вырачыўся на яго.

Ужо ведаў: не рушуся згэтуль першым. Каб зрабіць тое, трэба мне перастаць баяцца, звычайна ўтаропіцца ў з'яву, знарочна па-дзіцячаму, выгнаўшы з сябе тую плойму дрыжыкаў, або і з разбаўленасцю ступіць да таго лыча, пагладзіць ягонае валахоцце, прашчабятаць яму словы задаволенасці, паводзіць сябе з непадробленай бязбояззю. I гэта мне ўдалося, і то настолькі хутка, што ў наступны міг зажадалася не пазбывацца сполаху, наадварот, набрыняць ім да неўтаймаванасці, каб не знікла тая пачварнасць, казачна зачараваўшая мяне, і каб усё не закончылася пазяхлівай размоўкаю тут, хто ведае ці не з суседам сваім акурат... Одумам!

Я кінуўся наўцёкі, у такое дзіўнае ўцяканне, безэмацыяналь-нае ад разліку, урэшце з той натугаю на снараджэнне ў самім сабе нейкай агіды ад таго, што вяртаюся ў зразумеласць, у штодзёншчыну. (Цяжка ўявіць сабе горшую шэрань быту ад тае, якая ёсць вынікам якраз усёразумення.)

Беглася мне з долу. З казытлівым пачуццём уласнае смешнасці.


У РАДЗЮКЕВІЧА
Мне, тады хлопцу з Крынак, у якіх беларускае слова туляецца жабраком, было надзвычай дзіўна і, адначасова, па-нябеснаму шчасліва ў тым будынку па вуліцы Міцкевіча (на рагу з Электрычнай). У гэтай, як на мой густ, велікапанскай гмахавіне знаходзілася ў Беластоку Завочпая Настаўніцкая студыя, са свежаўтвораным у ёй Аддзяленнем Беларускай філалогіі. Разам з рэдакцыяй «Нівы» было гэта другое ў горадзе месца, дзе чуў я на высокім тоне родную мову. Мне хацелася гаварыць на ёй да самазабыцця! — Я стаў беларусам не таму, што мне сказалі, хто я; гэта мела не галоўнае значэнне. Я ёсць ім як абражаны існаваннем самагвалту, самаадрачэння, самапаніжэння — Веравызнаннем страўніка!

Дырэктарам Студыі быў Ян Радзюкевіч, чалавек, які нарадзіўся дзеля таго, каб стаць наглядным прыкладам дабрыні (выкладаў ён гісторыю выхавання).

У маім выпадку Студыя дала мне пачатак у навуку і мастацтва. Памятаецца сваё першае значнае — «Фэст» (пад Бабеля?), я напісаў быў неяк пасля абароны дыпломнае работы пра творчасць Кастуся Каліноўскага. Пасярэдзіне 1962 года, ва ўстаялую цяплынь у пераджніво.

Беларускую літаратуру пасватаў жа мне прафесар Тарасаў, якога беспрытомна любіў увесь наш курс. Без яе не было ўжо мне жыцця!

Згадваючы свой лёс наканаваны, я думаю і пра Уладзіміра Паўлючука. Ён, якім зараз ёсць, пачынаўся таксама «ў Радзюкевіча». З ім, Паўлючуком, я правёў заліковыя ўрокі ў пачатковай школе, што ў ягоных Рыбалах. Мне, заікастаму, давялося ў ёй навучаць беларускай мове (паводле «Чытанкі») і арыфметыцы. Толькі экзаменацыйная камісія, якая па-вучнёўску сядзела ў апошніх партах, з павагаю ды цярпліва даслухала майго да канца, настойліва суцішаючы клас, хлапчукоў, што сінелі ад стрымліванага рогату...

Гэта ён, Валодзька, — хутчэй філосаф, чымсьці пісьменнік, — пазней не даў мне інтэлектуальна астыць, магчыма, таму, што іншыя рэагавалі пазяхлівасцю на яго высновы... Нашы жанкі, здаралася, пратрывожыўшыся ў самоце да ліпнёвага досвітку, адшукоўвалі нас на яшчэ пустынным тратуары ля Фарнага сабора, досыць бестактоўна перапыняючы нам дыспут, напрыклад, пра дабро як сваё запярэчанне, праблему, як здавалася, ужо блізкую вырашэння менавіта намі.

Дзесяць гадоў потым — я скончыў Варшаўскі універсітэт. Аднак жа найбольш душэўнасці ў кожнага ёсць да першых пачуццяў. Мая інтэлектуальная маладосць прамінула «ў Радзюкевіча», у тым, незабыўным сутыкненні з веліччу айчыннага; не прайшла яна — на маё шчасце! — за гарамі, за лясамі.

Р. S. — З сентыментальным сумам гартаю я альбом, у якім захавалася колькі групавых фатаграфіяў. Вось —-Колька, а гэта Зіна, побач іх Гэля з Янкай, прыгожая Русачык. Пасля лекцыі Тарасава? У нашым цудоўным, беластоцкім парку, як вядома, задуманым, да вайны, тым ваяводаю, які крычаў, што хутчэй вырасце яму на далоні славуты волас, чымсьці ўтрывае ў краі хоць адзін беларус! — Так, гэта адтуль ішлося.


ВЫЕЗД СЛАЎКІ
Слаўку трэба было ў Слою.

Добра звечарэла, і ціснуў апошні маразок, а вышыні абселі зоркі (яны выразніста мігацелі, гэтак ад бязмесячнасці; некаторыя ажно гарэлі — здавалася — свечкамі). Ён выйшаў быў завідна; усё трымцелі ўваччу разлітыя лужкі ў палетках ды на загуменнях хутароў, высачэла яснеча. Чуў жаўрука; выспеўваў ён сваё недзе пад ляском, што ў бок Відушчае гары. Зямля, аднак, заставалася ўмерзлаю, і толькі паверсе яна таяла, там, дзе быў пясок, падгрэты апоўдні.

Дарогу падноўлена, і ад таго стала яна быццам шырэйшаю. Гладчэй йшлося ёю, але і, чамусьці, усё роўна што не ў сваім старонні. — Калі ж гэта так паспелі... з ёю?

«Мужчыне наймацней не падабаецца ў жанчыне яе некабечая злосць, не змякчаная хоць іскаркаю а ці залётнасці або падатлівай няпэўнаеці», — і гэтае чыёсьці запярэчанне: Як назваў сваю бабу, так і добра, абы ў печ не садзіў! Глядзі, бубка, каб не дастаць па мухаедах... — гугніў хтосьці, калісьці.

Слаўка выйшаў быў з рэйсавага аўтобуса, у Кліне, хоць зручней яму аказалася б ехаць далей, у Трысцяное ці Пачапок. Неяк раптам ён устаў быў са свайго месца і прайшоў да выхаду; дзверы расчыніліся якраз на сцежку ў лес. З залацістым іграннем уседжвалася на ёй святло, у прадвесным цяпле пахацела кастрыцаю; попахі першага жывічнага водару заляталі нават праз тое прасунутае ваконца, у духоцце нутра кузава. Слаўка рушыўся выходзіць зусім няўцямна — дзеля чаго? Нечакана самому сабе паімкнуўся, мог бы сказаць: так мне захацелася.

З ім здаралася такое. Яму не хапала нечага з характарнасці. Яго гнявіла свая падтаклівасць, тая няўстойлівасць супроць доказнасці з боку іншых. Уласнае адчувалася ім як нешта малаабгрунтаванае. Недадуманым уяўлялася яно, гэткім пляскатым і, фактычна, беспадстаўным яму. Свае паводзіны міжвольна арыентоўваў ён паводле тых падказаў з адусюль, з той, даволі невялікаю, надзеяй на выпрацоўку ў сабе абавязкова адзі-наслушнага погляду на робленае. Ён, несумненна, прадчуваў. што, мабыць, памыляецца ў сваіх спадзяваннях на дасягненне трапнасці ў важным рэагаванні. Часамі — нават — упэўніваўся ў тым.

Маці надакучвала Слаўку з жаніцьбаю: вядома, час ды пара з гэтым. Яе праўда, і таму гняла яго асаблівая бязвыхаднасць. Яму рупіла супрацівіцца ёй, ды не надта каб было як — старая адмоўчвалася, калі ён, са злосцю, пытаў у яе: з кім?! Дарэчы, посваркі між імі, папраўдзе, датычылі нечага большага, як здагадваўся, — няздольнасці разбагацець? Яна амаль пакутавала ад таго, што «людскія дзеці» жылі ўжо на шырокую нагу, прыдаючы жа гэтым знакамітасці і бацькам сваім. У той час, калі ён умеў адно падсмейваць іх, спрытнюгаў, ды мудрагеліць, як нейкая неўдалота...

Комплекс убогага паходжання ва ўмовах менавіта раптоўнага сацыяльнага разняволення дае тую, агідную, выяву ў выглядзе пабожнасці да багацця, — фармулявалася Слаўку, ад начытанасці. У блізкім маладняку хадзіў вецер, ад чаго здавалася папоцемку, што недзе ў ваколлі імчыць прыгародняя электрычка.

Аб тым, каб наведацца ў Слою, ён думаў даўно,настолькі даўно, што зараз усумніўся, ці ж варта яшчэ і ці, наогул, не запазніўся ўжо з гэтым сваім з'яўленнем сюды. Будзе там цяпер хто? Іх хату запамятаў: з белымі аканіцамі і ў правым канцы вёскі яна. I тую гутарку — таксама. Яго злавала тады хітрэцкая цырымоннасць ці бо хутчэй зацюканасць гаспадара: — Як мне здаецца, ты, Слаўка, не павінен так... Нехта ўжо гаварыў, ага, ды і мне гэтак здаецца, што ты, як-ніяк, ну залішне... Здаецца, усё-такі, ведаеш, Слаўка, нельга ажно так...

Прычына пагаварыць ды і ў застоллі, ну так, знайшлася іншая. Адно і другое склалася ў Слаўку як штосьці цалкам выпадкова, як нешта такое, аб чым і не падумаў быў. Кавалеруючы, ён аднойчы прыгнаўся сюды, на сваім японскім матацыкле, на тыя слаянскія музыкі, сам адзін, і адразу пасябраўся тут, так сабе, з вясёлым хлопцам (якога імя дагэтуль не ведае, таго рыжыка). Ён гэта прывёў Слаўку да сябе. У гэту ж хату на начлег, а ўся каламыя ўшчалася ў падабедак, ужо ў нядзелю. Слаўку сказана менавіта, што — залез у пасцель да іх дачкі і, сонную, узяў яе пад сябе (па-п'янаму, але гэта ні пры чым у самой праўдзе). Уз'ятрылася была тлумная размова, такая гамана, у якой кожны застаўся пры сваім. Слаўка не меў таленту да дзяўчат, а, зазвычай старэйшых за сябе, давалак саромеўся тым сорамам сына ганарыстае маці...

Было з ім раней такое падобнае; у лютаўскае адлігоцце на вяселлі за Бельскам, у вёсцы на раўніне. Дурна нагуляўся ў сумятні гасцей. Падлазіла пад Слаўку добра кумпястая вясельніца, што пайшла ў водмаладзь, і, можа, нешта здарылася б паміж ім і ёю, калі б не перапой у яго (Слаўку званітавала). Не памагла яму і праходка ў лясок, паўз сцюжлівае поле. Паілі там паганай гарэліцаю, нагадваючай сівуху (якраз у інфляцыю грошай куплялася найгоршае). Палятуха далівала яму ў чарку, гулліва заходзячыся ад смеху, ды па-грубіянску дыхцела папяросамі. Яна ласкальна куснула Слаўку за вуха, вышаптала: «Мо баішся, дурненькі, што я заражаная?» ён адчуў сябе да адранцвеласці недарэчна і ад таго, што, ну, зуеш не ведаў, ад чаго пачынаюць мужчыны з жанчынамі... З вясельных скокаў яна бойка зацягнула яго ў сваяцкую хату; вобмацкам дабраліся да якогасьці ложака, аказалася, ужо разасланага (Слаўка нарабіў грукату, перакінуўшы вазон з высокаю кветкаю). Блізка храпацеў мужчына ды ўторыў яму жаноцкі посвіст: з цемры выбельваўся ўздырдыган пасцелі з параскіданымі з-пад яе нагамі. Гэтая дружка Слаўкі, неяк па-матчынаму, але нецярплівымі і гарачымі рукамі ўкладавіла яго каля сябе, гаворачы без сціхання, такім жа свісцячым шэптам, усё пра сваю непадатлівасць ды гапаровасць; агаліла хлопца з кашулі. Яму зрабілася блага, відаць, і з перапуду...

А цяпер валокся ён, што на ўвязі, у тую Слою I чаго гэта туды, каб хто ў яго быў спытаў?! Тое ж, што напаткала тут Слаўку, адбылося гадоў якіх два-тры назад, і наўрад ці тыя яго любошчы неўпапад зараз мелі там нейкую вагу, ці нехта ўсё памятаў пра іх? Зрэшты, не пакідала Слаўку здзіўленне тым, што ён сам дапусціўся да нечага такога, няхай сабе і напіўшыся... Здумалі яны гэтак на яго? Каб дачку выпхнуць замуж і сыну свайму даць, такім чынам, разгон на гаспадарцы? Чаго толькі не прыходзіць людзям у голаў! Усенька можа быць.

«Але, як жа мне зайсці да іх? Сказаць: добры вечар вам, пазнаяце мяне, вось я, той самы Слаўка, прыходжу, аднак, да вас, хачу ўрэшце ведаць, ці маё тое глупства з вашаю дачкою не зашкодзіла ёй займець сабе мужа, а ці напэўна гэта праўда, што я аж такое вырабіў ёй жа тады, у начлег пасля музыкаў, ну, тым не меней я пачуваюся да абавязку растлумачыць вам і свае, таксама, уцёкі ад вас, ведаеце, не столькі па труслівасці даў драпака, колькі якраз па маладой фанабэрыі ды зялёнай абразлівасці, словам, — так ці сяк, калі што, я гатоў, усё-такі, ажаніцца з вашаю дачкою, бо ці раз потым разлічваў сам сабе: неблагая з яе дзяўчына, не порсткая, неяк спадабалася яна мне, хоць ведаю, што не на месцы мае словы, выбачайце, калі ласка, але нешта запала ў маю душу... Усялякае здараецца; ды на шчаслівы канец ніколі не позна, як кажуць удасведчаныя...»

I Слаўка ўжо бачыў жаданую ўціхласць ад таго ў гэтай радзіне, павячэраўшы з усімі на згоду. У вёсцы спіцца ўзімку ўтульней. Завея адлятае ад ваконня недзе ў гуляйполе. Нават мышы не дзяруцца на гарышчы; хата спачывае ў бяспечнай саладосці быцця, і спакойна вядома, што будзе заўтра і пасля.

З цямнечы выбліснулі перад ім не вельмі далёкія агеньчыкі вечаровае Слоі. Слаўка неабачліва ступіў ва ўкрытую лядком лужыну, і чаравік намакаў ад вады, якая апёкліва-халодным усплёскам улілася яму цераз верх. Ён пастаяў, бы які бандыт на шляху, што ўстрывожыўся заядлым брэхам сабакі блізка наперадзе; адтуль ехалі возам.

Слаўка пабег назад без аніякае асцярогі, крутнуў паўз ельнічак і, па барознах у палетку, папраставаў да шашы, па якой, аддыхаўшыся, дайшоў у поўнач да вакзала ў Саколцы, дзе, чакаючы на беластоцкі цягнік, ачысціўся з балота.

Ён, да болю ў мазгах, зразумеў тое, што яго пацягнула ў Слою менавіта сваё бязвыйсце або і горш таго, гэткае нешта ў ім самім жа, з чым няма куды падзецца! А такі чалавек можа прынесці з сабою толькі бяду іншым. як той, хто заражаны страшнаю хваробаю.


МАНАЛОГ МЕСТАЧКОВАГА ЗЛОДЗЕЯ
— Дваццаць сёмы год будзе, калі гэта я, зараза, на хлеб-соль працаю зарабляю, як толькі ажаніўся быў з Канцуроваю Маняй, ну, з той сястрою Голае Фэлі, якую, казалі людзі, артылерысты нямецкія ў вайну вывалаклі яе са склепа, куды схавалася яна перад салдатнёю, ды на загуменні, пад тымі Лапуцёвымі слівамі, як мае быць аддубасілі дзеўку ўпяцёх на адну, вось, узялі і разбэсцілі, гэ-гэ-гэ... Я, маладым будучы, зараза, быў дурны, бы Супруноў чаравік: усе сілы свае пакладаў на рабоце ў складах штучных гнаёў, што, во, стаяць ужо колькі часу ў Жабіным завулку, там, па-над рэчкаю, з-за якое ехалі фурманкамі мужыкі ды чакалі яны абозам на пажарышчы Чаркесавай хаты, штодзень да ночы, і за пляшку гарэлкі, такое сівухі, дапамагаў ім, булава, цягаць мяшкі тыя, пакуль не спадаўся, гы-гы-гы... Начальнік тадышні мой так і кажа мне, каб я, зараза, лягчэйшы занятак сабе падшукаў, бо тут, — чаго ён, ясная справа, проста не сказаў мне, зараза, — марны з мяне цяперака гарэлчын брат ды злодзей, значыць, не карыстаюся даверам калектыву, падтрымкаю актыву, і ўсіх гэткіх цваных гасцей, та-ак, та-ак, мы-мы-мы... Халеры нямаш на вашы голавы, падумаў я, зараза, мо і праўда: неўдалота з мяне, скапыцень буланы, даверлівец аблавухі, бот, і што там яшчэ найгоршае бывае з чалавекам, ажно гідка паўтараць, бо і да бабскага пераду дагаварыцца можна, дарэшты збулавець, а нашто тое, не?.. Легальна жа, ведаеш, пазбаўлена мяне гэтае пудовай пасады, — во прыдумалі! — за п'янства і, назаўтра, паставілі ра-біць у краме «Алкаголі» (манаполька тая ў другім канцы мураванкі Піндаля). У ёй я, зараза, без аніякага дзіва, на дзесяць тысяч насматкаў потайна, не ўмеючы красці як трэба, прытым жа, не буду грахі таіць, бабы ўсялякія пачалі губіць мяне, калі мая Маня ў бальніцу злегла з дзіцём першым, дачкою, якая зараз ужо заму-жам у Саколцы, на Сабачынцы жыве яна, з Франкам, сынам Набіноса, ну ведаеш, таго бракан'ера з Хапачоўскага хутара, так гэта яно і пакаптузілася ўсенька, ах... З тамтых «Алкаголяў» вядома ж, доўга не чакаючы пуганулі мянс за тысячы тыя не свае, усё роўна быццам я, зараза, сам гэта ў іх напрасіўся даць мне грошыкамі казённымі пашапацець у пальчыках, белых рук у сябе прычакаць, за прылаўкам карпеючы з рання ды да вечара, як дзень божы доўгі і ясны, пазяхаючы пры тым, бы бобік які на ўвязі, эх!.. Тады я, зараза, выгнаны з тае крамы падумаўся быў наняцца ў Піпдалёў млын, на работу пры каменнях стаць, каб жа неяк сплачваць прапітую па-крадзежніцку манапольку тую, але, думаеш, гэта так лёгка? Дурняў наўкола, зразумей, поўна, і ніхто іх, як кажуць, не гадуе, не сее, усё самі яны ўзыходзяць, так што і каля мяне круціўся адзін такі добры хлопец, можна б сказаць, сябар мой, і ён узяў ды пазычыў мне грашыскаў крыху на выдаткі хатнія, даў, як быццам у стромань бяздонную кінуўшы, і я адразу пабег з імі да Ваўчыцы-Шырокае Чаркі, цьфу-цьфу, падла з мяне!.. Я, зараза, не такі балван, якім прыкідваюся вось, хоць і ўстаю досвіткамі, каб маторы ў млыне Піндаля нагрэць, пакуль людзі збожжа пачнуць завозіць, мужыччо ўсякае, і не першы раз бачу сабе, як пад'язджае на замлынне, сунецца грузавік з пагашанымі фарамі, — а ведаю, чый ён, бо гээсаўскі, — ды раз-два назвальваюць з яго адны такія хлапчукі мяхоў, паўнюткіх пад завязкі, ажно ўсё роўна, што сапуць яны ад таго злятання пярэкіддзем, і неўзабаў шафёр дае газ, самаходзіна рыкане, пыльнуўшы за паваротку, і ўсё па ўсім, хэ-хэ-хэ... Аднаго, гэткага віхрастага, — з Дубравак ён, дык я яго здаўна ведаю, ля могліцаў хату сабе паставіў, яксьці хутка пасля таго, як яго старшы брат павесіўся, дочцы свае сястры байстручка змайстраваўшы, бо, памятаю, калі кветку мы ў яго запівалі, сястра тая ўпілася была, як зямля, і пад машыну на шашы падлезла, галаву ёй распляснула, а стары бацька якраз недзе нагу зламаў і, не бавячыся занадта ў хваробу, узяў ды памёр, эгэ, у Каляду або трохі пазней, словам, цяжка зразумець іх радзіну, эгэ-гэ-гэ... Ім, гэтым камбінатарам, здаецца, што мая галава, зараза, не варыць. I таму горшы я за іх злодзей, няма патрэбы са мною перашэпты заводзіць ці хаця б руку па прывітанне працягнуць мне або «дзеньдобры» сказаць такому асталопеню, у гумовыя боты абутаму, іначай кажучы, — Піндалёваму падноску, ягонаму млынарчуку падгаламу, які капітал адно ў бандыцкіх кінафільмах вачыма злічвае, як Канцурыха — прэзерватывы сыскападобныя пад ложкам доччынага курвяняці ўпорань, пасля культурных, па-цяперашняму, імянінаў, га-га-га... Куры тыя сыскі потым дзюбаюць на падворышчы, счэпяцца за адну ды цягнуць кожная ў свой бок, пакуль не парвуць, і ад таго каторай у грэбень лясне і крыламі, дурная. залапоча ды засакоча аж на плоце знайшоўшыся, вось смеху колькі нагледзішся, га-га-га.

Я, зараза, не хвалячыся, а каб ты тое ведаў, лепшы ёсць злодзей! Што яны ў параўнанні са мною?

Сваю долю грошыкаў ад крадзяжоў пад маім носам я мець мушу, каб невядома як ім таго не хацелася, сабакам паганым! Няхай толькі спрабуюць яны круціць тут мне, дык я ім цэлае кіно зраблю, столькі перцу пад хвост задам, што іх азадкамі агарод заараць можна будзе, так ім засвярбіць! А што ты думаў, — міліцыю набухтору спадцішка ў тыя гешэфты, наляціць яна на Піндалёўшчыну і ўчыніць ім гэткую хапаніну, зладзюгам ненаедным, за пшаніцу кааператыўную, што мяшыскамі збываюць занішто беластоцкім спекулянтам, зерне адборыстае халопам на сяўбу, такога погразу накаламучу бандзе, ад якога зробяцца яны маленечкімі і, пасядзеўшы дзе трэба, больш гаваркімі будуць са мною... Мудрыкі на хітрыкі — я, зараза, лепшы за вас злодзей!


ЯК Я СТАЎ БЕЛАРУСАМ
Усяму пачаткам было тое, што ў Беластоку рушыліся «Ніву» выдаваць. А дакладней кажучы — згвалтаванне Бубнішынай Манькі ў ягадах, да якое ўпрысвятак дабраліся былі ў Чортавым балоце якіясьці лайдакі. Мне ж цэлая бяда счаўплася ад таго аінекдота ў «Ніўцы» гумару ды сатыры, які акурат і падыходзіў да Маньчынай салодкае ганьбы, пра што раструбілі ў гміне. У нашым выселку Кашэчая Лапка адзін я выпісаў тады «Ніву», і таму ўсім стала ясна, хто гэта так бессаромна падаў у газету наконт няшлюбнага жывата ў порсткае дачкі Бубніхі.

Ляснік Булава неяк сказаў мне:

— Ты гэта ці не ты, а ў суд дзеўка на цябе падасць.

— Няхай, калі яна гэткая дурная! — адрэзаў я п'яніцы.

— Хто тут з вас разумнейшы, час пакажа. — I Булава павалокся сабе, азіраючыся ў мой бок разоў колькі, быццам пакепліваючы з мяне.

Я не браў усяго таго ў галаву і, як ні ў чым не бывала, спакойна капаўся ў гаспадарцы. Столькі і падумаў быў: «Удаве, дык і вецер спадніцу задзірае. Не паспела Бубніха мужыка пахаваць, як прыблуды Маньку ёй зматлашылі...»

У панядзелак жа, на кірмашы на Сабачынцы ў Саколцы, — я падсвінка добра збыў варшаўскім спекулянтам, — неспадзеўна перапыняе мяне сама старая.

— Ты, што з маёю Маняю будзе? — гэтак яна да мяне.

— А я тут-ка пры чым? Не чапаў жа вашае Мані! — I, памятаю, набіраюся поўныя грудзі злосці.

— Эх ты, узяў і апісаў, адпомсціў ёй за тое, што на танцы ў Бабылёў Луг не хадзіла яна з табою, гэтакай брыдотаю, што жонку родную звёў на той свет, каб чужыя дубасіць. Абняславіў Маню, жыццё завязаў ёй, бедненькай...

— Не я гэта пісаў, і не я ёй завязваў! — выпаліў сухой бабе.

Бубніха ад таго ажно падскочыла, бы гумовая. Засакатала:

— Ага, не ты?!. А людзі што кажуць? Ты! I кожны тое скажа. Перастань мне выкручвацца задам дапераду, табе нічога не паможа, калі суддзя на вачах людскіх за справу возьмецца!..

— Ну чаго вам ад мяне трэба? — спрабаваў я спакайней, як з мацеркаю Манькі.

— Чаго? — і Бубніха ўсё роўна што спатыкнулася. — Яшчэ і пытае, чаго!

— Ну, дык чаго? — ухапіўся я за слова, трохі разлічваючы на яе розум і сумленне. — Засудзяць, не засудзяць, і што далей? — як здавалася, выблытваўся я.

— Дочанька мая, а няшчасная ты!.. — тут плакнула Бубніха, умомант натоўп вакол сябе гэтым збіраючы.

«Калі ў радзіне бяда, дык аднае мала: трэба, каб была і другая», — смутна вяртаўся я дахаты. Па дарозе зайшоў быў дагледзець магілу нябожчыцы жонкі свае на цвінтары, што ўзбоч ад гасцінца і перад вёскаю.

Аднак жа нешта прадчувала мая душа.

Сені, калі я ўжо ўехаў на падворышча хаты і, урэшце, выпраг каня, аказаліся адамкнёнымі. Сабака, гэты ліслівы Рэксік, разваліўшыся, ляжаў нажорты, як падла якая, і нават хвастом дзеля прывету мне не варухнуў. У кухні, за сталом, а як жа, я ўгледзеў раскрасаваную святочным адзеннем Маньку. Яна адразу і ўселася на мяне, і то неяк па-жончынаму:

— Бачу, закарэў ты адзін, на Яна парадкі навядзем

— Ты — гэта сюды як? — пралапатаў я.

— А, во, так! — I яна тыцнула мне ў рукі здымак з леташніх хрэсьбінаў у Булавы, на якім я, хоць і жартаўліва. ніштавата прыціскаў быў Маньку да вушака (была кумою). — Можаш рваць гэту фотку, — дадала, калі збольшага прасвятлілася ў маіх мазгах. — У мяне ёсць іх больш, а сведкі чаго горшага, на выпадак якой патрэбы, знойдуцца... Ну, беларусок, пара падумаць пра наша вяселле, пакуль нічога па маім стане не пазнаць!

Пагляд у Манькі, не на смех, шалёна пабліскваў.

Я так і не вылаяўся... Адумаўшыся потым, прыкінуў быў сам сабе: няважна, чые бычкі, абы цяляткі мае, а Манька, як-ніяк, працавітая, і не модніца, і не будзе лішняй, вось, яшчэ пара рук на маёй гаспадарцы, таксама і Бубніха спраўная ды і ў пасаг апіша мне сёе-тое...

Цяпер іншы раз засмяюся сабе ў кутку, каб яна, крый Божа, не згледзела таго або не ўчула: Маня, слухайце вы, прыхілілася чытаць «Ніву»!

У Кашэчай Лапцы празвалі яе Беларусіхаю, а блізнятаў — Ніўняткі.


НЯЗДЗЕЙСНЕНАЯ РАЗМОВА
Я хацеў пагаварыць з ім, гэтак без паспешкі, але ён не даў мне дайсці да слова і то зусім не таму, што гаварлівы. У яго, звычайна, было шмат чаго сказаць мне, і ён усё гаварыў, а я слухаў.

Стаяў ясны, з маразком дзень, што спрыяе добраму самаадчуванню і дакладнасці думкі.

— Каб гэта чалавек ведаў тое, што яго яшчэ чакае дык, мабыць, без асаблівага страху, ну, павесіўся б, — пачаў ён з, па-застольнаму тандэтных, нараканняў. — Можна, халера, толькі здзіўляцца той радасцю бацькоў, з якою яны вітаюць дзіця, сваю малечу. Я, як сын селяніна, ведаю, што мае дзяды не надта скакалі ад уцехі пры нагодзе нарадзінаў у іх доме... Ведаеш, халера, пра што я іншы раз падумваю? Вось пра фармулёўку згвалтаванае жанчыны! Магчымая тут дакладнасць?..

Мы трохі памаўчалі.

— Ведаеш, тэлефон ад яго, ад колішняга майго прыяцеля, ад таго Алёшкі быў мне настолькі нечаканым, што, халера, одум мяне ўзяў: нармальны я ці ўжо не?! — загаварыў ён пра сваё канкрэтнае. — Справа ў тым, бачыш, што ён, гэты Алёшка, якіх-небудзь дзесяць гадоў назад дапусціўся ў зносінах са мною аж такое недыскрэтнасці, ад якой я і па сёння знаходжуся ў бес-стабільным становішчы як асобень, так сказаць, з пахіснутаю псіхікай, крайнасцямі ў настроі і тэдэ. Аднак жа, у тую тэлефонную трубку, я нагаварыў яму ветлівасцяў: «Добры дзень вам. Я буду вельмі рады бачыць вас...» — і нават нейкіх ліслівасцяў. Скончыўшы, я пакутліва перажоўваў тое сваё, менавіта, дзеля чаго гэта рэагаваў з дрыготкаю надзеяй на ягонае запрашэнне мяне?! Значыць, на якую халеру я прыкідваўся ўсцешаным?.. Відавочна ўва мне было, блізкае ўсведамлення самому сабе, даўняе жаданне паразумецца з ім, з безумоўнай шчырасцю выгаварыцца да самога тла! Гэта не іначай. Я пабег на сустрэчу з ім у дамоўленым месцы, чамусьці злуючыся на халадок у сваіх грудзях, які, памятаю, з'явіўся тады неўпрыкмет, як быццам нейкі цьмяны боль зуба... А ўсё тое вынырнула наверх з пачуццяў маіх потым, ужо пасля тае стрэчнае гутаркі, калі стала мне зразумелым, што за гады, якія прамінулі ад таго жахлівага здарэння, па сутнасці нічога не змянілася ў нашых суадносінах, бадай толькі адно, як гэта зараз бачу: у мяне не знайшлося сілаў ні запалу, каб змагчы перапаўтарыць яму ўсянюткія свае доказы, столькі ж разоў перашэптваныя мною ў сваю абарону.

Ён лакомліва закурыў. Зрабіў гэта ў вялікім забыцці, праз добрую хвіліну схамянуўшыся, што трэба ж яму пачаставаць папяросаю і мяне.

Далей гаварыў ён усё роўна як не пра тое самае:

— Мы, ведаеш, з'ездзілі кудысьці ў вёску; ён ехаў па сваіх справах, глядзець такую паўзабытую цэркаўку недзе на ўскраіне Крынскай пушчы. Я і сам цяпер катэгарычна не цямлю: дзеля чаго гэта я пусціўся з ім туды, пад тую цэрквіну, заімшэлую ўжо, наконадні руіны? Але тая паездка, ты ўяві сабе, дала мне салідны пярэдых, халера, хоць і не адбылося без, звычнае ў такіх акалічнасцях, балбатлівае гамонкі ў падарожнай, легкавой, машыне. Прытым — рагаталі мы, распасцёршы рукі, ажно слупянелі!.. Я ратаваўся ад дурману ціхімі здогадамі наконт таго, што жыццё нельга пражыць кавалкамі і што ўяўляе яно сабою нейкую цэласць, а этапы яго — не больш як усяго якасныя памеры, набрыняласці або сохані, паміж якімі не можа быць межаў, ну, абрыўкаў. I, адначасна, шкода, халера, што яно ёсць, менавіта, гэткае цэласнае. Вельмі, вельмі шкада, што, ну... Разумееш ты мяне, хацелася б, жывучы адзін жа раз, каб было магчымым пакарыстацца гэтым цудам у найбольшай колькасці варыянтаў яго, вось цэлых, во, са сваімі пачаткамі ды канцамі, — ён паморшчыўся, непрыгожа, ад сканцэнтраванасці. — Ну, як табе тое растлумачыць? Скажам так: на падабенства, вось, папкі з крымінальнаю справаю, якая, зазвычай, пачынаецца вопісам першага здарэння, выпадку, паступова таўсцеючы ад дакументацыі наступных фактаў, і закончваецца яна нечым фінальным, напрыклад, у выглядзе аналізу прычынаў ды іх паслядоўнасцяў, дэфініцыі...

— I так, я звалачыўся з ім у адлеглую глухамань... У гэтае, папраўдзе дурное, падарожжа было ў мяне незабыўнае імгненне. Мы даязджалі да моста, драўлянага, бачнага здалёку, пачарнелага, самотнага мастка на рачулцы, перад Талькоўшчынаю... Рабілася да таго ж пуста ўнутры, што адно вочы, адны яны прыдавалі сэнсу існаванню. Гэта, скажу табе, агідны настрой, які нагадвае, як кажуць, перадшыбенічны. Людзі, наогул, не ўсведамляюць сабе, як важна пабыць, час ад часу нікамуткі не патрэбным! Тады — перспектыва, ведаеш, стаецца чысцейшаю... Мы пасталі на тым мосціку і, непрыстойна, адцадзіліся ў цёмную пад ім стромань, і — здавалася мне — пад намі дымела пара, як над якімі коньмі, угрэтымі ў вазіску з лесу, з калодаю, цяжорнаю падрубаю. У сцюдзёнай выссі пераклікаліся журавы, спяшаючы, неяк па-прывакзальнаму; нявідныя анёлы суму.

I павесялелым голасам:

— Мы, ведаеш, счапіліся спрэчкамі наконт танца, ну, ягонай існасці і да таго падобных сафізматаў. Танец... Танец, а ці не, узяўся з забавы, гульні. Не думаю, што ў гэтым уся праўда, такая, якую мы разумеем... Ведаеш, што я падумаў, халера, забаўляючыся з ім у дыспут? Найгусцей падумваў я пра тое, што, вось, далеч перад намі сіпее холадам, усё роўна бы там выпаў першы снег і што ў ваконцах лясунскае Сакалды свеціцца неяк па-каплічнаму, бяздомна, во. Ну, але танец... Ты таксама, ведаеш, прыглядзіся да будзённых людзікаў: яны паўтараюць паводзіны, рухі! I кожны з нас выконвае, халера, танец, сам не спадзеючыся таго. Так, братоха, — усе танцуем дзень у дзень, ад рання да ночы, а нярэдка, хэ-хэ-хэ, і поначы... Значыць: танец як з'ява мастацтва і самое мастацтва заключаецца, відаць, у згушчанасці... ну у працярэбліванні лішняга, бы у дагледжаным садзе, ачышчаным ад сухастоінаў, дзічак, беспатрабноцця заморанікаў... Гэтае самае мастацтва ўражвае нас, чым, га? Выразнасцю, братка! Яснасцю дагэтуль няяснага і нязвыклым бачаннем бачанага, нават штодзень бачанага або і таму менавіта; беспрадчуванай цэльнасцю, во, новай патрэбнасцю, як прыгожа пабудаваны дом на пустэчы.

Ён моцна стаміўся, але і мне не было лёгка пасля столькі пачутага ад яго. Я чакаў справы, дзеля якое, — так я лічыў, — ён ушчаў натужлівы ўступ. Але, гэта не была прадмова. Гэта было — усё!

Яшчэ сказаў на заканчэнне:

— Чалавек жыве на столькі, на колькі ўдасца яму выдраць ад грамадства. Нуварыш, ведаеш, не прызнаецца да сваіх няўдачаў. Ён палічыць іх чымсьці выпадковым або ганебным. Яму, няхай бы хоць і незнарокам, не ўзбрыдзе ў галаву тая здагадка, што памылкі з'яўляюцца больш павучальнымі чалавеку, і што той, каму ўсянютка ўдаецца, рыхтуе сабе, звычайна, катастрофу, чым даўжэй, тым безнадзейнейшую... Мае землякі, на падабенства прасцяцкіх амерыканцаў, усё роўна бы той Алёшка, могуць гаварыць паміж сабою выключна з дапамогаю, так званых, добрых звестак, ухвалення драпежных дасягненняў, халера, без паве-дамлення пра іх цэны... Свет, маўляюць яны, не робіць ім ніякае ласкі, даючы магчымасці! Хутчэй — гэта яны... яму... Ах!

Ён замаўчаў, даволі неспадзеўна, і неяк раптоўна развітаўся са мною.


КЛЮЧ
У крыніцы, што каля Канцуровае вярбы, знайшлі мы ключ — вялікі, няйначай як ад гумна. Пра гэта было ў нас гаворкі, пакуль касілі аўсы на Сойчынай горцы; палічылі, што згубіў яго шаленаваты Самасей: плёхкаўся быў там.

Хтосьці пайшоў, каб спытаць Самасея, і не прыходзіў, хоць трэба было не надта далёка, за Дзявочы луг. Вярнуўся, і стала вядома, што Самасея малавеле не зарэзала дачка Кабыліхі, яе Фэлька, да якое ён увесну пакінуў хадзіць. Казалі: яна паласнула яму касою па кульшы, не вельмі каб глыбока, нагавіцы меў ён на сабе брызентавыя, але крыві тае налілося з яго ажно ў бот, і беспрытомнага павезлі на трактары ды наўпрасткі, папарамі, што прасціраліся тады да местачковых садоў, ля якіх пастаўлена да вайны бальніцу...

Пра ключ зноў былі загаварылі мы ў звозку снапоў, калі Самасея падлячылі і выпісалі дахаты. Згуба гэта зацярушылася ў нас. Знайшлася яна ў скрыначцы на жалезіны, што стаіць пад сячкарняю, якую закідалі натрусам. Я сам узяўся аднесці той ключ Самасею. Ужо даходзячы да ягонага падворышча, мяне раптам ахапіла трывога, і я зараз жа згледзеў прыгорбленую постаць гэтага неўдалоты ў бульбоўніку за склепам, а пад вішняком, што ў канцы агарода, — бачу, — Фэлька круціцца, быццам ёй парася пабегла ў шкоду...

Ключ узяў я ды павесіў у нашай адрынцы, высока і за дзвярыма.

Было потым работы, і мы не дурылі сабе галавы Самасеем, да таго часу, калі пайшлі чуткі, што ўночы абакралі яму гумно: зладзеі вынеслі, — казалі людзі: браты Фэлькі, — дзесяць мэтраў першага намалоту пшаніцы і добры пуд насення канюшыны. Мы здагадаліся, што цэлы гэты ключ можа наклікаць на нас бяду. Зай-шоўшы нарэзаць сечкі, я зняў яго там з цвіка і, счакаўшы змроку, прабраўся ў поле, да крыніцы, у якую кінуў пад хваробу знаходку. Жалезка бульканула ў, аблямаваную лядком, ваду, бліснуўшы ў месячным святле, быццам рыбка на глыбіні. Наваколле ўкрыў іней ад ранніх прымаразкаў, і я, каб не нарабіць слядоў за сабою, адыходзіўся па падмерзлым ворыве, абмінаючы ўтравелыя мясцінкі.

Мы трохі падумвалі яшчэ аб тым, ці гэта ключ быў Самасея...

Даў Бог, усё шчасліва нам адбылося.


У БОК ЮРАЎЦАЎ
У свята мы выйшлі з Беластока. Ля затоння шашы — дзікія ружы, счырванелыя шыпшыны. З віядука, што за Белым Стачком, відаць чыгунку, як праколвае небакрай.

У бок Юраўцаў пачарнела, але мы пакуль што ў сонцы, бытта каля печы бліз акна, ад якога цягне па нагах холадам... Хата дарожніка пад залессем.

Ступаючы ў пясок на сцежцы, у гэты прысак, я не без прыемнасці падпякаю сабе ступені. Прыйшла на мяне нейкая ўпэўненасць у тым, што ад заўтра — восень.

Дайшлі, уздарожкам, да Супраслі-рэчкі. Тыя хмары пагнала ажно за Васількова, мястэчка.

На дне — усё той жа камень, які не раз я спрабоўваў абняць, каб, дзеля пустое гульні, зварухнуць яго, але мяне выносіла наверх. Задыханы — вылазіў на бераг, такі змазолены ён мяшчанамі, што пруцца сюды на пляж. На траву ў пархах, у вецер. Адсюль, са жві-рыстае касагорынкі, падзічэлы ад радасці я скоўзваўся ўглыбіню, акунаўся ў ёй з галавою, поўнай уяўленняў пра жахлівасці віроў. Выныраў жа каля чаротаў і — палохаючыся таго, што пада мною ляжаць тысячагадовыя зрубені, — плыў з быстрынёю. Страшна было і да казытак шчасліва!

Аднойчы на завараці я ўдарыў каленам аб той камень. Цэлы ў раптоўных дрыжыках, больш не купаўся.

Вяртаючыся надвячоркам дамоў, ля шашы мы нарвалі тае чырвані. На цудоўнае віно, на зіму.

— Купім шар у лазовай пляцёнцы, пяцідзесяцілітровы, — сказала жонка. Яна ўсміхалася вішанькай.

Ішоў я за ёю, з кошыкам восені, а мае сыночкі гайсалі па ўзбочыне, ловячы запозненага матыля. Ад Юраўцаў, калі я азірнуўся, ізноў хмурылася, але мы ўсё былі ў сонцы.

Тады, у нядзелю.

А неяк у тыдні, праязджаючы сюдою легкавушкаю па службовай і таму зусім няважнай мне справе, я кінуў вокам з моста на Супраслю; у ёй яшчэ блішчэлі ранішнія зоркі. Ціхая ды пабрыдчэлая пасля лета, яна стаіла ў сабе камень...

Машына рванула пад гару, праз Юраўцы і далей.


ЗЛОДЗЕІ I ХЛОПЧЫК
Грузавая «шкода» з галавастаю шафёркаю гудзела, бы нейкі дапатопны чмель. Ехалі ёю беластоцкія злодзеі красці лес.

Марусіў дожджык. Прасторныя шыбы абселі кропелькі.

У полі сірацелі дзічкі. Злодзеі хвалілі пагоду.

— Мне, як у Бога за плячыма. —- прабубніў адзін з іх і выскаліўся.

Гэта не спадабалася старому.

— Ыгы-ы, — мармытнуў ён і мацней атуліўся плашчом: усё роўна што збіраючыся думаць пра нікчэмнасні. Шафёр намацаў у сябе пад нагамі зашмальцаваную анучу ды працёр ёю пярэднюю шыбіну, левую: пацяклі брудныя рагі. У нос забівала цёплым чадам ад матора.

— Закурым,— азваўся мужчына, што сядзеў ззаду. Ён дастаў дарагую цыгарнічку: частаваў усіх.

Разам было трох чалавск (калі не лічыць шафёра). Шафёр пусціў з рук баранку і прыкурыў папяросіну сваімі запалкамі. Той, хто быў частаваў, загаварыў знарок голасна:

— Чулі, Іванюка выпусцілі!

— Не можа быць?! — рохкпуў бамбіза, што ўсеўся ля дзверцаў. — Іванюка ж пасадзілі на дваццаць пяць, пане кіраўнік... То кажаце, пане, што ён ужо ў хаце? Як жа гэта ўдалося яму, пане кіраўнік? — балбатаў ды стаўбунеў.

— А выпусцілі, — паўтарыў той жа.

Шафёр перастаў хмурнець. I яму хацелася нешта сказаць, але бамбіза нясціхна дзівам дзівіўся, не даваў дайсці да слова. — Яму ж пеканулі, падумаць толькі, дваццаць пяць!..

Падаў голас стары:

— Э, што цяпер турма: завод без часовага права выхаду дамоў, ды столькі.

— Я тры месяцы карпеў у следчапцы, — усё-такі ўставіў сваё шафёр. — Са мною сядзеў адзін дырэктар. Павалаклі яго на суд, які ўляпіў яму дзесятку. I ён адразу здзяцінеў, як снегавы балван у адлігу, паменшаў і пачаў пырскаць слязьмі: жонка мая пекная змарнуецца! Га-га-га... А я тлумачыў яму: сябручок, ты адно стражнікаў слухайся і хвалі іх, дык пачысціш прыбіральні не больш чым пятоху. I яшчэ, калі не залез табе гультай пад скуру, грашыскаў грабанеш за работу ў прытурэмнай фабрычцы, бо ж інжынер з цябе!.. Гэ-гэ-гэ...

— То ж але: паказвай перад стукачамі, што цалюткі ты ўжо свядомы, — дадаў уласнік зіхатлівае цыгарнічкі. Сказаўшы гэта, ён сіпла зарагатаў. Хіхікаў і стары, неяк плаксіва.

Шаша кончылася. Павярнулі ў лес, праз які пятляла нешырокая дарога. У трынаццатым квартале ізноў павярнулі ўбок і марудна пахіталіся трыбаю. Навіслае голле замахвалася на «Шкоду» смешнымі аплявухамі.

Аднекуль наперадзе з'явіўся хлопчык з кошыкам грыбоў. Ён пастараніўся і глядзеў.

Уягоных вачах была дабрата.

Злодзеі ўраз аціхлі.


ВЯЛІКДЗЕНЬ 1971 ГОДА
Раніцу забалаганіў матацыкл — у такі холад пагнаўся жарабцом, першы раз з зімы. Вуліца абурылася, вокны заблішчэлі шклом злосці; узыходзіла сонца.

Цішыня вярнулася.

Я прыціскаўся да пасцельнае цеплыні. Снілася мне маладая радасць: вяселле ў Вялікіх Азяранах над Свіслаччу. Ускраем берага ракі нёс я на руках Тасю. Яна выкручвалася з майго ціску, і я вель-мі смяяўся. I яна таксама аж заходзілася! У кустах узнялася рагатня п'яных. Яны разрагаталіся да таго ж нядобра, што мы, ухапіўшыся за далоні, пабеглі туды, дзе шумела музыка ды пыліла ад танцаў на падворышчы; гулялі да месячнага бляску.

Я абымаў шаўковую Тасю.

Мне руліла набіць морду аднаму такому за тое, што ён скрадваўся з каханнем да Тасі, па-прасцяцку захаборваючы яе безгалоўным віном і падманваючымі шакаладкамі, якія даводзяць да пацалункаў, безабароннасці, як гэта з дзяўчатамі бывае, а якіх потым заносіць нячыстая сіла на сена ў адрыне... Біць яго ды духу слухаць за тое найбольш, што так мала яму трэба!

I я з бяды пайшоў у луг свайго дзяцінства, ва ўквечанае бесклапоцце, паміж ветрыкаў свавольных. У рэчаньцы забытага лета лавіў быў калюшак. Вада ў ёй мела тую прахалоду, па якой смуткуе дарослы, як па смаку чарнахлебнае скарынкі або паху спелага жыта. Бусел стогадовы ўсё прыглядаўся да мяне, настолькі доўга, што зашчымела ў сэрцы і чамусьці заплакаў я, і спалохаўея цішы. I таго яшчэ, што я адзін-адзінюткі.

I тае цішыні.

Калі вяртаўся я назад ды зноўку праз Вялікія Азяраны, убачыў Тасю ўжо ў пацалунках, на загуменні. Яна адмахвалася ад іх, але рабіла гэта з какетлівай няшчырасцю, бы тая дзяўчына, якую абсыпаюць цукеркамі...

Хутка блізіўся здалёку задыханы рохкат матацыкла, грубеў. Я з натугаю апрытомнеў і расплюшчыў вочы: па нашай вуліцы імчала ўсё тая самая жалезіна, і цішыня хавалася пад коўдру. Вокны гарэлі нянавісцю.

Цэлы гэты жарабец зноў пагнаўся кудысьці. Цішыня выбегла паглядзець за ім, як старая дзеўка. Выкацілася, урэшце, сонца і ўзяўся быць першы дзень велікоднага святкавання ў маім горадзе, званым Беластокам.

У Вялікдзень 1971 года.


ДЗЮБАГРАЙ
Размова з ім мела пах моцна салёнага мяса. — Ты, слухай, ты, — гэтак ён да Дзюбаграя. — Чуў ты, як цыган за кампанію павесіўся? I зноў ён:

— Слухай, ты: колькі вуліцаў, столькі і праўдаў. Во паглядзі на нашую праўду, што за акном...

У тупым рэстараніку, пад зялёнымі заслонамі на ваконні, чысценька сядзелі жанчына з хлопчыкам. Пяці, мо шасцігадовым.

— Дзюбаграй ты, эх, ты...

— Абціхні! — Дзюбаграю зрабілася вельмі прыкра. — Нічога не разумееш ты... Не бачыш тую травінку, толькі многа травы, многа, на цэлае горла, як карова...

— Хочаш у морду? — Дзюбаграя судзілі, за пабой бармана. Год ці паўтара таму назад.

— У морду? — той паглядзеў на нейкае смяццё. — У морду, значыць...

Яны абодва выйшлі на тратуар і там яшчэ гаварылі. У вуліцы далечыня пустая і здзіўленая. На дварэ ўстаялася летняя нядзеля.

— Стань, кажу табе, ну, стань! — Дзюбаграю не хацелася нікуды кратацца.

— Дзе тут піва прадаюць? — той супыніўся. Яму было ўсё роўна. — Ліманаду, ведаеш, так жа люблю... Трыццаць гадоў ужо будзе, калі я піў гэты ліманад. Хачу ліманаду!

— Ты хочаш у зубы! — зазлаваў Дзюбаграй, сам добра не кемячы чаму (?).

— Давай купім цукерак! — той зноў за сваё. — Я забыўся смак цукерак!

Накрышылі слоў.

Заспявалі.

Памяталі, як пад'ехаў міліцэйскі патруль ды забраў іх у выцверазільню. Запамяталася ім, таксама, і тое, што яны не дакончылі размовы.

Дзюбаграю не выходзіла з галавы, як тая жанчына з хлопчыкам усё гэтак жа чысцютка сядзелі. Ім падалі абед.


РАМАН СТЭФКІ
Стэфка перайшла на працу ў станцыі штучнага апладнення — ужо з легендкаю разбітнае кабеткі ды з важным медалём, пачэпленым ёй у нутрыегадоўчай дырэкцыі, што на Задрыпанцы. Тут з месца далі Стэфцы пасаду загадчыка рэферата па селекцыі пародзістых бугаёў. Учапілася яна прытым бойкае спекуляцыі валютаю, доларамі, наклікаючы гэтым на сябе вядомую зайздрослівасць.

Стэфка, — забягаючы наперад, — аднак жа, не ўтрымалася на станцыі. Яе згубіла таленавітасць на ўсе рукі і, што нярэдка наглядаецца ў адораных адзінак, даверлівасць.

Стэфчына сябрына ўтапіла б яе традыцыйнымі даносамі, калі б не шчаслівая, усё-такі, ёй акалічнасць: бяда сама прыбілася (заманулася бабе мець палюбоўніка). Яна пастаралася сабе аб нейкага маладажона, такога дзяцюка, які ёй лепей падыходзіў бы як прыёмны сын; дакладна на шаснаццаць гадоў маладзейшы за яе. Праўда, Стэфка яе хвалілася, менавіта, гэтым... У яе захаваўся інстынкт жаночае абачлівасці.

Ашуканая жонка з'явілася перад Стэфкаю ва ўстанове яксьці ў раніцу, і супрацоўнікі перш былі палічылі яе навапрынятаю старажыхаю: мардатая ды здаравезная. Тая з разбегу крыкнула на Стэфку; калегам здалося, што гэта зацясалася сюды; няйначай, п'яная гандлярка з пустыннае ў гэткую рань вуліцы. Калі ж працягнула яна свае ручыскі па Стэфачку ды тузанула яе да сябе, выглядала на падведзеную пад дурнога хату наведніцу. Імпэтная аплявуха, ад якой аж пасыпаліся іскры са Стэфчынае шчакі, усім супрацоўнікам насунула здагадку пра несусветную памылку ў падрахунках справаводнага балагану. Стэфцінка, схопленая за валасы, уявілася пацучанём, якое даканала ўз'ятраная кошка; кожны, хто быў, толькі ахнуў. Кінутая вобземлю, яна зусім памалела; супрацоўнікі адхіснуліся пад сцены. Юшлівая незнаёмніца —. з воклічам: «Ку-ррр-ва-ааа!!!» — скокнула на раскіданую Стэфу і, у вялікім забыцці, тапталася па ёй нагамі; супрацоўнікі ж шмыгалі ў дзверы, робячы тое неяк па-курынаму; у калідоры ўзнялі вэрхал, падобны на экзатычны рогат гіенаў.

Выклікана міліцыю.

Сведкі здарэння не знайшліся.

Стэфку адвезлі ў бальніцу, у якой яна праляжала тры месяцы. (Сяброўкі да скону апавядалі сабе пра тое, як яе там падвешвана на шлеі і як валялася яна на жываце ў другі этап лячэння.)

Пазней нічога не ўчулі пра яе.

Валаводзіліся размоўкі:

— Учора праходзіла я каля судоў, ведаеце, па чысценькім ад снегу тратуары...

— Суды, дарагая, гэта табе не хіханькі -— закон! Перад імі падмятаюць старажы, крымінальнікі ўсякія...

— А сядзіць тых гвалтаўнікоў, ой, сядзіць іх па турмах...

— Ах-ах-ах...


ПЕТРЫКАЎ ДАБРАБЫТ
Петрык, ажаніўшыся з Кухарцовай дачкою, абмяк і змаркоціўся. Кухарцы, вядома ж, не тая радзіна, якой хацелася б пазайздраваць Петрыку, і некаторыя з нас лічылі, што ён, звычайна, зразумеў свой промах. Успрымалі мы гэта па-свойму спакойна, каб не сказаць: з яхіднай задаволенасцю.

Конскае прыгажосці фізіяномія Петрыка яшчэ болей павыразнела. Флегматычны, ён зусім апусціў рукі так, што нехта пачуў нават пра блізкае звальненне яго з работы, (усё аказалася плёткаю па іншай, сапраўднай, прычыне). Як зазвычай, шкадоба чаргавалася ў нас са здогадамі наконт таго, хто зойме па ім месца. Гаварылася аб Сляпым Лёніку, угадованым гультаіску з сектара рэвізіі...

І хоць уласных бедаў кожнаму хапала, былі час ды ахвота трапаць языкамі і пра Петрыка. У нашай, невялікай, установе няхай толькі дрэнны настрой у шэфа ўжо з'яўляўся надзеяй, а ў выпадку ж Петрыка — жарты вам! — узважваўся лёс чалавека. Таму мы са здзіўленнем над здзіўленнямі, ад якога ажно мазгі стыгнуць, выслухалі звестку пра тое, што ён, Петрык, папрасіў у начальства аб тры месяцы бясплатнага водпуску; заскочыў з гэтым, менавіта, Сляпы Лёнік.

— Ці ён здурэў, гэты Петрычыска?! — войкнулі ўсе ў адзін голас. — Авёс закалоў яму ў зад, сам жа пазбываецца, целяпень, працы!..

Гармідар асеў, і Сляпы падсумаваў: — Калі Бог каго хоча згубіць, дык напачатак розум яму адбірае.

Лёнікава яснасць нагнала на нас нуду. Мы павярнулі да тэмы сакратаркі: спіць яна зноў з шэфікам ці пакуль не наважылася пасля вылячэння трыпера ад кагосьці? Набралася яна тае поскудзі, — што было па-вясковаму добра вядома, — на імянінах Сляпога Лёніка, на якіх, да белага дня, пілі ў цёплым падваліку, дзе знаходзіцца кацельня. (— Няхай жыве клуб Сляпога Лёніка! — расплёсквалі тосты, а імяніннік хмялеў, аж заснуў быў у шмацці пад трўбою цэнтральнага абагравання. Сакратарку ж дубасілі цваныя інспектары з Варшавы, у рагатлівай чарзе і ў вашывай каморцы кацельшчыка-абібока.)

У другі раз Сляпы Лёнік забег неяк пад канец тыдня, сапсаваўшы нам нядзельны адпачынак.

— Ведаеце, хлопцы? — прапяяў ён пеўнікам. — Петрык узяў той водпуск, каб паехаць у Амерыку, зарабіць там зялёных...

— На легкавушку «форд», хітрунец! — енкнуў я, ад чаго зрабілася мне брыдка, але трохі.

— Ах во які нумар!

Мы ажылі.

Узнікла пытанне: адзін ён туды падасца ці з жонкаю?

Петрык, тым часам, кануў бы ў ваду. Неўзабаўку выявілася, што ягоны выезд адбыўся ў самюткі Новы год, у завею з маразамі. — Казалі: выбраўся ў Каліфорнію, гарачую краіну.

Білет на самалёт з Варшавы ў Чыкага каштаваў Петрыку суму гадавога заробку. Жонку сваю, натуральна, пакінуў ён дома. А тут мяцеліца снегу накрушнявала на дарогі столькі, што цягнікі і тыя суткамі нерухома сіпацелі на беластоцкім вакзале («хуткая дапамога» давозіла хворых здаля ў бальніцу — падумаць! — верталётамі). Петрыка ж паратаваў быў нарачоны швагеркі яго, які — пранырлівы, падла! — уночы і тайна вывеў снегачыста з базы ўправы шляхоў і, не гледзячы ні вока ні бока, папёр на ім нашага амерыканца да варшаўскага аэрапорта, за цэлых паўтары сотняў вёрстаў, пры нагодзе адкопваючы з сумётаў на аўтастрадзе, як сам пасля хваліўся, з паўтысячы грузавікоў... — Бракавала пятнаццаці хвілінаў, каб мы запазніліся, — казаў ён. — Валокся назад праз дзень і да вечара, пакінуўшы машыністу, уехаўшы ў Беласток ад Выгоды, пад нейкім камісарыятам міліцыі, каб доўга не шукалі яе, бо, заразы, узялі б і выкрылі б мяне! Гэ-гэ-гэ...

Петрыка не было з Амерыкі роўна два гады, як абрэзаў. Аб ім перасталі і згадваць, быццам пра нявартага ўспаміну нябожчыка. Счаўплося крыху балбатні, калі Петрычыха нарадзіла брывістае дзіця, сына (але ад каго?!). — Таксама папрацавала, каб не з пустымі рукамі сустракаць мужа, гі-гі-гі... — за аборты, тады, страшэнна каралі лекараў.

Ён прывёз, а як жа, ашаламляльнага «форда».

У Брацкім завулку зараз жа купіў аднапавярховую вілу.

Адшукаў хабеля жонкі і зрабіў яму нешта такое, што той перабраўся жыць у далёкі Шчэцін, дзе, як пайшлі потым чуткі, павесіўся, ці што, на кватэры прастытуткі каля порта...

Разводу не было.

Петрычыха адчыніла галантарэйную крамку ў канцы Купецкай і выхадзіла мужу даходную пасаду дыспетчара на бензакалонцы, што ля Баброўніцкае шашы.

Малога ахрысцілі Джонім.

Абое зажылі прыпяваючы.


ВЯСЕЛЛЕ
Ліля выходзіць замуж.

За сталамі наліваюць чаркі. Вочы ва ўсіх, як у паважаных людзей, якія ведаюць, што будуць споеныя. З пазычанае кружэлкі зайгралі «Касіў Ясь канюшыну...».

Ліліна вяселле.

У заслонах, што на вокнах, дураслівее вецер. Ён, бы дзіця, цікавае покрыкаў ды піскаў. Зоркі як відаць адбегліся на неба, што за Смольнай вуліцаю. Гусцее вэрхал.

Расчырванелая, з кулакападобнымі тварыскамі кавалерка рэвам зараўла:

— Гооооркааааа!!!

Успалымнелі дружкі.

Размацаная рука Васіля папаўзла каштаваць каленняў спадарыні дакторкі, якая мігам ускочыла на крэсла і, замятаючы сукняй крэм на торце, ахвоча разгаласіла:

—- Ліля, твой муж — саплюк! Ён саромеецца пацалаваць цябе!

Маладыя, прыемна прыпунсовеўшы, засаладзілі гарэлку як трэба. Выглядала гэта так, што Ліля ўпілася вуснамі, быццам з якое роспачы...

Спадарыня дакторка ляпнула Васіля па плячы, ажно ён уздрыгнуў, і закамандавала:

— Ра-ассу-унуць ста-алы-ы! Будзем танцаваць, як у Варшаве!

Учынілася звалка. Мела яна той добры бок, што выяўлена слабакоў, якія пасыпаліся на падлогу.

— Гэй, бубен! Гэй, рытм падай!..

Ляснуў пярун. Нізка загалгіталі майскія грымоты. Цёты перахрысціліся. Дзядзькі кінуліся зачыняць вокны.

Дакторка козачкаю ўвайшла ў сярэдзіну разбубненага тлуму, з грацыяй узняла ўгору рукі, прыгожа закончаныя чортавымі пазногцямі, чырвонамаляванымі, і ўелася модна дрыгаць. Яна залётна пакеплівала з целяпняў, што панапіваліся. Васіль жа раскручваўся вакол яе вёрткага зада. Дзесьці, у ваннай, заходзілася ад плачу яго нарачоная.


ШПАЦЫР ПА НОВАЙ ПЕРЫФЕРЫІ
Ён усё заўважыў адразу, калі ўжо першы раз праходзіў сюдою, па нагах гэтых вулачак, упоперак іх, ускраем гарадскога парку і цяністаю сцяжынаю, што абрубляла перыферыю Беластока, мяжою засені і сонца.

Стосныя асабнячкі. Тут час махнуў рукою на вялікія турботы, разлёгся млява ды прыдрамаў. Мясцовы рай.

Устойваўся нядзельны полудзень.

Ля вуліцы Чароўнай і далей — Кветкавай, Белавежскай, Ягаднай — утульныя тэрасы, на якіх, у плеценых крэслах, усё яшчэ не могуць наадпачывацца ўчарнелыя ад гароўнае працы здабытчыкі гэтай вымураванай нерухомай маёмасці... На якойсьці верандзе, рэжуць у карты, з мужыцкімі прысваркамі і папіваючы самаробнае віно з пузатае бутляхі. На панадворку ж павісквае галоднай свіннёю матацыкл, з якім цацкаюцца паўголыя юнакі. Каля тае ўгадованае хлапцоўшчыны швэндаюцца дзяўчыніскі, аднак, са спакуслівымі малінамі роцікаў, хоць і змораныя дабрабытам. Мацяркі, адна ў адну пабрыдчэлыя ад уедлівага замагання багацця, з ардынарным голасам, такім сіплым. У іх напэўна зацятыя вочы ды заскемлівасць на твары, з нясціхна злосным: — Няхай табе Бог дасць задарма!

Ад затаполенае Рамантычнай папахвае п'яным балем і цяжкастраўнаю кухняй. Насупроць тае ж Ягаднай забівае дух недарэчнасць спакою, распружыненая ляжанка пад вішнямі, загон маку невядома каму... Дзесьці, пасярэдзіне Белавежскай, высокагалоса буяняць; будуць выдурньвацца там да вечара, трохі патанцоўваючы, і ў змярканне, з гігам пазагольваюцца ў кустоўі чагосьці (язміну?).

Выскачкі!


ПЕРАПЫНЕНАЯ РАЗМОВА ДВУХ
Пугаўка гаварыў яму, Малявіцкай Кабыле:

—- Каб ты толькі ведаў тое, колькі іншых дзеянняў папярэднічае кожнай маёй пастанове, якую я прымаю як дырэктар?!

— Слухай: не баналь... На, падпішы вось гэту паперку, і ўсяму будуць капцы.

— Я ж не магу так адразу, ну...

Яны сядзелі адзін насупраць другога. За сцяною — цубаніў позні дождж і, на вятрыску, грукацела вадасцёкавая труба, дзесьці ўзбоч ад нуднага нэона, «Прадуктовы».

Малявіцкая Кабыла маўчаў, вырачыўшыся на Пугаўку, які паўтарыў:

— Ну не магу...

Абодва адначасова ўздыхнулі, кожны па сваёй прычыне.

— Што гэта табе на мазгі ўпала, чаравік ты?! Пугаўка зморшчыўся:

— Ты, Кабыла, мабыць, п'яны?..

— Каб ты так здароў быў, як я зараз цвярозы! Паганы настрой у іх пачаўся ад раніцы; клубавала дрэннае надвор'е, імглістае.

— Зробім мы па чарцы, га? — спытаў Малявіцкая Кабыла.

— Я ж не п'ю!

— Вып'ем баржомі, лайце безграшовы.

— Ты, Кабыла, не гавары да мяне гэтак;не люблю.

— Ці я да цябе з чым благім? Мінералка ж здаровіць жывот. Зразумей тое, мужык ты.

— Ідзі ты сабе і перастань мне дурыць галаву! — зазлаваў Пугаўка.

Не, Малявіцкая Кабыла не з тых, каго можна лёгка абразіць ды пазбыцца; ён настойлівы.

— Чакай, не гарачыся... Я да цябе — за справаю, а ты б'еш у хамут. Будзе — і мне і табе... Падпішы, чуеш?

— А гэта пра што ты зноў?

— Не, дык не...

— У мяне часу няма на такія глуповіны!

— А ці я кажу, што ў цябе ёсць? Думаеш, у мяне яго поўна?

— Ну, хопіць, — Пугаўка прыняў позу тонкае энергічнасці. — Да пабачэння.

Малявіцкая Кабыла аціх, быццам хуліган, які раптам дастаў у зубы ад свае ахвяры. Міжвольна падумалася яму: «Няўжо ён што пранюхаў?..»

— Табе спешна кудысьці? — ён уважліва прыгледзеўся да Пугаўкі вачмі таго начэплівага тыпа, што, неспадзеўна самому сабе, убачыў у свайго размоўца новыя, лепшыя, якасці.

— Не, — адказаў ён Малявіцкай Кабыле коратка, як камусьці малафарматнаму.

— Гэ-гэ, касмічнае становішча. — Трэба было разумець гэта наступным чынам: немагчыма за што-колеч ухапіцца.

Адзін з іх павінен зараз жа ўстаць, каб развітацца. У такім становішчы, якое ўжо ўзнікла, не было б важнае — менавіта хто, хоць зусім натуральнае тое, што гэта зрабіць належыць Малявіцкай Кабыле.

— Што ж: толькі. напісанае застаецца...

Пугаўка, з нейкаю заядласцю, нічога не адказаў, і ён, Малявіцкая Кабыла, памутнеў, апусціў вушы, можна сказаць, пахарашэў далікатнейшымі рысамі твару, што праявіліся на ім ад няўдачы.

Малявіцкая Кабыла ніяк не спадзяваўся гэткага рэагавання ў Пугаўкі. Ён ад таго нават, даволі сваевольна, усміхнуўся, яшчэ раз выбліснуў радасцю, быццам; сонейка, што заходзіць за пахмурны небасхіл. «Э-э-эгэ-гэ-гэ-э, — хацеў, здавалася, азвацца Малявіцкая Кабыла. — Ты, Пугаўка, аказваецца, разжыўся на начальніцкія гуморы. Ну і ну, ашаламіў ты мяне, братка. Э-э-гэгэ-э, не адзін свет змяняецца, але і людзі на ім...»

Каб не прамарноўваць часу, ён вырашыў, што паспее сёння наведаць Булаву і ўладкуе з ім іншае, няхай сабе і ў запас. «Вунь колькі прырода патраціць крылатага насення, пакуль вырасціць аднаго клёніка!.. Гэтак і са справаю: бегай, ног не шкадуючы, сушы галаву сваю думкамі ды хітрыкамі, круці-выкручвайся», — асэнсоўваў сваё Малявіцкая Кабыла, выходзячы з даваеннага будынка дырэкцыі прадпрыемства для закупак утыльсыравіны і прастуючы ў Гандлёвую вуліцу, што ў Пяскоўскім квартале з уцямнелымі камяніцамі.

У сераду пад абед.


НА ДАЎНЯЙ САСНОВАЙ
Уздоўж Брукавай, усё неасфальтаванае, маячыла недаваленая сцяна часовага домрабочага, пад якою ляжалі, — у выкачаным пустазеллі, — мардатыя мужчыны ў камбінезонах і пілі з бутэлек. Вецер гнаў на іх шмаццё газеты, сыплючы пяском у вочы. Пахацела спелым асатом ды асаблівай сумессю ад удзірванелых пажарышчаў.

Наперадзе ж, сярод садоў нязнішчанае вайною Сасновай, па-местачковаму высілася будыніна майстэрняў механічнае школы, з дабудаваным потым другім паверхам, а таксама з прыліплай унізе кузняй на падабенства маянтковае дрывотні. З нястрымнай чуллівасцю, не вельмі жаданай мною, я глядзеў туды, дзе менавіта пачыналася сваё першае і ўласнае адчуванне фабрычнага горада, пілавіння металу, грукату, маторнага рыку... Ужо тады з халадком у мяне да людзей, непазбежным у кожнага, як аказваецца, ды з сумотаю, гэткім бессяброўем, апрыкрэлым мне ў сталасць.

Ад цэркаўкі, што на гары Магдаліны, відаць Сасновую і Брукавую за прыплюснутымі дахамі задворкаў і амфітэатр. які прафануе частку жыдоўскага могільніку. Тут чамусьці лепей уяўляць твары сяброў, заўчасна памерлых; забываюцца яны таму, што не паспелі пакінуць пасля сябе чаго-кольвек важнага. Падабнюткія — да іх! — згледзіш у велікоднае гасціннае падарожжа праз нашы беларускія лясы, аднак і ад таго ўсё роўна не верыцца ў смяротнасць. Непаўторныя — ці то ва ўсмешцы, ці ў задуменні, хоць і адчувальна далёкія ад разумення жыцця (у якім самая вялікая рызыка, гэта заставацца бескарыслівым). — Калі без пакут не бывае чалавечнасці, дык ці варта зайздросціць Георгію, ніштаватаму перадпенсіянеру, ягонай мужыцкай задаволенасці тратуарнай лёгкахлебнасцю, здольнасцямі выдушваць прапацелыя грошы нават з камення?!

Я, цалкам бязвольна, прыйшоў у гэты закутак непатрэбшчыны, да якогасьці прывакзалля, што на вялікагарадскім пайку; калі можна так сказаць, з закляклаю душою. Не ведаючы, што з сабою рабіць ды куды падзецца (?). З тым настроем, які апаноўвае мяне па меры паглыблення ў старасць, што лічу прычынаю нашае дбайнасці пра месцы вечнага спачыну блізкіх.

На Сасновай я зараз перажыў нешта такое, з чым дагэтуль не сутыкаўся. I не знайшоў назвы на вызначэнне яго — ні ў суме, ні ў радасці, ні ў абыякавасці. З гэткім пачуццём, невядома якім, відавочна гутарым з паўзабытым знаёмым, выпадкова наткнуўшыся на яго і выходзячы з нейкага свайго завулка. Шчабятліва ў нас гэта: адбываецца, хуценька і сонечна. Справа ў тым — заўважваю я па сабе, — што, з гадамі, усё цяжэй даецца размова з кімсьці, хто можа зразумець або разумее мяне. А ці не таму якраз я болей не паказаўся на ростанях Сасновай з Брукавай ля зруйнаванага млына, па-пад вокнамі ў вішнёвай квецені, якія, як бы па-хуліганску, абступілі наваяўленыя вышынныя дамы ў форме надуманых кварталаў. У рэштцы майго першасвету, якую рыюць віславухія бульдозеры і па-жураўлінаму абселі дзікавысокія краны, пераважна жоўтыя, безгаловыя (быццам уваскрэслая цывілізацыя паводле Гоймара фон Дзітфурта)...

На даўняй Сасновай несумненна быў лес.


ПРАМОВА НА СХОДЗЕ ПРАЙДОХАЎ
Дарагія! Дазвольце мне выказаць сваю ўдзячнасць вам за гэту, нештодзённую, магчымасць бязбоязна падзяліцца сваімі шчырымі думкамі, з усімі. Як чалавек, які любіць і, думаю, умее разважаць, я хачу адразу падкрэсліць, што кіруюся толькі разумовымі ўстанаўленнямі, нязначна дадаючы да іх колькі кропель пачуццёвасці. Прыкладна кажучы, гэтае маё выступленне з'яўляецца мне карысным у пашырэнні майго прозвішча перш за ўсё. Звярніце, шаноўныя, увагу: змест адыгрывае тут ролю ўсяго ўмовы дасягнення мэты. Няцяжка здагадацца, што самым галоўным мне ёсць не разумнасць сказанага, але ваша пераконанасць у тым! Спадзяюся, што мая гаворка не мае заблытанага гучання...

Прапрычынаю непаразуменняў між людзьмі трэба лічыць інстынкт апярэджвання адзін аднаго, той першабытны бег навыперадкі. Усянюткія вы, як тут ёсць, ламаеце сабе галовы над спосабамі ўзаемнага акампраметоўвання. Я, зразумейце, не бачу ў гэтым нічога натуральнага. Так, воўк забівае, ме'навіта, каб насеціся, мы ж- - каб нацешыцца, паляўнічыя. Ненатуральнасць чалавека ёсць яго сутнасцю!

Але, давайце бліжэй паўсюдных даеведчанняў. Некаторыя з нас, а хто — добра вядома, зрабіліся падлыжнікамі. Ад хітрасці так? Праўда тэта, аднак-жа, частковая. Ад такога ў іх характару? Трохі' большая праўда ды, таксама, далёка няпоўная. Ліжуць яны начальнікам...— са страху! Не, не ад гэткага пярэпалаху, пра які мы, зазвычай, думаем. Іх жа страх ёсць народжаны свядомасцю, што яны схапілі ад жыцця больш, чымсьці вартыя таго. У інтэлектуальным сэнсе тое няблага сведчыць пра падзадкаў...

Можа, сёй-той і падумаў зараз, што я гэтак перад вамі шчырую, бо з глузду з'ехаў? Памыляецеся, цванікі, і яшчэ раз кажу вам: памыляецеся, вы хітрэцкія булавешкі! Іду далей: зусім не збіраюся стойваць уласных высноваў ды поглядаў, няхай сабе і найжахлівых, бо набліжаюцца часы, у якіх проста аплаціцца быць адкрытым. Я скураю адчуваю іх прыход, бы вуж чужую хаду! А ваша, як жа відавочнае мне, здзіўленне ёсць доказам існавання тае асаблівае непісьменнасці, якую варта б назваць разумовай глухатою ў малых людзей эпохі. Правінцыя вы, эх, круцялі прасцяцкія!..

Гаварыць праўдачкі, а не праўды і столькі, колькі неабходна тое справе, — вось падстава дзеля адзінкавага, грамадска істотнага, руху наперад. Змоўчванне нязручнага або беспрыдатнага — самая годнасная форма махлярства (я не прымаю гэтае паняцце ў свой прыватны фонд слоў). Хлусяць тыя, у каго не выпрацаваліся здольнасці засвойваць актуальнае становішча; такім здаецца, што магчыма ўсё перачакаць, пакарыстаўшыся паставаю малпы ў дождж, у скурчанасці. — Чаму ж гэта яны так лічаць? — спытае нехта. У адказ я магу толькі дадаць: гультай заўсёды будзе спадзявацца на кагосьці! I — што наўкола, пераважна, менавіта гультаі. Куды ні кінуць вокам, поўна распоўзласці...

Слухайце, эй, вы! Дружбу кожнага з вас я ацэньваю на паўлітра сярэдняе гарэлкі. Дальбог, не занізкая вам цана, панове. Ваша адданасць прадпрыемствам, з работы ў якіх вы жывяце, не перавышае зарплаты. Усе, да адзінага, вы дастойны вяроўкі! Не, не пужайцеся: люблю прыём іншасказальнасці... Я, такім чынам, пажадаў апавясціць вам тое, што не бачу сярод вас некага такога, хто ў адпаведных акалічнасцях, спрыяльных пасабачанню, не пераўтварыўся б у сукінсына; сёй-той з вас, мабыць, з некаторай засаромленасцю, не больш. Па чым я тое пазнаю? Гм, па вашай паказной прынцыпіяльнасці, з якой, напрыклад, хам з універсітэцкай адукацыяй абураецца на брыдкаслоўе ў таварыскім гурце асоб, да якіх мае ён надзвычай тонкую справу; карыслівая разнавіднасць прагрэсіруючае хваробы тактычнае вернасці. Узорным кандыдатам у сукінсыны з'яўляецца выдатна інтэлігентнае індывідуум, якому не хапае натхнёнасці, або — наадварот — цудоўны дурань, нярэдка званы: свой чалавек (хлопец). Аналізуючы пытанне сукінсынства, трэба справядліва ўказаць і на яго ясныя бакі. Ёсць у ім, а як жа, праявы і чалавечнасці. Аб тым можам пераканацца ў, так знаным, становішчы без выйсця. Сапраўды, інтарэсы сукінсына атаясамліваюцца тады з агульна грамадскімі, згодна ідэалу: «Сва-боднае развіццё кожнага ёсць умова свабоднага развіцця ўсіх».

Паважаныя бадзяжнікі! Вы, зразумела, крывіцеся на маю прамову, хоць — я ўпэўнены ў тым! — спадцішка пагаджаецеся са мною. Гэткае рэагаванне характэрнае ўсякай душы прайдохі: адно гаварыць, другое рабіць. У гэтым выступленні я не прэтэндую на вычарпальны пераказ людское дрэні. Мой голас прашу лічыць як заахвочанне дзеля далейшых, ужо зладжаных і глыбокіх, роздумаў у галіне праблемы антытэзы ў чалавеку, які ёсць, пакуль бесканку-рэнтным, вытворцам усяго духоўнага ў нашым, задрыпаным, свеце. Ну, бывайце, дзеці сусвету, бывайце, халеры вы, а не людзі!..

I, закончваючы ласкава дазволенае мне слова, сардэчна дзякую вам за ўвагу да гаворанага мною, за цярпімасць адносна маёга шчыравання. Сыду я з гэтае трыбуны шматпаважанага сходу з той, падбадзёрваючай сэрца і душу, пераконанасцю, што нікому я лішне не заняў часу, якога, даражэнькія, заўжды мала і мала ў нашым жульніцкім побыце. Дзякую! (Апладысменты ды воклічы: «Брава»!)

Прастэнаграфаваў — Сакрат Яновіч


ДЗЕЦІ 3 ГАРКАВІЧ
Мы ехалі ў Гаркавічы. Каня паганяў дзядзька.

— Горача! — маці скінула з плячэй хустку, яе чорны колер пасівеў ад пылу.

Бацька гутарыў з дзядзькам:

— ...Кажаш, на Пятра і Паўла будзе па ўсім?..

Пясок сыпаўся з колаў, трашчаў. Пад Паповаю гарою бліскала азерца, якое абступілі купы аеру.

— Піць, маманька! — мне здакучыла смага. Маці зазірнула ў мае вочы, адвярнулася і страсанула хусту над сцежкаю. Па яе жылістай шыі сцякаў пот.

— Паганяйце, мужчыны, каня! Няма чым дыхаць, — хусту яна складвала роўненька, рог з рогам. — Бацьку, не рассядайся так! — ён забываў, што не адзін тут.

— Пяску, во, па калодкі, — адказваў для маці дзядзька. — Но-оо, буланая!.. На Пятра і Паўла напэўна...— дагаворваў бацьку пра жніво, пшанічным голасам.

— Чаго табе цесна?! — запёкся на яе бацька, але маці змаўчала яму. — ...Да Пятра і Паўла, ого, не паспеюць...

Фурманка пагрукатала па камянях. Колы, з жалезнымі абручамі, ляскаталі. Цэлым возам моцна падкідала. Маці ўхапілася за бацькава плячо і, другою рукою, за гнаяўку. Я ж ушчаперыўся за клініцу.

Перад канём расступіліся людзі, якіясьці дзеці. Большы хлопец — лысы, выгалены да скуры.

— Дзеці з Гаркавіч, — сказала маці.

— Але, — дзядзька, невядома чаму, падтакнуў ёй і заціх. Ён не глядзеў на іх.

— Сядайце, хлопцы, на воз, — загаварыў да іх бацька, менавіта, загаварыў, а не сказаў. Усё роўна як бы: «Ідзіце, хлопцы», каб пачуць у адказ: «Ага, ідзём».

Гэта адгануў той лысы, зацяты:

— Дзякуем вам. Блізка ўжо.

Маці паглядзела дапераду.

Яна ўздзівілася:

— Бачыце вы, даязджаем да Гаркавіч!

— Чаго хочаш: сем жа кіламетраў, — дзіўна сказаў бацька. Не заўсёды можна было зразумець яго.

— I гэтыя дзеці, дзень у дзень, ходзяць у школу аж да нас, у Крынкі? — маці спачувала ім. Аднак жа я адчуў і яе папрок мне: усё маю на месцы, а вучуся, вось, пэўна горш за іх...

— Ага, — дзядзька яшчэ штосьці гаварыў. — Яны, значыць, ну...

Я прыкмеціў зверху, што за плячыма тых хлопцаў на дарозе, — мяшочкі, вуглаватыя, з кніжкамі і пеналамі.

Яны не спадабаліся мне.

Ішлі спакойным крокам, зышлі на конскі троп, каб не падбіцца на гладкай сцежцы, босыя. Меншыя і меншыя, зніклі за намі.


АПАЗНАННЕ
Прыблізна тыдзень назад ён папярэдзіў Юрку, што менавіта яму ўчыніць свінства, — і так зрабіў. У гэтай яго вернасці дадзенаму слову як паэта подласці, цяпер аказалася, не трэба было сумнявацца... У рэагаванні хворае маралі мы, аднак, шукаем аналогіяў са звычайнаю няўпэўненасцю, гэткай, з якою ўспрымаецца намі звестка пра няшчасце, што напаткала нашага прыяцеля. Ну і дапускаем памылку!

Паталогія наогул этыкі развіваецца паводле ўласных жа законаў, у ліку якіх найгалоўнымі лічаць:

— фікцыю абсалютнае рацыі, гэта значыць: заўзятую пераконанасць у сваёй крыўдзе;

— катастрафізм адзіноцтва або філасофію фаталізму, што знаходзяць сваю рэалізацыю ў крайне імпульсіўнай нянавісці да добрых людзей;

— манію праследавання, якую, даволі часта, называюць павышанай агрэсіўнасцю. Папулярнаю праяваю яе з'яўляецца празмерная схільнасць да даносчыцтва і падлізніцтва, як правіла, выступаючыя сумесна.

Калі ўчыненае нам свінства не здолее паслабіць нашага розуму і змуціць пачуццяў, мы слушна пакідаем яго па-за сваёй увагаю. У выніку ж такіх нашых паводзінаў маральна хворая адзінка, вядомая справа, апыніцца ў становішчы пазбаўленае падтрымкі накшталт яе задаволенасці ідыёта. Яна, затым непазбежна, дасягае свайго паранаічнага дна, з прычыны чаго мы не павінны сябе дакараць. Ад гэтае хваробы, пра што трэба ня-спынна памятаць, пакуль нямаш ратунку.


СТРАШНЫ КАНЕЦ АНТОНА
Як жа быць без ката і сабакі? Але, на гаспадарцы. Тым больш — пастарэламу мужчыне ды яшчэ бяздзетнаму ўдаўцу, гэтаму Антону!

Кот у яго называўся Бандзіт, а сабака — Малюта.

Бандзіт жыхараваў на гарышчы, Малюта ж — у сенях. На разбоі свае кот вылазіў праз дзіру над апухаю, а сабака старажыў сядзібу, цікуючы з-пад падрубы (пад якою выграб сабе ямку). Сам жа Антон выседжваў вечары ў кухні, у тым яе месцы, дзе стаяла ўчарнелая печ з выкаўзанай ляжайкаю. У колішні пакой ён наваліў быў каменнага вугалю, ажно праламалася пад ім падлога. Уставіў туды і — разбіты ўлетку — матапед, а таксама даваенны ровар, на якім, у маладосць, падвозіў у нядзелі дзяўчат, што кветкамі йшлі ў царкву; пыліла лахмоцце і пабрэньквала запавуцінелае ламарэнддзе.

Жылі тут чалавек з катом і сабакаю, як быццам на трое душ.

Антон цягавіта гаспадарыў ва ўсе чатыры поры году. I нават падзарабляў ён у лесе як дрывасек, не столькі з прычыны жыццёвае нявыкруткі, колькі, менавіта, дзеля нагоды прыдбаць лішні грош у кішэню.

Бандзіту, дык зусім не было галадухі.

Часам, праўда, шпарыла яго па хвасце тая кабета, што наведвалася ў гэты бесталачын хутарок ды наводзіла ў ім усё тыя ж парадкі (пасля вячэры, Антон дубасіў яе чамусьці на мяшках з мукою ў каморы). Даставалася тады і Малюце, які, замест даць драпака ў зараслі чарносліву, скавытаў і падлізваўся бабе. Яна адыходзіла адсюль пасля трэціх або і пятых пеўняў, не пазней як на світанні, нарагатаўшыся з гаспадаром.

Вярталіся сюды спакой ды бесклапоцце. Бандзіт, іншы раз уранак, неяк спачувальна пазіраў са свае вышыні на таго Малюту ўнізе, які дрымотна лыпаў на яго бельмакамі, і здавалася, што ў такую хвілю яны думаюць пра адно і тое ж: чаму гэта кот з сабакаю не зжывуцца?

Антон тым часам утомна храпацеў як пшаніцу прадаўшы, пакуль не будзіў яго піск галоднае свінні з парасятамі (авечак ён не трымаў, а карова ж, ад старасці, рыкала мала і глуха). Яму снілася пагода. Ягоную ўціхлую здаволенасць можна было параўнаць з ліпаю, калі яна цвіце ў касавіцу, у закуцці прыгумення, за якім бе-ляхціць палоска грэчкі, запахацеўшы аселле ажно па ельнік з Барсуковаю гарою.

Бандзіт па-свойму пачуваўся гаспадаром на хутарку: пацукоў біў з разважанай заўзятасцю, наскокваючы на іх з агароджы ў свінятніку, дзе любілі яны матлашыць; затое ж мышэй ён як бы пашкадоўваў, каб не звяліся яны, ці што. Малюта не меў столькі занятку, зладзюгі папрападалі, пужаў толькі зайцоў, што панаджваліся ў капусту; абачліва пабрэхваў на дзікоў, дратуючых бульбоўнік за садком з гушчэчаю смуродзінаў. Антон упаляваў быў з абрэза ўгадованага адзінца, якога ледзь адшукалі назаўтра, у сырадэлі каля Смяцюховае сасны (куля развярэдзіла яму вантробу).

Сабацы даводзілася набрацца жуду, калі ў маразечу прыбіваўся сюды воўк ад Верхрадулінскае дарогі. I кату тады рабілася сцішна.

Але Бандзіт не застаўся б сабою, калі б утрываў без чаўпасы (ён будзе век здзіўляцца сваёй дурноце!). Здарылася з ім такое: неяк дабраўся да бутэлечкі з валерыянам, выкаціў яе са шкапчыка, разбіў і налізаўся таго дуру як трэба. Антон жа, нічога не скеміўшы, спалохаўся не ў жарт тым, што Бандзітка ашалеў, недзе скусаны пацамі або развалацужанымі дварнякамі... Хітра займеў ён прыяцеля ў салявы мяшок і, быццам у падзяку яму за службу, панёс у поле цкаваць сабакаю.

Як толькі Антон вытрас Бандзіта ў раллю, Малюта збянтэжана заскуголіў. Кату, аднак, было не да скаргаў; выцверазелы, мільгануў і туды і сюды, ды наўкола ні дрэўца якога альбо хоць кусціка для паратунку! I ён, на вачах нічагуткі не разумеючага сабакі, сігануў на свайго гаспадара і вавёркаю ўзбег да ягонага, уздыбленага, чуба...

Нібы хтосьці ўпаткаў потым, як Антон — з катом, бы каблук, на галаве і з сабакам ззаду, — дагопаў да Воўчага Вока ў Ласіным лузе, дзе надоечы злоўлена ўімшэлага шчупака-качкаеда... I ўсякі почут прапаў пра іх, а нейкая нячыстая сіла спаліла хутар. Там і цяпер нешта гудзевіць поначы.


ВЫПАДКОВАЯ РАЗМОВА
Пакірачаны сад, узіму гэта відаць.

— Мікалай, як жывеш? — я напаткаў яго ў сталярні, шукаючы каго іншага.

Мы пасталі ля акна, шырокага на ўсю сцяну.

— Бачыш — сталярую, — ён калупнуў пляскатым алоўкам у пагабляванай дашчыне. — Не наракаю, ёсць работы... — I падумаўшы: — Цяперака менш заказаў; сезон пачынаецца пад велікодную пару, калі звяснее, — узнябожаны, сівеючы.

Хацелася мне сказаць яму: Мікалай. I ні слова больш, каб доўга памаўчаць з ім.

— Твае дзеці — вялікія? — неспадзявана спытаў ён у мяне.

— Ага, старэйшаму будзе пятнаццаты год, — неяк гатоўліва адказаў я яму, намагаючыся нават на ўсцешанасць. Ён стаяў з апушчанай галавою.

— Вып'ем, — сцвердзіў, неяк скрадліва зірнуўшы ў мой бок. Я не зразумеў, хоць нікога старонняга тут не было.

Узяў ды адчыніў ён аптэчку першае дапамогі, адкуль выняў бутэльку, паўлітра жытнёвае гарэлкі. Дастаў таксама жменю якоесьці закусі, пашчэрбленую шклянку...

— Недзе павінна быць яшчэ адна... — апраўдваўся перада мною. — Чорт яе кудысьці занёс!

— Мікалай, я ж не п'ю. Ведаеш, — не п'ю. Не магу, мне нельга. Хворы стаў...

— А табе — што?

— Нэрвы, браток, нэрвы!

— Плюнь на іх, — Мікалай першы раз паглядзеў мне ў вочы. — Кажу табе: плюнь! У мяне іх, думаеш, няма? — наліў гарэлкі ў шклянку. — На, бяры!

— Павер мне, Мікалай... — я прасіўся. Паказаў яму бутэлечку з лякарствамі, што насіў пры сабе.

Ягоная рука перастала тыцкаць пачостку мне пад нос, а чалавечкі вачэй пахадзілі па лацінскіх літарах на наклейцы тае бутэлечкі, потым па маім твары і заплюшчыліся.

— Ну, Бог з табою, — сказаў ён і выпіў сам. У тупым задуменні разгарнуў газету, у якой знаходзіўся падабедак; панюхаў хлеб.

Прысеў есці.

— Ты гэта, даўно так пакінуў? — запытаў у мяне наконт выпіўкі, без крыўды. У аптэчцы ж намацаў яшчэ і слоік з квашанымі агуркамі. — На, вазьмі, хоць паеш, — працягнуў акраец чарнахлеба з гатаваным мясам ды падштурхнуў да мае рукі, усё-такі апетычны, слоічак.

У гэтым ужо не выпадала адмаўляць яму.

— Спачатку цягнула да чаркі горай, чымсь да суседавай жонкі, — тлумачыў я.

Не пра тое гаворым. Голас неяк чужы. Я аціх, і Мікалай маўчаў: цямкаў мясны бутэрбродзіска, паглядаючы то ў акно, то на бутляху. Болей не наліваў — нагою адкінуў утоптаны абрэзак, і ў сонечных промнях завіравалі пылінкі, па-камарынаму заклубавалі, адлятаючы ў паласу ценю.

— Добрая сталярня ў цябе, — загаварыў я. Палягчэла мне, таму сказаў яшчэ: — Убудаваў ты яе, відную, прасторную, цёплую... Малайчына, Мікалай!

Ён не адказаў. Пашукаў адною рукою на паліцы і падаў мне чырвенную даму. Бачачы тое, што я не здагадваюся, у чым справа, адвярнуў карту: на яе другім баку ружавела голая жанчына.

— Швэдскія, — сказаў пра карты. Скончыў есці, а газету, пакумячаную, шпурнуў у кут.

У яго памакрэў лоб і скроні. I нос. Падумалася, што звяры не пацеюць, калі ядуць...

Вяртаючы яму карту, я хацеў сказаць: «Глупствы, Мікалай». Але сказаў іншае:

— Адкуль ты вынайшаў такую? Нашто яна табе? ён, усміхнуўшыся без сэнсу, усё роўна бы той Паўлючук з Зубава, выцер рукі аб камбінезон, каб не папэцкаць таго, што паказваў быў, а я аддаваў яму назад.

Гэту чырвенную даму адкінуў ён на тую паліцу хутка і далікатна, як нешта гарачае ды смакавітае. Больш нам не было пра што гаварыць. Я пайшоў.

У канцы Гарадоцкае вуліцы даганіў мяне густы снегапад, за якім сунуўся туман гнілое пагоды.


ДЫРЭКТАРОЎШЧЫНА
Ян Гальшанскі перайшоў на працу ў рамонтнай майстэрні трактарнае базы ў Даўгаброддзі. Сам ён аграном па прафесіі, стаў механікам тут і пачаў зарабляць больш, чымсьці таго быў паспадзяваўся.

Ён наняў кватэру ў старой удавы, якая, у той жа вечар, расказвала яму пра сваё жыццё і дачку Гандзю, што пайшла замуж кудысьці далёка. Выслухаўшы жанчыну, Гальшанскі павячэраў, прагледзеў за сталом газету, затым памыў у халоднай вадзе ногі — каб не пацелі яны, — і, з палёгкаю, укладавіўся спаць; ужо з пачаткамі ўдушу, таму пакурваў мала, а з алкаголяў прызнаваў адны каньякі.

Як чалавек, які апынуўся ў новым асяроддзі, Ян Гальшанскі зразу не наважыўся наладжваць сабе знаёмстваў; прыглядаўся да людзей. Яму, як неблагому майстру, пасыпаліся прыватныя заказы, і стала хапаць часу толькі на спешлівае абеданне ў сталоўцы; дамоў жа вяртаўся пад поўнач. «Вы зашануйце сваё здароўе», — пагаворвала ўдава, калі ў Гальшанскага не было жадання паесці, прыйшоўшы з работы. Забіўшыся да сябе, у пакой, ён вымаў з кішанёў жмуткі грошай, важнейшыя банкноты выгладжваў і клаў за вокладку ашчаднае кніжачкі, якую захоўваў у шуфлядзе камоды. Здаралася, — захроп, пакуль здолеў укрыцца коўдраю.

Упрысвятак Гальшанскі выпіваў. кумпястую чарку армянскага, браў у рукі купленую кніжку (пра. Дантона). Любіў ён тады сядаць ля акна з відавокам на лугі і лес.

Аднаго разу Гальшанскі разгаварыўся з гаспадыняю на векавечную тэму разбэшчанасці ў маладых. Але ўдава счапілася пярэчыць яму, баронячы гэтым Гандзю.

Сваю, аб якой яна была згадвала, што легкадумна пакінула там мужа. Яна запамятала гэту гутарку, зрабілася бурклівая.

Як бы аднае бяды было Гальшанскаму мала, ён, на працы, яшчэ прамовіўся перад загадчыкам майстэрні аб тым, што бачыць магчымасці рацыяналізаваць арганізацыю рамонтаў машынаў гаспадарам так, каб яны не вазіліся з імі ажно на базу, а гэта палепшыла б становішча асобніцкіх гаспадарак ды паспрыяла б скарачэнню аферысцкіх хабараў. Стары чуйна зірнуў на яго і сказаў, што яму, хлопчыку, абрыд мёд... Злосць тую Гальшанскі пусціў паміма вушэй, але яна, неўзабаве, аб'явілася яму на сходзе працаўнікоў, калі ён спрабаваў змяніць тон спрэчак па дакладу дырэктара: з малебенскага на дзейсны. На яго паказвалі пальцам, нават актывісты ў прадпрыемстве; іншыя ж, дрымотна пашчылініўшы вочы, прынцыпіяльныя размоўкі свае з ім закончвалі прапановаю выпіць. Ен усё ўпарціўся; схадзіў у мясцовы камітэт прафсаюзаў і, натуральна, адчуў вакол сябе нешта такое, што ў фізіцы мае назву з'явы супраціўлення мяккіх целаў.

У сталоўцы сілкаваўся ад таго здарэння моўчкі; яго — не тое што надакучвала сцерагчыся ўласных думак — утомна падточваў, аднак, страх, каб не дапусціць гэткую памылку, якая прымусіла б пакінуць, някепскую ўрэшце, пасаду.

Гальшанскі набраўся выгляду надзьмутае асабістасці. Гэта тады празвалі яго — дырэктаровіч.

«Яны ўпэўнены ў тым, што памкненні і ўчынкі не бываюць бескарыслівымі», — падумаў Ян Гальшанскі пра супрацоўнікаў.

Ён, неяк, апусціўся ў спакой.

Уканец гэтай няхітрае гісторыі, відаць, трэба сказаць, што Гальшанскі з гадамі пераўтварыўся ва ўсімі шанаванага жыхара Даўгаброддзя. Разжыўся ён на аднапавярховы асабняк з плывальніцкім басэйнам у садку, выпісаў сабе легкавую машыну амерыканскае маркі «Ягуар», а летні адпачынак пастаянна праводзіў на поўдні Еўропы. Ажаніўся з — чароўнае пекнаты ды ціхага характару — настаўніцаю суседняй школы. Даўгабродзінцы, калі і папракалі яго перад чужымі, дык адно ў тым, што шлюб з ёю ён браў ажно ў парыжскай саборнай царкве...

Гальшанскі рызыкнуў на свой рахунак і, пакінуўшы працаваць у задрыпанай базе, заснаваў фірму са змешаным, паўканадскім, капіталам, са спецыяльнасцю па вырошчванні ды экспарце нейкіх мудрагелістых грыбоў, характэрных тутэйшай кліматычнай зоне.

Сядзібу Гальшанскіх названа між людзьмі — Дырэктароўшчына. Гальшанскую ж — французіха.


НАПІСАНАЕ НА ЎРОЦЛАЎСКІМ ВАКЗАЛЕ
Я ведаў, што цябе даўно няма тут, у гэтым панылым горадзе, але, як бы насуперак камусьці, усё шукаў твайго позірку ці ягонага хоць адбітку ў прывабнае прадаўшчыцы гваздзікоў ля ратушы чырвонацаглянай. Мне неяк здавалася, што я, вось, упаткаю няхай дачку тваю, пэўна, гэтак жа задуменную паненку і ўжо дваццацігадовую...

Я свае Крынкі бачу, калі ў чужых далячынях апынуся!

Таму чуў не чуў правадніка свайго па Уроцлаве, такога сімпатычнага паляка, які, намагаючыся прыняць да сябе і яму не вельмі спадобную спадчыну прускую ў гэтай, нездаровай ды камарынай, даліне Одэра цягаў быў мяне ў касцёлы бяздарна-высокія, яшчэ Пястовічаў тых, што без айчыны засталіся ў задворках Еўропы. Ды я, замест таго каб надыхацца пахамі гісторыі трагічнае, сумотна ўяўляў пошумы ў пушчы па-над нашай Свіслаччу, у прасторах беларускіх, і перашэпты кахання вячэрняга пад кучмамі бэзаў прывулічных, і твой вобраз дзявочы ўзнаўляў — ты не здзіўляйся! — ужо з натугаю амаль старэчаю, і паўставала ўваччу маім сцяжына да твае хаты, па-хлапечаму снёная...

Не першы раз я ў гэткім старонні, якое магло б мне і не быць.

П'яны ад смутку, я валошку клікаў да памяці свае, сінюю, як неба, блакітную, як годнасці сімвал. (Кветку гэту палявую я пра-паную ўчыніць гербам Дабрарусі шматпакутнае, усё франціш-канскай!) .

Я, бадай, і не хачу цяпер ведаць таго, дзе ты менавіта жывеш, ды і стрэчы з табою, папраўдзе, зусім не жадаю. Хапае мне аднаго ўяўлення цябе, або, мабыць, і не яго ўжо трэба, бо ж я, калі моцна падумаць, быў улюбёны ў магчымую веліч прыгажосці цела і душы твае, а не ў цябе самую, рэальную. I нават баюся па-думкі аб тым, хто ты зараз! — Нехта можа зласліва сказаць пра мяне, што ўкахаўся я ў сваё, колішняе каханне да цябе.

На тое мне цяжка будзе запярэчыць. У словах такіх акажацца нямала праўды...

Я — ведаеш — так і не зразумею карыслівае шчаслівасці ў тым чалавеку, якому ўдалося перастаць быць сабою.

...З поснай палёгкаю ўнутры я сеў у вагон хуткага цягніка Уроцлаў-Беласток, які, неўзабаве, крануўся ў дарогу.


КУЦЦЯ Ў ГРАБАЎЦЫ
Была гэта, бадай, першая такая Куцця у нашай радзіне, на якой мужчыны не гаварылі пра палітыку і Хрыста як рэвалюцыя-нера. I, нават, не даходзіла да рагатлівых пажартункаў. Старыя выдаліся. яшчэ болей старымі, а ў дарастаючых. унукаў высыпа-ліся бародкі, рэдкія пакуль, але старанліва імі прыгладжаныя. (Гэ-тыя стылевыя апосталікі не ўмелі хрысціцца!).

Адчувалася настрой нейкага здзіўлення.

На лапістай ялінцы, устаўленай у вядрыска з пяском і вадою, зіхацелі штучныя зоркі. Ад акня цягнўла па нагах вільгаццю, ад чаго ўсе хацелася есці; (у флаконіку, што стаяў за міскай з салёнымі грыбамі, гарбеў гваздзік, бы тая аддалёная пальма на іконным краявідзе).

Адзін з нас, найбольш салідны сярод зяцёў, — нечакана і даволі непрыстойна пафліртаваў быў з сярэдняй швагеркай, якой нічога не трэба два разы паўтараць. Гаспадары вячэры падалі на стол гарэлку, сапраўдную жытнёўку, у бакавых пакоях іх вілы галаслівілі малыя дзеці, чамусьці таксама парамі, а нам у ахвоту пілося, маючы ў сабе тую свядомасць, што сваю легкавую машыну кожны пакінуў дома, каб не разбіцца з п'янкі...

Калі, урэшце, усе мы схамянуліся, што праз сорак дзве хвіліны ад'язджае апошні прыгарадны аўтобус, — узнялася апрананіна! — Хлопцы пайшлі былі з Куцці раней, перад дзевятай, спяшаючыся кудысьці да свайго. )

Мне добра было прайсціся з цесцем у гэты ціхі марозік і са спакойным жаданнем пагаварыць...

— Ці ў таго, хто забіў двух за тое, што яны залезлі яму ў сад — нямецкім штыхом ён пабіў іх, увосень пасля вайны, — ці можа ў такога яшчэ праявіцца сумленне, ну, хоць на старасці гадоў? — і цесць пачаў расказваць пра ваўкаватага хутаранца, які пабудаваўся па-над лугам, што за Туркавым крыжам.

Але нам ужо не было калі: да прыпынку сунуўся аўтобус, быццам па-навагодняму ззяючы сігнальнымі агнямі, аднак жа буркліва.


МАРА НА АПОШНІМ ПАВЕРСЕ ВЫШЫННАГА БУДЫНКА
У маразечу каб зайсці мне ў ялінавы лес, у якім стаіць дагледжаны асабнячок (менавіта не хата). У ім павінен быць пакоік у рагу або, лепей, на паддашку, як сказаў бы паэт, пад крылом цішыні; з цёплым логаўцам, з фатэлем ля каміна, з відавокам на абснежанае галіноўе за акном. З кніжкамі на, ледзьве пагабляванай, палічцы ў кутку...

Як жа блаславёна чыталася б там апавяданнейкі Янкі Брыля; навелы Чэхава, прозу Сэндрарса ды Бабеля. I яшчэ нешта — аб дымнай сінечы азёрнай Браслаўшчыны з белай готыкай або пранізліва светлых далячынях Правансіі — такое, ад чаго слёзы стануць уваччу, якія мала будзе назваць вышэйшай радасцю...

Быў бы гэта, несумненна, пярэдых у таго, хто ахваціўся калатнечаю будняў і каму пакуль няпозна спасцігнуць тое, усё нанова разуметае, ад спаконня вякоў: дабро ў чалавеку, гэта вельмі вялікая рызыка яму! А таму гэтак, бо — мае яно прыгажосць Траянскай Алены, Ікара даверлівасць лёту, богапасрэдніцтва Анёла, гэтага вестуна наогул смерці... Яксьці, быццам мімаходзь, скрывіўся б ад напамінання благіх гульняў малагодкаў на забытым лузе, дзе, калісьці тады, пасвіў быў кароў Піндаль, той самы спакайнота, пра імя якога не пыталі нават дарослыя і якога біў Чорціхі Фэлік, зачэплівы Фэліско (яму ўсяго было замала!). «Чаго табе трэба ад мяне!» — плакаў Піндаль, а Чорцішын адно рагатаў, бы рыжы Лісахвост з Левіяфанавага хутара, што пад Разбойнікам.

...Глыбокая мудрасць, гэта і глыбокі сум, — узведаў бы, і адбеглася б ад мяне ўтомная нецярплівасць да заўтрашняга дня, такая з неістотнаю заклапочанасцю, халтурнай ды лішняй, як тыя. парадкі ў перадвялікдзень, пасля якіх, таксама, пераломнае не здарыцца.

I хоць, зноў і зноў усянютка, што хочаш, станецца мне як бы ясным, а мо якраз і таму разальецца па целе саладэча ад спадзявання надзвычайнага, ні мною і ні кім не прадбачанага, усяго неяк прадчуванага, непадатлівага выслоўю, як розуму нашаму пытанне: чаму ўсяму ёсць свой канец, чаму арол-карлік жыве не больш пятнаццаці гадоў?


ПЕРАДРАЗМОЎЕ
Яны сустрэліся настолькі нечакана, што адзін з іх, у першую хвіліну, не мог успомніць імя другога. Даўно не бачыліся.

— Во дык сустрэча, ай-яй-яй!.. Скажы ты, што за спатканне?! Я, во, ужо ад вясны хацеў пабачыць цябе, нават разоў колькі званіў табе па тэлефоне; думаў ліста пісаць. Уяві, во, братка: іду я зараз па тратуары ды згадваю сабе, што неўзабаве, усё-такі, павінна вынырнуць з вулічнага натоўпу твая задуменная фізіяномія, і так гэта, во, яно і здарылася! Вялікі дзякуй за тое лёсу, што нарэшце звёў нас!!!

— Ну, добры дзень, Віця.

— Я, ведаеш, быў, во, па-суседску з тваім домам. От, ведаеш, шэфіско маё запілося, і я праводзіў яго, во, бы тую дзеўку састарэлую з чужога вяселля, гэ-гэ-гэ... Калі б ён, апантаны, не дапусціўся таго, дык не было б тут мяне...

— I мы не надышлі б на сябе, Віця.

— То ж але, то ж але... Няхай начальства не дало б па газе з выпадку халернага візіту інспектара галоўнае ўправы...

— Той інспектар задумаў інспекцыю — у надзеі па-хмяліцца?

— Ах, Толічак, каб толькі ўсяго пахмяліцца!.. Ведаеш, роля алкаголю ў функцыянаванні нашай правінцыі неверагодна значная! Наконт жа таго інепектара, ты, во, здаецца, маеш рацыю... Няйначай як ён з'яўляецца наладнікам гэтай маёй з табою сустрэчкі, той высокапастаўленец. Ясна, што па чыстай выпадковасці, во, калі наогул нешта такое існуе ў жыцці.

— Падзякуем таму пану?

— Каму? Што ты гаворыш?! Інспектарыско жа ж звалокся, падла, да нас паводле графіку размеркавання камандзіровак. Сам жа бачыш, як і я, во, што наша сустрэча тут, так сказаць, была спланавана па ўсёй форме, і паглядзі, прадвызначана ёй дату! Адно мы, ага, пра нішто не ведалі, во, матылі першабытныя пазбаўленыя смаку ўплываць на зямную мітусню... Такая ўжо, во, доля ў нас: бегаць не так, як жадалася б, але менавіта так, як гэта магчыма...

— Гм...

— Табе, Толь, нешта няяснае?

— Не, чаго ж: усё зразумелае. Ты ўраднік і як службовы чалавек знаходзішся ў становішчы ў адпаведнасці з наступным узорам перспектывы, які бытуе ў прымаўцы: служы пану верне, а ён табе перне!

— Не зусім, во, я пераварваю тваё...

— Нічога, гэта тэма на другую размоўку. А цяпер кажы, Віця, што гэта такое не дае табе спакойніста быць на свеце без мяне?

— Ага, што ж я хацеў сказаць табс... Яны загаварылі аб справе.


ПАХАВАННЕ ГАНДЗІ
Гандзі пашанцавала са смерцю: памірала ціха, як і жыла. Яна выбралася на той свет у пару: гаспадарка выадпаведнілася, а і сама не была ўжо зараз надта патрэбнай.

Бабы, што зыйшліся на яе паховіны, зайздравалі Гандзі. Хата стаяла, як шклянка, і новы хлеў, і гумно на два такі, і сад вялікі; не сорамна ёй, працаўніцы, за сябе перад Богам. I ўсе яе шкадуюць, і дзеці ўспамінацьмуць; нядоўга хварэла яна ў пасцелі.

Добра паміраць у гэткай сядзібе!

На прычэсаную, чысценька ўбраную нябожчыцу жальна пазіралі ўдубянелыя мужчыніскі, трохі з крыўдаваннем, як у тых, хто на сваё перажытае аглядваецца без гонару...

Развітвалі Гандзю не галосячы і не прычытваючы; у якімсьці задуменні, і старэкі і маладыя. А на памінках — не наліў горла нават Літровы Антак; усцяж схвалілі людзі пекненька аздобленую прычэпу, на якой вязлі труну, да самых могліц, ды і трактар, што, усё роўна бы знароўлены смутэчаю конь, псаваўся (каля кузні Лапы выменялі ў ім шворань). Нявестка плакнула над магілкаю Гандзі, прыемна было глядзець — неяк далікатна, з тонкім уздрыгам барады, высаканогая і ў сукні з каштоўністае чэрні, у лакерыцах і ў амэрыканскім парыку з кудзеркамі, пад вэлюмікам. Сын жа, што і казаць: выліты дырэктар (вылюдзіўся ён на кантрактацыях цялят)

Адбылося, як у тым кіно пра панскія маёнткі.

Па Гандзі змуравалі — потым — помнік, з анёлкам па-пад крыжам; беластоцкі каваль збіў жалезны платок, накляпаў на яго ружаў з бляхі. Поначы загараецца там лямпачка, ад акумулятара з аўтаматычным выключальнікам.

Гандзі няма чаго наракаць: спазнала бяды, але і раскошы, урэшце!

Хто ж гэта калі бачыў, каб па нашай вёсцы чалавека так хавалі?

Гандзю першую.


ЯСЕНОЎСКАЯ ГІСТОРЫЯ
Па тым як дрыгала яму папяросіна ў губах, зводдаль было відаць, што гаварыў ён не сціхаючы. Адоліска слухаў яго, пагладжваючы лабаціну сваёй белай легкавушкі, усё роўна што нейкага, жахліва вялізнага, кормніка, якога, за ладна тоўстую саланіну, не сорам і за вушыма пачухаць. Яны, пэўна, дамаўляліся выгнаць самагонкі ў хмызах Сарочае Ножкі, за тымі рыбнымі яма-мі, што на азярыску пагарэлага вадзянога млына Пытляванага Франіся. На гэтку справу Адоль сам не рыпаўся, без Бранікага.

Стаўшы гарэлчынымі братамі, яны супражылі ў незвычайнай згодзе. Пасябраваліся пасля таго, як, б'ючыся, хадзілі да тае ж Салодкай Лёлі, малодшай дачкі Булавы з Русінавага хутара. Яе перапыніла — у бярэзніку Касматага Барка — беластоцкае жуллё, калі ішла яна, прысвяткам, на станцыю Чорную, і пусцілі Лёлю- з жыватом.

Бранікі з Адалём пачалі разам піць, а іх Салодкая Лёля кудысьці з'ехала з людскіх вачэй. I болей не паказалася яна — ні ў бацькоў сваіх, ні на вяселлі сястры, што пайшла замуж у Беласток, дзе робіць — так кажуць — акушэркаю ў бальніцы на Баярах (за аборты паставіла сабе мураванку, у Цудным завулку).

Бранікі і Адоль чагосьці разрагаталіся ды голасна, да самога крыку, і кожны, хто праходзіў сюдою, азіраўся на іх, прыспешваючы хаду; ніхто дагэтуль не чуў, каб яны хоць засмяяліся ўдвух або ўшчалі п'яную спеўку, як гэта з мужчынамі бывае. I сапраўды, у іх рогаце адчувалася нешта лютаўскае, воўчае, ад чаго можна падумаць, што адзін з іх хутка павесіцца...


БЕЛАРУСКАМУ СЛОВУ
Беларускае слова, ты мая айчына! Мой сон ля акна цвета-ліпнёвага ў раніцу пчаліную. I пошум пушчы стрункахвойнай, і весялосць густазялёная. Ты, як дзяцінства, ідзеш за мною.

Слова матчынае, ты мая сляза! Мая трывога ў вечары кахання чыстаквяцістага, у садзе юнацтва. І чарнабрывы позірк дзяўчыны сарамлівай і бяссонне зорнае. Ты, як лёс паўстаеш, у даляглядзе нязбытым.

Слова роднае, суме мудры! Радасць неўгамонная, што часам лунае вясёлкаю на небе краіны майго прызначэння. I няспешна павучаеш мяне жыць сваім розумам ды гасцінцам ісці шырокім праз годы ўсяго раз адзін дадзеныя. Ты, як той сябар шчыры, не пакінеш і ў няшчасці.

Я табе толькі, слова ты маё беларускае, веру ды кланяюся.

Бог ты мой! Ты мая рэлігія!


АДНОЙЧЫ
Было адліжна.

Юзік сышоў на ўскрай тратуара. Ступаючы па нерастаптаным і таму як бы сушэйшым снезе, ён адчуваў, шхо нагам у благіх чаравіках рабілася ўсё цяплей (яны са свіное скуры).

Ад аўтобуснага вакзаліка пахацела смажанай рыбаю, з забягалаўкі. I лепей не глядзець у канцавіну Юравецкай, дзе ўзвышаліся новабудоўлі і разбуралі местачковыя хаты, з якіх Юзіку пылілі мякіннем успаміны гарадской маладосці...

У яго жыцці зараз нешта здарылася (назваў ён гэта, менавіта, як — нешта). Мо таму, што зайшоў ажно сюды беспатрэбна? Без чакання бацькоў з-за сінеючае пушчы, у сінім аўтобусе далёкага маршрута. З Крынак.

Чаравікі ў яго з рэдкай, свіной, скуры. Холадна да дрыжыкаў!

Юзік прыгорбіўся. Яму, аднак, цікава паразглядацца. Ён не адразу ўцяміў, што чагосьці шукае... Нечага падобнага да таго. што ўжо сустрэў, зусім неспадзявана, сёння. Нешта такое, ад чаго пуста, пранізліва пуста!

Па людзях не відаць.


КІНАТЭАТР «ПОКУЙ»
Гэта шэры будынак, у якім штолета рамонт. Вясною. у прытратуарнай заточцы, з'явіліся кафэйныя столікі пад каляровымі парасонамі, за якімі хлопцы частавалі дзяўчат ліманадам ды марожаным і пілі залацістае піва. Бойкі паміж імі ўсчыналіся тады, калі ўжо цямнела на вуліцы і трэба было выбіраць дзяўчыну на вечар, у парк. Біліся яны не каля тых столікаў. Для таго вынаходзілі месца паміж механічнай майстэрняй і складам лому.

Пабітыя — пералазілі цераз драцяную там агароджу, прабіраліся папоцемку на суседнюю вуліцу ды йшлі спаць.

Улетку — рамонт. На парозе з нэонавым надпісам: «Уваход» сядзелі маляры ў забаўных шапках, зробленых з прачытанай «Беластоцкай газеты». Яны курылі танныя «спорты» і падстаўлялі пад сонца грудзі, уплямленыя вапнаю.

Восень прыйшла хіба зарана; у палове верасня стала холадна ды ветрана. У кінатэатры другі тыдзень дэманстраваўся вестэрн «Рынга Кід», па тры сеансы ў дзень. I ўсё яшчэ, каб купіць добрае месца, трэба было прастаяць каля дзвюх гадзін у чарзе да білетнае касы.

У хвасце чаргі круціліся хлапчукі, прапаноўваючы білеты за падвойную цану.

На экране ж — гарачыня і прастора прэрыі, сонечныя кан'ёны і ашалелая галапада коннікаў, а найбольш зайздроснае кожнаму адвагі.

Азнаго разу выходзячы з кіназалы людзей асляпіў густы снегапад.


ГУТАРКА З МАЦІ
Я непрабачальна доўга не мог прыбрацца з часам, каб з'ездзіць да маці. Калі, нарэшце, быў я ўжо ў дарозе, мяне. чамусьці здзівіла тое, як мала змяняецца лес!

Яна не чакала мяне, па-будзённаму сядзела папоцемку ў звечарэлай нашай старой хаце (бацька якраз некуды пайшоў).

Я прагаварыў з ёю да першых пеўняў.

Бацька вярнуўся падпітым і, убачыўшы мяне, неяк засаромеўся...

Ад'ехаў я позняй раніцай.

Маці наклала была ў маю модную сакваяжыну «Кантынэн-таль» — цыбулі, буракоў, бульбы. Мне, памятаю, хацелася рассмя-яцца ад таго; відаць, няшмат я тады яшчэ зразумеў з жыцця.


НА БЕЛАВЕЖСКАЙ
Перапыніў яе, зграбную.

— Ты куды? — крыкнуў (ціха) на яе, як на шкодную кароўку.

Яна забаўная: здзівілася, яе вочы яшчэ хуценька йшлі; разявіла рот накшталт «фэ, брыдка так!». Мяшчанкі ў першым пакаленні — без гумару.

Сказала:

— Дзень добры.

Ён прамаўчаў, прыветна прыглядаючыся, як яна стаіць зусім без хвілінкі, гатовая вылузацца з футравага пальта (нават!), каб пабегчы далей.

— Слухай: ты асцярожна пераходзь вуліцу, — сам бачыў у маленстве, як адзін, схоплены за рукаў у чужым садзе, выслізнуўся з пінжака і драпануў у кашулі...

— Добра, добра, — выціснула з сябе нейкі жарт ды паглядзела, ну, бобік на далонь з хлебам.

Што гэта з ёю? Як быццам і маладая, і гладкая па-дзявочаму, але ўжо без бляску! У зроку не агеньчык, а хітраванне.

Пагрубіяніў для знароку:

— Твой, мусіць, заўзяты? — дыхнуў запацелымі словамі.

Яна ўміг зразумела; пачала трэскаць ад смеху, да якога здольная толькі даўно замужняя і вельмі добра знаёмая. Смех у яе, ад якога перастаеш верыць у каханне, хаця б у сэнс шанавання жанчыны.

— Ну, мне трэба ісці, — сказала па-дзяляцку. — Зайдзі калі да нас, — яна раскінзвала ногі.

I пайшла, і пайшла, здаецца, несучы пад пахаю думку: аб чым жа гаварыць з дурнем?!

Паспеў ёй паўздагон:

— Купі яму вуздэчку!..

А яна па тое:

— Ха-ха-ха...

Ен (чароўнасць у ёй скончылася разам з першым дзіцём):

— Заўтра, чуеш, Вербніца! Мо заўтра, га?

— Зайдзі!.. — голасам, якім звяртаюцца да абібока. Яна выматвалася.

Хацеў дадаць: «Вясна будзе, неба сінее!» А таксама: «Чаму ж ты не абразілася на мяне? Зрабі гэта, зрабі!»

Йшла і йшла. I ад гэтае яе хады думалася чамусьці пра грошы ды ежу, пра ежу і грошы.


ПРОСЬБА
Калі ён адразу згадзіўся з маёй просьбаю, я зразумеў, што нічога з гэтага небудзе.

Ён падтакнуў мне неяк вось не па-мужчынску...

Мы размаўлялі на рагу Цёплай; ад агародчыка, што ля адвэнтысцкае капліцы, навейвала на нас пахі язміну ды ўжо вечарынак.

Я глядзеў у яго такія добрыя вочы.

— Так, ага, — ён зноў пацвердзіў.

Зрабі мне гэту ласку, дзетка! — я вёльмі яго прасіў, з сардэчнасцю таго чалавека, які, аднак, чагосьці спадзяецца ў важным для сябе.

Мы пачалі былі ісці ў глыб вуліцы, і я аднова выклаў яму сутнасць мае просьбы, і падрабязна пераказаў справу. Усё зрабілася ясным; ён нават тайком, пазяхнуў, а ягоны зрок — замглёны і як бы заплаканы, — тужліва кіраваўся ў далечыню. (Зараз успамінаючы тую сваю размову з ім, уяўляецца мне, што я тады нагадваў паганага хлопца, якому не можа прабачыць дзяўчына...)

Я, вядома, дапўсціў памылку: патрабаваў ад яго карысці толькі сабе! Была гэта менавіта чыстае вады просьба, пра якую магчыма прачытаць у наіўным, рыцарскім рамане. Гэткія просьбы ёсць уяўнае ўладжванне патрэбнае справы. Яны зазвычай нерэальныя. (Здараюцца, праўда, адступленні; калі ўчцівы чалавек мае дачыненне якраз з такім жа другім, што неабходна лічыць рэдкасцю.)

Мне, выгнанаму з саліднае пасады, было цяжка ўбіцца на іншую, больш-менш прыстойную, работу. Прытым душылі мяне нягоднікі, якія, на маю бяду, мелі фармальную рацыю (па прычыне маіх некаторых паводзінаў). Я, бы тая рыба на беразе, усяляк кідаўся, гатоў ухапіцца за самы скромны кавалак хлеба, каб неяк перачакаць найгоршае. Гэта ёсць страшнае — пакутаваць ад слушнага зневажэння з боку менавіта тых, якія даўно не вартыя добрага слова!

Я разлічваў на тое, што ён — так, ён! — дапаможа мне стаць на работу, хаця б абы-якую, і, такім чынам, дасць магчымасць жыць збольшага па-людску, дабіцца духоўнае раўнавагі, вярнуць яшчэ не загубленую мною чалавечнасць, не адзічэць; паступіць на службу без непазбежных у падобным становішчы тлумачэнняў, якіх чакаюць ад новапрыйманага. (Я быў ужо не першае маладосці, калі, пасабачаны акалічнасцямі, апынуўся сярод не скупых на дотык сяброўства рэкамендантаў у прайдзісветы.)

Я правідлова думаў, што прыняць мяне, няхай і на грузчыка ў дайлідскім складзе дошак, будзе яму малым клопатам як дырэктару дрэваапрацоўчае фірмы, якой, трэба і гэта дадаць тут, пастаянна не хапае працоўнае сілы.

Мая просьба, цалкам голая і без якога-колечы аспекту даверу да мяне, хтосьці сказаў бы: прасцяцкая, мінімальная дарэшты, вось... Ах, доўга б мне гаварыць пра ўсё. Дарэчы, а ці варта?


ГУТАРКА З НЕЗНАЁМАЙ
Яна зайшла да нас па справе.

— Не ведаю, — адказаў я ёй. — Нічога мне невядома. Жонкі няма, выехала да маці... Сядайце, калі ласка.

Прысела на беражок крэсла, акуратненька стуліўшы ногі ў празрыстых французскіх панчохах (іх прадавалі спекулянты, і гэтым дурыла мне галаву жонка).

— Як вам сказаць?.. — справа, з якой яна прыйшла, хоць і зусім іншая, таксама не спадабалася мне, і я пачаў гаварыць да яе пераканаўча і няпраўду. А паміж словамі: яе ногі, з такімі яна павінна быць медсястрою ў санаторыі для раматуснікаў, так-так, перад усім там...

Усё расказала яшчэ раз.

— Выбачайце: я не зразумеў вас, — папраўдзе, дык я не слухаў яе. Ах, яна змарнуе свае незвычайныя ногі, выйдзе замуж і...

Я з вялікай уважлівасцю паглядзеў ёй у лоб. Ну так, апека, абарона, ахвярніцтва — усё тое трэба ёй, чаго не трэба брыдоце, злу. «Але дабро са злом жывуць жа супольна і таму ці не дакладней было б разважаць пра барацьбу між імі за больш сабе?» — удакладніў я, і госця выклікала ў мяне ўжо не толькі мужчынскую цікавасць.

— ...Я займаю вам час, — скончыла гаварыць. Я вылузваўся са свайго: нашто прыгажуням замужжа? Стаючыся жонкамі, яны дапускаюцца гэтым несправядлівасці, бы з тымі грашыма, што крыўдзяць таго, хто іх не мае!

— ...А ці ж не мая рацыя? — запытала яна.

— Што? — перапытаў я і загаварыў: — Так, напэўна. Я думаю — усё тое, несумненна, так... — і вярнуўся: мы ўбілі сабе ў галовы, што прыгожаму і добраму трэба падмогі. Няпраўда! Мы, звычайна, яго хочам больш за іншых.

— ...Я і спадзявалася, што мая будзе рацыя!

— Ага... вядома ж...

Яна зіркнула на мяне іначай; як на хворага.

— Выбачайце, — суха сказала. — Мне пара...

Устала.

— Да пабачэння.

— Бывайце, да пабачэння, — я пахаладзеў ад павеву прыкрасці. Ад здагадкі, што яна магла ж абразіцца за маю няўважлівасць.

Выходзіла.

Я праводзіў яе і, калі яна сышла ўніз, да пад'езду, вярнуўся ў кватэру, зачыніў ды замкнуў дзверы, зайшоў у пакой. Я сеў у тое крэсла, мяккае, у якім яна сядзела; было цёплае.


АЧАЛАВЕЧЫЎСЯ
Ён не тое што пашукаў, а пастараўся сабе работу.

Быў гэта даволі не дурны занятак з продажу білетаў на канцэрты паўгарадскога спявацка-танцорскага калектывіку жыццёвых банкрутаў. Гешэфтам кіраваў непапраўны плацёжнік аліментаў, які, у безграшоўе, яўна хадзіў нанач да пакладзістае жонкі лірычнага барытона. Раганосцу было ўжо ўсё роўна, нават і добра, — тады мог піць да белага дня ў забягалаўцы «Сонейка».

Прэтэнцыёзныя спявачкі ды ўпаўшыя духам танцоркі грызліся паміж сабою за нешта сваё, кабечае. Каб той сабака пачуў быў іх сварнечу, дык, пэўна, засмяяўся б, сеўшы на хвасце... Яны найчасцей мелі надзею на бліскўчае замужжа, папярэджанае каханнем, як у галівудскіх кінафільмах. Усё яшчэ вясковыя, але апранутыя паводле варшаўскае моды, аднак без чуцця новага ім густу; некаторым з іх сапраўды шанцавала на нядрэнных мужоў, чаго яны недаацэньвалі, лічачы, што ахвяроўваюць сваім талентам артыстак, ідучы за слесара ці столяра...

Калектыўчык папаўняўся навапрынятымі адэпткамі прыгожага мастацтва, у якіх, зазвычай, наглядалася спачатку шмат інтрыгуючае натуральнасці, дзявочае скромнасці і цікавага спеву або танца. Ніяк не знаход'зілася сярод іх такая, што катэгарычным чынам адмовіла б шэфіку ў засваенні пасцельнае сітуацыі з ім. Гэткае іх велікасвецкае выгладжванне манераў пазнавалася па тым, што навічка неўзабаўку звярталася да яго, усемагутнага, не толькі па імёні, але і з асаблівым агнём у вачах.

Пабачыўшы многа чаго ў гэтых спявалак-давалак ды ў іхняга супольнага каханка, якім дзяліліся яны, як вароны падлай, ён не вытрываў усяго таго і згідзіўся! Пайшоў адсюль за грузчыка скрыняў у гандлёвай фірме. Брыгада, у якую ён трапіў, займалася развозам тавараў у мястэчкі Беластоцкага краю. Аднак жа нідзе так, як менавіта тут ён навучыўся сцябаць гарэліцу ў патаемках і шчыпаць кумпястых буфетчыцаў.

Аднаго разу, галавастаю «шкодаю» ды цэлым ган'ём, ляснуліся ў прыдарожную вярбу (за Мілейчычамі). Вылецеўшы з шафёркі чортам, галавою капануў ён у восеньскую раллю. Ратуючы з балота розум, агледзеўся і прысягнуў перад самім сабою, што стане пісарам. (Ад імпэту ногі параскідала, і нагавіцы на іх падраліся ўздоўж швоў, ажно жах было глядзець на сябрыскаў з пакрыўленымі мордамі ды пакілбашанымі рукамі, у якіх, здавалася, яшчэ трымаюць шкляніцы...)

На пісара таго выйшаў ён за палову грошай у параўнанні з тымі, што зарабляў з працоўнымі буянамі. Гэта яго здабыча стала магчымаю таму, што ў дырэкцыі акурат падшукоўвалі кандыдата ў ахвярныя казлы, на дурноту якога можна б узваліць нарастаючыя недахопы (аб чым ён наўрад ці і сёння ведае). Ухвалена паставіць яго намеснікам загадчыка, з тытулам: пан загадчык, ха-ха-ха!..

Тады з'явілася ў неўдалоты мэта жыцця.

Ён дасягнуў яе, ажаніўшыся з чысценькай гараджанкаю. Па сваёй прасцяцкасці ён і не падумаў пра тое, што гэта дырэкцыйныя бадзягі падвялі яму выезджаную імі тую беларучку (палохала іх аліментамі!). I ён схапіўся за яе, бы той мядзведзь за цэбрык з мёдам; вяселле адбылося вельмі па-панску, у бляску лампіёнаў. Яна крыўляла сабою на цнатлівую, прыемна ашаломленая ягонымі мужчынскімі магчымасцямі... Набіла яго па шчацэ толькі адзін раз, неяк перад Каляду, неўзабаве пасля хрэсьбінаў сына, калі спрабаваў здзівіцца хуткімі нарадзінамі малога і да таго падобнымі няяснасцямі. Колькі дзён прыходзіў на работу ў процісонечных акулярах і з нейкай улюбёнасцю ўсё злічваў у куце ножкі ад старых крэслаў, забракаваных інспекцыяй працы.

Узвычаіўшыся да лёгкага хлеба, ён вылюдзіўся на гаваркога ўрадоўца і нават з бяспечнай бязбоязю ўзнімаў гутаркі аб тым, што яму лепей аплацілася б запіхаць у панчоху мільёны з бацькоўскае гаспадаркі чымсьці за марны грош гібець на такой пасадзе, Тыцкаў гэтымі мільёнамі кожнаму пад нос, адначасова робячы засцярогу, што тыя грашыскі сатана на хвасце панясе, бо ж жонка ў яго, бачыце, далікатненькая жанчыначка. Таму вось жыве ў гэтым Беласточыску адно дзеля яе!

Нарэшце ачалавечыўся ён, заўсёды выгалены да сінечы на барадзе, з культурнымі паводзінамі, гэткі таварыскі ды спагадлівы мужчына на дзяржаўнай службе, пра якога ніхто нічога дрэннага не скажа. Даўно забыў ён і пра тыя спявачкі, ад якіх некалі не без рацыі быў уцёк. Бо яму ўдалося!..


НЕЖАДАНАЕ
З тратуара ўваходзілася сюды праз дзверы са стоптаным парогам, за якімі пачыналася прадонне калідора; дзесьці наперадзе бялела ваконца. Крокі прыглушваў бруд; ад падлогі пахла пылам і мышамі. Было па-архіўнаму ціха.

Дзяўчына ў канцылярыі, расседжаная за кульгавым сталом (пісьмовага прызначэння), глядзела на цябе, як на валэндача. — Вам чаго? — запытала, і здавалася, што яна, вось, распазяхаецца. — Яго няма, — гаварыла аб патрэбным табе ўрадоўцу. — Зайдзіце заўтра, — нецярплівілася, калі ты не адступаўся. — Адкуль мне ведаць, ці ён будзе, — злавалася пабрынялымі вуснамі на тваю настойлівасць. Ты застаў яе за другім снеданкам. — Зайдзіце, ну... Мы-мы-мы...

Ад твайго жарту, які абавязкова рассмяшаў знаёмак, яна паслупянела. Яна рабіла ўражанне тае асобы, якой шчыра не хочацца: ні есці ды ласаваць, ні курыць і піць, ні чытаць і думаць... Уяўляла сабою гэткае існаванне, якое, мабыць, дарэчы было б параўнаць з пяньком і ў адліжным снезе.

I на цябе пасыпалася ад яе якаясьці санлівасць, і табе ўжо стала як быццам усё роўна: стаяць тут ці выходзіць... Вяртаючыся дамоў, ты здзіўляўся тым, што пайшоў быў у гэту ўстанову, — пакуль не сцяміў бязвольна забытую прычыну таго, у забеганым натоўпе на вуліцы, у вуркатанні машынаў (некаторыя з іх, бы тыя гукаючыя свінні...).

«У цёплае пагоддзе нядобра афармляць справы», — адкрыў ты сабе. А пажылы падлізнік, якога ты недалюбліваеш, пакланіўся ў твой бок ажно з па-за дымнага скрыжавання, даючы гэтым зразумець любую яму, а табе да абрыдласці вядомую іранічнасць з намаганнем на вялікасвецкасць, і ты прамармытаў: — У тых, якім засталося адно кпіць з іншых, чамусьці падобны характар і голас, і паходка таксама, і... Эх, пляскатанне языком.

Ты азірнуўся, ці — не дай Бог! — хто не пачуў.

Супакоіўшыся, дома, ты паглыбіўся ва ўводзіны да псіхалогіі ўступнага этапа справы. Важны тут дзень тыдня, гадзіна не без значэння, прыкладам кажучы, ранішняя. Неабходна ўлічыць выгляд уласнае фігуры і манеру размовы, сур'ёзістае або бесклапотна сімпатычнае, і здольнасць шчасна ўвайсці ў сувязі з сакратаркаю, што завецца першым сутыкненнем на прадвызнача-ным напрамку. А культура чакання? — цярплівае, спешлівае, абыякавае, надакучлівае (з выціраннем успацелага лба або з непрысутным тварам)...

Нельга паддацца, кажаш, намтрою ад задрыпанае мэблі. Гэтая, мала даследаваная, з'ява ўплывае на нас неўпрыкметку, асабліва калі карпеем тырчма над сваімі думкамі ў афіцыёзна ўбогім кабінеце альбо менавіта ў чакальным пакоіку (выседжаныя крэслы, пахілыя вешалкі, распоўзлая шафа з наваленаю ў яе дакументацыяй). Аблезласць як праява бядоты суцішвае нас, схіляе да ўступлівасці, спачуванняў. (Ты ж суцяшаў загадчыка — праўда, па-хітрунску слязлівага, —- які потым гнаў цябе з пасады!)

Я выслухваю цябе з зацікаўленнем, але і зліпаюцца мне вочы, і ахопліваюць мяне дрымоты. Я магу ўявіць значнасць дасведчанага табою і адначасова неяк непадпускаю гэтага да сябе. Тваё я ўспрымаю бы газетны пераказ пра дагэтуль невядомае племя, што жыве на палінезійскай выспачцы, аб якой нічагуткі не ведаю ды і не вельмі хачу таго...

У мяне ёсць ужо выгодніцкая боязь перад табою. Такое пачуццё, мабыць, нашэптвае мне, што я ўсё-такі не павінен пазбягаць цябе, як кагосьці такога, хто ўтрэскаўся ў глупствы, у іх ліпны лабірынт мухалоўкі. Мне трэба — калі нічога болей, — прынамсі, зразумець цябе

Ясна, што простыя ўцёкі рэдка даюць выйсце.


СПАТКАННЕ
На музыках у Сяржанаўскай фабрыцы Колька танцаваў з дзяўчынаю, у якое былі каштанаватыя валасы, рухавыя ды гарачыя. Яны казыталі яму ў шчаку. Калі закончваўся танец, ён не адыходзіўся з ёю ўбок, пад сцяну, але стаяў пасярэдзіне залі, ля каланады. Усё ўглядаўся ў яе, такую задаволеную ды вёрткую.

Упачатку каторагасьці танца падышоў быў да яе пры Кольку нейкі франт з вусікамі, смешны. Той хацеў загуляць з ёю, адбіць! Колька не пусціў дзяўчыны, нагрубіяніў яму; запацелаю рукою прыціскаў яе да сябе. Яна не баранілася, мяккая ды лягавітая, адчуваў гэта...

Завёў дзяўчыну ў буфет, дзе пілі вермут, потым пярцоўку і зноў вермут. Кольку стала нядобра (ад нерваў, ці што?). Ён адлучыўся ад яе на так званую хвілінку. У калідоры ж — наткнуўся на таго франта і яшчэ двух з ім: пакуль паспеў уявіць сабе, што гэта значыць, дастаў кулаком паміж вачэй, ажно галава здранцвела, але не ўпаў. Гэта выратавала яго. Пры тым, на шчасце, калідор аказаўся вузкім, і Колька, упёршыся плячыма ў сцяну, адбіваўся ім рукамі і нагамі, біўся і біўся, і яго лупілі. Не працягнулася гэта доўга; на сенсацыю збегся натоўп, і Колька, не столькі ўбачыў, як раптам адчуў, што тых, якія былі накінуліся на яго, ужо няма, зніклі. Адарваны каўнер кашулі ён прыкрыў сабе летнікам, забраў з буфета дзяўчыну, вывеў яе на вуліцу, падхапіў таксі і, падпітую, завёз у сваю кавалерскую кватэрку.

У яе было не тое што белае, а па-скульптурнаму зграбнае цела. Пад раніцу яна расплакалася. Ёй моцна хацелася замуж!

Сустракаліся потым часта. Колька, аднак жа, болей не вадзіў яе да сябе. Хадзілі ў кіно або тэатр, на музыкі ў лепшых клубах і на дансінгі. Цалаваліся да бяспамяці, ад гэтага яе не браў плач. А досвіткам, нагуляўшыся да дуру, беглі па пустой у такую рань вуліцы ды рагатліва цешыліся сабою. На яе імяніны ён купіў ёй лакерыцы (іх рэдка прадавалі тады ў Беластоку)!

Колька запрасіў дзяўчыну да бацькоў у вёсцы. Яна, вясёлая, надта спадабалася ім. Быдо велікоднае свята вясны. Разам ужо паабяцалі старым прыехаць да іх улетку, пабыць цэлы месяц, дапамагчы ў жніво.

Вярнуўшыся ў Беласток, Колька застудзіўся, захварэў на запаленне лёгкіх. Прычапіліся да яго і іншыя хваробы — давялося злегчы ў бальніцу. Праваляўся там, сам таго не спадзяваючыся, нешта два месяцы. Калі ж, урэшце, выпісалі яго дамоў, быў пачатак ліпеня і сіне-сіняе неба над горадам. Колька пабрыў у блізкі парк, каб праветрыцца ды параздумваць аб дзяўчыне. (Яна ўсяго два разы адпісала яму, у другі — кораценька і ў пацяшаючым тоне, усё роўна бы маці...)

Чуўся надзвычай лёгка, можна б сказаць: наднатуральна добра! Прахадзіў там паўдня; наведаўся ў летні бар, у якім з апетытам з'еў колькі бутэрбродаў і выпіў кухаль піва. Затым пайшоў далёка, туды, дзе за паркам пачыналіся лес і ўстаялая цішыня. Ён чакаў вечара, калі дзяўчына прыйдзе на спатканне з ім; учора з бальніцы паслаў ёй пісямко, у якім напісаў быў — усё, усё, усё!

Паходжваў між соснаў і пад восьмую тую гадзіну ён напрасткі накіраваўся да выбранае ім дзеля сустрэчы ліпавае алеі. I зусім нечакана надышоў на яе — ляжала пад кустом дзікае ружы і з тым франтам, панадна разголеная. Той схапіўся першым, угледзеўся ў Кольку, пазнаў яго і па-мужчынску засмяяўся. Колька таксама неяк засмяяўся, і абодва яны разышліся прэч. А яна неўпапад апраналася, аж звечарэла на дварэ.

I настала ноч.


БАЙКА ПРА ЧАЛАВЕКА
Я — конь! Мне надакучыла быць чалавекам.

Добра каню. Гаспадар глядзіць на цябе з надзеяй, чэша табе хвост. Сілаў маеш поўныя грудзі, а ежы тае, яшчэ болей і на выбор; найсмачны авёс.

Выйдзеш да студні ваду піць, усенькая жывёліна расступаецца перад табою, а калі часам не, дык сам гаспадар пугаю яе разгоніць. Каню першаму дарога!

Цягну гэта я вазіска дроваў. Збоку дапамагаюць мне людзі, папіхаюць, аж тут пярэднія колы пагрузнулі ў каўдобіне ды па самюткія калодкі, па воссі. Ад натугі дрыжаць у мяне ногі, дранцвее хрыбет, муляе ў шыю хамут.

Чую за сабою:

— Но! Но-оо! Но-оо-ооо! Халера ты!.. — і раптам шарась мяне рамянём. Пад жывот — таксама. Цямнее ўваччу, брыдне жыць, слабею, кленчу, падаю... Такая падзяка мне за працу маю звыш моцы?

Лепей стацца кароваю!

Каму ж раскашней у свеце, як не ёй? Табе і зельца падкінуць панаднага, малачаю, бураковага лісця. Усяго смачнога ты паспытаеш, і малыя дзеці кахаюць цябе за малако белапеннае. Словам, каб так да смерці.

Аднаго разу бачу ў агародзе капуста так і зеляніцца, так і буяе яна там. Чаму ж мне не паласавацца ёю? I вось я не ўпершыню пераканаўся ў тым, што мілыя зла пачаткі: капуснечы тае я, вядома, нааплятаўся, але што далей чаўплося са мною, мала памятаю. Засвістаў камень. Я адчуў, як нешта хруснула ў маім чэрапе — збіла рог. Ад болю брыкнуўшы заднімі капытамі, я рынуўся прэч адсюль. Адзаду паласнула мяне нейкім агнем дастаў з пушчалкі ў макаўку хваста. I крыкі страшныя даляталі да маіх вушэй, лаянка пякельная!..

Калі ж з вялікага перапуду я забіўся ў вішнёвы зараснік, толькі і падумаў быў: тут мне капліца! Карове, не кажучы ўжо пра каня, гора горкае...

Нарэшце я шчаслівы: я — свіння!

Няма такіх слоў, каб цяпер выказаць радасць сваю! Вось хаджу я гэта сабе па падворышчы і ніхто да мяне не мае аніякае справы. Там тыцну лычом, тут парыюся, лягу пад плотам, у цяньку, ды апушчуся ў салодкія дрымоты. Гаспадынька беларусая паляпае мяне па бачысках, пяшчотна шчыпане за кумпяк, намацае сала, пачухае за вушмі. А я — нюх, нюх, нюх... Запахацела мне паранаю бульбаю з расчыненых сенцаў, ой, пацякла слінка, і я, бы добры той дурань, сігануў туды! — хап! — зубамі за цеста; глытнуў, бы смалы хліснуўшы, ажно здалося — дым з горла валіць клубамі!

— Ку-сы-ыыы! — заенчыў нада мною мажны гаспадарыска і размахнуўся жэрдкаю па маім хрыбце. Сабака яго як не секане мяне па азадках, аж у мазгах закалола!

Ну і што мне рабіць? Хоць ты вазьмі ды пеўня ў морду бі, столькі я жалю таго займеў.

Але, як не бывае бяды без навукі, мне стала зразумелым, кім я павінен быць, — Бобікам!

Ці ж гэта пагана брахаць сабе, колькі адно захочаш? Калі трэба і не трэба. Большае выгоды, прызнацца, і не спадзяваўся. Адно дзіва, як гэта раней я не дадумаўся да таго?!

Кожны, чалавек ці жывёліна, глядзіць на мяне, калі не з пашанаю, дык, прынамсі, з насцярожанаю павагай. Гаспадарчук жа і той настолькі пераконаны ў маёй адданасці яму, што нацкоўвае мною пават кабылу суседкі, дачка якое фанабэрыць і не ідзе замуж за яго. Няхай паскача сабе трохі гэтая рагатлівая палятуха чарнавокая, а паспытаю я і яе лытак беласкурых!

Каго як каго, але хуліганаў гарластых я не пашкадаваў — аднойчы гэтак пацяў іх, да самюткае косці, так скусаў усіх, гуртам ды паасобку, распаласаваў ім нагавіцы, што і гнацца за імі змучыўся, не ў ганьбу сабакам кажучы. Гаспадарыня за тое ласкальна патузала мяне за карак і мызу, паказытала пад шыяй.

Спачываю ў будзе. Есці, праўда, хочацца, як на які голад, У адвячорак, калі гаспадарнеча панаядалася ў кўхні, і мне кінулі костку дымную са стравы. Раззлаваўся я на такую няўважлівасць да мяне і давай за парог дзерці, ежы і пашацунку належнага дамагацца. Скончылася гэта тым, што ляснулі мяне ботам паміж вачэй. Паспеў я зіркам убачыць кошку, што малако хлябала са сподка пад лаваю... Ах, нездарма есць прымаўка: сабацы — сабачая доля.

Во, каб, можа, катом зрабіцца... I я, ўжо ў палове, стаўся быў ім, як хлапчукі мяне неяк заманілі да сябе ды хвосцік мой у лешчатку заціснулі. Забрахаў, замяўкаў я наперамену і, у рэшце рэшт, па-чалавечы загаласіў...

Дык давай ізноў жа быць чалавекам.


РЭМІНІСЦЭНЦЫІ
Табе пад пяцьдзесят. Ты дабіўся для сябе невытлумачальна больш, чымсьці магло прысніцца табе, вырастаючаму на падпанка ў гады свае далёкія, калі для ўсіх тады пачынаўся гэты новы свет. I вось завяршаецца наша стагоддзе, пра якое некалі запытаюць: а чаму яно было такое — і ваеннае і дабрабытнае?

...На Багача слівы пасмугнелі. На іх папырскаў быў дожджык, і яны выглядалі незвычайна сакаўнымі. I ад таго яшчэ, можа быць, што дзень жа святочны і пры гэтым ціхі ўполудзень ды барвовы на зыходзе; парумянелая лістота, пахацяць выспелыя агароды.

Ад самюткага рання суседка спраўляла хрэсьбіны. На траве каля ганка яе, па-прыгараднаму вымаджанага дома паразлягаліся напоеныя мужчыны (храплі — у белых кашулях і ў чорных касцюмах, ад якіх яны трохі як пінгвіны якія). З расчыненых вокан, што па паверсе з-за далікацтва фіранак, у іх далятала сварня ў застоллі, звяглівая. і нясціхная (так, калі застануцца за чаркамі адны бабы). Таму вельмі дарэчы было пайсці адсюль ,у малінавы закутак і прысесці там сабе па камяні, выгратым сонцам. У настроі, які не параўнаць з адпачынкам ратая або з існаваннем толькі, такім беспачуццёвым. Відаць поле. як прасціраецца яно ад запушчанага парку, маянтковага. Яго прыгажосць бачыш ты ў раптоўным цудзе песні ці ў малітве верша — панскімі вачыма культуры, памятай. Не-е трасучы гной і не за плугам...

...Засланяючы нанач спальны пакой, угледзіш месяц. Заўважыўшы яго фазу, табе падумаецца, што час прамінае ў нейкім чаканні, аднак жа, бяжыць ён, быццам па-зайчынаму вяртаючыся ў тое ж месца і ўсё роўна што выгледжваючы вочы за кімсьці. Ці дзіва, чаму тваё жыццё не зусім каб патрэбнае, здасца яно табе да крыўднасці выпадковым, хоць і не хапае дзеля яго дня ды з вечарам...

...У летняе ўставанне, у той перадспякотны халадок, бярэ ахвота папрацаваць — з радасным жаданнем быць прысутным у жывым, зялёным і светлым. У балаціне, што пад Лісіным Грудам, крычыць тамашняя птушка. Ты ўспомніш аднакласніка з паўзабытай вялікагарадской школы; ён, зарабіўшы мільёны, памёр ад рака.

Цябе гняце прымус закончыць сваё незакончанае, бо яно далося, хаця і ў звычнай табе хамутнай натузе, праз плойму гадоў шэра-шэрых, і ты баішся, каб не апусціць залішне рук. Гэткі спех — твая змора і дакучнасць. Уласцівасць безвыходнага.

...У замглёнасці ўзлесся, у бок Пачапка, пасецца дзікі звер. Відацьме, алень. Чаму ён якраз навідавоку? Гэта ж так небяспечна для яго апынуцца ў полі зроку чалавека!..

Эх, аўтамашынай паімчацца б табе па шашы ў майскім дрэўі! Панаднейшы смак ад таго, калі ты далей, у глыбі мураванай Польшчы, або ў па-заходняму акуратным замежжы. У бацькоўскім жа старонні дагніваюць пакінутыя вёскі, якімі, а каб не, зацікавяцца археолагі зацюканасці ды бядоты. Куды прападае людская праца? — палі зарастаюць хмызам, украпівелыя сядзібы нагадваюць сабою колішпія могілкі з руінаю капліцы, а ўнукам нашым манерным і не ў здогад нават тое, што ёсць жа і ў іх дзяды ды прадзеды... Народ мой хворы бяспамяццю таксама.

...Яблык падае блізка ад яблыні. Гэта так, як лёс маці паўтараецца ў дачцэ, праўда, па-свойму... Хвалімся, галытва ўчарашняя, вялізным кавалкам хлеба, нарэшце і катэджамі з мансардамі, каб папанстваваць, не цямячы чамусьці, што знакі багацця сталі не тыя і што ўсё гэтак жа міражныя яны для нас. Мінулае нацыі, бы абсалютная ісціна або прыцягненне зямное, што моцна трымае нас, — помсліва, ці як, не дае нам выпрастацца, пазбыцца анамаліі росту.

У Крынскай пушчы ўпаткацьмеш паляны з вывараценямі і лугі, ад хараства якіх затрымціць табе ўваччу. Адзін лес старасць упрыгожвае, і ён век-вечны. Будзе мець рацыю той, хто прыраўняе да яго культуру (без яе свет сам не ведаў бы пра сябе, пра тое, што ён быў і ёсць!). Сядзеш, каб ногі табе адышлі, збоч ад сенакоснай траскоты касілак і на строме рэчкі ў лозах, над тою яе затокаю, у якой вудзяць маладых шчупакоў. Вада бруіцца ў ёй у водарасцях, а цябе пранізвае заедлівае: ну чаму гэта мы, чаму забедныя і забедныя?! Дападаем да сваіх шанцаў, а яны, аказваецца, высмактаныя... Ачышчаючы з галчыных гнёздаў комін і апухі, ты дзівіўся, што знаходзіў у іх засушаны трупок піскляняці, як заўсёды, адно заморанае.

...Еўропа нам даўно за гарамі. Нічога не скажаш, не мужыку ж палацы ў галаве (прынята гаварыць у высокім тоне). А па шчырасці, дык куды прасцей усенька у нас адбываецца — а будзь ты сабе кім хочаш, абы грашавітым! Нішто ёсць усё золата і блакіт дня, тамы кніг ды старцаў развагі, сама існасць існасці, — хлісні долі нашай над нашымі, мазаля яе і ганьбы пакаштуй. Вымавіш тады: разумею — і аціхнеш утомна, без болю (бо ён у таго толькі, хто не пагаджаецца).

...Племя маё нагамі дапераду выносяць унукі ягоныя, тыя ж пачужэлыя, і пажыткамі дзеляцца. А мо і застанецца пасля яго ўсяго сытасць бяздумная, якой будзе выгода параю? Калі так, дык пажартавала з нас асвячоная эпоха ўсеўладная, быццам ласкавая пані яснавяльможная калісьці, што служкаў сваіх віншавала імянінна ды за стол запрасіла, а мы так жа і цяпер наеліся за ім ажно да адрыжкі, усё роўна што за ўсе вякі мінулыя, а як жа глумныя над намі!..


АДКУЛЬ БЯРЭЦЦА ДУРНОТА?
Няма пэўнага адказу на пытанне, адкуль бярэцца дурнота. Усё не дае мне гэта спакою — тлумачэнні яе неадукаванасцю ёсць, аднак павярхоўныя. Куды ж тады падзецца з прафесарам-дурнем?

Не больш дае таксама праўда пра адзічэласць бядоты раптоўным дабрабытам. Знаходзяцца такія, што, разжыўшыся на вілу, аўта і каханку, — не перастаюць пазнаваць людзей.

Бліжэй да ісціны тут лёгкасць нажывы, асабліва празмернай. У гэткі шанц сапраўды можна ашалець, калі бракуе арыстакратычнай вытрымкі. Патомнае ўбоства знакаміта асвятляе гэтыя няяснасці, а ўсё-такі дзякуючы таму, што ў гісторыі наогул ёсць гісторыя ежы, адзення і пасцелі.

Чалавека робіць дурнем і сітуацыя. I гэтак жа параўнанне: каму дурань, а каму і не.

I так пачынае быць без канца... Як з мудрасцю.

А ці без дурноты ведалі б мы разумнае? Вялікі мудрэц і ёсць вялікі дурань. Няўпэўнены я толькі ў тым, ці дурань можа быць разумным. Хоць як быццам не пярэчыць гэта логіцы, і прыклады таго, здаецца, відаць...

Я ўсё шукаю адказу на пытанне: «Адкуль бярэцца дурнота?»


ЗАВУЛАК
У Вавёрчыным завулку — лужы і жалезныя платы. Асабнякі ў ім, бы тыя дзеці аднае, але не вельмі каб разумнае маткі. З ганкаў тут сыходзяць усё роўна што пасля святочнага абеду (на які падаюць прыгожую свіную катлету, абкіданую зялёным гарошкам). Дзяўчаты носяць узімку высокія прычоскі з аздобнікамі, белыя даўжэзныя шалі ды каўнерыстыя кажухі наросхліст, сягаючыя ім да лытак. Яны чамусьці дзялецкія такія і не нагадваюць сабою карнавальныя балі з дастойнымі вальсамі. Летам жа, у пару выспявання садкоў, аголеныя і загарэлыя, нечым занятыя з той заклапочанасцю пачынаючай гаспадынькі, якой ужо заказалі вясельных музыкаў (пад восень). А недзе дзікі пляж забеластоцкі, над рэчкаю лясною з вадзянымі ліліямі, і погуд далёкі вузкакалейкі, у якім як жа добра пабыць у адзіноце.

У Вавёрчыным усё-такі патыхае расійскім халопам і норавамі служанкі варшаўскае пані. Гэты навамодны мезальянс даў акуратны кавалак хлеба ды румяную дзятву, а яшчэ і самаадчуванне сяк-так важнага чалавека. I ясна, што тут усё круціцца вакол грошай, аднак (хоць і пры універсітэцкіх тытулах часамі). Трэба ж бачыць тую прагу ў іх да будучыні ад агіды да курнага мінулага; брыняе яна ад слодычы дастатку. Ну і не дай Бог, каб мужык панам стаў!

Не з тае пасцелі ў свет яны нарэшце пайшлі, каб аж на п'едэсталы ўзыходзіць. Паазірайцеся на помнікі ж нашы!

У завулку тым даволі, калі жывуць-пажываюць...


НА ПАЖАРЫШЧЫ
Пятка з Нэвалем валілі папаленыя муры.

Яны нанялі хеўру, згадзілі ў рэстаране Дзюбаграя. Пасля гурмою пайшлі на забаву ў бажніцы, у якой механікі з фронту паказвалі спачатку кіно пра вайну.

Пятка хваліўся Нэвалю, што ў аўсянае жніво знайшоў ён на лужку ў Разбойніку нямецкі рэвальвер.

— Нашто ён табе, — сказаў яму Нэваль, але так, каб ніхто не пачуў. — Аддай яго мне, чуеш?

— Банды з лесу ўжо не прыходзяць, спі і храпі, Нэваль...

Нэваль кінуў слухаць, што гаварыў яму Пятка. Такіх, як Пятка, язык губіць. Усе паўсядаліся кругам у буфеце і асушылі першую паўлітроўку.

— Ну і як, хлопцы: заўтра валім, хлопцы, пошту? — запытаў Нэваль, каб не маўчаць. I хоць не перакрыкваў ён усяго гэтага гвалту тут, салдацкіх спеваў тых, што паварочваліся былі з Нямеччыны, яму адказалі:

— Ты, Нэваль, — войт, ты і камандуй!

— Пяткі будзеце слухацца, хлопцы, ён у мяне, чуеце, камандзер, — прабубніў, аж прыўстаўшы як быццам.— Афіцэр ён, бальшавікоў страляў у рэвалюцыю!

— Нэваль, каб ты аблез! — прашыпеў Пятка; схапіўся з табурэткі і, здавалася, шукае рукою кабуру.

— Не кіпі, Пятка, ага, Нэваль нічога не сказаў, — загаварыў адзін з іх, пасаты. Яму патакнулі, а п'янейшы цыганок свой грош дакінуў: — Хіба ж хто не ведае, што Нэваль у Пілсудскага быў...

— Быў я, а ці не быў, хлопцы, не твая справа. смургель ты, — Нэваль не дакончыў наліваць чаркі. — А ён, — зірнуў на пацямнелага Пятку, — хай ведае і не забывае і няхай добра служыць цяпер, хлопцы, бо калі не, дык я...

— Ай, знайшлі аб чым трэліць, — перабілі войта. Заядла сцябалі гарэлку, мала не пападаўшы, пакуль аціхла дурата; у гэты раз нікога не парэзалі, толькі музыканту ўгрэлі па мухаедах, бо ён захутка скончыў «Кацюшу».

У панядзелак пралазілі цалюткі божы дзень; урэшце збілі яны высокую драбіну — пошта мела два паверхі. Пятка даваў наганяй. Беластоцкі крадзежнік з'явіўся па цэглу сваім абозам, мужыкам заказаў у Дзюбаграя паўскрынкі манаполькі, а сам выпіваў з Нэвалем. Пятка выбягаў ад іх злосны і чырвоны, здалёк дзёрся:

— Валі-ііі!.. Валі-іі-ііі!..

Адбрэхвалі яму:

— Сам ідзі валі, каб ты ўваліўся!.. Трэба драбіну!

— А жэрдкаю!.. Жэрдкаю, кажу, расшугаць! — камандаваў Пятка, дабягаючы да зграі. — Няма часу, той возьме і папрэ з мужыкамі ў лепшае месца...

— Казалі: заўтра ён будзе...

— Маўчаць! — гыркнуў Пятка, паправіўшы на жываце сваю шырокую дзягу з моднай спражкаю і расставіўшы ногі ў ангельскіх ботах так, як бы зараз нехта павінен падаць яму рускую вінтоўку з доўгім штыхом.

I ўсе забегалі. На прыстауленую да сцяноўя драбіну пацерабіліся насаты і цыганок. За імі чапіўся трэці, і тады затрашчала яна. Тыя, што засталіся ўнізе, заенчылі. Першы ўгары ўшчаперыўся за недагарэлае акно, дрыгаючы на расчыненай раме, усё роўна бы толькі што павешаны які. «Цэ-эгла-а!.. Цэ-эгла-аа!.. — хрыпацеў той. Другому не было калі перабіраць назад нагамі, скокнуў ён, аж зямля пад ім потым застагнала.

Нічога і нікому не зрабілася. Каб гэтак з добрым чалавекам, дык забіўся б.


ЗДЗЕЛКА
— А гэта ты мне пра што, пане?! — непрыемна здзівіўся Балабэнак. Яго тварык мамінсыночка недарэчна пасур'ёзнсў.

— Ну, майсы майсамі, а ты як сабе хочаш, — знеахвоціўся Намеснік. Ён суха плюнуў цераз свае конскія зубы.

Яны пілі ў «Перапёлачцы». Заказалі чырвонае, самае таннае, віно (румынскае). На дварэ цубаніў дождж, надзённы ў гэтае мокрае лета. За шклянымі сценамі павільёна гнілавата зелянеў блізкі парк, запушчанае кустоўе нечага, што ўздоўж тратуарчыка заглухлай тут вуліцы (па якой лепей было не хадзіць увечары). Балабэнак з Намеснікам адчувалі сябе досыць няёмка ў такой маладняцкай кафэйцы, будучы мужчынамі з налётам сівізны па скронях. Месца, аднак, для гутаркі выбралі яны абачліва — у рэстаране альбо ў бары мог жа нехта падслухаць іх, ды і не пасядзіш таксама за абы-чым.

— Слухай, Намеснік, цану ты скажы яму, пане, пасля ўсяго.

— Можа быць, ён абразіцца?

— Хто?! Гэта ж мужык!

— Ну, майсы майсамі, хаця б патрыятызмам возьме ды заедзе нам...

— Не смяшы мяне, Намеснік! Нашто, пане, ратаю нацыянальнасць?

— У нас, папраўдзе, не будзе столькі грошай, Балабэнак. Тут справа такая, што майсамі не выкруцішсяі ад яе.

— Ад цаны да платы, пане, дарога павінна. Быць доўгая, Намеспік.

— Як зрабіць гэта?

— Рухай мазгамі, Намеснік, варушы імі...

Яны паазіраліся, трохі як набабнікі, што прышвэндаліся пашукаць валачашчай нанач сабе. Віхрастыя юнакі і ўкормленыя дзеўкі лізалі марожанае, хто седзячы, а хто стоячы, модна крыўляючыся. Начэквалі, калі падціхне дажджоўе, каб выбегчы пайсці дамоў.

— Я яму, Намеснік, як не даў па зубах, пане, дык ён закаціў вочы, бы певень з перапуду, — вярнуўся да свайго Балабэнак. Недзе за імі рагатліва крыкнула дзяўчына, задзынкала разбітае шкло: «Ідзі заплаці за шклянку, хі-хі...» ,

— Не перастае, — сказаў Намеснік, як бы не чуючы Балабэнка і пудна ўгледзеўшыся некуды ў заімжавелае воддалле. Той рогат рабіўся нясцерпным, усё болей падобным на роспачны плач маладзіцы (заняпаў, урэшце, быццам зайшоўшыся ад жалю). — Балабэнак, — загаварыў, як прачнуўшыся, — майсы майсамі, нашто было табе заводзіцца з ім?

— Калі тое было, пане?!

— Ой, балабэнак-балабэнак ты... Стары, а дурны.

— Ну што «балабэнак»?!

— А тое, майсы майсамі, ці ты паверыў бы ў гешэфтах такому, каго застаў на сваёй жонцы?

— Глупства, Намеснік! Пры чым тут, пане, тое «паверыў бы — не паверыў бы»? ён жа, пане, унукаў ужо гадуе.

— Блага, Балабэнак, калі баба стаіць на дарозе.

— Я ж не кажу, што добра... Здзелку нашу, пане, наматай ты з ім так, як бы пра мяне і чуць не чуваў.

— Вылезе шыла з мяшка...

— Вылезе, ды позна яму будзе ганорамі раскідацца, грашыскі панюхаўшы. Ды і другога такога дурня, пане, дзе ж нам вынайсці?

— Яно, майсы майсамі, праўда...

— За грошы і чорт харошы, гэ-гэ-гэ...

Дождж сыпаў і сыпаў. I яны засядзеліся..


РОСКВІТ I УПАДАК БЯДОЦІКА
Бацькі Марка Бядоціка былі з тых беларусаў, якія мала не цэлымі вёскамі перабраліся ў пасляваенныя гарады. Лічылі яны гэта шчаснай доляй, пра што неяк абавязкова гаварылі, асабліва ў нядзелі за абедам. Марк нарадзіўся ўжо ў іхняй гарадской кватэры, і тыя размовы ён ад малога чуў. Слухаў іх, як байку, да якой усё дадаюць і дадаюць. Гадаваны на паночка, Марчык рана завёўся з паненкамі, сцяміўшы, натуральна, што яму лепей будзе маўчаць пра сваіх бацькоў. Мацерка рабілася служанкаю яму, а бацюль у нечым нагадваў сабою знаходлівага арандатара. Яны чамусьці даволі раптоўна паўміралі, адно за адным, папакідаўшы прыстойныя запасы ўсяго і грошай.

Такія, як Марк Бядоцік, жэняцца не ад кахання. Стаўшы на работу, ён проста знюхаўся са сваёй начальніцай. З ёю былі яму зноў усё пірагі.

Рэне Выдрыцкай — пра яе гэта тут — Марк як бы з нябёсаў сышоў! У навагодні баль яна адкрыла маладзіку рай жыцця з жанчынай прыгожай і культурнай, а прытым і з вельмі заможнай. Ёй якраз дарэчы быў такі, а яму — менавіта такая. Што і казаць, кар'еру Рэна мела, дабіўшыся яе самым лёгкім інтэлігентнай лялечцы спосабам, ды напаследак займела, во, маладзюсенькага мужа сабе. Абое — Рэна і Марк — добра выйшді на гэтым: замужняя каханка заўсёды на расхват — гэта залаты інтарэс і ёй і яе мужу, калі яны на службе ў адным месцы. Дзяцей яна не магла мець, што было дадатковым плюсам. А ён нават і не заўважыў яе бяздзетнасці, і жылі яны звычайна, як падкі на баб хахаль з круцеляватай модніцай. На ўсенька хапала ім, і ў Парыж або ў Лондан з'ездзіць.

Смерць дырэктара фірмы выклікала радасць у Рэны! На яго месца прыслалі хвацкага шанцоўніка, які неўзабаве зрабіў Рэну сваім намеснікам. Але на гэтым і скончыліся яе ўдачы. Далей жыць трэба было нажытым, і тады яна як жанчына першай адчула дзіўную, пакуль што незразумелую ёй самоту. Усё роўна што вяртаючыся да непраўдападобна доўгага, гадамі музыканячага карнавала.

Нечакана прыехаўшы дамоў з паказухі ў варшаўскім міністэрстве, — яна ўгледзела разаспаную шаснастоўку з Маркам у пасцелі. Раней Рэна сапраўды паводзіла сябе, бы дама, якой такая сітуацыя не можа быць найважнейшай. Цяпер жа, хоць і самая не лепшая, накінулася на дзеўчанё з імпэтам мужычкі, а Марк, паказаўшы сябе патомным хамутом, даў драпака.

Рэна Выдрыцкая развялася з Маркам Бядоцікам.

Маёмасць суд прысудзіў па палове, прызнаючы за ёй кватэру.

Ен пайшоў з добрай работы, новай не падшукаў сабе, звязаўся з прастытуткамі, і спаліла яго гарэлка. А яна дажыла да глыбокай старасці.


ЛЯЛІК, ШВАЙКА I РЭШТА
Даў дождж. Сыпануў ад маянтковага парка, цубанячы па мястэчку за азярышчам. Даволі цёплы, хоць бралася на восень і начамі бывала ветрана. Прыжаўцелі вішні ў платах.

У гэтай старажытнай даліне заўсёды хтосьці гарыць на зыходзе лета. У багатую пару зоймецца стадола на Новай вуліцы, або шугане агонь у чыёй сталярні, ці дым паваліць ад шмараў у каторага слёсара... Гасіць прыязджаюць з — павятовага некалі — горада, бо шафёр тутэйшых пажарнікаў п'е. Возьме і павесіцца нехта стары (аднаго разу накінуў на сябе пятлю якісьці малады, але яго адратавала жонка, махнуўшы касою па вяроўцы).

Гэтак жа недарэчныя і гешэфты: хітрасці стае, а прыбытку, што кот наплакаў. Найбольш замагаюць шанцоўнікі. Ашуканствы іхныя дробязныя, нудныя. У павазе ў іх рыжы Швайка, які, праўда праўдаю, яшчэ не забіў ён каго ані зарэзаў... Швайка, аднак, гэта нішто Ляліку, з бэбахамі купіў бы яго.

Лялік той, калі пакажацца на рынку, дык тады, здаецца, мужчыны так і кіруюць, каб прайсціся каля яго і шапку перад ім скінуць! А яму нават як бы прыкра робіцца. пасміхаецца да іх усё роўна што сарамліва і, вымаючы папяросіну з зубоў, адкланьваец-ца шаноўным кіўком галавы, дастойны такі і без капялюха, чуб не аблез. «Дэфіляду прымае», — зласлівяць тыя, хто пакуль не пагарэў.

Нікагуткі не апрандуе затое Манька Вусатая. Яна — баба без мужыка і галышка, таму і герой! Іначай — села б у крэкадзь. Завядзіся з ёю, людзі засмяюць... Швайка, рыхтык ваўчуга, і ён сыходзіў ёй з вачэй; самога Ляліка не збаіцца Вусачыха. Не зачапай паскуды, ходзіць, дык няхай, калі і ты не шалёны.

Швайка старгаваў сыну мур у Беластоку. У Ляліка сватам міністр у Варшаве. Байструк жа Вусатай сеў у турму: раз'ехаў дзеўчыня, напіўшыся, матку павёз таксоўкаю на фэст, вырабляючы і рагочучы, каб усе бачылі, як для іх добра жывецца... I на табе!

Жывуць тут людзі як бы часова, бы на нейкім этапе з ліхога ў добрае. Таму гэта ў мястэчку ўсё магчымае, акрамя сумленнасці, як у кожнае існаванне супроць волі. У гэтай спрадвечнай даліне з садамі не бываў рай. I наўрад ці з'явіцца? А калі б і здарыўся, дык здзіўленне ад гэтага заскочыла б у пярэпалах, і тады аж паўжывыя ўцякалі б цэлы дзень лясамі на вялікі Беласток! Баючыся дарог, каб не азірацца за сябе.

Так было б, але не будзе.


СОН, ЯКІ ПРЫСНІУСЯ БЮРАКРАТУ
Сон гэты прысніўся яму ў канцы года, у час ліхаманкі са справаздачамі.

Мо і не прысніўся б ён яму, калі б — аднаго разу — з немалым здзіўленнем зразумеў, што кожны дакумент, які б там ні быў, з'яўляецца доказам недаверу да чалавека, да чалавека сярод людзей. Гэты тэхнік бяспекі і гігіены працы, паслухайце, дайшоў да такое высновы, відаць, таму, што з іншымі паперамі якраз і не даводзілася яму сутыкацца...

Сніў ён жахлівае!

Вось на месцы адміністрацыйнага дырэктара ўтворана кіраўніцтва словамі. На ўсходах, што вялі ў сакратарыят яго, ціхнулі натоўпы наведвальнікаў. I кожны з іх трымаў у руцэ даўжэрны спісак, і былі гэта спіскі слоў, сказаных учора, якія, вядома, неабходна пасведчыць менавіта сёння, без чаго: сказанае — не сказана! А там, дзе быў банк, — кіраўніцтва важнымі словамі. Чэргі тут не так вялікія наглядаліся, ды і тыя спіскі — выразна было бачна! — таксама нядоўгія, складзены ўжо на спецыяльных бланках з вадзянымі пазнакамі.

Вочы ў петэнтаў тых выпучваліся з той асаблівай бухгалтар-скай павагай. У будынку ж хілай, правінцыяльнай рэдакцыі — цэнтр кіравання жартамі ды анекдотамі, які абступілі бязвоблі-кавыя асобы, якім адно пакрывіліся морды. (Не жартаваць! Ну, не анекдоціць!..) А замест бальніцы — галоўнае слёзакіраўніцтва...

Ён, гэты тэхнік, гартаючы смецце службовых спраў, не раз успамінаў сабе такі дзіўны сон. Не любіў ён таго ўспаміну, псаваўся ад яго, быццам перакручаны будзільнік... Чамусьці з па-за кожнага скарыстанага ім слова высоўваўся ў яго бок палец, заўсёды ўказальны, які ківаў яму перад носам: шануй ты слова, шануй яго, ой шануй!

— Пані Вера, — сказаў ён да першае з краю машыністкі. — Тэрміновая вось справа!

— Во, пакладзіце яе тут, — адказала яна, указаўшы яму на падручны столічак з прысохлымі да яго скуркамі каўбасы, якой закусвалі падчас учарашніх яе імянінаў.

— Вера...

Яна ўставілася ў яго кнопкамі вачэй.

— Чаго вам яшчэ?

— Не, нічога. Гэта будзе ўсё.

Тэхнік пайшоў да сябе, пільна зважаючы мець выгляд думаючага. Ён — у апошнюю хвіліну — паўстрымаўся перад тым, каб расказаць ёй менавіта гэты сон. Сапраўды, шчасліва яму!

Вера выстуквала на пішучай машынцы.

А ён — шмыгнуў да сябе.


ВЁСКІШЧА, БАГІНЯ ГАНЬБЫ
За агнямі Беластока, за яго апошнімі вуліцамі, расшчэпле-нымі на трэскі прыгародніх сцежак-дарожак, у даліне, што за пагоркамі, цямнее вёска. У ёй не відаць тае бліскатнечы горада, — толькі зарыва, якое падсвятляе зоркі на небе, зайздрослівыя мігатлівіцы ў марозную ноч. Не стаю я ў гэту цемень на грудзе за гумнамі, сяджу сабе за цёплым акном, у хаце, і гляджу богведама куды. Я тут на вяселлі брата.

Усе паўставалі і спяваюць «Сто лят», а мне ад таго сумна чамусьці.

Адбываецца сялянскае вяселле: за сталамі з сотня гасцей, якім падаюць вульгарныя літроўкі, ля парога шпараць свае кавалкі ўжо падпоеныя музыканты, чуецца песню за песняй, мужчыніскі падгаворваюць бабаў піць «да канца», а рагатухі — «да дна». Гавораць усе адразу, усе да ўсіх — сусед да суседкі, суседка да су-седа, і ніхто нікога не слухае.

Вясельнасць развясельваецца.

А мне маркотна, хоць ты забіся! Няўжо гэта ад таго, што вясельнікі са скуры вылузваюцца, каб усяму прыдаць нейкі рэстаранны тон, выветраць адсюль сялянскасць, збіцца на чужы лад, як з нечым удала пазычаным. «Забалела ты, мая галованька...» заціхла ў шматгалоссі рэнаў рольскіх, вайцехаў млынарскіх, ірэнаў сантар, азнавураў, санджэрсаў, якія прыбіліся сюды нейкім тлумам укормленых дачнікаў на лета надрэчнае. Красамоўны сват неўзабаўку папярхнуўся «актамі вэсэльнымі», «прошапанствамі», ды яшчэ чымсьці такім,— сёння не спамятаць мне, менавіта чым (?). Аднак, напэўна, не ягоным, не сваім, затое ж бліскучым, бы той багемскі пярсцёнак у вітрыне, што ля цэнтральнае вуліцы, дзе неоны і аўтамашыны, і напарфумаваныя тратуары.

Вяселле, усё-такі, сялянскае яно, бо іншых няма на свеце, (гарадскія не бываюць). Словам, вяселле!

Дружкі-сваячкі ў дарагіх сукнях, упрыгожаныя пераконана-сцю ў тым, што яны — не сялянкі, ганарацца сваімі пасадамі на заводах. Дружбанты-сваякі ў чорных касцюмах для большае святочнасці, відаць, дрэнна адчуваюць сябе ў хамуце манераў, падгледжаных у патомных мяшчанаў, але яны не пацеюць да пятае ці бо і сёмае чаркі. Гэтыя таксама не сяляне. Адны старыя пачуваюцца імі, і таму па іх тварах скачуць грымасы вінаватасці. О, яны добра разумеюць, што ўсенька непрыгожае можа выкінуць толькі ад іх. Нехта з маладзеччыны, на выгляд дзіўна скромны, нечакана загаварыў да: старога па-свойму, па-беларуску ўголас і той бядак пачырванеў ад гэткае ганьбы ды хутка-хуценькаадказаў ён хлопцу па-гарадскому, па-панску, «інцілігентна»!..

На вяселлі за Беластокам нешта плялі пра багіню кахання, пра Венеру, але побач яе я ўбачыў і багіню ганьбы, Вёску, дакладней — Вёскішчу. А мо яна ёсць няшлюбнае дзіцё Венеры? Так, вядома, было б лепей, бо нашто ж нам тая багіня ганьбы?!.

Нарэшце вось я сцяміў свой дзівацкі сум: гэта ж усе чакаюць смерці Вёскішчы! I, як пра нябожчыцу, якую грэх памінаць ліхам, пад раніцу на вяселлі запяялі — «...ручнікі плылі...», «...а ў полі...», «Я Іванка так мілую...». Праўда — не столькі бяздарна, колькі безнадзейна паныла, з такім няясным роздумам ці шкадаваннем у п'яных, чаго абавязкова будуць яны саромецца потым.

Пачалі раз'язджацца — хто да аўтобусавага прыпынку, а хто да чыгуначнага, каб паспець на фабрычную гадзіну работы, вельмі паспешліва развітваючыся з маладою параю, усё роўна што баючыся пачуць ад яе: «Забярыце нас адсюль, молім, забярыце!..»

У такі час, калі праводзіш вясельнікаў за вёску, у дарогу, і, дайшоўшы з імі аж да Відушчае гары, паглядзіш на віднеючы ўдалечыні начны горад, дык ці не здасца ён табе вялізным могільнікам у Свята Памёрлых з безліччу свяшчэнных вогнікаў у густы лістападаўскі вечар?


СМЕРЦЬ СЫМОНА МУЗЫКІ
У яго было, вядома, сваё імя і прозвішча. I не такое ўжо вельмі паганае яно, тое яго прозвішча, нават не мужыцкае. Імя, аднак, меў ён выразна беларускае.

Але тады, яшчэ ў дзяцінства, усё гэта заставалася без аніякага значэння; край наўкола быў жа яму свой.

Маці, праўда, злавалася: «Дурні, то і па-дурному празвалі хлопца!» Сымон Музыка — такая празыўка прыбілася да яго, сапраўды, не зусім каб зразумела як...

Блага прыслужылася яму тут, у гэтым, адна беларуская- кніжыца, якой сам ён і ў вочы не бачыў, а фактычна — так казалі ў мястэчку, — якоесьці слоўца ці што з тае яе мовы, якая жа ж нікому, хоць нібы і нашая яна, не давала выехаўшым адсюль у свет ані хвалёных ведаў, ані гонару хаця б. Ад яе на вярсту несла чарнаротаю злосцю да ўсяго, што адукаванае, далікатнае, такое панскае (адчуў і ён тое потым). Сымон Музыка, як месца свайго нараджэння падаваў упаследак, — чаму б і не? — досыць шыкоўны ў Беластоцкім краі, пэўна, горад з некаторымі традыцыямі гістарычнага плана, пакуль не прыйшла пара адслужваць войска (струсіў быў перад рэкруцкаю камісіяй, паўстаўшы перад ёю ва ўсім сваім сораме голасці, і тым разам не здолеў прыемна сабе змахляваць).

Наш герой закончыў навукі самым звычайным чынам. Калі ж ён і адрозніваўся чым-небудзь у іх, скажам, у сярэдняй школе, дык, мабыць, адно тым, што быў з яго палахлівец звыш нормы для вучняў таго ўзросту. Прытым — чаго, здаецца, як быццам ніхто і не запрыкмеціў—-неяк па-асабліваму любіў ён чужымі рукамі жар выграбаць (такая якасць характару на ўвесь відавок праявілася ў ім шмат пазней, у даросласць, калі ў ягоных руках апынуліся, так званыя, важныя вырашэнні).

Музыку наогул не пакідаў настрой удачы. Ён дамогся ад сябе той, усё-такі рэдкай у людзей, здольнасці заўжды вынаходзіць нешта ў сваю карысць, няхай сабе і ў самай дрэннай акалічнасці. Гэткая рыса чалавечае актыўнасці, надзвычай неабходная ў дачыненні да публічнае асобы, цалкам беспатрэбна авалодала ім, пераўтвараючы яго ў — неапошняе пробы — пранырліўца. Гэта стала відаць таксама па яго фізіяноміі тае асобіны, якая толькі што адкацілася ад абеду, паказваючыся з тлустымі губамі і выпучваючы шчокі языком, што выгортвае з-за сківіцаў рэштавінкі смачнага. Гэтакім надта залежыць на тым, каб пра іх падумалі, што яны папоўніцы ядуць, з мясам і гарэлкаю. І ў кішэнях іх зайздросна не пуста, як у тых, у каго камбінатарства атрымала ранг ідэалогіі.

Калі ж прыйдзе вам у галаву задумвацца над тым, якія ў яго былі адносіны да ўласнага жыцця, дык абавязкова дапусціце вы гэтым памылку! Музыка — трэба ведаць — пажываў сабе, бы той воўк пад пушчаю; самым страўнікам, прагнасцю голаду (надоечы загінуў ён у такой катастрофе, якую смешна назваць трагічнаю). Ён, скажу вам цяпер, глядзеў на свет трохі так, быццам дзіця на карцінкі.

Пляткарскі фальклор нашага шматпавярховага дома пад шостым нумарам узбагаціў Музыку выслоўем: «Ах як для мяне добра жывецца!» — Выкрыкваў на ўсходах, па-п'янаму, у свае вялікія дні. Суседзі тады гаварылі: «Зноў далі гэтаму падлу, няйначай, медалю...»

У яго наглядалася і тая спешлівасць, якая, на неспрактыкава-ным чужым, пакідала ўражанне, што чалавек ён значнага фармату, але хілага здароўя і з жахлівай свядомасцю блізкае свае смерці, і з усяго толькі распачатым сваім патэнцыялам, пакуль жывы, а ўжо бачная страта для грамадскасці, і да таго падобнае. Успрымалася многімі — існуе ён не дзеля прыемнасці пабыць, колькі менавіта дапамагчы людзіскам чыніць ім; дабро або і нешта большае, такое патрэбнае ўсім, чаго ніхто, апроч яго, бадай і не здолеў бы. Нейкая майсееватасць выпраменьвала ад Музыкі, магчыма, таму, што ўдаўся ён — у чым мала хто скеміў — не каб натхнёным чалавеканенавіснікам, але (праўда: не болей чымсьці аматарам) халодным тэарэтыкам таго. Выбухаў: «Не рабі каму добра, дык не будзе табе кепска! Яшчэ не нарадзіўся такі, хто ўсім дагадзіў!»

Ён пагаджаўся і на пашыраную формулу: «Другога ад сябе не спазнаць дарэшты, нават пры пасрэдніцтве дружбы. Дзеля гэтага ёсць дасканалая метода: варагаванне. Павінна яно быць, аднак жа, канкрэтным. Вынік — ясна ж — адзін: спазнаўшы цябе, хачу быць як найдалей ад цябе!»

Столькі перадаў мне пра яго Музыкаў халуй, якому сёе-тое зрабілася відавочным, гэтаму пачціўцу з душанькаю заслужанага камердынера. Мы абодва вярталіся якраз з глыбіннае камандзіроўкі, як зазвычайна, пабалванелыя ад нецікавых справачкаў у новабагатым павеце, у адвячорак засмутлага лістападаўскага дня, у злігласць і снежную крупу. У прыдарожных садках месцамі пунсавелі каляднымі шарыкамі памерзлыя яблыкі-зімаўкі. З хутаркоў па-пад узлессямі ўжо выганялі на рунь жывіну, і вазамі валакліся з лесу гаспадары з дровамі. Над дахамі снавалі туманцамі дымы з каміноў, і як быццам ажно ў нашу легкавушку забіваўся пах гарачэзнае капусты з баранінаю (мяса націраюць часнаком і трымаюць у каменным гаршчку). Да ап'яняючае саладосці ў касцях хіліла на сон.

Няцяжка было ўявіць сабе Музыку ў такім краявідзе; мурлыкаючага, аніяк няздольнага да фінезійнае інтрыгі валюхача, у лепшым выпадку — падлыгатніка.

Музыка меў сям'ю, жонку і малых (двое, ці што?). Сям'я як сям'я, — яна была ў яго настолькі стандартная, што калі не стала самога Музыкі, удаве і не падумалася паважыцца ізноў выйсці замуж або завесці сабе хабеля, прынамсі, хахаля. Угарованая, усё ў такім свіным труху ад клапатнечы, Музычыха апусцілася ў бес-прасвецце з той сумотнаю самаперакананасцю, што лёс так ёй наканаваў доўгі век дажываць ды дзетак пагадаваць (не высоўваючыся за гэты біялагічны цыкл). Наткнуўшыся на яе, здаралася, недзе ля крамы, упаткаўшы ейны непрысутны зрок, — штосьці сцебане па патыліцы, пугне мяне прэчкі, вазьму ды нырну ў расскрыпелыя дзверы «Прадуктовага», так і не павітаўшыся з ёю, не памінаючы ўжо пра звычаёвую размоўку. Справа, можа, не ў тым, што сваіх бедаў па горла... Музыка, бачыце, аж да гідлівасці надакучваў нам збедненасцю, гэткім паскавытваннем замораніка пра безграшовіцу ды галадуху, якімсьці ўтойваннем, па-вясковаму хітруючым, не абы-якіх, урэшце, сваіх даходаў. Ён вось дрэнна пераносіў сітуацыі грамадска-карыснае працы, натугі, і дрыгацеў на самую здагадку, што не ўдасца яму на кімсьці зарабіць, прысмактацца. Разам з тым ён надта ж пільнаваўся таго, каб мець выгляд асобы, якая, адна сама, бачыць куды далей, чымсьці цэлая кагорта гатовых павесіцца за праўду ідэйнікаў, па сваёй сутнасці вартых жалю адэптаў чалавскалюбства, занадта павярхоўна абкпёнага маці-гісторыяй. Дзеля гэтага трэба было яму зважаць, каб не схібіць, хаця б у даробцы манераў, а перш-наперш у выпрацоўцы варшаўскае паходкі ды, увогуле, у матэрыі плебейскага пераймання арыстакратызму (што пераходзіць у гратэск важністасці). Формы атаясамліваў ён са зместам.

Тая хмурынка людскога мякіння, якім пыліў нябожчык Сымон Музыка, згодна закону прыпадабнення ахутала ў нашых вачах удаву па ім.

У апошні час перад сваім несур'ёзным адыходам у нябыт Музыка чагосьці страхацеў. Не кідалася гэта нікому ў вочы. Тым не менш, калі хто любіць ды ўмее назіраць за іншымі ад сябе, дык запрыкмячаў у ім дзіўную, даволі ненармальную ветлівасць, ці што? Не як бессвядомае рэагаванне. Зрэшты, сам ён так быў выказаўся: пабойваюся, ведаеце, тых, хто лепей ад мяне апрануты... Высветлілася, што яго спадцішка падточвала боязь перад фанабэрыяй іх, лепшых, той яе крайнасцю, у якой ужо магчыма пярэчыць усяму, у чым захочаш, і вярзці, што табе толькі ўздумаецца. Несумненна лакейская гэтая душа, рана ці позна не магла не праявіцца ў ім. ён — дзіцё бацькоў, сціпласць якіх ад пачатку да канца з'яўлялася фальшываю, паказною. Яны, на самай справе, пагарджалі ўсімі, і гэта пайшло, відаць, ад іх дзеда, што служыў гайдуком у двары пана (наймацней ганарыліся тым, што бабулю ўпадабаў сабе малады падпанак і пасыпаліся ад яе хлопчыкі, якіх ніхто ў вёсцы іначай і не называў як панятамі!).

Нашаму Сымону Музыку бывала неяк наўздзіў тое, што можна ж есці хлеб ды мець да хлеба, зусім не пацеючы ад работы (напрыклад, зрабіўшыся белакаўнерыкам за пісьмовым сталом). Адначасна трэба дадаць, што гэтае здзіўленне ў ім знаходзілася недзе пад скураю або ў вантробах, і сам ён наўрад ці дарэшты заў-важваў яго ў сабе. Яму страх не хацелася паглыбляцца ў сваё нутро, са своеасабліваю слушнасцю палічыўшы гэта гульнёю з дрэнным пахам.

Як жа ён падзяляў людзей? Рабіў гэта адпаведна адрозненню свайму — як каму прыходзіў да рук жывы грош. Хамуле — з мазаля, і столькі, што кот наплакаў, а дзяляцкаму — дзвярыма і вокнамі. Скажы мне, колькі іх у цябе, грашыскаў тых, а я табе адкажу, ці ты ўмееш жыць (або толькі гніць). Гутарка з Музыкам з'яўлялася дыялогам глухіх.

Ён, узвышана кажучы, не зразумеў шанцаў свайго пакалення. А можа, лепей будзе выкласці гэта паводле тэзісу: да ўсяго, дзеля ўсякае справы, дабра і зла, трэба спеласці. Цэлая тая жыццёвая перспектыва нашага часу выскачыла ж на яго, прызнацца, знянацку, і Музыка скалануўся быў ад таго, каб потым, бы кавалер пры гарачай дзеўцы, ушчаперыцца акурат не за самае важнае (бацьку раскулачылі). Хапацеў ён менавіта тое, што само ў лапы лезла яму, прытым лічачы гэта яшчэ і страшэнным шчасцем, і нават упалохаўшыся ад таго, каб такое багацце, падняўшы хвост, не драпанула да каго іншага. :

Ад гэткае няпэўнасці ў чалавеку ты не спадзявайся ў ім чагосьці павучальнага для сябе.Ён ужо поўх і крот, і адно глядзі, не вывіхні сабе нагу ўягонай ямцы якой. Будзь ты чуйны, — гаварылі мне сябры, — калі вось такі Музыка заявіцца з паўлітрам да цябе! Гэта значыцьме, што ў ім устаялася просьба, якую сам ён вынасіў у сабе, усё прыкідваючы наконт яе дарэчнасці камусьці. Ты, даслухаўшы яе ж, несумненна пашкадуеш таго, што ён застаў цябе ўдома. Яна, больш кажучы, выкліча ў табе адчуванне абражанасці.

Пагібель Сымона Музыкі, калі мякчэй сказаць, адбылася непрыкметна. I каб нехта хоць спытаў, прынамсі, вось пра тое: «Ну, як гэта з ім здарылася?..» У кожнага, хто сутыкнуўся з Музыкам, цяпер з'явілася, досыць нялюдская ў рэшце рэшт, нецярплівасць, каб забыцца аб тым, што, напрыклад, не далей як месяц назад жыла-была людзіна з сяброўскім прозвішчам, ага, Сымон Музыка... Не ў абгавор нябожчыку — нельга казаць, што ён уяўляў сабою нешта непаўторнае, але, усё-такі, існаваў на нейкім сваім гняздоўі.

Па высокай справядлівасці непадкупнага часу, забракуе яму месца ў людской памяці. Дык няхай жа па Сымоне Музыку застанецца хоць той сэнс перасцярогі, што не адным хлебам трэба жыць.


ВЫЕЗД ПА СПРАВЕ
У тую нядзелю, калі расквітнелі сады, упорань выбраўся я ехаць да брата. Самой язды тае аўтобусам да яго было трохі за пятнаццаць хвілін, да ягоных тых Любавак (з высокага канца якіх усё відаць: цэлую пасеку летніх домікаў, што ў бок ад помпавай станцыі гарадскога водаправода). Братаў дом — свяжуткая му-раванка, пакуль абгароджаная абы-як -— па-новабагатаму распанела ўскрай жытнёвага поля, што прасціралася да ельнікавага маладняку. З суседняга панадворку, аднекуль з-пад хілае хаты на ім, кінуўся сабачыска, праз брамку тамака, такі шарсцісты, ды ўеўся брахаць на мяне, чужога тут.

Брат сяк-так падвучыўшыся ў рэшце рэшт спекуляваць, лепей зарабляе на вырошчванні цяплічных памідораў, і я падлічыў, што ён дапаможа мне (у гэтую пару ўжо не павінен швэндацца па падбеластоцкіх прыватных будовах, на якіх яму, майстру гідраўлічных рамёстваў, хоць і напагатове таксама нямалая плата). Зрабіўшыся бойкім агароднікам, паказаў сябе зусім пэўным і сваім чалавекам.

— Каля тысячы расады, — сказаў мне пра сваё прадпрыемства. Я, а як жа, застаў яго перад паркім уваходам у цяпліцу. Яна нагадвала сабою не бачанага нават нашымі бацькамі, вялізнага цэпеліна.

— Заграбаеш грашыскі!

Ён, аднак, адказаў без радасці таго галяка, які ўдала ад'еўся і зажыў.

— А-а, гэта ты так думаеш... Робіш-робіш і чым болей прыдбаеш сабе, тым горла шырэйшае. Цёшча, ага, кажа: даўней было галей, але весялей, — ён нагнуўся і выцер далоні аб траву пад кульгавым плотам.

Я сказаў, бы ў патыліцу яму:

— Відацьме, у сытасць рэдка смяюцца, у дабрабыт...

— Хітрая штука, гэты добры быт: без яго адна бяда, а з ім другая! — ён хмурнеў. — Пойдзем дахаты, ага.— азірнуўся на тую цяпліцу, ці чаго не забыўся ў ёй. — То што: пойдзем, ну, пагаворым... На тое і дом.

Ён ступіў першым, цяжка. Адкінуў быў нагою — у гумовым боце — пакручаную бляху, усю паіржавелую, і яна шуснула ў дол, што збоч ад утаптанае сцежкі, завалены каменнем ды закрапівелы. Падворышча — як гэта ў тых, хто будуецца, — з аброслым зеллем, куп'ём навезенага пяску, усюды з вапневым натрусам, па-акопнаму раскіданы на ім дрот, разбэрсаны, і абрэзкі арматуры, ненатуральнымі вусенямі рыжэюць пагубленыя шрубы, вінцікі.

—- О, ты мне скажы, дзе б злодзея такога знайсці, ага, які прадаў бы добрае кола ад трактара, — загаварыў, гледзячы некуды ўдалеч. Ён адамкнуў дзверы.

— У цябе трактар? — забубніў мой голас, калі ўвайшлі мы ў калідорык з пустымі сценамі.

— Купляю, ага, ды запасовых частак не даюць; трэба ж дакрасці.

— Нашто табе ён?!

— Невялікі будзе, ага, якраз на загоны, — растлумачыў брат.

I мы чамусьці памаўчалі. «Ну і дзеля чаго яму трактар? — калацілася ўва мне. — Каня, во, мець, дык усюды ім даедзеш, як не возам, то вярхом, або хаця б палюбавацца быдляцінай... А машыну?!»

— Жонка з хлопцам у сваіх бацькоў, бульбу садзяць, — гаварыў ён, быццам папярэджваючы маё запытанне. У ягоным голасе я ўлавіў, што гэткая гаворка была б яму ў нечым прыкраю, нешта не ладзілася ў іх. Ад іхняга вяселля я ні разу не наведаўся і за столькі часу даволі падзабыў ейны выгляд, твар. Зрэшты, яе радзіна дакладна абыякавая мне, што вецер у падстрэшшы. — Дзесьці стаіць у мяне паўбутэлькі, — ён пашукаў у шкапчыку тае выпіўкі надарэмна. Бразгітаў пасудаю, а я з натугаю абдумваў, як выкласці, яму пра ўсё, з чым з'явіўся да яго. — Думаеш, ага, дастаяла яна... — Пакінь, кажу...

Без дай прычыны ўспомнілася, калі з эмігрантамі, з якімі я быў пасябраваўся, ішоў у гасціну ў адзін лонданскі дом: ніхто з нас не ведаў адрас як след. Цэлым гуртам убіліся ў нейкі завулак асабнякоў з мноствам сіямскіх катоў у аздобным заплоцці. Перанакіраваўшыся наўпрасты, пралазілі цераз уздырдыган нова-будоўлі, як гэта зазвычай, бязлюднае. Насустрач нам паўстаў тады мардаты мужчыніска ў дажджавым плашчы, няйначай, начны стораж, які з відавочнай злосцю паказваў кульбакаю на надпіс забароны пераходаў, але мае тыя сезонныя сябры паведамілі яму, што я і яны — беларусы, і — не паспеў я рагатнуць ад такое напышлівасці — ён адчапіўся ад нас. — Што, можа, ён сам з нашых? — націкавіўся я. — А халера яго ведае?! — адказалі яны мне. Усе мы, нічога не разумеючы ў тым, выбіліся па патрэбную «стрыт» ды — дзякаваць Богу! — пунктуальна пазванілі ў чакаючыя нас дзверы.

...Брат зморана сеў на канапу, транту з выпушчанымі, бы кішкі з жывата, спружынамі; са скрыгатам пазвоньвала пад ім. Ен хацеў сказаць, што ў яго няма чым участаваць мяне, і мне рабілася ад гэтага непрыемна, тым мацней, што я не чакаў таго, не з'явілася нават жадайне вады напіцца (пра што таксама трэба змоўчваць, каб той, у каго ты нечаканы госць, не адчуў сябе прыніжаным). Таму яшчэ і гэта аддаляла ад нас прадхмет сустрэчы.

Да вокан другога паверха, на якім мы знаходзіліся, высілася ўрослая груша, абсыпаўшыся квеценню так, што здавалася: вось выпаў перадкалядны бялюсенькі снег і мы абодва грэемся ля печкі, перакідваючыся дрымотным словам пра будзённае (як ісці ў дасвецце малаціць авёс у маразнечу)... На рэчцы Супраслі, у тым яе месцы, дзе паварочваецца яна на лугоўі Сцюдзянак, ёсць завадзь, на якой разлапушылася водная лілея. Уяўляючы сабе тое буйна-блакітнае закуцце з капіцамі лазнякоў, як бы пачынаю ўчувацца ў тых, хто з вудаю па-гультайску ходзіць на рыбы.

— Цесць нямала ўспамог мяне тысенцамі-тысячамі, ага, каля двухсот даў, — казаў брат, і я амаль не цяміў усяго таго ягонага, маючы ўваччу пясчанае плыткаводдзе пад тою страмізнаю (за яе гарбом — узарваны ў вайну сабор). — I гэта, ведаеш, засмактала мяне... Усё сваё жыццё будаваўся наш бацька, ага, цяперака і я! Ён не пабачыў свету, не пакаштаваў яго, і мяне тое ж чакае... Калі закончыцца гэтае ўгнезджванне?

— Не закончыцца, браток, — прачнуўся я з задумення. — Прынамсі, не пры пас.

— Чаму?

— Замест «чамукаць» ты лепей усвядоміў бы сам сабе, што колішняя курная хата — палац у параўнанні з буданам першабытнага чалавека! — я раптам адкрыў для сябе нешта простае, як праклён. — Панскі двор мы ўжо абагналі, го-го, ураджаямі і выгодамі, і машынамі. I па-польску размаўляем! Гэтак мы, наша пакаленне. А дзеці нашы? Заварожанасць панствам ім стане не столькі смешнаю, колькі наогул незразумелаю. Ім будзе: давай Еўропу, во, Парыж і Лондан. I твайму сыну гэтая твая мураванка з паверхамі ўбачыцца дакладна так, як табе наша бацькоўская хата, ведай.

— Але чаго ж яму больш захочацца?

— Адкуль мне ведаць? I сам ён не ў стане гэта прадбачыць, як я і ты чуць не чулі некалі пра тэлевізію, напрыклад, — люблю ж разважаць, асабліва калі не пярэчаць мне. — Бедныя раўняюць на багатых, а багатыя ўсё багацеюць, быццам той малы сабачка бяжыць за вялікім, адзін і другі хутчэй і хутчэй, ажно меншаму ўжо духу не хапае, языком зямлю ліжа... Чым багацце аслепіць нашых дзяцей і ўнукаў? Заўваж — мы ўсё парабкуем, і аптымістычнае тут адно: на штораз лепшых умовах...

Я перапаўтарыў брату на розныя лады выказанае, урэшце, заблытваючыся. Ён плюскаў вачыма, як бы па-хітрунску прыхаваўшы ад мяне найважнае.

— То ж але, — дакінуў ён сваё. — Стрымгалоў паперлі б срачы апаражняць за даляры... Найзручней так: рукі — у Амерыцы, а зад — у Польшчы, ага.

Засмяяліся, трохі як прайдзісветы, якім знячэйна даказана агіднае ў іх паводзінах. Можа быць, каб адагнаць непрыемнае абодвум нам, і перш за ўсё для мяне, ён паўсеў на цесця. — ...I з мяне будзе калісьці стары. Не дай Бог, каб гэткі на ўсенькія розумы надакучлівец! Яму, ага, нічагуткі не ўтлумачыш. Ён мусіць лепш ведаць за цябе. Слухацьме тады, калі хваліш яго. Не чытае нават газетаў, яму прароцтва якоесьці ў галаве, даўняе...

Часам падумаю: зашмат наадбывалася на тым яго вяку, столькі ж назмянялася ўсяго, занадта шпарка падганяе нас час, ледзь ногі ўжо валачэм, для мяне, маладога, і то ажно ў мазгах гайдаецца ад аднаго толькі цяперашняга, і таму ці не ў бапцісты якія запісацца, каб з глузду не з'ехаць...

Брат, усё роўна што забаяўшыся сказанага ім самім, з робленай паспешлівасцю абмацаў свас кішэні. вымаючы папяросы, запалкі.

«Як жа ўспрыме ён справу, з якой я тут да яго?» — і я ўважлівей услухоўваўся ў гаворанае ім. Сапраўды: простаму хочацца быць пад уладаю, што, папраўдзе, і не дзіўна; самы ж быт і ёсць парадак перш-наперш. Чым цяжэй каму даецца хлеб надзённы, тым пранізлівей у гэткага туга па адназначнасці — каб сысці з ростаняў на адну дарогу, часамі без розніцы, на якую. Магчыма, і неабавязковаю ёсць нашым такая бядотнасць... Пад старасць кожнаму жадаецца таго ж. Або ў працяглую змору жыццём, пасля доўгага — пераважна няўдалага — змагання за галоўнае.

— Ну, што ў цябе? — ён пыхкаў сінявым дымком, неяк заўзята назіраючы на сцяну. Прадчуўшы, што паспяшаўся з такім запытам да мяне, дадаў, бы ў працяг закінутае думкі: — Вазьмі ды папрасі ў каго парады якое, дык зараз жа і пачуеш у адказ, ага, або ўздогад свой, што няўмека з цябе, калі не тупаморды дурань... Чаму вось так у нас? Я лічу, што ўвесь гэты наш дабрабыт, ага, пакуль слепаваты і смаркацкі! Учыняем мы сабе Амерыку на свой крывы капыл...

— Бо я мужык, дурны мужык! — прадэкламаваў я з хрэстаматыйнага верша, чаго ён, на шчасце, недачуў. Блага з маімі нервамі.

Я ўражана аціх, падумваючы, зрэшты, і пра такое, што ён, мабыць, нечага начытаўся, разлёгшыся пад чарнасліўем на загуменні ў свята... Поспехі будучых пакаленняў — гэта махлярства добрасумленных? Кожнаму наступнаму — старыя чамусьці вельмі вераць у маладых, адначасна перашкаджаючы ім, — наканаваны ўсяго новы ўчастак таго ж шляху, і не бывае чалавека, які, няхай пад свой канец, не апыніцца ў стане пачуццяў гэтакім, бы той, каго схапілі за горла або абдурылі самым паганым чынам! Дзеля гэтага і трэба трываць у — дакладней не названым — настроі гатоўнасці. ўспрыняць нядобрае?.. Няшчасны найчасцей той з нас, хто паспадзяваўся на большае (на бяздонне ж віры зано-сяць)

«Падабраліся мы, як тыя вароны ў дождж, — па-смяяўся я з сябе і з яго. — I яму свет клінам сыходзіцца! Я не дамоўлюся з ім...»

— Ведаеш, слухай, той жылы сабе падрэзаў, — сказаў я пра юрыста; брат меркаваў згадзіць яго, каб пазбыцца гародняга падатку.

— Чорт пана не браў!

— Духоцце халернае... — тыльным бокам далоні правёў па ўмакрэлым ілбе. — Выйдзем на падворак, га?

Яму даўно трэба было ў Засценкі, заказаць там шафу — у перадпакой, і другую, у спальню. I ён запусціў матор у ламачыне сваім, «Трабанце» з адарванымі дзверцамі, заднімі.

— Сталярыху пакажу табе: гляне на цябе, дык адразу засукочаш нагамі, га-га-гэ-гэ... Дзе і падчапіў яе гэты грыб, ага, такую чаляднічку сабе ў пасцель, — гаварыў, усё роўна што самому сабе, з зайздрасцю або дакорам, нечага лазячы з кулачыстым французскім ключом пад машыну. — Парахно і падла, а скупы!.. ён, можа, і чуў ты, пашкадаваў грошай на майстроў, сам узяўся мураваць сабе дом, да столі давёў, ага, калі сцяніскі раптам паваліліся, і то ўсярэдзіну, дзе яго першая баба якраз боўтала свежы раствор... Не было чаго і збіраць ад яе ў труну, толькі чэрап і ногі ў чаравіках!

Калі брат дагаворваў мне пра гэта, даязджалі мы да драўлянага моста на Супраслі над Навадворцамі. Зарагаталі, неяк пабрэхваючы: рга-рга-рга... Певень, пер'істы ды набрынялы чырванню, узляцеў з-пад колаў машыны на плот проста арлом, столькі грукату разлягалася па брукаванай вуліцы ад братавай тае легкавушкі:

— Куры перастануць несціся, — пажартаваў я.

— I дзяўчынятам прысняцца кавалеры, — адказаў ён, цалкам павесялеўшы: I паўтарылі брэх, бы на вясельнай п'янцы, якой танцаваць па модзе не нам ужо, але для беларускага спявання таксама замала адвагі, дык усядаемся ў свае аўтамашыны ды па ўзору падгледжаных у амерыканскіх кінафільмах рэйдэраў ганяемся «пад сафары» (абачліва спаіўшы міліцыянта). Вуліца моцна загібалася, і, пакуль брат націснуў на тармазы, агледзеўся я ў нечых варотах, праўда, і без нас разваленых.

— Не першыня... Не трапячыся. бы голы ў крапіве, — супакоіў мяне, калі я ў паніцы выкрыкваў яму, не зводзячы вачэй з гаспадара, які насіў віламі салому ў хлеў. — Глухі ён, ага, не чуе, то і не бачыць. Я яго ведаю.

Да столяра, аказалася, каваліска дарогі. «Трабант» порстка праставаў утравелымі дарожкамі, і, калі брат паказаў для мяне праз шыбіну на кастражу якойсьці новасядзібы, кажучы, што яна таго ж старога бугаіны менавіта, змарозіў мяне відавок лішняга ўсяго тут, накшталт буралому, які быццам дрэйфуе на хвалях па-майску ўспенепага ды бясконцага ў той бок саду паблізу берагоўя багнавецкіх лясоў. На пад'ездзе туды супыніў нас рыклівы спеў. У расхлябешчаных дзвярынах было відаць, што ў хаце бязбожна балююць. І брат, доўга не думаючы, выкіраваў машыну назад, пакідаючы глыбокія каляіны на аўсянай руні, што зыбуном сягала ўпрытык да абочыны.

— Дзед пайшоў у водмаладзь, — выскаліўся ён. — Боўт!

Неслася адтуль:

— Кум за сталом, я за сталом, сядзімо, сядзімо!.. Гарэліцу п'ём, гарэліцу п'ём! Кум за кіраўніцаю, а я збоку, едзямо, едзямо!.. Я на шасе, кум у адкосе, ляжымо, ляжымо!.. Я ў бальніцы, а кум у трупяніцы, будзямо, будзямо!..

Па кузаве шмарганула галлём, мы ўязджалі ва ўзлесак, які ападаў у нізок; наперадзе мігацела. дрыгвяністая азярына з пеўневымі хвастамі аеру.

— Пакурым, ага, — сказаў, стопарыўшы ўгрэтую машыну. Цень давала сасна, кучмастая крывуля. Мы паразлягаліся ў прохаладзі пад ёю, на ўдзірванелай паласе, пазіраючы ў блакіт вышыняў, адкуль праменіла супакоенасцю. — Драпанулі, ага, як ад банды якое... Слухай, не сушыць часамі і табе галавы: чаму гэта нашым людзям жывецца, бы на каменнях? Ты не прыкмеціў таго? Нібы і добра ім цяперака, ага, і нават вельмі; мураванкі во ставяць, ага, займаюцца прыбытковымі інтарэсамі яны, і гордымі, бач, як быццам парабіліся ўрэшце, аднак жа.. Ведаеш, ага, усенька тое ў іх неяк з прарэзлівым скрыпам выадбываецца. усё з той жа — ад бацькоў сваіх — запацеласцю, з тым самым выцягваннем жылаў з сябе, гаротнасцю, Рэвйлюцыі прайшлі, ага, паночку, войны нашумелі, свет да непазнанкі іншым настаў, а наш мужык ад гэтага не вырас, не, калі не лічыць, што патлусцеў ён пад пана... Дзеці і яго не ўшануюць гэтак жа, як ён не паважаў, ага, высілку ўласных бацькі і маткі, ну не?

Брат раздумваў аб тым, да чаго ў мяне ўжо не знаходзілася ахвоты прыглядацца (хіба ж навучана нас што-кольвек паважаць, акрамя грошай?). Калісьці я з запалам выкладваў яму слова ў слова тое ж, тады гэта не даходзіла да яго. Нечакана для мяне ён заеўся капаць усю тую ганебную праблемію, як нешта сваё, і што ўсцешвала мяне і злавала ўперамен, наклікаючы на маё адчуванне стомы такую казытку, ад якое бегала па твары нервовая ўсмешка. «Думаеш ды гаворыш сам пра нешта датуль, пакуль сутнасць таго не глынеш да апошняе крышынкі. Потым, пасля, як тая адрыжка, яно толькі затуманьвае свядомасць... Здараецца — у будучым здзівішся тым жа самым ізноў, хоць напэўна іначай паглыблены сталасцю», — пралятала праз маю галаву, калі наскочыла на нас нечае выкрыкванне, ну так, у тэлефон:

— Га-лё! А-алё!.. Здрастуй! Здрастуй жа, цётачка даражэнь-кая! Што чуваць у вас? Вот харашо...

Брат пераваліўся на жывот, прыўзняўся на руках, чуйна ўставіўшыся некуды. Мяне душыў смех ад ягонага выгляду — нагадваў ён мне паршука ў лужы, якога патрывожылі. Мы выгледзелі, між рэдкага сасонніку, што воддаль яснеючы асабняк з прыстойнаю агароджаю, газон і кветкі, ахайны садок. У расчыненым наросхліст ваконцы мансарды, збоч балконіка з відочным на ім столікам ды парай плеценых крэсельцаў, круцілася дзяўчына ў купальным касцюме філіграннага колеру (валошка-вага?), бачна маладзіца. Яна паварочвалася да таго голасу і пацяшалася з яго, сыплючы іскаркі прырагатку. — I не боязна ёй тут, на бязлюддзі?

— Хацеў бы нябось з такою паначаваць, га? — маргнуў да мяне брат.

— Пэўна, у Гродна звоніць, — я гэтак яму. Я вырашыў сказаць, з чым вось прыехаў да яго. — Слухай, хату па бацьках трэба затрымаць у нашых руках, і будынкі...

— А-яй-яй, якія грудкі ў яе ды заднічка! — Паддаваў ён сабе жару, добра чуючы, пра што я гэта яму. На яго шчокі выплывалі ледзь прыкметныя белыя плямы, і я ведаў, што зараз у ім адбудзецца. — Хату табе, ага, хату... — устаў з зямлі, як пасля ўдару кулаком у яго, і накіраваў на мяне свой раз'ятраны зрок. — У мяне свая ёсць, а ў ёй да самай магілы работы мне! Ці ты ведаеш, што гэта значыць у нашым краі будавацца? Паўжыцця пойдзе на тое! Так і злічвай, ага: што ні мураванка — капец мужчыне, вітанні дзядулі! Глянь, што з мяне засталося... А я ж маладзейшы за цябе на гадоў дзесяць і павінен яшчэ...

— Чаго ты крычыш?! — I ён ураз апусціў вушы: стары завяшчаў жа ўсё яму, бо я і так абсталяваўся на казённым лёгкахлеб'і.

Брату, відавочна, і надалей няўцям тое, чаго недаслухаў быў ад нябожчыка, — што: можна мець і са свае працы дом, як шклянку, і легкавушку, і разам з гэтым ні трохі не жыць. Мы ж, здаецца, дабіваемся ўмоваў сабе як бы па-другагодніцку, не ўмеючы пакарыстацца тымі, якія засталі, зрэшты, і не разумеючы іх. Чаму з намі так? Ад найміцкага інстынкту ганьбы гнязда? Строгі вецер веку пудзіць нас гэтак ды падводзіць.

— Ты ж паглянь: птушак, і тых ёсць болей у горадзе, цяплей у ім і ежы папоўніцы на сметніках, ага, колькі асушкаў хлеба ды ўсякае ўсячыны! — Абрыд мне ён, гэты мой брат.

Запахацела дзікім лубінам. Паазіраўшыся —прыйшла да мяне нейкая ўпэўненасць у тым, што трэба спадзявацца на вялікае лета. «Вось каб агароджу такую сучасную вакол, бацькоўскага жытла паставіць, жалезную і на падмурку з камянёў, і абсталяваць санітарыят з ванным пакоем, і цэнтральнае абаграванне з чыгуннымі батарэямі, і веранду пабудаваць, а агарод з садам — на англійскі манер... Ён жа, хоць і брат для мяне, не падможа». Смутак насеў на грудзі, і рабілася нават няёмка мне таму, што надумаў я яму надакучваць нечым далёкім, у рэшце рэшт, паўзабытым і, відаць, прыкрым, спрабаваўшы прымножыць абавязкаў у разгар ягонага клапоцця. Я і сам не надта рады гэтай бацькаўшчыне, усё мазоліла мяне, што нельга ж пакінуць яе на пустапаш, але не пакінуць яшчэ цяжэй. Прытым не мог я раскусіць існасці ўцёкаў людзей ад кроўнае зямлі, нягледзячы на яснае сваёй разумнасцю тлумачэнне гэтае з'явы. Душа бунтава-лася, не прымала аргументоўкі. «Гарады нам — гэта фабрыка паляпшэння долі.. »

Сцішнаватасць халодзіць нутро, калі ўявіць тую незлічонасць пакаленняў, што ад самае бяспамятнае даўніны прагаравалі на тых васьмушках ды чацвяртушках палёў, на якіх і кумячка нямаш, каб не быў перасыпаны вузлаватымі ад працы пальцамі, у цэлых ваколлях ды абшарах, зарастаючых цяпер выпадковымі маладнякамі, пералескамі. Сэрца сохне і цвярдзее, калі ўдумацца, што чалавечнасць у чалавеку залежыць усё-такі ад... жывата. У існаванні, аднак, грубы сэнс, быццам гвалт — сутнасць ягонага працягу. Уражлівасць ды прыгажосць немагчымыя без хлеба? Як не чуваць пра народы бедныя, але культурныя.

Ні стуль ні ссюль, самому сабе да ўздзіву раптоўна раз'юшыўся я з болем і з дрыжыкамі. I толькі цудам устаяў, не грымнуўся вобземлю. З маіх вуснаў паляцелі фразы, за якія брат — зусім справядліва — мог бы даць мне ў зубы.

— Я бачу, абражае цябе мой клопат пра бацькаўшчыну?! — закіпеў я. — Кажуць: пакажы родзіча свайго, а мы скажам, хто ты сам ёсць! Ты ахвотней байструком хацеў бы быць?.. Цябе найагідная лаянка не апякае так, як беларуская мова!.. Не вырачвайся, калі ласка, на мяне!.. Халоп ты!.. Падонак эпохі!.. Адукаванец, якому здаецца, што і тэлефон згарыць ад нашага слова роднага!.. Забабоннік, якому ўсякае зло жыццёвае толькі ад беларушчыны можа быць... Думаеш, напраўду вылез ты з хлявоў на паркеты?!. Сынок твой саромеецца цябе, бо ты яму чарнамазнік, але табе гэта падабаецца, бацьку князя як быццам будучага, ідыёт!.. I жонка твая, як і ты!.. Абое рабое! Парабкі, што не могуць жыць без пана, дык дзетак сваіх панкамі гадуюць, цемната вучоная, але нявыхаваная!.. Бядота халерная пры грашах, але без душы!..

Брат энергічна сеў у машыну і ад'ехаў.

Я вынлёўваў з сябе ўсенька і безразумна плакаў на ўвесь свет.

Давалокся да прыгарадка, калі ўжо сцямнела.

У гарадскім аўтобусе я напружана супакоіўся; у пераходзе бушавалі маладзікі, па якіх адразу было відаць, што яны за падобнае сама меней адзін раз забілі б мяне...


У АДНЫМ НЯСКОНЧАНЫМ АСАБНЯКУ
— Найагідней мне паш уласны хам, бо ён хам з хамаў! — збалбатнуў Алекс, ды яны наогул не зразумелі яго. ён зашапацеў пачкам папяросаў «Вега», ненатуральна прагна закурыў. — Ну што ён, такі, дзецям сваім пакіне, боўт, апроч грашыскаў тых або і мураванкі!.. Чуеце?

Бугаіна ж са Слепаком, — а кажы ты сабе, што хочаш! — выпілі, аблізваючыся, яшчэ па шклянцы жытнёўкі, купленай за долар.

— Та-ак, — сказаў сваё Бугаіна і, разваліста, устаў ад стала, збітага з аполкаў, каб пахадзіць: другі месяц будзе, як ён не курыў. Ен вышуквае гідраўлікаў тым, хто будуецца пад Жарабцовай Гарою; дакладней, не хваліцца гэтым сваім прыбытковым пасрэднічаннем. Калі ж гаварыць пра Слепака, то карысці сабе ён дабіваецца на плантацыі чорных парэчак, пра якую ніхто толкам нічога не ведае. Робіць яму на ёй — некалі сам жа выгаварыўся — дзядзька, якога забраў да сябе з бальніцы для псіхічнахворых, што ў Харошчы.

I Сляпак падаў голас:

— Угу-у...

Яны з'ехаліся да Алекса ў гэтую яго незакончаную вілу. Да кожнага з іх знайшлася ў яго неблагая справа. Бугаіна здагадваўся ў сваім, а Сляпак круціўся на зэдліку ад прыгневу па Алекса за тое ўсё-такі, што ў яго надалей не выходзіць «прасіць у сакрэт» так, каб без сведкі. (Чаго добрага, возьмецца гутарыць зараз наконт пазыкі яму!) «Пра якую гэта ты мне пазыку?» — вышчарыцца ён у адказ Алексу, косячыся на Бугаіну. Яму, якому нераўня нават разам узятыя Бугаіна са Слепаком, пану такому, што любіць быць з тугім кашальком у кішэні. Зварыць яму галава: «Я вас, хлопцы, запрасіў да сябе, паслухайце, каб пачаставаць адмысловай жытухаю экспартовай. Вы ў мяне вартыя таго... Дык прахліснем!» I яны насцябаюцца яе, неяк без радасці: Алекс, вядома, так сабе скажа тое, дзеля прыліку. Шчыраваць жа з імі мог бы на яго месцы хіба што цалкам балванец.

— Бывала, Алекс, бывала, — неўпапад загаварыў Бугаіна, акурат як той, каго чакае прыемнае, і яму ўсё роўна пра што азвацца.

Сляпак жаваў вэнджаную рыбіну, нешта ўвесь стуліўшыся ды паплёўваючы асцюкамі на засмечаную падлогу. Ягоная часіна пакуль не настала, ён зойдзе да Алекса потым — заўтра ці бо з нядзелі.

Алекс зламаў у попельніцы (з перакуленай кафлі) папяросіну і вяла ды моўчкі прыкурыў ад яе другую.

— Груманіны тае будзе ў мяне тутака, слухай, на тыдзень які, — угледзеўся ён у Бугаіну.

— Та-ак...

— Твайму паўбандыту гэтаму няхай не здаеца часам, што я азалачу яго і за абы халтуру: долары ў мяне не для хамутоў!

— Ясна-а...

— I хачу бачыць яго ў мяне па рабоце цвярозым ды штодзень! Вось так, чуеш?

— Ну, будзе... Гэты дурань усё ўмее, што трэба.

— А форсу ён, скажы, ужо капічыць ці адно толькі хочацца яму таго? — крыва заўсміхаўся Алскс. «Прымітыў заўсёды свету за грашыма пе бачыць».

— Чаму гэта ты так? — Бугаіна зноў захадзіў, а Сляпак наставіў вушы.

Алекс шпурнуў недакураную «Вегу» ў заваконне.

«Там жа стружак поўна, возьме і пажару начаўпе,— спачатку падумалася Слепаку. — От, няхай жа згарыць, сабака!»

— Я пайшоў, — катэгарычна буркнуў ён Алексу.

— Пачакай жа, гавару, — Алекс востра зірнуў на яго і дакончыў Бугаіне: — Ты мяне ведаеш, за цану з чарнамазнікамі я ніколі не таргуюся. Аднак жа не дарую, калі хто з іх, слухай, не ўшануе мяне...

— Ну, годзе: прыйдзе ён і ўсенька паробіць табе. Памочніка ж мае сабе, Алекс.

— Каб словы твае, Бугаіна, у праўду змяніліся.

— У панядзелак, значыць, зрання і начэквай іх.

— Бугаіна, у вас, халопаў, столькі і думкі тае, каб як і каго абхітрыць.

— Няма прычыны ў цябе, Алекс, вёску абражаць.

— А я не пра яе, Бугаіна. Я пра халопаў, вось. Яны ж слухай, у горадзе! На хлеб служкаў ды цванікаў пазляталіся.

— Ат, гаворыш... Кожны жыве, як рады дасць.

— Каб жа давалі, Бугаіна. — Пачырванеў Алекс. Ён брыняў якойсьці мутнай злосцю не то на іх, не то на сябе, на нешта даўняе, аднак жа застрэмленае і ў ім жа. Можна сказаць: на іхнюю падатлівасць, нейкую такую лішнюю ў Бугаіны і Слепака, якім чамусьці і імёны свае былі няважныя, абыякава забывалі іх або, звычайна, існаівалі яны ў безыменнасці. Ці з такімі магчымае сур'ёзнае што-лень? — Слухай, ты: глянь на дзіцяткі-неўдалоткі тых, ад маленства ж заражаных комплексам хама на паркетах! Усе, да апошняга, без адчування сваёй Малой Айчыны; сіроцтва ў іх душах, бацькоў хавацьмуць ціха і спехам.

Сляпак сапацеў, быццам хочучы агрызнуцца: «А нагаварыся ты сабе!..»

Бугаіна, як гэта ў гутарнечу, якая заходзіла далей ягоных заробкаў, браўся пазяхаць ад нядосыпу. Выйшаў ён, урэшце, ад Алекса з зусім не прадчувальным неспакоем і, бы на бяду якую, адразу напатраціў часу на пэцканіну ў маторы сваёй легкавушкі, што, не ўпершыню ж, заглох. Каб не выбег быў за ім Сляпак з няпрошанай дапамогаю усё лепей ведаючага, дык і не выбрантаўся б.

— Індуктара, угу-у, даканаў ты. Унукам на цацкі аддай яго, дапхнуўшыся дахаты, — пакепіў з яго Сляпак на развітанне.

Бугаіну заткнула ад здагадкі, што ў Алекса ёсць большая справа да Слепака, мяркуючы па гэтым раптоўным гумары ў яго. I ён не падзякаваў яму за падмогу, аб чым успомніў ажно пад светафорамі на скрыжаванні. «Я ж поўзаў жыватом па асфальце тут, з тратуару Выгодаўскай вываліўшыся тады, у спякотнасць тую памятную, з імянінаў так у Алекса, відаць, сэрца замоцна паганяўшы. Дапаў я да дабра гэтак у яго, як галадранец які, саланіну гатаваную лыжкай чэрпаючы сабе, кілбасу шынкай закусваючы і перагонам запіваючы. Божа, як жа ж матчына зямля, калі на яе немач ліхая накоціць цябе! — круціўся Бугаіна. — У чым жа гэта я не даспадобы Алексу? Чаму ён усё так і так да мяне, быццам да бабы, выхапленай з чужых абдымкаў?! Адвеку ж у людзей не іначай: мала напрацавацца, затое шмат узяць! Майстра ў нас платай слаўны, а не працаю за яе...» — I на тым ён скончыў, усвядоміўшы сабе, што сядзіць жа за рулём машыны сам ды на салідным падпітку. Кожны такі раз цягнула яго, тройчы ўдаўца, да тае лындастай Польці, патаемніцы ў завулку П'яны Вугал.

Алекс тым часам абрабляў Слепака, які няхутка загаварыў у лад. «Не можа таго быць, каб я ў яго пазыкі не вытузнуў, — цішэў Алекс ад заядласці, даючы Слепаку выжаліцца на безграшоўе. — ён жа яшчэ з тых, хто памятае смак кіслага беларускага хлеба ды поснага боршчыку; не рашыцца на непатрэбнасць сваю ў мяне. ёсць у мяне і бізунец на яго, і ён ведае пра тое, і нават які менавіта. Грошы ў зубах мне прынясе!»

Алексу не шанцавала ў інтарэсах, пакуль ён лічыўся з тымі, што прыходзілі да яго. Падводзілі яны Алекса пад дурнога хату, зусім не па злой волі найчасцей, як пасля высвятлялася. «Сумленныя сёняя малапрыдатныя!» — казаў ён сабе.

— Сляпак, паслухай, я не зычу табе, каб ты з постам еў. Аднак калі мяне не ўспамагацьмеш, дык я цябе...

— У сераду, Алекс, я буду з грашыма ў цябе.

— Ты, Сляпак, не гарачыся. Хто ведае, ці не лепш табе было б без мяне?

— Хто шчыра дае, Алекс, той удвая дае.

— Ты, бачу, сёе-тое зразумеў у сваім, жучыным, перыферый-ным жыцці...

— Дай божа, Алекс, мне твой розум.

— Калі пачне даваць яго табе, Сляпак, то ты мігам бяры!

— Я не жартую, Алекс.

— А ці ты, Сляпак, калі жартаваў? Да жартаў адно некаторыя дарастаюць...

«Дзічэю! Ажаніцца б? У гэтай маёй будове канца так і не відаць! — скурчыла Алекса. — Усё рыхтуюся жыць, а калі жыць жа? Толькі, каб не ўтрэскацца ў якую смяцюшку з паняццямі зацюканай служанкі. Дамачку ж новабагатую займець у пасцель. Але ці даходаў тых маіх потым хопіць? Ну і гэты мой кульцік Беларусі тады бокам вылазіцьме...»

Алекс неяк сцішнавата парагатаў пад маўчанне Слепака і затым — чаго не здаралася з ім датэтуль — праводзіў яго да брамкі на вуліцу. У новенькім тут падплоцці дыхцела пахамі ў перадвячэрнюю гарачыню маладое чорнапарэчча ды па-вясковаму хілілася ўчырванелая півоня.


У МЯСТЭЧКУ
У мястэчку жывуць ад снедання да абеду, потым хутчэй да вячэры (каб паспець да тэлевізара).

У руінах, што за гумнамі, абсталявалі ферму курэй; а малады Кінчыбайла, званы таксама Бамбізаю, даставіў там хлевіска сабе для сярэбраных лісоў. У паркі канец вясны кавалерка водзіць туды разбэшчаных маладзіц, у зараслі чорнага бэзу паміж недаваленымі сценамі з каменёўя ды з доўгай, сярэдневяковай, цагліны. У поўню палохае тут Белая Пані: яна з'яўляецца на — аброслай бярозкамі — вежышчы, якую разбірае дзеля фундаменту пад свой другі дом Кінчыбайла (сыну ставіць).

Не адзін толькі яго род пабагацеў калісьці на шныранні ў мурах, вывезеных немцамі жыдоўскіх купцоў і фабрыкантаў. Стары ж Кінчыбайла, больш вядомы як Бамбіза, так і паклаў тады галавою, уцякаючы ноччу перад жандарамі ў завулкі гета. Ён спёр быў насценны гадзіннік, які — як на тую бяду — пачаў званіць у мяшку за плячыма... А ў другі фронт, калі снарадам пабіла гусей на падворышчы плябаніі і міна разарвала чыйгосьці кормніка, што вылез паваляцца ў балоце на скрыжаванні, — меншы Бамбізік, які зусім удаўся ў бацьку, паквапіўся акурат на пярсцёнкі нябожчыка пана ў двары, днямі пахаванага ў маянтковай магільні. I падпаў ён пад кулю нямецкага снайпера, што засеў на званіцы, адкуль цікаваў за савецкімі разведчыкамі. Большы з іх выжыў, вызвалення прычакаўшы ў малінах. Ён млеў у гэтай пахотнай гушчавіне не столькі ад выбўхаў за платамі і на вуліцы, і ад пасвістваючых ад іх асколкаў, колькі ад натугі, каб не чыхнуць хоць... Пад яблыню за разораю прыбіліся бандытаватыя ўласаўцы, выглядаючы штораз з высокай травы, бы гусакі з зялёнага аўса; мацюгаліся яны і заядла матлашылі якуюсьці бабу, якая то плакала, то заходзілася ад рогату.

Усе тыя здабыткі Бамбізаў панеслі сабакі пад хвастом, калі пры новай уладзе хто не быў дурань паказваў сябе бедняком. Найразумней, аднак, зрабілі тыя, хто — на нішто не спадзеючыся — пыльнуў у апусцелы за акупацыю вялікі горад. Гаварылі пра іх, што пасталі яны на работу і бяруць грошы.

Мястэчка гібела, але — чорт яго не браў! — аніяк не прападала. Цяпер жа ажывае: каля навюткіх хлявоў адгрукаў сёй-той пекную хату з ганкам і верандаю, або нават і свежую мураванку. Унукі гэта будуюцца ўбудоўваюцца, зарабляючы без канца і меры на чым толькі здумаўшы, абы каб хутка і многа. Іхнія кумпястыя жонкі сыплюць дзецярнёю, што і вырашае будучыню. Ды і вясковых «бежанцаў» несціхана прыбывае ў ім.


ЭПІЗОДЫ ФРОНТУ
Бацька клыпаў ад гумна, несучы акалоты на подсціл у хляве. калі з Кабыліх горкаў пачала біць артылерыя. Снарады праляталі над галавою, адзін то мала шапку яму не сарваў, чапіўшы за казырок... Упаў і разарваўся, але бацька пляснуў першы (асколкі заселі ў саломе, працяўшы перавясла).

Бачыў гэта сябра, як на тое разглядаючыся з бульбяніка. Яму нешта жыхнула перад вачыма так, што сам ён не памятаў, як зашыўся ў склеп, за кадушку з квашанай капустаю. А яго жонка, якая мацней вайны баялася быць пахаванай жывою, выперлася на самюткую вуліцу, дзе і закілзалі яе маладыя ўкраінцы. Яны завялі гэтую маладзіцу ў равы, што за Дзевічым лугам, каб скубці ім там ды пячы настраляных курэй (ёй не было блага з імі праз усю ноч, і цішэй).

Назаўтра ўжо добра займалася на дзень, як засакатаў кулямёт, відаць, у крушнях каля Кашэчай горкі. Гэтак жа і перастаў. Тады ўзяў і закукарэкаў наш ашалелы певень (калі хадзілі на падворышчы тыя казакі, то я бачыў яго стоеным у крапіве за калодкамі). Бацька пайшоў да студні жывіну паіць і папаўсяякомусь немцу. Каб адчапіцца ад яго, мусіў купіць ён сапёрскую сякерку, даючы яму за яе бохан хлеба, кавалак сала, бутэльку першаку. «Уласаў прадаў Расею, а я хоць тапор!» — казаў па-руску бацьку.

Саветы наступалі на Галяковую даліну. Немцы ж акапаліся ў Барсуковым хвайнячку, але і тамака была ім недастойка. Пад полудзень прыгналіся адтуль траіх на матацыкле, падпальваць хаты і будынкі, бо адступаць будуць. Сябар — на ўсё маючы спосаб — вышныпарыў у казённай мураванцы партрэт Гітлера. Засланяючыся фюрэрам, бы іконаю, бараніў гэтым гергачам усяго, да чаго яны падыходзілі. Рагочучы, ажно адгінаючыся, ляпамі ў неба, і з аўтаматамі на жыватах, — паласнулі запальнымі кулямі па страсе хлеўчыка. У ім нездаволена загудзеў кормнік. Гэта і выратавала ўсіх нас тут ад бяды, затое сябар бацькі набраўся яе, бы вужоў на балоце! Нямчугі ўпадабалі свінню, а ён, дурыла, трухаючы з тым партрэціскам за ёю, не даваў ім яе, выкрыкваючы «хай Гітляр!». Як піць даць укладавілі б яны яго, калі б не наляцеў «істрабіцель»; закруціўшыся над Дзевічым лугам, ізноў павярнуў на пажарык.

Маці мая загаддзёў уцякла да свайго брата ў засценку, і таму бацька не надта хаваўся. Засадзіўшы мяне ў яму, у якую ссыпалі мы буракі карове на зіму, сам ён кудысьці падаўся. З'явіўся назад задыханы. Шмыгнуў да мяне, мармычучы: «Ціха, ціха». Паблізу затупалі і неяк заіржалі, быццам жарэбчыкі на Доўгім выгане ў імглу, гарластыя немцы. Яны былі заляглі адстрэльвацца ў вішняку з вуллямі, іх пеканулі пчолы, што якраз раіліся (з савецкага мінамёта таксама агрэлі, аж мёдам апырскалі іх). Іхны обэр, — смяяліся пасля людзі, як прыйшлі салдаты, — да таго ж апух і лоб яму разнесла, што каскі здзерці не мог, пакуль самая не трэснула на ім... Напакідалі патронаў, паўпудовымі ўсё скрыначкамі, як па бязмене паказвала, а сябру пашанцавала калодка картаў з голымі нямкінямі на адваротках (нікому не прызнаўся; жонка намацала іх у кажусе, шукаючы ключоў ад свірна).

Хліснуў пярэпалаху і я. Фронт стаяў і стаяў, бахаючы ў агародах і ў полі, а мяне ціснуў той мус у прыбіральню, даволі далёкую, — каб яна згарэла! — у купе чорнага бэзу ў закуцці. Бацька, паваяваўшы ў свае гады, набыў практыкі і ў гэтым, аднак, я пасаромеўся яго, мог яшчэ трываць... Выбухі, раз-пораз, прыпыніліся, і бацька штурхнуў: паўзі, во, туды! Толькі я гэта высалапіўся з тае ямы — як грымнула ды бліскатнула блізкім перуном у месцы, куды мне трэба было! I доўга крапацела на нас, усё роўна як бы нехта на хмару залезшы, здзекаваўся над намі і апаганьваў...

Так разарваўся апошні снарад у фронт.

Немцы змыліся.


ПОРЫ
Я ціха ўсведамляю сабе, што ў мае сорак чатыры гады пачалася пара недаверу ды самоты. Гзткае, кожнаму бяспечнае, рэагаванне на рэчаіснасць з'яўляецца паслядоўнасцю пары прагнасці сяброўства.

Цяперашняе ўва мне магчыма параўнаць з настроем у старэючай жанчыны або, весялей, з крыўдаваннем у таго дзіцяці, якое, ласуючыся ў садзе, апяклося крапівою, палезла на скрадлівы чартапалох...

З майго ўжо маўчання вынырае туга, правідловей будзе сказаць: жаль да бясконцасці, за яе сусветную агульнасць, адхіленне ёю шанцаў па тое, каб быць заўважаным менавіта назаўсёды. Душа — вечная, як пустыня, — спазірае ў Космас, бы ў дзяцінства кліканае сваё, якое тым цудоўнае ў чалавеку, што ягоная радасць у ім тады ёсць бескарысліваю, а прыязь братэр-скім каханнем, хітрыкі ж усяго гульнёю галасістаю, варагаванне падобнае не больш як на забыццё.

У жаданне сяброўства шуляком налятала на мяне злосць, іншы раз нянавісць; ніколі ж — Цішыня і Спакой, савіныя дзеці Мудрасці. Суцяшаю я сябе тым, што лёс ёсць благі не аднаму толькі мне, скупы на сяброў. Яны, прыяцеліскі тыя, аказваліся якімісьці марнымі, падшытымі гладкаю сезоннасцю, такімі няважнымі, і зараз я, з далечы гадоў, перастаю бачыць іх твары ды забываю, паспеўшыя сшарэць, імёны.

Кранула мяне і Вялікая Подласць, таму спатрэбіцца часу дзеля свайго супакаення, У яе з'яўленне рупіла мне гаварыць праўду пра самога сябе, верачы ў аздараўленчыя ўласціваеці яе; прасіць аб спагаду, аб тое, каб блізкія не спяшаліся з высновамі наконт мяне, з загубленнем... Я апынуўся быў на ростанях, што бываюць у чыстаполлі, і адкуль бачны пяройдзенае, шэрань сустрэчнага.

Усё часцей са стрымгалоўем уцякаю ў сонечнасць успамінаў, у лета квяцістае над рэчкаю пад борам, ва ўсхваляванасць танца з першапрывабнаю дзяўчынай на прыгарадных музыках, і ў тую палкасць пітае гарэлкі, гэтак спадцішка ды пад зорным небам у Каляду, у сутычках ля гасціннае хаты і са сваяцкімі падшыванцамі на Пагулянцы; урэшце — у хмельнасць уданага мардабою...

Адтуль ішлося.


ЗАНАТОЎКІ ДЛЯ ПАМЯЦІ
Вятрыскі ў нас ад выгана з багоннікам; гудзяць у коміне ды пасвістваюць у апухах, цубаняць дажджамі па высокай адгэтуль сцяне дома, а ўзімку накурганьваючы каля яе снегу. У жніво налятаюць яны ад паўднёвых палёў з пахамі спелага збожжа і ссохлага палыну. Буры з грымотамі наводзяць паганскі пярэпалах. Як жа па-райску пасля таго бярэцца зелянець агарод: кучаравіцца моркаўка, выструньваецца буракоўе, агурэчнік у квецені нагадвае сабой асеўшы з неба дзівосны дыван, акурат побач расцвіўшага маку, а лісці гарбуза, што ў бульбянішчы, смешна падобныя на чуйныя вушы свіней, затоеных у шкодзе... Тады нават сваркі вераб'ёў са шпакамі за будку на шчытовішчы здаюцца весялосцю.

Пад старою яблыняй з павіслым ад пладоў галіноўем знаходжу я апаўшыя папяроўкі, празрыстыя ад выспеласці, у якіх, калі глядзець на іх пад сонца, відаць зярняткі. Ем іх з лакомлівасцю падлетка, што залез у чужы сад. Вачыма ўявы бачу я нябожчыка бацьку і тое, як ён крывіцца на маё гэтае смакаванне: «Яблычкі табе ў галаве, а не работа!»

...Дзяцеліна пад Глінішчам уся ў ранішняй расе. За паласою яе і за дзічкаю ружавее палетак канюшыны, якую косяць ад другога канца. Адтуль, угледзеў я, сігае заяц, імчыць ён — здаецца, — проста на мяне, ад чаго я аж разгубіўся, мала не ўпусціўшы з рук сняданак, што прынёс тым дзядзькам. «Лаві-і-ііі, ла-а-ві-ііі яго! — лямантуе нехта зусім побач, і я баюся азірнуцца на гэты крык, і ўшчэмліва трымаю пацяжэлы вузялок. — Эх, недарэка ты...» — гэта ізноў да мяне, і робіцца мне страшна, быццам той нехта зараз сцебане мяне пугаю. «Нашто ён мне, гэты заяц? Не хачу я яго!» — калачуея, як перад якім апраўданнем.

Пасля таго, ходзячы ў поле, я абыходзіў гэтую мясцінку, хоць было тут хораша.

...Стаяць аднаму ў крынічнай рэчаньцы ды пад высокім небам канца лета. Яшчэ не адлятаюць журавы і дзікія гусі, а ўжо перацвітае поплаў і пусцее поле. Босыя ногі заносіць пяском быстрая вада, яна жывым серабром паблісквае пад стромаю з гняздоўем плісак. На бяскрай пожні выгналі авечак і кароў без пастуха, а ў пыльных прыгуменнях буяць малатарні. I чуваць гвалт торгу ў мястэчку, за хатамі з садкамі, у якіх залацеюць грушы, усё роўна бы абсыпаныя медзякамі дзеля незвычайнасці якое, ды трохі па-дзіцячаму румяняцца зімовыя яблыкі. На загонах у нізках клапоцяцца гаспадыні, відаць і дзяўчат (іхнюю паненчынасць пазнаюць па нецярплівасці).

Стаяць самому сабе перад усім і ўсімі, у гаснучае лета, але перад сытай восенню. Селяніну гэта зразумець! Калі гэта праўда, што без задаволенасці няма прыгажосці, дык і я ведаю, чаму падабаліся мне кастрычніцкія імжа і сутонне, апаўшая лістота і завугельньі вецер, дождж на шыбах і рыпат веснічак... Таемнасць поначнага падворышча. Цяплынь пасцелі ў дажджоўе, сон пра свежаванне (запах ад смаленага саламяным агнём кормніка, якога калолі пад Каляду).

...Завялася ідэя: закончыць школу ў горадзе і ўбіцца на работу ў фабрыцы. Ад яе мы ў выпускным класе пачатковай школы чуліся, як у застуднай гарачцы. Тое і тое далося нам потым, ой, нялёгка: першае — ад вясковай недавучанасці, а друтое — ад дзярлівасці новага свету. У свае прыезды на канікулы прыбілася да мяне (і не да аднаго мяне) нейкае парабкоўскае крыўдаванне на матку-бацьку, злосць на гаспадарку і зямлю, на цэлае гэтае запацелае ад натруджанасці існаванне; ад натужлівай працы гнаіліся маладому скулы.

На Пятра і Паўла адбываліся музыкі; былі гармоня, скрыпкаі, бубен. Чакалася таго, каб хоць на коратка адлучыцца ад паспалітасці, узвысіць сябе слоўцамі і манерамі сярод тых, каму не наканавана завідлівая будучыня ў занебакрайных далячынях. «Мой пан ідзе», — пачуў я пра сябе ад маці ў замглёную рань, сам ледзь на нагах ад танцаў. Яна таўкла ў цэбры бульбу кормніку і з прыхільнасцю зірнула на мой франтаваты стан (мне было ўжо блізка да праўдаў жаночае долі, менавіта да чарнабрывай загледжанасці ў павярхоўную гожасць).

...Здарылася са мною і такое, у даросласць, калі, упіўшыся, пакінуў я без дай прычыны кампанію ды пасунуўся ў глыб ночы. Цвілі ліпы, пахацелі паненскія агародчыкі, устаялася была паркая ціш. Я, даўно не быўшы ў сваім мястэчку, маячыў у ягоных вулачках. Уразіла мяне бязлюддзе ў ім, усё роўна што ў паморак або ў — не забытую — апошневаенную акупацыю. Гэта ж тады, у тую перадпоўнач, я зразумеў, што ідуць часы, у якія чалавек не будзе рады чалавеку. I ўсё думаў, адкуль яны такія набліжаюцца і дзе іх пачатак (?)... З'яўляліся з дзяцінства тлумныя пагулянкі, кавалераватыя хлапчыскі, дурэючыя ў вечаровых залётах ля вяргіневых платоў, попіскі дзяўчынят з брыняючымі грудзямі, выглядкі з расчыненых вокан цікаўлівых цётак і мацярок, увесь той вэрхал задаволенасці. А кожны выяўлены твар наводзіў думку пра зменлівы лёс. У світанне прычапіўся да мяне, бы сабачук, якісьці п'яны, па яго балбатні — прывалочаны сюды: яму трэба было грошай пазычыць у каго.

....Ніхто не ведае, ці калі было добра ў вёсцы. Мяркуючы па тым, як ад самое старажытнасці людзі імкнуцца ў гарады, трэба лічыць, што гэта і ёсць адказ.

Я ўсведамляю сабе, што чароўныя вершы пісаць пра сенаванне або пра ворыва можа той, хто не цягае касы, не ходзіць за плугам. Паэзія заглядвала пад страху здавён-даўна разам з валакітамі з доўгімі торбамі, потым навейваў яе ветрык ад цыганскіх вогнішчаў ля рэчак, а яшчэ пасля папахвала ёю ад асвечаных паняў і панят, і, урэшце, улятала яна бясшумным анёлам за белатварым кніжнікам манастырскім або, усё часцей, з боку горада. Ад валакітаў браліся вясковыя мудрацы без свайго хлеба; ад цыганоў песні павяліся пра каханне няшчаснае, вычварнае ўсё-такі ў несціханы тады холад, голад і паморак; паняты напусцілі ў хаты бабам моды квяты тыя сеяць замест радка буракоў ці морквы; кніжнікі ў касцюмах плялі дзецярні ў школках пра хараство поля, а на ім гэта цівун надаваў бізуноў ратаю, і пра лугоў хараство вярэдзілі, ад касьбы ж на якіх горкі пот заліваў вочы, і пра неба гэтак жа, з якога, калі не навальніца з пярунамі, дык суша пякла або Бог сварыўся. Хвалілі яны вёску, бы на смех які! I нашто ім тое было патрэбнае? Колькі ж год і вякоў мужык толькі і ведаў чакаць таго, каб перастаць быць мужыком (у казакі падаваўся). I прычакаў, дзякуй Табе, Божа Усямоцны!

Нішто не паверне яго назад, каб нават свет і сонца мелі прапасці. Хлеб лёгкі, і кожны цяпер пан, самы апошні цямнотнік, што сям-там туляецца ў паркетных кватэрах унукаў, ходзячы жывым экспанатам паншчыннага жаху.

Той шкадуе мінулае, каму жыць добра стала, даўно добра. Чаму гэта так дзіўна?

...Чалавек, бачыш, — піша сябар, — адрываецца ад каранёўя свайго. Тлумачэнняў таго ёсць, аднак цяжка ўказаць на галоўнае сярод іх. У гэтых людскіх вывараценях ёсць трагічнасць самаадрачэння... Можна дадаць, звярыны інстынкт, каб толькі наесціся. Ну і ў цяпле быць. Усё робім перш дзеля самога існавання.. Жыць жа трэба! А пытанне пра цану быцця таго ёсць, як і сам здагадваешся, пытаннем, якое паставіў чалавех сам жа сабе, калі стаў ён менавіта чалавекам ды стварыў — для сябе! — культуру з цывілізацыяй (лішнія, а затым і варожыя прыродзе).

Ці магло быць іначай? Не, не магло.

Цікава, сам набач, што розум, з'явіўшыся ў чалавеку, не змяніў яго сутнасці як жывое з'явы. Тады — дзеля чаго ён у ім, гэты розум? Усяго, каб ведаць, што жыве? Мала як бы... Каб болей і болей ведаць? Дык — нашто?

Каб працы пазбыцца, да раю дайсці? Але заўсёды будзе пытанне: а што далей?..

Бачыш, як граф які навамодны, люблю я паехаць у родавую хаціну з дзедавай печаю ды гліняным таком каля яе, з выкаўзанымі лавамі пад ваконцамі, і сесці тамака за стол, сточаны караедамі, і пачытаць сабе за ім пра касмічныя ракеты і навуковыя рэвалюцыі, і пра тое, што налічваецца мільёны вучоных, і пра тое яшчэ, што тэхнічна магчыма, нарэшце, з пяску выбіраць шмат што патрэбнае нам для жыцця... А мне вось, адэпту універсітэта ды адначасова ўласніку хаткі, ёсць гэтак жа старадаўні клопат з дровамі на зіму і з тым, каб уставіць шыбу, і знайсці майстра (перакрыць дах), і нямаш цэменту, і не дапытацца, дзе б тут воз гною на агарод хто прадаў, а зусім бяда, адкуль ратая наняць (хоць ты сам па-першабытнаму сукачом ары). Праўда, у покуце, дзе іконы, шуміць і буяніць тэлевізар, які маці глядзіць ды слухае, як той беспісьменны дзядзька ў касцюме, якому заманулася пабыць на дакладзе прафесара, прывезенага ў клуб. Перад учарнелымі ўваходнымі дзвярыма (з засаўкай) красуецца мая легкавушка, якую пакалечыў, упаўшы ў непагадзь на яе, падгніўшы тын...

...Усё каб выгадней, смачней, беспячней. Ну і што сказалі б на тое, калі б змаглі сказаць, тыя гатункі жывога ў свеце, якія род наш выгубіў альбо выгубіць? А калі і самую Зямлю мы зніштожым, распылім па Космасе, ізноў не будзе аніякіх пытанняў. Насунецца такая цішыня, якой нікому не ўявіць сабе. I якую параўноўваць з век-вечнай гэтак жа несур'ёзна, як пясчынку з Сусветам (пра які мы ўсяго здагадваемся, што ён без пачатку і без канца).

Ані такіх, ані хаця б падобных думак не было ў майго нябожчыка бацькі, калі ён вярнуўся з астатняе, на наша паняцце, прымітыўнае вайны. Ён паставіў сапраўдны дом з паддашкам, на купленым пляцы ў зараслях пажарышчаў. Быў хвацкім шаўцом, і яму спорна ўдалося тое ў тадышнюю адбудову. Прынёс з акуратнай чужыны норавы і мары, якія ў нас лічыліся панскімі. Найпершай непрыстойнасцю з яго боку было штодзённае галенне твару... А яго турботы з майстрамі, можна сказаць, паўвеку назад аказаліся не вельмі каб смешнымі і ў наша пакаленне, ужо перасеўшае з ляскатлівых фурманак на ўсёмогучыя трактары, з гнаявак у аўтамашыны, цапы і маслабойкі перадаючы ў музеі, быццам для публічпай перасцярогі якое ад рэцыдыву былога.

Бацька заўпарціўся заказаць венецыянскія вокны (надта ж наглядзеўся ён на іх у Саксоніі). I апланаваў ён калідор з філянговымі дзвярыма ў пакоі і ў кухню ды ўсходы з парэнчаю, на той паддашак, на якім меў намер дажываць з нашай маці (пакінуўшы нам, двум сынам, па палове размашыстага дома). Столяра такога, які — напаследак — не адкінуўся ад яго, напытаў бацька недзе аж пад Беластокам (у Ліпавым Мосце?), але і гэты яшчэ раз перарабляў усенька, не могучы пагадзіцца з тым, што ўсё павінпа быць шырокае і вялікае. Цесляры ж, ставячы сцены, хітравалі накшталт італьянскай забастоўкі, паціху пабойваючыся, што будуюць яны высознае глупства. З адным печніком не зазнаў ён дураты — чалавек гэты ваяваў, быў у Англіі.

...У маладую вясну, за ўсыпанымі квеценню вішнякамі ў платах скрыгоча і ламарэндзіць будаўнічы сезон. Выныраюць кроквы з латкамі, па якіх павукамі ходзяць мужчыны (рыхтуюць шыфер). Унізе — уедлівы енкат пілы, цясанне, ад якога адчуваецца слушную здаволенасць, і ў нечым пужлівая звяга гэбля. Бубніць хуткая гутарка, перапыненая звонкім ад вышыні покрыкам з даху... Вырасцеш, ажэнішся, дык і пабудуешся. Адвечнае гэта ў нас: віць аднова гняздо. Нязменная прычына нашай незайздроснай іншым заможнасці (дзед ставіў хату сабе, і бацька, а цяпер — сын, праўда, мураваны дом, а пасля — унук?). Няма калі нам жыць ды багацець. Жытло не можа быць лепшае за лёс, таму шчасцю нашаму ў людзях. да якіх мы натужваемся параўнацца, усё тая ж грош-цана. Але мы гэтага не бачым, ідучы з тварам, адвернутым за сябе, з вачыма, вываленымі ад ганьбы няслаўнай памяці пайбедных з бедных. I таму гэта не верым у тое, што, аднак, нішто ў жыцці не вяртаецца, гэтак жа добрае, як і нядобрае, цячэ ў акіян нябыту. Наша няўпэўненасць такая пераўтварылася ў асаблівую рэлігію нашую, у якой ёсць жа галоўны плебейскі атрыбут яе, менавіта страх. Фактычна ўсё бачым вачыма страху, усё, да апошняе дробязі, да самай мізэрнай глуповінкі. Дакладна ўсё!

Ці ўдасца каму калі апісаць беларускі страх?

...Ядловец каля снежнай шашы, бы архаічная людзіна, што прыбілася з вечаровага заполля. Бліскаціць электрычнымі агнямі блізкае мястэчка. Мардабойная правінцыя, некалі без паняцця, як жыць. Ужо як быццам не такая... Можна прызнаць рацыю, калі кажуць: ёсць у яе ўсё, што трэба, каб было; нават хлебам пачалі ў ёй раскідацца (ссохлы мочаць курам). Не паверыць гэтаму той, хто не ўмее звярнуць увагу на асаблівасць пасажыраў аўтобусаў у Беласток на беларускіх маршрутах. Пыхлівасць маладзіц, ад якой чамусьці ўяўляецца камічным іхнае каханне, пакуты іх і слёзы. Фанабэрыстасць маладажонаў прывейвае забытыя пахі шляхецкіх засценкаў (з якіх колькі ж было рогату ў простанароддзі і ў літаратуры).

Жылі-былі дзеля збожжа і мяса — цывілізацыя поля і хлява, сутыкнуўшыся з фабрычнаю, пакрывілася ў характарах заядласць да працы перайначыўшы ў трывіяльнае хітрэцтва.

...Ёсць імгненні ў жыцці, якіх аніяк не забыць. Ад якіх крыўдліва горбішся. Радасць падае ў бяспамяць.

Лёс змяняецца хутчэй, чымсьці думкі. Адсюль гэта тыя недаросласць у дарослых і — даросласць у дарастаючых. У курных хатах з тэлевізарам у покуце, у тых, што на вуліцы іранічна званай у нас Новаю ў мястэчку, — устаялася непатрэбнасць. Канае ў іх мінулае, сарамліва зацішыўшыся. — А куды ты пойдзеш, а ці хто прывеціць цябе? Сядзі крыцаю, во, і здаволены будзь, што не чапаюць!

Дагэтуль вялікія войны выклікалі вялікія змены. Калі грамадствам сталі і сяляне, пайшлі яны, вядома, следам за панамі, пакідаючы зямлю (правіла: дзе не было маёнткаў, там аруць і сеюць і ў сённяшні пералом, і бязлюддзя няма). А кар'еры іх, як і яны самі, — парабіліся начнымі старажамі гэтыя нядаўнія гаспадары, а жонкі іхныя — нянькамі ўнукаў і служанкамі дачок сваіх, часамі прыбіральніцамі на службе. Дзеці, прайшоўшы ўжо школы, валакуць да сябе ўсянютка тое, што падгледжана ў колішніх панскіх пакоях. I старым тэтым нямаш месца, па гарадах начуюць яны ў кухнях, на раскладушках, а па меншых мясцінах — рыхтуюць ім кануры з падлогаю ды ваконцам у лішніх хлявах (рамантаваных на гаражы і дрывотні). — Холад там, хоць ты сабак ганяй! Песні жальбы ім спяваць я павінен? О не, наадварот, крыкнуць мне на іх: «Так вам і трэба за тое, што панічоў сабе пагадавалі! Самі плявалі на сябе, дык чаму ж гэта нашчадкі вашы любіць вас мусяць?! За што? Ганьба не вырасціць кветку пашаны!»

...У прыгарадзе добра, утульней. у драбноце дзён. Пражывеш сабе іх, адзін за адным, без прэтэнзіяў на якую-колечы значнасць. У прадвесне, калі ўранні хрумсціць пад нагамі талы снег, прымарожаны за ноч, ідзеш у цяпліцу пасеяць першыя агуркі. Карміць будзеш курэй-нясушак. Затым, у позні ўзыход сонца, паснедаеш з жонкаю ды дзяцьмі (яны спяшаюцца ў школу). Сядзеш у сваю з'еззджаную легкавушку, што стаіць за акном на падворчыку, і пунктуальна — дзякуючы ёй — пабудзеш на казённай рабоце, з якое ясі хлеб (табе, вядома, напляваць на яе).

Час ад часу ў ваколіцы згвалтуюць чыюсьці дачку нейкія лайдакі або абкрадуць далейшага суседа прыезджыя зладзеі; бывае — кагосьці заб'юць бандыты (пазалетась — агародніка Рухаймозга). З прыцемкам не трэба выходзіць у завулкі, нікуды. А калі хрысціны спраўляеш ці паклічаш сваякоў на Каляду альбо іншы баль які надумаеш, дык няхай лепей заначуюць у тваім доме госці (ёсць жа тых пакояў!).

...Эпоха смяецца з эпохі, заўсёды наступная з папярэдняй, як сын з бацькі (дачка з маці). I гэты смех, бы лямант гісторыі: быў, ёсць і будзе. Веліч змяншаецца ў смешнасць, трагедыя ходзіць пад руку з камедыяй, швэндаючыся па задворках быту. Праклён валачашчае бабы заглушае плач Джульеты, а набабнік плюе на Рамэа.

I жывуць людкове, заглядзеўшыся не столькі ў будучыню, колькі самі ў сябе. Гэта таму ніхто нікога не разумее, хоць і гавораць і думаюць. Іначай не можа быць, адкажа хтосьці (маючы, рацыю, на жаль).

Аднак калі мой сын стаў дарослым, я штораз здзіўляюся яго няспеласцю. I мне ўсё здаецца, што я, будучы ў ягоных гадах, ужо быў такім, як цяпер больш-менш... Гэта, напэўна, няпраўда — сваё пражытае памятаем не такім, якім яно было, а такім, якім хочам бачыць яго, азіраючыся за сябе. Мы безупынна менавіта хочам. І ў гэтым, магчыма, закон, які, не абысці бокам (праўда, ёсць цывілізацыі, у якіх няма гэткага непрымушанага прымусу).

Мой сын. Я ўсё прыглядаюся да яго. Я не разумею яго. Іншы раз здаеца мне, што я ўсё-такі, урэшце ж... Тады ён ізноў учыніць або скажа нешта такое, ад чаго робіцца мне яшчэ цямней. Апускаюся ў роздумы пра нябожчыка бацьку, прызнацца: дзякуючы яму, сыну свайму, а ўнуку ягонаму... Жыццё паўтараецца, як прырода, бы нарадзіны і смерць, паўтараецца і незразумеласцю сваёю. У выбух спрэчкі — паміж намі, падобнай на майскі градапад, я навучыўся глушыць яе знянацку: ты не пад мяне гавары, ты пачакай і скажаш гэта свайму сыну, калі яго будзеш мець!

Ён анямела моўкне.

I я ведаю, што сказаў яму, відаць, важнае, і потым сушу сабе галаву над тым, што менавіта сказаў гэта я яму якраз і напэўна?! Як быццам навылёт ведаю і адначасна роспачна не ведаю і не ведаю! Мой жа свет — гэта не яго свет, хоць ягоны пачынаўся ў маім. Маё жыццё ўсё далей і далей ад ягонага, бо гэта ён пойдзе наперад, павярнуўшыся да майго спіною. I толькі калі ягоны доўгі крок запаволіцца на цяжкай вярсце, мусіць тады прыпыніцца і сваім зрокам, ужо гэтак жа немаладым, паглядзіць на бацькоўскае (дабіўшыся, да нудоты гэтаксама спозненага розуму).

...Бы выява таемнага скарбу мігацеў заліўны Доўгі луг у Юр'еў дзень, калі бабуля выводзіла мяне глядзець поле. З жытнёвае руні не было ўжо відаць вароны, сеўшае ў яе, што прарочыла ўраджайнасць і хлеб аж на ўсю зіму. Але нішто так не засела ў маёй памяці з тае вясны, як той мігат, быццам гэта самое сонца купалася ў тым лузе, пырскаючыся ва ўсе бакі і пужаючы кні-гаўкі. Хацелася стрымгалоў пабегчы туды і, схаваўшыся за. вербалозамі, самому ўбачыць тую цудную гулянку (гэтак кавалеры падгледжвалі дзяўчат на сажалках). Я не цяміў, што прыгажэй ёсць заўсёды здалёку; вада тая аказалася са страхотна грузкім дном з плоймаю апалонікаў.

На ўскраі сваёй палоскі мы рассцілалі радзюжку, каб прысесці на сырой зямліцы паесці. На ручнік выкладвала бабуська пару гатаваных яек, па скібцы хлеба і ставіла адмысловую, малую, гладышку з кіслым малаком (акуратненька абвязаную хусцінкаю). Знаходзілася і крышынка солі.

Яна памерла ў тое ж маё маленства, няспешна і ўрачыста. Пасля яе смерці людзі пачалі пакідаць сярпы, перасталі пасціць, а потым кінуліся рабіць усенька машынамі, багацець ды страчваць розум. Я тым часам вырас, паканчаў усякія школы і шумна паляпшаў свет з Беларуссю, каб, у рэшце рэшт, пастарэць і задумацца над тым, што казала яна, мая непісьменная бабуля... Пахаваў я яе, бы тысячагадовы беларускі лёс, і, пакруціўшыся па жыцці, сам цяпер не ведаю, як мне быць. Новы час адказвае неяк няшчыра, у яго што ні дзень — то іншая праўда. I бацькі мае гэтак жа разгубіліся.


У МАТЧЫНЫМ САДЗЕ
Падумаецца: прамінуў, во, дзень... А дзеля чаго ён быў у мяне, гэты дзень?

Здараецца са мною і так: вазьму ды накрычу я на сыноў і жонку. Відаць, ад немагчымасці даць адказ на тое пытапне... Альбо ад таго, што павейвае на мяне халадком, калі я цямлю тое, што яны здаюцца мне ўсяго даўно знаёмымі і якраз трухаюць насустрач...

Тады бярэ мяне ахвота кінуць-рынуць пад халеру цэлы гэты ўздырдыган сваіх справаў ды без аглядкі даць цягу да маці, каб з ёю пабыць, падаглядаць яе сад і агарод, спілаваць сохлую яблыню, што ля Царавага плота, працерабіць маліннік за гумном, пахадзіць за парадкамі на, па-сірочаму ўдзірванелым, падворышчы.

Авалодвае мною туга па чымсьці звычайна патрэбным, за гэткім спакоем, як прыход пораў года...

— Каб апамятацца!

I выходзіць на тое, што няма дзён лішніх ні ў мяне, ні ў кога таксама. Сёння, учора, пазаўчора, у аўторак і ў пятніцу — я адчуў, зразумеў і ўспрыняў, не ведаю, як каму, але мне прыдатнае, што, напрыклад, Стась ускіпае, калі не яго праўда...

У крытыкі, бачу, няма кар'еры. Думаю, што ў яе і не можа быць. Аднак жа было і ёсць у крытыкі нештэ большае — будучыня!

— Людзі, як гэта людзі: любяць толькі наракаць на махлярствы, — уздыхнула маці.

Мне лягчэй засынаецца, прыглядаючыся ў памяці сваёй да напатканага, некалі мазурскага, хутарка, што бліз гняздоўяў сівое чаплі над міжазёрнаю цяснінаю з мастком, у глухалессі на канцы зямлі. Гэта дае мне адбег, тое, аб чым магчыма сказаць: суцішся, гледзячы па векавечнае.

— Чаго гэта табе ўсяго мала, усё нешта не падабаецца?! — зазлавала б мая маці, і быў бы гэта той выпадак, калі я не зразумеў бы яе.

Дзесяты год я, пагарбелы ад вялікае крыўды, вытоптваю тыя сцежкі, якія, так лічу, урэшце завядуць мяне ў звычайнасць працы і хлеба. Але, цяжэй і цяжэй ужо перастаўляю я ногі, абціраючыся ва ўспацеласці; адмахваюся ад камарыцак тых здогадаў, што гэтай хады мае хопіць мне да самае старасці і што, па праўдзе кажучы, ад мяне самога залежыць тое, ці я пачуюся нарэшце ўладкаваным жыцці. Мая расхістанасць вынікае з жалю да іншых, якім — памятайце, людкове! — твая справа важная адно табе.

— Сядзь і перастань зайздросціць камусьці, — скажа да мяне маці, і я не паслухаюся яе, зрэшты, цалкам не на месцы, хоць кожны, як дрэўца з каранёў, вырастае з бацькоў жа сваіх. Замалады я на яе такія словы?

У затоцы Нэцка, на яе сіне-зялёнай тоні, адкуль выбыстрынь-ваецца Распуда, у бясхмарнае мне лета гайдалася, аднекуль знесенае ў начную буру, шырачэзнае памосце. Я з сынам Ярушкам узлез — богведама чаго? — на тыя дошкі, і, не агледзеўшыся калі, мы засталіся без нашае лодкі, якую прэч адагнала ад нас плынь. I прастаялі так тырчма — не то здзіўленыя сваёю бездапаможнасцю, не то напалоханыя ёю на чорнай глыбіні — пакуль не прыбіліся, у доўгай марудзе, да чаротаў пад нагрэтым уполудзень сасоннікам. «Усё роўна як тыя Антыфоны, стаўшы ў жыце», — сказала б маці, з адным нам вядомай кп'інкай.

Я наўрад ці вельмі памылюся, кажучы, дзе трэба і не трэба, што пра так званы гераізм у працы гаворыць той, каму яна ёсць перашкодаю на шляхў да надуманага ім раю існавання, побыту без сэнсу. Цяжка толькі ў тым, да чаго няма ў нас сэрца, каму наогул праца з'яўляецца горыччу, успрымае яе не больш як прыкрую неабходнасць, як нешта часовае, быццам кара.

— Бо табе не хочацца! — сварылася на мяне маці, калі я ад нечага выкручваўся, і, як зазвычай, яна мела рацыю.

У Алецку я быў з Таняю; мяне запрасілі сюды местачковыя паэты. На вакзаліку, куды цягнік наш усудауўся нейкім пацішэлым, з дзяжурны руху выглядваў, бы той конь з хлява, у станцыйным кіёску, Таня купіла запылены авалец дарагога мыла, і мы, перачакаўшы ля выйсця статак кароў з пашы, пайшлі на начлег. Укватаравалі нас у байраку задрыпанага дачнішча, дзе калідорная дзеўка вадзіла вачыма за намі, як быццам за любоўніцкаю паркаю... Да золаку па-марадзёрску буянілі ў суседнім нумары якіясьці мужчыніскі.

Ранак усталяваўся празрысты. У мяне быў час, і мы выбраліся пахадзіць. Зведалі перш тое, што нам бачылася маляўнічым у гэтай, некалі заможнай, мясціне; надрэчныя задворкі — шчаслівым лёсам не папаленыя ў вайну і рабаўнікамі, што багацеюць на ёй (яны з аселаю ў зямлю забудоваю, чырванацэглаю). Ад прачыненага ў кагосьці акна смакацела смажанымі тлустымі акунямі.

Запамяталася яшчэ: поберагам возера йшлі мы праз наваліны голля ды беспатрабноцця на пляжы з пачарнелым мола і паглыбляліся між, па-красавіцку свежа-зялёных, лазнякоў, ля ссохлых з зімы чаротаў, пазіраючы прытым з насцярогаю на абвальныя стромы, ад якіх, далей, прасціраліся палі. Жаўрукі выспеўвалі нам Юр'еў дзень, і ад таго ўяўлялася, вось, як гэта ў гбурскай сядзібе, што над затокаю, спаважна сядалі калісьці абе-даць, памаліўшыся свайму, некаталіцкаму, Богу... Пашукалі мы сабе спачынку ў лагчыне пад дзевятай хваляю чыстаполля, на ўзбочыне дарожкі, такой камяністай ды і ў забыцці, і тады адчулі сябе, быццам у прасцягах родных за Саколкаю, што з сінечаю лясоў, і з крыніцамі даўно не пітымі, і з хутаркамі, з якіх нават дамавікі вывандравалі ў свет белы... «Праз нядзелькаў пяць жытка расавацьме, калі з руні вароны ўжо нё відаць», — заўважыла б маці.

I я мала быў не пабег за цягніком далечным, што з уздыханнямі папоўз адсюль, з гэтага староння.

За гумном, па-над хлеўчыкам Царэвічаў, гушчэюць слівы. Але, ёсць там мясцінка, дзе буяе пустазелле, якое я спляжваю рыдлёўкаю, каб траве даць разрасціся.

Неяк зноў я наведаў маці. Стаяла надспадзівенне высокая, як цішыня, хоць і глыбокая восень. У гэткае ясноцце, у такі цуд існавання, у мяне ўзнікае ахвота дзеля клапатлівае і ўдумнае працы. Узяўшы моцныя сахары, я ачысціў імі сад, палячы сухоцце, на ўкрапівелай крушні, гранічнай; дым валіў на Кяўказскі завулак.

Маці за абедам дала мне чаю з малінавым варэннем, якое яна дастала ад кагосьці ў капанне бульбы.Мы разгаварыліся пра тое, што будзе няблага яшчэ дасадзіць на загуменні менавіта малінаў. Пайшоў я па іх да матулінай знаёмай, гэтак жа хваравекае, як і яна, ад замаганняў на гаспадарцы. Гэта пра яе казалі, ціто яна пры нябожчыку мужу сваім, бедная, не магла сесці разам з ім на воз (біў пугаўём наводліў). Навыкопваў я тых яе малінаў, усё роўна што зайшоўшы з вёскі на вымерлы хутар у Гаспоравым бярэзніку, каб вынесці адтуль нешта прыдатнае. Я карчаваў іх лёгка ды спорна, у расцяплелым закуцці, дзе пахацела гнільнай сушманню ад падстрэшша свіронка; ля калодкі беляхцелі нарубаныя дровы, а за вуглом хлеўчыка драмаў у разрыіне ружовавухі падсвінак. I была гэта тая рэдкая мне часіна, калі я не адчуваў за сабою ямістага подыху ад перажытага, акунуўшыся існасцю цэлаю ў бессвядомае дзяцінства, у тую красу няхітрага быцця, што нагадвала і дзівосную водарасць у ручаіне з рыбкамі, і жаўцістае дно ў ёй, па якім хадзіў басанож, бывала, да бяспамяці загледзеўшыся ў гранне вясёлкі за Бабровымі азярынамі (у касавіцу).

— Хадзі есці! — паклікала мяне маці. Як заўсёды, за маянтковым старадрэўем пацямнеў небакрай і ўбачыў я, звысоку закруціліся пушынкі першага снегу. Мне захацелася гарачае капусты з мясам!

На гарышчы, каля апухаў, стаіць куфар нябожчыцы бабулі (у ім зараз усялякае шмаццё). Да крокваў падвешаны пукі маку з попахам пылу. Пад шчытоўкаю грамадкаю стаіліся бутэлькі, ахінуўшыся павуціннем. Тут патрэскваюць струкі фасолі, накладзенае снапкамі пад самюткае ваконца (на цвіку, якога ржа не з'ела, патрэбныя камусьці галінкі рабіны. У падапушшы балаган ламачча: халадзільнік з паабіватымі бакамі, пакончаная калодкаю прадьная машына, пыласос, бы здохлае ў заканурку парася. Далятае сюды рознагалоссе сумятлівае ад вуліцы, павольніствае ад падворышчаў, аглухлае ад аселіц. I, мабыць, таму цяжка мне пазбыцца тае ўявы наглуха забітае труны (што так страшна жывым). Пра смерць мы думаем часцей, чымсьці ўсведамляем сабе тое!

Блага мне, маці. Усё горш і горш. I нікому не растлумачыш таго. Адкажуць: «А халера цябе, урэшце, ведае, чаму гэта аднаму табе ўсё не слава Богу?.. Во, паглядзі лепей, колькі тых медалёў яшчэ наперадзе, каб толькі здароўе да іх было!»

А гады штораз карацейшыя.

I прыяцеляў менш. Драбнеюць яны яксьці ў нясціхных жорнах часу, як бы стоптваюцца. На раз'езджаных шляхах эпохі нізкапробнасць пыліць ды драпежніць, рохкае, чулая на нюх і слепаватая. Праходзіш вёрсты свае ўсё з прыглядкамі ды аглядкамі, хоць пушчы дзікія даўным-даўно зніштожылі і звяр'ё ўжо ў заапарках.

А мне падла прывідам у адхонні...

Я хворы Беларуссю, і смерць за мною гіенаю валачэцца. О вы, з гікам парабкоўскім, ці скінеце тады капелюшы свае над трупам маім і супыніце, на той адзіны раз, насмешкі над скананнем маім, чаканым вамі?!

Я пакуль, аднак, жыву. I не без шляхетных і такіх парываў, што вянуць пад вечар, каб уранне аднова заіскрыцца чысцінёю роснай. Не трэба мне вашых турбот, не хачу я лячэння, яно абражала б мяне румянашчокасцю тае здаволенасці, калі пара на слёзы.

Вось мая мара, дзіцё хілае, падгадавацца не паспела і акрыяць, як тут бабы па хатах суседніх пра яго паховіны загаманілі ды памінальныя пяянні памалу акуратна падвучваюць сабе. Жалобнасць цягнецца ўслед нудою апусцелага поля, запавуцініўшы пачуцці. I нямаш схову ад яе, хоць матчын сад, глядзіш, яблынямі і вішнямі расквітнеў, але бель іх магільна ўзвышанай мне, а радасць — зязюляю на трыбах у верхлессі (паслухаеш, паслухаеш і зноўку бярэшся за абы-што).

Каб толькі забыцца!

Не ўдаецца табе пачын, спрабоўваеш іншага. У год недарэчны чакаеш наступнага. У хваробу спадзяешся здароўя. Дзеля задумы, ад якое не сорам, што ты жывеш, пра часы ёй прыхільныя мроіш. А ў існаванні сваім пакрэмзаным мясціны яснейшыя знаходзіш. Калі ж Бога жывога чалавека табе адбіраюць і ласкава пакідаюць усяго бяссільны плач, у покуці звечарэлым цуд аб'явіцца, заззяе: ідзеш разлогамі вясновымі, пад выссю жаўруковаю, і беды ўсенькія на сухі лес адлятаюць ад цябе, і захлынаешся вераю ў тое, што ты для шчаснасці рассмяянае народжаны, і табе няма чаго азірацца на лёсу сабачанё тужлівае. Ты ідзі, ты ідзі, ідзі...

Самым што ні ёсць галоўным аказваецца менавіта ісці!


НА ГАНКУ Ў ПРАДВЕСНЕ
Вясна ў той год ішла марудна і з халадамі. У месячныя ночы з'яўляліся прымаразкі з інеем, ад маянтковых сажалак далятаў крык вялікай птушкі. У хаце было цёмна, не хацелася запальваць святло. У бок Астравоў то гудзеў, то заціхаў трактар, бытта сувязны кукурузнік над партызанскімі лясамі ў забытую вайну. Не браў сон, а выйшаўшы на ганак, можна было пачуць нізкі і хуткі лёт дзікіх гусей, відаць, на Свіслацкія багны. У такую ясноту страшнавата на падворышчы, ад густога ценю хлява і стадолы, пад якімі, здаецца, нехта чакае цябе...

На Выганскай вуліцы, зусім унізе, загаварылі мужчыны (настойлівы сіплы голас). Дзіўна, бы жывы смех у смутны сон, хоць і бяссэнсавы, але ўсё роўна не вясёлы. Прыбілася ў галаву сцішнае, як лятучая мыш: «А ці ўжывешся з кімсьці, хто няздольны быць рады ад сваёй удачы?» — ужо няшмат пытанняў пасля гэтага.

Застацца дарэшты аднаму-адным і, пра нішто не думаючы, зрабіцца непатрэбным нават самому сабе, аж абыякавым на голад і холад, — гэтак ад стомы жыццём. Яно пяройдзе, накшталт застуды якое. Не бясследна, аднак жа; усё пакідае нешта за сабою. Так поўняцца гады кожнаму — каму памалей, у таго і больш трывушчасці. Мудрасць гэта, каб пабыць на свеце не спяшаючы? Хто яго ведае... Ну, а з кім? — дапытлівасць, якой няма толькі на могілках.

...Асела цішмань, цемрач ані варухнецца. Свяцілі вўлічныя лямпачкі, рассыпаўшыся местачковым Млечным Шляхам у чорнай бясконцасці, якая палавее тут у світанак, у трэція пеўні і ў прабудную гаману ля калодзежа ў сялянскім перадполлі.


У РОДАВЫМ ДОМЕ
Пад Разбойнікам нарвалі мы сіняга лубіну на ўзмёжку, а Сыльвусь — васількоў, у яшчэ зялёным жыце. Усе гуртам кіраваліся былі ў задаўні панскі парк, які віднеў купаю бязладнага кустоўя паміж астанкаў старадрэўя пад гасцінцам у Кабыліх горах, што з парыжэлымі ярамі. Калі б не тая наша, бамбізаватая, хада мужыцкіх сыноў, можна было б падумаць, што, мабыць, некалі так выглядала кампанія панягаў, вяртаючыхся з букетамі палявое квецені ў двор, з гэткае гультайскай праходкі па надрэчных лугах. I што ад няма чаго рабіць адно з іх, пэўна, па фанабэрыі, прыкінулася было пастухом, лягаючы, у фасоністым касцюме, на ўдзірванелым Шыбенічным узвышшы, ажно мудрагелісты гальштук замахаўся, бы тое крыло кнігаўкі... Гэта быў Сыльвусь.

Толькі паненак не было з намі.

Былі гэта мае калегі па рабоце ва універсітэце, якіх я запрасіў у вёску, на свае імяніны. Да маці. Яна моцна ганарылася мною і пастаянна адчувала патрэбу выклікаць у суседзяў зацікаў-ленне, такое завіслівае, маім высокапастаўленцкім становішчам, што і мне неяк падабалася, (Я пачынаў задумоўвацца над тым, ці не асесці мне, па-рэзідэнцку, у гэтым родавым доме ў яблыневым садзе, каб дажываць сваіх гадоў менавіта ў высакароднай адзіноце?..)

У адвячорак мы, у каторы ўжо раз, пасядалі за стол. Гэтаму пакою, куды вельмі не заляталі мухі ад хлявоў, я выбраў назву блакітнага; з яго праглядалася ў бок загуменняў пад бясхмарным небам.

Сыльвусь гаварыў:

— У варшаўскай оперы, ведаеце, вісіць вось падобны, — ён прыгледзеўся да жырандолі ў «Блакітным», які калісьці купіла маці ў краме Сікеля (з пачэпленай ім на франтоніку забаўнаю шыльдаю: Прамысловыя тавары для расліннай і жывёльнай вытворчасці).

— Та-ак, — задумаўся нехта з маіх гасцей. — А я, тое, лічу: вёску чакае найвялікая будучыня. Вялікагарадскія метраполіі, тое, страшэнна паправінцыянелі! Даю, слухайце, павярхоўны на выгляд прыкладзік: сталіца Заходняе Нямеччыны — дзе? У мястэчку Бон, тое. А — Бразіліі? У прыамазонскай глухамані! Або звярніце ўвагу на тое, як жа ж, во, памізарнеў Парыж. I з Лондана — так! — людзі ж масава высяляюцца ў графствы...

— Свет, бы вёска, — азваўся я, раптам адчуўшы, што магу пазяхнуць, беспрыстойна разявіцца. — Калі прыгадаць тут славутае прыраўнанне цывілізацыйнага развіцця са спіраллю, дык з вёскі яно, выйшла і ў вёску вяртаецца, праўда, іншую, так сказаць, перспектыўную.

I мы ўзяліся з апетытам з'ядаць шынку, насоўкамі выціраючы ўспацелыя (ад прагнасці) скроні. Раскаркавалі наступную бутэльку.

— Інтэлігенцыя зараз, вось, бедна жыве. Вазьміце, вось, маю швагерку з хутара Хапачы: гароднінаю гандлюе, вось, на Сенным Рынку ў Беластоку. Але, яна ўжо пабывала, вось, у старажытным Егіпеце і прывезла адтуль, вось, не паверыце! — са дзве прыгаршчы турэцкага золата; адных пярсцёнкаў, ну вось, з дзесяць. I куды нам да яе?

— Ага, ведаеце! А наш універсітэцкі братоха за смешны грош калоціцца цэлае сваё жыццё са студэнтамі. Ведаеце, аднойчы заходзіць да мяне першакурсніца. Ведаеце, яна ў раскошным паліто, футравым, і ў парыжскіх «ботінках» з халявамі ёй па самыя го-одзі, усё на ёй чэсць чэсцю!..

Якісьці балван забубніў у акно «Блакітнага», усе ўбачылі, здаравезным кулаком. «Бяжыце, цётку, па сваю карову, бо палезла ў чужую шкоду пад маёнткам! Бу-бу-бу...»

Гэта да маці.

Яна, сканфужаная да апошняе чырвані, выбегла з дома. (Падумалася мне далікатнейшае: старая пакарысталася зручным выпадкам, каб не сядзець з намі і маўчаць, быццам тая дзяўчына, якую ўжо запілі і сват, аднак, не паўстрымаўшы языка, ляпнуў смачнае слоўца...)

Мы неўзабаве дагаварыліся і да тато, што ненайзначным дасягненнем нашага чачу з'яўляецца пашырэнне пачуцця панства — на мільёны людзей, на ўсякае прасталюддзе, без чаго не можа быць папулярным імкненне да культурнасці!..

Першым, як памятаю, зваліўся пад стол, вуаля, Сыльвусь!..


ЭЛЕГІЯ ПАКІНУТАГА ГНЯЗДА
Хаты вясковыя — гнёзды пакінутыя, якім не пачуць ужо галасоў маладых. Пад кашаль старэчы слухаць вам байкі пра лёс залаты сыноў, што ў чыноўніках ходзяць, і пра дочак замужжы панскія. А яны ж — не тыя птушкі, каб у старонне роднае вярнуцца. Пагінуць па свеце шырокім, паразлятаўшыся хто куды і нават туды, дзе ніхто не чакаў іх. Ім, аднак, хлебна ёсць там, на спадчыне той чужой, хоць — бывае — і зусім зязюльчынай. Куюць галасіста песню сваю шчасця ад сытасці безайчыннай, здаволеныя над здаволенымі.

А вёску тваю няхай яна заваліць разам з мінулым яе нялюдскім ды працаю гаротнаю, з доляй горкаю і сварнёю без сціхання, з усімі зайздрасцямі яе ды праўдамі тымі і няпраўдамі!..

Унукі твае, хаціна ты хілая, кажуць і казаць будуць: не дай Бог пад страхою тваёю нарадзіцца!


НА ПАРОЗЕ СТАРАСЦІ
I твае дзеці ўвойдуць у сумоту даросласці, бы вандроўнікі даўнія ў лес стараялінавы. Калі будзеш яшчэ жыць, дык паглядзіш за імі і нічога ўжо ім не скажаш. А яны ўсяго пачнуць здагадвацца ў тым, што і тваё жыццё не было надарэмным. I што апошнія наогул не бываюць першымі.

Успрымацьмуць, а ці мала хто, свет белы так, быццам створаны ён упярэдадзень іхніх нарадзінаў, і, вядома, досыць неразумна. Ажно прыйдзе і да іх той дзень і час, у які ціха скемяць пра паўторнасць сваю, як дачка пра замужжа ўласнае, зазвычай гэтак жа легкадумнае... А і пра тое, што — беларусам трываць, бяды ды паніжэння паспытаць трэба і ў гэту эпоху абяцаную, каб хоць чалавекам і цяпер застацца.

I, як лета цяплынь, узмацняе ў нас адчуванне свайго існавання, і нам добра тады апынуцца на рэчцы ў лузе, калі яна якраз цямнее ад буры, што валачэцца ды грыміць над лясамі, — так супакой жа нейкі блаславёны сыходзіць з вышыняў нават ад думкі аб тым, што, відаць, у даўніну таксама найбольш купаліся ў плыткаводдзі менавіта малыя, гэтыя стварэнні шчаслівасці, пры якіх абнаўляемся ж, праўда, усё часцей успамінамі, аднак жа.

Яны, ці бачыце, чужэюць, бо ёсць жа самі навіною, сутнасць якое ў змене чагосьці істотнага. Каб толькі да лепшага — вось няўпэўнеянсць век-вечная.


БАЦЬКАЎ ДОМ
Новы дом бацькі, хоць і гмахам здаваўся тады, галеў беднасцю. Пабудаваны быў, як і ўсе ў нас, майстраватай бесталаччу. Асядаў гадоў дзесяць, з поскрыпамі бэлек і тарарахам у вуглах; чарапіцу на яго рабіў зусім прыдурак, затое танна. У пакоях, з панскімі — для завідлівых — вокнамі і з вышынёй як бы палацавай патыхала запушчанасцю: шпалеры, наклееныя ў самым вялікім з іх, трэскалі ды маршчыніліся накшталт дыдактычнай мініяцюры альпійскіх гор — бачаных бацькам у нямецкую няволю, з якой гэта ён прынёс заядласць у сабе зажыць не па-тутэйшаму, прасторна і ў паўгарадской выгодзе.

Такой будовы людзі нам не даравалі. Бацька так нічога і не закончыў у ёй.

Ён старэў, як свечка гасне (трохі і распіўся быў). А я, шчабятлівы характарам, па-ластаўчынаму выпырхнуў у бяспечны Беласток. Там сваіх ужо дзяцей гадаваў, і мора мне было па калені. I пасля смерці бацькі спатрэбілася гадоў і гадоў, і глыбокай старасці маці трэба было, каб уцяміць, што няскончаным домам нашым я павінен заняцца. Магчыма, і таму таксама, што ў мяне завяліся большыя грошы ды і сынам маім выраслым ніадкуль мець кватэру ў трэці польскі крызіс...

Насамперад апланаваў я зграбны плот. Гаварылася мне з майстрам, маладым, лёгка і прыемна (як з кожным, хто пабываў далёка і ў чужых). У прызабытай глушы бацькаўшчыны я мілаваў яго, бы героя нашага часу: малайчына, ён першым вярнуўся да сваіх! Мы прыгожа сказалі і пра беларускі патрыятызм, напаследак адзін аднаму. А плот ставіў ён потым, рыхтык як той Бязбожнікавы Франак калісьці ксяндзу, аж ксёндз пачаў дурыць галаву самому Богу малітвамі аб канцы гэтай работы.

Дубападобную панэль і мэблю я абачліва заказаў у былым павятовым горадзе ў хвацкага столяра. «Будзе, проша пану», — адказваў ён мне праз цэлы божы год і ў другую вясну. Усякае наадбывалася паміж намі, і я — бяссоння нажыўшы — прызнаў: з плотам як-ніяк пашанцавала. Я дапамагаў столярысе дзяцей ёй няньчыць і агарод праполваць, каб толькі не было яму чым выкручвацца перада мною, бракам спакою ад бяздарнасці бабы (знаёмцы не ўпаткалі мяне тут, то і ганьбы мне, лічы, няма). Столяр — ён дбайна не выдаваў сябе халопам — кінуў усенькаі зрабіў нават больш усяго таго, за чым я заходзіў, але тады, калі западозрыў мяне, што я дабіраюся да ягонай жонкі, зіркастай і рагатлівай гультайкі, гэтым ён як бы падказаў спосаб, якога я і спрабаваў у гешэфтах сваіх паслейшых з гідраўлікам ды дастаў у морду. Я мацней і мацней здзіўляўся мноству тае мэблі ўсюды, шыкоўнай не па-фабрычнаму! Хто ж гэта яе вырабляе?

З гідраўлікам жа звязаўся, бы вады напіўшыся, хітра і вопытна: рамяснюга, ведай, думае не столькі пра тое, што табе парабіць, але чаго і як не зрабіць, а грошай з цябе настрыгчы. Мы гарласта пілі барыш ашуканцаў, ход з майго боку быў просты: глядзі, во, жывая з мяне аказія табе дзеля дарэмшчыны! Ён і дзюбнуў гэтую прынаду, яшчэ і матэрыял уласны дэклараваў мне, за які я яму тут жа задатак жменяй на стол паклаў. Прайграе той, хто ўзрадуецца, і хоць я ўжо спяваў за чаркаю, але шчыраваў ён, і таму верх потайны мой пакуль што быў.

Мантаж ваннай я ўпільнаваў да апошняе шрубкі (гікаўка ўрэшце знясіліла мяне ад перапою з ім). Ён адбіваўся, калі я сцягваў яму з ног у пасцелі боты; начаваў, зараза, тыдні тры. Уставіўшы радыятары ў пакоях, у перадпакоі і на кухні, і жалезную печку цэнтральнага, некуды сплыў ён мне з вачэй (яму не хапала дэталей, і ён казаў: пашукаю добрага і недарагога злодзея). Я не браў гэтага ў галаву, напытваючы тым часам, дзе б мне бетоншчыка наняць, каб пазбыцца граззя вакол дома і каб жа цэментавым тынкам ардынарны фундамент прыхарашыць. Згадзіў я такога ў самім Беластоку, трохі следам за падбеластоцкім гідраўлікам. I ў гэтым выпадку не абышлося без сакрэту — майстар еў хлеб свой з венгерскай кантрабанды, бетонамі займаўся для камуфляжу, работу ён мэнчыў. Ен з'явіўся ў нашым доме як чацвёрты, і маці не вытрывала са сваімі благімі прадчуваннямі.

— Яны зарэжуць цябе, сынок! Сказала яна, бы ў крыніцу гледзячы.

За ім, за гэтым варацілам, папрыбягалі, усё роўна што сабакі на спажыву, і той жа малады, каб яму я за плот даплаціў, бо грошы ўпалі і слаба са спекуляцыяй доларамі, і столяр (папраўдзе: скупшчык золата цыганам) тую бабу сваю прыслаў, бо агледзеўся, што замала ўзяў з мяне, і гідраўлік знайшоўся. Гідраўліку нешта яўна не ўдаваўся продаж заезджаных «фіяцікаў», якія набываў за бесцань і аднаўляў.

— Маразы ідуць, — загаварыў, ледзь паспеў я разявіцца на яго. — Вада як вада, замерзне возьме ў цэнтральным, калярыфэры патрэскаюць і руры, а каштуюць яны, ой, каштуюць...

— Ты-ты, — ускіпеў я ад раптоўнага здогаду: ён чагосьці не дарабіў назнарок!

— Лічыся пан са словамі, абразіш, дык гонар мой цану зацэніць, прыкінуўшы збольшага, падвойную, калі што, — супыніў мяне гідраўлік.

Я аддаў ім усё, што меў і чаго не меў грашыма, і страшэнна запазычыўся. Я пахаладзеў, я не думаў, я чагосьці не разумею, я папаўся...

Прысніўся мне бацька, дзіўна прысніўся: ён маўчау і я маўчаў.


* * *

Восень на Выгодаўскім прадмесці пачынаецца ў садках; пахне антонаўкамі. Нанач спускаюць з увязі сабак тут, замкнуўшы брамкі ў жалезных платах. Святло відаць у вокнах, што з балконамі, і з прачыненых у іх фортак чутна тэлевізійная гамана. Іншы раз нехта ходзіць па падворчыку, пасвечваючы эдектрычным ліхтарыкам, як бы свой злодзей. Або — узбурацца, вуркатаць легкавушкі ў гаражыках, усё роўна што на раптоўную эвакуацыю якую. Тады гулка бахне беларускі праклён ды суха пасыплецца польскае шматслоўе.

На прадмесці кладавяцца спаць няпозна. Нават тыя агеньчыкі ў паддашках гаснуць не вельмі каб апоўначы; так гэта жыве сваім моладзь.

Скандалы ўжо ціхія неяк, бы данос, на гэтай — бандыцкай некалі — Выгодзе. Не мардабойныя і без панажоўшчыны яны, баязлівецкія зрабіліся. Падумаецца — ад ганьбы такое заядла будуюць асабнякі і фарсяць у святы, ды ўсё ездзяць у Амэрыку тую!

У горадзе нуды, якім, ёсць Беласток, — у пустазельных завулках Выгоды, здаецца, пачуеш як вые туга.


ОДУМ
Паеля вайны вялікае мы школы паканчалі заўзята і, ўсе да апошняга, дарослымі зрабіліся. I на работу ў гарады трамваезвонныя ды з тратуарамі франтаватымі, бы на фэст які весялісты, пайшлі-паехалі. Грошы свае ж займелі, яшчэ з малаком на губах будучы, во дзіва цуднае было нам над дзівамі! Так працавалі там і ў якія хочаш змены, што сам Сізіф той пры нас гультаём здаўся б... Не з аднаго страху парабка, што маўклівым кватарантам сноўдаўся ў кожным з нас: а каб не турнуў хто на галытву тую бацькавую назад. За шанц жыць потым, як у байцы, браліся сутаргава, неадчэпна.

Мы палічылі, што мінулае сваё басаногае, дзякаваць Богу, у дурнях пакінулі спрытна. Таму сэнс усякі без нас або не ў нашым новаздабытым уявіўся тады да абсурду немагчымым, часам няхай сабе смешным да сакатлівага рогату. Маці задрыпаная з бацькам зацюканым, усё роўна што памылка несусветная лёсу людскога, у глухамані забеластоцкай беспатрэбна гароўна карпелі.. Свет цэлы не бачыў чагосьці такога з маладымі, ды й найстарыя са старых не зведалі аніколі. Як жа легкакрыла ішлося ў часы тыя і ў нагу несумненна ж!

Ой, стараліся мы ды перастараліся, не ў прыклад кажучы, быццам дзеці малыя, якім цацкі за гэта навюткія і фабрычныя, нікім не кранутыя, далі на свята прычаканае, урэшце. I захапіліся, ажно да першабытнага самазабыцця зацьменнага, у якое год за годам нам гады замігацелі ўваччу на падабенства лікаў тых выйгрышных на рулетцы нейкай азартнай. Стаўкі тадышнія на карту нашу запаветную дазвалялі пакуль на няшмат, спачатку на абноўку чаравічную, а затым і на касцюмную, з зашпількамі фарсістымі-серабрыстымі. Ну і разжыліся ж радасна і сяк ды так на мэблю блішчастую і на кватэры жаданыя з пакоямі гардзінна-шырокаваконнымі. А неўзабаве і ўнучанятамі, як анёлкамі, дзеда з бабкай з рукамі парэпанымі пацешылі мы па-панску для шыкоў-насці пад тайны свой комплекс хама на паркетах.

Дзяцей пагадавалі ж так, быццам яны былі не нашымі, але прысланымі панамі доўгапамятнымі нам на ўтрыманне смачнаежнае і выхаванне фінціклюшнае. Раслі яны панічамі ды паненкамі ў нас на хвалу ўсё-такі вясковую і вазілі ж іх туды што ні свята, у дрымоцце тое прыгуменняў, напаказ і на зайздрослівасць прыемную ад суседзяў у заплоцці. Лялькамі разадзетымі і шпанюкамі, якім толькі малака птушынага не хапала.

Як кажуць: і азірнуцца не паспелі, калі сівізна пасыпалася на галовы нашы інеем прымаразку першага, і вочы заімгліліся стомаю пасля дарогі такой пыльнадоўгай, малапраезнай у тое першапраходнае вандраванне наша. Песні, што спявалі мы ў вёсны маладыя і ў леты натхнёныя рэхам беспаваротным адляцелі на той свет, а словы родныя з родных непатрэбшчынаю цяпер на гарышчы хаты або ядлоўцамі на палях удзічэлых староння сардэчнага; душы ў пустапаш пустазельную вырадзіліся. Бацькоў сваіх вось крадком пахаваўшы на могліцах, хвайнячкамі бяспамяці зарастаючых за палеткамі пакінутымі, дзетак жа ў зямлю абяцаную або ў амерыкі шумна выправіўшы з кашалькамі тугімі, — агледзеліся, самотна век дажываючымі, каратаючымі дзень ды да вечара, над фатаграфіямі даўнімі тужліва паседжваючы... Адно неба засталося нязменна зорным, і буры пераджніўныя гэтак жа па-маладзецку грымотныя, і захады ў задуменні назаўсёды ціхім барвовыя, і маладзік месяца ў ноч Пятра і Паўла, бы перад колішнімі зажынкамі, цярпліва напамінаючым з нябёсаў над айчынай апустынелаю, што без сярпа перш не было б хлеба.

Як жылі, так і пражылі. Па законе старасці натужваемся думаць пра раней непрадчуваныя намі тысячагоддзі, разумеючы, хоць бессаромна позна, як блізка —-аднак! — адышліся мы наперад, нягледзячы на растлумачальную ды слушную гідлівасць нашу да існавання сярмяжнага пад стрэхамі саламянымі, пад якімі проста па-варварску былося. Добра, што, прынамсі, ўяўляем сабе бяздарна ўсё тое, колькі гэта нам застаецца да спасціжэння неспасціглых Элады і Рыма. Пытаем самі ў сябе з сумненнем, ад якога бярэцца мудрасць: а як гэта нас успамінацьмуць і ці прыстойным словам?


Оглавление

  • Сакрат Яновіч САМАСЕЙ
  • ПАСЕЯНАЕ ТАЛЕНТАМ
  • САМАСЕЙ
  • АПАВЯДАННІ