Мінскі напрамак. Том І [Іван Мележ] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Іван Мележ МІНСКІ НАПРАМАК

Раман у двух тамах. Том І


Падрыхтаванае на падставе: Іван Мележ, Мінскі напрамак. Раман у двух тамах. Том першы, — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1958.


Copyright © 2014 by Kamunikat.org


КHІГА ПЕРШАЯ Хмары на світанні

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел I


1...

Шабуніха на хвіліну стала. Грэбелька раптам перарывалася, далей была густая іржавая твань.

Жанчына зморана паглядзела наперад: сухое месца віднелася праз паўсотні крокаў. Людзі, што ішлі туды, грузлі ў твані ледзь не да пояса.

З Аўдоццяю Шабуніхаю было трое дзяцей: хлопчык год дванаццаці; дзяўчынка, худая, кволая, на год ці на два маладзейшая за хлопчыка; трэцяе дзіця, гадоў трох, яна несла ў хустцы, перавязанай цераз плячо. Аўдоцця з жалем паглядзела на дачку, як бы для таго, каб пераканацца, ці пройдзе тая. Непакоячыся аб дзецях, яна зусім забылася пра сябе, хоць i адчувала ў нагах, ва ўсім целе вялікую стому.

— Андрэй, стань з таго боку, вазьмі Вольку за руку, — загадала маці хлопцу.— Памагаць будзеш ёй... Цыц ужо ты! — строга крыкнула яна малому, што нясціхна вёў за спіною: ны-ы, ны-ы.

Аўдоцця мацней сціснула тонкую руку дзяўчынкі i маўкліва ступіла следам за ўсімі. Ногі адразу ўехалі вышэй кален у мяккую цеплаватую гушчу. Праз два крокі яна адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам наслалі на падатным грунце.

Церабіліся па твані марудна. Дзяўчынка крывілася, хочучы заплакаць, але стрымлівалася. Андрэй падбадзёрваў яе:

— Хіба гэта гразь! От мы на тым тыдні лавілі рыбу, дык прыходзілася ўлазіць па шыю — i то нічога...

Выбраўшыся зноў на сухое месца, Шабуніха, не спяшаючыся, выцерла пот з ілба, павярнулася назад. Глядзела нерухома ўдалеч. На твары з рэзкімі, амаль мужчынскімі рысамі, з плямамі засохлай крыві i гразі застыў адзін нязменны выраз трывогі i зморанасці.

У тым баку, куды глядзела Аўдоцця, над абрысам лесу клубілася чорная хмара дыму. Яна паднялася высока, закрыла сонца. За ёй — цёмна-шэрыя, невыразныя воблакі, падобныя да дыму, здаецца, што гэта не воблакі, а таксама дым. Усё неба зацягнута дымам.

Чым больш аддаляецца Аўдоцця ад таго лесу на беразе балота, тым вальней становіцца ёй. I разам з гэтым мацнее, уздымаецца неспакойная думка:

«Што там?»

Там, дзе засталіся партызаны, дзе яе Змітро.

Каля Шабуніхі праходзілі, нё спыняючыся, людзі, такія ж, як i Аўдоцця, стомленыя, устрывожаныя, маўклівыя. Старыя, маладыя, пажылыя, дзеці, з клункамі, без клункаў. Часам між людзей паслухмяна брылі каровы i коні, i здавалася, яны таксама разумеюць усё, што адбываецца навакол.

Тысячы ног тапталі нетрывалую грэблю, вялікае балота хлюпала, чвякала, уздыхала. Побач грэблі гарбаціліся павозкі, зваленыя набок, ляжалі коні, каровы — адны мёртвыя, другія — яшчэ жывыя — біліся, намагаючыся вырвацца з твані.

Шабуніха адвярнулася, паправіла на сабе хустку, узяла за руку дачку i пацягнулася далей.

— Божа мой... Божа мой... — пачула поруч з сабой Шабуніха.

Яна азірнулася на голас, убачыла старую жанчыну са схуднелым, зняможаным тварам. За плячыма ў старой вісеў клунак, напэўна, з дамашнім скарбам.

— Божа мой... I — куды? Куды, — каб ведалі!..— пыталася яна, ні да каго не звяртаючыся.

— Пра што ты? Што — куды? — не зразумела Шабуніха.

—Усё сяло знялася з месца. Усё кінулі... I пайшлі... Куды! Куды!..

— Дык нашто ж ты ідзеш, калі шкадуеш? — няласкава, з папрокам адгукнулася Аўдоцця.

— Э-э, нашто... Куды хочаш пойдзеш, абы не заставацца на пакуту гэтаму душагубу. Божа мой... Божа мой...

Аўдоцця ішла маўкліва. У галаве не было ніякіх думак, жыло адно жаданне — дайсці б хутчэй. Легчы на траву, выпрастаць здзервянелую спіну, даць спачын натруджаным нагам.

— Любка! Люба-а!— клікаў нечы асіплы голас.— Люба-а! А-а-а...

Аўдоцця ўбачыла непадалёк малую дзяўчынку, што ішла адна. Сукенка малой на плячы была парвана, тонкія ножкі залеплены граззю. Шабуніха пацягнула яе за вострае плячо.

— Гэта не цябе клічуць?

— Не... — абыякава адгукнулася тая, нават не зірнуўшы на Аўдоццю.

— А як цябе звать?

— Воля Рыгорава... З Забалоцця я...

А жанчына, што цягнулася побач, усё шамкала: «Што ж гэта? Што гэта?»

Голас гэты кружыўся вакол галавы Шабуніхі назойліва, як камарыны гуд. У нейкую хвіліну ён абарваўся, Аўдоцця пачула новае: «Ой, не магу». Яна не адразу дайшла да сэнсу таго, што сказала старая, i мімаволі азірнулася. Жанчына памутнелымі вачыма пазірала на траву, збіраючыся сесці.

— Што ты?— з непакоем схапілася за яе руку Шабуніха. — Не трэба спыняцца.

Старая дыхала зморана, з хрыпам. Нейкі час маўчала, нібы не разумела, што ёй кажуць, потым абыякава кіўнула галавою:

— Усё роўна... Не магу больш.

Аўдоцця ўзяла яе падпаху, падтрымала. Старая, адчуўшы падмогу, абаперлася i выпрасталася крыху.

— Пойдзем удзвюх, — сказала сурова, але спагадліва Шабуніха. — Так лягчэй?

— Лягчэй, — прашаптала жанчына.

Яны разам пабрылі па грэблі. Потым грэбля кончылася, i яны пайшлі па куп'і. Пачаўся дробны забалочаны лясок, у якім худыя алешынкі-недаросткі мяшаліся зрэдку з бярозкамі. Абмінулі моўчкі вялікую варонку ад бомбы, напоўненую да паловы рудой балотнай вадою. На вывернутай зямлі пры дарозе ляжалі забітыя з пачарнелымі тварамі. Над імі ніхто не плакаў, не жахаўся. У кожнага сваё гора.

Аўдоцця час-ад-часу ўстрывожана пазіралаў хмарнае неба, недаверліва прыслухоўвалася, ці не набліжаецца няроўнае перарывістае завыванне. Не разабраць. Адно было чуваць — ззаду густа траскочуць кулямёты, раз-по-раз даносяцца глухія моцныя выбухі.

Яна зноў спынілася i паглядзела назад. Там муж, Змітро, — там многа знаёмых партызан б'юцца насмерць з гітлераўцамі.

Ці ўтрымаюцца? Ці выжывуць?.. Грудзі Шабуніхі сціснула туга. «Змітро, беражыся, глядзі!» — нема падумала, папрасіла яна.

Аўдоцця прыцягнула да грудзей галоўку сына, моцна прытуліла.



2...

Праз дзве ці тры гадзіны Шабуня атрымаў паведамленне, што гітлераўцы прарваліся да брыгаднай пераправы. На шчасце, ix удалося затрымаць. Каб спыніць немцаў зусім, партызаны мост цераз рэчку ўзарвалі, а грэбельку на багністым узбярэжжы ў некалькіх месцах замініравалі. Атрады адышлі добра.

Аднак гэта рэзка пагоршыла становішча роты Шабуні, якая прыкрывала адыход атрадаў. Адступаць можна было цяпер толькі праз гнілое, дрыгвяное балота. Але самая большая бяда, пэўна, была ў тым, што немцы адразу ж супраць роты ўзмацнілі націск. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі.

Снарады i міны са свістам лажыліся спераду, ззаду, збоку. Здрыгалася зямля. Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. То ў адным месцы, то ў другім узляталі маладыя сасонкі, вырваныя з карэннем, кружачыся, падалі з павольна асядаючым пяском; згары сыпаліся ссечаныя асколкамі галінкі.

Адна міна ўцэліла ў ствол сасны. Коратка бліснула полымя, i дрэва пераламалася. Тонкая стромкая вяршыня, акрэсліўшы лапчастаю макаўкаю дугу, моўчкі апусцілася на зямлю. Застаўся цяпер тырчаць толькi камель з вострым белым верхам.

Туравец — камісар брыгады — разам з другімі ляжаў на траве, хаваючыся за камлі дрэваў. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна, хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў.

Калі раптам сціхла, Туравец не адразу пачуў, што настала цішыня, бо ў вушах яшчэ звінела. Ён атрос пясок, які насыпаўся за каўнер, прачысціў вушы...

Было так ціха, што ламала скроні.

Па пясчаным адхоне поўз, растаючы, горкі белаваты дым. Ад яго душыла ў грудзях i шчымела ў горле.

— Зараз пойдуць...— сказаў поруч Шабуня, поўны, з абвіслымі вусамі, немалады чалавек.

У голасе камандзіра роты Туравец пачуў непрыхаваную трывогу. Ён мімаволі зірнуў на Шабуню, — той глядзеў наперад, дзе былі гітлераўцы. На яго віслых вусах — чамусьці кінулася ў вочы камісару — ліпелі камячкі пяску.

— Ся-стру-у! — перадалі па ланцугу. Туравец заўважыў, як Ніна — сястра — праз хвіліну прабегла паўз яго.

Шабуня, не адрываючы позірку ад гітлераўцаў, гаварыў:

— Нічыпар, як ты думаеш: Ярмак, пэўна, цяпер далёка?.. Знік з-пад самага ix носа. Нам i не легка зараз будзе дагнаць яго... Мы знімемся, як толькі пачне цямнець. Я буду вясці, я тут добра ведаю кожную сцежку... — ён запыніўся i раптам вылаяўся: — Пайшлі... От, свалата!

Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Яны былі ледзь прыкметны на цёмнай зубчатай сценцы ельнічку.

Гітлераўды ішлі павольна, нястройным ланцугом, то сціскаючыся ў купкі, то разыходзячыся. Каб не гэты рух адсюль здавалася б, што яны стаяць на месцы.

На полі там i тут былі відаць трупы ў шэра-зялёнай вопратцы, енчылі непрыбраныя раненыя, a гітлераўды зноў ішлі. Пазіраючы на далёкія постаці, Туравец адчуў, як сэрца напаўняе напружанае чаканне.

— Упартыя!.. чортавае племя! — вылаяўся Шабуня.

Гэта было трэці раз. Трэцяя атака.

У чаканні атакі Туравец неяк заўважыў вялікую рудую мурашку, што спакойна i дзелавіта паўзла з паклажаю па пясчанай лысінцы між рэдкіх кусточкаў травы. «Бач ты! — здзівіўся i чамўсьці ўзрадаваўся камісар. — Тут, здаецца, канец свету, а яна i не шманае: маўляў, што мне да вас, да ўсяго, у мяне свой клопат!..»

Раптам з ельнічку, адкуль выбеглі салдаты, вынырнула прыземістая, падобная да чарапахі машына i, пакалыхваючыся з боку на бок, рушыла, пераганяючы пехацінцаў. Следам за ёй паказалася другая.

— Танкі! — крыкнуў нехта.

Шабуня на адзін міг кінуў на камісара быстры позірк, у якім былі відаць неспакой i трывога. Ён нібы шукаў падтрымкі ў камісара. У наступную хвіліну Шабуня ўжо камандаваў:

— Бранябойшчыкі-і-і... па танках!.. Падрыхтаваць гранаты!..

На адной машыне бліснуў агеньчык, i на ўзлессі нізка, са свістам ірвучы паветра, шугануў снарад.

Туравец, схапіўшы дзве гранаты, што ляжалі ў ямцы між карнявішча, крыкнуў на хаду Шабуню: «Я ў першы ўзвод!» Ён, нагінаючыся, хутка пабег між дрэваў. Над галавой шуганулі яшчэ некалькі снарадаў, але камісар нічога не заўважаў. Толькі, калі ўпаў каля аднаго партызана першага ўзвода, пачуў поруч стрэл бранябойкі. Кароценькі бранябойшчык з густым чубам, які спускаўся на лоб, хутка зарадзіў ружжо зноў i нібы прырос да яго, не зводзячы вачэй з сваёй цэлі, не заўважаючы нічога іншага.

Забітага камандзіра ўзвода замяняў Васіль Крайко, бялявы, з блакітнымі вачыма, хлопец у нямецкім афіцэрскім мундзіры i пілотцы з зоркаю. Ён быў насцярожаны i не па гадах суровы.

— Ну, што, салдаты,— горача?— знарок весела прамовіў Туравец.

Вася нічога не сказаў, але на твары мільганула скупая, ледзь прыкметная ўсмешка. Камісар асцярожна выглянуў у бок немцаў, — танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Яны рушылі паволі, напэўна, таму, што баяліся адарвацца ад пехацінцаў, якія, хаваючыся за бранёй, ішлі ўслед за танкамі.

— Дай наперад чалавека з гранатамі,— сказаў камісар. — Больш надзейнага выберы...

Па выразу твару Васіля Туравец бачыў, што ён ведае, які чалавек патрэбны. Значыцца, не трэба гаварыць, што гэты чалавек можа i не вярнуцца адтуль, але што паслаць туды чалавека неабходна. Ён павінен затрымаць машыну, не дапусціць яе сюды.

У тую ж хвіліну Туравец заўважыў, што паблізу хтосьці ўскочыў i, утуліўшы галаву ў плечы, баязліва кінуўся наўцёк да зараснікаў, якія былі ззаду.

Камісар, быстры i рашучы, ускінуў аўтамат, — у чорных вачах бліснулі жорсткія агеньчыкі.

— Куды? Стой!— гнеўна крыкнуў ён i пусціў чаргу. Уцякач прысеў нерашуча. — Назад!

Той неахвотна паслухаўся, згорбіўшыся, як мага, падаўся да свайго месца.

— Эх ты, ваяка!— насмешліва сказаў Туравец.— Танкаў напалохаўся! Не бачыў ix ніколі?

У гэты час ён пачуў радасны вокліч Васіля. «Што такое?» — Туравец зірнуў на яго. Хлопец, не зводзячы вачэй з поля, ашалела, радасна крыкнуў зноў:

— Гарыць!

Адзін танк стаяў нерухома i густа дымеў. У радах гітлераўцаў, што ішлі за ім, пачалося замяшанне. Некаторыя пападалі на зямлю, каб аберагчыся ад куль, іншыя збянтэжана сталі.

Аднак другі танк не павярнуў назад, ён прыпыніўся i адкрыў па ўзлессю лютую, бязладную страляніну, a потым, зароўшы, ірвануўся з месца і, як раз'юшаны звер, паімчаў наперад. У адказ яму спорна загрукалі бранябойкі.

Схапіўшы гранаты, Крайко выглянуў з-за дрэва, выбраў зручную хвіліну i ўюном спрытна папоўз да варонкі каля пасечанага кусточка, насустрач гітлераўцам.

— Чаму сам? — хапіўся Туравец.

Вася ўжо нічога не чуў. Яго бялявая чупрына паказалася ў ельніку i знікла, — кусты схавалі яго.

— Гра-на-а-а-ты! — крыкнуў Туравец, але ў грукаце страляніны словы яго мала хто пачуў. Ён паспешна ўставіў зіхатлівыя медныя запалы i паказаў гранату, заціснутую ў руцэ. Танк амаль бесперастанна сек з кулямёта.

Туравец азірнуўся на партызан, як бы правяраючы, ці не падвядуць.

Ён пачуў у перапынку між чэргаў натужны шум матора. Зямля дрыжала. Туравец выглянуў — танк ішоў не на яго пазіцыю, a збочыў, кіраваў прыкладна туды, дзе знаходзіўся камандны пункт Шабуні. За танкам пыхкаў струменем дымок i валаклася хмарка пяску.

Зноў мільгнула між хмызняку, збоку ад танка, жвавая бялявая галава, хутка ўскінулася рука. Яны адразу ж зніклі зноў з вачэй, i амаль у той жа міг з-пад гусеніцы ўдарыла полымя. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. З разлёту ён зрабіў круты круг i павярнуўся да Тураўца кармой, нібы хацеў уцякаць.

Тут, адчуўшы, што кулямёт б'е не ў яго бок, Туравец зноў выглянуў. Танк стаяў, як укапаны, нахіліўшыся, ахутаны пылам i дымам. Вежа яго хутка паварочвалася, i праз які міг з кулямёта пачалі секчы па партызанах, абараняючыся, пакуль падыдуць пехацінцы. Але перад танкам быў даволі шырокі прасцяг, з якім цяжка было ўправіцца. Вежа яго цяпер безупынна круцілася. Ён нагадваў параненага звера, які не можа ўжо кінуцца наперад, але яшчэ мае сілы агрызацца.

У яго то адсюль, то адтуль кідалі гранаты, большая частка якіх не далятала. З розных кірункаў у яго сыпаліся кулі.

Танк пачаў дыміцца. Дымок цягнуўся спачатку скупымі струменямі. Потым на вежы падняўся люк, i разам з клубамі дыму, што густа выбухнуў угару, адтуль вываліўся танкіст.

Тады ўвесь агонь быў скіравамы на пехацінцаў, якія набліжаліся да сваёй машыны. Гітлераўцы не спыніліся, не залеглі, a яшчэ напорней кінуліся наперад. Вось яны ўжо абышлі машыну. Яны ўсё бліжэй, бліжэй. Ужо добра, ясна відны ix злосныя, потныя, распаленыя твары, мокрыя, зліплыя валасы...

Яны ўжо каля самага ўзлесся!..

Tоe, што было далей, Тураўцу помніцца незвязанымі, зблытанымі ўрыўкамі. Кароткай чаргой з аўтамата ён ва ўпор забіў аднаго салдата i раптам заўважыў, што дыск апусцеў. Збоку на яго наваліўся гітлеравец-аўтаматчык, замахнуўся прыкладам, і, мусіць, Туравец не ўправіўся б абараніцца, але нехта з партызан акурат у той міг ударыў аўтаматчыка прыкладам па галаве.

...Ледзь толькі націск немцаў паслабеў i яны сталі адступацца, Туравец, як падхоплены хваляй, выскачыў з лесу. Цела яго было дужым i лёгкім.

— Першы ўзвод! За мной!

Не азіраючыся, ён пабег за ўцекачамі, адчуваючы, што партызаны рушылі следам...

Толькі пасля таго, як партызаны сталі вяртацца назад, радуючыся перамозе, Туравец заўважыў, што левая рука яго ные i рукаў намок ад крыві. Кроў запырскала гімнасцёрку i штаны. Калі яго параніла?.. Ён адчуў, што рука нібы налілася свінцом. Падтрымліваючы яе здаровай рукой, заціснуўшы пальцам артэрыю, Туравец пайшоў да акопа.

— Дайце, я перавяжу, таварыш камісар, — пачуўся раптам голас Васіля Крайко.

Туравец здзіўлена павярнуўся: ён думаў, што Васіль застаўся на полі, i паслаў ужо людзей падабраць яго. Аж не — жывы i нават не паранены! Аб тым, як Вася выратаваўся, ён не запытаўся, прымаючы з задавальненнем самы факт.

Вася пачаў перавязваць Тураўцу рану. Хлопец яшчэ гарэў ад нядаўняй узбуджанасці, i рукі яго непаслухмяна дрыжалі.

— Далі мы ім, таварыш камісар! Я думаю, больш не сунуцца.

— Не суінуцца, кажаш? Чорт ix ведае, сунуцца ці не, — адказаў камісар.— А што далі, то далі! Па-сапраўднаму адсыпалі.

— Поўнаю меркай!

Туравец агледзеўся. Усюды былі сляды нядаўняй бойкі. Ляжаў побач забіты гітлеравец, другі, крыху далей, яшчэ курчыўся ў перадсмяротнай агоніі. Каля ix сядзеў, прытуліўшыся да камля, мёртвы партызан. Калі Туравец убачыў гэта, твар яго спахмурнеў i радасць сцішылася. Адразу больш заныла рана, — не ў тым месцы, дзе яна была, а вышэй, у локці.

Услед за гэтым ён пачуў, як нехта сказаў:

— Камандзіра роты забілі...

— Каго? Шабуню?..

Туравец, устрывожаны, прытрымліваючы параненую руку, пабег да Шабуні.

Змітро ляжаў на траве, дзіўна непадобны на сябе. Твар яго быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага; віслыя рудаватыя вусы здаваліся рэдкімі, i на ix ўсё яшчэ ліпелі пясчынкі. Вочы былі заплюшчаны.

Каля яго на каленях, рупліва аглядаючы рану, стаяла Ніна.

Камісар хутка нахіліўся да Шабуні, прыклаў руку да яго грудзей i адчуў ціхія, кволыя ўдары сэрца.

Шабуня стомлена, з намаганнем расплюшчыў вочы, але позірк яго быў чужы i невідучы. На міг вочы запыніліся на гімнасцёрцы камісара, потым абыякава глянулі некуды ў неба i заплюшчыліся.

— Што ў яго?

— У грудзі i жывот...—сказала Ніна.

Яна выняла бінт, пачала рабіць павязку. Перавязвала Ніна ціха, асцярожна, баючыся зрабіць балюча, твар яе пры гэтым перасмыкаўся раз-по-раз ад болю, нібы раненай была яна сама.

Туравец адной рукой дапамог ёй павярнуць Шабуню на бок.

Шабуня раптам апрытомнеў,— у цьмяным позірку мільганула занепакоенасць. Туравец адразу нахіліўся да яго.

— Ну, што... фрыцы?..

— Адбілі, Змітро. Адагналі фрыцаў. Ледзь уцяклі гады, падмазаўшы пяты. А многа палажылі тут назаўсёды. Абодва танкі спалілі.

— Адбілі, — паўтарыў Шабуня, i памаўчаўшы, як бы збіраючыся з думкаю, прамовіў ціха: — Шкада...

— Чаго шкада? — не зразумеў Туравец.

— Паміраць... шкада...

Шабуня зноў заплюшчыў вочы. Туравец паклаў яму пад галаву згорнуты пінжак, каб зручней было ляжаць, i загадаў хлопцам вынесці Змітра да ўзбалотку, дзе былі ўсе раненыя. Ніне сказаў:

— I ты ідзі туды, даглядай за ім. Зрабі ўсё, што можна...

Паглядзеўшы сумна ўслед Шабуню, Туравец паклікаў Дразда, нізенькага, з чырвоным тварам чалавека, які быў камандзірам другога ўзвода, i загадаў прыняць роту.

Прысеўшы потым каля дрэва, абапёршыся спіною аб шурпаты паранены ствол, каб перадыхнуць, ён неўспадзеўкі пачуў, як у перапынкі між рэдкіх стрэлаў мірна шумяць-гамоняць вяршыні сосен ды дзяўбе недзе сухадрэвіну дзяцел: дук-дук-дук-дук.

Сонца хавалася за дрэвамі. Яно прабівалася праз галлё сосен, кідаючы негарачыя чырванаватыя, як звычайна перад вечарам, праменні на гонкія бронзавыя ствалы, на траву.

Туравец заклапочана думаў аб тым, як ён будзе з партызанамі выбірацца адсюль, з гэтага лапіка зямлі. Iм цяпер застаўся адзін шлях — па балоце, па незнаёмых гнілых сцежках. Карта тут мала чым можа дапамагчы, на ёй толькі відаць вялізная, з блакітнымі рыскамі пляма. Яна не гаворыць аб тым, як тут можна прабіцца змораным людзям, якім трэба несці на сабе раненых i зброю.

«Тут жа Дрозд працаваў да вайны старшынёй калгаса!»— узрадавана ўспомніў ён. Туравец паклікаў Дразда, запытаўся, ці добра ён ведае балота, ці зможа цераз ix правесці ўночы.

— Цяжкавата, Нічыпар: балоты разліліся вельмі.

— Разліліся...

— Але нічога, — супакоіў Дрозд Тураўца, — думаю, што выведу...



3...

Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Карыстаючыся цемраю, партызаны з палёгкай пакідалі ўзлессе, на якім прабылі поўны грозных падзей час.

Па ціхіх, стрыманых галасах, што адразу пажвавелі, Ніна Лагуновіч адчувала, як палягчэла на душы ў людзей. Ix мала непакоіла тое, што будзе заўтра, яны ведалі, што перабылі дзень, пражылі як трэба, па-салдацку, a цяпер пойдуць — i не будзе зараз трывогі такой i смерці.

Ніна таксама паспакайнела. Яна была спакойнай больш за ўсё таму, што Туравец з імі, разам з ротаю: Туравец тут i, значыцца, усё, што можна i трэба, — будзе зроблена.

Вечар быў ціхі i цёплы. Гітлераўцы адпачывалі. З-за ельнічку даносілася чужая п'яная песня з выкрыкамі ды час-ад-часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце...

«Ну, вось, Аляксей, мы i скончылі дзень! Нялёгкі быў гэта дзень», — праплыло ў Нінінай галаве. Ён даўно быў далёка, яе Аляксей, яе друг, яе муж, але яна ўвесь час адчувала яго поруч i часта, ці ў горы, ці ў радасці, нібы размаўляла з ім.

Даўно не бачыліся Ніна i Аляксей. Ён пайшоў у армію яшчэ да вайны, зімою, калі Ніна вучылася ва ўніверсітэце, на апошнім курсе. Толькі паўгода яны i пражылі разам. Затое, якія гэта былі паўгода: іншыя, напэўна, пражыўшы ўсё жыццё, не маюць столькі шчасця, колькі яны за тыя хуткія месяцы.

З першага ваеннага лета ад яго не было ніякіх вестак. Яна ведала толькі, што ён недзе на фронце, можа, нават недалёка ад яе, ад Мінска, бо яго часць была пад Брэстам. Калі Мінск пачалі бамбіць, ёй вельмі не хацелася пакідаць дом, куды ён мог раптам забегчы або прыслаць вестачку. Толькі на пяты дзень гэтых страшных бамбёжак Ніна вышла з горада, намерваючыся дабрацца да Магілёва, а адтуль паехаць да сваякоў, што жылі пад Масквой.

Але адысці ёй удалося недалёка: наперадзе немцы высадзілі дэсант. Ніне прышлося вярнуцца ў Мінск...

У той страшны год у яе нарадзілася дачка... I тады, i пасля, калі яна з падпольшчыкамі разносіла лістоўкі i калі яна жыла ў атрадзе, усе гэтыя тры доўгія гады разлукі, Аляксей быў амаль заўсёды з ёю. Робячы што-небудзь, Ніна думала, як бы на гэта паглядзеў Аляксей. I калі здавалася, што ён быў бы задаволены, радавалася.

Дзе ж ты цяпер, Аляксей?!

...Яна ішла па ахутанаму змрокам узлессю, якое было густа ўсеяна варонкамі. Між ствалоў сосен усюды валялася ссечанае сукаватае галлё.

Стала спускацца з пагорка ўніз i неўзабаве апынулася на куп'істай мяккай сенажаці. Шум крокаў, заўважыла Ніна, адразу змяніўся: не было чуваць больш трэску сухіх галінак, ногі аднастайна шорхалі ў высокай някошанай траве. У твар патыхнула халоднай балотнай вільгаццю.

Цемра хутка гусцела — закрывала не толькі кусты наводдаль, але i траву пад нагамі. «Як яны вядуць у такой цемры?»— здзіўлена падумала Ніна пра Тураўца i Дразда, якія ішлі ўперадзе.

Усе брылі моўчкі, — адчувалася, што людзі вельмі стаміліся. Было толькі чуваць, як хлюпаюць ногі ды часам рззка бразгае жалеза.

Хутка мясціна, па якой ішлі, пагоршылася — пачалася дрыгва.

Пад нагамі, пад тванню, у адным месцы Ніна адчула крохкі слізкі пласт. «Лёд яшчэ...»

Партызаны, якія неслі Шабуню, часта спыняліся адпачыць: Шабуня быў поўны целам, важкі.

Напэўна, ад начной прахалоды да яго зноў вярнулася прытомнасць.

— Хто вядзе роту? — перамагаючы боль, запытаў ён.

— Дрозд...

— Дрозд?.. — Ён памаўчаў i сказаў, каб паклікалі Тураўца.

Туравец неўзабаве падышоў.

— Нічыпар, ты?.. Прашу... — Шабуня гаварыў нязвычна, перарывіста, з прыдыханнем. — Паклапаціся, Нічыпар, пра маіх... малых... Перадай жонцы... — ён памаўчаў, відаць збіраючы сілу, але так i не дагаварыўшы, што перадаць, запытаўся: — Ты чуеш?

— Чую, Змітро, — чую!

— Нічыпар...

— Што?

Ён раптам ціха, але рашуча прамовіў:

— Пакінь мяне...

— Чаму гэта — пакінуць?

— Хопіць, Нічыпар... мучыць людзей...

Шабуня спакойна скончыў:

— Мне ўсё роўна мала засталося...

Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Яна дзівілася вынослівасці гэтага чалавека, які страшэнна пакутаваў ад раны. Ён ні разу не застагнаў, толькі калі было вельмі балюча, моцна лаяўся.

Ніна чакала, што Туравец адкажа на просьбу камандзіра роты. Заспакоіць, што ён выжыве? Скажа няпраўду, якую гавораць слабым i даверлівым?..

— Не плявузгай глупства, Змітро!— знарок няласкава, строга, быццам загад, прамовіў Туравец.

Ніне спадабаўся такі тон размовы з Шабунем. З ім інакш нельга.

Нібы падмацоўваючы свае словы, камісар здароваю рукою ўзяўся за біла насілак, Шабуня паспрабаваў пярэчыць, але нечакана замармытаў штосьці незразумелае, — пачалося трызненне.

Наперадзе цьмяна зашарэла шырокая паласа вады.

«Што гэта?— стала ўзірацца Ніна.— Лужына якая ці балота? Ці, можа, рэчка?» — Пабачыўшы, што Дрозд паслаў у разведку двух чалавек, Ніна намацала купіну i апусцілася на яе. Карыстаючыся прыпынкам, іншыя партызаны таксама адпачывалі ды ціха перагаворваліся.

— Давайце сюды! — вынырнула з цемры постаць.

Усе заварушыліся, група выцягнулася ўсцяж вадзяной паласы. Гэта была рэчка. «Відаць, Турэйка»,— падумала Ніна.

Перш за ўсё пачалі перапраўляць раненых. Рэчка была даволі глыбокая, i насілкі з параненымі прыходзілася несці на плячах. Калі першыя перабраліся на той бок, Ніна, палажыўшы камсамольскі білет i іншыя дакументы пад хустку, каб не замачыць, пайшла таксама ў ваду.

З кожным крокам Ніна апускалася ўсё глыбей.

Паверхня вады ўжо даходзіла да грудзей, а дно ўсё зніжалася. Вада была такая халодная, што ў яе заняло дыханне.

«I як гэта ніякая хвароба не адужае мяне?» — мімаволі падумала Ніна.

Калі вышла на бераг, доўга не магла сагрэцца, яе трэсла ад холаду. Адзенне хлюпала i ліпла да цела.

Усе адразу хутка рушылі далей, стараючыся ў хадзе хоць крыху сагрэцца.



4...

Павеяў лёгкі, жвавы ветрыік: пачьшала світаць. Кароткая вясновая ноч канчалася, але неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае.

Туравец дазволіў спыніцца. Людзі, стомленыя, знясіленыя ад бяссоцня i трывогі, адразу валіліся на зямлю i засыналі, — адно чуўся глухі стогн раненага, які часам суцішаў свой боль салёным моцным словам.

Людзі спалі непрабудна, хоць дождж не пераставаў i рэдкія, з кволым лісцем галіны дрэваў, што былі над імі, амаль не ахоўвалі ад вады.

Прысеўшы каля куста, Туравец таксама паспрабаваў заснуць, але ў яго так балела галава i гарэлі вочы, што сон не прыходзіў.

Праз нейкі час вецер разагнаў хмары ў вышыні i дождж сціх. Адразу пасвятлела. Відаць, ужо ўзышло сонца, але яно не магло прабіцца праз хмары, што аблажылі небасхіл.

Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука.

Павязка за ноч аб'ехала, намокла на дажджы, бінты скруціліся, як жгуты. Туравец паправіў ix другой рукой, рассунуў так, каб яны лепш прыкрывалі рану: «Хоць бы не было гангрэны. Гэтыя эскулапы, не задумваючыся, могуць адхапіць руку».

Туравец сеў на траву і, стараючыся не вярэдзіць раненую руку, зняў боты, выкруціў мокрыя анучы, — прыціскаючы адзін ix канец нагамі да травы. Ён аж змарыўся з непрывычкі, пакуль пераабуўся...

Ён крыху адышоў ад мясцінкі, дзе спалі ўсе, адшукаў маленькую лужыну. Яе акружалі з трох бакоў раскідзістыя кусты. На галлі алешын з пупышак, якія толькі палопаліся, выглядвалі вострыя згорнутыя лісточкі, акропленыя ранішняю расою. Вада была такая празрыстая, якая можа быць толькі ў лесе i ўвесну, у ёй, як у лепшым люстры, адбіваліся кусты i цьмянае неба.

Туравец спыніўся на самым беражку, дзе расла светла-зялёная мокрая трава, якая мякка слалася пад нагамі, пахіліўся над вадою, убачыў сябе: схуднелы, аброслы твар, смаляныя калматыя валасы. Не было калі i пагаліцца! Нахіліўся i, стараючыся не патрывожыць раненую руку, зачэрпнуў жменяй вады i пырснуў у твар. Калі, скінуўшы кроплі з твару, ён адступіўся ад берагу i выцерся краем вільготнай сподняй сарочкі, — стаў адчуваць сябе больш бадзёра i свяжэй.

З-за блізкіх кустоў вырвалася i прашумела чарада качак: фр-фр-фр. Ён правёў ix вачыма, мімаволі прывычна разлічваючы, колькі трэба б «выносіць» ствол стрэльбы.

«Крыжакі. Качак у гэтым годзе процьма».

Ён быў заядлым паляўнічым, але думкі пра качак адразу адышлі: не да таго, не да ix. Заныла ў грудзях: эх, Шабуня, Шабуня...

На нейкую хвіліну хмары на небасхіле разарваліся, i з ix цікаўна глянула сонца. На мокрым ад расы лісці зазіхацелі ранішнія праменні. Сонечны прамень нібы пранік у сэрца камісара, у якім стаяў змрок мінулай ночы.

Туравец адчуў, што вельмі галодны.

Ён пашукаў у кішэнях — нідзе не было ніводнай хлебнай крошкі. Стаў успамінаць, калі еў апошні раз, — ён спехам сяк-так падсілкаваўся ўчора ўранку, a потым усё — бой, бой, клопат, так што не было калі пра яду нават падумаць...

За смуткам пра Шабуню, за ўсімі думкамі стаяла адна, галоўная, якая непакоіла яго ўвесь час: «Што з брыгадай? Што з іншымі атрадамі?»

Ён ведаў, што брыгада павінна пераправіцца i сабрацца ў Загальскім лесе, як яны дамовіліся з Ермаковым. Але ці ўсе ў парадку пераправіліся, у якім стане атрады, ці гатовы яны да бою, — гэтага ён не мог сказаць. Які настрой у людзей пасля ўчарашняга дня? Хацелася ўсё гэта ведаць, а ён у такую хвіліну вымушаны сядзець у нейкім балоце, трывожыцца ад невядомасці.

Да яго з дзіўным, вінаватым тварам падышла Ніна i, не гледзячы ў вочы, сказала:

— Шабуня... памёр.

Хоць вестка, якую Ніна прынесла, не была нечаканая, яна выклікала ў камісара адчуванне горычы i бездапаможнасці. Нічога не гаворачы, Туравец устаў, пайшоў за Нінай.

Шабуня ляжаў выцягнуўшыся, нерухомы i непрывычна спакойны. За ноч ён страшэнна -схуднеў, так што цяжка было пазнаць; вусы звіслі ніжэй, робячы твар вузейшым i доўгім.

«Паміраць... шкада», — згадалася раптам Тураўцу. Прыгадалася, што зусім нядаўна Шабуня непакоіўся, як будзе дабірацца да сваіх...

— Ідзі, адпачні, — зірнуў камісар на Ніну, — хутка пойдзем.

Нахіліўся, пацалаваў таварыша, адчуўшы да шчацэ мяккі дотык вусаў, выняў з яго кішэні партбілет, усе дакументы, асцярожна, быццам баючыся разбудзіць, накрыў палаткаю.

Неяк не хацелася верыць, што Шабуня памёр. Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Тураўцу заўсёды здавалася, што Шабуню нельга ніяк аддзяліць ад яе.

I вось Шабуні ўжо няма...

Горкая крыўда сціснула горла Тураўца. Сум напоўніў яго сэрца, i ад гэтага ўсё навокал зноў пацямнела. Апанаваны горам, ён пайшоў, не выбіраючы дарогі, абы-куды, стараючыся суцішыць боль.

Ён натрапіў на вартавога. На варце быў юны парывісты Крайко, які падарваў танк. Ён стаяў, прытуліўшыся спіною да невысокая балотнай бярозкі.

— Не спіцца, таварыш камісар? — вывеў ён з забыцця Тураўца. — I мне таксама — ну, праўда, — не хочацца спаць, хоць i аўтамат проста з рук валіцца.

Ён, было відаць, узрадаваўся, што ёсць, з кім пагаварыць, што можна парушыць нудную, цягучую маўклівасць, якая акружала яго.

— Шабуня памёр, — сказаў Туравец.

— Памёр? — перапытаў Крайко.—Эх!

У гэтым «эх» Туравец адчуў няўцешную крыўду i боль.

— Добры камандзір i чалавек быў... незаменны.

— Камуніст быў добры.

Васіль некалькі хвілін маўчаў.

— Таварыш камісар, — парывіста сказаў ён, — а калі я... падам у партыю, могуць прыняць?

— Думаю, могуць.

— Вы ведаеце, — загаварыў даверліва Васіль, — я даўно хацеў сказаць вам аб гэтым, ды неяк не асмеліўся. У партыю ж людзей асобых прымаюць. Не то што сумленных, бо i я таксама сумленны, а асобых — самую гвардыю. А цяпер — падам...

— Падавай.

— Не можа быць, каб не прынялі, а? Я гэтых фашыстаў буду так біць, так біць!..



5...

Пабудзіўшы некалькі партызан, камісар папрасіў ix выкапаць на невялічкім-узгорку, паблізу двух блізнят-бярозак, магілу для Шабуні. Ён паспрабаваў i сам капаць, але рабіць гэта адной рукой было вельмі нязручна, i ён аддаў рыдлёўку. Адышоўшы крыху ўбок, Туравец зняў гімнасцёрку i разаслаў на кусточку, каб высахла.

Сонца ўзнялося над хмарнай аблогай, i ўсё навокал урачыста зіхацела. Было незвычайна свежа i чыста. Такія раніцы, ведаў Туравец, бываюць толькі вясною; яны падымаюць i бадзёраць чалавека,— само паветра такое, што лье ў сярэдзіну сілу.

У гэты час яго ўвагу кранула адна акалічнасць: Туравец заўважыў, што прачнуўся Грэчка. Цікаўнасць камісара была выклікана тым, што Грэчка ўвесь час спаў трывожна, стагнаў у сне i прасіў аб нечым. Цяпер той сеў, пачухаў галаву, агледзеўся вакол соннымі здзіўленымі вачыма. Як толькі вочы яго ажылі, на твары лёг пакутны цень. Грэчка занепакоена ўлавіў на сабе позірк i зірнуў на Тураўца, — камісару здалося, што ён хоча аб нечым запытацца, але не асмельваецца. Калі Грэчка азірнуўся, Тураўцу раптам успомнілася, што гэтак ён паглядзеў учора, уцякаючы ад танкаў, калі камісар спыніў яго.

Грэчка ўстаў цадышоўшы крыху, убачыў раптам Шабуню. Ён хутка, амаль спалохана адвярнуўся ад нябожчыка i падаўся прэч. Спыніўшыся каля лужы, партызан стаяў некалькі хвілін, як бы ў глыбокім роздуме. Туравец бачыў толькі яго калматую галаву i плячо, якія віднеліся між двух лазовых кустоў. Вярнуўся ён не памыўшыся, з чорнымі тарфянымі плямамі на твары.

Грэчка лёг, але не заснуў i хутка зноў падняўся. Ён дастаў з кішэні кавалак хлеба, стаў паволі жаваць i ўсё панура маўчаў, паглыблены ў нейкія свае думкі.

Туравец неўзабаве загадаў яму будзіць усіх.

Ніна доўга не магла адолець сну.

— А-а? Устаць? Добра, зараз, — прамармытала яна, не расплюшчваючы вачэй, але, калі Грэчка адышоў, зноў заснула.

У другі раз партызан быў больш настойлівым, не адступаўся датуль, пакуль яна не ўстала. Цяжка было Ніне расплюшчваць быццам склееныя вейкі, ранішняе зіхатлівае святло рэзала засмужаныя, хмурыя вочы. Можа, лепш было б, каб яна не лажылася зусім.

Ужо амаль усе сабраліся, i Ніна, як толькі сагнала сон, заспяшалася, каб не адстаць ад іншых. Яна спехам памылася, выцерла твар i рукі ручніком i хуценька прычасала скалмачаныя, крыху кучаравыя, валасы.

Шабуню хавалі маўкліва i проста. Апошняга развітальнага залпа не было, бо недзе блізка маглі таіцца немцы. Не было слёз, усіх трывожыла няпэўнасць становішча.

— Шукаць трэба сваіх хутчэй,— сказаў Крывец, пажылы кулямётчык, калі на невялікім шэрым капцы Дрозд паставіў вешку. — А то як пчолы, што адбіліся ад вулля.

Грэчка адразу адгукнуўся:

— А што там — невядома яшчэ. Можа, i там не рай. Ад брыгады, мусіць, цяпер рожкі ды ножкі.

Туравец, які ўжо чакаў каманды Дразда ісці, запытаўся з іроніяй у Грэчкі.

— Адкуль у цябе, прыяцель, весткі такія?

Грэчка, прыладжваючы мяшок за плечы, падняў позірк на камісара i панура запытаў:

— Дзе ж брыгада?

Туравец адчуў, як усе сціхлі, чакаючы адказу.

— Як — дзе? Брыгада там, дзе ёй трэба! — прамовіў ён спакойна i цвёрда. — А цябе, прыяцель, прашу язык за зубамі трымаць, каб не матляўся лішне. А то прыдзецца пакараціць.

— Нават, калі што i сталася з ротаю, дык яна ж не адна, — адгукнуўся Крывец.

— I другія так жа... драпаюць, — не ўтрымаўся Грэчка. Ён, ні на каго не пазіраючы, паварушыў плячыма, правяраючы, як сядзіць мяшок, узяў у рукі вінтоўку.

Але тут да яго парывіста ступіў Васіль, сціснуўшы аўтамат i змерыўшы Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачыма, якія гарэлі ад гневу i абуранасці.

— Што? М-мы драпаем? — прамовіў, заікаючыся ад узрушэння, Крайко, гатовы зараз ухапіцца загрудкі. — Кажы: м-мы драпаем?

Ніжняя, па-юнацку пухлая губа яго дрыжала. Грэчка разгублена аглянуўся вакол, шукаючы падтрымкі, але сустрэўся з насцярожанымі, непрыхільнымі позіркамі.

— Ну, прывязаўся. Хіба я ведаю, як другія.

— Не ведаешь — не кажы!

Туравец, які сачыў за гэтай сцэнай, загадаў выступаць. Лепшага адказу на словы Грэчкі i не трэба было. «Раскіс сам ды яшчэ над другімі каркае!» — падумаў камісар непрыязна i рашыў, што трэба будзе наглядаць за Грэчкам.

Крайко неахвотна адступіўся ад Грэчкі, з сілай кінуў аўтамат за плячо.

— Драпаюць! Бач ты, зараза...

Ён доўга не мог супакоіцца.

Прыкры ўспамін аб размове з Грэчкам не пакідаў i камісара.

Прайшоўшы крыху, ён, нібы правяраючы настрой людзей, азірнуўся назад i ўбачыў непадалёк Ніну. Туравец заўважыў,— светлы, з тонкімі рысамі твар, на які выбіваліся з-пад хусткі пасмамі жытнія валасы, за гэтую ноч асунуўся i пашарэў. Яна ступала за ім, гледзячы на сляды, як бы баялася згубіць сцежку.

Пасля гэтага вочы Тураўца сустрэліся з позіркам Васі. Ад чыстых, даверлівых вачэй хлопца, ад адчування, што гэтыя людзі вераць у яго, камісара, прыкрасць знікла.

Раптам наперадзе, там, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучала аўтаматная чарга i некалькі асобных стрэлаў.

Усе адразу спыніліся. Ix абступаў вакол часты хмызняк, над якім дзе-нідзе ўзносіліся рослыя асіны i вольхі.

Туравец паслаў Васю Крайко наперад:

— Даведайся, што здарылася.

Там перастрэлка памацнела, i камісар, не чакаючы Крайко, стаў прабірацца між кустоў наперад, трымаючы аўтамат напагатове. Па дарозе ён спаткаўся з Васем, які вяртаўся назад. Хлопец сказаў, што партызаны наткнуліся на групу гітлераўцаў.

— Колькі ix?

— Кажуць, цяжка даведацца. Фрыцы хаваюцца ў зарасніку... Але калі меркаваць па страляніне, таварыш камісар, ix небагата.

— Калі меркаваць па страляніне?— У Тураўца была звычка перапытваць,— перапытваючы, ён зірнуў на таго, хто казаў, як бы хочучы яшчэ штосьці даведацца.— Ну, брат,— гэта рызыка. Або, або...

Магчыма, гэта была ўсяго адна з невялікіх вандроўных дэсантных групак, якія часта гітлераўцы пасылалі ў раёны блакады, каб нарабіць больш панікі. Але верыць вельмі ў гэта не прыходзілася, бо частка карнікаў магла да часу сядзець ціха або знаходзіцца дзе-небудзь непадалёк. Гітлераўцы, мусіць, таксама не ведалі пра сілы партызан, — атрымаўшы адпор, яны не высоўваліся асабліва, абмяжоўваліся перастрэлкаю.

Туравец i Дрозд рашылі не завязваць бою, ён не абяцаў нічога добрага. Партызаны стаміліся, патронаў i гранат мала, — а самае галоўнае,— трэба хутчэй дабірацца да сваіх.

Не чакаючы, пакуль гітлераўцы апамятаюцца, Туравец загадаў адыходзіць, — трэба абысці засаду.

Перабягаючы ад куста да куста, прыкрываючыся невялікай заслонай, партызаны пачалі паспешліва аддаляцца ад месца сутычкі. Неўзабаве стрэлы сталі чуваць справа, пасоўваючыся назад, потым зусім сціхлі. Немцы не адважыліся ісці за імі ці, можа, страцілі след.

Як бы там ні было, адышлі добра. Але калі праз некалькі кіламетраў, прадраўшыся цераз хмызняк, выбраліся ў сасновы лес i на прывале праверылі людзей, то выявілася, што прапаў Грэчка.

— Хто ведае, што з ім?— запытаўся Туравец, акідваючы позіркам людзей, што сядзелі i ляжалі навокал. — Ён не быў ранены?

— Здароў быў... Ды яго каля немцаў i блізка не было. — Я бачыў, ён спыніўся пераабуць бот.

— Уцёк з-зараза, — сказаў з упэўненасцю Вася,— ручаюся, у-уцёк.

Добры, жаласлівы кулямётчык Крывец, пыхнуўшы папяросаю з лісця, запярэчыў:

— Ну, сказаў! Пэўна, адстаў дзе-небудзь ці заблудзіўся.



6...

Грэчка ў гэты час быў далёка.

Калі завязалася перастрэлка, ён адчуў, што справа набывае небяспечны паварот, што, калі не ўцячы зараз жа з роты, не мінуць смерці. I Грэчка стаў думаць толькі аб тым, як бы непрыкметна адлучыцца, каб ратавацца аднаму.

Аб гэтым ён думаў увесь час пасля ўчарашняга дня, але ўсё не адважваўся, ды i не было зручнага выпадку. Цяпер жа небяспека прыдала яму больш рашучасці. Ён бачыў, што трэба дзейнічаць неадкладна, i стаў нецярпліва чакаць зручнага моманту.

Як толькі партызаны адышлі ад немцаў i кулі перасталі свістаць над галавою, Грэчка прыпыніўся.

— Пераабуцца трэба!— мармытаў ён больш сам сабе, бо яго ніхто не слухаў, ніхто не пытаўся ў яго.— Эх, чорт, усю нагу сцёр рубец!..

Застаўшыся адзін, крыху перачакаўшы, ён, утуліўшы галаву ў плечы, стаў асцярожліва азірацца, ці не сочаць за ім. Пераканаўшыся, што не сочаць, што ён адзін, Грэчка пачаў амаль наўколенцах ад куста да куста адступаць далей ад сваіх. Потым выпрастаўся i, ужо не стрымліваючыся, не тоячыся, пабег на ўсю моц, як дзік ад пагоні. Ён не шукаў дарогі, пёр напрасткі, ламаючы густое вецце лазняку, алешніку, абдзіраючы твар.

Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы, спыніўся i азірнуўся навакол.

Ззаду наводдалек яшчэ чуліся стрэлы, але тут было ціха. Спакойна, мірна.

Хоць лісце толькі распускалася, вакол абступаў прыцемак,—летам у гэтым месцы, мусіць, зусім цёмна. Гушчар.

Грэчка палез цераз гнілое, асклізлае ламачча, глыбей у зараснік.

Баяцца цяпер, здаецца, не трэба...

Грэчка пайшоў павольней. Сэрца яго ад нядаўняга бегу, ад перажытага непакою яшчэ шалёна білася.

На зламаным, напалову струхлелым дрэве, з якога ўжо лапінамі адвалілася кара, прысеў адпачыць.

Тут, калі да яго з адпачынкам прышло душэўнае супакаенне, ён убачыў у сваіх руках вінтоўку, якую дасюль нямаведама чаму трымаў. Грэчка здзіўлена пакруціў яе, нібы разглядаў уперщыню. На твары яго раптам з'явілася злосць на яе, з якой было столькі прыкрых часін, якой ён павінен быў служыць, якую даглядаў, цягаў на сабе, намульваючы плечы. I ён з усяе сілы стукнуў яе ложай аб пень. Тады размахнуўся i шпурнуў далёка за куст.

Неспакойны позірк яго перабег на палатняную сумку. Калі Грэчка раскрыў яе, у вочы весела бліснулі патроны — ix было дзесятка паўтара; ён з той жа злараднасцю, з якой кідаў вінтоўку, выбраў ix па аднаму i падэшвай ботаў моцна ўтаптаў у чорнае гнілое лісце, якое тут мокла ўсюды.

Калі ўбачыў, што сумка апусцела, яго недарэчна крануў запознены жаль: ён яшчэ нядаўна трывожыўся, што тут было мала патронаў.

«Няма дурных лезці ў пельку», — падумаў Грэчка, адчуваючы ў сабе прыліў упартасці, злосці. Ісці на згубу сваю, на пагібель?.. Не, няма дурных!..

«Няхай ідуць тыя, у каго няма галавы, каму не хочацца жыць».

А ён не пойдзе.

Ён хоча жыць.

Аднаму, як-ні-як, лягчэй уратавацца. Любая нара, любы выварацень табе схова, ніякі чорт цябе не знойдзе, калі ты адзін. А то паўзе гэтакі хвост, столькі народу— увесь час на віду, як які-небудзь табун...

Ну, вось i абышлося ўсё, дзякуй богу. Выбраўся так, што не заўважылі, здаецца. Не заўважылі. A калі i заўважылі, не вялікі страх, не да яго ім цяпер, сваю шкуру выратаваць бы, не да яго, канечне...

Аднак, нягледзячы на гэтыя развагі, неспакой з сэрца чамусьці не ападаў.

Раптам ён здрыгануўся: здалося — што з паўзмроку з-за плеціва галля штосьці цікуе.

Ён трывожна азірнуўся. На крывой галіне, узмахваючы крыламі, каб утрымаць раўнавагу, сядзела чорная глюгастая птушка, сочачы за ім вострым драпежным вокам.

Грэчка дрыжучымі рукамі схапіў асклізлы сук i люта шпурнуў на яе. Груган неахвотна ўзляцеў. «Чорт цябе прыцёг сюды, пачвара!»

Грэчка пачаў абдумваць, што трэба зрабіць.

Тут недалёка яго хата. Ён зойдзе да жонкі, набярэ хлеба, сала i перасядзіць навалу. А там, там будзе відаць.

Неяк трэба будзе перачакаць.

Ён падняўся і, прыслухоўваючыся да наваколля, пайшоў туды, дзе, па яго разліку, была яго вёска.


Раздзел II


1...

Дарога была несамавітая: то грузлі у балоце, то прадзіраліся праз гушчары, то ўброд цягнуліся цераз нейкія лужыны, заросшыя аерам ды асакою. Раненыя, ды i іншыяпартызаны, вельмі знемагліся. А самае прыкрае, напэўна, было тое, што ўсе пачалі адчуваць голад, таму што больш за суткі нічога не елі.

Васілю Крайко, як i ўсім другім, не цярпелася хутчэй прыйсці ў брыгаду. Але яму не цярпелася не толькі таму, што хацелася адпачыць, што таміў цяперашні непакой,— гэта ён пераносіў, як i ўсе, — Васілю вельмі хацелася пабачыцца з Валяй Залескай, сястрой са шпіталя. Ён, напэўна, нікому не прызнаўся б у гэтым, але амаль увесь апошні час думаў пра яе.

«Як толькі прыдзем, убачу яе... абавязкова!» — рашыў ён сабе ў думках. Васіль не сумняваўся ў тым, што гэта так i будзе, бо ўсяго, чаго вельмі жадалася яму, ён дабіваўся. Такі ўжо характар у яго.

Справа i злева раз-по-раз бухалі гарматы. Над галавою, невысока, з натужным рэвам, ад якога стагнала зямля, сунуліся непаваротлівыя важкія бамбардзіроўшчыкі. Васю Крайко выразна былі відаць тупарылыя шкляныя насы, жоўтыя наканечнікі на крылах з чорнымі крыжамі. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы смертаносны груз, i неўзабаве там, куды яны кіравалі, было чуваць нутраное, важкае: гух, гух, гу-гух... Назад яны вярталіся палягчэўшыя, равучы спакайней, нібы спатоліўшы сваю прагу да крыві.

Часта, вышукваючы здабычу, з уедлівым звонам праносіліся вёрткія i быстрыя «месершміты».

Заўважыўшы самалёт, усе спяшаліся дзе-небудзь схавацца.

Васіль увесь час стараўся быць каля камісара. Хлопец з павагай назіраў за ім, — каму-каму, a Тураўцу было клопатаў! Вася бачыў, як ён уважліва сачыў за маршрутам. У гэтым бездарожжы было лёгка збіцца, ноччу i ўдзень ім прыходзілася нярэдка кружыць— абыходзіць азёрцы, балотныя выгары. Шкадуючы людзей, стараючыся хутчэй дабрацца да брыгады, Туравец увесь час вышукваў зручнейшыя сцежкі. Разведваў ix сам, пытаўся ў Дразда, правяраў па карце.

Ён быў, здавалася, нястомны. Ступае лёгка, калі-нікалі падбадзёрыць жартам. Васілю прыемна было ісці поруч з ім; радавала, што такі чалавек сказаў: яго, Васю, могуць прыняць у партыю.

Калі яны прабіраліся праз зараснік, то натрапілі на некалькі чалавек, схуднелых i ператрывожаных. Гэта былі людзі з блізкай вёскі, якія ратаваліся ад гітлераўцаў. Пажылая жанчына з сумнымі чорнымі вачыма, каля якой маўкліва ціснулася двое дзяцей, запыталася ў Васі:

— Няўжо могуць яны сюды дайсці? Ці, можа, партызаны не прапусцяць?

У яе вачах быў страх. Яна толькі сёння ўранні выратавалася ад смерці: выскачыла з сяла, якое ўжо акружылі карнікі.

Тут хавалася некалькі сем'яў: жанчыны, старыя i дзеці. Паблізу, прывязаная да бярозкі, звешвала галаву рабая, з белай лысінкай карова, мыза якой была абвязана хусткай.

Людзі згаварыліся перасядзець разам у лазняку, пакуль не сціхне блакада, калі можна будзе вярнуцца ў сяло.

Неўзабаве партызаны напаткалі дзяцей, што сядзелі купкаю пад арэхавым кустом, на якім толькі што пачыналі распускацца жоўтыя лісточкі.

Убачыўшы ўзброеных людзей, дзеці перапалохана ўскочылі. Ix было чацвёра. Большая з ix, хваравітая, з доўгімі нашчэнт абадранымі худымі ножкамі дзяўчынка, схапіла на рукі хлопчыка, прыціснула да худых грудзей, як бы абараняючы. Яна глядзела нахмурана, з-пад крутога ілба. Было відаць, што хоць яна i бяссільная, але ўсё-такі не дасца ў рукі без бою.

Дзяўчынка з круглымі вачыма, у зрэбнай кашулі, разадранай да пояса, загаласіла:

— Мама-а! Мама-а! А-а-а!

Яна раптам упала ніцма, затрэслася, стала біць маленькімі бруднымі кулачкамі па зямлі.

— Дурныя, чаго ж вы баіцеся? Мы ж партызаны, — сказаў Вася.

— Гэта ж партызаны!— прамовіў большы хлопчык такім голасам, нібы зрабіў раптам важнае адкрыццё, ён паказаў на ордэн Чырвонай Зоркі на гімнасцёрцы камісара. Хлопчык быў, можа, равеснікам старэйшай дзяўчынкі. Твар яго да самых вачэй закрывала вялікая шапка з паламаным шырокім казырком.

Ніна паспрабавала падняць дзяўчынку, але тая вырывалася з рук i драпалася пазногцямі, мармычучы пасінелымі губамі: «У-у-у... ма...»

Дзіця не слухалася ўгавору.

— Замоўкні, зараз жа! — неспадзявана строга, па-мацярынску прыкрыкнула Ніна.

Васіля здзівіла, што яна, заўсёды ласкавая i добрая, так сурова абыходзіцца з малою, але ён не сказаў нічога, — ён верыў Ніне. Калі яна так гаворыць, напэўна, гэтак i трэба.

I праўда, малая адразу сціхла, спалохана скурчылася i з асцярогай паглядзела на цёцю. Ніна лагодна прамовіла:

— Вось так!

— Яна ў нас гэтак ужо трэці раз,— загаварыла старэйшая дзяўчынка, усё яшчэ не выпускаючы з сваіх рук хлопчыка. — Як толькі напалохаецца, дык i пачне лемантаваць: «Мама». На ўвесь лес. Мы ёй сказалі, што кінем, калі яна будзе так крычаць. Тады яна сказала, што больш не будзе.

— Дзе ж вашы бацькі? Чаму вы адны? — запытаўся Туравец.

Выявілася, што дзеці ўжо другі дзень ходзяць па лесе адны, не могуць ніяк натрапіць на сваіх людзей. Яны не баяліся цемры i адзіноты ў вялікім лесе, у ix маленькіх сэрцах жыў страх перад гітлераўцамі. Толькi б не спаткаць ix!

Старэйшая дзяўчынка, якая трымала на руках брата, паскардзілася, як сталая:

— Гора мне з ім, ён жа яшчэ дзіця. A ў нас мамы няма... Спалілі фашысты...

Хлопчык з вялікай шапкаю, аказалася, быў сынам камандзіра ўзвода ў атрадзе імя Кутузава.

Другая дзяўчынка Галя, — якая плакала, — згубіла маці, калі наляцелі самалёты. Напалоханая, яна ўскочыла з зямлі i, не цямячы нічога ад жаху, пабегла, a калі апамяталася i пачала шукаць маці, той нідзе не было. Невядома дзе падзелася. Пад вечар дзяўчынка напаткала другіх дзяцей, такіх як сама, якія прынялі яе i падбадзёрылі.

Яны згаварыліся шукаць партызан, а каб смялей было, хадзілі ўсюды разам.

Туравец загадаў забраць дзяцей.

— Пойдзем з намі,— сказала Ніна,— да партызан, да тваёй мамы.

Дзяўчынка ўсё яшчэ ўсхліпвала, размазваючы кулачком па твару слёзы, але ўжо зусім паспакайнела i хліпала проста таму, што не магла адразу суняцца.

Яна падала Ніне руку i сказала даверліва:

— Пойдзем. А я думала, што вы паліцэйскія i заб'еце нас.

Стараючыся ісці поруч, зірнула сваімі васільковымі вачыма знізу:

— Цёця, а... у вас скарыначкі няма? Мне дужа есці хочацца...



2...

Перад вечарам прышлося спыніцца, бо людзі змагліся.

Набліжалася навальніца. Хоць быў яшчэ дзень i сонца яшчэ не заходзіла, вакол усё пацямнела, нібы вечарам. Дрэвы, якія абступілі з усіх бакоў людзей, гулі глуха i цягуча. Ад ix гулу на сэрцы Ніны стала трывожней. Вецер хутка гнаў цёмна-сінія дымныя хмары, засцілаючы імі ватныя клубістыя воблакі, што яшчэ нядаўна былі на небе.

Воддаль час-ад-часу гуркатала, нібы ад выбухаў гармат. Потым загрымела бліжэй, непаспешліва, перакатам, басіста.

— Гром?!—не паверылася Ніне.

— Гром!..

— Першы! Яшчэ не грымела...

Не прайшло i паўгадзіны, як хмары закрылі ўсё неба. Яны паўзлі так нізка, што, здавалася, чапляліся за вяршыні дрэваў, i спод ix быў увесь пашматаны i вісеў клоччам.

Трэба было зрабіць буданы для начлегу. Людзі, адразу забываючыся на стому, узяліся за працу. Застукалі весела, як бы спрачаючыся, цесакі i нажы, затрашчала галлё, лес напоўніўся жвавым гоманам.

Ніна завіхалася разам з усімі, стараючыся ўправіцца да таго, як пачнецца дождж. У Ніны былі памочнікі — дзеці, якія заўзята, з радасным галасам дапамагалі ёй i Васю.

Раптам вецер сціх. Усё насцеражылася i замерла. Толькі, не спыняючыся, несліся i несліся хмары.

Калі пачаў крапаць дождж, Вася накрыў жыллё палаткай i скамандаваў дзецям забірацца ў сярэдзіну. Хлопчыкі паслухмяна палезлі. Галька ж, зазірнуўшы ў цемру будана, спынілася i баязліва крыкнула:

— Не відна нічога!

— Не бойся, дурненькая.

Ніна забралася следам за ёю, прытуліла да грудзей.

Над галавою моцна трэснула, асвятліўшы змрок будана кідкім полымем.

— Ма-ама!..

— Ціха ты — гэта гром!

Ёй было чуваць, як у дзяўчынкі часта калоціцца сэрца, — Ніну ўсю напоўніла мацярынская пяшчота. Яна моцна прыціснула дзіця.

— Якая ты смелая, — прамовіла дзяўчынка.— I цёплая, — дадала яна, памаўчаўшы.

Ніна ўсміхнулася.

Пасля ix запаўзлі Дрозд, Вася i два партызаны — раненыя. Дзецям стала зусім нястрашна, хоць знадворку гулі сосны, а тут нічога не было відаць. Палатка ўгары ад дажджу лапатала.

— Дожджык добра, — для азіміны акурат, — раптам пачуўся ў цемры голас Дразда.

Хтосьці працягнуў задуменна:

— Та-ак, для азіміны акурат...

— Залаты! — ахвотна, задаволена адгукнуўся Дрозд.

Ад Дразда чуць гэта было больш, чым ад каго-небудзь, натуральна. У яго неяк мала было вайсковага — ні ў вобліку, ні ў паводзінах, ён нават даваць каманды па-вайсковаму дагэтуль не навучыўся: «Зрабі, Сяргей, тое»; «Пайдзі, паглядзі, Іван, ці не немцы там». Яго ў вочы называлі камандзірам, а за вочы «старшынёй калгаса», лічачы, што апошняе больш адпавядала. Жартавалі, што ён вёў дакладны ўлік працадзён: за падарваны эталон — тры, за разбіты гарнізон — па паўтара на кожнага...

— Добры дождж... Толькі не ў час, — адазвалася Ніна.

— Чаму гэта не ў час?..

— Нібы не ведаеце...

— Э, кажаш... Дзе цяпер нашы? Ля Жлобіна ды пад Магілёвам, так?.. Чую, не ўсё лета, Ніначка, мы будзем тут сядзець...

Дрозд, сапучы, стараючыся ямчэй уладзіцца, ціха, разважліва меркаваў:

— Прыдзе час, i за касу, за сярпок, думаю, трэба будзе ўзяцца. Жыта-то, відаць, будзем прыбіраць мы... Вось i добра, што дожджык.

— Каб жа так было, — уздыхнуў адзін з раненых.

— Будзе. Чуе мае сэрца, будзе, — прамовіў Дрозд.

Пасля гэтых слоў усе дарослыя змоўклі. Ніна адчула, што яны, відаць, думаюць аб адным. I тое, што людзі тут гавораць не аб тым горкім i прыкрым, што хвалявала ўдзень i што чакае заўтра, а турбуюцца аб далёкім, дарагім, было ёй прыемна. Яна падумала, як дзіўна гучыць гэта размова тут, перад невядомасцю, якая чакае ix i заўтра i пасля... «Нібы заўтра трэба будзе ісці на поле...»

Па палатцы, не сціхаючы, сек дождж.



3...

Яны начавалі зусім блізка ад брыгады. Уранні Туравец ca сваёй групай быў ужо ў атрадзе «За Радзіму». Там ён даведаўся, што штаб брыгады знаходзіцца непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ускраіне.

— Вось мы i дома!— задаволена сказаў камісар.— Цяпер мы жывем!

Усе партызаны вельмі радаваліся. Яны, сапраўды, адчулі сябе «дома», адразу прыўзняліся, падужэлі. Яны былі не адны, тут з імі ўся партызанская сям'я. I хоць у гэтай сям'і нельга было разжыцца на тытунь, ды i з хлебам было скупа, радасць людзей ад гэтага не спахмурнела. Самае галоўнае, што скончыліся бадзянні, невядомасць i трывога.

Бачачы, як павесялелі дарослыя, сталі радавацца i дзеці.

— Дома! Дома!— шчабятала Галька. — Тут мая мама! Праўда, цёця Ніна?

Радасць сустрэчы рабіла людзей нячулымі да ўсяго іншага, a між тым становішча атрада было, відаць, нялёгкае. Толькі Туравец, Дрозд ды яшчэ некалькі чалавек адчулі адразу трывожны, напружаны пульс цяперашняга жыцця ў атрадзе.

Развітаўшыся з Драздом, які ішоў у свой атрад, камісар з Нінаю, дзецьмі i двума хлопцамі заспяшаліся да штаба.

Калі партызаны пачалі разыходзіцца, Васіль далучыўся да групы, якая несла ў шпіталь параненых.

Ён заўважыў, што як толькі Валя ўбачыла між іншых яго, твар «сястрычкі» — мілы, з яркімі вуснамі — заззяў добрай усмешкай. Васіль адчуў сябе самым шчаслівым чалавекам. Скораны гэтай усмешкай, ён не адводзіў вачэй ад дзяўчыны, сачыў за кожным яе рухам, пакуль Марыя Андрэеўна — старшы «доктар», Валя i іншыя прымалі параненых.

— A Лагуновіч чаму няма? — запытала Марыя Андрэеўна.

— Ёй камісар даручыў глядзець дзяцей, якіх падабралі ў балоце.

Валя папрасіла ў Марыі Андрэеўны дазволу адлучыцца.

— Ну, ідзі, ды, глядзі, нядоўга!

Стрымліваючыся, каб не пабегчы, трымаючы сур'ёзны выраз на твары, дзяўчына павяла Васю далей ад шпіталя, ад людскіх вачэй. За параснікам асінніку з чырвоным лісцем яна спынілася i зірнула ў Васілёў твар, трывожна, спачувальна:

— Цяжка табе там было, праўда?

— Горача. Але нічога, бывае i горш...

— Сказаў: бывае!..

— Ты ведаеш, — нечакана проста, крыху здзіўлена прамовіў ён, — я танк падбіў.

— Танк! Адзін? Як жа ты адзін на яго пайшоў?

— Ну, так... Пайшоў... Папоўз!..

— Вось за цябе толькі i бойся! Ледзь сышоў з вачэй, то i трывожся.

— Чаго за мяне трывожыцца, ну, праўда? Што я — малы?

— Канешне, не малы,— згадзілася Валя тонам, якім гавораць старэйшыя, больш вопытныя. — Але трэба берагчыся. Ты думай не толькі пра сябе, a i пра... іншых... Пра мяне, мусіць, i не падумаў ні разу.

— Думаў! Кожны дзень думаў.

— Праўда? — заззяла Валя. — Ух ты, мой мілы!

Валя абхапіла яго за шыю, легка падцягнулася на руках i раптам пацалавала. Потым, хаваючы збянтэжанасць, пяшчотна зазіраючы ў блакітныя, як неба, вочы, зажурчэла дакорліва:

— Ну што я буду рабіць, калі з табой што-небудзь здарыцца?

— Нічога ca мной не здарыцца, Валя, — пераканана адказаў ён. — Ты не трывожся ніколі, добра?

— Як жа не трывожыцца? — Яна зноў узяла на сябе роль старэйшай.— Ты часам нібы разважлівы, сталы. А потым раптам надыдзе на цябе такое, што ты нічога не асцерагаешся, забываеш на ўсё. Як жа за цябе не баяцца?

— А што ж з гэтым танкам? Трэба ж было, ну, праўда, каму-небудзь. Не я, дык хто-небудзь іншы...

I такою адвагаю свяціліся яго ясныя любыя вочы, што яна памякчэла, прамовіла з замілаваннем:

— Адчайны ты мой!

Ён няёмка ступіў з нагі на нагу, адвёў вочы ўбок:

— Цябе тут ніхто не крыўдзіў?

— Ніхто, Вась.

— А гэты...— ён з намаганнем выціснуў: — Ермакоў гэты не быў?

— Не, не быў,— паспешліва, крыху вінавата прамовіла Валя.— Ну чаго ты ўспомніў яго? Ды ў нас з ім нічога не было, чаго ён табе так убіўся? Ён мне — нішто. Раўнівы ты які!

— Чаму ты яго не адвучыла, каб ён... не глядзеў на цябе.

— Ну што я зраблю?

— Чаго ж ён да другіх не ліпне, a ўсё да ц-цябе?

— Хто ліпне? А ты... запытайся ў яго,— ужо рэзка адказала Валя.

— Я i запытаюся калі-небудзь! Не пагляджу, што камбрыг.

— Ну, я пайду,— сказала яна пакрыўджана.— Марыя. Андрэеўна там, мусіць, чакае...

Яна падала руку i пайшла хутка i лёгка між дрэваў. Ён паглядзеў услед яе стройнай постаці, адчуваючы сябе таксама пакрыўджаным. «Ну, чаго яна не адвучыла гэтага... Ермакова!» — думаў ён, злуючы не на яе, а на Ермакова. На Валю ён чамусьці не мог злавацца.

Звыкла паправіўшы аўтамат за плячом, ён стомленай хадою нявесела пацягнуўся ў бок узвода.



4...

Пад прысадзістым, згорбленым дубам, які шырока раскінуў кручкаватае галлё, стаяў нізкі, падобны на капец, будан, накрыты брызентам i звялаю травою. Паблізу камісар убачыў начштаба Габдуліна, які, седзячы на траве, нешта пісаў на скрынцы ад мін, што служыла замест стала.

— Наш летапісец па-ранейшаму карпее над гісторыяй! — замест прывітання, радасна сказаў Туравец, падышоўшы да начштаба.

Габдулін ускочыў. Гэта быў высокі, крыху сутулы малады чалавек з вельмі жвавымі, па-мангольску вузкімі вачыма. Перад вайной ён вучыўся ў Ленінградзе ў інстытуце, адкуль яго паслалі на практыку ў Беларусь. Вайна затрымала яго тут, прадоўжыла «практыку» на цэлыя гады.

— Камісар? Нічыпар Паўлавіч?!. — Габдулін пазіраў на Тураўца так, нібы не верыў, што чалавек, які стаіць перад ім, i праўда той, за якога яго лічаць.

— Ты што гэта такі дзіўны летапісец Пімен?— заўважыў камісар.

Габдулін нібы схамянуўся.

— Калі ты вярнуўся?

— Толькі што.

— Тут пусціў нехта пагалоску,— крыху збянтэжана сказаў начштаба, — што цябе жывога няма... нібы з кулямёта рззнулі... Аж, бачу, жывы!

— I паміраць не збіраюся, у дадатак... Ты пра мяне некралога яшчэ не напісаў?

— Не, не пакуль,— Габдулін узяў ca скрынкі тоўсты ў чорнай скураной вокладцы сшытак, згарнуў. Позірк яго прыплюшчаных жвавых вачэй упаў на павязку на руцэ камісара, i на ілбе сабраліся трывожныя маршчыны:

— Што з рукой?

— Aт, глупства. Нейкая дурная куля драпнула. Не паглядзела, што камісар.

Да ix, даведаўшыся пра зварот камісара, збегліся ўсе штабныя работнікі, якія радаваліся, распытвалі аб падзеях апошніх двух дзён. Туравец адказваў скупа, але ахвотна. Яму прыемна было бачыць зноў — як пасля доўгай ростані — гэтыя родныя твары.

Некалькі жанчын акружылі дзяцей, што ціснуліся бліжэй да Ніны, бянтэжачыся перад незнаёмымі людзьмі. Партызанкі распытвалі, хто яны, адкуль, словам i жаночай пяшчотай стараліся суцешыць ix.

— Габдулін, бач, у нас новыя салдаты,— весела прамовіў Туравец.— Прымаеш? Ну, вось i добра. A калі прымаеш, то i накарміць павінен, бо мы есці хочам. Праўда, ваякі?

Дзеці адказалі дружным гоманам:

— Праўда, праўда!

Уладзіўшы ix пакуль поблізу, каля радыста, Туравец увайшоў у штабны будан.

Уся стома, якую ён стрымліваў гэтыя дні, раптам адразу навалілася, абцяжарыла рукі i ногі. Прывабліва кінулася ў вочы пасцель — змятая трава каля нахіленай сценкі-страхі, разасланая рабая даматканая коўдра. Самі сабой падгіналіся ногі.

Ён апусціўся на скрынку са штабнымі паперамі, расшпіліў каўнер, зняў фуражку, — на галаве кучаравіліся чорныя непакорныя валасы. Цыганскія ўпартыя вочы пазіралі стомлена.

— Ціха ў нас чамусьці, — сказаў Туравец.

— Так, ціха!— іранічна прамовіў Габдулін.— Зманлівая цішыня... Сёння мы збіраемся зняцца адсюль. Гітлераўцы канцэнтруюць сілы, сціскаюць круг.

— А што ca штаба злучэння?

— Штаб злучэння загадвае зараз жа прабівацца з блакады. Сёння ж, пакуль гітлераўцы яшчэ рыхтуюцца, трэба перамяшаць ім карты.

Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння i іншых брыгад i цяпер дзейнічае адна. Камбрыг Ермакоў звязаўся ca штабам па рацыі, адтуль перадалі, што там усе гэтыя дні таксама ідуць безупынна баі i што карнікі захапілі многа сёл. Штаб загадаў прарывацца ў раён Сасноўкі.

— Дзе Ермакоў?— Туравец падняўся заклапочаны i неспакойны.

— У кутузаўцаў.

— Калі вернецца?

Габдулін выняў з кішэні гадзіннік на ланцужку.

— Хутка павінен быць тут.

Туравец памаўчаў, a потым з нейкай дзіўнай ноткай у голасе запытаўся:

— Слухай, што з Машай, не ведаеш?

— Як не ведаю, жывая, здаровая! Сёння бачыў яе, пра цябе пыталася. Вельмі непакоілася.

— Ну, кажы — так i непакоілася!— нібы не паверыў Туравец. Ён хітраваў, бо на самай справе паверыў адразу.

У грудзях Тураўца прайшла цёплая хваля.

— Відаць, да яе таксама дайшлі чуткі. Ну, нічога, цяпер можа быць спакойнай, — дабрадушна бліснуўшы вузкімі чорнымі шчылінкамі вачэй; усміхнуўся начштаба. — Чым менш было надзеі бачыць цябе жывога, тым больш радасці будзе пры сустрэчы.

Туравец падумаў, што яны з Машай не бачыліся цэлы тыдзень. Ён ужо даўно мімаволі лічыў дні ад сустрэчы да сустрэчы, шкадуючы, што прамежкі між спатканняў часам вялікія. Ён стараўся не думаць пра яе, але сум па ёй, чаканне сустрэчы жыло, нягледзячы на ўсё, i, не зважаючы ці на што, памяць адлічвала: яшчэ дзень, яшчэ. Цяпер чакаў ён сустрэчы, як ніколі нецярпліва, можа таму, што так многа перажыў за гэтыя горкія дні.

«Трэба б абавязкова пабачыцца да выступлення».

— Што з «Вялікай Зямлі» чуваць? Якія зводкі?

— Не ведаю... прыёмнік пабіўся, a ў рацыі энергіі мала.

Тураўцу вельмі хацелася ведаць навіны з Вялікай Зямлі. У яго здаўна было патрэбай кожны дзень адчуваць пульс Вялікай Зямлі, а цяпер патрэба гэтая стала проста неабходнасцю, ён пашкадаваў, што прыёмнік пабіўся. Да ўсяго гэта была брыгадная рэліквія: два гады назад, рызыкуючы жыццём, прынесла яго з горада студэнтка-падпольшчыца.

На дварэ раптам пачулася залівістае конскае іржанне. Туравец пазнаў па іржанню каня камбрыга.

— Вось i Ермакоў!

Абодва вышлі з будана. Камбрыг лёгка саскочыў з сядла, аддаў каня ардзінарцу і, стройны, па-вайсковаму падцягнуты, пругка пайшоў да камісара i начштаба.

У Ермакова была асаблівая пастава галавы, праз меру прамая, якая прыдавала яму арліны i ганарлівы выгляд; адно плячо ён трымаў ледзь прыкметна вышэй, — гэта былі вынікі даўняй кантузіі i ранення ў лапатку.

— Вось добра, што ты вярнуўся, — сказаў ён так, нібы ніколі не сумняваўся, што Туравец вернецца абавязкова. — А то аднаму цяжка.

Ермакоў не змяніўся за гэтыя дні. Хоць пад быстрым рашучымі вачыма стома палажыла нездаровую сіняватасць, у ix, як i раней, Туравец улавіў знаёмыя неспакойныя, жвавыя агеньчыкі. Як i раней, Ермакоў быў чыста паголены. Галіўся ён, відаць, сам, спяшаючыся, бо на твары былі парэзы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка i брыджы, спецыяльна пашытыя па яго заказу, добра аблягалі ладную постаць. Камісару было прыемна ад таго, што ён такі сабраны i падцягнуты: «Ніколі пагаліцца не забывае».

— Эх, камісар, задача! Трэба прарывацца, а патронаў няма. Гарматы сёння загадаў закапаць: няма снарадаў. Мне б паўсотні снарадаў, я гэтых гадаў так дзеўбануў, што яны б на тысячу вёрст кулём каціліся!..

Вочы Ермакова загарэліся; па тым, як сказаў ён, адчувалася, што камбрыг ніколькі не сумняваўся. Ён быў напорысты i крыху саманадзейны.

— Так! Паўсотні снарадаў — i канцы з канцамі!— паўтарыў Ермакоў.

— Паўсотні снарадаў?

Туравец спасцярожліва, дапытлівымі вачыма зірнуў на Ермакова.

У такіх выпадках раней у вачах гэтых Ермакоў мог бачыць хітрынку i як бы ўсмешку, але цяпер быў у ix іншы выраз.

— А без гармат i снарадаў?

— Выбіраць няма чаго. Трэба прабіцца!

Ён падсеў да камісара.

— Ты паслухай, што я надумаў тут. Сёння будзем прарывацца, марудзіць нельга!.. Кутузаўцы i «Радзіма» пойдуць у галаве. Я ім аддаў усе патроны, што былі, сам пайду з імі. Прарыў я намеціў...

Ён хутка, парывіста выхапіў з палявой афіцэрскай сумкі працёртую па кутках карту, разлажыў на каленях:

— Вось тут!.. Разведчыкі кажуць— два кулямётныя гнязды i роты дзве гітлераўцаў у акопах. Але гэта нічога. Тут ярок добры, скрытны, хмызняк; можна непрыкметна падабрацца. Вось тут... Давай абдумаем усё падрабязна.

— Габдулін, сюды! — гукнуў ён раптам.

I яны ўтраіх сталі абмяркоўваць план бою: дзе сабрацца для прарыву, як i калі якому атраду атакаваць, калі правесці жанчын i дзяцей. Дамовіліся пра сігналы.

— Пішы загад! — сказаў Ермакоў начштабу.

Габдулін напісаў толькі першыя словы, як знадворку пачуўся трудны жаночы голас:

— Можна?

У будан увайшла Маша — Марыя Андрэеўна, невысокая, чарнявая жанчына ў белай касынцы, з-пад якой спераду выбіваліся густыя, расчэсаныя на два бакі валасы.

— A, доктар! Доктару можна заўсёды, — адгукнуўся начштаба.

— Дзе тут у вас раненыя? — запыталася яна знарок весела, каб прыхаваць няёмкасць. — Мяне прасілі зрабіць перавязку.

Туравец, убачыўшы Марыю Андрэеўну, адразу ўстаў, не зводзячы з яе шчаслівых, уважлівых вачэй.

«Вось яна! Як добра, што прышла».

Услед за гэтым з'явілася здзіўленне: «Хто яе прасіў?» Туравец крадком зірнуў натаварышаў, але ні адзін з ix не падаў i знаку. Габдулін, схіліўшыся над скрынкай, старанна пісаў загад, камбрыг, над нечым вельмі думаючы, складваў карту.

Марыя Андрэеўна палажыла сумку на стол, запыталася жартаўліва, афіцыйна:

— Ну, што ў вас, таварыш камісар?

— Хадзем, начштаба, нельга замінаць... доктару.

— А вы i не замінаеце! Пацыент у мяне, бачу, не цяжка ранены...

— Не, не!

Габдулін i Ермакоў вышлі. Яна пачала развязваць вузел павязкі, але ад таго, што яна спяшалася i рукі дрыжалі, вузельчык не даваўся. Яна разрэзала бінт нажніцамі i тады стала хутка раскручваць павязку. За той час, калі Марыя Андрэеўна гэта рабіла, яна ні разу не падняла вачэй на Тураўца, але па яе руках, нецярплівых i дрыготкіх, было відаць, як яна хвалюецца.

Павязка прысохла да раны. Марыя Андрэеўна аддзірала яе так асцярожна, што Туравец амаль не чуў болю. Моўчкі агледзеўшы крывавую пляму на руцэ, Марыя Андрэеўна прыціснула да грудзей далоні сваіх ласкавых мяккіх рук, нібы суцішаючы ўстрывожанае дыханне, i глыбока, з палёгкай уздыхнула.

— Я ўжо думала, што вас жывога няма... — прызналася яна, скончыўшы перавязку, — а тут... дробязь, дзіцячая рана. Дарэмна толькі хвалявалася.

Марыя Андрэеўна апошнія словы прамовіла, як бы іранізуючы над сабой, але ёй гэта не ўдалося. Вельмі ж вялікая радасць свяцілася ў вачах, каб можна было яе схаваць ці прыкрыць іроніяй.

Туравец адказаў ёй у тон:

— I зусім не дарэмна. Добра рану перавязалі.

— Як зрабіў бы кожны іншы.

— Кожны? Так, як вы сёння, — ніхто!

— Праўда?— яна ўважліва, ужо без усмешкі паглядзела на камісара.

Неспадзявана, хутка адвярнуўшыся, Марыя Андрэеўна пачала ўкладваць у сумку пінцэт, флакон з рыванолем, чысты бінт, — яна чамусьці вельмі заспяшалася.

— Трэба хутчэй ісці ў шпіталь, там новых раненых прынеслі...—надзяваючы на плячо сумку i па-ранейшаму ўнікаючы яго позірку, нібы апраўдваючыся, сказала яна.

Туравец не стаў яе затрымліваць.

Пасля яе ў Тураўца было на душы светла i трохі сумна. Ён падумаў пра ix адносіны. «Дзіўна, мы адчуваем сябе блізкімі, i некаторыя з таварышаў здагадваюцца пра наша пачуццё, а мы яшчэ не сказалі ні аднаго слова аб тым, што хаваем у сэрцы».

Яна чагосьці ўвесь час старанілася, i ён таксама ашукваў сябе. Толькі сёння... Як яна аддзірала павязку! Маша, Маша, што ж гэта будзе далей?..



5...

Перад поўднем Туравец рашыў па дарозе з дзецьмі i Нінаю зайсці ў сямейны лагер. Хацелася паглядзець, як людзі ўладзіліся, i папярэдзіць пра начны бой. Лaгeр размяшчаўся ў сасновым гушчары. Яшчэ зводдаль, падыходзячы, Туравец пачуў тужлівае дамавітае рыканне, якое здалося дзіўна мірным i спакойным.

Прыгадалася: аднойчы ў дзяцінстве ён — пастушок — шукаў у лесе карову, якая адбілася ад гурту. Нічыпар блукаў басанож па бясконцаму, здавалася, лесу i ахрыплы то ca злосцю, то з пяшчотай гукаў: «Манька-а, Манька-а». Тады, аблазіўшы мо' паўлесу, ён пачуў сярод ляснога шуму такое ж самотнае рыканне i ўзрадавана заспяшаўся ў той бок.

Увайшоўшы ў лагер, Туравец пачуў дзіцячы плач, жаночы голас, які заспакойваў дзіця, потым убачыў з-за жоўта-сіняватых ствалоў сосен людзей, павольных i маўклівых, бязладна раскіданыя клункі з дамашнім скарбам i лазовыя каробкі.

— Нічыпар прышоў! — узрадавалася нейкая жанчына.

Лагер ажыў, заварушыўся, i да камісара з усіх бакоў пацягнуліся жанчыны з дзецьмі i без дзяцей, старыя i падлеткі.

Між ix крыху наводдаль Туравец з болем убачыў знаёмы строгі твар Шабуніхі. Яна яшчэ не ведае пра смерць мужа, камісару трэба будзе перадаць ёй страшную вестку.

«Як жа я скажу ёй гэта цяпер! Яна i без гэтага столькі перажыла за апошнія дні».

— Васілёк!— закрычала адна жанчына.

Яна кінулася да старэйшага хлопчыка, падхапіла на рукі, прыціснула да сябе..

— Сыночак мой! Дзе ж ты прападаў? Я ўся збалелася па табе. Дзяцінка мая!

Трое іншых дзяцей азіраліся навокал. Жанчыны спачувальна ахалі ды ўздыхалі. Дзе ж вашы маткі, бесхацінцы?

У натоўпе, што акружыў Тураўца, трывожна пыталіся пра бацькоў, пра знаёмых, пра становішча.

— Ці праўда, кажуць, партызаны хочуць нас пакінуць? — насцярожана заглянула ў вочы камісара пажылая, з васпаватым тварам, з поўнымі па-дзявочаму вуснамі жанчына.

Усе пазіралі на яго з трывогай i надзеяй. Туравец заўважыў, што на яго глядзяць так, нібы ён усё можа зрабіць. Што ж, ім патрэбна была надзея. А на каго яшчэ яны маглі спадзявацца тут, у лесе, як не на яго, якога добра ведалі i да якога часта звярталіся раней.

I Туравец стараўся трымаць сябе з такім спакоем i дзелавітасцю, нібы ён пэўна ведаў, што ўсё, нарэшце, будзе добра i на яго можна спадзявацца. Ён гаварыў, што партызаны ix абароняць, што ў брыгадзе багата сілы для гэтага, што ніхто не збіраецца ix адных тут пакідаць.

Акружыўшы яго, жанчыны ўважліва слухалі, перапытвалі, паўтаралі адна другой.

Бачачы перад сабою людзей, якія ловяць кожнае слова, Туравец стаў адчуваць, як у ім мацнее ўпартая сіла i тая ўсхваляванасць, якая робіць словы пераканальнымі. Не, не дарэмна яму вераць, ён будзе старацца зрабіць усё, што магчыма...

Размаўляючы з жанчынамі, Туравец заўважыў, што да яго праз натоўп прабіраецца Шабуніха. Твар у яе быў сурова задуменны, насцярожаны, нібы яна прадчувала няшчасце.

— Як там мой Змітро? Дужы?

Хоць Туравец быў чалавекам праўдзівым i суровым, ён рашыў не гаварыць жанчыне цяпер страшную праўду.

— Змітро? Не ведаю, — адказаў Туравец, намагаючыся пазіраць спакойна ў яе насцярожана-пільныя вочы.

Пазней, калі-небудзь пазней.

Толькі не цяпер.

Ён бачыў, што Аўдоцця пачула ў яго голасе нядобрае, i, каб запэўніць яе, зноў сказаў няпраўду:

— Учора бачыў, быў дужы. А пасля таго сустрэцца не даводзілася...

Угары, дзе на яркім блакіце неба ціха пагойдваліся іглістыя кроны, нябачны за галлём, шалёна страляючы па невядомай цэлі, шугануў «месершміт».

Жанчыны з крыкам кінуліся хто куды, толькі Шабуніха стаяла нерухома, сурова пазірала ў неба сухімі строгімі вачыма, прыціскаючы да грудзей дзіця.

Калі самалёт праляцеў i людзі пачалі зноў сыходзіцца, Туравец развітаўся з усімі. Ён павярнуўся да Ніны, якая супакойвала напалоханую дзяўчынку.

— Заставайся тут. Рыхтуй усіх да паходу. Тут тваё баявое месца, ты за яго адказваеш галавою.

— А што з сіротамі рабіць?

— З сіротамі? Што ж, будзеш пакуль ім маткаю.

Ён заспяшаўся ў атрад імя Кутузава.

На душы ў камісара ад усяго, што ён цяпер бачыў, было сумна, — ён думаў пра тоё, што ніхто, мусіць, гэтак не пакутуе на вайне, як маці i дзеці. Яму ўспомнілася ix трывога: «Ці праўда, што партызаны хочуць пакінуць нас?»

Хто мог сказаць ім такое? Яны, праўда, заміналі атрадам цяпер, у блакадзе, але хіба прыходзіла каму думка пакінуць ix? Пакінуць на расправу, на здзек?

Калі Туравец падыходзіў да атрада, над дрэвамі зноў нізка пранёсся знішчальнік. Там i тут прагучала некалькі стрэлаў. Непадалёк у прагаліне між соснаў ён убачыў высокага цыбатага ў клетчатым, пінжаку хлопца, які цэліўся з вінтоўікі ўслед самалёту.

Камісар падбег да яго, схапіў за плячо, але ў той жа час раскаціста бахнуў стрэл.

— Хто дазволіў?! Куды паліш?

Баец апусціў вінтоўку, павярнуў да камісара зямлісты, здзіўлены твар.

— Па самалёту, — адказаў ён не зусім упэўнена.

— У белы свет, а не па самалёту! Патроны трэба берагчы...


Раздзел ІІІ


1...

Уранку старшага лейтэнанта Аляксея Лагуновіча, камандзіра танкавай роты, выклікалі ў штаб брыгады. Вестку гэту прынёс яму пасыльны ад камбата. Старшы лейтэнант тады праводзіў у хаце параду з камандзірамі экіпажаў.

— Іду, — кінуў коратка Лагуновіч пасыльнаму.— Аднаго мяне, ці яшчэ каго?

Пасыльны адказаў, што выклікаюць таксама камандзіра батальёна i камандзіраў іншых рот.

Лагуновіч спыніў нараду, i танкісты, гамонячы, пачалі выходзіць з хаты.

Старшы лейтэнант, узяўшы з цвічка фуражку, насунуў яе па прывычцы глыбока на ламана выгнутыя бровы, вышаў праз цёмныя, з прагнілай хісткай падлогаю сенцы на двор. Каля хлеўчука стаяў танк, прыкрыты леташняю саломаю i галлём. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, седзячы каля машыны, грэліся на негарачым красавіцкім сонцы.

Недалёка за сялом некалькі разоў ударылі нашы цяжкія гарматы, рэха перакатамі пакацілася па сяле, па лесе, па полі. Наводдаль у баку пярэдняга краю раз-по-раз была чуваць кулямётная страляніна.

Лагуновіч ішоў важка, крыху выварачваючы ногі, абутыя ў паношаныя кірзавыя боты.

Старшы лейтэнант быў сярэдняга росту. Плечы меў ён нешырокія, рукі — невялікія, нямоцныя, быў даволі шчуплым, i наогул рабіў уражанне нямоцнага чалавека. Твар яго ўдаваў хударлявым, — гэтую хударлявасць узмацнялі вуглаватыя абрысы сківіц.

Скура на яго твары была цемнаватай, авеянай зімнімі вятрамі i сцюжамі, на ёй яшчэ не ляжаў знак вясновага загару. Вочы цёмна-шэрыя, не кідкія, былі добрыя, нават нібы нясмелыя, падбародак па-юнацку мяккі. На носе з маленькай гарбінкай значыліся кропачкі, нібы воспінкі, след апёку. Лагуновіч гарэў у танку.

На шарсцяной гімнасцёрцы, не раз ужо мытай, якая шмат чаго ўжо бачыла, паблісквалі, зырчэлі ордэны Чырвонага Сцяга i Чырвонай Зоркі.

«Можа, зноў разведка боем,— падумаў старшы лейтэнант, гадаючы, з якой прычыны выклікае камандзір брыгады. — Надакучыла. Наступаць бы, дык наступаць, а не таптацца на месцы».

«А можа, i пойдзем у наступленне?» — варухнулася прываблівая надзея. Можа зараз, сабраўшы ўсіх, палкоўнік загадае ехаць па танкі i папаўненне, брыгада хутка ўкамплектуецца — i ў бой. Ужо i так доўга яны топчуцца тут, упускаюць дзень за днём, даючы гітлераўцам час укапацца, сабрацца з сіламі.

Цяжкія гарматы, што стаялі недалёка за сялом, зноў загрукаталі. I зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлю.

Старшы лейтэнант увайшоў у штаб. Гэта была прасторная хата на два пакоі з вялікімі, раней, напэўна, светлымі вокнамі. Цяпер амаль усюды шыбкі былі выбіты i застаўлены фанераю, ад якой хата здавалася цемнаватаю. У першым пакоі на лаўцы, каля шырокай рускай печы, маленькі кірпаты тэлефаніст хрыпатым сарваным голасам гукаў у трубку: «Дняпро, Дняпро».

— Зайдзіце, — сказаў ад'ютант камбрыга. — Палкоўнік там.

Старшы лейтэнант увайшоў. У пакоі былі палкоўнік Бяссонаў, камандзір брыгады, нізкі, прысадзісты, русявы, некалькі штабных работнікаў ды камандзіраў батальёнаў i рот. Палкоўнік размаўляў з маёрам са штаба. Старшы лейтэнант прывітаў камандзіра брыгады. Азірнуўся, шукаючы вачыма, дзе прысесці лепш, i пайшоў у куток.

— Што, можа, за папаўненнем?— запытаўся ён ціха ў суседа — капітана.

Той бліснуў чорнымі халоднымі вачыма.

— Тут, здаецца, тое, што ёсць, аддадзім i пеша па-танкісцку запылім.

— Смяешся? — не паверыў Аляксей.

— Не... На фарміроўку пойдзем, мусіць.

Палкоўнік скончыў размову з маёрам, кінуў быстры позірк на прысутных і, як заўсёды, пачаў без уступаў, адразу з галоўнага.

— Я атрымаў загад: здаць машыны i адвесці брыгаду на адпачынак i перафарміраванне. Што трэба зрабіць? Перш за ўсё — падрыхтаваць матчасць для здачы...

Праз хвілін дзесяць усе ўжо выходзілі са штаба, накіроўваючыся да батальёнаў.

Уранку на другі дзень батальёны выправіліся ва ўмоўленую вёску, каб перадаць машыны другой брыгадзе. Гэта быў заслужаны адпачынак: больш за паўгода, з самай восені, танкісты вялі баі на поўдні ад Віцебска...

Вылезшы з люкаў, танкісты сядзелі на машынах, падставіўшы спацелыя, з плямамі масла, твары лагоднаму ветру. Абапал ішлі пералескі, што ўбіраліся ў першую светлую дымчатую зеляніну, ад якой усё навокал выглядала вясёлым, прывабным, кружыліся палі, што рунелі, мяжуючы часта з вялікімі прасцягамі бур'яну i свірэпы.

На машыне з лічбаю «271», выпісанаю белай фарбай, сядзелі старшы лейтэнант Лагуновіч i камлюкаваты, крыху пануры сержант Быстроў, камандзір гарматы. У адкрытым люку вадзіцеля віднелася галава трэцяга чалавека з экіпажа, Сонцава. Круглы шырокі твар яго быў засеяны рабаціннем.

Старшы лейтэнант недаверліва прыслухоўваўся да спакою, што панаваў у прыродзе. Быстроў сядзеў неспакойна ад таго, што хацелася пакурыць i пагаварыць, але i першае i другое было немагчыма. Сонцаў, мяркуючы па светла-карых вачах, у адрозненне ад таварышаў быў цалкам задаволены ўсім — i тым, што ён бачыў у квадратнае акенца з паднятай, як казырок, важкай плітой, i ветрам, які хвалямі плыў насустрач, прыемна халодзячы потны твар i шыю, забіраючыся пад каўнер на грудзі.

На ўездзе ў маленькую вёску танкам давялося праходзіць па мосце. Мост быў стары, i, агледзеўшы падгнілыя чорныя бярвенні, Лагуновіч занепакоіўся, што яны не вытрымаюць машыны.

Аб'езд быў далёка, i таму рашылі паспрабаваць прайсці праз мост.

Першую машыну мост вытрымаў, перабралася i другая. Пад танкам жа «271» насціл затрашчаў i некалькі бярвенняў з аднаго боку надламаліся, гатовыя абваліцца. Машына нахілілася. Быстроў адразу саскочыў з вежы. Вадзіцель асцярожна крануў машыну, паспрабаваў выйсці на бераг, але мост падаўся яшчэ больш i танк нахіліўся болей.

Унізе была рэчка з гразкім дном i балоцістым берагам.

Лагуновіч, які стаяў каля мастка, загадаў экіпажу пярэдняга танка ўзяць машыну на буксір. Калі танк паволі падпоўз задам да берага, Быстроў i зараджаючы пачалі мацаваць пругкі стальны трос.

У гэты час насустрач танкам з другога канца вуліцы падкаціла калона грузавых машын. Не даехаўшы да моста, пярэдні грузавік, а за ім i іншыя затармазілі.

З кабінкі пярэдняга грузавіка выбраўся плячысты, высокі пяхотны маёр, хутка падышоў да мастка. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі, на яго грудзях на двух вузкіх пасках вісеў бінокль у такой жа новай аправе.

— Што тут такое? — запытаўся ён начальніцкім тонам.

— Самі бачыце... — адказаў Лагуновіч без доўгіх тлумачэнняў.

Пяхотны маёр быў незадаволены. Затрымліваюць. У яго твары, здалося Аляксею, было нешта высакамернае, нядобрае.

З кузаваў грузавікоў, адчуваючы, што тут прыдзецца пастаяць, высыпалі байцы, і некалькі падышло да танкістаў. Адзін з ix раптам усклікнуў узрадавана:

— Таварыш старшы лейтэнант!

Аляксей азірнуўся: перад ім стаяў пяхотны старшына з загарэлым кірпатым тварам. Карыя вочы па-сяброўску, весела ўсміхаліся. Твар гэты, асабліва вочы, здаліся страшэнна знаёмымі. «Дзе мы з ім сустракаліся?» A старшына моўчкі пазіраў на яго, усміхаючыся ўжо ад таго, што Аляксей намагаецца ўспомніць, але не можа.

— Не помніце? — сказаў пехацінец з дакорам.

— Не прыпамінаю...

— Вядома, дзе вам помніць! Ці мала сустракаецца людзей на фронце? A ці не ўспомніце, як вы ляжалі... пад Прохараўкай?

На міг Аляксею прыгадалася дажджлівае поле на Куршчыне. Ён ляжыць ранены ў шыю, а непадалёк лопаюцца снарады i патроны, дымным вогнішчам палае некалькі разбітых танкаў. У адным з ix засталіся яго мёртвыя таварышы, ён адзін выратаваўся. Ці выратаваўся? Ён ляжыць перад варожымі акопамі i не можа паварухнуцца...

— Помню! Ты той сержант, што мяне з поля вынес. Растаропаў, здаецца?

— Праворны.

— Праворны! Помню, помню! Без цябе мне, брат, тады апошнюю песеньку праспяваць давялося б.

— Помніце, як пад сціртаю ляжалі?..

— А як жа!.. Упарыўся ты тады, такі груз цягнучы на спіне!..

— Мокра, слізка вельмі было...

— Я, дружа, пасля таго здарэння, як заварожаны, ні адна куля не бярэ!

— А я ўжо другі раз на фронт еду ад таго часу. Толькі шанцуе, усё легка; месяц — другі паляжу i зноў спраўны.

— Вось дзе давялося спаткацца! — сказаў Аляксей. — Я пасля таго не раз добрым словам успамінаў цябе. Аддзякаваць бы, думаў. Ды вось, неяк нязручна мы спаткаліся. Вы куды?

— Куды ж, акрамя... А вы, на спачын? Не ў час выбраліся. Самы час пачынаць вайну, а вы...

Старшына не скончыў. Пярэдняя машына заварочвалася, пехацінцы накіроўваліся туды, дзе быў аб'езд. З грузавіка паклікалі: «Праворны!», i ён, спехам паціснуўшы Лагуновічу руку, пабег да машыны, падтрымліваючы палявую сумку, што матлялася на баку.



2...

Праз некалькі гадзін рота перадавала танкі ў другую брыгаду.

На вялікім, перакапаным гусеніцамі двары, каля хлява i ў садку між вішняку i ігруш стаялі тры танкi — усё, што засталося ў роце пасля паўгода баёў пад Віцебскам.

Калі ўсе фармальнасці перадачы былі скончаны, Лагуновіч з маўклівым капітанам, які прымаў машыны, абышоў свае экіпажы ў апошні раз.

— Людзей залатых атрымалі вы! Шкада аддаваць проста. Баявыя дасталіся вам хлопцы, вопытныя — першы клас! Яны такія справы рабілі! Хоць, чаго я хвалю ix — самі хутка пазнаёміцеся. Адно скажу... — старшы лейтэнант зірнуў на капітана i прамовіў: — Пашанцавала вам, капітан.

Твар капітана ажывіла стрыманая ўсмешка.

Большасць сержантаў, старшын i некаторыя афіцэры пераходзілі ў новую часць. Танкі былі перададзены разам з поўнымі экіпажамі.

Быстрова, Сонцава i некалькі другіх малодшых камандзіраў Бяссонаў, дамовіўшыся з камандзірам брыгады, браў з сабою. Палкоўнік Бяссонаў асабліва любіў Быстрова i нават ганарыўся ім, бо той быў добрым салдатам. Танкавая гармата слухалася Быстрова, напэўна, не горш, чым паляўнічая стрэльба. Сержант біў з гарматы, як снайпер. Усіх, хто ведаў, як складана страляць з танка на хаду, калі патрэбны i вострае вока, i незвычайны спакой, i спрыт, i дакладнасць, такая трапнасць здзіўляла. Варта было толькі на долю секунды прамільгнуць цэлі ў скрыжаванні прыцэла, як снарад прашываў яе.

Быстроў паволі абышоў свой танк, пагладзіў рукою па шурпатай крутой лабавой брані, сказаў, усміхаючыся, як звычайна, ні то іранічна, ні то кпліва:

— Ну, бывай, дружышча! Не крыўдуй, так сказаць, служба, абавязак! Загадалі, — нічога не зробіш, прыходзіцца расстацца.

Ён са здзіўленнем заўважыў, што на сэрцы стала сумна, як пры развітанні з таварышам. Танк стаяў вялікі, маўклівы, хаваючы канец доўгага хобата-ствала ў галлі старой паўзасохлай вішні. Сонцаў, пачуўшы ў словах Быстрова ноткі засмучонасці, адазваўся шчыра:

— A шкада ўсё-ткі, праўда?

Быстроў ускінуў на плечы мяшок, іранічна з-пад шырокага ілба глянуў на таварыша:

— Шкада, шкада! Сам ледзь не загубіў яго, а таксама шкада. I што гэта з табой? Усе праехалі, i хоць бы што, а ты не здолеў нават па гатовай сцежцы. Зганьбіў сябе дарэшты! Табе б не шкадаваць, а радавацца, што ганьбу сваю жывую пакідаеш тут. Зноў жа без машыны табе спакайней, цяпер не трэба баяцца, што правалішся на мосце... пасажырам будзеш... Пасля таго сораму нават грузавік табе, безумоўна, ніхто не даверыць.

— Хопіць крыўляцца... Я ад душы гавару.

— I я таксама. Але, даволі! Бяры мяшок, вунь нас чакаюць.

— Ну, Саша, пацалуемся на развітанне, — сказаў Быстроў маленькаму, хмурнаму зараджаючаму, што стаяў поруч i нявесела слухаў яго жарты. — Не крыўдуй, што пакідаю. Каб быў я камбрыгам, забраў бы з сабой абавязкова.

Абняўся так, што ў хлопца косці затрашчалі. Развітаўшыся з другімі, Быстроў накіраваўся да грузавіка. Ён падаў таварышам мяшок і, паставіўшы нагу на шыну, лёгка ўзняў на дужых руках сваё моцнае цела. З кузава ён перагнуўся i падаў руку Сонцаву:

— Дай руку, хлапчына, падмагу.

Танкісты, што засталіся ў ранейшай брыгадзе,— большасцю афіцэры, — усеўшыся ў кузаве, перагаворваліся з сержантамі i старшынамі, якія пераходзілі ў новую часць. Апошнія былі незадаволены.

Эх, як не хацелася развітвацца са сваімі таварышамі, камандзірамі, але, што ты зробіш — загад! На лёс, аднак, ніхто не скардзіўся — смутак развітання i крыўду хавалі за жартаўлівымі, таварыскімі воклічамі:

— Быстроў, дружок, пішы лісты! Не забывай.

— Сярожка! Прывітанне гераічнаму тылу.

— Прывітанне франтавікам!

— Глядзі, каб удовы не крыўдзіліся!

— Сонца, не раз'ядайся на тылавых харчах, цябе i так разнесла — глядзець страшна.

— Давай закурым на развітанне, у апошні раз з табою.

— Чаму апошні? Убачымся хутка.

— Калі? У шэсць гадзін вечара пасля вайны?

Жартавалі, як звычайна, а на душы было нявесела.

Аляксей абышоў машыны, у якіх размясцілася рота, нібы правяраючы, ці ўсё гатова да выезду. Правяраць,праўда, не было чаго, але такая ўжо ў яго ўкаранілася звычка — прайсціся па роце перад маршам. Цяпер, калі танкісты размясціліся ў грузавіках, больш чым калі-небудзь кідалася ў вочы, як ix мала. Без танкаў яны здаваліся вельмі мірнымі.

«I з гэтай жменькай мы рабілі столькі страху ворагу! — акінуўшы ix з нейкай новай, асаблівай пашанай, падумаў мімаволі Аляксей. — Тут кожны пяцярых варты».

Ён падышоў да машыны, дзе сядзела некалькі сержантаў.

— Выгляд ваш не падабаецца мне, хлопцы, — сказаў ён. — У кузаве драўляным, з мяшочкамі, як шафёры. Гвардыя мы ці не гвардыя? — запытаў Аляксей усміхаючыся. Гэта былі любімыя словы камандзіра брыгады, якія часта паўтаралі салдаты. Словы гэтыя сталі брыгаднай прымаўкай.

Сонцаў, не задумваючыся, шчыра адказаў:

— Гвардыя, таварыш старшы лейтэнант!

— Пасажыры бясплатныя, — з іроніяй адгукнуўся Быстроў.

— Ну, гэта часова. Ездзіць пасажырамі нам, Быстроў, відаць, не дадуць, — адказаў Аляксей.

Ён не скончыў. Пярэднія машыны батальёна крануліся. Старшы лейтэнант спяшаючыся развітаўся з экіпажамі, што заставаліся тут, пайшоў да свайго грузавіка i сеў у кабіну.

— Бывайце, таварышы! Шчасліва ваяваць! — крыкнуў ён напаследак, махаючы рукою.

Грузавік крануўся. Ветравое шкло з боку Аляксея было прабіта куляю; ад маленькага кружка ва ўсе бакі на паўшыбы веерам разбягаліся праменні. Машыны хутка мінулі хаты маўклівай вёскі i выехалі ў поле. У Аляксея на душы было сумна i неяк пуста пасля расставання. «Без машын i без салдат... Так зжыліся, i вось прышлося разысціся!»

...Кіламетраў праз семдзесят машыны звярнулі з каляіністай дарогі i пайшлі, гайдаючыся i падскокваючы, па цаліку ўсцяж лесу, у якім стаялі ўперамежку дубы i клёны. Неўзабаве грузавікі спыніліся. Справа непадалёк віднелася вёска, за ёю рэдкія бярозавыя прысады, злева — нядаўна ўзаранае глянцавата-чорнае поле.

Аляксею была знаёма гэтая мясціна.

— Цю! Та мы ж отутэчкі былі ўвосень! —здзівіўся прыгожы, як дзяўчына, чарнабровы ўзводны, лейтэнант Якавенка.— Чы мэні можа толькі прыкінулася?

Палкоўнік Бяссонаў, які ўжо стаяў на ўзлессі каля «газіка», чакаючы, паклікаў камандзіраў батальёнаў i рот i з імі накіраваўся ў лес. Маладая яркая трава, на якой, прабіўшыся між лісця, светлыя сонечныя плямы чаргаваліся з ценем, была рабой, як маскіроўка. Пасля поля тут вельмі востра білі густыя лясныя пахі.

За ротнымі камандзірамі ў лес павалілі групкамі іншыя танкісты. Непадалёк яны ўбачылі старыя, паўзарослыя, паўзасыпаныя зямлянкі.

— Наша зямлянка!.. — пазнаў Сонцаў.

Ён зазірнуў у сярэдзіну, адкуль тхнула на яго пахам сапрэлага сена. У зямлянцы было ўсё раскідана, нары напалову разламаны; у праходзе валяліся гнілыя, з вапнавымі плямамі плесені, зляжалыя шматкі сена. Сонцаву цяпер дасталася другая зямлянка, непадалёк. Калі ён падышоў, Быстроў ужо гаспадарыў там, выграбаючы рыдлёўкаю засохлую веснавую гразь.

— Ці доўга мы будзем кружыцца вакол гэтых лясоў? — запытаўся Сонцаў у Аляксея, калі той падышоў да ix.

Старшы лейтэнант адказаў:

— Думаю, што столькі, колькі спатрэбіцца... Але, паколькі будзем тут на гэты раз яшчэ жыць, — трэба зрабіць сабе жыллё. Скідайце свой мех, Сопцаў, ды хутчэй!..



3...

Калі пачалася вайна, Аляксей Лагуновіч быў камандзірам гарматы.

У чэрвені ix полк стаяў у лагеры непадалёк ад Брэста. У ясную сонечную раніцу ціхія палаткі неспадзявана абстралялі фашысцкія самалёты.

На белай палатнянай вулічцы, куды, пачуўшы страляніну, выбеглі збянтэжаныя сонныя танкісты, упалі дзве бомбы. Моцная хваля ўдарыла Аляксея, кінула на зямлю. Калі ён прышоў у прытомнасць, то ўбачыў поруч у лужы крыві вадзіцеля i кулямётчыка са свайго экіпажа.

Гэта былі першыя забітыя, якіх бачыў сержант Лагуновіч.

Падняўшыся, адчуваючы дзіўную знямогу ў целе, ён падышоў да таварышаў, якія ўзрушана абмяркоўвалі страшную падзею. Некаторыя яшчэ думалі, што здарылася нейкая памылка.

Ён добра памятае ўсё, да драбніцы, што было ў той дзень. Праз гадзіну прышоў загад на батальёнах выступаць у кірунку пагранічнага гарадка. На дарозе, ціхім палявым шляху, абапал якога расло жыта, яны зноў папалі пад бамбёжку. Хутка разасяродзілі машыны i без перапынку ішлі далей. Тады з аднаго танка блізкім выбухам сарвала вежу.

Надвечар у першы дзень Аляксей з таварышамі ўжо завязалі бой з гітлераўцамі.

Першым прыцемкам немцы спыніліся на адпачынак. Аляксей усю тую ноч не заплюшчыў вачэй, усё думаў i ўспамінаў. Ён бачыў перад сабой страшны твар сябра-вадзіцеля. Прыгадваў падзеі гэтага дня, забітых таварышаў, з якімі яшчэ ціхай мінулай ноччу спакойна спаў. Было трывожна, калі думаў, што толькі выпадкова выратаваўся ад смерці. Ён адчуваў, што над яго жыццём навісла бязлітасная i грозная хмара.

Потым былі баі, акружэнні, мітуслівыя гарады, на вуліцах якіх душыў горкі дым i пад нагамі хрупасцела шкло, — былі нязжатыя патаптаныя палі. У тое лета, адыходзячы i адыходзячы, ён вастрэй, чым калі-небудзь раней, адчуў, як бязмерна моцна любіць родны край, як дорага яму ўсё, што ён пабачыў за сваё нескладанае светлае жыццё.

Дайшоў так Аляксей да родных мясцін, дзе ведаў кожны, здаецца, куток. Заехаў проста з танкам на той двор, дзе некалі бегаў басанож. Заехаў толькі на некалькі хвілін, бо следам ішлі гітлераўцы.

З ціхай старой хаты выбегла ўстрывожаная i напалоханая маці.

Ён, як быў задымлены, зашмальцованы, скочыў на зямлю i абняў, пяшчотна прытуліў маці да сябе.

— Сынку,— ціха i радасна прамовіла старая,— адкуль жа ты прыляцеў, галубок?

— Адтуль, адкуль усе ідуць, мама...

— Я тут дзень i ноч усё пра цябе думала. Заходзь, сынку, у хату, спачні крыху ды таварышаў сваіх пакліч.

Зайшлі ў хату, селі за стол. Аляксей запытаўся, ці не прыносілі лістоў ад Ніны.

Нічога не было.

Маці захадзілася: трэба пачаставаць дарагога госця! Прынесла хлеба, малака, сыру. Таварышы, якія прагаладаліся з дарогі, з радасцю накінуліся на ежу. А Аляксею нішто не ішло, туга такая на душы была, што слоў для гаворкі не знаходзіў.

Маці таксама слова, здаецца, больш не прамовіла, глядзела, не зводзіла вачэй.

Напакавала торбу з харчамі, як некалі, выпраўляючы ў Мінск на вучобу, i правяла маўкліва на двор.

Hi плачу, ні скаргі.

Удваіх з маці ішлі пешшу следам за машынай. Каля крайняй хаты абняў яе:

— Даруй, мама... што пакідаю... адну...

— Беражы сябе, сынку.

Ён, не азіраючыся, пабег да машыны, узняўся на вежу...

Усе дні жыла ў Аляксеі трывога аб Ніне. За чуткамі пра бамбёжкі роднага горада прышла жахлівая вестка, што ў Мінску гітлераўцы. Управілася ці не ўправілася яна выехаць? Ці, можа, давялося ісці, адной, цяжарнай?

А можа, яна дзе-небудзь ляжыць нежывая на дарозе, можа, яе назаўсёды заплюшчаныя вочы i нямыя вусны засцілае дарожны пыл?..

Нічога невядома...

Tоe, што здавалася раней непарушным, усталяваным назаўсёды, цяпер паліў, руйнаваў, захопліваў вораг. Упершыню Аляксей пабачыў, што шчасце, якое ён спазнаў з маленства i якое прымаў, як належнае, наважваюцца адабраць, растаптаць, што над усім навісла смяротная пагроза, пра якую раней ён не раз чуў i нават гаварыў сам i якая неяк уяўлялася далёкай i нерэальнай.

Яму было цяжка i горка. Ён ад прыроды быў нецярплівы, быў прызвычаены сваёй настойлівасцю браць тое, чаго жадаў. Тут жа ўсё ішло насуперак яго жаданню, i ён нічога не мог зрабіць. Кожны дзень чакаў ён, што адступленне скончыцца, a даводзілася ўсё адыходзіць i адыходзіць.

Пад Рагачовам у ix палку заставалася не больш трэці байцоў i каля дзесятка танкаў. Тут далі ім некалькі машын з другога палка, i Аляксей упершыню пайшоў на захад. Як ён ажыў, устрапянуўся! Яны адбілі ў той дзень чатыры вёскі, а яму здавалася, што наступіў пералом, што цяпер пачне ісці ўсё па-новаму. Тыя чатыры вёскі помніліся яму ўсю вайну.

На нейкім бульбяным полі ў мокры восенскі надвячорак яго танк падбілі, а самога Аляксея ранілі ў грудзі. Ca шпіталя яго накіравалі на курсы афіцэраў у ціхі, запалонены садамі гарадок. Калі пачалося варожае наступленне, Аляксея i некаторых іншых курсантаў да тэрміну выпусцілі. У тое гарачае лета давялося яму з баямі, трацячы людзей i машыны, адыходзіць з узводам у данскія стэпы.

На беразе Дона шлях яго зноў перарваўся.

Пазней ён бачыў сіверную, віхурную зіму пад Сталінградам у новай танкавай брыгадзе, якая яшчэ не была ў баях. З ёй, ведучы «трыццацьчацвёрку» праз мяцеліцы, Аляксей акружаў гітлераўцаў пад Сталінградам, a потым ішоў па заснежаных данскіх стэпах на захад.

Ён, было, па цэлых сутках праседжваў у сцюдзёным бранявым каўпаку. Здароўе было не моцнае, ён вельмі стамляўся,— відаць, хвароба, якую ён перанёс у інстытуце некалькі год назад, ды рана ўсё ж давалі знак, але Аляксей браў вынослівасцю.

Ранняй вясною давялося яму вярнуцца ў тыя месцы, адкуль пачыналася летась адступленне.

На Курскай дузе на Аляксееву роту навалілася больш за трыццаць варожых танкаў. Ён цэлы дзень вёў няроўны бой i, хоць было вельмі цяжка, не прапусціў ix танкі.

Пад вечар машыну Аляксея спалілі, а яго самога ранілі, i, каб не выратаваў пяхотны сержант Праворны, то тут бы i скончылася, напэўна, яго жыццё.

У шпіталі выявілі, што ён хварэў на туберкулёз, улічылі яго раны i рашылі на паўгода паслаць у тыл адпачыць, паправіцца, але ён папрасіўся ў дзеючую армію.

— Які цяпер можа быць адпачынак, ды яшчэ афіцэру. Пішыце ўжо — годзен...

Вярнуўся Аляксей пад Віцебск, дзе з самай восені быў у тых непрыкметных баях, якія вёў яго батальён...



4...

Абсталявалі зямлянкі. У кожнай былі нары з жэрдак, накрытыя зялёнай травою, засланыя шорсткімі плашч-палаткамі.

Расцерабілі, падрыхтавалі палянку для танкавага парку.

На роўнай, прысыпанай жоўтым пяском лінейцы, што цягнулася ўсцяж зямлянак, ранкам i ўвечары, як да вайны, адбываліся пераклічкі i праверкі. Камбат прымаў даклады дзяжурных па батальёну, рабіў наганяй за кепска прыбраныя нары ці абы-як кінуты камбінезон, старшына аб'яўляў, хто ідзе назаўтра ў нарад. Нарадаў было многа, асабліва сержантам. Сонцаў з Быстровым хадзілі ў нарады амаль праз дзень.

Сонцаў прымаў назначэнні ў нарад не толькі без нараканняў, a нават з ахвотай. Любіў сержант ездзіць па ваду ў вёску, калоць дровы, з задавальненнем мыў кацёл.

— Трэба папрасіць, каб цябе на кухню на пастаянна назначылі, — кпіў Быстроў над таварышам, — памочнікам повара ці катламыем: вельмі ж ты тут на месцы. Не тое што ў «трыццацьчацвёрцы»...

Вольныя ад нарадаў танкісты — большасць з ix афіцэры — цэлымі днямі займаліся «пеша па-танкаваму» i страявой падрыхтоўкай. На полі, ускрай лесу, на вясёла-зялёных палянках у розных месцах амаль да цямна чулася:

— Раз, два! Цвярдзей!

— Напра-а-ва!.. Нале-е-ва!

Сонцаву ў першы ж дзень страявая апрыкрала. Ён займаўся ёю так, нібы выконваў нудны абавязак, прыдуманы невядома для якой патрэбы. Быстроў не вешаў галавы, пасмейваўся сабе, сыпаў каламбурамі і, здавалася, быў зусім задаволены сваім лёсам.

— Ты што блішчыш, як медны грош? — сказаў аднойчы з непрыхільнасцю Сонцаў.

— Таму, што Сонцаў не свеціць, — i раптам загаварыў сур'ёзна, па-змоўніцку: — Свята сёння ў мяне.

— Якое?

— Першая ў гэтым тыдні... пятніца!

I, кпліва пасміхаючыся, ляпнуў таварыша па плячы.

Каму прышлася да спадобы страявая, дык гэта лейтэнанту Гогабярыдзе. Лейтэнант кіраваў страявымі заняткамі ў роце. Ён быў добрым, можна сказаць, прыроджаным страевіком.

Да вайны Гогабярыдзе, які быў тады сержантам, сваімі здольнасцямі i поспехамі на гэтай ніве славіўся на ўвесь полк. Ніхто не ўмеў, напэўна, так прыгожа i лёгка рабіць усё, што належала па страявому кодэксу, як гэты стройны фарсісты танкіст. У вайне яму прышлося развітацца ca сваім палком, a ў новых часцях аб яго здольнасцях мала хто ведаў.

Цяпер Гогабярыдзе зноў захапіўся любімай справай...

Над усім гэтым было галоўнае, што непакоіла кожнага — ці хутка дадуць машыны?

На перапынках, разлёгшыся на траве, сабраўшыся ў кружок, ці перад вячэрняй праверкай часта заводзілі размовы пра ix, успаміналі, нібы любых. Многа каму здавалася тое, што яны робяць цяпер, няважным, амаль непатрэбным, сапраўднае, вартае ўвагі, лічылі, пачнецца тады, калі прыдуць танкі, калі ўсе сядуць зноў у «трыдцацьчацвёркі».

Нязвыклым было пасля фронта салдатам гэтае мірнае жыццё. Усё чамусьці незразумелым i зманлівым здавалася: i цішыня, i бяспечны спакой, ад якіх адвыклі даўно. Насцярожана слухалі паўзабытыя гукі ціхага ляснога жыцця, чакаючы недаверліва, што цудоўную веснавую казку лесу раптам зменіць трывожная ява.

Гэты настрой быў i ў Аляксея, які рабіў свае ротныя справы з няведамай раней абыякавасцю, без цікавасці кіраваў заняткамі.

Разы два камбат гаварыў пра яго роту, як пра горшую, але Аляксей адносіўся да гэтага больш як калі спакойна. Ён жыў адным —чаканнем, чаканнем, калі мінуць ціхія, пуставатыя дні i настане сапраўднае, жаданае.

У канцы першага тыдня сабраўся партыйны сход брыгады. Сышліся ў клубе — на палянцы, дзе ўжо былі ўкапаны радамі лавачкі; размясціліся на першых трох радах.

Палкоўнік Бяссонаў рабіў даклад пра становішча брыгады i пра задачы. Ён амаль не гаварыў пра агульную абстаноўку, a стаў расказваць пра роты, пра паводзіны камандзіраў, i ў радах адразу наступіла цішыня.

— Чакаць папаўнення — не значыць, што можна сядзець, склаўшы рукі, ды хадзіць на вёску да баб. Тут у нас — ядро, — толькі тады, калі яно будзе моцным, мы зможам з'яднаць папаўненне i ўмацаваць брыгаду... A ў нас ёсць дзеячы, у тым ліку, не сакрэт, i камуністы, якія рашылі адпачыць, думаюць жыць на першай перадачы! Курорта захацелі!

Аляксей пры гэтым адчуў, што ў грудзях паявіўся халадок, сядзець стала нязручна. Ён неспакойна паварухнуўся: «Зараз пра мяне скажа»...

Але Бяссонаў загаварыў пра камандзіра трэцяга батальёна. «Здаецца, абміне»... Аднак палкоўнік не абмінуў.

— Я заўважыў, што Лагуновічу таксама курорта захацелася. Стаміўся Лагуновіч! Зямлянкі абсталяваны кепска... Заняткі па тактыцы ўчора не падрыхтаваў...

Аляксей сустрэўся позіркам з камбрыгам — у твар яго ўдарыла здрадлівая гарачыня. Хацелася ўскочыць, кінуць у адказ: «Няпраўда, справа зусім у іншым!..» Але ён стрымаўся. Ён кепска чуў, што гаварыў палкоўнік далей, у памяці асела крыўднае — «таксама курорта захацелася».

Дасталася Аляксею яшчэ i ад камбата.

— Ну, наваліліся!.. — стараючыся схаваць няёмкасць, паспрабаваў пажартаваць старшы лейтэнант. — Што гэта сёння ўсе на мяне — усе шышкі.

Лейтэнант Якавенка, які сядзеў поруч, адгукнуўся:

— Знаюць, на каго ім сыпацца! Правыльно воны сыплюцца.

— Чаму гэта правілына?

Але Якавенка не адказаў. Старшы лейтэнант, заўважыўшы, якую сур'ёзную міну нагнаў на свой твар таварыш, глянуў на прэзідыум: на ix пазіраў Бяссонаў.

Пасля сходу, калі вярнуліся ў зямлянку, Аляксей зноў пачаў перапыненую размову:

— Значыцца, ты лічыш, што правільна?

— З адною папраўкай. Можэ, мала далі?

— Ты жартуеш... А мне, чорт пабяры, крыху прыкра: перад усёй брыгадай аславілі.

— Але — сутнасць правільная?

— Сутнасць? У тым i справа, што сутнасць не правільная. Ну, ёсць такое, аслабіў пояс. А чаму? Таму, што курорта захацелася?

— A вынікі — адны?

— Вынікі!.. Я так ірваўся, думаў хутка — наперад. А тут...

Старшы лейтэнант ледзь не вылаяўся.

— Калі б хоць машыны хутчэй далі!



5...

Аляксей, хоць вельмі стамляўся за дзень, уночы часта пакутаваў ад бяссоння. З вечара хацелася спаць, але пазней, калі ён, распрануўшыся, ляжаў на нарах у зямлянцы, сон чамусьці паступова адыходзіў. То нібы ў зямлянцы душна, то пад бокам муляе нейкі рубец, то камар над вухам звініць... Як назойлівыя авадні, адна за адной пачыналі кружыць думкі. Ён спрабаваў адагнаць ix, расказваў сам сабе паўзабытыя вершы, хаваў галаву пад падушку, але нішто не дапамагала.

Аляксей спазнаў гэтую бяду ўпершыню. На фронце ён засынаў легка i хутка, ніколі не бачыў сноў, прачынаўся заўсёды цяжка i неахвотна, так што не адразу можна было дабудзіцца.

Ён — чалавек цярплівы, прызвычаены да розных франтавых нягод, мог спаць на марозе, седзячы ў танку, сагнуўшыся ў крук. Прытым не драмаў, як другія, a спаў. I пасля гэтага сну заўсёды адчуваў сябе лёгка, бадзёра, ніколі не чуў болю ў галаве, як іншыя.

Думаў не раз: пойдзем у тыл, з якой асалодаю адасплюся i раптам — такая неспадзяванасць!

...Старшы лейтэнант хутка адчуў, што сёння таксама не засне. Ён чуў, як поруч бесклапотна храпе Якавенка, які жыў у адной з ім зямлянцы. Той звычайна засынаў адразу, як паваліцца на ложак.

Аляксей пазайздросціў яму.

Старшы лейтэнант мімаволі ўспамінаў сход, прыгадваў слова за словам, што гаварыў пра яго палкоўнік Бяссонаў. I ў грудзях зноў варушылася крыўднае — курорта захацеў, ён пярэчыў камбрыгу, даводзіў, што гэта не так, i усё ж адчуваў, што вінаваты, што ў галоўным камбрыг гаварыў праўду.

«Размяк. Паддаўся настрою... Зноў», — дакараў ён сябе.

У Аляксея — ён сам ведаў — настрой часам глушыў развагу. Гэта была адна з асаблівасцей яго характару, ад якой ён не раз бедаваў i да якой адносіўся насцярожана. Ён лічыў, што ў яго недастаткова волі, калі ён не можа не паддавацца непатрэбным настроям. Аляксей стараўся стрымліваць настроі, але яны ўсё ж час-ад-часу вадзілі яго. Ад гэтага ён быў няроўны ў паводзінах: то вясёлы, працавіты, энергічны, то — праўда рэдка — нечакана стане маўклівым, як бы абыякавым.

Праляжаўшы гадзіну — дзве бяссонна, старшы лейтэнант апрануўся, нацягнуў на босыя ногі боты i вышаў на двор.

Ён заўважыў, што не толькі ён адзін, a i яшчэ той-сёй не спіць. Праходзячы паўз адну зямлянку, ён ледзь не наступіў на салдата, што ляжаў на зямлі.

— Хто гэта?

— Я, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, — адазваўся Сонцаў, — не магу ў зямлянцы, хоць што... душна.

Аляксей, прайшоўшыся, сеў на бярозавую калодку перад сваёй зямлянкай, закурыў.

Вартавыя так прывыклі яшчэ раней бачыць Аляксея, што не здзівіліся, — яны, здаралася, гаварылі адзін другому, калі яго не было: «Сягоння старшы лейтэнант не курыў».

У гэтую ноч старшы лейтэнант курыў многа...



6...

Перад вечарам палкоўнік Бяссонаў загадаў паклікаць да яго механікаў.

Яшчэ да таго, як Бяссонаў пачаў гаварыць, усе ўжо здагадваліся, для чаго ix збіраюць. Яны не памыліліся. Неўзабаве стары, але чысценькі грузавік з механікамі i тэхнікам, пагойдваючыся, выбіраўся на роўную шасэйку, што кіравала на станцыю.

У кузаве каля кабінкі сядзелі поруч Лагуновіч i Сонцаў.

На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Збоку дарогі, каля невысокіх маладых тапалёў, весела выглядвалі свежаю жоўта-зялёнаю фарбаю новенькія, толькі што, здаецца, выпушчаныя з заводскага двара «трыццацьчацвёркі». Каля ix стаяла некалькі танкістаў у сініх камбінезонах.

Станцыя была пабіта бомбамі. Ад вакзальных пабудоў засталіся толькі чырвоныя каменныя падмуркі ды памяты, з вырваным бокам іржавы бак воданапорнай вежы, што ляжаў на зямлі. Небагата ўцалела i хацін, якія чарнелі недалёка ад вакзала.

Каля пагрузачнай пляцоўкі расцягнуўся эшалон з платформамі i расчыненым пульманаўскім вагонам-цяплушкай. На платформах стаялі адна за адной, нібы ў паходнай калоне, круталобыя, прыземістыя машыны. Брызенты з ix былі зняты, танкісты раскручвалі драты, якімі машыны мацаваліся да платформы, заводзілі маторы.

Стаяў шум, скрыгат. Танк, які толькі што важка сышоў з платформы, дзе-нідзе пашчапаў i зрушыў намошчаныя шпалы. Праз апусцелую платформу пасоўвалася павольна наступная машына, пад яе тракамі трашчала дрэва.

На пляцоўцы камандаваў Бяссонаў, каля якога хадзілі i бегалі некалькі афіцэраў. Ён i сам не любіў стаяць без справы i не даваў другім. Трохі грузны i разам з тым вельмі рухавы палкоўнік кіраваў выгрузкаю, не пагарджаючы займацца, здавалася б, дробязямі. Ён працаваў шумліва, з захапленнем, — загадваў, адчытваў, знакамі паказваў механікам, дзе весці машыны. Пад яго вострым халаднаватым позіркам усе рабілі сваю справу старанна i хутка.

На адной з бліжніх платформ дапамагаў рыхтаваць машыну да выгрузкі Сонцаў. Вадзіцелем танка быў сержант Рыбакоў. Гаварыць амаль не прышлося, бо хутка надышла ix чарга выводзіць танк. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца i падцягнуў ix платформу да пляцоўкі.

Сонцаў сеў на месца вадзіцеля, звыкла ўзяў у рукі рычагі. Важкая машына, паслухмяная рычагам, падмінаючы i крышачы намошчаныя дошкі i рудыя шпалы, асцярожна разварочваючыся, стала паволі сыходзіць з платформы. Сонцаў убачыў наперадзе постаць палкоўніка, які, падбегшы да машыны, рукой паказваў узяць правей. Танк збочыў управа.

Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе.

Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён ідзе па хісткай кладцы над вадой, таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла.

Машына адышла ад пляцоўкі. Як толькі яна стала, Сонцаў, заглушыўшы матор, вылез з люка, навічкі акружылі сержанта i пачалі засыпаць пытаннямі. Ix найбольш цікавіла брыгада, у якую яны прыехалі,— ці даўно на фронце, дзе ваявала, дзе стаіць цяпер, хто камандуе, што за чалавек камандзір брыгады i многае іншае. Распытвалі таксама i яго, ці даўно ваюе, адкуль родам. Рыбакоў яму працягнуў каробку «Казбека», невядома дзе здабытую, i адразу па-сяброўску перайшоў на «ты». Камандзір машыны быў малады, чырванашчокі лейтэнант, ён пытаўся мала, але ўсё ўважліва слухаў.

Акружаны ўвагаю i спагадлівымі позіркамі, Сонцаў адчуў сябе героем. Ён расказваў пра сваіх таварышаў: усе яны, паводле слоў яго, былі выдатнымі людзьмі, пра адвагу i баявыя справы якіх слава разносілася на ўвесь фронт. Ён гаварыў шчыра i горача, як чалавек, які сам захапляецца такімі славутымі таварышамі, але з прыкрасцю адчуваў, што яго апавяданне выходзіць нейкім цьмяным i нецікавым.

«Эх, Быстрова няма, той бы распісаў!» — пашкадаваў ад душы ён i нездаволена змоўк.

— Адным словам, хутка пабачыце самі!


Раздзел IV


1...

На нядаўна маўклівай палянцы, падрыхтаванай для парку, было шумна. Лагуновіч, папярэдне паказаўшы месца для кожнай машыны, цяпер сачыў, як яны адна пры адной выраўноўваюцца ў рад. Перад кожнай з ix наперадзе быў камандзір, які рукамі даваў механіку знак: правей, лявей, стой. У лесе рэха на многа ладоў разносіла гурчэнне танкаў — то дабрадушна-ціхае, як мармытанне, то моцнае, пагрознае.

Апошнім паставіў сваю «трыццацьчацвёрку» ружавашчокі бялявы лейтэнант. Танк раўнуў напаследак на ўсю сілу маторам, кінуў хмару сіне-рудога дыму i замёр побач з іншымі. Аляксей ужо ведаў, што прозвішча лейтэнанта — Колышаў. Ледзь толькі вадзіцель марудна, як мядзведзь, выпаўз з люка, Колышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў, потым павярнуўся і подбегам, лёгкім пружыністым крокам, папраўляючы на хаду пояс i абцягваючы складкі на камбінезоне, падышоў напрасткі да Аляксея.

— Познішся, лейтэнант, — хмурачы на пераноссі бровы, пад якімі былі добрыя, крыху нясмелыя вочы, сказаў Аляксей, калі Колышаў далажыў.

Лейтэнант не апраўдваўся, не спасылаўся на вадзіцеля, i Аляксею, які не любіў адгаворак, спадабалася гэта. У Колышава былі шэрыя дапытлівыя вочы, па-юнацку светлыя ружовыя шчокі. Новы камбінезон амаль не меў масляных плям, бліскучы пояс з зоркаю туга пераціскаў танклявы стан. Па тым, як Колышаў трымаўся статутных правіл, старшы лейтэнант здагадаўся, што ён прышоў сюды проста з вучылішча.

— Чаму не навучыў вадзіцеля... паварочвацца жвавей?

— Мне яго далі толькі ў дарозе, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, — адказаў Колышаў, пазіраючы сваімі яснымі вачыма на Аляксея. — Не паспеў. Але я яго навучу.

— Глядзі, лейтэнант! Не пазніся. У другі раз не дарую, — пагразіў Аляксей.

Новыя танкі стаялі роўным радам. Каля ix паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары крывое вузлаватае галлё. Бывалыя танкісты падыходзілі да машын, аглядалі ix уважліва, нібы прыцэньваліся. Дзіўна было бачыць, што на шурпатай брані няма ні адной шкрабіны. На важкіх літых вежах не было ні нумароў, ні славутых знакаў гвардзейскай брыгады: угары літара «Б», пад ёй вострая імклівая страла, нацэленая наперад.

Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Карцела паглядзець, што змянілі за гэты час.

Дзяжурны па роце, рухавы фарсісты лейтэнант Гогабярыдзе, загадаў строіцца.

Афіцэры, сержанты з усіх бакоў пачалі збягацца да дзяжурнага. Рота выцягвалася ўсцяж лінейкі.

— Хутчэй, хутчэй, — падганяў Гогабярыдзе.

Людзі строіліся, здавалася яму, вельмі марудна. Ён прайшоў па строі, раўняючы рады ў шнурок, некалькі разоў паўтарыў «смірна», «адставіць», не забыўся заўважыць пры гэтым, што трэба будзе заняцца страявой.

Старшы лейтэнант убаку чакаў, калі рота ўладуецца. Гледзячы на строй, які вырас больш як удвая, ён думаў, што зараз павінен сказаць. Нарэшце, Гогабярыдзе зычна скамандаваў апошняе «смірна». Ён дакладваў з такім выглядам, нібы перад ім быў не камандзір роты, добры яго знаёмы, a камандзір брыгады ці корпуса.

— He ўмеюць строіцца, — сказаў Аляксей незадаволена.

У душы, аднак, старшы лейтэнант радаваўся. Ён заўсёды быў рады людзям, любіў з імі сыходзіцца. Да таго ж, з гэтымі людзьмі рота, якая да гэтага не перавышала ўзвода, адразу вырасла; танкаў было ў ёй, колькі належала. Гэта была сапраўдная рота.

Ён прывітаўся. Танкісты адказалі голасна, але нядружна.

Аляксей акінуў знарок суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сябе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй.

— Таварышы!— пачаў ён, выдзяляючы кожны сказ.— Наша рота сёння павялічылася. Прышлі да нас, у нашу сям'ю, новыя людзі. Радасна, што нашы рады зноў запоўнены. Я вітаю вас, таварышы навічкі, i хачу, каб вы былі варты тых, каго прышлі замяніць. Не забывайце, для чаго вас паслала Радзіма сюды. Неўзабаве мы пойдзем на фронт, каб гнаць ворага далей з нашай зямлі. Мы павінны, не шкадуючы сіл, рыхтавацца да тых вялікіх дзён. Патрабую самай строгай дысцыпліны i парадку. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але i абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску i тут, i там, на перадавой,— усюды!

Ён скамандаваў «вольна» і пачаў знаёміцца з людзьмі.

Першым, да каго Аляксей падышоў, быў сержант Рыбакоў.

— Вы, сержант, не з стараабрадцаў? — Рыбакоў здзіўлена ўставіўся на камандзіра роты, не адказаў.— Чаму бараду адпускаеш?

Рыбакоў пачаў апраўдвацца — часу не было, але Лагуновіч не стаў слухаць, хаваючы пад брывамі добры позірк, абарваў:

— Пагаліць! У другі раз ca строю выведу.

Ён запытаўся, дзе Рыбакоў ваяваў раней i дзе быў паранены.

— Пад Гомелем дзеўбанула, таварыш старшы лейтэнант... Два дні толькі i пабыў на фронце...

— Які клірэнс у Т-34? — перабіў яго старшы лейтэнант.

Рыбакоў адказаў хутка i дакладна. Старшы лейтэнант, ажывіўшыся, задаў яшчэ некалькі тэхнічных пытанняў, i на ўое Рыбакоў адказваў правільна, хоць між ix былі i не лёгкія.

Аляксей, які вельмі любіў тэхніку i з павагай ставіўся да людзей, што яе ведаюць, адышоў ад Рыбакова задаволены.

Большасць «навічкоў» былі толькі ў брыгадзе новымі. Некалькі чалавек, як i старшы лейтэнант, пачыналі вайну ў першы дзень, пад Пярэмышлем, Брэстам i Беластокам, i калі пакідалі фронт, дык толькі параненыя, абгарэлыя i толькі на некалькі месяцаў.

Аляксею падабалася, што людзі яго пахадзілі ўжо ў «агні».

Прышло, праўда, чалавек пяць i такіх, што не былі яшчэ на фронце. Яны здаліся Аляксею людзьмі надзейнымі. Асабліва запомніўся яму малодшы сержант Архіпаў.

— Не ваяваў? — запытаў Аляксей у Архіпава, ведаючы гэта са спісу, які ён чытаў перад гэтым.

—Ваяваў, таварыш гвардыі старшы лейтэнант,— запярэчыў той.

— Дзе?

— На Уральскім танкавым... Машыны вось гэтыя рабіў.

Байцы засмяяліся, Архіпаў, маўклівы, задуменны, ніяк не адгукнуўся на смех. Цяжка было зразумець, ці ён лічыць гэта за жарт, ці перакананы ў гэтым. Цэпкім позіркам Аляксей зірнуў на сержанта i чамусьці паверыў, што ён не падвядзе.

У сержанта Касцючэнкі, васпаватага, з карымі вузкімі вачыма, на гімнасцёрцы бялеў сярэбраны партызанскі медаль. Аляксей ведаў ca спісу толькі, што ён з «брыгады імя Сталіна». Старшы лейтэнант запытаўся, дзе ваюе брыгада, i калі сержант сказаў, што ў Беларусі, ён не стрымаў усмешкі задавальнення. Аказалася, што брыгада стаяла на поўдзень ад Мінска, у мясцінах, у якіх старшы лейтэнант некалі быў.

Аляксей аднойчы ездзіў туды з таварышам. Чыгункі там не было, i яны дабіраліся на выпадковай машыне, якую «падстрэлілі» на ўскраіне Мінска. Была восень, абодва ў трасучым кузаве намерзліся так, што пасля маці таварыша ніяк не магла адагрэць ix чаем з малінаю. Аляксей адразу ўспомніў невялікае мястэчка. Асабліва выразна чамусьці прыгадалася брукаваная плошча з новым каменным будынкам школы i паўразбураным касцёлам. Касцючэнка, пабачыўшы, што старшы лейтэнант ведае месца, сказаў, у якіх вёсках прыходзілася быць.

На гэтым ix размова ў першы раз скончылася. Аляксей стаў гутарыць i знаёміцца з іншымі.

Калі танкісты разышліся чысціць машыны пасля дарогі, Аляксей выклікаў Касцючэнку ў зямлянку. Ён спадзяваўся, што Касцючэнка можа што ведае пра Мінск, пра яго знаёмых. Было яшчэ адно запаветнае жаданне, якое Аляксей хаваў у душы, бо амаль не верыў, што яно тут споўніцца. Хацелася запытацца, ці не сустракаў ён дзе-небудзь Ніну. Ён адчуваў, што гэта амаль безнадзейна. Хіба знойдзеш пясчынку ў моры? Але спадзяванне, хоць i кволае, усё-ткі жыло ў ім i не давала супакою.

Сержант, увайшоўшы, далажыў, што прыбыў па загаду.

— На гэты раз не па загаду, а па просьбе. Сядай, сержант.

Касцючэнка прысеў на край услона, у вачах мільганула цікаўнасць: аб чым старшы лейтэнант будзе прасіць.

— Раскажы, як там мае землякі ваююць?.. Ты, здаецца, не з Беларусі? Як ты трапіў туды?

Сержант сказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Дывізія была разбіта, i байцы асобнымі групкамі прабіваліся на ўсход самі. У адной групе быў i Касцючэнка, але ісці ён доўга не змог, з кожным днём рана даймала ўсё больш, i яму прышлося спыніцца ў адной вёсцы. Яго прыняла да сябе адзінокая бабулька, якой ён дапамагаў у гаспадарцы. У вёсцы сабралася чацвёра салдат. Агледзеўшыся, падмацаваўшыся, усе пачалі згаварвацца пайсці ў лес да партызан. Нага яго да таго часу паправілася. Звязацца з атрадам удалося не адразу — толькі зімою, у студзені, яны перабраліся ў лес.

— Хто ў вас быў камандзірам?

— Ермакоў.

— Ермакоў? Не ведаю. А з Мінска нікога не было?

— Як жа, i з Мінска былі, таварыш гвардыі старшы лейтэнант. Многа было. Гарбуз з Мінска, Ліпніцкі. Камісар наш Туравец таксама...

— Нічыпар Паўлавіч?! — узрадаваўся Аляксей.— Ведаю. Туравец мне партыйны білет уручаў. I на заводзе не адзін раз сустракаліся. Ён быў сакратаром райкома.

Старшы лейтэнант дрыгатлівымі рукамі скруціў папяросу, уставіў у муштучок з плексігласа, глыбока зацягнуўся.

Стаіўшы дыханне, з намаганнем выцішуў:

— A Лагуновіч... не чуў такіх?

— Лагуновіч?.. Была жанчына адна маладая,— сказаў Касцючэнка.

— Зваць як?

— Па бацьку не ведаю, а так — Нінаю зваць.

— Ніна?!— старшы лейтэнант мімаволі, узрушана падняўся. Хударлявы, абветраны твар яго пабялеў. Губы раптам непаслухмяна задрыжалі.

— Ніна, — паўтарыў сержант, крыху разгублены тым, што Лагуновіч гэтак хвалюецца. — Яе па прозвішчу мала хто i зваў, усе Ніна ды Ніна...

— Якая... яна з сябе?

— Русявая такая, невысокая... Камісар яе аднойчы пасылаў на разведку ў горад, дык мы з Васем Крайко праводзілі... Па-нямецку добра гаворыць. Яна ў нас часта хадзіла на сувязь, на разведку... Голас у яе такі глыбокі, нібы знутры ідзе...

— Яна! Ніна!

Аляксей няцямна выняў папяросу з муштука, высыпаў попел на руку — апёкся. Але замест выразу болю на губах з'явілася ўсмешка. Праз хвіліну яна раптам пагасла.

— А ты не памыліўся, сержант? Лагуновіч, цвёрда?

— Ну, што вы!.. А вы хто ёй, выбачайце, таварыш старшы лейтэнант? Брат ці знаёмы?

— Добры знаёмы! Жонка мая, мусіць!.. — Ён быў цяпер зусім не падобны на таго стрыманага, нават суровага камандзіра, якім бачыў яго раней Касцючэнка. — Даўно вы бачыліся?

— У студзені прыкладна было, калі мы праводзілі яе ў горад. Ну, i пасля, вядома, бачыў...

— А пра сына нічога не чуў? У мяне сын павінен быць.

Сержант сказаў, што не чуў.

— Шкада! Там, можа, мужчына вялізны вырас. А можа, i жанчына, хто ведае. Чакаў хутка, а тут вайна пачалася, усё пераблыталася... Тры гады, сержант, ні адной весткі. Ты да мяне як з неба зваліўся! Раскажы, як яна там? Якая яна цяпер? Не магу я ўявіць яе разведчыкам. — На хвіліну ў вачах прайшоў цень трывогі. — Цяжка ёй i небяспечна вельмі...

— Небяспечна. Вядома, не без гэтага, самі ведаеце. Але нам памагаюць свае людзі. Яна больш ходзіць у гарнізоны...

Касцючэнка спыніўся. Што б яшчэ расказаць?

— Ну, пасля той разведкі я, вядома, сустракаў яе некалькі разоў. Але так, павітаюся i прайду стараною. А каб гаварыць, скажам, то не прыходзілася.

— Эх ты,— ні то шкадуючы, ні то з дакорам сказаў старшы лэйтэнант.

Толькі пазней, калі Касцючэнка пайшоў i Аляксей застаўся адзін, ён адчуў усю глыбіню шчасця. «Знайшоў! — радаваўся ён. Гэтае простае слова мела для яго багатае, разнастайнае значэнне. Скончылася трохгадовае няведанне. Яна жыве! Яна там, куды ён пойдзе. Можна напісаць пісьмо, спадзеючыся, што яно дойдзе да яе i што прыдзе адказ. I яшчэ многае значыла гэтае слова «знайшоў».

«Ліха пабяры,— падумаў ён,— як у жыцці стаецца: шукаў усюды, дзе толькі магла яна быць, а знайшоў там, дзе амаль не спадзяваўся».

Шчасце яго было такое вялікае, што затапіла ўсе іншыя пачуцці i заглушыла нават трывогу за Ніну. Увесь гэты дзень Аляксей жыў думкамі пра яе.

Перш за ўсё ён напісаў ліст. Згарнуўшы трохкутнік, ён наклікаў ардзінарца i адразу паслаў таго на пошту. Яму хацелася, каб гэты ліст ляцеў да яе, як тэлеграма.

Што б ні рабіў ён, — не-не ды i вяртаўся думкамі да Ніны. Адчуванне радасці ні на хвіліну не пакідала яго.



2...

На другіі дзень пачаліся заняткі з навічкамі.

Лагуновіч паклікаў Сонцава i сказаў яму:

— Зараз будзеш чытаць сваю лекцыю. Падрыхтаваўся?

— Сёння?— на круглым, з дабрадушнымі вуснамі твары Сонцава з'явілася здзіўленне. Напярэдадні сержант упарта адмаўляўся ад лекцыі: не ўмею я гаварыць, няхай хто іншы.

— Я яшчэ, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, ніколі не выступаў...

— Трэба ж калі-небудзь пачынаць. Нічога асаблівага выдумваць не трэба. Раскажаш пра тое, як даводзілася працаваць у баі, чаму навучыўся.

— Каб паказваць, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, — іншая рэч... а гаварыць...

— Камбрыг таксама хоча, каб ты выступіў,— падтрымаў старшага лейтэнанта Быстроў, як i стаяў побач.

— Ну, няхай,— згадзіўся Сонцаў.

— Значыцца, будзь гатоў.

Быстроў за Сонцава адказаў:

— Усё будзе як след, таварыш гвардыі старшы лейтэнант.

Камандзір гарматы i вадзіцель былі людзьмі рознага складу. Павольны на першы погляд і, здавалася, ляны, Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушны i згаворлівы, у адрозненне ад Быстрова.

Збліжала яго з Быстровым спакойнасць i вытрымка ў баі. У самую крутую хвіліну вадзіцель не губляў развагі.

Ён быў адным з лепшых i найбольш вопытных вадзіцеляў. Многа пабачыўшы за вайну, ён амаль ніколі не расказваў, любіў слухаць іншых, — больш за ўсё, напэўна, вострага на язык Быстрова. A калі i паяўлялася ахвота пагаварыць, то звычайна чулі ад яго пра Старадубскі раён на Браншчыне, дзе ён быў да вайны трактарыстам i які здаваўся яму лепшым кутком на зямлі.

Быстроў рос i жыў далёка ад яго, у сібірскай вёсцы, акружанай з усіх бакоў дрымучаю тайгою. Ад вёскі было кіламетраў шэсцьсот да Іркуцка i мала менш да бліжэйшай чыгункі. Суровая прырода загартавала моцную натуру. З маленства ён цэлымі днямі хадзіў з ружжом адзін ці з аднавяскоўцамі па тайзе, адкуль прыносіў дамоў лісіц, глухароў, рабчыкаў, а часам прывозіў i дзікага аленя. I пазней, калі вучыўся ў школе, калі працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады на лесараспрацоўках, ён часта хадзіў са стрэльбай па тайзе.

Рос Быстроў дужым, вынослівым i ўпэўненым у сабе. Мусіць, цераз гэтую ўпэўненасць ён глядзеў на ўсё сваімі вострымі прыплюшчанымі вачыма паляўнічага з паблажлівай усмешкай.

Яшчэ напярэдадні Быстроў запэўніў Сонцава, што самае цяжкае — пачаць лекцыю, а далей усё пойдзе «як па маслу», i Сонцаў для пачатку перапісаў сабе заметку з карпусной газеты.

Сонцаў некалькі разоў прачытаў яе, але, калі вышаў да століка i ўбачыў перад сабой танкістаў, што падрыхтаваліся слухаць яго, усё, што ён ужо амаль завучыў, вылецела з галавы. Пакашліваючы. Ён разгублена, з такім стараннем, што на твары выступіў пот, намагаўся ўспомніць, намагаўся знайсці апору, выхад. Што ж рабіць? Прачытаць, можа? Але чытаць здалося яму няёмкім,— старшы лейтэнант ніколі не чытаў з паперак, a гаварыў па памяці. Ды i што падпалкоўнік скажа пра такога лектара?

— Раскажы, як ты пад Віцебскам на адной гусеніцы вёў машыну,— прышоў на дапамогу своечасова Быстроў.

Добры хлопец Быстроў, хоць i востры лішне на язык.

— Гэта можна, магу расказаць... Там — Быстроў тады таксама быў...

— Была справа!—падвердзіў Быстроў.

— Ледзь не папаліся фрыцам!.. Падбілі два танкi, але i нам хапіла на арэхі. Гусеніцу разарвала. Заселі мы. Сядзім, ні з месца!.. Што рабіць? Трэба машыну ратаваць. А на адной гусеніцы як ты паедзеш?

— На адной няможна!—тонам знаўцы адгукнуўся нехта з танкістаў.

— A выходзіць — можна!— Сонцаў адчуў, як слухачы яго зацікавіліся адразу. Скептычныя, спасцярожлівыя ўсмешкі, што бянтэжылі яго, згаслі, i, убачыўшы гэта, Сонцаў падбадзёрыўся, забыў пра няўпэўненасць.— Тэарэтычна нельга, а на справе — можна.

— Можна? Ну, ты гэта, брат...

— Асцярожней, друг... Чулі ўжо аднойчы такое...

— Цікава, як гэта?

— А вось так. Уключыў я, значыцца, тады заднюю хуткасць, развярнуў машыну на дзевяноста градусаў у бок гітлераўцаў кармой. Потым паставіў пярэднюю... выціснуў поўны газ. Машына ірванулася наперад... Працую левым бартавым фрыкцыёнам. — Сонцаў дапаўняў свой расказ звыклымі жэстамі, яўна не верачы ў сілу слова. — Пасля рыўка машына, вядома, зноў павярнулася ілбом да немцаў, але мне ўсё-ткі ўдалося праскочыць трохі. Тады разварочваю машыну зноў кармой да немцаў i даю поўны газ... Праскочыў яшчэ некалькі метраў...

Ён вёў апавяданне таксама i далей, павольна, падрабязна, хоць тое, што ён рабіў, было паўтарэннем аднаго прыёму.

— Колькі ж вы... паўзлі?— зацікавіўся лейтэнант Якавенка, нібы не ведаў. Ён сядзеў між танкістаў у адным з дальніх радоў.

— Метраў... чатырыста — не інакш.

— Здорава! — прамовіў з захапленнем Касцючэнка.

— Пакуль я «манеўраваў», Быстроў біў з гарматы i кулямёта па аўтаматчыках. Завялі «трыццацьчацвёрку» ў лагчыну. Шчарбіна пабег за цягачом, а мы з Быстровым i лейтэнантам засталіся пры машыне... А потым Шчарбіна прывёў цягач, нас узялі на буксір i вывезлі на рамонтную базу.

— Не вас, а танк на рамонтную базу,— заўважыў нейкі жартаўнік.

Слухачы засмяяліся, але ix смех быў прыязны.

Падбадзёраны першым поспехам, Сонцаў пачаў гаварыць вальней i цікавей. Ён i не спыніўся б, каб Аляксей не напомніў, што пара канчаць.

— Ну як, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, лекцыя... нішто сабе?— не ўтрываў ён, калі танкісты, перагаварваючыся, перакідваючыся жартамі, пачалі разыходзіцца. Яго расчырванелы, у рабацінні, твар задаволена ззяў.

— Вельмі добра, Сонцаў. Сам прафесар пазайздросціў бы!

Пашукаўшы позіркам між танкістаў, Аляксей падаўся да Якавенкі, які таксама сабраўся ісці адсюль. Яны пайшлі разам.

— Як табе падабаецца, друг мой строгі, наша першая спроба? Удалася?

— У асноўному...

— Так што, твая думка такая, што можам i сваю акадэмію адкрываць?

— Ну, вжэ i акадэмію... Пакуль шчо хоць курсы па павышэнню кваліфікацыі. Нэ трэба адразу так высока сягаць.

Калі ішлі разам па лясной утаптанай сцежцы, строгі друг прамовіў:

— Дарэчы, одна практычная заўвага, таварышу ротны. Я непакоюся, чы нэ будуць лекцыі однабаковымі.

Аляксей жартаўліва, па-вучнёўску, не разумеючы, зірнуў на Якавенку.

— Трэба показваць нэ толькі лепшае, але i памылкі, якія былі ў баях. На памылках, таварышу Лагуновіч, таксама можно вучыць.



3...

Надвячоркам, ледзь наступіла вольная хвіліна, па ўзлессю рассыпаліся частыя пералівістыя гукі Старшы лейтэнант падышоў да гуртка, што акружыў гарманіста: у сярэдзіне, пабліскваючы вачыма, Касцючэнка іграў на гармоніку салдацкую песню. Ён угінаў плечы, нібы дапамагаючы рукам. Некалькі галасоў дружна падцягвалі.

— Давай тую, партызанскую!— папрасіў маўклівы Архіпаў, калі песня сціхла.

Касцючэнка, не спяшаючыся, расцягнуў гармонік, прайшоўшыся два разы па белых гузіках, потым заспяваў прыцішаным голасам:

На опушке леса старый дуб стоит,

А под тем под дубом партизан лежит.

Он лежит, не дышит, он как будто спит,

Золотые кудри ветер шевелит.

Байцы сціхлі. На Аляксея з гэтымі словамі дыхнула родным i блізкім, як добры ўспамін. Яму раптам захацелася адысці ад усіх, застацца аднаму са сваімі думкамі, i ён пайшоў па звілістай сцежцы ў поле. З лесу ўслед яму даносілася:

Ты скажи хоть слово матери своей.

Ой, болит сердечко по тебе, Андрей.

Думкі перанеслі Аляксея туды, дзе Ніна. Перад вачыма ўзнік той гарадок, дзе яны былі некалі з таварышам. Аляксей паспрабаваў уявіць цяперашні воблік Ніны, але не мог, яна паўстала такой, якой была да вайны.

Яго поўнілі ўспаміны. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачыма. Асабліва ясна яму прыгадаліся дні, калі ён працаваў інжынерам. «Я сумавала, цябе не было цэлы дзень»,— нібы пачуўся голас Ніны... Калі яна казала гэта?.. Успомніўся завод за горадам... Аляксей цэлымі днямі не выходзіў з цэха. Развітваўся з Нінай ранкам, a вяртаўся ўвечары. Працаваў ён з задавальненнем, але ўсё ж жыў чаканнем сустрэчы з Нінаю; вяртаючыся дамоў, ён кожны раз спяшаўся.

Ніна звычайна выходзіла насустрач...

«Цэлы дзень не было!.. Мы тады ростань мералі днямі, нават не днямі — гадзінамі».

Яму прыгадаўся той вечар, калі яны пазнаёміліся. Аляксей тады вучыўся ў Палітэхнічным інстытуце, на, апошнім курсе. Таварышаў па пакоі запрасілі знаёмыя дзяўчаты з універсітэта ў госці, i хлопцы разам з сабою пацягнулі i яго. Аляксей спачатку ўпіраўся, бо тады пачаў пісаць свой дыпломны праект, i акурат не давалаея адна задача, над якой ён біўся i якая не выходзіла з галавы. Хлопцы пацягнулі сілком.

Там Аляксей i ўбачыў яе.

Ix пазнаёміў Косцік Зубец, Аляксееў таварыш. Ён знаёміў так, нібы даўно сябраваў з Нінаю, хоць ведаў яе ўсяго дні тры.Пагаварыў Аляксей аб нечым з ёю i не заўважыў, як захапіўся размоваю, забыўся i пра свой праект, i пра таварышаў. Косцік жа, раўнівец, чамусьці пакрыўдзіўся на Ніну! Знарок увесь вечар абыходзіў яе, танцаваў з другою. Не падышоў ён i тады, калі сталі разыходзіцца, i Аляксей праводзіў Ніну дадому. Тут, калі яны ішлі на тую вуліцу, дзе жыла Ніна, пачалося ix сяброўства. Пакуль ішлі па вуліцы, расказвалі адзін аднаму пра сваё студэнцкае жыццё. Не заўважылі, як падышлі да хаты. Iм было так легка i радасна, што не хацелася развітвацца.

«А мне адразу здалося, што вы — маўклівы!» — сказала яна са здзіўленнем.— «А хіба — не?» — запытаў Аляксей у тон ёй. Яны засмяяліся...

Успаміны ішлі ўрыўкамі, без усякай паслядоўнасці. Адны паўставалі ясна, іншыя праплывалі няўлоўнымі прывідамі.

Вечарэла. Апошнія хвіліны на зялёным полі палымнелі чырвоныя праменні заходзячага сонца, працягнуўшы дзіўныя доўгія цені. Потым яны нейкі час вогненна палалі на хмарцы, падпаліўшы берагі яе, нарэшце, i хмарка згасла. Паступова сціхала жыццё. Маладое жыта пакрылася расою. Толькі там, дзе была рота, чуўся неўтаймаваны шум.

Аляксей схамянуўся — зайшоў далека — i павярнуў назад. Ішоў ён хутка. Хромавыя, прыпыленыя днём боты чапляліся за сцяблінкі, што раслі на самым краі сцежкі, атрасалі расу. Верх халяў быў шэры ад пылу, a ніз намок ад расы.

— Дзе ты прападаў?— запытаў Аляксея лейтэнант Гогабярыдзе, які спаткаў яго на ўваходзе ў лес.

— Сакрэтнічаў з Нінаю.

Чарнявы, з тонкім носам i прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі.

— З якою Нінаю? Пазнаёміўся?

— З Нінаю, з жонкаю.

— Ну-ну, не выдумляй! Я даведаюся!— усміхаючыся, пастрашыў Гогабярыдзе.



4...

Праходзячы каля зямлянкі Сонцава, старшы лейтэнант спыніўся, каб прыкурыць. Непадалёк ішла гаворка. Аляксей пазнаў непаспешлівы, басавіты голас Быстрова.

— Ты ведаеш, у якую брыгаду ты трапіў?— пытаўся ў кагосьці Быстроў.— Наша брыгада пад Сталінградам білася. Там i корпус стаў гвардзейскім. Пад Курскам зноў жа мы стаялі на галоўным напрамку. — Быстроў асабліва вылучыў: на «галоўным напрамку». — I не зганьбілі сябе. Потым пад Ельняй біліся, да самага Віцебска дайшлі.

— Ведаю... Ужо чуў...— перабіў абыякава нехта, відаць, з «новых». Голас Аляксею здаўся знаёмы, але ён не мог успомніць, чый гэта.

— Ведаеш! Мала ты ведаеш.

— Не перабівай, калі гавораць табе,— пачуўся трэці голас: Аляксей пазнаў, што гаварыў Сонцаў. «Новы» не адазваўся.

— Раз цябе, Рыбакоў, прынялі ў брыгаду, ты павінен кеміць па-асобаму. Ты чуў, што старшы лейтэнант сказаў? Аба-вя-зак! Ты не думай, што нам лёгкую задачу дадуць. Помні мае слова, пойдзем на фронт — дадуць галоўны напрамак. Дзе паважней ды пацяжэй!

Лагуновіч выняў запальнічку, але так i не запаліў, прыслухоўваючыся да гаворкі. «Бач ты, агітатар!»

— Ты павінен ганарыцца, што завешся — гвардзеец-сталінградзец! I берагчы чэсць сваю i ўсёй роты. У чарадзе адна авечка i то ўвесь гурт зняславіць, а тут у нашай баявой танкавай роце...

— Хто цябе прасіў вучыць?— нецярпліва адгукнуўся Рыбакоў,— Зампаліт табе даручыў? Не?

— A калі i ніхто не даручыў?

— Ну, дык i маўчы, зампаліт i без цябе абыдзецца.

— Гэта яшчэ як сказаць. Я, можа, таксама адказваю за брыгаду.

— Ге-не-рал мне знайшоўся! — у голасе Рыбакова Аляксей пачуў насмешку.

— А як ты думаеш? Адказваю! Па-першае, няма ніякіх падстаў сумнявацца, што я магу стаць да канца вайны генералам. Чалавек я відны, смелы i да ўсяго разумны, не табе пара, — перайшоў раптам на жарт Быстроў.— А па-другое, хоць я, скажам, i аднаго амаль чыну з табой, a ўсё-ткі не раўня табе. Ты тут без году тыдзень, ты... накшталт худога цяляткі, што падсунулі да добрай маткі, а я ад Сталінграда іду, — зноў сур'ёзна загаварыў ён.— Я, друг, з самага нараджэння брыгады выводзіў яе ў людзі. Яна мне, як сястра родная ці маці. I я хачу, каб салдаты ў ёй былі дастойныя, а не блазнюкі якія-небудзь...

— Точ-чна, Быстроў,— падтрымаў яго Сонцаў.— Уцэліў!

Рыбакоў прамаўчаў, i размова перайшла на другое. Аляксей, прыкурыўшы, зацягнуўся горкім дымком i пайшоў далей. Ён падумаў, што брыгада так добра захоўвае сталінградскую славу таму, што пра яе чыстату дбаюць усе.

«Што з імі будзе потым?— падумаў ён, успамінаючы Касцючэнку, Колышава, Рыбакова i другіх навічкоў, з якімі яму належала хутка ісці ў наступленне. З Касцючэнкам больш-менш ясна. Гэты ўжо абпалены агнём... А як Колышаў? Хлопчык ад мамкі, напэўна, яшчэ не адвык...»

Пасля праверкі лагер стаў сціхаць. Натомленыя за дзень, людзі хутка засыналі. Толькі вартавыя хадзілі павольна, мерна ўсцяж зямлянак, вакол парку, дзе стаялі маўклівыя дзіўныя здані машын у шэрых пакрывалах. У цішыні было чуваць, як шэпча ўгары на дубах лісце. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка i сціхла.

Спакоем i цішынёю дыхала ноч. I ад таго, што гэта ноч была падобна на тыя, якія ён інекалі бачыў, ходзячы з Нінаю да раніцы па маўклівых вуліцах, успаміны набывалі большую рэальнасць i блізкасць... Вось i скончана доўгая ростань. Ён хутка прыдзе да яе! Толькі б хутчэй праляцелі гэтыя спакойныя дні, хутчэй на перадавую, у наступленне!..

Ён успомніў Ніну, i яна паўстала цяпер такою блізкаю, што, здавалася, ён чуе яе дыханне, яе шэпт.

Увесь вечар ён сядзеў удваіх з Якавенкам, які быў дзяжурным, i ўсё гаварыў i гаварыў пра сваё жыццё, пра Ніну. Яму многае хацелася выказаць. Апавядаючы, ён курыў папяросу за папяросаю.

У позні вечар над лесам узышоў месяц, але яго неўзабаве паступова пачалі зацягваць хмары. На небасхіле ўспыхвалі зарніцы.

Апоўначы паліўся дружны цёплы дождж, i Аляксей вярнуўся ў зямлянку.


Раздзел V


1...

Туравец ішоў з атрада «За Радзіму» ў штаб, апанаваны невясёлымі думкамі.

Спроба вырвацца з блакады скончылася няўдала,— брыгада вымушана была на золаку вярнуцца назад, заняць свае ранейшыя пазіцыі. Настрой у людзей, заўважыў Туравец, быў трывожны, усіх непакоіла няўдача.

Камісар спяшаўся ў штаб, каб паслухаць радыё: апошнія паведамленні з Масквы. Быў якраз дзень Першага мая.

Пачынала развідняць,— змрок змяніўся ранішняй шэранню. Дрэвы здаваліся пляскатымі, нібы расціснутымі.

«Як гэта магло здарыцца?» — стараўся сабраць ён думкі да ладу. Але яны былі непаслухмяныя, давалася ў знакі змора i перажытае ўтрапенне.

Урыўкамі ў памяці паўставала нядаўняе: міны, завываючы, праносяцца ўгары i выбухваюць то там, то тут. У ix імпэтным прагным святле вогненна ўспыхваюць дрэвы. «А-а-ай!»— кірычыць-лемантуе нейкі паранены. Хто гэта?..

На ўспамін хутка надыходзіць новае — гэтыя два чортавы кулямётныя гнёзды! З ix так сякуць, што галавы падняць нельга.

«Эх, мін няма!» — мімаволі пашкадаваў камісар зноў, ідучы ў штаб, нібы тыя кулямёты перашкаджалі i цяпер.

«...Таварыш камісар! Скажыце, я... я яго гранатаю». — Гэта быў Коля Малік, камсорг атрада. Ён узяў гранаты, хутка ўставіў запалы i папоўз. Праз некалькі хвілін Туравец пачуў у тым баку два выбухі. Адзін кулямёт адразу сціх. Але другі, што быў правей, сек па-ранейшаму, нават зласней...

З такімі думкамі ён падышоў да штаба, які размяшчаўся на той самай палянцы, што i ўчора. Тут было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна i вельмі стомленыя. Паўразбураны ўчора будан выстаўляў угару жэрдкі. Скрынкі з штабной маёмасцю ляжалі абы-як на траве. Некалі было ўладаваць.

Каля будана быў шчуплы, чарнавокі Габдулін. Ён сказаў, што Ермакоў у радыста, гаворыць са штабам злучэння.

— Хутка прышоў i Ермакоў.

— Ну што, Мікалай?— запытаўся Туравец.—Чым парадуеш?

— Штаб фронта абяцае прыслаць самалёт... Як там у «Радзіме»?

Ермакоў, слухаючы Тураўца, неспакойна хадзіў. Ступаў ён важка, шырока i роўна, нібы мераў зямлю; прайшоўшы некалькі крокаў, рэзка на абцасах павяртаўся i па сваіх слядах ішоў назад. Ён быў пануры i ўзрушаны. Недалёка ад ix чулася амаль бесперапынна кулямётная страляніна.

— Кутузаўцы б'юцца,— перапыніў камісара Ермакоў, потым, даўшы знак працягваць, зноў захадзіў.

Ён мімаволі моцна прыціскаў абцасамі траву.

Туравец скончыў расказваць, а камбрыг усё хадзіў маўкліва. Ермакоў не ўмеў утойваць свайго настрою, усё, што ён адчуваў, адбівалася на яго рухавым, неспакойным твары. Ён думаў аб нечым непрыемным, куткі яго тонкіх губ незадаволена крывіліся.

— Як гэта магло здарыцца?—прамовіў, нібы разважаючы з сабою, Туравец.— Недаацанілі сілу ix? Памыліліся ў нечым?

Ермакоў рэзка спыніўся, быстрымі зеленаватымі вачыма здзіўлена паглядзеў на камісара, уражаны тым, што той адгадаў яго думкі.

— Ясна «як»! — прамовіў ён неахвотна.— Прашляпілі — вось як! — i захадзіў зноў.

— Прашляпілі? У чым? Месца выбралі няўдала? Не можа быць, каб усюды столькі фашыстаў сядзела.

— На ражон самі палезлі!

Габдулін паведаміў, што пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі i некалькі танкаў.

Ермакоў раптам спыніўся i заклапочана, рашуча кінуў:

— Я паеду да кутузаўцаў, потым у «Радзіме» буду. Вярнуся праз дзве гадзіны.

Ён лёгка павярнуўся на абцасах, гукнуў на хаду ардзінарца і схаваўся за дрэвамі. Праз хвіліну пачулася нецярплівае наравістае фырканне каня.

— Вось табе i Першамай!— загаварыў Габдулін.— Не пашанцавала, можна сказаць. Святочны сход i ўсякія там урачыстасці адмяняюцца з прычыны неспрыяльных умоў. Або пераносяцца на наступны год — тое ж, што было пазалетась.

Азірнуўшыся навокал, ён усміхнуўся зачаравана бліскучымі, з касымі разрэзамі вачыма.

— A сонца майскае, святочнае! I такое хараство ўсюды, чорт пабяры, што пра смерць i думаць не хочацца. Хоць, кажуць, ніколі паміраць не ахвота: увосень — зямля мокрая, зімой — холадна, ну, a ў такі дзень, як сёння, хочацца жыць, жыць i жыць!..

Туравец глянуў на гадзіннік.

— Хутка павінны перадаваць агляд сённяшніх маскоўскіх газет... Я іду да рацыі. Цікава, як там жывуць нашы, сёння, у такі дзень...

— Я з табою іду, камісар.



2...

Туравец i Габдулін адразу пайшлі праз палянку да пахіленай немаладой бярозкі, пад якой прыладзіўся са сваёй рацыяй радыст.

У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі, i ёю карысталіся цяпер толькі для самых важных баявых спраў.

Радыст, маленькі светлавалосы хлопец, корпаўся каля рэчавага мяшочка, стоячы на каленях. Туравец яшчэ на хаду сказаў:

— Настрой, зямляк, на Маскву! Сталіцу будзем слухаць!

Даведаўшыся пра тое, што зараз будуць слухаць перадачу з Вялікай Зямлі, з Масквы, да рацыі хутка пачалі збірацца ўсе, хто быў пры штабе. Праз некалькі хвілін над бярозаю, навокал Тураўца, Габдуліна i радыста, ціснуўся ўжо невялікі натоўп. Радыст, прыладзіўшы перад сабою скрынку, паклаў на яе лісток чыстай паперы, хутка завастрыў тры алоўкі.

Камісар час-ад-часу вымаў з кішэні кіраўскі гадзіннік з тоўстым жаўтаватым слюдзяным шклом над циферблатам i пазіраў, ці не час уключыць. Гэты гадзіннік у камісара захаваўся яшчэ з даваеннага часу i верна служыў усю вайну. Яму давалі ў замену розныя трафейныя, адзін раз падаравалі прыгожы флоцкі гадзіннік, але камісар не расставаўся са сваім, а падарунак перадаў аднаму разведчыку.

Мінутная стрэлка марудна набліжалася да дванаццаці. Калі засталося тры хвіліны, Туравец даў знак радысту — час уключаць. Ён узяў адзін навушнік, другі працягнуў радысту.

Радыст павярнуў уключальнік,— у навушніках пачуўся спачатку бязладны трэск i шыпенне, потым, паступова ўзмацняючыся, выплылі першыя гукі:

...«Паведамляе, што саўгасы Краснадарскага края завяршылі сяўбу ранніх каласавых культур на пятнаццаць дзён раней, чым у мінулым годзе...»

«Што гэта? Няўжо спазніліся?— мільганула трывожна ў галаве.— Як жа гэта? Няўжо гадзіннік падвёў?»

«Сотні калгасаў Азербайджана сустракаюць Першамайскае свята поўным заканчэннем пасяўных работ... У Туркменіі пачалася ўборка ячменю... Калгасы прыступілі да выбарачнай уборкі азімага ячменю на дваццаць дзён раней тэрміну мінулага года...»

Не дыхаючы, услухоўваўся Туравец у гэтыя простыя, цяпер такія важныя, хвалюючыя весткі, стараючыся ўсё запомніць, баючыся што-небудзь прапусціць.

Разам з ім змоўклі i замерлі ўсе, хто быў каля рацыі; хоць яны i не чулі перадачы, дапытліва сачылі вачыма за Тураўцом i радыстам i па ix тварах стараліся ўгадаць, што тыя чуюць, добрае ці паганае. I калі чорныя цыганскія вочы камісара заіскрыліся радасцю, людзі заўсміхаліся. Калі ж яго твар зрабіўся сур'ёзным i круты смуглявы лоб ад скроні да скроні перарэзалі раўчакі маршчын, гэта мімаволі перадалося i людзям. Некалькі партызан усё заглядвалі з-за пляча радыста на белы лінаваны лісток з нейкага нямецкага «гросбуха», які хлопец хутка запаўняў неразборлівымі завітушкамі.

«У тэлеграме з горада Н. паведамляецца, што трыццатага красавіка калектыў Кіраўскага завода поўнасцю выканаў павышаную красавіцкую праграму вытворчасці танкаў i матораў...

Трыццатага красавіка, паведамляе карэспандэнт «Правды», кузнецкія металургі да тэрміну выканалі свае перадмайскія абавязацельствы...»

Дзіўна, як разганялі трывогу, радавалі Тураўца гэтыя словы, спакойны голас дыктара. У гэты час ён забыўся на стому, якая нядаўна валіла з ног, на прыгнечанасць ад няўдалай спробы вырвацца з блакады.

— Што перадаюць? — не ўтрываў шыракаплечы рудабароды партызан з марлевай павязкай на вялікай стрыжанай галаве.

Туравец матнуў галавою, каб не перашкаджалі, баючыся прапусціць што-небудзь. A далёкі спакойны голас з Масквы прадаўжаў:

«Вялікае месца сённяшнія газеты аддаюць заяве таварыша Вышынскага на прэс-канферэнцыі ў Наркамаце замежных спраў СССР аб савецка-чэхаславацкім пагадненні на выпадак, калі савецкія войскі ўступяць на тэрыторыю Чэхаславакіі...»

«На выпадак, калі савецкія войскі прыдуць у Чэхаславакію! Вось аб чым ужо думаюць у Маскве, на фронце!.. Наша чарга настае! Наша свята надыходзіць!»— заспявала ў сэрцы Тураўца.

Здавалася, усё навокал раптам пасвятлела. Даўно ён не ведаў такой радасці. Першы дзень мая прынёс яе нібы ўзнагароду за ўсе апошнія трывожныя ночы i дні.

Хутка загучаў марш, але гукі яго раптам абарваліся,— радыст, зберагаючы энергію, выключыў рацыю. Туравец загадаў уключыць яе.

Па радыё чыталі вершы:

«Бойцам отваги беззаветной,
Покрытым славою всесветной,
Которым равных в мире нет,
Семьей народной всей — несметной,
Мы первомайский шлём привет!»
Тураўцу здалося, што гэта ўся неабсяжная вольная Радзіма, што ляжала па той бок фронта, вітала ix i зычыла ім поспеху ў барацьбе.

— Пісаць?— запытаўся вачыма радыст.

— Абавязкова!



3...

Туравец паклаў навушнік i, падняўшыся, павярнуўся да людзей, якія чакалі яго слоў.

— Радзіма святкуе май, сябры, у працы...— прамовіў Туравец усхваляваным голасам, абводзячы вясёлымі вачыма твары партызан.— Краснадарцы скончылі сяўбу. A ў Туркменнстане пачалася ўжо ўборка ячменю...

I Туравец стаў перадаваць змест агляду. Ён стараўся ўспомніць усё, што чуў, непакоіўся, каб не забыць што-небудзь. Гаварыў ён непаслядоўна, паводле таго, як успамінаў, але гэта не змяншала ўражання ад яго слоў. Усе слухалі незвычайна ўзрушана.

Гледзячы на ix, камісар падумаў, як цяпер, у ix становішчы, усім патрэбны гэтыя весткі, весткі з Масквы, як чакаюць ix. Трэба, каб яны хутчэй дайшлі да ўсіх, трэба зараз жа перадаць ix усім, ва ўсе роты, ва ўсе ўзводы, кожнаму байцу. Ён зірнуў на радыста:

— Перапісаў?

— Зараз скончу.

Туравец пашкадаваў, што няма цяпер друкарні, з ёй пайшло б інакш. Што ж, перапісваць, дык перапісваць! Ён паклікаў некалькі партызан, папрасіў Габдуліна, каб той дапамог, i сеў разам з імі сам.

Калі лісткі былі перапісаны, Туравец спецыяльнымі пасыльнымі разаслаў ix па атрадах. На дарогу ён наказаў:

— Што б ні было, данясіце...

У атрад імя Кутузава Туравец пайшоў сам. Яму хацелася асабіста перадаць весткі.

Раніца ўбіралася ў сілу. Сонца паднялося вышэй, купаючыся ў глыбокім засмужаным блакіце. Ад лесу патыхала духменню. Прабіваючыся праз густое зеляніва бяроз i асін, галіны якіх угары перапляліся ў вялізную мярэжу, праменні зіхацелі на яшчэ вільготнай кары, на траве. Светлыя пасмы, як шаўковыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак зарасніку. Дрэвы стаялі маўклівыя, не варушачы ні адной галінкай, па-святочнаму ўрачыстыя. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень.

Туравец зноў думаў пра блакаду, успамінаў нядаўнюю ноч, але цяпер гэта ўяўлялася інакш. Адчуванне няўдачы i вялікай, амаль непапраўнай бяды адступіла, дало месца іншым пачуццям,— ён цяпер бачыў начныя падзеі з вышыні, з якой быў відаць увесь фронт. «Трэба паказаць i другім, што далей, за кругам блакады...»

Атрад імя Кутузава быў на самым неспакойным участку. Тут увесь ранак не сціхала кулямётная перастрэлка.

Над КП, выючы, праносіліся міны i выбухалі то каля каманднага пункта, то далей, у лесе.

Калі камісар дабраўся да КП, камандзір атрада аб нечым размаўляў з віхрастым, у маскхалаце хлопцам, які дакладваў пра вынікі разведкі. Перапыніўшы размову з разведчыкам, камандзір атрада паціснуў сваёй шырокай мяккай рукой руку Тураўца i паскардзіўся:

— Дрэнь справы ў мяне. Гітлер, як з хмары, сыпле бомбы ды міны. А мы кожны патрон лічым. Гранаты кончыліся. Больш маўчым ды слухаем. Вайна не вельмі цікавая... Ты з нейкай навіной, здаецца?

— Так, з навіной. З добрай навіной, Іван Савіч!— прамовіў Туравец.— Першамайскія звесткі маскоўскага радыё!

— З Масквы?! Пакажы!

Камандзір атрада, не спяшаючыся, пачытаў лісткі. Гэта быў высокі плячысты мужчына з густымі, нібы вылінялымі брывамі i разумнымі запалымі вачыма, якія ўсё прыкмячалі.

— Добрыя навіны, — задаволена адгукнуўся ён, скончыўшы чытаць зводку, i адразу, без лішніх слоў, перайшоў да справы: — Вось што, мусіць, нараду палітрукоў, думаеш? Правільна, нараду трэба абавязкова. Але я магу зараз палітрукоў зняць толькі на паўгадзіны. Не больш. I то не ўсіх. З трэцяй i восьмай, адразу кажу, не магу. Баюся за гэтыя дзве.

— Давай усіх, каго можаш! Толькі хутчэй!

— У мяне, ты ведаеш, усё хутка робяць.

Камандзір атрада адразу накіраваў пасыльных.

Выслухаўшы ўважліва да канца разведчыка, ён адпусціў таго, павярнууся да Тураўца, параіў:

— A ў трэцюю i восьмую пашлі майго камісара.

— У трэцюю я пайду сам, — рашыў раптам Туравец.— Парадую i пагляджу, як народ жыве.



4...

Тураўца ў трэцюю роту правёў маладзенькі хлопчык-разведчык. Да пярэдняга краю прышлося прабірацца то паўзком ад ямкі да ямкі, то перабежкамі, слухаючы посвіст куль i мін. Яшчэ не дабраўся ён да роты, як наводдаль за лесам пачуўся, грозна нарастаючы, гул. Каб самалёты не засціглі яго на адкрытым месцы, Туравец заспяшаўся i хутка ўваліўся ў акопчык.

Ён убачыў перад сабою кулямётчыка Крыўца.

— Ca святам!.. Навіны. Ca сталіцы! — прамовіў Туравец так, каб яго можна было пачуць.

— З Масквы?— Крывец панура азірнуўся на неба, якое запаўняў гул.— Эх, паслухаць нельга!

З-за галін двух блізкіх асінак, з-за трапяткога лісця выплыла важка некалькі «юнкерсаў». Прайшоўшы паволі над акопамі, яны развярнуліся. Крывец хутка зняў свой кулямёт, паставіў у кутку акопа.

Два з «юнкерсаў», як каршуны, сталі крута падаць, з гнятучым выццём праляцелі блізка над акопчыкам. Праз выццё пачуўся ўедлівы енк. Туравец i кулямётчык у цесным акопчыку, сціснуўшыся, замерлі ў чаканні. Енк зніжаўся. Яго перапыніў грымотны выбух, ад якога скалыхнулася зямля. Раз, другі, трэці, пяты... На Тураўца i кулямётчыка пасыпаліся камякі зямлі.

Потым адзін з самалётаў павярнуў назад, a другі яшчэ на развітанне зрабіў круг. Пад ім вырас белы клубок, які стаў зніжацца i распаўзацца, пабліскваючы мноствам дробных лісткоў. Зрабіўшы яшчэ адзін круг далей i выкінуўшы яшчэ адзін клубок, самалёт пайшоў услед за першым. Гэта былі лістоўкі. Крывец, атрасаючы зямлю, глядзеў на ix злымі вачыма i нават вылаяўся.

Лістоўкі, калышучыся, паволі спускаліся, лажыліся на галлё дрэў, на траву. Адна з ix упала на плячо Крыўца. Камісар узяў паперку, хутка прабег вачыма. «Партызаны... Камісары вядуць вас на пагібель... яны ратуюць сваю скуру. Вы акружаны жалезным кальцом нямецкіх войск... Супраціўляцца безнадзейна! — пагражалі вялікія чорныя літары. — Кідайце зброю...»

Туравец змяў лістоўку i кінуў з агідай.

У акоп Крыўца спрытна ўскочыў сусед, шыракаплечы падрыўнік Шашура. Яму, жваваму, непаседліваму чалавеку, якому было цесна ў адзіночцы-ямцы, вельмі хацелася пагаварыць з камісарам.

Крывец прыпаў шчакой да гладкага прыклада i націснуў спускавы кручок. Прагучала кароткая скупая чарга. Крывец палажыў прыклад на зямлю i спакойна адвярнуўся ад кулямёта:— Яшчэ аднаго...

— Туды яму i дарога!

Туравец пераказаў навіны. Грукат бою перашкаджаў слухаць, i абодва часта перапытвалі камісара.

— Так... Значыцца, сяўбу скончылі? A ў Туркменістане — ячмень убіраюць? Вось — цуд! Тут у нас такое... а там — сеюць i жнуць!

— Жнуць!— ашчасліўлена прамовіў Крывец.

Крывец час-ад-часу сачыў за полем, не здымаючы кулямёта.

— Значыцца, таварыш камісар, хутка фрыцу капец?

— Дагавор з Чэхаславакіяй! Здорава!— выпаліў нецярплівы i гарачы падрыўнік.

У яго жвавых, крыху гарэзных вачах, якія часта мяняліся, адбівалася ўсё, што дзеялася ў неспакойнай душы падрыўніка. Душа гэтая, трэба сказаць, была шырокая i неўраўнаважаная i рабіла нямала клопату камандзірам i камісару, але Туравец любіў Шашуру за шчырасць i сілу пачуцця, хоць звычайна трымаў сябе ў дачыненні да яго сурова. Зводку слухаў падрыўнік уважліва, раз-по-раз пазіраючы з захапленнем на Крыўца.

— Гэта — факт. Усё да таго ідзе!.. Да канца!.. Нядоўга ўжо!.. — уставіў спакойна кулямётчык, сочачы за полем. Крывец быў зусім не падобны на таварыша. Ён быў стрыманы, разважлівы чалавек, скупы ў рухах i ў выяўленні пачуццяў. Ніхто не бачыў, каб Крывец калі-небудзь вельмі радаваўся, затое ён i не сумаваў нібы ніколі. Крывец лічыўся адным з лепшых кулямётчыкаў у брыгадзе.

Шашура не мог ніяк супакоіцца.

— Не дарэмна гэта — пра Чэхаславакію! Не дарэмна!..

— Я кожны раз, як паслухаю такое, дык нібы дужэю. Сілы больш i біцца лепш хочацца.

— I мне, хлопцы, калі я слухаў радыё,— загаварыў па-сяброўску Туравец,— падумалася: няхай нам горка, няхай яны, нечысць гітлераўская, ціснуць нас, шалеюць, ўсё ж не яны, а мы — гаспадары на зямлі. Яны шалеюць — здыхаючы!.. Не трэба вешаць галаву. Адзін раз не ўдалося, другі паспрабуем, ды з большай сілай, з большай злосцю! Галоўнае — не вешаць галаву!

— Было такое, чаго таіцца,— шчыра прызнаўся Шашура.— Як пабачыў ноччу,— не ўдалося, трэба адступаць назад i сядзець амаль без патронаў, думаў, зараз будзе капец. А цяпер — не! Не на такіх наскочыў, фрыц! Толькі б адбіць у фрыцаў пабольш боепрыпасаў. А вы папрасіце, таварыш камісар, фронт, каб прыслалі патронаў. Тады мы так ірванем, што пер'е паляціць з гэтых фрыцаў!— «Ірванем» было любімае слова Шашуры.

— Мы ім пакажам такі цуд!..—падтрымаў яго Крывец.

Скончыць яму не давялося, бо тут адразу навокал густа загрукаталі выбухі, —гэта білі з нямецкага боку мінамёты. Яны стралялі «па плошчы». У лесе стаяў суцэльны гул, нібы наляцеў страшэнны буралом. У гэтым гуле посвісту мін не было чуваць. Адна міна, выбухнуўшы поблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны.

Праз некалькі хвілін налёт раптоўна, як i пачаўся, спыніўся. Туравец спытаў, як прабрацца да камандзіра роты.

— Куды вы? Пасядзіце ў нас, — папрасіў Крывец.

— Не магу, сябры!.. У другі раз хіба!.. — i Туравец, выбраўшы зручны момант, спрытна выскачыў з акопа.


Раздзел VI


1...

Шашура доўга поўзаў па ўзлессю з выглядам чалавека, які штосьці згубіў. Поўзаць было небяспечна, бо тут часта пасвіствалі кулі.

— Ты што шукаеш? — пажартаваў Крывец, калі Шашура зазірнуў у свой акоп.— Ці не сухароў? Няма, брат! Такое дабро цяпер не валяецца.

Звычайна гаваркі, вельмі ахвочы да жартаў, Шашура нічога не адказаў, чым нямала здзівіў таварыша. Маўклівы, нешта тоячы ў сабе, ён неўзабаве знік недзе ў лесе. Калі ён вярнуўся, Крывец не заўважыў, але падрыўнік сам паклікаў да сябе. Крывец на хвіліну перапоўз i жахнуўся — у акопчыку ляжала бомба. Невялікая, кілаграмаў, напэўна, на пяцьдзесят ці семдзесят, але ўсё-ткі бомба.

— Ты што? Дурыць?— трывожна прамармытаў Крывец,— Занясі яе, ды падалей. Хочаш другіх загубіць сваімі дзікімі выдумкамі?

Шашура ўзняў бомбу ды яшчэ паднёс да Крыўца.

— Зараз у шматочкі цябе!

— Кінь дурэць! — узлаваўся кулямётчык.

— Ды я ж разрадзіў яе, узрывацель выкруціў! — зарагатаў задаволены Шашура.

— Жарты ў цябе дурныя. Аж у пот увагнаў. У мінулым годзе, як разарвала падрыўнікоў бомбай, калі яны тол выплаўлялі, дык я яе, нягодніцы, як агню, баюся. Я там, каля ix быў i толькі адышоў, як яна, праклятая, — гухнула!.. На што яна табе?

— Сухары ці сала хаваць!— засмяяўся Шашура.— Выплаўлю тол, будзе пустое месца, як у банцы, дык я туды i буду складваць, а пасля... закручу ўзрывацелем. Ніхто не паквапіцца на дабро мае!

— Ну, не дуры. Скажы па праўдзе.

Шашура перастаў смяяцца, прамовіў загадкава:

— Не магу... Тайна важная!

Ужо вечарэла i перастрэлка станавілася вялаю. У зацішку з нямецкага боку пачулася:

— Іва-ан!.. Хадзі! Булку дам!.. Ром!..

Ад немцаў данёсся рогат. Гэта было не ў першы раз: гітлераўцы ведалі, што партызаны галадаюць, i вельмі ахвотна забаўляліся гэтым.

— Хадзі ты!.. У нас сала ёсць... Шнапс!.. I курка... — выгукнуў хтосьці з партызан.

— Хадзі, кветачка! Куляй пачастую! — крыкнуў Шашура. — Высунь галаву, любачка!..

Калі надышла цёмная майская ноч i навокал пацішэла яшчэ больш, Шашура ca сваёй бомбай выбраўся з акопчыка і, як яшчарка, папоўз да карнікаў.

Апоўначы ў баку немцаў раптам ускінулася ўгару полымя i загрымеў выбух. У неба, адразу заліўшы ўсё зыркім святлом, узляцелі ракеты, пачуўся перапалоханы лямант, крыкі каманды. Усхапіліся i партызаны, але ніхто не ведаў, што здарылася.

Немцы пачалі бязладную страляніну, якая яшчэ доўга не сціхала. Калі зноў супакоілася, у Крыўцоў акоп уваліўся мокры, выпэцканы граззю Шашура.

— У-ух!— выдыхнуў ён задаволена, усміхаючыся на ўвесь шырокі рот. — Ну-у, пакарміў фрыцаў! Падарваў «усюдыход».

— Гэта ты з тою бомбаю?— здагадаўся, яшчэ не верачы, Крывец.

— А то з чым жа! — прамовіў абыякава падрыўнік, як бы яго ўжо гэта не цікавіла, i запытаўся аб іншым: — Хочаш булкі нямецкай паспытаць?

Ён палажыў на калені Крыўца булку хлеба i круг каўбас.

— Дзе дастаў?

— Еж. I не пытайся! Цікаўнай Варвары, кажуць, нос адарвалі!..

Ён любіў, каб пра яго справы рабілі здагадкі, выдумлялі казкі. Цікавей так!



2...

Валя стаяла задумлівая i сумная.

Што гэта з ёю? Цэлы дзень не выходзіць з галавы Васіль! Ніколі такога раней не было. Ці то перавязвае раненага, ці гаворыць з кім-небудзь, — усё думае пра Васіля. Ён быццам неадступна ходзіць услед.

I чамусьці на сэрцы трывожна. Сэрца прадчувае нешта нядобрае... Калі прыходзіць хто-небудзь з атрада Кутузава, Валя прыслухоўваецца — можа пачуе што-небудзь пра яго.

Ой, гэтая любоў! Расцвіла не ў час, як кветкі на прадвесні. Хіба цяпер пра любоў думаюць! Але ж не, яна не слухаецца Валіных разваг, ёй трэба сваё. Толькi захопішся справаю, забудзешся, a ў памяці зноў паўстае ўчарашні дзень, яго спахмурнелы твар: «Чаму ты не адвучыш гэтага..?»

Раўнівы які! I чаго ён хмурыцца з-за камбрыга, які ёй ніяк не падабаецца. I ўслед за гэтым да сэрца падступае цёплая хваля: раўнуе — значыцца, любіць! Каб не любіў, не злаваў, не раўнаваў бы.

Усё-такі, як ні думай, яна вінавата. Чаму ж яна ўчора не сказала пра гэта? Памірыліся б, i ўсё было б добра сёння. У яе заўсёды так: спачатку зробіць глупства, а пасля каецца.

Яна ўсю ноч дзяжурыла, а цяпер адпрасілася ў Марыі Андрэеўны на гадзіну-дзве спаць, i вось замест таго, каб адпачываць, думае пра Васіля.

Што ж, пра такога хлопца варта думаць. Пэўна ў свеце няма такога шчырага, сінявокага i... адчайнага! Толькі б усё з ім было добра! Каб ні адна куля не зачапіла.

А можа, чым гадаць i трывожыцца, лепш пайсці да яго, пабачыць i сказаць, як яна любіць, — горача, аднаго-адзінага, назаўсёды...

Валя адразу як бы схамянулася, хутка падалася да сцежкі, якая вяла да яго атрада. Яна можа ўправіцца пабыць там i вярнуцца назад у час. А што не паспіць — невялікая бяда! Ці першы раз ёй прыходзіцца па двое сутак не спаць? Ды ёй сёння i не хочацца спаць.

Валя ішла хутка i лёгка, яе як бы нёс на крылах вецер. Сэрца білася нецярпліва: хутчэй, хутчэй! Быццам падганяла. Столькі радасці, столькі пяшчоты да «адчайнага» свайго было ў ім!

Калі Валя стала падыходзіць туды, дзе біўся атрад, то падумала: «Смяяцца хлопцы будуць, што прышла».

Ну, i няхай смяюцца! Ёй усё роўна, што скажуць іншыя.

Час-ад-часу поблізу выбухвалі міны, чуліся блізка стрэлы.

Валі было крыху страшнавата, але яна стрымлівала сябе. Яна не хоча быць горшай за Васіля, а ён жа тут ваюе ўжо другія суткі. Валя спытала ў сустрэчнага партызана, дзе тут Драздова рота, i стала смела прабірацца туды.

Яна амаль у поўны рост падышла да акопчыкаў. Шчасце яе, што фашысты не заўважылі. Шашура першы раптам ca свайго акопчыка ўбачыў яе поблізу i крыкнуў:

— Лажы-ся!

Яна не паслухалася адразу.

— Лажыся, заб'юць! — крыкнуў Шашура строга. Яна апусцілася на зямлю i па яго загаду паўзком дабралася да акопчыка.

— Ты куды гэта, каліна-маліна, сабралася? — запытаўся з хітраватай усмешкай падрыўнік.

Яна адказала проста:

— Мне трэба пабачыць Крайко Васіля. Справа да яго ў мяне ёсць.

— Якая ж гэта справа? А-а, сакрэт!

I заўсёды гэтаму падрыўніку ахвота пасмяяцца з чалавека, прымусіць пачырванець.

— Сакрэт.

— Толькі для аднаго яго?

— Для аднаго.

Шашура ўсё з той жа хітрынкай, усміхаючыся, прамовіў:

— Шкада! Сакрэт гэты, сястрыца мілая, нельга перадаць!.. Туды нельга зараз прайсці: фрыцы прастрэльваюць. Прыдзецца, сястрычка, да ночы пачакаць.

— А можа, зараз усё-такі можна?

— Ніяк нельга. I Ермакоў забараніў. Ужо аднаго няўдачу так падрэзалі...

— А як ён... Вася, жывы?

— Жывы! А чаму яму, твайму Васю, не жыць? Сядзіць сабе ў зямлі ды пастрэльвае! Што ж усё-ткі перадаць?

— Скажыце, каб ён зайшоў да мяне... калі можна. Я яму скажу штосьці важнае.

Яна вярталася назад павесялелай. Што ж, што не пабачыліся, ёй можна радавацца: Вася жывы. А будзе жывы, прыдзе, i яна раскажа ўсё, усё.



3...

Усю ноч прачакалі самалёт з фронта, — марна, не дачакаліся яго. На світанні прышла радыёграма, што вылецець не ўдалося з-за нялётнага надвор'я на трасе.

Гэты, пяты, дзень блакады быў асабліва цяжкі. «Юнкерсы» бамбілі атрады, як ніколі дагэтуль, часта i моцна. Шалелі драпежныя «месеры», што амаль увесь час круціліся, гулі над лесам. Да ўсяго пачаў грозны наступ голад. Людзі другі дзень нічога не елі, ім выдавалі толькі па кавалачку нясоленага мяса. Туравец бачыў, як у акопах курчылася чацвёра чалавек ад болю ў жываце: даваліся ў знакі балотная брудная вада i недаваранае мяса.

У атрадзе Кутузава парторг паскардзіўся Тураўцу на камандзіра ўзвода Калібярду:

— Не пазнаць чалавека, нібы падмянілі ные ўсё, як нямазаныя вароты...

Туравец ведаў Калібярду. Перад самай блакадай ён два разы ўдзельнічаў у разгроме гарнізонаў, дзе праславіўся як спрытны i баявы камандзір. Камісар спачатку распытаўся пра Калібярду ў палітрука роты, а потым, як бы між іншым, пагаварыў ад душы з байцамі, каб ведаць ix настрой i думкі. Некаторыя байцы, заўважыў ён, былі прыгнечаны.

Тады Туравец паклікаў камандзіра ўзвода.

Камісара амаль абурыла, што Калібярда не далажыў, як звычайна рабілі ў гэтым выпадку партызаны, але ён змаўчаў. Насцярожаны, Туравец адразу заўважыў, што Калібярда i з аблічча змяніўся: паходка стала павольная i вялая, позірк вадзяністых вачэй нейкі бясколерны, няўлоўны. Ён, відаць, не сачыў за сабою, бо адзенне было страшэнна неахайнае, брудны каўнер некалі белай рубашкі расхрыстаны.

Туравец спакойна, стрымана загадаў:

— Зашпілі каўнер!

— Зараз...

Ён нехаця вузлаватымі пальцамі зашпіліў гузікі.

Крывая ўсмешка на твары быццам гаварыла: «Калі вам так хочацца, я зраблю, але мне ўсё роўна».

— Зашпіліў...

— Ну, вось i добра.

— Добра?— усміхнуўся крыва Калібярда.— Што ж, я рады... што вы задаволены.

Туравец зрабіў выгляд, што не заўважыў іроніі, задумаўся нявесела.

— Давай шчыра пагаворым,— прамовіў ён. — Не тоячыся. Як таварышы. Ёсць? — Калібярда маўчаў. — Вось скажы, чаму ты так апусціўся? Не чысцішся, няголены...

Калібярда нерашуча, відаць, вагаючыся ці варта гаварыць без патайкі, адказаў:

— А чаго галіцца? Да якога свята? Іншыя любяць рыхтаваць белую сарочку на смерць, а я не хачу... Мне ўсё роўна, як... — Ён спыніўся, змоўк.

— Як паміраць?.. Што ж ты не дагаварваеш?

— Няхай... паміраць...

— Ты што ж, думаеш, што нам выйсці адсюль не ўдасца? Толькі праўду кажы.

Ён гаварыў знарок мякка,— Туравец часта ў такіх выпадках, каб лепш выведаць, хітраваў; больш прамы Ермакоў недарма лічыў яго хітруном.

Калібярда цяпер i не думаў таіцца. Чаго тут, калі на тое пайшло, баяцца гаварыць, калі жывеш між зямлёй i небам. Тым больш, што камісар быў быццам лагодны i сам, здавалася, засмучоны.

— Нашто тут закрываць вочы, — пасмялеў Калібярда. — Не вам казаць, справа наша — дрэнь!.. Папаліся ў нерат — ні ўзад, ні наперад...

— Ну, а што ж рабіць? Ты скажы, што ты раіш рабіць? Не сядзець жа так ды чакаць, калі фрыц прыдзе i пачне сваёй лапаю душыць?..

— Ваша справа, што рабіць. Вы камандуеце, вам i галаву ламаць.

— Не, ты скажы, што ты раіш рабіць?

— Што я думаю?.. Мне здаецца, разумней за ўсё адпусціць людзей. Няхай кожны, як можа, выбіраецца...

— Ты, значыць, раіш распусціць брыгаду? — прагаварыў Туравец, ледзь стрымліваючы гнеў, хоць знешне i здаваўся зусім спакойны. — Можа, гэта i разумней, але шкада брыгаду. Як жа гэта? Была яна i раптам не будзе?.. Акрамя таго, з намі ж жанчыны i дзеці!

— Я не хачу сказаць — распусціць брыгаду. Пасля яна зноў збярэцца...

— А жанчыны, дзеці?

— А што дзеці? Хоць хто выйдзе жывы.

— Дзеці, вядома, не выйдуць...

— Ix немцы не павінны пагубіць...

— Не пагубяць?..

Туравец, памаўчаўшы, раптам панура прамовіў:

— Ты, канешне, не выберашся.

Калібярда хутка i насцярожана кінуў позірк на камісара. У бясколерных вачах бліснула штосьці — недаўменнасць ці спалох.

— Чаму?

— Ты ўжо амаль памёр. Жывы нябожчык...

— Вы жартуеце, але не дарэчы. Я не бачу, з чаго тут смяяцца. Становішча такое...

Туравец устаў, спакойна перапыніў:

— Так, так. Становішча невясёлае. I хныкаць таму нельга. Тут ніхто не пашкадуе, не вытра слёзы. Людзям самім горка. А фашысты не разумеюць жаласных слоў.

Ён сціх, уважліва паглядзеў на партызана, нібы яшчэ не верачы, што ўсё тое чуў ад яго.

— Хто ў цябе намеснік? Баравік?

Калібярда кіўнуў галавою.

— Здасі яму ўзвод.

Калібярда насцярожана зірнуў на Тураўца.

— Я ж па шчырасці,— разгублена прамовіў ён.— Таварыш камісар...

— Я сказаў усё!

Туравец не стаў слухаць. Не дадаўшы больш ні слова, ён холадна, з пагардай прайшоў міма.

Калібярда хвіліну стаяў збянтэжаны, а потым заспяшаўся ўслед за Тураўцом, які знік за дрэвамі. Гэта быў інстынктыўны рух. Ступіўшы некалькі крокаў, Калібярда спыніўся нерашуча.

Яго зноў апанавала абыякавасць. Іскрачка, што ўспыхнула раптам, згасла. Ён ужо не шкадаваў, не трывожыўся. Можа, i лепш, што здымуць, бо з яго здымуць вялікую адказнасць, якая ўсе дні гняла яго.

Успамінаючы нядаўнюю размову, Туравец адчуваў то пагарду, то злосць, лаяўся ў думках: «Раскіс! Размяк! Смаркач!..»

Ён думаў пра тое, што трэба зараз жа людзям паказаць, якая ім пагражае хвароба, каб пачаць выганяць яе. Зрабіць гэта будзе не так легка, бо абставіны спрыяюць хваробе. Трэба, каб усе камандзіры, палітрукі як след зразумелі, як небяспечна ў цяперашні час, у ix становішчы, бязвер'е.

Так, так, — ніякага вагання, ніякага сумнення, што пераможам мы. Гэта цяпер галоўнае!

Перадаць гэту веру ўсім! Запаліць усіх!

Туравец звязаўся з Ермаковым i пераказаў сваю размову з Калібярдою. Камбрыг параіў Тураўцу:

— Зняць зараз жа! Гнаць з камандзіраў!

— Я ўжо зняў яго, — адказаў Туравец.



4...

Калі Туравец вярнуўся ў штаб брыгады, камбрыг адразу працягнуў радыёграму:

— Павінен быць самалёт. Няўжо i сёння надвор'е падвядзе?.. Сядай, камісар, хачу параіцца.

Камбрыг коратка выказаў тое, над чым многа думаў у гэты дзень, перадаў апошнія разведвесткі.

— Я думаю — сёння, што б ні было, трэба прарывацца... Калі самалёт не прыляціць, без боепрыпасаў будзе цяжка, але, сам ведаеш, марудзіць нельга.

Ермакову ўспомнілася ноч прарыву: няўжо i цяпер будзе тое ж?.. Не, не, гэта не павінна паўтарыцца!..

— Як сказаў Дантон: патрэбны — дзёрзкасць, дзёрзкасць i яшчэ раз дзёрзкасць! — прамовіў Ермакоў.

Гэта былі любімыя словы Ермакова, за якія Туравец празваў яго жартам «Дантонам 20-га стагоддзя».

— Дзёрзкасць... Як пад Каржоўкай яны? — запытаўся Туравец.

— Вось i мяне Каржоўка вабіць! Разведчыкі кажуць, што там батарэя працітанкавых гармат i каля роты пехацінцаў. У сяле стаіць нейкі штаб. Пачуваюць яны сябе, па ўсіх прыкметах, упэўнена.

Ермакоў адразу, без паузы, як рабіў звычайна, урывіста выказаў галоўнае:

— Увогуле, ёсць два варыянты, Нічыпар Паўлавіч: на Рылёўскі лес i... на Каржоўку. Як ты?

Туравец адказаў не адразу. Абапёршыся локцямі на стол, дзе ляжала карта, ён стаў разглядаць — у каторы раз — такі знаёмы квадрат яе, пафарбаваны амаль увесь у зялёны колер, з чырвонымі, падобнымі на лук, падкоўкамі, кружочкамі, стрэлачкамі — старымі, якія ён ведаў, i новымі, толькі што пастаўленымі алоўкам камбрыга, — з усімі знакамі, што абазначалі варожую абарону. Ён асабліва прыглядаўся да подступаў на Рылёўскі лес i на Каржоўку.

Неспакойны, хуткі Ермакоў хадзіў вакол стала i з нецярплівасцю чакаў,— не падабалася яму павольнасць камісара. Узняўшы позірк ад карты, Туравец зноў стаў распытваць пра вынікі разведкі, пра паводзіны карнікаў у баку Рылёўскага лесу.

— Мая думка — біць там, дзе менш чакаюць, — сказаў ён, нарэшце.

— Дзе гэта?

«Вось хітрун: ніколі адразу не скажа ўсё што думае»,:— падумаў Ермакоў.

— Дзе? А вось дзе. Гітлераўцы, мусіць, упэўнены, што мы, лясныя людзі, пойдзем у лес. А мы возьмем ды зробім наадварот, а? Ударым на Каржоўку?

Ермакоў перастаў вагацца. Ён таксама аддаваў перавагу «другому варыянту», але толькі цяпер выбраў канчаткова — на Каржоўку. Ісці прыдзецца па адкрытым месцы, але затое ўдар будзе, відаць, неспадзяваны для гітлераўцаў.

Прарывацца парашылі а другой гадзіне ночы, спадзеючыся дачакацца прылёту самалёта. Адкладваць прарыў на пазнейшы час не маглі,— ночы былі ўжо кароткія, a ім, пасля прарыву, пакуль зоймецца дзень, трэба пастарацца адысці падалей.

— Мы ўсё, камісар, улічылі? — задумаўся пад канец Ермакоў. — He памыліліся ў чым-небудзь? У нас сёння, як у мінёраў. Памылка — смерць!.. — Так, права на памылку мы не маем...


Раздзел VII


1...

У тыя дні ваенны лёс прывёў у гэтыя мясціны нямецкага лейтэнанта Клямта.

Дывізія, у якой служыў лейтэнант, пасля баёў стаяла пад Барысавам, атрымлівала папаўненне. Пасля двухмесячнай падрыхтоўкі яна ўжо збіралася для, адпраўкі на фронт, калі раптам прышоў загад, што дывізія часова перадаецца на барацьбу з партызанамі.

Для Клямта навіна гэтая была неспадзяванай. Ён ведаў, што на ўсходзе набліжаліся грозныя летнія баі, i ў думках рыхтаваўся да ix. Звыклы кірунак думак павінен быў перайначыцца. Збіраўся на ўсход у акопы, а прыдзецца накіравацца на поўдзень, паляваць на партызан, усталёўваць цішыню i парадак.

Да гэтага лейтэнанту не прыходзілася ваяваць з партызанамі.

Te, што ён пабачыў на месцы, дзе пачыналіся баі, нямала здзівіла яго. Тут, выявілася, была не адна дывізія, стаялі напагатове танкі, самалёты, гарматы. Можна было падумаць, што тут немцы збіраюцца пачаць генеральнае летняе наступленне.

Над вёскамі i над лясамі чорнымі хаўтурнымі хмарамі ўздымаліся дымы пажараў. Тысячы салдат прачосвалі ўсе закуткі, усе гушчары, усе дарогі.

На ўзлееках i палях важка, пагрозна рычэлі танкі, у гушчарах прагна лескаталі аўтаматы. Лясное рэха разносіла крыкі каманд. У небе бесперапынна шнырылі «месершміты» i «юнкерсы», драпежна прыглядваючыся да кожнай істужкі-сцежкі, да кучаравых зялёных лапін. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю, калечылі, разварочвалі маўклівыя хаты. Як у бойцы, падалі, раскінуўшы шырока галлё, дрэвы.

Усе вёскі палілі. Усюды пакідалі страшныя i сумныя папялішчы.

Усіх, хто быў звязаны з партызанамі, калі толькі яны пападаліся, бязлітасна вешалі ці расстрэльвалі. Многіх вешалі i проста без усякай «віны», без якой-небудзь прычыны...



2...

За кіламетр ад сяла высіўся невялікі ўзгорак, на якім у першую вясновую зеляніну пачыналі прыбірацца бярозы.

Неўзабаве пасля таго, як адышлі партызаны, сюды з траскатнею пад'ехалі нямецкія матацыклы i бронемашына. Прыпыніўшыся на некалькі хвілін, яны хутка запылілі па дарожцы ў кірунку лесу, не заязджаючы ў сяло. На змену ім да ўэгорка пад'ехала цугам некалькі ваенных грузавікоў, напоўненых салдатамі. Калі машыны спыніліся, салдаты, штурхаючы адзін аднаго, шумліва высыпалі на дарогу. З кабінкі трэцяй машыны жвава выскачыў вялікі, вуглаваты ў рухах маёр, камандзір батальёна. Ён паклікаў Клямта i з ім хутка падняўся на ўзгорак.

На ўзгорку, прыкрытыя кустамі i зацененыя бярозамі, стаялі крыжы — гэта былі рускія могілкі. Маёр акінуў позіркам сіні лес, потым сяло — доўгі рад хат, што цягнуўся непадалёк, — i сказаў Клямту:

— Якая цішыня! Спакой! Можна падумаць, што яны таксама спакойна i мірна жывуць... Мне таптацца тут няма калі, можна ўпусціць здабычу. Але тут таксама трэба навесці парадак, калі мы ўвайшлі сюды.

Сяброўскім жэстам ён кіўнуў на сяло.

— Вазьміце гэта сабе.

Клямт адразу выпрастаўся. Ён глядзеў на высокага маёра, як на дрэва. Лейтэнант быў кароткі i тоўсты; для таго, каб здавацца вышэйшым, ён насіў фуражку з незвычайна высокім верхам.

— Я даю на гэта дзве гадзіны,—працягваў маёр.— Рабіце, што падабаецца, па свайму густу, я, дарэчы, пабачу, які ён у вас. Пасля тут павінны быць цішыня i спакой. Пакажыце, якія мы жорсткія iбязлітасныя да непакорных, асабліва звярніце ўвагу на партызанскія сем'і. Жанчын, здаровых, можна з салдатамі адвесці ў лагер — яны будуць працаваць. Але не захапляйцеся гэтым. Галоўнае, каб было тут ціха. Разумееце?

Маёр любіў часам гаварыць не па-ваеннаму, паўнамёкамі, i меў звычку пытацца: «Разумееце?»

Лейтэнант, мяркуючы на выразу, з якім ён слухаў маёра, разумеў: ён, відаць, ведаў, што трэба, каб было тут ціха.

Пад'ехаў матацыкл разведкі, i маёр стаў спускацца з узгорка. Паслухаўшы даклад разведчыка, ён скамандаваў салдатам садзіцца ў машыны. Зірнуўшы на Клямта, які сышоў услед за ім, напомніў:

— Значыцца, у вас дзве гадзіны.

Машыны, абагнуўшы могілкі, накіраваліся да лесу. Засталіся толькі Клямт i яго салдаты. Лейтэнант некалькімі словамі перадаў загад: акружыць вёску, — яна звалася Паплавы,— не выпускаць ні аднаго чалавека.

Салдаты, прыгінаючыся, пачалі разбягацца па полі, абыходзячы вёску справа i злева. Клямт нейкі час стаяў на могілках. Залажыўшы тоўстыя рукі за спіну i расставіўшы цыркулем ногі, ён з могілкавага ўзгорка сачыў за ланцугамі салдат. У яго было прыемнае адчуванне блізкай перамогі, багатай здабычы, якое спляталася з жаданнем уладарнічаць, пахваляцца сваёю сілаю. Гэты дзень пераносіў яго думкаю да добрых часоў вайны ў Францыі. Як тады прыемна было ўваходзіць у гарады, ганарыста пазіраючы вакол сябе...

Гэта ўжо амаль забылася, i вось яно раптам вярнулася тут. Ён бачыў у полі постаці сваіх салдат i адчуваў, здавалася, кожным мускулам сваю моц. Клямт уяўляў сябе амаль палкаводцам, нібы па полі беглі паслухмяна не чародкі салдат, а батальёны, палкі...

Каб прыкрыць левы фланг, каля якога ў ляску маглі быць партызаны, ён загадаў страляць па ўзлессі з мінамётаў.

На ўзлессі пачалі вырастаць сінія кучаравыя кусцікі выбухаў, расплываючыся ў хмарку.

Ад сяла лейтэнаята аддзяляла невялікае роўнае поле, i яму добра было відаць усё, што там рабілася. У вёсцы ўзнялася паніка. Каля хат усюды трывожна мітусіліся людзі. Відаць, чуючы, што на ўзлессі ірвуцца снарады, людзі кінуліся ў адваротны бок, да дробнага хмызняку. Не дабегшы датуль, яны раптам спалохана падаліся назад, бо наткнуліся на салдат. Дабеглі да сваіх хат не ўсе, некаторыя палеглі ў полі мёртвымі. Да могілак даносілася няроўная аўтаматная страляніна.

Салдаты, сціскаючы, як пятлю, круг, падыходзілі да хат. Клямт сышоў з могілкавага ўзгорка, сеў у машыну i паехаў у вёску.

На вуліцы білася роспачнае галошанне жанчын, дзяцей, злосныя крыкі i лаянка салдат, часта ў лямант урываліся чэргі аўтаматаў. Усюды — па агародах, па дварах i хатах, шукаючы людзей, бегалі, шнырылі салдаты. Некалькі з ix, штурхаючы аўтаматамі i пагражаючы, гналі на пляц жанчын i дзяцей. З двара двое салдат у расшпіленых куртках, сагнуўшыся, валаклі цяжкія, туга напакаваныя клункі з хатнімі рэчамі. Убачыўшы лейтэнанта, абодва, не выпускаючы здабычы, выструніліся i прывіталі яго.

На пляцы ў сярэдзіне сяла невялікай купкай ціснуліся адзін да аднаго ператрывожаныя людзі — жанчыны, дзеці, старыя. Да ix падводзілі з вуліцы новых. Натоўп занепакоена пазіраў на два ручныя кулямёты, што ставілі салдаты. Напэўна, па гэтай прычыне яны амаль не звярнулі ўвагі на лейтэнанта, які паволі ўязджаў на пляц. Калі Клямт вышаў з машыны i паважнаю, уладнаю хадою накіраваўся да натоўпу, адтуль раптам вырваўся прарэзлівы крык:

— Сяло-о паляць! Людзі-і-і!

У натоўпе ўсхвалявана зашумелі. Сапраўды, сяло гарэла. З абодвух канцоў яго ўздымаліся, хутка раслі, зласліва акрэсліваючыся на чыстым блакіце неба, чорныя клубы дыму. «А ў мяне ж там усё-о засталося, адной лыжкі не вынесла!..» — залемантаваў хтосьці, але голас гэты адзінока патануў у даўкай цішыні.

Большасць нема, з жахам маўчала, насцярожана пазіраючы на кароткага, з высачэннай фуражкай лейтэнанта.

— Дзе астатнія? — запытаўся Клямт.

Ён стаяў, як i на могілках, залажыўшы рукі за спіну i выпнуўшы грудзі. Обер-ефрэйтар Келер, які быў пры Клямту за перакладчыка, пераказаў пытанне па-руску, марудна падбіраючы належныя словы. Стары, што стаяў наперадзе натоўпу, нізенькі, згорблены, з жоўтым, як воск, маршчыністым тварам, з рэдкай жоўта-сівай барадой, пераступіў з нагі на нагу, прашамкаў:

— Некаторыя ўцяклі, a некаторыя ляжаць вунь... па дварах ды на вуліцы... сам бачыў.

Обер-ефрэйтар перадаў адказ па-нямецку.

— Ён жартуе? Скажы, Келер, мяне не цікавяць тыя, што ляжаць, a жывыя! — Пачакаўшы, пакуль Келер перакладаў, ён працягваў: — У каго ёсць там, у лесе, дачка, сын або муж?, родзічы?

Лейтэнант спыніўся, прайшоўся перад натоўпам туды-сюды.

— Таму, хто скажа, я пакіну дом, хлеб, карову. Ну, я чакаю. Скажыце, Келер, я чалавек нецярплівы, не люблю марна чакаць. — Усе маўчалі. — Можа, вы не ўмееце гаварыць? Умееце? I не хочаце.

Клямт выбраў наўгад траіх жанчын,— салдаты сілком адарвалі ix ад натоўпу, — i сказаў, што яны будуць расстраляны, калі людзі не выкажуць партызанскіх сем'яў.

— Не карай ix, пан начальнік, — уступіўся стары.— Яны нявінны. У нас партызан няма. Было два, дык пайшлі ў лес з сем'ямі, з усім... забралі ўсіх з сабой...

Ён гаварыў такім тонам, што, каб лейтэнант не быў недаверлівым чалавекам, ён мог бы падумаць, што гэта сапраўды так.

— Якія ж мы партызаны? Старыя ды жанкі! — здзіўлена прамовіла адна з трох жанчын. —: Няма ў нас нікога.

Дзве маўчалі, не зводзячы з лейтэнанта ўстрывожаных вачэй.

У гэты час салдаты падбеглі з каністрай да вялікага драўлянага будынка, што стаяў перад пляцам. Тут некалі была, відаць, школа. На двары яшчэ дагэтуль стаяў адзін круглы пацямнелы слуп, а на зямлі, сярод рамонку i палыну, блішчэлі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Напэўна, гэта была валейбольная пляцоўка.

Салдаты забеглі ў будынак, прынеслі туды саломы. Неўзабаве яны выскачылі на ганак, аблілі яго з каністры i падпалілі. Агонь хапіўся за ступенькі, хутка пабег па слупках, пайшоў у дзверы. Барвовае святло з сярэдзіны білася ўжо на шырокіх вокнах. Потым з аднаго акна выбухнуў чорны клуб дыму, шуганулі іскры. Лейтэнант хвіліну сачыў за агвём.

— А-а, маўчыце?!— закрычаў раптам раззлавана Клямт.

Яму прышла новая думка.

— Скажы, Келер, яны будуць спалены!

Па натоўпу прайшоўся шум.

Клямт махнуў салдатам, каб пачыналі. Ён, чорт пабяры, зломіць у гэтых маўкліўцаў упартую непакору. Ён прымусіць ix адрантвець ад жаху, прасіць літасці, поўзаць перад ім пакорліва на каленях.

Салдаты падхапілі траіх i пацягнулі да агню. Жанчыны ўпіраліся, карнікі штурхалі ix аўтаматамі ў спіну, лаяліся. Адной заламалі, звязалі рукі. Яе раскалыхалі i кінулі ў акно. Стогн прайшоў па натоўпу.

— Што ж гэта ён робіць, людзі-і?

— За што яе, ірад?

Пачуўшы гэтыя словы, Клямт здагадаўся пра ix сэнс па тону. Ён рэзка павярнуўся да натоўпу. Хто сказаў гэтыя словы, яму было невядома, але позірк чамусьці прыкавала да маладой жанчыны з дзіцём на руках. Валасы яе былі растрапаны i спадалі на плечы, на загарэлай шчацэ падкоўкаю сінеў шрам. Яна дрыжала ад узрушэння, i ў шырока адкрытых вачах гарэла такая нянавісць, што твар лейтэнанта наліўся крывёю.

— Schweigen![1] — крыкнуў Клямт i вылаяўся.

Ён даў знак, i салдаты, як сабакі, спушчаныя з ланцуга, кінуліся да жанчыны, пацягнулі яе з натоўпу. Яна, абараняючыся, перадала дзіця суседцы. Клямт заўважыў гэта i загадаў, каб забралі i дзіця.

— Дзіця за што? За што дзіця! — крыкнула яна салдату, які груба ўхапіў малое, што нема закрычала ад болю. Салдат штурхнуў яе.

Яна паспрабавала вырваць дзіця:

— Людцы, дачушачку маю!..

Гітлеравец аўтаматам ударыў яе ў спіну.

— Дачушачка мая!.. Бі, душагуб, бі!..

На момант вочы яе, страшныя ў гневе, поўныя нянавісці, непакорныя, спаткаліся з позіркам Клямта. У ix была нейкая незвычайная ўладная сіла. «Яна — вар'ятка!» — падумаў мімаволі лейтэнант.

— Каб на вас пагібель, на сабак!

— Was... was?[2]

Келер не паспеў перакласці.

— Каб вы здохлі ўсе, нелюдзі вы!.. Гады вы!.. Няма на вас пагібелі...

Лейтэнант нецярпліва адступіў некалькі крокаў назад, выхапіў пісталет, тры разы стрэліў.

— Каб вас!..

Жанчына пахіснулася назад, потым з намаганнем выпрасталася, шукаючы рукамі ў паветры апору, ступіла крок наперад i павалілася моўчкі на зямлю. Лейтэнант паклаў пісталет, які яшчэ дыміўся, у кабуру i павярнуўся да перакладчыка.

— Келер, паўтары пытанне.

Людзі маўчалі. Лейтэнант адабраў некалькі жанчын, — ix адвялі ўбок, — потым махнуў да астатніх.

— Aller![3] — ён мясістай рукой рэзкім жэстам пракрэсліў крыж.

Павярнуўшыся i не азіраючыся, павольна пайшоў да машыны. Імпэтны жалезны ляскат кулямётаў заглушыў апошнія крыкі людзей.



3...

Машына павольна прабіралася праз вуліду. Гарэлі хаты, i над вуліцай слаўся едкі дым. Горача патыхала ад вялізных вогнішчаў, i ён час-ад-часу прыкрываў твар далоняю. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі.

За сялом, каля могілак, машына зноў спынілася. Лейтэнант вышаў i сеў на ўзгорак, пазіраючы на сяло. Гарэлі цяпер усе хаты, стаякі дыму па ўсім сяле ўсцяж уздымаліся ўгару, зліваючыся ў небе ў чорную нерухомую хмару.

Клямту чамусьці ўспомнілася жанчына, якая праклінала яго, i яму, што здаралася рэдка, стала трывожна. Самым непрыемным было тое, што яна была падобна на вар'ятку. Ён баяўся вар'ятаў. У маленстве адна абарванка-вар'ятка сказала, што яго з'ядуць сабакі. Ён тады пасмяяўся, а пасля здарылася так, як гаварыла яна. Аднойчы, калі малы Клямт вяртаўся ca школы, яго ледзь не разарвалі сабакі. Ён два месяцы праваляўся ў бальніцы, a знакі ад зубоў сабачых засталіся назаўсёды. З таго часу лейтэнант баяўся ўсё жыццё вар'ятак. У яго быў перад імі забабонны страх.

Неўзабаве вярнулася ўся рота, i Клямт забыў аб гэтай прыкрасці. Салдаты, выпэцканыя ў сажы, закураныя, як качагары, цягнулі розную здабычу — сала, курэй, адзенне. Келер пастроіў ix i далажыў лейтэнанту, што скончылі аперацыю.

— Келер, ім трэба чысціць адзін аднаго швабраю.

Звяртаючыся да салдат, дадаў:

— Мы сёння добра папрацавалі. Я задаволены вамі...

Калі лейтэнант дазволіў распусціць строй, салдаты стомлена разышліся: адны мыцца, другія смажыць курэй.

Клямт падумаў сам сабе: «Вольф пахваліць, напэўна...»

Клямт i Келер разаслалі палатку з зялёнымі i цёмнымі плямамі маскіроўкі i прымасціліся на ёй. Обер-ефрэйтар прынёс пляшку рому i некалькі кружкоў свежых каўбас, якія ён дастаў у гэтым сяле.

— A! — прычмокнуў Клямт i пацягнуў адзін кружок да сябе, панюхаў: — З часначком!.. Яны вельмі смачныя, калі падсмажыць!..

Ён аддаў ix кухару. Калі ix прынеслі, Клямт, выпіўшы алюмініевую чарку з фляжкі i пачаставаўшы Келера, нецярпліва накінуўся на каўбасы. Абодва елі моўчкі; адзін неахвотна i панура, другі спяшаючыся i прагна, не выціраючы тлушчу, што цёк па падбародку.

Толькі насыціўшыся i адкінуўшыся на бок, каб прылегчы зручней, Клямт пацікавіўся:

— Што табе напісала Ільза?

— Ільза? Рознае піша...

— Сумуе, піша?

— Так.

Цьмяна-сонныя вочы Клямта неспакойна ўспыхнулі.

— Брэша! Жанчына верная, пакуль ты з ёю. У обер-лейтэнанта Штумпфа жонка зблыталася з італьянцам... У ефрэйтара Каца без яго дзіця нават нарадзілася. Яна пісала яму пяшчотныя лісты. Кац ix насіў цэлаю вязкаю ў кішэні. A пасля прыходзіць аднойчы вестка — маці піша — нарадзілася дзіця... Любоўныя лісты нарабілі!

— Ільза не такая.

— Не такая! Усе мы лічым ix не такімі... А наогул, гэта правільна... гады ідуць, чаго ж марна чакаць, час губляць...

— Хопіць пра гэта, лейтэнант. Прашу.

Калі б лейтэнант быў больш назіральным, ён заўважыў бы, што ефрэйтар нечым усхваляваны i прыгнечаны. Лежачы на спіне, прыплюшчыўшы вочы, ён штосьці думаў сваё i нават да заўвагі Клямта пра Ільзу аднёсся амаль абыякава.

— Лейтэнант, вам не здаецца,— загаварыў з панурай задуменнасцю ефрэйтар, — што не салдацкая служба... ваяваць з жанчынамі?

— Чаму?

— Для салдата ёсць фронт...

— Салдат павінен рабіць тое, што яму скажуць.

— Але на гэта ёсць... спецыяльныя людзі.

— Iм xaпae таксама. Ты наіўны, Келер! Наіўны, як дзіця. Хіба тут не вайна?..

— Вайна? З дзецьмі...

— А што?! Глядзі, — ён абцасам прымяў i прыціснуў траву, потым адставіў бот убок.

Трава ў ямцы з-пад абцаса дзе-ні-дзе пружыніста ўзнімалася.

— Заўтра яна, Келер, уся выпрастаецца. Каб не паднялася, яе трэба ірваць з коранем.

Ён вырваў жмут травы з зямлёю, змяў i кінуў прэч.

— Усё роўна, — п'яным непаслухмяным языком прамармытаў ефрэйтар. — Кроў, дзеці... бр-р.

«Ён плявузігае такое, за што можа не паздаровіцца», — лейтэнант неспакойна азірнуўся, ix, здаецца, ніхто не слухаў: падвыпіўшы, салдаты шумелі кожны на свой лад. — «Ці, можа, ён разыгрывае мяне?..» Клямт хацеў асекчы лёгкадумца, але Келер апярэдзіў:

— Вам не хочацца дамоў?

— Не, не хочацца!..

— Добра там... — з зайздрасцю прамовіў Келер. — Раскоша! Зайздрошчу. А тут хоць павесься з нуды.

Клямт падумаў, што размову гэту трэба канчаць, i непрыязна, з ноткай узлаванасці, адрэзаў:

— Хутка нуда твая скончыцца!

Клямт кіўнуў туды, дзе доўгім зубчатым, радам сінеў лес i чуліся выбухі i страляніна...


Раздзел VIII


1...

Грэчка амаль тры дні блукаў адзін па лесе.

Вярнуцца дамоў не давялося. Ён у першы ж дзень падышоў да сяла, але зайсці туды пабаяўся, бо ў вёсцы былі фашысты.

Грэчка здалёк, стоячы на ўскраі лесу, назіраў за тым, што рабілаея, прадчуваючы нядобрае. Потым да яго дайшла страляніна, а следам за гэтым пачалі ірвацца на ўзлессі снарады.

Грэчка кінуўся назад у гушчар.

На другі дзень, раніцай, на невялікім хутарку яму ўдалося дасаць крыху хлеба, i ён два дні хаваўся ў вільготным паўзмроку лясной гушчыні, прыслухоўваючыся да таго, што рабілася навокал. Там i тут чулася аўтаматная страляніна, а часам гарматныя выбухі.

Ен стараўся аддаліцца ад ix, але страляніна паступова набліалася з усіх бакоў.

Аднойчы Грэчка ледзь не наткнуўся на гітлераўцаў.

Адтуль, куды кіраваў ён, шукаючы цішыні, данеслася нямецкая гаворка. Ён адразу прыпаў да зямлі i ўбачыў непадалёк у прагаліне палявую кухню i групу салдат, што сядзелі на траве. Зброя ix ляжала на зямлі. Яны абедалі. Не помнячы сябе, Грэчка стаў адпаўзаць назад, потым ускочыў i пабег.

Ён спыніўся ў густым лазняку, сеў пад куст i стаў прыслухоўвадда. Хутка там, адкуль прыбег ён, пачулася страляніна. Потым данесліся стрэлы з другога боку. Яны паступова набліжаліся.

«Прачосваюць лес», — падумаў уцякач.

Нечакана ён пачуў поруч трэск галля i мігам ускочыў.

З зарасніку на яго выбегла жанчына з ускудлачанымі валасамі.

Яна вяла за руку дзіця. У вачах жанчыны быў жах. Убачыўшы раптам перад сабой незнаёмага чалавека, яна спалохалася, але, прыгледзеўшыся, ціха, спакутавана ўскрыкнула:

— Божа! Ды гэта ж свой, здаецца!

Цяжка i часта дыхаючы, яна падышла да Грэчкі.

— Як добра, што свайго чалавека спаткала! А то ж перапалохалася... Ледзь уцякла ад ix... Смерць, думаю, прышла... Як добра, што свой чалавек тут... Дзе нашы, далека?

Уся яе надзея была цяпер на Грэчку, яна пазірала на яго, як на паратунак.

Той незадаволена адступіў, мармычучы:

— Я таксама адзін...

Не, ён не хацеў браць на сябе чужы клопат. Ён хоча быць адзін, адзін.

Але жанчына не адставала, ішла ўслед.

— Выратуй, дапамажы, саколік! He кідай, вазьмі нас... Не кідай... Куды ты, не кідай! А божа!

Грэчка раззлаваўся, вылаяўся. Не стрымліваючы больш сябе, баязліва рынуўся наўцёк ад яе. Адбегшы далей, убачыўшы, што яе няма, ён спыніўся.

Страляніна i воклічы ўсё набліжаліся.

У нейкую хвіліну Грэчка непадалёк пачуў жахлівы адчайны крык жанчыны i стрэлы.

«Тая напэўна»,— мільганула ў Грэчкі думка. У яго грудзях пахаладзела. Ён зашыўся глыбей у куст, з жахам заўважаючы, што лісце яшчэ не зусім распусцілася, што куст свеціцца скрозь, што ўхавацца цяжка. Гітлераўцы з крыкамі набліжаліся, угары пасвіствалі кулі.

Уціснуўшыся тварам у зямлю, ён нічога не бачыў, думаючы аб адным, каб як-небудзь гэта навала прайшла міма.

Раптам ля яго пачуўся голас, які прагучаў, як стрэл:

— Устаць!

Грэчка спіною адчуў, што гэта адносіцца да яго, але не варухнуўся, нібы прыклеены да зямлі.

Нехта злосна стукнуў яго наском бота ў бок, i тады ён падняўся. Перад ім стаяла некалькі гітлераўцаў з аутаматамі.

Ён анямеў, чакаючы, што зараз жа яго застрэляць або прыдумаюць нейкую жахлівую смерць.

З таго, што гаварылі салдаты, ён не разумеў нічога, хоць адзін з ix крыху гаварыў па-руску. Да Грэчкі дайшло толькі адно слова «партызан», якое выплыла з туману, што напаўняў галаву. Уцякач пакруціў галавою, адмаўляючыся: не, не... не!

У тую хвіліну да ix падышоў паліцай.

Грэчка ўбачыў знаёмы чорны чуб, начэсаны на вока, i яго ахапіла дваістае пачуццё — i трывогі i палёгкі. Гэта ж Тыталь! Ён ведае Грэчку, не раз яшчэ заходзіў да яго ў хату, частаваўся самагонам.

Тыталь падбіваў яго некалі ў паліцыю, а Грэчка не паслухаўся. Ён хацеў жыць ціха, не звязваючыся ні з паліцыяй, ні з партызанамі. Жыць спакойна ды чакаць, як яно будзе далей... Але потым сталася так, што давялося пайсці ў лес. «Пайшоў сабе на пагібель, дурань», — шчыра пакаяўся ён цяпер.

— Ну, папаўся, галавешка? Не паслухаў? — сказаў са злой радасцю Тыталь.

— Не п-паслухаў... Дурны быў... Д-дурны быў, Якавачка...

— Паразумнееш — на тым свеце, галавешка.

— Не загубі, Якаў! — заенчыў Грэчка. — Пашкадуй... Аддзякую дабром. Я ўцёк адтуль, ад ix, я кінуў... хай яны прападуць.

Надзея на Тыталя абудзіла ў яго сілу i прагу збавення.

Тыталь быў няўмольны:

— Каяцца ўздумаў перад смерцю! Можа што маеш жонцы сказаць? Гэта я магу зрабіць.

Карнікі нешта гаварылі пра яго — Грэчка бачыў гэта па жэстах — аднак здагадацца пра змест ix гаворкі не мог. Можа, прыдумваюць смерць яму. I ён зноў стаў прасіць Якава заступіцца. Той нічога не абяцаў, але падышоў да аднаго з гітлераўцаў, мусіць старшага, i стаў нешта паціху даводзіць.

Грэчку павялі.

З ім пайшлі Тыталь i адзін салдат, іншыя засталіся. Тыталь ступаў спераду, а немец — за спіной. Грэчку ўвесь час хацелася азірнуцца. Нельга было адкінуць прыкрае адчуванне, што ззаду цэляцца ў спіну.

Ён уздрыгваў ад кожнага трэску сучка, i ў сярэдзіне ў яго замірала.



2...

Калі лес наперадзе расступіўся, у Грэчкі зноў абудзілася надзея. Значыць, не на расстрэл.

Аднак на душы было цяжка, i ён, згадаўшы раптам Тураўца, пашкадаваў, што не пайшоў разам з усімі. Як бы там ні было, усё-такі ў атрадзе не так — там ты не адзін, а з другімі, i страх не гэтакі.

На ўзлессі, на беразе рачулкі, былі таксама гітлераўцы. Адзін з ix, голы да пояса, пырскаў на сябе з вядра халоднай вадою i задаволена крактаў. Цела яго пакрылася дробнымі курынымі пупышкамі. Два немцы непадалёк нешта пражылі на скаварадзе.

Тыталь сказаў да Грэчкі мякчэй:

— Сам лейтэнант Клямт... будзе дапытваць цябе. Не таіся, кажы ўсё чыста, што ведаеш, можа, злітуюцца... Эх, галавешка!

Клямт перастаў плюхацца, i салдат абцёр яго сялянскім вышываным ручніком. Скура Клямта заружавелася.

Прычасаўшы гладзенька, з роўным праборам зямлістыя, падобныя на мочаны лён, валасы, ён без мундзіра падышоў да Грэчкі.

— Партызан?

— Я ўцёк... Я ўцёк ад ix, — спяшаючыся загаварыў Грэчка, не зводзячы з афіцэра вачэй, якія чакалі, малілі. — Я не партызан.

Гукнуўшы перакладчыка, Клямт пачаў распытваць яго пра брыгаду.

Грэчка, таксама хапаючыся, нібы баючыся, што яго спыняць, не дадуць дагаварыць, пачаў расказваць усё, што ведаў. Hi разу ўцякач не падумаў пра людзей, якіх выдаваў. Ix цяпер для яго не існавала, ім кіравала адна прага выратаваць сваё жыццё, i гэта прага засланяла ўсё, што рабілася на свеце. На хвіліну прамільгнула думка, што за такі ўчынак у брыгадзе, калі б ён папаў туды зноў, расстралялі б адразу, але яна знікла, не пакінуўшы ў душы следу.

Ён бачыў перад сабой аднаго Клямта.

Лейтэнант, слухаючы яго, рабіў адзнакі на карце. Скончыўшы допыт, Клямт узяў тэлефонную трубку, выклікаў нейкую «Эльбу» i стаў перадаваць весткі, пачутыя ад Грэчкі.

Як толькі размова з «Эльбаю» скончылася, Грэчка зразумеў, што наступіла хвіліна, калі будзе вырашацца яго лес.

Але Клямта гэты лёс цяпер зусім не цікавіў. Надзяваючы пададзены салдатам мундзір, ён зірнуў на палоннага так, нібы таго зусім не было перад ім. У чужым позірку вадзяністых вачэй лейтэнанта Грэчка прачытаў свой прысуд—канец.

Ён кінуўся на зямлю, просячы літасці:

— Пан капітан... пан капітан...

Клямт па-ранейшаму не хацеў яго заўважаць.

Адзін салдат тузануў Грэчку за руку, ударыў у бок аўтаматам.

Неспадзявана за Грэчку ўступіўся Тыталь.

— Дайце, гэр лейтэнант, яго мне. Мне трэба людзей: работы — філь, а людзей — ніхт.

Клямт сказаў пагардліва, што гэты нягоднік заўтра таксама можа перабегчы назад да партызан.

— Не пойдзе, я яго ведаю... Там яму адразу «копф» скруцяць, няхай толькі паткнецца. Я магу паручыцца за яго, гэр лейтэнант.

I Клямт уступіў. Калі гэты Тыталь ручаецца, няхай застанецца. Сапраўды людзі патрэбны, a знайсці ix цяжка. Ён махнуў пухлай, кароткай рукой салдатам, i тыя пакінулі Грэчку.

Грэчка ўзняўся на ногі i насцярожана азірнуўся навокал, яшчэ не верачы, што небяспека так шчасліва мінула.

— Век не забуду твае ласкі, Якаў, — кляўся ён, калі ўдвух з Тыталем адышлі ад Клямта. — Пакуль буду жыць... Да скону буду верным другам, хай табе жывецца лёгка.

— Глядзі ж! Прасі тут начальства за цябе, важдайся з дурнем!.. Ну, ды, чорт з табой! Слухай ты, з сённяшняга дня будзеш служыць са мной... Усё глупства каб выкіінуў з галавы. Глядзі! — пагрозна i важна прамовіў замест адказу паліцай.

— Што ты, што ты, Якаў! Цяпер я навучаны. Буду помніць навуку гэту доўга...

— Кінь ты выць! Як баба. «Буду помніць, буду помніць!» Паспрабуй забыць!.. Туды, назад, дарогі табе цяпер няма. Галаву адкруцяць адразу.

Тыталь даў даведку, што Грэчка служыць у паліцыі, i той рушыў у кірунку свайго сяла. Ён ішоў лёгка, i ўсё спявала ў ім — жыву, жыву.

Але пазней, калі першая радасць крыху прыціхла, калі лее i стрэлы засталіся далека ззаду, Грэчку пачала апаноўваць трывога. Хада яго пацяжэла. Ён ужо цягнуўся павольна i разважаў нявесела з одумам:

«Як жа я буду ў паліцыі? Я ж не хацеў ісці туды, а цяпер буду! Я ж хачу, каб убаку, каб ціха перасядзець».

Яму ўспомніўся раптам Туравец, i Грэчка так занепакоіўся, нібы той i цяпер меў над ім уладу.

Што ж рабіць? Грэчка нейкі час разгублена стаяў на полі, каля сцежкі, якая вяла ў сяло. Ісці ці не ісці? Ён не мог нічога прыдумаць іншага, акрамя таго, што яму падказвалі абставіны, куды яго вялі апошнія падзеі.

«А, што будзе, тое будзе!» — падумаў ён, нарэшце, І, стараючыся не разважаць, няцвёрдай хадою пакіраваў да вёскі.


Раздзел IX


1...

Другую ноч на поплаве дзяжурыла некалькі групак людзей. Усе атрады былі ўжо гатовы да выступлення. А камбрыг усхвалявана, нецярпліва прыслухоўваўся да начнога шуму. Сонна пастрэльвалі недалёка кулямёты, раскаціста бухнулі некалькі разоў гарматы. Сёння ён непакоіўся яшчэ больш: «Прыляціць ці не прыляціць?» Пазіраў у хмурнае неба, слухаў, як шуміць угары, у лісці, вецер. Надвор'е было мала лепшае, як учора. Камбрыг раз-по-раз запальваў кішанёвы ліхтарык і, падставіўшы пад святло гадзіннік, паглядаў на яго.

А што, калі не прыляціць? Ермакоў адчуваў, як сэрца пачынае біцца мацней i нібы напаўняецца холадам. Пойдзем на прарыў усё роўна. Ен можа ў дзесяты раз, седзячы тут, стараўся перабраць у думках, ці ўсё зрабіў, што належыць, да выступлення.

Прайшла гадзіна, другая, а самалёта не было. Ермакову не сядзелася, ён то выклікаў сувязных ідаваў загады, то неспакойна хадзіў i, каб сцішыць нецярплівасць, насвістваў песню. Блізка апоўначы ён улавіў далёкі гул самалёта. Камбрыг пачуў, відаць, раней за іншых, бо ўсе яшчэ маўчалі. Гул, спачатку вельмі ціхі, падобны на шум пчалінага рою, паступова мацнеў.

— Ідзе! Самалёт!—загаманілі ўзрушана навокал.

Ермакоў загадаў, каб запалілі вогнішчы. Увесь поплаў ажыў, там i тут заблішчалі ў цемры агні.

Самалёт набліжаўся, гул перайшоў у рэзкі рокат. Раптам ён сціх. Выключыўшы маторы, нявідны самалёт стаў ціха падыходзіць да поплаву. Усе ўбачылі яго чорны абрыс зусім блізка, над самымі дрэвамі. Шырокія вялікія крылы пранесліся ў цемры над поплавам, як віхор, ca свістам i шолахам, i праз хвіліну камбрыг заўважыў каля сябе цьмг.яы абрыс парашута, які адносіла ўбок.

Ён сам разам з трыма партызанамі кінуўся да парашута. Гэта быў мяшок, напакаваны скрынкамі. «Напэўна, патроны». Ермакоў хутка перарэзаў стропы, якімі пакунак быў прывязан да парашута, i загадаў несці.

Мяшок быў такі важкі, што два здаровыя хлопцы ледзьве паднялі. Адзін з ix сумысля закрактаў з натугай i сказаў задаволена:

— От, кабан! Пудоў на сем!..

Развярнуўшыся, самалёт зноў прайшоў над поплавам. Гітлераўцы, апамятаўшыся, адкрылі ўслед яму страляніну, наўздагон паляцелі рознакаляровыя ніткі трасёраў — сінія, жоўтыя, белыя. Самалёт, равучы магутнымі маторамі, пачаў набіраць вышыню. Не вяртаючыся больш сюды, ён пайшоў назад, дадому, i стаў паступова аддаляцца. Гэта было чуваць па гулу, які ўсё суцішаўся.

— Дзякуй, дзякуй, дружок!.. — сказаў Ермакоў невядомаму лётчыку.

Яму хацелася завіхацца, камандаваць.

— Ну, як, Мамедаў, цяпер можна ваяваць? А-а, Мамед?! — крыкнуў ён весела партызану, што прынёс мяшок.

— Заўсёды трэба, калі камандзір загадвае, — адказаў разважліва хлопец. — Але цяпер лепш. Патроны ёсць, гранаты ёсць, усё ёсць!

Партызаны зносілі мяшкі ў адно месца. Калі сабралі ўсё, выявілася, што двух мяшкоў не хапае — мусіць, упалі ў размяшчэнне немцаў ці ў лес. Прадстаўнікі ад атрадаў, якія стаялі па-ранейшаму на баявых пазіцыях, неадступна хадзілі каля Ермакова. Сачылі за кожным рухам камандзіра i камісара, якія распорвалі мяшкі, стараліся дапамагчы, трэба ці не трэба. Калі Ермакоў пачаў размяркоўваць, прасілі, каб ім вызначылі больш, даводзілі сваё права на гэта.

Як толькі камбрыг падзяліў усё, партызаны, павесялелыя, сталі разыходзіцца, амаль не адчуваючы на сябе прыемнага цяжару скрынак з патронамі i гранатамі.

Неўзабаве атрады сталі непрыкметна i хутка збірацца да месца, адкуль брыгада павінна была пачаць прарыў.

Атрад Кутузава размяшчаўся ціха ў негустым лясочку перад самымі «варотамі», наперадзе іншых; два другія атрады стаялі за імі, справа i злева.

Партызаны садзіліся на сырую, вільготную ад расы зямлю, стараючыся не бразгаць зброяй, шэптам перагаварваліся.

— Эх, каліна-маліна, зацягнуцца б, — уздыхнуў Шашура, — хоць бы «бычка»!.. А, Вась?— сказаў ён да Крайко, які сядзеў поруч. — У сярэдзіне, як у пажарным насосе, смокча... Ну, проста, у пячонцы смаліць.

— От, знайшоў аб чым шкадаваць! — абыякава адгукнуўся Вася. — Людзі думаюць пра жыццё, а ты пра «бычка».

— У каго якая схільнасць, Вась... Ты, скажам, некурашчы i не разумееш, што такое — хацець курыць!..

Ён шумна ўздыхнуў:

— Эх, брат, хочацца зацягнуцца!..

Уздыхнуўшы яшчэ раз ад гэтай нягоды, сказаў:

— А жыццё? Чаго пра яго думаць, Вась?! Жыць будзем, калі не памрэм!.. Чаго ж тут думаць?..

Наводдаль ад ix, між жанчын, сядзела Ніна маўклівая, нерухомая, прыціскаючы да сябе Гальку, якая спала на яе каленях.

«Спіць i хоць бы што... Няхай спіць!» У Ніны была такая пяшчота да дзяўчынкі, нібы гэта была яе родная дачушка. Яна ў гэты вечар чамусьці асабліва багата думала пра дачушку. Дзе цяпер Людка? Таксама, можа, спіць...

Ніна адчула, як свежы халадок прабег ад шыі па спіне. Яна кінула позірк у неба. Угары ў галлі мігцела зорка. Па верхавінні дрэў трывожна хадзіў вецер. Hiбы яго таксама непакоіла чаканне бою. Унізе было цёмна i сыра, як у глыбокім склепе. Галя спрасонак паварушыла ад холаду плячыма, прыціскаючыся да Нініных грудзей.

— Cпi, cпi! — Ніна накрыла яе краем свайго жакета.

«Чаго гэта яны марудзяць?» — падумала яна пра Ермакова i Тураўца.

Ермакоў з Драздом, з сувязнымі i разведчыкамі былі наперадзе, назіралі за варожымі пазіцыямі.

Гітлераўцы былі зусім недалёка. Блізка раз-по-раз рэзка лязгалі кулямёты, нібы папярэджваючы пра тое, што там не спяць. Часам добра былі чуваць чужыя галасы, рэзкія, адрывістыя. Тады Ермакову хацелася кінуцца наперад i рукамі душыць тых, хто там страляў i гаварыў, каб яны маўчалі, век маўчалі.

Камбрыг ведаў, што ўсе, хто за спіной, узброеныя i няўзброеныя, як ніколі, спадзяюцца на яго. I ён рабіў усё, што належала, асабліва ўважліва.

Ён непакоіўся, каб атрады да часу яе выдалі сябе, добра ведаючы, што для поспеху трэба, каб удар быў нечаканы. Пакуль што ўсё ішло добра, але насцярожанасць у яго не праходзіла. Ён нецярпліва чакаў, калі падыдуць на месца апошнія ўзводы, прыспешваў камандзіраў атрадаў цераз сваіх сувязных.

— Давай! — сказаў, нарэшце, камбрыг Дразду, рота якога павінна была пачынаць.

Дрозд знік у цемры.

Наперад насцярожана падаліся маўклівыя людзі. Крокі ix мякка танулі ў вільготнай, роснай траве. Людзі адразу схаваліся ў хмызняку.

Раптам блізка ўспыхнула злая, імклівая чарга з нямецкага кулямёта. Адразу ж у адказ прагучаў выбух, i ўслед рассыпаўся шматгалосы пагрозны крык. Угары пырснулі i павіслі некалькі ракет.

Ураз паднялася страляніна. Зямля гула, стагнала, крычала. Цемру шматавалі кароткія барвовыя выбліскі.

— Наперад, таварышы! Наперад!

Ермакоў павёў у атаку асноўную групу.

Як толькі грымнуў выбух, Вася Крайко разам з усімі сваімі байцамі кінуўся наперад. Перад ім прайшоўся нібы вогненны шквал, што скасіў поруч некалькі чалавек, але Вася не спыніўся. Ён цяпер бег па чыстым полі, не заўважаючы, аднак, гэтага, — толькі на нейкі міг здзівіўся, што перад вачыма стала святлей.

Прабегшы некалькі крокаў, ён нечакана праваліўся ў нейкую яму, стукнуўся галавою аб нешта цвёрдае так, што зашумела ў скронях. Аўтамат выпаў з рук.

Васіль уміг ускочыў i раптам адчуў каля сябе чалавека. Хлопец адчуў яго яшчэ да таго, як убачыў. Ён хутка павярнуўся, мімаволі халадзеючы: «прапаў!»

Хоць ён i чакаў, што зараз у любую хвіліну спаткаецца з ворагам, гэтая сустрэча выдалася неспадзяванай.

Гітлеравец парывіста ўскінуў руку да Васі, але хлопец ірвануўся ўбок. Слепячае святло ўдарыла недзе каля скроні.

Хлопец інстынктыўна хапіў цяжкую лімонку, што была ў кішэні, i па-баксёрску, з усёй сілы сунуў у твар ворага. Той хіснуўся, але ўстаяў. Вася ўдарыў у другі раз, наўзмах, па сківіцы. Гітлеравец стаў асядаць. Распалены бойкаю, Вася ўпаў на фашыста i ўдарыў у трэці раз, у чацвёрты. Потым, калі ўпэўніўся, што вораг мёртвы, падняўся, выпрастаўся, на міг зморана аддыхаўся.

«Бач ты, зараза», — прашаптаў ён, крыху спакайнеючы. Толькі цяпер ён пачаў ясна адчуваць небяспеку, якая зараз адышла. Ён нагнуўся, вобмацкам адшукаў аўтамат. Выбраўся з ямы.

Тут ён заўважыў, што навокал ідзе зацятая рукапашная бойка. Былі чуваць адрывістыя пагрозныя крыкі, востры лязгат жалеза, лаянка, часам лямант якога-небудзь гітлераўца...



2...

Каля Васіля, лаючыся, хрыпелі i тузаліся дзве постаці. Вася падскочыў на падмогу. Што тут рабіць? Абодва счапіліся так, што не разняць.

Ён па голасу ўгадаў, каторы з ix гітлеравец, i, злаўчыўшыся, размахнуўся прыкладам. Гітлеравец адразу ірвануўся i сціх.

Партызан, задыханы, змораны, з намаганнем падняўся. Васіль пазнаў, гэта Шашура!

— Ну, здаравенны, чорт... Ніяк, каўбаснік, не даваўся, — нібы апраўдваўся падрыўнік, адплёўваючы з рота кроў.

Яны кінуліся наперад, у гушчу бойкі. Васіль заўважыў у святле ракет варожую каску, узмахнуў аўтаматам. Гітлеравец, войкнуўшы, паваліўся... Яшчэ аднаго дапамог дабіць Шашура...

Прабеглі некалькі крокаў наперад. Насустрач вынырнула раптам постаць.

«Хто?» — Вася насцярожана падняў аўтамат. Замест адказу ўгару хутка падняліся рукі, а тады ўжо абодва пачулі незразумелае чужое мармытанне.

— У палон, мусіць, просіць... Ці — «капут Гітлер»... Што з ім рабіць?

— Бес яго ведае! — прамовіў разгублена Шашура.

Гітлеравец, скарыстаўшы хвіліну замяшання, неспадзявана ірвануўся назад.

— Стой! — крыкнуў Шашура.

Вася ўскінуў аўтамат, але страляць стрымаўся: навокал было многа сваіх...

«Уцёк, з-зараза!»

Праз хвіліну Крайко згубіў Шашуру ў цемры. Поруч з Васем ішлі i беглі незнаёмыя хлопцы. «Трэба знайсці свой узвод, — падумаў ён. — Як жа яны адны, без мяне? Гэтая чортава яма ўсё пераблытала».

Васіль заўважыў, што стралянійа засталася ззаду. Ззаду ўспыхвала полымя выбухаў. Наперадзе было ціха, прывабліва чарнеў вольны прастор. Шлях быў туды вольны.

Ён пачуў узрушаныя, задаволеныя галасы. I тады яго напоўніла яшчэ не зусім ясная, нязвыклая, але шырокая радасць: «Значыць, прарвалі!..»

«Прарвалі ўсё-такі!»

Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг працітанкавую гармату. Гітлераўцы пакінулі яе, калі хваля партызан рынулася да батарэі. Пабачыўшы хлопцаў, якія не ведалі, што рабіць з гэтай знаходкаю цяпер, Шашура адразу скеміў, што яна вельмі спатрэбіцца на флангу.

— А ну, давай! — крыкнуў ён усхвалявана больш сабе, чым каму-небудзь другому.

Шашура ўперся рукамі ў шчыт гарматы. Скрануўшы яе з двума хлопцамі, ён крыкнуў аднаму з партызан, што апынуліся тут, узяць снарады.

Заўважыўшы, што на падмогу прышла «артылерыя», на флангу ўзрадаваліся. Але — хто б мог чакаць такое! — адразу ж здарылася затрымка: Шашура паспрабаваў адчыніць замок, i не змог.

«Эх, чорт! I снарады ёсць, i гармата, а страляць нельга! Чаго ж гэты замок не адчыняецца? Можа, сапсаваны», —падумаў было Шашура.

Ён, аднак, ад гарматы не адступіўся. Тут крануў, там паспрабаваў пацягнуць, павярнуць, — i на дзіва яму замок, нарэшце, падаўся.

Уставіць снарад i зачыніць яго было прасцей.

Не цэлячыся, падрыўнік пацягнуў за шнурок. Гармата вогненна зіхнула, падскочыла i бухнула, раскідаючы гулкае водгулле. Ён закрычаў ад задавальнення i захаплення. У другі раз Шашура быў больш стрыманы. Закрыўшы замок, ён выпрастаўся, знайшоў па выбліску агеньчыкаў кулямёт, загадаў павярнуць гармату i толькі тады ірвануў шнурок. Пасля гэтага выглянуў. Кулямёт страляў!

«Не ўцэліў! Міма. Эх, каліна-маліна...»

Тут падбег артылерыст, што камандаваў артылерыйскім узводам, які цяпер не меў гармат. Падрыўнік без ахвоты саступіў артылерысту месца каля гарматы.

Шашура з хлопцамі збегаў па снарады. Артылерыст быў чалавекам нетрапяткім: зарадзіўшы гармату, ён доўга цэліўся, прыпаўшы да панарамы, паварочваючы ствол, круцячы ручкі механізмаў, i толькі тады стрэліў. З першага стрэлу кулямёт сціх.

— Чуў, кум, як яна гаўкае? — задзірыста крыкнуў артылерыст Шашуру. — А ну, падвярні крыху правей... яшчэ крыху...

Да ix падбег сувязны ад Ермакова.

— Давайце аганьку! — перадаваў ён. — Больш шуму! I не стойце на адным месцы, наказаў камбрыг. Манеўруйце— тут стрэліў, там.

— Зробім! Аганёк будзе! Не згасне! — крыкнуў Шашура.

Птлераўцы неўзабаве заўважылі гарматку, сталі асыпаць яе кулямі. Каля яе страшна было падняцца. Шашура гатовы быў кінуць, хай яна згарыць, — столькі з ёй клопату. Але артылерыст не здаваўся. Ён нібы не заўважаў нічога, біў i біў. Было відаць, што пакуль ёсць хоць адзін снарад, гармата не сціхне.



3...

Туравец быў у варотах, прабітых брыгадаю, сачыў за пераходам. У «вароты» ішлі людзі з сямейнага лагера: маткі, дзеці, старыя. Яны былі напалоханы страшэннаю стралянінаю. Усе імкнуліся як мага хутчэй праскочыць праз гэтае пекла. Дзеці ад страху крычалі, але ix крыкі глушыла страляніна. З левага боку аднекуль білі гарматы. Свідруючы паветра, з пранізлівым свістам снарады праносіліся над натоўпам i выбухвалі зусім непадалёк.

Шабуніха старалася не паддавацца страху i стрымлівала неадольнае жаданне бегчы. Яна вяла дзяцей, моцна сціскаючы ix рукі, баючыся больш за ўсё, каб яны, чаго добрага, не згубіліся ў гэтай бурлівай плыні. Яна ішла маўкліва, сціснуўшы губы. Поруч, намагаючыся не адстаць ад Шабуніхі, цягнулася старая жанчына, якая з ёй ішла заўсёды разам. Як i тады, на балоце, яна ўсё шаптала: «Божа мой... божа мой».

У гэтым жа натоўпе была i Ніна... Яна трымала на руцэ дзяўчынку, якая, прыціснуўшыся галоўкаю да яе грудзей, спалохана ўздрыгвала, як птушка, пры кожным недалёкім выбуху.

Раптам два снарады ўлучылі ў натоўп. У цемры са скрыгатам ускінуліся адзін за адным чырвоныя выбліскі. Людзі кінуліся хто куды, адны збочылі, каб абысці гэтае месца, другія падаліся ад страху назад.

Ніну ледзь не збілі з ног.

Сутыкаючыся з агульнаю плынню, яны запынялі pyx, падымалі паніку. Многія з тых, што ішлі следам, павяртаючы назад, не ведалі, што сталася, i тлумачылі кожны па-свойму. Больш чулася: «Немцы перарэзалі!.. Страляюць!..» Другія стаялі разгублена, не разумелі, што робіцца, ці не верылі ў чуткі, трэція, больш настойлівыя, імкнуліся прабіцца наперад. Рух людзей прыпыніўся, стаў бязладным. Нельга было траціць ніводнай хвіліны, a людзі тапталіся на месцы.

Іуравец, як толькі пабачыў замяшанне, кінуўся ў гушчу натоўпу. Трэба было зараз жа патушыць страх у гэтых сотнях ператрывожаных людзей.

— Сто-о-ой!

Яго нямоцны хрыплы голас патануў у шуме, як у навальніцу. Толькі бліжэйшыя пачулі яго. Туравец узняў здаровую руку.

— Сто-ой!!!

Многія з людзей пазналі камісара. Спыніліся, трывожна глядзелі на яго, чакалі. Далей ад Тураўца па-ранейшаму была мітусяніна.

— Куды?! Назад? Там — фашысты. Туды, туды, — махнуў ён рукой. — Там нашы. Туды! Наша ўзяла... Хутчэй! Туды, туды!..

Невядома, ці гэтыя словы, ці сама знаёмая постаць камісара, ці яго рашучы, суровы выгляд падзейнічалі на людзей, але тыя, адчуў ён, паслухаліся.

— Не замінайце другім. Туды!.. Хутчэй! Пакуль не позна... туды!.. Туды-ы! Хутчэй!

Ён кінуў рукой наперад. I людзі падпарадкаваліся. Яны павярнулі i рушылі туды, куды ён паказваў, спачатку нерашуча, потым смялей. Ішлі перш тыя, хто быў бліжэй да камісара. Але да ix далучаліся іншыя, бачачы, што шлях наперад прабіты.

А Туравец стаяў у сярэдзіне, у гушчы людской плыні, сустракаў, падбадзёрваў, загадваў.

— Не спыняйцеся. Смялей, смялей!

Людзі спяшаліся, спатыкаліся, падалі, ускоквалі. Усе, хто мог, ішлі ўподбег, задыхаючыся, выбіваючыся з сілы, не шукаючы сцежак, не заўважаючы ні зямль ні неба, імкнучы туды, куды рушылі пярэднія.

Ішлі жанчыны, дзеці, старыя. Маткі, сёстры, сыны, дзяды i ўнукі. Ix неепакойныя твары асвятляліся белым бляскам ракет i трапяткімі ўсплёскамі недалёкіх выбухаў... Пралескацела некалькі фурманак з партызанамі. Коні ад выбухаў пудліва ўздрыгвалі... Некалькіх параненых вялі пад рукі. Адна жанчына — убачыў Туравец — ледзь валакла ногі. Галава без хусткі была зняможана адкінута назад...

Зноў — маткі, дзеці, старыя, па аднаму i групкамі.

Туравец мімаволі шукаў у цемры між ix постаць Марыі Андрэеўны. Яе не было відаць. Хоць ён i ведаў, што знайсці яе тут амаль немагчыма, трывога яго мацнела па меры таго, як людзі ішлі i ішлі паўз яго.

Чаму яе няма? Дзе яна?



4...

На флангах мацнеў бой. Гітлераўцы спрабавалі атакаваць партызан, але ім прышлося адступіць. Заўважаючы, як мацнее ix агонь з абодвух бакоў, Ермакоў усё больш пераконваўся, што яны рыхтуюцца да новай атакі. Звязвацца з імі надоўга было небяспечна, бо да ix маглі падысці падмацаванні, i камбрыг стараўся закончыць бой хутчэй.

Ледзь толькі людская плынь прайшла праз «вароты», ён стаў адводзіць абодва атрады.

Заўважыўшы адыход, фашысты неадступна пацягнуліся следам, i партызанам увесь час прыходзілася адбівацца. Каб спыніць ворага, Ермакоў загадаў замініраваць шлях за брыгадай. Падрыўнікі з атрада «За Радзіму», спяшаючыся, закапалі некалькі мін i подбегам кінуліся ўслед за сваімі. Не адбеглі яны i дзве сотні крокаў, як ззаду пачуліся раскацістыя выбухі. Гітлераўцы спыніліся, стала спакайней.

Ніна адчувала пад нагамі раллю, ногі мякка грузлі ў пульхную глебу, часта правальваліся ў разоры. «Нарабілі меж!»— незадаволена наракаў нехта поблізу.

Галечка, якую Ніна трымала за руку, часта спатыкалася, але ішла ціха i хутка, стараючыся не адставаць.

Справа Ніна заўважыла невысокі хмызняк. Недзе недалёка з левага боку павінна быць Каржоўка.

Але Ніна не адчувала вялікай радасці, не было i спакою. Весяліцца яшчэ пакуль рана. Яе трывожыла, што да раніцы не ўдасца далека адысці — дзень ужо набліжаўся. Бяда з гэтымі кароткімі майскімі начамі! Яна б цяпер жадала, каб ноч цягнулася яшчэ гадзін дзесяць.

Ніна паглядзела ўгару. У цёмным небе мігцелі рэдкія зоры, што пачыналі ўжо блякнуць i гаснуць. Пажвавеў, зашастаў непаседлівы перадранішні вецер. Яго чыстая, ядраная свежасць халадзіла гарачы твар.

Ніна ўбачыла справа вострыя палоскі святла, што павольна паўзлі адна за другою. Там праходзіла дарога.

— Што гэта? — запыталася Галечка.

— Фашысты сабе падмацаванне падвозяць,— ціха адказала Ніна.

Што ім прынясе дзень? Ледзь узнікла гэтае пытанне, як Ніна стомлена адагнала яго,— думаць аб гэтым не хацелася.

Вось толькі б адысці далей ды перадыхнуць крыху.

Доўга так ішлі. Змрок перад раніцай стаў гусцейшы. У гэтай цемры пераходзілі грузкую канаву ўброд,— людзі, не разуваючыся, не шукаючы сушэйшага месца, адразу ступалі ў ваду. Нямала хто тут звяртаў убок, каб не замінаць ісці заднім, i прагна піў.

Ніне таксама сушыла горла страшэнная прага. Напэўна, ніколі ў жыцці не хацелася так піць. Перабраўшыся на бераг, яна паставіла Гальку на зямлю i адышла крок да сярэдзіны канавы. Прыпадаючы да вады, яна ўбачыла дзве — тры зоркі, што калыхаліся, драбіліся, расплываліся. Вада здалася вельмі чыстай i прыемна халадзіла, — Ніна піла, піла i ўсё не магла задаволіцца. Толькі калі з намаганнем адарвала губы ад вады, адчула, што на зубах штосьці хрупасціць, a ў роце пахне торфам.

Яна напаследак пырснула вады на твар, выцерлася споднім бокам кофтачкі i ступіла на бераг.

Зноў ішлі. Полем, пералескам, лугам, зноў полем. Ніна то вяла дзяўчынку за рукі, то падымала і, выбіваючыся з сілы, амаль зняможаная, несла.

Неба на ўсходзе спачатку пазелянела, потым заружавела. Па меры таго, як яно святлела, цемра змянялася рэдкім лёгкім змрокам, які станавіўся ўсё больш празрыстым. Навакольны свет пачаў прастарнець. Было відаць усё шырэй поле, потым за ім, наводдаль, акрэсліўся тонкай i лёгкай істужкай лес. Правей ад яго, напэўна, быў луг; у тым месцы пласталася шыза-белае воблака туману.

Цяпер можна было бачыць знаёмыя твары. Яны за адну ноч змарнелі i пашарэлі. Людзі ішлі маўклііва, толькі дзе-ні-дзе чўлася павольная i ціхая размова. Зрэдку даходзіў смех.

Ніна пазнала непадалёк голас Шашуры. Падрыўнік ішоў уразвалку і, гарэзнапасміхваючыся, нешта заўзята расказваў суседу. «Чаму ён апынуўся не ў сваім атрадзе?» Здавалася, ён забыўся пра ўсё, што перажыў нядаўна. Але некаторыя яшчэ не маглі супакоіцца пасля нядаўняй трывогі. Ніна заўважыла доўгага прыгорбленага хлопца ў даматканай паддзёўцы, лепш сказаць, не хлопца, а яго вочы, шырокія, cпaлоханыя, насцярожаныя. Ён неспакойна азіраўся.

Разам з тым, як навокал яснела, у многіх людзей святлелі i ажыўляліся твары. Пажвавела гаворка, пачуўся нечы звонкі бесклапотны смех. Пажылы барадаты мужчына ўзяў ад Ніны Гальку сабе на рукі, — ён прагна, з захапленнем паглядаў навокал, радуючыся, што бачыць, як i раней, гэтае хараство.

Людзі ўсё мацней пачыналі адчуваць шчасце таго, што вырваліся ад смерці, жывуць. Як i другіх партызан, гэтае шчасце напаўняла Ніну: «Жыву! Зноў бачу гэты цудоўны свет навокал! Бачу сваіх людзей, чую ix галасы!»

— Гэта штаб прыслаў самалёт. Штаб не інакш, — пачула поблізу Ніна.

— Штаб... Там жа ведаюць, у якім мы становішчы...

Адно кепска — невядома, што чакае ix днём. Гітлераўцы могуць перарэзаць шлях i зноў акружыць або навязаць няроўны бой. Таму трэба быць гатовымі да ўсяго. Пакуль яшчэ рана супакойвацца...

На ўскрайку лесу пачалі спыняцца. Нехта сказаў: «Прывал»,— i хоць большасці людзей невядома было, хто сказаў гэта, усе падпарадкоўваліся. Скідалі ўюкі i мяшкі, што намулялі плечы, валіліся на шызую i мокрую ад расы траву. Многія адразу ж засыналі.

— Вось мы зараз i пасядзім!— сказала Ніна знясіленай Гальцы, апускаючыся поруч з ёй...



5...

Туравец убачыў камбрыга i Габдуліна пад дубам, дзе размясціўся штаб,— Ермакоў гаварыў з камандзірам брыгаднай разведкі. Ён прывітаўся з Тураўцом i, засунуўшы карту, якую трымаў у руцэ, у палявую пухлую сумку, сказаў разведчыку:

— Значыць, першае данясенне я ад цябе чакаю праз трыццаць хвілін. Я яшчэ буду тут. Ідзі, спяшайся!

Ён павярнуўся да Тураўца.

— Ну, камісар, як наша аперацыя? Здорава ірванулі. Напорысты народ у нас, а? Месца, трэба прызнацца, выбралі ўдала, у самую слабінку дзеўбанулі. Без гэтага было б крута.— Ён нібы хваліўся сваёй прадбачлівасцю.

Перагаварыўшы з ім пра далейшае, Туравец стаў шукаць шпіталь. Ён не ведаў, ці вышла разам з усімі Марыя Андрэеўна, i, калі ўбачыў між дрэў павозкі шпіталя, мімаволі паскорыў хаду. Яшчэ зводдалек углядаўся туды, каб хутчэй знайсці знаёмую постаць. Але Марыі Андрэеўны не было відаць.

Яна сядзела, прытуліўшыся да шурпатага камля дрэва, і, бяссільна звесіўшы на грудзі галаву, спала. Над каўняром старой шарсцяной жакеткі віднелася кволая белая шыя, якая хавалася ў вітках ніжніх пушыстых валасоў. Вышэй валасы былі схаваны пад хусткаю. Яна сядзела ў такой паставе, што здавалася, нібы яна не спіць, а проста вельмі задумалася над нечым. Блізка ад яе ляжалі на плашч-палатцы два параненыя партызаны. Убачыўшы Тураўца, адзін з ix сказаў:

— Не будзіце. Толькі што заснула. Прысела перадыхнуць i заснула. Вельмі натамілася, значыць.

Туравец i без гэтага не стаў бы будзіць. Няхай спачне, хутка зноў шлях далёкі. Яму досыць аднаго,— ведаць, што яна жыве, што яна па-ранейшаму з імі, з ім...

«Спі, Маша, cпi, шчасце мае! Хай будзе сон твой слакойны...»

Вакол зусім уднела. Між ствалоў дрэваў на траву, на постаці сонных людзей весела пырснуў прамяністы сонечны дождж.

Туравец абыходзіў лагер. Усюды было многа параненых. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні.

Між людзей, якія спалі, Туравец убачыў Дразда. Той насустрач камісару падняў маркотныя сухія вочы. Яны спачатку нібы не пазнавалі камісара, у ix таілася нешта прыхаванае.

— Як ты?—Туравец акінуў позіркам постаці, што ляжалі каля яго.

— Як?.. Прарваліся,— адказаў Дрозд глуха i неахвотна. Памаўчаў, потым раптам устрапянуўся, кінуў горача.

— Крыўца забілі... Я сам яго наперад... у самую небяспеку паслаў! Я, яго друг... Таму што ён камуніст... што спадзяваўся, верыў яму. Траіх яшчэ, акрамя Крыўца... Эх, ты ведаеш, камісар, што гэта за чалавек, Крывец? Не ведаеш? Ты з ім знаёмы так, як з многімі другімі. А я ведаю яго, як сябе, а можа, нават больш за сябе. Бывае ж так, што другіх разумееш лепш, чым сябе. Мы з ім, з Васілём Крыўцом, лічы, з пялёнак увесь час разам, ён мне брата роднага радней... Без яго мне ўсё навокал здаецца апусцелым. I сонца я не бачу, не свеціць яно мне... A ці даўно Шабуню пахавалі...

Туравец нічога не сказаў. Вестка пра смерць Крыўца ўразіла i яго. Яму прыгадалася, як пазаўчора той слухаў першамайскі агляд, як сказаў, калі Туравец пакідаў акопчык: «Куды вы? Застаньцеся з намі».

— Колькі яшчэ людзей добрых забіваць будуць?— прашаптаў ціха, з унутраным болем Дрозд.

Ён памаўчаў i з цвёрдай перакананасцю, строга пазіраючы на камісара, прамовіў:

— Калі гэта мы прыкончым фашызм, фашыстаў... усю гэту погань...

На ўзлессі пачуліся шум, трывожныя воклічы. Камісар адразу азірнуўся:

— Што там здарылася?!

...Ермакоў толькі зняў рубашку, каб памыцца, як да яго падбег усхваляваны партызан.

— Таварыш камбрыг... гітлераўцы!..— крыкнуў ён трывожна.

Ермакоў выпрастаўся.

— Чаго крычыш на ўвееь лес, я не глухі, — прамовіў ён незадаволена. — Дзе яны?

Партызан махнуў рукою: — Там!

— Многа ix?

— Ды чорт ix разбярэ, колькі ix там. Аднак, відаць, нямала... можа, батальён...

Ермакоў, хутка нацягнуўшы гімнасцёрку, загадаў:

— Камандзіра атрада імя Кутузава — да мяне!

Заспаны, плячысты, у вельмі пацёртай скуранцы, камандзір атрада з'явіўся ўміг.

— Падымай людзей зараз жа i займі абарону там, на ўзлессі.

На ўзлессі застракаталі аўтаматы, грукнулі два выбухі гранат. Туды ўжо хутка беглі ланцугом партызаны. Ціхі, санлівы лес адразу ажыў, заварушыўся, захваляваўся.

Былі чуваць воклічы каманды.

— А нам, куды нам?—запытаўся нехта з жанчын.

— Крайко, адвядзі далей y лес,— махнуў на хаду Ермакоў на жанчын, закідваючы за плячо аўтамах.

Камбрыг, падтрымліваючы рукою сумку, пабег туды, дзе чулася страляніна.

«Няўжо гэта пагоня? — мільганула ў галаве.— Колькі ix?»

Пачынаўся новы бой.


ЧАСТКА ДРУГАЯ

Раздзел I


1...

У весну 1944 года на поўдні краіны ішло вялікае наступленне нашых войск.

Яшчэ ў лютым i сакавіку саівецкія палкі разграмілі гітлераўцаў на Паўднёвым Бугу, вызвалілі ўкраінскую зямлю аж да Карпацкіх гор i адагналі варожыя часці за Днестр. У маі захопнікаў выкінулі з Крыма.

У пачатку лета, у чэрвені, пачалося наступленне на поўначы, у выніку якога была вызвалена большая частка Карэла-Фінскай рэспублікі, гарады Выбарг i Петразаводск.

Варожыя войскі на поўдні былі адкінуты далека на захад. Фронт ішоў па Прыкарпацкай Украіне i па дзяржаўнай мяжы, заходзячы часткова ў Румынію.

Цэнтральныя франты пакуль маўчалі. Пярэдні край ворага ў Беларусі глыбокім выступам урэзваўся ў вызваленыя землі. Немцы назвалі выступ «беларускім балконам». Яны надавалі вялікае значэнне гэтаму «балкону», бо ён прыкрываў дальнія подступы да Германіі i быў, як лічылі гітлераўцы, зручным плацдармам для наступлення ў глыб Савецкай краіны, у магчымасць якога нямала хто з ix усё яшчэ спадзяваўся.

На абарону «беларускага балкона» была настаўлена мільённая цэнтральная трупа. Войскі групы «цэнтр» на працягу многіх месяцаў у гэтым раёне няспынна будавалі i ўзмацнялі абарончыя рубяжы. Траншэі i хады зносін цягнуліся ў некалькі радоў усцяж па ўсяму фронту. Для абароны гітлераўцы стараліся скарыстаць таксама шматлікія рэкі, рачулкі i балоты, якіх было вельмі батата каля пярэдняга краю.

Зманлівае зацішша на фронце не магло нікога ашукаць. З нашага боку ішла напружаная падрыхтоўка да наступлення, у якой удзельнічала не толькі армія, але i ўся краіна. Для бітвы за Беларусь адлівалі танкавую браню на Урале, рабілі самалёты ў далёкіх тылавых гарадах, вучылі нястомна тысячы салдат.

На фронце дапытлівыя разведчыкі ўважліва вывучалі абарону праціўніка, выкрываючы патаемную сістэму яго ўмацаванняў, вышукваючы слабейшыя месды.

У аірмейскіх тылах, больш далёкіх i каля самай перадавой, дзе была чуваць нават кулямётная страляніна, разгарнулася вялікая вучоба. Многія палкі i роты старанна вучыліся прарываць варожую абарону, узаемадзейнічаць, блакіраваць i штурмаваць умадаваныя пункты. Часці папаўняліся i ўзмацняліся.

На фронт з далёкага тылу паступова падыходзілі войскі ўсялякіх родаў — артылерысты, танкісты, пехацінцы, сапёры, расцякаючыся па гэтай нізкай, багатай балотамі i лясамі, пространі. Падвозіліся боепрыпасы. Безліч вялізных штабялёў скрынак са снарадамі i бомбамі, пакуль маўклівымі, хаваліся ў выкапаных ямах у лясах, прыкрытыя зялёным галлём.

Абедзве арміі рыхтаваліся да вялікай бітвы.



2...

Гэты адпачынак вельмі мала адпавядаў звычайнаму ўяўленню пра адпачынак. Да вечаіра, за дзень заняткаў, танкісты стамляліся так, нібы, як сказаў Якавенка, выкасілі па гектару сенажаці.

Хоць дні i тут былі багатыя падзеямі, хоць кожны з ix нешта мяняў у вучэбным жыцці, многім танкістам яны здаваліся аднастайнымі i роўнымі, як тракі на гусеніцах. Тут не было невядомасці, поўнай розных нечаканасцей, якую яны звыклі заўсёды адчуваць перад сабой на фронце. Прачынаючыся, людзі ведалі, што будзе ўдзень, засынаючы, ведалі, што ўбачаць заўтра.

У вольны час, у выходны дзень хадзілі купацца на рэчку, што была за лесам, ці на лясное азярцо, дзе на паверхні ляжалі далоні лісцяў лотаці i на мелкаводдзі рос аер.

Ляжалі, грэлі на сонцы спіны i ногі са шрамамі.

У іншы час, апрануўшы новыя гімнасцёркі, начысціўшы да бляску боты, ажыўленыя, вясёлыя, хадзілі ў вёскі — i бліжэйшую, i далей— танцавалі, спявалі, у вішанным зацішку абдымалі дзяўчат i засумаваўшых удоў, шукалі скараспелае шчасце.

За гэтыя дні «навічкі» абжыліся, пасябравалі з ветэранамі. Усе паважалі Алёшу Касцючэнку,— любілі за тое, што меў залатыя рукі, добра іграў. Хутка ўвайшоў у салдацкую сям'ю i Савелій Рыбакоў. Ён, праўда, ніякімі здольнасцямі не вылучаўся, калі не лічыць таго, што ўмеў пазнаёміцца. Неяк адразу Рыбакоў мог перайсці на «ты» з незнаемым чалавекам, знайсці агульную тэму для размовы i непрыкметна выставіць сябе сябрам.

Амаль увесь час займаліся ў полі.

...Вывеўшы танкі ў поле, Лагуновіч стаў тлумачыць экіпажам задачу роты. Сёння, сказаў ён, трэба захапіць апорны пункт «праціўніка», які ўмацаваўся на ўскраіне гаю, справа ад вёскі Забор'е.

Якавенка, Колышаў i яшчэ некалькі афіцэраў схіліліся над картаю, Лагуновіч тупым бокам рабрыстага чырвонага алоўка паказваў маршрут. Калі аловак дайшоў да выцягнутай палоскі блакітных рысак з кусточкамі, ён спасцярожліва зірнуў на абодвух: ну, як вам гэта падабаецца? Ён сказаў, што хоць гэтая перашкода i не вялікая, але трэба пераходзіць умеючы, бо, чаго добрага, можна засесці.

Неўзабаве «трыццацьчацвёркі» рушылі. Наперад паслаліі разведку, Якавенкаў узвод, у якім быў i танк Колышава.

Ад рубяжа да рубяжа ўзвод падышоў к лагчынды, што вяла, віляючы, да «апорнага пункта». Лагчына пасярэдзіне была забалочаная, на дне яе ляніва цурчаў ручай, амаль зацягнуты травою.

Якавенка павёў машыны па адхоннаму берагу адну за адной, стараючыся не падымадда на ўзгорак, каб падабрацца да мэты скрытна. Праз паўкіламетра, ужо непадалёк ад гаю, лагчына збочыла ад ix, а наперарэз пацягнулася нешырокая купістая паласа. Якавенка выскачыў з машыны, прайшоў уперавалку наперад, мацаючы ботамі падатлівы затравелы грунт.

«Бісово балото!— падумаў ён.— Начэ кісель, калышацца». Як танкіст i жыхар стэпаў, ён арганічна ненавідзеў гэтую нетрывалую дарогу. Яму не раз ужо даводзілася грузнуць у гэтым «кісялі». Ён бы згодзен быў пашукаць дзе-небудзь побач больш надзейнай дарогі, але што ты зробіш, калі загад. Вярнуўшыся, лейтэнант скамандаваў перабірацца на той бок.

Першы танк, уціскаючы куп'ё i траву, паступова набліжаўся да супрацьлеглага берага. Ён ішоў плаўна i проста.

Адкінуўшы шлем назад, выціраючы пот, Якавенка з адкрытага люка насцярожана сачыў за ім: усё пакуль ішло як належыць. Вось, нарэшце, машына ўжо на тым баку. Пасля гэтага, упэўніўшыся, што прайсці можна, лейтэнант паглядзеў на балота больш прыхільна.

Калі падаўся другі танк Колышава, у шлемафоне Якавенкі пачулася:

— Раўней, Рыбакоў... Не газуй!.. Не газуй, кажу! А, чорт,— прамовіў з сэрцам Колышаў.— Спакойна, спакойна набаўляй...

Калі б Якавенка i не бачыў, што машына спынілася, ён па адных словах здагадаўся б аб прыгодзе. «Завязлі, як вол у глеі». Вадзіцель, нядбайны Рыбакоў, напэўна, неасцярожна «газануў»,— гусеніцы шматанулі верхні травяністы пласт, i машына ўехала ў балотную гразь.

Так яно i было сапраўды. Пасля гэтага Рыбакоў спрабаваў выбрацца, але машына не краталася i толькі яшчэ глыбей асядала.

«Стоп!—пачуўся ў шлемафоне ўсхваляваны голас Колышава. — Усё. Прыехалі».

— Прыехалі... да кумы на галушкі, бісавы душы!— адгукнуўся ціха, без злосці Якавенка.

Ён сваю машыну накіраваў паралельна сцежцы папярэдняга танка. Хутка ён ужо быў побач з Колышавым, як i круціўся каля машыны, ламаючы талаву над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Якавенка са сваёй «трыццацьчацвёркай» перабраўся ўдала.

Машыну, што засела, узялі на буксір. Пакуль прывязалі трос, вывалаклі машыну, прайшло нямала часу. A Лагуновіч усё прыспешваў, каб хутчэй прабіраліся наперад ды перадавалі вынікі «разведкі».

— От, душа неспакойная! Зараз, зараз, Олексій,— гаварыў Якавенка i падганяў сваіх танкістаў.

Трохі наперадзе ад гэтага месца пачынаўся той узгорак, за якім быў «апорны пункт». Сюды, пад узгорак, услед за «разведкаю» стала падцягвацца ўся рота. Машыны ішлі напрасткі, выбіраючы абавязкова няезджаную паверхню, уздымаліся на цвёрды грунт i спыняліся. Маторы працавалі на малых абаротах. Пераправа i цяпер не абышлася без прыкрасці — заселі яшчэ дзве машыны.

Пакуль ix выцягвалі, Лагуновіч падганяў танкістаў так, нібы пачыналася зараз сапраўдная атака.

— Сарвуць атаку! Загубім машыны!— неспакойна сказаў ён лейтэнанту Гогабярыдзе, азіраючыся на балота.

Калі толькі падышлі апошнія машыны, Аляксей загадаў ісці наперад. Танкі, якія да гэтага амаль маўчалі, разам зараўлі i сталі ўзбірацца з укрыцця ўгару.

Пераваліўшы ўзгорак, разгорнутым строем панесліся да маўклівага зялёнага гаю, на «апорны пункт».

На ўскрайку гаю, які толькі што «адваявалі», Лагуновіч рабіў разбор тактычных заняткаў. Танкісты паўкругам сядзелі на траве, хто «па-турэцку», хто абняўшы калені, хто абапіраючыся рукой аб зямлю. Рыбакоў ляжаў на локці.

Аляксей то стаяў перад імі, то павольна прахаджваўся туды-сюды, скупа жэстыкуліруючы, гаварыў.

Старшы лейтэнант успомніў i прыкрую затрымку на балоце.

— Па балотах, таварышы, трэба ўмець хадзіць. Я знарок, па праўдзе кажу, гэта выбраў. У Беларусі такія дарогі на кожным кроку. Пакуль не навучымся i сунуцца на фронт няма чаго... A хадзіць так — навука тонкая. Перш за ўсё, не трэба кідацца праз балоцістае месца з разгону. Некаторыя думаюць, што можна пераскочыць праз яго. Раз — i на тым беразе! Яны, звычайна, i пападаюцца!.. Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, i сядзі. Тут трэба перабірацца лагодна, як бы сказаць, на цыпках. Балота, памятайце, капрызнае! Спуск — плаўны, ісці на малой хуткасці. На малой, Рыбакоў!— Аляксей паспрабаваў вачыма знайсці вадзіцеля, але сустрэўся позіркам з Колышавым.— Сёння Рыбакоў пасадзіў так машыну ў «разведцы»...

Па чыстым твары Колышава распаўзлася здр.адлівая чырвань. Адчуваючы, што ён чырванее, лейтэнант збянтэжыўся зусім. Ён адвёў позірк убок, нібы штосьці разглядваў.

— Яшчэ — пра фрыкцыёны! На балоце трэба асцярожней з бартавымі фрыкцыёнамі,— уставіў з месца Сонцаў. Сказаўшы гэта, ён, відаць, схамянуўся, што загаварыў без дазволу i седзячы, i вінавата падняўся.

— Правільна, Сонцаў. Адзін малы разварот — i танк засядзе.

Старшы лейтэнант выняў з нагруднай кішэні камбінезона ручны гадзіннік, зірнуў. Час вяртацца ў лагер.

— Можна пакурыць.

Танкісты адразу заварушыліся, загаманілі, задымілі цыгаркамі. Быстроў кінуў нейкае дасціпнае слова, вакол зарагаталі. У дружным рогаце вылучаўся галасок Гогабярыдзе. Нельга было не засмяяцца, чуючы гэты бесклапотны, заваблівы рогат.

Аляксей насыпаў з пачка тытуню, згарнуў цыгарку i падышоў да Якавенкі прыкурыць.

— Казаў жа я табе: спакойна, не газуй...— дайшоў да яго жорсткі чысты голас. — Добра, што тут — на занятках так, a калі б... у баі? Калі б у баі, што тады?!

«Колышаў»,— пазнаў Аляксей i мімаволі ўсміхнуўся сам сабе той усмешкай, з якой дарослыя сочаць за дзецьмі. Яго ўзрушыла гэтая маладая сардэчнасць у голасе, чыстата i наіўная прастата: «А калі б у баі?..» i ён падумаў, які яшчэ малады-зялёны лейтэнант.

Было ў гэтым голасе штосьці такое, што кранула сэрца Аляксея, што міжвольна нарадзіла ў ім думку: з Колышава будзе салдат. Добры камайдзір будзе.



3...

Нягадана ў звыклы круг думак Аляксея ўварваліся такія, якія, здавалася, не мелі ніякага дачынення да яго камандзірскіх абавязкаў.

У выходны дзень, вярнуўшыся ўранку са сталовай, Аляксей выправіўся ў вёску. Ідучы па сцежцы цераз лес, напрасткі, ён хвілін праз дваццаць падыходзіў ужо да хат, калі насустрач трапіўся камандзір брыгады.

Сустрэча гэта была непрыемнай Аляксею: ён адчуваў, што Бяссонаў непрыязна адносіцца да яго. Камбрыг аднойчы паказаў, што ён помніць i не забывае таго, што Аляксей падвёў яго ў першыя дні адпачынку. Бяссонаў быў скупы на пахвалу i памятаў кожны выпадак, калі яго «падводзілі».

— Куды? Чаго?

— Шэфства ўзяць, таварыш гвардыі палкоўнік,— чотка, але насцярожана адказаў Лагуновіч.

— Якое шэфства? Над кім? Над якою-небудзь вясёлай удавой?— палкоўнік нахмурыўся.— Глядзі ў мяне!

— Праўду кажу, таварыш гвардыі палкоўнік,— шэфства сапраўднае.

— Што за шэфства?

— З брыгадзірам адным я тут пазнаёміўся. Выпадкова... Запытаўся, як жыццё? А яна, брыгадзір, махнула рукою, кажа, ведама, жыццё якое. Далі б вы адзін танк, тады б іншая размова...

— Танк! Што выдумала!

— У ix на увесь калгас, таварыш гвардыі палкоўнік, чатыры кані, i араць, i вазіць лес, i сена... A коні якія, няшчасце адно.

— Ведаю. Сам бачыў... Ну i што ж ты зробіш? Паспачуваеш?

— Яна прасіла зайсці, таварыш гвардыі палкоўнік. Дазвольце?— Старшы лейтэнант, якому яўна не хацелася прадаўжаць размову, прыклаў руку да казырка.

У твары палкоўніка мільганула штосьці жорсткае, але ён стрымаў сябе.

— Ідзі, паглядзі. Дзень вольны... Ды роту не забывай!

Аляксей вярнуўся перад вечарам. У зямлянцы ён якраз застаў Якавенку, які латаў свой камбінезон. Палтаўчанін, здаецца, ніколі не сядзеў без працы.

— Ну, вось пабыў я ў гасцях,— пачаў адразу Аляксей, — наглядзеўся ўсяго-ўсялякага...

— Ты б паеў спачатку,— параіў Якавенка,— потым раскажаш. Слова не верабей, не ўцячэ, даганяць не прыдзецца.

— Ды я паабедаў, пачаставалі! Самагон быў, закуска была... Толькі мне нічога ў рот не ішло...

Ён узяў з вечка кацялка аладку.

— Вось я i пазнаёміўся з тутэйшымі калгасніцамі... Цягавіты, моцны народ — жанчыны! Аруць, гаспадараць не горш за мужчын... Адна там Ганка Філімонава, такая нявідная жанчына, на ворыве проста рэкорды ставіць. Людзі, адным словам, там што трэба!.. Коней няма, на каровах усё ворыва выцягнулі, гной вазілі. Не ўсё, праўда, управіліся засеяць, але хлеб павінен быць. «Галодныя не будзем, i вас не пакінем без хлеба, салдацікі», — кажуць. Толькі, ведаеш, вельмі крута ім даводзіцца, так цяжка, што глядзець нельга спакойна.

— Ну, то хіба оцэ толькі ў ix,— сказаў разважліва Якавенка тонам, якім гавораць з малодшым братам ці з сынам.

Аляксей не звярнуў увагі на гэты тон, ён прывык, што Якавенка i да яго, i да іншых сяброў адносіцца нібы старэйшы, прывык да гэтай, па-бацькоўску лагоднай, павучальнай манеры гаварыць.

— Чакай, ты паслухай!— нецярпліва перабіў Лагуновіч. — Не толькі ў ix... A хіба ад гэтага лягчэй мне, што не толькі ў ix?! Тут, акрамя ўсіх бядот, якія ты ведаеш, яшчэ i ix асабістая — старшыня. Каўрыжка яго прозвішча. На выгляд — так, бясслоўнае стварэнне, цялё рахманае. «Э-э, што мы зробім, бачыце-е рээ-зруха,— перакрывіў Лагуновіч.— Вэ-эйна. Ось адужаем. немца, тэ-эды...» Замест таго, каб падымаць людзей, падбадзёрваць, сам сее паніку. «Ну, што мы атрымаем з гэтай зямлі! Пуп парвеш, а толку мала...» A між тым, заўваж, хату сабе стаўляе, лесу навазіў.

Хваляванне, гарачнасць Лагуновіча пачалі пераходзіць да Якавенкі.

— Оцэ Каўрыжка!— пакруціў ён галавою.— Нэ дужэ смачная!

— Тры салдацкія сям'і жывуць у зямлянках. Ты думаеш, ён паклапаціўся хоць аб адной? Там адна — Арына-ўдава... Муж злажыў галаву ў партызанах. На руках у яе засталося чацвёра дзяцей, усё драбната. Хадзіла, прасіла дапамогі ў Каўрыжкі. Думаеш, даў? Не, «вэ-эйна», бачыш! Дзеці шчаўем прабаўляюцца... Што ж вы, кажу майму знаёмаму брыгадзіру, Надзі Мазальковай, маўчыце, пагналі б яго к чорту! Такія жанкі геройскія i раптам з адным старым карчом не справіцеся. Мятлою яго пагналі б, каб i паху яго не было. Мнецца: «Ды вось мы па-бабску пагаворым, палаем яго ў вочы i за вочы, ды так i разыдземся. Ды i хіба ён адзін, гэты корч. Тут у яго цэлая хеўра падабралася — кладаўшчык, агароднік, кум, сват i чорт яго брат».— «Ну, а з райкома былі?»— «Былі, ды даўно. У суседняе сяло, дзе ваша начальства стаіць — штаб наш, — ездзяць часта. Там лепш справы, а нас абмінаюць...» От! Чуў?

Лагуновіч узрушана пабарабаніў пальцамі па кацялку, пазіраючы на Якавенку сваімі добрымі вачыма.

— Я, прызнацца, думаў, што знаёмства ў цябе будзе святлейшае.

— Што рабіць?— запытаўся Аляксей.

Якавенка, які любіў, калі да яго звярталіся за парадамі i які ўмеў разумець чужы настрой, адчуў, што старшы лейтэнант захапіўся гэтай справаю i не супакоіцца на тым, што пабыў у сяле i пагутарыў. Ён параіў:

— Трэба побалакаць пра цэ з падпалкоўнікам Семіжонам,

— Я таксама думаю,— адказаў Аляксей i стаў адразу збірацца да намесніка камандзіра брыгады па палітчастцы. Ён не любіў адкладваць спраў.

Семіжона ні дома, ні ў кабінеце не было. Аляксей знайшоў яго ў мотабатальёне, дзе падпалкоўнік быў разам з камандзірам брыгады.

Палкоўнік Бяссонаў займаўся справай, якую ён называў «чысткай» i якую ён рабіў нярэдка i ахвотна: перавярнуў усё, што было ў кузавах грузавікоў, у транспарцёрах, у калясках матацыклаў, ператрос ранцы, бязлітасна, з лютым выглядам выкідваючы ўсё, што не было неабходна салдатам.

Гэтая непрыязнасць да лішняга была ў яго проста хваравітай. У адносінах да сябе ён таксама трымаўся гэтай звычкі: у штабной сваёй машыне ён вазіў толькі адзін абшарпаны, яшчэ з даваенных часоў, чамадан з абмундзіраваннем i некалькімі парамі бялізны. Ен вёў амаль аскетычнае жыццё.

Семіжон слухаў Аляксея задуменна i ўважліва.

Калі старшы лейтэнант скончыў, Семіжон прамовіў:

— Трэба браць шэфства. Заўтра я пастараюся пад'ехаць у райком, пагаварыць пра гэта. Потым пашлём у калгас некалькі чалавек на дзянёк— Быстрова, Сонцава i яшчэ двух-трох здатных хлопцаў, з вашага батальёна, з другіх рот возьмем... Падрамантаваць жняяркі, калёсы...

— Хату ўдаве Арыне пабудаваць.

Падышоў палкоўнік, незадаволена хмурачыся:

— Развялі барахла, не мотабатальён, а абоз.— Параўнанне з абозам, якое чулі ў брыгадзе не раз, было ў яго вуснах вялікай абразай.

Ён пацікавіўся ў Семіжона, аб чым ідзе гаворка. Паслухаўшы крыху, Бяссонаў пераканана адрэзаў:

— Дарэмна я яго не вярнуў!

Аляксей зірнуў на камандзіра брыгады, нібы не разумеючы, сур'ёзна гаворыць ён ці жартуе.

— Чаму, таварыш гвардыі палкоўнік?

— Таму! Распыляешся.— Аляксей ведаў ужо раней, што Бяссонаў больш за ўсё не любіць людзей, якія «распыляюцца», што для яго, акрамя камандзірскай справы, акрамя брыгады, нічога не існуе. Гаварылі, што па гэтай прычыне нават сям'і Бяссонаў пісаў рэдка...

— За ротай трэба, гвардыі старшы лейтэнант, глядзець. Рота адстае, а ты...

Хоць рота Аляксея, ён ведаў, была не горшай за іншыя, старшы лейтэнант прамаўчаў: Бяссонаў не любіў, каб яму пярэчылі.

— Нашто ўмешваешся, дзе не трэба!

— Магу падтрымаць яго, таварыш гвардыі палкоўнік. Трэба,— уступіўся за Аляксея Семіжон.

— Без яго абыдуцца. Там ёсць людзі, якім паложана займацца гэтым. Бач ты, толькі ён такі клапатлівы — прышоў, убачыў i аб'яўляе трывогу!

— Нельга чакаць, камбрыг.

— Не гарачыся, Семіжон. Прыдзе час, там разбяруцца самі.

Ён глянуў на Аляксея i сказаў з ноткай незадаволенасці:

— Толькі таму, што падпалкоўнік ужо ўзяўся за гэта, я не пярэчу. Але я не люблю, калі людзі распыляюцца. Такому афіцэру я не веру.

— Можаце быць спакойны, таварыш гвардыі палкоўнік, рота не падвядзе.

— Гэта мне яшчэ не вядома, не падвядзе ці — падвядзе.

На другі дзень пасля размовы з Алякееем падпалкоўнік Семіжон паехаў у раённы цэнтр, які быў за кіламетраў пятнаццаць. Вярнуўся ён пад паўдня, крыху стомлены, але задаволены. Падпалкоўнік выклікаў Аляксея i расказаў, што быў у райкоме, дзе пра ўсё пагаварыў з першым сакратаром, i што днямі збярэцца сход калгаснікаў.

— Добра было б, каб Мазалькову Надзю выбралі,— прамовіў Аляксей.— Усе жанкі за яе гарою. Толькі сама яна, дзівачка, пабойваецца нібы. «А што, як не спраўлюся?»

— А вы, відаць, усё гэта вельмі да душы ўзялі.— Падпалкоўнік, адчуваючы, што Аляксей можа зразумець яго словы як папрок, дадаў па-таварыску: — I добра, што зацікавіліся, нельга быць абыякавым. Трэба наводзіць парадак!

У зямлянцы Якавенка сядзеў i ўсё пісаў ліст. Пісаў ён, як школьнік, узлёгшы на стол грудзьмі i схіліўшы набок галаву. Ліст у яго чамусьці не ладзіўся. Ён некалькі разоў пачынаў, але, напісаўшы два-тры радкі, ірваў. Аляксей, заўважыўшы гэта, здзівіўся: звычайна ён ніколі не задумваўся над тым, што i як пісаць.

— Жонцы ліста напісаў,— сказаў Якавенка пазней.— Доўгі, цэлы раман. Ніколі за ўоё жыццё не пісаў такого доўгага паслання. I так цёпла, так шчыра, шчо аж самога за душу ўзяло. Ей-богу, не маню, сляза на вочы навярнулася. A ўсё цераз эціх жынок, шчо ты росказував. Дастаецца ім... Мы тут, на фронце, думаемо, шчо мы — усё, мы — героі, мы, мы. А ім цяжчэ можэ, чым нам... Канечне, яе там, жынку, ні забіць, ні пакалечыць не можа, та хіба ў цым дзіло.

Твар яго з яркімі карымі вачыма, чорнымі густымі бровамі, глянцаватымі, крыху хвалістымі валасамі, задуменны i добры — быў цяпер асабліва прыгожы. Аляксей ведаў, што ў Якавенку былі закаханы ўсе жанчыны ў брыгадзе.

Яго жонка, картку якой бачыў Аляксей, была з твару зусім непрываблівай і, як гаварыў Якавенка, гадоў на чатыры старэй за яго. Пажаніліся яны, калі вучыліся на курсах механізатараў пры МТС,— Якавенку тады было гадоў дзевятнаццаць. Нягледзячы на ўсё, Якавенка вельмі любіў яе i клапаціўся аб ёй.

Лейтэнант памаўчаўшы, заключыў:

— Мала мы шчэ жынок сваіх шануем... Трэба любіць ix крашчэ та нежней. Яны таго дастойны. Праўда, Олексій?

Гадзінай пазней Аляксей ішоў па лясной сцежцы з рэчкі. Ад нядаўняга купання цела яшчэ хавала свежы, малады халадок. Ён ішоў павольна — як чалавек, якому не трэба спяшацца, думаючы, пра што трапіцца, паглядваючы на лісце, на галлё, на пярэстую ад праменняў сонца i ценяў траву.

Ён любіў лес, як можа любіць толькі чалавек, які, можна сказаць, вырас у лесе i адчувае сябе ў ім, як дома.

Лес жыў сваім жыццём, багатым i разнастайным.

На палянах прыгравала сонца. Пахла маладою травіцай; духмяны цёплы водар паляны быў напоўнены сонечным дыханнем. Высахла з рання раса, i тут усталявалася млосная нерухомасць; нібы на лузе, стрыкалі конікі.

Зусім побач буяў густы зараснік дубняку, асінніку. Угары вецце спляталася, скрыжоўвалася чорна-зялёным дахам, i сонца сюды прабівалася скупа, зайчыкамі блішчала то на лістку, то на чорнай вільготнай зямлі. Тут увесь час было змрочна, як у каморцы.

Пахі ў гэтых зарасніках былі іншыя, вастрэйшыя, без млоснасці. Гнілы пах даўняй перапрэлай ліствы перамешваўся са спіртавым духам дуба i гаркаватым — асіны. Усё гэта ўтварала свой, асаблівы, моцны настой.

Гэты магутны, спрадвечны дух лесу быў надзіва трывалы, адзін i ўдзень i ўвечары, не тое, што на палянах ці на ўзлесеі.

На адной палянцы напаткаў Аляксей выпадкова Мазалькову Надзю. Узмахваючы сякераю, яна падсякала камель сухой бярозкі. Аляксей падышоў непрыкметна i сказаў:

— А ну, дайце мне!

Яна ад неспадзеўкі ўздрыгнула, азірнулася, i шчаслівая усмешка заззяла на твары.

— Ой, гэта вы, Аляксей. Напалохалі мяне. Сэрца ніяк не супакоіцца.— Надзя прыклала руку да грудзей.

Ён узяў сякеру, паспрабаваў ці вострая, размахнуўся, i яна глыбока ўвайшла ў дрэва. Размахнуўся другі раз, трэці. Эх, як добра! Каб можна было, цэлы дзень узмахваў бы сякераю.

Нібы да маці на пабыўку прыехаў. I не Надзя, а маці стаіць поруч, ласкавымі вачыма глядзіць за кожным яго рухам... Дрэўца трэснула і пачало валіцца. Аляксей перасек яго напалам, ацерабіў сучча.

— Ну, хопіць ужо!— прамовіла Надзя.— Мне дроў i трэба трохі...

Надзя, відаць, спяшалася.

— Трэба дамоў. Па дровы я ўжо ўранку прыеду.

— З кароваю?

— А то з чым жа...

Яна паправіла на галаве сінюю хустку. Аляксей мімаволі залюбаваўся яе стройнай моцнай постаццю, загарэлым смуглявым тварам з простымі мяккімі рысамі. Нечым яна нагадвала Ніну, толькі Ніна была драбней крыху i больш кволай.

— Сёння прыязджалі з райкома. Сход збіраюцца праводзіць.

Яны пайшлі ў кірунку сяла, ад якога даходзілі дзіцячыя галасы. На ўскрайку лесу Надзя спынілася.

— Можа, у вас будзе час, то заходзьце зноў. Дарогу цяпер вы ведаеце.

— Ведаю...

— Тут праз лес рукой падаць... Там, цераз канаву, ёсць кладка...

— З двух жэрдак?..

— Ага... Прыдзеце?

— Не ведаю... Часу мала вольнага...

— Ну, калі будзе... Бывае ж ён?

— Бывае...

— Ну, вось i прыходзьце, калі будзе...

У голасе яе, адчуў Аляксей, прагучала дзіўная нотка.

— Добра. Пабачу...

— Лепш — пад вечар... Пасля работы... можаце?

— Можна.

— Ці ў нядзелю... У нядзелю я дома i ўдзень...

— Добра...

— Ну да спаткання!..

— Бывайце...

Ен падаўся назад. Прайшоўшы некалькі крокаў усцяж лесу, азірнуўся i сустрэўся позіркам з ёю: Надзя таксама глядзела на яго...

«Яна-такі праўда нагадвае Ніну»,— зноў прышло ў галаву.

Тут акурат насусграч Аляксею трапіўся лейтэнант Гогабярыдзе.

— Дык вось куды ты ходзіш... марыць,— сказаў ён, хітравата ўсміхнуўшыся.— Папаўся! Запрашала ў госці?

— Гаварыла.

У вачах Аляксея паявіўся вінаваты збянтэжаны выраз.

— Пойдзеш?

— Не ведаю. Мусіць, не.

— Мусіць? Ох, гэтыя мне ціхоні! Ну, ну, не хітруй. Усё роўна не паверу.

— Не пайду, здаецца. Праўду кажу.

— Таму, хто схлусіў хоць адзін раз, не вераць!..

— Ну, прывязаўся. Пракурор!— адмахнуўся Аляксей.

А можа, i праўда, пайсці, — проста пагаварыць i толькі, у гэтым жа нічога кепскага...



4...

На занятках ім здарылася падысці да шасэ Масква — Мінск.

Мінская магістраль праходзіла недалёка ад таго лесу, дзе размяшчаўся ў гэтыя дні батальён.

Калі была пададзена каманда «перакурыць», танкісты шумліва, нястройным гуртам накіраваліся да шасэ. Першымі на дарогу выбраліся Гогабярыдзе, Якавенка, Рыбакоў i некалькі другіх танкістаў. Потым падышлі іншыя, групамі i па адным разбрыліся па шасэ.

Мінская магістраль! Вось яна, дарога з Масквы ў Мінск.

Асфальтаваная роўная істужка, млеючы на спякотным сонцы, бегла ў бок фронта. На ўзбочыне тырчалі недарэчна два зламаныя расшчэпленыя дрэвы. Каля ix, у кювеце i на шасэ, былі рассыпаны старыя варонкі, відаць, дрэвы былі пабіты бомбамі. Паблізу ляжаў перавернуты заіржавелы шкілет грузавіка.

Май шчодра нрыбраў дарогу з абодвух бакоў багатаю зелянінаю, рознымі кветкамі. Кюветы зараслі густою травою. Трава пры самым асфальце была дробная, запыленая i перамешвалася з трыпутнікам i рамонкам.

Гогабярыдзе прайшоўся фарсіста некалькі крокаў па дарозе, нібы шпацыраваў у горадзе, сказаў Якавенку:

— На Каўказе такія дарогі. Гладкія, як шкло. Толькі там яны заўсёды круцяцца — у адзін бок, другі бок, угару, уніз. Такія дарогі — два метры проста не ідуць. А тут роўная, глядзі, якая роўная! Каціся. Да самага Мінска!

— Не шыбка разгонішся, — іранічна адгукнуўся палтаўчанін.— Дарога-то гладкая, ды з фокусамі. Не то што не пракоцішся, a i не прапаўзеш.

— I танкам не праб'ешся.

Рыбакоў, пачуўшы гэтыя словы, ахвотна падтрымаў:

— Дзе там! Фрыцы такое набудавалі на гэтай дарожцы. Мне гаварыў сапёр, на сто кіламетраў замініравалі!

— Ну, вжэ так i на сто? Можа, накапалі кіламетраў на пяць акопаў, бліндажоу та рвоў, посіялі мін, дзе можна.

— Не верыце, таварыш гвардыі лейтэнант,— не верце. Я вам кажу, што сам пачуў.

Непадалёк сабралася другая група. Каля яе стаяў старшы лейтэнант Лагуновіч, пазіраючы ўсцяж шасэ. Асфальтаваная істужка бяжыць удалеч. Спачатку ўздымаецца, выпінаючыся, на ўзгорак, потым прападае недзе i выходзіць зноў на від далека ў смузе спякотнага дня.

— Да Мінска 304 кіламетры,— сказаў адзін з танкiстаў.

— Адкуль ты ведаеш?

— Вунь кіламетравы слуп,— ён кіўнуў на пачарнелы ад дажджу, напалову вывернуты слупок, што тырчаў узбоч.

— Ну, цяпер гэтая адлегласць трохі даўжэйшая!

Між танкістаў стаяў моцны, як камель, Быстроў.

Ён цыркнуў праз зубы i, кіўнуўшы галавою на дарогу, заключыў з усмешкаю:

— Проста на Берлін вядзе.

— Яна толькі да Мінска даходзіць.

— Усё роўна. Адтуль ужо Берлін відаць — Брандэнбургскія вароты, Унтэр дэн Ліндэн i асабістая канцылярыя Гітлера,— усміхаючыся вачыма, нечакана ўдакладніў Быстроў.— Не верыце? Спытайце ў старшага лейтэнанта.

Лагуновіч адказаў у тон яму:

— Адтуль, ад Мінска, толькі адна вялікая станцыя да Берліна: Варшава.

— Адна станцыя — Варшава!.. Бач, хапілі. Быстры вы, таварыш гвардыі старшы лейтэнант! A колькі там паўстанкаў, якія трэба праехаць, якіх нельга ніяк абмінуць?

— Ну, паўстанкаў мы не лічым!

— Мінск...— задумліва i задушэўна, як імя таварыша, вымавіў Сонцаў. — Хацеў бы я паглядзець, які той Мінск цяпер. Як Заходнюю Беларусь вызвалялі, быў я там. Ладны гарадок. Не так, каб вельмі вялікі, як Горкі, скажам, ці Свярдлоўск, але прыгожы, шумлівы. Вясёлы, адным словам, гарадок.

— Вясёлы...— паўтарыў нейкім дзіўным голасам Аляксей, ні то іранічна, ні то сумна.— Разбурылі гітлераўцы яго... Колькі дасталася яму жалеза, уявіць не магу. У першыя дні, як пачалася вайна, сыпалі, сыпалі на яго бомбы. Я ў газеце чытаў — спалілі дашчэнту ўсю Савецкую i Ленінскую, самыя прыгожыя вуліцы. Быў у той газеце надрукаван яшчэ здымак, зняты з самалёта. Я не мог пазнаць, якія гэта кварталы. Голыя сцены ды руіны ўсё змянілі страшэнна. Між сцен усюды пустыя праваліны, ніводнага даху не відаць. Паспрабуй адгадай, што там было! Разбураныя вуліцы падобны адна на адну, усе руіны, як могілкі, маюць нешта адно агульнае... Я таго здымку не забуду ніколі!

Аляксей памаўчаў хвіліну i загаварыў раптам весела, з гонарам:

— A быў горад прыгожы! I вясёлы быў, гэта праўда, Сонцаў. Эх вы, хлопцы, пабылі б увечар на Ленінскай нашай ці на Тэатральным скверы! Увечар, калі зіхацяць агні, калі тысячы прыбраных мінчан выходзяць пагуляць! Да чаго ж добра, весела ў гэтай гаварлівай людской плыні. А-а, што вам казаць, усё роўна гэтага не ўявіце, калі не бачылі. Вы нават уявіць не можаце, якія красуні ў нас дзяўчаты! Дарэчы i да ведама некаторых халасцякоў: такіх прыгожых дзяўчат, як у Мінску, напэўна, нідзе няма. Я ж пабыў на свеце, пабачыў усюды... Калі будзеш жаніцца, Сонцаў, да нас прыязджай, да мінскіх дзяўчат!

— Толькі ў Мінск прыеду! — адказаў, смеючыся, Сонцаў.

— Не будзеш каяцца!..

— Не забудзьце, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, што вам прыдзецца яму сватаць дзяўчыну,— адгукнуўся Быстроў,— бо ён, калі ўбачыць прыгожую дзяўчыну, адразу становіцца чамусьці нямым. Нібы язык замярзае... ад гарачага пачуцця!

— Ну-ну, ты паасцеражней!—пагразіў Сонцаў.

— Мінск наш з кожным годам усё харашэў. У мяне ж усё на вачах адбывалася, я там ведаю гісторыю кожнага дома. Я там вучыўся, працаваў, у партыю ўступаў, любіў там. Усё, што было ў маім жыцці лепшае, пазнаў я там, у Мінску.

— У вас там жонка i дзіця засталіся, кажуць?— перапыніў старшага лейтэнанта Рыбакоў.

— Засталіся...

Старшы лейтэнант змоўк. Ён насцярожыўся, стаў скрытным, вочы патухлі. Аляксей не любіў гаварыць пра сваё гора. У радасці душа яго раскрывалася для ўсіх, ён не хаваў тады нічога, рассыпаючы вясёласць. A ў горы хмурнеў, рабіўся скрытным, маўклівым.

Да вайны Аляксей, калі працаваў інжынерам, з Нінай i таварышамі не раз ездзіў па гэтай магістралі за горад на аўтамабілі. Яму падабалася імчацца на вялікай хуткасці па гладкай, як шкло, дарозе, слухаючы сіпенне шын. Ніна падстаўляла твар ветру, які біў насустрач густою моцнаю хваляю, прыплюшчвала вейкі ад задавальнення. На пухлай, як у дзяцей, ніжняй губцы яе трапятала бесклапотная ўсмешка. Вецер, налятаючы на яе, тузаў, раскідаў, калмачыў густыя, выгарэлыя на сонцы валасы.

Пакінуўшы горад далека ззаду, машына паволі сцішала ход, зварочвала з шасэ і, гайдаючыся з боку на бок, падкідваючы пасажыраў, ішла між дрэваў. У ix было сваё аблюбаванае месца. Ніна вельмі любіла гэтыя пагулянкі. Яна была ў такія хвіліны заўсёды вясёлаю, жыццярадаснаю. З ёй было хораша i Аляксею; ён забываў усе свае турботы, паддаючыся гэтай весялосці. «Як дзіця!»— думаў часамі ён i не ведаў, якою яна будзе, калі здарыцца якое выпрабаванне.

Яны хадзілі па лесе, поўным птушыных галасоў. Хаваліся ў гушчарніку, шукалі адзін аднаго, перагукаліся... Раптам, гарэзна бліснуўшы вачыма i крыкнуўшы: «Лаві!», Ніна кінулася між дрэваў. Але паспрабуй, спаймай яе, спрытную i лёгкую, калі яна то ляціць хутка, то неспадзявана схітруе. Вось-вось Аляксей насцігне яе, працягвае ўжо рукі, каб схапіць, а яна раптам спрытна шмыг пад рукамі, i — лаві вецер. Стаіць ужо недзе ззаду i рагоча i дражніцца. Яму перашкаджаюць дрэвы, ён натыкаецца то на адно, то на другое, а ёй хоць бы што!

На дарозе, паступова мацнеючы, узнік шум. Лагуновіч, абарваўшы плынь успамінаў, азірнуўся. Імчаліся да фронта некалькі грузавікоў. Неўзабаве яны параўняліся, пранесліся паўз танкістаў. Аляксей пачуў у адной роўнае мернае чыканне, як у гадзінніка, прывычным слыхам адзначыў мімаволі: «Добры матор, відаць, новы». На першым у кузаве ляжалі скрынкі, мяшкі, сядзелі салдаты, у іншых груз быў складзены ўпоравень з кузавам i накрыты брызентам.

Старшы лейтэнант сачыў вачыма за машынамі, пакуль яны не зніклі за ўзгоркам.

«Iм да Мінска восем гадзін ходу»,— праплыла недарэчы думка.

У гэты вечар, калі б не вайна, ён мог бы ўбачыць агні Мінска. Яны раптам вынырнулі б з цемры, як толькі машына ўзышла б на ўзгорак. Зачараваны морам мігатлівых агнёў, шафёр павялічыў бы хуткасць, i Аляксей неўзабаве быў бы дома...

Ён добра ведае тыя апошнія кіламетры, дзе магістраль праходзіць паўз сасновую густа-зялёную сцяну парку імя Чэлюскінцаў. Там, на тых апошніх кіламетрах, часта былі матагонкі. Пры горадзе асфальт раптам канчаецца, далей пачынаецца брук. Гэта ўжо ўскраіна. Злева — дзве-тры маленькія хацінкі, батанічны сад Акадэміі, справа — няскончаныя вялізныя чырвоныя будыніны, далей — Дом друку...

Не, не даедуць тыя грузавікі туды ні за восем гадзін, ні за восем дзён!

Праз дзесятак, другі кіламетраў за ўзгоркам шафер зверне з шасэ, спыніцца дзе-небудзь каля склада боепрыпасаў ці на агнявой пазіцыі...

Мінская магістраль! Перарэзаў цябе фронт, перакапаў снарадамі, засеяў мінамі, аблытаў калючым дротам...

Не выпадкова так балюча вораг раніць цябе, так чапляецца за цябе, ён ведае, што ты — шлях вялікай дружбы, непарыўнай сувязі народа Беларусі з Масквою, з Савецкай Расіяй. Па табе пойдуць на беларускую зямлю тысячы салдат, каб вярнуць зноў наш народ у мільённую дружную сям'ю.

Была ты мірнай дарогай, якая звязвала дзве сталіцы. Стала ты дарогай нашай перамогі, арыенцірам, які паказвае нам баявы напрамак: на-Мінск, на захад!

Аляксей падумаў: яму заўсёды здавалася чамусьці, што дарога мае свой адзін кірунак, як рэчка. Раней, у Мінску, ён уяўляў, што шасэ накіравана ў бок Масквы. Яно i называлася там заўсёды Маскоўскае шасэ. Цяпер дарога перамяніла свой кірунак, яна ідзе ў Мінск. I не толькі ў яго такое адчуванне. Усе ж лічаць, што ісці туды, значыць, ісці наперад. Відаць, дарогі бягуць заўсёды туды, куды імкнецца чалавек. Калі скончыцца вайна, дарогі павернуцца ва ўсе бакі — на ўсход, на поўдзень, на поўнач... Цяпер жа ва ўсіх толькі адзін напрамак!

— Мы тут катаемся, а там фрыц, чорт яго ведае, што вытварае,—даходзіць да яго голас Сонцава.

— Д-да... Хутчэй бы марш!

— I так адсталі. На поўдні нашы ўжо ў Румыніі, а мы тут усё топчамся.

Старшы лейтэнант, рэзка павярнуўшыся на галасы, холадна зірнуў на Сонцава.

— Не топчамся i катаемся, а рыхтуемся. Зразумела, Сонцаў? Рыхтуемся! Камандаванне наша не сядзіць без справы, таксама, як i мы. Вы гэта добра ведаеце. Трэба думаць пра тое, што гаворыце!— I спакойна звярнуўся да ўсіх: — Нічога, таварышы, нічога. Вытрымка, трэба чакаць. Прыдзе пара — скажуць. Як цісканём ix, паганых,— да самай Варшавы без перасадкі кулём каціцца будуць!..

— Душа гарыць, таварыш гваірдыі старшы лейтэнант!

— Душа павінна слухацца галавы. На тое i галава ў чалавека.

Лагуновіч хрыплым голасам крыкнуў: «Канчай перакур!» і, перабраўшыся па траве праз кювет, хутка пайшоў да машыны.

— Та ты ж сам, Олексій, як той Сонцаў! — сказаў Якавенка, ідучы поруч. — У цябе ж душа там, у Мінску. Ніну бачыш усё, не дачакаешся.

— Бачу Ніну. Часта бачу, — адгукнуўся хмура Аляксей.— I не адну яе,— усю Беларусь, здаецца, бачу. Глядзіць яна на мяне тысячамі вачэй i кліча: «Ідзіце, не чакайце!» Ведаю, браток, ой, як ведаю, што значыць кожная хвіліна там для людзей... I ў мяне б'ецца сэрца, не можа яно быць абыякавым, слухацца халодных разваг,— сказаў ён ціха i скончыў сурова:— Але мы, брат, салдаты.

Неўзабаве, калі сабраліся ўсе каля машын, ён гаварыў Якавенку, спакойны i ўраўнаважаны:

— Таварыш гвардыі лейтэнант, камандзір роты забіты. Камандаваць ротаю будзеце вы...

Якавенка звыкла, паважна казырнуў.

— Ёсць камандаваць ротаю...

Лагуновіч зірнуў на Колышава.

— Назначаю вас камандзірам узвода.

— Ёсць!— адказаў, устрапянуўшыся, Колышаў.

Аляксей гэтым заняткам аддаваў вялікую ўвагу. Ён ужо некалькі дзён вучыў танкістаў сумежным спецыяльнасцям, дамагаючыся таго, каб кожны мог замяніць, калі будзе трэба, свайго таварыша ці камандзіра. Трэба, каб рота жыла заўсёды, каб ніякія страты не выводзілі яе з бою.

Якавенка скамандаваў сваім экіпажам: «Па машынах!» Падняўся на вежу, апусціўся ў люк, зірнуў, ці ўсе гатовы.



5...

Машыны набліжаліся дапярэдняга краю. У адным месцы машына, што ішла першая, прыпынілася, i камандуючы фронтам бачыў, як сержанты з кантрольнага пункта, свецячы кішанёвымі ліхтарыкамі, правяралі дакументы ў афіцэра сувязі. Праз хвіліну машына кранулася — у цемры паплыла малінавая кропка задняга ліхтара.

Камандуючы быў поруч з шафёрам i, амаль заплюшчыўшы вочы, аб нечым думаў: ззаду яго, бяссонна пазіраючы ў цемру, у напружанай паставе, сядзеў яго паручэнец Камароў.

На пярэднім краі час-ад-часу білі гарматы,— адтуль каціліся ўсё больш моцныя i грымотныя выбухі. Над небакраем, акрэсліваючы няблізкія чорныя ляскі i ўзгоркі, успыхвалі, трапечучы, белыя ракеты.

На скрыжаванні дарог машыны павярнулі на поўнач i пайшлі амаль усцяж фронта, цяпер выбухі былі чуваць злева.

— Таварыш камандуючы,— загаварыў раптам паручэнец, нахіляючыся да Чарняхоўскага,— дазвольце сказаць... вам трэба б адпачыць крыху.

— Чаму ты, Лёша, раіш адпачыць? — адгукнуўся не адразу, рассеяна, Чарняхоўскі.

— Ды як жа, таварыш камандуючы,— строга афіцыйна, але з прыкметнай ноткай той вольнасціі, што бывае ў людзей, якіх любіць начальства, адказаў паручэнец,— цэлы месяц вы ўсё ездзіце па фронту, то ў адну дывізію, то ў другую, нават у дождж ці ўночы не ведаеце спакою...

— Пасада такая, Лёша!

— Пры вашай пасадзе можна было б i не ездзіць! У вас жа цяпер столькі розных памочнікаў. Любому загадайце — зробяць усё, як належыць, i даложаць.

Генерал-палкоўнік памаўчаў. Адчуваючы, што ад яго чакаюць адказу, ён ціха прамовіў:

— Даўно ты мяне, Лёша, ведаеш, a такія рэчы гаворыш!..

Камандуючы, якому ўжо надакучыла ехаць, спяшаўся хутчэй дабрацца да дывізіі. Па яго разліку яны набліжаліся да таго месца, дзе ix павінен спаткаць камандзір дывізіі. Чарняхоўскі званіў камдыву са штаба арміі, адкуль ён ехаў i адкуль дамовіўся пра месца сустрэчы. Чарняхоўскі цяпер мімаволі згадаў, як камандарм, які пры размове па тэлефоне стаяў каля яго, папрасіў быў дазволіць ехаць з ім; Чарняхоўскі не даў згоды, ведаючы, што ў камандарма былі тэрміновыя справы.

«Гэта i лепш — без «світы»...

На ўскраіне вёскі, хаты якой неўзабаве зацямнелі ў змроку, пярэдняя машына зноў спынілася, i да машыны Чарняхоўскага падышлі два чалавекі.

— Хто? — запытаўся строга, выскачыўшы з машыны, Камароў.

— Генерал-маёр Шчарбацюк. Камандуючы тут?

— Так. Я — камандуючы, — адказаў Чарняхоўскі i, прывітаўшыся, адразу загадаў: — Сядайце, таварыш генерал...

— Ёсць... Дазвольце, таварыш камандуючы, запытацца — у вашу машыну?

— Так, у маю.

Генерал-маёр, сказаўшы чалавеку, што прышоў з ім, каб ехаў наперадзе, нязграбна забраўся ў машыну, Камароў сеў каля яго.

Чым больш набліжаліся да дывізіі, тым ясней даходзіў грукат бою. Былі чуваць не толькі блізкія гарматныя выбухі, але i страляніна з кулямётаў. Чарняхоўскі зацікаўлена прыслухоўваўся: ён любіў баявое ажыўленне.

— Бой ідзе? — павярнуў ён галаву ў бок Шчарбацюка.

— Скончылі, таварыш генерал, — толькі што... Відаць, немцы яшчэ не могуць супакоіцца...

— Значыцца, замацаваліся?

— Так точна, замацаваліся...

Пра бой Чарняхоўскі даведаўся ў штабе арміі, гэта была невялікая, але, казалі яму, упартая схватка, што вялі два батальёны дывізіі Шчарбацюка за лапік зямлі, ад якога пачынаўся далей вялікі балотны абшар. Гітлераўцы вельмі чапляліся за лапік, як за зручны плацдарм, — гэта была ўжо не першая спроба выбіць ix.

— Выявілі новыя агнявыя кропкі?

Шчарбацюк адказаў, што на правым фланзе артылерысты «засеклі» тры новыя артбатарэі. Гаварыў ён павольна i спакойна, глухаватым роўным голасам, з такім «о», якое можна чуць ці ва ўкраінцаў ці ў валжан.

— Не заўважылі,— узмацняе тут праціўнік абарону?

— Не, па нашых разведданых, таварыш камандуючы, было спакойна — да сённяшняга дня.

— Наладзьце, таварыш генерал, пошук i выцягніце адтуль «языка». Я хачу ведаць, што адбываецца на балотах перад вамі...

— Есць, таварыш камандуючы. Зраблю.

Астатні час маўчалі, пакуль не ўехалі ў вёску.

— Штаб дывізіі, таварыш камандуючы, — прамовіў Шчарбацюк, калі машына рэзка прыцішыла ход.

Чарняхоўскі вышаў з машыны, выпрастаў стомленую яздой спіну, пачуў, як стукае недзе поблізу рухавік рацыі. Неспадзеўкі для камдыва папрасіў:

— Пазваніце, генерал, у адзін батальён, хай збяруць афіцэраў... У штаб я заеду потым... Дарэчы, у батальён пакуль не гаварыце, што буду я.

Калі Шчарбацюк пайшоў, Чарняхоўскі агледзеўся. З першага позірку веска здавалася маўклівай i ціхай, але ён, акінуўшы вачыма хаты, хлявы, печышчы, што сумна чарнелі абапал, прывычна заўважыў адзнакі неўтаймаванага жыцця. На двары побач са штабам некалькі салдат штосьці выгружалі з грузавіка; з другога боку вуліцы, каля плота, стаялі дзве запрэжкі з гарматамі, якія ці толькі прыпыніліся ці збіраліся вось-вось рушыць у дарогу.

Шчарбацюк хутка вярнуўся. Калі ён падышоў, непаспешліва, грузна, Чарняхоўскі запытаўся, колькі будзе адсюль да батальёна i ці можна пад'ехаць...

— Так точна, пад'ехаць можна, таварыш камандуючы, кіламетры два з палавінай...

—Едзем. Камароў, сядай!

Камароў спрытна нырнуў у машыну. Хоць паручэнец нічым не паказваў гэтага, ён у душы намер камандуючага ехаць на пярэдні край асудзіў. Праўда, такі паварот справы не застаў знянацку Камарова, які хадзіў з Чарняхоўскім i тады, калі той быў мала каму вядомым палкоўнікам, i пазней, калі стаў генералам, але ён не мог згадзіцца, што Чарняхоўскі i цяпёр, будучы ўжо камандуючым, як бы не разумеючы змены ў становішчы, трымаецца ранейшай прывычкі.

«Вельмі яму трэба хадзіць пад самымі кулямі!»

Нешта падобнае адчуваў i Шчарбацюк, які не лічыў, што камандуючаму ехаць туды абавязкова трэба, але камдыў не столькі адобрыў ці асудзіў гэта, колькі адзначыў сам сабе; Шчарбацюк пакуль прыглядаўся да Чарняхоўскага, вывучаў.

«Ён, здаецца, у глыбокія пласты любіць забірацца», — падумаў Шчарбацюк пра камандуючага.

Праехаўшы поле i лясок, вышлі з машын i далей падаліся пешкі. Наперадзе ўзнік, мацнеючы, уедлівы знаёмы свіст, разложыста грымнуў вельмі блізкі выбух, усплёснуўшы над плецівам кустоў агонь. Камароў, які да гэтага ішоў следам за Шчарбацюком, абмінуў яго i камандуючага i далучыўся да пярэдніх аўтаматчыкаў i разведчыка.

Чарняхоўскі ішоў вельмі хутка, i прыземістаму Шчарбацюку i ўсім прыходзілася паскараць хаду, каб не затрымліваць яго.

Сцежка бегла праз рэдкі хмызняк, сярод якога дзе-ні-дзе пры водсвітах ракет цьмяна бялелі маладыя бярозкі. Хоць пад нагамі быў цвёрды грунт, пахла сырасцю, што плыла, напэўна, з недалёкага балота.

Аўтаматчык i Камароў раптам прыпыніліся, спаткаўшыся з групкай салдат, што ішлі насустрач.

— Закурыць ёсць, землячкі? — запытаўся адзін з салдат.

— А вы хто? — пачуўся голас Камарова.

— Хто? Свае, ясна... Пасведчанне паказаць? Вось яно — завернутае ў марлю: немец выпісаў сягоння.

— З палка Сібірака?

— Так точна!.. Дык як — дымнуць ёсць?

— Ёсць,— адказаў Чарняхоўскі, падыходзячы бліжэй да салдат. — Ну, як там?

— Дык так. Хрэнова, — раптам проста адрэзаў баец. — З астраўка садзіць з гармат, як брые. Мінамі ўсё начыніў.

— Крэпка засеў?

— Крэпка...

— Але ўсё-ткі паддаецца?

— Паддаецца. Выкалупалі ж сёння! Ды гэта што ж, так — тузаніна дробная.

— Ну, a калі пачнецца, скажам, вялікая?..

— Цікаўны ты: а што, a калі?.. Ну, што ж будзе — тое ж самае!.. Толькі, — голас прыціх задуменна, — многа, мабыць, крыві нашай пральецца...

Салдат узяў працягнутую папяросу, крыху здзівіўся.

— Папяроса? Ну, што ж, папяроса, дык папяроса, папяросы мы таксама ўмеем курыць. Да таго ж рука адна ў мяне не ў форме... А агонь у нас — свой.

Ён весела пстрыкнуў запальнічкай:

— Прыкурвай, землячок!

Рука працягнула запальнічку, але на момант так i засталася нерухомай, як анямела. На плячах незнаёмага, што нахіліўся прыкурваць, водбліск недалёкай ракеты асвятліў генеральскія пагоны з трыма зоркамі!

Салдат хутка схамянуўся,— дзьмухнуў на запальнічку i, казырнуўшы здаровай левай рукой, выпаліў:

— Выбачайце, таварыш... арміі генерал.

— За што ж прабачыць, за шчырасць?

Чарняхоўскі толькі параіў на развітанне лепш вывучыць у шпіталі знакі афіцэраў i генералаў, каб не блытаць.

Неўзабаве па неглыбокім ходзе зносін Чарняхоўскі i Шчарбацюк падышлі ўжо да каманднага пункта батальёна.

— Прыгніцеся, — сказаў вайсковы, што вышаў насустрач,— можна ўдарыцца галавой.

Перад Чарняхоўскім адсунулі палатку i ён апынуўся ў бліндажы, каторы асвятляла задымленая гільза ад снарада. Тут было ўжо з дзесятак афіцэраў, якія адразу, як толькі ён увайшоў, усталі, a крутаплечы, рослы капітан, з забінтованай галавой, нібы ў чалме, папрасіўшы дазволу ў генерал-палкоўніка звярнуцца да камандзіра дывізіі, далажыў, што афідэры па яго загаду сабраліся.

— Дакладвае камандзір батальёна капітан Паўлоўскі, — адрэкамендаваўся ён.

Услед за гэтым Шчарбацюк павярнуўся к камандуючаму. У Шчарбацюка быў ружаваты, малады твар з крутым ілбом i вялікімі рысамі. Ен быў невысокі, грузны для сваіх год; уся яго постаць паказвала здароўе, спакой i штосьці вельмі добрае, не зусім ваеннае, бацькоўскае, што выяўлялася ў яго паводзінах, яго манеры трымаць сябе. «Ён больш падобны на дабрадушнага настаўніка пачатковай школы, чым на шахцёра»,— падумаў Чарняхоўскі, які чуў, што камдыў з «шахцёрскага племя».

Прыняўшы яго даклад, Чарняхоўскі, адчуваючы на сабе цікаўныя спасцярожлівыя позіркі, прывітаўся i стаў знаёміцца з афіцэрамі.

Адзін з ix, які назваўся малодшым лейтэнантам Праворным, жылісты i смуглатвары, сказаў, што ён раней служыў у арміі Чарняхоўскага.

Генерал-палкоўнік, строгія вочы якога мякка бліснулі пад казырком фуражкі, запытаўся, у якой часці быў Праворны i кім служыў.

— У Белгарадскай гвардзейскай, таварыш генерал-палкоўнік... Старшыной быў.

— У Белгарадскай? Выходзіць, старыя знаёмыя... Доўга вы былі там?

— Да Дняпра, таварыш генерал.

— Былі на плацдарме?.. Значыцца, школа ваенная ў вас павінна быць нядрэннай. Там нашы байцы i афіцэры сражаліся па-геройску. Крэпка сражаліся... А як сюды трапілі?

— На правым беразе мяне паранілі. Потым, вядома, у шпіталі давялося адлежвацца... А адтуль — простай дарогай сюды...

— Што ж, выходзіць, зноў будзем разам... — сказаў Чарняхоўскі, мелькам заўважыўшы, як зацікавіла ўсіх гэтая звычайная салдацкая сустрэча. — Разам Украіну вызвалялі i ў Беларусь разам пойдзем...

Пазнаёміўшыся з усімі, камандуючы дазволіў сесці, сеў сам каля накрытага газетай століка i пачаў распытваць пра бой.

— Крэпка ўчапіліся немцы?

— Крэпка. Але мы задачу выканалі, таварыш камандуючы... — адказаў камбат так, як на яго думку i трэба было.

Шчарбацюку адказ яго таксама спадабаўся.

— Страты вялікія?

Паўлоўскі сказаў, што ў батальёне забіта i ранена каля трэці людзей. Страты былі, лічыў Чарняхоўскі, для такога бою вельмі вялікія.

— Усіх раненых эвакуіравалі?

— Так точна, таварыш генерал. Нядаўна адправілі апошнюю трупу лёгкараненых.

— Вы ўпэўнены, што няма дзе-небудзь непадабраных?..

— Я паслаў, таварыш генерал, яшчэ адну групу салдат абшукаць поле i кусты...

Чарняхоўскі стаў распытваць пра ход бою, выклікаючы то аднаго афіцэра, то другога. Камандзіры, хоць i былі ўзрушаны схваткай i хоць Чарняхоўскі трымаў сябе проста, стараліся не даваць волю шчырасці, ix стрымлівала тое, што перад імі — камандуючы фронтам, генерал-палкоўнік! Адказвалі коратка, асцярожна, імкнучыся абысці ўсё, што магло б кінуць нейкі цень на батальён ці не спадабацца камдыву.

— Я заўважаю, таварышы афіцэры,— узняўшы галаву i абвёўшы няласкавымі вачыма камандзіраў, прамовіў Чарняхоўскі,— што ў вас не хапае мужнасці. Мужнасці адкрыта гаварыць праўду...

Ён сказаў так рэзка i прама, што ў бліндажы наступіла напружаная цішыня.

— Дазвольце мне, таварыш камандуючы...

Шчарбацюк заўважыў, што пры гэтых словах усе, хто былі ў бліндажы, павярнуліся да яго, чакаючы; ён спаткаўся з дапытлівым позіркам камандуючага. Яшчэ хвіліну назад камдыў гатоў быў раўніва, як гаспадар, перажываць з поваду якой-небудзь пляміны, заўважанай камандуючым у дывізіі, а цяпер загарэўся гаварыць сам. Папрок у недостатку мужнасці ў яго афіцэраў быў яму горш за любую заўвагу.

— Памылкі былі,— рашуча пачаў генерал-маёр.— Мы дапусцілі i рад пралікаў... Пачну з пачатку — артылерыйская падрыхтоўка бою аказалася недастатковай, можна сказаць — слабай. Цэлі былі выяўлены не ўсе, a выяўленыя не заўсёды добра прыстраляны...

Ён гаварыў, як i ў машыне, павольна, нібы раздумваючы, але з такой перакананасцю, якая прымушала верыць яму, сачыць з увагай за яго думкай. Словы ў яго не ліліся, a ішлі важка, i гэта як бы надавала больш значнасці ім.

— Атака пачалася заіпознена i мала арганізавана,— прадаўжаў Шчарбацюк, мімаволі зірнуўшы на камбата. Паўлоўскі пад гэтым позіркам неспакойна паварухнуўся, глуха кашлянуў.

— Цікава ўсё-ткі, што ж думаюць афіцэры?— выслухаўшы яго, прамовіў Чарняхоўскі.

— Што i казаць — вучыцца нам яшчэ трэба. Многаму вучыцца, — адгукнуўся парывіста Праворны, што сядзеў насупраць камандуючага.— Пралікаў, недаглядаў у нас нямала.

Ён, спяшаючыся, хвалюючыся, расказваў пра непаладкі ў рабоце сапёраў: «Таварыш генерал-маёр правільна гаварыў, што атака запазнілася. А па чыёй віне?.. Сапёры затрымалі!..»

Цяпер пайшла шчырая, усхваляваная размова.

Чарняхоўскі, бачачы, як усё змяінілася, калі выступіў камдыў, падумаў пра Шчарбацюка: «А ўсё-ткі ты з тых, што смецця не любяць выносіць. Гаспадар... Не прыедзь да цябе, ты пра многае з гэтага не скажаш сам...»

Ён напрасіў Паўлоўскага далажыць пра абарончыя ўмацаванні праціўніка.

— У гітлераўцаў тут, таварыш генерал,— устаў плячысты, з доўгім станам камбат,— асноўныя рубяжы абароны праходзяць па. балоце. Яны змацоўваюцца моцным апорным пунктам, створаным на астраўку...

Чарняхоўскі загадаў разгарнуць карту, i, калі Паўлоўскі разаслаў яе на стале, камандуючы пачаў разглядаць участак, які займаў батальён.

— Значыцца, забалочаны раён умацаван слабей?

— Слабей, таварыш генерал.

— Вядома, балота,— адгукнуўся нехта з кутка.— I акопы i гнёзды зацягвае тванню...

— Галоўная шкода, таварыш камандуючы, ад апорных пунктаў.

Чарняхоўскі памаўчаў, пастукаў пальцамі аб стол.

— Балотны масіў шырокі, як гэты, што перад намі,— сам па сабе сур'ёзная натуральная перашкода. Праціўнік гэта ведае i спадзяецца на гэта. Яны ўпэўнены, што тут ні танкаў не працягнеш, ні артылерыю...

— Дазвольце, таварыш генерал!.. Артылерыю лёгкую, таварыш генерал, па-мойму, можна. Падаслаць у некаторых мясцінах алешнік — i можна.

— Там ёсць, таварыш камандуючы, некалькі насыпаў вузкакалеек. На захад ідуць, да краю балот...

— А яны добра ўцалелі?

— Добра, таварыш генерал. У парадку яны. Насыпы як насыпы. Калі да ix дабрацца, могуць пайсці i танкі...

— Вы ўпэўнены ў гэтым?

— Упэўнены, таварыш генерал! Пройдуць!— адказала адразу некалькі галасоў.

Чарняхоўскі ўжо чуў пра гэтыя насыпы, але слухаў i цяпер пра ix з вялікай цікавасцю: гэта былі самыя верныя весткі, весткі вачавідкаў.

Ён не мог сказаць, што, вывучаючы лінію фронта, ужо другі тыдзень прыглядаецца да гэтага вялізнага балота, якое разлеглася ўсцяж пярэдняга краю i ў глыб абароны ворага на не адзін дзесятак кіламетраў, прыглядаецца — думае, упарта i неадступна:

«Ці можна тут?»

Яшчэ ні адна армія не прарывала абарону на такім вялікім балотным абшары. Немцы ўпэўнены, што вялікую аперацыю сучасная армія на гэтых балотах не зможа разгарнуць.

Так, наступаць тут будзе нечалавеча цяжка. Але перашыек к поўдню, дзе між балот ідзе магістраль, увесь начынен мінамі, фугасамі, шчэрыцца гарматамі i дотамі. Дзе можна лепш разлічваць на поспех?

Неўзабаве Чарняхоўскі развітаўся i падаўся да выхаду. Следам за ім вышлі Шчарбацюк, Камароў, усе афіцэры.

Чарняхоўскі глянуў у бок захаду i прыпыніўся. Моўчкі пазіраў на забалочаны хмызняк, слаба асветлены далёкім зарывам.

Пазіраў, нібы хацеў разгадаць загадку, што там тоіцца, нібы чакаў адказу на пытанне, якое так турбавала ўсе гэтыя дні. «Ці можна тут?» Афіцэры, што стаялі каля яго, таксама маўчалі.

— Затрымаліся мы, таварышы,— ціха сказаў Чарняхоўскі, як бы ў роздуме, не зводзячы вачэй з балота.

У голасе камандуючага пачуліся вялікая заклапочанасць i неспакой. Многія ў гэтых словах адчулі як бы дакор сабе.

— Адсталі ад украінскіх франтоў. Вельмі адсталі.

— Зачакаліся, відаць, беларусы,— адгукнуўся адзін з афіцэраў.

— Цяжка будзе зрушыць яго з месца, — сказаў другі.— Доты, дзоты ўсюды.

— Артылерыі пабольш бы, таварыш камандуючы, ды «кацюш». Каб дастаць ix за бетонам. У ix усюды — бетон.

Чарняхоўскі адказаў:

— Так, бетону ў ix многа... У ix — бетон, a ў нас — сталь i жалеза. Савецкая сталь!

Ён ішоў назад з настроем добрай заклапочанасці, з такім настроем, які звычайна з'яўляўся, калі ён бачыў тое, што вельмі непакоіла. Ён адчуў, што часць, у якую ён прыехаў,— здаровая, што ёй можна, калі будзе трэба, падвучыўшы, даверыць адказную задачу. За якога паўмесяца ён такім чынам пазнаёміўся ўжо з большасцю палкоў i дывізій, з многімі генераламі, афіцэрамі, салдатамі.

Калі камандуючы i Шчарбацюк вярталіся к штабу дывізіі, было па-ранейшаму цёмна. У баку пярэдняга краю ўспыхвалі ракеты, i сюды даходзілі блеклыя, неспакойныя водбліскі.

Чарняхоўскі раптам запытаўся:

— Многа траншэй выкапалі?

Камдыў адказаў.

— Мала,— незадаволена кінуў камандуючы.— Вы, відаць, лічыце гэта непатрэбным? Думаеце, збіраемся наступаць, а нам загадваюць бясконца капаць траншэі!..

Генерал-палкоўнік адгадаў думкі камдыва. Траншэй было выкапана i без таго многа, а са штаба арміі патрабавалі капаць яшчэ. Людзі то ваявалі, то вымушаны былі станавіцца землякопамі.

— Мы павінны ўвесь час даводзіць ворагу, што рыхтуемся да абароны...

— Я разумею гэта, але людзей шкада, таварыш генерал.

Камандуючы параіў няласкава:

— Шкадуйце тады, калі трэба. Каб ваша дабрата не шкодзіла справе...

Абследаваўшы за суткі дзве дывізіі на пярэднім краі, Чарняхоўскі рашыў заехаць перад світаннем у штаб арміі.

Праз якую-небудзь паўгадзіны яго машына ўжо набліжалася да скрыжавання дарог, ад якога было блізка да штаба.

Неспадзеўкі мірны гул матора ўсюдыхода заглушыла, прыгняло злавеснае выццё блізкага чужога самалёта. Не паспеў Чарняхоўскі што-небудзь зразумець, як цемра паблізу разарвалася, бліснула крывава тугім скрыготным агнём.

Машына спынілася так рэзка, што, здавалася, наскочыла на нябачную сцяну. Камандуючага кінула к ветравому шклу. Выбух!

Адзін, другі, трэці, пяты...

Калі выскачылі з машын, самалёт гуў ужо далёка. Чарняхоўскі азірнуўся — адна варонка была блізка наперадзе, зусім побач, якіх-небудзь дзесятак метраў!

— Таварыш камандуючы, не зачапіла?— выдыхнуў устрывожаны Камароў.

— Не... Даведайся, што з генералам Емяльянавым i другімі!

Але тут Емяльянаў, член Ваеннага Савета, а следам за ім i камандуючы арміяй, якія з учарашняга дня суправаджалі Чарняхоўскага, падбеглі самі. Hi яны, ні хто-небудзь з ix машын не былі ранены.

— Восем бомб сыпнуў, гад!— пакрыху спакайнеючы, прамовіў Камароў.— Ну, таварыш генерал-палкоўнік, пашанцавала нам...

Камандуючы запытаўся ў шафера, ці не пабіт матор. Матор працаваў.

— Ну, тады...— Чарняхоўскі, які было намерыўся сесці ў машыну, спыніўся: — Чорт пабяры, штосьці вочы рэжа... Пясок, ці што... Камароў, пасвяці.

Емяльянаў убачыў — бялок аднаго амаль закрытага вока, павека якога дрыжала, пачырванеў да крыві,— камандуючы заплюшчыў яго; на левым брыве крывавілася невялікая драпіна.

— Э, ды вас, Іван Данілавіч, усё ж зачапіла!

— Гэта, напэўна, ад ветравога шкла. Пабіла яго... Я зараз ёду дастану, таварыш камандуючы.— Паручэнец кінуўся ў машыну.

Член Ваеннага Савета, наблізіўшы свой дабрадушны, спачувальны — нечым падобны цяпер на жаночы — твар, заліў драпіну ёдам i прапанаваў заехаць у санбат.

— Тут блізка...— адгукнуўся камандарм, што моўчкі стаяў поруч.

— Пройдзе!.. Без санбата!..

— Іван Данілавіч, гэта ж вока! — запярэчыў член Ваеннага Савета.

Камароў зірнуў на Чарняхоўскага з дакорам — які ён няўважлівы да сябе!

— Таварыш камандуючы, мы не затрымаемся, паўгадзіны — не больш, — прамовіў камандарм, i Чарняхоўскі, хоць i неахвотна, згадзіўся ехаць.

Санбат, аказалася, быў у суседняй вёсцы.

Урач-акуліст, якога выклікалі з кватэры, з заспанымі вачыма, надзіва мітуслівы, агледзеўшы вочы, сказаў, што першую дапамогу ён можа аказаць, але пазней патрэбен кансіліум спецыялістаў.

— Могуць быць непрыемнасці, таварыш генералпалкоўнік.

— Ну, вось, вам толькі пападзіся ў рукі.— Камандуючы нецярпліва павярнуўся на крэсле, абвёў позіркам урачоў i сясцёр, што сабраліся навокал.— Спадзяюся, таварыш маёр, гэта хутка — першая данамога?..

— Так, хутка... Зараз зробім, таварыш генерал-палкоўнік,— заспяшаўся ўрач.

Камароў, што з суровым выглядам стаяў крыху ўбаку, ззаду члена Ваеннага Савета, мімаволі ўздыхнуў: хоць бы ўсё абышлося.

На світанні Чарняхоўскі быў ужо ў штабе арміі. Калі машыны спыніліся перад домам камандарма, развіднелася так, што добра былі відаць хаты да краю сяла i нават дзве шастоўкі, што цягнуліся збоку вуліцы, i за хатамі — шэрае, яшчэ аднакаляровае поле.

Камандарм, сухаваты, ужо стары чалавек, увайшоўшы ўслед за Чарняхоўскім у пакой, запытаўся:

— Таварыш камандуючы, можа адпачнеце?.. Пасцель я зараз загадаю падрыхтаваць.

— Дзякую. Адпачываць я не буду. Трэба ехаць дамоў...

Камароў, які застаўся ў суседнім пакоі, бачыў, што амаль адразу ж, услед туды зайшлі Емяльянаў, член Ваеннага Савета арміі i начальнік штаба. Спрактыкаваным вокам паручэнец заўважыў, што тут ужо існуе тая заклапочанасць i насцярожанасць, якія ён не раз назіраў, прыязджаючы з камандуючым.

Неўзабаве ўвайшоў прыгожы, відны сабою, яшчэ заспаны палкоўнік са штаба арміі, якога Камароў ужо аднойчы бачыў, але не ведаў ні прозвішча яго, ні дакладна пасады.

— Камандуючы тут?— зірнуў ён на Камарова. Паручэнец адказаў, што тут, i палкоўнік падцягнуўся, агледзеў сябе, нібы збіраючыся зайсці. Але не пайшоў,— запытаў па-сяброўску з той прыяцельскай пашанай, якая ўжо даўно не здзіўляла паручэнца:

— Які настрой у яго, Аляксей Іванавіч?

— Настрой? У яго заўсёды, таварыш палкоўнік, адзін настрой.

— Ну, усё-ткі, хмурыцца ці жартуе?..

— Сур'ёзны...

Палкоўнік зноў агледзеў сябе.

— Сур'ёзны, кажаш... Д-да... Чагосьці выклікаў вось на даклад... Не ведаеш?

— Не ведаю.

Палкоўнік, пералажыўшы папку з рукі ў руку, накіраваўся ў пакой камандарма.

«Чаго прыехаў? Вядома не для размоў лагодных!.. Нешта ён сёння асабліва сур'ёзны. Камусьці нагарыць, напэўна».

Сёння камандуючы найбольш цікавіўся разведкаю. Як толькі палкоўнік — гэта быў начальнік разведаддзела арміі — увайшоў, Чарняхоўскі стаў падрабязна распытваць пра работу разведкі. Як арганізавана служба ў штабе арміі, у асобных дывізіях, у палках.

Генералы, хто седзячы каля стала, хто стоячы, моўчкі сачылі за Чарняхоўскім, які то ступаў, то спыняўся, задаваў пытанні i елухаў палкоўніка. Камандуючы арміяй, генерал-палкоўнік з сухім тварам i спакойнымі, разумнымі вачыма, стаяў, прытуліўшыся к вушаку акна, закрываючы плячом край карты, што вісела поруч.

Камандарм адчуваў непакой перад Чарняхоўскім.

Чарняхоўскі мог бы па гадах быць яму сынам. Камандарм хадзіў ужо унтэр-афіцэрам, калі Чарняхоўскі толькі нарадзіўся, ён быў ужо камандзірам брыгады, калі таму i статак у сяле даверыць баяліся... Спачатку, калі стары генерал даведаўся, што камандаваць фронтам прыслалі такога маладога чалавека, ён i адчуў сябе пакрыўджаным, i падумаў, што «гэтаму юнаку» :невядома чаму вельмі шанцуе. Але Чарняхоўскі ў першы ж прыезд прымусіў забыць пра сваю маладосць: ён так ўпэўнена сябе трымаў, так ведаў справу, што падпарадкоўваў сабе.

«Удачы зрабілі яго, здаецца, залішне самаўпэўненым,—шадумаў камандарм, сочачы за камандуючым.— Маланкавы ўзлёт рэдка абыходзіцца без таго, каб чалавек не пераставаў глядзець пад ногі. Такія ўдалыя перамены вытрымлівае толькі добры арганізм ды моцная галава...»

«Але ў яго ёсць нейкая дзіўная сіла, уменне падначальваць... I колькі энергіі!..»— Праездзіўшы суткі з ім, камандарм адчуваў сябе змораным ушчэнт. — «А яму — хоць бы што!..»

Чарняхоўскі быў незадаволены: разведчыкі дзе-нідзе ў дывізіях не вывучалі як след праціўніка, карысталіся прыблізнымі дадзенымі, мала рыхтаваліся да аперацый.

— Чаму сарваўся «пошук» у Н-скім палку, таварыш палкоўнік?

Чарняхоўскі ступіў да акна, глянуў на вуліцу, па якой ішло некалькі вартавых, — відаць, на змену, хутка павярнуўся к начальніку разведкі.

— Разведка наткнулася, таварыш генерал, на два кулямётныя гнязды.

«I пра гэта ведае», — падумаў мімаволі стары генерал, здзіўляючыся, што камандуючы фронтам ведае пра няўдачу разведчыкаў палка. Сярод многіх вялікіх спраў ён заўважыў i запомніў i гэты малапрыкметны выпадак.

— Чаму яна магла наткнуцца?

— Тых гнёздаў не было раней, таварыш генералпалкоўнік.

— Гэта не адказ разведчыка.

— Разведка не выявіла ix раней...

— Чаму?

Палкоўнік паварушыў кароткімі пальцамі, як бы шукаючы адказ.

— Не ведаеце?.. Дык я вам скажу — яна ішла ўсляпую. Нібы не на аперацыю, а на пагулянку! — На міг запыніўшыся, у цішыні, што запанавала, ён прадаўжаў: — Пошук сарваўся таму, што ў вас у разведцы той-сёй забыўся пра адказнасць за справу. Вось чаму, збіраючыся на «пошук», не выявілі добра сістэму абароны, не падрыхтавалі байцоў. Камандзіры нядбайна аднесліся да аперацыі. З-за ix ленасці i нядбайства задача не была выканана, а трое чалавек расплаціліся сваім жыццём.

Чарняхоўскі гаварыў стрымана, але ў яго словах адчуваўся жорсткі, гнеўны дакор.

— Вінават, таварыш генерал...

— Што вы вінаваты — я ведаю... Вы член партыі?— раптам запытаўся ён.

— Так точна, таварыш генерал. У партыі.

— Не відаць. Білет носіце, а працуеце не па-партыйнаму. Так. Партыйным трэба быць душой, учынкамі...

Ён ступіў некалькі крокаў к акну i, рэзка павярнуўшыся, гледзячы проста ў вочы разведчыку, нібы падводзячы вывад, закончыў:

— Кепска працуеце, таварыш палкоўнік. Вам даверылі важнейшую справу — разведку, лёс тысяч людзей, а вы не цэніце гэта. Без агеньчыку, без ініцыятывы працуеце.

— Разведчыку гэта недаравальна, — адгукнуўся член Ваеннага Савета фронта.

Другія генералы маўчалі. Усе яны разам з камандармам адносілі дакор камандуючага фронтам i да сябе: здавалася, што Чарняхоўскі гаворыць да ўсіх.

Начальнік разведкі глухім, няўпэўненым голасам сказаў, што наладзіць работу лепш.

— Больш не паўторыцца такое, таварыш генералпалкоўнік...

— Абяцаеце?— прамовіў камандуючы тонам, у якім чулася яшчэ ранейшая рэзкасць. — Ад вас будзем патрабаваць асабліва. Улічыце...

— Я стрымаю сваё слова, таварыш генерал.

— Пагляджу... Можаце ісці...

Палкоўнік, адразу адчуўшы палёгку, хутка вышаў.

Чарняхоўскі спыніўся на момант у роздуме, потым энергічіна ступіў к сталу, кінуўшы на хаду:

— Прашу бліжэй...

Ён сеў поруч з Емяльянавым, хутка зірнуў на начальніка штаба арміі.

— Як абстаяць справы з дакамплектаваннем часцей?

Генерал «амерыўся ўстаць, але Чарняхоўскі папярэдзіў яго:

— Можаце сядзець...

Генерал сказаў, што стралковыя дывізіі папоўніліся; ён, надзеўшы пенснэ i выняўшы з партфеля лісток паперы, пералічыў, колькі кожная часць атрымала салдат, сержантаў, афіцэраў.

— У якіх часцях i які яшчэ недакамплект?

Чарняхоўскі выняў з кішэні аловак, але пісаць не стаў, звёўшы прыгожыя чорныя паўдугі брывей, уважліва слухаў. Адказваў яму цяпер камандарм, які таксама падышоў к сталу. Даслухаўшы да канца, Чарняхоўскі, не робячы якіх-небудзь заўваг ці меркаванняў, зноў кінуў:

— Які наогул недакамплект малодшых камандзіраў?

Ён усё патрабаваў адказу: колькі сержантаў падрыхтавалі непасрэдна ў арміі, колькі афіцэраў?

— Гэта ясна, — заключыў ён, стукнуўшы тарцом алоўка, нібы ставячы кропку. — Цяпер, калі ласка, далажыце, як часці вучацца?

— Аб дывізіях,— Емяльяінаў назваў прозвішчы камандзіраў, — можаце не гаварыць...

— Галоўную ўвагу на гэтым тыдні мы звярнулі, таварыш камандуючы, на дзеянні падраздзяленняў ва ўмовах глыбокапрарванага фронта праціўніка... У дывізіях былі праведзены заняткі з камандзірамі палкоў, батальёнаў i штабнымі работнікамі...

Камандарм спакойна, паступова разгортваў карціну вялікай вучобы, якая ішла ва ўсёй арміі, i ў салдат i ў генералаў, на пярэднім краі i ў рэзервных часцях.

— Адна важная заўвага, — прамовіў Чарняхоўскі,— трэба больш вучыць узаемадзеянню. Асабліва з танкамі, з мехчасцямі... Наша будучая аперацыя — гэта я пакуль магу сказаць толькі вам, — камандуючы акінуў вачыма генералаў, што сядзелі насупраць,— аперацыя, у якой будуць дзейнічаць вялізныя масы танкаў...

Чарняхоўскі пачаў гаварыць пра свае ўражанні аб арміі. Ен сказаў, што армія пакуль яшчэ нездавальняюча рыхтуецца да наступлення.

— Вы працуеце па прынцыпу: управімся. Такое становішча нельга далей трываць. У нас часу на падрыхтоўку — у абрэз. Трэба працаваць — гэта належыць ўсім добра засвоіць — з гранічным напружаннем усіх сіл, усіх сваіх магчымасцей.

Камандарм мімаволі падумаў з ціхай зайздрасцю: «Мне б столькі сілы, столькі энергіі, як у яго... Так, гады...» ён раскрыў блакнот, каб запісаць распараджэнні i заўвагі Чарняхоўскага.

«Падцягнуць разведку», — вывеў ён акуратна i хутка, прыгадаўшы размову Чарняхоўскага з палкоўнікам, потым дадаў ніжэй: «даўкамплектаваць часці», «узаемадзеянне з танкамі»; залажыўшы лісток алоўкам, прыкрыў блакнот i стаў слухаць, крыху схіліўшы сівую галаву, пазіраючы ціхімі, разумнымі вачыма на Чарняхоўскага.

— Часу нам засталося мала. Стаўка вызначыла тэрмін гатоўнасці — сярэдзіна чэрвеня. А работы ў нас многа... Я думаю, для вас цяпер ужо не сакрэт, што рыхтуецца вялікае наступленне, адзін з самых грандыёзных удараў. Удар вялізнага стратэгічнага значэння...

— Усю гэтую падрыхтоўку мы павінны зрабіць у самай строгай тайне. Гітлераўцы, гэта ясна, ведаюць, што мы не прымірымся з тым, каб яны яшчэ сядзелі на нашай зямлі. Яны чакаюць наступлення. Гэта факт. Але яны не ведаюць, дзе i калі яно пачнецца. Трэба, каб у адносінах нашага фронта яны былі спакойны: прашу, як i раней, старанна ўмацоўваць абарону, убіваць у ix галовы думку, што мы збіраемся стаяць, доўга стаяць...

Ён зрабіў яшчэ некалькі заўваг. Ліст блакнота камандарма неўзабаве быў запоўнены, i генерал перавярнуў яго.

— Таварыш камандуючы,— падняўся Чарняхоўскі, выходзячы з-за стала.— Мне дакладваў камандуючы артылерыяй — вы не рэалізавалі апошніх нарадаў на боепрыпасы.

— Вывезу сёння ўночы.

— Не адставайце! Накіроўвайце ўвесь транспарт, які можаце, i — капіце, запасайцеся!

Аловак камандарма хутка пабег: «боепрыпасы».

— Як вы, Васіль Макаравіч, настроены — тут паснедаем?— павярнуўся Чарняхоўскі к Емяльянаву.

— Калі нашы гаспадары запросяць, то я не пярэчу...

— Мы — народ гасцінны,— жартаўліва ўсміхнуўся камандуючы арміяй.

Чарняхоўскі з Емяльянавым, камандуючым арміяй i іншымі генераламі накіраваліся ў суседнюю хату. Тут, у чыстым сялянскім пакоі, у якім гаспадарылі вайсковыя, генералы селi снедаць.

— Камарова, паручэнца майго не забылі?— запытаў Чарняхоўскі ў маладога хлопца ў белай куртцы, што ледзь сыходзілася на ім, які падаваў боршч.

— Не забылі, таварыш генерал. Iм падрыхтавалі ў суседнім пакоі...

— I аўтаматчыкаў не пакрыўдзіце.

— Нікога не пакрыўдзім, таварыш генерал.

Член Ваеннага Савета фронта Емяльянаў, размешваючы лыжкай каву, запытаўся ў камандарма, які нядаўна быў дома, у Свярдлоўску, як жывуць жонка i дзеці.

Генералы з цікавасцю слухалі...

— А я днямі гаварыў па тэлефоне з сынам, — прамовіў Чарняхоўскі, мякка ўсміхаючыся вачыма. — На фронт, да мяне хоча! Памагаць, кажа, буду. Вы не бачылі, таварышы, майго памочніка?

Ён выняў з кішэні кіцеля фатакартку, на якой былі зняты чарнявая, з такімі ж, як у бацькі, вачыма i бровамі дачка i русявы, падобны на маці, сын. Сын, з далікатным тварам, з акуратнай грыўкай, быў апрануты ў вайсковую форму з маленькай партупеяй.

— Вось ён, памочнік!

— Так, памочнік, відаць, сапраўдны! Ваенны таварыш! Нічога не скажаш іншага...

Калі ўсталі з-за стала, камандарм загаварыў:

— Як вока?.. Так, таварыш камандуючы, блізка прайшла паўз вас чорная старуха...

— Паўз каго яна не праходзіць...

— Асцерагаліся б... Гэта нягодніца не зважае ні на гады, ні на званні...

Чарняхоўскі прамовіў абыякава, так, як адказваюць на тое, што ўжо надакучыла чуць:

— За мяне, таварыш генерал, можаце быць спакойны. Ва ўсякім выпадку датуль — магу нават абяцаць,— пакуль не пачнем наступлення.

Генералы падаліся на двор. Следам за імі, спрытна абцягнуўшы кіцель, прамы, з выглядам строгім i дзелавітым, вышаў Камароў.

Машыны камандуючага i Емяльянава стаялі каля разламанага плота пад старым, з абшарпаным камялём вязам.

Тут, каля сваёй машыны, Чарняхоўскі стаў развітвацца. Падаўшы руку камандуючаму арміяй, прамовіў напаследак:

— Падцягніце вы разведку, таварыш генерал. Я ёю незадаволен асабліва...

Ён сеў поруч з шафёрам. Камароў зачыніў дзверцы i спрытна юркнуў на задняе сядзенне, дзе ўжо быў аўтаматчык.

Чарняхоўскі загадаў:

— У штаб фронта!


Раздзел II


1...

Неўзабаве пасля таго, як гітлераўскія часці пакінулі раён блакады, брыгада Ермакова вярталася на ранейшае месца.

Тыя два тыдні жыццё ў брыгадзе Ермакова было трывожнае: некалькі разоў узнікалі гарачыя баі з карнікамі. Брыгада была ўвесь час «на нагах»: мянялі месца, каб унікнуць пятлі, якую імкнуліся накінуць карнікі. На хаду, як можна, стараліся падлячыць раны, папоўніць парадзелыя рады новымі людзьмі.

Сумна i панура сустракалі партызан родныя вёскі. Усюды чарнелі папялішчы. Пуста было на вуліцах. Вецер гнаў попел, абсыпаў ім траву.

Гітлераўды ў вёсках насадзілі ўсюды ўпраў, панаставілі паліцаяў. Па дарогах да станцый аўтаматчыкі гналі натоўпы дзяўчат, каб адправіць у Германію.

У сёлах на былой «партызанскай зямлі» ўсюды лютавалі гестапаўцы, здраднікі i рабаўнікі. Людзі жылі ў страху i жудасці.

Як толькі партызаны вярнуліся ды крыху ўладаваліся з дарогі, яны сталі «расчышчаць зямлю» ад гэтай погані. У першы ж дзень Ермакоў разагнаў два бліжэйшыя да брыгады гарнізоны.

...Надвечар людзі збіраліся на аперацыі. Ішлі разведчыкі ў далёкія вёскі, на торфазавод, які аднавілі немцы. Дзве групы накіроўваліся граміць гарнізоны. Ермакоў сам праверыў, як яны падрыхтаваліся, перадаў ім свае парады.

Адну трупу, якая выпраўлялася ў Сялюцічы, узначальваў Васіль Крайко.

У яго групе быў славак Ляхора, рослы хударлявы хлопец, старанны i дабрадушны, якога ўсе лічылі чэхам. На ім была гімнасцёрка, увабраная ў рудыя суконныя штаны, якія ён любіў насіць з напускам на боты.

Ён прышоў у брыгаду каля года таму, уцёкшы з нямецкага ахоўнага батальёна, куды яго сілком мабілізавалі ў Славакіі. Ляхора перад тым як прыйсці ў брыгаду быў у Сялюцічах, з якіх яго i прывяла ў лес дзяўчына-сувязная.

— Іду дамоў!—пажартаваў славак.— Ці жывая там Ганка?

Ён, было чуваць, вельмі трывожыўся пра яе.

Вася ў гэты вечар быў узрушаны. На тое ў хлопца меліся важныя прычыны: камісар сказаў, што заўтра будуць прымаць Васіля ў партыю. Ен прасіў, каб да пачатку сходу Вася пастараўся вярнуцца ў атрад.

Хлопцу хацелася ў гэтую ноч зрабіць што-небудзь незвычайнае. Азіраючыся назад, Васіль з непакоем адчуваў, што ў яго жыцці мала было такіх гераічных учынкаў, якімі можна было б ганарыцца...

Ды i наогул усё ў яго яшчэ так няясна. Ен усё думае, што будзе рабіць, калі вайна скончыцца, i — нічога пэўнага. Ніяк не знойдзе аднаго,— i тое вабіць, i другое. Калісьці ён ірваўся паехаць у Арктыку, потым у вайну, пасля таго, як расстралялі бацьку, хацеў вярнуцца дамоў, стаць з цягам часу на яго месца, дырэктарам МТС. А цяпер рашыў — будзе вынаходцам.

Не, гэта ўжо цвёрда, ён будзе вынаходцам. Добра — шукаць, шукаць, ламаць галаву І, нарэшце, дабіцца, дайсці да свайго. Выдумаць якую-небудзь такую машыну, каб яна магла нячутна падыходзіць да варожых дотаў i біла б ва ўпор, а каб яе нішто не магло разбіць.

Сялюцічы былі даволі далека ад размяшчэння брыгады, i група падышла да ix толькі апоўначы.

У рэдкім хмызняку Ваоіль спыніў байцоў, вырашыўшы яшчэ раз папярэдне разведаць вёску. Ён паслаў наперад хуткага i асцярожнага Ляхору з двума хлопцамі. Тут у крайняй хаце жыла знаёмая славаку дзяўчына, сувязная, ад якой, на яго думку, можна было даведацца пра ўсё, што ім трэба.

Партызаны сядзелі ў хмызняку i чакалі. Было ціха. Адно недзе на сяле чулася п'яная песня — асіплыя, прапітыя галасы то крычалі на ўсё горла, не слухаючы адзін аднаго, то зусім заціхалі.

Ляхора i хлопцы вярнуліся не адны. З імі была дзяўчына,— яна ў цемры старалася разглядзець хлопцаў, што абступілі з усіх бакоў.

— А тут паліцаі брахалі, што ўсіх перабілі, а Тураўца i Ермакова павесілі! — Твару дзяўчыны ў змроку амаль не было відаць, i толькі па голасу адчувалася, як яна рада таму, што яны прышлі.

Дзяўчына сказала, што частка салдат i паліцыі размяшчаецца з краёў сяла — нясуць варту, большасць жа ix у хаце каля паліцэйскай управы. Некалькі гітлераўцаў гуляюць у млынара,— гэта яны i крычаць.

Вася пра млынара яшчэ раней чуў: кулак, ссыльны, невядома як вярнуўся ў пачатку вайны. Збожжа ў яго было багата, гнаў самагонку i п'янстваваў з паліцаямі. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў.

Паліцаі ў сяле адчуваюць сябе спакойна: яны яшчэ, напэўна, не ведаюць, што партызаны вярнуліся.

— Тут адзін з партызан служыць у ix,— сказала раптам дзяўчына.— Грэчка, можа, ведаеце?

— Грэчка?— Васілю ўспомнілася тая раніца, калі памёр Шабуня.

«Значыць-такі праўда — Грэчка ўцёк».

— У, шкура!— аж скрыгнуў зубамі Вася,— Перабег, падлюка!

Другія партызаны, што ведалі Грэчку, былі таксама ўражаны i разгневаны.

— Эх, няхай ён мне пападзецца толькі! — пагразіўся адзін з ix.

— Можаш правесці нас непрыкметна да той хаты... да ix гняздо? — запытаўся Васіль у дзяўчыны.

— Чаму ж не! От, яшчэ пытаецеся... Я вас пад самае акно падвяду...

Вася накіраваў частку партызан, каб зняць варту, а сам з іншымі стаў гародамі прабірацца ўслед за дзяўчынай. Яна вяла ix па нейкіх, адной ёй вядомых, сцежках. Пералезлі жардзяны плот, потым адзін за адным ішлі па разоры, перайшлі грады і, нарэшце, апынуліся ў невялікім садку. Крыкі несліся з хаты непадалёк.

Дзяўчына спынілася: тут яны.

Крайко накіраваў на вуліцу з двух бакоў ахову, а з іншымі пачаў прабірацца да хаты. Адно акно было прыадчынена, а занавеска трохі адсунута. Уважліва агледзеўшыся, Крайко асцярожна зазірнуў у акно i ўбачыў двух немцаў i паліцая. Гітлераўцы спрачаліся аб нечым, a паліцай, узлёгшы грудзямі на стол, драмаў.

Васіль нырнуў ў змрок, наблізіўся да Ляхоры, які, прытаіўшыся каля плота, трымаў кулямёт.

— Як толькі стрэлю: сячы,— шапнуў Васіль.— Каб ні аднаго жывога...

Ён ценем мільгануў да вугла хаты.

Ледзь толькі Вася выставіўся з-за вугла, як убачыў, што проста на яго сунуцца дзве постаці.

— Wer ist da?[4] — запыталася адна з ix.

Назад адступаць было позна. Хлопец адразу націснуў кручок аўтамата. Праз хвіліну коратка адгукнуўся кулямёт Ляхоры.

Вася, пругка сціскаючы аўтамат, на міг прыпаў да сцяны насцярожаны, гатовы да ўсяго.

— За мной!..

З рашучасцю, якая ўзнікала ў ім, калі трэба было дзейнічаць неадкладна, ён ускочыў у хату. Адзін гітлеравец ляжаў на падлозе забіты, другога ўжо не было ў пакоі. Паліцай, як i раней, сядзеў за сталом, схапіўшыся рукой за плячо, з якога цурчала кроў, трасучыся, спалохана пазіраў на партызан.

Некалькі партызан кінуліся ў суседні пакой, але адтуль грымнуў стрэл, i яны спыніліся.

— Здавайцеся, гады, інакш пераб'ем усіх! — загадаў Вася, стрымліваючыся, каб не кінуцца зараз жа ў пакой.

Нейкі гітлеравец паспрабаваў, відаць, уцячы праз акцо, бо адтуль пачуўся ўдар па раме, а за ім стрэлы на двары. Партызаны, кінуўшыся за Васілём у пакой, знайшлі яшчэ аднаго пад нарамі.

Калі Васіль выбег на двор, перад ім раптам ўзнікла постаць, якая ішла насустрач.

— Хто тут паліць?— пачуўся сіплы голас.

Ледзь варочаючы языком, незнаемы брыдка вылаяўся.

— Бал-лва-цца, сук-кіны ўнукі!..

Вася ніяк не чакаў такога павароту справы. Ён спачатку падумаў, што тут які-небудзь хітрык, але па гаворцы, па тым, як постаць хілілася з боку на бок, з паху самагону, якім на яго патыхнула, адчуў, што чалавек i праўда «ў дым» п'яны i, відаць, сонны.

П'янага адразу акружылі i, заткнуўшы яму рот анучай, павалілі. Не звяртаючы ўвагі на тое, як паліцай, якому сталі звязваць рукі папругай, глуха рычыць і, стараючыся вызваліцца, выгінаецца, Вася прыслухаўся, — на другім канцы сяла, куды пайшлі другія партызаны, яшчэ часта ляскалі стрэлы...

Паблізу знаёмы дзявочы голас запытаўся, дзе камандзір.

— Надоечы тут склалі спісы, каго ў Нямеччыну браць,— падбегшы да яго, хутка, горача загаварыла дзяўчына.— Кажуць, што ў спісы i сувязных запісалі. Скажыце, каб забралі ix!

— А дзе яны?

— Ды тут, ва ўправе. У шафе, мусіць.

Даручыўшы паліцая аднаму хлопцу, Вася, не трацячы часу, разам з дзяўчынай накіраваўся ў пакой.

Папрасіўшы дзяўчыіну, каб пасвяціла яго ліхтарыкам, ён з усёй сілы ўдарыў ложай аўтамата па замку, што вісеў на шафе. Пасля другога ўдару сагнуты прабой упаў, i Вася расчыніў дзверцы. На палічках ляжалі папкіі паперы, ён, не разглядаючы, хутка сабраў ўсё. Дзяўчына, якая перад тым толькі сачыла за ім, сама стала аглядваць усе палічкі, правяраючы, ці ўсё забралі.

— Не згубі, глядзі!—недаверліва сказала яна Васілю.

Аддаўшы ёй паперы, Васіль выбег з хаты. Страляніна, што даходзіла з другога боку вуліцы, ужо амаль сціхла.

Сяло, якое да гэтага здавалася пустым, з якога, пачуўшы страляніну, многія жыхары ўцяклі ў лес, стала ажываць. Пачуўшы родную мову, даведаўшыся, што прышлі партызаіны, на вуліцу пачалі нясмела выходзіць людзі. Перажыўшы страшныя дні, яны выбіраліся са сваіх сховішчаў з асцярогай, яшчэ не зусім верачы радаснай навіне.

— Ермакоўцы прышлі! Ермакоў вярнуўся!— ішло на вуліцы ад двара да двара, ад чалавека да чалавека.

— Вярнуліся!..

Радасць людзі выказвалі ціха, стрымана.

Старыя, жанчыны, дзеці абдымалі хлопцаў, плакалі, iў слязах было i шчасце сустрэчы, i нядаўні боль, i сум утрат.

— А я думала — фашысты!.. — збянтэжана прызналася нейкая жанчына.

Многія расказвалі пра свае жахі, якія перажылі за гэтыя дні. Другія пыталіся пра Ермакова, пра Тураўца i знаёмых партызан.

Тут падвялі звязанага паліцая, які, выявілася, быў начальнікам паліцыі, i гаворка пайшла ў іншым кірунку. Жанчыны накінуліся на яго з усіх бакоў і, каб не партызаны, разарвалі б на месцы. У кожнай, відаць, была свая злосць да гэтага стварэння. Паліцай хутка працверазіўся. Удары, праклёны, пагрозы сыпаліся адусюль, i ён толькі скрыпеў зубамі, азіраючыся ва ўсе бакі. Але цяпер яго ніхто не баяўся.

Людзі прасілі, каб хлопцы аддалі яго на ix суд.

— Чаго з ім валаводзіцца! Павесіць яго, ірада, i суд ўвесь!

Але Васіль аддаць ім паліцая не дазволіў, сказаўшы, што Ермакоў прасіў прывесці аднаго дапытаць.

— Што зарабіў, атрымае,— паабяцаў Вася такім тонам, што нельга было сумнявацца.— Шкада толькі, што Грэчку выпусцілі. Выкруціўся на гэты раз...— Ён чамусьці быў перакананы, што Грэчка выратаваўся ад партызанскай кулі, хоць забітых яшчэ не агледзелі.

Хлопцы сталі выпраўляцца ў дарогу. Набліжалася світанне, a ім трэба было ісці добрыя тры гадзіны. Вясковыя невялікім, але гаманкім натоўпам праводзілі ix за сяло.

— Глядзіце, не пушчайце ix эноў сюды!—калі сталі развітвацца, трымаючы Васіля за руку, сказала незнаемая жанчына.

Васіль пакляўся:

— Не пусцім, маці, больш! Будзьце спакойны...



2...

Вярнуўшыся дамоў, Васіль рашыў зайсці ў шпіталь.

За таго паўмесяца, што мінуў з часу блакады, ён ні разу не бачыў Валі, але часта думаў пра яе. Напэўна, ніколі не была яна такой прывабнай i любай яму, як у гэтыя трывожныя дні. Шашура, пасміхваючыся, расказаў Васілю, што «сястра» прыходзіла ў яго акоп, непакоілася.

«Закахалася, брат, дзяўчына. Факт! Капітуліравала зусім!»— засмяяўся грубаваты падрыўнік. Васіль за гэты смяшок ледзь не выцяў таварыша. Ён думаў пра Валю з пяшчотай.

Крыўдная спрэчка, якая тады ix раздзяліла i аддаліла, даўно забылася. Васіль быў лагодны, не памятлівы на зло чалавекам, а пасля таго, што ён перажыў у гэтыя дні, тая хмурынка здавалася проста дробяззю. Пра нялюбага Ермакова Васіль думаў цяпер з пагардай пераможцы.

Шпіталь ужо зусім асталяваўся. Цяпер у ім было спакойна, пуставата, бо амаль усіх раненых адправілі на самалётах у Маскву. На той бок у тыл паляцелі i дзеці, падабраныя ў часе блакады. Каля аднаго будана Вася спаткаў Марыю Андрэеўну, перад якой звычайна адчуваў нейкую збянтэжанасць, бо яму здавалася, што гэтая строгая жанчына ведае пра ўсё.

— Вам да каго?

— Мне трэба бачыць... Залескую,— адказаў Вася.— Па адной важнай справе. Яна цяпер вольная?

— Вольная, але яе тут няма.

— А дзе ж яна?

— Яе ў штаб паклікалі...

— У штаб брыгады?

— Брыгады.

Вася адразу накіраваўся к сцежцы, што вяла к штабу. Ён стараўся стрымліваць сябе, бо ногі самі сабой паскаралі хаду. «У штаб брыгады?.. Для чаго яна спатрэбілася раптам штабу,— думаў ён, адчуваючы непакой. Васіль знарок супакоіў сябе: — Для чаго? Ці мала для чаго маглі яе выклікаць?» У яго быу сёння даверлівы, лагодны настрой.

Неспадзеўкі за паваротам сцежкі Васіль убачыў на палянцы ўбаку такую знаёмую постаць Валі.

Яна была не адна.

Васілёвы ногі адразу нібы прыраслі да зямлі: з Валяй стаяў камандзір брыгады! Па-вайсковаму стройны, у галіфэ, з партупеяй, Ермакоў штосьці гаварыў Валі, беручы яе за руку.

Яна не вырвала руку, не вырвала! Вася заўважыў гэта, і ў горле яго раптам стала суха i горка.

Ен стаяў, разгублены, не маючы сілы крануцца з месца, нічога нібы не цямячы. Як бы праз сон заўважыў наводдаль на сцежцы ардзінарца камбрыга, які трымаў за павады коней...

Праз нейкі час Валя, быццам адчуваючы, што за імі сочаць, азірнулася.

I хлопец нібы апрытомнеў, знарок хутчэй адвярнуўся. Адвярнуўся i, спяшаючыся, падаўся назад.

Прайшоўшы нямала, ён схамянуўся, што ідзе зноў у шпіталь, i павярнуў у пануры гушчар. Прадзіраючыся цераз арэшнік i розную лясную драбнату, ён адчуў — зразумеў горкае: «Яна любіць не мяне! Не мяне!» Але амаль адразу ж яму згадаўся расказ Шашуры пра тое, як яна прыходзіла ў акоп, непакоілася пра яго. «Капітуліравала, брат, зусім!»

«Чаго яна прыходзіла тады? З якой прычыны?.. А можа... — неспадзеўкі прышло яму ў галаву, — а можа, яна любіць i мяне i... яго?»

Гэтая думка яго пакрыўдзіла, у блакітных, як неба, вачах хлопца бліснула маланка. Што ж, няхай яна любіць Ермакова свайго, калі ён так падабаецца. Няхай!.. А пра яго, пра Васіля, няхай забудзе! Забудзе! Назаўсёды!

Ён сюды больш не прыдзе!

Дзяўчына, убачыўшы як Вася адвярнуўся i хутка рынуўся назад, спахмурнела, але не падала нават выгляду, што шкадуе пра гэта. Падумаеш, які! Слова сказаць не захацеў, пабег, — даганяйце яго! Шчасце якое!

Валянціна ганарліва адвярнулася ад сцежкі.

— Ты што гэта хмарнай такой стала? — заўважыў Ермакоў. Ён азірнуўся, але на сцежцы ўжо нікога не было.

— Чаго гэта я хмарная? Якая была, такая i ёсць!.. A калі вам гэта не падабаецца, то я не вінавата.

Яна пачала чамусьці злавацца.

— Што вы хочаце ад мяне?.. I наогул, чаго вы да мяне ездзіце, не разумею?

— Чаго, Валюша? Амаль нічога. Проста хочацца цябе бачыць... Цягне да цябе, няўжо гэта так дзіўна?

— Дзіўна.

— Што ў гэтым дзіўнага, Валюша?

— Што? Вы не ведаеце?.. А тое хоць бы, што вы не пара. Вы чалавек жанаты, — што я вам? Пагуляеце, пагуляеце, — пазабаўляецеся, як з лялькай, а далей што?

Што далей, Ермакоў не мог сказаць, не быў гатовы да такога пытання.

— Ты для мяне не лялька, Валюша...

— Не кажыце!.. Бачыла я, чым такія рэчы канчаюцца... Толькі б я не была б такой рахманай, як другія,— сказала рашуча i гнеўна дзяўчына. — Я калі б да каго пайшла б, то ўжо ён ад мяне не адкруціўся б. Я не дала б, каб мяне кінулі!

— Ты што — палохаеш?— Ермакоў паспрабаваў абняць яе, але Валя адвяла яго рукі.

Ен пачынаў таксама злаваць. Што яна гне з сябе, гэтая дзяўчына ганарлівая?

— Цябе нейкая муха сёння ўкусіла, мусіць! Ты штосьці не ў настроі... Відаць, другім разам трэба прыехаць.

— Нашто? I так заўважылі, што вы ездзіце да мяне. Гаворка розная пайшла... Пабераглі б сябе!..

Гэта ўжо зашмат! Ермакоў выпраміўся, папраўляючы пояс, кінуў на яе шалёны позірк.

— Ну, мне настаўнікі пакуль не патрэбны!

Ён гукнуў ардзінарца i, незадаволена развітаўшыся, падаўся насустрач яму.

Валя пабрыла па прывычцы да сябе ў шпіталь, потым схамянулася, павярнула ў лес. Вяртацца ў шпіталь не хацелася, хацелася быць на адзіноце.

Крыўда паліла яе грудзі. Яна столькі чакала, калі ён прыдзе, i, вось на табе, дачакалася! Сустрэла! Ах, чаму ўсё ў жыцці нядобра так складваецца!

Яна апусцілася на траву, легла тварам да зямлі, падлажыўшы пад галаву далоні рук. Больш ён ужо не прыдзе! Васілёк, Васілёчак. I чакаць не трэба!

Ей хацелася плакаць.



3...

Чым бліжэй падыходзіла Шабуніха да роднага сяла, тым больш хвалявалася. Праўда, з боку гэтага амаль не было відаць, здавалася яна спакойнай i заклапочанай, як заўсёды. Толькі стала нейкая безуважлівая. Пытаецца аб чым-небудзь Волька — яе заўсёды цікавяць розныя рэчы, — a маці не чуе i не адказвае. Трэба паўтарыць некалькі разоў, пакуль яна, нарэшце, схамянецца, запытаецца няўцям: «А-а? што?»

— Ці хутка, мамка, нашае сяло? — пытаецца Волька. Яна за дарогу натамілася, падбіла ногі.

— Цяпер хутка, — адказвае Шабуніха, паглядаючы ўдалеч.

Цяпер хутка. Вось як выйдзем з лесу, адразу i будуць Паплавы. Людзі добрыя, што там?! Яна мімаволі паскарае крок. Волька, як бы зразумеўшы, што хутка канец шляху, моўчкі тупае поруч, не выпускаючы матчынай рукі. Андрэй не вытрымаў, выбег наперад. Яму хочацца першаму зірнуць на сяло.

Ён неўзабаве вяртаецца. Ідзе назад дзіўна павольна, з нейкім вінаватым выглядам. Потым кінуўся да маці, уткнуўся тварам у яе грудзі.

— Мама! — прамовіў спалохана.

Унутры ў яе раптам штосьці абарвалася. Яна адчула, што здарылася тое, чаго яна баялася. Але, пагладзіўшы рукой галоўку сына, прашаптала супакойліва:

— Нічога, нічога, сынчык.

Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Вось апошні паварот. Яна ўбачыла наперадзе тое месца, дзе раней было сяло. Малюнак, што паўстаў перад вачыма — нечаканы, незнаемы, — вельмі ўразіў яе. Яна прывыкла ўсё жыццё, ад самага маленства, бачыць адсюль стрэхі хат, саламяныя, гонтавыя, бляшаныя, высокія i прысадзістыя, якія цягнуліся ў рад. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды доўгія будыніны калгасных абор i свірнаў, уздымалася некалькі вялізных стагодніх вязаў. У сярэдзіне сяла яна бачыла заўсёды сваю крытую бляхаю хату. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока.

Цяпер перад ёй было пуста i дзіка. Віднелася толькi некалькі хлявоў ды вязы на ўзгорку, але i яны былі голыя, пакалечаныя, з кароткімі, нібы абсечанымі, каструбаватымі галінамі. Ад гэтых вязаў усё навокал здавалася яшчэ больш дзікім. Гледзячы на ix, хацелася крычаць.

Шабуніха не спынілася, не закрычала. Усё так жа, ведучы Вольку i несучы дзіця, яна ішла па дарозе да хаты, хоць хаты не было. Ішла, быццам не верыла ў тое, што бачыла сваімі вачыма. Як жа яна магла спыніцца, калі ўсе гэтыя дні столькі думала пра сваё селішча, так ірвалася да яго? Як яна магла не ісці туды, калі звыкла за жыццё лічыць, што тут цэнтр свету? Ёй здавалася, што ўсе шляхі, вялікія i маленькія, бягуць сюды. Ды i куды яна магла вярнуцца?.. Яна, неяк цьмяна адчуваючы ўсё, што з ёй дзеялася, ішла па знаёмай дарозе, чамусьці спяшалася, нібы баялася не ўправіцца ў час, i ўсё аднастайна, крыху напалохана, шаптала:

— Нічога, нічога, сынчык...

Узышла на тое месца, дзе была вуліца, павярнула амаль подбегам да сваёй сядзібы. Тут упершыню Аўдоцця разгубілася. Дзе ж гэта яно, яе даўняе селішча? Дзе хата, высокая, абвітая з вуліцы хмелем, з цынкавым дахам? Дзе яна хоць стаяла, дзе след ад яе, ад хаты?! Божа мой, няможна пазнаць! Няможна пазнаць селішча, на якім пражыла век, дзе кожны кавалачак зямлі тысячы разоў таптала. Папялішчы ўсе падобны адно на адно...

Аўдоцця не знайшла ад першага разу сваёй сядзібы, абышла, прамінула. Калі стаялі ў рад хаты, вуліца здавалася вельмі доўгаю, а цяпер нязвычна, дзіўна скарацілася. Аўдоцця прайшла крыху лішняга, вярнулася назад. Дзе ж яе хата?.. Можа, гэта яна забыла сваё сяло, ходзячы па лясных сцежках з партызанамі? Можа, гора i ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў яе памяць, замутнілі розум?

— Тут, мама, тут, — падказаў Андрэй. — Вунь стаяць нашы дзічкі. Толькі яны абгарэлі...

Так, гэта яе селішча... Увайшла ў двор, скінула клунак, што намуляў плечы. Малы Валодзька, адчуўшы пад сабой зямлю, пабег, хутка перабіраючы пухлымі ножкамі. Яго зацікавіў вялікі чорны, задымлены ліст бляхі, што ляжаў сярод двара. Валодзька пацягнуў за край бляхі. Чорны ліст загрымеў: бу-бу-бу. Гэта спадабалася хлопчыку, i ён шчасліва, заплюшчыўшы вочы ад задавальнення, засмяяўся. Праз хвіліну ён зноў пацягнуў ліст, i ліст зноў загрымеў: бу-бу-бу-бу.

— Андлей, глядзі!

Андрэй стаяў пануры i з засмучэннем паглядаў на маці, якая, падкурчыўшы пад сябе ногі, стомлена сядзела на зямлі. Аўдоцця ўлавіла гэты позірк i схамянулася: нельга так сядзець, трэба нешта рабіць. Толькі што рабіць?

Неспадзявана яе агарнула дзіўнае пачуццё. «Не, гэта не Паплавы, — падумала яна, — не Паплавы!..»

Гэта нешта чужое, незнаёмае!..

Яна азірнулася вакол. Усё здавалася чужым. Чужое, чужое! З грудзей яе на міг спаў неадступны, даўкі цяжар, стала лягчэй i вальней.

Але думка пра тое, што трэба нешта рабіць, чамусьці ўсё не выходзіла, i Аўдоцця сказала Андрэю:

— Давай падбярэм, што засталося.

Позірк яе ўпаў на пагнуты абгарэлы шкілет ложка з двума колцамі ўгары, які наўскасяк тырчаў з пяску i вуголля. Гэта ж ix ложак! О, яна добра ведае гэтыя раней бліскучыя нікелевыя кружкі з выціснутымі, як вянок, лісточкамі. У яе памяці адразу ажыло: тут нядаўна, завітаўшы ў хату, моцным сном спаў Змітро.

У яго быў аброслы шчацінаю твар, даўно не стрыжаныя віслыя вусы. Яна мыла ў начоўках гімнасцёрку i ўсё падыходзіла да ложка ды глядзела на яго. У яе тады было неспакойна на сэрцы, нібы яна прадчувала ўсё, што будзе.

«Не, гэта не чужое!»— з новай сілай дайшло да свядомасці, i грудзі сціснуў цяжар, яшчэ большы, чым раней. Гэта яе ложак, яе хата, яе селішча! Яна ўпала на дробнае, прыбітае дажджом вуголле i, абхапіўшы край паўразбуранай печы, на якой з-пад дымных плям яшчэ дзе-ні-дзе віднелася пабелка, заенчыла:

— Змітро-о!.. О-о-о...

Волька, пачуўшы енкі маці, загаласіла, залемантавала. Валодзька напалохаўся, адразу забыўся пра свой грымотны ліст, закрычаў:

— Ма-ам, ма-а-ам!

Як ні горка было Аўдоцці, яна адразу пачула гэты голас i падняла сумотны, спакутаваны твар да дзіцяці. Хвіліну глядзела на сына няўцямна, як непрытомная. Потым паволі паднялася, падышла да хлопчыка i ўзяла яго на рукі.

— Чаго ты, дурненькі? Чаго, малы?.. Забыліся ўсе пра цябе, пакінулі.

Валодзька прыціснуўся тварам да матчынай кофты i перастаў плакаць.

— Я, мама, есці хацю!

Яна дастала зачарствелы, як камень, кавалак хлеба, адламала акрайчык, i Валодзька, умінаючы яго, павесялеў.

— Пліедзе тата. Ён тут злобіць дом, вялікі!.. Як... як глусы!..

— Зробіць, — сказала яна, утрымліваючы рыданне. Яна сумна азірнулася.

Аўдоццю неспадзеўкі ўразіла тое, што за папялішчам некалькі ўцалелых ігрушак буялі яркай вясновай зелянінаю, бела-ружовым цветам! Дзівам уцалелыя ад пажару, яны ў сваім белым адзенні пазіралі весела i радасна!

У Шабуніхі мімаволі мільганула думка, як не ў час прыбраліся гэтыя ігрушкі. I ўсё-такі ёй было добра бачыць, што нават тут, каля папялішчаў, дрэвы цвітуць. Ix цвіцення нішто не магло спыніць.

Яны жывуць, цвітуць!..



4...

Да Тураўца падступіў насуплены, віхрасты, з доўгімі рукамі хлопчык, кінуў насцярожана позірк.

«Гэта ж сын Шабуні!» — пазнаў камісар, які некалькі разоў заходзіў у хату свайго камандзіра роты i ведаў яго сям'ю.

— Што добрага скажаш, таварыш Шабуня-меншы?

Тураўцу кінулася ў вочы недзіцячая сур'ёзнасць хлопца.

— Вазьміце ў партызаны! — выпаліў адразу, без якога-небудзь тлумачэння, Андрэй.

— Ты што гэта, Андрэй? Ты... сур'ёзна?

— Сур'ёзна. Вазьміце.

— Не, брат, ты гэта жартуючы? Праўда, жартуючы? Вось малайчына, — прыдумаў дык прыдумаў!

Андрэй ад Тураўцовага смеху нахмурыўся яшчэ больш.

— Вазьміце.

Камісар звёў бровы:

— Сур'ёзна, значыцца...

Туравец усім сваім выглядам паказваў, што задача гэтая не абы-якая. Трэба добра падумаць.

— Гм, задаў ты мне задачу. A маці твая, таварыш Шабуня, ведае пра гэта? — неспадзявана пацікавіўся камісар.

Хлопчык вінавата апусціў вочы i не адказаў нічога.

— Не ведае? Ну вось, бачыш. А мы без дазволу маці не прымаем нікога. Абавязкова трэба, каб маці дазволіла. Бо які ж гэта партызан, што самавольна ўцякае ў атрад, наперакор маці? Тут ты, Андрэй, проста парушыў дысцыпліну, a ў нас дысдыпліна самая ваенная. Ніхто нічога не мае права рабіць без камандзірскага дазволу. Ды i наогул трэба шкадаваць маці, бо, можа, яна там цяпер трывожыцца па табе, думае, што, можа, ты прапаў...

— A калі я... калі яна скажа, што можна?

— Калі дазволіць? — Туравец развёў рукі, не ведаючы, што сказаць. — Лепш бы ты, Андрэй, усё ж пабыў пры маці. Ведаеш, як ёй цяпер патрэбна падмога?..

— Я яе папрашу! — упарта прамовіў малы, нібы не чуючы апошніх слоў Тураўца.

«Э, а ты незгаворлівы!.. Нічога, маці, напэўна, цябе хутка ўломіць, калі ты аб'явішся!.. Я яе ведаю!» — падумаў Туравец.

— Што ж, папрасі. Дазволіць — тады іншая рэч. Тады прыходзь, пагаворым. Толькі, каб маці дазволіла!..

Гадзіны праз дзве Андрэй, пануры, нахмураны, уваходзіў на родны двор, да якога ад брыгаднага лагера было кіламетраў восем ці дзесяць. Маці на двары гатавала абед. Яна адразу заўважыла, што сын нечым вельмі ўзрушаны.

— Што гэта з табой, сынчык? Ці не пакрыўдзіў хто?

Ён паглядзеў з-пад нахмураных, ледзь прыкметных залацістых броваў, але не адказаў. Ведаючы ўпарты сынаў характар, Аўдоцця больш не пыталася.

Пасля доўгага маўчання сын неспадзявана папрасіў:

— Ма-ам! Пусці-і!

Яна здзіўлена i крыху ўстрывожана паглядзела на яго. Куды яго пусціць? Па тону гаворкі маці пачула, што яго жаданне вельмі моцнае. Запыталася, хаваючы трывогу, куды ён просіць пусціць.

З адказу Аўдоцця зразумела, што ён быў у атрадзе.

— Ты малы яшчэ, Андрэй. У партызаны прымаюць дарослых, пажылых людзей, а табе яшчэ i трынаццаці гадоў няма. Табе тую вінтоўку i несці будзе цяжка, ты думаеш, яна лёгкая? Там аднаго жалеза, можа, паўпуда. А то ж да вінтоўкі яшчэ i патроны трэба. I ўсё гэта на твае худзенькія кволыя плечы, сыночак. A якія яны пераходы вялікія робяць, ты ж бачыў — па пяцьдзесят i болей вёрстаў. Дужыя дзядзькі i тыя ад утомы ледзьве ногі іншы раз валакуць. А ты ж i без таго паблажэў, учарнеў, умарнеў... Ты ж кволы, як той каласок. I да таго малы яшчэ, цябе не прымуць.

— Ён гаварыў, прыме, абы ты пусціла. Пусці!

Яна сказала з дакорам, што ён зусім не думае пра Валодзьку i Вольку, i пра яе, маці.

— Цяпер, калі бацькі няма, Андрэй, трэба, каб ты дапамагаў мне, бо ты ж цяпер самы старэйшы ў сям'і. Ты цяпер усё роўна, як гаспадар, пра ўсё павінен клапаціцца. Сястра, яна што можа зрабіць? Валодзька зусім малы, неразумны, за ім увесь час трэба глядзець. А я сама ўжо старая, слабая стала, не тое, што бывала раней. Уся надзея на цябе, Андрэй! На цябе аднаго...

Хлопец слухаў гэта ўсё, апусціўшы галаву. Калі маці скончыла, ён падняў вочы на яе:

— А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так i без мяне пераб'ешся.

Маці заплакала.

— Мае сэрца яшчэ баліць па твайму бацьку... Я не хачу трывожыцца за цябе. У мяне i без гэтага гора даволі.

Хлопец не адказаў, але па яго не па-дзіцячы суроваму, халаднаватаму позірку яна прачытала, што ён не пахіснуўся, i адчула, што ён, напэўна, не адступіцца. «Упарты! Увесь у бацьку пайшоў!» — падумала яна з сумам i любоўю. I, мусіць, таму, што яна вельмі любіла Андрэя, што хацела бачыць яго радасным, нечакана прыцягнула яго да сябе, моцна i пяшчотна прыціснула, а потым, злёгку адштурхнуўшы, сказала:

— Што ж, відаць, так трэба... Ідзі!

Андрэй адразу заззяў ад шчасця. Нахмураныя бровы разышліся. Ён прытуліўся да яе тварам i сказаў:

— Ты не крыўдуй, мама. Я не на ўвесь час іду ад цябе, я пакуль толькі вайна будзе. А як прагонім фашыстаў, я адразу вярнуся дахаты. Акрамя таго, я ж буду заходзіць, памагаць! Мам, — сказаў ён узрушаны: — Я хачу быць такім, як тата.

Пачуўшы апошнія словы, маці здзівілася. Прыгледзелася ўважліва да яго, нібы даўно не бачыла або нібы перад ёй быў незнаемы. Аўдоцця ўсё яшчэ лічыла яго маленькім. Яна i не заўважыла, як ён вырас. I вось цяпер Шабуніха ўбачыла перад сабою сталага, разважлівага чалавека, малога мужчыну.

У гэтую хвіліну ёй успомнілася, за туманам даўнасці, маладосць Змітра. Той такі ж быў. «Такі ж непакорны віхорчык i рашучы, халаднаваты погляд, такая ж настойлівасць i сардэчнасць», — падумала з любоўю i зноў, прыціснуўшы сына да грудзей, паўтарыла:

— Ідзі!



5...

Ён, не развітваючыся з малымі, паважна, паводзячы злёгку, як бацька, плячыма, вышаў з двара i хутка закрочыў па вуліцы. Аўдоцця сачыла за ім, чакала, што, можа, гляне назад, усміхнецца яшчэ раз, махне рукою. Але ён не азірнуўся.

У брыгадзе Андрэй адразу знайшоў камісара i аб'явіў, што цяпер усё зрабіў, як трэба — маці адпусціла. Сказаўшы, што цяпер — іншая рэч, нават сумна пахваліўшы за дысцыплінаванасць, Туравец накіраваў хлопца «ў партызаны», у гаспадарчы ўзвод. Андрэй прыкметна ўзрадаваўся, але радасць сваю выказаў скупа, стрымана.

«Хлапчына, відаць, з характарам»,— падумаў Туравец з бацькоўскай пяшчотаю, пазіраючы ўслед Андрэю. Няхай пакуль у гаспадарнікаў абжывецца, прывыкне, а там паглядзім, можа, перавядзем у разведку ці куды. Трэба будзе назіраць за сіратою, дапамагаць, пакуль абвыкне i пасталее, каб хоць не крыўдзілі яго ва ўзводзе.

За гэтым Туравец стаў займацца сваімі справамі i на час забыўся пра маладога партызана, лічачы, што з ім уладзіў.

Але на гэтым не скончылася. Хутка Шабуня-меншы стаяў перад камісарам зноў, насуплены i незадаволены.

— Што такое, таварыш Шабуня? Чым засмуціўся? Можа, сустрэлі няветліва?

— Я хачу ў сапраўдныя партызаны.

— У сапраўдныя? Ну, там жа i ёсць сапраўдныя, толькі што яны займаюцца гаспадаркай. У партызанах, Андрэй мой дарагі, гэта важная справа. Дарэмна ты падумаў, што яны несапраўдныя. Ты вельмі памыліўся.

У Шабуні-меншага на гэта быў іншы погляд.

— Сапраўдныя! Якія яны сапраўдныя!.. Ведаю я ix: не ваююць, а сядзяць у лесе. Бульбу чысцяць ды булён вараць. Так «ваююць» i жанкі ў сяле. Я хачу ў такі ўзвод, дзе ваююць.

Каб пераканаць камісара, ён сказаў, што ўмее ўжо разбіраць аўтамат, ведае, як з ім абыходзіцца, вывучыў добра розныя сістэмы гранат — i нашыя, i трафейныя, — можа зараз, хоць з закрытымі вачыма, разабраць i сабраць пісталет.

— Дзе ты навучыўся гэтаму?

— Бацька паказваў. Калі ён прыедзе дадому, я i пытаюся ў яго —адно, другое. А ён разбярэ аўтамат ці пісталет i расказвае, што да чаго. А пасля яшчэ праверыць, ці зразумеў я. «Вучыся, кажа, сынку, — у наш век такое можа спатрэбіцца!»

Пачуўшы гэта, камісар згадзіўся:

— Ну што ж, можа, Шабуня-меншы, i недарэмна бацька цябе вучыў. Пойдзеш у баявы ўзвод у самы сапраўдны. Да Вaсі Крайко, у атрад Кутузова. Няхай будзе па-твойму.


Раздзел III


1...

Сонца ўжо хілілася да захаду, калі Васіль прышоў на сход.

Партызаны толькі што пачалі збірацца. Па меры таго, як яны паступова запаўнялі паляну, у сэрцы Васіля ўздымалася хваляванне.

Ён адчуваў сябе ў цэнтры ўвагі. Хоць Васіль быў у акружэнні таварышаў, яму здавалася, нібы ён сядзіць асобна i ўсе пазіраюць на яго.

Палянка гула мноствам людскіх галасоў. Вясновыя светла-зялёныя шаты бяроз, што стаялі там i тут вакол палянкі, весела вылучаліся на цёмнай суровай зеляніне цеснага строю ялін.

Пад адным з трох маладых раскідзістых дубкоў, яшчэ голых, без лісця, што выступілі амаль на сярэдзіну палянкі, стаяў абы-як збіты стол на козлах.

— Таварышы, — устаўшы за сталом, пачаў Дрозд, якога выбралі ў прэзідыум, — няма на сходзе нашых камуністаў — Шабуні, Крыўда, Сухаверхава...

Ён гаварыў незнаёмым, здушаным голасам, называў прозвішча за прозвішчам. Багата-багата каго не было на сходзе i ніколі не будзе. Называючы ix, Дрозд ніжэй i ніжэй апускаў галаву, як бы на яго лажыўся ўсё большы цяжар. Голас яго глушэў, але ў радах, дзе сядзелі партызаны, стала так ціха, што кожнае слова выразна даходзіла да ўсіх, да самых далёкіх. Яшчэ да таго, як Дрозд скончыў называць імёны, да таго, як ён сказаў: «прашу ўшанаваць памяць», людзі пачалі ўздымацца. Некалькі хвілін стаялі моўчкі, зняўшы шапкі, хмура пазіраючы перад сабой. Вецер варушыў валасы i шапацеў журботна ў лісці.

Мімаволі слухаючы гэты шэпт бяроз, Васіль, як яшчэ ніколі дасюль, адчуў, што напамінак аб тых, якія загінулі ў блакадзе, мае блізкую сувязь з яго заяваю.

Хвіліну пасля таго, як усе селі, на палянцы яшчэ панавала цішыня.

Як толькі пачаўся прыём, разабралі заяву камбрыга, які паступаў у члены партыі. Ледзь ён, стройны, маладжавы, у святочнай гімнасцёрцы, з партупеяй, са шпорамі, маленькімі, фарсістымі, якія ён па даўняй артылерыйскай звычцы насіў ва ўрачыстыя дні, вышаў да стала, каб расказаць сваю біяграфію, па радах прайшлося:

— Не трэба! Ведаем! Чаго тут гаварыць?

Але ўслед нечы моцны голас прабурчаў:

— Ведаем! Хто ведае, а хто i не!..

— Няхай раскажа!

— Ды падрабязна каб! А не — як анкету!.. Цікава!

Ермакоў правёў рукой па партупеі.

— Я лічу ваенную справу асновай свайго жыцця... Я яшчэ з ранніх год марыў стаць ваенным. Ну, у маленстве ўсе, вядома, гуляюць «у вайну». Я таксама любіў «ваяваць»...

— Ужо тады «камандаваў»?

— Быў такі грэх!.. — Ермакоў паблажліва ўсміхнуўся. — У школе я хадзіў у ваеннай, дзядзькавай гімнасцёрцы. У асаавіяхіме доўгі час быў, школьнай арганізацыяй кіраваў. У розных спаборніцтвах удэельнічаў, прызы меў... Запаветнай маёй марай тады было — стаць лётчыкам. Я прачытаў гapy кніг па авіяцыі. Даўні грэх, можна прызнацца, — фарсіў нават рознымі авіяцыйнымі слоўцамі, як «атэрысаж», «ланжэрон»... Усе таварышы былі перакананы, што з мяне выйдзе лётчык... Пасля дзевятага класа я, вядома, падаў заяву ў авіяшколу, урачыста развітаўся з усімі, перакананы, што мяне абавязкова прымуць!

— На экзаменах зрэзаўся?

— Падвяло сэрца!.. Што ж заставалася рабіць? Такія, як я, няўдачнікі, параілі пайсці ў артылерыйскае вучылішча. Яно было ў тым жа горадзе. Я спачатку i слухаць не хацеў. У тыя дні я проста ненавідзеў гарматы... Але іншага выбару не было. Вярнуцца назад я не мог, не дазваляла самалюбства. Прышлося падацца ў артвучылішча, вядома, затаіўшы надзею, — на наступны год выбраць што-небудзь больш да душы, бліжэй да авіяцыі... Неспадзявана для сябе я палюбіў артылерыю. Палюбіў не так, як іншыя любяць цешчу, а — па-сапраўднаму, усёй душой. Я рашыў, што «бога вайны» не прамяняю ні на што!..

Ён, відаць, падумаў, што разгарнуўся няўмеру, i стаў гаварыць стрымана, суха:

— Да пачатку вайны, як у анкеце напісана, я служыў у Кобрыне камандзірам батарэі. Калі адступалі, за Бабруйскам быў кантужаны выбухам бомбы... Кантужаны я трапіў у палон. — Ермакоў сказаў гэта, адчувалася, вінавата i, нібы апраўдваючыся, паспяшаўся дадаць: — Адтуль я, вядома, праз месяц уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялікую партызанскую групу. Тут я дванаццатага верасня спаткаўся з атрадам Тураўца i далучыўся да яго...

Ермакоў змоўк, развёў рукі з выглядам, які значыў: пра ўсё іншае вы ведаеце.

З месца ўзняўся партызан i папрасіў Ермакова расказаць больш дакладна, як ён трапіў у палон i як ён вызваліўся.

— Так, гэта трэба растлумачыць, — прамовіў Ермакоў.

Па-ваеннаму коратка, сцісла, нібы паведамляючы план аперацыі, ён сказаў:

— Пасля кантузіі я страціў прытомнасць. Што было далей, не ведаю, бо ачнуўся я ўжо ў палоне... Каля мяне былі немцы... Мяне адвезлі ў лагер пад Бабруйск за калючы дрот, дзе я i жыў некаторы час... Уцякаў я два разы. Там, у лагеры, спрабаваў уцячы. У першы раз. Але ўцёк быў няўдалы — мяне злавілі i збілі. Проста сказаць, ледзь не да смерці. Па-зверску. Уцёк я ў другі раз, калі нас, палонных, перавозілі па чыгунцы. Як поезд ішоў, выламаў падлогу ў вагоне i выкінуўся на шпалы. На хаду поезда. Баяўся, што разаб'юся ці пад калёсы траплю. Але — абышлося...

— Яшчэ ёсць пытанні?

— Усё зразумела. Галасаваць!— нецярпліва крыкнуў нехта з месца.

Але ў аднаго партызана было яшчэ пытанне.

— Няхай раскажа пра сямейнае становішча.

Камбрыг, што здаралася з ім вельмі рэдка, пачырванеў. Ён ведаў, што пытанне задалі не выпадкова: усе ведалі, што ў яго ёсць у эвакуацыі, у Казані, жонка i сын, a многія i тое, што ён, калі быў у разведцы, жыў з адной дзяўчынай.

Цяпер вось пачаў нешта часта сустракацца з Валяй Залескай.

Неспадзявана для сябе, разам з Ермаковым пачырванеў i збянтэжыўся Васіль.

— Што казаць, — прамовіў камбрыг, стараючыся гаварыць спакойна. — Былі грахі. Усе вы ведаеце... Было такое. У партыю нельга ісці з грахамі. Я абяцаю, што ўсё тое, што было, не паўторыцца. Даю цвёрдае слова.

Сталі галасаваць. Дзееяткі рук узняліся ўгару, нядружна, але ўпэўнена.

Потым прымалі Ніну. Яна, хвалюючыся, крыху паспешліва расказала пра сваё жыццё да атрада, i Васіль упершыню даведаўся, што яна з Мінска, што ў яе на руках было малое дзіця.

— Калі дачка крыху падрасла, — гаварыла Ніна,— стала трохі вольнага часу... Я пачала прыглядацца да сваіх сяброў, ці не звязаны хто з ix з падпольшчыкамі. Знайсці ix след удалося не адразу: у ix была добрая канспірацыя... Аднойчы я пра сваё жаданне шчыра загаварыла з Колем Сініцам. Мы з ім да вайны разам вучыліся ва ўніверсітэце... Мне чамусьці здавалася, што ён — не можа быць, каб не быў знаёмы з падпольшчыкамі... Коля мне i памог звязацца з падпольнай арганізацыяй. Ён, вядома, мне нічога не сказаў пра арганізацыю, а проста, на першы раз, даў некалькі лістовак, расклеіць ці раскідаць на відных месцах, i папрасіў дастаць бінтоў для перавязкі. Я ўсё гэта зрабіла. Тады мне сталі даручаць больш важныя справы... Адзін раз я трое сутак хавала на сваёй кватэры падпольшчыкаў...

Ніна на міг запынілася, напэўна, успомніла штосьці сумнае.

— У маі неспадзявана звалілася на нас бяда. Колю арыштавалі. I амаль у адзін час з ім яшчэ некалькі таварышаў. Нас гэта вельмі насцеражыла. Мы непакоіліся, што гестапа выкрыла ўсю арганізацыю. Адным словам, чакалі самага паганага. У мяне была падпольная пішучая машынка, на якой мы лістоўкі друкавалі. Я яе закапала. I ўсё, што магло паказацца падазроным, таксама схавала... Але — абышлося, мінула бяда. Хлопцы нікога не выдалі... Коля, казалі, памёр у гестапа ад катаванняў...

Яна хітнула галавой, нібы адганяючы ўспаміны. Заспяшалася, як бы схамянулася, што трэба канчаць.

— I пасля — рабіла ўсё, што даручалі. Расклейвала адозвы, передавала савецкія газеты i брашуры... Некалькі разоў выводзіла людзей да партызан... Адзін раз вывелі палонных камандзіраў, якім дапамагалі ўцячы з лагера. Потым — прафесара Горкіна...

Ледзь толькі яна сціхла, грубаваты мужчынскі голас запытаўся:

— Дзе цяпер дачка?

— Дачка ў Мінску... I маці таксама...

— Даўно не бачыліся?

— Другі год... Як прышла сюды...

Калі Ніна гаварыла гэта, голас яе дзіўна пацішэў, задрыжаў.

«Вось чаму яна так любіць дзяцей!» — падумаў Вася.

З таго, што гаварылі пасля пра яе, Васілю асабліва запомніліся словы Дразда, чалавека вельмі строгага i скупога на пахвалу.

— Я скажу, як Лагуновіч вяла сябе ў блакадзе... На выгляд яна, усе вы ведаеце, быццам ціхая i простая. A калі пад Савічамі нас прыціснулі да балота, што дыхнуць нельга, як яна трымалася? У апошняй групе, у Шабуневай роце, якая прыкрывала!.. Тады, калі наш Змітро Мікалаевіч, добрая памяць яму, загінуў, яна ваявала, можна сказаць, па-геройску!.. Гэта мне спадабалася!.. Потым мы цэлы дзень выбіраліся з балота, лезлі, як чэрці, па твані, на лазе, яна ўвесь час даглядала раненых. Яна трымала сябе, можна сказаць, як камуніст. Хлопцы, якія былі там, могуць гэта пацвердзіць...

— Памятаем! Было такое!.. — пачуліся галасы.

Усё адбывалася нібы проста, але ад гэтага ніколькі не трацілася адчуванне важнасці i ўрачыстасці падзеі...

Неўзабаве Васіль ужо слухаў сваю заяву. З вуснаў другога чалавека словы яго заявы здаваліся Васілю крыху дзіўнымі, — знаёмыя, родныя словы, якія ён пісаў сэрцам сваім.

Вышаўшы наперад, да стала, ён спаткаўся з позіркамі людзей, што пазіралі на яго, як здалося яму, нібы на іспытах, i адчуў сябе крыху напружана. Быццам шукаючы падтрымку, ён знайшоў лагодныя, прытоена радасныя вочы Ніны, i ад яе позірку Васілю стала цёпла i лёгка. Ён мелькам заўважыў, як весела, падбадзёрліва падміргвае яму Шашура: «Усё будзе добра, Смялей, Вася».

— Нарадзіўся ў тысяча дзевяцьсот дваццаць шостым годзе...

Восемнаццаць год! Па людзях прайшоўся шум. Усім здавалася, што ён на многа старэйшы.

— Вучыўся ў школе, але не скончыў. Перашкодзіла вайна... Бацьку расстралялі фашысты, сястру пагналі ў Германію. Два браты ў арміі. Што з імі, не ведаю.

Вася адным дыханнем выпаліў увесь свой нядоўгі жыццяпіс. Скончыў i раптам разгубіўся: гэта ўсё?

Што б яшчэ дадаць?

Ён пашкадаваў, што так мала можа сказаць пра сябе. Што яго жыццё ў параўнанні з камбрыгавым ці Нініным!

— У іншых групіроўках не ўдзельнічаў, — прышло чамусьці на язык.

Людзі заўсміхаліся. Нечы звонкі голас весела запытаўся:

— A ў белай арміі не служыў?

— У белай я ўсё роўна не быў бы. A ў Чырвонай гвардыі біць белых не давялося.

— Спазніўся нарадзіцца...

— Затое б'е гітлераўцаў, — падтрымаў з-за стала камісар.

Вася вярнуўся на сваё месца, а партызаны, што выступaлі цяпер, пачалі ўжо гаварыць пра яго жыццё, пра яго баявыя ўчынкі. З ix слоў выходзіла, што Васіль — ці таварыш Крайко, як яго іменавалі, чалавек, варты таго, каб быць у партыі. Праўда, камандзір ён малады, але не ўступіць i іншым «старым», недарма ж узвод, якім ён камандуе, адзін з лепшых у атрадзе. У Крайко могуць байцы вучыцца не толькі адвазе, але i сціпласці... Многа чаго прыгадалі людзі добрым словам, i Васіль упершыню нібы зірнуў на сябе інакш, з большай упэўненасцю.

З павагай гаварыў пра яго i камісар, але заўважыў, што Васілю трэба вучыцца камандаваць, што ён часта замест таго, каб кіраваць людзьмі, бярэцца за справу сам, забываючы пра ўзвод. Здзівіўшы Васіля, Туравец, праўда, вельмі лагодна папракнуў «таварыша Крайко» за тое, што ён пакінуў узвод, калі адбівалі нямецкія танкі каля Савіч, — ён папоўз да танка сам, хоць было загадана паслаць другога партызана...

I вось Дрозд устаў з-за стала, каб падлічыць узнятыя рукі.

— Аднагалосна, — прамовіў ён задаволена. — Апусціце рукі.

Ашчасліўлены, Васіль падумаў, — што б зрабіць такое, асаблівае што-небудзь, каб усе ведалі, што ён i праўда слаўны хлопец. Вось што! Ён направіць тую сапсаваную рацыю, якую знайшоў надоечы каля нямецкай машыны. Такі будзе сюрпрыз!

Перад блакадай ён увесь вольны час вождаўся з падбітым бронетранспарцёрам, але цяпер Васіль не знайшоў яго на знаёмым месцы. Гітлераўцы забралі. Затое ён знайшоў рацыю. А рацыя не горш...

На перапынку, акружыўшы Васю, таварышы наперабой віншавалі яго, па-сяброўску штурхаліся, ціснулі рукі. Падышоў i Туравец.

— Мне таксама можна далучыцца да тых, хто віншуе?

— К-калі ласка!.. Дзякую.

— Можа, пройдземся? Пагуляем?..

Туравец узяў хлопца за локаць, i яны пайшлі паўз дубкі, між людзей, што таксама праходзіліся, гаманілі.

— Прынялі, выходзіць? — жартаўліва запытаўся Туравец.

Васілёў твар ззяў.

— Прынялі.

Туравец пастаяў, акінуў вачыма маладую, такую кволую i светлую, але з адламаным ралам бярозу.

— Вецер, ці што... адарваў?

— Мусіць, вецер.

— Помніш раніцу?.. Калі на варце быў?.. — запытаўся Туравец.

Васіль здагадаўся, што хоча прыгадаць камісар.

— Помню, таварыш камісар.

— I што казаў, не забыў?

— Што камандзір наш незаменны...

— Так, гэта... Ты якраз i прышоў, Вася, замяніць... Камуністы заўсёды на першай лініі, a ў тых, хто наперадзе, не можа быць няшчыльных радоў. Як i ў арміі, якая ваюе. Калі радзеюць рады, армія слабее... А нам слабець не выпадае...

— Я, таварыш камісар, не падвяду!.. Толькі хіба — могуць падумаць — малады... Зялёны...

— Малады? Так, малады... Ну, ды маладосць — не вялікая бяда, — заблішчалі вочы Тураўца. —Толькi хто табе сказаў, што ты зялёны? Ты колькі ўжо ў партызанах?

— Трэці год.

— Трэці год! А кажаш, зялёны. У нас тыя, што па трэцяму году служаць, я чуў, лічацца «старымі». Так, твайму пакаленню якраз i давялося падарослець i памужнець раней пары. — Ён, памаўчаўшы, дадаў:

— У мяне сын, Юрый, служыць у арміі. Ён твой равеснік...

Пасля перапынку, ледзь толькі прыціх шум, камісару далі слова для даклада пра задачы атрада.

— Перш за ўсё, — пачаў ён, стоячы каля століка, шчуплы, дробны, але жылісты, — перш за ўсё — i гэта мы павінны лічыць за самы асноўны свой абавязак — трэба зноў адваяваць усю зону i ўстанавіць савецкую ўладу.

— Правільна! Гнаць нечысць! — горача выдыхнуў нехта недалёка ад Васіля. — Вымятаць к чорту.

Камісар сказаў, што некалькі вёсак ужо вызвалена, ён назваў i тую, у якой учора быў Вася. Праўда, галоўнае, гаварыў камісар, яшчэ наперадзе, — пакуль разбіты невялікія гарнізоны. Але i ў большых гітлераўцы не ўседзяць. «Не ўседзяць!» — падтрымаў у думках Вася. Ад радаснага ўзрушэння ён быў больш, як звычайна, неспакойны i здаваўся сабе дужэйшым.

Яму хацелася, каб граміць гэтыя вялікія гарнізоны абавязкова накіравалі i яго ca сваім узводам. Ён бы там паказаў, як трэба біць гітлераўскую поскудзь!

— Другая задача — сяўба, — гаварыў далей Туравец.— Людзі загіазніліся з ёю, — запазніліся, як вы ведаеце, не па ix віне. Нам трэба дапамагчы ім. Не марудзячы ні дня, мы павінны пачаць сеяць... Я хачу сказаць, што задача гэтая вельмі важная, адказная, жыццёвая, гаворачы па-партызанску — наша другая баявая праца... Сёння мы больш, чым калі-небудзь, павінны глядзець на заўтра. Усе вы ведаеце, што хутка, вельмі хутка мы выйдзем насустрач нашай Арміі. Захопнікі будуць выгнаны, i ўсё, што мы пасеем, узрасце для нас. Мы будзем сеяць пры акупантах, а прыбіраць на вольнай зямлі.

Апошнія словы камісара патанулі ў воплесках партызан. Прыбіраць на адваяваным полі, на вольнай зямлі! Хіба маглі быць спакойнымі людзі пры адной думцы пра той час!

Яны столькі марылі пра гэты ясны дзень, марылі, як аб цудоўнай казцы, столькі чакалі, — i вось ён так блізка, так рэальна паўстае перад імі, са сваімі турботамі! i клопатамі.

— Але, — сказаў Туравец, — сеяць у гэтую вясну будзе цяжэй, чым калі-небудзь. I не толькі таму, што сяўбу мы пачынаем позна i ўсё трэба зрабіць, як мага хутчэй. Не, яшчэ i таму — i гэта, мусіць, галоўнае, — што мала коней, не хапае плугоў, усяго самага неабходнага. Мала людзей у вёсках. У некаторых сёлах, спаленых пры блакадзе, няма ніводнага плуга, ніводнай бараны на цэлую паўсотню двароў. Калі раней калгаснікам наша дапамога патрэбна была, — ці яны сеялі, ці прыбіралі, — то цяпер без нас пасеяць яны проста-такі не змогуць. Калі мы не падтрымаем, многія сем'і будуць галадаць... Нам трэба выратаваць ix!

Пасля камісара выступалі партызаны, дапаўнялі яго, выказвалі свае практычныя прапановы. Вася да ўсяго ўважліва, цікаўна i прагна прыслухоўваўся. Ён адчуваў, што з гэтага сходу поле яго дзейнасці i абавязкаў незвычайна пашырылася. Цяпер ён адказваў не толькі за свой узвод, а за ўвесь атрад, за ўсю брыгаду. Яму вось i пра веснавую сяўбу трэба дбаць.

Пра многае-многае трэба яму клапаціцца! Усе словы камісара Вася адносіў да сябе: ён цяпер лічыўся поруч з Тураўцом, з Драздом, наперадзе.

«Я — камуніст», — падумаў ён з нейкай асаблівай яснасцю.

Гэтае гордае слова даўно, з маленства, блізкае i роднае, было яшчэ трохі нязвычнае ў дачыненні да яго самога.



2...

Адразу пасля партыйнага сходу ў брыгадзе, якая, як i раней, вяла баі, пачалі рыхтавацца да сяўбы.

Усёй гэтай працай кіраваў Туравец: ён быў не толькi камісарам брыгады, але i сакратаром падпольнага райкома партыі.

Увесь першы дзень сакратар райкома рабіў, як сам казаў, рэкагнасцыроўку. З дзесяткам партызан, вылучаных яму для дапамогі, ён улічыў, колькі i дзе пасеяна ўжо, у каго ёсць у вёсках коні, а таксама плугі, бароны i іншы неабходны інвентар.

На самы пільны ўлік, як самае дарагое, Туравец узяў насенне, што ўцалела ў сховішчах.

Асабліва турбаваўся ён пра спаленыя вёскі, у якіх калгаснікі без дапамогі не маглі сеяць. Сюды трэба было даць не толькі коней, але i прылады для сяўбы, чаго ў брыгадзе не было. На партыйным схйдзе вырашылі прылады прывезці з іншых вёсак.

Акрамя таго, Туравец з Ермаковым у першы дзень склаў план палявых работ. Яны арганізавалі больш дзесятка груп з партызан, якія на нейкі час павінны былі стаць аратымі i сейбітамі. Кожнай групе вызначылі сваю вёску i канкрэтнае заданне.

Большасць партызанскіх коней на час сяўбы былі перададзены для работы на полі.

Спецыяльным загадам Ермакоў забараніў партызанам браць коней у калгаснікаў на якія-небудзь патрэбы, выключаючы толькі адно, калі неабходна было падвезці ў шпіталь параненага.

Вa ўсе вызваленыя вёскі разышліся агітатары, каб расказаць аб апошніх рашэннях райкома i партыйнага сходу, аб значэнні сяўбы ў гэтым годзе.

З раніцы наступнага дня ўслед за агітатарамі выправіліся партызанскія групы...

На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. У сярэдзіне яго, акружаныя з усіх бакоў, дымілі цыгаркамі некалькі партызан, стары, старшыня сельсавета i Шашура, які з важным выглядам трымаў у руцэ спіс, выклікаў прозвішчы. Ён размяркоўваў сваіх партызан па брыгадах...

Шашура прышоў к людзям ва ўсім баявым харастве. На плячы, ствалом уніз, вісеў, цьмяна адліваючы сіняватай сталлю, ППШ, пры боку хітаўся трафейны «парабелум». Малаваты, старэнькі Шашураў пінжачок быў аздоблен камандзірскім поясам з наплечнымі рамянямі, якія на спіне сыходзіліся накрыж; такія рамяні насілі кавалерысты. Над нагруднай кішэняю паблісквалі ўжо даволі нацёрты ордэн Чырвонага Сцяга i партызанскі медаль.

Скончыўшы размяркоўваць, Шашура заявіў:

— Вось усё пакуль. Больш вылучыць не маглі... Самі ведаеце, якое ў нас, каліна-маліна, становішча — прыходзіцца трымаць у руцэ аўтамат... Адным. словам, вы разумееце...

— Разумеем... i то яшчэ дзякуй, што гэтае далі, адказала Шабуніха.

— Ну, можна разысціся. Ды за працу, каліна-маліна...

Шашура стаў па-аднаму выпраўляць партызан. Ён цяпер быў падобны на брыгадзіра, які дае людзям нарады, дзе працаваць. Такое параўнанне дзень назад пакрыўдзіла б Шашуру, баявога падрыўніка, але цяпер, адчуваючы важнасць сваёй пачэснай, хоць i цывільнай місіі, акружаны жанчынамі, якія з пашанай пазіралі на яго, ён нават ганарыўся, што яму даверылі гэта.

Павозкі з плугамі, што паблісквалі белымі нарогамі, пачалі раз'язджацца. За імі сталі разыходзіцца i жанчыны, адны падаліся за павозкамі, a другія да сваіх селішчаў. Між ix пайшла i маўклівая Шабуніха.

Шашура, як i належыць начальству, выпраўляўся апошнім, калі ўсе партызаны ўжо раз'ехаліся. Тоячы гарэзныя іскрачкі ў вачах, ён сказаў невысокай, яшчэ маладой, але з плецівам маршчынак каля вачэй, жанчыне, якая чакала яго: — Камандуй, цётка Аксіння, куды кіраваць...

Апрача яе імя, ён пакуль ведаў толькі, што яе прозвішча Палянічка.

Узяўшы лейцы, Шашура легка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Хутка яна ўехала на пустое выпаленае селішча. Яно было падобна амаль на ўсе іншыя селішчы ў гэтай вёсцы, але ўражлівы падрыўнік не стрымаўся:

— Эх, каліна-маліна, як вымелі тут захрыбетнікі.

Чалавек практычнага характару, ён адразу ж адзначыў, што Аксінні ўсё ж пашанцавала больш, як некаторым суседзям: у яе ўцалеў невялічкі хлеў, які стаяў наводдаль.

У садку, побач з хлявом, пад абгарэлай маладой яблыняй заплакала раптам дзіця, i Аксіння подбегам кінулася да яблынькі. Ухапіўшы дзіця на рукі i пакалыхваючы, Аксіння стала супакойваць яго.

— А-а-а! Ну, чаго ты раскрычаўся! Ну, сціхні, сціхні, дурненькі, — пяшчотна гаварыла яна малому. Усміхаючыся, яна паскардзілася Шашуру: — Такое неспакойнае, на хвіліну нельга адысці.

Каля яблыні стаяў кірпаносы хлопчык, пазіраючы на незнаёмага чалавека. Хлопчык, напэўна, глядзеў дзіця.

Перачакаўшы, пакуль маці сцішыць дзіця, Шашура папрасіў:

— Пакажы, Аксіння, куды ехаць. Каб час не марнаваць.

Аксіння, пакінуўшы дзіця з хлопчыкам, правяла падрыўніка на загон, што быў непадалёк за сялом.

Асобныя загоны быліўжо ўзараны i вылучаліся сярод іншых цёмным колерам. На некаторых з мінулага года валяўся непрыбраны ператлелы бульбоўнік.

Шашура перапрог каня, разуўся, зняў пінжак, паклаў на яго аўтамат, пакінуўшы, аднак, пры сабе «парабелум». Паставіўшы плуг, ён тузануў лейцы. Конь нацягнуў пастронкі, нарог лёгка ўехаў у зямлю, i вільготная, з цьмяным тлустым адценнем шэрая скіба стала валіцца набок. Босыя ногі Шашуры ступілі ў мяккую халаднаватую баразну, па грудзях пацёк казытлівы лёгкі майскі ветрык.

Прайшоўшы ў канец палоскі, Шашура налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край загону i пакіраваў назад. У канцы загону яго чакала Аксіння.

— Ідзі. Глядзі дзіця,—сказаў ён па-гаспадарску.— Ды загадай, каб насенне падрыхтавалі...

Яна ніколькі не здзівілася таму, што ён распараджаецца, i паслухмяна пайшла дахаты. А ён адразу забыўся пра ўсё. Да чаго ж прыемна ісці босымі нагамі ў мяккай баразне, трымаючыся за плуг! Колькі часу ён не браўся за плуг!

Сонца падымалася ўсё вышэй на ясна-блакітным, з рэдкімі высокімі воблакамі небе. Станавілася горача. Сарочка памакрэла, асабліва пад пахамі ды на спіне, i ліпла да цела. Калі-ні-калі яго халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі.

Там i тут у полі былі відаць людзі, якія спакойна i мірна працавалі. Спакой апаноўваў i душу Шашуры. Ён вёў i вёў разору за разорай.

Зрабіўшы некалькі кругоў, ён з прыкрасцю заўважыў, што пачала дзервянець сагнутая спіна. «Вось што значыць адвыкнуць ад працы!» — здзівіўся ён.

Пад поўдзень «гаспадар» убачыў невысокую, з шырокімі бёдрамі постаць Аксінні i незнаемую дзяўчыну, якія нешта неслі ў клунку. Яны неўзаб'аве разышліся, дзяўчына падалася да таварыша, a Аксіння хутка была каля загону Шашуры.

Неспадзявана з-за блізкага лесу вынырнулі два самалёты. Араты адразу кінуў плуг i схапіўся за каня. Згары пачулася, імкліва набліжаючыся, траскучая злая кулямётная чарга. Няспынна страляючы, самалёты прайшлі нізка над полем; услед за імі прабег па палосках чорны цень. Конь хроп, ірваўся з рук, як ашалелы, але Шашура не выпускаў яго, бо ён мог бы ўцячы далека ці параніць аб плуг ногі.

Самалёты праз хвіліну зніклі ўдалечы, аднак неўзабаве сталі вяртацца назад. Поле заціхла, як перад навальніцаю, i ў насцярожанай цішыні татаканне кулямётаў здалося асабліва рэзкім і пагрозным. У адказ ім на полі захлопалі адрывістыя стрэлы з вінтовак. «Эх, каліна, конь гэты стрыножыў мяне!» — Шашура мімаволі ўцягнуў у плечы галаву, прысеў, не выпускаючы вуздзечкі. Самалёты прайшлі, здавалася, над самай галавою, аглушыўшы ровам матораў i стралянінаю.

Ён пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, пакуль не ўпэўніўся, што яны не вяртаюцца. Ціха тузануўшы лейцамі каня, ногі ў якога ад нервовага напружання дробна дрыжалі, Шашура давёў плуг да канца i спыніўся. Перапалоханая, збялелая Аксіння сказала:

— Божа! I рабіць спакойна не даюць!

— Я, нібы знарок, аўтамат на пінжаку пакінуў!..— Шашура ледзь не вылаяўся, але ў час схамянуўся.— Нічога, цётка Аксіння, бывае i горш. I — нярэдка!..

Ён распрог каня, пусціў пасвіцца. Пакуль ён вярнуўся, Аксіння, як магла, адолела хваляванне, развязала клунак. Паслаўшы замест абруса хустку, яна паставіла гладышку з малаком, міску з наздраватымі аладкамі.

— Папалуднуй, чым багаты!..

Шашура сеў на ўдзірванелым узмежку каля «абруса», задаволена пацёр рукі, паказваючы, што занятак, які яму трэба пачаць, ён вельмі любіць.

— Абед, можна сказаць, генеральскі! Дранікаў напякла! Як ты адгадала — я ix страх люблю!.. Ну што ж, пачнем без усякіх урачыстых слоў.

Ён ужо намерыўся «пачаць», але раптам перадумаў:

— Ведаеш што! Давай разам удваіх! Каб весялей ішло i ахвотней! Дамовіліся?

Шашура, весела пазіраючы, працягнуў ёй кубак з малаком.

— Я абедала ўжо.

Аксіння, аднак, не стала адмаўляцца.

Ён піў проста з гладыша, вялікімі глыткамі i закусваў складзенымі ў дзве столкі дранікамі. Еў неспакойны падрыўнік так, як i працаваў, — хутка, нібы спяшаўся i баяўся не ўправіцца.

Полудзень здаўся яму вельмі смачным.

— Як жыццё маладое, Аксіння? Пахваліся, — прамовіў ён, выцершы рукавом губы.

— Чым тут хваліцца? Ведаеш, як нам жывецца. Яно, можа, яшчэ б нішто, каб не дзеці, А то ж кожнага даглядзі, накармі кожната. Асабліва клопату з малым, што на руках... Зноў жа гаспадарку трэба глядзець. Гарод рыдлёўкай паўмесяца мо' капала. Рукі ўсе ў мазалях...

Яна паказала шырокія мазольныя далоні.

— Ну, а на што спадзяешся? Каго чакаеш — не дачакаешся?

— На што спадзяюся? Вось вайна, можа, хутка скончыцца, дзеці падрастуць. Большыя стануць — лягчэй павінна быць. Усё мае спадзяванне.

— Так ужо i ўсё? — не паверыў Шашура.

— Усё.

— Ці праўда? Кагосьці ж, мусіць, чакаеш?

— Няма мне каго чакаць! — адказала сумна яна.— З таго свету ўсё роўна не вяртаюцца. Чалавека майго забілі яшчэ пазалетась. У партызанах быў. Плакала, плакала, ды i перастала...

— А чаго ж, не ўсё жыццё ўбівацца! — адказаў Шашура.— Ад гэтага яму лягчэй не будзе, а сябе можна ўвагнаць у зямлю. Ты ж яшчэ маладая!

— Ну, сказаў! Маладая...— сціпла запярэчыла яна i нібы засаромелася.

— Ведаем мы такіх бабулек!

Яны яшчэ нямала гаварылі, пакуль араты не схамянуўся, што трэба працаваць. Аксіння паглядзела ўслед яму на ладную, моцную постаць i неахвотна ўзнялася.



3...

Пад вечар ён ужо канчаў загон. Сыходзячы на лес, нізкае сонца лажыла ад каня на поле даўгі цень, на якім конь быў падобны да жырафа. Усё навокал ружавела. Шашура ступаў зморана i часам выбіваўся з разоры, збочваў то ўправа, то ўлева.

У гэты перадвячэрні час ён убачыў блізка Тураўца, які ішоў да яго шырокімі хуткімі крокамі наўпрасткі цераз поле. Шашура адразу прыпыніў каня, стаў чакаць. Туравец яшчэ зводдалек прывітаўся.

— Наараў на працадзень?— запытаўся ён, калі падышоў, усмешліва пазіраючы цыганскімі вачыма.

— Думаю, што хопіць. Хоць i позна пачаў.

— Хопіць? Глядзі, каб хапіла! Што ж выходзіць, i хлеб зарабляеш? Ніхто не скажа: дармаед?.. Прытаміўся?

— Крыху...

Перадаўшы Шашуры аўтамат, Туравец узяў з яго рук плуг. Туравец ішоў за плугам спакойна i ўпэўнена, сваім звычайным крокам. Было відаць, што араць яму не ўпершыню.

Ён прайшоў адзін круг, другі, потым, параўняўшыся з Шашурам, прыпыніўся, аддаў лейцы.

— А вы — аказваецца, каліна-маліна, з плугам, як з дружком...

— З другам?— нібы здзівіўся Туравец.— Не, брат, адвык. Не хлусі!

Ён зірнуў весела i так, быццам гаварыў: «Навошта хлусіш? Каму ты гаворыш гэта»...

Туравец заспяшаўся:

— Трэба ісці ў сяло. Увечары будзе сход.

Камісар пакіраваў наўпрасткі да вёскі.

Скончыўшы загон, рушыў паволі «дахаты» i Шашура. Па полі ўжо слаўся густы змрок. Шашура ішоў шчаслівы i задаволены пражытым днём, нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі i рукі, была прыемнай.

Яму ўспаміналася размова з Тураўцом, i Шашура думаў, як было б добра заўсёды вось так да вечара працаваць на полі, вяртацца змораным дахаты.

На двары ярка гарэў агеньчык, на якім Аксіння ў чыгунку варыла вячэру. Яна, пачуўшы крокі, падняла твар на Шатуру:

— Намарыўся, напэўна?

— Трошкі ёсць такога.

— Пастаў каня ды прыходзь сюды, будзем вячэраць.

Распрагаючы каня, ён падумаў, што трэба як-небудзь пастарацца дапамагчы Аксінні ўладаваць гаспадарку; хоць бы залатаць страху на хляве, што свеціцца, як рэшата, у дождж цячэ. Каля яго круціўся хлопчык, сочачы за ўсім, што робіць незнаемы дзядзька. Падкінуўшы каню травы, Шашура неспадзеўкі схапіў малога на рукі i паказытаў. Хлопчык, выкручваючыся, весела завішчэў.

— Ой, пусці, не шлакачы!

Шашура паставіў яго на зямлю i запытаў, чым ён сёння займаўся. Хлопчык адказаў:

— Нічым...

— Як гэта нічым? Увесь дзень — нічым?

— Увесь дзень!.. Аленку трошкі гушкаў...

— Э, брат, няўжо ты такі гультай?

Малы неўспадзеўкі, асмялеўшы, папрасіў:

— Дзядзя, дай! — ён паказаў на аўтамат.

Шашура зняў ППШ.

— На! Толькі табе, друг, ранавата яшчэ, мусіць?

Патрымаўшы з натугай аўтамат, малы прызнаўся:

— Важкі.

Вячэралі каля вогнішча, на траве. Малое спала, а хлопчык сядзеў каля маці, вялікімі ўважлівымі вачыма сочачы за дзядзькам. Калі вячэра скончылася, Аксіння прамовіла:

— Казалі, сход будзе.

— Будзе. Пойдзеш?

— Не, дзеці адны будуць баяцца. А ты пойдзеш?

— Пайду.

— Ты мне раскажаш, што там будуць гаварыць, добра?

Моўчкі кіўнуўшы, ён скруціў папяросу, кінуў на далоню барвова-аксамітны зыркі вугольчык i прыкурыў. Яна зірнула на яго.

— Дзе табе паслаць?

— Пасцялі на двары, у садку. Дажджу, мусіць, не будзе.

Ён паглядзеў у неба.

— Ну, то я пайду. Варту трэба паставіць, ды i на сход каб не спазніцца.

— Ты не заседжвайся дужа, — параіла яна.

Схамянуўшыся, яна няёмка дадала:

— Заўтра ўставаць рана.

— Не, чаго ж там...

Ён вышаў на вуліцу, усцяж якой на дварах гарэлі вогнішчы. Змрок схаваў жахлівыя відовішчы разбурэння, але Шашуру было журботна, — ён мімаволі думаў пра Аксінню, пра яе долю. «Калі ж гэта зноў усё прыдзе на сваё месца i людзі зажывуць як трэба!»

Паставіўшы варту, ён заспяшаўся на сход. На адным двары, дзе гарэў самы вялікі агонь, сядзелі людзі, — Шашура з-за цёмных абрысаў постацей убачыў камісара, якога ўважліва слухалі.

Як толькі сход скончыўся, ён вярнуўся назад. Аксіння нерухома стаяла на двары, каля хлява.

— Ты пра што марыш?— весела запытаўся падрыўнік. — А казала — няма пра што!

— Значыцца, ёсць, — адказала яна жартам, потым дадала шчыра: — Проста чамусьці неспакойна i тужліва на душы. Успамінаецца рознае... Скажы лепш, што ты там чуў?



4...

Помнячы, што людзям раніцай трэба будзе ісці на працу, Туравец пастараўся скончыць сход раней, каб даць ім адпачыць. Але людзі разыходзіліся неахвотна. Многія пасля сходу, акружыўшы яго, яшчэ доўга распытвалі пра Маскву, пра розныя навіны з міжнароднага жыцця, хоць аб гэтым ён ужо нямала гаварыў.

— Ці праўда,— сказаў яму ціха на вуха лысы стары, прыжмурыўшы не па гадах жвавыя вочы,—што, кажуць, наступленне ўжо тры дні як пачалося? Чуў я, што Ракасоўскі, значыць, заняў Магілёў i Жлобін, толькі гэта пакуль трымаюць у сакрэце...

— Што ты кажаш!— хітра здзівіўся Туравец.— Магілёў i Жлобін?

У яго паводзінах часам было тое, што Ермакоў называў «акцёрствам» i няшчырасцю. Туравец здзіўляўся там, дзе не было яму нічога дзіўнага, рабіў выгляд, што захапляецца, дзе захапляцца не было чым. Гэта стала ўжо звычкай: ён як бы пераносіў сябе на месца другога чалавека i там, дзе другому хацелася гэтага, здзіўляўся i захапляўся...

— Tоe, як бо яго, інфармбюро нашае, — працягваў стары, — пакуль маўчыць, каб перадаць адразу пабольш гарадоў.

— Унь, што.

— Мусіць, як Мінск возьмуць, тады i будуць перадаваць усё за адзін дзень.

Туравец перастаў усміхацца, задумаўся.

— Не, наступленне яшчэ не пачалося, — сказаў ён, шкадуючы, што даводзіцца расчароўваць.

— Вы, таварыш сакратар, не ўтойвайце. Я думаю, што вам, напэўна, даўно перадалі гэта. Толькі, можа, не дазваляюць, каб гаварылі пакуль, таму вы i маўчыце.

Заўважыўшы, што Туравец нібы вагаецца, стары перайшоў ужо на зусім сяброўскі лад:

— Яно i праўда, шапні толькі аднаму, двум, дык папаўзе па ўсім свеце. Але яно, значыць, трэба сказаць, людзі не ўсе аднолькавыя, два браты i то не бываюць, каб кропелька ў кропельку падобныя адзін на аднаго. Вось я, да прыкладу, чалавек не такі, адным словам, не тое, што іншыя. Я чалавек вельмі скрытны. Ніхто ведаць не будзе, калі нельга гаварыць. У Сакаўцах, што за пяцьдзесят вёрст, кажуць, былі ўжо нашы разведчыкі... Праўда?

— Не, пакуль няпраўда. Але, — Туравец весела прыжмурыў вока, — можа, здарыцца, што... хутка стане праўдаю!

Стары, зразумеўшы гэта па-свойму, па-змоўніцку падміргнуў:

— Вядома, праўда. Дыму без агню, як кажуць, не бывае. Калі гавораць, значыць, штосьці ё-осць!..



5...

Туравец рашыў адразу пасля сходу ехаць. Тут была Марыя Андрэеўна, якая прыехала яшчэ ўранні ў вёску да хворых, i яны ў брыгаду накіраваліся разам.

Туравец сам правіў коньмі. Ад'ютанта свайго камісар днём паслаў з даручэннем у адзін атрад.

На вуліцы было ціха. Пры выездзе з сяла ён убачыў каля дрэўца хлопца i дзяўчыну, што стаялі ў абдымку.

— Паглядзіце, — сказаў ён Марыі Андрэеўне. — Нібы няма руін i не было пажараў i смерці.

Туравец адчуваў яе плячо, якое ад пакалыхвання тачанкі то прыпадала легка да яго, то аддалялася.

Ад таго, што яна з ім, што ім усю дарогу ехаць удваіх, поруч, без іншых людзей, Тураўцу было хораша.

Ён расказаў пра размову са старым, Марыя Андрэеўна прамовіла задумеена:

— Вы памыліліся — гэта не няпраўда, а нешта іншае. Народ гаворыць таму, што хоча, каб так было. Гэта, калі шукаць больш трапных слоў, мара. Мара людская!

Мара людская? Яна, здаецца, добра сказала. Мара, якой суджана хутка збыцца.

Туравец пачаў расказваць, што бачыў i думаў сёння, калі ездзіў па палях, гаварыў з аратымі, з жанчынамі. Ён адчуваў, што яна разумее яго турботы i думкі, i гаварыць з ёю было лёгка i радасна.

Нейкі час ехалі моўчкі. Навокал было нязвычна ціха i спакойна, здавалася, нішто не здольна парушыць такі спакой. Толькі i было чуваць, як павольна i легка пастукваюць зрэдку колы ці фыркаюць мірна коні. Час-ад-часу набягаў лёгкі ветрык, што пачынаў жвавець перад раніцай.

— Усё-ткі, чорт пабяры, прыемна жыць! — прамовіў раптам камісар, задзірыста ссунуўшы фуражку назад.

— Калі вайны няма, — дадала яна.

— А мне, прызнацца, i цяпер, хоць i вайна яшчэ, добра... асабліва поруч з вамі,— жартаўліва сказаў ён.

— Ах вы, насмешнік гэтакі! Не прымушайце мяне бянтэжыцца! — яна засмяялася. — Чым так злосна жартаваць, раскажыце лепш, як вы жылі да вайны. Мне гэта вельмі хочацца ведаць!

— Вельмі?— ён пільна, доўга паглядзеў на яе.— Што ж вам расказаць?

— Усё, што хочаце. Усё будзе цікава... Хоць з маленства пачынайце... — яна зірнула на яго ўважліва, са спачуваннем. — Вы, здаецца, сіратою былі?..

— Сіратою...

— I рана засталіся?

— Бацьку не помню зусім... Казалі, надарваўся, падымаючы бярвенні на зруб. У нашым жа сяле было... Цесляром наймаўся к людзям, падрабляў... Маці помню, але цьмяна. Памерла ад сухот, калі мне яшчэ не было i шасці...

Ён задумаўся.

— З кім жа вы жылі?

— Спачатку ўзяў дзед. Праз пяць гадоў, — так на прадвесні — яго пахавалі побач з маці маёй... Тады забраў чужы чалавек Яўхім Стручок, аднавясковец, дабрадзей. «Не прападаць жа дзіцяці! Трэба ж каму-небудзь даць божаму стварэнню прытулак!..»

— Што, цяжка было? — запыталася, улавіўшы ў словах Тураўца іронію.

— Амаль звычайна... Зарабляў на кавалак хлеба: летам пасвіў жывёлу, зімой даглядаў яе, вазіў дровы... Аднойчы на кірмашы купіў ён каня. Конь быў ліхі, натурысты, але прадавалі танна, i Стручок паквапіўся. Скупы быў вельмі, беражлівы. Перадаў ён каня мне, аб'язджаць, прывучаць. Ліхая жывёліна трапілася, недарма танна яе аддалі! «Зверам», дарэчы, звалі, імя — лепшага да яго характару i не знойдзеш! Доўга нікога i блізка не падпускаў. Хадзіў я, хадзіў каля яго, i задобрываў, i строгасцю спрабаваў, — не даецца, дый годзе. Звер i звер, нічога іншага не скажаш. I вось аднойчы наважыўся я сесці на яго. Ледзь толькі ўхапіўся, ён як ірванецца, скочыць, захрапе. Пакруціўся, паскакаў ды i паляцеў па вуліцы, у поле. Я ўпіўся ў грыву, ашчаперыў нагамі бакі яго, ні жывы, ні мёртвы лячу. Вось яна, смяротная мая часіна, думаю!.. У полi ён як крутне раптам, я i паляцеў з усяго разгону. Добра, што ралля была!.. I то, мусіць, з гадзіну праляжаў непрытомны.

Марыя Андрэеўна мякка дакранулася да яго локця. Нібы шкадуючы, нібы супакойваючы.

— Нічога, усё-ткі аджыў! Толькі шрам над левым брывом застаўся...

— Я думала, гэта з вайны...

— З таго дня... Вярнуўся я, кульгаючы, дамоў, — Стручок як накінецца: «Дзе конь? Ты яго не знайшоў? Дык чаго ж ты, воўчае племя, прыперся назад? Ты думаеш, што за цябе будуць хадзіць другія?..» — «Жаласна неяк выходзіць, амаль лірыка»...— падумаў Туравец i стаў гаварыць больш стрымана.— Я, вядома, не пайшоў шукаць. Непаслухмяны, упарты быў страшэнна. Таму, мабыць, i ад «Звера» не адступіўся, пакуль не прывучыў. Яшчэ тры разы ляцеў я з яго потырч, а потым дзікая душа «Звера» ўсё ж памякчэла. Прымірыўся, стаў слухацца... Мяне тады, — усміхнуўся Туравец, — звалі «цыган». Смуглы быў, чорны. Дзеці на вуліцы крычалі ўслед: «Цыган, цыган, вядзі каня на выган»...

— I доўга вы былі ў Стручка гэтага?

— Два гады. Потым кінуў яго i падаўся ў горад. Наняўся за вартаўніка на прыстань... Цікавая пара настала. Недалёка быў фронт, на вуліцах хадзілі вясёлыя, узрушаныя салдаты. Я аднойчы трапіў на мітынг — яны тады былі ледзь не штодня. Гаварылі там пра рэвалюцыю, пра зямлю, пра вайну, гаварылі эсеры, меншавікі, бальшавікі, я нічога толкам не зразумеў, але агульны настрой, хваляванне зрабілі мяне нібы п'яным. Я на дзіва самому сабе перамяніўся. Раней усе мае думкі абмяжоўваліся тым, як зарабіць капейку ды пражыць дзень. Я марыў толькі прыкапіць грошай i вярнуцца ў вёску, ладаваць гаспадарку... Цяпер я раптам стаў цікавіцца падзеямі, якія кіпелі вакол. Ёсць, аказалася, i іншыя рэчы, не менш цікавыя за сваю гаспадарку. Спрабаваў я ў галодныя часы зноў жыць у вёсцы, але прабыў толькі з год. Мяне вельмі пацягнула ў «свет»... На торфараспрацоўках, куды я прыехаў на заработку мяне выбралі брыгадзірам. Гэта была мая першая выбарная пасада, добры пачатак «кіраўнічай кар'еры»...

Туравец, гаворачы гэта, стаіў лагодны смех.

— Вам, мусіць, нялёгка было ў райкоме працаваць? Без адукацыі?..

— Нялёгка. Прышлося давучвацца на хаду.

— Як?

— Вечарам, часам — i начамі. Вярнуўшыся з паездкі па калгасах... Многаму навучыла партыйная работа, знаёмства з рознымі людзьмі... Двойчы быў на парткурсах, у Мінску, у Маскве... Вельмі дапамог мне ў вучобе адзін чалавек...

— Хто ён?

— Мая жонка.

Успаміны пра жонку звычайна выклікалі боль, — цяпер жа ён адчуў нібы дакор сабе. Зося паўстала перад ім як суддзя, нібы ён быў вінаваты перад яе памяццю, што палюбіў іншую. Цяжка было ўспамінаць яе тут, гаварыць пра яе, але ён не хацеў нічога ад Марыі Андрэеўны ўтойваць, не хацеў пакідаць недагаворак.

— Калі мы пазнаёміліся, Зося толькі гады два як скончыла тэхнікум. Яна ахвотна ўзялася дапамагаць мне. Я, здаецца, тады не раз крыўдзіў яе — спазняўся ці не прыходзіў на заняткі. Вінаваты былі бясконцыя раз'езды... Але я стараўся вучыцца, i гэта яе супакойвала. Я неяк хутка пачаў пасля заняткаў заседжвацца ў яе пакоі, апавядаць пра свае клопаты. Зося расказвала пра сваіх вучняў, кожнага з якіх я неўзабаве ведаў, як свайго знаёмага. Затрымаўшыся дзе-небудзь у раёне, я ўжо вельмі шкадаваў, што прыходзіцца заняткі прапускаць. Шкадаваў цяпер, мусіць, больш таму, што не мог пабачыць Зосі... Настаўніца! — прамовіў Туравец з сумам, з пашанай. Ён пастараўся сум свой схаваць, знарок згадаў: — Калі яна стала жонкаю,— я часта, жартуючы, называў яе настаўніцаю. «Ну, як, настаўніца, зачакалася, мусіць? Вінават, затрымаўся»...

Яна адказвала: «Вінават! Адгаворка адна i тая ж. Не ведаю, што i рабіць з такім вучнем, непаслухмяным!..»

Туравец нечакана прамовіў:

— Яна загінула на другі дзень бамбёжак. Я быў у райкоме, калі мне пазванілі... Не ўправілася выйсці. Бомба трапіла проста ў дом...

Ён зноў загаварыў не адразу, задуменна i шчыра:

— Мне шанцавала ў сямейньгм жыцці. Вельмі шанцавала. Мы былі шчаслівыя... Ведаеш, мне часам здаецца, што я, прызнаюся, быў не варты яе. Гэта — зусім шчыра. Яна была чалавек, якіх мала! Калі я чаго-небудзь варты, у гэтым, напэўна, больш за ўсё яе заслуга...

Марыя Аядрэеўна, адчуваў ён, слухала гэта з нейкай насцярожанай увагай.

Скончыўшы, Туравец паспакайнеў: цяпер яна ведае ўсё.

— Вось, як на споведзі!..

— А я была нешчаслівая, — прамовіла Марыя Андрэеўна, i ў голасе яе пачуліся ноткі раўнівай крыўды.

Туравец папрасіў расказаць, але яна запярэчыла стрымана:

— Не цяпер. Пазней як-небудзь... калі толькі вас будзе цікавіць...

Яна думала аб нечым сваім, i Туравец адчуў, як між ix пралягла нябачная мяжа. Адчуванне блізкасці адразу знікла.

Яны так ехалі доўга, i блізкія, i чужыя. Апусціўшы галаву, нібы дрэмлючы, Марыя Андрэеўна нешта моўчкі думала, нешта ўспамінала, сваё, патаемнае, куды яна не хацела яго ўпускаць, дзе ён быў непатрэбны, нежаданы. Тураўцу здавалася, што яна цяпер была вельмі далёка ад яго...

— Вы, напэўна, думаеце, што я скрытная i не ўмею дзякаваць за шчырасць, — загаварыла раптам яна. — Выпытала ў вас, што хацела, а сама маўчу... Не, я люблю шчырасць, Нічыпар Паўлавіч, i ўмею на яе адказваць. Проста, кажу ад душы, не хацелася псаваць настрой i свой i ваш... У мяне сямейнае шчасце было горкім...

Марыя Андрэеўна паглядзела ў вочы Тураўцу доўгім позіркам.

— Гісторыя мая вельмі простая, звычайная!.. Я вышла замуж яшчэ ў інстытуце. Жылі спачатку вельмі добра, шчасліва жылі. А пасля — мы тады працавалі ўжо — ён ашукаў мяне... Я выпадкова даведалася... З таго дня мы сталі чужымі...

Яна сціхла, напэўна, усё ўспамінаючы зноў.

— Нейкі час мы жылі ў адной кватэры. Спачатку не гаварылі, потым ён, Анатоль, спрабаваў памірыцца. Прасіў прабачыць, забыць. Кляўся, за дачку непакоіўся... А я не ўмею нічога ні забыць, ні дараваць... Тады ён пераехаў на другую кватэру. Часта, праўда, заходзіў праведаць Светку. Калі пачалася вайна, ён пайшоў на фронт. Перад адпраўкай Анатоль на некалькі хвілін забег да нас, абняў i пацалаваў дачку. Развітаўся ca мною i сказаў: «Калі толькі буду жывы, я вярнуся да цябе! Без цябе я не магу жыць. Не будзь жа такой неміласэрнай...» З фронта ён прыслаў яшчэ некалькі лістоў... Можа, ён цяпер любіў па-сапраўднаму... А я? — Яна задумалася. — А я?.. Не ведаю, — люблю крыху, можа, ці проста шкадую — жаночае сэрца літасцівае... I наогул, часта не разумееш, што ў ім там у сярэдзіне такое.

Яны пад'ехалі да лесу. Дарога ішла паўз самыя дрэвы, i чорнае галлё схілялася над ёю, нібы страха.

— Ах, Нічыпар Паўлавіч, што мне рабіць, не разумею. Вы думаеце, я не ведаю, што вы мяне любіце? Ведаю.

— А вы?

— I я вас люблю.

— Шчыра?..

Ён выпусціў лейцы, пяшчотна ўзяў яе за руку, але Марыя Андрэеўна, смеючыся, легка адштурхнула яго.

— Лю-ю-блю! Прызнаюся, — нам жа не па дваццаць. У нашы гады любяць прасцей i мудрэй... А вось, як далей быць з вамі,— не ведаю. Думаю пра Светку, пра яе будучыню, часам пра. Анатоля i стрымліваюся...

— Маша, я ёй буду добрым бацькам...

Марыя Андрэеўна запярэчыла мякка:

— Не будзем пакуль больш гаварыць пра гэта, добра? Пачакаем, паглядзім. Паглядзім, як далей будзе... А тады я скажу, вырашу... адзін раз на ўсё жыццё, канчаткова. Добра?

— Добра. Але... лепш, каб цяпер.

— Які вы ўпарты! Ну, так i быць, пастараюся хутчэй... A калі я вырашу сказаць — не? Як тады?

— А вы пастарайцеся сказаць i хутчэй, i — так!..

Мінулася поле, пачаўся рэдкі лясок. Яна паставіла каўнер свайго паліто i сказала зморана:

— Вы ведаеце, я трэція суткі не сплю. Я падрамлю, седзячы. А вы не едзьце вельмі хутка i дзе-ні-дзе мінайце ямы. Інакш я, чаго добрага, магу выпасці з вашай карэты, i вам прыдзецца адказваць.

Яна ўткнула твар у каўнер. Як ні ціха стараўся ехаць Туравец, але тачанка ўсё ж калыхалася, падскоквала на нявідным карнявішчы, дзе-ні-дзе правальвалася ў ямы.

Марыя Андрэеўна, відаць, вельмі змарылася. Задрамаўшы, яна прытулілася да яго пляча, i ён баяўся паварушыцца.

Вакол, асабліва ўгары, дзе віднелася неба, паступова святлела. Набліжалася раніца.

Ён бачыў, што Марыі Андрэеўне нязручна, адсунуўся i палажыў яе галаву на свае калені. Яна не прачнулася. Адчуўшы, што пасвяжэла, Туравец асцярожна выцяг з-пад сябе крысо шыняля i накрыў яе. Калі б трэба было, ён, здаецца, узяў бы яе на рукі i паціху, каб не разбудзіць, нёс бы.

Ён бы хацеў, каб гэтае падарожжа працягвалася доўга.

«Я люблю. Я зноў люблю...» Тры гады назад, калі. Ён так гараваў аб вялікай страце, у яго не магло быць такога ў думцы. Ён лічыў, што ўсё ўжо без звароту мінулася. Ён тады не мог i думаць пра тое, каб зноў ладзіць сям'ю. А вось прайшоў час, i маладосць вярнулася. Ці маладосць?

Паволі надыходзіла раніца. Туравец бачыў, як паступова яснела неба i чырванелі вяршыні дрэў. Абуджаўся лес, ад якога дыхала велічным спакоем i сілаю.

Гледзячы на яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі, на шыю, на бесклапотны, даверлівы ў сне твар, ён адчуў, што шчасце без яе немагчыма.


Раздзел IV


1...

Сяло Аксаніна, дзе прайшлі першыя гады маленства, Чарняхоўскі ледзьве помяіў: калі яму было толькi сем год, бацькам давялося перабрацца на новае месца. Пан Навінскі, у якога бацька Івана быў «пры конях», купіў у другога пана новы маёнтак, i конюху са сваёй сям'ёй давялося ехаць за ім.

Яны сталі жыць у Вербаве.

Жыццё ў Вербаве збоку амаль нічым не рознілася ад ранейшага. Як i да гэтага, у бацькі не было ні сваёй зямлі, ні нават уласнага «кутка»: жыць даводзілася, як на татары, у панавай хане «для конюхаў», за якую пан штомесяца «выварочваў» частку бацькавага жалавання.

Ад сяла была блізка станцыя Вапнярка. Станцыя тады здавалася малому Ясю, як звалі Чарняхоўскага ў сяле, нейкім казачным краем. Пазіраючы на паравозы, слухаючы свісткі, лязг буфераў, ён нямеў ад захаплення. Машыністы, сцэпшчыкі, стрэлачнікі былі героямі яго мар. Калі Яся пыталіся, кім ён будзе, малы адказваў цвёрда:

— Ці машыністам, ці стрэлачнікам.

На гэтай станцыі Ясь стаў потым вучыцца ў школе. Вучоба давалася яму лёгка, асабліва арыфметыка. Бацька быў вельмі задаволены, што Ясь так добра рашае задачы, — ён лічыў арыфметыку «галоўнай навукай у жыцці».

— Калi чалавек, сынку, умее добра лічыць, ён — ого! Такога, сынку, ніхто не ашукае...

Ясь быў жвавы, неспакойны i вясёлы. Па нейкай няпісанай умове вербаўскія дзеці выбралі яго сваім верхаводам. Ва ўсіх гульнях, у паходах Ясь быў заўсёды ў першай ролі...

A між тым у Вербаве адбываліся незвычайныя падзеі.

Прышла рэвалюцыя. Пан Навінскі ўцёк, i сяляне падзялілі панскі хлеб, некалькі мяшкоў якога прынёс дамоў i задаволены бацька. Але хутка зноў надышоў кепскі час. Пану Навінскаму ўдалося вярнуцца з немцамі, i хлеб, які яшчэ застаўся, адабралі, а бацьку прагналі з «двара».

Сталі галадаць...

I тут неспадзявана здарылася яшчэ горшае няшчасце. Ад тыфу злеглі бацька i маці, злеглі, а праз некалькі дзён памерлі. Амаль у адзін час.

Ясь стаў сіратою, разам з пяццю сваімі сёстрамі i братамі...

Яму тады было дванаццаць год. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам i ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы, стыў у асеннюю непагадзь.

Школа была закрыта, але яму хацелася вучыцца. Урываючы грошы са свайго маленькага заработку, ён хадзіў на «заняткі» да хворага настаўніка.

— У цябе, Ясь, добрая галава, — сказаў яму неяк настаўнік. — Калі ты вырасцеш, ты будзеш вялікім чалавекам.

— Вядома,— згаджаўся Ясь, не зусім разумеючы слоў настаўніка, — калі я вырасту, я буду вялікім...

З Вербава ён падаўся на чыгунку i стаў працаваць рамонтным рабочым. Летам мянялі шпалы, выполвалі траву на пуці. Зімой таксама працы хапала: узяўшы лапаты, выходзілі на «дарогу», адкідвалі з яе снег, ставілі агарожы з абодвух бакоў насыпу...

На другую зіму, крыху папрацаваўшы падручным слесара ў чыгуначных майстэрнях, ён уладзіўся правадніком на таварных ад Вапняркі да Адэсы — суправаджаў важныя грузы.

У тыя гады, адным з першых уступіўшы ў камсамольскую ячэйку, Ясь жыў, можна сказаць, ужо кіпучым, багатым жыццём.

Абстаноўка была трывожная: недалёка ад сяла дзейнічалі банды.

— Калі прыдуць бандзюкі, нас усіх пераб'юць, — сказаў аднойчы пасля сходу, што зацягнуўся да позняга вечара, хтосьці з камсамольцаў. — Яны даўно ўжо востраць зубы...

— Не пераб'юць! Мы мацней за ix... — адгукнуўся спакойна Ясь.— A калі i паткнуцца,— возьмем стрэльбы ды так ix спаткаем!..

Ён быў заўсёды смелы i рашучы. Можа, за гэта яго так любілі, паважалі i слухаліся...

Ён не ведаў, куды падзець энергію, якая бурліла ў iм. Чым толькі ён ні займаўся ў клубе: выступаў у спектаклях, у аркестры іграў, спяваў у хоры, «выпускаў» газету, пісаў у яе артыкулы i нават вершы. Здольны да музыкі, ён умеў іграць на ўсіх струнных інструментах, якія былі ў вёсцы.

Гарачы хлопец з чорнай чупрынай, апрануты ў вялікую не па росту гімнасцёрку, у сіняе з бліскучымі леямі галіфэ, быў лепшым прамоўцам ад камсамольцаў на вербаўскіх дыспутах. Асабліва ўдала выступаў малады прамоўца на дыспуце: «Ці ёсць бог?» У Яся была на дзіва добрая памяць, — столькі розных вестак i фактаў ён помніў, i гаварыў ён з такім натхненнем, што ніхто не мог пераспрачаць яго.

Ужо тады можна было заўважыць у ім багата адоранага таленавітага чалавека, кіпучая натура якога шукае сабе шлях.

I вось шлях гэты адкрыўся — Яся, які працаваў ужо шаферам у Новарасійску, паслалі ў пяхотную школу, у Адэсу. Ён паехаў з камандзіроўкай акружкома камсамола...

Але пяхотная школа не задаволіла хлопца, — ён любіў тэхніку, — i Чарняхоўскі неўзабаве папрасіўся, каб яго перавялі ў артылерыйскую школу.

Чатыры гады пасля школы ён служыў у артылерыі, увесь час вучачыся, набываючы вопыт звычайнай камандзірскай работы: быў i камандзірам узвода, i зампалітам камандзіра батарэі, i камандзірам разведкі батарэі. Заўсёды, усёй душой, аддаваўся партыйнай рабоце. Амаль увесь час Іван Данілавіч быў то членам партбюро палка, то сакратаром партячэйкі. Ён любіў палітработу, мусіць, не менш, чым камандныя справы.

— Вось дзе ваша прызванне: палітработа, — гаварыў яму не раз тады камісар палка. — У вас талент палітработніка!..

I гэтыя гады, i ўсе наступныя былі запоўнены вучобаю. Год за годам ён рос, здзіўляючы таварышаў i сваёй прагай да вучобы, i працалюбівасцю, i ведамі. У Акадэміі механізацыі i матарызацыі Чарняхоўскі быў заўсёды выдатнікам...

Але заняткі не «высушвалі» яго. У яго хапала часу i на многае іншае. Ён вельмі захапляўся спортам, прычым не якім-небудзь адным, a многімі: быў i лыжнікам, i валейбалістам, i баскетбалістам, i стралком.

Калі ён вучыўся на трэцім курсе, у Акадэміі праводзілі пераход на лыжах з Масквы ў Нарафамінск. У дзень пераходу сакавіцкае сонца прыгрэла, i снег пачаў хутка таяць. Ісці было вельмі цяжка. Многія курсанты, сышоўшы з лыжні, паехалі на машыне.

— Кідай, Ваня! Здавайся... вясне! — параіў яму таварыш.

Чарняхоўскі не здаўся, дайшоў да канца, i не проста дайшоў, a заняў першае месца на курсе...

Любіў ён па-ранейшаму музыку, любіў спяваць, асабліва ўкраінскія песні...

Скончыўшы Акадэмію, Чарняхоўскі некалькі год служыў у Беларусі — у Бабруйску i ў Гомелі. Перад вайной яго перавялі ў Рыгу.

Вестку пра вайну Іван Данілавіч пачуў у лагерах пад Шауляем, куды яго танкавая дывізія прыехала з Рыгі на летнія заняткі...

Ён пачынаў вайну палкоўнікам, а праз тры гады быў ужо генерал-палкоўнікам, камандуючым фронта. Ён рос так хутка не таму, што яму шанцавала. Не, Чарняхоўскі не быў проста «шчасліўцам». Тыя выдатныя аперацыі, якія ён праводзіў, камандуючы дывізіяй, а пазней корпусам i арміяй, якая праславіла сябе пад Варонежам пераправай цераз Дняпро, вызваленнем Кіева i многімі іншымі баямі, — не былі выпадковымі ўдачамі. У кожнай удачы былі вынікі вялікіх ведаў i вопыту Чарняхоўскага, набытага многімі гадамі вучобы, яго ваеннага таленту, і, апрача таго, — агромністай, часта нявіднай пабочнаму воку, падрыхтоўкай да ўсіх бітваў тысяч салдат i афіцэраў, усёй найскладанай «гаспадаркі».

Чарняхоўскі часта напамінаў афіцэрам, што важнейшая асаблівасць савецкай ваеннай навукі — гэта старанная падрыхтоўка аперацыі i забеспячэнне яе ўсім неабходным. Ён строга караў тых, хто спадзяваўся на «авось», на «як-небудзь», здымаў ix з адказных пасад, не лічачыся ні са званнямі, ні з заслугамі.

— Той, хто хоча лёгкай работы — выпадкова стаў камандзірам, — часта гаварыў ён афіцэрам.



2...

Чарняхоўскі амаль паўтара сутак ездзіў па пярэдняму краю, знаёмячыся са становішчам у розных часцях.

Цяпер камандуючы вяртаўся ў штаб фронта.

Адкінуўшыся на мяккую спінку, прама, як бы ганарліва трымаючы галаву, ён сядзеў за рулём аўтамашыны, спакойна i звыкла круцячы баранкай. Чарняхоўскі веў машыну сам не ў першы раз за гэтыя дні: ён не аднойчы загадваў шаферу памяняцца месцамі — i садзіўся за руль.

Шафёр адчуваў сябе без справы няёмка, i ў яго быў строгі i прытоена вінаваты выгляд. Хоць ён i ведаў, што камандуючы калісьці быў таксама шафёрам, вазіў дырэктара завода ў Новарасійску, ён усё ж не мог прызвычаіцца да таго, што прыходзіцца сядзець «пасажырам».

— Водзіце вы смела... — прамовіў шафёр, якому было прыкра маўчаць.

— Люблю — каб з «ветрыкам»!..

У Чарняхоўскага фуражка была па-юнацку крыху ссунута набакір.

Машына імчала па дарозе, мінаючы вёскі i палі. Твар генерала халадзіў ранішні вецер, які ўлятаў у машыну. Халадок гэты быў прыемны, ён праганяў санлівасць, што апаноўвае чалавека на світанні.

Машына адышла ўжо далёка ад пярэдняга краю.

Генерал-палкоўнік заўважыў наперадзе, на другой дарозе, некалькі танкаў, што хутка імчалі наперарэз. Танкі ішлі адзін за адным. Убачыўшы «трыццацьчацвёркі», камандуючы прыўзняўся на сядзенні.

Гэта быў родны, блізкі сэрцу малюнак. Чарняхоўскі доўгі час быў танкістам; з пачатку вайны, амаль цэлы год, ён камандаваў танкавай дывізіяй. Колькі разоў прыходзілася самому вадзіць «трыццацьчацвёркі» па ваенных дарогах i ў бой!

Праехаўшы яшчэ крыху, Чарняхоўскі заўважыў у хмызняку каля дарогі прыкрытую галлём «трыццацьчацвёрку».

Ён спыніў машыну. Накінуўшы плашч-накідку, рассоўваючы мокрае вецце, падышоў да танка. Поблізу стаяла яшчэ адна «трыццацьчацвёрка», па знаку на вежы якой ён даведаўся, што тут машыны са славутага гвардзейскага корпуса.

Каля танка якраз завіхаўся баец. Ён толькі павярпуўся, каб ісці, напэўна, да свайго люка, калі сустрэўся з Чарняхоўскім.

Танкіст паспешліва i насцярожана акінуў позіркам чалавека ў плашч-накідцы, не зусім упэўнена прывітаўся.

— Што вы тут робіце? — Ваюем...

Баец раптам казырнуў i бегам падаўся да люка.

— Пачакайце, таварыш...

— Няма калі... Зараз камандзіра паклічу...

I ён схаваўся ў люку. «Прыём не вельмі далікатны», — падумаў камандуючы, не скідаючы плашчнакідкі.

Праз хвіліну з машыны саскочыў другі танкіст. Прывітаўшыея, ён папрасіў дакументы, i Чарняхоўскі падаў пасведчанне.

Раскрыўшы яго, танкіст здзіўлена i вінавата зірнуў на камандуючага.

— Выбачайце, таварыш генерал. Вінаваты. Не бачыў яшчэ ніколі... Чуць — чуў многа, а бачыць... — ён схамянуўся i назваў сябе:

— Гвардыі старшы лейтэнант Лагуновіч. Аляксей далажыў, чым займаецца яго рота, якая з батальёнам удзельнічала ў начных занятках.

— Чаго ж стаіць рота, таварыш гвардыі старшы лейтэнант?

— Затрымка. Чакаем вестак ад разведкі... Чарняхоўскі запытаўся, ці часта бываюць у брыгадзе начныя заняткі.

— Два-тры разы кожны тыдзень, таварыш генерал. Камандуючы пацікавіўся, ці даўно Аляксей у брыгадзе i ці даўно на фронце.

— Дарэчы, з якіх мясцін вы родам?

— З Мінска, таварыш генерал... — Сям'я дзе?

— Па той бок...

— Там... — спачувальна, крыху нахмурыўшы прыўзнятыя дужкі броваў, прамовіў камандуючы.

Да ix гэтым часам падышло некалькі танкістаў. Спачатку саскочыў з вежы Быстроў, за ім зараджаючы, потым ад суседняй машыны падышоў Колышаў; Сонцаў, які так недарэчна спаткаў генерал-палкоўніка, адседжваўся ў танку.

— Чым жа вы займаліся апошнімі днямі? — глянуў Чарняхоўскі на Быстрова.

— Гарматы прыстралялі, таварыш генерал. Экіпажы зладжвалі...

— Зладзілі?

— Так. Цяпер вось пачалі замяняць адзін аднаго...

— Гэта добра... А вы даўно ў брыгадзе? — акінуўшы танкістаў хуткім, але вострым позіркам, запытаўся Чарняхоўскі ў Колышава.

— Адзінаццаць... дзён, таварыш генерал.

— Як вам здаецца, таварыш танкіст, у добрую вы брыгаду трапілі?

— Брыгада — добрая, таварыш генерал. Праслаўленая...

— Праслаўленая? Гэтага мала... Слава, як i гімнасцёрка, можа пакрывацца пылам i старэць...

— Абновім, таварыш генерал! — адгукнуўся рашуча Быстроў. Ён непрыхільна зірнуў на Колышава: не мог адказаць як след.

— Абновіце? Ну-ну, глядзіце. Я не люблю, калі словы на вецер кідаюць... — Чарняхоўскі зноў загаварыў да Аляксея:— А на заняткі ў вас заўсёды выязджаюць без аўтаматчыкаў?

Аляксей ды i некаторыя іншыя збянтэжыліся.

— Не... Мінулы раз, таварыш генерал, мы былі з аўтаматчыкамі...

Тут старшага лейтэнанта паклікалі да рацыі.

Аляксей папрасіў дазволу ў камандуючага перадаць, каб там пачакалі, але Чарняхоўскі сказаў:

— Не. Чакаць ім нельга.. Вайна не чакае... Рыхтуйцеся, таварышы, добра рыхтуйцеся. Вам тут, на Беларусі, выпадзе асабліва важная праца...

Ён паправіў на плячах плашч-накідку.

— А вы, таварыш старшы лейтэнант, запомніце, што на заняткі трэба ездзіць у поўнай гатоўнасці. Кожны раз... Ідзіце.

— Ёсць!..

Танкісты бегам падаліся да сваіх танкаў, а Чарняхоўскі хутка пайшоў назад.

Праз хвіліну яго машына зноў ляцела па дарозе...



3...

Штаб З-га Беларускага фронта размяшчаўся кіламетрах у чатырох ад гарадка Краснае.

Тое Краснае, якое праславілася яшчэ пры Кутузаве, стала цэнтрам, што кіраваў мнагатысячным войскам фронта. Гарадок, вызвалены яшчэ паўгода назад, ляжаў увесь у руінах, сярод якіх дзе-ні-дзе чарнелі каробкі спаленых дамоў. Ён здаваўся паўпустым, амаль нежылым, як i ўсе такія разбураныя гарадкі.

Зусім інакш ішло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронта. У бліндажах, выкапаных між дрэваў, ні днём, ні ўночы не сціхала напружаная неўтаймаваная праца.

Над бліндажамі, гойдаючы ўгары высокія макушкі, шумелі сосны. Тонкія i стройный, яны нагадвалі вартавых.

Камандуючы яшчэ здалёк убачыў знаёмы абрыс ляска.

Абапал дарогі мільгалі, адбягаючы назад, рады старых ліп, некаторыя з якіх пачалі сохнуць, — угары часта чарнела бязлістае голле.

На скрыжаванні дарог стаяў помнік воінам 1812 года, каля яго віднелася групка салдат, што, мусіць, накіроўвалася на пярэдні край...

Сасняк імкліва набліжаўся. Калі машына падбегла да шлагбаума, што перахопліваў дарогу на ўзлессі, вартавы, які вышаў ад дашчанай будкі, спачатку намерыўся было спыніць яе, але пазнаў камандуючага i адразу прапусціў.

У сасняку машына ішла ціха, мінаючы камялі гонкіх бронзавых дрэваў i шызую гушчэчу парасніку.

На разгаліне дарог, з якіх адна вяла да гаража, генерал-палкоўнік спыніў машыну i вышаў з яе.

— Перадай механіку — хай наладзіць рухавік,— сказаў шафёру, папраўляючы на плячы плашч-накідку, — у адным цыліндры — стукі...

Стаў чакаць члена Ваеннага Савета, які ехаў следам. Нядаўна тут, відаць, прайшоў дождж — пясок на дарожцы прыбіла, ён пацвярдзеў i стаў наздраватым, нібы пакрыўся васпінкамі.

Далей генералы пайшлі пеша.

Нягледзячы на ранні час, тут пульсавала жыццё. З аднаго бліндажа выбег, трымаючы ў руцэ лісток спісанай паперы i на хаду праглядаючы яго, малады чарнявы афіцэр. На дарозе трапіліся яшчэ два афіцэры i дзяўчына-сувязістка, якія некуды спяшаліся.

Чарняхоўскаму было прыемна бачыць ажыўленне ў гэтую раннюю пару. Калі падышлі да сцежкі, па якой члену Ваеннага Савета трэба было павярнуць улева, Чарняхоўскі прамовіў, што нядрэнна было б сёння выбраць час i схадзіць у лазню...

— Змыць дарожны пыл!.. — стомлена, але тонам адабрэння адгукнуўся Емяльянаў. Ён падаў руку генерал-палкоўніку: — Ну, наездзіліся мы за гэтыя двое сутак, Іван Данілавіч!..

Чарняхоўскі накіраваўся ў свой дом, сцены якога, пафарбаваныя ў зялёны колер, з рудымі палосамі, выглядалі між сосен. Камуфліраваны, старанна замаскіраваны, драўляны дах быў амаль цалкам накрыты густымі галінамі-лапамі.

Ён раптам пачуў угары над сабою знаёмы металічны трэск i спыніўся, агледзеўся — на сасне, на медзяным ствале з тонкімі, падобнымі на слюду лісткамі кары, вісела невысока галавой уніз вогненна-рудая вавёрка. Пушысты хвост яе падняўся; на сухіх баках хадзілі рэбры. Яна, напружана прыгнуўшыся, глядзела ўважлівымі вачыма на Чарняхоўскага.

Шчоўкнуўшы, ступіла некалькі крокаў па ствале i спынілася зноў, потым пачала хутка спускацца. На зямлі яна стала на заднія лапкі, азірнулася вакол i паскакала заклапочана да суседняга дрэва. Там нешта шукала — Чарняхоўскі крануўся, — i яна, спалоханая, адразу сіганула на дрэва, як маланка, паляцела па ствале, так што пасыпалася ўніз кара.

Камандуючы зачараваўся яе жвавасцю i спрытам. Узляцеўшы на крывы сук, вавёрка скокнула ў паветра i на нейкі міг распласталася, выцягнулася ў блакітнай вышыні, як птушка, а потым мільганула ўжо на зялёнай галінцы, якая адразу загайдалася.

«Бач ты, скакуха!» — мімаволі вырвалася ў Чарняхоўскага.

Ён стомлена падняўся на прыступках, над якімі ўгары выступаў невялікі прыдашак.

У прыёмнай дзяжурыў юны, русявы, кірпаносы лейтэнант, каторы, убачыўшы генерала, паспешліва ўстаў i прывітаўся.

Чарняхоўскі, амаль не прыпыняючыся, папрасіў, каб падалі матэрыялы, што прышлі на яго імя.

Ён прайшоў у кабінет. Кабінет быў самым вялікім пакоем у доме. Тут стаяў у кутку рабочы стол, да якога прымыкаў другі, даўжэйшы, ля сцен былі канапа, некалькі стулаў. Недалёка ад рабочага стала вісела вялікая карта фронта, зацягненая сіняй шторкаю.

Лейтэнант прынёс радыёграмы, данясенні, дакладныя, i Чарняхоўскі, не распранаючыся з дарогі, стаў хутка i моўчкі праглядаць ix.

— Ёсць яшчэ ліст, таварыш генерал. — Ад'ютант падаў маленькі самадзельны канверт. Чарняхоўскі мелькай зірнуў на адрас: «У дзеючую армію, на Заходні фронт, камандуючаму фронтам генералу тав. С». «С», відаць, значыла,— Сакалоўскаму, які камандавау былым Заходнім фронтам.

Чарняхоўскі паглядзеў на танкі i самалёты з чырвонымі зоркамі, намаляваныя ў гары ліста, i стаў чытаць.

Прачытаўшы, ён нахмурыўся, паклаў ліст у кішэню. «Ад сястры, можа... Ці ад Аліка», — падумаў паручэнец, які не бачыў адраса на лісце.

Чарняхоўскі адным рухам расшмаргнуў плашч-накідку, аддаў яе падбегшаму ардынарцу, адрывіста кінуў паручэнцу:

— Камароў, выклічце на восем трыццаць начальніка тылу... На дзевяць — камандуючага паветранай арміяй. Пераключыце тэлефоны!.. Усё?— зірнуўён на ад'ютанта.

— Быў ваш брат, падпалкоўнік Чарняхоўскі, Аляксандр Данілавіч, таварыш камандуючы.

— Даўно?

— Ад шаснаццаці трыццаці да семнаццаці.

— Паехаў?

— Так точна. Ен быў праездам.

Брат камандуючага служыў на гэтым жа фронце ў адной танкавай брыгадзе, намеснікам камандзіра. Бачыцца ім у гэтыя дні даводзілася вельмі мала, i Чарняхоўскі пашкадаваў, што не спаткаліся.

У пакоі для адпачынку, маленькім i вузкім, у які вялі дзверы з кабінета, здалося яму, было душна, i ён адчыніў акно.Зняўшы кіцель i боты, ён на хвіліну прылёг на салдацкі ложак, накрыты простай байкавай коўдрай, i адчуў, як прыемна, лёгка стала целу. Пазяхнуў i — адразу схамянуўся:

«Так, чаго добрага, засну».

Ён з намаганнем устаў i, памыўшыся на двары, пад умывальнікам, прыбітым да сасны, паружавелы, больш бадзёры вярнуўся ў пакой, пачаў апранаць чысты кіцель. Кіцель станавіўся, заўважаў ён, цеснаватым, — у Чарняхоўскага варухнулася думка: «Пачынаю паўнець. I хаджу многа, a ўсё чамусьці паўнею...» Ён прычасаў густыя непаслухмяныя валасы, акінуў сябе позіркам: камандуючы любіў акуратнасць у адзенні, — i вышаў у кабінет.

Узяўшы з краю стала, дзе ляжалі свежыя газеты, апошні нумар «Правды», Чарняхоўскі прылёг на канапу, палажыўшы галаву на рубчастую мулкую бакавінку. Гэта цвёрдая сялянская канапа, на якой звычайна ляжаў генерал у рэдкія хвіліны адпачынку, трапіла ў яго кабінет «часова», але калі потым замянілі яе мяккай, плюшавай, Чарняхоўскі на дзіва для многіх загадаў вярнуць ранейшую.

— Вы што, другую спальню ў кабінеце думаеце зрабіць? — сказаў ён ад'ютанту.

Што праўда, то праўда, спаць на гэтай канапе было не соладка. Чытаючы газету, Чарняхоўскі ўвесь час мяняў паставу галавы: муляў пракляты рубец. Але калі Камароў праз некалькі хвілін зазірнуў у кабінет, то убачыў, што камандуючы, прыгнуўшы няёмка галаву, спіць, трымаючы разгорнутую газету на грудзях.

Паручэнец ціха прычыніў дэверы i пераключыў тэлефоны на прыёмную.

Хвілін праз дваццаць прыбыў начальнік тылу, i Камароў ca строгім дзелавым выглядам зноў увайшоў у пакой.

— Таварыш камандуючы!

Чарняхоўскі паварушыў брывом, нібы адганяў муху, i прачнуўся.

— Што такое?

— Прыбыў начальнік тылу.

— Прыбыў?.. Добра.

Ён устаў, прывычна абцягнуў кіцель i, правёўшы рукою па твары, як бы сціраючы рэшткі сну, сказаў:

— Прасі.

Чарняхоўскі ступіў насустрач таму, хто ўвайшоў, i прывітаўся.

— Далажыце, таварыш генерал, — прамовіў ён далікатна, мякка, заходзячы за рабочы стол, — якія ў вас змены адбыліся за апошнія двое сутак?

— Ёсць... — начальнік тылу разгарнуў папку, якую трымаў у руках.— За гэты перыяд намі атрымана... Першае — зброя i боепрыпасы...

Ён, заглядваючы ў папку i час-ад-часу ўздымаючы чакальны позірк на камандуючага, стаў павольна, сіплаватым голасам называць лічбы эшалонаў ca зброяй, наменклатуру боепрыпасаў — род, калібр, маркі. Пасля кожнага пункта ён рабіў паузу, як бы чакаючы заўвагі ці пытання Чарняхоўскага, але той маўчаў.

Камандуючы ўважліва слухаў, але амаль нічога не запісваў. Толькі раз ці два ён зрабіў нейкія адзнакі ў запісной ледэрынавай кніжачцы, якую выняў з кішэні. Начальніка тылу гэта не бянтэжыла: ён, як i іншыя блізкія да камандуючага людзі, ведаў, што ў таго, хто слухае, на дзіва моцная памяць, якая трымае самыя разнастайныя весткі пра ўвесь фронт, пра дывізіі i нават палкі...

I генерал чытаў, час-ад-часу паглядаючы на Чарняхоўскага.

— Добра. Далажыце, колькі цяпер боекамплектаў гранат ў часцях, на ДОП'ах[5], у арміях, на складах фронта?

I зноў генерал чытаў, стараючыся стаяць прама, a Чарняхоўскі слухаў, таксама стоячы, машынальна круцячы ў руках востразаточаны сіні аловак.

— Гаруча-змазачныя матэрыялы...

— Пачакайце... — Тарэц алоўка легка стукнуў па сталу. — Бранябойных патронаў у нас па графіку павінна быць тры боекамплекты? Чаму пакуль толькі два з паловай?

— Два эшалоны з патронамі затрымаліся ў Маскве — на акружной... Адзін — з бранябойнымі патронамі.

— А як справы з аўтамабільным маслам спецыяльным? — запытаўся Чарняхоўскі, успомніўшы нейкі мінулы даклад.

— Яшчэ не ўлажыліся ў графік, таварыш камандуючы.

— A колькі ж вы будзеце ўкладвацца?

— Чыгунка, таварыш камандуючы, падводзіць.

— А вы гаварылі з чыгуначнікамі?

— Гаварыў...

— Ну, i што?

— Абяцаюць выручыць...

— Абяцаюць. A між тым, не ў першы раз не спраўляюцца з графікам.

— Я гаварыў з імі пра гэта.

— Відаць, недастаткова добра гаварылі, калі ўсё па-ранейшаму.

Ён прайшоўся па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні. Генерал моўчкі сачыў за ім, апусціўшы папку i трымаючы між лісткамі палец, замест закладкі.

— Што ж, я з імі пагавару!.. Дзе эшалоны з аўтамабільным маслам?

— На падыходзе, таварыш камандуючы.

Чарняхоўскі зноў вярнуўся за стол.

— Далажыце, колькі ўсяго эшалонаў на станцыях разгрузкі, на падыходзе, якія?

Выслухаўшы адказ, камандуючы хвіліну памаўчаў, пакручваючы аловак.

— Я загадаў пры перавозцы войск i ўзбраення захоўваць строгую маскіроўку. A ўсё-такі да апошняга часу ёсць выпадкі, калі шафёры едуць ноччу з поўнымі фарамі...

— Парушаюць... Я папярэджваў людзей, таварыш генерал.

— За парушэнне маскіроўкі — шафёраў адразу здымайце з машын, a камандзіраў прыцягвайце да адказнасці...

— Ёсць, таварыш генерал. Я сёння ж прыму меры.

— Усё, можаце быць вольны.

Пасля яго Чарняхоўскі выклікаў камандуючага паветранай арміяй, намеціў на бліжэйшыя дні план «апрацоўкі» з паветра важнейшых чыгуначных вузлоў.

Генерал-палкоўнік прыняў яшчэ некалькі сваіх падначаленых. Ён ведаў становішча ўсяго фронта i выразна ўяўляў сабе дэталі будучага, цяпер ужо блізкага, наступлення.

Калі для многіх іншых камандзіраў наступленне было марай, то генерал-палкоўнік ужо рэальна адчуваў характар будучай бітвы. Яна акрэслівалася ўсё больш па меры таго, як прыбывала i прыбывала ўзбраенне, як раслі штабялі артылерыйскіх снарадаў на складах.

Позна ўвечары яму паведамілі, што непадалёк, на прыфрантавым аэрадроме, прызямліўся генерал Малінін, камандзір аднаго партызанскага злучэння, які ляціць з Масквы на фронт. Чарняхоўскі загадаў зараз жа Камарову паехаць па яго i запрасіць у штаб.

Ён зняў трубку тэлефона:

— Васіль Макаравіч?.. Зайдзіце, калі ласка, хзілін праз пятнаццаць да мяне. Справа ёсць...

Чарняхоўскі выняў з кішэні самаробны канверцік з лістом, на якім былі намаляваны танкі i самалёты. Паглядзеў на малюнак i стаў зноў чытаць.

«Дарагі таварыш камандуючы генерал! Гэта пішуць да вас з Л. дзіцячага дома Коля i Сярожа Крушыны, Шурка Хмялеўскі i Лёня Зелянкоў, — адразу называлі сябе аўтары ліста. — Мы ўсе з вялікім гонарам чытаем пра геройскія справы нашых байцоў i афіцэраў Чырвонай Арміі, а таксама i слухаем па радыё кожны дзень. Нашы бацькі таксама на фронце ваююць, толькі ў Лёні Зелянкова i Шуркі Хмялеўскага не ваююць, бо яны загінулі на фронце. Жывем мы ў цяперашні час добра. Мы тут вучымся ў школе. У нас ёсць нары i пасцелі. Адно толькі пагана, што далёка дровы насіць з лесу i ваду з рэчкі, бо няма на чым вазіць. А мы яшчэ не акрэплі пасля лагера. А так усё добра. Не думай, дарагі таварыш генерал, што мы скардзімся на цяжкасці. Мы ix перажываем, бо на фронце нашы байцы перажываюць яшчэ большыя...» Чарняхоўскі прыпыніўся, задуменна ўзняў вочы: па яго твары як бы прабег цень.

«Мы падрыхтавалі для Чырвонай Арміі пяць пасылак i паслалі ix. Мы хочам запытаць Вас, ці не трэба Вам яшчэ чаго? Напішыце, якія Вам патрэбны падарункі? Мы ўсё зробім!!!»

Далей ішоў адрас, прыпіска: «Выбачайце, што пішам не сакрэтны Ваш адрас, бо мы яго не ведаем»,— а далей быў намаляваны нямецкі самалёт, што падае i дыміцца...

Камандуючы, паглядаючы на гэты самалёт, узяў аловак i непаспешліва, паглыблены ў свае думкі, падкрэсліў словы: «далёка дровы насіць з лесу i ваду з рэчкі, бо няма на чым вазіць... не акрэплі пасля лагера». Ён так націснуў аловак, што графіт зламаўся.

Начало наплываць, набліжацца далёкае-далёкае: успаміны, як сам калісьці бадзяўся па дарогах. Адганяючы згадкі, узяўшы ручку, ён хуткім энергічным подыркам стаў пісаць:

«Дарагія рабяты! Пісьмо Ваша перадалі мне. Дзякую за яго. Вы пытаецеся, які патрэбен фронту падарунак. Адказваю — вучыцца добра, настойліва. Гэта галоўны падарунак. Перадайце прывітанне ўсім Вашыім выхавацелям i таварышам ад салдат i афіцэраў фронта!»

Чарняхоўскі размашыста, але разборліва распісаўся. Узяўшы трубку тэлефона, выклікаў начальніка тылу i папрасіў падрыхтаваць падарункі для дзіцячага дома.

Увайшоў член Ваеннага Савета, i Чарняхоўскі папрасіў яго сесці.

— Зараз будзе тут госць — Малінін, партызанскі генерал. Ён павінен прыехаць з хвіліны на хвіліну... А пакуль, Васіль Макаравіч, вось — пачытайце.

Чарняхоўскі падаў ліст i стаў назіраць за тварам генерала, пакуль той чытаў.

— Цяжкавата дзецям! — складваючы лісток, паспачуваў Емяльянаў. — Вы, здагадваюся, рашылі падтрымаць ix...

— Так. Вось...— камандуючы даў лісток, на якім было напісана, што трэба адправіць дзетдому.

— Гэта правільна... — Добры, чулы Емяльянаў задаволена пацёр рукой шчаку. — Трэба берагчы ix...

Неўзабаве нячутна ўвайшоў Камароў i хутка, хвацка далажыў, што генерал-маёр прыбыў, — паручэнец ледзь не сыпнуў прывычна «па вашаму загаду», але спрытна паправіўся «па просьбе!»

— Прасі...

У пакой ступіў рослы, апрануты ў новую палявую форму генерал. Ён светлымі ўважлівымі вачыма з-пад цёмных брывей глянуў на камандуючага i проста, глухаватым голасам адрэкамендаваўся: — Малінін.

Вышаўшы з-за стала, Чарняхоўскі ветліва паціснуў руку i, пазнаёміўшы з генералам Емяльянавым, папрасіў госця сесці.

— Я, прызнацца, уяўляў вас больш грозным з выгляду, — пажартаваў камандуючы. — Думаў, што ў вас барада да пояса...

— Я таксама ўяўляў вас інакшым — старэйшым!..— падтрымаў жарт Малінін.

Чарняхоўскі запытаў, што новага чуваць у Маскве.

— Што новага ў Маскве? Агульныя навіны вы ведаеце лепш за мяне, усё-ткі звычайна бліжэй да сталіцы, чым мы — лясныя людзі...

— Бліжэй, то бліжэй, ды вы ж толькі што з Масквы, — масквіч можна сказаць...

— Які я масквіч?! Я i тыдня не быў там. Ды i то — ходзячы па сталіцы, думаў пра свае лясы... Працы там многа засталося нязробленай...

— Лясы i лясныя людзі нас, таварыш Малінін, цяпер таксама вельмі цікавяць... Як ніколі. Таму мы i папрасілі, каб нам дапамаглі спаткацца. Як там у лясах вашых?

Чарняхоўскі зірнуў на генерал-маёра ўважлівымі, без усмешкі, вачыма:

— Блакады яшчэ ідуць?

— Дзе-ні-дзе ідуць...

— Значыцца, фашысты не зусім прыціхлі?

— Крыху прыціхлі. Непакояцца за фронт — усе ix карныя дывізіі з нашага раёна падаліся ў бок фронта...

— Што там цяпер у сёлах?

— Сумна ў сёлах. Вярнуліся на старыя мясціны — пазнаць нельга. Праязджаў я нядаўна па такой вёсцы — Паплавы. Была калісьці зялёная, уся ў садах, з багатымі калгаснымі пабудовамі, — я яе добра ведаю, працаваў там гадоў дзесяць назад дырэктарам МТС... А цяпер — толькі попел i жахлівае запусценне... За адзін дзень гітлераўскія карнікі забілі дзвесце трыццаць чалавек. Некалькі чалавек спалілі зажыва ў школе. Адну жанчыну кінулі разам з маленькім дзіцём... Вось што ў нас... Тысячы людзей па-зверску забіты i спалены... Папялішчы i — трупы...

Чарняхоўскі апусціў галаву. Твару яго амаль не было відаць, — святло лямпы выхоплівала рэзкія, дугамі, бровы ды неспакойнае, без адной ніткі сівізны, плеціва валасоў.

— Цяпер заняліся сяўбою... — мімаволі прыцішыў голас Малінін. — Сеяць вельмі цяжка, бо ўсё папалена, мала-мала засталося коней, плугоў. У Паплавах, напрыклад, няма ніводнага каня. Прышлося мабілізаваць коней у брыгадзе — Ермакоў там у нас камандуе. — Ён падрабязна i дакладна расказаў пра абстаноўку.

— Часта пытаюць,— кінуў на Малініна цікаўны, мяккі позірк Емяльянаў, — калі пачнецца наступленне?

— Ну, такое пытанне, мусіць, у кожнага, калі не на языку, то ў галаве... Часта, таварыш генерал-маёр...

Па тым, як глянуў на члена Ваеннага Савета Малінін, Чарняхоўскі здагадаўся, што той сам чакае адказу: калі.

— Рыхтуемся, таварыш Малінін. Ніводнага лішняга дня стаяць не будзем... Але ў нас будзе вялікая просьба, — каб падтрымалі, па-суседску, калі прыдзе час!..

— За гэтым астаноўкі не будзе! Падтрымаем, колькі змогі. Думаю, што хутка пачуеце наш галасок.

Чарняхоўскі i член Ваеннага Савета ведалі, на што намякае Малінін: ім паведамлялі ўжо, што рыхтуецца «канцэрт». Камандуючы, радуючыся гэтаму, разам з тым сказаў Малініну, што было б вельмі добра, каб партызанскія сілы ў часе наступальных баёў арміі ўзмацнілі свае ўдары з тылу. Ён даў некалькі парад, як i чым можна лепш дапамагчы франтавікам, як наладзіць узаемадзеянне з армейскімі часцямі...

Закончыўшы дзелавую размову, Чарняхоўскі запытаўся ў Малініна, колькі той думае пабыць на фронце.

— Думаю сёння ж адправіцца дамоў.

Ён падзякаваў Емяльянаву, які запрапанаваў павячэраць разам, падзякаваў i — адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ночы цяпер невялікія i, чаго добрага, можна запазніцца.

Пашкадаваўшы, што Малінін так хутка адлятае, Емяльянаў падаў руку генералу i папрасіў:

— Перадайце прывітанне сваім лясным салдатам. Скажыце, што мы вельмі спадзяемся на такіх памочнікаў...

Чарняхоўскі націснуў кнопку званка i загадаў паручэнцу, які ўвайшоў:

— Камароў, паедзьце з генералам i прасачыце, каб яго добра ўладзілі.

Ен вышаў з Малініным на двор, правёў да машыны. Вярнуўшыся ў пакой, Чарняхоўскі i Емяльянаў пачалі абмяркоўваць розныя аператыўныя справы.

— Ну, Малінін ужо, напэўна, падняўся ў паветра, — прамовіў член Ваеннага Савета. — Вы ведаеце, Іван Данілавіч, я сёння адчуў сябе вінаватым. Без віны вінаватым...

— Так, трэба фарсіраваць падрыхтоўку да наступлення...

Калі Емяльянаў вышаў, Чарняхоўскі выклікаў ад'ютанта i перадаў пісьмо ў дзетдом.

Выняўшы з кішэні запісную кніжку, ён стаў падлічваць, колькі яшчэ патрэбна падвезці снарадаў.

...Позна ўночы, скончыўшы працу, камандуючы вышаў з дома. Неба высілася спакойнае i зорнае. Адсюль да пярэдняга краю было каля сарака кіламетраў, i сюды дакатваўся глухаваты грукат выбухаў.

Угары, нізка над лесам, прайшло ў бок фронта некалькі самалётаў, — ён на зорнай чарнаце адрозніў ix сілуэты: бамбардзіроўшчыкі. Чарняхоўскі ўспомніў размову з Малініным, падумаў, колькі людзей там, на Беларусі, чакаюць яго салдат.

Але хіба наступлення чакаюць толькі па той бок фронта? Яго чакаюць i на пярэднім краі байцы, i людзі на Урале i Далёкім Усходзе. Уся краіна чакае, увесь свет.



4...

Тураўца i Ермакова тэрмінова выклікалі на нараду ў штаб злучэння.

Калі яны прыехалі, у штабе былі ўжо ўсе камандзіры i камісары брыгад. Начальнік штаба папрасіў зайсці ў пакой камандзіра злучэння.

Малінін, у новай генеральскай форме, па-таварыску прывітаўся з кожным за руку, прабег позіркам па прысутных, нібы правяраючы, ці ўсе прышлі.

Туравец заўважыў, што ў пакоі толькі камандзіры i камісары брыгад, i падумаў, што будзе нешта сакрэтнае i важнае.

Ён не памыліўся. Малінін пачаў сваё выступленне словамі пра важнасць справы, для якой ix паклікалі.

— Мы маем задачу: у ноч на 20 чэрвеня зрабіць вялікі «канцэрт». Аперацыя праводзіцца па спецыяльнаму загаду Штаба партызанскага руху,— падкрэсліў ён.

Малінін быў вопытны партыйны работнік, якому толькі ў час вайны давялося ўзяцца за ваенную справу. Як i многія іншыя партызанскія кіраўнікі, ён прайшоў усе курсы «лясной акадэміі»: спачатку кіраваў невялічкім атрадам, які сам сабраў i які пасля вырас у брыгаду, нарэшце, узначаліў цэлае злучэнне з некалькіх тысяч байцоў. За гэты час ён стаў ваенным спецыялістам.

Адначасна Малінін быў i партыйным кіраўніком падполля, сакратаром абкома. Хоць яму даводзілася доўгі час быць камандзірам, ён дагэтуль захаваў многія ранейшыя цывільныя звычкі ў адносінах да падначаленых, з якімі генерал вітаўся проста за руку, ці то быў камандзір брыгады, ці радавы аўтаматчык. Не хапала, магчыма, у генерала i таго, што называюць вайсковай выпраўкай. Генеральскі новы кіцель выглядаў на ім неяк сціпла, як раней сіняя шарсцяная гімнасцёрка.

Слухаючы Малініна, Туравец мімаволі пераглянуўся з Ермаковым: вось для чаго прывезлі такую безліч толу i дэтанатараў!

План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй i смеласцю. На гэты раз «канцэрт» рыхтаваўся нават больш магутны, чым ранейшыя.

Туравец разумеў, што бой на «жалезцы», напэўна, будзе толькі ўступам, што сапраўдны «канцэрт», куды больш велічны, пачнецца пазней. Ён адчуваў, што надыходзяць вялікія, даўно чаканыя падзеі. Можа, гэта i ёсць пачатак свята.

Пасля нарады Малінін папрасіў Тураўца застацца. Туравец быў з ім добра знаёмы яшчэ з даваеннага часу, калі цяперашні генерал працаваў сакратаром гаркома. У ix былі добрыя прыяцельскія адносіны.

Малінін узяў Тураўца за руку, прапанаваў:

— Пройдземся.

Яны вышлі з зямлянкі, па сцежцы падаліся на адхонны ўзгорак. Унізе быў даволі глыбокі яр, у якім густа буялі вялікія i дробныя дрэвы. Завостраныя вяршыні большых дрэваў, якія раслі ў яры, — бяроз, асін, алешын, — былі ўпоравень з узгоркам.

— Хораша, а? Тут на прыволлі, у цішыні вельмі добра... падумаць. Я сюды часта зазіраю... Начштаба мой нават пажартаваў неяк, ці не спатканне з дзяўчынаю я тут назначаю...

Ён нечакана абарваў гаворку, захоплены новай думкаю.

— Чуў я, жаніцца збіраешся? — Малінін светлашэрымі вачыма дапытліва, з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш?

Туравец ад нечаканасці збянтэжыўся.

— Адкуль ты гэта, Іван Іванавіч, узяў?..

— Няпраўда, можа?

— Пакуль, можна сказаць, няпраўда. А далей... а за далейшае — каюся, грэшны — баюся ручацца! Чыстая праўда, Іван Іванавіч, табе аднаму прызнаюся.

Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Яны так рэдка бачыліся з Марыяй, амаль ніколі не былі ўдваіх. Туравец нікому не казаў пра сваё пачуццё да Марыі, імкнуўся быць у дачыненні да яе стрыманым, такой жа стрыманай, нават нібы абыякавай да яго, здавалася i Марыя Андрэеўна. Хто б мог ведаць, што там у яго, у яе на душы? Але ж нехта падглядзеў!

— Цябе ў Мінск сакратаром райкома назначаем. Хутка на новую работу пойдзеш,— прамовіў неспадзявана Малінін, спакойна i проста, нібы гаварыў: пойдзеш у другую брыгаду.

— Ну, што ты, Іван Іванавіч?!— здзівіўся Туравец. — Жартуеш?..

— Зусім сур'ёзна!— ён ледзь-прыкметна ўсміхнуўся аднымі вачыма, i ўсмешка нібы гаварыла: аб іншым не пытайся, здагадвайся сам.

— У цябе ў раёне хлебазавод, станказавод, тэатр, дванаццаць школ... дзевяць з ix спалены... Падумай, як ты ix аднаўляць будзеш. Скажы, што ты будзеш рабіць, калі заўтра вызваляць Мінск i ты вернешся ў райком? — нечакана паставіў Малінін пытанне рубам.

— Я ўжо думаў пра гэта, —прызнаўся Туравец. — Толькі, можа, абстрактна...

— Наш зварот — не абстракцыя. Яшчэ да таго, як прыдзеш у Мінск, Нічыпар, — ты павінен ведаць, з чаго пачынаць. Абдумай загадзя. Падбяры людзей, якія будуць выконваць твае планы. Між іншым, у Маскве ўжо меркавалі, як будзем араць i сеяць увосень палі, на якіх мы пакуль ваюем, чым дапамагчы Мінску, усёй рэспубліцы. ЦК падрыхтаваў тысячы работнікаў, якія чакаюць толькі сваёй пары, каб з першага ж дня, з першай гадзіны пачаць ладзіць мірнае жыццё.

Туравец з захапленнем слухаў гэтыя словы, якія лепш за ўсё гаварылі пра веру ў заўтрашні дзень.

— Дарэчы... Памазгуй, Нічыпар, як вы дапаможаце Чырвонай Арміі людзьмі. Вайна не канчаецца тут. Падрыхтуй людзей, каб перадаць ix арміі. Трэба даць арміі такіх салдат, каб яны чэсць нашу неслі высока, каб чырванець не прышлося.

— За маіх, Іван Іванавіч, не прыдзецца! Эх, значыць, хутка зноў заводскія сходы... стаханаўцы на бюро расказваюць пра свой вопыт. Станкі грукочуць у цэху... Або — сядзяць барадачы i падлеткі ў сапраўднай лекцыйнай зале i слухаюць якога-небудзь рабочага-летуценніка, які зазірае ў камунізм!

— Нялёгка будзе спачатку, Нічыпар.

— Горка... Балюча. Цяжка. Але я не думаю пра гэта. Галоўнае — вярнуцца!

Яны сталі ўспамінаць гарком, бяссонныя ночы, клопаты таго часу, сустрэчы, падзеі, таварышаў. Усё, што нядаўна здавалася яшчэ недзе наводдаль, цяпер наблізілася, стала хвалююча рэальным, нібы ўжо здзейснілася. Доўгія гады вайны непрыкметна адступілі, прыцьмелі, быццам успамін.

Яны развіталіся па-прыяцельску, не ведаючы, што наступны раз убачацца ўжо ў Мінску.



5...

Ехаць у брыгаду бліжэйшай дарогай было небяспечна, бо немцы, у якіх побач было некалькі моцных гарнізонаў, часта наладжвалі на ёй засады, i камбрыгу i камісару прышлося зрабіць вялікі круг цераз суседнюю партызанскую зону.

Пад'язджалі яны дамоў толькі ўранку.

Усё званчэй, залівісцей звінелі птушыныя галасы. Раса паступова высыхала, i лес напаўняла густая, паркая духмень, у якой мяшаліся пахі травы, сосен, суніц. Шэрсць на сівым Тураўцовым кані замакрэла, закучаравілася ад поту.

— Якое табе дрэва асабліва падабаецца? — перапыніў надакучлівае маўчанне камісар, акідваючы вачыма нізкарослы саснячок, што абступаў дарогу.

— Якое? — адарваўся Ермакоў ад сваіх думак. — Не люблю асіну. Кепска гарыць...

— Кепска гарыць? Эх ты, сухар!.. Я люблю дуб — моцны, дужы. У яго, брат, i пах моцны, востры. Як спірт... Дрэвы, яны як людзі — у кожнага свая натура. Елкі — стройныя, строгія, задуменныя i мала разгаворлівыя. Хвоі — тыя весялейшыя, раскінуць медныя свае галіны ўгары, ахвотна гавораць з ветрам, ківаюць нешта яму. A асіны зусім не любяць маўчаць. I вечна трывожныя, клапатлівыя,— нервовыя, можна сказаць...

Праехаўшы яшчэ, Туравец заўважыў — над ельнічкам справа важка ўздымалася чорная птушка.

— Крумкач!

Туравец працягнуў руку да ардзінарца, узяўшы вінтоўку, весела бліснуў вачыма Ермакову:

— Дазволь, камбрыг?

Не злазячы з каня, прыцэліўся. Ляснуў стрэл.

Груган усё так жа ляцеў, важка ўздымаючыся. Туравец, слухаючы кпіны камбрыга, хутка перазарадзіў вінтоўку i зноў прыцэліўся, птушка ляцела хутчэй. Пасля стрэлу груган секунду ішоў па-ранейшаму, а потым стаў хутка валіцца на бок.

— Ну, бачыў?!

Ермакоў адказаў з насмешачкай, што ў такую хмару любы ўцэліў бы.

— Я i перщы раз уцэліў. Ён жывучы, гад.

Туравец расшпіліў пінжак i каўней белай палатнянай рубашкі, выцер хусцінкай круты лоб.

— Што, прыпаравае? — зірнуў на яго Ермакоў.

Камбрыг, які ў апошні час, пасля блакады, стаў прыкметна таўсцець, сядзеў у сядле, ладна, ледзь сагнуўшыся, злёгку хістаючыся ў такт конскай хадзе.

— Прыпарвае...— Туравец паклаў змакрэлую хусцінку ў кішэню.

Яны зноў ехалі моўчкі.

Ермакову ўспомнілася Валя, i радасны настрой, прынесены сонечнай раніцай i набліжэннем да дому, змяніўся непакоем.

I чаго на яго шляху трапілася гэтая ганарлівая дзяўчынка, i чаго яго гэтак цягне да яе?.. Яго, праўда, увесь час цягнула да жанчын. Быць з імі, адчуваць сябе любімым, заваёўваць ix прыхільнасць, — было яго заўсёдным жаданнем...

I такая ўпартая, скажы. Няма ёй, гэтай дзяўчынцы, ніякай справы да яго, да таго, што ён, усімі паважаны, відны чалавек, камбрыг, пра яе думае. Можа, ён i думае столькі пра яе, калі цвяроза паглядзець, звычайную, нічым не асаблівую, таму, што яна гэтакая — упартая i абыякавая. Ён не ўмее адступацца.

A адступіцца ўсё ж прыдзецца. Слова даў на сходзе, усе гэта чулі, сам казаў — цвёрдае слова. Ну i бог з ёю. I наогул, падалей бы, мусіць, ад ix, — столькі прыкрасці, асабліва цяпер, калі ён, камбрыг, навіду...

Туравец амаль усю дарогу думаў над словамі Малініна. Сапраўды, можа так здарыцца, што праз які месяц — другі ён вернецца ў горад. Ад гэтай думкі на душы ў Тураўца было весела i па-святочнаму легка. Яму неяк мала ў той час даходзіла, што горад разбураны, што многае там будзе выклікаць горкія ўспаміны. Балюча было прыгадваць першыя дні вайны, смерць жонкі... Але радасць, якая яго захапіла, была такой хвалюючай, чаканай, што прыглушыла, прыцішыла ўсё.

З учарашняга дня, ад размовы з Малініным, у Тураўца ў настроі, у думках, ва ўсёй душы шмат што змянілася, перайначылася. Адно, што было раней, хоць i любым, але далёкім, наблізілася, памацнела, а другое, дасюль звыклае, неяк паглушэла i адышло. Тое, што ўлілося ўчора, цяпер амаль адно займала яго, хвалявала, рабіла Тураўца як бы памаладзелым, нецярплівым.

Туравец у думках хадзіў па заваленых вуліцах горада, аглядваў анямелы, спустошаны цэх станкабудаўнічага завода. Ён накіроўваў камуністаў на хлебазавод, каб у першы дзень даць гораду хлеб. Трэба ўлічыць настаўнікаў, пазнаёміцца з імі. Школы трэба аднавіць... Думаў камісар пра ўсе свае будучыя клопаты з такой ахвотай i цікавасцю, што амаль не прыкмячаў, як ідзе час.

Між тым яны ўжо набліжаліся да лагера. Сівы, у яблыках, неспакойны конь Тураўца, пачуўшы блізкасць лагера, заспяшаўся i галасіста заіржаў. Дарога спусцілася ў неглыбокую лагчыну, пасярэдзіне якой, ахінутая высокай вільготнай травой, цякла ціхая празрыстая ручаіна. Конь, ступіўшы ў яе, пацягнуўся да вады.

Далей дарога ўзбівалася на невялікі, але круты ўзгорак, Туравец раскілзаў каня i, пакуль ён піў, моўчкі назіраў, як разыходзіцца, круціцца каля конскай мызы вада. Спатоліўшыся, конь ускінуў галаву, матнуў ёю i фыркнуў: у паветры весела бліснулі кроплі вады...

На ўзгорку Туравец аддаў каня ардзінарцу i да лагера ішоў пеша. Саскочыў з каня i Ермакоў. Ісці пасля доўгай язды, ад якой занямелі ногі i адзервянела спіна, было лёгка i прыемна.

— Каго нам паслаць у Мінск? — загаварыў Ермакоў.

Ім у штабе загадалі паслаць разведчыка ў Мінск. Патрэбны былі новыя падрабязныя весткі аб размяшчэнні ваенных аб'ектаў у горадзе.

Ермакоў i Туравец сталі меркаваць, каму можна даручыць такое заданне. Абодва лічылі, што паслаць трэба каго-небудзь такога, хто быў у Мінску i добра ведае горад.

Прыпомнілі некалькі чалавек, якія маглі б падысці для такой справы, нарэшце, камбрыг згадаў Лагуновіч Ніну. Яна, на думку Ермакова, магла б справіцца лепш за іншых.

Туравец задумаўся.

— Лепш то, можа, лепш... Але...

— Што яшчэ?

— Разумееш, маці ж яна. Дзіця ў яе. У Мінску... Маці, разумееш?

— Ну, дык што?

— A калі там здарыцца што-небудзь?..

— З кожным можа здарыцца. Ніхто не засцярожан ад гэтага.

— Ну, вось, я да таго i кажу... небяспечна...

— Ну, a другія што — не такія людзі?

— I такія, i не такія. Яна ж — маці, разумееш?

— Ведаеш што, Нічыпар: адна — маці, другая — сястра, у таго — брат, — Ермакоў гаварыў рэзка i рашуча. — Па-мойму, яна падыходзіць. I няма чаго тут думаць i выдумляць...

— Што ж, Ніну, дык Ніну.

Туравец уздыхнуў.

— Займіся ты разведкаю, Нічыпар Паўлавіч, — папрасіў мякчэй камбрыг. — Бо мне з «рэйкамі» будзе клопату, аж залішне.

Яны гаварылі ціха. Ардзінарцы вялі коней ззаду i таксама аб нечым размаўлялі.

З-за кустоў вышлі, прывіталі ix вартавыя партызаны, якія стаялі пры дарозе. Слухаючы з лагера людскія галасы, што станавіліся ўсё больш чутнымі, Ермакоў i Туравец мімаволі паскорылі хаду.

Абодва адразу падаліся ў штаб, каб даведацца, што тут здарылася, калі яны адсутнічалі. Ермакову здавалася, што ён даўно ўжо не быў у брыгадзе, i таму камбрыг чакаў нейкіх асаблівых навін. Ён адчуваў сябе так, нібы вярнуўся ў родную сям'ю з далёкага падарожжа. Брыгада, i сапраўды, даўно стала яму i домам i сям'ёй.

Габдулін быў акурат у штабе. Ад яго Ермакоў i даведаўся, што адбылося за апошнія дні.

Пасля гэтага камбрыг падаўся ў свой будан, пераапрануцца з дарогі, a камісар застаўся, загадаў дзяжурнаму, каб паклікалі Лагуновіч.

Хвілін праз дзесяць дзяжурны вярнуўся.

— Яна была ўночы на аперацыі. Цяпер недзе спіць, у будане няма. Знайсці яе?

— Не трэба. Калі прыдзе, няхай зойдзе да мяне.


Раздзел V


1...

Раніцай група, у якой была Ніна, вярнулася з разведкі. Калі Ніна ўвайшла ў свой будан, там ужо ўставалі.

— Ты ведаеш, Ніна, — падбегла да яе Валя, — мне сніўся твой Аляксей. Такі ён вясёлы ды прыгожы. На кані ўсё ехаў, a ў каня таго ў грыву заплецены розныя шаўковыя істужкі. Як убачыў мяне, пад'ехаў на кані, пра цябе спытаўся: «Дзе, кажа, мая Ніна, правядзіце да яе». Потым нешта пачаў расказваць пра сябе, дзе ён быў i што рабіў, але я нічога не помню. Хоць забі тут, — не прыпомню!..

— A камісар наш, такі праўда, — закахаўся, — загаварыла гарэзна, бліснуўшы чорнымі прыгожымі вачыма, жанчына, якая латала кофту. — Праўду кажу! У Марыю Андрэеўну.

— Што ж, яна жанчына харошая, — сказала Ніна.

— А я вось не веру, — запярэчыла Валя.

— У што? У тое, што Туравец можа закахацца? У, ты, дурная. Я, любка, мужчын наскрозь бачу. На што другое розуму ў мяне не хопіць, а тут, будзь пэўна. Ох, i мужчына гэта! Ён толькі такі стрыманы. Ведама, камісар! Тут толькі зірні на каго-небудзь прыхільней, дык вочы, накшталт маіх, адразу заўважаць. А так, ён умее моцна любіць. Яшчэ як моцна!

— Выдумляеш ты, сама не ведаеш што.

— О, я не ведаю? Ты паглядзі, якія вочы ў яго — цыганскія! Ох, у маладосці, відаць, быў зух! Не адну, напэўна, прысушыў.

— Шчаслівая будзе Марыя Андрэеўна, — уздыхнула Ніна. — Рада я за яе!

— I ты будзеш, Нінка, шчаслівая! Чуе мае сэрца, будзеш шчаслівая, — запэўніла яе Валя, пачуўшы ў голасе Ніны нотку суму.

— А я i так шчаслівая, — сказала яна, адчуўшы, што Валя хоча супакоіць яе. — Я шчаслівая... Хіба не шчасце так любіць?

Жанчына, што латала кофтачку, уважліва паглядзела на Ніну i недаверліва ўсміхнулася.

— Няпраўду ты кажаш, Нінка. Ты толькі дым у вочы пускаеш, каб супакоіць сябе. Якое гэта шчасце — сохнуць па чалавеку, які невядома дзе тры гады?

— Не сохнуць, a любіць,— паправіла яе Ніна, хвалюючыся.

— Якая ж гэта любоў?.. — здзівілася чарнявая. — А я вось не люблю нуды. Не ўмею доўга сумаваць. Здаецца, i люблю моцна-моцна, а пройдзе месяд-другі i абавязкова завабіць хто-небудзь новы. Колькі разоў я любіла, а такой любові нешта i не было...

Ніна не адразу знайшла, што адказаць.

— Значыцца... не любіла ты! — прамовіла яна з запалам.— Не любіла... I ўвогуле, —дадала яна, — нічога ты не разумееш у гэтым.

Ніна вышла да студні, памылася i хутка вярнулася ў будан. Шчокі яе пасля ўмывання паружавелі. Яна ўзяла ca століка маленькае люстэрка, на адваротным баку якога быў малюнак — дзеці купаюцца ў рэчцы.

З люстэрка зірнулі на яе шэрыя, стомленыя вочы. У чатырохкутніку былі яшчэ відаць роўны, крыху кipпаты нос, заклапочаны лоб i ўскалмачаныя русявыя валасы. Яна прычасалася. Ніна была прыгожая няяркім, сціплым хараством. Асабліва прываблівыя былі яе вочы — шэрыя, часам блакітныя, як бы засмужаныя; яны пазіралі з нейкай светлай удумлівасцю i сардэчнасцю. Прыгожа акрэсліваліся мяккія, нібы прыпухлыя вусны.

Ніна запыніла позірк на маршчынках, што выразаліся пад вачыма. «Вось, старэць пачынаю...» У галаве прамільгнула: «Аляксей, відаць, таксама пастарэў?»

У будане было тлумна, i яна рашыла, узяўшы з сабою коўдру i жакетку, паспаць дзе-небудзь на двары.

За буданамі трава была вытаптана. Хадзілі i размаўлялі непадалёк партызаны. Ніне захацелася адысці далей, у цішыню, адной схавацца ў сакавітай высокай траве. Яна крыху паблукала між дрэў, шукаючы прынадную мясцінку.

У адным месцы яна натрапіла на Васю, які корпаўся ў невялікай блакітнай скрынцы; ён зірнуў на яе насцярожана i разам з тым вінавата, нібы яго засталі за інтымным заняткам. Аказалася, што ён рамантуе сапсаваную нямецкую рацыю.

— Нашто яна табе?

— Як нашто? Рацыя нашто? — здзівіўся Вася.

— Атрымліваецца што-небудзь?

— Пакуль нічога. Тут штосьці я не магу разгадаць... Але я дайду, ну праўда. Быць не можа.

— Вядома дойдзеш. Ты такі,— падбадзёрыла яго Ніна i пайшла далей.

Нарэшце, каля высокай раскідзістай бярозы яна спынілася. Бяроза была стройная, занізі клейкіх з дробненькімі зубчыкамі лісточкаў ледзь-ледзь трапяталі на тонкіх галінках. Трава пад дрэвам расла густая, дружная i цёмная. Ніна паслала коўдру, згарнула жакетку замест падушкі пад галаву i лягла, падкурчыўшы ногі.

Каля твару назольна віліся камары. Прышлося завязаць хуістку так, каб схаваць амаль увесь твар.

Вакол было ціха, зялёна, прыгожа; сэрда яе невядома чаму поўніла адчуванне незвычайнага шчасця.

Потым галіны ўгары i кавалкі чыстага неба ў прагалінах ціха закалыхаліся, падняліся ўгару i ціха-ціха кудысьці паплылі. I яна таксама паплыла, адчуваючы, як ёй з кожнай хвілінай робіцца ўсё лягчэй...

Калі яна прачнулася, грудзі сціснуў глухі смутак. Ёй снілася Люда. Ніна цяпер не магла ўспомніць, што іменна бачыла, засталося толькі адчуванне чагосьці светлага, нейкай радасці. Яна прачнулася з усмешкай,— у першую хвіліну, яшчэ ў паўсне, няўцямна азірнулася вакол, і, калі стала прыходзіць да явы, усмешка пачала гаснуць. То быў толькі сон!

Ніна ўспомніла слова за словам усю нядаўнюю размову ў будане, i ў сэрда паліўся неадольны жаль да сябе, да Люды... Яна ўткнулася ў траву i бязгучна зарыдала. Плечы яе ўздрыгвалі.

— Нічога, нічога ты не разумееш,— прамовіла яна.

Калі выплакалася, на душы стала лягчэй. Ужо не было жалю, быў спакой. «Вось, дзівачка, расплакалася невядома чаму»,— падумала Ніна, збянтэжаная за тое своё пачуццё.

Яна развязала хустку i легла на спіну.

Неба высілася па-летняму высокае i лагоднае. Сінь яго была не яскравая, а затуманеная, малочная. Недзе ў ім, — здалося, у недасяжнай вышыні, — варушылася сплеценае бярозавае галлё i нязвычна цёмнае, амаль чорнае лісце.

Угары з галіны на галіну жвава пераскоквала маленькая вяртлявая птушка, залівалася вясёлаю песняю: фі-ур-рр-фі-у.

Пра што яна спявала?

Ніна ўслухоўвалася ў яе прываблівую незразумелую песню i хацела разгадаць. Ёй успомнілася, як гэтае жаданне спасцігнуць птушыную мову турбавала яе некалі ў маленстве. Яна забіралася ў гушчыню саду, у вішняк, дзе асабліва батата было птушак, i цэлымі гадзінамі слухала, выдумляючы свае тлумачэнні незразумелым гукам.

Птушка саскочыла на самую ніжнюю галінку, паглядзела зблізку ўважлівымі вочкамі, ціўкнула здзіўлена і, узмахнуўшы крылцамі, схавалася ў вецці. Ніна слухала цяпер, як трапятала-шапталася між сабой лісце... Хораша ў чэрвеньскім лесе!

Ціха i спакойна было навокал. Па руцэ яе, пакрытай светлым кволым пушком, якая ляжала на грудзях, поўз муравей. Дайшоўшы да далоні, ён спыніўся, нібы падумаў аб нечым, потым спакойна павярнуў назад. Яна, прыўзняўшы руку, сачыла за ім.

Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця.

Але дзіўна! Чамусьці, чым прыгажэй паўставаў свет перад ёю, тым больш горка рабілася ў яе на душы.

Перад затуманенымі вачыма зноў паўстала дачка. Яна смяялася i працягвала да маці рукі.

«Дзе ты цяпер, Людачка?»— занепакоілася Ніна, i ў грудзях яе заныла.

Ёй успомніліся доўгія восеньскія дні i ночы ў Мінску. Яна сядзіць цэлымі днямі ў хаце, песціць малую. Шые маленькія сарочкі, ціха спявае песні, неспакойна прыслухоўваецца да шуму на вуліцы... Тая цеплыня, якая раней была скіравана на аднаго Аляксея, цяпер перайшла на дачку. Любоў да Люды i клопат пра яе сцішалі скруху па мужу...

Дні былі трывожныя. Казалі, што немцы падышлі да Масквы. I хоць трэба было ўвесь час дбаць аб Людзе, здавалася, што няёмка гэтак сядзець. Яна ірвалася да справы.

Яна знайшла справу, сапраўдную справу. Але ўсёткі часамі ёй здаецца, што не хапае нечага вельмі неабходнага. Не хапае дачушкі. Хацелася б папесціць яе, пагаварыць, падурэць... Прыціснуць бы пухлыя шчочкі, нагрэць вады ды паставіць малую ў ванну i пеністым мылам мыліць кволыя з ямачкамі плечы, ружовыя распараныя ножкі. А потым, захутаўшы ў прасцінку, несці да ложка i, паклаўшы ў пасцелю, схіліцца над ёю i расказваць-выдумляць казкі або цалаваць. О, каб зараз пабачыць яе, зацалавала б усю!

Нехта з паэтаў калісьці пісаў, што прырода заспакойвае, уціхамірвае боль. Няпраўда. Калі бачыш гэтае хараство, вельмі хочацца шчасця. Абуджаюцца патаемныя жаданні: хутчэй бы атрымаць ад Аляксея вестку, абняць бы дачушку, жыць у Мінску, усім разам, рабіць сваю любімую справу — вучыць.

Калі яно гэта зноў прыдзе? Як тады добра будзе!

Чаму яна раней не ўмела так адчуваць шчасця? Чаму шчасце па-сапраўднаму пачынаеш шанаваць тады, калі яно мінецца? Яна тады многага не разумела... Цяпер Ніна ведае, што такое шчасце. Яна навучыць дачку цаніць яго...

Ці хутка прыдзе яно, тое шчасце? «Цяпер ужо, напэўна, нядоўга чакаць,— падумала з надзеяй Ніна. — Цяпер блізка... Няхай бы хутчэй ішло!»

Пахла травою, вільготным мохам, кветкамі! Пах быў не такі, як у сярэдзіне лета. Не адчувалася яшчэ ў ім той духмянасці i спякотнай вяласці, якія бываюць пазней. Трава буяла свежая, светла-зялёная.

Так добра было вакол!



2...

Ніна ўскочыла, узяла коўдру i жакетку i пайшла да лагера. На тым месцы, дзе яна ляжала, цяпер застаўся след прымятай травы ды зламаная сцяблінка званкоў.

Калі Ніна вярнулася да будана, яе спаткала Валя Залеская.

— Ой, Ніна! А цябе тут шукалі...

— Чаго?

— Хто ix ведае. Прасілі, каб ты зайшла да камісара...

Ніна занесла коўдру ў будан, хутка памылася i пайшла да Тураўца. Ёй хацелася адгадаць, чаго яе клічуць: Ніна любіла гадаць зараней. «Напэўна, зноў пашлюць выступаць з лекцыяй, — прышло ёй на думку, — не інакш выступаць. Чаго ж яшчэ?»

Туравец акурат быў дома, чытаў газеты, што прывёз са штаба злучэння. Убачыўшы Ніну, ён устаў, прывітаўся i сказаў дабрадушна:

— A, з'явілася!.. А я тут ужо непакоіцца хацеў!..

Туравец дакорліва паківаў галавою, усміхнуўся, але ўсмешка адразу сышла з вуснаў. Ён папрасіў яе зайсці ў зямлянку.

Ніна адчула, што не для лекцыі паклікаў ён, нешта іншае скажа.

Сеўшы за столік каля цемнаватага акенца, Ніна з запытаннем зірнула на камісара. Твар яе быў пасля сну ясным, нібы маладзейшым, — свяціўся маладосцю i хараством. Ніна цяпер была падобна на дзяўчынку, якая нічога горкага яшчэ не бачыла ў жыцці i глядзіць на ўсё адкрытымі, па-юнацку даверлівымі вачыма.

У Тураўца варухнулася трывожнае пачуццё — ці справядліва рызыкаваць у гэтыя дні яе будучыняю i шчасцем?

— Як здароўе?

— Здароўе? Нішто...

Ніна ўважліва зірнула на Тураўца: да чаго гэтае пытанне?

— Ты не нядужая? — запытаўся камісар.

— Не... За ўсю вайну не хваірэла ні разу...

— Адпачыла добра?

— Добра.

— Не стамілася?

— Не...

З той хвіліны Туравец ужо больш не думаў, паслаць ці не.

— Рыхтуйся ў дарогу.

— Куды?

— У Мінск трэба...

— У Мінск?! — мімаволі вырвалася ў Ніны.

Яшчэ не думаючы ні аб чым, яна ўзрадавалася.

— Пойдзеш на спецзаданне.

Яна моўчкі кіўнула галавой.

— Заданне, Ніна, вельмі важнае. Для штаба фронта.

Ён стаў расказваць, што ёй трэба зрабіць. Па сваёй звычцы, гаворачы пра заданне, Туравец не ўтойваў, што зрабіць усё будзе нялёгка. У такіх выпадках ён ніколі не падаваў з'явы прасцей, чым яны былі на самай справе. Ён хацеў, каб Ніна адкрытымі вачыма пазірала ў свой далёкі шлях.

Хоць ёй дапамогуць два надзейныя чалавекі, якіх яна спаткае ў Мінску, будзе ўсё ж цяжка. Не адна небяспека ў дарозе i ў родным горадзе будзе пільнаваць яе, пагражаючы смерцю. Многа ўважлівых варожых вачэй будуць вывіжоўваць яе. Ёй трэба будзе адчуваць небяспеку здалёк, асаблівым чуццём, здолець у час, не губляючыся, пайсці на смелую рызыку...

— Вы, таварыш камісар, гаворыце так, быццам хочаце напалохаць мяне, — прамовіла яна.

— Я хачу, Ніна, каб ты ўсё абдумала. I каб была гатовая.

— Я ўсё разумею, Нічыпар Паўлавіч...

Туравец адчуў па тым, як было выказана гэта, што яна сапраўды разумее. Ён падняўся, зняў са сцяны сумку, расшпіліў.

— Ну, што ж, калі разумееш, вось табе — пропуск.

Ён падаў ёй згорнуты лісток.

— З гэтай хвіліны ты ўжо не Hiна, а Алена. Перагуд Алена.

Ніна разгарнула пропуск, напісаны сінім чарнілам: так, яна цяпер Перагуд Алена i жыве ў сяле Барысавічы.

— Да Лапаціч правядуць цябе хлопцы. А адтуль — глядзі сама, Ніна... выбачай, Алена. Дарэчы, i ты прывыкай да новага імя. Ідзі, збірайся. Hi пуху, ні пяра.

Ён сціснуў Нініну руку. Гледзячы на яе, Туравец падумаў, што ўсё будзе добра.

Пасля поўдня Ніна вышла з лагера. Яна была апранута ў стары каверкотавы пінжак з падкасанымі доўгімі рукавамі, галаву павязала хусткай па-вясковаму: з ражкамі ўнізе i казырком угары. У руках жанчына несла плецены лазовы кошык з прадуктамі — ідзе ў горад, каб выменяць што-небудзь з адзежы.

Партызаны, якія праводзілі Ніну, увесь час перагаварваліся, жартавалі. Найбольш падсмейваліся над барадатым высокім мужчынам, якога звалі жартам «барада».

Пад вечар навокал стала хмурнець. Узняўся вецер, аднекуль прыгнаў хмары, якія паўзлі насустрач партызанам i неўзабаве закрылі ўсё неба. Было падобна, што збіраецца на дождж.

Калі ўночы мінулі мяжу партызанскай зоны, пайшлі ціха, не бразгаючы зброяю, па сцежках. Наперадзе ступаў «барада», усе брылі за ім услед, часам спатыкаючыся.

На ўскрайку лесу разведчыкі спыніліся.

— Вунь i Лапацічы! — сказаў «барада» і, здалося Ніне, кіўнуў галавою наперад. У цемры нічога не было відаць. Ніна ведала, што сяло тут праз якога паўкіламетра, але цемра хавала яго зусім.

Хоць Ніне хацелася хутчэй дабрацца да горада, ёй стала крыху сумна, як заўсёды, калі расстаешся з блізкімі i любымі людзьмі. Колькі хвілін усе моўчкі стаялі ў цемры i паціху гаварылі. З імі было лёгка i добра.

З такімі хлопцамі ўсюды добра. Яны, напэўна, ведаюць, што з імі прыемна стаяць ёй, i не спяшаюцца развітвацца.

А можа хто з ix падумае, што яна марудзіць, бо пaбойваецца заставацца адной. Адной перад гэтаю цемраю, што запаланіла свет, перад невядомай будучыняю.

Хай жа не думае так ніхто, Ніна схамянулася i спакойна, нават бесклапотна, прамовіла:

— Ну, мне пара ісці! Ды i вам, мусіць, не лішняе паспяшацца...

— Так, часу i ў нас скупа...

— Бывайце.

— Шчаслівай дарогі, Ніна!

Ніна адразу падалася ў цемру.



3...

Ледзь толькі на ўсходзе пасвятлела неба i пачалі гаснуць зоры, стары сувязны правёў Ніну за сяло. Ён усё шкадаваў, што яна, ідучы ў такую нялёгкую дарогу, не падрамала нават, i ўгаварваў, каб вярнулася, адпачыла дзянёк.

Але Ніна стаяла на сваім: сёння была акурат нядзеля, дзень, у які ў горад ідзе найбольш людзей. Між ix ёй будзе лягчэй прабрацца.

Стары доўга, падрабязна, паўтараючыся, тлумачыў Ніне, як ісці, чаго i дзе трэба асабліва асцерагацца.

Як толькі добра ўднела i пачалі хадзіць людзі, яна выбралася на дарогу. Паўз Ніну зрэдку праязджалі, сакочучы, калёсы, імчаліся нямецкія грузавікі. Уперадзе віднелася некалькі жанчын.

Апоўдня на выпадковым нямецкім грузавіку, што нагнаў яе на Магілёўскім шасэ, у акружэнні незнаемых жанчын, таксама падабраных на дарозе, яна дапала да Мінска.

Вунь i горад. З кузава машыны, што ўзбягала на ўзгорак, Ніна наводдаль убачыла шэрыя вуглаватыя абрысы Дома Урада, які ўзвышаўся над іншымі дамамі, каля яго вострую, падобную на чырвоны аловак, вежу касцёла. Хоць яна ў гэтыя дні i думала багата пра Мінск, гэты знаёмы малюнак моцна ўзрушыў. Сэрца замерла i балюча сціснулася, a ў горле зашчымела, i яна адчула, што на вочы вось-вось набягуць слёзы.

«Люда-дачушка! Як ты цяпер жывеш, у такую пару, без мяне? Якая ты стала? Вырасла, мусіць, выцягнулася,гаварлівая, неспакойная, галасок мой! Ці ўспамінаеш ты хоць калі-небудзь сваю маму, якая вымушана жыць з табой у ростані, але носіць цябе ўсюды ў сваім сэрцы?..»

Адразу за ўзгоркам салдат-шафёр спыніў грузавік i загадаў усім, хто сядзеў у кузаве, сысці.

Расплаціўшыся з шафёрам, жанчыны пайшлі к гораду пеша..

Ніна з намаганнем, адганяючы ўспаміны, прымусіла сябе супакоіцца. Але па меры таго, як адыходзіла з душы размякчэласць, яе ўсё больш апаноўвала трывожная насцярожлівасць. Пазіраючы на знаёмы малюнак горада, яна ўжо жыла прытоеным адчуваннем-загадкаю: што там яе чакае?

Ці ўдасца зрабіць усё, што належыць? Ці ўдасца добра выйсці адтуль?

Прадчуванне блізкай небяспекі вярнула ёй сілу. Лёгкасці i спакою не было ў яе, але затое не было i разгубленасці, якую змяніла асцярога.

Ніна ішла цвёрда i, здавалася, зусім спакойна.

Перад горадам яе спыніў патруль — тры салдаты з аўтаматамі. Адзін з ix, бялявы, з блакітнымі нахабнымі вачыма, агледзеў Ніну з галавы да ног, нібы распранаючы, кінуў адно слова:

— Ausweis![6]

Ніна выняла з унутранай кішэні пінжака хустачку, разгарнула i паказала пропуск. Гітлеравец, не зводзячы з яе вачэй, пацягнуў паперку, прачытаў, абыякава пакруціў у руках. Другія тым часам капаліся пахапліва ў кошыку. Кавалак ружовага сала, густа пасыпанага соллю, знік у кішэні аднаго.

Ніна сачыла за ix прагнымі быстрымі рукамі, стрымліваючы гнеў.

— Ну, хопіць ужо, — раптам рашуча пацягнула яна кошык да сябе. — Бачыце, што ніякіх бомб няма. Трэба i мне пакінуць што прадаваць! Так i на рынак нечага будзе ісці.

Патрульныя моўчкі адступіліся.



4...

Першае, што Ніна ўбачыла ў горадзе, былі два новыя дзоты абапал вуліцы. Збоку цягнулася калючая загарожа ў два рады з пераплеценымі накрыж дратамі, каля якой мерна шпацыраваў гітлеравец-салдат. На рагу высілася на слупах будка, i там была другая такая ж постаць, толькі, праўда, нерухомая.

«А на вуліцы пуста», — заўважыла яна. Ёй здавалася, што калючы дрот аблытаў, як павуцінне, увесь горад.

З гэтай хвіліны ў яе было такое адчуванне, нібы раптам надышоў прыцемак, страшны, загадкавы, пагрозны. Слых яе цяпер востра лавіў кожны гук. Яна прыкмячала ўсё, што рабілася вакол, хоць збоку здавалася спакойнаю i нават бесклапотнаю.

Калі Ніна падыходзіла да рынку, міма прашумела грузавая машына з салдатамі, за ёй такая ж другая i трэцяя.

«Аблава!» — мільганула ў галаве. Ніна адразу павярнула ў першую ж бакавую вулачку.

Сапраўды, непадалёк машыны рэзка спыніліся, i салдаты, што пасыпаліся з кузава, пачалі хутка разбягацца ў два бакі, акружаючы рынак.

Пачуліся крыкі i лямант.

Адчуваючы трывожны халадок у грудзях, Ніна старалася хутчэй адысці ад рынку. Паўз яе спалохана прабегла некалькі жанчын. Дзве з ix прытрымлівалі рукою нейкія скамечаныя абы-як тканіны, якія, мусіць, не ўправіліся прадаць, трэцяя несла за плячыма мяшочак, які пры бегу целяпаўся i біў па спіне. З мяшка церушылася мука.

Услед за імі пратупацеў важкімі каванымі ботамі салдат. Ён на бягу крыкнуў нешта i стрэліў. Уцякачкі, пачуўшы стрэл, спыніліся...

Ніне вельмі хацелася павярнуць зараз жа назад, каб збочыць дзе-небудзь у завулак i кінуцца наўцёк. Але яна ведала, што гэта было б неразумна, i таму, як бы нічога не адбылося, пайшла проста да гітлераўца. Той азірнуўся на яе, хацеў было нешта сказаць, у яго нават смыкнуліся губы, але спакойны i бесклапотны выгляд жанчыны, якая кінула абыякавы ганарлівы позірк, спыніў яго.

Абмінуўшы небяспеку, Ніна пайшла хутчэй. Сэрца яе білася гулка i часта.

«Ледзь не папалася. Так недарэчна i бязглузда...»

Праз гадзіну, а можа i больш па ціхенькай, перарытай калдобінамі вуліцы яна падышла да адной з явачных кватэр.

Хуткім, пільным позіркам акінула дворык i драўляны, пахілены ад старасці дом, куды ёй трэба ісці. Пуста.

Яна заўважыла, што ў ix нейкі запушчаны, нібы нежылы выгляд — у вокнах ні адной фіранкі, a ў сярэднім — выбіта шыба. Няўжо жывуць з выбітай шыбаю?.. I каля расхрыстаных веснічак — рубчаты след аўтамашыны.

Усё гэта яна схапіла адным позіркам. Не прыпыняючы хады ні на хвіліну, прайшла паўз дом.

Ніна прыкмеціла маленькага чалавека ў вышыванай падпяразанай рубашцы, што паволі шпацыраваў наводдаль. Праходзячы паўз яго, яна з намаганнем стрымлівалася, каб не азірнуцца, адчуваючы, што ён сочыць за ёю.

Здаецца, Ніна недзе ўжо сустракала гэтага чалавечка. Дзе?..

Толькі, калі прайшла паўквартала, каля павароту, нібы рассеяна, азірнулася. Чалавек глядзеў услед. Чаго ён глядзіць? Можа, i ён прыпамінае? Значыцца, ён таксама недзе бачыў яе? Ці пазнаў ён?

Ніна ціха прайшла за рог. Тут яна прыпынілася, кінула позіркам у бакі i, нядоўга думаючы, раптам нырнула ў пралом спаленай будыніны. Між каменных руін яна хутка выбралася на другую вуліцу. Азірнулася: яго не было відаць.

Калі Ніна ішла да другой кватэры, яна знарок зрабіла вялікі круг, каб заблытаць свае сляды. Устрывожаная аблавай i падазроным чалавекам, яна цяпер была асабліва пільная.

Па меры таго, як яна падыходзіла да гэтай яўкі, трывога яе ўсё большала. Няўжо i тут тое?

Вось i другая кватэра. Вузенькі двор, акуратныя, зачыненыя веснічкі, каля вокан весела зелянеюць маладая ліпа i два кусты бэзу.

Ніна ўбачыла дзяўчыну, якая падмятала двор. Выгляд i занятак дзяўчыны былі такія, што адчувалася: тут спакойна.

— Мне гаварылі, што вы хочаце мяняць адзежу на крупы, — сказала Ніна, прывітаўшыся. Дзяўчына, бялявая, паўнатварая, уважліва паглядзела.

— A якія ў вас крупы?

— Пшано. Ёсць i грэчневых жменя.

— Ідзіце да Сяргея.

Дзяўчына правяла Ніну праз цёмныя сенцы з хісткай падлогай у нізенькі пакой. Там на лаўцы сядзеў малады, чыста паголены хлопец, які малатком нешта кляпаў з бляхі. Калі Ніна ўвайшла, ён перастаў кляпаць, выпрастаўся і, адкінуўшы з ілба пасму густых валасоў, спакойна зірнуў на яе. Ніна па прыкметах, пра якія казаў Туравец, пазнала, што гэта i ёсць Сяргей...

— Пшано прынесла. I грэчневых жменя... На абмен. Купіце?

— Пабачу, якую цану заломіце.

Па яго знаку дзяўчына вышла. Упэўніўшыся, што ён якраз той, да каго яе паслалі, Ніна расказала пра сваё даручэнне. Яна зняла левы бот i з-пад халявы выняла невялікую паперку-запіску ад Тураўца.

Сяргей прачытаў яе, акуратна згарнуў i палажыў у кішэню на грудзях.

— Што ў вас новенькага? Нешта даўно не было гасцей, я непакоіцца пачаў... Як там дзядзька Нічыпар, што ён робіць?

— Сяўбою займаўся доўга. Сеялі хлеб, бульбу. Фрыцаў i ўсіх іхніх ганялі. Цяпер сходы розныя праводзіць, лекцыі чытае...

— Лекцыі, праўда? Цікава б паслухаць, па міжнароднаму!.. Скажыце, што новага там — па той бок?

Ён сказаў гэтае «там — па той бок» з такой пяшчотай, як гавораць імя любага чалавека. Тут, за калючым дротам, куды весткі даходзяць скупа, людзі асабліва востра адчувалі вялікі сум па радзіме. Ніна гэта сама некалі перажыла i таму ахвотна начала расказваць яму.

Сяргей прагна лавіў кожнае слова. Твар яго ажывіўся, вочы блішчалі.

— А што ў вас? — запыталася яна ў сваю чаргу.

Ён адкінуў рукою пасму валасоў з ілба, адразу стаў заклапочаным.

— Цяжка стала тут, іншага не скажаш. Цяпер, як прыехала СД са Смаленска i Гомеля, на кожнага падпольшчыка, напэўна, паўдзесятка гэтых сабак-гестапаўцаў. Хапаюць нашых аднаго за другім... Іншы раз нашы пападаюць выпадкова — трапяць дзе-небудзь пад аблаву i разам з другімі — у лагер. Гестапаўцы забіраюць цяпер адразу сотнямі, думаюць, гады, што так лягчэй выкараніць нас...

— Як яны сябе адчуваюць тут?

— Нервуюцца... Доты ставяць усюды, амбразуры ў дамах вырэзваюць, спадзяюцца, значыць, біцца за кожны дом. Вывозяць, нягоднікі, абсталяванне. З заводаў цяпер працуюць толькі тыя, што патрэбны для вайны: рамантуюць танкі, гарматы, вінтоўкі. Тытунёвая фабрыка, дэпо... Фрау ўжо збіраюць свае манаткі i абы хутчэй — нах Дэйчланд.

Ён яшчэ нямала расказваў пра становішча ў горадзе. Ніна слухала ўважліва, стараючыся ўсё запомніць, каб не зблытаць чаго-небудзь пасля, калі запытаюць у брыгадзе. Трэба сказаць, што ёй, акрамя гэтага, вельмі было цікава ведаць, што адбываецца тут, у яе горадзе.

Побач, у суседнім пакоі, пачулася п'яная песня.

— Хто гэта?

— Фрыцы. З акцыянернай кампаніі... Су-се-дзі, — іранічна сказаў Сяргей.— Праўда, з імі хоць спакайней крыху: паліцаі не так назаляюць...

Неўзабаве Сяргей падняўся.

— Я пайду да сваіх. Карта ў нас ужо амаль гатова, так што вы не трывожцеся. Усё будзе, як трэба. Вы тут пабудзьце з Клаўкаю, пагаварыце, — яна вам усё раскажа. Сястрычка мая ўмее расказваць!.. Клаў-ка-а! — гукнуў ён, падышоўшы да акна.

Скрыпнулі дзверы, i ў хату ўвайшла тая самая дзяўчына, што падмятала двор.

— Забаў тут госцю нашу, Клаўка. Ёй, мабыць, сумна ў нас... — сказаў Сяргей.

Яны засталіся ўдзвюх. Клава была невысокая, з круглым тварам, поўнымі вуснамі, каля якіх ca шчок амаль не сыходзілі вясёлыя ямачкі, — напэўна, любіла пасмяяцца, павесяліцца.

— Вам, мусіць, i праўда сумна ў нас?.. — запыталася яна.

— Не, нічога...

— Вы ж, мусіць, не мінчанка? — запыталася Клава, стараючыся не маўчаць.

— Не...

— А я вось — у Мінску ўвесь час. I нарадзілася тут, i жыву...

Яны памаўчалі.

— I не былі раней у Мінску?

— Не... — Ніна дадала больш цвёрда. — Не даводзілася...

— Шкада.

— Чаму?

— Горад быў харошы...

Каб змяніць гаворку, Ніна запыталася:

— Вы ўдваіх жывеце з братам?

— Не... Маці таксама з намі. Яна — на Суражскім рынку.

— Гандлюе?

— Прадае таркі, карцы.

— Ix робщь Сяргей? — здагадалася Ніна.

— Сяргей... Пасля працы ці ў выходны дзень. Ён у гаражы «Ост» працуе.

— А вы не працуеце?

— Не, прыходзіцца таксама... Нічога не зробіш! Я ў сталоўцы — каля гаража...

— Памагаеце, значыцца?

— Памагаю, дзе магу.... — Клава раптам гарэзна ўсміхнулася.

Яны непрыкметна разгаварыліся.

Клава цікава апавядала пра розныя выпадкі з гарадскога жыцця.

Слухаючы яе, Ніна ўстала, падышла да нізкага, цемнаватага акна, пачала над зборчатай фіранкай паглядаць на вуліду. З акна быў відаць толькі невялікі куток вулічкі, усяго чатыры старыя прыземістыя хаты...

Ці не ўбачыць яна Сяргея, — Ніна, прытуліўшыся шчакой да памытага нядаўна вушака, паглядзела на дальні край вуліцы. Сяргей нешта не паяўляўся.

Раптам з-за рога вынырнула легкавая машына з закрытым шклом, падскокваючы на няроўнай дарозе.

— «Чорны воран», здаецца, прыляцеў...

— Дзе? — адразу паднялася Клава i падбегла да акна. Машына за акном параўнялася ўжо з веснічкамі i, калыхнуўшыся з боку на бок на ямцы, паімчала далей. За шклом прамільгнула даўганосая, каршаковая галава ў фуражцы з высокім верхам.

— Не да нас...

— Некага схопяць.

Яны некалькі хвілін стаялі моўчкі.

Яна цяпер можа i не паспець выйсці з горада, бо хутка прыдзе час, калі забараняецца хадзіць. Пачынала непакоіцца i Клава. Ніна прайшлася па пакойчыку, зноў спынілася каля акна і, пазіраючы на вуліцу, запыталася:

— Строга цяпер з начоўкай?

— Строга.

— Што — аблавы часта?

— Часта...

Ніна не стала пытацца, што будзе з тым, у каго знойдуць чалавека ў забаронены час. Яна ведала: турма, а можа, i расстрэл.

— А вы не трывожцеся, — паспрабавала супакоіць яе Клава. — Сяргей прыдзе, усё ўладуе...

Ніна адышла ад акна i села на канапу. Раптам падступіла да сэрца туга: пабачыць бы, абняць бы дачушку!

Блізка-блізка дачушка, а спаткацца нельга. Здаецца, толькі ўбачыць, хоць бы на момант, хоць бы здалёк зірнуць!

Расказаць можа Клаве пра сваю тугу, паскардзіцца проста, па-жаночаму? Не, штосьці стрымлівала Ніну.

— У вас, Клава, дзяцей няма?

— Ой, што вы! Няма, — адказала тая. — Я незамужняя.

«Яна нічога не зразумее, каб i расказаць», — супакоіла сябе Ніна.

Яна ўбачыла твар Люды, успомніла, з якім трывожным замілаваннем калісьці глядзела на дачку: толькі б усё было добра! Згадалася, як уладжвалася на працу, каб не выклікаць лішне падазрэння, як там, у канторцы аптэкі, ледзь не ўвесь дзень думала пра Люду: дома было неепакойна, кожны дзень каго-небудзь на вуліцы хапалі. Тады яна часта заносіла Люду да Залескіх...

Люда хутка падрастала. Яшчэ не мінула ёй года, як яна ўжо стаяла сама, а праз некалькі месяцаў, трымаючыся за маміну руку, магла прайсці праз увесь пакой.

Люда тады пачынала вымаўляць слова «тата» — першае слова, якому яе навучыла маці.

Ніна ўспомніла: слухаючы тое смешнае, мілае лапатанне дачушкі, заўсёды старалася ўявіць, як бы яго слухаў Аляксей.

Вечарэла.

На хвіліну недзе з-за хмар выглянула сонца, i ўсё за акном заяснела. Весела заблішчалі лісты на бэзавых кустах, запалала шыба ў хаце насупраць. Але неўзабаве зноў пацямнела, — пасля сонца прыцемак здаваўся гусцейшым.

А Сяргей не вяртаўся.



5...

Ніна пачула яго спакойныя непаспешлівыя крокі яшчэ, калі ён увайшоў на двор.

Ніна нецярпліва ўскочыла: нарэшце! Ён прыкрыў дзверы і, адкінуўшы звычайным рухам пасму валасоў, сказаў:

— Зачакаліся, мабыць? Прыпазніліся крыху мы...

Сяргей выняў з-пад сацінавай падкладкі сваёй кароценькай курткі тоненькі скрутак:

— Доўга размалёўваць карціну гэту прышлося, стараліся, каб не прапусціць нічога. Затое цяпер усё ўпісалі, нават недабудаваныя доты. Чыста зрабілі, адным словам...

Ён працягнуў скрутачак Ніне. Тая адразу зняла жакетку, распарола асцярожна знізу «плячо» i схавала паперку. Калі Ніна стала зашываць, ён прамовіў спакойна:

— А што прыпазніліся крыху, — не такая вялікая бяда. Вядома, з горада выйсці ўжо не паспець, — позна. Але мы можам пераправіць вас уночы. Так што не трывожцеся, усё будзе як след.

Ніна i сапраўды была спакойная i ўпэўненая, хоць i ведала добра, што хадзіць уночы вельмі небяспечна. Ёй успомнілася, што перад тым, як яна пазалетась ішла з хворым прафесарам, адна група наскочыла на засаду. Траіх дзяўчат схапілі i закатавалі ў гестапа.

Ніна аддала Клаве ўсе крупы, што несла з сабой.

Тая, не адмаўляючыся, узяла.

Да поўначы яна хавалася ў адной кватэры на ўскраіне горада. У дарогу дадому яе выправілі толькі позняй ноччу. Перад ёю наперад вышаў хлопец праважаты. Затрымаўшы Ніну ў сенцах, ён крыху пастаяў моўчкі на ганку, прыслухоўваючыся. Цемра была такая густая, што яго постаць у прарэзе дзвярэй ледзь віднелася нават зблізку.

Недзе надрыўна i цягуча, як сірэна, гулі машыны.

— Пайшлі, — ціха прамовіў хлопец.

Ён сышоў з ганка, рушыў на двор, i следам за ім, мякка ступаючы, падалася Ніна.

Яны доўга прабіраліея па нейкіх руінах, то ўздзіраючыся на горы камення, то спатыкаючыся, то правальваючыся ў нябачныя ямы, потым нячутна пераступілі вулачку і, нарэшце папаўзлі ў сырой, гразкай канаве. Хлопец, відаць, хадзіў тут часта, бо ў цемры вёў, як днём.

Каля дарогі абое некалькі хвілін ляжалі.

Прайшлі, перагаворваючыся, патрулі. Ix боты пратупалі зусім блізка ад Ніны. Адзін вадзіў кішанёвым ліхтарыкам наперад i ў бакі.

Мёртва-жоўтая пляма, якая рэзала цемру, слізганула па мокрай бліскотнай траве зусім недалёка ад Ніны.

Ніна, уціснуўшыся ў адхон канавы, затаіла дыханне. Зараз нож святла знойдзе яе, увап'ецца ў плечы, у галаву. Не, нож адбег далей. Неўзабаве ён зноў наблізіўся, пераскочыў цераз бліскучы слупок. Варта яму толькі збочыць крыху больш... не, зноў адступіўся...

Цяпер ён ужо з кожнай хвілінай усё аддаляўся.

— A блізка ж быў, — здзіўлена шапнуў поблізу хлопец. — Каб крыху...

— Блізка.

Яна аддыхвалася, нібы пасля бегу.

— Папаўзем... Тут абы на той бок дарогі...

— Паўзі!.. — Ніна стала выбірацца на дарогу.

Далей яны ішлі полем. Збоку лёгкімі парывамі налятаў вільготны вецер. Яны былі за горадам, але хлопец вёў далей.

Ніна азірнулася: горада не было відаць, не блішчаў ні адзін агеньчык, — Мінск нібы патануў у цемры.

Недзе там, у цемры, спалі яе дачка i маці...

Калі яны былі ўжо даволі далёка ад горада, пачало світаць. Поблізу ад ix бегла каляіністая палявая дарога. Ісці на дарогу было яшчэ рана, бо можна было натрапіць на патрулёў.

На ўзлеску, прысеўшы на росную траву, спыніліся.

— Не прышлося, добры, паспаць,— сказала са спачуваннем Ніна.

— А мы, можна сказаць, i не спім ніколі. Толькі так, дрэмлем.

— Калі i свабодны, спакою няма?

— Цяпер такі час настаў, што ўсё трывожышся, прыслухоўваешся...

— Часта ўночы ходзіш?..

— Часта... — Ён ускінуў галавой. — Што праўда, то праўда, можна сказаць, не спім. Затое i фрыцам не даем спаць!..

Ніна толькі цяпер убачыла яго добра: хлапцу было не больш чатырнаццаці гадоў. Ён быў хударлявы, змардаваны, з упалымі вузкімі грудзьмі, вузенькія чорныя вочы глядзелі спакойна i не па гадах сур’ёзна. Калені залатаных штаноў i локці былі залеплены граззю. Стомлена сутулячыся, ён выціраў гразь жмутком травы.

— Не пускаюць мяне да вас. Кажуць, тут патрэбны людзі. А то б я ўжо даўно махнуў бы ў лес...

Ён пасядзеў з паўгадзіны, ледзь было не задрамаў, але схамянуўся — з намаганнем падняўся i падаў руку.

— Скажыце, — ён задумаўся: што ж папрасіць сказаць? — ну, значыцца, што мы не спім... не сядзім так сабе!

Ён знік, растаў у ранішнім прыцемку.

Ніна засталася ў ельнічку, каб пачакаць, пакуль уднее.

Справа ад мясціны, дзе быў Мінск, што хаваўся цяпер за ўзгоркамі, спакваля святлела, ружавела неба. У вышыні, што была яшчэ цьмяна-шэрай, раптам зачырванелі весела лёгкія нерухомыя воблакі.

Займалася зара.


Раздзел VI


1...

Партызаны хутка збіраліся ў дарогу. Бралі толькі зброю i прыпасы для падрыву — толавыя шашкі, шарыкі, шнуры, дэтанатары. Камандзіры сачылі за тым, каб не бралі нічога лішняга: камбрыг папярэдзіў, што ісці прыдзецца хутка, бо трэба дасягнуць патрэбны раён у адзін пераход.

Участак чыгункі, дзе брыгада Ермакова павінна была даваць «канцэрт», знаходзіўся даволі далёка ад партызанскага лагера. Трэба было прайсці больш за шэсцьдзесят кіламетраў.

Мясціны, куды выпраўляліся ермакоўцы, кішэлі гітлераўцамі i паліцаямі. Як паведаміла разведка, якую выслаў Ермакоў загадзя, у вёсках навокал былі гарнізоны, пры чыгунцы амаль скрозь стаялі дзоты, цягнулася калючая агарожа, a ў пасёлку, кіламетраў праз восем, размяшчалася пабітая на фронце артылерыйская часць з шасцю гарматамі.

Апошняя акалічнасць, трэба сказаць, вельмі зацікавіла Ермакова. Ён, пачуўшы пра гарматы, загарэўся: ударыць знянацку, ушчэнт распатроніць i захапіць артылерыю! Ермакова так апанавала гэта спакуса, што ён намерыўся ўжо мацнейшую групу паслаць граміць гарнізон, выдзеліўшы для «працы на дарозе» адзін атрад i некалькі рот. Ермакоў ужо адчуваў славу, якая загрыміць, калі ён разаб'е гарнізон.

Але Туравец, якому Ермакоў сказаў свае думкі, адразу запярэчыў:

— Нашто табе здалося гэта, Коля? Слава? Шум?.. — Ён усміхнуўся. — «Сочтёмся славою, — вець мы свои», як казаў паэт...

Гэты мяккі, жартаўлівы тон пакарыў ганарлівага камбрыга, — Туравец знарок падступаў так, ведаючы, што лагодную размову Ермакоў любіць i, хоць i лічыць яго, Тураўца, хітруном, хутчэй паддасца там, дзе б з-за гонару ўпарціўся б пры іншым тоне гаворкі.

Ермакоў адступіўся ад свайго намеру. Ён, хоць i быў упарты i самалюбівы, умеў, аднак, падначаліць свае жаданні развагам.

— Вось за гэта ты малайчына, Коля.

Дамовіліся выконваць асноўную задачу, а супроць гарнізона вырашылі выставіць толькі заслон, каб прыкрыць сябе з гэтага боку.

Выправіліся перад вечарам. Байцы i камандзіры, прызвычаеныя да доўгіх паходаў, ішлі хутка. Нягледзячы на тое, што давялося несці на плячах тол i боепрыпасы, адстаючых не было.

Туравец ішоў з атрадам імя Кутузава. Ступаючы поруч з партызанамі, ён слухаў павольную гаворку. Туравец любіў гэтыя бясконцыя дарожныя размовы. Чаго толькі ні пачуеш тут — i ўспамін, i клопат, i вясёлую гісторыю, i казку, а нярэдка i чыю-небудзь запаветную думу.

Вось адзін пажылы расказвае, як яго, калі ён яшчэ хлопцам касіў сена, укусіла гадзюка, i што ён, напэўна, памёр бы, каб не бабуля — знахарка.

— Дала яна мне нейкае зелле, густое i горкае-горкае — такое, што я, як выпіў яго, спаў цэлых паўтара сутак, нібы мёртвы. I з таго часу, паверыш, пайшоў я на папраўку. Пухліна спала, палягчэла мне адразу...

Паслухаўшы гэтую гісторыю, парадаваўшыся за апавядальніка, паспачуваўшы яму, Туравец апынуўся каля двух хлопцаў — з кулямётам, якія разважалі пра аперацыю. Адзін з ix быў настроен вельмі ваяўніча, праз меру ваяўніча.

— Ну, усё-ткі бой ёсць бой. Усё можа быць... — умяшаўся ў гаворку Туравец. Ён памаўчаў. — Вось аднойчы ішоў хлопец полем. Раніцай справа была. Хораша — сонца, лён цвіце, a ў тым лёне дзяўчына такая красуня, што ад яе ўсё здаецца яшчэ прыгажэйшым... Ну хлопец i растаў, i кажа: які дзень харошы, які лён, а якая слаўная дзяўчына! Ах, ах!..

Хлопцы слухалі зацікаўлена, чакаючы, што ж будзе далей. Туравец не спяшаўся.

— Так. А тут гэтую гаворку i пачуў стары — ішоў насустрач. Стаў ён ды i кажа: хвалі, хлопча, лён восенню, дзень к вечару, ну a дзяўчыну — замужам.

— Лоўка! — засмяяўся адзін з хлопцаў. — Дзень к вечару, a дзяўчыну замужам!..

— Што такое расказалі, таварыш камісар? — пачуўся цікаўны голас збоку. У брыгадзе ведалі, што Туравец майстар на смешныя гісторыі.

Камісар часта ўмешваўся ў гаворку. То з якой-небудзь жыццёвай гісторыяй, то з паляўнічай прыгодай, а то i з такім анекдотам, пачынаючы які, трэба было папярэдне даведацца, ці няма паблізу жанчын. Запас розных гісторый у яго быў невычэрпны, i гаварыў пра ix ён ахвотна, дзе прыдзецца, у дарозе, на прывале, проста да слова. Ён адчуваў, што гэтыя гутаркі часта збліжалі яго з людзьмі, адкрывалі скрытныя душы, дапамагалі ў справе.

У гаворцы дарога праходзіць непрыкметна. Камісар i не заўважыў, як ціха, крадучыся, падступіў змрок. Вось ужо ў цемры спарахнелымі светлячкамі значацца ў руках цыгаркі. Раптам цемра расступілася, хаваючыся за кусты, у галлё дрэваў. На небе ўсплыў месяц. Каля яго заблішчалі некалькі празрыстых, пранізаных роўным ціхім святлом хмарак. Яны, падплыўшы паволі да месяца, зіхцелі, як серабрыстыя мярэжы.

Мінуўшы зону, вёскі пачалі абыходзіць. Ішлі пераважна па ўдзірванелых палявых дарогах, каб наблізіцца непрыкметна. Там i тут абапал калоны шчацініліся палоскі збажыны.

— Хлеб добры будзе, — загаварыў задаволена нехта, — хоць i пазнавата сеялі, але павінна ўрадзіць...

Туравец азірнуўся на голас i ўбачыў спакойную, у мернай хадзе, постаць пажылога аўтаматчыка. А той гаварыў далей, як бы разважаючы з сабой:

— Дожджык яму вельмі ў час быў. Як на дражджах, — проста на вока відаць, як гоніць яго з зямлі. Будзем з пірагамі сустракаць!

— Гэта яшчэ пабачым. Я думаю, што пірагі твае не спякуцца да таго часу, а хутчэй — i ў печ не пападуць. — Камісар пачуў іранічны басок.

— То-очна, — весела падхапіў Ляхора, засмяяўшыся.



2...

Пасля поўначы месяц схаваўся. Неба зацягнулі хмары. Туравец быў задаволены, што наступіла цемра, у ёй, можа, лягчэй удаеца падысці да чыгункі непрыкметна.

На досвітку пайшоў спорны дождж, дарога стала слізкай, каляіны i лагчынкі напоўніліся вадой. Партызаны лаяліся, калі траплялі ў лужыны або наступалі адзін другому на ногі.

Дождж, не перастаючы, сеяўся i на світанні. Раніца была непрыветная i хмурная.

Спыніліся на паляне ў лесе. Байцы прамоклі да ніткі, але кастроў разводзіць Ермакоў не дазволіў, каб не дэмаскіраваць брыгаду. Усім загадалі захоўваць цішыню i не адыходзіць ад месца днёўкі. Дрозд паставіў дазоры з боку вёскі, якія сачылі за наваколлем i ахоўвалі атрады.

На нейкую гадзіну дождж быў перастаў, а потым зноў пачало ліць. З мокрага галля на людзей то падала кроплямі, то сцякала струменнямі вада. Але амаль ніхто не прачынаўся. Скурчыўшыся, прыгнуўшы галовы да грудзей, каб сагравацца сваім дыханнем, людзі спалі.

Туравец, прылёгшы каля дубка, таксама задрамаў. Калі ён абудзіўся, то адчуў, што правы бок, на якім ён ляжаў, прамок, цела пачало дубянець ад холаду.

Прыкрыўшыся ад дажджу плашч-палаткаю, ён закурыў i зацягнуўся горкім дымам, ад якога ў сярэдзіне як бы пацяплела. Стараючыся не наступіць на сонных, выбраўся з лагера i накіраваўся да пастоў, што стаялі з боку сяла.

— Ну, што нагледзелі? — запытаў камісар у дазорнага Ляхоры, які сядзеў каля куста на ўскраі лесу. У набраклай пярэстай плашч-палатцы партызан быў падобны да вялікай нахохленай птушкі.

— Пакуль нічога, таварыш камісар. Спакойна.— Ляхора з сумам паглядзеў на цыгарку. Туравец, улавіўшы позірк, зацягнуўся i аддаў яму «бычка».

Камісар паглядзеў у поле, на вёску, што цягнулася праз кіламетр нізкаю панурых шызых хат з гонтавымі i саламянымі стрэхамі. З поля ў вёску паўзла фурманка з селянінам.

Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Там хлапчук пасвіў некалькі кароў. Ён бег за каровай, якая адбілася ад гурту, i размахваў пугаю. Ад гэтага малюнка на Тураўца нібы дыхнула маленствам. Калісьці вось так хадзіў з пугай i ён, чорнагаловы, цыганаваты пастух, сірата Нічыпар. У камісара зацеплілася бацькоўская пяшчота, захацелася падысці бліжэй да хлопчыка, пагаварыць i ўсцешыць чым-небудзь. «Вось i ім цяпер, замест школы, даводзіцца ганяць каровы».

— У вас, у Чэхіі, менш дажджоў?— зірнуў Туравец на Ляхору.

— У нас вялікія дажджы, таварыш камісар, бываюць. Асабліва ў гарах, там, калі пройдзе лівень, маленькі ручай становіцца як рака. Раве, бы звер, i ўсё зрывае, што пападзецца на шляху. Дубы выварачвае i нясе, як... як трэскі!

Туравец сімпатызаваў Ляхоры. Хлопец добра вёў сябе ў баі, радаваў дысцыплінаванасцю, акуратнасцю ва ўсім. Ён быў сынам старога чыгуначніка ca Славакіі i братам камуніста, арыштаванага гестапаўцамі.

— Ну, ты, відаць, у апошняй аперацыі з намі. Як толькі, Ляхора, прыляціць самалёт, адправім за фронт.

Ляхора падзякаваў: ён прасіў, каб адправілі ў Чэхаславацкі корпус, які быў ужо блізка ад Чэхіі.

— Мне будзе шкада, таварыш камісар, ехаць адсюль.... — прызнаўся хлопец.

— Шкада?

— Прывык...

Наказаўшы, каб затрымлівалі ўсякага, хто ўвойдзе сюды, Туравец падаўся назад, у глыб лесу.

Лагер ужо ажыў. Дрозд загадаў разбудзіць роту i цяпер разам з камандзірамі пільна, прыдзірліва правяраў, ці гатовыя людзі да бою, ці поўнасцю збераглі тол, узрывацелі, шнуры. У яго ўсё гэта было падлічана да самай малой драбніцы.

«Гаспадар!— падумаў мімаволі з задавальненнем Туравец. — Так, недарма яго i тут называюць старшынёй калгаса».

Заўважыўшы Тураўца, Дрозд адразу падаўся да яго, сказаў, што затрымалі паліцая, які ішоў у разведку.

Паліцая адправілі к камбрыгу.

Туравец занепакоіўся, ці не даведаліся гітлераўцы аб намеры брыгады. Няўжо яны маглі пранюхаць? «Калі даведаліся, — падцягнуць сілы, i нам прыдзецца нялёгка». Ён накіраваўся да штаба, спадзеючыся там высветліць усё як мае быць.

Ермакоў з партупеяй, ca шпорамі, угнуўшы галаву, стаяў супраць рослага разгубленага ваякі. Выгляд у камбрыга быў грозны i рашучы. Зеленаватыя вочы камандзіра, здаецца, прашывалі наскрозь паліцая, — у такія хвіліны нават партызаны пабойваліся свайго камандзіра. Паліцай, збялелы, спалоханы, вадзіў вачыма за кожным рухам Ермакова i лапатаў:

— Ей-богу, па самагонку... тут гнаць павінны... пахмяліцца хацеў...

— Брэшаш! Па вачах тваіх бачу, што няпраўду гаворыш. Кажы, чаго прышоў! — насядаў камбрыг.

Палонны кляўся, што паліцаі не ведаюць аб прыходзе партызан i адчуваюць сябе спакойна. Стараючыся вымаліць літасць, ён, хапаючыся, выказваў усё, што ведаў, дзе i якія ў немцаў гарнізоны, якая ў ix ахова, з якога боку лепш ударыць...

Многія з гэтых вестак пасля пацвердзіў селянін, якога пазней затрымалі паставыя.

Чалавек ішоў на нейкі лясны лужок касіць траву. У яго была на плячы каса, на дзержаку якой вісела невялічкая торбачка. Убачыўшы ў лесе столькі партызан, касец проста сумеўся.

— Ото ж войска, — узрадаваўся ён. — Адкуль гэта, скажыце, сабралася столькі?



3...

Шашура ў гэтую ноч ухітрыўся пабачыцца з Аксінняй. Ён угаварыў Ермакова дазволіць яму з сваімі хлопцамі выправіцца раней: з грузам, маўляў, ісці не так проста, — і, зрабіўшы даволі вялікі круг, зазірнуў у гэтак помнае сяло. Людзям, якія з ім былі, Шашура даў дазвол адпачыць i сказаў, што павінен зайсці па адной неадкладнай важнай справе.

Пасля таго, як Шашура араў поле, яму ні разу не даводзілася быць у сяле. Ён, праўда, не аднойчы збіраўся наведацца сюды, але усё не выпадала.

Аксіння спаткала яго ветліва i, адчуваў падрыўнік, была рада, што ён прышоў. Палажыўшы дзяцей спаць i паслаўшы госцю ў садочку, яна доўга стаяла з ім пад яблыняй i размаўляла.

— Пара спаць... Позна, — схамянулася раптам жанчына.

Шашура паспрабаваў затрымаць яе, абняў за стан, нібы жартуючы, i прыцягнуў да сябе. Але Аксіння вызвалілася, развітаўшыся, пайшла ў сваю «хату».

Падрыўнік застаўся адзін. На душы ў яго было тужліва i неспакойна: ужо даўно ён не мог абыякава адносіцца да гэтай жанчыны. Яна вабіла яго, сеяла ў падрыўніку думкі аб адзіноцтве, якіх ён раней не ведаў.

Шашура толькі некалькі хвілін стаяў у роздуме. «Можа, яна тое ж адчувае i... чакае», — падумаў ён i, падбадзёраны гэтай развагаю, накіраваўся да хлява. Вароты былі прычынены. Калі падрыўнік пацягнуў ix да сябе, яны зарыпелі.

— Ты чаго? — запыталася ціха Аксіння.

— Сумна штосьці аднаму, Аксіння... спаць зусім не хочацца...

— Не хочацца? Вось гора! Што ж гэта?

— Ды чорт яго ведае! Не спіцца, хоць трэсні!.. Памагла б ты, ці што, каліна-маліна?

— А чым я табе магу памагчы? Парашкоў у мяне няма ад бяссоння.

— Парашкоў! Мне яны i не патрэбны. Я ix, гэтай поскудзі, зроду не піў... Сумна — аднаму — разумееш?

— Не разумею.

— Не разумееш. Эх, што ж ты такая — нездагадлівая!

Ён прысеў на ўскрай ложка i паклаў руку на яе плячо, гарачае i пругкае.

— Аксіння.

Яна зняла руку, параіла:

— Калі сумна, едзь да жонкі, стане весялей.

— Няма да каго мне ехаць. Я нежанаты...

— Усе вы аднолькавыя, нежанатыя.

— Нежанаты, праўду кажу.

— Даўно?

— Вось жа, не верыць! Пабажыцца табе, ці што?

— Нашто? Усё роўна... я весяліць не ўмею.

Шашуру, які лічыў сябе добрым знаўцам спагадлівага, на яго думку, жаночага сэрца, не вельмі збянтэжыла гэтая неласкавасць. Яшчэ з паўгадзіны ён гаварыў, не трацячы надзеі, што непрыязнасць жанчыны зменіцца прыхільнасцю.

Аксіння моўчкі слухала. Яна здавалася яму, як ніколі раней, прываблівай i роднай.

Расказаўшы некалькі смешных гісторый i анекдотаў i пачуўшы, што Аксіння раз — другі засмнялася, Шашура пяшчотным, але ўпэўненым рухам абняў яе за плечы. Ix цяпло апаліла яго.

— Аксіння, любая!..

Яна адразу паспрабавала вырвацца.

— Што ты робіш?

— Ды нічога, здаецца, — паспрабаваў ён жартаваць.

— Пусці!

— Аксіння, ды што ты! Супакойся!.. Не трэба...

— Пусці! — сурова прашаптала яна i вырвалася. — Якія вы ўсе, мужчыны, з вамі па-добраму, дык вы не разумееце дабраты...

— Ты — разумееш! Нібы чорт ведае, што натварыў!..

— Яшчэ што скажаш? Так я табе i дазволю!

— Проста — карціна, дакрануцца нельга...

— А што ты думаеш? Нельга!

Ён перамяніў тон размовы:

— Я ж, можа, таму, што люблю цябе.

— Няўжо? Нешта не заўважала...

Шашура пачаў апраўдвацца i паспрабаваў — цяпер з перасцярогай — абняць яе зноў, але Аксіння адштурхнула яго рукі і, лёгка выцяўшы, сказала:

— Ідзі адсюль... Па-добраму прашу...

— Просіш? Няма чаго сказаць — просьба.

— Як умею...

«Бач ты, якая строгая! — са здзіўленнем падумаў Шашура. — I хто б думаў, здавалася такою ласкаваю... Гэтых жанчын ніколі не зразумееш...»

— Ну, што ж, дзякуй... хоць за просьбу.

Ён устаў i вышаў.

Апоўначы ён разбудзіў яе, каб развітацца. Шашура быў, як звычайна, вясёлы, з Аксінняй размаўляў па-прыяцельску, жартаваў.

За тое, што было ўночы, ён не адчуваў ні сораму, ні каяння. Дарэчы, Шашура, здаецца, наогул ніколі не раскайваўся.

Ён цяпер думаў пра Аксінню з вялікай павагай. Строгая жанчына! Цвёрды чалавек, надзейны. На такую жонку можна было б спадзявацца.

«Я, здаецца, магу неўзабаве перастаць цаніць сваю халасцяцкую волю!» — падумаў здзіўлена падрыўнік.

Шашура быў да вайны жанаты, але няўдала. Жонка яго аказалася прыдзірлівай i страшэнна раўнівай жанчынай, у сям'і часта ўзгараліся спрэчкі, i, урэшце, Шашура не вытрымаў — развёўся з ёю.

З той пары ён вельмі скептычна адносіўся да кахання i да сямейнага шчасця. Таму ён i думаў пра сваю прыхільнасць да Аксінні са здзіўленнем. Гаворачы жанчыне ўночы, што любіць яе, падрыўнік сам мала верыў у свае словы.

Аксіння, здавалася, забыла пра нядаўняе здарэнне. Яна лагодна развіталася i нават папрасіла, каб ён не забываў дарогу да яе, заязджаў у госці.

— Ты што гэта? Так, для жарту?

— Сказаў! Якія тут могуць жарты.

— Сур'ёзна, значыцца.

— Сур'ёзна.

— Ну, што ж, трэба будзе падумаць... строгая ты надта!..

— А ты вельмі скоры!..

— Скоры? Гэта — праўда, ты гэта правільна!

Шашура зарагатаў.

— Значыцца заехаць?— Ён нахмурыўся, заклапочана пацікавіўся: — A біцца не будзеш?

Яна ўсміхнулася.

— Не буду, калі ты будзеш... разумнейшы... i хлусіць перастанеш!

— Хлусіць? Век не хлусіў...

— Кажы мне. Ну ідзі ўжо.

— Іду. Ну, што ж, бывай, сонейка мае строгае!

Ён паслаў ёй «пацалунак» i хутка, весела падаўся з двара.



4...

Шашура паявіўся на месцы збору амаль адначасова з усімі. Адчуваючы сябе крыху вінаватым i стараючыся ўтаіць затрымку ў дарозе, ён, насцярожаны, паспяшаўся далажыць Ермакову аб сваім прыбыцці.

Шашура заўважыў, што Ермакоў у добрым настроі, i ў яго адлягло на душы. Калі i даведаўся, то, напэўна, не стане вельмі прыдзірацца. Але камбрыг не ведаў: ён спаткаў дабрадушна, ні словам не крануўся той тэмы, якой асцерагаўся падрыўнік.

— Ну, пахавальных спраў майстар, рыхтуйся! Хутка пойдзем! — па-прыяцельску ляпнуўшы Шашуру па плячы, сказаў Ермакоў.

— Ды я гатоў, таварыш камбрыг, як піянер — заўсёды!

— Ну, ну — піянер, сказаў!.. Вагой дзевяноста кілаграмаў! З цябе магарыч трэба б: імяніннік сёння.

— Ды ўжо ж, свята маё!

Шашура сапраўды адчуваў сябе імяніннікам. Уся брыгада сёння будзе на «жалезцы». Гэты факт як бы пацвярджаў аўтарытэт яго падрыўной справы. Шашура быў бязмерна захоплены сваёй прафесіяй, таму такая павага да яе была яму найлепшай хвалой.

Ён славіўся ў брыгадзе як выдатны падрыўнік. Яго не выпадкова называлі — «пахавальных спраў майстар». Шашура пахаваў вельмі многа ахвотнікаў да чужых зямель i багаццяў.

Быў ён чалавекам вельмі дзейным i вялікім выдумшчыкам. Яго міны ірваліся не толькі на дарогах, але i ў кабінетах гестапа, i ў аўтамабілях гітлераўскага начальства. Шашура сам прыдумаў некалькі мін з «сюрпрызамі», якія ніхто не мог размініраваць. Ён умеў падрываць нямецкія саставы бомбамі, якія выкопваў у полі.

Багата чаго ўмеў ён.

Званне «пахавальных спраў майстар» далі яму недарма. Праўда, трэба сказаць, спачатку гэтае званне мела іншае значэнне, — аб чым цяпер у брыгадзе мала хто ведаў.

Вайна застала Шашуру ў ціхім беларускім гарадку. Гарадок захапілі немцы хутка, i Шашура не змог уступіць у армію. Першыя дні ён адседжваўся, не бачачы іншага выхаду са свайго становішча. Сядзець без справы ён не мог, але ісці працаваць лічыў ганьбаю для сябе. Ісці працаваць азначала — дапамагаць гітлераўцам, — а ён бярог сваю годнасць...

Між тым працаваць трэба было, ён не меў ні хаты сваёй, ні хлеба. I Шашура стаў думаць, чым бы пры такім становішчы заняцца? Пошукі-развагі яго доўга не давалі нічога добрага: усё выходзіла — працаваць на захопнікаў. Нарэшце, яго захапіла ідэя, якую ён назваў геніяльнай. Што гэта за ідэя, можна меркаваць з таго, што на другі ж дзень каля яго каморкі з'явілася шыльда: «Пахавальнае бюро. Майстар Шашура. Робіць труны, крыжы i г. д.».

Ён павесялеў: так можна працаваць на няпрошаных чужынцаў! Абы-толькі пабольш ix на той свет адпраўлялі.

Яго прадпрыемства некаторы час было без заказаў. Але неяк восенню гітлераўцы запатрабавалі адразу паўтара дзесятка трун, i майстар аддаў ім заляжалы тавар.

Шашура, аднак, не адчуў палёгкі. Па-першае, хацелася нейкай, як ён казаў, «весялейшай працы», па-другое, робячы труны, ён усё-ткі нібы працаваў на ворагаў. Няхай бы гэтая поскудзь ляжала i гніла непрыбраная!

I Шашура стаў упарта падумваць, што трэба ісці ў лес, партызаніць. Ён перабыў зіму, a ўвесну з сваімі памочнікамі, ix было ўсяго тры чалавекі, са зброяй, накіраваўся ў лес. Сталі называцца дыверсійнай групай.

Праз месяц — паўтара «група» яго ўлілася ў даволі вялікі атрад Тураўца.

Але мянушка «пахавальных спраў майстар» засталася за Шашурам па-ранейшаму. Праўда, цяпер яе многія разумелі вобразна: сапраўды па-майстэрску адпраўляў фашыстаў на той свет падрыўнік!



5...

Позна ўвечары рушылі да чыгункі, да якой было яшчэ кіламетраў шэсць ці сем. Самая вялікая штурмавая група з Ермаковым пайшла ў кірунку паўстанка, што быў умацаваны дзотамі. Ермакоў забраў з сабою i абедзве гарматы.

Разам з партызанамі папрасіўся ісці на дарогу i касец.

— Што ж я маю сядзець тут, як арыштант? Вазьміце i мяне, я пакажу ўсё. Я ж там, сказаць, кожную сцежачку ведаю.

Яго ўзялі з сабой. Дождж перастаў, хмары падняліся вышэй, нібы палягчэўшы раптам, i навокал змрок змяніўся прывіднай шэранню.

— Зараз выгляне дзе-небудзь месяц, — прарочыў Шашура. — Калі я іду на чыгунку, ён заўсёды высоўваецца, каб мне трэба было паўзці цішэй.

Калі, абмінаючы гарнізоны, атрады ціха наблізіліся да чыгункі, Дрозд паклікаў Крайко i сказаў:

— Вася, давай! Ды асцярожней.

Крайко, прыгнуўшыся, адбег да сваіх хлопцаў. Праз хвіліну хлопцы паўзком падбіраліся да агарожанага дзота каля насыпу. Дзот быў на правым флангу таго ўчастка дарогі, які павінен быў узарваць Дрозд. Iм трэба было непрыкметна падабрацца і, калі Ермакоў пачне штурм паўстанка, закідаць дзот гранатамі, прымусіць яго сціхнуць.

Туравец з Драздом, камандзірам атрада i Шашурам, выбраўшыся наперад усіх, ляжалі непадалёк ад чыгуначнага насыпу на ўскрайку лесу. Ад палатна ix аддзяляла цяпер толькі высека, якую зрабілі немцы абапал дарогі. У цемры чарнелі пні.

Па насыпу прайшлі, перагаварваючыся, патрульныя. У цішыні Туравец пачуў, як шоргаюць па шпалах ды па жарстве боты. Патрульныя то адзін, то другі часам прыпыняліся i азіраліся. Прайшоўшы крокаў сорак, пастаялі на месцы, потым маўкліва павярнулі назад.

Шашура ціха, але ўзварушана прашаптаў:

— Круцяцца тут на сваю пагібель!..

Туравец мімаволі ўявіў, колькі вачэй у гэтую хвіліну сочыць за патрульнымі.

Ён прыслухаўся. Там, куды пайшла штурмавая трупа, што павінна пачаць бой першая, было па-ранейшаму ціха. Туравец падумаў занепакоена: чаму яны позняцца?

— Трэба было б пачынаць, — варухнуўся нецярпліва Шашура. — Чаго яны, каліна-маліна, там?

— Нейкая замінка, мабыць...

Ціхая, спакойная ноч. У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка i сціхла. Галаву дурманіць густы пах лесу. Уночы, калі паветра напаўняецца вільгаццю, пахі мацнеюць. Пахне застаялай сырасцю, асіннікам, балотнымі травамі.

У галаве Тураўца заварушыліся думкі: «Якую безліч дрэваў высеклі каля чыгункі. I ці даўно, здаецца, было гэта. А вунь ужо на высецы такі хмызняк прэ»...

Яго развагі перабіла радасная думка: сёння павінна вярнуцца Ніна, — можа, нават яна ўжо дома...

Злева прагучалі два разложыстыя гарматныя стрэлы, узляцела малінавая ракета.

Услед закіпела страляніна бліжэй, дзе быў Крайко. Туравец адразу ўстрапянуўся: пачалося!

Па гуках бою ён чытаў пра тое, што робіцца на паўстанку. Бой быў зацяты: важка бухалі гарматы, амаль няспынна трашчалі аўтаматы i кулямёты. Пакуль нельга было сказаць, што немцы паддаюцца...

Між тым каля дзота пачуліся выбухі гранат. Значыцца, узвод Крайко падышоў блізка. Сячэ кароткімі частымі чэргамі кулямёт. Чаму раптам прыціхла ўсё? Не, не прыціхла. Здаецца, толькі кулямёт змоўк.

Цераз бязладную страляніну прарваліся напорныя ўрачыстыя воклічы. На дапамогу Васю пайшла ўся рота.

Яшчэ злева, дзе быў Ермакоў, кіпеў бой, а Туравец рашуча ўзняўся:

— Час пачынаць.

Дрозд услед паўтарыў:

— Час.

Павярнуўшыся тварам да лесу, Дрозд спакойна, але моцна крыкнуў:

— Наперад, хлопцы! На жалезку!

— На жале-е-е-зку-у!— як бы шматгалосае водгулле пакацілася па ўзлессю.

Відаць, там толькі i чакалі гэтага жаданага слова, бо яго адразу прагна падхапілі. Маўклівае, вільготнае ўзлессе адразу ажыло, заварушылася, зашумела нястрымна, як ад навальнічнага ветру.

Першымі рушылі партызаны ca штурмавой групы. З пагрозным крыкам, аббягаючы пні, сыходзячыся, яны прабеглі, пратупалі паўз Тураўца, запоўніўшы пустую датуль высеку цёмнымі рухомымі постацямі.

Пры насыпу партызаны пачалі разыходзіцца ў абодва бакі, ачышчаючы чыгунку. Ix націск быў такі моцны i дружны, што нямецкая ахова зрабіла толькі некалькі бязладных стрэлаў, як была змецена.

Дачакаўшыся, нарэшце, сваёй пары, на насып узняліся падрыўнікі Шашуры. Некалькі чалавек падкладвалі шашкі, другія запальвалі шнуры, — неспакойныя агеньчыкі множыліся, мігцелі, варушыліся, разыходзячыся ўсё шырэй у абодва бакі.

Над адным агеньчыкам імпэтна кінулася белае зыркае полымя, здрыганулася зямля, i адразу рэзка, з металічным скрыгатам, ноч ірвануў моцны выбух.

Яшчэ не сціх пошчак, які пайшоў па наваколлі, як на насыпе грымнула ў другі раз, асвятліўшы на міг дарогу i высеку зыркім прагным полымем.

Выбухі ўскідваліся адзін за адным, бегучы ўправа i ўлева.

У Тураўца ў сэрцы ўсё заспявала, яму таксама хацелася кінуцца падкладваць шашкі. Ён успомніў, як у мінулы год з сялянамі выварочваў рэйкі ломам. Вось i цяпер у яго было сілы якраз для такой працы!

Туравец не перакінуўся ні з кім i словам, бо грукат глушыў усё. Ды i не да гаворкі было!

Раптам ззаду, у лесе, сталі ірвацца снарады. Білі, відаць, гітлераўцы з далёкай вёскі. Стралялі яны наўздагад, i снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі са скрыгатам лягло непадалёк на высеку.

Хлопцы не зважалі на гэта i хутка, дзелавіта рабілі сваё.

...Нарэшце, па адным, па два, групкамі сталі адыходзіцца ад насыпу. Скончылі.

На хвіліну ўстанавілася цішыня.

Цяпер усе гаварылі голасна, уразнабой. Нехта зарагатаў.

— Ну, як, каліна-маліна, музыка? — крыкнуў Шашура, які з'явіўся знянацку, як з-пад зямлі.

Дрозд стрымана адказаў:

— Канцэрт што трэба.

— Сімфонія!

— Праўда, таварыш камісар! Сімфонія! Тут i другога слова не падбярэш. Такое каб моцнае, як «дамкрат», скажам, i... каб незразумелае. Ірванулі!.. А помніце, як летась мы «канцэрт» давалі пад Пагарэлым? Я тады пад мост падлажыў бомбу-двухсотку. Эх, каліна-маліна, як фуганула, дыкбэлькі ляцелі, як трэскі. Я ляжаў у ямцы наводдаль, дык мяне ад выбуховай хвалі спачатку як падыме, а пасля як бразне аб зямлю! Ледзь дух не выпусціў... Тады таксама «канцэрт» важны быу — на ўсіх дарогах ігралі.

— Хадзем, маліна-хлапчына, паглядзім, як ты цяпер паіграў,— перапыніў яго Туравец.

— Чыста, таварыш камісар, зрабіў.

Калі яны падняліся па невысокаму, але крутому затравеламу адхону на насып, у баку паўстанка ўскінулася барвовае клубістае полымя, i крыху пазней разлёгся выбух.

— Мусіць, нашы фрыцаўскае кубло ўзарвалі.

Туравец з Шашурам пайшлі па насыпу. Шпалы былі пашчапаны, жалезныя рэйкі парваны, пасечаны.

— Эх, пабіла рэйкі! — не ўтрываў падрыўнік.

— Пабіла... Можна сказаць, — загаварыў камісар, — «заваёўнікі» тут не разгоняцца. Зрабілі чыста. Hi дарогі, ні пуці...

— Цяпер ім тут праехаць не хутка ўдасца...— адгукнуўся Шашура.

Туравец павярнуўся быў ужо назад да лесу, як яго ўвагу прыкаваў глухаваты, прыцішаны далечынёю выбух. За ім хутка прагучаў другі, трэці.

Потым загрымела ў іншым баку, бліжэй. Нібы рэха перакатамі пакацілася па палях, па лясах, па далінах ва ўсе бакі.

Блізка i далёка, то гучна, разложыста, то ціха, ледзь-ледзь чутна, грукаталі, перагукаліея выбухі.

— Хто гэта? — запытаўся зачаравана Шашура.

Туравец стаяў, аветлены полымем недалёкага пажару, ад чаго на твары трапяталі чырвоныя водбліскі, i задумліва слухаў.

— Хто, кажаш? Хто ж — нашы знаёмыя ўсё... Тут i вось тут калінінцы i «Савецкая Беларусь». Далей, справа, напэўна, Першая Мінская. Вунь там, не інакш, Гаркуша... Каля яго гастэлаўцы... А хто за імі — i сам не ведаю...

«Канцэрт» Ермакоўскай брыгады, магчыма, было ледзь чуваць у агульным магутным «канцэрце». На ўсіх дарогах, па ўсёй Беларусі грымелі ў гэтую ноч выбухі.

Партызаны ірвалі дарогі над Бабром i пад Пухавічамі, пад Лунінцам i пад Лідай, пад Старушкамі i каля самага Мінска. Тол разбураў масты, рассякаючы, карэжачы важкія жалезныя бэлькі, раскідваючы бярвенне. Над сотнямі чыгуначных складаў палала трапяткое, грознае полымя. Эшалоны, якія ў гэтую ноч спрабавалі дабрацца да фронта, або гарэлі таксама, або валяліся пад адхонам.

У адну ноч мнагатысячная партызанская армія вывела са строю ўсе чыгункі, па якіх гітлераўцы жывілі свой фронт, адрэзала часці, што стаялі на «балконе», ад тылу, ад ix глыбокіх баз.

«Канцэрт» быў часткай агульнай падрыхтоўкі нашай арміі да наступлення. Ен быў першым громам, які абвяшчаў аб пачатку бітвы за Беларусь.

Пра гэта ўсе даведаліся праз тры дні.


Раздзел VII


1...

Пасля таго, як Ніна вярнулася з Мінска, яе паслалі да сувязных у мястэчка.

Зрабіць гэта было значна лягчэй, чым прабрацца ў Мінск. Яна ўжо неаднойчы хадзіла ў гэтае мястэчка, i кожны раз усё канчалася добра.

Але цяпер яе падсцерагала трагічная нечаканасць, тая нечаканасць, якая вельмі часта ідзе поруч з разведчыкамі.

Па дарозе назад, пераходзячы мяжу партызанскай зоны, Ніна траіпіла на нямецкую засаду.

З хмызняку насустрач выскачыў немец, які наставіў на яе аўтамат.

Першую хвіліну, калі Ніна пабачыла перад сабою гітлераўца i аўтамат, нацэлены ў яе твар, яна вельмі ўстрывожылася, але яшчэ не адчула ўсёй трагічнасці гэтай падзеі, відаць, таму, што яна не ўпершыню бачыла перад сабой аўтамат i гітлераўцаў. Тыя разы ўсё сыходзіла добра. Ёй удавалася выйсці з безвыходнага, здавалася, становішча, адхіліць небяспеку.

I цяпер у яе, недзе глыбока, у тумане трывогі, тлела надзея, што ўсё сыдзе неяк. Але гэта было далёка, прыцішана. Блізка ж, заглушыўшы іншыя адчуванні, адразу ліхаманкава завіхурыліся тысячы думак, быстрых, імклівых: што рабіць, што адказваць?

— Партызан? — запытаўся немец.

— Не...

«Трэба быць спакайней i смялей», — падказвала ёй нешта знутры, што сачыла цяпер за ёю.

Поруч з першым вырасла яшчэ некалькі салдат. Бязбровы, з маленькім падбародкам немец крыкнуў:

— Абшукаць!

Гітлераўцы адразу кінуліся да яе, сціснулі рукі, балюча ix заламалі. Адчуўшы прыкры дотык чужых рук, Ніна мімаволі ірванулася, але ледзь не застагнала ад болю.

Адзін з паліцаяў, з густым чорным чубам, начэсаным на вока, перахапіўшы гэты рух, сказаў зларадна:

— Не так, як у партызанах? Прывыкай!

Ён, відаць, быў старшым над паліцэйскімі, бо трымаўся вальней за іншых.

У яе не знайшлі нічога падазронага.

Бязбровы, уважліва разглядаючы, пакруціў яе пашпарт i пропуск, паклаў у кішэню.

Яе павялі ў камендатуру. Ідучы між двух немцаў, чуючы ззаду важкія крокі чубатага, Ніна стала абдумваць сваё становішча, i ёй здалося, што свет сціснуўся навокал. Яна адчула сябе раптам вельмі адзінокай.

Ніна, аднак, не гублялася. Думкі былі хуткія, чоткія i ясныя. Усе яны былі скіраваны на адно: што трэба зрабіць, каб выратавацца.

Перш за ўсё трэба быць спакойнай, каб ашукаць ix пільнасць. Яна будзе крыўдзіцца i нават пагражаць ад свайго знаёмага афіцэра... Хто ён, гэты ўяўны знаёмы?.. Яна ліхаманкава рыхтавалася ў думках да блізкай размовы.

У памяшканні паліцыі акурат некага дапытвалі. На стале разваліста паўляжаў нямецкі ефрэйтар. На падлозе, падгарнуўшы пад галаву голыя рукі, стагнаў збіты, акрываўлены чалавек. Ефрэйтар махнуў, каб вынеслі чалавека, абыякава выслухаў паведамленне бязбровага.

— Куды ішла?— запытаўся ён у перакладчыка, чытаючы між тым пропуск.

Ніна сама па-нямецку адказала, што ішла ў сяло, каб выменяць харчоў на свае рэчы. Ефрэйтар, пачуўшы адказ на нямецкай мове, уважліва паглядзеў на яе.

— Там партызанскі раён.

— Партызаны?! — сумелася яна. — Я не ведала...

Ніна падзякавала ефрэйтара, што яе ў час спынілі, бо яна б магла, не дай божа, папасці ў «партызанскія кіпцюры».

— Дзе вы навучыліся гаварыць па-нямецку?

— У мяне быў добры настаўнік! — Ніна пакрыўджана сказала, што з ёй гаварылі, як з партызанкай, што яна паскардзіцца свайму Карлу, штурмфюрэру. Яна выдумляла вельмі легка i ўдала, так што гітлеравец, напэўна, паверыў, бо стаў гаварыць з ёй мякчэй.

Ён не зусім упэўнена загадаў абшукаць яе.

У Ніны не знайшлі нічога.

Непакой яшчэ не праходзіў, але цяпер святлей заяснела надзея. Можа, — о, каб гэта сталася! — удасца вырвацца.

Неспадзеўкі здарылася тое, чаго яна ніяк не чакала i што прымусіла яе адразу затрывожыцца. У пакой увайшоў Грэчка. Ён быў у паліцэйскай форме, са знакам на рукаве.

Увайшоўшы, Грэчка казырнуў немцу i сказаў, што прывёў нейкага Варанчука.

— Добра, вядзі сюды. Я зараз кончу з гэтай... — ён кіўнуў рукою ў бок Ніны. Перакладчык пераказаў яго словы па-руску.

Грэчка мімаволі зірнуў туды, куды паказваў ефрэйтар. У першы міг, пабачыўшы Ніну, ён разгублена заміргаў дробнымі, глыбока схаванымі вачыма. Грэчка, аднак, хутка паправіўся, перастаў міргаць, але адвёў позірк убок.

Ніна насцярожана чакала далейшага: выдасць ці не выдасць ён яе.

Можа, тое, што яна чула пра Грэчку, няпраўда, бо чуткі часта ашукваюць. Можа, ён застаўся сваім?

— А-а!.. вы знаёмыя, Хрэчка? — прамовіў раптам ефрэйтар.

Грэчка хутка зірнуў на немца і, убачыўшы яго ўважлівыя вочы, нерашуча кіўнуў галавою.

— Дзе ж вы пазнаёміліся?

Ён маўчаў.

— Ну?

—У... лесе,— неахвотна i нібы няўпэўнена прамовіў ён.

— О, у лесе! У партызанах?!

Грэчка кіўнуў.

— Даўно гэта было?..

— Нядаўна...

— Калі?

— Апошні раз мы бачыліся з ёю, калі я... перайшоў сюды, пан ефрэйтар...

— Падлюга! —толькі i знайшла што сказаць Ніна.

Яна з пагардай i нянавісцю акінула агідную постаць. Хіба знойдзеш вартыя словы, каб выказаць гэтаму нягодніку ўсё, што адчуваеш.

А ў галаве ўзнікла i апавіла холадам усю яе: «Прапала». Нібы праз туман аднекуль данёсся задаволены голас чубатага: «А-а! Папалася?»

Ефрэйтар ссунуўся са стала, падышоў паволі, перавальваючыся з боку на бок.

— Партызан?

— Так, — сказала Ніна, бачачы, што хавацца няма чаго, i смела, адкрыта паглядзела на яго.

— Адкуль ідзеш?

Яна маўчала. Ефрэйтар паўтарыў пытанне, раздзельна вымаўляючы кожнае слова. Яна i на гэты раз не адказала нічога. Ніна бачыла, як твар гітлераўца хутка наліваўся крывёю.

Ефрэйтар раптам размахнуўся.

Перад яе вачыма ўспыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі безліччу пякучых джал. Ніна, глуха войкнуўшы, павалілася на падлогу.

Калі, ачнуўшыся, яна паднялася на дрыжачых руках i села, падлога перад вачыма хісталася, хілілася на бок, станавілася потырч, як сцяна. На падлозе было цяжка ўтрымацца. Ніна чаплялася пальцамі за шчыліны...

Яна пачула пытанне, якое потым паўтаралі гітлераўцы, што дапытвалі тысячу разоў:

— Скажаш?

Яна, як i раней, маўчала. У роце было поўна крыві.

Ефрэйтар хадзіў вакол яе.

— Хто пасылаў?

— Якое даручэнне?

— З кім сустрэлася?



2...

Ён дапытаў Грэчку, i той расказаў пра Ніну ўсё, што ведаў.

Збітую да паўсмерці, яе на калёсах павезлі ў другую камендатуру. Колы стукацелі ў цвёрдых, нібы каменных, каляінах, падскоквалі, хісталіся. Ад кожнага штуршка пякуча ныла цела, i Ніна сціскала зубы, каб не застагнаць. На драбінцы поруч горбіўся чубаты, зларадна час-ад-часу касавурыўся. Не, ён не пачуе ад яе пакутнага стогну, не парадуецца слязам. Ён будзе бачыць, як i раней, заўсёды ў вачах яе толькі пагарду i нянавісць.

«Нічога. Гэта без прывычкі, — супакойвала яна сябе, намагаючыся прыглушыць пякучы боль, што тузаў, ірваў усё цела.— Хутка сцішыцца». Ёй успомнілася, што нехта з партызан гаварыў, нібы чалавек больш за ўсё пакутуе спачатку, а пасля цела прывыкае да болю, бо нервы тупеюць. I яна, напэўна, таксама прывыкне.

Але чаму так гарыць усё цела? Як падумала, што баліць, дык боль адразу нібы ажыў. Не трэба думаць пра гэта. Лепш пастарацца думаць аб чым-небудзь іншым, тады лягчэй будзе трываць.

Успомніўся чамусьці адзін ясны, сонечны дзень маленства. Яна з маці тады гасцявала ў вёсцы ў цёткі. Гэта было даўно... Калі ж гэта было? Яна, здаецца, яшчэ не хадзіла ў школу.

Неяк, бегаючы з дзецьмі па вуліцы, Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Яна закрычала ад болю i, падагнуўшы параненую нагу, стала скакаць на адной. Паспрабавала адарваць калючкі, але не магла. Нібы хто прыбіў ix да пяткі.

На крык прыбегла ўстрывожаная маці. Ніна ўжо сядзела на зямлі i плакала, спалохана пазіраючы, як па назе цурчыць i цурчыць кроў. Маці адразу выцягнула калючкі i адкінула прэч. Хутка перавязала нагу хусцінкай, узяла Ніну на рукі і, пяшчотна абняўшы рукою, панесла ў хату. О, той лагодны мамін абдымак! Ад яго адразу сцішыўся боль i высахлі, суняліся слёзы.

Мама, мама! Калі б ты ведала, як мне балюча сягоння... Але я не плачу i не буду плакаць, ні адной слязінкі не ўбачаць яны ў мяне. Я б сябе перастала паважаць, калі б паддалася ім... Самае горшае, што не ведаю, як будзе далей, ці ўдасца выратавацца. Што мяне чакае там, куды вязуць? Зноў, не інакш, будуць біць i зноў пытацца пра адно i тое ж...

Яна адчула на сабе лагодны дотык вадзяных кропель. Пайшоў няспорны дождж. Закрыўшы вочы, Ніна слухала, як частыя, халаднаватыя дажджынкі падаюць на твар. Ад ix агонь у целе прыціхаў. Дождж ішоў доўга, то слабеючы, то спарнеючы.

Калі дождж перастаў, Ніна ўбачыла сонца — яно цьмяна жаўцела праз хмары — i здзівілася, што яшчэ так рана. Няўжо толькі якіх чатыры гадзіны мінулася, як яе схапілі? А ёй здавалася немаведама колькі.

Гэтаму дню, напэўна, не будзе канца.

У камендатуры, невядома чаму, дапытвалі нядоўга. Яна, як i раней, маўчала. Быстры, неспакойны нейкі фюрэр ашалела накінуўся на Ніну з пагрозамі, тыцкаючы ў твар пісталет. Ён гразіўся, калі яна толькі будзе далей упірацца, тут жа, адразу, не размаўляючы, застрэліць.

Нарэшце фюрэр, пазелянелы ад злосці, крыкнуў, каб ёй звязалі рукі i вывелі на двор.

На двары Ніну ўштурхнулі ў нізкую, нібы сплюшчаную, легкавую машыну. Побач сеў эсэсавец з аўтаматам, вялізны, даўганогі — каля шафёра быў яшчэ адзін, — i яна падумала, што гэта, мусіць, канец, што яе, напэўна, вывезуць за сяло i расстраляюць. Ніна ведала, што гітлераўцы ў такіх выпадках распраўляліся хутка.

Яна цяпер забыла боль. Усё адышло некуды далёка перад тым вялікім i халодным, што адразу наблізілася, пеадхільна паўстала перад ёю.

Час раптам паскорыў хаду. Калі раней ён цягнуўся вельмі марудна, то цяпер пабег праз меру шпарка. Хутка шафёр завёў машыну, хутка паляцелі абапал хацінкі, закруцілася, пабегла назад поле, выскачыў насустрач, нібы з-пад зямлі, густы сасновы барок.

Потым мінулася яшчэ адно сяло, i машына вышла на гладкую асфальтаваную істужку. Гэта было, напэўна, Магілёўскае шасэ. У шкло пачаў секчы дождж. Кроплі вады цяклі па ім крывавымі ручайкамі. Навокал усё зацягнула мутнай павалокай, толькі віднелася поблізу мокрае, бліскучае шасэ з безліччу малых кружкоў-кропель i бурбалак. Эсэсавец падняў шкло, стала цяжка дыхаць, нібы не хапала паветра. Машына яшчэ набавіла хуткасці, аж засычэлі па-вужачаму шыны.

«Няўжо ў Мінск вязуць?» — падумала Ніна. Яна на хвіліну адчула палёгку — значыць, яшчэ буду жыць.

Але затым сэрца сціснулася ад думкі аб невядомасці, што чакае ў Мінску. Зноў будуць біць, пытацца, зноў будзе заплываць крывёю рот. Толькі б не даведаліся, што тут жыве маці. Гэтыя нелюдзі пачнуць яшчэ мучыць i яе.

Усё-ткі недзе ў глыбіні сэрца стала лягчэй. Не цяпер, не цяпер... А разам з тым жыла, упарта не адступалася надзея: можа, удасца вырвацца.



3...

Яна не памылілася. Яе са-праўды прывезлі ў Мінск. Машына спынілася каля турмы, немцы з камендатуры перадалі яе турэмшчыкам. Тыя абыякава паглядзелі на паперку з камендатуры, звыкла абшукалі, i Ніна апынулася ў камеры. Яна агледзелася. Людзей у камеры было столькі, што сядзелі яны i на нарах з грубых няструганых дошчак, i на бруднай падлозе. Многія проста на падлозе драмалі.

На яе прыход мала хто звярнуў увагу. Відаць, прыводзілі сюды часта.

У першы дзень у турме час для Ніны цягнуўся марудна. Яна чакала, што выклікаюць зараз на допыт у гестапа, імкнулася ўявіць, што там будзе, i ў думках рыхтавалася да ўсяго. Увесь час з віскам адчыняліся важкія, чатырохвяршковай таўшчыні дзверы, i турэмшчык выклікаў то адну, то другую жанчыну, пасля чаго ix некуды адводзілі.

Гэта была, як растлумачыла Ніне дзяўчына, што сядзела каля яе, камера папярэдняга заключэння. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ камеры для тых, каго дапытваюць, i для тых, чый лёс ужо вырашаны, пасля сканчэння следства.

Ніна мімаволі сачыла за ўсім, што адбывалася ў камеры. Ёй было гэта нязвычнае i новае. Неўзабаве да яе дайшла ледзь чутная неразборлівая гаворка i нейкі незразумелы, дзіўны шум з-за сцяны. Ніна стала прыслухоўвацца, але гоман у камеры перашкаджаў ёй. Неспадзявана адтуль пачуліся дзікія, прарэзлівыя крыкі, ад якіх у Ніны ўсё пахаладзела, a ў камеры адразу наступіла трывожная цішыня.

— Што гэта? — запыталася Ніна ў дзяўчыны-суседкі.

— Ведама што, — б'юць, дапытваюць...

Дзяўчына сказала яшчэ, што вось раней вадзілі ў гестала, а цяпер у турме людзей так многа, што вадзіць не ўпраўляюцца.

Лямант i крыкі не сціхалі да вечара. Па калідоры, было чуваць, увесь час вадзілі людзей на допыт i валаклі назад збітых.

Ніна ўсё чакала, што i яе зараз паклічуць на допыт. Але гэты дзень абышоўся ціха. За ўсю ноч Ніна ні на хвіліну не заснула, усё думала аб сваім становішчы, пра тое, што трэба будзе гаварыць заўтра, пра таварышаў, якія чакаюць у лесе. Перад вачыма яе праходзілі малюнкі апошняга, нешчаслівага дня.

Крыкі i стогны за сцяной не сціхалі амаль да самай раніцы. Ад цяжкіх думак i ад бяссоння яна за ноч змарнела i пастарэла.

Уранні, нарэшце, Ніну выклікалі на допыт. Яе павялі не ў суседні пакой, а на двор. Ніна апынулася на вуліцы пад аховай чатырох рослых немцаў.

Чатыры адкормленыя, узброеныя эсэсаўцы з аўтаматамі напагатове вялі адну жанчыну. Яна здзівілася, калі ўбачыла, што яе, кволую з выгляду, так пільнуюць i баяцца. Абы-каму не даюць такую ахову.

На пустой вуліцы ёй сустракаліся рэдкія маўклівыя пешаходы. Некалькі з ix, убачыўшы жанчыну пад такой аховай, праводзілі Ніну ўважлівымі, то спачувальнымі, то сяброўскімі позіркамі. Ніна мімаволі выпрасталася i падняла галаву.

СД размяшчалася ў будынку былога Інстытута народнай гаспадаркі. Як i да вайны, тут перад вокнамі зелянелі ў два рады маладыя клёны, добра памятныя ёй з даўняй студэнцкай пары.

Пры ўваходзе ў СД, у вестыбюлі, Ніну затрымалі. Эсэсавец, што стаяў каля дзвярэй, старанпа абшукаў яе. Толькі пасля таго, як зрабілі вобыск, яе дазволілі правесці далей.

Ніну ўвялі ў доўгі інстытуцкі калідор, у якім яна калісьці не раз хадзіла з таварышкамі. Тут стаялі ў два рады, тварам да сцен, чалавек дваццаць жанчын i мужчын, якія нерухома глядзелі перад сабой. За ix спінамі паволі спацыраваў малады ружовашчокі, непадступна строгі наглядчык, гадоу, напэўна, семнаццаці, які памахваў кароткім, плеценым скураным бізуном.

Наглядчык штурхнуў Ніну да пажылой, з сівымі заплеценымі валасамі жанчыны. Ніна стала поруч i толькі павярнула галаву, каб азірнуцца, як у той жа час яе спіну апаліла агнём. Услед пачуўся злосны пісклявы вокрык наглядчыка.

Стаяць, не бачачы нічога каля сябе, было млосна. Здавалася, што за спіною нехта замахваецца, каб ударыць. Яна мімаволі прыслухоўвалася да ўсяго, што робіцца ззаду, адольваючы жаданне азірнуцца. Недзе недалёка, за дзвярыма, чулася будзённая траскатня пішучых машынак, якая здавалася тут зусім недарэчнай.

Ніну апаноўвала трывога перад блізкай сустрэчай з гестапаўцамі.

Бываюць i ў брыгадзе, у баі, такія хвіліны, калі патрэбна вялікая сіла волі. Але там перамагчы любыя нягоды лягчэй, там кожны можа табе дапамагчы, падтрымаць, — поруч з табою таварыш. Тут яна адна будзе стаяць перад гестапаўцамі, перад усёй ix зграяй. Увесь сэнс свайго цяперашняга жыцця бачыла яна ў адным неспакойным жаданні — не паддацца, вытрымаць!..

Яе выклікалі хутка. Ніна ўвайшла ў пакой, які нагадваў канцылярыю. За маленькімі столікамі сядзела некалькі нафарбаваных немак, якія дзелавіта стукалі на машынках; каля адной, нахіліўшыся, стаяў гестапавец i нешта дыктаваў.

Ніхто з ix нават не зірнуў на Ніну: прывыклі.

Адсюль яе ўвялі ў другі пакой праз цяжкія, акаваныя жалезам дзверы. Тут дапытвалі бялявага юнака ў сіняй футболцы. Ён стаяў на нагах з натугай, як бы трымаў на сабе нейкі вялікі цяжар. Твар, яшчэ амаль дзіцячы, быў у крыві i распух ад пабояў. Каля яго круціўся гестапавец, тонка перацягнуты ў поясе.

— Значыць, ты не ведаеш нікога? I міну ніхто не прыносіў? Сам знайшоў?

Юнак кіўнуў галавою. Гестапавец некалькі разоў з усёй сілы выцяў яго бізуном, адышоў, сеў. Пасядзеўшы хвіліну, ён ускочыў, падбег да хлопца:

— Брэшаш! — i ca злосцю з усёй сілы стаў біць канчуком бізуна па галаве, прыгаварваючы: — Брэшаш! Брэшаш!

Хлопец моўчкі, як падкошаны, грымнуўся на падлогу.

Яе штурхнулі да эсэсаўца, што сядзеў за сталом. Быў ён лысы, тоўсты, з двума падбародкамі. На мясістым носе сядзелі рагавыя акуляры, якія надавалі эсэсаўцу вучоны выгляд. Следчы нешта жаваў. Поруч з ім стаяў перакладчык.

Не перастаючы жаваць, немец падсунуў да сябе папку, адгарнуў вокладку, акуратна i старанна напісаў чырвоным чарнілам нейкі нумар i прамармытаў:

— Лагуновіч... Запытайся, Гельмут, гэта сапраўднае яе прозвішча? Ці можа таксама клічка? — Прозвішча Ніны выказаў у, камендатуры Грэчка.

Яна моўчкі кіўнула галавой — сапраўднае. Следчы, мусіць, не ведаючы, што яна разумее па-нямецку, прамармытаў задаволена:

— З брыгады Ермакова?.. Яна якраз дарэчы. Мяне цяпер вельмі цікавіць гэты Ермакоў i яшчэ... Туравец...

«Ведаюць! — падумала Ніна ca злой радасщо. — Уеліся, значыцца, у косці!» Яна на нейкі міг убачыла ў думках Ермакова, Васю, камісара. Яны нібы пазіралі на яе, спагадліва i даверліва.

Эсэсавец запытаўся, дзе размяшчаецца цяпер брыгада. Ніна, не адказваючы, папрасіла спакойна:

— Я хачу піць. Дайце вады...

Па знаку следчага перакладчык прынёс шклянку вады. Ніна, не спяшаючыея, выпіла.

— Ну, працягнем размову,— прамовіў эсэсавец i паўтарыў пытанне.

Ніна, здавалася, ахвотна згадзілася адказваць. Але тое, што яна сказала, было няпраўдай: брыгада размяшчалася ў іншай мясціне.

— Вы разумееце, што мы зробім з вамі, калі вы ашукаеце нас?

— Ведаю.

I прадаўжала маніць, як магла. На некаторыя пытанні яна не адказвала. зусім: ёй гэта невядома...

Гестапаўца злавала, што Ніна таксама не хацела паведаміць, з кім звязана брыгада ў Мінску. Яна адмаўлялася назваць хоць бы адно прозвішча.

— Вы гэта павінны ведаць! Вы — разведчыца!..

— Я кажу, што нічога не ведаю пра Мінск!

— Вы хлусіце!..

Блізарукія, хваравіта прыплюшчаныя вочы за рагавымі акулярамі зрабіліся маленькімі i злымі. Ніне стала тужліва i страшна. Па спіне прабег халадок, і сэрца раптам нібы перастала біцца, замерла ў чаканні.

Як бы збіраючы сілу, шукаючы падтрымку, яна зноў на міг прыгадала Тураўца i іншых таварышаў. Не аслабець, утрымацца, перанесці ўсё, перацярпець усе здзекі, усе пакуты!

Ніна бачыла, што гестапавец перастаў жаваць i падняўся, i падумала: «Зараз пачнецца...»



4...

Ніну прывезлі з допыту ўвечар. Яна была так збіта, што не магла сама дайсці ад машыны да камеры. Два турэмшчыкі падхапілі яе пад рукі i павалаклі абыякава па доўгаму змрочнаму калідору. Расчыніўшы дзверы, яе кінулі, i яна ўпала тут жа, каля дзвярэй.

Клапатлівыя, сяброўскія рукі паднялі Ніну, ціха перанеслі, асцярожна паклалі на нары. Яна не магла паварухнуцца. Усё цела было адным балючым камяком i гарэла так, нібы яго безупынна палілі пякельным агнём. Ёй падалі вады. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны i ціха, прыглушана застагнала.

— Нічога, нічога... Патрывай, — прамовіла суцешліва жанчына.

Ніна доўга не магла заснуць, хоць i вельмі змарнела. Агонь, які паліў яе ўвесь час, то крыху спадаў, то мацнеў неспадзявана зноў.

Вочы нясцерпна рэзала белае зыркае святло лямпачкі, якая ад іскрыстых праменняў, што разыходзіліся ва ўсе бакі, была падобна на нейкую бліскучую калючку. Тыя праменні прарэзваліся нават пад заплюшчаныя векі, уядаліся ў галаву, ад ix нельга было схавацца.

Скрыпелі дзверы, некага выводзілі i прыводзілі назад, нехта лемантаваў безупынку за сцяной. Усё гэта дзіўна спляталася ў адно з тым пякучым агнём, які ірваў, тузаў яе цела. Пад раніцу яна знебылася на гадзіну ў неспакойным хваравітым сне, аб нечым усё трызніла i стагнала.

Калі яна вярнулася да прытомнасці, ёй пачало пакрыху зноў прыгадвацца ўсё, што адбылося ўчора...

— Алена!— пачуўся побач голас.

Якую гэта Алену клічуць? Ніна павярнула на гэты голас вочы i ўбачыла поблізу сябе дзяўчыну, якая, аказваецца, гаварыла да яе. Твар дзяўчывы быў знаёмы.

«Дзе мы бачыліся?» — падумала Ніна, намагаючыся ўспомніць.

— Я ж Клава. Сняжко Клава,— падказала ёй дзяўчына.

Ах, Клава!.. Нібы ў тумане прыгадаліся Ніне пакойчык, бэз за акном, прыгадалася, як яны ўдзвюх сядзелі ў гэтым пакойчыку i гаварылі. Тады Сяргей, Клавін брат, хадзіў рыхтаваць карту...

Ніна паспрабавала падняцца.

— Ты ляжы ціха,— параіла Клава. I, нахіліўшыся да Ніны, з пяшчотай i спачуваннем прамовіла: — Ты ў сне стагнала i гаварыла нешта. Моцна цябе яны... Але ты, Аленка, не паддавайся. Галоўнае, не прыслухоўвайся да болю. Баліць табе, а ты старайся сабе думаць, што не вельмі, што трываць можна. Не паддавайся, адным словам, сабе... Мяне ўжо чатыры разы вадзілі, пячонкі адбілі, мусіць, а я нічога. Не даюся сабе!.. Тут на мяне дзівяцца, лёгкі ў цябе характар, кажуць. Нібы мне не так, як усім, баліць. Проста я стараюся адагнаць боль. Ты разумееш?

Ніна кіўнула. Ей было прыемна слухаць гэты лагодны таварыскі голас.

Ад Клавіных слоў неяк сцішваўся боль.

— Ты, напэўна, першы раз?.. Калі цябе ўкінулі сюды? Учора? А я пяць дзён ужо. Тут гэта здаецца цэлым годам... Я ўжо тут наглядзелася ўсяго, не дай бог. На месяц, дапраўды, расказваць. Ты ведаеш, што я табе скажу,— перайшла яна на шэпт,— ты будзь асцярожная. Да нас сюды падсылаюць шпікаў, падслухваць. Яны сядзяць, як i мы. Ix нават б'юць часам для выгляду, каб ашукаць нас. I часам як бы на допыт водзяць, падкармліваць, як сабак...

Яна заўважыла на твары Ніны цень болю, загаварыла клапатліва:

— Табе нязручна ляжаць. Дай я памагу табе.

Клава дапамагла Ніне павярнуцца, потым, дзіўна падмячаючы смешнае, пачала расказваць аб апошніх падзеях у камеры, аб вестках, якія прыносілі людзі з горада.

— А дзе Сяргей?.. Таксама схапілі?..— перапыніла яе Ніна.

— Выратаваўся, здаецца.

Адолеўшы смутак, што набег на твар, Клава пачала расказваць, як жыла раней, вясёлыя i смешныя гісторыі. Яна, мусіць, хацела, каб Ніна, слухаючы гэтыя ўспаміны, забылася на свой боль.

Прыгадала, як настаўнік у школе скардзіўся, што яна няўважліва слухае яго, круціцца ўвесь час на парце, i ставіў звычайна тройкі па паводзінах. За гэтыя тройкі бацька i маці папракалі яе, прасілі выбачэння ў настаўніка, але пачыналася новая чвэрць, i ўсё ішло па-ранейшаму. Не любіла Клава доўга сядзець над кніжкамі, «сушыць галаву», зімой ледзь не ўвесь свой вольны час коўзалася на лыжах, летам ездзіла да сваякоў у вёску, купалася, загарала, хадзіла з вясковымі хлопцамі грабсці сена, збіраць ягады...

Ніна моўчкі, заплюшчыўшы вочы, слухала. Часам ёй здавалася, што голас даходзіць аднекуль здалёк. Тое, што яна чула, перарывалася яе ўласнымі думкамі i ўспамінамі. Малюнкі паўставалі перад ёй нейкія нязвязныя i блытаныя... То бачыла чорнае галлё бярозы на лагодным блакіце неба, згадвала ўсё, што думала тады пад тым дрэвам, то нібы прыходзілі ўніверсітэцкія сябры, то між ix раптам выплывала постаць эсэсаўца ў акулярах, які казаў ёй: «Ты гэта павінна ведаць!.. Ты хлусіш!»... Яна расплюшчвала вочы, каб адагнаць трызненне...

Пад ціхую, лагодную Клавіну гаворку Ніна задрамала.

Калі яна прачнулася ад віску дзвярэй, на парозе стаялі два эсэсаўцы. Адзін з ix, які трымаў паперку, павольна, мутнымі, п'янымі вачыма акінуў усіх, хто тут быў, i людзі адразу прыціхлі. Усе пазіралі на яго i на маленькі блакноцік, што быў у руцэ з бліскучым пярсцёнкам. Па той трывожнасці, якая запанавала, Ніна здагадалася, чаго ён прышоў i куды павядуць тых, каго ён выкліча.

Каго ж? Ніна прыўзнялася на локці.

Можа i мяне.

Яна азірнулася на Клаву, тая таксама насцярожана чакала.

— Івашына!— рэзка, як стрэл, прагучаў урывісты вокліч.

Усе вочы павярнуліся да прыгожай чарнявай жанчыны з растрапанымі валасамі, якая маўкліва паднялася. Ідучы да дзвярэй, недарэчна папраўляючы хустку, яна раптам спаткнулася на роўнай падлозе.

— Бывайце, людзі... таварышы!— сказала жанчына, прыпыніўшыся каля дзвярэй i азірнуўшыся.

Адзін эсэсавец штурхнуў яе ў калідор...

За ёй выклікалі яшчэ пяць чалавек...

Калі дзверы зачыніліся, у камеры нейкі час панавала цішыня. Потым нехта крыкнуў з пагрозаю:

— Душагубы! Дачакаецеся i вы, праклятыя!..

Хоць іншага Ніна i не чакала ад гітлераўцаў, хоць у думках рыхтавалася да ўсяго, падзея гэтая яе вельмі ўразіла.

Праз некалькі хвілін шасцярых не стане...

Небяспека смерці абудзіла ў Ніны прагнае жаданне жыць. Жыць, жыць!..

Ёй было знаёмае гэтае пачуццё, якое Ніна не раз ужо зведвала ў баі. Але тады было інакш. Там яе жыццё залежала ад яе, ад таго, як яна паводзіла сябе, а тут — ёй быццам рукі скруцілі.

У баі небяспека нярэдка забывалася, яе засланялі розныя клопаты. Тут жа не было чаго рабіць, заставалася адно — чакаць. Зносіць нечалавечы здзек i чакаць.

Яна ўспомніла Людку, прыгадала да самай дробнай дробязі апошнюю сустрэчу з ёй. Ніна тады вельмі спяшалася, цалавала дачку прагна i паспешліва. Ёй так цяжка было адрывацца. Хто тады мог ведаць, што пабачыць дачку зноў, можа, не давядзецца.

A колькі дзён, гадзін чакала яна Аляксея! Няўжо ж i не дачакаецца?..

— Ты не думай,— спагадліва сказала Клава.— Не гаруй: чаму быць, таго не мінаваць. Яшчэ i невядома, як яно ўсё пойдзе. Хочаш, я табе раскажу што-небудзь?



5...

Уранку Клаву выклікалі на допыт. Ніна засталася адна са сваімі думкамі. Цяпер яна адчула, як не хапае ёй Клавы.

Яна з трывогаю i нецярплівасцю чакала Клаву i кожны раз, калі адчыняліся скрыпучыя дзверы, з надзеяй пазірала на ix.

То адна, то другая вярталіся з допыту спакутаваныя, змардаваныя жанчыны, але Клавы не было.

Удзень некалькі чалавек пагналі на работу, разгружаць на складах машыны.

Яны вярнуліся пад вечар. Калі дзверы зачыніліся, усе, хто быў у камеры, сталі распытваць: «Што там, на волі?»

Але тыя, што вярнуліся, спачатку нічога цікавага не гаварылі, асцерагаючыся шпікоў i даносчыкаў. Усё важнае звычайна расказвалі толькі ў маленькім гуртку, надзейным сябрам. Агледзеўшыся ў адной такой купцы, у якую прынялі i Ніну, жанчына, апранутая ў старэнькі пярэсты дамашні халат, як найвялікшую тайну, адкрыла, што чула сваімі вушамі ад знаёмага шафёра, хлопца з Камароўкі, быццам сёння павінны прыляцець нашы.

— Так пра гэта i скажуць!— адгукнуўся нехта недаверліва.— Адкуль ён ведае?

— Значыцца, ведае! А адкуль,— пра тое ідзі, спытайся ў яго! Цяпер многія шмат чаго ведаюць, ды толькi язык за зубамі трымаюць.

— Каб не ведаў, не казаў бы!— пачуліся галасы.

I, здаецца, ніхто больш не сумняваўся ў словах жанчыны, хоць i ўсім было вядома, на чым яны грунтуюцца,— кожнаму хацелася верыць!

Другая расказала, што бачыла на Таварнай багата спаленых вагонаў, мусіць, ад таго налёту, што быў чатыры дні назад.

— А пра... наступленне нічога не чуваць?— прашаптаў раптам з бліжніх нар узрушаны голас, i ўсе адразу прыціхлі.

— Нічога...

З «работы» адна з жанчын прынесла ў камеру сыры бурак, некалькі бульбін i галовак часнаку. Як ёй удалося гэта — невядома, бо пры ўваходзе ў турму кожнага, хто хадзіў працаваць, старанна абшуквалі i за ўсякую схаваную рэч няшчадна білі.

«Трафеі», як назвалі жартам здабытак, падзялілі. Дзяліла жанчына ў пярэстым халаце, якая гаварыла, што сёння прыляцяць самалёты. Яна абмінула дзвюх жанчын, якія нядаўна прышлі з волі i выглядалі добра,— як яна сказала жартам,— «аб'еліся там». Кавалачак сырога бурака перадалі i Ніне, хоць яна i была з «новых».

На наступны дзень некалькі дзяўчат выклікалі мыць падлогу. Паднялі сілком i Ніну, не зважаючы на тое, што яна была знясіленая.

— Ты глядзі, ці няма недакуркаў — мужчыны прасілі. Як знойдзеш, прынясі мне, я пастараюся перадаць ім,— шапнула ёй, калі вышлі ў калідор, дробная, з рабаціннем пад вачыма, дзяўчына, якая часта хадзіла мыць падлогу. «Тут ёсць нават сувязныя з мужчынскімі камерамі»,— здзіўлена падумала Ніна.

Ёй далі нейкую анучу i вядро i павялі. Жандар штурхнуў яе ў пакой i сказаў:

— Тут.

Гэта быў невялікі паўзмрочны пакой з замураванымі больш як да паловы вокнамі. Ніна акінула абыякавым позіркам падлогу i ўбачыла на ёй цьмяны масляністы бляск вады. Яна ступіла ў ваду i ледзь не паслізнулася.

— Ну ты, што стала?— крыкнуў паліцай i таўхануў яе кулаком у спіну.— Запрашэння чакаеш?..

Перамагаючы пякучы боль, які адразу ажыў на спіне, ва ўсім целе, яна сагнулася. Рукі дакрануліся да нечага густота i ліпкага.

— Што гэта?— вырвалася ў яе.

— Кроў, не бачыш?— сярдзіта адгукнуўся паліцай...— Не віно французскае!..

Калі яна вярталася ў камеру, дзяўчына з рабаціннем, якая мыла ў той час калідор, шапнула:

— Недакуркі ёсць?

Ніна хітнула галавой: няма.

У камеры яна ўбачыла Клаву. Тая нерухома ляжала на нарах, тварам уніз, адна рука з разадраным да пляча рукавом звешвалася з дошчак, як у нежывой.

Ніна з непакоем наблізілася да яе i моўчкі стала, не адважваючыся патрывожыць. У Клавы толькі павольна, цяжка ўздымалася i апускалася спіна ў кофтачцы з закарэлымі плямамі крыві ды чулася хрыплае дыханне.

«Эх, што з ёй, гады, зрабілі!»— жахнулася Ніна перад гэтай нерухомай, здаецца, амаль нежывой жанчынай.

— Ты, Ніна?— сказала ціха, не павяртаючы галавы, Клава. I, памаўчаўшы, дадала: — Ой, як мяне білі!.. Ніколі яшчэ так не білі...

Яна зноў сціхла, так ёй, відаць, цяжка было гаварыць. I раптам у хрыплым голасе Клавы пачулася ўпартая, ціхая гордасць:

— Усё-ткі яны ад мяне нічога не дабіліся!

Ніна, асцярожна прысеўшы каля яе на край нар, пяшчотна дакранулася рукой да яе галавы з густымі цёмна-русымі валасамі.


Раздзел VIII


1...

Незадоўга перад гэтымі падзеямі ў Мінску паявіўся маёр Вольф. Размова маёра з Клямтам на могілках перад Паплавамі была ix апошняй размовай, бо праз кіламетры два Вольфа раніла асколкам міны, якая прыляцела з недалёкага ляска.

Вольф апынуўся ў шпіталі, у Баранавічах, дзе ён праваляўся месяц з лішкам. Выпісаўшыся адтуль, маёр пабыў яшчэ колькі часу там жа, у Баранавічах, у рэзерве i, нарэшце, атрымаў прызначэнне ў Мінск.

Ён прыехаў сюды семнаццатага чэрвеня. З'явіўся да дзяжурнага ваеннай камендатуры, які, паглядзеўшы яго дакументы, папрасіў прысці заўтра да каменданта. Пакуль жа дзяжурны накіраваў яго ў афіцэрскую гасцініцу.

Маёр быў у гасцініцы нядоўга. Справіўшы хутка фармальнасці, неабходныя для ўсялення сюды, ён зайшоў у пакой, дзе стаяў яго ложак. Пакой дастаўся вялікі, высокі, i гэта не спадабалася Вольфу, тым больш, што тут было яшчэ сем ложкаў. Праўда, гэтая акалічнасць яго мала турбавала: колькі тут яму жыць у гэтым пакоі. Можа быць, заўтра трэба будзе ехаць з горада. Ён нават рашыў не браць сваіх двух чамаданаў, здадзеных на вакзале ў камеру захоўвання.

Маёр крыху пастаяў каля акна, абыякава пазіраючы на запылены каштан паблізу, на дамы насупраць: вялікі, чырвоны, i меншы, з аблезлай афарбоўкай.

Рабіць Вольфу не было чаго, i ён падаўся бадзяцца па гораду. На вуліцы было ціха i амаль пуста. На хвіліну ажыўленне прынёс сюды трамвай, які пралескатаў, калі маёр стаяў каля кінотэатра, разглядаючы яркую стракатую афішу. Кінотэатр, пабудаваны «nur für Deutschen»[7] барак з вострым чарапічмым дахам, быў побач з гасцініцай. Вольф паглядзеў, калі пачынаецца бліжэйшы сеанс, i, даведаўшыся, што чакаць нядоўга, узяў білет.

Увечары маёр, якому пасля кіно хутка надакучыла бадзяцца без справы між нудных пустыроў, падаўся ў рэстаран пры фабрыцы-кухні. Рэстаран, як i кінотэатр, быў вельмі блізка ад гасцініцы. Вольф сеў пры століку, які прымыкаў да сцяны, i стаў маленькімі вадзяністымі вачыма разглядваць чатырох афіцэраў, што былі ў рэстаране.

Калі афіцыянткі пачалі апускаць шторы маскіроўкі, у рэстаран увайшло яшчэ некалькі наведвальнікаў — афіцэры i жанчыіны. Адзін з ix, у форме эсэсаўца, стройны, з пешчаным ганарлівым тварам i з вялікімі рукамі, выбіраючы вачыма столік, раптам накіраваўся да маёра.

— О! Вольф! Як ты сюды трапіў?

— Ды так... Прызначэння чакаю...

Рука Вольфа патанула ў яго руцэ. Эсэсавец пазнаёміў маёра з танклявай, рудаватай, прыкметна палінялай жанчынай, якую ён трымаў за локаць. Яе звалі Ані.

— Ты не супраць таго, спадзяюся, каб мы селі поруч?— ледзь усміхнуўшыся, пацікавіўся эсэсавец.

— Не, сядайце...

Гэта быў штурмбанфюрэр Рэйзе. Вольф пазнаёміўся з ім даўно, яшчэ ў далёкім сорак першым годзе, у час аперацыі пад Растовам, дзе маёр камандаваў ротай у Клейста. Потым больш за два гады яны не бачыліся, i толькі тры месяцы назад, калі Вольф прыязджаў сюды з Барысава, яму выпадкова трапілася спаткаць Рэйзе ў Мінску. Яны тады весела правялі час у адной кампаніі афіцэраў.

Цяпер усе ўтраіх пілі віно i захмялелыя гаварылі пра што прыдзецца. Вольф даведаўся, што Ані працуе ў гестапа. Рэйзе кпіў над Ані, што дарэмна яна стараецца спадабацца маёру, што з гэтага нічога не выйдзе...

— Не плявузгай, Вілі...

— Вось пабачыш, нічога ў цябе не выйдзе...— падбіваў яе Рэйзе.

— Ты ўпэўнены, Вілі?

— Так, вядома.

— Ты не надта рызыкуеш?

— О, не. Тут ніякай рызыкі.

— Праўда?..

— Маёр вельмі добры сем'янін — ён нідзе не забывае пра сваю сям'ю. I акрамя таго... Ён беражлівы. У яго кожная марка на ўліку...

Вольф пачырванеў i непрыхільна зірнуў на эсэсаўца.

— Слухай, штурмбанфюрэр... Калі вы зноў...

— Што зноў?

— Калі вы... гэтыя дурныя жарты...

— Якія жарты?

— Гэтыя!..

Ані паспяшалася ix памірыць; Вольф не прымусіў сябе ўпрошваць,— у яго быў сёння лагодны настрой.

— Ну, добра... толькі няхай гэтыя свае... жарты — пакіне на другі раз...

Ад таго, што вакол было чыста i ціха хадзілі афіцыянткі, i прыемна звінела шкло чарак, Вольфу здавалаея, што вайна недзе далёка, што тут поўны спакой...

Радыёла, што стаяла непадалёк у прасценку між вокнаў, зажурчэла бесклапотна i пяшчотна:

Es geht alles früber

es geht alles vrbei.

Auf jeder Dezember

flgt wieder ein Mai.

Ані стала ціха падсвістваць, весела ківаючы галавою. Вочы яе заблішчэлі памаладзела i мякка.

Ані, якая цяпер амаль увесь час балбатала, запытала Вольфа, як яму падабаецца ў «тылу».

— Ён пагарджае тылавікамі,— сказаў насмешліва Рэйзе.

— Так? Чаму?

— Ён лічыць, што нам дарэмна даюць хлеб...

— Няўжо?— Тоўстыя, з аблізанай фарбай губы Ані сабраліся ў кружок.— Гэта праўда, Вольф?

— Зноў — жарты?

— Ну што вы, маёр! Вы, відаць, хваравіта недаверлівы...

— Не крыўдуйце на яго, Вольф, гэта ў яго такая манера гаварыць... Значыцца, ён няпраўду сказаў?

— Няпраўду. Глупства сказаў... Я ў гэтым тылу ўжо ледзь не адправіўся да прародзічаў. Хай ён будзе пракляты!— злосна прамовіў маёр.

— О, што з вамі было? Гэта цікава — праўда?

— Нічога цікавага!..

— Ну, раскажыце, я хачу ведаць...

Яму прышлося апавядаць пра аперацыю «мокры мяшок». Ён стаў узлаваны i пануры, яго важкі нос наліўся чырванню.

— Ты дарэмна злуешся, Вольф,— сказаў яму тонам старэйшага Рэйзе,— ты наіўны. Здзіўляюся, як можна мець дасюль такія патрыярхальныя погляды! Ты думаеш, фронт толькі там...

— Гэта праўда. Вілі, ты — мудрэц!

— Ты думаеш, што я не рызыкую што ночы галавою?.. Я быў у сталовай СД, калі там выбухнула міна, але мяне толькі кантузіла.

— Мы тады разам былі...

— Я вышаў на хвіліну з тэатра, — не адказаўшы ёй, працягваў Рэйзе, — калі там узарвалі партэр... Чорт пабяры, мне на дзіва шанцуе, відаць, суджана сто гадоў жыць...

— Ты шчасліўчык, Вілі.



2...

— Штосьці рускія не ў меру разлёталіся цяпер... Ніводнай ночы не прапусцяць — проста спакою ад ix няма... — Зноў загаварыла Ані. — Усё ж гэта дзікая думка ісці ў такі час у рэстаран. Табе заўсёды, Вілі, прыходзяць нейкія дурныя жаданні...

— Ты шкадуеш?

— Так. Шкадую... Чаму я толькі згадзілася, не ведаю...

— Нават — каешся?

— Так.

— Ты на дзіва ўмееш псаваць настрой, сабе i другім...

— Ты яшчэ больш!..

— Умей трымаць сябе... — стрымана, павучальна сказаў Рэйзе.

Вольф прымірэнча адгукнуўся:

— Сёння нічога не будзе.

Рэстаран быў амаль пусты. Радыёла спявала нейкую вясёлую песню, але гэтая песня, відаць, наводзіла на Ані сум.

Раптам песня абарвалася на паўслове, i не паспеў заціхнуць апошні акорд, як пачулася аднекуль з рэпрадуктара трывожнае: «Ахтунг, ахтунг!..» На двары маркотна i цягуча завыла сірэна.

— Ну, вось я i казала! Пачынаецца! — Ані хутка ўскочыла i, дробна перабіраючы ножкамі, кінулася да выхаду. За ёй заспяшаліся Рэйзе i Вольф.

Калі яны выбеглі на двор, самалёты былі ўжо недалёка. У небе скрыжоўваліся, мітусліва бегалі доўгія прамяні пражэктараў. Ударылі гучна зеніткі.

Сядзець у бамбасховішчы прышлося доўга. У скляпенні было змрочна i цяжка тхнула сырой зямлёй. Нацята прыслухоўваючыся да выбухаў недзе ўгары, да штуршкоў зямлі, Ані заўважыла каля нагі дзіўны прытоены камяк. Яна кранула яго наском туфля i віскнула з агідай: гэта быў пацук!

«Фі, якая брыдота!» — Ані, гідліва моршчачыся, штурхнула яго. Пацук неахвотна адпоўз.

Час цягнуўся нязмерна доўга, a бамбёжка ўсё не сціхала.

Ані пачала было зноў насвістваць, што пасля кожнага снежня надыходзіць май, але хутка абарвала свіст. Якая нуда сядзець так!..

— Калі гэта ўсё скончыцца! — зазлавала яна.— I няўжо не могуць ix адагнаць, гэтых рускіх?

Скарыстаўшы кароткі перапынак у бамбёжцы, Рэйзе нечакана знік. Ён сказаў, што яму трэба недзе абавязкова быць — неадкладныя справы. Вольф застаўся адзін каля Ані, якая раззлавана маўчала.

Калі Вольф з ёй выбраўся, нарэшце, на двор, яна ні за што не захацела ісці назад у рэстаран.

— Хопіць, я ўжо сытая сёння! Праз меру!.. Леш правядзіце мяне дамоў,— амаль загадала яна. — Я тут — на Камандатурштрасе...

Так немцы называлі вуліцу Карла Маркса. Вольф нязграбна ўзяў яе пад руку, збіраючыся весці, але яна запатрабавала, каб ён выняў пісталет з кабуры i паставіў на баявы ўзвод...

— Нашто гэта?

— Зрабіце. Я прашу.

Ён паслухаўся.

— Ну вось цяпер хадземце...

Яна гаварыла, дзе трэба павярнуць направа, налева.

Калі падышлі да яе кватэры, Вольф намерыўся развітацца, але Ані ўзяла яго за руку:

— Куды вы так спяшаецеся?

— У гасцініцу трэба...

— Управіцеся.

Яна правяла маёра на лесвіцу, адчыніла ключом дзверы.

— Заходзьце... Гэта мае жыллё... Не бойцеся — я жыву адна. Вілі жартам сказаў: адзіночная камера.

Яна гаварыла ціха, мусіць, непакоячыся, што могуць пачуць у суседнім пакоі.

— Сёння мне чамусьці боязна ў маёй адзіночцы,— прашаптала Ані, гулліва i капрызна.

Яна на момант лёгка прытулілася да грудзей маёра.

— Я сёння баюся адна заставацца...

Вось яшчэ чаго не хапала: дзяжурыць каля гэтай шлюхі, якая надакучыла Рэйзе! Не запальваючы святла i нічога не гаворачы Вольфу, яна хутка распранулася i забралася пад коўдру. Маёр хвіліну пачакаў, вагаючыся.

— Вольф! А вы што ж? Як у гасцях...

— У гасцініцы будуць чакаць...

— Будуць чакаць? Хто? Сястра ці жонка?

Яна засмяялася.

— З камендатуры могуць паклікаць...

— Уночы?.. Вам, мусіць, у гасцініцы лепш?! Ну! Які вы ваўчок!

Ані пстрыкнула запальнічкай, закурыла.

— Ладуйцеся ж. На канапцы, каля акна!..

Яна сказала апошнія словы так, нібы падсмейвалася.

Вольф памацаў край канапы, стаў раздзявацца. Цьмяна бялеючы ў цемры споднікамі, тупаючы босымі нагамі, падаўся да ложка, да яе.

— Зачыні зашчапку, — загадала яна.

Уранку, перад тым як ісці да каменданта, ён забег у гасцініцу. Дзяжурная, пажылая, вельмі разбухлая немка, сказала яму:

— А мы тут, гep маёр, непакоіліся за вас, Думалі, што пад бомбу папалі... Ці, мой бог, задушылі дзе-небудзь на цёмнай вуліцы...



3...

У гэты час штурмбанфюрэр Рэйзе быў на аэрадроме. Ён суправаджаў свайго начальніка, групенфюрэра Готберга.

На аэрадроме было ціха i пуста, i ніхто б не падумаў, што тут зараз могуць адбывацца якія-небудзь важныя падзеі. Роўнае, голае, з пажоўклай дзе-ні-дзе травою аэрадромнае поле спакойна млела сабе пад сонцам, i такім жа спакойным здавалася i блакітнае глыбокае неба. Адзіным, што парушала спакой неба, былі двазнішчальнікі, якія патруліравалі аэрадром.

A між тым дзень быў не зусім звычайны. Невялікая групка, што стаяла каля барака аэрадрома, складалася амаль уся з высокапастаўленых нямецкіх генералаў i афіцэраў на чале з самім генерал-камісарам. Генералы i афіцэры пахаджвалі, зрэдку перакідваліся словамi, часта паглядвалі ў заходні бок на небасхіл.

Чакалі прылёту спецыяльнага ўпаўнаважанага фюрэра генерал-лейтэнанта Баумволя.

Місія генерала была Рэйзе невядома, але ён разумеў, што генерал ехаў сюды не са звычайнымі паўнамоцтвамі. Рэйзе добра ведаў генерала, ведаў яшчэ з той пары, калі Баумволь быў кіраўніком нацысцкай арганізацыі ў тым горадзе, у якім вучыўся хлапчуком будучы штурмбанфюрэр. Баумволь неаднойчы прыходзіў да яго бацькі ў госці. Неўзабаве Баумволя перавялі на працу ў Берлін, i ён за некалькі год зрабіў такую бліскучую кар'еру, так падняўся, што ў доме Рэйзе гаварылі пра яго як пра вялікага чалавека. Гаварылі, што ён мае асобую прыхільнасць у фюрэра.

Рэйзе вельмі цікавіла, з якімі паўнамоцтвамі ён ляціць.

Ледзь у небе з усходняга боку акрэсліліся абрысы пасажырскага самалёта, які браў кірунак на аэрадром, усе заварушыліся, узрушана загаварылі.

Самалёт ішоў у суправаджэнні трох знішчальнікаў. Ён зрабіў нізка над аэрадромам паўкруга i, выраўняўшы крылы, хутка пайшоў на пасадку. Калі ён падруліў да месца, дзе звычайна спыняліся самалёты, яшчэ да таго, як перасталі раўсці маторы, групка, што чакала, падалася да машыны.

Генерал, высокі, хударлявы, з акулярамі, у шэрым летнім паліто, лёгка сышоў па лесвічцы, прывітаўся, выкінуўшы ўперад угару руку. Заўважыўшы сярод генералаў i высокіх цывільных «чыноў» Рэйзе, які стаяў за сваім начальнікам, ён затрымаў на ім позірк, недаўменна нахмурыўся, стараючыся, відаць, прыпомніць. Генерал, аднак, не запытаўся нічога.

— К машыіне... — суха сказаў ён Готбергу.

Генерал-камісар павёў яго да машыны, што выехала насустрач. Каля машыны ўпаўнаважаны, ужо адчыніўшы дзверцы, раптам азірнуўся да штурмбанфюрэра i запытаўся стрымана:

— Вілі Рэйзе?..

Рэйзе з радасцю, адчуваючы на сабе агульную ўвагу, адрапартаваў:

— Я, мой генерал! Штурмбанфюрэр Рэйзе.

Ён быў задаволены, што Баумволь пазнаў, — пазнаў i назваў не афіцыйна, а па імені «Вілі».

Генерал па-бацькоўску міласціва, ужо без ранейшага холаду, кіўнуў яму.

Уся сустрэча гэтым i закончылася. Праз хвіліну на полi ўжо нікога з тых, што сустракалі, не было.

Генеральны камісар запрасіў упаўнаважанага паехаць у яго дом, i Баумволь неўзабаве быў у адным з пакояў камісарскага асабняка. Тут ён развітаўся з Рэйзе, прамовіўшы напаследак:

— Я бачу, Вілі, што друг мой Отто мае сапраўднага сына. Спадзяюся, мы яшчэ пабачымся.

— Я буду мець гэта за чэсць, генерал,— адказаў з пашанай Рэйзе.

Больш Рэйзе не даводзілася бачыць генерала ў гэты дзень.

Баумволь развітаўся i з Готбергам, сказаўшы, што стаміўся i хоча адпачыць.

Ён пазваніў гаспадару i вышаў да яго ўжо ўвечары.

Седзячы за сталом, вячэраючы, п'ючы віно, генерал з далікатнасцю свецкага чалавека расказваў пра берлінскае жыццё, i фрау-гаспадыня, апранутая ў багатае аксамітнае вячэрняе плацце, са старанна ўкладзенымі i закручанымі падфарбаванымі валасамі, уздыхала, успамінаючы вялікі горад, тэатры, шумлівыя вуліцы, багатыя магазіны.

— Тут такая нуда, — паскардзілася яна, i на твары яе з'явіўся выраз капрызнага i раней пешчанага, несправядліва пакрыўджанага чалавека. Яна паглядзела на мужа, чакаючы, што ён падтрымае яе, а можа, сочачы, як ён паставіцца да яе слоў.

Муж аб'ядаў парасячае рабро i быў, здавалася, цалкам заняты гэтай справай. Ён нібы не чуў яе слоў. Фрау-гаспадыню гэтая недалікатнасць мужа непрыемна кальнула, i яна падумала, колькі разоў ёй даводзілася чырванець за яго няўважлівасць, бестактоўнасць. Яна наогул лічыла, што ён быў грубы, заўсёды грубы чалавек.

— Салдацкая доля! —прамовіў ca спачувальнай усмешкай госць. — Яна адна тут i ў мужоў, i ў ix падруг.

Генерал наліў ёй віна, потым гаспадару i сабе, падняў сіні з залатой каёмкай бакальчык — за спадарожніц! Гаспадыня з удзячнай усмешкай, усмешкай царыцы, зіхкаючы каменнямі на бледных пальчыках, паднесла да яго свой бакальчык. Яна была проста ў захапленні ад генерала.

Гадзіне а дзесятай генерал устаў, нахіліўшы да гаспадыні галаву з зачасанымі на бок рэдкаватымі i рудаватымі валасамі, далікатна пацалаваў руку гаспадыні i разам з генеральным камісарам вышаў у свой пакой.

Застаўшыся адзін на адзін з Готбергам, ён быў ужо не такім мяккім, усмешлівым, твар яго, шараваты, касцісты, неяк асунуўся i нібы падаўжэў. Сашчэпленыя тонкія губы i халаднаваты позірк надавалі яму выраз волі i ўнутранай сабранасці. Хоць у тым, як трымаў сябе Баумволь, не было прыкметна фанабэрыі, Готберг, аднак, адчуваў да яго насцярожанасць. Можа, гэта такі ўжо закон жыцця, што ўсе ўпаўнаважаныя прымушаюць адносіцца да ix асцярожліва.

— Вы задаволены Рэйзе? — запытаўся Баумволь, закурваючы сігарэту.

— Так. Ён энергічны, здольны.

— Здольны?

— Так.

— Я добра ведаў яго бацьку Отто Рэйзе. Отто зрабіў нам калісьці не адну паслугу...

Готберг кіўнуў галавою. Ён адчуваў, што ўпаўнаважаны хутка загаворыць пра больш цікавыя рэчы, i чакаў гэтага. Але Баумволь не спяшаўся. Апусціўшыся на мяккае крэсла, ён курыў, разглядваў карціну, што вісела насупраць: пейзаж з кучаравым ляском, вострымі чарапічнымі дахамі i мірным старасвецкім пастухом са статкам авечак.

— Якая фальш?—прамовіў ён незадаволена.

— Што?

— Гэта — авечкі, пастух. Цішыня...

— Так, старое...

— Генерал, мае паўнамодтвы ў асноўным датычацца фронта, — сказаў упаўнаважаны пасля паузы, як бы адказваючы на думкі Готберга.— Аднак я маю некаторыя даручэнні i ў адносінах вас.

Готберг, што адразу ажывіўся, спаткаўся позіркам з упаўнаважаным.

— Фюрэр незадаволен вынікамі акцый супраць партызан. Ён не давярае вашай інфармацыі, на яго думку, яна не дастаткова аб'ектыўная. Ён лічыць, што становішча ў вас нездавальняючае. Фюрэр лічыць, што вы не ўжылі дастаткова захадаў, не праявілі дастатковай цвёрдасці для стабілізадыі становішча...

Генерал пастукаў муштуком аб край попельніцы, асыпаў попел.

— Актывізацыя бандыцкіх труп на нашых камунікацыях выклікала яго незадавальненне работай тылавых устаноў на ўсходзе. Ён лічыць, што такое становішча нельга цярпець далей, што яно ставіць перад вялікімі цяжкасцямі нашы войскі. Гэта тым больш занепакоіла фюрэра, што фельдмаршал Кейтэль падаў у часе апошняга даклада абстаноўку ў тылах войск у вельмі сумным выглядзе...

Готберг нецярпліва паварухнуўся.

— Але ж у акцыях супраць бандытаў былі скарыстаны i ваенныя сілы. Гэта не толькі мая справа.

— Адказнасць за ix фюрэр ускладае на вас...

Баумволь замоўк. Ён маўчаў даволі доўга, прыплюшчыўшы вочы за акулярамі i аб нечым сам сабе думаючы. За дзвярамі ў сталовай чуўся звон пасуды: відаць, прыбіралі ca стала.

— Абстаноўка, лічыць фюрэр, патрабуе новых захадаў да таго, каб умацаваць становішча «а ўсходніх землях, у тым ліку i ў Вайсрутэніі... Нельга абмяжоўвацца ў сродках — акцыі супраць бандытаў трэба дапоўніць іншымі захадамі, больш гнуткімі, дыпламатычнымі. Мы не можам абапірацца на адну зброю. Фюрэр лічыць, што вы недаацэньваеце гэтыя сродкі... Неабходна ў сувязі з гэтым, лічыць фюрэр, паскорыць афармленне самастойнасці для Вайсрутэніі. Трэба ў самы хуткі час склікаць кангрэс i аб'явіць ад імя Германскай дзяржавы самастойнасць. Падумайце, старанна падрыхтуйце склад урада, натуральна звяртаючы асаблівую ўвагу на адданасць членаў урада... Гэты акт — аб'яўленне самастойнасці — можа зрабіць добрае ўражанне на частку патрыятычна настроанага насельніцтва Вайсрутэніі...

— Мы пачалі ўжо некаторыя падрыхтоўчыя захады, мой генерал.

— Трэба пераходзіць ад падрыхтоўчых захадаў да канкрэтных спраў. Ствараецца такое становішча, што мы не можам валаводзіцца з падрыхтоўчымі мерапрыемствамі.

На гэтым госць спыніў размову. Генеральны камісар, згадаўшы, з чаго пачалася размова, запанурыўся: не, прадчуванне не ашукала яго — з упаўнаважанымі заўсёды нейкая непрыемнасць прыдзе ў тваё жыццё. I клопаты, i непрыемнасць.

— Заўтра мне трэба спаткацца з генерал-фельдмаршалам...

— Машыны i ахова будуць арганізаваны, генерал. На які час?

— На раніцу. Я хачу паехаць а сёмай. Дарэчы, пашліце са мной Рэйзе...

Баумволь даў знак гаспадару, што размова скончана i што ён хоча застацца адзін.

Генеральны камісар пажадаў яму спакойнай ночы, казырнуў i вышаў.



4...

Яны ўжо селі за стол, засланы абрусам, на якім былі пляшкі з віном, чаркі, талеркі з закускай, калі генерал-фельдмаршала папрасілі ў кабінет да тэлефона. Фельдмаршал незадаволена паморшчыўся, раздражнёна запытаўся, хто звоніць і, кінуўшы на стол салфетку, устаў.

— Прашу прабачэння...

Баумволь i Рэйзе засталіся адны за сталом. Генерал, прыпершыся грудзямі да стала, прыплюшчыўшы вочы, думаў аб нечым сваім, ніжняя губа яго, рэзка акрэсленая, незадаволена ўздрыгвала.

— У цябе, Вілі, нездаровы выгляд, — прамовіў ён раптам, не пазіраючы на Рэйзе.

— Я адчуваю сябе добра, генерал...

— У твае гады я выглядаў лепш... — Ён усім тулавам павярнуўся да штурмбанфюрэра, вочы за шкелцамі акуляраў зірнулі на Рэйзе дзіўна пільна. — Жанчыны, відаць, вінаваты.

Ён не даў адказаць Рэйзе.

— Жанчыны вельмі зношваюць мужчыну. Ты малады i яшчэ не можаш ведаць, як дорага плоцім мы за мімалётныя ўцехі. Яны бяруць у нас многа сілы, i многа часу, які можна было б скарыстаць на іншыя, значныя справы...

— Недасыпаю начамі, генерал. Неспакойна начамі...

— Рускія самалёты?

— Так. Яны наведваюцца ў апошні час са здзіўляючай настойлівасцю. Вам пашанцавала, генерал, мінулая ноч — адна з нямногіх ціхіх начэй... Мы адвыкаем спаць...

— У Германіі, Вілі, цяпер таксама многа людзей, якія развучыліся спаць па начах. Так, развучыліся... Я адпачываю па-сапраўднаму, калі выбіраюся з Берліна ў вілу...

Ён устаў, падышоў да краю веранды i пачаў паглядаць у садок, што падступаў да фельдмаршальскага асабняка з гэтага боку. Садок быў невялікі, усяго некалькі дрэваў. Між дрэваў жаўцела роўная дарожка, пасыпаная пясочкам, а перад самай верандай пярэсціў рознакаляровымі кветкамі старанна дагледжаны газон.

Пачуўшы, што фельдмаршал вярнуўся, Баумволь азірнуўся да яго:

— Вы, аказваецца, любіце кветкі?

— Так.

— Гэта добра. Кветкі надаюць чалавечаму жыллю ўтульнасць i — як бы гэта сказаць... — гаспадарскі выгляд. Адчуваецца, што не госць, а гаспадар жыве...

— Я ўсюды адчуваю сябе гаспадаром,— лаканічна адказаў фельдмаршал.

Ён наліў віна i прапанаваў выпіць за фюрэра. Пасля гэтага ён не надта гасцінна змоўк, адно падкладваў i падкладваў сабе ў талерку ды жаваў.

— Я ўчора яшчэ раз адчуў, як наблізіўся ўсходні фронт да Германіі, — першы загаварыў Баумволь.— Ад Берліна тры гадзіны лёту — i фронт! Мінск — гэта ўжо фронт.

— Так, фронт, — згадзіўся фельдмаршал.

— Але ж гэта не самая блізкая адлегласць. Гэта балкон, што навіс над рускімі... Мы стаім перад вялікай пагрозай. Пагроза гэтая ўжо амаль перад Германіяй.

— Яна заўсёды была над Германіяй.

— Пагроза, фельдмаршал, яшчэ ніколі не была такой рэальнай, такой трывожнай. Гэтае адчуванне пагрозы цяпер усюды ў нас. Уся Германія насцярожана чакае, прыслухоўваецца. Прыслухоўваецца да гулу бамбардзіроўшчыкаў, чакае, што будзе на ўсходзе, дзе каласальная руская армія рыхтуе невядомыя планы... Настала пара, калі свет павінен убачыць веліч германскага духу.

— Германская армія яшчэ не аднойчы здзівіць свет, — адказаў спакойна фельдмаршал.

Рэйзе не ўмешваўся ў ix гаворку. Ён толькі слухаў, паглядваючы то на аднаго, то на другога, прафесійным вокам адзначаючы сабе ix дачыненні. Фельдмаршал, хоць i выказваў генералу-ўпаўнаважанаму ўсе знакі, пашаны, разам з тым трымаўся сухавата, нават самаўпэўнена, як чалавек, які перакананы ў сваёй сіле, у сабе. Стары, заслужаны ваенны, ён, адчуваў штурмбанфюрэр, у душы звысака адносіўся да генерала, які, маючы вялікае званне, не меў вялікіх ваенных заслуг. Партыйныя заслугі Баумволя для фельдмаршала значылі, відаць, вельмі мала.

Фельдмаршал, аднак, крыху пабойваўся ўпаўнаважанага, — недарма ён трымаўся насцярожана i часцей лічыў за лепшае паслухмяна згаджацца ці гаварыць аптымістычныя ісціны. Баумволь таксама адчуваў халаднаватасць камандуючага, i Рэйзе заўважаў, што генерал стараўся плаціць тым, што атрымліваў. Ён адносіўся да фельдмаршала таксама i ветліва, знешне, i холадна, высакамерна, у душы.

— Якія вашы меркаванні пра нашы перспектывы на лета? — запытаўся ўпаўнаважаны, падліваючы ў шклянку з чорным кофе каньяку.

— Я ўжо дакладваў пра гэта фельдмаршалу Кейтэлю,—лаканічіна адказаў камандуючы.

Ён коса глянуў на Рэйзе, i Баумволь папрасіў штурмбанфюрэра пакінуць ix адных. Рэйзе, пачырванеўшы, падняўся.

Фельдмаршал выцер руку аб салфетку, паклаў яе. Памаўчаў.

— Я думаю, што найбольш небяспечны для нас правы фланг. Ковельскі ўступ, які абмяжоўвае наш «балкон». Варта зламаць абарону ў раёне Ковеля, i «балкон» можа апынуцца перад катастрофай.

— «Балкон» можа абваліцца?

— Можа стварыцца вельмі цяжкае для нас становішча.

— Фельдмаршала Кейтэля таксама непакоіць Ковельская яма, — прамовіў Баумволь.

Генерал зрабіў доўгую паузу.

— Фюрэра турбуе дзіўнае маўчанне рускіх у вашым раёне. Ужо сярэдзіна чэрвеня, фельдмаршал, а рускія маўчаць. Гэта маўчанне павініна, я лічу, насцярожваць нас.

— Па нашых разліках, яны даўно павінны былі пачаць спробы наступаць...

— Што гаворыць разведка? Ёсць доказы таго, што рускія рыхтуюцца?

— Гэта тое, што нас найбольш цікавіць цяпер. На фронце ў рускіх звычайнае жыццё. Ніякіх сур'ёзных фактаў на тое, што яны маюць намер наступаць. Авіяцыя выявіла нават, што рускія ўсцяж усяго фронта капаюць акопы... Але мы, вядома, не можам думаць, што рускія будуць пасіўнымі i надалей.

— Так, рускія не могуць адмовіцца ад спроб зламаць «балкон». Гэта аксіёма.

— Бясспрэчна. Наступлення ix трэба чакаць і, магчыма, у бліжэйшы час. Самае важнае, што нас цікавіць i чым займаецца разведка, — гэта — адкуль яны паспрабуюць ударыць i — калі. Мы гэтага не ведаем... Нам прыходзіцца, генерал, распыляць сілы, размяркоўваючы па ўсім фронце...

— Так, у наступаючых ёсць адна бясспрэчная перавага: яны могуць выбіраць. Збіраць войскі ў кулак i выбіраць месца для ўдару...

— Наша лінія фронта празмерна расцягнута... Стаўка не мяркуе выдзяліць для нас яшчэ войск? — сказаў няўпэўнена фельдмаршал.

— Мы ўжо знялі з захаду некалькі дывізій, фельдмаршал. Яны тут, на ўсходзе. Мяне прасілі напомніць вам, што сюды аддадзены лепшыя дывізіі, цвет германскай арміі...

— Я гэта ведаю. — Фельдмаршал незадаволена засоп: яму не спадабалася павучальная манера гаворкі ўпаўнаважанага.

— Фюрэр надае вельмі важнае значэнне становішчу групы «цэнтр». Вынікі вашых аперацый, фельдмаршал, будуць мець не толькі ваеннае, але i палітычнае значэнне, ад вас залежыць у вялікай меры прэстыж германскай дзяржавы ў гэты адказны час. Крушэнне будучага рускага наступлення магло б значна ўмацаваць аўтарытэт Германіі, умацаваць нашы палітычныя пазіцыі...

У садзе калыхнуліся ад наляцеўшага парыву ветру дрэвы. Хваля яго ўварвалася на веранду, сыпнула на беласнежны абрус пяску, збіла на падлогу салфетку генерала.

Фельдмаршал незадаволена паморшчыўся. Ён гукнуў салдата, які прыслужваў за сталом, i той ураз уляцеў на веранду, выцягнуўся, гатовы да ўсяго.

— Пясок. Салфетка, — павёў вачыма фельдмаршал, i салдат кінуўся змятаць пясок са стала. Праз момант ён прынёс чыстую салфетку.

Калі ён вышаў, Баумволь недаверліва азірнуўся:

— Нас не могуць чуць?

Фельдмаршал пакруціў галавою.

— Важная вестка, — упаўнаважаны наваліўся грудзямі на стол, наблізіў твар да фельдмаршала. — Берлін мае намер пачаць сакрэтныя перагаворы з Лонданам i Вашынгтонам. У нас, лічаць, ёсць сур'ёзныя шансы дамовіцца. Англа-саксы, вядома, будуць выгадваць, прынюхвацца. Наш поспех там будзе залежаць у вялікай меры ад вашых поспехаў тут, разумееце?

Фельдмаршал уважліва паглядзеў на генерала, нібы хацеў яшчэ штосьці дазнацца.

— Вы гаворыце вельмі цікавыя рэчы, генерал...

— Больш я не магу нічога сказаць. Усё, што я паведаміў вам, вы павінны здагадвацца,— дзяржаўная тайна. Аб ёй ведаюць толькі некалькі чалавек... Час мяняецца, — прамовіў ён інакшым тонам,—калісьці генералам трэба было ведаць толькі вайну. Цяпер належыць быць i палітыкам.

Упаўнаважаны, ледзь падняўшы куточкі тонкіх губ, усміхнуўся. Фельдмаршал не адказаў на яго ўсмешку, — камандуючы думаў над пачутай нядаўна весткай.

— Што вы можаце, фельдмаршал, сказаць пра назначэнне рускімі генерала Чарняхоўскага?

— Пакуль амаль нічога,— адарваўся ад сваіх думак фельдмаршал, — акрамя таго, што Чарняхоўскі — малады, энергічны генерал. Ён, як лічаць рускія, добра праявіў сябе пад Кіевам i зрабіў маланкавую кар'еру, Відаць, рускія ўскладаюць на яго нейкія свае надзеі...

— Ці не значыць назначэнне маладога, энергічнага генерала, што рускія не збіраюцца тут сядзець?

— Можа быць... У маладосці многа энергіі, але, звычайна, мала вопыту... У ix ёсць Ракасоўскі, на паўднёвым флангу. Мяне асабіста больш непакоіць Ракасоўскі. Гэта вельмі вопытны, небяспечны праціўнік...

— Ракасоўскі— так, небяспечны,— згадзіўся Баумволь.

Ён устаў, абцягнуў мундзір, павярнуўся к саду за верандаю. У гэты час вецер, падняўшы ў садзе пыл i пясок, зноў уварваўся на веранду, дыхнуў у твар Баумволя халадком. Генерал мімаволі прыжмурыў вочы за акулярамі. Зірнуўшы незадаволена ў той бок, адкуль уляцеў вецер, дзе зашумелі дрэвы, заўважыў, што за садам на белавата-мутнае воблачнае неба наплывае сіняя, панурая, з чорнымі краямі i дном, важкая шырокая хмара.

— Навальніца, відаць, збіраецца.

Фельдмаршал таксама паглядзеў на неба.

— Будзе.



5...

Лейтэнанту Клямту выпала ў той вечар спаткацца з высокімі генераламі.

Ён ужо амаль цэлы месяц жыў на непрыкметным, мокрым астраўку, акружаным балотам, куп'ём, асакою. З астраўка была добра відаць недалёкая магістраль, на якой размяшчаліся суседнія роты, камандны пункт батальёна, была відаць суша. Усцяж магістралі яшчэ дзе-ні-дзе віднеліся пашчапаныя, пакалечаныя тэлеграфныя слупы.

Магістраль амаль увесь час то абстрэльвалі, то бамбілі, i Клямт на сваім мокрым астраўку не зайздросціў тым, каму выпала жыць на сушы.

Клямт убачыў генералаў не ў сябе на астраўку, a ў камандзіра батальёна. Пра ix прыезд i Клямт, i батальённы даведаліся ўжо тады, каліі начальства выправілася ca штаба палка. Батальённы, рослы, негаваркі баварац, што сядзеў у сарочцы, паспешліва ўсцягнуў на плечы мундзір i загадаў салдату прыбраць y памяшканні. Сам ён таксама кінуўся рабіць парадак. Па тым, як ён сябе паводзіў, Клямт бачыў, што сустрэча, якая зараз мелася быць, яго нямала ўсхвалявала. Прыбраўшы ў бліндажы, батальённы, пакрыху спакайнеючы, стаў званіць у роты, загадваючы праверыць, ці ўсё ў парадку, i не адкрываючы прычыны сваёй трывогі.

Толькі пасля гэтага ён паведаміў Клямту, што перадалі яму са штаба. Паведаміў адным словам:

— Фельдмаршал!..

Ён цяпер быў нават задаволены, ва ўсякім разе, так здалося Клямту, бо баварац быў чалавекам скрытным i выглядаў, як звычайна, спакойным.

Батальённы спаткаў генералаў з такім спакоем i такой упэўненасцю, што Клямт, чалавек таксама не бянтэжлівы, проста падзівіўся з яго. Батальённы вельмі выразна, без запіначкі далажыў, i з гатоўнасцю i разам з тым не губляючы сваёй годнасці стаў адказваць на запытанні. Ён умеў паказаць i вялікую пашану да высокіх гасцей i не панізіць лішне сябе.

Клямт заўважыў, што камандзір дывізіі, строгі i прыдзірлівы, быў задаволены абыходжаннем і паводзінамі баварца.

Незнаёмы Клямту генерал-лейтэнант раптам бліснуў у бок ротнага, што моўчкі назіраў ды слухаў, не варушачыся, амаль не дыхаючы, i запытаўся, хто гэта.

Баварац адказаў, i генерал павярнуўся да лейтэнанта:

— Дзе ваша рота?

Клямт сказаў, што рота размяшчаецца праз пяцьсот метраў адсюль.

— Вы правядзеце нас, — прамовіў генерал такім тонам, што нельга было зразумець, просіць ён ці загадвае. Генерал зірнуў на фельдмаршала:—Я спадзяюся, гер генерал-фельдмаршал, што вашы намеры супадаюць з маім жаданнем?

Фельдмаршал ледзь нахіліў галаву. Генерал з выглядам чалавека, які не хоча марнаваць час, загадаў Клямту весці, адступіў убок, нібы даючы дарогу. Тут да Клямта падскочыў, гатовы рынуцца з ім, стройны, прыгожы штурмбанфюрэр з генеральскай аховы. Але баварац асмеліўся запыніць генерала, сказаўшы, што туды ісці нельга.

— Чаму?

— Балота, мой генерал.

Генерал — гэта быў Баумволь — правёў дапытлівым позіркам па лейтэнанту, заўважыў, што той мокры вышэй каленяў, у яшчэ не ўсюды засохлых плямах твані. Відаць, генерал усё-ткі не спыніўся б, але камандзір дывізіі сказаў, што той участак абароны мала цікавы, i гэта было прычынай таму, што ўпаўнаважаны змяніў свой намер.

— Вы проста ў балоце ўмацаваліся? — пацікавіўся генерал у Клямта, які яшчэ чакаў загаду ісці.

— Маленькі астравок.

— А-а...

Камандзір дывізіі паведаміў, што амаль трэць дывізіі сядзіць у балоце, у вадзе. Падхапіўшы словы камандзіра дывізіі, Клямт смела, задаволена сказаў, што хоць i кепска на балоце жыць, затое i рускім будзе з ім клопату.

— Многа клопату!

Генерал усміхнуўся, — праўда, скупавата, стрымана, але ўсміхнуўся. Відаць, адказ яму ўсё ж спадабаўся. Фельдмаршал з павагай, спачувальна прамовіў:

— Гэта адказ салдата. Вы былі салдатам?

— Яволь, гер фельдмаршал.

— Я таксама... Мяне самога здзіўляе германскі салдат, — фельдмаршал дабрадушна зірнуў на Баумволя. — Здзіўляе сваім уменнем прыжывацца ў любым месцы.

— О, так. I ў любых умовах...

Клямт прыняў словы фельдмаршала за пахвалу сабе. Стоячы нерухома, ён сачыў то за фельдмаршалам, то за генералам, сачыў задаволеным, адданым позіркам. У гэтым позірку была i затоеная цікаўнасць да незнаёмага генерала. Клямта вельмі інтрыгавала тое, што хоць генерал i быў значна ніжэй за фельдмаршала званнем, абыходзіўся з ім як роўны з роўным. Лейтэнант здагадваўся, што гэта нейкая важная асоба.

— Як вядуць сябе рускія? Не збіраюцца наступаць яны?

Клямт адчуў, што пытанне гэтае генерал сказаў зусім інакш, чым пытанне пра балота, што генерал чакае сур'ёзнага, грунтоўнага адказу. Ён падумаў, што сказаць.

— Яны спрабавалі наступаць, гер генерал, але ім не ўдалося. Яны цяпер маўчаць...

— Маўчаць... Я гэта без вас ведаю, — генерал незадаволена смыкнуў губою. — Колькі яны будуць маўчаць?

— Гэта пакуль невядома. Мы захапілі некалькі палонных, але яны ўпарта гавораць, што ў рускіх ціха...

— Вы ix добра дапыталі?— Генерал бліснуў акулярамі на камандзіра дывізіі.

— Добра, гер генерал.

Упаўнаважаны нечакана катэгарычна запярэчыў:

— Не, дрэнна.

У бліндажы стала вельмі ціха.

— Сярод ix павінны быць, якія ведаюць патрэбную нам загадку. Павінны быць! Ніякай літасці — да ix! Гарачым жалезам выцягваць з ix! Гарачым!.. Рэйзе, — гукнуў ён.

Тонкі, перацягнуты поясам штурмбанфюрэр казырнуў.

— Займіцеся палоннымі! Пагаварыце вы!

— Яволь, генерал! — Штурмбанфюрэр гатоў быў хоць зараз кінуцца выконваць загад,— ён нагадваў цяпер каршуна, які нарыхтаваўся ўчапіцца ў здабычу.

Клямт ужо з непакоем чакаў, што яшчэ зажадае даведацца генерал, але генерал павярнуўся да батальённага i сказаў, што хоча пазнаёміцца з абарончымі збудаваіннямі..

Калі генералы вярталіся з размяшчэння батальёна ў тыл, было ўжо за поўнач. Пярэдні край, які заставаўся ззаду, праводзіў ix дрымотным спакоем, — толькі кулямёт, нібы спрасонку, ускінуўся, залапатаў, але, пераможаны цішынёю, адразу змоўк.

Фельдмаршал, што ішоў побач з панам упаўнаважаным, запытаўся, якое ўражанне зрабілі на генерала абарончыя збудаванні. Баумволь яшчэ раней заўважыў, што фельдмаршал ганарыцца гэтым, i генерал, якога раздражняла самаўпэўненасць, скрытая непашана старога ваеннага, адчуў, што яму хочацца сказаць камандуючаму непрыемнае. Ён адказаў стрымана:

— Я лічу, што збудаванні — нядрэнныя. Нашы інжынеры, відаць, не патрацілі марна гэтую вялікую перадышку ў баях. У мяне, вядома, ёсць некаторыя заўвагі, але я ix скажу пазней, калі стане больш відным агульны абсяг. Я не хачу паўтарацца... Як гэта сказаў камандзір роты пра рускіх? Пра балоты?

— Яны будуць мець многа клопату, гер генерал,— падказаў камандзір дывізіі.

— Так, многа клопату! Ім, вядома, будзе многа клопату i з нашымі інжынерамі. Ca збудаваннямі нашых інжынераў. Трэба толькі, каб дух салдат, якія займаюць ix, быў такі ж моцны, як гэтыя збудаванні...

— Нашы салдаты, генерал, заўсёды былі стойкімі ў абароне. — Фельдмаршал, відаць, быў незадаволены адказам Баумволя.

Камандзір дывізіі, маўклівы, пануры, сказаў, што яго дывізія з гэтых збудаванняў адступіць толькі па загаду.

—Яна не павінна адступіць ні ў якім разе.

— Дазвольце генерал... Я сказаў: толькі па загаду...

— Такога загаду не будзе, — адрэзаў суха пан упаўнаважаны.

Некалькі хвілін ішлі моўчкі. Поруч генерал-упаўнаважаны чуў цяжкае сапенне фельдмаршала.

— Балоты... гэта вельмі добра, — прамовіў Баумволь амаль тонам прабачэння перад фельдмаршалам. — Самім богам, здаецца, яны тут прызначаны для нас...

Фельдмаршал не адказаў. У твар ім раптам ударыла парывам моцнага халоднага ветру, i фельдмаршал схапіўся за фуражку, каб не сарвала. Пан упаўнаважаны набычыўся, падняў каўнер летняга генеральскага паліто, полы якога прыліплі да ног, нібы стрыножыўшы, сталі замінаць ісці.

Пан упаўнаважаны заўважыў,— у тым баку, адкуль яны ішлі, успыхнула маланка. Там панавала навальніца. Вецер данёс пагрознае басавітае водгулле недалёкага грому. Навальніца з маланкамі, з грамамі, з бураю хутка набліжалася сюды.

Чорнымі былі хмары наперадзе, чорным было неба, i толькі гарачыя ўспышкі маланак час-ад-часу разрывалі гэту чарнату. Але яны не радавалі, a рабілі ўвесь малюнак яшчэ больш неспакойным.

Генералу-ўпаўнаважанаму стала трывожна.


Раздзел IX


1...

У брыгадзе Бяссонава чакалі камісію са штаба фронта. Не толькі маладыя, але i бывалыя афіцэры, што бачылі ўсяго на фронце, хваляваліся, быццам курсанты перад экзаменам.

Рыхтаваўся да гэтай праверкі i Аляксей Лагуновіч, які хоць i стараўся ўдаваць сябе бесклапотным, таксама завіхаўся больш, як звычайна. Востры на язык Быстроў нават шапнуў на вуха Сонцаву з гэтага поваду:

— У нас два абсалютна спакойныя чалавекі — Якавенка i Рыбакоў. А наш старшы лейтэнант, як вучань, непакоіцца.

Цэлымі днямі займаліся ў полі, бясконца чысцілі i змазвалі механізмы i прыборы машын, кожную ноч ускаквалі па «трывозе». I ўсюды бачылі перад сабой няўрымслівага стожыльнага палкоўніка, які неяк упраўляўся ўсё ўбачыць, усё ўвесь час трымаць пад прыдзірлівым наглядам. Ён агледзеў, i не адзін раз, кожную машыну, не адзін раз прымусіў мыць i мыць ix, зрабіў вялікую «чыстку», зноў выкідваючы з танкаў усё лішняе.

Як жа пастражэў ён, калі даведаўся, што брыгаду едзе правяраць сам камандуючы фронтам.

— Ну, падвядзі мяне цяпер! — пагразіў палкоўнік Аляксею.

Камандзір брыгады ніяк не мог забыць даўняй сустрэчы Аляксея з Чарняхоўскім, дараваць старшаму лейтэнанту заўвагу камандуючага.

Старшы лейтэнант абышоў у апошні раз перад праверкай экіпажы, даючы парады, стараючыся знайсці, ці няма якіх-небудзь непаладкаў.

Ён у гэтыя дні адчуваў асаблівы ўздым — прыліў энергіі, быў у тым добрым настроі, калі мог, не стамляючыся, працаваць цэлымі суткамі. Яго абавязак супадаў з жаданнем.

Аляксей убачыў Чарняхоўскага ўжо на маршы: брыгада атрымала задачу, увайшоўшы ў прарыў, дзейнічаць ва ўмовах глыбока прарванага фронта ворага. Чарняхоўскі стаяў каля пераправы з Бяссонавым i яшчэ некалькімі генераламі i афіцэрамі і, сочачы за танкамі, штосьці гаварыў палкоўніку...

«Не здарылася б чаго,— мімаволі падумаў Аляксей пра роту. — Бяссонаў тады ўсё жыццё будзе прыпамінаць...»

Яшчэ раз старшы лейтэнант убачыў Чарняхоўскага, калі яго рота на ўзлессі ладавалася для атакі. За бярозавым i асінавым падлескам слалася перад ім незасеянае бура-зялёнае поле.

Чарняхоўскі стаяў поблізу, у бярэзнічку, сочачы за танкамі, што наводдаль рушылі цераз поле i часта стралялі. Генерал зняў фуражку, i вецер варушыў яго густыя, з глянцаватым водбліскам валасы. Каля Чарняхоўскага, як i раней, было некалькі вайсковых, а крыху ззаду стаяла тры ці чатыры машыны.

Усё гэта старшы лейтэнант бачыў якую-небудзь хвіліну, бо тут жа ў шлемафоне пачуўся голас камбрыга,— трэба было выходзіць атакаваць. Аляксей закрыў люк над галавой i ўжо бачыў у перыскоп, як бяжыць насустрач, разыходзячыся ўшыр, пустое поле i набліжаецца лясок, дзе быў праціўнік.

Аляксееў танк стаў біць i біць ria гэтаму ляску...

Больш старшы лейтэнант з Чарняхоўскім не сустра' каўся. Ад Бяссонава перадавалі, каб падрыхтаваліся да праверкі, бо хутка зойдзе камандуючы фронтам, наказвалі, што ён асабліва цікавіцца, як навучаны экіпажы, як дзейнічаюць самастойна ўзводы, роты. Потым стала вядома, што Чарняхоўскі ўжо у суседзяў, i ў Аляксеевай роце i ва ўсім батальёне чакалі — вось-вось прыедзе.

Але генерал-палкоўнік ад суседзяў паехаў некуды ў іншае месца.

Аляксей чуў, як вечарам, сабраўшыся ля зямлянкі, яго танкісты распытвалі ў суседзяў:

— Ну, які ён з сябе? Строгі дужа?

— Строгі... Да ўсяго, брат, стараецца дабрацца сам. Сам у «трыццацьчацвёрку» палез i пачаў ганяць — а як вы гэта робіце, а як гэта? А сержанту — а вы навядзіце гармату на тую цэль, вылічце, якая туды адлегласць. Пакуль той навадзіў, зірнуў на гадзіннік. Засек, значыць, час...

Сухі, з белымі брывамі, гаварлівы старшына прыкурыў цыгарку.

— A ў мяне запытаўся, што ты будзеш, таварыш старшына, рабіць, калі, маўляў, камандзір выйдзе са строю?

— Ну, а ты што ж?

— Што ж? Ясна што! Адказаў па форме... Калі хочаш падвучыцца, магу паўтарыць, — падчапіў цікаўнага старшына.

— Бач ты, малады які, a ўжо генерал-палкоўнік, камандуючы фронтам! Ён старэйшы за мяне гадоў на пяць, не больш, — прамовіў Рыбакоў.

— Глядзі ты, куды ён цэліць, у генералы! — засмяяўся нехта з сержантаў. — Ды ты праз пяць год i да старшыны не дацягнеш. Галава, брат, малаватая!

— A кім ён быў у пачатку вайны, камандуючы, а? Не інакш, генерал-маёр ці, мо', i з палкоўнікаў, — адгукнуўся Сонцаў. — А вось камандуючы! Заслужыў, i не паглядзелі ні на што, фронт далі.

Сонцаў неспадзявана перамяніў кірунак размовы:

— Нездарма ён прыехаў! Хутка здымемся адсюль. Сур'ёзнае заданне, напэўна, дадуць. Не так сабе ён даходзіў да ўсяго.

— Факт — сур'ёзнае. Нам абы-якога не дадуць,— падтрымаў Быстроў i перайшоў на жарт: — З такімі машынамі да бабкі Ганны ў агарод не пашлюць. Такіх сур'ёзных, геройскіх хлопцаў, як я ды ты...

— Адным словам, можна складаць чамаданы.

— А што, нам, малярам, не прывыкаць. Зборы кароткія.

Аляксей таксама лічыў — цяпер хутка.

— Зрабі, Якавенка, каб усё было да ладу, напагатове. Раптам пабудзяць ноччу, каб адразу — у дарогу. У момант.

— Оцэ вона i скончылася перэрва, — заключыў Якавенка.

З вечара да паўночы Аляксей сядзеў з Сонцавым, пішучы ў Сібір, на Урал, на Паволжжа віншавальныя лісты сем'ям узнагароджаных.

Ён быў стомлены за дзень, але не хацеў адкладваць, бо ведаў, што з гадзіны на гадзіну можа прыдзецца ехаць на фронт, а тады невядома, калі выдарыцца вольная хвіліна.

Наогул Аляксей пісаў часта, больш за ўсё лісты да старшынь калгасаў ці гарсаветаў, прасіў або патрабаваў, каб дапамаглі сям'і якога-небудзь свайго байца. Ён пісаў гэтыя лісты таму, што лічыў сваім абавязкам рабіць «парадак» i ў асабістым, сямейным жыцці салдат. Хоць звычайна старшы лейтэнант i не любіў «пісаніны», тут стараўся быць пунктуальным.

У той вечар два лісты напісаў ён на радзіму Якавенкі. Камандзір узвода днём скардзіўся, што жонка жыве з трыма дзецьмі ў хаце з паўразбураным дахам, a старшыня сельсавета жыллё ўладаваць не хоча дапамагчы. «Як дождж ідзе, схавацца недзе, цэ дзіло? Дзіты мокнуць...» Ён увесь дзень быў пануры, толькі ўвечары, атрымаўшы даўнюю ўзнагароду, павесялеў. Аляксей, як i абяцаў, напісаў скаргу ў райвыканком.

— Славуты вы чалавек! — сказаў Сонцаў.

— Ну, сказаў — славуты! — усміхнуўся насмешліва i збянтэжана Аляксей.

— A хіба не? Па ўсяму Савецкаму Саюзу ведаюць.

— Не выдумляй!.. Эх, што гэта жонка не піша,— горка прамовіў старшы лейтэнант i нахмурыўся. Пісьмы, якія ён пасылаў Ніне, знікалі недзе без следу, як у бяздонні. Ён не атрымаў ніводнага адказу.

— Вось возьмем Мінск, будзеце i вы атрымліваць. Па два кожны дзень.

Аляксей не сказаў нічога. Мусіць, праўда, ён раней прыдзе ў Мінск, чым дачакаецца ліста.

Калі Сонцаў пайшоў, Аляксей, патушыўшы капцілку, яшчэ доўга сядзеў у цемры. Чаму ж усё-ткі няма адказу? Няўжо яна не атрымала ніводнага яго ліста? Мусіць, не атрымала, бо не магла ж яна не напісаць...

Ён успомніў, як часта прысылала Ніна лісты да вайны, просценькія, шчырыя, ад якіх нельга было адарвацца, не прачытаць некалькі разоў. З ix уяўляўся, здаецца, кожны яе дзень, з усімі думкамі i клопатамі. Дзіўна, ён тады, хоць яе лісты-весткі атрымліваў заўсёды з радасцю, сам пісаў нячаста.

Калі б хоць слова прышло ад яе! Відаць, ужо не атрымае тут, адкуль заўтра, паслязаўтра, напэўна, здымуцца.



2...

Над дваром, на якім у зялёнай мураве i ў вішанніку размясціліся гурткі салдат папаўнення, з'явіўся «юнкерс» i даў некалькі чэрг. Усе заварушыліся, замітусіліся, пачуліся бязладныя стрэлы. Некаторыя спалохана кінуліся на зямлю.

Генерал-маёр Шчарбацюк, машына якога якраз падышла да двара, правёўшы позіркам самалёт, што аддаляўся, усё так жа пастрэльваючы, агледзеў спакойна ўстрывожаны двор. Ён заўважыў каля пачарнелага зруба калодзежа чарнявага хлопца, які трымаў рукою вочап з кацялком i з нянавісцю пазіраў услед «юінкерсу».

— Чаго ўглядваешся? Не пазнаеш?

— Пазнаю, таварыш генерал, — выпраміўшыся, але ўсё яшчэ не пускаючы вочап, адказаў ён.

— Бачыў, значыць?

— Бачыў, таварыш генерал, — баец схамянуўся, апусціў вочап.

— Дзе?

— У Мінску, таварыш генерал... У першыя дні.

— Ты што ж пачаў вайну раней за мяне?! — хмурна, як бы незадаволена сказаў камандзір дывізіі. Генерал-маёр гаварыў праўду: да пачатку зімы ў сорак першым ён вучыўся ў ваеннай акадэміі.

— Як прозвішча?

— Туравец, таварыш генерал.

Камандзір дывізіі накіраваўся да групкі байцоў, што пазіралі зводдалек на яго. Але тут выбег насустрач яму высокі, са шрамам на шчацэ, лейтэнант i стаў дакладваць. Генерал спыніўся.

— Што, патрывожыў фрыц? — запытаўся ён, разам насмешліва i спачувальна, падыходзячы да групкі. — Нічога не зробіш, прыдзецца цярпець... Фронт.

Сержант з нашыўкамі за раненне зухавата падтрымаў, што тут табе не ў мамкі за спіною, няньчыцца няма каму.

— Так, няньчыцца няма каму, — згадзіўся генерал. — А вось маці ёсць. Строгая, праўда, але ёсць... i добрая маці... Дывізія наша... Яна не дасць у крыўду, праўда, i спуску не чакайце ад яе.

Генерал стаў знаёміцца з байцамі. Ён любіў знаёміцца з навічкамі, любіў пагаварыць з імі, пахваліцца дывізіяй, — лепшая на фронце! Шчарбацюк пры выпадку расказваў, што прышоў у дывізію пад Арлом, начштабам палка, a стаў генералам, камдывам, што, калісьці, у грамадзянскую, ён быў таксама салдатам. Генерал у такія дні прыязджаў у кіцелі з залатой зоркай.

Сёння Шчарбацюку не давялося пагутарыць з навічкамі, бо прыехаў капітан са штаба дывізіі з паведамленнем, што камдыва тэрмінова выклікаюць на камандны пункт арміі.

Генерал-маёр адразу падаўся да машыны. Садзячыся поруч з шафёрам, ён заўважыў, што зухаваты сержант, з нашыўкамі за раненне, накінуўся за нешта на байца. Камандзір рукою падазваў лейтэнанта са шрамам на шчацэ:

— Даведайся, чаго раскрычаўся гэты Аніка-воін. Ды скажы, што ў нас крычаць не паложана. Скажы, што ў нас любяць лагодную размову...

Выехаўшы за вёску, генерал накінуў на плечы бурку, якую заўсёды вазілі ў машыне. Ён нядаўна перанёс запаленне лёгкіх i цяпер бярогся, а яго нешта зранку халадзіла. Ці не грып, чорт пабяры?

Перад сустрэчаю з камандармам генерал адчуваў сябе крыху неспакойна. Шчарбацюк прывык да таго, што дывізію хваляць, а яго самога цэняць. Камандуючы ж арміяй, у якую перадалі нядаўна дывізію, заўсёды выказваў незадаволенне станам дывізіі, генералам. Стрыманы педантычны камандарм, прыязджаючы ў дывізію, амаль заўсёды вышукваў розныя непаладкі.

Апошні раз ён быў у дывізіі ўсяго некалькі дзён да гэтага, i Шчарбацюк прадчуваў, што камандуючы на нарадзе абавязкова будзе гаварыць пра становішча ў дывізіі. Зноў, мусіць, скажа, што зладжанасці няма...

A ў сапраўднасці ж дывізія адна з лепшых у арміі. Гэта прызнаюць многія.

На камандным пункце, акрамя камандарма, быў камандуючы фронтам. Каля Чарняхоўскага, схіліўшыся над картаю, стаяў невядомы чалавек у камбінезоне, у палявой генеральскай фуражцы.

Усе ўтраіх разглядалі карту.

Генерал-маёр, увабраўшы жывот, які напінаў кiцель i яўна псаваў вайсковы выгляд, далажыў камандуючаму арміяй, што прыбыў па яго загаду. «Відаць, не нарада, — падумаў Шчарбацюк, — штосьці іншае».

Ён мімаволі запытальна зірнуў на чалавека ў камбінезоне.

— Васілеўскі,— назваўся Маршал Савецкага Саюза. Ён працягнуў Шчарбацюку руку.

— Далажыце абстаноўку на вашым участку.

Генерал-маёр пачаў гаварыць, паказваючы алоўкам на карце. Маршал, апусціўшы галаву, уважліва сачыў за картаю; ён раз спыніў Шчарбацюка, папрасіў удакладніць абстаноўку на цэнтральным участку.

— Участак дывізіі бясспрэчна неабходна разы ў тры скараціць, — узняўшы галаву ад карты, прамовіў ён, калі Шчарбацюк скончыў.

— Я прадугледзеў гэта, таварыш Маршал Савецкага Саюза, — адказаў Чарняхоўскі.— Акрамя таго, мы таварышу Шчарбацюку дадзім авіяцыі, артылерыі. Артылерыя пачала ўжо сканцэнтроўвацца.

Маршал, звярнуўшыся да камандарма, запытаўся:

— Як дывізія, добрая?

— Нядрэнная,— не адразу, як бы падумаўшы, адказаў камандарм.

— Участак вельмі важны. Можа, замяніць, іншую паставіць сюды?

— Дывізія добрая, — сказаў Чарняхоўскі, — баявая, людзі загартаваныя... Праўда, камандзір, я сказаў бы, залішне заспакойлівы...

— Так, грэх гэтакі ёсць у яго — заспакойваецца, калі не падштурхоўваць, — згадзіўся камандарм.

— Абвінавачванне для камандзіра вельмі сур'ёзнае, асабліва цяпер... Ну, а што вы скажаце, таварыш генерал? — павярнуўся Чарняхоўскі да Шчарбацюка. — Справіцеся?

— Спраўлюся, таварыш генерал, — адказаў Шчарбацюк, выпростваючыся так, як толькі можна, пазіраючы на маршала i з просьбай, i з надзеяй, i з гатоўнасцю ўсё зрабіць.

— За што героя атрымалі?

— За Курскую дугу, таварыш Маршал Савецкага Саюза!

— Я думаю, яму можна паверыць, — падтрымаў Шчарбацюка Чаріняхоўскі.

— Ну, паглядзім! — прамовіў Маршал Савецкага Саюза, пазіраючы на камдыва строгімі, уважлівымі вачыма.



3...

Аляксей сядзеў на вежы, звесіўшы ногі ў баявое аддзяленне. Наперадзе яго быў, закрываючы грудзі, быццам шчыт, круглы бранявы дыск-люк, злева пружыніста гайдаўся падобны на прудкую лазіну штыр рацыі. Управа, улева, — калі машыну кідала з боку ў бок, назад i наперад, — калі яна набаўляла хуткасць або спынялася...

Аляксей, крыху сутулячыся, падаўшыся грудзьмі наперад, таксама ківаўся ў такт машыне: згінаўся ўправа, улева, каб быць у раўнавазе. Да чаго ж добра гэта — сядзець на вежы магутнай машыны, што рушыць, імкне па дарозе, адлічваючы гусеніцамі кіламетр за кіламетрам, пакідаючы за сабой дзвешырокія зубчатыя каляіны.

Танкі безупынна рушылі адзін за адным. Фары нідзе не блішчалі. Адно лескаталі, пераклікаліся гусеніцы ды неспакойна гучалі маторы.

Часам абапал дарогі асцярожліва ціснуліся густыя ланцугі пехацінцаў, кавалерысты, што прытрымлівалі неспакойных наравістых коней, шафёры з сустрэчнымі грузавікамі, чакаючы, пакуль праляскочуць танкі. Аляксею бачыць гэта было прыемна. Так прапускаюць наперад паважанага чалавека, якому належыць асаблівая, важная праца.

Наперадзе былі ўжо добра відаць зарнічныя выбліскі ад стрэлаў батарэй, якія, як агні маякоў, указвалі напрамак танкістам. Гукі бою ледзь даходзілі, ix глушыў гул матораў.

Набліжаючыся да фронта, Аляксей паддаваўся таму добра знаёмаму франтавіку ўзрушэнню, у якім перамешваюцца i вострая цікаўнасць да будучыні, што прымушае чалавека неспакойна падганяць час, i трывога, i добрыя надзеі.

— Хто гэта жанчына, што з вамі так добра развітвалася? — запытаўся неяк, на выпадковым супынку, з хітрынкай Касцючэнка.

— А-а... гэта Надзя Мазалькова, — крыху збянтэжыўся Аляксей, — старшыня калгаса. Помніш, я хадзіў у вёску, калгасам быў заняўся... Тады яе выбралі старшынёй...

Надзя падышла да яго, калі калона надвячоркам стаяла на ціхай дарозе каля сяла. Ласкавыя, крыху засмучаныя вочы, смуглы твар з круглым прыгожым падбародкам, моцныя загарэлыя рукі.

— Вось вы ўжо i едзеце... Пішыце, як вы там будзеце жыць. Не забывайце...

Паспешліва, неяк нясмела, працягнула клуначак— падарунак. Потым, калі танкі крануліся, стаяла нерухома, сачыла ўслед.

Аляксею ўспомнілася яе даўняе, на ўзлессі: «Прыходзьце!» — i нейкая вінаватасць перад ёю на час лягла на сэрца. Так i не выканаў Аляксей абяцання, не прышоў больш. I нельга сказаць, каб хвіліны вольнай не знайшлося б, — але адкладваў са дня на дзень, ды так i не прышоў.

«Што ж, гэта i на лершае... Няхай не крыўдуе...»

— Харошая, відаць, жанчынка?

— Харошая — працавітая, сумленная. Яна там навяла парадак. Людзі задаволены ёю.

— Не, я кажу, што так, сабою прыгожая. Для такой i родную Кубань можна прамяняць на Смаленшчыну.

— Я пра гэта не думаў, — не адказаў на жарт Аляксей. — У мяне, брат, зусім не тое на душы. Ты ж ведаеш...

— Ведаю, то ведаю. Але гэта, можа, не перашкодзіла б прыгарнуць дзе-небудзь удаву. Гогабярыдзе, той, кажуць, не адну... Надзя ж засумавалася, відаць, ды i, здаецца, вельмі вы ёй спадабаліся.

— Можа быць... Я, брат Касцючэнка, не магу напалову...

Касцючэнка сціх.

— З такімі коньмі хутка заявімся да Тураўца? — сказаў Аляксей.

— Ды яно i нядоўга, сказаць. Якіх тры сотні кіламетраў тут. Гэта не матухна-пяхота, якой трэба ўсё адзінаццатым перамераць... Толькі яшчэ невядома, калі мы рушым туды, — разважліва прамовіў Касцючэнка, кранаючы Аляксееву трывогу.

— Ну не, стаяць, напэўна, не будзем. Мы ж не саюзнікі, што другі фронтадкрывалі тры гады ды ваявалі тушонкай. Канешне, хто ведае, якія там планы ў нашых генералаў, але таптацца без справы мы не павінны.

— Не павінны, — згадзіўся Касцючэнка. — Гэта факт! Не шпацыр. Вучыліся мы таксама не на шпацыр, ды i зброю нам сур'ёзную далі, з такою стаяць попусту проста ганьба. Бывала, у нас, на Кубані, камбайн у стэпе, калі жніво, пастаіць гадзіну, то таму камбайнеру галаву адразу намыляць. А то ж цяпер!

— Думаю, што стаяць доўга не будзем, Касцючэнка. Па ўсяму відаць. Не маем права...

Аляксею прыгадалася, як яны недалёка ад гэтай дарогі паўз рунеючыя палі, па ўзрытых бомбамі шляхах яшчэ зусім нядаўна ішлі ў тыл, як потым у грузавіках дабіраліся да паўзабытых зямлянак. Тады яны здалі старыя, не раз рамантаваныя, не раз латаныя жалезам танкі, гусеніцы якіх ведал i дарогі Смаленшчыны, палі пад Курскам. Цяпер ідуць машыны, што яшчэ нядаўна былі на заводскіх дварах.

Якія шляхі ўведаюць гэтыя гусеніцы, якія падзеі ўбачаць новыя, без баявых рубцоў вежы?

Колышаў пазіраў на выбліскі агнёў, што паволі набліжаліся, як зачараваны дзівоснай казкай. У яго чыстых, адкрытых шырока вачах успыхвалі цікаўныя i неспакойныя светлячкі.

Яго вабіла гэта незнаёмая, нязведаная далеч, пра якую ён столькі думаў i чуў, але разам з тым у душу пракрадваўся нейкі неспакой i нязвыклы жаль. Пазіраючы нецярпліва наперад, ён аглядваўся чамусьці i назад. Tоe звыклае, што было за плячыма, паўставала цяпер новым, асабліва прынадным. Ён спачатку мімаволі паддаўся спакусе ўспамінаў, але адчуў, як пачынае завалодваць ім засмучэнне, i схамянуўся.

Сёння трэба думаць толькі пра тое, што там, дзе бліскаюць агні, i далей за агнямі. Недзе там яго, можа, чакае, не дачакаецца нечая маці. Або пазірае насустрач жанчына з дзіцём на руках з-за калючага дроту, як на плакаце, што вісеў у калідоры на ix курсах, кліча: «Ратуй мяне!» Ён прыдзе да ix i прынясе збавенне. Хлопец так рэальна ўявіў тую хвіліну, што адчуў на сваіх плячах удзячны поціск абдымку, адчуў позірк, поўны слёз i гордасці.

Шкада толькі, што не ўбачыць яго ў такую хвіліну Рая. Яна б ведала, што ён даўно ўжо не той зялёны хлопец, якім звыкла яго лічыць.

На світанні батальён быў на месцы, у невялікім лясочку. Каля дрэваў, пад якімі яшчэ трымалася цяпло i парадзелы прыцемак ночы, мірна стаялі нейкія грузавікі i фурманкі. Калі падышлі «трыццацьчацвёркі», вакол ix замітусіліся людзі.

— Эй, пяты эшалон! Просім пацясніцца!— крыкнуў задзёрыста Быстроў, саскочыўшы з машыны.

— Куд-ды гэта?

— Кіламетры на два ўправа.

Шафёры i ездавыя, акружыўшы Быстрова, спачатку пачалі было спрачацца, пагражаць начальствам. Але дзе там, хіба ўстаіш перад гэтымі хлопцамі з махінамі-танкамі. Адзін за другім, хоць i неахвотна, пачалі выводзіць свае грузавікі i павозкі, а на ix месца, ламаючы галлё, пасунуліся танкі.

Неўзабаве маторы сціхлі. Танкісты маскіравалі машыны галлём, адусюль было чуваць, як там i тут весела цюкаюць сякеры i трашчаць дрэвы.

Сляды гусеніц зацярушвалі дробным веццем.

У ранішняй шэрані Аляксей акінуў вачыма месца, дзе яны стаялі

Наперадзе, перад узгоркам, была батарэя — прыземістыя гарматы з апушчанымі стваламі. Гарматы яшчэ не былі акапаны, толькі дзе-ні-дзе скупа значыліся купкі свежай зямлі, мусіць, артылерысты таксама нядаўна падышлі.

Цяпер яны спяшаліся да ўсходу сонца замаскіраваць пазіцыю. Галлё для маскіроўкі неслі з ляска, валаклі за сабой, прымінаючы траву, часам цэлыя ссечаныя каля кораня маладыя бярозы i алешыны.

Аляксей убачыў непадалёк камандзіра брыгады Бяссонава. Ладны, прысадзісты, у лёгкай летняй гімнасцёрцы, не зважаючы на ранішнюю свежасць, палкоўнік легка, бадзёра, але паважна падыходзіў да роты, i Лагуновіч хутка падаўся да яго.

Ідучы насустрач яму, ён адчуваў тую скрытую насцярожанасць, каторая заўсёды бывае да чалавека, які не любіць цябе i ад якога можна ўсяго чакаць.

Бяссонаў спыніўся перад Колышавым, зірнуў вострымі, крыху прыплюшчанымі вачыма ў вочы лейтэнанта.

— Як прозвішча? Чаму я цябе не ведаю?

Колышаў збянтэжыўся.

— Відаць, ваюеш кепска! Усіх добрых салдат я ведаю,— прамовіў ён упэўнена баском. — Салдат па прозвішчу, a афіцэраў па імю.

Колышаў сказаў, што ён з папаўнення.

— Новы? А, тады іншая справа,— на ілбе камбрыга сабраліся клопатныя маршчыны.— А ты, выпадкам, не трус?

— Не ведаю, таварыш гвардыі палкоўнік,— няўпэўнена, шчыра адказаў Колышаў.— Не быў...

— Не ведаеш? Відаць, не трус. Трус бы сказаў, што ён не баіцца нічога. Ну-ну, глядзі, Колышаў!

Выслухаўшы Аляксееў даклад, Бяссонаў уладным тонам прабасіў:

— Парадак каб быў да сонца, асабліва маскіроўка ад авіяцыі. Нас тут няма, тут толькі бярозы ды дзятлы. Спакой... Ясна?

— Ясна. Парадак будзе поўны!

Палкоўнік акінуў позіркам лагоднае ранішняе неба, цьмяная бясколернасць якога ўжо змянялася глыбокім i шырокім блакітам. Справа купаліся два ружовыя воблачкі, усміхаючыся нявіднаму з зямлі сонцу.

З захаду, лёгка, задаволена гуркочучы, плыла ў вышыні эскадрылля бамбардзіроўшчыкаў. На ix крылах таксама чырванелі праменні сонца. Аляксей падумаў, што самалёты ідуць аднекуль здалёк, можа, ад Мінска.

— Маскіроўку зрабі ідэальную,— прамовіў Бяссонаў, пазіраючы на Аляксея.— Сонца будзе свяціць на ўсё неба. За кіламетр згары травінку можна будзе бачыць. Праз гадзіну буду зноў, праверу!

Дзень ішоў ціхі. Хутка ўжо ніякі знак не паказваў, што рыхтуюцца якія-небудзь грозныя падзеі. Сонцаў недзе ўправіўся назбіраць спелых чырвоных суніц, прынёс старшему лейтэнанту.

Ягады былі вельмі смачныя i пахлі лесам i сонцам.



4...

Танкісты, сабраўшыся ў гурт, лежачы гаманілі.

Вакол ix буяла густая трава, сярод якой чырванелі, жаўцелі, бялелі розныя кветкі. Каля галавы Быстрова стаяла, як бы ў задуменні, нерухомая мятліца. Над танкістамі ляніва варушыла шызымі, нібы з байку, лісцямі вечная трапятуха асіна,— яна паціху лапатала, нібы таксама хацела гаварыць.

Моцна пахла чабарком.

Быстроў ляніва слухаў, як Гогабярыдзе жартаваў.

— Дзе справядлівасць? Няма справядлівасці! Нашто Якавенку такое хараство? Хараство даецца для таго, каб жанчыны любілі, а Якавенка — не любіць ix... Нашто ямутакія бровы?

Поблізу гаварыў Рыбакоў:

— Прыязджаем на станцыю. Ну, i адразу — кірмаш... імяніны — без гарэлкі якія імяніны? I тут лейтэнант кажа: грошай няма, дадому паслаў. Адну кішэню вывернуў, другую — толькі дробязь. I ў мяне — пад мяцёлку... Што рабіць? Дык ты думаеш, што я ўдумаў? З атэстата рэалізаваць, з прадуктаў... Стаім ля акенца, атрымліваем. Як толькі вышлі, я за банку кансерваў ды суседу. Той — «Колькі?» — «Пяцьдзесят». Ён i выняў паперку...

— Лоўка. Знайшоўся,— пахваліў хтосьці Рыбакова.

Быстроў цераз дрымоту прыслухаўся, пра што гаворыць у другім баку Сонцаў: — Ну, дырэктар МТС у мяне i пытаецца: «Чаму стаіць твой «націк»?» — «Падшыпнікі выплавіліся»...

«Зноў тую ж самую гісторыю — Бранскі летапісец»,— варухнулася ў галаве Быстрова. Ён пазяхнуў i сказаў голасна да таварыша:

— У прыемнай кампаніі — прыемна пазяхнуць!..

Сонцаў зрабіў выгляд, што не звяртае на яго ўвагі.

— I праўда, чаму б не падрамаць? А, Касцючэнка? Яшчэ ніводзін салдат, кажуць, не памёр на вайне ад сна...

Але заснуць Быстроў не мог,— вельмі ж неспакойная ў яго была натура. Неўзабаве ён пачуў, што размова набывае цікавы змест. Другі фронт.

— Сіла ў ix, канешне, немалая,— сказаў Касцючэнка.— Гэтую высадку яны зрабілі здорава. Вось толькі што ідуць марудна: колькі часу ў Італіі тапталіся, зноў жа ў Францыі нешта туга ў ix. Хто ix ведае, чаму. Ну, у Італіі, там, напэўна, горы перашкаджаюць.

— A ў Францыі — раўніны,— падхапіў Быстроў.— Заўсёды што-небудзь знойдзецца. Затое тут — абрусам дарога. Ідзем па асфальтах, фрыцы самі рукі падымаюць угару, бягуць хутчэй у палон.

Пачуўся смяшок.

— Ну, чаго ж яны тады марудзяць?

— А ты, Сонцаў, запытай у Чэрчыля, — параіў Быстроў. — Ён табе скажа, чаго ён сядзеў у Афрыцы, потым у Італіі, пакуль мы пад Сталінградам біліся ці Курскую дугу ламалі.

Раптам загаварыў Якавенка:

— Як бы ты, Сонцаў, дужа верыў чалавеку, які аднойчы намерваўся, скажам, забіць цябе?

— Забіць?.. — не чакаў Сонцаў такога пытання.

— Мусіць, не верыў бы! А Чэрчыль арганізоўваў інтэрвенцыю на нашу краіну ў грамадзянскую вайну. Ён i Гітлера ў свой час цкаваў на нас, ды так вышла, што фюрэр асмеліўся падняць руку на свайго апекуна. Можна верыць такому чалавеку?

— Як жа яму верыць, таварыш лейтэнант.

— Чы не падобна на тое, што такі чалавек мала дбае аб тым, каб нам было лягчэй? Чы не ўсё роўна такому, што там, недзе на чужыне, у няволі гінуць нашы людзі?

— Хоча, старая ліса, заграбаць жар чужымі рукамi!— адгукнуўся ўзрушана Рыбакоў. Лагуновіч пераканана прамовіў:

— Не ўдасца!

— Я думаю таксама, не ўдасца,— згадзіўся спакойна Гогабярыдзе.

— Эх, спадзявайся там на розных чэрчыляў!..

— Та-ак! На саюзнічкаў спадзявайся, а сам не хіб!

— Ды ўжо ж, хібіць не прыходзіцца.

— Не схібім, думаю!

Гадзіну пазней да Аляксея падышоў лістаносец i падаў трохкутнічак; старшы лейтэнант адразу заўважыў,— почарк быў незнаёмы. Ад Аляксея лістаносец падаўся да вадзіцеля, ад якога накіраваўся да другіх,— размахваючы канвертамі, трохкутнічкамі, выклікаючы прозвішчы.

Некаторыя танкісты выбягалі насустрач яму, пытаючыся пра адно: ці няма лістоў, другія аб тым жа крычалі яму з машын.

Старшы лейтэнант атрымаў ліст ад маці былога свайго байца Курнева, якая непакоілася, што ад сынка ўжо тры месяцы як няма вестак. Курнеў быў у адным экіпажы з Быстровым, a калі брыгада ішла на перафарміроўку, застаўся ў новай часці. Аляксей цяпер не ведаў, што з ім.

Якавенка, шчаслівы, працягнуў Аляксею лісток.

— Глянь. Мішка напісаў!..

На лісточку было старанна выведзена сантыметровымі крывымі літарамі: «Тата, любы». Якавенка адчуваў сябе без меры ўсцешаным. Аляксей не раз заўважаў, што ён вельмі любіць дзяцей, — колькі разоў непакоіўся пра ix, пра сына Мішку, пра двух дзяўчынак. Ён любіў гаварыць пра ix, i ледзь не ўся рота завочна ведала ўжо ўсю яго сям'ю.

Калі праўда, што ў кожнага чалавека ёсць які-небудзь талент, то ў Якавенкі гэта, бясспрэчна, талент бацькі, — падумалася Аляксею. Ды i ў яго адносінах да байцоў ёсць таксама нешта бацькоўскае...

Можа Быстроў што-небудзь раскажа пра Курнева: яны ж былі, здаецца, сябры. Камандзір гарматы цяпер сядзеў пад бярозай каля танка разам з Сонцавым, які чытаў ліст. Старшы лейтэнант, падышоўшы да ix, запытаўся пра Курнева: не, Быстроў не ведае пра яго; як перайшоў Курнеў у другую часць, дык не падаў аб сабе нi слова.

— Ад каго пісьмо, Сонцаў, калі не сакрэт?— пацікавіўся Аляксей.

— Калі мне чытае, то, відаць, не сакрэт,— пакпіў-пажартаваў Быстроў.— Сакрэтныя ён чытае адзін i толькі вачыма, нават без шэпту...

Пісьмо было ад сястры.

— Ад тае, ад студэнткі? Ну, як яна маецца?

Аляксей прысеў на траву поруч з танкістамі. Ён ведаў, што сястра Сонцава вучыцца ў тэхнікуме. Сонцаў неяк расказваў, што, калі ён ішоў на фронт, Юлька, сястрычка, была зусім малая; перад тым часта прыбягала на поле, узбіралася на трактар, прасілася патрымацца за руль. I якая шчаслівая была, калі ён дазваляў крыху правесці «СТЗ». Цяпер ёй пайшоў ужо семнаццаты год...

Сонцава не прышлося ўпрошваць расказваць: звычайна маўклівы, ён на гэты раз пачаў гаварыць нечакана ахвотна.

— Ды як маецца, — вядома як: прыходзіцца i вучыцца, i адбудоўваць дом, у якім тэхнікум. Палова яго была разбіта бомбаю. Юлька пісала, што зімою давялося вельмі памерзці...

— I дапамогі, відаць, чакаць няма адкуль? На адной тэхнікумаўскай стыпендыі ў цяперашні час...— Аляксей спачувальна пакруціў галавою. Так, цяпер студэнтам цяжка: раней, калі ён вучыўся, было інакш.

— Ды адкуль дапамога, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? Я паслаў разы два па сто рублёў, а больш не магу. Маці ж таксама трэба падтрымліваць...

— Адным словам — усюды фронт...— Быстроў зламаў бярозавую галінку, якую трымаў у руцэ. Ён ледзь не вылаяўся, але, зірнуўшы на камандзіра роты, стрымаўся, толькі напружыліся важкія вуглаватыя сківіцы...

Старшы лейтэнант устаў, нерашуча ступіў, задуменны, некалькі крокаў, потым, нібы штосьці прыгадаўшы, павярнуўся да вадзіцеля:

— Дарэчы, Сонцаў, — хадземце са мной!..

Ідучы поруч з Сонцавым, Аляксей заклапочана думаў пра сястру сержанта. У памяці на міг ажыў час, калі ён сам быў студэнтам...

Ён, здаецца, нічога не пашкадаваў бы для гэтай незнаёмай дзяўчыны, якую, напэўна, i не ўбачыць ніколі. Але яна можа пакрыўдзіцца, калі даведаецца, што грошы пасылае ёй невядомы чалавек...

Аляксей адвёў Сонцава ў бярэзнік i, павяряуўшыся спіной да танкаў, няёмка выняў з кішэні камбінезона пачак чырвонцаў, амаль усю сваю месячную палучку.

Сонцаў пачырванеў:

— Таварыш гвардыі старшы лейтэнант...

— Бяры... — перабіў яго строга, тонам загаду Аляксей.— Бяры, ну дзівак! I зараз жа пашлі! Ад свайго імя...— дадаў ён мякчэй.

Сонцаў падаўся назад збянтэжаны. Каля люка вадзіцеля ён азірнуўся i, убачыўшы, што старшы лейтэнант пайшоў да суседняга танка, клікнуў Быстрова. Ён шчыра расказаў таварышу пра ўсё.

— Нядобра як атрымалася? — шкадуючы, скончыў Сонцаў.

— Чаму нядобра?

Яны ж яму i самому патрэбны, грошы... У Мінску...

— Што з таго?

— Трэба вярнуць, мусіць.

— Вярнуць?! Ён ix табе даў?

— А... каму ж?

— Гэта ж, можна сказаць, ужо грошы сястры,— зрэзаў Сонцава Быстроў.

— Сястры?

— А чые ж? Эх ты, гора!..

Быстроў сам прывёў лістаносца, загадаў Сонцаву зараз жа напісаць адрас i аддаць грошы.

Адно здарэнне крыху парушыла мірную будзённасць таго дня. Пад поўдзень Рыбакоў прывёў да Аляксея незнаёмага чалавека, якога затрымаў недалёка ў лесе.

Чалавек, немалады, з русымі вусамі i даўно няголеным падбародкам, быў у мятай ватнай паддзёвачцы, да якой ліплі травінкі i жаўтлявыя знакі гліны: напэўна, на гэтай паддзёвачцы чалавек спаў. У руках ён трымаў самаробны, з вяровачкамі, даволі вялікі заплечны мяшок. Незнаемы глядзеў на танкістаў дабрадушна i даверліва.

— Што вы тут робіце?— строга хмурачыся, тоячы цікаўнасць, запытаў яго Аляксей.

— Што раблю? — спакойна адказаў чалавек.— Ды, можна сказаць, нічога. Адлежваю бакі, на сонцы прыходзіцца загараць. Адным словам, чакаю.

— Чаго чакаеце?

— Чаго ж яшчэ,— наступлення нашага. Ды нешта вы, не ўрокам кажучы, марудзіце. Топчацеся на месцы, аж цярпення няма!

Выявілася, што ён быў да вайны старшынёй аднаго з калгасаў на Міншчыне, што чакае тут ужо другі тыдзень. Спяшаўся, баяўся не паспець, а цяпер прыходзіцца марнавацца. Дакументы яго былі ў парадку, нават даведка, што «тав. Жывіца сапраўды адпушчаны з работы».

Аляксей зацікавіўся ім. Ён ад душы паспачуваў нецярпліваму земляку.

— Так, чакаць — рэч цяжкаватая. Асабліва — пасля трох год... Сам па сабе ведаю... Тры гады там не былі?

— Тры, тры, дарагі! Толькі некалькі дзён i не хапае.

— А сям'я ваша таксама там?

— Там, там, залаты ты чалавек!.. Яно то не ўсе там, сказаць,— жонка ды меншы сынок — там, а два другія — на фронце.

— Лісты атрымліваеце?

— Ад аднаго, дарагі, ёсць. Знайшоў яго. Цераз Наркамат... A другі, адказалі,— без вестак. Без вестак.

— A ў мяне вось жонка не піша. У акупацыі,— як скаргу, паведаміў Аляксей.

— Жонка? Ай-яй. Скажы ты!.. Раскалолася сямейка, у такія маладыя твае гады!.. Э-эх, вайна-разлучніца!..

— На фронце самі былі ці — у тылу?

— Быў трошкі ў пяхоце. Трошкі пабыў, толькі вылез у поле — міна — вз-з. Стукнула — i прэч, па чыстай. Кульгаю, бачыш, ад таго. Ну, а потым у тылу.

Засмяяўся неяк па-дзіцячы.

— А цяпер вось зноў на фронт трапіў!

— Гэта правільна.

Аляксей задумаўся, — што з ім рабіць?! Аднекуль з'явілася звыклае, насцярожанае: а што, калі ён ніякі не Жывіца, прыкідваецца толькі. Ён адразу ж запярэчыў сабе: «Глупства якое!» — аднак лагодна сказаў:

— Вось што, бацька. Не хачу вас крыўдзіць, але — павінен сказаць. Вы ведаеце, што вам тут не належыць быць?

— Чаму гэта, дарагі. А дзе ж мне быць?

— Тут — забароненая зона, нельга тут пабочным хадзіць.

— A які ж я пабочны?

Аляксей не адразу адказаў:

— Не ваенны, вось i пабочны.

Парадак ёсць парадак. Хоць Аляксей адчуваў сябе няёмка перад гэтым добрым, відаць, гаварлівым чалавекам, прышлося адправіць да камандзіра батальёна. Камбат жа, не надта дапытваючыся ўсяго, загадаў весці ў штаб брыгады:

— Няхай там разбяруцца! Можа, наш, а можа... хто яго ведае!


Раздзел X


1...

Два дні было ціха. Але па ўсім адчувалася, што з дня на дзень павінна пачацца.

Уночы ўсё прыбывалі ды прыбывалі войскі. Без шуму — толькі зрэдку бразне дзе-небудзь зброя ці кацялок — праходзіла наперад пяхота. Уперамешку з пехацінцамі цягнуліся грузавікі, гарматы, мінамёты. Цемру тады поўніў асцярожны гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней.

Усё рухалася без агнёў. Не толькі фары, але i цыгаркі не блішчалі. Не чулася i моцных камандных выкрыкаў, нібы яны таксама маглі парушыць маскіроўку.

З кожнай гадзінай прыфрантавая зямля ўсё больш напаўнялася войскам. Яго было так многа, што Аляксей толькі дзівіўся, дзе гэта ўсё падзяецца. Але салдаты, гарматы, павозкі ішлі ды ішлі.

Цемра, як бяздонне, праглынала ўсё.

Уранку поле цішэла. Паспешна канчалі капаць акопы, прыкрывалі маскіроўкай. Калі ўздымалася сонца, поле здавалася ціхім i мірным.

Гарматы цяпер стаялі густа ўсюды ўсцяж пярэдняга краю, у некалькі эшалонаў. Накрытыя маскіроўкай, яіны зусім зліліся з зямлёй, некаторыя нават зблізку амаль немагчыма было адрозніць.

На другі дзень Бяссонаў рашыў пазнаёміцца з абстаноўкаю на ўчастку, які займае стралковая дывізія Шчарбацюка. Палкоўнік узяў з сабою некалькі афіцэраў.

Генерал быў на КП. Танкістаў правёў туды маленькі сержант.

Камандзір дывізіі, залажыўшы назад пухлыя рукі, расставіўшы ногі, сагнуўшыся, каб не перашкаджаў жывот, стаяў каля стэрэатрубы. Ён павярнуўся насустрач танкістам, павольны, спакойны, з маладжаватым ружаватым тварам, прывітаўся.

— Што, Бяссонаў, дарогу сабе хочаш выгледзець?

— З вашай дапамогай, генерал.

— Магу паказаць. Толькі паабяцай спачатку дапамагчы расчышчаць.

— Добраму суседу, генерал, я заўсёды гатоў дапамагчы...

— Дапаможаш?! Ведаю я цябе — будзеш чакаць, пакуль расцярэбяць шлях i скажуць: калі ласка...

— Калі гэта мы чакалі, генерал? — Бяссонаў гатовы быў вось-вось кінуцца ў контратаку.

— Ну-ну, не будзем спрачацца,— прымірэнча сказаў Шчарбацюк.— Прашу адчуваць сябе чаканымі гасцямі ў прыветлівага гаспадара... Прашу пазнаёміцца з маім гняздом,— ён абвёў рукамі перад сабой.

— Вы тут абжыліся за гэты месяц,— прамовіў Бяссонаў.

— Э, гэта што! Мы што, мы, можна сказаць, яшчэ новыя. Вось тут каля нас пушкары, тыя абжыліся. Кожны прышч на балоце ведаюць, не тое, што бліндажыкі.

Ён выняў з кішэні кісет, скруціў цыгарку. Бяссонаў працягнуў каробку «Казбека», але генерал пакруціў галавой.

— Мы, пяхота, любім, каб у горле драла...— Лагодны, душэўны генерал меў звычку, размаўляючы з роўнымі сабе, ужываць моцныя выразы, выстаўляць грубыя прывычкі салдата.

Бяссонаў не любіў Шчарбацюка за мяккацеласць, за марудлівасць, i ў душы зайздросціў яму, якому невядома чаму так шанцуе ў жыцці — Герой i генерал,— i якога ўсе ўважаюць за вельмі адукаванага чалавека. Бяссонаў вучыўся толькі на курсах ды i то без асаблівага поспеху. Ён лічыў сябе практыкам у працівагу Шчарбацюку i ганарыўся гэтым.

Усё ж генерал i Бяссонаў неўзабаве перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі легка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі, у якіх адна агульная, блізкая справа. Генерал загадаў пяхотнаму маёру падаць карту i, разлажыўшы яе, сам стаў знаёміць з абстаноўкаю, паказваючы Бяссонаву асобныя аб'екты i арыенціры ў трубу.

З каманднага пункта Бяссонаў уважліва разглядваў поле будучай бойкі.

Перад КП угіналася нешырокая лагчына, а за ёй пачынаўся нізкі, ледзь прыкметны ўзгорак, на якім некалі было сяло. На тым месцы валялася толькі бітае каменне ды дзе-ні-дзе тырчалі абсмаленыя, пасечаныя камлі дрэваў. Зямля ўся была перарыта варонкамі; на ёй не віднелася не толькі людзей, але наогул нічога жывога. Нават трава не расла.

Далей узгорак паступова паніжаўся, i пачыналася балота: там цягнуліся нямецкія траншэі, схаваныя балотнай расліннасцю i хмызняком, што рос усюды рэдкімі купкамі. Прасцяг увесь здаваўся амаль пустым, хоць там усё было перакапана i густа заселена немцамі. Шырокімі палосамі цягнуліся нябачныя мінныя палі, за якімі насцярожана таіліся незлічоныя кулямёты i гарматы.

Дзе-ні-дзе на балоце ўскідваліся ўгару чорныя стаўбуры торфу, потым даходзіў запознены глухі гук выбуху. Вяла пераклікаліся кулямёты. Бяссонаў ведаў, што хаваецца за гэтым спакоем i млявасцю.

Ён азіраў балота, як гаспадар, як чалавек, якому трэба выбраць месца для работы. Ссунуўшы фуражку з патыліцы на лоб, на самыя вочы, што ён рабіў часта, калі быў заклапочаны, палкоўнік з-пад казырка ўважліва аглядваў незнаёмы прастор.

Справа, сярод балота, значылася шэрая, з жоўтымі глінянымі плямамі дарожка. Бяссонаў зацікавіўся ёю.

— Чыгунка была,— сказаў зацягнуўшыся генерал,—вузкакалейка. Разабралі немцы...

— Які там грунт?

— Цвёрды. Звычайны насып, праўда, невысокі.

Справа i злева ад чыгункі, у глыбіні зеленаватага прасцягу, добра акрэсліваліся чорныя, з простымі лініямі тарфянікі; наперадзе, кіламетры праз тры, млела ў плыўкай блакітнай смузе невысокая выспачка.

На ёй гарбаціўся разбураны цагляны будынак. Бяссонаву трэба будзе прабівацца з машынамі туды. Як прайсці з танкамі праз гэты вялізіны, зыбкі тарфяны абшар? Вядома, толькі па насыпу, іншага выбару няма. Пакласці ад узгорка да насыпу грэбельку — тут, мусіць, будзе з паўкіламетра,— а далей па той простай вузенькай дарожцы, да астраўка.

Што ж за выспаю? Таксама балота, яшчэ большае, на якім толькі дзе-ні-дзе грэюцца абнадзейлівыя вузкія насыпы, якія цягнуцца на захад. Трывалы грунт, жаданы шырокі прастор, дзе можна разгарнуцца — далёка.

Генерал расказаў, што ў балотах, перад імі выяўлена некалькі паралельных абарончых ліній, уся шырыня якіх перавышае два дзесяткі кіламетраў. На астраўку — вялікі ўмацаваны вузел, з якога немцы падтрымліваюць свае часці навокал. Гэты нешырокі «пятачок» увесь шчэрыцца гарматамі.

— Арэшак, што i казаць, моцны!— прамовіў Бяссонаў, калі камдыў намаляваў поўную карціну абароны.

— Сем месяцаў яны тут усё капалі, будавалі, мініравалі,— адгукнуўся Шчарбацюк.

Ён зняў фуражку i выцер запацелы цыратавы абадок унутры. У яго была шырокая ружовая лысіна, якую прыкрывалі толькі некалькі бялявых валасоў, зачэсаных назад,— ад гэтага генерал здаваўся старэйшым за свае сорак чатыры гады. Твар жа ў яго быў яшчэ свежы, амаль без маршчын, поўны, з мяккімі рысамі i дабрадушнымі таўставатымі губамі.

— Ну, я думаю, у вас для гэтага будзе добры малаток. Вас не пакрыўдзяць. I птушак, i запалак падкінуць. Багацеем становіцеся, генерал,— гаспадарка, што ў арміі.

— Клопату прыбавіцца. Адна галава — на ўсё!..— паскардзіўся Шчарбацюк, але было відаць, што ён задаволены гэтым.

Маёр-пехацінец прамовіў:

— Хоць бы тут зямля як зямля была, а то дрыгва адна! Тут i разгарнуцца недзе.

— Зямля добрая. Наша, савецкая!— заўважыў спакойна генерал-маёр.

З нямецкага боку правылі некалькі мін, шмякнуліся поблізу КП. Маёр занепакоіўся, ці не засеклі ix немцы. Сонца хілілася да захаду, i на тым баку маглі заўважыць бляск шкелца стэрэатрубы. Але наступныя міны ўпалі далей. Бяссонаў сабраўся ісці назад.

— Правядзі ix, старшына,— сказаў генерал аднаму пехацінцу,— ды вяртайся хутка. Тут табе работа ёсць. Будзьце асцярожны,— папярэдзіў генерал, паціснуўшы танкістам рукі.— Недзе злева снайпер сядзіць, уранку сержанта ў мяне забіў. Уцэліў, нягоднік, проста ў скроню.

На адным павароце вузенькага, звілістага ходу старшына даў знак прыгнуцца да вямлі. Дзесяткі два метраў усе паўзлі. Калі вышлі на спакойнае месца, старшына, атрасаючы з каленяў ліпкія камячкі гліны, прамовіў:

— Чорт! Колькі я зямлі прапоўз, палічыць бы цікава. Мусіць, не адну сотню кіламетраў. Штаноў адных парваў дзесяткі тры за вайну. Больш за ўсё, праўду кажучы, на каленях i ірваліся. I штаны, здаецца, нічога, жыць бы ім яшчэ, жыць, а на каленях свецяцца!



2...

Ноч. Грымне, пракоціцца блізка ці далёка гарматны выбух, рассыплецца частая, заядлая кулямётная чарга, i наступіць на нейкі час цішыня.

I чуваць тады: мірна, лагодна шэпчуцца, пакалыхваюць свае пругкія тонкія галіны пад лёгкім чэрвеньскім ветрам беластволыя бярозкі. Дробна, несціхана трапечуць лісточкі асін. Недзе сонна запырхала крыламі птушка.

Колькі разоў быў у баі, прывыкнуць, здаецца, пара, а вось жа не, — перад кожным насцярожваешся, падбіраешся, непакоішся!

Аляксей праходзіў паволі па роце. Усюды, каля цёмных маўклівых машын, якія ледзь віднеліся між дрэваў, спалі, спачывалі танкісты.

Каля адной «трыццацьчацвёркі» старшы лейтэнант убачыў нерухомую постаць, што стаяла, абапершыся аб гусеніцу. Ён падышоў бліжэй, запытаўся:

— Хто?

Гэта быў Колышаў.

— Не трэба,— сказаў Аляксей, заўважыўшы, як лейтэнант выпрастаўся.— Што, Колышаў, не спіцца? Думкі якія-небудзь адольваюць? Заклапочаны чым?.. Ці, можа, успаміны найшлі?

Камандзір роты не абы-як, адчувалася, быў зацікаўлены гэтым. Колышаў шчыра прызнаўся:

— Успаміны...

— Маці твая ў Горкім адна?

— Адна... Бацька ў арміі, на Далёкім Усходзе... Таксама лейтэнант, у артылерыі.

— I ў мяне маці дома. Там, па той бок. Чакае, старая, мусіць, не дачакаецца,— уздыхнуў старшы лейтэнант. Памаўчаў, закурыў асцярожна, хаваючы агеньчык, зацягнуўся i запытаў па-сяброўску:

— Дзяўчына, пэўна, згадалася? Ты ж ні разу i не пахваліўся, якая яна ў цябе, скрытны, мусіць? Шкада, што цёмна, паглядзеў бы картку. Вельмі мне хочацца пабачыць. Як завуць?

— Рая. Мы з ёй разам вучыліся ў школе. Цяпер яна ў інстытуце, урачом будзе. Там жа, у нашым Горкім, i вучыцца...

— Добрая дзяўчына?

— Добрая! Яна такі душэўны, чысты, прыгожы чалавек!.. Кожны раз, калі прачытаеш яе пісьмо, радасна i светла становіцца. Мы з ёю, ведаеце, хоць i вучыліся разам, неяк мала былі знаёмы. Бывае ж так, што жывуць людзі, кожны дзень сустракаюцца, а не ведаюць добра адзін аднаго. Ну, як чужыя.

— Гэта бывае.

— Так i ў нас вышла. Я пачаў яе разумець, калі яна з'явілася на вакзал, развітацца. Дзіўна, праўда? Яна, ведаеце, што сказала: «Помні, кажа, дзе б ты ні быў, як бы цяжка ні было — я пра цябе буду думаць!» Гэтыя словы я нібы i цяпер чую. Тады першы раз мы пацалаваліся... проста, ведаеце, на людзях, пры маёй маці. Маці засмяялася яшчэ: «Эх вы, кажа, цалавацца не ўмееце!» Цяпер яна, Рая, часта прыходзіць да нас. Ну, адным словам, стала сваім чалавекам, нібы сястрою ці як... I для мяне яна... быццам іншая...

— Што, даўно не бачыліся?

— Даўно. Хутка год. Мы зараз праязджалі, ведаеце, цяпер з эшалонам праз Горкі... былі каля самага дома; наша вуліца тут жа, недалёка ад чыгункі. Хацелася вельмі пабачыцца з Раяй. Ды не давялося. Амаль не стаялі ў горадзе.

— Тужыш?— запытаўся Аляксей тым жа мяккім, спагадлівым голасам.

— Тужу,— прызнаўся Колышаў.

Ён сціх i задумаўся.

Відаць, разважыўшы, што таіцца не трэба, шчыра прамовіў:

— Раптам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, заўтра мяне тут... недалёка ад гэтага лесу... разумееце?.. А я ж нічога не бачыў, здаецца. Вось толькі пачынаю па-сапраўднаму жыць. А мяне... Гэта кепска, што ў мяне такія думкі перад боем?

— У кожнага, відаць, бываюць такія думкі ці, можа, падобныя. Жыць хочацца.

— Значыць, гэта не... баязлівасць? Камбрыг мяне запытаў, ці не трус я, а я i не ведаю. Ну, адкуль мне ведаць, калі я яшчэ не быў там? Я толькі ад другіх чуў, як яны ішлі ў першы раз, яны расказваюць усе па-рознаму.

— Тут галоўнае, Колышаў, не паддацца! Калі трэба будзе, умець забыць, перамагчы ўсё, што замінае, i адчуваць толькі адно — абавязак перад Радзімай, перад таварышамі. Усяго сябе, усе свае думкі аддаваць аднаму, салдацкаму абавязку. I яшчэ — думай, што тое месца, на якім ты стаіш,— важнейшае, што ад яго залежыць лёс усёй брыгады, усёй, калі хочаш, вайны. Цані, адным словам, сваю, можа, сціплую працу, без гэтага ты не будзеш салдатам. Мы любім жыццё, i калі рызыкуем ім, то толькі ў імя вялікай мэты. Я так лічу.

— Я буду помніць пра гэта,— задумліва прамовіў Колышаў.

Лагуновіч адчуў, што лейтэнанту хочацца нешта сказаць, але ён вагаецца. Аляксей знарок маўчаў, чакаючы. Ён не памыліўся.

Колышаў раптам запытаў:

— А вы таксама, таварыш гвардыі старшы лейтэнант... не спалі тады?

— He спаў. — Аляксей паглядзеў у неба, у глыбокай чарнаце якога цьмяна бялеў млечны шлях, i сказаў: — Помню, у пачатку, у першыя ночы, не спаў... i ўспамінаў многа. У баі — салдат, як трэба. А як ноч настане, усе храпуць, а я адзін варочаюся, як закляты, з боку на бок, не засну, ды годзе! Малюнкі мне дзённыя чаўпуцца. Усё, што ўбачыў за дзень, зноў паўтараецца. I страшнавата робіцца, як успомню. Але ў баі не дрэйфіў, бо абавязак свой памятаў. Потым паспакайнеў, паступова абвыкся. Спаў тады седзячы i стоячы, хоць з гарматы бі, бывала, не дабудзішся.

Нібы спрачаючыся з сабою ці раздумваючы, прамовіў:

— Я, брат, таксама не ведаю — смелы я ці не? Адвaгi ў мяне мала, адчуваю...

— Што вы гэта, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!

— А так, брат, — страшна мне часам бывае. Нават вельмі. Асабліва бамбёжак праклятых не люблю... Душу пераварочваюць мне яны. Толькі што я стрымліваю сябе, трымаюся, словам!.. Але гэта няхай будзе так, між нас, а?

— Не трывожцеся, не скажу.

— Я, брат, у маленстве амаль ніколі не лез у бойку. Так хіба часам, калі вельмі задзенуць. А наогул стараўся быць далей ад гэтага. Ціхі быў!..

Узлессе раптам пачало хутка напаўняцца магутным гулам, ад якога дрыжала зямля. Аляксей i Колышаў адразу змоўклі i глядзелі адно ў неба. Там ішлі на захад самалёты.

— У вас душа, напэўна, у Мінску? — загаварыў першы Колышаў. — Ніну бачыце ўсё, не дачакаецеся...

— Бачу, часта бачу... — i нечакана: — A ў цябе, Колышаў, не ляціць туды душа? Табе ўсё роўна?

— Чаму ж! — адразу запярэчыў лейтэнант.

— А чаго ж ты, скажам, туды імкнешся? У цябе ж там няма нікога? Маці ў Горкім. Рая таксама далёка ў тылу. У цябе ж у Беларусі нават знаёмых няма. Няма нікога, адным словам, да каго б ляцела душа.

— Як нікога, таварыш гвардыі старшы лейтэнант? A людзі нашы?

— Дык i я не адну яе, Ніну, бачу. Я таксама, брат, бачу, як i ты, людзей нашых, народ, што яшчэ там змагаецца, гаруе i чакае нас з табой. Я ж не толькі муж, я салдат. I камуніст! У Якавенкі жонка зусім не там, а ён спяшаецца, як i я...

Зноў, напаўняючы гулам неба i лес, прайшла на захад эскадрылля. Калі гул пачаў сціхаць, старшы лейтэнант зірнуў на ручны гадзіннік, на якім свяціліся лічбы i стрэлка, адразу схамянуўся, — трэба адпачыць!

— Ну, бывай, Колышаў, ды лажыся спаць. Ужо небагата часу засталося. Абавязкова прыкарні, чуеш, дружок: пойдзем у бой — там невядома, калі прыдзецца падрамаць.


Раздзел XI


1...

Падрыхтоўка да наступлення падыходзіла к канцу, Усё большы круг камандзіраў знаёміўся з планам бітвы. Ідэя яго коратка была такая: нашы войскі павінны раздрабніць варожы фронт на асобныя групіроўкі, акружыць ix i па частках знішчаць.

Ставілася, такім чынам, задача не проста гнаць ворага, a знішчаць.

Галоўныя ўдары нашых войск меркавалася нанесці на флангах: на поўначы арміямі Чарняхоўскага — 3-ці Беларускі фронт, i Баграмяна — 1-ы Прыбалтыйскі, на поўдні — войскамі 1-га Беларускага пад шамандаваннем Ракасоўскага. 2-гі Беларускі фронт, якім кіраваў Захараў, павінен быў нанесці дапаможны ўдар у цэнтры.

У ноч з 22 на 23 чэрвеня, праз тры гады пасля таго, як першыя гітлераўскія салдаты ўварваліся на зямлю Беларусі, на ўсім фронце ішла напружаная, заключная праца. За дні падрыхтоўкі былі выяўлены i дакладна засечаны тысячы бліндажоў, артылерыйскіх i мінамётных батарэй, кулямётных гнёздаў, дзотаў, чыгуначных эшалонаў. Цяпер заносіліся на карты папраўкі i апошнія данясенні разведкі.

На ўсіх галоўных напрамках у нас была цяпер значная перавага ў людзях, у тэхніцы, мелася ў поўную меру гаручага i баявых прыпасаў, — усяго, што неабходна для наступлення.

Усю гэту ноч Чарняхоўскі быў на камандна-назіральным пункце.

КНП 3-га Беларускага фронта размяшчаўся ў 12 кіламетрах ад горада Дуброўна, каля невялічкай вёскі Рэдзькі. Тут, за вёскай, на паўночным захадзе ўзвышаецца ўзгорак, звычайны, нічым не адметны ад многіх іншых такіх узгоркаў на беларускай зямлі.

Да КНП вялі доўгія ходы зносін. Па ix камандзіры прабіраліся да ўваходу на камандна-назіральны пункт Чарняхоўскага, напоўнены людзьмі i клопатам падземны гарадок. Тут былі бліндажы камандуючых артылерыяй, бранятанкавымі войскамі, паветранай арміяй, а крыху далей — бліндажы аператыўнай групы, дзе апрацоўваліся аператыўныя дакументы, што прыходзілі з часцей i накіроўваліся ў часці.

Недалёка ад апергрупы размяшчаўся рабочы пакой i пакой адпачынку Чарняхоўскага. Тут генерал-палкоўнік працаваў у апошнюю ноч перад наступленнем. На століку ляжала вялікая карта фронта ca стрэлкамі, абазначэннем часцей, датамі — карта аперацыі. Поруч стаялі два тэлефоны.

Наперадзе, над заходнім схілам узгорка, быў абсталяваны назіральны пункт, маленькі пакойчык, у сценцы якога свяціліся амбразуры. У ix віднелася поле, шасэ Масква — Мінск з радам тэлеграфных слупоў, што зніклі ў далечыні. Адсюль шырока адкрываўся прастор на захад. З гэтых амбразур, каля якіх стаялі стэрэатрубы, скіраваўшы шкелцы-вочы ў поле, назіраў Чарняхоўскі за пярэднім краем удзень i ўвечары 22 чэрвеня. Абапершыся локцямі на столік, заклапочана думаў пра бітву, якая павінна была пачацца заўтра.

Поле наперадзе было маўклівым, загадкавым.

Колькі неспакойных думак прайшло ў галаве Чарняхоўскага, калі ён глядзеў туды.

Ці ўсё ён прадугледзеў, ці не забыў улічыць чаго-небудзь такога, што нельга абмінаць? Ці не здагадваюцца немцы, што рыхтуецца назаўтра, наколькі нечаканым будзе для ix гэты ўдар? Цяжка скрытна правесці такую агромністую падрыхтоўку! Ён мімаволі нецярпліва заглядваў наперад: як пойдуць заўтра справы, стараўся прадбачыць, дзе давядзецца, мяркуючы па вестках разведкі i па сваіх меркаваннях, асабліва цяжка...

Успомніў, чым жыў гэтыя два месяцы — незлічоныя паездкі ў палкі, дывізіі, арміі, праверкі, нарады, як змагаўся з абыякавасцю, з лёгкадумнасцю, вялікімі i дробнымі непарадкамі, як старанна вучыў камандзіраў i салдат. Усё, што мог, ён стараўся зрабіць для справы,— якія ж вынікі дасць заўтрашні дзень, бязлітасная праверка вайны...

Успомніў, што ўжо не раз спрабавалі збіць ворага з гэтых рубяжоў, асабліва пад Віцебскам, — але няўдала. Праціўніку ўдавалася ўтрымацца. Вядома, цяпер становішча, суадносіны сіл іншыя, — у нас тут зараз войск i тэхнікі столькі, колькі не было ніколі дасюль,— але памяць усё ж нагадвала тыя няўдачы.

Успомніў Маскву, кабінет у Генеральным штабе, размову з генералам Антонавым, які сказаў, што яго рашылі паслаць на 3-ці Беларускі фронт. Потым трывожна-радаснае пачуццё, з якім ехаў сюды...

Хутка вечарэла. Назіраць за полем было цяжка, бо сонца свяціла з таго боку.

Ён вярнуўся ў рабочы пакой.

Ад'ютант напомніў пра вячэру — ці падаваць. Камандуючы папрасіў падаць, але ён амаль не дакрануўся да талерак. Калі ўвайшла афіцыянтка, каб забраць пасуду, яна здзівілася: генерал нічога не еў... Ад'ютант са спачуваннем зірнуў на камандуючага: «хвалюецца вельмі».

Усю ноч Чарняхоўскі i яго штаб трымалі сувязь з арміямі, з усім сваім вялікім войскам. Вузел сувязі, абсталяваны на КПП, рацыі працавалі напружана, з поўнай нагрузкай.

Яшчэ раней у чаеці i злучэнні былі пасланы афіцэры аператыўнага ўпраўлення штаба фронта. Яны ў апошні раз правяралі гатоўнасць часцей да наступлення. Цяпер афіцэры адзін за адным вярталіся ў апергрупу i дакладвалі аб выніках сваёй праверкі.

Чарняхоўскі ўважліва сачыў за ўсім, што адбывалася на фронце, даваў ясныя i дакладныя ўказанні.

У штабах франтоў, армій, брыгад дапрацоўваліся апошнія дэталі, удакладняліся тэрміны, абставіны, сувязь пры агульных аперацыях. Да пярэдняга краю падыходзілі апошнія палкі i роты.

Авіяцыя зрабіла моцныя налёты на аэрадромы ворага ў Бабруйску, Мінску, Оршы, Баранавічах, Брэсце.

Доўга чакалі нашы людзі гэтай хвіліны. I вось яна надышла.

Чатыры франты — тры Беларускія i Першы Прыбалтыйскі — гатовы былі вось-вось уступіць у вялікую бітву. Агромністая армія, што займала чатырыста пяцьдзесят кіламетраў усцяж пярэдняга краю, застыла насцярожана, чакаючы жаданага слова каманды.

Наступала бітва за Беларусь. Над знявечанай зямлёй, над гераічным народам, што быў яшчэ па той бок франтавой лініі, вось-вось павінна была заняцца зара вызвалення. Яна займалася на ўсходзе, павінна была зліцца з ранішняй зарой, з усходам сонца.

Не пачало яшчэ святлець неба на ўсходзе, a ўвесь фронт стаў ажываць. У палках, узводах, на пазіцыях, якія яшчэ бераглі цішыню, апошнія яе хвіліны, — палітработнікі чыталі зварот Ваеннага Савета Фронта.

I заплёскалася ў ціхіх поцемках, завіравала, пайшла па ўсяму фронту, па артылерыйскіх пазіцыях, па аэрадромах, па пяхотных бліндажах i акопах, па стаянках замаскіраваных танкаў, па сапёрных батальёнах i аўтаротах, па складах i ў санбатах, па лясках, палях, ярах, — то ўголас, то — на самым пярэднім краі — пошапкі, каб не чуў яшчэ вораг, — радасныя, нястрымныя, рознагалосыя каманды, загады — да блізкай бітвы, да вялікага наступлення.

Яшчэ нiхто, акрамя франтавікоў, не ведаў, што надыходзіць вялікая, запаветная хвіліна. Не ведалі гэтага ні Ермакоў, ні Шабуніха, ні Ніна, ні Туравец. Не ведалі мільёны людзей, — не ведалі, але прагна чакалі тры доўгія пакутныя гады.

А артылерысты ўжо скідвалі з халаднаватых выносістых ствалоў i дульных варанёных тормазаў замасленыя чахлы, круцілі ручкі пад'ёмных i паваротных механізмаў, дасылалі снарады ў патроннікі.

Дулы гармат уздымаліея гнеўна ў неба, у заходні бок.

Пачыналася раніца.



2...

Аляксею здавалася, што світае марудна, — на дзіва марудна.

Увесь напоўнены чаканнем даўно-даўно жаданай, незвычайнай хвіліны, ён нецярпліва паглядваў на гадзіннік, на ціхае неба, па якому ўсё прасторней, усё пераможней разлівалася барвовая зара. Чым далей, тым больш пунцавела, разгаралася неба, i ўсё навокал яснела,— вачам адкрывалася маўклівая, мірная далеч. I палі, i лясы ад водсвіту зары былі ружаватыя.

Ужо з-за далёкага лесу пырснула сонца, пераліўчата зазіхацеўшы на расе вільготных кустоў, на ярка-зялёных, маладых бярозках, на прытоеных машынах, а ў прыродзе яшчэ панавала цішыня. Дзівосная, незабыўная была цішыня ў гэтую незвычайную раніцу, цішыня вялікага чакання.

Твар Аляксея абвяваў пругкі, халаднаваты вецер, што ледзь шапатаў у лісцях бяроз.

Раптам наперадзе яго, па ўсяму прастору, віднаму воку i схаванаму за ўзгоркамі i лясамі, загрукатала, забухала.

Праз міг паасобныя выбухі зліліся ў адзін суцэльны магутны гром. Адтуль, дзе Аляксей стаяў, не было відаць, як на нямецкім баку, за ўзгоркам, пачалі ўзлятаць чорныя грывы выбухаў, ускідваючы ўгару абломкі, стаўбуры зямлі. Ён бачыў толькі нашы гарматы з паднятымі стваламі, над якімі амаль бесперапынна ўспыхвалі імклівыя белыя языкі, віўся, уздымаўся сіні дым.

Каля гармат заўзята завіхаліся артылерысты.

Усё навокал грымела. Зямля калацілася, нібы побач праходзіла незлічоная калона танкаў.

Аляксей мімаволі зліўся з гэтым вялікім громам, яго напоўніла ўрачыстае адчуванне сваёй магутнай сілы. Нібы ўсё гэта гаварыла па яго загаду. Ён адчуваў сябе незвычайна, нявідана вялізным i моцным чалавекам, асілкам, для якога няма нічога такога, чаго б ён не змог. Адчуваць гэтую сілу i моц было вельмі радасна, так радасна, нібы зведваў ix упершыню, нібы не чуў артпадрыхтовак пад Курскам i Сталінградам.

Аляксей, здаецца, забыўся на ўсё. Напэўна, няма больш жаданай музыкі, чым гэтая. «Так ix! Каб помнілі гэтае балота! Каб помнілі гэты дзень!» — шаптаў ён сам сабе.

Гордым позіркам Аляксей пераглянуўся з Якавенкам, які стаяў каля яго: «Чуеш, а!» — запытаў ён вачыма.

Над узгоркам, што быў наперадзе, ад выбухаў выплыў i пачаў уздымацца густы, чорны, клубісты вал.

Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Яны ішлі нязвыкла ціха, нібы планеры: гул ix тануў у громе артылерыі. Ранішняе сонца весела паблісквала на ix нябесна-блакітных крылах. Трохкутнік за трохкутнікам праходзілі i праходзілі над лясочкам.

Неўзабаве яны вярталіся назад, спяшаючыся справіцца ў другі раз. А насустрач ім ляцелі іншыя.

З дрэваў, заўважыў Аляксей, ад грукату, кружачыся, ападала маладое, яшчэ клейкае лісце.

Поруч са старшым лейтэнантам стаяў камбат i некалькі афіцэраў. Усе маўчалі i слухалі. Колышаў быў асабліва ўсхваляваны, твар яго свяціўся амаль дзіцячай урачыстасцю.

— Вось такую падрыхтовачку паслухаць бы таму, у каго яшчэ чэшуцца рукі ваяваць з намі, а? — прамовіў ён на вуха Аляксею. — Можа, хутка адпала б ахвота лезці да нас!

— Нажаль, Колышаў, тыя, хто пасылаюць з вайной да нас, не чуюць гэтага. Адседжваюцца сабе, нягоднікі, дзе-небудзь у зацішку.

— Нічога. Я думаю, цяпер многія заракуцца. Вядома, такія, хто яшчэ не страціў зусім розуму ад нянавісці...

А вогненны ўраган усё грымеў i грымеў.

Нарэшце, агонь перанеслі далей...

На ўзгорак пачалі хутка падымацца цяжкія танкі прарыву. Яны перавалілі за грэбень i сталі адзін за адным знікаць. На ўзгорак узыходзілі другія. Недзе ўперадзе паднялася пяхота, яе не было відаць.

З-за ляска вырваліся некалькі груп штурмавікоў. Яны з рэвам нізка пранесліся i таксама зніклі за ўзгоркам.

Лагуновіч чакаў, што перададуць зараз i яго роце каманду — наперад, на зыходную пазіцыю, а там — i ў бой. Усё яго цела напружылася, сабралася. «Хутчэй бы толькі камандавалі!» — прыспешвала яго неспакойнае, нецярплівае сэрца, якое не любіла доўга чакаць. У грудзях было прывычнае перад боем адчуванне нейкан пустаты, калi іншыя пачуцці змяняе а дно — чаканне i прага блізкай бітвы.

Старшы лейтэнант акінуў позіркам сваю роту, нібы правяраючы, ці гатовая яна. Збоку здавалася, што ўсё было спакойна. Машыны, укрытая маладым алешнікам i бярозавым галлём, стаялі нерухома. Купкамі ля машын усюды віднеліся танкісты i аўтаматчыкі з дэсанта. Поблізу Аляксей убачыў прысадзістую ўпэўненую постаць Быстрова, поруч з ім неразлучнага Сонцава i падумаў радасна, што добра мець такіх салдат.

Гарматы раптам сціхлі. Аляксей не адразу заўважыў, што наступіла цішыня; угалаве яшчэ стаяў артылерыйскі гром.

Потым ён пачуў, што за ўзгоркам, як кіпень у вялізным катле, клякоча бой, трашчаць кулямёты.

— Вёска, напэўна, — прамовіў старшы лейтэнант,— перастала быць «нічыёй». Праворны са сваімі хлопцамі працуе ўжо недзе там... Больш не будуць сыпаць на яе жалеза.

— Ёсць такія вёскі, — адгукнуўся Якавенка, — якім дастаецца асабліва моцная порцыя жалеза i толу. Вернуцца людзі i месца не змогуць пазнаць. Перакапана ўсё па-новаму — акопы, варонкі.

— Пазнаюць! Цікава, што там будзе гадоў праз дзесяць. Цяжка проста ўявіць цяпер. На тым месцы зноў вырастуць хаты, i будзе там... чалавек хадзіць спакойна, не баючыся, што яго прашые куля ці асколак. Нашы акопы i той КП зааруць, засыплюць зямлёю...

— Тады, мусіць, забудуць, як мы тут стаялі, чакалі, што думалі.

— Будуць помніць. Усё, што мы робім, будуць ведаць. Кожны лясок, дзе мы былі, помніць будуць. Такога нельга забыць!

— А я думаю, забудуць, — заўважыў Якавенка.— Людына забувае, калі следу не застаецца.

— А гэта не наш след, Якавенка. Бітае каменне i кроў — гітлераўскі след. А наш след тое, што вырасце на тым каменні, акопах, усюды, дзе мы пройдзем. Гэты след будзе вечны!

Яны змоўклі. Аляксей сачыў за ўсім, што рабілася навокал, i чакаў,чакаў.

Адтуль, дзе кіпеў бой, пачалі насіць раненых. Ix было многа. Аднаго раненага танкісты Аляксея затрымалі i акружылі. Шырокая галава яго была перавязана бінтамі, над якімі кустом тырчалі русыя валасы, правы рукаў злінялай гімнасцёркі быў разадраны i падрэзаны, a забінтаваная рука вісела на марлевай касыначцы. На твары цямнелі палосы перамешанага з гразёй поту.

— Ну што там, зямляк?

— Што? Міны, дрот — кроку не ступіш.

— Ну, усё-ткі, нашы ціснуць?

Пехацінец павярнуў да таго, хто пытаўся, упарты, з кароткім аблупленым носам твар i прамовіў рашуча:

— Ціснем. А як жа! Пытаешся...

Прайшоўшы крыху наперад, нашы часці прыпыніліся, нібы не маглі прабіцца далей. Вораг, відаць, падкінуў падмацаванне. Потым бой пачаў зноў паволі аддаляцца. Аляксей услухоўваўся ў гукі бітвы i загараўся яшчэ больш. Яму хацелася туды, куды пайшлі ўсе, хоць ён i ведаў, што трэба чакаць сваёй пары, што хутка яна прыдзе.

— Колькі мы будзем стаяць тут?— запытаўся Колышаў нецярпліва ў Аляксея.

— Колькі загадаюць, столькі будзем стаяць. Відаць, чарга не наступіліа. Прыдзе — скажуць!

Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення i — колькі тут войск, людзей, што так, як i яны, яго рота, нецярпліва, парыўна чакаюць сваёй пары!..

Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Пасунулася далей, падскокваючы i пакалыхваючыся, некалькі павозак з боепрыпасамі.

Упершышо Аляксей падумаў, што ісці будуць яны вельмі доўга. Пачалі тут, а дзе прыпынак — невядома. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далека.

Раптам Аляксей убачыў непадалёк ад сябе земляка, якога ён затрымаў. Жывіца, у той жа мятай паддзёвачцы, з мяшком за плячыма, з бярозавым кіем у руцэ, пакульгваючы, ішоў услед за павозкамі.

— Вунь i Жывіца ў наступ пайшоў!— пажартаваў Быстроў i крыкнуў: — Эй, старшыня! Хуткасць павяліч, адстанеш!

Той азірнуўся на голіас.

— Ад каго адстану, а ад каго — i не!— адгукнуўся задзёрыста ён. — Вас з вашымі машынамі я i з кійком пераганю; стойце толькі даўжэй тут! — з усмешкай, весела пакпіў ён. Зняўшы шапку, дадаў:

— Бывайце здаровы! Бо мне часу няма.

Паправіўшы за наплечную вяровачку мяшок, Жывіца хутка пакульгаў далей. Побач з ім тарахцелі павозкі, якія паволі ўздымаліся на ўзгорак.

1

Маўчаць!

(обратно)

2

Што... што? Усіх!

(обратно)

3

Усіх!

(обратно)

4

Хто тут?

(обратно)

5

Дывізійны абменны пункт.

(обратно)

6

Пасведчанне.

(обратно)

7

Толькі для немцаў.

(обратно)

Оглавление

  • Іван Мележ МІНСКІ НАПРАМАК
  • КHІГА ПЕРШАЯ Хмары на світанні
  •   ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  •     Раздзел I
  •     Раздзел II
  •     Раздзел ІІІ
  •     Раздзел IV
  •     Раздзел V
  •     Раздзел VI
  •     Раздзел VII
  •     Раздзел VIII
  •     Раздзел IX
  •   ЧАСТКА ДРУГАЯ
  •     Раздзел I
  •     Раздзел II
  •     Раздзел III
  •     Раздзел IV
  •     Раздзел V
  •     Раздзел VI
  •     Раздзел VII
  •     Раздзел IX
  •     Раздзел X
  •     Раздзел XI
  • *** Примечания ***