Высакосны год [Хоку і танка] [Уладзімір Сіўчыкаў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Сіўчыкаў Уладзімір Высакосны год

Хоку і танка


Шляхетны стыль


Мілая, згадай:

Веяла цёплай вясной,

І вішні цвілі.

Калыхнуў я галіну, —

Белы цвет асыпаў нас.

Максім Багдановіч
Ёсць яна, ёсць (!) — прастора маральнай устойлівасці, у якой жывуць малюнкі разважлівых эмоцый і нараджаюцца адпаведныя гэтым малюнкам словы, і ў выніку з’яўляюцца запісы, пазбаўленыя непатрэбнага зместу.

Менавіта з прасторы маральнай устойлівасці прыйшло да нас нацыянальнае хараство, і прыйшлі тыя творцы, для якіх непарушны закон: спачатку неабходна стаць чалавекам, а потым ужо паэтам, пісьменнікам...

Палоннік гэтае прасторы, Уладзімір Сіўчыкаў напісаў кнігу “Высакосны год”, якой характэрна вабнасць дакладных занатовак, а таксама ўвага да сціплага, простага і чалавекалюбнага.

Кніга дастаткова тужлівая па інтанацыі, але ў тузе, як аднойчы заўважыў яе аўтар, жыве “нязведаная слодыч...”

І разам з тым душэўны склад “Высакоснага года” святочна-бачлівы.

Паэт успрымае будзённае жыццё, як свята, якое дадзена дзеля асалоды, працы і мастацкага асэнсавання.

Адсюль і разуменне: творчасць павінна быць менавіта святочна-бачлівай (г.зн. — дапытлівай).

Уладзімір Сіўчыкаў ведае, што творчасці шкодзіць шматслоўе і ўпэўнены, што ў спасціжэнні жаданага дастаткова некалькі радкоў.

Ён па-майстэрску выкарыстоўвае сціслую вершаваную форму і, цудоўна адчуваючы гукавую пластыку трох- і пяцірадкоўяў, пакідае ў чытацкай памяці яскравыя знакі запамінальнае красы:

Пралескі сумна
палетак аглядаюць
ля руін Крэва.
Новая кніжка Уладзіміра Сіўчыкава — своеасаблівы каляндарны сшытак, слоўны памінальнік, лірычна-прыватны дыярыуш, маляўнічы дзённік:

Пярэсты мятлік
і восенню хоча жыць
— п’е паспешліва
з хрызантэмы расінкі
марознаю раніцай.
Уладзімір Сіўчыкаў умее выштукоўваць узоры стылявой абачлівасці і кампазіцыйнай дыпламатычнасці.

Складнасць мыслення — выяўная рыса гэтай кніжкі.

Яна створана мастаком, якому ўласцівы шляхетны стыль паводзін, самавіты выгляд, паважнасць у гаворцы і маўчанні, этычныя адносіны да людзей, вера ў нацыянальнае хараство, шанаванне фамільнай прыгажосці, захапленне ўніверсальнасцю беларускай прасодыі, выбудоўванне свайго жыцця паводле сумленных правілаў...


Вясна


* * *
На крыжавінах
срэбных тэлеантэнаў
сумуюць гракі.
* * *
Стрэліў вугольчык
на бляху каля грубкі.
Стома сыходзіць…
* * *
У хвалях Плісы
цеплаэлектрацэнтраль
рабацініцца...
* * *
Дочкі заўзята
гуляюць у класікі.
Прасохлы асфальт.
* * *
Пралескі сумна
палетак аглядаюць
ля руін Крэва.
* * *
Прачыненая
грубка – ссівелы попел.
Рукапіс згарэў.
* * *
Сустрэў суседа
з паўнюткімі вёдрамі
пры Нехаёўцы.
* * *
Кроплі з-пад крана
марна ў бяссонні лічу...
Схібіў, зноў пачаў…
* * *
Звіняць жаўрукі…
Ляжу на ўскрайку поля.
Прыемна вельмі.
* * *
Бярозавы гай.
Смак гаркавых лісточкаў.
Важкі хрушч гудзе.
* * *
Нат і хвіліны
спакою не зазнала
маці ў самоце.
* * *
Шматгалосы гуд
базарнай Камароўкі.
Лопат галубоў.
* * *
Разгарнуў дзённік...
Дзень адышоў у нябыт,
бы кропля ў пясок.
* * *
Чытаю Басё,
Такубоку – скла-да-юц-
ца танка й хоку.
* * *
Як ніцавокі
жалезабетонны ДОТ
дзівіцца на рунь.
* * *
Свята, якое
штораніцы з табою, –
кубачак кавы.
* * *
На тратуары
малой малюю крэйдай
мажнога зубра.
* * *
Жоўты пясочак.
Пры Курапацкіх соснах
трасу будуюць!..
* * *
Валун халодны.
Багоўка на далоні.
Сяджу ля става.
* * *
“Добрая душа”, --
пачуў пра свайго сябра.
Ціхая радасць.
* * *
Імглістым ранкам
з-за хмар зірнула сонца.
У сэрцы радасць.
* * *
Спалоханай пташ-
кай з нагруднай кішэні
пэйджар заціўкаў.
* * *
Адзін у купэ.
Краявіды маленства
мігцяць за акном.
* * *
Дым над вадою…
На хвалях сноў вандрую
ў сваё маленства.
* * *
Сакавіцкім днём
зазірнуў у люстэрка
плыткай лужыны
і надта дзіваваўся
бяздоннасці нябёсаў.
* * *
Чацьвёрты сезон
не шчыруе суседка
на дачных сотках –
амаль не адыходзіць
ад састарэлай маці.
* * *
Вельмі прыемна
наўздагад разгарнуўшы
том старадаўні
ў алгарытме радкоў
родную пазнаць душу.
* * *
Штучныя кветкі,
велікоднае яйка,
кропля ў кілішку,
недагарак свечачкі –
нацюрморт Радаўніцы.
* * *
Мадэль якая
ў салоне гадзіннікаў –
механічная
або электронная –
пакажа шчаслівы час?
* * *
Гляджу скрозь шыбу
пасля доўгай хваробы --
пялёсткі вішань
фарбуюць дахі ў сцягі
бел-чырвона-белыя…
* * *
Ясна, відочна
выблісне думка ў паўсне.
“Ранкам згадаю…”
Прачнешся на досвітку –
знікла без следу! Шкада…
* * *
Вусце Жодзінкі.
Адарваў аерыну –
гаркавы прысмак
пяшчотнага парастка
нагадаў мне маленства.

Лета


* * *
Утульны дворык...
Першыя кроплі дажджу –
пахне асфальтам.
* * *
Сад занядбаны,
дол у пялёстках вішань.
Ветраны вечар.
* * *
Апала вішня –
і ў шарую гадзіну
дзень абярнуўся.
* * *
Ледзь дакрануўся
да дзьмухаўца – і адчуў:
вецер над светам.
* * *
Вадасховішча...
Вяслую ўздоўж чароту –
лапочуць качкі.
* * *
Стаю ў лоджыі.
Скончыўся цыганскі дождж.
Рыпіць фрамуга.
* * *
Сярод палеткаў
валуны пры трох дубах.
Рэзкі крык сойкі…
* * *
Закінуў вуду –
выпрабоўваю ўдачу.
Чакаю знаку…
* * *
Вільготны вецер.
Лунае цюль фіранкі.
Гучыць Вівальдзі.
* * *
Знікае ў цемры
ды зноў пад лампіёнам
кажан крыляе.
* * *
Валошку згледзеў --
і рады той сустрэчы
ў чужой старонцы.
* * *
Які шкіпінар
выгнаў цябе з-пад зямлі,
крот-небарака?
* * *
Закіпае джэм…
Восы апаноўваюць
мядовы вечар.
* * *
За каласочак
схапіўся для падтрымкі
ў хвіліну расстання.
* * *
Бензінавыя
вясёлкі на асфальце --
прайшла залева.
* * *
Мятлікаў палёт
абуджае паляну
ў сонечных промнях.
* * *
Вясёлка знікла,
і падалося раптам –
сябрук пакінуў.
* * *
Перад дажджом
паспеў накрыць дрывотню
рубероідам.
* * *
Зумкае ў цемры
камарыха-крывасмок…
Якая прыкрасць!
* * *
Ступіў у цемру
з-пад паветкі веранды…
Пах медуніцы!
* * *
Спякотны дзень.
Вераб’і купаюцца
у пясочніцы.
* * *
Натоўп вірлівы…
Пух ліпне, твар казыча –
цвітуць таполі.
* * *
Пакой паўцёмны,
напяты вэлюм гардзін –
дынная поўня.
* * *
Абрысы хмарак
відаць і праз шчыліны.
Ляжу ў адрыне.
* * *
Ускраек мора…
Аскепачкі бурштыну
знаходжу зрэдку.
* * *
Батанічны сад…
Углыб сажалкі адплыў
спалоханы карп.
* * *
Мелісы й мяты
назбіраў на гарбату
ў суботні вечар.
* * *
Перапыніся –
шапоча штось лістота
пад сонцам жніўня.
* * *
Усміхаюся,
скрозь вейкі пазіраю
на Барселону.
* * *
Мяккая ўсмешка –
павучок уверх папоўз
ліпеньскім ранкам.
* * *
Сонца з-за хмары
няпэўна пазірае.
Спорны грыбасей.
* * *
Фольгу з дзьмухаўцом
пад пляшачным аскепкам –
“сакрэцік” ў пяску –
паказваў я сяброўцы…
Колькі мінула гадоў?!
* * *
Белыя перлы
ружовымі сталіся
ў сонечных промнях:
на парэчках зіхацяць
кроплі грыбнога дажджу.
* * *
Сарваны ветрам
з вясельнага картэжу
паветраны шар
па бетоне паскакаў,
а на газоне… лопнуў!
* * *
Па-над кар’ерам
пры Валоўшчыне Малой
скавыча вецер.
Замаркочаны пясок
струменіцца між пальцаў.
* * *
Заслаўскі кірмаш
віруе гаманліва.
Дзесь непадалёк
сном тысячагадовым
забылася Рагнеда.

Восень


* * *
Імжысты ранак...
Зноўку пішу краявід
на пустым пляжы.
* * *
Густа чмель гудзе
ў медунічным водары.
Вечар верасня.
* * *
Можа прачнешся,
станеш спадарожнікам,
сонны матылёк?
* * *
Занядбаны сад
суседняга лецішча…
Бабця хварэе.
* * *
Збуцвелі кветкі.
Ападае насенне,
нібыта слёзы.
* * *
Асенні вечар.
Засунуў юшку ў печы.
Адпачываю…
* * *
Калючы ржэўнік.
Мусібыць да лецішчаў
палёўкі імкнуць.
* * *
Амаль нячутны
далёкі гул ад шашы…
Позняя восень.
* * *
Сёння болей на
гадзіну спацьмем – пера-
ход на зімні час!
* * *
Зграбаю лісце
пад слівай зашэрхлае
ў восеньскім садзе…
* * *
Іржэўнік колкі,
як зваротны шлях пакут.
Нудны краявід.
* * *
Паркан фарбую.
Саспелай вішні колер
заспакойвае.
* * *
Як і пазалетась
песціць маю далонь
глянец каштана.
* * *
Кінуў жалудоў
у фантан з жабоцькамі
старасвецкі дуб.
* * *
Дочкі шукаюць
каштаны ў лістоце
ў парку Купалы.
* * *
Згалелі клёны.
Вусцішнасць пануе зноў
ля сцен Каложы.
* * *
Крачаць вароны
па-над садам згалелым.
Восеньскі вецер.
* * *
Лысая гара…
Праглядаю пры печы
тоўсты часопіс.
* * *
Ветразь-парасон
мяне ўпотай штурхануў.
Стылая слата.
* * *
Венера-зорка,
напэўна ж, дзесьці й сёння
дзеці слёзы льюць?
* * *
Прывідным ранкам
прасакоча сарока
над лісцем глогу.
* * *
Кубак забыты
на цыраце ў альтанцы.
Мжака цярусіць.
* * *
Грэюцца коткі
на капотах машын.
Празрысты ранак.
* * *
На дым гаркавы
дзівуецца малеча.
Бульбоўнік паляць.
* * *
Апала лісце,
ды скрозь вецце яблыні
ледзь бачны кляштар.
* * *
Кошка-прыблуда
жаласліва яўкае…
Дачы спусцелі.
* * *
Пабагацелі
прыбіральшчыцы ў двары –
важкія гурбы
залатое лістоты
шторання намятаюць.
* * *
Аж да гарышча
па цаглянай сцяне плюшч
ускараскаўся!
Асфальт у лодачках
барвістых лісточкаў.
* * *
Мабыць, утульна
будзе ўзімку засынаць
і чайным ружам
пад лапнікам яловым
дый пахкім пілавіннем.
* * *
Заструменіўся
дымок па-над комінам
у хаце напроці —
напэўна ж, заначуе
Віталь Мікалаевіч…
* * *
Выкруцілася
на аўчынным халаце,
які я скінуў,
трохколерная Тайга…
Сніць роднасную блізкасць?
* * *
Ідзём далёка...
Хто падкажа, дзе канец
гэтага шляху?
З дрэў на зямлю сцякае
лісце бясконцым дажджом.  

Зіма


* * *
Глінтвейн згатую –
брат абяцаў пад вечар
з-за гары прыйсці.
* * *
Яшчэ імгненне
не раставай у хмарах,
кволы маладзік!
* * *
У творы чужым
угледзеў сваю думку –
прыкра і ўсцешна.
* * *
Кудзеркі хмараў
падсвечвае малочны
ліхтар месяца.
* * *
Святы – хвіліны,
калі адчуваю:
праца ўдаецца.
* * *
Яблык самотны
між галінак свеціцца
Бетлемскай зоркай…
* * *
Ранішні водар.
Джэзва вабіць спакусна –
кава з бальзамам.
* * *
Сённяшні смутак,
нібы шэрань, што ранкам
кладзецца ў двары.
* * *
Мо застануцца
нікім не пачутыя
словы і думкі?
* * *
Колькі сядзібаў
змянілі гаспадароў
на дачах! Сумна…
* * *
Ці не халодна
табе, плюшч, туліцца да
бетоннай сцяны?
* * *
Неспадзеўны снег –
святочны і маркотны
на смагардзе дрэў.
* * *
О, немаўлятка,
што табе прыснілася?!
Аж здрыгануўся...
* * *
Патушыў святло
і пачуў – снег падае.
Ноч па-над краем.
* * *
Воран вяшчуе
на бляшаным вільчыку
пра стылую ноч.
* * *
Зябкая вада.
Заснуць не можа мэва –
гайдаюць хвалі.
* * *
Паліклініка...
У стомленых паглядах –
цяжар чакання.
* * *
Гартаю альбом
на лецішчы пры грубцы.
Снежаньскі вечар.
* * *
Золкам марозным
гатую па-ўсходняму
каву з карыцай.
* * *
Жорсткая шэрань.
Па-за мною – доўгі цень.
Стаю самотны.
* * *
Малако з мёдам –
найсаладзейшы ўспамін
пасля прастуды.
* * *
Цень таго смутку
на плечы апусціўся
адліжным ранкам.
* * *
Няўжо й сёлета
сустракацьмем Новы год
зусім без снегу?!
* * *
Ва ўтульным крэсле
высцягнулася котка,
вурчыць ва ўнісон
са старою лядоўняй --
электрастатычны джаз.
* * *
Зноў не патрапіў
у ігольнае вушка
з першага разу!
Акуляры здымаю –
ніцавокасць мінае.
* * *
Дыхтавы шкробат
рыдлёвак на асфальце
пабудзіў мяне
сутонлівай раніцай.
Пэўна – ноччу выпаў снег!
* * *
Даўняя стужка
З-пад аўтаадказчыка.
Гукаюць да мяне
тыя, што ўжо адышлі –
Уладзімір Жыжэнка…
* * *
Лёгкі перастук
колаў на стыках рэек,
свіст электрычкі
чуваць марозным ранкам
з паўстанка “Зялёнае”.

Пра аўтара


Уладзімір Сіўчыкаў (Мінск, Беларусь)

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Жодзіне.

Мае адукацыі мастака і філолага.

Настаўнічаў, працаваў мастаком-афармляльнікам, журналістам, выдавецкім рэдактарам. Цяпер займаецца выдавецкай справаю.

Выступае ў друку з 1982 года як паэт, празаік, перакладчык і драматург.

Хоку і танка Уладзіміра Сіўчыкава друкаваліся ў газетах “Літаратура і Мастацтва”, “Наша ніва”, “Чырвоная змена”, у часопісах “Беларусь”, “Бярозка”, “Дзеяслоў”, у паэтычных зборніках “Круглы год”, “Лагодны промень раніцы”.


Uladzimir Siŭchykaŭ (Minsk, Belarus)

Born in 1958, in Zhodzina, Mіnsk Region. An artist and a philologist by education. Worked as teacher, designer, journalist and editor in publishing house.

Publishes his poetry, prose, translations and drama plays since 1982.



Оглавление

  • Сіўчыкаў Уладзімір Высакосны год
  • Шляхетны стыль
  • Вясна
  • Лета
  • Восень
  • Зіма
  • Пра аўтара