Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць [Алесь Разанаў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Алесь Разанаў Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць

Паэмы


Падрыхтаванае на падставе: Каб мелі шчасце ўваскрасаць i лётаць : Паэмы / Алесь Разанаў. — Мн.: Логвінаў, 2006. — 168 с.


ISBN 985-6800-20-Х.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

ПАЭМА ЖНІВА


Упала зерне —
і не ўзышло,
а што ўзышло — куколле заглушыла,
а што не заглушыла — выбіў град,
астатняе развеяў вецер...
Ці маеце што есці?..
Крумкачы
зляцеліся ад горада і вёскі,
нібы зацьменне, засланілі сонца —
і ў сэрца
учапіўся чорны цень,
і ў мозг пранік картавы і ўтрапёны
халдзейскі гоман: марная патрэба...
Ці маеце што есці?..
І звяры
з лясоў і нораў зграямі прыбеглі,
загойсалі ў дзівотнай пантаміме —
імпэт і хіжасць... хіжасць і пагоня...
Паветра нюхалі — прыспешвалі хаду,
разбойнымі зубамі ляскацелі
і скавыталі... —
халадзела кроў:
яна была ім і пітвом і хлебам...
Ці маеце што есці?.. -
Надышлі
з дарог вялікіх шумныя натоўпы,
бушуючы: відовішчаў і хлеба!..
І ўгору падымалі кулакі,
бы пагражалі невядомым страхам,
і калыхаліся —
як збажына пад ветрам...
Ці маеце што есці?..
Прыбрылі
з усіх бакоў нябогі і калекі —
жабрацкія палапленыя торбы
худой дзятвой чапляліся за шыі.
Надзённы хлеб ім быў недасягальны,
таму прасілі проста: што дасце...
Ці маеце што есці?..
Больш ніхто,
ніхто больш не прыйшоў...
Звяры і крумкачы,
натоўпы і нябогі атрымалі,
што прагнулі,
займелі, што хацелі...
А Сэнс усё пытаўся пра спажытак.
Народжаны ад хлеба, прагну хлеба.
Дзе затрымаўся сейбіт,
каб спытаць,
калі маё жніво пачацца мусіць
і што за доля вызначана мне.
Не ведаю —
гляджу і не знаходжу:
у іншых наліваюцца зярняты,
у іншых — плён, у іншых — моц і гонар,
бо неаддзельны хлеб ад чалавека,
і неаддзельнасць гэтая навек.
Мае палі найболей зараслі,
але — авохці — зараслі куколлем:
чаму куколлем і чаму мае?!.—
якая воля так наканавала
і знак які ўздзейнічаў на іх?..
Ніхто не скажа,
скажуць: адбылося,
што зробіш, адбылося, вось і ўсё...
Дзе затрымаўся,
дзе падзеўся сейбіт,
які б размежаваў і растлумачыў:
што мушу жаць, народжаны ад хлеба,
і што такое ўвогуле жніво...
А спелы вецер намаўляў: рыхтуйся,
а поўня нахілялася: рыхтуйся,
і камяні круціліся: рыхтуйся —
рыхтуйся неаслабна да жніва...
Нішто не гіне раптам і бяздонне,
заўсёды застаецца нейкі прынцып,
які сцвярджае жыта і зямля,
нат і тады, калі ўзрасло куколле.
Няма што жаць — а раздзімаю горан,
няма што жаць — а наразаю серп,
няма што жаць — рыхтуюся бяссонна
да выніку, да плёну,
да жніва...
Усё умеюць рукі,
а душа...—
рыхтую да жніва душу:
ў бязлітаснай надзеі выспяляю
і ў скрусе загартоўваю зямной...
Няма што жаць — а тэрмін як наступіць.
Будзь прывітаны сёння і заўжды,
будзь прывітаны блізкі і далёкі,
паглядаў не стае — убачыць,
і сэрца не стае — адведаць,
але цягнуся да цябе надзеяй,
адвечнай несмяротнаю надзеяй:
будзь прывітаны, час жніва.
Адкуль? куды я?..—
свеціць далягляд...
Адкуль? куды?..— вядзе мяне дарога...
Штовечару кладуся на зямлю,
шторанку падымаюся, каб неяк
прылегчы назусім і не падняцца:
падведзен вынік, скончана жніво...
Што зробіш, адбылося — скажуць людзі..
Пакуль жыву, хачу спасцігнуць сэнс
нябыту, і быцця, і прызначэння,
бо нездарма вяртаюцца шляхі —
нібы настаўнік паўтарае вучням:
твая дарога у табе самім.
Пасеюць мяне лішняга ў зямлю,
але калі што з асцюкоў паловых
усходзіла, каб жыць і каб жывіць?..
Дзе затрымаўся,
дзе падзеўся сейбіт,
які б нарэшце ўсім расплюшчыў вочы
і сэрца выбавіў з трывогі і тугі
і адказаў, якое зерне ўсходзіць?!.
Наперадзе і ззаду — невядомасць,
якая анічога не гаворыць,
як не гавораць тлен і пустата...
Дык для чаго ўсё цягнецца дарога,
дык для чаго і розум і вар'яцтва,
дык для чаго ствараць, і падымацца,
і разбураць, і плакаць для чаго?!.
Народжаны ад хлеба, прагну хлеба —
пакуль жыву, хачу спасцігнуць сэнс
дыханнем кожным, кожнаю крывінкай,
і позіркам, і крокам, і людзьмі.
З нічога паўстаюць не для нічога,
а для жніва — ці выспелю ўраджай?!
Я меркаваў: калі настане час...
А неабходна наставаць самому,
не жнец, а ніва — помню пра жніво...
Як цяжка падымацца ад зямлі,
чаму я не памер учора,
калі быў каля плену і ўраджаю...
Увышыні высока і бязважка
цякуць і не спыняюцца аблокі —
як цяжка падымацца ад зямлі...
Прайшлі учора па маім палетку,
па ніве, пабялелай да жніва,
прайшлі учора па прыспелай ніве
зноў тыя самыя, ўсё тыя жабракі.
Тут хлеб... тут хлеб мой...— я крычаў,
вы атрымалі ўжо сваё, вы атрымалі...
Яны не слухалі, ішлі і рвалі прагна
мае сцябліны...
А пасля — натоўпы...
Прыбіліся,
брылі, нібы з палону,
кудысьці вінавата і бязладна
і мармыталі: наш надзённы хлеб,—
і каласы сашморгвалі у жмені...
Тады — звяры...
Панура і трывожна
па збажыне цягнуліся, як быццам
прыпаміналі кут, куды памерці
паспець ім трэба...
Зяпамі зрывалі
і елі зерне разам з асцюкамі...
Пасля нахлынуў грай —
і крумкачы,
нібы сатрэсеныя, ўпалі з-пад нябёсаў,
крычалі: трэба...— і вілі з саломы
нязграбныя затуленыя гнёзды...
Заўчасна агаліліся палі,
мой ураджай жніва не дачакаўся
і разабраны плён мой дзе-куды...
Як цяжка падымацца ад зямлі
і жыць наноў, наноў араць і сеяць,
любіць і спадзявацца — ўсё наноў...
Чаму я не памёр учора?..
Навошта чалавеку гэтак многа
адводзіцца і ўвагі і прастору? —
ступай, дзе хочаш, ды не паступайся...
Настане вечар — стомлены кладзецца
заснуць і спаць і ўсё, што ёсць, забыць...
І спіць, і забывае,
але ўранку
яго абудзяць жыць выпрабаванні
і рыхтавацца плёнам да жніва...
Чаму жніво на мой плён не паспела,
паспее зараз — што я пакажу?..
Дзе затрымаўся,
дзе падзеўся сейбіт?..
Адно плывуць аблокі і маўчанне,
аблокі і шматзначнае маўчанне,
разгойданае крыкам крумкачоў,
выццём звяроў, усклікамі натоўпаў
і шэптам жабракоў...
А там, за ім —
як мог яго раней не заўважаць я,
чаму не заўважаў яго раней?!.—
свяціўся незнішчальны голас Сэнсу
і падымаў з зямлі непераможна:
Я хлеб ваш... я ваш хлеб... я хлеб жыцця.,
вяртаючы наноў выпрабаванням,
надзеі,
выспяванню
і жніву.

БЫЛО БАЛОТА


І
Як альшына мая — з-пад піл,
як вужака мая —
з-пад бота,
застагну,
упаду ў нахіл...
Напачатку было балота.
Не вядзьмарка — не ажыву:
як душа пакідае цела,
апантанасці і жніву
уступаю свае надзелы.
Па адстойніках і равах,
праз малыя і буйныя рэкі
паўтараецца даўні шлях,
мой апошні —
з вараг у грэкі.
Пераходзілі эры,
святло
пагасала,
і сутарэнні
нагрувашчваліся —
было:
першаснасць... першатварэнне.
Немаўленства сівой зямлі —
скамянее:
пасля спарону...
Навакольныя дрэвы знялі
свае велічныя кароны.
Бор далёкі вее бяду,
ахінаецца ў пыл і дрымоту...
Неспадобнае — адыду...
Напачатку было балота.
Вызначаючы цемру і бель
і жыццёвыя пуцявіны,
ўсцяж
праносілася мадэль
жыццядайнай душы буслінай.
Разляцеліся ўсе буслы —
расцерушыліся абяцанкі:
што насілі,
тым абняслі...
Бы кругі на вадзе — буслянкі.
Аднадзённы і хлеб, і век...
Нерухомее горада постаць...
На няўцямныя поспех і спех
наклікаецца цямная помста.
Наганяючы небыццё,
навастрыліся аэрадромы...
Хай вядома ўсім: леціце...—
залятаеце ў невядома...
З'явы звязваюцца ў чаргу,
надыходзяць
неспадзявана!..
Каб зыначыцца — не змагу,
выпадае: само не стану...
Далягляд, бы ў слязе, ў смузе.
Дзе шукаюць каровы напіцца —
хмара дольняя папаўзе...
Перасохлі мае крыніцы.
Разгубіліся пацеркі з рук —
журавіны...
Імшар сівее...
З раўнавагі — у збойны зрух:
прачынаюцца сухавеі.
Вымкне будучыня маной,
непадманная — засумуе...
Плача кнігаўка нада мной,
хто аплача яе самую?..
ІІ
Баламуцячы сілу ліхую,
сінявокі, як дзень, валхвец —
у балоце глухім валхвуе
экскаватаршчык Абравец.
Нібы здані з дрыгвы паўсталі...
На гнілыя калоды, на мхі,
на паганыя воды ссылалі
дух нячысты і дух ліхі.
Індульгенцыя на памылкі:
прэч з абседжанага жытла...
Быццам скончаны тэрмін ссылкі
ці амністыя надышла.
Пойдзеш коса ці пойдзеш проста
не натрапяцца грэбля і гаць...
На усе навакольныя вёрсты
вокі чортавыя глядзяць.
Булькаценне... пасма рудая...
павуцінне... кшакі... брыжы...
Ноч настане —
ад небакраю
наварушваюцца міражы.
Чорным дымам душаць дыханне,
белай немаччу цвіляць кроў,
сутыкаюць,
нібы ў яднанні,
скрыгат сталі і рык звяроў.
У крутыя звіваюць завівы
непадобныя паясы,
адчыняюць нябесныя злівы
і падземныя галасы.
Патаемныя твораць чары
з чалавечых дзей і высноў...—
І ўстаюць —
тут і там —
пачвары:
грозны перад-і пасляслоў.
То не вочы цямнеюць — вачніцы,
целы круціць і торгае шал,
і вар'яцкая ўсмешка шчыміцца,
агінаючы рота правал...
Абравец, ты ўздыхаеш, нямы,
і нібы ад нуды заразнай,
не адробішся ад думы,
доўгай-доўгай і невыразнай.
І балота з табою ўздыхае,
непрытомныя сны снуе —
быццам маці, закалыхае,
быццам мачаха, апаўе.
Пракаветны балотны нораў —
не заб'ецца, не ўздыме бунт...
Рассцілаецца: у пакоры,
адымае — ў пакоры — грунт...
Прахапляешся незвычайна —
захлынаецца ў твані карэц,
экскаватар хрыпіць адчайна...
Абрываецца Абравец,
вырываецца...
А назаўтра —
тросы вытрымалі б хаця —
экскаватар, як дыназаўра,
вынатужваць з небыцця.
Залучыла балота ўпотай —
ні двара ў цябе, ні кала.
Ды ўжо хутка:
было балота...—
і пра будучыню:
была...
III
Рай адняты —
будуем рай...
Каб усё ў адну долю звесці,
аблажыла балотны край
экскаватарнае нашэсце.
Стрэлы выцягнуліся здаля:
не дацягнуцца — сцягнуцца ніты:
ахне ўражаная зямля,
разарваная дынамітам.
Па сваіх законах цвіла,
стала мала такой карысці —
будзе служкаю ля стала:
ўрыхтавалі прыродзе выйсце.
Ўздоўж і ўшыр — ля нарэзу нарэз.
Па крамяных маіх світаннях
перасоўваецца прагрэс,
збалансоўваючы на сланях.
Безаглядна, як рэжа штых,
рассякаюцца краявіды,
выпрамляецца кожны штрых:
геаметрыя па Эўкліду.
Разлічылі —
куды падзець,
куды ўкласці імпэт і працу...
Захапляльна наўзбоч глядзець,
ды пакутліва азірацца.
Абравец, памарудзь... замры...—
цяжка ўеліся твае лукі
і ў цякучае цела зары,
і ў свінцова-газетныя друкі.
Твой здабытак табе чужы —
бы душу атачыла сажа...
Што адолена — адкажы...
Што знядолена — хто адкажа?..
...Ураўняліся яма і груд,
і дарога гудзе скразная...
Я прыеду ў знаёмы кут
і знаёмага — не пазнаю.
Буду доўга тлуміць брыво:
іншы голас...
іншыя людзі...
іншы вынік...—
а скажуць: было,
і пра сёння,
як некалі: будзе.
Ці хвалю яго, ці люблю —
ў ім бяссілле сваё і сіла...
У прызначаны час на зямлю
пераможнае
заступіла...
І саступіць...
Што на дварэ
усталюе назаўтра?., на потым?.
Што пакіне і што забярэ?
Напачатку
было
балота.

ПАЭМА КАЛОДЗЕЖА


Д з я д а л
Ікар, спыніся!..
Беднае дзіця,
ляціш, уладай крыл апанаваны,
сугучны крылам — быццам цеціве
сугучная страла...
Ікар, спыніся!..
Як свет стаіць, ніхто не перайшоў
мяжу бязмежжа і бязмер'я меру,
якія адначасна тут і скрозь
і ўперадзе на ўзмах крыла заўсёды.
Ты згубішся ў нябеснай вышыні,
зняможашся ў бязмэтным намаганні —
і ўсё адно не выбераш палёт,
і ўсё адно не вычарпаеш космас...
Цяпер спыніся...
Неба не для нас...
Пусты міраж бясплоднае пустыні,
вышэй за нас узносіць нас яно,
не памыліся...— ў гэтым небяспека.
Ці чуеш ты мяне?., ці пазнаеш?..
Не пазнае... не чуе...— ўвесь у крылах.
Куды яны нясуць яго?!. Нашто?!.
Далі багі мне ўменне дарагое
з драўніны... гліны... каменя ствараць
усё, што ні задумаю,
уменне
ўсялякія прылады вынаходзіць:
і вынайшаў я крылы — вось яны...
Яны ляцяць і сына майго зносяць...
А я, Дзядал, сачу яго палёт
і не магу палёту перашкодзіць,
нібы я быў — і вось ужо няма,
застаўся толькі сведка непатрэбны.
Што ён надумаў?..
Ён пра ўсё забыў:
ляцець услед — між небам і зямлёю,
між небам і зямлёй...
услед за мной...
Маё дзіця загубяць мае крылы...
О лепей бы нічога я не ўмеў,
О лепей бы не кратаўся нікуды:
бяссільны царскі гнеў мяне вярнуць,
а мой адчай — няшчаснага Ікара...
Яшчэ хвіліна — і растане воск,
І пер'е расцярушыцца...
Нясцерпна
мне пазіраць угору, дзе ніхто
не быў яшчэ дагэтуль, проці сонца
і проці сына —
беднае дзіця.
І к а р
Так і не так...
Мой аргумент — я сам...
Я жыў дагэтуль па чужых законах,
чужое ўмельства пераймаў бязмэтна,
турботаю чужою марнаваўся
і мудрасць, мне чужую, спазнаваў.
Цяпер я сам твару свой жыццяпіс,
дакладней, я жыву —
раней, здаецца,
я толькі прыстасоўваўся, згаджаўся
з агульным меркаваннем і тваім,
Дзядал, прыватна-падначаленым...
Калісьці
ты мне самому даў мяне — даруй,
што я і не падзякаваў ні разу:
няма ў нас звычкі дзякаваць бацькам
за тое, што мы ёсць і ёсць такія.
Даўно ўсе пагадзіліся маўчаць
і разумець: бацькі не адпаведны...
Таму даруй мне двойчы, бо цяпер
не за сябе зноў — дзякую за крылы,
за крылы, што дадаў ты да мяне...
Я большага за іх ужо не маю:
яны ўва мне — нясуць мяне, Дзядал...
Не за табой...— наводшыбе.
Я не ўмею
па абавязку жыць і паміраць,
адзіны абавязак мой — па праўдзе...
Я адчуваю: мы не ад сябе...
Забыліся: мы тут, але аднекуль...
Стараюся прыпомніць і амаль
намацваю прадаўняе: з палёту...
Нам тут не выжыць...
Высіцца — адсюль...
Дзівотны сон прымроіўся мне сёння,
у ноч перад палётам —
быццам я
хачу ляцець, а неба не існуе,
адно зямля, каменная зямля,
і я ў яе павінен падымацца.
Не крылы, а рыдлёўку мне Дзядал
дае і кажа: вось я што прыдумаў!..—
адменная прылада, ці не так?
Бяры, капай...—
і я зямлю капаю,
усё глыбей, усё больш неспатольна
і сам знікаю ў глыбіні зямной...
А зверху б'ецца цяжкі крык Дзядала:
навошта ты мінуў крынічны пласт?!.
Калодзеж мае быць куды плытчэйшы...
А мне здавалася: я пушчаны ляцець...
Затое ўжо цяпер не абуджуся
і гэты сон не дамся абарваць:
зямля — уменню, неба — над зямлёю...
Даруй, Дзядал, я долі не змяню —
занадта доўга жыў я нерухома,
занадта палка марыў ні аб чым,
каб зараз на сярэдзіне ўтрымацца...
Мне не хапае крыл ужо..,
Чакай...
Яшчэ не ўсё...
Не здрадзіў я палёту...
П е р ш ы г р а б а р
Спрачаюцца, даводзяць, наракаюць,
учора большы гэты, сёння той,
а праўда — быццам коўш — усё між імі,
а праўда — у няведанні: пры іх...
Не ведаю якраз і роўна столькі,
як гэта ведаю, а болей не магу
цяпер не ведаць,
некалі, магчыма,
калі, напрыклад, коўш апаражню
або наадварот — калі напоўню,
змагу не ведаць болей...
А пакуль
апаражняць напоўненае мушу
і напаўняць парожняе...
Ні мне,
ні іншым не ўдаецца абысціся,
каб абысці замоўлены заказ...
Я мушу і хачу, хачу і мушу,
але — каму?.. Не ведаю каму...
Каму я п'ю, жыву, каму капаю
зацятую зямлю...
Не мой адказ.
Ва ўсіх жыве няведанне, і ўсім
яно дарадца, ўсім і апраўданне,
яно ўсіх корміць, любіць, сцеражэ
і вучыць да калодзежа даходзіць...
А калі дойдзем — ён нас павядзе,
да самай праўды, праўды неаспрэчнай,
і праўдай станем мы:
бо не сабой
пазначаны —
пазначыць нас калодзеж...
Інакшае — рыдлёўкі і пласты —
адвольныя ў сваім судачыненні,
і грабары адвольныя, бы крык,
які не апускаецца з нябёсаў,
або маўчанне, што, наадварот,
ляціць сюды...
Калодзеж — не адвольны...
І час прыходзіць піць з яго ваду,
калі ніхто нікуды не прыходзіць...
Каб свет вяршыўся, мусіць быць найперш
і найпасля калодзеж непарушны,
няведання калодзеж...
Чалавек
заўсёды памыляецца ўсё роўна —
калі мяркуе, і калі крычыць,
і калі ўжо нічога не гаворыць...
Няхай жыве няведанне — яно,
адно яно не ўмее памыляцца.
Нябёсы разлучыліся...
Чым стаць
спяшаецца адлучаная частка?..
Д р у г і г р а б а р
Хачу вады...
Хачу вадою стаць...
Хачу вады...
Калодзежам глыбокім
спыніцца, дзе спыніліся цяпер
капаць яго...
Хто стане чалавекам?
Нас убіраюць нашыя сляды,
як быццам хтось пасоўваецца ззаду
і нам упадабняецца ўвесь час
і ўсё не аб'яўляецца на вочы...
Што ў чалавеку — сонца?., што вада?..
Нас хтосьці падмяняе... падмяняе...
і ўжо без нас тады-сяды жыве
і нават разважае аб рамёствах.
Як зберагчыся?..— сціснулі сляды...
А ў сонца і вады папераменна
застаўся эталон — кім трэба стаць:
хачу — вадой...
Хто стане чалавекам?
У нас — хаценне, а што хочам — дзесь,
але вядзе відушчае, бы рэкі,—
незразумела пальцам і вачам,—
даверцеся, нас нашае хаценне...
...І возьме, калыхнуўшыся, вада
і, ўзяўшы, абароніць ад падмены...
Не прыдаецца спадчына — гнятуць
і душаць крылы:
мроілася — ўзносяць...
Адрыньцеся — адрынуты сляды —
ад крыл і сноў —
апошняй перашкоды...
Калодзежам... вадою... будуць піць...
О, як імкліва, як пераканана
ляціць без крыл, хто меў іх кагадзе,—
ім не паспець...
Хто стане чалавекам?!.

ПАЭМА РЭХА


Адкуль слімакі — застаецца спрэчным і цьмяным. Дагэтуль не знойдзены іхні продак. Але, як пацвердзілі доследы, маецца ў іх надзвычайная функцыя: ўтойваць і помніць.

Ты сам сябе помніш толькі такім і размову, з якой ад цябе не хаваліся: сам зразумее, бо як яму растлумачыць?!. Сам зразумее найлепей, што ён такі. А маці, калі на цябе азірнулася, як напалохалася: ён усе разумее, што мы гаворым...

Зноў прыдаліся пляскатая трэска і круглы крапчасты камень — ты з імі гуляў, і табе было добра: тое ўжо не балела, бы некуды знікла, як знікла, калі ты аднойчы парэзаўся шкельцам, кроў на пальцы — сама, без цябе, без тваіх намаганняў...

Ні тая пляскатая трэска, ні крапчасты камень, ні матылёк, за якім ганяўся, ні вашы — як думаў — буслы на пуні нічога табе не сказалі: ні ў чым не было чужога.

Потым ты бавіўся з дзецьмі ў пульхным дарожным пяску — падкідвалі прыгаршчмі ўгору: а на каго ўпадзе?!. Падкідвалі і адбягалі, падкідвалі і крычалі: ...на каго бог — на таго і я... І ты адбягаў, і крычаў таксама, і не зважаў: на цябе найбольш...

Зграбалі пясчаныя кучы, усе ў цябе атрымлівалася, як і ў іншых, але калі паспрачаўся з-за кучы — хто большую кучу пяску нацёгаў,— суседскі хлапчук замест доказаў крыкнуў зламысна: Карпеч... І дзеці, паўскокваўшы, падхапілі: Карпеч...

Ты здранцвеў... разгубіўся... пабег дахаты, а ззаду крычалі адно і тое ж: Карпеч...— пачварнае, недарэчнае, несправядлівае слова, але гэтае слова было пра тое. Ты бег і не плакаў — да тых, што заступяцца: о тата!., о мама!..— да іх... Што выправяць, каб усе было добра, што абароняць... А каля ганка раптоўна спыніўся: прыпомніў іхнюю гутарку і штось зразумеў, і тады заплакаў, і плакаў, прыпаўшы да ганка... А слова, запаўшы ў цябе, узышло і намацала самую сутнасць — о дзіцячая правата і дзіцячая жорсткасць!..

Разглядаючы ракаўку, неабходна зважаць на ўсе ямкі і ўзгоркі. Няма ў ей нічога лішняга: як агульнаю формай, так самаю дробнаю зморшчынай — усё неабходнае. Па знойдзенай ракаўцы можна заўжды здагадацца, як называецца гаспадар...

Не цябе заўважалі — твой горб, не табой пагарджалі — горбам, а цябе шкадавалі: няшчасны лес, а ён жа яшчэ малое... І стаўся лёсам тваім горб, і лёс твой з ім стаўся... Твае аднагодкі ў лёс забаўляліся, а ён — калі непапраўна... калі незваротна... Калі адна кропля, каб разлілося, калі адзін момант, каб назаўсёды... Кім хочацца стаць вам? Таму — чэмпіёнам, таму — лесніком, а таму — генералам, але нікому — гарбатым... Ну, а ты не хацеў быць нікім, ты хацеў быць звычайным вучнем. І болей нічога... Нічога болей.

Раслі твае аднакласнікі і раслі аднакласніцы, а ў цябе рос горб — нібы жывая істота, цябе высмоктваючы, нібы рука штукара, камечачы і ўбіраючы... Ты адставаў: даганялі цябе маладзейшыя і адштурхоўвалі... адціралі... А спрабаваў бараніцца — не здолеў, толькі адчайна ўчаперваўся доўгімі гнуткімі пальцамі: яны вырываліся, апярэджваючы...

Ты быў ім усім апраўданнем у іхніх няўдачах і скрухах: ...у Карпяча яшчэ горш...— самы нявартасны, стаў ім апорай... З верхняга пазванка вырасла галава, а са спінных — горб, і ён, незаўважна ўсім, прыўзняў цябе над усімі... Ты стаў разумець, што і ты можаш мець перавагу, і меў тады перавагу: ва ўсім, але толькі не ў целе...

У кожнай частцы чалавечага цела паўтараецца ўвесь чалавек, царства жывёл паўтарае яго таксама... Галава паўтарыла тулава — што паўтарае горб?.. што адбіваецца ў горбе?.. Чым багацейшая ракаўка на прыкметы, тым болей адметны слімак.

Вабіла вельмі цябе — у чым сам быў ушчымлены — цела: мужчынскае і жаночае, стрункае, моцнае, круглае цела... Нібы звярок у аблозе, таіўся і цікаваў, як на пляжы пануе і множыцца цела: запаўняе ваду, і зямлю, і сонца, цябе выцясняючы, цела... Знаходзіў на беразе ракаўкі, трушчыў і назіраў: канае жывое і слізкае... А дзе было пуста — думаў: куды дзяваюцца слімакі?.. Куды дзяваюцца слімакі з ракавак?..

З году ў год расце ракаўка — страшная пастка, якая сціскае, бязлітасна скручвае слімака і прымушае звівацца ў спіралях. Спіральная форма ракаўкі спачварыла слімака: яна не падпарадкоўваецца асноўнаму закону жывёльнага свету — двухбаковай сіметрыі...

У чым справядлівасць — што людзі жывуць або што паміраюць?.. У чым справядлівасць для іх і ў чым для цябе?.. Каб усе былі роўныя або гарбатыя — і справядлівасць была б аднолькавая, і ці можа быць не аднолькаваю справядлівасць?!.

Маці казала: ...ёсць рай і ёсць пекла. Хто на зямлі пакутуе — будзе ў раі... Але не сказала — якім... у якім абліччы: гарбатым ці простым, з памяццю ці без памяці, сабою ці не... А ты забаяўся спытаць і паўтарыць пытанне: у чым справядлівасць?!. Калі гарбатым — у чым?.. І не гарбатым — у чым?..

Слімаку аднолькава шкодзяць і лішкі вады, і засуха. Таму і паводзіць ён, быццам капрызіць: то ўзлазіць на дрэва або сцяну, то поўзае па траве вільготнай — то Сцыла, а то Харыбда...

З памяці выраслі рукі твае — не з цела, доўгія рукі, і ты не па іх, а памяццю сталі вада і бераг і апусцелая ракаўка ў форме рэха...

Паўзе слімак па дарозе, якую сам пракладае: слізіць... слімачыць... Калі пакласці яго на попел — а слізь не бярэцца да попелу,— ён спыніцца, ўздыбіцца, а потым схаваецца роспачна ў ракаўцы і будзе чакаць пакорліва смерці... Па следзе сваім слімак знаходзіць дарогу да месца свайго жыхарства, нават калі запаўзе далёка...

Доўга ты бачыў адну толькі розніцу, жорсткую розніцу: быў ты, былі іншыя, быў ты і была дасканаласць, быў ты, і быў Бог, і была розніца ў падабенстве... Па чыім падабенстве ты вырас, па чыім падабенстве ты рос, па чыім падабенстве ты нарадзіўся?! У дасканаласці — форма рэха...

Ты ўзіраўся ў людзей... Ці адпаведныя людзі жыццю?.. Ці адпаведныя целы натурам?.. У каго не стае рукі, хто кульгае, хто кепска чуе, хто без вока — а разам калекі... Але ты і між іх незвычайны: у іх аднята, табе прыкладзена...

Неяк спаткалі вы Юлю, сляпую Юлю: самую ганьбаваную і занядбаную ў вёсцы, не прамінулі — смяяліся, а ты быў наперадзе... Адзіная ў вёсцы зямлянка — Юлі, адзіная, хто па хатах пабіраецца — Юля, у Юлі — два Кулічы, а ў іх ніводнага бацькі, і вока адно — у Юлі... Спынілася Юля і стала клясці вас — хваробай і смерцю, вы сумеліся і адступіліся, а яна ўсё крычала: ...вы горшыя за мяне, а Карпеч ад усіх найгоршы...

О, як ты пасля адцураў і сябе і сваіх сябрукоў — быццам смех той з цябе быў... Заможны Юлін сусед хадзіў у царкву акуратна, а Юля — калі-нікалі... І ён яе ганіў: паслаў Бог суседства... Ганіў, чаму не хадзіла, а чаму хадзіла — найболей, і проста так ганіў — бо Юля... Ягоныя дзеці выносілі словы з хаты, дражніліся з ёю і снег закідалі ў комін зямлянкі... Ніводную ў вёсцы дзяўчынку дасюль не назвалі Юляй і, пэўна, не назавуць: Юліна — Юлі, табе — Карпячовае і слімаковае — слімаку...

Па слімаковых рэштках можна дазнацца пра ўмовы іх існавання, прычыны ўзнікнення і гібелі. Незаменныя дзеля гэтага ракаўкі: яны добра захоўваюцца шмат мільёнаў гадоў.

Куды паміраюць людзі? Куды паміраюць людзі?.. Куды паміраюць людзі?!. Нават зямля не схавае і не паправяць стагоддзі, што ты быў гарбаты... Часова — навечна: вечная памяць у форме рэха... Ты вырастаеш з памяці...

Ты вырастаеш са смерці: смерць — калі помніш. Што помніў вясковы фельчар: двойчы вымалі яго з пятлі, на трэці раз не ўсачылі?!. Што помніла Юля сваёй слепатой?! Што помняць людзі, калі смуткуюць?! Што помніш ты непазбыўна?! Смерць —калі помніш... І форма рэха...

Ты скончыўся не пачаўшыся — для роўнасці і для паўнаты... Пакарабачаная змястоўнасць, што ў ёй засталося ўліўшыся, а што разлілося і разліваецца? Якім бы ты быў, каб не быў Карпячом?.. Якім бы ты быў?.. І калі не быў Карпячом, якім тады быў ты?.. Надтачылася думка твая: ты памёр і ўваскрос, быў нічым, а ўваскросшы, стаў нечым — стаў жывым, стаў гарбатым, стаў Карпячом... Калі быў жывым ад жывых, зайздросціў жывым і жыўшым — у іх усё добра і добра было, бо ўсе ў іх па-чалавечы, а стаўшы жывым ад мёртвых — раптам напоўніўся, што жывеш... Ты нараджаўся другі раз — праз рэха, а нараджалася рэха праз горб...

Што ні думаў пра горб — станавілася горбу вядома: калі змрочнае і варожае — адбівалася на табе, калі блізкае і шкадуючы — ён цябе шкадаваў узаемна... Ты ўхіляўся і тузаўся, не жадаючы гэткай прыязнасці, і ўсё думаў, як станеш хірургам, і пазбавішся ўрэшце ад горба, і адкажаш прыязнасцю на прыязнасць, і па прыязнасці жэнішся... А пра тое, што думаў горб, і ўявіць не рашаўся...

І прарочы есць тып... Як арган — новы орган... І калечыць, і мучыць, і функцыя дзіўная: прадвяшчаць, што з'яўляецца... прадвятячаць, што ўзнікае... прадвяшчаць новы тып: слімака... чалавека... і новую функцыю...

Абвастрылася думка — як скальпель... Што хацеў — у ей адбывалася: ты ў ёй гінуў... у ёй быў зямлёй засыпаны, і магіла твая была трэцяй ад плота, і рос бэз, і былі агароды блізка... Ты ў ёй жыў і мяняўся: то дзёрзкім асілкам, то каханкам нястомным, а найчасцей слімаком прыбярэжным... Як бяссільны ты быў не ў думцы, але думка таксама пакуль што была бяссільная...

Хірург, ацаліся сам... Ты будзеш разрэзваць, і сшываць, і шукаць ва ўсіх горб і разгадваць сутнасць горба, адмаўляць і сцвярджаць — і нічога не зможаш адмовіць і сцвердзіць: усё далей і вышэй — о, вышэй і далей!..— перасоўвацца будуць парогі жыцця і твайго меркавання...

Адляталі буслы і вярталіся — быццам мелі ў прасторы сваю дарогу... А пашкоджваўся вусень — матылёк нараджаўся пашкоджаным... І назіраць неба, і прадказваць вецер або навальніцу, і абставіны ўсемагчымыя, і знаходзіць зёлкі сабе ад хваробы... У руцэ нерухомага Шывы — пустая ракаўка...

Слімак ні на хвілю не можа расстацца з ракаўкай, хіба што — калі памірае... Куды слімакі паміраюць?!.

«Да ўвагі... На беразе N-скага возера нехта пакінуў адзенне з абуткам і споднім... Мяркуючы па адзенні, уладальнік яго быў гарбаты... Дакументаў не аказалася...Тамсама ляжалі круглы крапчасты камень і ракаўка слімака... Асобаў, якім што-небудзь вядома пра ўладальніка гэтых рэчаў, просім паведаміць у аддзяленне міліцыі...»

Куды дзяваюцца слімакі з ракавай..

Смерць — калі помніш...

ПАЭМА РЫБІНЫ


І

Паехаў бацька, куды, не сказаў — паехаў: можа, ў Сашыцу, можа, ў Куроўшчыну, а можа, ў Нарутавічы, паехаў адранку бацька — вясковы анучнік, і яшчэ не вярнуўся.

Буду стаяць, расчыніўшы вароты, на апусцелым падворку, і пакуль зусім не сцямнее, буду сачыць праз платы ў два бакі вуліцы: адкуль выедзе воз віхляваты — на возе бацька, а гняды конь стомлена-шпаркі.

Яшчэ я заўважу, ці поўна ў драбінах: анучы, пакулле, косці, алюмініевыя чыгуны... Калі поўна — тады і бацька ў гуморы, калі не — не ўгадаю...

Уязджаючы ў двор, старахціць нешта гучнае воз... Рассупоню ўмомант каня, па спіне пагладжу — ці потны, а ён будзе цёпла мне дыхаць у твар і стаяць нецярпліва.

Пад паветку закіну дугу, і хамут, і лейцы... Бацька будзе гадаць-меркаваць, дзе пасвяцца коні: альбо за бродам, альбо ў альшыне, альбо яшчэ дзе — калі перагналі за сёння. Здыме з воза бязмен і свой падарожны куфэрак — з ніткамі, грабянцамі, з парцяной і суконнай фарбай, губнымі гармонікамі ды хусцінкамі — і панясе ў хату.

А я той парой ухаплю пацёртае пута і ўскінуся на гнядога. Па вуліцы будуць утульна свяціцца вокны, і трохі відаць будзе — што там... Шчасліва і неразборліва буду думаць-успамінаць, як напаю каня ў рэчцы, як заўтра ў школе спаткаю дзяўчынку — такую, бы веюць таполі, як, вярнуўшыся, зачыню вароты...


ІІ

Смуга вечаровая — у смузе навакольныя вёскі, якія ты прамінуў, прамінаеш альбо яшчэ прамінеш.

Нечакана аціх дзень — і зверылася нечакана, што ўжо нікуды не дзенешся, будзеш ехаць, як ехалася, падзяляючы дзень з усімі, хто сустракаецца, з небам, з травой прыдарожнай, з канём гнядым.

Пра што пыталіся людзі, пра што гаварылі? — нібы і помніш, а ўсё прыпомніць ніяк не можаш: ва ўсім было падабенства, у розным было адно — і ўжо смугою акрылася.

Увіваліся дзеці, мужчыны сыходзіліся дзеля размовы, зазіралі ў куфэрак з таварам кабеты — і неслі з двароў, што было ім калісьці патрэбна, а цяпер перастала, і ты забіраў: старое, нявартае, папсаванае...

Клікалі дзедам і не ўяўлялі, што й ты быў інакшы: быў горды ў слове і ў кроку і любіў казаць: потым... ва ўсім разбярэмся потым... І вось разбіраешся, і не горды, і воз калываецца па дарозе.

Адзін аргумент дадаецца, другі адымаецца, і ці апошні найбольш праўдзівы?!. Рахмана гняды тупаціць, а перад ім быў сівы: пашкадавалі на бойні — вывелі з-пад абуха, і быў яшчэ адзін сівы — з хворай панылай шыяй, і быў вараны, наравісты, а сёння апошні твой конь...

Да восені — і развітаемся...— вырашанае варушыш... І развітанне нязвыклае будзе, бо разам з гнядым развітаешся з імі ўсімі, і хто ведае: можа, якраз іхнія косці ты зараз вязеш на возе.

Яшчэ развітаешся з тым, што не сталася: яно і назвы сабе не мае — авохці, не сталася, і, як перад полем асеннім, перад сабой паглядзіш адкрыта.

І, можа, нарэшце прызнаешся, у чым нікому не прызнаваўся: усяляк выпадала, а выпала ўсё ж не гэтак... О як ты лёсу свайму пярэчыў, о як на яго спадзяваўся пярэчачы: вывезе... І біў нізавошта каня, і лютаваў у хаце...— Па незнаёмай мясціне цягнецца воз анучніка.

Які з цябе быў гаспадар — і над сабою не ўладны: то чорная скруха, то бесклапотнае блазнаванне, то непрабудныя п'яныя тыдні, калі ўсёй хаце балючы і невыносны, то хворы — не адарвешся ад ложка.

Умеў распачаць і не ўмеў давесці: застаўся на пляцы плот неацеслены, у хаце падлога наскора ўсланая, а на падворку падмурак да нейкай будовы, якой так ніхто і не ўбачыць.

І крыўду на маці сваю гадаваў як сабе апраўданне — бязлітаснае апраўданне, што ты такі... А на яе пахаванні начамі сядзеў не сплючы, лісты чытаў зберажоныя — у клетачку і ў лінейку, а там пра цябе ўсё — пра мужа і бацьку... Нібы старонні, сябе перачытваў, а прачытаўшы, паліў і плакаў...

У маўтгазенаўскім крэматорыі згарэў твой нумар: незнаёмы нябожчык памёр за цябе таксама, і яго тайком пераняты нумар, нібы язык полымя, нібы пасма дыму, кранаў цябе да самага вызвалення, як зараз краналі лісты пра цябе...

Каму б ні прыйшлося, радзіў: і што казаць старшыні калгаса і што не казаць, радзіў, куды падавацца з рублём, а куды са скаргай — нібы пабываў усюды, і толькі сабе не нарадзіў нічога. Калі было шмат — не трымаў, і ні ў чым не ўтрымаўся, усё спахапляўся: нават з анучнікаў адлічалі — судом заступіўся, нават застолле не цешыла — цяжыла...

З кім ні раўняўся — не параўняўся: мяняліся шапкамі, але ўсё роўна сваю знаходзіў, і свае чобаты, і ватоўку, і рукавіцы, якія сам сабе шыў... А можа, няварта было спахапляцца, а можа, няварта было перайначваць час?!.

Дома цяпер амаль не трывожаць — скарыліся: дроў не хапае... сена не косіцца... гніе бярвенне і конь марнуецца стойма...— але сабралася пры табе і з табой вандруе трывога: чаго не хапіла ўсё-ткі?

Аднойчы згубіў ты ключы ад крамы — быў крамнікам, хадзілі шукаць іх усёю хатай: па розных баках, па розных закутках, дзе ты быў напярэдадні — і адшукалі... А як растлумачыш сёння, дзе быў і што страціў?

Прыгадваюцца аднавяскоўцы, якія памерлі, як і ты сам хацеў бы, раптоўна: адзін — калі вывеў калоць вепрука, другі — ідучы ў сябрыне, бы ён паслізнуўся...

А недзе — ужо за смугой — нязбытнае адчуванне: ты спіш у кусце чаромхавым, а на падворак прыйшлі па цябе з абрэзамі... Пытаюцца ў маці, шныраюць, а сонца пахнюткае і густое, і ты ні за якую справу яшчэ не браўся.

«Знайшлі б — зрасходавалі б»,— паабяцалі... Не паслізнуўся тады твой лес, тады не здзівіўся, а зараз дзівуешся, тады быў упэўнены: так і трэба, а зараз не ўпэўнены, тады больш адказваў, зараз — пытаешся...

Апраўдваўся — звінаваціўся, дамагаўся адменнага ладу — і простага не дамогся. Струхлела бярвенне — на дровы парэзалі, не ставала сена — кармілі хлебам скаціну.

Неабходна заворваць поле, неабходна разворваць, станеш іначыць — і прападзеш... О як табе — і не жадаўшы таго — іначылася: заўжды прападаў, шанцавала часам.

А прызнавалі — цешыўся. Доўга не мог нахваліцца і цяпер не дахвалішся, якую ўдалую вывеў печку: хадзіце, глядзіце, а нават не ведаў, што ўмею... А ад таго, што рупіла, што вымагала ўвагі, як назнарок адхіляўся ў неймаверны, ў далёкі клопат.

І прыпавесць нам расказваў аб рыбаках і рыбінах: усе лавілі звычайных і толькі адзін незвычайную, усе вярталіся з рыбаю, а ён ні з чым... Кпілі з яго, жартавалі з яго, а ён разлічыў найлепей: калі ёсць звычайная рыба, павінна быць незвычайная, і, значыць, хто ловіць яе, той зловіць.

Так ён лавіў, і састарыўся, і знямогся — і тады засмуціўся-засмуткаваў, бо тое, што ловіцца ў вечнасці,— яшчэ невядома, ці зловіцца ў век. Няхай недарэмна лавілася — ён сам дарэмны, ён сам без нічога... І думаў, што сёння і рыбіна тая не пераважыць яго надзей.

А яна прыплыла — па абавязку незразумелым... Як гутарылі — невядома, але вядома — сказаў ён: узнагародзь... А яна адказала: ты ўжо ўзнагароджаны. І калі ён ішоў дадому, з яго па-ранейшаму кпілі, бо ён быў ранейшы: у той жа ватоўцы, чобатах, шапцы, якую сам ён сабе пашыў... Але галоўнае ўжо адбылося, ўжо вестка яму далася, што ён недарэмна лавіў, што злавіў найбольш... Ва ўсёй акрузе ні ў кога нідзе не было такіх вагаў і мерак, якія змаглі б замераць яго штодзённую рыбу... О, наша штодзённая рыба, нямая рыба!..

Як неўзабаве сцямнела... І блажыцца... І ўжо не разгледзіш, куды забрылося... Што скажаш, гняды?.. Ты апускаеш пакорліва лейцы: куды-небудзь мусіць давезці апошні конь, куды — яму лепш вядома...

Калосіцца жыта... Абапал дарогі калосіцца жыта, знянацку заспетае — і вы грамадой каля жыта пад аўтаматнымі рулямі, а ты асобна — ў бялізне: па вопратцы і паставе прызналі, што нетутэйшы, і ўсе разумеюць, што ты сапраўды ўжо амаль нетутэйшы...

Скруцілі табе тытуню ў цыгарку і неўпрыкмет падкінулі: аб роў абапёршыся — курыш... Магічна пасоўваецца паясок агністы, і ўсёю ўвагай, якую займалі такія розныя рэчы, цяпер яму аддаешся. Перасунецца ён дарэшты, і апынешся ты сам-насам перад нечым няўмольньм і патаемным, з чым не ўмеў абыходзіцца, перад нечым відушчым і ведаючым, ад чаго засланяюцца людзі зямлёю, і целам, і ўсім жыццём і не адважацца засланіцца. Як затрымаць паясок, не згубіўшы?.. Не затрымаеш — курыш: то прагна зацягваешся, то марудзіш... І бяжыш апантана па жыце, а яно тузаецца пад нагамі, і па твары сцёбаюць узбураныя каласы...

Колькі разоў ты хацеў вярнуцца ў той чаромхавы сонечны куст, у той роў, дзе курыў і не мог накурыцца, у тое жыта, у той чэрвень... і жнівень... і люты...— а ўсё не ўдавалася, быццам тая відушчасць узнікла між вамі і знікаць не хацела...

Заносіла снегам хату, чырвонае сонца вісела цяжка і поўна, па шкле квітнелі марозныя ўзоры, і што было неабходнае, а што не? Ты грэў у печы цагліны, загортваў у рыззё і клаў нам у ногі нанач. І ўсё, што рабіў, было самым-самым, а што не рабіў, небыло ніякім.

Курыў свае папяросы і памагаў нам ва ўроках: у сястры арыфметыка і ў мяне арыфметыка, але ў мяне задача аб рыбаках і рыбінах, і загадзя — адказ... Рашалася — не рашылася, і тады мы рашылі па-свойму, насупраць адказу — і незвычайная рыбіна была прыплыла да акна.


III

На самым світанні — і не пачулі — вярнуўся бацька, сам гнядога распрог, сам занёс пад паветку збрую, сам знайшоў, дзе пасвяцца коні, і яшчэ раз вярнуўся, і зачыніў вароты.

ПАЭМА СЛАНЕЧНІКА


Бо зямлёй завалодаюць... І не зашчэплены дзверы, а ў хаце маўкліва і безгалоса — ау, Тэкля!.. Недзе блізка, мо побач, Тэкля і не чуе, што я прыехаў...

Так склалася і зацвердзілася: не прыкмячалася Тэкля сваёй прысутнасцю, адсутнасцю прыкмячалася... Хто стане здзіўляцца, што ў хаты ёсць дзверы, у поля — сланечнік, у неба — сонца?.. Здзівяцца, што няма. З Тэкляй было ўсё ўпору: сонца... сланечнік... дзверы...— а без яе пуста.

Пра каго ні язычылі ў вёсцы? Хоць якія, а ўвага і перамовы...— а пра Тэклю? А што пра Тэклю?.. Пацепнуць плячыма: Тэкля як Тэкля, нічога новага,— быццам жывою лічылася, а сапраўды не жыла...

Кожны нешта меў для сябе і бярог для сябе: хто маёмасць, хто грошы, хто ўборы, хто веды...— ашчаджаў, памнажаў, раўнаваў... Толькі Тэкля, штодня і заўсёды,— нічога: ашчаджала не для сябе, памнажала не для сябе, раўнавала не для сябе: проста так — для зямлі, для жывёлы, для птушкі, для дрэва, для хаты, для нас...

Каб згубіць што, здаецца, і то не мела б: чужая, прыйшла на чужое і пры чужым спынілася... Але каго, ідучы з пашы, пазнавала Красуля, каго абступалі куры, каму вяпрук падаваў голас і з чыіх рук падымаўся сланечнік?!. Як бы ўсё без яе абязроднела і пагубілася!..

Непараўнаная пайка Тэклі ў нашым жыцці супольным: усёй маёмасці стала б замала, каб з ёю разрахавацца... Іначыліся абставіны — і ўжо інакшыя: не Тэкля, а мы ў яе на ўтрыманні... І ўсе нібы разумелі гэта і забываліся адначасова, і на яе забываліся.

Не плацілі ёй ад пачатку: от, заплаціцца неяк адразу... Палічы, Тэкля, колькі вінны табе мы за ўсе гады. А Тэкля не надта лічыць умее: перачакаецца сёння — і ўжо забудзецца сёння — бо іх каралеўства нябеснае — і на сябе забывалася Тэкля таксама.

Што адбывалася ў гэтакі самы дзень летась, і пазалетась, і яшчэ раней?.. Промні доўжыліся і не вярталіся, а калі вярталіся — то зямлёй... Ні гадзінніка, ні календароў не існавала для Тэклі. Яе век быў пры ёй: адна доўгая ноч за спіной і адзін доўгі дзень прад вачыма, адна зямля пад нагамі, а сонца — над галавой.

Ва ўсіх свае дзялкі, свае заняткі, свая самастойнасць — яна адно служкавала: зрабі, Тэкля, паглядзі, Тэкля, падай, Тэкля... Рабіла, глядзела і падавала, і меркавання свайго не мела.

Пагаджалася толькі... Скажа хто-небудзь: «Душу выкладай, старайся — а дзеці пабольшаюць і дзякуй не скажуць, можа...» (Нібы ад людзей залежала, ці нараджацца дзецям...) Але і дзяцей не было ў Тэклі. Каму не сталася маці, як чула, жыло неабдымна ў зямлі і свеце і прывячала здалёк, і гукала: ау, Тэкля!..

«...Бывай, выбачай, калі што і бясконцы дзякуй»,— сказалі на развітанне гаспадары-хутаранцы і выехалі ў Амерыку. Калі сваякам лютавалі, прыгадвалі Тэклю нязменна, і роднае сонца, і поле, і каля -хаты сланечнікі... А Васіль, што сказаў ей: чакай — наказаў ей чакаць — сам з вайны не вярнуўся. Але Тэкля чакала...

І, пэўна, не Васіля ўжо, тады — каго?!. Ніхто не знайшоўся, хто б наразуміў, дый не пыталася Тэкля ні ў кога пра тое, што плакала і спявала ў яе душы. Сама па сабе — будуць бачыць...— нібыта сама без сябе, дабрыню ў жыцці адкрывала і ёй адкрывалася: мабыць, сонца было ў дабрыні і, мабыць, яно, не распытваючы нічога, на ўсё адказвала.

І не ставала Тэклі, каб нешта злаўчыць ці скеміць... Лаўчылі астатнія, астатнія кемілі: во як патрэбна, вучыся, Тэкля...— астатнія ўзносіліся і ападалі, спяшаліся і віравалі, а ў Тэклі і розуму не было на гэта. Нейкі абсяг раўнюткі, нейкае поле жывое ў ёй зацялося і ўсю заняло. Ні пустазелля на ім, ні дзялак — адно высока, і сонечна, і задумна плывуць угару сланечнікі і падымаюць з сабою поле.

Не ўмела злосці таіць і нават злавацца не ўмела... Калі пакрыўдзіш жывёліну, птушку альбо расліну — як яны адзавуцца?!. Але паўставала — пацешаны будуць — за іх... Што за іх паўставала, пярэчыла і спыняла, і гаварыла за іх: не руш?!. Не руш, о, не рушце Тэклі!..

Вялікае і малое — усе называлі яе аднолькава: Тэкля. Яна не абразіцца, не загневаецца, але адкажа. А называлі б інакш — і не паверыла б, пэўна, што гэта завуць яе.

Змяняліся ўборы, змяняліся грошы, змяняліся веды, змяняліся...— але дакуль?.. Усё супыняла настойліва самая большая змена і ўсё захоўвала смерць.

Як жывецца, як маецца? Што б ні здаралася — заўсёды казала адно: па-маленьку — быццам самаю меншай сябе ў жыцці адчувала, быццам самую меншую справу рабіла... Не казаць жа пра поле: што як непрытомная часам на ім застывала, не казаць жа, што рыкала ноччу карова, не казаць жа, што думаецца без думак, а пра што казаць — невядома. Як жывецца, як маецца, Тэкля?.. Хто яго ведае, як жывецца.

Дакаралі мяне — правінюся альбо насваволю — не дакарала Тэкля. Усе ведалі, дзеля чаго дакараюць, а Тэкля не ведала д з е л я ; усе бачылі адначасна цяпер і потым і бачылі параўнанне, а Тэкля мяне проста бачыла. Заўсёды дароўвала Тэкля — даруй і цяпер таксама.

Што я ў кнігах вычытваю, дагэтуль не вычытаўшы?.. Быццам ведаю, Тэкля, а мовы бракуе, быццам веданнем не сказаць. Памажы, калі можаш, няведаннем, бо цвітуць як раней, бо цвітуць залаціста, цвітуць пераможна — названыя будуць — сланечнікі... Ды няведанне Тэклі — яна сама.

Ніхто і ліста не прыслаў ей ні разу, хіба што аднойчы — калі пераблытала пошта вёскі... І то было ўцешна. Так доўга чакала лістоў і людской пяшчоты, а людзі чамусьці рашылі, што Тэкля абыдзецца і без іх.

Адно — ушчувалі: вучыся. Я спачатку тлуміў алфавітам — навучалася свайму прозвішчу: Лес, а зямля, як магніт, усё забірала, і зноў заставалася Тэкля без алфавіта, без прозвішча, без сябе. Накшталт солі — насычаны будуць — ва ўсім растваралася, і ўсё было ёю змястоўна.

А ўсім надзіла неяк, каб Тэкля сабралася, ускрышталілася, каб была да абставінаў розных і выпадкаў... О якая падзея: Тэкля ўмее ўжо распісацца, і прыносіць ёй паштальёнка штомесяц сельсавецкую пенсію. І бянтэжылася сама, і здзіўлялася Тэкля сваім магчымасцям: а каб жа вучылася...

І ні казак, ні песень альбо пра сябе расказаць — не ўмела: ...нарадзілася ў цёмным лесе, гадавалася ў цёмным лесе, лес пасеклі, а я засталася цёмнаю... І засталося лясное прозвішча — а прозвішча не змяніла. Ды абяцала Тэкля: мы пойдзем далёка-далёка, за лес далёкі.

Лес адступаў за пазем — падступала пустка. Адступалі зямля і сонца: брук для хады і лямпачка для святла... І адступала кудысьці Тэкля — ау, Тэкля!.. Кожны раз усё роўна выходзіла Тэкля на голас, усміхалася і ўздыхала, і ўжо не казала: пойдзем далёка...

Адваротнасцю многая праўда, дабрыня — адваротнасцю... Можна цёмным сабе быць і можна — разумным, але добрым — яны атрымаюць — а добрым ужо не сабе, і нядобрае пахаваецца. Што падслухала Тэкля ў зямлі і сонца і пры сабе паўтарыла няўцямна?

Не па словах — хто што гаварыў на каго, не па хібах людскіх ці ўдачах, па іх асабіста Тэкля ставілася да людзей. Ёсць галоўная кніга, якую чытаем-пішам,— мы самі, і галоўнае поле, якое праз век вырабляем,— самі... Хто пісьменны тут, а хто цёмны, навучы, Тэкля.

Слабеюць лёгкія рукі, цяжэюць ходкія ногі — зямля ўсё мацней прыцягвае... Амаль не хварэлася Тэклі ці, можа, так уяўлялася толькі — быццам і болю свайго, і хваробы не выпадала мець Тэклі.

Рухалася і знікала: гадаванне... паенне... сеянне...— бы ў ненажэрную прорву знікала жывое і дзеля жывога турботы. Зноў сустракаецца Тэкля — нібы ўпершыню — з зямлёю: не завершаная, о незавершаная зямля... Што дасюль не ўзяла — усё роўна возьме, што дасюль не вярнула — усё роўна не верне.

І зямля — у жыцця, і ў жыцця — людзі. Дык адкуль адхіленне ўзялося, нібы свае свайго не пазнала і разышлося бязрадасна?.. У якім адхіленні я, у якім адхіленні Тэкля і астатнія — у якім? Чаму пазнаюцца марудна людзі, бо, не пазнаўшыся,— трацяцца?

Бо яны атрымаюць... насычаны будуць... названыя будуць... пацешаны будуць і будуць бачыць... бо іх каралеўства нябеснае... бо зямлёй завалодаюць...— гэтага, нават гэтага, быццам самую сябе, не ўгледзела і не распазнала.

Заменіцца кніга кнігай, хлеб — хлебам і поле — полем: прытомяць жыццём — падмацуюць жыццём, спытаюцца пра жыццё — і пра жыццё раскажуць.

А дзе ўзяць другую Тэклю?.. Не пакідай нас, Тэкля: у мяне адна мама — мама, другая — Тэкля... Ау, Тэкля!.. Ціха-ціха насустрач, павольна-павольна, паварочваецца сланечнік.

ПЕРШАЯ ПАЭМА ШЛЯХУ


Канчаўся горад.
Я хацеў паспець.
У вышыню ўпіналіся званіцы,
і вартавыя вежы свой цяжар
трымалі змрочна: што яны вартуюць?
Панурыя муры...
прыцяты брук...
глухія камяніцы...—
што ні скажаш,
сам не пачуеш...
Што каму казаць —
я з горада яшчэ не выйшаў.
Ніводнай простай вуліцы — усе
з намекам нейкім, нейкім паваротам,
бязвыйсны час...
А я хацеў паспець,
хаця аднойчы трапіць не ў сутонне,
аднойчы паглядзець: ці дзе што ёсць..
Мяне стамляе горад непрытомны.
Я не паспеў. Сутонне надышло,
нібы правал:
ці ёсць што дзе — не бачыў,
нібы мяжа:
на ёй канчаўся свет,
нібы заклён:
што значыць гэты горад?!.
Я не вяртаўся — ў роспачы стаяў:
не чуў... не бачыў... моцы не ставала
сюды спяшацца, а назад брысці
між камянёў,
да камянёў туліцца,
самому камянець...
Я прападаў,
канала сэрца, думка западала —
і я ступіў наперад:
кім я ёсць?!.
І кім не ёсць?!.
Ступіў, куды — не бачыў.
Я голас чуў.
Не бачыў я сябе.
Мне голас гаварыў.
Яго не бачыў.
Быў у сутонні і з сутоння чуў...
Пытаўся голас: хто ты?!.
Я адказаў і сам сябе пачуў —
да слыху дакранулася маўленне,—
што ведаў і не ведаў: гэта я...
Так, гэта я...
А болей немагчыма
сказаць што-небудзь, я заўжды маўчаў
і голасу свайго не чуў ніколі.
Так, гэта я...
А хто я — не магу
цяпер сказаць, сказаў бы — памылюся..
Я сам сябе праз горад пазнаваў,
а ён мной ані разу не азваўся...
Так, гэта я...
Я горад пакідаў,
а ўсе не мог пакінуць, быццам нехта
яго прысніў —
я ў нейчы трапіў сон:
як ні выходзь — сутонне напярэймы...
— Ступі далей,— мне голас загадаў...
І я ступіў...— убачылася ззянне;
пяшчотнае: нібы яно цвіло,
разумнае: не рэзала пагляду,
я разабраўся: голас быў адтуль...
Ён зноў пытаўся: хто ты?!, назавіся!..
І верад свой я ў словы пераклаў...
...Я голас выдзіраў з сябе:
бы плеўку,
нібы хваробу —
выдраў і шпурнуў,
а ён упаў і, ўпаўшы, варушыўся
і да мяне цягнуўся...
Я хацеў
сказаць, што ён дарэмны,— і не здолеў..
Так і цяпер...—
не здолею сказаць,
не здолею назвацца,
бы дарэмны,
незразуметы ззяннем,— перад ім...
Я сам сабе не ведаю імёнаў.
— Ступі далей,— штурхнулася ў грудзях.
Я зноў ступіў — і ў ззянні апынуўся.
Ім ахінуты, сам сябе не меў,
бы раставала цела безбалесна...
Пытаўся голас...
Што я мог сказаць,
што мог я сцвердзіць?
Гэта быў мой голас...
Ён ува мне быў, ён пытаўся мной
і мной чакаў.
Я адказаў па-свойму:
ты ведаеш, кім ёсць я,
кім не ёсць,
сам назаві мне ўсе мае імёны,
адно імя,
якое мушу мець
перад адзіным.
Я не адзінокі,
я адпаведны...
Прагучаў здалёк
і адвярнуўся голас: назавіся...
Прыкуты да зямлі, на ланцугу,
вялікая зямля — а я нявольны,
гладжу перад сабой —
прасторны зрок:
у ім я сустракаюся з прасторай;
і думаю: што значыць мой палон,
калі сінее неба неабсяжна,
калі вада хавае глыбіню,
калі зямля не месціцца ў палоне?!
Сябе не адчуваў тады, бы сам
і небам і вадою станавіўся,
не часткай іхняй, але ўсім, і ўсёй,
і ўсёй зямлёй:
яна мяне гаіла...
І звон — не ланцуговы — наплываў...
Ланцуг быў лішні, але ўсё на месцы.
А ці на месцы я?!.
У цёмны час —
не мог супраціўляцца ім і бачыць
я іх не мог —
адгэтуль і адтуль
дзве цёмныя істоты адначасна
прыходзілі...
Штоночы паміраць
наканавана целу:
раздзіралі —
яно крычала моўчкі...
Хто яны?..
Што пра мяне вядома ім?!.
Зіхоткі
мне голас быў: скажы, што ты свіння!..
І быў другі: скажы, што ты сабака!..
А я маўчаў — не здолеў гаварыць...
Пакута пераконвала ў інакшым,
пакута адкрывала: кожны раз
ты здолееш сказаць так — гэта мала.
Яшчэ не час, для большага трывай!!!
І я трываў.
Я той, хто неназваны...
Яны знікалі з цемраю.
Зямля
мяне гаіла.
Дзіўныя істоты —
што ім патрэбна: мучылі мяне,
нібы такі я быў недастатковы.
Хто мае цела — ходзіць па зямлі,
а я ішоў праз цела, нерухомы:
яно мой шлях,
бязмежнае яно...
І адчуваў, што некуды выходжу.
Я пасярэдзіне —
валочыцца ланцуг,
як напамінак, што цяпер я вольны,—
а па баках сабака і свіння,
у белым дні:
таемныя істоты.
Яны суправаджаюць і вядуць...
Пясок сыпучы трэцца пад нагамі,
сінее неба,
мора-акіян
бяжыць у нерухомасці.
Нічога
ніхто не кажа, нібы ўсё і так —
настане час — і стане зразумела.
А ўжо раскалыхаліся пяскі,
скрануліся і рынуліся ў неба,
і застагнаў-хіснуўся акіян...
Хто быў са мной — прапалі вокамгненна.
Нарвалася віхура —
я ўжо ў ей...
Над гібельнай вадой ужо —
я гіну...
Я падаю, бы камень...
Прагучаў:
скажы, што ты свіння!..—
ў той момант голас.
І я паспеў: я той, хто не свіння...
я той, хто не свіння...—
паспеў прамовіць
і закруціўся, згінуў...
І туды,
адкуль узяўся, ўпаў, як непрытомны...
Стаяў сабака побач — ён чакаў.
Другое не было,
я азірнуўся:
а дзе свіння?..
— А я ўжо не свіння,—
пачулася ў паветры непарушным.
Ідзем далей.
Удвух цяпер.
Ланцуг
назад распасціраецца, бы хоча
вярнуцца да ранейшага, калі
ён быў пры ўжытку зразумелым...
Віхура — зноў...
І зноў я над вадой —
над пашчай ненасытнай...
Быццам камень...
Не камянямі пашчу насычаць...
Як мне бездапаможна!..
Я не помніў:
я ёсць або не ёсць...
Пачуўся зноў,
зноў голас быў: скажы, што ты сабака!..
І зноў я адказаў наадварот:
я той, хто не сабака...
І на бераг,
бы сэрца абарвалася, упаў...
Нікога не застаў.
Я ачуняў.
Пайшоў адзін, але не адзінокі.
Адным канцом нявольны,
а другі
я падабраў, ім звольнены...
Самохаць
нясу ланцуг — выходжу з ланцуга.
А не данёс... не выйшаў...
На пясок,
уражаны, прыпаў...
Рухомы вір,
бы нечакана, вырас у прасторы
і, ўкручваючы неба і зямлю
ў сябе самога, у знішчальны танец,
у скон, у бездань,
рухаўся сюды...
Жахаўся я глядзець:
безабаронны
мой кругабег, які мяне сцвярджаў
і адмаўляў...
Я ўрынуты ў віхуру...
Зіхнула ззянне, быццам апякло...
І голас адазваўся, бы напоўніў
да самай рэшты...
Я хацеў паспець...
Ён спапяляў...
Кім быў я?!.
Назавіся!..
Сарваны з месца,
падаў акіян,
і мільгацелі вобліскі і ўсхліпы...
Растурзаны:
...я той, хто не свіння...
Блукалі сны:
...я той, хто не сабака...
Вада і жахі тыцкаліся ў твар
я ў многіх тварах
гіну не сказаўшы
трапляю ў горад
з горада іду
іду не я
пытаюся я хто ты
за шыю абдымаў ланцуг
я быў
сабака і свіння яны сцвярджалі
яшчэ трывай
яшчэ ступі далей
па-за табой сустрэча немагчыма
я быццам плеўку голас выдзіраў
і адшпурляў а голас варушыўся
ён гэта я
мяне ўжо не было
а словы гаварыліся пачута:
я той хто шлях і хто па ім ідзе...
Ачнуўся я...
Мне чуўся ціхі звон...
Я прахапіўся:
гэта быў мой горад,
далёкі горад...
Ён нібыта плыў,
ён азываўся —
я пайшоў насустрач.

ПАЭМА ГАРАЧАГА ЛІСЦЯ


Ты назвалася амяла:
мая мілая —
не людская...
Зорка горкая нас вяла,
прывяла ўжо:
крывёй сцякае.
Ты назвалася...
Назаві —
засяроджаныя аўтапілоты —
ненароджанае...
Лезавы
наш прасцяг...
Не настане потым.
Неразгорнутых кніг тамы...
Што самое сябе баіцца?
Азіраешся:
«Гэта мы?..»
Гэта — бальніца.
Мы адно аднаго аддаём.
Цемра цяжкая, нібы дзёгаць.
Апынулася неба дном:
дом —
у ім табе дапамогуць.
Голас голы:
не гавары...
Допыт ранішні і вячорны.
Гукі белыя —
павадыры.
Паскідаюць халаты —
чорна.
Я прарок твой:
цябе выглядаў,
я выходзіў да плота маліцца...
Смяг табою і галадаў...
А разгледзеў:
прыйшла бальніца.
Ноччу зыркаю, вешчавой
што абвесціцца? —
лезавое...
Херувімчык —
пазнаеш:
твой —
нахіляецца над слязою.
Твары цьмяныя насупор
узіраюцца:
смерці збыцца...
Запытаешся:
«Гэта сабор?..»
Гэта — бальніца.
Што настане?..
Услед пайсці —
бы напнецца паветра —
не ўпусціць...
Ты ў гарачым маім лісці.
Я адцяты ад нас:
у пустцы.
Мозг раздрапвае вастрыё.
Урастае ў зямлю зямное,
а нябеснае не маё:
як замок —
прада мной... за мною...
Жыў Іполь...
Бы сцвярджаў абрад —
атуляў жываплотам поле...
Прывітаецца:
«Ты мне брат».
Развітаецца:
«Сні Іполя».
Я з вужакаю і савой...
Гавару сябе, як цытату...
Ды ўсёй боскасцю —
сам не свой —
адчуваю, што я адцяты.
Выбіралі:
куды ісці?..
Усё роўна з дарогі збіцца.
ТЫ У ГАРАЧЫМ МАІМ ЛІСЦІ...
Гэта — бальніца.
Я далоні складу замком.
Замыкаецца блізкасць збоем.
Безнадзейнасць глядзіць з вакон.
Нахіляешся:
што з табою?!
Уладар твой —
на дабрабыт
зараблялася:
раб вантробаў...
Ты мне рада...
сабе забрыд:
зарабляецца на хваробу.
Дні -
стракатае шкамуццё.
Ці скажу каму:
будзь мне братам...
Забівае мяне жыццё.
Выжываюць дэ-
генераты.
Нам няпроста.
Прасцяг крывы,
і пранізана блізкасць болем.
Іншароднае — у крыві.
Зорка цёмная
над Іполем.
(Перашэптваюцца жрацы...)
Ўваскрэшу —
дзе ўзяць жменьку тлену?!.
Гай
святой
АМЯЛЫ...
На шпрыцы
панаторкваліся антэны.
Рэжуць парасткі прастаты.
Бачу мозг свой:
мне ў ім адбіцца...
Перахрысцішся:
«Гэта ты?!.»
Гэта — бальніца.
ТЫ НАЗВАЛАСЯ...
Гледачы
разглядаюць сябе:
відоўня...
Ненароджанае —
ўначы.
Бы савіныя вочы —
поўня.
Адбіраецца мова:
смяг,
галадаў ёй,
а ўздых кароткі...
Нам няпроста:
крывы прасцяг...
Адцінаюцца ў цемру продкі.
Шлях — панылая кавяла.
Смерць накліканая
зайздросней.
ТЫ НАЗВАЛАСЯ АМЯЛА...
Выжываюць імхі і бросня.
Іншароднею —
не грашу...
Забываю,
з якога роду...
...ШТО З ТАБОЮ?!.—
ў маю душу
ужыўляюцца электроды.
Замарожвае словы лёд.
Зоркі цэляцца,
як байніцы.
Здагадаюся:
«Гэта палёт...»
Гэта — бальніца.
Бы вужака ўзбуджаецца —
ртуць...
Будзе мозг мой хвароба жэрці
не жыхар,
затужу вярнуць
не сябе ўжо,
а нас ад смерці.
Што мільгала
ў душы і ўваччу
уваскрэсіцца да драбніцы...
Ашаломлены,
прашапчу...
А пачуе мяне — бальніца.
Не світала —
зноў вечарэць:
час адцяты...
сляпыя кадры...
Адчаканена ў профіль смерць:
выліваецца квадра ў квадру.
Сон —
скамечаная прасціна.
Цемра торгаецца ў задусе.
Ўсе названа...
Ўсяму цана...
Я пад імем тваім кладуся.
Твар прыцемнены
у вакне:
дзева-маці!..
А сэрцу біцца
у замкнёнае:
не адамкне...
Гэта — бальніца.
Азіраешся:
не мая...
Клікаць буду цябе —
людскую...
Я на скальпелі вастрыя.
Што
ў гарачым
лісці
цікуе?!.
ТЫ НАЗВАЛАСЯ АМЯЛА...
1977

ПАЭМА ЗАПАЛЕНЫХ СВЕЧАК


Круціўся хмыз.
Бяссувязны язык
хваліў жыццё.
Заблытаныя святы.
Празрэнні апярэджвалі разлік.
А людзі разумелі:
блазнаваты.
Клаў вогнішчы.
Сам побач клаўся.
Дым
шукаў сваё.
Шаптала штосьці лета.
А над шурпатым розумам тваім
згушчаліся зіхоткія сусветы.
У полымя апранутыя —
сніў,—
крычалі птахі:
бацька твой галодны.
А адыходзіў —
вогнішчы гасіў.
Каб адысці — пагаснуць неабходна.
Узбоч жыцця пазначацца крыжы.
Чым захапляўся —
тое наракае.
Прыручаныя рухі.
Адкажы,
куды ідзеш?..
Ішоў да небакраю.
Усюды — ты:
крывая іпастась.
Каб распрастацца —
мкнуцца да экстазу
пытанні,
што не ўмеюць папытаць,
што адказаць не здолеюць,
адказы.
З-пад рук — пясок.
Жывое — спарышы.
Паруш ваду —
патайнае парушыш.
А бацька гаварыў:
не церушы —
у матчыныя вочы нацярушыш.
Чароды сноў.
Празрэнні — з чарады:
ўдрукуюцца ў цябе,
нібы ў вашчыну,—
зайсці у неймавернае туды,
адкуль ужо вярнуцца немагчыма.
Круціліся сцяжыны:
дзе чыя?
Жыццё разгаліноўваецца
ў спробы.
Аголенае
сэрца
ручая.
А рэчы ацярушваюць аздобу.
Хто сустракаўся —
ўжо той не чужы.
Праточыцца сутонне пад павейкі.
Прад чалавекам зоркі і крыжы.
Куды? — пытаўся. __
Усім было данекуль.
Падзел яднае.
Адкрыццё — на раз.
Жыццё перабірае іпастасі.
Змяркаецца
прыручаны
абраз.
А бацькава вячэра засталася.
Напружваюцца пільна зрэнкі з'яў.
Што набываў —
адхіліцца ў прапажу.
Куды жывеш?
імёны называў,
якія ўспамінаў:
жыццё пакажа.
Дзе ў немачы,
дзе ў моцы — пазначай.
Празрэнні адмаўляюцца ад ежы.
Да сэрца
дакранаецца
ручай.
Я не сабе —
сваё шукаў —
належу.
У зрэнкі зазіраюць груганы.
І лёс
свае дарункі
забірае.
А бацька прыўзнімаецца з труны:
удзень і ўноч ідзі да небакраю.
Праточваўся пясок.
Да нейкіх меж
ты набліжаўся.
У сабе не ўжыцца.
Дагэтуль — ты.
Прачнешся і заснеш.
А ўвечары падыдзеш да бажніцы.
Пытанні
рассяроджаныя
ў днях.
Вышэптвае
сутонне
запаветы.
І будзе бразгатаць падзёрты дах
і — зазіраць у сэрца іншасветы.
О думка неўтаймоўная, бяжы!..
Я — небакрай.
У немачы знайдзіся.
І я — хада:
усюды па мяжы.
А бацька патрабуе:
нарадзіся.
Дыханне свечак.
Смутак абразоў.
Зіхоткасцю аздобленыя строі.
Адшукваўся сцяжынамі разоў.
А сам ужо апрануты ў старое.
Груган
наскрозь
твой розум
прадзяўбе.
Назваць збіраўся,
ў пераліках спробных,
без імені,
адгэтуль ты,
сябе —
апошні між усіх аднаасобнік.
Я чалавек:
я смягну і тужу.
У разважанні ўблыталіся рэчы.
Што пра сябе —
спытае хто —
скажу?
У пустцы прызначаюцца сустрэчы.
Адлікі апярэджвае хада.
У розум удрукоўваецца нешта.
Сабе і бацьку.
Горкая вада.
Вандроўнікі
натоляцца
дарэшты.
Што з некім адбылося,
што з табой,—
адрозніваў.
Пясчаны пошап смагі.
Над размаітай памяццю былой
заззяюць пакручастыя працягі.
Распростанае свята
зацвіце.
Імёны пазнаёмяцца нанова.
Сам без сябе,
ў шурпатай пустаце.
А рэчы рэпеціруюць прамову.
Людскія — лесы.
Скрыцце — ў адкрыцці.
Ужо бездапаможныя,
калені
укліняцца ў пясок —
пераўзысці
зацверджаныя межы і ўяўленні.
Захопліваюць рухі пустату.
І думкі адхіляюцца ад спрэчкі.
У іншасвеце
хмызам
прарасту.
Ад вогнішча
запальваюцца
свечкі.

ПАЭМА ПАГАШАНЫХ ЛЮСТЭРАК


Мы гуляем у хованкі:
сховы.
Небяспечныя хлеб, вада.
Праз парушаныя асновы
прабіваецца лебяда.
Як зіхцела жыццю звышмэта!..
Лета,
чорнае ад пакут.
Кожны кут абшукаю:
дзе ты?!.
Адгукаецца водгук:
тут.
Ношка цяжкая
ураджаю.
Нерухома стаяць сады.
Хто каго з нас апераджае?
Быццам веды —
вядуць сляды.
Асляпляльны дарунак боскі:
не ўмясцілі календары.
Сустракаюць
пустыя вёскі,
абязлюднелыя двары.
Што вам згадваецца,
раздарожжы?
Што вы памятаеце,
платы?
Зазіраю ў люстэркі:
можа,
у якім засталася ты?!.
Успаміны
тлумачаць нешта,
прагнуць будучыняю ўзысці.
Каб успомніць цябе дарэшты,
мушу зноўку цябе знайсці.
То зацягваючыся імглою,
то квітнеючы ззяннем,
бярог
свет свае таямніцы:
малое —
дарагое:
ў найменшым — Бог.
Расшчапіліся раптам
хвілі —
i адкрылася бездань сама.
Мы з табою жыццё хвалілі.
Без цябе мне
жыцця няма.
Кім былі,
больш ужо не будзем,
Толькі хмурнаю талакой
знерухомелі стоды
ў бязлюддзі,
ўдалеч цягнучыся рукой.
Мы жывілі ix:
нашы творы,
ушаноўвалі кагадзе.
Але зрушылася прастора:
тут — яны,
ты —
не кажаш —
дзе.
Што сабралася ў выніку —
ў ношцы?
Прысвячалі сябе,
хто як мог,
мы наступнасці.
Пераможца —
выракаюся перамог.
Толькі б ты адшукалася —
ў святы
перайначаліся б часы...
Уваходжу,
вандроўца,
ў хаты:
ціша,
змоўклыя га л асы.
Тут жылі:
ростань сніла сустрэчы.
Без цябе —
быццам птушцы
без крыл.
На фіранкі,
на кнігі,
рэчы
асядае паволі пыл.
Засяваўся насеннем скону
(хлеб — гарчэча)
спрадвечны аблог.
Бы люстэркі, вісяць іконы,
у іконах —
распяты Бог.
Па мяжы,
што няўзнак дзяліла
(што — ўнутры,
што — знадворку)
свет,
бы па лініі небасхілу,
я іду за табою ўслед.
Ты ўзышла з маіх сноў:
нявеста —
каб не быў аніколі сам,—
блаславёная скрытым зместам.
Каб адкрыўся —
карцела снам.
I карцела
лязу калізій
ўцяцца ў думку i ў пачуццё.
Homo sum —
у Чырвонай кнізе
прачытаю сваё жыццё.
Бог пагібелі i ратунку
таясамны.
A крокаў шмат.
Разыдуся па ўсіх кірунках.
Сад,
адняты ад птушанят.
Што рабілі —
тое губілі.
Час, як рэчка,
ў нябыт уцёк.
Экскаватары,
аўтамабілі
пазакопваліся ў пясок.
Кадры колішняй кінастужкі —
нейчы
спраўджваючы загад,
паляцелі ў наступнасць
птушкі...
Не знаходзяць шляхоў назад.
Ты была мне
вяха i мерка.
Даўніх воблікаў чарада.
У пагашаныя люстэркі
углядаецца лебяда.
Узыходзілі знакі долі
у няспынных жніве-сяўбе.
Я табе аддаваў —
не здолеў,
каб аддаць назусім —
сябе.
Выгаворвалася ў гаворках
незвычайнае.
З-пад рукі
мы ўглядаліся ўдаль...
На ўзгорках
крылы ўзмахваюць:
ветракі.
Голас нейчы
ў бязлюддзі плача.
Удыхаюцца сквар, імжа.
Ты бліжэй да мяне,
чым бачу.
Перайшлася няўзнак мяжа.
Мы з табою адзінаверцы.
Будзь маёй назусім —
прашу.
Цела мёртвага Бога ў сэрцы:
не памёршы —
не ўваскрашу.
О як лета цвіло!..
Ў абалонцы
вокамгненнага міражу
над зямлёю згарэла сонца.
Цень,
адкінуты на мяжу.

ПАЭМА ЧЫРВОНЫХ ВЯРОВАК


Жаўцела лотаць.
Вецер ею пах,
і хваляваў,
і вабіў у вандроўкі,
і абяцаў, што там...
А на слупах
вагаліся чырвоныя вяроўкі.
Замкнёны ў год
зламаўся краявід
і паказаў таемнае.
На зломе
увасабляўся тварамі нябыт
і ўсё наўкол,
кім ёсць яно,
знаёміў.
На часткі — шмат:
распалася шкала.
Чаго хто варт? —
пыталіся тавары.
Наступнасць адступалася.
З-за шкла
глядзелі перакуленыя твары.
Далёкае і блізкае
ўпрытык
і ломячы сустрэчаю
значэнні,
сыходзіліся:
позірк не прывык
і вынаходзіў розум
тлумачэнні.
Рос недарод.
Стаяў квадратны год:
стагоддзі абаперліся —
падрубы.
На ўсіх пляцах
аб'яўлены ўзыход
вёў патаемна
у глыбіні згубы.
Мяне спынялі:
нельга нацянькі.
Аблытаны чырвонымі
сцяжкамі,
я жыў нідзе,
нікому.
Пацукі
адважна верашчалі за мяшкамі.
Сціскалася прастора,
як сіло.
Час абяцаў:
не пашкадуе плёну.
Употайкі —
пакуль не рассвіло —
усе наўкол
закопвалі імёны.
Каб разам быць:
відушчы ці сляпы —
ніхто не можа
мець з жыцця карысці.
А рассвіце —
падымуцца слупы.
Мы пра нябёсы
марылі калісьці.
Свае імёны:
аддзялялі — кроў.
Ёсць я і ты.
Але ты плачаш з жалю.
Парадкавыя твары
ў нумароў.
Чаго хто варт —
па іх распазнавалі.
Не тоячы ні радасці,
ні слёз,
ты мной жыла.
І лотаць — для адвару.
Ёсць ты і я,
а паміж намі — лбе,
і ў лесу
пераменлівыя твары.
Акрэсліваўся ўчынкамі.
Цякло
жыццё далей.
Я прыпыняўся нечым.
І краявід накрэсліваў
на шкло:
каб ён застаўся —
вечнае нявечыў.
Страх краўся ўслед.
Хаваў, як запавет,
імя свае ўнутры сябе.
Вяснова
мне не цвісці, як лотаці.
Паэт
агучваў перакуленыя словы.
Пакінуты
разгляду і суду:
пад нумарамі
вартасці і вады,—
я з сутнасцю
аднойчы супаду.
А пацукі захоплівалі ўладу.
Ашукваецца розум
спадцішка.
Пасылкі назапашаны
ў каморах.
Хто ні ішоў —
твар унутры мяшка:
павыгрызаны дзіркі
ў некаторых.
Пытаўся:
хто вы?
Быў адказ:
мільён.
Знадворны плот
з унутранага плота
ўзнікаў і паўтараўся.
Плен — палон,
калі ён аддзяляе
ад палёту.
Хто вёў — спыняў.
Пад позіркам касым
дзялілася, што ёсць,
на шмат і мала.
А што было ўнутры —
на дзіва ўсім,—
нібыта не было яго,
маўчала.
Наўкол казалі:
«Радуемся дню».
Не ведалі:
пахмуры альбо зыркі,
ён у вяроўках —
нібы ўвышыню,
скруціўшыся,
выцягваліся дзіркі.
Шукаў цябе.
Мо адгукнешся, мо?..
Мяшкі — каб ашукаць:
ад недароду.
І сам змаўкаў:
мо спраўдзіцца само?..
Ратунак абяцалі перашкоды.
Не гэткія,
ці ўспомнімся:
свае.
Адбіткі з твару —
можна кратаць:
блізка.
Каб разам быць —
душа не пазнае.
Дзе ты,
дзе я —
знаходзілі па спіску.
Цікавіліся:
нумар — для арэн.
І цікавалі:
радуюся сховам.
І быў адзіны змест
у перамен:
як апынуцца ў целе
пацуковым.
Упісаныя ў пляц,
нібы ў квадрат,
у век наступны
слаліся пасылкі.
Утоптваючы грунт,
ішоў атрад.
Патыліцы прадбачылі
памылкі.
Я мыюся
слатою і жарствой.
Зламаны год —
ці змыюцца пячаткі,
накрэсленыя ім?
Я ўжо не той,
кім краявіду
бачыўся спачатку.
Сам перашкодай стаўшы
насланню,
я перашкоду
адсланю вачыма,
каб хоць здалёк
убачыць светлыню —
дзе апынуся некалі —
айчыны.
Страх адступаўся.
Вецер ёю пах:
каб мелі шчасце
ўваскрасаць і лётаць,
усходзіла
ў дзіравых чарапах,
паволі распускаючыся,
лотаць.

РАГВАЛОД


*
Ты — першы.
Але
не здагадваешся пра тэта.
Імёны
ўвайшлі ў паданні,
постаці — у далячыні
i ад цябе
яшчэ зусім недалёка.
Ты нават ix можаш гукнуць
i нават
пачуць іхні водгалас.
Ды ўсё адно
пачатак — ад Рагвалода.
*
Прыйшоў
i знайшоў на гэтым
пагорку горад,
у гэтым
краі - айчыну,
у гэтых
людзях — народ;
a ў гэтым народзе—
справу,
a ў гэтай айчыне —
славу,
a ў горадзе гэтым —
лёс.
*
Магчымасць
пярэчыць магчымасці
i брат — брату.
І тое, што настае,
вышэй i важчэй за тое,
што ўжо настала.
Але табе з дзвюх магчымасцяў
трэба
выбраць адну
i з двух
аддаць аднаму
перавагу.
*
Высноўвае шчыт,
абгрунтоўвае меч
i дзіда тлумачыць,
як мусіць
паводзіцца чалавек
i што яму ў свеце
належыць...
Змаганне
займае сабою
усе берагі,
i згуба
кіруецца да вытокаў.
*
Прачнешся ўначы:
у чорным
чэраве неба
плыве i нырае ў аблокі
бліскучы месяц,
i недзе
нехта
крычыць.
*
То адчыняюцца, то
зачыняюцца дзверы.
Сваты то выходзяць,
то зноўку ўваходзяць,
I нерухома сядзіць
між князёў маладых,
нікому не кажачы слова,
Рагнеда.
*
Спытаешся ў птаха,
куды ён ляціць,
спытаешся ў звера,
куды ён бяжыць,
спытаешся ў гада,
куды ён поўзе таропка.
I кожны
адкажа адказам,
які цябе змусіць
знямець:
«Каштаваць Рагвалода».
*
Некалі потым,
але не цяпер!..
Хай ліха
адхіліцца за лясы,
хай гора
схаваецца за пагоркі,
хай у бязлюдных лядах
заблудзіцца злыбеда!..
*
Здзіўляецца князь у табе:
як можа
нехта чужы,
іншародны,
няпрошаны,
самачынны
уторгвацца ў княства тваё
i гвалт
несці з сабой на дзідах?!.
Здзіўляецца Бог у табе:
як можа
нехта чужы,
іншародны,
няпрошанны,
самачынны
табою валодаць
i пагражаць
гожаму целу твайму
жалезам?!.
*
Ці гэта людзі,
ці лес?
Ці гэта чаўны,
ці аблокі?
Нешта наўмыснае,
блытанае,
сляпое
цябе абступае:
памкнешся
з ім ваяваць,
але з кім — не ўгледзіш;
памкнешся ўхіліцца —
расступіцца, як імгла,
але не адступіць.
*
Плыў у наступнасць —
да Кіева i да самога
Цар-горада —
i ўзрушаў
прастору крывіцкай гаворкаю,
а цяпер
мусіш ісці i высільвацца,
i цягнуць
волакам човен;
піў чару з віном —
недапіу,
i цяпер
віно недапітае
мучыць смагай.
*
Слепне прастора:
слупамі
імгла над зямлёй,
i ў дзяцей
вялікія вочы.
*
Яшчэ недасніў цябе
сон,
яшчэ недаздзейсніла цябе
мэта,
яшчэ недадумала цябе
думка,
i мова недаказала,
i моўча недамаўчала,
i недаўсвядоміў Бог.
*
Чаўны адвязаліся
i без нікога
плывуць i плывуць:
куды?!.

УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ


1
У летапісах уцалелых
Знаходжу
Радкі пра цябе,
У старадаўніх паданнях —
Згадкі.
Адлюстраванне,
Якое амаль патанула
У глыбіні векавечнай,
Рэха,
Якое амаль супала
З пахмурлівай
Далечынёй.
2
Не аддае цябе
Даўніна,
Невараць
Не вяргае,
Не адпускае
Нябыт.
Твае палачане
Цябе не бачаць,
Цябе твае крывічы
Не чуюць,
Цябе нашчадкі твае
Успомніць не могуць.
А ты
Прымаеш усё, што ёсць,
Але ўсё адно,
Але ўсё адно
Згадзіцца з гэтым
Не хочаш.
3
Клічу цябе,
Каб прыйшоў
У сённяшні дзень
I прывёў
3 сабою стагоддзі,
Пакінутыя ў мінулым.
Звяртаюся да цябе,
Каб страту,
Што забірае
Людзей ад людзей
Iчалавека ад чалавека,
Перааспрэчыў.
4
Хто
Знік мазусім,
Не пакінуўшы ў свеце
Следу,
Хто
У свой след увасобіўся
I стаў знаны.
А ты
Усё застается
На той мяжы,
Дзе нябыт
Супадае з быццём:
Чакаеш,
Калі стане іншаю
Неўміручасць?
5
Як убірае ў сябе
Чалавек
Свой век,
Так убірае
I памятае чалавека
Імя,
Яму дадзенае нараджэннем
I спраўджанае жыццём.
Удумваюся ў яго,
Услухоўваюся ў яго,
Трымаю яго на вуснах.
I ключ,
i замок,
Iпрастора,
Належная іншаму вымярэнню,—
Імя,
Што прыйшло ад цябе,
Каб весці
Цяпер да цябе:
Усяслаў Чарадзей.
6
Няхай не думае чалавек,
Што тут,
На зямлі,
Ён найпершы
I найвялікшы.
Няхай зразумее,
Пакуль не зляцеліся крумкачы
I не збегліся лісы,
Сваё прызначэнне
I месца.
Няхай,
Калі здолее,
Да цябе
Падыдзе i вымавіць:
«Бог ува мне,
I Бог у табе,
І над усімі
Намі».
7
На кожную ўладу
Ёсць яшчэ большая
Ўлада,
На кожную перамогу
Ёсць яшчэ большая
Перамога.
Шукаеш той стан,
Той адзіны стан,
Што цалкам цябе
I выявіць,
i ўвасобіць,
I ад здабытку,
Даступнага ўсім,
Адмаўляешся,
I знаходзіш
Сябе на шляхах
Невядомых.
Не ведае ўшана,
Якія найменні
Табе прысвяціць,
I ўхвала,
He маючы слоў параўнання,
Нямее перад табою.
8
Ззяючы ўсімі
Колерамі вясёлкі,
Плыве над зямлёю
Дзівосны змей,
А валхвы
Збіраюцца разам i вызначаюць:
«Таго, хто цяпер нарадзіўся,
Вясткуе падзея,
Вітае неба»,—
I пойдуць
Сцяжынамі з'явы,
Iзнойдуць
Цябе.
9
Славы не прагнеш,
Удачай не ганарышся,
Адно намагаешся асягнуць,
Што не ўдаецца іншым,
I чалавека —
Кім ты ўвасобіўся
Ў гэтым целе
I ў гэтым жыцці —
Выпрабаваць дарэшты.
Загадка,
Якую ўсім загадаў,
I той,
Кім яна авалодвае,
Пазнае
У рысах сваіх
Здаўна
Знаёмыя рысы.
10
Табою выходжу
За межы часу
I разглядаю табою тое,
Што апранулася ў небакраі,
I тое,
Што пасялілася ў невымоўным,
Табой вымаўляю.
Прыкметы
Акрэсліваюцца ў краявіды,
Дарадцаю робіцца небяспека,
Ä мэта — павадыром.
11
Ноч дазваляе
Выявіцца таямніцы,
Ä дзень —
Прадметам.
He ўвасабляешся
I не знікаеш:
Цень,
Які не дае
Мінуламу стаць
Назаўсёды мінулым,
А будучыні —
Нічыёй.
12
У роўным
Ты роўны з усімі
Iнават
За ix непрыкметнейшы —
Быццам
Часткова адсутнічаеш:
Не ўмееш
Так, як яны,
Захапляцца хвіляй,
Так, як яны,
Здавальняцца ўдачай,
Так, як яны,
Ажінацца ў гоман...
Але ў няроўным
Няма табе роўні —
I навальніца
Ідзе да цябе,
I вядзе
Цябе з сабой завіруха.
13
У зыркім агні,
Ад маланкі запаленым,
i ў атрутнай
Змяінай крыві
Гартуеш
Дзіду i меч:
(Не крышыцеся,
Не ламіцеся,
Не тупіцеся!..).
Будзеш
Цэлы свой век
Ад паразы ўхіляцца
А яна цябе —
Даганяць,
Будзеш
Цэлы свой век
Даганяць перамогу,
А яна ад цябе —
Ухіляцца.
14
Далеч адтуліцца —
I зазірне
Позірк за небасхілы. Здабываеш вайною.
Навіны
ўварвуцца ўгаворку,
Пакажа
Дарогу да сэрца дзіда,
Агонь
З'яднаеццаз крыкам
І з дымам — туга,..
Ці зможаш
Тое, што ёсць, адолець,
Toe, што ёсць, перакласці
У тое, чаго няма?
Але сёння
У квецені свет,
A ў цябе вяселле.
15
Спыняешся каля сцен
Наваградка,
Ноўгарада,
Смаленска...
Хочаш пераканацца,
Ці ты ім свой
I ці яны
Свае гэтаксама?
Рухомая процівага —
Вартуеш
Княствы i гарады
І мір
Здабываеш вайною
16
Гэтак i мусіць быць?
Нядаўна
Супрстнікі, а цяпер
Хаўруснікі назаўсёды —
Палеглі
Тыя i гэтыя ваяры
У раптоўны сон,
Хто ix абудзіць?!.
А тое, што ix раз'ядноўвала
Iадважна
Мкнула насустрач адно аднаму
Хто скажа,
Хто выснуе,
Хто пакажа —
Дзе яно?
Што яно?
I нашто?
Адпусціўшы лейцы,
Едзеш канём вараным
Дадому.
Склалася:
Дом — гэта мір,
Склалася i наноў
Складаецца:
Бітва — людзі.
17
Рыхтуеш
Дружыну сваю
Да паходаў,
Да бітваў,
Вучыш
Учыикам адважным,
Рухам спрактыкаваным,
Паводзінам чуйным.
I сам
Рыхтуешся з ёю
Да справы,
Якая цябе абрала,
I ў смерці
Вучышся
Жыць.
18
Згадваеш:
У маленстве
Дзіцячаю талакою
Гулялі ў снежкі.
Але спачатку дзяліліся,
I ў той дзелі,
Якая была не з табою,
Дзеці казалі:
«Добра,
Мы згодзімся біцца ў снежкі,
Апе няхай Усяслаў,
Але няхай Усяслаў —
Калі будзе біцца — няхай
Не ўпадае ў лютасць».
19
Нібы агонь,
Узнікаеш раптам
I раптам знікаеш.
Hi поле,
Hi путча,
Hi бераг
I ні рака
He ведаюць, дзе ты зноў
Аб'явішся неўзабаве.
Тваёй прысутнасцю невідочнай
Поўны абсяг,
Адусюль
Нябачна глядзяць
Твае вочы.
20
Ты ўсюды —
I па-за месцам,
Заўсёды —
I па-за часам,
З усімі —
I без нікога.
Сёння
Імкнешся паспець туды,
Куды прыйдзе
Падзея заўтра.
Людзі ў сустрэчах,
Зямля ў слядах,
Iзлучае
Канцы i пачаткі неба,
A ў горнах
Удзень i ўначы
Палае агонь,
I куюць кавалі
Зноў зброю.
21
Сіла,
Дужэйшая за цябе,
Імкне цябе
Па таемных сцежках
I адчыняе
Замкнёныя далячыні.
Як сокала —
Вышыня,
Як рыбіну —
Глыбіня,
Як глухамань —
Ваўка,
Цябе вабіць
I дазваляе табе станавіцца сабою
Прасцяг —
Злучаны з гэтым светам
I ўжо далучаны
Да таго.
22
Хто зажадае сабе пакуты,
Калі магчымая ўцеха?
Хто накладзе на сябе лахманы,
Калі мае шаты?
I хто
Аддасць перавагу страце,
Калі кладзецца
Да ног набытак?
Разам з усімі з чараў
П'еш хмельную слодыч,
А сам — атруту.
I свет
Табе адкрывае свае таямніцы,
Iадчыняе
Табе свае скарбы
Смерць.
23
Вядзе цябе перамога
Ласкава
Ў палаты
Славы,
Аднак заставацца
Ты ў ix
Не хочаш.
Накрэслівае на тваім
Жыццяпісе
Параза
Свае пісьмёны жалезам,
А каб адужаць цябе —
Не можа.
Зрошчаны з целам,
Апе не цела,
Зроднены з духам,
Але не дух,
Зямлёю баронішся
Ад нябёсаў,
Нябёсамі —
Ад зямлі.
24
Уклалася ў чалавека
Таемная моц —
I ёю,
Што ён захоча,
Разбурыць можа,
І што захоча — стварыць...
Але ён
Блукае знадворку,
Але яна
Замкнёна ў святліцы,
I смерць
Трымае ключы.
25
Плывуць,
Як заўсёды,
Аблокі
I свеціць сонца.
I, як заўсёды,
Людзі
Не пільна бачаць
I разумеюць не дасканала.
Аднак
Тое, што хоча здзейсніцца,
Абірае
I ставіць свой знак на тым,
Кім яно здзейсніцца можа,—
На незаўсёдным,
На прыналежным да вечнасці
Невядомай,
На неспатольным,
Пакутным,
Жывым
Т а б е.
26
Нешта парушылася —
i парушэнне
Уклалася ў звычаі i ў абавязкі.
З паходу
Варочаешся дадому
З багатым палонам:
Нашто ён табе?
I слава —
Нашто яна, калі маеш
Большае адпачатку?
Але бадзёра
Гамоніць дружына,
Але маляўніча
Разгортваюцца краявіды...
Так шмат усяго,
Што ўсяго ўжо мала,
I кліча
Нястачу лішак.
27
Табе запярэчаць
Адпрэчаныя табою
Старыя багі —
I ўзварушаны люд
Абкружыць твой двор,
Iстрэлы
Запаленыя паляцяць
У твой дом...
Цяпер
Маліся свайму
Ўкрыжаванаму Богу,
Кліч
Замовы на дапамогу!..
Быццам спружына,
Сціснецца ў сілу адпору
Твой лес,
I лівень раптоўны
Ўсе дзверы адчыніць
Насцеж.
28
Гэта не ты,
А твае адбіткі,
Не ад'яднаныя ад цябе,
Як цені
Ад постаці, i гэтаксама,
Як з постаццю цені,
З табой не з'яднаныя...
Назіраеш,
Як самі сябе
Абхітроўваюць хітруны,
Пабраўшы
Усмешкі на вусны,
Як ганьбяць,
Павыстаўляўшыся напаказ,
Самі сябе ганарліўцы,
Як самі з сябе,
З рукава
Сеючы звягу ды абгаворы,
Зласлівяць зласліўцы,
Як самі сабе,
Натыкаючыся на нажы,
Помснікі помсцяць.
29
Хмара,
Маланкамі апавітая,
Над табой
Спыніцца, i ты ўбачыш
У ёй дзяўчыну-ваярку —
З дзідай у левай
I з крыжам у правай руцэ;
Затым
Хмара ў дзівосны палац
Пераменіцца раптам...
Усёю сваёй
Істотаю
Ты запомніш
Тэты свой сон,
А С в я т а я С а ф і я ,
Якая паўстане
На беразе стромкім Дзвіны,
Пачне
Яго тлумачыць
Стагоддзям.
30
Куды б ні заходзіў
Далека —
Усё адно
Прыходзіў адтуль дадому,
I як бы куды
Hi ўздымаўся высока —
Усё адно
Вяртаўся i абдымаў
Родных i блізкіх.
І ўсякі раз
Прыносіў з сабой
Ca свайго падарожжа
Айчыне i людзям айчыны
Дарунак —
Скібу
Самое далечыні
І вышыні самой лусту.
31
Усе перашкоды
Мусіш адолець сам,
Перацярпець усе крыўды,
Развеяць
Усе сумненні,
I ў перамозе
Сябе не згубіць,
I ў паразе
Сябе не страціць.
Цвёрды,
Нібы зямля,
Плаўны,
Hi бы вада,
S, нібы вецер,
Нястрымны
Шлях ваяра —
Твой шлях.
32
Што адбылося,
Хаваецца ад цябе
I разглядае цябе
Ca сховы:
Супала
Рэха з наўколлем,
З прагалам — адлюстраванне.
Будзеш шукаць — зблукаеш,
Будзеш гукаць — знямееш,
Будзеш тужыць —
Наплывуць аблокі
I прывандруе дождж.
33
Едзе здалёк дружына
Нужых ваяроў
У край,
Што з табой заручыўся,
Што даручаўся табе,
Каб чыніць
Свой суд i сваю расправу.
Мужчынам — загуба,
Жанчынам i дзецям —
Няволя,
I прысак — Менску.
«Ні скаціны,
Hi чалядзіна» —
Адно
Горкая прьімаўка
Застанецца.
34
Дзіды нацэлены,
Мечы ўзняты,
Шчыты гатовы прыняць
Заўзятыя ўдары.
Моўчкі
Хмурлівае наваколле
Удумваецца ў чалавека:
Чаму,
Што зробіць ён,
Тое будзе,
Што зробіцца з ім —
Ніхто
He адменіць?!.
35
Напярэсцігі сіле
I напярэймы гвалту,
Пераламаўшы свой шлях,
Памкнеш
Ад узгоркаў наваградскіх
Да Нямігі.
Ніхто цябе тут
Не чакаў:
Знянацку
Аб'явішся, нібы помета.
Спыніўшыся перад усімі,
Глядзіш,
Як збянтэжаныя заяры
Адсоўваюцца ў абарону.
36
Ніколі ўжо не растане
Гэты стаптаны снег,
Не паржавеюць ніколі ўжо
Гэтыя мечы,
I не струхлеюць дзіды,
I ўжо ніколі не будзе
Канца
Гэтай лютай бітве
На гэтых крывавых,
З нябёсамі злучаных
I ў наступнасць
Упісаных,
Берагах.
37
З дружынай сваёй —
Уцалелай рэшткай —
Кіруешся ў змрок
Занямелага адвячорка.
I ўсё даўжэе адлегласць
Між тым,
Што было
I што ёсць,
І ўсё больш
Ты застается ў мінулым,
I застаецца мінулае
У будучыні
Усё больш.
38
Накрэсліваюць шляхі
У кнізе твайго жыцця
Свае думныя ўзоры.
У бітвах,
Паходах,
Здзяйсненнях,
Задумах,
Стратах
Мінае твой век
I, мінаючы, набывае
Тваё аблічча.
39
Ад'ехаўшы —
Азірнешся:
Нізкае неба,
Глыбокі,
Зрушаны снег,
I на снезе
Мёртвыя ваяры —
Свае i чужыя.
Так учынілася
I хіба
Можа ўчыніцца
Інакш т а к о е ?
Toe,
Што бачыш апошні раз,
З табою развітвацца
Не захоча.
40
Чуйнаю думкай —
Ранаю чуйнай —
Слухаеш рэчаіснасць.
Што набрыняла,
Сабралася,
Падступіла
Да самай паверхні
I аб'явіцца хоча?
Дзе неабходна
Твая прысутнасць
Е як
Мусіш паводзіцца,
Каб сваё
Убіралася ў моц,
А чужое
Не мела моцы?
Усюды прысутнічаеш,
Ba ўсіх
Выпытваеш думку,
Але сваю
Нікому не адкрьшаеш,
Але ў сваю
Не ўпускаеш нікога.
41
Засвойваеш
Iспазнаеш
Cawrae большае,
Што чалавек
Можа,
I самае большае
Гэтаксама —
Чаго не можа.
Бываеш
У неба ў гасцях
I ў пекла,
Раішся з птушкамі,
З гадамі,
Ca звярамі,
I там,
Дзе для іншых —
Мяжа,
Для цябе —
Магчымасць.
42
Не можаш уваскрасіць
Сваіх мёртвых
Сяброў-ваяроў,
Што палеглі ў бітве,
Ды можаш
Уваскрасіць
I нанава ўвесці
У займішча новага дня
Замоўклую бітву —
Няхай сама
Яна вызначае:
Навошта
Так непадзельна
I так асобна
Злучыліся ў чалавеку
З целам душа
І з душою цела.
43
Згуба
Бяжьщь па тваіх слядах,
Табе падае руку
Здрада,
Дарогу табе заступае
Жах.
А ты ўсё адно
Застается жывым
Заўсёды:
Раптоўны ратунак
Цябе беражэ,
Імгненнае выйсце
Цябе пільнуе.
44
Не назіраў —
A бачыў,
Не слухаў —
Ачуў,
Крылаў не меў —
A лётаў.
Быў там,
Куды сцежкі не дасягаюць,
I рэчы,
Якія не маюць наймення
У мове людской,
Разумеў.
45
Нібы груганы — ахвяру,
Цябе апаноўваюць
Змрочныя,
Горкія,
Цяжкія думкі.
I не хапае
На тэты раз моцы,
Каб ix адпрэчыць,
І не хапае
На тэты раз шчасця,
Каб ix адолець
Iпавярнуць наўпроць.
Звернуты вочы
Углыб сябе.
Каб адразу
Ўсё зведаць i вырашыць,
Падаешся,
Прымаючы выклік,
Насустрач нязведанай долі —
Бядзе.
46
На чоўне
З малымі сынамі,
Апосталамі малымі,
Нлывеш схаладнелай вадой
Да супротных князёў —
Хаўруснікаў i варагоўцаў.
Надоечы цалавалі
Яны святы крыж,
Прысягаючы,
Што не прычыняць
Табе аніякай шкоды.
Але калі прыплывеш,
Яны раптам
Прысягу зломяць.
Даўся,
Каб ашукалі,
Ці зазірнуў
У імглістую будучыню
I згадзіўся:
Хай будзе,
Што мае быць?!.
47
Зняволенага, цябе
Вязуць князі-вераломцы
У стольны Кіеў,
А Полацак
Ідзе следам.
Цешыцца княскі двор
I ходзіць глядзець
На дзівоснага вязня,
А Полацак побач
Тужыць.
Цябе замыкаюць
У поруб-цямніцу:
Цяпер,
Што хочаш, рабі
I, што хочаш, думай.
А Полацак ходзіць
Па вуліцах Кіева
I месцічаў водзіць
Услед за сабой,
I намаўляе на нешта.
Табе аддаюць уладу,
Князем вяльмуюць
І на пасад узводзяць,
А Полацак за руку
Бярэ цябе:
Княжа,
Ці не пара дадому?!.
48
Прастора
Напружваецца, як цеціва,
I час
Скіроўваецца,
Як страла,
Па найкарацейшай дарозе.
Яшчэ не мінула ноч,
А ты апынаешся ў дні,
I тое,
Што будзе заўтра,
Распазнаеш сягоння.
49
Людзям чыніш суды,
Князям
Раздает гарады,
Падзеям
Дапамагаеш скласціся так,
Як яны
Гэтага хочуць.
Носіш —
Выношваючы — у сабе
Наступнасць
I настаеш
З яе.
50
Што здзейсніцца —
Застанецца,
А што застанецца —
З часам
Забудзе,
Што азначала яно,
Іпачне
Сведчыць сябе самое.
Шчыльныя літары
У летапісах пажоўклых
Спыняюцца,
Каб даўмецца,
Д з е ты
I х т о.
51
Употайкі
Сустракаешся са святым,
Чыёй келляй —
Падземныя сутарэнні,
I гэтаксама —
Употайкі —
З вешчуном.
Знаходзіш
З абодвума імі
Паразуменне,
3 абодвума імі
Вядзеш гаворку
Аб справе,
Аб часе,
Аб чалавеку.
З'ядноўваюцца ў табе
Вышыня i глыбачыня,
Зямля i нябёсы,
Святло i цемра,
Дзейсніцца,
Тоячыся ад паверхні,
Нязнаны Бог.
52
Вестку за весткай
Прывозяць табе
Ганцы.
Няма калі жыць,
Як хацеў бы,
Мусіш —
Як дбае дзень,
Як вымагае тыдзень.
П'еш, як ваду,
Бяду,
Ясі, як хлеб,
Гора.
Траціш сябе
Дарэшть!
I зноў,
Страчваючы,
Знаходзіш.
53
Уклаў у Сафію
Сваю душу,
I калі
Звоняць званы,
Дзе б ні быў,
Усё роўна чуеш.
У намаганнях i ў спробах
Жыццё
Набывае ўсё больш аблічча,
Што даспадобы
Яму самому.
С в о й край,
С в о й народ,
С в а е гарады
I с в а я Сафія,
I ты ім таксама
Свой.
54
Гэтакі час:
Ён пахне
Жывіцай i дымам.
Дарога
Перацінае дарогу,
Меч
Абрушваецца на меч,
Дружына
Едзе насустрач дружыне,
Ваяр
Змагаецца з ваяром.
Гэткі час:
Выплаўляецца
З горна нягодаў
Народ,
З прысаку
Ўзводзіцца горад,
З роспачы
Творыцца моц.
55
Куюць кавалі
З жалеза
Кальчугі i латы —
На цела
Яшчэ адно цела...
Аднак,
Нібы не скончылася адно
Жыццё,
А другое
Ужо настае,—
У табе самім
Ствараецца цела,
Якога
Не можа ўгледзець
Страла,
Не можа намацаць
Дзіда,
Не можа параніць,
Меч.
56
Як свігавіца-маланка,
Калі набліжаецца навальніца,
Малюе на небе
Узоры свае,
Высвятляеш
Сабой рэчаіснасць
I апярэджваеш вынік.
А за табою
Грукаюць перуны,
I згуба
Ніяк не даўмеецца,
Дзе цябе пераняць.
57
Будзь літасцівы да чалавека:
Супротнікаў
Не карай
I вінаваўцам
Не помсці.
Яны яшчэ
Сябе не адрозвіваюць
Ад абставін
I супадаюць з мясцовасцю
То лясістай,
То балацістай,
То ўзгорыстай...
Адкрывай
У людзях i з'явах
Наступнасць,
Дзе помсце
Няма каму помсціць,
А варажнечы
Няма з кім варагаваць.
58
Ca сценаў
Святой Сафіі
Сыходзяць да палачанаў
Апосталы
I навучаюць праўдзе.
Хаваешся ад прызнання
I распазнання
У клопат гарачы
I ў ім выяўляешся,
І глядзіш
На постаць апостальскую,
Як на свята,
Дзе ты ўжо некалі быў.
59
Дужаецеся:
Ён князь,
А ты княжыч,
Ты сын,
А ён бацька,
Ён жартам,
А ты колькі змогі.
I ён цябе вучыць:
«Калі цяжар
Прыцісне да долу
I ты не зможаш
Скінуць яго — тады
Выгукні: хопіць!..»
Выгукваў —
Iвузел
Развязваўся сам адразу
I атуляла палёгка
Ласкаваю хваляй.
Няма ўжо на свеце бацькі,
I сам ты ўжо князь,
A ўсё роўна
Выгукваеш час ад часу,
Быццам камусьці, нікому
Дзіцячы заклён свой:
Хопіць!..
60
На сутыках шляхоў,
На растоках рэк,
Між у сходам i захадам,
Поўднем i поўначчу,
На зямлі,
Заглыбленай у векавечнасць,
Тваё гаспадарства.
Магніт —
Прыцягваеш i збіраеш,
I творыш
Яшчэ не вядомы ў свеце,
Але такі знаёмы
Па постацях i вачах
Народ.
61
Вось вам, сыны, падарункі:
А гэта справы,
А гэта з'явы,
А гэта веды.
Куды памкнешся, Барыс?
Чаго зажадаеш, Давыд?
На што адважышся, Глеб?
Дзе спынішся, Расціслаў?
Як павядзешся, Раман?
Чым задаволішся, Святаслаў?
Глядзіш на сыноў
I імі
Распазнаеш сябе.
62
Хочаш з усімі сустрэцца,
A з кім — не маеш.
Ці заблудзіліся пасланцы,
Ці забылі
Само пасланне
I не жадаюць успомніць?
Мяняе
Воблікі свет,
I шукае
Пачатак бітва.
63
Зацята
Чыесьці пагляды
Скіроўваюцца да цябе,
Упарта
Чыесьці намеры
Табе пярэчаць.
I, падыходзячы да мяжы
Тваіх уладанняў,
Гнуцца i ломяцца,
Быццам дзіды,
Чыесьці шляхі.
Перашкодай
Стаўшы для сілы
Хлуслівай i ганарлівай,
У бітве самаадданай
Знаходзіш паразуменне
З сабой.
64
Хто даў табе
Гэтую кнігу?
Радок за радком
У ёй пакладзены словы,
Але пакладзены — быццам
Вывернуліся старонкі
Ці сам
Стаіш за напісаным...
Дбайна,
Нібы ўспамінаеш уголас,
Што некалі ведаў,
Чытаеш,
Ды раз за разам
Спыняешся, хібіш —
I раз за разам
Нехта, хто бачыць праўдзіва,
Падказвае, як належыць
Чытаць, што чытаеш.
Iсловы
Звязваюцца паступова
У змест.
65
Там , за туманам...
Стаіць i глядзіць туманам
Toe, што прызначае
Табе сустрэчу
I так прызначае,
Што пра яе
Ты сам здагадацца мусіш
I мусіш сам
Знайсці тое месца,
Дзе, -
I выбраць той час,
Калі
Табою аб'явіцца
Toe.
66
Яшчэ не ўсё перажыў?
Яшчэ не ўсё зведаў?
Увязнены ў сваім часе,
Замкнёны ў сваіх,
Такіх зменлівых,
Днях i начах,
Умееш выходзіць
За межы часу:
Дзе безвыходнасць —
Знаходзіш удачу,
Дзе безнадзейнасць—
Вынік,
I дзе небяспека —
Шлях.
67
Каб нават водсвету
Не дайшло!..
Каб нават водгуку
Не даляцела!..
Нібыта ў гарy,
Што верхам
Перакулілася і вядзе
Да мэты,
Якая сябе хавае,
З паверхні
Ўваходзіш углыбіню:
Iспраты —
Яны ўжо сцежкі,
I ціша —
Яна ўжо розум,
Iзмрок —
Ужо зрок.
68
Роўнай дарогай,
Якою яшчэ не хадзіў,
Ідзеш
I прыходзіш раптам
Да загарадкі —
Да заставы.
I гэтак жа раптам бачыш:
Стаіць на дарозе
Роўна перад табою
Труна і, чагосьці
Чакаючы, каля яе
Натоўпяцца моўчкі людзі.
«Кладзіся — яна для цябе»
Пачуеш i ўсёю
Сваёю істотаю дужай
Пачутаму запярэчыш.
Збочыш,
Нахілішся,
Упадзеш
I вымкнеш на той бок
Заставы.
69
Учынкі твае
Адлучаюцца ад цябе
І, адлучыўшыся,
Пачынаюць
Табе пярэчыць.
Аднойчы зірнеш
У рачную плынь —
I ўбачыш сябе
Насупраць сябе,
І міжволі
Здзівішся:
Дзе падзеўся
Князь малады
I адкуль узяўся
Стары?..
70
Недасканалае, не!..
Бы нанова
Знаёмішся сам з сабою,
Абмацваеш сваё цела.
Ведаеш:
Ім жывеш,
Ведаеш:
Ім паміраеш,
I ведаеш яшчэ нешта
Звыш гэтага...
І неўпрыкмет
Toe, што клікала смутак
I ўводзіла ў роспач,
Зараз уводзіць у спадзяванне
i радасць,
Што не тлумачыцца,
Кліча.
71
Вяртае прастора
Людзям,
Як рэха,
Іхнія ўчынкі.
Няхай
Вучыцца чалавек
Адрозніваць,
Што яму можна,
А чаго — не...
I летапісы не тлумачаць
Прычыны,
Чаму так здараецца з чалавекам,
A толькі сведчаць
Аб смерці раптоўнай,
Аб страце горкай
Ды аб пакуце лютай.
72
Пойдзеш лясною,
Пазначанай ледзьве, сцежкай
Iдойдзеш
Да той хаціны,
Што некалі ўбачыў у сне.
Увойдзеш —
Нікога няма,
Апе ў печы
Дыхае чырванню жар,
На абрусе
Ляжыць накроены скібамі хлеб
I пахне
Мёдам i зёлкамі збан:
Пачастунак госцю.
Адведаеш — i спаўешся
Дрымотаю, i пакладзешся
На лаву, аўчынай засланую,
I тады
Нехта падыдзе i ў галавах
Спыніцца, i спытае:
«Што ты жадаеш
Сабе сама больш?»
I ты,
Нібы прызнаешся ў нечым,
Дагэтуль утоеным, скажаш —
I калі скажаш,
Прахопішся i азірнешся,
I не заўважыш нікога:
«Не мець сябе».
73
Hi думаць, ні гаварыць...
Падаўся,
Сваёю воляю ўладны,
Сваёю моцаю дужы,
Насупраць якойсьці сілы,
Што гэтага не хацела,
Спыняла цябе
I сама
Ад цябе адступалася,—
I апынуўся
У полі, імглою спавітым.
Няма тут
Hi ворагаў, ні сяброў,
Iнават
Сябе самога
Распазнаеш ледзьве-ледзь.
74
Ці гэта дзень,
Ці ноч —
На табе
Трымаецца пільны прамень
Невядомага сонца
I жывіць
Думкі твае,
I лучыць
З будучыняй, якая
Заўсёды тут.
Сярод блытаных,
Пакручастых,
Няроўных
Зямных шляхоў
Адзіна відушчы шлях
Гэты.
75
Спрабуеш,
Але не можаш
Ужо ўмясціцца ў паўторы
I ўтое,
Што некалі ўмеў як ніхто,
Не можаш
Укласціся зноў:
У прысак
Знікае агонь,
I туды,
Адкуль быў табою ўзяты,
Вяртаецца крыж, з табою
Развітваючыся,
I адпускаюць
Новыя пераможцы цябе дамоў —
У наступнасць.
76
Народжаны ў свеце,
Але не супаўшы ca светам,
Не растлумачыш — адкуль
Прыходзіш,
Куды
Адыходзіш.
Недзе далёка,
За сінім лесам
I за блакітным
Полем,
Дагэтуль
Стаяць вешчуны-мудрацы
Ля тваёй калыскі
I моўчкі ўзіраюцца
У твой дзіўны,
У твой таямнічы,
У твой чалавечы,
Таю не падобны на іншыя,
Лёс.
77
Што спраўдзілася —
Аціхла,
Што адбылося —
Знікла,
Што выявілася —
Растала
І стала нічым.
Чалавек —
Гэта шлях,
Які трэба прайсці,
Магчымасць,
Якую трэба ўвасобіць?!.
Імгла,
У якой
Нікога няма,
Але ў ёй
Згусцілася i пульсуе,
I адгукаецца думцы
Рэха,
Што мае
Тваё імя.
78
Так шмат чаго змесціцца
У тваім
Вірлівым жыцці,
Што жыццё
Некалі стане цяжкім.
Просіш у смерці
Ласкавай:
Сатры
Усё, што было,
Каб зноў
Позірк стаў ясным,
А памяць
Чыстай.
79
Жывыя — памруць,
A мёртвыя —
Уваскрэснуць...
Нібы расстаешся
З сабою самім —
Адыходзіш
Адтуль,
Дзе было ўсё тваім,
Туды -
Дзе ты сам...
Будзеш бачыць:
Наблізіўся да канца,
А ведаць:
Вяртаешся да пачатку.
80
Дакладна,
Быццам зацьменне сонца
Ці нараджэнне зоркі,
Ці катастрофу,
Якая прыцягне
I затрымае ўвагу
Усіх,
Занатуюць
Колішнія летапісцы:
«1101 год.
Месяца красавіка
На дзень чатырнаццаты
А дзевятай гадзіне
У сераду
Навекі спачыў Усяслаў,
Полацкі князь».
Усё?
Цяпер насампраўдзе
Усё?..
81
З прадоння
Мінулых гадоў
Узнікаюць падзеі,
З падзеяў —
Людзі.
I, думкай адпушчаныя,
Знікаюць.
З'яднаны са зместам,
Заўсёды ўвасобленым
I не належным
Hi постаці,
Hi найменню,
Ты — ўжо не ты,
А сама
Непарушная глыбіня,
Сама
Недасяжная вышыня,
Сама
Туманамі спавітая
Далечыня.

ГЛІНА


1
Ніцма ляжыш
І ў глыбокім сненні
Хаваеш сваю душу.
Загавару з табою —
Адкажаш,
Але не пачуеш.
Рукою цябе крану —
Запомніш,
Але не ўбачыш.
Ты ў самым пачатку часу,
Дзе Бог
Разрознівае-разасабляе
Свае раўнаісныя іпастасі —
Жыццё і Смерць.
2
Няма ні набытку,
Ні страты.
Насенне чакае
Сваёй пары —
Замкнёнае ў сховішчах сэнсу.
І не спяшаецца прыгажосць
Сабрацца
У келіху кветкі.
Магчымасць шукае сябе,
Даючы
Гліне
Свае найменні.
3
Чакае,
Што з ею нешта адбудзецца,
Але не ведае —
Што.
Хоча,
Каб тое,
Чаго чакае яна,
Адбылося,
Але не можа даўмецца,
Адкуль яно можа ўзяцца,
Калі няма яго ў ей
Цяпер.
Што ні трапляецца ёй,
Адпускаецца неахвотна.
Растворана ў ёй
Магічная сіла,
У ёй
Прадугадваецца жанчына.
4
Усе пакідаюць у ёй
Свой след —
Нібы пазначаюць месца,
Куды вярнуцца.
Але не вяртаюцца.
Гліна:
Адзіная спадарожніца,
Для якой
Ніхто не бывае мінулы.
5
Не хоча,
Каб яе бачылі
І разумелі,
Але сама хоча бачыць
І разумець.
Яшчэ ўсё магчыма —
Яшчэ
Сіла не варагуе з сілай
І не смуткуе па смерці.
Яшчэ
Слова само сябе чуе,
А вобраз —
Бачыць.
Размова пра н е ш т а ,
Што доўжыцца з веку ў век,
Але не можа ні скончыцца,
Ні пачацца.
6
З радовішча сну
Абуджаецца,
Каб нарэшце
Прачнуцца нечым
Альбо сабой.
Вада забірае,
Агонь збірае,
І думка знаходзіць у ёй
Сваё падабенства.
Цяпер сцеражыся,
Каб не памерці
Раптам.
7
Захоўваешся ў цяні
Усіх рэчаў
І ўсіх істот
І ў сабе
Захоўваеш сэнс,
Ім яшчэ не вядомы.
Каб насампраўдзе
Прысутнічаць кожны раз тут,
Даецца,
Быццам сляпому доказ,
Сама сабе
Ў рэчах і ў постацях
Рэчаіснасць.
А гліна
Усё пераконвае ўсіх,
Што можна
Бачыць не гэтак,
Што можа
Усё быць інакш.
8
Нешта сабралася
І разышлося,
Але засталося ў памяці
Разам.
Нібыта і ёсць яна
І нібыта
Яе няма.
З іншага часу
І з іншай прасторы:
Калі да яе набліжаешся —
Адступае,
Калі адступаешся ад яе —
Трымае.
Памяць,
Якая нікому ўжо не належыць,
Але якой належаць
Усе.
9
Паволі альбо раптоўна
Мы адхіляемся
Ад задум,
Якія хацелі
Спраўдзіцца намі,
Калі не чуем,
Ці адгукаецца наваколле.
А самае простае,
На што не звярталася ўвагі,
Спраўджваецца цяпер
І застаецца заўсёды.
Блукае,
Шукаючы павадыра,
У гліне навобмацак
Сонца.
10
Упісаная ў прастору,
Абжытую ўсімі,
І ўсім свая,
Усталёўваешся ў адлегласць,
Якой немагчыма парушыць,
Каб апынуцца
З далёкім побач,
А з блізкім яшчэ бліжэй.
Безліч нераспазнаных
Сузор'яў
Спластоўваецца ў табе
I раствараецца мноства
Млечных Шляхоў
Невядомых.
Ціхмяна ляжыш,
Утуліўшыся ў глыбіню,
Галактыка
Іншага вымярэння.
11
Пад чорнай карою глебы
Белы хлеб плоці.
Не памятае,
Ці, як зерне,
Апала яна з вышыні,
Ці ўзышла з глыбіні,
Ці проста
Тут затрымалася выпадкова.
Дух,
Што стаў плоццю,
Але перастаў быць
Духам.
12
Любіць,
Каб яе лашчылі,
Песцілі,
Бралі ў рукі.
Тады яна ажывае,
Тады яна робіцца
Чуйнай і паслухмянай
І вучыцца разумець
Чалавека.
Можа, чакае,
Што ён
Вылепіць з яе тое,
Чым сам дагэтуль
Яшчэ не здолеў зрабіцца,
Ці, можа,
Наадварот,
Вернецца ў яе лона —
І свет
Нанава стане райскім.
13
Галеча
Цябе ачышчае,
Спакой прасвятляе.
Аблокі
Спыняюцца над табой,
Ручаі
Хочуць завесці
З табой размову.
Празрыстая для сябе,
Зацемненая для старонніх,
Яднаеш
Выток і суток,
А сама
Застаешся на месцы
Сам-насам з усімі —
Выйсце,
Замкнёнае нацянькі.
14
Перацякаеш
З самое сябе
У сябе самую.
Няспынны кругазварот
Унутры
Адсутнай прасторы,
Дзе думка,
Калі яна пранікае
Ў прычыну
І асягае вынік,
Знаходзіць, што страчваецца,
Рэчаіснасць.
А рэчаіснасць
Распазнае, што яна
Насампраўдзе ёсць
У несупыннай сустрэчы
З сабою
Іншай.
15
У нетрах зямлі
Вы спяваеш паволі.
Чакаючы,
Што ў чалавеку
Выспее думка,
Якая цябе зразумее.
А ён
Жыве нараджэннем і сконам
І тужыць,
Што гэта —
Усе жыццё.
16
Злучае
І прымушае трымацца
Разам,
Нібы слепата — сляпых,
Постаці рухаў
І думак.
Навобмацак,
Але мякка,
Нібы знутры
Звыклых паводзінаў
Імі кіруе
Не бачны ім павадыр.
Такі неймаверна далёкі
Заблытаны шлях
Да мэты,
Якая заўсёды
Тут.
17
Выводзіш
Свой самы вялікі твор —
Чалавека —
Увесь яго век
З нятоеснага вымярэння.
Табе пярэчаць
Найменні і вобразы,
Што чалавек
І адпаведны ім,
І вядомы.
А ён,
Жадаючы жыць,
Пакідае
І ўсё не пакіне ніяк
Сваю заўчасную вечнасць.
18
Маланка
Стараецца рассвятліць
Тваю сутонлівую светлыню
І выклікаць сілу,
Якая ў табе пагасае,
На спрэчку.
Пярун
Уладарна загадвае,
Каб ты ўклала
Сваю нямую душу
У споведзь.
А дождж
Прытуляецца да цябе
І просіць,
Каб ты даравала
Маланцы
Яе слепату,
А перуну — безразважнасць,
І не
Дазволіла свету
Знікнуць.
19
У спратах зямлі:
Бярэшся
І ўсё адно
Пакідаешся без увагі.
Неба
То прасвятляецца,
То хмурнее.
Сцежкі
Сыходзяцца разам
І зноў
Разыходзяцца па паверхні.
Ты зазіраеш
Мне ў памяць —
І ў ей
Знаходзіш утоенае
І ад мяне самога.
Адвечны скарб —
Які ўсім відаць,
А нікім
Знайсціся не можа.
20
Нібы абсяг
Рэчаіснасці нераспазнанай
Паказвае думцы,
Кудою думаць
І як разумець,—
Увесь час
Забараняюць
І дазваляюць
Нам акалічнасці нешта.
У намаганнях
Гартуецца моц
І, каб дзейнічалі,
Вымагае.
А тое,
Што мусіць адбыцца з намі,
Само настае
І само вытлумачваецца,
Як гліна
У кожным дні.
21
Рэчы ўкарэньваюдца
У карысць
І, што паўтараецца тут,
Вартуюць.
Усіхняя і нічыя,
Не рупішся аб ураджаі
І не адрозніваеш,
Дзе — восень,
А дзе — вясна.
Адпаўшы ад неба,
Але не супаўшы з зямлёю,
Вучышся быць паслухмянай таму,
Што не мае
Абгрунтавання.
22
Бясконцая колькасць
Абліччаў
З цябе вынікае,
А ты
Не супадаеш з ніводным.
Ні з кім не ваюеш,
Не хаўрусуеш
І не адстойваеш сваёй праўды.
Але звяртаюцца да цябе,
Урэшце,
Усе абліччы
Па канчатковае высвятленне:
Што значаць яны,
Калі яны ёсць,
І што яны будуць значыць,
Калі іх не стане?
23
Бесперастанку
Вяртаецца да цябе
Наваколле,
Як рэха,
Якое акрэсліла круг
І ўвабрала, што ў крузе,—
І постаці дрэў,
І турму будынкаў,
І ўвесь краявід,—
Але ўжо не можа,
Вяртаючыся, знайсці,
Адкуль яно ўзнікла
І з кім
Мае супасці...
Далучаная да наваколля,
Шукаеш з ім разам
Нешта —
Што не адшукваецца,
А ёсць.
24
Імгла:
Ні святло, ні цемра.
Замкнуліся вочы,
Што бачылі
І разумелі ўначы,
А вочы,
Што бачаць удзень,
Не спяшаюцца адамкнуцца
Такая наша пара —
Між колішнім
І наступным.
І самай відушчай
У гэтай пары
Абвяшчаецца гліна.
25
Рухавая,
Як вада,
І непарушная, нібы камень
Ці толькі яшчэ
Падаешся да небакраю,
Ці ўжо вярнулася —
І небакрай
Ператварыла ў сваю прыкмету
Вандруеш са стану ў стан
І, што пакідаеш,
Маеш
Сваім набыткам.
26
У гліне сляды:
Не лучацца між сабою
Нічым,
Апроч гліны.
Хіба распазнае сябе
Той, хто ідзе,
У сваіх слядах?
А той, хто жыве,
У тым, кім ён жыве?
Але зноў і зноўку
Упісваюцца сляды
У вечную гліну,
А гліна —
У нявечнага чалавека,
27
Не піў —
А яе паіў малаком,
Не еў —
А яе карміў хлебам,
Каб абудзілася,
Каб ажыла
І сказала с л о в а ,
Якое людзі згубілі,
Калі захацелі ўзысці
Нацянькі да Бога.
Ела мой хлеб,
Піла маё малако,
Але каб сказаць —
Не сказала нічога.
Зноўку замкнулася ад мяне,
Зноў адхінулася —
Ці то ў здзіўленні,
Ці то ў расчараванні,—
Нібы яна
Мне прызналася ў нечым,
А я не здолеў пачуць.
28
Не прадаецца —
Бы золата,
І не купляецца —
Нібы срэбра.
Усюды знаёмая ўсім,
Ні ў кога
Не выклікае ні зайздрасці,
Ні захаплення.
Хінуся да гліны:
Не купіць
І не прадасць,
Але навучыць справе.
29
З таго боку часу
Доўжышся да мяжы
Гэтага дня
І хвіліны гэтай.
І запаўняеш сабою
Усе прагалы,
Разломы,
Разрывы,
Расколіны,
Што раз'ядналі
Адказ і пытанне,
Прычыну і вынік,—
І з цягам часу
Нас прысвячаеш
У шлях.
30
Бы пераможаная,
Ляжыш пад нагамі
У кожнага ваяра,
У кожнага заваёўцы.
Бурацца вежы,
Руйнуюцца гарады,
Гінуць дзяржавы,
Якія былі аздобай
І гонарам свету —
І ты іх бярэш
У сваё бязмежжа,
Але не становішся
Ні знакамітай,
Ні зруйнаванай.
І гэтак
Заўжды.
31
Разломіцца раптам
Зямная кара —
І ў разломе
З'явіцца голае цела
Гліны.
Нібыта ўва мне самім
Убачылі вочы нешта,
Што забаронена бачыць
Уражваюся,
Што я ёсць
І бачны
Зоркам і гліне.
32
Наносішся кропкамі,
Рысамі
І кругамі
На рукі,
На твар,
На грудзі.
Датворваеш,
Дамалёўваеш чалавека,
Упэўніваеш яго,
Што ён дужы,
Разумны,
Прыгожы
І блаславёны Богам.
Але калі ты сціраешся —
Чалавек
Губляецца ў акалічнасцях
І ўяўленнях
І скардзіцца Богу,
Што той
Ад яго адступіўся.
33
За курганамі
Свеціцца і не блякне
Далечыня.
Сцежкі знайшлі,
Куды слацца,
І болей не ўводзяць у зман
Вандроўцаў,
Мінуў
Спякотлівы дзень,
А вечар
Не надышоў.
Пара
Знаходзіць паразуменне
З глінай.
34
Пусцеюць радовішчы,
Рэкі
Спрабуюць цячы назад.
Безгалоса
Выстройваюцца тысячагоддзі
Адно за адным,
Ды нічым
Не могуць дапамагчы
І парадзіць нічым не могуць
Гэтаму крайняму дню,
Гэтаму крайняму году.
І толькі гліна
Бярэцца правесці
Па-над прадоннем
Сваёю дарогай
Пакінутага чалавека.
35
Ты дазваляеш
Рабіць з сабою
Усё,
Што надумае чалавек
І што здолее,—
Нават Бога.
Ужываешся ў вобраз,
Якім чалавек надзяляе
Таго,
Хто мусіць яго зразумець
Глыбей, чым ён сам.
Услухоўваешся ў таямніцы,
У якіх чалавек адкрывае
Сябе перад тым,
Хто сам
Найвялікшая таямніца.
І застаешся ўсё роўна
Сабой —
Спрадвечнай магчымасцю
Быць інакшай.
36
Па рэках крыві
Цячэш
У інакшыя далячыні.
І, прысвячаючы чалавека
У немінучую смерць,
Прысвячаеш
У немінучую неўміручасць.
Апошняй праводзіш
І сустракаеш
Першай.
37
Збочваем:
З бальшакоў
На патайныя сцежкі,
Каб забароненае забрала
У нас нямогласць,
А даравала моц.
Гліну,
Якая адольваецца,
Мяняем
На гліну,
Якая паволі,
Але няўхільна,
Адольвае нас.
38
Накрэсліваю на гліне
Знакі,
Узоры,
Вобразы —
І яны
З яе выпаўзаюць,
З яе вылятаюць,
З яе выходзяць,
Яе пакідаючы,
І пачынаюць
Адно за адным паляваць.
Калі сустракаюся з імі
У наваколлі,
Яны пужаюцца,
Уцякаюць,
Злуюць,
Быццам яны
Насампраўдзе жывыя,
Быццам яны
Насампраўдзе —
Я н ы.
39
Змена,
Што ўсе перайначвае,
А сама
Застаецца нязменнай.
Сабранае траціцца,
І рэчаіснасць
Разгортваецца ў здагадку,
Каб адшукацца
З таго боку слоў.
Вяртаюся ў заўтра,
Дзе гліна значыць
Болей,
Чым постаці
Уздоўж перыметру
Сцен.
40
Штодня сустракаемся
І штодня
Марым аб нейкай іншай
Тут немагчымай —
Сустрэчы.
Дрэвы
Нас памятаюць,
А гліна
Вядзе да свайго небакраю,
Дзе Бог
Не будзе адрознівацца
Ад чалавека
І жыццё —
Ад жыцця.
41
У глыбіні — пласты,
А тут,
На паверхні,
Звініць сцюдзёны ручай
І вецер
Вагае галіны дрэў,
І прастора
Не мае мяжы...
Але апынаецца паступова
Тое, што мучыць і радуе,
Вабіць і засмучае,
У мінулым,
І апынаецца ўсё бліжэй
Чалавек ля гліны.
42
Нібы ўбіваюцца ўглыб
Апоры,
Калі будуецца дом,
З глыбіні
Праступаюць задумы,
Каб неўзабаве
Звязацца ў цэласны тэкст,
Як гліна.
Прысутнічаеш незаўважна
У кожнай развазе,
А заўважаешся —
І прастора
Страчвае рыштаванні:
К у д ы і а д к у л ь .
43
Прыклейваешся да чаравікаў,
Да рук,
Да слоў,
І як бы далека
Хто ні заходзіў,
Не дазваляеш яму
Адысці назусім
І зрабіцца
Староннім,
Чужым,
Абыякавым да мясціны,
Табою асвечанай.
Нават
Не думаючы пра цябе,
Табе прысягаюць людзі,
Што будуць памятаць пра цябе
Да скону.
44
Моцай,
Якую ўкладаем у рэчы,
Каб імі валодаць,
Рэчы
Трымаюць нас.
Між сабой
Згаджаемся,
Узгадняемся
І вітаем
Адзін аднаго пры сустрэчы.
Але глыбіня
Ад нас адступаецца
І закрываецца
Тоўшчай паверхні.
І толькі гліна —
Каб мы не згубілі сябе дарэшты
Свеціцца,
Як ліхтар.
45
Знаходзіць сама ў сабе
Безліч рэчаў,
Але самую сябе
Губляе.
Згадвае мноства імёнаў,
Якія даюцца ўсяму,
Што ўзнікае,
Але сваё забывае.
Калі настае —
Мінае,
Калі становіцца нечым —
Перастае быць
Н і ч ы м .
І тады
У рыбін і птушак
Выпытвае шлях
Дадому.
46
Прысутнае вабіць
Вока
І вокам засвойваецца:
Адлегласць
Між тым, што знадворку,
І тым,
Што ўнутры.
Прамень
Напружанага спасціжэння
Прыцягвае і адпускае
Прадмет —
І прадмет
Пачынае распазнаваць
Адлегласць,
А ў ёй
Прысутную гліну.
47
Збан зберагае,
Што маецца ў ім,
І, што маецца ў ім,
Спаражняе.
Нібыта завязь у плод —
Няўзнак
Будучыня перайшла
У мінулае:
Ува што
Пярэйдзе мінулае?
Тут нас ужо няма,
Але ўжл
паявілася гліна.
48
Што ні здараецца з намі,
Здараецца як бы не з намі
А з некім.
Спяваюць раніцай птушкі
І дрэвы
Шапочуць лістотаю,
І бялее
Так блізка,
Але к у д ы нам ужо
Немагчыма патрапіць,
Гліна.
Нас перайначвае вынік,
Аднак заўсёды
Мы застаёмся прысутнічаць
Некім ці нечым
Побач з мінулым,
Якое было
Ц я п е р .
49
Не намагаешся спрасавацца
У крамянёвую моц
Ці рассыпацца ў пыл...
Мудрацы
Табе давяраюць
Свае развагі —
Не для таго,
Каб з імі
Застацца ў вяках,
А каб высветліць праз вякі,
Дзе думка
Распазнавала праўду,
А дзе памылялася...
Доўжышся, як жыццё,
Нікому не прыналежная,
І ўсё роўна
Усім свая.
50
Не хочаш
Дужаю быць
І не можаш слабою.
Ты не пярэчыш Богу,
А свет
Табе не пярэчыць.
На шалях
Унутранай раўнавагі
Узважваеш ГІаражнечу
І Паўнату
І нікому
Не прызнаешся, чаму
Не пераважвае шаля
Шалі.
51
Паставай,
Якой аб'яўляюся тут,
Шукаю сябе самога...
Ці месца,
Каб спраўдзіцца?..
Гліна
Тлумачыць пісьмёны
Забытых стагоддзяў,
А я і м а ё
Засвойваюць сінтаксіс
Паразумення.
Нямое,
Нікім не адмененае,
Змаганне
Паміж паверхняй
І глыбінёй.
52
Нашча:
Рыхтуешся да пары,
Калі сэнс табе скажа:
«Збудзься!..»
Страшыць
І кліча адначасова
Нязнанае прызначэнне.
Штораз
Ахвяруеш сабой —
І гэтак
Наноў заваёўваеш
Свет.
53
Сведчыш пра цэласнасць,
Да якой
Нічога нельга дадаць
І адняць ад якой
Гэтаксама нічога нельга.
А мы
Разумеем паглядам
І думаем дотыкам
І адкладаем на потым сябе,
Каб зноў
Бясконцае мноства разоў
Вяртацца.
54
Творыцца паступова
У целе гліны
Цела быцця,
А ў ім,
Калі яно створыцца,—
Цела думкі,
А ў ім,
Як яго сарцавіна,—
Цела святла:
Драбіна,
Якая вядзе
Да Бога.
Пільнуеш свой час
І сама
Няўзнак здымаешся,
Але ўсе роўна
Заўсёднай апораю
Застаешся.
55
Тоесны
Нечаму іншаму,
Чым таму,
Кім існую,
Ад рэчаў
Скіроўваюся да гліны —
Жывы,
Але мёртвы,
Да мёртвай,
Але жывой.
І болей нікога няма
І нічога няма:
Адно перад тым
Як сустрэцца —
Р о с т а н ь ,
Адно перад тым
Як расстацца —
С у с т р э ч а .
56
Перамагаеш
Без перамогі,
Дзейнічаеш
Без учынку,
Жывеш
Без жыцця.
Паміж назоўнікам і дзеясловам
Сутонішся ў спраўджаным
І світа еш
У тым, што спрабуе
Стацца сабой,—
Часціна
Інакшай мовы,
Што не засвойваецца,
Як назоўнік
І як дзеяслоў.
57
Паклікала —
Але не назвалася.
Уначы,
У цьмянай размове
З нераспазнаным,
Я ўпэўніўся,
Што не памру,
А памяняюся месцам
З нераспазнаным.
І стаў чакаць,
Калі развіднее,
А развіднела —
Убачыў мертвую гліну
І прачытаў уголас
Яе імя.
58
Калі дакранаюся да яе,
Яна
Нешта інакшае ўжо,
Чым гліна.
Усё,
Што збылося,—
Знікла.
І што не збылося —
Знікла.
Няма ні жывых,
Ні мертвых,
Ні пераможаных,
Ні пераможцаў.
І толькі страла
У нерухомай пространі гліны
Ляціць
З пачатку ў канец.

КАМЕНЬ


1
Шукаем:
Я — камень,
А камень — мяне.
Я —
На сваёй паверхнi,
Ён —
У сваёй глыбiнi.
Так проста
Было б аб’явiць:
«Ты тут!..» —
I адчуць
Шурпатую глыбу,
Намацаную рукамi.
Але не гэтак
Адшукваецца чалавек,
I камень
Адшукваецца не гэтак.
2
Мусiм з табою лiчыцца,
Але не ведаем,
Як.
Уводзiм цябе
У абсягi свайго жыцця,
А жыць па-твойму
Не ўмеем.
Чакаем,
Што ты загаворыш,
Аднак
Самi змаўкаем.
Падзея —
Якой не можам
Прыняць,
Падзея —
Якой не можам
Аспрэчыць.
3
Усёю моцай
Iстоты сваёй
Засяроджваешся на тым,
Што маеш
Iстотай сваёй.
Не займае
Цябе нiчога з таго,
Што прысутнiчае
Па-за табой.
Ты нават не ведаеш,
Цi ты дужы,
Ты нават не разумееш,
Цi ты вялiкi,
I не адрознiваеш ад веку
Хвiлiны малой.
4
Уцеляснiўся ў месца
I месца
Пераўтварыў у свой змест.
Адпускаеш
I зноў да сябе
Прыцягваеш чалавека:
Няхай спасцiгае,
Адкуль
Бярэцца тое, што ёсць,
I чаму
Тое, што ёсць,— заўжды
Уводзiны
У таямнiцу.
5
Рух,
Што ўвасобiўся
У нерухомасць,
Агонь,
Што схаваўся
У холад,
Святло,
Што памкнулася ўнутр
I супала са змрокам,—
Камень
На раздарожжы
Усiх стагоддзяў,
На скрыжаваннi
Усiх шляхоў.
6
Упiсаны ў наваколле,
Нiбы ў скрыжалi
Слова закона,
Вартуеш
Час наваколля —
Каб ён не скамечыўся
I не ўцёк,
А дазволiў
Насельнiкам наваколля
Зрабiцца сваiмi
I ўспадкаваць
Табою ўтрыманае…
Вечны:
А не стары,
Сённяшнi:
А не новы.
7
На небе — аблокi,
А на зямлi —
Камянi.
Прастора,
Пранятая плынным
I нерухомым,
Уцягваецца ў падзеi
I ўрошчваецца ў краявiд.
Такi недакладны
Вынiк —
А ён абумоўлiвае наступнасць,
Такi выпадковы вобраз —
А ён усталёўваецца
I жыве.
8
Самы тутэйшы:
Прысутнiчаеш цяпер,
Iснуеш заўсёды.
Усё ў цябе склалася,
Як у людзей
Скласцiся нават
За безлiч вякоў
Не можа,
I ўдакладняцца
Не мае патрэбы.
А людзi
Жывуць напавер,
I наступнасць
Iм вытлумачвае,
Што было
Некалi
З iмi.
9
Тое,
Чым ты выяўляешся,
Вылучае
Цябе з чарады
Разнаiсных рэчаў
I пазбаўляе
Месца ў нятоесным
Асяродку.
Зоркi
Запальваюцца i згараюць,
Кружачы над табою,
А месяц
Мяняецца ў тварах,
Гадаючы,
Цi далёка
Той час,
Калi свет замкнецца
I адамкнешся ты.
10
Мы разважаем краямi
I разумеем падзеяй,
I патрабуем
Усякi раз доказаў —
Каб згадзiцца
З тым блiзкiм, што хоча
Зрабiцца сваiм.
Безупынна
Мы то знiкаем
З поля сваёй увагi,
То зноўку
У iм узнiкаем.
А камень
Усякi раз кажа нам,
Што заўсёды
Ўсё тут.
11
Пераўзыходзiш названае
I нiчыёй
Удзячнасцi не прымаеш:
Поўны —
Але пустатою,
Нiшто —
Але ўлiтае ў нешта.
Заўжды
У свеце прысутнiчаеш,
Нiбыта
У свеце адсутнiчаеш,—
Прарок
Невядомага Бога,
Якi заўжды настае
I, аднак,
Нiяк не настане.
12
Калi ў грамадзе
Выспявае нешта,
Што вылучыцца павiнна,
Яно абiрае п а д с т а в у,
Якая яго зразумела б,—
Камень.
I з iм
Усiх пераконвае, што яно
Належыць усiм,
Што яно —
Ад Бога.
13
Жалезам
Пастукаю па табе —
Iскрына
Выблiсне i пагасне,
Водгук
Аб’явiцца i растане.
Яшчэ
Не ведаю, як да цябе
Падступiцца i як
З табою загаварыць,
Ды ўжо
З табою не здолею
Размiнуцца.
14
Быццам падважваюць
Камень
I падсыпаюць,
Падважваючы,
У яму,
Iм вылежаную,
Зямлi,
Каб змог
Ён аб’явiцца ўсёй постаццю
Неўзабаве,—
Сябе самога
Скiроўвае чалавек
У сваю,
Iм задуманую,
Рэчаiснасць;
I ў волю
Ўкладае вагу,
I мае
Апiрышчам i прыпынкам
Усякi раз вышыню,
Адоленую перад гэтым.
15
Сярод разнастайнага —
Аднастайны,
Сярод распадзеленага на думкi
I постацi —
Непадзельны,
Сярод скiраванага ў час —
Адданы
Першапачатку,
Сабой
Ахвяруеш употай
I чалавеку
Кажаш пра т а й н ы шлях
I т а й н а г а чалавека.
16
Звёў
I ўвабраў у сябе
Наваколле,
I аддаеш
Змест,
Якi здзейснiўся,
Нанава наваколлю.
Але каб знiкаць —
Не знiкаеш,
Каб меншаць —
Не меншаеш
I не бяднееш:
Нiбыта
Табою гарыць
Немiрглiва-роўна
Агонь
Без агню.
17
Свет нахiлiўся —
I ў меру
Угрунтаваўся н а х i л:
Безупынна
Падае чалавек
За небасхiл рэчаiснасцi,
А з iм разам
Усё, што назваў ён
Сваiм.
I адно
Шэры,
Няўклюдны,
Нiчыйны камень,
Адно толькi ён трымае
I беражэ
Раўнавагу.
18
Нас яшчэ
Быццам няма:
Ад нас
Адхiляюцца сутнасцi,
З намi
Не раяцца сiлы,
I скарб,
Якi нам належыць здаўна,
Не даецца ў рукi.
Лiем,
Каб нечаму дагадзiць
На камень
То малако,
То кроў,
I прымаем
Вобразы сваiх думак
За знакi,
Што аб’яўляюцца нам.
19
Растане
Свiтальны туман —
А з iм
Растануць развагi,
Што ўчора
Здавалiся слушнымi,
Пастановы,
Якiм немагчыма было
Запярэчыць,
Намеры,
Што бачылi ў буйных
I ў дробных рысах
Будучы дзень,—
I зноў
Апынецца свет
Незасвоены i нiчыйны...
Ды выявяцца
Камянi.
20
Свет разнасцежыцца
Галасамi
I захвалюецца плынню —
Вабны i маляўнiчы.
Жаданне —
Яно мяне забярэ,
Уцеха —
Яна мяне запалонiць.
I толькi шкада,
Што камень
Тады застанецца навек,
Тады застанецца навек
Знямелы.
21
Хацеў назаўсёды
Цябе мiнуць,
Каб мерай
Тваёю не мераць
Нi веку свайго,
Нi абсягу.
Але, мiнуўшы,
Нешта забыў,
А што —
Не ўдавалася ўспомнiць.
I я заблудзiўся
Ў знаёмых днях,
I я ў краявiдах знаёмых
Згубiўся.
22
Як цябе
Нi кладзi,
Што з табой
Нi рабi,
Табе ўсё аднолькава
Добра.
Снiш свае сны —
I ў iх
Лунаеш сярод анёлаў
I не звяртаеш
Увагi на пастку,
Што за табою
Цiкуе —
Нiбы трымае
Цябе на нябачнай нiтцы,—
На свой забыты
I над табою не ўладны
Зусiм
Цяжар.
23
Да каменя прытулюся,
Каменем паклянуся,
На камень наткнуся
I спатыкнуся
Аб камень…
Прастора,
Якая ўяўлялася простай
I аднастайнай,
Хавае ў сабе,
Неўпрыкмет
Аказаўшыся побач,
Не ўлiчаныя вымярэннi,
Што перайначвацца
I спрашчацца,
Як чалавек,
Не могуць.
24
Мiнае пацiху
Дзень,
Як мiнуў
Учора i пазаўчора,
I адвячорак
Яго ўжо сцiрае
З памяцi i з увагi…
Але ў iмгненне,
Падобнае трэшчынцы
На шчыце
Чыстай паверхнi,
Нас нечакана
Кране адчуванне,
Што мы
Ходзiм над безданню —
А глыбока,
На дне,
Унiзе,
Уводзячы бездань
У наваколле,
Шарэюць
Вунь тыя
I гэтыя
Камянi.
25
Зжывае
Свой век чалавек
I тое,
Што дагаджае яму,
Уважае
За свой набытак.
Але калi
Счужэе наўколле
I ў рэчах
Задыхае пустата,
Спахапляецца —
I тады
Просiць у каменя,
Каб сказаў,
Каб нагадаў яму,
Чаго сам
Успомнiць не можа:
Нашто ён
I хто.
26
Далей i блiжэй:
Час-почас
Цябе перакочваем
З месца на месца
I ў нешта
Ўбудоўваем цi ўкладаем.
А ты
Сам укладаешся да астатку
Ў сваю невымерную здольнасць —
У думку —
I набываеш
У ёй сябе.
27
Той, хто пайшоў
Ад цябе малады,
Прыходзiць стары —
Так многа здабыўшы,
А страцiўшы яшчэ больш…
Тлумачыш
Сваёй нематою,
Сваёй
Нерухомасцю арыентуеш:
Належыць
Iсцi ў с ё й iстотаю,
Бо таму,
Хто здольны iсцi
Ў с ё й iстотаю,
Ўжо не трэба
Перамяшчацца ў прасторы,
Змяняцца ў часе.
28
Не адкасаешся нi ад чога,
Не прыхiнаешся нi да чога,
Нi з кiм не прыязнiшся
I не варагуеш…
Дабро цябе вучыцца
Разумець,
I зло
Над табою не мае
Улады.
Роўнавялiкi свету,
Пераўзыходзiш
Умовы свету —
Генiй самаспазнання.
29
Аблiччы,
Што нас ужо выказалi
I што нам
Ужо не цiкавы,
Нас акружаюць знаўкола…
I камень
Iх аддае,
I завулак,
I двор…
Так многа паўтораў
У аднастайнай
Гульнi люстэркаў,
А што настае,
Не хоча
Ўсталёўвацца,
Як мясцiна,
А вабiць насустрач —
Як вестка
I як вясна.
30
Што прыгнятала
I мела вагу,
Займее
Сваiм прыстанiшчам
Яму;
А тое,
Што мела вагу
I само трывала,
Узыдзе…
Хвiлiны,
Якiя раздвойваць iснае,
Абцякаюць
З абодвух бакоў,
Раздваiўшыся самi,
Камень.
31
Як птушкi,
Лунаюць думкi
У маляўнiчых аблоках,
Як рэчы —
Прывязваюцца да людзей,
Аднак
Самая пiльная думка
Шукае камень,
Якi яна абмiнула,
Каб запытацца,
Цi сапраўды
Яна ёсць.
32
Думны без думак,
Чысты без чысцiнi,
Тойсамы
Знутры i знадворку,
Утульваешся ў нябыт —
I смак,
Якiм насычае праяўленае
Усе рэчы,
Цябе не п’янiць
Жыццём,
Цябе не цвярэзiць
Смерцю.
33
Целам
Не тоесны духу,
А духам — целу,
Нашу ў сабе
Тую далечыню,
Дзе дух
Становiцца новым
Целам,
А цела — светам…
Там камень
Ужо не мёртвы,
А чалавек
Не жывы.
34
Слухаеш споведзi
I бярэш
На сябе ўсе вiны —
Абы
Лягчэй было
Чалавеку.
I водгукам,
Што напоўнiў
Цябе да краю
I захаваўся ў табе,
Не разлiўшыся,
Вызначаеш,
Як споведзi спавядацца
I колькi важыць
Вiне.
35
Быццам заснулi яны,
Займелi
Рэчы с в а ё бытаванне,
А сутнасцi рэчаў —
С в а ё.
I нiяк не можа
Супасцi наноў
Чалавек з сабою,
А тое, што ёсць,
З тым, што мае
Быць.
36
Пачатак чагосьцi,
Што паспяшалася
Спраўдзiцца
I не змагло
Утрымацца на каменi…
Пазычае
У вечнасцi чалавек
I велiч сваю,
I ўладу,
Але спусташае вечнасць,
I не вядзе
Нiводная сцежка
Ў пачатак,
I дома
Ключы.
37
Нешта парушылася —
Быццам камень
Скрануўся ў падмурку
I запярэчыў
Таму, што на iм
Грунтавалася
I што мела
Яго падставай сваёй,—
I ў свеце,
Населеным рэчамi
I людзьмi,
Апынулася лiшнiм:
I гэта —
Ўвесь свет.
38
То карацеючы,
То даўжэючы,
Цень
Вандруе наўкола цябе;
I рэчы,
Змяняючыся ў аблiччах
I ў вартасцях,
Гэтаксама
Уцягнуты ў не дасягальны
Староннiм адлiкам
Кругазварот,
У цэнтры якога
Няма нiчога,
А сам ён,
Нiбы без каменнасцi
Камень,
Ёсць.
39
I ключ,
I замок —
Сам сябе замкнуў
I адмыкацца
Не хочаш.
Расколюць —
Нiчога ў табе няма,
Апрача
Зацятай каменнасцi,
Ды табою
Высокiмi робяцца
Горы,
I бездань
Бярэ ў цябе
Глыбiню.
40
Перажываю
Нанава жыццi
Людзей,
Што жылi калiсьцi:
Усе яны — пошук,
Усе — памкненне,
Усе — намаганне…
I дзiўна
Мне сёння бачыць,
Быццам удзельнiчаць
У таемстве,
Як узнiкаюць
З пошуку — постаць,
З памкнення — выснова
I з намагання — камень.
41
Вандроўнiк выпытвае
У наваколля:
Дзе сцежка,
Дзе камень,
Дзе дом?
I па iх
Знаходзiць самога сябе.
Не ўдаецца
Зроку адразу ўбачыць,
А розуму зразумець,
Што ёсць.
Але трэба
Таму, хто iдзе —
Супадаючы з бачным
I зразуметым
I выпадаючы,—
Каб хто-небудзь
Прысутнiчаў i пытаўся:
Куды iдзеш?
42
Цябе не кранае
Просьба (няхай
Сама ўдакладняецца
I знаходзiць
Моц у сабе),
Не пужае грозьба…
Грукоча
Пярун над табою
I абяцае
Цябе раскрышыць на мак,
Ды, аднак,
Не раскрышвае —
Бо тады
Ты ўзыдзеш з зямлi
Пераможным войскам.
43
Надыдуць
Прыкрыя днi —
I грунт
Парушыцца пад нагамi,
I гвалт
Займее ключы
Ад радовiшча сiлы,
I зман
Угнездзiцца ў розумах…
З кiм
Загавораць вякi?
За каго
Заступiцца камень?
44
Глыбiнi з табою
Знаходзяць паразуменне
I далячынi —
Мову.
I чалавек
Вучыцца жыць
У цябе,
Не хаваючы
Думкi сваёй
Перад Богам
I не змяняючы мэты,
Накрэсленай iм.
Яшчэ
Яго захапляе поспех
I засланяе ўдача —
I камень,
Якi ён мiнуў,
Чамусьцi
Зноў апынаецца
Перад iм.
45
Круг перасёкся
З кругам,
Але не супаў —
I зняволены раптам
Камень
Судакрануўся
(Але не супаў)
З разняволеным чалавекам.
У доўгiх
Марудных днях
I ў iмклiвых гадах
Спрабуе
Паразумецца адна
Вечнасць з другою.
46
Хто чалавеку скажа:
Так не рабi,
Хто наставiць:
Так не кажы,
Хто выправiць:
Так не думай?!.
Чужое
Уточваецца ў краявiд,
А сваё
Затуляецца ў згадку.
Але на шалях
Вялiкай —
Зямлёю i небам
Ухваленай —
Раўнавагi
Нячулы,
Нямы,
Безаблiчны камень
Узважвае ўчынкi
Жывых людзей.
47
Вяртаемся час ад часу
У наваколле,
Дзе свет
Разгортваўся да небасхiлу.
Людзi
Хаваюцца ў людзях,
Мясцiны —
Ў мясцiнах.
Аднак
Знаходзяць мяне i вяртаюць
Мне нанава свет,
А з iм
Нешта яшчэ, што ў свеце
Не месцiцца,—
Арыенцiры:
Вандроўнае воблака ў небе,
А на зямлi —
Нерухомы камень.
48
Камень застаўся
Каменем,
Поле — полем,
Нябёсы — нябёсамi
I чалавек — чалавекам.
Але нiбыта
Змянiлася раптам
Надвор’ем надвор’е,
Парою пара
I змянiла,
Супаўшы з кожнай iстотай
I з кожнай з’явай,
Iстоту i з’яву —
Адбеглася поле,
Схмурнела неба,
Зацяўся камень,
А чалавек
Пачаў сам сабе
Задаваць пытаннi
I не знаходзiць
Адказу.
49
Мо вырвалiся
На паверхню
З падземных вязнiцаў
Духi пярэчання,
Мо адпала
Ад вышынi,
Ацяжэўшы,
Нiжэйшае неба —
Зблыталася на зямлi,
Што нiзка,
А што высока,
I заняла
Зямныя абшары
Прыцемная часiна:
Калi разбiваюцца
Камянi,
Калi разбiваюцца
Аб камянi,
Калi забiваюцца
Камянямi.
50
Паволi цi шпарка:
Ў сваiм памкненнi
Ад мэты да мэты
Ззаду
Цябе пакiдаем
I нават
Не заўважаем, што насампраўдзе
Пакiнулi...
Лiшак
Палонiць нас, i недахопы
Захоплiваюць,
I камень
Нас апярэджвае адпачатку
На цэлы свет.
51
Кожны
Змагаецца за сябе
I бярэ —
Нiбыта ён самы
Iстотны ў свеце —
Ў хаўруснiкi
Самы iстотны доказ.
Але калi
Спрабуюць вякi разгледзець,
Хто здолеў устояць
У зменлiвым,
Высветлiцца ў цямнотным,
Спраўдзiцца ў з’яўленым,
Дык знаходзяць
На колiшнiх баявiшчах
I котлiшчах адно толькi
Усiмi пакiнутыя
Камянi.
52
Мяжа небасхiлу
Адсоўваецца,
Перад сабой
Трымаючы,
Нiбы прадмет,
Чалавека.
А камень настойвае,
Што чалавек
Сам на мяжы
I жывы мяжою…
Няўхiльны,
Няўступлiвы,
Пiльны мiжбой
Мiж тым,
Чым становiцца чалавек,
I тым,
Што становiцца
Чалавекам.
53
Узор,
Што заўсёды навiдавоку,
Але якi
Пераняць немагчыма;
Мудрасць,
Якая няспынна вучыць,
Але якой
Навучыцца нельга:
Спрадвеку ўваходзiш
У век чалавека,
А чалавек
Спрадвеку выходзiць з яго,
Каб аднойчы
Вярнуцца Богам.
54
Быццам разгортваецца
Спружына,
Каб, разгарнуўшыся,
Страцiць сiлу,
Самога сябе
Выштурхоўвае чалавек
У вобраз —
Якiм ён
I знаны,
I знакамiты,
А вобраз,
Каб ён не знiкаў, —
У камень;
I завяршае
У гэтым свеце
Гэтак
Свой шлях.
55
У папярэднiм:
Хiба чалавек
Самому сабе не т а к i,
Што мусiць
Прыходзiць i адыходзiць?
Яму спадарожнiчаюць удача
З няўдачаю,
Глiна
Кладзецца яму пад ногi,
Жалеза
Даецца ў рукi,
А камень
Яму прадказвае лёс.
56
Той, хто пакiнуў
У полi камень
I, вольны, падаўся,
Куды захацеў,
Нiдзе
Самога сябе
Не знойдзе.
З каменем цяжка:
Але затое
Узнагародаю —
Кожны вечар,
Мэтаю —
Кожны дзень.
57
Напружаны
Восi свету,
I аддаецца
Увага свету
Таму, што намерваецца
Збудавацца.
Яшчэ не закладзены
Камень,
Аднак ужо
Яму адгукаецца
Завяршэнне.
58
Зямля паклалася
На ваду,
Вада паклалася
На паветра,
Паветра паклалася
На агонь,
Агонь паклаўся
На думку.
А з думкi
Выйшаў у век
Чалавек
I выпаў у вечнасць
Камень.
1995, 1998

ЖАЛЕЗА


1
З усiх канцоў свету
Сабралiся пасланцы,
I кожны
Прынёс з сабой словы
Пра мiр i вайну,
Пра жыццё i смерць
I пра з’яву,
Што ўсё злучае сабою,—
Пра чалавека…
А нехта
Стаяў, адвярнуўшыся тварам
У кут,
I называўся ж а л е з а.
2
Спазнала сабою
Самое сябе
I ў сваiм спазнаннi
Ўтрывалiлася i зацвярдзела.
Ранiць
Твая справядлiвасць,
I страшыць
Твая дасканаласць:
Моц,
Што адпала ад Бога,
I дадалася
Да чалавека.
3
Мо ў спрэчцы,
Мо ў роспачы,
Мо ў здзiўленнi
Знянацку
Ускаласiлiся галасы
I гэтаксама знянацку
Ацiхлi.
Калi я выбег на пляц,
Нiкога
Нiдзе не было,
А ў чырвоным небе
Высiўся волат-каваль
I ўбiваў
У дол велiзарныя,
Нiбы гмахi,
Вогненныя цвiкi.
4
Нехта сказаў:
Дыямент —
I ўмомант
Усе расплюшчылi вочы
I адтулiлi вушы.
Нехта другi сказаў:
Золата —
I адразу
Усе ўзварушылiся-загаманiлi.
I аб’явiў нехта трэцi:
Жалеза —
I ўраз
Усе замерлi ў чаканнi.
5
Прынесла з сабою
Дзiвосныя падарункi,
Якiя палохалi —
Нiбы пасткi,
I вабiлi —
Як здабыткi.
Хто браў iх —
Уводзiла тых у Круг,
Хто не браў —
Пакiдала Знадворку.
6
Адпала iмя маё
Ад мяне
I адпаў ад мяне
Мой воблiк…
Аднак
Сваёй неспазнанай iстотай
Я ўстояў
I намаганне,
Якое мяне трымала,
Ўтрымаў.
А ценi
Хадзiлi наўкола мяне
I казалi:
«Вось ён —
Яшчэ чалавек,
I вось ён —
Ужо жалеза».
7
Здружваеш дружбаю
Незвычайнай,
Якая сягае за межы
Досведу i развагi,
Людзей,
Раз’яднаных зацятаю бiтвай
На м ы i я н ы.
Так самi
Не могуць яны раз’яднацца,
Так самi
Не могуць яны здружыцца.
8
Жалеза
Парадкавала жалеза:
Счышчала плямы,
Сточвала вышчарбiны,
Зганяла iржу…
Неўзабаве
Яно заззяе сваёю
Адважнаю вастрынёй —
I жыццё
З абжытага
Выштурхнецца знянацку
У свой невядомы
Працяг.
9
Увечар
Паўстала перада мной
Неадольнай сцяной,
А ўранку
Паклалася ў рукi
Ключамi.
Удзень замахнулася
На мяне
Мечам i дзiдаю,
А ўначы
Апранула ў латы.
Пакуль
Раўнаважыць жалеза адну
Здольнасць другою,
Мёртвы не мёртвы —
Аднак
Пабуду ў гасцях у смерцi,
Жывы не жывы —
Аднак
Пагутару з Богам.
10
Адразу ў абодва канцы:
У звёны
Звязалася i ў ланцуг
Замкнула паўторы.
Трымаеш самое сябе:
Цi страшнай
Напругай напятае,
Цi паслабленнем
Адпушчанае,—
I трымаеш
У паслушэнстве
Вагу i рух.
11
Хацеў ацалiць
Збалелых,
Уваскрасiць памерлых —
I да жалеза
Звярнуўся па раду:
Цi тое,
Што яно чуе,
Магчыма?
Цi тое,
Што я кажу,
Змагу?
Адказала:
— Зможаш —
Аднак не цяпер
I не тут,
I не тым, кiм ты ёсць,
I не гэтак,
Як ты хацеў бы.
12
Нiбыта
Ваюеш само з сабою —
Усюды
Законы ўсталёўваеш,
А ўсталяваўшы,
Рушыш.
Каб гук
Быў чыстым,
Праўдзiваю — справа,
Выпадак — празарлiвым,
Мусяць
Складацца нанава словы,
Дзейснiцца нанава ўчынкi,
А людзi
Нанава сустракацца
Адно з адным.
13
Змест адасобiўся
Ад прадмета,
Мера — ад з’явы.
Не можам
Самi вярнуцца дамоў
I клiчам
Жалеза на дапамогу.
Вяртае жалеза
Прадметам той самы змест,
Але ён
Змяняе самi прадметы,
З’явам
Дае тую самую меру,
Але яна
Зыначвае самi
З’явы.
14
Ведаеш словы,
Утоеныя ад размовы.
Каму давяраеш iх,
Той
Робiцца здатны
Загойваць раны,
Зрошчваць косцi
Ды загаворваць кроў —
Адрабляць,
Што ты перад гэтым
Само зрабiла,
Што ты перад гэтым
Учынiла само.
15
Быццам пiлуюцца дровы
I пырскае пiлавiнне —
Поўнiцца час
Нечым сыпкiм,
Няўстойлiвым,
Цьмяным,
Няпэўным,
Што ўсюды
Праточваецца i не цямiць,
Нашто яно тут…
Ды жалеза
Зноўку i зноў няўтомна
Кажа
Пра абавязак.
16
Паўсталi супротнасцi
I наноў
Звязалiся разам:
У чалавеку.
Хацеў я падацца туды,
Дзе вузлы
Самi развязваюцца —
Да Бога,
Ды нехта
Узяў мяне за руку…
Азiрнуўся:
Жалеза.
17
Час напластоўваецца
На час,
Парушэнне
Кладзецца на парушэнне.
Не паспявае
Мiнулае стаць мiнулым,
I ў сарцавiне
Збiраецца боль…
Чакаем
Жалезных навiн,
Жадаем
Жалезнай праўды.
18
Жалеза таўчэ гаршкi:
Каб не таўкло —
Абвязваю iх жалезам;
Жалеза коле каменне:
Каб не калола —
Абцягваю iх жалезам.
Жалеза замахваецца на мяне —
Я ўцякаю,
Яно даганяе мяне —
Але ўжо я сяджу
У самiм жалезе:
Хоць вязень,
Але — гаспадар,
Хоць гаспадар,
Але — вязень.
19
Калi я аддаў жалезу
Усю сваю моц,
Адышлi
Рэчы i людзi
Наводдаль.
Калi я ўзяў у жалеза
Назад сваю моц,
Адусюль
Памкнулiся да мяне
I рэчы, i людзi,
Але чамусьцi
Зноўку наблiзiцца
Не змаглi.
20
Сiла,
Якая паклалася ў дол
I ўваскрэсла з долу:
Чытаеш падзеi
I вызначаеш
На крузе i процiкрузе
Вялiкага Руху
Час, калi Бог
Супадзе з чалавекам,
I месца, дзе з Богам
Сумесцiцца чалавек.
21
Быццам намёк,
Цi падказка,
Цi выпадак,
Безупынна
Нагадваеш чалавеку
Пра нешта, чаго ён сам
Нi ўбачыць,
Нi вымавiць,
Нi зразумець не можа,
Ды гэтаксама
Не можа, аднак, дарэшты
Забыць.
22
Рух
Сутыкаецца з рухам,
Жалеза з жалезам:
Чуваць
То музыка звону,
То грукат грому,
То крык…
Неадольна
Усё становiцца ўсiм.
А жалеза
Усiх кожны раз няўмольна
Вяртае — нiбы ашчаджае
Iх для не гэтага вынiку —
Iм самiм.
23
Форма высноўвае,
Што — знадворку,
А што — ўнутры.
Каб узнiкнуць
Кiмсьцi спачатку,
Сябе давяраем таму,
Што не мае формы.
А рэшткi
Ранейшых прысягаў
I дасягненняў,
Быццам жалеза зламанае,
Раняць
I адкiдаюцца на мяжу.
24
Хто большы?
Хто лепшы?
Хто ўладнейшы?
Кожны ў жалеза
Употайкi ўклаў свой воблiк —
I ўсе наўкола
Паўсталi нямою сцяною,
I ўпотайкi смерць
Паўстала
З прагалаў.
25
Палiчаныя:
Памiж
Сiвымi прароцтвамi
I засцярогай,
Што зазiрае ў вокны…
Цi ўжо
Лiчбы дамовiлiся канчаткова,
Калi з ж ы н а ц ь чалавека,
Цi яшчэ ўсё
Ўзгадняюцца i чакаюць
Згоды ад чалавека?
Але жалеза
Тут.
26
Прадаў золата,
Прадаў срэбра,
Купiў жалеза.
Купiўшы жалеза,
Пайшоў з iм на тых,
Каму прадалося
Срэбра i золата,
I прымусiў
Вярнуцца назад свой скарб.
Але ў неба
Птушкаю вымкнуў крык,
А ў зямлю
Кроў пацякла
Раўчукамi.
27
Запальвалiся i згасалi
Уначы лiхтары,
Грымлiва
Расшчэплiвалася i зноў
Сашчэплiвалася жалеза,
I паўставала
З начной глыбiнi
I была цямнейшай за ноч
Нейчая постаць,
Якая не мела
Цела.
28
Наўпроцi адно аднаго:
Але роўнасць —
Выклiк.
Перш чым аб’явiцца вынiк,
Належыць
Узяць i аддаць
I ўтрымаць раўнавагу
Мiж тым, што даецца,
I тым, што бярэцца…
Двое братоў
Выпраўляюцца ў поле,
А з iмi —
Жалеза.
29
Прачнуўся,
Калi было поцемна,
I не мог
Даўмецца спрасонку,
Якая гэта пара.
Невыразна
Знаўкол вымалёўвалiся прадметы,
I ў сне
Трызнiлi людзi.
Адно не спала
Жалеза.
«Табе яшчэ нельга
Бачыць такое.
Ты мусiш
Яшчэ раз заснуць
I яшчэ раз прачнуцца…» —
Засцерагло i ўклала
Мяне ў мой ранейшы
Сон.
30
У цёмным i ў светлым:
Кожны
Мае сабе свой твар,
Ды без твару людзi.
Што каму хто
Зычыць уголас —
Прыходзiць само,
А тое,
Што зычыцца ўпотай,
Нясе жалеза.
31
Цэлае:
Але ў частках,
Цела:
Але ў асобах,
А сярод iх
Нехта — жалеза.
Шукаюць яго,
А знойдуць —
Хаваюць,
Але калi схаваюць —
Тады ён сам
Знаходзiць сябе
I выходзiць
Бязлiтасна i няўхiльна
Наперад усiх.
32
У кучу з усiх бакоў
Зносiлi i скiдалi
Жалеза.
Але калi вырастала
Упоравень з намi куча,
Адумвалiся
I зноўку
Яе разбiралi на часткi
I на кавалкi.
33
Гром грукатаў усю ноч
I ўсцяж
Маланкi распорвалi неба:
Вось-вось —
Здавалася —
Нешта ўзнiкне,
Што нас зразумее дарэшты
I нам самiм дасць
Гэтае разуменне.
Уранку
З’явiўся на пляцы
Жалезны воўк:
Ён выў — i шугала
Полымя з пашчы.
I мы пачалi шукаць
Яму тлумачэнне.
34
Кожны знаходзiць
Сваё жалеза
I з iм
З цёмных радовiшчаў зместу
Выходзiць на шчыт паверхнi,
Спярэшчанай знакамi,
I ў заваёвы
Выпытвае, хто жалеза
Засвоiў найлепей
I зразумеў найглыбей.
35
Чакаем —
I доўгiм чаканнем сваiм
Займаем
I рэчку, i берагi.
Ды аднойчы
Засвецiцца зырка хвiлiна
I вымкне
З н i к у д ы
Жалезны човен
I зноў у н i к у д ы
Памкне.
36
Выявы ўзышлi —
I ў сабе схавалi,
Што мусiлi паказаць.
Кулакамi
Тру вочы.
Дзе тут анёл,
Дзе арол,
Дзе свiння,
Дзе сабака,
А дзе вужака,
А дзе чалавек?
«У людзях,—
Жалеза кажа.—
I ў людзях
Усе яны неўзабаве
Увойдуць у новы
Рай».
37
Гульня:
Спадкадаўцы i спадкаемцы.
У рукi
Нехта адважна возьме
Кавалак развогненага жалеза
I перадасць другому.
Той — трэцяму,
Той — наступнаму,
Аж пакуль
Яго не пярэйме апошнi.
А, пераняўшы,
Апошнi
Узважыць яго на далонi
I скажа разважлiва:
«Тое,
Што абпякала маiх папярэднiкаў,
Мяне грэе»,—
I ўжо больш нiкому
Не перадасць жалеза.
I гэтак
Скончыць гульню.
38
То зацьмiмся,
То свiтаем,
I лiчым свой час
То з пачатку ў канец,
То з канца ў пачатак.
«Вунь я малы,
Ну а вунь вялiкi»,—
Шточасу
Удакладняем сябе.
А жалеза
Шточасу аспрэчвае нас,
Што не ў гэтым змена,
Што змена наогул
З людзьмi
Не iдзе.
39
Ляжалi нявораныя
Палi,
Стаялi парушаныя
Сядзiбы.
I то замiраў,
То спяшаўся надзвычай
Час.
А натоўпы
Дарогамi i бездарожжам
Iшлi адусюль
Да м е ж а ў:
Там людзi
Ваююць жалезам,
Жалеза ваюе
Людзьмi.
40
Чакалi:
Што будзе?
Гадалi:
Хто прыйдзе?
I пiльна ўзiралiся
У цьмяную глыб
Люстэрка.
Тое, што ўбачылi,
Не было
Нi з’яваю, нi асобай,
Але я н о
Выступiла з люстэрка
I на аскепкi
Разбiла люстэрка.
41
Я не хацеў з iм
Хаўрусаваць,
Я не хацеў з iм
Варагаваць,
Я не хацеў аб iм
Думаць.
Але ўсё роўна
Ў мяне высвятляюць
Кожнаю справаздачай,
Распытваюць
Кожным жыццёпiсам,
Дзе тады быў я,
Калi жалеза
Рушыла ў свой пераможны паход
На ўсход,
Што я тады рабiў,
Калi насаджала
Жалеза ў дзяржаве свой лад,
Што думаў,
Калi жалеза
Высноўвала неабходнасць
Вялiкай перабудовы.
42
Зашамацела трава,
Заварушыўся хмызняк,
Захiсталiся лозы…
— Iдзi паглядзi,
Жалеза,
Хто там i што…
Пайшло,
А вярнулася — дык сказала:
— Нiдзе нiкога няма.
Вазьму з сабою лiхтар
I пайду
Сам пагляджу, цi праўду
Жалеза кажа:
Была
Здратавана трава,
Былi пасечаны лозы
I быў пацяты хмызняк,
I ляжалi
На голай зямлi нерухома
Упокат чыесьцi
Целы.
43
Пачатак нявечыцца
Ў спраўджаным.
I хоць змест
Мецiць: тут — шчырасць,
Тут — цэласнасць,
Спеў
Ужо не жыве
Ў iхнiх гнёздах.
Цi знойдзецца хто,
Каго б
Не зыначыў вынiк
I не раздвоiла адлюстраванне?
Па-свойму
Людзi маўчаць,
I маўчыць
Жалеза па-свойму.
44
Н е ш т а павабiла:
Ўладна —
Нiбы яно
Ведала загадзя
Маю мэту.
Але калi
Я захацеў вярнуцца
Туды, дзе ўжо быў,—
Убачыў:
Высiцца ў наваколлi
Жалезны плот
I займае
Маё неад’емнае месца
Н е ш т а.
45
Побач,
Але не намi,
Дзейснiцца свет:
Небяспека
З захаду i з усходу.
Мы ўжо не можам
Дайсцi да канца:
Затаптаны
Вiдушчыя сцежкi,
I месцы, дзе Бог
Дзялiўся сабою з людзьмi,
Не на месцы.
Мы кажам навобмацак,
А жалеза
Злучае са сказам
Сказ.
46
Паставiлi каля брамы
На варце жалеза,
А самi
Замкнулiся, каб мiж сабою
Высветлiць,
Што было,
Разважыць,
Што будзе.
Але нiбыта
Хтось меўся прыйсцi
I марудзiў,
Раз-пораз
Пыталiся цiха адно ў другога:
«Мо падало
Якi знак жалеза?
Мо пераслала жалеза
Якую вестку?»
47
Глядзеў у зямлю,
А з зямлi
Усёю iстотай сваёй на мяне
Пазiрала жалеза.
Iржа яго ела,
Але яно
Не мела нi моцы, нi здольнасцi
Паварушыцца.
I я нахiлiўся
I ў рукi
Узяў яго —
I ажыло
Адразу жалеза,
I ажылi
З жалезам падзеi.
48
Магчымасць прыводзiла
Да перашкоды:
У ёй
Сляпое з’ядноўвалася
З вiдушчым,
Суцэльнае — са шматразовым…
Але калi
Перашкода адольвалася,
З таго боку
Усё выглядала наадварот:
Сляпое аказвалася
Вiдушчым,
Суцэльнае — шматразовым,
I там,
Дзе яснела i выдавала
Сваю няўступную цвёрдасць
Жалеза,
Падаў
У цёмную глыб
Прагал.
49
Быццам жывая iстота,
За мною
Паўзе пустэча.
Каб не паўзла —
Жалезам
Скароджу яе,
Лупцую,
Рэжу,
Дратую,
Сяку…
А пустэча
Ўсё роўна паўзе
I ўсё роўна шэпча:
— Калi мы абое
Дойдзем да краю часу,
Не стане цябе,
А з мяне паўстануць
Жалезныя людзi,
Ўзбуяе
Жалезная збажына.
50
Бег чалавек па рацэ:
Адною
Нагою — у боце,
Другою — босы,
I аб ваду,
Як аб сушу, абапiраўся
Жалезным кiем.
Следам за iм
Беглi двое:
Адзiн — у ботах
I босы — другi,
I абодва
Крычалi дружна:
«Кiнь кiя, а то патонеш!..
Кiнь кiя, а то патонеш!..»
I першы,
Урэшце, паслухаўся iх
I адкiнуў
Свой кiй ад сябе —
I адразу
Усе патанулi:
I той, хто бег першы,
I тыя, што беглi следам,
I кiй.
51
Ловячы водгук,
Чуйна
Прыходзiм i адыходзiм,
I кажам словы,
Якiя таксама —
Водгук.
Але калi
Займае паверхня ўвагу
I хiбы
Урошчваюцца ў перашкоды —
У лядах
Селяцца прывiды
I насяляе
Жалеза лес.
52
Дагэтуль — шматлюдны,
Адгэтуль — бязлюдны,
Дагэтуль — у позiрках,
Словах,
Рухах,
Адгэтуль — сам…
А жалеза
Ходзiць па полi
I кроiць межы:
Цi хопiць
Таго, што настала,
На тое, што настае?
53
Калi я ў здабытак
Узяў багацце —
Вышынi
Павысiлiся
I панiжэлi нiзiны;
Калi ўзяў славу —
Зацвiў
Камень i заспявала
Дрэва;
Але калi
Узяў у здабытак пакуту —
Ў жалезе
Паадмыкалiся сховы
I вочы
Расплюшчылiся
У сноў.
54
У моцы,
У велiчы,
У прыгажосцi
Сыходзяцца мiж сабою
Дружыны i ваяры,
А разыходзяцца…
Здзiвавана
Пытаецца ў нежывых
I ў жывых Запамежжа:
Навошта iм трэба несцi
Усюды з сабой жалеза
I ўсюды
Усталёўваць лад
Бяды?
55
Камечыцца мяккае,
I абрысы
Злiваюцца ў пляму
I расплываюцца ў пляму.
На крок,
Цi на два,
Цi на дзесяць:
З супастаўлення
Выводзiцца постаць,
Але — на адлегласць жалеза.
Тады
Само вымаўляецца слова,
I позiрк
Тады бачыць сам.
56
Нас вызнаюць акалiчнасцi:
Кожны
Мае да iх свой доступ,
I калi нават
Хто адступаецца —
Усё роўна
Ён тут…
У вымогах
Дайсцi да канца
I ў спробах
Пачаць спачатку
Мы асягаем сябе.
А жалеза
Упарта i аднастайна
Капае ямы
Ды насыпае капцы.
57
Настала —
I чалавек
Падаўся адначасова
У славу i ў ганьбу,
У моц i ў немач,
У неўмiручасць i ў смерць…
Такiя
Розныя постацi,
Але тое самае раздарожжа,
Такiя розныя долi,
Але той самы
Дол.
58
У змове з нязведаным:
Адымае
Жалеза, што маю.
Мушу
Заняць свой пасад,
Займець
Сваё княства.
Але цяпер
Пярэдадзень,
I чалавек —
Жалеза i скура.
59
Круг накладаўся
На круг.
— Навошта
Тое, што ёсць,
Ёсць гэтакiм, як яно ёсць?..—
Пытаўся
У Некага той,
Хто пытаўся.
Глiна
Паказвала шлях ад краю
Да краю,
Камень
Маўчаў пра спрадвечнае.
А жалеза
Сябе аддзялiла ад месца
I павяло
Свет да апошняй
Мэты.
60
Адступiцца блiзкае
I паўстане
Наводдалi постаццю
Прадчуваня.
Зноў мы ў пачатку,
I зноў
Свет не дасягнуты,
Ды жалеза
Уклалася ў здзейсненае
I цяпер
Ужо без ужытку.
61
Само дапаможацца:
Дзiда
Шпурляецца i ляцiць —
Быццам вiсiць на месцы.
Малое з вялiкiм,
Крывое з простым,
Нямоглае з дужым,
Нягеглае са знакамiтым
Раўняе трыванне.
Даходзiць
Жалеза да сарцавiны,
Час — да канца.
62
Пытаецца чалавек
У жалеза:
Дзе чалавек?
А жалеза
Пытаецца: дзе жалеза? —
У чалавека.
То карацеюць
Мiж iмi адлегласцi,
То даўжэюць,
I то знаходзяць
Яны адно аднаго,
То трацяць:
Жалеза —
На скрыжаваннi,
На роскрыжы —
Чалавек.

Оглавление

  • Алесь Разанаў Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць
  • ПАЭМА ЖНІВА
  • БЫЛО БАЛОТА
  • ПАЭМА КАЛОДЗЕЖА
  • ПАЭМА РЭХА
  • ПАЭМА РЫБІНЫ
  • ПАЭМА СЛАНЕЧНІКА
  • ПЕРШАЯ ПАЭМА ШЛЯХУ
  • ПАЭМА ГАРАЧАГА ЛІСЦЯ
  • ПАЭМА ЗАПАЛЕНЫХ СВЕЧАК
  • ПАЭМА ПАГАШАНЫХ ЛЮСТЭРАК
  • ПАЭМА ЧЫРВОНЫХ ВЯРОВАК
  • РАГВАЛОД
  • УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ
  • ГЛІНА
  • КАМЕНЬ
  • ЖАЛЕЗА