Партрэт [Аляксей Карпюк] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Аляксей Карпюк ПАРТРЭТ

Аповесць, эсэ, нявыдуманыя гісторыі


Падрыхтаванае на падставе: Аляксей Карпюк, Партрэт. Аповесць, эсэ, нявыдуманыя гісторыі, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 270 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Партрэт

Аповесць


Каралеўскімі замкамі

Ганарацца,

Саборамі.

Мы — зямлёй партызанскай,

Перамогай над ворагам.

Пімен Панчанка. «Горкая радасць»
1.

Разгар лета 1942 года.

У пасляабедзенны час з Полацка ў «Дзямянскі кацёл» стартавала транспартная машына. Трохматорны «Юнкерс-52» у грузавых адвесках валок дзве тоны ладунку. У кабіне знаходзіліся: пілот — капітан Макс Ляўфэршток, бортмеханік Ганс Лебек, штурман-радыст Вільгельм Гофман і яшчэ адзін пасажыр.

Немцы былі маладыя, мелі з іголачкі мундзіры, падагнаныя да фігур лепшымі краўцамі Еўропы; рэгаліі і рамяні на іх ад бляску аж пераліваліся, на пальцах зіхацелі залатыя пярсцёнкі. З боку ад пілота тырчэла люстэрка, капітану варта было скасіць вочы, каб бачыць свой мажны профіль і свежа накрухмалены падкаўнерык пад расшпіленым мундзірам. Бортмеханік на бакавым шкле развесіў каляровыя фота кінаактрыс...

«Юнкерс-52» лічыўся самалётам устарэлай канструкцыі, быў надта чулы на абледзяненне, бо тады выходзіла са строю радыё, закліньвала хваставое апярэнне і машына станавілася непаварот-лівай. Штурмана цікавяць паказальнікі ціску паветра, ізабары, цык-лоны і антыцыклоны, вятры і хмары, але ў гэты дзень надвор'е было ўстойлівае. Па ўсёй Беларусі ззяла ліпеньскае сонца, градуснікі паказвалі не ніжэй 25 градусаў па Цэльсію. Адпадала верагоднасць сустрэчы «Юнкерса-52» і з савецкімі знішчальнікамі, прынамсі, у першай палове паветранага шляху. Штурману Гофману толькі заставалася не выпускаць з поля зроку ветку чыгункі Полацк — Дно — Ідрыца, якая вяла ў напрамку «катла» і служыла арыенцірам, ды неабходна было сяды-тады ўголас паўтараць пеленг.

Вось у такіх ідэальных умовах вопытны экіпаж і займаўся сваімі справамі. Немцы пры гэтым бяспечна вялі гутарку.

Пра што яны гаварылі?

Дакладна сказаць не бяруся. Калі ж паставіць перад сабой такую задачу, то размову экіпажа ўявіць проста: пэўнага псіхалагічнага складу людзі паводзяць сябе ў пэўных умовах менавіта так, а не іначай.

Пачну па парадку.


2.

Раніцой на аэрадроме немцы дзелавіта ўзяліся за справы. У час загрузкі самалёта яны пільна сачылі, каб салдаты з каманды абслугі не парушылі цэнтроўкі самалёта, ладавалі скрыні, мяшкі і іншыя рэчы дзе трэба.

Пры запраўцы машыны і пры старце ўсе, за выключэннем пасажыра — доктара Гайнца — таксама былі занятыя і ўражаннямі з мінулай ночы дзяліцца не маглі.

У немцаў развязаліся языкі, як толькі машына ўпэўнена лягла на курс, уладу над ёй узялі маторы ды законы аэрадынамікі, а кіраванне палётам не патрабавала намаганняў. Словы экіпажа танулі ў густой ваце басавітага гулу матораў, а галасы ў шлемафонах былі не падобны на іх уласныя. Экіпаж ужо даўно прызвычаіўся да гэтага, яны разумелі адзін аднаго выдатна.

Спачатку «тэлеграфным» стылем — так ім дазваляла перагавор-ная апаратура — абмяняліся навінамі, звязанымі нейкім чынам з рэйсам.

Знаёмы экіпаж іншага транспартніка ўчора прызямліўся не ў Дзямянску, а на фальшывым аэрадроме, змайстраваным чырвонаар-мейцамі. Чатыры немцы аблаялі няўдачнікаў — жыццё ім вельмі спрыкрылася.

Пілот Ляўфэршток пару гадзін таму даведаўся ў афіцэрскім казіно ад штабістаў: у «кацёл» прыбыў палкоўнік барон фон Лютцэў замяняць камандуючага абкружанымі войскамі — генерала фон Зэйдліц-Курбаха. Вальтэр фон Зэйдліц атрымаў ад фюрэра заданне — арганізаваць прарыў «катла» звонку, каб расшырыць «Рамушаўскую гарлавіну» ці, як іншыя называлі, «Рамушаўскі калідор».

Яшчэ яны пахваліліся, хто колькі выпіў, дзе з кім правёў ноч, якія навіны атрымаў з дому ці ад сяброў з іншых франтоў.

Доктар жа падзяліўся ўражаннямі ад пабыўкі на радзіме.

На перонах — маладзенькія дзяўчаты са збаночкамі, з якіх дыміцца кава для адпускнікоў: працягні з акна вагона кубачак і, калі ласка, нальюць табе.

На вуліцах яго гарадка — групкі з Hitlerjugend und BDM (Bund Deutscher Mädels) [1] са скрыначкамі, на скрыначках надпісы: Winterhilfswehr (дапамога салдатам усходняга фронту).

У магазінах без картачак толькі ersatzmarmolade.

Прага на весткі з фронта.

Грукат «клюмпаў» па бруку, калі канвой гоніць на работу лагернікаў.

Чаканне налётаў саюзнай авіяцыі і бамбардзіроўка.

Святое абурэнне сціснутых у бамбасховішчы цывільных немцаў: «Варвары! Ні адзін лётчык люфтвафэ не дазволіў бы сабе кінуць бомбу на невайсковыя аб'екты, як робяць гэта праклятыя Amis und Tommis!!!

Доктар ані крыху не сумняваўся ў слушнасці абурэння суайчын-нікаў. З яго слоў варожыя налёты выглядалі непаразуменнем — не падвезлі якраз снарады, заснулі зенітчыкі.

Усе служачыя вермахта днём і ноччу прагна лавілі апошнія паведамленні з франтоў, захлёбваліся ад перамог і жылі імі. Экіпаж «Юнкерса-52» — не выключэнне. Чатыры немцы былі тыповымі героямі трэцяга рэйху, гэты самы рэйх і яны меліся прадоўжыць на тысячу гадоў і зараз далі поўную волю сваім эмоцыям, марам і фантазіі.

Што ў той час адбывалася, паводле іх меркаваныяў, найбольш значнае? Заглянем, напрыклад, у ваенны дзённік начальніка штаба сухапутных войск генерал-палкоўніка Ф. Гальдэра.

Гёнерал Лееб з Манергеймам збіраліся вось-вось увайсці ў Ленінград.

Пад Нордкапам караблі «субмарынэ» дабівалі караван РQ — 17 з вайсковай тэхнікай для Мурманска. За восемдзесят кіламетраў ад гэтага горада прытаіліся егеры і цірольскія стралкі арміі Дзітла ды толькі чакалі каманды для атакі.

Фельдмаршал фон Бок на чале групы армій «Цэнтр» затаіўся каля Ржэва, Вязьмы, каб захапіць Маскву.

Іншыя «непераможныя дывізіі вермахта» прарвалі ля Харкава фронт, маланкай прачыркнулі Растоў і пад камандай генерала Паўлю-са ды фельдмаршала Манштэйна дзвюма імклівымі лавінамі Памчалі да Волгі і на Каўказ. Над распаленай сонцам Задоншчынай узняліся хмары пылу з—пад ботаў савецкіх пехацінцаў, якія адступалі на Сталінград.

Баявыя аперацыі на ўсіх франтах разгортваліся «амаль класічна», «артылерыя праціўніка дасягнула нулявога ўзроўню», нямецкія коні да рэшты стаміліся», але «дух нямецкіх салдат — выдатны», «войскі фюрэра ўсведамляюць сваю поўную перавагу над рускімі...».

З бальшавікамі справа для экіпажа «Юнкерса-52» фактычна была скончана, усходняя кампанія выйграна. Савецкі Саюз яны ўяўлялі сабе вялізным Ленінградам, які памірае з голаду, развалу і неразбярыхі.

Чаму існаваў «Дзямянскі кацёл» з паўабкружанай шаснаццатай арміяй вермахта, якой яны везлі груз? Чатыры афіцэры люфтвафэ ў гэтым бачылі напэўна неразгаданую палітыку фюрэра. Гітлер, хутчэй за ўсё, каб парадаваць нямецкі народ, зноў падрыхтаваў ворагу адмысловы ход, хітрую пастку з Wunderwaffe. Цяпер толькі чакай наступнага сюрпрыза!

Сухашчавага і сіваватага генерала Зэйдліц-Курбаха чатыры немцы ведалі надта добра. Яшчэ ў званні лейтэнанта ён прымаў удзел у славутай бітве пад Лоддзю ў першую сусветную вайну, калі ля Бжэзін нямецкія дывізіі не толькі выйшлі з падобнага акружэння, але нават узялі ў «кацёл» рускіх. У 1941 Зэйдліц-Курбах ад фюрэра атрымаў «рыцарскі крыж з дубовым лістом»...

Карацей кажучы, Усходні фронт экіпаж «Юнкерса-52» цікавіў менш за ўсё. Немцы ўжо не сумняваліся, што заваяваную да самага Урала тэрыторыю неўзабаве вермахт перадасць паліцэйскім часцям ды хлапчукам з «Гітлерюгенд», неабсяжны край паслужыць выдатным полем для гартоўкі маладых арыйцаў, выхавання ў іх furor Teutonicus (нямецкай баявой лютасці). Усё гэта для экіпажа было ўжо раз і назаўсёды вырашана.

Чатыры немцы прагнулі свежых навін, якімі жылі і іх родзічы.


3.

Як толькі самалёт выйшаў на патрэбную вышыню і лёг на курс, а экіпаж абмяняўся інфармацыяй, штурман-радыст, вядома, зараз жа ўключыў Берлін. Магла ісці ў той момант перадача са «Шпортпляц», дзе нацысты безупынна праводзілі грандыёзныя мітынгі ды перадава-лі іх у эфір. У шлемафоны экіпажа ўварваўся рэзкі віск рэйхсміністра Гебельса:

— ...Гэтая вайна — за сыравіну і хлеб! Гэтая вайна — за каўчук і жалеза! Гэтая вайна — за лебенсраўм (жыццёвы прастор) для немцаў! Гэтая вайна — за нашае пяршынства ў свеце! Гэтая вайна — за Тысячагадовы Рэйх! Дык загадвай жа нам, фюрэр, мы ідзем за табой!

У адказ рэйхсміністру з горлаў шматтысячнага натоўпу вырваліся тры здвоеныя грамы:

— Зіг гайль!

— Зіг гайль!

— Зіг гайль!

Затым мужчынскі хор апавясціў:

Мы крочым усе ў пахо-од!
Няхай валіцца ўсё ў друз!
Сёння валодаем Еўропай,
Заўтра ля нашых ног —
Цэлы свет!..
Тут спеў абарваўся — радыё пачало перадаваць чарговую зводку. Не хаваючы хвалявання, дыктар доўга пералічваў прозвішчы англійскіх генералаў ды старшых афіцэраў дваццаціпяцітысячнага гарнізона ў Тобруку, які напярэдадні здаўся Ромелю.

Пасля пераможных фанфар заігралі ўрачыстую прэлюдыю Ліста — экіпаж агарнўла новая хваля ўздыму, Чатыры немцы ўбачылі сябе раптам ужо ў спякотных афрыканскіх пясках пад камандаваннем нацыянальнага героя трэцяга рэйха, гэтай праслаўленай «лісы пу-стыні» — Эрвіна Ромеля.

Вось яны, шчасліўцы лёсу, народжаныя не раней, не пазней, а менавіта ў гэты гістарычны момант, перапоўненыя гордасцю, што належаць да нацыі Herrenvolke (звышчалавекаў), у машынах з малюнкамі бубновага туза, галавы кабана, лістка канюшыны, ма-тылька ды іншых пазнавальных знакаў на тысячах кабін, па загаду незвычайнага генія, які даў ім мэту і крыллі, імкліва нясуцца ў прастору гісторыі па гэты самы «каўчук, хлеб, лебэнсраўм, першынство ў свеце» ды славу для вялікай Германіі.

Версаль прыдумала нахабная Англія, каб абяззброіць паўднёвую суседку-саперніцу, адабраць ад яе ўсё, што дае краіне сілу і моц — Германія калоніі свае верне з працэнтамі!

Але ж сялібы з ганачкамі ў цянёчку пад пальмамі і краявідамі на плантацыі, са слугамі-неграмі — для знямоглых старых з тылавых каманд Тодта[2]. Члены экіпажа ў баявых часцях, якія складаюцца з такіх жа адчайных зухаў, ад Тобрука раптоўна паварочваюць на Ус-ход і маланкавым выпадам пратыкаюць Кіпр ды Суэц. Перарэзаўшы важную жылу Вялікай Брытаніі, тут жа перакідваюцца ў Казахстан-скія стэпы насустрач Паўлюсу і Манштэйну, каб замкнуць кола.

«Перапоўненыя ўздымам, які спарадзіла ў нас прага крыві, лютасць і віно, мы дружна крочым у нагу, упэўнена ставячы падкаваны бот. Нястрымана набліжаемся да ворага. Дзікая прага знішчэння ап'яніла нашы мазгі. Мужчыне вядома многа ўзнёслых радасцей, але самая прыемная — асалода, адчутая пры таптанні чужой зямлі, забіванні...» [3]

Гэтай «асалоды» пад штандарамі вермахта члены экіпажа самалёта паспыталі ўволю.

Штурман-радыст, мажліва, мінулую ноч гасцяваў у афіцэраў палявой жандармерыі. «Жандармамт» Полацка размяшчаўся ў будынку новай школы. Яе кватаранты пад столь настаўніцкай вешалі савецкую карту і зараджалі парабелумы. Капітан фельджандармерыі, імітуючы папулярнага радыокаментатара Дзітмара, крычаў:

— Альзо, ад японскіх самураяў марская пяхота ЗША драпае праз атолы, каралавыя рыфы Ціхага акіяна ў Аўстралію! Нямецкія часці з Расіі кідаюцца на дапамогу японцам! Ужо селі ў караблі! Увага, перасякаем зараз Індыйскі акіян! Падплываем да Сіднея, збіраемся высаджвацца на бераг! Вось і — п'яныя янкі! Ахтунг, падрыхтавацца! Айнс, цвай, драй,— фоер!

Уся кампанія ўскідвала пісталеты, і ў англійскі дамініён упіваліся дзесяткі куль, покуль карта не зляцела на падлогу.

Капітан загадваў дзіравую прасціну вешаць зноў.

Наступным этапам захапляючай экскурсіі была Англія, затым — Лацінская Амерыка. У ЗША разрадзілі па абойме, ад чаго школьная карта разляцелася на кавалачкі.

Хіба снілася такое салдатам Напалеона, Карла Вялікага, Гая Юлія Цэзара, Аляксандра Македонскага?!


4.

Я да сённяшняга дня не перастаю здзіўляцца, як гэта «шалёнаму фюрэру» ўдалося ўбіць у галаву сваім грамадзянам аж так глыбокую веру ў слушнасць яго людаедскіх ідэяў, злачынных планаў, што пераважная большасць нямецкіх рабочых, сялян, служачых, інжы-нераў і настаўнікаў — бацькі дарослых дзяцей і юнакі — тварылі чорную справу дружна, свядома, з запалам насуперак элементарнай логіцы і агульнапрынятым нормам чалавечых адносін.

Доктар Гайнц у паўабкружаную армію пад Дзямянск вяртаўся з пабыўкі па сваёй ахвоце датэрмінова. Калі штурман, эканомячы акумулятары, выключыў радыё, доктар праз ліхтар «Юнкерса-52» паглядзеў у нябесны блакіт ды з цёплым хваляваннем, з дрыготкамі ва ўсім целе пасмакаваў ужо той шчаслівы момант, калі прызямліцца ў сваіх ды апынецца ў баявой атмасферы, што, на яго думку, толькі і варта сапраўднага мужчыны.

Ні ў каго з чатырох не ўзнікала ніякіх сумненняў, хоць перш за ўсё ім трэба было падумаць, што і на двухкіламетровай вышыні трэба быць напагатове, бо няўмольнае жыццё ўжо ўключыла іх у бяздонны расход вайны.

Бортмеханік Лебек расхіліў біноклем на бакавым шкле паштоўкі з голымі актрысамі ды пачаў разглядаць зямлю.

Пад крылом паплыла спаленая ўшчэнт лясная вёска.

На пажарышчах кешкаліся людзі — даставалі з друзу гаршкі, абпаленыя вёдры.

Дрэвы ля былых селішч стаялі з пажухлым лісцем.

Абгарэлыя пячныя каміны сумна цягнулі да неба свае куксы...

— Эх, папсавала вайна ландшафт! — тыцнуў Лебец цейсам уніз.— Паваленыя платы, сухія, як, венікі, кусты!.. I гэтыя старыя ліпы не аджывуць ужо!.. Хіба праз гадоў дваццаць зелень адрасце!.. I абарыгенам-беларусам даводзіцца цярпець!..

— Вярзеце сентыментальнае глупства, Ганс! — абрэзаў борт-механіка капітан.— Якая нам справа да гэтага? Зразумейце вы ein für allemal[4] — нам важны толькі вайсковыя аргументы! Фюрэр сказаў: «Будзьце бязлітаснымі, дзейнічакце смела і без усялякай там маралі: гэта найбольш гуманны спосаб ваяваць, бо страх загоніць праціўніка ў казіны рог і нам спатрэбіцца менш крыві!» О-о, я вам скажу, гэта словы мудрага прарока! Цяпер і сляпы бачыць, што вайну вядзем справядлівую, а немцам яна прыносіць вялікую асалоду! Чым мы былі б з вамі, калі б не яна? Вядома, немцы не такія вытанчаныя ды адукаваныя, як французы, але ж лёс менавіта нас выбраў як носьбі-таў грандыёзнага абнаўлення свету, якога не было з біблейскіх часоў!

— Яволь, шэф! — скарыўся бортмеханік.— Я згодзен з вамі.

Капітан, палічыўшы, што адчытаў падапечнага залішне строга, пастараўся згладзіць уражанне ад сваіх слоў. Не гледзячы, з кішэнь-чыка на баку крэсла дастаў пляшку «Марціні». Выняўшы зубамі корак, адхлябнуў віна ды спытаўся бортмеханіка:

— Спрабуеце?

— З ахвотай!

Пілот велікадушна дазволіў частавацца і астатнім. Плоская бутэлечка з бліскучай этыкеткай абышла ўсіх.

— Данке!

— Данке зеер!

— Данке шён!

Немцы адразу адчулі ва ўсім целе цяпло і лёгкае галавакружэнне. Капітан з ноткай апекуна гаварыў далей:

— Альзо, вы, Ганс, не да канца ўмееце цешыцца жыццём. Выпускаеце з—пад увагі галоўнае. Знаходзіце нейкія калючкі, звярта-еце ўвагу на глупства, паддаецеся мяшчанскай жаласлівасці. Каго тут шкадаваць? — кінуў ён уніз.— Гэтых агідных шчуроў, гнойных сала-мандраў, выроднага племені «унтэрмэншаў», якім нейкі дурны ўладар калісьці дазволіў навучыцца чытаць і пісаць, хоць яны здольны толькі на тое, каб радзіць орды недачалавекаў?!

— Яволь, капітан!

Пілот быў малады, настрой яго хутка мог перайсці ў другую крайнасць, а віно падбівала выліваць свае крыўды.

Звяртаючыся да ўсяго экіпажа, ён ужо неўзабаве заныў:

— Безумоўна, калі глядзець з глабальных маштабаў,— мы тут рымляне XX стагоддзя, місіянеры. Аднак, майнэ кэрлен[5], гэта толькі адзін бок медаля. Калі чэсна гаварыць, то трэба прызнаць: занесла нас сюды — самому чорту ў задніцу!

I Ляўфэршток пачаў ужо скардзіцца на свой лёс:

— Што нас, нікчэмных фурманаў, на гэтай дапатопнай рыкшы, ціхаходным «Юнкерсе-52» — транспартнай машыне з часоў вайны ў Іспаніі — чакае ў смярдзючай Расіі на сумнай трасе з пастаяннай вышы-ёй у 2000 метраў з—за ўяўных «лясных бандытаў»? Вартуй кожны дзень, як пракляты, кнігаўчыны яйкі! [6] Во, у сонечнай Італіі бралі на борт дэсантнікаў Отта Скарцэні з самім Максам Шмэлінгам[7], вазілі нават генералаў! Са штурманам Гофманам пашэнціла везці самога фельдмаршала Герынга, калі той гасцяваў у дучэ!..

Унізе паказаліся лясы Расоншчыны. Неабсяжны дыван хвалістай зеляніны, рассечаны прасекамі, здаўся немцам мяккім, як аксаміт, лагодным і свойскім. Чыгуначная ветка пачала раптам некуды знікаць, расплывацца, потым не стала яе відаць зусім, як штурман ні прыглядаўся. Пад прамым вуглом і наўскасяк распісвалі лес прамыя, як палёт стралы, візірныя прасекі, але ўсе яны былі без рзек і тэлеграфных слупоў.

— Вас іст лёс? [8] — здзівіўся капітан ды падагнаў штурмана: — Вільгельм, пеленг!

— Момэнт маль! [9]

Але чыгункі штурман так і не знаходзіў. Давялося даверыцца компасу:

— Курс46!

Што за ліха, яшчэ зусім нядаўна кантакт з зямлёй ён тут трымаў візуальна, пе патрэбен быў ніякі компас! Бытта з вялізнай карты з жывым ландшафтам нехта ўпарта гумкай сціраў дзень за днём палатно дарогі, таму з кожным днём пуць з рэйкамі выявіць рабілася цяжэй.

«Няўжо брыгады Тодта пуць накрываюць маскіровачнай сеткай і галінкамі камуфляжу на такім доўгім адрэзку? Рабіць ім няма чаго!»

— У чым справа, донэрвэтэр?! Макс, вазьмі ніжэй! — кінуў штурман пілоту, з якім быў на «ты».

Незвычайную з'яву Ляўфэршток заўважыў таксама, таму адразу штурмана зразумеў:

— Вір шаўэн гляйх! [10]

Няўклюдны «Юнкерс-52» пайшоў у віраж ды пачаў збаўляць вышыню. На шкале вышынямера стрэлка паказвала 1800 метраў, 1500, 1000, 200...

Ад паветранай хвалі, выкліканай прапелерамі, захісталіся ўжо і верхавіны дрэў, толькі штурмана цікавіла не гэта. Перагнуўшыся ўвесь, ён уважліва разглядаў масіў, які імкліва цёк «Юнкерсу-52» пад жывот. Пілот рабіў віраж за віражом, вёў машыну зігзагамі — страчаны арыенцір самалёт абавязкова павінен перасячы!

Нарэшце Гофман убачыў тое, чаго шукаў. Убачыў ды нічога не зразумеў.

У выразным і прамым, як вучнёўская лінейка, калідоры, што на тры-чатыры секунды паказаўся пад імі, стаялі дзесяткі, а мажліва, і сотні фурманак, наладаваных пяском і жвірам, рэйкамі ды шпаламі. Ад фурманак разбягаліся ў кусты людзі, узбрыквалі жарабяты. Ахопленыя жахам жанчыны лавілі дзяцей і таксама ляцелі ў гушчар. На пянёчках стаялі мужчыны ў напаўвайсковай форме ды энергічнымі ўзмахамі рук паказвалі на неба...

Усё выглядала на тое, што ў лес сагналі мноства сялян, каб пракладваць пуць.

Але ж чыгунка тут ужо існавала, па ёй — штурман памятаў добра — яшчэ зусім нядаўна хадзіла шмат паяздоў на Ідрыцу — Дно, ён прызвычаіўся яшчэ здалёк заўважаць дымкі паравозаў!

I чаму камандзіры, што махалі рукамі, не мелі — ён дакладна паспеў заўважыць — нямецкай формы?

Гофман з недаўменнем зірнуў на пілота. Той якраз, увесь сканцэнтраваны, браў на сябе штурвал — выводзіў няўклюдную ма-шыну з непрывычнага для яе глыбокага піке. Штурман насцярожыўся і толькі паспеў удыхнуць у сябе паветра, як страшэнная адцэнтрабеж-ная сіла пачала ціснуць яго ў крэсла, ад чаго ён ледзь не страціў прытомнасці.


5.

Што адбывалася тады ў партызанскай зоне ля Дрысы, магу сказаць больш ўпэўнена — з многімі героямі незвычайнага выпадку давялося гутарыць, бо ездзіў на месца падзей, каб самаму разабрацца — што, дзе і як усё здарылася, ды зведаць вядомы літаратарам «эфект прысутнасці».

Ветэраны расказвалі,— сонца ў той дзень так напякло паветра ў лесе, што гарачыня стала задухай. Жаданага халадку людзям не давалі ўжо ні векавыя сосны, ні вільгаць ад блізкай ракі ды балота. Да адурэння пахла разагрэтым мохам, хвояй і багульнікам, а ўсё навокал было напоўнена трэскам страказы і цягучым, як мёд, пчаліным гудам. У такі час людзей звычайна хіліла да сну, аднак у партызанскім лагеры на пару гадзін замерлі толькі камары; брыгады жылі звычайнымі клопатамі.

У памяшканнях напаўзямляначнага тыпу, куды немцы, разбамбіўшы лясныя вёскі, выціснулі партызан, многія з хлопцаў дзелавіта рыхтаваліся ісці на заданне.

Вярталіся з далёкага паходу аслабелыя разведчыкі.

Перад маляўнічым жыллём мужчыны рамантавалі зброю і абутак.

Пад павеццю і каля кухні дзяўчаты ў жорнах малолі жыта з новага ўраджаю, стралялі гарэзлівымі вачыма ды хіхікалі.

Паміж дарослымі, згараючы ад цікавасці, снавалі туды-сюды абвешаныя драўлянымі фінкамі ды аўтаматамі хлопчыкі з сямейнага лагера. Самае значнае, на іх думку, адбывалася ў той момант звод-даль ад зямлянак, на прыкрытым густым верасам узгорку. Узбуджа-ныя хлапчукі стараліся праціснуцца цераз дарослых.

Там сапраўды было на што дзівіцца.

На ўзгорку брыгадны разведчык Ладо Герашвілі маляваў карці-ну. Вялізная (паўтара метра на два!) прасціна з суравога палатна была нацягнута паміж бярозак, а фарбай майстру служыў разведзены газай гудрон, якім асфальтуюць дарогі. Правая частка палотнішча яшчэ пуставала, а на левай віднеўся труп амаль голай дзяўчыны. Рухавы малады грузін, макаючы пэндзлем у банку з шэра-жоўтай вадкасцю, то старанна папраўляў мілавідны тварык, то размашысты-мі мазкамі на вольным баку прасціны спрабаваў накідаць контуры забойцы.

Вакол грузіна ўтварылася цеснае кола зявак. Людзі замерлі перад карцінай і мастаком у самых розных позах.

Пажылы дзядзька, пакінуўшы зводдаль фурманку, застыў з пугай у руцэ.

Дзве засмучоныя кабеты з Краснаполля павесілі на сагнутыя рукі кошыкі з грыбамі.

Разведчык у кубанцы трымаў на повадзе каня.

Круглатварае дзяўчо прыціскала да грудзей сіта з сушанымі ягадамі.

А чарнявы хлапец, павярнуўшы аўтамат каваным прыкладам уверх, рукаяткай нагана калоў на ім арэхі, жаваў поўныя зёрны ды таксама не адводзіў ад забітай позірку; ад нагана да пояса ў яго цягнуўся алюмініевы шнур пацерак — ланцужок ад ярша, якім нем-цы чысцілі вінтоўкі.

— Ах, Нінка — вылітая! — уздыхнуўшы, пацвердзіла жанчына з кошыкам.— Казалі, што надта падобная, а яна — і праўда такая!

Мужчына з пугай у руках прыехаў здалёк — аж з Сялявішч, і ні-чога не разумеў. Кабета на мясцовым дыялекце пачала яму тлума-чыць:

— Дацка Піліпа і Волькі з Краснаполля! Немцы прыперліся нісцыць вёску. Нінка паспела з маёй больсанькай дзяўцынкай выска-цыць, аз за хлявы ды спахапілася — бялізны для свайго Ладо не ўзяла! Вярнулася дахаты, палезла ў куфар, а яны цераз акно яе ўбацылі ды цапнулі! Вывалаклі на двор, згвалцілі, пырнулі стыком і спурнулі ў агонь дзяўцынку — хата ўзо гарэла! Ох, і ўбівалася Волька! А ўзо грузі-ін... не еў, не спаў, месца сабе не знаходзіў ды схуднеў на трэсацку!.. Ацухаўся і адразу стаў ЯЕ маляваць! Бабы льнянога палатна яму назнасілі па кавалацку. Пассываў сабе яго, во, і выводзіць пэндзлем каторы дзень! Нацальства нават у разведку не пасылае з—за гэтага!

Малады разведчык у кубанцы, звяртаючыся да фурмана, пакпіў з кабеты:

— Адразу відаць — Расоншчына: «Кірпіцынку пад бацынку, а пясоцніцу ў кісэнь!..»

Але панылы дзядзька ў мове жанчын нічога смешнага не знайшоў. Ён адно цяжка ўздыхнуў, паківаў галавой ды сцвердзіў:

— Перажывае хлапец.

— А што думаеш?! — умяшалася другая жанчына.— Нінін брат, Васіль, грузіна ад смерці ўратаваў! Служылі разам у войску. Васіль кантужанага таварыша аж з—за Журмун на гарбу пёр!.. Нініна маці, Вольга, грузіна выхадзіла, яе Піліп раздабыў хлапцу ў Расонах сякое-такое адзенне, шчэ і з партызанамі пазнаёміў ды за гэта абое — на табе, адзінай дачкой паплаціліся! Бедная Вольга, не ведала, што згіненне на сваё дзіця вылечвае!..

— Ён не вінаваты, што аж так убадзюрыўся[11]!

— Скажаш ты! Калі б грузіна не лячылі, не было б калі яму ўбадзюрыцца і Нінка засталася б жывой, кожны табе дурань гэта пацвердзіць!

— Ой, што такое?!.

Стала чуваць, як гудзе самалёт. Недзе паласнула кулямётная чарга, пачуліся адзіночныя стрэлы, а рэха грамавым раскатам паўтарыла іх у сасновым бары, дало адчуць, які лес глыбокі і неабсяжны — бы акіян.

— Нейкі дурань па самалётах смаліць! — насцярожана прыслухоўваючыся, буркнуў нехта з мужчын.

Бабы падтрымалі:

— Іграюцца, як дзеці, толькі немцаў дражняць!

Самалёты над лагерам праляталі не раз, і партызаны па іх часта стралялі. Людзі пабурчэлі для парадку, сваю ўвагу на гуках затрымалі адно хвіліну.

—...I не пацалаваў нават. У Грузіі, казуць, такая завядзёнка. Пасля вайны думаў завезці Ніну ў сваю Абхазію ды азаніцца. Бедны, як кахаў — аз дзіва!

— О-о, грузіны — ярыя! — пацвердзіла другая жанчына ды звярнулася да дзяўчыны з сітам: — А Нінін твар, кажуць, з цябе маляваў, праўда?

— Два тыдні трымаў мяне на версе,— разгубілася пуцалаватае дзяўчо і пачырванела.— Прыцоску мне зрабіў, як у ЯЕ была... Хварба ўсё разлазілася... Змые бензінам, вытра насуха ды зноў малюе...

Раптоўнае гудзенне заглушыла іх словы. Над галовамі людзей паказаўся з гафрыраванага металу жывот «Юнкерса-52». На шырокіх крылах і хвасце чарнелі крыжы ў жоўтым авале, за самалётам цягнуўся смаляністы дым. Выплыўшы з—за крон, масіўны самалёт засланіў паўнеба, запоўніў гулам і грукатам наваколле, і здавалася,— завібрыравалі ствалы сосен, вось-вось пасыплюцца шышкі.

Чубаты хлапец ад радасці выпусціў наган, ускінуў аўтамат і даў уверх доўгую чаргу. Маторы так раўлі, што аўтаматнай чаргі не было чуваць. Толькі жанчын абдало гарачымі гільзамі і яны з жахам пападалі на верас, пацягнулі на галовы хусткі. Партызаны на кабет нават не звярнулі ўвагі.

Машына рэзка пайшла на зніжэнне. «Юнкерс-52» знік на нейкі момант за дрэвамі, а потым кіламетры за тры ад узгорка ўрэзаўся з трэскам у лес

Адзвінела рэха. Наступіла раптоўная цішыня.

— Збіў?!. Хлопцы, далібог, збіў! — залямантаваў на ўвесь лес ашалелы ад радасці юнак, ловячы за ланцужок наган.— Бачылі, як яго я секануў, бачылі?!. Не, вы ба-ачылі?!.

Фурман астудзіў хлапца:

— Гэткую махіну з твайго драбавіка так і саб'еш, а як жа!

— Не верыш? Ы-ы!..

— Ад Пераправы рубанулі па ім з «дзегцяра»!— падказаў разведчык у кубанцы.

— Вах, збылі?!.— дайшло нарэшце і да Герашвілі.— Збылі? Почыму стаім?!

Пасля кароткай разгубленасці мужчыны, хто верхам, хто на фурманцы, памчалі стрымгалоў за раку. За імі кінуліся і перапалоханыя хлапчукі.


6.

Ладо з таварышамі прымчалі на месца: там ваўсю ішла страляніна, і малюнак перад імі паўстаў страшны.

Лес быў паламаны і разварочаны, бытта віхурай. Вялізны чаўнок «Юнкерса-52» з абрубкамі крылаў і пярэднім маторам з пагнутым, як барановыя рогі, прапелерам павіс метраў з пяць над зямлёй і блішчэў дзюралевай арматурай,— яго грунтоўна ўшчамілі дрэвы. Левую і правую плоскасць з маторамі непадалёк заклініла ў гушчары, адтуль далятала патухаючае шыпенне газаў ды несла рэзкім смуродам перагару.

Металёвыя плоскасці сосны і елкі скасілі цэлай паласой, і абрубкі камлёў бялелі рванымі зрэзамі на розных узроўнях. Сіла інерцыі, з якой падала машына, была такая, што некаторыя елкі вывернула з карэннем.

На апошніх метрах падзення алюмініевую сценку перакошанага борта распароў камель сасны і ў баку «Юнкерса-52» выразаў вялізную пашчу, праз якую дзве тоны ладунку вылецела вон. Сярод уздыбленых абломкаў сосен і ламачча на лясным падсціле бялелі тысячы салдацкіх пісем, ля разбітых скрынь — рассыпаныя веерам банкі кансерваў, круглыя, як для гуталіна, скрыначкі шакаладу, крыжы і медалі, розна-фарматныя пакеты і пакецікі ды мноства бутэлек з віном, сярод якіх — цяжка паверыць! — валяліся нават цэлыя.

Выяўляецца,— пасля падзення экіпаж, дайшоўшы да памяці, цераз гэтую самую дзірку ў борце выскачыў на зямлю. Паблізу праходзілі разведчыкі. Немцы пачалі стральбу з пісталетаў і паранілі нашага. Партызаны адкрылі страляніну ў адказ і дваіх ворагаў забілі. Хлапец, што нядаўна шчоўкаў перад карцінай арэхі, разабраўшыся, што да чаго, аўтаматнай чаргой скасіў яшчэ аднаго. Чацвёрты немец кінуўся ўцякаць. Разведчыкі ламанулі за ім.

Доўгага і белабрысага немца партызаны абкружылі аж у балоце. Разгарачаныя і злыя за параненага, разведчыкі прыкончылі б немца на месцы, калі б не Герашвілі. Грузін абхапіў яго рукамі, заляманта-ваў:

— Прэч! Ён — мой! Ныкому нэ аддам!... Он мнэ патрэбны, прэч!

Разведчыкі паспрабавалі вырваць немца з учэпістых рук грузіна, абураліся:

— Ты што, фашыста пашкадаваў?

— Мо ён Косцю Балабановіча параніў, а мы будзем цацкацца з ім? Адыдзі па-добраму!

— Ён мнэ патрэбен, панымаіш? — цвярдзіў грузін сваё.— Нынку пысаць трэба, панымаіш?! Натуру фашыста ў мінэ нэт, панымаіш? Мнэ очынь патрэбін, ныкому нэ аддам, панымаіш? Это — мой натура, рускым языком гавару, панымаіш?

Грузіна ў брыгадзе паважалі. Астыўшы крыху, хлопцы вырашылі:

— Ладна, чорт з ім, калі прыліп да фрыца як смала! Завядзем у штаб — нікуды ад нас не дзенецца!

Тым часам да самалёта збегліся ўжо ледзь не ўсе, хто быў у лагеры,— жарты, такое здарэнне! Людзі з жахлівым захапленнем разглядалі забітых лётчыкаў, краталі дэталі «Юнкерса-52», набіралі, хто колькі мог, трафеяў і адыходзіць не спяшаліся.

Разведчыкі, паклаўшы на сялянскую фурманку параненага сябра, пакідалі на сена рэчы экіпажа і гурбой накіраваліся ў штаб.

Высокі і выпеленгаваны немец у мундзіры лётчыка, з сінім шалікам на шыі, з рукамі, скручанымі вяроўкай за спіну, трымаўся ганарліва, на партызан глядзеў з выклікам, аднак ішоў, куды яму загадвалі. Спадарожныя хлапчукі хваліліся нямецкімі крыжамі, пыр-скалі адзін на аднаго адэкалонам, мяняліся трафеямі. Разахвочаныя партызаны апавядалі адзін аднаму, з чаго па самалёту стралялі. Кожны бажыўся,— менавіта ён збіў «Юнкерса-52». На хаду штыкамі адкрывалі кансервы, бутэлькі ды смакавалі віно. Злосць прайгала, абураліся на немца для парадку. Зрэдку хто—небудзь замахваўся на палоннага ды гыркаў:

— Ы-ых, шчэ воўкам глядзіш, гад?! З'еў локшыны і фанабэрыш-ся?! Пачакай жа, фашыстоўская морда, доўга пяліць слепакі свае не будзеш!..

Ладо хлопцам крычаць на немца дазваляў, але не адставаў ад яго ні на крок.


7.

У брыгадзе камандзіры пайшлі якраз на заданне, пакінулі за старшага мужчыну сярэдніх год, слабога здароўем, чалавека стрыма-нага і мудрага, камісара — Пятра Іванавіча Максімава.

Допыты палонных камандаванне лічыла карыснымі для развед-чыкаў урокамі, таямніцы з іх не рабіла. Цікаўныя да ўсяго партызаны ўвялі штурмана ў штаб гурбой. У разведку бралі самых атлётаў — хлопцы адразу запоўнілі памяшканне, завалілі падлогу трафеямі. Камісар уважліва перабраў атрыбуты лётчыкаў — новенькія планшэты ды іншае, што было ў рукзаках. Слыніўшыся на «зольдатэнбух» палоннага, Максімаў адгарнуў вокладачку:

— I тут «Дзесяць запаведзяў»?! Дыпламаваныя рыцары! [12] От жа фашыстоўская крывадушнасць!..— Прачытаў:— «Віль... Вільгельм Гофман, год нараджэння 1917». Фота нібы яго. Ага, яму — дваццаць пяць. Гэта ты — Гофман? Хануілавіч, спытайся, калі ласка.

Сярод трафеяў партызаны знайшлі ладную нікеляваную скрыначку з наборам інструментаў для аперацыі. Прыціскаючы да грудзей каштоўны падарунак сяброў, брыгадны хірург Бергман стаў перакладаць.

Тым часам абкружаны партызанамі штурман яшчэ ніяк не мірыўся з тым, што надзея адбываецца наяве. Усё здавалася яму непаразуменнем, кашмарным сном. Ён спадзяваўся — з гушчару вось-вось вынырнуць жандары з ваўкадавамі, за імі — роты паліцыі і карныя кагорты суайчыннікаў разнясуць у момант асінае гняздо «лясных бандытаў» і вызваляць яго.

Гофман не раз думаў і пра свой канец. Яго смерць упісвалася ў рунічныя легенды і прачытаныя кніжкі, прыняць яе нарыхтаваўся, як належыць нямецкаму мужчыне і салдату. Канец уяўляўся на вачах у Landser-аў, сярод сцягоў, фанфар і грукату барабанаў, калі ён з пісталетам у руцэ, выхапленым на бягу, з палаючым тварам і думкамі пра фюрэра, які яму ўсміхаўся з трыбуны, пасля стрэлу каварнага ворага асоўваецца з лёгкім паўабаротам на зямлю, пасля чаго наступае радасна-трыумфальны адыход у краіну славы, вечнага шчасця і асалоды. Агарнуў адчай, што з—за звычайнай выпадковасці — перабітай дурной куляй сяміміліметровай меднай трубкі маслапро-вада — ён, запраграмаваны вышэйшай воляй для грандыёзных падзей, сярод агульнага трыумфу ды перамог вялікай Германіі заканчвае жыццё так ганебна — у дзікім, прымітыўным лесе, сырой камарыльні, пра што нават ніхто не даведаецца. Мужчынскі гонар прыглушаў у ім маладушнасць. Прысутнасць тыпаў у разнастайнай вопратцы, прыставанне і кпіны прымушалі падцягнуцца, выдаваць сябе за бравага гусара.

На камісарава пытанне немец толькі крыва ўсміхнуўся пакусанымі да крыві вуснамі, а вочы яго бліснулі злымі атеньчыкамі.

— Ты бачыш, яшчэ і бычыцца, разыгрывае абражаную нявіннасць! — здзівіўся Пётр Іванавіч.

Камісар падагнаў перакладчыка:

— Няма часу нам з ім цацкацца, чакаю адказу!

Хірург паўтарыў пытанне.

Поўны злосці, палонны яшчэ крыху памаўчаў, тады загаварыў. Адказ яго быў рэзкім, як кулямётная чарга:

— Чаго ўставіліся, цікава? Не сумнявайцеся, перад вамі — сапраўдны штурман-радыст авіяцыі той арміі, што заваявала ўсю Еўропу, захапіла ўжо і палову вашай Расіі! Шайка у вас тут сабралася шматлікая, мяне вы аднаго, вядома, адолелі, стаю перад вамі бяссіль-ны, але вы ўсе — годныя літасці недабіткі, што пазашываліся ў лясны гушчар! Чаму не сунеце носа ў Полацк, Мінск, Віцебск, Невель?

Тут ён з пагардай абвёў усіх вачыма:

— Дык ведай жа, баязлівы рускі зброд, я — немец, ва мне палае магутная сіла германскага духу,— я гатовы да вашых прымітыўных катаванняў ды здзекаў і змагу памерці з годнасцю, як паміралі ўсе нібелунгі! Я трыумфую над вамі! Перадай гэтай большавіцкаму тыпу, нікчэмны яўрэй, што маю яму сказаць толькі адно: не засталося ў парабелуме ні аднаго патрона, інакш жывым вы мяне, праклятыя рускія свінні, не ўзялі б!

Насцярожаныя партызаны пераглянуліся. Позіркамі хлопцы бытта казалі:

«Во, які трапіў фрукт, таварыш камісар, мы ж вам дакладвалі, а дурань грузін за яго яшчэ і заступаецца!»

— Усыпаць гаду пяцьдзесят шомпалаў! — параіў невялічкі ростам падрыўнік Лысенка.

Максімаў стрымана кінуў:

— Бізуны ў нас, Яфім, адмяніла Кастрычніцкая рэвалюцыя. Зараз мы — на тэрыторыі «Расонскай савецкай рэспублікі», і законы ў нас тыя самыя.

Не спяшаючыся, камісар выняў з кабуры свой «ТТ», дастаў з яго абойму, а пісталет паклаў перад немцам на стол. Дадаючы адзін патрон, запрапанаваў:

— А ты, ваяка, на, страляйся тут!

Разведчыкі перасталі нават дыхаць і з насцярожанай цікавасцю ўставіліся на штурмана. Немец пісталета не браў.

Ён потым і сам не разумеў, чаму пры адпаведным эмацыяналь-ным настроі не павёў сябе згодна са сваімі прынцыпамі. Няўжо збаяўся ўсё ж такі смерці? Прапанова была занадта неспадзяванай? Узнікла надзея? Бо з учынка партызанскага камандзіра выходзіла —-лесавікі якраз не мелі намеру яго прыкончыць, аб чым у Полацку пратрубілі ўсе вушы.

Палонны і далей падпіраў галавой грубыя сасновыя бярвенні з сухой карой на столі, але пыха яго некуды падзелася. Выгляд ён цяпер меў разгубленага маладога інтэлігенціка, а светла-сіні мундзір з чатырма сярэбранымі чайкамі на лацканах, з арлом і свастыкай на грудзях, са стужкай ад жалезнага крыжа ў пятліцы нібы пабляклі. Усе атрыбуты войск фельдмаршала Герынга, накінуты на шыю сіні шалік ды залаты пярсцёнак на пальцы ў абстаўленай па-спартанску паўзямлянцы выглядалі недарэчна, па-аперэтачнаму.

Партызаны толькі хмыкнулі. Начразведкі Васіль заўважыў:

— Яны заўсёды так. Фанабэрацца, фанабэрацца, а дасі добра ў морду — робяцца шаўковымі!

Камісар прамаўчаў. Зарадзіўшы «ТТ» зноў ды сунуўшы яго ў кабуру, Пётр Іванавіч хвіліну глядзеў на палоннага, мяркуючы, што з ім рабіць.

— Ага, страляцца ты не хочаш — збіраешся яшчэ жыць,— павёў гутарку, каб адцягнуць рашэнне.— Тады і гаварыць са «смярдзючымі тыпамі» будзеш. Зрэшты, мы пра цябе амаль усё ведаем з тваіх жа дакументаў, што можаш яшчэ дадаць? Перакладчык, даруй яму хамства — ад гэтых вылюдкаў іншага не дачакаешся.

Адводзячы ад хірурга вочы, немец загаварыў мякчэй:

— Я ўсяго — салдат, гаспадзін афіцэр, і выконваў загад свайго начальства.

— Гэта мы ўжо чулі тут не ад аднаго цябе,— буркнуў камісар.— Загады бываюць розныя, у тым ліку і злачынныя, ты за іх не хавайся, калі трапіў нам у рукі,— нясі адказ. Сюды мы вас не клікалі.

Палонны па-хлапечаму агрызнуўся:

— Вы б мяне ніколі не атрымалі, калі б куля не перабіла маслапровад, пярэдняе шкло ў ліхтары не заліло вадкасцю ад матора, не закрыла пілоту агляд!

Ужо цалкам спакойна Максімаў паглядзеў на палоннага вачыма старэйшага на цэлае пакаленне чалавека і як бы пашкадаваў юнака:

— Так ці інакш, а — збілі. Нашы хлопцы малайчыны — з такой зброі зрабіць гэта не проста. А ты, пілот, шчасліўчык! Тарарахнуцца з трохматорнай махінай у самую гушчыню лесу на такой хуткасці ды застацца цэлым? Сам разумееш, такое бывае не часта.

— Давід Хануілавіч, пацікаўся, чаму яны ішлі гэтак нізка над лесам, што іх прымусіла, у немцаў жа цвёрды маршрут?!

Гофман успомніў, як папрасіў пілота весці самалёт ніжэй, і пра ўсё расказаў.

— Вашы лётчыкі не ведаюць, што адбываецца на чыгунцы Полацк — Ідрыца — Дно? — ажывіўся камісар.— Неверагодна!

З трафейнага планшэта Пётр Іванавіч выняў лётную карту, разгарнуў на нямецкіх рукзаках ды кіўнуў штурману падысці.

— Глядзі сюды! У нас тут квадратам сто на сто кіламетраў партызанскі край — «Расонская рэспубліка». Вермахт рассякаў яе на дзве часткі ланцужком бункераў: уздоўж чыгункі да самай Ідрыцы сядзелі вашы гарнізоны — часці вермахта, жандармерыі і бобікі. Гэта нам надта невыгодна, таму пуць мы ліквідуем. Шпалы, рэйкі адвозім прэч, палатно раскопваем, масты ўзрываем — на працягу ўсіх ста кіламетраў. Гарнізоны з бункераў самі паўцякалі, а месцамі вытурылі іх мы. Цяпер нямецкіх апорных пунктаў тут няма.

Гофман з заклапочаным недаверам думаў. Камісар яго зразумеў:

— Хочаш спытацца — ці пад сілу такое «лясным бандытам»? У нас ідзе вайна народная. На пуць выйшла ўсё насельніцтва і зараз — дабіваем апошнія кіламетры, нам ужо не зможа перашкодзіць нават сам ваш фюрэр. Так, ёсць чаму дзівіцца. Пра гэткі подзвіг калісьці будуць толькі чытаць у хрэстаматыях. Яшчэ хочаш спытацца: калі мы разбіралі пуць, што рабілі немцы? Ветка вам ой як патрэбная, вазіць — унь сюды, пад Ленінград, Дзямянск, Волхаў войскі, амуніцыю, хар-чы. Спачатку вашыя спрабавалі перашкодзіць, ды не хапіла сілы, пакінулі нас у спакоі.

Штурман стаяў перад камісарам, нібы вучань перад экзамена-тарам — увесь падцягнуты, абцас да абцаса,— і слухаў. Пётр Іванавіч хвіліну яго разглядаў. Толькі зараз кінуліся Максімаву ў вочы яго шыкоўныя чаравікі з жоўтай скуры, бліскучыя крагі ды адпраса-ваныя электрычным жалязкам, мабыць у аэрадромнай гасцініцы, нагавіцы.

— Ты цяпер, відаць, будзеш ужо спяваць пра ўсё? Зрэшты, ясна і так: машына ішла ў «Дзямянскі кацёл». «Рамушаўская гарлавіна» прастрэльваецца савецкай артылерыяй наскрозь, грузы ў абкружа-ную шаснаццатую армію возіце транспартнай авіяцыяй. Нічога, неўзабаве дабярэмся і да Дзямянска. Але цябе ўжо гэта не датычыць.


8.

Камісар на хвіліну змоўк. Ён ламаў галаву — што рабіць з палонным, які для партызан ствараў клопат у лесе.

Вось тут і выскачыў Ладо.

З усёй жывасцю паўднёўца грузін папрасіў:

— Таварыш камысар, дай ёго мнэ!

— Для чаго? — здзівіўся чалавек.

— Нэт з каго пысаць фашыста! Натура нэт! Он мнэ во так нужэн дла картына! Нэміц як спэцыялна для мінэ пасланы Гітлэрам, таварыш камысар, глады на ёго!

Партызаны стрымана зарагаталі.

— Зачым сміётэсь?! Ха-ха, ім смэшна!.. Пётр Іванавіч, чылаве-кам будзь, аддай ёго мнэ!

— Ладо, ты думаеш над тым, што гаворыш? — паспрабаваў абразуміць разведчыка Максімаў.— Хануілавіч, спытайся ў немца, ці даўно ваюе.

Штурман адказаў хірургу:

— Пяць гадоў.

— На якіх франтах служыў?

— Прымаў удзел у польскай кампаніі, у пакарэнні, Францыі, Югаславіі. Вазіў дэсантнікаў на Крыт. Апошні час служыў у Афрыканскім экспедыцыйным корпусе, у генерала Рэмеля. У сакавіку перакінуты сюды. Прыпісаны да Полацкага палявога аэрадрома.

— Узнагароды?

— Жалезны крыж. За аперацыю на Крыце.

— Нацыянал-сацыяліст?

— Так точна!

— Адданы Гітлеру?

— Яволь! — штурман, не задумваючьіся, шчоўкнуў абцасамі і выцягнуўся ў струнку.

— Бачыш?! Нічога, што іклаў не мае — заядлы фашыст! Яму ўсяго дваццаць пяць, а вытрэніраваны, спрытны, бы Тарзан. На хвіліну мы яго тут зламалі, але гэта няважна. Пры першым зручным выпадку цябе ён, дарагі Ладо, проста заб'е ці зарэжа!

— Пачыму — «уб'е, зарэжа»?!— з абурэннем прыстаў да камісара абражаны грузін.— Які такі «выпадак»?! Пачыму ён — лоўкі, спрытны, а я не лоўкі і не спрытны?! Я — палена, курыца, не заб'ю і не зарэжу, так?! Ён мінэ будзе забіць, а я вокам гладэць, так, па-твойму?! Ён — Тарзан, а я — заіц, так? Гытлэр мінэ забіў, так?! Нэміц сылны, был на фронце, а я не сылны, на вайне не был, так?

Разведчык ірвануў на грудзях гімнасцёрку і агаліў валасатую грудзіну з ружовымі шрамамі.

— Глады сюды, камісар! Глады, глады! Ён на фронце быў, а я на фронце нэ ваяваў, так?! Ён — Тарзан, бог, спартсмен, атлёт, мінэ уб'е?! Ён і Васыля ўб'е?

Ладо кінуўся да брата краснапольскай Ніны, падняў у яго край гімнасцёркі і тыцнуў у ружовыя шрамы.

— I Васыл нэ быў на фронце, толькі адын нэміц быў?! Толькі адын нэміц — Тарзан, бог, Апалон?! Толькі фашыст спрытны?! Пачыму нэсправедлыва гаворыш, камысар, пачыму нэміц так хваліш?!

— Ладо, не псіхуй! Падкідыша з дзетдома на выхаванне просіш? Немца ж вартаваць трэба! Вам, разведчыкам, другой работы не будзе, думаеш, як толькіняньчыцца з ім дзень і ноч? Унь Аляксей Майсеевіч з Барысам Паляжаевым прывезлі з Адамава абсталяванне для другога млына. Трэба для яго тэрмінова выкрасці ў немцаў на льнозаводзе дынамамашыну ды электраматор. Ноччу пасылаю пяць разведчыкаў на льнозавод, а колькі вас застанецца? Сцерагчы такога атлёта, думаеш, проста?

Раззлаваны грузін шпурнуў кубанку аб падлогу.

— Што ты гаворыш, камысар?! Брыгадны развэдка аднаго фрыца нэ ўкараулыт, так? Па-твойму, нэ ўкараулым адын чалавек, так? Цьфу-у, таварыш камысар, пачыму нэ вэрыш нам?! Права імэіш нам нэ вэрыць?! Нэ імэіш!

Партызаны зноў зарагаталі. Разведчык вылаяўся па-грузінску.

— Таварыш камысар, чэлавэкам будзь, Пётр Іванавіч! Ва-ай, натура какой харошый, поглады на ёго — вьілыты нэміц-фашыст!

— У лагеры не можаш падабраць здаравейшага?

— Унь Каралёў Раман альбо Ваня Іваненка — па метру дзевяноста! Папоў шчэ даўжэйшы! Апрані іх аднаведна — мундзіраў нямецкіх не знойдзеш?

— ЬІ-ы-ых, таварыш камандзір, што ты гаворыш?! Раман Егаровіч мундыр нымэцкі апране? Іванэнка мундыр фрыца адзэне?.. Ныхто нэ хоча пазыраваць фашыста, ныкога нэ ўпрашу! Всэх, всэх просыл, трофэйны папырос даваў, самагонка сколькі хочаш — ныхто нэ згадылса, а гэты — фашыст гатовы! Таварыш камысар, ён як спецыялна Гытлэрам прысланы!

Камісар пасмейваўся над мастаком, забаўляўся, бы з малым, а сам увесь час думаў.

На самай справе, што рабіць з палонным? Пакінуць у лесе проста так? Лішні клопат. Дзе трымаць, як вартаваць? Выклікаць самалёт з Вялікай зямлі? Там засмяюць — які сэнс гнаць дэфіцытную машыну з—за фронту сюды, ставіць пад смяротную небяспеку экіпаж з—за аднаго немчыка? Штурман — не фігура.

Ды і не адпускаць жа яго на ўсе чатыры бакі — абрыдлая люфтвафэ павялічыцца яшчэ на аднаго ворага. Чакаць падыходу камандзіраў? А што прыдумаюць яны?

Найразумней — расстраляць гітлераўца з—за мільёнаў пакут-нікаў, што церпяць, акрываўленыя гэткімі ж бравымі галаварэзамі, на вялізным прасцягу ад Ледавітага акіяна да Чорнага мора, ад Парыжа да Віцебска...


9.

I ўсё ж такі камісар аддаў немца разведчыку.

Супакоены Ладо павёў штурмана да сябе.

Насуплены палонны да самага вечара прасядзеў на нарах, не могучы забыць выпадку з пісталетам. Не ўзяўшы «ТТ», ён потым стаяў перад партызанскім начальнікам, як з голым азадкам, адказваў завучана на пытанні ды гарэў ад няёмкасці. Колькі ў штабной зямлянцы было той размовы? Мінут з трыццаць. I гэтага хапіла, каб Гофман назаўсёды запамятаў, што такое сорам. Не цешыла ўжо, што не прыкончылі.

К канцу дня кацялок з вячэрай прынеслі з партызанскай кухні і палоннаму. Елі моўчкі.

Герашвілі на правах галоўнага мастака ў брыгадзе меў асобнае памяшканне і цяпер задумаўся, як удвух будуць начаваць. Намерыўся паабразаць палоннаму гузікі ў нагавіцах, ручніком звязаць рукі і ногі ды пакласці немца спаць паміж сабой і печкай, але потым перадумаў.

Герашвілі вывеў палоннага на расчышчаны ад лесу ўзгорак, дзе выстраіліся радочкі накрытых яловай карой буданоў ды цягнуліся пасыпаныя жоўтым пясочкам дарожкі. На мешаніне грузіна-беларуска-рускай моваў, ублытваючы нямецкія словы, дапамагаючы сабе яшчэ рукамі і мімікай твару, Ладо растлумачыў немцу: уцякаць няма чаго і думаць — зловяць усё роўна, тут не акупаваная тэрыто-рыя, а — зона вольнай «Расонскай рэспублікі» з Савецкай уладай, майстэрнямі зброі, млыыамі, пякарнямі, шпіталямі, сістэмай сувязі ды варты.

Немец выслухаў свайго збаўцу моўчкі.

Завёўшы палоннага ў суседні пакой, дзе былі прылады да малявання, Герашвілі загадаў яму класціся на салому, папярэдзіў: пры падазроным руху — страляе праз сценку. I цераз акно няхай, барані бог, не думае ўцякаць — на вуліцы застрэліць кожны партызан.

Палонны пакорна вымавіў:

— Яволь!


10.

Раніцой да іх зазірнуў Нінін брат — Васіль. З трывогай адчыніўшы дзверы, спытаўся:

— Ці хоць жывы тут гэты дурань, ці не задушыў яго фашыст?

— Не бойся! — супакоіў Герашвілі.

— Ха, ты глядзі — жывы!.. Айда снедаць! У кухонны будан Ладо павёў і палоннага. Сустрэчныя партызаны інстынктыўна ад іх шара-халіся. Хлопцам было цяжка змірыцца з тым, што па іхнім лагеры зусім сабе звычайна ходзіць самы сапраўдны гітлеравец — гладкі, у новенькім мундзіры ды з ненавіснымі адзнакамі — арлом і свастыкай на грудзіне. Гэтае дзіва ўсе праводзілі з недаўменнем вачыма ды ківалі галавой.

Палонны ўжо схіліўся над кацялком з партызанскім «рататуем», як у будан увайшоў камісар Максімаў. Немец адразу выцягнуўся перад ім на струнку.

— Ужэ выслужваешся?! — раззлаваны Ладо тузануў яго за рукаў.

Але немец не паслухаў Герашвілі. У паставе палоннага і намёку не было на салдафонскае выслужванне. Самавіты яго твар і сур'ёзныя вочы выказвалі адначасна пачуццё ўласнай годнасці і пашану да на-чальства.

— Прывітанне, хлопцы! — кінуў Пётр Іванавіч ды паспачуваў: — Што, і сёння суп без солі?

Дружны хор адказаў:

— Зусі-ім прэсная вадзіца!

— Прызвыча-айваемся памалу, таварыш камісар!..

Максімаў уздыхнуў:

— Давядзецца пацярпець, покуль вернуцца нашыя з Латвіі.— I толькі цяпер убачыў выцягнутага на струнку немца, здзівіўся: — Ха, бы ў сябе ў афіцэрскім казіно ў Полацку!

— Пасадзілі б яны нашага за стол разам з сабой, таварыш камісар! — заўважыў Васіль.

— Гэта ўжо іншая справа... Ладо, ты ў яго хоць свастыку спароў бы!

— Намалую патрэт, камысар, тады! — непарушна заявіў той.

А палонны стаяў да той пары, покуль камісар не сеў.

Пятру Іванавічу прынеслі снеданне. Камісар нахіліўся над сваім «рататуем», узяўся за ежу і немец. Ён еў без апетыту, але рабіў выгляд, што бытта знаходзіцца ў люксовым рэстаране і ў пагнутым кацялку быў суп з марской чарапахі, а не навар з каніны.

Паводзіны палоннага не засталіся без увагі.

Разведчыкі адразу прыціхлі, нібы прысаромленыя. Стараліся не сёрбаць, не шпурляць, куды папала, касцей, пачуліся жарты — хоць і з «барадой»:

— Набірай, братка, у сябе, набірай: што ў цябе ў жываце, не адыме і цёшча!

— Ешце, хлопцы, ешце тут, на тым свеце не дадут!

Толькі на Герашвілі гэта ўражанне не рабіла. Думаючы нешта сваё, Ладо старанна падчысціў посуд, выцер рукой вусны. Спахапіўшыся, кіўнуў немцу:

— Ком!


11.

Покуль разведчык вешаў на бярозкі карціну, немец уважліва прыглядаўся да намаляванай дзяўчыны. Паспрабаваў кіпцюром фар-бу, палатно. Нечакана загаварыў, дапамагаючы сабе жэстамі ды мімікай твару.

Штурман з недаверам у голасе спытаўся:

— Алё, гэта намаляваў — ты?

Герашвілі якраз чапляў на сучкі раму, паварочваў яе бокам да ветру, так і гэтак прыкідваў, ці роўна вісіць карціна, ці будзе яму зручна падступіцца з пэндзлем, глядзеў, адкуль падае святло.

Немец не адставаў.

— Слухай, рускі, ты — мастак? Гэта работа — твая? Скажы, — твая?

— Нэ мая! Нэ мая! Нэ мая!.. Гэта — ваша работа, фэрштэен?! Такога дзікунства мы рабыць не змаглы б, фэрштэен? На такую работу здолны толькі вы са сваім Гытлэрам!

Іронія партызана да немца дайшла.

— Я-а...— праказаў ён вінавата.

Падлятаючы ад палатна з кулакамі, Ладо пачаў са злосцю крычаць на ўвесь лес па-грузінску. Немец пакорна яго слухаў, нібы ўсё разумеў, ківаў галавой ды ўсё цвярдзіў:

— Ах, зо, зо-о!.. Я, я-я!.. Іх фэрштэ-эе!..

— Ужэ — фэрштэіш?!

— Зо-о!..

— Атрымаеш у нас шчэ не адну навучку, рыхтуйся фаршэіць далей!

— Я, я-а!..

Вакол іх у момант сабраўся вялізны натоўп. Маляванне карціны цяпер абяцала яшчэ больш моцныя ўражанні. Людзі чулі, як Ладо адукоўваў немца, пазіралі на незвычайную пару ды насцярожана чакалі, што ж будзе далей.

А мастак нібы не заўважаў нікога. Замацаваўшы палотнішча і ўволю пакрычаўшы на гітлераўца, узяўся за «натуру».

Першым чынам Ладо з—за халявы выняў даўзерную, пазычаную ў хлапчукоў драўляную фінку ды піхнуў яе ў рукі немцу. Затым, выбіраючы адпаведныя ракурсы, пачаў ставіць немца да сябе то спіной, то ў профіль, то ў фас, а кулак з пафарбаванай чырвонымі ягадамі фінкай прымушаў трымаць так і гэтак.

Людзі моўчкі сачылі за кожным рухам грузіна. Малыя аж елі немца і мастака вачыма,— бытта хацелі наглядзецца на ўсё жыццё.

К таму часу зняволеныя ворагі ў лагеры ўжо бывалі.

Пасля разгрому Дутчынскага гарнізона партызаны прыгналі ў лес нават адзінаццаць немцаў. Адзін з гэтых ахвотнікаў заваяваць Маскву і ўсю Расію хварэў на курыную слепату і бездапаможна тыкаўся то на сценку, то на дрэва, то на сваіх сябрукоў, выклікаючы ў партызан задаволены рогат.

Пад час другога разгрому Дутчына прывялі ў лагер дзевяць уласаўцаў. У жаўтаватых мундзірах чужога крою напалохана тоўпіліся звычайныя славяне з кірпатымі насамі, а сярод іх — рускі фельдфе-бель з трыма кубарамі. Наткніся на такіх сваячкоў ля гарнізона, калі яны са зброяй ды іх многа!

Другім разам партызанскаму раз'езду трапіўся нямецкі танкіст. Разведчыкі ўзялі яго жывым, звязалі і — у штаб на допыт...

Прадстаўніка ж авіяцыі, з якой усе мелі асабістыя парахункі, бачылі ў лагеры ўпершыню.

Вось ён — адзін з той агалцелай зграі, што ганяла іх, як зайцоў, пры адступленні па палях і кюветах, што разносіла ўшчэнт жыллё і машыны, паліла жыты, гарады і вёскі. Нямецкі капітан з двума сябрукамі, аблепленыя мурашкамі і мухамі, яшчэ валяюцца ў гушчары, а гэты рызыкант — перад табой. Глядзі сабе на яго, колькі ўлезе. Можаш нават і рукой пакратаць. Калі ж маеш ахвоту, схадзі яшчэ і ў лес ды пакратай знявечаную трохматорную махіну...

Толькі здалёк яны здаюцца непераможнымі ды страшнымі, на самай справе ўся іхняя люфтвафэ не такая!

Над лагерам ад золаку да вячэрняй зары вісела «рама», і да яе гудзення партызаны прызвычаіліся, як да камарынага дзынкання. «Рамы» пачалі ганяцца ўжо і за адзіночнымі партызанамі. На разведчыка Іваненку нахабніца пульнула каністру гаек і цвікоў. Але сёння злавеснага ценю над соснамі адразу не стала.

Адна машына пасля абеду ўсё ж такі з'явілася, аднак забралася высока, ледзь не ў стратасферу.

У наступны дзень «рамаў» уверсе снавала ўжо нават па некалькі. Сляды інверсій ад матораў адмысловымі стужкамі распісалі ўвесь небасхіл, бытта невідочны павук закінуў на купал неба вялізную з шалёнымі выкрутасамі павуціну ды рыхтаваў ужо засаду. Не, з лагера покуль што да іх туды не збіраўся ніхто. Але ж злавесны павук з такой вышыні і партызанам не мог нічога зрабіць.


12.

Паставіўшы нарэшце «натуру», як яму хацелася, Ладо ўзяў за вочапку вядзерца з разведзеным гудронам, пэндзлік і на пустое месца палатна размашыстымі мазкамі пачаў наносіць контуры забойцы сваёй нявесты. Партызаны глядзелі на яго работу з суровай пашанай. Каб не перашкаджаць мастаку, заўвагамі абменьваліся шэптам. Толькі часамі не вытрымлівалі — расчулялі адны адных ды ўзбуджвалі сябе да такой меры, што пераходзілі на крык.

З драўляным малатком у руцэ ішла якраз ад батарэі гаўбіц гар-баносенькая прыгажуня. Падышоўшы да бярозак, уражаная, замёрла.

Аляксандра Папляцяева, што цудам уцалела ад расстрэлу ў Пакоціне, падкалола артылерыстку:

— I ты на яго заглядваешся?

— Хіба нельга? — агрызнулася тая.— Чаму не падзівіцца,— ён жа таксама мужчына!

Кабеціна завялася:

— Глядзі, глядзі!.. Паголены, гладкі, ладны, з залатым пярсцён-кам на пальцы, праўда? Во такія заганялі народ на расстрэл у нашай вёсцы! Да адзінага чалавечка сагналі пад бярозкі! Дамавін нават не было каму нарабіць! Заглянулі вечарам ў сяло партызаны, а — ні жывой душанькі! Мужчыны паклалі сясцёр ды мацярок ў шафы, куфры ды гэтак, бедных, пазавальвалі ў яры! Памру, а на такую свалату дзівіцца не стану, хіба як заб'юць!

На падмогу Папляцяевай прыйшлі іншыя.

— А над Нінкай хіба не такія здзекаваліся?! I трэба ж — дзеўку жывую рэзаць, каб ваўкі вас парэзалі!

— Паказвай ідзі свой спрыт на партызанах ці на фронт валяй, калі так свярбяць рукі, а не — на бабах ды дзецях!

— Шчэ і вучыцца калісьці хадзілі, школы канчалі, настаўнікаў сваіх мелі!

— Такія бандыты перад вайной адно у вялікіх гарадах гарцавалі! У газетах пісалі, як міліцыя іх ловіць!..

У Настусі з Краснаполля сын пад Лідай трапіў у палон. Цётка з перадачай хадзіла аж пад Гродна, ды той лагер з палоннымі немцы вывезлі ўжо ў Германію. Цяпер яна з далёкім прыцэлам, што ў Нямеччыне якая—небудзь пажылая немка гэтаксама будзе апекавацца яе Міколкам, заступілася за немца:

— Бабы, навоста на яго нападаеце?! У Пакоціне і Краснаполлі зусім інсыя народ мардавалі! Гэты нават і не чуў, пэўне, пра тое! Ён узо і так пакараны — адзін сярод цузых, з неба, нясцасны, падаў!

Жаласлівасць Насці толькі разварушыла астатніх. На бабку накінуліся з усіх бакоў:

— I ў тых на лобе не было напісана, што зверы!

— Паплач над ім, паплач!

— А каторыя Краснаполле нішчылі? Калі ўпершыню прыйшлі ў сяло, мы і паверыць не маглі, што такія здольны жывых людзей у калодзеж кідаць!

— А ты, дзед, чаго маўчыш? Архіп, раскажы, хто цябе ў агонь піхаў — ці не такія ладныя гіцлі? Раскажы, дзед, што вычаўплялі ў тваёй Баканісе, покуль да нас, у Пакоціна, не адправіліся!

З абязвечаным апёкамі тварам «дзед» меў усяго пад пяцьдзесят. Калі ў яго вёсцы падпалілі перапоўнены народам дом, мужчына ўціснуўся пад канапу, дзіўным трафам не згарэў ды не задыхнуўся — адзіны сведка жудаснай гісторыі. Уражаны смерцю жонкі, Архіп паўгода праваляўся то ў сялянскіх хлеўчыках, то ў партызанскім шпіталі. Зараз чалавек і праўда выглядаў на знямоглага старога.

Аднак Архіп цяпер не слухаў, што гаворыць жанчына. Дзядзька ўпарта глядзеў спадылба на немца з драўлянай фінкай, цяжка соп ды нешта сваё, надта цяжкое думаў.

А гаваркія бабы бытта ўсё чыталі і чыталі палоннаму абвінаваўчы акт.

— Шчэ і шкадуеш іхі — папракнула самая жвавая кабета бабку Насцю.— А што яны з Фадзеем-музыкантам зрабілі?! Сляпы Фадзей, бывала, перакіне цераз плячо свой гармонік і ходзіць з хрэсьбін на вяселле босы. Чалавек быў добры, рахманы. Спытаеш яго, чаму не абуваецца, а ён: «Так зямельку лепш адчуваю — бачыш, без кіёчка хаджу!» Нехта данёс у камендатуру, што музыкант — партызанскі сувязны. Прыехалі ў нашыя Малыя Асеткі немцы і давай сляпога бізунамі караць. Тады сагналі ўсю вёску, каб усе глядзелі, што нас чакае за сувязь з партызанамі. Запіхнулі Фадзея ў хлявок ды падпа-лілі. Музыкант з сенавала вывалак гармонік і ўрэзаў «Інтэрнацыянал», а такі во малады афіцэр нямецкі, бы гэты лётчык, спахапіўся — фотакартка будзе надта добрая! — пабег да машыны за апаратам. Калі вярнуўся, нельга ўжо было нічога разабраць: хлеўчык вышчараўся чырвонымі кроквамі, паміж імі шугала полымя, хоць яшчэ і чуваць было слабенькі голас гармоніка. Мы, бабы, усе, як адна, галосім, а немец, каб на яго халера, злуе — упусціў, бачыце, надта добры здымак!

— Ах, бо-ожа, мо і майго старэйшага, што ў войску, такія вылюдкі таксама зні-ішчылі!

— Мая ты Ве-ерацка, а з цябе таксама недзе здзе-екаваліся, белыя руцанькі выкру-уцвалі, мілы тварык твой паганы бру-удзілі, а я нават магілкі тваёй не ве-едаю! — ужо мацней загаласіла цётка з Пакоціна.

Жанчыны бытта чакалі каманды. Кожная мела сваё гора, бабы ўзнялі жудасны лямант, дзе ўжо не разабраць было слоў.

Збіраючы факты для гэтай гісторыі, папрасіў я і Герашвілі апісаць той самы момант.

З пісьма Ладо выходзіла — лямант з толку мастака не збіваў. Вось што ён напісаў мне:

«Бабы — сваё, а мяне якраз аланавалі камары, заразы, бо яшчэ не прыпякло сонца. Ніхто з цётак не здагадаўся ўзяць галінку ды зганяць з мяне крывасмокаў. З лютасцю клаў я на палатно гудрон, ля-паў сябе, куды мог дастаць далонню, размазаў па твары кроў, а пра-клятыя крывапійцы насядалі яшчэ больш. Але ж ва мне было столькі лютай энергіі, што звяртаць увагу на такое глупства не было калі.

Спачатку камарыны звон гучаў ва унісон бабскаму ляманту. Паступова да мяне іхняе выццё стала даходзіць як цераз імглу ці праз сон — якраз вырысоўваўся вобраз.

Бытта з усяе сілы трымаў я ўжо загрудкі забойцу, бытта я ў сваёй Калхідзе на пахаванні Ніны, бытта з маёй вёскі збегліся ўсе бабы ды над вухам у мяне прычытаюць над нябожчыцай па-грузінску:

Ва-а-а-ай!..»

Паступова жанчыны супакоіліся.

Цётка Насця прынесла з кухні саганчык з новай бульбай. Калі разгарнула з цёплай хусткі ношу, з саганчыка яшчэ валіла пара. Разўмеючы добра, што аднаму немцу пачастунак даваць не выпадае, старая схітрыла:

— Ладо, ты ўсё малюес і малюес — адпацні крыху! Адпацні-і! Вазьміце, хлопцыкі, мае бульбацкі, паспрабуйце, свезанькай!.. Ноццу хадзіла ў Краснаполле капаць... Сцэ не надта, але ўзо мозна есці... Са свайго агарода...

Усім стала няёмка, а найбольш — немцу.

Аднак Ладо не раздумваў. Выцершы рукі аб верас, зачарпнуў жменяй бульбіны — маленькія, бы галубіныя яйкі. Загадаў свайму падапечнаму:

— Эсэн!

Яшчэ нядаўна так разлютаваных жанчын цяпер бытта хто падмяніў. Пабурчэўшы на сваю дабрату, учынак бабкі Насці яны ўхвалілі.

— Вільгельм, эсэн! — паўтарыў Ладо.

— То вазьмі, калі яна наварыла — гэтак старалася! — асцярожна параіла нейкая цётка.

— Еш, сынок, еш! — падагнала бабка.

Палонны вінавата падпарадкаваўся — няўпэўнена тыцнуў у бульбіну драўляным нажом з засохлымі слядамі чырвоных ягад, няўпэўнена паднёс пачастунак да рота.

Прырода чалавека такая, што кабеты з прыемнасцю глядзяць на мужчын, якіх яны кормяць. Праз хвіліну яны ўжо дружна прыставалі:

— Еш, што ўжо зробіш, калі так выйшла! Чаго ўжо там...

— Наядайся, калі даюць, бо як яно там будзе, невядо-ома!

— Ніцога! Усё, дасць бог, у цябе нала-адзіцца! — падбадзёрвала яго асмеленая бабка,— Вайна хутка сконцыцца, і ты к сваім дабя-рэсся! Дабярэ-эся, ніцо-ога!.. Толькі цярпі, сынок, не задзірайся тут, барані бог, з нацальствам, партызанам саступай даро-огу!


1З.

Праз два тыдні палонны схуднеў, а ўвесь яго лоск еўрапейскага турыста з вайсковай фірмы «Вермахт» некуды падзеўся. Аднак скардзіцца на кепскія адносіны да сябе не мог. У лагеры бліскалі ў яго бок злоснымі вачыма, аднак адкрыта не насміхаліся.

Гофман за партызанамі прызнаваў права на такое абыходжанне і павёў сябе ў палоне лаяльна. Што ж, у яго і тут праявілася рыса характару людзей яго нацыі.

Хто калі чуў, скажыце, пра бунт нямецкіх палонных?!

I Гофман скарыўся сіле, пачаў трымацца прынцыпу: калі ўжо папаўся, буду цярцепь ды несці свой крыж. Пасля ж таго, як на працягу паўгадзіны некалькі разоў развітваўся з жыццём, паспеў адчуць яго вартасць і стараўся адносіцца да яго з разважлівасцю сталага мужчыны.

Цяпер, вярнуўшыся ад карціны, немец браўся калоць дровы. Крышыў іх на кухні і меркаваў, чым яго накормяць — супам з мясам ці голым крупнічкам, пасоленай стравай ці без солі.

Вечарам змагаўся з машкарой, перад сном так і гэтак укладваў пацёртую на сечку салому ды масціў сабе ложак.

Насцярожана сачыў, ці разведчыкі не гавораць пра яго кепскае.

А на душы ўвесь час яго мучыла загадка — што з ім будзе, калі грузін гэтую самую карціну намалюе. Назаўтра ля палатна, застыўшы зноў з драўлянай фінкай у руцэ, не падаючы і віду, пільна лавіў рэплікі зявак, вольнай рукой адбіваўся ад камароў, а ў ачышчаных жудасным страхам мазгах яго бурліў складаны працэс ацэнак і пераацэнак.

Тым часам навіна, што Ладо на ўзгорку малюе з жывога гітлераўца забойцу сваёй нявесты, паступова партызанам прыелася. Іх сталі займаць больш важныя клопаты. Толькі часамі воддаль ад палоннага застывалі ненасытныя ў сваёй цікаўнасці хлапчукі.

Яшчэ ля бяроз затрымліваліся партызанскія «інтэлектуалы». Тады пачынаўся разбор вайны, паводзін немцаў, ліхадзея Гітлера ды яго нацыстаў. Гэты разбор адбываўся, як бы мы сёння сказалі, па «вялікім рахунку».

Удзельнікам такой дыскусіі не трэба было вышукваць яскравых і рэдкіх фактаў, архіўных ці бібліятэчных матэрыялаў: тое, што перажылі жыхары лагера над Дрысай, што яны бачылі, і лягло потым у гэтыя самыя архівы, запоўніла бібліятэчныя фаліянты, музеі.

Дакопваючыся да метамарфозы, якая адбылася з захопленым партызанамі Расоншчыны нямецкім штурманам-радыстам з «Юнкер-са-52», я апытаў столькі ўдзельнікаў тых ладзей, сабраў такую коль-касць успамінаў і дакументаў, што адну такую сцэнку бяруся нават апісаць.


14.

Міма бярэзінкі з незвычайнай карцінай праходзіў хірург з начальнікам медслужбы Паповым, камандзірам узвода Антонавым ды начальнікам разведкі — Нініным братам. Грузін лячыўся ў хірурга ад кантузіі, цяпер яму ўзрадаваўся.

Партызаны прыселі на верас.

Захоўваючы субардынацыю і насцярожанасць, бытта баючыся, што нехта яго знячэўку ахлабучыць, палонны апусціўся па бярвяно непадалёку. У гушчары елак сумна цінькала сінічка. На балоцечку ля Дрысы, якое аж кішэла жабамі ўраджаю 1942 года, пахаджвалі сабе мажныя буслы, нявінна сохлі свежыя пракосы, а далягляд закрываў масіўны грэбень сіняга лесу, куды ён грымнуўся з трохтоннай машынай.

Палонны акінуў позіркам усё, нібы звычайнае і так чужое, а душа ад суму па радзіме аблілася крывёю — хацелася завыць. Каторы раз падумаў:

«Навошта такая недарэчнасць, чаго я тут?!»

— Шчэ не ўцёк? — пакпіў Папоў, разглядаючы панылую фігуру немца, яго начышчаныя боты.

— Толькі паспрабуе! — запэўніў мастак.— Во всэ стораны — нашы люды!

Вялізны і павольны камузвода, Антонаў буркнуў:

— Колькі часу тут, а мы мірна ўжываемся — хто бы мог падумаць?!

Загаварыў не меншы ростам студэнт Ленінградскага медінсты-тута Папоў — уцякач з Дзвінскага лагера палонных:

— Не напрыкрыць вам, разведчыкам, кожную секунду быць з ім начаку?!

— Я бачу ў такой сітуацыі і карыснае,— растлумачыў начальнік разведкі.— Пастаяннае сутыкненне з такім тыпам стварае атмасферу небяспекі, трэніруе, абвастрае ўвагу, не дае маім хлопцам закіснуць.

Грузін стукнуў сябе па лбе.

— Ха, успомніў, што ад цябе, Хануілавіч, хацеў! Панымаіш, бра-шу па-іхняму тоэ-сёе, але аб складаных справах дамовіцца шчэ нэ ма-гу. Пацыкаўся ў штурмана, што ведае пра сучасных сваіх мастакоў.

Палонны гаварыў па-англійску, французску, італьянску. У лесе абставіны прымусілі паліглота схапіць ужо сотні руска-беларускіх слоў, асвоіць цэлыя звароты — для яго шмат гаварылі інтанацыя ды выраз твару. Цяпер ні адзін гук не праходзіў міма насцярожанай увагі немца. Невядомы былі асобныя словы, але Гофман улоўліваў іх сэнс па агульнаму напрамку гутаркі, перападу настрояў.

Покуль што ён ніякай пагрозы не адчуваў і ахвотна загаварыў:

—О, жывапіс у нас — каласа-аль, створана многа! Дзякуючы свабодзе, якую мастакі ў нас заўсёды мелі! Цялер жа атрымалі люк-совыя ўмовы — іх нават да войска не бяруць! Атрымліваюць раскош-ныя пайкі, маюць па дзве-тры машыны!.. Самае вядомае палатно зараз — Гаяса-Шмітца-Віцдэнбрыка «Рабочы, селянін і салдат». Ага, яшчэ Пауль Маціс Падуі выставіў у Берліне новую работу «Жанчына і лебедзь». Едучы ў адпачынак цераз сталіцу, я заходзіў глянуць на яе, О-о, вундэрбар!

Ладо аж ускочыў з вераса, пачаў плявацца:

— А ты ведаіш, што ў нашым Вытэбску радывса Марк Шагал і был камысарам ад мастацтва па губерні? Па загаду Луначарскага ад-крыў нават Акадэмію мастацтва ў Вытэбску! Всэх вашых мастакоў Гытлэр у канцлагэрах душыць, у іх там «каласа-аль» вілы ды пайкі! Ведаю і эты картына Матыса: лебідзь і голая баба, вай — мастацтва! Вясной захапілі нашыя гарнізон у Расонах, эты картына был у кожны нямецкі пакой! — Разведчык кінуўся ў памяшканне, вынес абшар-паную супроцьгазавую сумку з выразкамі з «Берлінэр ілюстрыртэ»: — Во, гытлэравіц, твой «Лебідзь і жанчына»! Пра эты картына гаварыў? Гэты — култура, так? Жарабцы могуць любіць эты картына!

Дарэмна Ладо прымаў усур'ёз словы палоннага.

На допыце Гофман фанабэрыўся яшчэ і тым, што супраціўляўся недобразычлівай атмасферы, што яго абкружала. Калі ж не стала варожасці, немец пачаў хіліцца, бы той слуп, з—пад якога выбілі падпорку. Вырваны з напружанай атмасферы дзелавітасці, гранды-ёзных планаў, Paradenschriett[13]; пераможных фанфар, лозунгаў аб велічы германскай нацыі ды непераможнасці нардысцкай зброі, недурны ізгой паволі тапнеў, вяртаўся да першаасноў і карэнняў, пераўтвараючыся ў чалавека, які займеў толькі рукі, ногі, страўнік ды нанова стаў пазнаваць холад і голад, святло і цемру, дабро і зло.

Гофман і сам адчуваў, што пляце пра нямецкае мастацтва без пераканання, а друтім паверхам мыслення нагадаў сотні карцін, што праглядзеў у Рыме і Амстэрдаме, Бруселі ды Варшаве. Успомніў ён і натоўпы салдат у берлінскім «Шпортпаляцы» ля палатна «Жанчына і лебедзь» і ў душы згадзіўся з ацэнкай грузінам палатна Маціса. На сваё здзіўленне, з ранейшымі поглядамі на творчасць безапеляцыйна-га аўтарытэта трэцяга рэйха развітваўся абыякава.

Чарнявы лесавік яму напомніў пра тое, што Гофман ведаў і сам, але з—за фальшывага пафасу, у якім дагэтуль штурман купаўся, веды свае стараўся заглушыць. Штурман добра памятаў, як перад самай вайной папулярныя мастакі Бекман, Нольдэ, Кірхнер, Какошка, Файлінгер, Клее кудысьці раптам зніклі, а іхнія карціны — сам чытаў потым у французскіх газетах — прадстаўнікі Германіі прадалі ў Швейцарыі на валюту.

Тым часам партызаны палоннаму спакою не давалі.

Васіль пацікавіўся:

— Хануілавіч, ён заяўляў, што адданы Гітлеру. Спытай, за што?

— Гітлер — ратавальнік свету ад бальшавізму і англійскай плута-кратыі — раз,— не так ужо ўпэўнена немец пачаў загінаць пальцы, адчуваючы сам, як яго словы гучаць зараз фальшыва і ўсё ж такі не могучы пераадолець у сабе нейкага шаблону.— Ён навёў у нас парадак, даў людзям мэту, упэўненасць у сабе — два. Перамог беспра-цоўе — тры. Фюрэр дазволіў немцам забыць аб уніжэнні Версальскай умовы — чатыры. Пабудаваў аўтастрады, зліквідаваў сацыяльныя грані — пяць. Узняў крыжавы паход на Усход у імя заходняй культу-ры — шэсць...

— А што іншых утапіў у крыві, яго не цікавіць — от, дубіна! — абарваў немца Антонаў.— Зараз заспявае яшчэ аб чысціні герман-скай крыві, міфічнай зямлі продкаў!..

— Ха, яны ратуюць сусветную културу! — выбухнуў Ладо зноў.— I грузынам нясеце културу? У Кахэціі універсітэт дзейнічаў, калі вы яшчэ хадзілі ў бараніх шкурах! Чуў, што такое дэлымэны? Каменныя збудаванні, равеснікі егіпецкіх пірамід! У дэлымэнах на Каўказе хавалі нябожчыкаў, калі вы яшчэ людаедамі былі! Чыім коштам робіце «веліч нацыі»? Чый у вас бензін, самалёты? Чэшскія, бельгій-скія, хлеб — украінскі! Чэхам і французам културу нясеце? Рабунак нясеце, бы ваўкі! У вас і штаб знаходзіцца ў «воўчым логаве», падводныя лодкі на караблі палююць па прынцыпу «воўчай зграі»!

Бергман безнадзейна махнуў рукой:

— Наслухаўся я ад такіх дэмагогіі ў першыя дні вайны шчэ ў Свянцянах. Зрэшты, ужо выдыхаюцца. Загразлі ў нас, бы некалі японцы ў Кітаі і канца не відаць.

— У Германіі моцная авіяцыя і танкавыя часці! — не здаваўся Гофман.

— Мінулай восенню хто пад Кашырай абсёк ваш танкавы «клінок» і зрабіў капут Гудэрыяну? — прыпіраў палоннага камузво-да.— Кавалерыйскі корпус генерала Бялова!

Сябры ўжо страцілі да ворага цікаўнасць, перайшлі да лагерных навін і вывадаў. З пункту гледжання сённяшняга дня тыя вывады ды ўспаміны — банальныя, але ж для партызан Расоншчыны лета 1942 яны былі адкрыццём, а размова і палоннага кранала за жывое.


15.

Самая значная падзея ў той дзень — паводзіны абкружанай роты СС у Краснаполлі.

Немцы ўварваліся ў гэтую вёску на світанні распраўляцца з астаткамі насельніцтва, але яно паспела ўцячы ў лес. Брыгады з трох бакоў абкружылі карнікаў, а чацвёртага — мініравалі поле. Бергман чуў у штабе — абкружаныя галадаюць. Раніцой, пераапрануўшыся ў жаночую вопратку, эсэсавец выйшаў у пераспелае жыта нарваць каласкоў. Назіральнікі заўважылі пад кофтай аўтамат, карніка скасілі.

Размова перайшла на першыя дні вайны, калі прысутным даводзілася таксама харчавацца каласкамі, пераапранацца.

З пакуначкам набліжалася бабка Насця — зноў несла пачасту-нак падапечнаму. Ладо кіўнуў, каб не перашкаджала, ды расказаў пра першыя гадзіны трагічнага чэрвеня 1941 года пад Журмунамі.

— Панымаіш, прачынаюся — грукат і зэмлатрасенне! Вылатаім з палатак — склады гараць, танкі гараць, усюды паныка, нэразбэрыха! Бяжыць са страйбата салдат з нэмэцкай пылоткай у руцэ, крычыць: «Ай, братцы, тыкайтэ, нэміц валіць на нас! Валам валіць і стрэляіт з чагось! Кулі сыплюць, як гарохам, я аднаго фрыца сякерай забіў, ай, братцы, тыкайтэ!..»

Папоў расказаў, як у Дзвінскім лагеры суцэльную масу байцоў расстрэльвалі з аўтаматаў, забівалі адзіночнымі стрэламі — проста так, без прычыны. Астатніх палонных вадзілі на савецкія склады паліць зімовую вопратку. З тэхнікумаў, інстытутаў і школ прымушалі выносіць бібліятэкі, кідаць у агонь, а прабіркі з лабараторыяў — у ямы.

Хлопцы дзівіліся: дзе ж славутая нямецкая ашчаднасць, прад-бачлівая гаспадарлівасць, дзе адзнакі таго, што немцы — народ філо-сафаў, вучоных? Тое, як вялі вайну і абыходзіліся з людзьмі, не ўклад-валася нармальнаму чалавеку ў галаве. У Полацку, Віцебску салдаты вермахта на рынках мяняюць на самагонку коўдры, бялізну, шынялі з вайсковых складаў, прадаюць амуніцыю і нават зброю. Ледзь не кожнага «амтс-», «крайскамісара» можаш купіць за залатую манету, сярэбраную лыжку, адрэз сукна ці кавалак шоўку. Каго бяруць у старасты, паліцыю, на службу ва ўправу? Мясцовых крыміналістаў, бандзюгаў, алкаголікаў і люмпенпралетарыяў — людзей без прынцыпу і маральнага стрыжня, уладу будуюць на даносах, інтрызе, падмане і тэроры.

Фанатык штурман гаворыць пра культуру і цывілізацыю, ха!

Немцы прынеслі Еўропе разбурэнне, пакуты, яны поўныя сярэдневяковай пыхі і чванства, высакамернасці і душэўнай глухаты. Спальванне ў будынках ашалелых ад гора жанчын з дзецьмі, закоп-ванне для забавы жыўцом у ямы палонных камісараў ставіць нацыс-таў за той мяжой, калі жывая істота завецца «пляць!», «фэрфлюхтэ гунд!», «русішэ швайн!», «млека, маслё, шнапс!» — увесь набор слоў, якія за год акупацыі чулі тут ад «цывілізаваных» арыйцаў. Людзі без падказак атаясамілі нацыстаў з «псамі-рыцарамі», бо і тыя нішчылі, рабавалі, палілі...

Хірург расказаў смешны анекдот, прынесены са Свянцян.

Адзін яўрэй вышмыгнуў з гета, каб здабыць ежы для сваіх дзетак. Затрымаў яго патруль, здаў жандармерыі. Аднавокі баварац павёў няшчаснага на агарод расстрэльваць ды аб'явіў: даруе жыццё, калі яўрэй адгадае, каторае вока ў немца шкляное. Злоўлены адразу адгадаў. На пытанне ж, як яму ўдалося, чыстасардэчна прызнаўся:

— Уй, пане жандар, як жа я мог памыліцца?! Яно ж гэтак па-людску на мяне глядзела! Уй, пане жандар, памыліцца я не мог!


16.

А гэтым часам палонны размову партызан перажываў па-свойму.

Прыслухоўваючыся да гутаркі сяброў аб пераапранутым у жано-чую вопратку немцу, Гофман цяпер асэнсоўваў па-новаму паводзіны суайчыннікаў. Пасмяяўшыся з эсэеаўцаў, пяць партызан гаварылі ўжо пра іншае, а палонны з пачуццём балючай віны кагосьці ў душы папракаў:

«На які чорт у гэтае самае Краснаполле зноў палезлі нямецкія салдаты? Што за ідыёт выдумаў бязглуздую авантуру — пасылаць дасціпных ды бывалых, дасканала абвучаных і добра экіпіраваных хлопцаў з-над Рэйну і Баварыі, Гамбурга, Сілезіі і Памераніі на такую справу, што не прыносіць гонару ні аднаму немцу і прыніжае Германію?!

Вайсковыя нямецкія ведаюць, як сервіраваць стол, якія ўжы-ваць бакалы да якіх він. Іх грунтоўна вучаць, як сябе трымаць нават у бардэлі. Кожны нямецкі салдат і афіцэр дома такі сціплы ды стрыманы, ветлівы і карэктны, ціхі ды рахманы. Ніхто з іх не заглянуў бы да суседа на падворак, не сказаўшы «Guten Tag», не зайшоў бы без дазволу да чужога чалавека ў дом, тым больш — не сеў бы за стол; яму і ў галаву не прыйшло б сарваць з чужога дрэва грушу. Чаму ж столькі бесчалавечнасці, эгаізму і фанабэрыі ў іхніх паводзінах на акупіра-ванай тэрыторыі?! Чаму ўсе — нібы падмененыя за межамі Германіі?!»

Тады ён і спахапіўся, што не спачувае ні зарубленаму сякерай пад Журмунамі суайчынніку, ні забітаму пад Краснаполлем эсэсману, ні — экіпажу свайго самалёта.

Гофман не лічыў сябе знаўцам мастацтва, аднак ведаў напэўна: расцягнутае паміж бярозак палатно — твор мастака, бо нараджэнне яго папярэджвалі мукі, цярпенне і боль.

Перад ім была праўда — зусім не падобная на тую, да якой ён меў дачыненне. Яна жыла ў спартанскіх умовах, бядзе, прымітыве і голадзе, аднак жыла, крычала, хапала за душу. Разумны і здольны да суперажывання чужынец адразу скеміў — незвычайны твор служыць лесунам апорай, іх зброяй.

Пастаяўшы пару тыдняў з выпацканым суніцамі драўляным нажом, Гофман вярнуўся да ранейшага пытання. Паказаў на забітую ды спытаўся ў грузіна цяпер ужо вінавата, са спачуваннем:

— Лядо, даст іст алес ва-ар? [14]

Грузін маўчаў.

— Лядо-о! — ён ужо тузануў мастака за гімнасцёрку.— Заг маль — даст іст алес ва-ар? [15]

Партызан перастаў маляваць, пачаў тлумачыць, як мог, падрабязнасці смерці сваёй нявесты. Немец уважліва слухаў, сяды-тады кідаў кароткія рэплікі:

— Ах, зо-о!.. Фэрфлюхтэ!.. Дас іст шрэкліх, доо-нэр-вэ-этэр!.. Ніхт цур гляўбэ!.. [16]

Ці таму, што Ладо ўпершыню меў магчымасць перад уважлівым слухачом і чужым чалавекам выказаць сваё гора, ці з—за сваёй чуллівасці, ён давёў сябе да таго, што ледзь не расплакаўся.

Немец спахапіўся:

— Лядо, але ж я з усім гэтым свінствам нічога не маю агульнага! Я ж ні ў каго не страляў, не гвалціў, не рабаваў!

— Дзядзьку свайму скажы!

— Але ж — праўда!

— Чым ты займаўся пяць гадоў? Вазыў такім злачынцам шака-лад, шнапс, патроны, пошту! Ты — іхні саўдзельнік, памагаты! Вы усе — з адной шайкі!

— Дас іст вар!..

Праз хвіліну немец спахапіўся:

— Але ж я нічога пра гэта не ведаў!

— Всэ так кажуць, калі вас зловяць партызаны!

— Я!.. Нас, Лядо...

Праз хвіліну немец загаварыў зноў:

— Нас, Лядо, агарнула нейкае адзічэнне. Я на ўласныя вочы бачыў, як у 19З9 прымалі капітуляцыю польскага гарнізона Вэстэр-плятэ на ўзбярэжжы мора. Нямецкі генерал палякам аддаў чэсць, загадаў свайму салдату пачысціць нават польскаму камандзіру[17] боты. П'яныя салдаты тады ў Беластоку спалілі сінагогу з людзьмі. Адразу была створана камісія і гітлераўцаў перадалі трыбуналу! А зараз — оу, оу-у! — усё гэта — анекдот! Донэрвэ-этэр, куды мы так дойдзем?!

Стала відочным — у гэты дзень мастаку над карцінай не працаваць.

Выліўшы душу, Ладо цяжка ўздыхнуў ды загадаў:

— Ладна, Вілгэлм. Здымай палатно, бяры фарбу — айда дамоў!

Такім чынам, няхітрая зброя ўдар нанесла першаму Гофману. У малюнку ён успрыняў імпульс сумлення і адрасаваную яму пагрозу. Дзіўныя лесуны нават прымітыўным гудронам, навэдзганым на прас-ціну, сшытую з дзесятка анучак, бараніліся супроць страху, прыні-жэння і грубой сілы чужынцаў.

Уражаны немец адчуў: у праціўніка дастаткова падстаў, каб у парыве апраўданай злосці сцерці яшчэ аднаго служаку фельдмаршала Герынга з зямнога твару. I калі праціўнік пакінуў яго жывога, то зрабіў гэта толькі з—за пачуцця ўласнай сілы. Што ні гавары, такое можа сабе дазволіць толькі вораг дужы, а Гофман, як кожны радавіты немец, сілу і ўстойлівасць паважаў перш за ўсё.


17.

Не давала спакою і бабка Насця. Разоў з дзесяць на дзень кабета прыставала са сваёй дробязнай клапатлівасцю. Ён аж занадта прыглядаўся да савецкіх палонных у Германіі і наглядзеўся, як з імі абыходзіліся немкі, аднак гэта яго тады зусім не кранала.

«Чаму мы такія бессардэчныя?!»- толькі цяпер спахапіўся немец.

Гофман багатварыў кожную жанчыну і, бы старажытны рыцар, меў звычку выбіраць сабе даму сэрца ды на яе маліцца.

Зараз на памяць яму прыйшлі нявольніцы, што абслугоўвалі нямецкія сталовыя, гасцініцы, шпіталі. Успомніў іхнія твары — поўныя цярпення, суму, затоенасці. Нават у рухах тых мілавідных славянак (іх расавую прыналежнасць ён беспамылкова вызначаў па носе) прабіваўся нямы плач ды заглушаны крык ад гора, прычыне-нага чужынцамі; думкі іхнія луналі далёка, самі ж яны чагосьці чакалі, чакалі, чакалі...

Нагадаў Гофман і дзяўчат, што жылі побач з ім у лагеры. Спачатку ён шукаў у іх яўрэйскіх рысаў — так было прынята апісваць у газетах палонных — «бальшавіцкіх бандытак»,— якіх «brane Kerlen aus dem Polozoker mütige Jagbkommando»[18] пасля допыту вялі на плошчу да шыбеніц. Брахня і гэта: яны таксама — мясцовыя сялянкі.

Ды і наогул, якія тут бандыты? Хіба паўстаць супроць чужынцаў — бандытызм?

Дзе сказана, што жыхары акупаванай тэрыторыі абавязаны паводзіць сябе лаяльна і любіць акупантаў?!

Над чым бы цяпер Гофман ні задумваўся, заўсёды натыкаўся на супярэчлівасць лозунгаў, якімі кіраваліся немцы, бачыў неадпавед-насць афіцыйнай лініі з элементарным пачуццём меры ды разумнага сэнсу.

Мелі рацыю партызаны,— бачыў ён.

Немцы прынеслі народам адно бяду, гора і жахлівы лексікон: «расстраляць, павесіць, дай масла, шнапс!..» Гофман сам з сябе пачаў дзівіцца — чаму, пакуль трапіць у глухі лес беларускі, не нараджаліся ў яго такія думкі?!

Паступова Гофман пачаў разумець: ён — вартая жалю ахвяра адпаведнага выхавання і спрытнай маніпуляцыі прапаганды, якая даводзіла немцаў часамі да таго, што чалавек пачынаў ужо захапляц-ца нават сваім захапленнем, а згодна з яе тлумачэннем тое, што думалі тубыльцы, немцаў не павінна цікавіць. Для зводак у газетах і радыё слова «партызан» стала забароненым — выкрэслена зусім з ужывання, а яму ўбілі ў галаву: «насельніцтва вызваленых ад «крывавых бальшавікоў» вёсак і гарадоў вітае немцаў з энтузіязмам і толькі ў глухіх кутках, гушчарах сям-там валэндаюцца групкі бруд-ных, няголеных і тупых камісараў-абармотаў яўрэйскай нацыяналь-насці». Ужо і паводле Гофмана выходзіла,— тубыльцы не мелі права на звычайную абарону, павінны былі радавацца: атрымалі «новы парадак».

Адным словам, як гаворыць старажытыая мудрасць,— каб спазнаць ісціну, чалавеку трэба хоць раз у жыцці вызваліцца ад засвоеных уяўленняў ды пабудаваць нанова сістэму сваіх поглядаў. Так атрымалася і з палонным.


18.

З кожным днём у Гофмана расла цікаўнаець да незвычайных лесавікоў, павага.

Перад ім пульсавала і шырылася вольніца, аб якой ён чытаў толькі ў кніжках пра казакоў, мушкецёраў ды вольных стралкоў. Тут і намёку не было на тое, каб хто каго—небудзь прыціскаў, не адчувалася абрыдлага яму за вайсковую службу рабалепства ды нізкапаклонства перад начальствам і чынамі, не заўважалася педантызму, фельдфе-бельшчыны, што раз'ядала нямецкую армію. Тут усе паважалі сваіх камандзіраў, елі з аднаго катла, разам спалі ды называлі адзін аднаго па імені, старэйшых — яшчэ і па бацьку, затое ў дзеянні...

О, Гофман наглядзеўся на вольналюбівых хлопцаў і ў баі, калі на лагер наляталі самалёты, а партызаны рассыпаліся хто куды! Бачыў ён, як зашываліся ў балоты пад час блакады. Назіраў, калі разведчыкі ішлі на заданне, аб чым яшчэ будзе гаворка.

Не сто, не трыста чалавек,— цэлая Савецкая армія за дзве сотні кіламетраў ад «Га-Ка-Эль»[19] - у глыбокім нямецкім тыле, бяспечна жыла, дзейнічала і кпіла сабе з цэлага вермахта, войск СС, люфтвафэ, амтс-камісараў, паліцыі ды жандармерыі з іх «гундбатальёнамі».

Столькі ён лётаў над імі, нічога не заўважаючы. Успомніліся размовы пра партызан Югаславіі, Грэцыі. I там такое? Стала Гофману страшна за Германію.

Практычны немец адразу ацаніў і выпадак з чыгункай Полацк — Ідрыца — Дно. Гэта ж трэба — пад бокам у нямецкай арміі разбурыць сотні мастоў і мосцікаў, развалачы і схаваць тысячы рэек ды шпал, раскапаць палатно на магістралі даўжынёй сто кіламетраў пуці, якая так патрэбна тылавікам вермахта!

Гофману даводзілася хадзіць з партызанамі па выцерабленай трыбе.

Густая, зарослая травой і свежымі кусцікамі вербалозу прасека — тое, што засталося ад пуці. Партызаны паміж сабой малолі глупства, на хаду зрывалі арэхі, іншыя проста валакліся з апушчанымі галовамі, затое Гофман пазнаваў пад нагамі сляды чыгуначнай магістралі, знаходзіў свежыя пянёчкі ад тэлеграфных слупоў, ківаў галавой ды ўслых дзівіўся:

— Оу, оу-у, оу-у-у, донэрвэ-этэр! Лясныя ваўкалакі нават самі не ведаюць, якія яны магутныя! Оу, оу-у, колёса-аль!..

Лагер існаваў ва ўмовах, калі Савецкая рэгулярная армія недзе вяла жорсткія баі, цярпела паражэнні. Штурман не раз заўважаў, з якой трывогай хлопцы і дзяўчаты, сталыя і пажылыя, збіраліся вечарамі ля радыстаў, з якімі тварамі слухалі перадачы пра баі на Доне ці зводкі пра адступленні сваіх на Кубані і Стаўраполлі.

Франтавыя няўдачы яшчэ больш людзей ядналі.

Лесуноў трымалі самыя моцныя сувязі, што існуюць у прыродзе — сувязь даверу ды магутнае жаданне перамогі над ворагам. Разумелі яны адзін аднаго з паўслова, аднаго позірку. Гэтая маса людзей — розных па ўзросту і звычках — зладжана рабіла сваю справу, бытта канчала спецыяльныя школы.

— Оу-у, Лядо, вас не перамагчы!— з перакаыаннем казаў Грфман.

I паведаміў пра выпадак у Полацку, калі перад ім па разбітым вайсковымі машынамі асфальце два ланцугі салдат з мясцовай «Jagdkommando» вялі на расстрэл пад царкоўны мур трох барадатых хлопцаў і дзяўчынку. Глядзеў ён тады на вулічную сцэнку ў тылавым горадзе і, акрамя звыклай цікаўнасці, падагрэтай нездаровымі дрыжыкамі, нічога не адчуваў. Толькі цяпер спахапіўся,— у вачах тых няшчасных смяротнікаў была зацятасць і блішчэлі тыя самыя агень-чыкі. У зямлянцы гаварыў ён пра расстраляных, ківаючы галавой:

— Оу-у, колёса-аль!..

У афіцэрскім казіно ў Полацку камандзір знішчальнай роты аднойчы стаў перад лётчыкамі выхваляцца, колькі за дзень расстра-ляў бандытаў ды ўзарваў грозных бункераў (выяўляецца, у адным з іх і з такімі ж «бандытамі» Гофман цяпер жыў!).

«Чаму ж растуць іх шэрагі, калі вы агідных бандытаў нішчыце, бы прусакоў?» — спытаўся тады нехта ў афіцэра.

Адно цяпер Гофман заўважыў падкавыку ў пытанні незнаёмага немца ды задумаўся — мабыць, суайчыннік даўно бачыў тое, на што яго вочы адкрыліся з такім спазненнем.

I гэта быў не адзін выпадак.


19.

Ранняй вясной Гофман вёз поўны борт параненых з «Дзямян-скага катла». Суайчыннікі адкрыта заяўлялі, што бяздарны галоўнака-мандуючы кінуў на пэўную смерць шэсць дывізій шаснаццатай арміі — шэсцьдзесят тысяч салдат і афіцэраў. Забінтаваны пажылы ветэран абураўся:

«Ад яфрэйтара Адольфа што яшчэ можна было чакаць?»

Другі — зраспухлым ад марозу тварам — дадаў:

«З-за гэтага дурня Іван цяпер задаў нам жару — аж іскры з задніц пасыпаліся!»

Развязаліся языкі і ў іншых салдат:

«Якая ў іх артылерыя, майнэ лібэ!.. А як пойдуць у атаку, закрычаць «ура!» — вар'ятам становішся! Не-е, у рускіх ёсць штосьці такое, аб чым мы раней і ўяўлення не мелі!»

Дыскусію падсумаваў паранены лейтэнант з Вялікіх Лук:

«I вулічнаму бою таксама трэба ў іх павучыцца. Умеюць, чэрці, трымацца за кожны выступ, выкарыстаць найменшую ямку — пас-прабуй, дастань тады Івана!.. Калі гэтага ад бальшавікоў не пярой-мем, савацца ў Маскву няма чаго!»

Аднойчы штурман ляжаў на ложку ў аэрадромнай гасцініцы. Побач на другім — лейтэнант з «фізелер-шторха» [20]. Незнаёмы адно што прыляцеў з разведкі. Па рэпрадуктары перадавалі зводку «обер-командо дэр вермахт»[21], і дыктар узахлёб пералічваў мясціны, дзе знішчылі рускіх — апошнія рэзервы Чырвонай Арміі.

«Чуеш гэтага брахуна? — звярнуўся да штурмана разведчык.— Чырвоная Армія знішчана, ха-ха! Рускі мядзведзь толькі прачынаецца і развівае свае каласальныя рэзервы! Учора ля Балагога назіраў калону машын даўжынёй — не паверыш, камрад! — сто кіламетраў! Разумееш, штурман, што гэта такое? Камандаванню далажыў, але ж штабныя пацукі з люфтвафэ мой рапарт напэўна затояць, ты ж іх выдатна ведаеш,— усе яны вартыя свайго вялікага везіра Герынга!» «I праўда — везір!»

У канцы зімы Герынг гасцяваў у дучэ Мусаліні, і Максу Ляўфэр-штоку з Гофманам давялося везці ў Рым ахову фельдмаршала. Нейкі князь даў урадавай дэлегацыі раскошны баль. У час п'янкі італьян-ская «чорная арыстакратыя» перамяшалася з немцамі, і Гофман не раз натыкаўся на выфранчаную па-блазенску тушу шэфа.

Ашаламляльнае футра, а пад ім сіне-фіялетавае кімано. З залатымі бірулькамі туфлі, усыпаны перламі гальштук ды ўтыканы рубінамі шырокі пояс. Твар Герынга быў густа напамажаны, на кож-ным пальцы блішчэў пярсцёнак з вялізным брыльянтам. Галоўнака-мандуючы германскімі паветранымі сіламі пры гэтым рагатаў з усялякага глупства ды какетнічаў.

Да дзвюх гадзін ночы ішло ў іх абжорства, затым пачаліся оргіі з голымі дзеўкамі з «клуба» сеньёры Сандэлі...

Гофман расказаў новаму знаёмаму пра ўсё, што бачыў у Рыме, але разведчык усё гэта і сам ведаў.

Якраз па рэпрадуктары перадалі: над возерам Ільмень знішчаль-нік Мэльдэрс на М-109 за адзін вылет збіў 1З самалётаў. На персанальным рахунку нацыянальнага героя трэцяга рэйха цяпер ужо значылася — 216 машын. Да канца года лік перамог ён плануе давесці да З00.

Разведчык схапіўся з ложка, выключыў рэпрадуктар ды выбухнуў:

«Банда гэтага Дзітрыха[22] забрахалася зусім! За дурняў нас маюць! У «мессершміта-109» малы радыус вылету, столькі Мэльдэрс не мог збіць, каб страляў нават па самалётах няўзброеных! Ты ж разу-мееш, штурман, на кожную машыну трэба зрабіць складаны манеўр: развярнуцца, прыстроіцца да яе! Ды і Іван са сваімі кулямётамі не будзе, як баран, чакаць, пачне манеўраваць ды агрызацца! Цьфу, адзін брахун далажыў, другі на ўсю Германію раструбіў перамогу, а мільёны ідыётаў у экстазе захаплення вераць!»

Гофман яму заўважыў — немцы нічога не ведаюць, бо няма дакладнай інфармацыі.

«Нявінныя авечкі! — разведчык раззлаваўся яшчэ больш.— Самім хочацца гэтай славы, крыві ды перамог! Усім гэтым бюргерам, чыноўнікам, каўбаснікам, крамнікам ды парабкам маёнткаў не церпіцца паспытаць таксама перамог любым коштам, але, жывучы ў глыбокім тыле, мроі свае ўсклалі на прыдуманых герояў! «Ах, нашыя штукасы, ах, фокевульфы, крыгс марынэ! Ах, нашыя панцэртрупэн, адчайныя кэрлэн з Га-Ка-Эль!..» Такая з'ява ў псіхолагаў называецца самарэалізацыя праз чужыя ўчынкі. Ты не быў чэмпіёнам у спорце? Куміра, напэўна, меў — баксёра, бегуна. Гэтым ты сябе супакойваў: каб не перашкодзілі, каб захацеў, дасягнуў бы такога самага поспеху і быў бы ў такой жа пашане! Кожны раз, калі ствараем ідала, як бы ўваходзім у долю з яго ўчынкамі, становімся пайшчыкамі яго славы і аўтарытэту!»

Перабіраючы сваё жыццё над Дрысай, Гофман не без сімпатыі да лётчыка нагадаў і бунтарскую яго тыраду. Яшчэ падумаў: слова «чаму» гучыць дзіўна там, дзе стагоддзямі чутны былі адно «jа» і «nein», таму немцы няздольныя зараз нават кінуць у твар свайму самаму ідыятычнаму начальніку, што ён дурань. Але вось мільёны іх атрымалі каналы, па якіх маглі выладоўваць свае страсці. З усёй энергіяй, арга-нізатарскім спрытам страсці пачалі выліваць. Рабіў гэта і Гофман.

9 лістапада 19З8 года ў «Крышталёвую ноч» разам з тысячамі сабе падобных у Гамбургу з лютасцю і маладым запалам Гофман біў вітрыны, выкідаў з абжытых кватэр дзяцей і жанчын, паліў на пляцы скірды кніжак і скандзіраваў:

«Здох-ні, яў-рэй!»

Выбух карычневага псіхозу, юнкераўская «дзікая прага знішчэння і крыві...» агарнулі мільёны суайчыннікаў, аб'ядналі ды запусцілі ў рух. I Гофмана агарнула ўжо шаленства ад нішчэння Польшчы, разгрому Бельгіі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі. Штурман, нібы страціўшы галаву, стаў адчуваць, як кожны спалены горад, знішчаная дывізія чужых танкаў, затоплены карабель, забітая тысяча салдат, новы мільён палонных лесцяць яго самалюбству, павялічваюць ва ўласных вачах ці, як сказаў бы лётчык з «фізелершторха»,— сама-сцвярджаюць. Паступова і ў яго зарадзілася ўпэўненасць у выключ-насці немцаў, у непераможнасці вермахта, покуль ён не грымнуўся ў беларускі лес.

Да новага грамадства палонны зараз прыглядаўся са здзіўленнем.

Тутэйшыя людзі пайшлі ў лес, як ідуць на памост гімнасты ці баксёры, дзе нельга сябе схаваць за спіны сяброў. Гэтыя хлопцы былі на віду, паказвалі мужчынскія якасці там, дзе чалавеку натурай дадзена выявіць іх найбольш — у абароне свабоды і змаганні за Радзіму. Яны сабраліся не па мабілізацыйнай позве, як створана вялізная нямецкая армія, а — па загаду сэрца.


20.

Праз месяц Гофман пачаў ужо вылучаць камандзіраў у некаторых партызан.

Першым чынам запалі яму ў душу хлопцы-арыгіналы.

Вось той самы Антонаў — высокі маўчун з абыякавым, бы ў сіямскага ката, выразам твару і вачэй, аднойчы паказваў лесавікам прыёмы штыкавога бою. Рускі афіцэр апантана адбіваўся адзін ад дзесяці чалавек!

Начальнік брыгаднай разведкі — Нінін брат, Васіль, быў выдатным інструктарам. Аднойчы хлапец з'явіўся з камандзірамі ля разведчыцкай зямлянкі, трымаючы ў руках чамаданчык, у якім гармонікам складвалася рэльефная карта з макетамі. Партызан расхіліў адмысловую ношу — і перад сабранымі паўстала тэрыторыя з лясамі, рэчкай, мастамі, кулямётнымі гнёздамі, мінамётамі і гарматнымі батарэямі. Прысутныя выразалі ўказкі з ляшчыны і расселіся на спілаваныя сосны.

— Чаму мы не ўзялі гарнізон у Нішчы? — пачаў камандзір разведкі разбіраць баявую аперацыю.— Бо прымянілі нямецкую тактыку.

На бярвеннях рогат.

— Чаго рагочаце? Часамі фрыцы абкладуць нас з чатырох бакоў ды пачынаюць малаціць з усіх відаў зброі. Вось і мы абкружылі іх і не далі магчымасці адступіць. Які ў гарнізона выхад? Толькі адзін — каму хочацца паміраць? Боепрыпасаў да д'ябла — сядзі ды адстрэльвайся, покуль прыйдзе падмацаванне. У нас жа часу мала і страляць не стала чым. Патыркаліся, патыркаліся, а блакаду Нішчы давялося здымаць. Калі б немцам пакінулі адзін бок адкрыты, напэўна драпанулі б у Расоны! У «Вайне і міры» як Талстой разважае пра Напалеона? Параўноўвае яго з быком, што шалее на падворку, і раіць біць не па лобе, а ў зад, каб звер убачыў адчыненую брамку і вылецеў! Вось такія справы, рагатуны.

— О, боепрыпасаў у іх да халеры! — ажывіўся адзін з камандзіраў.— Наткнуўшыся на нас ля бальшака, карнікі ўзнялі такую страляніну, што ўсе кусты пасеклі! Такога густога агню яшчэ за ўсю вайну не спатыкаў, а нас — хоць бы каго драпанула! Палілі ледзь яе ва ўпор, ды богу ў вокны!

— А ты — матай на вус! Гэтыя тысячы акупантаў навокал п'юць, жаруць, гуляюць ды лянуюцца праявіць самую нікчэмную цікаўнасць да кутка, дзе сядзяць, ды разабрацца, што тут адбываецца. Для на-цыстаў усе мы — тыпы, што ў лес пахаваліся. Немцы заўсёды нас недаацэньваюць, а тады кідаюцца ў крайнасць. Як толькі сутыкнуцца з арганізаванай баявой групай партызан, ад нечаканасці іх агортвае жах. Што з таго, што смаляць густа ды зблізку? Не ў сілах авалодаць сабой, таму і страляюць кепска. Для вядзення прыцэльнага агню патрэбен час, а яны смаляць, каб сябе падбадзёрыць! Аднак вернемся да Нішчы. Вось тут,— Васіль павёў па макеце ўказкай,— той самы пракляты лужок. За ім — узгорак з кулямётнымі кропкамі. Тут — батарэі мінамётаў у іх...

Затоены ля палатна палонны немец назіраў за сцэнкай, прыслухоўваўся да размовы і дзівіўся: вучэнне на макетах — нямецкая прывілегія? Аказваецца,— не. Ужываюць яго нават тут, у глухім беларускім лесе. Баявыя аперацыі разбіраюць — унь на якім узроўні. Умеюць нават зірнуць на сябе вачыма праціўніка.

Гофману чамусьці нагадаліся п'яныя суайчыннікі ў полацкай школе, калі яны, мадэлюючы высадку нямецкіх войск у Аўстраліі, палілі з пісталетаў па школьнай карце...

А жыццё ўсё падкідала яму матэрыял для роздуму..


21.

Аднойчы Гофмана вялі да разбітага самалёта, і на лужку група натрапіла на стрыножанага каня і чубатага партызана. Валяючыся на траве, хлапец калупаў былінкай у зубах, сумна пазіраючы ў неба. Над імі ляніва праплывалі дзве вароны.

Каб парысавацца перад сябрамі, хлапец раптам схапіў самаза-радку, амаль не цэлячыся, даў два стрэлы. З птушак адно пасыпалася пер'е.

Гофман потым бачыў, як такія зухі ездзілі зімой на разведку. Адзін кіраваў добра дагледжаным канём, а другі, паклаўшы сябру на плячо аўтамат, цікаваў уперад. Увесь у яблыках гняды аж шалеў ад застою, і баявыя сані імчалі, бы калясніца рымлян,— лепей з ёю не сустракацца.

Што «лясныя бандыты» ўмелі закладваць міны, Гофман наслухаўся яшчэ ў Полацку. Майстэрства і спрыт лясных падрыўнікоў яму давялося назіраць і зблізку.

Пад камандай групэнфюрэра войск СС фон дэм Бах-Залеўекага акупанты раепачалі блакаду «Расонскай рэспублікі» — аперацыю з кодавай наззай «Нюрнберг». Каб немцы не пераправілі ў партызан-скую зону танкі і мотапяхоту, лесавікі вырашылі знішчыць у Саколішчы мост. Яго дзень і ноч вартавалі тры батальёны салдат і паліцаяў, подступы старанна немцы замініравалі, абгарадзіўшы яшчэ шасцю палосамі калючага дроту. Перацягнулі дратамі з абодвух бакоў і рэчышча. Затым абарона наёжылася кулямётнымі ды гарматнымі стваламі — паспрабуй, падступіся.

Невялічкі юркі партызан — Яфім Лысенка — вызваўся знішчыць грозную пераправу. Спатрэбіліся цеслі. Да работы ўзялі і былога штурмана «Юнкерса-52».

Пад наглядам Лысенкі за адзін дзень партызаны, схаваўшыся пад навесам кустоў над ракой, змайстравалі на плыце высокі стол. Плошча яго ўзвышалася на 6 метраў — на столькі ўзнімаліся над вадой пралёты моста (сакалішчанскія хлапчукі вышыню вымералі ву-дачкамі з дакладнасцю да сантыметра!). На стале партызаны паклалі цэлую тону буйнакаліберных снарадаў і прыладзілі хітры баёк, які вы-бухаў нават ад лёгкага дотыку. Меншыя плыты падрыхтавалі супроць калючага дроту, які таксама шэсць разоў перасякаў раку і пе-рашкаджаў асноўнаму. Такіх канструкцый цеслі з падрыўнікамі — па прынцыпу «маслам кашы не сапсуеш» — нарыхтавалі дзесяць штук.

Караваны плытоў ноччу пусцілі ў адпаведнай чарговасці па ця-чэнні. Подступы да моста вартавыя асвятлялі час ад часу ракетамі. Падазроныя сілузты на Дрысе заўважылі здалёк і адкрылі па іх агонь...

За паўгадзіны, покуль караван нясло да мэты, немцы паспелі падняць на ногі ўвесь гарнізон.

Дарэмна нямецкія афіцэры і фельдфебелі надрывалі глоткі ды гналі на пазіцыі салдат.

Спачатку да агароджы даплылі малыя канструкцыі і адна за адной разнеслі драты, расчысцілі фарватэр. Затым дакладна на вызначанае месца прыбыў асноўны плыт. Баёк здэтаніраваў снарады, і на вачах наёжаных стваламі трох батальёнаў мост як пушынку падняло ў паветра і разнесла ўшчэнт!

Гофман быў упэўнены — адзін гэты выпадак падрабязна апішы ў газетах, і немцаў у Германіі, выхаваных на знявазе да ворага з Уеходу, агорне жах.

Найбольшае ўражанне на яго рабілі партызанкі.


22.

Праз пару месяцаў Гофман ведаў аж занадта: выпадак з крас-напольскай Нінай — самы звычайны. Слухаючы падобныя гісторыі, яму заўсёды рабілася няёмка, што ён немец. Яго ўражала, з якім стараннем маладзіцы і дзяўчаты хацелі ва ўсім не адстаць ад мужчын.

У разгар блакады «Нюрнберг» Гофман з разведчыкамі сядзеў ва ўкрыцці ды назіраў за работай гаўбічнай батарэі.

Перад ім — агнявая пазіцыя стодваццаціміліметровых гармат. Незразумела, як гаўбіцы пасля першага ж стрэлу не разляталіся на кавалкі. Паваротнымі механізмамі ім служылі прымітыўныя каркасы малатарань і трактараў, замест панарам — аптычныя прыцэлы снайперскіх вінтовак, а колы — самаробныя.

Гарматы не мелі нават байкоў. Кемлівыя лесуны прыладзілі ў казённікі металёвыя стрыжні.

Каля бліжэйшай гарматы несла службу стройная сінявокая славянка з драўляным малатком у руках, і немец не зводзіў з яе вачэй. У сімпатычнай «бандыткі» з гарбінкай на носе быў рызыкоўны заня-так. Калі наводчык нарыхтоўваў гаўбіцу, дзяўчына па камандзе «агонь!» ударала бярозавым малатком па стрыжні ды спрытна ўвільвала ад металёвай аграмадзіны, каб магутная сіла адкату яе не зваліла.

У наступны дзень некуды ішлі.

Ужо падмарожвала. Месцамі ляжаў распісаны зайцамі сняжок. Галодныя і адубянелыя разведчыкі прывалакліся к абеду ў апусцелае Бухава, каб чым—небудзь пажывіцца. Лазіць адразу па вёсцы не рызыкнулі, покуль што зашыліся ў крайні хлеўчык ды пачалі разглядацца.

Насільшчык-палонны валок на сабе кілаграмаў з сорак развед-чыцкага дабра, натрудзіў плечы, а салёны пот, як нашатырны спірт, грыз яму вочы. Немец з асалодай прыткнуўся да сцяны, адчуваючы, як змардаванае цела памалу прыходзіць у норму, як цяпер яму хочацца паесці. Праз адчыненыя дзверы віднеліся бліжэйшыя бу-дынкі і спакойны бераг Дрысы з голымі дубцамі лазняку. Разведчыкі прыцішана заспрачаліся, каму адпраўляцца ў апусцелыя хаты.

Раптам з—за вугла выскачыла маладзіца з дзіцем. Убачыла штосьці, акамянела.

— Таня Лысенкава! — пазнаў яе хлапец з Бухава.— Напэўна, прылятала дамоў пажывіцца таксама!

Тут хлявочак захадзіў хадуном. За сценкай загуло, нібы там уключылі малатарню.

Партызаны толькі паспелі ўскінуць аўтаматы, як з—за хлеўчыка высунуўся вялізны танк з зеніткай на прычэпе. Машына дапаўзла да маладзіцы, загамавала.

Партызаны зашапталіся:

— Дзеўбануць бы адгэтуль супроцьтанкавай — падставіў бок і аж просіцца, эх!

— Наклікаць бяду на сваю галаву?!

— Сціхніце, героі!..

Штурман паспеў разглядзець, што на танку, старанна ўхутаны плашч-палаткамі, выгодна разлёгся ўвесь гарматны разлік — восем артылерыстаў. Суайчыннікі трымаліся за спецыяльны абруч, і было такое ўражанне, бытта ўсе яны падперазаліся гэтым абручом ды, як на печцы, разлягліся адпачываць — што ж, камарады з вермахта ваяваць любілі з камфортам, пра гэта ўсім вядома. Яшчэ штурман паспеў заўважыць: ад раптоўнага гамавання дубец антэны ніяк не ўстабілізуецца, надульнік у зенітцы зачахлёны новенькім брызента-вым рукавом, адзін з артылерыстаў пад абручом трымае звязаных у вяночак жывых курэй, а фарба на гармаце — свежанькая, яе адценне да болю знаёмае па самалётах.

З верхняга люка высунуўся да палавіны малады афіцэр у шлеме, чорным мундзіры і паклікаў маладзіцу;

— Галё, паненка, брот!

Перапалоханая жанчына яшчэ больш прытуліла да сябе дзіця. Афіцэр крыкнуў уніз, каб вадзіцель выключыў матор. Спытаў ужо ў поўнай цішыні:

— Во іст брот?

Кабета здзівілася:

— Броту німа, паночку! Брот увесь з'елі! Блакада, пан!.. Грэчкі для малога на кашу ў кадушцы наскрабла, во! — паказала пузаты рукаўчык.— А брот увесь — ням-ням!

Афіцэр нарэшце зразумеў камізм сітуацыі і ад душы засмяяўся. Размову з сялянкай ператлумачыў салдатам. Артылерысты як бы папрачыналіся, ляніва прыўзнялі галовы, стрымана зарагаталі.

— Паненка — нікс брот! Ням-ням — нікс!.. Во іст брот дурх Дрыса? [23]

I з усяе сілы пастараўся ўталкаваць маладзіцы, што яму трэба. Паказаўшы на дзве скаваныя марозікам сцежачкі, бы каляіны, што беглі да самага берага і губляліся ў вадзе (іх пратапталі гусі), немец спытаўся:

— Ехаць — там? Брот — там?

— А-а, хочаце раку перабрысці-і?! А я, дурная, падумала зусім іншае!

Маладзіца ва ўсмешцы паказала белыя зубы ды заахвоціла афіцэра:

— Канечне, перабрыдзеце праз рэчку тут, брод там, а як жа!

— Гут! — з маладой бяспечнасцю кіўнуў ёй камандзір танка. Зірнуўшы на карту ў планшэце, загадаў з бравадай вадзіцелю: — Ёган, наперад!

Матор загуў зноў. Лязгнуўшы гусеніцамі, танк раптоўна ірвануў да рэчкі, узнімаючы за сабой веерчыкі смаляной гразі, пакідаючы выразныя сляды на слабым сняжку.

Разведчыкі ведалі — тут глыбокае месца. Усе аж прыўсталі.

Матор з магутнасцю ў паўтысячы конскіх механічных сіл лёгка падкаціў вялізную сталёвую пачвару да берага, і танк раптоўна баўтануў у прорву. На адно імгненне з фіялетавай і цяжкой, як волава, плыні яшчэ раз паказаўся афіцэр — на гэты раз без шлема. Немец роспачна замахаў рукамі, бытта хацеў адпіхнуць ад сябе штосьці і набраць паветра, але знізу яго нешта як бы тузанула за ногі, і ён гэтак жа імгненна знік другі раз.

За танкам, вільнуўшы даўзёрным ствалом з зачахлёным надульнікам, у цёмную прорву нырнула і зенітка.

Ні танк, ні гармата не ўзнялі нават пырскаў. На ракавым месцы ўзнялася кевялічкая хваля, успучыліся два віры, але імклівая фіяле-тавая плынь усё гэта ў момант злізала, і рэчка зноў паплыла роўна.

Выглядала на тое, што тут увогуле не было ніякага танка з экіпажам, ні прыціснутых абручом да брані артылерыстаў, ні даўгаствольнай гарматы. Адно крокаў праз сорак уніз па цячэнні выплыла пярэстая плашч-палатка ды трапяткі вяночак курэй, імклівая плынь іх пакруціла, пакруціла вакол сваёй восі ды шпарка паперла ў лазняк.

— Таня, што ты нарабіла?! — жахнуўся бухавец.

Перапалоханай маладзіцы было не да разведчыкаў. Прыціска-ючы да грудзей дзіця, яна прыгнулася ды трушком памчала ў хвойнік.

Яшчэ нейкі час партызаны насцярожана назіралі за рэчкай — ці не выплыве хто, ды раптам спахапіліся: калі з'явіўся танк адзін, напэўна, будуць і другія — трэба даваць драла. Лаючы маладзіцу, што застаюцца зноў галоднымі ды яшчэ невядома, чым усё гэта скончыцца, хлопцы сталі паспешліва ўзвалакаць на спіны ладункі. Подзвігам яе яны як бы і не захапляліся.

Гофман прабурчэў сабе пад нос:

— До-онэрвэ-этэр, оу, оу-у, ман гот, фэрфлюхтэ!..

— Што, немчыкаў сваіх шкадуеш?! — спагнаў злосць бухавец.— Хто іх сюды прасіў, хто іх клікаў на Дрысу? Хай бы не лезлі! Ляжаць зараз на дне з выцягнутай антэнай і па рацыі крычаць свайму Гітле-ру: «Алё, фюрэр, ратуй нас!..» Выратуе, як жа!.. Жабы ім цыцкі даду-уць, адхочацца ім нашага шнапса і сала!.. А ты паплач па іх, паплач!

Гофман думаў зусім пра што іншае.

Па ўрыўках фраз, што запамяталі ўдзельнікі таго выпадку, Вільгельм, мне вдаецца, сказаў прыкладна так:

— Для анерацыі «Нюрнберг» нашыя бонзы падрыхтавалі літаральна ўсё. Генерал зойск СС фон Бах-Залеўскі з цэлым сваім штабам прыдумаў ёй грозную назву. Усё, як па нотах, распісалі. Выдалі загады. Вызначылі напрамкі па карце: «Ді колёнэ. А маршырт ін рыхтунг Краснаполле, ді колёнэ Б фэрт ін рыхтунг Бухава...» Падвезлі боепрыпасы. Раздалі пайкі. Вызначылі пункты канцэнтра-цыі. Раздалі на кожны дзень паролі ды пазнавальныя знакі. Вызначы-лі частату хваль для радыёсувязі і дакладную колькасць ват ра-дыёўстаноўкам. Прадбачылі з сотню іншых выпадкаў... А тут — імправізацыя! Такая сабе звычайная вайбхэн — галодная, з дзіцём і мяшэчкам крупы на руках ды баязліва-баязліва — ноччу сама, напэўна, не адважыцца выйсці на двор — раз! — і вывела з баланса вермахта З0-тонны танк з крупаўскай сталі, з камплектам боепры-пасаў; вывела зкіпаж з афіцэрам, зенітку калібра 88 і цэлы разлік выдатных артылерыстаў, якія, мажліва, бралі Варшаву і Парыж,— кройц унд сакрамэнт! I ніхто тут не бачыць у гэтым нічога незвы-чайнага, оу, колёса-аль!..


23.

Гофмана з малых год упарта выхоўвалі ў знявазе да ўсяго, што ўсходняе. Над Дрысай выхаванне паступова выветрылася, а прабы-ванне ў партызанах з кожным днём дадавала яму матэрыялу для роздуму.

Аднойчы Вільгельма павялі да разбітага самалёта.

К таму часу з «Юнкерса-52» застаўся адзін арматурны шкілет ды маторныя вузлы,— астатняе партызаны пусцілі ў работу. З дзюралю нарабілі грабянёў і партсігараў, лыжак і місак, чаранкоў да фінак ды скрыначак для дзіцячых цацак, дзяўчатам на ніткі і іголкі, гума пайшла старым на абутак. Бартавой абшыўкай выклалі сценкі ў зямлянках. Амперметры ды іншыя вымяральныя прыборы з ін-струментамі перакачавалі ў майстэрню зброі. Адзін рухавік ужо даваў святло ў партызанскія бальніцы. Немца вялі, каб выманціраваць яшчэ што прыгоднае для другога рухавіка.

I вось яны прыбылі на месца. Лесавікі адразу пачалі кешкацца ў маторы, пра палоннага забыліся.

Пад нагамі ля самалёта валяліся тысячы пісем ды размоклых ад дажджу пакетаў і пакецікаў. Вільгельм папрасіў дазволу падабраць Біблію. Затым сабраў некалькі соцень адрасаваных салдатам кан-вертаў і бандэролей, што захаваліся пад трантамі, напіхаў імі торбу. Адчуваючы нясцерпную прагу да чытання, дастаў з гнілога брызенту пару разлезлых газет,— узяў таксама.

У той вечар, напаліўшы добра ў печцы, Гофман сеў на калодку перад агнём, расклаў сабе на калені салдацкую пошту і ўзяўся чытаць. У канвертах знайшоў службовыя пісьмы і звычайныя пасланні родных на фронт сыну, брату ці мужу. Сярод інтымных запісак штурман напаткаў і такія, што перад тым, як брацца за наступны канверт, крадком азіраўся, ці не заўважаюць партызаны.

Якраз з Дворышча прыйшла да аднаго з партызан сястра і апавядала навіну. Немцы ў мароз пакінулі ля гумен на агнявой мінамёты і зашыліся ў дворышчанскія хаты грэцца, а ў гэты час сямідзесяцігадовы Іван Сідоркін паналіваў у іх вады. Калі блакіраваныя партызаны пабеглі праз поле, афіцэр падаў каманду накрыць рухомыя фігуркі навесным агнём. Мінамётчыкі дружна хапіліся за міны, а ствалы — замарожаныя. Сувязная зараз апавядала, як расстрэльвалі старога Сідоркіна, як па вёсцы лавілі яго дзяцей, унукаў і жонку ды кідалі ў калодзеж.

Партызаны ўважліва слухалі, да немца не было ім справы.

Гофман углыбіўся ў паперкі.

«Я нічога яшчэ не пісала пра сто марак, прысланыя табой у маі,- дакладвала на фронт мужу фрау з Шарфэнвізэ.— Я іх адразу аддала тваёй маці, каб купіла сабе ваеннапалоннага. Цяпер яны танныя. Ня-даўна фраў Марта заплаціла групэнфюрэру Отта Нос-Ке грошы і той дазволіў выбраць кандыдатку з новай партыі жанчын, прывезеных толькі што з Расіі. Але работніца захварэла. У мінулую сераду фрау Марта пахавала дзве рускія бабы і цяпер баіцца, што адправіць на могілкі трэцюю, кажа: «Навошта было такіх здэхляў цягнуць сюды? Лепш пазабівалі б іх у Расіі, падлы ў нас рознай хапае!»

«Мой палонны будзе, напэўна, мацнейшы, бо яго, калі бралі да войска, аглядалі дактары. Як думаеш?»

Другая жонка папракала свайго мужа: «Генрых, ты сабе ўявіць не можаш, як табе не пашанцавала! Салдаты, што служаць у Нарвегіі, Даніі ці ў Заходняй Еўропе, шлюць і шлюць харчы, тканіну, бялізну, шаўковыя сукенкі, касцюмы, выдатны абутак. Едучы ў адпачынак, валакуць рукзакі, чамаданы, баулы, паўнюткія дабра. Гіта не мела да вайны нават звычайных панчох — цяпер фарсіць у дарагім футры нават у гарачыню і за свайго мужанька не дрыжыць так, як даво-дзіцца мне...»

Брат пісаў брату:

«Еду ў Растоў на работу па кантракту з фірмай Крупа. Падпісаў умову на 10 гадоў. Кажуць, на Доне тэрмін такі можна выцерпець, нездарма тылавікі выгледзелі там месца на дачу для фюрэра. Наш Вілі адправіўся ў Днепрадзяржынск па кантракту з фірмай «Сімэнс» на тры гады. Я завербаваўся надоўга, бо хачу прыгледзець сабе маёнтачак...»

Зноў ішло пісьмо нечае жонкі:

«У першых словах свайго паслання дакладваю Табе — пасылкі з вопраткай рэгулярна атрымліваю. Нічога, што заплямленая,— кроў лёгка змываешіа звычайным мылам і не пакідае ніякага следу. На бурыя плямы не звяртай увагі, пакуй усё...»

Сястра:

«Дарагі Фрыдрых! Нарэшце, на вакзале я хапнула буфет Вэбэра! Грубы Ганс некуды пераехаў, спадчыну яго перадалі мне! Мацер божая, вялікае табе дзякуй, нябесная царыца і святая Барбара!.. Кажуць, сын яго ў арміі вёў недазволеныя размовы, Алекса забралі ў канцлагер. Грубы Ганс пачуў і драпануў, але якая мне да гэтага справа, праўда?! У буфеце дапамагаюць муцці і стрыечная Грэта.

Ведаеш, чаму Вэбэры так збагацелі на сваім інтарэсе? Ніколі не здагадаешся. Паслухай!

Яшчэ прадзед Грубага Ганса пад прылавак насыпаў пяску з—пад плахі, на якой адсякалі на рынку галовы асуджаным на смерць! Ты хваліўся,— расстрэльваеш бальшавікоў. Падбяры для мяне і прышлі ў мяшэчку жменю такога пясочку. Толькі не забудзь, гэта важна! Мяшэчак пашыла і кладу ў бандэроль. Няхай цябе царыца нябесная і святая Барбара трымаюць пад сваёй апекай».

За тытульным лістом Бібліі штурман знайшоў прыклееную стандартную паперку, надрукаваную разборлівым готыкам, каб мог прачытаць кожны салдат. Тут быў зварот царкоўнай ерархіі:

«Браты! Цяпер ніхто ўжо не сумняваецца, што мы, немцы,— вышэйшая раса Еўропы ў тым разуменні, якое выходзіць за рамкі геаграфічных і геапалітычных катэгорыяў! Сёння, як ужо не раз было ў гісторыі, Германія стала зноў ратавальніцай Еўропы, воінам, што ахоўвае яе фарпосты! Божа, блаславі наш вермахт, які прызваны ахоўваць свет, блаславі нам любімага фюрэра! Хайль Гітлер!!»

Франтавыя навіны ў газетах былі даўнія і для Гофмана здаліся смешнымі. Пачаў глядзець «Зюд дойчэ цайтунг» з апошняй старонкі. Адразу натрапіў на аб'яву:

«5З-гадовы арыйскі доктар, ветэран з—пад Танэнбэрга, хоча мець нашчадка-мужчыну законным шляхам шлюбу са здаровай маладой арыйскай дзяўчынай — сціплай, працавітай, без завушніц, набожнай, найлепш без маёнтку, а галоўнае — без пасрэднікаў. Прапановы загадвае накіроўваць па адрасу...»

Гофман узняў вочы з-над папераў і азірнуўся.

Па-ранейшаму на яго не звярталі ўвагі. Дзяўчыне з Дворышча брат масціў месца нанач з саломы. Грузін маляваў плакат: на паперы са шпалераў віднелася свастыка ў выглядзе ні то кратаў, ні то павуціння, і на іх мастак выводзіў якраз контуры фізіяноміі Гітлера. Ля стала начразведкі Васіль калупаўся над радыёпрыёмнікам. За печкай гутарылі партызаны:

— Іваненка, каго ты днём у штаб вёў?

— На раўнапольскай дарозе злавіў. Налез на сакрэт.

— Ён жа — стары, барадаты дзед?!

— А на руцэ — сляды ад пярсцёнка і гадзінніка. Нейкую пілюлю хацеў праглынуць — ледзьве яе выбіў я!

— Фі-іў!..

— Зноў, мабыць, блакаду рыхтуюць — пасылаюць субчыкаў у разведку!

— А, думаеш, чаго ён ішоў? Усё разнюхаць! Цяпер толькі глядзі ды глядзі!..

Гофман думаў, што рабіць з Бібліяй, пісьмамі і газетамі.

Яму захацелася ўсё гэта з гідлівасцю пакідаць у полымя. У апошнюго хвіліну змяніў намер. Нішчыць дакументы з пункту гледжання практычнага немца здалося не па-гаспадарску.

Нейкі час папяровы пакет палонны насіў з сабой, як той манах, што награшыў, а потым носіць вярыгі, і ўсё думаў: як людзі павінны не любіць немцаў, якая павінна быць іх нянавісць, якія яго суайчыкнікі хворыя, якая Германія нешчаслівая.


24.

Быў усяго канец лістапада, а лясы над Дрысай пакрыла ўжо тоўстая коўдра снегу. Маразы скавалі азёры, і на адным, каля вёскі Селявішчы, партызаны наладзілі пасадачную пляцоўку.

Прыляцелі першыя «дугласы» з цюкамі зброі, зваротным рэйсам забралі параненых, хворых ды свежыя «языкі». Былому штурману-радысту ў расонскім лесе не было ўжо чаго рабіць, камандаванне вырашыла адправіць яго пры аказіі на Вялікую зямлю.

Настаў дзень, калі Герашвілі прыляцеў са штаба ды аб'явіў:

— Ну, всэ, Вілгэлм, едыш у Маскву! Павязуць тыбэ на арыдром з нашымі хлопцамі! Хватыт возытса з табой, рыхтуйса!

Гофман якраз сядзеў на калодзе перад печкай, у банку з газай крышыў гудрон ды кіёчкам памешваў бардовую жыжку. Блакірава0-ныя з усіх бакоў брыгады галадалі, таму і ў палоннага твар асунуўся, пайшоў шэра-зялёнымі плямамі і шалушыўся, але вочы глядзелі жыва, з мудрай іскрынкай, ад чаго малады немец выглядаў на мужчыну сярэдніх год.

Выслухаўшы навіну, палонны дамяшаў раствор, выняў кіёчак, разглядзеў на святло тоненькі, як саломінка, струменьчык жыжкі, абцёр мяшалку аб край банкі, шпурнуў у печ. Калі кіёчак успыхнуў яскравым полымем, немец узняў на разведчыка вочы, буркнуў:

— Ага!..

— Чаго не радуешса? Вы, нэмцы, так пэрлыса: «Нах Москаў, нах Москаў!» Абіцалі — праз тыдзень-два ўвойдзеце ў яе, не маглі дачакацца, калі ўбачыце, і — во, паглядзіш першым!

За чатыры месяцы жывы і дасціпны Ладо паспеў з палонным перагаварыць пра ўсё на свеце і зараз развітваўся са шкадаваннем, а ў голасе адчувалася самая звычайная крыўда: Ладо яшчэ сам не бываў у сталіцы.

Загадана збыраць цябе ў дарогу! — падганяў ён.— Паперы твае вжэ пэрадалі! Шнэль, збырайса!

— Я гатоў.

Неўзабаве прыехалі і сані. У трафейным кажусе з баварскіх мерыносаў, з пугай уваліўся ў зямлянку вялізны партызан з чапаеў-скай брыгады.

Збегліся астатнія разведчыкі, са штучнай бадзёрасцю сталі развітвацца: немец ляцеў у сталіцу, зайздросцілі яму таксама.

Гофману далі падношаны чырвонаармейскі шынель. Знайшлі вушанку са следам ад зорачкі. На рэчы Ладо падараваў яму абшарпа-ную сумку ад процівагаза, вытрасшы на салому пашматаныя ілюстра-цыі. Былы штурман дастаў з кішэні сіняе кашнэ і абматаў грузіну шыю. Старанна падбіраючы словы, растлумачыў:

— Прэзэнт ад мінэ на памяць. Это — падарунак ад мой стары оцец.— Паказваючы скручаную ў сувой карціну, што стаяла ў кутку, нявесела дадаў: — Яшчэ пакідаю свой партрэт. Будзеш рабіць пасля вайны персанальную выстаўку, прышлі — не забудзь — мне запра-шэнне.

Назіраючы гэтую сцэнку, чапаевец выбухнуў:

— Развялі тут анцімонію са сваім фрыцам, маць вашу распера-так! Дземех Віцька ў санях мерзне! Не калупайцеса! Немцы з вамі так цацкаліся б? Даю мінуту часу, пасля павезяце самі — мяне тут не будзе!

Чапаевец са злосцю плюнуў, рашуча сунуў пугаўё за халяву, скінуў з пляча нямецкі карабінчык ды заклацаў замком — праверыў, ці не застыла ў магазіннай каробцы масла. Дземех напароўся ў Зачэ-пічах на засаду, яму прастрэліла жывот, Бергман аперыраваць не браўся.

Разведчыкі заварушыліся і ў момант скончылі зборы.


25.

Вечарам у зямлянцы партызаны спахапіліся — чагосьці не хапае. I не падазравалі, што так паспелі зжыцца з палонным. Некалькі чалавек збіраліся па соль у Латвію, але і яны гаварылі толькі пра Гофмана.

Нінін брат, Васіль, заўважыў:

— У разводдзе хвалі Дрысы часамі могуць загнаць на адзін плыт зайца, дзіка і ваўка. Яны таксама тады не грызуцца, нават не спіхваюць адзін аднаго ў ваду. Толькі ж ідылія — да першага берага ў іх, а мы, ахламоны, чагосьці немца шкадуем і зараз.

Хтосьці ўспомніў:

— Кажуць, гэтак следчыя зжываюцца са сваімі арыштантамі: цікавяцца потым яго здароўем, перажываюць сямейныя беды, а калі скончаць допыт і злачынцу перавядуць у іншую турму, следчы сумуе, не знаходзіць сабе месца...

Васіль не здаваўся:

— Не, хлопцы, што ні кажы, а — лягчэй стала дыхаць у пакоі. Прасцей, не так душна. Праўда-праўда!

Ведаючы яго непрымірымасць, партызаны прамаўчалі. Усе раптам схамянуліся — апошні час пачалі ўжо як бы і забываць, што сярод іх жыў нацыянал-сацыяліст, самы сапраўдны гітлеравец, які ў сваім самалёце вазіў нават фельдмаршала Герынга.

У наступны дзень разбушавалася дзікая завея. Лес хістаўся і гуў, яго песня без слоў то нарастала грозным акордам, то сумна цішэла,— бытта якісьці волат выказваў свой боль кад змучанай акупантамі Беларуссю ды не мог аніяк ні выказацца, ні супакоіцца. Дробны, прамерзлы, як асколкі шкла, снег мяло з дрэваў, падымала з зямлі, сэкла ім па тварах людзей. Раптоўныя парывы віхуры пераносілі сумёты з месца на месца, завальвалі дарогі і ўваходы ў зямлянкі. Над дрэвамі цераз імклівыя рваныя хмары сярэбранай сцёртай манеткай кацілася халоднае сонца.

Не сціхала завея, біла па дрэвах ды выла віхура і вечарам.

Сабраным у паход партызанам было загадана чакаць світання. Разведчыкі доўга рэзалі ў карты, заганялі «казла», травілі анекдоты ды меркавалі — дзе ж цяпер можа быць іхні «фашыст». Што самалёту ве-цер? Узніміся вышэй хмар — і ляці сабе. Вядома, гэты шчасліўчык ужо ў Маскве. Ці будзе суджана сваю сталіцу бачыць таксама і ім?

Хлоппы ўспаміналі, як бралі немца ў палон, як ён, зараза, агры-заўся і які быў пыхлівы, як абражаў хірурга, аднак — уціхамірыўся. Спачатку прызнаваў толькі камісара і Ладо, затым — іншых, а нарэшце прызнаў і Бергмана.

Паступова немец стаў карэктным і зважлівым, правіў ім вопратку ды абутак, мыў посуд, наводзіў у памяшканкі парадак.

У блакаду разам уцякаў ад карнікаў, пакорна валок на спіне партызанскае дабро — цярпеў усе нягоды.

Вечарамі на пару з Ладо забаўляў партызан ігрой на мандаліне, гітары. Калі ж далучаліся са сваім інструментам браты Гарчаковы, на канцэрт збягалася паўлагера.

Больш ніхто ад яго не чуў грубага слова...

— Хаця б па дарозе не ўцёк ад фурмана,— сказаў хтосьці без пераканання — для парадку.— У такім тоўстым кажусе чапаевец непаваротлівы, бы мядзведзь, немец жа — у шынеліку. Юркне паміж ядлоўцу ды паляціць у Расоны да сваіх!..

— Каб меўся ўцячы, зрабіў бы гэта пад Бухавам, калі танк затануў,— няўпэўнена заступаўся Ладо, бо трывожыўся і ён.— У тую гарачку часамі аднаго пакідалі і не ўцякаў...

За размовай праляцеў час.


26.

Раніцой разведчыкаў разбудзіў рэзкі стук. Герашвілі пры-слухаўся: хтосьці са двара біў, бы малатком, у дошкі, адчайна стагнаў:

— Лядо-о!.. Лядо-о!..

Адчыніўшы дзверы, грузін спачатку сваім вачам не паверыў.

Перад ім стаяў Гофмаы.

Немец так замерз, што больш не змог вымавіць і слова, а бязладным кулём зваліўся на парог. Грузін схапіў яго ўполкі, павалок у памяшканне.

Выяўляецца, з—за надвор'я самалёт усё ж такі прыйсці не здолеў. Параненых адправілі ў Сялявіцкі лазарэт. У неразбярысе чапаевец пра немца забыўся — ратаваў Віцьку Дземеха. Пакінуты палонны патаптаўся нейкі час сярод партызанскіх фурманак, пагрэўся ля коней ды адправіўся ў брыгаду.

Падзея падняла разведчыкаў на ногі. У печцы неўзабаве весела забушавала полымя. Пасадзіўшы Гофмана на калоду перад дзверцамі, хлопцы ўжо здзіралі з яго абледзянелую вопратку, сцягвалі замерзлыя на косць боты, снегам расціралі пальцы ног, сыпалі пытанні:

— I ты адзін мясіў сумёты цераз лес аж з Сялявішч, усе трыццаць пяць кіламетраў?

— Як жа ты партызанскія заставы праходзіў? Ты ж не ведаў пароляў!

Аслабелы ад недаядання, змардаваны дарогай і адубянелы ледзь не да страты прытомнасці, немец моўчкі соп ды нягнуткімі пальцамі стараўся ададраць са шчаціння пад носам лядзяшкі.

— Чаму ж ты ў гарнізон які не махнуў, не звярнуў з дарогі да сваіх фрыцаў? — пакпіў Ладо.

— Каб эсэсаўцы сцапалі мяне за тое, што ў палоне быў? — выбухнуў штурман.— Мяне на радзіме ўжо даўно пахавалі! Рэчы з полацкай гасцініцы адправілі дамоў, хлапчукі з «гітлерюгенд» паклалі іх на атласную падушку пад партрэтам фюрэра!..

Немец аж устрапянуўся, а яго глыбока запалыя вочы бліснулі злосным абурэннем:

— Думаеш, я табе няпраўду гаварыў? Чаму вы мне ўвесь час не верыце?!

I з той жа злоснай перакананасцю, дапамагаючы сабе жэстамі, мяшаючы ад хвалявання рускія, беларускія і нямецкія словы, усім аб'явіў:

— Гітлер — шайсэ, даўно вайну прайграў, пераканаюцца неўзабаве ўсе мае суайчыннікі! Я не хачу належаць да яго шайкі! К д'яблу ўсё — я не маю нічога агульнага з іх злачынствамі! Альзо, застаюся з партызанамі нават і тады, калі захочаце мяне расстра-ляць! Лядо, мэльдэн біттэ, камісару! Я ўдзячны свайму лёсу, што мяне закінуў сюды на пакуты і нягоды — з прыемнасцю іх буду несці і далей!

Апошні час Гофман бурчэў на суайчыннікаў, але партызаны падазравалі фальш: маўляў, лесціць, нягоднік, каб шкуру ўратаваць. I — на табе, такі ўчынак!

Раніцой у шалашы-сталоўцы адбылася такая сцэнка.

За сталом з грубых дошак сядзела з пятнаццаць партызан. З распаранымі ад гарачай стравы тварамі яны лыжкамі цягалі мясны булёнчык без солі ды не зводзілі з немца вачэй.

Гофман быў яшчэ злы — усё не мог адагрэцца. Яго разумелі і спачувалі. Здарылася б падобная сітуацыя ў Сялявішчах з кім—небудзь з іх, і кожны хлопец прыдумаў бы сем прычын збегчы ў якую—небудзь халупу ці зямлянку, каб пагрэцца ды папрасіць гарачай стравы. Немец жа баяўся, каб не прычапіліся да яго, не пазналі ў ім палоннага, не западозрылі лазутчыка. Мусіў цярпець і двое сутак на такім холадзе нічога не браў у рот. Лёгка было сабе ўявіць, як ён таўчэцца ля запрэжаных коней, прыкідваючыся, што іх корміць ды накрывае дзяругамі, затым паныла валачэцца трыццаць пяць кіламетраў па снежнай цаліне ў лагер, стараючыся перахітрыць брыгадныя заставы.

— Вілгэлм, табе мідаль трэба даць за гэта! — пахваліў яго грузін, падносячы лыжку да рота.

— Ад камандавання! — дадаў яго сусед.— А мы, покуль што, давайце пачэпім яму самаробны!

Немец быў у дрэнным настроі і раздражнёна гыркнуў на гумарыста:

— Што ты сярбаеш, як паравоз, не можаш есці па-чалавечы?!

Хлопцы дружна зарагаталі.

Грубыя лесуны, якія не аднойчы заглядалі смерці ў вочы, сэрцам бывалых людзей адчулі значнасць падзеі,— кавалер жалезнага крыжа, мацёры акупант, што ўсіх тут абзываў бандытамі, з іх дапамогай пераўтвараецца ў саюзніка.


27.

Завея памалу сціхла.

Як звычайна бывае ў такіх выпадках, за буранам ударыла адліга. Атрады саньмі адправіліся таптаць снег на партызанскі аэрадром, але калі прыляціць у Сялявішчы самалёт зноў, ніхто, ніводзін чалавек толкам не ведаў.

Чакаючы паўторнай адпраўкі, немец цяпер адчуваў сябе зусім прывольна. Адаспаўшыся ў цяпле, у наступныя дні, хадзіў куды толькі хацеў, а хлапчукі з сямейных зямлянак, убачыўшы яго здалёк, крычалі:

— Унь рускі немец!

Аднаго вечара разведчыкі з Гофманам адправіліся на канцэрт самадзейнасці ў доўгую будыніну — партызанскі клуб. Колькі ў блакаду самалёты кідалі бомбаў, секлі з бартавой зброі. Дзіркі дзяўчаты замазалі глінай, залу і сені Герашвілі з напарнікам упрыгожылі зноў лозунгамі ды карыкатурамі на немцаў — будыначак і далей служыў свайму прызначэнню. Сотні людзей з вінтоўкамі між кален, з аўтаматамі на шыі зараз у ім з аднолькавым запалам прытупвалі хвацкім танцорам, слухалі ігру на цытрах братоў Гарчако-вых, дэкламацыі з твораў Шолахава і Талстога, упіваліся пераборамі баяна сляпога Васіля Мураўёва. Рэакцыя была шчырай, жывой і бурлівай.

Ледзь не апаўночы ў абкружэнні партызан Ладо з немцам дабіраліся дамоў.

Хто такі быў Гофман?

Ён не пусціў пад адхон поезда, не ўратаваў з—пад шыбеніцы патрыёта — нават сам шкодзіў партызанам. Аднак чалавек гэты таксама зрабіў подзвіг — перамог сябе, даставіўшы партызанам прыемныя эмоцыі, таму зараз быў цэнтрам увагі.

Стары Архіп з Баканіхі — равеснік майго бацькі. Яны нават падобны адзін на аднаго характарамі. Як і майго старога, Архіпа тады не адзін дзень, мабыць, мучыла адно. Лічачы ўжо немца цалкам сваім, бытта папракаючы ўсіх астатніх яго суайчыннікаў, дзядзька з Баканіхі выпаліў:

— Слухай, лётчык, адкажы мне на такое. Твае немцы, халера іх не брала, людзі не дурныя. Навошта ж тады пайшлі на нас? Вайна — мукі, раны, кроў...

Дзядзькава пытанне Гофман прыняў усур'ёз.

— Яшчэ ніколі, фатэр, жахі не ўтрымалі людзей ад вайны. Кожны думае: на такой бойні памрэ не ён. Зрэшты, войны цяпер плануюцца асобнымі дэмагогамі. Такія тыпы іграюць на патрыятызме сваіх народаў ды ўводзяць людзей у зман.

Партызаны не спадзяваліся павароту гутаркі на гэткі ўзровень, з павагай прыціхлі. Цемра не давала бачыць, ці дзядзька зразумеў немца. Стала чуваць — нехта баўтануўся ў глыбокую лужыну, вылаяўся:

— Япо-онскі бог!.. I так было поўна ў боце вады, шчэ налілося праз халявы! Дзіва, што фашысты нас б'юць! У лагеры парабіць чалавечыя пераходы нельга?!

Гофман доўга не мог прызвычаіцца да слова «фашыст». Толькі ў Італіі шайка Мусаліні так называлася, немцы ж — не макароннікі якія. Тым не менш тэрмін існаваў, даводзілася мірыцца.

Немец падхапіў партызана:

— Неразбярыхай вы якраз і дужыя. У нашых усё спланавана і прадбачана. Вымерана, колькі масла, шакаладу есці салдату, калі ехаць у адпачынак, колькі цвікоў насіць на левай падэшве, на правай і колькі мець у запас, калі ўставаць і класціся... Вы ж не па статуту — трах, бах! — па якой—небудзь часці — і ўсе нашыя планы з тэрмінамі ляцяць да д'ябла. Бо выбухі вашага гневу, зацятасць у планы не ўпіс-ваюцца. Такой імправізаванай неразбярыхай і вайну ў немцаў выйграеце!

Партызаны выбухнулі здаволеным рогатам.

— Оу-у, вы, рускія, майстры на імправізацыі. У такіх суровых умовах — канцэрт, як у сталічнай зале кансерваторыі. Сем-восем самадзейных артыстаў класічнымі творамі цэлы вечар увагу слухачоў трымалі, до-онзрвэтэр!

— У нямецкай арміі канцэртаў не наладжва-юць?! — дзівіліся партызаны.

— Наладжваюць, але такія, што выклікаюць зубаскальства ды жывёльны рогат. Карысна для здароўя салдат — сцвярджаюць урачы. Яшчэ ў нас чамусьці ў пашане гумар вісельніка. Вашыя ж канцэрты тонкія, а смех — ачышчае душу і прымушае перажываць. Падобнае я назіраў у Францыі, Італіі. Толькі там дадалі б яшчэ сексуальнай афарбоўкі.

— Камісар не дазваляе! Паказалі б такі табе секс, што французам і не снілася, праўда, хлопцы? — заўважыў бліжэйшы хлапец, і ўсе зарагаталі зноў.

— Ты разумеў адценні дэкламацыі? — дапытваўся грузін сваё.— У Кахэціі з малых год даводзіцца гаварыць з армянамі, рускімі, туркамі. Мовы даюцца мне лёгка. Але за чатыры мссяцы я нэ здолеў бы гаварыць так па-тутэйшаму!

— З парашутам ніколі не скакаў? Каб раскрыць яго, калі нырнеш за борт, дастаткова затраціць паўтары секунды. За гэты міг павернешся ў паветры, тузанеш за ручку ды яшчэ пару маніпуляцый зробіш. Ва ўмовах вучэбных хутчэй за шэсць секунд парашута яшчэ ніхто не адкрываў! Альзо, у стрэсавай сітуацыі складанасці асвойваеш хутчэй. Лешпы спосаб вывучыць мову — поўнасцю акунуцца ў моўнае асяроддзе, не мець магчымасці нават перакінуцца па-свойму словам, пачаць ужо і думацьна чужы лад і нават — сніць. Сам ведаеш — усё якраз я тут меў.

Вярнуўшыся з канцэрта, хлопцы і не думалі класціся спаць. Пад Сталінградам ішоў разгром абкружанай арміі Паўлюса, узбуджаныя партызаны загаварылі пра наступленне. Нехта знайшоў у сябе трафейную газету «Фолькішэр бэобахтэр», папрасіў былога штурмана перакласці, што яго суайчыннікі пішуць пра «кацёл» над Волгай.

У партыйным органе Гофман знайшоў пералік падзей за мінулы тыдзень, зроблены галоўным аглядальнікам прэсы — самім генералам Дзітварам. Высакапарнымі словамі гітлеравец паведамляў нямецкаму народу аб скарачэнні ля Дона лініі фронту, пра голад у Ленінградзе ды высмейваў лютыя атакі чырвонаармейцаў на нямецкія кулямёты пад Вязьмай без танкавага і авіяцыйнага прыкрыцця. Пералічыў яшчэ затопленыя падводнымі лодкамі караблі ў Атлантыцы і намаляваў разгром японцамі амерыканцаў на выспах Ціхага акіяна...

Спакойна, шчыра і без падлізвання, за што разведчыкі так яго паважалі, Гофман ахвотна растлумачыў:

— Першы шок, выкліканы абкружэннем найлепшых нямецкіх дывізій, у нашых фанабэрлівых задавак мінуў. Сталінградскую сітуа-цыю партыйныя бонзы лічаць покуль што не трагічнай — усё яшчэ не адвучацца глядзець на падзеі вачыма пераможцаў. Нічога, галоўнае вамі ўжо зроблена, патрэбен толькі час. Дасягнеце Германіі, і справа пойдзе хутчэй — дарогі ў нас выдатныя.

Успомнілі лужыну, у якую трапіў партызан, парагаталі.

Спаць нікому не хацелася. Грузін узяў мандаліну, разведчыкі — балалайку, бубен, а немцу далі гітару. Пачалі настройваць інструмент і думаць — што б та-кое сыграць.

Выручыў Ёган Штраус, якога хлопцы ведалі «тры каленцы». Штурман узяўся вучыць вальс «Над сінім Дунаем» на «вооем кален»...


28.

У наступыы дзень Ладо памяняўся з Гофманам абуткам ды пакрочыў з разведчыкамі аж за Расоны, пакінуўшы немца аднаго. Разведчыкі ведалі — у яго завялася сімпатыя.

Гордую прыгажуню з гарбінкай на носе немец заўважыў яшчэ ў час блакады. Драўляным малатком яна лупіла па металёвым шпяні казённай часткі гарматы. Цяпер яе гаўбіца, разам з іншымі трыццаццю пяццю гарматамі, мерзла ў Заазер'і, а маладзіца вучыла сірот.

Гофман і хвіліны не сядзеў без занятку — нешта чысціў, выра-заў, свідраваў, скрэбаў, і неяк атрымалася само сабой, што сталі яго пасылаць настаўніцы на падмогу. Неўзабаве ёй змайстраваў бачок для вады. З кавалачкаў шкла ўставіў шыбы. Адрамантаваў швейную машыну. Насіў сухія дровы...

Аднойчы з Прорубі Гофман прынёс для сімпатыі такі падарунак, што ў лесе загаварылі ўсе жанчыны.

Хадзіў ён тады з хлопцамі па харчы ў лясную вёсачку. Вяртаю-чыся ў лагер, усе заўважылі адтапыраны на грудзях у палоннага шынель і дружна загаварылі:

«Ха, немец наш таксама абарахоліўся!»

«Мабыць, кіслай капусты ў гладышку напіхаў і беражэ!»

«Глядзі, як хутка акліматызаваўся!..»

«Захацеў бы жэрці, акліматызаваўся б і ты!»

Тым часам у лагеры ён выняў з—за пазухі ды ўручыў настаўніцы гліняны вазончык з кветкамі кітайскай ружы.

«Ой, няўжо — мне-е?!.» — толькі ўскрыкнула ў захапленні яна, удзячна бліснуўшы белымі зубамі, але зараз жа ўзяла сябе ў рукі: быт-та нічога не здарылася, панесла гаршчочак да акна.

Партызаны здзівіліся: як ён умудрыўся прыперці расліну цэлай, у якой хаце раздабыў?!.

Пакінуты цяпер штурман начысціў старанна рудыя і дзіравыя боты Герашвілі, давёў да ладу вушанку, зацыраваў прапалены ля вогнішча шынель ды праверыў, ці выгарала ў печы. Больш рабіць не было чаго, ён абвёў памяшканые вачыма.

На стале блішчэў пакінуты Васілём радыёпрыёмнік.

Гофман падключыў батарэі, навёў апарат на Берлін. З першых гукаў, што ўварваліся ў памяшканне, стала зразумелым — трапіў на «хвіліну нацыі» [24].

Гучэў якраз любімы Гітлерам «Badenweilermarsch». Гофман заўважыў раней,— нямецкія маршы хоць і халодныя, але абсалютна дасканалыя: у чалавека на працягу хвіліны прымушаюць забываць на стому і ты чуеш толькі рытм, які разыходзіцца па целе ды прыводзіць цябе ў рух. Вось і «Badenweilermarsch» праз пару секунд паланіў ужо і штурмана — ён і не згледзеўся, калі стаў выбіваць такт.

Музыка раптоўна абарвалася, эфір запоўніў крыкун.

Упэўнены, добра пастаўлены голас загаварыў пра татальную мабілізацыю, пачаў будзіць у несвядомых скандынаваў, халодных датчан ды галандцаў кліч нардысцкай крыві, заклікаць іх дружна станавіцца пад пераможныя штандары фюрэра.

Недзе пад кожным рэпрадуктарам на плошчах Германіі застылі зараз на смірна па два абмундзіраваныя юнакі з «Hitlerjugend», астатнія ж немцы на поўным сур'ёзе слухалі брахуна. Уявіў сабе ўсё гэта Гофман і апарат выключыў.

Намерыўся схадзіць у школу — проста так, каб зноў зірнуць на сімпатыю. Не вытрываў, на палове дарогі завярнуў да кухні чым—небудзь пажывіцца.

Убачыўшы неззычайнага госця, дзве маладыя кухаркі запрапа-навалі немцу сырую бульбу. У лагеры, Гофман даўно заўважыў, панаваў якісьці, невядомы яму дагэтуль, клімат у адносінах паміж мужчынамі і жанчынамі. Яму нават цяжка вытлумачыць, у чым справа: смех казаць! — толькі з гэтымі жанчынамі ён не ведаў, як сябе паводзіць, хоць не ўзнікала праблемы, калі бываў сярод італьянак ці францужанак. Звярталася да яго партызанка — і ён ужо адчуваў збянтэжаную няўпэўненасць. Атмасфера такіх сустрэч была па-новаму заманлівай, прасякнута чароўным сэнсам.

На кухні Гофмана не пакідала знаёмая нясмеласць.

Дзве дзяўчыны, што зараз былі перад ім, учора на сцэне дробна выстуквалі абцасікамі «Крыжачок», хвалявалі паўтысячную аўдыто-рыю мужчын, а вось цяпер, пачапіўшы ля лозунга на абсмолены сучок карабіны, з наматанымі на галовы, па мясцоваму звычаю, цёплымі хусткамі,— рыхытавалі атраду абед. Ад незразумелага самім дзяўчатам вясёлага неспакою яны мітусіліся паміж катламі, плюхалі без патрэбы ў вар апалонікі ды бразгаталі нажамі.

Дзяўчат немец адчуваў кожнай клетачкай свайго цела.

Спёкшы на прысаку пару бульбін, пагрэўшы рукі, ён буркнуў некалькі руска-беларускіх слоў у адказ на залётнае пахіхікванне гарэзніц ды пакрочыў далей.


29.

Каб зберагчы некаторыя будынкі ад нямецкіх самалётаў, позняй восенню перавезлі іх у лес ды паставілі пад векавыя елкі і сосны. Так узнік партызанскі клуб, потым — будынак школы.

Яшчэ не ў зусім уцепленай хаце маладзіца, абвязаная гэтаксама ваўнянай хусткай узорыстай вязкі, вяла заняткі. На старых партах цюпіліся захутаныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Перад імі на чорнай дошцы каліграфічным почыркам было напісана:

«СМЕРЦЬ НЯМЕЦКІМ ЗАХОПНІКАМ!!!»

Малы у растаптаных валёнках ніжэй выводзіў каракулі:

«Мой тата ўчора забіў двух фашыстаў...»

Напісанае немцу здалося поўным вялікага сэнсу. Ен перавёў пэзірк на артылерыстку.

Гофман ужо меў магчымасць звыкнуцца з тутэйшым спосабам быту. Ого, што было б, калі б беларус ці рускі, так як немец, запатра-баваў у сваёй кабеты пачысціць яму боты! Прызвычаіўся штурман і да мясцовага спосабу апранання, якое, як раней яму здалося, абязлічвала ды рабіла жанчын шэрымі. Наадварот. Грубая хустка на галаве і жакет настаўніцы для яго цяпер яшчэ больш падкрэслівалі жаночую прывабнасць. У немца зачасціў пульс, яго пацягнула да нас-таўніцы, як магнітам.

Гофман выразна бачыў — яна адразу заўважыла, хто пазірае з сяней, выдатна разумее, што робіцца ў яго на душы, аднак не павяла і брывом, а з той жа мацярынскай клапатлівасцю рабіла вучню заўва-гу. Ён падумаў: у немкі сардэчнасць была б службістай, па абавязку, і засумаваў менавіта па такой — цёплай, натуральнай, чалавечай.

Зноў агарнула немца збянтэжанасць, падумалася — покуль сюды ішоў, напэўна, сачылі дзесяткі пар цікаўных вачэй за кожным яго крокам. Ад агалёнага намеру немцу зрабілася няёмка. Пару хвілін ён патаптаўся ў сенцах, праверыў пазногцем, ці шчыльна сядзіць шкло ў шыбіне, і пашукаў на падаконніку вазон.

Кветкі ад холаду паморшчыліся, сталі падобны на макаўкі.

Немец заглянуў у скрыню, куды ўчора паставіў адрамантаваную машыну «Зінгер». Пуста. Настаўніца вечарам забрала ў зямлянку,— адразу яму пацяплела на сэрцы. Пару хвілін паназіраў яшчэ за класам і асцярожна павярнуў. У сенцах пачуў — нехта з малых паддобрываў-ся:

— Галіна Мікалаеўна, а да нас рускі немец чагосьці прыходзіў!

— Няўжо?! — разыграла яна здзіўленне.

— А-га-га! — пацвердзіў дружна дзіцячы хор.— Шыбы чамусьці правяраў!

— I ў скрыню заглядваў!..

— Ладна, дзеткі, працягваем урок! Да дошкі цяпер пойдзе...

На вуліцы Гофман напаткаў стомленых партызан. Два каржака-ватыя хлопцы валаклі на сабе па мяшку солі.

Партызан убачылі праз цьмяныя акенцы вучні і ўсе, як адзін чалавек, сыпанулі на двор. Малыя ў момант абступілі хлопцаў, загаласілі:

— Дзядзя-а, дай со-олі!

— I мне-е!..

— Дайце, дзядзя-а!..

— Хоць кры-ышачку!..

Камандзір групы загадаў:

— Мішка, выдай ты ўжо ім, хай не прыстаюць — выхаванцы Галі з гаўбічнай!

Пярэдні партызан гупнуў мяшок на пень, крыкнуў:

— Хто просіць, ты, Света? «Сіні платочак» праспяваеш?

З грымасай, бытта сапраўдная артыстка, малая смехам праспя-вала і кінулася да развязанага мяшка. За ёю рыкулі вучні. Перакры-жаваны рамянямі, абвешаны гранатамі, пузатымі сумкамі, біноклем і аўтаматам, хударлявы хлопец вялым ад стомы голасам прабурчэў:

— Не ўсе адразу, падшыванцы, не трапятацца так!..

Неўзабаве кожны з вучняў атрымаў па жменьцы шэрай солі. Ма-лыя адразу пачалі набіваць яе ў рот і смактаць з прагнасцю, бытта цу-кар. Камандзір жа з—за халявы дастаў дзюралевую лыжку і, асцярож-на набіраючы, кожнаму адмераў яшчэ і ў анучкі. Затым ададраў лапінку, насыпаў порцыю зноў. Завязаў рагі ды падаў палоннаму.

— Паеш, фрыц, салёненькага і ты. Дам яшчэ — настаўніцы занясеш!

Але тут падышоў дзяжурны і палоннага забраў.


30.

У штабным памяшканні Гофмана чакаў Бергман з канваірам і Ганс Ёдке — лётчык з «хейнкеля», збітага партызанамі цёплай восен-ню, калі немцы бамбілі пераправу. Ёдке таксама адпраўлялі ў тыл. Камандаванне партызан рыхтавала на палонных лётчыкаў паперы.

— Сядай, начальства зараз з'явіцца!— запрасіў Бергман штур-мана.

Гофман павітаўся з хірургам, падаў руку і канваіру,— з ім летам збіваў платы на сакалішчынскі мост. Невялічкі, з рабенькім тварыкам і тонкімі вуснамі суайчыннік руку працягваў неахвотна. Ёдке задзі-раўся з партызанамі, і толькі дзіва брала, што да гэтай пары з ім цацкаюцца.

Сустрэча абодвух палонных павінна быць радаснай.

«Ты адкуль?»

«А — ты?»

«Што будзе з намі, не чуў?»

«Не. Як там нашыя, не ведаеш?..»

Тым часам лётчык-бамбардзіроўшчык з ходу наваліўся на свайго земляка:

— Цябе, Гофман, маслам, вядома, і сёння кармілі?

— Што далі, тое і еў,— штурману не ўпершыню даводзілася агрызацца ад прыдзірак суайчынніка, якога ўвесь час трымалі пад строгай аховай.

— Думаеш, не пакаўзнешся на ім! Ха, яшчэ як! Афіцэр, верны кодэксу гонару, першым чынам падумаў бы менавіта пра гэта!

— Ведаю, што скажаш яшчэ, Ordung muss sein! Befehl ist Befehl! Heine Ehre hist. Treue[25] — пустыя фразы для гітлерюгенд, Ганс.

Вільгельм паблажліва зірнуў на дробненькага суайчынніка, нявесела ўздыхнуў:

— Ох, гэтыя сумленныя ды верныя кодэксу гонару афіцэры заўсёды служылі гаспадару — усё роўна якому!

Сведка спрэчкі паміж нямецкімі авіятарамі хірург Бергман мне расказзаў,— штурман і адзывацца не хацеў, але Ёдке яго справака-ваў.

У памяшканне якраз увайшла бабка, пачала насыпаць у каску сушаных грыбоў для кухні ды насцярожана цікаваць на палонных. Бамбардзіроўшчык, як певень, насядаў на суайчынніка:

— А як будзе з тваёй прысягай, як? Маўчы-ыш, шавец дратвай табе рот зашыў?! Глядзіце, не пачырванее нават! Прытупіў ты, Гоф-ман, у сабе сумленне нямецкага афіцэра! Абяцаю: трапім да сваіх, і загаворыш ты ў мяне праз дзіркі ад зубоў! А дома — на мыла цябе пусцім, я ж ужо пастара-аюся!

Гофман не вытрываў:

— Што ты вярзеш, ідыёт? Што сунеш мне сваю прысягу, што ты ў ёй разумееш? Прачніся, дуралей, як прачнуўся я! Вайна стала безна-дзейнай авантурай! Прадаўжаць яе — дзейнічаць у інтарэсах Гітлера і твайго тоўстага шэфа і марфініста Герынга! Фюрэр і праўда, як казалі ў Германіі,— выпадак параноя ў сусветнай гісторыі! Яго бязглуздыя ідэі гіпнатызуюць такіх як ты дуралеяў ды робяць паслухмяных марыянетак!

Гофман паказаў на бабку і канваіра:

— Што мне кепскага зрабілі гэтыя людзі, каб я ваяваў супроць іх? Чым дзеці, што ядуць жменямі соль, правініліся перад Германіяй? Толькі тым, што сталі паміж ашалелым Гітлерам ды яго дзікунскай ідэяй «лебенсраўма»!

— Майн гот! I гэта гаворыць нямецкі афі...

— Слухай! Калі думаць па-твойму, то няхай загіне Германія, толькі я быў чысценькі — захаваў вернасць прысязе! У даным выпад-ку падпарадкаванне не прыносіць мне гонару, таму я выбраў непад-парадкаванне! Звязаныя з прысягай учынкі, што прыносяць бліжня-му шкоду, паводле хрысціянскай маралі чалавека ад яе вызваляюць!

— А-а, цябе ўжо і праўда купілі бальшавіцкія камісары за пахлёбку?! — схапіўся Ёдке з месца ды кінуўся на Гофмана.

Канваір зарагатаў. Бабка закрычала:

— Міша, шчэ пазабіваюць тут немцы адзін аднаго, а ты зубы будзеш скаліць?

— А ну, фрыцы, маць вашу... эамаўчыце! Разышліся тут! — зароў вартавы ды замахнуўся прыкладам.


31.

Каб даць які—небудзь занятак палоннаму да адпраўкі, хірург пратрымаў яго потым цэлы тыдзень у сябе. Немцу давялося такім чынам пабыць у расонскім лесе і санітарам, пазнаёміцца яшчэ з адным бокам партызанскага жыцця.

«Жываты» хірург адкладваў для эвакуацыі. Затое звычайнай нажоўкай, працёртай самагонкай, адпілоўваў параненым хлопцам рукі ці ногі.

У першы дзень санітар-калонны адвалок у яму вядро з абрубкам васковай нагі — з драпінамі ды чорна-сінімі пражылкамі. Тое, што Бергман рабіў, не мела нічога агульнага з аперацыяй і ўяўленнем аб дапамозе медыка. То была цяжкая фізічная праца з нажом ды пілой у руках. Гофману прыйшло на памяць прачытанае ў кніжках, як некалі вымалі з грудзей рыцараў гроты: чаплялі бердышам, нагой упіраліся параненаму ў жывот ды з усяе сілы цягнулі канец стралы; альбо нагіналі бярозку, прывязвалі верхавінку да абломка стралы, што тырчэў з цела, і бярозку адразу ж адпускалі...

I ў падобных умовах хірург Бергман ухітраўся вылечыць хлапцоў ды нават вяртаць у строй.

Лагер цярпеў ад бамбёжак, блакад, вечнага неўладкавання і чакання вестак пра смерць ці калецтва блізкіх, якія жылі па вёсках, а туды часамі прарываліся карнікі. Але найбольш людзі пакутвалі ад таго, што не мелі чым пасаліць страву. Убачыўшы ля школы згаладнелых па солі дзяцей, немец стаў яшчэ больш уражлівы і з цікавасцю прыслухоўваўся да размовы ўрачоў.

Выяўляецца, «саляная праблема» зводзіць людзей даўно.

Ненавісны саляны падатак быў адной з тых прычын, якая запаліла агонь Вялікай французскай рэвалюцыі.

Напалеон праз 1З гадоў падатак аднавіў, і лёс яго сурова пака-раў. Адступаючы з—пад Масквы, войска перажывала саляны голад, які да рэшты аслабіў супраціўленне людскіх арганізмаў: раны, што праз тыдзень-два звычайна зажывалі, цяпер былі смяротнымі, салдагы гінулі тысячамі...

А ўсё таму, што натрый мае ўплыў на работу мускулаў і сэрца, прымае ўдзел у імпульсах нерваў, усваенні бялка ды рэгулюе абмен паміж клеткамі.

I шэрасць твараў, шалушэнне скуры, слабасць, што назіралася ў партызан пасля блакады, ішла ад салянога галадання, не давала спа-кою лекарам. На кожным кроку медыкі даводзілі камандаванню — людзі ў лагеры трымаюцца толькі на сіле духу, гэтым злоўжыв'аць нельга.

Брыгады адпраўлялі па соль групы за сотню кіламетраў аж у Ла-твію, дзе яе здабывалі з баямі. Ва ўсіх партызанскіх буданах-кухнях дактары вывесілі лозунгі:

«ПАРТЫЗАН, НЕ ХАВАЙ СОЛЬ У СКЛАДКАХ АДЗЕННЯ. ПАДЗЯЛІСЯ З ТАВАРЫШАМ!!»

У Шнітаўцы прывязаныя каля хлеўчыка партызанскія коні з такой заядласцю грызлі сцены, што ледзь можна быдо іх адцягнуць. Нехта спахапіўся:

— Да вайны тут быў саляны склад сельпо! Даведаліся медыкі і адразу загадалі: хлеўчык разабраць, бярвенні парэзаць на кавалачкі і кідаць у катлы. Для нарыхтоўкі «пасоленага дрэва» ў шпітальную кухню накіравалі санітараў з Гофманам.

Сёрбаючы потым з хірургам пасолены такім дрэвам «рататуй-чык», немец расказаў Бергману, як на яго вачах бедныя дзеці жменямі набівалі рот соллю ды смакталі, бы цукеркі. Са злой перакананасцю дадаў:

— Не ведаю, Давід, ёсць на небе бог, ці — не, але я ўпэўнены, што ў прыродзе нічога дарам не прападае. Усе гэтыя пакуты вашага народа вылезуць нацыстам бокам, пабачыш!

То было апошняе выказванне Гофмана, якое запомнілі ветэраны.


32.

Вярнуўшыся з Расонаў, разведчыкі ўжо Гофмана не засталі.

У тыл немца адправілі на гэты раз з аэрадрома ў Роўным Полі. Герашвілі ў спадчыну засталася брызентавая сумка з Бібліяй, газетамі і з пісьмамі да нямецкіх салдат ад іх сваякоў (некалькі штук з якіх і прыводзіў я ў гэтым тэксце).

Неўзабаве з Цэнтральнага Штаба Партызанскага руху прыйшла на Расоншчыну радыёграма-паквітаванне. Пасланне тое разведчыкаў надта здзівіла. Судзіце самі.

Змест радыёграмы быў прыкладна такі:

«ДЗЯКУЕМ ЗА ШТУРМАНА КРОПКА ВІЛЬГЕЛЬМ ГОФМАН АКАЗАЎСЯ МАЦЁРЫМ ФАШЫСТАМ I НЕБЯСПЕЧНЫМ ВОРАГАМ КРОПКА ЁН КАШТОЎНЫ ДЛЯ ШТАБА КРОПКА».

Што ж, у вайне намячаўся пералом, але гэта ўсё яшчэ быў 1942 год, і кожны немец выклікаў перабольшаную насцярожанасць. Хочац-ца верыць,— потым, пры допыце, справа са штурманам высветлілася, ён заняў адпаведнае месца ў шэрагах нямецкіх антыфашыстаў.


ЭПІЛОГ

1.

Нядаўна пабываў я на сустрэчы партызан, што дыслацыраваліся над Дрысай. Спатканне арганізавалі ў Бухаве, якраз там, дзе рэчка выбіла глыбокую яміну.

Да мяне прыстала касавокая бабуля.

Навокал кіпелі страсці, гучэлі охі і ахі, а ў настырнай цёткі свой клопат — сын у турму трапіў. Злачынства зрабіў агіднае — згвалціў падчарыцу і атрымаў законныя дзесяць год, але маці як маці, мірыц-ца з прысудам не магла. Гарачымі просьбамі бабка, мабыць, абрыдла ўсім знаёмым «начальнікам», а зараз з наіўнай верай упарта прыста-вала да прыезджага «пісацеля».

— Тава-арышу, у мяне ж ён адзінае дзіця-а! — ныла.— Бацька на міне падарваўся, калі хлопчыку стукнула толькі паўтары годзіка, расло сіраці-іначкай, без цвёрдай рукі-і, што я, кабета, адна магла-а?! Дапамажы-ыце, таварыш пісацель, вы ж вучаны, усё мо-ожаце!..

— Ладна, Тацяна! — бесцырымонна перабіў старую ветэран Каралёў.— Скажы лепш іншае. Слухай, твой нямецкі танк з зеніткай на дне так і ляжыць?

Бабка паказала ва ўсмешцы ўстаўленыя бліскучыя зубы:

— А куды ім падзецца, Раман?

— Адно цяпер да мяне дайшло,— Лысенкава Таня, што паказ-вала нямецкаму афіцэру брод!! Гм, звычайная бабуля, ды з такой асабістай трагедыяй?!

Убачыўшы, што кіем тыкаю ў ваду, бухавец растлумачыў:

— Э, каб што—небудзь нашчупаць, трэ тычыну добрую! Глыбіня тут мераная — 14 метраў! Прыязджалі нават з «Масфільма», хацелі танк з прычэпам з ямы вывалачы, але іл засмактаў усё — як цэментам заліў! Памучыліся масквічы — аж шкада іх было! I трактары сюды загналі калгасныя, і людзей склікалі, лябёдкі прымянялі, калаўроты майстравалі, так і гэтак падступаліся, а ўсё дарма. Магілу выбралі сабе немцы пэўную.

I ніякай злосці да гітлераўскіх салдат — бытта гэта суседскія хлапчукі, што палезлі ў садок па яблыкі I сарваліся з дрэва, другі партызан са спачуваннем прамовіў:

— Паслухаліся дурной бабы, паперлі ў чортава месца. I п'яныя, здаецца, не былі. Мабыць, збілі з толку дзве сцежачкі, а ты, Тацяна, выскачыла адтуль з—за рога. I хлопчык на руках у цябе, памятаю, быў, праўда?

— Алеу— падтакнула кабеціна з вінаватай разгубленасцю.

Раптам успомніла, уся аж устрапянулася:

— Ва-анечка, зо-олатца, то мо ты паможаш яму? Сам жа ве-едаеш, як яго бацька загінуў! Хто за бедную сіраціначку засту-упіцца, хто з тае турмы яго цяпер вы-ыцягне! Ды й віна яго невялікая! Прый-шоў пасля палучкі п'яны, жонцы не было куды яго прыткнуць, пакла-ла з падчарыцай, а потым, гадаўка, шчэ і сама ў суд падала на чала-века, ці ж гэта справядліва, скажы, так рабіць?!

Божа мілы, арыштантам якраз і быў той хлопчык, якога маладзіца трымала на руках!

Я пастараўся знайсці ў кабеціны хоць што—небудзь з мінулага, але як ні прыглядаўся, а бачыў адно зруйнаваную жыццём вясковую бабулю.

Гэтым часам ветэраны ўсё прыбывалі. Былыя адчайныя развед-чыкі, танцоры і гулякі — людзі цяпер пажылыя ды самавітыя — раптам парабіліся зноў такімі, як былі некалі, а эмацыянальным выкрыкам ды радаснаму здзіўленню не было канца. Стараючыся нічога не ўпусціць, я ледзь паспяваў натаваць сабе ў блакнот размову.

Белы, як лунь, грузін здзівіўся:

— Гэта — ты, Касы?! Другі нумар з «дзегцяра», што збіў летам «хейнкеля» ля Перавоза?

— Я, Ладо. Прывітанне!

Сябры кінуліся ў абдымкі. Пра грузіна сёе-тое я ўжо чуў, расказвалі пра яго, мяне чалавек зацікавіў, і я застыў.

— А памятаеш, як тады бабы сцапалі твайго лётчыка?

— Яшчэ б не памятаць!..

— Сцапалі нават шчэ з парашутынмі лямкамі на плячах ды ледзь не акалечылі!

— Ну!.. Наш Раман Ягоравіч кажа на допыце яму: «Памятаеш, фрыц, 1812 год?» А той: «Цяпер — 1942!» Падляцеў Пецька кухар ды на яго: «Стараста з Перавоза табе рабрыны паломіць — навошта пеўня бомбай забіў? Адзін быў на цэлую вёску, і ты ўгробіў — куры вырадзяцца цяпер!» Немец яму: «Мы ведалі, што людзі ў лес паўцякалі, апрача курэй у вёсцы нікога няма, але загад ёсць загад!» Урэдны такі зараза немчык трапіў!

Грузіы не вытрываў, дапамог:

— Тады Ягоравіч загадаў: «Насця, вазьмі яшчэ каго з дзяўчат і адвядзі лётчыка ў штаб!»

Бо нашыя хлопцы па дарозе хлопнулі б нацыста ды заявілі б — уцякаў. Затое бабы нашы былі надта службістыя — ніякіх вольнасцей сабе не дазвалялі! Немец і праўда трапіў паганы!

I тут Герашвілі спахапіўся:

— А дзе наш «рускі неміц»? Той штурман-радыст з «Юнкерса-52», з якога я натуру пысаў дла краснапольскай Ніны — сястры Васіля? Пайшоў на заданне за Расоны, вяртаюся, а яго ўжо адправілі ў Роўнае Поле з дзяцьмі-сіротамі. Перад заданнем памяняўся абуткам з ім. «Табе, Вілгэлм,— кажу,— у Маскве выдадуць боты са склада, а я тут на заданні па балотах пахаджу ў тваіх нымэцкіх!» О, што і цяпер у мі-не ляжыць яго брызентавая торба з салдацкімі пысмамі ды газетамі!..

Размова адразу перайшла на Гофмана. Успомнілі тэлеграму, прыціхлі, а я насцярожыўся.

Ветэраны пачалі ўспамінаць, як штурман-радыст ратаваўся работай, які быў акуратны, з якой няўклюднай упартасцю заляцаўся да настаўніцы, вучыў грузіна на мандаліне іграць Штрауса, як з бабскай жаласці партызанкі падкармлівалі немца і жаласць паступова перадалася мужчынам...

Нехта выказаў нават думку: следчыя, мабыць, пераблыталі штурмана з лётчыкам Ёдке з «хейнкеля» — той і на Вялікую зямлю паляцеў заядлым гітлераўцам.

Нічога не пераблыталі, хлопцы,— цяжка ўздыхнуў самы пажылы ветэран.— То быў час — не дай бог. Нават нас, савецкіх людзей, тылавыя разумнікі пасля вызвалення колькі цягалі і дапытвалі — дзе быў, як з лагера ўцёк, чаму не загінуў як іншыя!.. У «Жывых і мёртвых» Сіманава ўсё гэта праўдзіва апісана!.. Сабе ўяўляю, як да немца тады чапляліся?..

Хвіліну маўчалі. Вінаваты Ладо прызнаўся:

— Калі я даведаўся пра тыліграму, мяне доўга грызла сумленне: навошта шчэ і боты ў яго забраў!

Ветэраны сталі меркаваць: што ж з тых дзён немец запамятаў найбольш? Усе былі ўпэўненыя — былога штурмана, вядома, не раз, не два цягнула на шматпакутную Віцебшчыну, дзе з партызанамі паспытаў радасць і бяду, дзе адкрыліся яму вочы і ён скінуў з сябе налёт карычневай чумы.


2.

Агульнавядома — у Вялікую Айчынную вайну загінуў кожны чацвёрты беларус.

Прапорцыя гэтая не адносіцца да Віцебшчыны.

Там склаў галаву — кожны другі ці трэці. Былы штурман, калі яшчэ недзе жыве, напэўна страціў бы спакой, даведаўшыся,— яшчэ і зараз насельніцтва шматпакутнага краю над Дзвіной і Дрысай не дасягнула і блізка даваеннага ўзроўню.

Праз Віцебшчыну месцамі можаш ехаць трыццаць, а то і ўсе сорак кіламетраў і не толькі не ўбачыш ні аднаго дома — не спаткаеш звычайнага ўказальніка, што побач, праз кіламетр ці два ад асфальта ляжыць такі і такі населены пункт. Толькі астаткі прысад, здзічэлы куст бэзу напомняць часамі, што вось, дакладна ў гэтым месцы жыла некалі і любіла кветкі сям'я, а там, дзе размытыя дажджамі контуры шматлікіх падмуркаў ды кавалкі цэментавага круга ад калодзежа — жыў цэлы род.

У гэтым шматпакутным і святым закутку краіны ёсць зараз цэлыя раёны, дзе існуе толькі па некалькі вёсачак, а чыгунка Полацк — Дно — Ідрыца дагэтуль так і не адбудавана — няма каму і для каго аднаўляць пуць.

Хто палічыць сляпых, бязрукіх ды бязногіх віцяблян і тых духоўных калек, што, падобныя да сына Лысенкавай Тацяны, раслі пасля вайны, як прыдарожны лапух — сіратамі, у нэндзы ды брудзе, без належнага кантролю, покуль мацяркі, запрэжаныя ў бораны, гаравалі на полі, ад чаго псіхіка дзіцяці давала нечаканы зігзаг.

Часамі адзін аднаму скардзімся, што многа ў нас хуліганаў ды злачынцаў, маладых гультаёў і абібокаў, ды яшчэ дзівімся — адкуль яны ўзяліся. А ці не прычына ўсяму тое, што няшчасныя гэтыя хлопцы былі пазбаўлены здаровага і жыватворчага мікраклімату, які б напэўна стварылі для іх мільёны бацькоў і дзядоў, калі б тыя мужчыны не склалі на вайне свае галовы.

Але гэта ўжо іншая тэма.


3.

Некаторая насцярожанасць ды аўтарскі вопыт прымусілі мяне пры напісанні гэтай неверагоднай гісторыі прозвішча нямецкага штурмана замяніць. Рабіў я гэта з вялікай неахвотай і шчыра спадзяюся — пры першай магчымасці з'езджу ў Падольск, пакапаюся ў вайсковых архівах, выяўлю сляды свайго героя, навяду кантакт, даб'юся ад яго дазволу ды ананімнасць асобы ў творы пры наступнай публікацыі ліквідую.

Бо хоць аж пяць гадоў штурман-радыст насіў на сабе ненавісны нам мундзір лейтэнанта люфтвафэ, у адным з музеяў шматпакутнай Беларусі вісіць (і будзе вісець не адно пакаленне!) жахлівая карціна з краснапольскай Нінай, дзе з правага боку ад яе — партрэт нацыста з акрываўленай фінкай, спісаны грузінам менавіта з Гофмана (яшчэ адзін парадокс вайны!), аднак гэтаму немцу сваіх паводзін сярод беларускіх партызан саромецца няма чаго, а гісторыя яго перараджэння — не простае замілаванне лёсам нямецкага палоннага.

1976—1980 гг. Гродна — Віцебск


ЭСЭ, НЯВЫДУМАНЫЯ ГІСТОРЫІ

ДНО


У 197З годзе ў нашым горадзе адбыўся суд над пяццю былымі паліцаямі. Рэлікты гэтыя прытаіліся сабе ў ціхіх куточках краіны ды пражылі трыццаць гадоў бязбедна і спакойна, покуль работнікі дзяржаўнай бяспекі не вывелі іх на чыстую ваду.

Перад судом разам са сведкамі — цудам ацалелымі ахвярамі гэтых падонкаў — прайшло і дванаццаць былых паліцаяў, якія ў свой час адбылі кару ды цяпер, як звычайныя грамадзяне, сведчылі на пяцярых былых саслужыўцаў.

Шасцідзесяцігадовы мужчына неакрэсленага выгляду цяжка ўздыхае ды суду гаворыць:

— Дзяцінства маё прайшло без бацькоў — сірата я, грамадзяне прысутныя! Таму і маленства ў мяне было цяжкое. Пас кароў... Усё па чужых... Прыйшлі немцы — куды дзецца? — паціскае плячыма.— I пайшоў я ў паліцыю. Памыліўся, грамадзяне суддзі! Вельмі намыліўся, зглупеў!.. Затое потым чэсна прызнаўся, і радзіма мне ўсё даравала. Я надта вінаваты перад бацькаўшчынай, але яна, як маці родная, усё мне спісала і сказала — жыві сабе, Мікалай, на здароўе!.. Грамадзяне прысутныя, выхоўвайце сваіх сыноў і дочак адданымі радзіме, каб яны ніколі не пераходзілі на бок ворагаў, а былі такімі, як Аляксандр Матросаў!

У зале некалькі жанчын запляскалі ў далоні.

— Што вы тут кранаеце святыя імёны — на апладысменты зарабляеце? — абарваў яго пракурор.— У паліцыі вы ў кашаварах хадзілі? Вы ж разам з іншымі расстрэльвалі дзяцей, жанчын ды старых бабуль, рабавалі ды палілі, білі людзей ды глуміліся над імі!.. Хіба ж гэта даруецца?! Вы ж нават свайго апошняга дзядзьку з Зеляневіч паддалі на расстрэл за адно тое, што вам некалі надраў ён вушы за яблыкі. Мо няпраўда?

Рэпліка з залы:

— Расстраляў усіх сваіх ды шчэ крычыць — пашкадуйце мяне, сірату!

Едкі смяшок збіў паліцая з панталыку, куды падзелася яго бадзёрая найгранасць.

Тым часам пракурор агаляў яго зусім:

— У вас, як выявілася сёння на працэсе,— медаль за храбрасць. За што вы яе атрымалі? Напомнім. Прачэсвалі лес ля вёскі Бяляны і надышлі на сонную радыстку. Дваццацігадовае дзяўчо з рацыяй пасля дальняй дарогі заснула пад елкай на голым снезе. Перад тым, як здаць немцам на расправу, вы дзяўчыну згвалцілі!

Зала ахнула.

— А потым? — прадоўжыў пракурор.— Вось вы вялі праз Гута-Міхалінскі лес затрыманых лесарубаў. Вам здалося, што яны хочуць уцячы, і вы давай іх расстрэльваць! Дзядзька адзін стаў перад вамі на калені, аднак вы са сваім калегам,— пракурор кіўнуў на лаўку падсудных,— стрэлілі яму ў рот! У чатырнаццацігадовай дзяўчынкі вырашылі раней сцягнуць боты і кінулі сябру вашаму цынічны жарт са свайго лексікону: «Каб не папсаваць, бо буду цэліць у грудзі, а траплю шчэ ў халяву!» Затым вы хадзілі паміж тымі, хто шчэ варушыўся, і дабівалі. Ваш калега толькі што паказаў, як вы ля самай дарогі прыкончылі маладую жанчыну — лёгка параненую. Дастрэлілі?

Пасля хвіліны цягучага маўчання паліцай ні то з абурэннем, ні то з жалем, ні то з выклікам заявіў:

— А чаго яна ўздумала якраз у той момант спадніцу на калені нацягваць? Хто б ведаў, што жывая?!.

— Ах-х!..— па зале пракаціўся выбух абурэння.

На лаўцы падсудных — пяць тыпаў. Камандзір узвода карнікаў, трое радавых ды спераду, з амушчанай галавой, кулямётчык Кнап з Зеляневіцкага гарнізона. Худзенькі смяцюх у светлым пінжачку. Яго маладая адвакатка мне расказвала: «Зайду да яго ў камеру, а ён плача. Дам цукерачак, і ён адразу супакойваецца ды робіцца ласкавы, бы дзіця...»

Давала ўжо паказанні пяцідзесяцігадовая жанчына:

— I мяне, дзеўку, выгналі туды ў лес на работы. Як пачалі яны па нас страляць, так кінулася ўцякаць ад бобікаў і я! А гэты, што сядзіць унь сперадзі ды зыркае воўкам, па мне ўсё разрыўнымі — бах! бах! бах!.. Трапіў! Два гады пластом ляжала і аніяк не магла памерці!.. Кішачкі наверсе ўвесь час сінелі, усё скурай ніяк не зацягвала!.. Ведама, бедна жылі, не было нават солі!.. Здавалася тады — наесца бы ўволю солі і — зажыве!..

Сведка зацягвала сваё паказанне непатрэбнымі дэталямі, і пракурор яе далікатна стрымаў:

— А вы добра памятаеце, што гэта быў менавіта Кнап? Столькі часу прайшло, можаце і памыліцца!

— Ці ж я магу такое не памятаць, таварыш пракурор? Ен жа з гарнізона часта да нас п'яны прылазіў, нават заляцаўся да мяне!.. Гэта ён тут, перад намі, такі смірненькі, бы тая авечка, а каб вы бачылі, які нахабны быў тады!.. Нічога, што маленькі — ніколі сваю бляшаную шапку не здымаў: нацягне яе аж па вушы!.. А калі нас гналі, усё стараўся мяне аблапіць...

— Падсудны Лапуста,— звярнуўся да былога камандзіра ўзвода пракурор.— Карысталіся вы тады разрыўнымі кулямі? На «акцыі» ездзілі ў касках?

З-за канваіраў усхапіўся мажны мужчына і бытта з крыўдай на тое, што яго хочуць тут улічыць у бракаробстве і нядобрасумленнасці, удакладніў:

— Калі адпраўляліся мы на заданне ці праводзілі «акцыі», грамадзянін пракурор, усе дыскі і магазіны ладавалі толькі разрыўнымі, а кулямётчыкам яшчэ выдаваліся і каскі, так точна!

У камандзіра ўзвода — чорная густая шавялюра, укладзеная пад польку. На ім цёмны касцюм, сам ён пад гальштукам... (Паводле слоў адваката, з хаты яму пішуць родныя: «Сцеражы сябе ад скразнякоў, Фёдар, усё з'ядай, што даюць, і не пі сырой вады; напішы нам, якога табе лякарства лепш прыслаць, якіх дастаць вітамінаў...»)

Расказваў ужо наступны сведка — былы паліцай з Зеляневіч:

— Нічога ўжо не засталося ў галаве, грамадвяне суддзі. Адно памятаю, што ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі, пастралялі ды адправіліся да іншай.

— Гульня для іх была гэта! — дзівіцца нехта ў зале.

Пракурор паліцаю напомніў:

— Потым на пажарышчы пасля вас заставаліся абгарэлыя трупы жанчын і дзяцей, прывязаныя да сцен дротам. Навошта ж вы іх прывязалі, хіба не разумелі, што ад гээтага іх чакала страшная смерць у пакутах?

Паліцай сцішыў голас:

— Бо загад быў такі, грамадзяне суддзі!.. Што вы ад мяне, простага чалавека, хочаце? Пытайце ў начальнікаў!.. Я пры паляках служыў панам, а прыйшлі немцы, і пры іх стаў служыць! Што загадалі, тое і рабіў, хіба ж я вінаваты ў гэтым?

— Шчэ адзін сірата! — рэпліка з залы.

У час перапынку выйшаў я ў калідор. Прабіраючыся цераз шчыльны натоўп узбуджаных гараджан, я пашукаў паліцаяў, каб пагаварыць з кім—небудзь з вока на вока. Не цярпелася даведацца, як цяпер такі чалавек адносіцца да страшнага перыяду сваёй біяграфіі і да сваіх учынкаў, бо не толькі важна, якую кару адмерае яму наш закон, самы галоўны суддзя чалавеку — ён сам.

Я доўга не мог знайсці патрэбнага мне сведку. Нарэшце ля туалета, у падвале, надышоў я на сходку якіхсьці людзей. На бочках ад піва і тары з—пад бутэлек сядзелі ні то грузчыкі, ні то землякопы. А былі яны ўсе якіясьці памятыя, шэрыя, невыразныя з твараў; цьмяныя вочкі гэтых мужыкоў неспакойна бегалі па баках.

Прыгледзеўшыся лепш, я раптам пазнаў нядаўніх сведкаў-паліцаяў — тых, хто былі на свабодзе. Тут ім ніхто не перашкаджаў, яны былі самі сабой і спакойна гутарылі. Я хутчэй выцягнуў блакнот, ручку і шмыгнуў у цень.

— Не выпусцілі б тады гэтай дзеўкі з «сінімі кішачкамі» жывой, і зараз не было б каму на нас капаць! — сцвярдзіў «сірата».

— Ды трэці ўзвод якраз кінуўся сцягваць барахло з бабаў! — з абурэннем дадаў яго сусед.

— Бытта не паспелі б! — заўважыў той, хто казаў «...ішлі, ішлі і бачым — вёска. Падпалілі...».

А незнаёмы мне паліцай, паказанні якога я правароніў, пахваліўся:

— Адзін наш Кнап у той час аказаўся на вышыні! Мішка хапіў «дзягцяр», упаў каля пня і з двух дыскаў паклаў усіх... ІІотым немец нас паслаў дабіваць тых, хто шчэ варушыўся!..

— Ну! Загадаў — і куды дзенешся?..

— I трэба ж было ёй чапаць гэтую спадніцу! Было там на што глядзець, было б у яе што прыкрываць — адны жылы! — абураўся забойца.— А скажы, халера, якія гэтыя бабы жывучыя — бы тыя кошкі! Ідзі, заткні цяпер ёй рот!..

— Чаго яны тут да нас чапляюцца? — абураўся нехта невідочны для мяне.— Мы падстрэлілі там адно пару чалавек, астатнія былі ўжо ўсе трупы, праўда, братва?.. Няхай Кнапа цяпер і судзяць за яго работу!

— У «бляшанай шапцы», пхі-хі!..

— А я скажу вам от што — па савецкаму закону за адну справу два разы не судзяць! Нас жа судзілі ўжо пасля вайны, і мы сваё адпакутавалі! Хто ім дасць права парушаць савецкія законы? — з глыбокім перакананнем пытаўся яшчэ нехта.

I тут яны толькі ўбачылі мяне ды спалохана змоўклі.

— Не рабей, рабяты! — са штучнай бадзёрасцю кінуў «сірата» ды палез у кішэню: — Давай закурым!

Гэтыя тыпы яшчэ нават цяпер былі тымі самымі паліцаямі. Іх не грызла ніякае сумленне, а мучыў толькі жывёльны страх за свае шкуры.

Пра што з імі гаварыць?


ГАЛГОФА СВАЯКОЎ


1.

Маміны дзядзькі — Волесь і Юляк — жылі ў маленькай вёсачцы Папоўцы.

Яна ляжала ад майго Страшава на палавіне дарогі ў Беласток. Ад нас да яе было аж дваццаць кіламетраў, таму маміных сваякоў перад вайной даводзілася бачыць рэдка.

Браты аднойчы прыехалі на вялікдзень у госці. Папоўскія бабы адразу адправіліся на кухню да мамы хваліцца дзецьмі, а мужчыны засталіся на падворку. Юляк з бацькам прысеў ля калодзежа на цэментавую балейку і павёў размову пра палітыку. Затое сухі і высокі, як дрыль, яго старэйшы брат пачаў жыва ды голасна, каб чулі нават суседзі, правіць нам, як у «царскую» вайну ён абдурыў генерала, а такі быў стралок з вінтоўкі, што «з калена» біў і зайцаў.

Маміны дзядзькі ад'ехалі, і бацька даў ім такую апінію:

— Юляк — хлапец фартовы і — «сімпатык» [26] А Волеся адно слухай. Ён табе нагаворыць — «сем вёрст да нябёс і дарога усё лесам»! А наогул — і ён чалавек людскі.

Калі зусім пацяплела ды зазелянела трава, бацька прывязаў да воза гадавалую цялушку, пасадзіў у палукашак мяне з братам, і ў госці да маміных дзядзькоў адправіліся цяпер мы.

У Папоўцы я налічыў усяго шэсць дамоў. Паводле надпісаў над вокнамі, у пяці жылі Дзянісікі, а ў самай крайняй хаце — сям'я Майсакоў.

Вёску з трох бакоў ахінаў Жэдненскі лес, да чацвёртага — прытыкаў роўны прасцяг поля з балоцечкам. На балоцечку пасвіліся каровы, і там прабягала грэбля шашы Беласток — Ваўкавыск.

З братам мы ўзяліся распрагаць каня, а бацька з Юлькам прыселі на бервяно ды сталі адразу «палітыкаваць» зноў. Выйшла з пінжаком адно крыху маладзейшая за нас дзяўчынка, загадала:

— Тату, накіньце сабе на плечы, бо з балоцечка сырасцю цягне! А шчэ мама казалі, каб вы доўга на сонцы не вэндзіліся, не пяклі галавы!

Дзядзька Юляк хварэў на сухоты, пра яго гэтак клапацілася дачка Лена. Затое нас яна дзічылася, як дзічыліся яе мы.

Каня распрэглі.

Адвязалі цялушку ды паперлі на поплаве пасвіцца на цэлае лета з папоўскім статкам.

Заглянулі ў студню — ці глыбокая.

Як мы ні ўзіраліся на захад, а Беластока з яго камінамі відаць не было. Полем і лесам нас не здзівіш. Размова пра палітыку, якую вялі мужчыны, не цікавіла. Дзядзькі Волеся з яго байкамі ўсё няма. Што нам рабіць?

У Папоўцы мне і брату вельмі хутка зрабілася сумна. Давай церабіць бацьку за рукаў, каб ехаць дамоў.

Потым, калі ўжо Дзянісікаў не стала, я не раз сябе касціў, што некалі так легкадумна ставіўся да папоўцаў і нават не прыгледзеўся як след да дзяцей Юлька і Волеся — няшчасных чалавечых парасткаў, галінку мамінага роду, на якой абарваўся ланцужок пакаленняў.

Ніколі ўжо не даведаюся, што папоўскія сваякі хацелі крыкнуць у апошнім бліску свядомасці. Зрэшты, не так ужо і цяжка ўявіць сабе гэта з тысяч падобных сітуацый. Гітлераўцы з папоўцамі распраўляліся пры сведках. Падрабязнасці галгофы сваякоў я збіраў па крупінках ад людзей, якія былі каля няшчасных з самага пачатку трагедыі да канца.


2.

У першую ваенную зіму каля Папоўкі атабарылася падпольная група акружэнцаў — салдат і цывільных.

Пры адступленні нашай арміі Дзянісікі пераапраналі вайсковых, прыхавалі зброю і потым усё вайсковае дабро перадалі лясным хлопцам. Адправілі да іх і байцоў, якіх вылечылі ад ран. Усе гэтыя людзі абсталявалі сабе прасторную цёплую зямлянку і доўгі час жылі ў дастатку ды так бяспечна, што перасталі нават выстаўляць і варту.

Прамысловы і адміністрацыйны цэнтр Беласток прыцягваў увагу нашай разведкі. З лесу ў вялізны горад адразу не пойдзеш, для гэтага партызаны пачалі выкарыстоўваць жыхароў Папоўкі. Неўзабаве маміны дзядзькі мусілі бываць у горадзе кожны дзень ды вазіць і прывозіць фурманкай падпольшчыкаў, а ў саломе — ладунак.

Так мінулі вясна, лета і восень.

У другую зіму да дзядзькі Юлька зацясаўся ў давер мацёры правакатар яшчэ з часоў санацыйнай Польшчы — Бівойна Яўген[27]. Ён праз Дзянісіка пранік і ў атрад.

Малады нягоднік пражыў у зямлянцы ля Папоўкі аж чатыры месяцы. Бівойна ўсё разведаў, разнюхаў, разгледзеў, а затым, нібыта па справе, адправіўся ў горад.

Пятнаццацігадовы партызан Вася Грэсь на другі дзень знікнення правакатара сабраўся ў сваю вёску Пясчанікі да бацькоў. Адразу каля лагера хлопец сутыкнуўся з ротай немцаў ды ахнуў: салдаты ўжо выцягваліся ў ланцуг, каб акружыць зямлянку, а куды немцам ісці, паказваў Бівойна, з якім учора яны яшчэ побач адзін з адным спалі.

Вася дабегчы да сваіх паспеў.

Групе без панікі ўдалося з пасткі вышмыгнуць, пакінуўшы немцам адно тое, што партызаны пад гарачую руку палічылі малавартасным.

Немцы падабралі ў зямлянцы хлеб. Узялі буханкі з папоўскіх хат, параўналі іх ды ўбачылі: усё, што гаварыў Бівойна, спраўджваецца.


3.

Такім чынам, зямлянку разграмілі.

У наступны дзень з Беластока ў Папоўку прыбыло дваццаць пажылых немцаў з «ляндсвера». Афіцэр загадаў дзядзьку Волесю з сям'ёй перабрацца ў гумно, дзеркачом добра вышараваць і вымыць памяшканне, затым у доме старэйшага Дзянісіка пасяліліся салдаты. Афіцэр ля ганачка паставіў варту. На дарожкі вакол вёскі паслаў патрулі.

Атрупянелыя папоўцы не маглі надзівіцца: міналі дні, а немцы нікога не арыштоўвалі, не білі, не валаклі на допыт, здавалася, нават мала чым цікавіліся. Днём і ноччу вакол вёсачкі хадзілі патрулі, усё разглядалі, бы турысты, ды нешта запісвалі, пазіраючы сабе на гадзіннікі. Калі ж ім было надта сумна, ставілі на валуны бляшанкі ад кансерваў і білі па іх з пісталетаў.

У Волесевым доме толькі дзяжурны сядзеў у поўным абмундзіраванні ды з паперак, якія прыносілі патрулі, нешта старанна выпісваў у тоўсты сшытак. Вольныя ж ад службы салдаты сноўдалі ў расхрыстаных кашулях ды шлёпанцах без заднікаў, ляніва чысцілі вопратку ці абутак альбо, прывалокшы аднекуль патэфон, запускалі савецкія пласцінкі ды слухалі песні.

З Калоднага і Пясчанікау спачатку мужыкі падсылалі ў Папоўку на разведку пастушкоў. Затым і самі адважыліся заходзіць. Немцы ўсіх прапускалі, ветліва пагутарыўшы. Вясковыя, хто хацеў, мог сабе ехаць, куды душа жадала.

У папоўцаў пасялілася надзея.

Адзін дзядзька Юляк не паверыў такой ідыліі. Ёі пасадзіў у фурманку жонку, траіх дзяцей. Яшчэ заладаваў сякі-такі посуд, мяшэчкі круп ды сабраўся пераязджаць у Пясчанікі да жончыных сваякоў. Лену адправіў туды пехатой яшчэ з раніцы.

За вёскай падводу спаткалі патрулі. Пажылы немец, які крыху размаўляў па-польску, Юлька спыніў пацікавіўся:

— Куды сабраўся?

Немцы паводзілі сябе добразычліва, са стрыманай ветлівасцю, і ў Юлька вырвалася само:

— А халера яго ведае!.. От, еду куды вочы глядзяць!.. Дачакаешся тут дабра хіба?!.

— Ты — партызан?

— Не!

— То чаго табе баяцца?

— Дурань, вяртайся!

I немцы, з усім вайсковым рыштункам, павалаокся па дарожцы далей, нават не цікавячыся, як сябе будзе паводзіць фурман.

Калі патрулі аддаліліся, Юлькава жонка — цётка Марыся — здзівілася:

— Гы, нават нічога не сказалі, што збіраемся пакінуць вёску, ты ба-ачыш?!

— Аты перад імі адразу і растапырся.

— Вачэй у цябе няма?! Памяркоўныя лю-удзі, Юляк! Ім самім тут, бедным, не соладка, гэткая цяплынь, а яны ва ўсім суконным і ў ботах ды абладаваныя жалязякамі, бы вярблюды!..

— Вядома, служба ў іх сабачая!..

— А я пра што кажу?.. Слухай, Юляк, мо адвязі нас дадому, а ў Пясчанікі едзь сам. Ты — справа іншая: заўсёды палітыкаваў, за польскім часам на тайныя сходкі хадзіў, штрэйкбрэхераў у лесе ганяў, а ў чым вінаватая я з малымі, з Ленай?

— На вайне не вельмі шукаюць вінаватых...

— Ай! Колькі тут праходзіла воен, успомні, але ж дзяцей ды бабаў ці хто чапаў?

— Яно вядома... Але...

— Каму мы патрэбныя, слу-ухай?!. Бо ўсім вядома, што без нас і свет не можа існаваць!.. Доўга не думай — заварочвай каня назад!

Заінтрыгаваныя падарожжам малыя ўзнялі гвалт:

— Паедзем у Пясча-анікі, ма-ам!..

— Да ба-абы хацу-у!..

— А ў вас парады ніхто не пытае!

— Сціхніце! — абсадзіў дзяцей і бацька, збіраючыся сапраўды разварочваць падводу.

Вярнуўшыся ў вёску, Юляк застаўся і сам. Толькі выказаў непакой аб старэйшай дачцэ:

— Хай мо Лена адна там пабудзе?..

— Хай пажыве без нас,— падтрымала яго цётка Марыся.— Пабачым, дзе каму лепш будзе!..


4.

Паводзіны немцаў тлумачыліся проста. Аддзел барацьбы з партызанамі Беластоцкага бэцэрка ўпрасіў шэфа гестапа, Герберта Цымермана, дазволу, каб на прыкладзе Папоўкі прааналізаваць метады падпольшчыкаў і на аснове назіранняў для крайс штатскамісарыятаў ды камендантур выдаць спецыяльную кніжку — інструкцыю.

Папоўцам і ў галаву не магло прыйсці, што кожны іхні крок дзяжурны немец круглыя суткі запісвае ў спецыяльны журнал - калі, якая сям'я клалася спаць, хто днём прыязджаў, хто з малых ці дарослых па якой прычыые і як надоўга пакідаў вёсачку, што выносіў, прыносіў, вёз, што і якім чынам перадаваў.

Эксперымент немцам даў мала.

І астатнім папоўцам — не толькі Юльку — у гэтыя дні раптам адхацелася куды—небудзь ад'язджаць.

Юлькавай жонцы — цётцы Марысі — надышла пара забіраць ад беластоцкай краўчыхі для дачкі, нявесты Лены, бялізну. Марысіну маці ў аптэцы даўно чакала лякарства. Ва ўсіх пяці дамах Дзянісікаў і ў Майсака выйшла газа, запалкі і соль. На поплаве паспела для касьбы трава...

Усё цяпер людзям здалося малаважным.

Папоўцы, якія, бывала, і дня не маглі пражыць без Беластока, зараз пра яго цалкам забыліся. Вопытныя падпольшчыкі Дзянісікі рэдка куды адпраўлялі і пасланцоў. Людзі з навакольных вёсак некалькі разоў, падаслаўшы пастушкоў, заглянуўшы да іх і самі, далі папоўцам «спокуй»,— сачылі за вёсачкай зводдаль.

А яны сядзелі вечарамі ў цемры. Пастушкі нават не гналі далёка ад будынкаў кароў. Усе раптам адчулі патрэбу быць разам. Нават сабакам было дазволена заходзіць у хату. Жанкі даглядалі мужыкоў, мужчыны парабіліся рахманымі, дзеці слухаліся бацькоў. Старыя і то не маглі ўцягнуцца ў работу.

Марысіна маці каторы раз бралася прарэджваць расаду, але кідала яе, як непатрэбны занятак, ды з чуласцю ласкала ўнукаў, прыгаворваючы:

— Ах, мае вы ры-ыбанькі, як не ў час вы на свет з'яві-іліся! Калі б мамка ваша ве-едала, ці ж спяшалася б раджа-аць вас у такую хві-ілю?!.

Хоць і падлашчваліся некаторыя немцы, папоўцы парабіліся сур'ёзнымі і не вельмі ўступалі з імі ў размову.

Вось вольныя ад «вахі» салдаты паздымалі кашулі, паклаліся ў агародчыку дзядзькі Волеся ды пачалі на сонцы драмаць. Салдат у касцы, што стаяў на пасту, давай заляцацца да Лены. Але гэтая ладная васемнаццацігадовая нявеста была не ў настроі. Яе якраз аблаялі бацькі, што самавольна вярнулася з Пясчанікаў. Лена з сумам зараз глядзела некуды цераз плот ды машынальна церабіла ў сябе на грудзях русую касу.

Немец нарваў пад штыкецінамі крапівы, паклаў зялёныя сцябліны сябрам на голае цела.

Салдаты скрозь дрымоту неўзабаве пачалі мычэць, раздзіраць сабе кіпцюрамі валасатыя грудзі. Вартавому гэтага і трэба было. Ён зарагатаў, заахвоціў вачыма пасмяяцца разам і дзяўчыну. Аднак курносенькі, загарэлы яе твар ды лоб з маленькімі прышчыкамі заставаліся ўсё гэтаксама сур'ёзныя.

Што ж, Лена немца пазнала. Менавіта ён сказаў бацьку: у зямлянцы знайшлі з Папоўкі хлеб, пра сувязь вяскоўцаў з партызанамі ім вядома, як і ведаюць пра тое, што Дзянісікі лячылі раненых байцоў.

Гэтым часам паголеныя, апранутыя ў святочныя кашулі, пінжакі ды ў начышчаных ботах папоўскія мужчыны сабраліся на пругмені каля Юлькавага гумна. Усе курылі, пазіралі на немцаў ды абменьваліся заўвагамі:

— Чамусьці вартавы сёння ў «бляшанай шапцы», як кажуць мае малыя.

— I патрулі каскі напялілі, адпраўляючыся ранкам на дарожкі — раней гэтага не было.

— Пра свае мазгі пачалі дбаць.

— А што думаеш? Стрэліць хто з куста, і чэрап потым не заклеіш...

— Покуль стрэляць у іх, яны панішчаць нас.

— Вядома, панішчаць, няма сумнення.

— А што рабіць?.. Падацца ў Пінскія балоты?.. З малымі і бабамі?.. Мая кабета і слухаць не хоча!

— I маёй пра гэта нават не заікайся...

— А мо не панішчаць?.. Пасля Сталінграда немцы якіясьці ўжо больш рахманыя і ветлівыя!.. Нават параўнання няма з тымі немцамі, што былі летам сорак першага!..

— Ну! Унь, вакол Белавежы спалілі аж восемдзесят восем вёсак, аднак людзей не панішчылі — павывозілі ў Беласток!

— Хіба Гітлер дурны нішчыць і іх? Яму цяпер нявольнікі патрэбныя!

— I шчэ колькі — кожны работнік цяпер у яго мусіць быць на ўліку!

Працавітыя папоўскія мужчыны былі надта практычныя.

А яшчэ яны ўсе, як на падбор, былі рослыя, у сіле веку і не баязліўцы. Каб ваенкамат у свой час паспеў іх прызваць на вайну, гэта былі б, напэўна, вынослівыя, дысцыплінаваныя салдаты з дасканала вычышчанай зброяй ды з рэчавымі мяшкамі, дзе кожная казённая лапінка ці маслёнка занімала б сваё, адпаведнае месца. З такіх не бывае здраднікаў. З такімі ахвотна ідуць у разведку. А покуль жывыя, такія для ворага — зубы паломіш.

Пайсці папоўцам у лес, падаставаць прыхаваную зброю ды зашыцца ў прыцішаны сасновы пошум — прасцей простага, аднак пра гэта ніхто і не думаў. Верныя сваім жанкам і дзецям папоўскія мужчыны трапілі ў экстрэмальныя ўмовы. Яны зараз нагадвалі тых фермераў з амерыканскага баевіка, у якім гангстэры захапілі дом, узялі пад прыцэл дзяцей і кабет, не клапоцячыся пра гаспадароў, ведаючы аж занадта, што сялянская сям'я — адно цэлае.


5.

Праз дзень пасля таго, як дзяжурныя надзелі «бляшаныя шапкі», у Папоўку прыкаціла крытая машына з новымі немцамі. Усе яны на галаве таксама мелі каскі.

— Ой, па каго яна?! — ускрыкнула цётка Марыся, убачыўшы цераз акно брызентавую буду.

Маці пляснула рукамі:

— А я ўсю раніцу гадаю: чаму гэта дзісь сніліся мне мама?!. Даўно мне не з'яўляліся, а сёння — бы наяву! Усё мяне клікалі: «Хадзі да нас, дочачка, ха-дзі-і!..»

— Няўжо, думаеце, прыехалі нас страляць?

— Ніц не зробіш, Марысечка, што ўжо будзе!.. Што бог дасць людзям, тое і нам!..

У гэты момант вялізны нямчыска ў рагатай касцы адчыніў ботам дзверы, зароў:

— На, русішэ швайн, р-р-раус!.. Шнэль, выходзіць!.. Але-е!.. Вшыстко, вшыстко!.. Лё-ос!..

— Ну во-о, як каму, а нам — бог ужо даў! — з адчайнай злосцю сказала Марыся ды кінулаея да дзяцей.

Калі Юляк садзіў сям'ю на фурманку, немцы ўжо некуды валаклі пастраляных свіней. Дурныя куры дзяўблі сцежачкі акрываўленага пяску, а салдаты, рагочучы, шчоўкалі іх па адной з пісталетаў ды піхалі сабе ў брызентавыя сумкі. Бойкі певень узляцеў на паркан, па-свойму падаў курам сігнал трывогі, але куля змяла і смельчака. У будзе скуліў перапалоханы Бобік...

Праязджаючы ўздоўж дома, Юляк праз вокны паспеў убачыць, як той самы вялізны немец у яго «велькай хаце» з вазонамі напіхаў ужо пад стол саломы з выпатрашаных матрацаў, а зараз цягаў з ікон ільняныя ручнікі ды кідаў туды таксама. Практычны гаспадар з гарачкі, таму яшчэ і без шкадавання, падумаў:

«Што ж, дом зусім новы, крыты дахоўкай, падпаліць яго не так і проста!.. Ат, халера яго бяры, збудуем сабе новы, абы жывымі пакінулі!»

Сабралася іх шэсць фурманак — з кожнага дома па адной. Усё гэтак жа ў касках, з пісталетамі ды гранатамі за халявамі немцы на трох пясчаніцкіх падводах трымаліся зводдаль.

Вакол папоўскіх фурманак круціліся на ровэрах паліцаі з Гарадка — усе сем чалавек. У нашай мясцовасці немцы мундзіраў такім не выдавалі. Паліцаі былі ў белых кашулях, нават пад гальштукамі і ў святочных пінжаках — выглядалі на паўпанкаў са стрэльбамі за плячыма, якім уздумалася пакатацца на вольным паветры ды ў кампаніі.

Ніхто з папоўцаў не прасіўся, не лямантаваў, не плакаў, не прамаўляў ні слова — нават дзеці на тварыках захоўвалі выраз суровай пакоры.

У такім настроі ўсе выехалі на Беластоцкую шашу і павярнулі ў бок Ваўкавыска.

— У Гарадок едзем!..— сталі папоўцы перадаваць адны адным, але адразу змоўклі.

Толькі тут, з высокага грэбеня шашы, яны раптам убачылі, што над лесам, дзе павінна быць якраз іхняя вёсачка, ляніва ўзнімаюцца клубы шэрага дыму.

Жанчыны паціху заенчылі ды пачалі хрысціцца.

Бах! — глуха прагучаў вінтовачны стрзл.

У кювеце слаба віскнуў сабака і задрыгаў нагамі ў перадсмяротных. канвульсіях. Паўпанкі на ровэрах зарагаталі.

Аж на шашы, цягнучы за сабой доўгі кавалак ланцуга, дагнаў Юлькаву фурманку Бобік, і яго застрэліў паліцай Дэц. Нехта запрапанаваў стралку ўзяць на памяць ланцуг, і таму паліцаям зрабілася весела.


6.

Памясцілі іх у Арчыкавай мураванцы.

То быў дом у Гарадку, дзе немцы трымалі арыштантаў у час допыту, перад расстрэламі ці адпраўкай у турму (і мы з братам сядзелі ў ім да вывазу ў канцлагер Штутгоф). Дзеля гэтага ў будынку фабрыканта Арчыка немцы выламалі перагародкі, закратавалі вокны, абнеслі падворак цяглянай сцяной. Людзей трымалі на падлозе, засланай саломай.

Папоўцы жылі ў Арчыка з тыдзень. Вартавалі іх толькі паліцаі і за гарэлку ўсіх пускалі да арыштантаў.

Мае страшаўцы папоўцам насілі махорку.

Заходзілі да іх проста пагутарыць, падтрымаць дух.

З Пясчанікаў кожны дзень прывозілі ім малако, хлеб, дровы, каб варыць страву.

Каб сваякі былі хоць крыху спакайнейшыя, наша мама з'ездзіла ў Беласток да краўчыхі, прывезла цётчынай Лене бялізну, Марысінай маці — лякарства; Юлькава дачка папрасіла туалетнага мыла, каб памыць галаву, мама заадно купіла і яго.

Мужчыны збіраліся ў кутку Арчыкавага падворка ды зноў ламалі галаву:

— Уцячы? Зусім нявелькі фокус! Паліцаю, што унь стаіць у браме на варце, нас абсалютна не відаць. Узлезь адзін аднаму на плечы ды перавалі за мур!..

— Ну! А там гарадоцкімі агародамі дапаўзеш да рэчкі, перабрыдзеш Супрасль і — у лес, на волю!

Дзядзька Юляк паддаў жару:

— Дэц, халера, сёння чамусьці да маіх ботаў надта прыглядаўся — бытта я ўжо стаў пакойнікам. Мо ведае што?

— Уцячы — то ўцячэш, але хіба за табой пойдзе баба? Скажа — балотам смярдзіць і камароў там поўна, куды з дзецьмі я павалакуся?!.

— Хлопцы, дальбог, трэ пачакаць. Бачыш, і на фронце запанавала цішыня!

— Але! То ўсё немцаў перлі, а то — замерла!.. Чакалі ўжо два гады таго вызвалення, а сколькі цяпер яго чакаць — пяцьдзесят, сто?!.

— О-о, гэта, напэўна, будзе няхутка!.. А з намі, мажліва, усё яшчэ ўладзіцца, няма чаго панікаваць. Успомніце: і з белавежскіх вёсак спачатку народ звязлі ў Гайнаўку ў тартак, бы нас сюды, але потым усіх адправілі да Беластока, у пустыя яўрэйскія кватэры! А што Дэц так гаворыць? Разбэсціўся, падла, вочы так і бегаюць па арыштанту, калі ўбачыць на чалавеку што—небудзь ладнае, каб яму іх выперла!

I мужчыны насцярожана змоўклі.

Яшчэ больш устрывожаныя былі жанкі. Глядзелі яны на малых, а сэрцы кабет абліваліся крывёю. Бо дзеці і ведаць не хацелі пра тое, якая навісла пагроза,— у іх зараз дзейнічаў адвечны механізм прыроды: малым надта ж патрэбна было, каб сардэчкі іхнія біліся, лёгкія качалі кісларод, вочы пазнавалі свет, а самі яны адчувалі мускульную радасць ды падалі ад знемажэння.

Калі сваёй беганінай малыя апрыкралі і паліцыі, ім дазволілі вылятаць на вуліцу — да гарадоцкіх дзяцей. Цяпер мацяркі хоць і палахліва, але нават з замілаваннем ды гонарам пачалі назіраць цераз краты насцеж адчыненых Арчыкавых венецыянскіх акон, як іхнія пацехі гуляюць у «вайну», бяруць «у палон немцаў», «лечаць раненых», даючы з бутэлечкі папіць «ёду».

Іхняе замілаваные працягвалася нядоўга.

Юлькаў малы неўзабаве прыляцеў з вуліцы ды з непасрэднай дзіцячай цікаўнасцю прыстаў да Марысі:

— Ма-ам, праўда нас будуць расстрэльваць?.. А калі-і?.. Хутка ўжо, ма-ам?

Марыся анямела — сын прынёс плётку з мястэчка ці там што—небудзь ведаюць? Яе маці пацвердзіла:

— У горадзе, дочачка, пра ўсё вядома. Ну, во, настае нам і кане-ец! — старая ўздыхнула і перахрысцілася.— Што зробіш, застрэляць, то чалавек хоць адмэнчыцца.

— Што вы вярзеце, мато, мы ж тут з малымі?! — Марыся забегала па саломе, не ведаючы, за што хапацца.— Ой, трэ хоць Юлька падгаварыць, каб уцякаў!.. Ну, во-о, дапалітыкава-аўся!..


7.

У наступны дзень два хлопчыкі з Пясчанікаў прывезлі якраз папоўцам свежае малако, як зноў з'явіліся немцы ў касках — чалавек з трыццаць.

Здарылася гэта трэцяга чэрвеня 1943 года цёплым летнім днём.

Арыштаваных — усяго 43 чалавекі (з пясчаніцкімі: іх немцы ўжо не адпусцілі, як хлопчыкі ні прасіліся!) — пасадзілі на падводы, аддзельна мужчын ад жанок, ды накіраваліся на конскія могілкі. Зараз сюды прывозілі на расстрэл уцекачоў з лагера ці — беглых з Германіі.

Прыбыўшы на мееца, немцы скінулі з фурманкі лапаты і павялі частку мужчын капаць яму. Афіцэр наском бота адкрэсліў на пяску квадрат — шэсць метраў на два, гыркнуў папоўцам, каб браліся за работу, ды пайшоў ставіць салдат у ачапленне. Размясціўшы сваіх немцаў, астатніх папоўскіх мужчын паклаў адзін да аднаго ўпрытык носам на зямлю, рукі загадаў ім узняць на патыліцу ды паставіў над імі аўтаматчыкаў. Малады афіцэрык рабіў усё без лішняй паспешлівасці, але ўпэўнена, рашуча,— як чалавек, які ва ўсім гэтым мае вопыт і ведае толк. Па ім было відаць, што немец паспытвае ціхую радасць за сваю сумленную стараннасць ды ад таго, што ўсё ідзе покуль што як належыць.

Папоўскія мужчыны, здавалася, капалі яму вельмі звычайна і без нервознасці, але што ў іх было на душы, апісаць не бяруся. Пэўна адно: не адзін з іх цяпер, вядома, касціў сябе за тое, што займаўся самаашуканствам, слухаўся жонкі і не спрабаваў шукаць ратунку, калі яшчэ было магчыма. Толькі на краі магілы яны выразна ўбачылі: можна ж было параспіхваць дзяцей, жонак па сваяках і знаёмых у суседнія вёскі, а самому ісці — куда хочаш. Цяпер заставалася здаволіцца тым, што жыццё сваё яны скончаць разам з сем'ямі. Зрэшты, гэта было не так і мала. Толькі ў падобных сітуацыях чалавек здольны адчуць: роднасць мае сілу большую за смерць.

Акружаныя паліцаямі жанкі з малымі ў гэты час чакалі свайго жахлівага моманту ў хваінках. З застылымі слязамі на вачах жанчыны стараліся забавіць малых, давалі ім з бутэлечак малако, паілі вадой, адна з адной развітваліся, старыя маліліся, і ўсе — як бы набіралі духу перад канцом.

Цяжка паверыць, але некаторыя дзеці, утккуўшыся мацяркам у прыпол, самым звычайным чынам... спалі.

Знаёмы Дзянісікам пажылы салдат, пашаптаўшыся з маладым афіцэрам, накіраваўся раптам да кабет. Усе замерлі, бо падумалі — немцы будуць іх гвалціць.

Вось каска салдата металам зазвінела аб цяжкія галінкі сасонніку, заскрыгаталі на жвіры цвікі яго падэшваў, і немец апынуўся каля іх.

З цеснага жаночага клубка салдат за руку вырваў Лену, піхнуў яе ў сасоннік, загадаў:

— Вэг!

Заплаканая дзяўчына няўцямна паўзіралася на немца, на сваіх.

— Вэг! Р-р-раус!..— зароў ужо салдат ды замахнуўся прыкладам.

Жанчыны салдата зразумелі першыя і дружна падхапілі:

— Ён цябе, мусіць, адпускае!.. То ідзі-і!..

— Я адна не хачу-у!..

— Ідзі-і, Леначка, ідзі-і!.. Ратуйся хоць ты і будзь шчаслівая!!

— Шчэ пясчаніцкіх хлопчыкаў адпусціце! — пракрычала немцу Майсачыха.— I ўсіх нашых малых!..

— Фэрфлюхтэ руссэ!!.— з грымасай пакрыўджанага дабрадзея, які пакутавае з—за свайго характару, салдат са здзіўленнем паціснуў плячыма, бытта сказаў: «Ты глядзі, а ім, выходзіць, гэтага яшчэ мала?!.»

Дзяўчына знікла, а жанчын бытта прарвала. Яны сталі галасіць, абзываць немцаў катамі, вылюдкамі і зверамі. Паліцаі прыняліся малаціць іх прыкладамі. Мужчыны з лапатамі кінуліся жанкам на падмогу. Афіцэр падаў каманду — салдаты адкрылі страляніну і навялі парадак.

Праз паўгадзіны магіла была гатовая.

Усім загадалі распрануцца, вопратку класці мужчынам асобна ад жанчын, збоку ставіць абутак, а яшчэ далей — акрываўленае адзенне. Мацяркі выпрасілі ў афіцэра дазволу ды сыры халодны пясок у яме выслалі цёплымі хусткамі, на іх паклалі сонных дзяцей, пасадзілі большых ды, як наседкі, падабралі малых пад сябе. Зверху жанок абнялі мужыкі (калі мой бацька з матчынымі братамі потым іх раскапалі, каб перахаваць на могілкі, целы так і ляжалі, а зверху ўсіх — дзядзькі Юляк і Волесь).

Стралялі папоўцаў у патыліцы, спіны. Над страшнай крывавай бойняй зноў узняўся жаночы лямант, але паступова згас.

Па немцаў неўзабаве прыкаціла брызентавая буда.

З кабіны выбраўся тоўсты фельдфебель з каністрай і адмераў салдатам па кубачку шнапсу, выдаў па кавалку каўбасы. Тады афіцэр папёр паліцаяў звалакчы ў яму і тых, каго забілі ў час страляніны, прысыпаць папоўцаў пясочкам, і пазабіраў лапаты. Затым ён пасадзіў салдат у кузаў, і грузавік ад'ехаў.

Паліцаі адправіліся ў Гарадок на ровэрах. У мястэчку ў гэты дзень яны пахваліліся, што, калі папоўцаў засыпалі, яшчэ варушыўся пясок ды выразна было чуваць, як у яме пішчыць дзіця.


8.

I чацвёртага чэрвеня прыпякала гэтаксама летняе сонца.

У гэты дзень за Пясчанікамі пастушкі ўбачылі якуюсьці дзяўчыну ў мокрай сукенцы ды з распушчанымі русымі валасамі. Яна брыла па Супраслі супроць цячэння, выбіраючы, дзе глыбей. Напаткаўшы яму, садзілася ў яе, але, убачыўшы, што вада толькі па шыю, усхоплівалася ды брыла зноў.

Згледзеўшы хлопчыкаў, дзяўчына раптам віскнула злым, істэрычным голасам:

— Пацаны, а ну — марш адгэтуль! Каму кажу? Марш усім!! Я не хачу, каб вы на ГЭТА ўзіраліся!!

Па голасу дзяўчыну пастушкі адразу пазналі і сыпанулі ў вёску.

— Там Лена — папоўскага Юлька — утапіцца ў Супраслі хоча! — залямантавалі на ўсе Пясчанікі.

У момант збегліся да рэчкі мужчыны. Але як яны ні шнырылі па кустах лазы, ні паролі тычкамі ў рачныя яміны, як ні глядзелі за купіны — ні дзяўчыны, ні цела не знайшлі.

Мужчыны ўжо ведалі, што з усяе Папоўкі засталася толькі жывой Юлькава Лена. Той-сёй заўважаў, як учора пад вечар ды сёння раніцой сукенка нейкай дзяўчыны мільгала цераз палоскі. Бабы яе нават клікалі, але незнаёмая людзей дзічылася. Цяпер, калі ўпэўніліся, хто гэта быў, усе пачалі шкадаваць, чаму не затрымалі.

Пясчаніцкія мужчыны на балоце пастаялі ды абмеркавалі выпадак. Да паводзін дачкі Дзянісіка адносіліся ўсе з разуменнем. Кожны ўслых выказаўся нават, як бы сябе паводзіў і ён, калі б на яго вачах забілі ўсю радню ды ён застаўся на свеце адзін, як кол. Быў бы на фронце ці ў партызанах, то пры таварышах, напэўна, забыўся б трохі ў баі ці папрасіўся б на самае небяспечнае заданне і адвёў бы душу, але ж тут?!.

Простыя сяляне ў даным выпадку выйсця для Лены не бачылі. I праўда, ёй, беднай, хоць ты ідзі ды і ўтапіся. Аднак, разыходзячыся, мужчыны доўга яшчэ шукалі па кустах і пералесках, спадзеючыся ўсё ж такі ўбачыць дзявочую постаць ды Лену пацешыць, абагрэць, накарміць ды як-кольвек ратаваць.

А яна аб'явілася толькі аж сёмага чэрвеня ў Гарадку. Дзе гэтыя тры дні прападала, ніхто не ведаў, адно пэўна — ні да сваякоў, ні да знаёмых заглядаць нават не спрабавала.


9.

Ля камендатуры ў той момант стаяў у начышчаных да бляску хромавых Юлькавых ботах паліцай Дэц. Дзяўчына да яго падышла і надзвычай проста праказала:

— Здрастуйце! Гэта зноў я!

Дэц не паверыў сваім вачам:

— Ты-ы?!.

— Ну.

— Вярнулася?!

— Ага.

— Жыць табе надаела?!

— Надаела.

— Я-ак?

— А — так,— яна ўздыхнула.— Хай і са мной будзе ўсё тое, што было з мамай, татам і ўсімі нашымі. Хачу, каб мяне таксама расстралялі.

— Ты — усур'ё-оз?!.

— Усур'ёз.

У гэты момант на ганак выйшаў апісаны ўжо мной у «Пушчанскай адысеі» амтскамісар, які лупцаваў кульбай бацьку за падсвінкаў. Дэц імгненна паправіў гальштук, абцягнуў пінжак, стаў смірна ды пачаў тлумачыць падзею. Па-нямецку гаварыў ён слаба, а тут служака яшчэ спяшаўся, бо яму хацелася надта ўразіць начальства.

Шчуплы, бялявы, сярэдніх год вайсковец у чыне фельдфебеля слухаў, слухаў яго балбатню ды не вытрываў. Немец паклікаў за перакладчыка яўрэя з тых, што рамантавалі ля камендатуры вуліцу.

Рыжы барадач, выслухаўшы ўважліва дзяўчыну, немцу аб'явіў:

— Вар'ятка яна, гэр шэф!

Фельдфебель нездаволена ўзняў бровы на паліцая ды рэзка пракрычаў:

— На-а?! [28]

Раззлаваны Дэц трэснуў перакладчыку ў зубы ды пачаў камісару тлумачыць ужо больш талкова:

— Брэша ён, гэр шэф! З той самай Папоўкі яна! З бандыцкай вёскі, што ліквідавала на мінулым тыдні «айнзатцгрупа» з Беластока. З конскіх могілак уцякла, з—пад расстрэлу... Просіцца цяпер, каб яе таксама расстралялі... Чатыры дні швэндалася недзе і кажа — надаела... Адумалася, ха!..

— Ах, зо-о?!.— здзівіўся ўжо і фельдфебель ды прыгледзеўся да дзяўчыны, бытта хацеў яе прызнаць ці лепш запамятаць. На дробным бялёсым тварыку яго з'явілася на момант нават літасцівая грымаса.

Дэц не зводзіў з шэфа адданых вачэй, а камендант хвіліну маўчаў. Можна было нават чытаць яго думкі:

«Пасадзіць бандытку пад арышт ды адаслаць у Беласток дакладную з пытаннем — што з ёю рабіць? »

«Заводзіць валакіту! Месяц давядзецца чакаць адказу — беластоцкія бонзы хіба табе паспяшаюцца?!.»

«Ага, нехта ж дакладваў, што слізняк-афіцэр з «айнзатцгрупы» адпусціў на волю прыгажуню бандытку!.. Расплыўся перад славянкай, гаўнюк!.. Шчэ прыпруць камісію для праверкі і афіцэрыку — трыбунал!..»

Камендант раптам махнуў рукой за агароды і свайму цэрберу закамандаваў:

— Вядзі туды і прыкончы!

— Яволь, гэр шэф! — з гатоўнасцю падхапіў паліцай ды энергічна стукнуў абцасамі.


10.

Дэц вывеў дзяўчыну за платы і пакрочыў з ёю ўздоўж загонаў бульбы да балота. Гледзячы на іх здалёк, ніхто, напэўна, і не здагадаўся б, куды так спакойна ідзе дзяўчына з хлопцам пад гальштукам, у якога цераз плячо вісіць ствалом уніз руская вінтоўка — дакладна гэтак паляўнічыя носяць стрэльбы.

Спакой дзяўчыны, вядома, быў вонкавы.

На душы ў маёй няшчаснай сваячніцы, напэўна, адбывалася тая самая барацьба з сабой, што перажывалі папоўскія мужчыны, разважаючы — кінуць жонак з дзецьмі ды нырнуць у лес ці выпіць горкую чашу разам з імі. Дакладна пра гэта разважалі і пясчаніцкія мужыкі над Супрасляй. Вось і Лена ўсе гэтыя дні з жахам думала пра адно: ратавацца? Але ж як потым глядзець людзям у вочы? Як стане жыць? Як потым будзе глядзець у вочы сваім дзецям?!

Не-е!!! Не-е!!! Не-е, так жыць не хачу-у-у!!! — крычала ў ёй душа, хоць і было вельмі страшна. Бытта ноччу бегла адна з Пясчанікаў праз цёмны лес у сваю Папоўку, хутка перабіраючы нагамі, стараючыся думаць толькі пра тое, што вось-вось дападзе да першай папоўскай хаты і — па ўсім страху. Яна спадзявалася — зараз так будзе і тут...

Адным словам, і ў гэтай здаровай сумленнай маладой сялянкі сувязь роду была гэткая магутная, што пераход для ее ад быцця ў іншую стадыю здаваўся ўжо цяпер надта жаданым ды прагным — бы абязводжанаму ўшчэнт чалавеку з засмяглымі вуснамі, які не можа дачакацца, калі дападзе да сцюдзёнай крыніцы.

Яны дайшлі да самага поплаву, дзе маладое бульбянішча закрывала ўжо чалавека да калена. Дэц кіўнуў дзяўчыне, каб спынілася. Дастаў у цэлафанавак абгортцы пачку цыгарэт «Юньён», запалкі ды стаў закурваць.

Лена зажмурылася, уцягнула ў плечы галаву, прыціснула да грудзей кулакі.

— Што, баішся, ага-а?! — паздзекаваўся паліцай, крытычным вокам агледзеў яе маладое сакавітае цела і зацягнуўся цыгарэтай.— А хто цябе прасіў з'яўляцца?!. К-ка, к-ха!..— закашляўся. — Цяпер — цярпі-і!.. Нічога, я раблю гэта быстра, не пачуеш нават!

Дзяўчына з зажмуранымі вачыма ўся ў напружанні моўчкі чакала стрэлу.

Дэц узглянуў на камендатуру, падумаў, што праз вокны можа глядзець на яго камендант, і ўстрывожыўся. Паліцай скінуў з пляча вінтоўку ды рэзка клацнуў затворам — загнаў у казённік патрон. Набіраючыся злосці, скамандаваў:

— Ану. ...тваю маць, недабітая бандытка, кладзіся!

Лена пакорна ўпала носам у бульбу, закрыла рукамі вушы, патыліцу і адчула, што ў яе агалілася сцягно. Дзяўчына хуценька пацягнулася рукой, каб паспець адзёрнуць сукенку, але ў гэты якраз момант бабахнуў стрэл, і яна аж падскочыла.

Дэц ботам перавярнуў дзяўчыну тварам уверх і над трупам закурыў яшчэ раз. Прыгледзеўся. Толькі цяпер паліцай убачыў, што забітая яшчэ амаль дзяўчынка — і стала бы меншая.

— А ладная, зараза!..— паківаў галавой.

Раптам стала яму весела:

«Надаела мне жыць!..» Бачыш ты яе?.. Ха!.. Паліцай пакрочыў да камендатуры, стараючыся не ступаць на мокрыя груды, каб не брудзіць ботаў. Паклікаўшы яўрэя-перакладчыка, загадаў:

— Бяры, жыдзе, лапату, марш туды і закапай яе!.. Не лянуйся толькі, глыбока завалі!.. Ды памятай: я шчэ да цябе, рыжая морда, дабяруся, шчэ прыпомню табе тваё ашуканства, юда!.. Ты шчэ не на балоце?.. Адна нага твая тут, другая — там, рук-цук, бягом!..


11.

Толькі пасля вызвалення, калі Дэц на допыце паказаў следчым, дзе закопана дачка Юлька Дзянісіка, яе перавезлі на могілкі да папоўцаў.


АДГАЛОСКІ ГІСТОРЫІ


Пасля першай сусветнай вайны буржуазная Польшча паспрабавала цераз праваслаўнага мітрапаліта Георгія ўзрадзіць у Заходняй Беларусі уніяцтва. Гэта выклікала пратэст сярод духавенства. Мітрапаліт у 192З годзе быў забіты. Яго застрэліў архімандрыт Смарагд з Бялявіч (цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці), пасля чаго насаджваць уніяцтва ў нас паны перасталі.

Мне ўдалося знайсці жывога сведку тых падзей — Веру Міхайлаўну Красько. Вось што яна расказала.

«Сама я родам з Бялявіч і айца Смарагда ведала надто добро. У міру называўся ён — Павел Латышэнко. Адкуль узяў такое імя? Кажуць, дарагі камень е такі. Бацько меў прыход у нашых Бялявічах. Калі ж стары Латышэнко памёр, на яго месцо напрасіўся сын. Але ён быў не просто бацюшко, а архімандрыт, але — во, прыехаў у глухую вёску, замест таго, каб архірэя ў Гродне дабівацца. Я тады была падлеткам, яму прыслужвала. Такі высокі чорны халасцяк...

Калі варшаўскі мітрапаліт дамовіўся з Пілсудскім на тую вунію, то знайшліся такія свяшчэннікі, што падаліся на панскую руку. Як ты ўжэ да такого прынясеш дзіця хрысціць ці маладыя прыедуць вянчацца, то поп-уніят за польскі малебен не толькі грошай не бярэ, а шчэ і сам даплаціць людзям — во быў фокус, дальбо! Праўда, да іх мало хто з людзей ішоў — каму хочацца веру сваю прадаваць?! А Смарагд не знаходзіў сабе месца. Да ці толькі ён!..

Бывало, сабяруцца ў плябані бацюшкі з цэлай акругі, зачыняцца ў велькай хаце. Падкрадзешса да дзвярэй, вухо прыставіш, а яны ўсё пра штось — ду-ду-ду-ду!- I архірэй часто прыязджаў на гэто, яго добро памятаю, бо меў язву і прыходзілася ўладыцы страву варыць аддзельно.

Потым, калі Смарагд выцягнуў лёс забіць таго мітрапаліта, то захацеў падкупіць на гэто бацюшку з Сацілавіч. Узяў много-много грошай, склаў іх у пачак, як цагліну, запакаваў у газету, пшагатам абвязаў і з пісьмом паслаў мяне.

Прыйшла я ў Сацілавічы, а бацюшко іхні паехаў у лес па дровы. Доўго я чакала на падворку, аж сонцо стало хіліцца к захаду. Нарэшце прыязджае. Сперша каня распрог, хамут схаваў, рукі выцер і толькі тагды ўзяў маю пасылку.

Маладая матушка, як прачытала цераз мужава плячо тое пісьмо, як пачне, як пачне плакаць і цалаваць яго, то, паверце, я шчэ ніколі не бачыла, каб баба так мілавала мужчыну — аж брыдко было глядзець! Сацілаўскі бацюшко супакоіў яе, пакурыў, падумаў — туды-сюды, туды-сюды пахадзіў, а тагды спаліў тое пісьмо, напісаў новае ды аддаў мне з пакункам — нясі назад.

Вяртаюся я, а Смарагд выйшаў з вёскі і ўжэ здалёк мяне выглядае. Так, бедны, нерваваўся, што мама яму наварылі падабедак, наварылі абед, а ён на ежу і не глянуў. Ці баяўся, што я з грашыма ўцяку, ці што бандзіты мяне аграбяць,— хто яго ўжэ ведае. Так бедны нерваваўся.

— Ну, вярнулася?! — падскочыў да мяне і аж пацалаваў.

Тады выняў з той пачкі 25 злотых ды гаворыць:

— На, Вера, табе за фатыгу. Няхай тато закажа табе самыя лепшыя чаравікі!..

Чаравікі каштавалі 15, шчэ 10 злотых засталося...

Калі я вярнулася з Сацілавіч, Смарагд на другі дзень пачаў з намі развітвацца ды гаварыць, што хутко пра яго пачуем, што ўсе газеты будуць пісаць, а ён сам сядзе ў турму.

Сказаў так мужыкам, бы загадку загадаў, і сам паехаў. А праз тыдзень вяртаецца памешчыкаў сын з горада ды гаворыць:

— А ваш бацюшко мітрапаліта забіў! З ліворвера! У кабінэце!

Потым чуем — з вёсак паўцякалі папы-уніяты...

Аж нарэшце з варшаўскай турмы прысылае раптам Смарагд пісьмо да таты. Просіць:

«Пашыйце мне дзве пары бялізны, цывільную рубашку ды сякія-такія нагавіцы, бо мне нельга быць духоўным».

Тато з'ездзіў у Пескі да яўрэяў, і тыя за адзін дзень усенько панашывалі — аж на 52 злотых. Калі тато сказалі, каму ўсё гэто, краўцы ўзялі толькі палову.

Праз паўгода мы ўсе ездзілі ў Варшаву на суд. Адвакатаў тых наз'язджалася з усянюткаго свету, Ды ўсе файныя, лысыя, панскія... Смарагд стаў надто кашляць, бо захварэў у турме на сухоты, але трымаў сябе па-геройску і адно цвярдзіў:

— За веру я Георгія забіў. А каб мне шчэ раз прыйшлося, зноў такого забіў бы.

Далі яму 12 гадоў, але сядзеў толькі палову. Калі выйшаў на волю, у Бялявічы ўжэ не заязджаў. Нашы ездзілі да яго ў Варшаву на свіданне ды ледзьве пазналі. Быў ужэ ў капелюшы, з чамайданам, надто худы, жоўты, хілы. I паўтараў людзям:

— Духоўным мне цяпер быць нельга — чалавека я забіў.

Пацалаваўся з усімі ды за граніцу падаўся. Мо і цяпер там дзе жыве, калі сухоты не даканалі...»


НІЧОГА НЕ НОВА


У «Вешалінскім раі» я апісаў выпадак, як у дваццатыя гады Альяш Клімовіч з вёсачкі Грыбоўшчына аб'явіў сябе прарокам ды ўзбударажыў усю Заходнюю Беларусь, а сотні тысяч непісьменных людзей хлынулі да яго на паклон. Самае сумнае, што апісаны выпадак калектыўнага цемрашальства сярод маіх землякоў — не новы.

Некалькі дзесяцігоддзяў перад цудам у Грыбоўшчыне паміж вёскамі Лаша і Сухая Даліна непісьменныя сяляне Дзюрдзі затаўклі каламі да смерці руплівую гаспадыню і прыгожую кабету, жонку каваля, за тое, што яна — ведзьма. Адвакатам тады на судзе выступаў муж Элізы Ажэшкі, які і даў пані Элізе тэму для напісання аднайменнай аповесці.

На судзе Дзюрдзі былі цвёрда ўпэўнены, што зрабілі для «обчаства» добрую справу, вінаватымі сябе не прызналі, і так заканчваецца аповесць.

Аднак сапраўдны канец ва ўсёй гэтай гісторыі быў іншы.

Дзюрдзі пад канвоем адправіліся па этапу ў Сібір адбываць пакаранне, а ў Лашы і Сухой Даліне мароз па-ранейшаму біў яблыняў цвет, вусень жор капусту, а некаторыя каровы не давалі малака. I вось сяляне вырашылі: «халерная ведзьма» вылазіць ноччу з магілы ды кідае «порчу». Бліжэйшыя суседзі Дзюрдзяў зачасалі асінавыя дручкі, схадзілі апоўначы на могілкі, раскапалі магілу каваліхі і пазабівалі калкі — з—пад іх цяпер яна, зараза, аніяк не магла ўжо выбрацца. Старыя людзі з Лашы мяне запэўнілі, што толькі з той пары ў людзей не стала аніякай «порчы». Яны і цяпер вераць гэтаму.

А самы жудасны з вядомых мне выпадкаў цемрашальства на Гродзеншчыне надарыўся яшчэ раней.

У 1885 годзе ў Навагрудчыне лютавала праклятая халера.

Аднойчы два чалавекі з вёскі Акопавічы везлі хаваць сваіх дзетак. Па дарозе да сумнай працэсіі далучылася яшчэ некалькі чалавек, а між іншымі — селянін Казакевіч, соцкі ды старая Манчыха. Бабулю ўгаварылі ісці на могілкі соцкі з Казакевічам, бо мужчыны задумалі разам з дзіцячымі трупікамі пахаваць і яе. Абодва чулі, што адзіны правераны сродак прагнаць халеру — закапаць у зямлю жывую бабку, як гэта ўжо зрабілі пад Лідай, Слонімам, Ваўкавыскам, Гродна...

Адным словам, як старая ні енчыла, ні прасілася, а Манчыху закапалі разам з дзецьмі.

Халера, вядома, не знікла, неўзабаве звяла ў магілу і ўдзельнікаў жудасных хаўтур. Застаўся адзін няшчасны Казакевіч, на якога і абрынуўся закон. Прысуд па гэтай справе Мінскай крымінальнай палаты гучаў так:

«...Казакевича, виновного (в сообществе с др. лицами) в убийстве с обдуманным заранее намерением крестьянки Манковой, зарытием ее живой в землю — по предрассудку, что через это прекратится смертность от холеры, на основании ст. улож. 21-ой степени 3 215-й и 1, 925-й, лишив всех прав состояния, наказать публично в городе Новогрудке через палача плетьми семьюдесятью ударами с наложением клейм и потом сослать на каторжную работу в рудниках на двадцать лет...»


ПЕРЫПЕТЫІ ПОШУКАЎ


1.

Восенью 195З года перасяліўся я ў Гродна і паступіў на працу лабарантам кафедры педагогікі. Паўгода таму назад у часопісе «Полымя» надрукаваў я першую сваю аповесць «У адным інстытуце», і многім з правінцыяльнага гарадка гэта дало падставу вітаць мяне як пісьменніка.

Мяне запрашалі на канферэнцыі чытачоў і сустрэчы са школьнікамі. Я адчуў павышаную цікаўнасць да маёй асобы. Вучні пільна прыглядаліся да маёй вопраткі, твару, вывучалі лоб, шукаючы нейкага таямнічага сэнсу. Настаўнікі заводзілі гутарку пра якіх—небудзь сюррэалістаў ці эпоху Адраджэння. Іншыя расказзалі мне анекдот пра класікаў ці пікантныя факты з біяграфіі таго ці іншага пісьменніка,— каб я ведаў, што і яны докі ў літаратурных справах. Мне перад імі было страшэнна няёмка.

Лічачы як бы сваім абавязкам памагаць новаму аўтару, невядомая мне дагэтуль студэнтка другога курса прынесла аднойчы мяшок з дзённікам і пачкамі пісем сваёй сястры Шуры і яе мужа. Матэрыялы прачытаў я залпам, і мяне адразу паланіў вобраз маладой пары. Тут прыйшло на памяць: стоп, я ж іх аднойчы на ўласныя вочы бачыў!

Калі ў вёсцы Біскупцы мы праводзілі кампанію па пазыцы, ад хаты да хаты разам з намі хадзіла і гэтая самая пара — Шура з вайскоўцам. Мы, сельскі актыў, заклапочана звяралі спісы, падбівалі лічбы, прыдумвалі карацейшую дарогу ў бліжэйшыя вёскі, а закаханыя, прысланыя з Ваўкавыска на падмогу, былі заняты толькі сабой — іх так і цягнула ў цёмны кут, каб пацалавацца. Ен — высокі лейтэнант са скрыпучымі рамянямі, што ладна абхоплівалі яго стройную фігуру, а яна — на цэлую галаву ніжэйшая, але зграбная, загарэлая, з тых, пра каго кажуць — кроў з малаком...

У дзённіку, у пісьмах гэтай самай Шуры і яе суджанага было поўна дэталяў і трапных думак, яны аж прасіліся ў твор,— адно не палянуйся, прывядзі матэрыял у адпаведную сістэму. Чаму мне не пасядзець над ім?

I раптам я адчуў у сабе сілу для такой работы. Ну, дакладна, як, прабуючы закінуць на плечы мяшэчак бульбы, ты бачыш,— не толькі справішся з цяжарам, але можаш падняць яго нават яшчэ і з фокусам — пакруціць над галавой ці перакінуць з пляча на плячо. Угледзеў аповесць я ўжо гатовай, і мяне нібы токам ударыла.

Выходзіць, я — аўтар не аднаго твора?

Здагадка так ашаламіла, што я адразу пазакрываў свае кніжныя шафы, датэрмінова замкнуў кабінет і пайшоў на выхад.

Неўзабаве я ўжо быў за горадам. Куды ісці?

Наогул я люблю віхуры, завеі, вятры, навальніцы, грамы, а тут, як па заказу, дзьмуў рэзкі сівер, жорсткая крупа секла неміласэрна па вачах, сцябала па твары. Я, сагнуўшыся, упарта сунуў па бруку, палявымі дарогамі, па шпалах. У галаве ўкладваліся дэталь за дэталлю новага твора, а на душы ва унісон віхуры гучала: «Выходзіць, я цяпер буду пісаць і пісаць? I гэтага ніхто ўжо не адменіць?! Ух, як здорава! Такі занятак — самы прыемны з усіх, што я паспытаў! Людзі, я знайшоў шчасце, я ведаю, як мне жыць!!!»

Да канца дня і за ноч дашпарыў я аж да Мастоў і толькі там адчуў стому. Ніколі не спадзяваўся, што мае ногі яшчэ здольны на такі марафон (з Гродна да Мастоў — 6З км!). Світала, а да Ваўкавыска заставалася яшчэ ЗЗ км; у абед трэба з'явіцца на кафедры. Побач чыгуначны вакзал, ды я больш не здольны быў зрабіць і кроку.

У гасцініцы знайшлося месца. Я ўпаў на ложак і заснуў як камень.


2.

I праўда, «Дзяўчына з Ваўкавыска» пісалася лёгка і за два тыдні была гатова. Падобныя тэмы ў той чае лічыліся надта моднымі,— упершыню ў нас в'явілася многа неўладкаванай моладзі пасля сярэдніх школ. Аповесць ахвотна надрукавалі б, а мяне ўжо агарнуў адчай.

Пра што яна? Пра тое, як ваўкавыская школьніца паехала ў Мінскі «пед» здаваць экзамены, як не прайшла па конкурсу, як, едучы дамоў, пазнаёмілася з афіцэрам ды выйшла за яго замуж. Банальна. Бы ў легкадумных фільмах, дзе з першых кадраў ужо ведаеш, чым ён скончыцца, тады пачынаеш плявацца ды злаваць: чаму ў такіх выпадках нельга падысці да касы і забраць назад свае грошы,— тавар жа ў магазіне прымаюць, абы квіток быў.

Паўгода я пакутаваў, бытта мне вельмі балелі зубы, покуль мяне не асяніла, як скончыць аповесць.

Пасля надрукавання твора тая самая студэнтка выказала аўтару такую заўвагу:

— Штосьці ў вашай аповесці свайго таты і мамы я не пазнаю. Не пыталася ў Шуры, бо яна з мужам жыве цяпер у Адэсе, але і сястра, напэўна, Вам сказала б, што старыя з вашых старонак падобныя на кагосьці другога.

Давай я цярпліва тлумачыць дзяўчыне, што бацькі ёсць і ў мяне, і, па незалежнаму ад нас закону, у в'етнамскіх, напрыклад, мастакоў Ленін падобны на в'етнамца, а ў японскіх — на японца, і нічога ўжо не перайначыш.

Дзяўчына змірылася.

Затое з «Данутай» справа была больш складаная.


3.

Восенню 19З8 года адправіўся я ў Вільню паступаць у вячэрнюю школу. Вучоба ў буржуазнай Польшчы каштавала не абы-якіх грошай, а я яшчэ быў пераростак, таму мой учынак выглядаў авантурай. Мае бацькі менш думалі пра сынаў дыплом, яны мяне выпхнулі з хаты, каб я хоць пацёрся па свеце ды сёе-тое пабачыў.

У вялізным і чужым горадзе, на вуліцы Паплаўскай пад нумарам «31-б» жонка краўца прапанавала мне пакойчык за тое, што буду насіць ёй ваду з яра. Каб яшчэ не плаціць і за навуку, наняўся я ў ліцэй пасыльным.

Уся наша вуліца ганарылася, што на ёй жыве сам генерал. Але дом яго знаходзіўся бліжэй да цэнтра, куды даходзіла сістэма гарадской каналізацыі і водаправода. Дачка генерала, з якой я потым выпадкова пазнаёміўся, была непрыгожая — хударлявая і сухая. Мяне якраз схіляла ў другі бок.

Па суседству з домікам краўца выцягнуўся асабняк багатага пана Пішчыка — начальніка пошты. Пішчык меў дзве дачкі, і маладзейшая, панна Ядзя, пацягнула з мяне гэтыя самыя залатыя нітачкі. Пацягнула паненка іх з першага дня — ды так, што не толькі вучоба не палезла ў галаву, я сабе ўжо не знаходзіў месца.

Я вартаваў паненку ў горадзе і ў ліцэі. Не зводзіў вачэй з яе вокан і нават выбіўся са сну. Калі ўжо з—за сімпатычнай суседкі я забыўся пра цэлы свет, мяне агарнула авантурыстычная ідэя — прабрацца да сваёй «багіні» ў палац, а там — што ўжо будзе.

I вось я адправіўся ў дом пана Пішчыка.

З таго моманту мінула роўна сорак гадоў. На маіх , вачах пяць разоў мянялася ўлада і з—за перажытых падзей памяць мая блытае элементарныя факты. Аднак таго моманту не змагло нічога сцерці. Вось ён.

Сваю «багіню» з маці я застаў у сенцах каля палічак са шклянымі слоікамі. Быў верасень — пара нарыхтовак салёных гуркоў, грыбоў, і Пішчыкі, выходзіць, да зімы рыхтаваліся грунтоўна. Шкляных пасудзін на паліцах стаяла некалькі соцень — такую прорву слоікаў яшчэ я ніколі не бачыў. Жанчыны былі ў халатах у чырвоную гарошыну, а на галовах мелі касынкі з такой самай матэрыі. Абедзве ўзіраліся на мяне, як на прывід, і стараліся прыкрыць грудзі. Фея мая, пра якую я так мроіў, на каго маліўся,— божа мілы! — трымала ў руцэ слоік і збіралася з яго якраз высыпаць у вядро... здохлых мух.

Убачыў я гэты малюнак — і вобраз багіні адразу растаў, расплыўся, некуды знік ды застаўся там, на вуліцы, у змрочных закутках ліцэя, у марах бяссонных начэй. Я ўжо надта пашкадаваў, чаго ішоў да Пішчыкаў.

Не магло потым нічога змяніць і наша знаёмства з паннай Ядзяй.


4.

Ішлі гады, мільгалі падзеі, і я пачаў заўважаць, што з віленскіх часоў сядзіць ува мне якісьці душэўны мазоль — упарты, цвёрды і сталы. Мазоль гэты заўсёды пра сябе напамінаў, мяне непакоіў, я нікуды ад яго не мог падзецца. Расказаць бы пра той выпадак, каму, добра выспаведацца, але хто цябе будзе слухаць?

К таму часу свой душэўны настрой я ўжо прызвычаіўся выкладваць на паперу, таму аднойчы задумаўся — а ці не вылажыць на паперу і ўсё тое, што ўва мне накапілася за год жыцця ў Вільні? Не абавязкова для друку, а — каб паспытаць асалоду ад новага кантакту з вобразамі мінулага. I не прытрымлівацца дакументальнай праўды, а зірнуць цяпер на падзеі крытычна, з гумарам, падысці да іх з вышыні сённяшніх ведаў і вопыту. Павінен быць страшэнна прыемны занятак.

Неўзабаве і настаў той дзень, калі я, каб не насіць у сабе непасільны цяжар, узяўся за работу.

Я меўся перадаць толькі дух пэўнага часу, і сапраўднае прозвішча не падыходзіла аніяк. Свайму герою адразу знайшоў прозвішча — Барташэвіч Янка і адчуў — гэтаму сялянскаму хлапцу матэрыялу ў тайніках маёй душы хоць адбаўляй. Гераіню з дома начальніка пошты для кантрасту перанёс у дом генерала, падабраў і ёй прозвішча — Янкоўская Крыся. Тут спахапіўся — мала ведаю быт людзей з такога асяроддзя, у генеральскім доме на Паплаўскай быў толькі ў адным пакойчыку і чамусьці нічога характэрнага ад тых візітаў у галаве не засталося...

На падмогу прыйшло нахабства.

За адзін вечар я абышоў кватэры ўсіх генералаў, якія тады жылі ў Гродне. Здзіўленыя гаспадыні ахвотна мне паказвалі сваё багацце, нават запрашалі прыходзіць зноў.

Адным словам, сеў я за стол. Восем месяцаў работы над аповесцюпраляцелі як адзін дзень. Я надта люблю перыяды, калі пішацца,— іх можна параўнаць толькі са станам, калі ты закаханы. Зноў я перастаў заўважаць надзеі, надвор'е і нават тое, што рабілася ў сям'і (мабыць, таму празаікі не ідэальныя бацькі і мужы!).

Між іншым, тады і заўважыў я ўпершыню дзіўную з'язу. Справа ў тым, што празаіку даводзіцца многа сядзець над рукапісам ды шмат разоў яго перарабляць і перапісваць. Потым я падлічыў: «Дануту» перапісваў 32 разы (да чэшскага выдання)! Перапісванне — не механічная работа. Кожную фразу зноў як бы прапускаеш праз аголеныя жылы ды ўсё мацней сябе ўзвінчваеш. Дык вось, у тыя дні, калі заканчваў перапісваць новы варыянт аповесці, кожны раз пачынала ў мяне ўзнімацца і тэмпература. Будучы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, я зайшоў са скаргай у літфондаўскую паліклініку. Нічуць не здзівіўшыся, мажны сталічны доктар мяне супакоіў:

— Так памёр Блок.

У Гродне сябравалі мы сем'ямі з Мікалаем Іванавічам Арынчыным. Яго сардэчная жонка Таіса Васільеўна — загадчыца кафедры медінстытута — зацікавілася маім станам ды намерылася прыставіць да мяне групу студэнтаў, каб вывучыць дзіва бліжэй. На жаль, акадэміка Арынчына неўзабаве перавялі ў Мінск, а я так і застаўся ў няведанні — праўду гаварыў маскоўскі самавіты доктар ці загаворваў зубы. Але ўсё гэта было потым.

Перарабляючы і перапісваючы рукаліс, я нарэшце сваёй гераіні выбраў і канчатковае імя — Данута. Мне яно спадабалася свежасцю, хоць на Гродзеншчыне тады называлі так амаль кожную трэцюю дзяўчыну.

К таму часу мне ўжо вядомы былі і элементарныя законы мастацтва. Напрыклад, я ўжо разумеў, што, каб ажаніў Леў Мікалаевіч свайго Вронскага з Аннай Карэнінай, каб паслаў гэтую пару на цёплыя воды ў Неапаль, каб скончыў на гэтым раман,— твор людзі забылі б яшчэ ў мінулым стагоддзі. I каб ПІолахаў выдаў Аксінню замуж за Грышку Мелехава, зрабіў яе старшынёй сельсавета, а яе казака — кіраўніком Вёшанскага валвыканкома і гэтым скончыў твор,— не было б «Ціхага Дона».,.

Я ўжо цвёрда засвоіў — літаратура павінна браць чытача за душу, таму канец у аповесці вырашыў даць суровы. Пры гэтым не парушалася і жыццёвая праўда. Колькі ведаю харошых дзяўчат, якія таксама, як і мая гераіня, склалі свае светлыя галовы за вялікую справу.


5.

I вось аповесць у асноўным скончыў. Для пэўнасці яшчэ раз і два начыста перапісаў, покуль мне твор не спадабаўся цалкам. Хацелася перад кімсьці пахваліцца, але перад кім? Якраз атрымаў з часопіса запрашэнне на сюжэтную рэч і ў адказ, не надта верачы ў поспех, адправіў свежы рукапіс.

Праз пару тыдняў заехаў чагосьці ў Мінск ды зайшоў у рэдакцыю «на разведку». Мой твор прачытаў ужо намеснік галоўнага рэдактара. Ён з таямніча-строгім выразам на твары павёў мяне ў калідор, пасадзіў на канапу.

— Аляксей, што ты нарабіў? — раптам з абураным шкадаваннем напаў ён на мяне.

— ???

— Ці ты здурэў, ці якое ліха табе?! Ай-яй-яй, аж так не ведаць задач літаратуры!

— А ў чым справа? — Я ўсё нічога не разумеў.

— Узяў ты харошага нашага хлапца, ды ў каго ж ты яго ўлюбіў? У дачку рэакцыйнага генерала-легіянера! Што, дзяўчыны сваёй яму не мог ты падабраць, ці якая халера?! Разумееш, куды павяла цябе твая наіўная блізарукасць? На трыста старонак з гакам адбухаў цагліну, столькі ўбіў у яе часу, перавёў паперы, і ўсё дарма, ай-яй-яй-й!..

Я тады адчуваў сябе яшчэ правінцыялам. Рэцэнзент пачынаў здавацца мне ледзь не абсалютным знаўцам літаратуры, яго імя трапіла нават у школьныя падручнікі, і душа мая ад жаху аж у пяткі ўвайшла. Пачаў я сябе касціць прыкладна так:

«На самай справе, што стрэліла мне ў галаву такое пісаць — пра буржуя-генерала, яго жонку і ад'ютанта, пра охі і ахі?! Ага, пісаў жа для сябе, пра друкаванне нават і не думаў. Тады — на якога д'ябла паслаў у такі адказны орган? Прыемна было сядзець над рукапісам, цешыцца даўняй атмасферай,— ну і цешыўся б сам, размочваў бы свой «мазоль». Ім патрэбны матэрыялы з вялікай палітыкай, на якіх самавітыя рэцэнзенты выводзяць цэлыя тэорыі ды замацоўваюць іх потым у хрэстаматыях. Пры чым тут нейкая генеральская дачка-фіфачка, пры чым ні рыба ні мяса яе Барташэвіч?!»

Адчытваў я сябе так у душы і адначасова слухаў сталічнага крытыка. А намеснік рэдактара ўсё чытаў і чытаў мне натацыі. Затым стаў апавядаць пра свой выпадак.

Выяўляецца, і ён некалі без памяці кахаў адну фею, якая паўтара гады дарыла яго платанічнай ласкай. Потым ён з жахам даведаўся што ўвесь час, покуль ён марыў аб ёй ды ўздыхаў, а яна строіла яму вочкі, нягодніца жыла з абармотам-капітанам рачнога парахода. Толькі ж каму гэта цікава ды якую з гэтага факта выведзеш ідэю?..

А скончыў суровы крытык маналог так:

— На, Аляксей, свой опус і нікому больш не паказвай. Адпраўляйся ў сваё Гродна ды паспрабуй зрабіць нам нешта на тэму надзённую — бясспрэчна, пісаць ты, старык (гэтае слоўца тады якраз уваходзіла ў моду), можаш!

Між іншым, калі потым «Дануту» адзначылі ў друку і пачалі аповесць перавыдаваць, рэцэнзент, хоць і з неахвотай, аднак прызнаў, што ў творы тады не разабраўся. Затое цяпер, калі займеў ён шмат тытулаў, на поўным сур'ёзе пры мне заявіў, што ўдачу аўтара ён заўважыў тады самы першы. Але няхай гэта будзе на яго сумленні.


6.

Такім чынам, у першай рэдакцыі аповесць маю раскрытыкавалі. На ватных нагах павалокся я на вакзал і некалькі тыдняў у Гродне не знаходзіў сабе месца. Героі з «Дануты» ў сне мне жаліліся. Ідучы куды-небудзь, як з жывымі, я гутарыў з імі і бытта бы суцяшаў іх. Бачыў кожнага выразна і не мог ад іх адмовіцца аніяк. Найбольш — ад Дануты.

«Ну і што, калі яна дачка буржуазнага генерала— паненка ж загінула за вялікую справу! А Барташэвіч які файны хлапец?!. Рэцэнзент сам цагляны опус!..»

Дарэчы, галоўны герой аповесці б'ецца з эндэкамі, калі ў зале Снядэцкіх выступае Максім Танк. Раздзелы гэтыя не выдуманыя. Мне самому дасталося тады «на арэхі». Потым на вёску прыслалі бацьку ад хірурга рахунак на 15 злотых — недзе і цяпер яшчэ ляжыць у мяне квіток аб уплаце. Давай пашлю рукапіс Танку, няўжо не крануць яго тыя родныя яму мясціны? »

Другі раз запакаваў я твор ды адправіўся на пошту.

Дакладна праз тры дні ад Танка прыйшла паштоўка. Яўген Іванавіч не толькі віншаваў мяне з удачай — «Полымя» бралася аповесць друкаваць.

Далей не ўсё пайшло так гладка.

Перад самай здачай у набор пачалося ў аддзеле. Рэдактар, бачыце, сам пісаў раманы са станоўчымі героямі, з надзённымі тэмамі, і ніхто гэтага подзвігу чамусьці не заўважае, а тут нейкі аўтар з правінцыі намаляваў буржуазную фіфачку, хлапца ні тое ні сёе, і яму такая ўвага! Дзе ж справядлівасць?!.

Дзякуй богу, усё абышлося. Са скрыпам, з вялікай неахвотай, аднак рукапіс у друк ён здаў.


7.

Калі «Данута» ўжо выйшла і па-руску, я адразу паехаў у Вільнюс, каб сваю кніжку падараваць прататыпу. Шчыра кажучы, ішоў я па знаёмых мясцінах і хваляваўся, як малы. Мяне нават разбіралі дрыготкі. Адначасна было і цікава — якая цяпер Ядзя?..

У Вільнюсе мяне напаткала вялікае расчараванне. Адразу пасля вайны Пішчыкі пераехалі жыць у Польшчу. Дзе цяпер жыла пані Ядзя, ніхто сказаць не мог.

Да сённяшняга дня «Данута» мела каля дзесяці публікацый, аповесць перакладзена на іншыя мовы, выдавалася і за мяжой. Многа чытачоў прыслала свае водгукі. Пісьмы былі двух гатункаў. У адных — людзі звярталіся да аўтара і выказвалі свае адносіны да твора.

Іншыя ж на канвертах пісалі так:

«г. Гродна, аблана. Інспектару Янку Барташэвічу (свайго героя пад канец аповесці я «змясціў» на працу інспектарам)».

Інспектар па кадрах М. П. Кузняцова пісьмы такія збірала ў пакеты ды адпраўляла мне на кватэру — маўляў, разбірайся з імі сам, бо інспектара такога ў нас няма.

Чаго толькі не было ў тых пісьмах! Нейкая кабета з—пад Кобрына пісала:

«Дарагі тав. Барташэвіч! Вы столькі перажылі, і хоць маеце жонку, а засталіся адны. Сумую вельмі адна і я, хоць і замужам. Давайце пачнем перапісвацца...»

Другая пісала:

«Калі ласка, прышліце, дарагі Янка Барташэвіч (даруйце, не ведаю, як Вас па бацьку!), мне фота сваёй Дануты. Я павешу яго над ложкам і буду заўсёды глядзець на яе вобраз — устаючы і кладучыся...»

А настаўніцы са Смаргоншчыны катэгарычна патрабавалі:

«Вырашылі мы зрабіць экскурсію ў Вільнюс ды пакласці на Дануціну магілку кветкі. Выязджаем сваім аўтобусам 5 ліпеня ў 6 гадзін раніцы. Просім Вас, дарагі тав. Барташэвіч, к нам далучыцца. Калі ўжо не зможаце з намі паехаць, то тэрмінова напішыце нам, прынамсі, дзе яе магіла...»

У Маскве на ВЛК ад выкладчыкаў я пачуў, што ў Англіі ёсць горад, у якім каля старэнькага тэатра стаяць унікальныя два помнікі. Ім па трыста гадоў, да іх водзяць турыстаў (шкада, не запісаў назвы горада!). У XVII стагоддзі для мясцовага гарнізона ставілі там Шэкспіра. Калі на сцэне Атэла пачаў душыць Дэздэмону, адзін салдат закрычаў, каб раўнівец адстаў ад жанчыны. Гэта, вядома, не памагала. Тады абураны салдат ускінуў лук, нацягнуў цеціву ды прашыў артысту сэрца стралой. Салдата пакаралі. Аднак помнік паставілі і яму — як ідэальнаму гледачу.

Я не Шэкспір, ды крыху падобны чытач знайшоўся і ў мяне.

Аднойчы шаноўная Маргарыта Пятроўна прыслала мне з аблана новую пачку пісем. Сярод іншых адна чытачка пісала:

«Бартошевич!

Я очень довольна, что ты в живых и тебе можно влепить в лоб все то впечатление, что произвело на меня после прочтения книги «Данута». Кончив чнитать, я вслух кричала: Сволочь! Сволочь! Идиот! Хуже того Рыжего, что лупил тебя на сцене! Мало он тебя лупил! Ведь ты коварнее его! Любил ты Дануту, когда она тебе была недоступна, когда же она тебе стала доступной — ты стрелял ее! За что, фриц ты?! (Тут ідзе фраза не да друку, я вымушаны яе апусціць...) А Дануту, свою любовь, не удалось самому удушить, и ты оставил ее на растерзание немцам, зверюга ты!

Мои пожелания тебе: пусть светлая и чистая любовь Дануты живет в твоем сердце, как червь, до глубокой старости твоей, а когда придет к тебе твоя смерть, чтобы она была похожа на смерть Дануты! С такими же пытками и ты был таким бессильным и беззащитным, какой ты оставил ее —

Придурок ты!

Ольга Т».

Калі наша задача ў тым, каб узяць чытача за сэрца, то лёгка сабе ўявіць маю радасць пасля прачытання гэтага «крыку» душы. Во ўзяў за жывое! Каб гэтая самая «Вольга Т.» жыла ў Гродне, а ў нашым аблана і праўда працаваў такі Янка Барташэвіч, то, мабыць, яна знайшла б яго і, прынамсі, вочы яму выдрала б.

Такое было маё першае ўражанне.

Потым стала сумна. Усё ж такі мы жывём не ў XVII стагоддзі і ўспрымаць кніжку мастацкай літаратуры як нейкі дакумент — трохі наіўна.


ДЗІЦЯ ПЛАНЕТЫ


1.

У той час Оля мела 39 кг вагі. Ды і ростам яна не выйшла, усяго — 151 см.

Оля, папэўна, гублялася б сярод прахожых, як вучаніца другога класа. Яе ж заўважалі здалёк. Оля, бы каралева, раздавала налева і направа ўсмешкі, ад чаго людзям рабілася адразу цяплей на душы. Не адзін чалавек, які спаткаў яе на вуліцы, дома хваліўся:

— Бачыў Корбут!! Іду сабе ў магазін, ні пра што ке думаю, ды раптам насустрач — яна! Дробненькая, звычайная, а ты толькі глядзі, як прымусіла свет пра сябе загаварыць!..

О, чалавечыя слабасці!

У абласной бальніцы я міжволі стаў сведкам характэрнай сцэнкі. Прафесар В. браў паліто. На пытанне гардэробшчыцы, чаго В. так рана пакідае студэнтаў-практыкантаў, мажны мужчына, масціты хірург, паважаны ў вобласці чалавек раптам зрабіўся звычайным хвалько. Бытта перад спатканнем з якім—небудзь прэзідэнтам, са шчаслівым бляскам у вачах і маладым хваляваннем шапнуў:

— У спецпаліклініку на кансіліум еду. Будзем даваць Олі Корбут кансультацыю перад спаборніцтвамі ў Англіі.

Што ж, яшчэ ніхто з жыхароў Гродна, як стаіць яно на высокіх нёманскіх берагах, не праславіў так свой горад, як гэта хударлявая дзяўчынка. Ніхто не прынёс землякам і столькі радасных эмоцый, не даў такую колькасць тэм для застольных размоў, не разбудзіў столькі захаплення ды звычайнай зайздрасці.

Нямногія людзі нават зямной кулі могуць пахваліцца Олінымі дасягненнямі: усяго шэсць гадоў спатрэбілася ёй, каб прайсці дыстанцыю ад першай трэніроўкі ў гімнастычнай зале гродзенскага стадыёна да звання чэмпіёнкі Алімпіяды ў Мюнхене.

У свае семнаццаць вёсен Оля спазнала сусветную славу, выявіла фанатычную адданасць спорту, уменне сабраць у кулак волю,— выявіла ўсе магчымасці, што тояцца ў чалавеку.

Дзяўчына — феномен сучаснага спорту з яго незвычайна высокімі нагрузкамі ды гэткімі ж высокімі вынікамі. Яна ведала яго штодзённую цяжкую працу: «качаць сілу», «расцягваць звязкі», выпрацоўваць неабходныя рэфлексы гімнаста, памнажаючы ўсё на натхненне.

«Вольга Корбут — дзёрзкасць, адвага, вынаходлівасць. Гэта — сплаў безразважнай смеласці і грандыёзнай хвацкасці, хлапечая зухаватасць і схільнасць да рызыкі, дакладнасць і чароўнасць, бліскучая рамантыка. Яе гімнастыка — вялікі крок наперад!» — сказала заслужаны майстар спорту Л. Латыніна.

З газет, тэлеэкранаў Оля скочыла проста ў сэрцы чалавечыя, запаланіла людскія душы ледзь не ў кожнай сям'і, і павалілі на стадыён «Чырвоны сцяг», дзе Оля трэніравалася, ва універсітэт, студэнткай якога была, на вуліцу Каліноўскага, дом 5, дзе жыла, бясконцыя патокі пісем.

Корбут даўно стала з'явай сацыяльнай. Такое ж значэнне набылі качуцці і думкі, выказаныя ў пісьмах Оліных паклоннікаў ды паклонніц, таму няхай яны мне даруюць, што абнародую асобныя вытрымкі з іх асабістай карэспандэнцыі. Каб не прычыніць нікому шкоды, прозвішчаў называць не стану, адрасы скарачу да мінімуму.


2.

Чаго толькі Олі не пісалі!

Вучаніца 8-га «В» класа, г. Перм:

«Я надта люблю гімнастыку. А яшчэ больш палюбіла яе, калі ўведала Вас. З 4-га класа займаюся ў школьнай секцыі, якая носіць Ваша імя. Мы ўсе бяром з Вас прыклад: цярпэнню, вытрымцы і стойкасці вучымся таксама ў Вас...»


Азербайджанская ССР, станцыя Худзят-База, Марына С.:

«Мне вельмі падабаецца гімнастыка. Уся наша група хварэла ўвесь час за цябе, Оля... Трэнер па акрабатыцы ў нас надта добры. Нядаўна мы прыдумалі з ім, каб надрукаваць латарэйныя білеты ды прадаваць іх па 20 калеек і за гэтыя грошы пабудаваць спартыўную залу ў нашай школе...»


Петрапаўлаўск-Камчацкі, Мікалай I., былы выхаванец дзіцячага сада № 6.:

«Оля, ты, напэўна, выхоўвалася ў нашым детсадзе (такіх пісем з розных канцоў Савецкага Саюза з фатаграфіямі дашкольніц, дзе супадаюць узрост, імя і прозвішча, аўтар эсэ знайшоў чатыры). Пасылаю табе фатаграфію яго выхаванцаў, паўзірайся на сябе. Ты стаіш трэцяй з правага боку, пад акном...

Прышлі мне абавязкова свой аўтограф!»


П/с Панцеляймонаўка, Данецкая вобл., Валя Л.:

«Оля, буду з Вамі шчырай: у мяне ёсць сшытак — звычайны школьны сшытак у касую лінейку, але ён мне надта дарагі. Вы першая, каму адкрываго яго таямніцу. Сшытак мае загаловак: «Спорт». Існуе ўсяго тры гады. Спортам я займаюся з—за Вас, але высокіх вынікаў яшчэ не дасягнула. У сшытку пішу пра ўсе падзеі. Мой ідэал: Вольга Корбут з яе дэвізам:

«Без рызыкі няма гімнастыкі!»

Далей у сшытку ідзе раздзел:

«Будні Каралевы Рызыкі...»

Ташкент, праспект Горкага, Марына К.:

«Я даведалася з «Комсомольской правды» пра Вашы поспехі. Я Вас падтрымліваю ўсёй душой. Толькі так, Олечка, толькі так! Ой, якая Вы малайчына!»


Масква, абаненцкая скрынка № 465, Эрнестру Л.:

«Ведаю, што ў Вас, Оля, няма часу адказваць на пісьмы, таму чакаць яго не збіраюся. Пішу аб справе.

Я не ў захапленні ад Вашага інтэрв'ю ў газеце. У пагоні за аб'ектыўнасцю вольна ці не вольна карэспандэнт нанёс Вам душэўкую траўму. Магчыма, тут у яго свайго роду палітыка і глыбокі разлік, аднак мне гэта не падабаецца...

Я ўрач-псіхолаг і хачу Вам даць параду.

Сёння, у час Вашага выступлення па Цэнтральным тэлебачанні я яшчэ раз меў магчымасць назіраць Вашу незалежнасць і псіхалагічную індывідуальнасць — яна мне сімпатычная. Аднак, прыгледзеўшыся ўважліва да таго, як рэагуеце на публіку і адносіцеся да заўваг трэнера, сябровак, я адзначыў, што Вы надта ж лёгкаранімая натура. Вам абавязкоза трэба пагаварыць з псіхатэрапеўтам: гэта пазбавіць Вас, Оля, ад многіх непрыемных перажыванняў, зберажэ сілы, дасць магчымасць узняцца яшчэ вышэй,— паверце мне, вопытнаму спецыялісту-псіхіятару!.. Між іншым, усе вядомыя спартсмены ГДР гэтак робяць».


Прыморскі край, Міхайлаўскі раён, с. Крымава, вул. Саўгасная, Ірыне Т.:

«Оля, я займаюся ў гуртку мастацкай гімнастыкі. Вучуся ў пятым класе на «добра» і «выдатна». Оля, дапамажыце мне, калі ласка, атрымаць гімнастычную форму ці хоць купальны касцюм, бо ў нас тут гэтага купіць нельга...»


«Прывітанпе, Оля! Мы, маракі флагманскага судна «Альбатрос», якое зкаходзіцца далёка ад Радзімы, прачыталі ў «Камсамолцы» тваё інтэрв'ю — яно здорава кранула нашы марскія душы. Нам спадабалася тое, што выступаеш на спаборніцтвах не дзеля медалёў і тытулаў, а — дзеля рамантыкі, рызыкі і таго, каб глядач атрымаў здавальненне!

Экіпаж супрацьлодачнага карабля «Альбатрос» жадае табе і далей такога ж поспеху!»


Будаўнікі БМУ, г. Орша:

«Оля, мы вельмі просім цябе ўсе, колькі нас ёсць — 684 чалавекі,— выступі ў нас на «Огоньке». Як толькі атрымаем тваю згоду, зараз жа адправім па цябе ў Гродна машыну «Волгу» з шафёрам першага класа, а на сцэну ўнясём на руках.

Прыязджай абавязкова!»


Прыкладна ў такім жа стылі напісаны і сотні іншых пісем ад нашых хлопцаў і дзяўчат, пенсіянераў і вучоных, лётчыкаў і канструктараў, геолагаў і ўрачоў, калгасніц і салдат.


3

Для пулярнасці спартсменкі тэлебачанне зрабіла цуд. Оліна майстэрства на Алімпіядзе ў Мюнхене ўбачыла 800 мільёнаў тэлегледачоў, дзяўчына адразу перасягнула нацыянальныя межы ды «жалезныя заслоны» і

Крупная державная ответственность
Рухнула па маленькие плечи.
(Роберт Раждзественскі)
Да спартсменкі не проста пайшлі пісьмы, яны хлынулі бясконцымі патокамі і з—за мяжы, часам з такімі лаканічнымі адрасамі на рознафарматных, рознакаляровых канвертах:

«СССР, Олі Корбут».

«Беларусь, Олі Корбут».

«Расія, Вользе...»

У пісьмах з Варшавы, Сафіі, Лейпцыга ды іншых мясцін сацыялістычнага лагера Оліны балельшчыкі і балельшчыцы размаўлялі са спартсменкай, як з роўнай, пісьмы іх мала чым розніліся ад савецкіх, прыведзеных вышэй. Затое ў пасланнях балельшчыкаў і балельшчыц з—за «жалезнай заслоны» відаць, што Оліны выступленні на многіх людзей падзейнічалі як выбух, узрушылі людскія душы.


Дэйв Браун, Тэхас 79925, ЗША:

«Дарагая Оля! Пішу табе восьмае пісьмо. На зямлі, поўнай войнаў, нянавісці, цяпер так многа людзей патрабуюць тваю цудоўную ўсмешку і чароўнасць, што я вырашыў цябе патрывожыць яшчэ раз...»


Майк А., Клінтон, Іова:

«...Я спадзяюся, што ты правяла добра час у ЗША. Калі ты выстулала і цябе паказвалі па тэлебачанні з Белага Дома, я заўважыў, што вы, рускія, маеце таксама пачуццё гумару. Мы гэта цэнім, бо ў ЗША мы ўсе заўсёды жартуем...

А ведаеш, раней, калі з сябрамі я гуляў у школе ў «вайну», мы звычайна «ваявалі» толькі супроць рускіх. Пасля ж твайго выступлення ўжо мы ўсе гаворым пра рускіх, як пра сяброў...»


Арле, Тэхас, Жэнне С.:

«Дарагая Оля! Пішу табе не толькі таму, што захапіўся тваімі спартыўнымі дасягненнямі,— я зацікавіўся тваёй краінай. У мяне адзіная праблема цяпер — не дазваляюць ездзіць у некаторыя краіны з—за таго, што мой тата на адказнай рабоце. Яго праца такая важная, што калі б я нават толькі прыблізіўся да тваёй краіны, мяне, відаць, ЦРУ адразу схапіла б. Мама мяне абзывае камуністам за тое, што цікаўлюся тваёй краінай.

Што я хачу сказаць — вось яно: жадаю прыехаць у тваю краіну і як мага хутчэй. Быў бы вельмі рады, калі б ты мне ў гэтым дапамагла. Цяпер я ўжо ў такім узросце, што магу думаць самастойна (аўтару пісьма... 15 гадоў! — А. К.). Калі ты думаеш, што гэта жарт,— вельмі памыляешся. Для мяне ўсё гэта надта сур'ёзна.

Калі ласка, пастарайся дапамагчы мне, калі ты можаш, а калі не можаш, то адпішы, буду шукаць іншыя сродкі, каб дабрацца да вас, і ад свайго не адступлюся».


Джэк У., Пітсбург, штат Пенсільванія:

«Я заўсёды падтрымліваў амерыканцаў і лічыў, што ніколі не змагу стаць на бок рускіх. Гэта было да Вас. Ваша выступленне на Алімпіядзе ў Мюнхене было сенсацыйным! Я спахапіўся, што падбадзёрваю Вас, плачу з—за Вас і, нарэшце, станаўлюся надта ўзбуджаным пры Вашай перамозе!

...Адчуванне, што палюбіў рускую за яе выключнасць і індывідуальнасць, запоўніла мяне надоўга і дало магчымасць зразумець рускіх і іншыя народы».


Л. Драйв, Мэрпорт, Нью—Йорк, 11768, ЗША:

«Оля, Вас любяць моцна амерыканцы і мільёны іншых людзей ва ўсім свеце не проста з—за Вашых спартыўных здольнасцей... У многіх народаў гэтаксама ёсць людзі, якія ўмеюць рабіць лепш, чым іншыя. Вы ж уся напоўненая нейкай чароўнасцю, што магнітам прыцягвае чалавека.

...Вы перавярнулі ўсё маё жыццё дагары нагамі. Усе мае пачуцці і светапогляд з—за Вас перамяніліся. Цяпер нават сорамна прызнавацца ў тых поглядах, якія ў мяне былі раней. Падумаць толькі — яшчэ год таму назад я быў антыкамуністам! Не мог нават уявіць сабе, што камуністычнае грамадства можа быць карыснае людзям, рабіць дабро свайму народу. Я быў упэўнены: вайна і забойствы ў В'етнаме неабходны, «каб уратаваць в'етнамцаў ад тыраніі камунізму». Вы адкрылі мне вочы на многае, аб чым я не меў ніякага ўяўлення. Мне нават і ў галаву не прыходзіла, што можна знайсці штосьці харошае ва ўсіх людзей. Цяпер разумею: лідэры Вашага грамадства робяць усё для таго, каб не даводзілася цярпець адным, а другія мелі з гэтага сабе карысць. Яны не спрабуюць падняволіць свет, а сацыялізм і грамадская ўласнасць у многіх адносінах стаяць вышэй за капіталізм».


Айова, Брэйтлі, 1З16:

«...Яшчэ год таму назад і падумаць я не мог, што напішу калі—небўдзь рускай, бо «чырвоныя» ўсе былі мае ворагі, а я легкадумна і напавер успрымаў байкі пра рускіх, пра тое, якія яны халодныя, бессардэчныя і крыважэрныя. Ды раптам з'яўляецца дробненькая руская дзяўчынка Оля Корбут, якая смяецца, плача, махае рукой натоўпам, і ў ёй — усё што хочаш, толькі няма бессардэчнасці, чапурыстасці і холаду...

I цяпер я разумею: нельга прымаць на веру тое, што табе гавораць іншыя, асабліва калі гаваруны ведаюць гэтак мала пра тое, пра што брэшуць. Які тупы дурань я быў. Некаторыя людзі і цяпер, аслепленыя сваёй недасведчанасцю і забабонамі, усё яшчэ носяць у сабе злосць да народа, якога не разумеюць, пра якога ні шыша не ведаюць і ведаць абсалютна не хочуць.

Оля, я цябе люблю. Твой Чэк Г.»


Марк П., Уэйн, Нью—Йорк:

«Девушка из Гродно» (падрадкоўнік з англійскай) ОДА
Дитя света и добра,
Ты излучаешь любовь,
Которая согревает тех,
Кого коснулся луч твоей улыбки,
А может, это просто поворот головы
Или взмах руки.
Вся природа преклоняетея перед
Естеством твоей грации.
Твой дар души и тела
Рожден из света и боли,
И наградой за это будет
Не золото т серебро,
А ответная людская любовь
За все, подаренное тобой.

4.

На пасланні, накрэмзаныя абы-як звычайнымі алоўкамі, старанна выведзеныя фламастэрамі ці рознакалібернымі ручкамі, надрукаваныя на машынках шматлікіх фірм з цэлага свету, адціснутыя ратапрынтамі, рататарамі і капіравальнымі машынамі на розных мовах, спартсменка, каб і хацела, усім адказаць не здолела б. Для гэтага Олі трэба было б трымаць немалы штат паліглотаў, мець сродкі на паштовыя выдаткі, якія мае толькі салідная арганізацыя.

З Олінага дазволу пошту яе выкарыстоўвалі настаўнікі гродзенскіх школ і педагогі ВНУ. Вучні на ўроках англійскай, нямецкай і французскай моваў пісалі некаторым балельшчыкам адказы ад імя спартсменкі, выконвалі хатнія заданні; студэнты па Оліных пісьмах рыхтавалі курсавыя работы.

Пісьмы да Олі выкарыстоўвалі сацыёлагі ды розныя іншыя вучоныя. Я рабіў эксперымент: наўгад пытаў выпадкова спатканых выкладчыкаў гродзенскіх ВЫУ — медыцынскага і сельскагаспадарчага інстытутаў, універсітэта,— кожны з іх не мінаў пахваліцца, што для сваёй штодзённай работы ён адабраў некалькі соцень найбольш характэрных пісем да слаўнай спартсменкі ды лічыць, што яму здорава «пашэнціла».

Чалавеку, які ўмее думаць і рабіць вывады, іншыя пісьмы да Олі даюць багацейшы матэрыял для роздуму. Прачытаўшы іх, чалавек спачатку з заклапочаным здзіўленнем, напэўна, скажа:

— Не можа гэтага быць! Існуюць жа на свеце граніцы, нацыянальная адасобленасць і непаўторнасць! Існуюць, урэшце, псіхалагічныя бар'еры, створаныя мікракліматамі сацыяльных сістэм!

Затым, памірыўшыся з фактамі, ён, гэты чалавек, неўзабаве адчуе азарт першаадкрывальніка, а на тую ці іншую праблему, напэўна, паглядзіць ужо іншымі вачыма.

Мяркуйце самі.

Перад намі тры пісьмы ад 19-21-гадовых юнакоў. Адзін з іх жыве ў Віцебску, другі ў Разані, а трэці — у Паўдёвай Асеціі. Арджанікідзец піша так:

«Прывітанне, Вольга! Мяне завуць Толік. Стукнула 19. Па нацыянальнасці — асецінец. Вучуся на другім курсе сельгасінстытута, грызу ўпарта навуку, а ў вольны час займаюся спортам. Яшчэ люблю і эстрадную музыку, але не пра гэта хачу табе расказаць. Запаветны сакрэт свой выношваю даўно, ды толькі зараз, 12 кастрычніка 1974 года ў 15 гадз. 32 мін. маскоўскага часу, я сабе сказаў:

«Хопіць мучыцца! Сёння ці ніколі!»

Дык вось:

Я цябе кахаю.

Кахаю даўно — аж два гады і за табой езджу, калі толькі магу, туды, дзе ты выступаеш. Я разумею, з твайго пункту гледжання ўсё гэта глупства,— і няхай! Я ж кожную секунду, кожную гадзіну думаю пра цябе, здабываю грошы на раз'езды і, прачытаўшы ў газетах, куды ты адпраўляешся, зноў у дэканаце выпрошваю на тыдзень звальненне для «пахавання цёткі» ці іншай сваячніцы, бягу купляць білет і адпраўляюся за табой.

А ты не смейся — я ад цябе нічога не патрабую і толькі хачу, каб пра ўсё ведала! Зараз, калі ўсё выклаў на паперу, павер, на душы зрабілася так лёгка, быццам з грудзей маіх знялі вялізны валун».

Разанец за Толіка на два гады старэйшы, а віцебчаніну роўна 20. Незалежна адзін ад другога яны таксама абодва вырашылі нарэшце прызнацца, што закаханыя ў спартсменку.

Адзін і другі кідалі вучобу і адпраўляліся ў Маскву, каб адно пабачыць, як Оля выступае ў Лужніках. А Коля Сініцын з Разані «...хоць і ведаў, што з гэтага нічога не атрымаецца», аднак патраціў цэлую стыпендыю, прыехаў потым яшчэ нават у Гродна. З газет запомніў адрас, заглянуў на вуліцу Каліноўскага ў дом нумар 5, на кватэру 4, ды Олі, на жаль, яшчэ не было з паездкі, а нейкі сярдзіты «дзядзька з пашкоджанай рукой» (Олін бацька — інвалід, аб гэтым размова яшчэ будзе.— А. К.), не стаў з ім нават размаўляць — ну і ладна! Абодва хлопцы таксама нічога не хочуць, а толькі — няхай Оля ведае, што закаханыя рыцары жывуць ёю і ім хораша і цудоўна.

I вось у вялізных кіпах, у мяшках, чамаданах і сетках, поўных канвертаў са стракатымі маркамі — з каралямі, прэзідэнтамі і герцагамі, арламі, рымскімі папамі ды крыжамі,— мне пашэнціла знайсці гэткія ж самюткія пісьмы з Англіі, Швецыі і ЗША ад падобных трох юнакоў. Два — бытта люстраныя адбіткі пісем віцебчаніна і хлопца з Арджанікідзе, толькі перакладзеныя на замежныя мовы.

Гэтак жа Ульф Г. — швед і Лерры Н. — англічанін пішуць да Олі, што і яны безнадзейна ў яе закаханыя, што праўдамі і няпраўдамі здабываюць грошы на кніжкі пра Олю, на паездкі ў гарады, дзе яна выступала з Людмілай Турышчавай у час замежных турнэ. Абодва, барані божа, нічога ад яе не хочуць, а толькі аднаго — каб яна ведала, што юнакі жывуць ёю. Амерыканец жа пад ініцыяламі Б. Дж. Г.— не без паэтычнага даравання — падобнае пісьмо заканчвае ўзнёслым лірычным зваротам на дзвюх мовах — рускай і англійскай:

«Мая самая дарагая Оля!

Ты — цудоўная!

Ты — сонца і месяц ды ўся краса пад іх промнямі!

Ты святая і нявінная — самая каштоўная кветка ў саюзе бога, дасканаласць усяго, што прыгожае ды чароўнае!

Ты будзеш заўсёды натхненнем у маім тлумным жыцці!

Я ніколі і нікога не буду так кахаць, як цябе!

Я цябе кахаю і з гэтым каханнем пераадолею ўсе нягоды, вятры, буры і агонь! О! Адзін бог ведае, як я цябе кахаю, і толькі цябе!..»

Аднойчы летам мы з брэсцкім таварышам сядзелі ў гарадскім скверы ля фантана, I я бавіў сябра гродзенскімі навінамі. Стаяла цёплая летняя ноч. Перад намі з ціхім мяккім плюскатам ліліся сярэбраяыя веерчыкі...

Паваліла з танцаў моладзь. Адзін хлапец раптам адлучыўся ад кампаніі і проста ў касцюме ды гальштуку плазам бабахнуў у ваду, паплёхаўся ў ёй, затым выбраўся на асфальт, абтросся, і кампанія з рогатам пакрочыла далей.

Праз мінуту-другую ішла наступная група юнакоў, і паўтарылася дакладна тое самае. I з гэтай кампаніі аддзяліўся высокі хлапец. Затым, бытта падштурхнуты тым самым вясёлым чортам, юнак нырнуў таксама з галавой у ваду і выскачыў на асфальт. У хлопцаў нават смех гучаў дакладна гэтаксама, бы ў першай кампаніі.

Пасля таго як мне ўпершыню давялося пазнаёміцца з вышэй працытаванымі пісьмамі, я са здзіўленнем падумаў чамусьці пра звычайны аспірын, якім лечаць і мяне, і цябе, і негра, і Ракфелера, і англійскую каралеву, ды прыпомніў раптам сцэну ў скверы ля фантана.

А яшчэ да мяне ўпершыню дайшла ўся мудрасць слоў Саадзі, што красуюцца, кажуць, у ААН на самым відным месцы:

«Чалавек—частка суцэльнага чалавечага цела».


5.

Праз гродзенскую пошту да Олі Корбут перавальвала да 20 000 пісем і пакетаў у год. Каб мець візуальнае ўяўленне, многа гэта ці мала, я падлічыў: пакладзі такую прорву малых і вялікіх, вузенькіх і шырокіх, сініх і жоўтых, звычайных, заказных ды авія з рознакаляровымі штэмпелямі канвертаў адзін каля аднаго, то за год утварылася б дарожка на 5 кіламетраў!

Бывалі дні, калі гродзенскія паштары пісьмы і пакеты на вуліцу Каліноўскага былі вымушаны везці спецыяльнай машынай.

У час замежных выступленняў Оліну пошту ў мяшках звальвалі проста пад дзверы нумара, дзе яна жыла,— маўляў, разбірайся, мілая, з ёю сама!

Пяціхатка, Савецкая, З:

«Оля, я вельмі хачу атрымаць ад Вас аўтограф з фатаграфіяй. Прышліце мне, калі ласка. Толькі — абавязкова, я чакаю. Ваша паклонніца, Галя М.»


Каролім, 12, Прынса. Дублін. Айрланд:

«Дір Ольга! Здрастуйце! Я Кароляйн Уэнны й Иреландите (так па тэксту.— А. К.). Я кахаюся ваша гімнастык. Это есть очен очен очен корошо. Я хочу очен иметь Ваша фото и афтогрофф, вышліце міне, пліз...»


Мілорыгука. Ашыя-шы Гыото 659, Японія:

«Дарагая панна Корбут! Спадзяюся, што Вы мне даруеце нечаканае маё пасланне к Вам. Я надта засмучаная, што Вы хварэеце. Як Вы цяпер адчуваеце сябе? Жадаю Вам хутка выздаравець. Між іншым, хварэла і я, але стала ўжо на ногі. Я збіраю Вашы фота і ўжо іх маю 21 штуку. Вы б паглядзелі, якія! Прышліце мне яшчэ адно, я хачу мець персанальна ад Вас!..

О, зусім забылася! Я маю хлопца! Моніко — пятнаццаць, і ён таксама японец, ходзіць у каледж. Пасылаю Вам яго фота. Падабаецца? Сімпатычны, праўда?

Чакаю ад Вас пісьма з фатаграфіяй. Толькі абавязкова вышліце. Ваша паклонніца — Саторы Сіто».


Рафаэль Б„ Каліфорнія, 91106, ЗША:

«Калі ласка, не стаўце мне ў віну, што я грамадзянін ЗША. Я, як і вы,— студэнт і спартсмен. Я цаню прыгажосць ва ўсіх яе праявах. Напішыце мне што-небудзь. Пісьмо ад Вас паслужыла б мне добрым стымулам для таго, каб я захацеў рыхтавацца да Алімпіяды 1976...»


Навала пісем да Олі — з малюначкамі, якія кранаюць душу сваёй немудронай шчырасцю, са зварушлівымі падаруначкамі, з адкрытачкамі ды пустымі канвертамі, На якіх віднеецца ўжо і зваротны адрас,— найбольш менавіта такіх. Тысячам дзяўчатак і хлопчыкаў, юнакам з Варонежа і Казахстана, з—пад Фудзіямы і з Тэхаскіх прэрыяў, з Парыжа і Дубліна, з—пад Торуні і Варна — белым, чорным, жоўтым і мулатам — раптам неадкладна спатрэбіліся фотаздымкі гродзенскай спартсменкі ды яе аўтограф.

Іншыя пасылалі да Олі ўжо дзевятае, пятнаццатае пісьмо і прасілі, малілі, клянчылі, хітрылі, спасылаючыся на аднолькавы з ёю ўзрост, на ідэнтычнасць прозвішчаў, на ўяўнае сваяцтва са спартсменкай (такіх аўтар нарыса спаткаў некалькі дзесяткаў!), на сімпатыю да яе краіны, на сумесную быццам бы вучобу ў школе, прабыванне ў адным дзіцячым садзіку, піянерскім лагеры,— усе яны патрабавалі фатаграфію ды аўтограф, як бы без яго і дня ўжо не змаглі б выжыць.

Наіўныя хітрыкі балельшчыкаў.

Хоць такой тоненькай і ўяўнай нітачкай яны хацелі далучыцца к славе, поспехам і дасягненням сваёй равесніцы. Малады эгаістычны снабізм? Балельшчык мае магчымасць адчуваць сябе пераможцам, не прымаючы ўдзелу ў барацьбе. Кожны раз, калі мы ствараем сабе ідэала, мы сябе самасцвярджаем. Мы як бы ўваходзім у долю і становімся пайшчыкам яго славы і аўтарытэту: застаючыся прафанамі, мы набываем права разважаць ды меркаваць аб рэчах, якія раней былі нам недаступныя.

«Падуумаеш, Оля Корбут! Каб адно захацела, стала б і я такой — мы нават равесніцы, і пісьмо, унь, мне прыслала, і фота!..»

«А ў нас дак і прозвішча аднолькава!..»

«Доўга люблю спаць, ну і што? Прачнуся і таксама буду слаўнай, варта толькі захацець!..»

Ва ўсім гэтым яшчэ — наяўная спроба своеасаблівага самасцвярджэння юнакоў і дзяўчат з розных кантынентаў, цяга да гераічнага, да таго, з каго можна браць прыклад, на каго можна маліцца, каму ў жыцці шанцуе, каму можна, напэўна, верыць, ускласці на яго свае надзеі і мары.

Адным словам, усім праціўнікам станоўчага героя ў мастацкай літаратуры для моладзі раю пакапацца ў пошце слаўнай гродзенскай спартсменкі, і, я ўпэўнены, яны знойдуць тысячы пераканаўчых прыкладаў таго, як не толькі савецкая моладзь, але хлоппы ды дзяўчаты ўсяе зямлі такога героя прагна шукаюць і потым, бы да паветра, цягнуцца да яго. Бо ў маладых душах — і халодных скандынаваў, і разважлівых немцаў, і адчайных амерыканцаў, і гарачых паўднёўцаў, і савецкіх камсамольцаў,— за ўсіх, незалежна ад тэмпераменту, тлее заўсёды невынішчальная прага да незвычайнага і гераічнага, бо прагу гэтую мудрая прырода незалежна ад нас акуратна перадае ў храмасомах па бясконцым ланцужку пакаленняў, а часта не віна маладых, што побач з імі няма свайго Корчака, Сухамлінскага... Кныша,— але гэта ўжо зусім іншая тэма.


6.

Оля раптам спатрэбілася не толькі юнацтву.

Каб толькі разам сфатаграфавацца ды ў адной кампаніі са славутай спартсменкай трапіць на старонкі папулярных і ўплывовых газет, з нашай малышкай пачалі нагвалт шукаць сустрэчы відныя імпрэсарыі ды кінаактрысы, прынцы і прынцэсы, міністры і сенатары. Для падняцця аўтарытэту ў разгар «Уотэргейтскай справы» прыняў Олю ў сваёй раззідэнцыі нават сам прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, і пра гэта варта сказаць асобна.

Ратуючыся ад беззямелля і галечы, на працягу двух стагоддзяў, да самага 19З9 года эмігравалі ў ЗША дзесяткі тысяч прынёманцаў шукаць шчасця. Што стала з імі? Усе яны згарэлі на чужыне, бязлітасна выкарыстаныя маладой буржуазіяй для самай чорнай работы пры вакладцы падвалін капіталістычнай махіны. Толькі нямногім удалося ўзняцца да сярэдніх гандляроў, уладальнікаў рэстаранаў ды гасцініц — мяжа мараў дабрабыту эмігрантаў (калі быць больш дакладным, адзін гродзенец сваімі «здольнасцямі» ўразіў нават усю Паўднёвую Амерыку: гангстэр Меер Ланскі).

Нагадваючы цяпер тыя сумныя факты, мне бачыцца надта сімвалічным, што ў самай магутнай капіталістычнай дзяржаве, дзе цяпер не знойдзеш і магіл тых нешчаслівых эмігрантаў з Прынёманшчыны. прэзідэнт Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі (няхай сабе і падмочаны), аддаючы пашану Дасягненням савецкіх спартсменаў,— на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі прымаў гродзенцаў у сваім Белым Доме, частаваў бутэрбродамі і кавай, затым уручыў Олі вялізнага плюшавага мішку, а яе трэнеру — бурштынавыя запінкі.

На старонках некаторых замежных газет разыгралася трагікамічная барацьба за нацыянальную прыналежнасць Олі.

Пра яе раптам загаварылі мацёрыя нацыяналісты.

Белапалякі ў лонданскай «Газеце Нядзельнай» залічылі Олю сваёй. Украінцы ў «Гомане Украіны» аб'явілі яе ўкраінкай. Літоўцы напісалі, што яна чыстакроўная літоўка. Латышы-эмігранты прысвоілі Олю сабе. Рускія белагвардзейцы назвалі спартсменку рускай і напісалі, што яна паходзіць з былой дваракскай сям'і. I ўсе яны празвалі Олю «Эльфам, які гуляе з сонечнымі промнямі».

У журналісцкіх колах найбольш аплочваліся інтэрв'ю, узятыя ў Олі Корбут. Назвы артыкулаў у асноўных газетах капіталістычных краін часта складаліся з адных клічнікаў:

«Оh, Оh, Оh, Оlga!!!»

А рэклама на выступленні нашай спартсменкі, напрыклад, у Японіі, выглядала так: на вялізных шчытах — толькі два словы:

«ОЛЬГА У ТОКІО!!!»

За гонар прымаць у сябе спартсменку спрачаліся найбольш вядомыя бургамістры і мэры. У час турнэ па сямі асноўных гарадах ЗША паездка савецкіх гімнастак у Чыкага прадугледжана спачатку не была. Тады з Паўночнай Амерыкі ў СССР паляцела тэрміновая тэлеграма. Яна гучала як крык роспачы:

«Пану Аляксею М. Касыгіну. Масква. Крэмль.

Лічу магчымым прасіць Вас, пан прэм'ер-міністр, пасадзейнічаць, каб каманда гімнастак СССР з Вольгай Корбут... пабывала ў Чыкага, што было б справядлівым для грамадзян другога па велічыні горада ў Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі і садзейнічала б замацаванню сяброўскіх адносін паміж нашымі вялікімі народамі...

Са шчырай павагай і надзеяй Рычард Дзік Эйлі, Мэр Чыкага».

Што з гэтага выйшла, варта далей паслухаць галоўнага трэнера алімпійскай чэмпіёнкі Рэнальда Кныша:

— Як толькі Оля ўзышла на памост аграмаднай, на 16 тысяч гледачоў, залы «Чыкага стадыён», дзяўчына літаральна сумелася ад разгубленасці — так крычалі, свісталі і бурлілі трыбуны. Аднак варта Олі было прыкласці толькі палец да вуснаў, выразам вачэй папрасіць цішыні, каб сабрацца перад выступленнем, як усё раптам замерла, цішыня настала так нечакана, быццам у долю секунды застыў сам Ніягарскі вадапад.

Далей Р. Кныш гаворыць:

— Тлумачыцца гэта надта проста. У Амерыцы, дзе гэтак шмат ненатуральнага і найгранага, дзе лёгка прадаюцца і купляюцца харчы, рэкорды, слава, вейкі, дружба, змоцыі, здароўе,— як лекі, людзям спатрэбіліся ўжо чысціня пачуццяў і натуральнасць спорту. Такія «лекі» Амерыка якраз і знайшла ў дробненькай, адкрытай, непасрэднай ды гэтакай не «галівудскай» у парыве сваіх перажыванняў дзяўчынцы з коскамі-хвосцікамі, у якой няма нічога штучнага і завучанага. I прыехала да іх гэта натуральная дзяўчынка аж з далёкага якогасьці беларускага Гродна.

Потым галоўная чыкагская газета адзначыла:

«У гледачоў захапіла дыханне, калі міс Корбут выконвала свой непаўторны элемент — сальта з рознавысокіх брусоў. Яны гулам захаплення сустракалі кожны рух алімпійскай зоркі, якая важыць усяго 84 фунты».

«Крыстан сайенс монітор» ад 2З сакавіка:

«Корбут стаіць, як крылаты чароўны эльф, і чакае выхаду. «Вольга! Вольга! Вольга!» — скандуюць паклоннікі яе абаяльнасці, і спартсменка адказвае ім шчырай, цудоўнай усмешкай».

У выніку паездкі па ЗША дзень 26 сакавіка па прапанове мэра Чыкага Рычарда Эйлі быў аб'яўлены «Днём Олі Корбут». Мэр накіраваў у Маскву тэлеграму ўжо другога зместу:

«...Самая шматлікая аўдыторыя, якая калі—небудзь збіралася ў нашым горадзе, а мажліва, і ва ўсіх Злучаных Штатах Паўночнай Амерыкі, каб паглядзець гімнастычную праграму, горача вітала і захаплялася прадстаўленнем, паказаным камандай савецкіх гімнастак. Гэтыя цудоўныя дзяўчаты ўнеслі велізарны ўклад у справу паглыблення дружбы і разумення паміж Вашай краінай і насельніцтвам Злучаных Штатаў!»

«Нью—Йорк Таймс»:

«Вольга Корбут і руская жаночая каманда гімнастак закончыла сваё турнэ па ЗША ўчора вечарам, растапіўшы астаткі варожых ільдоў з часоў халоднай вайны».

Пасля выступлення ў «Мэдысок сквер-гардэн» тэлевізійная кампанія «Эй-бі-сі» спыталася ў гледачоў усёй Амерыкі, хто лепшы спартсмен года. Першае месца заняў не свой, не амерыканец Марк Спіц, які ў Мюнхене адхапіў за плаванне аж сем залатых медалёў, а менавіта дзяўчынка з беларускага Наднямоння. Олі амерыканцы і ўручылі прыз года.

Тады ж амерыканскія газеты змясцілі інтэрв'ю з віднымі сваімі спецыялістамі па гімнастыцы. Трэнеры аднагалосна падзялілі сваю гімнастыку на перыяды:

1). BO (Before Olga — да Олі).

2). АО (After Olga — пасля Олі).


7.

Гродзенцы прыехалі ў ЗША ўпершышо, і некаторыя бакі жыцця той краіны здаліся ім проста дзікімі. У дзённіку Олінага трэнера Р. Кныша, напрыклад, ёсць такія мясціны:

12 сакавіка. Лос-Анджэлес.

«Оля захварэла, на трэніроўку не ідзе. Зрабілі ўкол вітаміну С. Зайшоў доктар, перш-наперш спытаў:

— Хто падпісвае чэк?

Павітаўшыся з тым чалавекам, доктар толькі тады стаў вітацца з намі. Хворую ён глядзеў дзве-тры мінуты, затым выпісаў чэк на 96 долараў і спытаў зноў:

— Укол зрабіць мне ці самі зробіце? Спалоханая наша перакладчыца заявіла, што — самі, бо тады доктару трэба было б плаціць яшчэ З5 долараў. Ён дзелавіта паклаў у кішэню наш чэк і пайшоў...»

14 сакавіка.

«...Ля ўваходу ў будынак палаца мы нечакана сустрэлі славутага рэкардсмена Алімпіяды-68 Роберта Бімона. Калісьці ён скочыў на фенаменальную даўжыню — 8,90 метра? Яму ігралі амерыканскі гімн, а ўвесь свет паўтараў, што Роберт дасягнуў мяжы чалавечых магчымасцей. Зараз Бімон — апушчаны, худы, у дзіравых кедах і парваных нагавіцах, нездаволены жыццём. сядзеў пад пальмай. Экс-чэмпіён ахвотна пазіраваў нам для здымкаў і расказваў аб сваім горкім лёсе беспрацоўнага.

У кафэ даём інтэрв'ю. Оля забылася пра ўсё, чаму яе вучыў, выручыла яе перад карэспандэнтамі Турышчава. Прачытаў нешта з паперкі і Бімон, а за ім астранаўт Армстронг расказаў пра палёт на Месяц. Бімон папрасіў што—небудзь паесці, але яму прапанавалі за абед заплаціць. Сдавуты спартсмен нешта пракрычаў і дэманстратыўна пакінуў залу.

Бедны негр застаўся галодны...»

«Нью—Йорк Таймс» паспрабавала ў даволі адкрытай форме вытлумачыць прычыну поспехаў савецкіх спартсменак, якія з гэткім трыумфам выступалі ў ЗША. I вось што ўплывовая газета вымушана была сказаць на ўсю Амерыку:

«Прадстаўляючы Олю Корбут, гэту 17-гадовую савецкую гімнастку, ад выступленняў якой замірае дыханне, як суперзорку, сродкі масавай інфармацыі ЗША пазбягаюць закранаць пытанне (інакш яно, вядома, узнікла б) пра тое, як у СССР, ГДР і іншых сацыялістычкых краінах удалося выхаваць гэтак многа выдатных спартсменаў сусветнага ўзроўню.

Сапраўдная прычына безупыннага ўдасканалення майстэрства і здольнасцей савецкіх спартсменаў,— дадае газета,— крыецца ў адносінах да спорту ў Савецкім Саюзе. Там дзеці атрымліваюць спартыўную падрыхтоўку бясплатна ў спортцэнтрах, школах і лагерах, чые выдаткі аплочваюцца міністэрствам асветы і прафсаюзамі. Усе спартыўныя пляцоўкі і абсталяванне знаходзяцца ў распараджэнні школ бясплатна на працягу цэлага дня па дэкрэту дзяржавы, і моладзь трэніруецца пад наглядам вопытных спецыялістаў. Такія ж мажлівасці існуюць і ў іхніх інстытутах.

На савецкіх заводах адводзяць спецыяльныя мінуты для размінкі, што з'яўляецца кантрастам у параўнанні з умовамі, у якіх знаходзяцца рабочыя нашай краіны. У выніку паскоранага тэмпу і доўгіх гадзін работы амерыканскія рабочыя прыходзяць дамоў стомленыя, а ў час адпачынку на рабоце (калі такі дзе і заведзены) ім няма чаго рабіць, як толькі стаяць ды піць каву ».

Ад слоў адной з вядучых амерыканскіх газет нічога не адымеш. Шкада. што «Нью—Йорк Таймс» не можа зірнуць на парадкі ў сваім грамадстве яшчэ і вачыма савецкага трэнера.


8.

Пасля выступленняў нашых спартсменак у ЗША там адразу з'явіліся тысячы клубаў Олі Корбут. Стаў рэгулярна выходзіць часопіс — орган «Клуба балельшчыкаў Олі Корбут», а кампаніі, якія пастаўлялі спартыўны інвентар, не паспявалі ўжо завозіць брусы, турнікі, накладкі для рук, гімнастычныя касцюмы і тапачкі-чэшкі для дзяўчатак і хлопчыкаў.

У скульптараў і мастакоў узнікла пільная патрэба рабіць Оліны партрэты на палатне, у гіпсе і бронзе.

Пайшла красавацца прычоска «а-ля Оля Корбут», кашулі з партрэтамі нашай зямлячкі на грудзях і плячах, з надпісамі «ай лав ю, Вольга!», «май дарлінг, міс Корбут!».

Друкарні выпусцілі сотні тысяч каляровых плакатаў з фігурай Олі Корбут, якімі абклейваліся цэлыя гарады і краіны.

Фірмы выкінулі на прылаўкі пласцінку з песняй пра нашу спартсменку.

У друку з'явіліся «оды» і «санеты» для Олі Корбут.

У многіх штатах збягаліся натоўпы Оліных паклоннікаў ды паклонніц — яны вар'явалі і раўлі «марш Вольгі Корбут», стрымлівалі вулічны рух, і паліцыя не магла нікому даць рады...

Пасля Амерыкі Оля з сяброўкамі працягвала свае паездкі па крывізне зямнога шара і ўсюды ўзбуджала людзей, а яе прыезд быў заўсёды не абы-якой сенсацыяй.

У час яе выступленняў у Англіі ўяўленні аб брытанцах, як аб людзях стрыманых ды халодных, развеяліся як дым. Спартсменка мела магчымасць на кожным кроку пераканацца, што тэмперамент англічан ані не ўступае энтузіязму амерыканскіх балельшчыкаў. I там газеты на ўсю паласу змясцілі фота Олі на фоне Крамля з кідкімі надпісамі:

«Оля дорыць сваю чароўную ўсмешку пяцідзесяці мільёнам брытанцаў!»

«Усе англічане атрымаюць магчымасць убачыць найвялікшую гімнастку нацыі!..»

«Нарэшце здзейснілася — Оля ў Лондане!!!»

«Такое бывае толькі раз у стагоддзе!!!»

«Цуд з коскамі-хвосцікамі на беразе Тэмзы!!!»

Тады на Даўнінг-стрыт, 10, у сваёй рэзідэкцыі, вымушаны быў прыняць славутасць нават тагачасны прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Эдвард Хіт, якога ў сімпатыях да нашай краіны, мякка кажучы, не западозрыш. Бытта які гід, ён трыццаць пяць мінут вадзіў Олю разам з іншымі нашымі спартсменкамі па старажытных залах, паказваў выдатныя гістарычныя помнікі былой імперыі, тлумачыў, што да чаго, між іншым заўважаючы:

— Памятайце, ледзі: нямногім выпаў гонар пабываць на Даўнінг-стрыт, 10, бачыць гэтыя гістарычныя пакоі, але я вас тут прымаю з асаблівай прыемнасцю!

Пад какец паездкі па Вялікабрытаніі англічане таксама ўручылі нашай зямлячцы кубак з надпісам:

«Лепшай гімнастцы Англіі за 1974 г.».

З такім жа поспехам гараднічанка выступала ў Італіі, ФРГ, Японіі, Аўстраліі ды іншых краінах (нават — у Сінгапуры!), а газеты і там не знаходзілі слоў для, як яны напісалі, «Брыжыт Бардо сучаснай гімнастыкі».

Французская «Экіп» з'яўленне Корбут у гімкастыцы назвала «эпохай буры і націску», газета сцвярджала, што Оля прынесла ў класічную дысцыпліну зкспрэсію XX стагоддзя. Агенцтва «Асошыэйтэд Прэс», на аснове апытання спартыўных журналістаў, выбрала Олю за яе цудоўкую спартыўную форму «Жанчынай-Атлетам» цэлай зямной кулі, а ў завяршэнне Олінага трыумфу ЮНЭСКА прысудзіў ёй ганаровае званне — Пасла Міру за 1974 год.


9.

«Шчодра надарыўшы чалавека пры нараджэнні, прырода гэтым не здаволілася. Яна ўдыхнула ў кожнага жаданне стаць лепшым за іншых, быць вядомым, быць аб'ектам здзіўлення, жаданнем праславіцца і такім чынам усклала на самога чалавека апеку аб сваім удасканаленні. Розум у непасрэднай дзейнасці сіліцца атрымаць пашану, узвысіцца — і ўсё чалавечае племя ідзе ад дасканаласці к дасканаласці, і дзе гэтаму мяжа?»

М. Лабачэўскі. З прамовы на выпусккым вечары ў Казанскім універсітэце, жнівень, 1825.

Аўтару гэтых радкоў чэмпіёнка прызналася: яна надта хацела перамагчы Турышчаву, а карэспандэнту «Комсомольской правды» заявіла:

— Медалі і званні мяне зусім не цікавяць, за іх я не змагаюся. Мне патрэбна захапленне публікі. Калі з публікай мне ўдаецца ўстанавіць кантакт, поспех забяспечаны. Люблю выступаць перад балельшчыкамі, што не шкадуюць далоняў.

Калі ж адкінуць ад Олі гэтыя прыроджаныя маторы, якія, па-Лабачэўскаму, закладзены ў кожным чалавеку, ды яшчэ калі зняць з яе ўвесь арэол славы, незвычайнасці і шуміхі, створаны вакол спартсменкі сучаснымі сродкамі інфармацыі і прапаганды, калі паглядзець на яе як на звычайную дзяўчыну па прынцыпу — «усе мы створаны з таго самага цеста»,— то варта задумацца: у чым жа той сакрэт дасягненняў нашай спартсменкі? Выяўляецца, сакрэту тут няма і рэцэпт поспеху надта просты, хоць і не для кожнага заманлівы.

Крыху інфармацыі з галіны фізіялогіі. Прырода, аказваецца, паклапацілася пра нашы магчымасці. Косць галёнкі ў чалавека, напрыклад, мае ледзь не дваццаціразовы запас моцнасці. Толькі ж мы з вамі выкарыстоўваем ад сілы якія—небудзь дзесяць працэнтаў скарбу, закладзенага прадбачлівай натурай у нашы органы, а малады спартсмен, калі ён настырны ды ўпарты, паказчык гэты павялічвае ў некалькі разоў. Увесь фокус у тым, каб знайсці ў сабе цярпенне, настойлівасць і, нягледзячы ні на што, дасягнуць пастаўленай мэты.

Працоўны дзень Олі (апрача заняткаў у школе, а потым, калі яна стала студэнткай,— у інстытуце) працягваўся ад пяці да сямі гадзін, праведзеных у напружаным руху, на брусах, турніку, батуце і коўдры. Калі першы раз мне давялося ўбачыць Олю на трэніроўцы, уразіла наступная карцінка.

Спацелая спартсменка ў перапынак, механічна выціраючыся вафельным ручніком, нічога навокал не заўважаючы, падышла, як п'яная, да графіна і з прагнасцю стала глытаць ваду шклянку за шклянкай — ну, дакладна бы лесаруб, які толькі што перавыканаў норму, ці доменшчык, што выпусціў плаўку.

Што ж, за трэніроўку Оля часамі траціла да пяці працэнтаў сваёй вагі!

Упартасць, непераадольная прага да працы і рамантычнага прыгодніцтва, лютая нянавісць да аднатоннасці і суму — у той час, калі многія яе равесніцы не ведалі, што з сабой рабіць,— ды яшчэ жаданне дабіцца свайго і стаць лепшай за саперніцу зрабілі цуд.

Кажуць, каб вялікаму Ньютану прапапавалі апісаць словамі «пятлю Корбут» на брусах ды яе сальта на бервяне, славуты вучоны, напэўна, сказаў бы, што такія фіглі супярэчаць законам фізікі, таму яны немагчымы, як немагчымы, з нункту гледжання халодных лічбовых выкладак якога—небудзь абсалютнага знаўцы супрамата, выпадак, апісаны Алесем Адамовічам у яго рамане, калі кволая гарадская жанчына ў гета, ратуючы ад гібелі сваё дзіця, нетрэнірованымі белымі пальчыкамі хапіла ў адчаі жалезныя прэнты агаоджы ў палец таўшчынёй, расхіліла іх, бы ляшчынавы плот, ды выпхнула хлопчыка на волю: наступіў у кабеты «выбух мышц», калі працуюць абсалютна ўсе клеткі цела.

Маленькая, упартая дзяўчынка адважвалася на такое, што ў зале заміралі ўсе людзі, не верачы сваім вачам. Тую самую «пятлю Корбут» цяпер унь выконваюць сотні дзяўчатак у кожным значным горадзе, дзе маецца добрая гімнастычная зала (гэта не значыць, што «пятлю Корбут» выконваць стала цяпер лягчэй: зрабіла сваю справу сіла прыкладу куміра, пракладзеная ім дарожка!), а яе ж спачатку не прызнавалі самыя аўтарытэтныя, самыя кампетэнтныя міжнародныя камісіі, не прызнавалі ледзь не па прынцыпу — гэтага не можа быць, бо гэтага ніколі быць не можа.

Каб дасягнуць такога, трэба бязлітасна, да аскетызму, ахвяраваць сябе мэце і ўсю волю накіраваць на здзяйсненне свайго жадання,— трэба «выціснуць» з астатніх 90 працэнтаў нескарыстанага запасу моцнасці арганізма ўсё, што толькі можна.

Оля мне неяк прызнавалася: яна ў той час не памятала, каб калі схадзіла ў кіно дзеля «проста так». Не памятала і выпадку, каб прайшлася куды—небудзь з кавалерам, хоць дзесяткі патэнцыяльных жаніхоў — барадатых і вусатых, чорных, бландзінаў і рыжых — стараліся дабіцца яе прыхільнасці і не толькі бамбілі пісьмамі; Оля проста не мела часу, каб іх заўважаць.

Гэты малы і ўпарты краменьчык жыў з адзінаццацігадовага ўзросту ў чотка зададзеным рытме: трэніроўка — вучоба — педпрактыка ў школе (у апошнія два гады!) — трэкіроўка і, нарэшце, шчаслівы сон. Характар у спартсменкі складаны, ладзіць з Оляй умеў толькі Р. Кныш.


10.

Вось што пісаў славуты трэнер у сваім дзённіку:

Варна, 1974 г., 18 кастрычніка.

«...Вечарам апрабаванке на памосце. Зрабіў ёй масаж. Пачала даволі ўпэўнена. На бервяне — канфлікт.

Прыйшлі негры. Оля доўга на бервяне практыкуецца, упала. Ускочыла венгерка, а за ёю і Оля. Абедзве стаяць, адна адной не ўступаюць. Уся зала глядзіць насцярожана. Ліха на яго, настроіць супроць сябе прысутных і шмат на гэтым страціць.

Сяк-так прымусіў яе злезці. Венгерка Хэпік, ды іншыя толькі ківаюць галовамі. Потым яшчэ счапілася з Растоцкім. Гэта — у разміначнай зале...»

19 кастрычніка.

«...Параіла мне паехаць у Варну, ды не маю ўжо грошай. Зацікавіла, што ж яна збіраецца адна рабіць, дзяўчаты на выходны паперліся ўсе ў горад. Парэкамендаваў заняцца вольнымі — істэрыка адразу. Стукнула дзвярыма, пайшла.

Заходжу да яе ў пакой. Ужо накурылася, хоць і клялася, што больш папяросу ў рот не возьме. Фыркнула:

«Ну, расстроілі мяне, свайго дабіліся? Не хачу вас нават бачыць, выйдзіце!..»

У той самы дзень вечарам:

«На трэніроўку валаку на сабе мат. З намі едуць трэнеры і японцы. Японцы толькі разміналіся. Цікавыя практыкаванні. Оля адна (больш з нашых не займаўся ніхто). Рабіла саскок з бервяна з паваротам. Надта ж кепска. Вельмі за яе баюся. Загадаў папрацаваць над ім — нўль увагі. Вымушаны заявіць, што гэта — самае слабое месца ў камбінацыі. Адразу псіханула зноў:

— Вам бы толькі мяне палохаць!

Аднак саскок паўтарыла разоў з трыццаць. Ужо куды лепш.

З вольных — некалькі разоў сальта і асобныя элементы. Загадаў выканаць новы саскок — давядзецца рабіць яго ў фінале, каб ён насіў імя Корбут.

Усе адразу схапіліся за камеры.

На брусах два разы абавязковая — добра, нават японцы ахалі. Скачок з паваротам на З60 градусаў — тры разы не кепска, аднак, горш, чым дома. З60 + З60— адзін раз добра, хоць і праз сагнутыя рукі. Бурныя апладысменты. Уся японская каманда ад уражання ажно села.

Яшчэ раз. На гэты раз — надта кепска, зарана пачала другі паварот, без адцяжкі. Абавязковая — выдатна! Усе ў захапленні. Чалавек з дванаццаць стракочуць кінакамерамі.

Вярталіся ў добрым настроі. Оля адразу к Дронавай. Стукаю — зачыніліся ў туалеце і кураць так, што аж дым праз шчыліны валіць. Дронава нявінна:

— Мы яблыкі там елі.

Пачынаю іх пясочыць...»

20 кастрычніка.

«...У Олі слёзы. Фыркае на мяне і паказвае, што нічога не можа. Загадваю быць вясёлай і чую:

— Буду шчэ вам усміхацца! Самі смейцеся, бо мне не хочацца!

— Ды не мне, а якраз табе патрэбна гэта, калі хочаш мець перавагу над Турышчавай! Глядзі, і ў яе не клеіцца!

Людзе якраз не паддаваўся брус. Турышчава саскочыла і з плачам паляцела ў раздзявалку. За ёю пабеглі Растоцкі з Латынінай. Оля адразу ўстрапянулася і ўзялася за працу».

Пасля Мюнхена вядомы фотарэпарцёр расказзаў:

— Я здымаць пайшоў — фота ў газету да зарэзу спатрэбілася. «Пастой хоць мінуту спакойна!» — кажу. А яна мне: «Усе вы абрыдлі мне, як горкая рэдзька! Уяўляеце? Гэта ў яе гады!

Абурана і доўга скардзіўся яшчэ бывалы чалавек, які прызвычаіўся даўно, што сусветныя славутасці пруцца, самі лезуць у бліскучы акуляр фіялетавага аб'ектыву, абы толькі ўплывовы майстра зрабіў ласку — «пстрыкнуў» іх.

Такія паводзіны Олі — капрыз разбэшчанай увагай асобы?

Хутчэй — паводзіны чалавека, які часта сумняваецца, падае духам, робіць памылкі, аднак увесь у пошуку, гарыць прагай да дзеяння і тварэння, не можа цярпець паказухі, якая збівае з панталыку, гамуе рытм. Вось таму, мабыць, маленькі бунтар з Прынёманшчыны перад фотакорам і ўзарваўся.

Калі спартсменка выйшла на памост «Чыкага стадыён», 16 тысяч амерыканцаў,— як было ўжо сказана Кнышам,— у экстазе раўлі, свісталі ды ламаталі нагамі. Варта ж было Олі прыкласці да вуснаў пальчык, вачыма папрасіць цішыні перад выступленнем, і, паводле слоў трэнера, зала раптоўна замерла, цішыня настала так нечакана, бытта ў долю секунды застыў сам вадапад Ніягара. Я спытаўся ў Рэнальда Іванавіча, ці вучыў ён гэтаму сваю падапечную. Не, не вучыў. Нельга ўсе выпадкі прадбачыць інструкцыямі. Такія паводзіны можа падказаць толькі сэрца і на гэта трэба мець талент. Вось яшчэ і таму гэтае дзіця так нам прывабнае.

Олю падпільноўвалі спакусы. Да яе ліплі з непатрэбнымі парадамі сапраўдныя і ўяўныя аўтарытэты, а ўжо надакучлівая апека «добразычліўцаў» атакавала на кожным кроку.

— Што вы мэнчыце дзяўчыну? — напала аднойчы на трэнера блізкая для Олі асоба.— Чаму вы ёй курыць не дазваляеце, чаму забараняеце нават выпіць? У манашкі запісалі, так?!. Якое маеце на гэта права?!

Іншы салідны «апякун і добразычлівец» доўга не адставаў ад спартсменкі з надта заманлівай парадай:

— Оля, кідай ты гэтага Кныша, хопіць яму нажывацца на табе! Кідай зараз жа, я з цябе вялікую артыстку зраблю! З такім талентам? Гэ-э!.. З маёй дапамогай будзеш выступаць праз год-другі ў самім МХАЦе!

Аднаго разу я назіраў у паліклініцы, як Олю дружна абкружылі пажылыя медсёстры, сталі над ёй охаць ды ахаць і гэтак жа дружна ёй лесціць.

— Олечка, навошта табе патрэбны гэтыя коскі?! — пасарамаціла яе даволі прызваітая бабка ў белым халаце.— Ты ж такая маладая, прыгожая паненка, ты ж ўжо і грошы свае маеш — зрабі сабе прычоску, як іншыя, будзь, як усе!..

Не паддавацца спакусам, якія б яны бліскучыя не былі, вытрываць, не «быць, як усе», заставацца пры любых абставінах самім сабой — мабыць, самая складаная штука ў жыцці.


11.

Такім чынам, вяртаючыся яшчэ раз да Олінай пошты і таго фурору, што спартсменка выклікала за морамі ды акіянамі, мы можам цвёрда сказаць:

Вольга Корбут — цэлая грамадская з'ява і здабытак нацыі. З'ява нарадзілася і дасягнула свайго апагея ў мяне, гродзенскага старажыла, ледзь не на вачах. Я не раз вельмі шкадаваў, што не змог прадбачыць усяго загадзя, не сачыў за яе развіццём паслядоўна, крок за крокам, па дробязі і цяпер, спрабуючы выкласці незвычайную кар'еру зямлячкі на паперы, апісваю яе рэтрэспектыўна.

З пасляваеннага часу ўспамінаюцца мне толькі два моманты, якія мелі ўскосныя адносіны да будучай спартсменкі, а мне давялося быць іх сведкам.

Летам 1944 г. у Гродна, дзе яшчэ дагаралі нямецкія склады і курыліся абсмаленыя руіны будынкаў, услед за савецкімі войскамі прываліла з лесу наша партызанскае злучэнне. Неўзабаве ўсіх здаровых партызан ваенкамат выклікаў для адпраўкі на фронт. Тады і запомніўся мне дваццацігадовы Валянцін Корбут з брыгады Неўскага.

Партызан гэты ледзь не плакаў, што з—за пашкоджанай рукі прызыўная камісія яго забракавала. Якраз гэты хлапец потым стаў бацькам славутай спартсменкі.

Неўзабаве мы з ім яшчэ раз спаткаліся пры незвычайных акалічнасцях.

Позняй восенню 1945 года мы, студэнты Гродзенскага педагагічнага інстытута, пад кіраўніцтвам інструктара гаркома камсамола Валянціна Корбута адправіліся на электрастанцыю праводзіць суботнік. Нашую ЦЭЦ пабудавалі ў 191З годзе шведы, а немцы, адступаючы, узарвалі ў турбінах нейкія часткі, і святло гораду пакуль што даваў электрапоезд. Студэнты пачалі дужацца на пляцоўцы са скрынямі з абсталяваннем, пакуль не заўважылі дзіва.

Узарваныя мясціны на дзвюх турбінах былі старанна абстаўлены фанернай будкай, і сам дырэктар ЦЭЦ сачыў, каб ніхто, барані бог, не заглянуў пад фанеру. Таямніца ў юнакоў толькі распаліла цікаўнасць. Паступова праз шчыліны мы разглядзелі белабрысых маладых мужчын у шыкоўных куртачках ды жоўтых гамашах. Неўзабаве выдалася і таямніца.

У Скандынавіі нашы закупілі пашкоджаныя дэталі для ЦЭЦ, але фірма паставіла ўмову — устанаўліваць іх будуць толькі шведы. Каб ніхто з нашых не падглядзеў тэхнічных сакрэтаў фірмы, рабочая пляцоўка мусіла быць старанна загароджанай (уся магутнасць той ЦЭЦ з яе дзвюма турбінамі, смех сказаць,— 1,4 мегавата!). I вось нашы хлопцы зацікавіліся будкай. Такую ж цікаўнасць выклікалі паступова нашы студэнты і ў шведскіх майстроў. Госці стоўпіліся ля дзвярэй, а нашы хлопцы — у машыннай зале: адны і другія замерлі ў нямой сцэне.

Красамоўным быў тады выраз нашых твараў. Каб выказаць словамі той маналог, які кожны з нас гаварыў вачыма, ён прагучаў бы прыкладна так:

«Вы што, апупелі?! Нам жа электрастанцыю фашысты пашкодзілі! Яшчэ добра, саперы былі п'яныя ці мо не хапіла ім аманалу, а то на гэтым месцы ляжала б толькі гара цэглы ды металалому!..

Ах, праўда, сыты галоднага не разумее!..

Прыглядаецеся, гэтак цікава? Глядзіце, глядзіце, халера вас бяры! На нас толькі зашмальцаваныя шынялі ды стаптаныя кірзачы, мы не маем нават кашуль, аднак нам ані не сорамна! Усё ў нас па картачках, і нават хлеба ўволю не ядзім, бо нашы гарады ляжаць у руінах, вёскі папалены! Бачыш, якія вы гладкія ды выфранчаныя — бы галівудскія кінаакцёры!..

Ці гэтак. выглядалі б вы, калі б фашысты і да вас дайшлі?! Покуль мы падстаўлялі грудзі пад нямецкія кулі, вы і інстытуты паканчалі, напэўна, змаглі і пажаніцца, а тысячы нашых нявест у брацкіх магілах ляжаць! У нас вашага ўзросту мужчыны ўсе параненыя і перакалечаныя! Унь са шрамамі на твары — карэкціроўшчык артдывізіёна Ігар Павароў, ён пад Ясамі даў каманду сваім гаўбіцам і выклікаў агонь на сябе, а вы, мажліва, не разумееце нават, што гэта азначае! А во з перабітымі нагамі прыйшлі кантаваць скрыні Соламаў, Панасік, Немец!.. Брышу, Увараву, інструктару гаркома Валю Корбуту разрыўныя кулі перабілі рукі! Астатнія — з асколкамі ў лёгкіх, у мускулах ды з траўмамі на душах ад страчаных бацькоў і сясцёр!.. Прыглядзіцеся да іх добра: калі б мы не стрымалі фашысцкую навалу, прыкладна такімі ж выглядалі б і вы са сваімі землякамі!..

Нас вешалі, расстрэльвалі, гвалцілі, рабавалі, палілі ды смажылі, мы цярпелі і паміралі за агульную справу — нездарма ў іншых краінах сустракалі нас як збавіцеляў! Мы вымушаны прыйсці сюды на суботнік! Каб наварыць стравы, у інтэрнаце хаваемся ад каменданта, бо ён штрафуе нас за электрапліткі — энергапоезд дае мала току, турбіны патрэбны гораду да зарэзу! А вы, шведы, буржуям прадаліся?!. Ах, гады, мала вас той Пётр Першы лупцаваў некалі пад Палтавай!»

Аднак нікога з замежных гасцей наш нямы крык душы не крануў. Валя Корбут пачаў гнаць студэнтаў да работы, і мы, злосныя, разбрыліся па двары.

З той пары з бацькам спартсменкі не бачыўся гадоў з трыццаць.


12.

Значна пазней на маіх вачах здарыўся яшчэ адзін выпадак,— ён меў прамыя адносіны да гераіні нарыса.

У канцы пяцідзесятых гадоў малады трэнер па гімнастыцы атрымаў грашовую прэмію. Што на яго месцы зрабіў бы іншы такі мужчына? Напэўна, купіў бы сабе матацыкл або модны касцюм, ці проста звадзіў бы сваю кампанію ў рэстаран. Хлапец жа ўвесь час перажываў, што яго навучэнцы не маюць дзе трэніравацца. Атрымаўшы прэміяльныя, ён загарэўся дзёрзкай ідэяй — пабудаваць за іх спортзалу. На ўсю суму трэнер накупіў цэглы, вапны, рознага дыяметра трубак. Выпрасіў у лясгасе месца ў прынёманскіх Пышках. Прыступіў да справы.

Многія гродзенцы, напэўна, і цяпер яшчэ памятаюць, як дзесяткі хлопчыкаў і дзяўчынак з гімнастычнай секцыі пасля ўрокаў альбо ў нядзелю адпраўляліся ў прыгарадны лес капаць фундамент ды ставіць каркас. Мае дзеці якраз займаліся ў секцыі плавання, але з салідарнасці з сябрамі па двары ездзілі, між іншым, туды і яны, прымусіўшы бацьку даставаць рыдлёўкі. Я па-харошаму пазайздросціў незнаёмаму чалавеку, што менавіта яму ўдалося ў маіх наследнікаў узрадзіць любоў да фізічнай працы, чаго аніяк не мог у іх выклікаць родны бацька.

Хутка мяне зацікавіла: хто ж той таленавіты арганізатар і педагог? Ім аказаўся сын камісара партызанскага атрада, паважанага ўсімі ў горадзе чалавека і такога ж самага бессярэбраніка Івана Пятровіча Кныша — Рэнальд.

Дзеці хадзілі ў лес з лапатамі месяц, хадзілі другі, покуль не даведалася гарадское начальства. Пасаромленае, яно самадзейную будоўлю стрымала і неадкладна пачало «выбіваць» у міністэрстве для спартсменаў горада тыпавую будыніну.

Неўзабаве ў Гродне і вырас цэлы спартыўны комплекс — палац з гімнастычнымі заламі, раздзявалкамі, сушылкамі і душавымі, са стадыёнам ды басейнам. У новым памяшканні Кныш праз кароткі час падрыхтаваў чэмпіёнку СССР гімнастку Тамару Аляксееву, а затым — пераможцу Алімпійскіх гульняў 1964 у Токіо Алену Валчэцкую.

У 1966 г. Валчэцкая, працуючы ўжо трэнерам, парэкамендавала свайму настаўніку вучаніцу чацвёртага класа 10-й сярэдняй школы — худзенькую і дробную, але надта настырную ды з вялікім жаданнем дабіцца свайго — Олю. Пад кіраўніцтвам выдатнага майстра Корбут і стала праз некалькі гадоў чэмпіёнкай БССР, СССР, а ў 1972 годзе атрымала адразу аж тры залатыя медалі на Алімпіядзе ў Мюнхене ды прызнанне ўсяго свету.

Я ўжо паказваў у цытатах з дзённіка Кныша, колькі цярпення, тактоўнасці спатрэбілася трэнеру нават для такой таленавітай вучаніцы, як Корбут. Рэнальд Іванавіч, напрыклад, на трэніроўкі для сваёй падапечнай цягаў мат праз замежны горад на сабе (Р. Кныш— чалавек слабы і хворы на сэрца!). Каб паказаць іншы бок яго цяжкасцей, працытую яшчэ дзве вытрымкі з дзённіка трэнера.

Варна, 1974, 25 кастрычніка.

«...Гледачы прынялі яе добра, затым доўга свісталі. Суддзі ацэнку яўна занізілі... Я і не спадзяваўся, што так добра пройдзе. Гледачы адчулі, што Турышчавай завышаюць, а Олі заніжаюць. Гэта для Олі нават карысна — каб аднавіць рэпутацыю. Мяне не пусцілі ў Палац спорту, але Оля адчыніла акно, і я туды пралез праз яго (падкрэслена мной.— А. К.) і паглядзеў на спаборніцтвы...

27 кастрычніка.

«Спаборніцтвы скончыліся. Оля прайшла роўна, хоць і без бляску, акрамя скачка. На скачку Турышчавай — 9,5, а ёй — 9,8!! Оля адразу ўстрапянулася. Проста гарыць. Супакойваю яе зверху. Мне сёння далі нарэшце білет на трыбуны, відаць, стала ім сорамна, што да гэтага часу выстаўлялі за дзверы і ў залу Палаца кожны раз я залазіў праз акно (падкрэслена мной.— А. К.). Пасля мяне там паставілі міліцыянера...»


13.

У Англіі выдавецтва «Падынгтон прэс» выдала кніжку пра Олю Корбут. Аўтар — журналіст Джыстан Бічэм — не пашкадаваў для нашай спартсменкі красамоўных слоў. Бічэм не палічыў нават патрэбным прыязджаць па матэрыял у Гродна, бо фактаў пра спартсменку і яе трэнера, пра спартыўныя прыёмы славутага Кныша і яго таленавітай вучаніцы хапала: у сусветнай прэсе з'явіліся тысячы артыкулаў, адно не лянуйся, пішы.

Пры ўсёй аўтарскай сімпатыі да Олі, спартсменка ў душы Бічэма не зрабіла такога перавароту, як у Чэка Г. з Нью—Йорка, у галаве якога Корбут «перавярнула ўсё дагары нагамі». Закаранелы ў сваёй варожасці да нашай ідэалогіі ці мо беспрынцыпны па характару, Бічэм для бестселера паспрабаваў зрабіць з Олі маленькага чароўнага Робін Гуда без роду-племені, якога натхняе дзікая прырода. Пра наш абласны цэнтр, які налічвае 200 000 жыхароў ды з'яўляецца прамысловым і культурным вузлом, дзе адных студэнтаў пражывае і вучыцца аж 15 000, а прадукцыя заводаў гродзенскіх разыходзіцца па 60 краінах зямлі, гэты аўтар піша так:

«Жыхароў Гродна маё прыкладна 80 000. Большая частка працуе на вінакурных і тытунёвых фабрыках ці займаецца традыцыйным рамяством — вытворчасцю мыла ды свечак. Глухая правінцыя. Не надта цікавае месца для жыцця, сумны куток для моладзі. Таму Оля Корбут свабодны час любіць праводзіць у дрымучым лесе — Белавежскай пушчы, што знаходзіцца побач з горадам і заселена зубрамі і іншымі лютымі звярамі...»

Дагаджаючы непатрабавальным густам пэўнай катэгорыі сваіх чытачоў, буржуазны пісака не прыслухаўся да разважлівых слоў «Нью—Йорк Таймс» (з якой я прыводзіў доўгія цытаты), не назваў людзям сапраўдных прычын поспехаў савецкіх спартсменаў, а даведку аб Гродна для сваёй кніжкі Джыстан Бічэм, як потым выявілася, спісаў са старой англійскай энцыклапедыі, дзе яшчэ не паспелі ўвесці змен, што адбыліся ў БССР на працягу аднаго пакалення.

Яшчэ за маёй памяццю па вёсках Гродзеншчыны распаўсюджаным заняткам у жанчын было «ісканне» адна адной у галаве.

Людзі на худых пясочках перабіваліся на бульбе ды крупніку.

Запалкі нават у нашым доме — на гаспадарцы серадняка — дзялілі на дзве палавінкі.

Дзеці цукар бачылі толькі ў вялікія святы.

Калі пад адкрытым небам кінаперасоўка паказвала фільм, дзе на экран імкліва наплываў паравоз, жанкі і бабкі хапалі дзяцей ды з жахлівым віскам кідаліся наўцёк.

Тое ўсё было гэтак нядаўна, што яшчэ напэўна хто—небудзь са скандынаўскіх спецыялістаў, якія ў 1945 годзе замянялі пашкоджаныя дэталі турбін на гродзенскай ЦЭЦ, нават і на пенсію не пайшлі! I я не раз шчыра перажываю за іх, нагадваючы той выпадак. Мне чамусьці здаецца: тыя мужчыны, седзячы вечарам перад каляровымі тэлевізарамі, назіраючы выступлепні гродзенскай німфы, чытаючы пра спартсменку і нашы дасягненні, аж чырванелі ды не знаходзілі сабе месца ад таго, што менавіта тады, наетыя і абласканыя лёсам па чыста гістарычнай выпадковасці, уратаваныя намі ад карычневай чумы гітлерызму, бы танныя гандляры, хаваліся за фанеру.


14.

З уласнага жыццёвага вопыту ведаю, што нічога на свеце проста так не бывае і не родзіцца на пустым месцы, усякая з'ява мае свае глыбокія карані, а кожнае грамадства заслугоўвае якраз тых герояў, якіх мае, бо яго кумір — яго і люстэрка, у ім людзі дакладна могуць разглядзець свае рысы.

Разважаючы цяпер пра з'яву Олі Корбут, я прыходжу да вываду, што вытокі яе ляжаць у адвечным, з пакалення ў пакаленне, жаданні — выбіцца з галечы, прымітыву і шэрай забітасці, у якія быў загнаны гістарычнымі абставінамі мой народ. Тысячы разоў меў рацыю Іван Бурсаў, сказаўшы пра свой родны край:

Сколько слез и сколько пота на нее уронено,
Сколько ссадин на ее груди...
Здесь, где столько сильных похоронено,
Слабое не может прорасти!..
Такім чынам Оліны дасягненні — цэлае перапляценне прычын.

Яны ідуць ад упартай працавітасці I ахвярнай стойкасці ды непаўторнай самабытнасці яе народа.

Іх вытокі — у партызанскай дзёрзкасці такіх, як Олін, бацькоў.

Яны — і ў самаахвяраванні ды неадольным жаданні давесці справу да канца яе трэнера-бессярэбраніка, які здольны не толькі перці на сваім гарбе праз увесь загранічны горад маты на трэніроўку для сваёй вучаніцы, а нават палезці праз акно ў Палац спорту, каб юная гімнастка не адчувала сябе адзінокай.

Яны — і ў спрыяльным мікраклімаце, створаным савецкім урадам для сваіх грамадзян. Оля — яскравы паказнік, як пры адпаведных умовах уся нацыя можа ўзняцца да сусветных стандартаў і вышыняў.

Усё пачалося недзе ў Айчынную вайну, калі Беларусь разам з іншымі братнімі рэспублікамі здзівіла свет стойкасцю ды ўразіла сваімі ахвярамі, панесенымі ў змаганні з магутным ворагам. На працягу аднаго пакалення ўзняліся з руін усе гарады і сёлы. Не паспелі мы нават агледзецца — і вось ужо беларускія трактары аруць і ў Тэхасе, МАЗы коцяць па дарогах спякотнай Сірыі, Аргенціны, прадукцыя нашых заводаў разыходзіцца ў 80 краін свету, ураджаі збожжавых патроіліся, беларуская проза, драматургія ды паэзія ўзняліся да сусветных вышынь, нашыя вучоныя прымаюць удзел у міжнародных сімпозіумах, а голас беларускіх дыпламатаў гучыць і ў Савеце Бяспекі ААН.

Адпаведна не адстаюць і спартсмены. Сённяшнія дасягненні гімнастаў, напэўна, у 1945 годзе мала каго кранулі б: паўгалодных, разутых і раздзетых, у разбураных хатах — людзей хвалявала зусім іншае.

Спорт, як трапна заўважыў Леў Касіль,— штука крыху ўмоўная. Тут уладарна праяўляюцца нашы захапленні, вызваляюцца рэфлексы, якія мільёны гадоў дрэмлюць у чалавечым родзе (і вельмі малая надзея, што мы хутка вызвалімся ад генетычнай спадчыны). Але якія б водгукі азарту старажытнага паляўнічага і воіна, якія б эмоцыі не віравалі на футбольным полі, рынгу, дыване, бегавой дарожцы, турніку, трыбунах, якім бы вялікім не было імкнекне да перамогі, усё гэта замккута ва ўмоўным коле правіл ды пэўнага сэнсу гульні: саперкік, якога трэба адолець, ніякі не вораг, а ўсяго ўяўны праціўнік.

Спорт — радасць мускулаў, шчаслівае адчуванне здароўя, гульня сілы і спрыту, імкненне да самаўдасканалення. Юнак перажывае напал барацьбы і трыумф перамогі, каб, будучы дарослым, не паддавацца скепсісу, эрозіі душы,— каб самасцвердзіцца як чалавечая адзінка. Таму наша дзяржава не шкадуе сродкаў на стадыёны, спартыўныя школы, на падрыхтоўку трэнераў, правядзенне спаборніцтваў. Лёгкія, як мала што іншае, для ўспрыняцця людзьмі спартыўныя дасягненкі сучасныя сродкі інфармацыі і прапаганды здольны імгненна данесці да кожнага дома і ў кожную сям'ю.

Зрэшты, балельшчыкамі спорту з'яўляюцца і сотні — мільёнаў далёка не маладых людзей, а ідзе яно, гэта захапленне, не проста ад дзівацтва. Наша жыццё наладавана непераадольнай прагай перамогі, мы ўвесь час за нешта змагаемся — з сабой, на рабоце, дома, і менавіта таму людзі, падатлівыя на перажыванні, заўседы за што—небудзь «балеюць» там, дзе справа заключаецца толькі ў бескарысным — каб адно выйграць.

Народу даўно абрыдлі войны. Цяпер мы апрануты, накормлены, жывём у абсталяваных памяшканнях. Што дзіўнага, калі ў людзях рознага ўзросту патрабавальна дае аб сабе знаць прага да той самай своеасаблівай гульні,— няхай жа яны і паспытаюць у ёй як найбольш асалоды, радасці і захаплення, няхай адчуюць сябе маладымі.

Адным словам, здаровая, не разбэшчаная дабротамі жыцця нацыя, з толькі што загоенымі крызавымі мазалямі ад цяжкай працы, з рубцамі перажытага нядаўна гора, калі загінуў кожны чацвёрты грамадзянін, калі жанчыны выконвалі абавязкі «другога фронту» і замест коней месцамі цягалі плугі і бароны ля святых папялішчаў, дзе яшчэ нядаўна ў вогнішчах з хлявоў і гумнаў гарэлі іхнія дзеці,— гэтая нацыя выбралася на вялікую дарогу.

Оліна жыццё — адна з алмазных успышак у грамадскім і культурным жыцці яе суайчыннікаў.

Чырвоны Кастрычнік надаў майму шматпакутнаму народу такую пачатковую хуткасць, што ён упэўнена выйшаў на глабальную арбіту, і таленавітыя яго прадстаўнікі каштоўнымі дыяментамі заблішчалі аж на сусветным небасхіле. Нам вельмі прыемна, што кашая бывалая планета (якую, здавалася б, нічым ужо не здзівіш) гэтак сардэчна, па-мацярынску цёпла прыняла, прывітала і сваё таленавітае дзіця — Олю Корбут. Няважна, што на Алімпіядзе-76 у Манрэалі яна ўжо была не першай. Надзя Каманечы да перамогі ішла праз «школу Корбут». Слаўную гараднічанку на паказальных выступленнях гімнастак у Лондане пасля Манрэаля людзі сустракалі з ранейшым энтузіязмам.

Зусім нядаўна мне надарылася магчымасць пераканацца зноў, наколькі Оля Корбут папулярная ў народзе.

Оля з групай гімнастак давала паказальныя выступленні ў Малайзіі... Калі вярталіся дамоў, адну гімнастку ў Маскве паклалі на лячэнне: яна нечым атруцілася. Клапоцячыся аб зорках нашага спорту, урачы ўзнялі паніку. Не паспела Корбут з'явіцца ў Гродна, а ўжо паліклініка атрымала са сталіцы загад — праверыць, ці не атруцілася і яна. Олю з вакзала «хуткая дапамога» даставіла ў бальніцу.

Па горадзе адразу шуганулі чуткі:

— Вольга мелася выйсці замуж, хлапец яе кінуў, і яна выпіла атруту!

— Ну! На вяселле ўсяго накупілі, пашылі надта дарагі вэлюм. Ужо і сталы накрылі. Сабраліся госці, а малады ў загс не з'явіўся!

— Бо трапіў пад машыну, і ў бальніцу паклалі!

— Няпраўда! Зламаў ключыцу на матацыкле! Бедная нявеста падумала, што забіўся насмерць, і жыць не захацела!

— Учора вечарам пры смерці была!

— Ужо памерла! Па радыё сёння перадавалі — сама чула!

— I я чула! Заўтра пахаванне!

Я ў гэты час кожны дзень сустракаў у горадзе Валянціна і па яго здаволеным твары разумеў: мана,— народ сваіх куміраў любіць абкружаць рамантычнымі гісторыямі. Аднак у чутках было столькі лютасці да ашуканца-жаніха, так шчыра шкадавалі спартсменку, што паступова пачаў трывожыцца і я.

Нарэшце я спытаўся ў бацькі, што ж ўсё-такі здарылася з яго дачкой.

— Людзі развялі плёткі! — паскардзіўся стары ветэран.— У бальніцу звоняць гарадскія і прапануюць сваю кроў пераліць Олі! Мне на кватэру тэлефанавалі ўжо нават з Лондана, пыталіся, ці праўда, што дачка трапіла ў аварыю! Кнышу званілі з ФРГ — там у жалобных рамках з'явіліся ў газетах яе партрэты!..

— ?!

— Праходзіла праверку. Заўтра выпісваюць з бальніцы. Выходзіць замуж за «Песняра»... Во, прыходзь абавязкова на вяселле...

1978 г. Гродна


МАСТЫ


1.

Дзіва, але чалавецтва доўгі-доўгі час умудралася абыходзіцца без гэтых нескладаных, як нам сёння здаецца, збудаванняў. Старажытны чалавек і дрэвы, і рэчкі, і каменні ўспрымаў як адушаўлёныя істоты, якімі кіруюць тыя ж, што і людзьмі, матывы, ды лічыў, што іх можка таксама задобрыць словам ці падарункам. Таму, калі нашаму далёкаму продку ў зубровай накідцы трэ было пераправіцца цераз Нёман, ён шпурляў у вірлівую плынь ахвяру, браў вёслы ды, мармычучы заклінанне, гнаў па вадзе човен да другога берага.

Так склалася, што мост у Гродне з'явіўся задоўга да адкрыцця Амерыкі. У месцы, дзе ўпадае Гараднічанка ў Нёман, хоць вытыркаліся ўжо з—пад дубровы змрочныя вежы замка і цьмяныя цыбуліны царкоўных купалоў, але ў «Горадзені» (як тады называўся сённяшні абласны цэнтр над Нёманам) пераважалі курныя хаціны, і права называцца горадам мясціна яшчэ атрымала няхутка.

Паводле старажытных дакументаў, наш мост узнік у 1З92 годзе (даведка: першы рускі мост паплаўны, драўляны наладзіў цераз Днепр у Кіеве Уладзімір Манамах у 1115 г.; першы на палях — Пётр Першы ў 1715 г.).

У XV ст. для таго, каб навесці мост на рацэ Какібу і засцерагчы яго ад нячыстай сілы, тагачасныя майстры замуравалі жыўцом пад філяр маладую прыгажуню. Якую ахвяру паклалі пад палі гродзенскага моста нашыя продкі, гісторыя не гаворыць. Можам толькі меркаваць, памятаючы, што гэта быў за час: людскімі жыццямі задобрывалі злога духа зімы, для ўраджаю крывёю цяжарных жанчын арашалі палеткі, уціралі кроў у цела, рабілі над ёй абрады. Пра такія жахі аж занадта дакументаў у іншых народаў, а даўно заўважана, што хоць і існавала мноства варыянтаў старажытных грамадскіх сістэм, выпрацаваных розумам чалавека, але ў асноўных ды прынцыповых рысах усе яны былі надта ж падобныя (чытайце «Золотую ветвь» Д. Д. Фрэзера).

Першы мост на Нёмане гродзенцы перакінулі ад сённяшняй стаянкі ратавальнага катэра ля гарадскога пляжа — на левы бераг, дзе на кручах, палюючы за прываркам, далёкі наш прашчур запускаў у нябесную сінь стралу па лебедзю ці ў непраходныя нетры — па кабану. Месца было падабрана так удала, што і летам 1944-га, калі гродзенскі мост немцы абрынулі ў ваду, нашыя сапёры наладзілі пераправу дакладна на тым самым месцы.

Масты людзей хвалююць.

Бываючы ў незнаёмым горадзе, калі ты яшчэ не зусім стары, то пастараешся хоць адным вокам і там зірнуць на асноўны мост. Калі ж ты поездам набліжаешся да вялікай ракі, падсвядома памкнешся да акна, а за табой пацягнуцца і салдат, і прафесар, і работнік гандлю, каб не прапусціць запаветны момант, як вагон ваш з працяглым чыгунным грукатам пачне ныраць у даўзёрную канструкцыю сталёвых бэлек.

Што ж, у кожным чалавеку заўсёды жыве адчуванне, звязанае з імкненнем і надзеяй, тоіцца нясцерпнае чаканне падыходу к дальняй ці блізкай мэце, чаму якраз і садзейнічаюць такія збудаванні.

Масты ў наш час людзей збліжаюць і аб'ядноўваюць.

Але ж — каб яны маглі і адчуваць! А яшчэ лепш — каб масты мелі памяць і валодалі здольнасцю гаварыць!


2.

Тыя прашчуры, ад каго ідуць нашыя карані, у змрочныя старажытныя часы карысці з першага гродзенскага моста мелі мала. Тагачасны селянін і рамеснік сам сябе карміў і адзяваў, а сыравіну для гэтага здабываў на сваім агародзе і палетку, таму патрэбы ў далёкіх раз'ездах не меў.

Мост неабходны быў іншым.

Паміж братамі Ягелам і Вітаўтам ішла бясконцая крывавая міжусобіца. Каралеўская знаць ды крыжаносцы, імкнучыся авалодаць прынадным караваем — Прынёманшчынай,— плялі свае інтрыгі. А ўсім да зарэзу патрэбна была пераправа, каб з берага на бераг перакідваць дружыны, асадную тэхніку, харчы і трафеі.

Бедным нашым продкам, што жылі ў штодзённых клопатах, сваімі інтарэсамі, мост здаваўся часам ненажэрнай гусеніцай, вечна рухомай сараканожкай ды асацыіраваўся з такімі словамі, як пажар і голад, асада і разня, вываз рабочай сілы ды ўгон быдла, што бясконца чынілі бязлітасныя пыхлівыя ды прагныя да ўлады і чужога дабра ккязі і старшыны ордэнаў.

А ў выніку — пасля спалення ўшчэнт маёй Ваўкавысчыны — па яшчэ свежанькіх бярвеннях насцілу першага гродзенскага моста крыжаносцы пераправілі зноў на захад свае катапульты (пяціпудовыя ядры з іх, якімі захопнікі разбівалі Прачысценскі храм, экспануюцца ў Гродзенскім рэспубліканскім музеі атэізму і гісторыі рзлігіі), нарабаванае дабро ды прагналі тысячы нявольнікаў. Следам за імі Вітаўт правёў свае сорак палкоў...

Земляробы, рамеснікі і лесавікі Прынёманшчыны праязджалі па мосце толькі ў тым выпадку, калі везлі феадалу ці ў манастыр павіннасць, адпраўляліся ў невядомыя землі з абозам сушанага зубровага мяса для войска, амуніцыі, крупы і мукі альбо — калі іх саміх, павязаных пачкамі, чарговы захопнік ці феадал валок у Клайпеду альбо ў Крулевец (адгэтуль і пайшло: «Дзядзька Юзік трапіў у Прусы, дзе не ступяць беларусы!») на продаж ці — у «Горадзень» на работу.

У Майнцы захаваліся быкі ад моста, пабудаванага яшчэ рымлянамі. Якісьці кароль таксама для сваёй карысці паклаў на іх драўляныя пралёты. У 81З г., каб мець нарэшце спакой, жыхары Майнца пераправу цераз Рэйн спалілі.

У тыя змрочныя часы, напэўна, і гродзенскі мост наслухаўся плачу і праклёнаў, і на яго мажліва, узнімаліся даведзеныя да адчаю навакольныя жыхары, і толькі няма каму нам пра гэта расказаць. Самі ж масты маўчаць, як зачараваныя,


3.

З Савецкай плошчы сёння добра відочны на фарным касцёле чатырохсотгадовы гадзіннік, што майстры «Рэмбыттэхнікі» зараз адрамантавалі, і ён ужо ідзе (гадзіннік — копія таго, які з 1З86 г. стаіць у Салеберыйскім саборы ў Англіі!). Дык вось, станіна, на якой замацаваны яго няхітры механізм, выкавана ў звычайнай кузні. Брусы станіны тонкія (бо да металу тады, не ў прыклад нам, адносіліся надта беражліва, і на іх выразна відочны сляды малаткоў.

Хто быў той прыгонны каваль, што іх прыдумаў, зварыў ды прыладзіў, адкуль ён родам — з—пад Бераставіцы, Свіслачы, Поразава, Слоніма, Ваўкавыска?

Што ён адчуваў, калі загрукатаў пад коламі насціл моста, і калі яго, навічка, мажліва, звязанага вяроўкай, панскія гайдукі ці манастырскія халопы пырнулі ў бок пугаўём ды велікадушна паведамілі — вось і горад, куды цябе, братка, вязём?..

А калі б мы ўзняліся над Савецкай плошчай на верталёце, то на правым беразе Нёмана адразу ўбачылі б «паэму ў камені» — славутую Каложу — помнік старажытнабеларускай архітэктуры XII стагоддзя. Шасціслуповая будыніна з тоненькай, зробленай уручную цэглы-плінфы кранае сучаснікаў непаўторнай арыгінальнасцю архітэктуры, самабытнай прыгажосцю фасадаў, а праставаты жывапіс дэкора вонкавых сцен прымушае адразу ўспомніць народны стыль вышывак і ткацтва.

Крыху бліжэй, на Замкавай гары, пад вялізным ахоўным дахам прытаілася аднагодка Каложы — княжаская царква Ніжняя. Равесніцу гэтых дзвюх, Прачысценскую, а ў ёй і цудоўную маялікавую падлогу, адкапалі у 1980 г. археолагі з Гродзенскага універеітэта М. А. Ткачоў, I. М. Чарняўскі, А. А. Трусаў. з—пад гарадскога друзу Міхаіл Аляксандравіч бярэцца выкапаць яшчэ два-тры храмы, і яму нельга не верыць.

Выходзіць, «Горадзень» 500-600 гадоў таму меў ужо такіх храмаў з паўтузіны. Для іх будаўніцтва, афармлення, абслугоўвання патрэбны былі сотні кваліфікаваных майстроў, а частка тых спецыялістаў абавязкова перавальвала цераз гродзенскі мост.

Хто былі тыя муляры, архітэктары, мастакі, багасловы, што ступалі ўпершышо на маставы насціл, ідучы з якога—небудзь Афона ў «Горадзень»?

У той час, калі не ведалі яшчэ прыгонніцкага права, як тыя людзі выглядалі?

Да чаго тыясамародкі імкнуліся, аб чым марылі, пра што думалі? Якія ў іх былі згрызоты, праблемы, таямніцы?

Мост маўчыць.


4.

Першае візуальнае ўяўленне аб гродзенскім мосце даносіць да нас гравюра (1568-1572 гг.) Мацвея Цюндта. На ёй выразна відаць, што быкамі для моста тады з'яўляліся звычайныя груды камянёў.

Некаторыя гараджане ў вольны час спяшаліся да моста проста паглядзець на праезджых ды сябе паказаць (як на маёй памяці ў глухіх мясцінах цікаўная моладзь валіла ў нядзелю на вакзал да пасажырскіх паяздоў). Гэта ўлічвалі феадалы і каля моста наладжвалі экзекуцыі.

У той змрочны час найвялікшым злачынствам лічылася нападпарадкаванне, і забойства аленя ў панскім лесе, і вольнае тлумачэнне якога—небудзь раздзела з Бібліі. Каралі смерцю многіх, мажліва, часцей, чым сёння садзяць на пятнаццаць сутак.

Князі і каралі побач з галоўным конюхам, пісарам ды паляўнічым трымалі яшчэ адну вельмі неабходную персону — ката-прафесіянала. Экзекуцыі праводзілі паводле рытуалу, катам друкавалі спецыяльныя як бы падручнікі, дзе падрабязна апісваліся месцы, спосабы і працэдуры выканання прысуду. Напрыклад, тых, каго саджалі на кол, кат мусіў накачаць пойлам, настоеным на адпаведных зёлках, каб няшчасны доўга «цешыў» вока гарадскіх зявак ці праезджых па мосце.

З нашым мостам звязаны і падзеі святой інквізіцыі.

Кідалі з яго ў Нёман жанчын, абвінавачаных у вядзьмарстве, ды пільна ўзіраліся. Калі падазроная ішла каменем на дно, значыць — выбачай, калі ласка! — такую дазвалялі сваякам вылавіць ды пахаваць на могілках. Калі ж няшчасная ўсплывала, гэта быў ужо надзейны знак цеснай сувязі кабеты з нячыстай сілай,— вядзьмарку зараз жа валаклі на вогнішча.

На шчасце, ахвяр такіх у нас было не сотні тысяч, як у Іспаніі ці Галандыі, і працягвалася гэта дзікунства не так доўга — да выпадку.

Жонцы шляхціча Стакоўскага з Дорухава забалеў палец (прастрэл). Фельчар з Кемпна не дапамог, прывезлі знахарку. Тая адразу назвала сем чарнявых маладзіц, якія Стакоўскую бытта бы ўраклі. Ці спрытная баба ведала, што хваробе не дасць рады ды выкруцілася тым, што выдала іншых, ці сама верыла сваім словам, цяпер можам толькі гадаць, а для жанчын яны сталі фатальнымі.

Аканом вывалак кабет з курных хацін. Паводле сваіх меркаванняў памешчык далучыў да іх яшчэ семярых. Няшчасных звязалі, запіхнулі ў бочкі, укацілі іх на ноч у склеп і выставілі варту.

У наступны дзень прыехалі суддзі, прыбыў кат.

Сагналі народ ды пачалі маладзіц апускаць на вяроўках у стаў. Паводле тагачаснай моды жанчыны хадзілі ў грубых фалдзістых спадніцах, вытканых — адна нітка ваўняная, другая — з ільну. Такая матэрыя добра трымала паветраныя пухіры, і маладзіцы аніяк не не танулі, хоць гайдукі піхалі іх тычкамі. Усё ясна!

Суддзі аднагалосна вынеслі прысуд:

— Знішчыць! — Затым далі каманду: —У агонь нячыстую сілу!

Чатырнаццаць ахвяр ка вачах іхніх дзяцей, бацькоў, мужыкоў ды натоўпу аднавяскоўцаў прывязалі да горбы дроў і падпалілі.

Самадур Стакоўскі мне зразумелы. Наклікаючы на сялян псіхоз страху, памешчык аднаўляў у сабе адчуванне ўласнай усемагутнасці ды ўпэўненасці, што ён — пан жыцця і смерці падуладных. Але як зразумець тых сялян, што потым пасіўна глядзелі, як полымя ліжа целы блізкіх ім людзей, а няшчасныя корчацца ад страшных пакут? У 1942 г. гітлераўцы сагналі на плошчу жыхароў Скідаля, каб на вачах ашалелых ад гора мацярок ды суседзяў павесіць 8 камсамольцаў. Дык супроць эсэсаўцаў з аўтаматамі ды аўчаркамі людзі бяссільныя, але ж дзвесце гадоў таму ўсяго гэтага не было?!

Каб зразумець продкаў, мабыць, трэба падысці да іх без сённяшніх мерак.

Бясспрэчная праўда, што і тады дзядзькі гадавалі авечак, каб дачка цешылася агняткам. Адчуваючы мускульную радасць, касілі і траву на сена дзеля таго, каб жонка паставіла на стол збанок сырадою ды паклала яйка. На скошаным сваімі рукамі балотцы, на дагледжаным палетку яны адчувалі ўласную годнасць, здавальненне ад працы, і таксама заміралі ў іх сэрцы ад узнёслага пачуцця, як замірае і ў мяне, калі я скончу свой твор, што з тымі людзьмі мяне родніць. Затое ў астатнім колішнія людзі мелі цалкам іншыя ўяўленні аб жыцці, кіраваліся чужымі для нас прынцыпамі.

На пахаванні скіфскага царка яго жонкі пакорна клаліся побач з ім у магілу. У старажытнай Мексіцы на свята бога сонца сотні людзей з нецярпеннем чакалі чаргі, каб з радасцю аддаць сваё сэрца, якое капеланы выразалі з грудной клеткі жывога чалавека.

Дзецьмі свайго часу былі і тыя дзядзькі. Яны шчыра верылі ў вядзьмарак, злых духаў ды прызнавалі слушнасць у тым, каб нішчыць чорную сілу. Не ў прыклад скідальцам даўнія іх землякі перад страшным вогнішчам напэўна выказвалі яшчэ захапленне ад таго, што вядзьмаркі гараць. Сведкі маляўніча апісваюць, як потым разлютаваны натоўп кідаўся на рэшткі вогнішчаў, раздзіралі на кавалачкі тое, што засталося ад ахвяр, ды неслі страшныя сувеніры дамоў сабе на памяць.

Як мяркуюць вучоныя-псіхолагі, паленне вядзьмарак знімае таксама і нервовае напружанне, у якім вечна знаходзіліся нашыя продкі. з—за гэтага ў апошнюю вайну людзі ў глыбокім тыле кідаліся з лютасцю ды спрабавалі чыніць расправу над чалавекам, якога западозрылі як нямецкага шпіёна.

Аднак у свядомасці перадавой грамадскасці ўжо тады адбываліся пэўныя зрухі. Пасля выпадку ў Дорухаве нават прыдворная знаць выступіла супроць цемрашальства.

Гарачым летам І776 г. цераз наш мост з усяе Рэчы Паспалітай праехаў цэлы парад паслоў са шматлікай світай на чарговы сейм (у Гродне ахвотна жылі каралі, праходзіў кожны трэці сейм Польшчы, бо лічылася, што горад ляжыць у зоне здаровага клімату). На сваім форуме за «непрыстойны ўчынак» шляхціча Стакоўскага паслы пакаралі штрафам, а барацьбу з вядзьмаркамі назаўсёды асудзілі.


5.

У пятроўскі час нашаму мосту выпала сыграць не абы-якую гістарычную ролю.

Наспявала шведска-руская вайна.

У канцы 1705 г. Карл XII стаў ля сцен Варшавы, Паводле «Гродзенскай старыны» Еўстафія Арлоўскага (1910) кароль ад сцюжы ратаваўся ў шатры, які абагравалі распаленымі гарматнымі ядрамі. Шведскія ж салдаты стаялі ў адкрытым полі і раскошы такой дазволіць сабе не маглі.

Каб не памарозіць дарэшты войскі, кароль задумаў перабрацца на цёплыя кватэры ў Гродна. Але к таму часу ў горадзе над Нёманам паспеў пабываць ужо цар.

Пётр Першы горад добра ўмацаваў (пятроўскія рэдуты і цяпер табе пакажа кожны школьнік сярэдняй школы № 12), размясціў у ім свае войскі ды пакінуў фаварыта А. Д. Меншыкава з наказам — сачыць уважліва за праціўнікам і, па магчымасці, яму перашкаджаць.

Нёман вораг перайшоў па лёдзе каля вёсачкі Дзевяткаўцы. Застаўшы горад умацаваным, шведы тут жа, у Грандзічах (10 км ад Гродна), сталі на зімоўку.

Кароль у Грандзічах усю зіму прымаў паслоў, падпісваў умовы, ездзіў на паляванне, знаёміўся з мясцовымі прыгажунямі, а яго афіцэры ў навакольных памешчыкаў пілі і балявалі, бо рускія са сваім свяцейшым князем, здавалася, сядзелі ціха, бы мышы. Шведы і ўпэўніліся — куды сыну конюха, Меншыкаву, цягацца з удалым дваццацішасцігадовым каралём-прыгажуном, у жылах якога цякла блакітная кроў, яму снадарожнічаў толькі поспех, ён ужо перамог Данію, Саксонію ды Польшчу.

Тым часам Аляксандр Данілавіч праз сваіх лазутчыкаў пільна сачыў за кожным крокам ворага ды слаў цару рэляцыі.

Так прыйшла вясна 1706 года.

Крыгаход у Гродне пачынаецца, калі зямля ўжо добра прасохне (бо з Навагрудскага ўзвышша лёд сюды прыбывае са спазненнем на два тыдні). I вось пагодлівым вясеннім днём лазутчыкі далажылі Аляксандру Данілавічу: шведы збіраюцца ў паход — варожы лагер заварушыўся, як устрывожаны мурашнік; салдаты рыхтуюць на заўтра штурмавыя гарматы ды іншую тэхніку супроць гродзенскай крэпасці, а перайшоўшы мост, усе паваляць цераз Ваўкавыск на Усход.

Меншыкаў да такога быў падрыхтаваны.

Каб не перашкаджалі на маршы гарматы, свяцейшы князь, паводле парады цара, пакідаў іх ноччу ў раку, войскі пераправіў на другі бераг, мост за сабой разабраў ды налегцы павёў свае войскі марштрутам, якім збіраліся крочыць шведы,— палячы за сабой усе пераправы, склады фуражу ды месцы для стаянак.

Тым часам, як было запланавана, Карл XII наступнага дня раніцой з асаднай артылерыяй памкнуўся да крэпасці — пустая! Кінуліся шведы да моста, а ён — без пралётаў, ды на строме — суцэльная лавіна льдзін.

Пакуль шведы перачакалі ў Гродне крыгаход, пакуль наладзілі пераправу зноў, пакуль пасля вясенняй паводкі ўбавілі свае воды рэчкі Палесся ды высахлі дарогі для іх грувасцкіх абозаў і цяжкіх гармат, Меншыкаў злучыўся ў Кіеве з Пятром Першым, і яны ўжо разам пачалі рыхтавацца да сустрэчы з нязваным госцем.

Пару гадоў таму нехта з гараджан убачыў з моста ў вадзе дзіўны жоўты прадмет, які аж гарэў на сонцы. Гэта аказалася гармата Меншыкава, яе рачны пясочак адшліфаваў на жывое золата. У той жа дзень з ілу добраахвотнікі-вадалазы вывалаклі аж шэсць пятроўскіх гармат.

Значна болей пятроўскіх гармат ляжаць яшчэ ў прыбярэжным пяску ля моста ды чакаюць сваіх энтузіястаў.


6.

Гродзенскі мост быў і далей сведкам бурлівых перавалаў з захаду на ўсход ды з усходу на захад вялізнай колькасці цяпер ужо войск рзгулярных — польскіх, нямецкіх, шведскіх, французскіх, і ўсе яны, як саранча, пляжылі гарады і вёскі Прынёманшчыны, пакідалі калек і сірот, удоў і пажарышчы, голад і пустэчу, гора і роспач. Хто заставаўся жывы, уцякаў у лес, забіваўся ў гушчар і, затоены, чакаў, калі схлыне навала, каб сваё семя, страсці, звычкі ды традыцыі перадаць пакаленням.

Па дарозе ў Берлін, Парыж, Рым ці Пецярбург грукаталі па ім карэты імянітых прынцаў, чопарных баронаў, франтаватых графаў, выпешчаных князёў, пыхлівых маркізаў ды безліч іншых багатых гультаёў і лодыраў, якіх свет не бачыў. Каб даць хоць некатооае ўяўленне аб пасажырах таго гатунку, прывяду радкі з твора свайго земляка — Ежы Путрамента:

«...Арыстакраты XVIII стагоддзя будавалі палацы, элегантна апраналіся, разбіраліся ў музыцы, мастацтве ды былі даволі начытаныя, але ж да гігіены былі надта непатрабавальныя.

Пры каралеўскім двары моднымі прыладамі былі накавальні з малаточкамі з «благароднага» металу, якія імянітыя госці ўжывалі дзеля мілай таварыскай забавы: князі, князёўны, маркізы і баранесы на залатых накавальнічках таўклі адны адным вошай, што лічылася тады зусім натуральным...»

Праязджалі таксама пралёткі з немцамі-аканомамі, гувернанткамі-францужанкамі, італьянцамі-балетмайстрамі, спевакамі ды музыкантамі, што з перанаселенай Заходняй Еўропы ехалі ў глыбінную Расію шукаць сабе кавалак хлеба. Вядома, ніхто тады не падазраваў ды ў снах не сніў, што іхнія посныя аперэты, вычурныя па і сентыментальныя арыі, трапіўшы ў адпаведную глебу на ўсходзе, натхняць таленавітых мясцовых аўтараў на такія шэдэўры, што неўзабаве ўся Заходняя Еўропа будзе, як паветра, прагна жадаць твораў Чайкоўскага і Мусаргскага, нецярпліва чакаць пралётак з Усходу і за вялікія грошы хапаць ноты новай музыкі, а парыжскія імпрэсарыі гатовы будуць пасылаць аж на гродзенскі мост засады, каб перахапіць карэты з дзіўнымі майстрыцамі ў пуантах з Пецярбургскага балетнага.

Па гродзенскім мосце снавалі і дзялкі венскіх атэлье мод, што везлі рускім модніцам васковыя фігуркі з новымі фасонамі сукенак ды шляпак, туфель і прычосак, паліто і накідак (часопісаў мод тады яшчэ не прыдумалі)...

А ўсе гэтыя пралёткі і двухколкі на рысорах, раскошныя карэты і фаэтоны, запрэжаныя коньмі карымі і варанымі, пегімі і буланымі, сіўкамі і каштанкамі, бурымі і... (больш назваў не ведаю: яшчэ мой бацька пры размове пра коней, памятаю, адрозніваў аж 24 масці!)

З эскортам маляўнічых улан, драгун і гусараў ці толькі з лакеямі ў ліўрэях на задках яны нецярпліва абганялі даўзёрныя чароды павольных ды замуленых балаголаў — яшчэ неапісаную старонку нашай гісторыі, пра што будзе сказана далей.


7.

«Почти пригнувшись головой к ногам,

Обвитым бечевой, обутым в лапти,

Вдоль реки ползли гурьбою бурлаки...»

Гэтыя словы Някрасава, вядома, адносяцца да Волгі. Толькі ж дакладна таксама выглядала ўсё тады і на Нёмане. Шкада, Гродзеншчына не мела ў той час свайго летапісца.

У пачатку мінулага стагоддзя, калі людзі яшчэ не ведалі ні асфальту, ні чыгункі, а Прынёманскі край патанаў у дрыгве ды крэкаці, транспартнай магістраллю для грузаў з'яўляўся Нёман. Па ім сноўдалі бясконцыя ланцужкі баржаў і суднаў купцоў, наладаваных па самыя краі бартоў ды яшчэ з капцом — багаццем нашага краю.

«Возврат судов вверх Немана бывает не реже, чем к осени, коих тяга производится, по здешнему обычаю, людьми, но не скотом...» — сцвярджае адзін дакумент у гродзенскім архіве.

Хто былі тыя людзі, што зрэзанымі сікась-накась берагамі капрызнага Нёмана цягнулі бурлацкую лямку?

Прыгонныя сяляне.

Царскі ўрад выдаў спецыяльнае «Правіла», на падставе якога памешчыкі заходніх губерняў маглі аддаваць купцам па найме сваіх муясыкоў для сплаву тавараў у Данцыг, Кёнігсберг і Торн... Памешчыкі за гэта атрымлівалі ад купцоў добрыя грошы, толькі абавязаны былі бурлакоў карміць ды апранаць.

Лёгка сабе можна ўявіць, як брылі босыя бічавікі Гродзеншчыны, тыя прыгошгыя мужыкі і бабы, дзяды і прадзеды, бабкі і прабабкі нашых дзядоў. Натужліва, надрываючыся, пнуліся яны па залітых клейкай цінай ды гнілой вадзіцай з жабурэннем лагчынамі, то зноў — па зарослых кустамі прынёманскіх касагорах. I так ад Валтыкі аж да Беліцы, Любчы, Шчорсаў, Стаўбцоў, ды дзень у дзень і пры любым надвор'і.

Покуль для праводкі каравана гэткіх суднаў разбіралі праслы гродзенскага моста, тысячы тых няшчасных — ушчэнт змардаваных вашаёў, знясіленых, узлахмочаных ды панылых ад беспрасветнасці — у раёне сённяшняга піўзавода ці тонкасуконнага камбіната сушылі свае парткі, світкі і анучы, высвятлялі сямейныя адносіны, атрымлівалі ад аканомаў свае порцыі круп, бульбы і рыбы ды гатавалі пахлёбку, «іскалі» адзін у аднаго ў галаве, азіралі струпы, зводзілі парахункі, адсыпаліся альбо, развесіўшы іконкі, горача маліліся і прасілі госпада сабе здароўя ды шчасця сваім дзецям. Вось дзе няўмольная прырода мела раздолле спакойна тварыць сабе дарвінаўскую селекцыю віду!

Калі б масты валодалі памяццю ды маглі гаварыць!


8.

Тавар з гарадоў у мястэчкі дастаўляла тады спецыяльная каста фурманаў — балаголы. Гэта былі абяднелыя немцы, а найбольш — местачковыя яўрэі (адкуль і назва прафесіі: баал агола, што па-гебрайску азначае — гаспадар воза).

Адным словам, пясчанымі палявымі дарогамі, ляснымі выбоістымі шляхамі даўзёрнымі грэблямі скрозь балоты дзень і ноч, у сцюжу і гарачыню напіналіся ды скрыпелі восямі біцюгі балаголаў. Яны на сваіх шырокіх платформах валаклі для нашых дзядоў і прадзедаў жалезныя прэнты і сашнікі, соль і мыла, сукно і корт, плюш і бочкі з селядцамі, шоўк і бутлі з керасінам, ці — прысмакі, а таксама парцаляну, тонкае шкло і крышталь багацеям.

На тых гаротніках практыкавалі сваё рамяство пачынаючыя рабаўнікі і рэцыдывісты: кідаліся з дрэваў на хрыбты іхніх коней, выбягалі з нажамі ў зубах да іх з—пад мосцікаў, рабілі перад фурамі завалы.

Яшчэ і цяпер шэрхне на мне скура, калі ўспамінаю апавяданне старых пра тое, як ля Страшава апісаны ўжо мной у рамане-былі «Вершалінскі рай» бандыт Паўтарак з братамі Савіцкімі з Зарэчан зарэзалі балагола Янкеля, забралі з фуры ды прыкацілі ў вёску бочку з алеем.

Што ім стары Янкель!

У 1824 годзе, калі з Парыжа вяртаўся Аляксандр Першы, такія зухі за гродзенскім мостам не пабаяліся нават эскорту драгун і ад царскай карэты адрэзалі куфры (аб здарэнні можна і зараз прачытаць у дакладной палкоўніка жандармерыі губернатару, якая ляжыць у гродзенскім гарадскім архіве).

З моста на высачэзную кручу нёманскага берага ўзвалакчы наладаваную фуру каню было нялёгка. Дапамагаючы свайму карміцелю, балагол дзесьці з усяе сілы піхаў у задок плячом. Думаючы ўжо пра дрымучыя лясы, што чакалі яго наперадзе — Блудаўскую і Белавежскую пушчы,— чалавек сябе падбадзёрваў спевам:

Я — балагол і тыраю без адпачынку,
Але раблю карысную справу,
Но-о, мілы, вазьмі-і!..
Давай, давай, конік, бо ўжо поўная фура кабет! —
Заразы, балбочуць, гарэзліва рагочуць,
А мяне пачынае разбіраць!..
Вё-о, саколік!
А-во — у фуру палезлі бандыты.
Адзін раве: «Хутчэй, бо світае!»
Лямантуе другі: «Паганяй, бо нас могуць дагнаць!»
Но-о, воўчая падла!
Но-о, халера, вязі-і!..»
(«Падрадкоўнік» з народнай песні балаголаў).
Па нашым мосце ў Сібір правезлі тысячы закаваных у кайданы катаржнікаў — сектантаў і казнакрадаў, рэвалюцыянераў і зладзеяў, братазабойцаў і патрыётаў.

Нядаўна работнікі музея выявілі, што «Іскра» ў Расію трапляла і цераз Гродна: у раёне Ласосны (6 км ад губернскага цэнтра) яе перапраўлялі на гэты бок цераз граніцу. У музеі і сёння ламаюць галовы: якім шляхам з гэтай самай Ласосны яна трапляла на гродзен-скі вакзал?

Дзівакі музейшчыкі.

Фурманкі з пачкамі ленінскай газеты абмінуць гродзенскага моста не маглі аніяк, мемарыяльную дошку ставіць трэ на ім.

Калі б масты маглі гаварыць, яны паведамілі б нам болей, чым музеі ды кніжкі ўсіх бібліятэк!


9.

Зрэшты, бярвёны маставога насцілу нашчадкі нашыя, відаць, неўзабаве змаглі б прымусіць аднавіць тыя гукі і вобразы, сведкамі якіх былі раўнадушныя палены.

Неверагодна?

Яшчэ трыццаць пяць гадоў таму здавалася неверагодным, што ў сябе дома будзем спакойна назіраць, як па Месяцы шпацыруюць ды скачуць людзі. Цалкам звычайна ўзнаўляем мы сёння і галасы, запісаныя кімсьці на плёнку. Для нашых жа ўнукаў, мабыць, будзе здавацца такой жа невялікай складанасцю — закласці ў бліскучы апарат замест бабіны кавалак звычайнага дрэва ды пры дапамозе той самай усемагутнай электронікі ўзнавіць галасы ды страсці, што бушавалі на працягу шасці стагоддзяў ля моста, бо гукі — той самы рух матэрыі, і ён абавязкова мусіць пакінуць след у складанай сістэме малекул.

Адным, словам, нашчадкі напэўна змогуць здабываць гукі з дрэва, і гэта будзе лічыцца нават не рэвалюцыяй у тэхніцы, а — наступным крокам прагрэсу. На жаль, бярвенні таго насцілу даўно стлелі, а гродзенцы ў пачатку гэтага стагоддзя збудавалі сабе мост каменны, які сёння называем — Старым. На быках з салідных гранітных блокаў. Шырокі. З высокай пасадкай.

Зрэшты, і Стары мост паслужыў першым чынам вайне.


10.

К таму часу вакол Гродна разгарнулася будаўніцтва фортаў. За работу афіцэры штаба шчодра плацілі чыстым золатам, таму цераз мост адразу пацягнуліся тысячы сялянскіх фурманак з цэглай, цэментам, пяском, жалезам, вайсковым скарбам ды абсталяваннем для даўзёрных казематаў — злектраматорамі, помпамі, халадзільніка--мі, рухавікамі.

Аднак усё было дарэмна.

Летам 1915 года, выходзячы з акружэння, рускія войскі новенькія форты, з якіх па ворагу ніхто так ні разу і не стрэліў, узарвалі (змрочныя тунелі, казематы, парахавыя калодзежы ды велізарныя глыбы разварочанага бетону з цэленькімі гнёздамі для гармат, кулямётаў і НП — хоць займай іх зараз! — напэўна будуць прыцягваць да сябе, як магнітам, не адно пакаленне гродзенскіх хлопчыкаў ды будзіць у іх фантазію).

Пры адступленні рускія войскі заадно ўзарвалі і адзін пралёт Старога моста.

З гэтага моманту ў Гродне на працягу пяці гадоў пяць разоў мянялася ўлада, а колькі пры гэтым разоў узрывалі «счэпленыя на жывую нітку» пралёты моста, цяпер і не ўдакладніш. Адно пэўна — калі ў чэрвені 1920-га Гай вёў на Захад цераз Гродна сваю конніцу, яго праслаўленым эскадронам давялося фарсіраваць раку ўброд — насупраць «чумных» могілак і фабрыкі мэблі.

Пасля першай сусветнай вайны капітальна рамантаваць Стары мост давялося ўжо палякам.


11.

Для людзей майго пакалення, каб сцвердзіць, як жылося аднавяскоўцам, што падаліся ў горад пры буржуазнай Польшчы, дастаткова нагадаць апавяданні беспрацоўных, што начавалі пад мостам ды са з'едлівай самакрытычнасцю хваліліся:

«А што? Над галавой не капае. Купанка пад бокам. Каб галава не балела, скразнячок прадувае. I ўсё бясплатна. Дзе ты лепшае месца знойдзеш?!»

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны па адзінай гарадской пераправе хлынулі на ўсход бежанцы. Шэсцьдзесят двум зеніткам гродзенскай СПА снарадаў хапіла толькі на першыя дзве гадзіны раніцай 22 чэрвеня, і горад застаўся без супрацьпаветранай аховы. Як расказваюць старажылы, суцэльны той людскі паток на мосце беспакарана расстрэльвалі з бартавых кулямётаў і гармат антрапоіды люфтвафэ. Мост над вадой узвышаецца на дваццаць адзін метр, але мацярок агортваў такі панічны жах, што яны, бедныя, ратуючыся ад «месераў», хапалі дзяцей, унукаў ды цераз поручкі сігалі ў ваду, бы ў схованку.

I камяні моста нічога не расказваюць.

Нядаўна мне давялося пазнаёміцца з кніжкай амерыканца Рэманда Талівера, выдадзенай у Лондане, ды здзівіцца — бытта свет і не перажываў тых злачынстваў. Аўтар на поўным сур'ёзе апісвае, якімі рыцарамі былі нямецкія асы, калі збівалі самалёт праціўкіка, нават сачылі, каб яго лётчык шчасліва апусціўея ды цэлы ступіў на зямлю, а саслужыўцу, хто нават праз памылку абстраляў пасажырскі поезд, сябры выносілі суровае пакаранне. Куды там!..

На жаль, перыяд таго страшнага спусташэння і забойстваў той-сёй пачаў ужо рамантызаваць, упрыгожваць моднымі кветачкамі ды карціннасцю, прытупляць у нас агіду да фашызму, заваёўнікаў і войнаў, селячы ў душах людзей, як слушна сказаў у адным тэлеінтэрв'ю мой аднакурснік па ВЛК Віктар Астаф'еў, злачынную забыўчывасць, а ў моладзі — бяспечную благадушнасць. Для ацверазення такім было б вельмі карысна калі-нікалі прыязджаць у Гродна, узыходзіць на мост, заглядваць уніз цераз тыя самыя по-ручні, каб з вышыні дваццаці аднаго метра ўбачыць бурлівае, злавеснае цячэнне Нёмана, уявіць сабе лямант, віск, крыкі і стра-ляніну ды паспытаць хоць частку таго жаху, які выпала перажыць у першыя дні вайны няшчасным кабецінам ды бабулям, іх дзеткам і ўнукам, як трохі пазней і гродзенцам, якіх тысячамі вазілі на расстрэл у Навумавічы і Калбасіна. Для іх мост станавіўся тым апошнім рубіконам, ад якога пачыналі яны развітвацца з жыццём.

Бытта помсцячы гітлераўцам за злачыыствы, лёс сурова пакараў і іх.

Летам 1944 г. нямецкія сапёры ўзарвалі пралёт моста, калі на ўсходнім беразе заставаліся яшчэ значныя сілы вермахта ды ляжала нявывезенае вайсковае дабро, Гітлераўцаў даволі лёгка знішчалі чырвонаармейцы, а ў раёне нафтабазы ад агню байцы паспелі ўратаваць чатыры (з шасці) склады вермахта.


12.

Калі б масты маглі гаварыць, то наш, гродзенскі, абавязкова расказаў бы яшчэ і пра тысячы гаротнікаў, што ў нялёгкія пасля-ваенныя гады разбітымі на франтавых дарогах «палутаркамі» везлі цераз яго вузлы агрэгатаў для цукрабуда і тонкасуконнага камбіната, пералічыў бы мноства павозак, запрэжаных лядашчымі конікамі, што цягнулі цэмент з Росі, цэглу з Ваўкавыска, бярвенні з Кадыша, бедныя цэнтнеры збажыны з толькі што арганізаваных калгасаў, ды абавязкова нагадаў бы жалобныя фурманкі з целамі актывістаў, забітых бандытамі пад Сапоцкіна, Зэльвай, Навагрудкам...

Масты маўчаць, бы нямкі.

Але паміж людзьмі існуе святы, запаветны, вялікі ды адвечны закон, паводле якога нічога на свеце не прападае, бо застаецца ў дакументах, успамінах, звычках, паданнях, легендах, сэрцах і генах. Цяпер цераз гродзенскія шырокія пераправы ездзяць і турысты, і замежныя спецыялісты, а частка народнага прадукту з Гродна ідзе ў Польшчу, Германію, Францыю ды нават у чопарную Англію, бо навядзенне мастоў паміж людзьмі, паміж жыццём, праўдай і прагрэсам — асноўны сэнс чалавечага існавання.

Масты даўно ўжо не палохаюць людзей і не прыносяць гора, а сталі для іх неабходнымі.

Масты цяпер, як мала што іншае, людзей яднаюць.

У суровай барацьбе і цяжкай працы пакаленняў наша Гродна неўзабаве пасля вайны дасягнула рубяжа сталасці ды выйшла ў шэраг стотысячнікаў (1965). Яго развіццё пасля гэтай даты толькі набірала тэмпы. I хоць першы «стотысячнік» — Юра Ляшэнка — зараз вымахаў за 185 сантыметраў (акселерацыя), ён яшчэ ходзіць у 9-ы клас 22-й СШ, а Гродна адзначыла ўжо нараджэнне двухсоттысячнага грама-дзяніна і цяпер рыхтуецца стаць горадам з насельніцтвам у чвэрць мільёна.

Шматлікім і непаседлівым гродзенцам, імкліваму гарадскому будаўніцтву і транспарту патрэбны былі новыя пераправы, таму было вырашана пабудаваць Новы мост. Яго перакінулі цераз Нёман дакладна ў тым самым месцы, дзе летам 1920 года перапраўляўся ўброд Гай са сваёй праслаўленай конніцай.

Кажуць, самай прыгожай формы мост той, які мае самую дасканалую і сучасную канструкцыю. Такім мы ўпершыню ўбачылі Новы мост.

Такімі ў нас будуюцца і наступныя масты.

Бо народ наш праз нягоды і бяду дасягнуў тэхнічнага ўзроўню, які дастойны касмічнай эры. Але і палёт касмічнага карабля толькі працягвае імклівы шлях той самай стралы, што запусціў з лука ў нябесную сінь наш прашчур у зубровай накідцы, прачарціўшы парабалу, як мост, паміж мінулым і сучасным.


ЗАПІСКІ ДЫРЭКТАРА МУЗЕЯ


1. Роздум ля экспанатаў

1.

У Рэспубліканскім музеі атэізму і гісторыі рэлігіі нікога не пакідае раўнадушным карціна народнага мастака Грузінскай ССР Чолы Кукуладзе «Інтэрнацыянал». Вялізнае, два метры на паўтара, палатно з агорнутым жывымі языкамі полымя, перакошаным ад болю тварам гарманіста прыслаў у Гродна аж з Сухумі сам аўтар, аднак падзея, што натхніла мастака, выдарылася на Віцебшчыне.

У вёсцы Малыя Асеткі (Расонскі раён) жыў сляпы музыкант — Фадзей Андрэевіч Івакоў. З яго пляменнікамі — Васілём, Паўлам і Цвінцікам Чола Кукуладзе — тады 19-гадовы танкіст з Абхазіі — партызаніў. Дзядзьку сваіх сяброў абхазец запамятаў па тым, як вы-сокі, мажны мужчына, закінуўшы за плячо трохрадку, перабіраўся босы з вёскі ў вёску на вечарынку, хрэсьбіны ці вяселле, бо танцавалі, радзіліся, пасылалі сватоў ды выходзілі замуж нават і ў вайну. Калі аднойчы Чола спытаўся ў сляпога, чаму заўсёды дзядзька ходзіць босы, чалавек грузіну растлумачыў:

— Браточак, зямельку лепш адчуваю. Бачыш — без кіёчка тэпаю.

Адзін час у сляпога хаваўся хворы партызанскі камісар Варфаламей Якаўлевіч Лапенка. Калі далечваць хворага забралі сваякі, немцы музыканта схапілі і пачалі катаваць.

Нічога ад гарманіста не дабіўшыся, нацысты для застрашэныя людзей сабралі ўсю вёску, запіхнулі арыштанта ў хлявок, падпалілі страху. Скрозь прыадчыненыя дзверы людзям было відаць, як сляпы вывалак з сенавала гармонік ды ўрэзаў «Інтэрнацыянал».

Камандзір нацыстаў раптам спахапіўся — можа атрымацца выдатны здымак! — і кінуўся да машыны.

Калі ён вярнуўся з фотаапаратам, нельга было ўжо нічога разабраць: галасілі бабы, хлеўчык вышчарыўся чырванню голых крокваў і лат, паміж імі шугалі ў неба языкі полымя, хоць з вогненнага пекла і даляталі яшчэ слабенькія гукі неўміручай мелодыі.

Нацысцкі афіцэр прыйшоў у адчай — майн гот, упусціць такі кадр!

Сказаць, што карціна пакідае кожнага гледача нераўнадушным — мала.

Натуральна-шчыры, страшны дакумент пэўнай эпохі па ланцуж-ку пакаленняў цяпер будзе доўга перадаваць і перадаваць нашчадкам водгукі гераічнага мінулага, хваляваць людскія сэрцы ды фарміраваць іхнія душы.



2.

У суседнім аддзеле музея вісіць ікона блажэннага айца Максімільяна.

Гісторыя іконы такая.

Ксёндз Максімільян Марыя Кольбэ пры буржуазнай Польшчы быў душой папулярнага сярод католікаў месячніка «Рыцар прачыстай дзевы» («Rycerz Niepokolanej»). Выдаваўся часопіс пяць гадоў і ў Гродне, паралельна нават па-японску — у Нагасакі. Тыраж яго даходзіў да мільёна экзэмпляраў, і толькі ў часы акупацыі (1940) немцы месячнік абрэзалі да 120 тысяч.

Побач з апісаннем жахаў, якія бытта нясе людзям «сусветны крыважэрны камунізм» і ўсхвалення каралёў, прынцаў, генералісімуса Франко, маршалаў Пілсудскага ды Рыдз Сміглага, побач са зняважлівымі артыкуламі ў адносінах да іншых нацый (асабліва яўрэяў), у «Рыцары прачыстай дзевы» яшчэ падавалася дробная Інфармацыя, пісьмы[29].

Акупіраваўшы Польшчу, нацысты, як вядома, адразу ўзяліся нішчыць яе народ. Пачалі з інтэлігенцыі і нават у такіх людзях, як Кольбэ, убачылі сабе пагрозу.

У 1941 годзе а. Максімільяна арыштавалі, прывезлі ў Асвенцім ды — іронія лёсу!— разам з камуністамі і іншымі савецкімі палоннымі памясцілі ў барак 14А, на арыштанцкую вопратку ксяндза пачапілі нумар 16670.

К таму часу жыццё Кольбэ шмат чаму навучыла, А. Максімільян, мабыць, дараваць сабе не мог ужо, што, трымаючы ў руках масавы орган, друкаваў у ім розныя «бздуры», не паказваючы землякам пагрозы рэальнай.

У дні гістарычных выпрабаванняў палякі здзіўлялі свет сваім патрыятызмам. Без ніякай перспектывы кідаліся на штыкі, пад кулі ці бралі на сябе віну сваякоў, камандзіраў, знаёмых і нават — чужых ды з горда ўзнятай, бы наш Фадзей, галавой значылі шляхі гісторыі сваімі смерцямі.

Ксёндз Кольбэ аказаўся дастойным сынам свайго народа. Лагерныя будні неўзабаве падсунулі яму момант для подзвігу.



З.

У канцы ліпеня 1941 года з Асвенціма ўцёк зняволены. Камен-дант канцлагера штурмбанфюрэр Фрытцшэ загадаў — за ўцёкі аднаго з барака 14А пакараць галоднай смерцю дзесяцярых.

Эсэсманы адлічылі ахвяры, падвялі да баракаў, дзе адбывалася такое пакаранне, паставілі ўсіх на калені, У момант збегся натоўп схуднелых істот у паласатых балахонах. Знаёмых і сяброў камендант ад няшчасных не адганяў. Наадварот, якраз ён і хацеў, каб жывыя добра на ўсё паўзіраліся ды зарубілі сабе на носе — з немцамі жарты малыя.

Пакуль апаражнялі ад трупаў цэментавыя клеткі ды рыхтавалі «памяшканне» для свежых кандыдатаў у нябожчыкі, няшчасныя, абкружаныя арыштантамі, развітваліся. Малады ляснік Францішак Гаёўнічак услых усклікнуў:

— Божа, як шкада жонкі! Езус, Марыя, як мне шкада малых дзетак!..

Пачуў гэта Максімільян Марыя Кольбэ ды звярнуўся па-нямецку да Фрытцшэ:

— Пан камендант, мне сорак сем, я адзінокі. А гэты няшчасны — малады і ў яго сям'я. Абмяняйце нас, вам жа ўсё роўна!

Цар і бог славутай фабрыкі смерці надта здзівіўся ды хвіліну падумаў. Затым практычны немец кінуў:

— Гут! Станавіся замест яго на калені! А ты — вэг! Дзевяць прыгавораных палякаў памерлі ў бетонных клетках — хто на сёмы, хто на восьмы дзень, іх адправілі ў печ, а ксёндз усё жыў — лагернікі ўмудрыліся праз шчыліну ў дзверцах запіхваць яму ежу.

Застаўшы арыштанта з нумарам 16670 жывым-здаровым і праз два тыдні, раззлаваны Фрытцшэ зараз жа загадаў даць апошняму заложніку ўкол фенолу — орднунг мус зайк, фэрфлюхтэ! Немец яшчэ і прасачыў, каб цела дзесятага паляка адправілі ў крэматорый таксама.



4.

Францішак Гаёўнічак, прайшоўшы агні і воды, вярнуўся пасля перамогі дамоў ды расказаў усім пра сваё незвычайнае ўратаванне. Гісторыю падхапілі касцельныя газеты, пачалі размалёўваць яе на розныя лады. Затым шуміху падхапіла ватыканскае радыё, тэлебачанне...

Ішлі гады, адно дзесяцігоддзе змяніла другое, а шуміха вакол учынка а. Максімільяна не сціхала. Скончылася ўсё тым, што касцель-ная ўлада Польшчы звярнулася ў Ватыкан з прапановай — аб'явіць Кольбэ святым. Ім стаць цяпер не так проста, і першую атаку польскага клера апастольская сталіца адбіла.

Тады каталіцкія газеты ўзнялі новую кампанію.

На гэты раз размалявалі набожнасць усіх членаў сям'і Кольбэ, пералічваючы, хто з іх, колькі разоў і якую малітву кожны дзень гаварыў. Напомнілі пра работу а. Максімільяна ў «Рыцары прачыстай дзевы», яго місійныя дасягненні ў Японіі. Але гэтага ўсё яшчэ было мала, і пачалі яны збіраць сведчанні «лекарскіх камісій» пра цудоўнае выздараўленне людзей, якія прыкладвалі да хворага месца фатаграфію Кольбэ ці маліліся на а. Максімільяна...

Нарэшце кардынал Вышынскі адправіўся ў Ватыкан, папрасіў у рымскага папы прыватнай аўдыенцыі. Прымас Польшчы стаў горача даводзіць Іаану XXIII, як у даны момант Польшчы важна мець свайго святога. Папа рымскі жахнуўся:

«— Але ж столькі кандыдатаў цяпер паспяшае ўзысці на неба, столькі родзічаў жадае іхняй хвалы!

Вышынскі адказаў яму ў тон:

— Ваша светласць будзе ласкава адно крышачку прыадчыніць нябесныя вароты для паляка, і ён праскочыць на неба без чаргі!..» [30]

Нарэшце 17 красавіка 1971 года рымскі папа новага святога баніфікаваў. Адразу касцельныя кіёскі Польшчы напоўніліся розна-фарматнымі іконамі, на якіх на фоне сілуэта маткі боскай віднеўся сімпатычны мужчына ў акулярах з адным плячом, апранутым у паласаты лагерны балахон і з нумарам 16670, а другім — у сутану:

— Наце, прыхаджане, маліцеся на яго!



5.

У аддзеле каталіцызму гледачоў уражваюць індульгенцыі на адпушэные грахоў. Дзівіцца моладзь: от былі дурні — яшчэ збіралі на такое грошы ды верылі, што паперка на лацінскай мове выбавіць іх ад пекла.

Побач красуецца масіўны шчыт. Ён трапіў у музей з дрыс-вяцкага касцёла. На медным і круглым экспанаце віднеецца крыжавіна, а вакол вяночкам — надпіс: «За тое, што прамовіш «ойча наш» ды пацалуеш гэты крыж — будзеш мець праз 200 дзён дараваныя грахі па аднаму разу на дзень».

Шчыт вялізны і медзь вышэйшай якасці. Адлілі на шчыце са-лідна і літары. Аж не верыцца, што шчыт рабілі ўсур'ёз, вешалі ўсур'ёз у прытвор, а тысячы людзей, пакаленне за пакаленнем яго з на-божным трапятаннем сэрца цалавалі ды ўсур'ёз адносіліся да надпісу.

Зрэшты, індульгенцыі на старажытнай паперы з вадзянымі знакамі, медзяны шчыт з крыжам — рэчы даўнія. Можна іх растлумачыць агульным цемрашальствам ды адсталасцю колішніх людзей. Але ж тое, што і зараз клер шукае дурняў ды спекулюе нават на незвычайнай смерці, не можа аніяк укласціся ў маёй галаве.

Кольбэ — святы?

«Сапраўдны мучанік,— сказаў Станіслаў Лем,— той, каму адмовілі нават у гэтым тытуле».


2. Крыж

1.

Сілуэт яго маячыў пад вёсачкай Шылава ля самага скрыжавання дарог. Начамі гэты крыж служыў нам добрым арыенцірам: камандзіры заўсёды вызначалі тут зборы. У макрэнь, слякаць ці завею, калі на прывале не было куды прыткнуць зброі, цэлы ўзвод, бывала, чапляў на яго ўсе свае вінтоўкі, аўтаматы, «дзегцяры» з дыскамі, а крыж — хоць бы ўздрыгнуў. Масіўны, шырокі яго ніз пры засадзе — ідэальная заслона кулямётчыку...

Аднойчы, абладаваныя харчамі, хлопцы адзін за адным прыбывалі цішэчкам на ўмоўленае месца — тутэйшыя вёскі партызанам спрыялі, высцерагаліся мы толькі ружанскага гарнізона, да якога — падаць рукой. Каб сялянскія падарункі ў паходзе не скоўвалі рукі, партызаны і на гэты раз развешалі на крыжавіне свае стрэльбы ды пачалі піхаць у рэчавыя мяшкі боханы хлеба, сала, кумпякі, качаны капусты ды тытунь. З заткнёнымі за рамень поламі шыняля камандзір Скарынін нас пералічваў ды асцярожна прыслу-хоўваўся. У Зелянкевічах крыху пастрэльвалі, ніхто не ведаў, што там здарылася, трывога памалу агортвала ўсіх.

Раптам з цемры выпаўз ранены.

— З брыгады Панамарэнкі,— аб'явіў, стогнучы.— У калена мяне, сволач, секануў!.. Заходжу да сувязнога ў Зелянкевічах, а там — бобікі! Ведаю нават, каторы гад стрэліў. Не дарую яму ніколі...

У момант хлопцы пасадзілі небараку на рэчавы мяшок пад крыж, пачалі перавязваць, а Скарынін папёр мяне выламваць з прыдарожнай агароджы дручкі для насілак. Гэта азначала — рыхтуйся раненага несці, а ў мяне ад стомы ногі і так адвальваліся. Валокся я праз дарогу і сябе суцяшаў: партызан— невялічкі, з вопраткай і аўтаматам вага такога — кілаграмаў 70, для чатырох чалавек, — не страшна...



2.

З год пасля вайны адправіўся я рэйсавым аўтобусам у Брэст. Пад Ружанамі выглянуў праз акно ды ўстрапянуўся: справа ад шашы маячыў масіўны, да болю знаёмы сілуэт. Цяпер, пры дзённым святле, я добра крыж разглядзеў. Шэры, няўклюдны, больш падобны на караткарукую снежную бабу. Выцесалі яго з кавалка граніту тоны на тры — не дзіва, што не перакульваўся, колькі б мы жалязяк на яго не чаплялі.

Крыжу ўзрадаваўся я, бы старому знаёмаму.

З таго дня праз гадоў пяць, едучы ў Брэст ці з Брэста, я ноччу і днём чакаў з нецярпеннем моманту, калі стужка асфальту прывядзе мой аўтобус пад Шылава і я хоць на секунду зірну на сваю вешку. Калі ж аднойчы старога знаёмага не ўбачыў у належкым месцы, ад непапраўнай страты ўпаў у адчай.

Неяк расказаў я пра крыж археолагу Лысенку, контуры гранітнай фігуры намаляваў яму яшчэ і на паперы. Славуты адкрыўца «Бярэсця», не задумваючыся, кінуў;

— Мальційскі. Чатырнаццатае стагоддзе. На Беларусі такіх надта мала. Ставілі продкі адно з выпадку вялікіх падзей. Наколькі ведаю, ніхто з вучоных яго не бачыў.

Словы вучонага распалілі мяне яшчэ больш, адчай некалькі гадоў не даваў спакою. Падмывала нешта рабіць.

Нарэшце выбраў я час і спецыяльна адправіўся пад Ружаны даследаваць — што здарылася з маім знаёмым. Абабег шмат дамоў, апытаў старых і малых, але ўсе людзі на мяне ўзіраліся, як на дзівака, пакуль я не спахапіўся — пераблытаў вёскі; а сонца ўжо хіліла к захаду.

У Гродна давялося вяртацца спадарожным грузавіком. Разгаварыўся я з шафёрам, а ён:

— Ха, добра ведаю той крыж! Паставіў яго нейкі цар, а пад ніз закапаў золата. Калі працаваў я ў Шылаве трактарыстам, старшыня калгаса загадаў: завалачы крыж у балота. Падчапіў я тросам, завалок. Потым хадзіў ноччу з лапатай на тое месца, але ніякага золата там не было — хтосьці ўжо выкапаў. Ці можна крыж з балота дастаць? Наўрад. Засмактала дрыгва грунтоўна.



3.

Ішоў год за годам, а шылаўскі крыж, бы зубны боль, не даваў мне спакою. Звязаныя з ім перажыванні юнацтва паступова адыходзілі на задні план. Фантазія ўжо малявала таямнічныя і вялікія падзеі, з—за чаго мае продкі той крыж выцесалі. Тысячу разоў пра-клінаў я незнаёмага старшыню калгаса, заадно абураўся і на іншых дурняў, якія звялі са свету столькі помнікаў народнай культуры.

Нечакана для сябе стаў я раптам дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі. Адразу падумаў пра крыж. Быць таго не можа, каб трохтонную глыбу ў наш час нельга было знайсці — балоты цяпер асушылі, яго напэўна выперла наверх.

Ружашнчына — не наша вобласць, трэба захоўваць субардына-цыю. Пра экспанат я асцярожна пацікавіўся ў Брэсцкім музеі. Пачуў адказ:

— А яго шылаўскі старшыня загадаў пабіць. Адзін дзядзька кавалкі пазбіраў ды паклаў сабе ў фундамент. Калі вам аддасць — мы не супроць.

Выходзіць — яшчэ адна версія знікнення помніка?! Няўжо знайшоўся ідыёт, што пабіў такую каштоўнасць?..

Да старшыні пранікся я ўжо лютай нянавісцю, а сябе пацешыў: не панікуй, можа быць яшчэ і версія трэцяя, на гэты раз — самая праўдзівая, лепш з'ездзі на месца ды разбярыся толкам, мажліва не ўсё яшчэ страчана.



4.

У разгар лета музейны аўтобус мяне з супрацоўнікамі даставіў у Шылава. Была нядзеля. У момант сабраўся вялізны натоўп загарэлых і цікаўных мужыкоў ды баб — ужо дзяцей, унукаў тых, хто партызанам даваў хлеб і кумпякі.

К— ры-ыж? — людзі адразу загаласілі хорам, бытта пытання такога чакалі.— Ён там на дарозе закопаны!

— Як старшьгяя кінуў у тую яму, так і ляэыць!

— Ужо гадоў з дваццаць!

— Хадзем пакажам!

Натоўп павёў нас да месца. Людзі не пераставалі:

— Старшыня калгаса, абармот, вывернуў яміну ды ўпіхнуў туды яго.

— Перашкаджаў, бачыш, яму, халеры! Да ямы загадаў валачы трактарысту. Той адмовіўся. Так палез, зараза, у кабіну сам.

— А думаеце, яму гэта не адрыгнулася? Нага аднялася, жонка і дзеці пахварэлі.

— А што сабе думаў — такое з рук зыдзе?

— Прыезджы? — цікаўлюся.

— Мясцо-овы! Зараз працуе ў Зелянкевічах старшынёй сельсавета.

— Ці хоць цэлы крыж у зямлі?

— О-о, ён надта моцны — каб хацеў пабіць, не паб'еш!

— Во, тут і ляжыць!

Спыніліся ўмесцы, дзе дарога выходзіла на асфальт.

Шафёр прывалок бярэмя інструменту. Мае навуковыя супрацоў-ніцы няўмела, з наманікюранымі пальчыкамі ўзяліся за лапаты ды пачалі бездапаможна тыкаць іх у зацвярдзелую на бетон зямлю. Мужыкі без слова інетрумент паадбіралі, і ў іх адразу закіпела работа. Не прайшло і мінуты, як у яме паўстала знаёмая да болю гранітная няўклюда.

Наш аўтобус — слабенькі, за экспанатам трэба ехаць грузавіком. Буксірам сцягнулі покуль што яго ў кювет, выраўнялі дарогу. Людзі ўжо маўчалі. У настроі натоўпу адчувалася якаясьці перамена.

— А вы — што, мо надумалі сабе яго забраць? — раптам узарвалася бабка.

— Не-е, не аддамо ніко-ому! — падхапілі іншыя.

— Бо крыж — наш! Дзяды і прадзеды на яго глядзелі і маліліся мо тысячу гадоў. Кожнага нябожчыка трымалі перад ім, покуль везці ў Зелянкевічы на могілкі.

Нейкі п'яны з веласіпедам у руках уставіў:

— Трэ спытацца Сянкевіча — як ён скажа.

— I Сянкевіч яго не аддасць.

— А ты ведаеш?

— Бо ведаю! — скочыла да дзядзькі з кулакамі загарэлая маладзіца.

— Мая баба казала — да каменя са слядочкамі багародзіцы і да крыжа, калі ён шчэ стаяў на палосцы, усіх дзяцей з коклюшам прыносілі.

— I з крэсным ходам хадзілі да яго, калі не было дажджу.

— Ні крыжа, ні валуна са слядамі мацеры божай не аддамо, хай нас хоць страляюць.

— Толькі паспрабуюць узяць!..

— Ляжам перад машынай і не выпусцім.

Дрўжны натоўп баб гаманіў з пагрозай і нянавісцю. Жаночы крык паступова перайшоў на віск. Яшчэ момант, і ўсе рынуцца на нас з кіпцюрамі. Пабялелыя мае дзяўчаткі не ведалі, куды дзяваць блакноты, у якія меліся запісваць легендуэкспаната. Мяне больш за ўсё здзівіла — лютавалі не толькі старыя, а і — выфранчаныя мала-дзіцы, якіх і бабамі не назавеш. Такія, напэўна, канчалі васьмігодкі, сярэднія школы і вучылі, адкуль бярэцца дождж, што такое коклюш, зараз усе яны карысталіся пральнымі машынамі, халадзільнікамі, каляровымі тэлевізарамі...

Мужчыны покуль што маўчалі, але было відаць аж занадта, на чыім баку і яны.

Спантанны выбух псіхозу трэба было гасіць. Бытта нічога не здарылася, я спытаўся:

— Пра якога Сянкевіча вы, дзядзька, успаміналі? I дзе ў вас ляжыць камень са слядамі багародзіцы?

— А-а, ты, антыхрыст, і яго хочаш узяць?

— Без дазволу нічога ў вас браць не буду.

— Паказаць, бабы, можам! Халера яго бяры, хай паглядзіць, хай! Ніякі трактар, ніякі кран той валун не падніме...

— Не ве-ерце яму! Дальбо, бабы, не ве-ерце! I гэты што—небудзь зробіць валуну, бы старшыня — крыжу.

— Ціха, кабеткі, ціха. Паедзем. Сядайце, хто можа, і паказвайце той цуд.



5.

Думаў я так натоўп рассеяць, але нічога не выйшла. Людзі забілі поўнасцю наш аўтобус, астатнія ж, усе, як адзін,— павалілі на запаветнае месца пехатой.

Заехалі ў Шылава па Сянкевіча.

То быў ружовенькі і сівы, як лунь, чысценькі ды ахайны васьмідзесяцігадовы інтэлігент з васільковымі вачыма. Дзядзька ціхім і спакойным голасам паведаў:

— Крыж не стары. На маёй памяці рабіў яго Мікодым з Шылава, Высек на сваёй палосцы. Мужыкі ў вольны час жлукцілі гарэлку, зубаскалілі, а Мікодыму было гэтага мала. Чаму лепшаму яго не навучылі, і ён з ломікам у нядзелю прыходзіў на сваю палоску ды дзёўб граніт. Высякаў фігуру гадоў з пяць. Потым паклікаў з Зелянкевіч бацюшку, крыж высвянціў. Бабы вакол крыжа адразу ўзнялі вэрхал. А тут абрынулася царская вайна — казакі паперлі ўсіх на Усход. Мікодым у 1920-м з бежанства не вярнуўся, палоска дасталася пляменніку — Кісламу Сцяпану. Калі ў 1985-м памёр Пілсудскі, солтыс, каб выслужыцца перад панамі, даў Сцяпану 5 злотых, сабраў з вёскі ўсіх коней ды прывалок бандуру да ружанскай шашы. Кіслага забілі немцы, сапраўдную гісторыю крыжа цяпер мала хто і ведае. Зараз месца яму толькі ў музеі. Забірайце ў Гродна, бо тут вакол яго наплятуць яшчэ столькі баек, што праз пяцьдзесят гадоў сам чорт не разбярэ, дзе праўда.

Сяляне нібы панабіралі ў рот вады. Маладзенькія супрацоўніцы музея ў Сянкевіча пацікавіліся:

— Пётр Сямёнавіч, вы — з настаўнікаў?

— Не. Быў царкоўным папячыцелем.— Стары заўважыў у вачах дзяўчат расчараванне.— Тады, дочачкі, не тое, што цяпер вам. Вучыцца не змог, скончыў толькі прыходскую...

Дзяўчаты горача старому дзякавалі, а я падумаў: даць бы ў свой час чалавеку адукацыю, што б з яго выйшла! Шкадаваў я і дзядзькі Мікодыма. Упарты, працавіты, з характарам — выліваў сваю энергію ліха ведае на што... Колькі і цяпер такіх самародкаў трацяць сілы па-пустому. На ўліку страты энергіі ад сонца, вугалю, нафты, электрыкі, ветру, марскіх прыліваў, вакол ідуць гарачыя дэбаты пра тое, як дабро гэтае гаспадарліва ўжываць, а людской — нават ніхто не бярэцца падлічваць. I найбольш мяне займала гісторыя з крыжам. Колькі людзі нагрувасцілі тут глупстваў!

Зрэшты, вакол гэтай самай лаканічнай геаметрычнай фігуры разгаралася і не такое.



6.

Аўтобус уз'ехаў на ўзгорак. Натоўп, што адправіўся пешшу, быў ужо тут — бабы замерлі ў набожным чаканні. Загарэлая, з вузлаватымі рукамі крыкачка паказала ўніз:

— Во, гляньце!..

— Перад намі з травы выставіў пуза камень — сівы, вялізны. Па цэнтры выпукласці ішлі, зарослыя сям-там рыжаватым мохам, ямкі — бытта хтосьці вызначыў пункцірам лінію ды падзяліў валун на роўныя палавінкі. Зірнуў я на ямкі і адразу зразумеў у чым справа. Не разумець яе можна было толькі наўмысна.

— Ту-ут хадзіла мацер бо-ожая?! — з жахлівым недаверам і перапалохана спыталася самая маладая супрацоўніца музея.

— Святымі ножанькамі хадзіла, і унь аж колькі нам пакінула сваіх слядочкаў! — скорагаворкай зачасціла бліжэйшая старая.— Мы тут усе да яе молімся і — ах! — колькі дабра ад яе атрымліваем! У Шылаве — ні паморкаў на свінні, як у іншых вёсках, ні тых пажараў... I ў вайну немцы расстралялі адно шэсць чалавек...

Старая — з тых самых прыткіх, эноргічных бабуль, якія ўзнімалі агні ажыятажу вакол «Вершалінскага раю», «абнаўлення ікон». Ліха на яго, але ж тое было гэтак даўно! Выяўляецца —унь як жывучае такое племя!..

Мяне разабрала злосць:

— Стой! I гэта, па-вашаму,— чалавечыя сляды? За дурняў нас маеце? Такія мог бы пакінуть толькі кот! Дзядзькі, ану, падыдзіце ўсе бліжэй, прыглядзіцеся! Хтосьці яўна валун хацеў раскалоць і набіў дзі-рак ля кліночкаў. Дзе вашы вочы?

Цёткі адразу змоўклі. Сянкевіч зводдаль усміхаўся. Пасаромле-ныя мужчыны адводзілі вочы. Нехта пачаў апраўдвацца:

— Ды з нас тут ніхто, мабыць, і не бываў — мо адно тады, калі без нагавіц бегалі!.. Гэтыя бабы, каб на іх халера, заўсёды нешта намудрагеляць! Заўсёды ім патрэбна нейкая цацка для гульні!..


7.

Баючыся, што экспанат давядзецца выдзіраць ад шылаўскіх баб ледзь не сілай, забіраць яго адправіўся я сам. З брэсцкім начальствам дамовіўся — старшыня Зелянкевіцкага сельсавета падгоніць кран, дапаможа ладаваць.

I вось я ў сельсавеце.

Малы тоўсценькі старшыня выйшаў з—за стала і павітаўся. Я заўважыў — чалавек моцна кульгае, а па нездаровай чырвані твару здагадаўся — інвалід вайны. Нядобразычлівасці да яго ў мяне не стала. Толькі з папрокам я спытаўся, навошта закопваў крыж.

— Халера на іх, фанатычак! — вінавата і шчыра пачаў старшыня скардзіцца.— Вы б паўзіраліся, што тут было трыццаць гадоў таму! Баб трэ пасылаць у агароды, акучваць картоплю, даіць кароў, карміць свіней, а яны, заразы, бывала, збяруцца ля гэтай дурной хламіды раніцой і да глыбокай ночы малітвы енчаць. Адна адну як расквеліць, як навінціць — валасы дыбам станавіліся. Я і так, і гэтак, я і прасіў, маліў і палохаў, а яны — сваё. Паверыце — свінні дохлі, пра сваіх дзяцей іншая забывала... Што рабіць? Быў у мяне яшчэ з партызанства тол, хацеў крыж узарваць, ды пашкадаваў. Аднаго дня, калі вывелі з цярпення зусім, прываліў іхнюю забаўку зямлёй. Пабурчалі, паабзывалі, але прыціхлі адразу. I меў я спакой.

Раптам успомніўся мне май 1950 года, калі працаваў я ў Сапоцкіна. Там жанчын таксама агортвала падобная эпідэмія. Збіраліся ў вялізныя натоўпы ля прыдарожных крыжоў, распявалі малітвы, забываючы пра родных дзяцей. Даходзіла да таго, што ўласныя мужыкі хадзілі па іх з кіямі.

Старшыня выглядаў на майго равесніка. Яшчэ выявілася — партызан. Я пацікавіўся, дзе і калі яго ранілі.

У Зелянкевічах,— кінуў ён малаважна.— Ат, ноччу налез на бобікаў... Не пашыхавала...

— Перад самым Новым годам?! — жахнуўся я усхапіўшыся з месца. — Дык я ж цябе, чалавеча, валок тады ў Гута-Міхалінскі лес на насілках з дручкоў!..



8.

Нарэшце караван нашых машын — грузавая дзесяцітонка, кран і «масквічок» старшыні сельсавета — вырушыў з Зелянкевіч у Шыла-ва. Праз хвіліну грузавічок спыніўся — паляцела нейкая трубка. Толькі яе замянілі, а кран — ні з месца. Машыны зношаныя, нічога незвычайнага ў паломцы не было, але і гэтага хапіла б, каб бабкі сказалі пра помсту мацеры божай і святога духа. Адрамантавалі кран, а матор у грузавіку замоўк зноў...

Праз пару гадзін усё ж такі ля крыжа апынуліся мы цэлым караванам. Адзін шафёр пачаў раскладваць лапы крана, другі — пад'язджаць да экспаната бортам.

Побач на ячменным полі працавалі сем камбайнаў. Быў панядзелак, вяскоўцы ўсе разышліся на работу, і толькі камбайнеры спынілі свае дрэдноўты ды прыбеглі да нас, каб назіраць момант пагрузкі. Хлопцам у камбінезонах было вельмі дзіўна — гэткі няўклюда-камень, а — ты глядзі! — не паленаваліся прыехаць па яго аж з самога Гродна,

Маладзенькі шафёр грузавіка адразу ўключыў поўны газ, і на спідометры паказала 110 кіламетраў. Я абмёр — трапіць на такой хуткасці хто пад колы, і будзе новая легенда пра цуд: цяпер ужо стану яе героем я.

— Сынок, два разы цішэй едзь! Бо пры раптоўным тармажэнні трохтонны гранітны снарад знясе па інерцыі кабіну разам з нашымі галовамі.

Хлопец глянуў на мяне з маладой легкадумнасцю. Дакладна гэтак на вайне глядзелі яго равеснікі, калі ім раілі надзець каску, схавацца за бруствер, лезці ў ровік: што, мяне возьме куля?

— Слухай, што табе кажуць!

— Я, дзядзьку, атрымліваю ад тона-гадзін! З вамі так і на абед не зараблю.

Давялося паабяцаць — падпішу пуцявы ліст з двайным марштрутам. Тым не менш, да самага Гродна сядзеў я ў кабіне, як на іголках.

Нарэшце заехалі ў двор музея. Збегліся супрацоўнікі. Адны ўслых абмяркоўвалі, як крыж экспанаваць, якую яму даваць падсветку і надпіс. Іншыя ўдакладнялі назвы вёсак, прозвішчы, а тым часам я не спускаў з яго вока. Толькі калі масіўная і крыжападобная глыба граніту тоўстым сваім нізам з борта гупнула ў выкапаную яму, я з вялікай палёгкай уздыхнуў.


У ЛАЗНІ


Панядзелак. У лазні пуста. Ля шафы распараны мужчына заклапочана крычыць:

— Баншчык, дзе мой гадзіннік?!

— Адкуль я ведаю?! — дзівіцца з крыўдай у голасе аднарукі вусач у белым халаце.

— А хто ведаць павінен?

— Вы мне яго здавалі?

— Пара-адкі ў вас тут!..

— Гм, а на руцэ — што?

— Чьфу, чорт, прашу прабачэння! I як я не заўважыў?!

— А шчэ парадкі крытыкуеце!..

— Прабачце яшчэ раз!.. Гэта ўжо не ўпершыню — от бяда. Мінулы раз — нацягнуў адзін бот на нагу, другі шукаю — ледзь галаву сабе не звярнуў, а бот — у мяне ў руцэ!.. Скляроз ужо, ці што?

Мужчына апранаецца, закурвае, на тумбачку інваліду кладзе аж дваццаць капеек за венік і выходзіць. У прылазніку — ні душы. Толькі чуваць, як унізе гудуць машыны і вібрыруе падлога, як за сцяной ільецца праз сетачкі вада: ш-ш-ш-ш!..

Інвалід заходзіць у парылку, падбірае цэлыя венікі. Іх купляюць кліенты ў касе, а за выкарыстаныя— грошы бярэ ён, хто колькі дасць. Чалавек адчыняе шуфляду, кідае туды дваццаць капеек і сумна мяр-куе — колькі сёння дабавяць? Ат, на цукеркі ды на «жвачку» ўнукам, але ж буфетчыца сёння не працуе. А канец дня яшчэ не хутка.

Інвалід пазяхае ды крычыць касірцы, якая сядзіць у вестыбюлі ля адчыненых дзвярэй:

— Макараўна, чуеш? Ну і кліент мне трапіўся, не дай і не прывядзі! Разумееш, нацягнуў адзін бот, другі ў руцэ трымае ды лямантуе: «Баншчык, тудыт-растудыт, куды мой бот падзеў?.. Аддавай, а то табе галаву на бок звярну!..» I як пайшоў, як пайшоў!.. Гладкі такі, з жыво-оцікам, у багатым касцю-уме... Мабыць, нейкі дырэктар папарыцца прыходзіў... Прызвычаіўся там у сябе на падуладных крычаць, то думаў, што і тут збаяцца яго. Не на таго натра-апіў! О-го-о, са мной гэты нумар не пройдзе, я так і абсадзіў яго. Паўрубля за венік адваліў з гарачкі!

З вестыбюля чуецца голас Макарыхі:

— Ім толькі паддайся!..

— А што я кажу? Так і ўзлезуць на плечы чалавеку такія, дальбо.

Самасцвердзіўшыся гэтак ды азірнуўшыся на ўсялякі выпадак, ці хто не бачыць, чалавек падышоў да люстэрка, прыняў паважную паставу ды стаў падкручваць свае рыжыя, пракураныя вусы.


ВЫРАДАК


Позняя восень. Сыры світанак.

Брыду цераз лужы глухой вулачкай, а ўперадзе — невялічкія два мужчыны. Іхняя гутарка здаецца цікавай, і я прыслухоўваюся.

Старэйшы мужчына пытаецца:

— Гэта сюдэй ты на работу дабіраешся?

— Ак!.. — неахвотна кідае маладзейшы.

— Кожны дзень... Акрамя нядзелі... А! У вас цяпер і ў суботу — свята!

Малады абураецца:

— Укалуваць шчэ і ў яе? Няма дурных!

Па контурах постацей, інтанацыях галасоў здагадваюся: дзядзька з вёскі прыехаў да сына ў госці і, поўны набалелай бацькоўскай настальгіі, праводзіць наследніка на змену. Па якімсьці закону індукцыі сэрцаў я адчуваю, што ў старога на душы. Запавольваю крок, сачу больш уважліва.

Вось дзядзька кранае пальцамі дошкі ў высокім плоце, азірае другі бок вуліцы ды цешыцца, што гэты плот і домікі з прысадамі яго наследнік бачыць па некалькі разоў у дзень, гэтую ўдыхае атмасферу...

На памяць прыходзіць «Амэрыканец» празваны так на вёсцы за тое, што ў часы Пілсудскага ездзіў у ЗША шукаць долі. Аднойчы ён гэтаксама гасціў у нашым горадзе. Спаткаўшы земляка ля касы на вакзале, я спытаўся:

«Як уладкаваўся ваш Віктар?»

«Ой жа і пашыхавала яму! — з гордым здавальненнем праказаў чалавек.— I работа файная, і трохпакаёва кватэра, бы ў Амэрыцы, з выгодамі — ваннай, гарачай вадой, двума бальконамі!..»

«Дык чаго ж вы білет купляеце?! З нявесткай не паладзілі? »

«I яна — кабета паміркоўная, надта мне рада. Але адчуваю сябе тут у вас вельмі нязручно. Найгорш, што нужнік дома — не магу прызвычаіцца, хоць ты плач! О, і ты гэтаксамо, бы мой Віктар, рагочаш. А пабудзь у маёй скуры хоць крыху!.. Выйду пагуляць на падворак, захочацца да ветру, а вакол ні прысаддзя, ні кустоў, ні хлеўчыка — адны клюмбы з кветачкамі ды асфальт. Зноў бяжы на кватэру, дзе ўсе тыя дываны і крышталь, бліскучая мэбля ды кніжкі, зноў вартуй, бы той злодзей, калі нявестка выйдзе, каб прашмыгнуць у сарцір. Каб яно згарэло, цьфу!»

А гэтых назіраў у парку.

Прыгорбленыя жыццёвымі нягодамі два селяніны ў простай вопратачцы піхалі каляску з дзіцем. Відаць, маладога і маладой бацькі прыехалі да дзяцей у госці. Бабулі недзе маладажонаў адправілі на работу, пачалі пячы і смажыць, унучку ж на пару гадзін даручылі сваім мужыкам. I вось маленькі анёльчык з сосачкай у роціку спаў, а нестарыя яшчэ дзяды памаленьку і згодна крочылі па жвіровай дарожцы ды прыглушана гутарылі. Да гэтых не трэба было і падкрад-вацца, вядома загадзя — гутарылі дзядзькі пра жыццё-быццё. Напэўна, прыкідвалі леташні ўраджай, меркавалі, ці суровая будзе зіма, абураліся распутнікамі і параўновалі сваіх старшынь калгасаў. Рукі мужчыны мелі закарэлыя, з нягнуткімі пальцамі, думкі — ясныя, вочы — сумленныя. Такія людзі — носьбіты народнай мудрасці, векавога вопыту, і менавіта на іх трымаецца наш свет.

...У сырым паўзмроку дзядзька перада мной дапытваўся ў сына:

— Яна дзіця таксамо сюдэй водзіць у садзік?

— Ак!..

— Цяжко, беднай, брысці з малым.

Малады гыркнуў:

— А возік нашто? Спецыяльна купіла! Цэлую палучку ўбухала!

— Што тут — возік, булавешка? Калдобін унь якая прорва!

Сын нецярпліва кінуў:

— Ак!..

Я мужчын абагнаў. Заглянуў ім у твары і жахнуўся.

З вясковым дзядзькам крочыў малады гіцаль са зморшчаным і даўно не голеным тварам. Вечарамі ля нашага пад'езда гэты тып заўсёды выпрошвае ў прахожых трыццаць капеек ды арганізоўвае «на траіх». Не разабраўшыся, аднойчы запыніў мяне з сябруком, сунуў пад нос бутэльку, шапнуў:

«Хочаш трэцім? Давай рубель!»

Я схітраваў:

«Так у вас жа няма шклянкі!»

«Ы-ых, велькі пан! Навошта табе яна! Па восем булек на горло!»

«?!.»

«Нікому не будзе крыўдна, праверана — жалезна! Не бойся!» — запэўніў.

А вось зараз шалёнымі вачыма бліскаў ён на бацьку, са злосцю нешта бурчаў. Усё яго нутро займала толькі адно — як адвязацца ад спадарожніка ды хутчэй пахмяліцца.


УСЁ АДНОСНАЕ


Чайную лыжачку мёду ўсё жыццё носяць тры пчалы. Мала? А дзесяць тысяч пчол важаць адзін кілаграм.

Пчолы — яшчэ нічога.

Вага мушкі — сем міліграмаў. На адзін грам лезе іх аж сто пяцьдзесят штук. Колькі іх трэба на тону? Цяжка сабе нават і ўявіць.

Падумаць толькі, у кожнай з гэтай малечы — свае кішачкі, страўнічак, клопаты, а нават — свае капрызы.


З МІНУЛАГА


У архіве трапіў мне на вочы дакумент пра Стэфана Баторыя, які, як вядома, памёр у Гродне, у будынку, дзе цяпер адно з аддзяленняў медінстытута (вугал Савецкай плошчы і вуліцы Карла Маркса). Пасля яго смерці графы і прыдворныя чыноўнікі склалі акт на каралеўскую маёмасць. У акце можна прачытаць прыкладна такое:

«...На складзе апячатана 51 бочка піва, 8 жупаноў... 3 талеркі з залатымі краямі (адна талерка прапала на бале ў пана Калантая), 7 місак залатых (адна прапала на вяселлі ў пана Рымшы), 23 вуздэчкі са збруяй (з аднаго нагрудніка нехта выкалупаў рубін)...»


НА АЎТОБУСНЫМ ПРЫПЫНКУ


Дзіндобры, Ганна! Ты чаго такая знебарачаная? Ах, Езу, яна ўжэ і з кіёчкам! Не паддавайса, дзеўко, бяры прыклад з мяне! Маю і скрылёз і ўдаўленне, але хаджу шчэ на сваіх дваіх! I во, глянь, які цяпер мой рот бліскучы — бы начышчаны на вялікдзень самавар! Як прысталі мае, як прысталі: «Ма-ам, чаго будзеш мэнчыцца без зубоў, на грошы і ўстаўляй сабе новыя!» Ну, я і паслухалася. То першыя дні, як толькі мае з дому, я хутчэй тыя зубы з рота — вон! — ды пад падушку! А во ўжэ прызвычаіласа: хаджу і імі нават.

Толькі не прыса так, Гандзя. Лепш пачакаймо тут аўтобуса — духу ў мяне не хапае. Маем час, зара каторы—небудзь пад'едзе. Э-э, мілая зямлячка, цяпер і хадзіць развучыліса! Нават праз вёску наравяць, каб пракатацца на машыне!..

Во — тут і стоймо. А хлапцоў з чорнымі куфэркамі бяжыць да нас сколькі!.. Мабыць, заняткі ў іхнім інстытуце скончыліса, на аўтобус і яны. А што-о? Няхай народ сабе егдзіць, гэто — нічого. Нават сам Ісус Хрыстос на восліку егдзіў. То цяпер, калі паназаводзілі столькі розных машын? Ды яны не коні, што ў кожнага свой нораў. Бы я электрычнае жалязко — уключыў дый кіруй, куды трэбо!

Машына — штука надто добрая. Але, скажы, Нюшка, во бяда на нашу голаў — цілівізар!

Наш быў стары і зусім кепскі. Прагніло ў ім, мабыць, усё нутро, бо па тым екрані, як уключыш, снег сыпаўсо і карцінкі скакалі. Як нагляджусо, бывало, як нагляджусо, то і мая галава пачынае ўжэ — дзыг! дзыг! дзыг! — а тады шчэ і разбаліцца. Ну, ён — ніжынер, яна — навучаны сатруднік, палучкі прыносяць велькія, узялі ды купілі каляровы. Мне там усяроўна, у якіх гальштуках, з якімі кудламі тыя нахально-штрументальныя спевакі выдзіраюццо, але ж маі-ім!..

Ой, мілая, давай выбірацца з гэтага тлуму на край, а то шчэ тут нас растопчуць, бы тых жабаў і, думаеш, заўважаць? Ры-ыхтык!.. А нех на яго, якая цяпер пайшла моладзь рослая — трапіш гэтак во між іх, то як у лес сярод сосен. Ды ўсе статныя, бы тыя дубкі! I то-онкія: пяцёх уварвуцца ў аўтобус, а месца — ані крыху не паменее! Затое языкі-і ў і-іх — не дай ты госпадзі! Раніцой, каля жалезнаго вакзала спрабую выпаўзці з аўтобуса, і адзін такі рызыкант мяне падганяе: «Давай, давай, бабуля, а другі раз бяры з сабой абавязкова парашут!»

Ці наш адгэтуль убачым?.. Здаецца, будзе відаць. Чакаймо во тут, дыхт ля асфальту.

Але пра што гэто я?.. Што машынамі народ наравіць егдзіць абгаварыла... Пра зубы табе расказала... Упамянула і пра парашут... Гэты мой скрылёз, каб на яго ліхо, каб на яго!.. Ага, успомніла!

Скажы ты, Нюрачко, як усё хутко ў гэтым чалавеку ўкараніласо. Вячэраў хто ці не вячэраў, а смак адзін, бо ўся ўвага — на цілівізары. Дроў цяпер не сякуць, сечкі не рэжуць, калаўродка бабы ўсе ночы не круцяць, кудзелі не смокчуць, чаму і не паглядзець на карцінкі. Калі б усё ў іх было ў меру!.. Дзяцей, ведаю, карае яна на кухні — як перадаюць тыя футбо-лы. Але ж не раз сабе думаю: а калі ж мая дачка са сваім мужыком гаворыць, хібо як палягуць? Толькі ж, мілая, які можа быць тады разгавор — абое гэткія ладныя, маладыя!.. Ве-едаем з табой, Гануся, якое тады гаварэнне — самі былі такімі!

Не, на зяця грашыць не стану, дальбо, вельмі спрыяе. Нават ложак паставіў мне акурат супроць таго екрана. Яму ніц не кажу — цярплю. Кожны вечар цягне раней легчы, ды мушу чакаць, покуль уволю наглядзяцца, бо аніяк спадніцы не магу зняць. А як жа ты яе здымеш — з халернаго екрана цёнгле хто—небудзь глядзіць! Ужэ і пасуду перамыю другі раз, а каструлі шчэ і содай добро прашарую, усім шкарпеткі зацырую, а ён, яна, малыя да той бліскучай скрынкі — бы прыклееныя! Добро ведаю: позірк на екрані — з электрыкі ці з таго посфару, што бывае на могліцах, але ж заўша жывы чалавек хаваецца за гэтым, хібо ты станеш перад ім агаляцца? Шукаю сабе новы занятак.

Ах, каб яно згарэло, каб яно!

Ты бо, глянь, паўбуханкі пад нагамі валяецца!.. Чэрствы!.. I гэткі кавалак булкі!.. Усе пекары зара спецыяльныя школы паканчалі, а буханка ў іх на другі дзень чарсцвее. Мы з табой, Анюта, аніякіх навук не праходзілі, а наш хлеб тыдзень можно было на стол падаваць!.. Давай пакладзем дабро во сюды, пад дзераво — хоць птушачкі здзяўбуць!

Бо-ожа, бо-ожа, ці ж маглі мы з табой, Анюта, калісьці падумаць нават, што нашыя дзеці хлеб пачнуць раскідаць?!.

О-ой, як усё перамяніласо-о!

А людзі, а лю-удзі, хібо ад гэтаго ўсяго лепшымі пасталі? Дзе ты бачыла! Як бог даў тысячу гадоў таму прароку Майсею на Сінайскай гары тых дзесяць запаведзей, так ні на адну і не паменшало! I напіваюццо, і фуліганяць, а жанок мяняюць, а бацькоў не слухаюць, брыдко гавораць... Скажы, што ўсе яны сабе думаюць?!.

Ах, які маладзенькі унь і ўжэ курыць!.. Што з цябе будзе, дурачок?!. Табе шчэ малачко піць, а ты ўжэ гэтую заразу смокчаш!..

А тая унь з белым сабачкам выйшла! Такой бабе само дзяцей раджаць ды народ імі цешыць, а яна — смярдзючаго цюцьку на павадок ды цванцыкуе з ім па вуліцы. Цьфу, каб ты раганула, каб ты!..

Ат, Нюшка, адна нашая радасць — унукі. Але ж і з імі таксамо, скажу табе шчыро, вухо трымай востро — о-ох, трыма-ай! Ты адно паслухай.

Вяду ўчора сваго верталёта з заапарка, а ён: «Баба, а хто з тых звяроў цігрэйшы — леў ці тыгр?.. Тата казаў — усе людзі парабіліся з малпаў. I ты была калісьці малпай?.. Даўно-о?.. I па дрэвах лазіла?.. Высоко?.. Раскажы, ба-ба-а!.. А з тых малпачак, што мы цукеркамі кармілі, дзяўчынкі паробяцца ці хлопчыкі?»

Не паспяваю і слова вымавіць, а ён усё сыпле: «Баба, звер з вешалкай на галаве — алень? А сланы перад вайной мамантамі называліса, праўда?»

От табе і малое!

Далей іду ды думаю — як жа табе, унучак, адказаць? Пра тыграў, аленяў і малпаў — дальбух ніц не ведаю. А сланы, здаецца, і даўней былі. Гэто пра мамантаў, Ганна, у нас на вёсцы ніхто не чуў! Але адкажы так, а яно перапытае ў бацькі, і зяць, калі, барані бог, няпраўда, шчэ будзе рагатаць з дурной вясковай бабы! Пасмяецца, вядомо, не са зла, ды ўсяроўно гадко, калі маладыя з цябе зубы скаляць. Бы ў той паліклініцы.

Зайшла ўчора туды, а там — давай мне з пальца кроў браць. Я сястры тлумачу: «Што ты, мілая, у палец колеш, што ты там угледзіш — у мяне ж во тутака ўсё нутро баліць, бо прагніло, бы ў старым цілівізары! Вундзека мой скрылёз, вундзека і маё ўдаўленне, а ты куды сваю тупую голку сунеш?»

I што ты думаеш? Надто смешно ёй стало, пагляньце. Волесь мой такую пстрычку абрэзаў бы файно.

Калі шчэ жыў, завяла яго туды з хворым каленам. Дохтар трапіў малады, а ўжэ чыпурысты — куды там! Тое калено памацаў, памацаў дый кажа: «Вам, папаша, восемдзесят гадоў, нічого тут не дапаможаш».

Мой чалавек як зазлуе, як закіпіць: «Мае гады лічыш? Тваё дзело — лячыць, на тое цябе вучылі! Спраўны такі! I гэтаму калену восемдзесят, а яно ж не баліць?!.»

У таго дохтара ўсю фанабэрыю — як рукой зняло!

I перад сястрой мяне Волесь адстояў бы, а зара — каму заступіцца?

Кане-ешне, грэх цяпер, Гандзечко, што і казаць. Ісцяны бог, усянютко е — і смачная ежа, і файная вопратка, і часу даволі... Жызня добрая пайшла, каб хоць не было толькі чортавай вайны!.. А якія цяпер шыкарныя кватэры — шчэ нават з гарачай вадой! Дахтары бясплатныя, авер'янка ці іншае лякарство за капейкі!.. Унь, каторы год мы з табой, Ань, нідзе не робім, а паштарка, бы тым паням, кажнюткі месяц пераводы нам прэ — дзе і хто чуў такое калісь?!. Маем велькую радасць і ад дзяцей, не трэ надрывацца да сёмаго поту, ногі твае заўсёды ў цяпле... Але ж — о-о, як і цяжко стало жыць старому чалавеку! Часамі сходзіш во, як дзісь, да цэрквы, надыхаешса даўнейшым, усенькаго наўспамінаеш, адпачнеш душой... Заадно наслухаешса — тая памерла і яе на новых могліцах пахавалі, а тую шчэ на старых...

Не-е, я свайго зяця ўпрасіла, каб мяне хаваў на вёсцы. I не таму, што на могліцы тут бацюшку не надто водзяць — мы з табой і калісь яго не вельмі цярпелі, за што старыя людзі абзывалі нас бязбожніцамі. Тое бяды, што ў горадзе не надто і адпяваюць. Але ж паду-умаць толькі, тут нават магілы капаюць не рыдлёўкамі, а гэтым... эскалбат... скалуват... аскулат... а-а, каб на яго ліхо! — кантэйнерамі! Шчэ бянзінам смярдзець потым будзе!

Ты-ы, Аню-ута, паслу-ухай — цяпер нават ямы лянуюцца лапатай заваліць! Дальбух, сама бачыла, калі віленскую Зінку хавалі! Падганяюць ужэ таго... а-ай, як бо тое страшыдло называецца... бульба... во, бульвазёра! I тады ўжэ ён такім жа-лезным казырком суне на чалавека гліняныя груды з дратамі, бутэлькамі ды ражнамі — от велькі мне інтэрас тут ляжаць!..

А-аей, Нюрачко, а што гэто за аўтобус там паказаўсо?.. Рыхтачкі, бы наш?!. Ага, на-аш, яшчэ здалёк я пазнала!.. Давай, дзеўка, залазь! Э-э-э, старая недалэнга з кіёчкам, і куды ты прэшса?!. У пярэднія, у пярэ-эднія хутчэй карабкайса, бо тут унь якой сняной ужэ студзенты збіліса — хібо ж ты прадзярэшса праз іхнія куфэркі?!.


БЕДНАЕ ДЗІЦЯ


Канец навучальнага года.

У калідоры — вучні першага і другога класаў. Дзяўчынкі з букетамі, у белых фартухах, з бантамі ў косках стаяць з бацькамі. Таты і мамы перазнаёміліся ўжо, ажыўлена гамоняць — абменьваюцца вопытам выхавання сваіх наследнікаў.

Зводдаль ад людзей тырчыць з дачкой мажны і тоўсты чалавек. Ён такі надзьмуты, што страх на яго нават глянуць. Курыць, нікога не бачыць, моршчыцца, бытта з—за таго, што сваёй прысутнасцю робіць вялікую ласку, хоць рабіць яму не вельмі цяжка. У вачанятах жа дачкі і гонар за мажнага бацьку, і недаўменне: тата, чаму ты такі нелюдзімы?!

Дзяўчынцы не церпіцца пабегчы да кампаніі і шкада тату. Магчыма, першы раз яна адчувае сябе мацнейшай за свайго бацьку і цяпер шкадуе яго сэрцам дачкі ды чалавека, больш багатага душой, а галоўнае — вольнага яшчэ ад усялякіх умоўнасцей ды звычак.


ІНТУІЦЫЯ


Пасля першай гутаркі з чалавекам, бывае, я ўжо цвёрда ведаю: пайшоў бы з ім «у разведку» ці не. Як правіла, у такім чалавеку потым не памыляўся. Бо, як кажуць, разгадаў яго інтуітыўна, а гэта нічога агульнага не мае з містыкай. Прырода з'явы — з чыста матэрыяльнай асновай.

Мне ніхто ніколі не гаварыў, каб я, узбіраючыся на конскі хрыбет, не садзіўся блізка ад крупа. Адно дарослым зразумеў — бярог каня, каб не зламаць яму хрыбет.

Калі выступае лектар, а мне хочацца кашлянуць, я абавязкова пачакаю, калі чалавек скончыць фразу, і толькі тады дазволю сабе падаць гук.

I гэтаму мяне ніхто не вучыў. Усё — ад жыццёвага вопыту на шматлікіх прыкладах (хоць існуе вялікая катэгорыя людзей, у якіх гэты вопыт чамусьці не пакідае ніякага следу, і ацэнкі людзям ды з'я-вам у іх, з майго пункту гледжання, бываюць заўсёды крыху дзіўныя).

Па-мойму, жыццёвы вопыт паступова і перарастае ў чалавеку ў інстынкт, г. зн. у такі стан, калі ты з часам набываеш (нават сам не заўважаючы) здольнасць па ледзь прыкметных дэталях бачыць з'яву глыбей, у яе развіцці, сюжэце, даваць правільную ацэнку, рабіць вывады ды адпаведна сябе паводзіць.

Не ўяўляю сабе празаіка з бедным жыццёвым вопытам ды беднай інтуіцыяй.


НЕАСЦЯРОЖНАСЦЬ


«Далі мне весці курс у завочнікаў. Чытаю ў іх лекцыю на тэму: «Уплыў выхавання, наследнасці ды асяроддзя на фарміраванне асобы». Стараюся давесці, што наследнасць — не самае галоўнае і вельмі памыляюцца педагогі, якія на кожным кроку сцвярджаюць: «Гарбатага — магіла выпраміць».

Тут — глядзь! — перада мной сядзіць гарбаценькая завочніца. Студэнтка зразумела, пра што я падумала, уся ўціснулася ў лаўку ды пачырванела да вушэй. Зрабілася няёмка, хоць ты праваліся скрозь зямлю.

На шчасце, прагучаў званок.

Прыйшла я ў прафесарскую ды не магу знайсці сабе месца. Давялося вярнуцца на курс і пашукаць старасту. Ім аказаўся мажны мужчына з нейкімі непрыемнымі рысамі твару, але я да яго яшчэ не паспела добра прыгледзецца.

— Стараста, ой, вы ведаеце, я так перажываю за свой ляпсус! — скарджуся.— Як мне няёмка, каб вы толькі ведалі!.. Такое бухнуць на лекцыі!..

— Не перажывайце, Іна Анатольеўна,— супакойвае мужчына.— Я даўно ўжо да гэтага прызвычаіўся!

Пры чым тут ён, што ён вярзе?! Тым часам мужчына апавядае далей:

— Я з Княжаводцаў. Мабыць, чулі такую вёску, расстраляную немцамі? Перад вайной разбіў губу, і мне наклалі швы. Калі ў сорак першым наступалі немцы, усіх вяскоўцаў з нашага сяла павялі за нешта на расстрэл. Мяне несла маці — я меў тады паўтара года.

Мама на хвіліну вырвалася ад немцаў і адкінула мяне ў кусты, каб хоць уратаваць наследніка. Падабралі мяне потым зусім чужыя людзі, прыгрэлі, але швы тады разышліся, і вось...

Я насцярожана прыглядаюся да старасты.

Бо-ожа, у завочніка — дзве верхнія губы!»


БУЛАЧКА


1.

Анатоль Мамонаў — намеснік начальніка аддзела ЦЭЦ-2 і яго жонка Зіна — інспектар з «Магнітолы» — у аўторак вечарам вярнуліся з работы ды не засталі дачкі. Іна была ў іх адзіным дзіцем, дашкольніцай хварэла, ледзьве выхадзілі,— малую абое вельмі бераглі. Заклапочаны бацька кінуўся адразу на двор.

Неўзабаве Анатоль прынёс вестку, бытта суседка бачыла Іну з санкамі. Маці гэта не супакоіла. Чаму ж тады няма партфеля? Не магла ж малая браць з вестыбюля санкі, не пакінуўшы кніжак.

Да школы — больш кіламетра. На дварэ цямнела, трашчаў люты мароз і намяло па пояс снегу. Анатоль з Зінай неўзабаве ўстрывожыліся па-сапраўднаму. Мо настаўніца пакінула Іну зноў клас прыбіраць?

Бацька памчаў у школу і даведаўся — вучні пакінулі класы своечасова. Пасля званка дачка заглянула ў буфет, купіла коржык, булачку і з сяброўкамі ішла аж да гарадской бальніцы, дзе яны, як заўсёды, разышліся хто куды...

Праз пару гадзін Мамонавым на падмогу падключылася ўжо міліцыя. У гарадскім аддзяленні запісалі Ініны прыкметы. Стварылі пошукавыя групы. Аб здарэнні паведамілі па рацыі пастам. Міліцыянеры з сабакамі на матацыклах памчалі неўзабаве на Пярэсялку, Палясціну, Фарты Першыя, Фарты Другія...

Бацька абзваніў бальніцы, «Хуткую дапамогу». Аблазіў паркі, вакзалы і закамаркі горада, забег нават на Пышкі. У міліцыю заглядваў у тры гадзіны ночы, у пяць і ў сем раніцы.

Загарнуўшы ў цёплую хустку гарачых бліноў, кінуўшы ў сумку тэрмас з чаем, спрабавала не адстаць ад мужа і Зіна. Маці сябе цешыла, што Іну днём абавязкова прывядзе хто—небудзь у школу. Да полудня не спраўдзілася і гэтая надзея — жанчына, ні жывая ні мёртвая, звалілася дома на паркет. Калі ўчастковы прыйшоў па фатаграфію, кабеціна ледзь знайшла ў сабе сілы падняцца.

У сераду, у другой палове дня, міліцыя ўзялася апытваць бліжэйшыя кварталы, кіёскі ды старанна правяраць падвалы. Крымінальны аддзел размножыў адбіткі фота дзяўчынкі з бантам з прыпіскай:

«Мамонава Іна — 11 гадоў, вучаніца 4-га кл, СШ № 4 з Гродна. 20.02.1979 не вярнулася са школы. Прыкметы: рост 148 см. поўная, валасы светла-шэрыя, кароткія. Апранута: шапка шэрая са штучнага футра, паліто чырвонае, з капюшонам. Боты зімовыя, карычневыя. Мела школьны партфель з наклейкай «Чабурашкі». Носіць акуляры ў чорнай аправе».

Сотні адбіткаў з фатаграфіі дзяўчынкі разаслалі па вобласці. Пошукі аб'явілі па радыё.

Настаў трэці дзень трывог.


2.

У чацвер раніцой распухлай ад плачу і беганіны на марозе Зінай заняліся сяброўкі з «Магнітолы», а муж павалокся за дапамогай на ЦЭЦ-2. Дырэктар склікаў нараду.

Выявілася — ні разасланыя фота, ні роспыты нічога не далі. Праўда, як толькі ўчора сказалі па радыё пра выпадак, пазваніла жанчына — на аўтобусным прыпынку ля стадыёна скрозь завею яна выразна чула дзіцячы крык «мама». Мамонаў з начальнікам міліцыі абышоў тое месца яшчэ раз. Сёння бацька наведаў і кабету, каб распытаць дакладней, але яна, надзіва, зараз не была ўжо так пэўная.

Вінавата пазіраючы на бацьку, энергетыкі яшчэ паведамілі, што пасля аб'явы па радыё шуганула па горадзе чутка пра банду, якая бытта рэжа дзяцей, запіхвае трупікі ў трубы або хавае малых жывымі ды на машыне з не гродзенскім нумарам вывозіць з горада.

У сераду вечарам прысутныя нават праводзілі сваіх дашкольніц дамоў.

Дырэктар электрастанцыі, сам бацька дзвюх дачок, на ўсе гэтыя жахі нецярпліва махнуў рукою:

— А, чаго людзі не выдумаюць!.. Мамонаў, якая ў цябе просьба да нас, чым табе памагчы?

Зламаны горам, счарнелы ўвесь чалавек папрасіў людзей, каб абысці і раку, праверыць палонкі.

— Э-э, калі, не дай бог, яна ў Нёмане, цела знойдзецца і вясной, нічога не пераменіць. Рана хаваеш дачку, Анатоль Хведаравіч, трэ шукаць жывую. Ля камісійнага жывеш? Што паміж магазінам і бальніцай, дзе яе апошні раз бачылі? Стадыён! Магла пралезці праз дзірку ў плоце і пакрочыць напрасцяк, а там — люкі.

З міліцыяй, Уладзімір Нічыпаравіч, стадыён абышлі. Напрасцяк? Колькі з Інай хадзіў, а ніколі не лезла ў дзіркі...

— Кепска ведаеш сваю дачку, Анатоль. У такім узросце ўсе яны любяць лазіць праз дзіркі. Другое. Ты ўпэўпены, што стадыён агледзеў грунтоўна?

Бацька задумаўся.

— Ага, няўпэўнены! А я сам бачыў там адкрытыя калодзежы тэлефоннай каналізацыі — восемдзесят сантыметраў дыяметрам, глыбокія... Чыгунныя накрыўкі, відаць, вучні пацягалі на металалом, хоць сувязістаў гэта і не апраўдвае... Адным словам, усім браць тычкі, інструмент і дасканала праверыць люкі.


3.

З энергетыкамі на стадыён прыбыў і леташні выпускнік Мінскага політэхнічнага Мікалай Кійко. Нявопытнаму інжынеру далі самы безнадзейны ўчастак — ад цэнтральных варот направа.

У гэты дзень было ціха. Яскрава ззяла сонца. Наслухаўшыся пра жудасныя выпадкі, калі бандыты запіхвалі бытта ў каналізацыйныя трубы кавалкі целаў, хлопец паскрыпваў снегам па лыжні і толькі для парадку пазіраў прыжмуранымі вачыма ў бакі — месца для злачынства было тут зусім неспрыяльнае.

Злева ад лыжні ў іскрыстай белі хлопец неўзабаве ўбачыў чорнае кола. Ад гэтай дзіркі ў зямлі ён нічога не чакаў, бо побач — аўтобусны прыпынак. Аднак інжынер неахвотна саступіў на цаліну, нагнуўся і... аслупянеў. Убачанае дзіва аніяк не вязалася з пачутымі жахамі ды выпадкам, пра які гаварыў увесь горад. Мяркуйце самі.

Густыя вясеннія промні праз ідэальна круглую дзірку пранікалі ў якісьці склеп ды іскрыліся там інеем на сценах бетону. У трохметровай глыбіні на бляшанках з—пад кансерваў сядзела дзяўчынка з чырвоным капюшонам і трымала на каленях адкрытую кніжку.

— Што ты там робіш?!— вырвалася ў хлопца шчырае здзіўленне.

— Чытаю! — узняла галаву малая ў акулярах.

— Як жа ты туды трапіла?

— А я правалілася.

— Калі?

— У аўторак.

Толькі тут інжынер спахапіўся:

— А як цябе зваць?

— Іна.

— Ха, Мамонава! Так бы адразу і казала! Давай руку!

Мікалай зняў рукавіцы і ўпаў на снег. Да халодных пальцаў у парваных пальчатках ён змог толькі дакрануцца. Кійко ўсхапіўся, замахаў тычкай, закрычаў сябрам:

— Братцы, сюды-ы, знайшо-оў!..

Бацька падумаў пра найгоршае і заенчыў. Хлопец яго супакоіў:

— Хведаравіч, жывая ваша Іна, ідзіце і даставайце!..

Праз хвіліну дзяўчынку вывалаклі. Дасталі і партфель. Бацька хапіў малую на рукі, стаў яе паспешліва расціраць:

— І-іначка, до-очачка, ты жыва-ая?!. Я ж з самім Цыбулёвым сто разоў тут бываў, як жа та-ак?!. Што адмарозіла, кажы!

— Сне-егам яе тры, Толя, сне-егам! — параілі.

Чалавек не паслухаў:

— Ты зусім жывая?!. Іна, скажы, што табе баліць?

Але дачка, бытта яму і не радая, нецярпліва спыталася:

— А што мамка робіць?

— Чакае цябе!.. Нічога не адмарозіла, няўжо-о?!.— мацаў далей яе рукі і ногі бацька.— Як жа ты туды трапіла?

— Ішла, ішла і ўпала... Тата, мамка вельмі гаруе, што мяне столькі няма?

З усіх бакоў агледзелі малую і мужчыны. Ніякіх адзнак абмаражэння не знаходзілі і яны, толькі — ацёкласць.

Інжынеры паспелі даследаваць і люк. Гэта сапраўды быў калодзеж тэлефоннай каналізацыі з пустой камерай аб'ёмам пяць кубічных метраў, з такой пасткі без дапамогі не выбрацца і даросламу. Але ж там мінусавая тэмпература, сценкі вахлатыя ад інею, як дзіця трывала?

— Бедная! Страху наелася! — паспачуваў нехта.

— Днём я не баялася, крычала! — пахвалілася дзяўчынка.— Усё роўна ведала, што татка мяне знойдзе.

Бацька праслязіўся.

— Анатоль Хведаравіч,— надказалі яму,— не трымай, пусці на зямлю, ёй якраз патрэбна нагрузка на ногі.

Дзяўчынка, ступіўшы на снег, пайшла.

— Тата, класная званіла?.. А хто мне цяпер даведку выдасць, дзе я была, як прымуць у школу?

— Добра што знайшлася!.. Ты надта галодная? Ой, ты ж тры дні нічога не мела ў роце!

— Я ела коржык.

Нехта з інжынераў заглянуў у партфель і ўсклікнуў:

— Тут булка цэлая!

— Ты яе не з'е-е-ла? — здзівіўся і бацька.

— Мамцы купіла.

— I не чапала праз усе дні?

— Яна мамчына.

Мужчыны адвялі адзін ад аднаго памакрэлыя вочы.


4.

Праз пару мінут бацька прывёў гераіню дамоў. Зіна адразу паперла мужа чакаць ля пад'езда «хуткую дапамогу», папаіла дачку чаем і ўпершыню ад аўторка хлябнула сама. Рыхтуючы малую ў бальніцу, устрывожылася:

— Іначка, а чаму ў цябе такія падраныя пальчаткі?

— Там былі пуетыя банкі. Я ўсё пірамідку хацела з іх зрабіць, каб вылезці... Такія, мамка, во-острыя!.. Мам, ты ўжо наелася? А я шчэ галодная!

Малая цяжка ўздыхнула і спахапілася:

— Мамця, а я табе штосьці купіла ў нашым буфеце! — Палезла ў партфель.— Во, глядзі!.. На!.. Ты чаго зноў плачаш? — па-апякунску, як дарослая, суцешыла: — Не пла-ач, я ўжо знайшла-ася! Паспрабуй, паспрабуй булачку... А доктар даведку мне выпіша, праўда?


МІМОЗА


Пра яе ў энцыклапедыі сказана: «М.— шматгадовая трава, куст, дрэва. З усіх відаў вылучаецца м. сарамлівая — калі ненарокам да яе дакрануцца ці ўдарыць, лісточкі адразу складваюцца».

Гэтая крохкая, гнуткая расліна вядома ўсім. Яе жоўтыя пахучыя бубехі для нас — першыя вестуны вясны, а ў песнях ды легендах яна — сімвал жаночай слабасці, чароўнай пяшчоты і красы.

Але натура ў мімозы — бы ў прыроджанага штангіста.

Вось узышла яна сярод дзікіх руж, малінніку ды паднялася ў рост чалавека. Стары грузін да галінак прымацаваў маленькія грузікі, якія расліну прыгнулі да зямлі.

Праз дзве гадзіны галінкі цяжар паднялі.

Мудры грузін нейкі час даў раслінцы адпачыць, затым пачапіў грузы значна быльшыя.

Раслінка ўзяла і іх, а сама ўжо паднялася над кустамі, прыкметна падужэла.

Садавод зрабіў захад у трэці раз, у чацвёрты, пяты. I было тое ж самае.

Сярод выносных эўкаліптаў, стромкіх кіпарысаў, разлапістых ліванскіх кедраў, веерападобных пальм і купчастых магнолій мімоза стала раптам выдзяляцца ды радаваць людское вока сваёй непаўторнай далікатнай прыгажосцю, якую дагэтуль ніхто ў ёй і не падазраваў.

З таго часу, як толькі праз халодныя хмары з гор прабіваліся першыя вясеннія промні, менавіта яна станавілася цэнтрам зялёнага шуму, бо напрадвесні што можа быць мілей нашаму сэрцу, чым абаяльныя кветкі мімозы?!

Аднойчы тралеры навалаклі бетонных слупоў. Нядбайна пакладзены двухтонны цыліндр сарваўся са штабеля і як брытвай зрэзаў ужо рослую мімозу. З роспаччу замахаў рукамі стары грузін ды на кранаўшчыка абрынуў паток гартанных, поўных экспансіўнага жалю і абурэння слоў. Нічога гэта не перамяніла.

Сёння нагадаў я сухумскі выпадак у сузязі з адной асобай.

...Прыйшла яна на працу хоць і з дыпломам, але ж работніка з яе яшчэ не было ніякага. Малая. Слабенькая. Непрактычная. Безда-паможная. Як і многія, гадаваныя без бацькі, дзяўчына ўсяго сароме-лася I дзічылася. От, такі сабе смяцюшок[31], сарамлівая мімозка. Яе лёгка было пакрыўдзіць. Замыкалася яна тады ад людзей, і па вачах супрацоўнікі адразу пазнавалі, што плакала, а размоклая ад слёз цёмная фарба на вейках і бровах модніцу выдавала: яны дакладна такія ж белыя, як і яе валасы.

Аднак людзі мімозцы паверылі. Калі не было каму іншаму, сталі даваць менавіта ёй даручэнні — адно складаней другога. Так і выявілася, што гэтая кволая целам белабрысенькая істота тоіць у сабе не абы-якую сілу духу. Здарыўся той самы цуд, што і з мімозай.

Мінуў год, а на другі — расквітнела яна ў асобу. Займела імя. Нават стварыла свой непаўторны мікраклімат. У яе прысутнасці людзі пачынаюць глядзець на ўсё ды паводзіць сябе цалкам інакш. Некалькі супрацоўніц ёй зайздросцяць, затое астатнія — паважаюць, а нават — ёй ганарацца. Старэйшыя ж мужчыны (нягледзячы на рангі) пры сутыкненні на службе з белабрысенькай дзяўчынкай бытга прачы-наюцца, на вачах маладзеюць і стараюцца быць ахайнымі, спра-вядлівымі, чэснымі ды разумнымі,— яна, напалову сірата, заўсёды выклікае ў такіх спагаду, бескарыслівае жаданне ёй дапамагчы, апекавацца.

Цяпер ва ўстанове, дзе працуе тая асоба, не вырашаецца без яе ні адна важная справа. Калі ж выязджае ў камандзіроўку, усе не дачакаюцца яе — бы самога дырэктара.

Аднак па-ранейшаму ёй лёгка нанесці рану.

Учора абразіў яе ўладалюбівы, вядомы ва ўсім горадзе кар'е-рыст-начальнік. Пакрыўджаную дзяўчыну ў апошнюю секунду выха-піў з—пад колаў аўтобуса нейкі юнак: яна, уся заплаканая, плялася сярэдзінай асфальту, нічога не заўважаючы. Зараз яе супрацоўніцы падрабязна, са спачуваннем, расказваюць пра выпадак ды радуюцца, як малыя, што ўсё, дзякуй богу, абышлося.

А мяне не пакідае трывога.

У даным выпадку падвярнуўся смелы юнак. Але ж у цябе, дзіця, яшчэ цэлае жыццё наперадзе, у якім будзе не адзін такі нядбайны сухумскі кранаўшчык. Як ты далей будзеш даваць сабе рады?


ПРЫСТАСАВАНЦЫ


Вечарам выхапіў я з рук нявесткі вядро са смеццем ды павалок на двор. Сынава кватэра — на ўскраіне Сухумі. Колькі гасцюю ў яго, а ніяк не магу насыціцца экзотыкай, заўсёды радуюся, калі надараецца магчымасць зірнуць на дзіўны свет яшчэ з аднаго ракурсу.

І вось я ўжо імчаў па тунельчыку з вінаграднай лазы, пранізанай месячным серабром, прагна лавіў лёгкі гул марскога прыбою, нахабны крэкат паўднёвых жабаў ды сухі трэск лісточкаў бамбуковага гаю (на Свіцязі дакладна так шуміць трыснёг!).

У канцы вінаграднага тунельчыка — жалезная скрыня,залітая святлом месяца. Я ўжо развярнуўся, каб перакуліць вядро, і абмёр: з грукатам цяжкім на мяне ляцела якаясьці жывёліна. Я мігам апынуўся за скрыняй і толькі цяпер разгледзеў, што прэцца не слон, не тыгр, а ўсяго — карова.

Дабегшы да скрыні, красуля ўзняла пысу. Іскрыстыя ў святле месяца мокрыя слепакі жывёліны ўзглянулі на мяне лісліва, з нямым пытаннем: «Ну, ну, а ты што мне прывалок?» Сухумскіх кароў даводзілася назіраць амаль круглы год, і я заўсёды ламаў галаву: тутэйшыя рагулі такія гладкія, а дзе знаходзяць траву на курорце, дзе іхнія гаспадары трымаюць для быдла корм, дзе яго хлявы? Калі ж красуля стала ўпэўнена і са смакам аплятаць мае камякі паперы з лупіннем арбуза, я анямеў ад здагадкі.

Ніхто тут іх не пасе, не будуе ім хлявоў, не закладвае сіласу. I гэтая рагуля ў спёку зашывалася ў кіпарысы ці бамбук ды жавала сабе жуйку (гаспадыня там яе і даіла), а рана і вечарам выходзіла да жалезных скрынь вартаваць. Людзі на сметнікі вывальвалі тут столькі дабра, што карове на харчаванне хапала аж занадта. Не раз я заўважаў, як іншая рагуля потым з прыемнасцю хрумстае яшчэ старыя часопісы, газеты дакладна так, як яе беларуская аднакроўніца, наладаваўшы ў вантробу з паўкошыка бульбы, напіх-валася яшчэ пустой саломай.

Памяць падказала другое падобнае дзіва. Польскія сябры павезлі мяне ў Кентшын паказваць «воўчае логава» Гітлера. Па дарозе я прыглядаўся да палёў былой Усходняй Прусіі, адкуль ішло да нас столькі бед. Зараз перада мной прасціраўся мірны, спакойны край. Толькі што скончылася жніво, і трактары аралі поле. Па свежай скібе лазілі чароды птушак, чым палі напаміналі нашыя палеткі, мажліва, з адной розніцай: за плугамі тут увіхаліся яшчэ і белыя птушкі — няйнакш, чайкі заляталі з Балтыкі.

Прыгледзеўшыся да чужых палёў лепш, я неўзабаве зрабіў адкрыццё: божа мілы, белыя птушкі — буслы!

На гэтай тэрыторыі зніклі даўно балоты з жабамі, і велічную птушку жыццё прымусіла шукаць сабе ежу там, дзе здабывала корм пагарджаная ўсімі варона. У барацьбе за існаванне клекатун змяніў нават характар. Бусел тут набыў спрыту, імгненнай рэакцыі, рухавасці. Да свежавывернутай лемехам тлустай скібіны яму, беднаму, удавалася часам прашмыгнуць перад хітрымі варонамі, юркімі драздамі і выхапіць чарвяка ў іх з—пад самага носа.


ЖЫЦЦЕДАЙНЫ ЗМАН


Олю з букетам чаета бачу я на плошчы, ля помніка. Дзяўчына стаіць там, а вочы — поўныя мараў і чакання — кагосьці ўпарта ды з сумам выглядаюць. Каля яе снуюць туды-сюды заклапочаныя людзі, шмыгаюць машыны, але дзяўчына рытм вуліцы ўспрымае, мабыць, толькі падсвядома — у галаве яе зусім нешта іншае. Што ж, Оля мае дваццаць чатыры гады і тут, відаць, з кімсьці сустракаецца.

Сёння праходзіў ля помніка, ненарокам яе крануў, аднак мая знаёмая такой дробязі нават не заўважыла. Я пашкадаваў Олю будзіць сваім прывітаннем і пакрочыў далей.

Мінуў я плошчу ды раптам спахапіўся.

Божа мілы! Оля ля помніка зусім нікога не чакае! Гэта ў яе як бы гульня такая!!!

Зрабіўшы сабе такое адкрыццё, пачынаю ўспамінаць аналагічныя выпадкі.

Вядомая мне маладзіца раптам ні з таго ні з сяго апранула жалобнае адзенне ды некалькі дзён хадзіла ў ім засмучоная па горадзе, выстаўляючы напаказ цераз сетачку тоненькай, як павуцінка, жалобнай матэрыі пульхныя рукі ды шыю, якія — нічога не скажаш — на чорным фоне тканіны надта ж прывабна ружавелі.

Студэнтка В. прыдумала раптам, што ў яе зламаная рука, і доўгі час прымала спачуванні сябровак і хлопцаў.

А старая гандлярка?!.

Бабку гэтую на рынку я стаў заўважаць нядаўна. Яна тырчыць за прылаўкам у самай гушчы гандлярак ды кожны раз на тым самым месцы. Побач бойка прадаюць грушы, яблыкі, цыбулю, памідоры і агуркі. Перад старой жа заўсёды ляжыць некалькі тых самых торбачак з насеннем буракоў, стаіць вышчарблены кубачак з макам ды ў стограмовым слоіку з—пад гарчыцы віднеюцца конскія бабы.

Бабка сядзіць на рынку дзень у дзень, дазваляючы сабе адар-вацца ад прылаўка толькі на пяць хвілін у абед. Папалуднаваўшы жытнім мякішам з яблыкам, напамадзіўшы залізаныя пры ежы вусны, расчырванелая ад базарнага гвалту старая з дзелавітасцю мільянершы бярэцца перабіраць сваё багацце — раскладвае зашмальцаваныя мяшэчкі, так і гэтак расстаўляе слоік, а праз хвіліну зноў з прафесійнай спагадлівасцю выглядае пакупнікоў.

Насенне бабка прадае па дзесяць капеек за чайную лыжачку, конскія бабы — па капейцы за штуку, а ўсяго ў яе багацця — на два-тры рублі. Я назіраў за ёй дзён сем і ні разу не бачыў, каб да яе хто падышоў. Цяпер — жнівень, у канцы лета каму патрэбен такі тавар?! З жаласці да старой я не раз патыкаўся даць ёй траяк, забраць торбачкі са слоікам ды адправіць старую дамоў, але ў апошнюю мінуту мяне заўсёды нешта стрымлівае.

Аднойчы я трапіў на рынак, калі яго замыкалі. У натоўпе гандлярак тэпала і мая знаёмая. Ішла яна згорбленая, ледзь перастаўляючы ногі. Аднак бабулін твар свяціўся здаволенай стомай — дакладна, як у суседкі, якая прадала некалькі мяхоў гуркоў ды валакла пузатую торбу з памятымі рублёўкамі.

— А няхай на яго, як намардавалася, як задурылі сёння мне галаву! — паскардзілася ёй бабуля.

Суседка з пузатай торбай ва ўме рабіла якраз нейкі падлік і толькі нешта буркнула.

Менавіта разгадка Олінага выстойвання каля помніка навяла мяне на думку, чаму я не закупіў тады ў бабулі мяшэчкі, не адправіў старую дадому.

Раптам я спахапіўся: выседжванне за прылаўкам старой — галоўная нітачка, якая звязвае жанчыну з жыццём. Уяўная мэта прымушае бабулю рана ўставаць, старанна завязваць на патыліцы сівыя і жорсткія валасы ў вузел, маляваць старэчыя вусны, упарта не заўважаць спагадліва-насмешлівых позіркаў суседак і, засцярожліва трымаючы перад сабой абшарпаную сумку, прадзірацца скрозь натоўп у аўтобусах, а потым — адстойваць сваё месца на рынку...


ТАКТОЎНАСЦЬ


Здарылася гэта неўзабаве пасля вайны.

Са студэнтамі Гродзенскага педінстытута заехаў я ў такі самы інстытут суседняй рэспублікі. Пачалася праграма афіцыйнай сустрэчы гродзенцаў і гаспадароў. У актавай зале за стол на ўзвышэнні сеў іхні рэктар — мажны стары з бліскучай лысінай. Я сяджу паміж дзвюма мясцовымі студэнткамі ў першым радзе, перада мной — прэзідыум і ногі ў рознакаліберным абутку. Слухаем выступленні.

За плячыма ў мяне пырснула Люся Крэнь, наша танцорка і рагатуха.

«Чаго гэта яна?» — насцярожана кідаю позірк у той бок, куды Люся паказвае сяброўкам.

Божа мілы! У рэктара адна калашына закасаная амаль да калена! Рызінка абхоплівае худую лытку і трымае шкарпэтку. У разрэзе кальсонаў жаўцее трохкутнік валасатай нагі.

Ідзе прамова за прамовай, усёй зале відаць у прэзідыуме нага з закасанай калашыной, але больш ніхто не смяецца. У маіх суседак каменныя твары.

Запіску паслаць, ці што?

Ужо я палез у кішэню па блакнот ды спахапіўся — мы ж тут усяго госці!

Пасля афіцыйнай часткі аб'явілі перапынак, і ўсе накіраваліся да выхаду. Прапускаем, вядома, начальства. Раптам адна з маіх суседак даганяе свайго рэктара, нагінаецца і спрытна апускае яму калашыну. З гаспадароў і выгляду ніхто не падаў, бытта нічога не адбылося.


ДЫЯЛОГ


Зялёная палянка. Сонечны летні дзень. Басаногая ўнучка, што прыехала з горада, з прыемнасцю бегае па траве, ловіць матылька.

— О, бабуля, ён зноў уцёк!

— Прыляціць шчэ, унучачка.

— Праўда, прыляціць?

— Напэўна! А ты сабе бегай, гуляй, каб стаць велькай. Кім будзеш, як вырасцеш? Настаўніцай, бы мамка?

— Не-а! Доктарам! Настаўніцай трэба ўсе літары ведаць!.. О, мураш!.. Баба, а я ўжо ведаю, як робяцца чэрві: з цюбіка іх выціскаюць.

— З цю-убіка?

— Ага!.. Ой, бабуля, а гэта хто прыйшоў да нас?

— Козлік.

— А ў козліка барада таму, бо ён стары, праўда?

Старая хавае ўсмешку:

— Не, унучачка. Гэта — модна цяпер.

— Гы, а тата наш — не модны?

— Міленькая мая, я мела на ўвазе толькі козліка

— Толькі козліка? — узрадавалася яна.

Праз хвіліну скрывіла губкі:

— А мамка, калі злуецца на татку, кажа яму: «У-у, казёл упарты!» Ага, цяпер я ведаю, што ёй сказаць!..


РАЗВОД


У вёсцы Пляцяніца маладая настаўніца выйшла замуж за трактарыста. Прайшоў месяц-другі, і бацькі сталі дачку падбух-торваць, што гэта — не зяць і трактарыст ёй зусім не падыходзіць: вечна брудны, зашмальцаваны, рукі — у адных струпах ды драпінах, вопратка блішчыць, сам прапах саляркай, а калі дождж на дварэ, то на яго ботах — па пуду гліны.

Бацька мне расказвае пра апошнюю размову былога мужа з былой жонкай.

— Калі Анюта яго пакінула, то прыйшоў да яе прасіць. А як жа, прыйшоў!.. Стаў от тут, сярод хаты, і ўсё ёй трэліць, і ўсё сваё кажа, а яна — пі-іша, пі-іша і пі-іша. Гаворыць ён, што дзяцей мецімуць, дом пабудуюць, матацыклу з каляскай купяць, каляровы цілівізар, а яна ўсё пі-іша. Здыме смяцінку з пяра, прамакаткай пальцы вытра і — зно-оў піша. Вядома, ці ж ён пара ёй, ці ж зразумее такі вучонага чалавека?!.

— Адно дзіця нам змардуе! — адзываецца з—за печы яго жонка.

— О, толькі рот разяў!

I старыя змаўкаюць у самаздаволенай азлобленасці. Прымітыўнай, закаранелай, тупой.


ПЛЯТКАР


Са сталіцы едзе ўсім вядомы чалавек, каб развітацца з былой жонкай, што памірае ад страшнай хваробы. Гісторыю іх разводу ведае ўвесь горад, і падзею кожны талкуе паводле свайго разумення. Для мяне ж выпадак — яшчэ адна смерць блізкага чалавека.

Зашыўся ў бібліятэку, а душа перапоўнена сумам. На дварэ цёпла, праз вялізныя вокны шчодра пячэ сонца, далятае гоман птушак. Чытачоў — ні душы, бо такая зараз пара.

Ля стала сабраліся бібліятэкаркі.

Здаровыя, сардэчныя кабеты нудзяцца. Яны мелі час абга-варыць усе навіны, абмяняцца ўражаннямі. Зараз жанчыны ахвотна заняліся б нечым яшчэ: кагосьці пашкадавалі б, паабураліся, наву-чылі, далі б добрую параду, ды во — сядзі і чакай канца рабочага дня.

Раптам мяне страшэнна пацягнула ім сказаць: а ведаеце, той, хто кінуў жонку, а вы чатыры гады бэсцілі яго гэтак за бессардэч-насць, едзе-такі да яе на паклон і будзе з ёю ў апошнія гадзіны!.. Ото ж пераможна загарацца ў жанчынак вочы, загучаць галасы, узні-мецца настрой іхні!..

Стой! А хто мне даваў права гаварыць пра такое староннім бабам, што за ачмурэнне найшло на мяне?!

Тым не менш вельмі цягне ім расказаць, хоць жанчыны мне — ні сват ні брат. Невыносна карціць даць ім прычыну пахвалявацца. I ў мяне да гэтага дакладна такая прага, як бывае, калі ты кідаешся дапамагчы слабой кабеціне ўзнесці на паверх поўныя вёдры, як прапануеш бабулі сесці ў машыну і не біць дарэмна ногі.

Гм, то і плёткі родзяцца з добрых намераў?!


РАССТРЭЛ


У магазіне — амаль пуста.

Да апошняга пакета з малаком адначасова пацягнуліся дзве рукі. Адна — набрынялая, з вузламі на суставах, а другая — выпешчаная, з ямачкамі на згібах выпеставаных пальцаў, з бліскучымі пярсцёнкамі ды яскравым манікюрам. Позіркі дзвюх жанчын скрыжаваліся. Бабуля добразычліва заахвоціла:

— Калі ласка, калі ласка, дзевушка, бярыце на здароўе вы, я не спяшаюся! Зараз пададуць яшчэ, хопіць нам усім.

Здаволеная маладзічка трымала за руку сына і ўсміхалася:

— Бабушка, мабыць, мяне не пазнала?

Старая ўзняла галаву з зачасанымі на акуратны прабор шэрымі пасмамі ды напружыла памяць.

— Ах, Га-алачка!.. Галіна Сярге-еўна! Ах, якая вы прыго-ожая, шыко-оўная!

— Я, я-а!.. Мы пяць гадоў былі за граніцай.

— I сыно-очак цяпер стаў зусім падобненькі на вас!.. По-оўненькі які!.. Бо-ожа, як ён хварэў, колькі яго я папанасі-іла начамі, калі спаць нікому не даваў!.. Хутка, мабыць, у школу пойдзе!

— Восенню. Школа побач. Мы ўжо тут год жывём. Даўно вас не бачыла і падумала, што памерлі!

Твар бабулі прыкметна пазмрачнеў, хоць яна яшчэ і працягвала ўсміхацца.

Паправіўшы стракатую кепку на сваім херувімчыку, маладзіца на развітанне паспешліва кіўнула. Надта ж разбавёная, заспяшалася ў аддзел «Сокі-воды», дзе ў чарзе за папяросамі стаяў муж. Пракрычала:

— Сэ-эрж, зірні! Там, ля прылаўка — нашая бабка! А мы з табой думалі, што яна даўно памерла! Жыве-е!..

У малочным аддзеле ў гэты момант з грукатам адкрыўся ліфт — падалі свежыя пакеты. Бабуля не стала чакаць, покуль іх выставяць на прылавак. Яна павярнулася ды сіратліва патэпала на выхад, спатыкаючыся на гладкай і роўнай, як люстра, падлозе з матлахскай пліткі.


РАЗУМНЫ САБАКА


Аддзел алкагольных напіткаў.

Праз дваццаць тры мінуты будзе адзінаццаць гадзін. Перад прылаўкам — натоўп. Мардатыя дзядзькі. Развязнага выгляду юнакі. Кабеты і маладзіцы. За прылаўкам — дзябёлая прадаўшчыца ў не свежым халаце. Яна глядзіць праз людзей удалечыню і бытта прыслухоўваецца да грукату вуліцы. Усе застылі ў маўклівым чаканні. Кожны думае пра сваё, нешта прыкідвае, падлічвае, мяркуе...

Да запаветнага моманту засталося ўжо толькі дваццаць дзве мінуты, але гэтаксама ніхто не варухаецца.

Дваццаць адна — усе маўчаць і чакаюць.

Здаецца, дзеля чаго стаяць? Якая розніца, ці чалавек купіць бутэльку праз дваццаць адну... э, стой! ужо праз дваццаць мінут, ці — цяпер? Лепш, вядома, узяць цяпер, бо кожны даражыць часам. Прадаўшчыца кантралёраў баіцца? Хто б яе тут выдаў, усе зацікаў-леныя.

Калектыўнае падпарадкаванне ўмоўнасці. I толькі з—за гэтага дарослыя людзі тырчаць, бы ў гульню гуляюць.

Цьфу, чорт!.. Ёсць жа, ё-осць у гэтай сцэне ізюмінка, але не знаходжу слоў, каб яе разгарнуць у цэлае апавяданне. Бо мая фантазія не здольная надаць вобразу крылаў, як зрабіў бы гэта, напрыклад, Чэхаў, а я з такога яскравага факта нічога не выцісну, хоць трэсні. Бы той разумны сабака я: усё ведаю, а сказаць — слоў не знаходжу.


ПАМЫЛАЧКА


Павел Сцяпанавіч ледзь не ўсё жыццё праслужыў на кіруючых пасадах. Разумнейшым ад гэтага, на жаль, не стаў, і пад канец службовай кар'еры здарылася тое, што і павінна было: яго перавялі ў намеснікі. Аднак па нейкай інерцыі ён заставаўся яшчэ сталым членам усіх прэзідыумаў. Чалавек да такой ролі ўжо прызвычаіўся і іншай сабе нават не ўяўляў.

Сёння на ўрачысты вечар Паўла Сцяпанавіча ў спіс ганаровых людзей не ўнеслі, а якраз на гэты раз ён спазніўся.

Залу даўно запоўніла шыкоўная публіка. Пасля апладысментаў заняў сваё месца і ўвесь прэзідыум. Чакалі выхаду на трыбуну дакладчыка...

Намеснік кінуў гардэробшчыцы паліто, прабег вестыбюль, пад смяшок у зале прашмыгнуў на сцэну ды заняў пастаяннае крэсла — у другім радзе. Выцер хусцінкай успатнелы лоб ды прыкінуўся, што збіраецца ўважліва слухаць.

А вось расклаў свае паперкі на трыбуне ўжо і сам дырэктар. Аднак цішыня ў зале не ўстанавілася. Што ж, падбівалі якраз вынікі спаборніцтва, атрымалі прэміі, граматы, а наперадзе — аж два дні выхадных: людзі былі ў выдатным настроі. Ведаючы пра любоў Паўла Сцяпанавіча да пашаны, тоячы на яго даўнія крыўды, многія з публікі не маглі адмовіць сабе і ў прыемнасці, каб зараз не пасмяяцца з таго, што камічна.

На нама зыркалі з залы яго знаёмыя ды шматзначна перашэптваліся, а Павел Сцяпанавіч ім у адказ злёгку ды з выразам твару шчодрага дабрадзея кланяўся. Аднак усе гэтыя смяшкі і кіўкі ў яго бок раптам яго на некалькі секунд устрывожылі.

Ён успомніў, што з вышэйшага начальства цяпер да яго ніхто не заглядвае. З аддзела кадраў некуды бралі яго асабовую справу, пыталіся пра здароўе...

Тым не менш прага быць навідавоку была ў чалавека такая моцная, што ўсе падазрзнні Павел Сцяпанавіч пастараўся зараз жа адвесці ад сябе. А смяшок у зале ўсё ж такі, пэўна, з—за яго спазнення.

Ён ужо смялей паправіў гадзіннік на руцэ, паківаў са шкадаваннем галавой ды паскардзіўся суседу:

— Забыўся зусім яго праверыць. Выйшла памылачка!


ФОТАКАРТКА


«У Падліпках гэта было. Бацька і маці, дзяцей гадуючы, так іх шкадавалі і мілавалі, так бераглі — не расказаць і словамі. Два сыны і тры дачкі мелі. Маладыя потым пажаніліся, павыходзілі замуж і раз'ехаліся. Засталіся бацькі адны. Як маці памерла, то старэйшы сын зрабіў на пахаванне вялікую фотакартку — большую за пячную засланку. Калі неслі нябожчыцу на могілкі, то фотакартку трымалі перад дамавінай. Бацька неўзабаве памёр таксама. Дзеці прыехалі ў вёску і пазабіралі ўсё-ўсенька — і цабэркі, і бойку, у якой б'юць масла, і парсючкоў, і карову, і будынкі, грушы нават і тыя выкапалі. Засталася адна фотакартка валяцца — ніхто яе не ўзяў. I от, здаецца, чаму каторае тую картку не ўзяло, яна ж і есці не просіць, і месца мала займае? Валяецца унь каторы месяц у крапіве зморшчаная...»


НЕ ТАЯ ГЛЕБА


Бабцы Хімцы дачка з Масквы правадніцай поезда перадала ананас.

Вярнуўшыся з вакзала, кабеціна доўга дзівілася на вялізную свежую зялёную шышку; нюхала яе, азірала з усіх бакоў ды, заклапочаная, апусціла на паўгадзіны ў летнюю ваду. Затым, цяжка ўздыхнуўшы, Хімка выдрала самы лепшы вазон і падарунак асцярожна пасадзіла ў гаршчок.

Праз паўмесяца з Масквы нечакана завіталі дарагія госці — зяць з жонкай. Пасля пацалункаў дачка шчасліва спыталася:

— Мам, а правадніца ананас табе перадала? Спадабаўся нябось?!

— Дзякуй за гасцінец. Але штосьці кепска надта расце. I малаком падлівала, і растворам марганцоўкі... Мабыць, дочачка, у нас яму глеба не тая.


МЫ ВЕДАЛІ


«У вайну жылі мы ў Мардовіі. Панаваў голад. Малолі на муку жалуды, елі з іх бліны, а потым хадзілі з жоўтымі зубамі і вуснамі.

Аднойчы бацька раздабыў кілаграм жытняй мукі. Каб цеста атрымалася больш, параілі яму да мукі падмяшаць ліпавых апілак. Тата доўга пілаваў цурбан, сушыў апілкі, перамешваў з мукой.

Напаліўшы печ, мама на шырокай хлебнай лапаце пасадзіла цеста пячыся. Мы, малыя, паселі ды нецярпліва чакаем свежага хлеба.

Праз гадзіну заглянулі ў печ, а там ад цеста засталася толькі чорная плямка: згарэлі пілавіны, згарэў і кілаграм жытняй мукі. Крык, роспач, плач.

Каб замарыць голад, нас, дзяцей, адправілі ў лес па ягады. Мама пачала малых чакаць.

Ужо вечарэе, а нас усё няма. Нарэшце мама бачыць: дзеці валакуцца.

Я адразу паскардзілася:

— Мам, а ты нічога не ведаеш? У лесе я ўпала і доўга-доўга ляжала! Потым адкрываю вочы, а Ваня сядзіць нада мной, хныча. «Не румзай,— кажу,— я ўжо прачнулася!» Ха-ха-ха-ха!.. От смешна, праўда?.. Мам, ты таксама ўжо плачаш? Сціхні, не трэ-э!.. А мы ведалі, што, калі табе раскажам, ты адразу будзеш плакаць!..»


НЕПРЫТОМНАСЦЬ


Таццяна і Ліда сябравалі яшчэ студэнткамі, хоць і былі зусім розныя па характару. Таццяна любіла рабіць людзям дабро, а Ліда клапацілася больш аб сабе. Тая і другая выйшлі замуж за вайскоўцаў.

Аднойчы Таццяна Іванаўна падрыхтавала сяброўцы на Восьмага сакавіка падарунак. Яна купіла кніжку, паклала ў яе латарэйны білет, абвязала ўсё ружовай стужкай, прыйшла да імянінніцы ды сарамліва прамовіла:

— Дарагая Лідзія Андрэеўна! Самы лешпы падарунак — кніжка. Вядома, пажадана — ашчадную, але я табе дару — мастацкую. Трымай!

Мінула пяць гадоў.

Таццяна Іванаўна зайшла наведаць на новай кватэры сваю даўнюю сяброўку, муж якой ужо стаў важным чынам. Пагаварыўшы аб тым і аб сім, Лідзія Андрэеўна пачала паказваць сваё багацце: апошняга выпуску халадзільнік і каляровы японскі тэлевізар, нямецкую кухню ды спальную, югаслаўскі гарнітур, пышныя цудоўныя дываны...

Скажы, а каторы з гэтых ты выйграла?

— Адкуль ты ўзяла, што дываны я выйграла?! Усе сем — купленыя! Вось гэты — муж прывалок з Ташкента, той — з Ашхабада, а тыя сама выдрала ў чарзе ля нашага універмага!

— Ой, дык ты нічога не ведаеш?! Паслухай, Лідка, калі я ўкладвала латарэйны білет у кніжку, запісала нумар. З маіх білетаў ні адзін не выйграў, а на твой выпаў — дыван!

Гаспадыня кінулася да шафы ды паспешліва разгарнула кніжку. Білет, як калісьці туды яго паклалі, так і ляжаў там.

Жанчына гупнула на паркет. Маючы сем дываноў, Лідзія Андрэеўна непрытомнай была мінуты чатыры. Цікава, ці страціла б прытомнасць, не маючы — ні аднаго?


УСПАМІН


Ён мяне мучыць у час пасадкі ў самалёт, ды адно ў той, якім я вяртаюся дамоў. Успамін гэты стаў неадчэпны, як хранічная хвароба. Чэсна кажучы, выкладваю гэтую гісторыю на паперу ды спадзяюся, што такім чынам аблегчу сабе душу.

Справа выглядае так.

У Мінскім аэрапорце, скажам, аб'яўляюць пасадку на гродзенскі АН-24. Паток пасажыраў нясе мяне да кантролю. Міліцыянер правярае маю сумку, і я кірую на двор, саджуся ў шырокі, як вагон, аэрадромны аўтобус. Коцім па гладкім бетоне і неўзабаве спыняемся каля самалёта. Людзі чамусьці пруцца хутчэй да трапа, бытта не стане месца ў самалёце, але я — пасажыр бывалы, адстаю ад людзей на пару крокаў. Чаго таўчыся ў натоўпе? Справу ў Мінску зрабіў, на душы спакойна, ведаю з вопыту, што месца мне абавязкова будзе і праз пяцьдзесят мінут, напэўна, дабяруся дамоў. Людзі ў АН-24 залазяць доўга, і я за гэты час паспяваю агледзець аэрадром.

Тут усё і пачынаецца.

Зводдаль ідзе пасадка ў брэсцкую машыну. Там ля трапа таксама збіўся народ, але і каля яго абавязкова знаходзіцца пасажыр, які гэтаксама нікуды не спяшаецца: стаіць ад людзей зводдаль, спакойна разглядае неба ды пра нешта сваё думае. I тады з глыбіні маёй памяці выплывае малюнак ледзь не саракагадовай даўнасці, а для мяне заўсёды свежы і балючы. Агорнуты нейкай забабоннай трывогай, папракаю сябе:

«Добра табе тут разглядвацца, бо едзеш дамоў, дзе цябе чакаюць, дзе спазнаеш спакой і здавальненне, бы ўзнагароду за беганіну ў Мінску, а чалавека таго чакаў боль ды сырая зямля!..»

...У канцы 1942-га сядзеў я ў Беластоцкай турме. Настала фатальная для нас раніца — пачалі выклікаць арыштантаў на рас-стрэл. Калі і з нашай камеры вывалаклі тых, каму было суджана трапіць у той дзень у брацкую магілу на Пескі, і калі мы ўжо крыху адышлі ад жаху, усе кінуліся да акна ды выглянулі на двор.

Па турэмным бруку да машын з эсэсаўцамі вялі якраз групу смяротнікаў. Чалавек шэсцьдзесят мужыкоў з Беласточчыны, якія да апошняга моманту так і не разумелі, за што іх арыштавалі. Яны збіліся ў цесны натоўп і нервова валілі за паліцаямі. Ззаду асобна ад усіх крочыў яўрэй.

Гэтага чалавека мы, арыштанты, ведалі мала. У турме славіўся ён добрым печніком. Усіх яўрэяў расстралялі яшчэ летам, а яго трымалі як спецыяліста, покуль чалавек не парабіў печы турэмнаму начальству...

Мужчыне было гадоў сорак. Ён быў каранасты, апрануты ў старанна дапасаваны пінжак ды вайсковае галіфэ, на галаве меў капялюш, а на нагах — старанна начышчаныя боты. Чалавек крочыў упэўненай пружыністай хадой. Нервовае мітусенне нашым сялянам было даравальным — яны ўсё яшчэ не верылі ў тое, куды іх вядуць, і некаторыя мужыкі стараліся бобікам дагадзіць у надзеі што—небудзь выйграць. Пячнік жа за сваю бытнасць у турме правёў не адну партыю смяротнікаў на Пескі і сумненняў, куды павязуць людзей у машынах з брызентавымі будамі, не меў. Тым не менш чалавек ішоў у апошні свой шлях поўны ўласнай годнасці і так спакойна, бытта зрабіў на свеце ўсё, што яму было вызначана лёсам. Ішоў ён — як выпадковы спадарожнік натоўпу, да якога яго далучылі,— не ра-зумеючы, навошта людзі так мітусяцца: паспеюць жа туды ўсе. Часам ён узнімаў галаву, пазіраў на верхавіны таполяў з галчынымі гнёздамі, на асветленае слабым яшчэ сонцам воблака, і было відаць — чалавек зараз далёка-далёка ад таго, што адбываецца на турэмным двары.

Да сённяшняга дня я захапляюся сілай духу таго чалавека ды адчуваю сябе чамусьці вінаватым перад ім. А ў час пасадкі ў гродзенскі самалёт заўсёды мучыць пытанне:

Хто быў тым мужным смяротнікам?

Звычайны беластоцкі майстар цаглянай справы?

Музыкант?

Лётчык?

Хатняя гаспадыня?

Разведчык наш?..

Тое, што на такія пытанні я ўжо ніколі не атрымаю адказу, мяне не супакойвае.


ФАТАЛЬНАЯ ПАМЫЛКА


1.

Перад вайной лёс закінуў нас у Навагрудскае педвучылішча, мяне — на другі курс, а Валодзьку — на першы. Меў я дзевятнаццаць і ўжо паглядаў на дзяўчат, аднак кавалер з мяне быў неважнецкі. Я не толькі не ведаў, пра што з дзяўчатамі гаварыць,— я пры іх то бялеў, то чырванеў. Затое на два гады маладзейшы за мяне Валодзька з дзяўчатамі жыў за панібрата, вечна хадзіў абкружаны галасістай гурбой гарэзлівых і белазубых істот. Я Валодзьку паціху зайдросціў, нават крыху ім бы ганарыўся.

З трох соцень курсантак педвучылішча маю ўвагу тады прыцягнула першакурсніца Надзя — тоненькая, бяскроўная блан-дзінка з нясмелымі вачыма. На жаль, цікавілася Валодзькам і яна — я не раз у гэтым пераконваўся. Бывала, прасігналяць першы перапы-нак, і Надзя ўжо Валодзьку шукала. Убачыўшы мяне ў калідоры, з павагай, бытта. я быў, прынамсі, дырэктарам педвучылішча, пыталася:

— Алёшка, твой брат сёння на занятках?

Я моўчкі паказваў дзяўчыне ўверх, і вось ужо худзенькая, высокая фігурка імчала па лесвіцы ўверх, а ўсе тайнікі маёй душы напаўняліся чымсьці значным, і я цэлы дзень атрымліваў зарад, хоць і загараўся да Валодзькі злосцю. Як жа не злаваць?

Я сабе ўяўляў, як знясіленая Надзя выскоквала аж на чацвёрты паверх, знаходзіла яго сярод дзяўчат ды нешта пыталася, аднак Валодзька, ахламон, скрозь смех і жарты нават яе не чуў. Надзя паспявала толькі аддыхацца, як, беднай, трэба было ляцець ужо ўніз, бо канчаўся перапынак.

Каб дзяўчына зацікавілася кім другім, то я, напэўна, пас-прабаваў бы выказаць Надзі сімпатыю: трапляў бы на вочы, вартаваў бы яе на вуліцы ці ў пустым класе, ды не мог жа я станавіцца папя-рок дарогі роднаму брату. Адно са злосцю сабе часам казаў:

«Ото не шанцуе чалавеку!»

Адным словам, Надзя была недаступнай, і я пачынаў пра яе марыць. Я прыдумваў дзяўчыне пяшчотныя словы, пускаўся з ёю ва ўяўнае падарожжа...

Зрэшты, я не толькі будаваў са сваёй багіняй паветраныя замкі; займаліся ў педвучылішчы мы аж два гады, яны складаліся з многіх месяцаў і дзён — студэнцкія будні мне не раз давалі магчымасць сутыкацца з дзяўчынай бліжэй.


2.

Неўзабаве так выйшла, што мы з Надзяй трапілі ў гарадскі хор, якім кіраваў славуты Валынчык. У час спеваў я заўсёды станавіўся за дзяўчынай. Мой барытон накрываў Надзін слабы тэнарок, я сваім голасам бытта дзяўчыну абнімаў, і мы тады, нашпігаваныя гарманіч-нымі гукамі, ляцелі некуды ў чароўную далечыню, а мне было гэтак добра, што з той пары здаецца, бытта я ведаю прыгажосці раю.

Аднак найбольшае здавальненне прыносілі танцы. Некалі ў вёсцы дзяўчаты са мной не хацелі танцаваць — я наступаў ім на ногі, збіваўся з такта, але тыя часы мінулі даўно. У танцы я цяпер адчуваў ап'яняючую асалоду рытму, прыемную мускульную радасць ды хвалюючую прысутнасць партнёршы, перад якой я мог выказаць сілу і спрыт. На вечарах у педвучылішчы мой Валодзька-няўклюда тоўкся пад сцяной, а ў гэты час я запрашаў Надзю на вальс ці факстрот, амаль нёс яе на руках па вялізнай актавай зале — гнуткую і лёгкую, бы пушынку,— і што рабілася тады ў маёй душы можа зразумець толькі той, хто падобнае нешта перажываў сам, бо хвалюючую магію танца яшчэ ніхто не здолеў апісаць!

Аднойчы ехалі мы гурбой на канікулы ды ў Баранавічах сталі чакаць перасадкі. Валодзька ў зале вакзала адразу ўзняў з дзяўчатамі гармідар, а я накупіў газет, знайшоў у кутку свабодную лаўку ды прымасціўся, каб пачытаць, што робіцца на свеце.

— Алёшка, можна да цябе прымасціцца? — пачуў я неўзабаве нясмелы Надзін галасок.— Стамілася надта...

Ад разгубленасці я дзяўчыне нават не адказаў, а толькі пасунуўся да сцяны, і Надзя села побач. Дакладна гэтак, бы зморанае дзіця, яна пачала вяла хіліцца, а потым паклала мне на калені сваю хвалістую капічку ды заснула.

Гадзіны чатыры, памятаю, мы тады чакалі поезда, і ўвесь гэты час я не варушыўся, трымаў яе галаву, не могучы адарваць зачараваных вачэй ад яе шаўкавістых пасмачак. Мне не толькі не доўжылася — з Надзяй так бы век прасядзеў.


3.

У першы дзень вайны мы да абеду лазілі па Навагрудку без толку, покуль на казармы не наляцелі нямецкія самалёты. Пасля бамбёжкі павылазілі нашыя вучні з кустоў і са здзіўленнем пачалі азірацца. Навокал панавала такая самая спякота, гэтаксама стаялі будынкі, тырчалі дрэвы, толькі мы былі ўжо не тыя самыя — за якіх—небудзь дваццаць мінут страху і ўніжэння нашы душы сталі больш дарослымі на цэлую эпоху ды напоўніліся трывогай. Хлопцы раптам закрычалі:

— Лаві! Лаві!..

Па Наваельненскай шашы адтуль, дзе бамбілі, ляцеў ашалелы конь з разбітай фурманкі — адзіная, як мне здаецца, ахвяра першага нямецкага налёту на горад. На кані былі набэдрыкі і хамут, у гужах тырчалі кавалкі аглобляў ды перакошаная дуга, па бруку цягнуліся лейцы...

Калі гняды даляцеў да мяне, я з хлопцамі выскачыў яму наперарэз, павіс на вуздэчцы ды пачаў каня супакойваць. Ашалелае стварэнне правалакло нас крокаў з дваццаць і спынілася.

Толькі цяпер мы ўбачылі, што з—пад вока ў каня струменіць кроў. Я прыціснуў ранку пальцам, але гэта не дапамагала. Дзівак, трэба было мне намацаць жылу ды націснуць на яе, але з гарачкі я забыўся пра ўсё, чаму нас вучылі.

— Алёшка, шапку на! — пачуў я ля вуха жахлівы Надзін галасок.

Узяў я нечую кепку ды паспрабаваў утаймаваць фантанчык ёю. Покуль што не цякло, і я закамандаваў:

— Надзя, трымай кепку ты, а я сарву аглоблі, хамут з дугой, адвядзём каня к ветэрынару.

Надзя паслухалася, і вось мы ўжо на ветэрынарным пункце. Пажылы мужчына прыняў ад нас рахманага цяпер і змакрэлага каня ды паказаў, дзе вада, каб мы памыліся.

Неўзабаве вярталіся мы праз узбударажаны горад у вучылішча. Плакалі і на цэлую вуліцу клікалі некага жанчыны, мітусіліся людзі, рыпелі тармазамі машыны, але ж мы ніякай панікі не заўважалі — крочылі пасярэдзіне вуліцы, як героі.

Мы не проста ўратавалі каня.

Было такое ўражанне, што на мяне лезла навала фашыстаў, я заядла сек па іх з кулямёта, Надзя падавала мне ленту, першую атаку мы адбілі і цяпер адчувалі такую роднасць душ, што не страшныя былі ніякія ворагі — хай толькі паспрабуюць сунуцца яшчэ раз!

...Праз пару дзён вучні педвучылішча разбрыліся хто куды.


4.

Зноў спаткаў я Надзю праз дваццаць гадоў пасля вайны і даведаўся, за кім яна замужам, дзе працуе.

З таго часу бачу Надзю на вуліцы свайго горада ледзь не кожны дзень і заўсёды лаўлю сябе на тым, што гэтая шчупленькая і высокая жанчынка з гаспадарчай сумкай у руцэ — усё тая ж самая курсантка з Навагрудка, пра якую я столькі марыў. А яшчэ заўважыў, што і Надзя, угледзеўшы мяне, здалёк папраўляе прычоску, а вочы яе загараюцца маладымі іскрынкамі, ад чаго пару дзён я хаджу ў добрым настроі.

Нядаўна да нас пераехаў мой брат. Днямі крочылі мы з ім па вуліцы Савецкай, і брат упершыню з пасляваеннага часу ўбачыў навагрудскую знаёмую. Усе трое мы крыху пастаялі, паўспаміналі мінулае.

Калі ж адышліся, брат мне і аб'явіў:

— Ну ж і кахала тады цябе яна!..

Я на момант знямеў.

— Што ты пляцеш? — прыстаў я да брата, устрывожаны.— Яна ж да цябе ўсё лётала!

— Лётала, ага! Бо ты яе ведаць не хацеў! Усё падбягала ды пра цябе распытвала — аж дзявацца мне не было куды часам!.. Нават у хор да Валынчыка запісалася з—за цябе, абармота, на танцы зачасціла!..

— Ы-ы-ых!.. Чаму ж ты мне пра гэта тады не сказаў? — папракнуў я Валодзьку, прыпамінаючы, што брат у юнацтве рэдка калі мяне разумеў, як рэдка разумеў яго і я.

— А пра што табе было гаварыць? Ты ж тады кахаў Настусіну Верку, а я ведаў, які ты адналюб! — напомніў ён мне даўнюю, цалкам мной ужо забытую, гісторыю з вёскі.— Бывала, прыбяжыць да мяне, уся засумаваная, я раскажу, беднай, што—небудзь пра цябе, Надзя супакоіцца і — да наступнага разу! Два гады так...


ДРАМА ЗА КУЛІСАМІ


Студэнцкі спектакль.

Дэкарацыя і святло — самаробныя, усё трымаецца ка «жывой нітцы». Але артысты гарачыя, сімпатычныя, у ігру ўкладваюць палымяныя душы, чым прыцягваюць публіку. У зале — паўнютка народу. Слухаюць ды глядзяць спектакль, бы зачараваныя.

Пад канец пастаноўкі парваўся провад. Студэнт-электрык схапіў канцы голымі рукамі, прапусціў ток праз сябе (літаральна цераз сваё сэрца!) і гэтым уратаваў вечар. Гледачы толькі заўважылі, што ў фінальнай сцэне п'есы раптам мірганула святло, пасля чаго накал у лямпачках аслабеў, бытта наваліўся дзесьці на правады слон.

Выходзячы з тэатра, жыва абмяркоўваючы спектакль, людзі і ўвагі не звярнулі, чаму да службовага пад'езда падкаціла «хуткая дапамога», а выпырхнуўшы з яе, маладзенькая санітарка на злом галавы паперла па сходках наверх кіслародную падушку.


НЕПРАДБАЧАНАЕ ЛЯКАРСТВА


Дзевяцікласнік Андрэй вярнуўся са школы, бо стала кружыцца галава. Бацькі змералі тэмпературу, а ў сына — сорак градусаў! Ан-дрэй ужо ляжыць у ложку, крэкча, сапе. Маці хворага поіць малі-навым варэннем і ліпавым цветам. Выклікаюць «хуткую дапамогу».

Сястра спрабуе пацыенту даць укол, ды іголка не можа прабіць тугое цела і згінаецца.

— Ого, мускулы якія! — дзівіцца дзяўчына.— Такога яшчэ ў маёй практыцы не было!..

Медсястра ўстаўляе ў шпрыц другую іголку, але вынік той самы. Сагнулася і трэцяя.

Больш іголак у медыкаў няма, «хуткая» ад'язджае.

Ад таго, што ён асаблівы, юнак узрадаваўся і адразу павесялеў.

— Тата, падбяры мне з падлогі пазгінаныя іголкі! — папрасіў.

I праз пару гадзін устаў — бытта ніколі ўжо і не хварэў. Пабраўшы іголкі ў кішэню, памчаў да аднакласніцы, нібы пытацца, што зададзена па хіміі.


ШТО З ЯГО БУДЗЕ


Трыццацігадовы Давід — нізкарослы і лысаваты. Таленту яму бог даў на рубель, ды і то медзякамі, але сваю пасрэднасць чалавек сіліцца перакрыць іншым.

У нашым санаторыі, у вестыбюлі, пачнуць гуляць у шахматы, а Давід праз галовы гледачоў ужо крычыць:

— Канём яго здымай, канём, чаго марудзіш?!

Ледзь не адначасова раіць карцёжнікам:

— З валета, з бубновага валета хадзі!.. Эх, казаў я, трэ было слухаць!..

Праз хвіліну Давід таўчэцца ўжо каля іншай кампаніі. У момант сарыентуецца, аб чым гавораць людзі, і ўжо падтрымлівае, бытта сам яе ініцыятар. Кідаюць хлопцы мяч — Давід ужо ля сеткі больш за ўсіх скача ды галосіць. Пачуецца акорд гітары — падхоплівае песню. А выйдзеш на мора — і са здзіўленнем чуеш яшчэ здалёк: яго танклявы галасок стараецца перакрычаць пляжны гвалт.

Як ен толькі паспявае ўсюды?!

Спачатку мужчыны нашай змены на Давіда злавалі. Адзін франтавік нават штурхануў яго ў грудзі, і той адляцеў на пяць кро-каў. Але ж у санаторыях спадарожнікаў сабе не выбіраюць. Паступова мужчыны да яго прызвычаіліся, як прывыкаюць да нуднага распа-радку дня, надта строгай сястры-гаспадыні ды вузкага і цёмнага калідора ў галоўным корпусе...

Праз тыдзень і не ўяўлялі сабе і адпачынку без Давіда. А дзяўчаты і маладзіцы нават ахвотна сталі браць яго ў кампанію, хоць усур'ёз яго не ўспрымалі. Знямоглыя ж бабкі, інваліды ды пенсіянеры ужо без яго, здаецца, і жыць не маглі: лесцілі яму, усміхаліся здалёк, бо Давід нагадваў старым даўно мінулае ды быў той асобай, што ў любы час гатова перад ім дурэць і крыўляцца.

Гэты няўрымслівы блазан з астаткамі запозненага юнацтва — вядома, ахвяра дрэннага выхавання. Вось-вось не стане ў яго салаўя маладосці, нельга будзе строіць з сябе дурня, што ж з яго тады атрымаецца,— яшчэ адзін няўдачнік?


КЕМЛІВАСЦЬ ПЕДАГОГА


У дзіцячы дом прывезлі сірот з Карэі, і яны хутка пачалі па-нашаму разумець. А неўзабаве і гаварыць пачалі. Толькі ж бяда, у карэйскай мове няма гукаў «ф», «ш» — і пры чытанні ў дзетак атрымлівалася «абрыка», «афёр». Доўга біліся педагогі, покуль знайшлі выйсце.

Перад дзецьмі запалілі свечкі ды загадалі:

— Падзьміце і кажыце цяпер. Толькі па камандзе — раз, два, тры!

— Ффа-абрыка! — узрадаваліся малыя.

— А цяпер уявіце сабе, што вы — вецер, дзьміце на дрэвы, і лісце шалясціць — ш-ш-ш-ш. Вы зрабіце гэтаксама ды назавіце, хто дзядзька Антон, які нам хлеб возіць. Ну: раз, два тры!

— Ш-ш-шафёр!

Не менш узрадаваліся і педагогі.


ДАРОСЛЫЯ СВАВОЛЬНІКІ


Марыя Іванаўна праз бацькоўскі камітэт з вялікай цяжкасцю сабрала сродкі ды прывезла дзесяты клас на экскурсію ў Маскву. Завяла нават у канцэртную залу імя Чайкоўскага.

I вось пачаўся канцэрт. Сімфанічны аркестр выконваў якраз цудоўную музыку Грыга з оперы «Пер Гюнт». Вучні сціпла сядзелі ды слухалі.

Праз паўгадзіны настаўніца з жахам выявіла: восем хлопцаў некуды зніклі. Што здарылася? Уцяклі, але — куды? Міліцыя забрала за нешта?!.

Калацілася яна ў трывозе цэлы канцэрт.

Калі клас спусціўся ў раздзявалку, уцекачы ўсе да аднаго там іх чакалі.

— Што здарылася? — напала настаўніца.

Маўчанне.

— Дзе вы былі?

— У высотным доме насупраць каталіся на скарасным ліфце...

— Ну і як?!.— ледзь выдавіла з сябе настаўніца, баючыся, што выбухне плачам.

— Ы-ы-ых, здо-орава!

— Аж дых забівае!

— Бытта ў космас ляціш!

— Так прыемна было?

— Марыя Іванаўна, пайшлі, пакажам!


З ХВОРАЙ ГАЛАВЫ


Дзядзька Шыман вёз капусту. Конь раптоўна звярнуў з дарогі, фурманка раз'ехалася, і капуста пакацілася ва ўсе бакі.

Стаіць заклапочаны гаспадар ля воза ды лае каня.

— Шыман, чаго яна ў цябе гэтак паразляталася? — пытаецца сусед.— Глядзі, аж у кювет нават пазалятала!.. I на поле — гэ! — нават у лужыну!

— Бо тут, брат, што галава, то і розум! Але конь, халера на яго, куды глядзеў?! У, воўчая падла, збірай тут цяпер з—за цябе!..


ВОВІНА ТАЯМНІЦА


Ногі Вову маці выцірае адэкалонам. Корміць яго толькі па навуковых кніжках. Праз стэрыльную марлечку выціскае сок з морквы, з яблыкаў, з апельсінаў, каб, барані божа, не засмеціць сыну страўнічак, не заразіць мікробамі ці яшчэ горш — вірусамі.

Хлопчык доўга супраціўляўся рэжыму і пакарыўся толькі таму, што маці дазволіла яму бегаць у госці да цёці Марусі.

Суседка Маруся трымае свіней, у яе сенцах заўсёды стаіць вялізны цэбар з кормам. Дзіця забягае і, калі нікога няма, са смакам, якога ніколі не бачыць вучоная маці, спрабуе... бульбу з вотруб'ем.

Сёння цётка Маруся ўпершыню застала Вову ля цэбра і застыла як укопаная. Жанчыне ўспомнілася яе дзяцінства.

Вось яна з малымі хаваецца ад бацькоў пад ложак, абдзірае сценку ды каштуе гліну. Калі ж нікога няма дома, цягне з—пад печы яшчэ цёплыя вугольчыкі ды запіхвае ў рот...


НЯВЫКАНАНАЕ ЗАДАННЕ


1.

Ранняй вясной сорак другога года ў лес каля нашага хутара прыбыла група партызан. Адзін чалавек з яе пажадаў мяне бачыць. Я і адправіўся ў лес.

На сустрэчу прыйшоў малады партызан з клічкай Мішын. Мы з ім доўга гаварылі. Фактычна, я слухаў, а чалавек мяне настаўляў:

— Ведаеш, Аляксей, такія, як артыстка Белая, ужо ад'еліся, цяпер ім ладнага хлопца падавай! Не цырымонься, смела ідзі на збліжэнне, з выгляду ты — арол! А калі створыш умовы і зачэпішся — прывядзеш яе да нас. Далей — наш клопат!

Цяпер, праз дваццаць пяць гадоў, я бачу, што Мішын быў чалавекам легкадумным, але тады такім не здаваўся. Яго варанёны аўтамат, незалежнасць напаўнялі мяне гонарам і давалі сілы. Я з зайздрасцю падумаў, што ў такой справе, да якой падбівае мяне Мішын, сам ён сабаку з'еў, толькі ўзяцца за яго чалавеку не дазваляюць абставіны, таму гэта ён вымушаны даверыць другім.

А справа была вось у чым.

У Беластоку пачаў дзейнічаць «Беларускі камітэт». Ён выпускаў антысавецкую газетку. Збіраўся з беларусаў скалаціць самаахову супроць партызан. Дапамагаў немцам вербаваць на заводы і шахты Германіі моладзь. Меў нават свой ансамбль...

Учора ансамбль гэты прыбыў у мястэчка Гарадок — шэсць кіламетраў ад маёй вёскі. Сярод артыстаў знаходзілася і Белая, як называў яе Мішын. Яшчэ ён ведаў, што сапраўднае прозвішча яе — Варанцова. Яна валодала цудоўным голасам і цяпер зарабляла сабе на харчы сольнымі выступленнямі. З ёю трэба было завязаць знаёмства.

I вось Мішын чамусьці вырашыў, што я — менавіта тая фігура, якая абавязкова зверне ўвагу прыгажуні, падпарадкуе яе спакутава-нае па каханні сэрца, і гэта створыць умовы для здзяйснення планаў партызан.

Правёўшы ноч ля вогнішча за размовай, вяртаўся я раніцой з лесу. Распірала грудзі ад нейкага ўзнёслага хвалявання, і ў той жа час мяне грызла сумненне ды разбіраў страх. Здольнасцей сэрцаеда, якога бачыў ўва мне Мішын, я нешта ў сабе не заўважаў. Наадварот. З дзяўчатамі заўсёды я быў нясмелы, чырванеў, губляўся ды не ведаў, пра што гаварыць.

Па праўдзе кажучы, з самага пачатку мне было ясна, што заданне правалю, але — от дзіва! — я нават не мог сабе прызнацца ў гэтым. Я ўжо стаў марыць аб сустрэчы, поўнай таямнічага абяцання.


2.

У той дзень я да абеду адсыпаўся.

З дому так проста не пойдзеш, патрэбен быў «саюзнік», і я пра ўсё расказаў брату. Тады начысціў да люстранога бляску боты, адпрасаваў галіфэ лейтэнанта, якога пры адступленні нашых войск бацька пераапрануў у цывільнае, затым надзеў белую кашулю ды пачаў завязваць гальштук. Назіраючы за ўсім гэтым, Валодзька соп ад страху, што маім планам перашкодзяць бацькі: калі ён хацеў нешта ўтаіць, заўсёды так голасна дыхаў.

Мама насцярожылася.

— Куды ты так выфранціўся, Аляксей? Людзі, гляньце толькі на яго! Народ гіне, вайна ідзе, а ты?! — надта здзівілася яна.

— Мо ён сабраўся да дзеўкі, то ісці загадаеце яму, як лахману? — заступіўся за мяне брат.

Я пачырванеў і ледзь прыдумаў тлумачэнне.

Трэба заўважыць, наша мама пра артыстку ведала шмат. У яе была наогулцікавасць да ўсіх прыкметных жанчын. Мама былюча перажывала, калі жонка якога—небудзь савецкага афіцэра заляцалася да немцаў, бязлітасна такую кляйміла і ўжо надта ж ганарылася тымі, каторыя паводзілі сябе з прыстойнай годнасцю.

Белай мама спачувала. Перабіраючы ў памяці ўсё, што аб ёй было гаворана ў нашым доме, я па дарозе ў гарадок вырашыў: пра артыстку мама ведала куды болей за Мішына, і яму варта было б першым чынам пагаварыць з ёй.

Паводле маміных звестак сапраўды перад вайной Варанцова з бацькам і маленькай дачкой прыехала да нас на гастролі. Белую немцы, калі занялі Беласток, не кранулі. Арыштавалі толькі яе бацьку, а ёй прапанавалі работу ў ансамблі.

— Што было рабіць нешчаслівай жанчыне, у якой на руках груд-ное дзіця, а жыццё бацькі вісела на валаску?— абараняла артыстку мама.

Белая згадзілася. Яна бытта не спявае нямецкіх песень, а — рускія, беларускія, польскія. I, кажуць, так спявае — хочацца аж плакаць.

У Гарадок прыбыў я пад вечар.

Мне пашанцавала. Белая пасялілася на кватэры ў Пятэльскіх. З іх Толікам і Нінкай пры Польшчы я вучыўся ў сямігодцы. На жаль, Толіка немцы вывезлі на работы, але сястра яго была дома. Я зайшоў да яе нібы ў госці.

— Толік — у Герма-аніі? — прыкінуўся здзіўленым.

— А ты хіба не ведаў? Мне тата выпрасіў даведку ў нашага бацюшкі, бытта я замужам. Даведку Толіку айцец Уладзімір даць пабаяўся. Тата яго надта прасіў, але поп сказаў: «Ні за якія грошы хлапцу не выдам!»

Я пачаў развітвацца. Ніна ўзмалілася:

— Алёшка, пабу-удзь у нас, ты ж за вайну яшчэ ні разу не быў у мяне! Пагаво-орым хоць уволю!.. О, давай сходзім зараз на канцэрт — беластоцкія артысты прыехалі!

Гэта мне і трэба было.


3.

У самай вялікай сінагозе немцы абсталявалі клуб. Там было неш-та падобнае на балкон, дзе некалі мелі права маліцца толькі яўрэйкі. На гэтую галёрку цяпер дазвалялася ўзыходзіць жыхарам Гарадка.

Мы з Нінай залезлі на балкон, паглядзелі ўніз.

У зале на лаўках — чалавек з восемдзесят салдат, увесь гарадоц-кі гарнізон. На сцэне сем пажылых дзядзькоў у нацыянальных кашу-лях трэнькалі на балалайках і мандалінах «Свеціць месяц». Гэтая песня, як вядома, з—пад Волгі, але нашыя нацыяналісты ведалі, што да беларускага мастацтва «пераможцы» адносіліся зняважліва, як да культуры пігмеяў, і са сваёй «Лявоніхай» ці «Крыжачком» не вылазілі. Я і сам іграў на мандаліне, таму адразу вызначыў, што музыканты пе-рада мной пасрэдныя. Аднак меладычныя пераборы немцы слухалі ўважліва.

Покуль дзядзькі выкамарвалі адмысловыя каленцы «Месяца», я паспеў асвоіцца і разглядзецца.

Салдаты ўсё маладыя. Дзеля канцэрта яны адпрасавалі штаны, а іхнія прычоскі блішчалі ад брыльянціну. Сядзелі немцы смірна, як у школе. Да чаго ж можа чалавек мяняцца, якім зманлівым бывае часамі яго вонкавы выгляд!

Шпурнуць бы ім што—небудзь на галовы!..

Я ўжо сабе ўяўляў, як зверху паляцелі гранаты, узбіліся клубы дыму, як салдаты перакульваюць лавы ды панічна кідаюцца да акон, выносяць на плячах рамы, як звініць пабітае шкло. Нават адчуў я нейкі ўздым, бытта немцы драпалі і на самай справе. А што? Яны не такія ўжо і непераможныя, можна прымусіць іх і драпаць. Унь, як пад Баброўнікамі адзін палітрук разграміў іхні батальён пры адступленні — паўдня падбіралі сваіх забітых і раненых немчыкаў...

Раптам музыка змоўкла, і на сцэну выйшла зграбная паненка. Яна была вельмі высокая. Кідаліся ў вочы яе пышныя белакурыя валасы.

«Ага, вось чаму называюць цябе Белай! I прыгожая, зараза, нічога не скажаш!..»

Выгаворваючы надта старанна фразы, ад чаго яе нямецкая мова прагучала няўклюдна і грубавата, бландзінка кінула ў залу жарт. Я яшчэ не паспеў злавіць сэнсу гэтага жарту, а салдаты ўжо дружна зарагаталі. Дзяўчына пачакала, каб у зале сціхлі, тады кіўнула сваім музыкантам. Аркестр сыграў уступ, затым яна прыемным сапрана заспявала на матыў вальса Іягана Штраўса:

«Wierne Blut!..»

— Ану, камэрадэн, бярыцеся за рукі і дапамагайце мне! — раптам закамандавала яна ўжо па-свойску ды ўскінула рукі, як два клічнікі.

Ну, і пачалі: « Wierne Blu-ut, wierne Blut!..»

I сапраўды маладыя салдаты, пераадолеўшы скаванасць, абняліся, падхапілі прыпеў ды загайдаліся.

Выклікаўшы рытмічнае ажыўленне ў зале, спявачка стала як бы яшчэ вышэйшай. Аркестр то сціхаў, то гучаў на ўсю залу, а паслухмяныя салдаты ад каманды яе белых рук плаўна ківаліся то ўлева, то ўправа і з захапленнем дружна падпявалі. Яны ўжо цалкам былі пад яе ўладай.

А са мной адбывалася дзіўная з'ява.

Бытта стагоддзямі накопленыя ўва мне сум, мары ці нейкі нявыказаны жаль раптам знайшлі выхад у прыемным голасе гэтай жанчыны. I я цалкам трапіў пад яе чары. Я таксама ёй падпяваў, не заўважаючы нават, што паўтараю нямецкія словы, ды з нейкай не-зямной асалодай адчуваў, як пругкія, маладыя нашыя галасы, абмежаваныя сценамі, знаходзяць адзін аднаго ў гэтай зале, пераплятаюцца ды імчаць у нейкую чароўную вышыню, а нам абаім хораша, і я вельмі шчаслівы.

Колькі працягвалася блажэнная асалода — мінуту, пяць мінут ці цэлую гадзіну,— не ведаю. Я нават зусім забыўся, чаго сюды прыйшоў, а толькі як скрозь імглу адчуваў, што мая спадарожніца нецярпліва мяне штурхае ды нешта гаворыць.


4.

Пасля канцэрта я праводзіў Ніну.

Зайшлі мы да Пятэльскіх на кухню. Запалілі лямпу.

Праз нейкі час на кухню заглянула бландзінка. Зірнуў я на яе і ўжо не пазнаваў. Цяпер гэта была бездапаможная жанчына, да таго ж надта стомленая, пабляклая і зусім непрывабная — нібы яе падмянілі.

Убачыўшы нас, артыстка вінавата прамовіла:

— Добры вечар!

Мы прамаўчалі.

Артыстка разгублена тыцнулася да вядра, к пліце, Падняла накрыўку каструлі.

— Гарачая вада, Ніначка, ёсць?

— Шчэ не гатавала.

— Шкада-а...

Сказала яна гэта расчаравана, упаўшым голасам, нібы ад гарачай вады залежыла яе жыццё, і яна цяпер ужо не ведае, што і рабіць.

Трэба было дзейнічаць. Але з прыходам Белай у мяне абмерла сэрца. Я адчуваў сябе нікчэмнасцю — маленькім ды зусім бяссільным. Я адчуваў сябе, нібы той шкаляр перад строгай настаўніцай, якая нечакана зайшла да яго ў дом.

Перамену ўва мне Ніна заўважыла не адразу. Калі ж нарэшце яе ўбачыла, абвяла мяне здзіўленым позіркам і сказала артыстцы, як адрэзала:

— Будзем вячэраць —нагрэю!

— Калі ласка, вельмі вас прашу!

Ніна тону не збаўляла:

— Закіпіць — паклічу.

— Я не за так!.. Разумею, дровы цяпер дарагія... Вось вам сахарын за гэта!

Артыстка накіравалася да стала, каб пакласці картонны пачак — якраз такі, у якіх да вайны прадавалі ў аптэках аспірын.

— К чаю вам...

— Дроў мы не купляем — прывозім з лесу самі! А гэтага г... нам не трэба, у нас шчэ цукар е! — ужо бесцырымонна паперла артыстку маладая гаспадыня.

— Прабачце, я хацела вас аддзячыць,— пакрыўджана забрала яна пачак.

Калі Белая выйшла, я нешта прамямліў, але злосная Нінка мяне ўжо не слухала — пакрыўдзілася. Хоць я быў вінаватым у аднолькавай ступені з Белай, Ніна, надзіва, злосць пастаралася сагнаць толькі на артыстцы:

— Прыстае, зубы загаворвае!.. Раніцой пра якоесь грудное дзіця дапытвалася, а цяпер суне гэтую агіду, шлюха, нямецкая падсцілка, цьфу!

I ў нашым доме покуль што сахарын не ўжывалі — хапала мёду. Тое, што я бачыў, выклікала да Белай жаласць, але я прамаўчаў — не хацеў дражніць сяброўку. Зрэшты, трэба было мне думаць, як цяпер дабрацца дамоў.

Даўно пачаўся каменданцкі час, ісці па дарозе — трапіць пад кулі. Таму павалокся я ў цемры хмарнай ночы цераз поле і балота да сябе на хутар, а ўвесь канцэрт, як наяву, быў перад вачыма. Успомніў пра заданне і адразу адчуў, як нешта выслізгваецца з маіх рук, таму, агорнуты неспакоем, стаў я лаяцца:

«Здрэйфіў, нікчэмнасць! I перад кім? Правільна Нінка казала — перад якойсьці нямецкай шлюхай!..»

«Мама казала, што плакаць хочацца на яе канцэртах. А як жа, заплачаш!..» «Эх, дубіна! Ёлуп цара нябеснага!..» «Ну, пачакай, краля, заўтра ж я за цябе вазьмуся не так!..»

I ўбачыў ужо сябе пераможцам сэрца артысткі. Вядома, я ёй велікадушна за ўсё дарую..

Разыгралася фантазія і намалявала карціну, як мы з Белай пранікаем у нямецкі штаб, выкрадаем важныя дакументы. Потым яшчэ рабуем Беластоцкі «Рэйхсбанк» — партызанам, і нават самому Мішыну з яго дэсантнікамі грошы спатрэбяцца. Новенькім «мерседэ-сам», паўнюткім мяшкамі з купюрамі, прыставіўшы рулю пісталета шафёру ў вісок, нясёмся па шашы ў лес!..


5.

Яшчэ ў Пятэльскіх я даведаўся, што ў наступны дзень трупа адпраўляецца ў Беласток. Якім, артысты паедуць вагонам, здагадацца было няцяжка: поезд меў толькі два пасажырскія вагончыкі без перагародак — адзін «фюр дойтчэ», другі «фюр полен». Сесці ў поезд гастралёры маглі толькі на Валілскай станцыі.

Каб асвоіцца з абстаноўкай, покуль даеду да Валіл, у вагон «фюр полен» сеў я на паўстанак раней — яшчэ ў сваёй вёсцы. Вагон быў пусты, калі не лічыць дзвюх жанчын, якія ехалі ў Беласток лячыць зубы.

Праязджаў я па знаёмым месцы і ўважліва прыглядаўся.

Тыя ж узгоркі, дрэвы, кусты ды правады на пранумараваных тэлеграфных слупах. Бытта і не прыйшлі сюды немцы, бытта еду вучыцца...

У вагоне насцярожваў толькі плакат. Паўпанак з залізанай прычоскай насцярожана прыклаў палец да вуснаў, а ніжэй былі надрукавааны яго словы: «Pst!.. Feind hörf mit» [32]

Астатняе ў вагоне было нязменным. I нават гэтаксама, як і да вайны, кандуктар шчоўкаў кампосцерам, прабіваючы дзірачкі на білетах пасажыраў.

Аб тым, што навокал фашысты, акрамя плаката напамінала яшчэ неасцярожная гутарка жанчын. Жанкі ціха адна адной паскардзіліся:

— Мінулы раз мой доктар ужо не ўзяў савецкіх грошай. Маслам плаціла.

— Усё цяпер, мілая, на абмен!.. А солі, мыла — ні на рынку, ні ў магазінах!..

— Шчэ было б паўбяды гэта, калі б не страх! Толькі і чуеш: таго забралі, таго расстралялі...

Яны глянулі на мяне, спалохаліся ды пачалі шаптацца. А я, здавалася, ужо асвоіўся з абстаноўкай. Вось і станцыя Валілы.

Перад акном праплыла знаёмая стрэлачная будка з іржавай бляхай на даху, два баракі, у якіх жылі яшчэ польскія чыноўнікі — бацькі маіх школьных сяброў. Памалу стаў наплываць вакзал і замёр — поезд спыніўся. Над уваходам у масіўны мураваны будынак красаваўся партрэт Гітлера, а ніжэй была выведзена готыкай цытата фюрэра: «Ich glaube an Deutschland und kämpfe dafür heute und morgen und In der Zukunft, bis der Sieg kommt!» [33]

Перад уваходам у вакзал і праўда тоўпіліся артысты, трымаючы загорнутыя ў брызент інструменты.

Белая была сярод іх. У яе пад курткай я заўважыў тую самую сукенку, толькі на шыі з'явіліся белыя пацеркі.

На пероне ішла праверка дакументаў. Два салдаты з вінтоўкамі накіраваліся і да артыстаў. Белая падала свой «аўсвайс». Покуль немец уважліва разглядваў дакумент, яе сябры чакалі ў такім напружанні, бытта ад таго, што салдат там убачыць, залежыць — жыць ім ці не жыць.

Нарэшце немец узняў галаву, нешта з пашанай спытаўся ў артысткі, тая з какетлівай усмешкай адказала ды кіўнула на сваю кампанію. Вярнуўшы ёй дакумент, салдат казырнуў і з сябрам накіраваўся да бабак з кошыкамі і бітонамі. Толькі тады яе калегі ажывіліся.

Неўзабаве аб'явілі пасадку. З ляскатам адчыніліся дзверы, пачуліся ажыўленыя галасы. Мужчыны дапамагалі салістцы падняцца ў вагон.

— А куды ж вы мне загадаеце сесці? — з гуллівай заклапочанасцю спыталася артыстка.

— Марыя Міхайлаўна, калі ласка, да мяне!

— Ні ў якім выпадку — вы ж з ім з Беластока сюды ехалі! I каля яго гэты страшны плакат!.. Вы тут сядзьце!

— Марыя Міхайлаўна, ашчасліўце мяне! Глядзіце, якая пышная прырода за акном для вашага любавання!

— Мае вы рыцары, пастараюся быць усюды, толькі з разлікам на пачастунак!

— У мяне — семкі!

— О, тады — да вас!

Я добра прыглядзеўся да Белай у Пятэльскіх на кухні і цяпер яе не пазнаваў зноў. Як тады на сцэне, артыстка ўжо зноў мела выгляд маладзенькай дзяўчыны, была пераноўнена бадзёрасцю, энергіяй і той самай чароўнай прывабнасцю. Яна ведала, што ёю захапляюцца, яе любяць, і купалася ў гэтых адданых позірках.

На мяне ж бытта замрачэнне найшло. Нібы ва мне адпусцілі спружыну, і ўсё тое, што спружына моцна дагэтуль трымала, раптам расслабілася, і я перастаў сабой валодаць, страціў здольнасць што—небудзь кумекаць, а гукі і фарбы набылі нейкі новы сэнс.

Да мяне не даходзіла значэнне яе слоў — мяне паланіла іхняя музыка. Я баяўся падняць вочы. Я зусім на Белую не глядзеў, але адчуваў яе рухі ўсімі клетачкамі сваёй істоты.

— Макар Мікалаевіч, вы сталі падобным на дыякана з сабора Пятра і Паўла, запусціўшы гэтую бародку,— прагучэў яе голас.— Думаеце, яна вас уратуе? Дай бог!

Хлапец, у якога прабівалася чорна-сіняя бародка, знарок надта сур'ёзна паказаў на плакат і з добрым нямецкім акцэнтам прамовіў:

— Pst!.. Feind hört mit!..

Усе зарагаталі смехам, падобным да плачу. Калі супакоіліся, Белая прадоўжыла гульню:

— А вы, Ільюша, з гэтым ланцужком на жываце — копія купца з «Навальніцы» Астроўскага, і як я раней не заўважала?!. Чаго засумавалі? Частуйцеся, калі ласка, смажаныя! Ільюша, нюні не распускаць, яны вам яшчэ спатрэбяцца! Глядзіце лепш на мяне! Бо няма большай абразы, рыцары, для прыгожай кабеты, чым тое, калі побач з ёю сумуе мужчына!

Белая і ў вагоне працягвала канцэрт. Бесцырымонна, як гэта ўмеюць рабіць толькі артысты, і бяскрыўдна кранала яна па чарзе кожнага пасажыра. З рускай непасрэднасцю знайшла нейкія словы нават для цётак і таксама ім насыпала семак — адзінага, мабыць, ласунку паднявольных людзей у часы акупацыі.

Калі б я мог цвяроза глядзець у тую хвіліну, я б даўно заўважыў, што ўсе яе спадарожнікі — маладыя хлопцы і толькі маскіруюцца пад «дзядзькоў». Аднак мне было не да назіран-няў. Я проста паглынуў імгненным, прагным позіркам і абвостраным слыхам усё, што мог бачыць, чуць, не прыцягваючы ўвагі: інтанацыю, наскі маленькіх боцікаў, беражок сукенкі, а калі адварочвалася спіной — каскады хвалістых локанаў. Нават семкі ў яе вузкай і белай далоні мелі для мяне асаблівы сэнс.

Я ўсім нутром жадаў, каб яна пачаставала і мяне, але насуперак гэтаму жаданню разумеў, што пачастунку не прыму. Я лічыў сябе нікчэмнасцю, якая не мае права на ўдзел у гэтай гульні. I калі артыстка наставіла сапраўды і мне руку, я спалохаўся, заматляў галавой і адчуў, як ганебна чырванею.

— Пожалуйста, угощайтесь! — прыемна для майго вуха прапела інтанацыя рускай мовы ў вуснах маладой жанчыны.

На секунду я быў вымушаны адарваць свой позірк ад пацерак, з жахам глянуў ёй у вочы і адвесці позірк ад яе вачэй ужо не мог.

З нялоўка настаўленай рукой артыстка, мабыць, па-сапраўднаму ўбачыла мяне толькі цяпер ды адразу разгадала, што творыцца ў мяне на душы. У яе сініх вачах з'явілася насцярожанае здзіўленне, потым — разгубленасць. На нейкае імгненне яна паказалася мне звычайнай бездапаможнай дзяўчынай, якой ветрам сарвала хустку з галавы, панесла па зямлі, а яна не ведае, што рабіць. Потым вочы яе пацяплелі. У іх я ўжо прачытаў амаль што мацярынскую спагаду, добразыч-лівасць і жаданне не то вывесці мяне з няёмкага становішча, не то зрабіць мне прыемнае, цамагчы мне хацела.

Адным словам, сядзеў я, хутаранін-індывідуаліст, як спа-ралізаваны, з душой, поўнай супярэчлівых перажыванняў, не здольны ні думаць, ні гаварыць, ні дзейнічаць. Я толькі адчу-ваў, што чырвань залівае ўвесь мой твар, шыю і нават — вушы.

Мае паводзіны збянтэжылі і артыстку. Яна пайшла ў канец вагона, нібы апараная.

— Эх, жизнь наша цветет пышным пустоцветом! — пастараўся згладзіць уражанне і цяжка ўздыхнуў мужчына з бародкай.

Больш ніхто не сказаў ні слова. Нібы я ўсім сапсаваў песню.

Белая больш не глядзела і ў мой бок, а я сядзеў ды пакутаваў.

Гэта было невыносна. Паслаў бы Мішын мяне нешта падпаліць, узарваць, нават зарэзаць якога—небудзь фашыста ці здрадніка — і я б заданне, напэўна, выканаў, але ж такое?..


...Белая напомніла аб сабе адразу пасля вайны пры незвычайных абставінах.

У пачатку лета 195... года паслаў мяне рэдактар у Крыніцкую машынна-трактарную станцыю апісваць работу парторга — лепшага ў вобласці па МТС. Па дарозе з Гродна, не памятаю ўжо чаго, заглянуў я ў Ваўкавыск. Затым выйшаў на Мінскую шашу ды стаў чакаць машыну ў бок Крыніцы.

Кожны раз, калі трапляю на гэту шашу, па целе пачынаюць бегаць мурашкі. Нечакаыасць агрэсіі, непадрыхтаванасць да вайны, пакінутыя без бензіну машыны, вопытнасць ды нахабства праціўніка — усё мне гэта добра вядома, аднак душа не хоча мірыцца і шаша Беласток — Мінск здаецца мне дарогай немаведама якога цярпення і гора. У першыя дні вайны на ёй было кінута шмат нашых танкаў ды іншай вайсковай тэхнікі. Кюветы і абочыны ўздоўж яе былі ўсланы трупамі чырвонаармейцаў, цывільных мужчын, жанчын і дзяцей, якія не паспелі эвакуіравацца з Беласточчыны, а «месеры» ім на галовы выкідвалі цэлымі скрынямі маленькія бомбачкі, ад якіх не было ратунку. Тут блытаўся і я, ачмурэлы, ды дзівіўся — чаму так здарылася. Пытанне не пакідае мяне ў спакоі да сённяшняга дня, як не пакідаюць сны пра вайну. Цяпер ля гэтай шашы не магу ні смяяцца, ні голасна гаварыць. Калі гляджу на дарожны пыл, такі нявінны сабе і звычайны, на прыдарожныя кветкі ды маўклівыя кусцікі, мне тады здаецца, што гэта цені і душы тых ахвяр, якія ад ветрыкаў сцелюцца перада мной, не сцяблінкі сакавітай травы, якія выраслі на жывой глебе, а — людскія натоўпы; тады штосьці сціскае горла ды перашкаджае дыхаць.

Адным словам, чакаў я ды думаў. Гіаступова заўважыў, што паблізу знаходзяцца яшчэ людзі. У кювеце сядзелі тры жанчыны. Самая маладая, каравокая, чамусьці плакала, астатнія яе суцяшалі, а яна скрозь слёзы казала:

— У вайну для бандытаў і паліцаяў бардак са сваёй хаты зрабіла, то і цяпер... Так апанавала вёскай, так ёй авалодала, так усіх аблытала, што няма нікому жыцця. Што хоча, тое і робіць. Са старшынёй калгаса, з настаўнікамі, з мужыкамі... Усе да яе бягуць, валакуць грошы, бяруць у доўг. П'юць, а потым распутнічаюць, крадуць, б'юцца. Прыедуць з міліцыі пратакол пісаць ды — дзе там: таго спойвала, калі шчэ партызанам быў, таго пусціла ў вайну на ноч, калі з лагера палоныых уцякаў,— ніхто з іх пратакол да канца і не дапіша.

Што за ліха, аб чым яна?!

Ужо зацікаўлены пачынаю прыглядвацца.

На галаве ў маладзічкі — байкавая хустка. Сядзела жанчына, прыкрыўшы спадніцай ногі, ад чаго віднеліся толькі невялікія, з высокім пад'ёмам, чыстыя ды загарэлыя ступакі. I хоць яна хацела прыдаць свайму твару збедаваны выраз, аднак было відаць, што жыццё мілавала яе і жыве яна ў дастатку.

— Ах, чаго на свеце не бывае! — уздыхнула пажылая кабеціна.

— Ну,— згадзілася другая.— Такая сцерва адаб'е мужыка ад тваіх дзяцей, а ты шчэ нічога ёй і не скажы, от фокус!

— Што зробіш, бабская наша доля: так было заўсёды і так будзе да сканчэння свету.

Захацелася прыняць удзел у размове, і я да кабет павярыуўся. Жанчыны адразу заўважылі маю зацікаўленасць — іхнія твары ў момант парабіліся штучна ветлівыя.

— Так раскажы таварышу начальніку пра Соньку! Мо таварыш начальнік з горада, дапаможа! — падказала старэйшая кабеціна маладзіцы.

Але тая не падняла на мяне нават вачэй. Толькі высмаркалася ў канец хусткі ды ўздыхнула.

Узялася тлумачыць цётка:

— Гляньце вы, таварыш начальнік, то ж учора сабралася гэтая кабетка з мужыком на базар у Крыніцу. Але ён паклаў на воз клетку з парасём, пасадзіў ля сябе тую курву ды папёр каня. Ці ж так можна?! Бойцеся ж бога, хто гэта бачыў?!.

— Яе, цяжарную, скінуў, а нейкую лярву павёз,— дадала другая.— I на вачах людзей.

— Ах-ха-ха-ха-а! — уздыхнула маладзіца ды зарумзала зноў: — Яшчэ з воза яна мне фі-ігу пак-каз-за-ала-а!..

— Ну, супакойся, раскажы толкам!

— Род-дам я з Падароска. Як была дзеўкай, то ён кляўся і бажыўся, што будзе любіць адну мяне. Вывезлі яго ў Германію на работы, і да мяне адразу пачалі файныя хлопцы сватацца, але я нікога да сябе не падпускала, бо ўсё гэтага дурня чакала. А вярнуўся адтуль пасля вайны, і мне адразу далажылі, як ён у Кёльне жыў з францужанкай, але я яму даравала. I колькі шчэ паперажывала, калі яго за службу ў паліцыі следавацелі цягалі!.. Тата з мамай хату замной далі, ён угаварыў перавезці яе да сябе, у Вількаўшчыну. Навошта я, дурная, згадзілася?! Жыла б сабе пры маме, ка такі пасаг хлапец куды лепшы зкайшоўся б, столькі іх сваталася!..

— Пабочныя гісторыі мяне не цікавяць, вы пра галоўнае раскажыце! — паспрабаваў я перавесці гаворку.

Аднак у жанчын быў свой рытуал вядзення гутаркі, парушаць яго і не думалі яны.

— На тую хату — новую, з падмуркам?— здзівілася цётка, бытта нічога я і не казаў.— Чаму не, знайшоўся б кавалер шчэ і не такі!

— Мо і гэты быў бы чалавекам, каб не Сонька...

— Каб яго з тропу не збівала!

— Дык хто ж яна такая? — зазлаваў ужо я.

— Хто Соньку Хіцук не ведае?!

— Што мае дзеці праз яе намэнчыліся, нацярпеліся! — цягнула ўсё сваё маладзічка.

— Ці ж толькі ты мардуешся? Бегае, як сучка, і за іншымі мужчынамі, зазывае да сябе! Такога старога, як мой, не чапае, вядома, але чуць крыху маладзейшы...

— Бо свайго не мае!

— Самагонку тую жане, іх, дурняў, спойвае! А вядома, што іншаму абармоту трэба? Абы выпіць ды свежая спадніца.

— Цётка, што выдумляеце, хіба цяпер дазваляюць гнаць самагонку?!

Жанчыны паглядзелі на мяне, як на дурня.

— Заўша апарат у яе дыміць!

— Адкрыта!

— Ніколі яго з хлеўчыка не ўбірае!

На самагоншчыкаў — рассаднікаў хвароб, хуліганства, сямейных непаладкаў, зубы тачыў я даўно, і тут бабы закранулі мяне за жывое. Чаго не бачыў у той эмтээс? Лепш выведу на чыстую ваду пачвару-самагоншчыцу.

— Я з рэдакцыі. Даю вам, цёткі, слова гонару, што болей не пагоніць. Зараз паедзем з міліцыяй, забяром яе і ўсю апаратуру. Як дакладна яе зваць? — пачаў я запісваць сабе ў блакнот.— Хіцук Софія... Вёска?

Старыя падказалі.

— Ой, таварыш гарадскі! — спалохалася маладзіца.— Толькі рабеце як—небудзь так, каб ні адная душа не ведала, што сказала вам я, бо зараза маіх дзяцей пакалечыць, а мужык паленам прыб'е, як даведаецца! I паслухайце: сярод начальства яна мае паслушэнства, бо яны знаёмыя лічэ з партызан!

У гэты момант на асфальце з'явіўся «масквічок». Я падняў руку, машына спынілася.

— Толькі дваіх! — высунуў галаву шафёр.

— I вам у той бок? — спытаўся я ў маладзіцы.— Паехалі!

У машыне я ўжо маляваў сабе карціну, як заходжу ў міліцыю, як абураюся, што яна сама разводзіць нездаровыя ачагі, як потым з бравымі хлопцамі ў сініх мундзірах з малінавымі пагонамі прыбываем у вёску, як арыштоўваем распутніцу. Тады я пішу ў газету хлёсткі фельетон, а рэдактар замест эмтээсаўскага матэрыялу залічвае мне гэты.

— Тава-арыш,— даверліва зашаптала маладзіца, нахіляючыся да майго вуха.— У мяне ўжо е тры хлопцы, навошта мне чацвёртае дзіця? З такім дурнем і з гэтымі клопатаў хапае!.. Хадаіла ў Ваўкавыск, думала на аборт дамовіцца, цяпер правіцельства дазваляе. Але не ведала, куды звярнуцца. Сорамна пытацца ў чужых людзей... Палазіла, палазіла па горадзе дый вяртаюся ні з чым. Мо дапаможаце мне вы, га?

Я адчуў, што чырванею.

Апрытомнеў я толькі праз кіламетраў дзесяць, падумаў: чаго маю саромецца? Усё гэта чалавечае, а жанчыне сапраўды няма іншага выйсця. Што мне каштуе пазваніць у бальніцу ды спытацца?

— Добра, паспрабую ў Крыніцы разведаць у доктара. Прыеду ў вашу вёску з міліцыяй, вам скажу.

— Ой, рабеце толькі так, каб ні адна душа не здагадалася, што мы знаёмыя! Сонька шчэ маіх дзяцей пакалечыць, а муж з хаты прапрэ!

— Пастараюся.

— Налева унь Крыніцы. А мая вёска — направа. Мяне тут выпусціце. У горадзе хто яшчэ ўбачыць з вамі, перадасць, і бяды не абярэшся ад майго дурня. Я цераз палі да сябе павалакуся. Адгэтуль да Вількаўшчыны — восем кіламетраў.

Машына спынілася.


6.

Начальнік міліцыі Крыніцкага раёна, пажылы маёр, выслухаў мяне з насцярожанай увагай і без слова распарадзіўся падаць машыну. Калі мы выйшлі на двор, нас ужо чакала трохтонка.

— Калі ласка! — запрасіў ён мяне ў кабіну.

Там было толькі адно месца. Куды ж сядзе начальнік — наверх? Няёмка прыніжаць яго перад шафёрам.

— Я лепш — у кузаў! — скочыў я на кола. Маёр разгублена развёў рукамі.

— Тады і мне давядзецца з вамі...— выразна шкадуючы, што прападае месца з камфортам, кінуў чалавек ды пачаў узбірацца за мной.

На мацёрую самагоншчыцу начальнік чамусьці не выказваў дагэтуль ніякага абурэння. Прафесійная звычка — быць стрыманым і пакідаць эмоцыі адвакатам, пракурору?

Мабыць, не толькі таму.

Выглядала на тое, што чалавек не надта верыў у карысць нашай паездкі. Ехаў, бо баяўся мяне. Якраз ішла кампанія супроць самагона-варэння, рэдакцыя не давала спуску і міліцыі. Ды вось у Крыніцу з'явіўся з вобласці карэспандэнт, які лепш ведае, што тут робіцца, чым ведае ён, начальнік міліцыі цэлага раёна, што, мажліва, ужо гатовы матэрыял для фельетона.

Чалавека мне ўжо было шкада. Хіба ён вінаваты? За ўсім не ўсочыш. Сорамна, бытта пажылому і самавітаму дзядзьку вымушаны я паказаць, што ў яго ззаду на нагавіцах дзірка.

Нарэшце маёр з няўклюднасцю стараватага мужчыны пераваліў сваё масіўнае і нягнуткае цела цераз борт, прымасціўся побач са мной на лаўцы, паклаў на калені планшэт. Здзіўлены шафёр, высунуўшыся з кабіны, усё чакаў.

— Вількаўшчыну ведаеш?

— Так точна!

— Вязі!

Машына рванула.

— Лятучка наша паехала на аператыўнае заданне,— пачаў тлумачыць начальнік.— Давялося выпрасіць грузавую на маслазаводзе, прабачце...

— Дабяромся, таварыш маёр, і на такой! — запэўніў я чалавека як найбольш шчыра.— Лета, не памерзнем! — Хоць ты залезь пад дошкі ад таго, што гэты бывалы чалавек з такім вымоўным і самавітым тварам, трыма накатамі ордэнскіх планак на сінім кіцелі вымушаны мне, па ўзросце — яго сыну, дагаджаць. Кім ён быў у вайну? Камандзірам батарэі? Батальёна?.. Гэткага ніякая Сонька спаіць не магла б.

Парасеклі мы мінскую шашу, выскачылі на палявую дарогу.

Калісьці тут былі маляўніча параскіданыя ў купінах прысад дамы. Не адзін бывалы чалавек з—пад якога—небудзь Калініна, Волагды або Чэлябінска, мажліва, якраз у гэтую мінуту глядзіць на свае старыя раны ў ванне ці лазні ды ўспамінае з удзячнасцю бедную цётку з—пад беларускай Крыніцы, якая дала яму кавалак хлеба, кубак малака. А мо ўснамінае тутэйшага дзядзьку, які перавязаў байца, даў цывільную вопратку і завёў да партызан...

Потым фашысты помсцілі гэтым людзям — ні следу цяпер ад тых домікаў. Сям-там віднеліся кавалкі калодзежных цымбравін ды астаткі падмуркаў — бытта контуры старажытных крэпасцей.

А во, здаецца, у той вёсачцы жыла і Палагея Казлоўская.

У сянніку яе сястры жандары, шукаючы зброю, знайшлі палкавы сцяг. Сястру выратавала бяздзетная ўдава Палагея — яна сказала, што сяннік яе. Жандары загадалі збірацца ў камендатуру.

Цётка ведала, што едзе на смерць, дастала з сундука і апранула на сябе ўсё новае, на развітанне пацалавала сястру і маленькага, падабранага на ваеннай дарозе, сірату.

У гарнізоне паліцаі жанчыне на плечы цвіком прыбілі ў жывое цела сцяг ды так і павялі да шыбеніцы. Цётка была не вучоная і не мела здольнасці да прамовы перад смерцю, што потым прыпісала наша абласная газета. Ды і часу на прамовы каты не давалі — яны бываюць толькі ў кепскіх фільмах. Паліцай закідваў ёй вяроўку на шыю, і цётка Палагея толькі пракляла яго маці, самога абазвала дрэнню ды перахрысцілася — на, вырадак, вешай!


7.

Адным словам, быў я поўны рвення дапасці да Вількаўшчыны і вызваліць людзей ад агіднага павука, які зараз спрабуе аблытаць сялян сваім павуціннем.

Сустрэлі мы ўчастковага. Машына спынілася.

— Сяржант, вы ведаеце, дзе жыве Хіцюк Сонька? — спытаўся ў яго маёр.

— Ведаю.

— Кажуць, яна жане самагонку?

Малады міліцыянер здзіўлена паціснуў плячыма:

— А хто яе цяпер не жане, таварыш маёр?

—?!

— Чаму да Сонькі, таварыш маёр? Можам заехаць і да каго іншага, бо там у яе хаце — не ўвайсці!

Відаць, маёр хлапцу міргнуў, бо сяржант раптам прыкусіў язык.

— Падавайце сюды свой самакат, паедзем забіраць апарат! — маёр пацягнуўся па сяржантаў веласіпед.— Самі ў кабіну сядайце.

— У кабі-іну? — хлапец замяўся ды секунду вырашаў загадку, чаму там пуставала месца.

— Залазь, залазь туды! — выйшаў з цярпення начальнік.— Пакажы, дзе жыве, бо я даўно ў яе быў!

Нарэшце сяржант убачыў мяне і зрабіўся сур'ёзным. Хвіліну ён ламаў галаву, як быць.

— Я і адгэтуль шафёру пакажу! — участковы са сваім двухкалёсным транспартам ураз апынуўся наверсе.— I веласіпед буду трымаць!

— Паехалі! — не стаў больш спрачацца маёр.

Машына зноў узняла за сабой воблака пылу.

Я глядзеў па ходу трохтонкі. З левага боку ў зялёнай даліне віднелася Зяльвянка. Перада мной — выбоістая шаша. Ці хоць паспела зайсці маладзіца? Кіламетраў за тры на дарозе не было ні душы. З правага боку — узгорак з камяністым полем. На палетках ледзьве можна было разабраць замораныя кусцікі бульбы. Маёр паважна і салідна маўчаў, затое яго сяржанта аж разрывала — так хацелася пагаварыць беднаму.

— Ну і ўраджай тут у вас! — паспачуваў я.— Бульбы ўсяго па нятнаццаць цэнтнераў з гектара будзе!

— Нашыя мужыкі кажуць — нічога, што малы, радзіва дабавіць! — з хітраватай усмешкай заўважыў хлапец.

Маёр асуджальна на яго зыркнуў: маўляў, ведаеш, перад кім мелеш языком?! Я зарагатаў.

Паказалася вёска. Яе сонныя стрэхі выцягнуліся ўздоўж рэчачкі. Я сабе на хвіліну ўявіў, якая там страшэнная сумота. Успомніў намёк сяржанта, што самагонку гоняць многія, і Хіцук мне ўжо здалася не такой пачварай. Забяром у яе апарат, напішу артыкул, а што зменіцца? Ведае, мабыць, пра гэта. і начальнік міліцыі, таму такі абыякавы. Каб што—небудзь тут перамянілася, трэба штосьці іншае, чаго не ў сілах зрабіць ні я, ні маёр.

Раптам я ўспомніў просьбу маладзічкі.

Таварыш начальнік міліцыі, я думаю, трэба нам падстроіць так, бытта да Хіцук заходзім выпадкова.

Ля першых будынкаў маёр машыну стрымаў:

— Сяржант, пасядзі тут з вадзіцелем. Тлумач, каторая хата Соньчына.


8.

Хіцук жыла недзе ў канцы вёскі.

З маёрам крочылі мы па вуліцы. Адгэтуль вёска здалася яшчэ больш мёртвай. Сям-там лазілі парасяты, забаўляліся дзеці. Купаліся ў пяску куры. Перасохлая, засмечаная зямля. Струхлелыя платы. Усё зацярушана саломай, высахлым гноем. Электрычнасці няма. Да го-рада далёка. Праўленне адгэтуль кіламетры за чатыры.

З правага боку за брамкай тырчала пара старых. Абое пачцівыя, высокія, хударлявыя і апранутыя ў чорныя безрукаўкі з сукна.

— Таварышу начальніку,— затрымаў стары маёра ды ледзьве не абыякава аб'явіў: — Нас абакралі.

Насцярожаны маёр спыніўся.

— Але! — пацвердзіла бабка.— Прыехаў з флоту на пабыўку ўнук і ноччу забраў у нас трыццаць рублёў...

Мужык з жонкай чакалі, што скажа начальнік міліцыі. Нібы бездапаможныя дзеці глядзелі яны з надзеяй і верай. Зрабілася шкада — пакрыўдзіць такіх старых?

Аднак іхняя заява парушала нашыя планы.

— Ладна, Казлоўскія, мы яшчэ да вас зойдзем,— кінуў маёр.— Чакай нас дома, Юзэф!

— Каб не забылі толькі,— спалохана папрасіла бабка.

— Казлоўская, не бойся.

Так і не глянуўшы на мяне, старыя пакорна патэпалі дамоў. Людзі бачылі ў начальніку міліцыі апору, патрона. Я ж адчуў сябе тут лішнім прыблудай, але нізавошта но адстаў бы ад яго, бо прадбачыў нешта цікавае.

Праз некалькі хат налез на нас, абсыпаны мукой, п'яны мужчына.

— Таварыш маёр, здрасце! — ледзьве варочаў ён языком.

— Здароў, Мікодым.

— Здрасце, тав-варыш маёр...— пасунуў п'яны руку начальніку міліцыі, падтрымліваючы яе другой, ды спахапіўся, што маёр не раўня, і руку апусціў.

— Ну, здароў.

— Таварыш начальнік, бярыце мяне, я прызнаюся!

—?!

— Я ўзяў тыя праклятыя мяшкі! Тры штукі! Я!— незнаёмы грымнуў сябе кулаком у грудзі, ад чаго над вопраткай узнялася белая хмарка, а сам ён захістаўся на кволых нагах.

— Ты?

— Я! Толькі ўбачыў вас праз акно, так адразу ёй і кажу: «Ж-ж-жонка, ужо ідуць па мяне, збірай торбу з харчамі, цяпер мне — амба!...» Бярэце мяне, арыштоўвайце, таварыш маёр, прызнаюся вам, як на споведзі ў касцёле! — чалавек наставіў абедзве рукі, бытта яго мы меліся вязаць.

— Тады валяй у канец вёскі, там машына з міліцыянерам! — спакойна загадаў маёр.

Чуў ён пра пакражу мукі раней?

Удакладніць я не паспеў, бо глянуў за агароды на рэчку, і мяне як бы хто тузануў за руку — я ж тут бываў.

У сорак трэцім прыйшлі мы сюды ноччу з Гута-Міхалінскага лесу ўзрываць мосцік, каб у Крыніцы немцы не маглі пасылаць на лес браневікоў. Мінёры закладвалі тол, а я з сябрам вартаваў тут дарогу. Заадно прасіў у цётак смятаны для хлопцаў на вячзру...

Цяпер я раптам выразна ўчуў крухмальны скрып снегу, брэх сабак, якіх ужо даўно няма і на свеце, убачыў дураслівае блісканне дзявочых вачэй. У вялікім доме мы засталі кудзельніц і крыху падурэлі з імі.

У іншай хаце я амаль закахаўся. У баптыстку.

Адчыніў дзверы на кухню — чысціня, цяплынь, парадак, а на сценах ільняныя палотнішчы з вышытымі фразамі. Што гэта баптысцкія лозунгі, я здагадаўся потым. Покуль што маёй увагай авалодала дзяўчына ля печы. Яна была далёка не прыгажуня. Таўставатая. Залішне скуластая. Але зусім не такая, з якімі я кожны дзень сустракаўся. Надта хатняя. З разапрэлым тварам. У свежым зялёным світэры і новай сукенцы. З цёмнымі ад вады, мокрымі, толькі што ўкладзенымі ў моцны вузел косамі...

«Яна!» — як бы хтосьці крыкнуў мне на вуха, бытта ўразіла токам.

Хлопцы перабольшана жартавалі з яе бацькам, тактоўна абмінаючы веру гаспадароў, не заўважаючы лозунгаў, без прычыны спрачаючыся, а я сачыў. Дзяўчына трымалася асобна і нібы казала — на, глядзі, узірайся сабе на мяне, калі так хочаш!..

Я тады нават не пачуў яе голасу, а пасля цэлымі тыднямі, месяцамі марыў, каб мяне паслалі на заданне зноў праз гэтую вёску. Дом яе стаяў уздоўж вуліцы, памятаю добра. Цяпер чамусьці ўсе дамы стаяць шчытамі да яе...

А мо мне толькі так здаецца, і мы былі ў іншай тады вёсцы — усе яны так падобныя адна на адну!

Гм, дзесьці менавіта тут знаходзіцца і той млын, каля якога я бачыў Вальку Кананчучку з прорвай гусей ды мурзатых дзяцей. Мо дзядзька ўкраў муку якраз у яе мужыка? I не зойдзеш у госці, бо толькі перапалохаеш Вальку...

— Прыйшлі, відаць! — абудзіў мяне з думак маёр.


9.

Былі мы ўжо за вёскай.

Дарога ішла праз касагор. З левага, сонечнага, боку касагор спадаў лагодна ў рэчачку, а да яго правага боку прыляпілася хаціна з маленькімі шыбкамі, са счарнелай страхой ды крызым комінам з чатырох абсмоленых дошчачак. Адзін канец хаціны, напаўразбу-раны, наскрозь свяціўся.

Паміж дарогай і хаткай — лужа з астаткамі мыльнай пены і памыяў. На гэткім падворку, залітым сонцам, пад дзічкай стаяла нізкарослая маладзіца ў паркалёвай сукенцы, прышчастая дзеўка з грудным дзіцем ды кешкалася з паўтузіна абарванцаў. Пад кустом валяўся мардаты салдат і касіў вочы на голыя ногі дзеўкі.

— Добры дзень, Сонька! — павітаўся маёр. Маладзіца насцяро-жана адказала.

— Госці ў цябе? — маёр кіўкуў на вайсковага.

Салдат ужо прыкінуўся, што дрэмле. Адно цяпер я ўбачыў яго чорныя пагоны з дзвюма жоўтымі літарамі, якія паказвалі, што хлапец з вайсковага марфлоту. Няйначай — з берагавой абароны, але на вёсцы, вядома, лічыцца мараком.

Ага, мабыць, старыя Казлоўскія менавіта на яго скардзіліся.

— Змарыўся хлапец, таварыш начальнік, няхай адпачне сабе, хіба падворка шкада? — гулліва, зычна і маладжава, нават бы з какецтвам, выпаліла кабеціна. У яе былі моцныя і ладныя зубы, скуласты твар, кірпаты нос ды кароткія выгаралыя валасы. Парка-лёвую сукенку адтапырвалі грудзі.

— Чаму ж ты нас у госці не запрашаеш?

Па шэрых вачах кабеты і па яе твары прабег цень неспакою ды трывогі. Секунду яна вырашала: што ўсё гэта мае значыць?

— То заходзьце, калі не ганьбуеце маім палацам, прашу! — прамовіла яна ўжо няўпэўнена.

— Вядзі! — маёр накіраваўся да парога.

Толькі галаву не пабіце, асцярожна! Увайшлі мы ў сені. Гэта была нежылая палова хаты. Яе, відаць, паступова разбіралі на дровы. Маёр адчыніў дзверы направа, і мы апынуліся ў памяшканні.

Я ўпёрся галавой у засмоленую столь. Злева — печ. За ёю, уздоўж сцяны — прыкрытыя трантамі нары. Анучы на нарах — перамяшаныя з пацёртай саломай. Уздоўж другой сцяны перад намі — лава, стол. Каля правай сценкі — пуста. Ззаду ў нас — вядро і не-калькі саганоў. Падлога гліняная, не падмеценая. Сцены абдзёртыя.

Такую беднасць я бачыў толькі ў вайну. Страшна падумаць, што тут жывуць людзі.

— Колькі вас тут памяшчаецца? — здзівіўся маёр.

— Многа, таварыш начальнік! — Сонька кінулася выціраць нам есчарнелую лаву са шрамамі парэзаў.— Сюды, во, сядайце, калі не паганьбуеце!

— Як жа вы на гэты ложак улазіце?

— Папярок кладзёмся!

Толькі цяпер я заўважыў адзіную прызваітую рэч у хаціне. Ля печы стаяла новая дзяжа. У ёй, відаць, было расчыненае цеста, бо дзяжу гаспадыня накрыла цёплай хусткай.

— Сядайце, таварышы начальнікі, на лаву, сядайце! — кабета адчула спачуванне і адразу аджыла: голас яе стаў гасцінны, шчыры, ажыўлены.

Мы селі. На вёсках дзяжа лічыцца сзяшчэннай. На маё здзіўленне, Сонька апусцілася менавіта на яе, павярнула да нас твар.

— Ну, як жывеш? — пацікавіўся маёр.

— Самі бачыце — так і жыву! — ахвотна загаварыла жанчына.

— А дзе ж твой муж?

— Пахавала шчэ ў мінулым годзе!

— Так. ён жа ў цябе, здаецца, не стары быў?

— Туберкулёз зваліў... Яго пад Берлінам у лёгкае раніла. Дахтары казалі яму высцерагацца, але ж у нас такая хата... Захварэў і — няма!

Я ўжо глядзеў на кабеціну са спачуваннем і павагай; мяне ж і самога раніла — і ў лёгкае, і ў Берліне, і гэтаксама ўрачы папя-рэджвалі. Мо і служылі ў адной часці? Вядома, нумара палка яна не ведае.

— Фатаграфіі яго ў вас няма?

Сонька зірнула на мяне, як на дзівака, ды збыла пытанне маўчаннем.

Ля парога стоўпіліся дзеці з прышчатай дзеўкай і разглядвалі нас з тупой цікавасцю, бытта заморскіх звяроў. Быў канец лета, зага-ру ў малых — ні следу. Не дзіва — пігмент вырабляецца адно ў здаровым і добра харчаваным арганізме. Брудныя і струпастыя тварыкі мелі зямлісты колер. З дзеўкай і дзіцём, якое яна трымала, я налічыў шэсць душ. Маці — сёмая. Амаль у два разы болей, чым членаў маёй сям'і. Як такую араву пракарміць, як даглядзець? Хтосьці разумны прыдумаў дзяржаўную дапамогу шматдзетным сем'ям. А маці на выгляд зусім маладая.

— Шчэ тут не ўсе,— Сонька заўважыла, што лічу яе сямейку.— Старэйшая дачка пайшла ў Ваўкавыск паддувацца ў тубдыспансер. Зара вернецца...

— Вы — маці-гераіня?

— Не. Самае меншае — яе! — кіўнула яка на дзеўку.

— Яна ўжо замужам? — са здзіўленнем зірнуў я на яе пухкія, як у дзіцяці, калені і твар.

— Шчэ не! — маці з бессаромнай весялосцю перавяла вочы з дачкі на маёра, мяне.

Успомніў я каравокую маладзічку, у якой гэтая мнагадзетная распутніца і самагоншчыца адбівае мужа, і спахапіўся:

«Фу, раскіс, як баба. Ці маю права быць добранькім? Мо «балціец» і грошы ўкраў, каб заплаціць ёй за паўлітра. А муж — паранены пад Берлінам, памёр інвалідам вайны. У хаце хворая дзеўка, нэндза. Ліха на яго, як усё заблытана!»

Я неспакойна паварушыўся, паклаў рукі на стол. Пальцы мае натрапілі на абгрызены пенал, невылівайку, самаробную торбу з кужалю. I мне калісьці маці пашыла дакладна такую самую торбу кароў пасвіць, а ў гэтай — сшыткі. Падручнікі — жмуты пацёртай на мачала паперы. Недзе ходзяць з гэтым у школу, настаўнікі ў такіх сшытках выводзяць адзнакі...

— Сонька, а на чым ты сядзіш? — пацікавіўся маёр.

— От, няма на чым іншым, то сабе села абы на што і сяджу! — пасля хвілёвай разгубленасці кінула маладзіца з фальшывай бестур-ботнасцю.

— I пахне нешта ў цябе...— пацягнуў маёр носам.

— Мала чым можа пахнуць?!

— Ану, падніміся!

З вясёленькага настрою ўдава перайшла адразу да слязлівай просьбы ды хапіла маёра за рукаў:

— Таварыш нача-альнік, не трэ-эба!

Але мужчына ўжо звалок яе з дзяжы, сцягнуў цёплую хустку, зняў века.

У дзяжы ўзыходзіла наздраватае бардовае цеста. Пах браджэння цяпер пачуў і я. Толькі зараз уцяміў — гэта ж і ёсць славутая брага, з якой гоняць самагонку.

— Што ты надумаўся рабіць?— раптам перамянілася жанчы-на.— Дзяцей загубіць хочаш?!. Лю-удзі, рату-уйце! — загаласіла яна з надрывам, I адразу дапамаглі ў гэтым шэсць галасоў; у хаце ўзняўся лямант. Маёр спакойна чакаў, каб у памяшканні супакоіліся.

У мяне сціснулася сэрца ад літасці. Я крануў жанчыну, папрасіў:

— Перастаньце, малых палохаеце! Удава мяне бытта і не заўважала.

Гэтая чарнявая ведзьма паддала мяне, я ведаю! Усё жыццё чапляецца з—за мужа! Чаму яе там у Падароску машына не раздавіла, трактар не пераехаў, шалёны сабака не пакусаў?!. Хай задавіцца сваім лысым прыдуркам! У вайну я са сваім мужыком усё ад яго ха-валася і дрыжала, каб у камендатуру на нас не данёс, а цяпер бяды ад яго ведзьмы маю! Ах, чортавая зараза, паддала ўжо!..

— Ніхто вас не паддаваў,— спалохаўся я,— мы зайшлі да вас выпадкова, не плачце!

— Не плакаць?! — толькі цяпер убачыла яна і мяне.— А чым дзяцей мне карміць загадаеш? Ты ім хлеба дасі, ты-ы?!. Паглядзі, панок, што на мне!

Жанчына адхіліла на грудзях сукенку і паказала голае цела аж да жывата.

— Так зімой і летам хаджу, а ты шчэ кажаш не плакаць! Мне выць трэба, глядзі!

Кабета падляцела да сцяны і ткнула кулаком у дзерава там, дзе бярвенні ўваходзілі ў вушак ад акна. Рука яе па локаць улезла ў спарахнелае дзерава, а цераз сцяну засвяцілася дзірка; сцяну гэтую будавалі, напэўна, да адмены прыгоннага права.

— Твае дзеці, панок, у цяпле жывуць? Думаеш, мне не хочацца, каб не мерзлі і мае? Пасядзеў бы тут зімой!..

Раптам я адчуў, што сапраўды чамусьці вінен у яе беднасці, як і ў тым, што знайшлі ў яе брагу. Як найбольш мякка, я запрапанаваў:

— Трэ ісці працаваць у калгас, то будзе ў вас хлеб і да хлеба.

— А ты сам хоць адзін дзень парабіў у калгасе? Ты ведаеш, што гэта такое? Летасьцэлае лета жала са сваёй сям'ёй, а брыгадзір мые і грама не выдаў! Каб з яго, п'яніцы, на тым свеце ў пекле гэтак збыткавалі, як ён з маіх дзяцей назбыткаваў!

— Іхні калгас амаль нічога не выдае на працадні! — асцярожна ўставіў маёр.

— Даведку дачцэ вырабіць для бальніцы — нясі сакратару сельсавета літар! Завезці да доктара дзіця— каня пе дадуць без літра! Купіць што дзецям на ногі трэба, а ўзяць грошай адкуль? Хто мне іх заробіць, хто дасць, як не за паўлітра? Хату трэ паставіць, лесу да-мовілася купіць, адкуль мне ўзяць на той лес тысячы? За гарэлку — калі ласка?..

— Ну, перабольшваеш, не зусім так!— абарваў яе маёр.— Сонька, ты добра ведаеш, што самагонку гнаць забаронена. Дзе твой апарат?

Жанчына апусцілася на лаву, паклала на калені рукі. Жылы на іх набухлі. Сонька паплявала на іх ды пачала пальцамі расціраць.

— У хляве, бярыце! — кінула яна, стомленая, пасля доўгай паў-зы. Потым цяжка ўздыхнула ды загаварыла спакайней: —Не забірай-це яго, таварыш маёр! Ён не мо-ой, мне добрыя лю-удзі пазычылі...

— Нічога, нічога, скажаш ім, няхай дзякуюць, што шчэ танна абышлося і так.

Выйшлі мы на двор. За хатай быў хлеўчык. У агародзе па калені ў гнаі стаяла карова. Побач — змайстраваная печ з сістэмай жалезных бочак, катлоў і медных трубачак. Самагонны апарат я бачыў упершыню. Даволі прымітыўная канструкцыя. Дзве ржавыя бочкі з адціснутым нямецкім словам «petroleum». Счарнелая медзь трубачак. Нядбайна склееныя глінай цагліны. Вышчарблены і брудны гаршчок, куды сцякала разагрэтая вадкасць. У печы спакойна сабе гарэлі трэсачкі...

Маёр перакуліў нагой гаршчок, разбурыў печ, затаптаў агонь. Выкаціў бочкі на двор, папрабіваў сякерай. Рабіў усё гэта ён не спяшаючыся, з веданнем справы.


10.

Вярнуліся мы ў хату. Начальнік міліцыі паклаў ка лаву медныя спіралі, палез у планшэт па блакнот.

— Дзядзя-а, не забірайце мамку-у! — абкружылі яго дзеці.

— Не садзіце ў турму-у!

— Нічога, дзеткі. Забяруць мяне, забяруць і вас, вам будзе не горай!

— Ма-ам, мы не хо-очам, нікуды, не хадзі-і!

— Не дава-айся!

— Дзядзя-а, не бяры-ыце яе!

Малыя павіслі ў маёра на кіцелі.

— Ладна, дзеці, мы яе не возьмем,— запэўніў ён.— Толькі марш адгэтуль на двор! Марш, марш, марш!— начальнік павыпіхваў усіх у сені, зачыніў дзверы.— Сонька, падыдзі бліжэй, пратакол будзем пісаць.

Жанчына не кранулася з месца. Рушыўся парадак яе жыцця, і перад сабой цяпер яна не бачыла выйсця.

— Пішыце што сабе хочаце!—заявіла яна апатычна.— Пішыце і мяне забірайце. Заадно бярыце і малых, горай нам не будзе там, абы былі разам!

Пратакол — гэта суд. Трэба быць апошнім шэльмай, каб садзіць кабеціну ў турму. Маёр з пытаннем глянуў на мяне — ці не стану потым скардзіцца, што ён парушыў закон?

— Ты, кажуць, у партызанах была? — спытаўся ён так, нібы мне аб'яўляў.

— Бытта не ведаеце! — падхапіла яна намёк.— Дзіця грудное мела, таму ў лес не бралі. З мужыком былі ўсяго толькі сувязныя. З Беластока, а нават з самай Варшавы ці з Мінска ўвесь час да нас прывозілі пасылкі. Тады брала малую — тую, што цяпер туберкулёзам хварэе — на рукі, пакет загарну ў пялюшкі і сцежачкамі ля гарнізона — у лес, а там мяне ўжо чакаюць.— У жанчыны вочы бліснулі гневам: — За гэта потым усе яны сабе паатрымлівалі чыны, ордэны, ма-шыны, а нам з мужам выдалі — фігу!

Маёр пабачыў, якое ўражанне на мяне зрабілі яе словы, і ўжо ўпэўнена аб'явіў:

— Ладна, пісаць нічога не будзем. Толькі больш не жані гэтай дрэні, не ганьбі сябе! — ён схаваў блакнот і накіраваўся да пліты.— А брагу, Сонька, пасалю. Дзе ў цябе соль?

— Пакі-іньце, таварыш начальнік! Апошні раз выганю! Столькі мукі, столькі дражджэй змарнавала!.. Дзецям што—небудзь прыкуплю. ім жа ў школу хутка, не псуйце дабро-о!..

— Сама ведаеш, што не магу так пакінуць — закон.

— Вы ўсё мо-ожаце!..

— Нічога — карове яе аддасі.

Сокька напружана сачыла за яго рукамі. Маёр з вышчарбленай глінянай міскі зачарпнуў жменю солі, кінуў яе ў бардовае месіва. Брага ціха сыкнула — нібы надутая камера спусціла дух. Удава адразу асунулася — бытта ў яе на вачах толькі што памёр родны чалавек.

— Трубкі пакіньце,— папрасіла глухім голасам.— Добрыя людзі пазычылі мне...

— I іх забяру, нават не прасі. Гэй, матрос! — стукнуў ён у шыбу.— Ану, занясі мне змеявік у машыну — у канцы вёскі яна!

— Слухаю, таварыш маёр! — даляцела з двара. Салдат ляніва ўвайшоў у хату, узяў трубкі ды паплёўся.

Калі за хлапцом зачыніліся дзверы, Сонька не вытрывала. Яна хапілася за галаву ды ўпала ў істэрыку зноў:

— Ах, гэтая курва, ах, чортазая ведзьма, як яна загубіла маіх дзяцей?! Ну, цяпер табе каўтуны вашывыя павыдзіраю, будзеш бачыць свайго лысага чорта!.. Гэты матрос і сіратой з—за яго пакутуе, Палагея Казлоўская праз яго загінула!.. Лукашык убачыў яго ў Зеляневічах і шапнуў: «Скачы бягом у сваю вёску і скажы Палагеі, хай аддасць каму дзіця ды ў лес уцякае, бо да яе едуць з вобыскам нем-цы!» Але ж яму прыспічыла выпіць з кампаніяй. У Вількаўшчыну прыбыў, калі яе ўжо забралі. Потым пабаяўся, што не даруюць яму партызаны, падаўся служыць у паліцыю Да Ізабэліна! Пастаяў на варце тры месяцы перад камендатурай ды ўцёк да Германіі рабіць на завод!..

На жаль, я тады яшчэ зусім не ведаў, хто такі быў Лукашык, што за пакеты прыбывалі з Беластока, Мінска і Варшавы ў Вількаў-шчыну, якую ролю сыграла Казлоўская ў жыцці артысткі Белай і што за дзіця гадавала ўдава. Я толькі бачыў мнагадзетную жанчыну, якая сыграла ў вайну пэўную ролю, а цяпер патрабуе ад мяне дапамогі.

— Не плачце, супакойцеся! — пачаў я зноў суцяшаць,— Мы вернемся ў раён да начальства ды пастараемся, каб выдзелілі вам лесу, грашовую дапамогу...

Удава зняважліва на мяне зірнула.

— Буду я не Сонька, калі не выдзеру ёй слепакоў!

Вось і надышоў якраз момант ствараць умовы, каб зайсці да маладзіцы.

— Скажыце, пра каго вы ўсё гаворыце, хто вам перашкаджае? Мы зараз пойдзем і папярэдзім, каб вас не чапаў. Я з рэдакцыі. Напішу пра яго ў газеце. Пра якую жанчыну вы ўсё гаворыце?

— Так вы і праўда яе не ведаеце? — Сонька паказала праз акно: — Унь, у шаляванай хаце жыве!

— Ну, нам трэба ісці,— уздыхнуў маёр.— Цяпер я нічога канкрэтнага не абяцаю, а вярнуўся ў раён, пагавару з начальствам і падкінем табе што-небудзь. Калі будзе пастанова, заеду і скажу. Не забудзь вядро вады завалачы ў хлеў. Агонь мы затапталі, гарэць там у цябе няма чаму, аднак на бяду мала трэба.

— Бывай!

— Ой, пачакайце! —- успомніла ўдава ды кінулася да дзвярэй.

Цяпер толькі я ўбачыў у сенях высокага мужчыну ў сіняй фуфайцы ды гумавых ботах.

— Гэта мой брат! Гэты — усе тры гады вайны прабыў у Гута-Міхаліне! Цяпер жыве тут, за рэчкай! — Сонька выхапіла з яго рук бутэльку самагонкі з папяровай затычкай.— Тава-арыш, не адкажы-ыце нам, заста-аньцеся, пачасту-ую вас!

Я ачмурэў.

— Не! — кінуў маёр ды рашуча пайшоў з хаты.

— То вазьміце з сабой, у Крыніцах вып'еце!— пабегла за ім удава.

Я не вытрываў і зарагатаў. Кабеціна глянула на мяне, пакрыўдзілася і адстала. Мне зрабілася няёмка.

Зноў мы крочылі па вёсцы ўдвух. Толькі я цяпер адчуваў сябе з маёрам зродненым, як роднішся на фронце з новым салдатам ці камандзірам пасля першага бою. Мы абодва перажывалі тое, што бачылі.

— Старшыня калгаса тут нікудышні,— нібы думаў услых, нібы скардзіўся мне маёр.— Васько. Адкуль яго ўжо ні здымалі!.. Вількаўшчыну далучылі яму нядаўна. Яшчэ і са сваімі вёскамі не разабраўся, навошта яму клапаціцца пра гэтую?.. Зрэшты, Васько такі, што прапанавалі б далучыць яму Марс, і ён не адмовіўся б, а потым не заглядваў бы і туды.

Маёр уздыхнуў:

— Эх, кадры вёсцы патрэбны ды грошы на будаўніцтва! Праўду кажучы, то і Сонька з такіх баб, што не надта з ёю дамовішся. Ляні-вая да работы, уяўляю сабе яе працадні. Дзеўкі дома, а які бруд, і нават не саромеецца. Як, птушкі божыя жывуць, адно апраўданне — цемра. Давайце заглянем цяпер да Юзэфа!

— А я мушу шчэ зайсці да Соньчынай саперніцы! — спахапіўся я.— Найду вас у Казлоўскіх!


11.

Ступіў я на чысценькі падворак. Ашаляваны домік быў пакрыты гонтай, вокны пафарбаваны ў сіні колер. Зайшоў я ў сені, адтуль — на кухню. Там была падлога з новых дошак. Шыбы, мэбля свяціліся чысцінёй і свежасцю. Сцены — белыя, без плямінкі.

За пакрытым новай цыратай сталом абедалі — лысы мужчына, тры юркія дашкольнікі і каравокая маладзічка. У дарослых лыжкі застылі ў руках. Шустрыя ды загарэлыя хлопчыкі ўзнялі на мяне жывыя, цікаўныя вачаняты.

— Дзень добры! — павітаўся я.

— Дзень добры...— пасля паўзы, насцярожана буркнуў мужчына.

— Прыемнага апетыту.

Мужчына нездаволена прамаўчаў.

— Дзякуем! — падхапіла яго жонка.— Калі ласка, да стала, тут шчэ і вам хопіць!

Кабета нахіліла каструлю са стравай. Запахла перцам, лаўровым лістам, развараным гарохам. Няўжо яна ўправілася і абед згатаваць?

— У Крыніцы паеў.

— Тады хоць сядайце! — падставіла яна сваю табурэтку.

Я сеў і глянуў на яе мужа.

Ахайная зялёная куртка з замком. А галава! Звычайна лысіны бываюць у людзей поўынх і дадаюць ім саліднасці. Гаспадар жа меў худзенькі тварык, сам быў шчуплы, таму чэрап яго разіў галізной — чалавек выглядаў на коміка.

Мужчына ўсё быў насцярожаны, і я адвёў вочы. Яшчэ раз палюбаваўся чысцінёй і парадкам у памяшканні, шустрымі, коратка стрыжанымі лобікамі малых.

Пра што гаварыць?

— У мяне да вас справа, — пачаў я няўпэўнена. — Але няхай мо спачатку дяеці пад'ядуць, каб без іх...

Маці так і не садзілася болей, яна падхапіла:

— Паелі ўжо!

— Ай, ма-ам, шчэ не-е! — занылі хлопчыкі — ім яўна захацелася паслухаць дарослых.

— Хлопцы, а ну марш на двор! — крыкнула маці.

Дружна загрукаталі табурэткі. Стукнулі дзверы. Мы засталіся ўтраіх.

Муж усё гэтаксама спадылба насцярожана глядзеў. Яму было каля трыццаці пяці. Зялёная спартыўная куртка на замку рабіла чалавека спрытным і маладжавым.

Што ты за фрукт і чаго мяне гэтак баішся?

— Скардзяцца на вас, што людзям жыць перашкаджаеце?

— Хто? — са шчырым здзіўленнем узняла цёмныя бровы мала-дзіца, а муж трывожна заёрзаў на табурэтцы.

— Софія Хіцук.

— Хіцу-ук? — як артыстка разыграла кабета.

— А хто вы такі? — непрыязна буркнуў муж.

— З рэдакцыі. Правяраю факты для фельетона.

— Я ў Соньчын бок нават не гляджу! — лёгка падхапіла маю выдумку маладзіца ды з імпэтам напала на мужа: — Гэта ты ад яе не вылазіш! Столькі грошай распутніцы перанасіў, а яна, бачыш, шчэ брэша на цябе! Во, так табе, яловаму дурню, і трэба! Толькі ж ты глянеш у вочы дзецям, калі кожны малы стане тыкаць ім шчэ і газетай?!

— Змоўкні! — не надта ўпэўнена буркнуў ён ды бліснуў на мяне вачыма, поўнымі затоенай злосці.

— А оты не буду маўчаць! Не буду! Намаўчалася, досыць! — яна адвярнулася да печы ды з сілай бразнула бляшанай міскай па пліце. Але і гэтага здалося ёй мала: — Што, думаеш, на цябе і ўправы няма? Як ты дужы, то табе ўсё дазволена?

— Мне сказалі на вёсцы, што ён б'е вас, гэта — праўда?

— Хай вам сам пра гэта раскажа! I пра ўчарашняе! Чаго вады ў рот набраў!

Я сабе тут пагавару ды пайду, а ім трэба жыць разам, дзяцей гадаваць. Ліха на яго, складаная сітуацыя, не азлобіць бы адно на другое. Угаворваць? Звычайна мы слухаем парады старэйшых, а я ім — амаль равеснік. Дзе ў яго слабінка, каб зачапіцца? Лысы баязлівец, а з такім можна і не цырымоніцца.

— Дык вы, значыць, учора нічога другога не прыдумалі, як пабіць жонку? — схітраваў я зноў.

— А чаго яна есці не наварыла? Я гэтым займацца буду?! — падскочыў муж на табурэтцы.

Нездарма з—за такога загінула Палагея. Дзе былі вочы ў таго Лукашыка, каб такому даручаць сур'ёзную справу? I ездзіў па свеце, а толку — ніякага. Яшчэ і францужанка ласілася на такога...

Маладзічка расплакалася:

— Бо толькі ўбачыла, што зноў... У мяне ўжо е тры хлопцы! I так расстроілася, што злягла-а-а... А табе адразу біцца? У хаце не было чаго есці і ты з голаду ўмёр бы? Сына прымусіў назносіць каменняў і давай пуляць у дзверы...

— Мы прыйшлі з агарода, а вячэры — няма! — усміхнуўся ён дурнавата.

Жыццё гэтай прыгажуні працякае таксама не ў ружах. Аднак знергічная, ахайная і поўная здароўя маладзічка зможа і без мяне надзець вуздэчку на свайго мужанька.

Я не даў ім больш сварыцца, паспрабаваў, як мог, памірыць. Пакінуў на стале рэдакцыйны бланк са сваім адрасам ды накіраваўся да дзвярэй. Гаспадыня праводзіла.

— Не лёгка вам, спачуваю!— шапнуў ёй у сенях.— Але паправіць усё можаце толькі вы. Знайдзіце сілы.

— Сама ведаю! — уздыхнула.

Выйшлі мы на падворак, і я расказаў пра тое, што даведаўся ў Крыніцах:

— Валяйце проста ў бальніцу, і праз тры дні вас выпусцяць. Даведак ніякіх не трэба.

Жанчына ўдзячна кіўнула.

— I не прыставайце да той гаротніцы, да Сонькі!

— Не буду,— з хітрай какетлівасцю бліснула яна цёмнымі вачыма.

— Ёй яшчэ цяжэй. Яна і партызанам здорава дапамагала, і муж ад ран памёр...

— Што праўда, то праўда. А праз майго і Сібірака злавілі і Палагею забралі... Вырастуць сыны, стануць пытацца, што ім бацька скажа — не ведаю. Трэба нам покуль што хоць у Падароск пераехаць,— шчэ малыя, нічога не разумеюць цяпер...


12.

З дзедавай хаты ўбачыў мяне маёр, высунуў праз акно галаву:

— Ля Сонькі недзе салдат, калі ласка, паклічце!

Павярнуў я назад.

Перад хаціпай удавы — ні душы. Я накіраваўся падворкам у памяшканне.

За сталом рассядала ўся сям'я і з ажыўленым вяселлем распівала бутэльку самагонкі. Задам да мяне тырчаў мужчына ў сіняй фуфайцы ды гумавых ботах, а побач — салдат. Дзеці мяне заўважылі першыя, паказалі маці.

— Оо-о! — шчыра ўзрадавалася Сонька ды скочыла насустрач.— А я ўжо думала — вы ганьбуеце мною!

— Я не за гэтым...

— Заходзьце, заходзьце! — не давала яна мне сказаць і слова.

Мяне пачала ўжо разбіраць злосць, і я нецярпліва нахабніцу перабіў:

— Таварыш Хіцук, тую жанчыну я папярэдзіў! Калі яшчэ будзе вас данімаць сваім мужыком, напішыце мне, вось мой адрас! — пачаў я аддзіраць бланк.

— Але ж сядайце,— ужо не так упэўнена прыставала ўдава ды пагнала дачку: — Вера, калі ласка, дай места!

— Мы з маёрам даб'ёмся вам дзерава...

— Многія так абяцалі, цяпер ужо нікому не веру! За так мне нічога ніхто не дасць.

— Тады напішыце мне па гэтам адрасу.

— Стану шчэ я!

Яе сумненне перадалося і мне. Ужо неахвотыа сунуў я жанчыне ў рукі лісток паперы, паклікаў салдата і пайшоў з хаты.

— Чаму вы прыбылі з войска да дзеда, а не да бацькоў? — пацікавіўся я ў хлапца.

— Каб жа іх меў...

— Памерлі?

— Кінулі пры адступленні. Мне і месяца не было. Адна жанчына падабрала ў кустах ля Бераставіцы ды выкарміла з соскі. Вы ж у газеце пра яе пісалі пару гадоў таму. Толькі сцяг яна не на полі знайшла, ёй даў схаваць Сібірак. Палітрук так называўся, потым у нас з паўгода жыў. Калі маму павесілі ў гарнізоне, мяне пару гадоў гадавала яе сястра, цёця Маруся, покуль не памерла. Затым рос у дзеда з бабай.

— Як гэта цябе бацькі маглі кінуць, што ты вярзеш, адкуль такі пэўны! Мо загінулі, пры адступленні было ўсяляк!

— Мажліва. Толкам цяпер ніхто не ведае і нікога не спытаеш.

— Адзін мой знаёмы з жонкай таксама адступаў тады з малой. У Лідзе наляцелі самалёты. Людзі ў гарачцы хапілі, што маглі, з кузаваў ды нырнулі ў склеп. Толькі там спахапіліся мае знаёмыя — няма дзіцяці. Муж падумаў, што яго ўзяла жонка, а яна — што муж. Чалавек выскачыў да машыны, а дзіця — бытта ў ваду канула.

Гадоў з дзесяць пасля вайны высветлілася справа.

Якраз у той момант беглі хавацца манашкі ды пачулі плач малога. Малое яны забралі і здалі ў прыют. Дзяўчынка даўно жыве ў сям'і палкоўніка, зараз канчае дзесяты клас і ўпэўненая, што вайсковы — яе бацька.

А тут — унь якая трагедыя. Я паўзіраўся на спадарожніка са спачуваннем.

Побач са мной крочыў дужы мацак. Твар шырокі, вочы шэрыя, разумныя, чэсныя. Ішоў ён не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці. Ды рабіў уражанне самастойнага і разважлівага мужчыны.

Але ж — трыццаць рублёў?!

— Навошта вы бралі ў старых грошы?

— Ён паскардзіўся ўжо? Так бы адразу і сказалі, чаго клічаце?

— Было няёмка гаварыць пры людзях.

— Чаго тут няёмкага? Зразумелі б яны! Учора атрымаў пісьмо з Ленінграда з паведамленнем, што выслалі перавод. Грошы ідуць на два дні даўжэй. Заўтра іх атрымаю ды старым аддам.

Хлапцу спатрэбіліся грошы, каб дапамагчы Соньцы? Я пабаяўся яго перапытваць, каб не расчароўвацца.

— Трэ было не самавольнічаць, а пазычыць.

— Прасіў! Хіба ж з імі дамовішся, як з нармальнымі? Падумаў, не заўважаць, атрымаю ды пакладу зноў па месца, я ж — не да чужых прыехаў, у сваю хату!..

Салдат гаварыў шчыра і пераканана, як чалавек, які не сумня-ваецца, што рабіў правільна. Наіўнасць ці маладая бесклапотнасць?


13.

Маёр пісаў пратакол. Перапалоханыя старыя пакорна давалі паказанні. Убачыўшы ўнука, яны апусцілі вочы, змоўклі.

— Дзеду, я ж вам казаў, што аддам заўтра. Навошта вы паніку ўзнімаеце? — з ходу напаў хлапец.

— А я вас яшчэ, салдат, не пытаюся!

— Слухаю, таварыш маёр!

— Вашы дакументы!

Пакуль начальнік штосьці выпісваў сабе ў блакнот з салдацкай кніжкі, я азірнуўся па няўтульным памяшканні.

У хаце было ўсё засмечанае, апушчанае, чорнае — як у пустым свіране, куды рэдка заглядваюць людзі. Пахла мышамі, павуціннем і нечым кіслым. Тут нават мухі не жылі. Бедны салдат чакаў паўгода пабыўкі, прыехаў ды — вось, трапіў. У мяне сціснулася сэрца. Стаяў я перад вушаком, думаў, глядзеў на абшмуленую частым карыстаннем дошчачку, якая вісела перад носам, ды слухаў.

— Я ж яму гаварыў, што заўтра вярну! — адказаў на пытанне маёра салдат.

Начальнік маўчаў, даючы сваякам магчымасць дамовіцца самім.

— Аддасі? — недаверліва перапытваў дзед.

— Хіба ж я вас калі—небудзь ашукваў? — загаварыў хлапец з ім цярпліва, як з малым дзіцём.— Тлумачыў жа вам, што трэба дапамагчы хвораму чалавеку, ён сёння пайшоў у Ваўкавыск, а грошы ў мяне будуць адно заўтра. Вы прамаўчалі. Я падумаў, што вы ўчора згадзілася. Мы ж — свае людзі, дзеду, навошта міліцыю ўблытваць?

Запанавала маўчанне. Дзед патупіў вочы, яму на дапамогу прыйшла старая:

— Мы самі хворыя, слабыя, і не чужым, а нам трэ дапамагчы!

Зноў усе няёмка памаўчалі. Зняў я з цвіка дошчачку і толькі цяпер убачыў, што на ёй спецыяльна выбіты сучок. Чаму яна зашму-лена да глянца?

— Юзэф, то мо пачакаеш унуку да заўтра? I пратакола я не пісаў быў...

— Чаму не, можна і пачакаць...

— Дамовіліся,— з палёгкай уздыхнуў начальнік.— А вам, малады чалавек, заяўляю: калі вы не выканаеце абяцання, напішу ў часць. Ведаеце самі, чым гэта пахне.

— Так точна, таварыш маёр!

Узняўшыся, начальнік пацікавіўся дошчачкай так-сама:

— Што ў вас?

— А-ай, яны — бы малыя! — асуджальна паківаў галавой унук.

— Надта ж вы цяпер разумныя ўсе пасталі!— пакрыўдзіўся стары.

— Казлоўскі, для чаго гэта?— не адставаў маёр.

Дзед сур'ёзна пачаў тлумачыць:

— Каб у каровы ўдой не прападаў, жонка цэдзіць праз яе малако.

— Гэтае дрэва асаблівае? — разыгрываў старога маёр.

— То раскажы, раскажы — цікава!

— Дошчачку выбіраюць з сасны на ветраным баку за магілкамі. Ну, і вырабляюць яе толькі ноччу. Як прапяе першы певень. Ну, і трэ тады аднаму на каленях маліцца...

Мы ўтраіх пераглянуліся.

Неўзабаве са старым і ўнукам мы развіталіся.

У Вількаўшчыну я доўга не заглядваў. Не было патрэбы: неўзабаве мне стала вядома, што Сонька прыдбала дрэва, а салдат пасля дэмабілізацыі ажаніўся з яе хворай дачкой і стаў працаваць у калгасе механізатарам. Вельмі я перажываў, што праз пару гадоў, на вячорках, ён пабіўся і трапіў у турму.

А трохі пазней у нашую рэдакцыю прыйшла вестка: нейкая артыстка нарэшце знайшла ў Вількаўшчыне сына, якога месячным дзіцем падабрала на дарозе вайны не раз апісаная нашай газетай Палагея Казлоўская. Няшчаснай маці аказалася вядомая мне ўжо ар-тыстка Белая, а сынам яе — Соньчын зяць.

I яшчэ праз колькі часу лёс зноў закінуў мяне ў тыя мясціны.

Соньку знайшоў я за дваццаць пяць кіламетраў ад Вількаў-шчьшы, у старэйшай дачкі, якая некалі хварэла туберкулёзам,— яна і была за «марачком» замужам.

Бабе гады дарма не прайшлі. Яе толькі што выпісалі з бальніцы пасля хваробы. Твар у жанчыны выразна пастарэў, і ўся яна змянілася. Сонька выйшла да мяне ў тоўстым байкавым халаце — падарунку свацці-артысткі. Хацела яна быць вясёлай ды бадзёрай, але гэта ў яе не атрымлівалася.

— У гэтай — двое, трохгадовы хлопчык і дзяўчынка пяці годзікаў. Другая дачка замужам за трактарыстам, у яе трое. Трэцяя — выйшла замуж за гарадскога, паехала на цаліну. Старэйшы сын адслужыў армію, застаўся на Урале, забраў і брата. Пры мне самы меншы. Яму — 15, ходзіць у школу. Не ведаю, мо зноў не пяройдзе ў сёмы, бо не хоча, падла, вучыцца...

— Дом чаму не канчаеце?

— Навошта? Апошні сын хутка пойдзе ў свет, а я пры ўнуках. Гэтай дачцэ шчэ дапамагаць цэлы год, покуль мужа выпусцяць...

— Артыстка вас прызнала?

— Адразу! — як чакала гэтага пытання Сонька.— Нябось, калісь брыдзілася б у нас нават абедаць, а цяпер і сваячніцай стала, во! Віктар у калоніі на цагельні робіць. Белая са сваім мужыком паехалі яго адведаць. Сюды прыбылі сваёй «Волгай», я карміла якраз унука, а хлопчык — выліты бацька. Як глянула на малога, дык адразу: «Віценька, родны мой, Ві-іця!..» Залілася слязамі і давай мяне цалаваць у калені ды ногі!..

Ад Сонькі скіраваў я машьшу ў Ваўкавыск, каб пабачыць артыстку. Ліха яго ведае, з чаго гэта, але я ўжо даўно так не бянтэжыўся, не хваляваўся. Бытта ехаў на першае спатканне з каханай і ўглыбіні душы маёй загаварылі — праз дваццаць дзевяць гадоў! — тыя самыя пачуцці; я і не падазраваў, што яны набыты мной на ўсё жыццё.

Нарэшце прыбыў я на месца.


14.

Некаторыя жанчыны з часам вельмі мяняюцца, але гэта не мела адносін да Белай. Артыстка была амаль такой жа лёгкай, энергічнай і абаяльнай, толькі крыху папаўнела, і каб сустрэў я яе на вуліцы, то, мабыць, пазнаў бы.

Бось што яна мне расказала пра сябе:

— У Беласток прыехала я з першым мужам ды Леначкай. Паўтара годзіка яна мела, калі я там нарадзіла яшчэ і Віцю. Стала яму ўжо тры тыдні, і — вайна!.. Муж пабег раніцой у гарком, а я з малымі кінулася на станцыю, села ў эшалон адступаць. Толькі мы ад'ехалі, як наляцелі самалёты, закідалі ўсё бомбамі, пашкодзілі пуць — няма далей дарогі! Стала дабірацца да бліжэйшай вёскі, каб перачакаць момант. Аднясу чым далей аднаго, пакладу ў баразну і целам прыкрыю, покуль немец страляе па нас зверху! Ён паляціць, тады вяртаюся да кусціка па другога... А вакол ірвуцца бомбы, гараць машыны, бегаюць і ашалела вішчаць людзі!.. I вось занесла я Леначку ў якісьці хлеўчык, вяртаюся да кусціка па Віцю, а яго — няма! Разумееце, як напалохалася? Клунак мой валяецца, нават сосачка ляжыць у пяску, а дзіцяці — няма! Я туды, я сюды, я рву на сабе валасы, крычу, пытаюся ў людзей — ніхто нічога не ведае. Каб ён хоць большы быў — каму такое маленства патрэбнае?! Цэлы тыдзень шчэ лазіла па навакольных вёсках, спадзеючыся, што верне мне яго хто... Ужо даўно тыя вёскі занялі немцы, а я ўсё не веру нічому і сябе ўгаворваю — гэта сон, гэта нейкае непаразуменне!..

Артыстка заплакала ды пачала смаркацца пачырванелым носам у хусцінку — дакладна так, як робяць усе жанчыны, калі апавядаюць пра сваё гора. I толькі цяпер я разгледзеў на яе шыі, пад вачыма, каля вуснаў ужо не маладыя маршчыны.

— Тады вярнулася ў Беласток на старую кватэру,— працягвала яна.— Мужа фашысты злавілі. Ён быў яўрэем, яго адразу і расстралялі, але я гэтага не ведала і лічыла — сядзіць разам з многімі. Пачалі перапісваць людзей для паспартызацыі, я прызналася, што скончыла тэатральны ды працавала артысткай. Мне адразу прапанавалі работу. Пабаялася пашкодзіць мужу і яе прыняла, толькі ў тэатр ісці не згадзілася. Арганізоўвалі ансамбль песні і танца, я ўспомніла, што калісьці мела поспех у самадзейнасці, адразу падума-ла, што выступаць трэ будзе па навакольных вёсках — усё яшчэ не траціла надзеі знайсці Віцю. Адным словам, пайшла ў пракляты ансамбль. Колькі нацярпелася потым!.. Доўга ездзіла па «бэцырку», распытвала жанчын, заглядала ва ўсе прыюты ды выконвала свае песні на пажарышчы...

Аляксей Карпюк


Нарадзіўся 14.04.1920 г. у вёсцы Страшава на Беласточчыне (цяпер Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў два класы польскай гімназіі ў Вільні. У 1939-1941 гг. вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. - загадчык агенцтва «Інтурыст» (Горадня), з 1965 г. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. - упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. - дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Горадні, з 1978 г. - зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча).

Заслужаны работнік культуры БССР (1980).

Памёр 14.07.1992 г.

У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990-1991 гг.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».

1

Саюз нямецкіх дзяўчат (ням.)

(обратно)

2

Тодт — арганізацыя тылавой службы гітлераўскай арміі.

(обратно)

3

Словы Эрнста Юнгера. Яго раман «Стальная бура», адкуль цытата, пасля 1933 г. стаў настольнай кніжкай юнакоў Германіі.

(обратно)

4

Раз і назаўсёды (ням.)

(обратно)

5

Эх, братва! (ням.)

(обратно)

6

У немцаў азначае тое, што ў нас — біць бібікі.

(обратно)

7

Славуты чэмпіён па боксу (Алімпіяда 19З6 — Мюнхен), у вайну быў дэсантнікам.

(обратно)

8

У чым справа? (ням.)

(обратно)

9

Адну хвілінку! (ням.)

(обратно)

10

Зараз зірнем! (ням.)

(обратно)

11

Закахаўся (мясц.)

(обратно)

12

У салдацкіх кніжках гітлераўскіх ваяк змешчаны "Дзесяць запаведзяў нямецкага салдата”. Там былі і такія пункты:


“1. Нямецкі салдат ваюе па-рыцарску...


2. Ворага, які паддаецца, забіваць нельга...


3. Забараняецца здзеквацца і абражаць палоннага...


6. З параненымі палоннымі трэба абыходзіцца па-людску...


7. Салдатам забаронена рабаваць цывільнае насельніцтва і нішчыць яго маёмасць. Трэба шанаваць гістарычныя помнікі ды аб’екты культуры...”


За парушэнне гэтых «Запаведзяў» Міжнародны Нюрнбергскі Трыбунал і пакараў вайсковых злачынцаў.

(обратно)

13

Параднага марша (ням.)

(обратно)

14

— Ладо, усё гэта — праўда? (ням.)

(обратно)

15

— Скажы, усё — праўда? (ням.)

(обратно)

16

— Ах, так!.. Чорт вазьмі!.. Жахліва, нельга паверыць!.. (Ням.)

(обратно)

17

Маёру Сухарскаму (гістарычны факт — А. К.)

(обратно)

18

Бравыя хлопцы з адважнага знішчальнага батальёна, што стаяў у Полацку (ням.)

(обратно)

19

Так немцы называюць перадавую (Die Hauptkampflinie)

(обратно)

20

Марка аднаматорнага разведчыка (ням.)

(обратно)

21

Галоўнае камандаванне вермахта (ням.)

(обратно)

22

Дзітрых — кіраўнік друку і радыёперадач гітлераўскай арміі.

(обратно)

23

— Дзе брод?— Тут ігра слоў. Падобна да нашага «брод гучыць па-нямецку слова «хлеб».

(обратно)

24

Вызначаны тэрмін, калі па радыё нацысты перадавалі нешта важнае.

(обратно)

25

Мусі быць парадак! Загад ёсць загад! Гонар мой – вернасць (ням.)

(обратно)

26

Так у Заходняй Беларусі называлі тых, хто дапамагаў падпольшчыкам, не будучы членам кампартыі.

(обратно)

27

Клічкі нямецкага агента: «Кароль 04-А-32», «Вацэк». Пасля вайны апынуўся ў ЗША. Скончыў архітэктурны інстытут, жыве ў Мініполіс, штат Мінесота. Зараз пішацца Бівона Яўген (Аляксандар Амільяновіч, «Занікаюнцэ эха», стар. 235, выд. МОН, 1977 г., Варшава).

(обратно)

28

Тут у значэнні — і што ты на гэта? (ням.)

(обратно)

29

Напрыклад:


«Італьянцы будуюць бамбардзіроўшчык, які прасвечваецца, бы аконнае шкло. Калі стане такі самалёт кідаць бомбы, на небе яго не ўбачыш.


Студэнткі амерыканскага універсітэта ўзялі на сходзе абавязацельства — не насіць кароткіх сукенак і кофт без рукавоў. Сямігадовы румынскі цар пачаў хадзіць у школу.


У Афрыцы адно племя для вайны з суседзямі прымяняе цсэ-цсэ. Выпускае рой мух на праціўніка, і ворагі адразу гінуць.


У Маскве судзілі прафесара за тое, што чалавек пад Новы год купіў на базары елачку, прывалок дамоў ды адважыўся паставіць яе дзецям.


У савецкіх магазінах няма брытваў і мыла, таму рускія мужчыны запусцілі вусы і бароды...


Пісьмо гродзенца:


«Вельмі прашу часопіс аб'явіць усім пра ласку, якую я паспытаў ад дзевы Марыі. Пару гадоў нада мной вісела ў судзе справа і не давала спакою. Атрымаўшы павестку, я паслаў 10 злотых на распаўсюджванне «Рыцара прачыстай дзевы», даручаючы сябе пад апеку багародзіцы. I вось здарыўся цуд: справу ў судзе выйграў!


Цяпер пасылаю Вам яшчэ 10 злотых на тое самае. Прашу аб'явіць пра ўсё веруючым і няверуючым хрысціянам — да смерці буду маліцца прачыстай дзеве, чаго дагэтуль ніколі не рабіў.

(обратно)

30

Цытата з касцельнага выдання.

(обратно)

31

Так у маім Страшаве называюць невялічкую шэрую птушачку з пароды вераб'іных (аўтар).

(обратно)

32

Ш-ш, не гавары лішняга, вораг падслухоўзае! (ням.)

(обратно)

33

Я веру ў Германію і за яе змагаюся сёння, заўтра, у будучыні – аж да перамогі! (Ням.)

(обратно)

Оглавление

  • Аляксей Карпюк ПАРТРЭТ
  • Партрэт
  • ЭСЭ, НЯВЫДУМАНЫЯ ГІСТОРЫІ
  •   ДНО
  •   ГАЛГОФА СВАЯКОЎ
  •   АДГАЛОСКІ ГІСТОРЫІ
  •   НІЧОГА НЕ НОВА
  •   ПЕРЫПЕТЫІ ПОШУКАЎ
  •   ДЗІЦЯ ПЛАНЕТЫ
  •   МАСТЫ
  •   ЗАПІСКІ ДЫРЭКТАРА МУЗЕЯ
  •   У ЛАЗНІ
  •   ВЫРАДАК
  •   УСЁ АДНОСНАЕ
  •   З МІНУЛАГА
  •   НА АЎТОБУСНЫМ ПРЫПЫНКУ
  •   БЕДНАЕ ДЗІЦЯ
  •   ІНТУІЦЫЯ
  •   НЕАСЦЯРОЖНАСЦЬ
  •   БУЛАЧКА
  •   МІМОЗА
  •   ПРЫСТАСАВАНЦЫ
  •   ЖЫЦЦЕДАЙНЫ ЗМАН
  •   ТАКТОЎНАСЦЬ
  •   ДЫЯЛОГ
  •   РАЗВОД
  •   ПЛЯТКАР
  •   РАССТРЭЛ
  •   РАЗУМНЫ САБАКА
  •   ПАМЫЛАЧКА
  •   ФОТАКАРТКА
  •   НЕ ТАЯ ГЛЕБА
  •   МЫ ВЕДАЛІ
  •   НЕПРЫТОМНАСЦЬ
  •   УСПАМІН
  •   ФАТАЛЬНАЯ ПАМЫЛКА
  •   ДРАМА ЗА КУЛІСАМІ
  •   НЕПРАДБАЧАНАЕ ЛЯКАРСТВА
  •   ШТО З ЯГО БУДЗЕ
  •   КЕМЛІВАСЦЬ ПЕДАГОГА
  •   ДАРОСЛЫЯ СВАВОЛЬНІКІ
  •   З ХВОРАЙ ГАЛАВЫ
  •   ВОВІНА ТАЯМНІЦА
  •   НЯВЫКАНАНАЕ ЗАДАННЕ
  • Аляксей Карпюк
  • *** Примечания ***